Папярэдняя старонка: Мемуары

Дыярыуш Тэадора Гераніма Абуховіча 


Аўтар: Абуховіч Міхал Леў,
Дадана: 04-12-2019,
Крыніца: Дыярыушы XVII стагоддзя (1594-1707 гады). пер. з пол. мовы: А. У. Бразгуноў; ред. кал. : А. У. Бразгуноў (старш.) [і інш.]. Мінск, 2016.



Тэадор Геранім АБУХОВІЧ (1642-1707)

УСПАМІНЫ

У 1656 годзе дабрадзей мой бацька, Піліп Казімір Абуховіч, смаленскі ваявода, пасля транзакцыі са шведамі пад Варшавай 1 прывёўшы да Берасця войска ВКЛ, якім камандаваў у той час на загад ям. пана Паўла Сапегі, віленскага ваяводы i літоўскага гетмана, там жа, у Берасці, занямогшы (спачатку на calculum patiebat [1], a потым дадалася i ліхаманка) i два тыдні абложна прахварэўшы, die 6 septembris таго ж года сплаціў доўг смерці. Душы каторага спашлі, Божа, вечны адпачынак. Пахаваны ў Наваградку ў айцоў езуітаў, у фундушовым склепе Абуховічаў.

Пасля смерці бацькі, майго дабрадзея, мой родны старшы брат, Леў Абуховіч, віленскі стражнік i наваградскі падкаморы 2, прыехаўшы туды ж, у Берасце, ад ЯМ караля Казіміра [2], пры якім на працягу колькінаццаці гадоў заставаўся пакаёвым прыдворным, прыняў на сябе харугву i ўвесь бацькаў полк. Потым ён, ваюючы з рознымі непрыяцелямі Айчыны, у 1660 годзе, die 25 iannarii, трапіў у маскоўскую турму. Схоплены ў бітве пад Малеччу Пятром Хаванскім, з якім спачатку - маючы пад камандаваннем трынаццаць харугваў - адважна ўступіў у бой, tandem, не дачакаўшыся падмацавання ад таварышаў сваёй харугвы i кінуўшыся in conflictu з іншымі людзьмі сваёй групоўкі, з моцным грукатам збіты з каня i пасечаны, мусіў succumberi [3] i быў зняволены.

Тую двухгадовую няволю адбываў у сталіцы Масковіі, за часу панавання маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча; tandem, ласкай Божай i нашым, яго дамашніх, стараннем вызвалены ўзамен некалькіх вязняў-маскоўцаў, вярнуўся ў Айчыну з няволі 18 iunii 1662 [года].

У 1668 годзе, 11 aprilis, пан літоўскі стражнік, мой брат, захварэў у Дарагове, i не могучы з тае хваробы convalescere [4], але доўгі час continuo хварэць, 22 octobris е vita excessit [5]. Пахаваны ў Наваградку ў айцоў езуітаў.

У тым самым годзе Ян Казімір, кароль Польшчы, апошні нашчадак дому Ягелонаў 3, склікаўшы ў Варшаве вальны сойм станаў Рэчы Паспалітай 4, не жадаючы больш панаваць, абдыкаваў libere regno [6] i сам выправіўся з Айчыны ў Францыю; пры яго пакоях continuo я службу з юнацтва дванаццаць гадоў.

У 1669 годзе, пасля абдыкацыі караля Казіміра, склікаў (ut moris est [7]) гнезненскі арцыбіскуп, якім на той час быў Мікалай Пражмоўскі, элекцыю in loco solito [8], на полі паміж Воляй i Варшавай, на якую сабраліся каронныя паспалітыя рушэнні 5. Там - па немалым часе выбірання dignum regno subiectum [9] паміж прэтэндэнтамі на трон Польшчы, a менавіта паміж двума, групоўкі якіх найбольш займалі animos civium [10], то бок князем Нойбургскім [11] i князем Латарынгскім [12], - tandem supra spem [13] усіх, па волі Божай, абраны каралём князь Міхал Карыбут Вішнявецкі, сын князя Гераніма Вішнявецкага, рускага ваяводы; абвешчаны польскім каралём more usitato [14] 16 iunii 6.

Кароль Казімір падчас тае элекцыі знаходзіўся ў Жыўцы, за дзесяць міль ад Кракава. Я выехаў да яго ў Жывец 7 з Варшавы за колькі дзён да намінацыі караля Міхала, апрануўшы на сябе французскі строй, паколькі быў vocatus [15] ЯМ каралём у падарожжа ў Францыю.

У тым самым годзе кароль Казімір mediis diebus inlii выехаў з Польшчы ва Уроцлаў у Сілезіі. Прабыўшы там чатыры тыдні на ўтрыманні ЯМ імператара Леапольда, якому кароль Казімір па лініі Domus Austriacae [16] даводзіўся блізкім крэўным 8, in augusto мы рушылі далей па шляху ў Францыю. Ultimus diebus octobris спыніліся ў Нармандыі, правінцыі французскага караля [17], у месце пад назвай Эўро 9, за дзесяць міль ад Парыжа. У гэтым месце быў палац караля Казіміра з прыгожым італьянскім садам, дадзены яму французскім каралём ad vita tempora [18]. I не толькі ў тым месце Эўро, але i ў Парыжы, i ў іншых местах французскага караля меў кароль Казімір некалькі палацаў - там, дзе былі канвенты айцоў бенедыктынцаў, паколькі кароль быў secularis administrator abbatiarum [19], ад якіх штогод атрымліваў 50 000 бітых талераў прыбытку на сваю правізію 10. Потым кароль Казмір выехаў з Эўро ў Парыж i жыў там немалы час, маючы палац пры канвенце айцоў бенедыктынцаў 11. Мы ўсе, каралеўскія слугі, прабавілі ў Парыжы немалы час пры ЯМ каралю, нямала выдаючы de suo на паслугу i per honorem [20] спадара, паколькі i з каралеўскага скарбу давалася pro victu [21], пакуль хапала.

У 1670 годзе, mense iulio, мы, некалькі чалавек прыдворных, a менавіта: князь Геранім Сангушка, пан Мацей Мяскоўскі, пан Геранім Петрыкоўскі, Стафан Шумоўскі, Францішак Дэнгоф i я, развітаўшыся з ЯМ каралём у Эўро, выехалі ў Польшчу. У сталічным месце правінцыі Нармандыя, называным Руан, знайшлі мы гамбургскі карабель, на якім па моры прыплылі ў Гамбург. Некалькі разоў - праз непагадзь на моры - былі мы ў вялікай небяспецы. Вось жа, з ласкі Божае прыбыўшы ў Гамбург, ехалі адтуль па сушы сто міль да Гданьска. Затрымаўшыся ў Гданьску на тыдзень, выехалі ў Варшаву, куды прыбылі in septembri. У той час у Варшаве адбываўся сойм 12. Пасольскім маршалкам быў ям. пан Станіслаў Любамірскі, спішскі староста i цяперашні вялікі каронны маршалак. ЯМ кароль Міхал, баючыся, каб i гэты сойм, трэці пасля каранацыі, не быў сарваны партыямі асобных паноў 13, выдаў віці Польшчы i Вялікаму Княству на паспалітае рушэнне. Калі ж рушэнне ахапіла ўсе ваяводствы i паветы абодвух народаў, tandem толькі сойм скончыўся паспяхова. Я ж пасля сканчэння сойма выехаў з Варшавы дадому, дзе быў 13 novembris, удзячны Найвышэйшаму Провіду, што з такіх далёкіх краёў вярнуўся жывы да роднага парога.

У 1673 годзе, калі літоўскае войска пад камандаваннем ям. пана Міхала Паца, віленскага ваяводы i літоўскага гетмана, рушыла на турэцкую вайну пад Хоцін 14, я таксама па ўласнай волі i сваім коштам выбраўся ў гэты паход. Прыбыўшы ў Ружанку за Берасцем, дзе войска тады разбіла лагер, па распараджэнні ям. пана гетмана я прыняў пад сваё камандаванне пяцігорскую харугву, нанятую нашым Наваградскім ваяводствам, ротмістрам якой быў пан Станіслаў Маляўскі i якога я завербаваў у якасці паручніка. Tandem пасля атрыманай пад Хоцінам у дзень святога Мартына шчаслівай перамогі над Хусэйнам-пашой i яго войскам, якога налічвалася блізу трыццаці тысяч, наша літоўскае войска, ex quo чвэрць экспіравала [22], не пажадала заставацца на службе Рэчы Паспалітай. I толькі на просьбу ям. пана вялікага гетмана Паца i польнага [гетмана] князя Міхала Радзівіла, літоўскага падканцлера, ішло войска да літоўскіх межаў не згортваючы харугваў 15. Прыбыўшы ў Берасце, ям. пан вялікі гетман правёў сустрэчу i нараду, на якую сабраліся былі толькі некалькі ротмістраў i паручнікаў, бо рэшта хутчэй раз'ехалася ўглыб Літвы, па дамах. На той сустрэчы вяліся перамовы пра далейшае затрыманне войска на службе Рэчы Паспалітай. Некаторыя харугвы per deputatos [23] пастанавілі заставацца надалей, a іншыя распусціліся. Я таксама, маючы на тое пэўныя прычыны, падзякаваў тады ям. пану гетману за кампанію 16.

У тым самым годзе, die 10 novembris, ЯМ кароль [24] pridie бітвы з туркамі пад Хоцінам, нядоўга пахварэўшы, аддаў у Львове душу Госпаду Богу. Спашлі, Божа, яму вечны адпачынак!

У 1674 годзе, пасля смерці караля Міхала, была склікана князем Чартарыйскім, гнезненскім арцыбіскупам 17, элекцыя ў звычайным месцы пад Варшавай, на якой каралём быў абраны ям. пан Ян Сабескі, маршалак i вялікі каронны гетман 18.

У 1675 годзе, маючы in voto наведаць limina sanctorum Apostolorum Petri et Pauli [25], адправіўся я ў Рым ultima ianuarii з Дарагова. У тым годзе ў Рыме адзначаўся юбілей, якога i я, недастойны, быў particeps pontificatu Innocenta X 19 papae [26]. У Рыме прабыў я чатыры тыдні. Вяртаючыся адтуль, наведаў Ларэта 20; потым - праз Балонню - даехаў да Венецыі, Вены, Кракава. Затрымаўшыся тут на які тыдзень i зноў прыбраўшыся ў польскі строй, die 4 augusti таго самага года вярнуўся дамоў.

У 1676 годзе, die 19 ianuarii, з волі Божай заручыў у святы сужэнскі стан дачку ям. пана Габрыэля Керлы, старадубскага маршалка, - ям. панну Керлавічанку [27]. Вяселле згулялі ў той самы год у маёнтку ям. пана маршалка ў Гарадзішчы.

У 1679 годзе адбываўся першы сойм у Гародні 21 - пачаўся 15 decembris аппі praeteriti [28], скончыўся 4 aprilis аnnі sequente [29]. Ha гэтым сойме быў я паслом ад Мазырскага павета разам з ям. панам Юрыем Хадкевічам, літоўскім абозным.

У 1693 годзе ЯМ кароль са сваёй Гаспадарскай ласкі пажадаў даць мне ўрад наваградскага падкаморства. У тым самым годзе склікаў ЯМ кароль шасцітыднёвы вальны сойм станаў Рэчы Паспалітай у Варшаве pro die 22 decembris; i хоць адразу, на самы пачатак сойма, з'ехалася нямала як сенатараў, так i паслоў абодвух народаў, ЯМ кароль, перабываючы ў той час у Жоўкве, на сойм у Варшаву не з'явіўся. Калі ж die 22 decembris, у дзень, калі павінен быў распачацца сойм, сенатары i паслы абодвух народаў сабраліся раніцой у касцёле святога Яна, не было там ані solenniter святой імшы да Святога Духа (ut moris est) [30], ні казання, адно толькі князь Дэнгоф [31], каронны канцлер, зрабіў зварот, перапрашаючы за absentiam [32] ЯМ караля з прычыны слабога здароўя. На тым сойме быў я паслом разам з ям. панам Гедэонам Францкевічам, слонімскім старостам. У гэткіх вось рэдка чуваных у Рэчы Паспалітай абставінах ладзілі мы свае, паслоў ад ВКЛ, сесіі 22; параіўшыся там, адправілі сваіх паслоў да ЯМ караля ў Жоўкву з просьбай пра сойм 23.

У тым самым годзе ям. ксёндз Канстанцін Брастоўскі, віленскі біскуп, выяўляючы - праз нейкія асабістыя прэтэнзіі - непрыхільнасць да ям. пана Казіміра Сапегі, віленскага ваяводы, падаў супраць ям. пана віленскага ваяводы судовы пазоў на сойм, які ў тым годзе не адбыўся 24. In super [33] учыніў пракляцце ў Вільні, у катэдральным касцёле, a затым выдаў pег dioecesiam [34] экскамунікацыю ям. пану ваяводу, загадаў зачыніць касцёлы ў Вільні i ў парафіях 25. Не дапамагла тады ім. i гэтая animorum dissension et exacerbation ad commune bonum [35], паколькі пасля двух сарваных соймаў i трэці, калі ЯМ кароль яго склікаў, таксама не адбыўся ў асноўным таму, што не дайшлі да згоды ям. ксёндз біскуп i пан ваявода. На працягу шасці поўных тыдняў ад пачатку сойма не маглі абраць пасольскага маршалка; сабраўшыся ў апошні дзень, паслы развіталіся i infectis rebus [36] раз'ехаліся 26.

У 1694 годзе склікаў ЯМ кароль у Варшаве шасцітыднёвы сойм, які таксама - што я адзначыў вышэй - не адбыўся. Такім чынам ужо тры соймы, адзін за адным, былі сарваныя.

У 1696 годзе ЯМ кароль Ян III памёр у Вілянаве, у сваім палацы 27. Пасля яго смерці ям. ксёндз кардынал i гнезненскі арцыбіскуп Міхал Радзяёўскі ў тым самым годзе склікаў канвакацыйны сойм станаў Рэчы Паспалітай, a на дзень 27 iulii - перадканвакацыйны соймік. На тым сойміку быў я абраны паслом на канвакацыю разам з ям. князем Янам Радзівілам, лідскім старостам. Тая канвакацыя з розных прычын перарвалася з-за пралангацыі 28.

У 1697 годзе адбылася элекцыя ў Варшаве, у звычайным месцы - у акопе паміж Воляй i Варшавай 29. На той элекцыі як Карона, так i Княства Літоўскае былі прадстаўлены паспалітым рушэннем i быў вялікі збор сенатараў i шляхты utriusąue gentis [37]. Пасольскім маршалкам абралі ям. пана Бялінскага, кароннага падкаморыя, з якім за жазло канкураваў ям. пан Ляшчынскі [38], адалянаўскі староста. У коле было вырашана, не трацячы часу, per deputatos [39] ад ваяводстваў i паветаў абодвух народаў аддаваць галасы за маршалка. Tan­dem, калі так не сталася праз канкурэнцыю вышэй названых, адправіліся мы да маршалка мінулай канвакацыі, ям. пана Гумецкага, падольскага стольніка. Ён раздаў suffragium па ваяводствах; ям. пан каронны падкаморы перавысіў numero [40] галасоў. Падчас гэтай элекцыі паўстала права coaequationis iuricum [41] ВКЛ з Польскай Каронай, хаця й спантанна, бо за гэта неаднаразова ўздымаўся ў акопе вялікі галас з выхопліваннем шабляў inter negantes et affirmantes [42] таго права i канстытуцыі. У апошні дзень намінавалі караля, калі ўсе ваяводствы, каронныя i літоўскія, пад харугвамі ar­mata manu [43] сталі каля акопа, чакаючы намінацыі, ям. ксёндз кардынал i гнезненскі арцыбіскуп [44] аб'язджаў як каронныя, так i літоўскія землі i ваяводствы, пытаючыся, каго назавуць каралём - князя дэ Кантэ [45], француза, ці князя саксонскага электара? [46] Паколькі ўзнікла непаразуменне in Republiса - бо адны хацелі француза, другія саксонца, - у рэшце рэшт ксёндз кардынал намінаваў князя дэ Кантэ, француза, a ям. ксёндз Домбскі [47], куяўскі біскуп, саксонскага электара 30. Праз тое непарузуменне аказалася Рэч Паспалітая in turbico [48], бо неўзабаве, праз некалькі тыдняў, ксёндз кардынал convocavit [49] некаторыя каронныя i літоўскія ваяводствы ў Варшаву для падтрымкі вольнай элекцыі 31, a interim у Кракаве адбылася каранацыя саксонскага князя 32. Tandem камбінацыя ўдалася, i саксонскі князь заняў польскі трон.

У 1698 годзе, 21 ianuarii, з волі i провіду Божага выдалі мы дачку нашу Тэафілю ў святы сужэнскі стан за ям. пана Уладзіслава Храптовіча, наваградскага падкаморыя 33; хай дабраславіць Госпад Бог гэты стан.

У тым самым годзе 34 вялікія motus былі ў Літве ratione войска, якое ўслед за групоўкай ям. пана Рыгора Агінскага, літоўскага харужага, a затым жамойцкага старосты, пакінула свайго правадыра, ям. пана Казіміра Сапегу, віленскага ваяводу, літоўскага гетмана, i перайшло да ям. пана Агінскага 35. Пакінуўшы i яго, пайшло да свайго правадыра, з прычыны чаго паўстала замятня паміж ваяводствамі i паветамі 36. І вось з якой прычыны: калі войска cessit in partem [50] ям. пана Агінскага, яно страціла ўсё заслужное, якое мела ў Рэчы Паспалітай - 48 чвэрцяў, засталося толькі 4 чвэрці. Потым, калі вярнулася пад камандаванне ям. пана віленскага ваяводы, зноў дамагалася заслужнога in toto [51]. Tandem 37, па намове ям. пана Міхала Катла, віцебскага кашталяна, i ям. пана Агінскага, жамойцкага старосты 38, мноства ваяводстваў i паветаў ВКЛ прыйшлі паспалітым рушэннем пад Каменку, уласнасць ям. пана Тызенгаўза, наваградскага ваяводы [52], куды прыбыў з рэестравым войскам i ям. пан віленскі ваявода, i ледзь не дайшло ad conflictum паміж братамі. Вось жа захаваў Госпад Бог, з ласкі сваёй, ад праліцця крыві civium [53], прыйшлі да згоды праз пасярэдніцтва асобных ім. камісараў, прызначаных для таго замірэння 39. Войска было скарочана i задаволілася толькі чатырма чвэрцямі - заплатай, якую ў наступным годзе Княства Літоўскае мае абмеркаваць на грамнічных сойміках.

У 1700 годзе выдаў я ў святы сужэнскі стан дачку маю Людвіку за ям. пана Цыпрыяна Войну, сахачэўскага стольніка; вяселле зладзілі ў Дарагове.

У тым самым годзе мой старшы сын ажаніўся з Рамероўнай, дачкой троцкага пісара 40. Вяселле зладзілі ў маёнтку ям. пані Камароўскай, літоўскай кухмістровай, цёткі нявесты 41; хай дабраславіць Бог гэты стан.

У 1700 годзе ЯМ кароль Аўгуст Другі са сваёй гаспадарскай ласкі пажадаў даць [мне] наваградскую кашталянію post fata [54] ям. пана Александровіча [55]. На гэтую сенаторыю [56] склаў я прысягу ў Варшаве ЯМ каралю ў прысутнасці многіх сенатараў абодвух народаў.

У тым самым годзе ваяводствы i паветы ВКЛ, маючы розныя прэтэнзіі i церпячы розныя шкоды ад дому ім. паноў Сапегаў, менавіта ад ям. пана Казіміра Сапегі, віленскага ваяводы, яго роднага брата Бенядыкта Сапегі, літоўскага падскарбія, i іншых ім., адны паспалітым рушэннем, іншыя выставіўшы харугвы, рушылі супраць ім. паноў Сапегаў, якія зышліся з імі пад Алькенікамі. Тое староства належала ям. пану літоўскаму падскарбію. Бітва адбылася die 18 novembris. Сышоўшыся там у полі, разграмілі ім. паноў Сапегаў, захапілі ў лагеры ім. артылерыю i мноства здабычы. Ям. пана Міхала Сапегу, літоўскага канюшага, сына ям. пана віленскага ваяводы, надзвычай годнага кавалера, які абараняўся пяхотай i артылерыяй, даўшы слова, назаўтра раніцой люта пасеклі. Пасля тае паразы ім. паны Сапегі падаліся спачатку ў Прусію, то бок у Каралявец, да князя-курфюрста, цяперашняга прускага караля [57], затым прыбылі ў Варшаву 42 i былі там аж да сойма, які ў 1700 годзе адбыўся ў Варшаве 30 мая i на якім прысутнічаў i я; сойм быў лімітаваны die 18 iunii ad diem 22 decembris eiusdem anni [58]. Падчас гэтага сойма na волі ЯМ караля былі прызначаны ex senatu et aequestri ordine [59] для перамоваў з ім. панамі Сапегамі, але да таго не дайшло па многіх прычынах, гіра якія дадумацца i якія выказаць не кожны зможа. Tandem пачалася вайна са шведамі, паколькі шведскі кароль [60], lacessitus [61] нашым каралём, што ўварваўся ў Інфлянты sine consensus [62] Рэчы Паспалітай i прычыніў немалую шкоду 43, invicem [63] сабраўшы войска, прыйшоў спачатку ў Жамойць, a потым у Вільню i без усялякага супраціву захапіў яе 44, дзе, пачаўшы ад духавенства, усіх людзей omni status [64] невыказна абцяжарыў, збіраючы грашовыя выкупы. З Вільні шведы скіраваліся ў нашае Наваградскае ваяводства 45, дзе ад ix перапала i мне, бо ўсё войска маршыравала на Дарагоў i іншыя далейшыя мае фальваркі, адтуль на Берасце да Варшавы.

Наш кароль адступіў да Кракава, але i там не мог subsistere [65]. Таксама шведы зрабавалі Кракаў 46 i аж дагэтуль subsistent [66] у Польшчы. Торунь узялі штурмам 47 i ні ад каго не маюць ніякага супраціву праз нязгоду каронных паноў, бо адны нашага караля, другія шведскага трымаюцца. Спадзяемся толькі на ласку Божую.

* * *

У 1707 годзе, die 14 mensis aprilis мой дабрадзей бацька, Тэадор Геранім Абуховіч, наваградскі кашталян, праняты вялікім бязладдзем у Айчыне, у тым ліку непрыяцельскімі наездамі - шведскімі i маскоўскімі, ад адных перажыванняў прахварэўшы два тыдні ў сваім маёнтку Дарагове, ва ўжо названы дзень, a палове на чацвертую, прыняўшы паводле каталіцкага звычаю святыя сакраманты, з усімі намі развітаўшыся з пажаданнем дабра, сплаціў доўг смерці. Усемагутны Божа, дай душы ягонай вечны адпачынак у Небе. Пахаваны ў Наваградку ў айцоў езуітаў, у фундушовым склепе Абуховічаў, aetatis suae 65 obiit аппо ut supra [67].

Міхал Габрыэль Абуховіч.


Пераклад на беларускую мову - Бразгуноў А. У.

Пераклад падаецца na выданні: Pamiętniki Filipa, Michała i Teodora Obuchowiczów : 1630 - 1707 /pod redakcją Andrzeja Rac­huby ; opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa, 2003. S. 410-429.

1 ...пасля транзакцыі ca шведамі nad Варшавай. - Бітва (транзакцыя) адбылася 28-30 ліпеня 1656 г. паміж войскам Рэчы Паспалітай (з падтрымкай татараў) i аб'яднаным войскам Швецыі i Брандэнбурга, якое i атрымала перамогу.

2 Насамрэч Міхал Лeў Абуховіч не займаў на той час ніякай пасады.

3 Ян Казімір Ваза быў нашчадкам Ягелонаў па жаночай лініі, як унук Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога.

4 Надзвычайны абдыкацыйны (звязаны з адмовай ад трона) сойм працягваўся з 27 VII па 16 IX 1668 г. - дня, у які кароль адмовіўся ад трона.

5 Элекцыйны сойм адбываўся 2 V - 6 VII 1669 г.

6 Дата памылковая, выбары адбыліся 19 чэрвеня.

7 У Жыўцы Ян Казімір чакаў вынікаў элекцыі, спадзеючыся на перамогу князя Нойбургскага, якога падтрымліваў.

8 Кароль Ян Казімір Ваза быў сынам Канстанцыі Габсбург, якая, у сваю чаргу, даводзілася імператару Леапольду I стрыечнай бабуляй.

9 Эўро - мясцовасць больш як за 100 км на паўн.-усх. ад Парыжа, дзе знаходзілася абацтва св. Таўрына. Ян Казімір прыбыў у Нармандыю каля 20 кастрычніка.

10 Ян Казімір быў свецкім абатам чатырох бенедыктынскіх канвентаў кангрэгацыі з Сэн-Мор i столькіх жа цыстэрцыянскіх.

11У Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ.

12 Звычайны сойм засядаў 9 IX - 1 XI 1670 г.

13 Гаворка пра т. зв. незадаволеных на чале з прымасам Мікалаем Пражмоўскім i вялікім каронным маршалкам Янам Сабескім, якія арыентаваліся на Францыю,

14 Бітва пад Хоцінам адбылася 11 XI 1673 г., турэцкім войскам камандаваў Хусэйн-паша.

15 У Літву вярнулася большая частка войска (блізу 4,5-5 тыс.) начале з вялікім гетманам. Польны гетман, як швагер караля, застаўся пры ім з корпусам каля 2000 чалавек.

16 Адмовіўся ад далейшай службы.

17 Прымас Казімір Фларыян Чартарыйскі склікаў элекцыйны сойм 20 IV 1674 г.

18 Ян Сабескі быў абраны каралём 19 V 1674 г.

19 Насамрэч папам на той час быў Клімент X.

20 Ларэта, мястэчка ў правінцыі Марка, у якім знаходзіцца т. зв. Дамок Найсвяцейшай Дзевы Марыі з Яе цудоўным абразом, было адной з найбольш значных мэтаў пілігрымак хрысціянаў у Італію.

21 Сойм у Гародні ўпершыню адбыўся ў 1679 г. на падставе новага закона, якім прадугледжвалася скліканне ў Гародні кожнага трэцяга сойма; сойм скончыўся 3 IV 1679 г.

22 Т. зв. правінцыйныя сесіі, якія павінны былі спрыяць канструктыўнаму правядзенню паседжанняў сойма: кожная частка Рэчы Паспалітай рыхтавала на такіх сесія канстытуцыі (пастановы) па сваіх унутраных пытаннях i выпрацоўвала пазіцыю па супольных пытаннях.

23 У Жоўкву з пратэстам супраць правядзення сойма ў адсутнасць караля i скаргай на антысапегаўскія захады віленскага бпа Канстанціна Казіміра Брастоўскага былі дэлегаваныя Марцыян Валовіч, амсціслаўскі харунжы, i Казімір Тышкевіч, старадубскі староста.

24 Брастоўскі падаў пазоў у соймавы суд супраць Сапегі за размяшчэнне войска ва ўладаннях бпа. Фармальна Сапега меў на тое права, калі месцам дыслакацыі аказваліся маёнткі, падараваныя Касцёлу ўладарамі, аднак падобнае права страчвалася адносна земляў, падараваных біскупству шляхтай.

25 Брастоўскі пракляў Сапегу 18 IV 1694 г., аднак апошні схіліў кляштары ў Літве да непрызнання пракляцця.

26 У 1693 г. былі сарваныя соймы ў Гародні i ў Варшаве, a на звычайным сойме ў Варшаве, скліканым 121 1695 г., не ўдалося абраць маршалка, i 23 II сойм быў распушчаны.

27 Кароль Ян III памёр 17 VI 1696 г.

28 Сойм быў сарваны 28 IX 1696 г. чарнігаўскім паслом Лукашам Гарадзенскім, які не пагадзіўся з працягам часу пасяджэння (пралангацыяй).

29 Элекцыйны сойм адбываўся 15 V - 28 VI 1697 г.

30 Абедзве элекцыі былі абвешчаны 27 VI 1697 г.

31 Радзяёўскі дзеля падтрымкі абрання Кантэ склікаў на 25 VIII з'езд у Варшаве, які 28 VIII перарос у генеральны рокаш.

32 Каранацыя адбылася ў Кракаве 15 IX, саксонскі электар прыняў імя Аўгуста II.

33 Памылка перапісчыка ў тытулаванні Уладзіслава Храптовіча, які быў толькі сынам падкаморыя (падкаморычам) Гальяша Храптовіча i Ганны Дзевялтоўскай.

34 Гаворка пра 1696 г.

35 Гаворка пра скліканую 17 X 1696 г. канфедэрацыю часткі літоўскага войска, якое, дамагаючыся пратэрмінаванай выплаты заслужнога, адмовілася падпарадкавацца гетману Сапегу.

36 Сапега прымусіў канфедэратаў, якія знаходзіліся ў Берасці, капітуляваць 26 XI 1696 г., шантажуючы Агінскага апрылюдненнем дакументаў пра яго сувязь з каралевай-удавой Марыяй Казімірай Сабескай.

37 Тут гаворка ўжо пра 1698 г.

38 Міхал Казімір Коцел i Рыгор Антоні Агінскі былі правадырамі т. зв. рэспубліканцаў, шляхецкага руху, скіраванага супраць дамінавання Сапегаў у Літве.

39 Рэспубліканцы выступілі супраць арміі гетмана Сапегі, якая вярталася з антытурэцкай выправы, дамагаючыся яе роспуску. Сапега, не спадзеючыся на дапамогу караля ў канфлікце са шляхтай, вырашыў канчаткова расправіцца з рэспубліканцамі. 8 XII 1698 г. войскі сустрэліся пад Каменкай (на захад ад Гародні). Пасля беспаспяховых спробаў замірэння з боку б па Брастоўскага Сапега пашыхтаваў войска для бітвы, аднак пад націскам прысланага каралём перамоўшчыка Якаба Генрыха Флемінга i варожых перасоўванняў саксонскай арміі быў змушаны пайсці на нявыгадны для сябе мір.

40 Міхал Габрыэль Абуховіч пабраўся з Барбарай, дачкой Стафана Вільгельма Ромера, троцкага земскага пісара.

41 Соф'я Клара Камароўская (з Кердэяў) была роднай сястрой Пудэнцыяны, маці Барбары Ромер, i Тэклі Александровіч, жонкі Стафана Яўстафія Александровіча, папярэдніка Абуховіча на пасадзе наваградскага кашт.

42 Спачатку Сапегі ўцяклі ў Курляндыю, адтуль - у Прусію, у Хайльсберг (Лідзбарк Вармінскі), да вармінскага бпа Андрэя Залускага. Атрымаўшы там падтрымку i суправаджэнне, 7 I 1707 г. Сапегі прыбылі ў Варшаву.

43 Аўгуст II пачаў вайну са Швецыяй без згоды Рэчы Паспалітай з дапамогай саксонскага войска i прыватных атрадаў літоўскай магнатэрыі. Атака на Інфлянты адбылася ў лютым 1700 г., аднак спроба захопу Рыгі скончылася правалам, i саксонская армія мусіла адступіць у Курляндыю. Новая атака на Інфлянты прыпала на ліпень 1700 г. пасля прыбыцця самога Аўгуста II, які пасля паразы Даніі ў вайне са Швецыяй адступіў у верасні на левы бераг Дзвіны.

44 Шведы захапілі Вільню 25 III 1702 г.

45 Гэта адбылося 25 V 1702 г.

46 Аўгуст II увайшоў у Кракаў 19 VII 1702 г. пасля прайгранай пад Клішовам бітвы, аднак нягледзячы на значныя сілы не рашыўся на абарону i 3 жнівеня пакінуў горад, які 10 жнівеня быў заняты шведамі.

47 Торунь быў захоплены 14 X 1703 г. у выніку здачы, a не штурму.



[1] Пакутаваў ад камняў.

[2] Яна Казіміра Вазы.

[3] 3дацца.

[4] Адужаць, ачуняць, вылечыцца.

[5] Памёр (дасл. «пайшоў з жыцця»).

[6] Адмовіўся добраахвотна ад каралеўства.

[7] Як прынята; па звычаі.

[8] У звычайным месцы.

[9] Асобы, годнай каралеўства.

[10] Розумы абывацеляў.

[11] Піліпам Вільгельмам Вітэльсбахам, князем Нойбурга.

[12] Карлам V Леапольдам дэ Вадэмонам, князем Латарынгіі

[13] Урэшце насуаперак чаканням.

[14] Звычайным (прынятым) чынам.

[15] Пакліканы, запрошаны.

[16] Аўстрыйскага дома (гэта значыць, Габсбургаў).

[17] Людовіка XIV Бурбона.

[18] Да канца жыцця.

[19] Свецкім распарадчыкам абацтваў.

[20] Для гонару.

[21] Ha ўтрыманне.

[22] Скончылася.

[23] Праз дэпутатаў.

[24] Міхал Карыбут Вішнявецкі.

[25] Абяцанне (клятву)... пахавальні святых апосталаў Пятра i Паўла.

[26] Удзельнікам у часы пантыфікату папы Інакенція X.

[27] Ёанну Керлу.

[28] Мінулага года.

[29] Наступнага года.

[30] Як ёсць звычай, як прынята.

[31] Ежы Альбрыхт Дэнгоф.

[32] Адсутнасць.

[33] Да ўсяго.

[34] Ha дыяцэз (дыяцэз - царкоўная акруга).

[35] Нязгода розумаў i нежаданне дзеіць для супольнага дабра.

[36] Нічога не зрабіўшы.

[37] Абодвух народаў.

[38] Станіслаў I Ляшчынскі.

[39] Праз дэпутатаў.

[40] Лік.

[41] Ураўнання правоў.

[42] Паміж праціўнікамі i прыхільнікамі.

[43] Збройна.

[44] Міхал Радзяёўскі.

[45] Франсуа-Лу i дэ Бурбона.

[46] Фрыдрыха Аўгуста Ветына.

[47] Станіслаў Казімір Домбскі.

[48] У замяшанні.

[49] Склікаў.

[50] Перайшло на бок.

[51] Ва ўсім аб'ёме.

[52] Стафана Тызенгаўза.

[53] Абывацеляў.

[54] Пасля смерці.

[55] Стафана Яўстафія Александровіча.

[56] Высокую пасаду.

[57] Фрыдрыха III (I) Гогенцолерна.

[58] Дня 18 чэрвеня да дня 22 снежня таго самага года.

[59] З сената і рыцарскага стану.

[60] Карл XII.

[61] Зачэплены.

[62] Без згоды, без дазволу.

[63] Наўзаем.

[64] Усялякага стану.

[65] Утрымацца.

[66] Застаюцца.

[67] У веку сваім 65 [гадоў] памёр у годзе, вышэй [названым].

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX