Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
Калі хочам атакаваць,
павінны быць падрыхтаваны
да абароны.
Напалеон.
Ад аўтара
Для мяне не падлягае сумненню, што будучы сур'ёзны даследчык вайны 1920 года будзе павінен у першую чаргу заняцца псіхалогіяй нашага жаўнера. Толькі псіхолаг зразумее цэлы шэраг з'яваў духоўнай прыроды, якія ўвідавочніла гэтая вайна. Псіхолаг, вывучаючы цяжкае адступленне нашых армій на поўначы, патрафіць высветліць цікавыя фактары, датычныя характару і баявых якасцяў нашага афіцэра і шарагоўца.
Мінулае нашага войска не спрыяла дагэтуль таму, каб грунтоўна заняцца гэтымі якасцямі. Лепш вядомы характар нашых ваенаначальнікаў, чым зборны характар нашых шарагоўцаў. А ўласна вайна 1920 года можа быць удзячным полем для такога роду аналізу, асабліва, калі тыя афіцэры, якія камандавалі на лініі фронту, перамогуць сваё нежаданне да пяра і хоць бы ў дробных фрагментах распавядуць пра свае духоўныя перажыванні і пра сваіх падначаленых.
Перш за ўсё гэтая праца дасць нам уяўленне пра тып польскага жаўнера.
Да гэтага часу трывала ўяўленне, што жаўнер наш ёсць залішне ўражлівы, што не ўмее добра бараніцца, што кожнае адступленне робіць на яго асабліва дэмаралізуючы ўплыў, або да пэўнай ступені ператварае яго ў другарадны жаўнерскі матэрыял.
Вывучэнне вайны 1920 года павінна пакласці канец гэтым дылетанцкім цверджанням. Афіцэр і жаўнер, якія ў выніку стратэгічных памылак выканалі звыш 600-кіламятровае адступленне пад націскам непрыяцеля, які меў амаль трохкратную перавагу, прымяняючы абманную франтавую тактыку, не страцілі аднак ніколі баявых здольнасцяў і ў выніку, перамогшы пад Варшавай, даказалі, што прынятыя меркаванні, выдаваныя пра іх, ёсць павярхоўныя. Заслугоўваюць яны на тое, каб глыбей вывучыць іхнюю псіхіку.
Я хацеў бы, каб мая праца, разам з яе памылкамі, была заахвочвальнай для тых усіх, якія маюць шмат для расказу, але да гэтага часу маўчалі. Гаворачы гэта, маю на ўвазе лінейных афіцэраў, якім наша армія з 1920 года многім абавязана.
* * *
Магчыма мяне спаткаюць закіды, што гаворачы пра вайну 1920 года, залішне крытычна апісваю баі і падкрэсліваю памылкі, абмінаючы станоўчыя старонкі, на якія так багата гэтая цяжкая для нас вайна.
Раблю гэта свядома. Не толькі з думкай пра прынцып, што трэба вучыцца на ўласных памылках, не толькі для таго, што на маю думку, ва ўсіх абласцях нашага вайсковага пісьменніцтва пануе тон залішне глорыфікацыйны, зразумелы пасля перамогі, але асабліва для таго, што на ўзроўні камандзіра дывізіі, з якога ацэньваю баявыя аперацыі, памылкі тыя ўдаецца адчуваць найбольш істотна.
* * *
Нарэшце адчуваю сваім абавязкам сардэчна падзякаваць шэфу Вайсковага гістарычнага бюро генералу Юльяну Стахевічу за падтрымку гэтай маёй працы.
Вясна 1920 года
Справа камандавання. - Аперацыйныя групы. - Літоўска-беларускі фронт. - Кардонная лінія. - Вяртанне ў маю дывізію. - Папяровая гаспадарка.
У канцы сакавіка 1920 года я атрымаў загад прыбыць у Варшаву да Галоўнакамандуючага. Я камандаваў тады аперацыйнай групай, якая складалася з 2-й, 6-й і 14-й дывізій з месцам дыслакацыі ў Менску-Літоўскім і падпарадкоўвалася камандаванню Літоўска-беларускага фронту.
Быў гэта перыяд, калі гэты фронт раздзялялі на тры арміі, і разглядалася пытанне пра прызначэнне іх камандуючых. З менскай групы фармавалі 4-ю армію. Я быў упэўнены, што ў далейшым буду ёй камандаваць. Так не сталася. Калі я прыбыў у Бельведэр, паведаміў мне маршал Пілсудскі, што мае вялікія цяжкасці з персанальнымі справамі і спытаў, ці згаджуся я прыняць камандаванне 10-й дывізіі пяхоты, бо на камандаванне арміяй мае быць прызначаны іншы генерал. Мушу прызнаць, што гэтая прапанова была для мяне надзвычай прыкрая, але я не даў гэтага адчуць маршалу. Ведаў, у якім цяжкім становішчы знаходзіцца Галоўнакамандуючы, прызначаючы камандзіраў. Гаварылі пра ўмовы, якія выстаўлялі некаторыя генералы. Я заўсёды асуджаў тых паноў. У акупацыйных арміях былі б удзячныя за пасады значна ніжэйшыя. Канешне я згадзіўся без пярэчанняў на прапанову маршала, не даючы яму адчуць, якім прыкрым было для мяне гэтае паніжэнне.
Я быў звычайным шыхтовым афіцэрам у былой расійскай арміі і ніколі не марыў пра высокія пасады, тым больш, што апрача баявых вартасцяў не меў ніякіх спецыяльных кваліфікацый. Разумеў, аднак, што маю перавагу над некаторымі генераламі не толькі таму, што ўжо ад 1915 года рабіў усялякія высілкі для сфармавання польскай арміі ў Расіі і што 4-я дывізія стральцоў, якой я камандаваў, была адзінай часткай, якая пасля цяжкіх пераходаў з Кубані прыбыла з Расіі ў Польшчу са зброяй у руках, але асабліва таму, што я, як былы афіцэр расійскай арміі, знаў характар усходняга праціўніка, характар нашай люднасць на ўсходніх крэсах і тапаграфію краю.
Усе гэтыя думкі прайшлі мне праз галаву, калі размаўляў з маршалам Пілсудскім. Я здаваў сабе справу ў тым, што вайна трывае, а сітуацыя Галоўнакамандуючага невымерна цяжкая. Персанальныя анкеты былі нашым праклёнам. Ці мог я абцяжарваць сітуацыю? Я ахвотна пасля пакутлівай вайны аддаўся б сваёй любімай прафесіі - земляробству. Час аднак быў не адпаведны. Таму згадзіўся і праз некалькі дзён прыбыў у Вільню да генерала Зыгадловіча, якому некалькі месяцаў назад здаў 10-ю дывізію пяхоты і які цяпер быў прызначаны камандуючым 1-й арміі.
Камандаванне аперацыйнай групай у Менску пакінула мне прыкрыя ўспаміны. Ужо паняцце "аперацыйная група" далося нам у знакі ў гэтай вайне. Арганізацыя гэтая была нашым прамым бедствам, бо стварала новыя органы камандавання, не дадаючы ім да таго ніякіх сродкаў. Стваралі групы ў найразмаітшых памерах нават тады, калі не было ніякіх аперацый. Існавалі групы большыя за армію, але былі і меншыя за батальён.
У прынцыпе магло здарыцца, што пэўнае заданне вымагала злучэння некалькіх аддзелаў, не звязаных паміж сабой арганізацыйна, або паходзіўшых з розных родаў войск. У гэты час адзін з камандзіраў узначальваў усё і выконваў пэўны аперацыйны план. У падобных выпадках, напрыклад, у Францыі ўжо існаваў часовы штаб такой групы. Прызначаны камандзір, які прымаў групу, меў арганізаваны апарат камандавання, забяспечаны ўсімі сучаснымі сродкамі.
У нас было горш. Звычайна адзін з камандзіраў дывізіі станавіўся камандзірам групы. Найчасцей нічога не было арганізавана - ані сувязь, ані сродкі перамяшчэння. Таму, калі такі камандзір забіраў з сабой тое, што меў у дывізіі, то крыўдзіў свайго намесніка і сваю дывізію. Калі гэтага не рабіў, то не мог па-просту рушыць з месца. Калі нейкім спосабам дабіраўся да месца дыслакацыі сваёй групы, то быў там цяжарам аднаму з падначаленых яму аддзелаў, у якога "рэквізаваў" сродкі камандавання. А калі на тое не рашаўся, заставаўся бяздзейным.
Памятаю, як, камандуючы дывізіяй, я штодзень са страхам чакаў прызначэнне мяне на камандаванне групай. Я меў у штабе адзін стары аўтамабіль. Як камандзір групы павінен быў ім, канешне, карыстацца, а намеснік мой заставаўся без ніякага сродка перамяшчэння. Тое самае датычыла сувязі, але найгорш было тое, што і начальніка штаба трэба было "авансаваць" на начальніка штаба групы, а дывізія мусіла сама неяк спраўляцца.
Дзіўным падаецца тое імкненне да стварэння груп, асабліва, калі ўлічваць, што камандуючы арміі камандаваў у нас 4 - 5 дывізіямі, а гэта колькасць, якой можна камандаваць без цяжкасці.
Справа тут была ў ступені адказнасці, якой вышэйшае камандаванне любіла дзяліцца, асабліва ў часе няўдач. Не збіраюся апавядаць пра тыя звышгучныя справы шырэй, але паводле майго досведу на тым полі зычу нашай арміі, каб у будучай вайне не прызначала камандзіраў груп, рэзка адарваных ад сваіх мацярынскіх аддзелаў з апаратам камандавання, утвораным "уласнымі сіламі".
Асабліва ва ўмовах, якія існавалі на Літоўска-беларускім фронце, арганізацыя груп была не толькі не мэтазгоднай, але і шкоднай. Бо, у які перыяд рабілася гэта ўсё? На фронце не было спакою, але не было і вайны. Войскі нашы стаялі выцягнутымі ў доўгую лінію, маючы за найважнейшую задачу абарону насельніцтва ад бальшавізму. Край, бедны ад прыроды, быў дашчэнту вынішчаны сусветнай вайной. Вайсковае камандаванне ў тых умовах павінна было старацца, каб аблегчыць жыццё мясцовага насельніцтва. Цэнтралізацыя ў Вільні гаспадарчай улады камандаваннем фронту, як найменш, таму не спрыяла. Аперацыйныя групы, якія маглі быць пасярэднікамі паміж фронтам і аддзеламі ды насельніцтвам, не мелі ні гаспадарчага апарату, ні ўпраў. Цывільнай гаспадарцы, якую вёў з вялікай энергіяй і веданнем справы сённяшні віленскі ваявода п. Рачкевіч, група мала магла дапамагчы.
Тут дадам, што вялікім недахопам ва ўсёй тагачаснай сістэме камандавання была адсутнасць асабістага паразумення паміж камандзірам і падначаленымі. Усё абмяжоўвалася пісьмовымі загадамі. Не памятаю, каб на працягу ўсёй зімы хоць раз выклікалі мяне на нейкую нараду ці канферэнцыю, нягледзячы на тое, што шматразова пра гэта прасіў. Калі зараз генерал Шаптыцкі ў сваёй кніжцы скардзіцца, што такіх нарад не праводзіла і Галоўнае камандаванне, то трэба прызнаць, што адмовіліся ад найпрасцейшай і найхутчэйшай дарогі, якая б мела за мэту кантакт паміж начальнікамі і падначаленымі.
* * *
Наша армія зімой 1919 года на ўсходніх крэсах знаходзілася ў цяжкіх умовах. Узброеная неаднастайна, са слабой артылерыяй і вялікім недахопам боепрыпасаў, абучаная на скорую руку, найчасцей толькі ў ходзе фармальнай муштры, амаль не мела стралковай падрыхтоўкі, кепска забяспечаная, без абозаў, палявых кухняў і цёплага абмундзіравання праводзіла суровую зіму на бедных і вынішчаных на той час тэрыторыях у пастаянных большых і меншых сутыкненях з савецкімі аддзеламі.
Вельмі стойка трымалася польская супольнасць на ўсходніх крэсах. Значная большасць мужчын несла вайсковую службу, пераважна ў Літоўска-беларускай дывізіі, а шмат жанчын працавала ў шпіталях, гаспадарчых установах і філантрапічных інстытуцыях. Трэба было дзівіцца энергіі і ахвярнасці нашых красовых кабет у тых нялёгкіх умовах.
З менскіх успамінаў заселі мне ў памяці два выпадкі, не звязаныя непасрэдна з вайсковымі справамі, але характэрныя для тых часоў.
Савецкія аддзелы, пакідаючы Вільню, выводзілі з сабой цэлы шэраг абывацеляў, якія займалі пэўнае становішча. Былі сярод іх ксяндзы, прафесары, лекары і землеўладальнікі. Пазней, уласна зімой 1920 г. вызвалялі тых людзей партыямі, абменьваючы іх на прыхільнікаў або грамадзян савецкіх. Памятаю вяртанне адной з такіх груп, у якой знаходзіўся цэлы шэраг вядомых грамадзян, з біскупам Міхалкевічам і прафесарам Масоніюсам на чале. Мы выехалі сустрэць іх разам з п. Рачкевічам у Барысаў на лінію нашых пляцовак. Доўгая калона людзей, наўючаных клункамі сунулася праз зараслі, валаклася па снезе. Прывітанне было вельмі радасным і хвалюючым.
У гэты час здарыўся цікавы выпадак.
Адзін з тых паноў наблізіўся да мяне і паведаміў мне, што мае ліст слыннага савецкага дзеяча, паляка, да яго сям'і ў Польшчы. Вось гэты дзяяч, уручаючы майму суразмоўцу той ліст, даручыў яму, каб перад перадачай пісьма паказаў яго каму-небудзь з польскіх вышэйшых камандзіраў. Таму той пан звярнуўся да мяне, паказваючы мне ўступ, які напісаў той савецкі дзяяч. Датычыла гэта кавалерыі Будзёнага, што дзейнічала на Каўказе. "Кавалерыя гэтая, - пісаў той паляк-камуніст, - вельмі добрая і не хацелася б, каб яна калі-небудзь трапіла ў Польшчу".
Быў гэта адзін з выпадкаў, неаднаразовы зрэшты, дзе паляк-камуніст дапамагаў сваім, як мог. Здаралася, аднак, і адваротнае. Бывалі палякі-камуністы значна горшыя для сваіх, чым расейцы.
Другі цікавы выпадак здарыўся неўзабаве пасля гэтага. Аднаго дня перайшоў мяжу разам з жонкай і некалькімі прыяцелямі знакаміты расійскі пісьменнік Дзмітрый Меражкоўскі. Заставаўся ён у Менску праз нейкі час, і я меў магчымасць падыскутаваць з гэтым мілым чалавекам пра вялікую духоўную культуру. Быў пакрыўджаны на Польшчу. "Як жа так, - гаварыў, - палякі - народ такі рыцарскі, не хочуць выратаваць нас ад банды разбойнікаў, якія выпадкова захапілі ўладу? Гэта была б не барацьба з Расіяй ці яе прадстаўнікамі, была б гэта барацьба з бандытызмам".
Я стараўся пераканаць гэтага гарачага патрыёта, што Польшча не можа распачаць вайну з Расіяй. Мы не можам улазіць ва ўнутраныя расійскія справы не толькі таму, што не маем на тое сілаў, але і таму, што навучыла нас гісторыя, што не трэба ніколі ўмешвацца ў справы суседа з усходу. А калі б гэта нават было магчымым і Польшча заняла Маскву, трэба было б адтуль адступаць, бо мелі б усіх супроць сябе. Каму ж тады мы аддалі б уладу? Якому боку?
На гэтае пытанне Меражкоўскі не мог даць адказу, бо такога боку ў Расіі не было.
* * *
Шмат гаварылася і гаворыцца пра кардонную сістэму, якая тады існавала на фронце. Сістэма гэтая грунтавалася на тым, што ўся армія была расцягнута ў тонкую лінію ад Днястра да Дзвіны, засланяючы Польшчу з усходу. Галоўнаму камандаванню высоўваліся прэтэнзіі, што яно бярэ за ўзор франты Сусветнай вайны, але не мае для гэтага ні сіл, ні сродкаў і не стараецца вынайсці іншую, адпаведную для нас, дыспазіцыю. Канешне, калі возьмем пад увагу толькі баявыя погляды, то тая кардонная дыспазіцыя была для нас вельмі шкодная, бо не дазваляла нідзе згрупаваць больш моцныя рэзервы, і згрупавацца ў глыбіню.
Існавалі, аднак, у той час погляды не толькі баявыя.
Хто ж з нас не памятае года 1919, настрояў, умоваў і стасункаў, якія ў той час панавалі на ўсходзе? Стэрарызаванае насельніцтва гарнулася да Польшчы, просячы пра дапамогу. Ці ж быў камандзір, які мог бы адмовіць у той дапамозе, нават са шкодай для спраў стратэгічнага ці тактычнага характару? Уласна цэлы 1919 год, уся зіма 1919/1920 гг. прайшлі пад знакам абароны гэтага насельніцтва. Ці можна вінаваціць камандзіраў, якія з пэўнай шкодай для баявых задач абаранялі сваіх крэўных?
Мяркую, што зняслаўленая кардонная лінія ў той канкрэтны перыяд вайны была нечым натуральным, а памылка палягала на тым, што заўчасна не выпрацавалі думкі, каб у выпадку патрэбы замяніць яе на іншую, баявую, больш для нас карысна дыслакаваную.
У сілу абставін кардон пратрываў не толькі цэлую зіму і вясну, трываючы надалей амаль да варот Варшавы.
Мы адмаўляліся ад манеўру, ваявалі фронтам. Адсюль катастрафічныя вынікі да жніўня 1920 г., г. зн. да часу, калі адмовіліся ад яе зусім.
* * *
У згаданай ва ўступе прыкрай для мяне сітуацыі дадатным бокам было тое, што пакідаў групу і вяртаўся да камандавання добра мне знаёмай і звязанай са мной цэлым шэрагам перажыванняў 10-й дывізіі пяхоты.
Дывізія гэтая мела сваю выключную гісторыю. Складалася яна з дзвюх частак: з 4-й дывізіі стральцоў, сфармаванай на Кубані ў 1918 годзе і 10-й дывізіі пяхоты, якая фармавалася ў Лодзі.
Пасля раззбраення І корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага і пасля Каняўскай бітвы афіцэры і жаўнеры, якія не хацелі вяртацца ў край, акупаваны немцамі, накіроўваліся на Кубань у расійскую армію генерала Дзянікіна, дзе яшчэ была слабая мажлівасць для фармавання польскіх аддзелаў. Такім чынам на Кубані сабралася група людзей, якія належалі да розных арганізацый, да розных палітычных груповак.
Былі там і пілсудчыкі, і доўбараўцы з І корпуса, і галерчыкі з ІІ, па перакананнях сацыялісты, народныя дэмакраты і іншыя. Усіх тых людзей, часткова варожа паміж сабою настроеных палітычна, яднала супольная ідэя стварэння польскага войска.
Армія Дзянікіна, пераследаваная саветамі, не толькі не магла ўзброіць і забяспечыць польскія аддзелы, але яшчэ патрабавала, каб яны біліся паводле яе загадаў.
Гісторыя, безумоўна, адшукае тут шмат цікавых момантаў, якія ўключаюць патрыятызм, энернію і сілу волі тых людзей, якія ажыццяўляючы далёкае, небяспечнае падарожжа цераз самыя разнастайныя нямецкія і савецкія франты, у найцяжэйшых матэрыяльных і маральных умовах, вымушаныя часта праліваць кроў за чужыя справы, імкнуліся без стомы да аднаго, каб недзе ў ваколіцах гор Каўказа служыць інтарэсам Польшчы і рэпрэзентаваць яе гонар.
Гісторыю 4-й дывізіі стральцоў у тыя часы характарызуе загад французскага генерала д'Анзельма, камандуючага групы дывізій, якая складалася з дзвюх французскіх, дзвюх грэчаскіх і адной польскай дывізіі, якія ўтваралі пад агульным камандаваннем маршала Францыі д'Эспера Паўднёвую армію.
Калі 4-я дывізія стральцоў пакідала групу, накіроўваючыся ўздоўж Бесарабіі і Букавіны ў Польшчу, генерал д'Анзельм выдаў наступны развітальны загад:
"Чацвёртая польская дывізія пакідае групу і ідзе ў бой, каб дабрацца да межаў сваёй Айчыны і каб ажыццявіць справу канчатковай адбудовы вялікай Польшчы, якая мела да Францыі адвечную прыязнь і была найвярнейшай яе саюзніцай.
Чацвёртая польская дывізія на працягу многіх месяцаў змагалася разам з намі ў Расіі, і ўся наша група магла дзівіцца энергіі, вернасці і легендарнай бравурнасці польскіх аддзелаў.
Сярод велізарных цяжкасцяў і вялкіх недахопаў палякі высока ўтрымалі ўзровень духу і веры ў будучыню краю.
Генерад д'Анзельм віншуе іх і дзякуе за паслугі, здзейсненыя для супольнай справы. Ад імя ўсёй групы выказвае пашану генералу Жалігоўскаму, 4-й польскай дывізіі і яе штандару.
(...) д'Анзельм, генерал".
Пасля пераходу цераз Адэсу, Бесарабію і Румынію ў Польшчу яна была паводле загаду Галоўнакамандуючага злучана з 10-й дывізіяй пяхоты. У адпаведным загадзе было сказана:
"Перасылаю на рукі генерала выразы сардэчнай радасці, што выдатныя войскі пад вашым камандаваннем пасля доўгіх бадзянняў і слаўных бітваў на чужой зямлі сталі нарэшце на айчынным грунце. За былую службу ў абароне польскай зброі дзякую генералу, афіцэрам і жаўнерам дывізіі. Разам з тым даводжу да ведама генерала, што з-за слабога стану дывізіі, якая мае толькі кадравы матэрыял, моцна патрэбны для ўсяго войска, распускаю цяперашнюю вашу дывізію, прызначаючы яе склад для высокай ролі наталення шэрагаў польскай арміі тым ваенным духам, які дагэтуль несла дывізія пана генерала
(...) Юзаф Пілсудскі, Галоўнакамандуючы".
З жалем расставалася "дзікая" дывізія са сваімі ранейшымі традыцыямі і змяняла назву з 4-й на 10-ю. Аднак большасць пасад камандзіраў ад брыгад да рот занялі ў ёй пераважна афіцэры 4-й дывізіі, а яе сяржанты і шарагоўцы былі таксама ўключаны ў 10-ю дывізію. Усе афіцэры і сяржанты прайшлі цвёрдую школу, мелі вялікі досвед, стаялі блізка да жаўнера і былі першаразрадным баявым матэрыялам.
10-я дывізія, раскіданая ў той час па ўсім фронце, сабралася па загадзе Галоўнакамандуючага ў ваколіцы Ніжнёва-Залатога Патоку ў пярэдадзень бітвы пад Язлоўцам, у якой героем дня быў полк уланаў (сённяшні 14-ты полк Язлавецкіх уланаў, які прыбыў разам з 4-й дывізіяй з Кубані пад камандаваннем ротмістра Плісоўскага. Тут адбылося злучэнне абедзвюх дывізій у адну. Праз некалькі дзён 10-я дывізія заняла лінію Збруча, якая да этага часу з'яўлецца мяжой дзяржавы.
Я апісваю больш абшырна ўзнікненне дывізіі і яе традыцыі, бо дзейнасць яе ў пераважнай частцы складае змест гэтых маіх успамінаў.
Пасля бітвы пад Язлоўцам і заняцця лініі Збруча, прызначаны камандаваць групай у Менску, з вялікім жалем пакідаў я шэрагі 10-й двізіі. Цяпер вяртаўся, каб зноў ёй камандаваць.
10-я дывізія складалася з чатырох палкоў пяхоты: 28-га. 29-га, 30-га і 31-га, а таксама з 10-га палка палявой артылерыі. Першыя два ўтваралі ХІХ брыгаду, якой камандаваў палкоўнік Малахоўскі, два іншыя ўтваралі ХХ брыгаду, якой камандаваў палкоўнік Ф. Сікорскі. Абодва гэтыя выдатныя афіцэры прыбылі разам з 4-й дывізіяй стральцоў і камандавалі ў ёй ад найранейшых пачаткаў.
Калі я паўторна прымаў дывізію ў Вільні, два палкі 28-мы і 30-ты знаходзіліся ў Вільні, а 29-ты і 31-шы былі на Літоўскім фронце.
Прыняўшы камандаванне, я знайшоў у штабе дывізіі вялікія змены, асабліва ў галіне канцылярскіх прац. Расцвіла незвычайная паператворчасць. Пісалі з аднаго пакоя ў другі. Пытанні, якія можна было залатвіць некалькімі словамі па тэлефоне, набіралі вагі, уваходзячы ў акты, дзе цяпер пачыналася працэдура рэферавання ўсёй гэтай папяровай гаспадаркі. Складвалася ўражанне, што ходзіць не столькі за тое, каб што-небудзь зрабіць, колькі за тое, каб на ўсё мець пацверджанне ў актах і запісах на выпадак адказнасці.
На шчасце гэтая хвароба не тычылася палкоў, не здолела туды дабрацца. Бараніліся ад яе жыццё і просты жаўнерскі розум.
Падобна да гэтага, чужой для мяне была тут і новая сістэма камандавання. Камандаванне арміі распараджалася часта ўжо не батальёнамі, але нават ротамі.
Сёння з перспектывы гадоў, шукаючы крыніцу той хваробы, бачу яе перадусім ва ўзаемнай адсутнасці даверу. Вышэйшыя афіцэры належалі да розных акупацыйных армій, а таму паходзілі з розных школ і асяроддзяў. Амаль ніколі не маглі паразумецца. Я гатовы прызнаць, што некаторыя старшыя аўстрыйскія афіцэры стаялі вышэй за расійскіх. Паляк у расійскай арміі быў пазбаўлены магчымасці атрымаць вышэйшую вайсковую адукацыю. Не мог ён закончыць вышэйшай вайсковай школы, не мог займаць цэлы шэраг штабных пасад. Мог быць толькі і выключна лінейным афіцэрам. Адсюль яго ніжэйшасць перад аўстрыйскім афіцэрам у арганізацыйнай вобласці і службе ў штабах, і адсюль яго перавага ў лінейнай службе і баявых справах. Аўстрыйскія генералы пасля пераходу ў нашую армію прынеслі з сабой усю сістэму звышмернай паператворчасці, як здаецца, нават большую, чым у старой і добра арганізаванай аўстрыйскай арміі.
У нас сістэма гэтая аказалася зусім нежыццяздольнай і замест таго, каб спрашчаць, блытала і ўскладняла жыццё нашага войска.
ІІ. Пачатак ваенных дзеянняў
Поўдзень і поўнач. - Расійскае травеньскае наступленне. - Контракцыя рэзервовай арміі. - Памылка высоўвання левага крыла. - Значэнне нямецкіх акопаў і іхняя вартасць для нас у 1920 годзе. - Наш жаўнер. - Што мы ведалі пра праціўніка. - Дактрына Напалеона.
З вясны 1920 года было ўжо рэччу абсалютна несумненнай, што саветы ў зручны дзень распачнуць правакацыйныя дзеянні супраць Польшчы, станавіўшайся для іх перашкодай у ажыццяўленні сусветнай рэвалюцыі.
У той час шмат гаварылі пра мэтазгоднасць вайны на поўдні і акцыі на Кіеў. Нас, жаўнераў, мала гэта тычылася. Выправы той хацеў і кіраваў ёй Галоўнакамандуючы, а гэтага было дастаткова для перакрэслівання ўсіх сумненняў. Зрэшты, імкненні накіраваныя на выпраўленне памылак нашай гісторыі, якія датуюцца ад часоў Хмяльніцкага, падаваліся ўсім мэтазгоднымі і слушнымі.
Мы памыліліся аднак у ацэнцы стратэгічнай сітуацыі. Замест поўдня расейцы канцэнтравалі свае войскі на поўначы. Стала гэта відавочным тады, калі большасць нашых сілаў была згрупавана на Украіне. Галоўнакамандуючы вырашыў не мяняць план вайны, а толькі прыспешыць аперацыю, і 7 траўня нашыя войскі ўвайшлі ў Кіеў.
Але атакуючы на поўдні мы мусілі аслабіць поўнач. Ангажуючы большыя сілы на поўдні, трэба было абараняцца на поўначы і з той мэтай арганізаваць адпаведна цэлую сістэму стратэгічнай і тактычнай абароны. Належала прадбачыць, што нашыя праціўнікі на наш удар на поўдні адкахуць на поўначы.
На момант пачатку кампаніі лінія паўночнага фронту ішла з-пад Полацка праз Лепель і Барысаў, потым - уздоўж Беразіны да Бабруйска. Адкуль - далей на поўдзень, уздоўж ракі Пціч да Прыпяці.
Як належала чакаць, у адказ на нашую акцыю на поўдні расейцы, якія не мелі яшчэ ўсіх сканцэнтраваных сіл на поўначы, з тымі, што мелі, распачалі так званае травеньскае наступленне.
Як толькі была атакавана 1-я армія, размешчаныя ў першай лініі 8-я дывізія і 1-я літоўска-беларуская дывізія мусілі адступіць да лініі: верхні бераг ракі Ільі - Мядзел - Паставы, наступленне тое не падавалася нам сур'ёзным.
Замест таго яно магло і павінна было даць нам многа для роздуму. Мы пераканаліся перш за ўсё, што лінія прыкрыцця, якая была адначасова нашай лініяй абароны не адпавядае патрабаванням. Расцягнутыя на некалькі дзясяткаў кіламетраў, слабыя дывізіі, без рэзерваў, ні ў адным пункце не былі здольныя ні для аказання супраціву, ні для контрнаступлення. Надта пераўзносячы кіеўскую выправу і ангажуючы там вялікія сілы, мы мелі паўночны фронт залішне выцягнуты на ўсход, бо амаль аж да прадмесця Полацка. Травеньскае наступленне саветаў моцна падкрэсліла гэтую нашу памылку, якая разам з кардоннай лініяй складала вялікую небяспеку для паўночнага фронту, асабліва для яго паўночнага крыла.
Таму асноўнай высновай, якую з сутычак на ўсёй усходняй мяжы трэба было зрабіць, было адступленне левага крыла да нямецкіх акопаў і падрыхтоўка да абароны Вільні і Гародні.
У астатніх днях траўня закончана канцэнтрацыя свежа згрупаванай рэзервовай арміі пад камандаваннем генерала Саснкоўскага.
У гэтыя ж дні таксама ўцягваецца ў баі на ўсходнім фронце брыгада 10-й дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Малахоўскага, якая да таго часу заставалася часткова ў Вільні, часткова ўздоўж літоўскай мяжы.
Наступленне савецкіх войскаў у раёне Дзісны і Маладзечна, праламаўшы наш фронт, стварыла як бы мяшок, які дном сягаў глыбока на захад. Жадаючы гэты мяшок зліквідаваць, Галоўнакамандуючы намерваўся выцяць у двух кірунках: з боку Барысава і Ігумена ад поўня, а таксама ад Браслава - Пагоста з поўначы.
Я быў выкліканы да камандуючага рэзервовай арміі генерала Саснкоўскага. Штаб гэтай арміі знаходзіўся ў Свянцянах. Апрача маёй дывізіі падпарадкавалі яму 21-шы і 23-ці палкі пяхоты, а таксама 13-ты полк віленскіх уланаў. У той самы дзень я прыбыў у Казяны, а наступным ранкам пачалося нашае наступленне.
Пасля двухтыднёвых цяжкіх баёў дайшлі мы да вярхоўяў ракі Аўты. У перадапошні дзень нашага пераможнага маршу камандзір ІІ батальёна 30-га палка капітан Падвысоцкі, аказаўшыся ў тылах непрыяцеля, здабыў пад Гастабожам і Ямнамі 28 кулямётаў і вялікую колькасць палонных.
Паколькі палкі былі вельмі змучаныя, заняцце мястэчка Дзісна з увагі на раку Дзвіну падавалася мне неабходным. Таму я з пэўным здзіўленнем прыняў загад заняць пазіцыі паміж азёрам Ельня і Жадо і далейна поўдзень. Аднак пасля глыбокага роздуму я прыйшоў да пераканання, а сёння найглыбей перакананы, што загад той быў адзіна правільным. Чаму?
Генерал Шаптыцкі, напрыклад, лічыць што мы павінны былі працягваць чэрвенскае наступленне, наносячы паразу непрыяцелю. Піша ён у сваёй кніжцы пад назвай "Літоўска-беларускі фронт":
"Я перакананы, што працяг наступлення дало б нам немалыя поспехі. Разбіўццё аддзелаў XV савецкай арміі, моцна згрупаванай у раёне Лепеля, зрабіла б немагчымым на доўгі перыяд часу правакацыйныя намеры непрыяцеля".
І далей:
"У невыкарыстанні выгаднай для нас сітуацыі ў пачатку чэрвеня бачу адну з галоўных прычын нашых паразаў у ліпені".
Я наадварот лічу, што генерал Шаптыцкі не мае рацыі і што мы не павінны былі ісці наперад. Не толькі таму, што мы мелі войскі змучаныя двухтыднёвымі цяжкімі баямі, не толькі таму, што былі намеры перакідвання некаторых дывізій на паўднёвы фронт, але асабліва таму, што мы мелі вельмі малы лічэбны штат і на ніякую карысць пасля таго наступлення спадзявацца было нельга.. У найлепшым выпадку маглі пасунуцца яшчэ на якія 100 км, заняць яшчэ пэўны тэрытарыяльны абшар.
Ці гэта было, аднак, нашай стратэгічнай задачай? Ці вычарпаныя і нешматлікія нашы дывізіі маглі разбіць групаваўшыеся расійскія арміі і перашкодзіць іхняй канцэнтрацыі?
Сёння мы ўжо ведаем, што ў гэты самы час рухаліся ў раён канцэнтрацыі: Полацк - Талочын - Орша, шматлікія маршавыя дывізіі і палкі, сцягваныя савецкім урадам з розных франтоў. Нават разбіццё некаторых з іх ці магло мець хоць які ўплыў на падрыхтоўку вялікай групоўкі войскаў і на будучую кампанію?
Стратэгічная сітуацыя на ўсім усходнім фронце вымагала акрамя акцыі на Украіне не высоўвання на ўсход паўночнай групы, а адступлення яе на лінію нямецкіх акопаў. Далёка зайшоўшае наступленне магло прывесці нас да катастрофы і адкрыцця ўсяго абшару паўночнага фронту.
Справа тая прынамсі не ёсць новай. Маршал Пілсудскі апісаў яе ў сваёй кнізе абшырна, а акрамя таго ёсць фактам, што ўжо ў час вайны, перад пачаткам вялікага савецкага наступлення, Галоўнае камандаванне прапанавала камандаванню фронту адступленне левага крыла на лінію нямецкіх акопаў. Нажаль, тая парада, не падмацаваная загадам, была праігнаравана камандаваннем паўночнага фронту.
Ідэя невысоўвання левага крыла задалёка на ўсход мусіла сутыкнуцца з іншай ідэяй, якая недзе ў апісаных варунках хацела рэалізавацца на палях Смаленска.
Як мы ўбачым, тая другая ідэя не засталася занядбанай і ў пярэдадзень расійскага генеральнага наступлення, і ў пярэдадзень атакі 13 расійскіх дывізій атрымала 10-я дывізія, якая складалася тады з трох палкоў, загад заняць мястэчка Язна.
Як я ўжо гаварыў, не толькі рух арміі наперад не быў пажаданы, а адступленне на лінію нямецкіх акопаў згодна з поглядамі Галоўнакамандуючага было мэтазгоднае і абавязковае.
Па-першае, гэта скараціла б фронт на 130 км, па-другое адхіліла б на захад наша залішне высунутае левае крыло, па-трэцяе дало б арміі магчымасць выкарыстання ўмацаванняў, пабудаваных якасна і ў любым выпадку значна мацнейшых, чым тое, што на працягу двух тыдняў мы маглі пабудаваць на рацэ Аўце. Іншымі словамі, сканцэнтраваўшыся на поўдні, мы мелі бы перайсці да абароны на поўначы, а тая лінія нямецкіх акопаў была значна больш адпаведная, чым лінія Аўты.
Генерал Шаптыцкі высоўвае два моманты, якія маюць абгрунтаваць, чаму ён быў супраць заняцця нямецкіх акопаў. Першае, што нямецкія акопы будаваліся для большай колькасці войск, а таму цяжка было іх запоўніць нашымі сціплымі сіламі; другое, што наш малады жаўнер мог быць дэмаралізаваны падчас адводу на тую лінію.
Лічу абедзве тыя засцярогі за неістотныя.
Канешне, нямецкія акопы былі пабудаваны для большай колькасці войск, але гэта не выключала ў цэлым, каб мы з іх не маглі выбраць таго, што нам было патрэбна. Пры тым галоўнай іхняй рысай была ашчаднасць сіл, якія немцам так моцна былі патрэбныя на заходнім фронце. Ідэя агнявой абароны была даведзена тут да дасканаласці, гэтак жа, як загарадзь з калючага дроту, якую не адалелі знішчыць нашыя, смутнай памяці дэбілы. Праўда, што не было ўжо цэлых, зацягнутых дротам, палёў, ані правадоў высокага напружання, але таго, што было, хапіла б, каб пры пэўнай энергіі і здольнасцях канкрэтных камандзіраў стварыць апору для нашых нешматлікіх, але моцных духам аддзелаў. Натуральная рэч, што і гэтая лінія магла быць праламана саветамі, але лінія Аўты магла значна лягчэй паддацца і паддалася таму лёсу.
Лінія нямецкіх акопаў мела б яшчэ і той добры бок, што перастала б спалучаць у сабе дзве лініі: заслонную і абаронную. Была б адзіная лінія, пра якую кожны шараговец ведаў бы, што тут трэба бараніцца. Баронячы гэтую лінію, мы мелі б час падрыхтаваць абарону Вільні, лініі Нёмана і Гародні, а таксама выканаць той ці іншы манёўр. На фронце ўстанавіўся звычай яшчэ перад пачаткам той справы ў кожнай тактычнай аснове, што камандаванне кожнага аддзела, які займае пэўную прастору фронту, ёсць таксама гаспадаром на абшары фронту ўглыб і на такую самую адлегласць, якой даўжыні ёсць адрэзак таго фронту. Абавязвала гэта на клопат камандзіра роты, батальёна, палка, брыгады, дывізіі. Той самы прынцып абавязваў, канешне, і камандаванне фронту, а таму лінія нямецкіх акопаў ляжала ў арбіце дзейнасці камандавання фронту і яшчэ ў мірны час павінна была быць падрыхтаванай, як другая лінія абароны. Пераход з адной лініі на другую не стварыў бы ніякіх дадатковых цяжкасцяў, не цярпелі б яны нават ад кавалерыйскіх атак, здзейсненых непрыяцелем пры нязмушаным адходзе, падрыхтаваным і праведзеным планава. Войскі, якія не патрафілі б спакойна выканаць такі адход, не заслужвалі б назвы войска.
На шчасце стан нашай арміі не адпавядаў песімістычным поглядам некаторых нашых вышэйшых камандзіраў. Пасля паразы на Аўце патрафіла яна зрабіць адход не толькі на нямецкую лінію, а аж пад Варшаву, у кожны момант здольная не толькі да прыняцця бітвы, але і да наступлення.
Думаю, што адход на лінію нямецкіх акопаў быў бы ў той час праведзены без націску з боку непрыяцеля. Калі б тыя акопы падрыхтавалі загадзя пры дапамозе афіцэраў-інжынераў і з прыцягненнем да работ цывільнага насельніцтва, адыгралі б яны важную ролю ва ўсім ходзе вайны 1920 года.
Другі довад, што наш жаўнер не выносіць адходу і ваюе добра толькі тады, калі ідзе наперад, не прыводзіць мяне да пераканання. Думка тая пакутавала, здаецца, не толькі ў камандуючага фронту і сталася аксіёмай, ствараючы шкодны абман. Не толькі наш, а кожны жаўнер (роўна як французскі, так і нямецкі, амерыканскі і да т.п.) у наступленні ёсць найлепшы і значна слабейшы пры адходзе. Такая прырода рэчаў, і нельга сцвярджаць, што спецыяльна наш жаўнер мае іншую псіхалогію. Я думаю, што мае ён усякія ўмовы, каб быць найлепшым роўна як ў атацы, так і ў абароне. Крыўдным было б для нашага жаўнера цверджанне, што ён уяўляе сабой натоўп, які толькі тады нечага варты, калі ідзе наперад.
Нарэшце, ці адход у чэрвені меў бы быць псіхалагічна горшым за адход у ліпені?
Разведку наогул мы мелі добрую. Ужо ў палове чэрвеня мы ведалі пра вельмі інтэнсіўную канцэнтрацыю расійскіх сіл на поўначы. Спачатку мы праводзілі скрупулёзнае асведчанне гэтых сілаў, але калі яны перараслі нашыя ў два разы, мы перасталі гэтым займацца. Відочна было, што набліжаецца вырашальны момант, што магутная расійская армія вытне на паўночнае наша крыло, і маючы ў сваіх руках ініцыятыву, самавольна выбера пункт удару.
На што маглі абапірацца надзеі на перамогу?
Пачынаючы ад возера Мешушол да Дзвіны на прасторы каля 100 км мы мелі раскінутыя шэсць дывізій пяхоты і брыгаду кавалерыі, а насупраць іх сканцэнтраваліся 13 дывізій пяхоты і корпус кавалерыі. Настрой у камандавання арміі быў песімістычны. Калі камандуючы арміі прыехаў у Шаркаўшчыну і мы абгаворвалі сітуацыю, я выказаў думку, што трэба будзе бараніць Вільню. Камандуючы арміі махнуў на гэта рукой на знак безнадзейнасці і сказаў:
- Хіба, Варшаву!
Старая ісціна гаворыць, што "кіраваць - гэта прадбачыць". Мы павінны былі прадбачыць, што нас можа спаткаць на поўначы.
ІІІ. "Сядан" - 4 ліпеня
Нашыя пазіцыі. - Абломкі. - Выпад на Язну. - Справа папаўнення.- Пачатак савецкага наступлення. - Ход баёў у дзень 4 ліпеня. - Страта сувязі з арміяй.
У сярэдзіне чэрвеня баі закончыліся, і дывізія згодна з загадам камандавання арміі заняла лінію рэчкі Ямны паміж азёрамі Ельня і Жадо. У той час, як я ўжо ўспамінаў, з уласных палкоў дывізія мела толькі два, г.зн. 28-мы 30-ты, дадалі ёй яшчэ два іншыя, а менавіта 23-ці і 55-ты рэзервовы. З трох іншых, якія належалі да дывізіі, 29-ты знаходзіўся на літоўскай мяжы, а 31-шы ўвайшоў у склад 4-й арміі каля Менска. Справы тыя не ўдалося стабілізаваць, бо існаваў у той час вельмі шкодны звычай псавання арганізацыйных сувязяў. Камандуючыя армій распараджаліся звычайна меншымі часткамі, адтуль раскіданне палкоў, а часам нават батальёнаў па ўсім фронце. Гаварылі тады жартам, што мы не маем частак арміі, а абломкі. Канешне "абломкі" тыя існавалі на кожным кроку. Затыкалі імі дзіркі, не турбуючыся пра іх арганізацыйныя сувязі. Ясная рэч, гэта не спрычынялася да ўзмацнення арміі.
Штаб дывізіі стаяў у Германавічах, маючы штаб ХІХ брыгады ў Лужках, штаб ХХ у Міхалішках. 23-ці полк я размясціў, як рэзерв дывізіі, у вёсцы Баяры.
Направа ад дывізіі знаходзілася група генерала Ендрыеўскага. Яе VII рэзервовая брыгада суседнічала непасрэдна з ХІХ брыгадай. На поўначы суседам ХХ брыгады, за возерам Ельня, была група палкоўніка Савіцкага, якая замыкала, нібы корак, найвузейшае месца паміж возерам Ельня і ракой Дзвіной.
Уся тэрыторыя каля ракі Дзісны, прытока Дзвіны вельмі балоцістая, парослая кустамі і рэдкім лесам. На некаторых выспах паміж балот раскіданы невялікія вёскі. Адзіная дарога на той тэрыторыі злучае мястэчка Дзісну, Германавічы, Шаркаўшчыну, Казяны і Цверач са Свянцянамі. Дарога тая на балоцістым падкладзе, яшчэ немцамі выкладзеная круглякамі, была вельмі няпэўная, асабліва для артылерыі і грузавых аўтамабіляў. З гэтай прычыны правіянтная база дывізіі была размешчана ў Глыбокім, адкуль дарога ішла праз Лужкі і Германавічы. Было гэта нязручна, бо вяла яна ўздоўж фронту.
У Германавічах стаяла ў рэзерве арміі 8-я дывізія пяхоты ў складзе трох палкоў. Яна была аслаблена травенскімі баямі і не мела абозу. Паколькі існаванне на адной тэрыторыі дзвюх асобных арганізацый з адміністрацыйнага пункту гледжання, было невыгаднае, я прасіў аб падпарадкаванні 8-й дывізіі мне. Камандаванне арміі на гэта не згадзілася. Як убачым пазней, адмова камандуючага арміі мела ў будучыні прыкрыя вынікі.
Хоць мы стаялі на ўказанай лініі, баі трывалі далей. Нашы праціўнікі, маючы вялікую колькасць жывой сілы, не шкадавалі людзей і арганізоўвалі выпады - безвыніковыя, але якія пастаянна паўтараліся. Але настрой у расійскай арміі не быў добры, і мы ведалі ад палонных, што ў іх няма баявога запалу.
Аднак адначасова адчувалася вялікая падрыхтоўка расейцаў да наступлення. Абаронныя пазіцыі дывізіі на рэчцы Ямне былі досыць моцныя. Абодва возеры Ельня і Жадо ў гэтую пару года яшчэ не высахлі і ўяўлялі перашкоды для абходу крылаў. Палкі ўласнымі сіламі пабудавалі палявыя ўмацаванні з апорнымі пунктамі, на якіх знайходзіліся кулямёты. Найчасцей тыя пункты мелі агнявую сувязь, не складаючы цэлай лініі. Пра больш сур'ёзныя ўмацаванні не было мовы не толькі з прычыны адсутнасці тэхнічных сродкаў, але таксама таму, што ніхто гэтай пазіцыі не лічыў за сталую, фундаментальную абаронную лінію.
Настрой у дывізіі быў вельмі добры. Толькі пашырэнне тыфу з-за дрэнных камунікацый і недахопу шпіталяў вельмі давалася ў знакі.
У параўнанні з канцэнтрацыяй расійскай арміі ў раёне Полацка сітуацыя нашай групы станавілася ўсё больш уражлівай. Слабыя колькасна, з жаўнерам, які ваяваў без перапынку ад пачатку травенскага наступлення, у раёне катастрафічна дрэнных дарог і не ўпарадкаваных тылоў, дывізія ў кожную хвілю магла чакаць атакі ў некалькі разоў мацнейшага ворага, які меў нічым не абмежаваную ініцыятыву выканання нападу паводле сваіх планаў.
Нават травенскі манёўр, паўтораны расейцамі большымі сіламі і скіраваны па восі Глыбокае-Паставы, адразаў нашую групу ад поўдня і пазбаўляў яе дарог для адступлення.
Сітуацыю ўскладняла таксама тое, што камандаванне дывізіі не толькі не мела паўнамоцтваў для пэўнай свабоды ў выбары дыспазіцыі, свабоды ў такіх выпадках абавязковай, але наадварот у вышэйшых кіраўніцтвах існавалі наступальныя тэндэнцыі, насіліся з намерам атакаваць Дзісну, і ва ўсякім разе намерваліся ўтрымаць наяўны стан размяшчэння любой цаной.
Колькасна слабыя аддзелы мусілі ўдаваць з сябе моцных, робячы выпады, загаданыя камандаваннем арміі. Несумненна сістэма выпадаў наогул была рацыянальнай, асабліва на працягу зімы, бо падтрымлівала гэта баявы настрой у аддзелах. Аднак жа пазней, а асабліва ў чэрвені, калі ўжо гулялі з непрыяцелем адкрытымі картамі, ведаючы пра яго вялікія наступальныя мерапрыемствы, выпады нашых аддзелаў звыш меры напружвалі нашыя сілы маральна і матэрыяльна і непатрэбна вычэрпвалі так моцна нашую энергію - як гэта сёння ўжо відавочна - якая была нам так патрэбна ў той час на найбліжэйшыя дні. Адзіная мэта тых выпадаў - узяцце палонных - была менш істотнай, бо мы мелі пра непрыяцеля дакладныя звесткі.
У другой палове чэрвеня вярнуўся ў дывізію 29-ты полк. Была гэта вельмі моцная баявая частка, якой камандаваў адзін з найлепшых нашых афіцэраў маёр Стэфан Вальтар. Гэты полк я накіраваў у Лужкі, дзе разам з 28-м палком ён утварыў ХІХ брыгаду.
З канца чэрвеня камандаванне арміі ўтварыла з дывізіі аперацыйную групу, у склад якой увайшла група палкоўніка Савіцкага. Даданне да дывізіі цэлага паўночнага крыла было вельмі клопатным, бо адлегласць аддзелаў Савіцкага ад штаба, які цяпер перабраўся ў Шаркаўшчыну, складала звыш 40 км па найгоршых дарогах. Пры тым камандаванне дывізіі, ці цяпер дакладней групы, не магло ў выпадку патрэбы падтрымаць палкоўніка Савіцкага, не маючы ніякіх рэзерваў. З-за такога стану рэчаў камандаванне групай Савіцкага, якая мацярынскі належала да 8-ай дывізіі пяхоты, фактычна было фікцыяй.
У другой палове чэрвеня камандаванне арміі вырашыла правесці выпад на Дзісну і заняць гэтае мястэчка. Гэтаму плану я здолеў аказаць супраціў, бо такі манёўр падаўся мне непатрэбным і шкодным.
Калі б мы занялі Дзісну, то мусілі б яе пазней бараніць, і тады адразанне паўночнай групы было б для расейцаў яшчэ латвейшым. У гэты час камандаванне арміі арганізавала акцыю на Язну.
Колькасна слабая дывізія, анамальна высунутая на паўночны ўсход, з фатальнымі дарогамі ў тылах, перад тварам вялікай расійскай групоўкі мела ісці яшчэ далей на ўсход, узяць Язну і ўтрымаць гэтае мястэчка, прычым пасля выхаду з раёна азёр абодва яе крылы павіслі б у паветры.
Не дапамаглі мае пратэсты. Штаб арміі ўзмоцнена налягаў на выкананне гэтай аперацыі. Яе памеры ўдалося мне настолькі зменшыць, што яна абмежавалася акцыяй 29-га палка. Не ўдалося мне, на жаль, зменшыць страт, якія панеслі: 8 афіцэраў і каля 300 шарагоўцаў забітых і параненых.
Рэччу, якая стала непакоіла, была праблема папаўнення дывізіі. Пасля заканчэння травенскага наступлення Галоўнае камандаванне было занята баямі на Украіне, а таму паўночны фронт адыгрываў дапаможную ролю. Папаўненні прыбывалі рэдка і былі нешматлікія, а страты ў час бітваў, пачынаючы ад Казян былі досыць значныя.
Пастаянныя баі і сутычкі на перадполлі вычэрпвалі сілы аддзелаў, асабліва што не было чым іх папаўняць. Таму сілы раставалі з дня на дзень, да чаго спрычыніўся таксама тыф. Каб неяк папраўляць справу, узмацнялі баявыя аддзелы за кошт тылавых арганізацый. Ідэалам было, каб лікавыя суадносіны баявых аддзелаў да аддзелаў тылавых перавышалі 3:1. Горш, хаця і не найгорш яшчэ, выглядала справа, калі адносіны тыя выглядалі, як 2:1. Неспакой узбуджала прапорцыя 1:1.
У канцы чэрвеня пачалася дакладная рэвізія ўсялякіх дапаможных служб з мэтай узмацнення лінейных аддзелаў. Не ўдалося зрабіць многа, бо адсутнасць добрых камунікацый і недахоп абозу паглыналі шмат сіл. З неспакоем я тады пераканаўся, што суадносіны баявых сіл да тылоў паволі набліжаецца да 1:1.
У тых умовах кожная нават незначная страта ў людзях балюча адчувалася ў дывізіі, то і таксама страты, панесеныя ў выпадзе на Язны, былі ў гэтай сітуацыі цяжкім ударам.
У той сітуацыі, чакаючы рашучага наступлення, мы аслабілі свае сілы.
З работ расійскага штаба сёння мы ведаем, што наступленне саветаў мела распачацца адразаннем нашай паўночнай групы. План той быў несумненна рацыянальны і з улікам такой значнай перавагі сіл - выканальны. Супраць 10-ай і 8-ай дывізій, а таксама груп генералаў Ендрыеўскага і Ржандкоўскага яны мелі на фронце 3 арміі: 4-ю, 15-ю і 3-ю ў складзе 13 дывізій пяхоты і корпуса кавалерыі.
Сяргееў у сваёй працы "Ад Дзвіны да Віслы" так апісвае пачатак дзеянняў расійскага камандавання і яго намер адрэзаць нашую паўночную групу:
"У апошнія дні чэрвеня камандуючы фронту асабіста адведаў усіх камандуючых і прапанаваў ім для сумеснай апрацоўкі шырока абдуманы план новага ўдару, які ў выпадку поспеху меў прывесці да акружэння галоўнай масы праціўніка, сканцэнтраванай у раёне Германовічы - Лужкі - Глыбокае. План той ў асноўнай сваёй ідэі палягаў на тым, што:
1) 4-я армія ў складзе дывізій стральцоў і ІІІ корпуса кавалерыі (10 і 15 дывізіі кавалерыі), утрымліваючы цясніну паміж азёрамі Белая Ельня і Жадо, павінна была праламаць умацаваныя пазіцыі праціўніка паміж Дзвіной і возерам Белая Ельня і вечарам другога дня бітвы мела выйсці дзвюма дывізіямі ў раён Германавічы - Шаркаўшчына, адкуль мела развіць удар у паўднёвым кірунку на Асінагарадок. Кавалерыя з адой брыгадай стральцоў павінна была энергічна высунуцца ўздоўж левага берага Дзвіны, здабываючы ўсе цясніны паміж азёрамі ў тым абшары, фарсіраваць лінію старых нямецкіх акопаў на поўнач ад возера Багінскага і возера Дрысвяты і адтуль кінуцца наўпрост на поўдзень для захопу раёна Свянцян.
2) 15-я армія ў складзе пяці дывізій стральцоў і дзвюх самастойных брыгад кавалерыі павінна была праламаць умацаваныя пазіцыі праціўніка ўздоўж чыгункі на Маладзечна ў агульным кірунку на фронт Глыбокае - Докшыцы.
3) 3-я армія ў складзе чатырох дывізій стральцоў мела заданне хутка высунуцца з лясістай мясцовасці вытокаў ракі Беразіны і ўдарам у паўночна-заходнім кірунку перарэзаць чыгунку Полацк - Маладзечна ў ваколіцы станцыі Параф'янава (10 вёрст на захад ад Докшыц).
4) 16-я армія (5 дывізій) мела заданне заняць Менск; мазырская група павінна была адцягнуць увагу праціўніка, наступаючы на Бабруйск і Пінск.
Для выканання вышэй пазначаных задач дадана 4-й арміі 12-я дывізія стральцоў, а таксама ІІІ корпус кавалерыі. У склад 15-й арміі ўвайшлі 4-я, 11-я, 16-я, 33-я і 54-я дывізіі (6-я дывізія са сваім адрэзкам фронту была перададзена 3-яй арміі)".
Маршал Пілсудскі ў сваёй працы "1920 год" называе расійскае згрупаванне падрыхтоўкай "Сядана" [1]. Канешне "Сядан" той павінен быў наступіць, аднак да яго не дайшло, што не зразумела не толькі для мяне, але нават для расійскага камандавання, яко сёння неахвотна пра яго гаворыць. Ці не было рэччу відавочнай, якая сама напрошвалася, маючы трайную перавагу сілаў, скончыць з карыкатурна высунутай на поўнач і ўсход нашай паўночнай групай і не мець з ёй дачынення аж да канца вайны? Не трэба было б яе праз цэлы час адступлення "распыляць", "нішчыць", "плюшчыць" і да т.п., каб потым на працягу адной ночы быць ёй пабітымі за 14 км ад рагатак Варшавы. Такая бывае часам іронія вайны.
* * *
Чаканае расійскае наступленне распачалося ранкам 4-га ліпеня пасля папярэдняй моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі адначасова на ўсім фронце 1-ай арміі.
Ужо пасля паўдня было відно, што група Савіцкага адступае, аказваючы зацятае супраціўленне. Адступленне гэтае адкрыла дарогу ўздоўж Дзвіны, як бы адсланяла ўсю тэрыторыю. Група Савіцкага, якая замыкала вузкую цясніну паміж возерам Ельня і Дзвіной, адчыніла як бы ўваход, праз які мог свабодна прайсці корпус кавалерыі. То ён і памаршыраваў уздоўж Дзвіны ў нашыя тылы. Таксама пасля паўдня стала вядома, што наш сусед з правага боку, VII рэзервовая брыгада, разбіта, адступае на захад дарогай на Глыбокае, а з тым сувязь з камандаваннем 1-ай арміі перарвана. На фронце 10-ай дывізіі ўсе атакі былі крывава адбіты, і дывізія ў цэласці ўтрымала свае пазіцыі.
Штаб 8-й дывізіі запытаў, ці ва ўмовах узнікшай сітуацыі я не вазьму тую дывізію пад маё камандаванне. Маючы адмоўны загад арміі і не ацэньваючы яшчэ сітуацыю песімістычна - адмовіў. 8-ая дывізія не маючы сувязі з камандаваннем арміі, уласным рашэннем рушыла на Пагост.
Тым часам штаб групы ў Шаркаўшчыне рыхтаваўся да прыёму непрыяцельскай конніцы. Прадбачылася, што гэтая конніца пасля ўхілення запору ў выглядзе групы палкоўніка Савіцкага, скіруецаа непасрэдна ў нашыя тылы. Адлегласць у 40 км магла яна прайсці без перашкод за некалькі гадзін. Чакалі мы яе з гадзіны на гадзіну. Спаборнічалі ў тактычных праектах і задумах, каб належна прывітаць кавалерыстаў. Слабая штабная рота з усімі афіцэрамі штаба падрыхтавалася да абароны. Дамы Шаркаўшчыны ператварыліся як бы ў фарты. Каля паўдня прайшла гарачкавая спешка, і чакалі ў поўным спакоі. Вечарам, да пэўнага жалю падрыхтаваных да бою, стала ўжо ясна, што конніца пайшла ў іншым кірунку.
Манёўр гэты характэрны для большых груповак конніцы. Ці корпус Гая дзейнічаў лагічна, ідучы ў нашыя глыбокія тылы, ці павінен быў рызыкнуць стратай некалькіх гадзін на тое, каб у тылах 10-ай і 8-ай дывізій стварыць поўнае замяшанне і зрабіць магчымым спланаваны "Сядан"? Дапускаю, што тое другое прынесла б расійскай арміі значна больш карысці.
З той перспектывы мы можам усвядоміць сабе спосаб барацьбы з конніцай. Корпус пайшоў на Свянцяны, унікаючы баёў з пяхотай, ці ўнікаючы агню. Насоўваецца пытанне, што б аднак было, калі б корпус той сустрэўся з фактарам агню ў ваколіцах Свянцян? Не было б гэта рэччу простай, ніякія вялікія аддзелы, ні бравурныя атакі, ні ўраганны агонь, а агонь невялікіх абозных груп пад камандаваннем смелых калег, якіх абучылі ў мірны час, што ў такіх выпадках трэба забарыкадавацца ў мураваных дамах, мець на ўсякі выпадак некалькі буханак хлеба і вядро вады, і што найважней - карабіны і шмат боепрыпасаў. Тады з песенькай на вуснах можна было б павітаць моцна расчараваную такім інцыдэнтам конніцу.
Што было б, каб усе абознікі, інтэнданты, шафёры і, наогул, мужчыны ў тылах дывізіі схапіліся за карабіны? Калі б былі загадзя падрыхтаваныя да гэтага і адпаведна настроеныя псіхалагічна, то найлепшая конніца мусіла б згінуць. Вітаў бы яе агонь з кожнага дома, ператворанага ў форт; канешне пры такой сістэме абароны страты былі б значна меншыя.
Кавалерыя пайшла аднак па найменшай лініі супраціву. Менш усміхалася ёй барацьба з нашай пяхотай, чым пашырэнне панікі ў далёкіх і безабаронных тылах. Аднак ў тым выпадку належала звыш лёгкую перамогу і мала значны тэрытарыяльны здабытак ператварыць у значна цяжэйшы поспех у раёне Германавічы - Лужкі - Шаркаўшчына.
Што ў той час дзеялася на фронце 10-ай дывізіі?
На працягу ўсяго дня 4 ліпеня абедзве яе брыгады пераможна адбівалі атакі левага крыла 4-ай арміі Сяргеева. Дробныя тэрытарыяльныя поспехі расейцаў ліквідавалі адразу контратакамі.
Вечарам вакол запанавала поўная ціша. Каля 22 гадзін ХХ брыгада палкоўніка Сікорскага далажыла, што контатакамі вярнула ўсе свае пазіцыі і ўтрымлівае іх. ХІХ брыгада выгнула сваё правае крыло трохі на захад.
Варта дадаць, што піша пра тыя баі камандуючы арміі, якая атакавала нас, Сяргееў:
"Праціўнік моцна трымаў свой фронт і нават сам вырашыў атакаваць 52 брыгаду. Якая аднак агнём адбіла тыя спробы. Адначасова рэзервы, якія стаялі відочна па-за другой лініяй абароны кінуліся на нашы аддзелы і пасля ўпартага бою вярнулі сваё даўняе становішча. Атака 18-ай дывізіі была адбіта. Дзень той каштаваў дывізіі каля 400 забітых і паранных і пацягнуў значны расход боепрыпасаў".
У прыпісках падае і пра колькасць боепрыпасаў:
"Дывізія патраціла па 300 снарадаў на лёгкую гармату і па 50-80 на цяжкую, што пры нашых сціплых запасах было адчувальна і перавышала норму".
Таму зноў памыляецца генерал Шаптыцкі, калі піша ў сваёй кніжцы:
"Паўночнае крыло 10 дывізіі трымалася, не будучы пад лішне моцным націскам, у той час, калі паўднёвае трохі адышло, каб абаперціся на VII рэзервовую брыгаду".
Як відно з апісанняпраціўніка, націск быў і вельмі моцны, а правае крыло не магло абапірацца на VII брыгаду, бо брыгады ўжо там не было.
Сяргееў успамінае таксама пра захады расейцаў з намерам абысці ХХ брыгаду з флангу. Што да нас, то мы не адчувалі тых тэндэнцый. Здавалася, што праціўнік мае ў распараджэнні большую колькасць жывой сілы і адсюль яго вялікія страты.
Абвяргаючы меркаванне генерала Шаптыцкага пра, як кажа, слабы націск на 10 дывізію, сцвярджаю таксама, што мыляецца і Сяргееў, які сцвярджае, што "Сядан" не ўдаўся, бо цэнтр быў за моцны, а флангі залішне слабыя. Выглядае гэта так, што ў цэнтры вельмі моцна высунулі 10-ую дывізію, таму крылы здолелі выканаць адход. Гэтага не было. Расійская 15-я армія прарываючы фронт VII рэзерввовай брыгады, брыгады 3-й дывізіі і 11-й дывізіі нічым не ўплывала на становішча 10-й дывізіі, якая трымалася на сваіх пазіцыях, хутчэй, задоўга. Каб не адысці лішне паспешна, пратрымалася дывізія ў тым раёне да 6 ліпеня. Праціўнікі нашы мелі залішне шмат часу, каб зрабіць "Сядан", а што таго не патрафілі зрабіць - гэта іхняя віна.
Так закончыўся дзень 4 ліпеня. А 24 гадзіне я загадаў абедзвум брыгадам адступіць і сканцэнтравацца: ХІХ - у Лужках, ХХ - у Германавічах. Адначасова вырашыў у выніку склаўшайся сітуацыі прыняць камандаванне таксама і над 8-й дывізіяй і з той мэтай выслаў у Пагост загад, думаючы, што яна знаходзіцца там.
5-га раніцай сітуацыя выглядала наступным чынам: ХІХ брыгада змагалася ў ваколіцах Лужкоў, а ХХ, нікім не атакованая, адходзіла да Германавічаў. Зноў трэба абвергнуць цверджанне п. Сяргеева, быццам бы яго 18-я дывізія мела ў той дзень поспех, праламаўшы пазіцыі 10-ай дывізіі. Ужо на світанні ХХ брыгада не ўдаючыся ў баі, адышла без пераследу непрыяцеля, а ў Германавічах знішчыла ўсё, чаго не магла забраць у свой абоз.
Сяргееў так тлумачыць няўдачу манёўру:
"Заблытанасць першапачатковага манёўру і некаторая неадпаведнасць асноўнай ідэі манёўру раздрабленне сілаў прывялі да таго што 4-я армія не мела ўласнай магчымасці абысці флангі праціўніка на полі бою, паколькі галоўная маса польскіх войскаў была разбіта лабавым ударам 15-й арміі і прадаўжала адступаць перад дасягненнем 15 арміяй, вызначаных ёй мэтаў".
Гэтае тлумачэнне няўдачы "Сядану" гучыць досыць мутна. "Адступіць", можа, і належала, але неяк не выпадала. Ніякага лабавога ўдару 15-я армія па маёй групе не наносіла. Фронт Германавічы - Лужкі атакавала 18-я дывізія пяхоты, якая, аднак, была адбіта і затрымана ў наступлені на два дні.
Наогул, расійскае камандаванне вельмі агульна і неахвотна гаворыць пра гэты паўночны эпізод. Маючы такую вялікую перавагу сілаў і корпус конніцы, не ўмелі знішчыць дзве дывізіі. Тухачэўскі распавядае, што потым па ўсёй Польшчы шукаў жывыя польскія сілы, а яны былі так блізка.
Маё такое ўпартае знаходжанне ў Шаркаўшчыне лічу сёння за памылку. Мела яна сваю крыніцу ў залішне добрым маім меркаванні пра праціўніка. Я лічыў ужо 4 ліпеня вечарам, што акружаны, таму хацеў сканцэнтраваць сілы, каб дзе-небудзь прабіцца. Спешка тут мала дапамагала. Трэба было высветліць сітуацыю. Ніколі б у той час не западозрыў расійскае камандаванне ў тым, што вышле конніцу для барацьбы з абозамі, а пяхоце дазволіць "таптацца" на поўначы.
Сувязі не было надалей ані з арміяй, ані з групай генерала Ендрыеўскага. Камандзір ХІХ брыгады палкоўнік Малахоўскі даносіў пра рух непрыяцельскіх калон справа ад яго ў кірунку на паўднёвы захад. Ані на поўначы, ані на поўдні не было чутно адгалоскаў баёў. З Браслава сігналізавалі, што масы непрыяцельскай кавалерыі пасоўваюцца на захад. Я вырашыў 8-ю і 10-ю дывізіі сканцэнтраваць у раёне Шаркаўшчыны. Я быў упэўнены, што расійская армія выконвае манёўр з мэтай акружэння абедзвюх дывізій, таму аргнізаваў выведку ва ўсе бакі, шукаў выхаду з той невыразнай сітуацыі. Адначасова я меў слабую надзею, што будзе нашае контрнаступленне з паўднёвага захаду, а гэта дасць мне магчымасць узаемадзеяння з тым контрнаступленнем у любым кірунку. Я адаслаў усе непатрэбныя абозы. А таксама шпітальны авангард у кірунку на Паставы. Перад імі выйшлі грузавыя аўтамабілі з кулямётамі. Мелі яны заданне заняць выхад з балот каля вёскі Казяны, а таксама бараніць абозы ад атак кавалерыі.
Наколькі ў кірунку Дзісны і Пагоста сітуацыя была невыразная, настолькі ясней вырысоўвалася ў кірунку Глыбокага і далей на поўдзень. Наша 1-я армія выконвала гвалтоўнае адступленне, а 8-я і 10-я дывізіі былі пакінуты свайму лёсу. Я чакаў на сканцэнтраванне ўсёй групы.
Тут трэба дадаць, што ў чаканні наступлення штаб 1-ай арміі разаслаў у падраздзяленні вельмі старанна выкананую схему лініі і вузлоў абароны на ўсёй тэрыторыі. Праца тая патыхала руцінай і неразуменнем рухомай вайны і ўзніклай сітуацыі. План гэты не ўдалося - простая рэч - прымяніць пасля пачатку наступлення, то і калі су-вязь з арміяй была страчана, падраздзяленні не ведалі, што маюць рабіць.
У выніку, калі група Ендрыеўскага адступала на поўдзень, 8-я дывізія ішла на поўнач, група Савіцкага - на захад, а 10-я дывізія стаяла на месцы. Было б яшчэ горш, каб мы ўзялі Дзісну і цяпер мусілі яе бараніць.
Такі быў вынік наступальных планаў на поўначы і высоўвання паўночнага крыла на ўсход.
Пасля паўдня адшукалі досыць неспадзявана, нейкім акружным шляхам, тэлефонную сувязь з Дунілавічамі, дзе знаходзіўся генерал Ендрыеўскі. На маё пытанне пра сітуацыю генерал адказаў, што яго група знаходзіцца ў адступленні на паўднёвы захад. Размова трывала вельмі коратка, бо генерал паведаміў, што не мае часу і чуе кулямётны агонь. На маё далейшае пытанне, ці ад камандавання арміі няма для мяне загадаў, адказаў, што загадаў няма і ён нічога не ведае.
На тым размова перарвалася, а разам з ёй і сувязь не толькі з 1-ай арміяй, але, выказваючыся вобразным стылем нашых праціўнікаў, "з усім буржуазным захадам".
Стала для мяне відавочным, што армія не толькі супрацьдзеяння, але наогул ніякага манёўру выканаць не можа.
Трэба было дзейнічаць на ўласны розум.
IV. Адход
Рашэнне. - Марш на Варапаева. - Намер абароны Вільні. - Дэпеша з Солаў з прапазіцыяй стварэння моцнай групы.
Сітуацыя была выключная, і паўставала пытанне, ці не належыць яе выкарыстаць якім-небудзь спосабам. Існавала магчымасць удару на Глыбокае. Ведаў, аднак, што 8-я дывізія адступае з баямі і праўдапрадобна, падходзячы да Шаркаўшчыны, будзе мець непрыяцеля на плячах. Акрамя таго з боку Лужкоў і Германавічаў у кожную хвілю мы маглі чакаць атакі.
Якую карысць мог прынесці такі ўдар?
Можа, атрымалі б лакальны эфект, але рызыка ўблытвання абедзвюх дывізій у значна цяжэйшую сітуацыю была вельмі вялікая. Аднак найважнейшым момантам, які гаварыў супраць удару, было тое, што армія, будучы ўжо ў поўным адходзе, не магла яго выкарыстаць.
Пад вечар прыбыў у Шаркаўшчыну палкоўнік Пажэрскі, які камандаваў у той час 8-й дывізіяй. Праз пару гадзін мела прыбыць яго дывізія. Неўзабаве падышла ХХ брыгада. З ХІХ быгадай сувязі не было.
Ноч з 5 на 6 ліпеня мінула ў нярвовым чаканні.
Найважнейшай задачай быў вывад групы з балот, якія вельмі моцна абцяжарвалі магчымасць рухаў. Прадбачыў, што Казяны і Цверач заняты непрыяцельскай конніцай, Варапаева і Дунілавічы яго пяхотай. Вырашыў шукаць выйсця ў Варапаеве, а з той мэтай выйсці з Шаркаўшчыны з такім разлікам, каб на той пункт выцяць на світанні.
Паколькі баявы ўдарны пункт звычайна перасоўваўся з усходу на захад і поўдзень, то я вызначыў у якасці перадавой аховы групы ХХ брыгаду палкоўніка Сікорскага, і сам разам з ёй вырушыў. 8-я дывізія, якая маршыравала з Пагоста ў пастаянным кантакце з непрыяцелем, забяспечвала тылы. Артылерыя і абозы маршыравалі пасярэдзіне.
З Шаркаўшчыны штаб групы выйшаў 6 ліпеня пасля паўдня. Маршал Пілсудскі ў сваёй працы "1920 год" падае, што дывізія пакінула Шаркаўшчыну 5 ліпеня. Таму трэба сцвердзіць, што група выйшла толькі 6-га вечарам і што расейцы мелі звыш двух сутак для арганізацыі свайго "Сядану". Суцяшэннем у той сітуацыі было, што група, як падаецца, не скампраментавала сябе залішне паспешным адходам, зразумелым у такой сітуацыі.
Адна рэч, якая мяне непакоіла, была адсутнасць сувязі з ХІХ брыгадай. Конныя выведнікі, якія дабраліся да Лужкоў, сцвярджалі, што яе там няма. Вырашыўшы на світанні 7 ліпеня выцяць на Варапаева, спадзяваўся, што ўстанаўлю з ёй сувязь.
Падчас маршу чуліся ад Шаркаўшчыны водгукі слабога агню пяхоты і артылерыі. Выходзілі адтуль апошнія падраздзяленні 8-ай дывізіі. Перад развілкай дарог, якія вялі на Варапаева і Казяны, правёў агляд маршыраваўшых падраздзяленняў. Усюды панаваў узорны парадак. Усе разумелі значнасць сітуацыі і чакалі вырашальнага сутыкнення з непрыяцелем. З Борак выслаў конных выведнікаў дарогай на Варапаева.
Праліўны дождж зусім сапсаваў і так дрэнныя дарогі. Вазы гразлі ў твані, а па кругляках, якімі была выкладзена дарога, асабліва цяжкім быў праезд для артылерыі абедзвюх дывізій. Гэтая шматлікая артылерыя, якая мела вельмі невялікую колькасць снарадаў, была з-за кепскага стану дарог хутчэй цягасцю, чым дапамогай. На выпадак нейкай акцыі мелі б з ёю вялікія цяжкасці, бо не магла з'ехаць з дарогі. Наогул, балоты рабілі немажлівым заняцце той ці іншай пазіцыі.
А 2-ой гадзіне ночы атрымаў амаль адначасова два данясенні ад коннай выведкі. Першае, што ў Варапаеве няма непрыяцеля, другое, што ХІХ брыгада знаходзіцца ў Мосары, дзе займае плацдарм перад фронтам на поўдні. Як мне апавядаў пазней палкоўнік Малахоўскі, ён маршыраваў на адной хуткасці з расійскімі падраздзяленнямі.
На світанні пачаўся выхад з балот. Паслаў эскадрон конных выведнікаў з загадам заняць Дунілавічы. Пад прыкрыццём 10-й дывізіі, якая заняла і ўтрымлівала Варапаева, а потым і Дунілавічы, распачаўся выхад абозаў, артылерыі і 8-й дывізіі. А 10-й гадзіне ўсё было скончана.
Мы стаялі на цвёрдай зямлі, падрыхтаваныя да бою. Атрымалі адпачынак да 15 гадзін. Кантакту з непрыяцелем і сувязі з камандаваннем арміі і надалей не было.
Вырашыў рушыць на Вільню.
У Варапаеве трапіў у нашыя рукі раз'езд, які складаўся з 10 казакаў на чале з афіцэрам. Ад іх даведаліся, што брыгада конніцы, якая ўваходзіла ў склад 15-й арміі, знаходзіцца недзе ў гэтай ваколіцы і рухаецца на злучэнне з корпусам Гая. Мы павінны былі быць гатовымі да сутыкнення з большымі падраздзяленнямі конніцы, і таму я згрупаваў аддзелы ў вялікі чатырохкутнік, у сярэдзіне якога знайходзілася артылерыя і абозы. Бакі таго чатырохкутніка даўжынёй па пару кіламетраў пасоўваліся па палявых дарогах у кірунку на Манкевічы (10-я дывізія) і Паставы (8-я дывізія).
Наваколле было пустое. Ані следу сваіх, ані непрыяцеля. Я прадбачыў, што Вільні пагражае корпус конніцы, і, не маючы нічога для работы на поўначы, я прыспешыў тэмп маршу ў кірунку на Кабыльнік.
Я ведаў, што Вільня была ўфартыфікавана так званай лініяй Шаптыцкага. На самай справе было гэтае ўфартыфікаванне слабое, але ва ўсякім разе складалася з досыць саліднай лініі дроту на пару кіламетраў на ўсход ад горада. Выбралі тую лінію добра, і належала толькі парабіць апорныя пункты, каб горад мог абараняцца досыць доўга. Нават калі б гэтая лінія была прарваная, то цэлы шэраг пагоркаў, а далей мураваных будынкаў рабіў з Вільні фартэцу не латвую для ўзяцця.
Я лічыў, што ўсё тое, што мы мелі на поўнач ад Вільні, а гэта значыць 10-я і 8-я дывізіі пяхоты, група Савіцкага, Барушчака, малыя маршавыя часткі, нарэшце ахова літоўскай граніцы мусілі б сабрацца ў Вільні. Як жыхар Віленшчыны я заўсёды зайздросціў Львову і яго гераічнай абароне ў 1918 годзе. Я лічыў, што цяпер чарга прыходзіць да Вільніі і яшчэ больш прыспешваў тэмп маршу.
9 ліпеня вечарам група спынілася ў Кабыльніку. Тут атрымаў першы ад пачатку адходу загад камандавання 1-ай арміі.
Загад той накіроўваў дывізію паміж азёрамі Свір і Вішнева, а потым на Жодзішкі. Дапускаю, што тут зроблена найвялікшая памылка вайны 1920 года, бо адмовіліся ад абароны Вільні і што потым ідзе Гародня з лініяй Нёмана. Не толькі аддавалі горад, дарагі сэрцу кожнага з нас, і пазбаўлялі насельніцтва магчымасці прадэманстраваць сваю гарачую прывязанасць да Польшчы, але паказвалі поўную адсутнасць стратэгічнага плану. Калі нешта магло апраўдаць трыманне кардону на Аўце і Беразіне, то толькі існаванне вялікага стратэгічнага плану. Планам тым было б нармальна раздзяліць увесь паўночны фронт на дзве групы, з якіх адна - паўднёвая - абапіралася б на Брэст-Літоўск, другая - паўночная - на Вільню і лінію Нёмана разам з Гародняй.
Быць можа, што ўдары прымусілі б нас да адступлення на лінію Нёмана, пакуль дывізіі з паўднёвага фронту не ўзялі б удзел у бітве. Пры існаванні аднак вялікай групоўкі на поўначы гэтае адступленне было б манёўрам, які зрабіў бы магчымай эвакуацыю Вільні, трыманне на прыймальнай адлегласці нашых супляменнікаў, а таксама новых непрыяцеляў - ковенскіх літоўцаў, а перадусім абарону Гародні, якая тады была б ключом стратэгічнай і палітычнай сітуацыі нашай поўначы.
Мушу прызнаць, што той падзел фронту на дзве маняўровыя групы падаўся мне настолькі натуральным і абавязковым, што першае ўражанне, якое атрымаў пасля прачытання загаду арміі было, што Вільня мае ўжо забяспечаную абарону, а 10-я дывізія прызначана для дзейнасці на яе перадполлі. Толькі пазней, калі дывізія была накіравана на Солы і Ашмяны, а Вільню мы аддалі амаль без бою, не цяжка было зразумець, што мы дзейнічаем, нажаль, без ніякага плану. Так, як стаялі кардонам, так кардонам і адступалі.
Здаючы сабе справу, які хаос паўстае ў камандаванні, калі загады выконваюцца не дакладна, нягледзячы на гэта, сёння шкадую, што дайшоў да мяне ў Кабыльніку загад 1-й арміі і што змушаны быў яго выконваць.
Лічу, што калі б 10-я дывізія скіравалася на Вільню і разам з 8-й дывізіяй і 2-й літоўска-беларускай дывізіяй, з маршавымі аддзеламі і цывільным насельніцтвам распачала абарону горада, баі пайшлі б іншым шляхам. Нам не толькі не спатрэбілася б аддаваць Гародню малым аддзелам конніцы, але, можа быць, не былі б змушаны пазней біцца пад Радзымінам.
Нажаль дывізію накіравалі ўздоўж фронту на поўдзень. На сёння ў архівах 1-ай арміі і працы камандуючага фронту знайходзім загады пра заняцце тых ці іншых баявых адрэзкаў, расцягнутых ад сарака да шасцідзесяці кіламетраў. Загады тыя амаль ніколі да дывізіі не даходзілі ў час.
Далейшы пераход адбываўся ўздоўж непрыяцельскага фронту. Сілы дывізіі марнаваў на баі на маім левым крыле, якое, выконваючы вызначаны загадам пераход, пастаянна трэба было падстаўляць пад непрыяцельскія ўдары. Так было аднолькава як пад Смаргонню, так і пад Тракелямі, а таксама каля Саган і Ліды. Маршыраваў перад непрыяцелем, трацячы людзей і энергію на выкананне памылковага загаду камандуючага арміі; слабым суцяшэннем для нас сёння ёсць ведамасць, узятая з кніжкі ген. Шаптыцкага, што рабілася гэта супраць яго волі.
Цяжка гаварыць пра выкананне тагачасных загадаў камандавання арміі, бо як ужо адзначаў, загады тыя звычайна прыходзілі запозна і патрабавалі займаць тую ці іншую лінію "ад - да", калі было відавочна, што сілы дывізіі трэба было трымаць кампактна.
Кампактнасць тая падавалася тым больш неабходнай, што колькасны склад быў вельмі нізкі. Ад канца траўня дывізія была ў пастаянных баях, несучы страты. Папаўненняў не было ніякіх, стомленасць велізарная. Прыходзіла апасенне, што пры далейшых так фарсаваных маршах сілы яе растануць зусім.
Таму з Солаў, не могучы глядзець далей на тое, што робіцца, выслаў камандаванню арміі наступную дэпешу:
"Камандаванне 10-й дывізіі, 13.VII.1920, 15-я гадзіна, L. 1129/ор.
Камандаванню 1-ай арміі.
Пасля адступлення 8-й дывізіі на лінію Астравец-Рындзяны 10-я дывізія заняла лінію ракі Віліі ад 17-й дывізіі да 8-й дывізіі пяхоты. Апошнія баі на нашым фронце, а таксама тактыка непрыяцеля змушаюць мяне далажыць камандаванню арміі наступнае:
1) Лічу неабходным цалкам адмовіцца ад тактыкі абаронных ліній, а перайсці да тактыкі большых груп і армій. Першай такой групай магла б быць група з 8-й, 10-й і 17-й дывізій, якая прыкрыта з усходу нямецкімі акопамі і ракой Віліяй, базуецца на лініі Ліда - Вільня, адкуль мае як найхутчэй атрымаць папаўненне, боепрыпасы і правізію, будзе лепш бараніць Вільню, чым тонкая лінія. Сіла і тактыка наша мусіла б палягаць на атаках тых груп, а не на абароне тонкіх доўгіх ліній без рэзерваў. Пры прызначэнні камандзіра гэтай групы не павінна камандаванне стрымлівацца рангамі і старшынствам. Я гатовы падпарадкавацца афіцэру любога рангу, якога прызначыць камандаванне.
2) На ўсе просьбы дывізіі аб папаўненні дывізія не атрымала ніякага адказу. Я не магу падабраць досыць моцных і найбольш пераканальных выразаў, якімі звяртаюся да камандавання. Сілы левага крыла арміі, якія амаль два месяцы вядуць несупынныя баі з пераважным непрыяцелем, так вычарпаны і колькасна малыя, што калі камандаванне гэтага не разгледзіць і не прышле папаўнення, з жалем мушу паведаміць, што пазасталы яшчэ выдатны баявы і ідэйны матэрыял 10-й дывізіі змарнуецца, бо яшчэ можам абысціся без абутку і яды, але не можам абысціся без людзей.
Л. Жалігоўскі, ген.-падпаручнік".
Станавілася што раз лепш бачна, што мы дзейнічаем бяспланава.
Камандзір роты, які мае заданне абараняць пэўны пункт, мусіць мець план той абароны. Такі план кантралюе вышэйшае камандаванне і ўносіць свае папраўкі; плану таго іншы камандзір роты, якая дзейнічае на той самай тэрыторыі, ужо самавольна змяніць не можа. Так дзеецца на ўсіх узроўнях іерархіі. На маю думку такога плану адносна да паўночнага адрэзку фронту ў нас не было, прынамсі не сустракаўся з ім ні ў жыцці, ні ў кніжцы ген. Шаптыцкага.
Лічу, што Галоўнае камандаванне не можа быць вольнае ад прэтэнзій, бо надзяліла лішняй аўтаноміяй камандаванне фронту. Маршал Пілсудскі ў "1920 годзе" піша, што з пачаткам наступлення хацеў стварэння большых груповак і адступлення левага крыла. Гаворыць пра тое загад Вярхоўнага камандавання № 7344/ІІІ ад 9 ліпеня 1920 г. Адносная вынятка з таго загаду гучыць так:
"Лінія, якую гал. кам. вызначае як край нашага адходу, наступная:
Лінія Збруча - прыкрыццё Тарнопаля і Бродаў на паўночны ўсход ад той мясцовасці, далей Стыр, Лунінец, даўняя лінія нямецкіх акопаў з утрыманнем раёна Вільні з улікам узнікшай там сітуацыі.
Пры выхадзе на гэтую лінію мусіць быць групоўка, прыстасаваная (у першай фазе) да актыўнай абароны праз стварэнне моцных груп, сувязь паміж якімі ўтрымліваць з дапамогай слабых сіл або ўсялякіх іншых сродкаў сувязі".
Было гэта ўжо, аднак, за позна. План камандавання фронту павінен быў быць пракантраляваным яшчэ зімой, а з надыходам вясны належала падрыхтаваць тэрыторыю. Калі б абарона была гатова, можна было б думаць пра атаку на Кіеў. Гэтая абарона падрыхтавана не была. Не былі таксама падрыхтаваны сродкі, неабходныя на выпадак няўдачы. Не была падрыхтавана ні тэрыторыя, ні манёўр. На памылкі нашых праціўнікаў мы не маглі разлічваць, а ёсць фактам, што калі б на тым баку не здзейснілі ўражвальных памылак, то ўся паўночная група мусіла б перастаць існаваць.
Не ёсць сёння нашым заданнем разважаць, чыя гэта віна і крытыкаваць распараджэнні камандавання. Не пра крытыку тут ідзецца. Ідзецца пра гістарычную праўду, якая прасвятляла б, чаму мы, перавышаючы нашага праціўніка з пункту погляду маральнага, а часткова нават матэрыяльна, вымушаны былі выконваць гэты ганебны адход без ніякай маняўровай ідэі, без тэмпераменту, без волі.
У выніку дзве дывізіі заміж таго, каб мець выразнае заданне і мэту, у выкананні якіх маглі разгарнуць ва ўсёй паўнаце свае баявыя і маральныя сілы, заміж таго, каб выконваць план і ісці па натурвльнай дарозе адходу, мусілі цягацца па ашмянскім і лідскім бездарожжы, не прыносячы ніякай карысці для справы і ў найгоршых умовах весці непатрэбныя баі, якія нішчылі і так сціплыя іх сілы, вычэрпвалі іх фізічна і ні да чаго не вялі.
Таму ў адходзе мелі мы не толькі стратэгічныя, але і тактычныя промахі. Кінуў ён таксама няслушны цень на добрае імя нашай арміі.
V. Пад Гародняй
Марш з Ліды на Гародню. - Распараджэнні штаба арміі па дарозе. - Сітуацыя пад Гародняй. - Пераход Нёмана. - Пра загады з архіваў.
Калі мы 17 ліпеня падходзілі да Ліды, атакавалі дывізію непрыяцельскія аддзелы, якія атрымалі перад гэтым значны поспех у баях з нашай 17-й дывізіяй пяхоты пад Геранёнамі. Пасля ачышчэння сабе пераходу цераз масты на рацэ Жыжме ХІХ брыгада ўвайшла ў Ліду, а ХХ стала на Віленскім тракце.
З улікам таго, што ў раёне Ліды сканцэнтравалася значная колькасць аддзелаў, вышэйшае камандаванне планавала наступальную акцыю. Да гэтага, аднак, не дайшло. Штаба арміі ўжо там не было, а Ліду абстрэльвалі некалькі палявых расейскіх гармат. У горадзе і на вакзале панаваў панічны настрой.
У Лідзе дывізія атрымала выпіску з загаду камандуючага арміі, паводле якой мы мелі накіравацца на Гародню і заняць адрэзак ад Паплаў да Друскенік. Разлік часу паказваў, што непрыяцель меў больш кароткую дарогу, ідучы праз Вільню пад Гародню, чым мы, кружачы на Солы - Ашмяны - Канвалішкі - Ліду.
Паводле ацэнкі сітуацыі ішлося не столькі пра названы адрэзак, колькі пра Гародню, на якую непрыяцель без сумнення скіруе. Вырашыў за тры пераходы прайсці да Гародні і быць там 19 ліпеня. Пасля аддання адпаведнага загаду паслаў яго лакаматывам бронецягніка ў найдалей размешчаную ХХ брыгаду, якая яго таксама атымала у час.
У папярэднім адходзе дывізія прайшла звыш 300 кіламетраў, ці беручы ў сярэднім, па 30 кіламетраў штодзень. Пераход адбываўся па цяжкіх дарогах, пры дробных, але амаль што пастаянных сутычках на правым крыле. Людзі былі жудасна змучаны, і здараліся хвілі, у якія гублялася ўвага да ўсякіх небяспекаў. Беручы аднак сітуацыю цалкам, настрой панаваў добры. Складвалася ўражанне, што мы выконваем не адход, а манёўр у чаканні бітвы на Нёмане. Усіх аднак трывожыла думка, што адходзім задалёка і пры тым кепскай дарогай, абмінаючы Вільню. Выконваны цяпер марш на Гародню паказваў на паварот дывізіі да нармальнага кірунку. Ішлося толькі пра тое, каб не спазніцца. Я дапускаў, што дывізія падыдзе да Гародні адначасова з непрыяцелем.
У першы дзень маршу прайшла група (10-я і 8-я дывізія, якая далучылася) у кірунку з Ліды на Гародню 30 кіламетраў, а разам з маршам, які адбыўся ў той дзень да Ліды - 54 кіламетры. Сітуацыя змянілася настолькі, што цяпер не левае крыло, а правае было падстаўлена пад удары непрыяцеля з поўначы. На паўночны захад ад Ліды нейкі вялікі аддзел непрыяцельскай конніцы, відочна, пракраўшыся лясамі, заспеў ХХ брыгаду на маршы падчас пераходу балоцістай рэчкі Дзітвы пад мясцовасцю Мыто.
На другі дзень падчас ажыццяўлення другога пераходу да Скідзеля атрымаў ад камандавання арміі загад затрымацца на суткі. Не могучы зразумець прычыны гэтай затрымкі, я адразу думаў, што кіраўніцтва арміі мае намер перайсці ў наступленне і шкадаваў, што ў першы дзень выканаў такі вялікі пераход. Нічога, аднак, не змянілася, і не атрымаўшы іншага загаду, мусіў у наступны дзень маршыраваць далей.
Калі сёння я шукаю прычыны той фатальнай для мяне затрымкі, даведваюся з актаў 1-й арміі, якія знаходзяцца ў архівах Вайсковага гістарычнага бюро, што выдалі ў той час інструкцыю па адходзе, у якой камандаванне арміі дакладна прадбачыць, у які час і дзе падраздзяленні маюць знаходзіцца. Інструкцыя тая загадвала дасягнуць мэты за тры дні. Паколькі я, не ведаючы той інструкцыі, прыйшоў з групай ужо 19 ліпеня вечарам пад Гародню, таму затрымалі мяне ў дарозе для "выроўнівання". Сёння падаецца гэта неверагодным, тады аднак "выроўніванне" адступаўшых падраздзяленняў было, відавочна, найбольшым клопатам штаба 1-й арміі.
У міжчассі камандаванне арміі змяніла план, вырашаўшы перайсці арміяй на левы бераг Нёмана. 10-я дывізія мела заняць адрэзак ад вусця ракі Рось у Нёман да м. Кавальцы. З той прычыны я атрымаў на маршы 18 ліпеня лаканічнае распараджэнне са штаба арміі: "Шукаць брады на Нёмане".
Усё гэта паказвала на адсутнасць цікавасці да лёсу Гародні з боку камандавання арміі, але найфатальнейшым быў той загад аб затрыманні на адзін дзень. Каб не той загад, група дайшла б да Гародні ў час першага наступлення непрыяцельскай конніцы, і сітуацыя без сумнення змянілася б. У Скідзелі група была 19 ліпеня пад вечар. Ад уцекачоў мы даведаліся, што непрыяцель ужо заняў Гародню. Пра сітуацыю я меў наступныя дадзеныя:
1) Камандаванне арміі не мае намеру клапаціцца пра Гародню, на што ўказваў загад, які затрымаў групу на адны суткі на маршы;
2) Загад шукаць брады на Нёмане ўскосна гэта пацвярджаў;
3) Вестка пра падзенне Гародні.
Што належала рабіць?
Паколькі падавалася зусім ясным, што камандаванне арміі не клапоціцца пра Гародню, улічваючы, што неканкрэтнае і незразумелае распараджэнне, выдадзенае камандаваннем, ёсць наступствам мёртвага бюракратызму і адсутнасці рашучай волі, якія, нажаль, панавалі ў штабе арміі. Хоць Гародня пасля пакідання намі паўночнага абшару страціла сваё стратэгічнае значэнне, мела, аднак, вялікае тактычнае значэнне для абароны ўсёй лініі Нёмана. А мы да той лініі падходзілі і мелі яе бараніць.
Сабраўшы ўсіх камандзіраў абгаварыў з імі сітуацыю. Былі два шляхі:
1) Атакаваць Гародню і старацца яе адабраць;
2) Перайсці на левы бераг Нёмана.
Цяжка было адгадаць, якія сілы занялі Гародню. Разлік часу паказваў, што там ужо можа быць непрыяцельская пяхота. Ва ўсякім выпадку не маглі быць вялікія сілы. Такі погляд гаварыў за атаку цвердзі.
Што было перашкодай для гэтай акцыі?
Па-першае - факт, што непрыяцель не толькі быў у Гародні, але яго аддзелы занялі ўжо Азёры, выбіраліся з гарадзенскіх лясоў, і з кожнай гадзінай павялічвалася іх колькасць.
Ідучы на Гародню ад Скідзеля, на адлегласці 35 кіламетраў трэба было маршыраваць уздоўж непрыяцельскага фронту, які вісеў над нашым правым крылом.
Па-друое - на ўсёй адлегласці з левага боку мы мелі Нёман. Без мастоў, з адным бродам у Коматаве. Па гэтым вузкім калідоры паміж непрыяцелем і ракой мусіла група здзейсніць атаку на занятую цвердзь. Пры гэтым я мог чакаць, што ў расійскай кавалерыі знойдуцца эскадроны, якія, чакаючы з гадзіны на гадзіну прыбыцця сваёй пяхоты, забарыкадуюцца ў дамах, скіроўваючы агонь уздоўж вуліц горада, што магло стаць непрыемнай, нават непераадольнай неспадзяванкай пры спробе ўзяцця горада.
Па-трэцяе - нарэшце - не было ніякай пэўнасці, што група знойдзе падтрымку з боку астатняй арміі. Апошнія падзеі ў Лідзе, загады па дарозе, а таксама гарадзенскія баі паказвалі, што штаб арміі перажывае нейкі крызіс і што на добрую дапамогу з таго боку цяжка разлічваць.
Дапускаў, што Гародню ўдасца адабраць, але сумняваўся, ці будзе можна яе ўтрымаць. Заняцце цвердзі палявымі войскамі вымагае, каб на месцы былі афіцэры інжынерыі, якія маглі б даць указанні як тыя, што тычацца сістэмы фартыфікацыі, так і плану агню. Пасля пакідання цвердзі не было пад рукой людзей, якія ведалі сістэму абароны. У дадатак да ўсяго дрэннага мост, які злучаў левы бераг Нёмана з Гародняй, быў знішчаны. Таксама запасаў боепрыпасаў, якія заставаліся ў падраздзяленнях, не магло хапіць для абароны ўмацаванняў.
Ці ў тых умовах мог рызыкаваць? Вырашыў, што не. Рызыка была залішне вялікая, а карысць сумніўная.
Дапускаю, што калі б у хвілі таго вагання ў Скідзелі меў пэўнасць якіх-небудзь акцый з паўднёвага берага Нёмана, акцыі аддзелаў, здольных да бою, то атакаваў бы Гародню і, вельмі можа быць, заняў бы яе. Праўда, не прынесла б гэта нам вялікай карысці, бо Нёман быў бы ў той час фарсіраваны паміж вусцямі Свіслачы і Росі, а атака гэтая была б паслядоўнай атакай групы, якая яшчэ аперавала на правым беразе Нёмана. Але для гэтага патрэбна была вера, што выконваецца нешта планавае і неабходнае. Аднак упакоўваць змучаныя адходам падраздзяленні ў незнаёмую ім цвердзь і чакаць у кожную хвілю ўсё большых сіл непрыяцеля, маючы за сабой спаленыя масты на такой рэчцы, як Нёман, было гульнёй "ва банк", якая магла скончыцца стратай абедзвюх дывізій. На такую сур'ёзную рэч можна было адважыцца, маючы перакананне, што прынясе гэта якую-небудзь карысць. Такога пераканання я не меў і мець не мог.
Таму выдадзены мной загад наступлення на Гародню, а таксама на поўнач і ўсход, меў на мэце толькі дыверсію і мажлівасць нам перайсці раку праз утрыманне непрыяцельскіх аддзелаў на патрэбны прамежак часу на патрэбнай адлегласці. Для атакі на цвердзь прызначыў брыгаду палкоўніка Малахоўскага, на Азёры і забеспячэнне з поўначы накіраваў 8-ю дывізію пад камандаваннем палкоўніка Бургардта-Букацкага, для дыверсіі ў бок Ліды - брыгаду палкоўніка Сікорскага. Адначасова маёр Сабяшчак на чале ўсіх тэхнічных рот будаваў пантонны мост у Лунна, а 13-ты полк уланаў забяспечваў брод у Коматаве.
155-ты полк пяхоты дапяў аж да прадмесцяў Гародні, сеючы - як ведаем сёння - панічны перапалох у аддзелах савецкай конніцы Гая. Горш былі справы на поўначы, дзе акрамя брыгады 8-й дывізіі трэба было ўводзіць у бой 28-мы полк пяхоты, які адкінуў непрыяцеля, але панёс пры гэтым адчувальныя страты.
На працягу ночы я загадаў спыніць атакі і адступіць на левы бераг Нёмана, што таксама было выканана ў найвялікшым парадку і з малымі стратамі. Непрыяцель усюды застаўся на месцах, на якіх пад вечар ішлі баі.
* * *
Праглядваючы ў архіве Вайсковага гістарычнага бюро акты, датычныя гэтага перыяду вайны, я знайшоў загад камандавання 1-ай арміі, датаваны 19-м ліпеня 1920 г., які загадвае атакаваць Гародню 20 ліпеня. Здавалася б на першы погляд, што загад гэты досыць прапрацаваны, рухае ўсе спружыны апарату арміі, каб забяспечыць поспех 8-ай і 10-ай дывізій, якія мелі непасрэдна наступаць на цвердзь. Па задуме гэтага загаду мусіла група генерала Ржандкоўскага (1-я літ.-бел. дывізія і 17-я дывізія пяхоты) атакаваць Шчучын з мэтай прыкрыцця маёй групы з усходу, група генерала Макрэцкага ў складзе 2-ой літ.-бел. дывізіі і XVIII брыгады пяхоты мела атакаваць Гародню з паўднёвага і заходняга бакоў. Нарэшце група генерала Ендрыеўскага мела закрыць пераход цераз Нёман і Свіслач, ад Лунна, выключна, да Заневіч над Свіслаччу.
Загад гэты, падпісаны начальнікам штаба арміі палкоўнікам Кубінам, не дайшоў - як відаць - ні да аднаго аддзела своечасова. Нават 1-я літ.-бел. дывізія, якая аперавала найбліжэй да месца размяшчэння штаба арміі, атрымала яго толькі раніцай 20 ліпеня, а стоячы ўжо часткай сваіх сіл над Нёманам і ў Мастах, ніякай акцыі для таго прадпрыняць не магла.
Увесь гэты загад ёсць тыповым прыкладам папяровай загадатворчасці, якая з рэальнасцю вайны нічога супольнага не мае, і цяжка дапусціць, каб сам аўтар верыў у магчымасць яго выканання. Прыгледзімся бліжэй:
Памінаючы сітуацыю з 8-ай і 10-й дывізіямі, пра якія ўжо гаварыў, ніякія іншыя аддзелы не маглі ўплываць на тое, што рабілася пад Гародняй 20 ліпеня.
Група генерала Ржандкоўскага атрымала загад выцяць на Шчучын. Пункт гэты знаходзіцца на адлегласці 70 кіламетраў ад Гародні па прамой. У той паласе дзейнічала дакладна іншая непрыяцельская армія. Нават поспех акцыі групы генерала Ржандкоўскага не мог мець на ход аперацыі пад Гародняй ніякага ўплыву.
Група генерала Макрэцкага мела атакаваць Гародню з паўдня і захаду. Вось жа трэба сцвердзіць, што група гэтая была наогул паняццем ілюзорным. Складалася яна з недабіткаў слабой у баявых адносінах 2-ой літ.-бел. дыві-зіі, пазбіраных з розных маршавых падраздзяленняў, якія толькі што ў паніцы пакінулі Гародню, палячы за сабой масты, і спыніліся ў Саколцы, а часткова нават у Беластоку. Акрамя таго на паперы ўваходзіла ў групу добрая ў баявых адносінах XVIII брыгада, якая ў рэальнасці на той дзень яшчэ не прыбыла, а таму ўдзелу ў бітве ўзяць не магла.
Аслабленая баямі група генерала Ендрыеўскага мела бараніць лінію Нёмана, але гэтая абарона на здабыццё Гародні таксама не магла мець ні найменшага ўплыву.
Як з гэтага вынікае, доўгі і старанна сканструяваны загад меў кароткі змест:
"8-я і 10-я дывізіі атакуюць Гародню без дапамогі і без сувязі з інымі аддзеламі".
Гэта было ўласна тое, пра што я добра ведаў у Скідзелі 19 ліпеня, калі вырашыў забяспечыць адход і перайсці на левы бераг Нёмана.
Генерал Шаптыцкі ў сваёй кніжцы "Літоўска-беларускі фронт", палемізуючы з маршалам Пілсудскім, гаворыць:
"Генералу Жалігоўскаму не патрабавалася "вагацца", ці дарогу да Нёмана адчыняць у Гародні, ці не, бо меў цалкам ясныя загады".
А далей абгаворваючы справу атакі на цвердзь і гаворачы пра адсутнасць генерала Жыгадловіча, які - паводле генерала Шаптыцкага - 19 ліпеня выехаў з Ліды [2], сцвярджае, што са мной у справе наступлення на Гародню размаўляў па тэлефоне палкоўнік Кубін і нават меў ад імя камандуючага арміі выдаць дыспазіцыю, якая тычылася атакі.
Таму сцвярджаю катэгарычна, што ні аднаго загаду не атрымаў, ніякай размовы з палкоўнікам Кубінам не меў, а, наколькі мне вядома, сувязі з арміяй праз увесь той час не было [3].
Што праўда, ні загад, ні тэлефонная размова не ўнеслі б нічога новага ў сітуацыі аж занадта яснай. Калі б я нават пра той загад палкоўніка Кубіна ведаў, не мог бы паступіць іначай, як паступіў.
Значэнне Гародні я высока цаніў і без загаду, а калі б я той загад атрымаў 19 ліпеня вечарам у той самай форме, у якой сёння ён знаходзіцца ў архіве, пасля ўзважвання сітуацыі не мог бы прыняць іншага рашэння, чым тое, якое ў той час прыняў.
Камандаванне арміі запозна ацаніла Гародню, яе стратэгічнае і тактычнае значэнне. Мы маглі з поспехам бараніць Гародню, але ў сітуацыі, якая ўзнікла, мы не маглі здабываць яе нанава.
Расейскае камандаванне ў дыверсіі брыгады палкоўніка Малахоўскага бачыць вялікі манёўр, мэтай якога было адабраць Гародню. Гэтая думка цалкам памылковая. Як ужо гаварыў, сутнасць гэтага манёўру была не складанай, а простай. Усе складанасці засталіся ў актах 1-й арміі і пасляваенных публікацыях расейскіх вайсковых пісьменнікаў.
* * *
Тухачэўскі, Сяргееў, а асабліва камандзір коннага корпуса Гай хочуць бачыць у гарадзенскіх аперацыях пачатак стратэгічнага манёўру, з мэтай вяртання намі Гародні. Мы ведаем, што так не было, а калі б нават такія намеры існавалі, былі б ужо нерэальнымі. Гародня мела велізарнае значэнне для нашай поўначы. Яна ўтварала аперацыйную базу для арміі, што мела бараніць Вільню, змушала да спакою літоўцаў, забяспечвала лінію Нёмана і раўнавагу ўсяго нашага паўночнага крыла.
Усё гэта было б у той час, калі б аперацыі на нашым левым крыле мелі нармальны ход, калі б замест чакання бітвы на Аўце мы стварылі па задуме праекту Галоўнакамандуючага вялікую групу на поўначы. Гэтага не адбылося. Пасля бітвы 4 ліпеня ўвесь фронт адступаў лініяй, а Вільню мы аддалі без абароны. У гэтых умовах значэнне Гародні паменшала. Яна перастала быць асяродкам і падставай для вялікага стратэгічнага манёўру, а сышла да абароннага пункта на лініі Нёмана. Калі конніца Гая заняла гэты пункт, а пераважныя расійскія сілы фарсіравалі Нёман і Шчару ў некалькіх мейсцах, то ў гэты час астатнія гарадзенскія аперацыі ўяўляліся хутчэй як сатысфакцыйныя, фармальныя і практычнай вартасці не мелі. Праўда, штаб Вярхоўнага галоўнакамандавання пад уражаннем падзення Гародні пісаў, што "ад утрымання лініі Нёмана залежыць лёс Польшчы", але, нажаль, была гэта ацэнка запозненая і на шчасце памылковая. Вярхоўнае галоўнакамандаванне так жа, як раней не даацэньвала значэнне гэтай цвердзі, бо не прызначыла для яе нават адпаведнага каменданта, так цяпер пераацэньвала яе ў згаданым загадзе.
Не падлягае сумненню, што Гародня нават у той час, хоць ужо страціла сваю стратэгічную значнасць, адыграла б вялікую ролю на нашым паўночным крыле. Вярнуць яе, аднак, было немажліва, бо па-першае не мелі на тое сілаў, а па-другое паўсталі выразныя рознагалоссі ў поглядах на тую справу паміж Вярхоўным галоўнакамандаваннем з аднаго і камандуючымі фронту і 1-й арміі з другога боку. Вярхоўнае галоўнакамандаванне хацела мець моцнае левае крыло, а заміж гэтага камандуючыя фронту і арміі хацелі мець забяспечаны цэнтр фронту. Гэта ясна вынікае з тэлеграфных размоў паміж генералам Шаптыцкім і генералам Ромерам. Цытуючы гэтыя размовы ў сваёй працы "Адступальная бітва над Нёманам 1-й польскай арміі" маёр Ежы Дамброўскі прыходзіць да наступнай высновы:
"Бачым адгэтуль, што як ген. Ромер, так і ген. Шаптыцкі лічылі залішнім скіраванне адходаў пад Гародню і нават шкадавалі, што яны ўжо туды часткова нацэлены.
Узнікае тут аднак яшчэ адно апасенне. Бо ўсе пісьмовыя загады Вярхоўнага галоўнакамандавання як перад, у ходзе, так і пасля бітвы над Нёманам, падкрэслівалі неабходнасць перакладу пункта цяжару 1-й арміі на левае крыло. Тым часам ген. Ромер, які перад гэтым прыехаў у распараджэнне Вярхоўнага галоўна-камандавання з паўднёвага фронту і асабіста не мог быць з'арыентаваны ў становішчы 1-ай арміі, а таму выключна "з сітуацыі ў Вярхоўным галоўнакамандаванні рабіў выснову, што пісьмовыя загады - загадамі, але фактычна лепей пункт цяжару трымаць на правым крыле арміі".
Вось таму аперацыя з мэтай вяртання Гародні не мела ўжо практычнага значэння. Задзейнічала яна і так сціплыя нашы сілы і прыспешвала адход з лініі Нёмана, бо сцягваныя пад Гародню аддзелы мусяць агаляць гэтую лінію.
Без гэтай аперацыі мы маглі б за вялікім водным бар'ерам упарадкаваць нашыя сілы, пратрымацца яшчэ некалькі дзён, наносячы вялікія страты непрыяцелю, і адысці ў парадку. У камандаванні арміі панаваў, аднак, нярвовы неспакой, перакідванне сілаў і характарыстычнае латанне дзірак, што прыводзіла да перамяшчэння аддзелаў і вымотвала іх фізічна.
На лініі Нёмана давялося асабліва адчуць адсутнасць кавалерыі, патрэбнай для кантролю за ракой. Нешматлікіх аддзелаў, якія там знаходзіліся, было недастаткова. Таму ролю конніцы выконвала пяхота, што яе толькі абцяжарвала, не даючы вынікаў.
Ад 22 ліпеня камандаванне 1-й арміі прыняў генерал Ромер, які камандаваў ёй да 29 ліпеня. Роля кожнага камандуючага была цяжкая, бо з-за лінейнай групоўкі і расцярушаных сіл дасягненне пазітыўных вынікаў не было мажлівым. Я спадзяваўся на стварэнне вялікай групы або на сканцэнтраванне ўсёй арміі на левым крыле фронту. Генерал Ромер, аднак, імкнуўся ў цэнтр да выкідвання непрыяцеля за Нёман. Адсюль няўдачныя, цяжкія і непатрэбныя манёўры 10-й, 8-й і 1-й літоўска-беларускай дывізій. Новы камандуючы трымаўся лінейнай абароны Нёмана, а потым Нарвы і Буга.
У час адходу гарадзенскай групы ў яе тылах у Кузніцы і Саколцы ўжо аперавала непрыяцельская конніца, а ў Індуры і Адэльску старалася абысці яе непрыяцельская пяхота, якая фарсіравала Нёман у Лунна, на адрэзку 11-й дывізіі пяхоты.
VI. Баі над Нарвай і Бугам
Планы абароны Нарвы. - Ход баёў. - Уплыў баёў над Нарвай на далейшы ход аперацыі. - Цвердзь.
27 ліпеня Вярхоўны галоўнакамандуючы выдае дырэктыву далейшых дзеянняў. Задуму сваю абапірае на абароне лініі Граева - Асавец - рака Нарва - рака Арлянка - мясцовасць Лясная - Берасце, а таксама на контнаступленні з раёна Берасця, якое мела выканаць каля 5 жніўня палеская група, узмоцненая дывізіямі, перакінутымі з Украіны. Згаданая лінія мела быць абсталёвана ў фартыфікацыйных адносінах, аднак да гэтага не дайшло.
Расійскія крыніцы інфармуюць нас вельмі дакладна, што ў той час рабілася на тым баку. Быў гэта перыяд, можа, найбольшага аптымізму ў нашых праціўнікаў. Хуткае адкідванне паўночнага фронту, заняцце без высілкаў Вільні і Гародні, нарэшце, фарсіраванне Нёмана і Шчары выклікалі ўражанне, што польская армія страціла ўжо ўсялякую вартасць і не здольная да ніякага супраціву. Таму камандуючы фронту Тухачэўскі ставіць сваім арміям новую задачу: дасягнуць да 3 жніўня лініі Астраленка - Востраў - Косава - Улодава.
Дзве арміі, 4-я і 15-я былі накіраваны на поўнач ад Буга, 3-я і 16-я - поўдзень ад той ракі.
У нас бітва над Нарвай была пачата фатальным непаразуменнем. Цвердзь Асавец, якая замыкае вузкі праход цераз балоты ракі Бебжы, па загадзе камандавання 1-й арміі пакідаецца залогай, у выніку чаго непрыяцельская кавалерыя найнеспадзяваней для яе самой знайходзіць адкрытую дарогу на Ломжу ў тылы нашай 1-й арміі, а таксама на поўнач аж да нямецкай мяжы. Мы хутка разумеем тую вялікую памылку і стараемся адабраць Асавец, але гэта нам ужо не ўдаецца. Аддзелы палкоўніка Копы, якія мелі бараніць Асавец, адходзяць да Ломжы і арганізуюць абарону гэтай цвердзі.
Характарыстычным ёсць тое, што гаворыць пра тую справу стрыманы наогул Сяргееў у сваёй кніжцы "Ад Дзвіны да Віслы" (старонка 97):
"Нельга абмінуць маўчаннем проста незразумелае трактаванне польскім камандаваннем справы Асаўца, які быў запорам адзінай пераправы цераз Бебжу, дзякуючы тэрыарыяльным умовам пазіцыя Асаўца, заслоненая на ўсім фронце балотамі, дазваляла пры дапамозе аднаго ці двух палкоў, калі не цалкам адбіць напад кавалерыі, то ва ўсякім разе затрымаць яе на працягу пары дзён або змусіць да абходу, шукаючы пераправы недзе далей, і да пярэбараў цераз балоты".
Група, якой я камандую, адходзіць уздоўж чыгуначнай каляі Гародня - Беласток. 27 ліпеня затрымаліся на рэчцы Супрасль, на лініі ад мясцовасці Завады (на ўсход ад Супрасля) да Тыкоціна. Без перапынку трывалі цяжкія баі. Супраць групы дзейнічала 4-я савецкая армія. Пачынаючы ад Васількова і Беластока на нашу 1-ю армію скіроўваецца таксама савецкая 15-я армія, якая ішла між Нарвай і Бугам.
У гэтым месцы фронт нашай 1-й арміі паступова змяняецца з паўночна-ўсходняга на ўсходні. Наша 4-я армія адступала лішне гвалтоўна на поўдні, і правае крыло 1-й арміі (1-я літоўска-беларуская дывізія) правым флангам становіцца на Нарве.
1-я армія дзеліцца на дзве групы: паўднёвую (ядро якой складае 1-я літоўска-беларуская дывізія) пад камандай генерала Ендрыеўскага і паўночная (яром якой ёсць 10-я дывізія) пад маёй камандай. Арміяй камандаваў да 29 ліпеня генерал Ромер, пасля яго - генерал Ендрыеўскі.
Група пад маёй камандай займае адрэзак ад Суража (уключна) да Візны (выключна), г.зн. каля 60 кіламетраў. У яе склад уваходзяць:
1) 10-я дывізія пяхоты (каля 1650 багнетаў).
2) 3 дабраахвотныя батальёны пад камандаваннем палкоўніка Загорскага (каля 1500 багнетаў).
3) XVIII брыгада (палкі 34-ты і 35-ты) пад камандаваннем палкоўніка Лучынскага (каля 1000 багнетаў).
4) ХХ брыгада 2-ой літоўска-беларускай дывізіі, пад камандаваннем палкоўніка Завістоўскага (550 багнетаў).
5) 41-шы сувальскі полк - камандзір палкоўнік Мацкевіч (800 багнетаў).
6) Марскі батальён пад камандаваннем капітана Магучыега (250 багнетаў).
7) 24 полк пяхоты пад камандаваннем палкоўніка Янішэўскага (каля 1000 багнетаў).
8) Маршавая брыгада (каля 200 багнетаў).
9) IV батальён 155 палка пяхотыпад камандаваннем капітана Маршалка (150 багнетаў).
10) Бронецягнік "Ліс-Куля".
Канкрэтны колькасна-баявы склад гэтых аддзелаў на працягу тыдня баёў над Нарвай і Бугам цяжка акрэсліць дакладна. Прыблізна ён дасягае да 7-8 тысяч багнетаў.
Вядомы цяпер баявы склад 15-й савецкай арміі на 1 верасня ці ў кульмінацыйны момант бітвы над Нарвай дасягаў агулам 25745 байцоў.
Акрамя пералічаных аддзелаў маёй групы ўваходзіла ў склад 1-ай арміі група генерала Ржандкоўскага (раней генерала Ендрыеўскага).
Да яе належалі:
1) 1-я літоўска-беларуская дывізія (каля 1900 багнетаў).
2) 17-я дывізія пяхоты (каля 600 багнетаў).
3) 8-я дывізія пяхоты (каля 1600 багнетаў).
4) 4-я брыгада легіянераў, без 24-га палка пяхоты (каля 1000 багнетаў).
А таму разам мела 1-я армія 12-13 тысяч багнетаў, не лічачы асобнай групы палкоўніка Копы, пазней перайменаванай у групу генерала Сушынскага, склад якой вагаўся ад 3 да 5 тысяч.
Вось што гаворыць пра канцэпцыю бітвы пад Гародняй былы начальнік ІІІ аддзела 1-й арміі, цяпер палкоўнік дыпламатычнай службы J. Бляшынскі (даклад ад 18.VIII.30 г., прысланы ў ВГБ з тагачаснай запіскай):
"Мая нататка з'яўляецца праектам аператыўнага загаду, які ніколі не быў выдадзены, бо
а) камандуючы арміі ген. Зыгадловіч выехаў на інспекцыю аддзелаў і ў выніку паломкі кола ў аўтамабілі заставаўся два дні па-за штабам арміі;
б) начальнік штаба 1-й арміі, палк. Кубін не пачуваўся ў сілах узяць адказнасць за падпісанне падобнага загаду.
У сувязі з вышэй сказаным:
а) арганізаваў у задуме устаноўленага, як сведчыць нататка манеўру, на падставе асабістых тэлефонных размоў з асобнымі камандзірамі, акцыю, адказнасць за якую клалася на камандаванне арміі і асобных выканаўцаў, спецыяльна на галоўнага, генерала Жалігоўскага;
б) палк. Кубін, у першай фазе задуманай акцыі здолеў пераканаць камандаванне фронту, якое кампрамісным загадам пакрывала адказнасць за рух арміі".
Таму з вышэй прыведзенага дакладу неабвержна вынікае, што ўсё ж загаду на бітву пад Гародняй не было. З'явіліся тыя загады "post factum", для ўзмацнення архіваў.
Таму бачым, што адна толькі 15-я савецкая армія двухкратна колькасна перавышала нашую 1-ю армію, ці што 1-я армія мела супраць сябе над Нарвай чатырохкратную перавагу сіл, нават з аглядкай і на тое, што 12-я савецкая дывізія атакавала Ломжу, а нязначная частка 3-й савецкай арміі аперавала супраць нашай 4-й арміі.
У ноч з 28 на 29 ліпеня аддзелы групы, якой я камандаваў пераходзяць з зацятымі баямі цераз Нарву. Непрыяцель таптаўся ў нас па пятах, намагаючыся захапіць масты на Нарве, што ўдалося яму толькі ў адным месцы, а менавіта пад вёскай Жоўткі. Гэтая няўдача прывяла да многіх страт, а ўсе нашыя высілкі з мэтай адбіць пераправу не далі ніякага выніку.
У гэты ж дзень непрыяцель праводзіў зацятыя атакі таксама на вёску Стрэнкава Гара, не меў аднак поспеху. Далей на поўнач мы не мелі сувязі, было, аднак, вядома, што аддзелы палкоўніка Копы, якія спрабавалі вярнуць Асавец, пасля безвыніковай спробы вярнуліся ў Ломжу.
Група генерала Ендрыеўскага у выніку паспешнага адступлення суседняй з ёй справа 4-й арміі аказваецца вымушанай пакінуць Нарву пасля вельмі цяжкіх баёў, звязаных з вялікімі стрататамі, і адступае на лінію: Ольшава - Любін - Малышы - Філіпы, злучаючыся ў раёне Суража з групай, якой камандаваў я.
Вярхоўнае галонакамандаванне, занепакоенае стратай Асаўца, стварае ў Астраленцы групу генерала Урачынскага, якае мела заданне забеспячэння левага крыла і падтрымкі атакаванай ужо Ломжы.
У гэты дзень на правым крыле 1-й арміі з'яўляюцца дывізіі 3-й савецкай арміі.
30 ліпеня на адрэзку групы ідуць зацятыя баі ў двух месцах. У раёне вёскі Златарыя, дзе непрыяцель развівае плацдарм, утвораны ў паласе групы генерала Віткоўскага, што змушае гэтую групу да адступлення на лінію Ванева - Крапіўніца - Грабава, а таксама на адрэзку 10-й дывізіі, якая паспяхова ліквідуе ўварванне непрыяцеля контратакамі, а група падпалкоўніка Яцыніка (складзеная з 30-га палка пяхоты і аднаго батальёна 41-га палка пяхоты) вярнула ў цэласці батарэю, страчаную ў папярэдні дзень у раёне Волька - Тапелец, узяўшы звыш 1000 палонных і патппіўшы ў багнах Нарвы некалькі соцень расейцаў. Далей на поўдзень з-за адступлення правага крыла 1-ай арміі дабраахвотныя батальёны змушаны адступіць на лінію Лапы - Алексін.
Непрыяцельская кавалерыя пераходзіць Нарву каля Ноўгарада і зноў аказваецца ў нашых тылах.
31 ліпеня ідуць цяжкія баі па ўсім фронце. У раёне Тапельца непрыяцель, ідучы па пояс у вадзе, перапраўляецца цераз Нарву, але контратакай 10-й дывізіі адкідваецца на другі бок. Маршавай брыгадзе трэба было адступаць з-за адсутнасці расійскіх боепрыпасаў для яе карабінаў. Непрыяцельскія атакі ад Візны і Стрэнкавай Гары працягваюцца далей і прымушаюць генерала Віткоўскага да адходу на Леснікі. Непрыяцель не перастае напіраць і а 23 гадзіне пагражае прарваць фронт гэтай групы.
Калі ўся ўвага вышэйшых камандаванняў звернута на Ломжу і нашую поўнач, непрыяцелю ўдаецца прарвацца паміж дзвюмя групамі 1-й арміі і раздзяліць яе на дзве часткі, хутка пасоўваючыся на Данілава - Петкава ў кірунку на Пекуты. Становіцца гэта пачаткам абходу і адсячэння групы пад маім камандаваннем.
"Паколькі лінія 1-й арміі, - сказана ў апрацоўцы бітвы над Нарвай, што знайходзіцца ў Вайсковым гістарычным бюро, - уяўляе сабой лук, выгнуты на ўсход, кульмінацыйны пункт якога складае 10-я дывізія пяхоты, становішча гэтае падаецца камандуючаму арміі небяспечным, асабліва ў выніку разрыву, узнікшага паміж групамі генералаў Жалігоўскага і Ржандкоўскага, у выніку чаго дае каманду адысці на лінію Сліны - Тлачэўкі і далей уздоўж тракту Рудка - Гродзіск".
Адход адбываецца ноччу пад моцным дажджом. Стомленасць такая незвычайная, што паступаюць паведамленні пра бунтарскія настроі сярод шарагоўцаў, а пасля агульная апатыя. Непрыяцель наадварот знаходзіцца ў тым выгадным становішчы, што можа мяняць свае дывізіі. Гэта ён і робіць, адпраўляючы стомленыя ў тыл.
На фронце 1-й арміі пацверджана прысутнасць усіх дывізій трох непрыяцельскіх армій, г.зн., 4-й, 15-й і 3-й.
* * *
Для нашых аддзелаў, якія змагаліся без хвілі адпачынку, рака Нарва, будучы сур'ёзнай перашкодай, стварала моцны дапаможны фактар. Калі нам гэтую перашкоду трэба было паступова пакідаць, паўстала вострая праблема, якую тактыку прымяняць далей. Мая група магла з вялікімі высілкамі бараніць 60-кіламятровы адрэзак ракі, але пасля яе пакідання з-за значных страт не магла паспяхова аказваць супраціў на неўмацаванай тэрыторыі на той самай шырыні і ў той самай групоўцы. Паўставала неабходнасць прымянення іншай тактыкі, пакіданне лініі і эшаланіраванне ў глыбіню. Канешне, такая групоўка магла быць толькі наступальнай, а група, арганізаваная такім чынам, магла ваяваць толькі рухома, выкарыстоўваючы густую сетку шашы на той тэрыторыі.
Пад уплывам такіх разважанняў я накіраваў камандаванню 1-й арміі ўжо ў другі раз дэпешу з праектам змены ранейшай тактыкі. У вынятцы з таго пісьма гаворыцца:
"На маю думку, належала б усе падначаленыя мне аддзелы, якія знаходзяцца ў адносна добрым стане, выкарыстоўваючы добры кірунак шашэйных дарог, сканцэнтраваць у ваколіцы Замбраў - Снядава і стварыць, папоўніўшы яе і пасадзіўшы на вялікую колькасць аўтамабіляў, наступальную групу, якая была б у найбліжэйшыя дні здольная да наступлення. Калі б гэтая прапанова была прынятая, трэба было б адразу скіраваць прадукты, боепрыпасы і калоны аўтамабіляў ў той бок, ствараючы базу гэтай групы ў трохкутніку Астраленка - Ломжа - Замбраў".
Я прапанаваў сканцэнтраваць наступальную групу ў раёне Замбраў - Ломжа - Астраленка. Дало б гэта перадышку абаронцам Ломжы і дазволіла б адпачыць нашым змучаным аддзелам, дало б магчымасць стварэння моцнай групы, абапёртай на два названыя пункты: Ломжу і Астраленку, у той час, калі група генерала Ржандкоўскага (ранейшая Ендрыеўскага) аперавала б у раёне Малкіні. Паспяховая абарона Ломжы пацвярджала рэальнасць гэтага праекту. Густая сетка шашэйных дарог у тым месцы забяспечвала пры выкарыстанні грузавых аўтамабіляў высокую рухомасць аддзелам.
1 жніўня на поўначы трываюць высілкі па аблягчэнні становішча акружанай з усіх бакоў Ломжы і вяртання пазіцый пад Ноўгарадам. У Снядове была высаджана група генерала Роі. Далей на поўдзень непрыяцель, які, відавочна, пераправіўся цераз Нарву і сканцэнтраваўся, пад вечар узнавіў сваё наступленне.
Як цяпер відно з працы Сяргеева. 4-я і 15-я савецкія арміі мелі намер канцэнтраванага ўдару на нас у раёне Яблонкі. Сітуацыю ўскладняў факт, што ўзнікшы паміж дзвюмя групамі арміі разрыў расшырыўся на 20 з лішнім кіламетраў і тут маршыруе 15-я савецкая армія з кірункам на Чыжаў - Андрэеў - Востраў.
Мая група, аслабленая адходам для акцыі ў кірунку на Ломжу брыгады палкоўніка Лучынскага, трымаецца ў раёне Замброва. У той жа дзень непрыяцельская конніца, фарсіраваўшы Нарву пад Ноўгарадам, ідзе на Мясткова і Снядова.
Сітуацыя становіцца крытычнай.
На працягу гэтай ночы прыходзяць весткі пра падзенне Берасця, якія трактаваліся адразу як неверагодныя пагалоскі, бо было вядома, што на паўднёвым кірунку аперуюць больш слабыя сілы непрыяцеля. Толькі на другі дзень пагалоскі тыя былі пацверджаны.
На наступны дзень, 2 жніўня становішча групы ў агульных рамках не змянілася, а непрыяцель па ўсім фронце перайшоў у раптоўнае наступленне. З групай генерала Ржандкоўскага і надалей не было сувязі, а ў той жа час пацвярджаўся рух непрыяцеля на Андрэеў і Востраў. Ужо ў гэты дзень абознікі 10-й дывізіі адбілі наступленне аддзела непрыяцельскай конніцы на Востраў.
Камандаванне фронту, абапіраючыся на дырэктывы Вярхоўнага галоўнакамандавання, яшчэ разлічвала на ўтрыманне лініі Буга ад вусця Нурца і далей ад гэтага месца да Ломжы.
Палкоўнік Лучынскі, які, як я ўспамінаў, выйшаў у кірунку Ломжы, наткнуўся на непрыяцеля, якога атакаваў і разбіў, узяўшы некалькі тысяч палонных. Аперацыя гэтая з-за агульнай сітуацыі, на жаль, не магла быць скарыстана.
У ноч з 2 на 3 жніўня палкоўнік Копа пад націскам непрыяцеля пакінуў Ломжу і накіраваўся на Снядава, цераз якое ўжо прайшла непрыяцельская конніца, змяўшы марскі батальён, які там адпачываў, і нішчачы горад. У штабе маёй групы пра гэта даведаліся раніцай, і таму палкоўнік Лучынскі атрымаў загад спыніць марш на Ломжу і накіравацца на Яблонку і Замбраў, дзе непрыяцель атакаваў з раніцы вялікімі сіламі.
Палкоўнік Лучынскі меў пры сабе толькі 35-ты полк, бо 34-ты ўжо ад учора маршыраваў на Ломжу і нельга было яго хутка развярнуць. Становішча групы станавілася пагрозлівым, бо непрыяцель напіраў не толькі ўздоўж шашы Мазавецк - Замбраў, але і ў кірунку на Лентаўніцы і шашу Замбраў - Востраў. Група абаранялася, разлічваючы, што палкоўнік Лучынскі, выконваючы задачу, вытне на Яблонку. Тым часам палкоўнік Лучынскі, атакаваны з двух бакоў каля вёскі Сані, траціць цэлы полк і сам аказваецца параненым. У гэтай сітуацыі пагрозлівасць становішча павялічвала яшчэ і тое, што заміж аддзелаў палкоўніка Копы, якія па задуме загаду мелі далучыцца да групы ў Замбраве, аперавала ўжо ў Снядаве непрыяцельская конніца.
Дргі раз ад часу Шаркаўшчыны нарысаваўся для маёй групы прывід "Сядана". Калі жаўнерскі абавязак змушаў яе трымацца ў раёне Замбрава і падаваць руку дапамогі абложанай Ломжы, то ў гэты час аддзелы 15-й савецкай арміі абсаджвалі дарогі адступлення на Востраў. Калі потым стала вядома, што Ломжа пала, мусіла група заставацца ў Замбраве і чакаць далучэння брыгады палкоўніка Лучынскага.
Калі гэты "Сядан" не быў даведзены да скутку, то маем гэта, дзякуючы коннаму корпусу Гая, які пляндруючы тэрыторыю за дваццаць з лішнім кіламетраў убаку, каля Снядава, не ўзяў удзелу ў акружэнні групы, а пайшоў сабе на Астраленку.
Загад камандавання арміі, каб група стала на паўночны ўсход ад Вострава, быў ужо спознены, бо гэты раён займалі аддзелы 15-й савецкай арміі.
Адступленне групы ў гэтых умовах на Снядава - Астраленку было мажлівае, але гэта адсланіла б шашу на Вышкаў - Варшаву. Трэба было прабівацца на Востраў. У першай лініі мела маршыраваць 10-я дывізія, маючы на забеспячэнні левага флангу аддзелы палкоўніка Коса, у другой лініі - група генерала Віткоўскага.
Пераход пачаўся 4 жніўня ў 2 гадзіны пасля паўночы. Дзякуючы мужнасці і халоднай крыві камандзіраў брыгад, палкоў, а таксама ўсіх афіцэраў і шарагоўцаў дывізіі пасля цэладзённых баёў дарога на Востраў была ачышчана, і непрыяцель быў выбіты з гэтага горада. Толькі некаторыя аддзелы былі вымушаны адступіць на захад - а менавіта: дабраахвотныя аддзелы - у кірунку Ражан, а частка групы генерала Віткоўскага - на Даўгасёдла.
10-я дывізія размясцілася на шашы Востраў - Вышкаў у раёне Пуздравізна - Нягошава - тракт Востраў - Вішнева. Штаб групы ў Будыкежы. Так закончылася цяжкая, працягласцю у шэсць дзён, бітва на Нарве і Бугу. Страты, панесеныя намі, былі вельмі вялікія. 10-я дывізія мела ледзве да тусячы багнетаў, XVIII брыгада палкоўніка Лучынскага амаль не існавала, лік 2-й літоўска-беларускай дывізіі дасягаў каля 150 багнетаў, а баявы марскі батальён, які так геройскі абараняў пераправу на Нарве, налічваў ледзве каля 80 багнетаў. Змучанасць праяўлялася апатыяй і знікненнем усякай асцярожнасці.
Аднак жа гэтая бітва мела сваё вялікае значэнне. Непрыяцель, напаткаўшы моцны супраціў, накіраваў у вузкі, бо ледзве 50 кіламетраў, прамежак паміж Нарвай і Бугам амаль тры свае арміі, змяняючы іх кірунак, што не засталося без уплыву на далейшы ход падзей і Варшаўскую бітву.
У бітве на Нарве і Бугу мы маем шэраг цікавых момантаў стратэгічнай і тактычнай прыроды, з якіх некалькі коратка агавару. Тут высоўваецца на пярэдні план праблема цвердзяў.
* * *
Бітва над Бугам і Нарвай праходзіць у нас амаль незаўважна. Вярхоўнае галоўнакамандаванне спадзявалася ад яе толькі выйгрышу часу, каб завяршыць перагрупоўку на поўдні. Адразу мала звярталі ўвагі ды і сёння яшчэ на стратэгічныя вынікі гэтай бітвы. Цяпер з крыніц нашых праціўнікаў мы даведаліся, што над Нарвай не толькі выйгралі ў часе, але тут адбыліся ў групоўцы расійскіх войск змены такія значныя, што ўдзельнікі гэтай бітвы слушна могуць ганарыцца, што бралі ў ёй удзел.
Непрыяцель, як ведаем, лічыў польскую армію за няздольную для супраціву, канчаткова разбітую і здэмаралізаваную. Пакіданне без баёў Слоніма, Беластока і Асаўца зацвердзіла яго ў гэтым перакананні. Задаваў сабе цяпер пытанне, дзе знаходзяцца галоўныя польскія сілы. Галоўнакамндуючы савецкай арміі Каменеў лічыў, што знаходзяцца яны бліжэй да поўдню ў кірунку Любліна. Камандуючы заходняга фронту Тухачэўскі дырэктывай ад 23 ліпеня ставіў за мэту сваім арміям дасягненне да 3 жніўня лініі Астраленка - Востраў - Косава - Улодава. Захоп Варшавы прадбачыўся на 12 жніўня. Калі ж расійскія арміі, выконваючы гэтыя задачы, напаткалі неспадзяваны супраціў на Нарве пад Ломжай, на працягу 29 і 30 ліпеня не маглі рушыць наперад, і было гэта ў час, калі тры арміі, а менавіта 4-я. 15-я і 3-я займалі прастору меншую за прастору, якая займала налева ад іх адна армія - 16-я.
Таму ў гэты час Тухачэўскі, каб праламаць супраціў нашай 1-й арміі, мяркуючы, што тут знаходзяцца галоўныя польскія сілы, дырэктывай № 219 у ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня загадвае канцэнтрыраваны ўдар усіх трох армій на Мазавецк. Была гэта якраз ноч, калі група пад маім камандаваннем паступова пакідала берагі Нарвы, а штаб групы пераходзіў з Сакалова ў Мазавецк.
Канцэнтрыраванае наступленне трох непрыяцельскіх армій прымае 1-я армія і трымаецца на пазіцыях, маючы на ўвазе высокую мэту даць магчымасць контратакі з раёна Берасця. Прарыў фронту ўздоўж чыгуначнай каляі на Шапятова пачынае раздзяляць абедзве групы арміі, але не змушае іх да адступлення. Замест лінейнай абароны, якая прымянялася на Нарве, аддзелы пераходзяць да групавання ўглыб.
У гэты цяжкі і вырашальны момант, у ноч з 1 на 2 жніўня пала Бярэсце, што выклікала ў нашых шэрагах вялікае ўражанне.
Тухачэўскі цяпер перакананы, што мае перад сабой галоўныя польскія сілы і вырашае пасля размовы з галоўнакамандуючым Каменевым скіраваць усе тры арміі значна на поўнач. (Дырэктыва № 287 ад 3 жніўня.) Сцвярджаюць гэта аўтары дадаткаў да кніжкі маршала Пілсудскага "1920 год".
"Моцны супраціў, аказаны палякамі над Нарвай і вялікія цяжкасці, якія сустракалі, дзякуючы таму супраціву сканцэнтраваныя галоўныя сілы заходняга фронту на ўсёй адлегласці ад Берасця праз Нарву аж да Ломжы з аднаго боку, з другога боку лёгкасць, з якой адна толькі 15-я армія пераскоквала сустраканыя на сваёй дарозе перашкоды аж да Берасця ўключна, уцвярджалі камандуючага фронту ў перакананні, што галоўныя польскія сілы змагаюцца не дзе інакш, як якраз у абшары на поўнач ад Берасця і Буга".
Сам Тухачэўскі ў сваім "Паходзе на Віслу" гаворыць пра гэта:
«У канцы ліпеня пачынаюцца нашы баі над Нарвай і Бугам. Першы раз ад часу пачатку баявых дзеянняў палякі аказвалі нам тут упарты супраціў. На адрэзку 4-й, 15-й і 3-й армій нам было неабходна фарсіраваць гразкія рэкі Бебжу, Нарву і Нурэц, якія мелі мала перапраў і ўяўлялі сур'ёзныя перашкоды. Палякі выкарысталі гэтыя перашкоды і размясціўшы за імі свае войскі аказвалі нам вельмі сур'ёзны супраціў».
А ніжай гаворыць пра кепскае функцыяванне сувязі, сцвярджае, наколькі сілы, што аперавалі далей на поўдзень, насупраць Берасця былі слабейшыя.
"Асабліва гэтая акалічнасць дала адчуць сябе на адрэзку 16-й арміі, якая займала шырокі фронт, каля 80-ці вярстовы, маючы ўсяго пяць стралковых дывізій. становішча 16-й арміі ўскладнялася яшчэ існаваннем на фланзе цвердзі Берасце".
У гэты час 1-я армія была пакінута цалкам на ўласны лёс, бо ўся ўвага камандавання фронту канцэнтруецца на крылах у ваколіцах Берасця і Астраленкі. У тым апошнім пункце ствараецца група пад камандаваннем генерала Урачынскага, якая мае падтрымліваць Ломжу і апераваць на правым крыле непрыяцельскай арміі. У ноч з 2 на 3 жніўня падае Ломжа, а цэнтр 1-й арміі аказваецца разарваным на вялікай адлегласці, звыш 20 кіламетраў, уздоўж чыгуначнай каляі. Але і ў гэтых цяжкіх умовах абедзве групы змагаюцца далей на сваіх пазіцыях. Паўднёвая - у ваколіцах Нур-Цеханавец, паўночная - у раёне Замбрава.
Абшар Нарвы - тэрыторыя найбольш зацятых баёў на ўсім фронце. На 55-кіламятровым адрэзку ад Буга да паўднёвых берагоў балота Візна тры непрыяцельскія арміі атакавалі адну нашу 1-ю армію, змучаную адступленнем і пакуль, як ужо гаварыў, пакінутую саму сабе. Гэтыя баі стваралі для нас стратэгічны поспех, уводзячы ў абман праціўніка і выклікаючы змены кірунку маршу трох армій. Іх тактычны ход вымагае і варты дэтальнага асвятлення, што з'яўляецца ўдзячнай задачай сённяшніх і будучых гісторыкаў. Тут жа выпадае спыніцца на псіхічнай вытрымцы афіцэраў і жаўнераў гэтай арміі, якая разрэзаная на дзве часткі і маючы тылы, занятыя непрыяцелем, не траціць сваёй баявой здольнасці і прабіваецца на свае шляхі адходу, здольная ў той самы дзень яшчэ да дальнейшай бітвы.
Гаворачы пра роль 1-й арміі на Нарве і Бугу, нельга прамінуць маўчанне тыя прычыны, які аказалі пэўны ўплыў на ўвесь ход баёў. Тут належыць назваць перш за ўсё карысныя абаронныя ўмовы Нарвы, прыбыццё дабраахвотнікаў і падмацаванняў, якія месцамі біліся дасканала, і нарэшце маналітнасць камандаванняў.
У час бітвы над Нарвай усе вышэйшыя камандзіры, пачынаючы ад камандуючага арміі, паходзілі з адной акупацыйнай арміі, у нашым выпадку з расійскай. Не хачу пры гэтым сказаць, што былі яны лепшыя за афіцэраў, напрыклад, аўстрыйскай арміі. Быць можа, што каб камандавалі адны аўстрыйскія афіцэры, выконвалі б свае задачы лепей. Аднак жа супольнае паходжанне вышэйшых камандзіраў давала тое, што яны, спавядаючы нейкую супольную ідэалогтю вайны і тую самую школу, разумеліся паміж сабой значна лепей і мелі да сябе давер, дзякуючы чаму ўвесь апарат камандавання фукцыянаваў значна больш спраўна.
* * *
У ходзе аперацыі на Нарве генерал Роя, высланы Вярхоўным галоўнакамандаваннем у якасці камандзіра групы, якая мела падтрымаць наша левае крыло, прапанаваў зачыніцца ў Астраленцы і зрабіць там, як гэта ў той час называлася, "Збараж".
Лічу, што была гэта думка смелая і практычная. Вайна набліжалася да апошняй развязкі. Наша сіла і энергія, раскіданыя па вялікай прасторы, мусілі сабрацца і стварыць агмень супраціву. Гэта не толькі пабуджала да супраціву наша войска, але і мяшала карты непрыяцеля, тактыка якога палягала ў руху наперад. Паколькі ад Берасця ўзнікла ў нас ідэя ўдару з поўдня ў расейскі фланг, то мелі на поўначы ўзмацніць супраціў любой цаной.
Таму трэба прызнаць, што задума генерала Роі была прадыктавана здаровым адчуваннем моманту і жаўнерскім разуменнем умоў і сітуацыі. Не ведаю, ці Астраленка магла б вытрымаць на працягу двух тыдняў, але падаецца мне несумненным, што сама думка была рацыянальнай.
Бітва на Нарве і Бугу выразна падкрэсліла, якую вялікую памылку мы рабілі, ігнаруючы нашыя цвердзі. Праўда, што былі яны старыя, не мелі цвердзевай артылерыі і належнага ўзбраення, але калі возьмем пад увагу тэхнічныя сродкі нашых праціўнікаў і факт, што расейцы не мелі цяжкай артылерыі, то ўбачым, што цвердзі, нават элементарна падрыхтаваныя і сціпла забяспечаныя, маглі цалкам змяніць характар вайны. Значэнне цвердзі мы звычайна ацэньвалі ўжо пасля яе страты. Пасля Гародні, якая магла быць асновай усёй нашай поўначы, пераходзім да абароны лініі: Нарвы і Буга, на краях якой знаходзяцца Берасце і Асавец.
Ад абароны Берасця залежала выкананне першага наступальнага плану. Трэба было, каб гэтая цвердзь утрымалася некалькі дзён, пакуль не сканцэнтруецца армія на поўдні з кірункам удару на поўнач. Тую цвердзь атакуюць дзве дывізіі 16-й савецкай арміі і здабываюць на працягу аднаго дня. У выніку гэтага ўвесь план нашага контрнаступлення аказваецца перакрэсленым. А ў момант, калі падае Берасце, бароніцца яшчэ ўся лінія Буга і Нарвы, а таксама цвердзь Ломжа. Контратакі на Берасце не да чаго не прыводзяць, і ўвесь план зрываецца.
Сучасную цвердзь Асавец аддалі без бою, а адносна слабейшая, як цвердзь, Ломжа бароніцца на працягу пяці дзён і разам з пазнейшай абаронай Зэгржа і Замосця пацвярджае, якое важнае значэнне для аперацыі мае хоць бы некалькідзённая абарона цвердзі.
Сусветная вайна мела вялікі ўплыў на нашыя адносіны да ўмацаваных абаронных пунктаў. Пасля падзення бельгійскіх цвердзяў у 1914 годзе здавалася ўсім, што цвердзі перасталі адыгрываць якую-небудзь ролю, а нават дзе-нідзе былі шкодныя. Нямецкія атакі на Вярдэн засталі фарты гэтай цвердзі на этапе іх раззбраення. Маршал Пятэн перашкодзіў таму раззбраенню, і яму ўдзячная Францыя, што Вярдэн адыграў такую высокую ролю ў Сусветнай вайне.
Аднак, ці фарты Вярдэна нашмат адрозніваліся ад фартоў Гародні або Берасця, не гаворачы ўжо пра зусім сучасны Асавец? Калі возьмем суадносіны сіл і сродкаў непрыяцеля да абаронных здольнасцяў Вярдэна і нашых цвердзяў у вайне 1920 года, то суадносіны тыя будуць на карысць нашых цвердзяў.
Канешне, не ішлося пра нейкую вельмі доўгую абарону, бо для таго акрамя ўзбраення патрэбна было забеспячэнне харчаваннем не толькі войска, але і цывільнага насельніцтва. Хапіла б аднак некалькі або з дзясятак дзён, а такую абарону мы маглі б заўсёды вытрымаць. Калі б Гародня, Берасце і Асавец пратрымаліся так доўга, як Ломжа, то вельмі праўдападобна, што ўвесь ход вайны выглядаў бы іначай.
Вось чаму нельга пагадзіцца з маршалам Пілсудскім, калі ён у сваёй кніжцы "1920 год" гаворыць, што Берасце было "нібы цвердзю", Гародню ж акрэслівае, як "для ўпрыгожання вайсковага жыцця цвердзю званую". Праўда, што цвердзі гэтыя былі не дасканалыя, аднак былі цалкам прыдатныя для вайны ў 1920 годзе. Трэба было толькі, каб іх выкарыстала нашая стратэгія.
Звычайна толькі пасля страты цвердзяў вышэйшыя штабы праяўлялі разуменне іх вартасці. Загады, накіраваныя на адабранне Гародні, Асаўца ці нарэшце Берасця ёсць выразным сведчаннем значэння і вартасці цвердзяў. Рэакцыя гэтая была аднак ужо запозненая. Для штурму неабачліва адданых цвердзяў мы не мелі ані сіл, ані тэхнічных сродкаў. Найважнейшай аднак прычынай страты цвердзяў у такім хуткім тэмпе была памылковая дактрына вайны, абапёртая выключна на руху і памылковым перакананні, што наш жаўнер не здольны да абароны.
Бітва пад Радзымінам
У Вышкаве. - План Варшаўскай бітвы. - Абара-наздольнасць варшаўскіх подступаў. - Аблога. - 10-я дывізія ў адступленні. - Расшыфраваны непрыяцельскі загад. - Няўдача з адводам арміі. - Стварэнне групы з трох дывізій. - План контрнаступлення. - Атака Паганоўскага. - Наступленне брыгады палкоўніка Томе. - Вяртанне нямецкай лініі. - Узяцце Мокрага. - Далейшыя баі. - Расейскія крыніцы.
Дывізія пасля адходу з-пад Вострава займала лінію Уджынак - Пшэтыча, маючы полк уланаў на левым крыле. Штаб размяшчаўся ў Вышкаве. 7-га жніўня прыбыў у штаб дывізіі тагачасны камандуючы арміі генерал Ендрыеўскі, інфармуючы мяне строга сакрэтна пра планы Вярхоўнага галоўнакамандавання адносна будучай бітвы. Генерал дадаў, што абавязковым ёсць утрыманне дывізіі ў Вышкаве да 10 жніўня, г.зн. да часу, калі будуць гатовыя фартыфікацыйныя збудаванні на абароннай лініі Варшавы, сумняваўся аднак, ці гэта ўдасца, і пытаўся пра маю думку. Я запэўніў генерала, што да 10-га ўтрымаемся на гэтай лініі, і ў той самы дзень арганізаваў выпад на Даўгасёдла ўздоўж чыгуначнай каляі. З наступальным аддзелам выслаў два бронецягнікі. Як вынік гэтага выпаду быў вялікі абхоп краю лесу каля вёскі Яшчолты, і ўзяцце палонных з 33-й кубанскай дывізіі. Ужо тады мы пацвердзілі рух непрыяцельскіх калон на поўнач у бок Ражан.
10-е жніўня застала дывізію на лініі Браншчык - Тшцянка - Пажэндзе. Невялікае адступленне левага крыла было выклікана адходам групы генерала Бараноўскага на Пултуск. У той жа дзень прыбыў зноў у штаб дывізіі генерал Ендрыеўскі. Задача дывізіі была выканана. Было пытанне, ці мы павінны пачынаць спланаваны адход. Генерал запытаў па тэлефоне штаб фронту. Адказ гучаў, што было б добра, каб дывізія яшчэ адзін дзень магла застацца на займаных пазіцыях. Было гэта цалкам мажліва, але не было ўпэўненасці, ці ў вынітку баёў пад Пултускам Сіроцк не будзе да заўтра заняты, а потым і шаша, якая да яго вядзе. Пасля гэтага генерал Ендрыеўскі затэлефанаваў, што дывізія можа застацца, але можа быць, што ўжо заўтра быдзе вымушана адступаць не на Сіроцк, а на Радзымін - Яблонную ці па левым беразе Буга. Са штаба фронту прыйшоў адказ, што неабходна адступленне дывізіі на Сіроцк, а таму адход трэба выконваць сёння. У выніку дывізія 11-га перад паўднём сканцэнтравалася ў Сіроцку.
Там сустрэў камандуючага фронту генерала Ю. Галера і начальніка штаба Вярхоўнага галоўнакамандавання генерала Развадоўскага. Атрымаў загад перайсці ў Яблонную, дзе дывізія мела стаць рэзервам паўночнага фронту.
Існаванне плану і правядзенне яго ў жыццё напаўняла сэрца палёгкай. Хоць войска не ведала, на чым ён палягае, усе адчувалі, што дзеецца нешта планавае.
План бітвы палягаў на абароне Варшавы арміямі паўночнага фронту пад камандаваннем генерала Ю. Галера і ўдары манеўровай групы пад камандаваннем маршала Пілсудскага з-над Вепжа. Атака з-над Вепжа не магла пачацца раней, чым 16-га жніўня, і да таго часу абарона мусіла безумоўна трываць на перадполлі Варшавы.
Гэты класічны ў сваёй прастаце план мы распачалі выконваць 10 жніўня, калі ўсе аддзелы занялі вызначаныя для іх пазіцыі. Як я ўжо згадваў, 10-я дывізія стаяла ў Яблонне ў рэзерве камандавання фронту так, што магла быць ужыта і на варшаўскім плацдарме ў раёне 1-й арміі, і на поўначы ў раёне 5-й арміі.
План расійскага камандавання сёння нам дакладна вядомы. Палягаў ён на захопе Варшавы, што складала не толькі стратэгічную, але і палітычную мэту вайны. "Даёшь Варшаву!" стало вельмі папулярным лозунгам савецкіх жаўнераў з пазіцый лёгка зразумелых.
Савецкае камандаванне добра ведала, што Варшава не будзе здадзена лёгка. Акрамя дарогі ўжо вядомай і памятнай ад бітвы пад Грохавам [4], шукала яно іншай дарогі, па якой лягчэй дасягнуць гэтай мэты і якая адначасова дала б магчымасць перарэзаць нашыя зносіны з Захадам, асабліва з Гданьскам.
Маючы на флангах дзве конныя масы, на поўначы корпус Гая, а на поўдні конную армію Будзённага, якія ў выпадку ўдачы маглі б злучыцца недзе ў ваколіцы нашага сённяшняга трохкутніка бяспекі, расійская армія, якая маршыравала ўздоўж паўночнай граніцы праводзіла абход праз Пултуск, Цеханоў, выходзячы на Плоцк - Улацлавак - Торунь, адкуль - як некалі Паскевіч [5] - магла заатакаваць сталіцу з захаду. Тут яны спадзяваліся застаць галоўныя польскія сілы і перарэзаць злучэнне Польшчы з Гданьскам.
* * *
Варшаўскую бітву ў часе і прасторы можна падзяліць на дзве часткі: частка першая - гэта абарона паўночнага фронту, якім камандаваў генерал Ю. Галер 13, 14 і 15 жніўня. Частка другая - гэта ўдар групы маршала Пілсудскага з-над Вепжа.
Бітва пад Радзымінам не мае да гэтага часу сваёй гісторыі. Ёсць у гэтым шмат і маёй віны, бо камандуючы групай у апошняй фазе гэтай бітвы, не пакінуў ніякага загаду, ніякага рапарту, ніякай справаздачы пра яе. Адбылося гэта не толькі таму, што я - праціўнік лішняй пісаніны, але па-просту таму, што не было на гэта часу.
Уся бітва адбывалася на такім малым абшары і пры такім вялікім духоўным напружанні, што больш латвей было з людзьмі размаўляць, чым да іх пісаць. На працягу вырашальных дзён 14 і 15 жніўня ў маім штабе быў напісаны, здаецца, толькі адзін аператыўны загад, які адразу стаў неактуальным, а таму не быў высланы ў аддзелы. Уся карэспандэнцыя складалася з маіх запісак, напісаных алоўкам да камандзіраў. Можа якраз таму, гісторыя зайшла на неўласцівыя шляхі.
У абароне Варшавы найважнейшым месцам былі тэрыторыі, размешчаныя на ўсход ад Прагі. Тут мы мусілі чакаць наймацнейшага непрыяцельскага напору і таму, што сходзіліся тут камунікацыйныя шляхі з усходу (шаша Берасце - Варшава і Беласток - Варшава), аднак асабліва таму, што не было тут ніякіх ані прыродных, ані штучных умаца-ванняў. Кірунак гэты здаўна, яшчэ ў нашай мінулай гісторыі адыгрываў важную ролю. У 1831 годзе тут быў слынны рэдут Грахоўская Альшынка. Потым у інтарэсах Расіі не было будаваць з таго боку хоць якія ўмацаванні, і такі стан ператрываў да Сусветнай вайны.
У час акупацыі немцы, забяспечваючыся з усходу, дакладна вывучылі тэрыторыю на ўсход ад Прагі з мэтай пабудовы абароннай лініі. Трэба ім аддаць належнае, што зрабілі гэта вельмі добра. На адлегласці дзесяці з нечым кіламетраў ад Варшавы знайшлі лінію пагоркаў, якая акаляла гэтую тэрыторыю.
Найважнейшай перавагай нямецкай лініі былі знайходзіўшыяся толькі на ёй назіральныя пункты для артылерыі. Пунктаў такіх не было нідзе ў іншых месцах гэтай плоскай і лясістай тэрыторыі. Адыгрывала гэта тым большую ролю, што тут мы хацелі як найінтэнсіўней выкарыстаць агонь артылерыі.
Недалёка за гэтай лініяй прабягала роўнаадлеглая ад яе абвадная дарога Вавер - Вялішэва. Даўжыня гэтай пазіцыі, пачынаючы ад Віслы аж да Буга дасягала каля 50 кіламетраў і магла бараніцца сіламі 4 - 5 дывізій і шматлікай артылерыяй, якую мы мелі.
З якасцю фартыфікацыі першай лініі цесна ўвязваецца справа нашай артылерыі на прадмесці. Хоць артылерыя гэтая была значна слабейшая, чым падаюць тое крыніцы, аднак на ўсім плацдарме знаходзілася каля 40 батарэй.
Нажаль з-за размяшчэння яе за першай лініяй ужо 13-га вечарам мусіла ад'ехаць за другую лінію і там увесь час заставалася бяздзейнай. Бо не было там назіральных пунктаў з-за плоскасці тэрыторыі, паветраных шароў на прывязі не мелі, а наша маладое камандаванне не было яшчэ здатнае да кіравання агнём артылерыі.
У выніку гэтага нашая артылерыя не адыграла вялікай ролі. У ходзе бітвы за Вольку і Мокрае 10-я дывізія карысталася агнём толькі дзвюх батарэй. Не лепшай ўяўлялася сітуацыя з таго ж пункту гледжання ў нашых праціўнікаў. Іхні агонь артылерыі мала нам шкодзіў. Уся бітва абапіралася на кулямётны агонь і ручную зброю.
Пазіцыі пачыналіся ў месцы, дзе Свідар упадае ў Віслу, беглі ўздоўж рэчкі Мені, потым лініяй пагоркаў на ўсход ад Рэмбяртова праз Пустэльнік да форта Бен'ямінаў і далей да Буга. Лінія гэтая была вельмі добра прадумана, мела прыстасаванні кругавога агляду, а ў некаторых месцах нават бетонныя пляцоўкі для кулямётаў. Усё гэта, разам узятае, надавала нямецкай лініі высокую абаронную вартасць.
Нажаль, мы распачалі з паспешнасцю разбудоўваць іншую лінію, якая ад Вянзоўні ішла праз Лесняковізну аж да ракі Жондзы і ўздоўж яе да яе ўпадзення ў Буг, дзе злучалася з нямецкай лініяй. Радзымін, які пры абароне нямецкай лініі не ўваходзіў у абаронную сферу, пасля вызначэння той другой аказаўся паміж абедзвюма лініямі. Тая новая лінія сталася крыніцай нашых няўдач. Значна даўжэйшая, непрыстасаваная да тэрыторыі, не маючы закрытых тылоў, простая і амаль не адрэдутаваная, ні ў якім разе не вытрымлівала параўнання з абароннымі якасцямі нямецкай лініі.
Тут належыць дадаць, што Радзымін мог бы адыграць пэўную абаронную ролю, бо ён мае і меў у той час цэлы шэраг фабрычак, цагельняў і мураваных жылых дамоў, якія маглі пры адпаведным іх выкарыстанні стварыць не толькі цэлую сетку малых фартоў, але нават даць аснову абароне плацдарма. Такія закрытыя і забарыкадаваныя фарты пад камандаваннем афіцэраў і сяржантаў з дастатковай колькасцю кулямётаў і боепрыпасаў, найбольш адпавядалі характару безумоўнай і ўпартай абароны плацдарма ў чаканні ўдара з-над Вепжа.
* * *
Дзякуючы так карыкатурна спечанай ідэі абароннай лініі, паўстаў цэлы шэраг фальшывых тактычных памкненняў, як абсталяванне той лініі, арганізацыя артылерыйскай сістэмы, размяшчэнне рэзерваў, неабсталяванне другой лініі і іншае.
Слушныя заўвагі на гэтую тэму мы знайходзім у пісьме камандуючага фронту генерала Галера ад 2 жніўня:
"Першая лінія ў тым раёне (адрэзак 11-й дывізіі пяхоты) незакончаная, яе траса ў многіх месцах заганная. Лінія дроту не дае магчымасці флангавага агню. Работы на той лініі выконвае выключна толькі нядаўна з фармацыі папаўнення прыбылы жаўнер, які павінен быць абучаны і падрыхтаваны да бою і службы ў акопах. На ўсёй лініі я не застаў ні аднаго цывільнага ані вайсковага інжынера".
Трэба тут дадаць да заўвагі камандуючага фронту, што ад гэтага апісання да 13 жніўня нічога або амаль нічога на той лініі не змянілася.
Цяжка зразумець, чаму камандуючы фронту, бачачы, як выглядае тая першая лінія, і здаючы сабе справу з таго, што ў такі кароткі адрэзак часу не шмат здолеем у ёй змяніць, нягледзячы на гэта забараняў узмацняць другую лінію з-за небяспекі заўчаснага адступлення на яе. Задума гэтая моцна зашкодзіла і так кепска ўфартыфікаванай пазіцыі.
Ідэя пабудовы гэтай лініі паўстала праўдападобна адтуль, што хацелі абараніць Варшаву ад агню дальнабойнай расійскай артылерыі. Паколькі той артылерыі не было, прычына яе стварэння не была істотнай.
Цяжка сёння спраўдзіць, чыя гэта віна і хто быў аўтарам няшчаснага праекту. Дзякуючы ёй, як убачым, мы амаль змарнавалі 11-ю дывізію пяхоты і непатрэбна выкарысталі 1-ю літоўска-беларускую дывізію. Дзякуючы ёй, мы не выкарысталі агню нашай артылерыі, і дзякуючы ёй, мы мелі непадрыхтаваную другую абаронную лінію. Фатальная тая задумка давяла толькі да таго, што мы не мелі ані сродкаў, ані часу, ані спецыяльных сіл, каб гэтую лінію адпаведна разбудаваць.
Належыць пашкадаваць, што капітальных памылак, якіх у той час нарабілі з аказіі тых фартыфікацыйных работ, не абгаворваюць сёння больш шырока. Была б гэта цікавая тэма не толькі для гісторыі, але і для нашай вайсковай інжынерыі.
У працы капітана Валігоры "Фартыфікацыя прадмесця Варшавы" знаходзім цікавыя звесткі пра тагачасны стан фартыфікацыі і тэхнічных сродкаў. Аказваецца, што ў той час не хапала калючага дроту і сапёрнага начыння, што не было прафесійных інжынераў, ані дастатковай колькасці работнікаў.
У такіх варунках занядбалі мэтава выбудаваную абаронную лінію на карысць шкоднай фікцыі. Новая лінія была выбрана нягледзячы на тое, што загад міністра вайсковых спраў выразна ўказваў на нямецкую, і нягледзячы на тое, што думку гэтую падзялялі французы. (Рапарт палкоўніка Французскай місіі Банцільёна.)
Таму стварэнне той лініі кладзецца або на фартыфікацыйны камітэт пад камандаваннем генерала Міхаэліса, або на губернатара Варшавы.
Дыслакацыя на варшаўскім плацдарме была наступная:
Ад Карчова да Акунёва - 15-я дывізія пяхоты, ад Акунёва да Лесніковізны - 8-я дывізія пяхоты, ад Лесніковізны да Буга - 11-я дывізія пяхоты. VII рэзервовая брыгада ў Зэгжы.
Цяжка зараз растлумачыць запаўненне войскамі ўсяго прадмесця. Калі на правым крыле 15-я дывізія займае 15 кіламетраў, на кірунку мала небяспечным, бо паўднёвым, а адрэзак 87-й дывізіі мае ледзве 5 кіламетраў, то аддане 11-й дывізі, маральна больш слабой, свежа папоўненай, з новым камандаваннем 32-х кіламятровай прасторы, у месцы, праз якое праўдападобна пройдзе вось непрыяцельскага наступлення (шаша Беласток - Варшава), становіцца зусім незразумелым.
Можна было б гэта патлумачыць практыкай Сусветнай вайны, у якой слабое ўкамплектаванне першай лініі, а моцнае другой аказвалася вельмі карысным. Аднак жа ў нас другая лінія зусім не была ўкамплектавана. Праўда, што ў Марках за 10 кіламетраў за фронтам знаходзіўся рэзерв 1-й арміі (1-я літоўска-беларуская дывізія), але такая дыслакацыя загадзя ўжо ўтрымоўвала ў сабе небяспеку прарыву фронту 11-й дывізіі і прызначэнне яе на цяжкія страты.
* * *
Як я ўжо ўспамінаў, 11 жніўня вечарам стаяла мая дывізія ў Яблонне. Дывізійная артылерыя скіравана на пазіцыі ўздоўж ракі Буга-Нарвы, на яе левым беразе. Агнёва злучала яна Зэгжа з Модлінам. Пры дывізіі засталіся толькі дзве батарэі.
Штаб дывізіі размясціўся ў адным з баракаў у Яблонне. Палкі 28-ы і 29-ы разам са штабам ХІХ брыгады стаялі таксама ў Яблонне, а 30-ы полк і камандаванне ХХ брыгады - у блізкай вёсцы Хатамове. 31-ы полк, як ужо гаварылася, паводле загаду камандавання літоўска-беларускага фронту ваяваў у складзе 4-й арміі і толькі пад канец радзымінскай бітвы быў аддадзены дывізіі..
Быў гэта першы адпачынак пасля пераходу каля 700 кіламетраў ад 4 ліпеня. Дывізія была моцна змучана і абадраная, шмат шарагоўцаў было без абутку, запаўненне штатаў было нізкае, аднак дух панаваў дасканалы.
Брыгадамі камандавалі: ХІХ - палкоўнік Малахоўскі, прызначаны ўжо папярэдне на камандзіра групы ў Зэгжы, ХХ - палкоўнік Францішак Сікорскі. Камандзірам 28-га палка быў палкоўнік Томе, якога пазней змяніў маёр Сабяшчак. 29-га - маёр Вальтар, 30-га - падпалкоўнік Яцынік. Начальнікам штаба дывізіі быў падпалкоўнік Т. Грабоўскі.
Адразу пачалася праца па прывядзенні ў парадак узбраення, абмундзіравання і абутку. Варшаўская інтэнтэндантура з энергіяй і спешна даставіла экіпіроўку. Наогул цэнтральныя ўлады працавалі вельмі напружана, і дывізія ні ў чым не адчувала недахопу.
Баявы штат дывізіі выглядаў наступным чынам:
28-ты полк - 44 афіцэры, 1735 шарагоўцаў;
29-ты полк - 25 афіцэраў, 1432 шарагоўцы;
30-ты полк - 35 афіцэраў, 768 шарагоўцаў.
Артылерыя: 14 афіцэраў, 350 шарагоўцаў.
Разам баявы штат дывізіі ў Яблонне дасягаў 118 афіцэраў і 4285 шарагоўцаў.
12-га на фронце панавала ціша. Вечарам я накіраваўся ў Варшаву. Было цікава, як выглядае горад у такую важную для яго хвілю.
Варшава падалася мне вельмі сур'ёзнай. Панавала як бы ўрачыстая сабранасць. Паблізу Генеральнага штаба сустрэў аддзел пажылых цывільных паноў, якія спраўна маршыравалі пад каманду аднаго з іх. З прыемнасцю глядзеў на гэтых людзей.
Мы ведалі пра тое, што шмат жыхароў сталіцы выехала за мяжу, каб у спакоі і бяспецы ператрываць найцяжэйшыя часы, ведалі аднак таксама, што тысячы дабраахвотнікаў усякіх станаў гарнулася пад зброю, а адважныя жанчыны, патрыятычныя полькі, горача агітуючы ў Варшаве, абвяшчаюць усюды лозунг: "На фронт" і звяртаюцца да амбіцый мужчын нават у кавярнях і рэстаранах.
Станоўчае, падмацоўваючае ўражанне на войска аказвалі даходзіўшыя з Варшавы весткі пра энергію і напружанасць ураду пад кіраўніцтвам начальніка дзяржавы маршала Пілсудскага. Радасцю і палёгкай напаўняла сэрцы вестка, што генерал Саснкоўскі адмовіўся эвакуяваць міністэрства вайны. Зразумела, што сталіца будзе бараніцца любой цаной.
Прыкрым дысанансам падаваліся ў гэты час атакі часткі прэсы на Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у найсур'ёзнейшую хвілю, калі яго аўтарытэт так неабходны быў для перамогі. Прэса гэтая - несумненна, без злой волі - працавала хутчэй на карысць непрыяцеля, чым на нашую.
На Празе чутны былі далёкія адгалоскі артылерыі з усходу. Я вярнуўся ў Яблонну.
13-га ўжо ад світання разлеглася моцная кананада ў ваколіцах Радзыміна. У дывізію прыбыў маршавы батальён. Правёўшы яго агляд, прызначыў яго ў 29 полк пяхоты, а следам арганізаваў для яго тактычныя вучэнні на блізкіх узгорках. Афіцэры і шарагоўцы гэтага батальёна выглядалі добра і маглі цалкам ацэньваць сур'ёзнасць сітуацыі. Было там, аднак, шмат шарагоўцаў, якія ні разу ў жыцці не стралялі.
13-га вечарам стала відавочным тое, чаго на маю думку, належала чакаць. Пасля цяжкіх баёў 46-ы полк пяхоты з 11-й дывізіі быў адкінуты з першай лініі; непрыяцель заняў Радзымін.
Я думаў тады вельмі шмат пра псіхалогію адступлення. Вісела яна бясспрэчна над усёй арміяй. Шасцітыднёвае адступленне выпрацавала як бы хваравітае пачуццё неабходнасці адходу. Засынаючы і прачынаючыся жаўнер думаў пра тое, што мае адступаць. Сталася гэта ў пэўнай ступені хваробай і як бы ўвайшло ў кроў. На працягу тых доўгіх тыдняў як пасля паразы, так і пасля перамогі наступаў адход. Не было гэта баязлівасцю, адсутнасцю мужнасці або нявер'ем ва ўласныя сілы, а грознай прывычкай, якая дэзарыентавала думкі. Гэтага псіхозу я баяўся найболей. Дзе і калі, у якіх умовах будзе ён пераламаны?
Амаль што замацавалася думка, што ў арміях паўночнага фронту панаваў упадак духу, што былі яны хворыя маральна. Гэты погляд не адпавядаў рэчаіснасці. Адступленне стала нечым аўтаматычным, прывычкай, але маральны стан афіцэраў і жаўнераў быў добры.
Мы бачылі маральны ўпадак у Мукдэнскай бітве. Бачылі ўпадак у аўстрыйскай арміі у Сусветнай вайне. Было гэта нешта зусім іншае, чым у нас. Псіхіка нашага афіцэра і жаўнера была здаровая, а гэтае вялікае адступленне не змагло іх ні здэмаралізаваць, ні расчараваць. Канешне былі асобныя выпадкі панікі, асабліва ў тылах, там, дзе яны звыкла пашыраюцца. Не было гэтага ў лініі. Наш жаўнер, як заўсёды, жартаваў з усяго, зносіў усялякія недахопы, меў вялікі давер да афіцэраў, быў паслушны і лёгка арыентаваўся ў сітуацыі. Меў адзін недахоп: кепска страляў. Ніколі не было часу, каб яго гэтаму навучыць. Не меў даверу да карабіна і не бачыў у ім свайго прыяцеля. Карабін падаваўся яму хутчэй цяжарам, які трэба насіць. Недахоп той адбіваўся на кожнай аперацыі, а ўжо асабліва ў баях з конніцай даваўся ў знакі.
Беручы тэарэтычна, найбольш стомленымі павінны былі быць 8-я і 10-я дывізіі, бо зрабілі найдаўжэйшы адход, ад Германавічаў да Варшавы каля 700 кіламетраў, і гэта адходзячы ў кірунку найбольшага націску непрыяцеля. Аднак жа, нягледзячы на гэта, адзін дзень адпачынку, на працягу якога людзі маглі выспацца, вярнуў добры настрой, здароўе і надзею на перамогу.
13-га ўдалося нашаму штабу ў Варшаве расшыфраваць радыёдэпешу расійскага камандавання.
Быў гэта загад камандавання 16-й арміі. Перадалі яго адразу да ведама зацікаўленых камандзіраў. Загад той гучаў так:
"Са штаба 16-ай арміі ў штабы падначаленых дывізій.
13-га. VIII. 1920.
Аператыўны загад да войскаў 16-ай арміі.
Арміі заходняга фронту пасля баёў занялі Млаву - Цеханоў - Пултуск - Вышкаў.
21-й дывізіі загадана 13.VIII ударыць на непрыяцеля, які дзейнічае насупраць правага крыла нашай арміі з лініі Зэгжа - Залубіцы ў кірунку на Прагу.
Загадваю дывізіям распачаць наступленне і вечарам 14. VIII. 1920 авалодаць наступнымі раёнамі:
27-я дывізія - Лайск - станцыя Яблонна - Непарэнт;
2-я дывізія - Радзымін - Станіславаў - Пустэльнік (выключна) - Геленаў;
17-я дывізія - Пустэльнік - Маркі - Тураў - Валомін;
10-я дывізія - Макралок - Вавер - Яраслаў - Акунёў;
8-я дывізія - Карчоў - Асецк - Кольбель.
2) Дывізізійныя выведкі да гэтага часу павінны дабрацца аж да лініі ракі Віслы ў межах дывізійных адрэзкаў, вызначаных у пункце першым маёй дырэктывы № 505.
3) Камандзір 27 дывізіі ўзаемадзейнічае з 21 дывізіяй пры яе ўдарах, скіраваных на Прагу.
4) Камандзір 10-й дывізіі павінен мець на ўвазе, што ў залежнасці ад акалічнасцяў яго дывізія можа мець галоўны кірунак на Прагу, што вымагае канцэнтрацыі адной брыгады ў раёне Акунёва.
5) Пра атрыманне гэтага адразу далажыць.
Камандуючы 16-ай арміі Салагуб.
Член рэўваенсавета Петакоў.
Кам. шт. арм. Баторскі".
Як вынікае з гэтага загаду на адрэзак, заняты 11-й дывізіяй пяхоты скіроўваліся 27-я, 2-я і частка 17-ай дывізіі пяхоты. Апрача гэтага тут чакалася 21-я дывізія пяхоты з 3-й арміі. Абазначала гэта, што ў гэтым кірунку камандуючы 16-й арміі планаваў вырашальны ўдар.
14-га на світанні зноў распачалася моцная кананада пад Радзымінам. Дывізія была ў высокай гатоўнасці. Афіцэры, як звычайна, знаходзіліся сярод жаўнераў, а іх адносіны да падуладных былі маральнай сілай дывізіі.
У поўдзень бой, мяркуючы па адгалосках, дайшоў да найвышэйшай напругі, а гук выстралаў быў чуцён з боку Волькі Радзымінскай. Цяпер ужо не падлягала для мяне сумненню, што дывізію прыменяць.
Каля гадзіны 14-й прыехалі непасрэдна з поля бітвы два французскія афіцэры, інфармуючы мяне вельмі дакладна пра няўдачны ход баёў пад Радзымінам. Абодва былі прыгнечаны і вельмі песімістычна ацэньвалі нашую сітуацыю.
Даведаўся ад іх, што літоўска-беларуская дывізія здабыла Радзымін раніцай, але, атакаваная з флангаў і маючы пад пагрозай тылы, мусіла адступаць, несучы адчувальныя страты. Адначасова непрыяцель праламаў другую абаронную лінію ў Вольцы Радзымінскай і пасунуўся ў кірунку на Ізабелін і Аляксандраў. Рэзерваў 1-я армія ўжо не мела. Другая абаронная лінія не была занятая войскамі. Прымяненне рэзерву фронту станавілася непазбежным.
Тактычная сітуацыя была цалкам ясная. Належала любой цаной затрымаць адступленне 1-й літоўска-беларускай дывізіі на другой лініі і ўдарыць 10-й дывізіяй, адбіраючы 2-ую лінію ў Вольцы. Фактам найбольш турботным быў адход левага крыла літоўска-беларускай дывізіі, бо гэта расшырала разрыў і абцяжарвала манёўр 10-й дывізіі з Яблонны.
Я адразу вырашыў неадкладна выслаць адзін батальён у бок Волькі, каб падтрымаць адступаўшае левае крыло 1-ай літоўска-беларускай дывізіі. У найгоршым выпадку батальён гэты быў бы заслонай ад правафланговай 10-й дывізіі, якая атакавала ад Непарэнтаў. Даручыў палкоўніку Томе вызначыць батальён і прыслаць да мяне яго камандзіра.
Праз хвілю ўвайшоў палкоўнік Томе з паручнікам Паганоўскім, камандзірам 1-га батальёна 28-га палка. Харошы гэты афіцэр, звычайна вясёлы і поўны веры ў сябе быў бледны і глядзеў у зямлю. Даў яму загад, каб маршыраваў на развілку дарог, што вялі да Волькі Радзымінскай і Пустэльніка, дзе павінен стаць і навязаць кантакт з аддзеламі 1-й літоўска-беларускай двыізіі.
Пасля адходу Паганоўскага спытаў палкоўніка Томе, што абазначае прыгнечанасць гэтага афіцэра. Палкоўнік Томе адказаў, што, відаць, Паганоўскаму прыкра, што яго батальёну трэба будзе дзейнічаць не разам з усім палком, а асобна. Што да мяне, то, мяркую, што было гэта прадчуваннем хуткай смерці. Такія праяўленні я неаднаразова назіраў у ходзе вайны.
Каля 15-й гадзіны ў Яблонну прыбылі адначасова камандуючы фронту генерал Галер і камандуючы арміі генерал Латынік. Сітуацыя, якую я ўжо ведаў, нічым не змянілася. Ад генерала Галера атрымаў загад прыняць камандаванне і над 11-ай і 1-ай літоўска-беларускай дывізіяй з задачай правядзення контратакі. Паведаміў пра мой намер атакаваць з боку Непарэнтаў заміж франтальнай атакі з Яблоннай. Генерал цалкам з гэтым згадзіўся і аддаў у распараджэнне дывізіі дзевяць аўтобусаў, якія прыбылі ў Яблонну. Уся гаворка адбылася на дзядзінцы дома, у якім размяшчаўся штаб дывізіі. Трывала вельмі коратка. Генерал Латынік, наколькі памятаю, не гаварыў нічога.
Пасля адходу генералаў загадаў палкоўніку Томе прыняць камандаванне над 28-м і 29-м палкамі, ператранспартаваць іх аўтобусамі да Непарэнтаў і атакаваць Вольку. 30 полк меў стаяць у Яблонне ў рэзерве. Спадзяваўся, што атаку ўдасца правесці перад змярканнем. Найбольш мяне непакоіла: 1) прыняцце камандавання над 11-й і 1-й літоўска-беларускай дывізіяй, а таксама звесткі, у якім стане яны знаходзяцца;
2) надыходзячая ноч, якая перашкодзіць пачатку аперацыі;
3) адсутнасць маіх камандзіраў брыгад. Адзін з іх, палкоўнік Малахоўскі быў адкамандзіраваны, як гаварыў, камандаваць групай Зэгжа, а другі, палкоўнік Сікорскі, захварэў і мусіў на кароткі адрэзак часу ад'ехаць у Варшаву для правядзення аперацыі.
Я знаходзіўся ў цяжкай сітуацыі. Мусіў, не маючы сваіх камандзіраў брыгад, у дадатак камандаваць яшчэ дзвюма дывізіямі, якія біліся ўжо два дні і пацярпелі свежыя неўдачы. Пры гэтым вельмі цяжкія былі ўмовы сувязі, бо абедзве гэтыя дывізіі аперавалі па восі Вышкаў - Варшава, злучанай з Яблоннай толькі дарогай, якая вяла праз Пустэльнік і якая ўжо тады была пад пагрозай. Іншыя сувязі можна было мець толькі праз штаб арміі, г.зн. праз Вар шаву
Я не прадставіў камандуючаму фронту гэтых цяжкасцяў, бо з аднаго боку яны павінны быль быць яму вядомыя, з другога камандаванне мусіла мець важныя прычыны, каб сфармаваць з большай часткі арміі групу ў такіх выключна цяжкіх умовах. Вялікую адказнасць, якая легла на мяне, ураўнаважваў давер камандавання.
У ходзе нарады з камандзірамі прыбыў з батальёна Паганоўскага паручнік Боскі і далажыў мне, што камандуючы арміі, праязджаючы паўгадзіны таму назад праз Куты Вянгерскія, загадаў каб батальён маршыраваў на Пустэльнік і стаў у тыле 1-ай літоўска-беларускай дывізіі.
Загад камандуючага арміі перакрэсліваў мае планы, і я не мог з ім згадзіцца. Батальён ва ўзаемадзеянні з левым крылом 1-й літоўска-беларускай дывізіі мусіў стварыць нерухомы пункт да хвілі пачатку наступлення палкоўніка Томе з Непарэнтаў.
Сказаў паручніку Боскаму, што камандуючы арміі, выдаючы той загад, меў на ўвазе не тыл, а левае крыло 1-ай літоўска-беларускай дывізіі. Гэтаму крылу належыць падсунуцца яшчэ бліжэй, але ні пры якіх умовах не пераходзіць на паўднёвы бок шашы.
А 16-й гадзіне я накіраваўся ў 1-ую літоўска-беларускую дывізію. На развілцы шашы Волька-Пустэльнік знайшоў батальён Паганоўскага. Сувязь з 1-й літоўска-беларускай дывізіяй ужо была ўстаноўлена. Батальён стаяў уздоўж шашы на Вольку ва ўзорным парадку. Людзі здолелі ўжо пераапрануцца ў новыя мундзіры. На тварах жаўнераў не было відаць слядоў стомленасці. У гэты вырашальны момант я моцна адчуў, якую вялікую маральную сілу складалі афіцэры, калі яны блізкія да жаўнера, калі кіруюць яго жыццём духоўным і з'яўляюцца яго прыяцелямі. Такой уласна сілай былі афіцэры 10-й дывізіі пяхоты. Адклікалася гэта ў кожным руху, у кожнай усмешцы, у кожным паглядзе жаўнера. Абходзячы шэрагі батальёна я не дапускаў думкі, што праз некалькі гадзін выпадзе якраз гэтаму батальёну і яго камандзіру адыграць такую важную ролю ў абароне Варшавы.
Ад'ехаў, загадаўшы батальёну Паганоўскага выконваць толькі мае загады. Спяшаючы ў Пустэльнік думаў пра баявыя вартасці абедзвюх дывізій, якія прымаў у гэтыя крытычныя хвілі. Менш давяраў 11-й дывізіі пяхоты. Лёсы яе ў час вайны былі цяжкія. Частая змена камандавання, а таксама вялікія страты, панесеныя ў часе адступлення, не спрыялі стварэнню добрага духу ў гэтай дывізіі.
Апошняя бітва ў першай лініі, праведзеная на вялікай прасторы і без рэзерваў магла дэмаралізаваць і больш моцную частку. Апрача гэтага дывізія была папоўнена ў большасці маладымі жаўнерамі, недасведчанымі ў баі.
Затое вельмі разлічваў на 1-ю літоўска-беларускую дывізію. Спраўная гэта баявая частка, якая складалася пераважна з дабраахвотнікаў з усходніх Крэсаў, пад камандай дасведчанага, вытрыманага жаўнера генерала Ржандкоўскага, была адной з найбольш салідных і дасведчаных дывізій. Пасады камандзіраў займалі ў ёй красавякі, людзі вытрыманыя і моцныя духам і ў баі дасведчаныя. Асабліва выдатнай асобай быў камандзір брыгады падпалкоўнік Рыбіцкі, вядомы сваёй мужнасцю і ваенным талентам. Большасць гэтых людзей я ведаў асабіста і ведаў пра іх вялікія баявыя вартасці.
Камандзіра 1-й літоўска-беларускай дывізіі знайшоў каля дроту другой абароннай лініі каля станцыі Струга. Генерал Ржандкоўскі знайходзіўся там разам са сваім штабам.
Бітва дагарала. Палкі дывізіі адступалі з-пад Радзыміна.
Пераканаўся, што левае крыло 1-й літоўска-беларускай дывізіі, якое знайходзіцца насупраць вёскі Слупна, вісіць у паветры, што трымаецца там Гарадзенскі полк і што другая лінія абароны амаль не абсталявана. Непрыяцель развіваў свой поспех у кірунку на Ізабелін, Аляксандраў, Куты Вянгерскія.
Вялікія расейскія сілы канцэнтраваліся ў ваколіцы Радзыміна і ўздоўж шашы Радзымін-Вышкаў. Пры забітым расейскім афіцэры знайшлі загады, з якіх аказалася, што расейская армія кіруецца на Прагу, а таксама ў тылы Зэгжа і Модліна, што было нам ужо вядома. 11-я дывізія пяхоты была зусім не здольная да бою акрамя 48-га палка ў Бен'ямінаве. 1-я літоўска-беларуская дывізія, вычарпаная моцнымі баямі, білася без адзінага дня адпачынку, мела вельмі слабы баявы штат, бо не атрымала яшчэ ніякіх папаўненняў.
Як другі этап бітвы, калі ўжо будзем падрыхтаваны да абароны, я абазначыў атаку на вёску Мокрае ў тылах Радзыміна. Гэты важны тактычны ключ мела здабыць і ўтрымаць 10-я дывізія. У час гэтай аперацыі 1-я літоўска-беларуская дывізія будзе атакаваць Радзымін, пазбягаючы аднак усялякай канцэнтрацыі ў раёне гэтага мястэчка. Ініцыятыва бітвы будзе належаць 10-й дывізіі, а 1-я літоўска-беларуская дывізія з рэштай 11-й дывізіі павінна ўзаемадзейнічаць з 10-й.
Паведаміў таксама генералу Ржандкоўскаму, што за яго левым крылом стаіць батальён Паганоўскага.
У літоўска-беларускай дывізіі панаваў сур'ёзны настрой. Няўдача пад Радзымінам ні ў чым не пахіснула веру ў нашую перамогу.
План мой утрымоўваў пазней выдадзены загад, які ў пункце 5-м "Выкананне" гаварыў:
"10-я дывізія з раёна Яблонна перайшла ў раён Непарэнты з задачай правесці атаку:
48 пп на Руду, 19 брыг. п. на Мокрае, 20 брыг. п. ва ўзаемадзеянні з 19-й дыв. п. (1-я літ.-бел.) і маючы адзін полк у рэзерве дывізіі на Радзымін.
У ходзе гэтай акцыі, якая пачнецца ў час, указаны пазнейшым загадам, група генерала Ржандкоўскага будзе атакаваць Радзымін з поўдня".
Палком, вызначаным гэтым загадам у рэзерв, быў 31 полк пяхоты, які ў гэты дзень вярнуўся ў дывізію.
Вяртаючыся ў змроку, не сустрэў ужо батальёна Паганоўскага на ранейшым месцы, бо ён падсунуўся бліжэй да левага крыла 1-й літоўска-беларускай дывізіі ў кірунку Слупна. Калі праязджаў праз Куты Вянгерскія па панічных паводзінах насельніцтва можна было даведацца, што ў паўночнай частцы вёскі з'явіліся непрыяцельскія патрулі.
Пасля вяртання ў Яблонну пераканаўся, што аўтобусаў не ўдалося выкарыстаць, бо кожны асобны мог забраць найбольш 30 шарагоўцаў, а маршрут туды-назад займаў больш за гадзіну, што спазняла транспарціроўку ўсёй брыгады. У сувязі з гэтым пасля высылкі пару эшалонаў, бачачы, што час непрадукцыйна сыходзіць, палкоўнік Томе арганізаваў пешы пераход ў Непарэнты.
Такім чынам прымяненне аўтобусаў у такой малой колькасці прывяло да страты часу, і гэта сталася прычынай, што ХІХ брыгада толькі ў змроку дабралася да Непарэнтаў, уваходзячы адразу ў кантакт з непрыяцелем.
Край лесу насупраць Непарэнтаў быў заняты, як ужо сёння вядома (Путна, "К Висле и обратно", стар. 131) 241-м палком расійскай пяхоты, які ад шафёра аднаго з аўтобусаў, узятага ў палон у ваколіцы Малалэнкі, даведаўся пра рух 10-й дывізіі на Непарэнты і таму па ўласнай ініцыятыве заняў край лесу.
У Непарэнтах палкоўнік Томе знайшоў аддзелы розных фармацый, якія добра абараняліся, нягледзячы на тое, што не было агульнага камандавання, а ваяваўшы там эскадрон кавалерыі не меў патронаў. У Бен'ямінаве знаходзіўся 48-ы полк пяхоты.
Расейцы занялі край лесу на адлегласці ледзьве некалькіх соцень метраў ад Непарэнтаў, а галоўныя іхнія сілы пайшлі на Ізабелін, Сусін і Куты Вянгерскія. Адтуль аж да Варшавы мы не мелі ўжо ніякіх умацаванняў, а адлегласць па прамой лініі да горада была няпоўныя 14 кіламетраў.
Заставалася вызначыць час пачатку атакі.
Пасля глыбокага роздуму вырашыў атакаваць на світанні, і ў тым кірунку былі выдадзены загады. Засталіся яны ў сіле, хоць камандаванне фронту непатрэбна ўскладніла сітуацыю выданнем уласнага аператыўнага загаду, у якім хацела наступлення яшчэ перад світаннем і ўказвала канцэнтрычны кірунак для ўсіх трох вялікіх частак на Радзымін.
Было гэта на маю думку, прадпрыемства памылковае, бо над усёй тэрыторыяй бітвы тактычна дамінаваў не Радзымін, а вёска Мокрае, размешчаная за два кіламетры ад Радзыміна. Парослыя лесам узгоркі каля гэтай вёскі пануюць і над далінай рэчкі Жондзы, насупраць вёскі Завады і над шашой Вышкаў - Радзымін. З гэтых пагоркаў адкрыты ўсе тылы Радзыміна аж да вёскі Крашава. Хто валодае пазіцыяй Мокрае, той пануе над усім полем бітвы каля Радзыміна і над левым берагам Буга, адкуль прахо-дзяць небяспечныя для нас кірункі ад вёскі Руда і Сцяна.
У рэчаіснасці сталася так, што тады, калі штаб фронту загадваў канцэнтраваную атаку на Радзымін, у той самы час 21-я савецкая дывізія атрымала загад камандуючага сваёй 3-й арміі сканцэнтравацца ў раёне Мокрае - Лось - Завады і ўдарыць на Велішава і тылы Зэгжа. Узяўшы Мокрае мы мелі б дзве карысці:
1) Апаноўвалі б тэрыторыю баёў у ваколіцах Радзыміна, маючы пад агнём шашу Вышкаў - Радзымін.
2) Забяспечвалі тылы Зэгжа і Модліна, якім пагражала 21-я савецкая дывізія.
Загад канцэнтраванай атакі на Радзымін даходчыва паказвае на кепскую практыку загадатворчасці, якая прымянялася тут камандаваннем фронту. Камандаванне не толькі загадвае, што трэба рабіць, але яшчэ гаворыць дакладна, як трэба рабіць, праз што пазбаўляе падлеглае камандаванне ініцыятывы.
Баявая канцэпцыя камандуючага фронту гучала: "Як найхутчэй, нават ноччу, канцэнтрыравана выцяць на Радзымін". Мая канцэпцыя: " Пасля вяртання і заняцця другой лініі на світанні выцяць на Мокрае".
Калі камандуючы фронту даручаў мне камандаванне свежа створанай групай у Яблонне, мы не агаворвалі дэталяў маючага контрнаступлення. Я пачуваўся свабодным у выбары рашэння і прыняў яго пасля паразумення з камандзірам літоўска-беларускай дывізіі. Тым большай неспадзяванкай быў для мяне загад фронту, які я выканаць не мог.
Бой 10-й дывізіі распачаўся, аднак, перад світаннем атакай батальёна паручніка Паганоўскага. Каля 1-ай гадзіны ночы атакаваў ён Вольку Радзымінскую. Волька Радзымінская ў той час знайходзілася ў тылах тых палкоў 27-ай савецкай дывізіі, якія ішлі на Ізабелін у кірунку Яблонны. Расійскія палкі, пачуўшы моцную страляніну ў сваіх тылах затрымаліся і пачалі адступаць.
Наступленню паручніка Паганоўскага я надаю выключнае значэнне. Існавала, як мы бачым, вельмі высокае напружанне сіл матэрыяльных, а асабліва маральных абедзвюх армій. Расейцы бачылі перад сабой сваю мэту амаль дасягнутай. З іхніх пазіцый былі відны агні і святло Варшавы. Мы баранілі нашу сталіцу ўжо з роспаччу. Біліся не толькі гарматы, карабіны і багнеты, але сэрцы і псіхіка абедзвюх армій. Яны былі пераможцамі, мы - пераможанымі. Дарога да Варшавы стаяла адкрытай. Здавалася, непрыяцель можа ўвайсці ў яе без перашкоды.
У гэтую хвілю слабы батальён, не чакаючы гадзіны агульнага наступлення, атакуе пункт, які - як пазней аказалася - становіцца найчулліўшым мейсцам расейскай арміі, цэнтрам галоўнай артэрыі непрыяцельскага руху наперад.
Мы страцілі шмат афіцэраў, якія загінулі геройскай смерцю, аднак жа смерць Паганоўскага, які ў гэтым наступленні ўпаў смяртэльна параненым, ёсць момантам гістарычным. Паводле майго пераканання ў гэтым месцы развярнулася карта вайны, наступіў псіхічны пералом у нас і ў расейцаў. Ад хвілі гэтага наступлення распачалі адход тры, датуль пераможна і нястрымна ішоўшыя брыгады, а таксама 21-я дывізія са Слупна, адступленнем тым ствараючы хаос і замяшанне.
Паганоўскі, якога вёў надзвычайны інстынкт, распачаў перамогу і 10-й дывізіі, і 1-й арміі на варшаўскім плацдарме. У тым палягае вялікае значэнне яго чыну і ў тым слава яго жаўнерскай смерці [6].
Развіднялася, калі аддзелы палкоўніка Томе распачалі наступ з Непарэнтаў. Адначасова палкі 87-ай савецкай брыгады, адступаўшыя з Юзафова, выцялі на правае крыло 28-га палка ў ваколіцы фальварка Сусін. Завязаліся гарачыя баі, у якіх загінуў камандзір роты паручнік Пянчкоўскі. Флангавы аддзел затрымаўся і нават адступіў у выніку замяшання, выкліканага смерцю камандзіра. У выніку далейшых баёў на блізкай дыстанцыі 28-мы полк узяў Вольку Радымінскую, а 29-ты - Дамбкавізну. А 5-й гадзіне ўся нямецкая абаронная лінія была ўжо вернута.
Яшчэ перад світаннем вырушыў 30-ты полк на Ізабелін і Аляксандраў. Каля 5-й гадзіны прыбыў з Модліна 31-шы полк і стаў на шашы паміж Зэгжам і Непарэнтамі. Я правёў агляд палка, пасля чаго загадаў яго камандзіру капітану Балтнею выслаць адразу афіцэраў з мэтай рэкагнасцыроўкі нямецкай абароннай лініі ад левага крыла 1-ай літоўска-беларускай дывізіі да форта Бен'ямінаў, пасля чаго заняць гэтую лінію і падрыхтавацца да адбіцця контраатак. Пасля гэтага накіраваўся да Волькі Радзымінскай, дзе даручыў палкоўніку Томе ХІХ брыгадай атакаваць Мокрае.
У стасунках з ваяваўшымі аддзеламі вялікія паслугі аказала мне шаша Пустэльнік - Куты - Яблонна - Зэгжа - Непарэнты - Волька, па якой я мог свабодна перамяшчацца аўтамабілем. Дзякуючы гэтай шашы, зусім не спатрэбілася выкарыстоўваць тэлефон.
Я быў гарачым прыхільнікам адходу з бескарыснай першай абароннай лініі, якая ледзьве не спрычынілася да катастрофы 1-ай арміі, але поспех пад Волькай і Дамбкавізнай, баявы пад'ём, размяшчэнне на адказных кірунках выпрабаваных мужнасцю палкоў пад камандаваннем найвыдатнейшых афіцэраў і, што найважней, моцнае абсталяванне галоўнай лініі, усё гэта ўказвала на неабходнасць далейшага наступлення ў кірунку на Мокрае.
Наш поспех мог бы цалкам змяніць сітуацыю на варшаўскім плацдарме, а быць можа адбіцца станоўча і на іншых палках. Я не ведаў тады, што ў раёне Мокрага канцэнтруецца 21-я савецкая дывізія, каб адтуль выцяць на Велішава і тылы Зэгжа. Выконваючы канцэнтраваную атаку на Радзымін, мы мелі б усю гэтую дывізіію ў сваіх тылах.
У выпадку поспеху пад вёскай Мокрае мы вярталі б першую лінію плацдарма і Радзымін, што тактычна не мела залішне вялікага значэння, але пры гэтым мела вялікае значэнне маральнае, бо ламала ўпартую волю праціўніка і ўваскрашала дух перамогі ва ўласных шэрагах.
У 15 гадзін Мокрае было ўзята.
Цяпер ужо вельмі неабходным станавілася наступленне 1-ай літоўска-беларускай дывізіі на Радзымін, бо яно трымала ў напружанні савецкія 27-ую і 2-ую дывізіі ў час, калі нашы 28-мы і 29-ты палкі біліся за Мокрае, якое было тактычным ключом усяго поля бітвы. Ключ гэты 21-я савецкая дывізія нястомна намагалася вырваць у іх з рук.
Я надаваў заняццю Мокрага вялікае значэнне. Дапускаў, што пасля Волькі Радзымінскай Мокрае стане другім такім балючым нервам для расейцаў і яны любой цаной будуць хацець яго адабраць.Быў упэўнены, што ХІХ брыгада не аддасць яго лёгка. Так і адбылося, і хоць маёр Вальтар паў смяртэльна паранены, аднак 28-мы і 29-ты палкі ўпарта змагаліся за Мокрае, якое пераходзіла з рук у рукі, ведучы доўгія і зацятыя баі на тым адрэзку.
Піша пра гэтую хвілю Путна ў цытаванай ужо яго кніжцы "Да Віслы і назад":
"Наступіў момант, калі не толькі асобныя часткі, але і ўся маса траціць веру ў поспех бітвы з непрыяцелем. Надышла псіхалагічная рэакцыя. Маса перастала быць здольнай да атакі. Струна, якую мы нацягвалі ад Буга, лопнула".
Правае нашае крыло забяспечвае ў гэты час 30-ты полк з боку Радзыміна, які цалкам траціць сваё тактычнае значэнне.
Яшчэ раз выклікае замяшанне нейкі рух непрыяцеля з боку Цёмнага, а паўсталая з гэтай аказіі страляніна разганяе сбраных на шашы цывільных нашых і замежных саноўнікаў. Пасля хвіліннай панікі не могуць яны паверыць тлумачэнням, што ўжо пагоркі Мокрага за Радзымінам у нашых руках.
Загадваю 30-му палку заняць Радзымін, што ён выконвае, уваходзячы разам з часткамі Літоўска-беларускай дывізіі ў горад а 19-й гадзіне.
Так закончыўся дзень 15 жніўня.
Адначасова ішлі баі на адрэзку 8-ай дывізіі пяхоты, дзе мужна змагаўся дабраахвотны батальён і геройскай смерцю палёг ксёндз Скарупка.
16-га трывалі зацятыя баі за Мокрае. 21-я савецкая дывізія намагалася выканаць сваю задачу і загразіць тылам Зэгжа. Высілкі яе не дасягнулі, аднак, вынікаў.
Нашая артылерыя, атрымаўшы ў Радзыміне дасканалы назіральны пункт на вежы, высунулася наперад, паспяхова абстрэльваючы праціўніка. Адчувалася аслабленне нярвовай напругі, усё атрасалася ад панурай мінуўшчыны.
У той жа дзень першы раз за многія тыдні пачуў жаўнерскую песню, якую спявалі маршыраваўшыя ўланы.
Вечарам абазначыўся ўжо ўдар з-над Вепжа, аднак жа на гэтым крыле непрыяцель трымаўся яшчэ моцна, адбіваючы нашае наступленне. У гэты ж дзень 31-шы полк з рэзерву падтрымаў 28-мы і 29-ты палкі.
* * *
17-га запанаваў радасны настрой. З паўдня ішла перамога і мы адчувалі моцную знерваванасць праціўніка, якое праяўлялася ва ўзмоцненым агні. Было гэта прадвесце хуткага адступлення. У нашых штабах запанаваў гарачкавы рух. Дывізія атрымала некалькі спрэчных загадаў. То мела перайсці праз Зэгжа ў склад 5-ай арміі, то сесці ў цягнікі, то фарсіраваць Буг паміж Зэгжам і Вышкавам. Скончылася тым, што 31-шы полк, ідучы па пятах непрыяцеля, 18 верасня авалодаў мостам у Вышкаве, унемажліваўшы яго знішчэнне.
На наступны дзень уся дывізія сканцэнтравалася ў Вышкаве.
Удар з-над Вепжа нястрымна набліжаўся.
* * *
Звернемся цяпер дв крыніц нашых праціўнікаў, якія пішуць пра Радзымінскую бітву. Як вядома, на Варшаўскі плацдарм была скіравана 16-я армія, маючы на сваім правым крыле 27-ю дывізію пяхоты. Сяргееў у сваёй кніжцы "Ад Дзвіны да Віслы" называе гэтую дывізію адной з найлепшых. Яе камандзір п. Путна напісаў вычарпальную і ўжо тут цытаваную працу "Да Віслы і назад".
З працы гэтай даведваемся, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ліквідацыі арміі Калчака, супраць якой 27-я дывізія змагалася вельмі добра, размясцілі яе ва Усходняй Сібіры, у раёне Анчынска ці каля шасці тысяч кіламетраў ад Варшавы. Там застала яе вестка пра вайну з Польшчай. Як піша п. Путна, дывізія звярнулася з просьбай да вышэйшага камандавання, каб яе паслалі на польскі фронт. У час паездкі праз Сібір і ўсю Расію камандзір дывізіі забараніў маляваць самыя разнастайныя лозунгі на вагонах, як у той час у Саветах было ў звычаі, замест гэтага ўсюды віднеўся адзін лозунг у два словы: "Даёшь Варшаву!" Неўзабаве гэтыя словы сталі лозунгам усёй арміі і атрымалі незвычайную папулярнасць. Путна запэўнівае, што ў ходзе грандыёзнага падарожжа не толькі не было выпадкаў дызертырства, а штаты колькасна павялічыліся, калі высаджваў транспарты ў Оршы. Гэтыя факты высвятляюць як найвыразней настроі расійскай арміі.
27-я дывізія атрымала кірунак на Лайск - Яблонную. Тут адбыўся цікавы выпадак. Калі 16-я армія выконвала марш на Варшаўскі плацдарм, у той час 3-я армія была на правым беразе Буга, імкнучыся апанаваць фарты Зэгжа. 3-я армія ў мэтах аблягчэння задачы 16-ай арміі выслала адну сваю дывізію, менавіта 21-ю, якая мела выцяць у кірунку Зэгжа - Залубіцы на нашае левае крыло. Адначасова атрымала гэтая дывізія загад заняць Прагу і Варшаву. Ужо з Вышкава скіравалася на Радзымін, і 13 жніўня абедзве дывізіі сустрэліся перад нашай першай лініяй, якую бараніла 11-я дывізія, а пасля фарсіравання гэтай лініі адначасова занялі Радзымін. Наступіла не толькі скрыжаванне шляхоў, але і скрыжаванне намераў. Адгэтуль у мізэрным мястэчку Радзыміне бачым аж дзве дывізіі ці 18 палкоў пяхоты. Дывізіі гэтыя дбалі пра свой гонар і гонар сваіх армій, у асноўным узаемадзейнічаючы, стараліся, паводле Путны, "перахітрыць" адна адну, каб дасягнуць першынства ў заняцці нашай сталіцы. Наступае на гэтым фронце вельмі значная канцэнтрацыя сіл, і палкі як бы ў перапляценні праводзяць ноч з 13 на 14 жніўня. Камандуючы 16-й арміі, каб не аддаць лаўраў узяцця Варшавы дывізіі чужой арміі, у загадзе ад 13-га, які ўжо цытаваў, гаворачы пра ўзаемадзеянне да сваёй дывізіі, дае ёй зразумець, што яна павінна заняць Варшаву.
На поўдзень ад Радзыміна дзейнічала 2-я савецкая дывізія ў кірунку на Цёмнае, таму ваявалі на гэтым адрэзку тры дывізіі расійскай пяхоты, гэта значыць 27 палкоў у сваю чаргу вельмі малога колькаснага штату.
Нічога дзіўнага, што расцярушаная на той прасторы наша 11-я дывізія напору гэтага вытрымаць не патрафіла, і расейцы апанавалі Радзымін, Цёмнае, Цагельню і Слупна ўжо ў першы дзень. Падобна і 1-я літоўска-беларуская дывізія, якая ў контрнаступленні здабыла Радзымін, не магла там утрымацца з-за пагрозы яе флангам ад Слупна і Цёмнага. Таму адступіла на другую пазіцыю (нямецкую), але аддзелы 27-ай савецкай дывізіі перлі наперад і ўжо ў поўдзень прайшлі і гэтую, слаба ўмацаваную, лінію паміж Волькай Радзымінскай, Матай і Бен'ямінавым, кіруючыся на Аляксандраў, Ізабелін і Яблонну.
Тэрыторыя гэтая добра падходзіць для наступлення, бо вельмі залесеная і пачынаючы ад ракі Жондзы аж да Прагі нашая артылерыя нідзе не магла перашкодзіць руху праціўніка. Быў гэта якраз момант уваходу ў справу 10-ай дывізіі. Путна скардзіцца, што не ўсе сілы 16-й арміі ўзялі ўдзел у наступленні і ўвесь цяжар бою клаўся выключна на палкі 27-ай, 21-ай і 2-ой дывізій, якія змагаліся ў Радзыміне і яго ваколіцах.
Вечарам, уласна, калі 10-я дывізія ўваходзіла ў акцыю, расійская групоўка была наступная:
1) 27-я дывізія займае пагорак (высату) 37,2 скраю лесу насупраць Непарэнтаў. Волька Радзымінская, Ізабелін, Слупна, Чорная Старая. Ведае пра рух нашай 10-й дывізіі. Усе дывізіі 16-й арміі прыбылі ўжо на поле бітвы, і іхнія штабы ўстанавілі тэлефонную сувязь. Пастаноўлена на світанні выконваць загад далейшага наступлення. А 2-й гадзіне ночы выдадзены загад пра тое далейшае наступленне на Лайск - Яблонну. Камандзір дывізіі ў добрым настроі і жартаўліва акрэслівае сітуацыю, як "далёкую ад плачэўнай".
2) 21-я дывізія атрымала заданне сканцэнтравацца ў раёне Завады, Мокрае, Радзымін і выцяць праз Непарэнты на Велішава і тылы Зэгжа. Частка гэтай дывізіі правяла ноч у Слупне, каб назаўтра далучыцца да дывізіі ў Непарэнтах. Гэтая дывізія не брала ўдзелу ў баях 14 жніўня, рыхтуючыся да сваёй новай задачы.
3) 2-я дывізія стаяла за 27-й дывізіяй у раёне Радзымін, Цёмнае, Дучкі.
Распачала наступленне 81-я брыгада 27-ай дывізіі значна раней за азначаны тэрмін, пасоўваючыся ў кірунку на Куты Вянгерскія - Яблонну, адзін з яе палкоў дабраўся ажно да Юзафова і заняў нейкія вучэбныя акопы паблізу ад Яблонны.
У гэты час, а 1-й гадзіне ночы ў глыбокіх тылах гэтага палка, на адлегласці нейкіх пяці кіламетраў распачалася густая страляніна. Была гэта якраз атака батальёна Паганоўскага. Паслалі вершнікаў да рэзерву, які складаў 242-гі полк, але палка гэтага не ўдалося знайсці. У выніку таго 243 полк пачаў адступаць, а дайшоўшы да вышыні Волькі Радзымінскай зусім нечакана ўбачыў перад сабой правае крыло 28-га палка, наступаўшага на Вольку. Крыло гэтае паводле Путны, ён атакаваў, але адначасова працягваў адступаць на Вольку, несучы з сабой каля 200 параненых.
Момант атакі Паганоўскага так апісвае Путна:
"Каб адбіць нашую атаку, непрыяцедь з раёна Пустэльніка павёў энергічнае наступленне ў кірунку на поўнач на фронце Слупна - Пякельнае - Варота - Рамбяльшчызна. Выкідваючы са Слупна часткі 21-й дывізіі, адкінуў ён і наш 242-гі полк і зрабіў гэта з такой хуткасцю, што полк нават не здолеў паведаміць 243-му палку, які высунуўся да Кутоў Вянгерскіх".
Ад гэтай хвілі 27-я савецкая дывізія траціць раўнавагу. Не дапамагае адбіццё атакі 1-ай літоўска-беларускай дывізіі ані тое, што іншыя дывізіі былі гатовыя яе падтрымаць.
Выказваючы прэтэнзіі іншым дывізіям, што адначасова не ўзаемадзейнічалі, Путна піша, што мы атрымалі значнае папаўненне, сярод якога штучна раздувалі нянавісць да маскалёў, і сцвярджае:
"Толькі тым можна вытлумачыць упартасць, з якой непрыяцель праводзіўапошнія атакі і наступленне".
"У нашых высілках становіцца заўважным пералом і пераход ад актыўнасці да пасіўнасці".
А 13-й гадзіне 21-я дывізія замест таго, каб наступаць на Непарэнты і Велішава, была занятая адбіццём атак 28-га і 29-га палкоў. Не можа яна выканаць сваю задачу і распачынаюцца зацяжныя, цяжкія баі за Мокрае. Высілкі цэлай дывізіі не могуць справіцца з супрацівам нашых двух палкоў, не здольныя зрушыць іх з месца.
Што да нашых непрыяцеляў, то справядлівасць вымагае, каб дадаць, што да пераломнага моманту баі вяліся ім вельмі станоўча з разуменнем баявой сітуацыі. Асабліва там, дзе дзейнічала 27-я савецкая дывізія, адчувалася дасканалае кіраўніцтва і энергія брыгад і палкоў. Кожная баявая ўдача, а асабліва ў час атакі 1-ай літоўска-беларускай дывізіі на Радзымін, выкарыстоўвалася імгненна і з разуменнем не толькі тактычнай але і псіхалагічнай сітуацыі.
Баі з конніцай
Конніца Гая, яе якасць і тактыка. - Далейшыя маршы 10-й дывізіі. - Пад Хажэлямі. - Спатканне з генералам Картанам дэ Вярт. - Нашая памылковая тактыка. - Перакідванне дывізіі на паўднёвы фронт. - Будзённы. - Спосабы баёў з конніцай.
Конніцу Гая мы мелі часта падчас адходу на крыле і нават за крылом. Калі штаб групы станавіўся на пастой, першай яго справай было абсаджэнне кулямётамі мураваных дамоў, ветракоў, высокіх будынкаў і да т.п. Ніколі, аднак, конніца не адважвалася на атаку. У Саколцы падавалася, што нарэшце адважыцца яна выцяць на штаб групы і адступаўшыя з-пад Гародні аддзелы, асабліва на брыўшыя па шашы абозы.
Асцярожнасць была, аднак, асноўнай рысай гэтай конніцы. Круціліся адзіночныя патрулі, рабіліся самыя розныя манёўры ў найбліжэйшым суседстве з намі, але хапала некалькі трапных выстралаў, якія нагадвалі пра існаванне парадку, каб конніца з вялікай спешкай адышла шукаць лягчэйшых і бязбольных поспехаў. Часамі даходзілі з левага флангу звесткі пра высячэнне ў пень той або іншай маршавай роты, адпачываўшага без забеспячэння батальёна або, што найчасцей, аб сплюндраванні абозу. Ніякага больш сур'ёзнага дзеяння конніца на нашых тылах ніколі не выконвала.
Трэба сказаць, што праз увесь час конніца гэтая мела задачу моцна аблегчаную. Як у Вільні, так і ў Гародні і пазней у Асаўцы не сустрэла сур'ёзнага супраціву і яе камандзір Гай мае рацыю, з гонарам пералічваючы ў сваёй кніжцы ўсе гарады і фартэцы, якія здабыў яго корпус. Для афіцэраў конніцы і гісторыі кавалерыі будзе рэччу цікавай бліжэй вывучыць тактыку гэтага корпуса. Няма сумневу, што яго камандзір патрафіў здабыць са сваіх кавалерыстаў энергію і вялікую здольнасць руху. Узнікаюць, аднак, сумненні адносна мэтаў, якія ставіліся гэтай конніцы.
Накіроўваючыся ў нашыя найглыбейшыя тылы, трымалася яна пастаянна нямецкай граніцы, а магла зрабіць у тылах 1-ай арміі значна болей, бо армія гэтая не была згрупаваная ўглыбіню і змагаючыся з пераважнай па сіле пяхотай, мела адкрытыя тылы. На ўсёй велізарнай прасторы нашага адступлення, савецкія 4-я і 15-я арміі, якія карысталіся корпусам конніцы, маглі знішчыць 1-ую армію, аблягчаючы сабе значна большыя задачы. Аднак далёкія мэты і занадта шырокае ўспрыняцце стратэгічных задач перашкодзілі расейцам ў дасягненні рэальнай карысці асабліва пад Замбравам і Востравам, дзе страта паўночнай групы падавалася непазбежнай.
Сяргееў гаворыць, што стан коней не дазволіў выканаць загон на Малкіну. Лічу гэты довад за неістотны. Конніца ніколі не задаволена станам коней, але заўсёды можа яго паправіць за кошт мясцовага насельніцтва. Здаецца, і конніца Гая не рабіла сабе ў той меры лішніх праблем, што тычыцца неабходнасці рэквізіцыі. Падаецца мне больш праўдападобным, што не любіла яна сустракацца з лінейнай пяхотай і хацела пашукаць лягчэйшых заданняў.
Ва ўсялякім разе корпус Гая мог нам у 1920 г. прычыніць значна больш клопатаў і цяжкасцяў, чым зрабіў у сапраўднасці, ідучы па найменшай лініі супраціву і залішне для сябе цэнячы блізкасць нямецкай мяжы. Калі на поўдні конніца Будзённага абапірала сваю тактыку на агні і руху, Гай абапіраўся выключна на рух. Там і вынікі дзейнасці гэтых дзвюх груп розныя.
П. Тухачэўскі скардзіўся, што не мог нідзе дагнаць нашыя войскі, каб нанесці ім паразу. Чаму ў той час не прымянілі конніцу, каб праехалася па тылах 1-й арміі і нават 4-ай арміі. Не вядома яшчэ, што б з гэтага выйшла, але рацыя вайны вымагала таго абавязкова. Конніца затрымала б нашыя адступаўшыя дывізіі, а пяхота магла б у той час спрабаваць задаць ім паразу. Што да нас, то ад дзён Шаркаўшчыны, дзе корпус конніцы з аглядкай абмінуў нашую групу і замест стварэння "Седана" памчаўся шукаць шчасця недзе ў далёкіх тылах, страцілі мы да той конніцы ўсякую павагу. Было відочна, што яна моцна баялася агню пяхоты і не вельмі прыгодная для выканання вялікіх стратэгічных задач. Наколькі конніца на поўдні пад камандаваннем Будзённага далася нам у знакі, заслугоўваючы на тое, каб уважліва вывучуць яе спосабы вайны, настолькі конніца на поўначы акрамя заняцця амаль безабароннай і агорнутай панікай Гародні, а пазней Ломжы, не заслугоўвае на большую ўвагу. Было гэта крыважэрнае войска, але каб мець поспех, шукала безабаронных людзей. Толькі ў час адступлення конніца выявіла вялікую энергію. Шкода, што з-за нашых памылак здолела перайсці ва Усходнюю Прусію.
19-га жніўня ўся дывізія сканцэнтравалася ў Вышкаве. На поўначы адбываўся гвалтоўны адход 3-й і 15-й савецкіх армій і трэба было як найхутчэй адразаць ім дарогу рухам на Астраленку.
У гэты час дывізія атрымала зусім нечаканы загад камандуючага фронту, які прадпісвў ёй марш на Пултуск у склад 5-й арміі, пасля чаго з Вышкава перайшла ў Пултуск, дзе мусіла ўброд фарсаваць Нарву бо масты былі знішчаны адступаўшымі савецкімі дывізіямі. Быў гэта той момант, які так справядлівакрытыкуе ў сваёй працы маршал Пілсудскі, гаворачы:
"Таму калі 19-га вечарам 15-я армія паспешна адходзіла на ўсход, наша 1-ая арміяпрадпрыняла забаўны манёўр пераходу з цяжкасцю Нарвы акурат у адваротным парадку - на захад".
Цяжка сёння зразумець гэты наш манёўр. Ідучы на поўнач дывізія прынесла б шмат шкоды 5-й і 15-й савецкім арміям, а выходзячы на заходні бераг Нарвы не мелі там што рабіць.
Нарва як бы не толькі перагароджвала тэрыторыю, але і псіхалогію нашых армій. Падчас, калі на ўсходнім беразе панаваў радасны настрой перамогі, на заходнім трываў яшчэ стан вялікага знервавання.
Выконваючы памылковы манёўр дывізія страціла магчымасць двухкратнага перарэзвання дарогі непрыяцелю: ідучы з Вышкава на Астраленку перарэзалі б дарогу 3-й і 15-й арміям, а ідучы з Пултуска на Хажэлі: 4-й арміі і коннаму корпусу Гая.
Замест гэтага 21-га жніўня дывізія стаяла ў Галыміне, а 22-га атрымала загад маршу на Пшасныш. Калі мы дайшлі да Пшасныша, даведаліся, што савецкая армія прайшла Хажэлі. Паехаў туды на ўтамабілі разам з ад'ютантам. Бой быў ужо скончаны. Расійскія аддзелы прарвалі фронт нашай сібірскай брыгады, нанёсшы ёй вялікія страты, і пайшлі на Мышынец.
Выгляд поля бою рабіў жудаснае ўражанне. Ляжала на ім вялікая колькасць трупаў. Былі гэта ў пераважнай большасці нашыя жаўнеры, але не толькі параненыя і забітыя у час бою, а пазабіваныя пасля бою.. Цэлыя доўгія шарэнгі трупаў, у адной бялізне і без ботаў ляжалі ўздоўж платоў і ў бліжніх кустах. Былі паколатыя шаблямі і багнетамі, мелі знявечаныя твары і павыколатыя вочы.
У гэты час мне далажылі, што прыехаў ангельскі генерал з некалькімі ангельскімі афіцэрамі. Я сказаў запрасіць яго на пабоішча і паказаў яму тое жудаснае відовішча і цэлую масакру. Я быў узбураны
- Можа пан генерал захоча распавесці пану Лойд Джорджу, - сказаў, - як яго палітычныя прыяцелі абходзяцца з нашымі палоннымі. Не верыцца, каб ангельскі народ, які так клапоціцца пра свой гонар і слынны высокай культурай духу, мог прымірыцца з варварвмі.
Ангельскія генерал і афіцэры маўчалі. Мяркую, што і яны былі ўзбураны выглядам гэтага варварства, а можа з-за палітыкі іхняга шэфа ў адносінах да Саветаў і Польшчы не мелі нічога сказаць.
Прыпамінаю пра той інцыдэнт таму, бо ён мае свой далейшы працяг 9 кастрычніка, г.зн. у дзень заняцця мной Вільні. Мушу дадаць, што гэтым генералам быў Картан дэ Вярт, шанаваны і любімы ўсёй нашай арміяй за свой рыцарскі і поўны шляхетнасці характар.
Вывучаючы тэрыторыю баёў атрымаў уражанне, што нашая тактыка, адносна гвалтоўнага адступлення савецкіх армій была памылковая. Заміж таго, каб заняць мураваныя будынкі мястэчка Хажэлі і муры могілак ды скіраваць агонь на мост, які мусілі фарсіраваць расійскія аддзелы, пяхота наша зрабіла амаль дзіцячы маставы плацдармік, выкапаўшы раўкі ў пяску. Бараніла яна той плацдарм надзвычай мужна, і я з узрушаннем слухаў апавяданне каваля, які ў час бітвы рамантаваў карабіны нашых жаўнераў. Аднак памылка такой дыслакацыі аблегчыла расійскім аддзелам здабыццё нязнішчанага моста і Хажэляў.
Паўстаюць вельмі важныя загадкі тактычнай прыроды пра сістэму вайны ў тых, такіх асаблівых, умовах. У кніжцы генерала Сікорскага сустракаем вытрымкі з загаду і разважанні, якія аблягчаюць разуменне тактыкі, якую прымянялі аддзелы 5-ай арміі.
І так аператыўны загад № 1104/ІІІ ад 21 жніўня гаворыць:
"Баі з аддзеламі, якія намагаюцца прабіцца, мусяць палягаць на як найстараннейшай выведцы і як наймацнейшай наступальнай ініцыятыве. Аддзелы не могуць займаць пазіцыі, каб забяспечыць абаронна дадзены раён, але мусяць як найэнергічней прарывацца ў кожным асобным выпадку, абходзіць і знішчаць адступаючыя аддзелы".
Як бачым гэты загад абавязвае абходзіць непрыяцеля і праводзіць толькі наступленне.
Напрошваецца пытанне, як можа армія, якая лічэбна не нашмат перавышае праціўніка, раскіданая ў розных кірунках, абходзіць непрыяцеля, які знаходзіцца ў напружаным адступальным руху? Ці магчымы абход дзвюх дывізій конніцы ў той час, калі яны ўцякаюць, робячы штодзень найменей па пяцьдзесят кіламетраў? І паўторна, як можна дзейнічаць наступальна супраць непрыяцеля, які ўцякае?
Тактыка гэтая прывяла да таго, што мы мелі ўсюды няўдачы, і ўсюды расійцы прарывалі нашыя тонкія лініі, якія імкнуліся да "абходу", або дзейнічалі "наступальна".
Магло быць іначай. Напружанаму непрыяцельскаму руху мы мелі супрацьпаставіць напружаную сілу нашага агню. Не наступленне, а абарону трэба было прымяняць. Належала прадбачыць кірункі адступлення, знішчаць на іх масты, займаць усе мураваныя дамы, рабіць заслонныя палявыя ўмацаванні і перш за ўсё не распыляцца, а ствараць такія ўмовы, каб непрыяцель мусіў нас атакаваць. Адзін кулямёт на даху моцнага мураванага дома значыў больш, чым ланцуг батальёна, які выконвае абходна-наступальны манёўр.
Калі мы сёння вывучаем кніжку камандзіра коннага расійскага корпуса Гая, то бачым, што на ўсёй паўночнай прасторы, аж да Кольна перагароджвалі яму дарогу невялікія аддзелы, якія стараліся яго атакаваць. Дзіўная рэч, што ва ўсіх выпадках не толькі корпус заўсёды прарываўся, а і вывез з сабой увесь свой абоз.
Бо і як выглядаў такі бой? Трываў ён коратка. Аддзелы, якія перагароджвалі дарогу, адступаць не могуць, бо самі ператварыліся б ва ўцекачоў. Той, які наступае, не можа затрымлівацца на здабыванні малых цвердзяў, рассеяных па тэрыторыі, і мусіць шукаць дарог абходу, дзе зноў натыкаецца на падобныя перашкоды. Абозы аднак абходзіць не могуць. Яны мусяць застацца на дарозе. Факт, што абозы Гая здолелі дайсці да Кольна, ёсць найвідочнейшым довадам нашай памылковай тактыкі.
Раптам 10 дывізія атрымлівае загад перайсці ў Цеханоў, адкуль мае быць перавезена цягнікамі на паўднёвы фронт, дзе яшчэ апераваў Будзённы. Разышліся тады прагалоскі, што я маю быць прызначаны на іншую, больш высокую пасаду. Таму, праязджаючы праз Варшаву, наведаў я начальніка штаба генерала Развадоўскага і прасіў, каб не прызначаў мяне на іншую пасаду акрамя камандавання 10-й дывізіяй. Вайна ішла ўжо к канцу, і я меркаваў, што маю ўжо маральнае права пакінуць службу. Перажыванні адступлення і Радзымінскай бітвы яшчэ больш звязалі мяне духоўна з людзьмі, з якімі прыйшлі мы з Кубані і з якімі не хацеў расставацца. Мяркую, што і яны плацілі мне ўзаемнасцю.
Генерал паабяцаў мне гэта.
Калі ў дывізіі пыталіся ў мяне, ці гэта праўда, што пакідаю яе шэрагі, адказваў, што ніякая перспектыва вышэйшых пасад не здоляе мяне на гэта схіліць. Толькі справа Вільні, так легкадумна пакінутай намі ў ліпені, магла б мяне змусіць да пакідання шэрагаў дывізіі, з якой перажыў столькі цяжкіх і прыгожых хвілін.
* * *
Пасля перакідвання дывізіі на паўднёвы фронт у раён Замосця, Тышавец і Сокала мы аказаліся ў раёне дзеяння коннай арміі Будзённага. Армія гэтая, як вядома, цяжка заважыла на лёсах вайны 1920 года і на доўга звязала не толькі нашыя сілы, але ўвагу нашага камандавання, адцягваючы яе ад паўночнага фронту і ад гвалтоўнага адступлення, якое там адбывалася.
Маральна дзейнасць гэтай конніцы характарызуе ў "1920 годзе" маршал Пілсудскі, які піша:
"Той новы інструмент бітвы, якім аказалася для нашых, непадрыхтаваных для гэтага войск, конніца Будзённага, станавіўся нейкай легендарнай, непераадольнай сілай, і рэч магчымая, што чым далей ад фронту, тым уплыў гэтай субстанцыі, якая не паддавалася уздзеянню, быў мацнейшы і зусім няспынны".
Ніхто не мог зразумець, што сталася. Конніца, якая, дзякуючы ўдасканаленню агнястрэльнай зброі, дзякуючы развіццю тэхнікі, а потым і авіяцыі, здавалася, скончыла сваю гістарычную ролю, з'явілася зноў на арэне падзей, выступаючы ў форме вострай і вырашальнай. Рабіла гэта моцнае ўражанне на розумы таму, што на працягу ўсёй Сусветнай вайны, калі ва ўсіх арміях і асабліва ў Расіі былі сабраны вялікія масы конніцы, нідзе не паўплывала яна на лёсы вайны.
Што ж сталася? Дзе хаваўся сакрэт поспеху расійскай конніцы?
Адказаць на гэтае пытанне не цяжка. Не савецкая конніца была моцнай, а слабой была нашая падрыхтоўка да баёў.
1) Найслабейшым месцам у час баёў з конніцай былі нашы тылы. Вялікія, пустыя прасторы, не насычаныя войскам, былі выгаднай тэрыторыяй для аперацый коннай арміі. Раскіданыя па тых прасторах малыя і слабыя тылавыя аддзелы звычайна не давалі адпору. Абозы, шпіталі, інтэнданцкія склады, адміністрацыя не былі падрыхтаваны да бою і не мелі нават зброі. Конніца заміж супраціўлення натыкалася на паніку, хаос і замяшанне, так для яе пажаданыя. Здаецца, што мы зусім не маем у гісторыі нашай вайны выпадкаў абароны нефрантавых аддзелаў, а ў час конных рэйдаў на іх больш, чым на лінейных аддзелах, ляжыць абавязак аказанне супраціву.
2) Пяхота наша была вельмі слаба абучана стральбе. Мы не мелі для гэтай вучобы ні часу, ні адпаведных умоў. Зброя розных армій, розных часоў і рознай якасці не заахвочвала да стралковай вучобы, а адсутнасць уласных заводаў, недахоп боепрыпасаў не спрыялі вучобе нашых рэкрутаў. Стралковая падрыхтоўка, больш чым любая іншая ў арміі, вымагае нуднай працы, руціны і моцных нерваў у выкладчыкаў. Адсутнасць стралковай падрыхтоўкі моцна адбілася на псіхіцы нашай пяхоты. Было гэта добрае войска, якое элегантна маршыравала ў самкнёных шыхтах, аднолькава трымала карабіны, але не было сцэментаванае пачуццём уласнай сілы, якую дае ўпэўненасць у сваёй зброі.
Некаторыя нямецкія вайсковыя пісьменнікі гавораць, што немцы прайгралі вайну таму, што апошнія іхнія рэкруты не былі дастаткова падрыхтаваныя стралкова. Ёсць у тым вялікая рацыя. Стралковая падрыхтоўка - гэта не толькі добрая тэхніка агню, гэта дысцыпліна духу, мазольная праца, якая стварае рамесніка вайны, гэта аснова маральнасці арміі. Рацыянальныя стралковыя вучэнні ўліваюць мужнасць у душу жаўнера. Нельга сёння быць добрым жаўнерам не будучы адначасова добрым стралком, падобна як добры стралок не можа быць кепскім жаўнерам.
Без сумнення мы ведалі пра тыя ваенныя ісціны, але не маглі ўкараніць у жыццё. Прыходзіла на фронт шмат жаўнераў, якія ў жыцці не зрабілі ніводнага стрэлу. Для іх карабін, у іхніх руках звычайна брудны, быў непатрэбным цяжарам, які перашкаджаў ісці.
Жаўнер такі не верыць у сваю зброю і не складае з ёй аднаго цэлага.
3) Наша тактыка барацьбы з конніцай была памылковая. Заміж таго, каб абаперці яе на сілу агню, абапіралі яе на наступленні. Заміж таго каб прымяняць прыдатныя для агнявой барацьбы групоўкі, заміж таго, каб выкарыстоўваць тэрыторыю і ўсё, што на ёй знайходзіцца, для той жа мэты, прымянялі тонкія ланцугі, у якіх наш недасведчаны жаўнер губляўся, становячыся ахвярай конніцы, нават часта сумніўнай вартасці. Дух наступлення прымушаў гэтыя ланцугі да наступлення, ад чаго конніца заўсёды магла ўхіліцца. Калі змучаная пяхота нарэшце вымушана была прыняць атаку конніцы, то паводле нашага рэгламенту мела класціся на зямлю для прыняцця гэтай атакі. Абгрунтоўвалася гэта тым, што пяхота лепей можа страляць лежачы, а таксама тым, што, лёгшы на зямлю, не можа ўцякаць.
Усе гэтыя рэчы, узятыя разам, стваралі слабасць нашай пяхоты ў баях з конніцай. Наступаючы стратэгічна і тактычна, хацелі наступаць неяк фізічна. Заміж агню імкнуліся мы да бою халоднай зброяй. У гэтым выпадку мы ўпадабляліся да войска даўняй Расіі, дзе панавала дактрына Суворава: "Куля - дура, штык - маладзец", а таму - прэч кулю, бо яна абазначае абарону. Уявім сабе, што змучаная пяхота атакуе ў полі конніцу, каб дастаць яе багнетам. Дзівячыся з гэтага конніца ад'язджае, а потым, выбраўшы адпаведны момант вымае шаблі і атакуе пяхоту.
Баі нашай пяхоты з конніцай Будзённага нагадвалі бой японскай арміі з рэйдам расійскай конніцы пад камандаваннем генерала Мішчанкі ў вайне расійска-японскай у 1905 годзе. Тая самая расійская конніца ў больш-менш той самай колькасці, што армія Будзённага, мае дачыненне з дзвюма рознымі пяхотамі: польскай і японскай. Дасканалы жаўнер і афіцэр абедзвюх гэтых армій адрозніваюцца паміж сабой узбраеннем, падрыхтоўкай і тактыкай бою. У той час, калі мы маем тыя недахопы, пра якія гаварылі вышэй, японцы іх не мелі.
Конная армія Мішчанкі, акружаючы левае крыло японскай арміі ў Манчжурыі, імкнецца выцяць на мястэчка Інкоў, якое ёсць аператыўнай базай у глыбокіх тылах той жа арміі. Рэйд гэты, добра прадуманы, закончыўся нічым толькі таму, што дробныя аддзелы пяхоты на кожным кроку ставілі рашучы супраціў, і, чым меншыя былі часткі, тым супраціў быў большы. Трацячы час на бой з кожным адзіночным жаўнерам, забарыкадаваным у доме, і з кожным дробным аддзелам абознікаў і пагоншчыкаў мулаў, змушаны да правядзення вялікага абходу, калі дарогу пераразала рота, уфартыфікаваная за непраўдападобна кароткі прамежак часу, конніца Мішчанкі страціла вельмі шмат часу і, калі падышла да Інкоў, высадзіўся ўжо там з вагонаў батальён японскай пяхоты, каб заняць дамы горада для абароны. Батальён! Была гэта такая велізарная агнявая адзінка, што некалькі дзясяткаў эскадронаў конніцы генерала Мішчанкі не адважыліся яе атакаваць і распачалі адход. Нажаль, у 1920 годзе мы не мелі пяхоты, вышкаленай з такой павагай да свайго агню. Адсюль поспехі конніцы Будзённага, якія - простая рэч - нічога не мяняюць у поглядах на будычыню абодвух тых радоў войск.
Шукаючы метады барацьбы з Будзённым, маршал Пілсудскі гаворыць у сваёй працы:
"За такі метад, паўсюдна лічыцца, з чым і я згаджаюся, увядзенне ў гульню большай колькасці конніцы і з нашага боку".
З тым поглядам маршала нельга пагадзіцца ніякім чынам. Справа барацьбы з вялікімі часткамі непрыяцельскай конніцы павінна належаць выключна пяхоце, канешне, з удзелам авіяцыі і бронеаўтамабіляў. Не толькі, аднак, лінейнай пяхоце, але таксама ўсякім аддзелам, тылавым арганізацыям і інстытуцыям, падрыхтаваным для такой магчымасці і адпаведна ўзброеным.
З'яўленне непрыяцельскай конніцы не павінна нічога мяняць ані ў нашай дыслакацыі, ані ў імкненні да мэтаў, якіх намерваемся дасягнуць. Калі гаворка ідзе пра нашую конніцу, то яе выхаванне і навучанне павінна быць праведзена галоўным чынам у кірунку баёў з непрыяцельскай пяхотай. Уласна, выконваючы стратэгічныя задачы, нашая конніца не можа быць абцяжарана баямі з вялікімі аддзеламі непрыяцельскай конніцы і перамогай над ёй. Нагрузка гэтая павінна ляжаць на плячах пяхоты.
Праз адпаведнае ўзбраенне і падрыхтоўку пяхоты мы дойдзем да гэтай мэты, а якасць пяхоты яшчэ надоўга, калі не назаўсёды, будзе вызначаць якасць усёй арміі.
Разважанні пра Варшаўскую бітву
Вайсковае пісьменніцтва пра Варшаўскую бітву. - Варшаўская аперацыя з пункту гледжання вечных прынцыпаў вайны. - Баі 6-12 жніўня. - Ход бітвы 13-14-15-16-га. - Погляды генерала Вейсанда і генерала Фаўры. - Зацверджанне абароны і арганізацыя камандавання.
Заканчваючы гэты нарыс успамінаў з 1920 года, вяртаюся яшчэ раз да пераломнага моманту ўсёй кампаніі - да Варшаўскай бітвы.
Ёсць гэта момант, які - як мяркую - на працягу доўгіх гадоў будзе прадметам мазольных даследванняў і ўсебаковага аналізу.
Для шырокіх мас дзень 15 жніўня стаўся легендай - днём "Цуду над Віслай".
Гісторыі гэтага недастаткова.
Яна дамагаецца выцягвання на дзённае святло ўсёй праўды, узважвання ўсіх момантаў бітвы разам з яе памылкамі і канчатковымі вынікамі.
З пэўным сорамам належыць тут сцвердзіць, што наш даробак з гэтага пункту гледжання (калі справа ідзе пра польскае вайсковае пісьменніцтва) ёсць вельмі сціплы. Акрамя працы маршала Пілсудскага ("1920 год"), напісанай праз чатыры гады пасля вайны, пары артыкулаў ген. Кукеля і вельмі адрывачных апрацовак Генеральнага штаба, не мелі да нядаўняга часу нічога.
Праца маршала, апрацаваная, як аўтар зазначае ва ўступе пад "гістарычны дадатак", па зразумелых прычынах у дэталі тых або іншых падзей не ўдаецца. Напісана на ўзроўні Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Баі, якія мелі месца на перадполлі Варшавы і Модліна, прадумана пададзены агульна. Рэч зразумелая, калі зважаць, што пачынаючы ад дня 12 жніўня Вярхоўны Галоўнакамандуючы ажыццяўляў асабіста камандаванне над ударнай групай.
З тым большым задавальненнем мы прывіталі ў 1928 годзе з'яўленне абшырнай працы ген. Уладзіслава Сікорскага пад назвай "Над Віслай і Украй". Само прозвішча аўтара, былога камандуючага 5-й арміі, давала гарантыю, што кніжка з-пад яго пяра будзе каштоўным укладам у наша такое сціплае вайсковае пісьменства.
Спецыяльную зацікаўленасць кніжка гэтая мусіла будзіць сярод нас - былых удзельнікаў баёў з паўднёвага берага Буга - Нарвы. Бо аўтар не абмяжоўваецца аналізам дзейнасці 5-й арміі, але не менш шырока апавядае ход бітвы на перадполлі Варшавы, званай агульна бітвай пад Радзымінам.
Нажаль спаткала нас расчараванне. Асвятленне баёў дадзенае ген. Сікорскім, далёкае ад безстаронняй праўды. Перад усім дамінуе тэзіс, што Варшава была ўратавана на палях Насельска і Плонска.
Публікацыю ген. Сікорскага не магу пакінуць без адказу.
Змушае мяне падняць голас не толькі клопат пра баявы гонар аддзелаў, якімі ў гэтую пераломную хвілю меў гонар камандаваць, не толькі жаданне высвятлення гістарычнай праўды, але і цалкам прынцыповыя перасцярогі стратэгічнай прыроды.
Маю на думцы тое незразумелае спляценне прычын, якія прывялі да таго, што нашыя арміі паўночнага фронту, лічэбна амаль роўныя непрыяцелю (каля 12 дывізій пяхоты супраць 13 дывізій 16-й, 3-й і 15-й савецкіх армій, абапёртыя ў дадатак на ўмацаваны абшар сталіцы, былі - падчас, калі непрыяцель быў адлеглы на некалькі соцень кіламетраў ад сваёй аператыўнай базы - так блізка да паразы 14 і 15 жніўня.
Перш за ўсё 14 жніўня вечарам бальшавіцкія патрулі знайходзіліся ўжо ў тылах нашага перадмосця - на адлегласці 14 кіламетраў ад Варшавы.
Дзе шукаць тлумачэнне гэтага балючага і незразумелага для нас факту?
Не падлягае ніякаму сумненню, што на працягу наступных дзён, паміма бясспрэчнай паспяховасці ўдару з-над Вепжа, перамога нашая не была такая поўная, як беручы пад увагу нашыя сілы і памылкі, зробленыя савецкім бокам, быць магла і павінна была быць.
Прынята ўсе непаразуменні ўскладаць на плечы нястойкасці войскаў і іхняга маральнага надлому.
Замест гэтага ні адзін з гісторыкаў - не выключаючы ген. Сікорскага - не распачаў да гэтага часу больш шырокай дыскусіі на тэму хібаў стратэгічнай прыроды, якіх без сумнення хапала ў групоўках усяго нашага паўночнага фронту.
Падымаючы сёння тыя спробы, мушу выйсці па-за рамкі дывізіі ці групы і дакрануцца прынцыпаў стратэгічнай прыроды, а таму і аперацыі на перадполлі Модліна. Загадзя мушу папярэдзіць, што раблю гэта неахвотна. Хацеў бы, каб мяне падмяніў нехта іншы - у апісваных выпадках менш асабіста заангажаваны, а што за тым ідзе, можа, больш пабочны.
За пункт адліку бяру дзве усталяваныя на працягу вякоў праўды вайны:
1. "Можна атакаваць паспяхова толькі ў той час, калі ты сам падрыхтаваны да абароны".
2. "У вырашальным месцы належыць імкнуцца да канцэнтрацыі максімуму сваіх сіл".
Рашэнне Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня палягае на адрыве нашых адступаўшых войск ад непрыяцеля і прыняцця бітвы на лініі ракі Віслы. Паўночны фронт, ад нямецкай граніцы аж да Дэмбліна, атрымаў выключную контрнаступальную задачу ("аслабіць непрыяцеля крывавым адбіццём яго чаканых на варшаўскі плацдарм атак"), падчас, калі манеўровая армія, утвораная ў цэнтры пад асабістым камандаваннем Вярхоўнага Галоўнакамандуючага мела выканаць вырашальны ўдар з-над Вепжа на фланг і тылы непрыяцеля, звязанага пад Варшавай. У той час толькі наступальнае ўзаемадзеянне войск паўночнага адрэзка бралася пад увагу.
А таму - выразная абарона адносна поўначы, флангавае наступленне адносна цэнтра.
У сваёй кніжцы "1920 год" піша пра гэта маршал Пілсудскі, гаворачы пра фронт пасіўны і актыўны:
"Варшава аказвалася загадзя на пасіўнай ролі, на вытрыманні націску, які ішоў на яе. Але тады з пасіўнай роляй мы хацелі звязваць велізарную большасць сваіх сіл. Калі зноў думаю пра змяншэння колькасці войскаў у пасіўнай абароне, пачынаю вагацца, ці Варшава вытрымае і ці сам факт выхаду нейкай часткі войска, ужо прыцягнутай да яе, не выкліча змяншэння слабых маральных сіл і недахопу веры ў магчымасць абароны. Таму ці больш дзесяці дывізій, амаль палову польскіх сіл, загадваць на пасіўнасць? Вось пытанне, якое сабе задаваў".
Спыніліся аднак на тым, што для ўдару былі вызначаны пяць дывізій пяхоты (14-я, 16-я, 21-я, 1-я легіёнаў, 3-я легіёнаў) і дзве брыгады кавалерыі (4-я і 12-я), а для пасіўных мэтаў, г.зн. да абароны - звыш дванаццаці дывізій пяхоты (2-я, 4-я, 15-я, 8-я, 11-я, 19-я, 9-я, 17-я, 18-я, дабраахвотная, 10-я, сібірская брыгада, 7-я брыгада рэзервовая, цвердзевыя батальёны Модліна, т.зв. група маёра Матчынскага, шматлікая артылерыя з рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і г.д.), а таксама дывізія кавалерыі ген. Карніцкага [7].
Сілы, якія ўваходзілі ў склад паўночнага фронту былі загадзя падзелены згаданым загадам Вярхоўнага Галоўнакамандавання на тры арміі, пры гэтым кожная з іх атрымала вузка акрэсленую задачу:
а) 2-я армія (ад Дэмбліна да Гары Кальварыі) - "выведка і трыманне лініі Віслы";
б) 1-я армія (ад Гары Кальварыі да Сіроцка) - "адбіццё атак на Варшаву";
в) 5-я армія (ад Сіроцка да нямецкай мяжы) - трыманне пераправы цераз Нарву, па сітуацыі цераз Нарву і Ожыц і кавалерыяй актыўна дзейнічаць на правым фланзе непрыяцеля. Усялякія спробы непрыяцеля прарвацца разбіваць. "Надта перадавая" аператыўная ідэя завяршала задачу: " Не дапусціць абходу ўздоўж нямецкай мяжы".
Ключом усёй Варшаўскай бітвы быў спланаваны ўдар маняўровай арміі з-над Вепжа. Там знаходзіўся пункт цяжару і адтуль мела прыйсці вырашаяльная перамога.
Поўнач атрымлівала ў тым загадзе задачу, якая змяшчалася ў адным слове: "Абарона".
Былі затым два складовыя чыннікі агульнага плана, якія разам стваралі гармонію цэласці: абарона Варшавы і атака з-над Вепжа.
Адкрытай заставалася праблема, дзе сканцэнтраваць галоўны высілак нашай абароны.
Было рэччу відавочнай, што ўсюды (і на Ожыцу, і на Нарве, і на плацдарме, і на лініі Віслы) пры максімальных нават сілах, аддадзеных Вярхоўным Галоўнакамандуючым на справу абароны, мы моцнымі быць не можам. Прастора ад Дэмбліна да нямецкай мяжы перавышала ўздоўж Віслы, Нарвы і Ожыца 200 км. Была за вялікая.
Асабліва на поўначы - як пра тое сведчылі дзеянні непрыяцеля - былі за слабыя, каб перагарадзіць яму дарогу. Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня нагадваў, што праўда, пра "ўтрыманне перапраў цераз Нарву і Ожыц" і пра "недапушчэнне абходу ўздоўж нямецкай мяжы", былі гэта аднак ўмовы, выстаўленыя на выпадак слабога ў тым кірунку напору. Паказвае на гэта выразна пачатковы падзел сілаў, пры якім 5-я армія, маючы каля 90 км фронту, мела наледзве 3 дывізіі пяхоты.
Уласна абарона ("крывавае адбіццё атак") датычыла толькі Варшавы.
Таму таксама лічу, што ідучы па лініі асноўнага плану, не толькі можна было, але і трэба было адважвацца на лакалізацыю абароны на найважнейшым кірунку.
Нечым бясспрэчна непарушным быў варшаўскі адрэзак з погляду на сталіцу, утрата якой па-за непрыемнасцямі для дзяржаўнай прыроды, гразіла ўжо стратэгічным парушэннем ўсяго плану. Тут пра кампрамісы мовы быць не магло: належала стварыць умовы, якія гарантавалі б безумоўнае ўтрыманне Варшавы нават пры найбольшай канцэнтрацыі непрыяцельскіх сілаў.
Паўставала пытанне: на якой тэрыторыі і дзе належала абараняцца. Адказ на гэтае пытанне давалі два чыннікі:
1. Уласныя сілы.
2. Тэрыторыя.
Мы маглі мець для дыспазіцыі, улічваючы пакіданне адной дывізіі пяхоты для назіральных задач на адрэзку Дэмблін - Карчаў, каля 11 дывізій пяхоты.
Таму былі гэта сілы, якія дазвалялі паспяхова абараняць каля 70 км фронту. Прымаю па прамой не больш як 6-7 км на дывізію.
Беручы пад увагу адказнасць моманту - ішлося пра такую вялікую стаўку, як утрыманне сталіцы - я гатовы хутчэй згадзіцца, што гэтая норма яшчэ залішне завышаная. Ежы Клеменц, асвятляючы ў сваёй апошняй кніжцы стасункі стабілізаванага заходняга фронту, падае цікавыя лічбы:
а) Бельгійская армія абараняла 35 км фронту, маючы 12 дывізій, ці адну дывізію на 3 км;
б) Ангельская армія бараніла 200 км фронту, маючы 61 дывізію, ці адну дывізію на 3 і 1/3 км;
в) Французская армія бараніла 530 км фронту, маючы 99 дывізій ці адну дывізію на 5 і 1/2 км.
Мы наогул не любім параўнанняў з Сусветнай вайной. Канешне кантраст сродкаў, умоў і магчымасцяў ёсць залішне яскравы. Мяркую аднак, што ў тым адным моманце, калі мелі вырашацца лёсы кампаніі і непрыяцель напружваў усе сілы, імкнучыся да захопу сталіцы на варшаўскім адрэзку, у абароне належала ўпадобіцца Захаду.
Выдзеленай такім спосабам прасторы, якую паспяхова маглі б бараніць, адпавядала лінія: Модлін (уключна з унутранымі фартамі) - Зэгжа - нямецкая лінія ўмацаванняў да ўпадзення Свідра ў Віслу. Лінія гэтая на самай справе была на 20 км даўжэйшая ад прынятай тэарэтычнай нормы ў 70 км, аднак утрымоўвала дзве цвердзі і водны бар'ер Буг-Нарва, што ўраўнаважвала надмерную расцягнутасць. Быў гэта аднак максімум, выходзіць за які мы не мелі права.
Згаданая лінія Модлін - Зэгжа - Карчаў ёсць найлепшым і адзіным натуральным забеспячэннем сталіцы ад поўначы і ад усходу.
Яе паўночная частка мае за сабой доўгую гісторыю, бо ўжо Напалеон, ацэньваючы ў 1807 годзе стратэгічную важнасць Буга-Нарвы, загадаў будаваць умацаванні, якія сталі зачаткам сённяшняга Модліна і Зэгжа.
Сама Буга-Нарва на адрэзку Модлін - Зэгжа ёсць адной з найбольшых польскіх рэк, з пункту гледжання абаронных уласцівасцяў няшмат уступае Вісле.
Фартыфікацыя Модліна і Зэгжы ўяўляла сабой выдатнае дапаўненне да гэтага бар'ера. Асабліва Модлін, дзякуючы свайму дамінантнаму размяшчэнню над усім паўночным стратэгічным абшарам, павінен быў адыграць у Варшаўскай бітве першаразрадную ролю.
Вось што на гэтую тэму слушна піша генерал Сікорскі:
"Унутраныя фарты, нягледзячы на частковае знішчэнне цвердзі, уяўлялі ў 1920 г. разам з палявымі ўмацаваннямі і засекамі, збудаванымі падчас вялікай Сусветнай вайны, сур'ёзнай перашкодай і дастаткова забяспечвалі ядро цвердзі… Модлін уяўляў у выніку таго першакласны ў нашых сучасных умовах цэнтр супраціву, які адпаведна скарыстаны, мог адыграць сур'ёзную ролю ў бітве над Віслай" [8].
Належыць дадаць , што па-за абароннымі якасцямі, меў Модлін і першаразрадныя наступальныя вартасці, бо быў натуральнай брамай для вылазак у паўночным кірунку. Трымаючы лінію фартоў, мы маглі б у любую хвілю сілы, згрупаваныя за Буга-Нарвай, кінуць у наступленне. Так яна была задумана ў 1807 г., і так магла быць выкарыстана ў 1920 г.
Натуральным дапаўненнем Модліна ёсць Зэгжа, і гэта таксама не толькі ў абаронным значэнні, але і ў значэнні наступальным, бо канцэнтруе ў сабе кірункі, якія вядуць праз Сіроцк на Пултуск і Вышкаў.
Горш выглядалі абаронныя ўмовы з усходу: тут мы маем тыповую мазавецкую мясцовасць, плоскую, злёгку ўзгорыстую, без вялікіх перашкод.
Як я ўжо ўспамінаў у апісанні бітвы над Радзымінам, немцы пакінулі нам у спадчыну велімі мэтава выбраную і часткова фартыфікаваную абаронную лінію, якая ішла ўздоўж рэк Свідар, Меня і далей наводдаль ад Рэмбяртова на Пустэльнік - Вольку Радзымінскую і Беньямінаў. Мы мелі ўсе дадзеныя для таго, каб пры пэўных фартыфікацыйных высілках зрабіць з гэтай лініі непрыступную пазіцыю.
Дэталі накрэсленай вышэй абароннай лініі:
а) была найкаротшая з усіх мажлівых іншых ліній і таму адпавядала нашым сілам;
б) выкарыстоўвала ва ўсёй паўнаце існыя натуральныя перашкоды і разбудаваныя акупацыйнымі ўладамі пастаянныя фартыфікацыі;
в) забяспечвала выгадныя ўмовы для наступальнага манёўру ва ўсіх кірунках;
г) гарантавала найпаспяховей утрыманне Варшавы, а - што за гэтым ідзе - і выканальнасць асноўнага плану.
Канчатковай умовай так зразумелай і сцэнтралізаванай абароны мусіла бы быць захаванне моцнага рэзерву. Калі ў нармальных умовах пакідаецца звычайна 1/3 сіл у рэзерве, то тут з-за няяснай сітуацыі належала даць у рэзерв палову сіл, а таму каля пяці дывізій пяхоты. Была б гэта сіла, якая гарантавала б у першай фазе бітвы поспех нашай абароны нават у найгоршым выпадку канцэнтраванага наступлення ўсіх савецкіх армій на Варшаву.
Найлепшым раёнам для згрупавання рэзерву быў трохкутнік Модлін - Зэгжа - Прага. За гэты абшар гавораць наступныя моманты:
а) выгадныя ўмовы выхаду для контрнаступлення ва ўсіх кірунках, не выключаючы найважнейшага паўночнага кірунку (густая прыгарадная дарожная сетка, салідныя масты ў Модліне і Зэгжы);
б) спрыяльныя ўмовы для някепскага адпачынку нашых войск ператомленых рухам, упарадкаванне іхніх арганізацыйных сувязяў і атрымання папаўненняў;
в) выгадныя ўмовы забеспячэння (лёгкасць падвозу боепрыпасаў, экіпіроўкі і харчавання);
г) Варшава нарэшце - належыць гэта сцвердзіць - была ў гэтыя дні крыніцай маральнай моцы, што не магло не аказваць уплыву на настроі войска.
Уся групоўка магла ўяўляцца ў агульных абрысах, як наступная:
Модлін - 1 дыв. Пяхоты, а таксама цвердзевыя батальёны і бранявая зброя.
Зэгжа - 1 брыг. пяхоты.
Усходні плацдарм Варшавы - 4 і 1/2 дыв. пяхоты.
Рэзерв - 5 дыв. пяхоты.
Адрэзак Карчаў - Дэмбля - 1 дыв. пяхоты і 1 брыг. кавалерыі (назіранне).
На адрэзку дольнай Віслы цалкам дастатковымі былі, выдадзеныя генералам Саскоўскім распараджэнні па ўзмацненні залог бяспекі ў Вышаградзе, Плоцку і Улацлаўку.
Пры так зманціраванай абароне кавалерыя станавілася лішняй і магла быць ужыта там, дзе была найбольш патрэбнай, ці ў маняўровай групе, а таксама на поўначы, падтрымліваючы кантакт з непрыяцелем аж да нямецкай мяжы.
У ранейшым роздуме я мэтава абмінаў усялякія разважанні на тэму магчымасцяў непрыяцеля. Канструкцыя кожнага добрага плану бітвы мусіць быць такой гнуткай, каб зрабіла магчымай правядзенне ўласнай задумы ва ўсіх выпадках.
Падаецца мне, што накрэсленая вышэй групоўка мае тыя якраз пасылкі.
Было пэўнай рэччу, што Варшава будзе атакавана. Невядомай заставалася колькасць сілаў, якія непрыяцель для гэтага наступлення заангажуе. Разбег тут мог быць вялікі - ад 4-5 дывізій пяхоты (16-я, 3-я, і 15-я арміі).
Ва ўсякіх выпадках супрацьстаялі сілы амаль роўныя.
Найгразнейшай для нас была магчымасць адначасовага наступлення дзвюма арміямі на Варшаву з адначасовым кідком трэцяй арміі (16-й) супраць групоўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання на лініі Вепжа, а 4-й супраць Модліна. Маючы 5 дывізій у рэзерве, і ў тым выпадку мы мелі шанцы канцэнтрычнага разбіцця (разам з манеўровай арміяй) нават так для нас небяспечнай савецкай групоўкі. Дайшло б у той час да вялікай бітвы недзе ў раёне Сядляца.
Другой дрэннай для нас мажлівасцю мог быць удар на Варшаву з усходу ў кірунку Сядлец - Вышкаў, злучаны з адначасовым ударам ад поўначы з лініі Макаў - Цеханоў. І ў гэты час, аднак, рэзерв меў як найлепшыя ўмовы для дзейнасці.
Іншыя камбінацыі, не выключаючы групоўкі, створанай Тухачэўскім, былі менш грозныя. Трымаючы Модлін і маючы ў групоўцы 5 дывізій пяхоты можна было з поўным спакоем паглядаць роўна як на дальнія спробы стратэгічнага абходу ўздоўж нямецкай мяжы, так і на мясцовыя высілкі з намерам абысці Варшаву з поўначы.
* * *
Сустрэць мяне можа прэтэнзія, што кідаю сёння праз дзесяць гадоў састарэлыя стратэгічныя канцэпцыі, уступаю на поле фантазіі.
Думаю, аднак, што была б гэтая прэтэнзія няслушная.
Без задання сабе тэарэтычнага пытання: як быць павінна, нельга зразумець ні адной праявы вайны.Уся цяжкасць палягае на тым, каб гэтая ацэнка абапёртая не столькі на суб'ектыўных меркаваннях, а на адвечных і нязменных правілах вайны.
У адносінах да класічнай у сваёй аснове Варшаўскай бітвы ваеннае мастацтва дамагалася ў першую чаргу ўвагі да дзвюх агавораных вышэй умоваў:
1. Рашучай абароны ў раёне Варшавы (бо ўтрыманне сталіцы дазваляла гаварыць пра выкананне ўдару з-над Вепжа).
2. Захавання вельмі моцнага рэзерву, згрупаванага такім чынам, каб у кожную хвілю і ў кожным кірунку мог стварыць безумоўную перавагу ці, прынамсі, раўнавагу сіл.
Нажаль нашая стратэгічная думка паддалася рассеянню. У выніку памылковага ўспрымання нашай ролі на поўначы асноўны план з 6 жніўня стаў неактуальным.
Эвалюцыя нашых намераў у адносінах да поўначы адбывалася наступным чынам:
1. Згодна з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня 5-я армія мела: "Трымаць пераправы цераз Нарву, па сітуацыі цераз Нарву і Ожыц і кавалерыяй актыўна дзейнічаць на правым крыле непрыяцеля. Усялякія спробы непрыяцеля прарвацца разбіваць".
Ужо найбліжэйшыя дні паказалі, аднак, невыка нальнасць сфармаваных такім чынам мэтаў: 7.VIII непрыяцель перайшоў вялікімі сіламі пад Ражанамі лінію ракі Нарвы, 9.VIII паў Цеханоў, 11.VIII - Пултуск.
Неабходным станавілася нейкае новае грунтоўнае рашэнне.
Пошукі яго цягнуліся да 12 жніўня.
2. 8.VIII камандаванне фронту настолькі змяніла загад Вярхрўнага Галоўнакамандавання ад 6.VIII, што замест Нарвы і Ожыца вызначала як участак галоўнага супраціву 5-й арміі лінію Млава - Цеханоў - Пултуск.
3. 9.VIII начальнік Генеральнага штаба спецыяльным загадам № 10000 загадвае за кошт 1-й арміі ўзмацніць 5-ю армію сіламі ў паўтары дывізіі пяхоты (18-я д. п. і сібірская брыгада). Загад: незалежна ад тагачаснай наступальнай задачы (прыкрыццё чыгуначнай лініі Модлін - Млава і перашкода далейшаму працісканню непрыяцеля паміж Модлінам і нямецкай мяжой, праводзіць пры далейшым развіцці падзей актыўныя вылазкі спецыяльнай маняўровай групы (ген. Краёўскі) для разбіцця паўночнага флангу непрыяцеля.
4. 11.VIII камандуючы 5-й арміі, атрымаўшы, як піша, папярэдняе адабрэнне адпаведных уладаў у Варшаве, фармулюе на ўласную адказнасць свае мэты. Задача арміі ў яго падачы гучыць:
"Задачай 5-й арміі ёсць правядзенне ў найбліжэйшы час энергічнага контрнаступлення ў паўночным кірунку з мэтай разбіцця непрыяцельскіх сіл, сканцэнтраваных у тым раёне, а таксама вяртанне адрэзка фронту ўздоўж ракі Нарвы да Пултуска і далей уздоўж ракі Ожыц да нямецкай граніцы". (Аператыўны загад камандуючага 5-й арміі ад 11.VIII, гадзіна 19-я, № 105/ІІІ).
Ударныя сілы мелі згрупавацца ў раёне Насельск - Модлін пад прыкрыццём аддзелаў, якія займалі лінію Пакрыўніца - Вінніца - Свершчы - Клюкава - Новае Места.
5.Згаданы загад, як аказваецца, не быў належна ўзгоднены ані з Вярхоўным Галоўнакамандаваннем, ані з камандаваннем фронту.
Начальнік Генеральнага штаба ўжо назаўтра дамагаецца абароны лініі ракі Укры аж па Глінаецк уключна: далей ідзе гаворка пра прыкрыццё кавалерыяй кірункаў, якія ахопліваюць тую лінію ад поўначы (перадусім кірунак Шрэнск - Сярпы). Пра "контрнаступленне ў паўночным кірунку" ўжо няма мовы. (Аператыўны загад Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 8576/ІІІ).
А гэта даўняя канцэпцыя "перашкоды руху".
6. Камандаванне фронту, ацэньваючы трохі інакш рухі непрыяцеля, апасалася перадусім "рассякаючага" ўдара непрыяцеля ў кірунку на Зэгжа - Модлін. У выніку гэтага звужае раён дыслакацыі 5-й арміі і выдзяляе ёй новую лінію на глыбокім перадполлі Модліна (Ёнец - Насельск - Дэмбе (Дубы)). Таму маем ужо фронт хутчэй на поўнач, а не на захад.
7. У той жа дзень нарэшце выспявае яшчэ адна, на гэты раз апошняя, аператыўная канцэпцыя. Пасля канферэнцыі, якая адбылася ў Новым Двары з удзелам ген. Вейганда, ген. Развадоўскага і ген. Сікорскага з'яўляецца рашэнне адмены абодвух выдадзеных апошнім часам загадаў і прымянення 5-й арміі - як гучыць гэты загад - для наступленя "ў вялікім стылі ва ўсходнім кірунку".
Меўся на ўвазе ўдар на крыло савецкай групоўкі, якое, як меркавалася, заатакуе Варшаўскі плацдарм з поўначы праз Модлін-Дэмбы-Зэгжа. Зыходнай пазіцыяй для гэтага наступлення 5-й арміі мела быць рака Укра.
Затым пад аслонай Укры адбываецца задуманая канцэнтрацыя 5-й арміі: моцныя рэзервы ў раёне Модліна; кавалерыя на адкрытым крыле ў Сахоціне і Рац'ёнжы; рэшта аддзелаў на лініі Укры з падзелам адрэзкаў "ад - да".
Уся групоўка, за выключэннем адрэзка цвердзі мае "характар выключна наступальны".
Затрымаемся трохі даўжэй над эвалюцыяй намераў, звязаных з прымяненнем 5-й арміі, бо мне падаецца, што сам факт такога мазольнага пошуку праўды апраўдвае пастаноўку пытання: ці праўда сапраўды была знойдзена?
На працягу шасці дзён (6.ІІІV - 12.VІІІ) - сем асобных канцэпцый, якія што раз далей адходзяць ад асноўнай задумы манёўра. Замест таго не сустракаем нідзе ні плану, ні праекту адзінай слушнай канцэпцыі - абароны Модліна.
Нічога дзіўнага, што камандуючы 5-й арміі даходзіць у сваім мудрастваванні да канечнага вываду, што: "дзеянні распачатыя 14 жніўня 5-й арміяй, насілі рысы асобнай і відавочна самадзейнай акцыі". (Стар. 126).
Але падаецца мне, што і гэтая "самадзейнасць" 5-й арміі, і яе наступальнае прымяненне былі з нашага боку памылковымі, не маючымі падстаў.
Не дае стрымацца матывацыя, што наступальная групоўка 5-й арміі надУкрай была выклікана абходным рухам 4-й савецкай арміі. Ген. Сікорскі наўпрост піша - і мае тут поўную слушнасць - што супраць далёкага абходу мы былі бяссільныя, і што не заставалася нічога іншага, як рух той "праігнараваць".
Асноўную небяспеку, якой 5-я армія мелася супрацьстаяць, уяўляла не 4-я савецкая армія, а 15-я, якая пагражала Варшаве з поўначы. Ген. Сікорскі ў сваёй кніжцы стараецца абгрунтаваць, што 5-я армія была за слабая, каб бараніцца - мусіла атакаваць.
Піша ён на ст. 71:
"Пра контрнаступальнае затрыманне паходу расейскіх войскаў, якія мелі на гэтым адрэзку фронту трохкратную перавагу, нельга было думаць. Пераможная непрыяцельская хваля, як гэта паказвалі цяжкія баі, што прайшлі 14 і 15 жніўня пад Радзымінам, прарвала б ў тых варунках любую, нават найлепш разбудаваную абаронную пазіцыю 5-й арміі. Тым больш не магла яна пры дапамозе слабой абароны ўласных пазіцый спыніць паўночны рух праціўніка, які ахопліваў нашае левае крыло.
Таму, уводзячы 11-га жніўня ў ранішнія гадзіны элементы рашэння, загадзя намерваліся да наступальнай канцэпцыі дзейнасці 5-й арміі".
Я не падзяляю прыточаных поглядаў. Слабасць, пра якую ўспамінае ген. Сікорскі - на колькі мела месца - была ўплывам памылковага падзелу сілаў. Суадносіны ўсіх сіл на паўночным фронце ні ў якім разе не былі такімі ўражвальнымі (1:3). Мы мелі аж занадта ў сваіх руках наступныя актывы: былі ў сябе дома, на ўласнай падрыхтаванай тэрыторыі (палявыя ўмацаванні і цвердзі), мы былі забяспечаны лепшымі тэхнічнымі сродкамі, пераважалі нарэшце праціўніка з маральнага пункта гледжання.
Слабасць нашая - гэта вынік дабраахвотнага раздраблення сіл, адпаведна асноўнаму плану атакі (ударная група) і абароны (паўночны фронт), пошук новых недасягальных мэтаў.
Гэта аслабіла ўсіх.
Адвечная праўда вайны гаворыць: "Сілы належыць канцэнтраваць у вырашальным месцы бітвы, ніколі іх там не будзе залішне шмат".
Дзе было тое "вырашальнае месца" ў Варшаўскай бітве? Уся сітуацыя гаворыць, што да 16.VIII мы ідзём у кірунку разрастання 5-ай арміі, а значыць паўночнага крыла. Паглынае яна паступова шэраг частак, у пачатковым баявым складзе як бы не прадугледжаных, і пастаянна ёсць "за слабая".
Як вынік: у дзень пачатку бітвы мы маем слабую ўдарную групу на Вепжы, слабую 1-ю армію на перад-поллі Варшавы, слабы рэзерв усяго фронту і слабую 5-ю армію на Укры.
Ці гэта не было тыповым стратэгічным раздрабленнем сілаў?
Да памылкі раздраблення далучаецца памылка непатрэбнага наступлення.
За слабыя, каб абараняцца…
Здавалася б, што быў гэта погляд, які гаварыў пра неабходнасць абароны. Атака слабых не дае як правіла вялікіх вынікаў, а ў дадзеным выпадку быў у моцнай нязгодзе з устаноўленым планам дзеянняў. Так, бываюць сітуацыі, у якіх наступленне ёсць найлепшай формай абароны. На атаку абапіралася перадваенная дактрына французскай арміі. Але той недавер да абароны доўга не пратрываў. Доказам гэтага - Вярдэн.
Наступальнае прымяненне слабой і не верыўшай у абарону 5-й арміі мае ў сабе ўсе рысы нічым не падмацаванага ў існай сітуацыі песімізму.
На тэму мэтазгоднасці наступлення 5-й арміі мы знайходзім цікавыя разважанні аднаго з найгарачэйшых прыхільнікаў 5-й арміі - ген. Фаўры, які ў сваёй лекцыі пра Варшаўскую бітву, апублікаванай у сакавіку 1929 года ў французскім "Revue Militaire", піша:
"Так ці інакш, польскае камандаванне не магло застацца бяздзейным адносна што раз больш выразна вырысоўванага абходнага руху бальшавікоў, які выводзіў іх у тылы варшаўскай і модлінскай арміі; пры гэтым мясцовасць не давала спрыяльных умоваў для перашкоды руху, не заставалася нічога іншага, як выцяць непрыяцеля атакай" (стар. 331).
Генерал Фаўры быў у час вайны 1920 года не толькі непасрэдным сведкам разыгрываўшыхся баёў, але з назвы сваёй пасады меў несумненны ўплыў на фармаванне поглядаў нашага камандавання. Таму яго словы ёсць нечым большым, чым уласным адасобленым меркаваннем пра рэчы.
З далучанага вышэй уступу вынікала б, што
1. Абходны рух быў трактаваны, як той, які вядзе ў ў тылы Варшавы і Модліна.
2. На колькі мясцовасць на тое дазваляла, стараліся б супрацьпаставіць яму нейкую "перашкоду".
3. Паколькі на мясцовасці ніякай "перашкоды" не было, "не заставалася нічога іншага, як выцяць непрыяцеля атакай".
Пад знакам гэтых мудрстваванняў паўстае нашая 5-я армія. Да 14 жніўня безвынікова шукае "бар'еры", ад 14 жніўня выкарыстоўвае другую мажлівасць ці "тне непрыяцеля атакай", што вымагала менш, чым якая-нібудзь іншая дзейнасць
Мы маем адрозны погляд на тую грунтоўную справу: абхадны рух , які выконваўся на поўначы савецкай арміяй, быў для нас аператыўна хутчэй карысны, чым небяспечны.
Перадусім вынікаў ён з памылковага на савецкім баку пераканання, сфармаванага ходам бітвы на Бугу, што галоўныя нашы сілы ёсць на поўначы, што вырашальная сустрэча адбудзецца на поўнач ад Буга і што ў выніку расійскай перавагі прывядзе яна да нашага разбіцця.
Выразна піша пра гэта Тухачэўскі:
"… натуральным і адзіна правільным заданнем было імкненне да разбіцця асноўнай паўночнай групоўкі праціўніка. І гэта было тым больш натуральным, што вымагала менш, чым якая небудзь іншая дзейнасць, складаных рухаў і меншай страты часу" (стар. 269).
"Для заходняга фронту было абсалютна ясна, што галоўныя сілы праціўніка сканцэнтраваны насупраць нашай асноўнай групоўкі ў раёне Цеханоў - Модлін - Варшава" (стар. 275).
А таму, не абход Варшавы і Модліна, а надзея сустрэчы жывых польскіх сіл на поўначы ад Варшавы была воссю савецкіх намераў.
Ці ў нашых інтарэсаў было спатканне тое аблегчыць? Згрупаваць 5-ю армію франтальна за Украй з высунутым на поўнач і вісеўшым у паветры левым крылом.
Мяркую, што не.
Мы на поўдні групуем свае сілы: расейцы мыляюцца, мяркуючы, што гэтая групоўка знаходзіцца на поўначы, і ў гэтым супрацьдзеянні скіроўваюць туды большасць сваіх сіл. Шукаюць нашай арміі, пасоўваючыся ў пустату.
Цяжка марыць пра больш карысную сітуацыю:
а) савецкія сілы раздроблены і часткова адсунутыя з поля бою;
б) пэўная гарантыя не толькі для контрнаступлення з-над Вепжа, але і для ўдару нашага рэзерву.
Вось чаму абходны рух не быў страшны. Чым глыбей савецкія арміі ішлі на захад, тым даўжэйшымі станавіліля шляхі забеспячэння і тым большыя на нашым баку былі шанцы поўнай перамогі. Стварэнне бар'ераў, пра якія гаворыць ген. Фаўры, было б рэалізацыяй жаданняў непрыяцеля. Адзін бар'ер быў істотна патрэбны - і гэта бар'ер (а дакладней "мур"), які бараніўся намаганнямі ўсёй арміі і сталіцы Модлін - Зэгжа - Карчаў. Усялякія іншыя бар'еры былі шкодныя.
Непатрэбным і шкодным было таксама заўчаснае "задзіранне атакамі". Быў гэта выпадак тога роду, што дарогу 4-й савецкай арміі і ІІІ корпусу кавалерыі, якія слепа імкнуліся да Віслы належала, як ні парадаксальна, пасыпаць кветкамі, а не атакаваць.
Атака на поўначы павінна была пачацца 16-17 жніўня і не з лініі Укры, а з фартоў Модліна і Зэгжа. Да таго часу ўсе нашыя сілы дыспазіцыі, згрупавананыя як рэзерв фронту, павінны былі спакойна чакаць ў трохкутніку Модлін - Зэгжа - Прага.
Адчувае гэта і ген. Фаўры, калі ў іншым месцы той самай лекцыі гаворыць:
"Польскае контрнаступленне мае тым большыя шанцы на ўдачу , чым далей непрыяцель заангажуецца (даслоўна: "зааватурыцца") у заходнім кірунку".
З гэтай другой фразай і мы цалкам згодныя, у той час, калі першую цяжка лічыць адпаведнай рэчаіснасці.
Варшаўскую бітву мы ўяўляем сабе як вялікае кола, пушчанае ў рух справа налева. На адным краі таго кола савецкія арміі, якія пасоўваюцца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад; на другім - ударная група маршала Пілсудскага, якая праводзіць свой манёўр з-над Вепжа. У цэнтры гэтага кола ў цвердзевым трохкутніку вялікі рэзерв камандуючага фронту, быў як бы воссю, вакол якой гэты рух круціцца. У вырашальны момант рэзерв будзе кінуты на шалі і вытне раўнавартасна з ударнай групай.
Блізкім да такога прыняцця справы быў ген Вэйганд. Цікавым з гэтага пункту гледжання гістарычным дакументам з'яўляецца яго нота начальніку Генеральнага штаба 11 жніўня 1920 года. Нота гэтая ўтрымлівае наступныя знакавыя словы:
"Удача прынятага плану залежыць ад утрымання абароннай лініі Варшавы ад Модліна да Гары Кальварыі".
Шмат зместу ўтрымоўваюць тыя некалькі выразаў. Ёсць у іх класічная ў сваёй прастаце праўда нашага стратэгічнага плану.
Аж да 16 жніўня нічога больш не патрэбна.
Генерал Вэйганд кідае далей дзве наступныя думкі:
"5-я армія, апошняя сіла, якая можа супрацьстаяць непрыяцельскаму руху на акружэнне, павінна быць ужыта пасля збірання сіл і ў добрым кірунку".
І зноў нельга не падзівіцца інтуіцыі і логіцы, якія прабіваюцаа ў тым розумазаключэнні.
На жаль, усё не даведзена да канца. З трох капітальных, вышэй прыведзеных думак не была выпрацавана адзіная слушная ў дадзеных умовах выснова, што для ўдачы прынятага плану патрэбна не 5-я армія, згрупаваная наступальна за Укрой, а абарона Модліна і вялікі рэзерв камандуючага фронту ў раёне Модлін - Зэгжа - Прага.
Адважваюся сцвярджаць, што толькі такая групоўка засцерагала ад раздраблення сілаў і давала нам у рукі стратэгічную і тактычную ініцыятыву. Толькі ў такой групоўцы мы маглі выбраць і адпаведны час і добры кірунак для ўдару.
Знайходжу адно толькі тлумачэнне для відочнай дваістасці пазіцыі, занятай нашым такім заслужаным дарадцам: ён меў поўнае права не верыць у паспяховасць нашай абароны. Калі меркаванні, з якімі сутыкнуўся былі хоць у адной частцы такія крайнія, як тое ўсё, што ген. Сікорскі напісаў наконт нашага адступлення (абароты: "уцёкі", "бязладныя ўцёкі некаторых дывізій" і да т.п., то паўтараю - нельга дзівіцца чужаземцу, калі ён да 15 жніўня трактаваў нас з недаверам і думаў, можа, пра іншую базу, якая не была Варшавай.
ІІ. Фактычны ход баёў
Генерал Сікорскі, аналізуючы сітуацыю на паўночным фронце, у адным з істотнейшых уступаў сваёй кніжкі паведамляе:
"Так выглядае ў тэорыі арганізацыя і задача фронту. Практыка і перш за ўсё праціўнік, пераварочваюць гэтыя жаданні і гэта як у вобласці арганізацыі і складу паасобных армій, так і ў іхніх ролях, якія вельмі хутка зменены. Роля 5-й арміі з апошнераднай стане першараднай. Роля 2-й арміі абмяжуецца слабым наглядам над Віслай, а роля 1-й арміі - абаронай Варшаўскага плацдарма, праводзімай з пераменным поспехам і пры залішне вялікім прыцягненні сіл" (Над Віслай і Укрой, стар. 53).
Ці так было ў сапраўднасці?
Не хачу з гэтым палемізаваць галаслоўна, яшчэ раз вяртаюся да ходу баёў, якія разыграліся на паўночным фронце ў памятныя дні 13 і 16 жніўня.
Будзе гэта адначасова пацверджаннем тэарэтычных разважанняў, якія прыводзіліся вышэй.
А. 13 жніўня
Варшаўская бітва пачалася ў вячэрні час 13 жніўня наступленнем 21-й і 27-й савецкіх дывізій у кірунку на Радзымін. Наша 11-я дывізія пяхоты, якая займала на тым кірунку няўдачную абаронную пазіцыю і была згрупаванна кардонна на адрэзку 32 км, не вытрымала напору і панёсшы велізарныя страты, адступае перапалоханая. За выключэннем 48-га п. палка гэтая дывізія на працягу найбліжэйшых дзён ужо фактычна не здольная да бою.
Да контрудару падрыхтавалася 1-я літоўска-беларуская дывізія пяхоты, аднак было ўстаноўлена, што варшаўскі кірунак пад пагрозай і ёсць звесткі, што назаўтра сустрэнемся з паўторным ударам ужо ўсёй 16-й арміі і 3-й арміі.
Фактычна групоўка непрыяцеля ўяўлялася наступным чынам:
а) Супраць 1-й арміі на адрэзку ад Гары Кальварыі да Модліна (выключна) - 8 дывізій; на поўдзень ад Буга-Нарвы - шэсць дывізій пяхоты (8-я, 10-я, 17-я, 2-я, 27-я, 21-я, г.зн. цэлая 16-я армія і 21-я дывізія пяхоты з 3-й арміі) і ў кірунку Зэгжа-Дэмбы дзве дывізіі пяхоты (6-я і 56-я).
Удзельнічаюць у бітве - дзве дывізіі пяхоты; рэшта сіл трохі ззаду.
б) Супраць 5-ай арміі, якая паспешна канцэнтруецца за Укрой - пяць дывізій пяхоты: адна дывізія пяхоты, якая пасоўвалася ў кірунку на Модлін (5-я дыв. пях. з 3-й арміі) і ўся 15-я армія, згрупаваная пад канец дня ў абшары Сахоцін - Папельчын - Насельск (дывізіі пяхоты: 11-я, 16-я, 4-я і 33-я).
с) У поўным адарванні ад тых дзвюх груповак далёка высунутая і вальготна раскіданая 4-я армія: Дробін (18-я дыв. пях.), Дзялдава (12-я дыв. пях.) і Ліпна (корпус кавалерыі).
Разам 17 дывізій пяхоты і корпус кавалерыі.
На нашым баку дзень 13 жніўня ёсць ужо днём спозненым, хоць нідзе выразна не выказвалася шкадавання на тэму заганнай групоўкісіл польскага фронту.
1-я армія расцягнута на надмерна шырокім фронце: у 1-й фазе тры з паловай дывізіі пяхоты на 60 км. Камандуючы фронту сам не верыць у паспяховасць бяздарна змантаванай абароны. З моманту прымянення 1-ай літоўска-беларускай дывізіі (рэзерв камандуючага арміі) ён мае ўжо ў рэзерве адну адзіную 10-ю дывізію пяхоты. Модлін замест таго, каб бараніцца, адыгрывае ролю матэрыяльна-тэхнічнай і маральнай базы. Заняты, як пра тое гаворыць камандуючы 5-й арміі, пяццю цвердзевымі дывізіёнамі "незнаёмымі з асновамі бою" і "музейнай" артылерыяй.
У гэтых умовах адзінай палачкай-выручалачкай ёсць для камандуючага фронту 5-я армія, якая групуецца за Укрой і прызначаная для правядзеня наступлення.
Камандуючы фронту хоча пачаць гэтае наступленне адразу - ужо 14.VIII на світанні, хоць ні кірункі дзейнасць непрыяцеля не распазнаны, ні згрупаванне 5-й арміі не скончана.
Аргументы, якія высоўваюцца для абгрунтавання гэтага рашэння, ёсць мімавольным пацверджаннем усіх здзейсненых у групоўцы памылак.
"Адрэзак Буга: Зэгжа - Модлін слабы і мусіць у выніку гэтага бараніцца наступальна. Акрамя таго толькі такое прымяненне 5-ай арміі ёсць у стане аблегчыць у наступныя дні фронт Варшаўскага плацдарма, які пад няспыннымі ўдарамі сканцэнтраваных на паўночным крыле бальшавіцкіх дывізій раздзяліў, быць можа, лёс многіх датыхчасовых баёў…
Нядбаласць варшаўскіх пазіцыйі адсутнасць разумення важнасці таго ўласна паўночнага адрэзка выклікала тыя ўмовы". (З размовы камандуючага паўночнага фронту ген. Галера і начальніка штаба палкоўніка Загорскага з камандуючым 5-ай арміі генералам Сікорскім 13 жніўня 1920 г., гадз 17-18).
З той размовы вынікае, што атака 5-й арміі 14 жніўня мела дзве мэты:
1) Забеспячэнне слабога адрэзка Буга - Нарвы, які мусіць абараняцца наступальна, і
2) Разгрузка фронту Варшаўскага перадмесцевага плацдарма, дзе ўжо адчувалася "нядбаласць дыслакацыі і адсутнасць разумення важнасці гэтага ўласна адрэзка", як распавядае камандуючы фронту.
Абараняць наступальна адрэзак Модлін - Зэгжа. - Задачу гэтую цяжка зразумець. Адрэзак вялікай і балоцістай воднай перашкоды, з дзвюма цвердзямі на флангах 22-кіламятровай лініі, ёсць, можа, наймацнейшым абаронным адрэзкам ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Прырода і фартыфікацыйнае мастацтва зрабілі тут усё, каб фарсіраванне Буга-Нарвы зрабіць немажлівым, без у5зяцця прынамсі адной з дзвюх названых цвердзяў. Наступальная абарона гэтага адрэзка перад масавым непрыяцельскім наступленнем з поўначы, пры адначасовым падстаўленні левага крыла пад удар непрыяцеля, маршыруючага на захад, падаецца фатальным непаразуменнем, цяжкім для тлумачэння.
Разгрузка фронту Варшаўскага плацдарма. Як гэтую разгрузку належала выканаць? Здавалася б , на колькі мы зразумелі нашую "нядбаласць" і "адсутнасць паразумення" ў вобласці абароны, што трэба неадкладна перакінуць 5-ю армію на левы бераг Буга-Нарвы, як рэзерв камандуючага фронту, а адной дывізіяй заняць Модлін і абараняць яго. Нескладаная гэтая аперацыя патрабавала часу ў адны суткі. Выбрана, аднак, нешта іншае, вялікае наступленне з лініі Укры на ўсход.
Нажаль, наступленне гэтае на баі пад Радзымінам ніякага ўплыву мець не магло. Бо не толькі варшаўскі і модлінскі адрэзкі залішне тэрытарыяльна ізаляваны адзін ад другога на кірунку дзейнасці былі пад ударам розных непрыяцельскіх армій, маючых асобныя аператыўныя задачы, а і ўсю савецкую групоўку, нацэленую на сустрэчу нашых сіл на поўнач ад Буга. Рух 5-й арміі на ўсход нічым не ўплываў на тое, што рабілася пад Мокрым і Зэгжам, затое сама яна магла скарыстацца з затрымкі 3-й савецкай арміі ў тых пунктах.
Рашэнне ген. Галера навязвае 5-й арміі толькі ўмовы матэрыяльнай прыроды, рне ўзбуджаючы сумненняў тактычных. Застаецца тут памятаць і ва ўсякім разе недацэненую раду ген. Вэйганда, каб не ўжыць 5-ю армію раней часу, як і другую яго параду, каб ужыць яе толькі ў добрым кірунку.
Момант пачатку бітвы ген Сікорскі ў сваёй кніжцы акрэслівае так:
"На палях Насельска і Плонска звыш таго мелі разыграцца смяртэльныя і першыя ад памятных ліпеньскіх дзён баі за маральны пералом войск, якія змагаліся на абодвух баках паўночнага фронту" (Стар. 112.).
А на 114-й старонцы ў сувязі з арганізацыйнымі і матэрыяльнымі цяжкасцямі піша:
"Апошняе прынятае рашэнне, якое прыспешвала атаку 5-й арміі на 12.00 14 жніўня, утрымоўвала сур'ёзную рызыку. Рызыку і адказнасць тым большую, што акцыя 5-й арміі раз распачатая мусіла быць даведзена безумоўна, бо пад пагрозай знішчэння, да канца".
З тых цікавых уступаў належыць зрабіць выснову, што:
1) палі Насельска і Плонска мелі адыграць вырашальную ролю ў распачынаўшайся бітве,
2) што ад памятных ліпеньскіх дзён не здарылася нічога, што б заслужвала на назву бітвы,
3) што ў гэтай бітве будзем змагацца не толькі за свой "маральны пералом", ал таксама за "маральны пералом" 1-ай арміі, якая знайходзілася на другім баку фронту.
Ці трэба сказаць яшчэ раз, што:
1) Кірункам найважнейшым і пад найбольшай пагрозай быў кірунак варшаўскі, на якім ляжала сталіца, слаба заслоненая з-за недахопу фартыфікацыі. Палі Насельска не мелі ні стратэгічнага, ні тактычнага значэння. Значэнне гэтае мелі фарты Модліна.
2) Баі, якія тут распачыналіся, а пад Радзымінам ужо перад тым распачаліся, не былі першымі ад ліпеньскіх дзён. На працягу ўсяго нашага адступлення праведзена іх вельмі шмат. Часта былі яны нават пераможнымі, але армія не магла іх выкарыстаць з-за нашых стратэгічных памылак. Я перакананы, што калі гісторыя нашага адступлення будзе напісана, перастанем мы яго саромецца, як не саромеюцца французы свайго адступлення ў 1812 г., ні немцы, ні французы сваіх адступленняў у Сусветную вайну.
3) Што да бітвы за маральны пералом і не толькі за ўласны, а ў дадатак і 1-й арміі, то для нас, удзельнікаў бітвы на другой частцы фронту, калі не прыкра, то ва ўсякім разе цікава, чаму 5-я армія мела весці "смяртэльныя баі" за наш маральны пералом? Чаму аўтар не схіляецца да погляду, што мы самі маглі гэта зрабіць?
Рэчаіснасць найлепш адказала на гэтыя празмерныя імкненні камандуючага 5-й арміі. Апісваючы баі на суткі пазней, генерал Сікорскі вымушаны сцвярджаць у сваёй кніжцы, што маральны стан, у які трапіла 5-я армія ў крытычную ноч з 14 на 15 жніўня, быў папросту роспачлівы.
Пустой фразай ёсць словы пра давядзенне атакі 5-й арміі "пад пагрозай знішчэння да канца". Кожная бітва мусіць быць даведзена да канца, дык што ж тады бітва, у якой уваходзіць у гульню наша сталіца. Што да "знішчэння", то 5-я армія была ў больш выгадных умовах за 1-ю, бо аперавала ў раёне вялікай цвердзі, у якой магла б у крытычную хвілю замкнуцца, у той час, калі 1-я армія мела за сабой толькі Віслу і Варшаву і таму мусіла альбо перамагчы, альбо пакрыцца ганьбай.
З дэталей таго дня можна яшчэ падкрэсліць такую выразную негатоўнасць 5-й арміі. Будучы гісторык несумненна спыніцца на гэтым. Здавалася б, што ўсе дывізіі былі ў аднолькавым стане, а ўсё ж ні адной з іх (хоць бы на варшаўскім плацдарме) не магло прыйсці ў галаву пакарыцца ці нават адмовіцца ад удзелу ў бітве. Матэрыяльны стан быў усюды слабы, а стомленасць вельмі вялікая, але з гэтым не было рады. Мы адступалі ў кантакце з арміяй непрыяцеля, а ён не пытаўся, ці гатовы мы да бою, ці не гатовы. Без сумнення паўночнае крыло было ў баявым кантакце. Але ці іншыя аддзелы не былі ў тым кантакце? Ці дывізіі, якія адступалі, напр., з кірунку Гародня - Беласток - Вышкаў былі ў лепшых умовах?
Б. 14 жніўня
На непрыяцельскім баку дзень 14 жніўня ёсць днём развіцця аперацый, распачатых у папярэдні дзень. 16-я армія, навязваючы кантакт з усім варшаўскім перадмесцем, захоўваючы асноўную канцэнтрацыю сіл на паўночным крыле: на радзымінскім кірунку дзейнічалі ўжо пад вечар тры дывізіі пяхоты: 27-я, 2-я і 21-я.
3-я армія адной дывізіяй атакуе Зэгжа, адну дывізію накіроўвае да Модліна, адну - рэзервовую - кідае ў кірунку на Дэмбы і Арэшкава.
15 армія змагаецца над Укрой, дзе сустракае больш-менш роўныя сілы нашай 5-ай арміі.
4-я армія ў штораз большым адрыве ад 15-й надалей пасоўваецца да Віслы. Кавалерыя шукае перапраў пад Улоцлаўкам і Няшавай.
На фронце ў цэлым утвараюцца два асноўныя агмені бітвы: на найбліжэйшым перадполлі Варшавы і над Укрой.
На варшаўскім кірунку змагаецца перад усім кінутая раніцай у бой 1-я літоўска-беларуская дывізія.
Гэтая, выключна спраўная дывізія, уваходзіць у бой без ніякага адпачынку і без папаўненняў, бо ледзве паспела дзень перад тым, 13 жніўня, сканцэнтравацца ў рэзерве камандуючага арміі. Нягледзячы на гэта ў баявых адносінах уяўляла сабой матэрыял дасканалы, спраўны, незвычайна трывалы і загартаваны. Каля паўдня бярэ яна Радзымін, аднак не можа яго ўтрымаць і пад напорам дзвюх непрыяцельскіх дывізій адступае з вялікімі стратамі на 2-ю, нікім не забяспечаную абаронную лінію. Пад вечар і гэтая лінія прарвана: 27-я савецкая дзівізія ўціскаецца ў разрыў нашага фронту, займае Вольку і Ізабелін, яе галаўныя аддзелы даходзяць да Кутоў Вянгерскіх (па прамой лініі 14 км ад Прагі), а таксама займае пустыя лясы насупраць вёскі Непарэнты.
У 5-й арміі дзень 14 жніўня не меней цяжкі, чым пад Варшавай.
На правым крыле два фарты Модліна (Мянкошын і Торунь) трапілі ў непрыяцельскія рукі, а на левым - паводле азначэння ген. Сікорскага - "баі не далі праціўнікам канкрэтнага мясцовага выніку". Найгорш пайшло ў цэнтры, дзе сібірская брыгада, маючы адзін полк разбіты, а другі сур'ёзна аддалены, мусіла адступаць да раёна Вароны - Юзафова (стар. 138).
Гэтае адступленне:
"стварыла невымерна прыкрую сітуацыю для левафланговай групы, а ў цэнтры прывяло да пераходу расійскага войска ракі Укры на адносна значнай прасторы" (стар. 153).
Далейшыя наступальныя дзеянні ген. Краёўскага выклікалі "расійскую контратаку", якая:
"стварала сур'ёзную небяспеку разрыву фронту на дзве паловы, што было б раўназначна са зрывам нашых намераў і пагражала паступовым знішчэннем усёй арміі" ( стар. 134).
Так выглядаў эфект агульных дзеянняў на паўночным фронце перад вечарам 14 жніўня.
Стратэгічныя памылкі пацягнулі за сабой у выніку шэраг тактычных няўдач: на варшаўскім кірунку прарваны ўсе лініі абароны, і непрыяцель стаіць на адлегласці 14 км ад сталіцы; на модлінскім кірунку выразная няўдача наступальных намераў, частковая страта Укры і прывід "знішчэння ўсёй арміі". Найгоршае тое, што ў рэзерве фронту застаецца адна адзіная дывізія пяхоты, якая стаіць у Яблонне.
З пункту гледжання пагрозы, якая навісала над Польшчай, ёсць гэта кульмінацыйны момант усёй нашай кампаніі і разам з тым найвыразнае сведчанне нашай памылковай дыспазіцыі. Паколькі непрыяцель не здолеў прымяніць тут усіх сваіх сіл, аказаліся мы на краі прайгранай пад Варшавай бітвы, і ўдача плану Вярхоўнага Галоўнакамандуючага павісла на валаску. Калі б здарылася няўдача ў рэзервовай дывізіі, то адступленне за Віслу станавілася непазбежным, а калі б абедзве нашыя арміі ў тую ноч адступілі за Віслу, то ёсць рэччу сумніўнай, ці ўдар з-над Вепжа мог бы быць выкананы. У гэты момант ішлі да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага трывожныя просьбы прыспешыць наступленне.
Пра рэзервовую дывізію хадайнічалі абодва камандуючыя армій. Адзін хацеў бы мець яе пад Варшавай, другі - над Укрой.
Пасля паўдня з'явілася рашэнне прымянення яе на найважнейшым і вельмі пагрозлівым кірунку, г.зн. варшаўскім, з пазначэннем аднак, што ўжо назаўтра рэзерв быдзе адведзены і перакінуты да Скшэшава, дзе ўвойдзе ў раён дзейнасці 5-й арміі.
Былі гэта, аднак, рэчы пазнейшыя.
Тым часам ішлося аб адным - аб уратаванні Варшавы.
Задачу гэтую мела выканаць спешна ўтвораная аператыўная група ў складзе: 10-я дывізія пяхоты (рэзервовая), 1-я літоўска-беларуская дывізія і 11-я дывізія пяхоты. Мне было даручана камандаванне над усімі гэтымі сіламі.
Канец дня сыходзіць пад знакам неабходнай з боку групы падрыхтоўкі да наступлення, прызначанага мной на світанні 15 жніўня.
Камандаванне фронту з арганізаванай мной затрымкі незадаволена. А 21-й гадзіне выдае пісьмовы загад, які з'яўляецц адразу і папрокам, і прыспешваннем, і ацэнкай баёў усяго дня.
Загад той (№ 3939/ІІІ) у найважнейшых пунктах гучыць:
"1) 5-я армія распачала наступленне і адкінула левым крылом 18-ю і 4-ю бальшавіцкія дывізіі, якія адступаюць у паніцы на поўнач і паўночны ўсход. Правае крыло 5-й арміі паспяхова адбівае атакі пераважных сіл на лініі ракі Укры.
1-я арміі, нягледзячы на ўзмацненне яе рэзервам камандавання фронту, не справілася з непрыяцельскімі сіламі, якія прарваліся ў раёне Радзыміна.
2) Пераканаўся наглядна, што ў некаторых аддзелах у 1-й арміі кіраўніцтва мае шмат да пажадання. Галоўныя цяпер баявая спраўнасць і пунктуальнасць у выкананні загадаў проста ігнаруюцца.
3) 1-й арміі загадваю з усёй суровасцю: 11-я дывізія пяхоты, 19-я дывізія пяхоты і 10-я дывізія пяхоты выконваюць яшчэ да світання з групоўкай, якую прымуць яшчэ на працягу ночы, канцэнтрычную і энергічную атаку на Радзымін, выкідваюць непрыяцеля безаглядна яшчэ перад поўднем 15-га г. м. аж да першай лініі акопаў. Камандаванне 1-й арміі перакідвае затым спешна і пры выдатным прымяненні аўтобусаў 10-ю дывізію пяхоты да Калюшына і Скжэшава, на поўдзень ад Яблонны, дзе чакаю першага транспарту гэтай дывізіі не пазней як пунктуальна ў 12.00.
З вялікім прызнаннем успрымаю спраўнасць і асабліва энергію кіраўніцтва 5-й арміі, якая, нягледзячы на нечуваную змучанасць аддзелаў, змагла выканаць яшчэ на працягу сённяшняга дня вырашальны ўдар".
Аператыўны змест гэтага загаду быў мне вядомы ўжо 14-га познім вечарам. У тэлефоннай размове з камандуючым арміі генералам Лацінікам выяснілі, чаму загад гэты не можа быць выкананы і якія распараджэнні аддадзены. Праз некалькі гадзін пасля гэтай размовы наступіла наша перамога ў перадмесці. Хто ж меў час думаць і памятаць пра напісаныя ў тым узбуджэнні паперы?
Сёння, аднак, у кніжцы генерала Сікорскага мы знайходзім гэты загад разам з падкрэсленнем значэння яго зместу, прычым аўтар лічыць наганяй 1-й арміі за заслужаны і канешне ў маўчанні прымае пахвалу 5-й арміі.
З-за гэтага мушу глыбей унікнуць у змест гэтага загаду, які, як пераканаўся, з'яўляецца важнай памяткай Радзымінскай бітвы. Вывучаючы яго і вяртаючы памяць у часы, калі быў напісаны, спазнаў прыкрае пачуцце. Гэтае ўражанне было выклікана не толькі ўзбуджэннем думкі ў найкрытычнейшую хвілю бітвы, а і неабходнасцю водпаведзі на прэтэнзіі, скіраваныя відавочна супраць мяне і супраць аддзелаў, якімі я камандаваў.
Бо да каго ж могуць адносіцца прэтэнзіі, адносна аддзелаў 1-й арміі? Не маглі яны датычыць 15-й і 8-й дывізій пяхоты, якія змагаліся на менш актыўным кірунку, ні 7-й рэзервовай брыгады, якая бараніла Зэгжа. Не маглі яны таксама датычыць 11-й дывізіі пяхоты, якая выйшла з бою яшчэ 13-га, ні нават 1-й літоўска-беларускай, паглынутай баямі за Радзымін. Прэтэнзія адсутнасці пунктуальнасці лагічна беручы рэчы, магла адносіцца толькі да 10-й дывізіі пяхоты і групы, якой я камандаваў. Так прынамсі зразумелі гэтыя прэтэнзіі нашы гісторыкі, а таксама і генерал Сікорскі, які ў сваёй кніжцы гаворыць (стар. 131):
"Дывізія гэтая не была ў стане дастаткова хутка ўвайсці ў бой. 14 -га ўсе засталіся пад нязмерна прыкрым уражаннем расійскай, на гэтым адрэзку, перамогі".
Шукаю скутку. Адкуль магла паўстаць думка пра нейкае спазненне ў бітве 14-га жніўня? Загад на прыняцце камандавання над групай я атрымаў у Яблонне асабіста ад генерала Галера а 15-й гадзіне. Быў гэта момант, калі Літоўска-беларуская дывізія адступала з-пад Радзыміна.
Загад з дакорам пра адсутнасць пунктуальнасці быў напісаны а 21-й гадзіне. Відочна таму, што камандуючы фронту на працягу тых шасці гадзін чакаў перамогі, а калі яна не наступіла, дакараў за адсутнасць пунктуальнасці і загадваў яшчэ ноччу зноў атакаваць.
На працягу тых вячэрніх гадзін апрача перагрупоўкі і падрыхтоўкі да бітвы на саітанні ніякіх дзеянняў не праводзілася. Ці гэтыя дзеянні можна былр прыспешыць? А як жа? Мог гэта зрабіць камандуючы фронту і камандуючы арміі, калі былі на адрэзку. У гэты час 1-я літоўска-беларуская дывізія і частка 11-й, адступаючы з-пад Радзыміна, маглі ад іх атрымаць загад на новую атаку. 10-я дывізія, якая як рэзерв камандуючага фронту, была ў павышанай гатоўнасці і магла ўвайсці ў бітву ў любую хвілю. Аднак, ці была б гэтая спешка для нас карыснай?
Пра гэта маглі распавесці найбольш тыя аддзелы, якія адступалі з-пад Радзыміна. Ці маглі яны яшчэ ў той самы вечар 14-га жніўня нанава перайсці да атакі на Радзымін? Што да мяне, то мяркую, што не. Да памылкі , палягаўшай на атакаванні Радзыміна любой цаной, далучылася б яшчэ памылка гарачкавай спешкі, на якую псіхічны настрой войска рэагаваў бы як найгорш, як на праяву адсутнасці халаднакроўя. Што да гэтага аднак, меркаванні могуць быць падзелены. Не было выключэннем, што новая атака на Радзымін, як гэтага хацеў камандуючы фронту, магла быць выканана яшчэ ў той самы дзень вечарам. Было гэта мажліва як для камандуючага фронту, так і для камандуючага арміі, пры ўзяцці поўнай ініцыятывы ў іхнія рукі.
Могуць мне на гэта адказаць, што камандзіры на гэтым узроўні не могуць камандаваць часткамі сваіх сіл у той час, калі яны адказныя за ўсё. Гэтае пярэчанне не падаецца мне істотным. У дадзеную хвілю не было нічога больш важнага за факт, што непрыяцель маршыраваў на Прагу. Прыняцце камандавання было ў такую хвілю тым больш натуральным, што ні камандуючы фронту, ні камандуючы арміі не мелі ў сваім распараджэнні ўжо ніякіх рэзерваў. Хто ж, як не генерал Галер сілаю свайго вялікага аўтарытэту мог затрымаць адступаўшыя аддзелы і рушыць іх для новага ўдару? Ці не так было пад Рашынам [9], ці не так пад Мацяёвіцамі?! [10]
Баі, аднак, пайшлі іншым шляхам. Камандаванне лічыла, што будзе лепей, калі створыць групу з 10-й, 1-й літоўска-беларускай і 11-й дывізій і камандаванне над імі, а разам і над усім полем бою аддасць камандзіру рэзервовай дывізіі. Цяжка сёння крытыкаваць гэтае распараджэнне. Знаходзілася яно ў акрэсе правоў камандуючага фронту. Сітуацыя была крытычная і камандаванне магло выбіраць і прымяняць усе сродкі, якія вялі да мэты. Калі лічыла, што новасфармаваная група будзе змагацца паспяхова, то яго правам і абавязкам было стварыць такую групу.
Трэба толькі было ўзяць пад увагу, што ў гэтым выпадку мусіць наступіць затрымка ў аперацыях. Бо тады, калі камандуючыя фронту і арміі былі дакладна зарыентаваныя ў сітуацыі, паколькі самі доўгі час арганізоўвалі абарону перадмесця і мелі не толькі змантаваны апарат камандавання, але і ўсе матэрыяльныя і тэхнічныя сродкі, то ў значна горшых умовах знайходзіўся генерал, якому аддавалі камандаванне.
Камандаваў ён дывізіяй, якая толькі ўчора скончыла 600-кіламятровы адход ад Дзвіны і стаяла як рэзерв камандуючага фронту на незнаёмай для яе мясцовасці. Са сродкаў сувязі і перамяшчэння меў гэты камандзір адзін дабіты аўтамабіль і некалькі вершнікаў, а апарат камандавання складалі начальнік штаба з парай афіцэраў, якія на змену дзяжурылі пры тэлефоне. Дадаючы да гэтай дывізіі яшчэ дзве, якія вялі баі ў адступленні, мусілі лічыцца з тым, што наступіць пэўная затрымка і што новы камандзір, беручы на сябе такую вялікую адказнасць, захоча вывучыць сітуацыю на месцы, а, можа, і прыменіць іншую канцэпцыю бітвы.
Так і сталася. Наступіла перагрупоўка 10-й дывізіі, а таксама заканчэнне адводу 1-й літоўска-беларускай.
Уся акцыя мела распачацца на світанні.
Калі цяжка вытлумачыць стварэнне аператыўнай групы ў такой выключнай сітуацыі, то яшчэ значна цяжэй вытлумачыць загад, пра які я гавару. Пару хвілін тэлефоннай размовы выстарчыла б, каб развеяць сумненні камандуючага фронту. На той малой прасторы паміж Яблоннай, Пустэльнікам і Непарэнтамі лёгка можна было адшукаць камандзіра групы, які патлумачыў бы, якая сітуацыя, што робіцца для атрымання перамогі і якія ёсць на гэта надзеі. Непатрэбны быў бы ў той час загад, такі несправядлівы і крыўдны для людзей, якія рыхтавалі перамогу, а таксама загад новай атакі на Радзымін, якую не належала праводзіць.
Мы ўсе вельмі шануем генерала Ю. Галера як добрага жаўнера і гарачага патрыёта, дзівімся, аднак, як нерэальна генерал ацэньваў нашую сітуацыю.
Узнікае пытанне, што б сталася ў выніку нашага пройгрышу, які быў так блізка, і ў выпадку адступлення абедзвюх армій 5-й і 1-й за Віслу, што было б таго пройгрышу безумоўным вынікам? Хто панёс бы адказнасць за тую паразу? Рэч простая гэты загад указваў на марудаў з-пад Радзыміна, якіх "баявая спраўнасць" і пунктуальнасць у выкананні загадаў аказаліся проста "іроніяй".
Бо ці некрытычная маса здавала сабе справу, што гэта не хвілю назад створаная група і яе камандаванне былі вінаваты ў заганнай фартыфікацыі Варшавы, нерацыянальным згрупаванні войскаў і памылковым тактычным трактаванні Радзыміна, не гаворачы ўжо пра ўсё згрупаванне паўночнага фронту з яго адсутнасцю рэзерваў. Усё гэта - рэчы, якія дойдуць толькі да свядомасці людзей, якія ведаюць тэхніку вайны. Вінаватых шукалі б эмацыянальна. Бессумніўна ўказваў на іх загад. Была гэта група генерала Жалігоўскага, якая спазнілася і амаль не прывяла да паразы ўсёй Польшчы.
На шчасце мы перамаглі.
* * *
Таму сцвярджаю, што нягледзячы на выразны загад не мог згадзіцца на правядзенне наступлення перад світаннем. Залішне доўгую меў баявую практыку, каб не здаваць сабе справу з рызыкі, якая ёсць пастаянным фактарам начных баёў. У дадзеным выпадку рызыка гэтая была большая, чым калі-небудзь: сітуацыя недастаткова разведаная (ніхто дакладна не ведаў, дзе ёсць непрыяцель, а дзе свае); тэрыторыя малапразрыстая, парослая кустамі і з пакручастай дарожнай сеткай; вялікі адсотак свежапрыбылых і неабазнаных з вайной жаўнераў - а адгэтуль лёгкасць панікі; адсутнасць цеснай стыкоўкі паміж аддзеламі, залішне шырока раскіданымі на мясцовасці, нарэшце ўсведамленне найважнейшае - свядомасць, што мы былі апошнім рэзервам, які належала ўвесці ў бой у найлепшых умовах.
Як жаўнер я бескрытычна выканаў бы загад камандуючага фронту, калі б у дадзены момант быў толькі камандзірам дывізіі. Як камандзір усяго, адказны ўжо нараўне з камандуючым арміі і фронту, на начную атаку пагадзіцца не мог. Загадаў атакаваць, калі наступіць світанне. А таму гэта не было спазненнем, але падрыхтоўкай перамогі, якая такі наступіла.
Трэці момант датычыць кірунку атакі. Згодна з загадам мела яна ісці "канцэнтрычна" на Радзымін. Зноў непаразуменне, якое не было патрэбы высвятляць. Радзымін у маіх вачах, як ужо пра гэта пісаў, быў нічога не вартым геаграфічным пунктам. Скажу нават больш - быў ён пунктам шкодным, бо лежачы паміж першай і другой (незанятай) абароннымі лініямі непатрэбна прыводзіў да марнавання нашых сілаў. На гэтым пункце, на гэтым малым мястэчку, размешчаным на раўніне, пазбаўленым ўсякай тактычнай вартасці, канцэнтравалася нашая аператыўная думка. За Радзымін 13.VIII змагалася 11-я дывізіія пяхоты, 14.VIII - 1-я літоўска-беларуская дывізія. Цяпер гэта самае мусіла рабіць 10-я дывізія пяхоты.
Я быў супраць такой стратэгіі.
Здаровы розум загадваў пачаць ад таго, што павінна было быць асновай абароны Варшавы, г. зн., ад заняцця нямецкай лініі акопаў. У гэтым кірунку пайшлі мае загады, узгодненыя з камандзірам 1-ай літоўска-беларускай дывізіі генералам Ржандкоўскім. Лінія гэтая была ўжо часткова прарваная, а таму яе вяртанне (перш за ўсё ліквідацыя прарыву пад Волькай Радзымінскай) высоўвалася як першая мэта.
Толькі пасля гэтага, маючы моцную апору і будучы падрыхтаванымі да адбіцця атакі можна было думаць пра больш шырокі манёўр. І зноў мясцовасць падказвала кірунак не на Радзымін, а на Мокрае, размешчанае ў яго тылах. Як сёння вядома, там стаялі галоўныя сілы 21-й савецкай дывізіі.
Калі б мы даслоўна выканалі дырэктыву камандуючага фронту, мяркую, што параза нашая пад Варшавай была б прадвызначана.
Пункт 3-ці загаду (перакідванне 10-й дывізіі пяхоты на 12-ю гадзіну 15. VIII да Калышына і Скшэшава) загадзя меў усе рысы невыканальнасці. Калі наогул вывад часткі, звязанай боем, ёсць аперацыяй складанай, то што ж тады гаварыць пра дывізію свежа кінутую ў бой на найважнейшым кірунку, дзе непрыяцель развіў найбольшую ініцыятыву.
Даслоўнае выкананне намі фармальна не адкліканага загаду прывяло б раніцай 15. VIII да спынення баёў пад Мокрым і адкрыццё праходу ў кірунку на Варшаву.
Як і апошні пункт загаду, словы прызнання для 5-й арміі.Падаецца мне, што былі яны, асабліва ў сувязі з прэтэнзіямі да 1-й арміі, не да месца.
14. VIII, як вынікае з апісання падзей, пададзенага самім ген. Сікорскім, 5-я армія не толькі ніякага "вырашальнага" наступлення не праводзіла, але ў выніку прарыву ў цэнтры стаяла перад пагрозай "знішчэння ўсёй арміі".
Калі да таго дадаць, што загад гэты звяртаўся непасрэдна да дывізій, мінаючы і армію і новаўтвораную групу, чым ствараў хаос у кіраванні на полі бітвы, то не будзе перабольшваннем погляд, што цяжка знайсці ва ўсёй гісторыі войнаў загад, які ва ўсім сваім змесце менш трапна ацэньваў стратэгічную і псіхалагічную сітуацыю бягучага моманту.
* * *
Надышла крытычная ноч з 14 на 15 жніўня.
Вось як сам генерал Сікорскі характарызуе маральны стан сваіх аддзелаў у ноч з 14 на 15 жніўня:
"Сцвердзіўшы на працягу ночы распад некаторых аддзелаў, псіхічны надлом афіцэраў і ўтрату веры ў перамогу ў большасці вышэйшых камандзіраў, якія называлі ў начальніка штаба арміі прапанову контрнаступлення бессэнсавай і якая выкліча вялікія страты, а таксама ўносілі прапанову далейшага адступлення, я даў а 2-гой гадзіне тэлефонаграму, у якой спасылаючыся на вышэйшыя погляды, заклікаю падлеглых мне камандзіраў да безумоўнагаі выканання спушчанай ім задачы і да пачатку на світанні 15 жніўня новага ўдару на расейскія войскі". ("Над Віслай і Укрой", стар. 136.)
Як бачым было гэта жудаснае становішча, цяжка ў яго паверыць, калі б не гаварыў пра гэта сам камандуючы арміі. Генерал Сікорскі дадае, што "ў тылах распачалася паніка", і ў выніку прасоўвання савецкай арміі ў кірунку Яблонны былі высланы камандуючым арміі афіцэрскія патрулі ў бок Беньямінава з мэтай вывучэння сітуацыі. Калі 5-я армія мела быць перастрахоўкай для тых, якія не мелі даверу да плану з 6-га жніўня і не верылі ў абарону Варшавы, то баявая рэчаіснасць помсціла ім за гэта.
В) 15 жніўня
Вельмі шкода, што камандуючы 5-й арміі не гаворыць пра тое, пад уражаннем чаго настрой яго войск змяніўся на лепшае. Было б рэччу невымерна пажаданай і цікавай, калі б вышэйшыя камандзіры 5-й арміі, якія "прапаноўвалі далейшы адход", сёння хоць бы з удзячнасці за тое, што не былі аддадзены пад ваенна-палявы суд, сказалі самі, што ў іхняй псіхіцы або ў стратэгічнай ці тактычнай сітуацыі так моцна змянілася, што прызналі свае памылкі і пачалі добра біцца нанава. Высвятленне гэтай прычыны было б вельмі пажаданым не толькі з пункту гледжання гісторыі, але і псіхалогіі, якая адыгрывае такую вялікую ролю на вайне і якая так мала нам вядомая.
Для нас няма сумнення, што сталася ў тую памятную раніцу 15 жніўня. Лічу, што прычынай той змены была перамога, атрыманая раніцай 15.VIII на варшаўскім кірунку. Высланыя афіцэрскія патрулі ў ранішнія гадзіны павінны былі далажыць у штаб 5-й арміі, што непрыяцель выгнаны з Кутоў Вянгерскіх і Юзафова і адкінуты да лініі Лось - Завады, ці на 11 км па прамой лініі. Вестка гэтая несумненна прысароміла тых вышэйшых камандзіраў, якія некалькі гадзін таму назад лічылі прадаўжэнне барацьбы за бессэнсавае і жадалі далейшага адступлення.
Забягаючы наперад, падаецца мне, што было б, можа, лепей унікаць гэтых "сумніўных закуткоў гісторыі", як іх называе маршал Пілсудскі, і не падаваць іх пад дыскусію Еўропы. Замежжам гэта будзе ацэнена як недахопы тых камандзіраў, як няздольнасць і баязлівасць, а мы ж ведаем, што так не было ў сутнасці. Незразумелыя і не сустраканыя ў нашай арміі паводзіны вышэйшых камандзіраў могуць быць патлумачаны хіба толькі ўплывам адступальнай псіхалогіі.
Вяртаюся да ходу падзей на перадмесці Варшавы.
Бітва распачалася ўсё ж перад світаннем. Яе пачаткам была апісаная мной у іншым месцы самастойная атака батальёна капітана Паганоўскага. Атака гэтая выклікала раптоўнае адступленне непрыяцеля на другую абаронную лінію і далей на Радзымін. А 5-й гадзіне раніцы мы вярнулі Вольку і Дамбкавізну. А 7-й гадзіне была занята ўся другая абаронная лінія. А 10-й гадзіне распачынаецца атака 10-й дывізіі пяхоты на Мокрае, а Літоўска-беларускай дывізіі ў кірунку Радзыміна. А 13-й гадзіне бяром Мокрае і адбіваем контратакі. Расійская армія траціць здольнасць да наступлення і пераходзіць да абароны.
Перамога на ўсёй лініі.
Ход падзей у нашай 5-й арміі ў гэтую вырашальную раніцу 15 жніўня вельмі няясна і невыразна апісаны ў кніжцы ген. Сікорскага асабліва на фоне прыкрых падзей папярэдняй ночы.
Факт, што спланаванае наступленне раніцай не мае выніку (ген. Сікорскі матывуе гэта больш раннім ударам расійскіх войскаў) і, што 5-я армія наступае толькі ў поўдзень, г.зн. у момант ужо выкрасталізаванага поспеху 1-й арміі.
На правым крыле 5-я армія вяртае фарты "Мянкошын" і "Торунь", у цэнтры - лінію ракі Укры, а конніца ген. Карніцкага з групы ген. Краёўскага здабывае Цеханоў, дзе знішчае радыёстанцыю 4-й савецкай арміі, што ёсць вялікім поспехам і мае вялікае значэнне на будучыню.
Вынікі гэтыя, дасягнутыя вечарам, не маюць і мець не могуць мець - рэч простая - уплыву на лёсы бітвы за Варшаву, якая рашуча разгарнулася у ранішнія і пасля-паўдзённыя гадзіны.
Гэты найвыдатнейшы дзень у бітве за Варшаву - дзень псіхалагічнага пералому пад Волькай і Мокрым - камандуючы 5-й арміі апісвае арыгінальным спосабам.
Адпаведны уступ гучыць:
"Свой сітуацыйны рапарт за гэты дзень я закончыў словамі: "Дух перамогі ўступіў у жаўнераў, пра што сведчыць тагачасная відочная для ўсіх маральная рэгенерацыя жаўнераў, здаючы сабе справу са значэння, які меў для ўсяго фронту факт перавагі ваенных шаляў на польскі бок у распачатай пад Варшавай бітве. Не мог ён застацца без уплыву на войска, якое рыхтавалася для ўдару з-над Вепжа. Камунікаты Вярхоўнага Галоўнакамандавання, якія гаварылі пра першую польскую перамогу, аспрэчвалі ўкаранёнае ў нас таксама пад уплывам паразы панесенай пад Радзымінам меркаванне пра непераможнасць праціўніка. Будзілі яны сярод польскіх аддзелаў энергію чыну, падахвочвалі да выканання прысяг і традыцый, выклікаючы здаровае і каштоўнае на полі бітвы ўзаемадзеянне паасобных армій і дывізій". (Стар. 143 - 144.)
Здавалася б, што справа выглядала зусім адваротна, і рэгенерацыя, пра якую ідзе гаворка, наступіла не як вынік паразы, а як вынік перамогі пад Радзымінам.
Што тычыцца разбуджэння жаўнерскіх якасцяў, пра што гаворыць цытаваны ўступ, то зноў трэба сцвердзіць, што 5-я армія не магла мець у той справе ініцыятывы. Не магла яе мець не толькі таму, што сама перажывала, як гаворыць яе камандуючы, цяжкі маральны крызіс, а таксама таму, што якасці тыя былі вельмі высокія ва ўсім нашым войску.
Да гэтага вельмі характэрнага камунікату камандаванне фронту ў загадзе L. 4139 III дадае:
"Непрыяцель кінуў усе, якія меў у сваім распараджэнні, рэзервы ў атаку на 5-ю армію. Аперыруе там каля 10 непрыяцельскіх дывізій. Энергічнае камандаванне 5-й арміі і геройская стойкасць яе аддзелаў адагналі ад варот Варшавы значныя непрыяцельскія сілы".
Ацэнка гэтая недакладная:
1) Непрыяцель 15.VIII не меў ужо ніякіх рэзерваў.
2) 5-я армія ваявала з 5 дывізіямі непрыяцеля.
3) Варшава ў выніку поспехаў 1-ай арміі і даспяваўшага ўдару з-над Вепжа ніякага "аблягчэння" ўжо фактычна не патрабавала. Нават, калі б яно спатрэбілася, то 5-я армія ніякім спосабам яго даць не магла.
Дзякуючы багатай савецкай літаратуры фактычную групоўку непрыяцеля ў гістарычны дзень 15 жніўня ўдаецца ўскрыць амаль з абсалютнай дакладнасцю.
Вядома:
а) што 1-я армія мела супроць сябе напор усёй 16-й савецкай арміі (5 дывізій пяхоты);
б) ва ўзаемадзеянні з 16-й арміяй, таксама на поўдзень ад Буга-Нарвы, дзейнічала 21-я дывізія пяхоты з суседняй 3-й арміі, якая мела задачу дыверсіі ў адносінах да Зэгжа. Задача тая з-за нашай атакі страціла каштоўнасць;
в) на поўнач ад Буга-Нарвы дзве дывізіі пяхоты з 3-й арміі (6-я і большая частка 56-й) уткнуліся ў добра бароненыя фартыфікацыі Зэгжа і Дэмбага, якія належалі да 1-й арміі, а не да 5-й. (Лінія размежавання праходзіла ўздоўж усходніх фартоў Модліна, які належаў да 5-й арміі).
г) таму правае крыло ген. Сікорскага магло мець 15.VIII дачыненне толькі з адной дывізіяй пяхоты 3-й арміі. Была гэта 5-я дывізія - тая самая, якая ў папярэдні дзень здабыла фарты "Мякошын" і "Торунь". Пацвярджае гэта зрэшты між іншым і сам ген. Сікорскі гаворачы:
"А на поўнач ад Модліна размяшчалася, як пазней аказалася, цэлая савецкая дывізія, таму і атака на Насельск, распачатая 17-й дывізіяй пяхоты з апорай на Модлін, не была лёгкай для выканання". (Стар. 141.)
д) Таму на адрэзку Укры існуе тэарэтычная раўнавага сіл: на савецкім баку - чатыры дывізіі пяхоты (уся 15-я армія); на нашым баку - дывізіі пяхоты: 9-я дабраахвотная і 18-я, сібірская брыгада і кавалерыйская дывізія ген. Карніцкага.
Не значыць гэта аднак, каб сітуацыя ў 5-й арміі, нягледзячы нават на вартыя здзіўленню тактычныя поспехі на паўночным крыле (ген. Краёўскі) мела быць лёгкай.
Слова "гібель" раз-пораз паўтараецца ў выказваннях яе камандуючага.
У той час, калі ва ўсёй Польшчы ўжо ўмацавалася ўпэўненасць у перамозе, 5-я армія знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Нават яе тактычныя поспехі не могуць выраўняць памылковай стратэгічнай ролі, якую яна выконвае на працягу бітвы.
Над усёй сітуацыяй вісіць першародны грэх пагарды да абароны і заўчаснай атакі. Хапіла аднаго больш моцнага ўдару з боку 4-й савецкай арміі, каб "пагібель" 5-й арміі стала па сутнасці непазбежнай.
Нічога дзіўнага, што камандаванне савецкага фронту па меры паступаўшых дакладаў пра наступленне нашай 5-й арміі - як піша Тухачэўскі - "не ведала, дзе сесці ад радасці". Непрыяцель, якога так доўга шукалі, сам падстаўляецца пад удар.
Не змяняе стану рэчаў тое, што ў выніку пазнейшых памылак савецкага камандавання, а перш за ўсё 4-й арміі, удар той спыніўся на стадыі праектавання і не дайшоў да рэалізацыі.
З нашага боку - паўтараю - быў гэта момант рызыкі нічым не абгрунтаваны.
Гісторыя войнаў ведае выпадкі, калі неабходнасць альбо вялікія мэты змушаюць да такога роду рызыкоўных прадпрыемстваў. Няма той неабходнасці ў разгляданым гістарычным моманце. Варшаву ўключна з адрэзкам Буга-Нарвы ад Модліна Да Зэгжа можна было ўтрымаць без пропуску 15-й савецкай арміі за Укру, без аддання на велізарныя страты рызыкоўна высунутай групы ген. Краёўскага і без агалення Модліна, які пасля выхаду 17-й дывізіі пяхоты быў амаль безабаронны.
Як латва можна было бараніць паўночны адрэзак, пра тое сведчыць двухдзённая паспяховая абарона Зэгжа малымі сіламі палк. Малахоўскага. Ёсць яна доказам, як латва лінію Модлін - Зэгжа можна было замкнуць.
Г) 16 жніўня
На варшаўскім адрэзку 16 жніўня мы з'яўляемся ўжо пераможным бокам. Нягледзячы на гэта, непрыяцель не хоча прызнаваць паразу; найбольш актыўна выступае 21-я савецкая дывізія, якая намагаецца выйсці ў тылы Зэгжа. 10-я дывізія пяхоты вядзе з ёй у ранішнія гадзіны зацятую бітву за Мокрае. На працягу дня ў выніку дзеянняў 5-й арміі напор на гэтым кірунку слабее: 21-я савецкая дывізія атрымоўвае загад перайсці ў рэзерв 3-й арміі і з гэтай мэтай перапраўляецца на паўночны бераг Буга-Нарвы.
Гэта першы канкрэтны факт аблягчэння варшаўскага кірунку 5-й арміяй - у дадзеных умовах зрэшты цалкам неістотны і, хутчэй, на фоне прыведзенага ў рух удару з-над Вепжа, у выніку шкодны.
У 5-й арміі сітуацыя напружаная да апошніх межаў. Утварыліся тры агмені баёў: адзін у раёне Гансоціна і Соньска, дзе геройскі змагалася, пакінутая ўсімі, група ген. Краёўскага; другі ў раёне Плоньска, дзе 1-шы полк шваляжэраў разам з 4-м паморскім палком стрымлівае напор адборных аддзелаў 4-й савецкай арміі, якія ідуць проста ў тылы нашай асноўнай групоўкі, трэці нарэшце ў раёне Насельска, дзе сканцэнтравана большасць нашых сіл.
На савецкім баку цэлы дзень праходзіць пад знакам неспакою за паўночнае крыло 15-й арміі (раён Цеханова). Савецкае камандаванне пераканана, што мы маем там сур'ёзныя сілы і паспешна перакідвае на поўнач 33-ю дывізію пяхоты (незалежна ад 4-й і 16-й, якія ўжо дзейнічаюць пад Соньскам), 56-ю, якая змагаецца на лініі Буга-Нарвы (да Макава); нарэшце згаданую ўжо 21-ю дыв. пяхоты (у рэзерв 3-й арміі).
Ці гэтыя перакідванні ёсць для нас стратэгічна карыснымі?
Мяркую, што не.
Наступленне з-над Вепжа ўжо ідзе, і нам залежыць на тым, каб яно застала максімум савецкіх сіл у раёне Варшавы. Кожны адход непрыяцеля на поўнач аслабляе эфект нашага ўдару.
Таксама і агаленне Насельска, які з'яўляецца аб'ектам канцэнтрычнага наступлення галоўных сіл генерала Сікорскага, прыводзіць да непажаданых вынікаў, бо робіць мажлівым для 15-й савецкай арміі фактычнае ўхіленне ад падрыхтаванага з такой цяжкасцю ўдару.
Вось як выглядае гэты момант у канкрэтным асвятленні Гістарычнага бюро:
"Калі на савецкім баку на поўнач ад Буга 16 жніўня галоўныя сілы 15 арміі нацэліліся ўжо цалкам на цеханоўскі кірунак, дзе страхам для іх з'яўляецца самотная група ген. Краёўскага, а галоўныя сілы завязлі цалкам на фартах Зэгжа, Дэмбага і Арэхава, галоўныя сілы 5-й польскай арміі скіраваліся канцэнтрычна на Насельск, які бараніла самотная 11-я савецкая дывізія. Каля 16.00 Насельск узялі, і сустрэліся там аддзелы 17-й і 9-й, дабраахвотнай дывізіі і сібірскай брыгады (польскіх)". (Дадаткі да працы Маршала Пілсудскага "1920 год" - выданне ІІ, стар. 360.)
Гэтае самае зрэшты сцвярджае і сам камандуючы 5-й арміі, гаворачы ў адным са сваіх загадаў:
"Нягледзячы на вялікую непрыяцельскую канцэнтрацыю ў раёне Насельска-Боркава, сцвярджаю, што ў гэтым раёне мы лічэбна і тэхнічна мацнейшыя за бальшавікоў".
Як эфект цэлага дня: узяцце Насельска з палавінчатым знішчэннем 11-й савецкай дывізіі.
Генерал Сікорскі ўспамінае, што ўжо ў найбліжэйшыя гадзіны пасля заняцця горада - "пасля хвілі пераадолення ўзнікшага замяшання" - пайшлі з боку савецкіх аддзелаў "энергічныя контратакі" (стар. 156).
З нашага боку фарсіраваныя аперацыі 14, 15 і 16 жніўня давялі да поўнага вычэрпвання сілаў. Вось як пра гэта піша камандуючы арміі:
"5-й арміі, пазбаўленай пасля вычэрпвання рэзерваў свежых сілаў, незгрупаванай, як было неабходна ў гэты момант, у глыбіню, забракла дыхання. Камандуючы фронту не мог таксама падтрымаць свае трапныя дырэктывы ніякім аргументам сілы" (стар. 156).
А сітуацыя ў сутнасці да лёгкіх не належала: у Насельску нашая лічэбная перавага з адначасовай аднак перастомленасцю, якая рабіла немагчымым "здабыццё патрэбнай для пераследвання энергіі"; у раёне Санхоціна і Сарнавай Гары кінуты ўсімі ген. Краёўскі, які імкнуўся любой цаной да адбудавання паўночнага адрэзка фронту, страчанага ў выніку разбіцця 42-га палка пяхоты; у раёне Плоньска слабая заслона супраць грозна навісшай 4-й савецкай арміі.
Нічога дзіўнага, што непрыяцель "не ведаў, дзе сесці з радасці".
Скаргі на тэму немагчымасці падтрымкі трапных дырэктыў камандуючага фронту "ніякімі аргументамі сілы", настолькі не да месца, бо большасць нашых аддзелаў была не дзе інакш, як за Укрой, ініцыятарам іх канцэнтрацыі быў сам ген. Сікорскі.
Ад вечару 14 жніўня камандуючы фронту не меў уласнага рэзерву.
Была гэта ўласна тая стратэгічная памылка, за якую 14 жніўня амаль не заплацілі пройгрышам на ўсім паўночным фронце. 5-я армія, разбудаваная за кошт асноўнай групоўкі (абарона Варшавы і ўвесь рэзерв), прыменена надзвычай заўчасна і ў неўласцівым, бо франтальным, кірунку, была тварэннем памылковым.
Адзіны пазітыўны эфект яе трохдзённых баёў у раёне Цеханова і Насельска - гэта затрымка 15-й савецкай арміі. Вынік гэты не вымагаў аднак прымянення для гэтага блізка паловы сілаў паўночнага фронту. Гэта самае магла дасягнуць адна добрая дывізія разам з існай залогай, якая паспяхова бараніла Модлін.
* * *
Асноўная памылка, якая заключалася ў заўчасным прымяненні 5-й арміі для зачэпных дзеянняў, папомсцілася і ў фазе пераследу Варшаўскай бітвы.
Нягледзячы на бліскучыя вынікі ўдару з-над Вепжа, які быў для савецкага камандавання зусім нечаканым, нягледзячы на амаль поўны разгром мазырскай групы і 16-й савецкай арміі, на поўначы сітуацыя ўсцяж невыразная і савецкія сілы ў непарушным стане адходзяць на ўсход.
3-я савецкая армія адступае хутчэй пад уплывам абходных дзеянняў нашай 4-й арміі, чым пад напорам войск паўночнага фронту. 15-я армія (за выключэннем 11-й дывізіі пяхоты) да 19 жніўня трывае бяскарна ў раёне Цеханова; адходзіць адтуль неразбітая і ва ўзорным парадку. Не ўдаецца таксама манёўр акружэння 4-й савецкай арміі.
Вось як гэтыя дзеянні былі ахарактыразаваны ў дадатках да працы маршала Пілсудскага "1920 год":
"Толькі факт, што нашая 5-я армія заміж таго, каб скіраваць на яе (15 савецкая армія) большасць сваіх сіл, прымяняючы манёўр па ўнутраных лініях, раздрабіла свае сілы веерападобна, прыкрываючыся з усіх бакоў (ад Пултуска, Цеханова і Плоньска адначасова), прывёў да таго, што 15-я савецкая армія без перашкод накіравалася потым на ўсход, а за ёй 4-я; гэтая апошняя сустракаючы па дарозе паасобныя пруцікі веера польскай 5-й арміі, ламала іх адзін за другім, пакуль не аказаўшыся разам з 15-й арміяй перад ужо сканцэнтраванай масай польскай 4-й арміі ў раёне Ломжы і Кольна, не панесла там канчатковай паразы" (стар. 371).
Характарыстыка гэтая падаецца мне найбольш трапнай.
Належыць дадаць, што 5-я армія мела ў той перыяд вельмі сур'ёзныя сілы, у яе распараджэнне перайшлі: брыгада кавалерыі ген. Дрэшара (15.VIII), 8-я брыгада пяхоты (17.VIII), 11-я дывізія пяхоты (17.VIII) і часова 10-я дывізія пяхоты (19.VIII).
Не буду далей затрымлівацца над аператыўным бокам працы 5-й арміі. Мяркую, што гісторыя дазнаецца пра памылкі нашай групоўкі на поўначы.
5-я армія не адыграла "ролі першаразраднай", бо трывала далей памылка яе стратэгічнага прызначэння.
Цікавай з'яўляецца абшырная матывацыя ген. Сікорскага, якая ўказвае на немагчымасць каардынацыі дзвюх так аддаленых ад сябе аперацый, як бітва над Укрой і ўдар з-над Вепжа:
"Удар Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аблягчаў непасрэдна нашу 1-ю армію. У цалкам адрозным у гэты час становішчы знайходзілася 5-я армія, адрэзак фронту якой быў залішне аддалены ад пазіцый войск групы пераследу, якія наносілі ўдар з паўдня, каб можна было разлічваць на хуткі яго вынік у тылах 15-й і 3-й савецкіх армій" (стар. 125).
І як вывад:
"Дзеянні, распачатыя 14 жніўня 5-й арміяй, насілі рысы асобнай і наглядна самастойнай акцыі" (стар. 126).
Цяжка знайсці больш памылковае ўспрыняцце справы. Удар Вярхоўнага Галоўнакамандуючага меў задачу не "аблягчэння" становішча той ці іншай арміі, а выйгрышу аперацыі, якая вырашала лёс Польшчы. Абавязкам усіх было ўдар гэты аблегчыць, а не расцярушваць сілы на асобныя і самастойныя акцыі.
План ад 6 жніўня хацеў ад поўначы аднаго: упартай абароны і вытрымкі аж да вырашальнай хвілі. Толькі тады, як гаварыў загад, натупальнае "ўзаемадзеянне войскаў паўночнага адрэзка бралася пад увагу".
Канешне, гэтая надзейная і так усямерна патрэбная зацяжка часу мажліва была пры ўмовах вельмі моцна змантаванай абароннай лініі (Модлін - Зэгжа - Карчаў).
Варшава была ўратавана, дзякуючы выйгрышу пад Волькай, Мокрым і Радзымінам. Мяркую, што гісторыя належна ацэніць тут ролю 1-й арміі, якая нягледзячы на сваё аслабленне, нягледзячы на кепскі стан умацаванняў і іншыя недахопы, сумела сваю задачу выканаць.
Выказваючы з аказіі дзесяцігоддзя Варшаўскай бітвы тыя некалькі думак да тагачаснага нашага даробку, яшчэ раз мушу перасцерагчы як найбольш катэгарычна, што я далёкі ад намеру ўменшыць чые-небудзь заслугі.
Я маю пэўнае жаўнерскае прызнанне да аддзелаў 5-ай арміі. Далі яны неаспрэчныя доказы мужнасці і гарту. Некаторыя эпізоды, як дзейнасць ген. Краёўскага пад Соньскам, выпад кавалерыі на Цеханоў і шэраг іншых, застанецца назаўсёды ў гісторыі нашай вайсковай справы, як класічныя ўзоры рупнай баявой працы.
Не магу мець нічога з прэтэнзій і да самога камандуючага 5-й арміі. Генерал Сікорскі быў заўсёды жаўнерам і выконваў загады: сказана яму згрупавацца за Укрой - згрупаваўся; сказана яму атакаваць 14 жніўня - атакаваў. Таксама добра, калі б яму сказалі бараніць Модлін - бараніў бы.
У той жа час мы можам мець шкадаванне ў адносінах да генерала Сікорскага, як аўтара кніжкі "Над Віслай і Укрой". Не толькі таму, што гаворачы пра нашае адступленне ў 1920 годзе, ужывае крыўдныя азначэнні, не называе аддзелаў, да якіх тыя абвінавачванні накіроўвае і не толькі таму, што ігнаруе аперацыі 1-й арміі на перадполлі Варшавы, узвялічвае ролю кіраўніцтва 5-й арміі, але асабліва і галоўным чынам таму, што праз восем гадоў пасля вайны стараецца апаэтызаваць найбольшыя нашы памылкі, зробленыя ў час Варшаўскай бітвы і, апісваючы іх, як выдатныя дзеянні, накіроўвае гэтым гісторыю на памылковы шлях.
Гаворачы гэта, заўсёды памятаю, што няма нічога лягчэйшага, як крытыка няўдалага манёўру. Хто памятае дні 14, 15 і 16 жніўня, той ведае, якія мы ўсе перажывалі пачуцці і як лёгка было страціць галаву.
Не справа, аднак, каб усе памылкі і недагляды трактаваць як нешта недатыкальнае - амаль як звышсправы.
Ідзе нам за тое, каб былі яны названы па імені.
Вось жа форма абароны, прымененая ў Варшаўскай бітве паўночным фронтам, а ў асаблівасці надмерная самастойнасць 5-й арміі ёсць памылкай і з гэтым нічога не зробіш.
* * *
Шукаючы прычыны гэтай асноўнай з нашай гісторыі памылкі, бачу, апрача агавораных, дзве яе крыніцы:
1. Наша нявер'е ў сілу агню, а таму і абароны;
2. Заганная арганізацыя камандавання.
Шмат прычын склалася ў хваравітую ў нашых думках непрыязнь да абароны: надмерная расцягнутасць цяжкіх для заняцця прастораў; лінейная тактыка і недахопы ў стралковай падрыхтоўцы, перадваенная дактрына атакі, непрыемныя ўспаміны з акрэсу пазіцыйных баёў Сусветнай вайны. Паўстаў цэлы шэраг нічога не гаварыўшых азначэнняў: "абарона пасіўная", "актыўная", "наступальная", "стройная", "бяздзейная" і г.д. У гэтых акадэмічных фразах загубілі змест, які палягае на тым, што баронячы ўмацаваную тэрыторыю малымі сіламі і выкарыстоўваючы магутнасць агню, можам больш сваіх сіл прымяніць для асягнення іншых мэтаў.
Дадам словы знакамітага начальніка генеральнага штаба нямецкай арміі ген. Шліфена, які на пытанне, як належыць абараняцца, меў адказаць: "Найлепшая абарона, якую ведаю, гэта абарона аднаго анархіста ў Парыжы на вуліцы Шаброль, які, маючы ў дастатку патронаў і пераходзячы ад акна да акна, абараняўся на працягу некалькіх дзён ад шматлікіх прыступаў паліцыі". З таго чсу з паняццем "форт Шаброль" [11] звязваецца паняцце бездакорнай абароны.
Вось жа рацыя вайны ўказвала на тое, каб такім "фортам Шаброль" была нашая абаронная лінія ад Модліна да Карчэва.
Тым лягчэй мы маглі гэтую абарону зрабіць паспяховай, што была яна патрэбна як кароткі часовы эпізод.
Абараняцца добра не лёгка.
Да атакі, нават няўдачнай, можна на ліхі канец прычапіць пячатку бравуру. У той час як абарона ўсе апраўданні выключае. Мусіць быць добрай, бо інакш становіцца смешнай. (Так было, на жаль, з абаронай некаторых нашых цвердзяў.) Вымагае яна ведаў, стойкасці і тэмпераменту.
Гісторыя дае нам цэлы шэраг узораў бездакорнай і ўпартай абароны. Ужо не гаворачы пра старажытныя Фермапілы, пра пазнейшую Сарагосу і навачасны Вярдэн, маем ва ўласнай гісторыі не меней слаўныя Чанстахова, Збараж і Львоў.
Другая прычына стратэгічных непаразуменняў на поўначы мае сваю падаплёку ў заганнай арганізацыі камандавання. З кніжкі ген. Сікорскага выразна відаць, што Варшава з 12 да 16 жніўня мела за шмат гаспадароў. У той жа час не хапала наймацнейшай індывідуальнасці і найбольш здатнай для выпраўлення памылак - не хапала Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Генерал Камон, даючы сваю ацэнку Варшаўскай бітвы, прыходзіць да высновы, што маршал Пілсудскі, стоячы асабіста на чале ўдарнай групы з-над Вепжа, меў рацыю. Дадае шэраг баёў, у якіх тое самае рабіў Напалеон.
Ацэнка гэтая толькі часткова падаецца мне слушнай.
Прыцягненне маршала да ўдарнай групы было эмацыйна цалкам зразумелае. Усё ж мела яна вырашаць лёс кампаніі - была палачкай-выручалачкай, з якой звязвалі мы ўсе надзеі. Паўставала неспакойнае пытанне, ці група гэтая не заслабая колькасна, ці адпавядае сваёй задачы? Ці не падвядзе жаўнер, змучаны адступленнем?
Прысутнасць Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была нейкім змяншэннем тых неспакояў - давала гарантыю, што будуць ужыты максімальныя чалавечыя высілкі.
Аднак, з другога боку, тых самых асабістых якасцяў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага - яго моцнай волі і вялікага аўтарытэту - патрабаваў і паўночны фронт. Прысутнасць маршала ў Варшаве была тым больш пажадана, што, акрамя волі і аўтарытэту, ён адзін, як бачым з тых аперацый, меў поўнае адчуванне стратэгічнай рэальнасці.
Таму таксама мяркую, што месца Вярхоўнага Галоўнакамандуючага было хутчэй у Варшаве, дзе пылала ўся бітва, а не ў Дэмбліне.
Маршал Пілсудскі пайшоў на вялікі жэст, аддаючы паўночнаму фронту для абароны дзве трэці сваіх сіл. Адначасова, аднак, адмовіўся ад абавязку кантролю над тым, як гэтыя сілы будуць прыменены на фронце; не прадбачыў, што яго вялікі план будзе ў вялікай ступені скажоны.
Простай канцэпцыі абароны былі супрацьпастаўлены шкодныя планы контрнаступальныя, якія ледзь не прывялі да пройгрышу бітвы.
Баі пад Варшавай, над Вепжам і Насельскам яшчэ раз пацвердзілі глыбокую слушнасць некалькі разоў ужо сказанай адвечнай праўды вайны, лапідарна ўзятай у Напалеона:
"Калі хочам атакаваць, мусім быць падрыхтаванымі да абароны".
На жаль, мы не даацэньвалі тую праўду ані вясной 1920 года ў адносінах да абодвух франтоў, ані ў бітве над Бугам, ані ў бітве за Варшаву.
* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года
[1] "Сядан" - бітва пры Сядане (фр. la bataille de Sedan, ням. Schlacht von Sedan), таксама вядомая як Сяданская катастрофа - генеральная бітва Франка-прускай вайны, якая адбылася 1 верасня 1870 года каля невялікага французскага горада Сядан. Закончыўшыся поўным разгромам асноўных сіл французскай арміі і паланеннем Напалеона III, яна вызначыла зыход вайны. Рэд.
[2] Ліда была ўжо 17 ліпеня была занята непрыяцелем.
[3] Вось што гаворыць пра канцэпцыю бітвы пад Гародняй былы начальнік ІІІ аддзела 1-й арміі, цяпер палкоўнік дыпламатычнай службы J. Бляшынскі (даклад ад 18.VIII.30 г., прысланы ў ВГБ з тагачаснай запіскай):
"Мая нататка з'яўляецца праектам аператыўнага загаду, які ніколі не быў выдадзены, бо
а) камандуючы арміі ген. Зыгадловіч выехаў на інспекцыю аддзелаў і ў выніку паломкі кола ў аўтамабілі заставаўся два дні па-за штабам арміі;
б) начальнік штаба 1-й арміі, палк. Кубін не пачуваўся ў сілах узяць адказнасць за падпісанне падобнага загаду.
У сувязі з вышэй сказаным:
а) арганізаваў у задуме устаноўленага, як сведчыць нататка манеўру, на падставе асабістых тэлефонных размоў з асобнымі камандзірамі, акцыю, адказнасць за якую клалася на камандаванне арміі і асобных выканаўцаў, спецыяльна на галоўнага, генерала Жалігоўскага;
б) палк. Кубін, у першай фазе задуманай акцыі здолеў пераканаць камандаванне фронту, якое кампрамісным загадам пакрывала адказнасць за рух арміі".
Таму з вышэй прыведзенага дакладу неабвержна вынікае, што ўсё ж загаду на бітву пад Гародняй не было. З'явіліся тыя загады "post factum", для ўзмацнення архіваў.
[4] 13 (25) лютага 1831 года адбылася бітва пры вёсцы Грохаў, стаўшая адной з найбольшг крывавых эпізодаў Лістападаўскага паўстання. 72 тысячы расійцаў пад камандаваннем фельдмаршала Дыбіча-Забалканскага сышліся ў бітве з 56 тысячамі палякаў, узначаленых князем Радзівілам. Па выніках бітвы страты рускіх перавысілі 9 тысяч чалавек, палякі страцілі 12 тысяч. Вынік бітвы адназначным назваць нельга: нягледзячы на ўсе старанні і надзеі Дыбіча-Забалканскага, вайна закончана так і не была. Рэд.
[5] Паскевіч, Іван Фёдаравіч, Святлейшы князь Варшаўскі, граф Іван Фёдаравіч Паскевіч-Эрыванскі, расійскі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Пасля смерці генерал-фельдмаршала І. І. Дыбіча-Забалканскага задушэнне польскага паўстання 1830 г. было ўскладзена на графа Паскевіча. Ён прыбыў 13 чэрвеня 1831 года ў Пултуск да галоўных сілаў арміі, рушыў з Плоцка ўніз па Вісле, пераправіўся каля прускай мяжы ў Оські, абышоў моцную армію палякаў пад камандаю Скржынецкага і адцясніў яго да Варшавы. Рэд.
[6] Паручнік Паганоўскі Стэфан, пасмертна прысвоена званне капітана, належаў да найстарэйшых афіцэраў дывізіі. Нарадзіўся ў 1893 г. у Ленчыцкай зямлі. Закончыў гімназію ў Лодзі, пасля гэтага юнкерскую школу ў Вільні. У Сусветную вайну быў у расейскай арміі, а потым аказаўся ў Рыцарскім легіёне Усходняга корпуса, адкуль увайшоў у склад маёй дывізіі.
[7] Акрамя таго да 5-й арміі былі таксама прызначаны аддзелы 2-ой літоўска-беларускай дывізіі, якая праходзіла рэарганізацыю.
[8] "Над Віслай і Укрой" - стар. 66.
[9] Рашынская бітва - бітва паміж войскамі Аўстрыйскай імперыі і войскам герцагства Варшаўскага пад камандаваннем Юзафа Панятоўскага 19 красавіка 1809 года. Бітва не была вырашальнай, але яе вынікі дазволілі аўстрыйцам заняць Варшаву. Эрцгерцаг накіроўваўся на Варшаву, калі Панятоўскі, якому была даручана абарона горада, выйшаў насустрач і пасля зацятай сутычкі ў лясах і балотах каля Рашына быў адкінуты, страціўшы к. 2 тыс. чал. забітымі і параненымі. Праз некалькі дзён ён здаўся аўстрыйцам, каб выратаваць Варшаву ад бамбардзіроўкі. (Рэд.)
[10] Бітва пад Мацяёвіцамі - бітва рускага войска з аддзелам польскіх паўстанцаў падчас паўстання Касцюшкі 29 верасня (10 кастрычніка) 1794 года каля Мацяёвіц на правым беразе Віслы за 50 км на паўднёвы ўсход ад Варшавы. Вынікам бітвы былі ўцёкі польскіх аддзелаў і паланенне Касцюшкі расейцамі. (Рэд.)
[11] "Форт Шаброль" (фр. fort Chabrol - форт - умацаванне; Шаброль назва парыжскай вуліцы) - іранічная назва дома ў Парыжы, на вуліцы Шаброль, у якім прэзідэнт антысеміцкай лігі Жуль Гярэн замкнуўся з некалькімі таварышамі і супраціўляўся арышту з 12 жніўня па 20 верасня 1899 года. Па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе Ж. Гярэн быў асуджаны на 10-гадовае турэмнае зняволенне. Здарэнне з аблогай дома на вуліцы Шаброль адбывалася ў момант, калі французскі ўрад Вальдэка-Русо асцерагаўся бунтаў нацыяналістаў і манархістаў з-за адбываўшагася ў Рэне перагляду справы Дрэйфуса.
У чаканні ператрусу і арышту па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе Жуль Гярэн замкнуўся 12 жніўня 1899 года, назапасіўшы дастатковую колькасцю зброі і пагражаючы страляць у паліцыянтаў, якія зробяць спробу ўзламаць дзверы. Урад Вальдэка-Русо, не жадаючы рызыкаваць жыццямі людзей, аддаў перавагу стратэгіі, не ўрываючыся ў дом сілай, замкнуць усе ўваходы і выхады і ўзяць Гярэна голадам. 20 верасня Гярэн здаўся.
Адданы (разам з П. Дэруледам, М. Габерам і інш.) вярхоўнаму суду (сената) па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, у дадатак ускладненай аказаным супрацівам уладам, Гярэн быў асуджаны ў студзені 1900 года і прысуджаны да дзесяці гадоў турмы.
Аблога Гярэна ў "форце Шаброль" выклікала зласлівыя нападкі на ўрад з боку антысемітаў і нацыяналістаў, але ўрэшце большасць публікі ў здарэнні ўбачыла сілу, а не слабасць урада, і вітала здачу Гярэна даволі аднадушнымі насмешкамі.