Папярэдняя старонка: Мемуары

Па Каліфорніі: беларус пра 'Залаты штат' 130 гадоў таму 


Аўтар: Русель Мікалай,
Дадана: 12-09-2021,
Крыніца: pawet.net.



ЛЕТНІЯ КАНІКУЛЫ Ў СЬЕРА-НЕВАДЗЕ: НАРЫСЫ БЕЛАРУСА ПРА САН-ФРАНЦЫСКА І ВАКОЛІЦЫ, САКРАМЕНТА, ПЛЭЙСЕРВІЛЬ І ІНШЫЯ МЯСЦОВАСЦІ ГРАФСТВА ЭЛЬ-ДАРАДА

ТУТ БУШАВАЛА ЗАЛАТАЯ ЛІХАМАНКА!

СЕНСАЦЫЯ СЕЗОНА!..


БЕЛАРУСКІ ПЕРАКЛАД НАДРУКАВАНЫ РАНЕЙ ЗА АРЫГІНАЛ!

ТВОРЧАСЦЬ ЛЕГЕНДАРНАГА ДОКТАРА РУСЕЛЯ – УПЕРШЫНЮ ПА-БЕЛАРУСКУ!

БЕЛАРУСКІ ТАКВІЛЬ І МАРК ТВЭН!



Па Каліфорніі: беларус пра “Залаты штат” 130 гадоў таму

Мікалаю Руселю, “урачу і хірургу, хваробы вачэй, вуха і горла”, які вядомы сваёй актыўнай роллю ў жыцці рускай і праваслаўнай сан-францыскай абшчыны, пасля многіх турбот патрабаваўся адпачынак.

Ваколіцы Сан-Францыска ён ведаў са сваіх паездак: у 1887 годзе прыехаў сюды з Нью-Ёрка, магчыма, праз Латрап, дзе ў 1888 годзе спыняўся і цягнік з “Холмскай групай” на чале з новым епіскапам. Русель аб’ехаў заліў Сан-Францыска: “Год таму назад мне здарылася праехаць у экіпажы не спыняючыся 8 гадзін па другім, заходнім беразе бухты”. Ён таксама праязджаў “чыгункай па ўсёй Паўднёвай Каліфорніі да Сан-Францыска”.

На гэты раз, у канцы мая 1891 года, ён выехаў з Сан-Францыска ў агульным паўночна-ўсходнім кірунку. Яго выраз “мы” ў адносінах да сябе і сваіх спадарожнікаў мог уключаць яго сябра Карла Сіверса, ураджэнца Валагодскай губерні, які вырас у Маскве, і / або жонку, але няма ўдакладнення, хто быў з ім на тых ці іншых адрэзках падарожжа (за выключэннем эпізоду з жыццём Мікалая і Карла ў лясной зямлянцы). Свой рэпартаж доктар Русель пачынае з “каранёў” вакацыйнага турызму, а менавіта напружанага жыцця ў самім Сан-Францыска, ад якога неабходна было адпачываць, і з форм “лагернічання”. Ён меў намер пазнаёміць чытача ў Расіі з тым, што можна было ўбачыць пры выездзе, – з ландшафтам, флорай і фаўнай, з транспартам, архітэктурай, заняткамі, звычкамі, даўшы сацыяльна-псіхалагічныя партрэты жыхароў гарадоў, мястэчак і ферм, – закранутая тэматыка жыцця ў Каліфорніі вельмі разнастайная, гэта “энцыклапедыя Залатога штата”. Турысты пабывалі ў Сакрамента, а графству Эль-Дарада – Плэйсервілю і ваколіцам – прысвечаны некалькі заключных раздзелаў “Па Каліфорніі”. Русель падрабязна апісаў месцы, дзе многае нагадвала пра залатую ліхаманку 1849-1855 гадоў. Ён напісаў пра тэхніку і “фаўстаўскія” наступствы для краявідаў здабычы золата. Расказаў і сумную гісторыю Джэка, сына амерыканца і індыянкі, участак якога з залатой “мінай” перайшоў да суседа, які дапамагаў яму купляць алкаголь. Апісанне перапыняецца, калі падарожнікі накіроўваліся да возера Таха. Закрэслены загаловак рукапісу – “Два месяцы ў Сьера-Невадзе” – указвае на час, які яны правялі ў гэтай частцы штата. “Пражыўшы каля 6 тыдняў у лесе Сьера-Невады толькі ў 40 мілях ад знакамітага возера Тага [Таха], не хацелася нам вяртацца, не пабачыўшы яго” – так пачынаецца няскончаны раздзел XI; пытанне: колькі пражылі ў фермераў, а колькі – ужо дакладна доктар з Карлам Сіверсам – прама ў лесе – палявалі, рубілі дровы, чыталі – у той час як жонка заставалася на ферме?

У раздзеле III ён піша пра тое, што мільянер Леланд Стэнфард, “каб некалькі прымірыць грамадскую думку, нядаўна арганізаваў каля Сан-Францыска ўніверсітэт” – адкрыццё адбылося 1 кастрычніка. У час напісання гэтага раздзела адбылася змена бланкавай паперы офіса на Каліфорнія-стрыт на паперу з офіса ў Фелан-білдынг. У раздзеле VII згадваецца смерць “чыгуначнага караля” Джэя Гулда (2 снежня 1892 г.). Гэта дае арыенціры толькі для прыкладнага датавання рукапісу. Можна канстатаваць, што прафесійныя, палітычныя і грамадскія справы ў Сан-Францыска (да пераезду на Гаваі ў маі 1892 года), а потым у іншых кропках Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, стварэнне нарысаў з новымі ўражаннямі перашкодзілі яму звярнуцца да заканчэння каліфарнійскага травелогу.

У наш час назіранні і меркаванні, прадстаўленыя ў гэтым творы, могуць карысна паўплываць на светапогляд беларусаў дзякуючы шчырасці, правільнаму балансу паміж крытыкай і ўхваленнем (пераважна крытыкуе, але любіць Каліфорнію, якую, страціўшы, называе “мая”; з Амерыкай яго “прымірылі” найперш назіранні за фермерскім жыццём – нават і сам пачаў марыць атрымаць “гомстэд”, пераехаць калі не ў Гватэмалу, то ў адно з мястэчак на Ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША, “у Арэгон, Айдаха або Мантану”, каб там жыць у “першабытнасці”), энцыклапедызму ведаў аўтара. У “легендарнага доктара” відавочны талент літаратара і папулярызатара (яго тэксты ўключаліся ў геаграфічныя хрэстаматыі), ён здольны не толькі зацікаўліваць, але і лячыць словам. Часам ужываючы сарказм, часам проста іронію, ён прэтэндуе быць беларускім Таквілем і Маркам Твэнам. Русель, колішні Судзілоўскі, якому прыйшлося адмовіцца ад першага прозвішча, некаторыя свае вялікія тэксты не падпісваў і новым прозвішчам, ставячы толькі крыптанім, і яго творы ўвогуле мала вядомыя ў Беларусі. Шлях іх да беларускага чытача няпросты.

Пра радзіму гэты славуты магіляўчанін-эмігрант думаў і тады, калі пісаў пра Каліфорнію: пры параўнанні, ужываючы слова “наша” (часам можа адносіцца да ўсёй Расійскай імперыі, але на ўласныя вочы ён ведаў пераважна толькі раўнінную яе частку не далей за Паволжа, найлепш – сваю лясную малую радзіму), ён дае матэрыял для аналізу як амерыканістам, так і беларусістам! Тут ён не згадвае іншых асоб беларускага паходжання, якія ў тыя гады жылі ў Сан-Францыска, але яго апісанне “Залатога штата” дапаможа ўсім, хто стварае біяграмы клірыка Мікалая Грынкевіча, доктара Леакадзіі Русель (народжанай Шабека, гінеколага і педыятра), консула Уладзіміра Арцімовіча, Эміля Судзілоўскага, забяспечыць фонам карціну іх жыцця. Акрамя рускіх і беларусаў, яўрэі, украінцы, палякі, літоўцы, малдаване, немцы, англічане, ірландцы, партугальцы, французы, швейцарцы, шатландцы, італьянцы, іспанцы, шведы, фіны, кітайцы, японцы, гавайцы, негры, індзейцы, гватэмальцы, панамцы, канадцы, цыганы і іншыя таксама знойдуць у “Па Каліфорніі” штосьці пра сябе, свае краіны і кантыненты або сваіх землякоў, што апынуліся ў Амерыцы. Словы, адрасаваныя Руселем патэнцыйным эмігрантам: “Дарагой цаной купляе амерыканец свой матэрыяльны дабрабыт, і зайздросціць яму ў гэтым можна толькі здалёк”. Асабліва доктар папярэджваў пра перанапружанне за акіянам нервовай сістэмы.

Спаўняецца 130 гадоў з часу падарожжа доктара Руселя. Мы пераклалі ўвесь тэкст рэпартажу на беларускую мову з рускамоўнага рукапісу, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве (Ф. 5825. Оп. 1. Д. 16), і, па стане на пачатак верасня, застаецца толькі адзін раздзел – IV-ты, каб надрукаваць увесь твор у юбілейны год уласна ў Беларусі. Крыніцай публікацыі на паперы можа быць і гэта інтэрнэт-публікацыя на pawet.net, у якой упершыню даюцца ўсе раздзелы. Ад апублікаваных у трох газетах тэкст тут адрозніваецца тым, што гэта версія перакладчыка, у якой улічана толькі частка паправак, зробленых рэдактарамі “Краязнаўчай газеты”, “Нашага слова” і “Беларуса”.


Русель, Мікалай. Па Каліфорніі. Раздзелы I-XI / пер. з рус. Алеся Сімакова //

I – Краязнаўчая газета. 2021. № 18-19 (май). С. 10-11;

II – Наша слова. 2021. 31 сак. С. 6-7;

III – 7 крас. С. 6.;

IV – Беларус (Нью-Ёрк). 2020-2021. Лiп. – лют. [2021. Май]. № 640. С. 8-9;

V – Наша слова. 27 студз. С. 7; 10 лют. С. 6;

VI – Краязнаўчая газета. № 3-4 (студз.). С. 9; № 5 (лют.). С. 6;

VII – Наша слова. 5 мая. C. 7; 12 мая. С. 7;

VIII – 9 чэрв. С. 7;

IX – Краязнаўчая газета. № 11-12 (сак.). С. 8-9;

X-XI – Наша слова. 21 крас. С. 6; 28 крас. C. 6-7.

Будзем удзячны чытачам за заўвагі пра недахопы як у пералічаных “газетных версіях”, так і ў інтэрнэт-версіях, каб зрабіць кніжнае выданне больш якасным. У вялікую прадмову да яго мы маглі б уключыць некаторыя з чытацкіх уражанняў ад рэпартажу, калі яны будуць выказаныя.

Алесь Сімакоў, даследчык беларускай дыяспары ў Каліфорніі і на Алясцы, г. Гомель, 9.09.2021 г.


Мікалай Русель

Па Каліфорніі

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

I

Адну з арыгінальных і дастойных пераймання асаблівасцей амерыканскага жыцця несумненна складае вельмі распаўсюджаны спосаб праводзіць канікулярны летні час сярод дзікай прыроды на лагерных, вандроўных падставах. Вандроўны інстынкт і замілаванне да прыроды глыбока закладзены ў чалавечым сэрцы, і, верагодна, спатрэбяцца яшчэ многія стагоддзі аселага жыцця, каб стушаваць іх. Да той пары "camping" (лагернае жыццё), "tramping" (вандроўнае жыццё) і "roughing" (загартоўванне сябе ў барацьбе з прыродай), як называюць гэты звычай летніх вандраванняў амерыканцы, не страцяць сваёй паэтычнай чароўнасці і не перастануць быць таннай, параўнальна агульнадаступнай крыніцай мноства здаровых і разнастайных задавальненняў.

Параўнальная рэдкасць насельніцтва, мноства месцаў, што незанятыя яшчэ або не эксплуатуюцца, спрыяюць гэтаму. У Заходняй Еўропе, дзе на кожным кроку трапляеш на які-небудзь "Verbot" [1] мяць траву, рваць плады ці нават проста праходзіць па сцяжынках, якія пракладзены праз свяшчэнную прыватную ўласнасць, такі звычай немажлівы. Спрыяе яму яшчэ ў Амерыцы поўная адсутнасць якіх бы там ні было перашкод да перамяшчэння накшталт пашпартнай сістэмы і да т. п. Жыхары настолькі прызвычаіліся да гэтага роду вандровак гараджан, што не толькі не ставяць ім ніякіх перашкод, а хутчэй заахвочваюць усімі спосабамі, што ад іх залежаць. На гэта ў іх ёсць нямала сваіх практычных довадаў. Земляробчае насельніцтва Штатаў, як вядома, жыве не сёламі і пасёлкамі, як у Еўропе, а асобнымі, раскіданымі адзінкавымі фермамі. Для адасобленага ж фермера з'яўленне чалавека само па сабе прыемнае. Самотнасць надакучыць хоць каму, не выключаючы амерыканца. З багемай, што з'явілася, можна і пабалбатаць пра палітычныя і іншыя навіны, і пахваліцца сваімі поспехамі ў гаспадарцы. Ім ўжо напэўна сёе-тое можна прадаць з сямейных прадуктаў: хлеб, яйкі, масла, зеляніва. Галоўны ж інтарэс заключаецца ў тым, што чым больш наведвальнікаў, тым больш публіка знаёміцца з мясцовасцю, тым хутчэй разбірае або скупае ўчасткі, тым хутчэй мясцовасць насяляецца, і цана зямлі расце ў прапорцыі. Зрэшты, указваць свабодныя, казённыя ўчасткі фермеры не ахвочыя і робяць гэта толькі ў тым выпадку, калі палюбяць чалавека і спадзяюцца мець у ім добрага суседа або, нарэшце, проста за пэўную суму грошай. Гэтыя свабодныя ўчасткі яны звычайна лічаць за лепшае хаваць ад выпадковых наведвальнікаў (сярод якіх нямала ёсць людзей, якія шукаюць свабоднай зямлі), маючы на ўвазе каго-небудзь са сваіх сваякоў або сяброў... А прадаць выгадна свой уласны ўчастак яны амаль заўсёды не супраць.

Лагернічаюць і вандруюць па ўсёй Амерыцы на самых разнастайных падставах. Часам для гэтага звяртаюцца да вельмі арыгінальных спосабаў. Я ведаю прыклады, дзе дзве бедныя маладыя дзяўчыны, каб задаволіць свае намадныя інстынкты, з'явіліся на лінію чыгункі, што будуецца, і адкрылі ў палатцы сталовую для рабочых. Па меры таго як работы прасоўваліся, прасоўваліся наперад і яны са сваёй палаткай, і такім чынам не толькі працыганілі ўсё лета, але і зарабілі трохі грошай. Нідзе лагернічанне не пусціла, аднак, такіх каранёў, як на Захадзе па той бок Скалістых гор і асабліва ў Каліфорніі. Да ўсіх вышэйзгаданых прычын тут далучаецца яшчэ адно: рэзкае раздзяленне года на дажджлівы зімовы і сухі летні сезоны. Накіроўваючыся ў вандроўку ад мая да лістапада, вандроўнікам няма чаго баяцца дажджу, што значна спрашчае і аблягчае падарожжа. Відавочна, аснову летняму вандраванню паклалі шукальнікі новых зямель, жывёлаводы, золаташукальнікі і да т. п. публіка, якая змушана вандраваць па неабходнасці. А гэтага народу на Захадзе яшчэ дастаткова і дагэтуль.

Накіроўваюцца ў вандроўку звычайна або сем'ямі або невялікімі групамі, што складзены з блізкіх сяброў і знаёмых. Настаўнік або настаўніца, святар, адвакат, гімназіст, студэнт, клеркі [2] абодвух палоў, дробны ранцье, крамнік, кожны, каму ўдасца ўрваць у справы пару тыдняў або месяцаў для летняга адпачынку, спяшаецца знайсці сабе таварыша або таварышаў для вандроўкі. Для тых, хто за недахопам часу не можа арганізаваць самастойнага і аддаленага падарожжа, прадпрымальныя людзі ўстроілі ў наваколлі Сан-Францыска на беразе акіяна, на Рускай рацэ (Russian River), якая атрымала сваю назву ад рускага паселішча, што калісьці там было, і іншых мясцовасцях, якія адрозніваюцца маляўнічасцю і здаровым кліматам, ужо гатовыя лагеры. Тут за 1-2 ½ долары ў дзень можна атрымаць гатовую палатку з пасцеллю, слугамі і сталом. Усе гаспадарчыя клопаты зняты з вас, вы можаце цалкам мець свой час. Гаспадары лагераў народ вельмі ліберальны, мала падобныя на нашых гаспадароў гасцініц. Яны рады зрабіць вам усялякую паслугу, стараюцца не абмежаваць вас ні ў чым і за ўсё гэтыя extras задавольваюцца самой памяркоўнай платай. Яны прымаюць гасцей на разнастайных падставах, напрыклад, здаючы толькі палатку і даючы магчымасць клапаціцца пра харч самім і дазваляючы нават разбіць уласную палатку за маленькае ўзнагароджанне ў выглядзе пазямельнай рэнты.

Якое б ні было прывабнае і агульнадаступнае летняе качэўніцтва, карыстаюцца ім аднак далёка не ўсе. Перш за ўсё пра амерыканцаў увогуле можна заўважыць, што яна пакутуюць манаманіяй нажывы на шкоду ўсім іншым уласцівым чалавеку патрэбам. Быць багатым, а будучы багатым - быць яшчэ больш багатым, удвойваць і ўтройваць нават ужо каласальныя багацці складае штосьці накшталт прыроджанай патрэбы. Пра гэта амерыканец марыць у сне і на яве, да гэтага накіраваны ўсе яго думкі; на ўсё астатняе ён глядзіць толькі як на сродак. Ненасытную страсць да нажывы авалодвае ім да таго, што яму няма часу ні як мае быць паесці, ні адпачыць, ні павесяліцца. Снедае і абедае ён, так бы мовіць, на хаду, глытаючы паспешна, ледзь перажоўваючы ўсё, што пад рукой, і мала клапоцячыся пра смак і якасць таго, што праглынаецца. Яго забавы: тэатр, канцэрты, клуб, атынг, вечарынка, баль, спаборніцтвы ў мяч, конскія скачкі, кулачныя бойкі, уяўляюць толькі частку "business"'у. Ён ідзе туды не столькі для адпачынку і задавальнення, колькі разлічваючы сустрэць там патрэбнага чалавека, распачаць патрэбнае знаёмства, сказаць патрэбную прамову; зрабіць пэўнае ўражанне, выйграць пары і г.д. З дня нараджэння і да моманту смерці яму няма калі, заўсёды няма калі. Яго нервы напружаны да крайнасці і думкі круцяцца вакол усё тога ж прадмету. Нажыва, абагачэнне ўяўляюцца спачатку ў выглядзе ключа да варот раю, а потым хутка атаясамліваюцца з самім раем. Мабыць, ён і мае рацыю... для Амерыкі, дзе ўсё прадаецца і купляецца, дзе залатым ключом адчыняюцца ўсе дзверы, дзе грамадская думка цэніць людзей на вагу долараў, якімі яны валодаюць.

Гэта ўласцівасць амерыканскага характару не дазваляе карыстацца летняй вольнай часінай большасці амерыканцаў. Адарвацца хаця б на некалькі дзён ад business'у складае не толькі ахвяру, але і злачынства, за якое сумленне амерыканца будзе дакараць яго доўгія гады. Вось чаму значная частка так зв. "businessmen" і "money-makers" (у рускім перакладзе чытай: порядочный, солидный человек) толькі па настойлівым патрабаванні сваёй сям'і і ўрача адважваюцца выехаць на 2-3 дні, многа на тыдзень ці два. А між тым з пункту гледжання простай разважлівасці гэтага роду людзям адпачынак неабходны больш чым каму-небудзь. Сярод іх цяжка знайсці чалавека, які б не пакутаваў на нервовае знясіленне, якое зрабілася нацыянальнай амерыканскай хваробай. Праславутая амерыканская "дыспепсія", без якой цяжка ўявіць сябе амерыканца, ёсць у большасці выпадкаў толькі прыватнае выяўленне агульнага знясілення нервовай сістэмы.

Вядома, і ў астатнім цывілізаваным свеце ў наш меркантыльны век нажыва запаўняе не малую вобласць душы чалавечай, але страсць гэтая яшчэ далёка не развілася да памераў "аднастайнасці". У астатнім свеце гэты матыў чалавечых дзеянняў яшчэ не карыстаецца адкрытым прызнаннем, не атаясамліваецца з дабрадзейнасцю і таму на яго, як на некаторыя іншыя натуральныя патрэбы, накідваецца пакрывала. У Амерыцы, на жаль, пакрывала ўжо не патрабуецца. Грамадская думка цэніць і паважае шышку набытчыкаў. Яна ўваходзіць як істотны элемент у яго ідэалы прыстойнасці і чалавечай дасканаласці. Яго можна выхваляць, і дух ніяк не саромеецца. Калі такія ўмовы жыцця працягнуцца яшчэ адно стагоддзе і калі да таго ж перапыніцца сталая іміграцыя з Еўропы - цяжка сказаць, які лёс чакае амерыканскі народ. Ужо цяпер маладое пакаленне выяўляе скрозь відавочныя выніковыя сімптомы ператамлення, недахопу жыццёвасці (паводле мясцовага выразу - the lack of vitality) і выраджэння. Марфіністы, какаіністы, курцы опію сустракаюцца вельмі часта. Жудасна глядзець на гэтае маладое пакаленне.

Дарагой цаной купляе амерыканец свой матэрыяльны дабрабыт, і зайздросціць яму ў гэтым можна толькі здалёк. Адпраўляючыся ў вандроўку, вы таму рэдка сустрэнеце сярод тых, хто вандруе, businessman'а. Не сустрэнеце вы там і багацея-арыстакрата. Я кажу багацея-арыстакрата, таму што ў Амерыцы быць багатым і арыстакратам адно і тое ж. Багацеі, а ўслед за імі і тая частка сярэдняга класа, якая цягнецца за імі, праводзяць свае канікулы не столькі з мэтай забавы або адпачынку, колькі для таго, каб паказаць сябе. Для іх уздоўж паўднёвага ўзбярэжжа Вялікага Акіяна ад Сан-Францыска да Сан-Дыега ўстроены цэлы шэраг раскошных фешэнебельных гатэляў па казарменным плане, адзін даражэй за другі. Правесці тыдзень або два пад адным дахам з архімільянерам Стэнфардам або Гопкінсам лічыцца не толькі зайздроснай, але і неабходнай прыкметай прыналежнасці да "лепшага грамадства". Колькі буржуазных сем'яў, якія не маюць сродкаў на такое летняе паломніцтва ў храмы мамона, наглуха зачыняюць свае аканіцы, адпускаюць слуг і праводзяць дні і тыдні ў адзіночным зняволенні, харчуючыся акрыдамі і тараканамі, толькі для таго, каб па сканчэнні тэрміну мець магчымасць абдурыць суседзяў, абвясціўшы, што яны вярнуліся з Monterey [3] або Coronado beach [4], дзе слаўна правялі час (had a glorious time!). Што такое гэтыя багацеі-арыстакраты, чытач можа ўявіць сабе прыгадаўшы герояў "Равучага лагера" Брэт-Гарта, золаташукальнікаў, карчмароў і крамнікаў, якія, вядома, ператварыліся ў самавітых "буржуяў", умытых, паголеных, апранутых ў прыстойнае адзенне, упрыгожаных важкімі гадзіннікавымі ланцужкамі, паўфунтавымі залатымі пярсцёнкамі з буйнымі дыяментамі і акругленым чэравам. Выраз жывёльнасці, які выклікаецца моцнай чатырохвугольнай прагнатычнай ніжняй сківіцай і густа аброслым шэрсцю тварам, ускладніўся напышліва самазадаволеным, велічным, чыста юпітэраўскім позіркам, які выпрацаваўся пад уплывам часткова ўсеагульнага кленчання, часткова ўласнай свядомасці, што чалавек у рубяжы зямным здзейсніў усё зямное. Такі партрэт былога "Дзіка" [5], цяпер каліфорнскага сенатара, мецэната і дабрадзея свайго народа, у руках якога сканцэнтраваліся акцыі чыгункі, каменнавугальных, залатых, нафтавых, жалезаробчых, банкавых і іншых грандыёзных прадпрыемстваў, а разам з імі і палітычная ўлада вялікай рэспублікі. Такі грозны амерыканскі Юпітэр, які выйшаў з гною, які прайшоў агні і трубы, аднойчы сарваўся з шыбеніцы і нарэшце заваяваў сабе становішча, якому справядліва маглі б пазайздросціць многія ўладарныя князі.

Такія знатныя госці гэтых модных гатэляў. Затое прысутныя за сталом лёкаі - у большасці амерыканская галодная інтэлігенцыя: студэнты і студэнткі, мэта якіх зарабіць за лета трохі залатых, каб праіснаваць у будучым навучальным годзе, літаратары, артыкулы якіх не знаходзяць збыту, вынаходнікі, якім няма на што ўзяць патэнт на вынаходства, адвакаты, якія не знаходзяць кліентаў за немагчымасцю ўстроіць прыстойна абсталяваны офіс. Слугам не толькі забаронена размаўляць з гасцямі, але нават прысесці ў іх прысутнасці, і вы можаце правесці ў такім гатэлі цэлы месяц, не пачуўшы ад атэльных гэтых ніводнага слова, акрамя кароткага афіцыйнага "Yes, Sir" і "No, Sir". Калі б не было гэтай забароны, лёкай чаго дабром мог бы не раз і паставіць у тупік свайго пана.

У Еўропе модныя "watering places", дзякуючы афіцыйнай напружанасці, фармалізму, усяму, што вядома пад імем этыкету і добрых манер, не карыстаюцца рэпутацыяй прыемнага прыстанішча. Тут жа ўтрыроўка і патрабавальнасць пераапранутага Дзіка і царадворцаў, што жадаюць падслужыцца яму, не ведае межаў і абсалютна атручвае існаванне.

Рэдка карыстаецца летнім вандраваннем і гарадскі рабочы, прыкаваны круглы год да сваёй заводскай машыны. Яму сапраўды няма калі, і ён задавольваецца кароткімі нядзельнымі прагулкамі за горад, пікнікамі і да т. п. - якія таксама ў вялікай модзе ў Каліфорніі, верагодна дзякуючы тым жа прычынам, што і лагернічанне. Кожную нядзельную раніцу (іншыя святы ў Амерыцы вельмі рэдкія) экстранныя цягнікі і параходы дзясяткамі тысяч развозяць гараджан па навакольнай мясцовасці, часцей за ўсё гэта рамесныя саюзы, братэрскія таварыствы і іншыя рабочыя арганізацыі, што накіроўваюцца на пікнік. Звычайна для гэтага выбіраецца які-небудзь загарадны парк, дзе наладжваюцца бягі, гульня ў мяч, танцы, з разнастайнымі прызамі і прэміямі, а потым снеданне ў якім-небудзь павільёне або пад адкрытым небам, у час якога з'ядаецца безліч сандвічаў і салодкага печыва. Нашумеўшы, набегаўшыся і пагарлапаніўшы ўдосталь, пад вечар натоўпы вяртаюцца ў горад, каб у 6 гадзін раніцы ў панядзелак зноў з'явіцца каля рабочай машыны.

Такім чынам, лагернічае ўласна сярэдні, даволі шматлікі ў Амерыцы клас, г. зн. дробная буржуазія і інтэлігенцыя, якія стаяць у Штатах значна бліжэй адзін да аднаго і значна далей ад "арыстакрата", чым у Еўропе і асабліва Расіі.

Лагерныя партыі праектуюцца звычайна яшчэ зімой або вясной. Вярбуюцца тыя, хто жадае прыняць у іх удзел, складаецца маршрут, вызначаюцца прыблізныя выдаткі, падрыхтоўваюцца палаткі. Калі ўсё гатова, партыя або накіроўваецца па чыгунцы да вядомага пункта, дзе наймае адну-дзве драбіны, або коні адшукваюцца на месцы і падарожнікі адразу рушаць у шлях на конях. Неабходнымі рэчамі для экскурсіі з'яўляюцца паходная кухня, дастатковая колькасць правізіі, асабліва кансерваў, рыбалоўныя, паляўнічыя і інш. снасці, фатаграфічная камера, сякера, піла і да т. п.

Дасягнуўшы жаданай мясцовасці, выбіраецца ў лесе або на беразе ручая месца, якое падыходзіць, калёсы разгружаюцца, разбіраюцца палаткі, дабудоўваецца часовы лагер. Цяжар неабходных работ размяркоўваецца па магчымасці раўнамерна паміж удзельнікамі. Хто варыць, хто нарыхтоўвае дровы, хто здабывае рыбу або дзічыну для кухні. У вольны час кожны займаецца тым, што яму падабаецца. Батанікі - батанізуюць, мастакі малююць з натуры, пісьменнікі натхняюцца навакольнай прыродай і строяць свае віршы і артыкулы. Пражыўшы некалькі дзён і абтаптаўшы ўдосталь цікавае наваколле, лагер перасоўваецца далей.

II

Гэта было ў канцы мая. Нягледзячы на ранічку, Сан-Францыска ўжо быў на нагах. Вагоны канатных дарог бегалі чарадой па яго вуліцах узад і ўперад, набітыя рабочымі, што спяшаліся на фабрыкі. Паміж імі з шумам каталіся ламавікі з велізарнымі калёсамі, якія цягнуліся некалькімі парамі магутных коней, і пастаўшчыкі ў сваіх лёгенькіх экіпажах, якія развозяць па дамах малако, зеляніва, бакалейныя і іншыя тавары. Па колькасці шуму і руху ў гэты час горад гэты наўрад ці чым саступае Нью-Ёрку, Лондану і іншым партовым гарадам.

Мы прыбылі на прыстань і ўзялі білеты. Параход-паром мусіў перавезці нас праз бухту ў суседні гарадок Oakland, дзе змешчаны вакзал чыгункі. Гэты пераезд займае паўгадзіны часу і складае адну з самых прыемных загарадных экскурсій. Ландшафты кругом куды не зірнеш выдатныя, якія нагадваюць паўднёвую Італію. Велізарная бухта, у якой свабодна маглі б змясціць усе флоты свету, усеяная невялікімі ўзвышанымі маляўнічымі астравамі, на жаль, яшчэ голымі, таму што дзяржава ўтрымала іх за сабой з мэтай ператварыць іх у выпадку патрэбы ва ўмацаванні. Да дзяржаўных жа і муніцыпальных устаноў увогуле ў індывідуалістычнай Амерыцы больш чым у якой-небудзь іншай краіне прыдатная прымаўка: everybody's interest is nobody's interest. Калі б гэтыя астравы належалі прыватным асобам, яны даўно былі б пакрыты садамі і прыгожымі дачнымі дамкамі накшталт тых, што какетліва выглядваюць на другім баку бухты.

Лепш за ўсё краявід з сярэдзіны заліва. Адсюль назад на захад за лесам мачтаў і параходных труб гавані на схілах узгоркаў віднеецца як на далоні Сан-Францыска, што раскінуўся правільным лініямі. У ніжняй, рабочай частцы з мноства высокіх комінаў незлічоных фабрык і заводаў валіць чорны дым, які роўнымі слупамі падымаецца высока ў неба. Пабудовы гэтай часткі ўражваюць толькі сваімі памерамі і казарменнай безгустоўнасцю. Затое далей і вышэй ён і прыгожы і арыгінальны. За выключэннем некалькіх дзясяткаў вялікіх мураваных палацаў, якія сканцэнтраваны ў 2-3 фешэнебельных кварталах і належаць камерцыйным тузам, палацаў, што з'яўляюцца няўдалымі наследаваннямі стылям усіх часоў і народаў, увесь астатні горад складзены з прыгожанькіх утульных драўляных, афарбаваных у светлыя фарбы катэджаў па англійскай манеры. Большая частка іх у два і тры паверхі, з абавязковым bay window, г. зн. выдаюцца на манер балкона. Калі б не схільнасць цягнуцца ўверх пры малой паверхі, не скучанасць і пабольш саду і зеляніны вакол, я параўнаў бы іх з нашымі дачнымі пабудовамі, якіх шмат бачыш пад'язджаючы да Масквы або Пецярбурга.

На ўсход на супрацьлеглым беразе бухты каля падножжа высокіх узгоркаў размясціліся некалькі шырэй і больш прасторна ў зеляніне садоў і паркаў мястэчкі Аламіда, Окланд, Беркелей [6]. Па сутнасці гэта толькі прадмесці Сан-Францыска. Большасць іх жыхароў толькі начуюць дома, а ўвесь дзень, за выключэннем свят, праводзяць у сталіцы, прыязджаючы раніцай і вяртаючыся вечарам. Дзякуючы вельмі нізкай плаце за праезд ($3 у месяц) гэта нават больш зручна і ва ўсякім разе здаравей, чым жыць у самім горадзе. На поўдзень бухты не бачна, там ў блакітнаватай смузе сінь вады непрыкметна пераходзіць у сінь неба. На поўнач жа, акрамя згаданых вышэй астравоў, бачныя даволі высокія часткова пакрытыя лесам горы берагавога ланцуга (coast range) і новая група гарадкоў яшчэ больш маляўнічых дзякуючы свайму ўзвышанаму становішчу і мноству зеляніны: Сасэліта, Сан-Рафаэль і інш. Раніца была ціхая, сонечная. Увесь навакольны ландшафт дзякуючы адлегласці быў ахутаны празрыстым блакітным туманам. Сонца толькі што ўзышло, і прамені яго яшчэ не паспелі разагнаць падбадзёрлівай ранішняй ядранасці. Яны весела ігралі ў лёгкай рабізне на блакітнай паверхні мора і іскрыліся рознакаляровымі агнямі ў пырсках вадзяных колаў. Аптычны эфект сонечнага асвятлення какетлівых гарадкоў, горных вяршынь, што падымаюцца над імі, і паўскалістых, паўубраных свежай зелянінай астраўкоў цяжка перадаць словамі. Пра іх могуць скласці сабе ўяўленне толькі тыя, каму знаёмы панарамы Швейцарскіх азёр, Неапаля і Сіцыліі.

Так, прырода тут цудоўна добрая. Пры поглядзе на яе міжволі настройваешся на аптымістычны тон і тым больш балюча становіцца душы, калі падумаеш, які рэзкі кантраст паміж ёй і меркантыльна-дробязным пошла-матэрыялістычным духам гэтага чалавечага мурашніка. Гэта духоўнае ўбоства жыцця выпадае з-пад увагі звычайнага турыста. Нішто не перашкаджае яму захапляцца прыродай і пераносіць яе прыгожасці на саміх насельнікаў. Уяўная паказная заможнасць, багацце і нават раскоша навокал у сувязі з прадузятымі вычытанымі ўяўленнямі пра рэспубліканскую свабоду і роўнасці мімаволі падкупляюць і не дзіўна, калі карціны, што малююцца ім для айчыннага друку, прадстаўляюць Амерыку ўвогуле і Каліфорнію ў асаблівасці чымсьці падобным да зямнога раю. Такому аптымізму нашых падарожнікаў нямала садзейнічае і тое, што яны з'яўляюцца выведваць з туга набітымі кішэнямі і добрым абывацельскім страваваннем. Калі б не гэта, калі б прыязджалі яны сюды як прыязджаюць штодзённа тысячы эмігрантаў з Еўропы і Усходу Амерыкі, г. зн. у эмігранцкіх спецыяльных цягніках, асуджаныя на цяжкую і доўгую барацьбу з-за кавалка хлеба сярод гэтага раю, нямала патух бы каларыт карцін амерыканскага дабрабыту, які малюецца імі.

На гэты раз мы не маем намеру, зрэшты, вадзіць чытача за кулісы амерыканскага жыцця. Наадварот, я павязу яго туды, дзе больш святла і менш ценяў, у лясы і горы - у праславутую радзіму Залатога штата, дзе ўпершыню было адкрыта золата, у месцы, апісаныя Брэт-Гартам, так званае графства Эльдарада [7], адміністрацыйным цэнтрам якога служыць Placerville [8].

Паромы, што адпраўляюцца кожную чвэрць гадзіны на супрацьлеглы бок бухты, абсталяваны раскошна. Некаторыя з іх асветлены электрычнасцю і ў вячэрні час здаюцца нейкімі казачнымі плывучымі палацамі. Ніжняя палуба прызначана для грузаў, экіпажаў і публікі, якая курыць. Тут жа змяшчаецца шынок, а таксама і высокае крэсла якога-небудзь негра-чысцільшчыка ботаў. Хаця ніякага абавязковага раздзялення на класы няма, хаця ўсе плацяць тую ж плату за пераезд і карыстаюцца аднолькавымі правамі, тым не менш публіка добраахвотна падзяляецца на два класы. Усё, што бядней і брудней, аддае перавагу гэтай ніжняй бруднай палубе, усё, што чысцей, усплывае наверх у раскошную, велізарную залу, падлога якой пакрытая суцэльным аксамітным дываном, а сцены ўпрыгожаны люстрамі, і алейнымі карцінамі, якія адлюстроўваць даволі няблага прыроду Залатога штата. Кантынентальны бераг бухты мелкі, і таму прыстань і вакзал чыгункі ўстроены на маленькім штучным астраўку, які знаходзіцца далёка ад берага і злучаецца з ім даўгім віядукам.

Вакзал, як і параход, падзелены на такія ж два паверхі, якія злучаюцца пры прычальванні асобнымі масткамі з двума адпаведнымі паверхамі парахода. Гэта не толькі паскарае спаражненне судна, але і дае магчымасць абодвум класам публікі не змешвацца. Верхні паверх вакзала - вялізная, раскошная, цудоўна асветленая і прыбраная накшталт сталай выстаўкі, узорамі ўсякага роду тавараў і аб'яў зала. Ніжняя цёмная і брудная. Пры выхадзе з вакзала публіку чакаюць некалькі цягнікоў, якія адпраўляюцца ў розныя бакі і абазначаны буйнымі подпісамі. Кожны лёгка можа знайсці свой цягнік. Званкоў ніякіх не заведзена. Прыязджай, садзіся і едзь далей. Нямала здзіўляе еўрапейца яшчэ адсутнасць паліцыі, а таксама і апранутых у спецыяльны касцюм служачых. Увогуле ні на параходзе, ні на вакзале, ні на вуліцы вы не сустрэнеце нікога ў форменнай ваеннай або іншай вопратцы. А між тым парадак неяк сам падтрымліваецца надзвычайны. Увесь гэты вялізны ў некалькі тысяч натоўп разнастайнага народа спакойна, без шуму і сутыкненняў злазіць і сам рассаджваецца па вагонах дзе і як ён хоча. Некаторыя ўладкоўваюцца на платформах, іншыя аддаюць перавагу курыльнаму вагону і нават багажнаму аддзяленню. Большасць, аднак, і, вядома, усе жанчыны змяшчаюцца ў звычайных пасажырскіх вагонах, агульных для ўсіх і падобных на нашы вагоны другога класа, толькі больш даўгія і прасторныя. Цікава яшчэ і тое, што вагонаў у большасці выпадкаў бывае ў два і тры разы больш, чым колькі трэба было б калі б заняты былі ўсе месцы. У гэтых адносінах амерыканскія чыгуначныя кампаніі вельмі ліберальныя. Яны не толькі не набіваць іх людзьмі як бочкі селядцамі, але і пакідаюць поўную свабоду перамяшчэння. У выключных выпадках, праўда, бывае, што публікі набіраецца ўдвая больш, чым колькі ёсць месцаў, але тады і публіка ставіцца так жа ліберальна да кампаніі, не патрабуе месцаў таму толькі, што ёй прадалі білеты і прастойваюць у праходах трымаючыся за рамяні.

Што зусім атручвае жыццё нязвыкламу іншаземцу ў Амерыцы, гэта рэклама. Не кажучы ўжо пра населеныя цэнтры, дзе яна ва ўсіх магчымых і немагчымых формах надакучліва лезе і ў вушы, і ў нос, як камар у балотных і лясістых мясцовасцях, на шляху, усё роўна чыгунка гэта, параход або прасёлкавы тракт, яна на кожным кроку псуе ландшафты і штохвілінна нагадвае вам пра куплю-продаж. У гэтых адносінах вынаходлівасць амерыканцаў не ведае межаў. Прыстані і вакзалы літаральна залеплены гіганцкімі аб'явамі, што б'юць у вочы, карцінамі, прыстасаванымі з мэтай звярнуць увагу. Уздоўж віядукаў і палатна чыгункі, на дрэвах, часам з вышыні аддаленых узгоркаў, вось раз-пораз у самы раз апавяшчаецца, што нейкая газета мае самую вялікую колькасць падпісчыкаў, што пілюлі такога вось маюць цудадзейную сілу ва ўсіх хваробах, такое вось мыла перасягае ўсе астатнія мылы ў свеце. Пры ўсёй паблажлівасці да меркантыльнага духу веку, згадзіцеся, гэта надакучыць хоць каму. Але на гэтым не канчаюцца выпрабаванні падарожніка. Не паспееце вы ўсесціся на сваім месцы і цягнік рушыць, як у вагоне з'яўляецца нейкі пан з кошыкам і бесцырымонна кідае кожнаму пасажыру па два-тры арэхі, не разбіраючы, у вока ці ў рот трапіць вам гэты арэх. Публіка прымае гэта абыякава, і большасць ад няма чаго рабіць раскусвае іх і з'ядае. Пан знікае, не патрабуючы ўзнагароджання, але праз пяць хвілін з'яўляецца зноў паглядзець, у каго разыграўся апетыт, і на гэты раз ужо прадаць некалькі дзясяткаў пакетаў. Следам за ім з'яўляецца такі ж дабрадзейны пан з кнігамі і газетамі і, не пытаючыся, накладвае вам і астатнім цэлую кучу ў надзеі зацікавіць і, калі вы зачытаецеся, падыдзе да вас на самай цікавай старонцы і патрэбуе плату. Потым ідуць каштаны, цукеркі, цыгары, іх у сваю чаргу змяняе працэсія новых дабрадзеяў, заклапочаных да крайнасці пытаннямі пра тое, як будзе дастаўлены ваш багаж са станцыі ў гатэль і ў якім гатэлі вам зручней і танней спыніцца, і ў якім рэстаране паснедаць і паабедаць, і г.д., і г.д., без канца. Усе гэтыя асобы заплацілі чыгуначнай кампаніі не малую плату за права атручваць жыццё пасажырам і гэты падатак у сто разоў спаганяюць са сваіх ахвяр. Мець з імі справу даволі небяспечна.

Але вось станцыя. Тут да патэнтаваных далучаецца цэлае полчышча непатэнтаваных з самымі разнастайнымі прапановамі. Праз вокны і дзверы вас літаральна завальваюць сотнямі ўсялякіх лісткоў і абвестак. Нейкі бядак настойліва патрабуе, каб я спыніўся ў "самым лепшым гатэлі", які ён рэкамендуе, і, калі я, каб адчапіцца, адказваў яму, што спынюся ва ўласным доме, ён са шчырай, але горкай усмешкай называе мяне шчасліўцам, якому нельга не зайздросціць; калі б у яго быў уласны дом, ён не павінен быў бы лезці, як надакучлівая муха, да кожнага падарожнага, каб заслужыць у гаспадара гатэля некалькі капеек.

Пры выхадзе з вакзала - цэлы скандал. Уявіце сабе некалькі дзясяткаў, а ў вялікім горадзе і цэлую сотню малайцоў, падабраных знарок хто больш гарласты. Кожны з іх прадстаўляе які-небудзь гатэль. У руках у яго пакецік адрасных картак, на ілбе назва гатэля меднымі літарамі. Як толькі дзверы адчыніліся і публіка рынула да пад'езду, пачынаецца такі пякельны роў, ад якога ў нервовага чалавека можа здарыцца прыпадак. Як зграя драпежных звяроў кідаецца гэты натоўп на сваіх ахвяр і літаральна раздзірае нерашучых, аспрэчваючы іх адзін у аднаго.

Увогуле, з усіх шматлікіх краін, якія мне ўдалося наведаць, у гэтых адносінах Злучаныя Штаты больш за ўсё нагадваюць мне Галіцыю, дзе ад куплі-продажу чалавек не бяспечны, здаецца, і ў магіле і дзе мне аднойчы прыйшлося з рэвальверам у руках адстойваць свае права на адпачынак ад фактараў-яўрэяў.

Няхай чытач даруе мне ўсе гэтыя адступленні. Іх неяк цяжка абысці, калі гаворка ідзе пра далёкую і занадта мала вядомую нам краіну, пра нашых антыподаў, жыццё якіх заснавана на пачатках дыяметральна супрацьлеглых нашым.

III

Шлях да Сакрамента, адміністрацыйнай сталіцы штата, ідзе ўздоўж усходняга берага велізарнай бухты і з адным месцы нават перасякае адзін з яе шматлікіх заліваў. У гэтым месцы цягнік узбіраецца на параход і на ім пераплывае затоку. Навакольная мясцовасць мала цікавыя. Дарога цягнецца нізкай, але шырокай раўнінай, па абодвух баках якой віднеюцца горныя ланцугі. Злева і бліжэй, адразу за бухтай - берагавы ланцуг, з прычыны нязначнай адлегласці, здаецца вышэйшым і больш маляўнічым. Справа - Сьера-Невада ледзь віднеецца ў сінявым тумане. Цягнік каціцца то па салёных балотах і нізінах, зарослых так званым каліфорнскім дубам, які тут называюць чорным дубам. На наш дуб ён зусім не падобны ні па знешнім выглядзе, ні па форме лісця. Гэта вельмі нязграбнае, даволі непрыгожае, дзякуючы свайму няправільнаму росту, шышкаватасці і сухаватасці, дрэва хутчэй нагадвае старыя галіны і вербы як па агульнай форме, так і па выгляду лісця, з той розніцай, што яно даволі цвёрдае і таму дае добрае паліва, хаця і непрыдатнае ні на што іншае. У многіх месцах вялізныя прасторы ўсланы каліфорнскім макам (Escholtia), невялікая травяністая расліна з вельмі прыгожай жоўта-аранжавай кветкай, якая падобная па форме на наш звычайны мак і культывуецца ў Еўропе ў садах. Тут яе айчына, і яна карыстаецца сваім правам грамадзянства ў Залатым штаце не саромеючыся, запаўняючы цэлыя лугі і надаючы ім вельмі арыгінальны, асляпляльна-залаты колер. Часам чыгуначны пуць адхіляецца ад бухты і доўга-доўга бяжыць па бясконцых раўнінах, занятых велізарнымі правільна разлінеенымі вінаграднікамі, персікавымі і іншымі фруктовымі плантацыямі. Садаводства і вінаробства ў цяперашні час уяўляюць галоўныя артыкулы вытворчасці Каліфорніі, таму што большая частка залатых руднікоў ужо вычарпана. І тое, і другое вядзецца ў буйных памерах на вялікія капіталы і з самым шырокім скарыстаннем пару і машыны. Толькі пры гэтых умовах яно аказваецца настолькі выгадным, што дае магчымасць выплачваць скандальныя правазныя тарыфы чыгуначным манапалістам пры збыце ва ўсходнія штаты. Значная частка фруктаў пакідае Каліфорнію не ў сырым выглядзе, а ў бляшанках у выглядзе кансерваў. Частка вінаграду ператвараецца ў разынкі, але большая частка перапрацоўваецца ў віно і каньяк. Усе гэтыя галіны прамысловасці, таксама як большасць вытворчасці ў Штатах, ужо манапалізаваны некалькімі багатымі кампаніямі, і дробныя садаводы-фермеры, колькасць якіх з кожным годам памяншаецца, адыгрываюць даволі мізэрную ролю. У Сан-Францыска ёсць 2-3 вялікіх заводы, занятыя ператварэннем фруктаў у кансервы, і ад цэн, якія яны палічаць патрэбным прызначыць, цэн, прыстасаваных да "жалезнага закону", залежыць лёс дробнага садавода. Па сутнасці гэта не болей чым "вольны батрак" пазямельных, банкавых, прамысловых і чыгуначных кампаній.

3 лініі злучаюць цяпер Атлантычны акіян з Вялікім: Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая. Чацвёртая лінія - Канадская, перасякае мацярык па-за Злучанымі Штатамі па англа-канадскіх уладаннях. Акрамя гэтых 4 ліній, ёсць правільныя параходныя зносіны праз Панамскі перашыек з перагрузкай на Панамскай чыгунцы, а таксама парусныя вакол Паўднёвай Амерыкі. Цэнтральная і Паўночная чыгуначныя лініі пабудаваны прыватнай кампаніяй на грошы федэральнага ўрада, з умовай пагашэння капіталу і працэнтаў у пэўныя тэрміны. Акрамя таго, кампанія была ўзнагароджана тым, што атрымала велізарныя ўчасткі дзяржаўнай зямлі па абодвух баках уздоўж усёй лініі (каля 40 вёрстаў). Ні капітал, ні працэнты, належныя ўраду, заплачаны не былі, пад маркай благіх абаротаў; кампанія наогул вунь была бедная і ледзь зводзіла канцы з канцамі, што не перашкодзіла дырэктарам і акцыянерам нажываць мільёны. На гэтыя мільёны, г. зн. быццам бы ўжо на свае ўласныя грошы, Стэнфард, які стаіць на чале прадпрыемства (той самы Стэнфард, які, каб некалькі прымірыць грамадскую думку, нядаўна арганізаваў каля Сан-Францыска ўніверсітэт) з некалькімі кампаньёнамі, між тым прывёў новую лінію, што канкурыруе, т. зв. Паўднёвую Вялікаакіянскую. Зараз справа стаіць так! Ураду за нявыплату доўгу ў $70,000,000 хутка трэба будзе канфіскаваць Цэнтральную дарогу, пабудаваную на яго грошы. А Стэнфард і Ко. і не шманаюць. - Канфіскуйце, маўляў, у нас ёсць цяпер свая ўласная лінія. Але пакуль справа дойдзе да канфіскацыі, практычна ўсе 3 лініі, Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая, знаходзяцца ў руках адной кампаніі. Гэта кампанія выплачвае Канадскай англійскай чыгунцы, а таксама абедзвюм параходным кампаніям штогод значныя сумы з умовай не прымаць грузаў у Каліфорнію ніжэй за яе кампанейскі тарыф. Такім чынам, увесь штат, або, лепш сказаць, усё Вяліка-Акіянскае ўзбярэжжа, г. зн. Вашынгтон, Арэгон і Каліфорнія ў сваіх зносінах з Усходам Амерыкі знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад адной кампаніі, якая, вядома, карыстаецца гэтым не саромеючыся, г. зн. абкладаючы тавары і пасажыраў да maximum'у, які яны могуць вынесці. Каб хоць колькі-небудзь вызваліцца з гэтых вожыкавых рукавіц, некаторыя гандлёвыя фірмы лічаць за лепшае адпраўляць свае тавары паміж Каліфорніяй і Нью-Ёркам праз Англію, знаходзячы гэта выгадным!

На шляху ў Сакрамента размешчана, між іншым, адна з самым буйных і ўзорных вінаградных гаспадарак, т. зв. Ingle-nook (куток ля каміна), абстаўленая ўсялякай раскошай дачная рэзідэнцыя амерыканскага мільянера, якая ацэньваецца ў мільён долараў і належыць пану Густаву Нібаўму, фінляндскаму ўраджэнцу, віцэ-прэзідэнту былой Аляскінскай коцікавай кампаніі, які яшчэ нядаўна выконваў абавязкі рускага консула.

Праязджаючы па гэтых бясконцых садах і вінаградніках, здзіўляешся параўнальнай мізэрнасці населеных пунктаў. На ўсёй прасторы 5-гадзіннага чыгуначнага шляху (каля 200 вёрстаў), акрамя Benicia [9], размешчанага каля берага бухты невялікага паселішча, якое згрупавалася каля прыстані ваенных параходаў, яшчэ аднаго або двух пасёлкаў у 200-300 чалав. жыхароў ды 5-6 фермерскіх пасёлкаў, ніякіх іншых "паселішчаў" няма. Міжволі прыгадаеш тут Швейцарыю, дзе любая ўрадлівая даліна ўяўляе сабой амаль скрозь горад. Пры каліфорнскім клімаце і надзвычайнай урадлівасці глебы можна б чакаць большага, асабліва паблізу ад такога мнагалюднага цэнтра, як Сан-Францыска, і на шляху да другога (трэцяга па насельніцтве), адміністрацыйнага цэнтра Сакрамента. Такіх жа далін, як каліфорнская, па ўрадлівасці і клімаце няшмат на свеце, а між тым у сапраўднасці яна з'яўляецца, хаця і культываванай, але ўсё ж пустыняй. Год таму назад мне здарылася праехаць у экіпажы не спыняючыся 8 гадзін па другім, заходнім беразе бухты, і на ўсёй гэтай велізарнай прасторы багатай урадлівай зямлі, старанна агароджанай на працягу 30-40 вёрстаў частаколам, я літаральна не сустрэў нічога і нікога, акрамя самотнага заезнага дома і рыбацкай партугальскай хаціны, што прытулілася каля берага мора. Праязджаючы чыгункай па ўсёй Паўднёвай Каліфорніі да Сан-Францыска, і там я не мог зразумець, дзе тояцца жыхары Залатога штата, бачачы вакол сябе ўжо сапраўдную, падобную да Сахары, пустыню з рэдкімі маленькімі аазісамі.

Па наведзеных мною даведках, усе 30 вёрстаў згаданай акуратна агароджанай парожняй зямлі каля самога Сан-Францыска па заходнім баку бухты належаць Каліфорнскаму банку. Калі я спытаў у гаспадара лагера, амерыканца, пачым просіць банк за гэтую зямлю, ён мяне агарошыў адказам: $1000 за акр! Гэта складае 6000 рублёў за дзесяціну, не дзіўна, што яна стаіць незанятай. Відавочна, банк прыхоўвае яе для будучых спекуляцый.

Не без цікавасці з гэтай нагоды параўнаць некалькі лічбаў. Рэспубліка Гватэмала пры тэрыторыі ў 3 разы меншай пракормлівае тое ж насельніцтва, што і Каліфорнія, г. зн. 1 ½ мільёна. Цікава, што цэлая чвэрць усяго насельніцтва гэтага земляробчага штата цэнтралізуецца ў г. Сан-Францыска з прадмесцямі. А між тым Гватэмала ж параўнальна дзікая і бедная краіна з першабытным ды яшчэ лянівым насельніцтвам! Наша Бесарабія пры тэрыторыі ў 9 раз меншай пракормлівае тыя ж 1 ½ мільёна насельніцтва. Насельніцтва Екацярынаслаўскай губерні ў 6 раз, а Ковенскай у 10 раз перасягае па гушчыні Каліфорнію. Ужо на што Табольская губерня і тая толькі ў 4 разы саступае па шчыльнасці Залатому штату.

Усе гэтыя шматзначныя факты, і тлумачацца яны ні чым іншым, як манапалізацыяй пазямельнай уласнасці буйнымі капіталістамі і пазямельнай спекуляцыяй, што набыла скандальныя памеры.

Большасць каліфорнскіх капіталістаў нажылі свае мільёны не на золаце, як гэта ўвогуле заведзена думаць, а менавіта на спекуляцыі зямлёй. І механіка тая па сутнасці не хітрая. Яшчэ нядаўна мы мелі тут два буйныя прыклады, якія паказваюць, як гэта робіцца. Адзін быў у Los Angeles [10], на поўдні Каліфорніі, другі ў Seattle [11], у штаце Вашынгтон, на поўначы. Буйныя кампаніі праўдай і няпраўдай (напрыклад, скупляючы прызначаныя для пасяленцаў дзяржаўныя землі па $1 ¼ за акр праз падстаўных агентаў) накладаюць свае рукі на вялікія ўчасткі зямлі. Калі права ўласнасці страчана, наладжваюцца так званы boom, г. зн. шум на ўвесь свет, самая бессаромная і беспардонная рэклама ва ўсіх формах і відах. На яе выдаткоўваюцца велізарныя грошы. Падкупляецца прэса, эміграцыйныя агенты рассылаюцца па ўсяму свету шукаць дурняў. Абвяшчаецца, што дадзеная мясцовасць ёсць рай зямны, што там і залатыя прыіскі, і каменнавугальныя капальні, і лес, і клімат як нідзе ў свеце, адным словам - прыязджай толькі і зробішся мільянерам. І, на жаль, як заўсёды гэтая бессаромная рэклама суправаджаецца бліскучым поспехам. Колькасць легкаверных на свеце, насуперак Дарвіну, відаць не памяншаецца. Яны едуць з усіх краін свету і раскупляюць зямлю, нягледзячы на нечуваныя цэны. Потым, вядома, настае натуральная рэакцыя, сотні і тысячы разараюцца, многія губляюць апошнія капейкі, назапашаныя працай і зберажэннямі цэлага жыцця. Большасць іх або вяртаецца назад на Усход і ў Еўропу або пераходзіць у разрад пралетарыяў і з'яўляецца да тых жа кампаній з прапановай рук сваіх на і без таго перапоўненым рабочым рынку. Такім чынам драпежнікі капіталістычнага феадалізму адразу забіваюць двух зайцаў: з аднаго боку, палягчаюць кішэні эмігранта, а з другога, зніжаюць рабочую плату. Я не думаю, каб дзе-небудзь у іншым пункце статыстыка самазабойстваў і вар'яцтва сярод іншаземцаў была такая жахлівая, як у Сан-Францыска, у гэтым цэнтры, куды перш за ўсе сыходзіцца ўжо абдураны амерыканцам нядаўні заможны эмігрант, цяпер амерыканскі пралетарый. У Каліфорніі на 300 здаровых прыпадае 1 вар'ят, які ўтрымліваецца ў доме вар'ятаў. Калі прыняць пад увагу іншых, якія не трапляюць у гэтыя дамы, то прапорцыя, вядома, выйдзе яшчэ больш неспрыяльная. У Нью-Ёрку, іншым штаце, перапоўненым іншаземцамі, прыходзіцца 1 на 350. Увогуле, у заходніх, багатых на іншаземцаў штатах прыходзіцца 1:400-1:600. У той час як у некаторых паўднёвых штатах 1:1000. Колькасць іншаземцаў у Каліфорніі складае ⅓ усяго насельніцтва і гэта трэць дае ⅔ усіх звар'яцелых, якія ўтрымліваюцца ў дамах вар'ятаў.

Насельніцтва штата павялічваецца вельмі марудна, нягледзячы на пастаянную эміграцыю з усходніх штатаў і Еўропы. Кожны дзень з Сан-Францыска прыбывае па 1-2 цягнікі, перапоўненыя эмігрантамі, і так круглы год. У вясеннія і летнія месяцы, вядома, яшчэ больш. Але паралельна з гэтым існуе амаль аднолькавы рух з штата, што і тлумачыць малы прырост. Работу знайсці вельмі, вельмі цяжка нават сапраўднаму рабочаму, які прызвычаіўся да фізічнай працы з маленства і забяспечанаму тым ці іншым добрым рамяством. Работа нясталая, капрызная, таму палову года прыходзіцца прагульваць, і выходзіць, што праславутая добрая заработная плата ў 1-2 долары ў дзень па сутнасці зводзіцца да тых жа еўрапейскіх цэн, асабліва калі прыняць пад увагу дарагоўлю жыцця. Што тычыцца інтэлігентных заняткаў, то знайсці іх зусім немагчыма. Каліфорнскія капіталісты адчуваюць шчырую агіду да ўсякага роду навуковых і тэарэтычных ведаў, а там, дзе без гэтакіх абысціся нельга, яны аддаюць перавагу або практыкам, якія засвоілі сабе руціну справы, або берагуць такія становішчы як сінекуры для сваіх сваякоў. Адносна прафесійнай адвакацкай, медыцынскай і да т. п. працы можна сказаць, што яе ў Каліфорніі няма. Тутэйшыя адвакаты і ўрачы - простыя рамеснікі з уласцівымі рамеснаму і гандлёваму саслоўю ўяўленнямі, узроўнем адукацыі і маральнасці. Адвакатам і ўрачом можа зрабіцца на працягу 3-18 месяцаў кожны, хто ведае хоць крыху чытаць і пісаць. Таму канкурэнцыя страшная і настолькі нядобрасумленная, што пра прыстасаванне не можа быць і гаворкі для чалавека з еўрапейскімі прафесійнымі ўяўленнямі. Сан-Францыска ёсць адзіны горад ў Амерыцы, які мае рускую калонію, хаця і невялікую. Гэта прыцягвае ў Каліфорнію нямала рускіх, што раскіданыя адзінкамі па розных штатах і больш або менш сумуюць па радзіме. Няхай гэта некалькі доўгае адступленне паслужыць ім перасцярогай і хоць слабым супрацьяддзем "усясветнаму шуму", які робіцца ў меркантыльных перспектывах нажывы панамі амерыканцамі, шуму, які дасягае і Расіі і ўводзіць у спакусу тых, каму не асабліва салодка жывецца на радзіме. Хвалёныя бубны за гарамі!..

IV

Але вось і Сакрамента. Пад'язджаеш да яго неяк непрыкметна, таму што, будучы размешчаным на той жа раўніне каля ўпадзення ракі Сакрамента ў бухту, ён хаваецца за навакольнымі падгорнымі садамі. Бачыць яго можна не раней, чым увойдзеш у сам горад. Ён мала чым адрозніваецца ад іншых амерыканскіх правінцыяльных мястэчак, якія мне больш за ўсё нагадваюць нашы кірмашовыя часовыя будынкі. Прамыя пад прамым вуглом разлінееныя нешырокія вуліцы, акружаныя драўлянымі барачнымі будынкамі, узведзенымі з мэтай выстаўкі тавару. Ні пра густ, ні пра жыццёвыя зручнасці тут няма і гаворкі. Ніжнія паверхі заняты скрозь крамамі, з якіх стракаціць таварам і рэкламай усялякага роду. Навесы, што прыкрываюць гэтыя тавары ад сонца, падпёртыя драўлянымі калонамі і разам уздоўж усёй вуліцы ўтвараюць штосьці падобнае да даўгой галерэі, якая перапыняцца толькі папярочнымі вуліцамі. Яны дрэнна вымашчаны дошкамі. Гэта тратуар. Над ім у некалькіх вялікіх будынках змяшчаюцца другі і трэці паверхі, занятыя гатэлямі, канторамі, майстэрнямі і да т. п. Па сярэдзіне вуліцы ідзе конка. Гэткая гандлёвая, цэнтральная частка горада. Але гандлю тут няшмат. Будучы сталіцай штата і рэзідэнцыяй бюракратыі, Сакрамента жыве чырвонай паласой (red tape), г. зн. канцыляршчынай, таму што ўсе афіцыйныя паперы ў Штатах пішуцца на паперы, што мае з аднаго боку чырвоную паласу. Сапраўды - прайшоўшы адну-дзве гандлёвыя вуліцы, мы трапляем у зусім іншы квартал, заселены чыноўнікамі. Тут вуліцы шырэй, з абодвух бакоў абсаджаны дрэвамі. Наогул штосьці падобнае на французскія гарадскія бульвары. Без некаторага ценю тут у летні час было б немагчыма жыць, таму што спякота летам бывае невыноснай. Згодна з гэтым пабудаваны і дамы; гэта маленькія драўляныя катэджы з верандамі, напалову закрытыя павойнымі раслінамі. Фасады некаторых з іх выходзяць прама на тратуар, ужо сапраўдны, адкрыты тратуар; адсунуліся іншыя пабагацей - стаяць некалькі ад фронту і размясціліся пасярод невялікіх садкоў. Пабудовы яшчэ больш лёгкія, чым у Сан-Францыска. Увесь дзень жыхары бавяць на вуліцы, у садзе або на верандзе, і дом служыць толькі для ядзення і начнога прыстанішча. Вуліцы даволі брудныя і пыльныя, нягледзячы на паліванне. Галоўная славутасць горада, вядома, капітолій, у якім засядаюць абедзве палаты штата і змяшчаюцца ўсе ўстановы. Каштуе ён штату вялікіх грошай ($2,500,000), дзякуючы той акалічнасці, што толькі невялікая частка асігнаваных сум пайшла сапраўды на будаўніцтва, астатняя ж, як звычайна, прыляпілася да рук будаўнікоў і тых, каму даручана было назіранне і кантроль. Па тых жа прычынах гарадская дума Сан-Францыска каштуе ўжо каля $5,000,000, будуецца каля 30 гадоў і ніяк не можа дабудавацца да канца! Жыхары пераканаліся, што колькі на яе ні асігнуй - усе будзе ўкрадзена.

Збудаваны капітолій у тым жа стылі, як і вашынгтонскі, і ўяўляе толькі прамое яму наследаванне. Большасць капітоліяў штатаў, урэшце, пабудавана па там жа шаблоне, і той, хто бачыў адзін з іх, бачыў усе. Мне яны вельмі нагадваюць нашы саборныя цэрквы ў губернскіх гарадах: тая ж пустынная плошча - бульвар, з пачварна абцятымі дрэвамі, якія не даюць ні ценю, ні прытулку, тыя ж шырокія дарожкі, рэдка дзе лава, тыя ж надпісы не мяць траву, той жа велічэзны купал, з порцікамі і калонамі. Гэта тое ж, што гасціная амерыканца (parlour), дзе ўсё зіхаціць золатам і хрусталём, дзе пануе незвычайная чысціня, куды не дапускаецца сонечны прамень, каб не сапсаваць дывана, дзе ні зручна сесці, ні свабодна прайсціся нельга, дзе нельга курыць, а пляваць трэба ва ўласную насоўку, дзе па сутнасці і госці і гаспадары адчуваюць сябе unbehaglich, ніякавата.

Знадворку сакраменцкі капітолій не выклікае ніякага ўражання, акрамя масіўнасці. Гэтаму нямала віной яго бруднаваты выгляд; тынкоўка, што апала месцамі, і да т. п. Затое ўсярэдзіне ён значна лепш. Тут і раскошна і зручна і бадай што нават прыгожа. Прастора пад купалам не раздзелена на паверхі, а пакінутая свабоднай, бо падлога, што раздзяляе паверхі, над ім прарэзана буйной адтулінай, з нізкай жалезнай агароджай, так што мармуровая група каралевы Ізабэлы, яе мужа і Калумба, якому Ізабэла ўручае дыяменты, група, даволі добра выкананая і прэзентаваная каліфорнскаму народу нейкім багацеем, бачная і знізу, і з зверху. Залы пасяджэнняў абедзвюх палат прыбраны раскошна і зручна: кожны дэпутат мае цудоўнае мяккае аксамітнае крэсла і франтаваты пісьмовы стол. Залы пакрыты тоўстымі багатымі дыванамі і акружаны каланадай, за якой знаходзіцца штосьці накшталт калідора, які аддзяляецца толькі цяжкімі багатымі драпры. Гэта дае магчымасць публіцы і тым, хто прымае ўдзел у спрэчках, але не жадае пакідаць залы, весці сябе за кулісамі некалькі больш свабодна, не перашкаджаючы аратарам і слухачам. Паблізу ад абедзвюх залаў змяшчаецца вельмі камфартабельна ўстроеная бібліятэка, якая складаецца, зрэшты, галоўным чынам з кніг па дзяржаўных і юрыдычных навуках. Як ва ўсіх амерыканскіх бібліятэках, наведвальніку тут дазволена поўная свабода. Паліцы, напоўненыя кнігамі, класіфікаванымі па аддзелах, замяняюць каталогі. Кожны свабодна можа залезці па лесвіцах і галерэях, капацца ў кнігах колькі хоча, а ў выпадку цяжкасцей пры адшуканні таго, што яму трэба, звяртацца да бібліятэкараў, якія заўсёды вельмі ветлівыя.

Лесвіцы і калідоры капітолія ўпрыгожаны добрымі алейнымі карцінамі, якія адлюстроўваюць сцэны з гісторыі штата. Адна з гэтых карцін прадстаўляе эмігранцкі абоз саракавых гадоў, калі яшчэ не было Ціха-Акіянскай чыгункі і калі піянерам прыходзілася на валах з усімі манаткамі пераязджаюць бясплодныя страшныя пустыні паміж Скалістымі гарамі і Сьера-Невадай. Другая адлюстроўвае ўнутранасць будана першых золаташукальнікаў. За сталом сядзіць група п'яных ігракоў з картамі і бутэлькамі, а ля печы адзін з іх стараецца сплавіць у металічнай лыжцы сваю здабычу залатога пяску.

Акрамя гандлёвага і бюракратычнага кварталаў ля самых плацін, якія абараняюць горад ад частых паводак, плацін, узвядзенне і падтрыманне якіх ледзь не збанкрутавала горад, змяшчаецца кітайскі квартал. Гэта, бадай, самая брудная, смуродная і бедная частка горада. Складаецца яна ўжо не з дамоў, а з сапраўдных буданоў і хлявоў, ушпіляных даўгімі вертыкальнымі чырвонымі афішамі на кітайскай мове. Жывуць гэтыя жыхары Нябеснай імперыі зусім не па-нябеснаму. Той, каму здаралася зазірнуць у міжпалубную прастору нямецкіх і англійскіх параходаў, якія займаюцца перавозкай эмігрантаў з Гамбурга і Ліверпуля ў Нью-Ёрк, можа скласці некаторае ўяўленне пра тое, як жыве кітаец на сушы. Уявіце самы нізкі і маленькі пакой, усе сцены якога зверху данізу абвешаны марскімі ложкамі. Кожны з такіх ложкаў ёсць кватэра кітайца. Бруд і смурод невыносныя, асабліва па начах, калі збіраюцца ўсе пастаяльцы і кожны курыць сваю смярдзючую опійную люльку. А кураць опій яны амаль усе. Ды і як не курыць?!.. Усе шматлікае (каля 100,000) кітайскае насельніцтва Каліфорніі знаходзіцца ў руках 3-х магутных кітайскіх кампаній, якія гандлююць іх працай амаль на рабскіх пачатках. Якому-небудзь капіталісту патрэбны 100 або 1000 рабочых. Ён звяртаецца ў адну з кампаній - і яна акуратна пастаўляе яму патрэбную колькасць у суправаджэнні свайго наглядчыка, які часта адзін толькі і гаворыць па-англійску. Звычайная плата $1 за дзень і галаву, што выплачваецца ў рукі кампаніі. Кампанія сама корміць і апранае сваіх рабочых прадуктамі, якія прывозяцца з Кітая. Курыць ці не курыць кітаец, апроч ежы, адзення і іншага, ён павінен плаціць абавязкова за сваю дзённую порцыю опію, цана якога жахліва высокая, дзякуючы высокаму тарыфу. Заплаціўшы за свой опій, як жа яго не выкурыць, асабліва калі ўсе вакол кураць?! На гэты опій выходзіць амаль палова дзённага заработку, г. зн. каля 50 цэнтаў за вылікам ежы, што пастаўляецца кампаніяй, адзення, выдаткаў па перавозе гэтага парыя з Кітая і за вяртанне ў выпадку смерці касцей яго назад, за вылікам вялікага хабару амерыканскім паліцэйскім, мытным і судовым уладам пры высаджванні гэтага намінальна забароненага тавару, за ўсімі гэтымі вылікамі, што застаецца кітайцу за яго катаржную працу, акрамя жадання забыцца хоць на час! Так, катаржная праца, катаржнае жыццё і ніякага выйсця з яго няма. Тут паняволі закурыш! Курэнне опію разам з марфінізмам, какаінізмам і інш., вельмі хутка распаўсюджваецца сярод белага амерыканскага насельніцтва не толькі ў Каліфорніі, але і па ўсёй тэрыторыі Штатаў. У адным Сан-Францыска паводле справаздачы мытні на працягу 8 гадоў выгружана 500,000 фунтаў опію, а за першыя 6 месяцаў апошняга года 50,000. А колькі яго ўвезена было мінаючы мытні, пра гэта няма чаго і гаварыць; як кантрабанда гэтым прадуктам расцвітае. Ёй жывуць не адны кітайскія кампаніі, а і значная частка палітыканаў Каліфорніі.

Ужо з-за аднаго гэтага варта было б не толькі перапыніць кітайскую іміграцыю, але і пастарацца выдаліць ужо вывезеных кулі. Гэтага захаду патрабуе настойліва грамадская думка штата. І законы, якія забараняюць увоз кітайцаў, фабрыкуюцца штогод, але амерыканскай і асабліва каліфорнскай плутакратыі патрэбнае рабочае быдла. Без кітайскай канкурэнцыі белы рабочы заспяваў бы бадай іншую песню. Таму гэтыя законы спасцігае агульны лёс усіх законаў, якія сутыкаюцца з інтарэсамі капіталу, - яны або зусім не прыводзяцца ў выкананне, або абыходзяцца. Апошняе дасягаецца лёгка пры дапамозе цалкам залежнай ад іх судова-адміністрацыйнай машыны. Адным за звычайных спосабаў служыць habeas corpus, г. зн. права кожнага грамадзяніна (за выключэннем некаторых крымінальных абвінавачванняў) на свабоду ад папярэдняга зняволення, калі ён прадставіць паручыцельства. У Сан-Францыска гэта іранічна называюць фабрыкай habeas corpus, таму што суддзі сотнямі адпускаюць на свабоду кітайскіх кулі, што прыбылі, на падставе іх беспадстаўных прэтэнзій на грамадзянства, прэтэнзій, беспадстаўнасць якіх выяўляецца толькі на судзе, куды абвінавачаны звычайна нават не з'яўляецца. Што тычыцца паручыцельства, дык яно таксама заўсёды фіктыўнае і ўрэшце выходзіць, што спагнаць яго няма з каго, а кітаец гуляе на свабодзе.

Як і ў Сан-Францыска, у Сакрамента значная частка прамысловых і гандлёвых аперацый сканцэнтравана ў руках яўрэяў. Сан-Францыска ў вялікія яўрэйскія святочныя дні зусім нагадвае нашы заходнія населеныя яўрэямі гарады. У Сакрамента ж фірма Любіна і Вайнштока строіць з сябе штосьці падобнае да праславутага Каніфершуала [12]. Нельга прайсці па вуліцы, каб не ўбачыць гэта імя дзясяткі разоў. Яно ўпрыгожвае ўсе вагоны конна-жалезнай дарогі, многія аптовыя склады і магазіны, банкі і пазямельныя канторы. Паны Вайншток і Любін - выхадцы з польскіх губерняў, цяпер зоркі першай велічыні ў Каліфорніі. Горад і графства Сакрамента ёсць толькі феадальныя іх уладанні. Не толькі ўвесь аптовы і банкавы гандаль, але і велізарныя ўчасткі пазямельнай уласнасці перайшлі ў іх рукі. У апошні час у паралель барону Гіршу яны арганізавалі на гэтых участках яўрэйскую земляробчую калонію. Наколькі я мог зразумець, патрыятычныя і філантрапічныя пачуцці ў гэтым дзіўным плане як нельга лепш узгоднены са здаровым сэнсам амерыканскага дзелавога чалавека. Яўрэй-эмігрант атрымлівае кавалак зямлі, дом, земляробчыя прылады, быдла і нават ежу да першага жніва. Участак хоць і пераводзіцца на яго імя, але знаходзіцца ў закладзе ў паноў Любіна і Вайнштока да таго часу, калі пасяленец выплаціць яго кошт і ўвесь затрачаны на яго капітал з памяркоўнымі працэнтамі. А не выплаціць - участак вяртаецца да першапачатковага ўласніка, а пасяленцу пакідаецца права шукаць для сваіх рук больш выгаднага прыкладання. Пачым даецца зямля ўладальніку і пачым ён прадае яе каланістам, гэта ведае ён адзін. Нам, рускім, безумоўна, варта ганарыцца такімі людзьмі, што нарадзіліся пад адным з намі небам.

V

Дарога ад Сан-Францыска да Сакрамента складае частку вялікай Ціхаакіянскай дарогі, і таму цягнікі рухаюцца па ёй са значнай хуткасцю. Затое пабочная лінія, якой нам прыйшлося ехаць далей да Placervill'я, нікуды не вартая. Не кажучы ўжо пра тое, што па гэтай лініі адпраўляецца толькі адзін цягнік у дзень, якога прыходзіцца чакаць у Сакрамента цэлых 3 гадзіны, сама лінія наdстолькі дрэнная, што вагоны на ёй трасуцца і хістаюцца як на бруку. Ехаць са звычайнай хуткасцю па такой дарозе немагчыма, і таму цягнік робіць толькі 10 міль, г. зн. 15 вёрстаў у гадзіну. Невялікую адлегласць у 55 міль (каля 80 вёрстаў) да Placervill'я ён праходзіць толькі за 5 гадзін з лішкам. Вагоны брудныя, нязручныя, цёмныя, відавочна, пераробленыя са старых, прызначаных для перавозкі быдла. Гэта бакавая лінія пакідае ранейшы паўночна-ўсходні напрамак і паварочвае прама на захад перпендыкулярна ў кірунку Сьера-Невадскага ланцуга. Маруднасць руху дала нам магчымасць лепш разгледзець навакольную мясцовасць. Ланцуг Сьера-Невады мае тую асаблівасць, што, нягледзячы на значную вышыню, не робіць адпаведнага ўражання, калі да яго набліжаешся. Залежыць гэта ад паступовага ўзняцця паверхні. Як мы ні глядзелі з самага Сан-Францыска, ніякіх не толькі снежных, але і проста колькі-небудзь значных вяршынь не бачылі. Не бачылі і асабліва маляўнічых ландшафтаў. Пад'язджаючы да Placervill'я, размешчанага каля самога падножжа, я не без здзіўлення пытаўся, дзе ж, нарэшце, гэта праславутая Sierra Nevada, з гучнай назвай якой (снежныя зубцы) з гімназічнай лаўкі звязвалася столькі паэтычнага і маляўнічага. Усё, што мы бачылі на прасторы гэтых 55 міль, была ўзгорыстая мясцовасць, даволі дзікая і маланаселеная. На ўсім шляху толькі адно паселішча Folsom City [13] на 1200 чалавек жыхароў. Дзе-нідзе самотная ферма або група кітайскіх хлявоў, затое вельмі часта трапляюцца пашматаныя і разверненыя ўзгоркі чырвонай гліны, якія наводзяць маркоту і сведчаць пра залатую гарачку, што калісьці кіпела тут, сям-там яшчэ капаецца некалькі кітайцаў у сваіх сініх блузах, лічачы за лепшае зарабляць той жа долар у дзень без сваіх кампаній. Амерыканскі золаташукальнік знаходзіць нявыгадным працаваць у месцах, якія прыносяць менш за 3 долары. Калісьці ўся гэтая мясцовасць была пакрытая раскошнымі лясамі, але ад іх цяпер і пнёў не засталося. Расліннасць убогая: пустазелле ды дзікі хмызняк. Увогуле, мясцовасць стварае ўражанне нядаўняга поля бітвы, дзе артылерыя, што пранеслася, паставіла ўсё дагары нагамі.

На станцыю Placerville мы прыбылі ўжо прыцемкамі. Адлегласць у паўвярсты да горада праехалі на рамізніку, які высадзіў нас у гатэлі пані Кінэ. Гэты гатэль быў мне рэкамендаваны адным рускім суайчыннікам, які нядаўна адправіўся ў гэтыя мясціны, пакінуўшы ў Сан-Францыска сваю маладую жонку, якая не ведала, як і ён сам, ні слова па-англійску. Жонка хутка мусіла паехаць следам за ім, і ў лісце да яе ён даў ёй падрабязную інструкцыю, як ехаць. У інструкцыі гэтай між іншым гаварылася:

" - Калі прыедзеш на станцыю Placerville, далей якой цягнік не ідзе, скажы рамізніку: - Да пані Кінэ! Ён прывязе цябе ў гасцініцу, гаспадыня пасадзіць цябе за стол і спытае:

- Чаго жадаеце, барановых катлетак ці кілбасак? - А ты скажы: Кілбасак, Madame Кінэ, кілбасак".

Чытаючы гэты ліст, мы міжвольна запомнілі інструкцыю і прытрымліваючыся яе дакладна апынуліся ў пані Кінэ, бабулькі нямецкага паходжання, якая пасялілася ў гэтым мястэчку пры самым яго заснаванні, перажыла ўсю яго векапомную гісторыю і засталася яму вернай нягледзячы на ўсе зменлівасці свайго і яго лёсу.

Гатэль пані Кінэ даволі ўбогі. Змяшчаецца ён у драўлянай старэнькай крывой хатцы на курыных ножках, з якіх у тыя часы складалася, верагодна, усё мястэчка "Шыбеніца" (Hangtown) - ранейшае імя гэтага паселішча, пераробленае пазней у больш прыстойнае: Placerville (Горад залатых россыпаў). Дамок двухпавярховы. Увесь першы паверх, размешчаны прама на зямлі, заняты адным вялікім пакоем з нізкай столлю, які вельмі нагадвае нашы скляпкі, дзе рабочы народ забаўляецца "распівачна і на вынас". Налева піцейны прылавак, за ім паліцы, пакрытыя графінамі і бутэлькамі, а паміж прылаўкам і імі змяшчаецца сама маленькая і пухленькая, лагодная і гаваркая пані Кінэ. Далей за прылаўкам з таго ж боку бачны крыты ход на другі паверх, а справа адзін за другім уздоўж пакоя стаяць два вялікіх даўгіх сталы, пакрытыя убогімі ж і старэнькімі, як сама гаспадыня, але чысценькімі сервізамі. Нягледзячы на беднасць і прастату, уся ўстанова мае ахайны выгляд.

Бабулька прыняла нас вельмі гасцінна, зусім не па-амерыканску, і, даўшы магчымасць прывесці наш туалет у некаторы парадак, адразу ж пасадзіла за адзін з вялікіх сталоў і пачаставала сваімі кілбаскамі і ўсім, што Бог паслаў. За ўвесь час вячэры яна не пераставала займаць нас сваімі цікавымі расказамі пра залатыя часы, уваскрашаючы ў памяці паўзабытыя брэт-гартаўскія сцэны. Усё ж гэта адбывалася або тут у гэтым самым "доме", на вачах у гэтай самай кабеты, тады яшчэ маладой і прыгожай; або ў блізкім суседстве. Хто ведае, ці не з яе пісаны некаторыя гераіні; ва ўсякім разе не можа быць, каб пры яе прыгажосці, якая яшчэ захавалася, нягледзячы на ўзрост, яна не была тады ўдзельніцай многіх кур'ёзаў і можа быць міжвольнай віноўніцай не аднаго злачынства. Сціпласць утрымлівала нас ад роспытаў у гэтым кірунку.

Заспакоіўшы голад, мы былі паведзены па лесвіцы, прыступкі якой жаласна пішчалі пад нагамі, на верхні паверх, які складаўся з вузенькага калідорчыка, на які выходзіла некалькі дзвярэй, раздзеленых перагародкамі малюсенькіх спальняў. Сцены адведзенай нам каморкі былі абіты, відаць, вельмі даўно, белым палатном, верагодна, з мэтай накіраваць ваду, што працякала праз дах, куды-небудзь апрача галоў гасцей, што заснулі. Палатно гэта цяпер пажаўцела, вісела пухірамі і размалявалася лужынамі і ручаямі воды, што працякала па ім. Падлога аказалася ўстроеная на прынцыпе ці то барабана, ці то мікрафона, бо самы асцярожны крок, самы нязначны рух выклікае штосьці падобнае да лагернай трывогі. Можна было падумаць, што пабудова ўзведзена спецыяльна для медыцынскіх паказаў. Яшчэ больш цікавыя былі пасцелі. Яны не толькі жаласна крахталі і вішчалі пры кожным павароце, але, што горш за ўсё, матрацы, што пакрывалі, нагадвалі Сьеру-Неваду ў мініяцюры з яе вяршынямі, ярамі і далінамі. Нельга не спыніцца на гэтых падрабязнасцях, бо гатэль пані Кінэ ёсць свайго роду гістарычны помнік, рэліквія старых часоў. Авантурысты-піянеры, што разбагацелі, якія патранавалі яго ў час залатой гарачкі, былі занадта непатрабавальныя ў адносінах камфорту; а потым, калі міны вычарпалі, справы мястэчка пайшлі адразу настолькі кепска, што рамантавацца стала і не з чаго і не для каго.

Усю раніцу наступнага дня мой спадарожнік і я прысвяцілі агляду горада і вызваленню нашага багажу з кіпцюроў Wells & Fargo [14] - кампаніі экспрэса. Нашы рускія ўяўленні пра "Экспрэс" даволі цьмяныя, таму што не толькі ў Расіі, але і ў блізкіх нашых суседзяў мы не знаходзім нічога падобнага, а між тым у Амерыцы яна адыгрывае занадта прыкметную сацыяльную ролю, каб яго можна было б абысці маўчаннем. Перш за ўсё экспрэсам называецца ламавік. Такіх экспрэсаў, вядома, тысячы ў кожным горадзе. Часам гэтыя беднякі, што займаюцца перавозкай грузаў і багажу на свой асабісты страх. Часцей гэта невялікія прадпрымальнікі або кампаніі, якія трымаюць больш ці менш калёс і коней. Далей гэтага ў Расіі арганізацыя гэтага промыслу не пайшла, калі не лічыць так зв. транспартных кантор. Іншая справа ў Амерыцы. Тут пад іменем "кампаній экспрэса" арганізаваліся спецыяльныя прадпрыемствы, якія злучылі ў сваіх руках транспартную, банкавую і паштовую справу ў памерах, даступных для дзяржавы. Пры параўнальна малым развіцці прынцыпу дзяржаўнасці ўвогуле і дзяржаўнай гаспадаркі ў асаблівасці, нішто не перашкодзіла гэтым кампаніям манапалізаваць такія важныя эканамічныя артыкулы, як перамяшчэнне пасылак, багажу, паклажы і ўсякіх тавараў, а часткова пісьмаў і грошай. Яны здолелі зрабіцца настолькі неабходнымі, што з імі даводзіцца лічыцца, хочаш не хочаш, на кожным кроку. Трэба вам перавезці ваш багаж з аднаго месца ў іншае ў Расіі, Еўропе, вы бераце рамізніка, а ў Амерыцы даводзіцца тэлефаніраваць экспрэсу, таму што рамізнік занадта дарагі. У Сан-Францыска ён бярэ $2 ½ (5 рублёў) у канец і $5 (10 рублёў) у гадзіну. Рамізнік наймаецца толькі на пахаванні, вяселлі і ў падобных экстранных выпадках. Вядома, можна выйсці на вуліцу і пашукаць ламавіка, які зробіць тую ж паслугу за $1 (2 рублі), але гэта таксама дорага, калі багажу мала, і зразумела, бо яму прыходзіцца везці толькі вашы рэчы і менш узяць ён не можа. Ды акрамя таго, гэта клапотна, значна прасцей і лягчэй тэлефаніраваць кампаніі экспрэса, якая ўстроіць вам усё гэта па 25 c (50 к) - 50 c (1 рубель) за штуку багажу: гледзячы па велічыні. Трэба вам адправіць вашы рэчы ў іншы горад не толькі ў Штатах, але і за мяжу, зноў жа прасцей за ўсё тэлефаніраваць экспрэсу, каб не цягнуцца за рамізнікам, а з ім на вакзал або на прыстань, дзе прыйдзецца доўга чакаць і страціць, магчыма, цэлы дзень. Ды прытым у чыгуначных кампаній свае пагадненні з кампаніяй экспрэса, заснаваныя на ўзаемных саступках і паслугах. Калі, напрыклад, здарыцца, што вы прывезяце для здачы ў багаж або таварам скрыню з правізіяй, то чыгунка яго не прыме, а накіруе вас да той жа кампаніі экспрэса, якая прыме ўсё. Трэба вам адправіць пасылку ў горад або ў Штатах або за граніцу, калі вы з'явіцеся на пошту, то яна адмовіцца прыняць яе ў 3-х выпадках з чатырох, таму што або вага або памеры пасылкі або яе ўпакоўкі акажуцца неадпаведнымі паштоваму рэгламенту. Запрасіце экспрэса, ён прыйдзе да вас на дом і прыме ўсе што хочаце куды хочаце. Калі трэба адправіць важны ліст, адносна якога вы баіцеся, каб змесціва яго як-небудзь не зрабілася вядомым цікаўнаму паштоваму чыноўніку або вашаму гандлёваму канкурэнту, зноў жа трэба яго ўручыць экспрэсу, які напэўна яго даставіць і захавае ў таямніцы ваш сакрэт. Тое ж з грашыма, яны будуць уручаны хутчэй, чым праз банк або па пошце, каму хочаце і дзе хочаце. І ўсё гэта без усякіх доўгіх і сумных фармальнасцей. Агент, які наведаў вас, выдасць вам распіску на кавалачку паперы, і больш вам няма пра што клапаціцца. Усё робіцца неймаверна проста, хутка і дакладна. Як відаць, залатая ўстанова, якой нельга не пазайздросціць. Насамрэч гэта не так. У той час, калі было шмат кампаній, што канкурыруюць, мабыць, яно так і было, але цяпер гэта справа, як і ўсякая іншая прыбытковая справа, практычна апынулася ў руках адной вялізнай кампаніі, якая праўдай і няпраўдай забіла ўсіх сваіх канкурэнтаў і карыстаецца сваёй манаполіяй самым бессаромных чынам. Шматгадовая спрактыкаванасць, падбор вопытных і выпрабаваных служачых і, галоўнае, грандыёзны ўкладзены ў прадпрыемства капітал робяць новую канкурэнцыю практычна немагчымай. Ды і які толк у канкурэнцыі! У самы кароткі прамежак часу, калі б знайшліся людзі, якія згадзіліся выдаткаваць на паралельнае прадпрыемства новыя мільёны, старая кампанія або пабіла б іх зніжэннем цэн, сваімі трывалымі, усталяванымі сувязямі з чыгункамі, параходамі, сваёй вопытнасцю і г.д. або, калі б гэта аказалася немагчымым, ела б іх або праглынула ў адной яшчэ больш шырокай па сваіх памерах справе, утварыўшы так званую "Trust", г. зн. гандлёва-прамысловую камбінацыю. Бо амаль кожная галіна вытворчасці або гандлю ў Штатах ужо прыняла гэту форму і практычна складае манаполію. Высокі пратэкцыянісцкі тарыф, які робіць немагчымым загранічную канкурэнцыю, даў у гэтым кірунку асабліва моцны штуршок. Апрача галін вытворчасці, у якіх Штаты бяспечныя ад загранічнай канкурэнцыі па глебавых, кліматычных і іншых натуральных мясцовых умовах, налічваюць каля 100 галін вытворчасці, у якіх гэтыя Trusts узніклі выключна дзякуючы штучнаму пратэкцыянізму тарыфу. Для кур'ёзу яго спіс: каменнавугальная камбінацыя, камбінацыя вострых жалезных інструментаў, дроту для агароджы, бісквітная, вінтавая і гаечная, кіпяцільнікавая, шавецка-чаравічны, камбінацыя вытворчасці бураксу, мётлаў, шчотак, гузікаў, электрычных свечак, патронаў, рыцынавага алею, цэлулоіду, папярос, згушчанага малака, медна-зліткавая, медна-ліставая, вяровачная, пасудная, папярова-прадзільная, баваўнянага алею, папяровых нітак, электрычных апаратаў, канвертная, шкляная, вілаў і лапат, фруктовых кансерваў, гальванізаванага жалеза, пальчатачная, земляробчых барон, касілак, дзвярных завес, зацвярдзелых валокнаў, свінцовая, падэшвенная, вапнавая, ільнянога алею, літаграфная, лакаматываў, мармуровая, запалкавая, саф'янавая, аўсянай мукі, цыратная, папяровых мяхоў, смаляная, люстравая, кішэнных нажоў, пораху, кансерваў, дрэвавай клятчаткі, рысавая, гумовая, грашовых мяхоў, саляная, пясчанікавая, санітарных тавараў, пясочнай паперы, рамавая, піл, школьных кніг, школьнай мэблі, сцёкавых труб, дробу, мясных шпілек, ліцейная, ручак для інструментаў, мыльная, апаратаў содавай вады, губак, крухмалу, стальная, рэйкавая, пячная, цыновачная, будаўнічай сталі, цукровая, варсавальных булавешак, ліставога волава, надмагільных камянёў, куфравая, металічных труб, друкарскага шрыфту, парасонавая, паравых печаў, шпалерная, гадзіннікавая, колавая, пуг і бізуноў, аконнага шкла, дроту, драўляных вінтоў, шарсцяных капелюшоў, абгортачнай паперы, жоўтага ялею.

І гэта толькі сотня прыкладаў, прыведзеных членам кангрэса Дэвіт-Уорнерам [15] з процьмы камбінацый, якія ўзніклі з прычыны пратэкцыянісцкага тарыфу і класавага заканадаўства. Па сутнасці, можна сказаць, што літаральна ўсякая вытворчасць у Штатах ужо зрабілася прадметам манаполіі, дзякуючы ці то тарыфу, ці то натуральным умовам. Мэта ўсіх гэтых камбінацый траякая: 1) скарачэнне вытворчасці. Большасці заводаў камбінацыя проста выплачвае ўсю суму іх гадавога барышу з умовай, каб яна закрыла свае фабрыкі або скараціла вытворчасць да пэўных памераў. 2) спагнанне са спажыўцоў такіх цэн за тавары, якія яны толькі ў стане заплаціць (all the traffic can bear) і ўжо ні ў якім выпадку не менш памераў пратэкцыянісцкага тарыфу, г. зн. ад 25% да 200 і 300%. 3) зніжэнне заработнай платы.

Што тычыцца сродкаў да знішчэння канкурэнтаў і прымушэння іх уступіць у камбінацыю, то манапалісты ў гэтых адносінах не абмяжоўваюцца ні боскімі, ні чалавечымі законамі. Тут усё пускаецца ў ход, пачынаючы з усялякага роду камерцыйных, біржавых і фінансавых падвохаў з мэтай разарыць і знішчыць упартага праціўніка да падпалу і ўзрыву дынамітам яго фабрыкі. Яшчэ нядаўна на судзе разглядалася справа магутнай гарэлачнай камбінацыі, якая падкупіла людзей для спалення і ўзрыву аднаго ўпартага і незалежнага завода. Апошнія былі злоўлены з растворамі фосфару ў сярністым вугляродзе і пякельнымі дынамітнымі машынамі на месцы злачынства.

Што значаць гэтыя камбінацыі для спажыўца і вытворцы-рабочага лепш усяго паказаць наглядна. Возьмем для прыкладу каменнавугальную камбінацыю. У шостай афіцыйнай гадавой справаздачы ўрадавага агента ў галіне працы (Labor Commissioner) вашынгтонскаму ўраду ёсць шмат у вышэйшай ступені цікавых фактаў. Каменнавугальныя карпарацыі далі доступ гэтаму агенту да сваіх рахунковых кніг толькі пад умовай, што ў сваіх афіцыйных справаздачах пра гэтую вытворчасць ён не будзе называць асобных кампаній і капальняў, а будзе абазначаць іх лічбамі. Ён стрымаў слова і ў яго справаздачы значацца па нумарах 147 каменнавугальных прадпрыемстваў у Штатах і некалькі за граніцай. У выніку яго даследаванняў аказваецца, што з выплатай рабочым і адміністрацыі, з уключэннем рэнты, працэнтаў на капітал, страхаванне, псаванне машын і будынкаў, адным словам, з уключэннем усіх магчымых звязаных з вытворчасцю выдаткаў кошт адной тоны (200 англійскіх фунтаў) каменнага вугалю ў Злучаных Штатах роўны 92 цэнтам. Паводле справаздачы чыгунак, сярэдні кошт перавозкі і дастаўкі вугалю спажыўцу роўны 98 цэнтам, так што дастаўлены да дзвярэй спажыўца вугаль у сярэднім каштуе 1 долар 90 цэнтаў, між тым як сярэдняя цана, сапраўды заплачаная спажыўцом за тону, паводле той жа справаздачы, роўная 5 д. 50 ц., так што сярэдні барыш манапалістаў складае 3 д. 60 ц., г. зн. каля 190 %. Што тычыцца ўласна рабочай платы, то ў сярэднім для Штатаў яна раўняецца 60 цэнтам за тону. Капальні N 9 паводле справаздачы плацяць 95 цэнтаў (maximum зарабатная плата), а N 31 толькі 20 цэнтаў (minimum). У N 9 рабочы вымае ў сярэднім 13 тон ў тыдзень, што складае (пры ўмове сталай работы!) $12 c35 у тыдзень. Працуе ён 1400 футаў пад зямлёй і з гэтай заработнай платы павінен яшчэ сам плаціць за сваё лямпавае масла, порах і кавалю ды папраўку інструментаў. У N 31 рабочы вымае у сярэднім 60 тон у тыдзень, працуючы 9000 футаў пад паверхняў зямлі. Вугаль прапускаецца праз сіта і рабочыя нічога не атрымліваюць за дробны парашок, які праходзіць сіта. Што не перашкаджае капальням N 9 збываць гэты парашок на $19,000 у год, а N 31 на $1750. У капальнях N 40 рабочы можа выняць толькі 11 тон у тыдзень. Гэта самая меншая колькасць прадукту, што выпрацоўваецца ў капальнях Штатаў адным чалавекам. Работа тут ідзе 2000 футаў пад паверхняй зямлі. Апошнія гады ўся колькасць вугалю ў гэтых капальнях было 28,000 тон і парашок быў прададзены за $6000. Гэтыя капальні плацяць рабочаму 75 цэнтаў за тону, што складае $8,25 ў тыдзень пры сталай рабоце. Рабочаму каштуе 11 цэнтаў у тыдзень папраўка інструментаў, 20 цэнтаў масла і 70 цэнтаў порах, што пакідае яму чыстага заробку $7,25 у тыдзень. У сярэднім рабочыя маюць работу толькі 5 дзён у тыдзень, што зводзіць іх сапраўдную рабочую плату на $5. А паколькі за гэтыя $5 рабочы можа набыць пры дарагоўлі прадуктаў не больш чым у Англіі за 5 шылінгаў або ў Германіі за 5 марак, то чытачу зробіцца ясным, да чаго ўласна кажучы зводзіцца праславуты пратэкцыянізм працы (!), якім прыкрываюцца амерыканскія капіталісты. Не шкодзіць для параўнання заўважыць, што паводле той жа афіцыйнай справаздачы сярэдняя вартасць каменнавугальнай вытворчасці ў Злучаных Штатах - $0,92, у Канадзе - 1,4, у Англіі 1,15, а ўвогуле сярэдняя на ўсім еўрапейскім кантыненце - 0,72 за тону.

А між тым каменнавугальныя каралі яшчэ незадаволеныя і патрабуюць павышэння тарыфу на вугаль. Такім чынам, усе вытворчасці і промыслы ў Штатах складаюць манаполіі нямногіх капіталістаў, іх кампаній або камбінацый і свабоднаму грамадзяніну прыходзіцца цяжка расплачвацца і як вытворцу і як спажыўцу. Па кожнай галіне ёсць свой кароль, ад самавольства якога залежыць усе. Ёсць каралі цукровыя (Spreckles [16]), чыгуначныя (Jay Gould [17], Stanford), газавыя, тэлеграфныя, сталеліцейныя (Carnegie [18]) і інш., адным словам, сапраўдны феадальны парадак. Нашы рускія хлебапрамыслоўцы, цукразаводчыкі і нафтапрамыслоўцы, зрэшты, ужо далі рускаму грамадству некаторы ўрок у гэтых адносінах. Іх камбінацыі ўяўляюць у малых памерах тое, што ў Штатах ўчыняецца ў вялікіх.

Wells & Fargo - каралі экспрэса. Яны маюць канторы не толькі ў кожным колькі-небудзь значным паселішчы Штатаў, але і за мяжой, як дзве кроплі вады вялікая дзяржава. Не дай Бог трапіць ім ў рукі (а трапляць прыходзіцца воляй-няволяй ледзь не кожны дзень), абдзяруць як ліпку. Аднойчы мне здарылася пераслаць праз іх рукапісны сшытак у Еўропу. За перасылку я заплаціў $5 (10 рублёў). У дадзеным выпадку за скрыню з правізіяй (чыгунка не прымае ў багаж) кошт у некалькі долараў з нас узялі ў Placervill'і за правоз з Сан-Францыска $3.75, г. зн. каля 50 % ad valorem за параўнальна нязначную адлегласць. Атрымліваць з Еўропы якія б там ні былі паштовыя пасылкі - гэта проста гора. Замежная пошта, даставіўшы ў New York, здае іх у мытню. У мытні ўся механіка так арганізавана, што атрымаць яе самому адрасату немагчыма. Трэба наняць спецыяльна мытнага фактара (broker), нават калі б адрасат быў сам у Нью-Ёрку. Калі ж ён жыве ў якім-небудзь іншым горадзе, то фактар знаходзіцца сам сабой і паведамляе вам, што вось, маўляў, ён для вас аббудаваў справу з пасылкай, і дадае свой рахунак, які далёка перавышае кошт самога прадмета. Але гэтага мала. Ён здае пасылку Well's Fargo, і тыя абдзіраюць вас яшчэ раз жорстка. У большасці выпадкаў, чым плаціць высокую мытную пошліну, рахунак фактара і экспрэса, значна больш разумна зусім адмовіцца ад вашай уласнасці, што я не раз і рабіў.

VI

Placerville - маленькі гарадок у 2 ½ тысячы жыхароў, размешчаны падобна да нашай рускай вёскі адной вуліцай на дне невялікага яра. Па адных баках вуліцы ўскорасці ззаду дамоў цягнецца бесперапынны рад узгоркаў, якія нагадваюць берагі яра, пакрытыя зялёным лесам, дзе хвойныя і ліставыя пароды перамешаны напалову. Гэтыя ўзгоркі, а таксама фруктовыя сады ў квецені, у якіх тонуць маленькія драўляныя катэджы, надаюць гораду, асабліва ў гэтую летнюю сонечную раніцу, даволі прыемны, маляўнічы і фатаўскі выгляд. У цэнтры вуліцы, зрэшты, змяшчаецца непазбежны гандлёвы квартал з некалькімі крамамі і шынкамі, якія змяшчаюцца пад звычайнымі драўлянымі навесамі. Ёсць і некалькі невялікіх каменных пабудоў. Вось і ўсё, што можа пра яго сказаць без празмернасці, затое ў адной з мноства брашур, выдадзеных каліфорнскімі капіталістамі ў інтарэсах прыцягнення эмігрантаў, пра яго гаворыцца так:

"Placerville, сталіца графства, знаходзіцца пад 38°43' пн. ш. і 120°47' [з. д.] і на 1800 футаў над узроўнем мора. Насельніцтва налічваецца 3000. Яго грамадства, клімат, цудоўныя школьныя будынкі, зручнасці дамашняга жыцця і масіўныя гандлёвыя кварталы складаюць сталыя тэмы для мясцовых пісьменнікаў. Горад зручна размешчаны каля цэнтра графства, тут змяшчаюцца будынкі суда, вялізнага шпіталя і ўзорнай фермы. Тут маюць рэзідэнцыю ўсе чыноўнікі графства. Ліцейны і машынны завод гэтага горада добра вядомы сваімі цудоўнымі творамі па ўсёй правінцыі. Усе машыны, што выкарыстоўваюцца пры капанні Вялікага тунэля на поўнач ад горада, у якой работы пасоўваюцца з такой незвычайнай хуткасцю, выйшлі з гэтага завода. Завод кіруецца панам Вільямам Морэй, ліцейшчыкам і машыністам з 30-гадовым вопытам. Placerville надзелены двума вялікімі школьнымі будынкамі, першакласнай Акадэміяй (верагодна, штосьці аналагічнае Шмаргонскай [19] акадэміі ў нашым Заходнім краі, дзе атрымліваюць адукацыю мядзведзі. - Заўвага Руселя) і чатырма цудоўнымі цэрквамі. Гандлёвы квартал сумяшчае ў сабе ўсе рамёствы і прафесіі, вядомыя дзейным гарадскім абшчынам. Навакольная мясцовасць мае вельмі густое насельніцтва (4 чалавекі на квадратную вярсту! - Заўвага Руселя). У чым Placerville адчувае патрэбу, гэта - завод для сушэння і кансервавання фруктаў і шэрсцепрадзільная фабрыка. Сцвярджаюць, што абодва гэтыя прадпрыемствы аплацілася б добра".

Такі звычайны тон гэтай хлусліва-рэкламнай літаратуры. На жаль, нічога гэтага мы ў Placervill'і не бачылі: ні першакласнай акадэміі, ні багатых цэркваў, школ і заводаў і калі яны сапраўды існуюць, то, мабыць, у вельмі мікраскапічных памерах.

Я думаю, што кожны наш Канатоп або Кабялякі [20] маглі б выдумаць пра сябе не менш, калі б уздумалі браць прыклад з прадпрымальных амерыканцаў.

Самае каштоўнае ў Placervill'і - гэта зямля, на якой ён пабудаваны. У гэтай зямлі шмат натуральнага і яшчэ больш рассыпанага золата. Нейкія капіталісты прапаноўваюць гораду значную суму грошай за дазвол перакапаць і прамыць яго вуліцу.

Жыхары, за выключэннем некалькіх крамнікаў-яўрэяў і амерыканцаў, часцей за ўсё старыя золаташукальнікі-няўдачнікі, якім прыйшлося махнуць рукой на золата і заняцца больш надзейным і прыбытковым садаводствам і жывёлагадоўляй. Яны вельмі прыязны, прастадушны і гаварлівы народ. Закраніце любога прахожага і ён, як француз, раскажа вам усю паднаготную свайго горада, сваіх суседзяў і сваю ўласную, так што ўрэшце вы будзеце рады падставе ад яго адчапіцца. Падарожныя тут рэдкасць, і таму наша з'яўленне на вуліцы выклікае інтэнсіўную цікаўнасць жыхароў. Праходзячы па дашчатых дрэнненькіх тратуарах, якія часам перарываюцца на цэлыя кварталы і прымушаюць лезці прама ў бруд, мы бачылі як кітаец-прачка атрымаў сваю плату за мыццё залатым пяском. Відаць, старая манета bit (г. зн. крупінка золата, роўная 12 ½ цэнтам) тут яшчэ не выйшла з моды.

У некалькіх вёрстах ад Placervill'я знаходзіцца маленькае паселішча Калома, месца, дзе было знойдзена першае каліфорнскае золата нейкім Джэмсам Маршалам. Ён пахаваны там жа, на сваім былым участку, і ўдзячныя каліфорнцы ўзвялі на яго магіле сціплы помнік.

Наш шлях, аднак, ляжаў не ў гэтым напрамку, і наведаць Калому нам не ўдалося. Агледзеўшы горад і пакінуўшы ўвесь багаж у пані Кінэ да запатрабавання, мы ўзялі на плечы стрэльбы, напоўнілі кішэні правізіяй і накіраваліся пешшу ў горы. Было гадзін 10 раніцы. Учора вечарам і ноччу ішоў дождж, а цяпер сонца ярка свяціла і прагравала з бясхмарнага неба. Дзе-нідзе яшчэ стаялі лужыны, але, дзякуючы значнай пакатасці дарогі, бруд не вельмі перашкаджаў нашаму падарожжу. Нам трэба было зрабіць каля 25 вёрстаў, і мы добра крочылі па чырвонай гліне, пераскокваючы ручаі, што сустракаліся, і адчуваючы сябе як, відаць, адчувае конь, калі знімуць з яго вупраж і выпусцяць у поле на вольную волю. Як хочаце, але гарадское жыццё з усімі выгодамі цывілізацыі ёсць свайго роду цягло ў цяжкай вупражы, развязацца з якім, прынамсі часова, вельмі і вельмі прыемна. Асабліва справядліва гэта для Сан-Францыска, дзе жыццё абсалютна не дае ніякага духоўнага задавальнення, дзе можна пражыць гады, не сустрэўшы ніводнага чалавека, які б цікавіўся чымсьці акрамя цаны на мыла, якое фабрыкуецца ім. Дапусцім, мыла карысны прадукт, але мыла ў роце, у носе, у вушах, мыла за каўняром і ў самой душы, мыла ўсюды - згадзіцеся! - справа абуральная! Адсюль, як і да Placervill'я, велічнай Сьеры-Невады вы не ўбачыце. Даволі спусцістыя, пакрытыя зялёным лесам і раздзеленыя ярамі плоскасці - вось і ўся панарама. Дарога экіпажная, камяністая, абыходзіць равы вялікімі зігзагамі, перабіраючыся з адной плоскасці на другую. На ўсёй 25-верставой адлегласці 5-6 ізаляваных фермерскіх дамкоў. У адным месцы, самым маляўнічым, вісячы мост перакінуты праз глыбокі каменны яр, па якім, пераскокваючы са скалы на скалу, пенячыся і бушуючы, імчыць магутны горны паток - паўднёвы прыток Амерыканскай ракі (South Fork of American River), што ўпадае ў Сакрамента. Каля самага берагу прыгожы, нанова пафарбаваны і абгароджаны плотам фермерскі дамок, з 160 акрамі (53 дзесяцінамі) зямлі, нядаўна купленай яе цяперашнім уладальнікам за $1000.

Дарога з малымі перапынкамі цягнецца лесам, спачатку дробным, ліставым, а потым буйным будаўнічым, дзе хвойныя ўсе больш і больш пераважаюць. Гэты лес пакрывае велізарныя прасторы і яшчэ вельмі мала эксплуатуецца, дзякуючы адсутнасці зручных для гэтага шляхоў зносін. Зрэшты, багатыя кампаніі ўжо палажылі сваю руку на значную яго частку, скупляючы дзяржаўныя, прызначаныя для пасяленцаў землі праз падстаўных агентаў і прыступілі ўжо да будаўніцтва чыгункі і гідраўлічных прыстасаванняў для сплаву. Амерыканцы, як і мы, рускія, абыходзяцца са сваімі лясамі па-драпежніцку, і, калі гэтага роду гаспадарцы не будзе пакладзены канец, нас чакаюць тыя ж сумныя вынікі: абмяленне рэк, засухі і інш. Лес у вялікай колькасці дастаўляецца морам са штата Вашынгтон, а ў Сьера-Невадзе да гэтай пары ён эксплуатуецца толькі саматужным чынам, беднымі людзьмі, якія не знаходзяць больш выгаднай працы. Выбраўшы падыходзячае дрэва, яго звальваюць і вырабляюць з яго гонту, кошт якой на месцы 5 долараў за вялікі воз, а за той жа воз, дастаўлены ў Placerville плацяць $10. Беднякі, што займаюцца гэтым, зарабляюць па $2 ½ у дзень, чалавек жа з парай коней і павозка можа зрабіць $5 у дзень. Фермеры ў зімовыя дні, калі на ферме няма чаго рабіць, таксама не грэбуюць гэтым заробкам. Выраб гонты і прамыванне пяску ў ярах - пастаянная і надзейная падтрымка ў цяжкія дні для кожнага жадаючага працаваць. Дзе-нідзе ёсць невялікія лесапільні. Некаторыя жыхары заняты сплаўкай разрэзанага на кавалкі лесу ўніз па цячэнні Амерыканскай ракі - справа даволі небяспечная, бо шалёны паток нярэдка зносіць і разбівае смельчакоў аб скалы.

Гэты лес быў для мяне самым цікавым прадметам усю дарогу. Нарадзіўшыся і вырасшы сярод лясоў Расіі, ведаючы ўсе рускія віды і роды яго з дзяцінства, дзіўна і цікава апынуцца ў лесе, дзе ўсё новае і чужое, дзе на кожным кроку новы сюрпрыз, пра імя і ўласцівасці якога можна толькі здагадвацца. Некалькі галоў таму назад, прагульваючыся па навакольнай мясцовасці Нью-Ёрка, я быў здзіўлены багатай разнастайнасцю ліставых парод, зусім мне невядомых. Тут у Сьеры-Невадзе новая спецыяльная флора, што мае з флорай усходніх штатаў вельмі мала агульнага. Я ўжо прыгадваў каліфорнскі дуб (Quercus сhrysolepis [21]) у далінах. Тут ён часта сустракаецца, але акрамя яго ёсць яшчэ 5-6 відаў дуба, вельмі мала падобных адзін на аднаго і сярод іх адзін - наш звычайны, еўрапейскі дуб, які тут называюць горным дубам. Усіх відаў дуба ў Амерыцы налічваецца да 50. Акрамя гэтых двух, вельмі распаўсюджаны ў лясах Сьеры т. зван. live oak [22] (Quercus agrifolia). З іншых ліставых парод гэтай спецыяльна-невадскай флоры асабліва спыняюць увагу два: Мадрона (Arbutus menziesii), невялікае, але вельмі прыгожае, падобнае на магнолію, дрэва з гладкай карой чырвона-цагельнага колеру, тоўстым, бліскучым лісцем і прыгожай кветкай. Плод яе - чырвоная прыдатная да яды ягада. Манзаніта (Arctostaphyos), буйны хмызняк, незвычайна прыгожы, зграбнай формай чырвона-карычневай гладкай карой і невялікім мясістым круглым бліскучым лісцем, які нагадвае хутчэй каралавыя разрастанні на дне акіяна, чым наземную расліну. Плод таксама ядомая ягада, але моцна даўкі смак. І тая і другая не губляе лісця зімой, застаючыся зялёныя круглы год. У сэнсе карыснасці ні тая, ні другая не дае нічога акрамя добрага паліва. Манзаніта дае вельмі зыркае, белае полымя, і гэтым аказвала нам за ўвесь час нашых вандраванняў вялікую паслугу. Вогнішча з сукоў манзаніты замяняе свечкі і лямпы і па сіле святла саступае толькі электрычнасці.

Што тычыцца хвойных дрэў, то іх тут такая разнастайнасць, якой я не сустракаў ні ў якой іншай краіне. Але пра іх я лічу за лепшае расказаць пазней. Са звяроў па дарозе нам трапіліся толькі некалькі вавёрак і адзін экзэмпляр плямістай смярдзючкі [23] (Mephitis mephitica), ды і за той мы не гналіся, не жадаючы напоўніцца на цэлыя месяцы яе жахлівым пахам. За шкуру гэтай знішчальніцы дамашняй птушкі графства плаціць 50 цэнтаў прэміі, за вавёрку 25 цэнтаў, а за ваўка $5 і шакала $5. - Расказваюць, што гэта заахвоціла аднаго прадпрымальнага янкі з мясцовых жыхароў штучна гадаваць ваўкоў.

У адным месцы, дзе трэба было збочыць з вялікай дарогі, якая вядзе ў мястэчка Georgetown [24], на палявую, мы не заўважылі гэты паварот і заблукалі, што высветлілася даволі позна. Прыйшлося вяртацца назад некалькі міль і, адмовіўшыся ад настрою дабрацца ў той жа вечар да мэты нашага падарожжа, заначаваць на ферме пана Дзікерсана, тым больш што зноў пачаў церушыць дожджык. Пан Дзікерсан - заможны фермер, вельмі патрыярхальны, паважнага выгляду. Яму толькі 60 на выгляд. Даўгія сівыя валасы, вялікая сівая барада, незвычайна пурытанскі стрымана-сур'ёзны выгляд і разумны пранізлівы позірк, у якім нельга не прачытаць: "дарэмна, маўляў, расказваць турбуецеся, я і так бачу, у чым справа і што вы за людзі!"

У яго вельмі шматлікая сям'я, якая складаецца з некалькіх дарослых сыноў, з якіх двое ўжо жанатыя і жывуць з жонкамі неаддзеленыя пад адным з ім дахам. Сам ён ужо не працуе, а толькі камандуе, ды і то больш позіркам. Яго асабістая праца зводзіцца да выканання нескладаных абавязкаў мясцовага паштмайстра. Два разы на тыдзень адзін з унукаў пасылаецца пешшу або вярхом у Placerville за поштай, і прывезеныя пісьмы і газеты рассылаюцца выпадкова з падарожнымі навакольным фермерам. Жывуць яны ў невялікім ужо струхлелым дамку на некалькі пакояў. Пярэдні пакой з вялізным камінам, у якім, калі мы ўвайшлі, палалі зыркім полымем вялікія калоды. Стары сядзеў перад ім у сваім крэсле, пакурваючы кароценькую люлечку, нявестка чытала кнігу, а дзеці ціхенька валтузіліся ў кутку. Па сценах віселі побач з дзвюма-трыма літаграфіямі розныя земляробчыя інструменты. Увесь пакой, абклеены старымі газетамі, выглядаў бедна, але гаспадарліва.

Дзікерсан хаця і не трымае фармальнага гатэля, але дае за плату (снеданне і абед па 25 цэнтаў, начлег таксама 25 цэнтаў) прытулак ўсім падарожным і прахожым. Даведаўшыся, што мы не вячэралі, ён паглядзеў на нявестку, што чытала, якая злажыла кнігу і хутка накрыла нам стол, што стаяў пасярэдзіне пакою, на два прыбора, бо самі гаспадары нядаўна павячэралі. Вячэра была фермерская, г. зн. складалася з нацыянальнага pork and beans, г. зн. турэцкага бобу са свінінай, а таксама варанай бульбы, белага хлеба, малака і вараных яблыкаў з вялікім кубкам чорнай кавы. Напояў ніякіх. За вячэрай гаспадар гаварыў мала, астатнія члены сям'і зусім не гаварылі. Стары абмежаваўся абдуманымі і асцярожнымі адказамі на нашы пытанні, асабліва калі мы завялі гаворку пра свабодныя казённыя ўчасткі і пра цэны на зямлю ўвогуле. Дзелавая англасаксонская халоднасць праглядвала ў кожнай яго фразе. Нам удалося, аднак, даведацца, што ён выхадзец з усходніх штатаў, што прыбыў у Каліфорнію ў час залатой гарачкі, што пасля няўдалых пошукаў золата ён палічыў за лепшае заняцца фермерствам, для чаго пасяліўся тут, у Mosquitos [25], аблюбаваўшы сабе дармовы дзяржаўны ўчастак.

Маладая нявестка, прыбраўшы са стала, узялася зноў за кнігу, а адзін з сыноў павеў нас у суседні пакой, прыбраны з прэтэнзіяй на гарадскі камфорт. Акрамя дзвюх пасцелей са свежай бялізнай і кісейнымі полагамі для абароны ад камароў, тут было люстра, некалькі карцін і фатаграфіі, паліцы з кнігамі, а на сталах і этажэрках - маса ўсякіх забавак. У ста кроках ад старога дома ўжо пабудаваны новы, значна большы і мала чым адрозны ад гарадскіх катэджаў сярэдняй рукі. Недалёка ад яго школа, якая наведваецца дзецьмі навакольных фермераў. Гэтую школу нам давялося ўбачыць пазней, і таму пра яе я раскажу пасля.

Як і ўсе фермеры тут, Дзікерсан уласна земляробствам не займаецца, г. зн. не сее збожжа. Агародніцтва і жывёлагадоўля складаюць галоўныя артыкулы даходу, і ён сам, як самы заможны на шмат міль кругом, можа служыць прыкладам, якой ступені дастатку мог на працягу аднаго жыцця прынесці працавіты, цвярозы і разумны піянер, без золата і гандлёвых спекуляцый, выключна працай рук сваіх, якому сініца ў руках даражэй за жураўля ў небе. Не ведаю абсалютна памеры цяперашняга багацця Дзікерсана, ведаю толькі, што акрамя яго ўласнага ўчастка ў 160 акраў дармавой зямлі і іншых 160 т. зван. preemtion (набытай у дзяржавы па $1.25 за акр) кожны з яго сыноў мае па суседстве такія ж участкі. Акрамя зямлі ў Дзікерсана ёсць некалькі сот галоў рагатай жывёлы і некалькі дзясяткаў коней, а таксама ірыгацыйная канава, якая складае яго ўласнасць і прыносіць ужо цяпер некаторы даход і абяцае яшчэ больш значны, калі навакольныя землі засяляцца гусцей.

VII

Ад Mosquitos дарога ідзе ўгору ўсё тым жа бясконцым лесам, паўліставым, паўхвойным, месцамі пагарэўшым, абгінаючы вялікія яры і перасякаючы невялікія горныя ручаі. Лясная цішыня перарываецца толькі зрэдку журчаннем вады ды выпадкова спалоханым дзікім голубам або вавёркай. Дробнай птушкі амаль не бачна. Так ішлі мы, насуперак разлікам, да самага сонечнага захаду, калі да задавальнення свайго адразу апынуліся на вялікай, абнесенай агароджай, лясной пакатай паляне, што зелянела, на супрацьлеглым баку якой віднеліся 2 фермерскія пабудовы. Гэта так званы Soap weed [26]. Soap weed атрымала сваю назву ад асобага мясцовага віду буйных лілей (Chlorogalum pomeridiamum), якая заканчваецца гронкай прыгожых мініяцюрных лілейных кветак і мае буйную цыбуліну; гэта цыбуліна пры трэнні з вадой дае мыльную пену. У мінулыя часы золаташукальнікі нярэдка ўжывалі яе замест мыла і з удзячнасці яе іменем ахрысцілі саму мясцовасць.

Маючы намер правесці лета ў гарах і не ведаючы, як лепш уладкавацца, тыдні за два перад ад'ездам мы змясцілі абвестку ў некаторых мясцовых газетах, выкладаючы свае патрабаванні, і ў адказ атрымалі некалькі дзясяткаў лістоў з самымі разнастайнымі прапановамі. З іх адзін быў напісаны жвавым спенсэраўскім, каліграфічным почыркам і падпісаны пані Гольдэн. У гэтым лісце яго аўтар прапаноўваў нам за вельмі памяркоўнае ўзнагароджанне стол і зручную кватэру ў невялікай сям'і на вышыні 3000 ф., у лясной, здаровай мясцовасці, багатай горнымі ручаямі, дзе можна купацца і вудзіць фарэль. Пры гэтым згадвалася пра існаванне фісгармоніі і скрыпкі ў доме, якія, як і ўсё астатняе, даваліся ў наша распараджэнне.

Па дарозе мы, вядома, не прамінулі распытаць пра аўтара і яе сям'ю. Адзін гаваркі стары ў Placervill'і даў вельмі пахвальны водзыў, які заканчваўся тым, што Гольдэны, маўляў, ніколі не з'яўляюцца ў горадзе з пустымі калёсамі, прывозячы з сабой кожны раз досыць тавару, каб заплаціць за свае пакупкі! Стары Дзікерсан меркаваў, што мы з ёй добра знаёмы, з іранічнай усмешкай толькі заўважыў, што пані Гольдэн зноў выйшла замуж. Як ні прыемна было ўсё гэта чуць, але якога-небудзь уяўлення пра сям'ю, часовымі членамі якой мы мелі намер зрабіцца, гэтыя лаканічныя водзывы нам не давалі, і мы не без цікаўнасці ўвайшлі пад яе прыстанак. Сям'я аказалася складзенай з трох або, калі хочаце, 4-х чалавек. Сапраўдны галава сям'і, піянер, золаташукальнік і фермер, пан Гольдэн, памёр некалькі гадоў таму назад, патануўшы пры сплаўцы лесу ў Амерыканскай рацэ. Гэта быў чалавек, па водзывах суседзяў, які лічыў за лепшае жыць "кемлівасцю" (by his wits) хутчэй чым працай, спрытны спекулянт, для якога ферма або фермы (акрамя Soap-weed, у даліне ў яго ёсць яшчэ адна) служылі толькі рэзідэнцыяй. Паміраючы, ён пакінуў пасля сябе старую ўдаву і дваіх сыноў. Абедзве фермы цяпер належаць старой. Адзін сын гаспадарыць у ніжняй галоўнай ферме, а другі, які толькі што ажаніўся, прыгнаў на лета ўсю жывёлу на пашу сюды і пражыве свае летнія мядовыя месяцы з маці і маладой жонкай. Бабулька маці, якая носіць сляды былой прыгажосці, высокая, прамая і зграбная, хоць сівая і са збарозненым маршчынамі тварам, цяпер ужо не пані Гольдэн, а пані Маркел, бо хутка пасля смерці мужа пасля доўгага грамадзянскага сумеснага жыцця з суседам, такім жа старым, уступіла з ім у афіцыйны шлюб; па некаторых сямейных прычынах яны, аднак, не жывуць разам. Ва ўсходніх штатах пані Маркел была краўчыхай, а сюды прыехала з мужам сваім у час залатой гарачкі. Да гэтай пары яна прыбіраецца і не пакідае гарсэта. Але што больш за ўсё варта ўвагі ў ёй, гэта яе невялікія, махлярскія, бегаючыя, блакітныя вочкі. Паглядзеўшы на іх, міжволі думаеш сабе: гэтай, маўляў, пальца ў рот не кладзі! Далейшыя назіранні цалкам апраўдалі першае ўражанне. У гадзіны, якія нам часам прыходзілася з ёй праседжваць, якіх толькі бліскучых планаў і спакуслівых прапаноў яна не развівала перад намі. Усе было скіравана да таго, каб выгадна збыць нам адну са сваіх ферм. Гэта дало б, бачыце, магчымасць ёй перасяліцца ў Сан-Францыска. Калі гэты план не выгараў, яна выказала сваю згоду вызваліць нас ад усякіх турбот гарадской гаспадаркі і зрабіцца чымсьці накшталт нашага major dom'а за прыстойнае ўзнагароджанне. І г.д. І г.д. Справа ў тым, што справы ў старой кепскія, фермы закладзены і перазакладзены, а пажыць на старасці яшчэ хочацца. У лесе, сярод ваўкоў, якое ж жыццё!

Не ў першы раз ужо трапляецца мне ў Штатах гэты тып старой, перапоўненай страсцю - пажуіраваць на рэшткі дзён сваіх. Звычайна калі чалавек старэе, цікавасць да жыцця ўвогуле і да яе матэрыяльных спакус у асаблівасці слабее. З прычыны інстынктыўнага ўсведамлення блізкасці наканаванага зыходу, тленнасці і часовасці свайго Я, цэнтр цяжару жыццёвых інтарэсаў неяк міжвольна пераносіцца пад тымі ці іншымі формамі ў вялікае Цэлае, на збліжэнні, атаясамленні з якім чалавечага Я заснаваны ўсе рэлігіі, уся паэзія і філасофія. Самыя адчайныя эгаісты пачынаюць клапаціцца пра сваіх дзяцей, а з прычыны адсутнасці іх - пра іншых істот, якія патрабуюць клопату і апекі. Самыя адчайныя скептыкі і матэрыялісты пускаюцца ў містыцызм таго ці іншага роду. У тых і другіх нараджаецца патрэбнасць пакою, самоты, схільнасць да змястоўнага жыцця. Штаты ўяўляюць сабой дзяржаву, заснаваную на крайнім індывідуалізме. Пакаленне за пакаленнем вырасталі на прынцыпе everybody for himself and the devil take the hindmost, г. зн. кожны за сябе, а чорт ззаду ўсіх. Не дзіўна, што ў гэтай класічнай краіне індывідуалізму і эгаізму больш чым дзе-небудзь знаходзяцца ў вялікай колькасці і крайнія ў гэтых адносінах тыпы, крайнія, паталагічныя эгаісты і індывідуалісты, якія застаюцца вернымі свайму прынцыпу на краі магілы. Нават на краі магілы ім няма справы ні да бліжняга, ні да чалавецтва ўвогуле; яны ігнаруюць сваіх уласных дзяцей, гледзячы на іх як на абузу. Яны цэнтр свету. І свет і чалавецтва існуюць для іх толькі настолькі, наколькі яны неабходны для іх асабістага задавальнення і забеспячэння. На паслугі і ахвяры з боку навакольных яны глядзяць як на штосьці натуральнае, ім належнае, абураюцца і раз'юшваюцца, калі сустракаюць адпор і адмову. Часцей за ўсё, хаця далёка не выключна, трапляюцца гэтыя тыпы паміж тутэйшымі багацеямі. Абапіраючыся на ўсёмагутнасць сваіх капіталаў, як грэцкая губка, як ракавая пухліна, усмоктваюць яны ў сябе ўсе пажыўныя сокі з навакольнага асяроддзя, без літасці, без жалю прыносяць ў ахвяру свайму пачварнаму эгаізму ўсё і ўсіх. Згрызоты сумлення ім невядомыя. Старасць іх не вылечвае, наадварот, тады якраз і разыходзяцца ва ўсю за задавальненнем сваіх жывёльных інстынктаў, купляючы ўсё, што можна купіць за грошы. А ў Штатах чаго толькі нельга купіць?!

Такі быў чыгуначны кароль Jay Gould, які нядаўна памёр, такі жалезаробчы кароль Carnegie, такія дзясяткі багацеяў, якіх мне давялося ведаць асабіста. Адзін з іх і прытым адзін з лепшых людзей сярод іх яшчэ нядаўна паставіў мяне зусім у тупік такога кшталту фразай:

- Дзіўны вы народ - рускія. Куды ні глянь, усюды ў вас прынцып. Зусім як дзеці! Здаецца ж ясна як дзень, што на свеце ёсць толькі адзін прынцып: "колькі?!"

На жаль, на гэтай маралі выхоўваецца ўвесь народ. Гэта галоўная і самая істотная струна народнага жыцця. Астатняе - адна крывадушнасць.

Нішто не новае пад месяцам. Эгаістычныя пачвары вядомыя былі ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. "Вось хоць бы рускія Разуванавы" [27], - скажа чытач. Так, вядома; але пытанне тут, так бы мовіць, у ступені развіцця. Я сцвярджаю толькі, што ў Штатах гэты тып занадта ўжо ўзялі і ўшыркі і ўглыб, г. зн., з аднаго боку, занадта ўжо шмат яго развялося, столькі развялося, што разуванаўшчына зрабілася адным з істотных элементаў нацыянальнага характару. З другога боку, ён пайшоў у глыбіню, удасканаліўся да абсурду. Рускі кулак у самым горшым выпадку з маленькай заганай, з ахілесавай пятой, яго яшчэ можна зразумець, калі ўзяцца ўмеючы. Ён, па-першае, далёка не займае першынствуючага грамадскага становішча і таму ўразлівы з боку славалюбства. Багацей амерыканец з прычыны свайго багацця, eo ipso [28], ужо стаіць на самых вярхах сацыяльнага слоя; ён ужо арыстакрат, магутны магнат, кароль, які ўсімі абагаўляецца і ў руках якога канцэнтраваны ўсе палітычныя і эканамічныя атрыбуты ўлады, усе юпітэраўскія перуны. Затым рускі кулак можа быць рэлігійным і ва ўсякім разе не далёкі ад царквы. Амерыканскага big-bug [29] (буйная казюрка), як іх тут называюць, і на гэтым не проймеш. Ён ведае і прызнае толькі арыфметыку - "Колькі?" Так, калі б бабульцы Маркел мільёнчык, другі, яна б дала яшчэ сябе адчуць. На шчасце, бадлівым каровам не заўсёды Бог рогі дае.

Mrs. Markell ужо не працуе, працуе маладая нявестка Mrs. Golden, якая аказалася аўтарам вышэйзгаданага ліста. Mrs. Golden маладая, добра складзеная жанчына гадоў 25, здаровая, дужая, хаця і пакрыўджаная прыродай наконт прыгажосці. Твар у яе гузаваты, вуграваты, што зусім псуе ўражанне. Яна бойкая, за словам у кішэню не палезе, у той жа час не дурная і не пазбаўлена значнай дозы такту. Дзеравеншчыны ў ёй ніякай незаўважна, хаця і вырасла яна ў вёсцы, паблізу ад Каломы, на ферме свайго бацькі, і ні разу не бывала далей Placervill'я. Яна адзінае дзецішча ў сям'і і таму некалькі спешчаная. Калі працаваць трэба - яна майстра на ўсе рукі, а калі можна паленавацца, яна ператвараецца ў маўклівую калоду, якую можна падняць толькі дынамітам. У гэтых выпадках яна можа ляжаць і спаць некалькі сутак запар, прачынаючыся толькі для прыняцця прыгатаванай кім-небудзь іншым ежы. Затое, калі працаваць трэба, яна за ½ - гадзіну згатуе абед, спячэ хлеб, накрые і прыбярэ са стала, вымые і схавае посуд. І так 3 разы на дзень: у 6 гадзін раніцы гатуецца breakfast, у 12 - lunch, а ў 6 вечара - абед, якія нічым адзін ад аднаго не адрозніваюцца, патрабуюць кожны раз новага палення печкі і інш. У прамежках паміж гэтай кухоннай валтузнёй яна паспявае прыбраць пакоі, выдаіць кароў, дагледзець курэй і г.д. Усё гэта бярэ ў яе неяк дзіўна мала часу, бо яна знаходзіць яшчэ магчымасць пачытаць 10-цэнтавы капеечны раман і пайграць з гадзіну на скрыпцы пад акампанемент мужа, якога яна навучыла іграць па слыху на фісгармоніі. Mrs. Golden крыху спявае, і зусім няблага, даволі бегла чытаючы ноты. Яе агульная адукацыя роўная той, якую ў нас маюць гімназісткі 3-га-4-га класа, калі з запасу іх ведаў выдаліць замежныя мовы і ўвесь чыста тэарэтычны, філасофскі бок. Зрэшты, яе адукацыя вышэй сярэдняй для фермерскай дачкі, дзякуючы таму, што яна адзінае дзіця і мае маці... [30] Што яшчэ мацней адрознівае яе ад нашых гімназістак і малодшых паненак - гэта адсутнасць усякіх слядоў рамантызму, цьмяных імкненняў, экзальтацыі. Цікавасці да якіх бы там ні было адцягненых прадметаў або пытанняў - абсалютна ніякай. Практычнасць, рэалізм і здаровае імкненне здаровага цела пабалбатаць, павесяліцца, патанцаваць, асабліва патанцаваць. У гэтых адносінах яна можа спаборнічаць і ў самім майстэрстве выканання, і ў захапленні ім толькі са сваім мужам, які ў танцавальнай кампаніі робіцца зусім непазнавальным. Са здаровага, чырванашчокага і лянівага хлопца ён ператвараецца ў сапраўднага салоннага кавалера, якому пратанцаваць усю ноч бесперапынна зусім нічога не значыць.

Сама ферма складаецца з дзвюх пабудоў: дома і вышак, абедзве ў самым безнадзейным стане. Дом - маленькая, зусім спарахнелая, падгнілая драўляная пабудова, што скрывілася, накшталт тых, якія часам трапляюцца ў завулках нашых населеных мяшчанамі прадмесцяў. Ён абнесены кругом крытай тэрасай і складаецца па сутнасці з двух пакояў, раздзеленых сенцамі. Направа - чысты пакой, прыбраны, як і ў Дзікерсана, на гарадскі манер. Карцінкі і фатаграфіі ўпрыгожваюць голыя сцены, на маленькіх вокнах - кісейныя фіранкі. У адным кутку - ложак з полагам ад камароў, у другім фісгармонія, пара сталоў, застаўленых забаўкамі, два-тры драўляныя стулы, вось яе ўбранне. Калі б тут яшчэ некалькі вазонаў з геранню на вокнах, можна б было падумаць, што пасяліўся ў мяшчанкі ў рускім павятовым горадзе. Другі пакой, горная, служыць сталовай. Тут, як і ў Дзікерсана, велізарны, зложаны з дзікага, неачэсанага каменя адкрыты камін. Каля вакна лаўка, а пасярод пакою доўгі стол. Столі нізенькія, сцены абклеены старымі, напалову абарванымі газетамі. На паддашку ўстроены дзве маленькія спальні, і паколькі дах дзіравы, то прыходзіцца ўстройваць усякія прыстасаванні для выратавання ад дажджу. На шчасце, дождж бывае рэдка.

Другая пабудова, вышкі, сумяшчае ў сабе ўсе службы. Тут не толькі складваецца сена, але і трымаецца некалькі штук жывёлы, укрываюцца калёсы і земляробчыя інструменты. Пад імі ж змяшчаюцца свінні. Хаця яны пабудаваны нядаўна, але пабудаваны кепска, спехам і таму моцна пакрывіліся на бок пад ціскам леташняга снегу. Без неадкладнага энергічнага ўмяшання ім пагражае сур'ёзнае крушэнне, а пра ўмяшанне пакуль не думаюць.

Уся ферма складаецца з 160 акраў (50 дзесяцін), калі не лічыць сумежных 160 акраў, узятых старой з мэтай перапродажу. З іх толькі акраў 15, што прымыкаюць да дому, абнесены агароджай. Гэтыя 15 акраў уяўляюць сабой спусцісты лясны поплаў, па сярэдзіне якога праходзіць маленькі ручай, які затапляе большую яго частку. Уся яна занятая лугам, пакрытым асакой. Няцяжка было б гадаваць на ёй цудоўную траву, калі б прарыць некалькі раўкоў. Ні Гольдэн-бацька, ні Гольдэн-сын пра гэта, аднак, не паклапаціліся. Каля самага дома з аднаго боку некалькі дзясяткаў фруктовых, таксама занядбаных дрэваў, а з другога маленькі агарод, большая частка якога занятая бульбай. Узняцце зямлі на гэтым агародзе і пасадка бульбы і капусты была адзінай працай, за якой мы бачылі Гольдэна-сына на працягу двух месяцаў; але і тут ён не абыходзіўся без наёмнай дапамогі. Затое разы 2-3 на тыдзень ён ездзіць у Placerville без аніякай справы, толькі б час правесці. Сказанае нам пра яго ў Placervill'і, быццам ён ніколі не з'яўляецца туды ўлегцы, было толькі кампліментам, а можа іроніяй. Ніводнага разу не бачылі мы, каб ён вёз туды што-небудзь прадаваць. Ды і вазіць жа няма чаго было.

Адзіны даход фермы - жывёлагадоўля. Але і яна вядзецца тут вельмі своеасабліва. Па законах штата толькі ў месцы, абнесеныя агароджай, нельга пускаць жывёлу. Такія абнесеныя агароджай месцы складаюць толькі некалькі кропляў у гэтым бясконцым моры першабытнага лесу. Таму ўвесь лес, і прыватны, і казённы, свабодны ад пашы. Гэтым карыстаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і жывёлаводы, што жывуць далёка, у далінах, і прыганяюць сюды тысячы галоў на летнія месяцы. І фермерская, і здалёк прыгнаная жывёла пазначана. Нагляду над ёй абсалютна ніякага. Як толькі растаяў снег, жывёла выганяецца ў лес і збіраецца толькі тыдня за два да новага снегу. Гэта адшукванне ў густым лесе сваёй скаціны, якая разышлася на некалькі дзясяткаў вёрстаў, складае адзіную працу жывёлавода. Мясцовыя жыхары цудоўна спраўляюцца з гэтай, як відаць, невыканальнай задачай. Верхам на кане і ласо ў руках, пры веданні мясцовасці і дапамогі 2-3 аўчарак за некалькі дзён яны збіраюць усю сваю жывёлу з яго летнім прыплодам. Безумоўна, пэўны працэнт губляецца, робячыся часцей за ўсё ахвярай ваўкоў і мясцовага, каліфорнскага льва; але гэты працэнт настолькі невялікі, што, каб пазбегнуць страты, трымаць адмысловых пастухоў - не варта. Жывёла ў большасці рагатая, часткова коні, а таксама свінні, што адкормліваюцца за лета на жалудах. Зразумела, увесь удой малака пры гэтай сістэме таксама губляецца, а малочная гаспадарка здаецца занадта клапотнай для тутэйшага фермера і таму ён трымае каля дома толькі 2-3 каровы для ўласнага ўжытку. Ды і з гэтым малаком ён абыходзіцца па-драпежніцку, за рэдкімі выключэннямі. Усе, што не было выпіта і скісла, цалкам выкідваецца курам, кошкам, свінням. Увогуле, амерыканцы кіслага малака і смятаны не ўжываюць. Сыры таксама рабіць не ўмеюць. Ва ўсёй Каліфорніі фабрыкуецца дзесьці толькі адзін род сыру, і то вельмі нізкай якасці.

VIII

На гэтых вышынях (3000 ф.) снег ляжыць толькі кароткі час, 2-4 тыдні. Галоўны клопат фермера заключаецца ў тым, каб пракарміць жывёлу як-небудзь за кароткі час. Для гэтага так ці інакш на працягу лета трэба запасціся сенам. Лепшыя гаспадары сеюць канюшыну, цімафееўку і да т. п. Дрэнныя, як Гольдэн, абыходзяцца асакой. Збожжа ніхто не сее. Гародніну высаджваюць позна і збіраюць толькі ў канцы жніўня, так што яе прыходзіцца самому фермеру купляць у горадзе. Тое ж з фруктамі. Увогуле, за выключэннем свініны, дзічыны, курэй і яек, бульбы і малака, усе астатняе трэба купляць. Гарадскія купцы ахвотна даюць у крэдыт да восені, г. зн. да збору ўраджаю або продажу жывёлы. Цэны на пакупныя прадукты, ды яшчэ ў крэдыт, высокія, а цэны на прадукты, што збываюцца, залежаць ад зычлівасці аптовых скупшчыкаў і верхаводаў, у якіх усё гэта ўжо абладжана ў найлепшым выглядзе. Таму нават добры, працавіты гаспадар бывае рады, калі восенню яму ўдасца пакрыць зробленыя на працягу года даўгі. Паводле слоў маладога Гольдэна, тут можна існаваць сяк-так, але не больш. Не здавольваючыся гэтым, жадаючы зрабіць грошы, ён са спадзяваннем глядзіць на новыя, прывольныя месцы на поўначы, маючы намер перасяліцца ў штат Вашынгтон.

У час нашага знаходжання ў Гольдэнаў маладых гаспадароў наведала пані Crawford [31], маці пані Гольдэн, у кампаніі якой мы з задавальненнем правялі некалькі дзён. Я дазваляю сабе спыніцца на ёй, таму што яна ўяўляе сабой таксама адзін з тыпаў амерыканкі, на жаль, пакалення, якое ўжо аджывае. Высокая, зграбная, хударлявая жанчына гадоў 40 з прамым адкрытым позіркам, інтэлігентным і сімпатычным выразам твару. Бадзёрасць і энергія бачныя ва ўсёй яе фігуры. Сур'ёзны твар ветліва ўсміхаецца вам у час размовы. Яна вельмі дзейная, работа кіпіць у яе ў руках і не перашкаджае ёй весці самую сур'ёзную размову. Апранута яна вельмі проста, без якіх бы там ні было прэтэнзій на маладосць або прыналежнасць да такога класа, да якога ў сапраўднасці па стане яна не належыць. Усе гэта пры яе сціпласці і ветлівасці з першага погляду выклікае прыхільнасць да яе кожнага. Далейшае знаёмства адкрывае паміж ёй і маладым пакаленнем амерыканак цэлую прорву. Кантраст здзіўляючы і далёка не на карысць маладых. Нягледзячы на незвычайнае для каліфорнскай фермершы разумовае развіццё і сур'ёзную адукацыю (Mrs. Crawford былая бостанская настаўніца), нягледзячы на ўзрост, яна вельмі цікаўная і не прапусціць выпадку навучыцца ўсяму новаму. Маладой амерыканцы вучыцца няма чаму, яна ведае ўсё. Але што больш за ўсё ўразіла мяне ў ёй - гэта глыбокая цікавасць да абстрактных, філасофскіх пытанняў. У гэтага роду амерыканак цвярозы рэалізм і незвычайная практычнасць дзіўна сумяшчаюцца з імкненнем крыху глыбей і шырэй зірнуць на ўсё навакольнае, са смакам да чыста філасофскіх тэорый і абагульненняў. Не менш дзіўная пры гэтым тая шчырасць і прамата, з якой яна выказвае свае погляды, смеласць сваёй думкі. Калі маладая амерыканка ў размове гаворыць не пра надвор'е і да таго падобныя прадметы, я кожны раз адмаўляюся верыць, што яна гаворыць тое, што думае, бо праз 5 хвілін, гаворачы з маім суседам, які сцвярджае дыяметральна супрацьлеглае, яна з такой жа зручнасцю згадзіцца і з ім. Думак сваіх у яе або няма зусім, а ёсць толькі "чаго Вашай ласцы, каб я Вам спадабалася?!", або, калі яны ёсць, то яна іх не выкажа. Па словах амерыканцаў, it does not pay to say everything one thinks (казаць што думаеш - не аплачваецца). Самыя лепшыя з іх змаўчаць, але пярэчыць не стануць. Іх размова - гэта нейкае асцярожнае зандзіраванне і пошлае падтакванне. Яны захапляюцца ў найвышэйшай ступені ўсім, што вам падабаецца, жахаюцца і абураюцца на тое, што вы не ўхваляеце, і г.д. Mrs. Crawford рэлігійная ў лепшым сэнсе гэтага слова. Яе вера - выяўленне яе ўласнага душэўнага свету, якое не абмяжоўваецца ніякімі дагматычнымі сектанцкімі традыцыямі. У ёй не прыкметна нічога навеянага, застылага, нічога, што не было б прадуктам самастойнай мазгавой работы. Гэта жанчына, якая ўсё жыццё сваё не пераставала не толькі працаваць рукамі ў поце чала дабыць свой кавалак хлеба, але і мысліць, чалавек усебаковы, са смелымі, шырокімі поглядамі на рэчы, якіх недахоп у вышэйшай ступені адчувальны ў сучаснай Амерыцы.

Мінулае яе вельмі няшчаснае. Бостанская ўраджэнка, у маладыя гады яна была народнай настаўніцай. Выйшаўшы замуж за беднага чалавека, яна ўздумала паспрабаваць шчасця ў Каліфорніі, якая ўзбударажыла тады ўвесь свет. У якасці золаташукальнікаў прыбылі туды, і гады два ім настолькі не шанцавала, што яны падрыхтаваліся ўжо да зваротнага падарожжа. Напярэдадні ад'езду муж узяў кірку і лапату, каб паспрабаваць яшчэ адно месца, якое яму шкада было кідаць, не даследаваўшы. Пад вечар ён вярнуўся з $800 золата. Ад'езд быў адкладзены. Далейшая работа ў тым жа месцы прынесла яму некалькі тысяч, на якія каля Каломы ён і ўстроіў сабе фруктовую ферму. На гэтай ферме яны жывуць і цяпер. Галоўны артыкул іх вытворчасці - персікі. Пры пастаяннай працы, крайняй эканоміі і добрых ураджаях яны ледзь зводзяць канцы з канцамі, дзякуючы эксплуатацыі з боку аптовых гандляроў і высокім чыгуначным тарыфам.

- Чаму садаводы вашай мясцовасці не арганізуюць свайго таварыства, якое б мела сваю фабрыку кансерваў, свае склады, сваіх агентаў на Усходзе і г.д.? - спытаў я яе.

- Гэта было б вельмі добра, мы пазбеглі б уціску і вымагання аптовых фірм, але для гэтага трэба згадзіцца нам усім.

- Дык чаму ж не згадзіцца!?

Яна ўсміхнулася і, паглядзеўшы на мяне ўважліва, сказала:

- Чаму? А вось бачыце ж. Здаецца проста, а між тым у гэтым якраз і ёсць галоўная перашкода. Людзі цяжка згаджаюцца паміж сабой, калі гаворка ідзе пра іх яўныя агульныя інтарэсы.

Так, людзі - усюды людзі. Мяне заўсёды здзіўляла здольнасць амерыканцаў хутка арганізавацца і іх уменне проста і практычна абладжваць супольна свае справы. Але, як відаць, і ў іх гэтай здольнасці ёсць мяжа. У адносінах да нас, рускіх, розніца толькі ў ступені. У час нашага знаходжання ў сям'і Гольдэна нам удалося наведаць сельскую вечарынку, пра якую я не магу не расказаць больш падрабязна. Камусьці з мясцовых жыхароў прыгожага полу прыйшло ў галаву арганізаваць штомесячныя вечарынкі (socials) для моладзі. Сказана - зроблена. Раз у месяц з суботы на нядзелю то ў тым, то ў другім пункце наладжваецца з'езд навакольных дзяўчат і кавалераў, якія ў танцах, спевах і да т. п. бавяць усю ноч. Гэтым разам вечарынка прызначана была ў Mosquitos, у будынку школы, г. зн. у дзесяці вёрстах ад нас. Гаспадары нашы, не выключаючы, вядома, і бабульку, вырашылі ехаць і прапанавалі ўзяць нас з сабой. Нам вельмі цікава было зірнуць на гэты бок фермерскага жыцця, і мы ахвотна прынялі прапанову. Выехалі гадзін у 7 вечара, прыцемкам, і, калі ўехалі ў лес, стала зусім цёмна; прыйшлося ехаць, так бы мовіць, вобмацкам і, вядома, крокам па краях буйных яроў. Дарога часткова пакатая ў бок яроў, і мы шмат разоў сур'ёзна рызыкавалі зламаць сабе карак. Не кажучы ўжо пра многія зведаныя пры гэтым пакутах. Пры кожным штуршку галовы нашы стукаліся аб бакі і дах экіпажа, пакідаючы адчувальныя сінякі на цэлы тыдзень. Калі б нас скацілі з гэтых гор у закрытай бочцы, я не думаю, каб цялесныя пакалечанні былі больш значнымі. Амерыканскія экіпажы безумоўна ўстроены для зручнасці коней, а не людзей. Яны вельмі лёгкія, але крайне нязручныя.

Але ахвота горш няволі. Рызыкуючы легчы касцямі, мы дасягнулі на пачатку дзясятай гадзіны месца прызначэння. Выратавала нас толькі дасканальнае веданне дарогі і мясцовасці нашым вазаком панам Гольдэнам. Дабраўшыся да школы, мы ўжо знайшлі там з тузін такіх жа калясніц. Пад'езду не было, і як дамам, так і мужчынам прыйшлося пачаць partie de plaisir [32] пералазаннем цераз плот. Каб жывёла не заходзіла на школьны двор, ні варот, ні брамкі не зроблена, а зроблена штосьці накшталт лесвіцы, з дапамогай якой пасажыр пры некаторым гімнастычнай спрыце можа дасягнуць верхавіны плота, а адтуль такім жа чынам спусціцца ўніз. І дзеці і настаўніца прарабляюць гэта прынамсі 2 разы ў дзень. Прайшоўшы двор, мы дасягнулі новенькага нядаўна адбудаванага і яшчэ не пафарбаванага школьнага будынка. Пабудова, вядома, драўляная, але прасторная і складаецца з аднаго вялікага пакоя. Дзверы былі адчынены насцеж, і некалькі кавалераў прахалоджваліся і курылі на ганку. Некалькі прыступак - і мы апынуліся ў самой школе, ператворанай на гэты вечар у танцавальную залу.

Школьныя парты былі прыбраны і часткова нагрувашчаны адна на другую ў адным кутку, утвараючы значнае ўзвышэнне, на якім змяшчаліся тры музыканты: дзве скрыпкі і флейта. Другая частка іх была перакулена каля сцен і давала магчымасць прысесці тым, хто не прымаў удзелу ў танцах. Садзіцца і ўставаць трэба было папярэдзіўшы іншых, хто сядзеў, у адваротным выпадку раўнавага неяк раптоўна парушалася і публіку або ўскідала ўгару або скідала ўніз, гледзячы па акалічнасцях. Асвятленне рабілася паўтузінам свечак, уваткнутых у бутэлькі, умацаваныя на сценах у выглядзе кандэлябраў. Публікі было чалавек трыццаць, мужчын і жанчын амаль пароўну, дзядкі, бабулькі і дзеці туліліся ля сцен, хто седзячы, хто стоячы з-за адсутнасці сядзення. Моладзь абодвух палоў прахаджвалася парамі ўзад і ўперад. Тыя, хто танцаваў, былі апрануты проста, але па-гарадскому; мужчыны ў чорных сурдутах, жанчыны ў паркалёвых лёгкіх сукенках. Толькі адна ці дзве дзяўчыны вызначаліся пышнасцю сваіх касцюмаў. Адна з іх была ў белай кісейнай сукенцы, упрыгожанай не без густу карункамі і стужкамі. Хтосьці прадставіў мяне ёй, і мы ўступілі ў размову. Яна адразу дала мне зразумець, што яна не тутэйшая, а "from over the mountains", г. зн. з тога боку гор, з суседняга штата Невада, што яна гараджанка і трапіла на гэтую вечарынку выпадкова. Ёй, відавочна, не хацелася, каб мы прынялі яе за фермерскую дзяўчыну. Сапраўды, ні па касцюме, ні па твары і фігуры яна не была падобная на гэтых мускулістых, загарэлых вясковых дзяўчат, поўных здароўя і сілы. Яна была адзінай з прысутных, якую нельга было не назваць прыгожай, але прыгажосць гэта была цяплічная, гарадская. Бледны, худзенькі тварык з даволі інтэлігентным выразам, маленькі рост, чорныя выразныя вочы. Танцавала яна таксама няблага, не тое што іншыя, трымала сябе вельмі міла і свабодна. Астатнія, не выключаючы самой настаўніцы, на жаль, прыгажосцю не адрозніваліся. Размова з імі неяк не ладзілася. Яны хоць і нехлямяжа, але надзвычай старанна круціліся ў вальсах і шоцішах (так называюць у Штатах стары англійскі "country dance"; штосьці вельмі падобнае на нашу "мяцеліцу"), якія змяняліся кадрылямі, лянсье і Virginia Reel. Вярцеліся, пацелі і пыхкалі, быццам бы спяшаючыся навярстаць страчанае. Апрануты яны былі просценька, з прэтэнзій на якую-небудзь моду, у большасці ў лёгкія паркалёвыя плацейкі. Паміж імі былі адна або дзве багацейкі, дочкі мясцовых жывёлаводаў, з рукой і сэрцам якіх шчаслівы прэтэндэнт мог атрымаць the half of the hogs, г. зн. палову цэлага статку свіней.

Што тычыцца кавалераў, то за нямногімі выключэннямі (у тым ліку, безумоўна, нашага гаспадара) сурдуты іх сядзелі на іх вельмі кепска, танцавалі яшчэ горш, нягледзячы на энергетычную рашучасць пераадолець перашкоду што б там ні было. Адзін малады чалавек зусім не ведаў, што рабіць са сваімі даўгімі, мускулістымі рукамі і яшчэ больш даўгімі нагамі. Дзяўчыны штурхалі і цягалі яго бязлітасна то ў адзін, то ў другі бок, як неадушаўлёны прадмет. Гэта была сапраўдная дзеравеншчына, стыхійная сіла, якая можа варочаць калоды з лёгкасцю пяра, але ў танцавальнай зале адчувала сябе ў вельмі цяжкім становішчы. Ён паслухмяна і лагодна рухаўся туды, куды яго штурхалі, і змяняў напрамак толькі пры новым штуршку. Яго ногі неяк вымушана чапляліся за навакольныя, самыя аддаленыя прадметы, адціскалі пальцы, заблытваючыся ў складках плацця, і распасцёртыя, доўгія рукі абхоплівалі дзвюх ці трох дам замест адной.

Былі і іншыя яшчэ больш цікавыя тыпы. Асабліва ўрэзаўся ў маю памяць адзін хлопец гадоў 28, брунет, высокага росту, з магутнымі мускуламі і велізарнымі рукамі. Яго бліскучыя чорныя вочы, якія выяўлялі бязмежную рашучасць і энергію, дзіка і сурова глядзелі з-пад некалькі навіслых чорных броваў. Яго страшны, гіпнатызуючы позірк пры нерухомай фізіяноміі гаварыў вам, што ён усё можа. Ад гэтага погляду станавілася паняволі жудасна, і вытрымаць яго было немагчыма даўжэй за некалькі секунд. З ім я не жадаў бы сустрэцца твар у твар у лесе. Гэта з тых герояў, якім нічога не каштуе спыніць і абрабаваць цэлы цягнік. Музыка была жорсткая, немагчымая. Паміж дзвюма скрыпкамі і флейтай згоды было мала, яны пішчалі і вішчалі неміласэрна, прычым першы скрыпач грамавым голасам з вышыні сваёй імправізаванай кафедры камандаваў танцамі, быццам бы перад ім разгортвалася цэлая дывізія. Мне міжволі ўспомніліся нашы вясковыя музыканты. Пры ўсёй іх недасканаласці гэта ж артысты ў параўнанні з гэтымі. Увогуле, уражанне даволі дзікае. Ваенныя танцы індыйцаў [33] пэўна выклікаюць падобнае ўражанне. Ні гукі, ні твары неяк не ладзяць з кадрыльнымі фігурамі і культурнымі строямі. Вогнішча і індыйская [34] ваенная песня бадай былі б хутчэй да месца. У нас у такіх выпадках лапочуць, гамоняць, жэстыкулююць, рагочуць. Тут усё адбываецца неяк маўчком, з панурай сур'ёзнасцю, быццам робіцца сур'ёзная справа. Кожны з тых, хто прыбыў, уносіў сваю лепту за асвятленне і музыку. Акрамя таго, кожны прывёз нейкі салодкі ласунак. У прамежках паміж танцамі публіка частуецца ліманадам, які адзін з кавалераў тут жа гатуе ў металічным вядры, мяшаючы ваду з цукрам і кіслатой вялікай палкай. Ліманад сервіруецца з-за адсутнасці шклянак у бляшанках ад кансерваў; закусваюць салодкім пірагом. Напояў або закусак у нашым сэнсе ніякіх.

Пасля танцаў былі спевы, але гэтага я ўжо не бачыў; не жадаючы правесці бяссонную ноч, я хутка дабраўся ў нашу павозку і, закруціўшыся ў плед, праспаў да світання, калі кампаньёны мае вярнуліся для зваротнага падарожжа.

IX

У сям'і Гольдэна мы пражылі ўсяго тыдні два, неабходных для таго, каб арыентавацца. К таму часу з Сан-Францыска па нашай рэкамендацыі да іх прыбыў новы пастаялец, і таму, не парушаючы ўмовы, мы маглі пакінуць ферму і ўладкавацца ў лесе, што было больш згодна з нашымі густамі і планамі. Для гэтага ў вярсце ад фермы, каля самога арашальнага канала, сярод першабытнага лесу ўласнымі рукамі была выкапана зямлянка з лёгкай драўлянай надбудовай, пакрытай галінамі канадскай елкі (Picea alba). Галіны яе, па форме падобныя на страусавае пер'е, як нельга больш спатрэбіліся для гэтай мэты. Выйшла штосьці падобнае да садовай альтанкі, даволі прыгожай і зручнай. Унутры з тонкіх калоў, пакрытых дробнымі галінамі той жа елкі, былі імправізаваны дзве пасцелі, а пасяродку ў чырвонай гліне сцяны была ўстроена вялікая печ на манер рускай, дзе бяспечна можна было падтрымліваць агонь усю ноч. Нягледзячы на чэрвень, ночы былі халаднаватыя і гэты агонь быў далёка не лішнім.

Спадарожнік мой, таксама рускі, хаця і нарадзіўся дзесьці ў нетрах Валагодскай губерні, але вырас у Маскве, і, як варта было чакаць ад гараджаніна, аказаўся бездапаможным да камізму сярод гор і лясоў. Не кажучы ўжо пра тое, што ён з цяжкасцю адрозніваў хвою ад дуба, яго ўяўленне малявала яму паветраныя плыні ў нашай бярлозе і ён раз-пораз затыкаў шчыліны, каб пазбегнуць скразнога ветру, устройваў усякага роду прыстасаванні ад сырасці з прычыны мажлівасці "схапіць" рэўматызм і да т. п. Дарэмна я растлумачваў усю недарэчнасць яго страхаў; ні растлумачэнні, ні ўгаворванні, ні жарты - нішто не дапамагала. Дзікія звяры былі другой мэмай. Першыя ночы ён зусім не спаў, падтрымліваючы два агні, адзін у печы, другі ля ўваходу ў наша жытло. Апошні меў на мэце трымаць львоў, ваўкоў, каётаў (Canis latrans) і інш. на прыстойнай дыстанцыі. Не магу сказаць, каб і мне добра спалася гэтыя першыя ночы. Лес поўны жыцця і самых дзіўных гукаў па начах. Нейкая птушка з незвычайнай упартасцю крычала ўсю ноч недзе непадалёку. Гэты кароткі пранізлівы крык, паўтараючыся кожную секунду без перапынкаў, працягваўся да раніцы. Часам дзесьці вылі каёты, часам рыкаў леў, але ніводны з гэтых гукаў не дзейнічае так на нервы, як выццё дзікай кошкі. Гэтае скавытанне зусім не падобнае на звярынае. Гэта сапраўдны чалавечы і прытым жаночы крык, крык жанчыны ў стане крайняга жаху. Штосьці ў вышэйшай ступені дзікае і ашаламляльнае. Пачуўшы гэты крык у першы раз, я настолькі быў падмануты, што схапіў ружжо, стрымгалоў пабег на ферму, будучы ўпэўнены, што штосьці жахлівае здарылася з Mrs. Markell, якая ў гэтую ноч заставалася там адна.

І нягледзячы на ўсю гэтую начную музыку, жыццё і блуканне па гэтых лясах такое ж бяспечнае, як шпацыры па ўласным садзе. Самая моцная з жывёл - каліфорнскі леў у сапраўднасці зусім не страшны. Велічынёй ён з сан-бернардскую сабаку, але вялікі баязлівец і на чалавека не нападае ніколі. Не нападаюць ні ваўкі, ні шакалы нават зімой. Лес напоўнены свіннямі і рагатай жывёлай, таму ежы ўсім гэтым драпежнікам у волю і галоднымі яны ніколі не бываюць. Гэта акалічнасць, безумоўна, адыгрывае немалую ролю ў іх міралюбных адносінах да чалавека. Людзі, што жывуць тут па 15-20 гадоў, не прыгадаюць выпадку, каб дзікія звяры пагражалі або прычынялі пашкоджанне людзям. Самы непрыемны, хаця і далёка не такі небяспечны, як мы прызвычаіліся думаць, жыхар заходніх лясоў і стэпаў - гэта грымучая змяя. Хаця і яна пазбягае чалавека і не нападае сама, абмяжоўваючыся самаабаронай, але ў некаторых месцах іх такое мноства, што пазбегнуць сутычак з імі немагчыма. Рэшкі сухой скуры на хвасце пры паўторных ліняннях ствараюць трашчотку або грымучку, якая выдае даволі гучны шум пры ўсякім руху. Гэта дае магчымасць меркаваць пра прысутнасць змяі на некаторай адлегласці і пазбягаць сустрэчы. На няшчасце, у жніўні гэтыя змеі чамусьці слепнуць. У гэтым стане на яе лёгка наступіць нечакана, што часам і здараецца вечарамі і начамі на дарогах. Яны любяць спаўзаць з гор і яроў і закапвацца ў нагрэты сонцам дарожны пыл. Напад змяі і спробы ўкусу не заўсёды бываюць удалымі, бо для гэтага трэба шмат спрыяльных умоў. Нават пры ўкусе змяі не заўсёды ўдаецца ўпусціць у рану свой яд. Таму небяспечныя ўкусы рэдкія. У выпадку ўкусу пасля высмоктвання і прыпякання звычайныя амерыканскія лекі складае гарэлка ў велізарных дозах, колькі чалавек можа выпіць. Яд грымучай змяі - сардэчны яд, які паралізуе сэрца, і таму любы сродак, які ўзбуджае сардэчную дзейнасць, ёсць добрае супрацьяддзе. Каліфорнцы настолькі прывыклі да сваіх грымучак, што не звяртаюць на іх не больш ўвагі, чым мы ў Расіі на сваіх менш небяспечных змей. Тут нават дзеці не без поспеху ваююць з імі. Нам асабіста на працягу нашых 2-х-месячных блуканняў тут не ўдалося сустракаць, зрэшты, ніводнай з іх. Другі сур'ёзны і небяспечны драпежнік, які фігуруе на гербе штата, так званы grizzly bear (шараваты мядзведзь, Ursus horribilis), які калісьці напаўняў горы і лясы Сьера-Невады, на шчасце, зусім знішчаны, і сустрэць яго можна толькі ў звярынцах, і то як вялікую рэдкасць.

Хутка пасля нашага пасялення ў лесе здарылася адна маленькая прыгода, дзякуючы якой мой рускі таварыш набыў сярод суседзяў некаторую вядомасць. З прычыны нейкіх складаных метэаралагічных меркаванняў ён лічыць за лепшае спаць галавой да шырока адчыненага ўваходу ў наша жыллё. Жыллё было невялікае, цела яго вельмі доўгае, а пасцель устроена даволі высока; таму галава амаль выступала з-пад навеса вонкі. Вогнішча каля ўваходу чамусьці ў гэтую ноч запалена не было. Поўны месяц глядзеў з зорнага неба і яркім, серабрыстым святлом сваім заліваў высокія хвоі і яліны, з іх цёмна-зялёнай лістотай, жоўтымі, шэрымі і чырванаватымі стваламі, кідаючы на зямлю фантастычныя цені. Цудоўны лес у такія ночы, усё сядзеў бы ды любаваўся. Доўга не хочацца спаць, а потым дрымота падкрадаецца неяк незаўважна і доўга знаходзішся ў пераходным стане, калі сон і рэчаіснасць, рэальнасць і фантазія зліваюцца ў адно, дапаўняючы адно аднаго. Цішыня незвычайная, урачыстая. І звер, і птушка маўчаць. Нават ветрык сціх і не гайдае больш даўгіх, махнатых галін канадскай елкі. Паміж імі ў цёмнай зеляніне вісяць групамі і гірляндамі яркія зоркі, якраз як васковыя свечкі ў каляднай елцы.

Мы доўга не спалі. Спачатку я сядзеў каля ўваходу ў нашу бярлогу, а потым улёгся ў сваёй імправізаванай пасцелі, працягваючы любавацца месячнай ноччу. Мой таварыш увесь час варочаўся з боку на бок, то ўздыхаючы, то мармычучы штосьці сам сабе. Відавочна, яго фантазія разгулялася больш за звычайнае і зборышчы ўяўных непрыяцеляў апаноўвалі яго. Ён часта клікаў мяне, баючыся, каб я нейк не заснуў і не пакінуў яго сам-насам з яго страхамі. Ці ўпадзе галіна або хваёвая шышка, ці праляціць кажан або начная птушка, ён кліча мяне.

- Чуеце?!.. Што гэта?..

Спачатку я адгукаўся, але потым заснуў. Не ведаю, як доўга мне ўдалося праспаць. Пабудзілі мяне два рэвальверных выстралы, што ішлі адзін за адным. На гэты раз ужо я спытаў: што такое?!..

- Што такое!.. Вам добра спаць галавой да сцяны. А мне вось каёты ледзь нос не адкусілі!

- Як так?

- Ды так, запэўніваю вас. Не расплюшчы я выпадкова вочы яшчэ адну хвілінку, і быць мне без носа. Даруйце, вось тут ля самай маёй галавы цяпер была цэлая чарада каётаў. Калі я стрэліў - пабеглі ў кусты.

Кажучы гэта, ён збіраў сталы, крэслы, усю нашы імправізаваную мэблю і будаваў у сваёй галовы наймацнейшую барыкаду.

На наступны дзень мы расказалі пра гэта здарэнне суседзям фермерам і выклікалі ўсеагульны гамерычны смех. Аказалася, што наш бедны Дон-Кіхот ваяваў не з каётамі, а з іх сабакамі, якія маюць звычку рабіць прывольныя начныя візіты ў любы лагер, ласуючыся выкінутымі рэшткамі ежы.

Герой гэтай прыгоды аднак не верыў. Ён цвёрда стаяў на сваім і з той пары барыкадаваў свой нос акуратна кожны вечар.

Лес, што нас акружаў, у якім мы пражылі каля 6 тыдняў і які са стрэльбай у руках абхадзілі ўздоўж і ўпоперак шмат разоў на прасторы добрага дзясятка міль, далёка не ўяўляе цяпер таго, чым паводле расказаў старажылаў ён быў пры першым з'яўленні тут белых. Цяпер магутны будаўнічы лес перамешаны з дробным і буйным зараснікам, дзякуючы частым лясным пажарам і парубкам. Лясныя пажары нярэдка спусташаюць яго на цэлыя мілі і, на жаль, прычыняюцца яны не адным неасцярожным абыходжаннем з агнём. Паны жывёлаводы падпальваюць яго наўмысна, маючы на ўвазе пашыраць пашу і паляпшаць якасць травы. На выпаленых і пасечаных месцах хутка з'яўляецца непрыдатны зараснік з манзаніты або разнавіднасцей калючага цярноўніку. Назірання або кантролю над гэтым лесам ніякага, ніякай перашкоды драпежніцтву, якое не зважае ні на чые інтарэсы і мае адну мэту - хуткую і лёгкую асабістую нажыву. У часы індыйцаў [35], якія насялялі гэтыя месцы і жылі паляваннем, лес быў настолькі чысты, што аленя можна было бачыць за мілю. Для паляўнічага гэта, вядома, вялікая перавага.

З вялікіх дрэваў самае каштоўнае тут ёсць так званы sugar pine (цукровая сасна), Pinus lambertiana, якая ўяўляе сабой стройны мачтавы ствол, часта ў некалькі абхватаў, з шараватай карой. У месцах, якія былі выпалены, часта можна знайсці салодкае, цукрыстае аддзяленне, якое прасочваецца накшталт белай камедзі. Яму гэты від абавязаны сваёй назвай. Мясцовыя жыхары ўжываюць яго як лёгкае слабіцельнае. Будучы цудоўным будаўнічым матэрыялам, цукровая елка лёгка і роўна колецца і таму служаць для вырабу дошак і гонты. Вельмі распаўсюджана таксама жоўтая сасна (Pinus arizonica, Pinus ponderosa). Як будаўнічы матэрыял значна саступае першай; яна не такая роўная, па колеры ствала вельмі падобная на нашу рускую хвою. Вельмі смалістая і магла б даваць вялікую колькасць тэрпенціну. Акрамя гэтых двух відаў, нярэдка трапляецца каліфорнскі ціс (yew, Taxus brevofolia), дрэва, роднае хвойным, але якое дае плод не шышку, а ягаду і адрозніваецца надзвычай добрай эластычнасцю, чаму індыйцы [36] ўжывалі яго для вырабу лукаў. Даволі прыгожае, падобнае на нашы елкі, з той розніцай, што хвоі больш светлага зялёнага колеру. З астатніх хвойных, што складаюць гэты лес, згадаю пра канадскую елку (spruce, Picea alba), пра асобы від кедра і пра чырвоную сасну (Abier nobilis), якая шырока распаўсюджана па ўсёй Амерыцы і складае агульнаўжывальны матэрыял для пабудоў.

Непадалёку ад нас ёсць цікавае мястэчка - Яр мыльнага бур'яну (Soap-weed Canyon [37]). Наша бярлога па сутнасці стаіць на краі яго, але ад нас відаць толькі адхоністая, пакрытая лесам і зараснікам пакатасць. Спускаючыся па ёй крокаў на тысячу ўніз і прайшоўшы яшчэ сотні дзве зараснікам са звычайнага ляснога арэшніку, live oak'у і мадроны, адкрываеш, што на дне гэтага шырокага пакатага яра ёсць яшчэ яр, абрывісты, з амаль стромымі берагамі з чырвонай гліны, праз якую ў некаторых месцах праглядаюць голыя хвоі, зверху высокі лес пакідае бачным толькі вузкую паласу неба, а па дне шуміць, падаючы каскадамі, горы ручай. Месца ад прыроды хмурнае, дзікае, нярадаснае. Але прыгледзьцеся да яго, да яго разарваных берагоў, да мноства вывернутых з коранем і перакінутых туды і сюды агромністых дрэў, да бязладна, зусім не да месца наваленых куч камення і вы пераканаецеся, што прырода адна не магла стварыць нічога падобнага, што тут ёй дапамагалі цэлыя полчышчы нейкіх цыклопаў. Усё пастаўлена дагары нагамі, быццам чэрці ў чахарду гулялі. Калі б мне прыйшлося маляваць дэкарацыю для апошніх сцэн Фаўста, я не знайшоў бы нічога больш адпаведнага. Хто любіць моцныя адчуванні, няхай спусціцца ў гэты яр у месячную ноч і паслухае пякельны канцэрт дзікай кошкі.

Кажуць, што вера горамі варочае. Не ведаю, ці варочае вера, а што страсць да золата імі варочае, Яр мыльнага бур'яну можа служыць наглядным прыкладам. Усе вышэйзгаданыя разбурэнні, уся гэта нечалавечая работа была выканана золаташукальнікамі, яны не толькі перашпурнулі 3 разы ў гэтым яры кожны каменьчык, кожную пясчынку, але пры дапамозе так званага гідраўлічнага спосабу сапраўды перамясцілі цэлыя горы з аднаго месца на другое. Паколькі гэты гідраўлічны спосаб апрацоўкі залатых капальняў вынайдзены тут і практыкуецца пакуль толькі тут, то лічу нялішнім сказаць пра яго некалькі слоў.

І тут, як і ўсюды, прамыванне залатаноснага пяску пачалося з самага прымітыўнага спосабу, з золаташукальным латком, які цяпер выкарыстоўваецца толькі пры разведках, каб пераканацца, якую колькасць золата змяшчае пясок. Гэты латок ёсць штосьці падобнае да бляшанага таза і па велічыні і па форме. Накіроўваючыся на разведку, золаташукальнік звычайна запасаецца толькі кіркай, лапатай і гэтым латком. Перш за ўсё трэба ведаць, як знайсці месца, у якім прысутнасць золата верагодная; без гэтага ведання можна мыць да канца дзён сваіх і не знайсці і крупінкі.

Рассыпное золата знаходзяць галоўным чынам у рэчышчах старажытных, цяпер неіснуючых рэк. Што тычыцца дадзенай мясцовасці, то тут мяркуецца існаванне ў старажытныя часы ракі, ахрышчанай сёння іменем Станіслава, Stanislaus River, цяпер, вядома, не існуючай. У рэчышчы гэтай ракі, якое складаецца з так зван. жарствы ці гравію, г. зн. дробнага каменя, перамешанага з пяском, рэчышчы, што залягае непасрэдна на так зван. bedrock, г. зн. каменным рэчышчы на некалькі метраў пад цяперашняй паверхняй, змяшчаецца золата. Таму шукаць яго вышэй або ніжэй дзе б там ні было акрамя гэтага слоя жвіру зусім дарэмна. Ніжэй зрэшты і шукаць цяжка таму, што bedrock ёсць ужо цвёрдая каменная парода. Мне здалося, што ў дадзеным выпадку слой жвіру хутчэй ёсць ледавіковая марэна, чым рэчышча ракі. Як бы там не было, адшукаўшы гэты слой, золаташукальнік пры дапамозе кіркі і лапаты, напаўняе ім свой латок і, спусціўшыся да ручая, апускае яго ў ваду. Патрэсваючы і пакалыхваючы латок, ён дазваляе вадзе, што працякае, зносіць пясок і каменьчыкі, пакуль на дне яго не застанецца чорны па ўдзельнай вазе пясок магнітнага жалеза. У ім лёгка распазнаць крупінкі золата і далейшай, больш асцярожнай прамыўкай аддзяліць адны ад другіх. Калі на латку жарствы акажацца толькі на 5 цэнтаў (10 капеек) золата, месца ўжо лічыцца дастаткова прыбытковым, каб ім заняцца. Так званая "калыска" або "качалка", якой да гэтай пары часта карыстаюцца кітайцы, уяўляе ўжо значнае ўдасканаленне. Гэта невялікая драўляная скрыня, верхняя рухомая частка якой мае забяспечанае дзіркамі дно. У гэтую частку складаецца жвір. Пры патрэсванні і калыханні гэтай часткі вада зносіць скрозь дзіравае дно дробны пясок, затрымліваючы камяні. Апошнія выкідваюцца рукамі, а дробны пясок, які змяшчае золата, паступае ў ніжнюю нахіленую частку скрыні, дно якой забяспечана папярочнымі невысокімі драўлянымі затрымкамі, за якімі і адкладваецца золата па сваім цяжары. Больш лёгкі пясок зносіцца вадой.

Далейшае развіццё спосабу заключаецца ва ўстройванні шлюзаў, г. зн. даўгіх скрынь або рынваў з нізенькімі папярочнымі затрымкамі для золата. У верхні канец шлюза жарства накідваецца лапатамі. Буйныя камяні затрымліваюцца грубай рашоткай і выкідваюцца. Больш дробныя разам з пяском нясуцца ўздоўж скрыні вадой. Золата асядае за затрымкамі, дзе для вельмі дробных яго часцінак часам наліваюць ртуць, у якой яно і раствараецца. Гэты спосаб і дагэтуль практыкуецца ў нас у Сібіры. Ручное раскопванне залатаноснага слоя, неабходнасць спачатку знесці рукамі ж тоўстыя слаі зямлі, якія пакрываюць яго зверху, падвоз да шлюза і інш., патрабуе велізарнай колькасці ручной працы. Прымяненне гэтага спосабу магчыма толькі ў вельмі багатых россыпах. Па меры таго як каліфорнскія россыпы бяднелі і вычэрпваліся, прыйшлося выдумляць больш лёгкія і танныя спосабы прамывання. Такім спосабам, несумненна, прамыванне адбываецца ў тых жа шлюзах, але разбурэнне парод ажыццяўляецца не рукамі, а вадой і вось якім чынам.

Дзе-небудзь на значнай вышыні ад ручая, возера або іншай крыніцы адводзіцца трубамі з ліставога жалеза патрэбная частка вады. Калі на шляху водаправода сустракаецца ўзвышша, то трубы не праводзяць у тунэлях, што каштавала б занадта дорага, а проста перакідваюць іх цераз узгоркі і хрыбты, разлічваючы на дзеянне сіфона. Давёўшы водаправодную трубу да месца эксплуатацыі, яе разгаліноўваюць на патрэбную колькасць галін і кожную галіну забяспечваюць чымсьці падобным да пажарнага наканечніка вялікіх памераў. Гэтым наканечнікам маніпулююць часам проста рукамі, часам жа яго на шарнірах, так што струмень вады можна накіроўваць па сваёй волі. Дзякуючы значнай розніцы ва ўзроўнях абодвух канцоў трубы, вада выходзіць з наканечніка пад такім страшным ціскам, што ёй не толькі можна забіць чалавека, але, накіраваўшы на пароды, што падлягаюць разбурэнню і прамыванню, раздрабляць і разносіць іх з незвычайнай лёгкасцю. Усё размытае абсыпаецца і падае ўніз у падведзеныя шлюзы і прамываецца само сабой. Такім чынам, працу некалькіх чалавек замяняе цяжкая праца многіх соцень рабочых, змываюцца і зносяцца цэлыя горы і самыя бедныя россыпы даюць багаты барыш.

Ціск у ніжніх частках трубы часам бывае настолькі вялікі, што труба "пацее" звонку, г. зн. вада праходзіць праз сітавіны жалезнага ліста. Дзіўна тое, што само жалеза, з якога яны зроблены, не таўсцей за сярэдні кніжны пераплёт, няшмат таўсцей за тыя лісты, з якіх робяцца пячныя трубы.

Некалькі гадоў таму назад Удзельным ведамствам нашым быў камандзіраваны ў Каліфорнію горны інжынер для вывучэння гэтага спосабу на месцы, з мэтай прымянення яго на сібірскіх россыпах гэтага ведамства. Інжынер быў, атрымаў багатыя падарожныя, вывучаў, але спробы аказаліся няўдалымі. Наколькі мне помніцца, трубы былі заказаны дарагія, таўстасценныя з чыгуну і, вядома, такіх высокіх ціскаў не вытрымлівалі. У час майго знаходжання ў Каліфорніі каліфорнскія залатыя прыіскі з той жа мэтай практычнага азнаямлення з гідраўлічным спосабам наведаў іншы рускі горны інжынер В. С. Рэутоўскі. Спадзяёмся, што на гэты раз справа выйдзе больш удала, ранейшыя грубыя памылкі, якія пацвярджаюць прыказку "на ўсякага мудраца хапае прастаты", не паўторацца. Ці не дзіўна насамрэч: неадукаваны амерыканскі золаташукальнік-практык вынайшаў і паспяхова практыкуе свой да немагчымасці просты спосаб, да якога цэлая калегія нашых вучоных інжынераў не толькі не дадумалася сама, але нават і пераняць толкам не ўмее! Для чаго толькі ўся гэта навука, падумаеш!..

Адзіная нязручнасць гідраўлічнага спосабу заключаецца ў тым, што разбураныя горы ў выглядзе пяску і гліны зносяцца вадой і адкладаюцца ва ўрадлівых далінах, робячы іх нікуды не вартымі з земляробчага пункту гледжання. Акрамя таго, такім чынам мялеюць і запруджваюцца рэкі. Гэта акалічнасць выклікала моцны рух і пратэст з боку земляробчага насельніцтва бліжэйшых далін у Каліфорніі і была прычынай выдання закона, які забараняе прымяненне гідраўлічнага спосабу ў штаце. Зрэшты, у апошні час ідзе моцная агітацыя на карысць адмены гэтай забароны, і адмена, здаецца, адбудзецца. Паміж золаташукальнікамі і земляробамі складаецца кампраміс, які абавязвае першых штучнымі плацінамі затрымліваць яшчэ ў гарах масы пяску і гліны.

Усе гэтыя нязручнасці могуць быць вельмі важныя для вінаградных, персікавых і апельсінавых плантацый Каліфорніі, але губляюць усякае значэнне ў Сібіры, асабліва ў яе горных акругах, дзе пра земляробства не можа быць і гаворкі і дзе рэкі не запрудзіш і не абмеліш ніякімі спосабамі. Калі частка сібірскіх гор перанясецца ў паўночныя тундры, то ад гэтага тундра хутчэй выйграе, чым страціць. А між тым шырокае прымяненне гідраўлічнага спосабу ўдзесяцярыла б колькасць золата, што цяпер там здабываецца.

Х

Такія фермеры, як Дзікерсан і Гольдэн, тут у гарах выключэнне. Большасць фермерскага насельніцтва горных мясцовасцей Вашынгтона, Арэгона і Каліфорніі прадстаўлена асобным класам амерыканцаў, якія належаць да двух распаўсюджаных ў Амерыцы тыпаў: старых халасцякоў і т. зв. cranks. Слова crank паходзіць ад таго ж кораня, што і нямецкае krank, хворы, але амерыканцы надаюць яму адценне спецыяльна душэўнага расстройства. На рускай мове гэтае слова лепш за ўсё перакладаецца выразам "тронут" ці "не все дома". Але няхай не падумае чытач, што амерыканскія крэнкі сапраўды вар'яты. Каб зразумець сапраўдны сэнс слова, трэба ўзяць пад увагу агульны хваравіты груба і вузка-матэрыялістычны характар амерыканскага жыцця. З пункту гледжання гэтага мяшчанскага матэрыялізму, якім прасякнутая "здаровая" большасць, кожны, для каго фраза "не адзіным хлебам чалавек жывы будзе" мае сэнс, кожны, у якога ёсць наўме што-небудзь акрамя планаў нажывы, з'яўляецца "ненармальным". Усё роўна, ці будзе гэта "што-небудзь" арыгінальная палітычная, сацыяльная, філасафічная або рэлігійная ідэя, нязгодная з агульнапрынятымі поглядамі і вераваннем большасці. Ва ўсіх духоўных праявах чалавечага жыцця, "здаровая" большасць трымаецца вядомай руціны, вядомага катэхізіса, апраўдваючы і паважаючы арыгінальнасць і энергію толькі там, дзе яны накіраваны да павелічэння матэрыяльнага дабрабыту. Усіх, хто ўхіляецца ад гэтага, хто выказвае якія-небудзь іншыя імкненні і выяўляе так ці інакш сваю арыгінальную духоўную асобу ў шкоду матэрыяльным інтарэсам, грамадская думка кляймуе напаўпаблажлівым, паўнасмешлівым тэрмінам крэнка. Я баюся, што з пункту гледжання амерыканскай большасці ўся наша руская інтэлігенцыя, усе нашы грамадскія дзеячы, літаратары і мысляры, за выключэннем, вядома, тых, што ўмеюць нажываць грошы і на гэтай ніве, акажуцца крэнкамі. Пра Л. М. Талстога і яго паслядоўнікаў ужо і гаварыць няма чаго. Пры ўсёй маёй цікавасці да асобы і таленту Талстога, я павінен сказаць, што адзінае, што выратуе яго папулярнасць тут, гэта графскі тытул, без якога, на жаль, яго рэпутацыі прыйшлося б кепска. У мастацтве і маральных вучэннях амерыканцы дрэнныя суддзі. Рускі чытач, вядома, бадай што пацісне плячыма і возьме пад сумненне справядлівасць маіх слоў. Але я цвёрда буду стаяць на сваім і раскажу яму адно з тысячы вядомых мне маленькіх здарэнняў, якія характарызуюць арыстакратычныя смакаванні дэмакратычнай і рэспубліканскай Амерыкі.

Неяк нядаўна ў час знаходжання англійскага прынца Георга ва ўсходніх штатах у газетах Сан-Францыска пранеслася чутка пра верагодны намер яго наведаць і Захад. У гэты час у адным з арыстакратычных гатэляў горада спыніўся нейкі невядомы малады чалавек. Негру, які кіруе элеватарам і які калісьці і дзесьці бачыў прынца, здалося, што гэта ён. Падымаючы новапрыбыўшага на яго паверх, ён, здзіўлены падабенствам, назваў яго "Ваша Вялікасць". Прысутныя на элеватары чулі гэта і паднялі трывогу па ўсім гатэлі.

- Прынц Георг у Palace Hotel'і?!..

Кожны хацеў бачыць знакамітага госця, кожны хацеў гаварыць з ім. Мужчыны не ведалі як прыступіцца.

- Добрай раніцы, Ваша Вялікасць!...

Дамы раз-пораз хадзілі сюды-туды каля яго, упускалі свае хусткі і рыдыкюлі, будучы не ў сабе ад захаплення, калі ён ветліва паднімаў і вяртаў уласна ўпушчаны прадмет. Гэта давала магчымасць распачаць знаёмства.

- Як вы ласкавы, Ваша Вялікасць!

Праз паўгадзіны ўвесь горад быў на нагах і рэпарцёры газет ужо акружалі госця.

- Кажуць, што Вы прынц Георг; ці праўда гэта? - пытаецца адзін з рэпарцёраў.

- Калі ўжо вы ставіце пытанне так прама, - адказаў незнаёмец, - то мне нічога не застаецца, як адказаць адмоўна. Я не прынц Георг, а commis-voyageur такой вось мылаварнай фабрыкі з Усходу. Але мне вельмі шкада, што вы разбураеце ілюзію, не таму, што мне даў задавальненне тытул Яго Вялікасць, які мне не належыць, а таму, што ўсе гэтыя людзі вакол былі так шчыра і глыбока шчаслівыя. Я не адмаўляў, думаючы, чаму ж не даць ім парадавацца, калі гэта мне нічога не каштуе! Так, вашым недалікатным пытаннем вы пазбаўляеце прабывальнікаў гатэля вялікага задавальнення.

Нашы тытулаваныя гвардзейцы, што прагуляліся, наўрад ці рэалізуюць, якую бліскучую кар'еру яны маглі зрабіць у найвялікшай з рэспублік.

Крэнкі не вар'яты. Гэта адзіны здаровы элемент у акіяне "дзялкоў" усякага звання і стану. Гэта соль і надзея амерыканскай зямлі. Большасць крэнкаў, вядома, змагаецца ў шэрагах шматлікіх прагрэсіўных партый, падобных да нацыяналістаў - паслядоўнікаў Беламі, прыхільнікаў Single taxe movement, заснаванага Генры-Жоржам [38], хрысціянскіх сацыялістаў і іншых сацыялістычных фракцый, партыі ўстрымання ад спіртных напояў і інш. Але многім падобная барацьба або не пад сілу, або не да густу. Не знаходзячы задавальнення сярод людзей, яны збягаюць у горы і лясы і вядуць там жыццё анархістаў. У большасці выпадкаў яны халасцякі або ўдаўцы. Да іх далучаюцца іншыя халасцякі, якім чамусьці проста не пашчасціла ў жыцці, не ўдалося звіць свайго гнязда па-людску і якія махнулі на ўсё рукой.

Як я ўжо сказаў, большасць фермерскага насельніцтва горных акруг Захаду складаецца з такіх халасцякоў-анархістаў. Прыкладаў шукаць недалёка. У паўмілі ад нас ёсць дзве асобныя фермы, з якіх адна належыць містару Куку, другая - містару Маркелу.

Mr. Cook маленькі, худзенькі чалавек, пра якіх у нас гавораць: у чым толькі яго душа трымаецца. Яму 60 гадоў з роду, і сівізна серабрыць не толькі яго галаву, але моцна прабіваецца і ў маленькай, рэдзенькай бародцы пясчанага колеру. Шмат разоў мы яго наведвалі і заўсёды знаходзілі за працай, апранутым у моцна пацёртую рабочую вопратку, г. зн. шарсцяную фланелевую кашулю, палатняныя штаны і куртку, якія яшчэ мелі сляды ранейшага сіняга колеру. Варта ўвагі, што рабочыя ўсяго свету любяць гэты сіні колер. Пачынаючы з сініх кашуль нашых вялікарускіх сялян і знакамітай французскай сіняй блузы, не толькі ўся рабочая Амерыка, але нават кітайскія і японскія кулі на Сандвічавых астравах аддаюць гэтаму колеру яўную перавагу. Ніколі не ўдавалася нам бачыць Mr. Cook'а ў яго святочным чорным адзенні і белай крухмальнай кашулі, якія ён не без гонару паказваў нам у ліку многіх падобных рэчаў, якія захоўваюцца ў вялікім драўляным куфры. Капелюша-цыліндра мы таксама не бачылі, але бачылі фатаграфічную картку, на якой ён паказаны ва ўсім гэтым шыкоўным убранні. Картка знятая шмат гадоў таму назад, калі ён быў яшчэ рымарам на Усходзе. Прыехаўшы сюды шукаць золата, і не знайшоўшы яго, пражыўшы ўсе свае запасы, ён выбраў добрую долю фермера. Гэта было гадоў за сем перад тым, як я яго бачыў. Са ста доларамі ў кішэні і адным канём ён узяў дармавы ўрадавы ўчастак у 160 акраў, зарослы буйным будаўнічым лесам. Каня свайго на першы год ён аддаў суседу, таму што ні плуга, ні корму для яго ў яго не было, і з уласцівай толькі амерыканцу энергіяй прыняўся за работу. Для любога іншага рымара ды яшчэ старога гэта піянерская дзейнасць у першабытным лесе, бадай, здалася б непасільнай. Але Mr. Cook не глядзеў, па сілах або не па сілах. Ён звальваў вялізныя дрэвы, распілоўваў і расколваў іх, рабіў агароджу, карчаваў пні, пракопваў канавы, араў, сеяў, касіў і ў дадатак да ўсяго збудаваў сабе без усякай пабочнай дапамогі, аднымі сваімі рукамі добры рублены дамок з двух прасторных пакояў.

Адным словам, гэты маленькі, худзенькі дзядок здзейсніў неверагодную, нечалавечую работу. У цяперашні час у яго ёсць вялікае бульбяное поле, засеяны канюшынай луг, некалькі соцень пладовых дрэваў, некалькі штук рагатай жывёлы, 3 або 4 каня і штук 60 свіней. Працуе ён нястомна ад світання да світання і ўсё сам, усё адзін. Кароў сваіх, у адрозненне ад суседзяў, ён доіць, робіць масла і прадае. Выпытваў у нас, як рабіць швейцарскі сыр, але гэта аказалася занадта клапатлівым для маленькай гаспадаркі. Акрамя масла, ён збывае ў горад бульбу, свіней, курэй, яйкі і да т. п. Пладовыя дрэвы свае ён даглядае як маці малых дзяцей. Ніжнія часткі ствалоў рупліва абгорнутыя анучкамі, каб кошкі не вастрылі аб іх сваіх кіпцюроў. Ён любіць моцна ўсю сваю ферму, але гэтыя дрэвы складаюць прадмет яго асаблівага замілавання, і ў які б час дня вы не прыйшлі, ён абавязкова правядзе вас па садзе, спыніцца пад кожным, разгледзіць яго любоўна і раскажа яго біяграфію. Стары столькі працаваў над імі, што ўклаў у іх сваю душу. Яны яго дзеці і хутка прынясуць яму забяспечанае і заможнае існаванне ва ўзнагароду за старанны дагляд.

Mr. Cook можа служыць наглядным прыкладам, чаго пры энергіі і цвярозасці тут яшчэ можа дабыць адзін чалавек, так бы мовіць, голымі рукамі. Для каго ж працуе стары? Як ні кепска ў Каліфорніі беднаму, але, пры сваіх абмежаваных патрэбах, ён мог бы забяспечыць сваё існаванне больш лёгкім чынам, хоць бы той жа рымарскай працай у бліжэйшым горадзе. Жанаты ён ніколі не быў, дзяцей у яго няма. Дзяцей сапраўды няма, але дзесьці ў Вашынгтоне служыць на пошце пляменніца, а яшчэ дзесьці ёсць пляменнік. Гэтага пляменніка ён мае намер выклікаць да сябе - калі паставіць ферму на ногі. Гэта адзін з верагодных матываў. Акрамя таго, ён любіць прыроду і незалежнасць і сваёй фермы не прамяняе на самае раскошнае, гультайскае і бессэнсоўнае гібенне ў нейкім Palace Hotel'і ў Сан-Францыска, які служыць рэзідэнцыяй багатых на грошы і бедных духам каліфорнскіх мільянераў.

Яго сусед Маркел, таксама стары і таксама бабыль, нягледзячы на законную сувязь са старой Гольдэн, належыць да зусім іншага тыпу. Яго ферма - парожняе месца. Невялікі лясны паплавец, зарослы кепскай натуральнай травой, а пасярод яе трухлявая хацінка, што пагражае падзеннем. Ні дрэва, ні поля, ніякіх слядоў фермерскай дзейнасці. Некалькі галоў жывёлы і свіней, што гуляюць у лесе па сваёй волі - вось уся яго бачная маёмасць. Сам ён высокі, сагнуты гадамі стары з вялікай сівой барадой і разумнымі вачыма. Гэта золаташукальнік па натуры. Фермерства яму агіднае, і ён гэтага не хавае. Жыве ён тут, па-першае, таму што трэба ж недзе жыць, а па-другое, што не губляе надзеі на ўзнаўленне права гідраўлічнай апрацоўкі навакольных гор, якія, па яго словах, поўныя золата. Ён ужо не раз меў грошы і не раз спускаў іх у рызыкоўных справах па золатапрамысловасці. Апошнюю маёмасць ён улажыў на будаўніцтва доўгага канала, пры дапамозе якога хацеў пачаць гідраўлічныя работы. Але тут выйшаў згаданы вышэй закон і багацце старога засталося ў канале, які хоць і існуе і падтрымліваецца, але даходу не прыносіць амаль ніякага. На сякія-такія грошы, што засталіся, ён спекулюе і тым існуе, не перастаючы трызніць золатам і не губляючы надзеі яшчэ раз напоўніць ім свае кішэні.

У некалькіх мілях адсюль ёсць нехта Джэк, сын амерыканца і індыянкі, які атрымаў у спадчыну ад маці ўсе незайздросныя бакі дзікуна і не набыў ад бацькі якасцей белага чалавека. Жыве гэты Джэк на ўрадавым участку, што належыць яму, жыве адной стрэльбай, жыве брудна, гультаявата і вельмі шануе гарэлку і тытунь. На гэтую гарэлку і на падаткі часам патрэбны грошы, якіх у Джэка няма. Тады Джэк накіроўваецца да Маркела, і Маркел яму дапамагае. Так цягнулася некалькі гадоў, пакуль доўг з працэнтамі не ўзрос настолькі, што нябозе Джэку прыйшлося аднойчы раніцай пайсці ў Placerville і перавесці сваю ферму на імя Маркела. Здарылася гэта ў час нашага знаходжання ў гарах. Вярнуліся абодва моцна пад чаркай і абодва задаволеныя. Не ведаю, чаму радаваўся Джэк, відаць, часткова па прыроднай жыццярадаснасці, асвежанай выпіўкай віскі. Маркел жа мае больш значныя падставы. На ферме Джэка, дзе былы гаспадар цяпер застаецца толькі ў якасці вартаўніка, - выдатная зямля, цудоўны лес і, галоўнае, залатая міна, на якую Маркел даўно глядзеў з апетытам.

Не маючы капіталаў на золатапрамысловыя прадпрыемствы, стары Маркел вядзе сузіральнае жыццё. Ён або сядзіць на ганку і, пакурваючы кароценькую люлечку, глядзіць на гэтыя поўныя золата горы, або чытае газету, а калі газеты няма - які-небудзь вельмі стары падручнік хіміі. Наогул ён чалавек не без некаторай адукацыі, крышку філосаф і пры прыродным розуме ўмее даць рады ва ўсякай галіне. Пагаварыць з ім вельмі прыемна, тым больш што пагаварыць ён не супраць і не скажа нічога не ўзважыўшы і не абдумаўшы папярэдне.

Вёрстах у дзвюх-трох ад Маркела і Кука жыве іх бліжэйшы сусед, таксама халасты стары і таксама пасяленец казённага ўчастка. Фермачка яго яшчэ менш развіта і [больш] занядбана, чым ферма Маркела. Усё, што можна там бачыць, - кепскі, занядбаны агарод, у сярэдзіне якога стаіць старая халупа, больш падобная на свіны хлеў. Дождж, снег і вецер маюць свабодны доступ праз вялізныя шчыліны ў сценах і даху, што прагнілі. Усярэдзіне - бруд і пустата. Як і дзе спіць гэты Дыяген, вядома толькі яму аднаму, бо ні пасцелі, ні якой бы там ні было мэблі не бачна. Па паходжанні гэта нейкі ірландзец. На ферме ён жыве толькі летам, а на зіму накіроўваецца ўніз, чым і як ён жыве там - не ведаю. Тут жа летам ён знаходзіцца ў кампаніі і дае на сваім лапіку прыстанішча нейкім падазроным маладым людзям, якія прыгналі на летняю пашу жывёлу. Уся кампанія здабывае мяса, забяспечваючы ім ўсю аколіцу. Гольдэн, Маркел і іншыя аселыя фермеры глядзяць на гэтую кампанію далёка не прыязна, не толькі таму, што прыгнаная імі чужая жывёла пазбаўляе падножнага корму іх уласную, але і таму, што для выкарыстання мяса, карыстаючыся цяжкасцю кантролю, яны забіваюць чужых кароў.

Па той бок глыбокага яра, у глыбіні якога бурліць цудоўны Slab-Creek са сваімі шматлікімі маляўнічымі вадаспадамі і рэзервуарамі, поўнымі фарэлі, са сваёй халаднаватай свежасцю і цяністымі, дзікімі, часта непраходнымі берагамі высокай, стромкай сцяной уздымаецца новая гара, уся зарослая цудоўным будаўнічым лесам. Там на ўзвышаным плато яшчэ шмат свабоднай зямлі. Некаторыя ўчасткі ўжо ўзяты маладымі людзьмі з суседніх мястэчак. Большасць іх не сумленныя пасяленцы, а толькі агенты багатай капіталістычнай кампаніі, якая стараецца захапіць лясы ў свае рукі. Велізарныя прасторы ўжо належаць ёй. Сістэма захопу вельмі простая. Адшукаўшы некалькі дзясяткаў нядобрасумленных агентаў, якія не страцілі асабістага права на дзяржаўныя землі, яны пасылаюць іх у Placerville ў пазямельную кантору. Карыстаючыся сваім правам, яны разбіраюць лепшыя лясныя ўчасткі, будуюць на іх для выгляду буданы і, задаволіўшы фармальнасці закона, толькі атрымаюць права адчужэння - перапрадаюць зямлю кампаніі. Некаторыя бяруць участкі на свой страх і пасля неабходнага тэрміну прадаюць той жа кампаніі лес, а зямлю пакідаюць для далейшых спекуляцый. Вынікам будзе той, што ў хуткім часе і ў гэтых першабытных лясах зазвіняць сякеры, засвісцяць лакаматывы, пойдзе лясное раскраданне. А потым высахнуць ручаі і краіна ператварыцца ў мёртвую, пазбаўленую жыцця пустыню, падобную да той, якая распасціраецца цяпер паміж Сьера-Невадай і Скалістымі гарамі. Амерыканскія індывідуалістычныя парадкі менш чым якія-небудзь іншыя здольныя паставіць сур'ёзную перашкоду такому ходу справы. Апамятаюцца амерыканцы толькі тады, калі ўжо будзе позна.

XI

Пражыўшы каля 6 тыдняў у лесе Сьера-Невады толькі ў 40 мілях ад знакамітага возера Тага [39], не хацелася нам вяртацца, не пабачыўшы яго. Каб выканаць гэта жаданне, мы нанялі м-ра Гольдэна адвезці нас. Мядовы месяц, які ён спраўляў пры натуральнай схільнасці да рамізніцтва і агідзе да фермерскай працы, сыграў нам на руку. Наш план далейшых вандраванняў прыйшоўся маладому якраз да густу, і ўгаворваць не было неабходнасці, нягледзячы на няскошанае сена і іншыя неадкладныя работы. Хутка наладзіў ён сваю цыратовую калымагу, у якой магла змясціцца ўся кампанія, акрамя аднаго, якому прыйшлося ехаць вярхом. Амерыканцы, мабыць, пагалоўна належаць да таварыства абароны жывёл; прынамсі экіпажы іх надзвычай добра прыстасаваны для зручнасці коней. Гэта, вядома, вельмі пахвальна, і ўсё, чаго застаецца жадаць, каб і людзі не былі забыты. На няшчасце, да гэтай пары пра гэта тут мала думаюць. Забрацца ў амерыканскае buggy [40] і ўсякі іншы падобны да яго экіпаж пры ўсім спрыце даволі цяжка і далёка не бяспечна. Калі коням уздумаецца рушыць некалькі раней, чым чалавек паспеў усесціся, апошні сур'ёзна рызыкуе заблытацца ў колах і быць расціснутым. Пра зручнасці сядзення - ужо і казаць няма чаго. Калі б у французаў былі амерыканскія экіпажы, ні пра якія horizontales не было б і паміну.

Выязджалі мы гадзін у 7 раніцы. Надвор'е стаяла, як звычайна, добрае, цёплае, сонечнае і ціхае. Дарога ішла ўвесь час лесам, дзе больш дробны, дзе больш буйны, падымаючыся ўвесь час угару, абгінаючы вялікія яры і непрыкметна перабіраючыся з гары на гару. Ландшафты звычайныя, лясныя. Лес, што расце на раўніне, як гэта звычайна бывае ў Расіі, аднастайны. У гарах іншая справа; тут на кожным павароце якая-небудзь нечаканасць: то глыбокі, цяністы яр, у якім нягледзячы на лес можна бачыць на 1-2 вярсты ва ўсіх кірунках, то стромкая гара, што раптоўна вырасла высокай сцяной, то вясёлы ручай, то вадаспад. Зрэдку паміж лістотай дубоў, ялін і хвой раптам прагляне ўся бясконцая каліфорнская даліна, адзетая блакітным туманам. Тады, прыгледзеўшыся, можна распазнаць раку Сакрамента, што віецца па ёй вузенькай сярэбранай стужкай, і нават сам горад. Цяніста, халаднавата ў лесе. Ні сонца не пячэ, ні пыл не надакучвае, і падарожжа атрымліваецца прыемнае, разнастайнае і няўтомнае. Ехалі мы марудна, усё больш крокам і толькі калі-нікалі трушком. Адзінай нашай мэтай было разгледзець краіну, і спяшацца было няма чаго. Нярэдка дарога ішла занадта стромка і тады ўся публіка, за выключэннем возніка, спешвалася і ішла мілю-дзве пешшу. Са мной была стрэльба, і я значна апярэджваў коней у пагоні за вавёркамі. Гэта чыста вавёрчына царства. Іх не толькі мноства, але і з заалагічнага пункту гледжання ўся парода прадстаўлена багата. Я налічыў 6-7 відаў, пачынаючы са звычайнай вялікай шэрай вавёркі і канчаючы малюсенькай паласаценькай, вельмі міленькай істотай, якая называецца тут chip-munk [41] ((Tamias striatus). Яны чамусьці любяць уладкоўвацца каля самай дарогі ў земляныя норках. Праходзячы, спуджваеш іх цэлымі сотнямі. Узлезшы на пень або калоду, натапырыўшы вушы і падняўшы хвосцік, вартуюць яны, пакуль не падыдзеш бліжэй, а потым так хутка шмыгануць кудысьці, што прасачыць няма магчымасці.

У адным гэтыя лясы саступаюць нашым - тут няма ні грыбоў, ні ягад; і тыя і другія, кажуць, бываюць толькі ранняй вясной, калі ідуць частыя дажджы. Летам жа, у бездажджавы сезон, мы дарэмна шукалі таго і другога. Раз ці два за ўвесь час знаходжання як выключэнне ішоў прыстойны дождж, але і тады, акрамя жмені суніц, нам не ўдалося нічога знайсці [42].



[1] Забарона.

[2] У рукапісе па-руску: клэрки.

[3] Мантэрэй.

[4] Каранада-Біч.

[5] Герой згаданага апавядання Гарта. Тэрэнс Эманс лічыць, што тут маецца на ўвазе асоба Леланда Стэнфарда (Around California in 1891 / [by Nicholas Russel; trans. by Sara Fenander; ed. and with an introd. and a biographical sketch by] Terence Emmons. Stanford: Stanford Alumni Association, 1991. P. 8).

[6] Берклі.

[7] Правільнае напісанне - Эль-Дарада (El Dorado).

[8] Плэйсервіль.

[9] Беніша.

[10] Лос-Анджэлес.

[11] Сіэтл.

[12] Пры публікацыі англійскага перакладу даецца такое растлумачэнне слова Каніфершуал, "Каніфершуала" (Kannivershuala): фанетычная транскрыпцыя з рускай мовы таго, што ўзята з нямецкай мовы або ідыш - магчыма, keine verschollene, г. зн. прыблізна "can't get rid of 'em" (немагчыма ад іх пазбавіцца?) (Around California… P. 44).

[13] Фолсам-Сіці.

[14] "Уэлс энд Фарго".

[15] Джон ДэУіт Уорнер (John DeWitt Warner), у 1891-1895 гг. кангрэсмен-дэмакрат ад штата Нью-Ёрк (прадстаўляў частку Манхэтэна), у 1905-1909 гг. прэзідэнт Амерыканскай лігі свабоднага гандлю.

[16] Spreckels, Спрэклс, Спрэкелс.

[17] Джэй Гулд.

[18] Карнегі.

[19] Форма Шмаргонская для слова Смаргонская - даволі нетыповая, рэдкая ў рускім друку.

[20] Павятовыя цэнтры адпаведна Палтаўскай і Чарнігаўскай губерняў (Канатоп - цяпер раённы цэнтр Сумской вобласці).

[21] Quercus сhrysolepis - так у рукапісе, Quercus сhrysolepsis - так у публікацыі на англійскай мове; shrysolep(s)is?

[22] Вечназялёны дуб.

[23] Скунс.

[24] Джорджтаўн.

[25] Маскітас.

[26] Соуп-уід, Соўпуід.

[27] Купец-кулак Разуваеў з апавядання М. Я. Салтыкова-Шчадрына "Прыстанішча Мон-рэпо", імя якога стала хадзячай назвай.

[28] Лац.: з прычыны гэтага; тым самым.

[29] У заўвазе ў выданні 1991 г. (Around California… P. 78) - "«Bigwig,» perhaps?" (і тады - верхавод, дзялок, важная персона).

[30] Канец сказа неразборлівы: цудоўную? умеючы? і вучыцца?

[31] Кроўфард, Крофард.

[32] Забаўляльную прагулянку.

[33] Індзейцаў.

[34] Індзейская.

[35] Індзейцаў.

[36] Індзейцы.

[37] Соуп-уід Кэньён.

[38] Рух за адзіны падатак Генры Джорджа.

[39] Таха.

[40] Брычка, кабрыялет.

[41] Бурундук.

[42] На гэтым тэкст абрываецца. Словы на наступным, апошнім аркушы: "Дождж ноччу ў зямлянцы. Soapweed Creek? Mining" могуць мець адносіны да ўжо апісаных эпізодаў жыцця ў лесе і папулярызацыі тэхнікі распрацоўкі залатых россыпаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX