Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819-1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (?-1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887- 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса [1]
Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:
Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820-1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў № 10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса - фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.
Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш
1.
1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі [2], брат астранома Яна Снядэцкага [3], які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.
Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:
Штодзень даўні ўклад знікае,
Штодзень да новага заве,
Ды сістэма Каперніка трывае,
Ды тэорыя Снядэцкага жыве. [4]
Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце [5]. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.
Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.
Анекдот па тэме.
Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: «Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу».
На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: «Ты - асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца». «Брава, Шкултэцкі!», - закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.
Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс … коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.
1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры [6] «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар - арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:
Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
Для любові бліжняга і... паплакаць можна. [7]
З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская) [8] не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.
Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі [9], і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.
1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.
Год запомніўся страшнай халерай улетку.
1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча [10]. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго «ходнай бібліятэкай».
Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам [11] меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.
Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.
Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.
1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава [12] прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса [13].
З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.
Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна [14], які выпусціў нявінных з турмы [15]. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]
Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: «Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!» - усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага [16] з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.
Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.
2.
1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім [17] выехаў праз Мінск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Мінскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Мінскай губерні Оштарпа [18]. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Мінска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў «як быццам калега» Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.
Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч [19], увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:
Па смерці Оштрапа ў Дукоры
Змены значныя прайшлі,
Паны піць перасталі ад учора,
А мужыкі там есці пачалі. [20]
Залатыя купалы «сорока сороков» [21] цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.
У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку [22] і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку [23]. Усе яны выздаравелі.
Ажэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога [24], дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў [25]. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера [26] арыштаваў.
На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў [27], які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў - дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.
1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.
У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка [28], чалавек рэдкай сціпласці.
Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі [29]. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды [30].
Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.
1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч [31] меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч [32] за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.
У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім». І дадаў: «Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас».
Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.
Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага «Дажынкі». Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.
Забыўся сказаць, што Музей старажытнасці ахвяраваў яму выданне, напісанае адмыслова ў памяць наведванне царом Вільні. Кніга на працягу лета выдадзена на пяці мовах як прысяга народаў Літвы. Гэты друкаваны падарунак выклікаў адмоўную рэакцыю ў Варшаве і Парыжы. Ананімных аўтараў назвалі адступнікамі. Не хапіла розуму ці такту зразумець, што малады манарх, пасылаючы Назімава ў Вільню, засведчыў, што будзе шанаваць наш народ, калі мы будзем вернымі манарху [33]. Ён на тым балі падчас вячэры, з правага боку меў гаспадыню, маршалкавую Гарадзенскай губерні Ажэшку (з Скірмунтаў), а з левага - генерал-губернатара Назімава і пасярод размовы па-французску са спадарыняй Ажэшкай размаўляў па-польску.
1859. Нарэшце, праз 5 гадоў, Вільня зноў убачыла паўсюдна любімага і шанаванага доктара Райкоўскага. Выязджаў ён у Ніжні, потым у Парыж, дзе пільна вывучаў навінкі медыцыны і акулістыкі.
Канец лета правёў у Варшаве ў жонкі міністра і сенатара Вычахоўскай-Гізэ. Тут пазнаёміўся з графам Андрэем Замойскім [34]. Калі зрабіў яму заўвагу, што запал моладзі можа прывесці да … паўстання, граф з жывасцю ўскочыў з крэсла і, заломваючы рукі, закрычаў: «Хай Пан Бог ад гэтага нас бароніць!».
1860. Смерць прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а потым Віленскай акадэміі Адольфа Абіхта. 3 жніўня. Гэты шляхетны муж заўсёды стаяў на варце чысціні і святасці навукі Гіпакрата. Як прафесар паталогіі, гэтай філасофіі медыцыны, выкладаў з непараўнальным талентам. У кароне нашых прафесараў Абіхт быў самай дарагой пярлінай. Глыбокі мысляр, меў паэтычны склад душы, любіў прыгожую прыроду і музыку. Любоў да праўды і інтэлект прыносілі яму перамогі падчас кансультацый з іншымі лекарамі. Ён паважаў сваю прафесію і ствараў з усіх нас адзіную сям'ю. Рана пазнаў людзей, а пра сабе заўсёды казаў цытатай Лафантэна: «Да пары збан ваду носіць, покуль не паб'ецца». Мой добры калега Станіслаў Вікшэмскі прыгожа прамовіў над яго магілай.
У першыя дні кастрычніка цар Аляксандр ІІ прыбыў у Вільню па праведзенай з Дынабурга чыгунцы, якая яшчэ не працавала для грамадства. Генерал-губернатар прыняў гэта як доказ царскай міласці да горада, які пакінуў у цара добрыя ўспаміны пры папярэднім наведванні. На жаль, калі гэта вестка дайшла да Варшавы, наш палітычны гарызонт пакрыўся хмарамі. Галоўныя жыхары горада і свецкія дамы атрымалі ананімныя лісты з забаронай быць на балі з царом, гэтыя лісты я сам чытаў.
Дайшло да таго, што Назімаў быў вымушаны папярэдзіць Аляксандра … Назімаў хацеў зрабіць баль у памяшканні цывільнага губернатара для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саска-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гессен-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў, бо свой палац уступіў цару. Я быў на тым балі і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай акторкай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў) [35].
Прымаючы на ранку ў палацы шляхту і чыноўнікаў, цар не прамаўляў, а гутарыў толькі з адным князем Агінскім [36], бацькам Міхала і Багдана.
3 кастрычніка ў прысутнасці цара адбылася цырымонія асвячэння Віленскага (Панарскага) тунэля. Выйшаўшы з вагона перад тунелем, цар падаў руку пані Назімавай, а міністр камунікацый генерал-ад'ютант Чэўкін [37] графіні Шуазель і г. д. Мы прайшлі праз ілюмінаванае падзямелле, усярэдзіне якога стаяў алтар. Вясенняе сонца спаборнічала з французскай ілюмінацыяй (менавіта французы будавалі гэтую чыгунку), і праз гадзіну тунель адчынілі для грамадскасці. Гумор манарха таксама быў сонечны, не такі як учора падчас абеду ў палацы. Тады шэф жандараў князь Даўгарукаў сказаў губернскаму маршалку Аляксандру Дамейку, які ўжо сыходзіў: «Прашу пачакаць, цар хоча вам нешта сказаць». Хутка разам з Даўгарукім цар выйшаў з кабінета і пачаў размову. Прайшло ўжо 32 гады пасля гэтага дня, у які Дамейка сам мне расказаў пра размову (пасля абеду быў гала-тэатр, дзе мы з маршалкам і сустрэліся), і я не магу ўжо шмат што ўспомніць. А потым я не здагадаўся вярнуцца з Дамейкам да гэтай тэмы. Але вось галоўныя словы Аляксандра ІІ: «Я вамі незадаволены ... я вельмі незадаволены … вы хочаце немагчымага. Скажыце ўсім … хай ведаюць тут і ў Еўропе, што тут не Польшча … Народ тут летувісы і беларусы … Мой бацька ведаў легкадумнасць палякаў, а я вам паверыў».
Успамінаю пра тэатр у кастрычніку 1860 г. Не ведаў цар, чым вечарамі забаўляць сваіх гасцей-немцаў і ўзяў іх два разы з сабой у польскі тэатр. У адзін вечар давалася камедыя Эміля Аж'е [38] «Цыкута», у якой прыгожая, маладая актрыса з Варшавы Ванда Ляшчынская грала ролю прыгожай нявольніцы і нейкі рускі вадэвіль са спевамі. У другі вечар давалі камедыю за спевамі і танцамі Малецкага: «Гарохавы вянец ці мазуры ў Кракаве». Аляксандр па-сапраўднаму адпачываў і тлумачыў гасцям змест п'есы. Дырэктара і антрэпрэнёра Шлягэра цар паклікаў да сябе ў ложу, хваліў усё і падзякаваў Ляшчынскай і Анеце Пацэвіч за ігру. Першая праз год памерла ў Вільні ад сухотаў, другая пасля закрыцця віленскага тэатра, паехала ў Пецярбург, праз некага нагадала пра сябе цару («тая, што была ў ружовай сукні») і атрымала падтрымку.
Цар выехаў у Белавежу, а ў Варшаве яго чакала першая дэманстрацыя. Запахла нечым зусім не тэатральным …
У Вільні стараннямі Назімава Адаму Кіркору [39] было дазволена з 1 студзеня 1860 г. выдаваць «Кур'ер Віленскі» на дзвюх мовах, але толькі афіцыйную частку ў перакладзе, частку палітычную і літаратурную - па-польску. Гэтая газета выдавалася 5 гадоў, па 1865 г. Польская мова была выкінута з яе ў 1865 г. і не генерал-губернатарам, а рэдактарам «Маскоўскіх ведамасцей» Катковым, які ганіў такую талеранцыю.
3.
1861. Год палітычных дэманстрацый.
1862. У чэрвені выехаў за мяжу, у Каралявец, Берлін, Франкфурт і Гейдэльберг, а адтуль у Парыж. Мог у верасні бясплатна паехаць на выставу ў Лондан, але мусіў вяртацца ў Вільню.
Атрымаў два лісты ад цяжка хворых сяброў, якія жадаюць бачыць мяне перад смерцю: ад арцыбіскупа-мітрапаліта Вацлава Жылінскага, майго пацыента на працягу 12 гадоў, па яго хваробе я рабіў кансіліюм з др. Райкоўскім, і ад Людвіка Кандратовіча [40], якога лячыў разам з др. Станіславам Вікшэмскім. Вялебнага архіпастыра падлячылі. Ён вярнуўся ў сталіцу і жыў да красавіка 1863 г. Беднага, любімага вясковага лірніка ўратаваць не ўдалося. З жалобай усёй Вільні, у тым жа месяцы наш апошні (?) вялікі паэт назаўсёды закрыў вочы. Перад вынасам яго труны з дома (Бабацянскага, насупраць старажытнага каралеўскага млына, які ў той час яшчэ існаваў і быў зруйнаваны ў 1870 г.), старшыня Археалагічнай камісіі і Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч і сівы гісторык Мікалай Маліноўскі [41] паклалі на скроні паэта лаўровы вянок. Пахавалі на Росах.
1863. 10 (22) студзеня выбух паўстання ў Каралеўстве. У Літве не хацелася ў гэта верыць. На пачатку лютага ў Вільню прыбылі палкі гвардыі … Я скарыстаўся добрай прапановай суправаджаць хворую маладую даму за мяжу і пакінуў край. Генерал-губернатар Назімаў, які кіраваў у Вільні да паловы 1863 г., хоць і меў загад з Пецярбурга больш не даваць замежных пашпартоў, але выпусціў нас у Еўропу. Выехаў на два месяцы. Вярнуўся праз два гады. Не жадаў бачыць зблізку паразы і знішчэння, крыві і круцельства, якія мела Літва, і таму адразу прыняў прапанову з'ехаць, бо ўбачыў у гэтым ласку лёсу.
……
1873. Гэта была апошняя зіма для маёй найлюбімейшай маці. 6 красавіка яе чысцюткая душа пакінула гэтую юдоль плачу. Усім, што ёсць ува мне добрага, я павінен быць удзячны ёй. […]
З маладосці падтрымлівала адносіны з вяршкамі інтэлігенцыі. Знакамітыя прафесары віленскага ўніверсітэта і літаратурная моладзь часта да яе прыходзілі, чыталі свае творы ці прысвячалі свае кнігі. Было гэта паміж 1820-м і 1831-м гг.
Міцкевіча не памятаю, але імя яго было адным з першых, якое дзіцячая галава запомніла. У бібліятэчнай шафе маёй маці (з карэльская бярозы, са шклянымі дзвярмі), сярод іншых кніг было першае выданне, падараванае самім Адамам перад тым, як ён назаўсёды пакінуў Вільню (1824 г.). Гэтыя два томікі звярнулі ўвагу сямі- васьмігадовага хлопца. Пачаў учытвацца і, натуральна, не ўсё разумеў. Маці тлумачыла і расказала мне, што той, хто гэта напісаў, перад выездам на чужыну прынёс кнігі на памяць і папрасіў зрабіць пераплёт, што я меў тады чатыры гады, і ён узяў мяне на рукі і пацалаваў. «А дзе зараз Міцкевіч?» - запытаў. Адказала: «Сп. Маліноўскі (Мікалай, пазнейшы вучоны, гісторык), які разам з ім у нас бываў, учора сказаў, што ён у Маскве». На гэтых томіках, таго даўно раскупленага выдання Завадскага ў Вільні, як і на ўсіх кнігах маці, яе дарагой рукой наклеена бірка: «З кніг Ганны Цітыюс».
Памятаю, як у 1829 г. сябар і ўніверсітэцкі калега Міцкевіча Мікалай Маліноўскі прывёз для маёй маці ў падарунак ад Міцкевіча з Пецярбурга толькі што выдадзеную там гістарычную паэму «Конрад Валенрод» з трыма малюнкамі, якія мне вельмі падабаліся, і дадаў, што 15 мая Міцкевіч выехаў за мяжу.
Антона Гарэцкага [42], любімага і дасціпнага байкапісца (да 1831 г.) добра памятаю як частага госця ў нашым доме. Прафесар Лелявель вучыў маю маці гісторыі, і ў 1857 г., васьмідзесяцігадовы стары, пачуўшы маё прозвішча, заплакаў.
Сябрамі бацькоў, а больш маці, былі яшчэ два высакародныя і вучоныя паэты: Ігнат Шыдлоўскі і Станіслаў Расалоўскі [43], абодва былыя студэнты ўніверсітэта, памерлі: першы ў 1846 г. другі ў 1855 г.
Шыдлоўскі раней быў старшым прафесарам у гімназіі. Пасля смерці прафесара ўніверсітэта і рэдактара «Кур'ера Літоўскага» Яўзебія Славацкага, выкладаў польскую літаратуру і рыторыку. У 1818 г. Шыдлоўскі рэдагаваў «Тыгоднік Віленскі». Быў вядомы сваёй дасціпнай сатырай. З 1834 па 1843 г. выдаваў часопіс «Wizerunki i rostrzаszania naukowe». Казалі тады, што прычынай яго самотнасці і песімізму стала паэзія Міцкевіча, паважаных старых класікаў і маладых рамантыкаў.
Неяк (у 1844 г.) мая маці папрасіла яго напісаць верш да сына ад яе імя, каб можна было памясціць яго ў альбом. «Добра, пані дабрадзейка, з задавальненнем, бо візіты да вашага сына з'яўляюцца паратункам для мяне і прыносяць больш карысці, чым кансультацыі ўсяго факультэта». На раніцы прынёс наступны верш:
Страту бацькі ўшанаваў жалобай і слязьмі
Сёння можаш яго замяніць, стаўшы чалавекам,
Маці ў гадах і сёстры слабыя
Тваёй з часам запрагнуць апекі.
Сыне мой! Ты ўжо да свету прыдатны,
Нясеш хворым палёгку, ратунак, пацеху,
У шляхетнай прафесіі на многае здатны,
Не спаткаюць цябе ні бяда, ні памехі.
Цноты бацькі наследуй, думай пра славу,
Не адмоў дапамогі і ўбогім
Бог цябе дабраславіць, як я дабраслаўлю,
Асцярожнасць да шчасця пакажа дарогу.
Любі бліжніх! Шануй і людзей, і сябе,
Хай роўнай для ўсіх будзе твая дабрачыннасць,
Хворым нясі дапамогу ў патрэбе,
Хрысціяніна кожнага ёсць то павіннасць,
Хай яна вызначае твой кожны ўчынак,
У сэрцы хавай гэты маці тваёй напамінак! [44]
Прайшла палова стагоддзя … І слёз выцекла не мала. Закончылася жыццё маці, якая запісала гэтыя словы ў альбом. Потым прынёс ён вершы да дачок. А праз год бедны самотнік памёр. Ён сам упісаў у маю кнігу для памятных запісаў некалькі імправізацый і сентэнцый па-польску і на лаціне. У гэтых вершах хваравітая мізантропія разам з рэдкім досціпам. Напрыклад:
Глянь, як ад людзей уцякае,
Ужо схаваўся ў цемры глыбінях
Чаму ж Тымон гэта чыніць?
- Бо чалавека ён знае. [45]
Атмасфера паэзіі тады, з 1810 па 1830 г. і далей, напаўняла Вільню. Шыдлоўскі і Расалоўскі рэпрэзентавалі дзве сучасныя плыні. Шыдлоўскі - халодны крытык, добра ведаў лацінскую і грэцкую мовы і трымаўся старажытных формаў, а ў рэформу Міцкевіча, у так званы рамантызм не верыў. Расалоўскі, гарачы энтузіяст, не крытык і не празаік, меў моцны творчы пачатак і, пачаўшы з перакладаў старых лацінскіх майстроў, закончыў Байранам і Мурам [46]. Уласных твораў пакінуў няшмат.
Расалоўскі быў доктарам медыцыны, некалі адным з лепшых студэнтаў універсітэта і тытул доктара-паэта, нададзены яму грамадскасцю, не зашкодзіў яго медыцынскай практыцы.
Калі наша маці ў 1848 г. памяняла кватэру, бедны сп. Станіслаў быў вельмі хворы. Паправіўшыся, прыслаў вялікі торт, да якога быў пракладзены ліст з вершам:
Доўга ад вас адапхнёны
І людзьмі прыгнабёны.
Пры жыцці затрыманы воляй
Святога наканавання,
Пасля свайго вяртання
Вітаю вас хлебам і соллю.
І падзякаваўшы Богу,
Стаю ля вашага парога. [47]
Расалоўскі і Шыдлоўскі былі таксама і сябрамі Манюшкі, разам з Манюшкам мы іх абодвух і пахавалі. Потым над Віслай спачыў і аўтар «Галькі», а я, самотны, пакінуты старымі сябрамі, усё яшчэ блукаю над Віліяй …
А ў канцы снежня хавалі двух сяброў, людзей светлых і папулярных у Вільні, шляхетнага доктара Станіслава Вікшэмскага і заслужанага выдаўца кніг Адама Завадскага [48].
1874. У ліпені генерал-губернатар Патапаў [49] атрымаў пасаду шэфа жандараў, а на яго месца быў прызначаны генерал Альбядзінскі [50]. Амаль што шасцігадовае кіраванне Патапава было справядлівым і чалавечным, але ні рускія, ні палякі не былі задаволены. Пераход ад бяспраўя да панавання права быў не лёгкім.
«У Літве беззаконне і жахліва разбэшчаныя чыноўнікі» - сказаў манарх генералу, графу Баранаву [51], калі ў 1866 г. пасылаў яго ў Вільню і дадаў: «Мураўёў і Каўфман [52] іх разбэсцілі». Хутка граф выправіў з нашага краю 12 зверхруплівых «апосталаў» і «народнікаў». Але паколькі граф Баранаў заставаўся на пасадзе толькі паўтара года, руская прэса яго не заўважыла і за высылку ўсіх неспакойных элементаў накінулася на аднаго Патапава.
Як раней граф Баранаў цытаваў мне словы цара пра разбэшчанасць чыноўнікаў, так зараз генерал Патапаў мне іх паўтарыў і расказаў пра тое, як цар прагне «прымірэння» і якім вымушаным крокам было прызначэнне Мураўёва, які нават ужо зняты з пасады, сам, замест Каўфмана, падпісаў загад ад 10 снежня 1865 г. [53]
Куратар Бацюшкаў стаяў на чале інтрыгі супраць Патапава. Калі інтрыга не ўдалася і Бацюшкаў у Вільні страціў пасаду, дык быў пераведзены ў Маскву і там расказаў сваім сябрам Каткову і Аксакаву [54], што Патапаў дзейнічае як здраднік і таму псуе і нішчыць векапомную працу Мураўёва. Пасля гэтага пасыпаліся грамавыя артыкулы ў «Маскоўскіх Ведамасцях» пра тое, што Патапаў паланафіл, а яго кіраўніцтва называлася «Патапаўшчына». У Пецярбургу непрыяцелем Патапава быў пісьменнік і малады прафесар Духоўнай акадэміі фанатык Каяловіч, які сам быў родам з Літвы.
Патапаў знайшоў толькі аднаго прыяцеля і давераную асобу ў праваслаўным архіепіскапе Макарыі, які заняў пасаду пасля Сямашкі. Новы архіепіскап не жадаў і больш не дапускаў гвалту, несправядлівасці і даносаў, а ва ўсіх сваіх прамовах заклікаў да міласці да блізкага і сам падаваў у гэтым добры прыклад.
У 1870 г. Патапаў хацеў скасаваць кантрыбуцыю з маёнткаў, якімі валодалі католікі, але Камітэт міністраў згадзіўся толькі паменшыць гэты падатак на палову. У 1874 г. ён зноў паспрабаваў гэта зрабіць, але дарэмна, тое самае паўтарылася і ў наступнага губернатара Альбядзінскага у 1879 г. 10 ліпеня я быў на прыватным абедзе ў Патапава, назаўтра ён пакінуў Вільню, а я з сястрой праз некалькі дзён выехаў за мяжу.
1876. У Вене адбылася неспадзеўка. З Крыма прывезлі хворага на меланхолію шэфа жандараў Патапава, захварэў ён па дарозе у Лівадзію, куды ехаў разам з царом. На раніцы нехта стукаецца ў дзверы. Кажу: «Нerein», - і са здзіўленнем вітаю ў такі ранні час шаноўнага прафесара Ляйдэнсдорфа, які жыў за горадам. Расказвае, што да яго прыходзілі з гатэля каб vis-а-vis паразмаўляць пра толькі што прывезенага сюды генерала Патапава, я мушу яго ведаць і знаць пра яго гісторыю.
Разам пайшлі да пацыента. Ён моцна спаў пасля шалёнай ночы. Мне расказалі важкія падрабязнасці падарожжа ў Крым. Перад самай Адэсай, на раніцы, адзін вагон сышоў з рэек. Цар Аляксандр, які ў гэты час мыўся, выскачыў з вагона і, як быццам, закрычаў: «Вось мае жандары!». Жах, а адказнасць за гэта найбольш на Патапаве. З гэтай хвіліны стаў буйны, а калі ў Адэсе цар з усёй світай, пад гукі гімна, заходзіў на параход, Патапаў укленчыў і пачаў жагнацца, пасля гэтага з ім здарыўся параксізм спазмаў. Зрабілі яму ванну, і гэта супакоіла хворага.
Праз два гады, вітаючыся са мной у Вільні, Патапаў сказаў: «Quelle effrayante responsabilite!» [55]. Першым ударам па яго нервах у Вільні была раптоўная смерць ад халеры жонкі ў 1871 г., якую ён моцна кахаў і шанаваў. Тады прасіў у цара цалкам звольніць яго са службы, але атрымаў адказ: «Бяры прыклад з мяне, я страціў сына». Праз два месяцы нібы здаровы (але слабы і схільны на слёзы) вярнуўся ў Расію, але цураўся двара і свету.
Пасля майго вяртання ў Вільню меў візіт дырэктара канцылярыі генерал-губернатара Рубцова, ён сказаў, што генерал-губернатар Альбядзінскі хоча ведаць пра хваробу Патапава. Быў у яго і падаў інфармацыю.
1877. Летам з сям'ёй у Варшаве. Хвіліны ў Варшаве былі б вельмі прыемнымі, каб не хвароба швагра Казіміра Пашкоўскага, які да хваробы быў заўсёды вясёлы і бавіўся разам з намі. Абедалі мы ў садзе гатэля Вікторыя а вечары праводзілі ў Летнім тэатры ў Саскім садзе. Аднаго разу давалі там камедыю Фрэдры «Пан Гэльдхаб». Пайшлі, каб нацешыцца непараўнальнай ігрой Жулкоўскага, якога Варшава гэтак слушна любіла. Досціп аўтара і ігра акцёра склаліся ў сапраўдны канцэрт. У Вільні, у маёй маладосці, бачыў некалькі добрых комікаў у гэтай ролі, але Жулкоўскі быў для яе створаны. […]
Назаўтра, разам з маім старым знаёмым і прыяцелем з Вільні Юзафам Сурэвічам, некалі знакамітым трагікам і рэжысёрам віленскай сцэны, выбраўся да Жулкоўскага ў госці. Прыняў нас вельмі гасцінна і быў рады пачуць, што я бачыў яго на сцэне ў 1835 г. Калі я даведаўся, што ён хварэе артрытам і пры гэтым зараз, у канцы лета, купаецца ў Вісле, а ўзімку на сцэне пад фрак не паддзявае ваўнянага швэдара, запратэставаў. Ён з жывасцю адказаў: «Ніколі швэдараў не насіў!» А я: «Кожны чалавек вучыцца ўсё жыццё і ў канцы старэе. Каханы п. Алойзы, вучыцеся быць старым!» Акцёр глыбока задумаўся і сказаў з павагай: «Як мудра доктар сказаў!» І паўтарыў для сябе: «Вучыся быць старым!»
Некалькі маіх старых сяброў-ліцвінаў здаўна жылі ў Варшаве і ажывілі мой побыт тут. А. Е. Адынец [56], аўтар «Барбары Радзівіл», яго верны калега маладосці Бенедыкт Турскі, рэдактар «Клосаў», Адам Плуг [57] і Вінцэнт Каратынскі [58], лепшы сябар Сыракомлі, а потым рэдактар «Газеты Варшаўскай» і жывая віленская гісторыя - 80-ці гадовы Сурэвіч, бавілі са мной свой вольны час, размаўлялі аб мілым мінулым, якое не вернеш. З гэтага кола зараз жыве адзін Плуг.
1878. У гэтым годзе новая жалоба пакрыла маю сям'і. Мой трэці швагер Казімір Пашкоўскі памёр па дарозе за мяжу. Усе сваё жыццё быў радцам і памочнікам у цяжкіх акалічнасцях жыцця Сыракомлі. Меў выкшталцоны густ, добрае веданне свету і людскіх характараў, любіў усё добрае і прыгожае. Спачыў на могілках Росы разам з тымі, з кім жыў, любіў і сам быў паважаны імі. Сыракомля прысвяціў яму свой «Кес chleba», твор блізкі сэрцу аўтара, бо распавядае пра трагічнае падзеі ў жыцці яго бацькі. У Пашкоўскім я страціў апошняга таварыша маладосці і найлепшага сябра.
4.
1880. Галоўны начальнік краю Альбярдзінскі быў пераведзены ў Варшаву, аб чым шкадавалі ўсе, хто яго ведаў. У Вільні, як потым і ў Варшаве, яго лічылі пачцівым чалавекам. У нас ён меў менш праблем, чым яго папярэднік, які шмат часу патраціў на вяртанне да законнасці і спыненне сваволі. Інстытут міравых суддзяў, упершыню пасля скасавання Літоўскага Статута ў 1840 г., увёў Патапаў.
Цар Аляксандр ІІ, калі быў у Вільні ў 1879 г., наведаў сям'ю Альбярдзінскага на летняй кватэры ў ваколіцы Вільні - у Звярынцы. Быў у добрым гуморы і ўспомніў свае словы да Альбярдзінскага, сказаныя ўвесну: «Толькі ў цябе можна адпачнуць», што значыла, што ў Літве няма нігілістаў. Піў кіслае малако і гуляў у карты. А ў той час у горадзе была запалена прыгожая ілюмінацыя. Вяртаючыся а 23-й, цар убачыў цалкам цёмны ганак палаца і лакеяў, якія чакалі яго з кандэлябрамі ў руках. Цар сказаў Альбярдзінскаму: «Во як мы загулялі! Ужо і газ пагасілі». Бедны Альбярдзінскі гэтых жартаўлівых слоў не чуў, бо быў вельмі ўсхваляваны і ўзрушаны. Ужо калі яны толькі ўязджалі на густоўна ілюмінаваны пляц перад палацам, які быў так густа запоўнены натоўпам, што карэта ледзь рухалася, губернатар убачыў пануры цёмны палац сярод мора агнёў навокал. На раніцы ўспомніў, што імператар яму нешта казаў, але што? Заставаўся пад уражаннем відарысаў горада той ноччу і не ўспомніў.
Выязджаючы каля 20-й у Звярынец, загадаў каля 22-й асвятліць палац газам. Газ запалілі, але да 23-й адначасова газавыя лямпы палаца пагаслі, і ўжо не было часу нешта паправіць. Разгневаны Альбярдзінскі хацеў выслаць Шхунфельда (газавага агента) у Варшаву, адкуль той быў родам, але дырэктар фірмы Зімерман, родам з Берліна, патлумачыў, што запас газу быў вялікі, што на ўсіх пляцах і гмахах агонь палілі да раніцы, а прычыну, чаму газ скончыўся ў палацы, ён, Зімерман, зразумець не можа і лічыць, што гэта лёс такі, тым больш, што Шхунфельд ад перапалохаў захварэў і ён сам, Зімерман, ледзь жывы. Альбярдзінскі вырашыў, што яны памыліліся ў разліках, калі пускалі газ у розныя часткі горада.
1867-68. У апошнім нумары (24 красавіка 1893 г.) «Нового Времени» артыкул з штомесячнага часопіса «Русское обозрение» (красавіцкі нумар) - працяг артыкула Уладзімірава: «Генерал-губернатар Альбярдзінскі прасіў віленскага архіепіскапа Макарыя [59] знайсці сродкі для ўтрымання навернутых у праваслаўе. На гэта Макарый адказаў: «З-за таго, што навярталі ў праваслаўе чыноўнікі, дык хай чыноўнікі і шукаюць спосабы, як іх утрымаць». Відочна, што католікаў навярталі ў праваслаўе чыноўнікі, але гэта была добрая справа».
У Віленскім павеце сагнаных з розных мястэчак людзей у праваслаўе запісваў ваенны начальнік павета князь Хаванскі і памочнік віленскага спраўніка Мустафа Якубовіч [60]. За адмову яны гразілі вернікам Сібір'ю. Людзі казалі старшаму апосталу Мустафе: «Ты, татарын, сам найперш стань хрысціянінам, а потым патрабуй, каб мы веру змянілі». Калі ў 1867 г. (у часы генерал-губернатара Баранава) цар Аляксандр ІІ прыехаў у Вільню, гэтыя запісаныя ў праваслаўе людзі спяшаліся ў горад, каб паскардзіцца манарху, але Мустафа расставіў па ўсіх трактах і дарогах каля горада варту, якая не пускала іх у горад. Пасля смерці мітрапаліта Сямашкі, у канцы 1868 г., яго наступнік Макарый усіх запісаных гвалтам, якія не разу не прынялі камунію, загадаў выкрасліць са спісаў праваслаўных.
Гэты Уладзіміраў быў членам вялікай камісіі, якая павінна была замяніць польскую мову на рускую ў касцёле. Ён прапанаваў зрабіць гэта без дазволу папы, а іншы чалавек, інспектар гімназіі Кулін, падказваў, што з дапамогай паліцыі і міравых пасрэднікаў каталіцызм у Літве наогул трэба скасаваць. Генерал-губернатар Баранаў прадбачыў моцныя крыўды і гэтую камісію закрыў, а яе членаў на чале з старшынёй ад сябе аддаліў. Адсюль і іхняе незадавальненне. Уладзіміраў казаў: «Разпальшчэнне каталіцызму - гэта ідэя генерал-губернатара Каўфмана, якую затармазіў Патапаў» [61].
Гэты сённяшні артыкул амаладзіў мяне на чвэрць стагоддзя, я ўспомніў былыя важныя падзеі. Вось як гэта было.
Уладзіміраў (сын папа, які служыў у рускім пасольстве ў Лондане і быў жанаты з англічанкай) у канцы 1865 г. склаў Каўфману запіску аб увядзенні ў касцёле службы і казанняў на рускай мове. Генерал-губернатар Каўфман з гэтай запіскай паехаў да мітрапаліта Сямашкі. Мітрапаліт назваў план Уладзімірава шкодным і небяспечным для праваслаўя і адмовіўся ад яго. Тады Каўфман стварыў вялікую камісію, пра якую я пісаў вышэй. Каткоў у сваёй газеце назваў здраднікамі праціўнікаў Уладзімірава. Пасля сыходу Каўфмана з пасады, Уладзіміраў прапанаваў сваю запіску Баранаву. Новы генерал-губернатар паказаў яе імператару, калі той праязджаў праз Вільню ў 1867 г. Аляксандр ІІ загадаў пераслаць запіску ў Пецярбург на разгляд міністраў. На першым паседжанні меркаванне схілілася ў бок падтрымкі запіскі, але калі на наступны разгляд з Вільні прыехалі: новы генерал-губернатар Патапаў, з Кіева генерал-губернатар князь Дундукоў-Корсакаў і прысутнічаў канцлер, князь Гарчакоў, праект Уладзімірава быў адхілены.
1880. К канцу лета паехаў у Варшаву. Назад вярталіся разам з новым генерал-губернатарам графам Татлебенам [62]. На станцыі Парэчча, дзе «гарбата ці кава», каля мяне сеў паважны, але жывы і хуткі ў рухах стары. Быў ахвотнік пагаварыць і запытаў у мяне, куды я еду. Калі пачуў, што ў Вільню, сказаў: «Ну дык, спаткаемся …, але спадар мяне не ведае», - «Хто ж не ведае слаўнага героя Севастопаля і Плеўны», - адказаў я.
Праз некалькі тыдняў мы спаткаліся на вуліцы (ён любіў хадзіць па вуліцах), Татлебен спыніў мяне і спытаў, чаму я яго не наведаў? Бо мы ж знаёмыя.
Гэты стары вельмі любіў знаходзіцца сярод маладых і дасціпных жанчын. Без канца размаўляў і жартаваў з імі. Неяк у графа Плятэра падчас прыемнай вячэры на карысць бедных бавіўся вясёлай размовай пасля стала ў кампаніі дам ажно да 5-й раніцы, яго жонка з дочкамі ўжо даўно зышлі дахаты спаць.
Татлебен паказваў мне рэчы з часоў турэцкай вайны і казаў: «Прыедзь да мяне ў Кейданы і ўбачыш там цэлы музей».
1881. Закончыўся карнавал, змоўкла опера. У гэты сезоне прыгожа спявала прымадонна, сеньёра Каралі (у замустве княжна Енгалычава). Вялікая неспадзяваная падзея ў вялікі пост: 1 сакавіка Каралі дае прадстаўленне мілай аперэткі Афенбаха «La Pericholle» на карысць бедных вучняў. Яе талент забяспечыў поўную залу. Білетаў не было. Я сядзеў каля шляхетнага адміністратара студэнцкай касы Канстанціна Балінскага. На сцэне акцёр у ролі губернатара, спяваючы сваю партыю, загадвае арыштаваць вулічнага спевака. У гэтую хвіліну пачынаецца шум і замяшанне не толькі на сцэне, але і ў зале. Гледачы бачаць сапраўднага губернатара, які стаіць у сваёй ложы і робіць нейкія знакі акцёрам. Акцёры знікаюць, аркестр сціхае. Тады цывільны губернатар Сцеблін-Каменскі павольным, узрушаным голасам кажа: «З-за гаротнага выпадку … скону гасудара імператара … я спыняю спектакль». Падае тэатральная заслона. Мёртвая цішыня. Калі выходзіў з тэатра, пачуў за сабой голас нейкага расіяніна: «Забіты!». Шляхетны Балінскі адвёз мяне дахаты. Быў у смутку. Што нас чакае наперадзе? Як павернецца ўнутраная палітыка? Чаго хацелі ад імператара сляпыя шаленцы і на што спадзяваліся пасля яго смерці? Наступствы іх кароткага трыумфу хутка ўбачым. […]
Граф Татлебен атрымаў інфармацыю а 6-й гадзіне, выклікаў губернатара і паслаў яго ў тэатр спыніць вяселле.
5.
1882. Адзін раз размаўлялі з Татлебенам пра яго папярэдніка Мураўёва. Добра памятаю, што мяне абралі тады ў нашым старым Таварыстве дабрачыннасці дырэктарам дэпартамента, які адказваў за галечу ў горадзе, а суцэльны брак сродкаў прымушаў шукаць дапамогі ў прыватных асоб, галоўным чынам у знаёмых свецкіх дам. «Ваша сяброўка княгіня Ядвіга Радзівіл распачала справу. Па ўласнай ініцыятыве на балі сабрала 700 рублёў і ахвяравала мне для па-сапраўднаму бедных сямей». «Гэта вельмі добра!», - адказаў я. «Павага княгіні, гэта добры і шляхетны ўчынак, які мяне не дзівіць».
Але іншы начальнік нашага краю інакш глядзеў на хрысціянскую міласэрнасць, на літасць да бедных, на людскія слёзы. Некалькі самых шляхетных дам за такую правіну адміністратыўна выслаў на чужыну і гэтая, як тады лічылася, нібы лёгкая кара, сваім наступствам мела прымусовы продаж маёнтка за бясцэнак! Спадарыні-ахвярадаўцы цалкам страцілі свае грошы і здароўе на поўначы, гэта: Кастравіцкая з дому Гарноўскіх, Бучанская з дому гр. Гюнтар, Вяйсенхоф з дому Чыж, панна Ідалія Лапацінская і іншыя.
Старая Дамброўская (народжаная Тапліцкая) міласэрная і набожная спадарыня, вымуравала вялікі дом (над Віліяй, за мостам, які мае назву Зялёны) і прызначыла гэты дом для бясплатнага прытулку адзінокіх старых жанчын. Мяне часта выклікалі ў гэты дом, і я з ахвотай лячыў і ўцяшаў самотных бабулек. Прыйшоў фатальны 1863 г., і галоўны кіраўнік Літвы ўбачыў у гэтай справе патрыятычны чын. Паліцыя выгнала старых у наш дом дабрачыннасці, будынак сп. Дамброўскай быў канфіскаваны і потым прададзены. Радыкальнае лячэнне.
Карыстаючыся вольнай хвілінай, нагадаў пра гэта Татлебену. «І хто ў тым вінаваты, што такі добры цар прыслаў такога чалавека? Вы самі. Храбрыя ў бітве, гатовыя ісці на смерць за ідэю, не змаглі халоднай галавой разважыць свае дзеянні і прадбачыць вынікі. Усе вы - паэты, энтузіясты і рэдка палітыкі і дыпламаты». І дадаў: «І мяне Мураўёў не любіў. У 1860 г. па яго загадзе (быў ён тады міністрам дзяржаўнай маёмасці) адбылося агульнае выгнанне татараў з Крыма з рабункам іх зямель спекулянтамі і нават самой уладай. Цар Аляксандр ІІ паслаў мяне ў Крым разабрацца з гэтым варварскім для XIX ст. гвалтам. У сваім рапарце я абвінаваціў Мураўёва і напісаў ўсю праўду».
Неспадзяванае і жахлівае забойства Аляксандра ІІ скараціла жыццё Татлебена і Альбядзінскага. Акрамя гэтага, падчас цырымоніі пахавання ў Пецярбургу Татлебен прастудзіўся. Восенню выехаў за мяжу, адкуль ужо не вярнуўся жывым. Памёр у 1883 г. Труну прывезлі ў Вільню і адсюль ганарова, з дэпутацыяй ад горада, адвезлі ў маёнтак Татлебена Кейданы. Потым сям'я перазахавала яго ў рыжскай капліцы Татлебенаў, а яшчэ пазней цар Аляксандр ІІІ загадаў прывезці яго парэшткі ў Севастопаль, які ён бараніў у 1854 і 1855 гг., і пабудаваць яму там манументальную пахавальню.
Вільня ўдзячна яму за зрытыя валы з гарматамі каля гары Гедыміна, якую ў 1832 г. ператварылі ў цытадэль. Цытадэль была скасавана ў часы Назімава, але менавіта Татлебен загадаў зняць з бастыённых вежаў зброю і пасадзіць прыгожы Замкавы сквер.
Любіў наш батанічны сад, праз які хадзіў у клуб і некалькі разоў я з гэтым гістарычным старцам размаўляў тут пра гісторыю Вільні, пра ўніверсітэт, пра заснаванне гэтага саду. Паказваў яму ўлюбёнае месца, дзе я ў адзіноце рыхтаваўся да экзаменаў. Расказваў пра стары каралеўскі млын XVI ст. і пра шумныя каскады на канале каля моста (праз мост ішла дарога ў батанічны сад, а канал падводзіў ваду да млына). З-за канала і Вілейкі сад, як быццам, знаходзіўся на востраве. Ён уважліва слухаў і паўтараў мне: «Es ist alles verganglich!» [63]. Такое ёсць не толькі тут. Прыязджай да мяне і ўбачыш, які парк я гадую ў Кейданах …, а ці шмат мне засталося?» Праз два гады ўжо не жыў. Таксама ў траўні памёр Альбядзінскі. Руская прэса напісала пра іх суха і холадна, у некралогах былі толькі афіцыйныя, газетныя радкі. Нацыянальнасць аднаго, добрае сэрца і погляды другога, не дазвалялі прызнаць іх заслугі. Татлебен кіраваў Літвой толькі два гады і некалькі месяцаў, а змяніў яго камандуючы Віленскай ваеннай акругай генерал Нікіцін [64].
1883. У траўні ў Вільню прыбыў біскуп Караль Грынявецкі [65]. Пасля 20 гадоў анархіі і суцэльнага бяспраўя ў дыяцэзіі з-за сваволі і хабарніцтва трыумвірату [66]. Прэлаты Нямекша [67] і Тупальскі [68] ўжо не жылі, першага з іх з'ела працяглая хвароба (наступства дурных звычак, з-за якіх ён яшчэ раней страціў кафедру ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі), другога забіў яго малады слуга, якога ён выхаваў. Гэты слуга з адсечанай галавой прэлата, спрабаваў уцячы за мяжу [69]. Застаўся толькі Пётр Жылінскі [70], які кіраваў дыяцэзіяй 20 гадоў. Жылінскі, хаця і граў ў гэтым трыумвіраце ролю Юпіцера, залежаў ад двух сваіх калег і нават пабойваўся Тупальскага, бо ведаў, што той на ўсё гатовы. Праз нейкі час з'явіўся чацвёрты такі ж самы, канонік Капцаговіч [71]. Пра яго мінулае нічога не ведаю, ён як зух пачаў непачцівую спрэчку не на жыццё, а на смерць з біскупам Грынявецкім, калі іншых трыумвіраў ужо не было.
Успамінаю аб той касцельнай драме са смуткам ў сэрцы. На жаль, зблізку бачыў злосць з аднаго боку, а з другога правату і неспрактыкаванасць. Малады, энергічны, з гарачай верай біскуп не ведаў пра правінцыяльную залежнасць кожнага свайго кроку ад вышэйшых і ніжэйшых уладаў, ад зайздрасці і непрыязі пануючага веравызнання, ад інтрыг і бясконцых даносаў.
Жылінскі, планы якога былі ўжо зруйнаваны, прадэманстраваў пашану да Грынявецкага, а потым замкнуўся ў сваім палацы, пабудаваным за Вострай брамай [72]. Ні ў што не ўмешваўся. Біскуп атрымліваў розныя пісьмовыя і вусныя скаргі на Капцаговіча з-за яго немаральнага жыцця. Капцаговіч быў тады пробашчам па-бернардынскага касцёла. Калі ўгаворы не дапамаглі, адлучыў грэшніка да алтара, пра што паведаміў уладам. Атрымаў першую маланку ад міністра гр. Талстога. Потым Капцаговіч часта ездзіў у Пецярбург з даносамі на біскупа і нарэшце біскуп сам быў выкліканы ў сталіцу.
Другі двубой біскуп меў з гарадзенскім (перад гэтым віленскім) ксяндзом Малышэвічам. Хацеў яго пакараць за скандальнае і недухоўнае жыццё, але ўлада была на баку ксяндза, які прыехаў у Вільню, пакарыўся і пакаяўся ў грахах. Шматдзённыя рэкалекцыі ў мурах семінарыі на яго добра падзейнічалі. Праз год, калі біскуп адпачываў у Друскеніках, да яго са скаргай з Гародні прыехала дэпутацыя парафіян на гэтага ж ксяндза з-за новага гучнага скандалу. Грынявецкі адразу выехаў у Гародню і адлучыў Малышэвіча ад алтара. Зараз жа гарадзенскія і віленскія ўлады абвінавацілі біскупа, не прызналі яго выраку і пакінулі ксяндза на пасадзе. Сапраўдная вайна.
Непрыязь і дрэннае стаўленне да нязручнага для іх кіраўніка касцёла ўлады выказалі яшчэ раней, падчас прыезду біскупа. Амаль што ўсе католікі выйшлі 26 траўня 1883 г. сустракаць біскупа і цалкам запоўнілі вуліцы, якія вялі да катэдры ад чыгуначнага вакзала. Дасціпны паліцмайстар Клінгенберг (праз 3 гады ковенскі губернатар) схітраваў. Ён ехаў перад чатырохконнай карэтай біскупа і правеў яе пабочнымі вуліцамі. Пабожныя тлумы ўсё яшчэ чакалі біскупа на галоўных вуліцах, а пастыр быў ужо ў катэдры. У сваёй прыгожай прамове Грынявецкі выказаў удзячнасць манарху, які яго сюды прыслаў і сказаў аб добрых і дрэнных святарах, засцерагаючыся назваць апошніх. Было бачна, як Капцэвіч усміхаўся з выразам пагарды на твары.
Кіраваў у Літве генерал Нікіцін - ні злы ні добры, але абыякавы да цывільных, а тым больш рэлігійных спраў. Таму меней слухаў парады дырэктара сваёй канцылярыі барона Гравеніца, чым руплівага паліцмайстра, які правёз біскупа ў катэдру бакавымі вуліцамі.
1884. 9 лютага 1884 г. прыехаў новы генерал-губернатар Каханаў. Віленская ваенная акруга, як і раней, засталася пад камандаваннем Нікіціна. Паважаны царом як спрактыкаваны адміністратар, які добра разумее цывільныя і рэлігійныя пытанні, Каханаў карыстаўся даверам міністра ўнутраных спраў гр. Талстога (раней, обер-пракурора сінода). Новы генерал-губернатар адразу атрымаў дрэнныя водгукі пра біскупа ад духоўных і свецкіх віленскіх уплывовых асоб. Ён вырашыў зняць біскупа. З аднаго боку было касцельнае права, якое перашкаджала, а з іншага жаданне генерал-губернатара (ці, дакладней, новага дырэктара яго канцылярыі Голалобава). Спіс вінаў «строптивого, воинственного епископа» перад уладамі ўсё павялічваўся. Уплывовая пецярбургская прэса паўтарала бязглуздыя байкі «Літоўскага епархіяльнага весніка», напрыклад, што ўся шляхта ахвяравала свайму пастыру залатую карэту і чацвёрку белых коней і ён у гэтай карэце заўсёды ездзіць па Вільні. Грынявецкі не звяртаў увагі на плёткі, не слухаў парады добрых сяброў, у Каханава не бываў і нават яго ігнараваў. Ведаючы, што нявінны і касцельнае права на яго баку, стаў ахвярай уплывовай бюракратыі. Загадам яго выклікалі ў сталіцу і думалі надоўга затрымаць там. Выкліканы з Масквы Каткоў дрэнна выказаўся пра віленскага біскупа, прапанаваў адабраць у яго дыяцэзію, а самога выслаць з эскортам урадніка ў Яраслаўль пад нагляд паліцыі [73].
1883. Частку лета правеў далёка ад гарадскіх муроў: чэрвень, прыемна і весела ў старых сяброў, спадарства Котвічаў, ліпень таксама прыемна, але сумна - у старых сяброў сп.сп. Свідаў. Рэзідэнцыя ў Турлах сп.сп. Котвічаў дасканалая. Палац ў садзе, зал, балконы, кветкі і алеі, блізкі лес, а таксама наша чароўная Вілія. За вярсту мураваны прыгожы касцёл. Прыгожая і прыемная сям'я якая складаецца з трох вясёлых дачок-прыгажунь і разумнага сына. Музыка, спевы, імправізаваны аматарскі тэатр, вандроўкі ў шарабанах і нават чароўныя танцы - усё гэта рабілася для суседзяў і сяброў з горада.
Жыццё на прыродзе, сярод лугоў і гаёў Багданава, раней напаўняла сэрца прыемнасцю, а зараз напоўніла смуткам. Стары сябар, самы шляхетны жыхар краю Юзаф Свіда, дагараў ад хваробы. Жонка і дзеці даглядалі раней жалезнага чалавека, а зараз руіну. Я паехаў са слязамі на вачах, каб апошні раз паціснуць яму руку. Калі вяртаўся, да чыгункі мяне адвёз былы маршалак Ян Лубанскі [74], адзін з заснавальнікаў Земскага банка з Вільні, чалавек рэдкага розуму і сэрца. На першы погляд чалавек халодны, але ўратаваў не мала з тых, хто гінуў. Хутка пасля нашай сустрэчы расхварэўся, і яго сям'я асірацела.
1884. Памятны наведваннем 26 жніўня Вільні царом Аляксандрам ІІІ з царыцай. У вялікай зале палаца адбыўся царскі абед.
6
Калі быў студэнтам, наслухаўся вершаваных эпіграм на ўніверсітэцкіх прафесараў. Іх якасці і характарыстыкі ўвекавечыла студэнцкая муза, вось яе творы:
Пан прафесар Франк [75]
Ходзіць, дзе хто "кранк" [76] ,
Аднак ідзе і да здаровай
Да прыгожай пані Капшовай [77].
Пан прафесар Рэшка [78]
Жыве ўнізе без спешкі,
Хоць на гару ходзіць,
Нікому... не шкодзіць.
Там на зоркі глядзіць, колькі можна,
А бачыць..., што кожны.
Пан прафесар Снядэцкі,
Непрыяцель нямецкі,
Хоча, каб і палякі
Да працы браліся ўсякай. [79]
Андрэй Снядэцкі, прыгожы старац з напудранай галавой, свежым жабо, у белай, як снег, камізэльцы, у шэрым фраку і венгерскіх ботах з кутасікамі, быў вельмі шанаваны літоўскім генерал-губернатарам Рымскім-Корсакавым. Расказвалі, што, калі на абедзе гаспадар генерал-губернатар спытаў, што перашкаджае яму вывучыць на доктара свайго адзінага сына, высокага кавалера з прыгожым, румяным тварам, Снядэцкі адказаў: «Не, генерал, для доктара ён мае заслабую галаву. Зраблю яго маршалкам. Куплю яму маёнтак і багата ажаню. Абяру яго маршалкам». Так і сталася, п. Юзаф жаніўся з паннай Сулістроўскай з вялікім пасагам.
Не магу не згадаць пра знакамітага вучня, а з 1822 г. наступніка А. Снядэцкага на кафедры хіміі, з 1835 па 1836 гг. майго прафесара, Ігната Фонберга [80], аўтара кнігі па хіміі ў трох тоўстых тамах на польскай мове. Высокаадукаваны, вельмі сімпатычны і ўсімі любімы, паважаны прафесар у 1840 ці 1841 г. разам з Медычнай акадэміяй пераехаў у Кіеў, дзе і памёр.
Міністр Бібікаў апавядаў мне ў Дрэздане, што калі ён быў генерал-губернатарам у Кіеве і, адначасова, куратарам Кіеўскага ўніверсітэта, дык прадстаўляў цару Мікалаю знакамітых прафесараў. «Вы з якіх Бергаў?» - запытаў той прафесара: «Сын віленскага каваля», - адказаў Фонберг манарху, які, пасміхаючыся, паціснуў руку прафесару.
Мікалая зацікавіла прозвішча фон Берг, бо яно належала радавітай эстлянскай шляхце, з якой паходзіў і пазнейшы намеснік у Варшаве [81]. А прозвішча Фонберг, а не фон Берг ён ніколі не сустракаў. У той жа дзень падчас абеду цар сказаў Бібікаву: «Quel belhomme votre professeur de chimie. Aves quelle droiture il m'a repondu» [82] і дадаў па-руску: «Ён - не немец, бо немец пра сваё паходжанне доўга б расказваў». «Ён паляк з Вільні, дзе быў прафесарам. Un savant sereiux, tres sereiux, Sire» [83], - «Люблю цэльныя натуры, але, - дадаў смеючыся, - шкада яго для хіміі. Каб быў чыноўнікам ці доктарам, забраў бы яго да сябе ў Пецярбург. Можаш сказаць гэта Бергу, ці фон Бергу, ці фон Фонбергу».
«Tel etait l'empereur Nicolas» [84], - закончыў Бібікаў і расказаў яшчэ адну гісторыю пра наведванне царом толькі што заснаванага кіеўскага ўніверсітэта: «Я вадзіў яго па ўсяму гмаху знутры, аглядалі гмах і звонку. На адным фасадзе цар заўважыў вялікую колькасць вокнаў.
- Чаму іх тут столькі? - пытае не ў архітэктара, а ў мяне.
- Таму, Ваша вялікасць, што гэта заходні фасад.
- І што з таго?
- Праз гэтыя вокны наш універсітэт глядзіць на захад, на Еўропу.
- Ну і хай сабе глядзіць, але хай не заглядаецца на рэспубліканскія ідэі Парыжа, якія падкопваюць трон Людвіка Філіпа.
Вяртаемся ў Вільню. Паміж прафесарамі, якія прыехалі з-за мяжы, у канцы мінулага стагоддзя быў вучоны доктар Шпіцнагель. Выкладаў на лаціне і па-польску. Лета праводзіў у сваім маёнтку на Ашмяншчыне ў суседстве з маладым паэтам А. Э. Адынцом. Меў двух сыноў [85]. Старэйшы, вельмі здольны, закончыў жыццё самазабойствам, малодшы, бязглузды фанфарон, худы брунет і рэзанёр, якога ніхто не любіў. Дачакаўся эпіграмы:
Загадка.
Другое - цвік, а першае сабака,
Усё разам - вялікае нішто ніяка [86].
«Балбачы, балбачы, як стары дзед», - казаў Вінцэнт Поль [87], які бясконца мог расказваць пра людзей і падзеі мінулага, пра светлых і разумных мужоў. Шмат што занатаваў, і шмат розных гісторый яшчэ засталося ў памяці.
Пра некаторых пісалі іншыя, але, здаецца, ніхто яшчэ не згадваў пра знакамітых апошніх прафесараў хірургіі, якіх раней мела Вільня, а менавіта, пра Севярына Галянзоўскага, Канстанціна Парцянку [88] і Юзафа Каржанеўскага.
Першы, пасланы ўніверсітэтам з навуковымі мэтамі за мяжу ў 1830 г., дачакаўся паўстання і закрыцця ўніверсітэта. З Парыжа быў запрошаны ў Амерыку, зарабіў там каласальны капітал і вярнуўся ў Парыж, дзе шмат гадоў дбайна займаўся выхаваннем бедных дзяцей сваіх землякоў. Для іх, для гэтых бедных сірот, заклаў школу ў прадмесце Бацінёл [89]. Быў сябрам маіх бацькоў і заўсёды мяне прымаў сардэчна. Ён дзядзька вядомага зараз акуліста.
Парцянку любіла і шанавала ўся Літва. Вядомы прафесар, вучань знакамітага Нішкоўскага, хуткі і фартунны хірург, папулярная асоба з добрым сэрцам, неверагодна дасціпны сябар нашага дома. Калі ў 1835 г. цар Мікалай прыслаў у Вільню вядомага ў той час хірурга Беверлея, які павінен быў паказаць у акадэміі новыя аперацыі і новыя інструменты, ён быў здзіўлены, убачыўшы ў Вільні такіх дасведчаных хірургаў, як Парцянка і Каржанеўскі, яны ўжо ўсё новае ведалі. Рапарт Беверлея уразіў Пецярбург, і Парцянка з Каржанеўскім атрымалі падзяку ад міністра.
Парцянка меў праўдзівы характар і шляхетнае сэрца і ніколі не рабіў розніцы паміж беднымі і багатымі. Не меў фіксаванага ганарару за аперацыю, а глядзеў на магчымасці пацыента, і таму яго ўсе паважалі і былі ўдзячнымі.
Вось анекдот, які ён расказваў маім бацькам.
Вельмі заможны чалавек прасіў яго паехаць на вёску да хворай жонкі. Правеў на вёсцы некалькі дзён. Перад ад'ездам гаспадар расчулена дзякуе яму і ўручае слупок залатых манет. Парцянка выпускае іх з рук, дукаты падаюць на падлогу і разлятаюцца ў розныя бакі. Нездаровы, тлусты гаспадар кідаецца збіраць манеты. Сабраў і ўвесь спатнелы падае грошы прафесару. Парцянка спакойна кажа: «Нашто маршалак сам клапоціцца, трэба было паклікаць лакея. Гэта не ўсе грошы, манеты яшчэ засталіся пад канапай». Маршалак зразумеў і прынёс прызначаную суму з бюро. «Цяпер усе грошы», - сказаў Парцянка і ад'ехаў.
«Не ўмею цанавацца, але павінен быў даць навуку гэтаму скнары. Нават не спытаў мяне, ці досыць, і сам прызначыў цану, як быццам дасылае на продаж у Вільню сваё масла ці жыта», - дадаў, усміхаючыся Парцянка.
На пачатку гэтага стагоддзя самым папулярным лекарам у Вільні быў доктар Рэніш. Хоць і не ўніверсітэцкі прафесар, але вельмі дбайна і паспяхова лекаваў і асабліва дзяцей. Пільны і ашчадны, сабраў вялікі капітал і, каб адпачываць на прыродзе, купіў вялікі маёнтак, куды разам з адзінай дачкой пераехаў жыць. Багатая спадчынніца, маладая і прыгожая, звярнула на сябе ўвагу суседзяў. Упадабаў яе малады элегантны кавалер, які нядаўна вярнуўся з Парыжа, дзе жыў некалькі гадоў. Меў прозвішча Завіша. Ёй ён таксама спадабаўся, бацька дазволіў, і яны ўзялі шлюб.
Праз два гады доктар Рэніш наведаў маіх бацькоў і на пытанне пра мэту прыезду ў Вільню, здзівіўшы ўсіх, адказаў:
Час перастаць... завішаваць,
Трэба зноў... рэнішаваць [90].
Раскошны лад жыцця і даўгі «мілага» зяця з'елі ўвесь капітал беднага старога. Вярнуўся ў горад і зноў заняўся практыкай. Як і раней хадзіў пешшу, а «граф» Завіша прыязджаў у Вільню ў карэце. Гэты тытул прывёз з замежных гатэляў.
Дадатак
Трыумвірат [91]
Гістарычныя нататкі
Уладзіслаў Талочка [92]
Успаміны доктара Юльяна Цітыюса пра біскупа Грынявецкага і прэлата Жылінскага вымагаюць пэўнага дапаўнення пра гэты важны эпізод з гісторыі каталіцкага касцёла ў Літве.
На пачатку некалькі слоў пра крыніцы гэтага артыкула. Гістарычныя нататкі «Трыумвірат» з'яўляюцца вынікам шэрагу аповядаў аб мінулым касцёла ў Віленскай дыяцэзіі, якія 15 гадоў таму расказваў адзін замілаваны ў гісторыю чалавек малому колу асоб. Нататкі гэтых аповедаў, якія я рабіў у той час, паслужылі адной з крыніц артыкула. Толькі ў некаторых месцах, для ўдакладнення, я карыстаўся кнігай Юзафа Пэльчара «Папа Пій IX і яго век» і іншымі ўспамінамі сучаснікаў падзей.
* * *
Памятны 1863 г. застаў у сталіцы віленскага біскупа Адама-Станіслава Красінкага - руплівага святара і вялікага працаўніка на ніве адукацыі. Генерал-губернатарам у Вільні тады быў Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, а губернатарам - Панюцін [93]. Знаходжанне ў Вільні біскупа, які з'яўляўся вышэйшым рэлігійным аўтарытэтам, відавочна, муляла чыноўніку высокага рангу, і ён жадаў пазбавіцца ад яго. Рабіў паступова. Адправіў біскупа ў Пецярбург, а калі цягнік, у якім ён ехаў, прыбыў на станцыю Пскоў, у вагон увайшлі жандары і звярнуліся да дастойніка са словамі: «Ваше превосходительство, вы арестованы!» Пасля гэтага біскупа разам з маладым ксяндзом Францкевічам вывезлі ў Вятку.
Перад выездам з Вільні біскуп Красінскі пакінуў кіраванне дыяцэзіяй прэлату Баўкевічу [94], які даведаўшыся пра арышт біскупа, пажадаў пацвердзіць сваю пасаду ў Мураўёва. На што генерал-губернатар сказаў: «Ну ладно, если не будет по-моему плясать, я его повешу». Гэтак Мураўёў зацвердзіў яго на пасадзе.
У віленскую капітулу ў той час уваходзілі ксяндзы: Гербурт [95], Баўкевіч, Маркевіч, Важынскі [96], Казлоўскі, Здановіч [97]. Былі гэта добра адукаваныя і шляхетныя, хоць і не без пэўных недахопаў у характарах, людзі. Так, Гербурт - сапраўдны інтэлектуал і паліглот, быў чалавекам слабой волі. Баўкевіч пры ўсёй яго шляхетнасці не меў моцнага характару і г. д. І ўсіх іх характарызаваў вельмі моцны лаялізм у адносінах да ўлады.
На пачатку кіравання Баўкевіча на першы планы выйшла праблема дакамплектавання віленскай капітулы праз уключэнне ў яе групы ксяндзоў: Жылінскага, Нямекшы і Тупальскага. Варта сказаць пра гэтыя постаці. Кс. Пётр Жылінскі [98] адукацыю і духоўнае выхаванне атрымаў у семінарыі айцоў місіянераў, дзе, не маючы яшчэ святарскага сану, стаў скарбнікам і трымаў у сваіх руках усе даходы і ключы кляштара. Калі падчас паўстання гэты кляштар быў зачынены, а законнікі разагнаны, Жылінскі быў высвечаны ў святары. Ужо тады ён ўспрымаўся, як багач, вернікі тлумачылі гэта тым, што фундушы місіянераў засталіся ў ягонай кішэні. Праз зялёны столік [99] і раскошныя п'янкі з чыноўнікамі і іншымі «неабходнымі» людзьмі Жылінскі хутка ўвайшоў у кола Нямекшы і Тупальскага. Раней, чым пачаў сваю кар'еру ў Вільні, ён служыў пробашчам у Радашковічах. Кс. Ян Нямекша быў вельмі здольным і нават таленавітым, але фенаменальна лянівым чалавекам: вучобу ў семінарыі і акадэміі ён літаральна праспаў ці праляжаў. Веды атрымаў толькі дзякуючы добрай памяці і хуткаму розуму. Праз канфесіянал [100], праз хатнюю настаўніцу губернатара Панюціна, ён змог атрымаць пратэкцыю гэтага чыноўніка для сябе і сваіх аднадумцаў - Жылінскага і Эдварда Тупальскага, які быў дырыжорам катэдральнага хору і прафесарам спеваў у дыяцэзіяльнай семінарыі.
Пасля дэпартацыі біскупа Красінскага ў Нямекшы з'явілася думка ўвесці ў дадатковае касцельнае набажэнства рускую мову і праз гэта атрымаць высокія пасады. Каб выканаць свой план, праз тую хатнюю настаўніцу ён завёў знаёмства з губернатарам Панюціным. Усцешаны паслужлівасцю Нямекшы, губернатар загадаў Баўкевічу ўвесці ў склад Віленскай капітулы ўсіх вышэй згаданых трох ксяндзоў. Калі Баўкевіч адмовіўся, Панюцін асабіста, з вялікай ветлівасцю і павагай, якая, верагодна, дайшла да цалавання рукі, схіліў мяккага характарам кіраўніка дыяцэзіі пагадзіцца з прапановай уладаў. Новыя члены капітулы хутка атрымалі даходныя пробаствы: Жылінскі - Вострабрамскае, Нямекша - Святаянскае, а Тупальскі - Па-бернардынскае. Гэты апошні застаўся афіцыялам кансісторыі.
Праз два гады ў 1866 г. памёр прэлат Баўкевіч, і фактычнае кіраванне дыяцэзіяй пераходзіць у рукі гэтага трыумвірату. Казалі, што перад смерцю адміністратар Баўкевіч паклікаў Нямекшу і сказаў яму: «Я хутка памру, Віленская дыяцэзія знаходзіцца ў цяжкім стане, ратуй яе!» Выкліканы ксёндз адказаў: «Для гэтага я занадта грэшны». Гэтак справы касцёла і надалей засталіся нявырашанымі.
Тым часам Нямекша высунуў Жылінскага на галоўную пасаду адміністратара дыяцэзіі, бо сам хацеў стаць схаваным рухавіком гэтага пасіўнага і павольнага чалавека. Не дзіва, што грошы паплылі ў вялікую кішэню Жылінскага. Маючы таварыскую падтрымку і грошы, намінальны адміністратар цешыўся сваім бліскучым кіраўніцтвам і ласкай як Мураўёва, гэтак і Панюціна. Аднак ў лістах у Апостальскую сталіцу інтрыган падпісваўся толькі як прэлат. Таму ў Рыме нейкі час думалі, што ў Вільні маюць справу з абраным дэлегатам біскупа ці капітулы. Аднак малаадукаванаму Жылінскаму прыйшла думка падпісаць у Рым чарговую паперу наступным чынам: «Vicarius Capitularus prelates Petrus Zylinski». Тады ў Рыме зразумелі, што біскуп Красінскі ніякім чынам не мае дачыненне да дыяцэзіі.
Рым падняў трывогу і даслаў запыт у Пецярбург. У выніку ў Вільні былі прызначаны выбары адміністратара. […] Губернатар Панюцін напісаў ліст, які зачытаў сакратар капітулы кс. Аляксандр Вашкевіч. Ліст кароткі, яго сутнасць - загадваем выбраць адміністратарам прэлата Пятра Жылінскага. Галасавалі бюлетэнямі і абралі Жылінскага. Калі ў Апостальскай сталіцы даведаліся пра гэты скандальны факт, выбары не прызналі, а Жылінскаму далі сорак дзён адрачыся ад пасады. Ліст Ватыкана па-польску быў надрукаваны з «Газеце Львоўскай», а лацінскі тэкст нават прыйшоў у Вільню, і пэўная асоба на вуліцы ўручыла яго Жылінскаму. Не ведаючы латынь, прэлат прачытаў тэкст толькі дома. Прыбыўшы да яго Нямекша прачытаў ліст і сказаў небараку: «Глупства, урад цябе паставіў, урад і абароніць. Не трэба турбавацца». Прамовіўшы гэта, кінуў ліст у печ.
Патрабаванні Рыма да інтрыгана Жылінскага расплюшчылі вочы членам капітулы ксяндзам Казлоўскаму, Важынскаму і Здановічу. Яны выказалі пратэст супраць несапраўдных выбараў адміністратара. Здановіч сумеў неяк растлумачыць свой крок уладам, але два іншыя ксяндзы за свае дзеянні заплацілі штраф у 300 руб.
Урад у асобе Мураўёва падтрымліваў усе намеры трыумвірату русіфікаваць край. Пратэст трох прэлатаў паказаў чыноўнікам, што трэба мець больш адданых людзей у капітуле, і таму у Вільню перавялі пробашча гарадзенскай фары кс. Капцаговіча - чалавека адважнага і нават зуха. Праз нейкі час ён становіцца прэлатам капітулы.
Адначасова з гэтым пачынаецца атака ўрада на семінарыю з мэтай увядзення рускай мовы як мовы выкладання. Рэктар семінарыі, прафесар маральнай тэалогіі кс. Здановіч не змагаўся, а адрэагаваў на гэта наступнымі словамі: «Правительство требует от нас, и мы должны повиноваться». Інспектар семінарыі кс. Юндзіл манеўраваў і прачытаў толькі адну лекцыю дагматыкі па-руску. Кс. Капцаговіч пачаў рабіць спробы ўвесці рускую мову як мову дадатковых набажэнстваў у правінцыі. Казаў сялянам, што Бог адзін і таму не важна, на якой мове вы моліцеся. Але не змог пераканаць людзей, і дзе-нідзе пабожныя жанчыны нават атакавалі яго кіямі і мётламі, пры гэтым зласліва прыгаворваючы, што не важна, чым біць такога ксяндза - кіямі ці мётламі. Убачыўшы супраціў, урад на нейкі час спыніў гэтыя спробы.
Пасля Капцаговіча, што незвычайна, але характэрна, членам капітулы стаў выкладчык сярэдніх школ кс. Бядрынскі [101], які, падобна, быў чалавекам разумным, але без характару. Здаўна, з часоў былога Віленскага ўніверсітэта, Віленская навучальная акруга мела адно месца ў капітуле. Бядрынскі скарыстаўся з гэтага і папрасіў дапамогі ў слыннага русіфікатара, куратара акругі Сяргеўскага [102]. Зразумела, што той дапамог, і Бядрынскі патрапіў у капітулу.
У 1869 г. губернатара Панюціна замянілі на пачцівага чалавека Шастакова [103]. Кс. Юндзіл, хвалюючыся аб стане рэчаў у дыяцэзіі, раскрыў перад новым губернатарам усе ганебныя падзеі, якія руйнуюць касцельнае жыццё ў краі. Месцам самых страшных бясчынстваў была у той час віленская кансісторыя, яе спецыялізацыяй сталі шлюбныя справы. Працэдура была дастаткова простай: сакратар кансісторыі меў спіс усіх парушэнняў, якія скасоўвалі шлюб, і пры неабходнасці, дапасоўваў любое з іх да асоб, якім патрэбны развод. Шлюбамі ў той час займаўся стары законнік, а віца-афіцыялам быў, вядома, нам Нямекша. Калі стары адмаўляўся рабіць тое, што яму загадвала кансісторыя, і прасіў прэлата адпусціць яго на пенсію па ўзросту з-за слабага розуму, Нямекша з нецярплівасцю адказваў: «Дурны, ад цябе розуму ніхто і не патрабуе! Табе трэба толькі падпісваць!» Вось такія рэчы рабіліся ў кансісторыі, шлюб не быў для іх ніякай каштоўнасцю, і яны яго скасоўвалі за грошы. Губернатар Шастакоў паведаміў пра злоўжыванні міністру ўнутраных спраў Цімашову, той выклікаў Жыліскага ў Пецярбург і сказаў яму: «Если хоть половина этого правда, заслуживаете ссылки в Сибирь. Имеете сейчас выбор: Сибирь либо русский язык». Жылінскі выбраў другое і пасля гэтага быў прыняты Аляксандрам ІІ. Цар прыняў вернага слугу ласкава і ўзнагародзіў ордэнам: зоркай са стужкай, а той пацалаваў манарху руку.
Былі і ў Мінскай дыяцэзіі ксяндзы, якія сквапна шукалі даброт ад урада. Напрыклад, кс. Урбан Ракіцкі, які паходзіў з гэтай губерні, напісаў дысертацыю: «Пра гуманныя сродкі, якія выкарыстоўваў гр. Мураўёў пры супакаенні Заходняга краю». За гэтую працу ён атрымаў тытул магістра, а потым і доктара тэалогіі! Гэты ксёндз першым падчас свайго знаходжання ў Пецярбургу, на вачах урада падчас цэлебравання з касцельнай кафедры, прамовіў «Domine salvum fac Imperatorem Nostrum …» [104]. У Вільні гэта было ўведзена яшчэ раней і трымалася да сусветнай вайны.
Жылінскі, вярнуўшыся з берагоў Нявы ў Вільню, пачаў русіфікатарскую працу. А Нямекша пайшоў сваёй дарогай. Ён напісаў да цара вернападданы ліст і прымушаў ксяндзоў пад ім падпісвацца. Той, хто не падпісаў, ішоў у кляштар ці нават у выгнанне. Выгнаннікам урад з задавальненнем выдаваў пашпарты і 25 руб. на дарогу, бо, чым менш заставалася святароў, тым лягчэй трыумвірату было дасягнуць сваіх мэтаў. І толькі сапраўдная духоўная праца рупліцаў, такіх, як кс. Шулейка, Даўкша і інш., якая вялася ў цішы касцёлаў і ў адасабленні канфесіяналаў, падтрымлівала ў сэрцах дух веры.
Вялікі розгалас атрымаў факт мужнага выступу супраць русіфікацыі касцёла кс. Пятровіча, пробашча касцёла св. Рафала і дэкана горада Вільні. […] У 1869 г. Нямекша выдаў «Трэбнік» на рускай мове, які пераклаў з лаціны лідскі пробашч кс. Казлоўскі (потым стаў апастатам). Пасля гэтай кніжкі пайшлі іншыя выданні такога кшталту, як, напрыклад, «Залаты алтарык». Калі была зроблена гэтая падрыхтоўчая праца, трыумвірат загадаў дэкану Вільні кс. Пятроўскаму ў дні Унебаўзяцца Н.П.М. 1870 г. (па іншай інфармацыі, на Звяставанне) увесці рускую мову ў касцёлы Вільні. Пятроўскі адмыслова са спазненнем даслаў гэты загад ксяндзам, каб яны не маглі яго выканаць, нават калі пажадалі б гэта зрабіць.
На свята ўся капітула і віленскі губернатар прыбылі ў касцёл св. Рафала, каб прысутнічаць на казанні віленскага дэкана, якое павінна было даць пачатак справе і паказаць прыклад іншым. Кс. Даўнартовіч - добры дух, які апекаваўся над ксяндзом Пятровічам, ужыў увесь свой уплыў, каб умацаваць дух Пятровіча. Калі падчас святочнага набажэнства дэкан узышоў на амбон, дык замест казання па-руску, выклаў вернікам ўсю гісторыю русіфікацыі касцёла і як дэкан папярэдзіў іх пра небяспеку. У канцы зазначыў, што найбольшую віну нясуць прэлаты, якія прадаліся ўраду, чым нават сам урад. Самым драматычным момантам у казанні быў яго канец, калі кс. Пятровіч на амбоне спаліў на свечцы рускі Трэбнік, кажучы людзям аб прадажных прэлатах: «Хай агонь ператворыць у нішто ўсю іхнюю працу!»
Уражанне ад гэтага казання можна было б параўнаць толькі з ударам маланкі ў ясны дзень. Пры ўсёй сваёй подласці трыумвірат зразумеў, што, нават маючы падтрымку урада, ён не з'ўяляецца гаспадаром у Вільні. Дэкан ні хвіліны не сумняваўся, што яму гэта не даруюць, і адразу напісаў ліст паліцмайстру аб тым, што ён сваю справу зрабіў, чакае крок з паліцыі. Шляхетнага святара выслалі ў вёску Кола над Белым морам, адкуль ён не хутка змог звольніцца і пасяліцца ў Пецярбургу. На дзевятым дзесятку яго адпусцілі за мяжу, ксёндз выехаў туды і праз год памёр.
Мужны выступ ксяндза Пятровіча выклікаў агульную павагу з боку католікаў усяго краю, і змест выступу святара-грамадзяніна перадаваўся з вуснаў у вусны. Адначасова ажыла надзея, што трыумвірат не зможа перамагчы, і шмат ксяндзоў так ці інакш пачалі супрацьдзейнічаць Жылінскаму. Змагаўся супраць рускай мовы ў касцёле і пробашч у Свянцянах, за што хутка патрапіў у кляштар. На жаль, яго заступнік, кс. Камінскі трымаўся цалкам іншай лініі. Агульную павагу здабыў ксёндз Канстанты Маеўскі (атрымаў потым вядомасць як публіцыст і палеміст), тады яшчэ вікарый у Саколцы, які напісаў ліст Сакольскаму дэкану. У гэтым лісце, які потым доўга перапісваўся рознымі вернікамі і перадаваўся ў дыяцэзіі з рук у рукі, Маёўскі зазначыў, што толькі Апостальская сталіцы мае права ўвесці ў касцёле рускую мову. […]
Урад вырашыў скарыстаць свой самы эфектыўны, па яго меркаванні, сродак - ваенную сілу. Заўважым, што ў 1865 г., абцяжараны ў вачах цара абвінавачваннем у тым, што хоча адарваць Паўночна-заходні край ад Расіі і стварыць ВКЛ, Вільню пакідае Мураўёў. Месца ката Літвы займае Каўфман, які кіраваў да 1867 г. і ішоў дарогай свайго папярэдніка.
У той час з «місійнай» акцыяй выступіў князь Хаванскі [105], вайсковы начальнік Віленскага павета. Калі-нікалі разам з ім ездзіў па павеце кс. Нямекша. Пачалі яны сваю асаблівую «візітацыю» з касцёла ў Быстрыцы. «Візітацыя» адбывалася звычайна па наступным сцэнарыі: пасля прыезду князя са світай у касцёл на рынкавую плошчу склікаліся людзі і сюды ж вывозіліся бочкі з гарэлкай і півам разам з рознымі закускамі. Калі ад такога пачастунку ў сялян пачыналі трашчаць галовы, іх, п'яных, прымушалі падпісваць паперы пра далучэнне да праваслаўя. Гэтак у 1865 г. царква атрымала касцёл у Быстрыцы. Калі гэтыя «візітатары» прыехалі ў Падбярэззе, дык патрапілі да пробашча кс. Стралецкага, які якраз сам выпіваў разам з вясёлым сябрам. У выніку не толькі парафія, але і сам пробашч падпісаў акт пераходу ў праваслаўе. Мясцовы касцёл забралі пад царкву, а пробашч стаў папом і быў ім да смерці [106].
Дзіўная рэч, але ўмацавала каталіцкую справу дзяўчына, Ружа Зыцкая, у якой спалучаўся спрыт разумнай дзяўчыны і руплівая ахвярнасць. Ружа асабіста ведала Хаванскага, была добрай гаспадыняй і адначасова кур'ерам паміж ксяндзамі, якія імкнуліся неяк паралізаваць антыкаталіцкую дзейнасць. Зрабіла наступны фартэль: панна Ружа (як яе называлі) прыгатавала багаты абед з шчодрай выпіўкай. Абед цягнуўся бясконца, а тым часам верныя касцёлу асобы намовілі цёмны люд, які заўсёды імкнецца да дарэмнага, разысціся і не лезці жыўцом у пастку. Калі Хаванскі нарэшце ўстаў з-за стала, на рынку нікога, акрамя яго п'яных жаўнераў, ужо не было. Гэтак паўтаралася некалькі разоў, і панна Ружа ўратавала некалькі парафій. Праз нейкі час Хаванскі зразумеў, што стаў ахвярай, і страшна аблаяў энергічную дзяўчыну.
Праводзячы такую палітыку, урад у Віленскай дыяцэзіі за некалькі гадоў замкнуў 167 касцёлаў. Аднак незадаволеныя вынікамі, чыноўнікі вырашылі павялічыць колькасць сваіх прыхільнікаў у капітуле. Адным з іх стаў кс. Ян Кулеша са жмудскай дыяцэзіі. У Вільні ксяндза пасялілі ў гатэль, дзе ён запомніўся гулянкамі, падчас адной з гулянак яго нават выкінулі праз акно. Таму нават неахайны ў маральным сэнсе Жылінскі не жадаў бачыць Кулешу ў капітуле. Але ўлады ўпарта стаялі на сваім, і Кулеша быў прызначаны пробашчам у Лаварышкі, а потым і віленскім дэканам замест кс. Пятровіча. Іншыя новыя прэлаты, такія як ксяндзы Лінкін [107] і Макарэвіч, былі крэатурамі Жылінскага.
За ўвесь час кіраўніцтва Жылінскага, з 1864 па 1883 гг. (да прыезду біскупа Грынявецкага) у Віленскай дыяцэзіі рабіліся самыя неверагодныя рэчы. І нават дзіўна, што пры гэтым біскупства ўтрымалася, а вера не згасала, а наадварот загартавалася.
Безумоўна, вельмі сімптаматычным з'яўляецца канец трыумвірату.
Як захавальнік Вострай брамы, Жылінскі ва ўсіх на вачах забіраў сабе воты, ахвяраванні і розныя запісы, якія чыніліся святому месцу, і на гэтыя грошы будаваў сабе камяніцы. Не дапамагалі ніякія заўвагі і не мелі выніку пісьмовая вымова, якую даслаў яму папскі сакратар, кардынал Антанелі (6 красавіка 1872 г.) і пазнейшы выклік у Congr. Sacrae Concilii (студзень 1878 г., выкліканы разам з Сенчукоўскім і Юргілевічам), каб у Рыме ён склаў з сябе паўнамоцтвы вікарыя капітулы і адміністратара Мінскай дыяцэзіі. Гэтак цягнулася да таго моманту, пакуль толькі што высвечаны біскуп Грынявецкі па тэлеграфе не загадаў кс. Рачкоўскаму забраць касцельныя ключы ў вострабрамскага пробашча.
Гэта быў першы ўдар. Што робіць Жылінскі? Едзе са скаргамі на нанесеныя яму крыўды ў Рым і наіўна просіць там за свае заслугі, калі не біскупскую годнасць, дык хоць годнасць біскупа-суфрагана! У Рыме, аднак, ведаюць таго, хто прыехаў да іх, і загадваюць прэлату адбыць рэкалекцыі ў кляштары. Жылінскі пакарыўся, прайшоў рэкалекцыі пад кіраўніцтвам а. Семяненкі і навярнуўся да веры. Каб неяк паправіць свае ранейшыя памылкі, ён напісаў ліст з Рыма ў маскоўскае выданне «Новости», у якім адмовіўся ад усіх сваіх пасад і прасіў духавенства і народ дараваць яму. Вярнуўшыся з Рыма, аддаліўся ад усіх і пачаў жыць у сваім доме за Вострай брамай, займаў там кватэру на чацвёртым паверсе і ў сваіх вокнах бачыў вострабрамскую капліцу. Увесь дом аддаў сваім былым стаўленікам, якія не доўга помнілі дабрадзея і хутка прапанавалі яму да св. Юрыя пакінуць кватэру і абяцалі, што, калі не з'едзе сам, дык тады выкінуць яго сілай. Няшчасны стары прасіў пакінуць яму хоць адзін пакой, але і ў гэтым яму адмовілі.
Хутка да яго прыйшла смерць-збаўца, забрала яго як раз у Вялікую пятніцу. Пахавалі Жылінскага на Росах, у яго ўласным, раней пабудаваным склепе, на якім меўся надпіс: «Дом графаў Жылінскіх». Цёмныя і схільныя да нянавісці людзі, не памятаючы яго пакаяння, доўгі час па-варварску нішчылі гэты склеп, пісалі на ім розныя сентэнцыі і г. д. І праз нейкі час, адзін віленскі публіцыст, які, пэўна, таксама не ведаў пра яго пакаянне, назваў яго «віленскім бонзай».
Другі трыумвір Нямекша - мозг ганебнай групы, быў вельмі тлустым чалавекам, што прыспешыла яго хуткі скон. Неяк моцна занямог. Усімі паважаны за сваю святаблівасць (зараз ён наогул стаў легендай) місіянер а. Вярыга наведаў хворага і навярнуў яго да з'яднання з Богам і пакаяння. Нямекша пагадзіўся пакаяцца, але з-за сваёй ляноты адклаў гэта да раніцы. Стары законнік казаў яму, што раніцы можа і не быць. Так і сталася, Нямекша памёр у тую ж ноч. Было гэта 10 кастрычніка 1878 г. Гэтак закончыў сваё жыццё той, які са сціплай пасады прэфекта Марыінкі ў Вільні ўзбіўся на вышэйшыя прыступкі касцельнай улады ў краі. Паміраў, не выканаўшы свае вялікія планы, якія ён меў разам з уладамі і, магчыма, нават расчараваўся ў іх.
Прыйшоў канец і Тупальскаму - трэцяму кампаньёну. У 1870-1872 гг. ён займаў пасаду рэктара духоўнай семінарыі ў Вільні. Жыў у вежы, якая была часткай комплексу будынкаў семінарыі. Вежа мела асобнае выйсце ў семінарыю і сваю прыёмную. Вежу і вокны жылога пакоя добра бачна з Святаянскага завулка (каля сучаснага палаца Агінскіх). Як і належыць, рэктар меў важнага слугу Юрку, які жыў у свайго дабрадзея ў вялікай ласцы і дапускаў да яго толькі тых, каго хацеў. Аднак быў нечым абражаны рэктарам і запомніў крыўду. Для выканання сваёй задумы, Юрка выбраў час, калі рэктар пасля св. імшы і перад сняданкам звыкла выпіваў кілішак нейкага трунку. У гэты раз слуга ўсыпаў у кілішак атруту. Выпіўшы трунку, Тупальскі адчуў сябе дрэнна і па парадзе Юркі, каб паправіць здароўе, выпіў яшчэ адзін кілішак. Вынік, аднак быў адваротны. Тады не чакаючы скону, слуга зачыніў дзверы, абухом (ці гірай ад гадзінніка) выцяў рэктара па галаве і забіў яго.
Але як схаваць сляды злачынства? Юрка выдумаў наступны план: адцяў галаву, у адзін мех паклаў цела забітага, у другі - яго каштоўнасці і галаву. Думаў, што так будзе цяжка даведацца, каму належыць цела забітага. Наняў вазніцу, прывёз першы мех на бераг Віліі і кінуў у раку. Вярнуўся на кватэру рэктара, замкнуў яе і з другім мяшком паехаў у бок мяжы. Аднак на мяжы яго ў нечым западозрылі і абшукалі. Як і належыць, знайшлі крыж каноніка і галаву Тупальскага. Тады злачынца ва ўсім прызнаўся. […] У Вільні нічога не ведалі, бо думалі, што рэктар хварэе і таму не выходзіць з кватэры. Атрымаўшы тэлеграму з мяжы, паліцыя адчыніла кватэру і знайшла сляды забойства. Такім страшным чынам 8 траўня 1872 г. пакінуў гэты свет трэці член трыумвірату Тупальскі. Вядомы ён быў таксама казаннямі, у якіх змагаўся з п'янствам.
З смутнай гісторыяй трыумвірату сцісла звязана гісторыя духоўнай семінарыі ў Вільні. У год студзеньскага паўстання (1863 г.) тут вучылася 116 студэнтаў (за ўвесь час было выпушчана 600 ксяндзоў). Пасля паўстання студэнтаў разагналі. Большасць з іх прыняла сан у Польскім каралеўстве і там засталася. Тупальскі застаў у семінарыі двух клірыкаў: гр. Ілінскага і Лінкевіча, першы з іх потым таксама быў выдалены. Пасля Тупальскага пасаду рэктара займалі ксяндзы Здановіч і Валіцкі (пяць месяцаў). У 1870 г. колькасць студэнтаў «узнялася» да 4 (усіх ксяндзоў у краі было 387). Лепей справы пайшлі, калі пасаду рэктара заняў кс. Мацей Гарасімовіч. Кіраваў ён ажно да 1878 г., калі за тое, што ў Вялікую пятніцу не прачытаў малітву за цара, быў пераведзены Жылінскім у вясковую парафію. У страшныя для дыяцэзіі часы трыумвірату Гарасімовіч выконваў вельмі вялікія функцыі - з'яўляўся ў Вільні і дыяцэзіі прадстаўніком Апостальскай сталіцы - лягатам, які падтрымліваў залежнасць ад Рыма. Падобна, ён нават атрымліваў лісты ад папы Льва XIII. Да Гарасімовіча звярталіся па самых важных касцельных справах, у яго шукалі абароны ксяндзы, прыціснутыя карупцыяй зверху. Памёр шляхетны кс. Гарасімовіч тайным камергерам папы. Стаўшы рэктарам семінарыі, ён застаў тут 17 студэнтаў, з якіх 14 адлічыў як няздольных на пасаду ксяндза. Гэты быў смелы, але патрэбны крок. Потым павольна ён павялічыў колькасць студэнтаў да 10 - 15 чалавек. […]
Цікава, што трыумвірат у семінарыі трымаў асобу графскай крыві ў надзеі, што граф стане біскупам і не забудзе сваіх дабрадзеяў. Гэта быў гр. Ілінскі, які займаў некалькі келляў, з якіх адна служыла яму спальняй, другая сталовай, трэцяя гасціннай і г. д. Граф не насіў сутаны, замест яе апранаў доўгую тужурку. Калі хацеў, выходзіў у горад і, калі хацеў, вяртаўся. Гасцінна прымаў у семінарыі розных наведвальнікаў. Канец яго вучобе паклаў кс. Гарасімовіч, але гр. Ілінскі застаўся ў гісторыі.
Дваццаць гадоў (1863-1883) працягвалася разбуральная праца трыумвірату у Віленскай дыяцэзіі. Маючы свае глыбокія карані ў плыні іосіфінізму [108], яна абапіралася на грамадскую дэпрэсію, у якой апынулася Літва і Вільня пасля паўстання. Мураўёская расправа прымусіла значную частку кіраўніцтва дыяцэзіі шукаць кампрамісу з уладай нават коштам русіфікацыі касцельнага жыцця. Цяжка ўжо зараз вызначыць, ці ўсе яны мелі схізматычныя намеры, а калі мелі, дык у якой ступені, але такія намеры былі. Думалі тады так - папа далёка, а цар значна бліжэй. І цяжка сабе нават уявіць разруху, якая панавала ў дыяцэзіі пасля 20 гадоў такога стану рэчаў.
І менавіта тады, як раптоўны і моцны вецер, у 1883 г. прыйшоў біскуп Грынявецкі. Гісторыя вызначыла яму адыграць у дыяцэзіі значную і важкую ролю, і першы пасля паўстання віленскі біскуп стаў сапраўднай гістарычнай фігурай. У момант намінацыі на біскупа новы дастойнік касцёла быў чалавекам маладым, поўным энергіі і запалу і не лічыўся ні з чым і ні з кім. Толькі кс. Маеўскі (брат віленскага каноніка) як быццам меў на яго ўплыў.
Згодна з меркаваннем блізкіх знаёмых і калег намінанта па Пецярбургу, у пэўных духоўных колах хваляваліся, што будзе рабіць кандыдат, калі сустрэне ў Вільні гэткія цяжкасці. Мела сваё меркаванне і Апостальская сталіца, бо тры разы не пагаджалася з кандыдатурай Грынявецкага, калі яе прапаноўваў урад. І толькі згода ўрада на адначасовае прызначэнне кс. Кулінскага на пасаду біскупа ў Кельцы, прымусіла Ватыкан пагадзіцца з асобай Грынявецкага. Польская прэса таксама была не задаволена прызначэннем «пецярбургскага». Падобна, важным для біскупа быў дзень яго прыезду ў Вільню, калі па звычцы сваіх папярэднікаў, па дарозе з чыгуначнага вакзала ў катэдру, ён наведаў Вострую браму, каб памаліцца каля цудадзейнага абраза. Пасля дваццацігадовага сіроцтва біскуп быў сустрэты натоўпам, які чакаў свайго пастыра без аніякага энтузіязму. Нязвыкла шмат часу правёў біскуп у Вострай браме, што нямала здзівіла, але і натхніла вернікаў. Потым казалі, што менавіта тут біскуп Грынявецкі даў сабе слова: ці загінуць, ці перамагчы зло ў дыяцэзіі. Пасля гэтага быў энергічны выступ на сваім прысвячэнні ў Вільні і рэзкі ліст да генерал-губернатара Каханава.
І ён пачаў працаваць. Падобны быў да віхуры, якая ўсё рушыць, але хутка пралятае. Паспяваў паўсюдна: у парафіяльным жыцці (сам паехаў на вёску спавядаць хворага, бо пробашч касцёла Усіх святых адмовіў зрабіць гэта свайму парафіяніну), у кансісторыі (знайшоў там важныя паперы, якія прыйшлі яшчэ да 1863 г.), у семінарыі (думаў перанесці яе ў па-місіянерскія муры) і інш. Афіцыялам кансісторыі стаў кс. Гарасімовіч. Шмат ксяндзоў вярнулася і пайшло сапраўднай дарогай святара. Гэтак кс. Пацынка, былы супрацоўнік Жылінскага, з'ездзіў у Рым і прайшоў там рэкалекцыю ў кляштары. Вярнуўшыся ў Вільню, упаў у ногі біскупу і атрымаў яго прабачэнне, а потым зрабіў яму шмат каштоўных паслуг. Менавіта кс. Пацынка папярэдзіў біскупа Грынявецкага, што зухаваты прэлат Капцаговіч носіць з сабой рэвальвер, каб застрэліць біскупа ў кансісторыі. Аднак адважны біскуп працягваў бываць у кансісторыі і неяк сустрэў там Капцаговіча. Біскуп прапанаваў яму выняць рэвальвер і покуль збянтэжаны ксёндз не ведаў, што яму рабіць, агаліў свае грудзі, сказаўшы: «Страляй зараз!» Потым біскуп сам усунуў руку ў кішэню помслівага прэлата і знайшоў там рэвальвер. Сумны быў канец у Капцаговіча - чалавека немалых здольнасцей: ён прыняў лютаранства, але пасля гэтага хутка памёр і ляжыць на лютаранскіх могілках у Царскім сяле.
Біскупу трэба было лічыцца нават з тым, што ворагі супраць яго могуць ужыць атруту. Каб засцерагчыся ад падобных выпадкаў, кс. Гарасімовіч фактычна выконваў абавязкі біскупскага капелана і не толькі засланяў яго сваім аўтарытэтам, які набываўся гадамі, але неадступна быў каля біскупа пры розных паездках па касцёлах, дзе падчас імшы падаваў біскупу сваё віно. І казалі, што адзін раз чужое віно было атручана … Калі адны ксяндзы былі цалкам лаяльныя біскупу (нават Жылінскі атрымаў дазвол служыць на Росах), другія змагаліся супраць яго. Напрыклад пралат Бядрынскі і іншыя дазвалялі сабе з амбона называць Грынявецкага маладзёнам, якому яны не дадуць кіраваць. Таму не дзіва, што біскуп граміў, караў і здымаў з пасад падобнае духавенства і быў для іх далонню Бога (можна ўзгадаць дэградацыю гарадзенскага дэкана Малышэвіча). І часам зразаючы сухую галіну, мог закрануць і яшчэ здаровую. Але кожная бура гэтак робіць …
Безумоўна, урад, які раней прапанаваў і ўпарта прасоўваў маладога біскупа, якога напачатку нават пахваліла газета «Русь», меў грунтоўныя прычыны быць незадаволеным. Справа ішла да звычайнага канца віленскіх біскупаў - выгнання. І такі канец прыспешыў сам біскуп Грынявецкі. Калі з пэўнай справай у біскупскі палац з'явіўся віленскі паліцмайстар Клінгенберг, біскуп раздражнёны нейкім непаразуменнем, сказаў яму: «Скажы спадару генерал-губернатару, што ён дурань!» Паліцмайстар на пачатку вырашыў, што не дачуў словы біскупа, аднак, той зноў паўтарыў: «Перадай яму, тое, што я сказаў - ён дурань!» І гэтыя словы былі перададзены Каханаву. Праз нейкі час біскуп зразумеў сваю памылку і паспрабаваў выбачацца. Але генерал-губернатар Каханаў не дазволіў, каб яго прымалі за смаркача, якому далі пстрычку, а потым гладзяць па галаве, і адмовіўся ад аўдыенцыі.
А яшчэ перад гэтым біскуп Грынявецкі пакрыўдзіў праваслаўныя духоўныя ўлады ў Вільні, калі падчас навагодняга прыёму ў палацы генерал-губернатара не пакланіўся праваслаўнаму архіепіскапу, калі той прывітаў біскупа ўставаннем. Гэтыя і іншыя экстравагантнасці былі прычынай, з-за якой біскупа Грынявецкага выклікалі ў 1884 г. у Пецярбург і выслалі ў Яраслаўль над Волгай. Урад плаціў біскупу 2000 руб. штогод, а калі праз пэўны час выгнанец выехаў за мяжу, дык атрымаў 5000 руб.
С. п. кс. Канстанты Маеўскі добра ведаў біскупа Грынявецкага яшчэ з пецярбургскіх часоў і быў сведкам яго кіравання ў Вільні, калі сам займаў пасаду рэктара семінарыі. Гэты ксёндз назваў кароткі віленскі перыяд Грынявецкага «феерверкам, які эфектна і хутка праляцеў, пакінуўшы пасля сябе добрыя, але трошкі прыкрыя ўражанні». […]
[1] Ze wspomnień d-ra Juljana Titusa // Pregląd Wileński. 1922. № 2-4. S. 2-5; 1922. № 5-6. S. 2-6;1922. № 5-6. S. 2-6; 1922. № 7-8. S. 2-7;1922. № 9-10. S. 2-5; 1922. № 11-12. S. 2-6; 1922. № 15-17. S. 2-5.
[2] Снядэцкі Андрэй (1768-1838) - лекар, біёлаг, хімік. Прафесар хіміі Галоўнай школы Літоўскай, потым Віленскага ўніверсітэта, а пасля яго закрыцця - Віленскай медыкахірургічнай акадэміі. Старшыня Віленскага медыцынскага таварыства. - Л. Л.
[3] Пра Яна Снядэцкага гл: Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 75-89. - Л. Л.
[4] Codzień dawny system znika,
Codzień uczą nas nowego.
Trwa systemat Kopernika,
Trwa Teorja Sniadeckiego!
[5] Андрэй Снядэцкі быў пахаваны ў драўлянай капліцы каля вёскі Гароднікі Ашмянскага павета. Захаваўся малюнак капліцы Напалеона Орды. Сучасная капліца на месцы старой пабудавана ў 1864 г. як сямейная пахавальня Снядэцкіх. - Л. Л.
[6] Аляксандр Фрэдра (1793-1876), польскі драматург-камедыёграф, паэт і мемуарыст. - Л. Л.
[7] Przed świętością zamiaru niech każdy uklęknie.
Dla milości bliżniego i … kpem zostać plęknie.
[8] Пэўна, маецца на ўвазе трэцяя жонка вядомага акцёра, спевака, дарэктара тэатра Мацея Кажынскага (1767-1823) Ганна з Кошыкаў. - Л. Л.
[9] Караль Юзаф Ліпінскі (1790-1861) - вядомы скрыпач, кампазітар і педагог. - Л. Л.
[10] Фелікс Рымкевіч (1799-1851) - навуковец-медык, доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
[11] Адольф Абіхт (1793-1860), навуковец-медык, ардынарны прафесар паталогіі Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
[12] Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802-1874), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскае імперыі. Паходзіў з пскоўскіх дваран. Служыў у лейб-гвардыі, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828-1829 гг. Быў інструктарам па ваеннай частцы ў цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча, пасля - флігель-ад'ютантам у самога Мікалая І. Займаў розныя дзяржаўныя пасады. У 1840-1841 гг. гадах быў камандзiраваны ў Вiльню, дзе старшынстваваў у следчай камiсii па справе «паслядоўнiкаў Канарскага». З канца 1855 г. - віленскі генерал-губернатар. З ягонай ініцыятывы абшарнікі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Ковеншчыны падалі цару прашэнне аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Член Дзяржаўнага савета Расiйскай iмперыi (1861 г.). З 1862 г. - камандуючы войскамі Віленскай акругі. Падчас паўстання 1863 г. не пайшоў на жорсткія рэпрэсіі і быў заменены на пасадзе М. Мураўёвым-Вешальнікам. - Л. Л.
[13] Рэсурса - клуб шляхты, заснавана ў 1827 г. і праз 20 гадоў зачынілася. Назімаў аднавіў дзейнасць гэтага клуба.
[14] Кавелiн Аляксандр Аляксандравіч (1793-1850), ваенны i дзяржаўны дзеяч; генерал ад iнфантэрыi. Пецярбургскi генерал-губернатар (1842-1846). - Л. Л.
[15] Пра гэтыя падзеі гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 2. Мінск: Лімарыус, 2012. С. 230-233.
[16] Людвік Мераслаўскі (1814-1878), вайсковец, грамадскі дзеяч і літаратар, дыктатар паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы. Пасля паразы паўстання выехаў на эміграцыю. - Л. Л.
[17] Вацлаў Жылінскі (1803-1863), з 1848 г. віленскі біскуп, з 1856 г. магілёўскі арцыбіскуп і мітрапаліт. - Л. Л.
[18] Леў Оштарп (1786-1851), мінскі губернскі маршалак, пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку. - Л. Л.
[19] Легатовіч Ігнат Пятровіч (1796-1867), паэт, педагог. Магістр Віленскага ўніверсітэта (1817 г.). Выкладаў лацінскую мову ў Мінскай гімназіі (1817-1839 гг.). - Л. Л.
[20] Śmierć Osztorpa w Dukorze
zrobii zmianę znaczną.
Panowie pić przestaną,
a chlopi jeść zaczną.
[21] Паводле легенды ў Маскве было «сорок сороков» цэркваў, г.зн. 1600. - Л. Л.
[22] Аляксандр Дамейка (1804-1878), з 1855 г. маршалак шляхты Віленскай губерні. - Л. Л.
[23] Калікст Ажэшка, у 1853-1861 гг. гродзенскі маршалак шляхты, дзядзька Пятра Ажэшкі - мужа пісьменніцы Элізы Ажэшкі. - Л. Л.
[24] Ланской Сяргей Сцяпанавіч (1787-1862), дзяржаўны дзеяч; міністр унутраных спраў (1855-1861 гг.) граф (1861 г.) - Л.Л.
[25] Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796-1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Сааўтар статута «Саюза працвітання». У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гг. Шмат зрабіў для «обрусения» беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае падаўленне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку "Вешальнік", а ад дзяржавы - тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх «Политических записках» даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. - Л. Л.
[26] Miхал Ромер (1778-1853), у 1814-1817 гг. маршалак шляхты Троцкага павета, з 1817 г. - Biленскай губерні. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 г. узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з праектам адмены прыгону. У маі 1826 г. арыштаваны, зняволены ў Варшаўскай турме, потым, да 1830 г. у Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. У 1830-1832 гг. знаходзіўся ў ссылцы ў г. Варонеж. - Л. Л.
[27] Каткоў Міхаіл Нічыпаравіч (1818-1887), журналіст, з 1856 г. рэдактар часопіса «Русский Вестник». - Л. Л.
[28] Франк Юзаф (1771-1842) - доктар медыцыны, прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
[29] Станіслаў Манюшка (1819-1872), кампазітар, дырыжор, стваральнік нацыянальнай оперы. - Л. Л.
[30] Творы Станіслава Манюшкі: Кантаты «Мільда» (1848 г.) і «Ніёла» (1865 г.), найбольш папулярная опера «Галька» (1847 г.), пастаноўкі ў 1854 г. і 2-я рэдакцыя ў 1859 г. - Л. Л.
[31] Яўстах Тышкевіч (1814-1873), беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (у 1844-1847 гг.), ганаровы папячыцель Мінскай губернскай гімназіі (у 1847-1854 гг.). - Л. Л.
[32] Міхал Тышкевіча (1828-1897), падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. - Л. Л.
[33] Маецца на ўвазе так званы «Album wileński» («Віленскі альбом»), падрабязней, гл: Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 17-19. - Л. Л.
[34] Андрэй Артур Замойскі (1800-1874), польскі дзяржаўны дзеяч. Нефармальны кіраўнік фракцыі «белых» да і ў перыяд паўстання 1863-1864 гг. - Л. Л.
[35] Аўтарка ўспамінаў «Reminiscences sur l'empereur Alexandre 1-er, et sur l'empereur Napoleon 1-er.», гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 18-19.
[36] Агінскі Ірэнеюш Клеафас (1808-1863 ці 1870), сын Міхала Клеафаса Агінскага, тайны дарадца і гафмайстар. У 1836 г. у чыне калежскага асэсара быў аддадзены пад суд па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе. Па суду апраўданы і адноўлены на пасадзе. Ковенскі маршалак шляхты, інспектар школ Ковенскага павета. Пасля смерці М.К. Агінскага ў 1833 г маёнтак Залессе перайшоў у яго спадчыну. Ірэнеюш Клеафас жыў тут са сваёй маці, пасля смерці якой ў 1851 г. перанёс рэзідэнцыю роду Агінскіх у горад Рэтаў. Быў жанаты два разы: 1) Юзафіна Каліноўская (1816-1844), дачка генерала Юзафа Каліноўскага; 2) у 1845 г. Вольга Каліноўская (?-1899), сястра папярэдняй. Сыны: Багдан Міхал Юзаф Францішак (1848-1909), з 1899 г. стацкі дарадца і Міхал Мікалай Севярын Марк (1850-1902), з 1899 г. стацкі дарадца. - Л. Л.
[37] Чэўкін Канстанцін Уладзіміравіч (1803-1875), генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант. Сенатар, «главноуправляющий» шляхамі зносін і публічнымі будынкамі (1855-1862 гг.), старшыня камітэта па справах Царства Польскага (1872-1874 гг.). - Л. Л.
[38] Эміль Аж'е (1820-1889), французскі драматург. - Л. Л.
[39] Кіркор Адам Ганоры (1818-1886), гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец. У 1859 г. заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кніг. У 1859-1865 гг. на польскай і рускай мовах выдаваў і рэдагаваў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). - Л. Л.
[40] Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, 1823-1862), беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнавец. - Л. Л.
[41] Мікалай Маліноўскі (1799-1865), гісторык, археограф, выдавец дакументаў па гісторыі Літвы і Польшчы. - Л. Л.
[42] Гарэцкі Антоні (1787-1861), паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. Удзельнік таварыства шубраўцаў. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг. З 1832 г. у эміграцыі. Гл: Лаўрэш Леанід. Антоні Гарэцкі - забыты паэт // Ад Лідскіх муроў № 7. Ліда, 2011. C. 194-200. - Л. Л.
[43] Антоні Эдвард Адынец пісаў: «Шыдлоўскі і Расалоўскі - былі ў 1820 годзе карыфеямі паэзіі ў Вільні. Іх творы кожны месяц, калі не кожны тыдзень, паказваліся адны за другімі ў «Dzienniku», «Tygodniku» або ў «Wiadomosciach Brukowych». Праўда, рэдактары не плацілі ім за іх, але ўжо прынамсі не лічылі за ласку іх прымаць і друкаваць, як гэта звычайна рабілася адносна іншых прэтэндэнтаў на славу». Гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 100-102. - Л. Л.
[44] Stratę Ojca uczciwszy żałobą i łzami,
Dziś zastąpić Go możesz, wyszedłszy na człeka,
Matką w lata idącą, słabemi siostrami
Twoja się z czasem pewnie zaprzątnie opieka.
Synu mój! już przydatnym zostałeś dla świata
Niesiesz cierpiącym ulgę, pociechę, ratunek,
W tak szlachetnym zawodzie przepędzając lata
Pewnam, że cię nie spotka bieda ni frasunek.
Naśladuj cnoty Ojca, pracuj, myśl o sławie.
Nie odmawiaj pomocy, gdy wezwie ubogi,
Bóg cię pobłogosławi, jak ja błogosławię,
Opatrzność do fortuny ukaże ci drogi.
Kochaj bliźnich! Szanując i ludzi i siebie.
Niech twa dla wszystkich będzie równa dobroczynność
Cierpiącym najskwapliwiej nieś pomoc w potrzebie,
Jest to chrześcjanina prawego powinność
Niech ją stwierdza krok każdy, każdy twój uczynek,
Chroń w twem sercu ten Matki czuły upominek.
[45] Patrz jak od ludzi ucieka,
Juź się skrył w ciemnej jaskini.
Dlaczegóż Tymon to czyni?
- Niestety poznał człowieka.
[46] Томас Мур (1779-1852), англійскі паэт-рамантык. - Л. Л.
[47] Długo od Was oddalony
I przez ludzi umorzony,
M zatrzymany przy życiu,
Świętej Opatrzności wolą,
Po swem napowrót przybyciu
Wita Was ź chlebem i solą
I złożywszy dzięki Bogu
Staje dziś na Waszym progu.
[48] Завадскі Адам (1814-1875), віленскі выдавец. У 1846 г. выдавецтве Завадскага выйшла першая кніга В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка». - Л. Л.
[49] Патапаў Аляксандр Львовіч (1818-1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. - Л. Л.
[50] Альбядзінскі Пётр Паўлавіч (1826-1883), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1874-1880 гг. - Л. Л.
[51] Баранаў Эдуард Трафімавіч (1811-1884), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1866-1868 гг. - Л. Л.
[52] Каўфман Канстанцін Пятровіч (1818-1882), генерал-маёр світы, з 1861 г. дырэктар канцылярыі Ваеннага міністэрства, у 1865-1867 генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю і камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. - Л. Л.
[53] Указ ад 10 снежня 1865 г. забараняў «палякам», г. з. католікам, купляць маёнткі. - Л. Л.
[54] Аксакаў Іван Сяргеевіч (1823-1886), публіцыст, паэт, грамадскі дзеяч, адзін з лідэраў славянафільскага руху. - Л. Л.
[55] «Якая жудасная адказнасць» (фр.). - Л. Л.
[56] Адынец Антоні Эдвард (1804-1885), паэт, перакладчык, сябра таварыства філарэтаў. - Л. Л.
[57] Адам Плуг (Антоні Пяткевіч, 1823-1903), польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст. - Л. Л.
[58] Вінцэнт (Вінцэсь) Каратынскі (1831-1891), польскі і беларускі пісьменнік і перакладчык. - Л. Л.
[59] Мітрапаліт Макарый (Міхаіл Пятровіч Булгакаў; 1816-1882), епіскап Праваслаўнай Расійскай Царквы, гісторык царквы, багаслоў. З 10 снежня 1868 г. па 8 красавіка 1879 г. - архіепіскап Літоўскі і Віленскі. - Л. Л.
[60] Памочнік спраўніка Мустафа Аляксандравіч Якубоўскі, на пасадзе з 11 траўня 1865 г., узнагароджаны ордэнам св. Станіслава, медалём за вайну 1853-1856 гг. і медалём за ўціхамірванне мецяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
[61] Падрабязней гл: Владимиров А. История плана располячения католицизма в Западной России // Русская старина. 1885. № 10. С. 99-122. - Л. Л.
[62] Татлебен Эдуард Іванавіч (1818-1884), генерал-ад'ютант, інжынер-генерал, віленскі генерал-губернатар у 1880-1884 гг. У сваім маёнтку Кейданы, які належаў яму з 1866 г., у 1880-1882 гг. зладзіў парк, збудаваў палац і мінарэт у памяць вайны з туркамі (нагадваў мінарэт у Плеўне). Гэта збудаванне захавалася да нашага часу. Мінарэт спарадзіў мясцовыя паданні пра тое, што ён пабудаваны для задавальнення рэлігійных патрэбаў палюбоўніцы-турчанкі. - Л. Л.
[63] Усё мінула! (ням). - Л. Л.
[64] Нікіцін Аляксандр Паўлавіч (1824-1891), генерал ад інфантэрыі, камандаваў войскамі Віленскай вайсковай акругі, з 1882 па 1884 г. выконваў абавязкі генерал-губернатара падчас хваробы графа Татлебена. - Л. Л.
[65] Караль Грынявецкі (1841-1929) - рымска-каталіцкі і польскі дзяржаўны дзеяч. У 1883 г. быў прызначаны папам Львом XIII віленскім біскупам, якім фармальна заставаўся да 1889 г., але ўжо ў 1885 за супраціў русіфікацыі быў сасланы ў Яраслаўль. У 1891 г. быў прызначаны тытулярным арцыбіскупам Пэржу. Ад 1894 г. жыў у Галіцыі. У 1921 г. быў паслом на сойм Сярэдняй Літвы. - Л. Л.
[66] Пра трыумвірат гл. далей.
[67] Нямекша Антоні (каля 1824-1878), ксёндз, доктар багаслоўя, у 1851-1860 гг. прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1861 г. стаўленік царскіх уладаў, займае адказныя царкоўныя пасады ў Вільні (прэлат, дэкан, настаяцель касцёла св. Яна). У мемуарах ад'ютанта Мураўёва-вешальніка Чарэвіна, ёсць апісанне выгнання з Вільні ў сакавіку 1865 г. кляштара ордэна Візітацыі Панны Марыі (ці візітанцінак), пры якім кс. Нямекша, як на гэта празрыста намякае мемуарыст, адпускаў блюзнерска-парнаграфічныя жарты ў бок манашак. Гл: Долбилов М.Д. Русский край, чужая вера. Москва. 2010. С. 827. - Л. Л.
[68] Тупальскі Эдвард, магістр тэалогіі, узнагароджаны ордэнам св. Станісалва 2 ст. з імператарскай каронай, медалём за вайну 1853-1856 гг. і медалём за ўціхамірванне мяцяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
[69] «Аб жудасным забойстве прэлата Тупальскага. У "Віленскім Весніку" надрукавана наступнае: "У Вільні выяўлена вельмі важнае злачынства. Рэктар Віленскай рымска-каталіцкай семінарыі, прэлат Эдуард Тупальскі, быў у кансісторыі ў сераду, 26-га красавіка, вярнуўся дадому, і з таго часу яго ніхто больш не бачыў; 27-га жа знік з Вільні і служка прэлата, Лазоўскі. Праз некалькіх дзён, на працягу якіх ніхто не бачыў ні прэлата, ні яго служкі, узбудзілася падазрэнне, не ці быў прэлат пазбаўлены жыцця, і ў гэтым выпадку падазрэнне спынялася на яго зніклым служцы. 30-га Лазоўскі быў затрыманы ў Марыямпольскім павеце Сувальскай губерні і, як нам паведамляюць з пэўнай крыніцы, прызнаўся ў забойстве прэлата Тупальскага. Сапраўды, у лесе, каля месца затрымання Лазоўскага, па яго паказаннях быў знойдзены, вузел, у якім аказаліся галава, рука і нага прэлата. Гэтыя часткі цела нябожчыка ён, Лазоўскі, меў з сабой пры ўцёках з Вільні і пакінуў у лесе, відочна, толькі на нейкі час. Здаецца цалкам незразумелым, з якою мэтай ён узяў сабе гэтыя часткі цела, і, як нам паведамляюць з той жа крыніцы, сам абвінавачаны не дае пра гэта здавальняльнага тлумачэння. У пятніцу 5-га красавіка адбываўся вынас гэтых частак цела прэлата ў рымска-каталіцкі кафедральны сабор; у той жа дзень знойдзены і астатнія часткі цела, за 14 вёрст ад Вільні, па рацэ Віліі, уніз па цячэнні. 30-га абвінавачаны па гэтай незвычайнай справе дастаўлены ў Вільню, і з гэтага ж дня безупынна вядзецца следства. Вынас цела нябожчыка прэлата Тупальскага з рымска-каталіцкага кафедральнага сабора і затым пахаванне яго на Бернардынскіх могілках адбыліся ў суботу, 6-га траўня, а 1-й гадзіне па поўдні"». - цыт. па перадруку ў ЛЕВ. 1872. № 11. С. 404. - Л. Л.
[70] Пётр Жылінскі (1817-1887) - кіраўнік Віленскай дыяцэзіі, прэлат-прэпазіт (кіраўнік манаскага ордэна) кафедры, доктар тэалогіі, кавалер ордэна Св. Станіслава 1 і 2 ст. з імператарскай каронай, кавалер ордэна Св. Уладзіміра 3 ст., узнагароджаны наперсным крыжам, медалямі за вайну 1853-1856 гадоў і задушэнне паўстання 1863-1864 гадоў. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1875 год. Вильна, 1875. С. 136. Масолаў А.: «Некалькі пазней узвысіўся віленскі дэкан П. Жылінскі, чалавек яшчэ не стары, але цалкам сівы, трымаўся як каталіцкі біскуп - важна і стрымана. Ён атрымаў адзін з лепшых Віленскіх прыходаў - Вострабрамскі (каля гэтага касцёла - знакамітая брама з капліцай, пад'язджаючы да брамы па вузкай вуліцы ўсе людзі здымалі шапкі) і прызначаны прэлатам». Гл: Мосолов, А. Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. / А. Н. Мосолов. СПб., 1898. С. 117-118. - Л. Л.
[71] Капцаговіч Аляксандр, прэлат-кусташ, асэсар кансісторыі, узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст., і залатым наперсным крыжам, крыж і медаль за вайну 1853-1856 гг. і медаль за ўціхамірванне мяцяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
[72] «Як вядома, адміністратар Жылінскі пабудаваў на Коннай вуліцы вельмі прыгожую камяніцу. Казалі, што з усіх пробашчаў ён цягнуў добрую даніну - пробашч нават самай малой парафіі павінен быў даваць яму ў лапу 150 рублёў штогод. Казалі яшчэ, што нейкі ксёндз нібыта прапаноўваў Жылінскаму за арэнду Вострай Брамы 50 тыс. рублёў штогод, але той не згадзіўся. Усе гэтыя грошы не аднаму Жылінскаму ішлі, іншыя прэлаты таксама «сваё» мелі. Адзін спадар расказаў яўрэю, што Жылінскі прыгожую камяніцу пабудаваў. «Ай, я і не такую б камяніцу паставіў, каб гэтакую маці меў…».
Неяк, калі Жылінскі сядзеў у сакрыстыі Вострай Брамы, у касцёл прыйшоў нейкі селянін. Селянін запытаўся ў мясцовага хлопца:
- Каму тут, паночак, на імшу даваць?
Жартаўнік адказаў:
- Дай гэтаму ксяндзу (паказвае на Жылінскага), толькі папрасі яго, каб Жылінскаму грошай не даваў, бо той імшу не адправіць.
Селянін падыходзіць, нізютка кланяецца, і, падаючы грошы, кажа:
- Прашу, вяльможны ксяндзюлячку, прыняць за імшу, толькі Жылінскаму не давай, бо той імшы не адправіць!
- Не дам. Не дам! - адказаў Жылінскі». - цыт. па: Успаміны Яўстаха Шалевіча. Пераклад і каментары Лаўрэша Леаніда // Маладосць. 2020. № 5. С. 105. - Л. Л.
[73] «"С.-Пецярбургскія Ведамасці" перадаюць, што Віленскі рыма-каталіцкі біскуп Грынявецкі, выкліканы ў Пецярбург для тлумачэння з нагоды дапушчаных ім непрыстойных і варожых у бок рускай улады выхадак, адхілены ад кіравання Віленскай епархіяй і адпраўлены на жыхарства ў Яраслаўль, пад нагляд паліцыі. ... біскупу Грынявецкаму прызначана ўтрыманне ў 2000 руб. у год», - цыт. па: ЛЕВ. 1885. № 5. С. 43. - Л. Л.
[74] Ян Канты Любанскі (1820-1884), буйны землеўласнік, уладальнік маёнтка Любань, банкір, грамадскі дзеяч і філантроп, маршалак ашмянскай шляхты. - Л. Л.
[75] Pan Profesor Frank
Chodzi, gdy kto "krank",
Jednak chodzi i do zdrowej,
Do pięknej pani Kopszowej.
Pan Profesor Reszka
Co na dole mieszka,
Choć po górze chodzi
Nikomu … nie szkodzi.
Tam patrzy na gwiazdy
A widzi … co każdy.
Pan profesor Śniadecki
Nieprzyjaciel niemiecki.
Chce, żeby i Polacy
Brali się też do pracy.
[76] Кранк (krank, ням.) - хворы.
[77] Анелька, вядомая сваёй прыгажосцю жонка заможнага купца.
[78] Рэшка Ігнат (1760-1830), доктар філасофіі, прафесар астраноміі Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л. Пра Ігната Рэшку гл: Лаўрэш Леанiд. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гiсторыi. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 96-97. - Л. Л.
[79] Антоні Эдвард Адынец пісаў, што аўтарства гэтых і іншых падобных эпіграм прыпісвалася Шурлоўскаму: « ... майстрам падобнай справы лічыўся многія гады паэт Шурлоўскі, памяць пра якога жыве дагэтуль у мясцовых традыцыях. Бо, акрамя ўласных задумаў, ён ахвотна служыў шырмай для іншых, якія ад яго імя пускалі сатырычныя стрэлы, а ён сам ніколі іх імёнаў, як сакрэтаў споведзі, не выдаў». Пра Шурлоўскага гл.: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 105-107. - Л. Л.
[80] Фонберг Ігнат (1801-1891), прафесар хіміі. У 1817 г. скончыў гімназію ў Беластоку і паступіў у Віленскі ўніверсітэт, быў вучнем Андрэя Снядэцкага. - Л. Л.
[81] Граф Фёдар Фёдаравіч Берг, генерал ад інфантэрыі (потым генерал-фельдмаршал), у 04.07.1863 - 06.01.1874 гг. намеснік у Варшаве. - Л. Л.
[82] Які прыгожы ваш настаўнік хіміі. З якой праведнасцю ён адказаў мне (фр.) - Л. Л.
[83] Спакойны вучоны, вельмі спакойны, Сір (фр.) - Л. Л.
[84] Такім быў імператар Мікалай (фр.) - Л. Л.
[85] Пра Шпіцнагеляў, гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 63-64.; 88-90. - Л. Л.
[86]
Zagadka.
Drugie - Nagel, pierwsze - Szpic
Wszystko razem: wielkie nic.
(Nagel - ням. цвік, Szpic - ням. Schpitz, парода сабакі.)
[87] Поль Вінцэнт (1807-1872), польскі паэт і географ. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг. Пра яго гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 286-299. - Л. Л.
[88] Парцянка Канстанцін Іванавіч (1793-1841), навуковец-медык, хірург, педагог. Доктар медыцыны (1818 г.), прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.
[89] Школа Бацінёл - польскі ліцэй, які паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. - Л. Л.
[90] Czas już przestać... Zawiszować,
Trzeba znowu... Reniszować.
[91] Erka [Ул. Талочка] Trjumwirat // Preglad Wilenski. 1922. № 15-16. S. 8-9; № 18-19. S. 9-10; № 20-21. S. 5-7; № 22-23. S. 5-7; № 24-25. S. 7-8.
[92] Уладзіслаў Талочка (1887-1942) - беларускі рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратурны крытык. У 1896-1904 гг. вучыўся ў Гродзенскай гімназіі. З кастрычніка 1906 года семінарыст Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У 1909 годзе высвечаны ў святара. У 1909-1914 гг. вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 г. святар у Вільні. У 1915-1918 гг. адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускага дзіцячага прытулку «Золак». Адзін з першых каталіцкіх святароў пачаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. За сваю дзейнасць праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15 снежня 1938 г. як «нядобранадзейная асоба» высланы ў Беласток. На пачатку Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Вільню.
Публікаваў матэрыялы рэлігійнай тэматыкі ў Віленскім каталіцкім часопісе «Dwutygodnik Diecezjalny» («Дыяцэзіяльны двухтыднёвік»). Падтрымліваў выданне каталіцкай газеты «Беларус». У час Першай сусветнай вайны выкладаў рэлігію ў беларускіх школах Вільні. Выкладчык на курсах для непісьменных рабочых (1916-1917 гг.). З 1919 г. супрацоўнічаў з газетай «Крыніца», дзе змяшчаў артыкулы культурна-адраджэнскай і рэлігійнай тэматыкі. У міжваенны час (1920-1939 гг.) быў адным з вядучых публіцыстаў часопіса віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»).
[93] Панюцін Сцяпан Фёдаравіч (1822-1885), былы старшыня Дзвінскай следчай камісіі, у 1863-1868 гг. віленскі цывільны губернатар. - Л. Л.
[94] Баўкевіч Юзаф - ксёндз, прэлат, доктар багаслоўя, з 1863 г., пасля высылкі А. Красінскага - кіраўнік Віленскай епархіі. - Л. Л
[95] Гербурт Мамерт (1789-1873), ксёндз (з 1812 г.), гісторык, доктар тэалогіі (з 1816 г.), у 1808-1812 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. У 1821-1829 гг. рэктар Віленскай семінарыі, 1829 г. віленскі канонік, потым прэлат-схаластык, з 1863 г. дэкан. У адносінах да расійскіх уладаў займаў лаялісцкую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археалагічнай камісіі, падараваў Віленскаму музею старажытнасцей шмат старажытных рэчаў. У выніку шматгадовай працы па складанні збору рэгестаў касцельных актаў стварыў рукапісны «Sumariusz» у 3 тамах (акты за XVI, XVII і XVIII ст.), захаваліся тамы 1 (акты 1501-1600 гг.) і 2 (акты 1601-1679 гг.). Склаў зборы каралеўскіх і княжацкіх прывілеяў Віленскаму біскупству і інш. - Л. Л.
[96] Важынскі Аляксандр, доктар тэалогіі, пралат-кусташ, узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст. і медалём за вайну 1853-1856 гг. - Л. Л.
[97] Здановіч Людвік, ксёндз-канонік, магістр тэалогіі, рэктар епархіяльнай семінарыі. - Л. Л.
[98] Пётр Жылінскі, пасвечаны ў святары ў 1842 г. У 1866 г. і ў 1868-1883 гг. - адміністратар Віленскай дыяцэзіі ў сувязі са ссылкай у Вятку біскупа Адама Станіслава Красінскага. Выявіў сябе як актыўны прыхільнік русіфікацыі касцёла. У лістападзе 1869 г., падчас аўдыенцыі ў Аляксандра ІІ, заявіў, што з'яўляецца сапраўдным патрыётам Расіі і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля Айчыны і цара. У 1871 г. даў дазвол на выданне расейскамоўнага катэхізму «Рымска-каталіцкі катэхізіс пра паслухмянасць і адданасць прастолу і Айчыне нашай Расіі або тлумачэнне 4-й запаведзі Госпада, якая датычыць начальства і яго ўлады». У 1876 г. для паскарэння русіфікацыі касцёлаў былой Мінскай дыяцэзіі падзяліў яе на два візітатарствы - Мінскае і Слуцкае. Палітыка адміністратара выклікала рэзкі супраціў вернікаў і святароў. 23 студзеня 1878 г. Жылінскі атрымаў ліст ад кардынала Кацярыні, у якім Ватыкан абвінавачваў яго ў самавольным уступленні ў кіраванне дыецэзіяй, а таксама ў спробах пазбыцца лепшых ксяндзоў і ўвесці ў касцёл рускую мову. Рым патрабаваў ліквідацыі пасад візітатараў. Напрыканцы 1882 г. Пётр Жылінскі выехаў у Ватыкан, дзе адрокся ад ранейшых «памылак» і атрымаў адпушчэнне грахоў. - Л. Л.
[99] Маецца на ўвазе картачныя гульні. - Л. Л.
[100] Канфесіянал - спавядальня (ад лац. confessio - споведзь), закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамант пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы. - Л. Л.
[101] Феліцыян Бядрынскі (Бядржынскі) - прэлат, кандыдат тэалогіі (не блытаць з сучасным кандытатам навук), схаластык вялікага Віленскага кафедральнага капітула, законанастаўнік Віленскай мужчынскай гімназіі і Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, кавалер ордэна св. Станіслава 3 ст., узнагароджаны залатым наперсным крыжам і медалём за вайну 1853-1856 гг. Яўстах Шалевіч пісаў пра яго: «Прэлат Бядрынскі меў трохі больш за семдзесят гадоў, але быў яшчэ здаровы і, калі б не адзін выпадак, мог бы яшчэ доўга жыць. Аднойчы ён вяртаўся ад вясковага пробашча, коні панеслі, разбілі яго брычку, і Бядрынскі загінуў. Адкуль прэлат меў так шмат грошай - невядома. Я пра гэта думаў. Каб кожны год адкладаў па тысячы, дык трэба было жыць сто восемдзесят гадоў, а ён пражыў толькі семдзесят. Калі працаваў прафесарам у Наваградку, атрымліваў звычайны заробак і пра яго вялікія грошы ніхто не чуў. Да таго ж лёкай прэлата пасля смерці скраў з яго камода 12 тысяч рублёў (гэта акрамя тых 180 тысяч)». - цыт па: Успаміны Яўстаха Шалевіча. Пераклад і каментары Лаўрэша Леаніда // Маладосць. 2020. № 5. С. 102-105. - Л. Л.
[102] Сяргееўскі Мікалай Аляксандравіч, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі, тайны дарадца, на пасадзе з 1869 г. - Л. Л.
[103] Шастакоў Іван Аляксеевіч (1820-1888), флатаводзец і дзяржаўны дзеяч, з 1888 г. адмірал. У 1868-1869 гг. віленскі губернатар. Генерал-губернатар Патапаў сам рэкамендаваў Шастакова на пасаду губернатара, але з-за непаразуменняў іх сяброўства перарасло ў варожасць, і імператар Аляксандр II прыняў бок Патапава. - Л. Л.
[104] «Пан Бог, дабраславі нашага імператара». (лац.)
[105] Ваенны начальнік Віленскага павета, падпалкоўнік, князь Хаванскі. - Л. Л.
[106] Адам Кіркор пісаў пра «навяртанне» ў Падбярэззі: «[Вайсковы начальнік] з'яўляецца сам, поіць сялян гарэлкай, падаючы асабісты ім прыклад, угаворвае, цалуе, упрошвае, абяцае залатыя горы і, вядома ж, знаходзіць тых, хто жадае атрымаць 5 руб з. за пераход ў праваслаўе. Потым ён з'язджае, пачынаюць дзейнічаць паліцэйскія чыны. П'янства кладзецца ў аснову спакушэння. Тыя, хто даў падпіску, самі з'яўляюцца дзейнымі памочнікамі. Непакорлівых жа … імкнуцца навярнуць «на шлях ісціны» рознымі прымусовымі мерамі, … напрыклад, замыкаюць на ноч у пакой, дзе звычайна ставяць нябожчыкаў; абліваюць ледзяной вадой і саджаюць на ноч у ляднік… і г. д.» - цыт. па: Долбилов М.Д. Русский край чужая вера. Москва. 2010. С. 389. - Л. Л.
[107] Асэсар кансісторыі, прэлат кс. Клімент Лінкін. - Л. Л.
[108] Пра іосіфінізм гл: Ромер Міхал. Справы іосіфінізму ў Літве (пераклад Лаўрэша Леаніда) // Наша слова. № 3 (1466), 15 студзеня 2020.