Нататка пра «дзіўную зьяву» выклікала жывую газэтную спрэчку, але спрэчка гэтая, на жаль, пайшла па недарэчнай лініі. Атрымалася такое ўражаньне, быццам я ў сваёй нататцы пытаўся ў расейцаў: чаму вы, добрыя людзі, ня ходзіце на сходы? Ці не таму, што вам ня хочацца важдацца з гэбраямі? I вось некалькі шаноўных расейскіх суграмадзянаў засьведчылі, што яны, наадварот, вельмі радыя важдацца з гэбраямі, ды толькі неяк усё не выпадала, - i некалькі шаноўных гэбрайскіх калегаў таксама шчыра прызналіся, што сапраўдная расейская інтэлігенцыя надзвычайна любіць гэбрайскую. Вельмі прыемна, прачытаў з задавальненьнем. Але навошта гэта ўсё было напісана - ня ведаю. Я гэтага пытаньня ня ставіў. Часткова таму, што няма сэнсу наіўнічаць i пытацца, «ці любіш ты мяне» там, дзе кожны дзіцёнак на вуліцы ведае ўсю праўду. А галоўным чынам таму, што якраз я менш за ўсё гэтым пытаньнем цікаўлюся. Па-мойму, яно ніякага дачыненьня ня мае нават да спрэчкі пра тое, ці трэба «разьмежавацца». Журналіст гэбрайскага паходжаньня, пра якога я ў тым артыкуле распавядаў, сапраўды дайшоў да думкі пра неабходнасьць «разьмежаваньня» толькі таму, што заўважыў з боку расейцаў відавочнае нежаданьне «важдацца». Але на тое ён асымілятар. Для людзей майго лягеру сутнасьць рэчы абсалютна ня ў тым, як ставяцца да габраяў іншыя народнасьці. Калі б нас любілі, узносілі, клікалі ў абдоймы, мы б гэтаксама няўхільна патрабавалі «разьмежаваньня». Бо мы думаем, што місія кожнае нацыі - стварыць сваю асобную культуру, i мы думаем, што гэта дасяжна толькі шляхам палюбоўнага разьмежаваньня. Што нам з гэтага гледзішча да любові ці нелюбові суседзяў? Калі яны гэбраяў ня любяць, мы пра гэта вельмі шкадуем, калі палюбяць, будзем вельмі радыя i будзем плаціць узаемнасьцю, але нашае стаўленьне да асыміляцыі ад гэтага не залежыць. Мы не жадаем, каб гэбраі сталі расейцамі, нават калі расейская інтэлігенцыя пачне гуртам хадзіць на вечарыны літаратурнага клюбу.
Мая нататка мела на ўвазе зусім іншую мэту. Мяне цікавіць ня стаўленьне хрысьціянаў да гэбрайскай асыміляцыі, а самаадчуваньне гэбрайскіх асымілятараў. Я лічу іхную паставу ў аснове i па сутнасьці фальшываю ды імкнуся прасачыць i адзначыць тыя выпадкі, калі гэты нутраны фальш выяўляецца асабліва пуката, калi самое жыцьцё, так бы мовіць, дэманструе супраць асыміляцыі. Такі выпадак, па-мойму, цяпер у наяўнасьці, калі асыміляваныя гэбраі ў велізарным горадзе вымушаныя фігураваць у ролі адзіных носьбітаў расейскай культуры - «адзіных музыкаў на чужым вясельлі, зь якога сышлі гаспадары». На гэтую сытуацыю я хацеў зьвярнуць увагу самых «музыкаў», прапанаваць ім абдумаць яе i зрабіць высновы. Паколькі дыскусія замест таго скіравалася зусім пабочным фарватарам, дык дазволю сабе вярнуцца да сутнасьці пытаньня i зрабіць гэтыя высновы так, як я ix разумею.
... Відавочна, кожны ў душы адчувае, што «асыміляцыя», «зьліцьцё» з навакольным асяродзьдзем абавязкова патрабуе «рэцэпцыі», згоды навакольнага асяродзьдзя, для таго, каб абрусеньне не было прыніжальным; неабходная тут жа наяўнасьць вялікага расейскага тлуму, у якім гэбраі маглі б рассыпацца, разьмясьціцца, растаць - i прытым зь ягонае маўклівае згоды. Тады б у гэтай масе сапраўды ўсё перамяшалася, побач з трыма расейскімі аратарамі мог бы тады выступіць чацьвертым i гэбрай i таксама сказаць «мы, расейцы» ці «наша расейская літаратура» - i гэта б сьцерлася, патанула б у агульным уражаньні. Але калі расейскага тлуму няма i ніяк яго не завабіш i не прыцягнеш, i на сьвяткаваньнях расейскай культуры ў паўмільённым горадзе адны гэбраі, цалкам пазбаўленыя расейскага прыкрыцьця, б'юць у барабан i крычаць «ура» на славу «нашай літаратуры» - дык гэтая сытуацыя камічная, таму што камічная. Гадоў пяць таму польскі друк горача абмяркоўваў пытаньне, ці ехаць у Прагу на ўсеславянскі зьезд; нарэшце, усе пагадзіліся, што трэба ехаць, - Роман Дмоўскі пагадзіўся, Сінкевіч пагадзіўся, графы Тышкевічы, князі Радзівілы ды іншыя лідары й магнаты пагадзіліся. Адзін толькі Станіслаў Кэмпнэр (той самы, якога Немаеўскі называў потым «Шая Кэмпнэр») доўга яшчэ ўпарціўся i настойваў, што «мы, палякі», не павінны ехаць у Прагу, бо гэтае братаньне з астатнімі славянамі можа пашкодзіць «нашым» польскім інтарэсам. Можа, я недакладна памятаю ўсе імёны, але выпадак гэты быў. I ўся Польшча рагатала з гэтага звыш-паляка i мела рацыю, таму што гэта было камічна. Асыміляцыя з прыроды свае вымагае незаўважнасьці, наглядней магчымасьці патануць у грамадзе цела-асымілятара; дзе дзевяць расейцаў, там гэбрай яшчэ можа быць «дзясятым расейцам», але калі прапорцыя адваротная ці горш за тое - увесь, па-гэбрайску кажучы, «міньян» складаецца зь вялікаросаў гэбрайскага паходжаньня, дык гэта ёсьць зьява найвышэйшага i найглыбейшага сацыяльнага камізму.
Вядома, калі выяўляецца сацыяльны камізм нейкай сытуацыі, розныя людзі па-рознаму на гэта рэагуюць. Адны, што маюць больш плоскую душу i больш тоўстую скуру на шчоках, надалей выступаюць козырам, пра такіх .няма чаго казаць, паколькі гэта элемэнт, пазбаўлены ўсялякай культурнай каштоўнасьці. Але ёсьць i ў асыміляваным лягеры людзі танчэйшай арганізацыі. Для такіх убачыць сябе ў сытуацыі, поўнай такога арганічнага камізму, ёсьць балесны ўдар у той самы пункт сэрца, дзе перахоўваецца ў чалавека ягонае найлепшае багацьце - ягоны гонар. Для такіх людзей камізм ператвараецца ў трагізм. Я ўпэўнены, пярэпалах, выкліканы ў стане асымілятараў дыскусіяй з нагоды «дзіўнае зьявы», тлумачыцца яшчэ i тым, што найлепшыя, найбольш чулыя i ўдумлівыя людзі гэтага стану адчулі ня простую няёмкасьць ад камічнага становішча, але i сапраўдны боль, укол у самае адчувальнае месца, i ім на хвіліну стала жудасна ад думкі: а што, калі ўсё гэта праўда? а можа быць, я i сам даўно ўсё гэта падазраваў, толькі не рашаўся фармуляваць? I на хвіліну прымроілася ім, што, можа быць, уся праца іхнага жыцьця сапраўды прайшла аблуднаю каляінаю i завяла ix разам зь іхнаю паставаю куды ня трэба... Але, вядома, нават чулы чалавек, калі ён ужо патраціў некалькі дзясяткаў гадоў на гэтай рысе, у рэшце рэшт прагоніць чорныя думкі i дасьць сябе супакоіць звычайным словапляценьнем. Застаецца толькі маленькая расколінка ў душы - i калі яна засталася, я вельмі рады, гэтага я дамагаўся.
Але паталягічнасьць сытуацыі ня толькі ў ейным камізьме i нават не ў трагічным прысмаку гэтага камізму. Яшчэ горш іншае. Хаця мы тут «шумім, братка, шумім», а сапраўдныя расейцы маўчаць, але тым ня менш для ўсяго сьвету ясная глыбокая неадпаведнасьць паміж шумам i каштоўнасьцю. Аніводзін сур'ёзны глядач не сумняваецца, што хоць шумяць на расейскіх культурных сьвяткаваньнях гэбраі, а ўсё ж такі сапраўдным, стыхійна-непарушным апірышчам i крыніцаю расейскае культуры служаць ня тыя, якія шумяць, а тыя, якія маўчаць. Калі меркаваць па шуму, дык вынікае, нібыта расейцы 1-га разраду, актыўныя расейцы - гэта i ёсьць асыміляваныя гэбраі, тады як людзі сапраўднага расейскага паходжаньня - гэта, як выказваецца Ота Баўэр, расейцы 2-га гатунку. Між тым ясна i неабвержна, што гэта ў сутнасьці якраз наадварот. Менавіта з моманту, калі гэбрай абвяшчае сябе расейцам, ён становіцца грамадзянінам 2-й клясы.
Я, нацыяналіст, нізавошта не прызнаю сябе ў Расеі грамадзянінам 2-га разраду. Я лічу сябе прынцыпова такім самым гаспадаром у гэтай дзяржаве, як i расейца, я жадаю гаварыць, вучыцца, пісаць, судзіцца, кіравацца на маёй нацыянальнай мове, ні да кога ня маю намеру падладжвацца i патрабую, наадварот, каб дзяржава прыстасоўвалася да маіх нацыянальных дамаганьняў дакладна гэтаксама, як яна павінна прыстасавацца да дамаганьняў расейцаў, украінцаў, палякаў, татараў i г. д., гарманізаваць гэтыя ўсе патрабаваньні ў агульным «народна-саюзным» ладзе. Пакуль я так гляджу на сваё месца ў Расеі, я не вышэйшы за іншых i не ніжэйшы за іншых, мы ўсе грамадзяне аднаго рангу. Але калі я захачу пралезьці канечне ў расейцы, дык рэч адразу мяняецца. Тут я трапляю ў становішча нэафіта. Чужая нацыянальная сутнасьць, чужая псыхіка i ёю прасякнутая культура ня могуць быць па-сапраўднаму засвоеныя нават за тэрмін цэлага пакаленьня, нават за тэрмін некалькіх пакаленьняў. Захоўваецца акцэнт у мове i гэтаксама захоўваецца асаблівы «акцэнт» душы. Ці могуць гэтыя адценьні цалкам зьнікнуць надалей, праз шмат-шмат гадоў, гэта пытаньне іншае, якога я тут не кранаю, але дакуль яны ёсьць, датуль мне наканавана лічыцца несапраўдным, няпоўным расейцам, кандыдатам у расейцы, чаляднікам расейскага культурнага цэху. Мяне могуць любіць ці не любіць, гэта ня мае дачыненьня да справы, алё цалкам ясна, што крыніца й апірышча расейскай культуры не ў нэафіце, а ў той масе, зь якой ён яшчэ толькі імкнецца зьліцца. Калі людзям спатрэбіцца сапраўдная расейская творчасьць, яны адштурхнуць выраб нэафіта i скажуць: можа, гэта падроблена вельмі міла, можа быць, гэта i лепш, чым сапраўднае расейскае, - але, выбачайце, нам патрэбна ня гэта, а сапраўднае расейскае. Гэта i значыць быць расейцам 2-га разраду. Трэба адрозьніваць паняцьці: расіянін i paсеец. Расіяне мы ўсе ад Амура да Дняпра, расейцы толькі адна траціна ў гэтай масе. Гэбрай можа быць расіянінам першага рангу, але расейцам - толькі другога. Так на яго у гэтай ролі глядзяць іншыя i так на сябе міжволі глядзіць ён сам.
Тут я ня буду зноў падымаць спрэчку пра тое, многім ці малым абавязана расейская, нямецкая, француская i інш. літаратуры асыміляваным гэбраям i г. д. Спрачацца пра тэта цяжка таму, што гэта пытаньне чуцьця, вобмацку, i гэбрайскія судзьдзі тут цалкам некампэтэнтныя. Колькі б ні біўся гэбрайскі крытык, што Гайнэ - шчыры немец духам, пытаньне гэтае ня будзе разьвязанае. Але я цікаўлюся гэтым пытаньнем больш з палітычнага боку. Тут справа ясьнейшая, тут мы не блукаем у прыцемках эстэтычных ацэнак, а маем перад сабою масавыя факты. I гэтыя факты ясна гавораць, што асыміляваны гэбрай пры першым выпрабаваньні заўсёды i ўсюды аказваецца гэткім самым кепскім «асымілятарам», як i кепскім гэбраем. Ен абвяшчае сябе немцам, пакуль пануюць немцы, i імкнецца зрабіць так, каб з выгляду яго нельга было адрозьніць ад сапраўднага немца. Але як толькі панаваньне пераходзіць да іншай нацыянальнасьці, умомант выяўляецца адрозьненьне: сапраўдныя немцы застаюцца немцамі, вытрымліваюць барацьбу i нясуць на сабе ўсе ахвяры, між тым як тэўтоны ізраільскага паходжаньня з надзвычайнай жвавасьцю пачынаюць абтрасаць прах нямецкі i далучаюцца да нацыянальнасьці новага гаспадара. Я ўжо некалькі разоў мімаходзь згадваў пра гэтыя надзвычайныя ператварэньні, але варта яшчэ раз на ix запыніцца, i падрабязна, бо яны куды ясьней за ўсе іншыя даводзяць сапраўдную нутраную заганнасьць гэбрайскай асыміляцыі.
У 40-я гады мінулага стагодзьдзя Аўстрыя, што ахоплівала тады i Вугоршчыну, была амаль суцэльна анямечаная. Прынамсі, так магло б здацца турысту, які б наведаў гарады імпэрыі. Толькі на паўднёвым захадзе, у італьянскіх правінцыях, ён знайшоў бы моцную італьянскую культуру - дый тое зь вялікімі нямецкімі элемэнтамі, але Будапэшт увесь размаўляў па-нямецку, мадзярская мова ледзьве чуваць была на задворках, у Празе i думаць забыліся пра тое, што недзе на сьвеце ёсьць чэская мова, i нават у Галічыне нямецкая мова на вуліцах, у афіцыйных установах, ва ўнівэрсытэтах i на шыльдах супернічала з польскаю i збольшага пераможна супернічала. Карацей, малюнак анямечваньня гарадзкой Аўстрыі быў поўны. Недзе ў вёсцы марнелі чэскія, славенскія, русінскія мужыкі, але зь імі нікому да галавы не прыходзіла лічыцца, здавалася абсалютна ясным, ясным перадусім для ix самых, што іхная мова - мужыцкая мова, для культурных мэтаў непрыдатная, i для кожнага прыстойнага чалавека асьвета ёсьць сынонім, германізацыі. Пэўны сумнеў выказвалі ўпартыя італьянцы, неспакойныя мадзяры i крамольныя палякі, але разважлівыя людзі спадзяваліся, што i гэтыя зламысьнікі самі зразумеюць сваю памылку. Бо ж чалавецтва павінна збліжацца, а не падзяляцца, гэтаму навучаў ix яшчэ мудры імпэратар Язэп II, вызначыўшы ў пэўным дэкрэце: «Няма лепшага сродку прыручыць грамадзянаў да ўзаемнай паміж сабою любові, як даўшы ім адзіную агульную мову». I дзеля доказу спаслаўся - на Расейскую імпэрыю. Але рацыю ён меў у тым, што вонкавая кyльтypнaя фізіяномія Аўстрыі ў ягоны час i дзясяткі гадоў пасьля яго была вельмі падобная да тагачаснай i цяперашняй культурнай фізіяноміі Расеі. І там, як тут, панавалі амаль непадзельна мова i культура галоўнага гаспадара, i там, як тут, цалкам ці амаль цалкам забыліся на існаваньне іншых народнасьцяў.
У гэтых абставінах пачалося абуджэньне аўстрыйскага гэбрайства. Выйшаўшы з гета, зьняўшы халаты, падрэзаўшы пэйсы, ягоныя перадавыя сыны агледзеліся наўкол i ўбачылі, што прыстойная грамада гаворыць па-нямецку. Яны таксама загаварылі па-нямецку, гэта ім далося нават лягчэй, дзякуючы жаргону, чым суседзям. У Празе, у Львове, у Будапэшце гэбраі пачалi ўважаць сябе за немцаў, былі вельмі задаволеныя такім падвышэньнем у чыне i думалі, што на гэтым можна i супакоіцца.
Але вось яны пачалі прыкмячаць, што, прыкладам, у Празе пачынае тварыцца штось дзіўнае. Нейкія арыгіналы раптам заладзілі гаварыць па-мужыцку, i ня толькі ў сябе дoма, але i на вуліцы i ў тэатры, ды знарок так, каб усе чулі. Спачатку гэта сьмешна, потым пачынае раздражняць. Тым больш, што гэтыя арыгіналы выстаўляюць яшчэ ў дадатак нейкія прэтэнзіі. - Мы, чэхі, у гэтым краі бальшыня, - заяўляюць яны, - а таму Прага павінна быць нашая, у судох i школах i нават ва ўнівэрсытэце павінна панаваць нашая мова, а нямецкай даволі месца ў Вене. - Чуючы такія недарэчныя прамовы, немцы паціскаюць плячыма: як сьмеюць марыць пра такія рэчы гэтыя санкюлёты, якія нават літаратуры яшчэ ня маюць? А яны адказваюць: у нас ёсьць Ганка, Палацкі, Краледворскі рукапіс, пачатак ёсьць, а працяг будзе.
Немцы спачатку аджартоўваліся, а потым пачалі сердаваць i адказваць выгукам: далоў чэхаў!
I тут гэбраі трапляюць у далікатнае становішча. Калі ўжо яны запісаліся ў немцы, дык належала паказаць сябе добрымі немцамі. А паколькі да таго ж сапраўдныя немцы трохі касавурыліся на ix i ня цалкам ім давяралі, дык належала асабліва пастарацца, так бы мовіць, перакрычаць самага шчырага немца. Акрамя таго, ix сапраўды раздражнялі прэтэнзіі некультурнага чэха. Як так? Значыць, у Празе будзе, прыкладам, у гарадзкім тэатры не нямецкая, а чэская драма? У таварыстве давядзецца весьці сьвецкую размову не па-нямецку, а па-чэску? Гэтым бедным людзям так цяжка далася нямецкая мова, гэтулькі давялося папацець над выкараненьнем здрадлівага акцэнту - i што ж, усё гэта на глум? Пачынай спачатку вучыцца па-новаму? Не, не бываць гэтаму! I вось, нароўні зь немцамі i яшчэ гучней за немцаў, пачалі гэбраі падвываць: далоў чэхаў! Прага «нашая», нямецкая!
Але чэхі не спалохаліся ані немцаў, ані гэбраяў. Крок за крокам, дзень за днём напаўзалі зь вёскі ў Прагу чэскія мурашы, паступова пранікалі ва ўсе шчыліны i крыхамі будавалі сваю культуру. У ix зьявіліся газэты, кніжкі, потым кнігі, потым цэлая літаратура, потым гімназія, потым унівэрсытэт. I раптам, у адзін цудоўны дзень, немцы майсеевага закону не пазналі сваёй Прагі. Ад нямецкага ўсяўладзьдзя засталіся адныя агрызкі. У гарадзкой думе ніводнага немца, на вуліцах i ў тэатры чэская гаворка, зойдзеш у краму - не жадаюць табе адказваць па-нямецку, а калі ты сам купец - будзь ласкавы гаварыць з пакупнікамі па-чэску, а то надзене шапку i сыдзе у суседнюю краму да чэха. А ў газэтах, нават самых лібэральных, пішуць, што гэбраям належала б асьцерагчыся ў нямецкім стараньні, бо, калі немцам мы яго даруем, то ужо гэбраям не прабачым. I ... гэбраі пачынаюць пакрысе перапісвацца зь немцаў у чэхі. Зьявіліся чэхі майсеевага закону. Спачатку мала, потым больш, а цяпер бальшыня. Але дзеля таго што сапраўдныя чэхі крычаць: «далоў немцаў», а гэбрай стараецца быць зусім як сапраўдны чэх i нават яшчэ лепщы, дык дзеці або малодшыя браты тых, хто некалі крычаў «далоў чэхаў» - таксама крычаць разам з новымі гаспадарамі: «Далоў немца!».
Тое самае было ў Галічыне. Вядома, да якой папаўзьлівасьці дайшоў цяпер на польскай службе галіцкі асымілятар, знакаміты «Мошка». Ен i туды, ён i сюды, ён за пальшчызну гатовы жыватом налажыць, ён за польскую культуру згодны расьціснуць i русінаў i гэбраяў, i ўжо немцаў, якія ўціскаюць «ягоных братоў» у Познані, ён ненавідзіць цераз меру. Але ці хочаце ведаць гісторыю гэтага польскага энтузіяста? Яскравым узорам яго быў нябожчык дэпутат Эміль Бык - сябра Польскага Кола i яскравы палянізатар, які памёр у 1906 г. Не далей як у 1873 г. ён яшчэ ўсёй душою знаходзіўся у немцах, разьяжджаючы па Галічыне, агітаваў, каб усе гэбраі запісаліся ў нямецкую партыю. Але потым, як мае быць агледзеўшыся i «пабачыўшы, куды ветрык вее» ён «перастаў быць» немцам i «зрабіўся» палякам з такою самаю лёгкасьцю, зь якою чалавек з маклера становіцца сватам, i з тае пары ня мелі палякі ў Галічыне вярнейшага лёкая, а немцы - гразьнейшага ворага. I гэтую эвалюцыю прайшло старэйшае пакаленьне асымілятараў. Але сапраўдныя палякі баяцца цяпер у Галічыне ня немцаў, а новага ворага. На сцэну ўсё больш рашуча высоўваецца новы прэтэндэнт: русіны. Ix у Галічыне 3 мільёны, а ва ўсходняй палове яны складаюць велізарную бальшыню: Львоў ляжыць ва Ўсходняй Галічыне, а таму яны заяўляюць на яго самыя катэгарычныя прэтэнзіі. Гэта ня Лембэрг, кажуць яны, i ня Львув, а Львів, сталіца аўстрыйскай Украіны, горад гэты павінён быць наш, у судох, у пастарунку, ва ўнівэрсытэце павінна панаваць украінская мова, а польскай даволі месца i ў Кракаве. Іншымі словамі, паўтараецца гісторыя з Прагай... I духоўныя браты Эміля Быка, зь недальнабачнасьцю, тыповаю для ўсіх рэнэгатаў, на ўсё горла падхопліваюць покліч «далоў гайдамакаў», забываючыся, што праз 30 гадоў гэтыя «гайдамакі» будуць панамі Ўсходняй Галічыны. Зрэшты, што за бяда? Мошка тады перакінецца ў 3-ю нацыянальнасьць.
Я цяпер не спрачаюся пра тое, добра гэта ці блага з маральнага гледзішча. Налягаю толькі на адное: гэта факты, i гэтыя факты неабвержна даводзяць адное: калі гэбрай успрымае чужую культуру i ператвараецца у немца, чэха ці паляка, дык які б ні быў ягоны энтузіязм, нельга разьлічваць на глыбіню i трываласьць гэтага ператварэньня. Асыміляваны гэбрай не вытрымлівае першага націску, аддае «ўспрынятую» культуру без усялякага супраціву, як толькі пераканаецца, што ейнае панаваньне прамінула i гаспадарова месца пераходзіць у іншыя рукі. Ен ня можа служыць апірышчам для гэтае культуры: зь якім бы запалам ён пра яе ні гаварыў, неглыбокасьць i нетрываласьць каранёў, якімі яна зьвязацая зь ягонаю душою, выяўляецца пры першым сур'ёзным выпрабаваньні. Да гэтае высновы прыходзяць усе аўтарытэтныя наглядальнікі нацыянальных дачыненьняў, самыя сур'ёзныя, самыя спакойныя, як прафэсар Раўхбэрг у сваёй капітальнай працы пра Багемію (...). I нават сацыял-дэмакрат Шпрынгер, гаворачы пра венскіх гэбраяў, якія таксама 60 гадоў таму былі немцамі, а цяпер штокрок пяюць хваласьпевы «нашай мадзярскай культуры», - ставіць ім зьнішчальны прагноз: «Яны застануцца мадзярамі, пакуль вугорскаю дзяржаваю кіруюць мадзяры, - ані хвіліны даўжэй». Але сапраўдныя мадзяры, нават страціўшы валадарства над чужароднікамі, усё ж застануцца мадзярамі - i ў гэтым, а ня ў шуме, выявіцца розьніца паміж мадзярамі першага i другога гатунку...
Усім тым са стану асымілятараў, якія ня страцілі яшчэ шчырага погляду на рэчы i самастойнасьці мысьленьня, я задаю пытаньне: дзе доказ, што тутэйшыя гэбраі зробленыя зь лепшае гліны, чык гэбраі Будапэшта, Лембэрга, Прагі? Бо ж тыя таксама не былі сьвядомымі крывадушнікамі, яны суб'ектыўна былі шчырыя i тады, калі ўзносілі ўсё нямецкае, i цяпер, калі ўзносяць чэскую ці мадзярскую культуру. Такім чынам, рэч не ў суб'ектыўным энтузіязьме, які зусім не даводзіць глыбіні пачуцьця, а рэчу нейкіх аб'ектыўных момантах, якія ствараюць сапраўдную кроўную лучнасьць паміж чалавекам i ягонаю культураю, народжанаю ягоНымі продкамі , i ягонымi братамі зь ягонае нацыянальнае душы.
У гэбраяў блізкага захаду гэтых момантаў пры выпрабаваньні ня выявілася. Чаму мы забываемся на тое, што i нам, відаць, пагражае гэткае самае выпрабаваньне? Галоўная маса гэбраяў жыве сярод украінцаў, палякаў, беларусаў, літоўцаў, гэтыя народы пачынаюць цяпер падымаць галовы дакладна гэтаксама, як 60 гадоў таму пачалі рабіць гэта чэхі. Гэта адбываецца ў нас на вачох, прамінуць гэтую зьяву можа толькі блізарукі, Трэба ж мець нам лінію паводзінаў ня толькі на сёньня, але i на заўтра. Бо ж адно з двух: ці то Расея застанецца ў палітычных сьпісках, ці то ўсе гэтыя народнасьці выкарыстоўваюць палітычную свабоду перадусім для таго, каб зрабіць з Расеі вялікую Аўстрыю, хочам мы гэтага ці не хочам; гэта будзе, i ані Струвэ, ані мы з вамі не «намовім» - ані трыццацімільённую масу маларосаў, ані нават маленькі літоўскі народ. Як жа мы вызначым сваю пазыцыю да гэтага моманту? Якая будзе нашая роля ў гэтай будучай Расеі? Дзе сто народаў вакол нас будуць разьвівацца самабытна, ствараючы свае нацыянальныя каштоўнасьці на сваіх мовах? Ці застанемся мы тады ў ролі, на якую намёкі ёсьць ужо i цяпер,- у ролі адзіных носьбітаў русыфікацыі на ўскраінах? Ці пойдзем шляхам аўстрыйскіх асымілятараў, мяняючы нацыянальнасьці пры кожным перамяшчэньні палітычных сілаў? Ці, можа быць, абярэм трэцюю дарогу, дазволіўшы расейцам быць расейцамі, палякам палякамі, а самі - узьняўшы свае маякі?
Я цудоўна разумею, што «асымілятар» ёсьць часьцей за ўсё прадукт асыміляцыі i перарабіць сябе ён у пэўным узросьце ўжо ня можа, ён прызвычаіўся жыць расейскаю культураю, яму іншая недаступная, i яму няма куды сысьці. Не асудзіць жа сябе на духоўны голад. Гэта я разумею. Ад кожнага асобнага чалавека нельга вымагаць асабістых ахвяраў, ды яшчэ такіх працяглых, на ўсё жыцьцё. Гаворка пакуль не пра асабістыя паводзіны таго ці іншага гэбрайскага інтэлігента. Гаворка пра палітычную арыентацыю, мы ня толькі асабіста жывем, але мы i пракладаем лініі для будучыні. Калі мы трапілі ў тупік i ў пэўнай часткі нашага пакаленьня ўжо няма зь яго выйсьця, дык жа застаецца абавязак - скіраваць заўтрашняе пакаленьне па іншай кaляiне. Тварэньне нацыянальнае культуры, барацьба за яе гегемонію ў гэбрайскай душы - гэта задача i для таго з нас, каму асабіста ўжо не наканавана піць зь ейных крыніцаў. Няхай ен будуе для свайго сына, няхай крэсьліць для жыцьця шчасьлівейшых. I галоўнае, няхай голасна прызнае, што ягоны шлях быў аблудны шлях, i стане на парозе пасткі, куды сам трапіў, стане на парозе, не пускаючы іншых.
1912 г.