Князь Мірскі [1]
Фрагмент успамінаў
Аляксандр Мяйштовіч
Ад перакладчыка: Фрагмент успамінаў Аляксандра Мяйштовіча (1864-1943) пра князя Мірскага і помнік царыцы Кацярыне ў Вільні, друкуецца як каментар да вялікіх, раней надрукаваных успамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага. Аляксандр Мяйштовіч быў віца-старшынём Ковенскага таварыства сельскай гаспадаркі (1900-1904) і шматгадовым старшынём Віленскага зямельнага банка, дэпутатам ад Ковенскай губерні ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі (1909-1917), дзе ўваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі». Старшыня Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы (1921-1922). У міжваеннай Польшчы меў пасаду міністрам юстыцыі (1926-1928).
У 1905-1911 гг. быў прыхільнікам ідэй «краёвасці» і фінансаваў выданне газеты «Кур'ер Літоўскі», у 1911-1918 гг. стаў прыхільнікам ідэй нацыянальна-дэмакратычнай партыі, у 1918-1939 гг. быў адным з лідараў «віленскіх кансерватараў».
15 верасня 1902 г князь Мірскі быў прызначаны віленскім генерал-губернатарам.
Князь Пётр Мірскі належаў да вядомага і старадаўняга роду нашага краю: Мірскія - Рурыкавічы. Рыгор Мірскі, падкаморы брацлаўскі, жыў у сярэдзіне XVI ст., меў сыноў: Лукаша і Абрагама, якія сталі родапачынальнікамі дзвюх галін Мірскіх.
Ад Лукаша паходзіў князь Пётр. Дзед князя Пятра Тамаш Багуміл Ян Мірскі, дзедзіч Старой Ганчы ў Аўгустове, дэпутат сойма 1823 г., радца адміністрацыйнай дэлегацыі пры Дзяржаўным савеце каралеўства, эміграваў у 1831 г. Тамаш Мірскі, вярнуўшыся з эміграцыі, пасяліўся ў Расіі, прыняў праваслаўе і парваў з уласным грамадствам. Не ведаю, што паўплывала на гэтае рэнегацтва: ці знеахвочанасць ад нашага грамадства з-за нейкіх эміграцыйных спрэчак, ці нейкія матэрыяльныя меркаванні? Але рэнегаты заўсёды адыёзныя, асабліва калі пераходзяць у лагер праціўніка. Аднак матывы гэтага рэнегацтва былі б цікавыя, бо яны маглі б праліць святло на псіхалогію кн. Мірскага, які быў унукам Тамаша. У 1861 г. Тамаш Мірскі атрымаў у Расіі пацвярджэнне княжацкага тытула, які яшчэ раней, у 1821 г., быў прызнаны сенатам Польскага каралеўства, і стаў заснавальнікам расійскай лініі Мірскіх. Ад жонкі Марыяны Носціц-Яцкоўскай меў двух сыноў: Дзмітра і Мікалая. З іх Мікалай - генерал ад кавалерыі, атаман войска Данскога і, нарэшце, член Расійскага дзяржаўнага савета, набыў у князя Гогенлоэ Мір з прыгожым старым замкам, дзе цяпер і жывуць дзеці князя Мікалая. Ці быў калісьці Мір калыскай роду Мірскіх? Гістарычных сведчанняў пра гэта няма. [....]
Князь Дзмітры, старэйшы сын Тамаша, генерал ад інфантэрыі, камандуючы Харкаўскай ваеннай акругай, жанаты з княжной Зоф'яй Арбеляні, - быў бацькам кн. Пятра.
Князь Пётр 1857 г. н., генерал-ад'ютант і да 1894 г. прадвадзіцель дваранства Харкаўскага павета, у 1898 г. генерал-губернатар Пензенскі, Екацярынаслаўскі, затым намеснік міністра ўнутраных спраў і шэф жандараў пры міністры Сіпягіне, пакінуў гэтую пасаду з-за неадпаведнасці сваіх поглядаў з поглядамі міністра Плеве, з 1 верасня 1902 г. па 27 жніўня 1904 г. - віленскі генерал-губернатар, нарэшце міністр унутраных спраў. Быў жанаты з графіняй Кацярынай Бабрынскай, дачкой Аляксея, маршалка дваранства Маскоўскай губерні. Да прыезду ў Вільню ён, мусіць, аўдавеў, бо жонкі яго мы тут не бачылі.
Князь Пётр Мірскі ведаў сваё паходжанне, клапаціўся пра адносіны з палякамі і быў кузэнам пані Марыі Ленскай, у дзявоцтве княжны Любецкай, народжанай Мірскай, хоць гэтае кроўнае сваяцтва павінна было адносіцца да XVI ст., бо княгіня Любецкая, у дзявоцтве Мірская, паходзіла не ад Лукаша, а ад Абрагама Мірскага. Сямейныя традыцыі мелі значэнне для князя Мірскага. Ён разумеў увесь жах пераследу, які абрынуўся на наш край, і хацеў зрабіць нешта карыснае. Ён разумеў цяжкае становішча шляхты, з якой сам паходзіў і, каб палепшыць яго, хацеў наблізіць шляхту да трона і імператарскай сям'і.
Князь Мірскі наведаў Коўню ў лютым 1903 г., у ліпені таго ж года адправіўся на экскурсію па Нёмане ў кампаніі барона дэ Бажа, француза, які цікавіўся гісторыяй і этнаграфіяй краіны, а 8 траўня 1904 г. адкрыў і з вялікай цікавасцю наведаў Панявежскую выставу.
Калі вялікі князь Уладзімір, брат Аляксандра ІІІ і дзядзька Мікалая ІІ, 29 чэрвеня 1903 г. прыехаў у Коўню з нагоды 100-годдзя Наварасійскага драгунскага палка, шэфам якога быў, князь Мірскі спрабаваў паўплываць на нас, каб мы сказалі вялікаму князю, што рыхтуем для яго вечарыну. Гэтага мы не маглі аспрэчыць і даволі лёгка пагадзіліся, ведаючы намеры кн. Мірскага. Вялікі князь наведаў Ковенскі сіндыкат, дзе быў ушанаваны Аскарам Мяйштовічам, і зацікавіўся некалькімі сельскагаспадарчымі машынамі. Затым ён абедаў у павільёне, спехам пабудаваным для яго прыёму на Пятроўскай гары, дзе меўся цудоўны від на Коўню. Памятаю, што граф Адам Плятэр весела размаўляў з ім з элегантнасцю старога свецкага чалавека, што князь Уладзіслаў Любецкі, які меў маёнткі ў Шаўлях і часам прыязджаў на нашыя сустрэчы, забаўляў вялікага князя расповедамі пра Ніцу, пра якую ў вялікага князя, мусіць, засталіся добрыя ўспаміны, і што вялікі князь нагадаў нам, як яго разам з жонкай, княгіняй Марыяй Паўлаўнай, народжанай княгіняй Альдэнбургскай, аднойчы прымалі ў прыгожым Чырвоным Двары. Вялікі князь быў вельмі ветлівы з намі і значна больш стрыманы ў адносінах з нашымі расійскімі саноўнікамі, перад якімі ён паводзіў сябе крыху як дзедзіч у фальварку. «Дзе губернатар? Няхай прыязджае», - сказаў ён, як сказаў бы, - «дзе аканом, дзе ляснік?» Вяроўкін, які быў у той час маршалкам Гарадзенскай губерні, хацеў за абедам сесці злева ад вялікага князя, на месца, прызначанае Мірскім для віцэ-прэзідэнта Таварыства сельскай гаспадаркі. Я не ствараў ніякіх праблем. Аднак мне было прыемна, што вялікі князь ні разу не загаварыў з Вяроўкіным і ўвесь час звяртаўся да графа Адама Плятэра, якога меў справа ад сябе. Вялікі князь застаўся задаволены нашым прыёмам.
Потым, перад цырымоніяй асвячэння помніка імператрыцы Кацярыне ІІ у Вільні, мы аказаліся ў значна больш цяжкім становішчы. Князь Мірскі быў яшчэ генерал-губернатарам, калі Аляксандр Мілер, як маршалак Ковенскай губерні, склікаў нараду, з мэтай высветліць, ці магчымая наша прысутнасць на гэтай цырымоніі, і распавёў нам пра вялікую карысць, якую гэта прысутнасць можа прынесці краю. Яму адмовілі і наўпрост нагадалі, што імя імператрыцы Кацярыны звязана для нас з самымі цяжкімі ўспамінамі, і пагадзіліся, што наша лаяльнасць часта суправаджалася толькі ўзмацненнем пераследу. Панове ў Вільні стаялі на нашым баку, але кн. Мірскі настойваў, бо лічыў нашу прысутнасць на адкрыцці помніка неабходнай падставай для ажыццяўлення сваіх карысных для нас намераў, а неўзабаве мы сутыкнуліся з дзвюма новымі акалічнасцямі, якімі былі прыезд на віленскія ўрачыстасці цара ці вялікага князя Міхаіла.
27 жніўня 1904 г. кн. Мірскі быў вылучаны на пасаду Міністра ўнутраных спраў. 1 верасня ён быў у Вільні, запрасіў 9 вядомых прадстаўнікоў нашага грамадства і сказаў ім прамову, якую старанна запісаў пан Міхал Вяслаўскі, пазнейшы шматгадовы бурмістр Вільні. Князь Мірскі напачатку адзначыў, што ён разумее нашу сітуацыю і што яму вядомыя прычыны, якія прымушаюць нас неахвотна ставіцца да маючых адбыцца ў Вільні святкаванняў.
«Але з пункту гледжання расейскай дзяржаўнасці, помнік імператрыцы Кацярыне мае быць доказам заспакаення краіны, пасля якога павінна наступіць новая эра раўнапраўя», - сказаў кн. Мірскі словы, якія абагульнялі нашы тагачасныя жаданні.
«Але мая дзейнасць у Вільні павінна была пераканаць вас у маіх намерах, калі я дапамагаў вам як генерал-губернатар, то мне як міністру ўнутраных спраў рабіць гэта будзе яшчэ лягчэй. Паны, аднак, павінны падтрымаць мяне. Вы павінны прысутнічаць на адкрыцці помніка, каб брат імператара мог сказаць пра гэта імператару, а ваша адсутнасць прыцягне ўвагу і будзе ўспрынята як доказ вашай нелаяльнасці».
Падчас сваёй прамовы кн. Мірскі адзначыў розніцу паміж Каралеўствам Польскім і нашым краем, і прызнаў, што калі б у Каралеўстве паставілі помнік Кацярыне, гэта было б нетактычна і недарэчна, дадаў таксама, што калі ён гаварыў з імператарам аб неабходнасці верацярпімасці, імператар сказаў яму: «Так, гэта тое, што я хачу, гэта важна».
Пасля гэтай прамовы кн. Мірскі выклаў сваю праграму ў больш сціслым коле. У гэтай праграме меліся пункты, якіх мы дамагаліся ад расейскіх ўлад, у тым ліку пра польскія школы, што здавалася нам тады недасяжным жаданнем. Памятаю, што ў гэтай размове ўдзельнічалі паны Гіпаліт Гячэвіч і Павел Конча. Абяцанні кн. Мірскага не былі для мяне нечым новым, бо разам з графам Аляксандрам Тышкевічам я неяк наведаў князя ў Маркуцях пад Вільняй, дзе ён адпачываў летам у графіні Мусінай-Пушкінай і з тагачаснай размовы ведаў пра яго намеры.
Праз некалькі дзён пасля прамовы князя Мірскага, пэўна, 3 верасня, я быў у Вільні на сходзе, складзеным з прадстаўнікоў трох нашых губерняў, дзе была зачытана прамова Мірскага. Гэтая сустрэча праходзіла ў атмасферы прыгнечанасці. Усе не жадалі ўдзельнічаць у віленскіх урачыстасцях. Аднак усе верылі ў добрыя намеры Мірскага і разумелі, што адмова разбурыць іх. Ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць. Былі і тыя, хто сам прымаць удзел не хацеў, але хацеў, каб іншыя удзельнічалі. Урэшце была прынятая пастанова, што прысутнасць на адкрыцці помніка не будзе лічыцца грахом. Я памятаю, што нехта не з ліку нашых абывацеляў хацеў прыйсці на сход і «выступіць ад імя Кангрэсоўкі», але яго не пусцілі ў памяшканне, бо ён не меў права выступаць. Супраць нашага ўдзелу ў віленскіх урачыстасцях выказваўся Леан Контрым, які пазней у прымаў у іх удзел, і Казімір Янчэўскі, які ўдзелу не прымаў, што пан Гіпаліт Гячэвіч, які заўсёды быў гатовы вельмі выразна прынесці максімальныя ахвяры для краю, вельмі цвёрда абвясціў, што будзе прысутнічаць на адкрыцці помніка, і што прафесар Мар'ян Здзяхоўскі сядзеў на сходзе моўчкі.
Што да мяне, то я выступаў толькі, каб нешта ўдакладніць ці задаваў пабочныя пытанні - мне было цяжка прыняць рашэнне. Перад ад'ездам з Вільні я размаўляў з тагачасным віленскім кс.-біскупам баронам Ропам, які лічыў, што нельга адмаўляцца ад князя Мірскага як з рэлігійных, так і з нацыянальных меркаванняў, а таксама з графам Адамам Плятэрам, які падзяляў думку біскупа Ропа, хоць выдатна разумеў, наколькі сітуацыя складаная. Я даведаўся, што прысутнічаю ў спісах на дзень адкрыцця і шчыра прасіў графа Адама Плятэра выключыць мяне з гэтага спісу, але разумеў, што на гэта засталося мала часу. Я ведаў, што князь Мірскі ўвёў нас у гэтыя спісы выключна таму, што хацеў «наблізіць нашу шляхту да трона», але думка аб гэтым мяне вельмі раздражняла.
З Вільні я з'ехаў у вельмі цяжкім настроі.
Гарачы патрыятызм і шчырая прывязанасць да краю былі галоўнымі рысамі дома, які я пакінуў. У 1863 годзе мой бацька хацеў не дапусціць выбуху паўстання, але пасля паўстання ледзь не страціў Паёсць [2]. Папярэджаны аб магчымасці канфіскацыі, ён ужо заключыў дамову куплі-продажу маёнтка, каб нешта атрымаць да патопу. Гэтаму продажу коштам вяртання пакупніку падвойнага закладу перашкодзіла мая маці, якая ў той час была яшчэ вельмі маладой, калі небяспека канфіскацыі, здавалася, была прадухілена. Так пасля паўстання мы засталіся ў Паёсці, але ў надзвычай цяжкіх умовах, якія напаўнялі маіх бацькоў абурэннем і жахам.
Мае раннія гады прайшлі пад уплывам пісьменнікаў, якія ідэалізавалі нашу мінуўшчыну, і я памятаю, як у дзяцінстве з глыбокай пашанай глядзеў на выявы польскіх каралёў і нашы сямейныя партрэты. У дзяцінстве я быў хранічна і цяжка хворы, і ў мяне склалася ўражанне, што доўгія пакуты і вымушаная адзінота развіваюць не толькі ўяўленне дзіцяці, але і яго пачуцці і думкі. Мае патрыятычныя пачуцці і пашана да нашай мінуўшчыны пазней выклікалі пераслед, сведкам якога я быў у школьныя гады. Гэты пераслед выклікаў супраціў, а віленскія камяні ўскалыхнулі ўспаміны пра наша вялікае мінулае. У той час я напісаў некалькі няўдалых, але добра сустрэтых строфаў, у якіх нагадваў, што вучні віленскіх школ ёсць спадкаемцы філарэтаў і заснаваў патрыятычны гурток. У пустой тады могілкавай капліцы на рацэ Віліі, якую я бачу сёння са сваіх вокнаў на вуліцы Зыгмунтоўскай, я і мае маладыя калегі далі прысягу верна служыць айчыне. [...]
Справы нашы былі, безумоўна, кепскія, і трэба было ўмацоўваць і ратаваць наш ... элемент, а дабіцца гэтага можна было праз пагадненне з расейскім урадам аб раўнапраўі. Стварэнне сельскагаспадарчых таварыстваў стала першым прарывам сістэмы, і падчас майго віцэ-прэзідэнцтва я на свае вочы бачыў, наколькі гэтыя таварыствы могуць нас умацаваць. Рускія нацыяналісты рабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць роўных правоў і паціралі б рукі, калі б мы вырашылі адмовіць кн. Мірскаму. Каб дамагчыся роўнасці правоў, трэба было пагадзіцца з прызнаннем расійскай дзяржаўнасці і пры тым не баяцца заяў галіцыйскага кшталту: «На гэтым стаялі і стаць будзем». Аднак нам было агідна, што ўрачыстасці ў Вільні звязаны з адкрыцьцём помніка імператрыцы, і балела нацыянальнае пачуццё з-за ўдзелу ў гэтых урачыстасцях. Але ці можна было перашкодзіць ажыццяўленню намаганняў кн. Мірскага, ад якога залежала наша далейшае існаванне ў Літве? Здаровы сэнс падказваў не адмаўляць Мірскаму.
У Паёсці я меў некалькі дзён адпачынку, якія прысвяціў успамінам свайго мінулага і дасканаламу аналізу нашай сітуацыі.
[...] у 1904 годзе мы не думалі пра немінучы выбух сусветнай вайны і яе цудоўныя наступствы для нашага народа. Вельмі магчыма, што калі б мы гэта ведалі, наша рашэнне было б іншым. І ў 1904 г. не прадбачылі, што адроджаная Польшча не пацягнецца да Ковенскай Летувы і што, заключыўшы Рыжскую дамову, забудзе пра свае абавязацельствы перад нашым краем і так лёгка адрачэцца ад нас. Але каб мы і прадчувалі ўсё гэта, хутчэй за ўсё выказаліся б за ўдзел у віленскіх урачыстасцях. Калі, аднак, казаць ex post з пункту гледжання цяперашніх межаў Польшчы, то трэба прызнаць, што тая частка нашага краю, якая засталася ў межах Польшчы, з 1905 г. атрымала вельмі значныя палёгкі, і гэтыя палёгкі, несумненна, паспрыялі захаванню нашага статусу.
9 верасня я прыехаў у Вільню, і майму прыезду вельмі ўзрадаваліся п.п. Адам Плятэр, Гіпаліт Гячэвіч і Канстанцін Скірмунт, якія не былі ўпэўнены, ці прыеду я ў Вільню, каб падзяліць з імі гэты горкі келіх. Таксама мяне з вялікім задавальненнем прыняў кс.-біскуп барон Роп і князь Мірскі, якія сказалі мяне некалькі добрых слоў.
Вялікі князь Міхаіл прыбыў у Вільню 10 верасня ў 10-10 г. На вакзале яго сустрэлі вайсковыя і цывільныя ўлады з князем Мірскім на чале. Прэзідэнт горада сустрэў яго хлебам-соллю. А палове на адзінаццатую вялікі князь стаяў на катэдральнай плошчы, дзе яго чакала праваслаўнае і каталіцкае духавенства, група нашых грамадзян, шматлікія вайсковыя адзінкі і пані Антакольская, удава вядомага скульптара Антакольскага, які паходзіў з Вільні і выканаў помнік імператрыцы. Пасля прадстаўлення, каталіцкае духавенства накіравалася ў катэдру, дзе адбылося ўрачыстае набажэнства. Праваслаўнае набажэнства адбылося перад помнікам, які, трэба прызнаць, быў мастацкім творам, у адрозненні ад помнікаў, якія пастаўлены сёння і якія запаскуджваюць нашы гарады. А 1-й гадзіне снеданне адбылося ў вялікай зале палаца Масальскіх, які сёння з'яўляецца рэзідэнцыяй ваяводы, а тады быў рэзідэнцыяй віленскага генерал-губернатара. На гэтым сняданку прысутнічала каля сарака палякаў. Яе арганізаваў кн. Мірскі - кіраўнік будаўніцтва помніка. Яно было вельмі кароткім, толькі з трох страў, і князь Мірскі слушна зазначыў, што пры такой колькасці гасцей меню павінна быць кароткім, што сёння не разумеюць. Пасля снедання, Вялікі князь накіраваўся ў праваслаўны манастыр св. Духа і да Вострай брамы, дзе яго сустрэў біскуп барон Роп, згодна з касцельным цырыманіялам, якога наша духавенства вельмі строга прытрымлівалася ў расейскія часы. А 5-й гадзіне ў Бернардынскім садзе як маршалак віленскай шляхты некалькі сотняў чалавек на гарбату прымаў гр. Адам Плятэр. Перад гарбатай прадставілі князю ўсіх нашых абшарнікаў, якія не былі прадстаўлены яму на Саборнай плошчы. Памятаю, што п. Адам Плятэр, падчас сняданку ў кн. Мірскага, а таксама падчас гарбаты ў Бернардынскім садзе расказваў маскалям розныя анекдоты з жыцця імператрыцы і вельмі ўмела іранізаваў з няўдалай думкі звязаць віленскія ўрачыстасці з імем гэтай блудніцы. Адразу пасля гарбаты вялікі князь выехаў на вакзал і вярнуўся ў Пецярбург. На той момант яму было ўсяго 26 гадоў, і ён здаўся нам вельмі разумным і спакойным маладым чалавекам. Мясцовая расейская прэса надрукавала разгорнутую інфармацыю пра віленскія святкаванні без каментароў і абразаў. Яна разумела, што наш удзел у гэтых святкаваннях быў не больш, чым прызнаннем расейскай дзяржаўнасці. «Виленский вестник» назваў гэтыя ўрачыстасці мірным святкаваннем адкрыцця помніка імператрыцы Кацярыне ў Вільні (артыкул ад 1 студзеня 1905 г.). Мясцовая прэса пераважна праігнаравала ўрачыстасці маўчаннем, бо разумела нашу складаную сітуацыю. Менш дасведчаныя віленскія кухаркі абмяркоўвалі помнік святой Кацярыне.
У Бернардынскім садзе на гарбату сабралася вельмі вялікая група нашых памешчыкаў. Калі праз колькі месяцаў супраць нас пачаліся нагаворы, была зроблена вялікая розніца паміж 40 абшарнікамі, якія прысутнічалі на адкрыцці помніка і на снеданні ў кн. Мірскага і тымі, хто быў толькі на гарбаце ў графа Платэра. Гэта ўсё казкі, бо гарбата ў Бернардынскім садзе, відавочна, была эпізодам, цесна звязаным з адкрыццём помніка.
У дні адкрыцця помніка афіцыяльныя газеты паведамілі пра намінацыю кн. Станіслава Чацвярцінскага са Скідзеля на гафмайстра двара, раней ён быў шамбелянам, і пра пяць новых намінацый пры двары. Іх атрымалі п.п. Гіпаліт Гячэвіч, Канстанты Скірмунт, граф Аляксандр Тышкевіч, яго брат граф Антоні Тышкевіч і я. Князь Мірскі паведаміў мне пра ўжо зробленую намінацыю лістом у Паёсці. Пазней пачуліся галасы, што хоць наша прысутнасць ля помніка была неабходнай, але пасля гэтага не варта было прымаць прыдворныя пасады. Гэта былі неразумныя галасы. Да намінацыі можна было імкнуцца іх затрымаць, што я са свайго боку і рабіў, але калі мая намінацыя ўжо была гатова, дык дэманстрацыі былі ўжо немагчымыя. Гэта было немагчыма і было б прынята дваром як абраза, гэта была б контрдэманстрацыя, якая абурыла б усю нерэвалюцыйную Расію і спыніла б спробы кн. Мірскага, знішчыла б увесь палітычны эфект віленскіх урачыстасцей і захавала б ранейшыя рэпрэсіі над усім краем. Дваровыя пасады для тых, хто іх атрымаў, сталі горкай пігулкай, і падсаладзіць іх магла толькі думка, што гэта справа паспрыяе раўнапраўю.
Пан Гіпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх успамінах блытае прыём у вялікага князя Уладзіміра і Марыі Паўлаўны ў Чырвоным Двары ў 1888 г. і прыём у таго ж князя на Пятроўскай гары ў 1904 г. і кажа, што апошні з гэтых прыёмаў арганізаваў Сталыпін, якога там не было, бо ён ужо быў гарадзенскім губернатарам. Пан Мілеўскі ў сваіх успамінах паведамляе, што быў на адкрыцці помніка. Таму ён палічыў, што наша прысутнасць на гэтым адкрыцці была неабходнай. Пан Корвін-Мілеўскі не памятае, што кн. Мірскі пасля свайго афіцыйнага выступу распавёў яшчэ і вузкаму колу пра сваю праграму для краю. П. Мілеўскі не размаўляў з кн. Мірскім. Аднак паразумеўся з ім праз графа Тацішчава, які быў тады ашмянскім маршалкам і надта перабольшвае гэтае паразуменне. Пра перамовы п. Мілеўскага з князем я ніколі не чуў, даведваўся пра іх толькі з тэксту пана Мілеўскага.
[...]
П. Мілеўскі меў стаяць пад помнікам з умовай, што яму не дадуць прыдворнай пасады. Гэтую ўмову было лёгка выканаць, бо п. Мілеўскі ніколі не фігураваў у спісах кандыдатаў на такія пасады. Гэтыя пасады атрымалі тры віцэ-прэзідэнты сельскагаспадарчых таварыстваў, два Тышкевічы і кн. Чацвярцінскі як прадстаўнікі вядомых у Пецярбургу родаў, звязаных з прыдворнымі коламі, а пра пана Мілеўскага не было і размовы.
[...]
Словы кн. Мірскага не былі пустымі, бо 12 снежня быў выдадзены імператарскі ўказ, які стаў першым веснікам рэформаў. Гэтым указам Камітэту міністраў даручалася распрацаваць цэлы шэраг пунктаў, з якіх пункт 6-ты абвяшчаў рэлігійную талеранцыю, а пункт 7-мы - перагляд абмежаванняў у дачыненні да іншаплемяннога насельніцтва. Указ прыцягнуў увагу ўсёй замежнай прэсы, якая адгукалася пра яго як пра вырашальную падзею ў гісторыі Расійскай дзяржавы. Указ датычыўся таксама і работы камісій па сельскай гаспадарцы. Нягледзячы на гэта, 30 сакавіка 1903 г., гэта значыць пасля звальнення кн. Мірскага, была адменена нарада па патрэбах сельскай гаспадаркі. Аднак, выглядае, што праца камітэтаў старанна аналізавалася і яны стымулявалі шмат рашэнняў і рэформаў.
[...]
У першых днях студзеня 1905 года я зноў быў у Пецярбургу, каб прадстаўляцца імператару. Я не ўпэўнены, на які дзень выпала мая аўдыенцыя. Я думаю, што гэта было 5 студзеня. Перад аўдыенцыяй мне было сказана, што імператар не любіць задаваць дробязныя пытанні людзям, якія яму прадстаўляюцца, і што трэба не чакаць гэтых пытанняў, а праяўляць ініцыятыву падчас размовы. Таму я падрыхтаваў некалькі момантаў, каб сказаць падчас аўдыенцыі тое, што будзе магчыма.
Усе, хто ехаў прадстаўляцца, селі ў Санкт-Пецярбургу ў поезд, які даставіў іх у Царскае Сяло, усе ў мундзірах і толькі двое ў мундзірах двара. Я ехаў у адным купэ з генералам Фрэзе, які зусім нядаўна, 12 кастрычніка 1904 г., пасля князя Мірскага быў прызначаны камандуючым ваеннай акругай і віленскім генерал-губернатарам. Мой швагер Уладзімір Храпавіцкі добра ведаў Фрэзе па Генштабу і вельмі станоўча адгукаўся пра яго. Ён аказаўся сапраўды годным пераемнікам кн. Мірскага і пакінуў у Вільні пасля сябе добрыя ўспаміны. Фрэзе пазнаёміўся са мной і задаў некалькі пытанняў аб стасунках у Вільні, чым я скарыстаўся, каб коратка паведаміць яму пра нашае становішча і нашы пажаданні.
Калі цягнік спыніўся ў Царскім Сяле, да мяне падышоў нейкі пан у прыдворным мундзіры, які падчас нашай дарогі сядзеў у купэ побач са мной разам з чыноўнікам, на якога скоса паглядаў. Пан коратка прадставіўся: «Ліндэр, фінлядзец», на што я адказаў: «Мяйштовіч, паляк». «Я адразу зразумеў, што вы - не расеец, - сказаў мне Ліндэр, - нам прысылаюць адзін вагон на два чалавекі, і я хацеў бы прапанаваць вам на адваротным шляху ехаць разам, а чыноўнікі хай едуць асобна». Я з радасцю пагадзіўся, і па дарозе Ліндэр распавёў пра ціск ў бок Фінляндыі. «Пра палітыку ў Польшчы кажуць, што гэта вынік вашых паўстанняў. Гэта казка, таму што нас таксама рэпрэсуюць, хоць паўстанняў у нашай краіне не было».
Неўзабаве мы стаялі перад павільёнам, дзе нас пачаставалі кавай і гарбатай. Я заўважыў, што павільён абстаўлены сціпла. На сценах віселі выявы кіруючай дынастыі, такія ж, якія ў той час упрыгожвалі паштовыя станцыі на нашых дарогах. З павільёна нас адвялі ў раскошны імператарскі палац, дзе мы прайшлі праз шэраг гасцёвень, упрыгожаных пасрэднымі карцінамі. Памятаю, у адной з іх стаяла адпаліраваная, нахіленая горка для імператарскіх дзяцей, якія дзеля забавы скочваліся з яе.
Нарэшце мы стаялі ў вялізнай палацавай бібліятэцы з вялікімі шклянымі бібліятэчнымі шафамі, якія часта сустракаюцца ў нашых маёнтках. У царскім палацы мелася вельмі прыгожая капліца і першакласныя салоны, якія я потым убачыў падчас урачыстых прыёмаў, - але гэтыя салоны не адкрываліся для публічных аўдыенцый. У той час у бібліятэцы мелася карта ваенных дзеянняў з пазначанымі пазіцыямі абодвух ваюючых бакоў, і характэрна, што некалькі чалавек аналізавалі гэтыя пазіцыі з саркастычнымі каментарамі аб становішчы рускіх войскаў. Мы доўга чакалі ў бібліятэцы, таму што імператар прымаў аднаго з замежных пасланнікаў, якія нядаўна прыбылі ў Расію. З бібліятэкі нас павялі шырокім светлым калідорам, дзе мы ўбачылі двух экзатычных ахоўнікаў імператарскай сям'і, у прыгожы пакой побач з імператарскім кабінетам. Я заўважыў там некалькі шэдэўраў жывапісу і вельмі добра прадуманы круглы дзвярны праём, які злучае гэты пакой з верхнімі імператарскімі апартаментамі. Праз некаторы час нас пашыхтавалі ў кола, пачынаючы ад дзвярэй, якія вядуць у кабінет імператара. Калі імператар увайшоў, кожны з нас яму прадставіўся. Гэта было зручна для прыдворных чыноўнікаў, але непрыемна, як прыдворны цырыманіял. Усе казалі не тое, што ім пашанцавала, а тое, што яны маюць гонар прадставіцца Найяснейшаму Уладару, дадаўшы сваё імя і назваўшы прычыну прадстаўлення. Імператар перакідваўся з усімі некалькімі словамі, ціснуў кожнаму руку, затым той хто прадстаўляўся, выходзіў з залы, і імператар падыходзіў да наступнага. Размовы былі кароткімі. «Прадстаўляю Вашай Вялікасці сваю працу па гэтай тэме», «Дзякуй, тэма цікавая», «Я вылучаны на гэткую пасаду», «У вас будзе выдатная праца на гэтай пасадзе», «Калі вы прыехалі і калі вы з'язджаеце з Санкт-Пецярбурга?», «У такі та дзень, Ваша Вялікасць», «Я так разумею, што вас дома чакае сур'ёзная праца» і г. д. Кола тых, хто прадстаўляўся было расстаўлена па службовых занятках. Я застаўся апошнім, таму што ў мяне няма занятку. Ліндэр стаяў перада мной. Адзін за адным госці сыходзілі, і ў рэшце-рэшт у пакоі засталіся толькі імператар, Ліндэр, я і імператарскі ад'ютант Нарышкін, які стаяў збоку, недалёка ад дзвярэй, якія вялі з калідора. Калі імператар падышоў да Ліндэра, Ліндэр без усялякіх прадстаўленняў коратка назваў імя, дадаўшы толькі, што ён з Фінляндыі. Імператар спытаў яго, ці з'яўляецца ён сынам старшыні фінскага парламента. І Ліндэр адказаў па-расійску, што ён сын старшыні Сойму, а потым перайшоў на французскую мову і, павольна прамаўляючы кожнае слова са скандынаўскім акцэнтам, сказаў наступнае: «Але, калі ласка, Ваша Вялікасць, дазвольце мне гаварыць па-французску. Некаторы час служыў у Расіі, але зараз фактычна страціў навыкі». Калі Ліндэр перайшоў на французскую, я заўважыў бляск у вачах імператара, якому, відаць, не падабалася тут французская мова, але Ліндэр працягваў: «Быў скліканы фінскі сойм. Мы ўсе спадзяёмся, што ён будзе працаваць на карысць нашай любімай краіны і да задавальнення Вашай Вялікасці». «Я таксама на гэта спадзяюся», - сказаў імператар па-французску і паціснуў руку Ліндэру, які сышоў, дасягнуўшы мэты аўдыенцыі, бо хацеў толькі падкрэсліць, што фіны размаўляюць з імператарам не па-руску, але на дыпламатычнай мове. Я ўспомніў, што і мы некалі біліся за французскую мову ў афіцыйных стасунках.
Калі імператар звярнуўся да мяне, я назваў сваё імя без усялякіх дапаўненняў, як і Ліндэр, патлумачыўшы толькі, што я з Ковенскай губерні, імператар сказаў мне, што вяртаючыся з Менска, ён праехаў праз частку Ковенскай губерні, і што дэлегацыі ковенскай шляхты ўдалося прадставіцца яму на нейкай невялікай чыгуначнай станцыі. Я не быў на гэтым прадстаўленні, але там быў мой брат, і я ведаў, што яна адбылася 22 снежня на пероне станцыі Турманты па ініцыятыве кн. Мірскага, што была халодная раніца і што Станіслаў Мантвіл з Трашкун, як старэйшы з прысутных, прадставіўся першым. Таму я заўважыў, што прэзентацыя праходзіла ў Турмантах і што мы непакоіліся пра здароўе імператара, бо на дварэ было холадна, на што імператар ветліва адказаў, што ён быў у форме і ў пагонах, і што не ён, а яны маглі лёгка прастудзіцца, асабліва старэйшы пан, які стаяў першым у чарзе. «Баюся, каб потым не захварэў», - сказаў імператар. «Ён у поўным здароўі, Ваша Вялікасць», - адказаў я, і жадаючы перайсці да больш сур'ёзнай размовы, дадаў, што мы прадстаўляемся ў фраках, бо не маем шляхецкіх мундзіраў, таму што пазбаўлены дваранскіх выбараў. «Маеце не абраных маршалкаў, а прызначаных», - сказаў на заканчэнне імператар. Значыць, імператар ведаў, што маем прызначаных маршалкаў, і мог даведацца пра гэта ад кн. Мірскага, бо аднаўленне дваранскіх выбараў было адным з пунктаў яго праграмы. Аднак імператар не захацеў працягваць размову на гэтую тэму і адразу спытаў мяне, ці прыехаў я непасрэдна з Ковенскай губерні. Каб павярнуць гутарку на больш сур'ёзную размову, я адказаў, што прыехаў з Вільні, у якой адбыліся вялікія змены, бо кн. Мірскі з'ехаў і замест яго зараз генерал Грыпенберг. «Пайшлі ў гару віленцы», - імператар зноў зрабіў паўзу і спытаў мяне, ці жыву я яшчэ на вёсцы, і калі я адказаў, што жыву на вёсцы і ўлетку, і ўзімку, ён пачаў разважаць пра прывабнасць сельскай мясцовасці, бо толькі на сяле можна дыхаць глыбока і працаваць спакойна. Я ўзяў на сябе смеласць заявіць, што ўсе абшарнікі жывуць на вёсцы і што жыццё на вёсцы дае магчымасць удасканальваць сваю гаспадарку і развівае тыя прынцыпы кансерватызму, якія падзяляюць усе нашы абшарнікі. «Я рады гэта пачуць», - сказаў імператар, і на гэтых словах аўдыенцыя скончылася.
Мая размова з імператарам прайшла гладка, і ў мяне склалася ўражанне, што імператар не аддае перавагу размовам з чыноўнікамі. Я размаўляў з імператарам даўжэй за іншых, можа, таму, што застаўся апошнім. Аднак гэта заўважыў дзяжурны ад'ютант імператара Нарышкін, які назваў мне сваё імя, калі я ад'язджаў, і я злёгку яму пакланіўся. Гэта заўважылі чыноўнікі, якія пасля прадстаўлення вярнуліся ў палацавую бібліятэку і пыталіся пра мяне.
Як член Дзяржаўнага савета, я прысутнічаў потым на ўрачыстасцях у Царскім Сяле і ўспамінаў сваю размову з імператарам. У Мікалая ІІ была добрая памяць, бо калі пасля заканчэння гімназіі яму прадставілі майго сына, ён спытаў, ці не сын ён члена Дзяржаўнага савета.
Высокія расійскія чыноўнікі, з якімі я сустракаўся ў Дзяржаўным савеце, не любілі імператара і казалі, што ён подлы і пошлы (подленький и пошленкий). Вельмі магчыма, але сваю ролю ў гэтым меркаванні мела і асабістая канкурэнцыя. Аднак вядома, што імператар не ведаў, што адбываецца навакол, што часта адбываецца з людзьмі, якія ўзначальваюць краіны. Імператар працаваў паслухмяна, ён ведаў сваіх міністраў, кожны тыдзень прымаў і слухаў іх даклады. Прымаў іх часцей, чым некаторыя кіраўнікі рэспубліканскіх дзяржаў. Але Ярмолаў казаў мне, што імператар гаварыў з міністрамі толькі аб іх міністэрствах і не выходзіў за гэтыя рамкі, і што Ярмолаў, які шмат гадоў быў міністрам земляробства, ніколі не дапускаў агульных размоў. Я заўважыў, што гэтак, відаць, было і падчас маёй кароткай аўдыенцыі, таму што калі я ўставіў нешта пра намінаваных маршалкаў і князя Мірскага, у імператара бліснулі вочы, гэтак жа, калі Ліндэр перайшоў на французскую мову. І я зразумеў, што далей ісці не трэба.
Пасля аўдыенцыі мы вярнуліся ў наш павільён, дзе нас чакаў сціплы абед, які я з'еў у суседстве з Ліндэрам. Мы пайшлі разам, пакінуўшы пад дэсертнай талеркай па 5 рублёў для прыслугі. Я сказаў Ліндэру, што разумею яго намеры і ён прызнаўся мне, што папрасіў аўдыенцыі толькі для таго, каб у сваёй размове з імператарам перайсці на французскую мову. Мы з Ліндэрам рассталіся на вакзале ў Пецярбургу, і больш я яго не бачыў.
Падчас майго знаходжання ў Пецярбургу адбыўся дзіўны выпадак. 6 студзеня, калі гарматы, пастаўленыя на біржавой плошчы за Нявой, стралялі, каб надаць пышнасці іярданскім святам, у Зімовы палац была выпушчана граната, у выніку якой быў забіты вартавы і выбіты вокны ў палацы. Версія сцвярджала, што гэта быў добра спланаваны напад, які выклікаў бы небывалую катастрофу, калі б граната трапіла ў павільён на Няве, дзе адбывалася іярданаўская цырымонія ў прысутнасці імператара і яго світы. Аднак расследаванне паказала, што аварыя адбылася па неасцярожнасці, бо ў адной з гармат з часоў восеньскіх манеўраў засталася снарад-граната. У выніку вайскоўцы, вінаватыя ў гэтай падзеі, панеслі пакаранне, але вельмі ўмоўнае, нягледзячы на магчымыя наступствы іх нядбайнасці. [...]
Князь Мірскі ведаў аб маёй аўдыенцыі ў імператара і распытваў мяне пра яе, а на развітанне са мной даў зразумець, што, напэўна, у бліжэйшы час ён будзе вымушаны пакінуць сваю пасаду, але адначасова запэўніў, што я магу быць цалкам спакойны за выкананне сваіх віленскіх абяцанняў. «Камітэт міністраў распрацоўвае адзін за адным пункты, пералічаныя ў распараджэнні ад 12 снежня 1904 г.», - сказаў кн. Мірскі - «але я буду старацца, каб асновы пунктаў 6 і 7 дэкрэта (а менавіта пункты аб верацярпімасці і аб скасаванні нацыянальных абмежаванняў) былі замацаваны ў духу роўнасці правоў і гэтыя падмуркі ўжо абавязковыя для выканання.
І сапраўды, 17 красавіка і 1 траўня 1905 г. былі абвешчаны два імператарскія ўказы: першы аб верацярпімасці і другі аб пераглядзе абмежаванняў для нацыянальнасцяў. [...]
Пункт зацверджанай пастановы Камітэта міністраў ад 1 траўня 1905 г. (дзейнічаў як распараджэнне) загадваў адмяніць усе пастановы, якія абмяжоўвалі выкарыстанне мясцовых моў у Заходнім краі на працягу максімальнага перыяду ў 6 месяцаў, .... Пэўныя абмежаванні моўных правоў захоўваліся праз пастанову Дзяржаўнага Савета, ад 27 мая 1906 г., якая прадугледжвала, што справаздачы прыватных таварыстваў павінны складацца на рускай мове. Выключэнне складала толькі Ковенская губерня, якой дазвалялася падаваць даклады на рускай і адной з мясцовых моў і весці пасяджэнне не толькі на рускай, але і на адной з мясцовых моў. [...]
Дэкрэт аб верацярпімасці меў вынікам неадкладны пераход цэлай групы былых уніятаў у каталіцтва, а дэкрэт аб пераглядзе нацыянальных абмежаванняў даў нам магчымасць заснаваць шмат дзіцячых дамоў і польскіх школ, якія падтрымалі ўжо знікаючую польскасць у шырокіх слаях нашага насельніцтва. Гэтыя пастановы таксама ўнеслі сур'ёзныя змены ў забарону куплі зямлі католікамі і аднавілі дваранскія выбары, што забяспечыла нам маршалкаў з мясцовай шляхты і аднаўленне польскага ўплыву ў краі. [...]
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Meysztowicz Aleksander. Fragment «Wspomnień» // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2004. № 21. S. 218-249.
[2] Вёска і маёнтак недалёка ад Панявежы. - Л. Л.