Папярэдняя старонка: Мемуары

Стацкевіч Ф. І. Успаміны 


Аўтар: Стацкевіч Ф. І.,
Дадана: 10-10-2017,
Крыніца: Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.; 1937. № 8. С. 176-178.; 1937. № 9. С. 199-201.; Стацкевіч Ф. І. Успаміны і думкі // Беларускі звон. №4, 17 красавіка 1921.



Стацкевіч Фелікс Іванавіч [псеўданім: Аганёк; 2(14).12.1879, мяст. Шчучын Лідскага пав. Віленскай губ., цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. - 21.6.1967, Вільнюс], выдавец, мемуарыст, педагог, юрыст. У 1891-1900 вучыўся ў гімназіі ў Пецярбургу. У 1900 паступіў на юрыдычны ф-т Пецярбургскага ун-та. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лют. і сак. 1901 выключаны з ун-та. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Займаўся прыватнай настаўніцкай працай. У 1902 працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі. У 1903 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1903-05 працаваў на Прыладажскіх каналах. У 1905 вучыўся ў Кракаве на наборшчыка. У рэвалюцыю 1905-07 вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Мінску, наладзіў выпуск пракламацый. У сак. 1906 арганізаваў падпольную друкарню ў Мінску, якая праіснавала да жн. 1907 пад назвай «Аганёк» (адсюль і псеўданім С.). Быў блізка знаёмы з А.Пашкевіч (Цёткай) і А.Бурбісам. З 1908 сакратар адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене (Чэрвень), тэхнік у Ноўгарадзе, Вышнім Валачку (1913), Цвяры (1913-1919). У 1913 скончыў Пецярбургскі ун-т. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у прафсаюзах. У 1919-20 супрацоўнік выдавецкага аддзела Наркамата асветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. З 1928 старшыня Галоўнай управы ТБШ. Адначасова працаваў у Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе. Абвінавачваўся ў «скамунізаванні» ТБШ, у 1930 і 1933 арыштоўваўся. Рэдактар-выдавец штомесячніка «Летапіс Таварыства беларускай школы» (1933), супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. У 1936 выданне было ўзноўлена пад назвай «Беларускі летапіс». Удзельнік антыфашысцкага Народнага фронту Зах. Беларусі. У 1939-41 настаўнік у Вілейцы і Клецкім р-не. У 2-ю сусветную вайну працаваў суддзёй у Смаргоні. У 1944-49 супрацоўнік Беларускага музея ў Вільні і Музея А.С.Пушкіна ў Маркучай (пад Вільняй). Арыштаваны і зняволены ў 1949. Пасля вызвалення ў 1950-х г. жыў у Вільні. Быў актывістам руху эсперантыстаў, склаў «Эсперанта-беларускі слоўнік» (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эсперанта кнігу Л. Петражыцкага «Тэорыя права і маральнасць» (публікацыя не выяўлена). Напісаў успаміны пра ўдзел у грамадскіх рухах першай паловы ХХ ст. (рукапіс захоўваецца ў БДАМЛіМ). (Маракоў Леанід)

З мінуўшчыны беларускага pyхy [1]

(Успаміны)

I.

Паходзячы з сям'і з польскімі патрыятычнымі традыцыямі - з дзіцячых гадоў я выхаваўся ў польскай нацыянальнай сьведамасьці. - Бацька мой па прафэсіі землямер Стацкевіч Фелікс Іванавіч. («каморнік») яшчэ за 1848 год адбыў пяць ці шэсьць год крэпасьці ў Вусьць-Каменагорску, a маці займалася навучаньнем папольску дзяцей, што тады было забаронена (радзіўся я ў 1879 годзе). Трэба аднак адцеміць да чэсьці месцовы уладаў i мястэчковага (Шчучын Лідзкага павету, цяпер паветавы горад) расейскага грамадзянства - бацюшкі, вучыцеля i іншага чынавенства - што яны глядзелі на гэта скрозь пальцы i з гэтай прычыны асаблівых прыкрасьцяў бацьком не рабілі.

Першая мова мая была польская і выхаваньне ў бацькоўскім доме было ў духу польскага патрыятызму. У гімназію мяне завезьлі аж у Пецярбург i з таго часу я досьці рэдка бываў у хаце.

У Пецярбурзе гімназістам я жыў у польскай сям'і, меў знаёмствы як у польскіх, так i расейскіх кругох, але ніякіх сумлеваньняў адносна сваей польскай нацыянальнасьці ў мяне не ўзьнікала. Усё-ж настроі патрыётычныя ўжо прытупіліся, паўсталі новыя зацікаўленьні. Яшчэ ў трэцяй клясе гімназіі былі спробы між колегамі, заснаваць бібліятэку, выдаваць журнал, але спробы гэтыя прапалі бязследна.

У 6-ай клясе, аднойчы я не пайшоў у гімназію i варочаючыся з зубной лячніцы спаткаўся на параходзе, на Фонтанцы, з колегай адстаўшым ад мяне на год - Чаркоўскім, які ў той дзень таксама чамусьці не пайшоў у школу.

З гутаркі паўстала ў нас думка заснаваць бібліятэку i гурток самаадукацыі. На гэтую думку адгукнуліся некалькі нашых колегаў, паўстаў гурток па вывучэньню політычнай экономіі i распачата арганізацыя бібліятэкі. Да нас далучылася некалькі вучняў 8-ае клясы нашае гімназіі, a ў хуткім часе пачалі далучацца вучні i вучаніцы іншых сярэдніх школаў Пецярбурга. На другі год наша арганізацыя пасылала ўжо дэлегата на нёйкі з'езд таксама арганізацыяў сярэдніх школ у Кіеў, a на вясну 1899 году я быў дэлегатам на з'ездзе арганізацыяў сярэдніх школ у Вільні. Пазьней адбываліся з'езды сярэдніх школ паўночнага раёну. Наагул арганізацыя наша ў Пецярбурзе была чысьленай i трывала яшчэ колькі гадоў (колькі, ня помню) пасьля; майго выпуску з гімназіі.

Добрая жменя сябраў нашае арганізацыі паступіўшы ў вышэйшыя школы захавала сувязь i дзякуючы сваей арганізаванасьці згуляла значную ролю ў студэнцкім руху 1900- 1901 году i наступных.

Спаткаўся я i з польскім нацыянальна-вызвольным рухам. Яшчэ ў гімназіі я вучыў папольску нейкіх дзяцей пецярбурскай беднаты, што ўскладалі на мяне старэйшыя студэнты, сябры польскае асьветнае арганізацыі пад назовам, здаецца, «Oświata Ludowa». У сям'і В., дзе я выхоўваўся ў Пецярбурзе, у малодшых клясах гімназіі i пазьней я спатыкаў павадыроў ППС - Пілсудскага i Сулькевіча, чытаў «Przedświt» i «Robotnika».

Адносіўся я да гэтага руху спагадна - асабліва чараваў асабіста Сулькевіч. Аднак бліжэйшага ўдзелу ў польскім нацыянальна-вызвольным руху я не прыймаў, хаця-ж прыйшлося мне прасядзець два месяцы ў «прэдварылцы» на Шпалернай, адбыць тры гады паліцэйскага надзору i на даўжэйшы час адстаць ад унівэрсытэту за знойдзеныя у мяне пры вобыску, які быў зроблены ў майго таварыша па пакою, талонную кніжку для збору ахвяр «Na Oświatę Ludową» i па аднаму нумару «Przedświtu» i «Robotnika». Праўда, што гэты матар'ял быў выкарыстаны жандармэрыяй галоўным чынам як сродак каб пакараць мяне за ўдзел у студэнцкім руху. I сапраўды ў той час мяне найбольш захапляў агульна-вызвольны рух грамадзянства расейскай дзяржавы, пазбаўлены нацыянальнай афарбоўкі.

Адданы ў гімназію ў далёкі Пецярбург я быў адарваны ад бацькаўшчыны, куды прыяжджаў толькі летам i то не кожын год. Даўжэй, бо ў працягу цэлага году я пражыў у хаце, толькі пасьля звальненьня з «прэдварылкі» у летку 1900 году. Гэты час можа найбольш спрычыніўся да майго беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня.

Прыглядаючыся да вясковага народу я пачаў меркаваць, што народ гэты, які цягнуць у свой бок i расейцы i палякі, не ёсьць ані расейскі ані польскі, i што я, як сын «каморніка» (землямера), які век працаваў на беларускай вёсцы, узгадаваўся коштам гэтага народу. Усё ж такі, нацыянальна, я не лічыў сябе беларусам.

У гэтым-жа годзе летам я пазнаёміўся з Алёізіяй Пашкевічанкай, спаткаўшыся на нейкай маёўцы. Пазьней яна казала мне, што вяла са мной гутарку па беларускаму нацыянальнаму пытаньню. Магчыма, што гутарка гэтая пакінула свой сьлед, але ў памяці маей яна не засталася.

На восень 1902 году ў сувязі з яўкай да ваеннай павіннасьці я ізноў папаў у Пецярбург, дзе затрымаўся да вясны.

Тут ад знаёмых студэнтаў палякаў-пэпээсаў я даведаўся аб існаваньні сярод студэнтаў гуртка беларусаў. Гэтая вестка i зрабіла ўва мне пералом у бок беларускай нацыянальнай сьведамасьці. Тыя-ж пэпээсаўцы i навязалі маю лучнасьць з гэтым гуртком. З ліку сябраў тагачаснага гуртка я прыпамінаю Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў i Малецкага, апошняга толькі па празьвішчу. Віклера я бачыў як дзеяча вельмі популярнага сярод польскай студэцкай моладзі выступаўшага ў польскай студэнцкай сталоўцы на Забалканскім.

У гэтую-ж зіму, ці ў наступным годзе сябры гэтага гуртка стварылі арганізацыю пад назовам «Беларускай Рэволюцыйнай Грамады».

Вясной 1903 году я выехаў з Пецярбургу на Прыладажскія каналы, дзе атрымаў пасаду i лучнасьць мая з уселякім рухам амаль зусім перарвалася. Спатыкаўся я з беларусамі толькі пры рэдкіх i кароткіх пабыўках у Пецярбузе.

Толькі на вясну 1905 году, калі я пераехаў у Пецярбург, каб нанова паступіць у Унівэрсытэт, Іваноўскі запрапаваў мне ўзяцца за друкарскую тэхніку ў Беларускай Рэволюцыйнай Грамадзе i з гэтай мэтай паехаць заграніцу ў Кракаў на навуку. Я згадзіўся на гэта.

Перад выездам у Кракаў я паехаў да хаты.

Тут мяне адведаў Бурбіс, i з якім я дагэтуль не быў знаёмы. Гэта чалавек малога росту, неказісты на пагляд, ня скончыўшы рэальнага вучылішча, быў шчыры, добры хлопец, i аказаўся добрым арганізатарам i выдатным прамоўцай, здольным захапляць i весьці за сабой масы. У дзень свайго прыезду пад ноч ён здолеў склікаць невялічкую сходку, відаць маючы ўжо навязаную лучнасьць з мястэчковым бундам. Было на гэтай сходцы колькі асоб жыдоўскай моладзі i батракоў з маентку ўласьніка маётку Шчучына, князя Друцкаго-Любэцкага - разам менш дзесятка чалавек. Бурбіс прамаўляў вельмі добра.

I тут, пры пераезьдзе цераз граніцу, i ў Кракаве, пры паступленьні ў друкарню на навуку за наборшчыка, вялікую помач аказалі пэпээсы. Нават перад паваротам да хаты я атрымаў ад Пілсудскага 50 карон на дарогу, бо з тых 80 ці 90 рублёў, якія мне дала Грамада - пасьля месячнага пабыту ў Кракаве ў мяне нічога не засталося, a свае сябры грошы не слалі.

Вярнуўся я ў Вільню ў жніўні 1905 году зараз-жа пасьля абвешчаньня Булыгінскай Думы.

II.

У Вільні з павадыроў беларускага руху я застаў бадай аднаго Бурбіса - іншыя ці то былі на правінцыі, ці хутка павыехалі ў вышэйшыя школы, калі толькі быў яшчэ хто із студентаў апроч братоў Умястоўскіх. Сярод старэйшага грамадзянства працаваў у беларускім руху i стары Умястоўскі, бацька Пранука i Вітальда, радны Гарадзкой Думы.

У працягу пэўнага часу - да кастрычнікавых падзеяў - кіраўніцтва рухам спачывала ў нашых з Бурбісам руках. Праца наша вялась сярод вучнёўскай моладзі - гімназіяльнай, як хлапцоў, так i дзяўчат, хіміко-тэхнічнай школы i праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. З прозьвішча прыпамінаю толькі гімназістку Ядзю Умястоўскую, вучняў хіміко-тэхнічнай школы - братоў Полькоўскіх i сэмінарыста Хлебцэвіча, другога сэмінарыста, ягонага таварыша, прозьвішча не прыпомню.

З кастрычнікавымі падзеямі ажывіўся i беларускі рух. У Вільню пад'ехалі: Цётка-Пашкевічанка, браты Умястоўскія, a пазьней Вацлав Іваноўскі i браты Луцкевічы.

На паседжаньні Гарадзкой Думы, куды былі пакліканы прадстаўнікі ўсіх рэволюцыйных партыяў, знаходзячыхся ў Вільні, мне прыйшлося быць прадстаўніком Беларускай Рэволюцыйнай, ці то ўжо Соцыялістычнай Грамады. У якім часе Беларуская Рэволюцыйная Грамада зьмяніла назоў на Беларускую Соцыялістычную Грамаду i апрацавала праграму - не прыпамінаю.

Калі застрэлена было 6 чалавек - учасьнікаў дэмонстраііыі 17 ці 18 кастрычніка - мы пастанавілі выдаць адозву да салдатаў. Сабраўшыся ў трох з Цёткай i Бурбісам на кватэры Цёткі, здаецца на Хівінскай вуліцы, мы селі за стол пісаць адозву - кожны паасобку, каб потым узгодніць, ці выбраць лепшую. Найлепшая выйшла Цётчына, напісаная ў поэтыцкай форме, якую без зьмен i прынялі. Тутжа мы яе i адбівалі здаецца на цыклёстылі пры помачы малодшай сястры Цёткі - Карольці Пашкевічанкі.

У хаўтурнай працэсіі за трунамі забітых быў i наш сьцяг.

Сходы, даволі нават многалюдныя, адбываліся пераважна на кватэры Умястоўскіх на Новым Сьвеце пры Варшаўскім перавулку. За агітацыю сярод салдатаў мелі судовую справу i сядзелі ў турме - бацька Умястоўскі разам з сынамі.

На агульных мітынгах выступалі - Цётка, Пранук Умястоўскі i Бурбіс.

Арганізацыя нашая ня мела яшчэ магчымасьці зладзіць сваю друкарню i пакуль што не можна было выкарыстаць маей кракаўскай навукі ў гэтай галіне. Толькі ў канцы кастрычніка ці пачатку лістапада мы ўвайшлі ў паразуменьне з пэпээсамі, прычым я ўвайшоў у іхнюю друкарню, якая толькі арганізавалася, дзе працаваў яшчэ адзін іхні чалавек. Тэхніка была добрая - новая машына-амэрыканка, на якой можна было адбіваць да трох тысячаў старонак у дзень. Тут прыдалася мая практыка ў Кракаве, дзе мяне пазнаёмілі з амэрыканкай.

Друкарня займала кватэру пры вуліцы Бакшта на другім паверху з двух ці трох пакояў добра ўмэбляваных. Раніцай прыходзіла жанчына, якая прыбірала кватэру. Да гэтага часу ўсе друкарскія прылады хаваліся: машына ў вялікую шафу, a касы з шрыфтам у камоду. Каб заглушыць стук пры націсканьні ўніз ручкі машыны - пад машыну пасьцілаўся войлак.

Жыцьцё весьці, a асабліва першы час, мне прышлося адасобненае. Першых колькі дзён я зусім не выходзіў з дому, a пазьней рабіў кароткія спацэры. Нікога з таварышоў я не спатыкаў i наагул да нікога не хадзіў, пад канец толькі бываў часам у сваякоў, далёкіх ад усялякай палітыкі, адзін раз быў нават на мітынгу перад выбарамі ў Дзяржаўную Думу.

Час быў гарачы, работа вялася напружаная, часта прыходзілася працаваць i ў начы, прынамсі рабіць набор, a часам i адбіваць на машыне. Па статыстыцы, якую вёў мой сябра пэпээсовец за два месяцы, што існавала друкарня, лістапад-сьнежань, мы адбілі да ста тысячаў друкаў, шмат з якіх адбівалі на два бакі. Між друкаў беларускіх адбілі рэволюцыйныя вершы Цёткі - «Хрэст на свабоду» i інш. Колькі дзён працаваў у нас i наборшчык гэбрэй, які набіраў пэпээсаўскія адозвы ў жаргоне. Між іншым нам цяжка было паразумевацца з гэтым наборшчыкам, бо ён гаварыў толькі на жаргоне.

Незадоўга перад ліквідацыяй друкарні здарылася, што набіраючы доўга ў начы я пайшоў спаць не схаваўшы касы із шрыфтам у камод, пакінуўшы яе на камодзе. Жанчына прыбіраўшы пакой так яе i застала. Спалі мы ў суседнім пакоі i ня бачылі, якое гэта зрабіла на яе ўражаньне, але спадзяваліся, што дзякуючы сваей неразьвітасьці можа яна не зьвярнула на гэта асаблівай увагі. Сябра мой выехаў на колькі дзён у Варшаву, але i посьле павароту яго друкарня існавала яшчэ пару тыдняў i была самахоць зьліквідавана. Ліквідаваць яе на гэтай кватэры трэба было яшчэ i таму, што кватэранты жыўшыя пад намі зьвярнулі ўжо ўвагу на стукі пры адбіваньні на амэрыканцы.

Усе рэчы былі забраны з кватэры пры помачы транспортнай канторы Ваявудзкага, які быў ува ўсё пасьвячоны.

З пачаткам 1906 году я застаўся без работы ў сваім друкарскім фаху.

Пачалі мы думаць аб сваей самастойнай друкарні ў Менску i патроху наладжваць тэхніку. Прылады да адбіваньня прыйшлося рабіць больш прымітыўныя - вал, які хадзіў па рэльсах. Памоцнымі ў гэтым нам былі гэбрэі.

У Менск я прыехаў першага траўня 1906 году, хутка пасьля замаху Пулікава на менскага губэрнатара Курлова. Меў я пры сабе вал i раму i нават сусед пасажыр, які хацеў пералажьшь маю пасьцельную клумку на другое месца трохі зьдзівіўся яе цяжару. Гаварылі аб завостраным кантролю на вагзале, але я памысна дабраўся са сваім багажом на кватэру Ленкоўскага, здаецца пры Магарыновай вуліцы. Ленкоўскага, які карыстаўся мянюшкай Японьчыка, я спатыкаў здаецца яшчэ ў Пецярбурзе ў 1902 годзе.

Сябры, з якімі я пазнаёміўся на першым пачатку ў Менску i якія памагалі найбольш пры арганізаваньні друкарні, былі - Віктар Зелязей i Браніслаў Земэнцкі, які пазьней стаўся адным з павадыроў ППС.

Кватэру з трох невялічкіх пакояў i такой-жа кухні я зьняў каля Нізкага Рынку пры Тарговай вуліцы, дом № 40. 3 сабой я не меў нічога компромітуючага i пераехаўшы з рэчамі на кватэру праз поўгадзіны я выйшаў у горад пакікуўшы незачыненым чэмадан i аддаўшы ключ ад кватэры гаспадаром, каб яны маглі ў маей адсутнасьці пераглядзець рэчы. Заявіўся я тэхнікам, маючы пры сабе пляны i крэсьлярскія прылады.

Праз колькі тыдняў дачка гаспадара прызналася мне, што з пачатку яны падумалі пра мяне, што я друкую паперкі.

III.

Прайшло мусіць больш месяца пакуль наладзілась друкарня ў Менску. Трэ было легалізавацца, бо на пачатку, як відаць із сказанага вышэй аб адносінах гаспадароў, кожын з суседзяў глядзеў падазрона на сьвежага чалавека, асабліва ў той час, калі рэвалюцыйны рух яшчэ не заглох, ня гледзючы на суровыя рэпрэсіі з боку ўраду.

Трэба было заказаць шафку, касу для шрыфту, самы шрыфт, шкляную тафлю пад набор заціснуты ў раме з рэльсамі, па якіх хадзіў вал, i іншую драбніцу.

Друкарня яшчэ з таго часу, калі пастаўлена была як мэта, атрымала назоў «аганька». Пазьней гэты назоў прыклеіўся да мяне.

Друкарня хаця-ж арганізавалася марудна, але трывала досі доўга, бо да жніўня 1907 году - i то не засыпалася, a была самахоць зліквідаваная. У працягу гэтага часу засыпалася ў Менску пяць ці шэсьць друкарняў іншых партыяў.

Прадукцыйнасьць друкарні ў Менску была далёка меншая за Віленскую тым балей, што працаваў я адзін: максімальная колькасьць адбітак за дзень была шт. 400. - Аднак пры тагачасным тэмпе працы нашае арганізацыі - гэта было дастаткова. Я меў магчымасьць нават адбіць пару тысячаў экзэмпляраў «Выборгскай адозвы» паслоў Дзяржаўнай (Государственной) Думы. Раз ці два я друкаваў адозвы для расейскіх эсэраў.

У часе заснаваньня друкарні ў Менску ў Беларускай Соцыялістычнай Грамадзе ўтварыўся адзін Цэнтральны Камітэт i два Краёвых Камітэты. - Першы, з цэнтрам у Вільні i Другі - у Менску.

Праграма Грамады была мешанінай прынцыпаў тагачасных расейскіх соцыял-дэмократаў (эсдэкаў) i соцыялістаў-рэволюцыянэраў (эсэраў), дапушчаючы між іншым тэрор i экспропрыяцыі. Напрамак Першага Краёвага Комітэту быў бліжэйшы да эсдэкаў, другога-ж, у Менску - да эсэраў, з якімі быў бліжэйшы контакт.

Хутка посьле замаху Пуліхава на менскага губэрнатара Курлова Луцкевічы пераехалі ў Вільню, хаваючыся ад паліцыі; там працаваў i Уласаў, у Менску-ж, апроч памянёных - Віктара Зелезея i Земэнцкага, які хутка i выехаў кудысьці з Менску, больш актыўную ролю з мейсцовых людзей адыгрывалі: адвакат Антон Шабуня (Фама), Яноўская (Параска) дачка дохтара, Скандракоў б. афіцэр, за якога пазьней выйшла замуж Яноўская, Станіслэў Кукель (Япанас), Кастусь Костровіцкі, паэт, колькі вершаў рэволюцыйных якога я надрукаваў, малодшы брат Віктара Зелезея (імя не прыпомню), слесар, фабрычны работнік, які пазьней быў засуджаны разам з Віктарам на ссылку ў Сыбір за перахоў аружжа, малодшы брат Костровіцкага, Міхась Кравецкі (?), Гула, селянін, пасаджаны ў турму за агітацыю на вёсцы, Уладзімер Самойло (Віс), дачка праваслаўнага свяшчэнніка, прозьвішча якой не памятаю, i шмат іншых сябраў i сымпатыкаў, прозьвішчаў якіх я таксама не прыпомню. У Менск-жа пераехаў i Бурбіс, праца якога была вельмі актыўная, як сярод работнікаў у Менску, так i на вёсцы.

У самым Менску па сваіх уплывах сярод работнікаў Грамада займала другое мейсца - найбольшыя ўплывы ў Менску, як у іншых гарадох i мястэчках меў Бунд. Найбольш працаваў у профэсыянальным саюзе шаўцоў - Бурбіс. Да Грамады далучыўся нават жыдоўскі профэсіянальны саюз цырулікаў (парыкмахэраў).

На вёсцы-ж уплывы Грамады былі амаль выключныя. Улетку 1906 годзе пад кіраўніцтвам Грамады ў Меншчыне прайшла забастоўка селянска-гаспадарскіх работнікаў, якая закончылася іхняй перамогай. Цікава адцеміць, што шмат дзе батракі i сяляне працаваўшыя ў маёнтках на лістоўкі Грамады, у якіх зьмяшчаліся апрацаваныя нормы платы за працу, глядзелі як на загады, якім трэба падпарадкавацца. Не гледзячы на тэрор, які тасаваў тады ўрад (Столыпінскія галстухі) - аўторытэт рэволюцыйных партыяў стаяў тады яшчэ досі высока.

Пад маей кватэрай унізе месьцілася «чайная», у акой госьцям давалі i гарэлку. Каб захаваць добрыя адносіны з суседзямі i паказаць, што з нічым не хаваюся, - я згадзіўся на просьбу гаспадара чайнай, жыда, трымаць у сябе запас гарэлкі.

У маей кватэры з вялікшага пакою, былі паасобныя дзьверы ў два другіх пакойчыка: адзін быў для мяне спальняй i адначасна працоўняй з плянамі i крэсьлярскімі прыладамі на шафцы, фактычна друкарняй. з друкарскімі прыладамі, якія знаходзіліся ў шафцы, другі пакойчык без вокан i быў складам для гарэлкі.

Адзін такі раз ён заглянуў у друкарню, калі я складаў набор для друку. Можа ён i зразумеў якой работай я займаўся, але магчыма, што баяўся выкрыць друкарню, каб не сьцягнуць на сябе помсту з боку рэволюцыйнай партыі, бо з сілай рэволюцыйных партыяў, як я казаў, тады яшчэ лічылі тым балей, што ў той час рэволюцыйныя партыі тасавалі тэрор. Д можа i быў ён сымпатык рэволюцыйнага руху.

Аднойчы адведаў мяне i паліцэйскі прыстаў. Каля гадзіны 11-ай ў начы, лежачы ў пасьцелі, я пачуў на вонкавай драўлянай лесьвіцы, якая вяла з панадворку на другі паверх, дзе месьцілася мая кватэра, цяжкія крокі некалькіх чалавек, Гэта госьці да мяне, падумаў я. Крокі міма дзьвярэй маіх прайшлі ў канец калідора з уваходам у кватэру суседа, меўшага шавецкую майстэрню. Аднак праз колькі мінут пачуўся стук i ў мае дзьверы. Я падняўся з пасьцелі i не апранаючыся адчыніў дзьверы. Увайшоў паліцэйскі афіцер, як аказалася, прыстаў. Ён задаў пытаньні, хто я, чым займаюся, дзе працую. Я адказаў на гэтыя пытаньні, што празываюся Еленскій, Іван Карловіч (згодна са сваім фальшывым паспартам), па прафэсіі тэхнік, займаюся крэсьлярскімі работамі ў начальніка чыгуначнай дыстанцыі - назваў прозьвішча інжынера, якога ніколі не бачыў, але даведаўся з самага пачатку. Адказы маі відаць здаволілі прыстава i ён выйшаў.

На другі дзень я даведаўся, што паліцыя мейсцовая па даручэньню віленскай, шукала шавецкага чэлядніка, які ў сваю бытнасьць ў Вільні забіў, ці акалечыў чалавека. Былі яшчэ два выпадкі, калі можна было думаць, што паліцыя цікавіцца маей асобай. Здарыліся яны ўжо ўлетку 1907 году.

Аднойчы, варочаючыся да хаты ўдзень, я застаў на плашчадцы лесьвіцы, што вяла ў маю кватэру паліцэйскага, які хутка зьнік пасьля таго, як я увайшоў да сябе. Тлумачыў сабе я гэта тым, што зьмяніў капялюш на шапку.

У другім выпадку да мяне папрасіўся на начлег стары газэтчык, які часта праседжваў у чайнай. Раніцай, каля гадзіны 4-ай ён падняўся з пасьцелі i падыйшоў да шафкі, на якой лежала крэсьлярская дошка. Я спаў чутка i ўбачыўшы гэта запытаўся, што яму трэба. Ён адказаў, што хацеў паглядзець, каторая гадзіна. Ці праўду ён сказаў - не ведаю дагэтуль. Аднак, пасьля гэтых здарэньняў друкарня існавала яшчэ пару месяцаў i была зьліквідавана намі самахоць, друкарскія-ж прылады схаваны.

У першыя часы праца кіпела. Аднак Сталыпінскі тэрор i рэакцыя ў грамадзянстве рабілі сваё. Па ўсей Расеі рэволюцыйны рух пайшоў на ўбыль. Таксама было i ў Менску. Бурбіс папаў у турму, арганізаваўшы масавы разгром сялянамі казённай «монополькі» - крамы прадажы гарэлкі. Актыўныя працаўнікі ступянёва адыходзілі ад працы.

Дайшло да таго, што першамайскія адозвы ў 1907 годзе на пярэдадні першага мая прыйшлося расклейваць з маім удзелам, што было поўным нарушэньнем конспірацыі друкарні. Начной парой, каля гадзіны 10-11 рабілі мы гэта ў трох з Зелезеем i дачкой сьвяшчэньніка, аб якой я казаў вышэй, у больш глухім районе аднэй з фабрык. Адзін меў адозвы, другі бляшанку з клеем пад палой a трэцьці вартаваў, каб хто не надыйшоў знячэўку.

Таксама спынілася помач з боку сымпатыкаў руху i зьявілася нястача матар'яльных сродкаў. Гэта накіравала на думку шукаць сродкаў шляхам экспропрыяцыі. Грамада прыняла ўдзел з нейкай анархістычнай групай у нападзе на зборшчыка казенных крам прадажы гарэлкі. Імпрэза гэта скончылася адносна памысна для абодвых бакоў - як для зборшчыка, які не пацярпеў асабіста, так для ўчасьнікаў нападу i арганізацыі, бо адзін з нашых сябраў, ранены ў калена, выздаравеў i ніхто з учасьнікаў нападу не быў выкрыты. Больш падрабязна аб гэтым пазьней, тут адзначу толькі, што матар'яльна гэта дало мала - пасьля падзелу здабычы на нашу долю прышлося нешта каля трохсот рублёў.

У канцы адзін з нашых, бадай найболей рэволюцыйна настроеных сябраў, Віктар Зелезей унёс прапанову ў Камітэт закончыць працу арганізацыі, фактычна згінуць з гонарам, тэрорыстычным актам: умоўленай парой найбольшага вулічнага руху ў нядзелю ўсім сябрам Камітэту зрабіць рэвольвэрныя замахі на «гарадавых» - паліцэйскіх, спаўняючых дазор на скрыжаванньнях вуліц.

Здзейсьніць гэта, апроч самога Зелезея здольны былі хіба толькі Міхась Кравецкі, ды можа Шабуня i малодшы брат Зелезея, калі толькі не быў яшчэ арыштаваны.

Прапанова гэтая была адкінута, але ліквідаваць працу прыйшлося. Друкарню зьліквідавалі ў канцы ліпеня, ці ў жніўні 1907 году, i я выехаў з Менску.

Зелезей дамагаўся, каб Грамада, калі не працуе, зачынілася фармальна. Гэтае зачыненьне i адбылася, як я чуў, на адумысным зьезьдзе ў Менску позьняй восеньню таго-ж 1907 году.

Аганёк.

Успаміны i думкі [2]

Было гэта ўлетку i ўвосень 1905 году. Беларуская Соцыялістычная Грамада i Польская Соцыялістычная Партыя былі добрымі прыяцелямі. П. П. С., як арганізацыя старэйшая i дужэйшая, памагала у першых кроках Грамады. Аднаму з сябраў Грамады памагла прабрацца ў Кракаў, навучыцца там друкарству i вярнуцца дамоў. Грамада з свайго боку не асталася ў даўгу: два месяцы - лістапад i сьнежань 1905 году - працаваў друкар Грамады ў двох з друкаром П.П.С. у Вільні ў патаемнай друкарні на Бакшце.

Побач з адозвамі П.П.С. друкаваліся там i адозвы Грамады з клічам аб незалежнасьці Беларусі i першые рэвалюцыйные песьні сьв. пам. "Цёткі" - Пашкевічанкі. У друкарні была "амэрыканка" i работа ў двох ішда добра; за два "месяцы" было адбіта агульным лікам 60 000 экз. рожных адозваў i іншай рэволюцыйнай літэратуры.

Пасьля ад сакавіка 1906 году Грамада ўжо мела сваю друкарню ў Менску. Праўда з тэхнічнага боку яна была горш пастаўлена, друкар, той самый пэпэсоўскі супрацоўнік, працаваў адзін i друкарскіе прылады былі прасьцейшые, - але ўсёж-такі друкарня пратрывала блізка паўтара году, бо да жніўня 1907 году, калі была зьліквідавана самой Грамадой з прычыны агульнага занепаду рэволюцыйнага руху, адходу працаўнікоў ад рэволюцыйнай работы, a сымпатыкаў ад помачы гэтай рабоце i дзеля гэтага нястачы грошай на работу. Той час, 1906-1907 г. гэта быў час калі ўплывы Грамады на вёсцы (прынамсі ў Меншчыне) былі мацнейшые за ўплывы іншых партыяў, ды i ў самым Менску Грамада займала пачэснае месца.

Мы тут ня думаем даць абраз усяго тагачаснага беларускага рэвалюцыйнага руху, a толькі хочам зьвярнуць увагу на адзін бок яго - супрацоўніцтва беларускай i польскай рэволюцыйнай дэмокрацыі.

Цяпер польскіе дэмократычные партыі, у тым ліку i соцыялістычная, ідуць іншым шляхам - яны заняты сваімі нацыянальнымі мэтамі, кажуць, як у Рызе, што ня хочуць разьбіваць свае галовы за незалежнасьць беларусаў i ўкраінцаў, a цешаць нас, што польскі рабочы кляс, дужэйшы i болей сьвядомы за наш, здабудзе большую свабоду ў дзержаве польскай, якой скарыстаемся i мы. Тымчасам гэтые партыі ня хочуць бачыць прыгнечэньня i дэморалізацыі беларускага народу з боку польскай адміністрацыі, a праз тое і дэморалізацыі польскага грамадзянства, частку якога складае гэта адміністрацыя; яны моўчкі падтрымліваюць гэты парадак. Адна толькі група безпартыйная, ці зложаная з людзей рожных партыяў, якая гуртуецца пры часопісі "Przymierze", ясна разумее сувязь свабоды ў самой Польшчы з незалежнасьцю прыгнечаных дагэтуль народаў - украінскага i беларускага i безупынна скіроўвае увагу польскага грамадзянства на гэта.

Справа незалежнасьці Беларусі - гэта чарговая справа ня толькі беларускай, але i польскай дэмокрацыі. Нельга адмахнуцца ад яе, сказаўшы: нехай сабе будзе, ці ня будзе Беларусь негдзе за Бярэзінай, ці ў Менску, зусім ня лічучыся з беларускім народам, навет фактычна ня прызнаючы істнавання беларускай нацыянальнасьці i гледзячы на беларускіе "тэрэны" толькі як на польскую колёнію.

Беларуская дэмокрацыя можа сказаць польскай: вашы адносіны да нас - гэта частка Беларускай справы. С Польшчай, без Польшчы, ці проці Польшчы беларускі народ здабудзе сабе незалежнасьдь. Аднак справядлівые i шчырые адносіны з вашага боку да нашай справы могуць шмат скараціць шлях беларускага народу да яго свабоды ды i вам можа будзе менш "балець галова". Не прымушайце беларускі народ зварачываць вочы на ўсход, ці яшчэ кудысьці. Няхай свабода для яго ідзе з заходу на ўсход, a не наадварот. Карыстайцеся "перадышкай", якую мае польскі народ, не дзеля таго, каб перэрабіць беларусаў на палякау, бо гэтага не пасьпеюць i ня здолеюць зрабіць вашы народяеды пры вашай маўчлівай згодзе. Яны патрапяць толькі кінуць беларусаў у варожы да Польшчы стан. Прывяжэце беларускі народ пашанай да яго правоў на ягоную зямлю, да яго самабытнага нацыянальнага вобліку i жыцьця ды помаччу ў яго нацыянальным адраджэньні i арганізацыі яго дзяржаўнасьці.

Аганёк.



[1] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.; 1937. № 8. С. 176-178.; 1937. № 9. С. 199-201.

[2] Стацкевіч Ф. І. Успаміны і думкі // Беларускі звон. №4, 17 красавіка 1921.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX