Якаў Эліасберг, аўтар "Успамінаў i сустрэч", інжынер, прадстаўнік старой i самай уплывовай сям'i Пінска Левіных - Лур'е. На працягу двух стагододзяў сем накаленняў роду займаліся буйнымі камерцыйнымі справамі, распрацоўкай лесу, закупкамі хлебнай прадукцыі i сала, яны заснавалі і ўласканальвалі фабрычную прамысловасць горада, адначасова здзяйсняючы шырокую дабрачынную дзвейнась.
Паравыя млын i маслабойня ў 60-х гадах ХІХ ст.; цвіковы завод у 1880 г.; параходы (першы з 1862 г.), што буксіравалі плыты з Прыпяці i яе прытокаў у Пінск, а з Пінска ўверх па Піне на Неман i Віслу; фанерны завод у 1898r. (яго прадукцыя спачатку альховыя фанерныя дошчачкі хутка праклала сабе шлях па ўсёй Расеі, знаходзячы штогод усё новых спажыўцоў); вытворчасць з 1903 г. на гэтым заводзе клеенай фанеры тавару, якога да тае пары на рынку ўвогуле не існавала i які зрабіў пераварот у вытворчасці мэблі, панэляў, дзвярэй i інш. (пасля Пінска фабрыкі вытворцы клеенай фанеры ўзніклі ў розных месцах Расеі) вось няпоўны спіс дасягненняў сям'i Лур'е за паўстагоддзя. А яшчэ былі рамесная вучэльня, больніца, клуб, бібліятэка, іншыя грамадскія інстытуты, якія яны заснавалі i ўтрымоўвалі часткова або цалкам.
Дзякуючы зменам у сістэме адукацыі, а таксама таму, што прадстаўнікі гандлёвага класа, вяртаючыся з дзелавых паездак у Нямеччыну, на поўдзень Расеі, прывозілі з сабою газеты, часопісы i кнігі на рускай i нямецкай мовах, распаўсюджваліся новыя погляды на жыццё i працу сярод гэбраяў, якія складалі 75% насельніцтва Пінска, i ўносіліся ў жыццё кардынальныя новаўвядзенні. Сям'я Лур'е не толькі заснавала фабрычную вытворчасць, але i паклала пачатак гэбрайскаму прамысловаму пралетарыяту.
Калі пакаленне дзядоў i бацькоў брала прадпрымальнасцю, смеласцю i хуткасцю рашэнняў, да ўсяго даходзячы сваім розумам, то ўнукі, выпускнікі вядомых універсітэтаў i політэхнічных інстытутаў, пачыналі працу з маладой энергіяй, ведамі i досведам, набытымі на Захадзе. На змену пачынальнікам клана з аўтарытарнымі патрабаваннямі сляпога падначалення i паслухмянасці ад астатніх сямейнікаў i ўсяго атачэння, прыйшла новая генерацыя - надзвычай інтэлігентная, з шырокім мысленнем, бліскуча адукаваная, з прагрэсіўнымі поглядамі i памкненнямі, высокай культурай. Да гэтага пакалення належаў i Якаў Эліасберг.
Выпускнік Пінскай рэальнай вучэльні, а потым Рыжскага політэхнічнага інстытута, першыя практычныя навыкі ён набыў на службе ў розных фірмах Гамбурга, пасля чаго дзесяць гадоў працаваў у дарэвалюцыйнай Маскве: спачатку ў прыватнай фірме, што забяспечвала тэхнічнымі прыладамі чыгункі Расеі, а пазней на ўласных прадпрыемствах - у тэхнічнай канторы аналагічнага профілю i на кавальска-механічным заводзе, дзе выраблялася значная частка неабходнага абсталявання. Апошнія шэсць гадоў маскоўскага перыяду прыйшліся на першыя гады савецкай у лады, з усімі выніклымі ад гэтага наступствамі для былога гаспадара, прызначанага дырэктарам завода. Прыйшлося яму паспытаць i турэмнага зняволення ў Бутырцы.
Увосень 1923 г. Якаў Эліасберг з жонкай Лідзіяй Лндрэеўнай, з дому Ункоўскай (ca старажытнага дваранскага роду, які даў расейскаму ваеннаму флоту шмат маракаў, з ix найбольш вядомы І.С.Ункоўскі, капітан карабля, што здзейсніў над ветразямі першае ў Расеі кругасветнае падарожжа ў Японію вакол Афрыкі, апісанае І.А.Ганчаровым у кнізе "Фрэгат "Палада"), дзякуючы атрыманаму латвійскаму грамадзянству здолелі выехаць з Масквы ў Берлін, Неўзабаве венскія сваякі прапанавалі яму прыняць кіраванне справамі пінскай фанернай фабрыкі. На гэтым месцы Я.Эліасберг заставаўся да прыходу савецкай у лады у 1939г., крыху нават працаваў дырэктарам, калі яе нацыяналізавалі.
Запозненая спроба пазбегнуць рэпрэсіяў i пакінуць краіну праз Львоў скончылася для сям'і трохгадовай ссылкай у Казахстан. Пасля дамовы 1941 г. паміж Сталіным i Сікорскім i амністыі для былых грамадзянаў Польшчы, дзякуючы ўласным энергічным дзеянням i дапамозе ўплывовых сяброў, прайшоўшы праз перасыльны лагер у Іране, Эліасбергі ў 1943г. апынуліся ў Тэль-Авіве. Гэтымі падзеямі заканчваюцца "Усламіны i сустрэчы".
Сур'ёзную працу над нататкамі Я.Эліасберг распачаў у 50-х гадах у Ерусаліме. Пад ягоную дыктоўцу ix друкавала па-руску жонка, Лідзія Андрэеўна, нагадаўшы прафесію сваёй маладосці, адначасова дачка Тамара i сваяк Георг Эліасберг перакладалі ўспаміны на іўрыт. На нямецкую ix пераклаў сам аўтар, У 1964г. іўрыцкі варыянт рукапісу быў пададзены ў выдавецтва. Кніга выйшла ўвосень 1965г., за паўгода да смерці аўтара, пад назвай "У свеце пераваротаў".
Напрыканцы мінулага года дачка Я.Эліасберга Тамара Пелег, адвакат з Тэль-Авіва, ласкава перадала рукапіс на рускай мове з дазволам апублікаваць яго.
"Ўспамімы i сустрэчы" належыць да тых кніг, якія чытаюць на адным дыханні, не адрываючыся. Пінск, Ляйпцьіг, Рыга, Пецярбург, Масква і Варшава, шматлікія еўралейскія гарады і сталіцы, Мікашэвічы, Львоў, станцыі i саўгасы Казахстана, надзвычай шырокі дыяпазон перамяшчэнняў аўтара ілюструецца замалёўкамі прыроды, ёмістымі i дакладнымі гістарычнымі даведкамі, эканамічнымі i сацыяльнымі характарыстыкамі, абразкамі культурнага жыцця. Сямейныя паданні, пачынаючы з ХVШст., дзяцінства, сваякі i знаёмыя, аднакласнікі i калегі, выпадковыя спадарожнікі i сябры, сусветныя знакамітасці і аб усіх ix стрымана, тактоўна, запамінальна. Усё гэта -лаканічна, лёгка, прыгожа, што дазваляё адчуць блізкі да арыгіналу пераклад.
Для публікацыі з пяці раздзелаў рукапісу выбраны ўрыўкі з двух: "Пінск i мае крэўныя" i "У Пінску на гэбрайскай фабрыцы за польскай у гады (1924-1939)", дзеля таго, каб найпаўней паказаць горад, які налета святкуе 900-ю гадавіну, яго людзей, сцэнкі гapaдскога жыцця канца ХІХ - 30-х гг. ХХст. Менавіта ім прысвечаны самыя яскравыя i цёплыя старонкі кнігі.
Успаміны і сустрэчы
Якаў ЭЛІАСБЕРГ
З РАЗДЗЕЛА "ДЗІЦЯЧЫЯ ГАДЫ"
Мае першыя ўспаміны звязаныя з братам Аронам i нашай рускай няняй Арынай. Няня па-руску гутарыць добра, але ўстаўляе польскія i вясковыя словы і выразы. Яна ўжывае "свавольнік" замест "шалун", "швыдка" замест "скоро", "дысяць" замест "десять"... Замест "Ш" у яе атрымліваецца "ШЧ": шчо, гаршчок. Кладучы мяне спаць, яна прыгаворвае: "Раздень меня, положи меня, укрой меня, а усну я сам". Яна ведае шмат казак, песень i прыпевак, пры гэтьім у выразах неразборлівая:
Гой моі грэчаныкі, гой моі ячны,
Чэго моі грэчаныкі сэгодня не смачны?
Прыезджалі англічане, грэчаныкі замешаны,
Прыезджалі панычы, грэчаныкі ув пэчы,
Прыезджалі капітаны, грэчаныкі юж пожраны,
Прыезжалі попы, грэчаныкі в ж...
Арон у сваім развіцці апярэдзіў мяне. Ён вельмі рана стаў пісьменным i з васьмі гадоў чытаў мне ўголас казкі. Ва ўсім, што датычыла кніг, ён доўга заставаўся для мяне аўтарытэтам. Гэта, праўда, не перашкаджала нам часта сварыцца i нават біцца.
Калі мне споўнілася шэсць гадоў, прыйшоў час вучыцца гэбрайскай мове. Да мяне пачаў прыходзіць меламед [1] Янкель Готліб. Непісьменная няня ставілася з вялікай павагай да ўсяго, што звязана з кнігай, i стараннна сачыла за тым, каб я не прапускаў заняткі. Толькі прыходзіў Готліб, спяшалася ў двор i сад, каб расшукаць мяне. Яна называла мяне Ясікам, i гэтае ласкавае імя засталося за мной на ўсё жыццё. Готліб лічыўся ў нас найлепшым выкладчыкам танаха [2]. Ён перакладау i тлумачыў мне па-руску, рабіў гэта з гумарам, i заняткі праходзілі цікава i весела. Я дасюль яшчэ здзіўляюся, адкуль гэты чалавек заўсёды меў запас добрага настрою - клопатаў сямейных (меў шасцёх дзяцей) i матэрыяльных у яго было даволі. У залежнасці ад платаздольнасці бацькоў вучняў, Готліб зарабляў ад трыццаці да сарака рублёў у месяц, але патрапіў эканоміць i паступова сабраў суму, дастатковую для пабудовы дома, які знаходзіўся насупраць нашага. Я пачаў хадзіць да Готлібаў i пасябраваў з ix сынам Мейшке. Жонка Готліба, гэтакая ж добразычлівая, як i яё муж, ставілася да мяне вельмі ласкава і, калі я затрымліваўся да полудня, садзіла мяне за стол. Елі пераважна селядцоў, бульбяны суп i гарох або фасолю. Мне было тады гадоў восем. Паступова праз Мейшке я пазнаёміўся з іншымі хлопчыкамі, прыняў удзел у іхных няхітрых гульнях i свавольствах. Дзякуючы дачыненням з новым колам дзятвы, я пакрыху пачаў гаманіць на ідыш. На ім гутарылі паміж сабою бацькі ва ўсіх сем'ях маіх сваякоў, але з дзецьмі пільнаваліся рускай мовы. Рабілі гэта з-за практычных меркаванняў, зважаючы на тое, што дзіцёнку з цягам часу прыйдзецца вучыцца ў рускай школе. Мне гэта дапамагло паступіць у рэальную вучэльню, нашу адзіную вучэбную ўстанову, куды штогод прымалі сама больш трох гэбрайскіх хлопчыкаў.
Наступным этапам нашай адукацыі было вывучэнне французскай мовы. У доме з'явілася наша першая бона, францужанка. Асаблівых здольнасцяў да свайго занятку яна не мела, пра што сведчылі нашыя слабыя поспехі. Большы плён ад францужанкі ў доме мела наша маці, якая нязменна прысутнічала на ўроках, імкнучыся акрамя гэтага як мага болей з ёй сумовіцца: Праз год маме пашанцавала знайсці цудоўную i вельмі адукаваную выкладчыцу ў асобе пані Бутрымовіч, удавы польскага рэвалюцыянера, палеглага ў Сібіры пасля паўстання. Гэтай пані, да якой мы з Аронам вельмі прывязаліся, было за семдзесят гадоў i яна мела вельмі слабое здароўе. Французскую мову яна ведала выдатна i сваёй сістэмай выкладання здолела нас зацікавіць, таму на яе занятках мы былі вельмі ўважлівыя. Яна з першага дня размаўляла з намі толькі па-французску, а калі мы спрабавалі ўжываць рускія сказы, усміхаючыся, разводзіла рукамі i казала: "Не разумею". Заняткі з пані Бутрымовіч працягваліся, на жаль, толькі год. Яна пачала чэзнуць, i хутка яе не стала. На яе пахаванні мы ўпершыню прысутнічалі на хрысціянскай багаслужбе. Урачыстасць каталіцкіх абрадаў, убранне ксяндзоў i харавыя спевы пасля сціплай прастаты, якая панавала ў нашай сямейнай сінагозе Хаялэс Шулхен [3], дзе штат зводзіўся да аднаго хазана [4], а ўбранне складалася са звычайнага талеса [5], пакінулі вельмі моцнае ўражанне. Гэтая сямейная сінагога была адной з многіх, сканцэнтраваных на так званай плошчы дэр Каралінэр Шулгейф [6] і прылеглых да яе завулках. Там жа знаходзілася Вялікая Каралінская сінагога i хасідскі [7] клойз [8], куды я любіў зазіраць na святах. Асабліва цікава было ў Сімхас Тойры [9], калі хасіды спявалі i з танцамі кружыліся вакол амбона. Ганаровыя месцы ў Хаялэс Шулхен займалі бацькі сем'яў клана, некалькі прадстаўнікоў грэйсе балебацім [10] i два талмудзісты [11]. Яны сядзелі тварамі да астатніх прыхаджанаў, якія рэкрутаваліся з асобаў, нейкім чынам спрычыненых да ix або залежных ад ix, іхніх клеўрэтаў. Апошнія шэрагі запаўнялі малельцы, якіх напаўсур'ёзна называлі амхо [12]. У малітве яны былі найбольш зацятымі, пабочнымі гутаркамі не займаліся i тэкстаў не прапускалі.
З удзячнасцю я згадваю нашага хатняга настаўніка Генрыха Вільтэра. Ён, нягледзячы, што быў сынам загадчыка Талмуд-Торы [13], займаўся ў рэальнай вучэльні, скончыўшы якую паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу ў Парыжы. Праз два гады яму, з-за адсутнасці сродкаў, адукацыю прыйшлося перапыніць. Вярнуўся ў Пінск, каб зарабіць грошы на яе працяг. Вільтэр меў у горадзе рэпутацыю здольнага i абазнанага студэнта, i тата запрасіў яго да нас. Акрамя адукаванасці i педагагічных схільнасцяў, Вільтэр валодаў вясёлым норавам, мяккімі манерамі i ўменнем захапляльна распавядаць пра ўсё, што нас магло б зацікавіць. Вярнуўшыся ў Парыж, ён ажаніўсй з пінчанкай Тэкле Айзенштэйн.
Кал i мне мінула адзінаццаць гадоў, прыйшоў час ісці ў школу. Мяне накала ўзмоцненая падрыхтоўка, каб здаць у траўні наступнага года іспыт для паступлення ў другі клас Пінскай рэальнай вучэльні. За хатняга настаўніка бацькі запрасілі былога студзнта Ізраіля Танхумавіча Льва, які, як i Вільтэр, вымушаны быў зрабіць перапынак у сваей адукацыі i год правёў у Пінску. Ba ўсім астатнім гэта была поўная процілегласць Вільтэру. Чалавек страшэнна зласлівы, надзвычай патрабавальны, ён злаваў i сварыўся за кожны хіб. Строгасць майго настаўніка, схільнага да садызму, мела ўсё ж i станоўчыя наступствы. Прапакутаваўшы амаль восем месяцаў, я вельмі ўдала здаў іспыты i паступіў у вучэльню.
Класным настаўнікам другога класа быў сам дырэктар, Мікалай Пятровіч Цыклінскі. Ён быў невялікі ростам, няўклюдны i гамзаты. Выкладаў арыфметыку і батаніку. Абавязкі яго, як дырэктара, былі чыста адміністрацыйныя, i гэта адпавядала ягонаму педантычнаму характару. Цыклінскі патрабаваў строга выконваць наказы, якія змяшчаліся ў адмысловай кніжачцы пад назвай "Вучнёўскія Правілы", дзе казалася амаль выключна пра тое, што забаронена, i мала - што дазволена. А забаранялася вельмі многае, напрыклад: нашэнне вусоў, барады, доўгіх валасоў i кійкоў, курэнне тытуню, злоўжыванне спіртнымі напоямі, наведванне паказаў без спецыяльнага дазволу інспектара, карыстанне бібліятэкамі, за выняткам класнай i фундаментальнай нашае вучэльні, шпацыраванне па вуліцах пасля сямі гадзінаў вечара ўлетку i шасці - узімку.
Сачыць за паводзінамі вучняў па-за сценамі вучэльні было ўскладзена на асобу з тытулам педэля, прозвішчам Каржыневіч. Ён вылучаўся вострым зрокам i кожнага вучня ведаў па імені. Мянушка яго была - "Пудзель". Каржыневіч штодзённа ў пэўны час выходзіў на ловы вучняў, асцярожна, трымаючыся сценаў i платоў, шнырыў па вуліцах.
Найболыи папулярным з выкладчыкаў быў С.П.Зубакін, якога ўсе паважалі за глыбокае веданне рускай літаратуры i за цудоўную ўласную бібліятэку, адкуль ён пазычаў кнігі вучням, якіх лічыў найбольш развітымі. Зубакін быў сярэдняга росту, з разумнымі блакітнымі вачыма i шырокаю барадою. Апранаўся ў ношаны сурдут i насіў вялікі кішэнны гадзіннік з тоўстым ланцужком, на якім матляліся разнастайныя бірулькі. Не маючы ў Пінску адпаведнае кампаніі i з-за адсутнасці якіх-небудзь забаваў, ён злоўжываў спіртным. Да вучняў быў патрабавальны, i на ягоных занятках мы паводэшіся вельмі ціха». Ён адразу заўважаў кожнае парушэнне дысцыпліны i рабіў такія ўедлівыя заўвагі, што ў вінаватага прападала ахвота паўтараць свае выбрыкі. Размаўляў ён ясна, не замінаючыся i даволі вобразна. Цытаваў абсалютна дакладна, i кожная цытата служыла выдатнай ілюстрацыяй творчасці пэўнага пісьменніка. Тлумачыў нам сэнс i значэнне твораў, уваходзіў у дэталі, паказваючы розныя літаратурныя кірункі. Асабліва мы цанілі ягоны давер тады, калі ён асцярожна згадваў пісьменнікаў, якія ў афіцыйна рэкамендаваных дапаможніках не фігуравалі.
Што да іншых выкладчыкаў, то адзіным выбітным сваімі ведамі быў фізік Карнеенка, пра якога з удзячнасцю піша ў сваіх успамінах Хаім Вейцман [14]. Вельмі добрыя былі нашы падручнікі, што давалі магчымасць вучням, прагным да ведаў, паспяхова прайсці курс сярэдняй навучальнай установы, нягледзячы на недахопы ў выкладанні.
У нашай вучэльні адбываліся няспынныя змены складу i колькасці вучняў у класах. Прычыны былі розныя. У маім класе, калі я паступіў, вучняў было дваццаць сем. Да пачатку наступнага года двое памерлі, чацвёра перавяліся ў іншыя гарады, трое кінулі вучэнне i пяцёра засталіся на другі год. У трэці клас паступілі трое новых, а пяцёх мы там застал i другагоднікамі. Заканчэнне чатырох класаў давала права паступіць на вайсковую службу вольнаслужылымі на двухгадовы тэрмін замест нармальных трох гадоў i васьмі месяцаў, а атэстат шасці класаў абмяжоўваў гэтую службу адзіным годам. У сёмым класе нас было трынаццаць вучняў - трое гэбраяў, трое праваслаўных i сямёра каталікоў, але з усіх дваццаці сямі вучняў майго другога класа сёмы клас скончылі разам толькі двое. Гэта былі Сярожка Цыклінскі i я.
У Пінску ўвосень ішлі дажджы, i нашыя небрукаваныя вуліцы ператвараліся ў суцэльнае балота. Каб не загразнуць, даводзілася часта карыстацца паслугамі рамізніка. Але i на сядзенні ногі трэба было трымаць высока, бо колы цалкам пагружаліся ў жыжку, якая залівала брычку. А як пакутліва пераязджаць праз высокія масткі, пракладзеныя для пераходу з аднаго боку вуліцы на другі! Звычайнаю з'яваю была заселая заднімі коламі ламавая фурманка. Раз'юшаны фурман дзікімі крыкамі падганяе каня, бязлітасна б'е яго пугаўём. Той з усяе сілы рвецца ўперад i нечакана ўцякае з пярэднімі коламі, пакінуўшы заднія за масткамі, а паклажу ў балоце пасярод. вуліцы.
Такія карціны можна было назіраць у нас i ўвесну, пасля раставання снегу. Да Першай сусветнай вайны выбрукавалі толькі галоўную вуліцу, што праходзіла праз у весь горад з захаду на ўсход. Казалі, што ў час акупацыі Пінска немцамі горад наведаў германскі імператар Вільгельм [15]. Калі ён заехаў у горад i вазок яго затросся па нашым бруку, ён быццам бы прамовіў, што такое пакрыццё, без сумневу, вынайшаў Іван Жахлівы дзеля пакуты сваіх падданых.
Вельмі часта я прыходзіў да Майсея Вейцмана. Вейцманы нядаўна пераехалі ў Пінск, але хутка акліматызаваліся. З ix трынаццаці дзяцей толькі старэйшая дачка была за мужам, наступны за ёй сын дапамагаў бацьку ў справах. Трэці, Хаім, вучыўся ў нашай рэальнай вучэльні яшчэ да пераезду сям'i з Моталя i жыў у доме майго стрыя Ідэля Лур'е ў якасці рэпетытара ягонага сына Саўлая з Хаімам у адзін час вучэльні не наведваў, бо ў тым годзе, кал i я пайшоў у другі клас, ён ужо стаў студэнтам Берлінскага ўніверсітэта. У рэальнай ён вылучаўся сваімі здольнасцямі i поспехамі. Падчас выдачы атэстата дырэктар Цыклінскі адзначыў гэта i назваў яго "стаўпом нашай навучальнай установы". Астатнія дзеці Вейцманаў, акрамя траіх наймалодшых, былі ў школьным узросце i старанна займаліся. У кожнага былі свае сябры, і ўсе яны ахвотна прыходзілі ў гэты гасцінны дом. Пасля заняткаў панаваў вясёлы настрой. Пел i гэбрайскія i рускія песні, часта танцавалі пад піяніна. Уся сям'я, пачынаючы з бацькі, была вельмі музычнай. Завадатаркай выступала маці, якая любіла моладзь, розныя забавы i сама весялілася.
У Вейцманаў я навучыўся як след гутарковай гэбрайскай мове i пазнаёміўся з творамі гэбрайскіх аўтараў. Яны ў тыя гады пачалі набываць папулярнасць, а гэбрайскі жаргон [16] атрымаў права градладзянства, як i літаратурная мова.
З-за таго, што бацькі адсутнічалі амаль штовосень, я ў першай чвэрці года горш вучыўся. Гэтаму садзейнічалі яшчэ дрэннае надвор'е i прастуды, што рэгулярна ў мяне паўтараліся. Вяртанне бацькоў звычайна супадала з наступлением зімы, i да калядных вакацыяў я паспяваў нагнаць упушчанае. Дапамагала здаровае зімовае надвор'е. якое працягвалася амаль да самага Вялікадня. Лета ў Пінску было нашмат горшым. Кожная брычка ці фурманка, праехаўшы па вуліцы, падымала воблакі пылу, дапякалі мухі i хмары камароў. Выратоўвала толькі вада.
Пінчукі абагаўлялі сваю раку i возера. Шмат часу яны праводзілі на вадзе. Хораша было вудзіць, купацца, веславаць, млява сядзець у чоўне без думаў i клопатаў, любавацца горадам пры захадзе сонца. А якія цудоўныя бывалі вандроўкі ўдваіх па вузкіх пратоках балотаў, калі човен схаваны ад цікаўных вачэй... Зверху блакіт неба, а навокал бясконцая зеляніна.
Сваім размяшчэннем Пінск горад своеасаблівы. Ён увесь цягнецца ўздоўж аднаго берага Піны, якая аддзяляе яго ад бязмежных балотных прастораў. Добра ўладкаваная набярэжная спужыць улюбёным месцам для вечаровага шпацыру. Другі бок ракі не заселены, i ніякія пабудовы не засцяць адкрытага вачам цудоўнага краявіду.
Вясна. Равучы, прарываецца ледаход. Піна ды іншыя навакольныя рэчкі, ручаі i пратокі пакідаюць свае рэчышчы і, раз'юшаныя, разліваюцца па даляглядзе ў сінюю, блішчастую вадзяную веліч. Пінскае мора! Пацяплела. Спадае вада, i з'яўляецца бурая, балотная зямля, падобная на торф. Пачынае злёгку зелянець. Гэта прабіваецца чарот. Яшчэ некалькі тыдняў, i ён падымецца па грудзі чалавека, усё ўкрыецца велізарным хвалістым кілімам.
Надышоў чэрвень, i гарачае сонца высушыла чарот. У сцяблінах з'явіліся ржавыя адценні. Вось балоты падсохлі i перасталі быць дрыгвяністымі. Пачынаецца сенакос. Да канца ліпеня на ўсім прасторы, яшчэ нядаўна сінім, а потым суцэльна зялёным, вырастуць копы духмянага сена. I будуць стаяць усю дажджлівую восень, покуль зіма не засыпле балоты снегам i мароз не скуе дрыгву. Паедуць тады з навакольных вёсак палешукі на санях з калматымі конікамі i па лёдзе пазвозяць яны сена ў Пінск, проста ў хлявы пінскіх малочніц i гаспадыняў. Хутка ў горадзе.патыхне, даляціць з балотаў гарэлым. Падымуцца за ракой клубы дыму, i вецер разнясе яго па ўсёй ваколіцы. А як сцямнее, будуць відаць зіхоткія языкі полымя. Гараць балоты. Гэта сяляне запалілі астаткі пакосаў, каб на ўгноеных попелам наплавах гусцей i вышэй падняўся ўвесну чарот.
А толькі ўвесну зазелянее балота, як кожны Божы дзень ранкам зарыпяць браллы, i выйдуць з ix без усялякага суправаджэння каровы, i пойдуць павольна па гарадскіх вуліцах да ракі. Сыдуць да вады, нап'юцца i будуць там пасвіцца на волі. Пад вечар прыплывуць назад, задаволеныя, сытыя, з цяжкім вымем. Пойдуць дахаты знаёмаю дарогаю, рыкаючы сваім гаспадыням, што пара даіць.
Піна цячэ паўз горад з захаду на усход. Балоты ляжаць на поўдзёнь i паўднёвы захад. Паміж горадам i размешчанымі сярод балотаў вёскамі сувязь адбывалася шматлікімі воднымі шляхам i. Пласкадонныя сялянскія лодкі так званыя "душагубкі", прыплывалі нагружаныя гароднінай, малочнымі прадуктамі, свойскай птушкай, яйкамі, а часта i жывёлай да прыроднай бухты насупраць праваслаўнага манастыра. З другога яго боку месціўся вялікі гарадскі рынкавы пляц, запоўнены ў часе кірмашу сялянскімі вазамі з вёсак - тых, адкуль дабрацца можна было на колах. Гандаль зарэчных сялянаў адбываўся на вадзе, непасрэдна з лодак, i ўяўляў сабою маляўнічае відовішча. Гэтаму спрыяла яшчэ краса прыроды i зыркія, рознакаляровыя ўборы сялянскіх кабет.
Пад вечар лодкі з задаволенымі падпітымі гандлярамі пад музыку гармонікаў вярталіся дахаты. Кабеты стоячы веславалі i высокімі галасамі пяялі маркотныя палескія песні.
Водаправоду ў Пінску не было. Жыхары бралі ваду з уласных студняў, а больш за ўсё карысталіся рачною. Працу гэтую выконвалі ваданосы. Яны чэрпалі ваду з-пад мастоў i разносілі па дамах у вёдрах на каромыслах. Плацілі за гэта дробязь. Але былі i вадавозы, што прывозілі адразу цэлую бочку. Гэтыя зараблялі болей.
Быў у нас вадавоз, рэб [17] Велвел. Ад аднаго з ягоных кліентаў я пачуў пераказ гутаркі, якую той з ім меў: "Кажуць, што ў цябе, Велвел, грошы завяліся, што ты багацей i маеш ужо амаль не дзвесце рублёў?" - "Ну i што? - адказаў вадавоз. - Я ўжо трыццаць гадоў як важу добрым гаспадарам. Дык дзвесце не дзвесце, а сто дваццаць пакрыху сабраў..." - "А што ты з грашыма робіш?"- "З грашыма? Аддаў у банкаўскую кантору спадара Рабіновіча. Гэта самае надзейнае месца". - "А як там наконт працэнтаў?" - "Гэта мне ўдалося ўладкаваць выдатна... За працэнты я спадару Рабіновічу важу ваду".
Пад кладкамі набярэжнай вадзілася дробная рыба, пераважна плотка, якая вабіла дзятву з прымітыўнымі вудамі i самаробнымі драцянымі кручкамі. Каб мець валасяную жылку, хлапчукі шнарылі па кірмашы сярод сялянскіх фурманак і, выбраўшы момант, калі мужык адлучыцца альбо проста "злавіць варону", вышморгвалі валасы з конскіх хвастоў i давалi драла. Аматары больш заможныя мелі сапраўдныя вуды. Яны размяшчаліся на абодвух берагах Піны, на возеры i ў розных зацішных месцах, якія трымалі ў сакрэце. У многіх цяга да лоўлі вудай ператваралася ў моцнае захапленне, i гэтаму занятку яны аддавалі ўвесь вольны час. Удалечыні ад людзей, сярод цнатлівай воднай пустэльні Палесся, забываліся клопаты, расплываліся думкі. Увага была прыкаваная да патанка. Ніякіх іншых жаданняў яны не адчувалі i былі шчаслівыя. Пасля ўдалай лоўлі з поўнымі вёдрамі рыбы, ганарлівыя i ва ўзнёслым настроі, яны вярталіся дахаты i да рэчаіснасці.
У Пінску было многа прафесійных рыбаловаў-гэбраяў. Яны лавілі рыбу сеткамі на самой Піне, на Пінскім возеры, на Струмені, Ясельдзе, Прыпяці, на Гарыні, Стыры, Стаходзе, на Гарадзішчанскім i Выганаўскім азёрах, праз шлюзы дабіраліся да Шчары.
Рыбацкія чаўны прыплывалі звычайна рана, на досвітку, у бухту ля манастыра, i рыба выгружалася з ix па гатунках у падрыхтаваныя скрынкі, кашы, бочкі i кадушкі, куды адразу ж кідалі кавалкі лёду. Рыба экспартная, з адборных экзэмпляраў, неадкладна пераносілася ў вагоны-леднікі, што стаялі паблізу на чыгуначнай каляіне. Вагоны чаплялі да першага пасажырскага цягніка да Варшавы, дзе пінская рыба карысталася вялікім попытам.
Пры ўдалым лове ўвесь бераг бухты быў застаўлены латкамі з рыбай, якую ўмела i рупліва прадавалі рыбацкія жонкі. Чаго толькі не было ў гэтай жывой, трапятлівай, срэбнай масе - ад дробнай плоткі да вялізных вусатых самоў i падобных да ix вёрткіх мянькоў. Царом пінскіх рыбаў быў драпежны, вастраносы, зубаты шчупак. Мала саступалі яму папулярнасцю слізкі, далікатны лін i тлусты язь. Часта трапляліся срэбны плоскі лешч, жаўтапузы карась, чырванапёры акунь i падобная на змейку верацёнка. У вялікіх кашах з крапівой варочаліся i шамацелі, пагрозліва варушылі клюшнямі зялёныя i чорныя ракі.
У Пінску была цяга даваць людзям мянушкі, якія потым так прырасталі да чалавека, што сапраўднае прозвішча ўсімі, ды i самім носьбітам забывалася. Чаму крамніка Гольдберга клікалі "Ды Кучме" (футравая шапка-кучомка), а аднаго з пераплётчыкаў "Кэцэнэ Футэр" [18]. Ёсель Клап называўся так таму, што мянціў языком. Тлумачыць, з якой прычыны Эльштэйн празываўся "Ды Крумэ Кэпэль" [19], а нехта з маклераў "Ды Цыгэнэ Гэрдль" [20], зусім лішняе. Таксама зразу мела, адкуль ўзялася мянушка дружнай пары Уцяхоўскіх "Ды Тайбелах" [21]. Але хто растлумачыць, як дайшоў адзін непатрабавальны маладзён да таго, што яго празвалі "Велвел Мендзіліхес фун Анткеген дэм Клейстэр"? [22] Быў у нас i "Янкель ды Гуне", у якога сапраўды на галаве красавалася гуля, i вельмі важная асоба, вядомая выключна як "Плямка" ў пакаранне за нейкі касметычны недахоп на твары. Арыгінальнай я лічу мянушку "Ды Фэртэле" [23], дадзеную аднаму асабліва маленькаму i лядашчаму чалавечку. Многіх гараджанаў называлі па імені i прафесіі, пакідаючы прозвішчы: "Мотэль дэр Рэйфэ" [24], "Сорэл фун Сод" [25], "Гэцэль дэр Шрайбэр" [26] i іншыя.
У 1915 годзе Пінск быў акупаваны германскімі войскамі. Гаспадаранне немцаў мела фатальныя наступствы. Адразу спынілася ўсё эканамічнае жыццё, пачаліся рэквізіцыі i масавыя высяленні. Хто мог, збег. Ад гэбрайскага насельніцтва засталася на месцы толькі чвэрць (каля сямі тысячаў). Потым Палессе стала месцам сутыкнення польскіх i савецкіх вайсковых сілаў, i горад пераходзіў з адных рук у другія. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы Пінск адыходзіць да Польшчы.
Першая сустрэча пінскіх гэбраяў з польскімі вайсковымі ўладамі стала пагібельнай. У сваім імкненні выкараніць камуністычную небяспеку начальствуючы польскі генерал, не абцяжарыўшы. сябе праверкай атрыманага даносу, арыштаваў на прыватнай кватэры трыццаць сіяністаў. Яны адразу ж былі расстраляныя ля царкоўнага мура на галоўнай рынкавай плошчы. Нанесеная гэтаю неразважліваю жорсткасцю крывавая рана не зажыла за ўвесь час існавання польскай улады.
З РАЗДЗЕЛА "У ПІНСКУ НА ГЭБРАЙСКАЙ ФАБРЫЦЫ. 1924-39гг."
У Пінску здаўна жыла сям'я маёй маці. Дзед мой, Майсей Аронавіч Лур'е, быў чалавек вялікай ініцыятывы i першы заснаваў у Пінску прамысловыя прадпрыемствы, якія, калі састарэў, перадаў ва ўласнасць двум малодшым сынам, Леапольду I Аляксандру, якія жылі ў Вене. У Вене знаходзілася другая, пазней пабудаваная, фанерная фабрыка, якая належала Леапольду Майсеевічу.
Пінскія фабрыкі братоў Л. i А.Лур'е былі разбураныя рускімі войскамі перад іхным адыходам у 1915г. Толькі ў 1922г. дзядзька Алой, Аляксандр Майсеевіч, узяўся за адбудову i частковы пуск фабрыкі клеенай фанеры. У сувязі з распачатым экспартам ён прыехаў у Берлін у траўні 1924г., дзе моцна захварэў i неўзабаве сканаў.
Пінская фабрыка засталася без кіраўніка. Сярод маладога пакалення ў Вене прыдатнай замены не было, i мая венская радня прапанавала мне прыняць кіраванне справамі ў Пінску, на што я з гатоўнасцю згадзіўся. Перспектыва пераезду ў Пінск мяне не палохала. Успаміны маладосці ў мяне яшчэ былі даволі свежыя, i я мог разлічваць на сустрэчу ca знаёмымі асобамі. Асабліва важна было тое, што я добра валодаў гутарковай гэбрайскай мовай, якая працягвала быць "мамелошэн" [27] бальшыні мясцовага насельніцтва. Я не выпраўляўся на чужыну. У іншых фарбах магло ўявіцца гэтае нечаканае перасяленне ў глуш Палесся маёй жонцы. Руская, народжаная у глыбіні Расіі, з ранняга дзяцінства жыўшы ў Маскве, дзе яна вучылася, працавала i пра мяжу аселасці мела толькі цьмянае ўяўленне. На маю радасць, яна, з пачатку ўзнікнення праекта, выказала сваю боязь толькі ў сувязі з рускай мяжой (калія 125 вёрстаў). Праз пятнаццаць гадоў апаска гэтая, на жаль, спраўдзілася. Такім чынам, у лістападзе 1924г. я зноў апынуўся на сваёй радзіме. Дзеля капрызу лёсу як іншаземец.
Пасля смерці Аляксандра Лур'е галавой фірмы стаў Павел Леапольдавіч Лур'е. Бацька яго, інжынер Леапольд Лур'е, які заснаваў фанерную прамысловасць, яшчэ ў 1920г. адышоў ад вядзення справаў з прычыны дрэннага стану здароўя. Павел Леапольдавіч, нягледзячы на сваю маладосць (яму было 29 гадоў), быў усебакова знаёмы з усімі справамі фірмы - як з гледзішча тэхнічнага, так i камерцыйнага. Ён суправаджаў мяне ў Пінск, каб на месцы дапамагчы ў найкарацейшы тэрмІн азнаёміцца з фабрыкай i ўвайсці ў курс справы.
Па прыездзе ў Пінск першае наведванне фабрыкі выклікала ў мяне цяжкое ўражанне. Я трапіў туды адразу пасля знаходжання на венскай фабрыцы, што размяшчалася ў прасторных i светлых, узведзеных паводле адмысловага плану будынках, дзе было чыста, прыбрана i на месцы, а праца ішла з дакладнасцю гадзіннікавага механізму.
Немцы, заняўшы у 1915г. Пінск, паадпраўлялі ў Гёрманію сотні вагонаў вольхі i ўсю размешчаную на складзе фанеру. Спецыяльныя машыны яны перавезлі на розныя фабрыкі, што знаходзіліся значна далей на захад ад Пінска. На заводзе немцы не пакінулі ніякай арматуры i ніводнай дэталі, зробленай з каляровых металаў. Сілавая станцыя была пакінутая з мэтай забяспечваць горад электрычнасцю. Каб аднавіць фабрыку на ранейшым месцы, варта было б усё, што засталося ад ранейшых карпусоў, знесці да падмурка i ўзвесці новыя пабудовы. На гэта ў спустошанай фірмы сродкаў не было. У памяшканнях панавала цесната. У многіх месцах было так цёмна, што нават удзень нельга было абысціся без электрычнага асвятлення. Асабліва цяжкі быў стан унутранага транспарту. Становішча выглядала бязрадасным i прыгнятальным.
Персанал не сустрэў мяне як чужака, i я адразу адчуў добразычлівае i даверлівае да мяне стаўленне. Як я пасля выявіў, службоўцы баяліся з'яўлення "не свайго" чалавека на пасадзе дырэктара фабрыкі i магчымых, у звязку з гэтым, складанасцяў i новых прызначэнняў. Я ж быў для ix унукам Майсея Лур'е i пляменнікам яго сыноў, якіх яны ведалі шмат гадоў, пры якіх доўгі час служылі.
Намеснікам да кіравання фабрыкай быў Арон Штылерман, старэйшы са службоўцаў, пракурыст, жыве зараз у Хайфе. Загадчыка вытворчасці Арона Генахова я памятаў з ранейшых гадоў, калі яшчэ хлапчуком прыбягаў на фабрыку, дзе з ім i іншымі аднагодкамі мы гул ял i у хованкі, укрываючыся сярод бясконцых альховых калодаў, зваленых у вялізныя ярусы. Тэхнічная частка знаходзілася ў дасведчаных руках таленавітага самавука Гірша Бурштэйна.
Праз некалькі дзён пасля нашага прыезду нас наведалі два адвакаты - Бернард Елянькевіч i Матэвуш Гох, якія цікавіліся пытаннямі фізічнага выхавання гзбрайскай моладзі i былі занятыя ўладкаваннем спартовага поля для "Макабі" [28]. Дзялянка ўжо мелася, але патрэбныя былі сродкі для нівеліроўкі i агароджы. Павел дапамог новаму пачынанню грашыма i матэрыяламі. Тады я даведаўся ад яго, што фабрыка сістэматычна падтрымлівае ўсе мясцовыя гэбрайскія інстытуцыі i што, на ягоную думку, гэтая сацыяльйая дапамога з'яўляецца для фірмы абавязковым працягам дабрачыннае дзейнасіді ранейшых пакаленняў сям'і Лур'е. Пасля ад'езду Паўла я пачаў самастойна кіраваць справамі i бальшыню свайго часу аддаваў пытанням вытворчасці.
Напрыканцы снежня 1924г. прыехала з Берліна мая жонка ў суправаджээнні сваёй дачкі Ірыны. Падчарцы маёй было тады 17 гадоў. У Маскве яна з поспехам вучылася ў балетнай школе, i для яе пераезд у Пінск быў нялёгкі. Цяжка было знайсці для яе кампанію, i яна пачувалася самотнай. Каб даць ёй магчымасць запоўніць вольны час i сяму-таму навучыцца, я ўладкаваў яе на працу ў кантору фабрыкі. Заробак свой яна зберагала i на гэтыя грошы час ад часу рабіла паездкі. Яна пабыла ў Варшаве, Вене i нават у Парыжы.
У Пінску, апроч фанернай фабрыкі, здаўна існавала вялікая запалкавая фабрыка, якая належала сям'i Гальперн. Кіраваў ёю мой стрыечны брат Бернард Гальперн. Ён стала жыў у Варшаве, а дзеля сваіх частых прыездаў у Пінск трымаў тут вялікую кватэру, якую даў нам. Сам жа на далей быў нашым дарагім госцем; ягоныя прыезды рабілі больш разнастайным наша жыццё i настолькі зблізілі нас, што мы яго лічылі сваім сямейнікам. Мяне асабіста звязвала з ім яшчэ i сумесная праца ў пінскіх гэбрайскіх сацыяльных i кааператыўных установах, такіх, як сіроцкі дом, ГТЗ [29], Банк купцоў i прамыслоўцаў i інш. У процілегласць брату, д-ру Жоржу Гальлерну, сіянісцкая дзейнасць яго не вабіла. Ён i ягоная жонка Соня загінулі ў варшаўскім гета.
Зноў уладкаваўшыся пасля папярэдніх некалькіх цяжкіх гадоў i не зазнаючы больш матэрыяльных клопатаў, мая жонка адчула глебу пад нагамі. Няведанне ідыш не замінала ёй у паўсядзённым жыцці, бо ў Пінску амаль усе валодалі рускай мовай. У яе хутка склалася кола змаёмых i жыццё ўвайшло ў сваю каляіну. Вялікую разнастайнасць уносілі паездкі ў Варшаву i за мяжу, а калі ў чэрвені 1926г. з'явілася на свет нашая дачка Тамара, Пінск стаў для жонкі бы родным горадам. Кола знаёмстваў у яе расшырылася, у нас стала бываць мясцовая гэбрайская інтэлігенцыя, а таксама польская i руская. Наш дом, трэба сказаць, быў адзіным, дзе сустракаліся прадстаўнікі ўсіх трох нацыянальнасцяў.
Па меры таго, як я стаў вывучаць вытворчасць фабрыкі, я ўвайшоў у цесныя дачыненні з рабочымі. Пры штодзённым абходзе мне кідаліся ў вочы іхныя апатыя i журботны выгляд. На фабрыцы я адчуў заўсёдную напружанасць паміж рабочымі i адміністрацыяй. Падчас знаёмства з ведамасцямі заробку я быў здзіўлены нізкімі лічбамі выплаты, а параўнальныя статыстычныя табліцы, складзеныя для мяне старанным i спраўным старэйшым службоўцам заводскай канторы Лібманам, сведчылі пра малыя вынікі пры вялікім выдаткаванні працоўных дзён на адзінку вытворчасці. Адначасова стала відавочна, што вытворчыя машыны не выкарыстоўваліся папоўніцы. Перапынкі падчас працы былі вынікам нерэгулярнай падачы да ix сыравіны. Пры існай на фабрыцы здзельнай аплаце кожны прастой быў чыстаю стратаю для ўсёй брыгады, занятай на бяздзейнай машыне. Неабходна было падняць дух рабочых i пасяліць у ix веру, што побыт магчыма палепшыць. Я выклікаў да сябе прадстаўнікоў рабочых i падзяліўся з імі выпрацаванымі планамі, якія мелі на мэце зліквідаваць прастой машын шляхам каардынацыі працы ўсіх вытворчых цэхаў. У заключэнне я паведаміў ім аб рашэнні дырэкцыі павялічыць мінімум да 10% i папрасіў на працягу перыяду рэарганізацыі праявіць цярплівасць i стараннасць. Не схаваў i тое, што майстрам даручана строга сачыць за акуратнасцю i дакладнасцю працы, бо экспарт магчымы толькі пры высокай якасці тавару.
Гэты дзень быў паваротным пунктам у маіх узаемадачыненнях з рабочымі фабрыкі. Яны, відавочна, паверылі маім словам i пачалі кааперавацца з адміністрацыяй. Дзякуючы гэтаму адразу палегчылася далейшая праца.
Да вайны фанерная фабрыка збывала сваю прадукцыю ў межах Расеі. Пасля вайны ранейшы рынак збыту стаў недаступным. З самага пачатку адбудовы фабрыкі Аляксандр Лур'е, пры непасрэдным удзеле Паўла, імкнуўся наладзіць экспарт у розныя еўрапейскія краіны. Пасля ягонай смерці ўсе справы перайшлі ў рукі Паўла, які ўжо да гэтага кіраваў экспартам венскай фабрыкі. Калі пасля нашых першых супольных удалых крокаў пачалося павелічэнне вытворчасці, Павел узмацніў сваю дзейнасць у галіне экспарту, i да нас пачалі паступаць замовы, якія нават перасягалі нашыя магчымасці.
На будынкі i новае абсталяванне сродкаў мы яшчэ не мелі. Галоўная мая праца перамясцілася ў тэхнічны аддзел, да Бурштэйна, i неўзабаве быў складзены план нутраной перабудовы, дзякуючы якой была выйграна значная плошча. Яе мы выкарысталі для ўдасканалення нутранога транспарту i перастаноўкі некаторых машынаў. У часе правядзення гэтых захадаў рабочым на фабрыцы прыходзілася нялёгка. Яны, аднак, не скардзіліся i ўсяляк выяўлялі сваю ўхвалу. Апрача з'яўлення спрыяльных перспектываў, ix узрадавала паляпшэнне памяшканняў, якія дзякуючы прабітым у многіх месцах вялікім вокнам страцілі сваю змрочнасць. Адначасова была выпраўлена падлога, атынкаваныя i пабеленыя сцены ў памяшканнях.
Пасля стараннай прыборкі i ачысткі ў нас былі сур'ёзныя размовы з фабрычным штатам i прадстаўнікамі рабочых пра неабходнасць трымаць усю фабрыку ў чысціні. Прыйшлося паставіць скрыні для адкідаў, перарабіць венікі ў мётлы i назначыць сталых прыбіральшчыкаў. Вялікую службу саслужыў нам стары пінскі пацукалоў Эпштэйн, які расклаў у розных месцах фабрыкі белыя галкі, склад якіх быў вядомы толькі яму, у выніку чаго мышы i пацукі зніклі. Магчыма, яны б сышлі i так, бо пасля кампаніі за чысціню рабочыя не пакідалі за сабою рэштак ежы.
На сродкі з даходаў прадпрыемства быў павялічаны галоўны фабрычны корпус i пастаўленыя сучасныя машыны. Памяшканні старой майстэрні перабудавалі пад умывальню для жанчын. Летняю парою рабочыя карысталіся купальнямі на прылеглым да фабрыкі возеры. Дзеля зручнасці мы перарабілі складское памяшканне, што паблізу галоўнага корпуса, у сталоўку, дзе рабочыя ў часе паўгадзіннага перапынку маглі снедаць. У сталоўцы была пастаўленая так званая руская печ, куды ставілі гаршчэчкі з ежай, якія прыносілі рабочыя. Да сняданку рабочыя атрымлівалі гарачую салодкую гарбату. Дзеля чысціні i гігіены на фабрыцы ў розных месцах паставілі ўмывальнікі з бягучай вадой i прыладамі з вадкім мылам для ўсеагульнага карыстання.
Вялікім злом на фабрыцы былі прымітыўныя прыбіральні, іншым разам сорамна патрабаваць ад рабочага захоўваць поўную чысціню машынаў i памяшканняў, беражліва ставіцца да апрацаванай i шліфаванай фанеры, калі ён сам вымушаны карыстацца бруднай, антысанітарнай канструкцыяй. Створаны ўсёведам Бурштэйнам праект пабудовы ватэрклазэтаў быў ухвалены венскімі санітарнымі спецыялістамі.
Калі пасля ўсіх вышэйзгаданых захадаў на фабрыцы ўсталявалася чысціня і парадак, рабочым пачалі выдаваць працоўную вопратку паводле ўзораў, прапанаваных Міністэрствам працы. Мужчыны атрымалі курткі i нагавіцы, а жанчыны халаты i хусцінкі.
Потым мы паклалі паўсюль, дзе патрабавалася, тратуары, пасадзілі дрэвы i завялі кветнікі, з якіх перад святамі наразаліся для работніц букеты. Летняю парою для сняданку работніцам ставілі сталы пад дрэвамі. Прыемна было канстатаваць, што па меры паляпшэння ўмоваў працы ў рабочых стварыўся спакойны i роўны настрой, рэдка адбываліся спрэчкі i сваркі. Колькасць рабочых дайшла да 400, у тым ліку гэбраяў - да 300.
Паралельна ў Вене было арганізавана далейшае расшырэнне экспартнай арганізацыі, да працы ў якой Павел прыцягнуў двух сваіх малодшых братоў - Антона, Артура i сына нябожчыка Аляксандра Майсеевіча, таксама Артура. Гэтыя маладыя людзі пачалі ездзіць у розныя краіны, дзе знаёміліся з мясцовымі ўмовамі. Дзякуючы іхнай дзейнасці мы выйшлі на новыя рынкі збыту. Фабрыка прыстасоўвалася да патрабаванняў у розных краінах i-начала вырабляць новыя гатункі i памеры фанеры, што вельмі ўзбагаціла наш асартымент. Рабочыя з цікавасцю i пэўным гонарам сачылі за развіццём экспарту.
Памятаю, як адзін з упакоўшчыкаў паказаў мне ліст ад брата, сталяра з Буэнас-Айрэса, у якім той паведамляў, што ў Аргентыне пры вырабе мэблі больш за ўсё выкарыстоўваюць фанеру з маркай "Тобаль". Гэтая марка належала нашай фірме i да таго часу была заяўлена ў дзесятках дзяржаваў. Бальшыня нанова прынятых намі рабочых жыла ў аддаленых кварталах горада і траціла шмат часу на дарогу. Узніклым жыллёвым пытаннем заняўся наш Адміністрацыйны аддзел, які адказваў за прыём i звальненне, заробак, бяспеку, гігіену i сацыяльную дзейнасць. Пабудова невялікага драўлянага дамка на арандаваным участку ля нашай фабрыкі каштавала танна. Фабрыка выдавала пазыкі ў памеры каля 40% кошту пабудовы, часткова аплатай рахункаў пастаўшчыкоў, часткова матэрыяламі з уласных складаў па сваёй цане. Пазыка была беспрацэнтавая i выплочвалася некалькі гадоў.
У Адміністрацыйны аддзел былі паступова перанесеныя пытанні бяспекі i функцыі, што датычылі аховы здароўя i паляпшэння побыту.
Пачалося з "Кроплі малака". "Кропля малака" клапацілася аб немаўляці яшчэ да яго нараджэння, рыхтуючы першае экіпаванне - пялюшкі, ручнікі, кашулькі, коўдру, матрацік i г.д. Загадчыкам гэтай станцыі, што размясцілася ў асобным доме, была дасведчаны педыятр, доктар Лізавета Эльштэйн, якая перыядьічна праводзіла агляд усіх заводскіх дзяцей ва ўзросце да чатырох гадоў i давала парады мацяркам наконт дагляду i харчавання. Памочніцай яе была спраўная i ветлівая сястра Мандэльбаўм. Яна прысутнічала пры аглядах дзяцей i рэгулярна наведвала ix дома. Неабходнае дадатковае харчаванне для немаўлят гатавалася на кухні станцыі, пры якой заўсёды меўся запас рыбнага тлушчу, вітамінаў i лімонаў, што выдаваліся паводле распараджэння доктара. Выдаткі "Кроплі малака" накрывала фабрыка. Культурны ўплыў "Кроплі малака" быў вельмі вялікі. Маці не толькі прывучаліся гадаваць дзяцей у поўнай чысціні i ахайнасці, але пад уплывам сястры сталі больш сачыць за парадкам у сваёй кухні i кватэры. З арганізацыяй "Кроплі малака" смяротнасць сярод немаўлят значна ўпала, а з цягам часу сышла амаль на нішто. Слабейшыя дзеці ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў пасылаліся ўлетку на чатыры тыдні для аздараўлення ў дзіцячую калонію ГТЗ.
На фабрыцы працягвалі працаваць пажылыя даваенныя ветэраны. Яны выконвалі менш цяжкія работы i карысталіся дадатковым двухтыднёвым аплочаным адпачынкам. Сярод працоўных на фабрыцы было нямала дзяцей i ўнукаў першых рабочых, прынятых i навучаных яшчэ маім дзедам, Майсеем Лур'е. Каб зрабіць жыццё службоўцаў i рабочых таннейшым, штогод нарыхтоўвалі на зіму бульбу i паліва. Грошы за такое забеспячэнне вылічваліся часткамі з заробку рабочага альбо службоўца.
У сувязі з частымі патрабаваннямі пазык, было прынята рашэнне арганізаваць Kacy ўзаемадапамогі, Правядзенне фармальнасцяў з уладамі было даручана загадчыку Адміністрацыйнага аддзела Льву Фядотаву, а канцылярскую частку i справаздачнасць наладзіла фабрычная бухгалтэрыя. Былі вызначаныя ўступныя i штомесячныя складкі. Фабрыка абавязвалася ўкладаць у Kacy сумы, роўныя ўсім уступным i штомесячным складкам ейных сяброў. Пры штогадовым балансе на рахунак Касы пералічвалася дадатковая субсідыя, памер яксій вагаўся залежна ад стану справаў на прадпрыемстве. Пры такіх абставінах капітал Касы хутка рос і праз некалькі гадоў пачаў перавышаць яе патрэбы ў выдачы пазык. На парадак дня паўсталі планы пашырэння межаў дзейнасці, але з-за вайны яны не былі здзейсненый.
Мая праца на фабрыцы працягвалася бесперапынна пятнаццаць гадоў. За ўвесь гэты доўгі адрэзак часу ў мяне не было канфліктаў з рабочымі i не магу нават прыгадаць якой-небудзь прычыненай мне шкоды. Знаходзячыся сярод ix, я пачуваўся ў бяспецы.
Аб ролі i заслугах гэбрайскага рабочага на нашай фабрьпды я з гонарам казаў на афіцыйных урачыстасцях з нагоды ўручэння Міністэрствам працы медалёў рабочым, якія праслужылі ў нас звыш дваццаці пяці гадоў. Усе ўшанаваныя былі гэбраямі. Сярод рабочых былі сябры розных партыяў - як сацыялістычных, так i сіянісцкіх. Шмат было i рэлігійных. У нашым раёне знаходзілася сінагога над назвай "Ды Манастыршынэр Шуль" [30], яна была як бы прыпісаная да фабрыкі. Сінагогу наведвалі i многія нерэлігійныя.
У Дырэкцыі не было падставаў цікавіцца поглядамі рабочых, бо прыналежнасць да той або іншай палітычнай партыі не адбівалася на нашых дачыненнях. Камуністы былі ў даволі абмежаванай колькасці i для нас афіцыйна не існавалі. Ba ўправе Пінскага староства мне неяк паказалі даклад, перахоплены ў арыштаванага савецкага эмісара. Пасля апісання становішча на іншых фабрыках была кароткая запіска, што на фабрыку Лур'е не варта траціць ніводнай капейкі, таму што з прычыны сваяцкіх i патрыярхальных дачыненняў паміж рабочымі i адміністрацыяй пранікнуць туды немагчыма.
З падвышэннем жыццёвага ўзроўню ў рабочых ажыла цікаўнасць да пытанняў культурнага характару, перш за ўсё да выхавання дзяцей. У дзяржаўных народных школах i гімназіях гэбрайскія дзеці складалі нязначную меншасць i пачуваліся нядобра сярод іншых вучняў. Школы рэлігійныя, такія, як хедэры i талмуд-торы, ужо паспелі згубіць сваю прыцягальную сілу ў рабочым асяроддзі. Ім на змену з'явіліся народныя школы, заснаваныя палітычнымі партыямі. Школы гэтыя вялі такую ж жорсткую барацьбу за душу дзіцяці, як іншыя партыйныя органы - за галасы бацькоў.
Народная школа i гімназія сіянісцкай арганізацыі мелі назву Тарбут. Мовай навучання гэтай установы быў іўрыт. Гімназія была пад ведамствам i кантролем Віленскай вучэбнай акругі Міністэрства асветы. Акруговыя інспектары рэгулярна наведвалі гімназію, прысутнічалі на іспытах i патрабавалі ад вучняў добрага ведання польскай мовы. Заснаваная ў 1923г., яна дасягнула высокага, прызнанага ўладамі ўзроўню толькі ў пачатку трыццатых гадоў. Кіраванне Тарбутам было ў руках управы i дырэктара А.Мазура, які быў галавой гімназіі з першага дня. У 1935г. яго замяніў бліжэйшы яго супрацоўнік Давыд Гальпер, чалавек вялікіх ведаў i высокай культуры. Пад ягонай эгідай гімназія ўвайшла ў перыяд свайго росквіту. Был i ўведзеныя паралельныя класы. Колькасць вучняў усёй установы перавысіла тысячу дзвесце. З прыходам савецкай улады гэтая з такімі намаганнямі i адданасцю наладжаная навучальная ўстанова раптам стала нікому не патрэбнай, пануючая ў ёй мова была аб'яўлена шкодным анахранізмам.
З цэлага шэрагу іншых гэбрайскіх народных школаў вылучалася добра пастаўленая школа Бунда імя Глейбермана.Сярод рабочых яна была найбольш папулярная. Пра сур'ёзную дзейнасць гзтай школы я быў зарыентаваны гутаркамі з А.Шлякманам, які займаў прыкметнае месца ў яе ўправе. Дзеці рабочых знаходзіліся i сярод вучняў гэбрайскіх рамесных школаў, адной для хлопчыкаў i другой для дзяўчатак.
У Пінску была яшчэ адна прыватная народная школа i гімназія з выкладаннем на польскай мове. Яна належала пані Чэчык, там плата была больш высокая, у ёй навучаліся пераважна дзеці заможных бацькоў.
Пераварот у Германіі i паднятае Гітлерам патрабаванне "аншлюсу" выклікалі заняпад духу сярод венскіх гэбраяў. Уладальнікі фірмы i думаць пакінулі пра якое-небудзь расшырэнне сваіх прадпрыемстваў у Вене i Пінску. На працягу 1933-1934гг. мы яшчэ давялі да канца мантаж раней закупленых машынаў. У ix ліку асабліва каштоўнай для нас была ўстаноўка новага ўдасканаленага гідраўлічнага прэса. Праект быў атрыманы намі ад вядомага машынабудаўнічага завода ў Вене. Над гэтым праектам наш галоўны тэхнік Бурштэйн прапрацаваў некалькі месяцаў i вярнуў яго ў Вену з сур'ёзнымі крытычнымі заўвагамі i прапановамі канструкцыйных паляпшэнняў. Пасля гэтага паступіла просьба венскага завода камандзіраваць Бурштэйна ў Вену дзеля сумеснай з ім перапрацоўкі ўсяго праекту. Асабліва зацікавіў ix прапанаваны ім акумулятар. Бурштэйн прабыў на венскім заводзе тры месяцы. У выніку мы атрымлі прэс, які сваёй прадукцыйнасцю i якасцю працы пераўзыходзіў усе вядомыя нам да гэтага тыпы. Дзякуючы гэтай выключна ўдалай рабоце Бурштэйн набыў такое высокае рэнамэ, што нават бальшавікі, якія паўсюль, да ўсяго i да ўсіх адносіліся адмоўна, яго ацанілі вельмі годна. Ён i ягоная жонка загінулі ад рук немцаў адначасова з бальшынёю нашых службоўцаў i рабочых.
За пятнаццаць кіламетраў на захад ад Пінска знаходзіўся невялікі лясны маёнтак, праз які праходзіла лінія чыгункі. На перасячэнні паўночнай часткі, па пясчаных ярах i ўзгорках, рос невысокі рэдкі хваёвы лес. Пінскі лесапрамыслоўца Іёна Валавельскі аблюбаваў там дзялянку для пабудовы пансіёна i лецішча для сваёй сям'i. Калі ён бліжэй пазнаёміўся з усім уладаннем, памерам каля 300 га, то прыйшоў да высновы, што лепшага месца для дачнага паселішча паблізу Пінска знайсці немагчыма. Па ягонай парадзе ўладальнік маёнтка зрабіў парцэляцыю земляў. Іx рэалізацыяй заняўся Валавельскі. Сувязі з горадам былі ўжо наладжаныя, бо насупраць пансіёна быў адкрыты паўстанак, названы "Сасноўка". Мясцовасць, якой была нададзеная тая ж назва, мне вельмі спадабалася. Валавельскі з лёгкасцю пераканаў мяне набыць 10 га з другога боку чыгункі, на якіх рос рэдкі сасновы лес.
Тымчасам Валавельскі паспеў прадаць некалькі дзялянак са свайго боку, i там дзе-нідзе ўжо распачалася будоўля. З нашага ж боку яшчэ не будавалі, але на суседняй з намі дзялянцы ўжо стаяў адзін дом. Пра свой набытак я расказаў варшаўскаму архітэктару Сымону Сыркусу, жанатаму з маёй стрыечнай сястрой. Паводле ягонага плану мы пабудавалі лецішча, i лета 1934 года я з сям'ёй правёў у Сасноўцы. Пабудова была вельмі прыгожая, але яе звышмадэрновыя формы мала гарманіравалі з суровай рэчаіснасцю палескага ландшафту.
Адначасова з намі i Гэбрайскае таварыства аховы здароўя (ГТЗ) купіла дзялянкі i пабудавала памяшканні для летняй дзіцячай калоніі. Гэтая калонія дала магчымасць высылаць дзяцей нашых рабочых i службоўцаў, якія мелі патрэбу ў аздараўленні, на месячны адпачынак у сасновым лесе, дзе яны знаходзіліся пад наглядам дасведчанага лекара.
Сасноўка хутка разрасталася i неўзабаве ператварылася ў дачную мясцовасць, што было трыумфам для Валавельскага. Пансіён Валавельскага з году ў год разрастаўся, i недахопу ў гасцях не было. У нас былi там знаёмыя, а часта да нас прыязджалі госці i з горада.
Атрымаўшы ў сваё распараджэнне вялікую плошчу ў Сасноўцы, мы пачалі задумвацца над магчымасцю выкарыстання гэтай зямлі. Глеба тут была зусім іншага кшталту, чым у Пінску, дзе яна здаўна апрацоўвалася i ператварылася ў чарназём. У Сасноўцы мы маглі выкарыстаць вялікія голыя пясчаныя мясціны, дзе рос толькі мох, калючыя травы i хмызнякі. На дапамогу нам прыйшоў стары садоўнік пан Ян, які выпадкова знаходзіўся ў Пінску. Ён шмат гадоў працаваў у маёнтках буйных палескіх памешчыкаў, быў добра знаёмы з якасцямі глебы i спецыялізаваўся на закладцы садоў. Ён зрабіў планаванне заезду, кветнікаў i групы карлікавых дрэваў, а таксама пладовага саду. Паблізу дома было вызначана месца для невялікага басейна. Да канца наступнага лета былі падрыхтаваныя ямы садзіць дрэвы, тыдняў шэсць пазней яны былі пасаджаныя. У першыя гады, пакуль карані дрэваў не паспелі яшчэ разрасціся, сад пераворвалі, на невялікай частцы яго плошчы мы разводзілі памідоры, агуркі, бульбу, спаржу, трускаўкі i суніцы. Уздоўж плота пасадзілі маліны, а з двух бакоў дарогі цераз сад - агрэст i парэчкі. Пасадка саду доўжылася тры сезоны. Усяго было пасаджана каля чатырохсот яблыняў, грушаў, сліваў, чарэшняў i вішняў. Для вінаграду быў адведзены ўзгорак, закрыты ад паўночных вятроў хвоямі. На ім праз кожныя пяць метраў былі пастаўлёньт драўляныя сцены, i ля кожнай сцяны з паўднёвага боку былі пасаджаныя лозы, якія, такім чынам, атрымлівалі максімум сонечнага святла.
У жніўні 1939 года дачнікі сталі раней звычайнагэ вяртацца ў горад, i Сасноўка апусцела. Дзеля справаў нашай разрослай гаспадаркі мы затрымаліся даўжзй за іншых. Прыехаўшы з Лунінца, доктар Гурэвіч не знайшоў знаёмых, якіх збіраўся наведаць, i застаўся у нас начаваць. Дзень быў надзвычай душны, а пад вечар пачалі збірацца хмары. Ноччу, калі ўсе ўжо моцна спалi, узнялася навальніца з бурай такой сілы, якой нам у Пінску яшчэ не прыходзілася перажыць. Віла наша была пабудаваная так, што жылыя пакоі i спальні знаходзіліся на другім паверсе. Вонкавыя сцены ўяўлялі сабой амаль суцэльныя вокны. Несупынныя бліскавіцы, нягледзячы на зацягнутыя гардзіны, зырка асвятлялі ўвесь паверх, пярун аглушальна грымеў, увесь дом дрыжэў. Лівень i галіны соснаў з шумам білі па вокнах. Ахопленыя панічным страхам, усе падняліся з ложкаў і, ледзьве апранутыя, сабраліся ў адным з пакояў. Здавалася, яшчэ ўдар перуна i дом рухне. Так працягвалася каля дзвюх гадзінаў, i раптам усё спынілася. Раніцай наступнага дня мы выйшлі ў моцна пацярпелы сад, убачылі ляжачыя на зямлі сцены, якія пахавалі пад сабою ўвесь вінаграднік. Гэтая карціна навяла на нас не толькі сум, але i містычны страх. У той жа дзень мы вярнуліся Ў горад. Сасноўку нам больш убачыць не давялося. Перажытая навальніца захавалася ў маёй памяці як злавесны папярэднік грозНай вялікай катастрофы.
Падрыхтоўка да друку Э.ЗЛОБІНА i Р.МАРГОЛІНАЙ прадмова і каментары Р.МАРГОЛІНАЙ.
Пераклад П.ЛЯХНОВІЧА
[1] Настаўнік.
[2] Біблія (у хрысціянскай традыцыі - Стары Запавет. Назва створана ад першых літар трох частак Бібліі: Тора, альбо Пяцікніжжа, Невіім, альбо Прарокі, Хтувім, альбо Пісанне).
[3] Маленькая сінагога Хаі - у гонар Хаі, прабабкі аўтара.
[4] Спявак у сінагозе.
[5] Прастакутнае белае покрыва з сінімі або чорнымі палосамі ўздоўж кароткіх бакоў i кутасамі па рагах, якое надзяюць на плечы падчас малітвы.
[6] Дзядзінец Каралінскай сінагогі.
[7] Рэлігійны рух, які пачаўся ў канцы XVIII ст. на Украіне, Беларусі i Польшчы i грунтаваўся на эмацыйным стаўленні простага народу да веры, патрабаваў не вывучэння i ведаў святых кніг, а этычных паводзінаў i непасрэднага звяртання да Бога ў малітвах.
[8] Хасідскі малітоўны дом.
[9] Свята заканчэння гадавога чытання Торы ў сінагогах i пачатак новага цыклу.
[10] Паважаныя, багатыя людзі.
[11] Знаўца Талмуда - адной з найважнейшых рэлігійных кніг.
[12] Наш народ (тут - у сэнсе просты народ).
[13] Рэлігійная школа.
[14] Першы прэзыдэнт Ізраіля.
[15] Папраўдзе Пінск у 1916г. наведаў германскі прынц Леапольд.
[16] Так казалі на мову ідыш, якая доўгі час заставалася гутарковай, у адрозненне ад літаратурнай гэбрайскай мовы іўрыт.
[17] Ветлівы, пачцівы зварот да старэйшага або знатнага чалавека.
[18] "Кацячае футра".
[19] "Крывая галава".
[20] "Маленькая бародка".
[21] "Галубкі".
[22] "Мендзіліхі Велвел, які жыве насупраць царквы".
[23] "Чвэртачка".
[24] Мотэль - лекар.
[25] Сорэлэ - з саду.
[26] Гэцэль - пісьменнік.
[27] Матчына мова.
[28] Назва футбольнай каманды.
[29] Гэбрайскае таварыства аховы здароўя - арганізацыя з рознымі назвамі ў Расеі пачатку XX ст. (ОЗЕ - Общество здравоохранения евреев) i Польшчы 1920 - 1930гг. (ТОЗ - Товажыство охроны здровя), якая была створана i дзейнічала з мэтай клопату пра дзяцей, ахову здароўя i гігіену сярод гэбрайскага насельніцтва.