Папярэдняя старонка: Янковский Плакид

Тры браты дзедзічы 


Аўтар: Янкоўскі Плацыд,
Дадана: 10-12-2011,
Крыніца: XIX СТАГОДДЗЕ: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. Мн., 2000. C. 157-161.



Гэта быў маёнтак трох братоў паноў ***, пра дзіўны лад жыцця якіх я чуў няраз. Усе трое нежанатыя, з нераздзеленай уласнасцю, аднаго прыкладна ўзросту, з падобнымі схільнасцямі, жылі ў адным доме, ездзілі на адных конях, палявалі з аднымі сабакамі, насілі аднолькавыя шапкі, аднолькавыя вусы, словам, выказвалі ўсе характэрныя рысы найдасканалай згоды, супольнасці, братэрства. З гледзішча на разумовыя здольнасці падабенства трох братоў сягала яшчэ далей: гармонія ў гэтай сферы была такая поўная, вылітасць такая роўная, што, як выказаўся адзін з іхніх суседзяў - зласлівец па прафесіі - аніводная з вядомых казак пра трох братоў, дзе двое былі разумныя, а трэці - "так сабе", не магла быць прыстасаваная да гэтага жывога ўзору, бо іначай трэба было б сапсаваць тэкст знакамітае казкі і расказваць пра трох братоў, якія ўсе былі "так сабе"!
Я добра памятаў усе гэтыя акалічнасці, як уязджаў на дзядзінец і нават як уваходзіў у сенцы сканадальнага маёнтку, але грымоты і залева былі такія жахлівыя і меліся быць яшчэ так доўга, што без ваганняў увайшоў бы нават у пячору Паліфема [1].
Тры вакны з правага боку палацу, як сымбаль трох братоў дзедзічаў, свяцілі яркім святлом, а ў сенцах тымчасам было цёмна, як у пекле. Зняўшы прамоклы плашч, я доўга соваўся з ім па ўсіх кутках, дарэмна шукаючы вешака; але, хоць і аціраўся паўз сцены, нарабіўшы шуму, як маляр, што займаецца пабелкаю, ніхто таго не пачуў і да мяне не выйшаў. Дык я пачаў тупаць нагамі і кашляць, што было сілы; але і тое, аднак, не памагло; тады, баючыся, каб хто не зайшоў знянацку і не вытлумачыў кепска майго знаходжання ў гэтым мейсцы, я адважна ўзяўся за клямку, якую неяк знайшоў, і пачаў ёю бразгацець. Мог бы лёгка адчыніць сам сабе дзверы, але належала нешта зрабіць для этыкету, абы не стварыць, уваходзячы, уражання, што, не будучы знаёмы з гаспадарамі, ужо знаёмы з іхняю клямкаю. Гэта, пэўна, клопаты перабольшанае асцярожнасці; але такое ўбогія, падарожныя, словам, усе, хто заходзіць у чужы дом ноччу, павінны памятаць, каб унікнуць двухзначнасці.
- Хто там? - пачуўся ўрэшце голас з сярэдзіны. - Гэта зноў, пэўна, праклятая Цацка! Шэльма буду, калі яе пушчу!
- Не! Усе сабакі ў хаце, - адазваўся іншы голас.
- Дык што ж там за кадук? Адчыняй!
- Падарожны, - адказваю адчыняючы, бо я ўжо меў, як бачыце, дазвол.
- Просім сюды, на святло!
- Я нібы з вады, - адказваю, затрымліваючыся ля дзверэй. - Гэткая страшная залева.
- Ды гэта вышэй усякага ўяўлення! - закрычаў адзін з гаспадароў, падыходзячы да мяне са свечкаю. - Выглядаеш цяпер, ха-ха! як пудзель з качкаю ў зубах!
І, нібы дзеля доказу трапнасці яго параўнання, вокамгненна наскочылі на мяне з усіх бакоў харты, ганчакі, выжлы і мае прататыпы - пудзелі, адны лашчучыся і скачучы мне на грудзі і плечы, іншыя бурчучы, гаўкаючы альбо скубучы мяне паціху за крысы.
- Да нагі! А бізуна вам! - закрычаў, ускочыўшы з-за стала дзедзіч № 2, і так свіснуў у мяне ля вуха бізуном, што я аж схапіўся за галаву.
Аднак жа мяне абараніў. Псарня, скавычучы і скуголячы, адбегла і ўклалася зноў на ложках і канапах.
- Просім сядаць! Можа, гарэлачкі з свежага паветра? - сказаў той самы дзедзіч, які спаткаў мяне са свечкаю.
- Дзякую, шчыра дзякую. - І мусіў сесці: мае ногі міжволі дрыжалі; трапіў, як кажуць, з агню ды ў полымя.
- Гэта, аднак, дзіва, - падаў голас дзедзіч № 3, - што нашыя сабакі кінуліся на Сам-пана! Яны маюць такі выдатны розум, што нападаюць толькі на жабракоў і жыдоў! Асабліва жыду, няхай сабе і перахрысту ў трэцім пакаленні, ніколі не даруюць!
Вельмі можа быць, што была гэта самая бязвінная дурнота, без следу нават абдуманых кпінаў; дзеля ўнікнення ад яшчэ чагосьці падобнага я адчуў абавязак адрэкамендавацца гаспадарам.
- Сардэчна, бясконца перапрашаем! - загукалі ўсе трое адзін перад адным. - Вось як слічна мы прывіталі каханага суседа! Івонак, самавар! А, можа, тымчасам люльку? Альбо на хуткую руку халоднага поньчыку? А дзе коні? Гэй, ёсць хто там? Завесці коней на стайню!
- Шчыра дзякую! - адказваю. - Я ўжо колькі дзён не быў дома і хачу абавязкова сёння трапіць туды. Разыдуцца хмары, зноў развіднее, дык гэтыя пару міляў лёгка адолею.
- Але ж, перадусім, вып'ем поньчыку? І з'ядзім лёгкую кавалерскую вячэру! Івонак! Бягом да аканомкі! Адкуль жа богі прыслалі нам пана?
- Быў я на імянінах у пана ***, які сваім звычаем не адпусціў нас усіх, пакуль не адседзелі трохдзённы каранцін. Яшчэ гэта было паўбяды, бо мы весела бавіліся; але дасканалы гаспадар, не паведаміўшы нам, адаслаў нашыя каляскі і нашых коней дадому і сёння ў сваіх някрытых брычках выставіў нас усіх на непачцівую слоту. Хоць я не з'яўляюся аматарам коча (дадам - маючы намер пафанфараваць), аднак пасля сённяшняе навукі гатовы прысягнуць, што няхутка згаджуся выехаць у адкрытай калясцы.
(...)
Тымчасам сярэдні брат, відавочна, страціўшы цярплівасць, пстрыкаў картамі (тэхнічны выраз!), ссоўваў іх і рассоўваў веерам, паўколам, кшталтам літары "S", урэшце наўпрост запытаўся ў мяне, ці не зычыў бы я дзеля баўлення часу распісаць невялічкі абывацельскі банк, - у стоса, д'ябла альбо фараона [2], хоць на дробны куш [3], на колькі злотых; урэшце, хоць на што?
- Я не гуляю ў аніводную з гэтых гульняў! - сціпла адказаў я, баючыся, каб за гэта шляхетныя браты не дадумаліся навучыць мяне mores. - Але, - дадаў, - мне вельмі будзе прыкра, калі перашкоджу Вашамосціным забавам. Бачу газеты, якіх ужо колькі дзён не браў у рукі; дык дазвольце мне, Панове, зараз жа заглыбіцца ў палітыку.
- Але ж гэта даўнія газеты... здаецца, нават мінулагоднія! Затое знойдзеш, Пан, сярод іх колькі апошніх нумароў "Petersburskiego Tygodnika", якія нам учора гвалтам упёр пробашч. Але калі такая Панская воля - не будзем чыніць прымусу. Май ласку ўжыць свой час, як ведаеш. А хутка дадуць гарбатку.
І праўда, яны спешна паставілі перада мною асобны столік; адзін брат прысунуў мне крэсла і ахвяраваў сваю люльку, другі зняў нагар з кноту свечкі, трэці строс пыл і падаў газеты; вокамгненна, як у карчме, я атрымаў усе выгоды, - а трое братоў зноў селі за перапынены банк.
Аказалася, што газеты былі папраўдзе мінулагоднія; апошнія нумары "Tygodnika" паходзілі з часоў прыкрае вайны пана Спас... і рэцэнзента [4]; дыпламатычны выдавец "Tygodnika", як князь Метэрніх in ambiguis [5] адказваў, што яго "няма дома", словам, за некалькі хвілінаў я цалкам занудзіўся, міжвольна расслабіўся, пачаў страляць вачыма па пакоі і прыслухоўвацца да выпадковых банкаўскіх выразаў.
Пакой быў вялікі і, як я зразумеў з першага погляду, выконваў шматлікія і цяжкія абавязкі гасцёўні, спальні, збраёўні, сталоўкі, псарні і г. д. трох братоў дзедзічаў. Піфагарэйская лічба тры панавала ў ім паўсюль. Тры ложкі і тры канапы (а ляжалі на іх у розных позах тыя самыя сфінксы і карыятыды, якія ледзь не з'елі мяне колькі хвілінаў таму); тры вакны на дзядзінец, пра якія я ўжо згадваў; тры столікі: адзін пад банкам, другі з газетамі перада мною, трэці на самым відавоку ля ўваходу з рэчамі туалету трох братоў. Уважліва прыгледзеўшыся да гэтага апошняга, я знайшоў лік тры і ў канфортах [6] рэчаў туалету: тры блакітныя слоічкі ад памады, тры шчотачкі для валасоў вельмі падазронае ахайнасці, тры кішэнныя гадзіннікі, якія не цікалі, бо, відаць, не заведзеныя, тры гальштукі нейкіх незразумелых пры свечках колераў, тры скрыначкі ад цыгарэтаў, даўнія, бо без бандэролек, тры пачкі тытуню рыжскага альбо віленскага вырабу, vulgo [7] "Kozak", тры крэсівы, колькі крэмняў, мноства губкі, мноства запалак хатняе фабрыкі і г. д., і г. д., бо рэшту рэчаў здалёку нельга было палічыць; урэшце перасоўнае люстра на ножцы, сярэдніх памераў, гарніраванае ўкола білетамі суседзяў з імяніннымі віншаваннямі. Над туалетным столікам у вялікіх рамах, колісь пазалочаных, знаходзілася нейкае дрэва, вялікае, яркага колеру; не быў гэта, аднак, як падумаў адразу, малюнак леснянскае ці жыроўскае ігрушы, а дрэва генеалагічнае паноў дому - зверху на адным з найбуйнейшых пладоў ляцеў на зухаватым узмыленым кані і махаў мячом князь Рурык. На сценах, нібы ў нейкім старадаўнім замку васала, віселі фузіі, палашы, пісталеты, бізуны, ражкі, рогі, смычы, амброжкі, паляўнічыя торбы, раменныя пасы, фляшкі і г. д. Урэшце тры дзедзічы з грознымі чубамі і грозна натапыранымі вусамі, фляшкаю наліўкі, напоўненаю напалову, стос панітэрак [8], крэйда, шчотачкі et cetera parum grata, elegantissimeque omittenda [9], як казаў Гродак сваім высокім стылем.
Пакуль я моўчкі аглядаў усё гэта, да мяне даляталі раз пораз ці то вельмі ціхія, ці то з панітэрскім запалам вельмі гучныя словы:
- Шэць гарцаў гарэлкі!
- Чвэрць вераснёвае раты!
- Месячная арэнда!
- Дарэмшчына з мазаю! [10]
- Цацка і Разбой!
- Va! [11] Паб'ю саніка! [12]
- Attendez! [13]
Напачатку я думаў, што браты дзедзічы, гуляючы дзеля забавы (бо на стале не было грошай), размаўляюць паміж хадамі пра разнастайныя гаспадарскія справы. Мне гэта падабалася.
Але як я здзівіўся, калі хутка вельмі выразна пачуў пра пастаўленага на карту Харытона з тыднёваю паншчынаю!
Гэты адметны спосаб панітэравання падаўся мне на столькі цікавым, што дазволіў сабе цалкам засярозіцца на банку. Гэта, як вядома, рэч дапусцімая, і нават невыказальна прыцягальная для асобных людзей, якія ніколі ў жыцці ў гульні не ўдзельнічаюць, аднак гатовыя цэлымі начамі сядзець ля гульцоў; хоць, з іншага боку, даведзена і бясспрэчна, што кожны з гэтых гледачоў аказвае сваімі вачыма несумненны ўплыў - нешчаслівы! - на нейкага пэўнага гульца. Ёсць у гэтым нешта магнетычнае, незразумелае і невытлумачальнае, але ёсць, і гэта бясспрэчна!
Гэтак мусіла быць і з маімі вачыма. Дзедзіч № 2 раз пораз прайграваў, рваў карты, злаваўся, нязменна крычаў: "гэта вышэй усякага ўяўлення", выпіваў добры глыток наліўкі, чухаў патыліцу, кусаў вусы; урэшце, калі на карту паставілі нейкую ni fallor [14] Улляну, схапіў брата банкіра за руку і, перш чым што яму сказаць, улупіў па носе.
- Я казаў табе, што не дарую і дам пстрычку, калі хоць раз зробіш мне такую штуку!
Банкір ужо быў гатовы аддзячыць; аднак сярэдні брат затрымаў ягоную руку і, умаўляючы, супакойваючы, амаль цалуючы рукі, неяк прадухіліў бра- тэрскую бойку, перадусім адтэрмінаваў яе.
Я падпёрся абодвума рукамі і ўважліва чытаў рэпліку пана Спас... І гэта трэба, каб мне, уласна, трапіў гэты артыкул!.. О, кажыце, што хочаце, але гэта магнетызм, - і гэта бясспрэчна!

[1] Цыклоп з "Адысеі" Гамера.
[2] Тагачасныя гульні ў карты
[3] Стаўка ў гульні.
[4] Маецца на ўвазе дыскусія Аляксандра Грот-Спасоўскага з Міхалам Грабоўскім і Эразмам Ізапольскім ў "Tygodniku Petersburskim" (1840).
[5] in ambiguis (лац.) - у нерашучасці, у сумненні.
[6] ад фр. confort - камфорт.
[7] vulgo (лац.) - тут: па найменню.
[8] Карта, на якую ставяць грошы.
[9] et cetera parum grata, elegantissimeque omittenda - ды іншыя малапрывабныя, але якія адпаведна добраму густу трэба мінуць.
[10] Дзень дармовае працы з возам.
[11] Va! - Хадзі!
[12] Саніка - у фараоне першая карта, адкрытая банкірам.
[13] Attendez! - Чакайце!
[14] ni fallor (лац.) - калі не памыляюся.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX