Папярэдняя старонка: Мемуары

Успаміны ўніятаў-пакутнікаў 


Дадана: 16-04-2021,
Крыніца: Успаміны ўніятаў-пакутнікаў // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 9. Укладальнікі: Дзяніс Кандакоў, Аляксандр Фядута. Мінск. 2020. С. 246–307.

Спампаваць




УСПАМІНЫ ПАКУТНІКАЎ УНІІ

I. Лыскава

II. Святар Бараноўскі

III. Святар Міцэвіч і яго таварышы

IV. Дудаковічы

V. Поразава

З НАТАТАК ВАСЬМІДЗЕСЯЦІГАДОВАГА СТАРОГА ЛІЦВІНА-ЎНІЯТА


Перакладзеныя мной успаміны падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці, у якой яны друкаваліся ў XIX ст. Першымі ў 1866 г. у Парыжы былі надрукаваныя «Успаміны пакутнікаў уніі» і другімі - у 1875 г. у Львове ўспаміны а. Самуэля Чарнаруцкага.

«Успаміны пакутнікаў уніі» надрукаваў у эміграцыйным парыжскім выданні ананімны аўтар. Відаць, што «Успаміны…», магчыма, склаў з розных кавалкаў той, хто сам напісаў апошнюю частку гэтага тэксту пра падзеі ў Поразаве. У літаратурным сэнсе гэтая частка напісана больш якасна, і яе было лягчэй перакладаць. Усе астатнія часткі адрозніваюцца стылістыкай, што паказвае на тое, што пісалі іх розныя людзі. Тэкст з успамінамі святара Міцэвіча - гэта скарот поўных успамінаў святара, цалкам надрукаваных у 1888 г. [1].

Пра святароў пакутнікаў Міцэвіча і Бараноўскага пісала ў сваёй выбітнай кнізе «Сваёй веры ламаць не будзем…» доктар гістарычных навук, прафесар С. В. Марозава [2]. Мне ўдалося выявіць, што закатаваны святар Бараноўскі - гэта а. Мацей Бараноўскі з царквы вёскі Бабры Лідскага дэканата. Таксама ва «Успамінах…», здаецца, упершыню падрабязна апісваюцца падзеі ў мястэчках Дудаковічы і Поразава.

Вялікую цікавасць маюць успаміны перадапошняга базыльяніна гістарычнай Літвы а. Самуэля Чарнаруцкага.

Як вядома, апошнім базыльянінам гістарычнай Літвы з'яўляўся а. Кірыл Летаўт, які прайшоў свой крыжовы, пакутніцкі шлях, але ўспамінаў не пакінуў [3].

У адрозненне ад Летаўта Чарнаруцкі «здолеў раней уцячы з маскоўскіх рук» [4] і таму напісаў даволі вялікія мемуары пад назвай «З нататак васьмідзесяцігадовага старца ліцвіна-ўніята», надрукаваныя пасля толькі адзін раз у часопісе «Przegląd Lwowski» за 1875 г.

Перадапошні беларускі базыльянін Самуэль Тадэвуш Ігнат Чарнаруцкі (1798-1887) нарадзіўся ў Гальшанах і паходзіў з беларускай шляхты. Бацька - Станіслаў Чарнаруцкі, уніяцкі святар, парах [5] мясцовай парафіі, маці - Тэадора, пасля смерці першага мужа выйшла другі раз замуж за лекара. Габіт манаха базыльяніна Чарнаруцкі атрымаў у 1818 г. у Быценскім манастыры, а ў 1819 г. даў манаскую прысягу. Пасля гэтага вучыўся ў Тараканях, потым з 1822 г. у Жыровічах, дзе прайшоў курсы красамоўства і матэматыкі. У 1823 г. пачаў працаваць выкладчыкам у парафіяльнай школе. 13 снежня 1825 г. мітрапалітам Язафатам Булгакам высвячаны ў святары, пасля чаго правінцыял базыльянаў перавёў яго настаўнікам у школу пры Кобрынскім манастыры. У 1827 г. новы правінцыял Язафат Жарскі паслаў Чарнаруцкага ў Лыскаўскі манастыр прапаведнікам і рэзалютарам выпадкаў сумлення [6]. Ад пачатку ціску на унію Чарнаруцкі актыўна бараніў сваю царкву. За гэта з 1835 да 1844 г. падвяргаўся пераследу і заключэнню ў турмы розных манастыроў Беларусі і Украіны - Лыскава, потым Тадуліна, Тараканей, Загорава, Уладзіміра, Быценя, Барунаў, Гельянава. І па другім крузе - Баруны, Быцень, Таракані і Загорава. Нарэшце, у 1842 г., базыльянін патрапіў у Пачаева. З Пачаева ўпартага ўніята павінны былі выслаць у манастырскую турму ў глыб Расіі, але ў 1844 г. яму ўдалося ўцячы ў Галіцыю, дзе ён быў адразу прыняты ў родны базыльянскі манастыр горада Львова. З 1845 да 1861 г. жыў у Крэхаўскім манастыры, дзе з часам заняў пасаду вікарыя. У 1862-1864 гг. быў вікарыем манастыра ў Дабрамылі, а потым ва Улашкоўцах і Мілоўцах, дзе стаў суперыёрам. З 1868 г. жыў у Львоўскім манастыры і з'яўляўся яго спавядальнікам. Пахаваны на Лычкаўскіх могілках. Па сабе пакінуў каштоўныя ўспаміны, якія друкуюцца тут, і два рукапісныя тамы казанняў [7].

Успаміны перадапошняга базыльяніна Літвы Самуэля Чарнаруцкага напісаныя праз шмат дзесяцігоддзяў пасля падзей, якія адбываліся ў яго маладосці. Пісаў ён іх незадоўга да смерці і ўсе факты падаваў толькі па памяці. У першых частках успамінаў ён пераказвае чуткі, якія цыркулявалі сярод базыльян у 1820-1830-я гг., таму дзе-нідзе памыляецца ў прозвішчах ці ў датаванні. Гэтая частка ўспамінаў цікавая толькі як адлюстраванне падзей эпохі ў тагачаснай грамадскай думцы. Пры каментаванні я імкнуўся паказваць яўныя памылкі старога базыльяніна. Аднак вялікую каштоўнасць маюць старонкі, на якіх манах апісвае тое, што перажыў, бачыў і адчуў падчас пакутаў у манастырах.

Чарнаруцкі піша старой польскай мовай з дастаткова дзіўнымі выразамі і словамі. Часта трэба было падумаць, каб зразумець, што ён хоча сказаць, і тут мне добра прыдаўся навык чытаць візітацыі ўніяцкіх цэркваў XVIII ст.

Ва ўспамінах Чарнаруцкага, надрукаваных у Львове, і ва «Успамінах пакутнікаў уніі», надрукаваных у Парыжы, ёсць невялікія разыходжанні ў дэталях адных і тых падзей, якія яны апісваць. Але гэта толькі надае аб'ёмнасці агульнай карціне і сведчыць пра сапраўднасць тэкстаў. Так бывае заўсёды: адны і тыя падзеі розныя людзі бачаць трошкі па-рознаму і праз дзесяцігоддзі іх успаміны заўсёды будуць розніцца ў дэталях. Гэты «стэрэаскапічны» эфект часта ўжываюць рэжысёры кіно і тэатра, а ў нашым выпадку гэта якраз і гарантуе сапраўднасць успамінаў. Бо падагнаць успаміны Чарнаруцкага пад раней выдадзеныя ў Парыжы «Акты…» было б нескладанай працай.

Усе тэксты я правяраў па матэрыялах, якія маю, і заўсёды - прама ці ўскосна - факты, якія падаюцца ў тэкстах, пацвярджаюцца. Усю дадатковую інфармацыю падаю ў спасылках да тэкстаў успамінаў.


Героі ўспамінаў перажылі чараду здзекаў і прымусаў, якія ў той дастаткова гуманны век, які не ведаў ні Гулагу, ні гітлераўскіх канцлагераў, здаваліся чытачам у Еўропе амаль што неверагоднымі. Магчыма, таму абодва пададзеныя ніжэй тэксты, як і іншыя ўспаміны сведкаў, былі надрукаваныя адзін раз у часопісным варыянце і ніколі не выходзілі асобнымі выданнямі (за выключэннем успамінаў Рыгора Міцэвіча).

Цяжкім быў лёс не толькі пакутнікаў за веру, але і шараговых святароў, якія падпісаліся за дзяржаўную веру. Пра такіх людзей таксама расказваецца ва ўспамінах. Не трэба думаць пра іх дрэнна хоць бы таму, што ўсе гэтыя зусім не багатыя людзі з'яўляліся бацькамі вялікіх сем'яў. Займаючыся тэмай уніі на Лідчыне, я рэгулярна сустракаю такіх «падпісантаў», яны служылі да канца 1870-х гг. Гэтыя знявераныя, паламаныя людзі часта моцна пілі, за 30 гадоў пасля скасавання уніі не навучыліся нават служыць «па-новаму» і наўпрост пазбягалі служыць у цэрквах - выконваць сваю непасрэдную працу. На працягу XIX ст. у тым ліку і гэта садзейнічала максімальна адмоўнаму стаўленню да царквы з боку расійскага грамадства, што ў выніку і прывяло да разгрому царквы як структуры пасля 1917 г. Думаю, што менавіта скасаванне уніі тлумачыць той факт, што беларусы цяпер - адна з самых атэістычных нацый у Еўропе.

Тэкст, які друкуецца ніжэй, я паставіў бы ў адзін шэраг з такімі творамі пра пакутны шлях нашага народа, як, напрыклад, кніга «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча.

Леанід Лаўрэш


УСПАМІНЫ ПАКУТНІКАЎ УНІІ [8]

I. Лыскава

Лыскава - маленькае мястэчка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. На мясцовых могілках пахаваны Францішак Карпінскі [9], яшчэ і сёння там можна ўбачыць надпіс на магіле паэта: «Вось мой дом убогі». У гэтым ціхім мястэчку два стагоддзі знаходзіўся ордэн базыльян. Манахі мелі мураваны манастыр з 20 жылымі келлямі. Каля манастыра стаяла драўляная царква, і ўжо былі нарыхтаваныя матэрыялы для будаўніцтва мураванай царквы. Гаспадарка знаходзілася ў добрым стане, дзве сажалкі давалі дастаткова рознай рыбы, агароды, пасекі, недалёка добра забудаваны фальварак з так званай юрыдыкай у 15 дымоў. Усё гэта задавальняла патрэбы манахаў. Акрамя гэтага, манастыр меў вёску ў 30 хат.

Жыццё было патрыярхальнае. Манастыр не вызначаўся суровым распарадкам, але панавала ў ім шчырая пабожнасць і ўзорнае манаскае жыццё. Айцоў любілі ў мястэчку і ваколіцах, на працягу двух стагоддзяў ніхто не памятаў ніякага прыкрага выпадку ў манаскім жыцці. Мелі найлепшыя стасункі з айцамі-місіянерамі, манастыр якіх стаяў непадалёк. Падчас вялікіх урачыстасцяў адбываліся супольныя набажэнствы: місіянеры дапамагалі базыльянам, а базыльяне - місіянерам. Уніяцкі манастыр карміў і апранаў сірот, якія вучыліся ў школе місіянераў. У школе падчас экзаменаў заўсёды прысутнічалі базыльяне. Калі правінцыял базыльяне прыязджаў у манастыр да місіянераў, усе яны прыходзілі яго вітаць, і, наадварот, тое самае было, калі прыязджаў візітатар да місіянераў.

Каля 1838 г. супольнасць лыскаўскіх базыльян, як паўсюльу той час, ужо моцна паменшылася: з 16 манахаў, якія жылі тут напачатку, засталося 12, а потым наогул некалькі базыльян. Суперыёр [10] Аўгусцін Сядлецкі быў ужо чалавекам сярэдняга ўзросту, акрамя яго ў Лыскаве засталіся вікарый Самуэль Чарнаруцкі, Бацэвіч, Ржэцкі і яшчэ тры іншыя старыя манахі. Лад жыцця заўсёды быў аднолькавы. Штогод на Вялікую суботу суперыёр з Ржэцкім абыходзіў дамы і свяціў прыгатаваныя пірагі. Разам з манахамі заўсёды ехала брычка з кухарам манастыра Якубам. Там, дзе манахі бачылі пусты стол ці пустую спіжарню, туды Якуб заносіў прыгатаваную і асвечаную базыльянамі ежу. Загадзя адмыслова варылі многа піва, каб у такія дні раздаваць бедным. Другі раз, у дзень св. Базыля, удовам і сіротам раздавалася шчодрая міласціна. Штотыдзень адпраўлялася ўзорнае ўрачыстае набажэнства са слаўным у ваколіцы арганам і адбываліся нядзельныя казанні. Для дзяцей выкладаліся катэхізмы, гэта была справа манаха Бацэвіча. Для найлепшых вучняў ён заўсёды меў медальёнчыкі, крыжыкі, абразкі, і дзеці ў ваколіцы яго бязмерна любілі.

Па левы бок манастырскай брамы ляжаў дастаткова вялікі пляскаты камень. Гэты камень быў адмыслова пакладзены для навучання. На камені сядзеў стары манах і прамаўляў малітвы, яго заўсёды атачала дзятва, якая чакала, калі ён закончыць маліцца, бо ведала, што нельга перарываць малітвы манаха. Стары расстаўляў дзяўчатак па адзін бок ад сябе, а хлопчыкаў - па другі і жагнаў іх сваім крыжам, усіх іх ён ведаў па імёнах. Пасля гэтага выкладаў ім катэхізмы ці апавядаў Святую гісторыю. Напрыканцы ўсе разам яны чыталі малітву, пасля чаго дзеці атрымлівалі хто пернік, хто грушу ці хоць кавалак хлеба. Неаднойчы суперыёр з другога паверха ўмешваўся ў гэты выклад і найлепшым дасылаў гасцінец. Доктар манастыра, які пасля доўгіх гадоў атрымаў габіт брата (габіт - манаскае адзенне. - Л. Л.), лячыў усіх без розніцы станаў і веравызнання, а патрэбныя лекі за кошт базыльян выпісваў у аптэцы. Усе навакольныя людзі паважалі базыльян за пабожнасць, міласэрнасць і паслугі, паважалі іх нават яўрэі.

Але бура вынішчала ўніяцкую царкву на Літве. Законнікі не падманвалі сябе і рыхтаваліся да апошняй хвіліны. Суперыёр ужо неаднаразова атрымліваў ад новага біскупа Сямашкі загады ўвесці змены ў абрад, а потым прыняць праваслаўе. Але Сядлецкі веры не прадаваў, абрадаў не чапаў і рыхтаваўся з братамі да горшага.

У Жыровічах, месцы здаўна слаўным сваімі цудамі, у манастыры, які заснаваў святы Язафат, сабраліся зацятыя ворагі ўніятаў, якія ўжо памянялі веру: біскуп Іосіф Сямашка, біскупы Зубко і Жарскі, афіцыял Анон Тупальскі, рэктар тутэйшай семінарыі Гамаліцкі і старшыня кансісторыі Міхал Галубовіч - сучасны менскі архірэй. Да лыскаўскіх манахаў дайшла вестка, што жыровіцкіх базыльян за веру і вернасць павыганялі з манастыра, а старога суперыёра Язафата Слабоцкага вывезлі ў Загорава. Усе разумелі, што прыходзіць канец іхняму ордэну. Таму, як і належыць манахам, жадалі ўмацаваць дух і апошні раз звярнуцца да вернікаў. Небяспека, якая пагражала манахам, не была тайнай для ўсёй парафіі і ваколіцаў. У першую ж нядзелю ў лыскаўскую царкву сабраліся тлумы вернікаў абодвух абрадаў. Адбылося вельмі ўрачыстае набажэнства і айцы місіянеры бралі ў ім удзел. Служыў сам суперыёр, манахі прымалі споведзь адзін у аднаго. Выступіў базыльяніна Чарнаруцкі, ён расказаў вернікам пра розніцу паміж уніяй і ўсходняй царквой, папярэдзіў пра набліжэнне выпрабаванняў, заклінаў трымацца сапраўднай веры і закончыў словамі: «Лепей прыняць смерць, чым фальшывую веру, якая хутка будзе вам накінута. Мы, святары, як і належыць пастырам, злучаем вас з міласцю Хрыста, і мы лепей памром, чым праз змену веры страцім неба». У канцы прамовы Чарнаруцкі апрытомнеў, і людзі перанеслі яго ў сакрыстыю. Суперыёр Сядлецкі, які вёў набажэнства, узрушана ўстаў з крэсла і голасна прысягнуў, што хутчэй памрэ, чым адступіць. Ён прасіў Бога ўмацаваць яго з братамі і вернікамі і закончыў выступ, папрасіўшы дараваць яму віны, якія ён сам ці яго манастыр за час побыту ў Лыскаве маглі зрабіць людзям. Як быццам была агульная гатоўнасць да смерці, чуўся гучны плач вернікаў, і расчулены суперыёр ледзь-ледзь скончыў набажэнства. Манахі, прыняўшы з яго рук святы сакрамант, упалі крыжам на падлозе. Місіянеры раздавалі камунію вернікам абодвух абрадаў. Хор заспяваў «Пад аховай Тройцы». Базыльяне пацалавалі прыступкі алтара і разам з місіянерамі і вернікамі выйшлі з царквы.

Тады ж ўсе даведаліся, што Сямашка разам з сваімі набліжанымі ўжо за тры мілі ад Лыскава, у Ружанах, і тамтэйшы суперыёр Марціноўскі з законнікам Лісоўскім зрабілі злы ўчынак - прынялі схізму. Іншых манахаў з гэтага манастыра кудысьці павысылалі.

Базыльянін Бацэвіч апошні раз выйшаў за браму, стаў на ўлюбёны камень і сказаў людзям, якія сабраліся вакол яго: «Дзеткі мае! Цяжка мне з вамі разлучацца, але хутка стану перад Богам, каб засведчыць яму вашу сталасць і веру. Даю вам апошнюю навуку: калі вас будуць пераследаваць, майце надзею на Бога, ён не дапусціць, каб вы вечна цярпелі. Верце, што не скончыцца яшчэ гэтае XIX стагоддзе, а хмара ўціску і пераследу знікне, як заходзіць сонца. Скончыцца перамога ерасі, якая зараз пашыраецца, а сапраўдная вера зноў узыдзе. Пытаюся ў вас, ці жадаеце праліць кроў за веру?» Сярод агульнага плачу пачуў адказ: «Памром за веру, не аддадзім нашу душу на вечныя пакуты!» Перахрысціў іх сваім крыжам, раздаў апошнія медальёны і абразы дзецям і ўсім прысутным, а потым папрасіў, каб пасля яго смерці гэты камень, на якім ён вучыў дзяцей, паклалі на магілу і, не маючы больш моцы, ледзь вярнуўся ў манастыр.

Усе людзі былі да глыбіні ўзрушаны. Суперыёру данеслі, што месцічы вырашылі сабрацца на манастырскім дзядзінцы і, калі прыедзе Сямашка, прасіць, каб пакінуў базыльян. Калі ж просьба не будзе мець вынікаў, тады усім гуртам кінуцца на Сямашку, Тупальскага [11] і іншых, з кім ён прыедзе, і павесіць іх на браме манастыра. З гэтым пагаджаліся і яўрэі. Занепакоены ігумен Сядлецкі абыходзіў мястэчка і заклінаў усіх захоўваць спакой. Паўтараў: «Мы загінем, але вы не павінны. Гэта розныя рэчы - цярпець і паміраць за веру ці бунтаваць і грашыць». Ледзь супакоіў абураныя сэрцы.

Гэтак прайшоў панядзелак.

У аўторак, перад поўднем, з'ехаліся апастаты - епіскапы з членамі кансісторыі і неадменным Тупальскім. На ганку спаткаліся з базыльянамі і ўсіх разам паклікалі ў пакой суперыёра. Там Сямашка грозна патрабаваў ад Сядлецкага тлумачэнняў: чаму не шле падпіску аб прыняцці праваслаўя і нават не адказвае на яго лісты? Суперыёр з упэўненасцю і сілай адказаў, што ні ён, ні яго законнікі веры не памяняюць і яго нават дзівіць, калі нехта можа думаць, што яны прыстануць да ерасі. «Маўчы, лайдак, - быў адказ Сямашкі. - Знайду для цябе месца». «Абы не ў пекле», - адказаў суперыёр.

Потым епіскап пачаў па чарзе апытваць усіх манахаў. Калі чарга дайшла да Бацэвіча - старога, які ўжо стаяў перад Богам, - той не абмежаваўся толькі адмовай ад прапановы, але горача назваў адступнікаў юдамі, абяцаў ім, што цені закатаваных імі і сама памяць пра гэтыя злачынствы не пакіне іх у спакоі. Закончыў урачыстым запэўніваннем, што схізмы не прыме: «Нашы целы пакуль у вашых руках, але ваша ўлада не кранае нашы душы».

Каб падумалі над прапановамі епіскапа, усіх манахаў зачынілі па келлях і адабралі ключы. Госці пасяліліся ў манастыры. Раніцай Сямашка з Тупальскім наведалі вязняў і абяцалі ім сваю ласку, калі будуць паслухмяныя. Але адказ быў той самы. Тады ва ўсіх забралі боты і загадалі выносіць гной з хлявоў. Ранкі былі марозныя, манахаў ледзь пакармілі, і яны ў сваёй манаскай вопратцы цэлы тыдзень выконвалі гэтую працу, але гэта іх не зламала. Сямашка прымусіў суперыёра выносіць манастырскае смецце, а Бацэвіча, якому не мог дараваць, зачыніў у цесным кутнім пакоі пад дахам. Стары пакутаваў без паветра, але яго намоленая душа ўжо жыла ў вечнасці. Мы ўпотай падыходзілі пад няшчыльныя дзверы і чулі, як ён увесь час моліцца. Стары папрасіў сабе спавядальніка, але Сямашка не дазволіў, бо сам захацеў яго спавядаць. «Уніятаў схізматык спавядаць не можа, - адказаў Бацэвіч, - буду спавядацца Богу». Абмінаючы загад епіскапа, Чарнаруцкі прынёс яму святы сакрамант з касцёла місіянераў і спавядаў паміраючага. Прыняўшы сакрамант, стары памёр.

Калі пра смерць Бацэвіча стала вядома ў мястэчку, усіх ахапіў жаль і смутак. Сямашка не дазволіў званіць у царкве, і таму пачалі званіць у касцёле місіянераў. Туды сабраўся ўвесь люд, і тыя, хто меў грамнічныя свечкі, прынеслі іх на пахаванне. Грамада яўрэяў стаяла разам з хрысціянамі. У тым выглядзе, у якім і памёр, паўапранутага і босага праведнага старца паклалі ў труну і пахавалі каля капліцы Св. Мікалая. Місіянеры назаўтра адправілі жалобную імшу за душу памерлага пакутніка, і гэта моцна разгневала Сямашку.

На другі дзень базыльян вывезлі з Лыскава. Суперыёр разам з базыльянінам Ржэц кім быў сасланы ў Загорава, іншыя - у Жыровічы, Быцень і Таракані [12], дзе іх вера павінна была вытрымаць яшчэ большыя пакуты. Манастыром і яго фальваркамі завалодаў Сямашка. У царкву пасадзіў схізматыка Івацэвіча з Поразава і толькі што навернутага Лісоўскага з Ружанаў. <…> Вывезеных айцоў і асабліва пакутніка айца Бацэвіча да гэтага часу памятае люд.

II. Святар Бараноўскі

Сцэны, падобныя да апісаных у Лыскаве, паўтараліся ў большасці былых базыльянскіх манастыроў. Манахаў, якія адмаўляліся змяніць веру, высялялі, і новым праваслаўным ігуменам, каб зламаць упартых, дазвалялі выкарыстоўваць любыя сродкі. Звычайна іх прымушалі да цяжкай працы, да выканання самых брудных паслуг, трымалі ў келлях, які не абаграваліся, ці ў сутарэннях, адмаўляліся карміць і намагаліся выдумаць яшчэ нешта новае, каб прынізіць маральна і фізічна. Нішчылася ўсё: абрады, уніяцкае манаскае адзенне і самі людзі. Кожны ў манастыры меў права і абавязак здзекавацца з іх. Ігумены, якія звычайна толькі-толькі сталі схізматыкамі, глушылі сваё сумленне алкаголем і лютасцю, праз тое яны па жорсткасці часта перавышалі нават дадзеныя ім інструкцыі. Яшчэ больш пакуты ўніятаў павялічваліся з прычыны натуральнай і ўласцівай для ўсіх адступнікаў нянавісці да тых, хто раней быў тваім калегам, але не дазволіў паламаць сябе. Часта даходзіла да збівання і нават да сапраўднага катавання.

Сярод прыгнятальнікаў вылучаўся Міхневіч - ігумен пабазыльянскага манастыра ў Тараканях Пружанскага павета [13]. За вернасць царкве туды выслалі ваўкавыскага дэкана а. Яна Сабаткоўскага, параха ў Смалянах Копыскага павета а. Рыгора Галынца, святароў а. Іосіфа Забелу, айцоў Бераговіча, Бараноўскага і базыльян айцоў Чарнецкага, Абрамовіча і некалькіх іншых. Іх трымалі на хлебе, прымушалі працаваць, мучылі голадам і смагай. Часта п'яны Міхневіч сам біў у твар і здзекаваўся з няшчасных. Пабожны і светлы каплан Бараноўскі знайшоў спосаб перадаць скаргу, у якой апісаў усе пакуты і злоўжыванні. Нібыта каб спраўдзіць яго скаргу, прыехаў ад'ютант ад генерал-губернатара. У прысутнасці вязняў ён сказаў Міхневічу, каб той ужываў любы прымус і любыя сродкі да ўпартых, бо яны павінны прыняць праваслаўе, і дадаў: «Даю вам для гэтага шэсць месяцаў, калі не пераканаеце іх, сам прыеду і навяду парадак, розгаў пры тым не пашкадую. Гэта царская воля - цар скасаваў унію і вас скасуе, калі не прымеце праваслаўе».

Пасля гэтага ціск узмацніўся, а святар Бараноўскі стаў яго першай ахвярай. Пасля цяжкага бічавання ён быў кінуты Міхневічам у лёхі. Праз некалькі дзён смагі і голаду яго спыталіся, ці прыме ён схізму. Святар адказаў, што не прыме, бо не жа дае пагубіць сваю душу. Каб усіх настрашыць, Бараноўскага пачалі катаваць у пры сутнасці таварышаў. Бязлітасна біты кіямі, святар шаптаў праз боль: «Даруй ім, Госпадзе, бо не ведаюць яны, што робяць». Разгневаны Міхневіч ударыў яго ў твар, і пакутнік страціў прытомнасць. Бараноўскага аблілі вадой і кінулі ў склеп, замкнуўшы жалезныя дзверы на ключ. Усім упартым паведамілі, што тое самае чакае, і загналі ў свінарнік, паабяцаўшы марыць голадам. Ноччу адзін з пакутнікаў падкраўся пад вязніцы Бараноўскага і пачуў, як той моліцца і просіць пра спавядальніка. Дэкан Сабаткоўскі праз адтуліну для ключа выслухаў споведзь. Іншыя адказнікі прынеслі святы сакрамант з суседняга касцёла і перадалі яго пакутніку ў тую ж адтуліну. Прыняўшы сакрамант, святар сказаў: «Соладка, браты, паміраць за веру. Дзякуй вам за дапамогу, баляць раны, але яшчэ балючай было б паміраць без сакраманту». Пасля папрасіў, калі гэта будзе ад іх залежаць, пахаваць яго і дадаў: «Хай з целам што заўгодна робяць, абы душа ўратавалася». Трохі пазней дадаў: «Дарую і прабачаю ўсім і аддаю сваю душу ў рукі твае, Божа». Больш нічога не было чуваць. Толькі праз тры дні адчынілі дзверы і каля парога знайшлі нябожчыка са складзенымі на грудзях рукамі. Напачатку Міхневіч здзівіўся, але потым паштурхаў цела нагамі, кажучы: «Здох нягоднік, і з іншымі гэтак будзе. Абяцаю, што пазасякаю ўсіх, калі не прымеце праваслаўя. Наступным будзе Забела, потым Сабаткоўскі. Рыхтуйцеся».

У той жа дзень паліцэйскі чын (асэсар) напісаў пратакол, што святар Бараноўскі памёр праз п'янства. Разам з Міхневічам і падскарбіем паліцэйскі прыйшоў у хлеў і абазваў усіх вязняў алкаголікамі. Нібыта каб не дапускаць гарэлку, паставілі варту. Святар Забела голасна сказаў, што нябожчык ні гарэлкі, ні іншага алкаголю не піў, а быў збіты Міхневічам. Дэкан Сабаткоўскі прасіў дазволіць зрабіць труну, каб пахаваць памерлага. Міхневіч адказаў, што няма грошай, а асэсар дадаў: «Хавайце самі - нечым жа вы павінны займацца». Святары прынеслі цела забітага пакутніка, абмылі і, выкапаўшы дол, назаўтра з ціхай малітвай пахавалі. Званіць у званы было не дазволена.

Жыццё няшчасных ішло той самай каляінай далей. Але пасля смерці святара Бараноўскага [14] Міхневіч баяўся катаваць да смерці, тым не менш з-за цяжкага жыцця ўсё роўна памерлі два пакутнікі. Сабаткоўскага некалькі разоў высылалі ў Жыровічы і ў Быцень, але потым ён зноў вяртаўся пад уладу Міхневіча. Змучанага старога, пазбаўленага святарскага сану, выпусцілі пад нагляд, і ён яшчэ некалькі гадоў у вялікай галечы, з міласціны жыў у Ваўкавыскім павеце - у Вярэйках і Лыскаве. У вялікай святасці памёр у 1856 г. Іншыя ўніяты былі высланыя ў розныя манастыры, некаторых з іх я спаткаў у Загораве.

III. Святар Міцэвіч і яго таварышы

У Загораве ў высылцы знаходзіўся святар Рыгор Міцэвіч, якога пераследавалі за вернасць царкве. Ён пакінуў кароткае апісанне ўсіх сваіх пакут. Пісаў не для славы, а як сведка таго, што і цяпер Царства Божае цярпіць гвалт і гвалтаўнікі нішчаць яе. А таксама каб умацаваць тых, каго пераследуюць ці будуць пераследаваць за праўду. Падаем яго тэкст у скароце, каб паказаць, якія выпрабаванні ў той час меў ён і ўвесь уніяцкі клір.

Святар Рыгор Міцэвіч закончыў курс навук у Жыровіцкай семінарыі. Экзамены здаваў афіцыялу Антону Тупальскаму, святару-сурагату Антону Шыманскаму і іншым членам Літоўскай уніяцкай кансісторыі. Высвячаны ў святары 20 чэрвеня 1818 г. супрасльскім суфраганам біскупам Леонам Явароўскім і тры гады выконваў абавязкі вікарыя ў царкве мястэчка Крынкі Брэсцкага павета і дэканата. Потым быў прызначаны парахам у царкву Уваскрэсення Гасподняга ў мястэчка Камянец-Літоўскі таго ж павета. Тут беззаганна служыў 15 гадоў. У 1834 г. на загад уніяцкай калегіі дэканы пачалі навязваць парахам змену царкоўнага абраду, і Міцэвіча выклікалі ў Мала-Ельнінскую царкву.

Справа ішла аб змене алтара і ўвядзенні так званых іканастасаў, якія ўжывалі ў святынях грэцкага абраду. Міцэвіч звярнуў увагу дэкана Крукоўскага на тое, што гэтыя нечаканыя і малыя змены мусяць стаць пачаткам вялікіх зменаў, якія могуць закрануць асновы веры. Такія падазрэнні ў яго з'явіліся з-за дзеянняў царкоўных уладаў, якія напачатку рабілі толькі нязначныя крокі, але не думалі нічога тлумачыць. Пасля гэтага за святаром пачалі назіраць. Калі праз год вырашылі раздаць па цэрквах новыя службоўнікі маскоўскага друку, якія павінны былі замяніць ранейшыя, уніяцкія, Міцэвіч разам з 7 іншымі святарамі адмовіўся іх прыняць і быў выкліканы ў Жыровічы. Там адказнікам загадалі для вывучэння новай службы штодзень асісціраваць падчас набажэнства.

Праз нейкі час запатрабавалі, каб святары падпісалі паперу аб тым, што яны будуць пільна служыць па-новаму і прымуць новыя службоўнікі. Гэта яшчэ не быў апошні крок - падчас набажэнства яшчэ дазвалялася згадваць Святога Айца. Гэтак рабілася, каб адразу не пужаць святароў і вернікаў, якія стаялі за імі. Афіцыял Тупальскі вёў доўгія перамовы, падчас якіх стараўся давесці, што змены толькі знешнія і не датычаць фундаменту веры, што гэта толькі вяртанне да старызны, да абрадаў, якія ўжываліся яшчэ ў час Фларэнційскай уніі, але с часам былі перакручаныя. Святары і разам з імі Міцэвіч падпісалі паперу на рускай мове, якую не ведалі. Ім дазволілі раз'ехацца па дамах. Але Міцэвіч перад ад'ездам дастаў пераклад гэтай паперы і даведаўся, што яны прынялі грэцкія службоўнікі, надрукаваныя пецярбургскім Сінодам. Зразумеў, што памыліўся, і не меў спакою. Выехаў з Жыровічаў, але на першай станцыі ў Косаве не мог спаць і ўсю ноч думаў, як выйсці з гэтай сітуацыі. Нарэшце ўранку запрог каня і зноў паехаў у Жыровічы. Стаўшы перад епіскапам Зубко, Міцэвіч паведаміў, што забыў напісаць сваё імя ў той паперы. Епіскап загадаў падаць дакумент, які ўжо падшылі ў кнігу, і пераканаўся, што гэта праўда. Ён загадаў святару ўзяць пяро і атрамант і дапісаць да подпісу сваё імя. Міцэвіч, узяўшы кнігу ў рукі, выняў з кішэні адмыслова прыгатаваную вату і, акунуўшы яе ў атрамант, замазаў свой подпіс. Пасля гэтага пасыпаў старонку пяском і, даўшы прасохнуць, аддаў кнігу епіскапу.

Толькі ад'ехаў 4 мілі, як яго дагналі пасланцы епіскапа. Звязаўшы, зноў прывезлі яго ў Жыровічы. «Што ты нарабіў, лайдак! - закрычаў епіскап. - Як ты смееш праз хітрасць псаваць шнураваную кнігу!?» Міцэвіч смела адказаў: «А як можа біскуп нас ашукваць і гвалціць сумленне святара? Заліць атрамантам свой падманам узяты подпіс - гэта не тое, што змяніць веру. Мая вера каштоўнейшая за шнураваную кнігу, і калі Ваша Прывялебнасць хоча быць схізматыкам - хай ім будзе, але хай не губіць нашы душы».

Святара замкнулі ў склеп пад царквой, і ён там мусіў згінуць, але адчуў дзіўны спакой і радасць на сэрцы. Сакрыстыяну, брату-базыльяніну, які раней служыў у Віленскай друкарні, было загадана даглядаць вязня і штодзень даваць яму па фунце хлеба і палову гарца вады. Стары манах гэтак спраўна выконваў загад, што Міцэвіч ніколі раней у жыцці не меў такіх выгодаў і яшчэ трох чалавек мог бы тут пракарміць. Пачцівы сакрыстыян часта прыходзіў да свайго вязня, яны размаўлялі пра новае кіраўніцтва царквы, пра ўпадак базыльян і уніі, пра раскол паміж тымі, хто добраахвотна прыняў новую веру, і адказнікамі. Неяк прынёс яму вялікі мяшок сухароў і добрыя кавалкі шынкі, сыру і г. д. Калі вязень запытаў, нашто ён гэта робіць, бо і так ўсяго хапае, адказаў: «Пачуваюся ўсё больш дрэнна, хутка да мяне завітае смерць, таму хай у цябе будзе запас. Толькі глядзі - у пост не еш мяса. Пакуль я поўзаю, табе ўсяго хопіць, таму хавай харчы на потым, ты тут доўга прасядзіш». Аднак стары памёр, ужо калі Міцэвіч выйшаў з вязніцы, і святар на яго пахаванні змог прамовіць «Анёл Панскі».

У царкоўных сутарэннях святар сядзеў 6 месяцаў. Пасля гэтага яму зноў загадалі прыняць чужыя абрады і зноў выклікалі да епіскапа падпісаць паперы. У гэтых, другіх угаворах удзельнічалі епіскап і члены кансісторыі, прысутнічалі таксама Дзюбінскі і Тупальскі. Міцэвіч адмовіўся, і яму было загадана праз некалькі дзён прыехаць у кансісторыю выслухаць вырак. Там яго зноў угаворвалі Тупальскі і Галубовіч, казалі, што справа не датычыць догматаў царквы, што трэба толькі памяняць абрад. Міцэвіч сказаў, што памяняе абрад, калі ўбачыць папскую булу, якая загадвае гэта зрабіць. Інакш не можа, бо згодна з рашэннямі Трыдэнскага сабору даў царкоўную клятву. «Што ты кажаш пра той сабор, хто там быў? Пяць біскупаў, і тыя лаціннікі», - адказвалі яму. «Ну то добра, хай і лаціннікі, мы з імі - адно цела, мы не схізматыкі, з якімі не маем нічога агульнага», - адказваў святар. Больш яму не далі нічога сказаць, а толькі: «Падпішы тут!»

Усе закончылася чытаннем выраку, які адлучыў Міцэвіча і яго калег ад выканання абавязкаў святара і ад бенефіцый царквы, пяцярых з іх перавялі ў дзякі, а іншых - у так званыя панамары. Міцэвіча і Стэфана Шаўгіні [15], былога мілечыцкага параха, асобным выракам паўторна пасадзілі на тры месяцы ў вязніцу за ўласны кошт, прычым яны былі абавязаны штодзень наведваць ютрань, дзённае набажэнства і няшпоры, адбіваючы па дзесяць паклонаў. Шаўгіні загадалі вучыць царкоўныя абрады, а Міцэвічу - тэалогію па кнізе праваслаўнага архіепіскапа Інакенція. Гэты вырак для зацвярджэння даслалі Сямашку ў Пецярбург.

Пасля адбыцця пакуты Міцэвічу было дазволена чакаць выраку Сямашкі ў сваім доме. Вярнуўшыся дахаты, ён сутыкнуўся з новымі праблемамі. Праз працяглую адсутнасць гаспадара яго бедная гаспадарка прыйшла ў заняпад, бацька моцна хварэў і ўжо памёр, жонка таксама цяжка хварэла, і праз нейкі час гэтая хвароба звяла яе ў магілу.

Прыйшоў зацверджаны Сямашкам вырак. У камянецкім дэканаце сабраліся 8 чалавек: парах звадскай царквы Базыль Лаўрыновіч, парах чэмераўскай царквы Марцін Імшэннік, пашуцкі парах Ян Кунаховіч, віжнянскі парах Міхал Кульчыцкі, парах мілечыцкі Стэфан Шаўгіні, парах домбаўскі Мікалай Вярбіцкі, парах стэпанкаўскі Тэадор Мілінскі і наш Міцэвіч. Іх усіх перавялі ў дзякі і панамары і па рассылалі па розных месцах Літоўскай епархіі.

З гэтых 8 святароў святар Вярбіцкі меў ужо вельмі сталы век і хутка памёр у Быцені. Міцэвіч, як убачым потым, вытрымаў да канца і не дазволіў сябе зламаць. Астатнія - хто раней, хто пазней - паддаліся і пасля поўнага скасавання уніі прынялі схізму. Думаю, што Бог у сваёй справядлівасці ўлічыць ціск і прыніжэнні, якія яны вытрымалі, і даруе ім. Болей за ўсіх, цэлых 5 гадоў, трымаўся Мілінскі, але напрыканцы галеча яго сям'і і сваё пакутніцтва зламалі і гэтага святара, ён таксама прыняў схізму.

Міцэвіча прызначылі дзякам у Дарава Навагрудскага павета. Павінен быў выехаць туды адразу, і паліцыя атрымала загад прымусіць яго не спазняцца. Прасіў епіскапа Зубко, каб дазволіў нейкі час пабыць каля хворай жонкі і дзяцей, але той адказаў: «Не трэба жартаваць з кіраўніцтвам, мяне ніякім чынам не абыходзіць твая жонка і дзеці, якія прападуць без цябе, прападай і ты, падобных да цябе не шкада. Хочаш быць дома - падпішы тое, што трэба, а калі не жадаеш, едзь куды загадана».

Дараўскаму параху загадана было жорстка ставіцца да новага дзяка - не даваць яму дастаткова «пракорму», пільнаваць, каб ні з кім не заводзіў знаёмствы. Адарваны ад сям'і, увесь час галодны Міцэвіч моцна нацярпеўся там. Праз некалькі месяцаў надышла вестка пра смерць жонкі, і бацькава сэрца пачало балець за лёс дзетак. Епіскап Зубко адмыслова прыязджаў, каб растравіць яго душу размовамі пра лёс дзяцей і схіліць да адступніцтва. Хутка нязломнага наведаў і навагрудскі дабрачынны Гамаліцкі, той таксама пагражаў і абяцаў дрэнныя наступствы, заклікаў падумаць пра дзяцей. Казаў, што і сам ведае - рабіць гэтак несумленна, але сцяну галавой не праб'еш, адзін супраць улады не выстаіш і таму лепей паслухаць добрай парады - падпісаць паперы і адразу атрымаць добрую царкву з бенефіцыяй, дзе будзе чым пракарміць і як выхаваць дзетак. Афіцыял Тупальскі ціснуў са свайго боку, намовіў нават маскоўскага чыноўніка Палікарпава, які прыехаў з праверкай. Калі ўсё гэта не дапамагло, прыйшоў загад Сямашкі перавесці Міцэвіча ў школу дзякаў вучыць новы абрад.

Тым часам сітуацыя даспявала. Увёўшы змены ў абрад, перайшлі да канчаткова да забойства уніі. З духавенства збіралі подпісы, на якія павінен быў абапірацца даўно прыгатаваны ўказ. Ужо не за службоўнікі трэба было падпісвацца - вымагалі новую паперу з наступным тэкстам: «Перакананы, што да гэтага часу памыляўся, і таму добраахвотна пераходжу ў грэка-расійскую праваслаўную царкву і ўсімі спосабамі буду схіляць да яе маіх парафіян. Веру, што ўрад разам з маімі пастырамі ў сваёй мудрасці знойдуць сродкі яднання сучаснай грэка-ўніяцкай царквы з праваслаўем». Падпісаць гэтую паперу прымушалі і Міцэвіча.

Ціск на парахаў і на базыльянскія манастыры ўвесь час узмацняўся, адказнікаў высылалі. У Жыровічах адбылася страшная сцэна, якая паўтаралася паўсюдна па Літве і Беларусі. Збіралі духавенства і загадвалі падпісаць паперу аб далучэнні. У тых, хто адмаўляўся, адбіралі бенефіцыі, выганялі з дамоў, садзілі ў вязніцу. Страх галоднай смерці сям'і, вера ва ўсёмагутнасць улады і, з аднаго боку, сумны прыклад раней зламаных святароў, а з другога - прыклад матэрыяльна задаволеных адступнікаў - усё гэта прымушала даваць падпіскі пра далучэнне. Баязліўцы падпісалі адразу, значная частка святароў здалася праз нейкі час. Невялікая колькасць вытрымала да канца. Міцэвіч бачыў, як адзін з святароў пасля доўгага адпору, зламаны голадам сям'і і ўціскам, падпісаўшы паперы, выйшаў ад епіскапа Зубко і голасна сказаў: «Падпісаўся на схізму. Гатовы зараз жа падпісацца за іншую веру, нават за турэцкую. Бо ўсё роўна я ўжо ні ў што не веру».

Міцэвіча перавялі дзякам у Лыскава, дзе ён павінен быў атрымліваць 100 рублёў у год [16]. Аднак праз год не атрымаў нават гэтых невялікіх грошаў. Толькі пасля доўгіх просьбаў яму дазволілі наведаць дзяцей, але бацька не знайшоў іх на месцы. Новы настаяцель, якому адразу аддалі 4 прыходы, бязлітасна выгнаў дзетак з дому. Святар знайшоў і аддаў сваю дачушку жыць у міласэрных людзей, сына забраў да сябе ў Лыскава. Але Сямашка загадаў забраць хлопца ў жыровіцкую школу дзякаў, дзе да васьмігадовага малога кепска ставіліся і такім чынам дадаткова ціснулі на бацьку. Так прайшоў чарговы год.

У лютым 1839 года Міцэвіча зноў перавялі ў Хомск Ваўкавыскага дэканата. Дрэннае стаўленне, нястача усяго, голад - усё гэта не адпускала яго і тут. Праваслаўны настаяцель меў абавязак плаціць дзяку штомесяц па рублі срэбрам, але адмовіўся плаціць за цэлы год, бо дзяк не адступіў ад сваёй веры. Поп папрасіў кіраўніцтва забраць Міцэвіча з Хомска.

11 сакавіка 1841 г. кансістор загадаў Міцэвічу ехаць у пабазыльянскі манастыр у Загорава, што на Валыні, пад нагляд ігумена, былога базыльяніна Севярына Дзюбінскага <…> . На шляху туды Міцэвіч заехаў у сваю былую парафію, пабачыўся з дачушкай, прадаў рухомую маёмасць, якая яшчэ заставалася, і, атрымаўшы 60 рублёў за свае рэчы, выправіўся ў дарогу. У Загораве яго чакала яшчэ больш дрэнная доля. Нядаўна навернуты Дзюбінскі атрымаў пасаду ігумена і пачаў кіраваць даходамі багатага манастыра. Ён прагнуў далейшага павышэння і быў гатовы заслужыць яго любым прыгнётам і пераследам прысланых да яго на пакуту ўніятаў. Пры гэтым распуснічаў, п'янстваваў і не даваў сабе рады. Колькасць пакутнікаў тут павялічылася да 14 уніятаў - 11 базыльян і 3 святары. Гэта былі кобрынскі ігумен Язафат Слабоцкі, наваселіцкі суперыёр Ануфры Фалькоўскі [17], былы брэсцкі прэфект Фабіян Мазальскі, суперыёр падоліцкі Лаўрэн Высоцкі [18], а таксама Дзіянісі Анушкевіч, Флавіян Лісоўскі, Тэадор Лісіцкі, Сымон Налівайка, Арсен Блажэвіч і вядомыя нам па Лыскаве суперыёр Аўгустын Сядлецкі і вікары Самуэль Чарнаруцкі. Святары: былы лідскі дэкан Антон Грушэўскі [19], Павал Жэлязоўскі і наш Рыгор Міцэвіч. Ім давалі па адной страве без солі на дзень, а часта толькі па фунце хлеба і рэгулярна садзілі на некалькі дзён у вязніцу манастыра.

Дзюбінскі найбольш ненавідзеў старога ігумена Слабоцкага, які меў ужо 74 года. Як толькі той прыехаў, ігумен адабраў у старога грошы, усе рэчы і замкнуў яго ў няпаленую келлю. Слабоцкі перад выездам у Загорава спавядаўся і падрыхтаваўся да смерці. У сваёй келлі доўга маліўся, а калі сабраўся прылегчы адпачыць, да яго ўварваўся ігумен з некалькімі парабкамі: «Глядзіце, гэта былы архімандрыт! Меў пасаду і дастатак, але не слухаў кіраўніцтва і не прыняў праваслаўе! Таму стаў варты менш за маю падэшву. Стары сабака, замест таго каб даваць прыклад, робіць, каб сталася горш. Ты думаў, што на адпачынак прыехаў? Але калі дадзім табе 300 нагаек, тады зразумееш, як не слухацца кіраўніцтва!» Потым закрычаў: «Стары сабака, марш у турму!»

Стары хацеў абуцца, але яму не дазволілі: «Нашто табе гэта, прагнеш быць святым? Дык хадзі босым!» Пакуль ігумен вошкаўся з сваімі рэчамі, Дзюбінскі запытаў: «Чаму мне не адказваеш?» Тады Слабоцкі адказаў словамі Святога Пісьма: «Як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным маўчыць, так і Ён замкнуў вусны Свае». Пасля гэтых слоў ігумен замаўчаў і выйшаў. Але напады і пагрозы працягваліся, іх засведчыў Міцэвіч, які сам быў неаднаразова збіты парабкамі манастыра.

З надыходам зімы лёс пакутнікаў значна пагоршыўся. Ім не далі цёплай вопраткі, у іх келлях з печак павымалі засланкі і трымалі ў няпаленых келлях. Каб зняважыць перад манастырскімі служкамі, ім загадалі месці калідор, сячы дровы, на кухні чысціць каструлі і патэльні, цэбрамі насіць ваду і, нарэшце, жаць чарот і як паліва насіць яго на кухню. Выконваючы гэтую працу, даводзілася ісці па глыбокім снезе, праз недахоп вопраткі гэта было самае цяжкое. Нягледзячы на старыя гады, выконваць гэтую працу разам з усімі павінен быў і Слабоцкі. Браты стараліся не даваць яму цяжка працаваць - малодшыя жалі чарот, а ён за імі толькі вязаў снапкі. Міцэвіч і Жэлязоўскі, не маючы кажухоў, марознымі начамі вартавалі аборы і фальварак. А калі прыйшла вясна, усім было загадана кашамі насіць з аборы гной на поле. Трымалася гэта 8 месяцаў - уціск праз пагрозы, ману, пляванне ў твар, замыканне на некалькі дзён у халодную і вільготную вязніцу. Пры тым кожны ведаў: як толькі падпіша паперы, адразу будзе атулены ласкай і атрымае добрыя ўмовы.

Грамада грэка-католікаў узаемна мацавалася ў веры, і гэты звяз быў настолькі моцны, што калі слабейшы за іншых, хворы на грудзі Налівайка не змог больш цярпець і згадзіўся даць падпіску, ён зрабіў гэта з умовай, што папярэдне яго перавядуць у другі манастыр, і нічога не сказаў пра гэта братам. Налівайку адаслалі ў Любары, там ён падпісаўся за схізму, але хутка расхварэўся і памёр. Ужо пасля ад'езду Налівайкі Дзюбінскі ставіў яго іншым у прыклад. Але яны трымаліся.

Каб вырашыць, што нарэшце рабіць з уніятамі, 2 сакавіка 1841 г. Дзюбінскі сабраў нараду са сваіх чарняцоў. Дыякан Кандратовіч, вялікі піяка, выказаў думку, што ігумен Слабоцкі ўсіх духоўна падтрымлівае сваёй сталасцю і, пакуль ён верны, нічога не будзе. Гэтую думку падтрымаў былы базыльянін Іпацій Старадубаўскі. Праўда была ў тым, што Слабоцкі сваёй пабожнасцю, цярплівасцю і насамрэч дапамагаў трымацца астатнім. І таму назаўтра, 3 сакавіка, калі ўніяты правілі ютрань, Дзюбінскі з халопамі ўваліўся ў царкву, выцягнуў адтуль шаноўнага старца і кінуў у вязніцу. Іншых паслалі выносіць з аборы гной. Хвалюючыся за ігумена, пакутнікі выслалі на выведку Фалькоўскага. Ён без перашкод дайшоў да дзвярэй вязніцы, і, узрадаваўшыся прыходу брата, Слабоцкі папрасіў яго спавядаць. Споведзь адбылася праз дзверы, пасля чаго Фалькоўскі вярнуўся да працы. Вечарам святары зноў пайшлі да вязніцы, але пачулі толькі стогны. Яны далі знаць дыякану - намесніку Дзюбінскага, што ігумен згасае, і папрасілі пусціць да яго. Пра гэта паведамілі і самаму Дзюбінскаму, але той адмовіў святарам, сказаўшы: «Хай гіне, як сабака, я за яго адказваць не буду». Уранку паміраючага старца перанеслі ў келлю, дзе ён хутка аддаў Богу душу. Калі абмывалі цела, бачылі шмат слядоў цяжкіх катаванняў.

6 сакавіка ўніяты паціху пахавалі яго на могілках манастыра.

Як звычайна, смерць пакутніка падзейнічала на катаў - іх ахапіў страх. Дзюбінскі вярнуў раней забраныя грошы, перастаў выкарыстоўваць вязняў на цяжкіх працах і нават пачаў лепей карміць. Але ўсіх разам трымаў у келлях на гарышчы і пільнаваў, каб ні з кім не мелі кантакту па-за мурамі манастыра. Папраўдзе, яшчэ гразіўся бізунамі, але яго энергія слабела. Дзюбінскі перастаў спаць па начах: яму паўсюдна бачыўся ігумен Слабоцкі. У адным пакоі з ім пачалі начаваць два чалавекі. Ігумен зненавідзеў сваіх дарадцаў - гэтак неміласэрна збіў былога сябра Іпація Старадубаўскага, што той нават злёг у ложак.

Праз 5 тыдняў пасля смерці Слабоцкага нашым святарам удалося данесці пра яе ў павятовы горад Уладзімір. Ліст перадаў літасцівы яўрэй, які бываў у манастыры. Прыехаў спраўнік Лелякоў - прыяцель Дзюбінскага, ён і сам неаднаразова «навяртаў» уніятаў, а калі гэта не атрымлівалася, казаў: «На такіх упартых не Дзюбінскага трэба». Паліцэйскі чын хацеў залагодзіць справу, але ўраднік Мулкоўскі, які прыехаў разам са спраўнікам, паўстаў за праўду і абяцаў напісаць скаргу. Прыйшлося распачаць следства. Калі пра гэта даведаўся Дзюбінскі, дык ноччу сам пайшоў да асэсара Дзвярынскага, які жыў за мілю, і прывёў яго ў манастыр весці следства. Але як толькі сеў з госцем за гарбату, дык ускочыў і выбег з манастыра, дабег да невялікага става і ўтапіўся ў ім [20].

Гэта была выразная Божая кара. Падзеі дадалі нам моцы і сцішылі карнікаў. Пасля смерці ігумена ў манастыры адбываліся і іншыя выпадкі, у якіх бачылася рука Божая. Звар'яцелі яшчэ два верныя паслугачы Дзюбінскага: страціў розум кухар, які быў выканаўцам самых нягодных загадаў, і нядаўні схізматык Міхалевіч. Міхалевіч, каб сцішыць сумленне, выпіў бутэльку спірту і, замкнуўшыся ў келлі, павесіўся. Такія выпадкі ў той час былі не рэдкія сярод даведзенага да адступніцтва духавенства. І наадварот, Бог узмацняў сваіх апосталаў, і пакутнікі чэрпалі ў ім сваю моц. Гэта адчувалі ўсе, і таму новы настаяцель манастыра больш не прыціскаў сваіх вязняў.

У 1842 г. вызнаўцаў веры разаслалі па розных месцах. Чарнаруцкі дастаў Пачаева, Жэлязоўскі патрапіў у Загаеўскі манастыр Крамянецкага павета, Міцэвіча паслалі ў Дорманскі манастыр Астрожскага павета, там ужо жылі расійскія манахі. Аўгустына Сядлецкага разам з Высоцкім выслалі ў манастыр у Мельцах. У Загораве, каля магілы пакутніка ігумена Слабоцкага, засталіся Анушкевіч і Фалькоўскі. Абодва памерлі ў сваёй веры. Апошні толькі перад смерцю, не могучы спавядацца ў каталіцкага святара, спавядаўся аднаму з былых уніятаў. Таму ўладам было дакладзена пра яго навяртанне ў апошнія хвіліны жыцця.

Архімандрытам манастыра ў Дормані з'яўляўся Дарафей Лабачэўскі, які праз некалькі гадоў стаў епіскапам. Жыццё Міцэвіча было не дрэннае, яго больш не прыціскалі, а толькі стараліся пераканаць. Аднак не дазвалялі наведваць касцёл і спавядацца ў лацінскага святара. Усе яго просьбы былі дарэмныя.

Для 14 уніяцкіх святароў, якія знаходзіліся «на пакуце» ў Валынскай епархіі, у 1846 г. пецярбургскі Сінод прызначыў па 50 рублёў штогод. Міцэвіч у рукі атрымліваў 15, а 35 рублёў за харчаванне забіраў манастыр. У 1847 г. падчас праезду епіскапа Ярафея праз Дорман Міцэвіч зноў падаў просьбу спавядацца ў каталіцкага святара і зноў атрымаў адмову разам з новымі спробамі навяртання ў праваслаўе. Нарэшце да яго ў келлю пасялілі самага адукаванага з дорманскіх манахаў - Васіля Кушчынскага. Частыя спрэчкі паміж імі назіралі нават самыя высокія дастойнікі расійскай царквы. Але Міцэвіч толькі набіраўся ведаў і ўзмацняўся ў веры, якую немагчыма было пахіснуць. <…> Падобны лёс мелі і іншыя пакутнікі. Некаторым - патрапіўшым блізка да мяжы з Галіцыяй - удалося збегчы. Былі і такія, якім па схіле гадоў дазволілі вярнуцца на радзіму, узяўшы паперу, што не будзе нікога схіляць да уніі і рабіць рэлігійныя паслугі. Такіх было вельмі мала - большасць памерлі ў схізматычных манастырах розных епархій.

IV. Дудаковічы

Скасаваўшы ў 1839 г. унію разам з ордэнам базыльян, прымусіўшы вялікую колькасць ўніяцкага кліру прыняць схізму, а ўпартых у сваёй веры, паразганяўшы па розных манастырах, урад загадаў стварыць спісы насельніцтва і залічыць у іх усіх, чые продкі былі ўніятамі ў 1798 г. Усіх гэтых людзей пачалі лічыць праваслаўнымі, нягледзячы на тое што сярод іх ужо меліся і рыма-католікі. Гэтыя спісы ўкладала схізматычнае духавенства, якое жадала павелічэння колькасці сваіх прыхаджан. Ім дапамагала мясцовая ўлада з паліцыяй, і да справы не дапускаліся не толькі каталіцкія дэканы, але і наогул прадстаўнікі католікаў. Па ўсім краі меліся велізарныя злоўжыванні. Не толькі ўніятаў гвалтам перарабілі ў праваслаўных, але і мноства католікаў рымскага абраду самавольна запісалі ў дзяржаўную царкву і пры мусілі зрачыся сваёй веры. Колькасць такіх справаў немагчыма падлічыць, у праваслаўныя траплялі нават цэлыя каталіцкія парафіі.

Пробашч Мёрскага касцёла ксёндз Чапулевіч з Дзісенскага павета Менскай губерні [21] ва ўрадавым рапарце да менскага рыма-каталіцкага кансістора пад № 1833 ад 23 ліпеня 1841 г. скардзіўся, што дзісенскі дабрачынны Стукаліч з яшчэ трыма папамі, чыноўнікам Мельнікавым з канцылярыі генерал-губернатара і мясцовай паліцыяй прыбылі ў мястэчка Пераброддзе яго парафіі, сагналі ваколічны народ на сход і перапісалі ўсіх праваслаўнымі, нават не пытаючыся ў людзей пра іх веравызнанне.

Потым, зыходзячы з гэтага спіса, пачалі гвалтоўна патрабаваць ісці да споведзі. Каб прымусіць прыняць прычасце, ураднікі з дзясятнікамі сталі ў дзвярах царквы і пагражалі кіямі і розгамі, пхалі і лаялі людзей. Тым, хто адмаўляўся, набівалі калодкі на ногі, садзілі ў вязніцу і некалькі дзён катавалі голадам. Нехта паддаўся гвалту, мноства сямей хавалася па лясах. Рапарт рыма-каталіцкай кансісторыі ў Пецярбург меў толькі той вынік, што дабрачынны Стукаліч быў узнагароджаны крыжам. Гвалт чыніўся і ў ранейшай маёмасці езуітаў Пагосце і Хвашчоўшчыне Ма гілёўскай губерні… нарэшце, паўсюдна, дзе праваслаўнае духавенства магло знайсці нейкую зачэпку.

Дудаковічы належалі да мястэчак, якія, магчыма, найбольш пацярпелі. Сярод нашага ціхага народа тут мелася шмат людзей з высокімі маральнымі якасцямі, і яны былі годныя стаяць разам з пакутнікамі першых стагоддзяў хрысціянства.

Дудаковічы раней належалі манахам-дамініканам і знаходзіліся ў Копыскім павеце Магілёўскай губерні. Як былая маёмасць скасаваных манастыроў, у 1841 г. гэта была ўжо дзяржаўная маёмасць, якая складалася з 5 суседніх вёсак: Дудаковічаў, Вялікага Пасарава, Малога Пасарава, Арэхаўкі і Зубава. Як і паўсюль, дзе стаялі манастыры, народ тут быў вельмі пабожны, і ўсе з'яўляліся каталікамі аднаго ці другога абраду. Пасля 1798 г. пэўная колькасць вернікаў магла перайсці ў рымскі абрад, а скасаванне уніі яшчэ большую колькасць пабожных людзей прывяло да лацінства. За год да гэтага сяляне закончылі будаўніцтва за свае грошы невялікага касцёла.

Схізматычнае духавенства лічыла, што мае права на дзяржаўных сялян, бо яны патрапілі ў спіс уніятаў. Вестка пра гвалтоўнае навяртанне хутка пранеслася па ваколіцах. У вёску прыехала незвычайная колькасць паліцыі, і нават з'явіўся пра ва слаўны поп. Каб узмацніцца ў веры, узбуджаныя людзі збіраліся ў касцёл. Набліжаўся Вялікдзень 1841 г., у той год ён быў у сакавіку. На Пальмовую нядзелю вялікая колькасць вернікаў сабралася ў касцёл свяціць вярбу і на споведзь да ксяндза Войдака, пасля чаго ўсе чакалі святыя сакраманты. Жах і абурэнне ахапіў народ, калі ксёндз сказаў, што не будзе служыць службу, бо ўлады яму забаранілі: «Як гэта, - пачалі енчыць жанчыны, - мы павінны стаць схізматыкамі? Юды прадалі нас!» Пачулася: «Войдак - лайдак! Які з цябе пастыр? Які ксёндз?» Некаторыя рушылі да алтара забіраць свае ахвяры - падсвечнікі ці васковыя свечкі, кажучы, што давалі ўсё гэта касцёлу. Тады ў касцёл уварвалася паліцыя і пачала выганяць з яго людзей, пачаўся хаос. Галоўны паліцэйскі - асэсар, меў каля 50 падначаленых. Але людзі ў дарылі ў званы, і да касцёла збеглася яшчэ больш сялян з цапамі, віламі, паліцыя мусіла адступіць. Першым збег асэсар разам з папом, які да гэтага недзе хаваўся. Увесь атрад адступіў да Магілёва, і таму губернатар адразу даведаўся пра бунт дудаковіцкіх сялян супраць схізмы. Калі ўсё сцішылася, сяляне зачынілі касцёл, а ключы ад яго выкінулі, каб можна было яго не адмыкаць і сказаць, што ключы недзе згубіліся.

Дудакоўцы прызвычаіліся ўсё вырашаць на валасным сходзе і зараз сабраліся ў самага паважанага сівога старца Лукаша. Побач са старым селі селянін Каспар і арганіст Міхал Мацюшэўскі, які паходзіў з дробнай шляхты. Пасля размовы пра тое, што адбылося, Лукаш устаў і сказаў: «Дзеткі! Што сталася, таго ўжо не адменіш. Мы баронім свой касцёл і веру і будзем бараніць іх да канца. Настала Вялікая нядзеля, у якую Хрыстос цярпеў за нашы грахі, дык мы ж хрысціяне, а не вырадкі і не можам стаць адступнікамі. Хрыста бічавалі - хай і нас бічуюць, Хрыстос памёр за нашы грахі - і мы памром за наш касцёл і святую веру і потым, як Хрыстос, уваскрэснем для вечнага жыцця».

Грамада закрычала: «Памром, памром, а наш касцёл, які самі будавалі, не аддадзім!» Пачалі вылічваць, хто па колькі дзён адрабіў на касцёле: гэты выпальваў цэглу, гэты яе вазіў, той дапамагаў мулярам, а вось гэтыя клалі кроквы на даху. Зноў пачуліся галасы: «Не аддамо касцёл на знявагу!»

Бачачы такі запал, Лукаш паведаміў грамадзе, што асэсар з папом паехалі ў Магілёў і хутка адтуль прыйдзе войска і паліцэйскія з розгамі, як ужо не раз бывала па ўніяцкіх вёсках. Парадзіў сялянам рыхтавацца - паставіць хлопцаў на званіцу, каб дзень і ноч сачыць за магілёўскім трактам і ўдарыць у званы, калі з'явяцца маскалі. Каля званіцы трымаць гатовы агонь, а людзей падзяліць на дзве часткі: адна павінна спакойна гаспадарыць у хатах, а другая стаць лагерам у пустым дамініканскім манастыры. Калі пачуюць званы, трэба з віламі, сярпамі, косамі і цапамі спяшацца бараніць касцёл. Калі ж касцёл пажадаюць бараніць і жанчыны, хай і яны прыходзяць з качэргамі. Так і зрабілі.

Людзі ў манастыры чакалі не доўга. Ужо апоўдні ў Вялікі панядзелак хлопцы са званіцы ўбачылі бліскучыя багнеты - войска ехала на фурманках. Ціхая вёска ўбачыла цэлы батальён пяхоты. Разам з войскам ехаў сам губернатар Энгельгард [22], начальнік дзяржаўнай маёмасці губерні Дняпроў, выгнаны асэсар разам з папом Барэйкам. Бедныя вяскоўцы ніколі не бачылі такой вялікай колькасці войска і чыноўнікаў, але не спужаліся. Пакуль ішло войска, абаронцы з усіх пяці вёсак сабраліся каля свайго касцёла. Баючыся, каб людзі не разбегліся, касцельную браму ў агароджы зачынілі на вялікі кол, і чатыры самыя моцныя мужчыны прывязаліся да брамы вяроўкамі. Змучаных па чарзе змянялі іншыя мужчыны. Па сваёй прастаце вяскоўцы думалі, што такім чынам абароняць касцёл і не пусцяць у яго чужых. У грамадзе меліся і жанчыны, але значная колькасць жанчын хавала сваіх дзетак па ваколічных лясах і барах - вёскі стаялі пустыя. Лукаш, Каспер і арганіст Мацяшонак знаходзіліся ў грамадзе каля касцёла, яны падтрымлівалі парадак і мацавалі дух сялян.

Батальён акружыў касцёл. Губернатар Энгельгард выступіў з прамовай: «Лайдакі! Як смееце бунтаваць супраць цара?! Яго воля - каб вы былі праваслаўнымі, перастаньце супраціўляцца, скарыцеся і выконвайце яго загады ці загінеце». Тады з грамады выйшлі Лукаш, Каспар і Міхал Мяцяшонак, яны па звычаі літоўскіх сялян нізка пакланіліся губернатару, і Лукаш сказаў: «Ясны Пан! Мы супраць цара не бунтуем, падаткі і чыншы акуратна плацім, нашых сыноў без адпору аддаём у рэкруты, усе павіннасці перад скарбам выконваем і маем за гэта пахвалу ад акруговага начальніка. Вось квіткі аплачаных падаткаў (ён паказаў губернатару квіткі). І таму мы жадаем застацца ў нашай веры і яшчэ лепей служыць цару. Просім Яснага Пана, каб пакінуў нам нашу веру і касцёл, які мы нават самі пабудавалі». Паўторна пакланіліся і зноў увайшлі ў грамаду.

Губернатар баяўся праліць кроў і не меў нават права аддаць каманду страляць. Таму жадаў неяк настрашыць сялян і прымусіць выконваць тое, што ён лічыў патрэбным. Аточаныя войскам, сяляне стаялі ўсю панядзелкавую ноч, аўторак, сераду і чацвер. Трымалі пры сабе свае косы, вілы і іншую «зброю» і былі гатовыя стаць пакутнікамі за веру, але касцёл не аддаць. Па чарзе змяняліся ў касцельнай браме. У чацвер палкоўнік і акруговы начальнік трох паветаў не вытрымаў і загадаў жаўнерам: «Цэлься!» Дулы ружжаў нацэліліся на людзей. У гэты момант з грамады высунулася бабулька і, паказваючы сабе ў грудзі, сказала: «Жаўнеры, слухайце! Забіце мяне, хай я буду першай ахвярай за веру, забівайце, я стану святой. Сорамна вам ваяваць з кабетамі, а таксама з безабаронным і нявінным людам!» Жаўнеры і паліцыянты засмяяліся, але страляць сталася немагчыма, і батальёну было загадана ўзяць ружжы да нагі.

Прысаромленыя кіраўнікі не ведалі, з чаго пачаць. Адразу яны думалі, што сяляне пашкадуюць сваю гаспадарку і праз нейкі час кінуць касцёл і пойдуць яе ратаваць. Праз некалькі дзён вырашылі частку войска накіраваць па вёсках і забраць быдла. Калі пачалі рэзаць кароў на мяса для жаўнераў, дык жывёла зараўла. Адначасова пачуўся плач жанчын і дзяцей, якія хаваліся ў лесе і на могілках. Для беднага люду гэта было вельмі цяжка, бо кожная гаспадыня любіць сваю жывёлу, яна яе выгадавала, выкарміла і сваю карову прызвычаілася здалёк пазнаваць па голасе. Карова - яе галоўная маёмасць, галоўны сродак выкарміць сваіх дзетак. Аднак людзі каля касцёла перацярпелі і гэта, але не пакінулі святыню.

У пятніцу ўжо не было чаго есці і пачаўся голад, людзі не думалі, што давядзецца бараніцца цэлы тыдзень, і не бралі з сабой шмат хлеба. Народ падзяліўся на дзве часткі: адна частка пайшла адпачываць у былы дамініканскі манастыр, другая - засталася на месцы. Павінны былі змяняцца па чарзе.

Губернатар заўважыў, што грамада раздзялілася, і загадаў разагнаць яе сілай. Паслаў жаўнераў зачыніць манастыр і нікога адтуль не выпускаць. А большасці войска загадаў здабыць касцёл. Раззлаваныя доўгім стаяннем у холадзе і слоце, жаўнеры кінуліся на сялян - білі прыкладамі і адпіхвалі ад касцельнай брамы. Убачылі чатырох мужчын, якія нерухома стаялі каля брамы, але не заўважылі, што яны прывязаныя. Таму, адрываючы іх ад брамы, пакалечылі. Схапілі Лукаша, Каспара, Міхала Мацюшонка і яшчэ чацвёртага, імя якога невядома. Завадатараў бунтаўшчыкоў, якія перашкаджалі прыняць схізму, прывялі да Энгельгарда і прыгаварылі да 300 розгаў.

Сівы Лукаш першы пайшоў пад розгі. Пасля кожнай сотні ўдараў у старога пыталіся, ці прыме ён схізму. Адказваў, што не. Пасля канца экзекуцыі, ледзь стаўшы на ногі, Лукаш перахрысціўся і голасна сказаў: «Дзякуй табе Гасподзе, Ісус Хрыстос, што дазволіў мне ў дзень Тваёй смерці, перанесці пакуту за мае грахі, якую і ты за нас усіх цярпеў». Разгневаны губернатар сам, сваёй рукой, некалькі разоў ударыў яго ў твар і загадаў замкнуць у халоднай манастырскай келлі. Збіты пакутнік у келлі адразу ўпаў на зямлю.

Потым прыйшла чарга Каспера, пасля яго секлі яшчэ двух, потым усіх іх замкнулі па келлях. Іншых вернікаў для прыняцця схізматычнай камуніі на рахунак споведзі, адбытай імі ў Пальмовую нядзелю, гвалтам пагналі да касцёла. Тых, хто адмаўляўся, секлі розгамі. Поп Барэйка мазаў іх ілбы алеем, і таму Энгельгард, вярнуўшыся ў Магілёў, данёс цару, што Дудаковіцкая воласць добраахвотна прыняла праваслаўе. Але войска яшчэ цэлы месяц заставалася ў мястэчку.

Ноччу, у пятніцу на Вялікую суботу, Лукаш пазваў да сябе сям'ю і сказаў: «Дзеткі, надышла мая гадзіна, іду ўжо да Бога трымаць справаздачу за мае праступкі. Дабраслаўляю вас, як Аўраам дабраславіў Ісака, а Ісак - Якуба. Зычу вам усяго найлепшага зараз і ў будучыні - каб вашы душы былі ўратаваныя. Але памятайце, будзе пракляты паміж вамі той, хто пасля маёй смерці прыме схізму. Як памру, не клічце папа, а калі немагчыма будзе пазваць ксяндза, дык самі, без нікога, пахавайце маё грэшнае цела».

Праз некалькі гадзін памёр. Пасля яго памёр і Каспер, які быў не нашмат маладзейшы за Лукаша. Той таксама дабраславіў і перахрысціў сыноў і пажадаў, каб яны не прымалі схізмы. Сказаў яшчэ: «Папа не клічце, але выкапайце глыбокі дол і, спусціўшы туды маю труну, моцна яе не засыпайце, бо на другі дзень пасля мяне памрэ і ваша маці - пахавайце нас у адным доле». Гэтак і сталася: на трэці дзень пасля Вялікадня дзеці пахавалі сваіх бацькоў. Потым памёр і той, чыё прозвішча я забыў. Адзін толькі Міхал Мацюшонак, як самы малады, выжыў. Але яго сына па-за чаргой узялі ў войска, гэтак жа зрабілі і з іншымі хлопцамі, якія баранілі касцёл. Міхал Мацюшонак выступаў супраць таго, каб яго сын прымаў прысягу ў царкве… і таму яго забралі ў Мсціслаўскі манастыр да схізматычных манахаў, дзе ён павінен быў выконваць самую чорную працу.

Навакольныя вёскі стаялі пазбаўленыя сваіх правадыроў, з гаспадаркамі, зруйнаванымі войскам. Праз слоту тых дзён яны страцілі яшчэ некалькі жанчын і дзяцей. Наўзамен атрымалі сталага папа, і касцёл высвяцілі ў царкву, поп павінен быў стаць іхнім пробашчам. Аднак ніхто не стаўся сапраўдным вернікам дзяржаўнай рэлігіі, і грамада, сабраўшыся разам, вырашыла даслаць скаргу цару. Каб скарга дайшла, выбралі трох сялян і даручылі ім адвезці ліст. Усе разам сабралі на дарогу грошы. Сяляне патрапілі ў Пецярбург і перадалі скаргу цару. Ім абяцалі разгледзець справу і загадалі вяртацца на месца. Вярнуліся, але праз нейкі час за падачу скаргі завадатараў арыштавалі, збілі і пасадзілі ў вязніцу, а самага маладога аддалі ў рэкруты.

Праз некалькі месяцаў цар рабіў агляд войска пад Кіевам і застаўся задаволеным муштрай. Таму ён спытаў у жаўнераў, ці маюць яны якія скаргі ці просьбы. Дудаковіцкі селянін выйшаў з шэрагу і расказаў цару крыўды сваёй воласці. Мікалай слухаў, усміхаўся, потым паляпаў жаўнера па плячы і спытаўся: «А цяпер ты якога вызнання?» «Быў, ёсць і буду католікам - каб верна служыць вашай царскай міласці». «Добра, - сказаў цар, - тваю справу разгледзяць». Шчаслівы жаўнер напісаў сваім сваякам і паведаміў ім, каб яшчэ раз падавалі скаргу цару. Тады дудаковіцкія сяляне ў 1846 г. дапільнавалі цара на паштовай станцыі Крупкі і перадалі яму скаргу. Вяскоўцам зноў абяцалі разабрацца са справай, і зноў дэлегатаў арыштавалі і кінулі ў вязніцу. Нічога іншага ў Расіі і быць не магло.

Страціўшы ўсялякую надзею, не маючы магчымасці законна дабіцца права на вызнанне сваёй веры, сяляне зноў сабраліся і пастанавілі: самім, без папа, якога ім навязалі, хаваць сваіх памерлых, хрысціць дзяцей, шлюбы заключаць толькі з дабраславення старцаў, а спавядацца і прымаць камунію ў касцёлах, удаючы сябе за парафіян - рыма-католікаў. Каб поп маўчаў і не даносіў уладам, вырашылі дарма апрацоўваць і засяваць сваім збожжам яго поле.

Гэтак цягнулася 11 гадоў. Цяжэй за ўсё мучыліся з хрышчэннем, бо немаўлят трэба было запісваць у царкоўныя метрыкі. Неаднаразова ўлады інспектавалі парафію, і паліцыя цягнула матак з дзеткамі ў царкву, часта маскоўскія чыноўнікі нават запісваліся ў хросныя бацькі і дарылі малым вопратку ці крыжыкі. Маці кідалі гэтыя падарункі на зямлю і казалі: «Мы не Юды, каб прадаваць душы нашых дзетак!» <…> Але сяляне маглі яшчэ беспакарана спавядацца ў касцёлах.

На 12-ы год поп з суседняй царквы, чалавек ужо сталага ўзросту, былы уніят Клемянтовіч, атрымаў ад магілёўскага епіскапа Анатоля гэты прыход. Ён заўсёды зайздросціў дудаковіцкаму папу, бо той меў столькі карысці ад сваіх сялян… Прыехаўшы на месца, пачаў казаць сялянам, што ён толькі вонкі змяніў сваю веру, а ў душы застаўся ўніятам. Каб толькі яны туды хадзілі, абяцаў спяваць у царкве «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны…». Але гэтак не атрымалася, сяляне прыходзілі толькі на свае малітвы і пасля іх адразу пакідалі царкву. Тады ён прыдумаў іншае. Каб зацягнуць у царкву, пачаў купляць гарэлку і паіць ёю сялян. Сяляне - людзі ад прыроды беражлівыя, яны ўжо мелі вялікі досвед адносін з уладамі і таму не пайшлі за гарэлкай, але пачалі казаць, што Клемянтовіч - воўк у авечай скуры і трэба яго асцерагацца.

Тады поп дамовіўся з акруговым начальнікам і загадаў усім сялянам сабрацца ў воласці, каб нібыта выслухаць новае распараджэнне ўрада пра падаткі. Калі сяляне сабраліся, загадаў ісці ў царкву маліцца за цара. Тых, хто адмаўляўся, гнала паліцыя. У царкве Клемянтовіч сагнанаму народу хваліў схізму. Тады сяляне голасна пачалі чытаць малітву і заглушылі папа. Пакрыўдзіўшыся, ён пакінуў царкву. Але потым сказаў чыноўніку, што выканаў яго загад і ўсе чулі, як сяляне голасна маліліся за цара.

Барацьба трымалася доўга. Калі Клемянтовіч уваходзіў ў хаты, жанчыны браліся за жорны, каб яго не чуць, і г. д. Так прайшло яшчэ два гады.

У 1853 г. у Дудаковічы прыехаў тагачасны магілёўскі губернатар Гамалея [23] разам з чыноўнікамі і паліцыяй. Ён сабраў сялян і сказаў, што калі ўсе яны не падпішуць паперы аб прыняцці схізмы і не пачнуць рэгулярна хадзіць у царкву, усіх выселяць у глыб Расіі, бо на гэта ёсць загад цара. Сяляне папрасілі час парадзіцца. Вырашылі, што калі іх выселяць, яны ніколі не ўбачаць роднага краю і там, у высылцы, атрымаюць пераслед уладаў і ўсё роўна будуць пазбаўлены рэлігійных паслуг. Таму дамовіліся падпісаць тую нікчэмную паперу, але ў душы застацца тымі, кім былі раней. <…> Задаволены Гамалея вярнуўся ў Магілёў.

На гэтым скончылася навяртанне дудаковіцкіх сялян. Адным з эпізодаў гэтай барацьбы было замыканне дамавых каталіцкіх капліц ва ўладальнікаў маёнткаў, як, напрыклад, у палкоўніка Дзеражынскага ў Склапаве ці ў Сушынскага ў Лясной і нават у павятовага маршалка Дамроўскага. Усіх гэтых абшарнікаў абвінавацілі ў падтрымцы дудаковіцкіх бунтаўшчыкоў і аддалі пад нагляд паліцыі.

Міхал Мацюшонак, якога мы бачылі ва Мсціслаўлі, уцёк з манастыра і патаемна вярнуўся ў родную вёску. Сяляне яго хавалі, і Мацюшонак пражыў на радзіме цэлы год - мацаваў сялян у веры, а дзяцей вучыў катэхізмам. Нарэшце яго высачылі, і ўпарты шляхціц мусіў уцякаць. Нейкі час трымаўся ў суседніх вёсках, дзе людзі яму спрыялі, але жандары яго зноў высачылі, і ён зноў мусіў ратавацца. Нарэшце ў мястэчку Абольцы, дзе ён спадзяваўся знайсці месца пры касцёле, упартага верніка апазналі і арыштавалі.

Міхала Мацюшонка выслалі ў глыб Расіі, і больш пра яго ніхто не чуў. Уладальніка Абольцаў капітана Зарэцкага аддалі пад нагляд паліцыі.

V. Поразава

1

Мястэчка Поразава ляжыць над Нёманам, у Ваўкавыскім павеце, за 14 міляў ад Гродна. Раней гэта было значнае мястэчка, мела вялікія прывілеі, мела ратушу і гродскі суд - поразаўскія месцічы адказвалі толькі перад гродскім судом. Пры карале Яне Казіміры мястэчка згарэла, у час шведскіх войнаў страціла значную колькасць жыхароў і пасля падзелаў краю патрапіла пад рускае панаванне і павольна дайшло да сучаснага стану. Цяпер тут маецца каля 200 дамоў, жыхары жывуць з ганчарства, часткова з гандлю хмелем і, галоўнае, сельскай гаспадаркай. У лепшыя часы Поразава мела ратушу, добрыя крамы і яўрэйскую школу. Сучасны касцёл пабудаваны стараннем і коштам ксяндза-пробашча Міхала Грабоўскага на месцы старога касцёла і мае цудадзейны абраз Маці Божай і св. Антонія Падуанскага. Ёсць і даўняя ўніяцкая царква, якая цяпер перавернутая на праваслаўную. У асноўным ваколічнае насельніцтва было ўніяцкім. Сучасная каталіцкая парафія налічвае каля 5000 вернікаў і займае вялікі абшар - на яе тэрыторыі знаходзяцца 10 ранейшых уніяцкіх цэркваў, а менавіта цэрквы ў Поразаве, Горнастаевічах, Лапеніцы, Вялікай Свенціцы, Харашэвічах, Ізабеліне, Лыскаве, Новым Двары, Лашавічах і Палонцы, кожная мае сваіх вернікаў і папа. Духавенства абодвух абрадаў раней належала да адной сусветнай царквы і перад скасаваннем уніі жыло ў згодзе - разам адпраўлялі набажэнствы ў сваіх святынях. Розніца была ў меншых фундушах, якім валодаў уніяцкі клір, пры тым што ўніяцкія святары мелі сем'і і таму грошы ім былі патрэбны нават болей, чым ксяндзам. Кожны займаўся сваёй парафіяй, але ўсе разам мелі адну справу. Землеўладальнікі, як і ва ўсёй Літве, належалі да рыма-каталіцкага абраду, які тады лічыўся шляхецкай верай. Рыма-каталікамі былі шляхта, дваровая чэлядзь і частка месцічаў, усе іншыя былі ўніятамі.

У 1834 г. Поразава бачыла сход уніяцкіх парахаў і вікарыяў з ваколічных цэркваў і прыбылага да іх апастата Сямашку з членамі Літоўскай кансісторыі. Перавёўшы значную частку вышэйшага ўніяцкага духавенства ў схізму, ён прагнуў тое самае зрабіць з ніжэйшым клірам і таму падарожнічаў па ўсёй епархіі. У поразаўскай царкве да сабраўшыхся святароў звярнуўся ў сваёй звычайнай манеры. Выставіў ім іхнія недахопы, залежнасць ад калятараў, перавагу над імі рыма-каталіцкага духавенства. Усё гэта магло моцна муляць уніяцкаму духавенству, і ён маляваў абставіны іх жыцця ў чорных колерах. Потым намаляваў ім светлыя карціны царскіх ласкаў, калі святары прымуць схізму. «Да таго часу мы дакладна не вызнавалі ні ўніяцкай, ні ўласцівай нам веры. Лаціннікі папсавалі нам абрады, пад націскам палякаў мы адхіліліся ад праўды, і прыйшоў час да яе вяртацца. Зараз, калі цар перамог польскі народ [24], нашай айчынай з'яўляецца Расія і нам нічога не перашкаджае вярнуцца да веры продкаў. Не дадзім католікам апярэдзіць нас, бо і яны ад свайго Папы, які невядома дзе сядзіць, жадаюць адмовіцца - ён жа не можа ім нічым дапамагчы. Папская ўлада не ёсць праўдай веры. Цар жадае нас узняць, атуліць апекай, павялічыць грашовыя выплаты, даць сродкі для выхавання нашых дзяцей, аддаць нам парафіян, якіх забрала рыма-каталіцкае духавенства, і даць нам дастатак, як у гэтага духавенства. Вашы інтарэсы вам падкажуць, дзе праўда, і ваша кіраўніцтва хоча таго самага і падае вам прыклад. Калі б праваслаўная вера была несапраўдная, вашы біскупы не прапаноўвалі б яе вам. І нарэшце, на гэта ёсць воля імператара, зразумейце, хто будзе супраць яго волі, той стане яму ворагам», - казаў Сямашка.

Пасля доўгай прамовы паказаў кнігі і, звярнуўшыся да ваўкавыскага дэкана Сабаткоўскага, дадаў: «Падпішы распіску і хай яе падпішуць падуладныя табе святары». <…> Славатыцкі парах і ваўкавыскі дэкан Ян Сабаткоўскі два разы прачытаў распіску і моўчкі паклаў яе на алтар. Тады Сабаткоўскаму загадалі растлумачыць свае дзеянні, і ён смела і годна адказаў, што не можа памяняць веру, што матэрыяльныя даброты, якія прапануюць за прыняцце схізмы, насамрэч з'яўляюцца довадам за унію, што любыя змены веры прывядуць толькі да пагаршэння становішча і, калі ўніяцкае духавенства згодзіцца на гэта, паміж людзьмі знойдуцца тыя, якія будуць іх саромець, і кожны адступнік будзе мець цяжкую гадзіну смерці. «Паважаем і шануем нашага біскупа як зверхніка, але не можам адмовіцца ад права думаць, і, я спадзяюся, біскуп сам думае інакш, а нам кажа такія словы, каб упэўніцца ў нашай вернасці, бо немагчыма дапусціць, каб уніяцкі пастыр жадаў парваць з Святой Сталіцай», - скончыў ваўкавыскі дэкан.

Абураны Сямашка змог толькі спытаць:

- І не падпішаш?

- Не зраблю гэтага, - адказаў Сабаткоўскі.

- Будзеш моцна пакутаваць.

- Лепей памру, чым згаджуся.

- Тады звальняю з пасады дэкана, - сказаў біскуп.

- Deo gratias, - адказаў Сабаткоўскі.

- Прашу зараз жа перадаць архіў дэканату… Ці разумееш?

Святар Слабоцкі паехаў у Славатычы [25]. Пасля яго ад'езду Сямашка сказаў: «Хто не падпіша, адразу страціць парафію і перастане быць парахам. Хай сваю сям'ю трымае, дзе хоча, а праз 25 дзён усіх упартых сашлю ў манастыры на пакуту. Хто хоча спакойна застацца на месцы ці нават атрымаць лепшую парафію - падпісвайце, вось пяро і атрамант». Падароскі парах Базыль Пратасевіч праз нейкі час выйшаў да алтара і сказаў: «Выконваю волю біскупа»,- і першы падпісаў распіску аб далучэнні. За ім выйшлі некалькі іншых, рэшта прасіла даць час падумаць.

Праз некалькі дзён вярнуўся Сабаткоўскі з паперамі. «Шкада мне цябе, Сабаткоўскі. Іншага я ад цябе чакаў. Вазьмі пяро і падпішы разам з калегамі, якія былі большымі за цябе грэшнікамі, але падпісалі», - сказаў Сямашка. «Хай падпісваюць і будуць шчаслівыя», - адказаў святар. Сямашка працягваў: «Вярну табе дэканства, павялічу дзяржаўныя выплаты, застанешся ў сваёй парафіі». «Лепей уратую сваю душу», - адказаў былы ваўкавыскі дэкан. Тады Сямашка прызначыў дэканам Пратасевіча і патрабаваў, каб той за 24 гадзіны выгнаў Сабаткоўскага з плябаніі ў Славатычах. Загад быў выкананы літаральна. Што здарылася потым з нашым любімым і паважаным у парафіі святаром, вы чыталі вышэй. Гэты былі першыя крокі схізмы ў нашым кутку.

2

Прайшло некалькі гадоў. Унія была скасаваная ўрадам. З ваколіц Поразава, як і паўсюдна, у адлеглыя манастыры было высланае самае шляхетнае духавенства, якое верыла ў Бога. Развітанне парахаў з сваімі парафіянамі, іх апошняя навука, засталіся ў народнай памяці. Да людзей даходзілі весткі пра іх пакуты, яны бачылі, як маюцца іх сем'і, пазбаўленыя сродкаў да жыцця, - усё гэта нараджала добрыя пачуцці да пакутнікаў і супрацьлеглыя - да схізмы. Тады ж узяліся перарабляць храмы: харугвы, з якімі народ адбываў працэсіі, канфесіяналы, дзе ачышчаў свае душы, амбоны, з каторых слухаў навуку Божую, усе святыя для яго рэчы, да якіх горача прывязалася сэрца, - усё гэта ламалі, выкідалі рукі паліцыянтаў ці яўрэяў, бо ніхто з уніятаў не мог згадзіцца на такую працу.

У некаторых месцах людзі баранілі свае святыні і паўсюль былі пакараныя, як у Чыжах, Шчытах, Корвіне, Бярозаве, Лосіне, Лыскаве, Зельве, Ізабеліне, Шарашаве, Песках і г. д. Каб запоўніць вакантныя месцы, Сямашка і Зубко павысвячалі ў святары сваіх служкаў (нават фурманаў), якія ледзь маглі чытаць і пісаць, далі ім парафіі, а часам нават і дэканаты. Пазаставаліся толькі старыя парахі, якія адступілі ад веры дзеля карысці, страху, дзеля ўлады ці ў надзеі на паляпшэнне свайго лёсу, але яны сталі слугамі граху - аддаліся п'янству і распусце. Навучанне вернікаў у цэрквах скончылася, і народ таксама шмат страціў у маральнасці. У цэрквах пачалі на ўсім зарабляць, за любыя сакраманты патрабаваць грошы, і хцівасць папоў стала прымаўкай. Скаргі чуліся з усіх бакоў. У 1842 г. старшыня гродзенскай управы дзяржаўнай маёмасці - сам рускі і праваслаўны - перад Сямашкам абвінаваціў духавенства ў хабарніцтве. За «очернение» праваслаўя яго перавялі ў іншую губерню, а справы надалей пайшлі па-старому. З часам грахі павялічваліся, праз палітычны падыход да людзей множылася беспакаранасць, і таму схізматычнае духавенства ўсё больш рабілася аб'ектам пагарды. Рэдкія выключэнні не маглі змяніць становішча. Некалькі прысланых з рускіх губерняў праваслаўных святароў, як, напрыклад, троцкі дабрачынны Стаяновіч, прасіліся назад у Расію, бо не маглі вытрымаць сярод зламаных былых уніяцкіх святароў, якіх называў «перахрышчэнцамі ці семашкоўцамі».

Галоўнай справай дзяржаўных святароў было павелічэнне колькасці схізматыкаў. «Гэтага жадае цар», - казаў напачатку Сямашка, і - «Той хто супраць яго волі, будзе яго ворагам». З гэтай ідэяй святары ішлі да людзей і, дзе сустракалі адпор, там ужывалі прымус. Сыпаліся розгі, у царкву гналі гвалтам, бывала і такое, што ўпартых трымалі за рукі, а ў рот, разяўлены раней падрыхтаваным адмысловым клінам, укладалі еўхарыстыю. Такіх «навяртаных» запісвалі ў царкоўныя кнігі, і яны рабіліся праваслаўнымі. Вось такім празелітызмам, напрыклад, вызначыўся Іван Ступінскі, настаяцель у Крынках [26] Гродзенскага павета, але яго паводзіны не былі выняткам. Вялікая колькасць людзей хутка прыняла новую веру, бо думала, што бура неўзабаве міне, як ужо не раз бывала раней. Іх рэлігійныя пачуцці пакутавалі, яны бачылі тое, што чыніцца, грошы плацілі папам, але таемна цягнуліся да касцёла.

Старанне ўрада не абмежавалася толькі навяртаннем уніятаў. Вышэй мы пісалі, што іх духавенства складала спісы насельніцтва, якое падпадала пад прыняты ўрадам закон і магло быць залічана ў праваслаўе. Такім чынам, стваралася шырокае поле, на якім рабіліся тысячы злоўжыванняў. Папы, якія свае любыя дзеянні маглі пакрыць у вачах улады ўяўнай руплівасцю, нікім не кантраляваліся і запісвалі ў праваслаўныя людзей, чые продкі спрадвеку былі рыма-католікамі. Для гэтага дастаткова было любога выпадку, напрыклад, магло быць так, што чыйсьці продак калісьці прыняў сакрамант ва ўніяцкага святара, бо раней не рабілі розніцы і духавенства абодвух абрадаў рабілі паслугі, нягледзячы на тое, кім ёсць вернік. Усё гэта яшчэ больш памнажала пакуты няшчаснага народа.

У Поразаве былі тыя самыя праблемы, як і ва ўсім краі. Прызначаны на месца Сабаткоўскага ваўкавыскім дабрачынным Васіль Пратасевіч вызначаўся брыдкім жыццём і сталым алкагалізмам. Поразаўскі поп Станкевіч не саступаў дабрачыннаму ні ў адной з дрэнных звычак. А рыма-каталіцкі пробашч, на шчасце, вызначаўся прыкладным жыццём, руплівай і светлай службай Богу, адданасцю сваім абавязкам. Пачынаючы з ксяндза Грабоўскага, які вымураваў касцёл, усе наступныя ксяндзы знайшлі любоў і павагу парафіянаў. Ксёндз Якуб Янкоўскі аздобіў толькі што пабудаваную святыню і старанна выкладаў катэхізмы моладзі. Ксёндз Шышкевіч, ранейшы прафесар віленскай семінарыі і прапаведнік кафедры, сваімі пропаведзямі вабіў у касцёл натоўпы. Ксёндз Вяршыла ўжо меў праблемы з схізматычным духавенствам, але яшчэ вышэй узняў святасць набажэнства. Касцёл заўсёды быў адчынены, і ксяндзы заўсёды былі гатовыя выслухаць споведзь і ўдзяліць сакраманты. Маючы вялікую парафію, пробашч не абмяжоўваўся адным вікарыем і меў дастаткова ксяндзоў для дапамогі і службы ў касцёле. Нарэшце, у час, пра які мы пішам, тут служыў яшчэ малады ксёндз Кшыштаф Алендскі, які быў такі самы руплівы святар, як і яго папярэднікі. Ён адчыніў школку, дзе дзеці вучыліся чытаць і пісаць, разам з навукай вучылі першыя праўды веры. Сіроты, удовы, усе, хто цярпеў і пераследаваўся, атрымлівалі тут дапамогу і без суцяшэння ніхто не адыходзіў ад слугі Божага. З уласцівай урачыстасцю і павагай у касцёле рэгулярна адбываліся набажэнствы. Людзі параўноўвалі ўсё гэта з тым, што рабілася ў схізматычнага духавенства, і цягнуліся да касцёла.

Урад пад пагрозай цяжкага пакарання забараніў каталіцкім святарам прымаць былых уніятаў. Да споведзі прымаліся толькі тыя, хто меў адмысловую картку ад пробашча. Гэтая картка пацвярджала прыналежнасць да рыма-каталіцкага касцёла. Людзі заставаліся ў душы ўніятамі і не раз пазычалі карткі ў суседзяў-каталікоў і такім чынам атрымлівалі сакраманты. У 1857 г. поп Станкевіч даведаўся пра гэтыя выпадкі, ён склаў спіс наведвальнікаў касцёла, а потым праз дабрачыннага падаў свайму кіраўніцтву скаргу на ксяндза Алендскага і ўсё каталіцкае духавенства.

Для вывучэння сітуацыі ў Поразава прыехала камісія. Яна складалася з прыстойных людзей, яе членамі былі падароскі настаяцель Іосіф Васінскі - чалавек узорнага жыцця, выключэнне сярод сваіх калег, рыма-каталіцкі дэпутат ксёндз Казімір Контрым, які нядаўна вярнуўся з выгнання. А ўзначаліў камісію асэсар Гарковіч. Яны правялі следства і выявілі, што Станкевіч упісаў у свой ліст шмат асоб, якія і не наведвалі касцёл, запісаў нават і тых, хто ўжо памёр, і г. д. Камісія выкрыла парушэнні з боку папа. Справа скончылася тым, што ў Станкевіча адабралі прыход, а ксяндзам забаранілі прымаць былых уніятаў пад пагрозай высылкі ў глыб Расіі. Пасля Станкевіча парафію ўзначаліў выбраны Сямашкам поп Катлінскі.

3

Зняты з пасады настаяцеля Станкевіч застаўся жыў за некалькі вёрстаў ад Поразава, у фальварку Целякоўцы, і вырашыў помсціць. Яго планам было давесці кіраўніцтву, што ў папа Катлінскага ў католікі пераходзіць яшчэ больш асоб, чым у яго. Пачаў намаўляць вернікаў супраць новага настаяцеля, але яму гэта было цяжка, бо з маральнага боку Станкевіч не адрозніваўся ад большасці сваіх калег. Былы настаяцель стаў разыгрываць з сябе шчырага католіка-пакутніка з былых уніятаў. Мы ўжо пісалі пра агульны стан новаправаслаўных душ. Гвалтам і страхам накінутая схізма трымалася толькі на пагрозе дзяржаўнага пераследу, і каб у глыбі сэрцаў разбудзіць надзеі, хапала толькі іскры. Здаецца, падчас царавання Аляксандра ІІ настала больш лагодная эпоха, і непісьменны люд з надзеяй у збалелай душы сустракаў кожную добрую вестку. Станкевіч зняў свой убор святара, капялюш павесіў на плоце і пачаў апавядаць народу пра хуткі канец схізмы, пра тое, што маскалі самі зразумелі памылковасць сваіх дзеянняў і неўзабаве будзе пастанова аб вяртанні ў лона Каталіцкай царквы, і ён першы, як пакутнік, папаўзе туды на каленях. У Поразаве набліжалася саракагадзіннае набажэнства перад абразом св. Антонія і вялікія гурты народу ішлі да касцёла. Сярод вернікаў мелася шмат былых уніятаў. Некаторыя новаправаслаўныя пайшлі да Катлінскага і спыталіся ў яго, ці праўда тое, пра што кажа Станкевіч. Катлінскі публічна назваў былога настаяцеля юдам, лотрам і здраднікам, пасля чаго данёс Сямашку.

Прыехаў гродзенскі архірэй Жалязоўскі. Паклікаўшы ў Поразава суседніх настаяцеляў і склікаўшы народ, сказаў усім ім, каб не слухалі Станкевіча, а слухалі толькі дасланага Сямашкам Катлінскага. Спакойна распытваў у вернікаў пра прычыны адыходу ад праваслаўя. Народ выбухнуў скаргамі на Станкевіча і сваіх настаяцеляў, адны былі ўпэўненыя, што іх няправільна запісалі ў схізму, другія сказалі: «Калі духоўныя жадаюць быць схізматыкамі - хай сабе будуць, нам жа пакіньце нашы перакананні. Былі мы ўніятамі, адабралі ў нас нашых святароў, папсавалі нашы цэрквы, мы расійскіх абрадаў не ведаем і не жадаем ведаць, не маем зараз спакойнага сумлення. Плацім цару падаткі, даём рэкрутаў, але наша сумленне і збаўленне душы - гэта наша справа. Чаму ж мы такія нешчаслівыя? Чаму нам не дазваляюць жыць у веры нашых бацькоў? Чаму яўрэяў, караімаў, лютэран не навяртаюць? Чаму гэтых лотраў, распуснікаў, зладзеяў - нашых настаяцеляў не гоняць? Яны жывуць, як пажадаюць, а з нас гвалтам нягоднікаў робяць? Калі б хто з нас, сялян, жыў так, як Станкевіч, даўно бы ў Сібір выслалі і бічом высеклі, а яму ўсё можна» [27].

Даўшы выказацца раззлаваным людзям, архірэй Жэлязоўскі сказаў: «Шкада мне вас, будзеце моцна пакутаваць, бо урад гэта вам не даруе». Грамада адказала: «Міла нам пакутаваць і памерці за сваю веру». На гэтым місія архірэя закончылася. Станкевіча ён адправіў для пакарання ў Вільню. Але былы поп сказаў, што паедзе толькі разам з яшчэ горшымі папамі, чым ён сам, напрыклад з такімі, як Пратасевіч, і застаўся ў сваім фальварку.

Тым часам да Сямашкі дашлі звесткі, што шмат народу ў Поразаве перайшло ў каталіцтва. Спужаўшыся, каб гэта не стала пачаткам канца яго справы, звярнуўся да генерал-губернатара Назімава. Таму адмысловая камісія пачала яшчэ раз разглядаць усю гэтую справу разам са скаргай на ксяндза Алендскага і са скаргай на іншае каталіцкае духавенства. Тым больш што, баючыся страціць пасаду, поп Катлінскі адну за адной пісаў тыя скаргі.<…>

У Поразава зноў прыехалі святар Васінскі, ксёндз Контрым, асэсар Гарковіч. Усплыла яшчэ справа ахрышчанага ў касцёле дзіцяці, бацька якога быў лаціннікам, а маці былой уніяткай. <…> Толькі пачалося следства, як 10 чэрвеня памёр ксёндз Алендскі. У касцёле застаўся толькі вікарый ксёндз Косця, і камісія зрабіла перапынак у 10 дзён. Калі яны зноў сабраліся, дык адразу пачалі спраўджваць новы спіс «совращенных» у каталіцтва вернікаў, які склаў Катлінскі для Сямашкі, і знайшлі спіс фальшывым - у ім былі запісаны вернікі суседніх прыходаў і нават памерлыя. Тады прыйшла вестка, што для заканчэння следства едуць новыя чыноўнікі: ад'ютант генерал-губернатара Аляксандр Паўлаў [28] і протаіерэй Пшчолка [29]. Пачаўся новы перыяд гэтай пакутлівай гісторыі.

4

25 чэрвеня ў Поразава былі выкліканы навакольныя настаяцелі з дабрачынным Пратасевічам, і паліцыі загадалі даставіць усіх абвінавачаных у каталіцызме. У ціхім мястэчку пачаўся вялікі рух. Ад'ютанту губернатара схізматычнае духавенства пачало скардзіцца на ксяндзоў, казалі, што іх тут ледзь трываюць, што ксяндзы выступаюць супраць пануючага веравызнання і вучаць гэтаму парафіян, парушаюць закон аб хрышчэнні дзяцей (пры змяшаных шлюбах бацькі павінны былі даваць распіску, што дзеці будуць праваслаўнымі, воля бацькоў пры гэтым ніякім чынам не ўлічвалася. - Л . Л.) і г. д. Дэкан Абялевіч адкідваў усе гэтыя захады і напады на касцёл і ксяндзоў і ў сапраўдных колерах маляваў жыццё папоў, якое і было галоўнай прычынай адносін да іх насельніцтва. Паўлаў - справядлівы і малады яшчэ чалавек, цярпліва ўсё гэта слухаў, бо жадаў даведацца праўду. Назаўтра прыступілі да выслухоўвання абскарджаных. Прывяду тут даслоўна некаторыя з гэтых аповедаў, якія найлепшым чынам паказваюць пачуцці вернікаў.

Першым адказваў Сцяпан Суханюк [30], дваццацігадовы хлопец, свінапас, сірата, худы, босы, з бруднымі нагамі і ў бруднай падранай кашулі, сярмязе, сшытай з розных кавалкаў тканіны, і з некалькімі печанымі бульбінамі ў торбе. Ён стаяў перад камісіяй і сваімі адказамі здзівіў усіх.

- Чаму ты прыняў каталіцызм, калі твой бацька быў праваслаўны? - пыталіся ў хлопца.

- Мой бацька быў уніятам, а не праваслаўным. Уніяты мелі такіх жа святароў, як і католікі, былі пабожныя, бывалі ў касцёлах, а ксяндзы бывалі ў нашых цэрквах.

- А хто табе пра гэта расказаў?

- Бацька і маці, і сказалі, каб я быў католікам [31].

- А што табе яшчэ казалі?

- Што маскоўская вера не ад Бога, але ад чорта паходзіць і ёсць схізматычная.

- А што гэта такое - схізматычная? Ці разумееш, што пляцеш?

- Паны лепей разумеюць. Схізматык верыць не так, як Бог загадаў. Калі верылі б правільна, дык верылі б, як католікі, якія маюць добрую веру і ахвяру.

- А што называеш ахвярай?

- Святую імшу, якая лепей адпраўляецца ў касцёле, чым у царкве. У царкве народ усё жагнаецца і кланяецца, паклоны б'е - пакутуе, а не моліцца, бо не верыць у тое, што там ёсць Бог. У царкве поп саромеецца і таму замыкаецца за брамай, рэдка паказваецца. Бачыў, як сюды вялікі святар прыязджаў (паказаў на дабрачыннага Пратасевіча). Дык ён у царкве кароткую файку курыў, а як замкнуўся за алтаром, дык з іншым такім жа, як ён, пілі з бутэлькі, елі і смяяліся, а як мяне ўбачылі, дык выгналі прэч. У касцёле кожны моліцца, злажыўшы рукі, і кланяецца. Хто ўмее чытаць, моліцца з кніжкі, а ў царкве, калі поп каго ўбачыць з кніжкай альбо з скапулярыем [32], дык як быццам д'ябал яго ахоплівае - адбірае, дзярэ на кавалкі, топча нагамі. Якая там вера, якая ахвяра.

- А ці быў на споведзі?

- Я заўсёды хаджу на споведзь.

- У царкву?

- Хай мяне Божа ратуе, папу трэба палову рубля плаціць.

- Адкуль ты гэта ведаеш? Ці плаціў калі?

- Адкуль у мяне, у сіраты, такія вялікія грошы? Я ніколі не меў грошай…

Ад'ютант Паўлаў, каб ішоў у царкву на споведзь, а потым яшчэ купіў сабе шапку, даў яму тры рублі.

- Не, Ясны Пан, не вазьму і за грошы ў царкву не пайду, бо не жадаю пагубіць сваю душу. Я спавядаўся ў нябожчыка ксяндза-пробашча (заплакаў). Ён быў добры, як мяне сустракаў, заўсёды даваў хлеба, ці сыра, ці грушак. Пастрыг мне валасы, даў шчотку, абяцаў, што будзе вучыць мяне чытаць у школцы. Я знайшоў у касцёле картку, аддаў яму, і ён выспаведаў мяне без грошай.

- Хто цябе навучыў так адказваць?

- Ніхто не вучыў. Кажу тое, што сам бачыў, а што чуў, тое не пераказваю, бо можа быць няпраўдай.

- Бяры грошы і ідзі ў царкву, бо ў касцёле цябе больш не прымуць.

- Калі не прымуць і ксяндзы не будуць спавядаць, дык Бог мне выспаведае.

- Як Бог цябе выспаведае, калі Бога не бачыш?

- А як Бог адпускае грахі, калі ксяндзы спавядаюць? Калі буду мець жаль за свае грахі, вялікі жаль, дык Бок адпусціць, бо няма куды ісці да споведзі. І я не буду плаціць, і поп не будзе біць, як біў Радашкову.

Паклікалі поразаўскую мяшчанку Радашкову з Царкоўнай вуліцы, узростам каля 70 гадоў. Тая жыла каля самай царквы і шмат чаго расказала пра папа Станкевіча. Як абіраў людзей за кожную царкоўную паслугу, нябожчыкаў па некалькі дзён адмаўляўся хаваць, патрабуючы больш грошаў, як па некалькі тыдняў не адпраўляў набажэнства і як адразу з карчмы ішоў у царкву, як, калі не знаходзіў гатовую камунію, даставаў з кішэні баранкі і выдаваў вернікам за камунію, як краў грошы з царкоўнай скарбонкі. Расказала, як яна, хворая, прасіла аб споведзі, бо думала, што заўтра памрэ, але не мела грошай, дык збіў яе і выпхнуў з царквы - ледзь не забілася на сходах.

Шмат сведкаў усё гэта пацвердзілі і расказвалі пра старую толькі добрае, казалі, што яна збяднела праз пажар.

У людзей пыталіся:

- Чаму ж перайшлі ў каталіцкую веру?

Некалькі дзясяткаў галасоў адказала: «Паночкі, бачыце ж якіх маем папоў. Мы прыйшлі прасіць ясных паноў аб ласке і маем просьбу: калі ў нас унію адабралі, мы рускімі быць не жадаем і ўсе будзем каталікамі [33]. На парафію мы 4 разы звазілі дрэва са скарбовых лясоў - забраў акруговы начальнік. Бо на царкву, казаў, усё роўна доўга яшчэ дрэва вазіць трэба, а на могілках ні калка паправіць нам не даў. Гэта маскоўская вера з'ела нас і пагубіла. У католікаў людзей не абдзіраюць, заўсёды набажэнствы, такія казанні, што нават грэшная душа ўратуецца, а мы мелі папа - разбойніка, п'яніцу і злодзея.

Іх перарвалі і сказалі, што таго папа ўжо няма, а новага ім сам мітрапаліт Сямашка даслаў.

- Не лепшы ён ад першага, - закрычаў народ. - Калі мітрапаліт выбраў, хай сам і трымае, няма за што яго хваліць!

І далей пачаліся скаргі на Катлінскага. Прычым скардзіліся толькі сведкі, а не тыя, якія жадалі стаць католікамі.

- Можа, і вы перайшлі ў каталікі? - спытаў ад'ютант.

- Яшчэ не, - адказвалі: - Але кажам Яснаму Пану і самаму цару, хай аддасць нам уніяцкіх святароў альбо дазволіць быць католікамі, бо ўжо цярпець немагчыма.

Трэцім у чарзе абскарджаных быў хлопец Язэп з Грыцкаўшчыны, маладзейшы нават за Суханюка. Яго бацька - лаціннік, маці - уніятка, і хлопец быў выгадаваны ў лацінскай веры. Яго ўгаворвалі ісці ў царкву да споведзі. Адказаў, што хоча быць каталіком, як бацька. «Бацька падпісаў паперу, што ты будзеш праваслаўным», - адказалі яму. «Мой бацька не ўмее пісаць і не мог даць такую паперу», - адказаў хлопец.

Паклікалі бацьку. Той растлумачыў, што калі жаніўся, яму некалькі тыдняў не давалі шлюбу з-за той паперы, дзеля адчэпнага згадзіўся, каб напісалі, што ім трэба і дадаў: «Я рускіх пацераў не ведаю і не магу навучыць сваё дзіця. <…> Калі ведаў, што будзе вось такая бяда, дык лепей бы ўтапіўся, чым ажаніўся, калі будуць маё дзіця прымушаць - кіну жонку і пайду з сынам у свет, але ў схізму не аддам».

Чацвёртым абвінавачаным быў Ян Бахнюк, лакей з Хрустава, чалавек сярэдняга веку. Гэты дзякуючы сваёй службе быў навучаны размаўляць з рознымі ўладамі, і вялікая колькасць чыноўнікаў яго не напужала. Смела і выразна ён расказваў пра ўсе ганебныя ўчынкі схізматычных святароў, сведкам якіх быў у розных месцах. Калі тлумачыў свой пераход у католікі, расказаў і пра дабрачыннага Пратасевіча.

Усе гэта заняло першы дзень. Станкевіча перавялі ў панамары і павінны былі адаслаць на новае месца службы. Ён, сустрэўшы дабрачыннага на вуліцы, голасна абвінаваціў яго і хеўру настаяцеляў у злачынствах, людзі, якія гэта чулі, згодна ківалі галовамі. Усё гэта паказала следчым стан рэчаў і думак народу. Не маючы магчымасці вярнуць справядлівасць і не жадаючы ўчыняць скандал, камісія раніцай хуценька выслухала ўсіх астатніх і пераканалася ў тым, што ў спісе мелася шмат патомных, з дзядоў і прадзедаў, католікаў, а іншыя тлумачылі пераход у лаціннікі адсутнасцю грошай для папоў і г. д.

Паўлаў выступаў толькі за лагодныя сродкі. Генерал Назімаў, які прыслаў яго сюды, таксама быў супраць ужывання сілы і сам неаднаразова абураўся тым, што бачыў. Абвінавачванні ксяндза Косці камісія адкінула, бо, відавочна, яны былі прыдуманыя папамі. Камісія выкрыла купленых Пратасевічам сведкаў супраць ксяндза і ўсю інтрыгу. Падчас следства Паўлаў прыслухоўваўся да меркавання высакароднага ксяндза Контрыма і паказаў сябе праніклівым і людскім чыноўнікам. Справа была скончаная 29 чэрвеня 1858 г. набажэнствамі ў царкве і касцёле. Камісія прысутнічала на абодвух. У царкве прамаўляў святар Пшчолка, у касцёле з вялікім казаннем выступіў ксёндз Контрым. Абодва заклікалі да жыцця ў згодзе і спакоі. Пасля гэтага камісія раз'ехалася.

5

Але справа не скончылася і не магла скончыцца. Над няшчасным народам вісеў царскі ўказ, які ўсіх уніятаў перавёў у схізму. Руплівасць ў гэтай справе заўсёды з'яўлялася ў вачах урада адзнакай якаснай працы папоў і чыноўнікаў. Да глыбіні сапсаванае духавенства перарабіць было немагчыма, яго патрэбы і патрэбы іерархаў засталіся тыя самыя. А ў народзе жыла вера. Гвалтоўнае навяртанне і паборы скіроўвалі народ да каталіцызму. Гаротныя ваколіцы Поразава павінны былі, з аднаго боку, стаць сцэнай для разгулу сапраўднага варварства, а з другой - засведчыць высокую сталасць і цноту беднага люду.

Шмат вёсак навокал належалі дзяржаўнаму скарбу, а дзяржаўныя сяляне цалкам залежалі ад улады. Не толькі ніхто з землеўладальнікаў, але і цывільная ўлада ці павятовы маршалак шляхты не маглі ўмешвацца ў справы дзяржаўных сялян, гэта было праблематычна нават для паліцыі. Акруговы начальнік з старшынёй губернскай палаты дзяржаўнай маёмасці з'яўляліся гаспадарамі жыцця і смерці сялян. Такім акруговым начальнікам (акружным) у Ваўкавыску быў у той час нейкі Навіцкі [34]. Папярэдняя камісія выслухвала скаргі і на гэтага чалавека, ён абвінавачваўся ў шматразовых крадзяжах дрэва з праваслаўнай плябаніі і г. д. Але Навіцкага толькі некалькі разоў публічна прысаромілі, і ён чакаў дрэнных наступстваў для сябе ў будучыні. Таму з аднаго боку страх, а з другога - жаданне выслужыцца перад уладамі скіроўвалі яго супраць сялян.

Праз 10 дзён пасля ад'езду камісіі з Поразава Навіцкі загадаў падначаленым яму вясковым уладам - сотнікам і дзясятнікам - сабраць у фальварку Дзяшкаўцы ўсіх тых, хто адмовіўся хадзіць у царкву, і перадаць ім, што той, хто не прынясе пасведчанне ад папа, будзе пакараны: мужчыны атрымаюць па 60, а жанчыны - па 40 розгаў. Некаторыя схаваліся, але значную колькасць няшчасных усё ж сабралі. Прыехаў сам Навіцкі і загадаў паказваць пасведчанні ад папа ці даць распіску, што раніцай пойдзе ў царкву на споведзь і прыме схізму. Біў кулакамі па тварах. Пытаўся ў людзей, што яны выбіраюць - розгі ці праваслаўе. Адказалі, што схізму не прымуць і будуць цярпець. Пачалася экзекуцыя. Няшчасных распраналі дагала і пры ўсіх вучылі розгамі. Знаёмы нам Сцяпан Суханюк першы дастаў 70 розгаў, хлопец страціў прытомнасць і яго вынеслі. Другім быў чатырнаццацігадовы Кавальчук, потым Тамаш Крыцкі, Язэп Міхаляк, Петрулевіч, яшчэ да трыццаці мужчын, прозвішчы якіх я забыўся запісаць, - усе яны атрымалі свае розгі.

Прыйшла чарга кабет. Магдалена Раманоўская з Шопікаў і дзве яе сястры - Ганна і Мар'яна Шопікі, Вікторыя Нічыпар, старая Радашкова, якую мы бачылі на следстве, і яе дачка Кацярына. З іх усіх, не саромеючыся, зрывалі адзенне. Радашкова сказала, што яна стала каталічкай у 1857 г. і ў гэтай веры памрэ, але схізмы не прыме. Абвінаваціла катаў і аблаяла іх вылюдкамі, якія раздзяваюць дзяўчатак дагала, за што яе яшчэ раз збілі, але жанчын больш не распраналі.

Разалія Раснікевіч, Ганна Рагошка з Маташаў і яшчэ 30 жанчын, імёны і прозвішчы якіх не памятаю, былі збітыя розгамі. Потым усім пакутнікам паведамілі, што калі праз 2 тыдні не прынясуць пасведчанняў ад папа, дык атрымаюць розгаў у два разы болей. Тых, хто схаваўся, было загадана знайсці.

І гэта быў яшчэ толькі пачатак.

Прайшло 6 дзён пасля экзекуцыі, але зноў было загадана яшчэ раз сабрацца ўсім у Ваўкавыску, бо пан акружны хворы і сам прыехаць не можа. Для сялян ліпень - адзін з самых працоўных месяцаў, але няшчасных адарвалі ад працы ў полі, за рукі і ногі прывязалі да доўгіх жардзін, парамі - мужчын з жанчынамі, як ссыльных у Сібір, гэтак і нашых вяскоўцаў, пагналі ў Ваўкавыск. Сярод няшчасных былі і цяжарныя жанчыны, былі хворыя, і ніводны з пакутнікаў яшчэ не вылечыўся пасля апошніх розгаў. Гналі іх стражнікі з кіямі, каля адказнікоў у слязах ішлі сваякі. Грамада павольна сунулася, паўсюдна выклікаючы спачуванні і жаночы плач. Па дарозе вяскоўцы кармілі пакутнікаў, як маглі дапамагалі ісці, мужчыны ўздыхалі і апускалі вочы, кабеты плакалі, але што яны маглі зрабіць? Па дарозе ўпартых па кутнікаў застала бура, і пакуль дайшлі да Ваўкавыска, усе змоклі і змучыліся.

У Ваўкавыску іх параспіхалі ў вязніцу, у паліцыю, у аборы і стайні акружнога. Штодзень білі і намаўлялі на схізму. Звязаных па двое вадзілі па вуліцах горада. На чацвёрты дзень усіх прывялі на дзядзінец Навіцкага, дзе ўжо былі падрыхтаваныя пукі розгаў. Першым у рукі акружнога зноў патрапіў Суханюк. Напачатку кулакамі і нагамі яго збіваў сам начальнік, потым, каб прыйшоў у прытомнасць, хлопца аблілі вадой і далі 60 розгаў. Пасля гэтага павялі ў царкву, дзе поп даў яму кавалак хлеба з нейкім квасам і, пагладзіўшы па твары, сказаў: «Будзь, хлопчык, праваслаўным, тады будзеш жыць у спакоі і цябе ніхто не будзе біць». «Не быў, не буду і зараз не з'яўляюся схізматыкам, лепей забіце, дзякуй вам за сняданак», - адказаў малады пакутнік, пакланіўшыся папу. Яго зноў адвялі да Навіцкага. «Ну, што? Ці прыняў праваслаўе?» - спытаўся той. «Гэта д'ябал, а не хлопец, - адказаў поп і дадаў: - Ён не прыме, лепей пакінь яго ў спакоі, толькі псуеш сваё здароўе. Да таго ж гэта знявага для царквы - праз увесь горад прысылаць не падрыхтаваных і акрываўленых прымаць камунію, гэта ўсіх абурае, і я гэтакіх больш не прыму». Сказаўшы гэта, забраў іншых папоў і выйшаў.

Разгневаны Навіцкі загадаў па чарзе «вучыць» усіх вязняў. Пачаліся енкі, бо гараджане, якія некалькі дзён з абурэннем назіралі за катаваннямі, а яшчэ раней чулі пра круцельства акружнога, сабраліся перад домам Навіцкага і пачалі ламіцца яму ў браму з крыкамі: «Навіцкі кат, злодзей і тыран!». Паляцелі камяні. У натоўпе было шмат яўрэяў, і акружны сам пачаў біць іх кулакамі. Але натоўп насядаў, і начальнік загадаў выгнаць усіх вязняў са свайго дзядзінца. Гараджане кінуліся дапамагаць збітым сялянам: моладзь з дзяржаўнай канцылярыі пачала раздаваць ім міласціну, яўрэі кармілі баранкамі, і ўсе гараджане спяшаліся дапамагчы.

Але гэта быў яшчэ не канец.

Вечарам Навіцкаму павыбівалі вокны, праз пошту ён атрымаў патэнт ката, і на яго дом прымацавалі шыльду з надпісам, што тут жыве кат. Праз нейкі час на кірмашы ў Зельве ніхто не падаў яму рукі, старыя знаёмыя адварочваліся, а калі ён наведаў тэатр, усе прысутныя пакінулі тэатр са словамі: «Прыйшоў кат, нельга знаходзіцца разам з ім» [35]. Абураны былі ўсе, але гэта не падзейнічала на лёс пакутнікаў. Навіцкі загадаў свайму памочніку, нейкаму Яновічу, працягваць тую ж справу ў Поразаве.

З Ваўкавыска на фурманках збітых адвезлі ў мястэчка. Там на загад Яновіча падрыхтавалі калодкі на ногі і для страху паклалі каля дома папа Катлінскага некалькі вазоў розгаў. Пасля гэтага вязняў пачалі штодня цягаць на так званыя «увещевания» і намаўляць да навяртання. Катлінскі паказваў прылады для катавання і заклікаў прыняць дзяржаўную веру. Яму адказвалі: «Лепей памерці пад розгамі, чым схізму прыняць».

Праз некалькі дзён прыехаў Яновіч. За тое, што дочкі цвёрда трымаюцца сваёй веры, ён схапіў і збіў 67-гадовага Базыля Шопіка, пасля чаго адправіў старога ў Дзяшкаўцы. У Поразаве склікаў ваколічных папоў і падуладных яму сотнікаў з дзясятнікамі. Усе разам сабраліся на поразаўскім рынку і прывялі пакутнікаў. Святар Васінскі сказаў: «Прыйшла на вас, дзеткі, апошняя бяда. Я вам не раз казаў, што перш на маёй далоні вырастуць валасы, чым вам дазволяць застацца католікамі. Перастаньце капрызнічаць - вас будуць гэтак біць, што вы пагодзіцеся. Сам цар загадаў вас "вучыць" штодзень. Ідзіце ў царкву, там вас чакаюць святары. Яны вас выспаведаюць, і будзеце спакойныя. Падумайце, з чаго жыць будзеце? Вашы гароды пазарасталі, бульба не асыпаная, лён пазарастаў, жыта павысыпалася. Сваім адказам не толькі сябе, але і гаспадарку руйнуеце. Злітуйцеся над сабой і над блізкімі. Пойдзем да царквы, спавядаецеся - і ўсё будзе скончана. Ніхто вам не забароніць захадзіць у касцёл, але ніхто вам не дазволіць пакінуць усё ў тым стане, як сёння».

Маўчалі, але некалькі чалавек адазвалася: «Нашы целы ў вашых руках, але свае душы згубіць не дазволім». Тады Яновіч, парадзіўшыся з папамі, паказаў на розгі з калодкамі і сказаў: «Ці бачыце гэта? Усе на вас паб'ю, а калі не хопіць, прывязу яшчэ і буду біць далей, ажно пакуль не прымеце праваслаўе». Людзі здрыгануліся, але ўзялі сябе ў рукі і зноў адказалі адмоўна. Тады Яновіч крыкнуў: «Памірайце!» - і каты кінуліся на сваіх ахвяраў.

Першая была раней неаднаразова «вучаная» дзяўчына Ганна Шопік. Яе зноў публічна на рынку раздзелі дагала і далі 200 розгаў. Непрытомную Ганну аднеслі ўбок, а на яе месца паклалі яе сястру Касю (стрыечная сястра). Трэцяй бічавалі іх сястру Магдалену. Усе атрымалі аднолькавую колькасць розгаў.

Людзей, якія сабраліся на рынку, ахапіла абурэнне. Сваякі, месцічы і нават яўрэі напачатку прасілі спыніць здзек, а потым пачалі лаяць Яновіча. Прысутных папоў асыпалі праклёнамі, і яны адзін за адным схаваліся ў доме Катлінскага. Абурэнне расло, і Яновіч спужаўся - паклікаў фурмана, загадаў падаць каня і ўцёк з мястэчка. Гэта пазбавіла астатніх ад розгаў.

Каб навярнуць, самых упартых жанчын раздалі розным папам. Сёстраў Шопік думалі аддаць дабрачыннаму Пратасевічу, але ён не прыняў збітых і скрываўленых дзяўчат, і іх павезлі ў Дзяшкаўцы. Там яны цярпелі новыя пагрозы і страхі, пасля чаго, як трошкі паправіліся, іх адвезлі папу. Поп прымушаў сёстраў працаваць на жніве і адрабляць іншыя працы ў полі, а на ноч, каб напужаць, запіраў у капліцы на могілках. Рэгулярна біў і палохаў, але нічога не змянілася [36].

Некаторыя папы і асабліва іх жонкі добра ставіліся да пакутніц, нават умацоўвалі іх дух і шанавалі іх цноту, але гэта ўсё ж былі выключэнні [37].

Пасля чатырох тыдняў сталага цягання з месца на месца выдумалі новы спосаб уціску. Усіх абскарджаных сабралі ў Дзяшкаўцах, і там старшына Улас, які раней браў удзел ва ўсіх экзекуцыях, па намове Навіцкага сказаў пакутнікам, што праваслаўны цар хоча, каб усе яго падданыя належалі да гэтай канфесіі. А паколькі яны супраціўляюцца, іх вышлюць у Сібір. Страшыў бедных людзей тым, што там няма лета і ўвесь час цёмна, жыхароў там вельмі мала, але шмат звяроў, якія ядуць людзей, і г. д. Заклінаў іх не губіць сябе і сваіх сваякоў. Але не пераканаў, і таму адразу пасля Уласа пісар гміны зачытаў загад начальства:

1. Усю маёмасць пакутнікаў прадаць праз ліцытацыю (аўкцыён).

2. 1/4 атрыманых грошаў выдаць пакутнікам на дарогу, 2/4 перадаць сваякам, а ўсё астатняе - канцылярыі і старшынам.

Было загадана падрыхтавацца ў дарогу. Гэтая выдумка павінна была перавярнуць і знішчыць душы пакутнікаў. Сотнікі з дзясятнікамі забіралі адзенне, ператрасалі дамы, выдзіралі ў людзей апошнюю маёмасць. Некаторыя пакутнікі разам са сваякамі паразбягаліся па лясах і выходзілі адтуль толькі для работы ў полі. Пачалі шукаць, лавіць і вязаць збеглых, зноў чыніліся экзекуцыі, зноў злоўленых ганялі да акружнога.

Сяляне высылалі дэпутацыю са скаргай да старшыні палаты маёмасці скарбу Кажэўнікава. Але той выгнаў скаржнікаў і абазваў бунтаўшчыкамі, дадаўшы, што, пакуль не прымуць праваслаўя, штотыдзень будуць атрымліваць мужчыны па 60, а жанчыны па 40 розгаў.

Становішча было страшнае. Цяжка ўявіць, што рабілася ў душах бедных, па кінутых усімі сялян, якія не мелі магчымасці знайсці падтрымку нават у касцёле, бо праз страх перад уладамі для іх і там зачыняліся дзверы. Таму некаторыя з сялян не вытрымалі і запісаліся ў схізму. Не маем інфармацыі пра ўсіх. Трэба шукаць дакументы на тых, хто не да канца здаўся. З іх мы ведам Антона Грыгаровіча з Поразава, Магдалену Раманоўскую з сям'і Шопікаў, Разалію Раснікевіч, Ганну, Мар'яну і іх стрыечную сястру Кацярыну Шопікаў (незамужнія дзяўчаткі). Сюды трэба дадаць старую Радашкову з дачкой, Вікторыю Нячыпар (незамужняя дзяўчына), Міхала Петрулевіча і Альжбету Кладкевіч. Праз нейкі час шмат каго з гэтых асоб (асабліва жанчын) схапілі і выслалі на пакуты ў расійскія манастыры. Жанчын кінулі ў Гродзенскі манастыр. Трымалі там адасоблена ад сем'яў, але напачатку дзякуючы літасці манашак калі-некалі іх адпускалі наведаць свае дамы. Але пра гэта даведаўся нехта з дабрачынных і даклаў кіраўніцтву, пакутніц больш не адпускалі. Гісторыя цягнулася гадамі без перапынку. Дзеці Магдалены Раманоўскай памерлі без маці. Усе магчымыя крыжовыя пакуты і жахі прайшлі па лёсе абраных душ.

6

Публічныя катаванні сялян, людзей спакойных, гаспадарлівых, руплівых працаўнікоў, якіх пераследавалі і катавалі як злачынцаў, збіццё да крыві на вачах у вялікай колькасці людзей на рынку ў Поразаве - усё гэта разнеслася па ўсёй Літве. Весткі дайшлі і да Вільні, а трэба сказаць, што тады быў ліберальны час Аляксандра ІІ і ўжо абмяркоўвалася адмена прыгону, а выгнаннікі былых часоў вярталіся з Сібіры і з Заходняй Еўропы і іх добра прымалі дома. Чакалі прыезду цара і спадзяваліся на яго вялікую ласку - адкрыццё Віленскага ўніверсітэта, а таксама ўвядзенне сапраўднай талеранцыі ў рэлігійнай і нацыянальнай сферах. Пра гвалт у Поразаве данеслі генерал-губернатару Назімаву. У сваёй аснове гэта быў людскі і добры чалавек, і таму ён загадаў спыніць справу і пажадаў, каб у будучыні праваслаўнае духавенства суадносіла свае жаданні з меркаваннямі каталіцкага і каб духоўныя справы вырашаліся духоўнымі метадамі - без удзелу паліцыі і ўлады.

Цар наведаў Менск з Вільняй і хоць быў грэшнікам, але ў кафедральных касцёлах асісціраваў падчас набажэнстваў, чаго немагчыма было ўявіць ў час яго бацькі - цара Мікалая. Пра поразаўскую справу даведалася атачэнне цара, потым пра яе напісалі замежныя газеты [38], і Назімаву даслалі нумары гэтых газет. Каб спраўдзіць інфармацыю, генерал-губернатар сам паехаў у Гродна. Да яго было выклікана ваўкавыскае праваслаўнае і каталіцкае духавенства. Назімаў паведаміў ім, што спрэчкі духавенства парушаюць яго спакой, а поразаўская справа пляміць яго перад усім светам. Спытаў, ці моцна секлі сялян у Поразаве і ў Ваўкавыску. Папы цвердзілі, што не моцна. А нядаўна прысланы поразаўскі пробашч, малады ксёндз Пісанка, сказаў, што яшчэ не быў у сваёй парафіі. Такім чынам, усё зноў магло быць схавана. Тады выступіў ксёндз Контрым і ў вялікай і лагічна складзенай прамове расказаў пра ўсё так, як яно насамрэч і было. Дадаў, што нават сам мае скрываўленыя кашулі няшчасных сялян. Таксама паведаміў пра агульны стан касцёла. Назімаў падзякаваў за факты і за шчырасць і нават абняў ксяндза. <…> Загадаў распачаць следства супраць вінаватых і абяцаў для гэтага прыслаць камісію.

У палове снежня, каб правесці следства па справе Навіцкага, у Поразава прыехаў ужо знаёмы нам Паўлаў. Усё, што расказаў ксёндз Контрым, было праўдай. Але ў выніку праз два месяцы Навіцкага пакаралі пераводам у Навагрудак на тую самую пасаду, якую ён меў у Ваўкавыску. Яновіч, Улас і іншыя выконвалі чужыя загады і іх памілавалі. Пасаду дабрачыннага Пратасевіча заняў іншы поп, і ўсё пайшло, як раней. Збеглых сялян не злавілі. Забраная ад мужа і дзяцей Магдалена Раманоўская і яе сястра Ганна Шопік знаходзіліся ў жаночым Гродзенскім манастыры і не адступілі ад сваёй веры. Потым на загад самога Назімава - як ён сказаў, каб задаволіць Сямашку, - іх выслалі ў Чарнігаўскую губерню, у манастыр Узнясення Маці Божай. 9 чэрвеня 1862 г. мужных жанчын, адарваных ад сем'яў (а Магдалена - яшчэ і ад мужа і дзяцей) на фурманцы павезлі ў месца заключэння [39].


Пасляслоўе перакладчыка да падзей у Поразаве. Пасля скасавання уніі ў Поразаве вёўся так званы разбор паствы паміж праваслаўным і каталіцкім духавенствам. У сярэдзіне 1850-х гг. поразаўскі разбор нават лічыўся поспехам праваслаўнага кліру: да таго часу ў гэтым мястэчку засталося толькі дзевятнаццаць былых уніятаў (двое мужчын і сямнаццаць жанчын). Гэтыя вернікі лічылі, што яны законна спавядаюць каталіцкую веру і адмаўляліся прызнаваць сябе праваслаўнымі. Аднак у 1857 г. яшчэ больш як 60 сялян, якіх дзяржава лічыла праваслаўнымі, абвясцілі сябе католікамі. Сямашка асцерагаўся, што вынікам адпаду гэтых сялян стане чутка, пра нібыта дазволены пераход у рымскі абрад усім, хто гэтага пажадае, што можа выклікаць абвал і крах яго справы.

Абурэнне іерарха дасягнула апагею, калі Назімаў з дазволу імператара распарадзіўся зачыніць усе следчыя справы аб «совращении» ў Поразаве і забараніў грамадзянскім уладам прымаць у падобнай сітуацыі «меры судова-паліцэйскай расправы». Паліцыя павінна была толькі тэхнічна садзейнічаць духавенству, напрыклад дастаўляць сялян для рэлігійнага «увещания», прычым святароў абавязвалі паводзіць сябе рахмана [40].

Але законаў Расійскай імперыі ніхто не адмяняў. Таму пасля паўстання 1863 г., у 1866 г., гродзенскія чыноўнікі зноў рынуліся «аднаўляць гістарычную справядлівасць». Са студзеня да жніўня 1866 г. у Ваўкавыскім павеце было навернута ў праваслаўе больш за 11 тысяч (!) чалавек і скасавана адна з каталіцкіх парафій - Ялаўская. Пайшоў паток скаргаў, з разбору якіх відаць, што «запрашэннем» у праваслаўе служылі розгі, збіццё, адпраўка да праваслаўнага святара для размоваў у разгар палявых працаў, запалохванне і шантаж. Напрыклад, старшыню адной з воласцяў далучылі, паабяцаўшы не прыцягваць да адказнасці за ўтойванне казённых грошай. Скаржнікі масава адмаўлялі правамернасць аднясення іх да праваслаўных. Дакументы расследавання гэтай справы сведчаць пра збіццё сялян паліцэйскімі і міравымі пасрэднікамі, пра прымус і гвалт. Прычым чыноўнікі скардзіліся, што «самыя заўзятыя… фанатыкі… у Гродзенскай губерні засяродзіліся ў Поразаўскім прыходзе». С дакументаў відаць, што ў Поразаве сяляне былі перакананыя, што цар пазбавіў іх ад прыгоннай залежнасці не па сваёй волі, а на загад Напалеона. Хадзілі чуткі, што сяляне нават хадзілі скардзіцца аўстра-венгерскаму намесніку Галухоўскаму, бо лічылі сябе ўніятамі, а ў Заходняй Украіне унія квітнела. Гродзенскі губернатар дакладаў, што ваўкавыскія вернікі нават прывялі некалькі губерняў на мяжу новага паўстання, і характарызаваў большасць жыхароў Поразава і Ялаўкі як закаранелых католікаў і нават… падданых імператара Францыі [41].

У 1871 г. урад зноў зазнаў праблемы з поразаўцамі. Мясцовы селянін Крыцкі скардзіўся на станавога прыстава і папа, якія прымушалі мясцовых сялян пераходзіць у праваслаўе. У выніку самога Крыцкага выслалі з Ваўкавышчыны.

У 1888 г. поразаўскі поп пасылае ваўкавыскаму спраўніку прашэнне, каб той сваёй уладай вярнуў «у лона праваслаўя» [42] католікаў, таксама ён паведамляе пра яшчэ 21 верніка, якія збіраюцца стаць католікамі, святар дакладае: «..."увещания" не мае вынікаў, паколькі сяляне застаюцца ў зацятасці».

З НАТАТАК ВАСЬМІДЗЕСЯЦІГАДОВАГА СТАРОГА ЛІЦВІНА-ЎНІЯТА [43]

I

Трэба сказаць, што да заняпаду і скасавання ўніі праз узаемную нязгоду і зайздрасць прычынілася і само грэка-каталіцкае духавенства - як белае духавенства, гэтак і базыльяне. Шмат гадоў белае духавенства скардзілася на свае малыя фундушы, на тое, што яно не мае магчымасці даць адукацыю сваім дзецям і сіротам святароў, і патрабавала ад базыльянаў дапамогі. Літоўскія базыльяне пастанавілі, каб у трох сваіх манастырах, пры якіх меліся павятовыя школы, прыняць на манастырскі фундуш па 12 святарскіх сыноў і, акрамя гэтага, вучыць іх у некалькіх сваіх іншых манастырах, а таксама выхоўваць на сваім фундушы 12 святарскіх сыноў, якія маюць жаданне стаць святарамі. Яшчэ раней, на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў, базыльяне ў Жыровіцкім манастыры ўтрымлівалі 12 святарскіх сыноў у бурсе і вучылі іх у павятовай школе і гімназіі. Аднак белае духавенства не ацаніла гэтага і працягвала ціснуць на базыльянаў, патрабуючы перадачы ім некалькіх сваіх самых вялікіх манастыроў разам з маёнткамі і падданымі. Па гэтай справе белае духавенства неаднаразова падавала просьбы да міністра веравызнанняў, дамагаючыся, каб базыльянам было загадана перадаць некаторыя свае манастыры з маёнткамі на ўтрыманне святарскіх удоў і сірот. Бачачы такі моцны ціск, базыльяне саступілі святарам некалькі меншых манастыроў (нягледзячы на тое, што маёнткі і фундушы гэтых манастыроў у свой час былі перададзеныя дабрадзеямі менавіта базыльянам), каб раз і назаўсёды пакончыць з нянавісцю і скаргамі. Аднак белы клір не прыняў гэтых меншых манастыроў і працягваў дамагацца большых. Тады базыльяне пачалі бараніцца, пры гэтым яны абапіраліся на грамадскую думку, якая была на іх баку, бо базыльяне літоўскай правінцыі мелі павятовыя школы для моладзі пры сямі вялікіх манастырах, у Жыровічах трымалі гімназію, а пры іншых манастырах - парафіяльныя школы. З гэтай прычыны настала вялікая нязгода паміж базыльянамі і белым клірам, прычым апошнія ўжывалі ўсе магчымыя сродкі, нават скардзіліся ў юстыц-калегію і ўрад, бо імкнуліся забраць вялікія манастыры і зменшыць іх колькасць у трох правінцыях.

У той час у пецярбургскай юстыц-калегіі стала вольным месца асэсара [44] ад уніятаў. На гэтую пасаду быў выбраны кансістор [45] Іосіф Сямашка, і ў 1823 г. ён паехаў у Пецярбург, меў тады 24 гады. Калі яго справядліва ацэньваць, дык быў гэта чалавек начытаны, але эгаіст і вялікі хітрэц. Трэба сказаць, што калі ішла размова пра рэлігію, дык калі хто з улады хацеў ад яго нешта пачуць, менавіта тое ад яго і чуў. Натуральна, жывучы ў Пецярбургу, ён яшчэ больш удасканаліўся ў дыпламатыі і хітрасці. Як я чуў прыватна, у першы год Сямашка шукаў знаёмства з вялікімі чыноўнікамі і высакароднымі асобамі і здолеў да іх прынаравіцца. Гэта патрабавала вялікіх высілкаў, бо перад імі ён паказваў высокасць свайго розуму, прыгажосць мовы, досціп і глыбіню сваіх праектаў.

Жывучы ў Пецярбургу і маючы кантакты з іншымі святарамі з юстыц-калегіі, Сямашка назіраў абрады і цырымоніі рускай царквы і моцна хваліў іх. Ён вырашыў навязаць гэтыя абрады ўніятам, кажучы, што ўніяты ад іх адышлі і наблізіліся да абрадаў лацінскага касцёла. Але пра гэта ён нічога не казаў мітрапаліту Язафату Булгаку, які старшыняваў ва ўніяцкай частцы юстыц-калегіі і быў супраць такога перавароту. Аднак святары ў калегіі падтрымлівалі Сямашку ў гэтым і дамовіліся, пачынаючы з малога, увесці грэка-схізматычны абрад. Яны загадалі, каб у цэрквах меліся царскія вароты з унутранымі фіранкамі і г. д. Таксама яны запланавалі зменшыць колькасць базыльянаў праз новыя ўмовы для паступаючых у навіцыят і потым гэтак прадставіць справу міністэрству, што праз недахоп асоб у манастырах трэба іх адабраць у базыльянаў і перадаць для дапамогі ўдовам і сіротам.

Базыльяне, як маглі, бараніліся і падалі просьбу да мітрапаліта Булгака з патрабаваннем, каб у юстыц-калегіі таксама сядзеў базыльянін, які будзе бараніць іх закон ад згубы і перадачы найлепшых манастыроў беламу духавенству. Аднак на пачатку мітрапаліт замест таго, каб бараніць базыльянаў, вусна адказаў ім: «Як адных ненавіджу, гэтак другіх не цярплю, я не хачу быць Язафатам Кунцэвічам, каб мяне, як яго, закатавалі». Тым часам Сямашка праз сваю хітрасць пазнаёміўся з міністрам веравызнанняў Галіцыным і ў размове з ім прадставіў усіх базыльянаў трох правінцый у найгоршым свеце: маюць вялікія маёнткі і жывуць у раскошы. Белае ж духавенства бараніў і маляваў у найлепшым свеце, казаў, што яно не мае магчымасці даць адукацыю сваім дзецям і сіротам святароў. Прасіў міністра, каб той прапанаваў цару Аляксандру І выдаць указ аб перадачы манастыра, царквы і маёнтка ў Жыровічах, а таксама іншыя манастыры з маёнткамі ў беларускай правінцыі беламу духавенству для адукацыі дзяцей. Міністр Галіцын абяцаў дапамагчы.

Мітрапаліт Булгак бачыў паўстанне белага кліру супраць базыльянаў і разумеў, што з гэтага будзе вялікая перашкода закону, таму некалькі разоў пісаў да літоўскіх базыльянаў, каб яны прыслалі каго-небудзь ад свайго закона ў юстыц-калегію. Базыльяне хутка прыслалі ў юстыц-калегію такога чалавека. Але калі на пасяджэннях той бараніў свой закон, у калегіі пачалася нязгода, члены калегіі абурыліся супраць яго і загадалі яму пакінуць Пецярбург, а на яго месца запатрабавалі іншага. Базыльяне паслалі другога члена свайго закона - ігумена. Аднак і той пратэставаў супраць гвалтоўнага адбірання фундушу ў Жыровічах, гэта значыць царквы з дзвюма капліцамі, вялікага трохпавярховага манастыра і трохпавярховага будынка школы, у якім базыльяне мелі павятовую школу і гімназію, а таксама 5 фальваркаў, якія належалі жыровіцкаму манастыру. Таксама ігумен супраціўляўся супраць пагаршэння ўмоў паступлення моладзі ў закон. Таму члены калегіі патрабавалі прыбраць і яго, што і было зроблена.

Потым з юстыц-калегіі была пададзеная просьба да міністра асветы, каб жыровіцкі манастыр з царквой і фундушам літоўскіх базыльянаў быў адабраны і перададзены беламу духавенству. Міністр прыхільна паставіўся да іх просьбы і падрыхтаваў адпаведны ліст, каб прадставіць яе цару, але цара тады не было ў Пецярбургу. Базыльяне мелі сваіх сяброў у сталіцы і пра ўсё ведалі.

Гэта было ў 1824 г., калі цар Аляксандр праязджаў праз Гродзенскую губерню і начаваў у мястэчку Ружаны ў лацінскай плябаніі, а яго доктар І. М. - у манастыры базыльянаў таго ж мястэчка. Суперыёр гэтага манастыра Нікадзім Марціноўскі, найлепшы сябар доктара, у размове з ім сказаў, што белы клір пераследуе базыльянаў і носіцца з намерам адабраць манастыры, у тым ліку і найвялікшы манастыр з яго фундушам. Доктар прапанаваў назаўтра падаць цару кароткую просьбу. Настаяцель манастыра за ноч напісаў ліст на рускай мове і перадаў яго доктару, пасля чаго яны абодва пайшлі ў плябанію. Доктар уручыў ліст цару Аляксандру і паскардзіўся яму на лёс базыльянаў. Цар загадаў прывесці да яго Марціноўскага, дастаткова доўга размаўляў з ім па-руску і па-французску, пачуў шмат новага для сябе і сказаў, што не дазволіць крыўдзіць базыльянаў [46].

II

Калі Аляксандр вярнуўся ў Пецярбург, міністр Галіцын падаў яму з уніяцкай юстыц-калегіі прашэнне з просьбай адабраць у базыльянаў Жыровіцкі манастыр з маёнткам і перадаць яго беламу духавенству. Аднак цар не прыняў гэтай прапановы і перадаў міністру просьбу Марціноўскага, дадаўшы пры гэтым, што не выпадае крыўдзіць базыльянаў, адбіраючы ў іх Жыровічы, бо манахі ўтрымліваюць павятовую школу і гімназію. Міністр разгневаўся на базыльянаў, а яшчэ больш на Марціноўскага і шукаў толькі прычыну, каб адпомсціць. Ён запытаўся ў літоўскага правінцыяла а. Цэзарыя Камінскага пра тое, дзейнічаў а. Нікадзім Марціноўскі ад сябе ці падаў прашэнне да цара ад імя кіраўніка правінцыі? Правінцыял прааналізаваў з кансультарамі гэты запыт і разважыў, што калі скажа, што Марціноўскі ўсё зрабіў па сваёй волі, дык пагубіць яго. Таму адпісаў, што суперыёр рабіў тое, што вырашылі ўлады закона з прычыны абставін, якія склаліся вакол базыльянаў.

Пакуль на гэтым усё і скончылася. Галіцын неўзабаве пакінуў пасаду, але перадаў свайму сакратару Блудаву, які пасля яго стаў міністрам, каб той помсціў базыльянам.

Калі ў юстыц-калегіі стала вядома пра такі паварот падзей, справа супраць закона прыпынілася - нельга было ісці супраць волі цара. Пасля смерці Аляксандра І у 1825 г. царом стаў яго брат Мікалай Паўлавіч, і на другі год яго панавання ў юстыц-калегіі пачало вырашацца пытанне аб прызначэнні біскупа ў Брэсцкую епархію [47]. Праект быў пададзены мітрапаліту Язафату Булгаку, які адначасова быў і брэсцкім біскупам, каб той высвяціў каго-небудзь сябе ў дапамогу. Мітрапаліт прыняў гэты праект. Хітры Сямашка хацеў стаць біскупам і вынайшаў спосаб, як заняць гэтую пасаду. Ён блізка пазнаёміўся з міністрам Блудавым, уцёрся да яго ў ласку і, размаўляючы з ім пра розныя рэлігіі ў рускай дзяржаве, звярнуў увагу на грэка-ўніятаў, якія па яго словах, адступілі ад свайго абраду. Пасля кароткай размовы, нібы жартуючы, сказаў міністру: «Калі б я быў біскупам і мне было б вольна гэтак паступіць з уніятамі, як неабходна для ўз'яднання з праваслаўнай царквой, дык за 7 гадоў ад уніі і следу не засталося б». Міністр пахваліў яго за гэтыя словы і сказаў, што прадставіць гэтую ідэю Мікалаю І і раскажа цару пра магчымасць такога ўз'яднання. Таксама паабяцаў, што Сямашка стане біскупам. Усё так і адбылося [48].

Мітрапаліт з членамі юстыц-калегіі склалі спіс з трох кандыдатаў, з якіх адзін і быў зацверджаны біскупам. У спісе быў і Сямашка, і, нягледзячы на тое што ён стаяў апошнім, цар выбраў менавіта яго. Хутка Сямашка быў высвячаны ў біскупы мітрапалітам Булгакам. У нашых ваколіцах было чуваць, што калі ён пайшоў на аўдыенцыю да цара, каб падзякаваць за пасаду біскупа, дык пасля кароткай размовы Мікалай сказаў яму: «Ксёндз-біскуп! Я ўсклаў на вас гэтую мантыю біскупа і маю права зняць яе з вас, а таму ні ў чым не супраціўляйся маёй волі, і тады ўсё будзе добра».

У хуткім часе цар прыслаў новаму біскупу ў прэзент поўны ўбор праваслаўнага біскупа: расу, клабук і г. д. Паводле ўспамінаў, прыняў гэта ўсё Сямашка з невялікай ахвотай, бо прыняцце гэтага адзення азначала прыняцце расійскай рэлігіі. Праз нейкі час цар Мікалай выклікаў да сябе Сямашку, каб падараваць яму панагію, і, аблашчыўшы яго, даў заданне: «Хачу, каб ты ўсіх уніятаў далучыў да праваслаўнай царквы». Пра гэта ў іх была доўгая размова, падчас якой абмяркоўваліся розныя спосабы. Напрыканцы Мікалай сказаў: «Не даю пісьмовага загаду, але маеш ад мяне ўсю ўладу: можаш зрабіць з усімі ўніятамі, як захочаш, як з белым, гэтак і з чорным духавенствам. Калі гэта не будзе насуперак нашай уладзе і царкве, ды з усім, што ты зробіш, я не буду разбірацца і не буду адмяняць гэта без цябе». Казалі, што Сямашка адказаў: «Калі гэта даручаеце мне, дык маю надзею, што праз 7 гадоў ад уніі нават слядоў не застанецца». Пра гэтыя паўнамоцтвы сам Сямашка ў пазнейшы час, калі быў з візітацыяй у Супрасльскім манастыры, публічна паведаміў вялікай колькасці асоб, а падчас спрэчкі пра рамонт муроў манастыра з гаспадаром фабрыкі купцом Захертам, адказаў: «А калі б васпан меў і дзясятак сенатараў на сваім баку, а не аднаго, як мае зараз, дык і на здароўе, гэта нічога не зменіць, і нават сам цар без мяне не пераробіць».

З таго часу біскуп Сямашка нібы па сакрэце пачаў самых значных уніятаў намаўляць да далучэння з рускай царквой. Як базыльянаў, гэтак і белае духавенства заахвочваў лепшым побытам, уладай, хуткім кар'ерным ростам і ўжываў розныя іншыя хітрыя спосабы. Мітрапаліт Язафат Булгак, стары чалавек ва ўзросце больш за 70 гадоў, даручыў Сямашку быць яго памагатым у трох правінцыях, але пра жаданне скасаваць унію доўгі час не ведаў. Гэта трымалася ў сакрэце ад мітрапаліта, бо было вядома, што Булгак супраць далучэння да рускай царквы і, пакуль жыве, не дазволіць скасаваць грэка-каталіцкую рэлігію. Сямашка рабіў усё цішком, падбіраў асоб, падобных да сябе, і праз нейкі час, каб наблізіць уніятаў да пануючай царквы, пачаў патроху ўводзіць рускія царкоўныя абрады. Рабіў усё патаемна і цішком, бо мітрапаліт старшынстваваў у юстыц-калегіі. Калі ад цара Мікалая Булгаку было пададзеная прапанова далучыцца да рускай царквы, дык мітрапаліт не прыняў яе і прасіў цара пакінуць у спакоі ўніятаў і нічога не змяняць хоць бы да яго смерці.

Стары і аслабелы мітрапаліт Булгак меў у дапамогу біскупа беларускай правінцыі Базыля Лазінскага, а валынская правінцыя была вакантная пасля смерці біскупа Кірылы Серацінскага. Пасля высвячэння Сямашкі ён стаў вікарным брэсцкім біскупам і намеснікам мітрапаліта ў юстыц-калегіі. Карыстаючыся з таго, што той добра не ведаў рускую мову, хітрэц здрадліва рабіў гадасці мітрапаліту: замест яго ён рыхтаваў лісты кансісторам і загадваў ім прымушаць святароў адпраўляць набажэнствы ў праваслаўным абрадзе. Мітрапаліт, не чытаючы, падпісваў загады, бо верыў Сямашку, які толькі на словах пераказваў старому змест лістоў.

Меў ужо пэўную ўладу, бо ўплываў на цара і цалкам кіраваў юстыц-калегіяй. Базыльяніна ён прымусіў выйсці з калегіі і вярнуцца ў свой манастыр.

У 1829 г. ад імя юстыц-калегіі паўторна была пададзеная просьба да міністра асветы Блудава з прапановай перадаць беламу духавенству манастыр і царкву ў Жыровічах і ў Лаўрышаве разам з усёй іхняй рухомай і нерухомай маёмасцю. Міністр ухваліў праект, а цар падпісаў яго. У выніку базыльяне былі парассыланы па іншых манастырах, у Жыровічах - скасавана павятовая школа і гімназія з бурсай для бедных вучняў і закладзена семінарыя на 150 дзяцей святароў і дзячкоў. Былі адабраныя і некалькі іншых базыльянскіх манастыроў.

Падчас складання святарамі-кансісторамі з сваім памагатымі спіскаў рухомай і не рухомай маёмасці ў Жыровічах, асабліва падчас напісання інвентару царквы і сакрыстыі, усе яны хапалі і рвалі адзін у аднаго каштоўныя рэчы - хто з іх што ўхапіў, тое і меў. Напрыканцы для тых базыльянаў, якія яшчэ засталіся, і белага духавенства Сямашка сказаў панегірык: «Айцы і браты ў Хрысце, абатрыце з вашых вачэй слёзы! Хай Бог дае доўгае панаванне Мікалаю, які дапамагае святарскім дзецям, жадае вывесці іх з цемры і даць асвету. Досыць ужо панаваць базыльянам, хай і белы клір спазнае добрае жыццё пад шчаслівай уладай міласэрнага цара».

Праз гэткую вялікую ласку белы клір вельмі цешыўся, але афіцыял літоўскага кансістора Антон Тупальскі, бачачы, што стане з уніяй, растлумачыў дэканам: «Гэта праўда, адабралі ў базыльянаў некалькі манастыроў і яшчэ болей забяром і іх прынізім, гэта праўда. Але мы самі хутка за імі пойдзем, занепадзе наша рэлігія, і мы не будзем мець ніякага паратунку. Такія наступствы нас чакаюць».

III

Першымі фундатарамі манастыра і царквы ў Жыровічах (пасля з'яўлення Божай Маці ў полі на грушы) былі Солтан, Трызна, Мялешка і кароль Ян ІІІ. Потым базыльяне самі разбудавалі манастыр і павялічылі фундуш. З моманту з'яўлення Божай Маці тут стаяла ўжо трэцяя царква. Яна была мураваная і досыць вялікая, скляпенне абапіралася на 8 калон, каля якіх меліся алтары. Манастыр трохпавярховы, трохкорпусны, адзін з карпусоў злучаўся з сакрыстыяй царквы. Тут знаходзілася значнае багацце, якое было вывезенае Сямашкам, меліся тры манстрацыі [49], з якіх адна згодна з інвентаром каштавала 18 000 зл. а другая, срэбная большага памеру - 33 000 зл., трэцяя - залатая з каштоўнымі камянямі ацэньвалася ў 75 000 зл. Пушкі [50], келіхі [51], крыжы на алтарах, рэліквіярыі [52], падносы, ампулкі [53], двулокцевыя падсвечнікі і іншыя службовыя рэчы былі срэбныя. Алтар Маці Божай за царскімі варотамі ў іканастасе, над пнём грушкі, на якой з'явілася Маці Божая, з абразам на невялікім аспісе [54] ў шатах памерам 3 × 2 локці з срэбра, золата і каштоўных камянёў на ёй - агульным коштам у 5 000 000 зл. Па баках алтара было мноства абразоў з залатымі і срэбнымі таблічкамі-вотамі, іх ахвяравалі людзі, якія прыходзілі сюды на адпусты. Кожны раз перад адпустамі каля паловы таблічак здымалася і хавалася ў скарбец, але пустыя месцы людзі зноў запаўнялі новымі. За некалькі гадоў у скарбцы сабралася 3 бочкі гэткіх таблічак, і яны былі перапісаныя ў інвентар. Усё гэтае срэбра Сямашка забраў нібыта ў царскі скарб. Тыя, хто ў момант адабрання манастыра жыў у ім, расказвалі, што Сямашка выняў цудоўны абраз Маці Божай з алтара і трымаў яго ў сябе 3 дні, а кляйноты і дарагія камяні з абраза адаслаў у Пецярбург.

Гэты рабунак можна было прадбачыць яшчэ ў 1822 г., калі ўрад строга загадаў базыяльнам зрабіць новы дакладны інвентар рухомасці і нерухомасці з коштам кожнай рэчы і апісаннем яе вартасці. Каб выканаць гэты загад, літоўскі правінцыял а. Цэзары Камінскі вазіў ювеліра і двух пісараў ад аднаго да другога манастыра і перапісваў кожную рэч, прычым каштоўныя рэчы вывучаў і ацэньваў ювелір.

Зрэшты, такі рабунак Сямашка дапусціў толькі ва ўніяцкіх цэрквах, бо ў раней забраных урадам для дызунітаў цэрквах царкоўныя багацці і каштоўнасці ўтрымаліся, і не было там падобнага рабунку [55]. Быў сведкам і бачыў, што ў Пачаеўскай пабазыльянскай царкве, акрамя абразоў заходняй царквы, даўнія багацці і цяпер на месцы. Абразы заходняга пісьма мелі архікаштоўныя рамы і вельмі якасны жывапіс, але прадаваць іх забаранілі, і яны былі сабраныя з царквы і капліц на два вазы, вывезены ў вёску Пачаеў і там пад наглядам праваслаўных сведкаў спалены на вогнішчы.

Праз нейкі час Сямашка выслаў да духавенства ўсіх 3 уніяцкіх епархій паперу з пытаннем: што іх утрымлівае ў грэка-каталіцкай рэлігіі, яе абрадах і цырымоніях? Пажадаў, каб кожны на гэтае пытанне адказаў пісьмова і сваёй рукой. Базыльяне і некаторыя з белага кліру адказалі неабыякава, але дыпламатычна, і Сямашка зразумеў, што яны такім чынам выказалі прыхільнасць да ўніяцкай царквы. І ён вырашыў паменшыць колькасць базыльян.

У 1830 г. цар Мікалай выдаў указ, які дазволіў базыльянам вярнуцца ў свой абрад, калі яны раней былі лаціннікамі. Гэта трэба было даказаць сваёй і бацькавай метрыкай. Таксама можна было выйсці ў свецкі стан. Хутка адбыліся некалькі звальненняў з базыльянаў у лацінскі закон ці ў свецкі стан. Тым, хто, не зважаючы на добраахвотную манаскую прысягу, звальняўся з закона ў свецкі стан, дазвалялася нават ажаніцца, не дазвалялася толькі правіць св. імшу. Тыя, хто да базыльянскага закона быў уніятам, павінны былі прыняць пануючую расійскую рэлігію. Ім таксама можна было звольніцца - пасля гэтага нельга было правіць св. імшу, але можна было ажаніцца.

У 1834 г. Сямашка прызначыў канчатковы тэрмін, да якога яшчэ можна было пакінуць базыльянскі закон, пасля гэтага года нікому не дазвалялася перайсці ў лацінскі абрад, можна было толькі прыняць праваслаўе ці стаць цывільным. Пасля атрымання такога ўказа, каб унікнуць прымусу ў схізму, шмат базыльянаў пакінулі закон. Адны пайшлі ў лацінскія законы, іншыя перайшлі ў лацінскія ксяндзы, некалькі манахаў сталі цывільнымі.

Пасля значнага памяншэння колькасці базыльянаў Сямашка і да яго падобныя пачалі апрацоўваць найбольш значных асоб з уніятаў, намаўляючы іх да прыняцця пануючай рэлігіі і ўжываючы пры гэтым розныя хітрыя сродкі. Са старых уніяцкіх біскупаў жыў толькі адзін біскуп беларускай правінцыі Базыль Лазінскі, але і яго Сямашка намовіў да прыняцця дызуніі. Святары з юстыц-калегіі, афіцыялы і кансісторы трох кансісторый - праз абяцанкі пасадаў, узнагароды, маёнткі і іншае - прынялі дызунію і абавязаліся намаўляць да яе іншых святароў.

Далей было вырашана наступнае. Сямашка прасіў у пецярбургскага Сінода рускія службоўнікі для ўніяцкіх цэркваў. Сінод ахвотна адгукнуўся на просьбу: у пецярбургскіх і кіеўскіх друкарнях было выдрукавана больш як 800 службоўнікаў фармату ¼ і іншыя малітоўныя кнігі для ўніяцкай царквы. У 1834 г. Сямашка разаслаў іх святарам у кожную парафіяльную царкву і прымушаў прыняць гэтыя кнігі тых святароў, якія адмаўляліся.

Сямашка, аднак, заўважыў, што жніво вялікае, а жняцоў мала і ён адзін не здужае выканаць сваю місію. Таму ўзяў сабе памочнікам Антона Зубко, былога ўніята родам з Беларусі і падобнага да яго ў хітрасці. Зубко ў той час быў рэктарам Жыровіцкай семінарыі. У 1834 г. высвяціў яго ў біскупы, пасяліў у Жыровіцах пры кансісторыі і семінарыі і даручыў навяртаць у праваслаўе святароў і звычайных вернікаў. Асабіста яму прызначыў даходы з трох фальваркаў, якія раней належалі Тараканскаму манастыру ў Кобрынскім павеце. Новы біскуп з усімі сіламі ўзяўся за працу і ўсяляк намаўляў да расійскай рэлігіі. Найперш шукаў прыхільнікаў сярод дэканаў і вымагаў ад іх уласнаручнай распіскі: «Я, Н. Н., з уласнага пераканання ў праўдзівасці расійскай праваслаўнай царквы, дабравольна прымаю яе, таксама абавязваюся прыводзіць да яе іншых, у доказ чаго падпісваюся сваёй рукой».

Таксама вялікія высілкі да выканання гэтай місіі прыклалі новыя святары-дызуніты, як кансісторы, гэтак і дэканы, кожны з іх стараўся навярнуць як мага больш чалавек, бо згодна з абяцаннем Сямашкі спадзяваўся атрымаць за гэта ўзнагароды ці нейкі пабазыльянскі маёнтак. За справу навяртання сваіх самых вялікіх праціўнікаў - базыльянаў - вельмі чынна ўзяліся самі біскупы. На жаль, сярод базыльянаў не было ўжо каму ўзначаліць супраціў, колькасць манахаў значна зменшы лася, а ў валынскай і беларускай правінцыі закона паўміралі правінцыялы. У літоўскай правінцыі правінцыялам у той час быў ігумен пінска-ляшчынскі Язафат Жарскі, які напачатку бараніўся, але яго надоўга не хапіла. Дазволіў Сямашку і Зубко сябе ўгаварыць. Яму было абяцана, што калі перастане бараніць унію і стане праваслаўным, дык яго прызначаць пінскім біскупам і пажыццёвым уладальнікам Пінскага ці Ляшчынскага манастыра. «Нічога не зробіш, але страціш пасаду правінцыяла і ігумена, маёнтак ігумена забяром, бо распараджэння цара трэба выконваць», - казалі яму.

Пасля абяцанак правінцыял Язафат Жарскі забыўся пра свайго патрона Язафата Кунцэвіча, які быў забіты за унію і прыняў схізму. Былая ўніяцкая юстыц-калегія праз Сямашку выдала ўказ за подпісам цара: паколькі ў беларускай і валынскай правінцыях базыльянаў няма правінцыялаў і абіраць новых не дазваляецца, дык кіраваць базыльянамі будуць епархіяльныя біскупы. Паколькі на Валыні біскуп Кірыл Серацінскі да таго часу ўжо памёр, валынскія епархія і правінцыя былі далучаны да літоўскай.

Пасля скасавання базыльянаў юстыц-калегія выдала загад былому літоўскаму пра вінцыялу Язафату Жарскаму правесці візітацыю валынскіх і літоўскіх базыльянаў і дакласці, якія манастыры лепшыя і выгадныя, а якія трэба зачыніць. Пасля візітацыі Язафат Жарскі паехаў у Пецярбург і там праз Сямашку быў высвячаны ў праваслаўныя епіскапы, гэтак ён у 1835 г. стаў праваслаўным епіскапам Пінска. Вярнуўшыся ў Літву, меў рэзідэнцыю ў Быценскім манастыры, фундуш якога быў аддадзены яму ў якасці «сталовага».

Неўзабаве ў юстыц-калегіі Сямашка ад імя цара выдаў новы ўказ, які праз кансісторыі загадваў усяму беламу і чорнаму духавенству правіць імшу паводле грэка-рускага абраду па службоўніках, якія ён раней даслаў, гэта значыць імшу на 5 прасфорах (ці 5 булачках), замест кленчання біць паклоны, царскія вароты адмыкаць і замыкаць у іншы час, падчас імшы не званіць, да людзей звярталіся «мір усім», малітоўных песнапенняў «Спасі людзі твае» не спяваць, на арганах не іграць і каб пры кожнай царкве былі спевакі і спявалі імшу па грэка-рускім абрадзе.

У Жыровіцкі манастыр быў прызначаны Севярын Дзюбінскі, новы дызуніт, базыльянін з валынскай правінцыі, ён павінен быў навучыць грэка-рускаму абраду. Для гэтага з кожнага дэканата да яго прысылалася па некалькі святароў, святары жылі там на сваім кошце па 2-3 тыдні, і калі ўжо добра вывучвалі новы абрад, Дзюбінскі даваў ім дазвол служыць новую імшу і вучыць ёй іншых. Біскупы і кансісторы павінны былі кантраляваць гэты працэс.

IV

Тады ўжо ў уніяцкіх святароў расплюшчыліся вочы, і яны пачалі разумець, чаго хоча іх біскуп, і пачалі размаўляць пра гэта паміж сабой, зразумелі, што ён патроху, па кроку вядзе іх у схізму. Пачалі адмаўляцца ад вывучэння новага абраду і службы па грэка-рускім службоўніку.

У 1834 г. Сямашка рабіў візітацыю ў Гродзенскай губерні ў некаторых цэрквах, якія стаялі каля гасцінцаў. Праз жыровіцкую кансісторыю ён загадаў навагрудскаму дэкану пасля візітацыі сабраць усіх святароў у прызначаны дзень у базыльянскай навагрудскай царкве - там павінна была спявацца імша з дыяканамі і казаннем. Пра гэта адразу пайшла пагалоска: з цікавасці ў тую царкву на набажэнства прыйшло шмат народу і шляхты, сабраліся святары, Сямашка прыехаў а 10-й гадзіне. Яго сустрэлі ўсе разам і праводзілі ў царкву, дзе ўсё ўжо было падрыхтавана, пасля чаго распачалася спеўная імша. Ён слухаў яе, седзячы на троне. Уніяцкі святар Паўлоўскі, доктар тэалогіі [56], прамаўляў казанне на дзве тэмы: першая - «Дзеці, настала апошняя гадзіна, вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, дык вось, цяпер з'явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна. Яны выйшлі з нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, дык заставаліся б з намі». І другая тэма: «Не магчыма, каб чалавек, які не ўпэўнены ў сваёй рэлігіі, меў сапраўдную пачцівасць. Не магчыма, каб непачцівы чалавек быў добры і меў сапраўдную рэлігію».

Засцерагаючы слухачоў, святар цытаваў Святое Евангелле: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік», і далей: «Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя». Напрыканцы казання выказаў думку: «Умацоўвайце, угаворвайце і засцерагайце адзін аднаго, каб не мелі прыязі да бязбожнікаў, бачылі іх хітрыкі, унікалі таварыства з імі, як з заразай, і не верылі ў тое, што яны кажуць, але больш шанавалі нашу рэлігію, якую вызнаём, трымаліся яе законаў і не здрадзілі адзінай апостальскай царкве». Ён прамаўляў па паперы, але шмат дадаваў таго, чаго не было напісана, і намякаў на Сямашку, які сядзеў блізка да яго, - гэта ён не праз дзверы лез у аўчарню і быў драпежным ваўком. Сямашка, слухаючы, скрыгатаў зубамі і гэтак запаліўся супраць прамоўцы, што ў яго пайшла носам кроў. Пасля набажэнства на калідоры манастыра Сямашка ганебна адчытаў Паўлоўскага, адабраў у яго напісанае казанне і сказаў: «Гэта табе беспакарана не пройдзе». Доктар тэалогіі меў копію свайго казання, і потым яна, перапісаная, пераходзіла з рук у рукі, чытаў гэты рукапіс і я.

У той час усе святары Навагрудскага дэканата мелі напісанае ад іх імя прашэнне да Сямашкі, каб той звольніў іх ад імшы на рускі капыл, ад ужывання кніг маскоўскага друку і дазволіў служыць грэка-каталіцкую імшу. Навагрудскі дэкан Гамаліцкі падаў гэтую просьбу, але Сямашка зласліва кінуў яе на зямлю і сказаў: «Просьба гэткая ж, як і казанне?» Пасля чаго пайшоў з манастыра базыльянаў праз дарогу да базыльянак. Праз паўгадзіны Гамаліцкі паўторна перадаў яму прашэнне. Сямашка ўзяў паперу і грозна сказаў святарам: «Дарэмныя вашы просьбы і бунт супраць мяне, што загадаю, тое і мусіце рабіць, бо гэтага хоча цар, а я загадваю, і гэтак будзе. А таго са святароў, хто адмовіцца, буду вучыць розгамі, нягледзячы на век, чын і адукацыю, а потым забараню служыць адказнікам, назаўсёды перавяду ў дзячкі, іх дзяцей і жонак павыганяю з плябаній і іншых святароў пасаджу на іх месца, а калі будзе патрэба - вазьму ў Расіі».

Пачуўшы гэта, Гамаліцкі ўсклаў віну на Паўлоўскага і двух іншых святароў. Гэтым святарам Сямашка адразу забараніў служыць і загадаў жыровіцкаму кансістору, каб той выслаў іх на трохмесячную пакуту ў Быценскі манастыр. Пасля трох месяцаў перавёў іх у іншы манастыр і рабіў гэтак на працягу года. Адзін з іх скарыўся Сямашку, але прамоўца Паўлоўскі і святар Дылеўскі не прынялі схізмы, і ён перавёў іх у дзячкі ў іншыя губерні, а іх жонак і дзяцей павыганяў з плябаній без утрымання і прытулку.

Сямашка, жадаючы адпомсціць Паўлоўскаму за казанне ў Наваградку, яшчэ да пераводу яго ў дзячкі, паслаў тэкст казання губернатару Мураўёву, таму самаму, які потым атрымае мянушку «Вешальнік». Ён абвінаваціў Паўлоўскага ў выступе супраць трона, духавенства і пануючай рэлігіі і прасіў, каб яго асудзілі як бунтаўшчыка. Мураўёў адказаў, што прачытаў тэкст казання і нічога крамольнага не ўбачыў, - гэтак святар пазбегнуў пакарання ад губернатара.

У 1835 г. Сямашка і яго калегі па юстыц-калегіі дамовіліся зачыніць меншыя манастыры базыльянаў, а рухомую і нерухомую маёмасць… перадаць прызначанаму ў пабазыльянскую царкву святару.

Ён асабіста ведаў адносіны базыльянаў да дызуніі і ведаў, хто з іх якім паветрам дыхае. Таму рознымі спосабамі, нягледзячы на ўзрост, заслугі, халодную зіму ці адлегласць, перамясціў іх з манастыроў Літвы і Беларусі на Валынь, а з Валыні, наадварот, у Літву і Беларусь. Трох заслужаных літоўскіх ігуменаў, якія не прынялі дызуніі, зняў з пасады:

• Язафата Слабоцкага [57], тэолага з Кобрынскага манастыра. Прызначыў яму пенсію ў 50 рублёў штогод і перасяліў у Тараканскі манастыр;

• з Гродзенскага манастыра зняў Віктара Бучынскага. Таксама прызначыў яму 50 рублёў і выслаў у Быценскі манастыр;

• Ігумена Бенядзікта Ленартовіча зняў з Троцкага манастыра і выслаў яго ў Курск пад нагляд паліцыі, на Курскай камяніцы, дзе жылі сасланыя базыльяне і святары, меўся надпіс «Обитель папистов».

На іх месца паставіў прыхільных дызуніі:

• у Гродна Ігната Жалязоўскага;

• у Супрасль на месца годнага біскупа Явароўскага (ён быў і ігуменам) пасля яго смерці паставіў Марцінкоўскага;

• на Мялецкі манастыр ў Жытомірскай губерні паставіў Яскульскага, у той жа губерні ў мястэчка Любары паставіў ігуменам Юзафа Ардановіча;

• у Трохгор'е паставіў Лявонція Скібоўскага.

Апрача гэтага, у пяці пабазыльянскіх манастырах заклаў школы для святарскіх дзяцей: у Вільні, Барунах, Жыровічах, Кобрыне і Супраслі. <…>

У беларускай епархіі біскуп Базыль Лазінскі загадаў святарам вучыць імшу па расійскім узоры. Святары-беларусы ўсіх дэканатаў адказалі ў кансісторыю, што не толькі не жадаюць вучыць новы абрад, але і не жадаюць службоўнікаў маскоўскага друку, бо ўжо разумелі, куды ідзе справа. Яны вярнулі службоўнікі ў кансісторыю як непатрэбныя. <…>

Беларускі біскуп і кансістор не моцна налягалі на сваіх святароў. Сямашка пра гэта даведаўся і строга загадаў дэканам вучыць святароў служыць па дасланых службоўніках… бо непаслухмяных ён будзе судзіць як бунтаўшчыкоў. <…> Аднак святары аднагалосна адказалі, што не будуць вучыцца чужому абраду і служыць па маскоўскіх кнігах.

Святары зразумелі, што патрабаванне вярхоў можа ў перспектыве прывесці да вялікай паразы, і прадстаўнікі некалькіх дэканатаў у 1836 г. таемна дамовіліся паслаць аднаго з святароў у Пецярбург да мітрапаліта Булгака, каб мітрапаліт дазволіў беларускай епархіі не пераходзіць на расейскі абрад, бо ўсе яны прагнуць захаваць свой абрад і жадаюць застацца ў адзінстве з Рымам. Святары давялі мітрапаліту, чаго ад іх хоча Базыль Лазінскі і кансістор - прыняць рытуал і дагматыку рускай царквы.

Прачытаўшы ліст святароў, мітрапаліт бязмерна здзівіўся таму, што робіцца ў яго мітраполіі, а ён пра гэта нават і не ведае: Сямашка расказваў яму зусім іншае, нібыта святары самі маюць ахвоту да пераходу ў праваслаўную веру. Мітрапаліт пахваліў святароў за сталасць і загадаў ганцу ехаць дамоў, паабяцаўшы яму, што неўзабаве сам прыедзе на Беларусь, каб усё ўбачыць сваімі вачамі. Трэба ведаць, што святары-беларусы і раней пісалі лісты мітрапаліту праз пошту, але той іх не атрымліваў. А святар, які ездзіў у Пецярбург, папрасіў у кансістора даць яму пашпарт для прыватнай паездкі ў сталіцу, але той яму адмовіў. Тады святар пад чужым імем, як свецкі чалавек, атрымаў пашпарт і такім чынам з'ездзіў туды і назад. Пра гэта мала хто ведаў.

V

Сямашка даведаўся пра змест ліста да мітрапаліта ад святароў-беларусаў, даведаўся і пра жаданне Язафата Булгака выехаць у беларускую епархію. Таму сам падаўся да цара Мікалая, расказаў яму і прасіў забараніць мітрапаліту пакідаць Пецярбург. Даклаў цару, што супакойваць святароў паедзе сам. Таму, калі мітрапаліт даклаў, што мае ад тутэйшых святароў скаргі аб злоўжываннях, і папрасіў дазволу наведаць свае епархіі - выехаць у Віцебскую і Полацкую губерні, цар яму адмовіў, сказаўшы, што паедзе Сямашка, бо ён маладзейшы і ва ўсім разбярэцца на месцы. Цар Мікалай добра ведаў, што не ўсе святары жадаюць далучыцца да рускай царквы, і таму даў на дапамогу Сямашку сенатара Скрыпіцына [58]. Яны прыехалі ў Віцебск, пасяліліся ў памяшканні біскупа і пачалі дазнанне з допытаў упартых святароў, якія не жадаюць змяняць сваёй веры. Пра святароў, якія падпісалі ліст да Булгака, выдалі пісьмовы загад (гэта было некалькі дзясяткаў асоб з васьмі дэканатаў, Сямашка называў іх бунтаўшчыкамі). Святароў, які жылі бліжэй, ён выклікаў да сябе і разам з Скрыпіцыным і кансісторам праводзіў допыт. Пасля пытання, як васпана завуць, казаў, што васпан ёсць бунтаўшчык, бо не падпарадкоўваецца ўладзе. Да святара, якога застрашалі, пачыналі ставіцца лагодней і абяцалі яму сваю ласку, калі той зменіць адносіны да справы далучэння. Потым загадвалі святару сваёй рукой пісаць распіску такога кшталту: «Я, ніжэйпадпісаўшыйся, не належу да ніякай супрацьуладнай арганізацыі, заўсёды быў і буду паслухмяны майму кіраўніцтву і майму біскупу, з уласнай ахвоты і пераканання ў праўдзівасці расійскай царквы, прымаю яе абрады і ні ў чым не буду ёй супрацьстаяць і буду выконваць усе яе загады. Абавязуюся гэта заўсёды памятаць, аб чым сваёй рукой падпісваюся». Такую паперу пісалі, каб прыняць схізму. Потым такіх святароў выпускалі з канцылярыі праз тыльныя дзверы, загадвалі ціха вяртацца дахаты і нікому нічога не расказваць пра размову ў кансісторыі.

Інакш паступалі з тымі святарамі, хто не схіліўся. Называлі іх бунтаўшчыкамі супраць улады і не слухалі іх тлумачэнняў, а святары расказвалі, што яны заўсёды былі паслухмяныя сваім біскупам, але не могуць выступіць супраць сваёй рэлігіі і сумлення… Такіх таксама выводзілі праз тыльныя дзверы, але садзілі ў цямніцу на хлеб і ваду, а тых, хто дазваляў сабе спрачацца, Сямашка загадваў вучыць розгамі.

Святары чакалі ў чарзе першых з іх, тых, хто пайшоў да Сямашкі. Яны жадалі даведацца, пра што ішла размова, і зразумець, як сабе паводзіць. Але дарэмна чакалі першы і другі дзень, даведаліся яны толькі, што адны паехалі дахаты, а фурманы другіх дарэмна чакаюць сваіх паноў, і ніхто не ведае, куды яны падзеліся. Толькі праз нейкі час пайшлі чуткі, што Сямашка пасадзіў іх у карцар на неакрэслены тэрмін.

Тых, хто з дальніх дэканатаў прыбыў на трэці дзень, чакаў такі самы лёс. А тыя, хто прыехаў на чацвёрты дзень, на месцы даведаліся, навошта іх паклікалі і што іх чакае, і таму адразу вярнуліся дахаты. Калі Сямашку пра тое даклалі, ён паўторна пад строгую адказнасць загадаў ім ехаць у кансісторыю. Аднак большасць святароў праз сваіх дэканаў адказалі, што не маюць магчымасці.

Тады было вырашана паслаць за казакамі, каб казачы аддзел як хутчэй прыехаў у Віцебск для супакаення бунту святароў, якія пайшлі супраць улады. Калі прыбылі казакі, ім далі пісьмовы загад: па адным ці ўдваіх ехаць да ўказаных святароў і гнаць іх у кансісторыю як бунтаўшчыкоў, а калі хто будзе супраціўляцца, дык прывязваць да свайго каня і ўсё роўна гнаць у Віцебск. Павінны былі толькі запытацца: «Вы местный священник? Я прислан от епископов ваших за тобой, ойче». Калі не будуць падпарадкоўвацца - трэба па-казачы біць бізуном па плячах, бо «не слушаеш свое начальство», а потым вывалачы з дому і гнаць перад сабой у кансісторыю. Святары стараліся неяк залагодзіць казакаў, але чым больш казакі выпівалі гарэлкі, чым больш вар'яцелі, білі і выганялі з дому наогул усіх, рабавалі плябаніі. Па вёсках і мястэчках пайшла пагалоска пра гэтых казакаў, бо ніхто не ведаў, што робіцца.

Падчас гэтых падзей казак прыехаў у плябанію аднаго з мястэчак, не застаў святара і спытаўся ў яго жонкі: «Где священник?» Жонка святара адказала, што ён паехаў у парафію да хворага і хутка вернецца. Яна адразу паслала за мужам і, каб сцішыць імпэт нечаканага госця, пачала карміць і паіць яго. Але чым больш частавала казака, тым больш той разыходзіўся - выпіўшы, дастаў нагайку і пачаў патрабаваць: «Давай священника! Ты спрятала его!» Добра падпіты, пачаў біць жонку святара і крычаць: «Давай священника!» Жанчына ўцякла з плябаніі ў сад, але казак пабег за ёй. Тады яна рушыла да бліжэйшага двара і з крыкам «Ратуйце!» убегла ў пакой суседзяў, дзе ў той час гаспадар сядзеў з гасцямі. Раз'юшаны казак з нагайкай у руцэ услед да жанчынай убег у пакой. Жонка святара спачатку пабегла ў другі пакой, казак кінуўся за ёю, але мясцовыя людзі з гаспадаром дома спынілі ваяку са словамі: «Што табе трэба?» У адказ казак выцяў гаспадара нагайкай па плячах. Тады шляхціц схапіў са сцяны зараджаны пісталет і выстраліў казаку ў лоб. Сярод гасцей, якія сабраліся да гаспадара на імяніны, былі і чыноўнікі з Віцебска. Парадзіўшыся, яны напісалі ліст у павет і папрасілі правесці следства. Пасля доўгай валакіты справу аб забойстве залагодзілі, але каштавала гэта вялікіх грошай.

Вяртаемся да тэмы.

Сагнаных святароў сцераглі казакі і па адным вадзілі да Сямашкі. Святарам нагадвалі пра строгую кару за бунт супраць улады і, калі яны каяліся, пачыналі размаўляць з імі больш лагодна, казалі, што даруюць бунт, калі святар напіша распіску аб прыняцці дызуніі. Пасля гэтага дазвалялі вяртацца ў плябанію з умовай, што сваіх парафіян ён будзе пераводзіць у маскоўскую веру і будзе служыць імшу на маскоўскі капыл. Калі святар адмаўляўся ламаць сваю веру і пакідаў свой лёс на Божую ласку, яго адводзілі ў цямніцу, садзілі на мізэрны «пажытак» і давалі час падумаць пра свой лёс. Гэтак жа са святарамі чынілі не толькі ў беларускай, але і ў літоўскай епархіі.

Праз некалькі дзён святароў-адказнікоў зноў па адным прыводзілі да Сямашкі, і той пытаўся: «Ці адумаўся вязень і ці будзе выконваць волю цара Мікалая і сваіх біскупаў?» Некаторыя з іх смела адмаўляліся, гэтых немагчыма было напужаць ці падкупіць пасадай і рознымі бразготкамі, яны прасілі Бога, каб дапамог вытрымаць, і цешыліся, што церпяць за сваю веру і перакананні. Яны ведалі, што лепш пакутаваць, чым стаць здраднікам, што лепей патрапіць у вязніцу, чым быць на векі вечныя пакараным Богам і пакутаваць ад свайго сумлення.

Пасля сканчэння працы камісіі ў Віцебску [59] Сямашка зразумеў, што шмат святароў не згодныя на схізму. Таму некалькім дзясяткам забараніў служыць і паслаў у дальнія манастыры рускіх губерняў, іншых перавёў у дзячкі і прымусіў падпарадкавацца вераломцам з мясцовых. Такіх святароў пад аховай прывозілі ў прызначанае месца, а іх жонак і дзяцей, нягледзячы на тое, ці мелі яны нейкія сродкі, каб жыць, выганялі з плябаній.

Я ведаю пра гвалт таго часу, бо за непрыманне дызуніі мне і самому забаранілі служыць св. імшу і Літоўская кансісторыя кідала мяне з аднаго манастыра ў другі. У 1840 г. падчас дарогі праз Палессе з Літвы на Валынь выпадкова на начлегу я сустрэўся са святаром з Беларусі, магістрам філасофіі па прозвішчы Галынец [60]. За непрыманне дызуніі яму забаранілі служыць, выгналі з парафіі і перавялі ў дзячкі. Гэты стары святар і расказаў мне пра справы Сямашкі па навяртанні беларускай епархіі ў схізму.

VI

У 1836 г. жыровіцкі кансістор разам з біскупам Антонам Зубко пачалі зноў выклікаць да сябе дэканаў і святароў і рознымі спосабамі намаўляць падпарадкавацца патрабаванням трона. «Мусіш гэта прыняць, - казалі ім. - Не важна, сёння ці заўтра, але ўсё роўна прымеш, бо найвышэйшая ўлада гэта пастанавіла і так мусіць быць: усіх далучыць да грэка-рускай царквы, і не толькі ўніятаў, але і лаціннікаў». Калі ж праз сілу ці подкуп прымушалі згадзіцца, дык адразу з вялікай радасцю давалі святару падпісаць форму, надрукаваную раней у друкарні, і казалі, што гэта падпіска пойдзе да Сямашкі і будзе ў яго захоўвацца. Падпіска мела наступны змест: «Я, ніжэйпадпісаўшыйся, сведчу, што цалкам пераканаўся ў праўдзівасці рэлігіі расійскай царквы, якую дабравольна з уласнай ахвоты і пераканання прымаю; абвязваюся прытрымлівацца абрадаў і цырымоній гэтай царквы, сваіх біскупаў… буду слухацца ва ўсіх справах і другіх да гэтага намаўляць, у доказ чаго падпісваю сваёй рукой: Н. Н.».

Такім чынам, новыя біскупы-дызуніты здрадзілі свайму сумленню і паступова прымусілі да адступлення ад сусветнага каталіцкага касцёла. Тыя святары, якія падпісалі паперу, а потым самі шмат уніятаў у дызунію навярнулі, атрымлівалі вялікія грашовыя ўзнагароды, ці ганаровыя чыны, ці найлепшыя бенефіцыі. Сямашка даваў наступныя ганаровыя чыны: скуф'ю, гэта значыць шапачку накшталт барэта; галаўны ўбор у форме капелюша без дашку, пакрыты аксамітам ці атласам салатавага колеру, гэты ўбор можна было не здымаць ані ў царкве, ані перад царом, ані перад біскупам (камілаўка. - Л. Л.); набедранік накшталт біскупскай паліцы, прадаўгаватай, як торба, за 2 ражкі прышчэплены да паса, выкарыстоўваецца толькі з царкоўным уборам падчас набажэнства; залатыя ці срэбныя крыжы.

У 1837 г. было загадана ўсім галоўным базыльянам прыбыць у жыровіцкую кансісторыю. Калі яны прыехалі і па адным сталі перад біскупам, той пачаў ім загадваць прыняць схізматычны рытуал расійскіх службоўнікаў. Вы пакінулі чыста грэцкі абрад і наблізіліся да лацінскага, казаў ён. Паглядзіце, як прыгожа правіцца грэцкая імша ў нашай жыровіцкай царкве. Так казаў біскуп Зубко, радзіў і загадваў слухацца яго. Некаторыя з базыльянаў прынялі гэтую дызунію, далі падпіску і засталіся на сваіх кіраўнічых пасадах. З гэтай прычыны духавенства падзялілася на два класы, і пачалі называцца падпісаўшыміся і непадпісаўшыміся. Падпісаўшыяся правілі імшу па ўказаным абрадзе, а непадпісаўшыяся супраціўляліся - паміж дзвюма групамі з'явілася нянавісць, спрэчкі і скаргі. Нават былі прызначаны сакрэтныя назіральнікі, якія сачылі за тым, як адпраўляецца імша.

З юстыц-калегіі праз кансістораў епархій было загадана, каб святары ў кожнай царкве ўсталявалі іканастас і царскія вароты, цэрквам без сродкаў дазвалялася мець паўіканастас з царскімі варотамі. Калі ў якой царкве вялікі алтар стаяў каля сцяны, было загадана яго адсунуць, каб даць месца для абыходу, не павінна было быць ніякіх прыступак каля алтара, дараносіцы паздымаць, лаўкі і лавачкі для сядзення павыкідаць, лацінскія абразы і абразы святога Язафата павыносіць і спаліць. Усё гэта трэба было зрабіць хутка, і за ўсё адказвалі дэканы. Калі гэта пачалі рабіць у цэрквах, парафіяне, бачачы новую імшу і значныя змены ў царкве, публічна сказалі святарам: «Мы не жадаем, каб наша царква перараблялася на схізматычную, і калі святар св. імшу будзе правіць, як схізматык, дык мы царкву замкнём і святара ў яе не пусцім». Святар павінен быў лагодна тлумачыць, што грэцкі абрад нашы папярэднікі парушылі і наблізілі да лацінскага, а цяпер біскупы жадаюць вярнуцца да таго, як было за прадзедамі. «Мы не ведаем, - казалі парафіяне, - як там раней было, але жадаем, каб наш святар імшу правіў звычайным чынам, па-ўніяцку, а гэтых новых абрадаў і новай імшы не жадаем ведаць». Такія размовы парафіян са святарамі былі амаль што ў кожнай царкве.

Было загадана, каб арнаты [61] святароў былі большыя, каб гумералы [62] не выкарыстоўваліся, замест іх - стыхары ці падрызнікі з каляровай тканіны, замест паса трэба было выкарыстоўваць пас з тканіны. Для дыяканаў замест альбы [63] і далматыкаў [64] - стыхары. Для служкаў замест комжы - каляровыя стыхары. <…> Было забаронена правіць чытаную імшу, у царкве можна было правіць толькі адну спеўную імшу перад вялікім алтаром. Уніяцкія антымінсы [65] было загадана адаслаць у кансісторыю ці спаліць і замест іх купіць расійскія атласныя антымінсы і на іх правіць імшу. Званочкі ў сакрыстыях ці алтарах паразбіваць ці прадаць і больш не ўжываць. Уніяцкія службоўнікі, трэбнікі і іншыя кнігі не выкарыстоўваць, але купіць маскоўскага ці кіеўскага друку. У «Верую» замест «ад Айца і Сына паходзіць» казаць «ад Айца». <…> Дэканы павінны былі назіраць, каб усё гэта строга выконвалася.

У шмат якіх манастырах базыльяне моцна супраціўляліся. Ціха было толькі ў Быценскім манастыры, якім кіраваў біскуп Іосіф Жарскі, апошні правінцыял базыльянаў. Некалькі базыльянаў яго манастыра казалі яму проста ў вочы, што не жадаюць новага абраду. Іх трымалі па некалькі дзён на хлебе і вадзе ў вязніцы, а потым павысылалі ў іншыя манастыры, а Жарскаму біскуп Зубко даў наганяй і назваў бяздзейным за тое, што ён дазволіў законнікам супраціўляцца і не прымусіў іх да праваслаўя. Жарскі вельмі перажываў і хваляваўся праз дасланыя яму вымовы і пагрозы… Маючы столькі непрыемнасцяў, ён не раз дакараў законнікаў, што яны сваімі паводзінамі яго забіваюць. Так і сталася, бо калі ён прачытаў прысланы ад Сямашкі праз кансістора непрыемны ліст, дык вельмі ўсхваляваўся, пасля гэтага захварэў і праз тры тыдні памёр дызунітам [66], гэта адбылося 25 студзеня 1838 г., меў ён трохі больш за 50 гадоў. Пахаваны каля царквы Быценскага манастыра.

У той жа год памёр і мітрапаліт Булгак, гэта значыць 23 лютага 1838 г. Жыў каля 80 гадоў, пахаваны ў Пецярбургу ў дызуніцкай царкве. Яго смерць адкрыла для Сямашкі магчымасць узначаліць царкву [67]. <…> Ён атрымаў ад цара ўсю ўладу і пачаў паспешліва дзейнічаць. Ужо не меў ніякай перашкоды… і для выканання сваіх планаў атрымліваў дапамогу ад губернатараў, чыноўнікаў і войска [68].

У той жа 1838 г. Сямашка высвяціў у пінскія біскупы Міхала Галубовіча і аддаў яму Быценскі манастыр з маёнткам, а таксама маёнтак Пінскага базыльянскага манастыра для кармлення. У тым жа годзе біскуп Антон Зубко з Брэсцкай епархіі быў пераведзены ў Менск, і яму для кармлення аддадзены маёнтак Тараканскага манастыра, а схізматычнага арцыбіскупа Ніканора перавялі ў Пачаеўскі манастыр.

У тым жа годзе юстыц-калегія ад імя цара выдала загад, каб усе святары і законнікі ва ўсіх цэрквах, дзе ёсць манстрацыі, рэліквіярыі, крыжы, воты, падносы, ампулкі, ліхтары і г. д., усё гэта перапісалі і пад іх строгую адказнасць перадалі ў кансісторыю.

Былыя уніяцкія біскупы, каб здабыць прыхільнасць святароў і цывільных вернікаў, ужывалі розныя спосабы: угаворваць пачыналі лагодна, з хітрасцю і абяцанкамі, але калі не атрымлівалася лагодна, дык здымалі з пасад, прызначалі пакуты, прымушалі холадам і голадам, фізічнай працай і хваробамі. Часта гэта было прычынай смерці верных. За гэта дызуніты не адказвалі перад судом, і забойцы заставаліся беспакаранымі.

Вось прыклад: у 1838 г. у Лідскім павеце і дэканаце поп-дызуніт, якога я асабіста ведаў, учыніў злачынства. Адзін шляхціц з Валыні паслаў свайго вернага і пачцівага чалавека на аднаконным вазку з лістом і 300 срэбнымі рублямі ў Літву да знаёмага шляхціца, каб перадаць яму грошы і ліст. Пан расказаў пасланцу, дзе і як таму можна бяспечна начаваць. Пасланец прыехаў у адну з вёсак і ўвайшоў у карчму, але там ужо начавалі два вялікія і п'яныя натоўпы. Тады ён пайшоў да нежатанага папа Раздзялоўскага і папрасіў, каб той дазволіў пераначаваць у плябаніі. Поп спярша бурчэў і не пускаў на начлег, але вандроўнік расказаў, адкуль і куды едзе, вязе грошы і таму баіцца спыніцца ў карчме. Тады поп яго радасна прыняў. Накарміў, напаіў і паклаў спаць у сваёй самотнай плябаніі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, і ўначы гаспадар смела ўторкнуў нож у горла госця, кроў спусціў у місу і паставіў яе ў сутарэнне, грошы і ліст забраў, а труп паклаў на аднаконны вазок і выправадзіў за браму, пад карчму. Але злачынства было выкрытае. У той вёсцы стаялі жаўнеры, і паручнік даў свайму ардынарцу рубель, каб той купіў яму цяля. Хітры гэты жаўнер прапанаваў свайму таварышу: «Пойдзем уначы і ўкрадзем цяля ў пана, а рубель падзелім». Яны дамовіліся і пайшлі да папа красці цяля, і там усё ўбачылі сваімі вачыма. Жаўнеры чакалі, пакуль поп у хаце пагасіць святло, але, недачакаўшыся, самі паглядзелі ў вакно. Якраз у гэты момант поп рэзаў свайго госця і спускаў кроў у місу. Убачыўшы такое, хлопцы перадумалі красці і ўсё расказалі свайму афіцэру, а афіцэр перадаў павятовай уладзе. Раніцай у плябанію, як быццам у госці, прыйшоў афіцэр з чыноўнікам. Яны ўбачылі кроў на падлозе і спыталіся ў папа, што гэта значыць. Поп адказаў, што ўчора рэзаў парсюка. Тады ў яго запыталіся, ці вялікі быў той парсюк, і пажадалі яго ўбачыць. Поп пачаў адмаўляцца, але яму растлумачылі, што сведкі бачылі яго злачынства. Пасля гэтага пад падлогай знайшлася міса з крывёй, потым знайшліся і грошы з лістом. Пра забойства было дакладзена, грошы вяр нулі гаспадару, але што зрабіў з папом Сямашка - невядома [69].

Прыняцце схізмы і вымаганне падпіскі як у духоўных, так і ў свецкіх асоб легла вялікім цяжарам на сумленне людзей і прывяло да духоўнай спустошанасці і цынізму. Я асабіста ведаў святара Аліферовіча [70] з Гродзенскай губерні, які вельмі супраціўляўся і не жадаў прымаць дызунію, таму яго накіравалі ў жыровіцкую кансісторыю. Калі прыбыў у кансісторыю, з ім размаўляў Зубко. Святар адмовіўся: «Не дам падпіскі і не прыму дызуніі, бо калі б прыняў, дык пайшоў бы супраць догматаў сусветнай царквы і супраць уласнага сумлення і пераканання аб добрай і сапраўднай веры ўніяцкай царквы». З енкамі біскуп выгнаў яго за дзверы і загадаў замкнуць у цямніцы на хлеб і ваду. Кожны дзень прысылаў угаворваць да яго дызуніцкага святара, які меў юдава сумленне. Святар быў малады і меў маладую жонку. Пасля працягла часу ў няволі супраць свайго сумлення ён даў падпіску і быў звольнены з цямніцы. Дамоў прыехаў у вялікай роспачы, некалькі дзён пражыў з жонкай, з якой у яго была поўная гармонія, але сумленне не давала яму спакою, ён не знаходзіў сабе месца і не ведаў, як жыць далей. Скончылася гэты тым, што святар зняў са сцяны паляўнічую стрэльбу і першай забіў сваю жонку, а потым выйшаў у сад і выстраліў сам сабе ў лоб. Вось вынік прымусу над чалавечым сумленнем.

У шматлікіх месцах меўся вялікі адпор парафіянаў. Некаторыя з іх не прымалі схізмы і не хадзілі ў царкву, шмат хто з іх гадамі не быў на споведзі. Без хрышчэння і споведзі шмат людзей памерлі, вернікі самі, без святароў, хавалі нябожчыкаў, некаторым па сакрэце дапамагалі лацінскія ксяндзы, але ксяндзы мелі самую строгую забарону прымаць уніятаў. Некаторыя парафіі па-сапраўднаму бунтавалі, людзей арыштоўвалі, кідалі ў вязніцу на хлеб і ваду. Некаторыя святары, былыя уніяты, каб заахвоціць сваіх парафіянаў хадзіць у царкву, давалі ім грошы, паілі гарэлкай, кармілі абедамі. У некаторыя мясцовасці па скаргах папоў прыходзілі вайсковыя каманды і секлі вернікаў, каб тыя наведвалі царкву.

VII

У Віленскай губерні ў мястэчку Свечні (?) пасля адабрання ў базыльянаў царквы з манастыром і з усёй рухомай і нерухомай маёмасці на гэтае месца быў пасаджаны святар Баліцкі з Віленскай епархіі, новы дызуніт. Яму аддалі манастыр і фундушовы маёнтак, а жыровіцкі кансістор прызначыў яго дэканам [71]. Праз ліслівасць і каб паказаць сваю дзейнасць, гэты поп у сваім дэканаце моцна ціснуў на святароў і патрабаваў, каб усе вернікі як мага хутчэй сталі дызунітамі. Вучыў, угаворваў, заахвочваў, а пасля гэтага пагражаў і прымушаў хадзіць у царкву і дасканала выконваць абрады грэка-рускай царквы. Аднак парафіяне, убачыўшы новую службу, не толькі не слухаліся яго, але і зусім перасталі хадзіць у царкву. Тады Баліцкі зразумеў, што сам не зможа прымусіць вернікаў, і падаў скаргу пра бунт парафіян у павет. Пералічыў некалькі дзясяткаў актыўных вернікаў па прозвішчах і запісаў іх бунтаўшчыкамі. З павета прыехаў чыноўнік з жаўнерамі і арыштаваў бунтаўшчыкоў. Але за бунтаўшчыкамі прыйшла ўся парафія - нават жанчыны з дзецьмі. Чыноўнік сказаў сялянам, што нельга супраціўляліся волі ўладаў, але трэба слухаць ўсё, што загадае поп - хадзіць ў царкву і прымаць св. дары. І трэба, каб усе падпісаліся, што будуць выконваць усё гэта. Тады парафіяне аднагалосна сказалі: «Мы не згодныя з тым, што патрабуе поп, ён хоча перавярнуць нас у схізматычную веру, а мы жадаем жыць і памерці, як нашы бацькі і дзяды гэта рабілі - жылі і паміралі вернымі ўніятамі. Гэтага хочам і схізму не прымем». Жаўнеры разагналі парафіян і пачалі патрабаваць, каб арыштаваныя падпісаліся, што будуць выконваць усе патрабаванні. Але не змаглі перавярнуць іх у схізму. Тады пачалі іх па рускім звычаі публічна катаваць і асабліва катавалі дваіх. З іх адзін праз тры дні памёр у вязніцы, а другі яшчэ праз некалькі дзён таксама памёр. Абодва простыя селяніны аказаліся сапраўднымі вернікамі-ўніятамі і за сваю веру былі закатаваныя. Дзедзічам гэтых людзей тады быў віленскі віцэ-губернатар. Ён прадставіў гэта як законнае навяртанне, і, каб не шкодзіць Сямашку, чыноўнікі закрылі справу.

У 1838 г. шматлікім святарам, якія супраціўляліся дызуніі на Беларусі і ў Літве, біскупамі было забаронена служыць. У іх пазабіралі парафіі, адных перавялі ў дзякі ці панамары, а другіх выслалі ў манастыры на пакуты, а сем'і павыганялі з плябаній. Двух старых святароў з Лідскага павета, якія не прынялі схізмы, выклікалі ў Жыровіцкі манастыр на тлумачэнне. Старыя прыехалі, узброеныя толькі цярплівасцю. Іх намаўлялі і прымушалі прыняць схізму, але калі гэта не дапамагло, зачынілі ў холадзе і голадзе. Потым, позняй восенню, ім загадалі ісці на балота каля ракі і збіраць падсцілку для коней. Старыя моцна стараліся, але з прычыны свайго веку і голаду, страцілі сілы. Адзін з іх увечары не змог вярнуцца ў манастыр, бо трэба было прайсці палову мілі, таму ён лёг на беразе ракі і заснуў, а другі дайшоў да манастыра і захварэў. Замест таго каб злітавацца над слабымі старымі, біскуп аблаяў іх: «Упартыя гультаі, якія не слухаюцца свайго кіраўніцтва, не жадаюць працаваць і слабасць сабе прыдумваюць». Раніцай святара, які начаваў на балоце, знайшлі мёртвым, а другі памёр праз некалькі дзён у манастыры. Так навярталі да дызуніі, паказваючы ўсім, якая будзе міласць да бліжняга, так сталі забойцамі верных святароў [72].

Калі Сямашка рэвізаваў базыльянскія манастыры, якія яшчэ існавалі, ён вельмі гневаўся, што засталося шмат законнікаў, якіх немагчыма прымусіць да схізмы. Загадаў, каб гэтыя базыльяне не жылі ў сваіх правінцыях, бо яны дрэнна ўздзейнічалі на астатніх. З ведама цара Мікалая запраектаваў выслаць манахаў у 4 манастыры, ці «обители», у Расію, каб яны там жылі, атрымлівалі нейкія грошы, нікуды не выходзілі і пад наглядам праваслаўнага епіскапа, губернатара і паліцыі правілі сваё набажэнства. З гэтых 4 манастыроў адзін быў у Курску, у двухпавярховай камяніцы. У 1839 г. Сямашка ўказам прызначыў у Курскі манастыр старшых з базыльянаў: галоўным - троцкага ігумена Бенядзікта Ленартовіча (доктара тэалогіі), вікарыем - Ігната Праневіча, спавядальнікам - Ігната Банянскага, касірам - Ануфрыя Шыманскага, харалістамі - Базыля Літунскага і Барталамея Сакалоўскага.

Усіх духоўных у Курску было 24: 18 базыльянаў і 6 святароў, сюды іх прысылалі з жандарамі. Падобна, жылі яны ў Курску тры гады, і калі Сямашка даведаўся, што цар Мікалай хоча праехаць праз Курск, дык апярэдзіў яго і сам прыехаў у Курск, прыйшоў у дом «папістаў» і апытаў кожнага - ці хоча ён пакарыцца. Калі ніхто не згадзіўся, наступнай ноччу некаторых маладых парассылаў па рускіх манастырах і толькі 7 старых святароў пакінуў на месцы [73].

Праз нейкі час цар Мікалай прыехаў у Курск. Ён 2 разы дасылаў свайго ад'ютанта да ўніятаў з пытаннем: ці прымуць яны праваслаўе? Ці застануцца ў сваёй веры? Чаго яны жадаюць, ці жадаюць застацца ў Курску, ці іх трэба перавесці ў іншае месца? Адказалі, што застануцца ў сваёй веры і абрадах і прасілі, каб іх перавялі ў Кіеўскую ці Жытомірскую губерню. Пасля ад'езду цара ўсіх разаслалі па манастырах з прызначэннем пенсіі ў 100 рублёў штогод. З іх двух базыльянаў - Ігната Банянскага і Рафала Заблоцкага (старыя манахі з Беларусі) - перавялі ў Пачаеўскую лаўру, я з імі там знаходзіўся ў 1842 г.

Пасля скасавання Курскай «обители», не прыняўшых дызуніі апошніх святароў літоўскіх і беларускіх епархій, епіскапы пачалі страшыць, што назаўсёды зачыняць іх у расійскіх манастырах. Святары сказалі, што яны гатовы для гэтага і з ласкі Божай назаўсёды застануцца ўніятамі і будуць падпарадкоўвацца наступніку апостала Пятра - Рымскаму Папу. Адны святары гэтак адказалі пісьмова, іншыя вусна.

Такая вялікая колькасць упартых уніятаў выклікала згрызоту ў епіскапаў. Пасылаць іх у рускія манастыры каштавала вялікіх грошай… і яны шукалі іншага шляху. З дазволу пецярбургскага Сіноду забароненых у службе святароў і базыльянаў парассылалі на пакуту па адным ці па два чалавекі ў далёкія манастыры, якія стаялі ў бязлюдных месцах. Адных перавялі ў дзячкі, другіх - у манастырскія служкі, а каго на цяжкія працы, жонак і дзяцей павыганялі з хатаў без усялякага ўтрымання. А для тых святароў-папістаў, якія засталіся ў сваіх правінцыях, епіскапы прызначылі для пакутаў наступныя манастыры:

• Першыя - манастыры пакутаў першай ступені, для забароненых у службе і прыгавораных на хлеб і ваду з лёгкімі манастырскімі працамі, гэта манастыры ў Тадуліне і Быцені.

• Другія - Тараканскі манастыр на Палессі ў Кобрынскім павеце. Гэта быў манастыр другой ступені з больш цяжкімі пакутамі для ўпартых «папістаў». Тут кожнаму з пакутнікаў давалі на абед па 2 стравы, якія гатаваліся для чаляднікаў у агульных вялікіх катлах. Порцыі кожны для сябе ў свой збан забіраў з кухні, і дзве стравы пакутнікаў былі роўныя адной порцыі вячэры чаляднікаў. Хлеба, які пяклі для чаляднікаў, давалі ім адну буханку на тыдзень. Працу ў манастыры ці гародзе кожнаму прызначаў вікарый.

• Трэці - манастыр на Валыні ва Уладзімірскім павеце. Там былі пакуты найвышэйшага ўзроўню. Тут з пакутнікамі па-тыранску абыходзіўся настаяцель - былы уніят. Трымаў у голадзе і ў холадзе і штодзень строга прызначаў на самыя чорныя работы.

Я апісаў манастыры трох ступеняў пакут - у гэтых манастырах я сам быў і сам цярпеў.

У 1839 г. большая частка ўніятаў навярнулася на расійскую схізму. Адных узялі бразготкамі і грашыма, другіх ашуканствам ці гвалтам, а астатніх праз вязніцы, голад, розгі і г. д. Пасля таго як большая частка была пераведзеная ў схізму, Сямашка ў юстыц-калегіі вырашыў зрабіць публічнае «соединение» з расійскай царквой. Прызначыў дзень збору на сінодзік у Полацку, што на Беларусі, для епіскапаў і іншых духоўных. Сабраліся там Іосіф Сямашка, Базыль Лазінскі (мясцовы епіскап), Антон Зубко, сенатар Скрыпіцын з Пецярбурга і святары з манахамі. Яны падпісалі за сябе і за ўсіх нас, ад трох епархій, пераход у рускую дызунію і перадачу сябе пад уладу «правительствующему святейшему Синоду Петербургскому»…

Ад імя ўсяго народа яны напісалі просьбу да цара Мікалая, каб той прыняў іх у сваю праваслаўную царкву, і гэтую просьбу падалі ў Пецярбург. Цар прачытаў і падпісаў: «Благодарю Бога и принимаю».

З юстыц-калегіі потым прыйшоў загад да ўсіх святароў, каб яны пад пагрозай забароны служыць у кожным набажэнстве замест папы заўсёды паміналі правячы Сінод, набажэнства вялі па адмысловых правілах, па пецярбурскіх ці кіеўскіх службоўніках. Сінод выдаў надрукаваны ліст, у якім падзякаваў усім нованавернутым і Богу за ўратаванне ад лацінскай ерасі і «хітрасці Папы Рымскага». Пасля агалашэння гэты ліст трэба было падпісаць. Святары з'ехаліся ў прызначаны дзень у свае кансісторыі і тут павінны былі адрачыся ад уніі з Каталіцкай царквой і прысягнуць Сіноду.

VIII

Зараз раскажу пра сябе і пра сваіх таварышах па пакутах, з якімі я па чарзе быў у трох манастырах. У 1835 г. я знаходзіўся ў базыльянскім манастыры мястэчка Лыскаў Ваўкавыскага павета на пасадзе вікарыя і прапаведніка. У той год манастыр быў скасаваны ці, лепш сказаць, адабраны разам з двума фальваркамі і маёнткам - як з рухомай, гэтак і з нерухомай маёмасцю. Уся маёмасць была перададзеная ў кармленне святару Міхалу Галубовічу, віце-афіцыялу жыровіцкай кансісторыі. Мне загадалі зрабіць інвентар маёмасці - трэба было перапісаць жывёл, манастыр, бібліятэку, царкву, парафію. Пасля таго як я напісаў інвентар, усю маёмасць перадалі Галубовічу, а манахаў выселілі ў іншыя манастыры - выселілі былога суперыёра Аўгустына Сядлецкага, а таксама базыльянаў Тамаша Казлоўскага, Ежы Ржэцкага, Тэадора Хацэвіча. Мяне, бо я лепей за ўсіх ведаў стан манастыра і фальваркаў, па просьбе Галубовіча пакінулі на месцы адміністратарам маёнтка. Я згадзіўся, бо Галубовіч абяцаў дапамагчы перайсці мне ў лацінскі абрад. Памочнікам мне далі базыльяніна Фларыяна Лісоўскага.

Праз год, калі я адкінуў прапанову Зубко і не даў падпіску на праваслаўе, Галубовіч адмовіўся дапамагчы, кажучы, што закончыўся тэрмін, раней прызначаны для гэтага Сямашкам. Загадам кансісторыі мяне выслалі ў Тараканскі манастыр. Калі я прыехаў туды, тутэйшы суперыёр Цывінскі загадаў мне ехаць на Валынь у Загораўскі манастыр. Назаўтра выехаў з Тараканяў. Калі прыехаў у Загораўскі манастыр, дык жыў там не доўга: праз два тыдні прыйшоў загад з кансісторыі, і мяне выслалі ва Уладзімірскі манастыр на Валыні. Гэта рабілася адмыслова, каб мяне пакараць. Згодна з загадам я прыбыў ва Уладзімір. Тут нас, бызыльянаў, было 11 чалавек. З іх падпіску даў толькі 1 - суперыёр Казачэўскі [74].

У студзені 1839 г., нягледзячы на вялікія маразы, па ўказе кансісторыі мяне, а таксама Фларыяна Бугеда і святара Язафата Ламінскага выслалі ў Быценскі манастыр у Слонімскім павеце, што на Літве. Святар Ламінскі пасля нашага прыезду ў манастыр на трэці дзень памёр. Праз пяць месяцаў пасля прыезду ў Быцень па ўказе кансісторыі мяне выслалі ў Баруны Ашмянскага павета. У гэтым мястэчку базыльяне ўжо сталі схізматыкамі. Яны трымалі школу для некалькіх дзясяткаў хлопцаў з духоўнага стану, мелі для гэтага фундуш і дазвол Сямашкі. Да іх фундушу дадаўся маёнтак скасаванага Гельянаўскага манастыра ў Віленскай епархіі. Гельянаўскі манастыр меў царкву ў добрым стане, але яе зачынілі, бо не было каму адпраўляць набажэнства. У самым Гельянаве русінаў (беларусаў. - Л. Л.) не было. Але каля мястэчка, за мілю ці бліжэй, жылі рыма-католікі, якім было далёка хадзіць у свой касцёл. У 1839 г. яны падалі Сямашку просьбу, каб ён дазволіў зноў пачаць служыць набажэнства ў царкве і вярнуў частку фундушу. Сямашка загадаў паслаць мяне ў тую царкву святаром, але дазволіў служыць толькі для рыма-каталікоў. Выконваючы загад, я прыехаў у Гельянава і пачаў правіць службу па ўніяцкім абрадзе. Праз месяц прыйшоў загад з кансісторыі, каб я даў падпіску аб прыняцці праваслаўя. <…> Не вагаючыся, даў адказ, што як і раней, гэтак і зараз я ў расійскую царкву не перайду і падпіскі не дам.

Пасля маёй адмовы мінула не шмат часу, і на трэці месяц у Гельянаве мне было загадана вяртацца ў Баруны - 20 міляў дарогі за свой кошт. Прачытаўшы загад, я аддаўся на волю Богу, развітаўся з тутэйшымі жыхарамі, запакаваў свае манаткі і пусціўся ў дарогу. Калі прыехаў у Баруны, суперыёр сказаў мне, што я дарэмна адмаўляюся і мушу прыняць праваслаўе, бо інакш стану парабкам пры манастыры. «Калі пагарда і праца табе стане прыкрай, - дадаў ён, - тады ты пагодзішся з усім, што загадаюць». Я быў у смутку, розныя думкі наваліліся на мяне, але я толькі шчыра маліўся Богу, каб ён узмацніў мой дух.

Дакучлівыя размовы са мной працягваліся, барунскія базыльяне-прафесары пужалі маіх бацькоў, бо спадзяваліся, што яны намовяць мяне на дызунію. Бацькі жылі недалёка, толькі за тры мілі ад Барун. Мой айчым - доктар медыцыны, адстаўны маёр - прыязджаў у Барунскі манастыр лячыць хворых. Але айчым сказаў: «Мае ўжо адпаведны ўзрост і розум, як жадае, гэтак хай і робіць». Неяк у манастыр прыбыў барунскі дэкан і віцэ-дэкан. Вечарам была гарбата ў суперыёра, на якую мяне паклікалі, каб схіліць у свой бок. Доўга паілі мяне гарбатай, на іх ветлівасць я адказваў ветлівасцю, але галавы не страчваў. Два прафесары ўзялі мяне пад рукі і павялі ў другі пакой, дзе паказалі надрукаванае па-руску на вялікім аркушы дабраславенне пецярбургскага Сінода і парадзілі мне падпісацца. Я адказаў, што гэта будзе супраць майго сумлення, змяніць веру я не магу, жадаю з Божай ласкай да канца свайго жыцця стаяць у сваёй веры, у якой быў ахрышчаны і якой мяне вучылі ў школе і базыльянскім законе. Стаміў іх усіх і пайшоў у свой пакой.

Раніцай суперыёр, бачачы маю сталасць, загадаў ехаць у Быцень на пакуты, і я выправіўся туды на другі дзень. Праз некалькі дзён, 5 лістапада 1839 г., прыехаў у Быценскі манастыр, які быў месцам пакут першай ступені. Знайшоў там калег, якія, як і я, сядзелі на хлебе і вадзе. Было нас 11 базыльянаў і адзін святар, а таксама гродзенскі ігумен Бучынскі, якому дазвалялася прыходзіць да стала. Нам жа, пакутнікам, вікарый разам са служкам-хлопцам штодзень разносіў хлеб і ваду - кожнаму ў яго келлю.

На другі дзень, 6 лістапада, епіскап Міхал Галубовіч прыехаў з чатырма кансісторскімі чыноўнікамі з Жыровічаў у Быценскі манастыр. Думаў святкаваць тут свае імяніны - св. Міхала Арханёла. Назаўтра пасля ютрані мясцовы суперыёр загадаў усім законнікам і пакутнікам ісці і віншаваць яго. Пасля віншаванняў усе цалавалі яму руку, і я напрыканцы таксама пацалаваў. Галубовіч пазнаў і пагаварыў са мной. Знаёмы мы былі па Лыскаве. Узяў мяне за руку, вывеў з залы ў другі пакой і запытаўся, ці прыняў я праваслаўе. Адказаў, што не. Тады ён сказаў, што гэта дрэнна, бо ёсць для мяне пасада - эканом манастыра. Ён сказаў, што ведае мае здольнасці і пад маім кіраўніцтвам манахі збяруць добры ўраджай збожжа і гародніны, будзе добра ўтрымлівацца жыўнасць і я буду хораша кіраваць людзьмі - як майстрамі, гэтак і чэляддзю.

Я прыняў пасаду і стараўся добра рабіць сваю працу. Пасля пяці месяцаў пакуты на хлебе і вадзе ўсю гаспадарку я меў у сваіх руках, але жыў разам з пакутнікамі. З манастыра мы падалі просьбу. Яна ішла ўверх па ступенях - ад кансісторыі да юстыц-калегіі, а адтуль да цара. Мы прасілі, каб нас ці звольнілі з манаскага стану, ці дазволілі перайсці ў лацінскі абрад. Але некаторыя нашы просьбы не даходзілі да канцылярыі цара, а на іншыя мы не атрымлівалі адказу.

Пасля маёй 5-месячнай працы эканомам пра гэта даведаўся Сямашка. Адразу выдаў загад, што калі я не дам падпіскі, мяне трэба выслаць у Тараканскі манастыр. Гэтак і зрабілі. У 1840 г., на Вялікдзень, мяне выслалі з Быценя ў Таракані - у манастыр другой ступені пакутаў. І ў гэтым манастыры я таксама сустрэў сваіх таварышаў. Нас, базыльянаў, разам з ігуменам тут было - 13 манахаў і 5 старых святароў. Маёнтак гэтага манастыра быў адданы на кармленне Зубко. Зубко выдаў пісьмовы загад старшаму ў гэтым манастыры, былому лыскаўскаму вікарыю, былому уніяту. У загадзе было распісана, што рабіць з пакутнікамі, якую працу нам выконваць і чым нас карміць. Старых базыльянаў кармілі, як і астатніх законнікаў, маладзейшым 7 базыльянам і 5 святарам давалі ежу з катла чаляднікаў - кожны з нас хадзіў са збанком на кухню і кожнаму з нас кухар даваў па адной порцыі ў дзень і баханку хлеба на тыдзень. Работа прызначалася нам штодзень: падмятаць калідоры манастыра і царкву, званіць, чысціць у садзе дрэвы, раўняць і чысціць дарогі, капаць і палоць гароды і г. д.

У тым жа 1840 г. Сямашка наведваў некаторыя манастыры, прыехаў і ў Таракані. З ім быў Антон Зубко і Міхал Галубовіч. Сямашка асабіста распытваў у мясцовага настаяцеля пра кожнага з нас і яшчэ раз даведаўся, што мы не жадаем прымаць расійскую рэлігію. Загадаў нам усім прыйсці да яго ў залу. Калі прыйшлі, прывітаўся і сказаў, што нас, як непаслухмяных, будзе вучыць розгамі. На гэтым сустрэча закончылася.

Перад ад'ездам Сямашка даў кансіторам распараджэнне разаслаць нас з Тараканяў у іншыя манастыры. Двух бызыльян, якія былі прафесарамі - Грынцэвіча [75] і Макавелькага [76], выслалі на раку Волгу, на мяжу з Азіяй. Дваіх у Пінскі павет, чатырох на Валынь - у Любары і Трыгор'е, а нас шасцёх - на Валынь, ва Уладзімірскі павет, у Загораўскі манастыр. У гэтым былым уніяцкім манастыры ў 1840 г. галоўным быў былы уніят Севярын Дзюбінскі, родам з Галіцыі, ён прыняў расійскую веру, каб атрымліваць узнагароды і пасады. Падобныя яму тут таксама былі Іпацій Старадубаўскі, Ян Місевіч і Ігнат Ігнатовіч - усе яны далі падпіску. Меліся тут і святары, якія хоць далі падпіску, але былі піякамі, і за гэта іх пакаралі і таксама саслалі ў манастыр, гэта Ян Міхалевіч, Юзаф Ламінскі і ўдавец-дыякан, які быў памочнікам галоўнага па гаспадарцы і наглядчыкам за пакутнікамі. Святары-папісты, як нас тут называлі, гэта ігумен Кобрынскага манастыра Язафат Слабоцкі, былы прафесар і суперыёр Аўгустын Сядлецкі, стары законнік Валяр'ян Высоцкі, стары законнік Дзіянісій Анушкевіч, Фларыян Сабалеўскі, стары суперыёр Ануфрый Фалькоўскі, Самуэль Чарнаруцкі, Флавіян Лісоўскі і брат Арсеній Блажэвіч (сляпы на абодва вокі) - усе гэтыя базыльяне з літоўскай правінцыі. Са святароў тут былі сямідзесяцігадовы Антон Грушэўскі [77], Пётр Жалязоўскі, Рыгор Міцэвіч - усе тры выгнаныя з парафій і адарваныя ад жонак.

Тых пакутнікаў, які прыбывалі ў гэты манастыр, на калідоры рэвізаваў сам Дзюбінскі, рабіў вобшук і глядзеў, што мае пакутнік. Даглядаў усіх са здзекамі і муштрой. Пасля дагляду пакутнікаў садзілі пад арышт па некалькі манахаў у келлю. Усе мы елі з другога стала (чаляднага). Давалі нам чалядны хлеб, на абед дзве стравы, на вячэру адну і кавалак хлеба. У кастрычніку Дзюбінскі пачаў з намі сваю місію - штодзень ці нават па два разы на дзень заходзіў у нашу келлю і вучыў нас навукам, неабходным для навяртання ў расійскую веру. Напрыканцы кляў нас несамавітымі словамі, абвінавачваў у тым, што мы супраціўляемся ўладам, што мы ўпорныя папскія здані, але гэтак далей быць не можа і ён нас, упартых, усіх здужае.

IX

Пасля гэтага Дзюбінскі прыдумаў іншыя сродкі ўздзеяння і пачаў штодзень прызначаць пакутнікаў месці калідор і царкву, званіць на званіцы. Праз тыдзень маладым яшчэ дадаў месці кухню, насіць туды дровы, а па вечарах з двума служкамі рабіў ва ўсіх нас ператрусы. Шукаў у пакутнікаў лепшую ежу - хлеб ці нават булку, калі ж знаходзіў, дык адбіраў. У канцы дня казаў панегірык за цара і Расію, а завяршаў свой выступ перад намі самай прымітыўнай лухтой і бздурамі, бо насамрэч быў прастаком з мовы і паводзін.

У лістападзе прыказаў нам цягаць ваду з фальваркавай студні - запрог пакутнікаў замест коней у бочку на двух колах. Гэтаму загаду пакутнікі не супраціўляліся і выконвалі яго. Малодшым, якія мелі не больш за 40 з нечым гадоў (святарам Пятру Жалязоўскаму і Рыгору Міцэвічу, а таксама базыльянам Фларыяну Лісоўскаму і Самуэлю Чарнаруцкаму), загадваў пасля абеду і вячэры мыць і чысціць кухоннае начынне - саганы, рондалі, гаршкі і іншае. А таксама месці кухню, зімой высякаць палонкі для вады і насіць дровы. Усё гэта была звычайная праца.

Каб змучыць пакутнікаў і схіліць іх да схізмы, ужываў і шмат іншых сродкаў. Зімой загадаў вартаўнікам не паліць печы ў памяшканнях папістаў і, каб па келлях гуляў вецер, зняў засаўкі з грубак. З-за холаду ў аднаго з нашых, Ануфрыя Фалькоўскага, спаралізавала руку і нагу. Хадзіць у іншыя памяшканні, каб пагрэцца, было забаронена.

У снежні 1840 г. Дзюбінскі з двума манастырскімі служкамі і сваім хлопцам-служкам зрабіў новы вобшук у куфэрках кожнага з пакутнікаў, чытаў асабістыя лісты, а ў каго знаходзіў грошы - забіраў сабе [78]. Нарэшце паадбіраў у нас футры, ватнае адзенне, зімнія боты і ўсё гэта загадаў занесці сябе ў пакой. Калі немагчыма было ўжо вытрымаць вялікія маразы ў неабаграваных памяшканнях, мы папрасілі вярнуць рэчы, і ён усё ж аддаў іх. Але спадзяваўся, што мы не вытрымаем у келлях вялікіх маразоў і ледзянога ветру з печаў (у жбанах замерзла вада) і скорымся [79].

У лютым пабіліся паўп'яныя схізматычныя духоўныя гэтага манастыра - былы базыльянін Іпацій Старадубаўскі і святар Міхалевіч. Старадубаўскі паскардзіўся Дзюбінскаму, што яго аблаялі. Тады Дзюбінскі загадаў Старадубаўскаму ўзяць чатырох здаровых хлопцаў у эканома, разам з імі ісці да Міхалевіча і аблаяць яго. Потым замкнуць вінаватага ў вязніцу. Таксама загадаў даць 60-гадоваму Міхалевічу 20 казацкіх бізуноў. Гэта было да поўдня. Праз нейкі час Дзюбінскі зразумеў, што памыліўся, загадаўшы даць бізуноў святару, які амаль што ў два разы старэйшы за яго. Загадаў свайму служку адчыніць вязніцу і выпусціць старога, пры гэтым усім паведаміў, што вязніца і не была зачыненая. Пакрыўджаны, гвалтоўна збіты ў святарскім стане Міхалевіч выйшаў з камеры, пакінуў манастыр і пайшоў у павятовы горад Уладзімір, да якога было тры мілі. Меў намер падаць скаргу ўладам і таму папрасіў павятовага доктара агледзець яго раны. Міхалевіч лічыў, што ён праваслаўны і таму яго скарга будзе прынятая. Адразу напісаў дзве скаргі, прыклаў да іх заключэнне доктара і паслаў генерал-губернатару ў Кіеў і Сямашку ў Вільню. Генерал-губернатар вырашыў, што спрэчкі паміж духоўнымі яго не датычаць і адаслаў скаргу ў Вільню. Напачатку, прачытаўшы паперы, Сямашка вырашыў справу сцішыць, але, атрымаўшы ліст ад кіеўскага генерал-губернатара, мусіў даць справе ход. Напісаў да павятовага спраўніка, каб той правёў следства.

Спраўнік атрымаў ліст і вырашыў на гэтай справе зарабіць. Паслаў весці следства чатырох чыноўнікаў і паведаміў пра гэта Міхалевічу і Дзюбінскаму. У прызначаны дзень 14 студзеня ўсе з'ехаліся ў Загораўскім манастыры… але сведкі былі падкупленыя… і апраўдалі Дзюбінскага. Перад ад'ездам з манастыра спраўнік прыходзіў да нас, пакутнікаў, і навяртаў да праваслаўя… абяцаў за гэта кожнаму па 100 рублёў, але атрымаў адказ і, пакрыўджаны, пакінуў нас у спакоі.

Праз некалькі дзён пасля «следства» Дзюбінскі прыдумаў новыя сродкі для навяртання папістаў. Неяк напрыканцы студзеня прыслаў да нас служку, які перадаў нам: «Настаяцель загадаў вам усім, каб, калі з'ясцё па акрайчыку хлеба і па талерцы фасолі, усе разам пайшлі на сажалку жаць чарот - чарот павяжаце і паносіце на кухню замест паліва». Пакутнікам ігумену і Сабалеўскаму як людзям, якія мелі больш за 70 гадоў, дазволілі не жаць чарот, але прысутнічаць разам з іншымі. Тая сажалка была ніжэй манастыра, каля крыніц. Вада разлілася па першым лёдзе і падтапіла снег. Уніяты-пакутнікі жалі чарот да вечара, вязалі яго ў снапкі і насілі на кухню. Ігумен хадзіў па снежнай вадзе і сядзеў на снапах чароту. Стары Сабалеўскі хоць тады і не працаваў, але не мог больш вытрымаць і тут жа, каля чароту, сказаў нам, што прыме схізму. Пайшоў да Дзюбінскага і даў падпіску з умовай, што яго пашлюць у той манастыр, які ён сам сабе выбера. Дзюбінскі з радасцю прыняў яго і ўсё яму абяцаў. Выслаў яго ў іншы манастыр, але старога не абмінуў няшчасны выпадак ці, можа, кара ад Бога. Ад'ехаў толькі ¾ мілі ад Загорава, на спуску з гары да мястэчка Локач упаў з воза і колы пераламалі яму абедзве нагі. Гэты выпадак усе ўспрынялі як кару Божую за змену веры і зламанне прысягі. Пакутнікі ж яшчэ больш узмацніліся ў сваім адпоры.

Аднак Дзюбінскага не надта ўсхваляваў гэты выпадак, меў ён толькі адну думку і адно жаданне - каб усіх пакутнікаў навярнуць да расійскай царквы. І далей ўжываў розныя спосабы: холад, голад, зверства, лаянка - усё, каб прымусіць нас адмовіцца ад сваёй веры. Адных ён замыкаў на два ці тры дні ў лёхах на хлеб і ваду, другіх браў у свой пакой, загадваў раздзець да кашулі і страшыў збіццём. Я сам прайшоў праз гэтую ганьбу, бо і мяне два служкі па яго загадзе раздзявалі і пужалі.

Бачачы, што мы сталыя ў сваіх перакананнях і не паддаёмся ні катаванням, ні ўгаворам, ужыў новы спосаб. Запрасіў да сябе сваіх папоў-схізматыкаў, каб па радзіцца з імі, што з намі рабіць. Разам вырашылі першым з нас зламаць ігумена Слабоцкага, бо калі ён прыме схізму, дык і мы, магчыма, таксама пагодзімся. Гэтая думка спадабалася Дзюбінскаму.

У першыя дні Вялікага посту, падчас набажэнства перад абедам, ён прыйшоў з двума служкамі ў капліцу, перапыніў службу і загадаў забраць ігумена. Служкі схапілі нявіннага пад рукі і пацягнулі ў манастырскую вязніцу. Яго камера мела толькі закратаванае вакно зверху і дзірку замест прыбіральні ўнізе. Пад дзверы ў камеру лазілі каты, а каб спаць, на падлозе ляжала толькі салома. Што там Дзюбінскі рабіў з ігуменам - ці біў яго, - я не ведаю, бо мы працягвалі службу.

У гэты дзень перад абедам настаяцель прыслаў хлопца, які сказаў нам: «Пасля абеду ўсе пойдзеце і будзеце з фальваркавай аборы кашамі на плячах насіць гной на поле за карчмой і за грэбляй - куды пакажа эканом. Рабіць будзеце да вечара». На абед быў акрайчык хлеба і талерка баршчу. Папісты без спрэчак насілі гной да вечара па балоце, бо зямлю ўжо адпусціла. Адлегласць ад аборы да поля была большай за 2000 крокаў. Пасля заходу сонца пакутнікі вярнуліся ў манастыр, і памочнік настаяцеля, дыякан, па загадзе Дзюбінскага выклікаў базыльянаў Лісоўскага і Чарнаруцкага да сябе: «Можа, ён вам нешта скажа», - і накіраваў нас да ігумена. Калі мы прыйшлі, Слабоцкі ляжаў на саломе і, колькі мы яго ні клікалі, ні трэслі за рукі, не адказваў і не рухаўся, а толькі цяжка і хрыпла дыхаў. Мы пакінулі ігумена, дыякан замкнуў дзверы і даклаў справу Дзюбінскаму, на што той адказаў: «Хай прападае як сабака».

Раніцай яшчэ жывога ігумена прынеслі з вязніцы ў яго келлю і паклалі на ложак. Дзюбінскі загадаў, каб два малодшыя пакутнікі Лісоўскі і Чарнаруцкі былі пры ім. Непрытомны ігумен ціха памёр а 10-й гадзіне вечара. Вакол манастыра разышліся чуткі, што Дзюбінскі закатаваў ігумена. Адзін з пакутнікаў апісаў усю гэтую гісторыю і таемна даслаў ва Уладзімір святару Міхалевічу, які не дараваў свае крыўды Дзюбінскаму. Міхалевіч прыклаў гісторыю смерці ігумена да сваёй паўторнай скаргі, і падаў у павятовы суд, і зноў даслаў да Сямашкі.

Праз кароткі час з павятовага ўладзімірскага суда прыйшоў ліст аб пачатку следства па справе смерці ігумена Слабоцкага і датычнасць да гэтай справы Дзюбінскага.

X

У першыя дні сакавіка Дзюбінскі вельмі ўсхвалявана хадзіў з кута ў кут, цэлыя дні і ночы ішоў дождж. Увечары 3 сакавіка, каля 10-й гадзіны, ён выйшаў з манастыра ў фальварак, дзе ўжо спала чэлядзь. Паклікаў вартаўніка і сказаў яму: «Ты тут сядзіш і нічога не ведаеш з таго, што дзеецца ў манастыры. Ідзі падзівіся: там п'яюць, граюць і танцуюць» [80]. Вартаўнік пайшоў у манастыр, абышоў яго, але нічога такога не ўбачыў, паўсюль было ціха, усе насельнікі ўжо спалі. Вярнуўся ў фальварак, але Дзюбінскага тут не было. Раніцай усё ішло, як звычайна, усе вярнуліся з ютрані ў свае келлі. Тады на другі паверх манастыра да памочніка настаяцеля, дыякана, прыйшоў акружны Дзвярынскі і спытаўся: «Што чуваць у вас у манастыры, ці не бунтуюць папісты?» Дыякан адказаў, што ўсё спакойна, ціха і нічога новага няма. Тады, нічога не выпытаўшы ў дыякана, Дзвярынскі сказаў: «Дзе настаяцель, ці ў манастыры?» Дыякан адказаў, што ён тут, але сёння яго яшчэ не бачылі. Тады чыноўнік зразумеў, што ў манастыры нічога не ведаюць, і паведаміў дыякану: «Настаяцеля няма ні ў яго пакоі, ні ў манастыры, але ён у мяне ў Локачах, прыйшоў апоўначы, грукаўся ў вокны, напужаў нас, але я пазнаў яго па голасе і ўпусціў у хату. Калі ён увайшоў, дык напужаў мяне з жонкай і дзецьмі яшчэ больш. Меў брудную да паса сукню і быў увесь у гразі. Са страхам я спытаўся яго: "Што адбылося?" Дзюбінскі адказаў, што ўцёк з манастыра, бо там яго хацелі забіць. Ратуючыся, ён прабег усе мілі дарогі, пры гэтым перайшоў сажалку і дрыгву. Папрасіў даць яму мой шлафрок з бялізнай і пусціць у ложак». Паліцэйскі адразу паехаў у манастыр, каб даведацца, што там адбываецца. Але калі дыякан расказаў, што тут усё спакойна, яму стала зразумела, што настаяцель усе жахі прыдумаў. Дзвярынскі загадаў дыякану маўчаць і вярнуўся дахаты. Вечарам таго ж самага дня прывёз Дзюбінскага назад і начаваў з ім у яго манастырскім пакоі. Раніцай пілі каву, вялі спакойныя размовы, потым Дзюбінскі нават даваў распараджэнні эканому, селянін прынёс у манастыр свежую рыбу, настаяцель купіў яе і загадаў прыгатаваць на абед.

Паліцэйскі пайшоў у фальварак паглядзець сваіх коней і пакінуў Дзюбінскага аднаго. Вярнуўшыся праз паўгадзіны, не застаў настаяцеля ў сваім пакоі, чакаў яго некалькі гадзін, потым спытаўся ў служкаў, і яны адказалі, што настаяцеля не бачылі і не ведаюць, дзе яго шукаць. Тады чыноўнік загадаў шукаць настаяцеля па ўсім манастыры і фальварку… і потым ад пастушка даведаліся, што Дзюбінскі без шапкі хутка пайшоў у бок вёскі Старое Загорава. У гэтай вёсцы ён зайшоў да свайго прыяцеля, папа Садоўскага, але не застаў таго ў хаце. Жонцы папа сказаў: «Шкада, што не застаў айца Васілія, я прыйшоў з ім развітацца, бо іду паміраць». Пасля гэтага пайшоў у іншы бок вёскі, да дома ляснічага. Падобна, таго таксама не застаў у хаце і яго жонцы сказаў тое самае, што і жонцы папа.

Недалёка, над вялікім возерам, стаяла вёска Хораў. Дзюбінскі прыйшоў сюды, на беразе распрануўся і ўвайшоў у халодную ваду - месцамі яшчэ плаваў лёд. Ад хо ладу ён адразу выйшаў з вады, але потым зноў увайшоў і ўзняў рукі за галавой - людзі з суседніх хатаў бачылі гэта. У вадзе ён пайшоў туды, дзе глыбока. Людзі распавядалі, што настаяцель акунуўся з галавой у ваду і больш яго не бачылі. У той час туды прыехаў эканом хораўскага двара і, калі яму расказалі, што загораўскі настаяцель улез у ваду і да гэтага часу не выйшаў, загадаў ратаваць Дзюбінскага. Вылавілі яго ўжо нежывым. Калі пра гэта дазнаўся Дзвярынскі, ён як страла памчаўся да возера, але труп настаяцеля ўжо задубеў. Гэтую гісторыю мне распавялі людзі, якія бачылі ўсё ад пачатку да канца.

Вечарам тапельца прывезлі ў манастыр і паклалі ў сенях, а назаўтра пахавалі ў садзе на могілках. Такі быў канец дызуніта і руплівага схізматыка, які пакінуў па сабе злую памяць. Міхалевіч пасля збіцця жыў ва Уладзімірскім манастыры і там даведаўся пра гэтую справу. Ён ужо быў стары і таксама страціў розум - зачыніўся ў сваёй келлі і задушыў сябе ручніком. Калі выламалі дзверы, яго труп ужо астыў. Такі быў канец двух дызунітаў - смерць іх была гэткая ж немаральная, як і іх жыццё. І да ганебнай смерці іх давяло прыняцце схізмы.

Весткі пра ганебную смерць гэтых двух былых уніятаў шырока разнесліся, і таму гвалтоўны ўціск уніятаў зменшыўся. Лягчэй стала і ў манастыры, дзе нас трымалі. Я правёў там два гады і магу гэта засведчыць [81].

Пасля смерці Дзюбінскага на яго месца прызначылі Мазальскага, гэты ўжо не прызначаў нам штодзённай працы і палепшыў ежу.


Неўзабаве, у 1841 г., Сямашка і Сінод злучылі былую ўніяцкую епархію са старой Валынскай ці Жытомірскай праваслаўнай епархіяй і нас перавялі ў іншыя манастыры, у якіх працягнулі навяртаць у праваслаўе. Як і раней, мы мелі толькі посную ежу. Расказвалі нам свае праўды веры і не дазвалялі з сабой нават спрачацца, бо мы былі «мяцежнікі». Такім чынам, праз 9 гадоў пераследу і перасылак з манастыра ў манастыр… апошнім для мяне стаў Пачаеўскі манастыр, пасля яго мяне павінны былі адправіць у глыб Расіі. Тады я сакрэтным спосабам уцёк з краю ад апекі расійскага ўрада і ўдзячны Богу за тое, што ён вырваў мяне з пашчы льва.

Самуэль ЧАРНАРУЦКІ

Пераклад і каментаванне Леаніда ЛАЎРЭША



[1] Успаміны святара Рыгора Міцэвіча друкаваліся асобна: Micewicz G. Niedrukowany dotąd pamiętnik księdza... Z przedmową i objaśnieniami W. Chotkowskiego. - Poznań, 1888.

[2] Марозава С. В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады): манаграфія / С. В. Марозава. - Гродна, 2014. - 218 с.

[3] Гл.: Kurier Poznański. № 7. 10 stycznia 1892.

[4] Тамсама.

[5] Парах - гэтак у грэка-католікаў называўся пробашч парафіі.

[6] Рэзалютар выпадкаў сумлення - высокаадукаваная і адмыслова падрыхтаваная духоўная асоба, якая тлумачыла святарам розныя складаныя пытанні, якія маглі з'явіцца ў іх падчас спавядання вернікаў.

[7] Polski słownik biograficzny. T. 4. Kraków, 1938. S. 234.

[8] Akta męczeńskie Unji (Łysków. Ks. Baranowski. Ks. Micewicz i jego towarzysze. Dudakowicze. Porozów). Rocznik Towarzystwa historyczno-literackiego w Paryżu za r., 1866. Paryż, 1867. S. 113-155.

[9] Францішак Карпінскі (1741-1825), паэт, драматург, прадстаўнік сентыменталізму.

[10] Суперыёр - настаяцель манастыра.

[11] Тупальскі Антон, протаіерэй, старшыня Літоўскай кансісторыі.

[12] Загорава (на Валыні), Жыровічы, Быцень, Таракані - былыя ўніяцкія манастыры.

[13] У 1838 г. сакратар Сямашкі Фаўст Міхневіч атрымаў залаты наперсны крыж. У 1845 г. з пасады ігумена Тараканскага манастыра пераведзены наглядчыкам Жыровіцкай вучэльні. Пасля абрання ў Геаграфічнае таварыства, у 1851 г., Сямашка даручае Міхневічу (які зноў заняў пасаду ігумена Тараканскага манастыра) назіраць сонечнае зацьменне. Пры гэтым Міхневічу трэба карыстацца «ўказаннямі дасланай брашуры», але іерарх сумняваецца ў здольнасцях ігумена. У 1852 г. «астраном» Міхневіч прысабечыў сабе казённыя грошы і страціў давер Сямашкі. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского, изданные Императорскою Академиею Наук по завещанию автора. Санкт-Петербург. 1883. Т. 3. С. 360, 840, 984, 1002-1003.

Фаўст Міхневіч падпісаў скасаванне уніі на полацкім сходзе 1839 г., і таму разам з іншымі «падпісантамі» памінаецца Праваслаўнай царквой.

[14] Справа ідзе пра святара Мацея Бараноўскага з царквы вёскі Бабры Лідскага павета. У 1835 г. Сямашка пісаў, што Бараноўскі разам з 8 лідскімі святарамі адмаўляўся прыняць малітоўнікі маскоўскага друку. І нават пасля таго, як кансісторыя вырашыла пазбавіць гэтых святароў пасады, Бараноўскі разам з іншымі 4 лідскімі святарамі застаўся цвёрдым у сваіх перакананнях і быў рэпрэсаваны. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 199-200, 231.

З кнігі Д. Лісейчыкава даведваемся, што Мацей Бараноўскі, сын Васіля, нарадзіўся ў 1800 г., вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры. У 1832 г . вікарый у Голдаўскай царкве, з 1834 г. святар царквы ў Бабрах. У 1837 г. ён ужо не быў святаром баброўскай царквы. Гл.: Лісейчы каў Д. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг. Мінск, 2015. С. 132.

[15] Шаўгіні Стэфан (рус. Стефан Шолгини), у 1835 г. за адказ прыняць маскоўскія службоўнікі яго разам з шасцю святарамі Камянецкага дэканата (у тым ліку з Міцэвічам) перавялі ў дзякі. У 1839 г. святара зламалі, і ён даў падпіску аб далучэнні. Быў прызначаны вікарыем у Дзікушскую царкву на Лідчыне. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 175, 178, 401, 424.

[16] Верагодна, асігнацыямі.

[17] У 1834 г. Сямашка сярод іншых ліквідаваў Наваселіцкі манастыр, а яго суперыёра пакінуў у Кобрынскім манастыры. У 1839 г. Фалькоўскага разам з іншымі недалучыўшыміся манахамі перавялі з Ляшчынскага ў Быценскі манастыр. У 1840 г. ён сярод «ненадзейных» у Загораўскім манастыры. У 1841 г. Фалькоўскі сярод іншых скардзіцца на Дзюбінскага. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С 50, 469, 533, 553.

[18] Лаўрэнці Высоцкі - суперыёр Глушнянскага манастыра на Лідчыне.

[19] Антон Грушэўскі - насамрэч не дэкан, а экзаменатар Лідскага дэканата (з 1817 г.). На радзіўся ў 1770 г. у сям'і свецкага шляхціца, высвячаны ў 1796 г., з 1800 г. адміністратар царквы ў Ятвеску. У 1837 г. узгадваецца як былы адміністратар. Гл.: Лісейчыкаў Д. Святар у беларускімсоцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. С. 218.

У кастрычніку 1835 г. Сямашка нізвёў ў прычэтнікі 8 святароў Лідскага дэканата за адмову служыць па службоўніках маскоўскага друку, сярод іх а. Антона Грушэўскага. Прычэтніка Грушэўскага ганялі па некалькіх цэрквах, потым ён патрапіў у Быценскі манастыр і тут быў, па словах Сямашкі, «спакусай для мясцовых жыхароў», гэта значыць заставаўся грэка-католікам. З Быценскага манастыра быў пераведзены ў Загораўскі. У 1841 г. быў адным з тых пакутнікаў, якія скардзіліся на настаяцеля Загораўскага манастыра Дзюбінскага, і таму Сямашку прыйшлося бараніць Дзюбінскага перад обер-пракурорам Сінода Пратасавым. Хутка крэатура Сямашкі, Дзюбінскі, канчаткова звар'яцеў і ўтапіўся. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 223, 231, 553.

[20] Ва ўспамінах Чарнаруцкага больш падрабязна расказваецца пра гэтыя падзеі.

[21] Да 1843 г. Дзісенскі павет знаходзіўся не ў Віленскай, а ў Менскай губерні.

[22] Энгельгард Сяргей Пятровіч, магілёўскі цывільны губернатар у 1839-1844 гг.

[23] Міхал Міхайлавіч Гамалея, магілёўскі губернатар у 1845-1853 гг.

[24] Маецца на ўвазе задушэнне паўстання 1831 г., але фармулёўка цікавая.

[25] Раней мястэчка, а цяпер вёска ў Бельскім павеце Люблінскага ваяводства, Польшча.

[26] Крынкі - цяпер горад у Сакульскім павеце Падляскага ваяводства, Польшча.

[27] 17 чэрвеня 1857 г. Сямашка пісаў обер-пракурору Св. Сінода графу Талстому: «У мястэчку Поразава Гродзенскай губерні Ваўкавыскага павета знаходзяцца праваслаўная царква і рыма-каталіцкі касцёл. З даўняга часу рыма-каталіцкае духавенства тут "совращало" ў каталіцтва… праваслаўных прыхаджан… У 1857 г. паступіла данясенне дабрачыннага… што… на свята св. Антонія і іншыя поразаўскімі ксяндзамі зноў "совращено" шмат прыхаджан… царквы. Па спісе, прад стаўленым дабрачынным… у спісе значыцца 62 чалавекі - 12 мужчын і 50 жанчын. <…> Усе гэтыя "совращенцы" - казённыя сяляне… Святар Поразаўскай царквы Станкевіч зняты з пасады… на яго месца прызначаны надзейны святар. Яму даручана "наставлениями и кроткими убеждениями" вярнуць адступнікаў… Епіскап Інакенцій даносіць мне, што ён у маі гэтага года прыбыў у Поразава і знайшоў… усіх "совращенных" сабраных для "увещания" станавым прыставам… На пытанне, чаму яны пакінулі "природное православие", адказалі, што ў касцёле не патрабуюць грошай за наём кватэры, за апрацоўку зямлі і за дровы для ацяплення памяшканняў плябаніі, што ў рымлян меней святаў, а некаторыя растлумачылі, што… іх бацькі, паміраючы, абавязалі іх перайсці ў каталіцтва». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 628-629.

[28] Старшы ад'ютант, уланскі ротмістр Аляксандр Спірыдонавіч Паўлаў. Гл.: Памятная книжка Виленской губерни на 1857 г. Вильно, 1857. С. 3. Паўлаў А. С. (1823-1909) даслужыўся да генерал-лейтэнанта і пасады начальніка Кіеўскага жандарскага ўпраўлення.

[29] Святар Віленскага кафедральнага сабора Антон Іванавіч Пшчолка. Гл.: Памятная книжка Виленской губерни на 1857 г. С. 63.

[30] У Сямашкі прозвішча хлопца не Суханюк, а Сахон. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 627.

[31] Нагадваю яшчэ раз: «…іх бацькі, паміраючы, абавязалі іх перайсці ў каталіцтва». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 629.

[32] Скапуляры, цi малы скапуляры, уяўляе з сябе два прастакутныя кавалкі тканіны цi iншага матэрыялу, на якiя нанесеныя рэлiгiйныя выявы цi тэксты, змацаваныя памiж сабой шнурамi. Носiцца на целе пад адзеннем такiм чынам, што адзiн вобраз знаходзiцца на спiне, другi - на грудзях.

[33] Менавіта пра гэта пісаў Францішак Багушэвіч у вершы «Хрэсьбіны Мацюка» (зборнік «Дудка беларуская»):

О так-то хрысцілі мяне казакі

З тутэйшага ды ў палякі!

[34] Каятан Восіпавіч Навіцкі - ваўкавыскі акружны начальнік.

[35] Нагадаю, што пра справу ў Поразаве пісаў «Колокол» Герцана, а гэтую газету ў той час чыталі паўсюль - ад цукерняў малых беларускіх гарадкоў да міністэрстваў у Пецярбургу. А пасля смерці дэспатычнага цара Мікалая І, вынікам кіравання якога быў разгром рускага войска ў Крыме англа-французскім дэсантам, пачаўся грамадскі пад'ём. Гэтым і тлумачыцца выратаванне ваўкавысцамі пакутнікаў і стаўленне да вылюдка Навіцкага ў Зэльве.

[36] Сямашка ў другім томе ўспамінаў друкуе шматстаронкавы ліст да генерал-губернатара Назімава з пратэстам супраць самаўхілення ўладаў ад гвалту над беларускім насельніцтвам з прычыны рэакцыі міжнароднай прэсы, іерарх нагадвае генерал-губернатару, што ў Расіі «отступничество от православия преследуется законом и судиться как уголовное преступление», і патрабуе прымаць меры. Калі ўважліва прачытаць і прааналізаваць стандартную слоўную эквілібрыстыку гэтай асобы, дык можна зрабіць галоўную выснову: сялян і насамрэч збівалі. Сямашка пісаў пра Навіцкага: «…случилось одному из них (чиновнику. - Л. Л.) наказать несколько крестьян за дерзость и непочтительность против властей…». Такім чынам, гвалт быў. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 650-655.

[37] Вялікая колькасць жонак уніяцкіх святароў яшчэ да 1839 г. самі спрабавалі «схавацца» ў рыма-каталіцтве і першымі падвяргаліся прымусоваму вяртанню ў «природное православие».

[38] Пра падзеі пісала ўся еўрапейская прэса. Адгукнулася і газета Герцана «Колокол», вось што яна пісала: «Англійскія, бельгійскія і нямецкія часопісы ("Morning Advertiser", "Independence", "Allgemeine Zeitung" і інш.) распавядаюць… страшную гісторыю новага ліхадзейства рускай адміністрацыі ў заходнім Краі… Мястэчка Поразава перайшло з уніі ў грэцкую царкву - у той самы "душаўратавальны" час, калі цар Мікалай з пабожнай лютасцю "всекал" уніятаў у праваслаўе. Ім дастаўся нейкі гнусны поп, які прыгнятаў і ашукваў іх. Мужыкі, пачуўшы, што новы цар паладзіў з каталіцкім духавенствам, перайшлі зноў у унію. Поп данёс. Генерал-губернатар Назімаў адправіў туды атрад салдат, шмат паліцыі і свайго ад'ютанта Паўлава. Гэтая ўзброеная хеўра напала на вёску і без суду і следства пералупцавала ўсіх; кажуць, што некалькі чалавек ад пакарання памерлі. Калі гэта выдумана ці перабольшана, хай Назімаў апраўдваецца, а датуль з ўсёй Еўропай мы будзем лічыць гэта ісцінай. Зрэшты, тут неверагоднага нічога няма, гэта ўсё цалкам у норавах аракчеева-бібікаўскай школы. Ці даўно Сямашка лютаваў з тым самым "секущем" праваслаўем? Зразумела, раскольнікі маюць рацыю, калі пагарджаюць паліцэйскай царквой, якая дабраслаўляе розгі і падтрымліваецца разбойнікамі ў аксельбантах і шпіёнамі ў камілаўках». Гл.: Герцен А. И. Собрание сочинений: в 30 т. Т. 13. М.: Издательство Академии наук СССР, 1958. С. 364-365.

І далей: «Мы атрымалі днямі некаторыя падрабязнасці аб справе праваслаўнага разбою ў Гродзенскай губерні, аб якой пісалі ў мінулым лісце. Такім чынам, гэтая жудасная гісторыя з'яўляецца сапраўднай, і гнюсны Сямашка высек сабе новы помнік на спіне безабаронных ахвяр. З боку цывільнага начальства катаваннем кіраваў акружны Навіцкі. Гэты паліцэйскі апостал сек людзей датуль, пакуль пакутнік не згаджаўся прыняць прычасце ад праваслаўнага папа. Адзін 14-гадовы хлопчык пасля дзвюхсот розгаў адмовіўся ад такіх зносін з Хрыстом - яго зноў пачалі секчы, і толькі тады, саступаючы страшнаму болю, ён пагадзіўся. Праваслаўная царква перамагла! "Уся справа схаваная", - дадае карэспандэнт. Але ўсю справу можна адкрыць, дадаем мы! А які ж поп-разбойнік стаяў з пацірам падчас катавання! Сямашка, у Хрысце праваслаўны мітрапаліт Іосіф, у Юдзе здраднік і кат, які заслужыў еўрапейскую вядомасць, - па-майстэрску выбірае і хіратаніруе… сваіх заплечных іерэяў. Ганьба! Ганьба!». Гл.: Герцен А. И. Собрание сочинений: в 30 т. Т. 13. М.: Издательство Академии наук СССР, 1958. С. 390-391.

[39] Сямашка ў 1858 г. піша пра хрышчэнне немаўляці «праваслаўнай» маці Магдалены Раманоўскай у касцёле. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 627; Т. 3. С. 1218.

[40] Долбилов М. Д. Русский край, чужая вера: Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II. Москва, 2010. С. 151-152.

[41] Тамсама. С. 430-434.

[42] https://orthos.org/eparhiya/blagochiniya-i-hramy/svislochskoe/porozovo

[43] Czarnorucki Samuel. Z notatek ośiemdziesięcio-letniego starca Liwina-Unity // Przegląd Lwowski. 1875. T. 10. Z. 14. S. 100-108; Z. 15. S. 148-153; Z. 17. S. 283-288; Z. 20. S. 488-493; Z. 21. S. 577-583; Z. 22. S. 629-634; Z. 23. S. 689-694; Z. 24. S. 765-772.

[44] Тут і далей аўтар называе асэсарам практычна любую службовую асобу.

[45] Член кансісторыі, кансісторыя - установа пры біскупе з адміністрацыйнымі і царкоўна-судовымі функцыямі.

[46] Чарнаруцкі памыляецца, насамрэч гэтая «дзёрзкая выхадка» не спадабалася цару і не дапамагла базыльянам.

[47] Насамрэч у 1829 г. Сямашка стаў мсціслаўскім біскупам, вікарыем Полацкай уніяцкай архідыяцэзіі.

[48] Праект аб скасаванні уніі Сямашка падаў цару ў 1827 г.

[49] Манстрацыя (дараносіца) - спецыяльны посуд для святых дароў, які выкарыстоўваюць для перанясення запасных святых дароў, каб здзейсніць сакрамант сабаравання цяжкахворым.

[50] Пушка - даразахавальніца.

[51] Келіх - пацір

[52] Рэліквіярый - ёмішча для захоўвання каштоўных рэліквій, якія маюць сакральнае значэнне.

[53] Ампулка - посуд для захавання вады і віна для святой еўхарыстыі.

[54] Аспіс - у прамым сэнсе круглы шчыт грэцкага воіна.

[55] Маюцца на ўвазе цэрквы, якія сталі праваслаўнымі да 1839 г.

[56] Аўтар памыляецца, насамрэч справа ідзе пра любчанскага святара магістра тэалогіі Адама Плаўскага.

[57] Язафат Слабоцкі (1765-1841), протакансультар літоўскай правінцыі закона базыльянаў. У 1780 г. высвячаны ў святарскае званне. У 1781 г. вывучаў граматыку ў Тараканскім, а ў 1782-1793 гг. красамоўства ў Антопальскім манастыры. У Віленскім універсітэце вучыў матэматыку і фізіку (1784-1786). У Рымскім калегіуме «Collegium Urbanum Depropagandafide» вучыў тэалогію (1791-1793), у Рыме атрымаў ступені доктара філасофіі і тэалогіі. У 1814 г. рэктар Віленскага ўніверсітэта Ян Снядэцкі зацвердзіў выдадзеныя ў Рыме ступені дактароў. З 1805 г. ігумен у Жыровічах, з 1814 г. протакансультар закона. З 1825 г. кобрынскі архімандрыт. Гл.: Описание архива западнорусских униатских митрополитов. С.-Петербург. 1907. С. 694-695, 758-761.

[58] Скрыпіцын, насамрэч камергер і дырэктар дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў. Пра місію Скрыпіцына гл.: Марозава С. В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады). С. 159-163.

[59] Верагодна, стары базыльянін блытае Віцебск з Полацкам, у якім на пачатку 1839 г. Сямашка затрымаўся на некалькі дзён, бо тут мелася значная колькасць духавенства, якое супрацьдзейнічала распараджэнням епархіяльнага начальства, што «не дазволіла мне абмежавацца толькі некалькімі прыкладамі строгасці. Было неабходным зрабіць значна большае ўражанне, кааб разарваць хеўру, якая існавала тут доўгі час, і саслаць у аддаленыя месцы людзей, якія кіравалі хеўрай. …Валерый Валер'евіч (Скрыпіцын) зараз знаходзіцца ў Дзісенскім павеце для росшукаў па справе тутэйшых святароў…». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 2. С. 88.

[60] У 1838 г. за адмову прыняць змены бацька сямі дзяцей а. Рыгор Галынец страціў пасаду дэкана і святара Смалянскай царквы. У 1839 г. Сямашка паведамляў, што Рыгор Галынец, разам з іншымі святарамі, забаронены ў службе і сасланы дзячком у Лагойскую царкву. У 1839 г. пераведзены ў дзякі Сялецкай царквы Літоўскай епархіі. У 1842 г. ён знаходзіўся ў вязніцы Курскага манастыра і быў «асабліва правініўшымся». Потым яго перавялі у панамары ў Гнеўчыцкую царкву каля Антопаля. У 1853 г. нязломнага Галынца ва ўзросце 62 гадоў «уволили» з панамароў і вывелі за штат. У 1857 г. Галынец усё яшчэ «не воссоединился… и… чужд православной церкви», але просіць выпусціць яго жыць у «Царства Польскае», дзе, як вядома, яшчэ існавала грэка-каталіцкая царква. Сямашка рашуча адмаўляў яму у гэтым. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 420, 666, 678, 1207-1208.

[61] Арнат - фелонь, верхняя вопратка святара без рукавоў, апранаецца паверх стыхара.

[62] Гумерал - у традыцыі заходняй царквы белая ільняная доўгая тканіна, часам з капюшонам, якая адзявалася пад стыхар і прыкрывала шыю і плечы святара.

[63] Альба - доўгае белае літургічнае адзенне каталіцкіх клірыкаў.

[64] Далматык - верхняя рыза каталіцкіх дыяканаў.

[65] Чатырохвугольны плат з ушытай у яго часціцай мошчаў якога-небудзь святога, ляжыць у алтары на прастоле.

[66] На шчасце для дзеячаў уз'яднання, у той час памёр і другі небяспечны супернік уз'яднання - уніяцкі пінскі біскуп Язафат Жарскі, ён пакінуў запіску, у якой абвяшчаў сябе недатычным да ўсіх дзеянняў супраць грэка-ўніяцкай царквы». Гл.: Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского, и воссоединение западнорусских униатов с православной церковью в 1839 г. Вильна. 1893. С. 115.

[67] «На пачатку 1838 года здарылася падзея, якая мела рашучы ўплыў на лёсы уніі. У лютым памёр апошні ўніяцкі мітрапаліт у Расіі, Язафат Булгак. Са смерцю яго, па выразе протаіерэя Міхаіла Баброўскага, які быў некалі настаўнікам Іосіфа Сямашкі ў Галоўнай семінарыі, а ў той час парафіяльным святаром у м. Шарашаве і пружанскім дабрачынным, "прабіла апошняя гадзіна уніі"». Гл.: Киприанович Г. Я. Жизнь Иосифа Семашки, митрополита литовского и виленского и воссоединение западнорусских униатов с православной церковью в 1839 г. С. 114.

[68] Мітрапаліту было амаль што 80 гадоў, і памёр ён сваёй смерцю. Тым цікавей, што адразу з'явіліся чуткі пра яго пакутніцкую смерць. Гісторык і пісьменнік Мар'ян Дубецкі пісаў: «Пра акалічнасці смерці мітрапаліта Булгака ў Рым паведаміў нейкі ўніяцкі святар з атачэння мітрапаліта ў Пецярбургу, які потым шукаў у Рыме паратунку, вось што ён расказаў: "Незадоўга да смерці мітрапаліт добра сябе адчуваў. Неяк да яго прыйшоў ў госці ваенны найвышэйшага звання, які запісаўся ад'ютантам цара, але насамрэч гэта і быў сам манарх Мікалай І, інкогніта. Сустрэча адбывалася сам-насам, але мітрапаліт паспеў перадаць яе змест свайму блізкаму атачэнню. Пачалася размова лагодна і станоўча, але цар прасіў, каб кіраўнік уніяцкай царквы прыняў схізму. Стары мітрапаліт цвёрда адмаўляўся. "Гэта патрэбна для дабра дзяржавы, для шчасця Расіі, Расія просіць вас і яе цар просіць вас на каленях", - сказаў імператар і раптоўна стаў на калені. "Не магу гэтага зрабіць і ніколі гэтага не зраблю", - сказаў Язафат Булгак. Самадзержац, пакрыўджаны адмовай, абурана падняўся на ногі і ўдарыў старца. Булгак упаў. Праз хвіліну госць хуткім крокам выйшаў з пакоя, а старога паклалі ў ложак. Больш не ўставаў і праз некалькі дзён памёр. За дзень да смерці цар даслаў мітрапаліту ордэн, але Булгак сказаў: "Іду да трона Спрадвечнага і нішто зямное мне больш непатрэбна". Пасля чаго адаслаў ордэн… у гэтай краіне гвалту і незлічоных таямніц, якія пакрываюць злачынствы, усё магчыма…"». Гл.: Dubiecki Marian. Teresa z Wierzbickich Bułhakowa: wizerunek pośmiertny z jej pamiętników, listów, notat. Kraków, 1895. S. 34-35.

[69] Зразумела, пасланнік з Валыні ў Літву ехаў праз Лідчыну па старым знакамітым Каралеўскім тракце - з Валыні на Ваўкавыск, а далей тракт праходзіў каля Шчучына, Васілішак і потым на поўнач. Вось што мне ўдалося знайсці пра святара Ятвескай царквы (каля Шчучына, якраз каля тракта) у Лідскім павеце і Скідальскім дабрачынні. 16 студзеня 1843 г. Сямашка з задавальненнем дазволіў 13 духоўным з Скідальскага дабрачыння апрануцца ў расы, а 6 адпусціць бараду «па агульным звычаі праваслаўнага духавенства». Сярод гэтых святароў ёсць і святар «Ятвескай царквы Авксенцій Раздзялоўскі». Месцазнаходжанне і прозвішча святара супадаюць, але нешта казаць па справе можна, толькі калі б знайшліся архіўныя дакументы. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С.729.

Цікава, што хутка Раздзялоўскі знікае, і ўжо 13 чэрвеня 1843 г. святаром Ятвескай царквы становіцца Міхал Юрэвіч. Гл.: Стренковский С. П. Священно- и церковнослужители православных приходов Лидского и Ошмянского уездов в XIX - начале XX века. Минск, 2019. С. 215.

Таму калі апісаныя Чарнаруцкім падзеі і насамрэч мелі месца, дык адбыліся яны ў першай палове 1843 г.

[70] Магчыма, Антон Аліферовіч, 1806 г. н., святар царквы мястэчка Азярніца Слонімскага павета ў 1832 - 25.02.1837 гг. Гл.: Лісейчыкаў Д. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяц кага духавенства 1596―1839 гг. С. 105.

[71] Верагодна, Ігнат Баліцкі, дабрачынны вілейскі, а потым мядзельскі, таму, верагодна, справа ідзе пра Мядзельскі манастыр.

[72] Верагодна, гэта Рафал Жыромскі (Журомскі) з Астрыны і Кунаховіч (Канаховіч) Язэп з Голдава.

[73] 21 ліпеня 1842 г. Сямашка пісаў обер-пракурору Сінода Пратасаву: «…праездам праз Курск я ўнікаў у абставіны ўладкаванай там часовай абіцелі для былых нядобранадзейных грэка-ўніяцкіх духоўных. <…> Курская абіцель уладкавана… каб выдаліць былых грэка-ўніяцкіх духоўных, варожых справе аб'яднання… і яна сваю справу выканала. …гэтыя манахі… называюць і пішуць сябе ўніятамі, і толькі ў гэтым адным месцы ў Расіі памінаецца імя папы пры богаслужэнні на рускай мове. …Я згодны… зачыніць… Курскую абіцель… духоўных падзяліць на тры разрады: маладыя… сярэдняга ўзросту, старыя… Першых прапаную… выключыць з абіцелі ці нават з манаскага стану і перадаць грамадзянскаму ведамству пад нагляд паліцыі, другіх… пасяліць у адным з манастыроў Курскай епархіі… трэціх пасяліць у… манастырах… на Валыні… дажываць свой век». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 665-666.

[74] 11 снежня 1838 г. Сямашка загадаў настаяцелю Уладзімірскага манастыра Казачэўскаму ўзяць падпіску аб далучэнні да праваслаўя ў іераманахаў Мацея Навадворскага, Самуэля Чарнаруцкага, Якіма Кубецкага, Марцініяна Ульвіцкага, Фларэнція Бугеда і Марцірыя Герша. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 405.

[75] Грынцэвіч Гервасій, іераманах Віленскага манастыра Святой Тройцы. Летам 1839 г. сасланы Сямашкам ў Быценскі манастыр. У лістападзе таго ж года Сямашка прапанаваў, каб яму разам з іншымі манахамі панізілі жалаванне да 6 руб. у год і выслалі ў «вялікарасійскія манастыры». У снежні Сінод вырашыў выслаць яго ў Краснаслабодскі манастыр Пензенскай губерні. 14 студзеня 1840 г. Грынцэвіч быў сасланы. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… С. 454, 482, 494, 502.

[76] Макавельскі Афанасій, іераманах Віленскага манастыра Святой Тройцы. Летам 1839 г. сасланы Сямашкам у Быценскі манастыр. Летам 1840 г. лічыўся на пакутах ў Любарскім манастыры, але праз тое, што адмаўляўся прыняць дзяржаўную веру, кіеўскі генерал-губернатар пасадзіў яго пад арышт у кіеўскую вязніцу, і Сямашка прапаноўваў накіраваць яго ў Пскоўскую губерню. Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 454, 533.

[77] Антон Грушэўскі з Ятвескай царквы каля Шчучына (яго якраз змяніў у гэтай царкве ўжо згаданы Авксенцій Раздзялоўскі). Яшчэ ў 1835 г. ён адмовіўся прыняць малітоўнікі маскоўскага друку і быў пераведзены ў дыяканы, а потым высланы. Потым з дыяканаў яго перавялі ў панамары, некалькі разоў перакідвалі ў розныя цэрквы, саслалі напачатку ў Быценскі манастыр, а потым, у 1841 г., ва «уединенный Загоровский монастырь под надзор тамошнего игумена». Пасля гэтага Сямашка прасіў обер-пракурора Сінода графа Пратасава дать дазвол, каб Грушэўскага разам з іншымі святарамі і манахамі «переместить в Курскую временную обитель или же в другие великороссийские монастыри». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 553-554.

[78] 7 красавіка 1841 г. Сямашка тлумачыў обер-пракурору Свяцейшага Сінода Пратасаву свавольства сваёй крэатуры, ён пісаў, што пакутнікі насамрэч «нічым не занятыя, свавольнічаюць, весяляцца, кураць люлькі, іграюць у карты, іграюць на скрыпках і гармоніках, маюць грошы і шмат ядуць і п'юць, частуюць служкаў… купляюць гарэлку… і таму ігумен, каб спыніць бязладдзе, калі-нікалі адбірае у іх грошы… Што датычыць скаргі пра тое, што ён загадвае ім месці калідоры і мыць посуд, дык… ігумен прымушае гэта рабіць толькі зведзеных у дзячкі Жалязоўскага і Міцэвіча… і насамрэч ні яны ад яго, а ён ад іх пакутуе…». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 567.

Як бачым, настаяцель грошы забіраў. Усё астатняе - гвалт разам з паказухай і хлуснёй бясконца паўтараецца ў рускай гісторыі. Таму словы Сямашкі каментаваць не мае сэнсу.

[79] У ліпені 1840 г. Сямашка піша кіеўскаму ваеннаму губернатару і просіць таго накіраваць «таго ж, што і раней чыноўніка, які раней ужо атрымаў падпіскі ад 15 духоўных у Любарскім манастыры, для ўздзеяння на асоб у Трыгорскім і Загораўскім манастырах», сярод «нядобранадзейных» у Загораўскім манастыры ёсць і іераманах Самуэль Чарнаруцкі (як дарэчы, і іераманах Лаўрэнцій Высоцкі з Глушнянскага манастыра Лідскага павета). У студзені 1841 г. Сямашка дакладае обер-пракурору Свяцейшага Сінода Пратасаву пра тое, што скарга на настаяцеля Загораўскага манастыра Дзюбінскага, як заўсёды, не мае падстаў. Сярод іншых пакутнікаў скаргу на настаяцеля падпісалі святар Рыгор Міцэвіч і іераманах Самуэль Чарнаруцкі, далей Сямашка піша, што «Чарнаруцкаму… адмоўлена ў звальненні… у рымскі абрад…». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 533, 553.

[80] Цікава, што словы настаяцеля-вар'ята супадаюць са словамі, якімі Сямашка раней апраўдваўся перад обер-пракурорам Свяцейшага Сінода Пратасавым.

[81] 22 мая 1841 г. Сямашка зноў быў прымушаны тлумачыць падзеі і смерць сваёй крэатуры ў сакрэтным лісце да обер-пракурора Свяцейшага Сінода Пратасава. Сярод іншага ён паведаміў: «Нядаўна ігумен Загораўскага манастыра Севярын Дзюбінскі страціў розум і закончыў жыццё ў сажалцы, я маю нагоду думаць, што гэта адбылося… праз турботы, прычыненыя яму… нядобранадзейнымі манахамі». Гл.: Записки Иосифа, митрополита Литовского… Т. 3. С. 575.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX