Папярэдняя старонка: Мемуары

Вітан-Дубейкаўская Юліяна. Мае ўспаміны 


Аўтар: Вітан-Дубейкаўская Юліяна,
Дадана: 03-07-2012,
Крыніца: Вільня, 1994.



Прадмова

Аўтарка «Маіх успамінаў» Юліяна Вітан-Дубейкаўская з роду Мэнке (1886-1970) сярод дзеячоў беларускага руху ў Вільні ў першай палове нашага стагодзьдзя - постаць цікавая і неардынарная. Фэномэн яе жыцьцёвага лёсу ў тым, што яна далучылася да беларускага адраджэньня, будучы паводле нацыянальнасьці аўтэнтычнай немкай. Праўда, паходзіла яна зь сям'і тых немцаў-віленчукоў, што здаўна сталі тутэйшымі жыхарамі, «прынялі мэнтальнасьць і звычаі гэтага мілага краю».

Падобныя зьявы на віленскім грунце былі не адзінкавыя. Так склалася, што некаторыя актыўныя ўдзельнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху не былі этнічнымі беларусамі, тым ня менш, яны шчыльна ўліліся ў беларускую стыхію, сталі шчырымі патрыётамі і ўсе свае сілы й здольнасьці аддавалі беларускаму народу. Пераважна гэта былі прадстаўнікі таго шырокага спэктру нацыянальнасьцяў былога Вялікага Княства Літоўскага, якія ў асноўным бесканфліктна суіснавалі ў межах гэтай дзяржавы ва ўмовах нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасьці.

На фармаваньне сьветапогляду і беларускай грамадзянскай пазыцыі Юліяны Мэнке мелі ўплыў найперш асабістыя кантакты зь беларускім насельніцтвам краю і дзеячамі адраджэньня. Яшчэ ў гімназіі яна пазнаёмілася з Алаізай Пашкевічанкай - пазьней знанай паэткай Цёткай. У Пецярбургу Юліяна здабыла спэцыяльнасьць мастацтвазнаўцы і ў 1915 г. у Вільні пасябравала з археолягам Іванам Луцкевічам. У першую чаргу іх аб'ядноўвала агульнае зацікаўленьне мастацтвам, пасьля - супрацоўніцтва на ніве беларускай асьветы. Юліяна прысьвяціла сябе працы ў Беларускім Камітэце, і яе ўдзел быў вельмі карысны пры перамовах зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Разам зь Цёткай, Іванам ды іншымі яна ўдзельнічала ў адкрыцьці першых беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў, Віленскай Беларускай Гімназіі, дзе затым сама выкладала пэдагогіку і нямецкую мову.

Яе адносіны з Іванам Луцкевічам ад цеснага супрацоўніцтва перарасьлі ў блізкае сяброўства і шчырае каханьне. На жаль, іх намеру стварыць сям'ю стала на перашкодзе хвароба Луцкевіча - сухоты, ад якіх ён згас улетку 1919 г. Знаёмству з Іванам і прысьвечаныя «Мае ўспаміны», якія Юліяна закончыла ў 1953 г.

Праз тры гады пасьля сьмерці Івана Луцкевіча Юліяна выйшла замуж за вядомага беларускага дзеяча, інжынэра-архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага, зь якім пражыла ў Вільні да самай ягонай сьмерці ў 1940 г. У 1954 г. у Нью Ёрку пад псэўданімам Кветка Вітан яна выдала кніжку «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» з успамінамі аб ім.

Юліяна была чалавекам сьціплым і самаахвярным. Яе прыроджаны альтруізм змушаў заўжды некім апекавацца: малодшай сястрой і братамі, сваім безнадзейна хворым нарэчаным, састарэлымі бацькамі, урэшце мужам, які ў апошнія гады жыцьця цяжка хварэў. Усё гэта яна рабіла бяз скаргі на лёс, з сапраўднай хрысьціянскай міласэрнасьцю.

Вясной 1941 г. Юліяна Вітан-Дубейкаўская перасялілася ў Нямеччыну, жыла ў Нюрнбэргу, дзе і пісала свае мэмуары, абапіраючыся на дзёньнікавыя запісы ранейшых гадоў. Пасьля яе сьмерці рукапіс «Маіх успамінаў» трапіў у Лёнданскую беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны. Там у пачатку 1980-х гэты рукапіс чытаў Адам Мальдзіс, які назваў мэмуары цікавымі і адзначыў, што зь іх «можна даведацца мноства каштоўных зьвестак аб беларускім літаратурным жыцьці пачатку XX стагодзьдзя». Падобна, што гэта была першая згадка пра ўспаміны Юліяны Вітан-Дубейкаўскай у друку пасьляваеннай Беларусі. Але ва ўмовах таталітарнае камуністычнае ідэалёгіі пра публікацыю кнігі не магло быць і гаворкі.

Сама Юліяна да сваіх успамінаў ставілася дастаткова крытычна. «Ня ведаю, ці мае ўспаміны будуць надавацца да друку, - пісала яна ў лісьце да сястры і пляменьніцы Івана Луцкевіча. - Дзеля таго, што дарагая пані Амілія, як сястра, а вы, даражэнькая мая Яня, як пляменьніца сьв. памяці Івана Луцкевіча больш за ўсіх маеце права вырашаць, ці ў гэткай форме можна падаваць да публічнага ведама «Мае ўспаміны» аб гэтак вам блізкім і дарагім чалавеку, то я прашу вас прыняць ад мяне гэтыя ўспаміны як працу, у якой я пераказваю на вас усе аўтарскія правы. Гэта будзе ад вас залежаць, ці наогул вы абедзьве згаджаецеся на выданьне ў гэткім выглядзе «Маіх успамінаў». А можа вы з паняй Натальляй (паэтка Натальля Арсеньнева, зь якой сябравала Юліяна. - Л.Л.) захочаце перапрацаваць і прапусьціць іншыя балонкі ці падаць толькі выняткі, або проста палажыць як архіўны матэрыял дзеля жыцьцяпісу Івана Луцкевіча. Ну, разумеецца, што ўсе матэрыяльныя карысьці, якія маглі б з часам паўстаць, пераходзяць на вас, мая мілая Яня».

Праз дваццаць гадоў пасьля сьмерці аўтаркі «Маіх успамінаў» Яніна Шабуня, перасылаючы рукапіс мне, пісала: «Перасылаю Табе «Ўспаміны» Дубейкаўскай аб Іване, якія, на жаль, да гэтага часу ня выйшлі друкам. Гэтыя адзіныя весткі аб Іване, характарыстыка Ягонай асобы, бытавой і палітычнай атмасфэры, у якой прайшлі апошнія гады Яго жыцьцёвага шляху былі вельмі цёпла адзначаны Мальдзісам на Бацькаўшчыне... Прачытаўшы «Дзёньнік» Ларысы Геніюш, які друкуецца ў часапісе «Маладосьць», мы вырашылі, што настаў час, калі «Ўспаміны» Дубейкаўскай павінны стацца даступнымі для шырокіх масаў беларускага чытача на Бацькаўшчыне.

«Успаміны» былі напісаныя на маю й Арсеньневай просьбу, [выказаную] ў часы нашага прабываньня ў нямецкіх лягерох, дзе мы запазналіся з Дубейкаўскай. Тэкст я перадрукавала з напісанага ад рукі арыгіналу, бязь зьменаў, замяніўшы толькі некаторыя зрусыфікаваныя словы беларускімі. Дасылаю таксама здымкі, прысланыя Дубейкаўскай... але Ты можаш даць яшчэ некаторыя цікавыя здымкі, якія ў Цябе захаваліся, ... наагул усё тое, што лічыш патрэбным, а таксама адрэдагаваць твор так, як вы ўсе будзеце лічыць патрэбным. Я вельмі прашу... аказаць дапамогу й падтрымку ў выданьні гэтай кніжкі не дзеля матар'яльных карысьцяў, аб якіх і мовы ня можа быць, але для дабра нашай гісторыі адраджэнскага руху».

З гэтым я і перадаю гэтую кнігу на карыстаньне гісторыкаў беларускага руху і шырокае зацікаўленае публікі.

Пры перадруку захаваная мова арыгіналу, дзе-нідзе варыянты напісаньня прыведзеныя да адзінага, часьцейшага або бліжэйшага да сучаснага; дададзены індэкс згаданых у кнізе асобаў.

Лявон Луцкевіч. Вільня, лістапад 1994 г.

Кароткія зьвесткі да біяграфіі Юліяны Дубейкаўскай з дому Мэнке

1. Мае дзяды

Войны й наступныя за імі цяжкія жыцьцёвыя ўмовы часта спрычыняюцца да таго, што людзі пакідаюць свой родны край і шукаюць, як кажуць у байцы, «за марамі, за лясамі» лепшых умоваў жыцьця й заробку. Гэтак пасьля напалеонаўскіх войнаў, у 1820 г. і мой прадзед ткач Эрнэст-Готайв Мэнке (Moenke) разам з жонкай Юліянай (у памяць якой мой дзед жадаў, каб я атрымала гэтае ймя) і 6-цю малымі дзецьмі выехаў з Заходняй Прусіі, каб у Польшчы, у пасёлку Едвабно, недалёка ад Ломжы, знайсьці працу й хлеб для сваёй вялікай сямейкі.

Тагачасны расейскі ўрад заклікаў майстроў-ткачоў зь Нямеччыны, каб яны перасяляліся ў нядаўна здабытыя часткі Польшчы й Заходняй Беларусі, каб там закладаць свае варштаты працы; тады яшчэ ўсе ткалі ручным спосабам.

Каб заахвоціць да перасяленьня ткачоў, ім давалі хаты (пры якіх быў і агарод, а ў хаце быў ткацкі станок) і затым яшчэ невялікую дапамогу грашмі на пачын. Затым гэтыя перасяленцы, у бальшыні евангелікі, маглі мець сваю царкву (кірху), пастара й арганіста-кантара, які разам з пастарам вучыў дзяцей ня толькі рэлігіі, але й чытаць і пісаць па-нямецку і трохі арытмэтыкі. Ведама, плаціць пастару мусіў увесь прыход.

Гэтак мой прадзед атрымаў сваю хату ў пасёлку Едвабно, дзе была цэлая калёнія ткачоў зь Нямеччыны.

Там вырасьлі дзеці майго прадзеда. Хлопцы мусілі таксама працаваць на станку. Гэтак і мой дзед, Ёган-Аўгуст Мэнке, стаў ткачом у Едвабно, там і жаніўся з Генрыетай Мэркс, дачкой ткача, які туды прыехаў зь Сьлёнска (Сілезіі).

Памятаю, што гэтая мая бабка ня гутарыла добра ні па-нямецку, ні па-польску; яна далей трымалася сваёй мовы, што немцы называюць «Wasserpolnisch».

Аднак мой дзед не застаўся ў Едвабно. Калі ў другой палове 19-га стагодзьдзя паўсталі ўжо мэханічныя ткацкія фабрыкі, то мой дзед пераехаў у Хорашч (Беласточчына), дзе адзін нямецкі прадпрыемца заснаваў новую ткацкую фабрыку; працаваць на мэханічным станку было лягчэй і лепш аплачвалася.

2. Мой бацька

У Хорашчы мой бацька рос сярод беларускіх дзяцей суседніх вёсак, хадзіў зь імі ў лес па ягады і нават на сьвята хадзіў разам пяяць калядкі. Гэтак мой бацька рос пад уплывам вакольнага насельніцтва.

Хоць мой дзед працаваў ужо ў фабрыцы, то ўсё ж заробак быў малы, затым дзед і трохі выпіваў, дык дзеці ягоныя, іх было 5 сыноў і тры дачкі, ужо змалку мусілі працаваць, навука іх была невялікая: добра, што пастар і кантар акрамя рэлігіі навучылі іх чытаць па-нямецку й трохі пісаць і лічыць. Хлопцаў у 14 год аддавалі ў тэрмін. Дзед мой, каб дзеці маглі з часам лепш зарабляць, аддаў у тэрмін да сваяка, мясьніка Юльюша Мэнке (які ў Вільні ўжо дарабіўся, бо меў свой дом і краму), двух сваіх сыноў: Эдмунда і Карла (майго бацьку, нарадзіўся ён у 1854 г.).

Вільня, як духовы цэнтар краю, аказала вялікі ўплыў на абодвух хлапчукоў, яны былі здольныя й ахвоча пераймалі звычаі й навукі ад акружаючых іх людзей. Яны навучыліся чытаць па-польску, ну й мазурку танцаваць у вольныя ад працы гадзіны. А мой бацька асабліва зачытваўся нямецкімі кніжкамі, якія атрымліваў зь нямецкай бібліятэкі Лямбэка. Асабліва любіў кніжкі па гісторыі і многаму навучыўся. Ведама, ён мусіў шмат працаваць у каўбаснай працоўні й памагаць у краме, але больш яго цягнула да кніжак.

Калі бацька скончыў свой тэрмін, то некалькі гадоў быў на вандроўцы, як гэта тады было ў звычаі. Ён працаваў і ў Дзьвінску, у Віцебску, у Рызе, у Менску, у Беластоку. Там у сваёй сястры, якая была замужам і жыла ў Беластоку, ён пазнаёміўся з Аўгустынай-Аміляй Кіц, дачкой удавы Натальлі Кіц, немкі. (Бацька маёй маці быў аграном, які прыбыў у Польшчу з Саксоніі, ажаніўся там з багатай дзяўчынай з Лодзі, меў потым і свой маёнтак, але рана памёр ад сухотаў, ягоная жонка страціла маёнтак за даўгі і потым зь цяжкасьцямі гадавала сваіх дзяцей у Беластоку.) Мая маці была прыгожая дзельная дзяўчына й хутка мой бацька ажаніўся з маладой Аміляй, у студзені 1883 г. адгулялі вясельле.

3. Мае бацькі ў Вільні

Яны паспрабавалі зарабляць у Беластоку, але бацьку цягнула ў Вільню й яны пераехалі туды, каб там залажыць свой варштат і прадаваць свае вырабы ў краме. Яны мелі трохі заашчаджаных грошай, дык маглі наняць на Царкоўнай вуліцы памешканьне й варштат, а краму - вельмі блізка на Вострабрамскай вуліцы (туды можна было хутка прайсьці праз Духаў Манастыр).

Ведама, кожны пачын цяжкі, бацькі мае мусілі напружана працаваць, каб на ўсё зарабляць, дый сямейка ўсё павялічвалася. Гэтак, пасьля першага сына Карла, народжанага на Каляды 1883 г., у траўні 1885 г. нарадзілася сястра мая Аўгеньня (матка маёй пляменьніцы Люсі), а ў лістападзе 1886 г. нарадзілася дачка Юліяна (гэта была я).

У тыя часы ня трудна было мець няню для дзяцей, мая ж маці мусіла працаваць у краме. Няню сваю, беларуску, я вельмі любіла, яна мяне вучыла дзіцячым беларускім песенькам і забавам, яшчэ цяпер памятаю забаву ў ваўка. А наша сямейка ўсё больш расла. Добра, што інтарэс бацькоў усё пашыраўся, гэтак у 1891 г. бацькі маглі купіць дом на вуліцы Бакшце 19.

Там можна было ў афіцыне зрабіць і вялікі варштат. Затым было досыць месца й для сям'і й для працаўнікоў. Памятаю, што тады маці ўзяла нам бону-немку, - каб дзеці не псавалі нямецкае мовы. Мы ж гутарылі, як прыйдзецца: і па-нямецку, і па-польску, і па-тутэйшаму, як тады называлі беларускую мову.

Наша бона была вельмі добрая, яна нас любіла, вадзіла ня толькі ў кірху, але і ў лес, на Бальмонт, Жалезную Хатку й другія ваколіцы Вільні.

Малыя дзеці (Софія, Адэля, браты Альфрэд і Вальдэмар, народжаны ў 1893 г.) мелі сваю няню, але я зь імі шмат гуляла, асабліва я любіла гэтых двух малых братоў.

Мы падрасталі й трэба было думаць аб школе. Маці хацела, каб яе дзеці атрымалі добрае выхаваньне й навукі. Брата Карла якісь вучыцель падрыхтаваў і ён здаў экзамэн у рэальнае вучылішча. Хоць ён быў здольны хлапчук, але кепска ведаў расейскую мову й гэта спрычынілася да таго, што ён ня скончыў рэальнага вучылішча, а пасьля 4-х клясаў кінуў вучыцца й працаваў як мясьнік, каб з часам пераняць інтарэс бацькі.

4. Я ў гімназіі

Каб нас, дзяўчат, падрыхтаваць у гімназію, маці пасьля выезду нашай боны ў Нямеччыну ўзяла нам гувэрнантку-расейку, якая скончыла гімназію. Яна таксама была для дзяцей вельмі добрая, вучыла нас, гэта значыць, сястру Жэню й мяне, гутарыла толькі па-расейску, давала нам чытаць шмат расейскіх кніжак. Яна нас добра падрыхтавала, і мы абедзьве паступілі ў прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай, старэйшая сястра ў першую клясу, а я - ў прыгатавіцельную.

У гімназіі я была аднэй з найлепшых вучаніц, у хаце заўсёды старанна адрабляла лекцыі, а ў гімназіі часта памагала маім сяброўкам, я ведала ня толькі добра нямецкую, але й францускую мову; прыходзіла да нас на дом madame, зь якой мы чыталі й францускія кніжкі. Па-за гімназіяй я мала кантактавала з маімі сяброўкамі па клясе, бо ў хаце памагала нашым малодшым і шмат часу ўдзяляла маёй малой сястрычцы Лялі, якая нарадзілася ў 1896 г. і гэтак была на дзесяць гадоў малодшай, яна была вельмі мілая й забаўная, я апавядала ёй казкі, а калі яна падрасла, то падрыхтавала яе да экзамэну ў гімназію.

З майго дзяцінства асабліва мілыя мне ўспаміны, калі я бывала па-за горадам госьцяю ў добрых знаёмых у Вярках, або недалёка ад станцыі Багданы. Там я пакахала нашыя лясы й вазёры. Я была слабая здароўем, і маці мяне ахвоча адпушчала, бо я заўсёды вярталася здаравейшая. На вёсцы мне не патрэбны быў дагляд, я бегала разам зь дзецьмі лесьніка, або адна, і тады са мной былі два сабакі; перад абедам я ўвесь час хадзіла ў ягады, або проста хадзіла па лесе. Якія там былі старыя, магутныя дрэвы! Пры іхным гомане прыпаміналіся казкі. Я зь вялікім зацікаўленьнем глядзела, як на вазёрах дзікія качкі выплывалі разам з сваймі вывадкамі; а якія былі там матылі й стракозы ўсіх колераў!..

Калі я сумую па родным краі, мне заўсёды прыпамінаюцца ягоныя цудоўныя лясы й палянкі, упрыгожаныя рознымі кветкамі.

Гады навукі ў гімназіі прайшлі для мяне без асаблівых здарэньняў, або турботаў.

Інтэрас бацькоў усё пашыраўся, у 1902 г. яны мелі ў горадзе ўжо тры крамы й шмат сухіх мясных вырабаў высылалі ня толькі ў Пецярбург і Маскву, але ў розныя гарады, гэтак з гадамі мой бацька стаўся заможным купцом 2-ой гільдыі. Бацькі не шкадавалі грошай, каб нам, дзецям, даць добрае выхаваньне й навукі. Нямецкая бона была ў нас стала, яна ня толькі даглядала дзяцей, але й заступала нашу маці ў гаспадарцы.

Ня толькі madame для францускай мовы прыходзіла да нас, але й два разы на тыдзень прыходзіла вучыцелька музыкі, бо ж ігра на фартэпіяна належала да тагачаснага выхаваньня. Але я ня мела асаблівых здольнасьцяў да музыкі, і не іграла так старанна, як старэйшая сястра. Калі я толькі магла, то да позна чытала. Кнігі мы бралі ў бібліятэцы Сыркіна на Вялікай вуліцы, там былі кнігі ня толькі ў расейскай мове, але і ў нямецкай і ў францускай. Польскія кнігі я пазычала ў добрай знаёмай, якая мела шмат добрых выданьняў. Гэтак я была заўсёды вельмі занятая, ну й памагала малодшым сёстрам адрабляць лекцыі. (На наш вялікі жаль, сястра Адэля захварэла й памерла, маючы 12 гадоў.) Двух маіх малодшых братоў бацькі аддалі пад дагляд на кватэру знаёмага вучыцеля, у хаце яны мелі зашмат зацікаўленьня, любілі бываць у працоўні, усё гэта было марнаваньне часу, а ім трэба было скончыць гімназію. Але шмат мы бывалі ўсе разам на дачы. Каб і бацькі маглі трохі карыстацца дачай, то наймалі яе блізка ад гораду. Памятаю, як мы былі ў Жалезнай Хатцы, бегалі па ўзгорках. Ад 1905 г. мы мелі сталую дачу на Бальмонце ў доктара Кадэпацы.

На Бальмонце рэй вадзіла я. Была там і кухарка і няня, якая даглядала нашу, як мы жартавалі, новую сямейку, бо ў 1902 г. нарадзіўся брат Алойзы, а ў 1905 - брат Лявон. Старэйшая сястра ўжо ў 1904 г., пасьля сканчэньня гімназіі выйшла замуж і выехала з мужам ва Ўладзівасток, гэтак я засталася як найстарэйшая, бо брат Карл выехаў у Томск. Пасьля сканчэньня гімназіі пару гадоў я была ў хаце, памагала бацькам і малодшым дзецям у іх навуках.

5. Я на курсах

Але й мяне цягнула далей да навукі, і ў 1907 г. я выехала ў Пецярбург на Вышэйшыя Жаноцкія Курсы. На Курсах я ўся ўвайшла ў навуку, мяне цікавіла й філязофія й гісторыя, і раманістыка, і германістыка, асабліва захаплялася я гісторыяй мастацтва.

Тут я запрыязьнілася зь некалькімі курсісткамі, мы хадзілі ў тэатар, опэру й на канцэрты. Яшчэ сёньня ўспамінаю ўсё прыгожае, што бачыла й чула. Пасьля сканчэньня курсаў у 1913 г. вясной 1914 г. я здала дзяржаўныя экзамэны пры Пецярбурскім Імпэратарскім Унівэрсытэце на гісторыка-філялягічным аддзеле. Я была пакінутая пры Курсах, як асыстэнтка пры катэдры гісторыі мастацтва й мела намер пайсьці навуковай дарожкай, а для гэтага тады вымагаўся дыплём I-ай ступені, які я й атрымала. Калі ў канцы траўня я вярнулася дамоў, то ўсе мяне радасна віталі, а мая добрая маці асабліва ганарылася тым, што яе дачка будзе вучоная.

6. I-ая Сусьветная вайна

Ня доўга я адпачывала. Летам 1914 г. пачалася I-ая Сусьветная вайна. Зь цяжкім сэрцам пасьля вакацыяў я ехала зноў у Пецярбург. Я тады мела пасаду пры Музэі Мастацтва й мела намер прыгатаўляцца да магістарскіх экзамэнаў, першай навуковай ступені. Вайна мяне вельмі непакоіла, бо зь ёй вязаўся лёс нашай сям'і. Хоць мы былі расейскія падданыя, але ўсё ж нас лічылі немцамі й маглі ўсіх выслаць, калі б фронт наблізіўся. Гэтак ужо было ў пагранічных гарадох.

Мой брат Альфрэд быў афіцэрам на фронце. Вясной 1915 г. паклікалі ў армію брата Вальдэмара, як заўрад-лекара, не далі яму часу здаваць дзяржаўныя экзамэны. Мая маці была хворая на сэрца, мела цукровую хваробу, а бацька меў зашмат працы. Калі я бывала ў хаце, то заўсёды даглядала інтэрас бацькоў; калі летам бацька ехаў у Кэммэрп, каля Рыгі, лячыць хворыя ногі, а мама магла адпачываць на дачы, я яе заступала й была больш у горадзе, чым на Бальмонце. Я казала бацькам ужо ў жніўні, што можа мне застацца ў хаце, бо ім у гэты трывожны час будзе зацяжка. Але бацькі не хацелі, каб я закінула распачатую навуковую працу, ну і «вайна хутка скончыцца», - так пацяшалі яны мяне й сябе.

Гэтак я зь цяжкім сэрцам паехала ў Пецярбург, тады ўжо Петраград. Там людзі зьмяніліся да мяне, для іх я была немка, якая не магла падзяліць іх патрыятычныя настроі. Гэтак зіма 1914-1915 г. была для мяне вельмі сумная, брат Альфрэд быў паважна ранены, мама, як мне пісалі, усё больш прыхварвала. На Вялікдзень, калі я была ў хаце, то была адна радасьць - брата Альфрэда перавялі ў шпіталь у Вільню. Я цешылася, што хутка прыеду на вакацыі дахаты, дзе я чулася лепш, бо ніхто не глядзеў на мяне коса, як на немку.

Калі летам я прыехала, то тата казаў: «Добра, што ты йзноў у хаце, мама хворая й толькі ты можаш яе заступіць». А фронт усё больш прыбліжаўся да Вільні, горад пачалі эвакуяваць. Мне нічога больш не заставалася як напісаць у Петраград на Курсы, што я мушу застацца пры сям'і, бо мая маці хворая. І тата гэтаму быў вельмі рады і казаў мне: «Ну, разам з Божай дапамогай як-небудзь перажывем усе цяжкасьці вайны ў сваёй хаце, мы Вільню не пакінем, каб потым абівацца па чужых кутах». Да гэтых слоў таты далучыўся тады й пан Іван Луцкевіч, зь якім я пазнаёмілася ў траўні, калі прыехала на вакацыі, ён часта прыходзіў на Бальмонт. «Ну, пані будзе нам памагаць у Беларускім Камітэце, калі прыйдуць немцы», - дадаў ён.

7. Праца ў Беларускім Камітэце

І калі ў першых днях верасьня 1915 г. нямецкія войскі акупавалі Вільню, то ў Беларускім Камітэце пачалася гарачкавая праца, каб гэтых акупантаў пазнаёміць зь беларускай справай і гэткім чынам бараніць беларускія інтарэсы. Я сядзела позна вечарамі й перакладала шматлікія мэмарыялы па беларускім пытаньні, а ўдзень хадзіла разам з Іванам або Антонам Луцкевічамі, як тлумачка. (Браты Луцкевічы слаба гутарылі па-нямецку.)

Ну й ва ўсіх працах Беларускага Камітэту я магла дзельна дапамагаць, бо калі нямецкія ўлады зрэквізавалі ўсе запасы, якія былі ў магазынах і працоўні нашай каўбаснай фабрыкі, то потым ужо мяса забралі ў свае рукі немцы, і мы мусілі зачыніць працоўню й пачалі пражываць гатовыя грошы, што мелі на руках. Грошы, што былі ў банку, мы не маглі пры эвакуацыі выбраць, і яны для нас прапалі. Потым я пачала рабіць пераклады з гісторыі й этнаграфіі нашага краю для нямецкай газэты «Zeitung der X Armee», гэтак хоць я адна зарабляла ў сям'і.

У часе вайны Беларускі Камітэт дапамагаў бежанцам, адчыняў і апекаваўся беларускімі народнымі школамі, затым меў пад сваёй апекай 3 народныя кухні, дзе выдавалі зупу. Я ўсюды дапамагала, цалкам кіравала беларускім аддзелам у «Arbeitsstuben» і продажай беларускіх вырабаў зарабляла для Камітэту. Гэтаксама Беларускі Камітэт апекаваўся беларускім тэатрам, якім кіраваў Францішак Аляхновіч.

У маёй працы «Мае ўспаміны» я падала дакладна аб дзейнасьці Беларускага Камітэту ў Вільні. Дык выбачайце, калі адсылаю да іх. «Мае ўспаміны» я пераслала мусі ў 1953 г. на рукі спадарыні Натальлі Кушаль для Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью Ёрку, там можна карыстацца гэтымі маімі ўспамінамі, якія абыймаюць час ад 1915 да 1919 г. Аб гэтым часе магу толькі дадаць, што кожны сябра Беларускага Камітэту рабіў вялікія натугі, каб як мага лепш і шырэй паставіць беларускую справу й працу; а душой гэтай працы быў Іван Луцкевіч, які дагараў і памёр на сухоты ў жніўні 1919 г. у Закапаным. І ў Закапаным цешыла Івана Луцкевіча думка, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці й перашкоды, ён дапамагаў адчыніць у пачатку 1919 г. Беларускую Гімназію ў Вільні. У Беларускай Гімназіі я працавала як вучыцелька ад 1919 да 1922 г. і далей дапамагала ў беларускай працы. Выкладаць у клясе мне было цяжка, я хварэла на горла й траціла голас.

8. Мой выхад замуж

Калі ў лютым 1922 г. я выйшла замуж за старшыню Беларускага Камітэту ў Варшаве, інжынэра-архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага, то мой муж, як і мой лекар дамагаюцца, каб я спыніла працу як вучцелька, каб не нажыць паважнай хваробы горла. Мой муж пераехаў у той час на жыцьцё ў Вільню, дзе тады быў галоўны асяродак беларускай палітычнай працы перад выбарамі ў Польскі Сойм.

Хоць я й выйшла замуж, але мусіла далей клапаціцца аб маёй радні. Мой бацька йзноў, хоць зь вялікімі цяжкасьцямі, адчыніў свой варштат, і каўбасныя вырабы мы тады прадавалі толькі ў аднэй краме на Вострабрамскай. Я працавала разам з бацькам, бо трэба было й сястру Лялю лячыць, яна ўсё прыхварвала, і я мусіла рупіцца, каб мае малодшыя браты Алойзы й Лявон, якія скончылі Беларускую Гімназію, маглі вучыцца далей. Першы паехаў на палітэхніку ў Данцыг, а Лявон - у Чэскую Прагу.

Мой муж дапамагаў нам грашыма, бо ў часе вайны бацька страціў шмат грошай у банку й расейскіх паперах. Весьці пры новых абставінах інтэрас майму старому бацьку было цяжка, дык калі ў 1924 г. сястра Ляля выйшла замуж за інж. Эдварда Кулешу, а браты хутка мелі скончыць свае навукі, то бацька зачыніў краму, а варштат з машынамі перадаў майму старшаму брату Карлу, які з жонкай і трыма дзецьмі прыехаў зь Сібіры ў Вільню і пачаў зноў працаваць у сваім фаху, адчыніў магазын у лепшым пункце на Вялікай вуліцы.

Гэтак сябры маёй сям'і й выйшлі з-пад маёй апекі, але стары, добры бацька застаўся пры нас. Муж вельмі паважаў і любіў нашага тату, а я стрымала слова, якое дала хворай маці, што на старасьці буду апекавацца бацькам.

Я мела ў пасагу вялікую дзялянку й домік на Падгорнай 2, але за вайну гэта было вельмі запушчанае. Мой муж за заробленыя грошы рамантуе дом, ставіць новыя парканы, і ў 1936 г. мы пераяжджаем на Падгорную й тата з намі. У доме Бакшта 19 жыве Ляля з мужам і новыя лякатары. На Падгорнай я мела шмат працы ў хаце і ў садзе, тут мне памагае стары тата, муж толькі трохі ўдзяляе часу саду, які вельмі любіць, бо мае досыць працы ў Мулярскай школе й на будовах. Ну і муж далей памагае ў беларускай працы на культурным сэктары, ён шмат супрацоўнічае зь сьвятаром В.Гадлеўскім. У нашай хаце на Падгорнай бывае шмат беларусаў, усіх мы ветліва прыймаем і шмат каму дапамагаем.

Жывучы на Падгорнай, я мела шмат працы з гаспадаркай і ў садзе, затым трэба было прыймаць мілых гасьцей, дык я ня мела часу, каб займацца грамадзкімі справамі. Я адыйшла ад іх. Тым больш, што мусіла апекавацца здароўем мужа, які ўсё больш прыхварваў і жаліўся на кішкі. Наагул, я заўсёды мела турботы аб дарагіх хворых. Сястра Ляля йзноў прыхварвала, у 1931 годзе я страціла майго любага, добрага брата Вальдэмара, доктара мэдыцыны. (Брат Альфрэд загінуў у часе вайны ў 1917 г.)

Ад 1935 г. мае клопаты ўсё павялічваюцца. Брат Лявон, які ў 1926 г. выехаў пасьля навукі ў Чэскай Празе на ўсход, супраць нашых радаў, вяртаецца разам з жонкай у трагічных абставінах празь Фінляндыю ў 1935 г. Яму трэба дапамагчы ізноў наладзіць сваё жыцьцё. А брат Алойзы хоча выехаць у Аргентыну, ён як інжэнэр, не знаходзіць пад польскім урадам адпаведнае працы, бо ён немец. Бацька мой тады прадае дом на Бакшце, каб дапамагчы братам. У 1936 г. Алойзы выяжджае ў Аргентыну (там ён працаваў у сваім фаху, зарабляў добра, але, на жаль, памёр у Буэнас-Айрысе ў 1955 г.). Лявон запісваецца йзноў студэнтам на Віленскі ўнівэрсытэт і жыве ў Вільні. А ў хаце ў мяне хваробы. Муж і тата абое хварэюць. Тата пачынае кепска есьці, дактары пасьля рэнтгена знаходзяць у яго рак стрававода, апэрацыю яны рабіць адмаўляюцца. Гэтак мой бедны тата галадае; у канцы 1937 г. ён залёг і ў сакавіку 1938 г. памірае ў муках. Разам з татам хварэе ўсё больш мая дарагая сястра Ляля, яе сухоты прыймаюць вострую форму, зімой яна амаль не выходзіць з хаты й часта ляжыць.

Аб мужу я ў трывозе, ён хварэе, а ў верасьні 1938 г. мусіць паддацца цяжкой апэрацыі і праз гэта робіцца інвалідам, яго трэба цяпер даглядаць і рабіць частыя перавязкі. А Ляля ў той час яшчэ больш расхварэлася. Я пільную, калі муж сьпіць, каб на хутка наведаць Лялю й сьпяшаюся дахаты, бо муж мусіць ужо чакае. Ён часта кажа: «Добра, Кветачка, што маю цябе!»

9. 1938-39-40 гады

Сумныя былі Каляды 1938 г. Ляля не магла прыйсьці, як раней прыходзіла да нас з мужам. Толькі нашыя прыяцелі - беларусы наведвалі хворага мужа. Трывожныя тады былі гутаркі. Справа Данцыга нічога добрага не варажыла. А калі вясной 1939 г. было бачна, што нам вайны не мінаваць, то я пачала сьпешна рабіць запасы. Брала з банку грошы й купляла ўсякі перавязачны матар'ял для мужа, затым вугаль, ну й розныя запасы для кухні. Як яны потым прыдаліся! Ня толькі для нас, але й для другіх былі ратункам. А летам дагарэла мая бедная Ляля і ў ліпені 1939 г. памерла. Можна сказаць, што ў час Бог яе адазваў, бо не дажыла да выбуху вайны і не прыйшлося ёй душою балець за нас і мяне, калі ў канцы жніўня, пару дзён да пачатку вайны, палякі арыштавалі амаль усіх прыхажанаў лютэранскай Кірхі, бо іх залічылі да немцаў. І я апынулася ў іх ліку, і мой бедны муж пазастаўся без маёй апекі. Добрыя людзі парупіліся, каб мяне, як адзіную апякунку гэтак цяжка хворага, адпусьцілі да яго. Калі я ўначы 11-га верасьня вярнулася дахаты, мой бедны муж ад узрушэньня плакаў, як дзіця.

Бог даў нам сілы перанесьці ўсе нягоды таго часу й новай бальшавіцкай акупацыі.

У нашай хаце на Падгорнай знайшлі прыпынак і мая сям'я (братавая з дачкой і ўнучкай) і добрыя прыяцелі. Мілым госьцем быў прафэсар Вацлаў Іваноўскі, як і праўнік Мікола Шкялёнак, які вярнуўся з войска ў Вільню, але ня мог жыць у сваёй жонкі, бо там яго ўжо шукалі, гэтак ён хаваўся ў нас. Ягоная жонка, зь якой я была ў вялікай прыязьні, яго наведвала. Потым ён уцёк у Нямеччыну.

Я ня мела часу думаць аб усіх бедах, што наваліліся на нас, нашых прыяцеляў і ўсіх жыхароў Вільні.

Кожны дзень напружанай працы, а тут яшчэ зіма стаяла суровая, маразы даходзілі да 40 градусаў і яшчэ больш, дрэвы трашчалі ўначы. Добра, што быў вялікі запас вугольля, то хоць у хаце ня мерзьлі. Мае сьлівы на горцы й другія дрэўцы ў садзе ў гэтую зіму зьмерзьлі.

10. Сьмерць мужа і мой выезд у Нямеччыну

Ад вясны 1940 г. да сьмерці мужа ён быў то ў клініцы, то ў хаце. Я заўсёды была неадступна пры ім. Калі 6 лістапада 1940 г. Бог паклікаў майго беднага мужа, то пасьля хаўтураў я пачала рыхтавацца да выезду ў Нямеччыну. Тагачасны нямецкі ўрад паклікаў усіх жыхароў Прыбалтыкі і новаакупаваных бальшавікамі абшараў, якія былі нямецкага паходжаньня, да перасяленьня ў Нямеччыну. Мой дом і ўся мая зямля былі хутка пасьля сьмерці мужа нацыяналізаваныя, а мне пагражаў вываз у Казахстан.

У Нямеччыне я мела дзьве замужнія пляменьніцы (дочкі старэйшай сястры), Яны заклікалі мяне да сябе й абяцалі памагаць у першыя часы. Гэтак 6-га сакавіка 1941 г. я разам з раднёй выехала ў Нямеччыну, як перасяленка (Umsiedlerlagerin).

11. Жыцьцё ў Бэрліне

Спачатку мы апынуліся ў Umsiedlerlager'а, потым летам я атрымала ўжо нямецкі пашпарт і была накіраваная ў Бэрлін, дзе мусіла працаваць як перакладчыца ў беларускім аддзеле асобай інстытуцыі міністэрства для патрэбаў вайны, якая летам 1941 г. распачалася супраць Саветаў. Добра, што ў гэтай Dienststelle я апынулася сярод беларусаў, якія туды былі прысланыя на працу, тут мы маглі памагаць сабе ўзаемна.

Як мы ў той час жылі й сабе радзілі, Вы, даражэнькія мае [...], добра ведаеце. Тады вясной 1943 г. я трагічна страціла брата Лявона. Мы ж усе разам працавалі сярод безупынных бомбавых налётаў 1942-1945 г. Бог нас усіх захаваў і дапамог у час пакінуць Бэрлін. Я ж яшчэ жыла ў Бэрліне ў 1945-1947 г. і зарабляла на ўтрыманьне лекцыямі й памагала маёй пляменьніцы Каці гадаваць яе двух малых дзяцей. Калі муж Каці ў 1946 г. вярнуўся хворы з бальшавіцкага палону й потым нашымі стараньнямі й даглядам вярнуўся да здароўя, то я адклікнулася на просьбы пляменьніцы Люсі прыехаць да яе ў Mullersdorf, Niederbayern, дзе яна пасьля сьмерці мужа (ён памёр у ліпені 1946 г. у аўтамабільнай катастрофе) засталася адна.

12. Выезд у Малерсдорф і потым у Нюрнбэрг

Я цешылася з нагоды пакінуць Бэрлін, неяк вычувалася, што чорная хмара ад усходу вісіць над Бэрлінам, а апынуцца ў руках бальшавікоў мне не хацелася. Яны асабліва вышуквалі людзей, што паходзілі з усходу, а потым працавалі ў немцаў, усе гэтыя людзі былі для іх здраднікі.

Гэтак я хоць і зь цяжкасьцямі выехала з Бэрліну (большасьць маіх рэчаў пакінула ў Каці). Потым увосені пачалася блякада Бэрліну, а я прыехала ў Малерсдорф у верасьні 1947 г. Тут я ізноў пачала зарабляць лекцыямі, а Люся працавала ў Zivil-Verwaltung.

Калі ж у 1948 г. настаў канец дэвальвацыі і ўвялі сталую валюту, то мы апынуліся без заработку, не было ў людзей новых марак, каб іх выдаваць. Люся, як беспрацоўная, мела дапамогу, а я атрымлівала ад брата Люціка з Буэнос-Айрысу кэр-пакеты. Гэтак мы якось жылі, а восеньню я як старая жанчына атрымала гэтак званую «Soforthilfe». Плацілі мне 70 новых марак на месяц. На тыя часы гэта была ўсё ж дапамога.

У красавіку 1951 г. нам удалося пераехаць на жыцьцё ў Нюрнбэрг, дзе брат Карл, як флюхтлінг атрымаў кватэру. Хоць было цесна, але мы выбраліся з малой мясьціны ў вялікі горад, дзе Люся магла хутчэй атрымаць працу. Гэтак і сталася, Люся пачала працаваць у бюро, я ж, маючы сваю дапамогу, магла працаваць у хаце. На жаль, толькі ў Мюнхене засталася дзейная грамада беларусаў-эмігрантаў. Яны выдавалі газэту «Бацькаўшчына» й вялі далей беларускую працу. У Нюрнбэргу я ня мела беларускіх сяброў. Уся мая праца была тая, што пісала ўспаміны, ды пры нагодзе бывала, як госьць, у беларусаў у Мюнхене. Жыцьцё маё праходзіла ў працы, Люся і я ашчаджалі грошы, мы зьбіралі грошы на ўласную кватэру, каб кожная з нас мела свой пакой. Каб перарваць аднастайнасьць нашага жыцьця, Люся й я хоць коратка пабывалі ў Італіі, яшчэ сёньня ўспамінаю Мілан, Флёрэнцыю, Равэну й Вэнэцыю, дзе мы падзіўлялі старое мастацтва.

Але калі мы вярнуліся дахаты, то атрымалі сумную вестку, што мой брат Алёйзы памёр у Буэнос-Айрысе. Гэтак ад нашай вялікай сям'і засталіся толькі брат Карл ды я. Сястра Жэня, маці Люсі, памерла ў 1948 г. у Бэрліне. Цяжка мне было іх усіх хаваць. Але ж трэба было далей наладжваць сваё жыцьцё й старацца знайсьці лепшую кватэру. Нарэшце ў лютым 1959 г. пасьля вялікіх стараньняў і выдаткаў мы атрымалі кватэру: два пакоі й кухню. Гэтак кожная мае свой утульны пакой. У тым жа часе я мела вялікую радасьць, я магла навязаць кантакт з Галінай, маёй былой братавай (жонкай Лявона В.Ж.) і яе дачкой Зосяй. Яны жывуць у Варшаве, я здаволеная, калі магу ім выслаць пасылку з вопраткай, за гады падрасла й мая рэнта. Здавалася б, што мы добра ўладзіліся на новай кватэры й можна спакойна жыць і працаваць! Але гэта ўжо мой лёс заўсёды апекавацца хворымі, мая Люся хварэла часта і ў 1958 г. перанесла цяжкую апэрацыю. Потым яна прыхварвала, і я рупілася аб ейнай дыеце й здароўі.

А тут і мой брат прыхварваў, я часта бывала ў яго й памагала братавай у іхных справах. А летам 1964 г. брат пасьля цяжкага ўдару страціў мову і залёг. Братавая не хацела аддаць мужа ў шпіталь і сама яго даглядала. Я яшчэ больш мусіла ёй тады дапамагаць. Аднак пасьля году сілы братавай адмовілі, яна памерла ад разрыву сэрца 11 ліпеня 1965 г., маючы 79 гадоў. Тады я мусіла сама даглядаць хворага брата, пакуль пасьля шасьці тыдняў яго можна было аддаць у шпіталь для неўлячальна хворых. Там брат памёр 18-га кастрычніка 1965 г. на 83-м годзе свайго жыцьця.

Я была вельмі перамучаная гэтымі сумнымі падзеямі ў маёй радні, а тут мая Люся без маёй апекі й кухні паважна захварэла, і ў студзені 1966 г. яе апэравалі, дасталі жоўчныя камяні. Цяпер яна паправілася й зноў працуе, але далей патрабуе дагляду й адпаведнае дыеты. Дык я раблю, што магу, паводле маіх сілаў. На жаль, ня толькі мае хворыя вочы ўсё больш слабеюць, але й сэрца таксама. Апошнія гады падкапалі мае сілы.

Ведаю, што й мае гады ў Бога палічаныя. У гэтым годзе канчаю 80. А ў 90-м псальме сказана: «Дзён веку нашага семдзесят гадоў, а як пры сіле - гадоў 80». З гэтым я лічуся й прашу Бога толькі аб тым, каб да сьмерці мне захаваў вочы, розум і памяць. А ўсім мне дарагім людзям каб Бог дараваў здароўе й спакойнае жыцьцё.

Юліяна Вітан-Дубейкаўская

Пісана ў Нюрнбэргу, у красавіку 1966 г.

МАЕ ЎСПАМІНЫ

Майму незабыўнаму другу Сьветлай памяці ІВАНУ ЛУЦКЕВІЧУ ў 34-ыя ўгодкі Яго сьмерці замест вянка гэтыя «МАЕ ЎСПАМІНЫ» ахвяроўваю. Нюрнбэрг, ліпень 1953 году

I. Уступ

Радзілася я ў Вільні 30 лістапада старога стылю 1886 г. як дачка нямецкае купецкае сям'і, якая ўжо ў двух пакаленьнях жыла там і прыняла звычаі й мэнтальнасьць гэтага мілага краю. Бацькі мае былі заможныя, бацька меў знаную ў Вільні каўбасную фабрыку, тры магазыны ў горадзе і яшчэ шмат тавару высылаў у вялікія гарады Расеі. Маці мая асабліва дбала, каб даць нам, дзецям, добрае ўзгадаваньне і вышэйшыя навукі.

Мы, дзеці (нас было дзесяць: пяць братоў і пяць сясьцёр, я была трэйцяя), расьлі пад уплывам акружаючых нас людзей і гутарылі зь імі як прыйдзецца: і па-нямецку й па-польску і па-тутэйшаму (г.зн. па-беларуску) асабліва з прыслугай, якая была зь вёскі. Змалку я прывыкла да простай мовы, таму што мая няня так гутарыла, і яшчэ цяпер памятаю, як яна вучыла нас забаве ў павука і пастуха. Пастух лічыў авечкі й казаў: «Пашу, пашу авечкі каля сваей рэчкі, ваўка не баюся, качаргой баранюся», затым ён ішоў да бабы й казаў: «Баба, баба, дай табакі». Воўк у гэты час краў авечку, і пастух ізноў лічыў і казаў тое самае, пакуль воўк панёс апошнюю, затым пастух шукаў ваўка і адбіраў свае авечкі.

Але гэтыя гутаркі й забавы ў простай мове былі спыненыя, калі наша маці, каб дзеці добра навучыліся гутарцы па-расейску, дала нам замест нашай добрай мадам гувэрнантку-расейку (нямецкую бону мы мелі заўсёды, яна ж даглядала нас і гаспадарку), якая нас падгатаўляла да экзамэну ў расейскую гімназію. Памятаю, шмат мне даставалася за дрэнны выгавар расейскай мовы, і яшчэ ў Пецярбургу на Курсах мае прафэсары казалі: «Па выгавару чутно, што вы із Северо-Западнага краю (Гэтак за царскія часы называлі Беларусь)».

Мая старэйшая сястра Жэня і я паступілі ў прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай, таму што ў казённую гімназію прыймалі дачок расейскіх чыноўнікаў, і каб папасьці туды, трэба было мець пратэкцыю. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемэнт: шмат польскіх шляхцянак, затым жыдоўкі, былі і караімка й татарка й некалькі расеек. Тады (1895-1905) быў час строгай русыфікацыі, нам было забаронена гутарыць на іншых мовах акрамя расейскай. Памятаю, што мы, вучаніцы, гэта знаходзілі недарэчным і, каб пазлаваць нашую клясовую даму, гутарылі часта па-польску. Наагул мы расьлі без расейскага патрыятызму, хоць нам стараліся ў гімназіі яго прышчапіць, а знаходзячыся паміж розных нацыянальнасьцяў, мы расьлі ў талеранцыйным духу і адносна рэлігіі.

Алаіза Пашкевічанка

І беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшых клясах разам з маёй старэйшай сястрой вучылася Алойзія Пашкевіч. Яна здала экзамэн у 4-ую або 5-ую клясу і была старэйшая за другіх дзяўчат у клясе. Казалі, што яна прыехала зь вёскі. Яна трымалася асобна ад другіх, была маламоўная, але з маёй сястрой яна зыйшлася бліжэй, бо сястра ёй памагала адрабляць лекцыі францускай і нямецкай мовы, якімі Ал.Пашкевіч слаба ўладала. Наагул аб сваім жыцьці й сям'і Ал.Пашкевіч ніколі ня гутарыла; сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесьці.

Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох. Ал.Пашкевіч, вучаніца 7-ай клясы, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што яна гэтак аслабела ад недаяданьня. Памятаю, мая сястра са сьлязьмі апавядала ў хаце, што Ал.Пашкевіч гэтак бедная, што на яду не хапае, але яна вельмі амбітная й ня хоча прыймаць помачы. Мая маці сказала тады мне: «Я буду даваць табе булкі на дваіх, а ты кладзі ў яе столік, калі яе няма ў клясе». Мне гэта рабіла асаблівую прыемнасьць - прыходзіць у клясу сястры й класьці непрыкметна булкі ў пюпітр Ал.Пашкевіч. Яна спачатку пыталася ў клясе, хто гэта палажыў свае булкі ў ейны пюпітр, аднак віноўніца не адклікалася, і клясовая дама супакоіла яе, што гэта, мусіць, падарак. Гэтак мы рабілі да сканчэньня гімназіі. З часам Ал.Пашкевіч можа й зацеміла, што гэта мы аб яе дбаем, але нічога не казала й сьнедала разам з усімі ў сталоўцы, дзе мы яшчэ атрымлівалі гарачую гарбату. Наагул гэты выпадак узварушыў ня толькі нас, вучаніц, але й наша начальства. Наша Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца й на бацькоўскім савеце парупілася, каб Ал.Пашкевіч прызналі стыпэндыю, бо яна вельмі старанна й добра вучыцца. (Плата за навуку была вельмі высокая: 100 рбл. у год, якраз удвая, як у казённай гімназіі - 50 рбл.) Ад таго часу Ал.Пашкевіч, бачачы агульную спагаду, мела больш даверу й апавядала сястры, што яна ад бацькоў зь вёскі можа атрымліваць мала грошай і мусіць дарабляць лекцыямі, і таму ёй гэтак цяжка перабівацца.

Ал.Пашкевіч і сваймі гадамі (яна позна папала ў школу і зь вялікімі патугамі й працай на вёсцы падрыхтавалася да экзамэну ў гімназію), і сваёй павагай выдзялялася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчат. Помню, яна кідалася ў вочы сваім бледным, паважным тварам, які не блістаў сьвежасьцю й красой маладосьці, але які сваймі сур'ёзнымі вачыма, трохі выступаючымі скуламі, тонкімі й зжатымі губамі казаў аб сіле й цьвёрдасьці характару. Да мяне яна мела асаблівую сымпатыю, бо калі выпуск сястры падгатаўляўся да апошніх экзамэнаў, я прыходзіла пасьля лекцыяў у 8-ю клясу й памагала ўсім паўтараць арытмэтыку, якая ўваходзіла ў экзамэн агульнай матэматыкі; я тады якраз закончыла арытмэтыку й магла на сьвежую памяць выкладаць усе правілы працэнтаў, сьмесяў і г.д. Ал.Пашкевіч знаходзіла, што я вельмі здольная й паважная дзяўчына і ахвоча гутарыла са мной аб гісторыі, у якой я мела вялікую начытанасьць. У нас у хаце Ал.Пашкевіч была рэдкі госьць, хоць мая маці ветліва яе прыймала й запрашала; усё яна тлумачыла, што ня мае часу, бо мусіць ня толькі вучыцца, але яшчэ даваць лекцыі, каб зарабляць на сваё ўтрыманьне. Мы яе лічылі за польку, бо яна была каталічка й ніколі ні слова не казала аб сваёй беларускасьці й палітычных ідэалах. Праўда, і сястра і я былі шмат маладзейшыя за яе.

Пасьля сканчэньня гімназіі Ал.Пашкевіч паехала ў Пецярбург на курсы праф. Лезгафта (прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і якія выхоўвалі масажыстак і вучыцельніц гімнастыкі). Гэтак мы патрацілі сувязь з Ал.Пашкевіч. Мая сястра, якая вельмі маладзенькая выйшла замуж у 1904 г., перад самым выездам з мужам ва Ўладзівасток апавядала, што ад адной падругі чула, што Ал.Пашкевіч сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху.

У 1905 г., пасьля прайгранай японскай вайны, калі першая рэвалюцыя вылілася ў генэральную забастоўку і ўвесь рух на чыгунках спыніўся, у гарадох кіпела, і на шматлікіх мітынгах вынасіліся розныя жаданьні й рэзалюцыі. У гэтым часе я ўжо скончыла гімназію, зьбіралася на Курсы й вучыла латынь. Зь вялікім інтарэсам пачала я цікавіцца модным тады сацыялістычным рухам, і, ведама, хадзіла на мітынгі й сабраньні. І вось на адным мітынгу ў прамоўцы я пазнала Ал.Пашкевіч, якую я ўжо некалькі гадоў не спатыкала. Як яна зьмянілася!

Я ж яе знала як маламоўную, спакойную, а тутака перад намі была аратарша, якая зь вялікай сілай і пераконваньнем усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал і любоў да прыгнечанага рабочага люду й беларускага сялянства, за вызваленьне й лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сілы й жыцьцё. Слухаючы Ал.Пашкевіч, я разумела, што яна запраўды тое адчувае, да чаго ўсіх заклікае, і таму, што гэта было ў яе ад душы, яна мела вялікі ўплыў на ўсю аўдыторыю. Пагутарыць мне зь ёю тады не прыйшлося, за натоўпам нельга было прабрацца да прамоўцы.

Але хутка ўздым першага рэвалюцыйнага руху быў падаўлены, і ўсе дзеячы й правадыры гэтага руху апынуліся ці ў вастрозе, ці на эміграцыі; у лік апошніх папала і Ал.Пашкевіч. Яна выехала ў Кракаў, каб там закончыць свае навукі. Аб яе жыцьці ў Кракаве мне апавядала пані Алёна Бірыч-Л., якая была аднаклясьніца маёй сястры і Ал.Пашкевіч у гімназіі. Спаткаліся яны ў Кракаве, як эмігранткі; там абедзьве й выйшлі замуж за эмігрантаў-землякоў, муж пані Алёны прафэсар Л. быў родам з-пад Дзьвінска, а муж Ал.Пашкевіч быў вядомы літувіскі сацыялісты і патрыёт. Хоць пані Алёна Л. была полькай і не цікавілася беларускім рухам, яна зь вялікай любоўю і пашанай успамінала Ал.Пашкевіч і ейную ахвярную працу.

- Ты ня ведаеш, зь якой нязломнай энэргіяй Ал.Кайрыс прабівала сабе дарогу; яна ж уцякла заграніцу бяз грошай і мусіла сама зарабляць на жыцьцё. У Пецярбургу яна гэтаксама зарабляла й вучылася, але там было лягчэй знайсьці лекцыі або пацыентаў на масаж, якому яна навучылася; а ў Кракаве ёй было яшчэ трудней, і трэба толькі падзіўляць, як яна патрапіла знаходзіць працу й заробак. Але ня толькі навуцы й грамадзкай дзейнасьці яна аддавала ўсе свае сілы; яна захаплялася думкай узгадаваць свой гаротны беларускі народ і праз тэатар, і вось яна, якая ня мела сцэнічнага навыку й асаблівых уздальненьняў у гэтым напрамку, бярэ лекцыі дэклямацыі і йграе ў вядомай польскай артысткі Нуны Молодзеевскей, і ўпартай працай дасягае свае мэты: яе ігра, у якую яна ўлівала ўсю сваю душу, захоплівала ня менш, як яе прамовы.

- Ал.Пашкевіч-Кайрыс, - казала пані Алёна, - прыклад для мяне, што можа асягнуць цьвёрдая воля й сэрца, поўнае любові да свайго народу. Я часта пыталася, адкуль яна бярэ сілы, каб так жыць, працаваць і вучыцца, калі яе здароўе было слабое, і пачаткі сухотаў ужо тады падкапвалі яе сілы. Аб ёй можна толькі сказаць, што яна гарэла, як ахвярная сьвяча й сьвяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцьця.

Гэткімі словамі закончыла пані Алёна Л. свае ўспаміны аб Ал.Пашкевіч-Кайрыс, калі я ёй у 1926 г. у Вільні апавядала аб апошніх месяцах жыцьця сьв. памяці Ал.Пашкевіч-Кайрыс.

II. 1915 ГОД

Знаёмства з Іванам Луцкевічам

Спаткалася я з Ал.Пашкевіч-Кайрыс празь дзесяць гадоў, гэта значыцца ў 1915 г., у Вільні ў памешканьні Івана Луцкевіча. А з Іванам Луцкевічам я пазнаёмілася пры гэткай нагодзе.

У пачатку чэрвеня 1915 г. я прыехала, як звычайна, дахаты на вакацыі. У той час я ўжо працавала ў «Музее Искусств и Древностей Высших Женских Курсов» як бібліятэкарка і асыстэнтка прафэсара Д.В.Айкалава, вядомага гісторыка мастацтва. (Курсы я скончыла ў 1913 г., а дзяржаўныя экзамэны пры Пецярбурскім Імпэратарскім Унівэрсытэце я здала ў траўні 1914 г.). Як звычайна, я пайшла ў госьці да маёй малодшай, але ўжо замужняй сястры, Зофіі Нагаткінай, каб падзяліцца зь ёю ўсімі навінамі. Сястра якраз зьбіралася ехаць у места й казала мне:

- Сядай, паедзем разам, я мушу заехаць у бібліятэку «Знание», там жыве археоляг Луцкевіч, ён абяцаў мужу здабыць якоесь старое выданьне (муж сястры, палкоўнік Ё.Ст.Нагаткін быў заўзяты бібліяфіл і зьбіраў цікавыя выданьні). І табе будзе цікава пазнаёміцца зь ім, гэта ж для цябе калега па фаху.

Мы прыехалі на Віленскую 33, Іван Луцкевіч згодна ўгавору чакаў сястру. Яна нас пазнаёміла, як калегаў. Іван Луцкевіч, які вельмі ганарыўся сваімі музэйнымі зборамі, усьцешыўся нагодзе паказаць свой музэй асобе, якая штось у тым разумее і можа ацаніць гэтыя аказы мінуўшчыны. Сястра сьпяшалася й сказала:

- Калі цябе цікавяць гэтыя зборы, то заставайся.

Я засталася, бо мяне цікавілі гэтыя рэчы беларускай старасьвеччыны. А затым Іван Луцкевіч гутарыў са мной як са старой знаёмай, так што я чулася зусім свойска. Між намі паўсталі гутаркі аб стылі, і Іван Луцкевіч з захапленьнем і свойскай яму жывасьцяй прачытаў мне цэлую лекцыю аб асаблівасьцях беларускай культуры й мастацтва. Непрыкметна прайшоў час і трэба было разьвітацца. Я запрасіла Івана Луцкевіча да нас, каб паказаць яму мае кнігі з гісторыі мастацтва, я мела вельмі прыгожыя выданьні.

- Добра, - сказаў Іван Луцкевіч, - калі пані пазволіць, то я і скарыстаю з кніжак пані, бо сам выкладаю гісторыю мастацтва ў школе рысункаў.

Мы рассталіся як старыя знаёмыя. Ва ўмоўлены дзень Іван Луцкевіч наведаў мяне ў доме бацькоў (Бакшта 19) і знайшоў, што з кніжак карыстацца можна і што я запраўды добры калега па фаху.

Я зьбіралася ехаць на дачу на Бальмонт, дзе знаходзіліся ўсе мае малодшыя браты й сёстры (у хаце нас тады засталося пяцёра дзяцей: я - 28 год, Ляля - 18 год, браты: Алойзы (Люцік) - 13 год, Лявон (Лёня) - 10 год і сястра Оля - 8 год). Дзьве сястры былі замужам, два браты на фронце, а самы старэйшы брат быў жанаты і меў сваю фабрыку ў Томску на Сібіры). Я апекавалася малодшымі дзецьмі, бо бацькі на дачы бывалі толькі як госьці.

- Можа пан мае час, каб адпачыць на сьвежым паветры, і паедзе разам на Бальмонт, бо я мушу завезьці прыгатаваныя правіянты для галоднай дзетвары.

- А далёка? - спытаў ён.

- Ня шмат, дачы Кадэпацы.

- А, ведаю, - адказаў Ів.Луцкевіч, - пані Кадэпацава - сястра Язэпа Пілсудзкага.

Мы паехалі разам. Увесь вечар Ів.Луцкевіч правёў у нас і знайшоў, што ў нас яму міла адпачываць, а сястра мая, Ляля, са сваёй жывасьцю й вясёлым сьмехам асабліва яму спадабалася. Іван быў у добрым настроі, жартаваў і заваяваў сымпатыі ўсіх нашых дзяцей. На разьвітаньне, цалуючы мне руку, ён сказаў:

- Калі пані дазволіць, то я буду сюды, у вашу мілую сям'ю прыходзіць адпачываць ад турботаў дня.

- Я буду вельмі рада, але тады пан мусіць менш гутарыць аб палітыцы, бо гэтая тэма надта дэнэрвуе нас усіх, лепш будзем слухаць ігру Лялі!

Ляля вельмі добра грала й пяяла, мела мілы галасок.

- Ведаеце, пані, што да палітыкі, то я ёй служу ад маладых гадоў, каб узгадаваць беларускі народ да самастойнага жыцьця, а цяпер асабліва гарачы час.

І запраўды час быў гарачы: ужо другі год вайны, афэнзыва ген. Макэнзэна адкінула расейскія войскі далёка з Галіччыны і нямецкія войскі стаялі каля Варшавы. У Вільні расейскія ўлады пачалі эвакуяваць розныя ўстановы і свае архівы ў глыбіню Расеі. І мой швагар Нагаткін, як воінскі начальнік, атрымаў наказ перанесьці сваю канцылярыю пад Маскву ў Серпухоў. Мая сястра, Нагаткіна, настойвала, каб я ехала разам зь імі і Люцікам, якога трэба адаслаць у Кіеўскі кадэцкі корпус, дзе ён вучыўся; што я перарву сваю навуковую кар'еру (я мела здаваць магістарскія экзамэны), калі ў час ня выеду зь Вільні. Мая маці, якая ўжо тады паважна, дзеля свае цукровае хваробы, хварэла на сэрца, з трывогай слухала гэткія гутаркі; я бачыла, што яна баялася патраціць мяне, як галоўную памочніцу ў сям'і, але яна ізноў жа не хацела перашкодзіць мне, калі б я жадала вярнуцца да маёй навуковай працы.

Памятаю добра гэтую нядзелю ў пачатку жніўня. Мы былі ўсёй сям'ёй на дачы, чакалі на абед Івана Луцкевіча, ён быў загадзя запрошаны. Але ён усё не прыходзіў. Падалі абед, пасьля якога мой бацька зь дзяцьмі пайшоў у лес, а я засталася з мамай. Я ўсё чакала на пана Ів.Луцкевіча, які за гэтыя пару месяцаў часта нас наведваў на дачы, каб адвесьці душу, як ён казаў, апавядаў аб сваёй нэрвовай працы, прыносіў мне беларускія кніжкі й цешыўся, што я раблю поступы ў беларускай мове й літаратуры. Пан Іван зацікавіў мяне нацыянальнымі пытаньнямі роднага краю, асабліва беларускім. Каб навучыць мяне добрай беларускай мове, ён гутарыў са мной па-беларуску (з маімі бацькамі - па-польску) і я сама не прыкмеціла, як пачала яму адказваць гэтаксама. Мы сталіся за той час добрымі калегамі. Я навучылася цаніць у ім яго ідэйную ахвярную працу для дабра свайго народу, яго выдатную веду й спрыт, бо ён умеў ня толькі жартаваць, але й бляснуць сваімі досьціпамі - ён быў «не тузінковы чловек», як кажуць палякі.

Ягоная доўгая адсутнасьць пачала мяне непакоіць, бо апошні раз ён апавядаў мне, што пачне гутарыць на чатыры вочы з прадстаўнікамі іншых нацыянальных камітэтаў, каб на выпадак адыходу расейскіх войскаў і паліцыі арганізаваць самаабарону Вільні, каб да ўваходу нямецкай арміі абараніць жыхароў ад нападаў і рабункаў асацыяльных элемэнтаў. А гэты час надыходзіў, бо з узяцьцем Варшавы дарога ў Вільню была адкрытая. Ужо бясконцыя абозы адыходзячай расейскай арміі цягнуліся трактамі на ўсход. Я баялася, каб агенты расейскай ахранкі, якія й так мелі вока на кватэру братоў Луцкевічаў, не накрылі пана Івана на якім-небудзь кансьпірацыйным сходзе.

Але нарэшце прыйшоў і пан Іван, здышаны й моцна кашляючы. Я запытала, што гэта зь ім сталася? Ён перапрашаў нас, што спазьніўся, але ён мусіў быць у некалькіх асобаў, ну й па дарозе выпіў халоднага квасу, і цяпер яго мучае кашаль.

- Ну вось, як можна піць халоднае, калі вы пад потам! - казала мая мама, - але вось прыляжце на канапцы, я вам дам цёплага малака зь мёдам, гэта супакоіць ваш кашаль.

Я пачала грэць на прымусе малако й падала пану Івану. Ён пачаў жартаваць, што мусі ён залічаны ў лік дзяцей, але выпіў, каб ня гневаць маёй мамы.

Я адагравала ў кухні абед і кожны раз, калі чула моцны кашаль Івана, мне прыпамінаўся кашаль мужа маёй падругі, які памёр на сухоты, але я адганяла гэтыя ўспаміны. Пан Іван адпачыў, кашаль трывожыў яго менш, і ён з апэтытам еў свой запозьнены абед, бо быў, як сам казаў, ад раніцы ня еўшы, бегаючы па справах, што зь ім здаралася часта. Наагул аб сваім здароўі ён ніколі ня дбаў.

Наша дзяўчына пайшла ў касьцёл, і я мусіла далей кратацца ў кухні, але праз адчыненыя дзьверы чула, як мама пачала апавядаць, што Нагаткіны на гэтым тыдні выяжджаюць, і яна ня ведае, што парадзіць мне: ехаць на сваю працу ў Петраград, ці застацца пры сям'і ў Вільні. У той час я выйшла на вэранду. Пан Іван хацеў мне штосьці сказаць, але вось Ляля й хлопцы ўжо ўбеглі, вітаючы голасна пана Івана, бо ён быў зь дзяцьмі ў вялікай прыязьні. Прыйшоў і тата, прывітаўся й пачаў казаць, што мусі хутка будзем мець у Вільні зьмену, бо яны цяпер бачылі, як па Полацкім тракце цягнуцца бясконцыя вайсковыя абозы. І тут паўстала агульная нарада, што трэба яшчэ на гэтым тыдні зьехаць з дачы ў горад, бо потым і нашага каня, чаго добрага, могуць забраць. Я казала, што й я ня маю часу сядзець на дачы, бо трэба Люціка з Нагаткінай выправіць і памагчы ёй укладваць рэчы. Пасьля гэтай пастановы пераехаць у наступных днях пан Іван зьвярнуўся да мяне:

- Відавочна ні я, ні пані хутка ня будзем гуляць па Бальмонцкім лесе, можа й мы пойдзем паглядзець зь любімай горкі пані на Полацкі тракт, што там робіцца?

- Добра, - адказала я, і дала Лялі загад прыгатаваць зь дзяўчынай, якая ўжо вярнулася, вячэру.

Мы спачатку йшлі моўчкі, я бачыла, што пан Іван хоча мне штосьці сказаць, і чакала. Нарэшце ён пачаў:

- Ці праўда, што пані разважае прапазыцыю пані Нагаткінай ехаць разам?

- Хто гэта пану казаў?

- Дык мама пані!

- Вось бачыце, пан Іван, тутака ёсьць пытаньне за і проціў.

Але мы ўжо дайшлі да маёй горкі, зь якой адчыняўся шырокі від на палі, лясы і тракт, на якім у два і тры рады цягнуліся бясконца вазы адыходзячай расейскае арміі. Мы прыселі, сонца крывава заходзіла, як бы прарочыла, што нас чакаюць цяжкія дні.

- Бачыце, пан Іван, - пачала я, - апошнія дні я ўсё думала, што рабіць. Ня ехаць, гэта значыць перарваць маю навуковую працу. Паехаць яшчэ горш, бо мушу кінуць хворую маці, бацьку, якому я шмат памагаю ў дзеле, «маіх дзяцей» пакінуць амаль як сірот, бо мама паважна хварэе на сэрца. Ляля яшчэ маладзенькая, скончыла год таму гімназію, а апошнюю зіму доўга хварэла на пляўрыт, ёй патрэбна апека, а як пан мусіць заўважыў, яна - мая любіміца, я ж на дзесяць год старэйшая і вучыла яе першых літараў. Усіх іх кінуць у такі цяжкі й няпэўны час я не магу. Ужо дзеля іх я мушу застацца. Ну, а затым мяне цяпер ня цягне ў Петраград, як яго перахрысьцілі, бо й там адчуваю вайну зь яе нацыянальнымі недарэчнасьцямі. Людзі, якія былі ў прыязьні са мной, зрабіліся афіцыйнымі й халоднымі, лічаць мяне за немку, амаль што за ворага. Я шмат перадумала гэтыя пытаньні. Нямеччына, у якой я была, для мяне заграніца, дзе людзі інакш жывуць і мэнтальнасьць якіх мне чужая. Расейскага патрыятызму я ніколі ня мела. Добра я чуюся ў гэтыя цяжкія часы толькі ў Вільні, дзе кожны, хто мяне знае, ведае, што я належу да гэтага краю й я пастанавіла пазастацца працаваць у родным краі й дзяліць ягоны лёс, як і лёс маёй сям'і.

- Вось за гэтыя словы дзякую вам, пані Юліяна, - сказаў пан Іван, - я нічога іншага не чакаў, але ўсё ж баяўся, што сястра можа вас угаварыць. Пані Зофія, як я ведаю, шмат зьвяртае ўвагі на кар'еру й становішча.

- Ну, гэта мяне менш за ўсё турбуе. Калі Бог пазволіць, то й тут змагу заняцца навуковай працай, і так я мела пісаць магістарскую працу аб віленскім бароку, які мяне захапляе сваім размахам і ўздымам, ён мае асаблівы характар.

- Ну вось, і я вам у гэтым памагаць буду, але раней трэба будзе папрацаваць у палітыцы, разгром Расеі пазволіць паняволеным ёю народам скінуць векавыя путы! - І Іван пачаў зь вялікім перакананьнем выказваць мне свае думкі аб стварэньні незалежнай Беларусі і, паказваючы на бясконцыя абозы, казаў: - Вось гэта часткі нашых ланцугоў адпадаюць. Ведама, як прыйдуць немцы, трэба гэты час выкарыстаць для беларускае справы; немцы нічога ў гэтым не разумеюць, тут прыйдзецца іх інфармаваць, і тутака, я спадзяюся, пані Юліяна, што вы не адмовіце стаць сябрам нашага Беларускага Камітэту і будзеце нам дзельна памагаць як перакладчыца. Брат Антон - мастак пісаць мэмар'ялы, а вы іх ужо пераложыце на нямецкую мову (трэба сказаць, што Іван Луцкевіч не любіў пяра, ягоныя думкі плылі гэтак хутка, што пяро не пасьпявала за імі, але ён меў дар слова і ўмеў захапіць слухачоў).

- Добра, - адказала я, - калі ўжо памагаць, то беларусам.

- Ну так дзякую, - сказаў Іван Луцкевіч і пацалаваў мне руку.

Ужо вечарэла й пахаладала, і пан Іван ізноў пачаў кашляць.

- Час дахаты, пан, бачу, празяблены!

- Ах, гэта мяне часам мучыць кашаль, нажыў сабе ў расейскай турме!

Я папрасіла яго расказаць, калі й як ён туды трапіў, як доўга там прабыў і так, гутарачы, мы дайшлі да дачы, дзе нас чакалі зь вячэрай.

Выпіўшы гарбату, пан Іван пачаў перабіраць ноты на піяніна і, знайшоўшы вальсы Шопэна, папрасіў Лялю іх зайграць.

- Мне хочацца гэты прыемны вечар закончыць прыгожай музыкай!

Я села каля яго на канапе. Мы слухалі, марачы кожны сваё, раптам пан Іван узяў маю руку й пачаў ціха гладзіць кожны пальчык, а затым затрымаў у сваёй руцэ, пакуль Ляля ня скончыла ігру.

- Ну, мне пара дахаты, - падняўся пан Іван.

Я праводзіла яго на вуліцу. Ён ціха сказаў:

- У мысьлях я цалаваў вам кожны пальчык, гэтым хацеў падзякаваць за вашую згоду памагаць мне, значыцца, мы будзем добрымі сябрамі па працы.

- Але, - адказала я.

Хутка ўсе ляглі, але я доўга не магла заснуць; я разумела, што я для Івана, як і ён для мяне, больш як сябра па працы, больш глыбокае пачуцьцё лучыць нас. Але Божа мой, чаму ён кашляе як сухотнік?! І я пачала маліцца: Божа! Захавай яму здароўе! Пасьля паўночы, змораная сваімі думкамі, я заснула, але і ў сьне мне чудзіўся кашаль Івана. Гэтак у нашую ціхую песьню бяз слоў злавешчым дысанансам украўся ягоны кашаль.

Нямецкія войскі займаюць Вільню

Больш за тыдзень мы не спатыкаліся, я была вельмі занятая пераездам з дачы ў горад і провадамі Люціка й Нагаткінай. Мама адпраўляла зь сястрой і нашыя найлепшыя рэчы: розныя фамільныя каштоўнасьці, сталовае серабро, парцаляну й бялізну, - бо надта баялася пажару пры абстрэле гораду. А я не пярэчыла (хоць мне шкада было маёй выправы, якую мама пакавала, як найлепшую бялізну), каб не ірытаваць яе хворае сэрца. І мама казала:

- Чатыры браты й дзьве сястры будуць на тым баку ў Расеі, калі што, ім гэтыя рэчы будуць пра запас, да Серпухова вайна ня дойдзе!

Калі пасьля ад'езду Нагаткінай, спаткаўшы пана Івана, я апавядала яму аб высылцы рэчаў, то ён сказаў:

- Сумляваюся, каб пані пабачыла гэтыя фамільныя каштоўнасьці, ці пані забылася, што пасьля прайгранай японскай вайны ў Расеі была рэвалюцыя?

Я адказала, што гэта было супраць мае волі, але мама надта турбавалася, сястра яе запужала, што тут усё можа прапасьці. Але бяда ня ў рэчах, галоўнае, каб усе пасьля вайны спаткаліся пры добрым здароўі. А як пана кашаль?

- Вось калі змучаны, то дакучае.

Мы перайшлі на агульныя справы; горад эвакуявалі і Іван апавядаў, што яны ўжо зарганізавалі лятучыя дружыны, якія будуць пільнаваць парадку; ён са сваімі падручнымі мае ўчастак Зялёнага мосту, празь які войдуць нямецкія войскі.

Потым да ўваходу немцаў мы ня бачыліся, кожны меў свае турботы. Я толькі баялася, каб пана Івана не забрала ахранка. Памятаю, як я зараз пасьля адыходу расейскіх войскаў пабегла на Віленскую 33, а тут мне Пятруся, прыслуга Луцкевічаў, кажа:

- Паненка, пан Іван ля Зялёнага мосту са сваёй кокордай чакае немцаў.

Я пабегла туды і здалёк ужо пабачыла, як першыя нямецкія патрулі на мосьце гутарылі з Іванам. Супакоеная, я пасьпяшыла дахаты. Там я ўсіх, асабліва маму, пацешыла, што абстрэлу ня будзе, горад здалі бяз бою. Толькі некалькі дзён пазьней пан Іван адведаў нас, калі самаабарона была замененая нямецкай Feldpolizei (палявой паліцыяй).

Кожны апавядаў свае беды: тата, што выпраглі яму на вуліцы моцнага каня, а далі двух замучаных коней, якія ад'ядаюцца ў стайні (тата зрабіў добры запас сена і аўса), ну, і што частку тавару забралі на Schein'ы (пасьведка) (тады яшчэ рэквізыцыі рабілі з пэўнай куртуазіяй), і што мусі хутка трэба будзе фабрыку закрыць, бо тавар распрадаецца, а падвозу няма й ня можна прадбачыць, каб немцы дастаўлялі ў нашыя гарады правіянты, яны будуць толькі браць. (Гэтак потым і сталася. Фабрыку й магазын прыйшлося на час акупацыі закрыць, адзін магазын мы пакінулі за намі і далей плацілі арэнду.)

Мая мама цешылася, што яе вялікія запасы (апошнія месяцы мы шмат скупалі) захаваліся й памогуць перажыць цяжкі час. Але з сумам казала, што сын Альфрэд, якога мы называлі Міка, прыехаў зь Сестрарэцка, дзе адпачываў у санаторыі пасьля цяжкой халеры, на якую захварэў на паўдзённым фронце. Але кароткая была наша радасьць, ён зьявіўся толькі на разьвітаньне і ў той жа дзень апошнім вайсковым цягніком выехаў у Петраград.

- Бог ведае, калі мы яго йзноў пабачым, - сумна закончыла бедная мама.

А пан Іван казаў, што цяпер яму трэба шырэй паставіць беларускае пытаньне перад новымі акупантамі і вось ён прыйшоў прасіць мяне на паседжаньне Беларускага Камітэту Помачы Пацярпелым ад Вайны і казаў маім бацькам, што мусі яны нічога ня маюць супраць, калі я буду памагаць у Беларускім Камітэце.

- Ну, дачка мая дарослая, сама ведае, дзе ёй працаваць і памагаць. Затым беларусы - свае, тутэйшыя людзі, а ў гэтыя цяжкія часы мы, жыхары Вільні, мусім памагаць адзін аднаму, акупанты з часам пакінуць нас, але мы ўсе мусім далей жыць разам, - адказаў мой тата.

Пан Іван мне потым казаў, што яшчэ больш шануе тату за ягоныя разумныя словы.

Праца ў Беларускім Камітэце й нашае жыцьцё ў першыя месяцы нямецкай акупацыі

На другі дзень я пайшла на Віленскую 33, бо сабраньні Камітэту адбываліся ў кватэры братоў Луцкевічаў. Вось тут, пасьля многіх гадоў я спаткалася з Ал.Пашкевіч-Кайрыс. Мы абедзьве вельмі ўсьцешыліся. Пачаліся пытаньні й апавяданьні. Ал.П.-К. казала, што цяпер з мужам жыве ў Вільні і працуе, як сястра Чырвонага Крыжу ў шпіталі. Я ж апавядала, што дзеля ваенных падзеяў я засталася ў Вільні, бо не хацела пакінуць маёй сям'і й гэтым перапыніла маю навуковую працу.

- Нічога, - адказала Ал.П.-К., - будзем працаваць у роднай Вільні, тут твая веда й праца будуць больш прыдатныя. Асабліва мяне цешыць, што ты знайшла дарогу да нашага Камітэту; вось ня трацячы часу пералажы на нямецкую мову наш мэмарыял у справе беларускіх школаў да нямецкіх акупацыйных уладаў!

І яна зь нязломнай сваёй энэргіяй горача бралася за справы й была па духу й энэргіі найлепшым калегаю Івана Луцкевіча.

Мала нас тады было ў Беларускім Камітэце; польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячоў можна пасадзіць на аднэй канапе. Аднак праца йшла. Цётка, як усе называлі Ал.П.-К., асабліва рупілася аб адкрыцьці беларускіх школаў і памагала знайсьці памешканьне й інвэнтар. Хадзіла з апросам па раёну, каб адшукаць беларускія сем'і, і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у гэтыя школы. І як мы ўсе цешыліся, калі ў лістападзе 1915 г. была адчыненая першая беларуская пачаткавая школа. Адсьвяткавалі мы гэтую ўрачыстасьць супольнай гарбаткай у Камітэце; пірог на гэтае сьвята я прынесла з хаты.

Але гэта быў толькі пачын, не хапала вучыцеляў, і вось супольнымі стараньнямі Цёткі й Івана былі адчыненыя беларускія вучыцельскія курсы, дзе выкладалі Іван, Антон, яшчэ пара асобаў і я (нямецкая мова і пэдагогіка). Мы ўсе працавалі задарма, толькі кіраўнік курсаў Пачобка атрымліваў малую пэнсію, якую трэба было пакрыць з малых даходаў Беларускага Камітэту.

Сама Цётка на курсах не выкладала, ня мела часу, але цешылася, што калі 3-месячныя курсы закончацца, то можна будзе на ўсіх прадмесьцях, дзе больш жыло беларусаў, адчыніць беларускія школы. На жаль, гэтай радасьці яна не дачакала.

Яе здароўе было кволае, у дрэнную пагоду яна вельмі кашляла (і яе падтачывалі сухоты) і не магла выходзіць з хаты. І вось у пэўны дзень, калі неба за туманом не было відаць, я прынесла ў Камітэт пераклад мэмарыялу, які й Цётка мусіла падпісаць. Пан Іван папрасіў мяне занесьці гэты пераклад, як і яшчэ другія паперы на перагляд і подпіс да Цёткі, бо яна мае гарачку й не выходзіць з хаты. Пасьля подпісу папераў і заканчэньня дзелавой часткі нашай гутаркі Цётка перайшла на тэму агульнай палітыкі. І яна была глыбака перакананая, што пасьля вайны Беларусь будзе паміж вольнымі народамі самастойнай. Трэба напрагчы ўсе сілы, каб падрыхтавацца да гэтага вялікага мамэнту, калі беларускі народ будзе кіраваць сваім лёсам. Затым яна перайшла на Івана Л. і казала, што на ягоны палітычны розум і ахвярную працу яна пакладае вялікія надзеі, але трэба, каб добрая душа рупілася аб ім і ягоным здароўі, і што яна вельмі рада, што я гэтак дзельна яму дапамагаю і яму добры друг. І тут яна мяне спытала:

- Скажы шчыра, ці не пакінула ты на тамтым баку фронту дарагога чалавека, або нарэчанага?

- Ах, не, - адказала я сьмяючыся, - калі я паехала на Курсы, то мела адзін намер, стацца вучонай. Хлопцы мяне наагул не цікавілі; у нас на курсах было мала часу на флірты. На сэмінарыях па мастацтву мы падзялілі нашых сябровак на «кавалерственных» і «не кавалерственных» дам. Да апошніх належала я. Замуж я ня мела намеру выходзіць, пакуль ня скончу мае навукі. Ну, і няшчаснае жанімства маёй добрай сястры Жэні мяне да гэтага не заахвочвала. Я жыла ў Вільні для нашай сям'і і дзяцей, якіх памагала маме гадаваць, а на Курсах я знала толькі маю навуку, любіла бываць у опэры ды на канцэртах, але ня мела нагоды шчыра закахацца, бо толькі тады выйду замуж!

- Разумею, што ты да тых належыш, якія ня любяць флірту, але запраўднае каханьне - зьмест і асалода жыцьця, і гэткія натуры, як ты, калі пакахаюць, то гэта сядзіць моцна. Мне гэтак здаецца, што ты ды Іван - два сапагі пара. І маё сардэчнае пажаданьне, каб вы злучыліся на ўсё жыцьцё, бо лепшай падругі я для яго ня ведаю.

Я адказала жартам, што пан Іван сваё сэрца аддаў беларускай справе й палітыцы.

- Ну, - сказала Цётка, - я бачу больш, чым ты. Ён для цябе мае запраўды шмат сэрца і інтарэсу, сам мне казаў, што ты ня толькі прыгожая, але й разумная й мілая. Я спадзяюся, што яшчэ пагуляю на вашым вясельлі!

Але чалавек прадпалагае, а Бог распалагае!

Я вярнулася дахаты ў добрым настроі, мусі ён мяне кахае, калі й Цётка гэта заўважыла. За тыдзень я пачула, што Цётка выехала ў Наваградчыну, у сваю родную вёску дзеля барацьбы з эпідэміяй тыфусу, якая пачала шырыцца па ўсім краі.

У Камітэце мы яе больш не пабачылі. Яна сама там захварэла на тыфус, і яе слабы арганізм ня мог перамагчы гэтак цяжкой хваробы, і яна згасла, як ахвярная сьвяча на аўтары сваёй бацькаўшчыны.

Калі гэтая неспадзяваная вестка дайшла да ўсіх нас, якія разам зь ёю працавалі, нас апанаваў вялікі сум і жаль, асабліва пан Іван доўгі час ня мог пагадзіцца, што яна, якая жарам сваёй душы ўмела захапіць да працы, пакінула нас. Ён заўсёды казаў, што беларуская справа ў ёй патраціла Cor ardens.

У памяць Цёткі наладзілі ўрачыстыя ўспаміны. Але як гэта ёсьць у жыцьці, праца не чакае, трэба было яшчэ мацней узяцца за справы, каб далей весьці распачатую Цёткай працу.

Сколькі захадаў і пошукаў рабіў пасьля Цёткі пан Іван, каб знайсьці памешканьні й інвэнтар для школаў. Вучыцелі з курсаў распачалі працу ў пачатку 1916 году па школах у горадзе і на вёсках. Бараніць справу беларускіх народных школаў прыпала галоўным чынам мне. Беларускі Камітэт вызначыў мяне, як свайго прадстаўніка ў нямецкага Schulrat'а (кіраўніка школьніцтва). Гэта быў культурны чалавек, і я хутка наладзіла зь ім добрыя адносіны, і беларускія школы, як гарадзкія, гэтак і на вёсцы, былі прынятыя горадам, або паветам. Гэта значыць - горад або павет плаціў вучыцелям і ўтрымліваў школы й даваў яшчэ бясплатныя абеды для дзяцей, пры кожнай школе была кухня (Volksküche). Гэтак школы былі забясьпечаныя.

Беларускі Камітэт таксама прыймаў удзел у арганізацыі агульных народных кухняў. Прадукты выдаваў магістрат за грошы, а жыхары маглі за малую плату атрымліваць гарачую зупу, з гэтага карыстала шмат людзей, бо голад пашыраўся. Памятаю, што народная кухня Беларускага Камэтэту на Юркаўскім праспэкце (за палякаў - вул. Адама Міцкевіча, а цяпер праспэкт Леніна (Сёньня праспэкт Гедзіміна - Рэд.) выдавала да 400-500 порцыяў і мела добрае ймя, бо Камітэт вельмі рупіўся аб тым, каб вызначаная колькасьць прадуктаў і пападала ў зупу. На кухнях мне часта прыходзілася па даручэньню Камітэту рабіць неспадзяваныя візыты, каб пакаштаваць абед, праверыць вагу прадуктаў і г.д. Пан Іван казаў мне:

- Жанчыны ў гэтым больш разумеюць, трэба пільнаваць, каб беларускія кухні мелі добрую славу!

Мы з панам Іванам былі добрыя калегі, усюды, дзе я магла, там памагала ў працы Камітэту. Пан Іван яшчэ часьцей бываў у нас, гэта значыць у мяне і Лялі, бо зіму 1915-1916 г. мы абедзьве жылі не ў бацькоў, а некалькі дамоў далей на вуліцы Бакшце ў прыяцелькі нашай сям'і пані Алёны Маліноўскай; яна вясной страціла мужа, мела пры сабе толькі пляменьніка выхаванка Ўладка і была рада адступіць нам два пакоі. (Летам панаехалі з Польшчы крэўныя - уцекачы з фронтавай лініі, мая маці іх пусьціла на лета, пакуль мы былі на дачы, у нашу кватэру на партэры, дзе мясьціліся дочкі; галоўная кватэра бацькоў была на першым паверсе, а хлопцы мелі свае пакоі на паддашшы.)

У цёці Маліноўскай, як мы ўсе яе называлі, мы чуліся добра, абедалі ў бацькоў, але вячэралі ў сябе, таму што ад 8 гадзіны ўвечары нельга было хадзіць па вуліцах - Polizeistunde. Гэтыя вечары пасьля шматрознай працы дня былі самыя прыемныя. Ляля часта йграла, бо ў цёці Маліноўскай было піяніна; я, калі не было гасьцей, вышывала ручнік са Слуцкім узорам, падарак для Івана на Каляды. У нас часта бывалі госьці: пара маладых нямецкіх вайсковых, якія хадзілі зь Ляляй на каток і фліртавалі зь ёй. Найчасьцей прыходзіў пан Іван, бо ён і яго брат Антон патрапілі здабыць сабе Passierschein - прапускі, зь якімі можна было хадзіць да 12 ночы. І Ляля і я былі яму заўсёды рады. Лялі Іван быў як старэйшы брат, зь ім яна радзілася, якую беларускую песьню развучыць для беларускага музыкальнага вечара, якую ролю ўзяць у п'есе, яна далучылася да беларускай артыстычнай групы пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Івану яна апавядала і аб сваіх нявінных фліртах, і ён бараніў яе, калі я не давала ёй шмат магчымасьці дурыць хлопцам галовы. Пасьля вячэры Іван сядаў да мяне на шырокую атаману ў кут, каб лепш адпачываць, і абмаўляў усе свае бягучыя справы, мы выносілі ўсялякія пастановы, я служыла яму радай як магла, але грашовай помачы ён прынімаць адмаўляўся. І супакоіць прыходзілася яго, калі ён меў прыкрасьці, якіх было нямала.

Мы гутарылі аб усім, толькі не аб нашых асабістых пачуцьцях, або плянах на будучыню. Пан Іван гэтага пытаньня як бы баяўся закрануць, а я гэтаксама віду не падавала, як ён мне мілы й дарагі. Але мы гэта й так вычувалі, што ў сэрцах нашых ціха зьвінела нашая песьня бяз слоў, і гэтыя вячэрнія часіны былі нашым адпачынкам і жаролам новых сілаў, якія мы чарпалі з нашай прыязьні. Але і ў гэтыя нашыя мілыя часіны часта злавешчым дысанансам урываўся ягоны кашаль і прыпамінаў мне, што мушу перадусім памятаць аб яго здароўі й маліць Бога, каб быў яму Міласьцівы.

Надыходзілі Каляды 1915 году. У Вільні шмат што перамянілася. Фронт ад Вільні быў недалёкі: паміж Смаргонямі і Маладэчнай усталілася франтовая лінія, і вайна на гэтым адрэзку прыняла пазыцыйны характар. Відавочна было, што нямецкая акупацыя зацягнецца на доўга. Трэба было прытарнавацца да новых абставінаў. Усе нацыянальнасьці парупіліся адчыніць свае школы й пашыраць сваю культурную працу, бо толькі ў гэтым напрамку можна было штосьці рабіць. У эканоміцы краю панаваў поўны развал. Вільня была адрэзаная ад давозу і ў першую чаргу паўстаў вялікі недахоп прадуктаў аджыўленьня; акупацыйныя ўлады спачатку нічога не давалі, а рэквіравалі ўсё, асабліва сыр'ё. Найсамперш прапала мяса, гэта адчулі асабліва мае бацькі; вялікі запас мясных вырабаў нашае фабрыкі за пару месяцаў быў распраданы, немцы выкуплялі ўсё, ну і далей яшчэ рэквіравалі па картачках (Schein'ах), якія нам ніколі не былі заплачаныя; нас пацяшалі, што заплоцяць пасьля вайны. Гэтак перад Калядамі 1915 г. прыйшлося зачыніць фабрыку.

Апошняга каня, гэтым разам сьляпога (немцы некалькі разоў мянялі нам коней) бацька вымяняў на бульбу ў знаёмага гаспадара; людзей распусьцілі (пры нас засталася жыць толькі крэўная, Лідка, што працавала ў магазыне й не магла вярнуцца да сваіх бацькоў). У хаце нашай стала ціха, бацькі пачалі пражываць гатовыя грошы, здавалася, што іх шмат, і што хопіць да канца вайны, каб потым ізноў паставіць інтэрас у рух.

Гэтак, хто меў грошы, той іх пражываў, а другія пачалі шукаць працу й спосабаў да жыцьця, дзе й як мага. Ведама, і патаемны гандаль пачаў пашырацца і расьцьвіла хутка чорная біржа паміж Завальнай вуліцай і Нямецкай, у старым жыдоўскім гэтто.

Немцы ўвялі харчовыя карткі, на якія ніхто да сыта пад'есьці ня мог, і шмат людзей пачалі жыць упрогаладзь. Ведама, мы ў хаце пры запасах і прыхаванай сухой каўбасе і саланінцы першыя часы не адчувалі недахопу, і я заўсёды рупілася аб тым, каб запрасіць у госьці братоў Луцкевічаў і цешылася, калі хвалілі даваенны бігус ці боршч.

Браты Антон і Іван Луцкевічы, як я прыкмеціла і да прыходу немцаў, жылі вельмі скромна, а цяпер у акупацыю пачалі зусім дрэнна аджыўляцца: каб ня рупнасьць і спрыт іх прыслугі Пятрусі, то мусі бы змарнелі ад голаду.

Пятруся Сырэль, слуга Луцкевічаў

Але тутака я мушу ўспамянуць некалькімі словамі дзельную Пятрусю Сырэль. Яна, як шмат вясковых дзяўчат беларускае вёскі, пайшла служыць у места. Да братоў Луцкевічаў яна паступіла на працу яшчэ некалькі гадоў да вайны, у нашаніўскі час; затым выйшла замуж за работніка-беларуса, але засталася далей працаваць у Луцкевічаў, жыла ў іхнай кватэры на Віленскай 33, проста з карыдора мела свой пакой, дзе мясьцілася з мужам і трохгадовай дачкой Ядзькай. Пятруся была тыпам тых прыслугаў, якія мусі спатыкаліся толькі ў нас у Беларусі: яны да сваіх паноў, калі да іх добра адносіліся, прывязваліся як да сяброў свае сям'і; не хацелі іх пакідаць і дзялілі зь імі іх інтарэсы, радасьці й гора. Калі я пазнаёмілася зь Пятрусяй у 1915 г., ёй мусі было 35 гадоў. Высокая, моцная жанчына, рыжаватая, з энэргічным тварам і характарам «не шумі муха каля вуха». Яна ўмела і палаяць, калі трэба (гэтак можна спачатку і запугаць каго), але калі яе пазнавалі бліжэй, то ня толькі навучыліся цаніць яе працавітасьць, дзельнасьць і сумленнасьць, але гэтаксама і яе добрае сэрца. Зь ёй я хутка навязала добрыя адносіны. Я цаніла яе сумленную працу, безінтарасоўнасьць і дбаласьць аб Антону і Івану Л., асабліва яна любіла Івана, якога паважала, як вартаснага, добрага чалавека. Іван наагул умеў распалажыць да сябе людзей сваёй спагадлівасьцяй і ўменьнем знайсьці з кожным належны тон, і малую Ядзьку ён умеў пазабавіць і часта я бачыла, як яна да яго грамадзілася на калені, бо ён любіў дзяцей. Зь Пятрусяй Іван абгаварываў усе хатнія й фінансавыя справы. Пятруся рупілася аб тым, каб адабраць частку грошай, калі Іван якія-небудзь грошы атрымоўваў, каб адлажыць іх на ежу, кватэру, яе пэнсію. Але часта здаралася, што яна выкладала свае грошы (яна была вельмі ашчадная й хавала свае грошы пра запас) за кватэру й цярпліва чакала, калі Іван здабудзе грошы ізноў. Дакарала яна Івана, што не шануе здароўя, шкадавала яго, калі ён хварэў. Была, адным словам, адданы ім чалавек і друг. Гэтак яна зь імі дзяліла й жыцьцё (толькі пасьля сьмерці Івана, калі Антон меў сваю сям'ю, яна выехала зь Віленскай ЗЗ).

Пятруся ня жалілася, калі ў часе нямецкай акупацыі фінансавыя справы братоў Луцкевічаў вельмі пагоршыліся й ёй стала трудней весьці гаспадарку, а толькі напружыла ўвесь свой спрыт, каб звадзіць канцы з канцамі. У той час увесь даход братоў Луцкевічаў быў ад прыпадковай куплі й продажы Іванам антыкварных рэчаў. А знаходзіць антыкі Іван быў проста мастак. Па-за працай у Камітэце і палітычнымі справамі, ён увесь вольны час, як я казала, «рыскаў па гораду», і на ўсе мае просьбы трохі менш насіцца па месьце, адказваў:

- Ваўка ногі кормяць!

І дзе ён толькі не бываў, і каго ён толькі ня знаў! Ва ўсіх старых дворыках на прадмесьцях ці то Антокаля, ці Папоўшчыны, ён меў знаёмых. Да яго часта зьвярталіся, каб ён ацаніў антыкі, бо шмат хто змушаны быў прадаваць рэчы. Расейскія рублі выйшлі, банкі былі эвакуяваныя, а нямецкія акупацыйныя грошы, як іх называлі - Осты (Ост рубэль), трудна было здабыць, ня маючы працы, і шмат людзей, як гэта бывае ў вайну, вызбываліся сваіх рэчаў. Немцы ахвоча выкуплялі антыкі й краёвыя мастацкія вырабы. Да Івана Луцкевіча зьвярталіся гэтаксама й жыдкі-антыквары, яны часта прасілі яго быць экспэртам, затое ахвоча, па сходнай цане аддавалі яму рэчы краёвай вартасьці, якія Іван зьбіраў для свайго музэю. Сколькі за маю памяць вартасных рэчаў Іван Луцкевіч здабыў для свайго дзецішча-музэю!

Ён для сябе шкадаваў кожную марку, але для музэю знаходзіў грошы, калі трэба было здабыць цікавы аказ.

Раз я, памятаю, прыйшла ў Камітэт, а Пятруся мне ў кухні з абурэньнем апавядае, што дала пану Івану грошы й даручэньне зайсьці па дарозе да яе кумы, каб забраць замоўленую зь вёскі саланіну. Доўга пан Іван не вяртаўся, а калі прыйшоў, то ня мог нахваліцца, які цікавы рукапіс здабыў замест саланіны. На вячэру мусілі затое есьці сухі хлеб.

- Ён гатовы ўсе грошы траціць у свой музэй! - жалілася мне Пятруся.

Я яе супакоіла й казала, калі яна ня можа сама залатвіць гаспадарскія справы, я ёй магу дапамагчы, таму што мы маем шмат старых сувязяў з гандлярамі. Ад таго часу ў мяне зь Пятрусяй быў ціхі хаўрус. Калі я цішком прыносіла ёй кусок булкі ці хатняга хлеба (хлеб на карткі быў вельмі кепскі), то яна казала Івану, калі ён хваліў хлеб, што ў кумы на газу або сернічкі выменяла, каб ён ня гневаўся, бо гэткіх падаркаў ён не прыняў бы, і разумная Пятруся ніколі не абмовілася, што я ёй дапамагаю ў гаспадарцы і разам зь ёй дбаю аб братох Луцкевічах.

Каляды 1915 году

Супольная праца зблізіла мяне й з Антонам, я часта сядзела зь ім над апрацоўкай перакладаў і мэмарыялаў. Іван іх толькі адобрываў, ён усім кіраваў, а Антон рабіў усю пісьмовую працу, меў хуткае пяро й добры стыль, і быў працавіты, як мурашка. Антон быў спакойны, рэдка выяўляў сваё незадавальненьне, быў мяккога характару й лёгка паддаваўся ўплывам. Зь ім лёгка было працаваць. Ён, як і Іван, быў адданы сваёй беларускай працы, але ў яго характары не было той энэргіі, таго палёту і ўздыму (хоць быў вельмі амбітны), як у Івана. Антон ня ўмеў так пазнацца на людзях, ні гэтак заахвоціць іх да працы, як гэта рабіў Іван, аднак і Антон быў добры сумленны працаўнік беларускай справы, але, на жаль, ня меў кіруючых уздальненьняў і пачуцьця ў палітыцы, што асабліва выявілася, калі падчас хваробы і пасьля сьмерці Івана ён сіліўся заступіць брата.

Але працуючы разам, браты Луцкевічы дапаўнялі адзін аднаго.

Мы ўсе дружна працавалі ў Камітэце.

У сьнежні 1915 г. Іван быў ініцыятарам выданьня Ўнівэрсалу Вялікага Княства Літоўскага супольна з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў. Мяне ён ахвоча запрашаў бываць разам зь ім на гэтых супольных сабраньнях.

Памятаю, як я апавядала потым Лялі, зь якім уздымам Іван казаў там прамовы, лепш за ўсіх, як ён захапляў сваёй ідэяй, што трэба рабіць хаўрус народаў ад мора да мора, ад Балтыкі да Чорнага мора, каб стварыць абаронны вал супроць захопніцкіх намераў суседзяў ад Захаду і Ўсходу. Так! Іван умеў добра прамаўляць, ён шчыра выказваў свае думкі, якія гарэлі ў ягонай душы, і слухачы гэта адчувалі. Але вось надыходзілі Каляды, і мы ўжо рыхтаваліся да гэтага прыгожага сьвята.

Я прасіла бацькоў запрасіць на куцьцю братоў Луцкевічаў і цёцю Маліноўскую з Уладкам. Ня будзе ў нас так пуста пасьля закрыцьця інтарэсу (тады ў нас зьбіраліся ўсе нашыя працаўнікі).

- Ну, прасі каго хочаш, каб было ўсім прыемна сьвяткаваць куцьцю, - адказала мама.

Пэўнага дня я сядзела ў цёці Маліноўскай і абгаварывала нашую супольную куцьцю. Я чакала на Івана Луцкевіча, які абяцаўся зайсьці. Наша моладзь, Ляля і Ўладак былі на катку.

Я запрасіла ад імя бацькоў цёцю Маліноўскую і Ўладка. Цёця ахвоча згадзілася, бо выбірацца да сваёй сястры на Зьвярынец ёй было задалёка, а нялічнымі коннымі дарожкамі маглі карыстацца толькі нямецкія акупанты. Але вось раздаўся званок, прыйшоў пан Іван, мы яго запрасілі ў пакой цёці Маліноўскай. Яна гэтаксама падружылася з Іванам, хоць часта яны сварыліся на палітычныя тэмы; ведама, яна ўсё разумела як добрая полька, а Іван бараніў беларускае становішча, аднак расставаліся яны йзноў па-добраму. Ня раз цёця казала:

- На пана Луцкевіча се гневаць не можна; відаць, жэ ест шчэжэ одданы свэй бялорускей справе; ідэовосьць я завшэ шануе, а так ест он мілы, товажыскі чловек.

Гэтак казалі й шмат іншыя, і таму Іван Луцкевіч меў ня толькі сяброў-беларусаў, але і ў іншых народнасьцях шмат прыяцеляў.

Да нашай гутаркі аб Калядах далучыўся і пан Іван. Я яго і Антона запрасіла ад імя бацькоў да нас, ён з падзякай запросіны прыняў.

- Ну, а хто яшчэ будзе, мусі й лейтэнант Л., які так міла ўмізгаецца да панны Лялі? - запытаў пан Іван.

- Вось пан трапна сказаў «умізгаецца», але мне гэтыя ўмізгі зусім не падабаюцца, - адказала я.

- Што ж пані хоча, панна Ляля любіць пафліртаваць, яна такая маладая, і што тут дрэннага? - бараніў, як заўсёды, Іван Лялю.

- Я ведаю, што кажу. Вось лейтэнант Пэтэр Р. Быў мілы, выхаваны хлапец, але яго хутка перавялі на заходні фронт; а вось лейтэнант Л., як я пераканалася, паклоньнік аднэй amor profana і шукае сваёй ахвяры, - сказала я.

- Бачу, пані да яго вельмі неласкава, а ён такі вясёлы й цікавы, - заступіўся Іван.

- Ну, як я магу быць да яго міласьцівай, калі ён мне адважыўся казаць, што ён не разумее, што я гэткая скромная, хоць была студэнткай. Кабета ў мае гады мусіць карыстацца з жыцьця і ён мне быў бы добрым партнэрам.

- Ну і што пані? - з абурэньнем спытаў Іван.

- О, я яму спакойна адказала, што ён - «не герой моего романа» і калі яшчэ раз пазволіць сабе казаць гэткія жарты, то ня зможа бываць у нас. Ён тады гэта перавярнуў на жарт, перапрасіў і пару тыдняў не прыходзіў, а потым зьвярнуў сваю ўвагу на Лялю.

- Не, гэткага нахабства я ніколі не спадзяваўся, - сказаў Іван і ўсё ня мог супакоіцца. - Дык забаранеце яму бываць у вас, панна Юліяна!

- Ну, з майго боку, то я гэтак бы й зрабіла. Але я ня маю пэўнасьці, ці ён ня будзе па-за домам, як пан казаў, «умізгацца» да Лялі, - сказала я.

- Так, так, - сказала цёця Маліноўская, - Ляля маладая, ня мае дасьведчаньня, няхай на нашых вачох пераканаецца, што мілы лейтэнант ня варты прыязьні.

- Вось найлепш пазнаўся на ім наш Містэрка (наш мілы сабачка). Вы ведаеце, ён лейтэнанта з самага пачатку не прызнае; як лейтэнант Л. прыходзіць, то Містэрка вурчыць і злы йдзе ў другі пакой і там хаваецца пад канапку.

Учора лейтэнант Л. зайшоў з катка й прасядзеў з гадзіну. Калі ён выйшаў, мы зь Ляляй пайшлі да цёці, раптам чуем, што Містэрка злосна брэша! Мы ўбеглі ў пакой і бачым: на крэсьле вісіць шалік лейтэнанта Л. і наш сабачка на яго брэша, што ёсьць сілы! - апавядала я.

- Разумны Містэрка, я яго ўжо ніколі ня буду гнаць з каленяў, калі ў мяне ўляжацца, - сказаў Іван. Ён зь Містэркам быў у добрай прыязьні.

- Так, гэта сумна, - цягнула далей цёця, - калі мужчына больш нічога ня можа заахвяраваць жанчыне...

- Але ж гэта ў бальшыні так, - адказаў Іван.

- Так, але на гэтым нельга пабудаваць глыбокай прыязьні, - зацеміла я.

- Дык на чым жа, паводле пані, - на amor sacra - як гэта пані разумее?

- Вось, калі мы кахаем у чалавеку ягонае лепшае «Я», без усялякіх нашых эгаістычных разважаньняў, гэткую любоў мы можам мець да кожнага мілага нам чалавека, і на ёй вырастае ахвярнасьць, безь якой узаемнае жыцьцё было б вельмі сумным і цяжкім.

- Дык пані хоча на amor sacra пабудаваць прыязьнь паміж мужчынам і жанчынай, а як жа будзе з amor profana, як няслушна называе пані права натуры, якому падлягаюць усе, - казаў Іван.

- Ну, гэта абазначэньне не маё, яно ўзята з гісторыі мастацтва. У аднаго мастака рэнэсансу, здаецца Джордано, ёсьць абраз, на ім дзьве жаноцкія фігуры: адна, як антычная Вэнэра зь лёгкім пакрывалам, другая сядзіць паважная ў прыгожай вопратцы.

- А так, гэта Тыцыян, цяпер прыпамінаю, гэтыя фігуры абазначаюць як amor sacra і profana, - перабіў Іван.

- Бачыце, я разумею, што amor profana мае свае правы, але на ёй адной нельга пабудаваць прыязьні, ёй належыць другое месца, на першым павінна быць amor sacra, - казала я далей.

- А калі amor sacra і profana злучаюцца? - запытаў Іван.

- А тады паўстае amor ardens, - адказала я.

- Ну, калі ахопіць amor ardens, то найлепш зьвярнуцца да ксяндза, каб засьпяваў Veni creator, - засьмяялася цёця, - іншага ратунку я ня ведаю на гэта!

- А калі варункі жыцьця на жанімства не дазваляюць? - запытаў Іван.

- А тады паўстаюць розныя драмы, - адказала цёця.

- Ну так, кожны чалавек паводле свайго душэўнага багацьця й глыбіні пачуцьця мае на гэта свае пагляды й перажываньні, - сказаў Іван.

Але вось прыйшлі Ляля і Ўладак, вясёлыя й галодныя, трэба было ўзяцца за вячэру.

У канцы сьнежня неспадзявана памёр мой дзядзька, старшы брат мамы, хавалі 21-га й мама вельмі пранялася гэтай стратай.

Памятаю, што 24-га сьнежня 1915 г. я ад раніцы была ў мамы, каб усё наладзіць да куцьці. Гэтым разам яшчэ не было цяжка прыгатаваць традыцыйную куцьцю, бо былі старыя запасы. Потым Ляля й я пайшлі ў Кірху і а шостай вярнуліся да цёці Маліноўскай. Ляля складала прыгатаваныя падаркі, мы чакалі Івана.

Ён прыйшоў раней за Антона, асьцярожна дастаў з партфэлю прыгожую старадаўную парцалянавую місачку, падарак для маёй мамы.

- Ці вам падабаецца? - запытаўся Іван.

- Але, вельмі! Вось я маю і для пана малую калядную памятку маёй работы, - і падала яму мой вышыты слуцкім узорам ручнік.

Іван разьвярнуў, якое радаснае зьдзіўленьне было на ягоным твары.

- Гэта пані вышывала для мяне!

Ён пачаў цалаваць мне рукі, а затым усхапіў паліто і казаў, што мае яшчэ штосьці залатвіць і ўцёк.

Ляля, пабачыўшы цёцю Маліноўскую, пачала сьмяяцца й апавядаць, як Іван быў усьцешаны, як ён прыпаў да маіх рук, і ёй здавалася, што вось-вось возьме мяне ў свае аб'яцьці. І цёця сьмяялася й казала:

- Глядзі, каб amor ardens вас не ахапіла!

- Ну, тады зробім згодна рады цёці!

Тады мне гэта здавалася яшчэ гэтак магчымым. Праз гадзіну вярнуўся Іван, быў змучаны, але радасны, цалуючы мне руку, падаў малое пудэлачка. Я глянула й была ўзрушаная: там была гэмма з бурштыну з урэзанай галоўкай Апалона.

- О, якая яна прыгожая! Я зраблю залаты абадок і буду насіць замест мэдальлёну, - казала я, дзякуючы Івану (і сяньня яшчэ я маю гэтую памятку й нашу яе).

Надыйшоў і Антон і мы грамадой пайшлі да бацькоў.

Хоць усё было прыгожа й смачна прыгатавана, але радаснага настрою не было. Кожны меў свае сумныя думкі, асабліва мама была яшчэ пад уражаньнем нечаканай сьмерці брата й сумавала за сынамі, што былі на фронце; тата - што няма і сыноў і працаўнікоў, як калісьці; Ляля была незадаволеная, што не запрасілі вясёлага лейтэнанта Л.; Антон і Іван успаміналі сваю маці й родных у Менску. Калі мы ламаліся аплаткам і я зычыла Івану здароўя і посьпехаў у ягонай працы, ён ціха сказаў: - І маіх тайных думак.

- Дай Божа! - адказала я.

Пасьля куцьці запалілі ёлку, адсьпявалі калядныя песьні на розных мовах, кожны атрымаў малы падарак, мама хваліла місачку, а Іван быў асабліва рады добрай табацы, што яму падараваў тата.

Зараз і тата і Іван закурылі свае люлькі. Іван, сьмяючыся, казаў:

- Мусі панна Юліяна супраць гэткай добрай табакі не запратэстуе!

- Так, Юлінька ня любіць табакі й нават я мушу з гэтым лічыцца, - адказаў тата.

Яны, як заўсёды, пачалі гутарку аб апошніх падзеях на фронце й палітыцы. Мама сядзела зь цёцяй Маліноўскай у сталовай пры гарбатцы. Я прысела да іх, але яны навялі на мяне сум. Цёця ўспамінала, што ў гэтым годзе пахавала мужа, мама бедавала, што гэтак пуста: і нашых хлапцоў і працаўнікоў няма, і што гэта будзе, вось ужо другія Каляды сьвяткуем у часе цяжкой вайны. Мама ўсё не магла прытарнавацца да новых варункаў жыцьця. Я спытала цёцю, ці яна пойдзе з намі ў Вострабрамскі касьцёл на Пастэрку, яна адмовілася, бо змучаная.

Я тады выйшла ў залю й спытала, хто пойдзе на Пастэрку. Ляля і Ўладак далучыліся, Антон сказаў, што пойдзе лепш адпачываць.

- А як пан? - запытала я ў Івана.

- Ну, калі пані йдзе, то і я пайду, але ж у вашай хаце дзіўныя абычаі: перад вячэрай усе былі ў Кірсе, а цяпер у касьцёл на Пастэрку ідзецё!

- Ну, памаліцца ніколі не перашкаджае, усюды той жа «Ойча наш» кажуць, - адказала я. - А да Пастэркі я змалку прывыкла. Ішлі нашыя прадаўшчыцы, і я далучалася да іх. Ведаеце, у Вострабрамскім касьцеле вельмі добры хор і гэтак прыгожа пяюць!

- Ну, дык ідзем, - сказаў Іван.

Брат Лёнька, яму йшоў 11-ы год, папрасіў, каб і яго ўзялі, казаў, што спаць ня хоча. Лёнька далучыўся да Ўладка і Лялі, а мы з Іванам ішлі цішэй, бо трэба было падымацца на гару. Іван казаў мне, што ўпершыню быў у гэтак званай нямецкай сям'і на куцьцю і знайшоў, што ніякай розьніцы няма, што ўсё адбывалася паводле краёвых традыцыяў.

- Ну як жа можа быць інакш, - адказала я. - Бацькі мае радзіліся ў гэтым краі, мой дзед вырас тутака, а з кім пажывеш, ад таго й набярэш!

- Так, тата пані мае добрую вымову, - сказаў Іван.

- Тата і сьпяваць калядныя песьні ў беларускай мове ўмее, - пахвалілася я. - Вось, памятаю, раз на Каляды пасьля пары чарак так павесялеў, што запяяў жартаблівую калядную беларускую песьню.

- Шкода, што я пра гэта ня ведаў, пан Карп мусіў бы нам яе прапяяць. А які зьмест?

- Памятаю толькі, што ўсе прыносяць Сьвятому Дзіцяці дары й затым пяялі: «Вось прыйшлі і два ліцьвіны, прынясьлі гаршчок бацьвіны. Ах, дурныя вы, ліцьвіны, не хачу вашай бацьвіны!» Затым была прыпеўка: «Скачы Саўка, скачы Машка, выпіў сам гарэлкі пляшку» і йшлі скокі. Адзін наш работнік, які быў зь Беласточчыны, падтрымаў тату ў гэтых скоках. Мы ўсе сьмяяліся. Потым тата апавядаў, што хлапчуком, калі яго бацькі жылі ў Хорашчы ля Беластоку, ён бегаў зь дзяцьмі славіць Хрыста й пяяў зь імі беларускія калядкі і гэтую яшчэ прыпомніў.

- Ну, на прышлыя Каляды пані тата абавязкова нам гэта прапяяць мусіць, - сказаў Іван.

Касьцёл быў перапоўнены ўсю гэтую сьвяточную ноч, як і на Новы Год было дазволена хадзіць па гораду. Мы пайшлі на хоры. У часе прыгожай службы і сьпеваў я прыпамінала сваіх братоў і дарагіх людзей, што былі адрэзаныя ад нас фронтам.

- Божа, калі мы іх пабачым, - думала я і, апусьціўшыся на калены, шчыра малілася за ўсіх.

Калі пасьля службы мы выйшлі, Іван у мяне спытаўся:

- За каго пані так доўга малілася?

- За ўсіх дарагіх адсутных, як і прысутных і за здароўе пана.

Ён мне нічога не адказаў, толькі ўзяў руку й пацалаваў.

Потым Іван казаў, што ў думках быў у Менску, у мамы, і што ён спадзяецца, што ў наступныя Каляды мы ня будзем адрэзаныя ад Менску лініяй фронту.

- Дай Божа, - адказала я, - тады я паеду праведаць маіх крэўных у Менску.

- А можа мы паедзем туды разам? - жартам сказаў Іван.

На другі дзень Калядаў мы зрабілі разам зь сябрамі Камітэту і вучыцелямі супольную гарбатку ў братоў Луцкевічаў. Кожны прынес, што меў: ці пірог, ці саланіны. Іван зьвярнуўся да ўсіх зь мілай прамовай, дзе падкрэсьліў шчырую працу нашай малой грамадкі і сваім аптымізмам узбуджваў надзею на лепшую будучыню. Вечар прайшоў міла, Ляля разам з аднэй вучыцелькай прапяялі пару песьняў і ў добрым настроі ўсе разыйшліся.

III. 1916 год

Наша праца й жыцьцё ў 1916-ым годзе. Выхад газэты «Гоман»

Новы Год 1916 спатыкалі беларусы супольна ў залі вольна-пажарнай каманды на Людвісарскай (беларускага клюбу тады яшчэ не было). Пан Аляхновіч разам з артыстычным кружком бавіў публіку, Іван меў адпаведную прамову. Гэтак мы перайшлі ў 1916 год.

Асаблівых здарэньняў ён нам на пачатку не прынёс. Нямецкая акупацыя ўжо ўмацавала свой рэжым і ў вузкіх рамах яго трэба было пашыраць беларускую працу й сьведамасьць. Камітэт, маючы выпуск вучыцеляў зь беларускіх курсаў, парупіўся аб адчыненьні новых беларускіх школаў у горадзе і асабліва - на вёсцы. У гэтай справе і Іван і я мелі многа канфэрэнцыяў з Schulrat'ам. Былі арганізаваныя й сталоўкі, аб якіх я ўжо казала і затым яшчэ, каб даць заработак насельніцтву, былі пры помачы акупацыйных уладаў арганізаваныя працоўні (Arbeitsstuben). Акупацыйныя ўлады далі памешканьне (гэта было на Вялікай вуліцы супроць праваслаўнае царквы Сьв.Мікалая). Там кожны нацыянальны камітэт меў свой аддзел, там прадавалі вырабы народнага мастацтва: вышыўкі на палатне, вясковыя вырабы, рысункі й іншыя рэчы. Немцы ахвотна куплялі ўсё. Кіраўніцтва беларускім аддзелам Камітэт даручыў мне, але й тут мне пан Іван шмат дапамагаў сваёй радай пры выбары беларускіх матываў і даваў узоры для драўляных вырабаў, якія былі атракцыямі беларускага аддзелу. Гэтак беларускі мастак-разьбяр Мундуць і яшчэ адзін токар былі забясьпечаныя працай. Arbeitsstuben адымалі мне шмат часу, хоць я й падшукала сабе добрую прадаўшчыцу. Але трэба было й матар'ялы здабыць і работу выдаць і прыняць, і заплаціць і цану вызначыць і кнігі весьці. Ведама, атрыманы плюс папаўняў скромныя даходы Камітэту. Іван жартаваў, што недарма я дачка купца, бо ўмею талкова й з прыбыткам выпаўняць гэтае заданьне.

З кіраўніцамі польскага й летувіскага аддзелаў я была ў добрых адносінах і мы часта супольна баранілі справы нашых працаўнікоў і парупіліся, каб ім давалі дадатковыя прыдзелы ежы, гэта значыць, кожны месяц за грошы выдавалі пэўную колькасьць крупаў, мукі, цукру. І мы, як ганаровыя кіраўнічкі, таксама атрымлівалі гэтыя прыдзелы, што мне было вельмі на руку, было лягчэй дапамагаць Пятрусі ў яе гаспадарцы.

Але ўсё гэта была праца ганаровая, дзе яшчэ трэба было дакладаць свае грошы. Я не хацела памагаць бацьком праядаць іхныя грошы й пачала шукаць працу. У школу вучыцелькай я ісьці не хацела, бо тады ня мела б часу на грамадзкую справу. Я зьвярнулася да Schulrat'у, ці ён ня зможа мяне зарэкамэндаваць, як перакладчыцу, бо я ж добра валодаю мовамі і ўжо ў Пецярбургу дарабляла як перакладчыца для аднаго навуковага журналу.

Праз Schulrat я дасталася ў вайсковы ўрад (Militärverwaltung), як перакладчыца. Гэта была праца дарыўчатая, то якісь дакумэнт, то кнігу трэба было ператлумачыць, часта я дыктавала там жа стэнатыпістцы, потым я сталася супрацоўніцай газэты X-й арміі (Zeitung der X Armee), якую немцы выдавалі ў Вільні і дзе шмат падавалі артыкулаў з геаграфіі, этнаграфіі й гісторыі нашага краю. Увесь матар'ял для гэтых артыкулаў тлумачыла я. Часта Іван пазычаў мне свае кнігі й казаў:

- Няхай немцы пазнаюць наш край і ягоную гісторыю, тады лягчэй будзе зь імі гаварыць аб правох беларускага народу.

Працуючы для газэты X-й арміі, я запрыязьнілася зь нямецкім літаратарам Вальтэрам Егерам (Walter Jäger), які потым, у 1919 г. выдаў у Нямеччыне кнігу «Беларусь, яе землі й жыхары» (Weissruthenien: sein Land und Bewohner), як рэзультат нашае супольнае працы ў газэце X-й арміі (З панам Егерам я яшчэ сягоньня ў прыязных адносінах і пасылаю яму й ягонай мілай жонцы пачкі, бо яны апынуліся ў Ostzone і жывуць у цяжкіх варунках.)

Гэтак увесь час нямецкай акупацыі ад 1916 году да канца 1918-га я працавала як перакладчыца, плацілі мне ад ліста на тыя часы добра, і я зарабляла каля 300 і больш марак у месяц, што на тыя часы было многа.

Такім чынам я мела ня толькі на свае й Ляліны выдаткі (яна брала яшчэ лекцыі францускае мовы й музыкі), але й дапамагала бацькам, бо грошы таялі, асабліва, як на нас абрушыліся розныя хваробы. Так, хваробы - гэта былі мае ворагі, што труцілі маё жыцьцё за гэтыя тры гады нямецкае акупацыі. З трывогай я чула заўсёды кашаль Івана, на ўсе мае просьбы лячыцца, быць пад апекай лекара, ён або выкручваўся жартам, або буркаў, што я хачу зь яго зрабіць інваліда: каб не курыў, ня бегаў па гораду, нічога не рабіў і нават не хадзіў вечарамі ў цукерню да Зялёнага Штраля на гутаркі. Там быў як бы палітычны клюб. Вечарамі там можна было спаткаць дзеячоў усіх нацыянальнасьцяў. Шмат справаў, што не былі вырашаныя на супольных сабраньнях, абмаўляліся там жа (немцы ў Штраля не бывалі, яны мелі свае клюбы).

Іван часта запрашаў да Штраля мяне й Лялю, і там я пазнала многа дзеячоў Вільні з розных лягероў. Людзі прыходзілі туды, каб пагутарыць і паслухаць добрай музыкі, бо там выступаў добры квартэт; аб добрай каве й піражках ніхто ня марыў, падавалі нямецкі Kaffeersatz і чорны хлеб з мармэлядай, часам булачкі. Але гэта быў як бы клюб, дзе ўсе спатыкаліся.

Мы як бы мелі свой столік (Stammtisch), дзе з намі часта сядзеў брандмайстар Вільні, пан Дамінік Сямашка прыяцель Івана, і да нас далучаліся людзі, якія хацелі пагутарыць з Іванам.

Іван у пачатку 1916-га году зь іншымі дзеячамі апрацаваў і другі Ўнівэрсал Вялікага Княства Літоўскага і наагул быў душою палітычнай арганізацыі краю, але, на жаль, многае разьбівалася аб вузкі шавінізм і асабістыя амбіцыі. На жаль, і сярод беларусаў знаходзіліся адзінкі, якія свае асабістыя амбіцыі ставілі вышэй агульнае справы і сярод іх асабліва пачаў выдзяляцца Вацлаў Ластоўскі. Трэба яму прызнаць, што быў здольны і што ён, як самавук, шмат чаго навучыўся. Ён пачаў пры сваёй беларускай кнігарні на Завальнай вуліцы зьбіраць гэтаксама беларускую старасьвеччыну, чаму навучыўся ў Івана Луцкевіча, які ахвоча ўдзяляў яму рады й наагул спачатку вельмі прыязна да яго адносіўся, бо Іван быў вельмі спагадлівы й цешыўся, калі хто шчыра працаваў на беларускай ніве. Асаблівай рыскай характару Івана было, што ён не для асабістай славы, або амбіцыі аддаваў усё для беларускае справы, любоў да яе была ягонай дзьвігняй, ён цешыўся, калі штосьці дасягнуў, але ня ставіў сабе гэтага ў заслугу, а прызнаваў і заслугі іншых; не любіў сам лезьці наперад. Першае месца ў віленскім беларускім грамадзянстве ён заняў праз сваю адданую працу й веду, дыпляматычныя й палітычныя ўздольненьні, усё гэта яго высунула наперад, а не асабістыя амбіцыі ці інтарэсы. Ён на першым месцы заўсёды ставіў грамадзкія інтарэсы, а не свае. Гэта людзі добра ведалі й вычувалі, і таму ён быў аўтарытэтам у віленскіх беларусаў.

Даць поўную характарыстыку пана Вацлава Ластоўскага я не бяруся, бо не была зь ім гэтак блізка знаёмая, але добра ведаю, што ў яго была хвараблівая амбіцыя, ён ня мог прымірыцца, чаму ня ён, а браты Луцкевічы, асабліва Іван, іграюць першую скрыпку сярод беларусаў.

Спачатку ён стараўся капіяваць Івана, і я часта казала:

- Куды конь з капытам, туды й рак з клешняй!

А потым стараўся вылазіць наперад са сваімі, другі раз, недарэчнымі прапазыцыямі, ён хацеў стаяць на чале беларускага вучыцельскага саюзу і разьбіваў дружную працу, а ў апошнія гады нямецкай акупацыі ён, па сваёй палітычнай нявырабленасьці, падпаў пад уплыў нямецкага палітычнага агента Зузэміля і стаў рабіць праз гэта проста шкодную працу. Сколькі пан Ластоўскі папсаваў нэрваў Івану, як часта я мусіла яго супакойваць, а Іван усё ня мог прымірыцца з гэтым, як можна ставіць свае асабістыя амбіцыі вышэй справы грамадзкай.

Аднак вернемся да пачатку 1916 г. На ўсходнім фронце лінія не перасоўвалася, ні расейцы, ні немцы не пераходзілі ў афэнзыву. Нямецкія вайсковыя лічылі за адпачынак, калі іх перакідвалі на ўсходні фронт з заходняга, дзе ў Францыі змаганьне рабілася ўсё больш зацятае і сотні тысячаў падалі ахвярамі, як ля Вэрдун (Verdun). У нашым краі немцы чуліся добра й гаспадарылі, як шэрыя гусі.

Асабліва даставалася лясам Беларусі, а ў Белавескай пушчы тартакі працавалі безупынна. Іван ня раз казаў, калі яны тут застануцца надоўга, то агалоцяць зь лясоў Беларусь, але іх панаваньне таксама да часу, на захадзе ім не ўстаяць у змаганьні.

Хоць многія людзі й прытарнаваліся да новых варункаў, але бальшыня недаядала й жыцьцё ставалася ўсё цяжэйшым, бо адчуваўся ўсё большы недахоп ежы й іншых патрэбных да жыцьця рэчаў, як мыла, газа, лекі й г.д. Праўда, немцы трохі паслабілі гнёт акупацыі, так паліцыйны час перасунулі на 10 гадзін увечары, можна было з пропускам рабіць падарожжы чыгункай, шмат бежанцаў вярталася да сваіх кутоў, а мы гэтаксама спадзяваліся, што хутка ўцекачы, якія жылі ў доме маіх бацькоў у ніжняй кватэры, вернуцца ў сваю Ломжу. Ляля й я пакуль што далей жылі ў цёці Маліноўскай, Іван прыходзіў ня так часта, бо я цэлымі вечарамі сядзела над перакладамі, а цёця Маліноўская над сваімі сшыткамі, бо працавала, як вучыцелька, у польскай школе, гэтак з намі й пагутарыць часу не было. Ляля прыймала жывы ўдзел у беларускай тэатральнай групе, і яе часта праводзілі дамоў Іван або Антон, якому я радзіла трохі выйсьці на паветра, бо ён яшчэ больш сядзеў за сваім пісьменным сталом, як пачалі выдаваць беларускую газэту «Гоман».

Тут мушу зазначыць, што з выдавецтвам газэты «Гоман» справа прадстаўлялася гэтак: трэба было выдаваць беларускую газэту, але на гэта трэба было мець ня толькі канцэсію, але й грошы, якіх Беларускі Камітэт ня меў. І вось акупацыйныя ўлады, разумеючы патрэбу інфармаваньня жыхарства гэтага краю, зрабілі Беларускаму Камітэту прапанову друкаваць у нямецкай друкарні і даваць паперу, а Беларускі Камітэт сваімі сіламі павінен рабіць усю рэдакцыйную працу. І вось, амаль усю рэдакцыйную працу рабіў Антон Луцкевіч; Іван часамі рабіў накіды артыкулаў, а Антон іх апрацоўваў. Калі газэта пачала выходзіць і лацінскай і гражданкай, Антон ня мог сам справіцца з карэктай і гэтую працу перадаў Аляхновічу, які цалкам атрымліваў 75 марак на месяц, што немцы давалі на рукі Антона для карэктара. Магу сказаць з спакойным сумленьнем, што ўсе злосныя гутаркі людзей, непрыязных братом Луцкевічам, што быццам яны за працу ў газэце «Гоман» атрымлівалі грошы, або наагул бралі грашовыя дапамогі ад нямецкіх акупацыйных уладаў - пустая брахня. Дай Божа, каб усе грамадзкія дзеячы мелі гэтак чыстыя рукі, як тады браты Луцкевічы.

За нямецкую акупацыю 1915-1919 гадоў Іван Луцкевіч ня мала страціў здароўя сваймі пошукамі антыкаў і продажай іх - гэта быў адзіны даход Луцкевічаў, якія жылі вельмі скромна.

Нарады Беларускага Камітэту адбываліся абавязкава раз на месяц, а калі трэба было, то й часьцей. Гэтак мы ўсе былі па вушы занятыя, калі ў канцы лютага ў нас ізноў здарылася бяда: новая хвароба. Ляля была вельмі неасьцярожнай, не заўсёды адзявалася цёпла на зьменнае надвор'е, моцна празябілася і ў яе ізноў адазваўся пляўрыт (першы раз яна хварэла ў пачатку 1915 г.).

Гэтым разам гэта быў злосны, бо мокры пляўрыт. Пачаліся для нас абеіх сумныя дні, я колькі магла, сядзела пры хворай, але свае пераклады рабіла й адлучалася толькі, каб пабываць у рэдакцыі ці ў маці.

Забягала дахаты, забірала ежу і пілнавала маю хворую. У Камітэце я амаль не бывала за гэтыя два месяцы Лялінай хваробы. Ёй мусілі пунктацыяй адцягнуць пляўрытны гной і доўга трывала ейная рэкавэленсцэнцыя. Іван часта наведваў нас, бавіў Лялю, апавядаючы ўсе віленскія сьмешныя здарэньні й анэкдоты, бо ўсё ведаў, што чуваць у горадзе, а мяне супакоіў, што ўсё будзе добра, што Ляля хутка паправіцца. І Антон і добрая Пятруся заглядалі да хворай Лялі, бо ўсе яе любілі, а Аляхновіч пытаў, калі паздаравее ягоная «прымадонна», як ён жартам называў Лялю. Я свабадней уздыхнула, калі доктар заявіў, што Ляля вяртаецца да здароўя. Зь вясеньнім сонцам Ляля йзноў ажыла і ў траўні яна ўжо зьявілася на тэатральную рэпэтыцыю на вялікую радасьць нашай грамадкі.

На маё вялікае задаволеньне вясёлы лейтэнант Л. у тым часе быў пераведзены ў другі горад, і Ляля за ім не сумавала, бо пераканалася, што ён быў ня варты прыязьні.

Ізноў наша жыцьцё пацякло звычайным парадкам. Бацькі хацелі, каб мы пераехалі дахаты ў наш ніз, бо бежанцы выехалі дадому. Але я заявіла, што памешканьне запусьцілі і ў старыя муры ўкралася вільгаць, дык дзеля Лялі мы ня можам пераехаць, пакуль ня высушым і не адновім пакоі. І вось усе цёплыя дні вокны стаялі адчыненыя, яшчэ й печы тапілі і муры высыхалі. Гэтак я мела апрача працы яшчэ шмат хатніх клопатаў.

Іван Луцкевіч едзе ў Лёзанну

«Якое шчасьце быць любімай,

якое шчасьце любіць»

У Камітэце я бывала ня часта й Іван заглядаў рэдка, бо быў вельмі заняты падрыхтоўкай да свайго выезду ў Лёзанну на зьезд паняволеных народаў. І вось ён да мяне прыйшоў вечарам з просьбаю пайсьці зь ім у Militärverwaltung Ober Ost, каб атрымаць канчальны дазвол і Reiseschein. Ён адзін, без перакладчыцы йсьці не хацеў, каб ні яго, ні ён не зразумеў штосьці хвальшыва. Я абяцалася ў час быць на Віленскай 33.

Раніцою я ўжо была ў Івана. Час выбірацца, а яго ўсё няма, я пачала непакоіцца. Нарэшце прыбягае здышаны Іван, і толькі на маю заўвагу ён прыпомніў, што трэба яшчэ пераапрануцца для гэткай важнай візыты. Але вось мы й выбраліся. Па дарозе Іван кажа:

- Памятайце, што калі б, паміж іншага, палкоўнік Р. (Oberst R.) прапанаваў грошы на падарожжа, то зрабеце гэтак, быццам пані не зразумела, у чым справа. Каб застацца незалежным, ніколі нельга браць грошай у палітычнага партнёра.

- Ну, а пан мае досьць грошай на гэткае каштоўнае падарожжа? Калі не, то я пазычу ў бацькоў, - сказала я.

- Не, не, ня трэба! Учора ў мяне быў Bittemeister P. і мы зь ім дагаварыліся аб цане старой эмаляванай табакеркі, што я калісьці пані паказваў і хваліўся, што добра купіў.

У Обэрста Р. наша візыта адбылася так, як спадзяваўся Іван. Ён даваў свае рады, асабліва падкрэсьліў, што Нямеччына разумее жаданьні прыгнечаных народаў і ідзе ім на сустрэчу; ён пазваніў і наказаў у канцылярыі выдаць пропуск (Reiseschein) і на разьвітаньне міла спытаўся, ці ня будзе труднасьцяў для здабыцьця патрэбных дэвізаў, што ён вельмі ахвоча паможа, але я гэтаксама міла падзякавала й казала, што гэтае пытаньне ня робіць пану Луцкевічу труднасьцяў.

Пару дзён пазьней, калі Іван меўся выяжджаць, я прыйшла ў Камітэт, каб зь ім разьвітацца, на дарогу я прынесла пірог, на які нашая старая Юзэфова прылажыла ўсе свае стараньні, каб быў добры бяз масла і яек. Іван хадзіў па пакоі нэрвовы.

- А грошы пан атрымаў? - спытала я.

Іван выцягнуў партфэль і паказаў мне некалькі соценак. Я прасіла яго быць асьцярожным у прамовах, ну і затым перадусім памятаць аб сваім здароўі.

- Чаму мне пані заўсёды кажа аб маім здароўі, ці яно пані гэтак дарагое?

- Усім нам дарагое вашае здароўе, пане Іване, а мне асабліва, - і глянула на яго. Вочы яго як бы засьмяяліся і ён глянуў на мяне з гэткай любасьцю, што мы самі ня ведалі, як нашыя вусны першы раз злучыліся і мы сардэчна пацалаваліся на разьвітаньне.

- Вось цяпер я з добрым настроем еду, а яшчэ зь лепшым вярнуся, - узрушана казаў Іван. Але тут надыйшоў Антон, пачалася супольная гутарка, рупная Пятруся падала гарбату й хутка Іван з Антонам, узяўшы чамадан, разьвіталіся. Іван мне чула пацалаваў руку й сказаў:

- Да мілага пабачаньня! - і яны пайшлі на чыгунку. Я засталася сядзець у задуме. Прыйшла Пятруся прыбіраць.

- Што пані гэтак задумалася, пан Іван хутка вернецца!

- Так, ведаю, Пятруся, але ці вернецца здаровы, там няма Пятрусі, якая аб ім рупіцца й дакарае, калі марнуе здароўе.

- Так, так, пані, гэта зь ім бяда, аб сабе ён ніколі ня дбае й забывае, што хвароба яго точыць!

Якоесь цяжкое прадчуцьцё замест радасьці, што я каханая й кахаю, ахапіла мяне, я адчула страх за яго й сум да сьлёз. Каб не паказаць свайго ўзрушэньня, я казала Пятрусі, што сёньня яшчэ мушу закончыць паважны пераклад і пасьпяшыла дахаты.

За ўсёй працай і клопатамі я й не аглянулася, як праляцелі дні, і вось пэўнага дня, калі я сядзела за маімі перакладамі, а Ляля была на лекцыі ў madame, - званок. Я выйшла.

- Іван, пан Іван! - радасна крыкнула я, і мусіць кінулася б яму ў аб'яцьці, каб Алеся (прыслуга цёці Маліноўскай) не была ў прадпакоі. Так я працягнула руку й мы ўвайшлі ў пакой.

- Панна Юлінька, дазвольце, дазволь цябе прывітаць, як мы разьвіталіся! - і ён абняў мяне, цалаваў і казаў усе мілыя словы, якія можна казаць каханай дзяўчыне: як ён усе гэтыя дні думаў аб нашым спатканьні, як даўно мяне кахае, толькі ня мог адважыцца мне гэта сказаць і г.д. Гэта была ўжо ня ціхая песьня бяз слоў, а голасны, радасны сьпеў, які запаўняў нашыя сэрцы, нашыя думкі. І мы мусіць бясконца маглі адзін аднаму казаць першыя словы любові, каб не раздаўся званок і не надыйшла Ляля. Яна ўсьцешылася Івану ня менш Містэркі, які хадзіў на спацар зь Ляляй. Ён доўга скакаў і пішчаў ад радасьці, пакуль ня ўлёгся на каленах Івана. Ляля пачала пытаць у Івана аб яго падарожжы. Я ціха ўвайшла ў спальню, каб ахаладзіць вадой твар, які гарэў ад ягоных пацалункаў. Пасьля я прысела да іх, і Іван мусіў апавядаць нам усё папарадку, і аб прыгожых краявідах Швэйцарыі, аб жыцьці ў нэўтральным гаспадарстве і аб сваіх выступленьнях на Зьезьдзе. Калі ён падрабязна апавядаў, як ён бараніў незалежнае становішча Беларусі й Летувы і не пахваліў немцаў, то я зацеміла:

- Ну, Oberst P. пана па галоўцы не пагладзіць, як аднесяцё Passierschein. Пан не прыняў да сэрца ягоных добрых радаў.

Іван засьмяяўся:

- Ну, няхай гневаецца, на міжнародным форуме нашае справы іначай ставіць нельга. Але вось я за гутаркай забыўся аддаць паням малы ўпамінак, - і выцягнуў з кішэні два флякончыкі францускіх парфумаў, - хацеў і шэкаладу прывезьці, але нічога зь ежы вывазіць не дазваляюць.

Мы далей гутарылі, надыйшла і цёця Маліноўская і далучылася да нас, а потым мы зацягнулі Івана на вячэру да бацькоў, якія былі радыя пачуць навіны з-заграніцы. Калі мы разьвітваліся, Іван з націскам казаў:

- Заўтра прашу пані прыйсьці перад абедам да Камітэту.

Калі я на другі дзень прыйшла, Пятруся мяне прывітала й сказала, што Іван сядзіць у садзе й прасіў мяне туды. Сад быў глухі, зарослы кустамі бэзу і там так добра было схавацца, седзячы на лаўцы. У гэтае прыгожае лета гэты сад стаўся месцам нашых спатканьняў, дзе мы бязь сьведкаў маглі й пацалавацца і казаць усе мілыя словы каханьня. Заўсёды радасныя мы вярталіся ў кватэру і нават Антон пачаў жартаваць, што рад бы пазычыць у нас добрага настрою. Некалькі дзён пазьней я прынесла Антону якійсь пераклад, Іван сядзеў за сваім пісьменным сталом (у габінэце стаялі два пісьменныя сталы, ад уваходных дзьвярэй на права стол Антона, на лева Івана і каля яго былі другія дзьверы ў кухню). Я прысела ля Антона і мы пачалі пераглядаць і выпраўляць пераклад. Іван пачаў жартаваць:

- Вось пані толькі Антону прыносіць на карэкту сваю працу, а мяне абходзіць, я таксама цікаўлюся працай пані!

- Ну, пан Антон мае добрую практыку, але й для пана штосьці кароткае знойдзецца, каб ня нудзіць пана, - і я, закончыўшы карэкту з Антонам, напісала верш з Гётэ:

O welch ein Glück es ist zu Lieben,

O welch ein Glück geliebt zu sein.

і пераклад:

Якое шчасьце быць любімым,

Якое шчасьце любіць.

Гэта я палажыла Івану на стол. Ён радасна ўсьміхнуўся.

- Ну, ёсьць тут малая вольнасьць у другой страфе, але ўсё гэта так прыгожа, дзякую пані! - і пацалаваў мне руку.

- Можа й мне можна пацікавіцца? - спытаў Антон.

- Не, гэта наш сакрэт! - адказаў Іван.

- Ну, вашыя сакрэты з вачэй можна прачытаць, - засьмяяўся Антон і выйшаў. А Іван мяне пацалаваў і сказаў:

- Гэты верш - наш лейтматыў, так, Юлінька?

У адказ і я пацалавала яго. Нам здавалася, што толькі мы чуем, як у сэрцах нашых гучыць наш лейтматыў, але нашыя блізкія з вачэй нашых чыталі, што мы закаханая пара. Мы бачыліся кожны дзень, калі я не заходзілася ў Камітэт, то Іван прыходзіў пад вечар і я потым мусіла да глыбокай ночы сядзець над маімі перакладамі, гэтак міла мне была ягоная прысутнасьць, і мы ціха паўтаралі:

«Якое шчасьце быць любімым, якое шчасьце любіць»!

Ляля, якая была вельмі чуткая, хутка зразумела, які лейтматыў гучыць у нашых сэрцах і раз мне сказала:

- Ах Юлінька, ты мусі хутка выйдзеш замуж за Івана, я ж бачу, што вы надта закаханыя!

Я толькі засьмяялася й адказала: «Скоро сказка сказывается, да не скоро дело делается». Аднак я пастанавіла пры нагодзе высьвятліць гэнае пытаньне. Пэўнага дня, зараз жа пасьля абеду прыйшоў Іван і я бачыла, што ён быў здэнэрваваны.

- Ах, добра, што да вас ратавацца можна! - казаў Іван.

- А што здарылася? - спыталася я.

- Вось у хаце цяпер маем інтруза; да нас зьявіўся немец, якісь там Зузэміль з паперкай, што можа знаходзіцца ў рэдакцыі газэты «Гоман», гэта значыць у нас, як перакладчык і цэнзар. Гэтак выходзіць, што цэлы дзень будзе нам перашкаджаць, добра, што яшчэ спаць ня будзе!

- Ну, бачыце, - адказала я, - вось вам вызначылі палітычную няньку, бо неадпаведна захаваліся ў Швэйцарыі. (Як потым высьветлілася, Зузэміль быў стары нямецкі агент, які яшчэ да вайны працаваў у Пінску.)

Ляля мусіла йсьці на лекцыю музыкі, яна заявіла, што вернецца праз паўтары гадзіны. Мы засталіся адны, я падсела да Івана й пачала яго супакойваць.

- Добра, што цябе маю, - пачаў Іван, - лягчэй прыкрасьці пераносіць, - і ён пачаў мяне песьціць і абымаць. Я аднак устала і сказала:

- Яська, ты надта горача выказваеш свае пачуцьці, куды гэта нас прывядзе?

- Ну, нас ахапіла amor ardens, згодна тваёй тэорыі, - пачаў ён жартаваць.

- Тады трэба, каб нам засьпявалі Veni creator, як казала цёця Маліноўская, - адказала я.

І вось мы з жартаў перайшлі на паважную гутарку аб нашай будучыні. Яська казаў, што пакуль вайна, ён ня можа жаніцца. У гэты час, калі стары парадак разбураны, трэба натужыць усе сілы, каб падрыхтаваць варункі да новага, лепшага ладу ў родным краі, а ня думаць аб собскім гнязьдзе; ну і затым ягоныя матар'яльныя варункі на гэта не дазваляюць. Дарма я старалася яго пераканаць, што ў доме маіх бацькоў мы маглі б мець сваю кватэрку. Я ж зарабляю, гэтак нам хопіць на нашыя скромныя выдаткі. Гэтая прапанова абурыла Івана: як я сабе гэта ўяўляю! Ён войдзе ў чужую сям'ю й жонка на яго працаваць будзе! Не, для яго гэткая сытуацыя немагчымая, гэта супраць ягонага гонару. Калі ён здолее столькі зарабляць, што зможа ўтрымаць сваю сям'ю, тады мы абвянчаемся. Цяпер, у часы акупацыі, ён нідзе працаваць ня можа, бо ўтраціў бы сваё незалежнае становішча й ня мог бы праводзіць сваю лінію ў палітычнай працы. Трэба чакаць канца вайны!

Я моўчкі слухала ягоныя довады, але тут ня вытрывала:

- Гэта значыць, чакаць у мора пагоды? - перарвала яго я.

- Юлінька, зразумей, што я цяпер жаніцца не магу, што будзе далей - час пакажа, а кахацца нам ніхто не перашкаджае, мы ж ня дзеці. Ну, пакуль што можам заручыцца.

- Заручыцца, каб быць у яшчэ больш прыкрай сытуацыі, каб кожны пытаў, калі вясельле, а мы будзем адказваць: - калі пасівеем!

- Ты робішся злоснай!

- Можа павінна цешыцца з гэткай пэрспэктывы?!

І гэтак мы ўпершыню амаль не пасварыліся, бо кожны бараніў сваё становішча. Бедны Іван быў зьбянтэжаны, я мела вочы поўныя сьлёзаў. Аднак, я апомнілася, што Ляля хутка вернецца. Ну, і час было скончыць гэтую, для мяне так балючую, гутарку. Я сказала Івану, каб ішоў дахаты, што не хачу, каб Ляля нас бачыла здэнэрваванымі. Выходзячы, Іван, цалуючы мне руку, ціха сказаў:

- Але ж ты ня гневаешся на мяне?

Мне зрабілася яго шкада, я яго абняла й пацалавала.

- Не, не, ты мой любы Яська!

Але ў душы застаўся жаль да яго. Вечарам, калі я лягала, я доўга не магла заснуць, усё прыпамінала нашую гутарку. Так, ён кажа, што мы ня дзеці, што ніхто не перашкаджае нам кахацца, але ці ён не разумее, што для мяне, як жанчыны, якая мае свой гонар, каханьне й сужэнства лучацца разам. Я прыпомніла словы маёй падругі, якая ў Пецярбурзе выйшла замуж за навукоўца, што паміж ёй і мужам бываюць непаразуменьні таму, што ён на першым месцы ставіць сваю навуку, а яна - інтарэсы сям'і. Гэтак і Іван. Яго беларуская справа - усё, потым ягоны шляхоцкі гонар, а затым ужо асабістае жыцьцё і шчасьце, гэта значыць і я. Ну так, ён чалавек ідэі і як гэткага ж я яго й пакахала; ён ня ставіць сваё асабістае шчасьце на першым месцы, як я. Але лепш не чапаць гэтага балючага пытаньня, я ж яго не пераканаю й ня хочу быць непажаданай жонкай. Але ж мы кахаемся, дык наша любоў мусіць ператрываць усе няўзгоды часу, супакоіла я сама сябе.

Калі праз пару дзён я зайшла да Камітэту, то першая мяне спаткала на карыдоры Пятруся, зацягнула да свайго пакою й пачала жаліцца, якога гада ім усадзілі ў габінэт, як гэты чужы чалавек псуе ўсім настрой, асабліва пан Іван здэнэрваваны.

- Бедны Яська, - падумала я, - мусі й нашая гутарка яго грызе, бо не заглянуў да нас гэтыя дні, трэба яго супакоіць.

Калі я ўвайшла ў габінэт, з крэсла ўстаў высокі немец, гадоў больш за сорак, са звыклым тварам, але з прыкрымі вачыма; добра акрэсьліла яго Пятруся, падумала я, ёсьць у вачох штосьці фальшывае, зьмяінае. Ён прадставіўся, стараўся зрабіць добрае ўражаньне, прапанаваў мне крэсла. Я прывіталася афіцыйна з Антонам і Іванам, штосьці казала аб Arbeitsstuben і чародным сходзе Камітэту й выйшла. Іван, як заўсёды, праводзіў мяне да выхаду.

- Яська, я прыйду ў сад, там чакаць буду, прыйдзі празь некалькі хвілінаў.

Калі Іван прыйшоў, то гэтым разам я яго абняла й пацалавала і вымаўляла яму, чаму не прыходзіў.

- Думаў, што йзноў мяне прабіраць будзеш!

- Ах, Яська, забудзем гэтую гутарку, будзем так жыць, як набяжыць. Мы ж кахаемся, то ўсе няўзгоды пераможам. Але вось бачу да вас у хату запраўды гад улез, як трапна акрэсьліла яго Пятруся. Да вас цяпер няведама калі прыходзіць можна, а да цябе людзі розныя прыходзяць.

- Нічога, я Пятрусі наказаў прасіць гасьцей у бібліятэку, наш ахраніцель у абед ідзе ў сваю кантыну, а потым сядзіць да пятай гадзіны, вось бедны Антон зь ім мусіць газэту апрацоўваць. Ведаеш, Юлінька, я мусіць сёньня адну карысную справу закончу, калі добра пойдзе, то зайду да вас пахваліцца!

І запраўды было чым пахваліцца. Іван патрапіў дамовіцца з гаспадаром рэстарану Нарушэвіча (які ня быў чынны дзеля нястачы прадуктаў), што ўсё памешканьне з інвэнтаром аддаецца за малую плату ў карыстаньне беларускага клюбу. Гэты беларускі клюб хутка здабыў сабе папулярнасьць і ў ім бывалі ня толькі беларусы, але шмат гасьцей і вечарам там можна было спаткаць розных прадстаўнікоў віленскага грамадзянства, і Іван там мог шмат з кім абгаварваць розныя справы. Адзін з былых кэльнэраў меў вечарамі буфэт з кавай і гарбатай, а беларускія артысты там часта выступалі й публіка іх заўсёды шчыра вітала. І мая Лялінька там выдзялялася сваім мілым галаском. Іван быў вельмі задаволены адчыненьнем беларускага клюбу, яго выбралі за прэзэса. Клюб знаходзіўся на Вялікай вуліцы, ля касьцёла Сьв.Казімера, вельмі блізка ад Бакшты і Іван да нас часта забягаў, забіраў мяне й Лялю, а калі я мусіла сядзець за сваёй працай, то хоць Лялю.

Гэтае лета 1916 году мне добра запамяталася. Іван і я больш не чапалі пытаньня аб нашай будучыні, наш лейтматыў усё галасьней гучэў у нашых сэрцах, мы жылі нашай любоўю і радасьцю спатканьняў. Amor ardens усё больш ахоплівала нас і дайшло да таго, што пэўнага дня Іван прынёс мне кветкі і калечка з хрызалітам, чула хацеў адзець мне на правую руку.

- Не, казала я са сьлязамі, адзявай на левую руку, бо я ж у цябе толькі зь левай рукі!

- Ах, Юлінька, не сумуй, я ж буду самы шчасьлівы чалавек, калі ты ўжо будзеш з правай рукі, вайна ня можа больш доўга трываць.

Свой аптымізм Іван удзяляў і мне, і я верыла, што мы злучымся з часам на ўсё жыцьцё і пазастанемся шчасьлівай парай. І праўда, мы былі дабранай парай, бо дапаўнялі адзін аднаго. Я спакойная, роўная і, як Іван часта казаў, задобрая, з практычным і крытычным паглядам на жыцьцё; ён - энтузіяст, ідэаліст, жывы, рухавы, запальны, хутка дэнэрваваўся, і калі ўспыліў, быў няўстрыманы й мог добра вылаяць, але гэта хутка ў яго праходзіла і ён потым шкадаваў свой гнеўны парыў, бо наагул быў вельмі добры й спагадлівы чалавек. Адносна мяне ён рэдка выяўляў мінусы свайго характару, не было чаго гневацца, бо я спагадліва адносілася да ягонае працы, у мяне ён знаходзіў зразуменьне й я яго супакойвала, калі было трэба. Ну, і мы шчыра кахаліся і гэта памагала нам знаходзіць кампрамісы, калі былі непаразуменьні, як гэта бывае ў супольным жыцьці.

Найчасьцей я яго дакарала, што ня дбае аб сваё здароўе і ня йдзе да лекара. Ён абяцаў і, на жаль, толькі абяцаў. Ён лічыў, што ягоная моцная натура можа вынесьці ўсё.

Летам 1916 г., на маё здавальненьне, Іван выглядаў лепш, амаль ня кашляў, быў поўны энэргіі й вясёлы. Можа гэта была й радасьць, што ён каханы й кахае. Ня раз ён казаў мне:

- Юлінька, ведаеш, мне ўжо весялей, як цябе пабачу, - і паўтараў мне ўсе мілыя словы, якія знаходзіў у сэрцы сваім. Ну і ў сваёй палітычнай працы ён меў посьпехі, ён арганізаваў работнікаў, падрыхтоўваў утварэньне Беларускага Народнага Камітэту і далей вёў перамовы з другімі нацыянальнасьцямі ў духу ўнівэрсалаў Вялікага Княства Літоўскага. Цешыўся Іван і з посьпехаў тэатральнай групы пад кіраўніцтвам Фр.Аляхновіча. Беларускія артысты мелі прызнаньне сярод шырэйшае публікі. Свае п'есы ў восені 1916 году Аляхновіч ставіў у будынку былога цырку. Камэдыя Аляхновіча «На Антокалі» была тады проста шлягер. Яе вясёлы зьмест і трапная характарыстыка віленскага мяшчанства з прадмесьця бавілі жыхароў Вільні і шмат людзей, якія наагул не цікавіліся беларускім рухам, бывалі ў беларускім тэатры.

- Гэта добры спосаб пашыраць беларускую сьведамасьць, - казаў Іван.

«На Антокалі» ставілі часта. Трэба зазначыць, што Аляхновіч патрапіў падабраць адпаведных аматараў і ансамбаль гэтай п'есы быў выняткова добры. Ляля іграла Зоську й міла зьвінеў яе галасок. У той час у Вільні стаяў аўстрыйскі полк з Галіччыны, які складаўся пераважна з украінцаў, у іх быў і вуніяцкі сьвятар, айцец Юзьвяк з Самборы. Украінцы былі заўсёднымі гасьцямі Беларускага клюбу й тэатру. Гэта былі пераважна мілыя маладыя хлопцы. Ляля, як «прыймадонна» тэатру мела ў іх вялікі посьпех і гэтыя мілыя хлопцы часта зьвярталіся ў клюбе з просьбай да Івана аб дазволе замест яго (на маю просьбу ён апекаваўся Ляляй), праводзіць панну Лялю дадому пасьля прадстаўленьня і Іван, сьмяючыся, вызначаў Лялі ад'ютантаў-праважатых. З айцом Юзьвяком і парай украінскіх дзеячоў, якія служылі як афіцэры запасу ў гэным палку, Іван навязаў добрыя адносіны, гэта была ягоная здольнасьць усюды знайсьці сабе прыхільных людзей. Добра, што быў клюб, бо ў сваёй хаце трудна было б прыймаць людзей дзеля Зузэміля, але быў яшчэ й наш дом, дзе Іван і я маглі прыймаць гасьцей.

Як я ўжо вышэй казала, нашую кватэру ў доме бацькоў сушылі і аднаўлялі, і калі яе давялі да парадку, мы перабраліся ад цёці Маліноўскай дамоў. Гэта была асобная кватэра на партэры. Перадпакой разам з куханкай быў невялікі, затое мы мелі два вялікіх пакоі. Ляля і я там мелі досыць прастору. Задні пакой быў нашай спальняй, першы - прыёмны пакой.

Іван прынёс нам на «ўлазіны» гравюру старой Вільні (я яе аддала ў пачатку 1941-га году ў беларускі музэй імя Івана Луцкевіча). У падзяку я яго пацалавала й сказала:

- Памятай, Яська, у нашых куткох ты сябе можаш чуць, як у сваёй хаце.

У той дзень мама запрасіла Івана на абед, каб адсьвяткаваць нашыя ўлазіны. Мама вельмі цешылася, што мы йзноў у хаце.

- Будзе весялей і нам, бацькам, - казала яна й запрашала Івана паказвацца й наверсе, калі будзе бываць у нас.

Іван спачатку думаў, што тут мы ня будзем мець магчымасьці спакойна сядзець і абмаўляць нашыя справы, але хутка пераканаўся, што я ў сваёй кватэры гаспадыня. Брат Лёнька сядзеў у нас толькі тады, калі я зь ім вучылася (ён хадзіў у нямецкую школу, дзе былі добрыя настаўнікі, тады нямецкія жаўнеры). Оля наагул на ніз не прыходзіла, а ўсё сядзела ў мамы, або ў Юзэфовай. Маму мучылі сходы, а тата заходзіў толькі тады, як меў да мяне якуюсь справу. Ведама, іншым разам я запрашала да нас і бацькоў, калі мела гасьцей і гатавала каву на нашай малой пліце. Ці іншым разам, калі Іван меў цікавыя палітычныя навіны, я казала:

- Ведаеш, запросім тату, каб ён паслухаў, - і Ляля прасіла яго да нас.

Тата быў добры й разумны чалавек, ён лічыў, што я самастойная й магу прыймаць сваіх гасьцей незалежна ад сям'і. Івана тата любіў і шанаваў, як вартаснага чалавека, і мама ахвоча слухала ягоныя гутаркі, бо Іван усё ведаў: і палітычныя і гарадзкія навіны. Бацькі лічылі, што з Івана й мяне будзе з часам пара, але дзеля вайны й цяжкіх умоваў жыцьця мы ня можам пажаніцца. Яны мелі для нас шмат зразуменьня і гэтага пытаньня не падымалі. Толькі мама бедавала, што зрабіла глупства, высылаючы каштоўнасьці, сталовае серабро й маю бялізну з Нагаткінай, што калі я захочу выйсьці замуж, то няма маёй выправы. Я яе супакоіла й казала, што калі й выйду замуж, то пасьля вайны, а тады можна будзе ўсё атрымаць назад. Гэтак на Івана ў нас у хаце глядзелі як на прышлага сябру сям'і. Усе яго любілі, бо ён быў свойскі й да ўсіх ветлівы; і дзеці, зь якімі ён умеў жартаваць, любілі яго, асабліва Лёнька (яму было 11 гадоў) зь вялікім зацікаўленьнем слухаў апавяданьні Івана аб мінуўшчыне Вільні. І Іван як бы ўвайшоў у нашуя сям'ю, ён цікавіўся нашымі малымі справамі, быў адным словам свой чалавек. Толькі іншым разам Іван мне казаў:

- Ведаеш, мне другі раз сорамна перад тваімі бацькамі, яны такія добрыя да мяне, выказваюць столькі даверу і былі б надта скрыўджаныя, каб ведалі, што я зьвёў іх дачку.

- Ну, нас лічаць паважнымі й саліднымі, ніхто аб нас нічога сказаць ня можа, хіба Пятруся, але яна разумная.

- Так, - пачаў Іван, яна цябе шануе й кахае, і яна ўмее маўчаць.

Так, добрая Пятруся, калі я бывала ў Івана, разумела, як ён мне дарагі й блізкі, але яна нам, відавочна, спагадала й маўчала, Толькі раз, калі я чакала Івана, яна спыталася:

- Пані, чаму пан Іван ня жэніцца?

- Пятруся, ты ж найлепш ведаеш, як слабыя ягоныя грашовыя справы, ну й ведаеш, што ён вельмі ганаровы й ня згодзіцца быць залежным у грашох ад жонкі.

- Так, так, пані!

- Ну, дык бачыш, што пакуль ён сям'і злажыць ня можа!

Яна спагадліва кіўнула мне й выйшла ў сваю кухню. Але ад гэтага часу яна ўсё часьцей зьвярталася да мяне па раду, дзе здабыць прадукты, што рабіць зь бялізнай, шкарпэткамі Антона й Івана, бо ўсё рвецца. Я забірала, аддавала ў направу, а калі трэба было, мяняла старыя шкарпэткі на новыя. Пятруся была гэтым вельмі задаволеная, апавядала Івану, што знайшла заваляўшыеся ў шафе.

- Ну, хустачкі я падару пану Івану на Каляды, - супакоіла я Пятрусю, калі іх аказалася мала. Гэтак мая ціхая споўпраца зь Пятрусяй яшчэ паглыбілася.

Сьвяткуем Каляды 1916 г. разам з украінскімі гасьцямі

Але вось надыходзілі йзноў Каляды, гэтым разам 1916 году. Трэба было пры ўсёй працы і да іх зрабіць падрыхтоўку. Зь Ляляю мы парадзіліся, што каму падараваць, кожнаму якуюсь дробязь, бо трудна было штосьці добрае дастаць. Хустачкі для Івана я дала ў метку, бо сама на гэта часу ня мела.

Раз мы пачалі з Іванам гаварыць, хто будзе. Цёця Маліноўская адмовілася, бо да яе прыехала сястра, гэтак будуць толькі Іван ды Антон і наша сямейка.

- Ах не, - пачаў Іван, - зробіце мне вялікую прыемнасьць, калі запросіце айца Юзьвяка й гэтых двух украінскіх дзеячоў. Айцец Юзьвяк ужо казаў мне, што цікавіцца, як мы тут сьвяткуем.

- Добра, - адказала я, - мушу пагутарыць з бацькамі.

Ведама, яны згадзіліся, і вось мы насамперш запрасілі іх да нас на гарбатку, а потым бацькі іх асабіста запрасілі на куцьцю. Потым Іван мне казаў:

- Юлінька, ты ўжо пастарайся, каб усё было згодна з традыцыяй!

Труднасьць была ў тым, каб зрабіць 12 традыцыйных посных даньняў, недахоп прадуктаў узрастаў усё болей, быў яшчэ неўраджайны год і проста пагражаў голад, шмат чаго за грошы нельга было дастаць, як аліву, сардынкі, арэхі, разынкі і г.д.

Я пачала пераглядаць маміны запасы, аказалася, што ёсьць яшчэ некалькі дзясяткаў селядцоў у бочцы ад 1915 г., пара бутэлек алівы, грыбы сушоныя, закупленыя ўвосені, і добры мяшэчак рыжу.

З мамай і Юзэфовай я мела паважную нараду, Мы пачалі даньні лічыць:

1. Селядцы марынаваныя

2. Бульбяная салатка

3. Посны боршч

4. Ушкі да яго

5. Селядцы смажаныя

6. Сырая капуста да іх

7. Куцьця: рыжовая каша. У ёй, замест разынак, сушоныя дробна парэзаныя салодкія дулькі

8. Сьліжыкі з макам

9. Кісель з журавінаў

10. Кампот з сушоных фруктаў

Гэтак двух даньняў яшчэ не хапала, але памысловая Юзэфова казала:

- Паненка, я ў бульбяную салатку не пакладу фасолю, а зраблю яе асобна з цыбуляй.

- Добра, - казала я, - гэта будзе 11-е.

- А дзе 12-е даньня? - спытала мама.

- Пані забылася галоўнае - хлеб і аплаткі, мы ж молімся: «хлеба нашэго повшэднего...» - і наша Юзэфова пасароміла нас.

Гэтак мы мелі нашых 12 даньняў. Пару бутэлек вішнёўкі і сьлівавіцы мама абяцала ахвяраваць з нашай піўніцы, і нашая куцьця была забясьпечаная. Нават пернічкі абяцала Юзэфова сьпячы да гарбаты, казала мне, што даўно Лёня й яе Юзюк (сын Юзэфовай 12-ці гадоў, жыў у нас пры сваёй маці) таўкуць на муку старыя салдацкія сухары.

- Пабачыце, паненка, якія добрыя пернічкі будуць, - закончыла яна.

Мы зь Ляляй нараджаліся, якія ўпамінкі даць нашым украінскім гасьцям. Айцу Юзьвяку - абраз Вострабрамскай, а паном Ш. і А. па альбоме зь відамі Вільні, і Іван гэта адобрыў.

За дзень да куцьці, каб упрыгожыць стол, я й Ляля пайшлі да цёткі Эммы (што год таму аўдавела), на Каўказкую, дзе быў вялікі сад. Там мы нарэзалі ветачак серабрыстай елкі і яшчэ чырвоная рабіна вісела, мы не паляніліся прынесьці драбіну і дасталі й гэта, і з поўным кашом вярнуліся дахаты.

У дзень куцьці я дастала мой любімы белы сэрвіс у стылі Рококо, які мама мне вызначыла ў пасаг; усе прыгожыя місачкі я павыцягвала і зь Ляляй узяліся накрываць стол. Насамперш расьцярушылі сена, прыкрылі белым абрусом, паставілі пасуду і ўсё ўпрыгожылі елкай і рабінай.

На першым месцы паставілі прыгожую місачку з аплаткамі. Я так хацела, каб мой Яська быў здаволены, што так урачыста прыймаем у нашай хаце ягоных гасьцей, каб адчуў, што ў нашай сям'і ён мае дом і сям'ю. Ляля пад ёлкай у зале разлажыла ўсім падаркі. Нашы ўкраінскія госьці прынесьлі дзьве бутэлькі віна. Калі ўсе сабраліся, мы ўвайшлі ў сталовую. Іван мне шапнуў:

- Але прыгожа вы гэта зрабілі!

Я рассадзіла гасьцей як найлепш, айца Юзьвяка на першым месцы. Ён блаславіў вячэру. Калі ўсе пераламаліся аплаткам і ўзяліся за вячэру, госьці пачалі хваліць нашыя даньні, асабліва спадабаўся боршч і ушкі з грыбамі. Іван усім падліваў, глядзеў, каб у таты не была пустая чарка, ён не забыўся, што папросіць тату прапяяць беларускую калядку. І госьці, і Іван і Антон пазьней прамаўлялі. Айцец Юзьвяк падкрэсьліў сямейнае значэньне гэтага вялікага сьвята, казаў як яму міла й свойска ў нашай сям'і і ўсёй прысутнай моладзі ён зычыў, каб у наступныя Каляды быць у пары і ён чокнуўся са мной і з Іванам.

Ну так, падумала я, усе бачаць, што мы закаханая пара.

Нашы ўкраінскія госьці, таксама Антон і Іван казалі прамовы палітычнага зьместу: што вялікае змаганьне на франтох прывядзе да развалу старога парадку і што ўсе сілы паняволеных народаў мусяць быць напружаныя, каб стварыць новы, лепшы лад, дзе кожны народ куе сваё самастойнае жыцьцё й жыве ў братняй згодзе з суседзямі, і падкрэсьлілі дружбу ўкраінскага народу зь беларускім. Іван выказаў пажаданьне бачыць у Беларусі аднаўленьне вуніяцкай царквы, казаў аб сваёй прыязьні зь Мітрапалітам Анд. Шэптыцкім і вітаў айца Юзьвяка, як прадстаўніка вуніяцкай царквы.

Антон выказаў задаваленьне, што можна з гэткімі паважнымі прадстаўнікамі ўкраінскага народу навязаць асабісты кантакт, а я прасіла дарагіх гасьцей ад імя бацькоў і майго не забываць нас у Вільні. Гэтак у мілым, сардэчным настроі прайшла вячэра. Калі ўсталі ад стала, наша сям'я пайшла ў кухню ламацца аплаткам і Іван далучыўся да мяне, і Юзэфова пазычыла нам на другія Каляды быць маладой парай.

Потым, як запалілі ёлку, пяялі калядныя песьні. Мы пачалі з Stille Nacht, з кухні прыйшлі Юзэфова з сынам, разам прапяялі Wśród nocnej ciszy, потым нашыя госьці - украінскія калядкі, яны мелі прыгожыя галасы, і ўрэшце тата мусіў прапяяць «Вось прыйшлі і два ліцьвіны», і нават прыпеўку адсьпяваў прытупваючы нагамі. Усе сардэчна сьмяяліся, Антон нават запісаў тэкст. Затым кожны атрымаў свае падаркі. Украінскія госьці казалі, што не спадзяваліся гэткіх мілых памятак, гэта будзе ім заўсёды ўспамін аб Вільні й нашым гасьцінным доме. Івану спадабаліся хустачкі.

- А я маю асаблівы падарак, - і папрасіў мяне ў прадпакой. Там ляжала кепска завернутае ў паперу нешта невыразнае: якісь яшчычак, тырчэлі якіясь ножкі, нельга было разабраць, што гэта. Іван пачаў перапрашаць, што ў гэткім выглядзе, без направы, прынёс мне старынны рабочы столік.

- Юлінька, - шапнуў ён, - гэта на нашу гаспадарку, ты так вышываць масьцярыца! - і пацалаваў мне руку.

Лёнька, які быў вельмі цікавы, хацеў разабраць часткі століка, але я схапіла ўсё й панесла на паддаша. Мама мяне потым спытала, аб якім паламаным граце Лёнька апавядаў.

- Ах, мама, гэта прыгожы рабочы столік, толькі яго склеіць трэба!

- Добра вы дабраліся, любіце старыя граты, я за такі падарак абразілася б (аднак потым, калі майстар Мутдуць яго направіў, то і мама знайшла столік прыгожым).

Госьці нашы за віном сядзелі яшчэ доўга ў мілай гутарцы. Калі падняліся, то Антон узяўся іх праводзіць, а Іван і я пайшлі на Пастэрку. Ляля была трохі празябленая й засталася ў хаце.

- Пойдзем праз Казіміраўскі завулак, там няма такой гары, - казаў сьмяючыся Іван, - пасьля гэткай вячэры цяжка йсьці. Ах, Юлінька, як вы прыгожа ўсё зрабілі, я ўжо маме абедзьве рукі цалаваў і дзякаваў за гэты сьвяточны вечар. І ведаеш, нашы ўкраінскія госьці засталіся вельмі задаволеныя, хвалілі вашую сям'ю і прыгожых дачок. Пан М. мне казаў, што запрашае мяне праведаць яго ў Прыкарпацьці, бо панна Юліяна ахвоча агледзіць нашыя старынныя цэрквы. Якая гэта была ў цябе зь ім гутарка, я, хоць сядзеў насупраць, аднак ня мог добра разабраць!

- Ах Яська, мы гутарылі аб украінскім мастацтве і я казала, што толькі з рысункаў ведаю цікавыя драўляныя цэрквы Галіччыны; то ён казаў: «Калі пані будзе адбываць вясельнае падарожжа, то зрабіце яго ў нашыя краі, мы пані і пану Івану будзем вельмі рады!» Ну што я магла сказаць? - толькі: пабачым. Вось бачыш, усе нас маюць і без заручынаў за пару; ну і ты сяньня на мяне глядзеў, як бы ўпершыню бачыў!

- Ах, Юлінька, ты сяньня была гэткая мілая ў сваёй залатой блюзцы, і вочы твае блішчэлі й шчокі гарэлі! Ты сама ня ведаеш, што ты маеш цяпер яшчэ больш жаночага шарму, а сяньня ты асабліва warta grzechu, а я нават цябе пацалаваць ня мог!

- Таму, што я ў цябе толькі зь левай рукі.

- Ну, Юлінька, дык пазычым мы сабе, каб на другія Каляды ты ў мяне была ўжо з правай рукі.

І ў цені аркады я яго абняла і мы сардэчна пацалаваліся на гэтую інтэнцыю. Гэтак мы ў нашых пажаданьнях асабістага шчасьця жылі ў нашым марах, забывалі, што на сьвеце пануе жудасная вайна, якая разбурае стары парадак, у якім мы па інэрцыі яшчэ жылі. Але жыцьцё нас хутка прызвала да парадку й сказала, што ў такія часы нельга думаць аб сабе й сваім асабістым шчасьці.

На другі дзень сьвятаў вучыцелі беларускіх школаў былі запрошаныя ў клюб, дзе іх бавіла беларуская артыстычная група, але гэтым разам не было гэтак дружна, як у мінулым годзе, бо інтрыгі й сваркі, якія ўнёс Ластоўскі супраць Івана, ужо адчуваліся.

IV. 1917 год

Уступаем у 1917 год. Запусты ў клюбе. Мае імяніны

Спатканьне Новага Году было наладжанае ў беларускім клюбе, як вельмі вясёлая забава. Іван абяцаўся зайсьці за намі, гэтым разам мы запрасілі й тату; мама казала, што зь дзяцьмі раней пакладзецца, бо сэрца не дазваляе на гэткія забавы. Калі я адзявалася, я гэтым разам адзела на руку й калечка Івана, у хаце я гэтага не рабіла, бо мама зараз зьвярнула б увагу на гэта, а мне не хацелася мець гутарку аб гэтым падарку. Аднак і Ляля мела добрыя вочы й спытала:

- Адкуль, Юлінька, гэтае калечка, я ў цябе яго ня бачыла?

- Ах, Ляля, гэта мне Іван падарыў, я зь ім па слове, калі скончыцца вайна, то мы зь ім пабярэмся. Гэтак ты не дзівіся, калі мы кажам адзін аднаму «ты». Але гэта я кажу толькі табе. Гэта наша тайніца. Іван і я ня хочам непатрэбных людзкіх гаворак, ну й бацькоў няма чаго перад часам непакоіць нашымі справамі.

Ляля мяне абняла, віншавала й цалавала.

- Я ж ведала, што вы закаханыя, гэта ўсе бачаць! - сьмяялася Ляля.

Калі Іван прыйшоў, я яго спаткала ў перадпакоі й сказала аб маёй гутарцы зь Ляляй.

- Ну, Лялінька, можа й мы будзем на «ты», бо ты мне мілая сястрыца!

- Ах, пан Іван, кажэце мне «ты», а я ўжо пастарому буду казаць «вы».

- Ну добра, Лялінька, - сьмяяўся Іван, - вось які я багаты: і дарагую Юліньку маю й мілую сястрыцу! - і ён абняў нас разам. - Ну, так будзем дружнай сямейкай, - і пацалаваў нас абедзьвюх у галовы.

- Але не прагаварэцеся пры чужых, - сьмяялася Ляля, - а то яшчэ мяне за вашую нарэчаную палічаць!

- Ну й так мне зайздросьцяць, што маю заўсёды ў кампаніі ня толькі адну, але й дзьве прыгожыя, сымпатычныя паненкі! - жартаваў Іван, і мы, забраўшы тату, у вясёлым настроі пайшлі на сустрэчу Новага Году, 1917-га, які аказаўся такім ракавым для ўсяго сьвету й для нас асабіста.

Насельніцтва нашае тады вельмі цярпела і ад голаду і ад холаду. Неўраджай летам 1916-га году асабліва ўсе адчувалі, немцы нам нічога даць не маглі, бо самі ў Нямеччыне галадалі, блёкада праз гэтыя гады дасягнула свае мэты. Дарма немцы думалі, што напады падводных лодак ім памогуць; на захадзе цяжкія баі нічога добрага для немцаў не прарочылі. А з Расеі даходзілі весткі, што пачаліся галодныя бунты й непакоі. Затое на ўсходнім фронце дзеля гэтага было адносна спакойна, і нямецкія вайскоўцы спадзяваліся на ўрлёп, калі іх перакідалі з заходняга фронту на ўсходні для адпачынку. Ну і маючы час, немцы выкуплялі ў нас, што мага.

Памятаю, яшчэ перад Калядамі Іван меў некалькі добрых трансакцый, і пасьля Новага Году пачаў зноў усілена «рыскаць» па гораду, каб здабыць адпаведныя аказы для продажу, бо трэба было ўсё больш грошаў на жыцьцё. Прадукты, як казалі «з пад палы» з кожным днём узрасталі ў цане, а многа чаго й за грошы нельга было здабыць: масла, яйкі, мяса й нават пшонная мука сталіся рэдкімі прадуктамі, як і саланіна, якая была пажаданым прадуктам ня толькі ў хрысьціянскага насельніцтва, але і ў жыдоў, якім рабіны рэкамэндавалі ратаваць жыцьцё саланінай.

У нас у хаце мы адчулі ўсе недахопы, бо запасы маміны стаялі, а купляць усё й задорага было й дастаць нельга. На абед пачалі варыць адно даньне: якуюсь зупу, а вечарам - бульбу, або гарох ці фасолю, гэта яшчэ было ў запасе і да гэтага мама выдзяляла па ломціку саланіны, купленай за вялікія грошы. Наш бедны сабачка Містэрка, прывыкшы да малачка й лепшае стравы, не прызнаваў поснага супчыку й кожны раз, калі ў ягонай місачцы ня пахла костачкай ці саланінай, так доўга скакаў каля мамы, пішчэў, лізаў ёй рукі, пакуль яна ня клала хоць на кончыку нажа скобленай саланіны, тады толькі ён вылізываў сваю порцыю.

Гэтак усе недаядалі, а шмат людзей галадала, бо й хлеб на карткі быў надта дрэнны, з усялякімі дамешкамі. Немцы клалі ў хлеб жалуды й бульбу, нават губкі, што расьлі на дрэвах. Людзі ня толькі хварэлі, але нават было некалькі выпадкаў, што труціліся й паміралі. Мы ратаваліся старымі сухарамі, а на нядзелю пяклі дамовы хлеб, замест пірага з запасовай хлебнай мукі, і тут я заўсёды памятала, каб праз рукі Пятрусі і Іван дастаў сваю булку, бо ён гэтаксама хварэў ад хлеба на карткі. У Камітэт я тады забягала на кароткія адведзіны, адно мне была прыкрая прысутнасьць Зузэміля, а затым ня мела часу; пасьля Новага Году да маёй бягучай працы далучыўся экстрана-сьпешны пераклад аднэй кнігі аб рэлігійных і царкоўных справах на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага для Militärverwaltung. Там пачалі цікавіцца палітычнай арганізацыяй нашага краю. Я хадзіла туды (будынак былога Суду на Юркаўскім праспэкце) і ад 8-ай да 1-ай дыктавала стэнатыпістцы. Раніцай знаходзіла ўсё перапісанае на машынцы й на працягу трох тыдняў наш сьпешны пераклад быў гатовы. Oberst палкоўнік Р. быў вельмі задаволены, дзякаваў мне за добрую нямецкую мову, затым перайшоў на бягучыя тэмы й выразіў сваё зьдзіўленьне, што я, хоць нямецкага паходжаньня, не выяўляю нямецкіх сымпатыяў, а адношуся да нямецкай адміністрацыі й палітыкі надта крытычна.

- Пане палкоўнік, - адказала я, - мне здаецца, што я захавала характэрную для немцаў Heimatliebe (любоў да роднага краю) і я надта кахаю гэты край, бо гэта мая радзіма, і я адчуваю ўсю ягоную нядолю.

- Ну, калі так, то я вас разумею, - адказаў палкоўнік.

Гэтую гутарку я перадала Івану, калі забеглася па дарозе ў Камітэт (Зузэміль быў у сваёй кантыне).

- Ну, цябе ён мусі хацеў праэгзамінаваць; можа хацелі цябе да сваёй працы прыцягнуць, але пабачылі, што ты толькі для перакладу ім прыгодна.

- Не, для іхняй палітыкі я не надаюся, яны ўсе занадта пяюць Deutschland, Deutschland über alles. Вось толькі зь нямецкімі вучонымі можна добра паразумецца.

- Тое самае кажу й я, - дадаў Іван, - вось пазнаёміўся я з доктарам Іппэл'ем і мусі я зь ім папрацую над музэйным пытаньнем. Ну, Юлінька, я здаволены, што ты цяпер перадыхнеш, а то для нікога часу ня мела, і раніцай і ўвечары пераклады. Вось цяпер запусты і я з Аляхновічам нарадзіўся зрабіць цікавы вечар, пань запросім прыйсьці ў касьцюмах, Аляхновіч бярэцца бавіць публіку.

- Але я касьцюму ня маю!

- А я вось для цябе здабыў! - і Іван з трыюмфам прынес мне з свайго музэю дамскую сукню, зялёны морэ, 30-40 гады XIX ст.

- Гэта я купіў у аднэй старушкі ў старым дворыку. І яна і я былі здаволеныя, гэта якраз будзе на тваю фігуру і ты ў мяне будзеш стылёва выглядаць.

- Ну, дзякую, - засьмяялася я.

На гэты вечар сабралася шмат публікі. Мы запрасілі й тату на гэтыя запусты ў клюбе. Ляля мела касьцюм яшчэ з часоў гімназіі, дзе яна іграла царэўну сьнежку і выглядала надта міла.

А Іван яшчэ ў хаце зь мяне нацешыцца ня мог, што гэткай стылёвай паняй выглядаю (я мела да гэтага ад мамы старынную брошку з ізумрудамі), а Ляля сьмяялася, што Іван мусіў бы налажыць кунтуш са слуцкім пасам, гэтак стылёвая пара была б гатовая, бо і ён падыходзіць да велькапанскіх тыпаў часоў Адама Міцкевіча.

А ў клюбе, замест бліноў ды верашчакі, нас кармілі жартамі «на злобу дня». Аляхновіч апрануўся жабраком і сваімі сьпеўнымі вершамі ў беларуска-польскім жаргоне весяліў публіку.

Вось частка зьместу, які я яшчэ запамятала:

Ужо я бачу з вашых мін, што вам хочацца навін!

Раскажу я вам нарэшце ўсё, што дзеіцца на месьце,

І як цяжка стала жыць!

І як цяжка стала жыць!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хлеб сабакам я кідаў, толькі грошы я зьбіраў,

А цяпер за корку хлеба рад падскочыць я да неба!

Ой, як цяжка стала жыць!

Ой, як цяжка стала жыць!

Даўней былі запусты: калдуны ўсё ды бліны!

А цяпер то нават нема, нема конскай каўбасы!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

і гэтак далей, што «унучцы замест хлеба далі бручку!» (Гэтак і бывала, што на карткі замест хлеба давалі мёрзлую бручку.)

Гэтая запусная забава была самай цікавай і люднай за ўсе, якія адбываліся за маю памяць у беларускім клюбе. Было шмат гасьцей, шмат прадстаўнікоў і летувіскага грамадзянства, яны ахвоча бавіліся ў беларускім клюбе, пакуль ім іхная Тарыба не ўскружыла галовы. Былі й нашыя мілыя госьці ўкраінцы.

Айцец Юзьвяк падыйшоў і з сумам казаў, што хоча нам злажыць візыту на разьвітаньне, бо хутка іх полк перавядуць на паўдзённы фронт. Я запрасіла яго на каву і наша Юзэфова мусіла прыкласьці ўсё сваё ўменьне, каб із тоўчаных сухароў зрабіць торт.

Нічога лепшага я не магла даць гасьцям.

Я зьдзівілася, калі Іван у той дзень зьявіўся на пару гадзін раней.

- Юлінька, - пачаў ён, - хадзі хутка са мной. Ты цяпер пры грашох, можа купіш старынны камодзік-ампір, будзе на нашую прышлую гаспадарку. Я сяньня ўжо выдаў усе грошы!

Было недалёка, камодзік я купіла, ён мне служыў да часу, калі я пакінула ў 1941 г. Вільню (з многімі кнігамі й іншымі рэчамі я аддала камодзік у музэй імя Івана Луцкевіча).

Айцец Юзьвяк прыйшоў на час. Настрой быў паважны. З сумам айцец Юзьвяк казаў, што шкадуе сваіх хлопцаў. Як пойдуць у бой, то яму трэба будзе ізноў служыць паніхіды.

- А вы робіце гэта вельмі ўрачыста й настраёва і вашы хлопцы прыгожа пяюць. Я была зь Ляляй у саборы, калі вы служылі паніхіду пасьля сьмерці старога імпэратара Франьцішка-Язэпа, - казала я.

Тут нашая гутарка перайшла на тэму далейшых падзеяў і ўсе былі згодны, што троны вайна зьнясе, але ніхто ня думаў аб цяжкіх наступствах гэтага развалу, бо спадзяваліся будаваць новы, лепшы лад для кажнага народу. Мы сардэчна рассталіся і абмяняліся адрасамі. У беларускім клюбе зрабілася цішэй, і Ляля казала, што не хапае вясёлых, мілых украінцаў. Памятаю, як адзін зь іх, чарнавокі Андрій, якому Ляля асабліва ўпала ў сэрца, калі прыйшоў апошні раз да нас на разьвітаньне, меў вочы поўныя сьлёзаў. Ён пазьменна цалаваў руку то мне, то Лялі й ня мог расстацца. Праз пару гадоў мы прыпадкова даведаліся, што ён згінуў як змагар за вольную Ўкраіну.

У лютым я мела перадышку ў працы і зь цікавасьцю чытала тады модную кніжку Die grundlagen des XIX Jahrhunderts (Асновы XIX стагодзьдзя) Гастона-Сьцюарт Чэмбэрлена. З гэтай кніжкай у руках мяне застаў Іван, калі прыйшоў 16-га лютага павіншаваць мяне з імянінамі. Я казала, што ў мае гады лепш сьвяткаваць імяніны, чым дзень народжаньня, мне тады мінула ўжо 30 год.

- Якое гэта дзіва, ты знайшла час кнігі чытаць?!

- Ну, трэба ж ведаць, які дух часу! Калі цябе цікавіць, то пагутарым аб гэтай кнізе.

Яська, я сёньня больш нікуды не зьбіраюся. Дык зробім сабе сьвята, глядзі, як добра печку натапілі! Ты ж сяньня мой госьць, я ж цябе на абед запрасіла. Заставайся ў нас, адпачнеш, пагутарым. Вось мы знаходзім на ўсё час, толькі не для сябе. Ну, так згода? Вось за тое пацалую, - і я прысела каля яго.

- Чаму ты адна, дзе Ляля?

- Ах, была кузынка з Каўказкай, у іх там сёньня моладзь забаву ладзіць, і запрасілі Лялю да помачы.

- Ну, тады мушу застацца, каб ты адна тут не сумавала, - жартаваў Іван.

- Я не сумую, калі маю цікавую кнігу. - І я пачала пераказваць Івану зьмест прачытанага, што Чэмбэрлен далей разьвівае тэорыю француза Gobineau аб значэньні расы ў гісторыі культуры, што германская раса зьяўляецца галоўным творцам заходня-эўрапейскай культуры і ён хоча даказаць, што імпульс да ўсякіх вялікіх праяваў заходняй культуры давалі германскія народы і што ў жылах Дантэ і іншых вялікіх людзей Італіі, або Францыі цячэ германская кроў, бо яны патомкі готаў, лянгабардаў, бургундаў або франкаў, якія падчас вандроўкі народаў залівалі Захад.

- Не, гэта вельмі аднабока, - пачаў Іван, - лічыць галоўным чыньнікам культурнай творчасьці ўздальненьні пэўнай расы. Трэба не забывацца на акружаючую прыроду й клімат, а таксама на жыцьцёвыя варункі - усё гэта фармуе чалавека.

Ведама, расы, якія паўсталі пад уплывам разнаякіх дзейнікаў, маюць свае асаблівасьці й пэўныя рыскі характару, якія, аднак, выяўляюцца добра толькі ў спрыяючых варунках; гэтак у гарачым клімаце людзі з Эўропы трацяць сваю энэргію й працавітасьць.

- А для мяне, - пачала я, - яшчэ большае значэньне маюць рэлігія і зь ёй духовае жыцьцё. Гэтыя дзейнікі фармуюць душу чалавека й даюць ідэі й імпульсы для ягонай творчасьці. Для мяне заходняя культура ёсьць творам той глыбокай веры, таго рэлігійнага ўздыму, які ахапіў тады, на пачатку сераднявечча напоўдзікія народы і заходня-хрысьціянскую культуру можна разглядаць толькі як супольну творчасьць усіх народаў.

Ведама, кожны народ уносіў свае асаблівасьці; гэтак мы маем францускую, нямецкую, італьянскую ці ангельскую готыку, але гэта адмены таго ж стылю, таго ж пачуцьця, формы й жыцьця.

- Так, Юлінька, духовыя дзейнікі й плыні даюць напрамак культурнай творчасьці, і раса тут не паможа, так які-небудзь народ патраціць свае ідэалы й духовае аблічча й западзе ў матар'ялізм і маразм. Гэты Чэмбэрлен будуе сваю тэорыю на слабейшых падставах, бо наагул чыстых расаў у Эўропе няма, усюды ёсьць мешаніна. За прыкладамі далёка йсьці ня трэба; ну вось ты, Юлінька, лічышся нямецкага паходжаньня, а па тыпу ты, і пара тваіх братоў удаліся, як і твая маці, у італьянскую прабабку; у твайго таты больш славянскі тып і ты кажаш, ягоны дзед паходіў з-пад Бытгошчы, а маці была сьлёнзачка; Ляля - дачка таты, а ў характары й мэнтальнасьці вы нічым ня розьніцеся ад мясцовых людзей.

- Яська, я ж казала: «з кім пажывеш, ад таго й набярэш»!

- Ну так, вы ўжо патрацілі дух вашых дзядоў і ўрасьлі ў гэты край, і ты ў мяне зусім тутэйшая і калі б мы дачакалі сына, то ты б мне выгадавала...

- Добрага беларуса, як яго бацька, - перабіла я Івана й прытулілася да яго.

- Юлінька, мне так бы хацелася пабачыць на тваіх руках дзіцятка, ты ж мне падарыш сына! - і абняў мяне.

- Ах, Яська, лепш не чапай для мяне гэтак балючага пытаньня, ты як бы забываешся, што мы не вянчаныя!

- Не, Юлінька, я гэта добра памятаю, але час вельмі дрэнны й я ўма не прылажу, як гэта наладзіць.

- Ну, я бы ведала раду, але ты ўсюды бачыш перашкоды...

- Ну, ну, кажы!

Але тут з залі пастукалі, гэта мы называлі хатні тэлефон, гэта значыла, што клічуць на абед.

- Ну, потым пагутарым, а цяпер пойдзем абедаць, ты мусі прагаладаўся.

Гэтым разам, як на той час, быў парадны абед. Падалі бульбу й белую фасолю і мама была вельмі зьдзіўленая, калі пабачыла ў фасолі добры кусок капчонага бочку.

- Скуль гэта?

- А я раздабыла празь цёцю Маліноўскую, ейны швагер езьдзіў у Ковеншчыну і прывёз тавар. Сёньня я частую, атрымала грошы за апошнюю працу.

Тата на гэтае сьвята прынёс бутэльку, яны з Іванам выпілі па чарцы, хвалілі бочак, а потым яшчэ Юзэфова прынесла кісель, бо старэйшая паненка імяніны мае!

Пачаліся гутаркі аб падзеях на фронце і ў Расеі.

- Там распачынаецца рэвалюцыя, - казаў Іван.

Маму гутаркі аб рэвалюцыі вельмі непакоілі, яна тады прыпамінала свае каштоўныя рэчы, што выслала ў Расею. Іван зразумеў, што гэта ня тэма для далейшае гутаркі, перапрасіў, што мае яшчэ справы ў клюбе, а я казала, што маю цікавую кнігу й пайду чытаць. Аднак Іван зыйшоў яшчэ раз уніз і сеў на сваё звыклае месца ў кут атаманы.

- Ну, цяпер пасьля гэткага абеду я спакойна магу слухаць, кажы, якая ў цябе рада?

- Вось бачыш, Яська, трэба так зрабіць, каб ты і я чуліся добра, калі пабярэмся. Ты кінь свае фантазіі, што ты адзін мусіш зарабляць на нас абодвых. У нас раўнапраўе - гэта нашая супольная справа. Вось ты ўвесь час неяк жывеш, ну й далей так будзе. Разумею, што табе прыкра перабірацца ў мае куты, як і мне ў твае, дзе цесна і Зузэміль тырчыць. Мой плян устроіць нам кватэру на Падгорнай, якую мне бацькі даюць у пасаг, пакуль недарэчы; адно далёка, затым яшчэ патрэбны вялікі рамонт, гэта толькі пасьля вайны зрабіць можна. Але вось ад цёці Маліноўскай чула, што яна незадаволеная сваімі лёкатарамі, бо маці з дачкой заўсёды сварацца, а цёця хоча спакою ў хаце і яна ім на вясну вымавіць кватэру. Дык вось я падумала, ці ня згодзішся ты на маю прапазыцыю, каб заняць ізноў гэтыя два пакоі, што я мела зь Ляляй. Мне было б блізка да хаты, бо мушу памагаць хворай маме. Ты б вёў сваё старое жыцьцё і прыходзіў бы ў нашае гняздо, калі табе падабаецца. Ну кажы, ці кепска я прыдумала?

- Я бачу, ты ў мяне памысловая. Ну, ведаеш, гэта яшчэ магчыма, як часовая разьвязка. Вось цяпер наступае вялікі пост, пасьля Вялікадня можна было б і абвянчацца. Але гэтым ты ўжо сама мусіш заняцца, я на гэта ні часу, ні ўменьня ня маю!

- Усё зраблю, Яська, калі дасі мне на гэта carte blanche, і скажаш, што бярэш мяне па добрай волі, бо не хачу й не магу быць жонкай з прымусу.

- Мілая мая, як можна гэтак казаць! Ну так рабі, як уважаеш за найлепшае, маеш маю carte blanche!

- Яська мой родны! - і я яго ад сэрца абняла й пацалавала й шапнула на вуха: - Тады я з часам табе й маленькага Яся нараджу...

- Юлінька, мая мілая!

І мы як дзеці пачалі абгаварываць, як мы ўладзім нашае гняздо, як у нас будзе прыгожа й прыемна.

- Але мне час ісьці, - усхапіўся Іван, - я ў клюбе меў спаткацца з Аляхновічам. Юлінька, што ты вечарам рабіць будзеш?

- Сядзець і чытаць.

- А можа ты мне зложыш рэвізыту, Антон сягоньня ў друкарні. Ты так даўно ў мяне не была!

- Што, засумаваў Ясенька! - пачала я дражніцца.

- Ну так кажы: прыйдзеш? Чаго ты маўчыш і дражнішся! Юлінька, дык кажы, вочы твае сьмяюцца!

Замест адказу я пацалавала яго.

- О, ты мая мілая! - і ён прыпаў да рук маіх і цалаваў кожны пальчык, што было ў яго праявай вялікай любасьці.

Гэтак мы марылі аб собскім гнязьдзе й выкрадалі ў лёсу нашыя шчасьлівыя хвіліны, але лёс ня быў нам міласьцівы і хутка налажыў сваё «вэта».

Цяжкая хвароба сястры Лялі

Зіма была халодная, я ўсё прыпамінала Лялі, каб цяплей адзявалася, гэтак я не магла зразумець, калі й як яна празябілася. Досыць, што хутка пасьля забавы ў кузынкі яна пачала кашляць і жаліцца на боль у кішках; аказалася, што ў яе й тэмпэратура. Я паклікала доктара, памятаючы ейны пляўрыт... Доктар нічога акрэсьленага сказаць ня мог, трэба пару дзён пачакаць!

Пасьля другой візыты ён заявіў, што гэта, відавочна, брушны тыфус. Я вельмі гэтым перанялася, прасіла не мэльдаваць, бо тутака я яе таксама ізалюю. І вось я ўсіх выключыла зь ніжняй кватэры, мне прыносілі ежу й ставілі ў перадпакоі. Лялю кармілі адварамі ды клейкамі. Калі Іван забягаў праведаць, я зь ім гутарыла пры адкрытым вакенцы, прасіла заглядаць у Arbeitsstuben і паведаміць Zeitung der X Armee, што я хворая.

Але прабег гэтага тыфусу быў якісь дзіўны, гарачка была ня надта высокая, а боль у кішках павялічваўся і я бачыла, што кішкі дрэнна працуюць і Ляля слабела з кожным днём. Пасьля трох тыдняў доктар сказаў мне:

- Ведаеце, гэта ня тыфус, а якаясь асаблівая хвароба кішак. Трэба быць цярплівай, бо гэтая хвароба прыймае зацяжны характар.

І вось пачаліся нашыя цярпеньні й бяссонныя ночы. Ляля ўсё жалілася, што ёй расьпірае жывот, што боль падыходзіць пад сэрца, што ёй цяжка дыхаць і ад болю ня можна спаць. Ведама, я зьняла карантын, бо гэта быў ня тыфус, яе пачалі праведваць, прыходзіла цёця Маліноўская, якая мяне заступала, каб я на поўгадзінкі магла легчы, і Іван нас праведваў, каб Лялю разьвесяліць, апавядаючы апошнія віленскія жарты; і Антон і Пятруся заглядалі і ўсе сумавалі, што Ляля тае як сьвечка; мама заходзіла й выходзіла са сьлязьмі, тата сумна ківаў галавой. Самыя цяжкія былі ночы, ад болю яна не магла спаць. Каб разьвесяліць яе, я чытала ёй усялякія цікавыя апавяданьні і «Трох мушкецёраў» Дюма, і рознае, Шэрлока Холмса й г.д. Калі мне западалі вочы, то яна ўсё казала:

- Юлінька, чаму ты не чытаеш, калі я слухаю, то ня так адчуваю боль!

І я празь сілу йзноў машынальна чытала, сама не разумеючы, што чытаю.

Прайшло яшчэ пяць тыдняў, ёй было ўсё горш, мы запрасілі яшчэ аднаго лекара, ён толькі галавой матаў. Доўга мучылі Лялю, бадаючы яе, і ўрэшце сказалі, што ў яе кішкі гэтак хворыя, што не ўсасываюць ваду, дзеля гэтага ў яе ў брушной поласьці накапілася шмат вады і таму яе так расьпірае.

- Але доктар, што гэта за хвароба, гэта ж не вадзянка? - пыталася я. Ён паціскаў плячыма й разводзіў рукамі. Я пачала ўпадаць у адчай, мая бедная Лялінька гэтак мучылася, на вачох таяла, а ёй не маглі дапамагчы. Дактары прыходзілі, давалі штосьці на сон і ўцішэньне болю, але хваробе рады даць не маглі. Прыйшоў і Вялікдзень, я гэтага й не прыкмеціла; я жыла толькі для хворай Лялі, мяне не абыходзіла, што ў Расеі скінулі цара, што Амэрыка аб'явіла вайну Нямеччыне, што на сьвеце вялікія падзеі, я знала толькі, што мушу ратаваць Лялю. Прыходзілі Антон і Іван, апошні часта сядзеў у другім пакоі сумны і калі я ціха выказвала яму свой жаль, ён толькі цалаваў мне рукі, гладзіў як дзіця, па галаве і казаў:

- Бедныя вы мае дзяўчыны!

Лялінька ўсё слабела, амаль перастала есьці, гутарыць ад слабасьці не магла, я да яе нахілялася, каб пачуць ейшы шопат. У нас пачалі казаць, што мусіць Ляля ад гэтай хваробы згіне, бо дактары рады ня маюць. Я ўпадала ў адчай, з тым, што магу патраціць Лялю, я ніяк не магла пагадзіцца. Калі Іван раз прыйшоў, я яго ў другім пакоі абняла й плакала як дзіцё, і ўсё паўтарала:

- Яська, я гэтага не магу дапусьціць, я гэтага не перажыву, калі б Лялі ня стала, што скажуць браты, калі вернуцца з фронту, Ляля была іхняй любіміцай!

Бедны Іван мяне толькі гладзіў па галаве, ён сам ледзь ня плакаў і толькі казаў:

- Бедная ты мая Юлінька, бедная наша Лялінька!

Да Лялі ўсе пачалі прыходзіць як на разьвітаньне, так ёй было дрэнна і ўсе сумавалі, але як бы пакарыліся Божай волі. Мама ня кожны дзень заглядала, казалі, ёй вельмі баліць сэрца, тата заходзіў, цалаваў Лялю ў галаву й выходзіў пануры. Раз прыйшла добрая Пятруся, яна пацалавала Лялі рукі й выходзячы расплакалася. Я папрасіла яе зайсьці на кухню да Юзэфовай забраць прадукты (цёці Маліноўскай швагар зрабіўся гандляром і прывозіў шмат чаго з Коўны, дзе лягчэй было купіць прадукты). Я ж апранулася, каб пайсьці да доктара, пры Лялі засталася кузынка Лідка. На дварэ мяне перанялі Юзэфова й Пятруся:

- Куды паненка сьпяшаецца?

- Да лекара. Трэба зрабіць кансыліюм.

- Што гэтыя лекары памогуць, толькі грошы бяруць, а ня выратуюць, калі Бог адкліча! Паненка мусіць пагадзіцца з воляю Божай, а не вар'яцець, - з дакорам казала Пятруся, а Юзэфова ёй паддаквала.

- Пакуль дух у целе, трэба ратаваць! - адказала я гнеўна. Мяне злавала, што ўжо ўсе хавалі маю Ляліньку. Я пасьпяшыла да нашага доктара й сказала, што прашу зрабіць заўтра кансыліюм з дактарамі К. і Р.

- Добра, - казаў доктар, - я іх сам паведамлю.

На другі дзень перад абедам зьявіліся тры дактары, мучылі Лялю, затым доўга мелі нараду і, калі мяне папрасілі да сябе, іхныя твары нічога добрага не абяцалі. Доктар Р. казаў, што яны сьцьвердзілі, што гэта тубэркулёз лёгкіх, які яшчэ залячыць можна, але бяда, што й кішкі пашкоджаныя тубэркулёзам і таму ў яе накапілася шмат вады й гэта яе замучае. Можна зрабіць апэрацыю й выпусьціць ваду, але гэта толькі часовая палёгка, працэсу гэта не затрымае, ну доктар Ядн. вам запіша рэцэпт на ўцішэньне болю.

Я праводзіла дактароў Н. і Р., сунула кожнаму ў руку прыгатаваны канвэрт. Калі я вярнулася ў пакой, др. Ябн. (Розныя крыптонімы - так у арыгінале) казаў:

- Вось рэцэпт, і калі вы згодны на апэрацыю, то паведамце мне!

- Ці іншай рады няма? - спыталася я з адчаем.

- Можа, можа лячэньне электрыкай магло б дапамагчы, але толькі ў нямецкім вайсковым шпіталі, у былым дзяржаўным банку ёсьць электрычныя апараты.

- Чаму пан доктар мне гэта кажа цяпер, а не раней! - абурылася я.

- Але ж там панну Лялю лячыць ня будуць, гэта толькі для нямецкіх жаўнераў, - казаў ён у сваё апраўданьне.

- Пабачым, - казала я, - заўтра ж я туды пайду, а пана доктара паведамлю, калі прыйсьці да нас.

Я палажыла і яму ягоны канвэрт, ён зразумеў, што больш я яго не папрашу.

На другі дзень а гадзіне 9-ай я была ў нямецкім шпіталі; ведама, дзяжурны салдат мяне на сходы не пусьціў. Я казала, што ня выйду адсюль, пакуль не пагутару з доктарам - кіраўніком шпіталя.

- Пан доктар а гадзіне 10-ай пасьля абходу выходзіць.

- Добра, я пачакаю.

Гэтая гадзіна мне здавалася вечнай, але вось невысокага росту, поўненькі старшы пан у форме, з дабрадушным круглым тварам паказаўся на сходах.

- Гэта - Chefarzt, - шапнуў мне дзяжурны.

Я заступіла каля дзьвярэй доктару дарогу й казала:

- Пане доктар, я ад вас не адстану, пакуль не дасьцё мне вашае слова, што прыйдзеце ратаваць маю сястру, мілую маладую дзяўчынку, якую нашы лекары прысудзілі на сьмерць.

Мусі мой адчай і маляшчыя вочы зрабілі на яго ўражаньне. Ён пачаў пытаць, што й як.

- Так, гэта цяжкі выпадак і вы кажаце, што хваробу зацягнулі?

- Так, пане доктар, але я ведаю, што вы паможаце нам. Доктар, вы ж прыйдзеце? - маліла я яго і сьлёзы былі ў маіх вачох.

- Ну, добра, кажэце адрас, я сяньня прыйду пад вечар а пятай!

Я гатова была пацалаваць яму руку, калі ён мне яе падаў на разьвітаньне. Сэрца казала мне, што гэты чалавек нам паможа.

Мушу насамперш Івану сказаць, што ў мяне ажыла надзея, казала я сабе. Замест ісьці проста дахаты я зрабіла малы абход і пасьля двух месяцаў завітала ў Камітэт. Там усе, пачынаючы зь Пятрусі, усхапіліся, думалі, што Лялі надыходзіць канец. Нават Зузэміль мне выразіў спачуваньне, але я ўсіх супакоіла й апавядала аб сымпатычным нямецкім доктары, што абяцаўся прыйсьці. Аднак, мне трэба сьпяшацца да Лялі.

- Дык пойдзем разам, - сказаў Іван, - я ўсё роўна зьбіраўся да вас зайсьці, бо маю гутаркі ў клюбе.

Па дарозе Іван сказаў:

- Дай Божа, каб твая надзея апраўдалася, а то ў вас у хаце проста хаўтурны настрой, ён і ў нас адчуваецца. Пятруся бядуе аб старэйшай і малодшай паненцы, а мяне сум грызе.

- Ах, мне так цяжка! Мама бясконца бядуе й плача. Яська, можа ў нас паабедаеш, мама цябе любіць і слухае, ты яе супакой, кажы, што Лялю вылячым, ну і апавядай ёй, што хутка вайна скончыцца, што пабачыць сваіх сыноў і свае рэчы, а то суседка яе напужала ўсякімі апавяданьнямі аб расейскай рэвалюцыі і Амэрыцы, якая яшчэ ўмяшалася ў вайну. Дык наагул, што дзеіцца на фронтах, я цяпер нічога ня ведаю!

Іван пачаў мяне інфармаваць, па дарозе я заскочыла да цёці Маліноўскай.

- Ведаеш, я дала Алесі грошы, каб занесла ў Вострую Браму і на выздараўленьне Лялі паставіла сьвечы.

І вось мы прыйшлі дамоў. Ляля, даведаўшыся, што прыйдзе нямецкі лекар, ажывілася.

- Мяне памыць трэба.

- Ну, цяпер цябе Іван пазабавіць, я прынясу для нас дваіх абед, а каля трэцяй зробім grande toilette і дам сьвежую бялізну. - Івана я выправіла да мамы. Калі ён вярнуўся з абеду, то казаў:

- Праўда Юлінька, табе цяжка, мама зусім патраціла нэрвы. Ведаеш, я пайду цяпер у клюб на гутаркі, а пад вечар забягу даведацца, што казаў доктар.

Я ўзялася за grande toilette, абмыла Лялю туалетным воцатам, - добра, што яшчэ хоць гэта купіць можна, - падумала я.

І вось мы дачакаліся доктара. Ён уважна збадаў Лялю, сказаў, каб устала, я мусіла яе падтрымаць, бо яна не магла добра трымацца на нагах.

- Ну, нічога, мілая паненка, пачнем лячэньне, - пацешыў яе доктар. У другім пакоі я мела зь ім паважную гутарку. Доктар Карл Брок (Karl Brock), як ён мне прадставіўся, казаў, што, на жаль, хвароба ўелася, Ляля мусі 10 фунтаў вады мае ў брушыне, апэрацыя мала дапаможа, але ён хоча зрабіць спробу і пачаць лячыць «горным сонцам» (Höhensonne), гэта было тады штосьці зусім новае, ведама, ён цудаў не абяцае, але яму шкада гэткай мілай дзяўчыны і мяне, і хоча ўсё зрабіць, што мага. Заўтра на раніцы ён зьвернецца да галоўнага санітарнага радцы аб дазволе лячыць Лялю, але гэта чыстая фармальнасьць, у сваім шпіталі ён мае вольную руку. Прасіў прыехаць зь Ляляй а 12-ай гадзіне, бо да 1-ай абедзенны перапынак і «горнае сонца» свабоднае.

- Не забудзьцеся захапіць посьцілку. Гэтак чакаю вас. - Доктар ужо хацеў выходзіць, як падыйшоў Іван, я іх пазнаёміла і Іван пайшоў праводзіць доктара да брамы. Вярнуўся Іван спакайнейшы:

- Ведаеш, доктар нічога пэўнага не абяцаў, але казаў, што зробіць усё, што мага, каб ратаваць Лялю і што ў Бога ўсё магчымае. Ён мне ўнушае давер, як і табе.

- Вось цяпер пытаньне, дзе мне дастаць дарожкі, каб вазіць Лялю, хіба зьвярнуцца да нямецкіх уладаў аб дазвол?

- А на што ты ў мінулым годзе вучыла нямецкіх фаховых словаў у камандзе пажарнікаў? Увесь пажарны двор - твае прыяцелі, пачынаючы ад брандмайстара. Я яшчэ сёньня пастараюся злавіць пана Дамініка, а ты заўтра на раніцы будзь у яго ў пажарнай камандзе і дамоўся, каб табе прыслаў свае дарожкі з пажарнікам, тут вас ніхто не затрымае, - казаў Іван.

- Дзякую за добрую раду, вось за гэта цябе пацалую!

- Даўно ты гэтага не рабіла, бачу ты аджываеш, - казаў Іван і супакоены выйшаў.

На раніцы я была ў пажарнай камандзе. Хоць Іван і не злавіў пана Дамініка ўчора, але той казаў:

- Я рады, што магу дапамагчы ратаваць мілую панну Лялю!

Аб 11.30 перад нашаю брамай стаялі дарожкі. Пажарнік вынес на руках Лялю, казаў, для іх гэта справа прывычная. Лялю ён-жа ўнёс у шпіталь. Доктар на нас чакаў. Лялі надзелі чорныя акуляры і голай яна ляжала пад лямпай толькі адну хвіліну. Кожны дзень дадавалі па хвіліне, доктар даў яшчэ якіясьці лекі для ўзмацненьня і праз тыдзень ужо ня трэба было несьці Лялю, яна сама, трымаючыся аднэй рукой за поручні і абняўшы мяне за шыю, падымалася на сходы:

- Добра, Юлінька, што ты меншая за мяне, ты мне добрая падпорка!

Стаялі цудоўныя травеньскія дні, доктар Брок казаў:

- Добра было б, каб Ляля магла ляжаць на адкрытым паветры і браць паветраныя і сонечныя ванны.

І тутака рада знайшлася; у маёй цёткі Эммы (што ў 1915 г. страціла мужа) на Каўказкай быў вялікі сад з прыгожай вільляй, дзе яна жыла з двума дачкамі, якія былі трохі старэйшыя за Лялю. Усе там любілі Лялю і шкадавалі, што яна гэтак хворая. Я папрасіла цёцю Маліноўскую [пайсьці] да цёткі Эммы і далікатна пагутарыць зь ёю, сказаць, што трэба ратаваць Лялю. Цётка на другі ж дзень зьявілася да нас з прапазыкай, каб Ляля й я пераехалі на лета да яе, яна там звольніць сваю спальню і будуар пры ёй, а сама перабярэцца ў габінэт. Мы ахвоча прынялі гэтую прапанову й пераехалі, а ў наш ніз перабраліся кузынка Лідка і брат Лёнька, бо на нізе лёгка было абакрасьці кватэру.

Наш пажарны кучар быў заўсёды на час і на Каўказкай, ён атрымліваў грошы, а ў нядзелю яго частавалі яшчэ ў нас на кухні, са шпіталю мы тады заяжджалі да бацькоў на абед. Ляля відавочна папраўлялася, яна пачала з апэтытам есьці і я кожныя дзьве гадзіны яе карміла: то кашку, то малако і яечка, то масла цёртае зь селядцом да булкі. Дзе магла, там купляла ёй лепшую ежу, ці празь немцаў у кантыне, ці на чорным рынку, нічога не шкадавала, ні захадаў, ні грошай. Памагала мне й кузынка Люця, яна мяне заступала, калі я адлучалася. Трэба было мне і ў мамы пабываць, каб там дапамагчы, і кіраўніцтва Arbeitsstuben я ізноў пераняла і пан Егер (Herr Jäger von der Zeitung der X Armee) вельмі ўсьцешыўся, што я ізноў для іх пачала працаваць, бо мае пераклады былі лепшыя за другія. У будуары я магла вечарамі спакойна працаваць, бо Ляля цяпер запраўды спала, калі з брушыны прапала вада.

Пан Егер у гэты час вельмі падружыўся з намі, ён быў цікавы літаратар. Часта прыходзіў у сад на Каўказкую (за палякаў ul. Słowackiego), прыносіў новыя кніжкі, чытаў на голас і забаўляў Лялю й кузынак. Я была трохі больш вольнай. У шпіталь мы езьдзілі штодня, уключаючы нядзелю; з доктарам Брокам я часта гутарыла, аказалася, ёй быў нямецкі жыд і меў сваю клініку ў Ене. Ён быў вельмі добры, разумны й спагадлівы чалавек, зь ім я шмат гутарыла аб хваробах, асабліва аб тубэркулёзе; гэтае пытаньне для мяне зрабілася асабліва пякучым, бо ня толькі Ляля і гэтак сама малая сястра Оля на гэта хварэлі, але яшчэ й мой дарагі Іван, які лячыцца не хацеў. Я вышукала кнігі брата Валодзі (Waldemar), які вучыўся мэдыцыны ў Маскве і быў узяты ў армію, як малады заўрад-лекар. Усё перачытала адносна тубэркулёзу й прыйшла да сумнага выніку, што мне з Іванам сям'і ня мець, бо гэтая хвароба часта перадаецца й далей. Я прыглядалася да Івана:

- Божа мой! Ён за гэты час горш выглядае, ізноў кашляе і яго трэба лячыць! - казала я сабе. Іван на Каўказкай быў пару разоў у гасьцях, але там чуўся ня свойска, казаў мне, што занадта там усё па буржуйску, аднак мы бачыліся часта, ён прыходзіў пад шпіталь у абедзенны перапынак і чакаў, пакуль мы ня выйдзем. Гэтак прайшло пару месяцаў. Ляля ўжо добра хадзіла, брала свае паветраныя ванны, кішкі працавалі амаль нармальна, яна ня кашляла, прыбыла на вазе і я з аблягчэньнем уздыхнула. Пэўнага дня, калі доктар Брок ізноў прасьвятліў Лялю на рэнтгене, ён паклікаў мяне й радасна заявіў, што Ляля цяпер у бясьпецы, ранкі на лёгкіх зажываюць і кішэчнік даходзіць да нормы. Я ня ведала, як яму дзякаваць.

- Ну і я павінен пані дзякаваць, бо дагляд пані памог мне паставіць на ногі гэткую пацыентку. Я ганаруся асягнутымі рэзультатамі, вось цяпер магу панну Лялю паказаць нашаму галоўнаму Sanitätsrat, які цікавіцца гэтым выпадкам.

Я была вельмі ўцешаная, дагэтуль я ўсё яшчэ баялася новых камплікацыяў. - Гэтай радасьцю трэба падзяліцца з Іванам, - сказала я сабе. Калі мы даехалі да Віленскай, я саскочыла й казала Лялі, каб яна сама ехала на Каўказкую, Люця хай ёй падагрэе абед, а я маю справу ў Камітэце. Я ведала, што ў абед няма Зузэміля. Калі я йшла па карыдоры, то дзьверы габінэту адчыніліся і ў іх стаяў Іван (ён мне казаў, што пазнае мой прыход па тупаньні маіх каблучкоў).

- Яська, Яська, Ляля будзе йзноў здаровай! - з гэткімі словамі я кінулася яму на шыю.

- Юлінька, я ня менш цешуся як ты, - і ён падвёў мяне да вакна й цалаваў рукі; тут толькі я прыкмеціла, што мы не адны, Антон ціха ўстаў са свайго крэсла й выйшаў.

- Ах, я была гэтак неасьцярожная!

- Глупства, - казаў Іван, - Антон гэтаксама як і Ляля ведае, як нашыя справы з табою стаяць, ён нічога ня мае супраць гэткае братавай. Але кажы, што табе казаў доктар.

Я ўсё перадала й пачала хваліць доктара Брока, які ён разумны лекар; адразу ж сказаў, што 10 фунтаў вады ў брушыне мае. Ну і Ляля папраўлялася, але губіла на вазе пакуль страціла 10 ф., ейны арганізм вылучыў ваду й толькі тады яна пачала набіраць вагу.

- Яська, вось і ты мусіў бы палячыцца ў доктара Брока!

- Што табе мала хворых: Лялі, мамы, Олі, яшчэ мяне лячыць хочаш. Не, мая птушка, на гэта мяне ня возьмеш! Што я трохі кашляю, то гэта ўжо гадамі мне дакучае, але бяды ў гэтым няма! Ну і затым цяпер ня час на бязьдзеяньне й лячэньне. Вы там на Каўказкай, у вашым буржуйскім гнязьдзе жывяцё, як на месяцы й ня бачыце, што вялікія перамены надыходзяць, не дапушчаеце, што й фронт можа зьмяніцца. Вось расейцы на нашым фронце рыхтуюцца да афэнзывы, а немцы тутака маюць замала войска, іх галоўныя сілы на Захадзе. Мажам яшчэ ўсяго дачакацца.

- Ах, Яська, я за гэтымі хваробамі аб палітыцы й фронтах і тваёй працы забылася.

- Ну і аба мне, - сумна казаў Іван.

- Ах, не! Вось я прыйшла, каб на радасьцях цябе пацалаваць, - і абняла яго. Я чула, як Пятруся на кухні зьвініць талеркамі.

- Вам час на абед. Ну, заставайся здаровы!

Я заглянула ў кухню.

- Што, панна Ляля выздараўлівае, казаў мне пан Антон?

- Так, Пятруся, Бог міласьцівы!

- Ну, а я ўжо хавала нашу паненку; вось пані ратавала яе, як родная маці.

- Ну бывайце! - І я выйшла сумная, бо нічога не асягнула ў Івана і ён мне яшчэ сказаў, што я аб ім забылася. Трэба яму прызнаць рацыю: я забылася на ўсё і ўсіх, і толькі жыла аднэй думкай - ратаваць Лялю. Аднак цяпер я мушу ўзяцца й за Івана, ён пахудаў і йзноў пачаў моцна кашляць; трэба часьцей мець зь Пятрусяй нарады, як палепшыць ежу Івана. Але што за ўпор ня йсьці да лекара й марнаваць здароўе. Ну, і мне трэба перастаць жыць на месяцы, як слушна казаў Іван.

Пэўнага дня, калі ў сад да цёткі прыйшоў пан Егер і заказаў мне новы пераклад і забраў гатовы, я папрасіла яго пагаварыць зь ім на чатыры вочы. Ён да мяне меў давер і я папрасіла яго абрысаваць мне палітычную сытуацыю, якой яна ёсьць. Ён сядзіць у рэдакцыі й чуе больш за другіх.

Абраз, які ён мне намаляваў, быў досыць сумны: на Заходнім фронце немцы ахвяруюць амаль што апошнія сілы і калі яшчэ падыйдуць сьвежыя амэрыканскія войскі, яны ня здолеюць утрымацца. І цяпер на Захадзе сьцягнутыя галоўныя сілы нямецкай арміі.

- Ну, а нямецкі штаб не баіцца наступленьня на Ўсходнім фронце, урад Керэнскага хоча весьці вайну да пабеднага канца, - як я вычытала з газэтаў.

- Так, пані, калі б была старая расейская армія, то пры рашучым наступленьні вялікае пытаньне, ці нашыя недастатковыя сілы маглі б утрымацца - гэтак расьцягнуты ўсходні фронт. Але ў расейскай арміі поўны развал, няма парадку й дысцыпліны. Сярод войска йдзе прапаганда ўсялякіх камуністых ды сацыялістых, у падмогу ім немцы прыслалі ў запламбіраваным вагоне з Швэйцарыі Леніна й ягоную кампанію. Ну і мы (г.зн. немцы) дапамагаем прапагандай, кідаем лістоўкі й газэты на расейскай мове праз фронт. Для гэтай працы мы тутака атрымалі спэцыялістых з Бэрліну; ну і салдаты варожых арміяў братаюцца на фронце. (Пры Zeitung der X Armee немцы пачалі выдаваць тайна ад насельніцтва газэту «Товарищ» на расейскай мове і кідалі яе праз фронт. Увесь камплект пры адыходзе немцаў я атрымала ад пана Егера і аддала ў 1941 годзе ў Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні, як і поўны камплект Zeitung der X Armee за ўсе гады ейнага выхаду ў Вільні.) Так што я лічу, што расейская армія разлажылася й няздольная да афэнзывы.

І ён не памыліўся.

Калі ў ліпені пачаўся на нашым адрэзку каля Смаргоні наступ расейскіх войскаў і мы ў Вільні перажывалі трывожныя дні, бо самі немцы не былі пэўныя, ці ўтрымаюцца і ўжо тайна рабілі падрыхтоўку да адыходу, наступ заламаўся, бо разлажыўшаяся расейская армія ня мела энэргіі паглыбіць прарыў і фронт застаўся на старым месцы.

- Ну, а ў самой Нямеччыне людзі не бунтуюцца пры гэтым голадзе і недахопах усялякіх рэчаў? - спыталася я.

- З часам усё можа стацца, але ад гэтага хаосу, які цяпер у Расеі, барані нас Бог, апошняе тады страцім.

- Так, я чула, што ў Расеі грошы трацяць сваю вартасьць, што там пачалася інфляцыя.

- Так, інакш быць ня можа, калі безадказна друкаваць паперкі.

Я падзякавала за інфармацыі. - Трэба мне ізноў сачыць за падзеямі, - казала я сабе. Грашовыя справы мяне асабліва цікавілі, бо нашыя нямецкія тысячы падыходзілі да канца, тысячаў у расейскіх банках мы мусі не пабачым; трэба з татам пагутарыць, каб спусьціць расейскія грошы й пазыкі, што мы маем, - падумала я. З татам я зрабіла білянс нашых грошай, ён быў досыць сумны. Можа хопіць на два гады пры нашых выдатках, калі грошы больш ня будуць траціць на вартасьці. Ну, а нашыя хворыя - гэта выдатак асобны. Трэба мне налегчы на заробак.

Божа мой, я яшчэ паўгода таму хацела трохі адыйсьці ад сям'і, каб сабе й Івану стварыць собскае гняздо, ён жа мне даў на гэта carte blanche. Зарабляць на дзьве сям'і я ня ў стане, але ж у мяне собскай сям'і быць ня можа, бо Іван паважна хворы, гэта я добра бачу, кожны раз ён горш выглядае. Душэўны непакой мучыў мяне, я ня ведала, што рабіць, усё думала, як мы ўсе далей жыць будзем. Усе былыя й новыя турботы завойстрылі мой нэўроз жалудку, а дзеля таго, што ела ў цёткі з кустоў кіслыя ягады, я захварэла на востры катар жалудка й кішак. І тут ратаваў др. Брок. Ён даў лякарствы й прыпісаў на тры тыдні строгую дыету: бяз хлеба, толькі посныя кашкі без усялякіх дадаткаў, гарбату бяз цукру. Толькі на другі тыдзень дазволіў трохі гародніны на чыстай вадзе. Я празь сілу ела гэтыя кашкі й галадала, пахудала й была ў кепскім настроі. Ляля ўсё казала:

- Калі гэта Юлінька нармальна есьці пачне, яна цяпер і гутарыць ня хоча! - А Івану, які нас спатыкаў каля шпіталю, казала сьмяючыся:

- Глядзеце, каб і вам ад галоднай Юлінькі не дасталося, яна нават на мяне буркае!

Але дыету я захавала, вылечыла свой катар і пачала папраўляцца. Мы ўсё яшчэ жылі на Каўказкай. Да Луцкевічаў я цяпер на кароткі час забягала часьцей, была больш у кухні ў Пятрусі, бо мела зь ёй нарады, казала Івану, што не хачу перашкаджаць Антону й Зузэмілю ў працы і ўцякала, цалуючы яго на карыдоры.

Але вось надыходзіла ўжо восень. Ляля настолькі памацнела, што магла рабіць далейшыя спацары. Пад «горнае сонца» яна далей езьдзіла й выгравалася пад ім цэлую гадзіну. Доктар Брок ня мог нахваліцца поступамі свае пацыенткі і пэўнага дня зьявіўся на сэансе важны Sanitätsrat. Ён сам бадаў Лялю, др. Брок яму апавядаў увесь прабег хваробы і Sanitätsrat казаў, што гэты выпадак др. Брок мусіць падаць у мэдычны журнал. Ляля і я дзякавалі за дазвол лячыцца.

- Ну, лячыцеся далей, я рады, што др. Брок выратаваў гэткае мілае дзіця! - і патрапаў Лялю па шчацэ.

Прысуд доктара Брока над Іванам Луцкевічам

Пагода пачала псавацца, і дождж, і холадна стала. Ляля й я засумавалі за нашымі кутамі й пераехалі йзноў на Бакшту. З гэтага асабліва ўсьцешыўся Іван:

- Ну, цяпер усё войдзе ў старую каляю і ты прыпомніш, што й мяне яшчэ маеш! - з ласкай і пэўным дакорам казаў мне Іван, калі я яго цалавала на прывітаньне.

Ізноў я пачала дзяліць усе ягоныя турботы й справы. Гэта быў час барацьбы за належнае беларусам прадстаўніцтва ў Тарыбу, якую тварылі летувісы з блаславенства немцаў. Усёй гэтай справы цяпер добра ня памятаю, але ведаю, што Іван гэтай справай вельмі дэнэрваваўся і што В.Ластоўскі, протэжэ Зузэміля, псаваў ня раз Івану нэрвы. Да нас Іван заходзіў, калі яму было зручна зайсьці з клюбу, я тады старалася выказваць яму яшчэ больш увагі, хацела яму паказаць, што ён мне дарагі й мілы.

Праз пару тыдняў пасьля нашага пераезду дахаты Іван мне, калі мы былі сам-насам, міла казаў:

- Юлінька, ты зусім забылася дні, калі Антон бывае ў друкарні, можа ты іх прыпомніць хочаш? - Тут нехта ўвайшоў і я коратка адказала:

- Пабачым.

На другі дзень, калі мы зь Ляляй былі ў шпіталі (мы ўжо хадзілі пехатой, бо ад хаты было ня так далёка і Ляля магла зрабіць гэты спацар), я зьвярнулася да др. Брока па раду, што рабіць з маімі валасамі, якія ўжо праз даўжэйшы час сякуцца й кускамі адпадаюць. Ён паглядзеў і сказаў:

- Адна рада - абрэзаць па шыю, дзе няма яшчэ грыбка й трымаць галаву пад «горным сонцам», калі панна Ляля ляжыць пад ім. Скура памацнее й валасы вылечацца.

Пасьля абеду я прыадзелася, замест капелюша налажыла аксамітны бэрэт і сказала Лялі, што пайду да фрыз'ера, абрэжу валасы і з новай прычоскай пайду паказацца Івану, можа пойдзем у цукерню на музыку.

- Вось, калі ўжо мне можна будзе вечарамі выходзіць, - сумна казала Ляля.

- Ну, пад'еш добра і паіграй для таты (ён любіў ігру Лялі), - супакоіла я яе.

Фрыз'ер шкадаваў косы, але й ён іншае рады ня ведаў.

- Я абрэжу так, каб можна канцы завіць!

Прычоска выйшла прыгожай і бэрэт да яе вельмі надаваўся.

Калі я прыйшла на Віленскую 33, Антона ўжо не было ў хаце. Я знайшла толькі Пятрусю.

- А дзе пан Іван?

- У сваім музэі парадкуець (за бібліятэкай былі вялікі й малы пакоі, дзе Іван меў свае зборы старасьвеччыны). Калі я ўвайшла, Іван усхапіўся:

- Юлінька, мілая мая, ты, ты прыйшла, ты мяне ўсё яшчэ кахаеш! - Ён абняў мяне і ў сваім парыве скінуў мне з галавы бэрэт.

- Юлінька, дзе твае валасы, дзе косы?!

- Ну бачыш, абрэзала.

- Ну пакажы, як ты выглядаеш?

Ён падвёў мяне бліжэй да вакна (вокны мелі цёмныя занавескі і ў пакоі быў палусьвет).

- Ведаеш, ты цяпер выглядаеш, як малады хлапец з італійскай фрэскі рэнэсанса! Дай бэрэт, вось так яшчэ лепш. Ты ў мяне стылёвая, калі ты пахудзела, яшчэ больш у сваю італьлянскую бабку ўдалася!

- Ну, мяне наш стары пастар называў «мая малая італьлянка», бо казаў, што падобных дзяцей бачыў у Італіі.

- Так, і малая ты была вельмі прыгожая, ведаеш, адкуль я гэта знаю, вось зараз пакажу, - і ён дастаў свой партфэль і із свойскай яму хуткасьцю выцягнуў фатаграфію, дзе я малая, у кашульцы, сяджу на руках у няні.

- Скуль ты гэта маеш? У нас была, але дзеці выцягнулі з альбому на забаву і папсавалі. Мама вельмі гневалася, што няма карткі, дзе Юлінька кашку варыць, - казала я.

- А вось дастаў, угадай адкуль, - дразьніўся ён.

- Ума не прылажу!

- Сьцягнуў, сьцягнуў із альбому тваёй цёткі. Я раз чакаў на Каўказкай на цябе, Ляля спала, кузынка твая, ня ведаючы, як заняць мяне, прынесла альбом, я пераглядаў і калі дайшлі да цябе:

- А гэту пазнаецё? - з націскам казала яна. І ведаеш, я дагадаўся і пазнаў па вочках. Калі яна выйшла, я хутка выцягнуў картку з альбому, на што ім яна? Вось як гляджу як ты сядзіш і ў ручцы кашку варыш, то я жадаю сабе, каб і ў нас была-б з часам гэткая мілая малая.

- Ну, Яська, я прасіла ня раз, не чапай гэтага пытаньня, - з сумам казала я.

- Чаму гэты сум, Юлінька, - і ён пачаў мяне пацяшаць пэрспэктывамі на лепшую будучыню, і вось: ці віною гэтага быў холад пакою, дзе ніколі не палілі, ці ўзрушаньне - ён дастаў прыступ кашлю, які нельга было супакоіць; усё нанова ён трос Івана, я пабегла па ваду, а ён усё заліваўся кашлем.

- Яська, табе трэба легчы, ты хворы! - і я завяла яго ў спальню, дзе кашаль далей душыў яго, пакуль ён ня выплюнуў цяжкую флегму.

- Ну вось, цяпер мне будзе лягчэй, я паляжу, а ты ідзі дахаты.

Я разумела, што яму было балюча й прыкра, што я бачу яго такім слабым і хворым.

- Ты пастарайся заснуць, казала я і пацалавала, як гэта рабіла нашым дзецям, вочы на сон. Выходзячы, я прасіла Пятрусю, каб наглядала за Іванам. (Гэтае маё фота дзіцяцей я ў Закапаным, разьбіраючы рэчы пасьля сьмерці Івана, знайшла ў ягоным партфэлі. Я яе ўзяла да сябе, і цяпер яна ляжыць перада мной і памагае ўспамінаць, як гэта было 36 год таму назад. Добра, што пакідаючы Вільню, я перадусім ратавала дарагія ўпамінкі: усе мае фота й запіскі.)

Я йшла дадому й сьлёзы душылі мяне.

Божа мой, - думала я, - гэта ўжо не злавешчы дысананс, а грознае memento. Не, так нельга яго пакінуць паступова паміраць, трэба ратаваць, пакуль час. Але як гэта зрабіць, каб лекар яго збадаў? Трэба парадзіцца з доктарам Брокам, ён добры, ён паможа мне, - казала я сабе.

Ляля зьдзівілася, што я так рана вярнулася.

- Ведаеш, Іван быў такі змучаны, што я яму параіла прылегчы.

- Добра зрабіла, Юлінька, ён дрэнна выглядае.

На другі дзень, калі Ляля ў шпіталі ляжала пад Höhensonne, я на старане казала др. Броку, што да яго зьвяртаюся, як да нашага прыяцеля па раду, толькі ня ведаю, як пачаць.

- Ну, доктару ўсё як на споведзі казаць можна, - пачаў ён жартаваць.

- Ах, доктар, у мяне ёсьць друг...

- Ну, гэта зразумела, што гэткая мілая жанчына, як вы, мае друга, - далей жартаваў ён. А я пачала яму апавядаць аб Івану і казала, што пасьля вайны мы хочам пажаніцца; на мой жаль ён хворы, ужо выплёўвае свае лёгкія, але ня хоча лячыцца, ды наагул паказацца лекару.

- Ну, ведаю, - казаў доктар, - гэта той пан, што я першы раз спаткаў у вас і які часта чакае на вас каля шпіталю. Я ўжо зьвярнуў увагу, што ў яго хворы выгляд.

- Доктар, дык парайце, што мне зь ім рабіць. Яго трэба лячыць!

- Ведаеце, - пачаў доктар, - я абяцаў вам перад выездам на урлёп зайсьці да вас і паглядзець вашую маму й малую сястрыцу, і адначасна падзякаваць вам і вашай маме за прыгожую брошку для маёй дачкі (доктар не хацеў браць грошы, дык мы яму зрабілі падаркі), - дык зробім гэтак: вы-ж мяне запрасілі на каву, запрасіце на ўмоўлены дзень і вашага друга ў госьці; мы пагутарым за кавай, а потым ужо зробім гэтак, што я яго збадаю.

- Добра, а на які дзень? - спыталася я.

- Ну, возьмем сыботу, сяньня чацьверг; а гадзіне 4-ай я буду ў вашай мамы, а каву вызначым на палову пятай.

Я яму ад сэрца падзякавала й пабывала потым у Івана, які ізноў з поўнай люлькай сядзеў на сваім старым месцы за пісьменным сталом.

- Ну, як маецеся? - бо быў Зузэміль у габінэце.

- А нічога, праспаўся і добра!

Я хутка сабралася дахаты. Іван, як заўсёды, выйшаў на карыдор праводзіць мяне да дзьвярэй.

- Яська, зрабі гэтак, каб у сыботу прыйшоў да нас на каву а палове пятай. Юзэфова сьпячэ твой любімы хлебны торт. Ты маеш час у гэты дзень?

- Ну добра, буду. - Я яго пацалавала й задаволеная пабегла дахаты. Зь Юзэфовай была нарада зрабіць хлебны торт і сьпячы булачкі, я на гэта ахвяравала белую муку, купленую за вялікія грошы.

У сыботу др. Брок акуратна зьявіўся. Ляля мела загад усё прыгатаваць на каву і прыняць Івана, калі-б мы былі яшчэ наверсе ў мамы. Доктар збадаў Олю, затым маму, ён падзякаваў за падаркі і пайшоў са мной уніз.

- Мусіць, вы ведаеце, што вашая малая сястра Оля расьце з тубэркулёзам і гэткія дзеці пры пераломе гінуць, - пачаў доктар.

- Так, пане доктар, маме было ўжо 43 гады і яна хварэла на цукрыцу, калі Оля мнімамёртвай радзілася. Ужо зь першых дзён яна хварэла і дактары мне казалі, што яна не жылец на гэтым сьвеце.

- Ну і я вам магу толькі тое самае сказаць. (Оля й памерла вясной 1921-га году, маючы 13 год.)

- Скажэце мне, у вашай сям'і не хварэлі на тубэркулёз?

- Мой дзед, бацька мамы, памёр у маладыя гады на сухоты.

- А ведаеце, што на ўнуках іншым разам гэта хвароба праяўляецца. Ну, а ў мамы вашай паважна сэрца аслабела ад цукрыцы і вы добра робіце, што яе беражэце, а то лёгка сэрца можа службу вымавіць. Цяпер я разумею, чаму вы, а ня ваша мама, дбаеце аб дзецях і кіруеце ўсім домам.

- Доктар, але вы скажыце ўсю праўду, як здароўе пана Луцкевіча, я-ж мушу ведаць, што мне рабіць!

- Ведама, - супакоіў мяне доктар.

Іван надыйшоў трохі са спазьненьнем, на час ён ня быў надта пунктуальны і быў трохі зьдзіўлены, пабачыўшы доктара. Я сказала:

- Пан доктар у нас зь візытай, бо выяжджае на урлёп.

Ляля падала каву, мы гутарылі аб апошніх падзеях на заходнім фронце і др. Брок не спадзяваўся нямецкай перамогі; казаў, што нямецкі народ доўга ня вытрывае гэткую галадоўку й недахопы, што ў нас яшчэ лепш, чым там, што вось я патрапіла адкарміць Лялю.

- Ну, доктар, тутака бяз вашае дапамогі гэткага цуду не было-б, - уставіў Іван.

На сваю бяду ён пачаў кашляць. Тут пайшлі гутаркі, што й Іван хворы, доктар і я так павярнулі справу, што Іван ня мог уцячы й выкруціцца й мусіў згадзіцца на прапанову доктара яго збадаць. Ляля і я выйшлі ў нашу спальню. Іван мне ўсьлед паслаў такі пагляд, што я Лялі сказала:

- Ну, будзе бура!

Калі я пачула, што адчыніліся дзьверы, я выскачыла з другога пакою ў прадпакой і затрымала Івана, які мне злосна кінуў:

- Ну, гэты падвох я табе ніколі не забудуся! - і быў таковы.

Такім падэнэрваваным і злым я яго ніколі ня бачыла. Ну, - падумала я, - упрытомніцца. Лялю я паслала да мамы, каб адной пагутарыць з доктарам. Калі я ўвайшла да доктара, ён з паважным выразам мне сказаў:

- Мушу пані выказаць спачуваньне, што да вашых хворых далучылася яшчэ адно вялікае хворае дзіця, бо доўга пан Луцкевіч пры ягоным спосабе жыцьця гэтак насіцца ня будзе. Стан яго вельмі паважны, я не спадзяваўся, што зь ім гэтак дрэнна. Вы слушна казалі, што ён выплёўвае свае лёгкія, іх і мала засталося, ад правага лёгкага яшчэ астаткі ёсьць, а левага амаль няма.

- Божа мой, доктар, дык што-ж рабіць?

- Адно магу сказаць, адпраўце яго ў Швайцарыю, у санаторыю, там лепшае аджыўленьне, пры добрым даглядзе і супакоі ягонае жыцьцё можна на пэўны час працягнуць, але ратаваць яго ўжо няма спосабу.

- Доктар, ён пры сваім тэмпэрамэнце на гэта ня згодзіцца.

- Тады ён больш двух, трох гадоў не пражыве, а што ён чалавек з тэмпэрамэнтам, то я бачыў, чуць ня ўцёк перад дасьледаваньнем, аднак я з гэткімі хворымі даю сабе раду, але лячыць іх цяжка.

Доктар далей казаў, што пабрацца нам ня радзіць, бо й я магу набрацца хваробы, а здароўе Івана гэтак падкопана, што любая жонка яму толькі адбавіць здароўя. Я спадзяюся, што вы добра мяне зразумелі?

- Так, пане доктар, - ціха адказала я, - але я не магу яго пакінуць.

- Я гэтага й не кажу, але вы можаце ў ягонай хваробе быць mütterliche Freundin (маткай-прыяцелькай), якая яму й цяпер, а асабліва потым будзе патрэбна. Ведама, нашую гутарку захавайце для сябе, бо хвораму ніколі нельга казаць, што зь ім дрэнна. А дзеля таго, што ў вашай сям'і ёсьць нахіл да тубэркулёзу, а вы маеце каля сябе самых хворых, то я ў панядзелак, яшчэ перад ад'ездам вазьму вас на рэнтген. Вы мусіце захаваць сваё здароўе для вашых хворых. Sicher ist sicher. Гэтак да заўтра!

Добра, што ён выйшаў, бо ягоны прысуд над маім бедным Іванам гэтак мяне прыбіў, што я не магла прыйсьці да сябе.

Але вось прыбегла Ляля:

- Юлінька, ужо мама чакае зь вячэрай, пойдзем. Ну што казаў доктар?

- Ну, ведама, што Івану лячыцца трэба, а то страціць апошняе здароўе, - адказала я, стараючыся падрабіць спакойную міну.

Што доктар выслухаў Івана, мы нічога бацьком не казалі, усе трывожныя пытаньні пры маме не чапалі. Тата зьвярнуў увагу, што я вельмі бледная. Ляля пачала:

- Юлінька ніколі ня высьпіцца, да глыбокай ночы сядзіць над перакладамі.

- Ты-б удзень гэта рабіла!

- Ах тата, заўсёды штосьці, або хтосьці перашкаджае!

- Ну, а пан Іван быў?

- Так, тата, чаму ты гэта пытаеш?

- Бо я яго спаткаў, як вярнуўся дадому.

Я ледзьве выпіла гарбату і мы пайшлі ўніз. Працаваць я не магла. Гутарка з доктарам мучыла мяне. - Ну, сёньня раней ляжам, Ляля! - Сьвятло мы пагасілі, аднак я спаць не магла, цяпер я дала волю сьлёзам, якія душылі мяне ўвесь час і я ціха плакала. Ляля гэта пачула, накінуўшы коўдру яна прысела да мяне.

- Юлінька, чаго ты плачаш, ці доктар сказаў штосьці дрэннае?

- Я ўжо табе казала, але мяне Іван злуе, што ён так захоўваецца. Я аб яго дбаю, а ён яшчэ гневаецца!

- Ты задобрая, я за цябе яго прабяру!

- Лялінька, ты ў нашыя справы не мяшайся, я ўжо сама ўсё палагоджу. - Гэтак я хавала і перад Ляляй маё запраўднае гора, не магла я ёй казаць, што доктар вынес гэткі прысуд Івану, а я плакала, бо ня бачыла ратунку.

У нядзелю я ўстала з заплаканымі вачыма. На прапазыцыю Лялі пайсьці разам у кірху я адказала:

- Ці ты ня бачыш, што я заплаканая. У гэткім выглядзе нельга паказвацца нашым набожным кумушкам, ідзі зь Лідкай і Лёнькам!

Калі яны выйшлі, я апранулася, аднесла ключ ад кватэры ў кухню, наказала прыгледзець і пайшла на спацар у кірунку Россы, каб не спаткаць знаёмых. Усё мяне мучыла пытаньне: - Бажа мой, як мне быць, што рабіць?!

Вяртаючыся, я пайшла праз Вострабрамскую, ціха зьвінелі арганы і, як заўсёды, шмат людзей шчыра малілася, яны на ходніках і пад аркадамі стаялі на каленах. У гэтае месца, казала я сабе, людзі прыносяць сваё гора й радасьці, просьбы і адчай і падымаюцца з каленаў з надзеяй на помач. І мне перадаўся агульны настрой і я, стоячы пад аркадай, апусьцілася на калены й малілася, як калісьці ў дзіцячыя гады, калі нашая старая прыслуга мяне брала да Войстрай Брамы і казала маліцца да Маці Божай, як да нашай апякункі, і я прасіла дапамагчы нам усім, асабліва майму беднаму Івану. Я паднялася спакайнейшая зь верай, што і ў нашай бядзе знойдзецца ратунак. Я йшла дадому й разважала: трэба выслаць Івана, і грошы знойдуцца, пашто мае сярожкі? Прыпамінаючы словы доктара, я зразумела, што хвароба сталася нашай злой разлучніцай, яна ім завалодала і мне дазваляе быць яму толькі eine mütterliche Freundin, як казаў доктар.

Ну, гэтае месца я змагу пры ім выпаўніць. Я мушу знайсьці сілу і ўменьне, каб ня даць адчуць Івану яго цяжкі стан, каб ён ня паў на духу.

У панядзелак, калі я спаткалася з доктарам Брокам, ён спагадліва на мяне паглядзеў і сказаў:

- Вашы вочы кажуць, што вам цяжка на душы і я вельмі шкадую, што мусіў вам маім дыягназам прынесьці столькі гора!

- Не доктар, я вам вельмі ўдзячна за праўду. Я разумею, што мушу пераставіцца.

- Гэта вам цяжка ня будзе, у вас перадусім мацярынская натура, гэта я бачу із вашых адносінаў да ўсёй вашай сям'і і вы на вашага друга пачнецё глядзець, як на дарагое хворае дзіця. Магу толькі паўтарыць: калі можаце, адпраўце яго ў Швайцарыю, я вам заўсёды магу даць патрэбнае лекарскае пасьветчаньне. Цяпер пойдзем на рэнтген.

Доктар прасьвятліў мяне, выслухаў.

- Ну, дзякуй Богу, нічога дрэннага няма. Але будзьце асьцярожны, вы гэткай хрупкай будовы і нэрвы вам дакучаюць.

- Доктар, я нэрвам волі не даю!

- Гэта я ведаю, але затое маеце нэўроз жалудку. Не праймайцеся сваімі няшчасьцямі: «сьлязамі гору не пасобіш»! Вы-ж адважная й моцная жанчына.

Я падзякавала яму за ўсё і асабліва за турботы аб маім здароўі, і пажадала яму добра адпачыць у сваёй сям'і. Доктар нам прадставіў свайго заступніка і дазволіў далей прыходзіць выгравацца. Ляля цяпер ляжала цэлую гадзіну пад лямпай, гэтак і я магла лячыць свае валасы.

У часе абеду тата йзноў да мяне прыглядаўся й казаў, што я кепска выглядаю. Чаму тата на мяне гэтак увагу зьвяртае? - думала я. Гэта я зразумела, калі тата прыйшоў да мяне наніз у часе, калі Ляля ў залі мела лекцыю музыкі (цяпер вучыцелька прыходзіла на дом).

- Юлінька, - пачаў тата, - ты мусі маеш са сваім Іванам спрэчкі, бо яго спаткаў у сыботу надта здэнэрваваным, а ты ходзіш з заплаканымі вачыма. Ведама, гэткія даўнія нарачэнствы толькі да спрэчак даводзяць. Я лічу, што вам час стаць афіцыйнай парай, бо ўсе вас лічаць за неафіцыйную і мяне ня раз ужо пыталі, ці мая дачка ўжо замужам, бо ўсюды вас бачаць разам.

- Тата, ты добра ведаеш, што час вельмі цяжкі, а ў Івана грашовыя справы кепскія, ну і вас, дзе амаль усе хворыя, я пакінуць не магу.

- Я гэта ўсё разумею, але ня бачна, каб часы палепшыліся, выглядае, што яны зробяцца яшчэ горшымі, а маме і мне было-б прыемней, каб ты была замужам за тваім Іванам і адначасна вы засталіся-б пры нас, бо мы самі сабе рады не дамо з гэтымі хваробамі.

- Тата, я вельмі дзякую табе й маме за вашыя добрыя намеры, але я за Івана замуж выйсьці не магу - ён безнадзейна хворы!

- Што ты кажаш, адкуль ты гэта маеш?! Я ведаю, што Іван хворы, але лічу, што ты й свайго мужа выратуеш як Лялю. Усе глядзяць на ейнае выздараўленьне, як на цуд!

- Бачыш, тата, толькі табе магу сказаць маю сумную таямніцу. У сыботу былі ў нас др. Брок і Іван. І на маю просьбу доктар выстукаў і выслухаў Івана супраць ягонай волі, таму ён выскачыў гэткі злы. А мне доктар сказаў, што ў яго толькі рэшткі лёгкіх засталіся і стан яго здароўя ўжо гэткі, што яму мілая жонка здароўя не прыбавіць, - і сьлёзы пачалі ў мяне ізноў капаць.

- Ну, калі так, - з сумам казаў тата, - тады я разумею твае сьлёзы, тады й нельга табе за яго замуж ісьці.

- Аднак, тата, я яго пакінуць не магу!

- Ну і гэта было-б брыдка кінуць у хваробе дарагога чалавека! - адказаў тата, - дык рабі так, як табе тваё сэрца кажа.

- Тата, але ты ня гневаешся на мяне й на Івана за нашую прыязьнь?

- Бог з вамі, - сумна адказаў тата, - вы ж не вінаватыя, што Бог вам долі ня даў. Ён махнуў рукой і сумны выйшаў. Добрыя словы таты супакоілі мяне, я бачыла, што ён мае для мяне зразуменьне, мне адлягло на душы, бо я заўсёды мела нячыстае сумленьне адносна бацькоў, яны маглі слушна гневацца на мяне й Івана за нашую прыязьнь. Добры тата шкадаваў нас і зь вялікім тактам адносіўся ўвесь час да мяне й Івана і на ўсе плёткі аб нас ён увагі не зьвяртаў, ні слова мне не казаў, калі потым, у часе цяжкой хваробы Івана, я цэлымі днямі там сядзела. О, як я яму за гэтае зразуменьне й добрае сэрца ўдзячная была! Мама ў сваёй хваробе не ўяўляла сабе майго гора, а добры тата перад ёй усё сумнае хаваў, гэтак я ў сваёй сям'і хоць ня мела прыкрасьцяй і Іван да свайго выезду ў Закапанае не пачуў прыкрага слова або пагляду. Яго ўсе любілі й шкадавалі, калі ён потым моцна расхварэўся.

У той для мяне гэтак памятны панядзелак (восеньню 1917) я дарма чакала пад вечар Івана. Гэта мяне пачало непакоіць і на другі дзень я дала Лялі даручэньне да Пятрусі й сказала:

- Кланяйся Івану й спытай, як ён маецца. Я не хачу ісьці, можа ён яшчэ гневаецца на мяне, а там пры людзях я не магу мець прыкрых гутарак.

Калі Ляля вярнулася, то казала:

- Ведаеш, Іван яшчэ буркаў, але мусі прыйдзе, бо й ён безь цябе сумуе.

І праўда, Іван вечарам прыйшоў, у нас быў пан Егер, штосьці чытаў Лялі й Лідцы. Гэтак мы прывіталіся пры ўсіх і гутарка была супольная. Калі Іван выходзіў і я адна яго праводзіла ў прадпакой, ён мне сказаў з добрай усьмешкай:

- Ну, не глядзі гэтак сумна, мой гнеў прайшоў, - і пацалаваў мяне на згоду.

Дзякуй Богу, падумала я. Цяпер я змагу зь ім пагутарыць аб лячэньні. Яшчэ на гэтым самым тыдні я выбралася да Івана, ведала, што Зузэміля ня будзе, бо Антон ідзе ў друкарню. Я прыйшла раней, каб застаць яшчэ Антона. У часе нашай супольнай гутаркі Івана ізноў пачаў мучыць кашаль і ён выйшаў у кухню. Я тады зьвярнулася да Антона з просьбай падтрымаць мяне. Трэба Івана намовіць, каб пачаў лячыцца і найлепш выехаў у санаторыю. Антон толькі рукой махнуў.

- Здаецца, панна Юлінька, вы мелі досыць часу пераканацца, што Іван наагул не рэагуе на гэткія гутаркі, а толькі гневаецца.

- Але-ж ён хворы, я не магу слухаць, як ён кашляе!

- Ну, гутарце самі, можа вас больш паслухае, на мае словы ён увагі не зьвяртае. Але мне час ісьці, - і ён выйшаў.

Калі кашаль Івана супакоіўся і ён ізноў сеў у сваё крэсла, я далікатна пачала казаць аб тым, што доктар радзіў яму выехаць для лячэньня ў санаторыю ў Швайцарыю. Перш Іван іранічна казаў:

- Ну добрая рада, але скуль грошы ўзяць і дазвол дастаць?

На гэта я сказала:

- Ах, Яська, аб дазвол ня цяжка будзе й грошы знойдуцца. Ты памятаеш мае брыльлянтавыя сярожкі, што я атрымала ў спадку па маёй хроснай, гэта мая вылучная собскасьць і калі іх прадаць, то на поўны курс санаторыі хопіць.

Тут Іван успыліў:

- Што, я буду твае сярожкі марнаваць і тут усе справы запускаць?!

Іван так разыйшоўся, што было чуваць і на кухні. Тут на падмогу прыйшла й добрая Пятруся і мы разам пачалі даказваць Івану, што ён да рэшты змарнуе здароўе, калі ня будзе лячыцца. Нашы доказы яшчэ больш разгневалі Івана і нарэшце ён злосна кінуў:

- Добра, што я яшчэ не жанаты, а то мусі і ўдзень і ўначы ня меў-бы спакою, усё-б мяне пілавалі сваім лячэньнем і пані і слуга!

Я пабачыла, што больш няма чаго гутарыць, гэтак здэнэрваваны быў Іван і мне зь Пятрусяй так дасталося, што яна пайшла на кухню, а я ўстала й сказала:

- Яська, ты сяньня немагчымы, бывай здароў! - і я выйшла са сьлязамі, бо мне было й балюча і прыкра, што ён так нетактоўны быў да мяне.

Ведама, на другі дзень я сабе казала, што ён, як звычайна, успыліў, што ён гневаецца, калі яго лічаць хворым, бо аб сабе ня любіць думаць і ня хоча, каб яму перашкаджалі жыць і працаваць для сваёй справы. Хоць у душы я яго шкадавала, аднак мой жаль застаўся і я казала сабе: няхай сам прыйдзе, я да яго не пайду! Але нядоўга мне прыйшлося чакаць. У наступны дзень, калі Ляля і Лідка зь Егерам былі на канцэрце, зьявіўся з павіннай мой Іван. Калі я глянула на ягоныя мілыя вочы і ўсьмешку, якія мне як-бы казалі: - Юлінька, ты-ж ня гневаешся, ты ж мая добрая Юлінька! - то й мой жаль прайшоў.

- Юлінька, - пачаў ён, - ты ўжо мяне ня лай, гэта зрабіла за цябе Пятруся, ведама, бабы адна за адну трымаюць. Яна, як ты выйшла, прабрала мяне за маю ўспышку й захоўваньне і казала, я мусі хачу цябе патраціць, калі гэтак адказваю на твае турботы аб маім здароўі. Мілая мая (гэтак ён казаў заўсёды, калі хацеў выказаць асаблівую любасьць да мяне), я цябе вельмі перапрашаю й дзякую за твой добры намер лячыць мяне і твае сярожкі, якія ты хацела ахвяраваць для мяне!

- Ну, Ясенька, «для милого дружка и сережка из ушка»! - перарвала я.

- Вось я й дзякую, - і чула пацалаваў мне рукі, - але я не такі хворы, як цябе мусі напужаў доктар. Захавай свае сярожкі на потым, можа яны цябе ў іншай бядзе ратаваць будуць. (Гэтыя словы Івана я ўсё ўспамінала, калі ў жніўні 1920 г. я гэтымі сярожкамі выратавала майго добрага тату зь турмы ў часе бальшавіцкае акупацыі Вільні ў часе польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 г.)

- Із санаторыі, - казаў далей Іван, - я ўсё роўна ўцёк-бы; як мне там сядзець і нічога не рабіць, калі тут, з гэтага развалу Расеі і набліжаючагося разгрому Нямеччыны паўстаюць магчымасьці, аб якіх мы маглі толькі марыць пару гадоў таму!

І Іван са свойскім яму парывам і палётам пачаў казаць, што цяпер паўстае час, калі паняволеным народам трэба каваць свой собскі лёс, што ён тут, пад нямецкай акупацыяй, мусіць ня толькі пільнаваць беларускае справы, але й арганізаваць беларускае грамадзянства да самастойнага палітычнага жыцьця, каб у адпаведны мамэнт стварыць сваю незалежную Беларускую Дзяржаву! Я яго ўважна слухала. О, Іван быў прыгожы ў сваім парыве!

- Божа мой, думала я, - за гэты ідэалізм і ўздым ягоных думак я-ж яго й пакахала! Так, я не магу ад яго вымагаць, каб ён кінуў працу свайго жыцьця ў мамэнт, калі кожны дзень нясе падзеі, якія разбураюць стары парадак і нам трэба класьці падваліны для новага, лепшага ладу. Так, але ён цяжка хворы і згіне перад часам!

І сум і трывога ахапілі мяне за яго і сьлёзы навярнуліся ў мяне на вачох. Іван хацеў мяне супакоіць і пачаў далей:

- Юлінька, ты не трывожся за мяне, я моцны, вось усе гэтыя гады я трымаюся, ну й далей трымацца буду, а калі настануць лепшыя часы, то вылечыш мяне, як Лялю, і мы з табой зажывем і ты мне яшчэ выгадуеш сына, як калісь мне абяцала.

- Яська, чаму ты так кажаш, усё гэта мары, гэтага ніколі ня будзе! - і я заплакала. У гэтым плачу я вылівала ўвесь свой адчай, я хавала нашае шчасьце, нашыя разьбітыя мары, я хавала Івана!

Бедны Яська быў зьбянтэжаны, ён ня ведаў, як мяне супакоіць.

- Юлінька, дык супакойся, бачу, і твае нэрвы зрабіліся непаслухмянымі! - і ён мяне гладзіў па галаве, як дзіця. - Ну, супакойся, мая мілая!

Плачучы я ўстала, дастала валяр'янку, выпіла, ня лічучы кропляў і сказала Івану:

- Яська, выбачай за мае нэрвы, ідзі дахаты, я супакоюся.

Бедны Іван сумны выйшаў.

Калі Ляля й Лідка вярнуліся, я ляжала ўжо ў ложку, носам у падушку і казала, як-бы праз сон: кладзецеся ціха, час адпачываць.

Калі я пасьля гэтага вечару заглянула ў Камітэт, Іван уважна паглядзеў на мяне, але мы былі не адны і ён сказаў:

- Можа пойдзем паглядзець у маім музэі пару рэчаў, якія я прадаць хачу, мне цікава, як вы іх ацэніце?

Праўду сказаць, мне шкада было гэтых аказаў, але Іван казаў, што грошы патрэбныя для палітычнае працы.

- Ну, як ты? Супакоілася?

- Так, Яська, выбачай за маю гістэрыку. Спадзяюся, што гэта была першая й апошняя ў тваёй прысутнасьці, ты ведаеш, што я трымацца ўмею!

- Ну, так, ты аб братох сваіх, што на фронце, гаворыш спакойна. Думай, што і я на сваім фронце знаходжуся, і зрабі ласку, не дакучай мне здароўем і лячэньнем. Цяпер на гэта ня час!

- Добра, Яська, але памятай, што аб сабе забываць нельга.

- Ну, гэта ўжо мая справа, - коратка адказаў ён.

Мы вярнуліся ў габінэт і пачалася супольная гутарка аб падрыхтоўцы беларускай канфэрэнцыі ў справе беларускага прадстаўніцтва на землях пад нямецкай акупацыяй. Гэтай справай Іван асабліва пераняўся і ёй аддаваў увесь свой вольны час. А я мела, апрача сваёй звыклай працы, новыя турботы з мамай, якая захварэла на востры ішыяс; і тутака памог доктар Брок, які вярнуўся із свайго урлёпу. І маму я мусіла прывозіць у шпіталь на сэансы дыятэрміі, чым яе праз пару тыдняў вылечылі.

- Ну, а як ваш друг? - спытаў мяне раз др. Брок, - ці ён паедзе ў санаторыю?

- Ах доктар, ён і слухаць ня хоча аб гэтым, ён яшчэ больш заглыбіўся ў сваю палітычную працу!

- Я так і думаў, але des Menschen Wille ist sein Himmelreich.

- Так, доктар, і я з гэтым мусіла пагадзіцца, што, згодна зь ягонымі словамі, ён стаіць на сваім фронце і пакінуць яго ня мае права.

- Можа, па свойму ён і мае рацыю, за гэткае становішча ён заслугоўвае пашану.

Так я пагадзілася з думкай, што Іван не пакіне свайго фронту, покуль сьмерць ня скажа: а цяпер, час на супакой!

Сумныя Каляды 1917-га году

Нашае жыцьцё ў канцы 1917-га году было поўнае трывог і непакою. Весткі з Расеі ўсё павялічвалі наш жах за жыцьцё дарагіх нам людзей, а калі газэты пачалі пісаць аб жудасьцях бальшавіцкага перавароту ды хатняй вайны ў Расеі, то нашаму непакою не было канца. Усе мы думалі аб братох і нашых блізкіх. Ня цешылі нас пэрспэктывы хуткага міру з бальшавікамі. Мы ўсе сумавалі, а Іван толькі казаў: «Лес рубяць - шчэпкі ляцяць»! Трэба й нам трымацца лёзунгу: «В борьбе обретешь ты право свое» і змагацца. І ён змагаўся.

У справе беларускай канфэрэнцыі Іван езьдзіў у Беласток, прывёз мне прывітаньне ад майго кузэна доктара мэдыцыны Эдмунда Мэнке, жыхара Менску, які ў Беластоку працаваў у шпіталі. Я ўцешылася, што ён захаваўся. Іван казаў, што яны ўспаміналі Менск і калі туды можна будзе дастацца. Гэтак у шматлікіх турботах і суме надыйшлі й Каляды. Куцьця гэтым разам была шмат скрамнейшая, без традыцыйных 12-ці даньняў і Юзэфова казала, што гэта кепская прыкмета на наступаючы год. Як госьць быў запрошаны толькі пан Егер, Іван і Антон былі людзі свае. Настрой быў паважны й сумны, усе мы думалі, як там сьвяткуюць пры бальшавіцкіх парадках. Ламаючыся аплаткам, мы зычылі сабе, каб другія Каляды сьвяткаваць разам з нашымі дарагімі адсутнымі. Гэтым разам ніхто прамоваў не казаў. Іван выглядаў змораны. І пасьля куцьці, калі запалілі ёлку і раздалі ўзаемна падарункі, настрою не было, хоць я й вельмі дзякавала Івану за прыгожую фарфоравую філіжанку.

- Вось бачыш, яе не прадаў, бо яна табе так падабалася, няхай будзе на шчасьце, пілнуй, каб не разьбілася. (Філіжанку із сподачкам я захавала па сёньня, толькі нашае шчасьце разьбілася.) Іван і Антон былі здаволеныя з практычнага падарунку: кожны атрымаў па дзьве кашулі зь вясковага палатна і па беларускім паяску Лялінай работы, як крават. Калядныя песьні якось слаба пяяліся і хутка перайшлі на агульную гутарку. Іван выйшаў у пустую сталовую запаліць сваю люльку (я не любіла ягонай кепскай табакі). Але хутка я пайшла за ім і запрапанавала выпіць разам гарачай гарбаты. За гарбатай мы пачалі ўспамінаць прыгожыя Каляды ў мінулым годзе і нашых гасьцей украінцаў.

- Юлінька, памятаеш, як мы, ідучы на Пастэрку, пацалаваліся пад аркадай на інтэнцыю, каб на другі год ты ў мяне была з правай рукі?

- Так, Яська, але мы цяпер далей ад гэтага, як тады.

- Чаму?

- Бачыш, ты маеш перадусім сваю палітычную працу, якую робіш коштам свайго здароўя, я маю адказнасьць за сваю сям'ю, ты-ж добра ведаеш, як у нас выглядае, нашыя матар'яльныя падставы моцна падкапаныя; усе тысячы ў расейскім банку трэба адпісаць на страту. Я і так, што магла спусьціла на чорнай біржы з расейскай Думы і аблігацыі казначэйства.

- Ну й добра зрабіла, бо бальшавікі іх прызнаваць ня будуць.

- Гэта я добра ведаю, Яська, але й нямецкія грошы йдуць да канца. Ці тата зможа йзноў адчыніць сваю фабрыку, для мяне вялікае пытаньне, а тут нас яшчэ зьядаюць хваробы; ну так, я зарабляю, але гэта толькі частка нашых выдаткаў; вось бачыш, мой абавязак клапаціцца аб сям'і, а не аб сабе.

- Юлінька, ты-ж мяне перад Лялінай хваробай прасіла аб carte blanche. Так пакуль што мушу яе табе зьвярнуць нявыкарыстанай. Мяне сум бярэ, што ты гэтак зьмянілася, і вочы твае не сьмяюцца і нашая amor ardens пагасла.

- Не зусім, мой родны; яна мае два складнікі: галоўны - шчырая прыязьнь - нам застаецца. Як Бог дасьць, гэтак жыць будзем. Але пяройдзем да ўсіх.

На Пастэрку мы гэтым разам не пайшлі, было холадна й я падумала: лепш, калі Іван пойдзе раней адпачываць. Іван на разьвітаньне, цалуючы мне руку, ціха сказаў:

- Юлінька, не глядзі гэтак сумна на мяне, з часам усё зьменіцца на лепшае.

Дзе і як мы спатыкалі Новы, 1918-ты год, я так і ня памятаю; ведаю толькі, што ў той час Іван мне часта казаў:

- Юлінька, калі твае вочы павесялеюць, ты зрабілася гэткая паважная й ціхая.

V. 1918 год

Беларуская канфэрэнцыя ў студзені. Выезд дэлегацыі ў Менск. Іван Луцкевіч вяртаецца хворы

Сумна распачаўся для ўсіх нас год 1918-ты. Праз фронт, які запраўды перастаў быць фронтам дзеля поўнага раскладу расейскае арміі, шмат уцекачоў пачало вяртацца з Расеі ў родныя куты. Вярнуліся й нашыя крэўныя ў Беласток і паведамілі нас, што мой брат Альфрэд (Міка), афіцэр расейскае арміі, загінуў летам 1917 г. на паўдзённым фронце. Калі Іван на другі дзень пасьля гэтае весткі заглянуў да нас, то перапужаўся, што ўсе маюць заплаканыя вочы. Ляля ізноў расплакалася, калі паказвала фота й расказвала, які Міка быў мілы і добры брат, які яе ўсюду браў із сабой і вельмі яе любіў.

- Ведаеш, - казала я Івану, - з мамай проста бяда, яна ня хоча верыць у сьмерць брата, кажа: і кулі яго не ўзялі (ён быў у канцы 1914 г. цяжка ранены, але вылечыўся), і тыфус і халеру ён на фронце перанёс; гэта няпраўда, ён ня мог загінуць цяпер, калі вайна амаль скончылася. (Бедная мама ад таго часу зусім расхварэлася, уначы мала спала і ўсё прыпамінала сыноў і свае прапаўшыя рэчы і яе мучыў страх перад будучыняй.)

Іван пасумнеў і казаў:

- Трэба нам усім моцна трымацца, Бог ведае, па кім яшчэ плакаць будзем!

На бяду гэтыя словы хутка зьдзейсьніліся. На канец студзеня была вызначаная беларуская канфэрэнцыя ў Вільні. На Юркаўскім праспэкце была нанятая вялікая саля, бо ў беларускім клюбе было зацесна. У вызначаны дзень я прыйшла ў Камітэт, скінула паліто ў Пятрусі і яна мне сказала:

- Як пані паважна ў сваёй чорнай аксамітнай сукенцы выглядае, як сама жалоба з гэткім сумным тварам.

- А пан Іван ужо гатовы?

- Так, сядзіць у габінэце, атрымаў якійсь ліст.

Я ўвайшла. Іван сядзеў із зьбялелым тварам і ў руцэ яго дрыжэў нейкі лісток.

- Яська, што з табой?

Ён з болем на мяне глянуў і падаў мне лісток. Я прабегла вачыма.

- Яська, мой бедны Яська! - і прытуліла ягоную галаву да сябе, - мамы, тваёй мамы няма!

- Ціха, - шапнуў ён, - каб Пятруся ня чула, каб Антон ня ведаў, ён ужо там у салі, ён будзе маршалкам канфэрэнцыі.

- Так, Яська, так, мы будзем моцныя, я цябе разумею, - і я ціха яму пацалавала вочы, каб ня плакалі, як казала я. Я пайшла ў кухню па ваду, сама выпіла й падала Івану і потым мы разам пайшлі. У часе канфэрэнцыі я ўсё глядзела, як Іван добра трымаўся і толькі нэрвовы тон яго, як заўсёды моцных прамоваў, казаў аб ягоным узрушэньні. Усе дні канфэрэнцыі перад Антонам мы скрывалі гэтую сумную вестку. Ужо пасьля канфэрэнцыі, на якой была выбраная Беларуская Рада як палітычны ворган беларусаў пад нямецкай акупацыяй, Іван мне сказаў:

- Ты за мяне скажы Антону аб сьмерці мамы, мне гэта зацяжка, - і Іван выйшаў у горад. І вось, калі Антон быў адзін у пакоі, я ціха падыйшла да яго, абняла за плечы й сказала сумную вестку. Ён расплакаўся, я яго гладзіла па галаве, казала добрыя словы, супакоіла яго і ён потым са сьлязамі мне пацалаваў руку.

- Дзякую, што пані, як сястра, дзеліце нашае гора, - бо і я мела вочы поўныя сьлёзаў. Прыйшла Пятруся і яна расплакалася на гэтую сумную навіну, а калі вярнуўся Іван, ён мусіў даць Антону прачытаць ліст; я зь Пятрусяй паднялі пытаньне аб жалобнай імшы, Іван вышукаў старыя лісты сваёй маці і мне іх чытаў: столькі любові выяўляла маці да сыноў сваіх. Гэтак мы спраўлялі памінкі па маці, у гэтым горы мы былі як адна сямейка.

Іван вельмі пераймаўся хуткім ходам палітычных падзеяў; на мірныя перамовы Іоффэ і палкоўніка Гофмана ў Берасьці ён глядзеў гнеўна:

- Вось далі людзям, якія нічога не разумеюць, магчымасьць рэзаць жывое цела нашага краю!

Калі на пачатку сакавіка немцы занялі Менск і далейшыя абшары Беларусі, Іван рвецца ў Менск, каб прыняць удзел у тварэньні незалежнай Беларусі і як прадстаўнік Беларускай Рады зь іншымі сябрамі едзе ў Менск. Там Іван прыймае ўдзел у гістарычным Акце абвешчаньня Незалежнай Беларусі 25-га сакавіка. Пасьля прыезду ў Вільню ён хворы, празяблены, але як-бы гэтага й не адчувае, а зь вялікім захапленьнем апавядае аб росьце беларускага руху, і што ёсьць там новыя людзі, якія далей павядуць Беларусь да вольнага жыцьця. Гэтае падарожжа яму каштавала шмат здароўя і на пэўны час прыкавала яго да ложка, яго мучылі гарачка і кашаль, які яму разьдзіраў лёгкія і ён кашляў з крывёю. Але ён толькі пару дзён адпачыў, ён не шкадаваў астаткаў свайго здароўя і далей вёў сваю працу.

У дні ягонай хваробы я ўвесь час, які магла ўрваць, праводзіла каля ягонага ложка. Як ён цешыўся, калі я прыходзіла прыгледзець за ім, ён мне казаў, што ад раніцы чакае, калі пачуе мае каблучкі на карыдоры. У вольныя хвіліны апавядаў мне аб Менску, як яму было сумна глядзець на пустыя куты, дзе калісь яго спатыкала маці. Казаў аб сёстрах, іх дзецях і ўсёй радні, із словаў ягоных было бачна, як блізкія яны яго сэрцу.

Ведама й гэтай вясной у нас у хаце бяз новых хваробаў не абыйшлося. Гэтым разам захварэў брат Лёнька на сустаўны рэўматызм і пралежаў 6 тыдняў, вылячыў яго наш добры доктар Брок. Ляля, якая ўсё яшчэ хадзіла на Höhensonne, цьвіла, як кветка, і доктар казаў, што пасьля году лячэньня яе можна лічыць здаровай.

Калі Іван пасьля сваёй хваробы праведаў хворага Лёньку, то казаў:

- Добра, што хоць ты й тата трымаецеся; бачу, дагляд хворых - твой лёс, вось і для мяне заўсёды ў часе хваробы знаходзіш і час, і добрыя словы, хоць я бываю часта «немагчымым», як ты кажаш.

А ў мяне ў той час было шмат працы, бо заняўшы новыя абшары Беларусі і Ўкраіны, немцы рабілі апісаньне новых гарадоў і месцаў і я шмат тлумачыла, асабліва з «России» Сямёнава IX том, і пан Егер быў у нас часты госьць.

Як толькі Іван трохі паправіўся, ён ізноў няўтомна ўзяўся за працу. Тут справа Рады й перамовы прадстаўніцтва ў Тарыбу яму забіралі шмат часу й нэрваў. Як-бы адпачынкам для яго была арганізацыя Беларускага Навуковага Таварыства, якому аддае зборы свайго музэю. І каб паказаць памяткі беларускай старасьветчыны ён разам зь нямецкім вучоным др. Іпэлем ладзіць выстаўку ў Вільні ў траўні 1918 году. Я ў той час не магла яму дапамагчы, бо мела вялікую бяду ў хаце. Мама празябілася ў халодныя травеньскія дні і цяжка захварэла на запаленьне лягеняў. Ратаваў ізноў др. Брок; былі крытычныя дні, мы спадзяваліся найгоршага і мама сама чула, што зь ёй дрэнна і раз казала мне:

- Дай мне слова, што дапаможаш тату выгадаваць малодшых дзяцей і не пакінеш тату на старасьць. І калі ты выйдзеш замуж за свайго Івана, то і ён табе дапаможа, бо ён добры й сумленны чалавек.

Аднак мама выжыла, але ейнае сэрца было дарэшты аслабленае і др. Брок мне казаў:

- Хоць мы й выратавалі вашую маму, але яна толькі госьць. Яе сэрца гэтак аслаблена, што кожную хвіліну можа спыніцца. Вам я мушу казаць праўду, каб вы ведалі, на што спадзявацца.

І гэтую гутарку я захавала для сябе, не сказала ні тату, ні Лялі, каб іх не пужаць. У хаце мама то ляжала, то ўставала, а калі я выходзіла з хаты, то пакідала маму на догляд Лідкі і Юзэфовай.

Пры ладжаньні выстаўкі я паслала Івану на дапамогу Лялю, ён, раскладаючы рэчы, усё тлумачыў і паясьняў, і Ляля потым дзяжурыла цэлымі днямі (бо больш на лячэньне не хадзіла) на выстаўцы і інфармавала гасьцей. Зь Вільні найлепшыя рэчы з выстаўкі былі адпраўленыя ў Менск, там таксама др. Іпэль і Іван ладзілі выстаўку.

За пару дзён да ад'езду ў Менск Іван да мяне зьявіўся з кветкамі й, цалуючы мне рукі на прывітаньне, казаў:

- Ведаеш, мы сяньня маем нашую гадавіну, тры гады таму ты з Нагаткінай прыйшлі ў мой музэй.

- Вось як ты гэта запамятаў!

- Ведама, ты зь першага разу на мяне зрабіла глыбокае ўражаньне, - казаў Іван.

- Ну, калі сёньня ў нас сьвята, то заставайся на вячэру, пагутарым з табою і ўспомнім мінулае й Бэльмант. Ах, я-б ахвотна пасядзела-б на нашай любімай горцы, але далёка, ты зморышся. Ну й гэта сьвята, калі ты мне ахвяруеш пару часінаў, мне адной ня так сумна будзе!

- Так, і Лялі няма, ты тутака ўсё адна (Лялю і Олю мы выслалі на лета на вёску да сваякоў маёй братавой ля Прэнаў у Ковеншчыне, дзе было больш малака і яек).

- Ну, я маю сваю працу, Лёньку і бацькоў...

- А як здароўе мамы?

- Сам пабачыш.

На вячэру я загадала зрабіць на скаварадзе добрую яешню да бульбы. Ня доўга мы сядзелі ў сталовай, бачылі, што маме цяжка гаварыць і я параіла ёй зараз-жа пайсьці ў ложак. Калі мы прыйшлі наніз, Іван сказаў:

- Так, з мамай тваёй дрэнна, бачна, што ёй цяжка дыхаць.

- Ну так, сэрца слаба працуе.

- Яна нічога ня ела, а толькі малако піла ды лыжку мёду ўзяла.

- Так, яна нічога цяжкога есьці ня можа.

- Ну, ведаеш, і мне цяжка зрабілася пасьля гэткай сытнай вячэры!

- Тады прыляж на атамане, адпачні!

- Хіба ў цябе на каленах, бо хачу, каб ты была пры мне.

Я села ў кут атаманы, палажыла на калены падушку і Іван выцягнуўся, я яго яшчэ прыкрыла лёгкай коўдрай, што была на атамане. Іван узяў мае рукі й далікатна пачаў перабіраць пальцы.

- Як мне добра з табой, а мы так рэдка маем разам спакойную часіну.

Я лагодна пацалавала яго ў вочы.

- Можна сказаць: «сьпі вочка, сьпі другое».

- Ах не, я хачу пагутарыць з табой. Юлінька, я ўвесь час марыў аб тым, каб мы разам паехалі ў Менск, я так хачу пазнаёміць цябе з маімі роднымі, кахаючы мяне, ты і іх пакахаеш!

- Але Яська, усё гэта немагчыма, бачыш, мама пад Богам ходзіць, яе кінуць нельга, ну і затым мы ня венчаныя!

- Ах, гэта апошняя перашкода, нас бы знаёмы ксёндз-беларус ціха павянчаў і мы-б зрабілі вясельнае падарожжа.

- Яська, у цябе заўсёды мары! Нават калі-б я насіла тваё ймя, і тады-б не паехала, бо мама захворая.

- Так, я ўсё забываюся, што ты маеш сямейныя абавязкі.

- Яська, пакіньма мары, вось лепш скажы, як доўга ты будзеш адсутны?

- Сам ня ведаю, вось хачу пабываць у розных куткох Беларусі, сабраць рэчы для выстаўкі...

- І гэтак доўга насіцца, покуль хворы ня вернешся дахаты!

Гэтай тэмы Іван не любіў, сказаў, што спакойна паляжаць хоча і параіў мне штосьці «памурлыкаць», гэта значыць пяяць упаўголасу, і я пачала калыханку: «Бабка, бабка, прадай воліка». Змораны Яська заснуў. Я глядзела на ягоны худы, бледны твар і ўспамінала словы др. Брока: - Ён больш як два гады не пражыве. - Адзін ужо прайшоў, што зь ім будзе за год, - пытала я сябе. Я ціха сядзела, была здаволеная, што маё вялікае дзіця сьпіць. Калі праз добрую гадзіну ён прачнуўся, то спачатку ня мог зразумець упацёмку, дзе ён, і толькі схапіўшы мае рукі, прыпомніў.

- Ах, гэта я на тваіх каленах заснуў, вось як мы сьвяткавалі нашую гадавіну!

- Так, Яська, як гэта па лаціне: «tempora mutantur et nos mutamur in illis». Хоць мы шмат у чым зьмяніліся, аднак нашая прыязьнь яшчэ ўзмоцнілася. Ідзі дахаты й адпачывай гэтыя дні перад падарожжам.

Ізноў я пацалавала яго ў вочы на дабранач і праводзіла за браму. Хутка Іван выехаў і пачаў насіцца па ўсёй Беларусі. То ён быў у Слуцку, то ў Магілеве й іншых куткох роднага краю, усюды заклікаў да беларускай працы і арганізацыі, адшукваў і ратаваў памяткі мінуўшчыны для свайго музэю й выстаўкі. І праўда, выстаўка ў Менску, згодна із справаздачамі ў газэтах, была багацейшая за віленскую і пан Егер езьдзіў туды й, памятаю, вельмі яе хваліў.

У той час я страціла, як я казала, meinen väterlichen Freund, запраўднага прыяцеля, бо добры др. Брок зьявіўся пэўнага дня з разьвітальнай візытай. Ён атрымаў падвышэньне і разам з тым быў вызначаны на Заходні фронт, дзе немцы не маглі ўстрымаць вялікай афэнзывы аліянтаў. Там трэба было ратаваць раненых. Ён быў сумны, што пакідае Вільню, дзе чуўся вельмі добра, ня цешыла яго падвышэньне, і ён, і я пэсымістычна глядзелі на будучыню Эўропы. Бог ведае, што із гэтага агульнага развалу атрымаецца!

- Ну, а як ваш друг? - спытаў др. Брок, - ці ён усё яшчэ поўны надзеі, што ягоная бацькаўшчына здабудзе сабе незалежнасьць у гэтым хаосе. Памятаю, зь якім энтузіязмам ён тады аб гэтым казаў.

- Так, доктар, ён для зьдзейсьненьня гэтай ідэі ахвяроўвае свае астатнія сілы й носіцца цяпер па ўсёй Беларусі. Я з трывогай чакаю ягонага прыезду, ён ізноў заляжа ў ложак.

- Так, ён траціць свае апошнія сілы, можна толькі падзіўляць ягоную моц духа. Ведаеце, для гэткіх людзей я маю асаблівую пашану, якія забываючыся аб сабе служаць сваёй бацькаўшчыне. Вось і ў нас, сярод маіх раненых, былі такія адзінкі, большасьць зь іх згінула і для іх гэта можа й лепш, што не дачакаліся гэткіх сумных падзеяў, і вашаму другу магу толькі зычыць, каб ён адыйшоў зь верай у зьдзейсьненьне сваіх ідэалаў.

- Так, доктар, і гэта маё жаданьне; маімі сумнымі думкамі аб нашай будучыні я яму настрою не псую, а стараюся яго далей падтрымоўваць на духу, калі хвароба даецца ў знакі.

- Гэта для яго шчасьце, што ён у пані мае гэткую добрую душу.

Мы яшчэ гутарылі аб ягонай сям'і, ён абяцаў даць аб сабе вестку, мы абмяняліся адрасамі, і на разьвітаньне, калі ён падаў мне руку, я мела вочы поўныя сьлёзаў.

- Доктар, - казала я, - усё жыцьцё я вас памятаць буду, вы былі ня толькі добрым лекарам, але й другам, да якога я зьвярталася з усімі маімі няшчасьцямі (ein väterlichen Freund).

- Ну і я вас навучыўся глыбака цаніць. Вы для мяне тып жанчынаў, аб якіх Шыллер кажа: «Ehret die Frauen, sie flechten...»

- Так, доктар, я ведаю гэты верш. Дзякую за гэта. Вам і вашай сям'і зычу ўсяго найлепшага (Доктар Брок пасьля вайны напісаў мне некалькі адкрытак, ён ізноў вёў сваю клініку ў Ене. Потым ён змоўк. Калі ў Нямеччыне пачалося за часоў Гітлера дзікае перасьледваньне жыдоў, я часта ўспамінала добрага доктара Брока й спадзявалася, што ён у свае старыя гады не дажыў да гэтых жудасьцяў.)

Новыя людзі ў Камітэце: Янка Станкевіч і Тарашкевіч

Калі Іван вярнуўся летам у Вільню, ён быў зусім хворы і залёг у ложак. Добра, што я магла ахвяраваць хвораму больш часу і лепш карміць яго, бо з прадуктамі зрабілася ў сярэдзіне 1918 году лягчэй. Немцы падвязьлі муку з Украіны і ўраджай быў добры і гэтак усім сталася лягчэй жыць і нашыя хворыя мелі лепшае аджыўляньне.

Іван з ложка свайго кіраваў справамі. Асабліва цешыла нас, што ў Камітэце знайшліся новыя людзі да працы. Прыехаў з войска Янка Станкевіч, малады, дзельны й заядлы беларус. Мы ўсе называлі яго Янучок, а я з Іванам казалі ня раз, што гэта наш Саванарола, дзеля ягонай фанатычнай адданасьці беларускай справе.

- Ён трохі аднабаковы й нудны сваім фанатызмам, - казала я іншым разам Івану.

- Нічога, - адказваў ён, - і гэткія фанатыкі беларускае справы мусяць быць, з часам вырабяцца, на іх лічыць можна, яны не пахіснуцца і ў працы сябе апраўдаюць.

І праўда, Янучок засеў за пісьменны стол хворага Івана і калі што, то зь пенай на вуснах бараніў свае пагляды й працаваў за двох. Прыехаў і Браніслаў Тарашкевіч, яго мы ўсе называлі Тарас, яму Іван асабліва быў рады, гэта быў ягоны гадунец, як казаў Іван. Ён сачыў за ягонай навукай у Пецярбурскім унівэрсытэце і ганарыўся, што Тарас, як вучань акадэміка Шахматава, будзе самай выдатнай навуковай сілай у пытаньнях беларускае мовы й літаратуры. Тарашкевіч быў мілы, выхаваны, з добрымі манерамі малады хлопец, цікавы субяседнік, культурны, мяккага характару, зь ім міла было весьці гутарку. Зь ім я хутка знайшла супольную мову. Ён быў на ўнівэрсытэце на некалькі год маладзейшы за мяне, але мы гутарылі аб нашых супольных прафэсарох, аб ягонай дальнейшай навуковай працы. Ён казаў, што я яму магу дапамагчы вывучаць гоцкую мову, бо яна яму будзе патрэбная дзеля яго стараславянскіх досьледаў. Адным словам, мы хутка сталіся добрымі знаёмымі і ён часта бываў у нашым доме (Калі ўспамінаю Тарашкевіча, то мяне заўсёды бярэ жаль, што ён палітыкай змарнаваў сваё жыцьцё і беларуская культурная праца панесла вялікую страту, бо ён быў вельмі здольны філёляг і знаток беларускае мовы. Затым вялікая страта, што ён толькі распачаў пераклад з грэцкае мовы Іліяды Гамэра. Ён мне чытаў пераложаную ім першую песьню й магу толькі сказаць, што й мова і гэксамэтр былі без заганы. Запраўды, із Тарашкевіча быў-бы таленавіты перакладчык і беларускі вучоны.)

Летам 1918 г. і Антон адбывае падарожжа ў Кіеў, навязвае кантакт з прыязным украінскім народам і адтуль прывозіць пазыку ў карбаванцах, дзеля палітычнай беларускай працы. Па маіх настаяньнях карбаванцы былі выменяныя на нямецкія грошы на чорнай біржы і адложаныя на запас. Прывёз мне Антон і добрую вестку, што мой брат Люцік яшчэ знаходзіцца ў Кіеўскім кадэцкім корпусе, гэта мяне супакоіла, што ён жывы, бо за апошні час шмат сумных вестак дайшло да нас: 4 кузэны згінулі, адзін - на фронце, а тры былі забітыя бальшавікамі, сярод іх быў брат нашай Лідкі, якая не магла пагадзіцца, што так трагічна згінуў ейны адзіны брат. Аднак я ня мела часу сумаваць па ўсіх, бо да глыбокай ночы сядзела над перакладамі.

Хворы Іван ня доўга пілнуе ложка. Палітычныя падзеі йдуць хуткім тэмпам, немцы разьбітыя на Захадзе, яны там адступаюць і ў Нямеччыне наступае развал. На нашых землях немцы падтрымоўваюць толькі летувісаў зь іхнай Тарыбай; беларусы мусяць з гэтым лічыцца: вядуць бясконца зь летувісамі перамовы, каб бараніць інтарэсы беларускага насельніцтва. З гарачкай Іван зрываецца з ложка, зьбірае Беларускую Раду, вядзе перамовы, якія, на жаль, канчаюцца ўрэшце тым, што Іван Луцкевіч, як і іншыя беларусы, дэманстрацыйна пакідаюць Тарыбу, як яе сябры, бо ня бачаць магчымасьці супрацоўніцтва. О, колькі здароўя каштавала хвораму Івану гэтая справа. Іншыя летувісы-шавіністы перасталі яму кланяцца і ён ім адказваў гэтым самым. Раз Ляля (якая даўно ўжо была ў хаце) і я прыйшлі да Івана й апавядалі, што й нам больш ня кланяецца Bellen das Schaf - гэтак мы жартам празвалі летувіса др. Ш., ён сам са сваёй важнай напушанай мінай прыпамінаў нам рысунак зь дзіцячай кніжкі «Рэйніке-ліс», там баран Бэллін у льва-караля Нобля служыць дварцовым капэлянам.

- Ну, ён паказаў, што хоць і здабыў заграніцай доктара філязофіі, то ўсё-ж выхаваньня ня мае. Вы-ж жанчыны і нічога ня маеце супольнага зь іхнай палітыкай, вы яго слушна празвалі, - казаў Іван.

І тут у нас пачалася гутарка аб тым, што вось беларусы, як толькі атрымаюць трохі асьветы і аглады, хутка ўспрыймаюць манеры сьвецкія; трудна сказаць аб іх, у якой хаце яны нарадзіліся й выхаваліся.

- Вось, - казала я, - Тарас, сын селяніна, а з выгляду і манераў - арыстакрат. Ксёндз Адам трымаецца як дыплямат і шмат другіх такіх ёсьць.

- Гэта сьветчыць, - казаў Іван, - што беларускі народ старой культуры, якая ўвайшла ў кроў усіх ягоных слаёў.

Гэтая гутарка была ўжо ўвосені 1918 г.

Калі Іван трохі адпачыў і паправіўся, ён ізноў думаў, як яму паехаць у Менск, каб там прыймаць удзел у арганізацыі беларускіх установаў і абароны супраць бальшавікоў, бо дасьпявала й нямецкая рэвалюцыя і калі немцы пакінуць нашыя землі, то іх зоймуць бальшавікі. І вось Іван едзе ў кастрычніку апошні раз у Менск. У часе ягонай адсутнасьці памірае 1-га лістапада мая бедная маці, яе хворае сэрца ня вытрымала. На хаўтурах мы празябіліся і ўсе перахварэлі на цяжкую грыпу, якую тады называлі гішпанкай, але абыйшлося без камплікацыяў, я асабліва баялася за Лялю.

Калі вярнуўся Іван, то мы ўжо былі здаровыя. Калі я яму апавядала аб сьмерці мамы, то ён меў вочы поўныя сьлёзаў,

Змаганьне за Базыльянскія муры і сумныя Каляды 1918 г.

Гледзячы на Івана, я прыпамінала прароцтвы др. Брока, бо ён выглядаў, што хоць сягоньня ў гроб кладзі. Можа гэта было перамучаньне й сум, што справы ў Менску кепскія, немцы не дазволілі арганізаваць беларускае войска й адміністрацыю, яны ў гэтым мусі былі ў змове з бальшавікамі. І ў Вільні ўсё йшло на ліквідацыю нямецкай акупацыі. Былі зачыненыя Arbeits stuben, адна нямецкая ўстанова зачынялася за другой. Zeitung der X Armee яшчэ выходзіла, але малога фармату і я страціла сваю працу - мае пераклады. Гэтак я мела больш часу, каб памагаць хвораму Івану. Хоць ён ледзь трымаўся, але пачынае барацьбу за Базыльянскія муры, каб там адчыніць беларускую гімназію і залажыць беларускі Музэй. Ізноў пачалася пісаніна да нямецкіх уладаў і я ўсюды хадзіла з Іванам, як сябра Камітэту да Stadtverwaltung (гарадзкое ўпраўленьне), Militärregierung (ваеннае ўлады) і можна сказаць, што ў апошні мамэнт, у канцы сьнежня, Беларускі Камітэт атрымаў дазвол заняць Базыльянскія муры, пасьля вайсковага нямецкага лазарэту, які ўжо раней быў эвакуяваны. Пачалася сьпешная падрыхтоўка да арганізацыі беларускай гімназіі й вучыцельскага пэрсаналу. З Расеі вярнулася шмат людзей у Вільню і да іх далучыліся ўцекачы з Усходняе Беларусі, якія ратаваліся ад бальшавікоў. Гэтак да працы ў гімназіі знайшліся адпаведныя сілы, калі толькі ўспомню: Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская (якая потым выйшла за яго замуж), Міхаіл Кахановіч, першы дырэктар; Алёна Сакалова, ксёндз Адам Станкевіч, Іван і Антон Луцкевічы, мая асоба й іншыя.

Закладчыкі гімназіі зьбіраліся пераважна на Віленскай 33. Хворы Іван накідаў сваю бэкешу і кашляючы абмаўляў усе справы па арганізацыі гімназіі. Трэба сказаць, што ўсе закладальнікі гімназіі пакладалі шмат працы і яшчэ й собскіх грошай. Гэтыя нарады былі перарваныя толькі на сьвяты.

Сумныя былі Каляды 1918 г. Як заўсёды, у нас на куцьцю былі Іван і Антон і нашага прыяцеля пана Егера мы прыймалі апошні раз. Настрой быў паважны, усе адчувалі, што няма маці гэтай сям'і. Але адбылося ўсё згодна абычаю, і ёлка і падаркі былі. Івану я падаравала рукавіцы і шаль з воўны, якую Ляля прывезла зь вёскі, а я ад яго атрымала пэрсыдзкі коўрык. (Гэты малы коўрык пайшоў са мной у ванроўку і цяпер ляжыць каля майго ложка і памагае прыпамінаць мне старыя часы.) Пан Егер мне прынёс увесь камплект Zeitung der X Armee (я яго ў лютым 1941 г. аддала ў Музэй імя Івана Луцкевіча). На Пастэрку мы й гэтым разам ня выбраліся, бо Іван быў захворы. Калі падалі гарбату, Іван падсеў да мяне і казаў:

- Юлінька, можа ты падрыхтуеш парадны абед, каб прыняць маіх гасьцей, якія зь Менску едуць далей на Захад.

- Добра, на які дзень?

- На другі дзень сьвятаў. Толькі пастарайся, каб быў добры...

- Ну ўжо будзь спакойны, - адказала я.

І на першы дзень Каляд, калі мы гарбаткай у Івана прыймалі менскіх гасьцей, я запрасіла іх да нас на Бакшту на абед. Памятаю добра паноў Варонку й Зайца, усе спадзяваліся, што бальшавікі ня доўга пратрымаюцца і былі добрай мысьлі, што можна будзе распачаць адбудову беларускай дзяржаўнасьці. Але чалавек прадпагалае, а Бог распалагае. Гэты абед так добра захаваўся ў маёй памяці, бо Іван быў тады апошні раз у нашай хаце. Ён так расхварэўся, што пакідаць свой ложак і выйсьці на вуліцу было для яго вялікім высілкам.

VI. 1919 год

Вільня занятая бальшавікамі: голад і жудасьць

Немцы пакінулі Вільню 30-га сьнежня, зь імі шмат людзей выехала на Захад і летувіская Тарыба са сваімі сябрамі перанеслася ў Коўна, туды пераехаў і пан Дамінік Сямашка і В.Ластоўскі й іншыя знаёмыя. У Вільні была зарганізаваная жыхарамі гораду самаабарона і затым былі слабыя аддзелы летувісаў, зарганізаваныя Тарыбай. Аднак, калі 1-га студзеня 1919 г. увайшлі аддзелы Чырвонай арміі, усе нашыя абаронцы разьбегліся й Вільня апынулася ў руках абдзёртай ватагі бальшавіцкай. Прадстаўнікоў гэтай «слаўнай» Чырвонай арміі я пабачыла па Пляцы катэдральным, калі йшла да хворага Івана. Брудныя, касавокія, у парваных шынэлях, каму ледзь да каленаў шынэлі даставалі, у другіх амаль па зямлі валачыліся. Ружжы на шнурах віселі праз плячо. «Божа мой, - думала я, - і гэтыя абадраныя банды хочуць сьвет заваяваць!» Калі я прыйшла да Івана, я сказала:

- Ну, касавокія сыны Азіі йдуць на нас. Але лічу, што за часоў Чынгісхана ягоныя войскі лепш выглядалі і трэба спадзявацца, што Эўропа хутка справіцца з гэтым нашэсьцем Мамая. (Але гісторыя паказала, што ўсе мы тады памыліліся.)

- Ну, трэба як найхутчэй адчыніць гімназію, пакуль яны зарганізуюць свой аддзел асьветы, каб гімназія ўжо працавала.

Ну і ўсе працавалі ў паскораным тэмпе, нарада йшла за нарадай, усё гэта адбывалася на Віленскай 33. Інвэнтар, лаўкі і сталы адшукалі на стрыху Базыльянскіх муроў і прынялі як спадак пасьля праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, якая там мясьцілася да вайны. Супольнымі сіламі гімназія была адчыненая 1-га лютага 1919 году, і Іван, які прыехаў на дарожцы, меў сваю першую лекцыю-прамову, якой захапіў усіх і вучыцеляў і вучняў. І я сядзела, слухала і думала: «Божа мой, ён гэткі хворы захаваў столькі жару душы сваёй, што ўмее пераліць свой запал і любоў да Бацькаўшчыны ў сэрцы сваіх слухачоў». Тады ён казаў аб гісторыі Базыльянскіх муроў і што ўсе, якія тут працуюць і вучацца, мусяць уваскросіць вялікія традыцыі закладчыкаў гэтых муроў і вучэльні. Дадому я тады паехала разам з Іванам, бо баялася, што кроў яму кінецца горлам.

Наш дырэктар зарэгістраваў нашую гімназію і вучыцельскі пэрсанал у Камісарыяце Асьветы і працаўнікі беларускае гімназіі, як і іншых школаў, пачалі атрымліваць свае пэнсіі згодна стаўкам ад Камісарыяту Асьветы. Іван у лютым меў яшчэ некалькі лекцыяў у гімназіі, ён зрываўся з гарачкай, ледзь трымаўся на нагах, але ягоныя лекцыі беларускай гісторыі, хоць перарываныя кашлем, былі заўсёды вялікім здарэньнем у гімназіі.

Можа патрыятычны дух ягоных лекцыяў быў не па сэрцы бальшавіцкім уладам. Іван дачакаўся вобыску. Добра, што тады не было ўжо ў Вільні Антона. Апошні на пачатку лютага ў сільны мароз, узяўшы як падмогу грошы, выменяныя з карбаванцаў, выехаў канём у Горадню, каб праз Польшчу дастацца заграніцу і там, на міжнародным форуме бараніць права Беларусі на самастойнае жыцьцё. Памятаю, як мы разьвіталіся, як мне цалаваў рукі, як апякунцы хворага Івана, якога пакідаў на мой і Пятрусі дагляд. Сумны быў Іван пасьля выезду Антона:

- Бог ведае, ці мы яшчэ пабачымся. Добра, што хоць цябе тут маю, - казаў ён ня раз.

Ведама, бальшавікі не знайшлі чаго шукалі, беларускія архівы былі загадзя вынесеныя зь Віленскай ЗЗ, і яшчэ пры Антону мне Іван перадаў пудэлачка, у якім былі: ажэрэльле, брасьлет і малы крыжык з цапочкай вэнэцыянскай работы.

- Бачыш, гэта я ўсё хаваў, як вясельны падарунак для маёй жонкі. Схавай у сябе гэтыя рэчы, тут яны хутчэй прапасьці могуць. Я ўсё спадзяюся, што яны яшчэ выпаўняць сваё прызначэньне, - казаў мне Іван (пасьля сьмерці Івана я ўсе каштоўнасьці аддала Антону для ягонай жонкі, сабе пакінула толькі крыжык, які і цяпер нашу). Ну, а грошай ніколі ў Івана шмат не было.

Аднак гэты першы вобыск вельмі нас усіх устрывожыў; я пачала ў душы баяцца, каб пэўнага дня не забралі хворага Івана, які вельмі ўстрывожыўся, але не за сябе, а за свой музэй і наказаў мне прыхаваць лепшыя экспанаты па куткох. А Пятруся перацягнула пад ложак Ядзькі ўсе запасы круп ды мукі. Казала, што гэтым разам у яе пакоі ня рыліся, бо яна сказала, што яна - «рабочы народ» і яе малая дачка ляжыць хворая. Ну й ня шмат чаго было хаваць, бо ладная доля запасаў, якія мы гарачкава рабілі перад адыходам немцаў, была зьедзеная. У студзені, як толькі прыйшлі бальшавікі, усё прапала, усе крамы былі пустыя і тады мы ўжо казалі, што прыйшла саранча, якая нас агалаціла (гэтае зьявішча мы перажылі і ў 1920-ым годзе, у часы бальшавіцкай акупацыі ў канцы лета, у часы польска-бальшавіцкай вайны й нават у 1939 годзе, калі ў Вільню прыйшлі бальшавікі вызваляць нас ад усякай маёмасьці). Усё перайшло на гандаль з-пад палы, але й гандляваць было цяжка, бо горад быў як адрэзаны ад сьвету і нічога нам не дастаўлялі. Зьявіліся йзноў мяшэчнікі, якія зь вёсак прыносілі бульбу й зярно, з боку Коўны прыносілі яшчэ саланіну, яна была нашай галоўнай клустасьцю і за яе мы плацілі ў той час вялізарныя грошы. Вельмі цяжка было й за вялікія грошы дастаць масла, яек, мяса, цукру й малака. Памятаю, што па знаёмству я атрымлівала на Зьвярынцы ў аднаго агародніка, які трымаў для сябе карову, у тыдзень тры бутэлькі малака за вялікія грошы, і вось Лёнька мусіў рабіць гэты далёкі спацар і прыносіў дзьве паўбутэлькі, адну па дарозе пакідаў Пятрусі для Івана, а другую прыносіў дахаты і я дзяліла гэтае малако паміж Ляляй, Лёнькам і Оляй. Мы, здаровыя, малака ня пілі, замест яго мелі чорны эрзац-каву.

За хлеб, памятаю добра, мы плацілі 4 рублі за фунт і то быў кепскі чорны хлеб. Белай мукі за грошы нельга было дастаць і наш запас мы вельмі бераглі. Ведама, мы мелі ў запасе трохі і круп і рыжу (немцы ў 1918 годзе прывезьлі) і гэтым мы дыхалі, але ўсё гэта таяла і я ўначы прачыналася й мяне мучылі думкі:

- Божа, як я іх усіх пракармлю далей, вось ізноў мяшочак з гарохам скончылі і пэнсаку палова засталася!

Ведама, у такіх умовах вельмі цяжка было хвораму Івану даць адпаведную ежу. Для нас усіх ежа складалася із зупаў з круп ды бульбы, ці кашаў, засквараных саланінай. З гародніны была амаль адна квашаная капуста; але капуста - абы тлуста, а ў нас добрая была, калі сушаных грыбкоў пару даць можна было, а хлеб быў кепскі. І вось я мела сваю бяду ў хаце, мае дзеці на ежу жаліліся, як і мой бедны Іван.

Часта, калі я прыходзіла, то Пятруся мне казала:

- Пані, зноў пан Іван зьеў толькі пару лыжак кашы, кажа, што абрыдла яму ўсё тая самая ежа. Можа пані для яго штосьці прынесла?

Калі ў хаце мы рабілі якійсь кісель, ці штосьці лепшае, то я прыносіла. Дзе магла, там даставала, то пару яек, ці трохі масла, або мяса, але ўсё гэта было выняткова. Гэтак я не магла даць беднаму Івану належнага хвораму аджыўленьня і гэта яшчэ прысьпяшала ўпадак ягоных сілаў. Кашаль мучыў Івана і ўдзень і ноччу. Трудна было ў гэты холад належна напаліць у печы, дроў не хапала. Сяляне, якія прывозілі возікі дроў, не хацелі грошай, а прадуктаў, сернікаў, газы або солі. Памятаю, мы выменьвалі дровы на соль, якая засталася зь вялікіх запасаў нашае фабрыкі, і я ня раз гэткі возік прасіла Лялю прывезьці да Пятрусі. Гэтак мы ўсе недаядалі і мерзьлі ў пакоях, і ў нас у кухні аснаваўся клюб, туды зьбіраліся ўсе, калі хацелі пагрэцца, бо там было найцяплей. Я з гэтага мала карыстала, бо калі вярталася з гімназіі, то бегла да Івана. Ляля бывала ў яго часта перад абедам і наракала, што за ўсімі людзьмі, што да яго як на одпуст ходзяць, цяжка замяніць хоць пару слоў. Пасьля абеду, а асабліва ўвечары, было менш народу, іншым разам бывала, што мы заставаліся адны. Тады мне Іван жаліўся, як ён дрэнна чуецца і як яму цяжка пасьля ад'езду Антона быць аднаму ўначы, дзе няма каму й вады падаць, калі яго кашаль мучыць. Наслухаўшыся некалькі разоў гэткіх жаляў, я раз сказала Івану:

- Яська, ведаеш, ці ня будзе лепш, калі мы цяпер павянчаемся, я была б пры табе і ўдзень і ўначы, і цябе магла-б лепш даглядаць і табе не было-б так сумна!

- Вось калі надумалася нарэшце замуж за мяне ісьці, калі я, як Лазар ляжу... Чаму ты гэтага не казала год таму, калі я езьдзіў у Менск і хацеў цябе, як маю жонку, родным паказаць, - з горкім дакорам казаў ён мне.

- Ты добра ведаеш, я тады не магла кінуць хворую маму і дзяцей. Маму Бог адазваў, Ляля паправілася, займаецца цяпер домам і можа мяне замяніць. Я буду з гімназіі кожны дзень на Бакшту заходзіць, а так увесь мой час будзе належаць табе.

- Ну, і ня будзеш ні ўдзень, ні ўначы мець спакою і замест мілых слоў я цябе маім кашлем данімаць буду. Не, мая родная, гэтую справу трэба добра разважыць.

- Ну так разважай сабе, а мне час дахаты, бо позна, - і я выйшла.

Калі я на другі дзень прыйшла да Івана і ягоныя апошнія візыцёры выйшлі, ён мне сказаў:

- Можа мы разам вып'ем гарбату, а то ў мяне ў горле перасохла, ну, а потым пагутарым.

Ён вельмі любіў, калі я разам зь ім вячэрала, казаў, што яму лепш смакуе, калі я прыгатую. Мы выпілі гарбату.

- Ну так сядзь каля мяне, дай руку, - і ён пачаў гладзіць мае пальцы, - мушу табе падзякаваць за тваю ўчарашнюю прапанову. Я разумею, ты мяне шкадуеш, але ведаеш, Юлінька, я добра ўчора разважыў і сказаў сабе: цяпер гэта сапраўды не на часе.

- Чаму, Ясенька?

- Вось у мяне за кароткі час быў другі вобыск. Яны могуць кожны дзень і за мной прыйсьці.

- Але-ж ты хворы!

- Ну, яны на гэта не глядзяць! Пакуль я адзін, то толькі мяне забяруць, а калі будзе яшчэ й жонка, то і яе бяры! Гэтак і ты можаш папасьці ў когці. Ну, і затым нельга табе забіраць твае гадзіны сну, ты й так ахвяруеш мне свой час. Ляля ўжо наракала на цябе, што ты раней сядзела да глыбокай ночы над перакладамі, а цяпер над сшыткамі.

- Ах, Ясенька, гэтыя сшыткі - мая змора, без канца папраўляць тое самае! Мае пераклады былі цікавейшыя. Так, твой першы аргумэнт паважны, калі, барані Божа, да цябе прычапіліся-б, то і за мяне маглі-б узяцца.

- Ну, бачыш Юлінька, усё мусіць застацца бязь зьменаў, пакуль бальшавікоў чорт ня возьме.

- Дай Божа, - казала я, - але калі гэтае сьвята будзе!

- Вось пабачыш, мы яго яшчэ дачакаемся, - казаў Іван із свойскім яму аптымізмам. Гэтым разам ён меў рацыю, бо за два месяцы Вільня была вызваленая ад бальшавікоў, але колькі цяжкіх хвілін і трывогі мы за гэты час перажылі.

У гімназіі праца шла-б зусім добра, каб нас не данімаў бальшавіцкі камісарыят сваймі рэформамі ды зьменамі ў праграмах. Як прадстаўнікі гімназіі ў Камісарыят асьветы былі выбраныя тры асобы, у ліку якіх была і я. І вось мы мелі прыемнасьць раз на тыдзень бываць у камісара асьветы, таварыша Бярэзіна, мусіць раней нейкага Бэркэ із бундаўцаў (Сацыялістычная жыдоўская партыя - «Бунд»), які як нэафіт-камуністы хацеў паказаць сваю камуністычную прававернасьць і нас за кожным разам усё больш лаяў, як белагвардзейскую рэакцыйную банду, якая засела ў Беларускай Гімназіі, гразіў між нас зрабіць чыстку, даваў свае інструкцыі, якія ў той час былі невыканальныя. Да мяне ён меў асаблівую антыпатыю таму, што я бараніла інтарэсы вучыцгеляў і навуковую праграму гімназіі й ня пела хвалу камунізму. У гімназіі я прасіла звольніць мяне нарэшце ад гэтага прадстаўніцтва, казала, што нэрвы мае не вытрымоўваюць і яшчэ добра зрэжуся зь Бярэзіным, але не знаходзіліся ахвотнікі мяне замяніць і дырэктар казаў мне:

- Вы ўмееце бараніць нашыя справы, да вас як да жанчыны, затым немкі, ня так прычэпяцца.

Аднак у хаце я сказала Лялі:

- Ведаеш, Лялінька, я ня пэўная, што камісар асьветы ня зробіць з часам разгром вучыцельскага пэрсаналу гімназіі й мяне, за контррэвалюцыйныя пагляды, не арыштуе. Трэба, каб ты ведала, што ў нас ёсьць і дзе ўсё схавана...

Ляля казала, што ўсё гэта мае дурныя страхі, але мы зь ёю ўсё перагледзелі й яна сабе тое-сёе зацеміла й запісала. Івану я нічога не казала аб гэтых прыкрасьцях з камісарам асьветы. Ягоны стан здароўя ўсё пагоршваўся, ён пляваў крывёю, гарачка й кашаль мучылі яго. Даходзілі яшчэ сумныя весткі, што той ці іншы бальшавікамі арыштаваны, ён таксама спадзяваўся пабачыць чэкістых і ўсё разам рабіла яго нэрвовым, ежа яму не смакавала, а сам ён усё кашляў і ўсе баяліся, што кроў у яго можа кінуцца горлам і выклікаць катастрофу. І мяне пачала мучыць думка, бо ён можа памерці бяз споведзі і Сьв. Сакрамэнтаў. Іван, як частка інтэлігентаў у нашым краі, адносіліся да касьцёла з пашанай, як да векавой традыцыі, перанятай ад дзядоў і сям'і і прызнавалі вялікае значэньне арганізацыі касьцёла й царквы ва ўзгадаваньні рэлігійных і маральных вартасьцяў, як і патрыятычных пачуцьцяў шырокіх народных масаў. Гэтак Іван ня раз казаў, што вуніяцкі касьцёл, як народны касьцёл украінцаў, на Галіччыне выхоўвае ўкраінскі народ і бароніць яго ад дэнацыяналізацыі. І для беларусаў ён жадаў незалежнай народнай беларускай царквы ці касьцёла, каб яны выхоўвалі беларускія народныя масы.

Асабіста Іван над рэлігійнымі і мэтафізычнымі пытаньнямі не задумваўся, яго жывая, дзейная натура ня мела містычнага нахілу і ён, як разумовы прыхільнік сацыялістычных тэорый, адыйшоў ад касьцёла, і ўжо шмат гадоў ня быў у споведзі, хоць урачыстыя набажэнствы на яго рабілі ўражаньне, гэта я заўважыла, калі мы былі на Пастэрцы. Я бачыла, што ён развучыўся маліцца і калі я пачынала гутаркі на рэлігійныя тэмы, якія заўсёды былі блізкія майму сэрцу, ён ухіляўся ад гэтых пытаньняў, называў мяне жартам гэрэтычкай, якая ў рэлігіі не трымаецца дагматыкі, а мае свой містыцызм.

- Ну, я табе не бараню маліцца па ўсіх цэрквах і касьцёлах, бо паводле цябе, усюды кажуць той самы «Ойча наш», а я маю свае справы й ня маю часу на рэлігійныя разважаньні!

Аднак я ведала, што ў душы яго, хоць прыглушаная попелам часу, тлела вера дзіцячых гадоў, якая му была прышчэпленая ў доме бацькоў і трэба было любячай рукою здмухнуць гэты попел часу, каб полымя веры ізноў ажыла і асьвяціла яму дарогу да Бога й Яго Міласьці. Гэта цяжкое заданьне, - казала я сабе і ўсё разважала, каго б із сьвятароў можна было папрасіць падрыхтаваць Івана да паяднаньня з Богам і прыняцьця Сьв. Сакрамэнтаў. Ксяндзоў-палякаў - у бальшыні з нацыянальным шавінізмам - Іван не прызнаваў, ну, а пара ксяндзоў беларусаў... Былі добрымі супрацоўнікамі на беларускай ніве, але якраз таму яны, як калегі па працы, не надаваліся, як аўтарытэтныя спаведнікі. І вось, пакуль я разважала, каго прасіць дапамагчы ў гэтак далікатнай справе, добрая Пятруся тут мне аказала мядзьвежую паслугу. Яна ў прастаце сваёй лічыла, што калі чалавек сьмерці заглядае ў вочы, то гэта справа само-сабой зразумелая, што клічуць ксяндза, каб ён хвораму ўдзяліў апошніх Сьв. Сакрамэнтаў. Пэўнага дня, калі Іван ізноў моцна кашляў і пляваў крывёю, яна ў найлепшай інтэнцыі яму сказала:

- Пан Іван, было-б добра паклікаць ксяндза, каб удзяліў пану Сьв. Сакрамэнтаў, гэта памагае хворым.

- Мусіць мяне ты ўжо хаваць хочаш, - з дакорам казаў Іван. - Не, не, я пакуль што паміраць не зьбіраюся і не дуры ты мне галавы сваімі ксяндзамі!

Пятруся абразілася й пайшла ў сваю кухню. Калі я ў той дзень прыйшла, то мне Пятруся жалілася на Івана, а Іван ізноў-жа на Пятрусю, што яна яго хаваць зьбіраецца. Калі я хацела заступіцца за Пятрусю, што яна мела добрую інтэнцыю, то Іван з іроніяй сказаў:

- Бачу, і пані і слуга аднэй думкі, мусі я вам абрыд маёй хваробай, што ўжо і ксяндза справодзіць хочаце, вось лепш-бы парупіліся, каб мяне адпаведна карміць, каб я хутчэй набраўся сілы, а то пры вашай ежы ногі запраўды працягнуць можна!

Гэткія вымовы хворага мяне часта даводзілі да сьлёзаў. Я ня ведала, як здабыць для яго лепшую ежу. З кожным днём, навет за вялікія грошы, цяжэй было дастаць масла, ці кусок мяса, галоўнай закрасай заставалася адна саланіна да бульбы ды кашы. Я разумела, што хвораму абрыдала аднолькавая ежа і ён слушна наракаў. Ён бедны, як шмат хворых думаў, што аб ім мала турбуюцца і, калі чуўся дрэнна, нам гэта вымаўляў, а я ў хаце тады плакала, бо ня ведала, як яму дагадзіць. Пасьля няўдалай спробы Пятрусі мы ўжо баяліся закрануць пытаньне споведзі. Пагутарыць па душы мне з Іванам было немагчыма за ўсімі людзьмі, якія прыходзілі, ці то па справах, ці проста праведаць хворага, адным словам я казала, што беларускі клюб перанёсься ў спальню Івана. Хоць я й старалася мілым спосабам выправаджваць непажаданых гасьцей, але наш хворы ўжо быў перамучаны й ягоны кепскі гумар адбіваўся на мне і Пятрусі. Яна магла хавацца яшчэ ў сваю кухню, я-ж старалася яго супакоіць і толькі выходзячы казала ня раз:

- Яська, ты ізноў быў сяньня немагчымы, - але вочы на добры сон яму цалавала. Раз, гэта было ў сярэдзіне сакавіка, ні Ляля, ні я не прыйшлі да Івана і ён бедны думаў, што ён быў гэтак немагчымы, што я загневалася й не прыйшла і прыслаў да нас Пятрусю (ейны муж застаўся з Іванам) спытаць, чаму мы аб ім забыліся.

- Ну так пойдзем разам, Пятруся, з маім новым госьцем, як доказам, што ён мяне затрымаў у хаце, - казала я. Гэты дарагі мне госьць быў мой малодшы брат Люцік (Алёйзы), які пасьля амаль 4-х гадоў, ужо 17-гадовым хлопцам, зь вялікімі цяжкасьцямі, будучы чатыры тыдні ў дарозе, дастаўся з Кіева ў Вільню. Якая гэта была радасьць! Калі я ў часе абеду выйшла на званок, перада мной стаяў у абарванай вопратцы й шынэлю худы хлапец.

- Юлінька! - Люцік! - маглі мы толькі вымавіць. Я яго абняла, але калі зьбегліся другія дзеці (таты не было ў хаце), то я не дазволіла ім прывітацца, а завяла Люціка ў прачэшную, куды яму прынесьлі зупу, распалілі кацёл, зрабілі ванну, Юзюк яму памог памыцца, уся ягоная вопратка пайшла пад кацёл, а я тымчасам вышукала вопратку памерлага брата Мікі, якая якраз пасавала Люціку і загадала нацерці яму цела й галаву Сабадыль-воцэтам, як дэзынфэкцыяй. Надыйшоў і тата. Ён вельмі ўцешыўся і са сьлязамі на вачох вітаў Люціка. І вось наш бедны хлапец, седзячы пры гарбаце сярод нас, плакаў па маме, якую больш не знайшоў і нам апавядаў як бальшавікі разагналі іх кадэцкі корпус, як ён гэтыя чатыры тыдні прабіваўся дадому, спаў на падлозе на станцыях, маючы за ежу толькі сухі хлеб, бо на іншае грошай ня меў і паказаў нам сваю апошнюю керанку ў 20 рублёў. Мы дзякавалі Богу, што хоць ён вярнуўся.

Ведама, у той вечар было запозна йсьці да Івана. Ляля была празябленая й не выходзіла з хаты. Ну, і Іван усьцешыўся, калі я прывяла яму Люціка, ён яго добра памятаў зь лета 1915 г., калі бываў у нас на Бэльманце і Люцік яго памятаў і ахвоча апавядаў аб усіх сваіх бедах і клопатах, пакуль дабраўся дахаты.

- Ну Люцік, цяпер пойдзеш у беларускую гімназію здабываць матуру, - казаў Іван. (Гэтак мы і зрабілі. Вясной 1920 г. Люцік быў у ліку першага выпуску беларускае гімназіі, брат Лёнька яе скончыў пару гадоў пазьней).

Сярод сумных падзеяў тых месяцаў гэта была адзіная радасьць у нашай сям'і.

Пацягнуліся далей шэрыя, сумныя дні, хоць і сонейка прыгравала, і птушкі зьявіліся й весела віталі вясну. Гэтага новага жыцьця я й ня бачыла за ўсімі турботамі й непакоямі, якія ўсё нарасталі: адно пытаньне, што варыць, як накарміць нашую вялікую сямейку (нас сядала да стала 9 асобаў: тата, Люцік, Лёнька, хворая Оля, Ляля ды я, кузынка Лідка, Юзэфова ды ейны сын Юзюк, хлапец 15 гадоў). Ну і затым трэба было пры дапамозе Пятрусі зрабіць разнастайным мэню для хворага Івана. Мае запасы канчаліся, а даставаць прадукты было ўсё цяжэй. Часта ўначы я спаць не магла, усё мяне мучыла думка, як я іх усіх карміць буду! Праўда, тата мне шмат дапамагаў здабываць прадукты, але й за грошы нельга было дастаць патрэбнае. Ну й маёй зморай былі бальшавіцкія арышты, якія зрабіліся павальнымі; я баялася й за хворага Івана і за сябе, бо «таварыш Бярэзін» кожным разам нас, прадстаўнікоў гімназіі, усё больш лаяў і пагражаў вычысьціць нашае контррэвалюцыйнае гняздо. І на бедным Іване адбіваўся нямала гнёт бальшавіцкага панаваньня. Адно ён вельмі хацеў мець весткі ад Антона, але мы былі як-бы адрэзаныя ад сьвету, затым Іван дачакаўся яшчэ аднаго вобыску (ужо трэйці) і мне потым казаў:

- Пабачыш, наступны раз ужо за мной прыйдуць...

Я старалася яго пацешыць, што гэткі хворы ім не патрэбны. Доктар, які кожны тыдзень заходзіў да Івана, ня меў іншай рады, як лепшае аджыўленьне і спакой, лекаў, апрача кропляў ад кашлю, не даваў, аптэкі былі пустыя, ён мне шчыра казаў, што Іван памірае, гэта я й безь яго ведала. Я толькі маліла Бога, каб мяне не пакінулі сілы, бо мой нэўроз жалудка даваўся ў знакі, я не магла есьці хлеба і ўся мая ежа была пара лыжак кашкі ды сухарыкі, якія для мяне з апошняй белай мукі пякла Юзэфова, і хоць дзеці іх дамагаліся - не давала, бо казала, што будзе, калі й нашая старэйшая паненка з ног зваліцца. Я із сумам глядзела на дзяцей, асабліва на Олю і Лялю, якія йзноў прыхварвалі.

Але вось надыходзіў і Вялікдзень. Я ня ведала, як мы яго спатыкаць будзем. Яйкі мне абяцала прынесьці кума Юзэфовай, якая выбралася далёка ў Радунь да крэўных (на поўдзень ад Вільні, мусіць 50 км. будзе), я ёй, акрамя грошай, дала солі й абяцала сукенку па маме. Добра, што ад вербнай нядзелі мы мелі перапынак у гімназіі, і я магла трохі заняцца запушчанымі хатнімі справамі. Пагода была цёплая і Ляля хадзіла да хворага Івана раніцай і заставалася да абеду, потым прыходзіла я і вярталася дахаты позна ўвечары. Люцік часта па мяне заходзіў.

У сераду на Вялікім тыдні зьявілася ў абед кума Юзэфовай з цэлай копай (60) яек і яшчэ прынесла кусок капчонай шынкі:

- Гэта, пані, я за соль і грошы вытаргавала.

Памятаю, разам з прадуктамі кума прынесла цікавую вестку аб польскіх легіёнах у Радуні.

- Ну, гэта магчыма, што яны прыйдуць у Вільню, але калі? Тут кожны дзень бальшавікі могуць зрабіць з намі сваю расправу, - казаў Іван.

Мусіць ён і прадчуваў, бо на другі дзень яны прыйшлі па Івана.

Ляля, як заўсёды, прыйшла раніцою, перапужаная Пятруся яе перахапіла на карыдоры, уцягнула ў кухню й ціха сказала:

- Паненка, паненка, два чэкісты ў пана Івана, што яны зь ім зробяць!

Ляля засталася ў кухні і праз падвойныя дзьверы габінэта было чутно, як Іван душыўся ад кашлю. Потым Ляля пачула, як чэкісты ўвайшлі ў габінэт. Стоячы пры дзьвярох, Ляля чула кожнае слова:

- Ну што-ж нам рабіць зь ім, забіраць?

- Пашто, бачыш, і так дохне!

- Ну так хай дохне на мейсцы, чымся нам мёртвае цела цягаць.

Яны выйшлі. Ляля кінулася да Івана, яго ўсё трос кашаль. Гэтая візыта так яго ўсхвалявала, што ён усё кашляў і пляваў крывёю. Ляля дала яму кроплі, супакоіла як магла і ён нарэшце ўпаў у свае падушкі (гэта было ў Вялікі чацьверг, 16-га красавіка 1919 г.).

Калі Ляля вярнулася дахаты і расказала мне аб гэтай жудаснай візыце, я так гэтым перанялася, што кінула ўсё й пабегла да Івана. Я знайшла яго зусім зьнясіленым, я цалавала са сьлязамі яму твар, рукі і ўсё паўтарала:

- Яська, мой бедны Яська, дзякую Богу, гэтыя ірады пайшлі безь цябе, бачыш, я казала, што гэткі хворы ім не патрэбны, - і зноў яго цалавала й гладзіла як дзіця.

- Юлінька, я ведаў, што яны прыйдуць, таму я быў знэрваваны, сёньня ты мне ня скажаш, што я «немагчымы», - ціха казаў ён, і радасная ўсьмешка асьвяціла ягоны зьбялелы твар і вочы гэтак міла паглядзелі на мяне.

- Ну Яська, ты павінен адпачыць і заснуць пасьля гэткай візыты.

Я пайшла да Пятрусі й прасіла нікога да Івана сёньня не пусьціць, села пры ім, гладзіла яму рукі, ціха мурлыкала калыханку і ён задрамаў. Тады я пайшла да Пятрусі на нараду. Ведама, сёньня ванна адпадае, але Пятруся пацешыла мяне, што заўтра раніцай ейны муж будзе ў хаце і пасьля ночы Іван мацнейшы і яго можна будзе памыць. Я абяцала прыйсьці перад абедам, мы вышукалі лепшую бялізну, каб наш хворы добра выглядаў у сваім ложку на гэтае вялікае сьвята. Мы перагледзелі й запасы. Пятруся пахвалілася мяшочкам белай мукі, прыхаванай на Вялікдзень, гэта заўтра яна булку сьпячэ. Усё мяне цешыла, бо цяпер я мела пэўнасьць, што ўжо ніхто не адыме майго беднага Івана, я мела пачуцьцё, як-бы мне яго нанова аддалі пад маю апеку, і ў душы маёй я дзякавала Богу за Ягоную літасьць над намі. Я сабе не магла ўявіць, які-б гэта быў адчай, каб яго забралі гэтыя ірады. А так, калі Бог яго адкліча, то хоць на маіх руках памрэ. Але тут ізноў мяне пачала мучыць думка, што ён можа памерці без Сьв. Сакрамантаў і я вырашыла заняцца пасьля Вялікадня гэтай справай.

Калі Іван прачнуўся, то захацеў есьці.

- Але ты мне сама штосьці смачнае зрабі.

- Вось пакуль што выпі малачка, сягоньня сьвежае прынесьлі.

Парадкуючы, я знайшла пару костак сухога булёну, гэта я распусьціла ў кіпятку, расьцерла жаўток і, заліўшы булёнам, падала із сухарыкамі (хлеб мы часта ломцікамі падпякалі на сухарыкі).

- Вось гэта мяне падмацавала, - сказаў Іван як скончыў сваю вячэру. У гэты вечар, выходзячы, я цалавала яму вочы, ласкала й казала:

- Сяньня ты йзноў мой мілы Яська, сьпі цяпер спакойна, заўтра пастараюся раней прыйсьці. Ён нежна цалаваў мне рукі й казаў:

- Як добра, што ты пры мне!

На другі дзень, у Вялікую пятніцу да нас прыбегла а 7-ай раніцы мая бедная цётка, сястра бацькі (якая страціла ў 1918 годзе сына, забітага бальшавікамі) зь весткай, што ўначы памёр ейны стары муж. Гэта не было для нас нечаканасьцяй, стары дзядзька ўжо 8 гадоў сядзеў із спаралізаванымі нагамі ў сваім крэсьле і ягоная сьмерць была яму збаўленьнем. Трэба было цётцы дапамагчы наладзіць хаўтуры. Пастанавілі хаваць у сыботу, бо потым два дні сьвятаў. Мы падзялілі абавязкі, я ўзяла на сябе пайсьці да лекара па сьвядэцтва аб сьмерці і атрымаць дазвол у паліцыі на паховіны. Тата зь цёткай меліся перш пайсьці купіць труну, а адтуль тата пойдзе на эвангеліцкі могільнік, закажа магілу і замовіць арганістага, каб прыйшоў у сыботу на паховіны адмаўляць пацеры, бо наш пастар выехаў перад бальшавікамі ў Кейданы.

У хаце я сказала Лялі, каб усё дагледзела й мяне з абедам не чакалі, бо як спраўлюся із заданьнем, то пайду да цёткі (яна жыла на Віленскай 23, зусім блізка ад Івана), а затым да Івана і там паабедаю й застануся да вечару. Гэтым разам я хутка справілася: і доктара злавіла ў хаце, і ў паліцыі было мала народу, і цётка ўжо вярнулася. Казала, што ёй хутка прынясуць труну і тата да яе яшчэ зойдзе. Гэтак я тут не была больш патрэбная і ўжо аб 11-ай гадзіне была ў Івана. Пятруся ўцешылася:

- Вось добра, што пані так рана прыйшла, пан Іван ужо памыты, муж ваду выносіць, але трэба пасьцель замяніць і хвораму есьці зварыць, вось калі пані зробіць, то яму лепш смакуе, а я мушу свае пірагі дагледзець.

Іван у чыстай кашулі сядзеў закутаны ў коўдру ў крэсьле.

- Ну, сёньня ты раньняя птушка! - радасна вітаў ён мяне.

- Вось хачу закончыць твой туалет, мусіш зрабіць і манікюр і падэкюр, бо завялікія капцюры маеш, а потым пакладзешся ў чысты ложак.

Асьцярожна працуючы нажніцамі, я апавядала аб маёй беганіне ў справе хаўтур старога дзядзькі.

- Вось, заўсёды, як у вашых сваякоў бяда станецца, то ты памагаць мусіш, а твае кузынкі з Каўказкай ня хочуць дапамагчы. Яны-ж ня дзеці!

- Ну, бачыш, ня кожны ведае, як за што ўзяцца. А ты таксама заўсёды другім дапамагаў.

- Ты хочаш сказаць: «Які Хомка, такая і ягоная жонка», - жартаваў Іван. Калі я ўлажыла Івана ў чыстае ложка, то параіла яму пасьля ванны задрамаць, бо мушу ў кухні наш супольны абед зварыць.

- Ну, тады смачны будзе, - сьмяючыся казаў Іван.

Тым разам перад абедам ніхто не трывожыў Івана і ён спакойна мог падрамаць, бо быў змучаны. Я варыла традыцыйную аўсянку ў гэты посны дзень, і кісель з запаснога соку журавінаў. Калі я на талерцы Івана разьбівала жаўток, то Пятруся казала:

- Ведама, калі яек не шкадаваць, то смачна будзе!

- Пятруся, гэта каб пан Іван хутчэй паправіўся пасьля налёту чэкістаў, вось табе бялок у булкі.

Гэтым разам Івану і аўсянка і кісель смакавалі і мы ў перагонкі вычысьцілі нашыя талеркі. Калі я ўсё прыбрала ў пакоі і нават букецік пралескаў паставіла, то Іван мяне папрасіў прысесьці да яго.

- Ну дай абедзьве рукі, мушу падзякаваць за абед і твае турботы, - і пачаў іх ціха цалаваць.

- Ведаеш, мне сёньня раніцою прыпомніўся наш верш: «Якое шчасьце быць любімым!» Учора я быў так узрушаны праявай тваёй любові да мяне, калі я цяпер такі бедны, хворы, які табе часта дакучае і бывае «немагчымым», паводле тваіх словаў, дык скажы мне шчыра, за што ты мяне цяпер кахаеш?

- За тваё лепшае Я, за тваю душу, мой Ясенька, - і пацалавала яго. Вочы ягоныя засьвяціліся, у гэты мамэнт мы ізноў былі шчасьлівыя, толькі гэта было яшчэ глыбейшае, мацнейшае пачуцьцё, як некалі, бо нас цяпер лучыла адна amor sacra, яна запаўняла нашыя сэрцы. Мы сядзелі ціха й я гладзіла ягоныя рукі. Але вось я пачула на карыдоры голас нашай супольнай прыяцелькі пані Кімонт, жонкі ведамага летувіскага дзеяча. (Яна была ў маладыя гады ведамай піяністкай, вучаніцай Рубінштэйна. Пані Кімонт сама паходзіла ізь сям'і вуніяцкага сьвятара і да беларусаў і Івана, як іх выдатнага прадстаўніка, мела шчырыя сымпатыі. Часта яна перакладала на ноты беларускія песьні, з гэтым Іван да яе часта зьвяртаўся і яна ніколі не адмаўляла. У часы ягонай цяжкой хваробы яна адведвала Івана.) Я выйшла ёй на спатканьне.

- Ах, я абыходзіла ў касьцёлах гробы і вось зайшла да вас. Як-жа маецца наш дарагі хворы?

Мы ўвайшлі да Івана, ён быў рады гэткай мілай госьці. Было каля 4-ай гадзіны, мы запрасілі нашую дарагую госьцю на супольную гарбатку, пірог у Пятрусі быў гатовы. Я хутка ўсё наладзіла, прынесла малы столік із бібліятэкі, і абрус у Пятрусі знайшоўся, і гэтак у мілай гутарцы мы пілі гарбатку, хвалілі пірог, ліхам паміналі візыту бальшавікоў і зычылі, каб чорт іх хутчэй панёс. Калі пані Кімонт са мною разьвітвалася на карыдоры, яна мяне абняла і ўзрушана казала:

- О, мая мілая, як я табе спачуваю, глядзець, як гіне такі дарагі чалавек, а вы маглі-б быць такія шчасьлівыя, у яго й цяпер сьвецяцца вочы, калі глядзіць на цябе!

- Пані, гэта радасьць, што нас не разлучылі!

- Няхай Бог табе сілы дае, - казала яна. Я ёй пацалавала руку, жадаючы радаснага Вялікадня.

Калі я вярнулася да Івана, я ўбачыла, што ён быў стомлены доўгай гутаркай.

- Яська, - казала я, - ты адпачывай, а я пайду дахаты; хачу яшчэ сёньня зь Люцікам пайсьці да ягонай хворай хроснай і ёй занесьці сьвяточны падарунак - кусочак саланіны. Пятруся парупіцца ба тваёй вячэры, я здабыла белы сыр.

- У мяне сёньня прыгожы дзень быў, дзякую за ўсё, - казаў Іван.

У хаце безь мяне зрабілі сьвяточны парадак і вось Люцік, Ляля й я пайшлі на Новы Сьвет, дзе жыла цёця Лена, гэтак мы называлі хросную Люціка, яна шмат гадоў была ў нашым доме за бонну і нас выхоўвала, пакуль ня выйшла замуж. Вяртаючыся ўжо пасьля 9-ай увечары дадому, мы йшлі праз віадукт; пад намі было палатно чыгункі, я зьвярнула ўвагу, што цёмна і пуста ля вагзалу, ні адзін цягнік ня быў у руху. Наагул і на бакавых пуцях стаяла толькі пара забытых вагонаў.

- Не, гэтая пустата й цішыня злавешча выглядае, быццам тут гаспадара няма. Што будзе зь Вільняй, калі яна будзе доўга адрэзаная ад сьвету, - казала я. Адказу на маё пытаньне ня доўга трэба было чакаць.

Палякі вызваляюць Вільню ад бальшавікоў. Іван і Ляля едуць у Закапанае

Раніцай, а гадзіне 6-ай Юзюк, адчыняючы вакенцы, крычаў:

- Паненкі, паненкі, палякі прыйшлі!

Мы ўсхапіліся, кінуліся да вакна й пабачылі, як пара бальшавікоў з дому насупраць пабеглі ўніз па Вазёрнай вуліцы, а за імі, з ружжом на прыцэл польскі легіянэр крычаў: «Здавайцеся!» Калі яму на дапамогу падасьпеў другі, то бальшавікі спыніліся й паднялі рукі. Тут і там была чутная страляніна, не было сумліву, што ў горад неспадзявана ўварваліся польскія легіянэры і завязаўся вулічны бой. Божа мой! Якая радасьць і надзея прабудзіліся ўва ўсіх нас. Ляля кінулася мяне цалаваць:

- Юлінька, Юлінька, гэтай жудасьці канец!

Але нашая радасьць хутка перайшла ў непакой, страляніна ўзмоцнілася. Ці маюць польскія аддзелы досыць сілаў, каб адалець бальшавікоў? Гэтае пытаньне пачало мяне мучыць і, Божа мой, што робіць Іван, іхны дом на рагу й можа папасьці ў абстрэл! Люцік і Юзік хацелі пайсьці на разьведку, але тата станоўка забараніў:

- Вас толькі могуць застрэліць, я сам пайду!

Я з татам мела нараду, ён казаў, што трэба яму самому паглядзець, дзе можна прайсьці, ці наагул можна дастацца да цёткі на Віленскую, сяньня-ж вызначаныя хаўтуры. Тата выйшаў, але хутка вярнуўся.

- Ну ведаеш, - казаў ён, - з хаўтурамі сяньня нічога ня выйдзе. Ад пошты па Вялікай не пушчаюць далей. Я толькі прабраўся праз жыдоўскія вулачкі да Сьвятаянскай, там ужо стаяць легіянэры з ружжамі на прыцэл і нікога не пушчаюць. Адзін знаёмы мне казаў, што пачынаючы ад Віленскай і канцу Вялікай ідзе вулічны бой, а на пляцы Катадральным грымяць кулямёты. Гэтак трэба пачакаць, што нам час прынясе.

О, зь якой трывогаю мы чакалі! На Бакшце было ціха, і я пабегла да цёці Маліноўскай і яна мне сказала, што толькі што быў у іх калега Ўладка і забраў яго, бо пусьцілі кліч «Kto żyw - do broni!» Бо сілы легіянэраў невялікія, ужо чыгуначнікі далучыліся да іх і памагаюць вызваляць горад, усе ружжы, здабытыя ад бальшавікоў, бяруць у рукі ахвотнікі. Тады яшчэ стрэльба ў руках адважнага чалавека мела вырашальнае значэньне (мы тады яшчэ ня зналі танкаў, якія затое ў 1939 г., калі ў Вільню ўвайшлі бальшавікі, праяжджаючы па вуліцах, стралялі направа й налева).

У часе нашае гутаркі прыйшла да цёці Маліноўскай адна ведамая польская дама. Яна папрасіла цёцю Маліноўскую памагчы зарганізаваць у Залі Мейскай (каля Базыльянскіх муроў) перавязачны пункт і палёвую кухню для жаўнераў, і трэба на гэта зьбіраць прадукты, бо няведама калі надыйдзе абоз і кухні польскай арміі. Разумеецца, усе мы ахвоча згадзіліся дапамагаць і ахвяраваць, што мага. Я прынесла некалькі фунтаў хлеба, круп і кусок саланіны. Трэба сказаць, што ўсе давалі із апошняга і толькі гэткімі ахвярамі пракармілі жаўнераў, пакуль надыйшлі польскія войскі з кухняй. У хаце я пасадзіла Лялю й Лідку рабіць бінты са старой бялізны.

- Будзе вам занятак у гэты трывожны час, - казала я.

Так, час гэты быў поўны трывогі. Усю сыботу й першы дзень Вялікадня грымелі кулямёты, а перад Войстрай брамай маліўся народ (пераважна жанчыны) і ўдзень і ўначы, каб Маці Божая, як Апякунка Вільні, дала сваю помач і благаславенства.

Бальшавікі пасьля першага перапуду ў сыботу сабралі свае сілы й таксама зацята трымаліся. Былі часіны, што вось, вось палякі ня вытрываюць бальшавіцкага націску і, праўду сказаць, каб не дапамога ўсяго насельніцтва, то легіянэры мусілі-б адступіць, асабліва крытычнымі былі часіны пад вечар Вялікадня. Каб прабрацца на Віленскую й мовы быць не магло. Тата й я шкадавалі бедную цётку, што яна там робіць са сваім нябожчыкам, а мяне яшчэ трывожыла думка, як там маецца мой бедны Яська. Добра хоць, што Пятруся мае малы запас на сьвята. У непакоі я пайшла ўжо ў поцемках да цёці Маліноўскай, якая працавала ў гарадзкой залі й чула ўсялякія навіны. Але й яна нічога пэўнага не магла мне сказаць і мы абедзьве ледзь ня плакалі й казалі, што гэта будзе за жудасьць, калі не надыйдзе ў час дапамога.

- Вось пачакай на Ўладка, ён сяньня мусіць прыйсьці адпачываць дахаты, можа ён прынясе нам навіны. І праўда, Уладак прыйшоў вельмі позна са свайго посту і апавядааў, што ў горад трапілі перадавыя часткі легіёнаў, якія пад камандай Рыдз-Сьміглага йдуць на вызваленьне Вільні, а заўтра можна ўжо чакаць галоўныя часьці. Так што цяпер ужо можна спаць спакойна, ад бальшавікоў ужо ачысьцілі Вялікую вуліцу і Катэдральны пляц.

- Ну, а як Віленская? - спыталася я.

І яна ачышчаная да рагу Юркаўскага, там яшчэ стаяць бальшавіцкія кулямёты. Божа, падумала я, дом Івана ў самай перапалцы!

Інфармацыі Ўладка былі праўдзівыя. Раніцай прыбегла бедная цётка й казала, што ўжо можна да іх прабрацца і прасіла тату наняць людзей, каб аднесьці труну на могільнік.

- Добра, што мне перад абедам у пятніцу прынесьлі труну і я магла закрыць нябошчыка, пакуль пачалася страляніна, - казала яна. Тата выйшаў і праз пару гадзінаў вярнуўся з 8-мю людзьмі: пара былых работнікаў, некалькі насільшчыкаў з вагзалу. Яны згадзіліся за вялікія грошы аднесьці цела на могільнік. Мы а 10-ай былі ўжо на Віленскай, але да Івана я дабрацца не магла, за цётчыным домам ужо стаялі жаўнеры. Калі вынесьлі труну, то раптам уздоўж Віленскай пачалі сьвістаць кулі з боку Юркаўскага. Людзі не хацелі далей несьці труну, чацьвёра наадрэз адмовіліся, тады тата другім чатыром, што добра ведалі тату, абяцаў падвойную заплату і пад сьвістам куляў мы пайшлі па Віленскай. Адна куля ўдарыла ў труну і адскочыла. Калі мы зьвярнулі на Горыстую, то, дзякаваць Богу, там было спакойна, і гэтак мы дабраліся да могільніка. Над адкрытай магілай я голасна адмовіла малітвы, і мы чакалі, пакуль засыпалі магілу. Мы праводзілі бедную цётку дадому і, хоць гэтым разам не стралялі ўздоўж Віленскай, да Івана я дабрацца не магла. Калі ў часе абеду я расказала, што не магла дабрацца да Івана, Люцік сказаў:

- Калі дазволіш, то я дабяруся туды. Праз дзьверы Дабрачынскага завулку можна дастацца ў сад пры доме Івана, а пара парканаў для мяне ня робяць перашкоды.

І я паслала яго да Івана, перадаўшы замест чырвонага яечка кавалак шынкі і напісала пару мілых слоў. Пад вечар Люцік вярнуўся, апавядаў, як перапужаў Пятрусю, калі раптам зьявіўся ў кухонных дзьвярах. Іван яму вельмі ўсьцешыўся і прасіў мяне толькі тады прыйсьці, як каля іх дому ня будзе кулямётаў. Увесь час яны сядзяць у поцемках, пры зачыненых вакеніцах, аб якія зьвіняць кулі. А наагул ён добрае думкі й цешыцца, што бальшавікоў больш не пабачыць. А есьці, дзякуй Богу, яшчэ маюць, ну, і бальшавікі, як кажуць, адыходзяць за Зялёны мост.

І праўда, у наступны дзень пад вечар я са сьлязамі радасьці на вачох цалавала на прывітаньне Івана і нам здавалася, што мы некалькі тыдняў ня бачыліся, так шмат было перажыта і аб усім хацелася расказаць. Вялікдзень 19-га красавіка 1919 году так глыбака ўрэзаўся ў маю памяць, што й сяньня, пішучы аб гэтых днях, я перажываю нанова ўсе гэтыя падзеі. Польскія легіёны ўсім насельніцтвам былі вітаныя як збаўцы і ва ўсіх сэрцах ажылі надзеі на лепшую будучыню. Хоць з аправізацыяй першыя тыдні было яшчэ горш як за бальшавікоў. З Польшчы давоз і чыгункі трэба было наладзіць, гэткай матарызацыі, як сёньня, не было, а да вёскі, дзеля ваенных падзеяў, дабрацца не было магчымасьці й людзі галадавалі, елі лебяду, крапіву, сядзелі бяз хлеба. Я старалася, дзе магла, здабыць малака і яйкі, бой мы ня мелі саланіны і бедны Іван жаліўся, калі гэты пост скончыцца. Якое-ж было ягонае зьдзіўленьне, калі аднаго дня (гэта было ўжо ў траўні, мусі тры тыдні пасьля ўваходу легіёнаў) я палажыла на стол Івану добры кавалак саланіны.

- Адкуль гэта ты ўзяла?

Я пачала апавядаць, што ўчора прыехаў з Варшавы знаёмы гандляр, у якога тата да нямецкай акупацыі вагонамі купляў сьвіней, ён прывёз вагон саланіны і злажыў у піўніцах нашае працоўні на Бакшце. Цяпер ён і тата вядуць перамовы з уладамі, па якой цане й колькасьці прадаваць яе насельніцтву. Але для нас я ўжо ўрвала кавалак і вось, бачыш, табе насамперш прынесла.

- Добра мець гэткую пратэкцыю, - засьмяяўся Іван, - Пятруся, зрабі яешню ды скварак не пашкадуй!

Гэтак дні посту скончыліся. Гэты першы вагон саланіны прадавалі ў нас на Бакшце ў працоўні па вызначанай цане, ня болей як па два фунты (на пашпарце рабілі адзнаку). Мы баяліся, што нам браму паламаюць, гэтак людзі напіралі. Усе дапамагалі: і Люцік, і Лідка, тата й сам пан Хрысьціцкі, і праз два дні вагон быў распроданы. Тата атрымаў свой працэнт, пан Хрысьціцкі абяцаў прыслаць новыя транспарты саланіны й шынак, мы адчынілі нашую краму, што трымалі ў запасе, Лідка ізноў стала за прылавак і гэтак наш інтэрас пайшоў у рух, ведама ў скромных памерах. Тата ажыў, ізноў із старым работнікам узяўся за працу, і мы цешыліся, што йзноў зарабляць можам, бо нашыя капіталы амаль былі за гэтыя гады зьедзеныя. Адчыненьне нашага гандлю і новы заробак узмоцнілі ў мяне намер як найхутчэй выслаць Івана й Лялю ў Закапанае на лячэньне, бо й Ляля за гэты час кепскага аджыўляньня й непакою страціла на вазе, і доктар мне раіў яе выслаць і падлячыць.

А Іван далей траціў рэшткі лёгкіх і апошнія сілы. Доктар толькі разводзіў рукамі. Калі я сказала, што хочам яго вывезьці ў санаторыю ў Закапанае, ён мне сказаў:

- Пані яго яшчэ давязе, але сюды ён ня вернецца. Ведама, калі хворы сам гэтага жадае, то зрабіце гэтак, адно там яму будзе спакайней, а то тут у пана Луцкевіча цэлы кірмаш заўсёды.

Зь візытамі цяпер было яшчэ горш як зімою. Шмат народу, і беларусаў і палякаў вярнулася ў Вільню, кожны беларус і знаёмы паляк лічыў сваім абавязкам адведаць Івана. Праўда, прыходзілі людзі вельмі мілыя Івану, гэтак праф. Вацлаў Іваноўскі, ксёндз Адам Станкевіч (апошняга я прасіла рады, як падрыхтаваць Івана да прыняцьця Сьв. Сакрамэнтаў і ён мне абяцаў пагутарыць зь ім, але потым казаў, што за ўсімі чужымі людзьмі й пры цяперашнім настроі Івана ён нічога асягнуць ня можа). З палякаў зьявіліся й польскія вучоныя й дзеячы, як Галоўко й іншыя, ведама, усіх трэба было прыймаць і калі Іван быў перамучаны, я вяла за яго гутаркі. Іншым разам мне даставалася потым ад Івана, што я занадта міла абыхожуся з гасьцьмі, што я ўсім падабаюся і пан Н. казаў, што можна «Pozazdrościć takiej przyjaciółki». Аднак гэтыя госьці ня так мучылі Івана, як нарады ў справах беларускіх, якія адбываліся каля ягонага ложка. Асабліва актуальнай была тады справа каапэратываў, бо з наладжаньнем чыгункі на Варшаву ў апустошаны горад пачалі прывозіць аправізацыю, шмат было амэрыканскіх прадуктаў, якія прыходзілі ў Польшчу. У першую чаргу прадукты атрымлівалі каапэратывы (як соль, крупа, мука, сярнічкі й г.д.) для распадзелу між жыхарствам. Быў заложаны й Саюз беларускіх каапэратываў, які рупіўся аб снабжэньні беларускіх каапэратываў. Памятаю, у арганізацыі гэтай цэнтралі шмат працы палажыў інжынэр Клаўды Душ-Душэўскі. Наагул беларускія працаўнікі таго часу стараліся ня толькі бараніць свае пазыцыі, але й пашыраць сваю працу. Гэтак беларускія школы расьлі ў сваім ліку, асабліва на вёсках і ў мястэчках адчыняліся ўсё новыя. Гэтай справай асабліва займаўся Браніслаў Тарашкевіч (паступовую ліквідацыю беларускага школьніцтва польскія ўлады пачалі праводзіць пасьля мірнага дагавору ў Рызе, дзе Беларусь была канчальна падзеленая паміж Саветамі й Польшчай. Праф. Марыян Зьдзяхоўскі называў гэты дагавор «Ryska zbrodnia», ён сам, як сын «ziemi Mińskiej» ня мог пагадзіцца з гэткі падзелам Беларусі).

І беларуская гімназія мела шмат вучняў. Яна не перапыніла сваёй працы і кураторыюм (аддзел асьветы), стараньнямі дырэктара пераняло на этат вучыцельскі пэрсанал гімназіі і, памятаю, што ў канцы траўня 1919 г. вучыцелі гімназіі атрымалі адразу грошы і за травень і за чэрвень.

Іван Луцкевіч пільна сачыў за ўсёй беларускай працай, даваў дырэктывы і хоць гутаркі яго надта мучылі, прыймаў удзел у дыскусіях, а потым заліваўся кашлем, а мяне тады заўсёды браў страх, што кроў кінецца яму горлам. Я яго прасіла сябе пашкадаваць, у гэткіх абставінах нельга быць хвораму. І сам ён адчуваў, што сілы яго пакідаюць, а ён гэтак хацеў жыць і працаваць! Свой ратунак ён бачыў у выезьдзе ў санаторыю Закапанае, там ён спадзяваўся вярнуць сваё здароўе. Ведама, ні доктар, ні я, ні хто іншы яму не казалі, што ён мае толькі рэшткі лёгкіх і што ратунку для яго няма. Асабліва аб выезьдзе пачаліся ў нас гутаркі, калі была наладжаная чыгунка на Варшаву. Я атрымала пісьмовыя інфармацыі із санаторыі д-ра Длускага ў Закапаным. І вось аднаго дня я мела з Іванам паважную гутарку аб выезьдзе.

- Ну, а як мае справы грашовыя? - спытаў Іван, - бо ад часу маёй хваробы ты атрымліваеш мае грошы ў гімназіі і давала Пятрусі на выдаткі. Яна казала, што з табою рахункі вядзе.

- Ну, зараз паглядзім, - сказала я, - і дастала з камоды старынную касэтку, дзе хавала грошы й рахункі Івана. Ён уважна пачаў пераглядаць плюсы і мінусы.

- Ну так, кватэра, пэнсія Пятрусі, дровы, вялікшыя закупы прадуктаў - гэта ўсё запісана, але вы надта мала запісалі на дробныя, штодзённыя выдаткі.

- Яська, не было чаго купляць, сам ты нас лаяў, што дрэнна кормім.

Пасьля падлічэньня знайшоўся паважны плюс.

- Бачу, ты ў мяне ашчадная гаспадыня была, або ты забывалася запісваць.

- Ах, Яська, галоўнае, што грошы ёсьць на пачын, затым дырэктару гімназіі абяцалі грошы за травень і ліпень, твая пэнсія ідзе далей, хоць ты й хворы. Бачыш, Ясенька, грошай нам хопіць, ну і ты там адзін ня будзеш. Я ўжо гаварыла з татам і ён знаходзіць, што Лялю трэба падлячыць і я цябе зь Ляляй выпраўлю, здабыўшы для вас прапускі на выезд.

- Ах, Юлінька, мне-б хацелася, каб ты разам паехала, я за табой сумаваць буду.

- Не, Ясенька, гэта пакуль немагчыма, я не магу кінуць працу ў гімназіі і тату трэба дапамагчы і ў хаце прыгледзець. Калі можна будзе, то на вакацыі прыеду ў Закапанае да вас адпачываць.

- Так, і табе патрэбны адпачынак!

Гэтак справа выезду ў Закапанае пачала прыймаць рэальныя формы. Усе бачылі, што толькі ў санаторыі цяжка хворы будзе мець спакой і адпаведны дагляд. Мушу сказаць, што беларускія прыяцелі Івана вельмі спагадліва адносіліся да яго, пыталі мяне, ці хопіць грошай у Івана на выезд і лячэньне й прапанавалі дапамогу. Я ўсім шчыра дзякавала й казала, што пакуль што Іван мае грошы на даўжэйшы час, і кватэра будзе аплачаная й Беларускі Камітэт можа далей зь яе карыстацца. Я ведала, што Івану было-б вельмі прыкра, калі-б яму прыйшлося карыстацца з дапамогаў.

- Не, сказала я сабе, калі ў яго грошай ня хопіць, то ў мяне яшчэ знойдуцца!

Гэтак мы падрыхтоўвалі выезд Івана й Лялі ў Закапанае. Дзеля таго, што не было адмысловых цягнікоў у Закапанае і ў Варшаве трэба было пераначаваць і наагул падарожжа ў тыя часы было зьвязанае зь вялікімі цяжкасьцямі, то супольнай радай пастанавілі, што пан Чарапук адвязе хворага, бо адна слабая Ляля рады ня дасьць. Івана трэба было амаль што несьці (хто пакрыў кошты падарожжа пана Чарапука, ня ведаю, але ад мяне на гэта грошай не прынялі).

І запраўды быў час, каб Іван выехаў, бо ён забываўся, што хворы і ўсімі беларускімі справамі моцна пераймаўся.

Памятаю, гэта было ў нядзелю ў чэрвені, пару тыдняў да выезду Івана. Карыстаючы з вольнае нядзелі я прыходзіла раніцай, каб увесь дзень быць пры хворым і звольніць Пятрусю. Гэтым разам Пятруся мяне папярэдзіла:

- Прашу пані ня йсьці проста да пана Івана, у яго В., кіраўнік каапэратыву «Раніца» на Пагулянцы, няхай пані пачакае ў габінэце.

Калі ў спальні гутарылі голасна, то празь дзьверы габінэту ўсё было чутна. І я чула, як Іван хрыплым голасам надрываўся і апошнімі словамі лаяў В. Ну, гэтаму трэба зрабіць канец, падумала я і хацела пайсьці ў спальню. Я толькі адчыніла дзьверы ў карыдор, як В., чырвоны як рак, выскачыў із пакою Івана й пабег да выхаду. Я ўвайшла. Іван зьнясілены ляжаў у сваіх падушках.

- Ну як табе ня сорамна гэтак лаяцца, - пачала я замест прывітаньня.

- Выбачай, я ня ведаў, што ты ў другім пакоі. Як мне ня лаяцца, калі гэты чортавы сын з каапэратыву зрабіў собскую крамку, як мне пажаліліся.

- Магу толькі сказаць: час, каб ты выехаў, тады знойдуцца іншыя, каб наводзіць парадак, - адказала я.

І я пачала ўсіх прасіць, каб Івана не турбавалі ўсялякімі прыкрымі справамі і рабіла прыгатаўленьні да ягонага хуткага ад'езду. Усю вопратку й бялізну трэба было прывесьці ў парадак, пакуючы ў чамадан. Я Лялі паказала, што на другой палавіне ягоны парадны сюртук і бялізна на выпадак, калі-б безь мяне ён закрыў вочы на векі, і я заплакала.

Вось і ўсе прыгатаўленьні былі закончаныя.

У апошнюю нядзелю, 15-га чэрвеня я, як заўсёды, прыйшла каля 10-й раніцы, каб увесь апошні дзень у Вільні правесьці з Іванам. Калі я яго прывітала, ён пачаў:

- А ведаеш, нядаўна твой тата, які ніколі не заходзіў, быў у мяне.

- Ну так, тата хацеў табе пажадаць шчасьлівай дарогі й хутчэйшага выздараўленьня.

- Так, ён мне яшчэ казаў, што даручае маёй апецы Ляліньку.

- Ну зразумела, Ляля яшчэ маладая!

- Юлінька, але мне зрабілася брыдка перад татам, што ён заўсёды такі добры да мяне і Лялю цяпер маёй апецы даручае. А я адносна цябе не ў парадку.

- Яська, цяпер ня час весьці гутаркі на гэтую тэму. Вы заўтра выяжджаеце і трэба закончыць падрыхтоўку да дарогі.

Я дастала грошы й падзяліла іх, частку ў партфэль, а рэшту я зашыла ў камізэльку. Потым за візыцёрамі й пагутарыць не было часу, а калі я ўвечары выходзіла, Яська быў змучаны й сумны.

- Як мне будзе цябе нехапаць...

- Але Яська, ты ў Менск езьдзіў і не сумаваў за мной.

- Тады я ведаў, што хутка вярнуся да цябе.

- Ну гэтым разам я прыеду да цябе, - цешыла я яго.

У хаце і зь Ляляй закончыла ўкладку рэчаў і ёй грошы зашыла, каб ня страціла й казала:

- Лялінька, глядзі, каб Іван атрымаў Сьв. Сакрамэнты.

- Юлінька, я ня ведаю, як да гэтага падыйсьці, ён жыць хоча!

Калі ў дзень выезду Сырэль памог Івану апрануцца, яго трэба было падтрымліваць, аб собскіх сілах ён ісьці ня мог.

Так, ён ня вернецца сюды, думала я, добра, што Чарапук зь ім едзе. Калі я вярталася зь Люцікам з чыгункі, я не магла больш трымацца й расплакалася.

Весткі, якія прыходзілі із Закапанага, спачатку давалі слабую, але ўсё-ж надзею на паправу ягонага здароўя, але потым Ляля пачала з трывогаю пісаць, што стан хворага моцна пагоршыўся, ён безнадзейны і што Іван хоча назад у Вільню. Яна ня ведае, што рабіць і прасіла, каб я хутчэй прыехала. Я пачала зьбірацца. Калі я сказала цёці Маліноўскай, што еду ў Закапанае, яна мне сказала:

- Ведаеш, дам табе на дарогу Ўладка ў кампанію, я яму абяцала пасьля матуры падарожжа ў горы.

- Ну дык няхай Уладэк стараецца й для мяне пропуск на чыгунку. (У гэты час трэба было ад паліцыі мець дазвол на выезд у другі горад чыгункай.)

У Беларускім Камітэце я пагутарыла з прыяцелямі Івана аб магчымасьці прывозу яго ў Вільню.

- Няхай тут будзе магіла Івана, калі Бог яго ад нас адкліча, - казала я, але хто нам паможа ў Варшаве?

Няхай пані зьвернецца да прэзэса Беларускага Камітэту ў Варшаве пана Лявона Дубейкаўскага, і далі мне ягоны адрыс. Добрая Пятруся, калі я зь ёй разьвітвалася, ускочыла ў свой пакой і прынесла мне грамніцу.

- Пані, пані, як-жа будзе зь ягонай споведзьдзю?

- Пятруся, Бог дапаможа! Вось маеш грошы і пастаў сьвечы ў Вастрабрамскай, каб яна памагла.

- Добра, пані. Яна - як маці дапаможа...

У нас у хаце тата казаў: няхай Бог дае табе сілы несьці ўсе твае няшчасьці. Хацеў даць мне яшчэ грошай, але я мела свае й Івана грошы з гімназіі за два месяцы. Гэтага мне хопіць, - лічыла я.

І вось вечарам 11-га жніўня мы выехалі з Уладакам і каля паўдня былі ў Варшаве. Уладэк пайшоў праведаць знаёмых, мы мелі спаткацца на вагзале і вечарам выяжджаць, бо цяпер цягнікі мелі лепшы расклад. Я пайшла ў Беларускі Камітэт, але там усе разыйшліся на абед і нейкі працаўнік Камітэту даў мне прыватны адрас пана Л.Дубейкаўскага, і я паехала на вуліцу Капэрніка. Падымаючыся па сходах, я зьвярнула ўвагу на высокага, віднага пана, які сходзіў уніз. Можа гэта пан Дубейкаўскі? - падумала я і затрымала яго. Аказалася, што я не памылілася, ён вярнуўся, запрасіў мяне ў пакой і я прасіла ягонае дапамогі на выпадак, калі-б вярталася з хворым Іванам у Вільню. Ведама, ён абяцаў усё зрабіць, калі я паведамлю яго тэлеграмай і зазначыў, што хоць ня знае асабіста пана Івана Луцкевіча, але лічыць за гонар дапамагчы гэткаму заслужанаму беларусу.

Пры гэтай сумнай нагодзе я пазнаёмілася із сваім будучым мужам.

На вагзале мяне чакаў ужо Ўладэк і мы выехалі, каб на раніцы апынуцца ў Закапаным.

Закапанае. Сьмерць Івана Луцкевіча

13 жніўня 1919 г.

Пасьля бяссоннай ночы, у прыгожы ясны дзень, мы з Уладкам прыехалі ў Закапанае і пайшлі проста да Лялі. Яна прывітала нас са сьлязьмі радасьці. Уладэк пайшоў шукаць сваё «схроніско» і абяцаў быць на 9.30, каб разам паехаць у санаторыю да Івана (гэты было 4 км.). Я засталася зь Ляляй, яна мяне намовіла прылегчы, каб набрацца сілы на сёньняшні дзень.

- Ляля, як маецца Іван, ці ёсьць надзея перавезьці яго ў Вільню, у Варшаве сябра Беларускага Камітэту спаткае й дапаможа нам.

- Не, Юлінька, ён гэткі слабы, што ў дарозе памрэ, доктар на дні лічыць ягонае жыцьцё. Але як добра, што ты прыехала, як бедны Іван усьцешыцца, як ён думае й чакае цябе!

- Але-ж ты яму, як я прасіла ў лісьце, не казала, што я зьбіраюся прыехаць да вас?

- Не, я не хацела непакоіць яго чаканьнем. Ах, Юлінька, ён відавочна ўвесь час думае аб табе; ён кажа, што яму здаецца, быццам ты сядзіш каля яго. Раз ён мяне спытаў: - Ляля, ці Юлінька ў хаце часта плакала, калі я быў «немагчымы»?

- Што вы кажаце, пане Іван, Юлінька плакала, што вы хворы й ніколі ня жалілася на вас, - адказала я.

- Так, я ведаю, яна добрая, усё мне выбачыла, - адказаў Іван, але ты пабачыш, як ён павесялее, калі ты будзеш пры ім.

- Ляля, а можа Іван прычасьціўся?

- Ах не, Юлінька!

- Ну, аб гэтым я магу парупіцца. Я хачу ўвесь дзень застацца ў санаторыі, мусіць мне там дадуць абед, а ты Лялінька пакажаш Уладку Закапанае, досыць, калі ты раз у дзень праведаеш Івана.

- Ну так, Юлінька, а цяпер ты засьні гадзінку.

Стомленая я задрамала, але хутка схапілася, бо непакой мучыў мяне, якім я яго пабачу, ці знайду сілы не паказаць свой боль, каб ня плакаць. Уладак прыйшоў на час, і мы паехалі. Ляля з Уладкам захапляліся прыгожымі краявідамі, але я была як-бы адсутная, бо ўсімі думкамі была ўжо пры Іване.

Прыехаўшы ў санаторыю, я насамперш адшукала прыёмны пакой доктара, які меў Івана пад сваёй апекаю. Я папрасіла дазволу цэлымі днямі сядзець пры Іване.

- А так, - сказаў доктар, - пані можа есьці абед пры агульным стале.

- Доктар, ці ёсьць у санаторыі ксёндз, я-б жадала, каб ён падрыхтаваў пана Івана да прычасьця.

- А так, у нас ёсьць сярод нашых пацыентаў вельмі сымпатычны ксёндз, у часе абеду я пазнаёмлю пані зь ім.

Доктар выйшаў за мною, прывітаў Лялю і Ўладка.

- Панна Ляля пойдзе першая да хворага з добраю навінаю, што ёсьць госьць зь Вільні, закончыў доктар. Ад карыдору да пакою хворага былі падвойныя дзьверы і між імі як-бы прадпакой. Уладак і я засталіся ў гэтых сенцах. Ляля ціха ўвайшла і пакінула дзьверы прачыненымі. Яна прывітала Івана і потым пачала:

- Пане Іване, сяньня я маю добрую навіну, да Вас прыехалі госьці зь Вільні.

- Што, што ты кажаш, Ляля, можа Юлінька? Дзе, дзе яна?!

Ён гатоў быў ускочыць з ложка. Я ўвайшла, за мною Ўладак. Іван, пабачыўшы нас, пачаў і плакаць і сьмяяцца. За гэтыя ягоныя сьлёзы, нават калі-б я мела якісь жаль да Івана, то-б усё яму прабачыла, яны сьведчылі аб гэткай радасьці, аб гэткай любові, што я ўзрушаная нічога не магла сказаць, толькі трымала ягоныя рукі й гладзіла іх.

- Мне здаецца, што я ізноў у Вільні, калі бачу вас усіх разам, - пачаў урэшце Іван, - як міла, Уладак, што вы прыехалі, відаць, вас можна павіншаваць з матурай? Ну, тут адпачнецё ў Закапаным, вось і я тут паправіўся, я чуюся значна лепш! - і ён ізноў з радасьцяй паглядзеў на мяне.

- Я так рада чуць, што вы вяртаецеся да здароўя (пры чужых, апрача Лялі, мы казалі «вы»), вось я застануся з вамі, пакуль вы памацнееце, каб разам вярнуцца ў Вільню.

- Так, ты застанесься пры мне, ты не пакінеш мяне больш, - вырвалася радасна ў Івана, ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але змоўк. Ляля і Ўладак пабачылі, што яны тут лішнія і пачалі перапрашаць, што так хутка пакідаюць яго, але хочуць пехатою вяртацца ў пансіён на абед, а там трэба прыходзіць на час.

- Але, але, - казаў Іван і паглядзеў на мяне.

- Я застануся на ўвесь дзень у санаторыі, дзе буду й абедаць, а вячэраць пайду да Лялі. Вочы Івана засьмяяліся:

- Ну, ну ідзіце, пакажы, Ляля, Уладку добра Закапанае, але мусіце мяне хутка йзноў праведаць. - Мы засталіся адны.

- Юлінька, цяпер прывітайся са мной, як ты гэта рабіла ў Вільні. О, тут ніхто мяне не прыласкаў; як я сумаваў за табой і тваімі ціхімі пяшчотамі!

Я цалавала ягоны твар, галаву, вочы і казала яму мілыя словы.

- Вось я буду лепш засынаць, калі мне на сон, як даўней, вочы пацалуеш, - і ён туліўся да рук маіх, як хворае дзіця да маці.

- Ну кажы, што ў Вільні, што ў вас у хаце чутно?

Я адказала, што ўсе, пачынаючы ад таты, шлюць яму прывітаньні й пажаданьні здароўя. Што інтэрас наш рухаецца, і Люцік, і Лідка працуюць у ім, а я вось прыехала сюды адпачываць і - калі ты набярэш сілы на падарожжа, то вернемся ўсе ў Вільню, - закончыла я.

- Юлінька, як добра, - ізноў пачаў Іван, - што ты прыехала, я так сумаваў за табой; усё думаў, што ты маеш жаль да мяне і таму не прыяжджаеш.

- Ясенька, мой мілы, які жаль я магу мець да цябе, ты-ж мой родны, адзіны!..

- Так, Юлінька, ты добрая, але-ж я перад табой вінаваты, увесь час гэтая думка мучыла мяне.

- Ну, бачу, ты запраўды меў шмат часу на ўсялякія мэдытацыі і ня ведама чаго мучыў сябе сумнымі думкамі.

- Ах, не кажы Юлінька, я ведаю, што перад табой вінаваты. Я-ж хачу табе ўсё выказаць, каб мне было лягчэй.

- Добра, Ясенька, ты можаш мне ўсё казаць, што цябе мучыць, але ты занадта пераняўся ўсім сяньня, вось хутка час абеду, а потым табе адпачыць трэба, а калі сон цябе падмацуе, то тады можаш сабе спавядацца. Вось лепш я табе буду апавядаць, што чутно ў Вільні, а ты спакойна слухай.

І пачала апавядаць аб усіх і ўсім. Пад спакойны тон маёй гутаркі ён пачаў драмаць. Прынесьлі абед, сястра засталася карміць хворага, а мяне запрасілі ў агульную сталовую. Доктар прысутнічаў таксама, ён пазнаёміў мяне із сымпатычным ксяндзом, яшчэ маладым, на выгляд каля 35 гадоў. Я сядзела каля ксяндза. Пачуўшы, што я зь Вільні, завязалася агульная гутарка аб вызваленьні Вільні, якая гэта была вялікая радасьць і як народ шчыра маліўся перад Войстрай брамаю і дзякаваў Маці Божай за заступніцтва, і якія пасьля цяжкіх гадоў вайны й бальшавіцкай акупацыі былі ўрачыстыя маёвыя набажэнствы, дзе людзі тысячамі залівалі вуліцы перад Войстрай брамай, апавядала я.

Пасьля абеду я папрасіла ксяндза прысьвяціць мне хвіліну часу, бо маю да яго асабістую просьбу. Мы выйшлі на вэранду, селі ў куток, і я пачала апавядаць аб Івану Луцкевічу, ведамым беларускім дзеячу, які тут дажывае свае апошнія дні; што ён, калі яму казалі яшчэ ў Вільні аб споведзі і сьв. камуніі, адпавядаў, што мусіць яго ўжо хаваць хочуць і што самае сумнае тое, што ён шмат гадоў ня быў у споведзі і што трэба вельмі асьцярожна яго да гэтага прыгатаваць.

- Пані крэўная? - спытаў мяне ксёндз.

- Не, але гэта для мяне вельмі блізкі й дарагі чалавек; ягоныя родзічы ў далёкім Менску, тутака я ім апякуюся і не хацела-б перад Богам, як і ягонымі крэўнымі, мець на сумленьні грэх, што адыйшоў ад нас не пагоджаны з Богам.

- Добра, разумею пані, - адказаў ксёндз, - гэтак пачну з таго, што зраблю пану Луцкевічу візыту; скажу, што лячуся тут і даведаўся, што маем гэтак выдатнага беларускага дзеяча ў санаторыі, і я прыйшоў, каб зь ім пазнаёміцца і буду гутарыць аб справах агульных. Справы Божыя пакінем на пазьнейшыя гутаркі, і спадзяюся, што пані, як набожная жанчына, мне ў гэтым будзе дапамагаць.

- Я зраблю, што магу!

Мы разьвіталіся і я вярнулася да Івана.

- Што гэта ты так доўга была на абедзе? - з дакорам пытаў ён.

- Я не хацела перарываць твой пасьляабедзенны адпачынак.

- Я драмаў досыць перад абедам, ты абяцала мяне выслухаць.

- Ну так пачынай, калі гэта цябе так мучыць.

- Юлінька, - пачаў Іван, - гэтыя апошнія месяцы лежачы самотны й хворы, я меў шмат часу быць із сваімі думкамі. І я думаў аб табе, я ізноў перажыў, як мы пазнаёміліся й пакахаліся, якая ты для мяне была заўсёды добрая, а я часта быў «немагчымы», а галоўнае, што я не парупіўся даць табе сваё імя. І вось гэта мяне асабліва мучыць, што за ўсімі справамі я забыўся аб нашай асабістай справе. Чаму ты мяне ў той час ня лаяла й не дамаглася свайго права?

Я яго супакоіла як магла, што хвароба й цяжкія абставіны маёй сям'і былі перашкодай, што тут больш маёй віны, чым яго, што ў Вільні ніхто на нас коса не глядзеў, што мы ня венчаныя; усе, хто нас знаў, разумелі, што ў такіх абставінах, як мы былі, трудна вымагаць, каб мы пажаніліся. Але цяпер вайна скончылася, на канфэрэнцыі ў Вэрсалі вырашаецца лёс новае Эўропы і Незалежная Беларусь зажыве сваім собскім жыцьцём. Няхай цяпер іншыя вядуць далей беларускія справы, а ты заслужыў на адпачынак і вось я прыехала, каб цябе даглядаць і як толькі паправішся, то разам паедзем у Вільню й там абвянчаемся.

- Не Юлінька, - радасна ўсхапіўся Іван, - мы ўжо тут, перад ад'ездам возьмем шлюб, і падарожжа ў Вільню будзе нашым вясельным. Ну і я хутка папраўлюся, калі ты будзеш пры мне. Ах, як мне хочацца ў Вільню!

Я ўва ўсім зь ім згаджалася й падтрымвала ягоныя летуценьні; гэтак я супакойвала й цешыла маё беднае хворае дзіця. Іван, як шмат цяжка хворых, жыў больш успамінамі й летуценьнямі, на ўсё глядзеў з надзеяй на лепшае, адным словам, у яго аслабела здольнасьць крытычна разглядаць нашу жорсткую рэчаіснасьць, ён ізноў мог верыць і цешыцца, як дзіця. І я зь ім, як дзіця, рабіла пляны, што потым на зіму паедзем ізь Вільні ў Швайцарыю, або Францыю, каб ён там канчальна выздаравеў. Ён з усяго цешыўся і калі сястра прыйшла зь вячэрай, яна сказала:

- Пан сяньня весялей глядзіць і мае лепшы апэтыт, вось што значыць мець мілых гасьцей!

Мне пара было ісьці дахаты і калі я на сон цалавала Івану вочы, ён казаў:

- Вось сяньня я буду добра спаць, але ты толькі раней прыходзь.

Я пайшла пехатой, каб на сьвежым паветры абдумаць сяньняшні дзень. - Божа, ён адыходзіць ад нас, Божа, памажы, каб ён паяднаўся з Табою і гэткі радасны, як сяньня, увайшоў у сьветласьць Тваю. - Больш я ня сьмела прасіць за яго. А за сябе маліла, каб Бог мне даў сілы з пакорай усё перанесьці.

Ляля ўжо ў сваім пакоі чакала на мяне зь вячэрай.

- Ну што Іван, як ты яго знаходзіш?

- Ах Лялінька, у яго думы за гарамі, а сьмерць за плячамі. Я яго цешыла як дзіця, што ён выздаравее й мы павянчаемся, ну і ён верыць, што на мірнай канфэрэнцыі прызнаюць і Беларусі права на собскае жыцьцё і што Антон там дзельна бароніць справы Беларусі.

- А ты напісала Антону аб безнадзейным стане Івана ў Парыж?

- Так Лялінька. (Антон нядаўна пісаў з Парыжу й падаў свой адрас.)

Мы скончылі вячэру й я пачала пераглядаць газэты за апошнія дні.

- Бедны Іван, - казала я, - на канфэрэнцыі пакуль што ані слова няма аб Беларусі, гэта нядобры знак. Шкада, што Іван хворы, ён бы й там дабіўся, каб аб Беларусі загаманілі.

14-га жніўня

На другі дзень у чацьвер мы зь Ляляй паехалі ў санаторыю. Іван быў у добрым настроі, міла нас прывітаў і хваліўся, што сёньня раніцай да яго завітаў цікавы госьць, ксёндз, які тут лечыцца, прыйшоў яго праведаць і яны гутарылі аб Беларусі і апошніх палітычных навінах.

- Ну, сёньня дзень багаты на гасьцей, - адказала Ляля, - пан Міхайла (знаёмы ўкраінец, які таксама лячыўся ў Закапаным), перад абедам загляне, каб вас прывітаць і каб мяне потым праводзіць у Закапанае.

Тут Іван пачаў жартаваць і мне апавядаць, што Ляля й тутака знайшла сабе ахвяру і зусім задурыла пану Міхайлу галаву. Мы сьмяяліся зь Лялі, хутка прыйшоў і пан Міхайла, тыповы ўкраінец, жывы, вясёлы, гаваркі й мілы. Івану апавядаў апошнія анэгдоты Закапанага, мы ўсе сьмяяліся й казалі, што над галавою Івана стаіць Анёл Жыцьця, а ня Сьмерць, такі вясёлы й ажыўлены ён быў, але гэта магло яго змучыць, і я зрабіла Лялі знак. Яна й пан Міхайла разьвіталіся з Іванам, а я, як і ўчора, пачала штосьці апавядаць і пад аднолькавы тон маіх словаў ён трохі задрамаў перад абедам.

Калі прынесьлі абед, а мяне папрасілі ў сталовую, Іван мне сказаў:

- Пазнаёмся з ксяндзом, ён цікавы.

Калі я вярнулася да Івана, ён ужо ня спаў, а чакаў на мяне.

- Ну што, пазнаёмілася з ксяндзом?

- А так, Ясенька, ён мне спадабаўся, зь ім можна пагутарыць ня толькі аб справах агульных, але й Божых.

- Так, гэтая тэма цябе заўсёды парушала.

- А так, Ясенька, - і я пачала апавядаць, як я цікавілася рэлігійнымі пытаньнямі, слухала лекцыі зь гісторыі рэлігіі, бывала і ў тэасофаў і пераканалася, што й яны, як усе філёзафы, ня могуць даць адказу на пытаньне, скуль мы прыходзім і куды вяртаемся. Застаецца толькі вера ў ласку й міласьць нашага Створцы й сьвятую Яго любоў, якую нам Бог наказаў мець у сэрцах нашых да нашых бліжніх.

- Ведаеш, Яська, на маім 14-м годзе жыцьця ў нас у Кірсе нейкі пастар, госьць із Дорпату, меў пропаведзь на тэкст сьв. Эвангельля, 13 гл. першага пасланьня Паўла да Карынцян, і так глыбока й прыгожа ён паясьніў гэтыя словы аб Божай Любові, што я тады расплакалася ад узрушэньня, прыйшла дахаты, адшукала гэты тэкст і вывучыла яго напамяць (тут я зацытавала яго Івану). І чым старэйшая я раблюся, тым больш я адчуваю ўсю глыбіню запаведзі Любові Божай, дадзенай нам Хрыстом. І таму нашая хрысьціянская рэлігія найглыбей прамаўляе; што можа быць вышэй за Божую Любоў і ахвяру Хрыста?!

Ведама, у догмах я мала разьбіраюся, але глыбака адчуваю радасную ўпэўненасьць Уваскрошаньня Хрыста і з гэтым і духовага кожнага із нас і таму для мяне й нашыя дарагія нябожчыкі далей існуюць у любові Божай і мы малітвай лучымся зь імі. Ведаеш, Ясенька, калі мне цяжка, то я заўсёды ў маліцьве знаходжу пацеху і мне балюча, што ты забыўся маліцца да Айца, да якога мы зь любоўю можам зьвяртацца як дзеці, і прасіць аб ягоную ласку й дапамогу.

- Я бачу, ты хоць гэрэтычка (ён жартам іншым разам так мяне называў), хочаш мяне накіраваць на шлях праўды.

- Ах, Ясенька, хто ведае, хто з нас гэрэтык, а хто не. Вось мы з табой толькі ведаем, што Бог улажыў у нашыя душы любоў і гэтая «амор сакра» лучыць нас з табой і з нашымі бліжнімі. Толькі любоў да твайго народу прымусіла цябе аддаць яму ўсё тваё жыцьцё, усю тваю працу. Хоць ты й забыўся маліцца, але ты добры хрысьціянін, бо маеш сэрца, поўнае любові да сваіх бліжніх.

- Добра, што вы, жанчыны, маеце Бога ў сэрцы і ўмееце маліцца, вось і мама мая была вельмі пабожная, - успомніў Іван.

- А так, памятаю, як у лісьце сваім яна вас, сыноў сваіх, даручала апецы Маці Войстрабрамскай.

- Ну і ты, хоць і гэрэтычка, пасылала паставіць Антосю сьвечкі перад Войстрабрамскай, калі Ляля была безнадзейна хворая.

- Ну так, Ясенька, як трывога, то да Бога! Яська, і цяпер я дала перад выездам Пятрусі загад, каб паставіла ў Войстрай Браме сьвечкі на тваю інтэнцыю. А сёньня я памалюся за цябе, каб ты прыпомніў малітвы, якім цябе навучыла твая маці. Але ўжо позна, мне час ісьці. Да заўтра, мой родны!

Я пацалавала яму вочы й перахрысьціла яго, чаго раней ніколі не рабіла. Ён тады ўзяў маю руку, пацалаваў і сказаў:

- Дзякую табе.

15-га жніўня

У наступны дзень, у пятніцу, мы ўтрох, Ляля, Уладак і я прыйшлі да Івана. Ён быў якісь паважны, але міла прывітаўся, дзякаваў Уладку за адведзіны (Уладак прыйшоў разьвітацца, бо на другі дзень выяжджаў), і прасіў усім кланяцца, пытаўся, як яму спадабаліся горы і ў супольных гутарках прайшоў час да абеду. Ляля і Ўладак выйшлі. Іван быў стомлены гасьцьмі, сястра прынесла абед, а я пайшла ў сталовую. Ксёндз сядзеў у другім канцы стала і гэтым разам я зь ім ня гутарыла. Калі я ціха ўвайшла да Івана, ён драмаў, я селаў крэсла і глядзела на майго беднага Івана. - Што робіць хвароба з чалавека, - думала я, хто-б пазнаў у ім былога Івана, рухавага, жывога, найчасьцей у добрым настроі, зь мілай, або жартаблівай усьмешкай, з жывымі добрымі вачыма, у якіх, як іншым разам казала я, сядзеў вясёлы чорцік, бо Іван любіў пажартаваць і дабрадушна высьмеяць. Ну, і іскры ягоныя вочы ўмелі сыпаць, калі быў гнеўны, але гэта хутка праходзіла і йзноў добрая ўсьмешка ажыўляла ягоны твар.

Цяпер гэта быў худы твар, у якім яшчэ больш выступалі скулы, вусны тонкія, нос завостраны, вочы запалыя, толькі ягоная добрая ўсьмешка прыпамінала былога Івана, мне хацелася плакаць, бо хутка й гэтай усьмешкі, зь якой мяне вітае, не пабачу болей. Але вось Іван прачнуўся, ён як-бы штось прыпамінаў, а потым, заўважыўшы мяне, усьміхнуўся:

- Ах, як добра, што ты пры мне, дай руку, але пачакай, адчыні вакно, я хачу глынуць сьвежага паветра.

Стаялі цудоўныя, ціхія дні, сонца ўсё залівала, чыстае, горнае паветра было насычанае пахам сенажацяў, мне ніколі так лёгка ня дыхалася, як тады. Іван як-бы з радасьцяй удыхнуў гэтае паветра, наканец пачаў:

- Праўда, у такім паветры я хутка папраўлюся, вось бачыш, гарачка перастала мучыць мяне. (Ад слабасьці ў яго моцна ўпала тэмпэратура.)

- Ну так, ты цяпер і лепш выглядаеш, асабліва пасьля сну, - цешыла я яго.

Ён ізноў змоўк, твар ягоны спаважнеў і ён пачаў:

- Вось Юлінька, мы ўчора ўспомнілі маму і ведаеш, яна мне прысьнілася.

- І што яна табе казала? - спыталася я.

- Нічога, але ўзяла мае рукі, як-бы хацела іх злажыць. Што гэта значыць?

- Ах, - сказала я, - кажуць, як зьяўляюцца нябожчыкі, то яны жадаюць малітвы. Ну, бачыш, ты зь любоўю ўспомніў учора маму і яна на твой заклік прыйшла да цябе, а што рукі злажыла, то мусіць малітвы просіць.

І мы пачалі гаварыць на тэму загробнага жыцьця, як яго ўяўляе народ і паэзія, і ўспомнілі «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Іван вельмі пераняўся гэтай тэмай. Ужо вечарэла, праз адчыненае вакно пачуўся звон на «Анёл Паньскі».

- Ясенька, - сказала я, - вось звоняць на «Анёл Паньскі», ці мы ня змовім за душу тваёй мамы пацеры?

- А ты знаеш «Анёл Паньскі»?

- А як-жа?

- Ну так кажы!

Я ўзяла ягоныя рукі ў мае і пачала ціха, а потым галасьней казаць «Анёл Паньскі». Я ня бачыла, што ён паўтараў словы, у якія я ўклала ўсё сваё пачуцьцё, ён толькі мацней сьціснуў мае рукі. Скончыўшы «Анёл Паньскі», я пачала галасьней адмаўляць «Ойчэ Наш»; калі я сказала словы: «адпусьці нам віны нашыя», я пачула, як Іван ціха іх паўтарыў, я глянула на яго, дзьве сьлязы каціліся па ягоным твары і ён далей паўтараў за мной словы малітвы да канца. Я ўзрушаная нахілілася да яго і са сьлязьмі пацалавала яму руку.

- Чаму ты плачаш, Юлінька? - ціха спытаў Іван.

- Ах, Яська, гэта сьлёзы радасьці, што мы злучыліся ў маліцьве.

- Так, мы цяпер запраўды адно, - ціха адказаў Іван і палажыў мне другую руку на галаву. Ня ведаю, як доўга я ляжала, прыпаўшы да ягонай рукі.

Калі я ўстала, каб ісьці дадому й хацела разьвітацца, Іван на мяне глыбака глянуў і ціха сказаў:

- Юлінька, я ўсім прабачыў, - і позірк ягоны быў ужо патустароньні. Я нічога не магла адказаць, перахрысьціла яго, пацалавала гэтыя вочы й выйшла. Зайшла да сястры, папрасіла, каб не сьпяшалася зь вячэрай для Івана, бо ён узрушаны. На карыдоры я спаткала ксяндза, які йшоў у сталовую на вячэру, ён, пабачыўшы мае сьлёзы, затрымаў мяне і з трывогай спытаўся:

- Чаму пані гэтак засмучаная, ці гэтак дрэнна з панам Луцкевічам?

- Не, гэта сьлёзы ўзрушаньня, бо сёньня мы злучыліся ў маліцьве.

Ён вельмі ўсьцешыўся і сказаў, што заўтра раніцай пастараецца падрыхтаваць Івана да споведзі, бо першы лёд зламаны.

Я йшла дарогаю і дзякавала ў душы ягонай маці, бо гэта яна нам дапамагла, і плакала ад узрушаньня й ціхага жалю, бо ведала, што хутка ён нас пакіне назаўсёды.

Ляля кінулася да мяне, пабачыўшы мае сьлёзы:

- Што з Іванам, Юлінька?

- Лялінька, ён са мной адмовіў «Ойча наш»!

- Юлінька, якое гэта шчасьце, - і яна абняла мяне й таксама заплакала.

16-га жніўня

У сыботу мы вырашылі ня йсьці перад абедам да Івана, таму што ксёндз абяцаўся быць у яго. Мы зайшлі да пані Алексееўскай, эмігранткі, і гутарылі аб нашым дарагім хворым і ейнай дачцы, што разам вучылася са мной на курсах. На абед мы вярнуліся ў пансіён і потым паехалі ў санаторыю. Калі мы ціханька заглянулі да Івана, ён драмаў. Ляля мне шапнула, што пойдзе праведаць знаёмых, бо ў санаторыі яе ўжо шмат хто ведаў, асабліва адна старэйшая пацыентка любіла ейныя візыты. Я ціха села ў крэсла.

- Божа, - думала я, каб ён толькі застаўся гэткі спакойны, каб на яго не напаў сум і жах сьмерці! - Але вось ён адчыніў вочы.

- А ты тут, - радасна казаў ён; я яго перапрашала, што так позна прыйшла, бо позна паклалася і была змучаная доўгім спацэрам.

- Нічога, сяньня перад абедам я ня быў адзін, - адказаў Іван, - у мяне быў у гасьцях ксёндз і мы вялі паважную гутарку.

- Ізноў аб палітыцы?

- Не, - паважна адказаў Іван, - гэтым разам аб справах Божых. У душы я ўсьцешылася, значыць ксёндз яго падрыхтаваў, і каб не закрануць гэтай далікатнай справы, я спыталася Івана:

- А як ты спаў, учора мы абое былі моцна ўзрушаныя.

- Спаў добра, Юлінька, мне на душы лягчэй зрабілася, вось я ня ведаў, што ты так шчыра маліцца ўмееш.

- Ах, Ясенька, мы яшчэ ня ўсё ведаем адзін аб адным, бо ніколі часу ня мелі для сябе асабіста, заўсёды перашкаджалі нам пагутарыць па душы або справы, або чужыя людзі.

- Так, Юлінька, але цяпер мы маем час пагутарыць і памаліцца. Ты сёньня памаліся за мяне, каб Бог мне хутчэй дараваў здароўе.

- Ведама, родны мой, я буду аб гэтым маліцца. Вось, Яська, ты казаў, што табе зрабілася лягчэй, а ведаеш, што табе будзе ня толькі на душы лягчэй, але й весялей, калі ў сьв. прычасьці ачысьціш душу сваю.

- Юлінька, ты гэта добра сказала!

- Ну, а ты будзеш аб гэтым разважаць, мой родны, так? - і я глянула яму ў вочы й пацалавала руку; я зразумела, што ў душы сваёй ён ужо паяднаўся з Богам. Ціхая малітва супакоіла маё збалелае сэрца і я моўчкі сядзела. Але вось прыйшла Ляля, яна весела пачала апавядаць, што пры гэтай пагодзе ўсе ейныя знаёмыя паправіліся, вось і пан Іван выглядае весялей і лепш. Яська заўсёды з гэтага цешыўся. Ляля спыталася, ці заўтра можа прыйсьці перад абедам пан Міхайла з адным прыяцелем, які прыехаў яго праведаць і будзе рады пазнаёміцца з панам Іванам. Іван ахвоча згадзіўся, а нам быў ужо час ісьці дадому. Я Лялі сказала, каб зайшла да сястры паведаміць, што мы выходзім. Ляля мяне зразумела, яна там дольш засталася, а я, як учора, узяла ягоныя рукі ў свае і адмовіла пацеры гэтым разам за ягонае здароўе і ён ціха паўтараў. Калі Ляля вярнулася, ён ёй на разьвітаньне ціха казаў:

- А ты Ляля, молішся, каб Бог даў здароўе?

- Але, пан Іван!

- Тады адпачывай добра.

Па дарозе Ляля мне сказала:

- Юлінька, Іван выглядаў як дзіця, якое перапрасіла бацьку й цяпер ізноў радаснае й вясёлае.

- Так, Лялінька, ягоная чыстая душа ўсё больш вызваляецца із зямной абалочкі.

У нядзелю, 17-га жніўня Ляля, я, пан Міхайла і ягоны прыяцель пан Астап рана пайшлі пехатой у санаторыю. Ляля зьбірала кветкі для нашага дарагога хворага, а мы гутарылі аб бягучых палітычных справах. Паны Міхайла і Астап былі таго пагляду, што ня толькі беларускія, але і ўкраінскія справы на міжнародным форуме ня маюць належнага зразуменьня й прыхільнікаў, што трэба будзе й далей змагацца ўсялякімі спосабамі, калі іх пакінуць на зьядзеньне ваўкам, гэта значыць на падзел паміж Расеяй і Польшчай. Я прасіла не трывожыць Івана гэткімі пэрспэктывамі, ён верыць у незалежнасьць Беларусі і няхай адыходзіць з гэтай радасьцю.

- Ну, я заўсёды апавядаю пану Івану штосьці вясёлае, - заўважыў пан Міхайла.

Іван вельмі ўсьцешыўся новаму госьцю. Пан Астап быў каапэратар і тут пачаліся гутаркі на гэтую тэму, што трэба ня толькі школы, але й каапэратывы пашыраць сярод сялянства, каб зрабіць яго матар'яльна мацнейшым. Іван цікавіўся посьпехамі культурнае працы сярод украінцаў і казаў ім:

- Вам лягчэй, вы маеце ў Галіччыне кадры выхаванае інтэлігенцыі, а нам яшчэ трэба выхоўваць, але нічога, мы вас хутка дагонім.

Іван пастарому быў аптымістам і ўсе стараліся трымаць яго ў добрай веры, што ўсё йдзе на лепшае. Так у агульнай гутарцы мы й не заўважылі, што надыйшоў час абеду. Госьці тады ўсхапіліся, сардэчна разьвіталіся з Іванам, абяцалі ізноў яго праведаць і разам зь Ляляй выйшлі.

- Бачу, Ясенька, ты зашмат гаварыў, табе трэба цяпер адпачыць, - казала я.

- Так, я ўздрамну. - Але вось прынесьлі абед і я пайшла ў сталовую. Ксёндз, відавочна, чакаў на мяне, бо адразу падыйшоў, прывітаўся і сказаў, каб я пасьля абеду чакала яго на вэрандзе, каб пагутарыць. Пасьля абеду я выйшла на вэранду і села ў кутку. Хутка прыйшоў і ксёндз і, прысеўшы да мяне, пачаў:

- Магу пані пацешыць, пан Луцкевіч падрыхтаваны да атрыманьня сьв. сакрамэнтаў.

- Гэта для мяне вялікая радасьць, я вельмі непакоілася, як гэта будзе із споведзьдзю, ці гэткі хворы зможа выпаўніць такое цяжкое заданьне?

- Няхай пані не турбуецца, я ня буду мучыць пана Луцкевіча доўгай споведзьдзю. У часе маёй апошняй візыты ён сам ахвоча мне расказваў аб сваёй грамадзкай працы, жыцьці й намерах на будучыню, і калі толькі паправіцца, то хоча жаніцца і тутака з найвялікшай любоўю й прывязанасьцю казаў аб пані. Дзеля таго, што дні пана Луцкевіча палічаныя, то я ахвотна ўдзялю панству сакрамант сужэнства.

- О, я ўзрушаная гэткай прапановай і ад сэрца дзякую, але гэта зьвязана з рознымі фармальнасьцямі, на якія патрэбна шмат часу і затым гэта было-б зашмат узрушаньня для нас абодвух. Ня ведаю, як на гэтае ўзрушаньне адказала-б слабое сэрца хворага і мае нэрвы маглі-б адмовіць паслухмянасьці, бо гэта для мяне заўсёды была балючая справа.

- Прашу пані, у такіх выпадках касьцёл робіць вялікія ўступствы, што да фармальнасьцяў. Я лічу, што пані будзе на гэтым залежаць, каб упарадкаваць сваё праўнае становішча адносна сваякоў і затым, пані, як набожная жанчына, будзе ў парадку адносна касьцёлу, калі панству будзе ўдзелены сакрамант сужэнства.

- Бачу, што пан Луцкевіч, кажучы аба мне, не адзначыў, што я не каталічка, а эвангеліцкага веравызнаньня.

- Што пані кажа! Я гэтага ніколі не дапушчаў! Пані з гэткай любоўю апавядала аб кульце Вастрабрамскай.

- Так, таму што я вільнянка і вырасла пад Яе апекай, але гэта не зьмяняе маёй справы. Вось, кажучы аб фармальнасьцях, я мела на ўвазе, што ксёндз бы меў са мной шмат клопату: з індультам, дыспэнсам і ня ведаю яшчэ з чым. На ўсё гэта трэба шмат часу. І, папраўдзе кажучы, на зьмене майго праўнага становішча, калі сьмерць мне адыймае найдаражэйшага чалавека, мне больш нічога не залежыць, таму што сямейныя справы, як і маёмасьць, адпадаюць. Наагул тутака справа не ў маёй асобе. Я вельмі ўдзячна вашэці, што пан Луцкевіч атрымае сьв. сакрамэнты, калі Бог яго адкліча. Ён цяпер у такім радасным настроі, што, як казала мая сястра, прыпамінае дзіця, якое перапрасіла Айца і йзноў здаволенае. Таму няхай зь верай і надзеяй у Міласьць Божую спакойна засьне. Нічым ня хочу зацямніць ягоны радасны настрой і супакой душы. Яшчэ раз дзякую сардэчна вашэці за ўсё. Аднак мне час ісьці да майго хворага. Да пабачэньня!

Я бачыла, што добры ксёндз проста ня ведае, што мне адказаць пасьля гэткага адкрыцьця, што я не каталічка. Я ціха ўвайшла да Івана, ён драмаў, госьці й гутаркі яго змучылі. Прачнуўшыся, ён спытаў мяне:

- А можа ты атрымала ліст ад Антона, я так хачу яго пабачыць. - Потым прыпомніў гутаркі аб выхаваньні моладзі і сказаў, што, як прыедзем у Вільню, трэба парупіцца аб тым, каб ува ўсіх гарадох Беларусі адчынілі беларускія сярэднія школы.

- Гэта можна будзе даручыць Тарашкевічу, ён можа стаць на чале асьветнае працы.

- Ведаеш, Яська, Тараса не ахвяруйце палітыцы, а захавайце для беларускае навукі, каб яго веда й здольнасьці задарма не прапалі.

- Так, Юлінька, яму трэба стацца прафэсарам. - Іван далей разважаў беларускія справы, а я старалася зьмяніць гутарку, бо ён надта ёю пераймаўся.

- Але вось праз адчыненае вакно пачуўся звон на вячэрнюю малітву. - Мне час дамоў, - сказала я і, узяўшы ягоныя рукі, пачала, як і ў мінулыя дні, адмаўляць пацеры.

Па дарозе дадому (я заўсёды вярталася пехатой, каб мець спацар), я разважала прапазыцыю добрага ксяндза. Божа мой, як гэта ўсхвалявала-б беднага Івана, ён бы страціў сваю душэўную раўнавагу, ну і я не магла-б гаварыць за сьлязамі; на што шлюбаваць адзін аднаму ў абліччы сьмерці, калі гэта мусіць быць сьвятам жыцьця. Мы-ж і так датрымалі слова, якое сабе далі; усе гэтыя гады Іван мне быў мілы, верны друг і я-ж яму плаціла гэтым самым, дык няхай нам Бог будзе міласьцівым судзьдзёй, ён адзін ведае, якое шчырае пачуцьцё жыве ў сэрцах нашых. Я памалілася ціха, супакоілася і пасьля вячэры, як кожны вечар, села пісаць свой дзёньнік, мне хацелася затрымаць словы й перажываньні гэтых апошніх дзён з Іванам, якія для мяне былі-б найпрыгажэйшымі, калі-б memento mori не ператварыла іх у найсумнейшыя.

У наступны дзень - 18-га жніўня, Ляля і я пайшлі ў санаторыю. Гэтыя спацары сярод цудоўнага краявіду квітнеючых, пахучых сенажацяў, супакойвалі боль душы. Мы назьбіралі шмат кветак і з поўнымі рукамі апынуліся на карыдоры санаторыі. Нас спаткала сястра, папрасіла пачакаць, бо Іван мае госьця - ксяндза. Ляля дала сястры частку кветак і сказала:

- Юлінька, гэты букет я дам ксяндзу, ён так дбае аб Івана.

Нядоўга мы чакалі, ксёндз выйшаў, міла прывітаўся і калі я пазнаёміла яго зь Ляляй, сказаў: О, тутака яшчэ адна мілая вільнянка! Ляля яму з падзякай за апеку над Іванам падала кветкі.

- Шчыра дзякую, я іх пастаўлю перад абразом Маці Божай Вострабрамскай.

Іван і нам і кветкам усьцешыўся, ён удыхнуў іх арамат. Ляля сказала, што й ксяндзу й сястры дала кветкі.

- Ты добра зрабіла, Ляля, яны ўсе для мяне гэтак спагадлівыя.

Іван быў паважны, але ў добрым настроі. Ляля яго забаўляла, расказвала, як яна з панам Міхайлам і Астапам учора хадзіла далёка ў горы, як было весела, як яна тут паправілася й памацнела, што гэткі спацар яе ня змучыў.

- Вось і я папраўлюся і памацнею і тады зь Юлінькай далучуся да вашай вясёлай кампаніі, - казаў Іван.

- Дзякуй Богу, - думала я, што ён не разумее, што ціха дагарае, як сьвяча перад іконай.

Прыйшоў доктар, ён нас прывітаў словамі: - Спаткаў ксяндза з кветкамі, сказаў, што гэта падарунак мілых вільнянак, вось я й прыйшоў, каб іх прывітаць. - Ён цешыўся, што Ляля гэтак паправілася за гэтыя два месяцы. Мы гутарылі аб Вільні. Іван казаў, што разам выедзем, як толькі ён памацнее й набярэ здароўя, як Ляля. Доктар яго спагадліва слухаў, затым праверыў пульс, разьвітаўся і зрабіў мне знак, каб я за ім выйшла. На карыдоры ён мне сказаў:

- Мушу пані сказаць, што сілы нашага хворага з кожным днём таюць, яго падтрымлівае толькі радасьць і надзея. Гэта для мяне, як лекара, рэдкі выпадак, каб гэтак цяжка хворы быў у такім добрым настроі і трэба аб гэтым дбаць, каб нічым яго не замуціць. Мне сказала сястра, што ўчора былі, акрамя пань, яшчэ двух паноў. Бяз гутаркі аб бягучых палітычных справах, а для хворага гэта непатрэбнае хваляваньне.

- Так, пане доктар, я прасіла абыходзіць усе тэмы, якія непакояць хворага. Я пастараюся, каб вылучыць усіх гасьцей, досыць, калі я і сястра будзем яго наведваць; я добра разумею, што ўсе ўзрушаньні непажаданыя.

- Так, ужо ксёндз мне сказаў, што пані хоча зьберагчы пана Луцкевіча ад усіх хваляваньняў, - сказаў доктар і спагадліва паглядзеў на мяне, - гэтак я маю ў пані хаўрусьніцу, а прысутнасьць пані пры хворым ёсьць ягонай радасьцю й гэта міла, што пані ахвяруе яму столькі часу.

- Пане доктар, таму я й прыехала, каб быць пры ім!

- Так, так, разумею, што можа быць прыгажэйшага за глыбокую прыязьнь, - закончыў доктар і паціснуў мне руку, а я вярнулася да Івана.

- Што там табе доктар казаў?

- А вось, што ты маеш зашмат гасьцей, асабліва вымаўляў, што ўчора нас было тут чатыры асобы; гэта цябе непакоіць і перашкаджае хуткай паправе. Я абяцала, што апрача мяне й Лялі ніхто больш прыходзіць ня будзе.

- Ну, на гэта я, пакуль памацнею, яшчэ магу згадзіцца, - адказаў Іван, - а то я думаў, што можа ты будзеш прыходзіць з кароткай візытай.

- Не, не, мой родны, я магу заставацца тут цэлы дзень!

- Ну, а то я-б запратэставаў.

- Але ведаеш, Ясенька, ты сяньня меў таксама шмат гасьцей: і ксёндз, і доктар, і мы, цяпер адпачні перад абедам, Ляля пойдзе праведаць пані Р., а я пры табе ціханька пасяджу.

- Ну, так дай руку, - Іван любіў, каб я трымала ягоную руку ў сваіх, казаў, што ён лепш засынае. Ён пачаў драмаць і калі я потым захацела ўстаць і вызваліць руку, то ён, дрэмлючы, яшчэ мацней яе сьціснуў і гэтак я сядзела далей. Ляля заглянула празь дзьверы, і бачучы, што ён дрэмле, зрабіла знак, што йдзе дадому. Прынесьлі абед, сястра засталася пры хворым, а я пайшла ў сталовую. Калі я вярнулася, Іван зноў драмаў, такая слабасьць яго ахапіла. Я пераглядала Евангельле, якое пазычыла ў сястры, хацела Івану прачытаць пару маіх любімых глаў. Я й не прыкмеціла, калі ён прабудзіўся і ўглядаўся на мяне.

- Што ты там маеш цікавага, што на мяне ня глянеш, - адазваўся ён.

- Яська, я хацела табе прачытаць выняткі з Евангельля.

- Добра.

І я прачытала: Нагорную пропаведзь; 13-тую главу 1-га пасланьня Карынцянам; 15-ты разьдзел Евангельля ад Яна. Іван слухаў уважна. Калі я прачытала 13 сьціх з 15-га разьдзелу Яна, Іван сказаў: паўтары яшчэ раз, і я прачытала: «Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу за другоў сваіх». Тады Іван сказаў:

- Вось ніколі не знаходзіў часу, каб заглянуць сюды, а колькі тут глыбіні ў адным толькі гэным сказе.

- Так, Яська, каб людзі яго мелі ў сэрцы, то ўсе цяжкія пытаньні жыцьця й людзкія суадносіны можна было-б разьвязаць.

- А ведаеш, сяньня ксёндз гутарыў аб ахвяры Хрыста і казаў мне, што калі я жадаю, то ўдзеліць мне сьв. прычасьце.

- І ты згадзіўся, мой Ясенька!

- Так, Юлінька, - ціха казаў Іван, - трэба абмыць душу, як ты казала.

- Віншую, віншую цябе! - І я пацалавала яго. - Як добра, Ясенька, што тут, у Закапаным, мы маем час падумаць і аб нашым духовым жыцьці, а то ў Вільні за ўсімі справамі забыліся аб гэтых пытаньнях.

Але гэтыя задушэўныя гутаркі былі перарваныя нечаканым прыходам Лялі. Яна ўскочыла, трымаючы высока ў руцэ тэлеграму:

- Пан Іван, пан Іван, ад Антона! Ён хутка прыедзе!

Мы ўсхапіліся. Іван ледзь ня плакаў ад радасьці, а я ў душы гневалася на Лялю, што яна гэтак неабдумана патрывожыла Івана. Тут пайшлі гутаркі, калі ён прыехаць можа. Іван казаў, што мусіць мае добрыя весткі й асягненьні, бо інакш ён-бы не прыехаў, ведаючы, што адсюль назад яго могуць не пусьціць. Ізноў Іван пачаў непакоіцца палітычнымі справамі й пытаў, што чутно ў газэтах. Я адказала за Лялю й за сябе, што наагул цяпер газэтаў не чытаю, Ляля палітыкай не цікавіцца, а я ня маю цяпер ахвоты, мне прыямней адпачыць ад усіх гэтых справаў, на якія, на жаль, мы ніякага ўплыву ня маем.

- Дык мне заўтра прынясеце газэты, каб я ведаў, чаго спадзявацца можна.

У Іване ізноў ажыў стары палітычны дзеяч. Добра, што прынесьлі вячэру, нам трэба было выходзіць, і часу не было нават на пацеры, я падыйшла да Івана, ціха сказала, што памалюся за ягонае здароўе, і мы выйшлі.

У пансіёне пасьля вячэры я села пісаць, а Ляля ўзялася за газэту, яна хацела паглядзець, з чым Антона чакаць можна. Я скончыла і спытала:

- Ну што ты там добрага вычытала?

- Ах, Юлінька, я тут ува ўсёй гэтай канфэрэнцыі разабрацца не магу!

- Ну, дай мне газэты за апошнія дні! - Я пачала пераглядаць. - Ведаеш, Ляля, я тут нічога аб Беларусі не знаходжу; вельмі баюся, што Антон прыедзе з пустымі рукамі. Вось тады будзе бяда! Іван выбухне і яшчэ атак сэрца дастане. Не! З дрэннымі навінамі я Антона не пушчу да Івана.

19-га жніўня я рана пайшла ў санаторыю. Ляля кепска спала, і я ёй парадзіла адпачыць і прыйсьці пад вечар, разам пойдзем дадому.

Іван гэтай раніцай мне не спадабаўся, выглядаў змучаны й невясёлы.

- Ты мусіць дрэнна спаў, Ясенька?

- А так, я ўчора гэтак пераняўся прыездам Антона, што доўга заснуць ня мог.

- Ну, так ты цяпер пасьля сьняданьня засьні, а я тут пачытаю.

- Можа газэты маеш?

«Вось не забыў», - падумала я.

- Ляля прынясе, яна хацела потым новыя, як прыйдуць з Варшавы. Я тут маю Эвангельле, гэта мяне супакойвае, а газэтная брахня дэнэрвуе. Нядоўга я сядзела пры вакне, Іван адазваўся:

- Юлінька, мне ня сьпіцца, можа ты мне пачытаеш, як учора?

Каб зьмяніць ягоныя думкі і вярнуць яму добры настрой, я пачала чытаць Эвангельле ад Лукі, аб Нараджэньні Хрыста, дзе зямля й неба лікуюць.

- Ах, Юлінька, - пачаў Іван, - вось на Каляды мы будзем у Вільні і пойдзем, як даўней, разам на пастэрку.

- Ну так, мой родны, але каб хутчэй паправіцца, ты пастарайся заснуць, каб адпачыць перад абедам. - Я сказала, як некалі ў Вільні, «Сьпі вочка, сьпі другое», пацалавала вочы і ўзяла ягоныя рукі і ціха гладзіла і гэтым асягнула, што ён драмаў да абеду.

Калі я вярнулася із сталовай, сястра яшчэ была пры Іване, яна наракала, што ён сяньня амаль нічога ня еў.

- Ах, я ня маю апэтыту, і мне якось цяжка ў грудзёх, - жаліўся ён.

- Пад вечар загляне доктар, - пацешыла сястра.

- Ясенька, калі табе цяжка ў грудзёх, то ты не гавары, - казала я, калі сястра выйшла, - вось лепш табе аб нашых віленскіх прыяцелях апавядаць буду. І я пачала перабіраць усіх знаёмых, як яны цікавіліся весткамі із Закапанага і зычылі яму здароўя. Але думкі Івана былі пры Антону, ён мяне раптам перарваў:

- Юлінька, як ты думаеш, хутка прыедзе Антон?

- Можа ў канцы тыдня.

- Ах, сяньня толькі аўторак, так нудна чакаць, і што за навіны ён прывязе, што яны там асягнулі?

- Ах, Ясенька, дні хутка праходзяць!

- Я так хачу яго пабачыць! - і якаясь трывога дрыжэла ў ягоным голасе. І мне ўдзялілася ягоная трывога і мяне ахапіў непакой за яго. Але-ж ксёндз абяцаўся прыйсьці із сьв. сакрамэнтамі!

- Ясенька, калі ксёндз да цябе прыйсьці хацеў «z Panem Bogiem»?

- Ну, хутка, - адказаў Іван.

«Трэба мне спытаць сястру», - у думках пастанавіла я.

Але вось надыйшла і Ляля. Яна пачала расказваць, што ў пансіёне сяньня быў малы перапалох: у Дунаец уцякла малая выдра Зоська, якую трымалі ў клетцы гаспадары пансіёну.

- Добра зрабіла, што ўцякла, - казаў Іван, - на што яе мучылі ў няволі?

Ляля перапрашала, што праз гэтую падзею забылася захапіць купленыя газэты.

- Ну, Юлінька перагледзіць і заўтра мне перакажа, я ўсё роўна чытаць ня буду, - ціха казаў Іван. І Ляля і я гаварылі аб лісьце зь Вільні. Іван толькі слухаў, я бачыла, што ён стомлены.

- Мы сёньня раней выйдзем, Ляля, доктар мае яшчэ прыйсьці. Ты зайдзі да сястры й чакай там мяне.

Я тады ўзяла рукі Івана й сказала:

- Бачыш, мы разам не маліліся і ты дрэнна спаў. Сяньня памолімся, каб Бог даў табе добры адпачынак і ты-б прабудзіўся вясёлы, як у тыя дні. Адмовіўшы пацеры, я пазычыла яму добрай ночы. Я выйшла зь непакоем, Іван сяньня быў іншы, як тыя дні, відаць было, што сілы яго пакідаюць. У сястры ўжо чакала Ляля. Я спыталася сястру, ці яна ня ведае, калі ксёндз можа быць «z Panem Bogiem».

- Звычайна раніцай, пасьля першае імшы.

- Ах, я так чакаю гэтага, бо сёньня наш хворы мне не спадабаўся, у яго прыкметны ўпадак сіл.

- Так, - казала сястра, - і я гэта заўважыла.

- Ці сястра мае пад рукой нумар нашага пансіёну?

- А так, ён у мяне запісаны, калі трэба, то я выклічу пань. Але мне час да хворага, бо доктар хацеў быць перад вячэрай.

Мы моўчкі йшлі дахаты, не хацелі прызнацца, што баімся немінучай катастрофы, якая ціхім, але пэўным крокам надыходзіла. Вячэраць мне не хацелася, я выпіла толькі гарбату.

- Лялінька, сёньня памолімся, каб Бог быў міласьцівы да Івана, - казала я.

20-га жніўня, пад раніцу, нас разбудзіла гаспадыня весткаю, што пан Луцкевіч меў сардэчны прыпадак і што нас просяць рана прыехаць у санаторыю.

Мы ўсхапіліся, гаспадыня, вельмі мілая жанчына, на сілу ўгаварыла нас выпіць цёплае малачко і ўсунула ў сумку Лялі нейкія піражкі. Я кінулася да майго чамадану й дастала граманіцу, што дала Пятруся.

Па восьмай мы ўжо былі ў санаторыі. Доктар спаткаў нас весткаю, што сэрца хворага адмаўляе і ён кожную хвіліну можа на векі зачыніць вочы. Мы ўвайшлі асьцярожна, але Іван нас зараз-жа пабачыў і сказаў ціха і ўрачыста:

- Павіншуйце мяне, я сяньня прычасьціўся.

- Мы прыйшлі вас павіншаваць, - адказалі мы.

Ляля яму дала ягоныя любімыя мечыкі.

- Дзякую, - сказаў ён, - яны такія прыгожыя.

Я ўзяла ягоную руку й пацалавала. Божа, такі бледны й паважны ён ляжаў, ужо маестат сьмерці яго адзначыў. Сястра выйшла, я ўсхапілася за ёй; яна мне на карыдоры апавядала, што ўжо зьвечару доктар баяўся прыпадку, яна паведаміла ксяндза, каб раніцай прыйшоў «z Panem Bogiem». І добра было, бо ксёндз пасьпеў яму ўдзяліць апошніх сакрамэнтаў.

- Дзякуй Богу, - казала я, - гэтага я так жадала.

Ляля і я ціха сядзелі пры Івану, ён рэдка казаў якое-небудзь слова, відаць было, што яму цяжка гаварыць. Але свайго безнадзейнага стану ён не разумеў, яго ахапіла дрымота ад слабасьці. Я бачыла, што Ляля, гледзячы на Івана, мае вочы поўныя сьлёзаў. Доктар ізноў заглянуў да Івана. Я выйшла за ім. Ён сказаў, што гэта ціхая агонія можа працягнуцца й да раніцы.

- Я тут застануся да канца, - адказала я.

- Але пані зробіць добра, калі адашле панну Лялю ў пансіён, каб адпачыла, яна можа прыйсьці пад вечар.

- Няхай пан доктар ёй сам гэта скажа, то хутчэй паслухае.

- То прышліце мне панну Лялю.

Я выслала Лялю на карыдор. Яна вярнулася й сказала, што пойдзе абедаць і падала Івану руку. Ён яе затрымаў і казаў:

- Але ты потым прыйдзеш?

- Так, так, пан Іван!

Я, як заўсёды, узяла ягоныя рукі, ціха іх гладзіла й казала:

- Ты адпачні, прычасьце было для цябе вялікім узрушаньнем.

- Так, але мне добра. - Ён ізноў западаў у дрымоту і гэтак я сядзела пры ім ціха да абеду. Мне не хацелася ісьці ў сталовую, але сястра сказала:

- Пані павінна штосьці зьесьці, яшчэ шмат цяжкіх часінаў чакае пані. Я тут застануся пры хворым.

Калі я вярнулася, сястра казала, што Іван ледзь выпіў трохі малака, але яму ня можна дакучаць ежай. Я ізноў села на сваё месца і ўсё глядзела на гэты зьбялелы твар, каб яго добра захаваць у памяці, бо гэта-ж апошні дзень, што я пры ім. Я ціха казала: Божа, дай сілы, каб не патануць у сьлязах там, дзе трэба быць моцнай. Доктар заглядаў амаль кожную гадзіну, мацаў пульс і выходзіў. Ні ён, ні я нічога не пыталі Івана, ён ляжаў у сваёй дрымоце. Пад вечар, калі ізноў прыйшла Ляля, ён яе спытаў, ці няма новых вестак ад Антона. Тут падыйшоў ізноў доктар, Іван пачаў яму жаліцца на хрыпотку ў горле, тады доктар сам яму ўпрыскнуў марфіну і Іван супакоіўся. Ляля мне шапнула:

- Мяне душаць сьлёзы...

- Табе час дадому, Лялінька, а то Іван можа зразумець, што зь ім нешта паважнае, калі і ты застанешся.

Ляля падыйшла да яго. Ён адчыніў вочы і спытаў:

- Ты ўжо выходзіш?

- Але, выходжу.

- Так ідзі, цёмна будзе.

І бедная Ляля са сьлязьмі ледзь магла сказаць:

- Да пабачаньня.

- Да пабачаньня, - ледзь адказаў ён і гэтак яны разьвіталіся. Я праводзіла Лялю на карыдор і калі ізноў заняла сваё месца, Іван ціха спытаў:

- Ну, а ты?

- Ах, Яська, я застануся пры табе. - Ён як-бы ўсьміхнуўся. - Ведаеш, Яська, ужо вечар і табе час заснуць, дык я адмоўлю пацеры, а ты толькі ў сэрцы іх кажы, бо цябе мучыць хрыпотка.

- Добра, кажы.

Я ўзяла ягоныя рукі, памалілася, як у тыя вечары; ён уважна слухаў, затым я паправіла яму падушкі, лепш улажыла, пацалавала, перахрысьціла і села на сваё месца.

- Цяпер сьпі, я тут пры табе сядзець буду.

- Ты добрая... - ціха сказаў мне свае апошнія словы Іван; я гладзіла ягоныя рукі і ён ізноў упаў у сваю дрымоту, каб зь яе больш не прачнуцца. Як доўга я так сядзела, ужо ня ведаю, але вось увайшоў доктар, асьцярожна збадаў пульс і глянуў на мяне, як-бы хацеў штосьці сказаць. Я выйшла за ім у карыдор.

- Гэты апошні сон хворага можа працягнуцца з гадзіну; добра, што наш хворы гэтак спакойна адыходзіць у вечнасьць, - казаў мне доктар.

- Дык я магу запаліць граманіцу?

- А пані яе мае?

- Я прывезла зь Вільні.

- Жанчыны ў гэткіх выпадках узрушаючыя, і гэтага пані не забылася.

Я запаліла граманіцу і паставіла на столік ля Івана. Я вылучыла сьвет. Сьвятло граманіцы асабліва выдзяляла гэты зьбялелы твар, на якім была лёгкая ўсьмешка, якая мне казала:

- Ты добрая! - Я сядзела і адмаўляла за яго.

Але вось яго дыханьне пачало сьціхаць, яно рабілася ўсё слабейшым, я ўзяла грамніцу і трымала яе сярод яго далоні, калыхаючыся сьвет асьвятліў ужо спакойны твар, яшчэ адзін уздых і ягоная сьветлая душа адыйшла ў радасьць вечную. Згодна звычаю, я паклала яму руку на вочы, але яны й так не адчыніліся.

- Якую прыгожую сьмерць Бог яму дараваў, - падумала я і ціха малілася. Але вось і доктар увайшоў, я хутка запаліла сьвятло.

- Ён ужо адыйшоў ад нас, - сказала я.

- Ён меў лёгкі канец, - адказаў доктар, - гэтак спакойна рэдка хто засынае навекі. Складаю пані і беларускаму грамадзянству мае шчырыя кандаленцыі, беларусы ў ім патрацілі аднаго із сваіх найлепшых сыноў.

Я падзякавала і заплакала, але хутка ўстрымала сьлёзы. Доктар сказаў, што прышле сястру, каб апрануць нябожчыка. Далей доктар казаў, што ўначы прыедуць з карэткай, каб адвезьці цела ў капліцу на могільніку.

- Добра, я буду чакаць, - адказала я.

Прыйшла сястра. Я дастала з валізкі ўсю патрэбную вопратку.

- Можа пані будзе балюча, то я паклічу другую сястру ў помач?

- Ня трэба, я ў часе вайны працавала дабраахвотніцай у вайсковым шпіталі, мяне мёртвае цела не палохае. - І вось наш дарагі нябожчык ужо ў сваёй параднай вопратцы ляжаў на ложку. Сястра прынесла крыж і сьвечы, я ўзяла кветкі ад Лялі і ў галавах на століку ўсё паставіла. Сястра выйшла, я ізноў пагасіла сьвет і засталася пры сьвечках.

Што я тады ў гэтыя часіны сам на сам з маім дарагім нябожчыкам перажывала, цяжка сказаць, ведаю толькі, што я малілася і час ад часу цалавала ягоныя халодныя рукі і паўтарала ўсе мілыя словы, што казала пры жыцьці. І гэтыя гадзіны прайшлі. А трэйцяй уначы ўвайшоў доктар і зь ім двое мужчынаў з насілкамі, яны мелі на нагах мяккія войлачныя туфлі, каб ніхто з хворых ня чуў, што ізноў аднаго зь іх аднесьлі на вечны супакой.

- Пані можа да раніцы застацца ў санаторыі, сястра для пані ўжо ў сябе падрыхтавала пасьцель.

- Не, дзякую пане доктар, я хачу разам зь ім адбыць ягонае апошняе падарожжа.

- Ці пані ня будзе баяцца ў гэткую цёмную ноч?

- Не, пане доктар.

Цішком мы пасоўваліся праз карыдор. На дварэ мяне ахапіў холад. Там цела паклалі ў часовую дамавіну і ўсунулі ў закрытую цёмную карэтку, дзе была яшчэ вузенькая лаўка, на якой села я. Кучар і ягоныя памоцнікі селі на козлы і нашая карэтка ціха выехала. На шашы коні пабеглі барджэй і гэтак мы ехалі ў Закапанае. Гэта было маё першае і апошняе падарожжа з Іванам і, седзячы супраць яго, я думала: «Вось мне лёс падрыхтаваў гэткае вясельнае падарожжа». Але ня доўга трывала яно, мы ўехалі на могільнік, я пачакала, пакуль цела паставілі ў капліцу. «Добра, што Ляля прынесла мне вечарам запасны ключ ад уваходных дзьвярэй, нікога будзіць ня трэба», - падумала я.

Усё было ўкатана ў туман і мне здавалася, што ўсе душы могільніка выйшлі на спатканьне новай душы, якая далучылася да іх. Дамоў я йшла як у сьне. Але вось хуткія воды Дунайца збудзілі мяне да рэчаіснасьці, яны весела гаманілі, яны казалі аб тым, што ўсё цячэ, усё праходзіць: і радасьць і сум і жыцьцё.

Калі я ціха ўвайшла ў наш пакой, Ляля ўсхапілася:

- Лялінька, ён ужо тут, блізка да нас!

Раніцай да нас зьявіўся пан Міхайла, ён ужо ўчора чуў ад нашай гаспадыні аб нашым горы і злажыў нам свае кандаленцыі, калі даведаўся, што Іван аддаў душу Богу. Ён нам шмат дапамагаў, як і другія знаёмыя: трэба было й тэлеграмы выслаць і дамавіну купіць і хаўтуры наладзіць.

Яшчэ перад абедам я паехала ў санаторыю забраць рэчы Івана. Калі доктар мяне пабачыў, то спытаўся, якім чынам я ўначы дасталася ў пансіён і дадаў:

- Аднак пані адважная жанчына!

Я зайшла ў канцылярыю, прасіла падрыхтаваць мэтрыку сьмерці і рахункі за Івана і абяцалася зайсьці па іх пасьля хаўтураў. Мушу зазначыць, што яшчэ сяньня зь вялікай падзякай успамінаю ўсіх мілых людзей, якія так прыязна адносіліся да Івана і нас, яны падтрымалі нас, калі мы засталіся адны.

Дарма мы чакалі на паховіны кагосьці зь беларусаў з Варшавы. Толькі некалькі знаёмых ды Ляля і я, як яму блізкія, стаялі над сьвежаю магілай. Пасьля ўрачыстай жалобнай імшы пахавалі Івана Луцкевіча ў сыботу 23-га жніўня 1919 г. Нашы прыяцелі-ўкраінцы несьлі пекны вянок з галінаў лімбы, горнай сасны і верасу, на істужках красаваўся надпіс: «Борцові Белорусі від братів украінців». Я паклала яму вянок зь беларускімі йстужкамі: «Майму дарагому другу»; Ляля - вялізарны букет ягоных любімых мечыкаў, шмат кветак прынесьлі й іншыя і сьвежы насып тануў у зелені й кветках.

Да 30-га жніўня Ляля і я заставаліся ў Закапаным. У гэтым часе я ўсё залатвіла ў санаторыі, асабліва падзякавала доктару, ксяндзу й сястры. Я парупілася, каб каля магілы паставілі загарадзь, пасадзілі кветкі на магілцы і зрабілі здымак. На разьвітаньне, на 9-ты дзень пасьля сьмерці Івана, я замовіла імшу з экзэквіяй. Мы шчыра памаліліся, паплакалі, затым злажылі рэчы, каб перад абедам 30-га выехаць дамоў у Вільню, бо пачыналася навука ў гімназіі. Пагода далей стаяла пекная і нам шкада было пакідаць Закапанае, дзе заставалася дарагая нам магіла. За гэтыя дні я ўсё не магла супакоіцца, што страціла Івана, мяне часта мучылі думкі, ці за жыцьця я яго ня скрыўдзіла прыкрым словам, ці можа аказвала замала ўвагі й прыязьні, замала дбала аб ягоным здароўі. Сумна мне было, часта я плакала, але толькі тады, калі клалася на адпачынак. Ляля тады ня бачыла маіх сьлёзаў. Ляля спала ў пакоі, а я на крытай вэрандзе. Раніцай 30-га жніўня, калі ўжо сьвітала, я прачнулася і глядзела на горы, пад якімі клубіўся туман. Сумныя былі думкі мае, цяжка было пакідаць дарагую магілку. Раптам каля сябе я пабачыла Івана ў гэткай самай вопратцы, у якой я яго паклала ў труну. Ён нахіліўся да мяне, пацалаваў у шчаку, я пачула холад нябожчыка, і ён ціха сказаў: «Дзякую табе!» І страх і радасьць ахапілі мяне, я ляжала нерухомая, але вось я знайшла сілу крыкнуць: «Ляля! Ляля!» Яна ўсхапілася, прыбегла.

- Юлінька, што з табой?!

- Лялінька, Іван тут зьявіўся, ён мяне пацалаваў і сказаў: «Дзякую табе!»

- Юлінька, гэта табе прысьнілася!

- Не, Лялінька, я ня спала, я яго бачыла, як бачу цябе. Гэта ён прыйшоў падзякаваць, што я яму памагла паяднацца з Богам, гэтак мне кажа маё глыбокае пачуцьцё. О, як я цешуся, што ён зьявіўся, ён мне хацеў сказаць, што жыве, каб я не сумавала. Я-ж і так верыла, што ягоная сьветлая, чыстая душа жыве далей і, ведаю, яна жыве і ў душах беларускага народу, якому ён аддаў усе сілы душы сваёй. Ведаеш, Ляля, калі Бог пазволіць перавезьці цела Івана ў Вільню, то я яму на камні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысьціяне ў катакомбах сваім дарагім памершым: ІВАНЕ, ТЫ ЖЫВЕШ!

Яго апошнія дні

Заканчэньне артыкулу Лялі Мэнке з брашуры: Іван Луцкевіч. - Вільня, 1920.

Памаленьку спусьцілі труну. Глуха ўдарылася аб крышку яе першая жменя зямлі - за ёй яшчэ й яшчэ.

А калі сонейка ўжо зусім спусьцілася, яго касыя праменьні асьвяцілі новы насып, новы крыж. І больш нічога? Толькі насып і крыж - і гэта ўсё, што нам па ім засталося?

О, не! Крыж і магілку час сатрэ - але той вогнік, што Ты запаліў, разгарэўся ў грознае полымя, каторага ніякая сіла загасіць ужо ня здолее!

Сьпі, мілы дружа, сьпі спакойна! І няхай горны ветрык і горныя воды, што быццам дух Твой, рвуцца няўстанна наперад, апавядаюць Табе радасныя весткі аб тым, што па пракладзенай Табою дарозе йдуць ужо не ступаючыя нясьмелымі крокамі адзінкі, а вялізарная грамада народу, прачнуўшагася ад векавога сну!

VII. ЗАКАНЧЭНЬНЕ

Памінкі

20-га жніўня 1938 году Ляля і я спаткаліся ў касьцёле сьв. Яна ў Вільні, каб выслухаць жалобную імшу па сьв. памяці Івану Луцкевічу. Гэта былі ўжо 19-тыя ўгодкі ягонай сьмерці. Кожны год у гэты дзень мы маліліся за ўпакой ягонай Сьветлай душы. Рабілі мы абедзьве гэта без абвешчаньняў, паведамлялі толькі людзей, якія захавалі яшчэ ў добрай памяці Івана Луцкевіча.

Гэты раз, на жаль, нікога больш не было; мой муж быў у ад'езьдзе, Пятруся была на вёсцы, а бедная цёця Маліноўская - цяжка хворая. Як заўсёды, у касьцеле былі старыя жанчыны, якія памаліліся разам з намі. Я з жалем глядзела на Лялю, якая тады дагарала, як калісьці Іван; мяне ахапіла сумнае прадчуцьцё, што можа за год я буду ўжо маліцца ня толькі за Івана, але й за Лялю. (Гэтак і сталася. Ляля памерла на сухоты 21-га чэрвеня 1939 г.) Але тады я ўжо не супрацьставілася прысудам Божым, а з пакорай навучылася казаць: «Да будзе воля Твая!» (У сакавіку я пахавала майго найлепшага тату, ён памёр на маіх руках галоднай сьмерцю, бо хварэў на рак пішчаводу.)

Мы выйшлі з касьцёлу, быў сонечны ранак і Ляля казала:

- Памятаеш, гэткі прыгожы дзень быў у Закапаным, калі на дзявяты дзень пасьля сьмерці Івана мы перад ад'ездам вярталіся з жалобнай імшы і нас было толькі дзьве. Але пойдзем да мяне, мусім адсьвяткаваць памінкі па Івану. Я сьпякла хлебны торт, які любіў Іван, ведама, торт трохі лепшы, як за часы нямецкае акупацыі. Добра злажылася, што мы сяньня адны; і твой і мой муж адсутныя.

Мы прыйшлі на Бакшту, Ляля жыла далей із сваім мужам у былой кватэры бацькоў. (Ляля ў 1924 годзе выйшла замуж за інжынэра-архітэкта Эдварда Кулешу.) Там стаяла старая мэбля і, калі я там бывала (я жыла з мужам на Падгорнай), то ўсё мне прыпаміналіся старыя часы. У залі перад крэслам, дзе любіў сядзець Іван, Ляля паставіла на стале ягоны партрэт і прыгожую філіжанку, зь якой ён любіў у нас піць. Я была ўзрушаная ўсім гэтым. Мы селі, як даўней, побач крэсла Івана, дзяўчына падала каву, Ляля адрэзала тры кускі торту і паклала адзін на талерку ля партрэту Івана. Ляля пачала:

- Мне здаецца, што дзьверы адчыняцца і Іван войдзе такі, якім я добра яго памятаю: досыць высокі, але трохі прыгорблены сваёй хваробай. На прадаўгаватым твары скулы трохі выступілі, а жывыя, добрыя, разумныя вочы сьвяціліся асаблівым вогнікам і ўсьмешка, то жартаблівая, то добрая ажыўляла ўвесь твар і распалагала кожнага да яго.

- Так, Лялінька, ты добра запамятала ягоны вобраз, але забылася на неадлучную частку ягонага твару, ягоную люльку ў зубах.

- Ах, - засьмяялася Ляля, - ты не забылася свайго ворага, ягоную люльку! Ты-ж зь ёй заўсёды ваявала і бедны Іван, седзячы тут у крэсьле, сунуў мне ў рукі люльку, калі ў сталовай чутны быў твой голас і казаў: «Лялінька, вытрасі люльку ў печы, зараз войдзе Юлінька...» «І скажа, што не пацалуе на разьвітаньне», - дадавала я сьмяючыся, бо раз чула, як ты гневалася на ягоную махорку й казала, што не пацалуеш, калі ў нашай хаце курыць будзе.

- Праўда, я гэтым яго даймала, але я-ж хацела, каб хоць у нас ягоныя хворыя лёгкія адпачылі ад гэтай табакі, запах якой запаўняў усю яго кватэру, ну і табе шкодны быў гэты табачны дым. Але ты была, як Іван, ніколі ня думала аб сваім здароўі і мяне вы абое гневалі, калі адпрасіўшыся вечарам у клюб або цукерню, бо я ня мела часу ісьці разам, вы там задоўга сядзелі ў дыме, замест таго, каб раней легчы.

- Так, Юлінька, добра памятаю, мы ўжо ў дарозе згаварваліся з Іванам, як зрабіць напад на цябе. Уваходзячы ў хату, мы не давалі табе часу казаць слова, бо я абымала цябе й цалавала твой твар, а Іван рукі й казалі: «Юлінька, ты-ж добрая, ты-ж ня гневаешся на нас, і ты ўрэшце сьмяялася, выцягвала зь пячуркі чайнік і даставала хлеб з мармалядай або саланінай, карміла нас, пасылала мяне спаць, а затым праводзіла Івана й цалавала яму вочы, каб добра спаў. Выправіўшы яго, ты ізноў з сумнымі вачыма сядала да працы і часта да глыбокай ночы сядзела над сваімі перакладамі, хоць я табе тады й вымаўляла, што сну ня знаеш.

- Так, Лялінька, у працы я тапіла свой непакой і сум, бо маё становішча было, далі Бог, ня лёгкае.

- Так, Юлінька, гэта я толькі потым зразумела, як табе цяжка было, калі ты мне ў Закапаным расказвала аб прысудзе доктара Брока ў 1917 г. Тады мне Іван ня раз казаў: «Што зь Юлінькай? Яе вочы ніколі цяпер не сьмяюцца, калі-б яна не была гэткая добрая для мяне й дбалая, то мог бы падумаць, што мяне больш не кахае». Ну, я яго супакойвала, што ўсе нашыя беды цябе зрабілі гэткай сумнай, а Іван тады спаважнеў. А памятаю, якая вы былі раней закаханая пара. Цёця Маліноўская казала аб вас: «Ян е пожэра очыма, а она в него се патшы, як в тэнчэн».

- Ну, так, Лялінька, ён мне быў наймілейшы, ён-жа быў мая першая любоў!

- Так, Юлінька, я гэта бачыла і ўсё не магла зразумець, чаму вы не пабраліся тады?

- Калі-б гэта было да вайны, Лялінька, то я выйшла-б за яго замуж і жылі-б як Бог прыказаў. Але была вайна, ламаліся ўсе старыя ўстоі і эканамічныя падставы і трэба было мець здароўе і адвагу, каб заснаваць сям'ю. Памятаеш, як Антон і Іван жылі, як птушкі нябесныя з прыпадковай куплі й продажы антыкварных рэчаў, і то, грошы галоўна йшлі на беларускія справы й палітычную працу. А ты-ж ведаеш, які Іван быў ганаровы й чулы на грашовыя справы, ад нікога не хацеў прыймаць матар'яльнай дапамогі!

- Але, але, памятаю, - адказала Ляля, - як мы прыехалі ў Закапанае і доктар Янушкоўскі, стары прыяцель Івана, быў у нас і трэба было за штосьці заплаціць, то Іван і ў хваробе прыпомніў, каб пакрыць гэты выдатак зь ягоных грошай, а не з маіх. Др. Янушкоўскі тады зьдзіўлена спытаў: «Што гэта ў вас не адна каса?» Ён думаў, што гэта я падруга Івана, і толькі пасьля твайго прыезду зразумеў, што гэта ты.

- Так, Лялінька, я прыпамінаю, як доктар Янушкоўскі мне сардэчна складаў свае спачуваньні пасьля сьмерці Івана і сам мяне запрасіў, каб я прыйшла на лекарскую візыту. Ён хацеў пераканацца, што я не набралася сухотаў, маючы такіх двух хворых, як ты і Іван.

- Ну, вось Лялінька, ты-ж Івана з гэтай стараны добра знала, і я хутка прыйшла да перакананьня, што трудна вымагаць ад Івана, які ўвесь быў адданы сваёй ідэі і беларускай справе, каб ён клапаціўся аб собскім гнязьдзе ў тагачасных абставінах. Іван, выхаваны ў шляхоцкіх традыцыях і паняцьцях гонару, якія ў ім глыбока сядзелі і ён жыў згодна зь імі ў найлепшым значэньні гэтага слова, ня мог-бы з гэтым пагадзіцца, што ня сам нясе адказнасьць за сваю сям'ю. Захопленая ягоным аптымізмам, я спачатку думала, што нашыя летуценьні стануцца рэчаіснасьцяй, бедны Іван так марыў аб уласнай сям'і! Але я ўпрытомнілася, калі хвароба Івана сказала, што яна ім уладае, а ня я. Я мусіла пагадзіцца з маім лёсам. Добра, што Іван не разумеў, як паважна ён хворы. Ён наагул не хацеў думаць аб здароўі і сваю хваробу ён ігнараваў і як-бы хаваў. Памятаеш, што за гнеў быў, калі па маёй ініцыятыве др. Брок яго збадаў?!

- А так, добра памятаю, - перарвала Ляля, - ты хадзіла ў хаце з заплаканымі вачыма. А калі я праз пару дзён па тваёй просьбе пайшла да Івана й перадала яму тваё прывітаньне і спыталася аб здароўі, ён з дакорам сказаў: «Ага, цябе прыслала Юлінька, сама мне на вочы паказацца баіцца! А наагул, што робіць Юлінька?» «Ах, пан Іван, - адказала я, - вы тут гневаецеся, а Юлінька ходзіць з заплаканымі вачыма». «Няхай плача, калі мне зрабіла гэткую прыкрасьць», - буркнуў ён. Мусіць, ён, бедны, вычуваў, што ты даведаешся праўды і што гэта адаб'ецца на вашых суадносінах. Але тады, мусіць, цябе пашкадаваў, бо прыйшоў у той-жа вечар да нас. Гэта я так добра запамятала таму, што вы наагул не сварыліся, нават калі ён табе беспадстаўна рабіў сцэны зайздрасьці.

- Ну, я ўсё гэта ператварала ў жарты, бо глядзела на яго, як на хворага, якога інстынктыўна ахопліваў жах, што можа страціць каханую жанчыну, ён, бедны, мяне так кахаў! Але ён дагараў, а я мусіла на гэта глядзець з адкрытымі вачыма.

- Так, бедная Юлінька, усе мы бачылі, што зь ім дрэнна. Цёця Маліноўская казала: «Добра, што Юлінька за гэткага хворага замуж не пайшла!» Толькі шмат гадоў пазьней я зразумела, у якой ты цяжкой сытуацыі была. Але вось, ня гледзячы на ўсё, Іван, ты ды я тварылі дружную сям'ю; я яго любіла й паважала, як старэйшага брата і больш слухала ягоных радаў за твае.

- Так, ты была для яго мілаю сястрыцай, ён любіў тваю шчырасьць, дабрату, вясёласьць і бестурботнасьць. Так, Лялінька, мы былі дружнай сямейкай, дзе адзін больш дбаў аб адным, як аб сабе. Думка, што нашая прыязьнь упрыгожвала апошнія гады й дні ягонага ахвярнага жыцьця, супакойвала заўсёды мой сум па ім. Калі Іван памёр, мне здавалася, што зь ім я пахавала ўсе мае асабістыя пажаданьні радасьці і шчасьця, але жыцьцё мае свае правы; у сваім мужу я знайшла адданага прыяцеля й дбалага апекуна, для яго я й сяньня ягоная Кветачка і зь ім я знайшла ціхае шчасьце.

- Але Івана, бачыш, Лялінька, мы не забыліся, ён далей жыве ў нашай памяці, як наймілейшы нам друг. Калі задаць сабе пытаньне: у чым была сіла Івана, чаму ён гэтак парываў за сабой іншых? То гэта былі ня толькі ягоны розум і веда, ня толькі асабісты падыход да кожнага чалавека, які вычуваў, што Іван для яго спагадлівы й шчыры, але яшчэ большую пашану выклікала ягонае суцэльнае адданьне сваёй ідэі, свайму ідэалу ўваскросіць сваю Бацькаўшчыну да новага лепшага, незалежнага жыцьця.

Так, Іван быў чалавек ідэі, ён для яе ахвяраваў усё: сваю працу, здароўе й асабістае шчасьце. І таму яму будзе вечная памяць, ня толькі ў сэрцах тых, што яго зналі й кахалі, але і ўсяго беларускага народу, бо ён «палажыў душу за другі свая».

* * *

У наступным жніўні 1939 г. я ўжо адна малілася за ўпакой душы Івана ў 20-тыя ўгодкі ягонай сьмерці і за маю незабыўную Ляліньку, якая толькі некалькі тыдняў таму пакінула нас.

Сумна й цяжка мне было, мой добры муж амаль ужо год пасьля цяжкой апэрацыі (рак кішак), чакаў, калі Бог яго выбавіць ад ягоных мукаў.

Набліжалася жудасная вайна і я маліла Бога аб зьлітаваньне і прасіла маіх дарагіх памерлых апекавацца мной. І мусіць яны не далі мне ўпасьці духам, калі дзесяць дзён пазьней я, як немка па паходжаньню і як жонка ведамага беларуса апынулася ў польскай турме, адарваная ад майго хворага мужа. Добрыя людзі пашкадавалі яго, заступіліся за мяне і 8-га верасьня, позна ўначы мяне выпусьцілі з турмы дахаты. Я мела ключ ад нашай кватэры, і калі я ціха ўвайшла, то мой бедны муж, які ніколі ня плакаў, прывітаў мяне тымі самымі сьлязамі радасьці, як 20 гадоў таму паміраючы Іван у Закапаным. І гэтая нашая адданая любоў дала нам сілу несьці з мужам разам наш крыж.

6-га лістапада 1940 г. Бог адазваў яго і ксёндз Адам Станкевіч, які ў 1922 г. нас вянчаў, яго й пахаваў на Россе ў роднай Вільні.

Прыгнечаная ўсімі маімі няшчасьцямі, я ў жніўні 1940 г. ўпершыню не замовіла імшы за ўпакой душы сьв. памяці Івана Луцкевіча.

У лютым 1941 г., перад маім выездам у Нямеччыну, бо заставацца пад бальшавікамі, якія ўжо ад 18-га верасьня 1939 г. панавалі ў Вільні, я не магла, я пастанавіла на разьвітаньне замовіць імшу па маім мужу, у гэтым сьвежым болю я як-бы забылася аб Івану.

І вось ён, першы раз пасьля сваёй зьявы ў Закапаным, мне прысьніўся: Іван хворы, з хлапчуком важатым прыйшоў да мяне, на Падгорную, дзе панаваў непарадак, як перад выездам. Я пасадзіла Івана ў пакой таты і прасіла пачакаць мяне, бо я вельмі занятая перад ад'ездам. Калі я потым прыйшла і прысела ля яго, цалавала яму руку й перапрашала, што мусіў чакаць, ён з дакорам мне адказаў: «Так, ты для мяне цяпер ніколі часу ня маеш!» - і я прачнулася.

Ведама, што тады я папрасіла ксяндза Глякоўскага, які быў пры касьцёле сьв. Яна, адслужыць дзьве імшы: і за Івана й за майго мужа.

Калі я дзякавала ксяндзу Глякоўскаму за шчырыя малітвы, ён мне адказаў:

- Гэта вас належыцца падзяка, бо пані ня толькі за жыцьця была добрым другам нашых найлепшых людзей, але й пасьля іхнае сьмерці моліцца за іх душы!

Гэта я й цяпер раблю.

А што я аб іх памятаю і яны далей жывуць у маім сэрцы, няхай кажуць гэтыя мае шчырыя ўспаміны.

Пісана ў Нюрнбэргу ў ліпні 1953 г.

Падрыхтавана: Сяргей Дубавец

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX