Папярэдняя старонка: Мемуары

Смерць і пахаванне Тамаша Зана 


Дадана: 22-10-2025,
Крыніца: Абязерская Юзэфа.



Пасля вяртання з Арэнбурга і вяселля з Брыгідай Свентарэцкай (цёткай аўтаркі - Л. Л.), у 1846 годзе Тамаш Зан пасяліўся ў Кахачыне, па-сангушаўскім маёнтку Сенненскага павета Магілёўскай зямлі [1]. Тут з жонкай і трыма сынамі: Віктарам, Абдонам і Клеменсам (малодшы, Станіслаў, памёр немаўлём), ён займаўся гаспадарскай, падтрымліваў рэлігійны дух суседзяў і ўзбуджаў патрыятычныя пачуцці ў Беларусі. Вялікі маёнтак Сангушкаў у 1842 годзе быў распрададзены, і яго купіла цэлая калонія абывацеляў Віленскай і Менскай губерняў, што забяспечыла Зану суседзяў-сваякоў, знаёмых і нават аднаго філарэта - Міхала Чарноцкага (дзеда сучаснага прафесара Петражыцкага). Аднак, паколькі ўсе гэтыя новыя гаспадары прысвяцілі сябе цяжкай працы па аднаўленні нядаўна набытых маёнткаў, Тамаш Зан, у асноўным рабіў працяглыя падарожжы з мэтай даследаваць Беларусь. Ён наведаў Дуброўну князёў Любамірскіх, дзе жыла жонка князя Канстанціна з дому Талстых, зблізіўся з суседкай Кахачына, дасканалай жанчынай Кацярынай Суліма-Самойлай з Любамірскіх, вучаніцай Каранеўскага. У Віцебску ён пазнаёміўся з усёй групай тагачасных вядомых абывацеляў […] і паўсюдна, з-за сваіх заслуг, быў чаканым госцем. Перш за ўсё ён імкнуўся даследаваць стан духу сучаснікаў. У Віцебску чыноўнік і таленавіты мастак Мінят намаляваў партрэт Зана у той момант, калі на лаўцы касцёла бернардынаў Зан спяваў гадзінкі (Насамрэч, у Полацкім касцёле дамініканаў - Л. Л.). Гэты партрэт заўсёды вісеў у цёткі Занавай (жонкі Зана) і распаўсюджваўся ў адбітках. Тут каля Віцебска пры дарозе, якая вядзе ўніз да ракі Лучосы, па ініцыятыве Зана быў устаноўлены прыгожы і каштоўны памятны крыж, акружаны жалезнай агароджай. У маёй маладосці гэтая дарога была, бадай што, адзіным накірункам шпацыраў, мэтай якіх быў крыж. Увечары тут заўсёды было шмат людзей, якія прыходзілі адпачыць каля крыжа на перавозе цераз Лучосу. У 1863 годзе працэсія Божага цела ўсталявала перад крыжам чацвёрты алтар, і натоўпы вернікаў маліліся тут апошні раз. Калі праз шмат гадоў я вярнулася з выгнання, была моцна ўражана, калі ўбачыла, што ўся дарога, якая вяла ад горада да крыжа, забудавана яўрэйскімі хатамі, якія цалкам закрылі знак Хрыста. Аднак, нягледзячы на жорсткі пераслед урада крыж усё яшчэ стаяў у 1912 годзе. Са здзіўленнем я даведалася, што крыж стаіць на касцельнай зямлі якую ксёндз Андрушкевіч здаў у арэнду для павелічэння даходаў.

Зіму Заны праводзілі ў Літве ў Малінаўшчыне, у маці цёці Занавай, ці ў Аборку, у цёткі Дадэркавай, дзе ён адчуваў сябе як дома. Тут ён з дзяцінства ведаў усіх і ўсё і адсюль ездзіў з жонкай у Наваградак, і тут пашана і прызнанне яго заслуг ператварылася ў захапленне ім.

Тым часам у Кахачыне перабудавалі стары дом, пасадзілі фруктовы сад, усталявалі прыгожы крыж. За ўсім сачыў верны слуга Клімашэўскі, бо разлічваць на агранамічныя веды і гаспадарчую актыўнасць знясіленага Зана было ўжо немагчыма.

Апошні раз я памятаю Тамаша Зана ў добрым здароўі у 1854 годзе ў Барысаве, дзе сабралася ўся наша сям'я, каб развітацца з гвардыяй, якая ішла ў Севастопаль. На тую вайну пайшоў мой дзядзька Фартунат (брат цёткі Занавай). Сабралася шмат людзей, арганізоўваліся балі, урачыстасці, развітанні з гвардыяй, баль у губернскага маршалка Майкшыцкага, баль ад горада, прыватныя вечарыны, і ўсё гэта працягвалася некалькі дзён. […]

Пасля гэтага святкавання мая бабуля і мае бацькі паехалі на зіму ў Бярозаўку (маёнтак маёй бабулі), а Заны, на гэты раз, паехалі ў Кахачын. Памятаю, як мая бабуля ў размовах з мамай казалі, што ёй не падабаецца стан здароўя Зана. Цётка Вярбоўская (другая сястра жонкі Тамаша Зана), сцвярджала, што яны памыляюцца, што Зан здаўна быў чалавекам «не гэтага свету» і жонка Зана шкадуе тых, хто не можа зразумець яе мужа. І толькі летам 1855 года Зан безнадзейна захварэў. Калі 1 лютага мы даведаліся пра смерць цара Мікалая, Зан сказаў, што хутка памрэ, бо як сведка спатрэбіцца на будучым Божым судзе па справе філаматаў. Дзіўным збегам абставін стала тое, што ён і Адам Міцкевіч памерлі ў тым жа годзе, што і цар. Хвароба Зана пачалася з візій пасля мазгавых прыступаў.

Аднойчы ўвечары ў Кахачыне Зан сядзеў на лаўцы пад дрэвам, і да яго па справах падышлі два селяніны. Ён упаў перад імі на калені і даў кожнаму з іх па залатому імперыялу. Казаў потым, што яго наведалі анёлы. Цётка Занава не бачыла ў гэтым нічога, акрамя ўзнёсласці і хрысціянскай пакоры [2]. Тым часам сусед др. Тамашэўскі парэкамендаваў яму выпіць некалькі бутэлек вельмі моднай тады Бітэраўскай вады (Bitterwaser) каб спрыяць адтоку крыві ад мозга. Доктар прызнаўся суседзям, што яму вельмі не падабаюцца гэтыя сімптомы.

У ліпені маім бацькам паведамілі, што Зан вельмі хворы, і нас выклікалі ў Кахачын. Бацькі паехалі са мной і маёй сястрой. Па дарозе пан Тадэвуш Сульжынскі з Янава паведаміў, што стан вельмі цяжкі, Зану ставяць піяўкі і з Віцебска выклікалі доктара Міхайлоўскага. Прыехаўшы ў Кахачын, у сталовай мы сустрэлі заплаканую цётку, а з пакоя Зана, улева ад сталовай, было чутны спевы і гнеўна-гучны голас хворага. Ён быў у непрытомнасці, часам буйны, а потым моцна саслабелы, але калі-нікалі прыходзіў у свядомасць. Доктар Тамашэўскі не адыходзіў ад хворага. Былі тут і некаторыя суседзі, пані Ламіская з Гаўрылкава налівала гарбату, атмасфера была прыгнечанай і вельмі сумнай. Падчас прыступаў хворы меў вялікую сілу, але праз хвіліну засынаў. Навокал панавала цішыня. Раптам пачуўся грукат, і хворага знайшлі на каленях у малітве, а ўвесь ложак і пасцельную бялізну ён выкінуў праз акно. Калі заплаканая цётка ратавала яго, адказваў, што памірае, а калі жонка сказала, што не будзе жыць без яго, адказаў: «Як смееш не паслухацца Божага выраку?». Нас, дзяцей, якіх разам з Занамі было пяцёра, увесь час трымалі на дварэ. Толькі Віктар часта заглядваў да бацькі і казаў нам, яго тату даюць столькі каламелю (хларыд ртуці - Л. Л.), што ён ледзь не вырваў і выкінуў свае зубы.

Др. Міхалоўскі прыехаў і агледзеў хворага, было бачна, што надзеі няма. Так прыйшло некалькі дзён, і на некалькі гадзін мы паехалі ў маёнтак маіх бацькоў Канстантава, а калі ў той жа вечар вярнуліся, даведаліся, што прыязджаў ксёндз, хворы вельмі слабы і зараз вельмі ціхі. Нас, дзяцей, паклалі ў афіцыне, і калі мы прачнуліся, слуга сказаў, што пан Зан памёр. Бацькі сядзелі разам з цёткай Занавай, і мы ўсталі і прыбраліся разам са слугой, пасля чаго далучыліся да малых Занаў, якія заходзіліся ад плачу, сямігадовы і вельмі разумны Віктар, не адыходзіў ад сваёй маці.

Дом агарнула смерць. Першы раз у жыцці я бачыла сумныя абрады. Ліпеньскі дзень быў прыгожы, вокны адчыненыя, на дзядзінцы пачаўся рух, бо людзі ўжо пачалі наведваць нябожчыка. Усіх дзяцей, у тым ліку і нас, завялі ўнутр. Зан у фраку, зусім як жывы, ляжаў, паклаўшы галаву на белую падушку. У роце быў бачны адзін зуб, твар цалкам спакойны, рукі складзены з абразом Маці Божай. Не выклікаў ніякага ўражання акрамя смутку. Дзеці хадзілі вакол бацькі і глядзелі на яго, але паколькі Абадону было пяць, а Клеменсу чатыры годзікі, успрымалі сваю бяду па-дзіцячы. Мы пераважна бавіліся на траўніку перад домам і глядзелі на людзей, якія прыходзілі і сыходзілі з дома.

Мой бацька і Ян Клімашэўскі былі чыннымі падчас пахавання, увесь час дасылалі некага ў Смаляны, труну рабілі ў маёнтку. У тыя часы ўсё выраблялася ў мястэчку, бо не было ні чыгункі, ні тэлеграфа. Труну абабілі чорным аксамітам са срэбнымі галунамі, падрыхтавалі высокі воз, абцягнуты чорнай тканінай, падрыхтавалі паходні і атласную падушку для труны абшытую белай тасьмой. Усім гэтым займаліся нованаселеныя суседзі, бо ўсе здаўна былі знаёмы з Занамі. На трэці дзень пасля смерці адбыўся вынас цела, уражанне ад чаго назаўжды засталося ў маёй памяці. Цела паклалі ў труну, развітанне сям'і, і потым жалобны спеў ксяндза - усё гэта жахліва адгукнулася ў маім сэрцы. Цела вынеслі бліжэй да вечара, калі закончылася спёка, і да Смалян усе ішлі пешкам. У Прыхабах, за вярсту ад Смалян, былі ўжо на захадзе сонца. Нас, дзяцей, пасадзілі ў адкрыты вазок, і мы трошкі затрымаліся, бо праезд каля вельмі вільготнага і гразкага луга звужаўся і нам давялося чакаць, пакуль усе пройдуць. Памятаю, як сёння, запаленыя паходні, як павольна рухаецца высокая труна, ярка асветлены касцёл у Смалянах на тле ночы. Менавіта тады мой дзіцячы розум быў зачараваны гэтым цудоўным відовішчам і з таго часу, калі я потым ехала па гэтай дарозе, момант пахавання Зана заўсёды уставаў у маёй памяці. Праязджаючы каля могілак, Віктар (старэйшы сын нябожчыка Тамаша Зана), сказаў нам, што «заўтра тут закапаюць майго тату». І зноў нас ахапілі такі смутак і гора, што я шчыра плакала, уваходзячы ў касцёл. А калі пасля малітвы мая маці, сумна ківаючы галавой, пачала гаварыць пані Маеўскай, што Зан сёння правёў апошнюю ноч сярод нас, я была вельмі засмучаная, што яго аднаго пакідаюць у касцёле, і ўвесь час думала толькі пра гэта. Мы ўсе начавалі ў кляштары. Уначы прыехаў ксёндз Белы, доктар тэалогіі і самы мудры з усіх ксяндзоў Беларусі, асабіста знаёмы з Занам і глыбока ўзрушаны тым, што будзе яго хаваць. Усе ўважліва слухалі яго прамову. Тады нялёгка было рабіць казанне, бо любое неабдуманае слова магло адправіць чалавека ў Сібір, але трэба было сказаць нешта грунтоўнае, тое, што адпавядае значнасці нябожчыка.

Было некалькі ксяндзоў, і пахавальная служба разам з імшой цягнуліся шмат часу. Нарэшце, на кафедру падняўся худы і сівы ксёндз Белы. Да казальніцы яго правёў другі ксёндз. Першыя словы, сказаныя сумным голасам, назаўсёды засталіся ў маёй сямігадовай памяці: «Жыў і памёр Тамаш Зан». Пасля чаго настала вялікая, значная паўза, значэнне якой мой розум зразумеў толькі потым. Не памятаю, што ксёндз казаў далей, але казаў доўга, і тыя, хто слухаў яго, былі ў захапленні. Потым ні аб чым іншым не размаўлялі, як толькі пра гэтае казанне. Цётка Занава галасіла, калі ён звярнуўся да яе, і праз усё жыццё захавала самую вялікую павагу і ўдзячнасць да ксяндза Белага. Пасля касцёла труну перавезлі на парафіяльныя могілкі. Тут сабралася шмат людзей. Магіла не была мураванай. Смалянскія могілкі знаходзяцца зусім побач з мястэчкам. На вялікім лузе, які належыць маёнтку, ёсць пагорак з могілкамі. Каб патрапіць на могілкі, трэба перасекчы луг. Пасля брамы павярніце ўлева, і вось магіла Зана. З могілак добра бачны руіны замка каралевы Боны (замак XVII ст., пабудаваны князем Сангушам - Л. Л.). Непадалёк стаіць Смалянскі двор, ранейшы Сангушкаў, які цяпер належыць Хамянтоўскім. З асоб, якія прысутнічалі на пахаванні, памятаю пані Кацярыну Суліму-Самойлу, паноў Эрдманаў, Арцішэўскіх, Ваньковічаў і ўсіх суседзяў, якія нядаўна купілі маёмасць навокал - мой бацька Мечыслаў Свентарэцкі (родны брат жонкі Зана), сям'я філарэта Міхала Чарноцкага з дочкамі (ён таксама пахаваны на Смалянскіх могілках), Лавінскія, Маеўскія, Сульжынскія, Лабковічы, Пяроты, словам - уся ваколіца.

Пасля пахавання, у кляштары адбыліся памінкі, падчас абеду ксёндз Белы працягваў размову з цёткай Занавай. Князь Стэфан Любамірскі з Дубровы, не меў магчымасці прысутнічаць асабіста, але выказаў спачуванне і пакінуў за сабой права ўсталяваць помнік на магіле Зана, а ксёндз Белы абяцаў прыдумаць надпіс на ім. Так і адбылося. Над магілай быў пастаўлены жалезны крыж з надпісам «Прыйдзі Каралеўства тваё», а на магіле, ля падножжа крыжа паклалі вялікі камень у форме сэрца з надпісам: «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан», пад ім урывак з Эклезіяста і надпіс «Памёр у 1855 г. у Кахачыне». Як на той час, гэты надпіс шмат пра што казаў і цалкам задавальняў сям'ю. Па чатырох кутах магілы растуць ёлкі, а ўся яна абкружана тоўстымі ланцугамі на жалезных слупах. Магіла Зана некалькі разоў апісвалася і малявалася рознымі аўтарамі і мастакамі, апошні раз яго фатаграфаваў Кульвець у 1912 г. разам з руінамі замка.

Праз некалькі месяцаў пасля смерці мужа мая цётка Занава пакінула Кахачын на Клімашэўскага, а сама з дзецьмі выехала зімаваць у Малінаўшчыну, дзе жыла разам з намі. Адсюль яна ліставалася з Адынцом, Маліноўскім і іншымі сябрамі мужа, апецы якіх нябожчык даверыў сваіх дзяцей. Было вырашана для выхавання дзяцей стала пасяліцца ў Вільні. Так і зрабілі. Кватэру знялі за Вострай Брамай у доме місіянераў, Занава жыла тут і толькі лета праводзіла ў Беларусі, дзе даглядала магілу свайго вялікага мужа.

Памерла Брыгіта Занава ў 1900 г. у Панявежы, дзе жыла ў сына Абдона. Яшчэ пры жыцці абавязала сваіх сыноў пахаваць яе каля мужа. Калі на смалянскіх могілках для яе капалі дол, зачапілі труну Зана, і сын Абдон, збоку, праз шчыліну ад адпаўшай дошкі бачыў некалькі костак і ўзяў сабе на памяць кавалак збуцвелага фрачнага сукна. На магіле застаўся той самы камень, але каля крыжа па Тамашу, пастаў ідэнтычны, такі ж самы крыж, па цётцы з надпісам «Святым будзь імя Тваё». У 1903 г. у Кахачыне памёр і сын Абдон, радца Крэдытнага таварыства, на яго крыжы зрабілі надпіс «І адпусці нам грахі нашы». Магіла старэйшага сына Віктара засталася без помніка, ляжыць ён каля Абдона, памёр у Кахачыне 19 снежня 1912 года. Скапіраваная з надмагілля Зана памятная табліца, умуравана ў правай сцяне касцёла ў Смалянах. Трэці сын, Клеменс, спачывае на Росах.

[…]

Śmierć i pogrzeb Tomasza Zana. Z pamiętników ś.p. Józefy Obiezierskiej // Słowo. 1928. № 5; 1928. № 12.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Тамаш Зан быў сасланы ў Арэнбург і набыў там прыхільнасць да сябе тагачаснага генерал-губернатара Пяроўскага. З яго дазволу Зан зладзіў музей мінералагічных і іншых твораў краю. Па хадайніцтве Пяроўскага яму было дазволена ў 1830-х гадах прыехаць у Пецярбург. Зан быў прызначаны бібліятэкарам Горнага корпуса, але неўзабаве потым захварэў на вар'яцтва, пасля чаго было дазволена вывезці яго на радзіму. Памёр у 1855 г. - гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў: Т. 1. Мінск, 2012. С. 141.

[2] У 1850 г., па словах Адама Міцкевіча, былы галоўны філарэт (арцыпрамяністы) ужо «згубіў свой шлях» і аддаўся дзіўным містычна-рэлігійным практыкам. - Cz. J. [Чэслаў Янкоўскі] Z literature filareckiej // Slowo. 1925. № 25.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX