Папярэдняя старонка: Мемуары

Беларуская хатка 


Аўтар: Радкевіч Апалёнія,
Дадана: 11-05-2018,
Крыніца: Радкевіч Апалёнія. Беларуская хатка // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999. С. 76-82.



Друкуецца па рукапісу, які захоўваецца ў архіве БІНІМа (Нью-Ёрк). Часапісны варыянт: А.С. Калісьці ў Менску. "Беларуская Моладзь", № 8, верасень-кастрычнік 1960, с.7-10.

Менск. 1916 год. Вайна зь немцамі. На Захараўскай вуліцы, 24, супраць Новага Касьцёлу, у трохпавярховым будынку, апошнія дзьверы й вітрыннае акно. Над ім надпіс: "Саха й Лучынка". У вакне некалькі кніжак і брашурак з дзіўнымі загалоўкамі, непрывычнымі для школьніцы расейскай школы. Ды гэта мяне й ня дужа цікавіць наразе. Я прыйшла сюды атрымаць для шыцьця накроеныя салдацкія кашулі, бо тут − камітэт дапамогі ахвярам вайны.

− Чаму ты, дзяўчынка, не адказваеш мне па-беларуску, як я гавару? − зьвяртаецца да мяне, адлічваючы кавалкі мутна-жаўтавай бязі надзвычай ветлівая й прыемная маладая паненка ці жанчынка зь лёгкай касавочынкай. − Далікатнасьць вымагаеадказваць у тэй мове, у якой да цябе зьвяртаюцца, ведама-ж, калі ўмееш .

− Я ня знаю, − зьмешана пралепятала я, прывыкшая, што ў афіцыйных установах трэбагаварыць па-руску.

− Што ня ведаеш? Ня ведаеш ці ня ўмееш? Пэўна-ж умееш! Па носе бачу, што ўмееш, − весела сьмяецца. − Глянь, тата, яна ня ведае, ці ўмее па-беларуску.

Старэйшы, але не стары чалавек у сівой даматканай марынарцы, што ўдала пасавала да ягонай стройнай фігуры й прадаўгаватага далікатнага твару з барадой клінком, глянуў вясёлымі шэрымі вачыма зь іскрынкай насьмешкі:

− Нічога, скора пазнае, што йнакш ня ўмее, а толькі па-беларуску.

− І зноў схіліўся над паперамі свайго стала, што стаяў у далейшым спакойным куце пакою. Гэта быў Антон Лявіцкі, наш пісьменьнік Ядвігін Ш. (Ядвігін Швагер), і ягоная дачка Ванда Лявіцкая, пазьней жонка Язэпа Лёсіка.

Сталася, што я засталася памагаць, замяняючы Ванду, якая мела шмат працы больш для яе адпаведнай. Выдаючы бялізну, я бачыла, што сюды прыходзяць іншыя, гавораць, раяцца, чытаюць лісты, спрачаюцца, цешацца або маркоцяцца. Гэта былі Ўладыслаў Галубок, Зьмітрок Бядуля, Рамуальд Зямкевіч. Усе гавораць такой мовай, як у нас дома, але пра што? Мне, пятнаццацігадовай дзяўчыне з ускраіны тагачаснага Менску, было мала зразумела. Карэктуру прыслалі... Рукапіс захавай... Набраць пэтытам... Пішуць зь Вільні... Адкажы ў Пецярбург... Хворы... Верш прыслаў. Напішы. Адкажы... У суседнім пакою быў музэй тканінаў, вакол якіх заўсёды клапаціўся Рамуальд Зямкевіч.

Ванда вяла ўсю перапіску. Укладаючы свае літаратурныя здольнасьці, цеплыню свайго добрага сэрца й замілаваньне да кожнай праявы беларускага адраджэньня, яна адказвала на шматлікія лісты й допісы сваім прыгожым почыркам; падобнага па хараству, выразнасьці й заўсёднай аднолькавасьці не даводзілася спатыкаць ніколі больш і нідзе.

У міжчасе Ванда падсоўвала мне тую ці іншую кніжку. Гэта былі асобныя нумары газэты "Наша Ніва", "Маладая Беларусь", Коласавы "Песьні жальбы", "Родныя зьявы", Гарэцкага "Рунь", Багушэвічава "Дудка Беларуская", Ядвігіна Ш. "Бярозка", Багдановічаў "Вянок", К. Буйлы "Курганная кветка", Цёткі "Скрыпка Беларуская", Бядулевы "Абразкі". Але найбольш помніцца "Шляхам жыцьця" Янкі Купалы. Гэтыя кніжкі я чытала й давала чытаць сваім школьным сяброўкам. Цяпер мне трудна ўспомніцьусе. Шмат кніжак было, значыць, вялікая работа ўжо была разгорнута і ў Вільні, і ў Пецярбурзе, і гэтая групка дзеячаў была зь імі цесна зьвязана. Розумам усё прачытанае, бачанае тут і чутае я ўспрыняла з часам і паволі, але сэрцам вычула, што ўсе гэтыя людзі зь іхнымі ідэямі й справамі, хоць і недасягальна вышэйшыя, але зусім блізкія, простыя, родныя і, як магла, цягнулася да іх.

Скора гэтая групка дзеячаў займела драўляны будынак, тут-жа, на Захараўскай 18 (некалькі дамоў у напрамку чыгуначнай царквы), у якім панна Людміла, пасьлей жонка Фабіяна Шантыра, з маткаю мелі сталоўку дамашніх абедаў. Гэты будыначак і стаўся першай "Беларускай Хаткай". Гэта была сапраўдная хатка, "стол і дом" для ўсіх беларускіх дзеячаў, якія прыбывалі ў Менск. Сюды прыехаў пасьлей Алесь Гарун із ссылкі й жыў са сваёй маткай, наладзіўшы тут кнігарню, пра якую піша генэрал Францішак Кушаль у сваіх успамінах; сюды вярнуўся з высылкі Язэп Лёсік і заснаваў тут рэдакцыю газэты "Вольная Беларусь", якая пасьлей пераехала ў Юбілейны Дом. Гэта быў сапраўдны прыпынак для жыцьця й для працы групы сьведамых беларусаў, абагрэтых гаспадарнасьцяй і ахвярнасьцяйВанды й Людвікі.

Я хачу затрымацца на тэйрабоце, якую вяла гэта невялікая групка беларускіх дзеячаў у гэтайхатцы з намі - моладзьдзю.

Кожную суботу ладзіліся вечарніцы-суботнікі для моладзі, зь якой рознымі шляхамі давялося асабіста спатыкацца. Нас, школьнікаў, было нямнога ды некалькі юнакоў-чыгуначнікаў, якіх прыводзіў Уладыслаў Галубок. Старэйшыя прыходзілі ўсе, хто на гэту пару быў у Менску. Найбольш выразна помняцца Ядвігін Ш., Ванда, Галубок, Бядуля й дзьве ягоныя сястры, панна Людвіка. Скора зьявіўся Аркадзь Смоліч.

Цікавы мэтад уплыву на нас выбралі гэтыя людзі. Выглядала, што зьбіраюцца гэтыя дарослыя людзі, а мы так сабе, радыя, што запрошаныя й можам прысутнічаць. Ніхто нам не чытаў лекцыяў, не павучаў, не рабіў заўвагаў, не агітаваў, нават, здавалася, мала на нас зварачалі ўвагу, але мы шырака адчыненымі вачымаглядзелі, слухалі і адкрытым сэрцам упітвалі.

Ну вось. Сабраліся першы раз у сьпякотную восеньскую суботу. Цёпла, чыста, утульна ў сьвятліцы, дзе ўдзень была сталовая дамашніх абедаў, а цяпер сталы й крэслы, ссунутыя да сьценкі. Мы, як вераб'і на дроце, прымасьціліся на іх.

− Што-ж, можа, пасьпяваем, сабраўшыся? − прапануе Лявіцкі.

− Але-ж хто пакіруе? − цікавіцца Бядуля.

− Ну, хіба ўжо я, пакуль знойдзецца хто больш адпаведны. І выходзіў на сярэдзіну пакою Аркадзь Смоліч, малады, шыракаплечы, з буйнымі энэргічнымі рысамі твару, ільняной чупрынай. Дарослыя, усе да аднаго, хто мог ці ня мог сьпяваць, станавіліся, клікалі нас. Гэтак кожны суботнік мы вучылі па аднэй, па дзьве песьні: "Камар", "Ці ў полі", "Ой, не кукуй, зязюленька, рана", "Ці ня быстра рэчанька", "Ой, ляцелі гусі", калядныя, вясельныя, купальныя. Сьпяваць было найбольш любімым заняткам на нашых суботніках, але гэта не былі сьпеўкі з муштрой і вывучэньнем партыяў − проста сьпявалі на чатыры галасы, а выходзіла добра.

Потым хто-небудзь із старэйшых прапаноўваў дэклямацыю. Дэклямаваў Галубок сваю "Будучыню", Купалавага "Мужыка", жартаўлівыя вершы Паўловіча; Смоліч дэклямаваў "Ты, мой брат, каго зваць беларусам" Гаруна, "Краю мой родны" Багдановіча; Ванда Лявіцкая чытала Цёткавы й Буйлянкавы вершы. Тут-жа гаварылі пра аўтара − дзе ён, як ён. Па-свойску, па-сямейнаму, як аб браце. Так мы даведаліся, што Максім Багдановіч мае прыехаць, што ён хворы. Пэўна-ж, ня трэба казаць, што на другім суботніку дэклямаваў ужо хто-небудзь і з нас, вучняў. Але ніяк не магу ўспомніць, каб хто даваў заданьне, каб вывучыў дэклямацыі: проста хацелася рабіць тое, што робяць дарослыя.

Нехта прапанаваў паскакаць. Усе старэйшыя бралі нас у пары. Той-жа самы Смоліч у першай пары, патрасаючы чупрынай, вучыў скакаць "Лявоніху", "Юрачку". Ведама-ж, пасьлей мы ўжо скакалі й самі, але што гэта за скокі, скажам, бязь дзядзькі Лявіцкага, без Галубка! Бядуля не скакаў ніколі з намі, не дэклямаваў, затое сьмяшыў нас жартамі ды трапнымі мянушкамі.

Часам нехта чытаў з прозы Гарэцкага ці Коласа. Нехта загадваў загадкі, тады зноў пелі, а то простагулялі ў гульні: "вяровачку", "трэці лішні", "пярсьцёнак", "кот і мышы", хто што ўмеў - прапаноўваў, і ўсе весяліліся.

Разыходзіліся заўсёды шчасьлівыя, свае, блізкія, з багатымі ўражаньнямі, з новымі ведамі, а галоўнае - з пачуцьцём, што дакрануліся да нейкай своеасаблівай атмасфэры інтэлігентнасьці, ідэйнасьці, далікатнасьці, духовай вышыні, якой, можа, ніколі не знаходзілі перад гэтым, і якой, пэўна, вельмі прагнула й жадала маладая чулая душа.

У вадзін з такіх восеньскіх суботнікаў зьявіўся Максім Багдановіч. Высокая, худая, сутулая постаць, павольныя рухі, ціхі нізкі голас. Ён быў зусім не падобны да тых фота, што мы знаходзім тут у нашых эміграцыйных выданьнях. Пэргамэнтна бледны твар. Сур'ёзны, спакойна-выпытваючы позірк бліскучых вачэй. Па тэй пашане, якую яму ўдзялялі дарослыя, па той любові, якой яго акружалі Смоліч, Ядвігін Ш., мы разумелі, што гэта вялікі чалавек, і пранікліся глыбокай пашанай да яго.

Максім Багдановіч сядзеў на нашых вечарніцах ціха, бязмоўна, безудзельна. Толькі па ледзь значнай шчасьлівай усьмешцы, якая квола зацьвітала на ягоных тонкіх вуснах, мы бачылі, што ён цешыцца і з нашых сьпеваў і скокаў і асабліва з дэклямацыяў, але, калі ён прабаваў падысьці да каго з нас, загаварыць, пажартаваць, мы з глыбокай пашанай і страхам, як перад нечым непараўнальна вышэйшым, амаль надлюдзкім, змаўкалі, як спужаныя вераб'і, а ён, прачулена насьцярожаны, думаў, што гэта страх і асьцярожнасьць перад ягоным хворым станам. Аднойчы на нейкую заўвагу Смоліча ён адказаў: "Ды дзе мне, мяне моладзь баіцца".

Незабыўная сцэна аднэй прадкаляднай вечарніцы канца 1916 году. Смоліч запрасіў усіх сесьці. Усеразьмясьціліся ля сьцен пакою, слаба асьветленага з прычыны ваеннагачасу.

− Я маю прачытаць вам верш, новы твор, − сказаў паважна. Тон голасу нізкі, прыцішана-значны. − Аўтар прасіў не называць ягонага імя.

Паўза. Усе прыціхлі. Смоліч урачыста-ціха прачытаў "Пагоню". Скончыў. У прыцемненым пакою панавала абсалютная ціша. Пасьля ўзрыў пытаньняў.

− Хто гэта? Хто? − Старэйшыя паўскаквалі зь месцаў. − Гэта небывалае ў нашай... ды што ў нашай − у сусьветнай літаратуры. Хто гэта? Хто напісаў?

Акружылі Смоліча.

− Я зьвязаны словам, я не магу сказаць, пастарайцеся адгадаць.

− Прачытайце яшчэ раз. Гэта... гэта... − не знаходзіць слоў Ядвігін Ш. Уселіся зноў, і цяпер ужо Смоліч не чытае, а пранікнёна дэклямуе. Заканчвае амаль скандуючы:

− "Старадаўняй Літоўскай Пагоні ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць".

Зноў ціша.

− Гэта можа быць або Янка Купала, або... або наш Максім, − шырака расчыніўшы вочы, выпаліў нехта.

− Ён!

Усе ахнулі, змоўклі. А аўтар сядзіць у процілеглым канцы пакою, ледзь ухапляючы паветра сваімі сухотнымі грудзьмі.

Смоліч шырокім крокам падыходзіць да Максіма Багдановіча:

− Вось цяпер я маю права публічна прывітаць Вас з нованароджаным вялікім творам, − і тонкая рука Максіма згубілася ў буйной энэргічнай руцэ Смоліча, а затым і ўся ягоная постаць патанула ў шырокіх абдымках магутных Смолічавых рамёнаў.

− Ды пусьці ты, мядзьведзь, − бароніць Бядуля, адпіхваючы Смоліча, намагаючыся падысьці прывітаць аўтара. Але Багдановіча вітае ўжо Лявіцкі, абдымаючы яго.

− Ну, калі такое маглі напісаць, то Вам і зусім паміраць нельга, − выпаліў з узрушэньня гарачы Галубок і тут-жа, зразумеўшы, якое глупства ляпнуў, заліўся сьлязьмі (неўзабаве той самы Галубок павязе Багдановіча ў Ялту, дзе той і памрэ). Тут Бядуля падышоў да Багдановіча з шырокайусьмешкай на мяккім твары:

− Дык, кажаш, "ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць"? Хэ-хэ. Сокал! − паціскаючы ягоную руку, папляскаў па плячу. Мы сядзелі прыціхшы, не разумеючы яшчэ, што вось зараз сталіся сьведкамі вялікай падзеі.

− Можа, папросім, каб аўтар сам прачытаў свой твор? − запытаў Смоліч.

− Аўтара... аўтара... − панеслася шумна з усіх бакоў, але Багдановіч адмовіўся. Ён адчуваў сябе зусім зьняможаным. Гэтым разам мы ўсе скора разышліся.

Ваенныя й палітычныя падзеі спынілі нашы вечарніцы. Праца прыняла іншыя формы й характар. Але гэтыя сустрэчы далі нам аснову беларускага сьветапагляду. Там мы пазналі, хто мы, знайшлі ідэю, мэту жыцьця й працы, навучыліся любіць і шанаваць беларускае слова і ўсіх беларусаў без падзелу на веравызнаньні й на тое, калі і якая палітычная хваля прынесла дзеяча. Абы прынесла, абы да нас. Бо мяняліся часы, мянялася палітычная сытуацыя, паяўляліся новыя людзі, і ўсе былі як адна беларуская сям'я. Скора паявіўся заўсёды задумлівы, чулы й сардэчны Алесь Гарун і заняўся працай у кнігарні. Неўзабаве за ім - паважны, суворы з выгляду, але вельмі дабрадушны Язэп Лёсік, з прыбыцьцём якога шырака разгарнулася выдавецкая справа. Браты Ждановічы з Фальскім заснавалі беларускі аматарскі тэатар, які ў Менску ўпершыню даў паказ "Паўлінкі" Янкі Купалы і "У зімовы вечар" Э. Ажэшкі. Гэты тэатар наведаў Слуцак, Магілёў, Бабруйск, Радашкавічы, даючы там па колькі беларускіх спэктакляў, якія заўсёды заканчваліся дэвэртысмэнтам са сьпевамі, скокамі, дэклямацыяй. І вось тая самая групка школьнай моладзі, што наведвала вечарыны, была й сьпевакамі, і танцорамі, і дэкляматарамі. З часам некаторыя зь іх затрымаліся пры Беларускім Дзяржаўным Тэатры, іншыя сталі настаўнікамі, але ніхто не згубіўся, не адышоў.

Але гэта ўжо 1917 год.

Пазьней прыехаў Францішак Аляхновіч, які таксама, як і Галубок, сеяў зярняты беларускай сьведамасьці праз тэатральнае мастацтва. Паявіўся працавіты незабыўны Ўладзімер Тэраўскі. Янка Купала, Якуб Колас, Купаліха былі ў непасрэднай блізасьці праз увесь час працы ў Менску. Калейдаскопам праходзяць праз успаміны такія выдатныя постаці, як Тарашкевіч, Шантыр, браты Гарэцкія, кс. Абрантовіч, кс. Цікота, Альбэрт Паўловіч, Макар Краўцоў, Тамаш Грыб, Мікола Шыла, Кастусь Езавітаў, Вацлаў Ластоўскі, сёстры Бадуновы, Пелагея Захарка, жонка Васіля Захаркі, Паўлінка Мядзёлка.

Багата хто зь іх апынуўся на эміграцыі: генэрал Францішак Кушаль, якога ведала маладым афіцэрам беларускага войска; Міхась Міцкевіч, былы супрацоўнік газэты "Вольная Беларусь"; Ганна Акановіч, пра якую чула як пра сястру Сьцяпана Некрашэвіча; Антон Адамовіч... Але гэта ўжо з далейшых успамінаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX