Папярэдняя старонка: Мемуары

Алеся Умпіровіч, Антось Фурс. Споведзь няспраўджаных надзеяў 


Аўтар: Алеся Умпіровіч, Антось Фурс,
Дадана: 03-10-2016,
Крыніца: Алеся Умпіровіч, Антось Фурс. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына №1-1997. С. 132-168.



Артыкула пра Саюз Беларускіх Патрыётаў у нашых энцыкляпэдыях пакуль што няма. Пры цяперашнім палітычным пасьянсе ягонае зьяўленьне наагул выглядае праблематычным. Надта ж своеасаблівы сэнс укладаюць у паняцьце "патрыёт" зноў запатрабаваныя з учарашняга дня "чэсныя" гісторыкі i розныя іншыя адказныя таварышы.
Сябры маладзёжных арганізацыяў, створаных у Паставах i Глыбокім адразу пасля вызваленьня Беларусі ад гітлераўцаў, хацелі вучыцца па-беларуску, жыць над нацыянальнымі сымбалямі, чуцца на роднай зямлі сваімі людзьмі. А тым часам усемагутная кантора вяла свой улік: хто сказаў на сходзе пра незалежнасьць, хто склаў тэкст прысягі, хто намаляваў Пагоню...
Пагоню намалявала Алеся Умпіровіч. Каб засудзіць на 25 гадоў, гэтага было усё ж замала, i ў полацкай турме ў былых бэрнардынскіх мурох сьледчы з дапамогаю гіпнозу здабыў у дзяўчыны паказаньні, што яна - амэрыканская i англійская шпіёнка.
Антось Фурс, якога судзілі па той самай справе, быў незнаёмы з мастачкаю. Іхныя лёсы сустрэнуцца i злучацца ў адзін пасьля беспрасьветных гадоў ГУЛАГу.
Пра сям'ю былых палітвязьняў я ўпершыню пачуў ад Ларысы Геніюш. Потым выпадалі нячастыя сустрэчы ў гасьцінным пастаўскім доме, гаспадары якога разумелі, што ня маюць права не пакінуць сьведчаньня пра перажытае.
Споведзьдзю няспраўджаных надзеяў назвалі яны свае ўспаміны. Тады, колькі гадоў таму, спадарыня Алеся i спадар Антось жылі вераю, што даўнія мроі пачалі зьдзяйсьняцца. Сёньня назва ўспамінаў набывае іншае гучаньне. Але ідэалы Саюзу Беларускіх Патрыётаў жывуць ужо ў сэрцах сотняў тысячаў нашых суайчыньнікаў.
Уладзімер АРЛОЎ.

АНТОСЬ

Дзядуля мой, Касьцюк, быў безьзямельны i таму трымаў "запашку" у мясцовага сьвятара. Сям'я вялікая: тры сыны i тры дачкі. Сыны ўсе закончылі царкоўна-прыходзкую школу. На той час гэта была значная адукацыя. Старэйшы зь ix, Васіль, пры ўсіх уладах быў начальнікам пошты ў мястэчку Язна. Праўда, у апошнія гады перад 1939-м палякі насядалі, каб ён хаця б прыняў каталіцкае веравызнаньне, інакш мог страціць працу.

Алеся Умпіровіч і Антось Фурс з дачкой Людай. Караганда. 1958 г.

Бацька мой, Віктар, абрабляў зямлю. Працаваць даводзілася вельмі шмат, бо ў арэнду бралі немалы кавалак зямлі. Але й жылі нядрэнна матэрыяльна. Бацьку ўвесь час вабіла думка аб набыцьці сваёй зямлі. Пакрыху сабіраліся грошы, i зямля была купленая незадоўга да вайны. Сваёй гаспадаркай пацешыцца давялося нядоўга, бо пасьля вайны ўсё было забранае ў калгас i мы зноў засталіся ні з чым. Гэта стала вялікай трагедыяй для ўсёй сям'і. Успамінаю такі выпадак: прыходзіць бацька са сходу, дзе яго прымусілі падаць заяву ў калгас. I хоць да гэтага часу ён ніколі ня крыўдзіў маці, я ніколі ня чуў ад яго брыдкага слова, зрабіў нечаканае, моцна ўразіў усіх нас. Маці несла два вядры вады на кухню, i ён пхнуў вядро, заліў вадою ўсю хату. А потым сеў на канапу i доўга моўчкі сядзеў зь безнадзейным выглядам.

Усе мае сваякі па бацьку былі праваслаўныя. Потым перамяшалася: адны жаніліся з каталічкамі, другія выходзілі за каталікоў. Мая маці таксама была каталічка. Але непаразуменьняў на гэтай глебе ў сям'i не было. Калі ж ксёндз не хацеў спавядаць маці таму, што выйшла за праваслаўнага, дык яна хадзіла спавядацца да бацюшкі.

З маленства помніцца, што ўсе карысталіся толькі беларускаю моваю, а другой проста ня ведалi. Ашчадна ставіліся да традыцыяў i сьвятаў - як рэлігійных, так i народных. Палітыкай цікавіліся мала. I - ці гэта спачатку быў "дзядэк" Юзэф ці потым "отец всех народов" - простых людзей, пакуль не закраналіся ix жыцьцёвыя інтарэсы, цікавіла мала.

Нарадзіўся я ў мястэчку Язна, гэта за 15 кілямэтраў ад Дзісны. Вучыўся ў сямігадовай польскай школе. Нас, дзяцей, усялякім чынам хацелі зрабіць палякамі. Але ўдавалася гэта дрэнна. Па-польску мы размаўлялі толькі на лекцыях, а паза школай ужо не. У школе дзейнічалі польскія арганізацыі: гарцэжы i стшэльчыкі. Гарцэжам я некаторы час быў. З таго часу ўжо ні да якіх арганізацыяў дачыненьня ня меў. Выключэньне - Саюз Беларускіх Патрыётаў.

Палянізацыя йшла поўным ходам. Але i ў гэтых абставінах частка моладзі рабіла нейкія захады, каб захаваць сваю нацыянальную адметнасьць i годнасьць. Помніцца, яшчэ да вайны ў нашым мястэчку была пастаўленая п'еса "Зьбянтэжаны Саўка". Як жа ўсе былі радыя, асабліва мы, дзеці. Да гэтага часу помніцца, як прыгожа сьпявалі валачобнікі, жнеі. Не забываюцца сьвяты Вялікадня, Калядаў, Спасу (гэта быў фэст у Язьне).

У апошнія гады польскага панаваньня шмат хлопцаў i юнакоў, асабліва зь бяднейшых сем'яў, перайшлі польска-савецкую мяжу. Яны марылі, што там, у сваёй роднай свабоднай Беларусі, знойдуць шчасьце. Атрымалася інакш - усіх ix аб'явілі польскімі шпіёнамі i панішчылі.

Калі мне было 10-12 гадоў, у нашай хаце нейкім чынам зьявіўся часопіс "Калосьсе". Магчыма, яго выпісваў бацька - цяпер ня памятаю. З задавальненьнем перачытваў нумары (я ведаў кірыліцу). Ужо тады зараджалася нешта цёплае, роднае. Хаця ўсяго i асэнсаваць ня мог. Але зерне ўжо было кінутае. Прарасло яно ў 7-й клясе.

АЛЕСЯ

Бацька мой, Лявон Міхайлавіч Умпіровіч, нарадзіўся ў 1883 г. у шматдзетнай сялянскай сям'i, дзе было пяцёра сыноў i дзьве дачкі. Дзядуля Міхалюк меў усяго чатыры гектары зямлі. Вось i будзе казаць свайму старэйшаму, таксама Міхалюку:

- Дапамажы, сынок, меншанькіх паставіць на ногі, а табе ўжо будзе зямелька.

Давялося дзядулю са старэйшым сынам, які застаўся зусім непісьменным, хадзіць на розныя работы: то лес сплаўлялі, то землякопамі наймаліся, абы малодшыя маглі вучыцца. Такім чынам, дзядзька Юзік i тата яшчэ за царом атрымалі сярэднюю настаўніцкую адукацыю, закончылі сэмінарыі, пачалі асьветніцкую дзейнасьць сельскімі настаўнікамі. Малодшы, дзядзька Валера, стаў афіцэрам у царскай арміі. Ну а самы малодшы, Янка, ня вельмі хацеў вучыцца, закончыў усяго некалькі клясаў гімназіі ды падаўся разам са старэйшым братам Міхалюком на заробкі аж у Амэрыку. Адтуль дзядзька Янка не вярнуўся, згінуў у катастрофе. А Міхалюк прыехаў пасьля Першай сусьветнай вайны. Навёз усялякага дабра. Сваякоў, разутых i разьдзетых, - падтрымаў. Купіў зямлі, якую разьдзяліў паміж трох братоў пароўну, па 10 гектараў. Было гэта ўжо за польскай уладай.

Дзядзька Валера заўчасна памёр ад сухотаў. Паколькі цётка Анэлька i дзядзька Міхалюк ня мелi дзяцей - мяне ўзялі за дачку, i я з трох гадоў гадавалася ў ix. Песьцілі мяне, як маглі, ды i матуля вельмі шкадавала мяне, што не пры ёй расла. I што лепшае - дык мне.

Жылі мы ня вельмі багата. Але ж хапала хлеба i да хлеба. Ды i гасьцей на сьвяты быў поўны дом, асабліва на фэсты. Да таты зьяжджаліся больш інтэлігенцыя, а да дзядзькі - прасьцейшыя. Але ж браты жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму, ні разу ня чула, каб сварыліся. Апошнімі часам, гэта ўжо пасьля вайны, пасяліўся i дзядзька Юзік, які працаваў над Шаркоўшчынай. I бацька зь дзядзькам, ужо старэнькія, настаўнічалі ў нашым Азераве (цяпер Браслаўскі раён).

АНТОСЬ

17 верасьня 1939-га. Дзень узьяднаньня, дзень, які бальшыня беларусаў так доўга чакала. Паявіліся першыя танкі, ня вельмі самавітыя танкісты, прывітаньні, кветкі, "Кацюша".

Савецкія вайскоўцы неяк насьцярожана паглядалі на сустракаўшых ix людзей. Напэўна, таму, што вызваленыя з-пад панскага ярма былі добра, сьвяточна апранутыя: відавочна жылі лепш, чым вызваліцелі. Нездарма, калi салдаты бачылі тоўстае, у далонь, сала, то пыталіся: ці не склеенае яно.

Армія пайшла на захад, бо ніякага супраціву ня мела. А замест яе паявіліся розныя палітрукі, сьледчыя, будучыя каты. Цэлымі днямі гаварылі пра тое, як яны шчасьліва жывуць i як мы таксама будзем жыць. Людзі адвучаліся па-чалавечы гутарыць - толькі лёзунгі ды цытаты. З-за гэтых частых мітынгаў у некаторых гаспадароў зазімавала ў барознах бульба.

Апусьцелі крамы. Калі раней ix было каля 10, дзе гаспадарылі гэбраі, то цяпер засталася адна крама i тая пустая. Дзеля таго, каб набыць хоць які-небудзь неабходны тавар, трэба было займаць чаргу зь вечара на цэлую ноч. I калі шанцавала, то бралі ўсё, што давалі i колькі давалі. Бацька неяк прывёз вялікую скрыню мыла, другі раз таксама вялікую скрыню шакалядных цукерак. Людзі сталі задумвацца над новым "шчасьлівым" ладам.

Шмат клопатаў было ад савецкіх чыноўнікаў. У мястэчку ў той час не было ні сталовак, ні чайных, дзе б яны маглі сілкавацца. I вось прыходзілі да больш заможных сялянаў, i трэба было ix карміць ды паіць таксама. А паспрабуй адмовіць - зараз жа знойдуць кампрамат.

Аднойчы ў нашай хаце быў такі "госьць" з больш высокага раённага ўзроўню. Пад вечар, калі сядзелі за сталом, раптоўна голасна дзесьці засьпяваў певень. Маці й кажа: "Ай-я, певень пяе, пэўна, перамена будзе." Haш захмялелы "госьць" як усхопіцца i на маці з азьвярэлым выглядам:

- Какая перемена?!

Насілу яму ўталкавалі, што певень пяе на перамену надвор'я.

Чым далей, тым станавілася ўсё горш i страшней. Кудысьці пачалі зьнікаць людзі. У тым ліку й нашы настаўнікі. На поўную моц запрацаваў канцлягер у Беразьвеччы. Туды якраз трапіў i мой дзядзька па маці. Віна ягоная была ў тым, што пры паляках працаваў вартаўніком у старостве (павятовая ўправа). Потым у 1941 г. пры адступленьні ён будзе закатаваны.

Паралельна з арыштамі пачаўся вываз людзей у Сібір, Казахстан. Вывозілі звычайна асаднікаў. Чамусьці лесьнікоў, больш заможных. Помню адну сям'ю лесьніка. У яго было шасьцёра дзяцей, жыў бедна, малым не было чаго абуць. Мусілі ўкруціць ix рознымі лахманамі. I павезьлі няшчасных некуды ў мароз i голад.

Зьявіліся ў нас першыя калгасы. Бальшыня сялянаў адмоўна да ix ставілася. Папулярнай у нас на той час была прыпеўка:

У калгасе добра жыць,

Адзін робіць - сем ляжыць.

Школа ў Язьне была па назьве беларускай, але па духу з кожным днём рабілася ўсё больш расійскай. Настаўнікі былi пераважна прысланыя з усходу i справу гэтую праводзілі добра. I ў нашых юначых душах нараджалася нейкае незадавальненьне.

АЛЕСЯ

Спачатку я вучылася у польскай пачатковай школе. З прыходам Савецкай улады была вучаніцай 5-й i 6-й клясы Пастаўскай сярэдняй школы. Падчас нямецкай акупацыі - вучоба у Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Год правяла я у сьценах сэмінарыі, стала там сябрам Саюзу Беларускай Маладзі, чым i сёньня ганаруся, бо адтуль ідзе мая нацыянальная сьвядомасьць.

Навучаньне у сэмінарыі вялося толькі на беларускай мове, апрача пару лекцый на тыдзень мовы нямецкай. Падабраўся выдатны настаўніцкі калектыў, ды й навучэнцы былi многія з закончанымі гімназіямі. Асабліва хлопцы знаходзілі тут прытулак, каб ухіліцца ад паліцыі і партызанаў. Усе гаварылі на чыстай беларускай мове. Прафэсар, які выклаў лекцыю сьпеваў i музыкі, спадар Скурко, быў вельмі адукаваны чалавек. Закончыў кансэрваторыю ў Пецярбургу. Усе намагаліся забраць яго ў Менск, на падвышэньне. Але ён не згадзіўся i пры сэмінарыі стварыў хор, які меў вялікі посьпех. Харыстамі былi дзяўчаты, а аркестрантамі хлопцы. Дзейнічаў нават балетны гурток, удзельніцай якога i я была.

Успамінаецца гэты год у сэмінарыі зь вялікай цеплынёю. Упершыню мы адчулі, што ўсё навокал такое блізкае i роднае. Немцы ніякага дачыненьня да нас ня мелі, мы ні разу ня бачылі, каб хтосьці зь ix прысутнічаў на нашых вечарынах ці ўрачыстасьцях. Мы ведалі толькі свой бел-чырвона-белы сьцяг, сваю Пагоню. Ды й дзеці ж яшчэ зусім, бо СБМ ахопліваў у той час нават пачатковыя школы.

Тэрмін навучаньня ў сэмінарыі быў чатыры гады. Я закончыла другі курс.

Мой брат, Мікалай, у гэты час стаў удзельнікам партызанскага руху, змагаўся з фашыстамі ў атрадзе імя Кастуся Каліноўскага, што базаваўся на тэрыторыі Летувы. Нам з-за гэтага давялося перанесьці шмат гора, як партызанскай сям'i, асабліва бацьку. Людзі баяліся прытуліць нас, звычайна давалі сала ды хлеба i выпраўлялі з хаты. Наша вёска Азерава, што знаходзілася ў партызанскай зоне, амаль уся была зьнішчаная немцамі. А суседняя вёска, Баравыя, спаленая з жыхарамі. Там загінула мая родная цётка Мая. Яе сына Ананія ў Беразьвеччы расстралялі бальшавікі, сям'ю вывезьлі ў Сібір. Дарэчы, толькі яны i ацалелі з гэтае вёскі, вярнуліся ў пасьляваенныя гады.

Іду аднойчы са школы, а мне насустрач едзе на ровары паліцыянт. Раптам затрымаўся й кажа:

- Будзь спакойная i слухай. Вашая сям'я можа быць арыштаваная. Сёньня ж вы павінны пакінуць горад.

Мне зрабілася вельмі страшна. Нейкі час стаяла, бы прырасла да зямлі. Потым не магла дачакацца, пакуль тата прыйдзе са школы. Добрыя людзі, у тым ліку загадчык аддзелу адукацыі спадар Карняйчук, дапамаглі яму ўладкавацца настаўнікам у вёсцы Юнькі, а потым у вёсцы Задзеўе побач з Паставамі.

У гэты ж дзень, калі нас папярэдзілі, тата i мая малодшая сястра Люба пакінулі горад. А я засталася, бо вельмі хацелася здаць экзамэны. Назаўтра, толькі прыйшла са школы, забягае немец з палявой жандармэрыі з паліцыянтамі. Хоць у хаце былі іншыя людзі (кірмашовы дзень), рэвальвэрам заганяе мяне ў кут i патрабуе дакумэнты. Апрача даведкі, што зьяўляюся вучаніцай сэмінарыі, у мяне нічога няма. Усе перавярнулі, робячы вобыск, дапытваліся, дзе астатняя сям'я. Блізка быў фронт, i таму арыштаваных немцы расстрэльвалі ў гарадзкім парку. Тое, відаць, было б i ca мной. Ды нечакана прыйшло збавеньне. Бабулька, сьвякруха маёй сястры, аднекуль здабыла дамовую кніжку, дзе я была прапісаная яшчэ за Польшчай. Кінулася немцу над ногі:

- Паночак, яна нашая, не забірайце.

Якраз у гэты час надыйшла i перакладчыца. Азьвярэлы немец, неяк палагаднеў, загадаў ёй разабрацца, у чым тут справа. Перакладчыца растлумачыла.

Немец, расставіўшы шырока ногі, гледзячы з-пад ілба, на імгненьне задумаўся. Нарэшце кінуў даведку мне ў твар i разам ca сваімі памочнікамі шпарка пайшоў па новых ахвяр.

Я страціла сон, некалькі сутак не магла ні спаць, ні есьці. Але неяк здала экзамэны, атрымала пасьведчаньне за другі курс. Ня ведала, што самае страшнае чакае наперадзе.

Немцаў у горадзе ня стала. Памятаю, бягу за дзень да вызваленьня на Браслаўскай вуліцы, што вядзе ў родную старонку, бачу ў двары прафэсара Скурко фурманку. Гаспадары завіхаюцца ля яе. Не разумею, у чым справа, прыпынілася.

Скурко, пабачўшы мяне, кажа:

- Алеся, хутчэй зьбірайся, едзем з намі.

- Што вы, чаго ж i куды я паеду, ды i вы навошта едзеце? Цяпер жа мы будзем жыць вольна.

- Не, - кажа ён.- Дабра нікому ня будзе.

Нібы сёньня помню гэтыя словы прафэсара, які загінуў дзесь у Польшчы. Але Чырвоную армію сустракала радасна.

АНТОСЬ

У чэрвені 1941-га неяк непрыкметна, без праліцця крыві, у нашай мясцовасьці адышлі першыя "вызваліцелі" i прыйшлі новыя. Бальшыня людзей ня вельмі сумавалі па першых i ня радавалася другім. За адно пакаленьне зьмянілася некалькі ўладаў, людзі прызвычаіліся разьвітвацца са старымі парадкамі i чакаць новых.

Першы час усе пасады ў мясцовых адміністрацыях былi занятыя палякамі. Была пагроза, што людзям будзе навязаны двайны прыгнёт: акупантаў i ix памагатых, якія таксама былі іншай нацыянальнасьці. А так было нядоўга. Зь нейкіх меркаваньняў акупацыйныя ўлады замянілі польскую адміністрацыю беларускай. Ішлі на службу ня толькі дзеля таго, каб служыць фашыстам, сьвядомыя людзі імкнуліся дапамагчы свайму народу, марылі пра адраджэньне беларускасьці.

Былі адноўленыя заняткі ў Язьненскай сямігодцы. Дырэктарам школы стаў Ігнат Мятла. Брат таго самага Пётры Мятлы, паплечніка Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага i іншых, які быў паслом і польскага сойму, потым арыштаваны палякамі i абменены імі на польскіх вязьняў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах. Пётру бальшавікі расстралялі.

Ігнат жыў зь сям'ёю ў Вільні, калі не памыляюся, то быў загадчыкам беларускай кнігарні. Беларускі патрыёт, адукаваны i інтэлігентны, музыкант (іграў на скрыпцы). У выхаваньні вучняў вялікую ролю адыгралі выкладчыкі сямігодкі Вольга Дук i Ліда Сініца. Гэта былі зусім маладыя асобы, выпускніцы Віленскае беларускае гімназіі. Язьненская школа станавілася важным асяродкам культурнага жыцыця. Стварыліся струнны аркестар, хор, выяжджалі з канцэртамі ў вёскі. Вялікі посьпех мелі дэкламацыі вершаў беларускіх пісьменьнікаў. Асаблівым посьпехам карысталіся Колас i Купала.

Няма чаго нагадваць, што навучаньне ў школе вялося выключна па-беларуску. Увогуле, руская мова ня мела таго пашырэньня ва ўжытку, якое маем сёньня. З нашай школы выйшла шмат нацыянальна сьвядомых людзей. Напрыклад, Васіль Мядзелец, Лявон Бялевіч, Алесь Юршэвіч, Пётр Сьпірковіч, якія потым сталi сябрамі Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Вучыўся з намі татарын Алесь Александровіч, адданы беларускай справе. Потым ён будзе арыштаваны ў Ніжнім Ноўгарадзе, засуджаны на 25 гадоў, вернецца інвалідам.

У школе мы ўпершыню вывучалі сапраўдную гісторыю Беларусі, геаграфію (В.Ластоўскі, Смоліч). Пазнаёміліся з творамі забароненых пісьменьнікаў М.Гарэцкага, Ф.Аляхновіча, А.Гаруна, Л.Геніюш i іншых. На жаль, школа праіснавала нядоўга. Пачаўся партызанскі рух, а партызаны, як вядома, варожа ставіліся да ўсяго беларускага. Дырэктар i настаўнікі разьехаліся. А незадоўга да канца вайны партызаны спалілі ў Язьне школу i іншыя лепшыя будынкі.

Нягледзячы ні на што, бацькі хацелі бачыць сваіх дзяцей адукаванымі, верылі, што гэта дапаможа ім у далейшым жыцьці. Разам зь іншымі вясковымі хлопцамі i дзяўчатамі я стаў навучэнцам Глыбоцкай беларускай прагімназіі. Мы спрэс былi вяскоўцы, беларусы. А вось з настаўнікамі атрымалася інакш. Адны зь ix былі выхаванцамі польскіх навучальных установаў, іншыя савецкіх, прысланых перад вайною з усходу. Узьнікалі цяжкасьці з моваю. Але ўжо праз пару месяцаў справа наладзілася. Хто ня ведаў беларускай - вывучыў i вёў на ёй лекцыі, часам з акцэнтам. Вывучалася таксама нямецкая мова i лаціна.

Не хапала падручнікаў, паперы, мы жылі на прыватных кватэрах. Немцы часта выганялі нас ca школьнага будынку, каб разьмясьціць свае падразьдзяленьне, даводзілася качаваць зь месца на месца. Настаўнікі жылі горш, чым некаторыя вучні. Яны часта ня мелі дапамогі збоку, а зарплата мізэрная. Нам прывозілі прадукты бацькі.

Прагімназію я закончыў у 1943-м. У гэты час у Глыбокім зьявіліся прадстаўнікі Саюзу Беларускай Моладзі для стварэньня мясцовых арганізацыяў. Ужо наступны набор гімназістаў, без выключэньня, стаў сябрамі гэтага саюзу.

Пасьля прагімназіі я жыў у бацькоў, займаўся сельскай гаспадаркай. Трэба сказаць, што мой бацька пры першых саветах быў выбраны дэпутатам мясцовага Савету. Мы жылі ў вёсцы, дзе, акрамя нашай сям'і i аднаго непісьменнага а дзядка з бабуляй, усе жыхары былі шляхтаю. Таму, відаць, бацька i падышоў на ролю дэпутата ад гэтай вёскі найлепш. Помню, маці пасьля гэтага вельмі перажывала. Яна думала, што калі выбралі дэпутатам, го абавязкова забяруць у Маскву. А тут сьвінаматка павінна была прывесьці парасят. Куды ix тады падзець? Як быць з гаспадаркаю? Мы доўга сьмяяліся з гэтага.

Калі нямецкія войскі былі дзесьці пад Смаленскам, у нашым Язьне зьявіўся ўкраінскі карны атрад. Займаўся зьнішчэньнем актывістаў былой савецкай улады. Карнікі хадзілі на дварох дэпутатаў "на собеседование". Уведаць, xто чым дыхае.,

Зьявіўся i ў нас зусім яшчэ юны салдацік. Мы якраз палуднавалі, запрасілі яго за стол. А той пачаў задаваць розныя правакацыйныя пытаньні, дастаў дакумэнты, папрасіў, каб бацька дапамог яму нешта падправіць, бо салдацік ня хоча служыць немцам.

Бацька, ужо ня раз вучаны, наадрэз адмовіўся, у размове быў нэйтральны. На другі дзень мы даведаліся, што было расстраляна некалькі дзясяткаў людзей. Бацьку ня ўзялі, адыграла сваю олдю тое, што ён добра жыў з суседзямі. Відавочна, ніхто не напісаў даносу.

Жылі вельмі трывожна: ноччу - партызаны, днём - немцы, i ўвесь час чакай неспадзяванага. Моладзь хавалася ад нямецкіх аблаваў, каб ня трапіць на працу ў Нямеччыну. Aле ж Бог мілаваў, неяк дажылі да таго часу, калі немцы былі выгнаныя з нашае зямлі.

АЛЕСЯ

Восеньню 1944 г. у Паставах на базе настаўніцкай сэмінарыі была створаная пэдвучэльня. Усе, хто хацеў вучыцца далей, здавалі ўступныя экзамены. Атрымалася так, што III курс быў укамплектаваны выключна з былых сэмінарыстаў, бо яны былi найбольш падрыхтаваныя. Я стала навучэнкаю таксама.

Настаўнікаў ранейшых ужо не было. Некаторых з ix арыштоўвалі. Памятаю, зьбіралі подпісы й насілі ў МГБ, верачы ў тое, што выратуем, вызвалім былога дырэктара сэмінарыі Пятра Шчаснага (ён да гэтага працаваў у Віленскай беларускай гімназіі).

Нядоўга мы вучыліся на Ш курсе, нечакана нам аб'явілі, што мы ўжо другакурсьнікі, веды недастатковыя. Але гэтых "невукаў" неаднаразова пасылалі ва ўстановы i на прадпрыемствы, дзе мы падлічвалі, наводзілі парадак у справаздачнасьці. Пасады там займалі людзі малапісьменныя.

Дырэктарам вучэльні прызначылі Фішкіна, малаадукаванага чалавека, былога партызана. На першым сходзе, адкрываючы навучальны год, ён сказаў, што сярод навучэнцаў нямала ворагаў народу. Праўда, заступіўся тады за нас ваенрук, здаецца, па прозьвішчу Малькоў: "Ворагі адышлі зь немцамі, а тут дзеці".

Не прайшло i месяцу, як усе прадметы, апрача беларускай мовы i літаратуры, перавялі на рускую мову. Рабілася штосьці незразумелае. Асабліва раздражняла нашая мова настаўніка геамэтрыі, які прыехаў з ycxoду. Хто ведае, ці не тады зьявіліся першыя парасткі непрымірымасьці, высьпяваў сьвядомы пратэст.

Многія тады пачалі па-сапраўднаму задумвацца: хто мы? Ca мною ў адной клясе вучыўся Мікола Асіненка, будучы кіраўнік вучнёўскае арганізацыі, створанай у вучэльні, - Саюзу Беларускіх Патрыетаў. Вучыўся ён выдатна, карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Пісаў патрыятычныя вершы, якія ўжо ня ўсе ведалi, бо было небясьпечна. Вось так i паўстаў гурток аднадумцаў.

Толькі мне не давялося прысутнічаць на першым яго паседжаньні. Мусіла пакінуць вучэльню, хаця так хацелася ведаў. Ня ведаю, як бы склаўся лёс, каб згадзілася на ўмовы, якія мне прапанавалі: сачыць за сваімі сябрамі. Падсьвядома адчувала, што навісае вялікая бяда. Неўзабаве былі ўжо арыштаваныя з Пастаўскае пэдвучэльні за сяброўства ў Саюзе Беларускай Моладзі ў час вайны: Тоня Канаш, Жэня Троцкая, Марыя Колесава, Галя Чыбко, Таня Савіцкая, Валя Волах, маладзенькія прыгожыя дзяўчаты, Восіп і Сушко, а таксама нат выкладчык сэмінарыі, шчыры патрыёт Сяргей Юр'евіч Мацук.

Тата робіць спробу адправіць мяне ў Польшчу, тады быў якраз масавы выезд палякаў. Знайшліся людзі, якія згадзіліся запісаць у сваю сям'ю, цётка Анэлька аддала апошняе, свае залатыя завушніцы i гадзіньнік. Ды мяжу закрылі, не пасьпелі.

Доўгі час жыла непрыкметна ў гэтых людзей, навучылася вязаць i гэтым зарабляла, вывучыла польскую мову.

Апрача школьнай даведкі, якая даўно страціла сапраўднасьць, у мяне нічога не было. Тата зьвяртаецца з просьбай да старшыні сельсавета ў Андронах, каб даў даведку, што я там пражываю, i ён, сьвятая памяць добраму чалавеку, дапамог, бо добра ведаў ня толькі тату, але й брата Міколу, зь якім партызаніў.

Дзе б ні была, цікаўлюся справамі пэдвучэльні i сяброў. На кватэры стрыечнай сястры Ліны Бароўкі, якая была ўжо сябрам СБП, сустракаюся зь Мікалаем Асіненкам, Валянцінам Лагуненкам, Адамовічам Алесем. Даю згоду на ўступленьне ў СБП. Прысягу прымаем на кватэры бацькоў Асіненкі ў весцы Рамэлькі. На вернасьць Беларусі i яе народу, перад бел-чырвона-белым сьцягам i Пагоняй. Прысяга была прыўрочаная да дня Незалежнасьці - 25 сакавіка 1946 г.

Гулялi ў кансьпірацыю. Кожны з нас меў мянушку. Ліна - "Таполя", Ніна Асіненка - "Незабудка", я заставалася "Алесяй", Мікола - "Крывіч". Расказала пра існаваньне арганізацыі сваёй сяброўцы Алене Мацук, якая мне вельмі дапамагала ў цяжкі час; яна далучылася да нас.

Але ca сваімі сябрамі я сустракалася рэдка, сувязь трымала праз Ліну Бароўку, тады яшчэ зусім маладзенькую, ды i забралі яе малалеткай.

АНТОСЬ

У Глыбоцкую пэдвучэльню я паступіў таксама ў 1944 г. Вялікага ўражаньня з таго часу не засталося. Напаўгалодныя настаўнікі больш думалі пра кавалак хлеба. Ды й мы, вучні, былі ня ў лепшым становішчы, хаця нам дапамагалі з дому.

Зь першых дзён мы пачулі, што ў гэгай установе беларускім духам i ня пахне. Iшлa непрыкрытая русіфікацыя. Больш сьвядомыя неяк цягнуліся адзін да аднаго. Вядома, адкрыта што-небудзь рабіць было небясьпечна, i ў нас стварылася нелегальная суполка. У гэты час у Глыбокае пpыяжжaюць хлопцы з Пастаўскай пэдвучэльні на чале зь Міколам Aciненкам. Аказалася, што ў ix робіцца тое ж самае, ёсьць патрыятычная суполка. Узьнікла ідэя аб'яднаньня ўсім у арганізацыю. Пасьля некалькіх варыянтаў спыніліся на назве Саюз Беларускіх Патрыётаў.

Потым Мядзелец (кіраўнік нашае групы), Юршэвіч i я, яе сакратар, распрацавалі статут арганізацыі. За ўзор узялі статут філаматаў. Распрацавалі зьмест прысягі, якую потым прымалі перад Пагоняй i нашым сьцягам. Пагоню прыслалі з Паставаў, яе намалявала Алеся Умпіровіч. Ня ведаў, што праз гады яна стане маёю жонкаю.

Дзейнасьць нашай арганізацыі абмяжоўвалася захадамі ў павышэньні нацыянальнай сьвядомасьці, роздумамі пра будучыню. Кожны зь сяброў паедзе пасьля заканчэньня вучобы на месца сваёй працы i будзе гуртаваць нацыянальна сьвядомую моладзь, каб дапамагчы свайму народу.

Доўгі час, аж да лютага 1947 г., нас не арыштоўвалі, хаця напэўна ведалі пра існаваньне СБП. Магчыма таму, што мы былі вельмі маладыя, амаль дзеці. Нават калi пачаліся арышты, то некаторыя пайшлі яшчэ як непаўналеткі. А магчыма, i таму, што спадзяваліся знайсьці нейкія сувязі тут на Беларусі ці ў замежжы. Але ж сувязяў мы ні з кім ня мелі, нават ня ведалі, што на Беларусі існуюць іншыя патрыятычныя групы.

Пасьля арышту асноўную групу (больш за 30 чалавек) 20 чэрвеня 1947 г. асудзілі вайсковым трыбуналам войск МВД Менскай вобласьці. Тэрміны зьняволеньня далі ад 5 да 25 гадоў з паражэньнем у правох, i ў многіх з канфіскацыяй маёмасьці. Толькі адзін Дзеравянка Міхаіл быў вызвалены з залі Мабыць, дзе тыя праформы. Падчас сьледзтва Міхаіл, я i Уладзімер Лысёнак знаходзіліся ў адной камэры. Аднойчы пасьля цяжкага допыту Міхаіл нам гаворыць: "Я, хлопцы, здаюся - няхай будзе, што будзе. Куды вас павязуць, няхай туды i мяне". Мы доўга пераконвалі яго, што ня трэба і гэтага рабіць, бо сапраўды ён ніякага ўдзелу ў арганізацыі не прымаў, магчыма, толькі ведаў пра яе існаваньне. Паслухаў - i свабода. Праз пару дзясяткаў гадоў я наведаў яго. На маё зьдзіўленьне Міхаіл мяне не прызнаў, аднёсся нават варожа. Ён ужо быў партыйным, працаваў настаўнікам, любіў зазірнуць у бутэльку.

А цяпер пра арышт. Я i Васіль Мядзелец жылі на прыватнай кватэры. У гэты вечар наладзілі вечарыну, прыйшлі дзяўчаты, хлопцы. Толькі павячэралі, сталі танцаваць - у памяшканьне хутка ўвайшлі ўзброеныя вайскоўцы, перапынілі танцы i сталi правяраць дакумэнты. Пачаўся адбор: адных направа, другіх налева. Мне i Мядзельцу аб'явілі, што мы арыштаваныя. Калi нас выводзілі з кватэры, трэба было праходзіць праз кухню, дзе не было сьвятла. А у мяне у кішэні дакумэнты (сьпіс сяброў арганізацыі, статут, некалькі экзэмпляраў прысягі...). Калі праходзілі ля адкрытай пліты, выкінуў паперы туды. Ніхто не заўважыў. А на другі дзень наш сябра Стась Савік, які таксама кватараваў тут, знайшоў дакументы. Ня ведаў, што зь імі рабіць, зьвярнуўся на параду да аднаго хлапца. Вырашылі, што трэба спаліць. А гэты ж хлопец падзяліўся з настаўнікам (прозьвішчаў ні таго, ні другога ня ведаю). Настаўнік данёс у ворганы. I вось за гэты ўчынак С.Савік атрымаў 10 гадоў зьняволеньня.

Калі ж нас прывезьлі ў памяшканьне МВД, там ужо на падлозе ляжалі Лявон Бялевіч i Цярэнці Еўдакімаў.

АЛЕСЯ

Людзі, якія бачылі столькі ўладаў, усё роўна дзівіліся: чаму арыштоўваюць дзяцей, і ўжо другі раз з Пастаўскае пэдвучэльні. Таму распаўсюджвалі чуткі, што нашыя сябры хацелі ўзарваць ці школу, ці мост, ці нешта іншае. Ужо пэнсіянэрамі, вярнуўшыся на Радзіму, незадоўга да рэабілітацыі, чулі ў Паставах, што нашыя хлопцы хацелі забіць дэпутата, але не пасьпелі. Цікава, што адпаведныя чуткі распаўсюджвалі i ў Глыбокім. Там на агульным "асуджальным" сходзе дакладвалася, што пэдвучэльню меліся ўзарваць разам з дырэктарам.

Лютаўскай ноччу пастукалі ў дзьверы да бацькі. Увайшлі вайскоўцы, папрасіліся нанач. Тата прынёс салому, паслаў на падлозе, бо іншага месца не было. Назаўтра рана вайскоўцы пайшлі на хутарох. Што шукалі, зразумела. Гаварылі, што гэта былi людзі з вайсковае контрразьведкі "Сьмерш". Пасьля гэтага, як ніколі, сталі наведваць нашу хатку знаёмыя i незнаёмыя людзі. Aднa "сяброўка" праз тату спрабавала перадаць мне лісты, якія потым i паслужылі матэрыялам для абвінавачаньня старога чалавека: ведаў i не данёс. Заходзіў незнаёмы хлопец, сымпатычны, зь лістом нібыта ад арыштаваных хлопцаў. Калі гэты ліст не зрабіў уражаньня на ўжо дэмабілізаванага з арміі майго брата Міколу, павёў гутарку пра Польшчу, што ён многім ужо дапамог пераправіцца туды. На сьледзтве потым прыгадаліся словы, якія неасьцярожна выказаў бацька.

А мяне арыштавалі 12 траўня 1948 г. Даведалася, што тата не надта добра сябе адчувае i прыйшла праведаць. Затрымалася на дзень. Відавочна, сачылі. Бо апоўдні наш дом акружылі. Пяць вайскоўцаў i два у цывільным пачалі вобыск, аб'явіўшы, што я арыштаваная. Тата быў у школе. З думкай пра яго вырвалася, пабегла праз жыта ў напрамку школы, нібы шукаючы у яго паратунку. Дагналі ды білі, прыгаворваючы: "Вось табе тата".

Дзеці паведамілі тату пра мой арышт, i, калі ужо мяне выводзілі, прыйшоў учарнелы ўвесь, ня мог вымавіць ні слова. Зьвязалі мне рукі вяроўкай i павялі. Чула, як вакол галасілі жанчыны, плакалі дзеці. Начаваць прывялі за пяць кілямэтраў у Казьянскую школу, у тую клясу, дзе некалі давялося вучыцца. Знайшла сваю былую парту i неяк суцішылася, нават задрамала. Вартаваў мяне начальнік КГБ Відзаўскага аддзелу, сядзеў за сталом і, бы настаўнік, штосьці чытаў. Ранкам прывезьлі ў Відзы, у раён. Праз пару дзён узялі на допыт тату i ўжо не адпусьцілі. А ён жа так мала цікавіўся палітыкай, усё сваё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў школе. Ужо напрыканцы ягонае пэдагагічнае дзейнасьці прысвоілі званьне заслужанага настаўніка БССР. I цяпер вось катуюць. За якія правіны?

У Полацак нас везьлі ўдваёх. Ахоўнікі з аўтаматамі перагаворваліся паміж сабой, што злавілі шпіёнку. Везьлі ў кузаве грузавой машыны, тата ня мог сядзець, ляжаў i ціха стагнаў. Па дарозе працягвалі зьдзеквацца, прымушалі злазіць з машыны, тату, які ня мог, цягнулі. I тут жа, пры нас, апраўляліся. Але самае страшнае чакала наперадзе, у Полацку.

АНТОСЬ

З Глыбокага нас хуценька перавезьлі ў Паставы i кінулі ў склеп плябані мясцовага касьцёлу. Тут ужо было некалькі хлопцаў i дзяўчат з пастаўскае групы: Мікалай Асіненка, Алесь Адамовіч, Ніна Асіненка, Ліна Бароўка i ініпыя. Усе мы былі ў страшным шоку, мала што кемілі. А тут нам наладзілі варфаламееўскую ноч: катавалі без перапынку, увесь час былі чутны енк i крыкі. Білі нагамі, рукамі, калолі ў вочы. Мэта ў ix была зламаць нас канчаткова, каб ужо гатовымі прывезьці ў Менскую турму. Самым галоўным катам у плябані быў сп^аршына па прозьвішчу Вавілаў.

Ц.Еўдакімаў ня вытрымаў катаваньняў і, калі яго вялі ў прыбіральню, пабег. Але куды ты ўцячэш, кругом гурбы сьнегу. Чаргой з аўтамата яму перабілі ногі. Ён нават ня быў на судзе - залечвалі раны. Атрымаў ён 25 гадоў, а які далейшы лёс - невядома.

Aлe ламаць нас, катаваць неабходнасьці ў ix не было. Пра нашую арганізацыю яны ведалі ўсе i да арышту. Рэч у тым, што да правалу нашае арганізацыі прычыніўся Алег Стахоўскі (ня трэба блытаць з Віктарам Стахоўскім, нашым верным сябрам). З Алегам пазнаёміў нас Валянцін Лагунёнак. А.Стахоўскі быў афіцэрам контрразьведкі, добра валодаў беларускай мовай, хутка заваяваў давер сярод нашых сяброў. Аднойчы ён прыяжджаў у Глыбокае на сустрэчу з намі. Мы вельмі ганарыліся тым, што ў нашае арганізацыі зьявіўся хоць адзін дарослы чалавек. А той дарослы ўсё імкнуўся падштурхнуць нас на больш актыўныя i агрэсіўныя дзеяньні. Мы не паддаліся на гэта. Стахоўскі Алег ні на сьледзтве, ні ў судзе не ўпамінаўся, нібыта яго зусім не было. Ёсьць такая чутка, што ён цяпер працуе дзесьці на Гарадзеншчыне сьвятаром.

Другая група арыштаваных на нашай справе ( гэта тыя, што жылі ўжо на нелегальным становішчы) была засуджаная ў 1948 г. вайсковым трыбуналам войскаў МВД Полацкай вобласьці. У Менску суд праходзіў у вялікім памяшканьні за зачыненымі дзьвярыма. Прыводзілі нас пешшу (недалёка ад турмы), калёнай, збоку - варта i аўчаркі. Людзі зь недаўменьнем i жальбай глядзелі на нас, амаль што дзяцей.

Аднойчы, калі мы былi ў зале, а судзьдзі яшчэ не прыйшлі, да мяне наблізіліся два вартаўнікі i загадалі ісьці на выхад. Я ўстрывожыўся, не разумею, у чым справа. Яны вядуць мяне ў падвал разьбітага вайной дому. Падумаў: канец, тут i расстраляюць. I раптам у наўзмроку каля сьцяны ўбачыў бацьку. Змардаванага горам, бяссоннымі начамі. Павіталіся, нешта сказалі адзін аднаму. Я запытаўся пра маму, сястру. Вартаўнікі прысьпешвалі, i бацька яшчэ пасьпеў спытаць, колькі мне гадоў дадуць. Я адказаў, што, пэўна, дзесяць (мне далі пятнаццаць). Калі я ўжо пасьля доўгіх лягерных гадоў змог вярнуцца дадому, то запытаўся, як удалося наладзіць сустрэчу. Бацька aдкaзaў: "Зусім проста, я прынёс самагонкі, сала".

Бедныя нашыя бацькі, колькі зьнявагі давялося ім перанесьці, колькі гора, колькі памыкацца зь перадачамі. А Лявон Умніровіч i Ганна Бабіч разьдзялілі лёс сваіх дзяцей.

Ня маю права ня ўспомніць яшчэ адзін эпізод з суду. Яшчэ калі Мікола i Ніна Асіненкі вучыліся ў пэдвучэльні, у ix было каханьне. Мікола ўсімі сіламі імкнуўся на сьледзтве адвесьці ад яе бяду. Але ж Ніна ўстала i сказала: "Я была ў арганізацыі СБП i заўседы застануся ёй вернай." Атрымала 10 гадоў. Цяпер яе няма ўжо ў жывых.

АЛЕСЯ

Мала мне давялося быць у агульнай камэры, адныя толькі суткі, а потым карцар-бокс на працягу ўсяго сьледзтва.

Сьледчы, замацаваны за мною, быў па асабліва важных справах, прозьвішча Часнакоў. У пенснэ з вачыма чорнымі, лупатымі да калючымі, бы ў вужакі. На выгляд тыповы гэбрай. Адразу прыступіў да справы. Стаў прымушаць падпісаць сфальсыфікаваная паказаньні на бацьку. Падыходжу да стала, бяру асадку i бачу масіўную чарніліцу, Хапаю яе і, ужо не валодаючы сабой, шпурляю ў сьледчага. Ён ухіліўся, i чарніла плямай палілося па сьцяне. Выбег з кабінэта. Неўзабаве зьявіліся два здаравенныя мужыкі, забралі ў мяне ўсе шпількі, заколкі для валасоў, упіхнулі ў бокс. Хапае месца, каб толькі сёсьці, калі хто хоча легчы - нары ў сьцяне. А там былі ў трусе з саломаю пацукі.

Няма сілы i сёньня апісваць маё знаходжаньне там. Хацелася разьбіць галаву аб сьцяну. Траціла прытомнасьць, а потым прыходзіла да сябе. Стала нават распазнаваць, калі ноч, калі дзень. Уночы чуліся енкі, білі людзей, уключалі нейкую трашчотку, каб заглушыць усё. Праз сьцяну было чуваць, як маліўся нейкі сьвятар. Мо звар'яцеў, а мо падтрымліваў сваёй малітваю пакутнікаў. Ня памятаю, каб ела што, а вось місачку зь нейкай вадзіцай часта ставілі ля дзьвярэй. Пап'еш яе, i робіцца лёгка, нават весела. Выводзілі на допыт часта. Сьледчы пісаў i пісаў, а я падпісвала, калі ўпарцілася, здымаў сваё пенснэ, пранізваў калючымі вачыма да дрыжыкаў. Абвінавачвалі мяне ў тым, што была сувязной замежнай разьведкі, ня памятаю ці ангельскай, ці амэрыканскай, дастаўляла інструкцыі, па якіх дзейнічалі нашыя хлопцы. Месца сустрэчы было ў Берасці. Калі я сказала, што там ні разу ні была, зноў здымае свае акуляры, углядаецца ў мяне. I нібы бачу ўсё тое, што ён мне гаворыць, i тых лётчыкаў, якія перадаюць мне пакет. Падпісваю, а ён рагоча.

Апрача гіпнозу, выкарыстоўвалі электраток. Паклалі сэрцам на падлогу, а адтуль бы нажом паласнула па сэрцы. I ўсё, страціла прытомнасьць. Ачуняла, убачыла ногі ў тоўстых бліскучых ботах, якія акружалі мяне. Глядзелі на гадзіньнік, штосьці падлічвалі, спрачаліся. I адзіныя сьведкі таго - рубцы на сэрцы, якія выявіла кардыяграма, хаця інфаркту ніколі не было.

Прыблізна праз пару месяцаў сьледзтва было закончанае, i мяне перавялі у турму. Камэра перапоўненая, няма чым дыхаць, толькі ў параўнаньні з карцарам здалося ўсё раем. Я была зьнясіленая, ледзь трымалася на нагах, а самае страшнае - развучылася гаварыць. Жанчыны ўзялі апеку нада мною. I загаварыла нечакана, захацелася зірнуць праз маленькае акенца. Жанчыны i дзяўчаты падтрымлівалі адна адну i рабілі лесьвіцу, па чарзе глядзелі на Дзьвіну. Устала, папрасіла, каб пусьцілі мяне. Запомнілася назаўсёды: летні вечар, густы туман над вадою i нейкая цішыня.

29 ліпеня выклікалі "с вещами", тут i сустрэла старэнькага бацьку ў шэрым палітончыку з маленькім пакункам у руках.

"Именем Союза Советских Социалистических Республик" судзіў нас вайсковы трыбунал войскаў МВД Полацкае акругі ў складзе старшыні, маёра юстыцыі Іванова, i членаў, старшага лейтэнанта Адамцава i лейтэнанта Марозава. Я асуджаная была за свае злачынствы на 25 гадоў, з паражэньнем у правох на пяць гадоў i канфіскацыяй маёмасьці ўласнай i чацьвёртай часткі дамашняй. Тату на тых жа артыкулах асудзілі на 10 гадоў. Я траціла прытомнасьць, i тады суд прыпынялі, ачуньвала - працягвалі. Таму мала памятаю, толькі тата ўсё прасіў сурова не караць мяне i каб яго далёка не пасылалi, хоча памерці на сваёй зямлі. Знаходзіўся тата ў Баранавічах, памёр у Менску ў турэмным шпіталі. Разам са мною ў кастрычніку 1992 г. рэабілітаваны пасьмяротна. Зьвярталася да старшыні КГБ Шыркоўскага: калі й дзе пахаваны. Але i па сёньня адказу няма.

У верасьні выклікалі на этап. Фармуюць трупу зь вялікім тэрмінам пакараньня. Трапляю да вайскоўцаў у шлемах, мабыць, з вышэйшага складу, бо ў добрых афіцэрскіх шынялях. I яшчэ з намі немалады дзядзька ў сялянскай саматканай вопратцы. Ды без нагі. Прывезьлі на вакзал, сталі грузіць у вагоны. Выклікалі па адным i заводзілі ў вагон. Я засталася адна, забралі ўжо лесьвіцу. А мяне, мусіць, прынялі за вольную, адганяюць. Мільганула надзея, але тут жа пагасла. Удакладнілі, што аднаго не хапае, ужо бязь лесьвіцы пахапілі на рукі, зацягнулі ў вагон. I так атрымалася, што ў гэты ж вагон, у мужчынскае аддзяленьне, зьмясьцілі бацьку. Пачула яго голас.

Празь нейкі час начальнік канвою просіць увагі ды паведамляе, што тут, у адным вагоне, знаходзяцца бацька i дачка, якія ўдвох хацелі збудаваць самастойную Беларусь. Прыняла гэтыя за зьдзск. А потым зразумела: нас пашкадавалі. Мне далі венік, сказалі падмятаць. Ля кратаў убачыла тату. Я маўчала, бо камяк сьціснуў горла, а ён усё гаварыў нейкія ласкавыя словы. Нязвыкла было бачыць яго зусім белым.

У Воршу на перасыльны пункт прыбылі мы ўначы. Вядуць па горадзе, i раптам усё загайдалася, паплыло. Апрытомнела, а мяне нясуць, нібы плыву над ліхтарамі. А потым у нейкім будынку у калідоры зноў ужо апошні раз убачыла тату, толькі й пасьпела пацалаваць яму руку.

АНТОСЬ

Пасьля суду перасыльная турма ў Воршы. Тыя ж з нас, хто яшчэ не дасягнуў паўналецьця, засталіся на Беларусі ў дзіцячых калёніях. У Воршы мы ўпершыню сустрэлі блатных. Раней ніхто з нас i не падазраваў, што могуць быць такія страшныя людзі. Камэра вялізная, але людзей больш, чым трэба, у некалькі разоў. Ноччу i днём блатныя шнырылі, каб што-небудзь адабраць. Яны былі тут, як дома.

Хутка пачаліся этапы. Нас разаслалі па розных месцах СССР. Я апынуўся ў Сьвярдлоўскай вобласьці, недзе ў раёне горада Турынск (шлях дзекабрыстаў), лягep належаў да " Востокураллага".

Тут сустрэў блізкага земляка. Kaлi пару разоў страціў прытомнасьць ад голаду й нервовага перанапружаньня, то вырашыў памяняць свой пінжак. Пайшлі мы ў барак, дзе жылі "прыдуркі", там за пінжак далi бохан хлеба. Мы зараз жа яго i зьелі.

Мяне адправілі на лесапавал.У лягер, дзе разам былі крымінальнікі i палітычныя. Баль правілі блатныя. Кралі, адымалі, зьневажалі. Паколькі я належаў да "большесрочников", то наш барак нанач замыкалі. Увогуле, ня ведалі спачатку, што з намі рабіць. Нават не выводзілі на працу ў лес, а трымалі на расьпілоўцы дроў каля зоны. Мы былі адны зь першых асуджаных пасьля адмены сьмяротнае кары на 25 гадоў. Раней давалі толькі дзесяць альбо расстрэл.

Неўзабаве ў лягеры зьявіўся Алесь Адамовіч, сакратар Пастаўскае групы. Ён прапанаваў разам зьдзейсьніць пабег. Я быў ня супраць, але ж ён працаваў у лесе, а мяне туды не выпускалі. Усё ж Адамовіч знайшоў маладых хлопцаў, якія згадзіліся. Аднойчы яны пасьпяхова перапаўзьлі прасеку, па краёх якой стаялі ахоўныя вышкі, паглыбіліся ў лес. Празь некалькі дзён ix злавілі ды прывялі на вахту, зьбітых i змардаваных. Так заўсёды віталі уцекачоў, жывых або мёртвых, каб другім адбіць ахвоту да ўцёкаў.

Зьбегчы ўдавалася мала каму. Паўсюль непраходная тайга, вайсковыя заставы, ды i мясцовым жыхарам за кожнага ўцекача як прэмію давалi муку, цукар, іншыя прадукты.

Адамовіча адправілі кудысьці ў іншае месца, напэўна, у штрафны лягпункт. Я таксама хутка быў этапаваны ў лягпункт "Падгорнае".

Тут крыху стала лягчэй: з дому час ад часу атрымліваў пасылкі, ды й жылі ўжо палітвязьні ў асобных бараках. Можна было спакойна адпачыць, зладзейства амаль не назіралася. Выгляд зьняволеныя мелі жудасны: абарваныя, на нагах лыкавыя лапці, якія пляла спэцыяльная брыгада дахадзягаў ды інвалідаў. Часам пары лапцей не хапала на дзень, бо на працу трэба было хадзіць за 8-10 кілямэтраў, а там лес, сукі, пні. Таму бралі з сабой запасныя. Паспрабуйце ўявіць такі малюнак: вяртаемся з працы ў падраных лапцёх, стомленыя да немагчымасьці, галодныя, таўчэмся ў лапцёх на гразі. А тут на вахце нас сустракае духавы аркестар. "Вітае з працоўнымі посьпехамі". Чым не фашыстоўскі канцлягер?!

У гэтым жа лягеры знаходзіліся наш сябар на СБП Віктар Стахоўскі. Вельмі здольны юнак, выдатнік вучобы, мастак, паэт. Мы зь ім пасябравалі, нашая дружба доўжылася да самай ягонай сьмерці. Ён быў адпушчаны раней, ужо з Карлягу, бо захварэў на энцэфаліт. Завочна скончыў інстытут культуры ў Маскве. Нейкі час працаваў дырэктарам сельскага Дому культуры, потым рэжысэрам у Пастаўскім народным тэатры. Сам выконваў некаторыя ролі, маляваў дэкарацыі. Ягонымі намаганьнямі быў створаны мясцовы краязнаўчы музэй. Але загадчыкам музея папрацаваць яму не далi, бо ня быў партыйным, у мінулым палітвязень. Пахаваны ён на могілках у Паставах. Тут жа пахаваны i Ўладзімер Лысёнак. Ён адбываў свой тэрмін у Нарыльску. Увесь час імкнуўся на радзіму. Урэшце, купіў хату над Менскам, паляцеў самалётам у Нарыльск, каб разьлічыцца з працай. I тут у аэрапорце, здарыўся інфаркт, нашага Ўладзю прывезьлі дамоў у дамавіне.

АЛЕСЯ

З Воршы мяне накіравалі ў славутыя цемнякоўскія мардоўскія лягеры. Неспадзявана сустрэла тут Ганну Мышко, сваю аднаклясьніцу, якая прыбыла з бытавікамі. I хоць знаходзілася яна ў адным бараку, а я была цяжка хворая, яна баялася падысьці, палохалася палітычнай стацьці. А неўзабаве бытавікоў адправілі некуды.

Лягер аказаўся вельмі страшны. Жанчыны-верніцы, якія паміралі тут, рабілі з хлеба крыжык i вешалі сабе на шыю. У мяне таксама вісеў такі крыжык. Начальнікам лягеру ў той час быў Юркоў, якога зьнялі з пасады за жорсткасьць i садызм, вялікую сьмяротнасьць.

З прыходам вясны ўжо наступнага, 1949 г., тых, хто ацалеў, вывелі ў бліжэйшы лягер п/я 385/6, дзе дазвалялася пісаць адно пісьмо ў год. Тут я была да самага вызваленьня, тут сустрэлася з Ларысай Геніюш.

Першы ліст з дому, ад таты з лягеру, першая пасылка, якую раздала па дарозе ў барак.

У дзесяці кілямэтрах ад лягеру вялася распрацоўка а тарфяных кар'ераў. На гэтую цяжкую працу трапіла i я - сярод тых, у каго быў вялікі тэрмін зьняволеньня. Падымалі цаліну, станавіліся ўсе ў рад, кожнаму палоска, i капалі. Ззаду ішоў канвой, таму, хто адставаў, даставалася прыкладам. Рукі распухлі, нясьцерпна балелі, ня ведаю, чым бы ўсё гэта скончылася, каб ня добрыя людзі. Паляшучка Зося пашкадавала мяне. Жанчына яна была не старая, з нерастрачанымі сіламі. Паставіла побач з сабою i кажа: "Трымай рыдлёўку i рабі выгляд, што капаеш". А сама цягне за дзьвёх. Паступова ўцягнулася i я.

Колькі розных нежаночых працаў давялося выконваць! Але асабліва нясьцерпна было ад зьняваг, зьдзеку. Забіраюць імя i прозьвішча, навешаюць на ўсю сьпіну нумар (мой X-252), ля нараў таксама нумар, указаны тэрмін i стацьця.

Але Бог зьлітасьцівіўся. "Айцец народаў" аддаў канцы, i з палёгкай уздыхнулі ўсе. Хаця да 1956 г. было яшчэ далёка. Спачатку ўсё пайшло па-ранейшаму. I толькі паўстаньні палітвязьняў, якія пракаціліся па лягерох, далі пэўныя вынікі. Былі зьнятыя нумары, далі дазвол на лісты без абмежаваньняў. Сьветлая памяць тым вязьням, хто адваяваў гэта цаной свайго жыцьця.

Пакрыху ўводзіліся іншыя паслабленьні рэжыму. Можна было сфатаграфавацца, адкрылі школу для непісьменных. Асаблівае сьвята было для нас, маладзейшых, калі дазволілі апрануць сваю вопратку. Мне сёстры Тонечка i Любачка прыслалі з дому туфлі ды сукенку. Зьявіліся ложкі замест нараў. А самае галоўнае, бянтэжыла ветлівасьць назіральнікаў, якім не дазвалялася больш зьневажаць нас. Зьвярталіся на "вы"!

Замянялі тэрміны пакараньня з 25 гадоў на 10. Толькі ў мяне адной зь беларусаў заставаўся ранейшы. Аказваецца, замянілі 25 на 10 ажно ў 1955-м, толькі мне не паведамлялі. Тату, ужо нябожчыку, 10 замянілі на 7, Некаторым шанцавала яшчэ больш - адпускалі дадому. Паехала тады i Марыя Бабіч з Глыбоцкае групы СБП, якую я сустрэла ў лягеры i зь якой працягваю сяброўства i цяпер. Сустрэла ў лягеры i іншых дарагіх мне пасёньня людзей. Веру Шахновіч i Ліду Фінкоўскую, асуджаных на СБМ, якіх няма ўжо ў жывых. Зь цеплынёю ўспамінаю латышку Сільву Бэта, якая ў лягеры была зусім дзяўчо. Потым закончыла Акадэмію мастацтваў у Рызе. Украінку Любу Вазьняк, паэтку, барацьбітку за адраджэньне Украіны. Старэнькую Натальлю Мікітаўну Флуг. Вельмі ўдзячная ёй за мацярынскую падтрымку... Незвычайны лёс у гэтай жанчыны. З 1939 да 1955 году пакутавала яна ў турмах, такі ж лёс напаткаў i двух сыноў яе. А мужа расстралялі ў 1937-м. Пэдагог па спэцыяльнасьці, яна ведала сем моваў, вельмі многае дала мне, асабліва ў расійскай літаратуры.

У гэтым лягеры мы сустрэліся з Лінай Бароўка, маёй стрыечнай сястрой i сяброўкай на СБП. Абвінавачвалася яна ў тым, што была скарбнікам нашае арганізацыі i на яе кватэры адбываліся нелегальныя сходы. Нядоўга мы былi разам, бо радню i тых, хто праходзіў на адной справе, разлучалі.

Яна знаходзілася да паўналецьця ў дзіцячай калёніі ў Менску, потым празь перасыльны пункт у Воршы - у мардоўскіх лягерох. Там на цяжкіх працах падарвалася i ўжо да вызваленьня была ў інваліднай брыгадзе.

Вярнулася яна дадому крыху раней, як малалетка, толькі безь зьняцьця судзімасьці ў даведцы. Некалькі разоў ёй давялося зьвяртацца ў Вярхоўны суд, бо не хацелі прыпісваць да маці, якая ў той час жыла ў Рызе. У кастрычніку 1993 г. атрымала доўгачаканую рэабілітацыю. Жыве i цяпер у Рызе.

Гэты сьпіс можна было б доўжыць. Агульнае для ўсіх, хто акружаў мяне,- высокая духоўнасьць, багацьце чалавечае. Гэта дапамагала людзям захоўваць людзкую годнасьць, нягледзячы ні на што.

Цяпер гаворка пра Ларысу Антонаўну Геніюш. Лягер гэты, п/я 385/6, не ўвайшоў у яе "Споведзь", цяпер ужо па невядомых нікому прычынах. Таму лічу сваім абавязкам расказаць вядомае мне з тых часоў.

Ларыса Антонаўна прыбыла ў лягер у адным з этапаў з поўначы на пачатку сакавіка 1956 г. Адразу, з першых дзён знаходжаньня, узьнікла вялікая цікавасьць да яе i з боку лягернага начальства. Яна была непадкупная, таму апынулася на цяжкіх работах i гэтым даказала, хто яна. Мыйшчыца посуду у сталовай, потым асэнізатар, урэшце, на фабрыцы прышывае гузікі да бушлатаў уручную. Спачатку яна не спраўлялася з работай, i часам я забягала ў той цэх, каб дапамагчы, бо норма была вялікая. Тады вярталіся у зону пазьней за ўсіх.

Чым больш прыніжалі яе, тым большы аўтарытэт зьяўляўся ў Ларысы Антонаўны. Думаю, ня трэба пісаць пра тое, якой агромістай сілаю волі валодала гэтая тонкая асоба. Прыгадваецца такі эпізод. Тады ўжо стала вальней з рэжымам i дазваляліся розныя культурныя мерапрыемствы. Жанчына, у мінулым артыстка балету, прапанавала мне прыняць удзел у балетным гуртку. Я наадрэз адмовілася, а потым расказала пра гэта Ларысе Антонаўне. Была ўпэўненая, што ўхваліць мой учынак. Ня тое месца, ня той час, нельга дазваляць сабе такое ў няволі. Ды пачула яе словы: "Ёсьць магчымасьць, Алеська, рабіць добрую справу." Параіла пагадзіцца.

Развучвалі танец з абручамі, хутчэй за ўсё гэта была мастацкая гімнастыка. І вось мае адбыцца першы канцэрт якраз Вялікдзень прыпадае. I не абы-дзе, а ў мужчынскай зоне. Ларыса Антонаўна ўжо ведала, што муж яе, Іван Пятровіч, знаходзіцца там, прыбыў з іншымі іншаземцамі, якія атрымоўваюць патрэбныя дакумэнты дзеля вызваленьня. Перадае Ларыса Антонаўна мужу маленькую "пасху", выпечаную ў кубку i яечка. Калі пашануе, павінна была я перадаць i ліст.

Усе мужчыны, ад старых да малых i хворых, сабраліся, каб паглядзець на жывых жанчын. Ня ведаю, наколькі ўдаўся канцэрт, але авацыі былi. А потым агульныя танцы на 20 хвілінаў. Тыя мужчыны, каму ўдалося праціснуцца ў залю, гуртуюцца па нацыянальнасьцях, шукаюць сваіх. Нарэшце, знаёмлюся з Іванам Пятровічам. Ён у асяродзьдзі пажылых мужчын, вельмі інтэлігентных на выгляд. Час бяжыць хутка, хлопцы-беларусы забіраюць мяне, адзіную беларуску сярод артыстак, каб пагаварыць. Зайгралі польку на разьвітаньне, паявіўся канвой. Запрашае мяне да танца хлопец. Выдатна ён танцаваў, як толькі ўмеюць беларусы. I ўсе расступіліся, даючы нам прастору. На разьвітаньне далі мне ў падарунак самаробную валізку з фанэры "пад дуб", бо йшлі ўжо чуткі пра блізкія перамены.

Неўзабаве мае адбыцца новы канцэрт, на новай мужчынскай зоне. Ларыса Антонаўна дае для перадачы маленькі пакуначак ca сваімі вершамі ды зваротам да ўсіх беларусаў, хто знаходзіцца там. Дамоўленасьць такая, што перадаю ix таму, хто падыдзе да мяне са шкатулкам, падарункам. Гэта як пароль. Вечарам, напярэдадні нашага ад'езду, неспадзявана аб'явілі вобыск, зьявіўся сам начальнiк рэжыму, што не ўваходзіла ў яго функцыі. Ён спакойна падышоў да маёй тумбачкі i забраў той пакунак. Ня ведаю зь якой прычыны, але канцэрт наш быў адменены. Я чакала з дня на дзень выкліку ў камэндатуру. Ларыса Антонаўна папярэдзіла, што ўсё бярэ на сябе, была занепакоеная за мяне. Але абышлося. Ужо распачала сваю дзейнасьць камісія Вярхоўнага Савету на разгляду справаў палітвязьняў.

Атрымалася так, што Ларыса Антонаўна першая пакінула лягер. Я была ўжо на палепшаным рэжыме, мела магчымасьць праводзіць яе i Івана Пятровіча на Радзіму.

Геніюшы пасяліліся ў Зэльве. Было яшчэ наканавана нам сустрэцца на 60-годзьдзі Ларысы Антонаўны. Прыехалі мы з мужам з Караганды крыху спазьніўшыся, калі засталіся толькі самыя блізкія людзі. Сядзелі ў ціхім застольлі, успаміналі лягерныя гады. Ларыса Антонаўна ўключыла сваю любімую кружэлку песень Забэйды-Суміцкага. А назаўтра, разьвітаўшыся i блаславіўшы нас у дарогу, заплакала. Такога не было ў лягеры. Можа, прадчувала, што больш ня ўбачымся. Цёплыя дачыненьні зь ею мы падтрымлівалі да апошняга часу.

На аўтастанцыю нас праводзілі Іван Пятровіч i Мікола Прашковіч, супрацоўнік Інстытуту літаратуры АН БССР. Ідзем у аўтобус i чуем на ўвесь пэрон:

- Жыве Беларусь! - гэта Мікола, празь некалькі гадоў ён загіне пры цьмяных абставінах. А тaды гэты вокліч для многіх быў незразумелы. Хаця не для ўсіх. I ў Зэльве, i потым у Казахстане мы адчувалі, што за намi сочаць.

АНТОСЬ

У 1950 г. зімой усіх палітычных вязьняў перавезьлі ў Карагандзінскія лягеры. Я апынуўся ў абжытым ужо лягеры, бо тут перад намі разьмяшчаліся палонныя немцы. Баракі i многія іншыя пабудовы былі зямлянкамі, але чыстыя, дагледжаныя. Лягер разьмяшчаўся ў ваколіцах горада Сырані, вязьні працавалі на пабудове шахтаў. Адны - над зямлёй, другія - на паверхні. Першыя месяцы нікуды нас не пускалі, кармілі вельмі дрэнна, фізычна ўсе былі аслабелыя. Адно толькі суцяшала, што нас не тэрарызавалі блатныя.

Тут я сустрэў сяброў з СБП i СБМ Алега Таболу, Віктара Стахоўскага, Гардзея Кліманскага, Міколу Пачопку, Паула Умпіровіча, Самсона Пярловіча. Пярловіч быў, здаецца, з падпольнай групы "Чайка", у нас зь ім атрымаліся добрыя сяброўскія дачыненьні. Абодва крыху цікавіліся паэзіяй, спрабавалі свае сілы. I паэзія дапамагала пераадольваць голад, усе нягоды. Зь мяне паэт не атрымаўся. А вось ён пасьля вызваленьня шмат друкаваўся ў наваградзкай раёнцы, іншых выданьнях. А тады, зьняволенымі, жылі дружна, асабліва стараліся разам адзначыць рэлігійныя, нацыянальныя сьвяты.

Рэжым быў строгі, з нумарамі замест прозьвішчаў, двума лістамі дадому ў год. За кожную "правіну" вязьня кідалі ў БУР. Так называлася турма ў лягеры.

Але цярпеньне было на зыходзе. У лягерох Поўначы, Джэзказгану пачыналіся паўстаньні.

Aднойчы, у летні дзень 1954 г., група вязьняў разбірае БУР. Зьняволеныя выходзяць на пляц. Да ix далучаюцца амаль усе астатнія. Наглядчык i ўсе вольныя асобы выганяюцца за зону. Пачынаецца штурм ізалятара, спроба яго падпаліць. Бо на той час у ім хаваліся тыя, хто быў сэксотам у начальства.

Ізалятар падпаліць не ўдаюся, бо ён быў цагляны, стаяў каля самай вышкі, а там ужо зьявіліся кулямёты, пачалася страляніна. Давялося адступіць.

Тыя, хто быў не ў жылой зоне, а на працы, таксама салідарызаваліся з намі. Аддзяляў рабочую зону толькі калючы дрот. I там на шахтавых тэрыконах былі раскладзеныя вялікія вогнішчы, людзі крыкамі падбадзёрвалі адзін аднаго.

4 ці 5 дзён мы трымалі абарону. Трэба зазначыць, што дысцыпліна i парадак былі на вышэйшым узроўні. Сталовая, пякарня i іншыя ўстанановы працавалі нармальна, ніякага марадзёрства. Патрабаваньні паўстанцаў былi такія:

· звольніць "кума", опэрупаўнаважанага,

· звольніць начальніка лягеру,

· зьняць нумары,

· дазволіць пісаць лісты без абмежаваньня,

· палепшыць харчаваньне.

Зразумела, што ўсе скандавалі: "Волю! Волю!".

Патрабавалі пракурора з Масквы. Доўгі час адміністрацыя ніяк не хацела гэтага рабіць, відаць, баяліся за ЧП. Але ж прывезьлі нейкага чыноўніка, якога мы ўпусьцілі ў зону. Ён паабяцаў многае зрабіць.

Усе гэтыя дні на вышках было шмат вайскоўцаў з кулямётамі, за зонай чуўся грукат матораў, магчыма, танкаў, на стрэхах хат за зонай віднеліся людзі, якія назіралі за зьняволенымі ці то зь цікавасьцю, ці то з трывогай. А раптам прарвуцца у горад? I нам было радасна, трывожна, за шмат гадоў упершыню адчулі сябе людзьмі. На тэрыконах разгараліся вогнішчы, чуліся воклічы падтрымкі.

Паўстаньнем кіравалі пераважна ўкраінцы. Быў сярод ix i рускі афіцэр Арлоў - мой брыгадзір, мужны, добры i сумленны чалавек. Паводле чутак, ix пасьля паўстаньня вывезьлі на штрафны лягпункт i расстралялі.

Але празь нейкі час у нас зьнятыя былі нумары, дазволена пісаць колькі хочаш лістоў, заменены опэр. Намаганьні паўстанцаў не прапалі дарэмна. Але заплачана за гэта было дорага. На жаль, за свабоду гінуць найперш тыя, хто свабоду найбольш любіць.

Увесь час мне давялося працаваць на цяжкіх працах: на лесапавале, цесьляром, тынкоўшчыкам, землякопам... Помніцца, пачала камплектавацца новая брыгада на чале з тым самым Арловым. Сантэхнікі. Пытаюцца, хто мае такую спэцыяльнасьць.

Мне, вясковаму хлопцу, падалося, што гэта нейкім чынам зьвязана зь мэдыцынай, лекамі. Успомніў, што на Урале, на лесапавале, калі-нікалі бачыў санітара з сумкай, на якой быў чырвоны крыж. Ён аказваў першую дапамогу пры траўмах.

Падумаў, што гэта добрая, лёгкая праца, i, магчыма, мне хоць раз пашанцуе жыць лягчэй, адказаў, што я працаваў сантэхнікам.

- Дзе працаваў?

- У лесе.

Гляджу, што яны нешта ўсьміхаюцца. А потым Арлоў гаворыць:

- Ладно, научится.

Назаўтра выходзім на працу. Даюць мне напарніка, паўметровае зубіла, кавадлу. Прапануюць зрабіць адтуліну ў цаглянай сьцяне, таўшчыной у дзьве з паловай цагліны. Цэлы дзень мы прабіваем тую адтуліну, зусім змагліся. Вось такая стала мая "лёгкая" праца. Зь цягам часу навучыўся электразварцы, працаваў зь ёй, пакуль ня вывезьлі ў знакаміты лягер у в. Долінка, гэта быў цэнтар Карляга, тут усё пачыналася яшчэ з 1937-га.

Былi прарытыя арыкі, пасаджаныя сады. Тут мне крыху пашанцавала. У канцы 1955-га, калі пачалі адкрывацца ў лягерох школы па ліквідацыі непісьменнасьці, а непісьменных было шмат, асабліва сярод вязьняў з Заходняй Украіны, мне як вучню пэдвучэльні прапанавалі працу настаўніка. Жыцьцё пайшло цікавей. Вучыцца мала хто хацеў, не той век у людзей, але некаму я дапамог. Палітвязьні пачалі за сваю працу атрымліваць невялікія грошы, можна было купіць тое-сёе з харчу. Я нават змог некалькі разоў адсылаць крыху грошай Віктару Стахоўскаму, ён жа быў інвалід, фізычна ня мог пpaцаваць, пакуль не ўладкаваўся мастаком.

Пачала працаваць камісія па разглядзе справаў - мінісуд. Прыводзілі нас калёнамі, з канвоем, у Долінку, i там пасьля невялікага "собеседования" гаварылі: каму на волю, каму зьмяншаецца тэрмін, а каго пакідалі бязь зьменаў. Большасьць вязьняў была вызваленая. Я атрымаў пашпарт i выехаў дадому. Эшалён за эшалёнам ішлі з Караганды ў бок Масквы. Усюды нам давалi зялёную дарогу з Масквы адправілі неадкладна. Крыху сумна было пакідаць сяброў, якія заставаліся, разьвітвацца з тымі, хто ехаў у іншыя куткі СССР.

АЛЕСЯ

Доўгі час на агульных, цяжкіх работах даўся ў знакі, надарвалася. Пасьля шпіталю трапіла ў інвалідную брыгаду, якая працавала пры мастацкай майстэрні. Спачатку рабіла тое, што i ўсе: грунтоўка палотнаў, падрыхтоўка спэцыяльнай масы для лепкі скульптураў. Але заўважылі маю цягу да малюнка, сталі даручаць нескладаныя работы з фарбамі. I так зь цягам часу сталi давяраць самастойна выконваць індывідуальныя заказы. Заказы паступалі ў асноўным ад чыноўнікаў ды абслугі, ад мясцовага вольнага насельніцтва. Працавалі ў майстэрні некалькі мастакоў, пара скульптараў. Гэта былi жанчыны старэйшага веку. Асаблівым посьпехам карысталіся мініятурныя скульптуры, фігурныя шахматы, розныя статуэткі, вазы. Загадвала нашай майстэрняй Маруневіч, скульптар па прафэсіі, жанчына вельмі практычная, добра прыстасаваная да лягерных умоваў. Мяне не цікавіла, каму я раблю, колькі б гэта магло каштаваць, галоўнае было ў самім працэсе работы. Не хапала тэарэтычных ведаў, тады звярталася да прафэсіяналаў, якія зь вялікай ахвотаю, кожная па-свойму, тлумачылі. Да гэтага часу бязьмерна ўдзячная ўсім, хто дапамагаў мне.

Запомніўся пераднавагодні выпадак. Работы было шмат, не хапала нават часу пайсьці i штосьці перакусіць. Усё адымалі "дзеды марозы" i "сьнягуркі". I вось прыйшла апошняя кліентка, задаволеная сваім заказам палажыла пакуначак, дзе было некалькі сьвежых, пахнучых булачак. Загадчыца спрытна паклала пакуначак у тумбачку, пажадала мне шмат шчасьця ў новым годзе. А мне б толькі адну булачку...

Сьвяты стараліся ладзіць сумесна з усімі беларусамі. У канцы, калі ўжо дазвалялася пісаць, атрымлівала шмат лістоў ня толькі з дому, але зь іншых месцаў ад сяброў i сябровак. Пісаў Саша Латышонак з Нарыльска, знаёмы яшчэ па сэмінарыі. У школьныя гады дражнілі нас "жаніх i нявеста", з-за чаго ня раз плакала. Часам ад яго былi i грашовыя пераводы, бо хлопцам у той час штосьці плацілі. Была зь ім дамоўленасьць чакаць, калі хто вернецца першы.

Маё месца на нарах было наверсе. Блізка лямпачка i рэпрадуктар. Зьбіраліся тут часта дзяўчаты i, безумоўна, гаварылі пра хлопцаў. Маня Бабіч нярэдка ўспамінала Фурса, файнага хлопца, паводле яе словаў. Але дзе ён, які ягоны лёс? Міжволі i ўва мне высьпявала цікавасьць да гэтага незнаёмага хлопца.

А між тым камісія па вызваленьні вязьняў працавала, дайшла чарга й да нас. Былі падставы ў мяне хваляваньня, з-за той спробы перадачы вершаў Ларысы Антонаўны. Але нічога не перашкодзіла, трапіла ў першы паток на вызваленьне. Калі накіроўвалі ў горад, давалі пашпарт, а калі ў калгас - даведку. Мне пракурор усё раіў ехаць да брата ў калгас, але ж іншыя члены камісіі яго не падтрымалі i накіравалі да старэйшай сястры ў Паставы, куды я прасіла. Лідачка Фінкоўская, якая трымала над намі апеку, папярэджвала, каб была пільная ў дарозе: могуць i валізку з рук вырваць. Азірнулася яшчэ раз, ужо пад брамай лягернай, i сэрца зашчаміла. Тут застаюцца мае сяброўкі, тут прайшлі лепшыя гады маладосьці.

Этап для адпраўкі накіравалі на станцыю Поцьма, дзе павінны былі выдаць дакуманты. Выдалі пашпарты, прачыталі апошнюю лекцыю, як паводзіць сябе на волі. Дзіўным падалося тое, што маем права, акрамя тых, у каго ёсьць паметка ў пашпарце, ні ў якіх анкетах ня ўказваць, дзе мы знаходзіліся. Са мной едзе на Беларусь Вера Шахновіч, толькі ёй на Берасьце, а мне ў Менск праз Маскву. Каб збавіць час, пайшла ў невялічкую краму, што на станцыі. Чула, што тут прадаюць батоны. Думалася, што гэта фрукты, бо першы раз чула гэтае слова. Папрасіла ў краме адзін кіляграм батонаў. Прадаўшчыца гаворыць, што яны прадаюцца паштучна. Колькі ж браць? Бог ведае, яны могуць быць маленькія, тады сораму не абярэшся.

Сказала ўпэўненым голасам: "Дзесяць". На прылаўку ляжалі дзесяць батонаў. Мусіла ix забраць, цэлае бярэма. Разьдзяліла між усімі - усе доўга сьмяяліся. Няпроста i не адразу прывыкалі мы да каляіны нармальнага жыцьця. Прыгняталі насьцярожаныя адносіны знаёмых i суседзяў. Рэдка хто з былых школьных сяброў прызнаваў нас, большасьць адварочвалася пры сустрэчах.

А радня сустрэла вельмі чула, чым маглі, дапамагалі, хоць самі ў той час жылі небагата. Мне ж як найхутчэй хацелася быць такой, як усе. Ня ведала, з чаго пачынаць. Пайшла на другі дзень прыезду ў цырульню, каб зрабіць завіўку (андуляцыяй тады называлі). Мужчына паглядзеў на мяне i сказаў: "Хай мне лепш адсохне рука, калі абрэжу гэтыя косы". У другой цырульні жанчына моўчкі пайшла i прынесла вялізныя нажніцы. Неўзабаве косы ляжалі на падлозе. Адну яна ўзяла сабе, другую я прынесла дадому i тут жа пашкадавала пра свой неабдуманы крок.

Саша даведаўся, што я вярнулася, прыехаў у Паставы. Рыхтаваліся да вясельля. Але не атрымалася. Цяпер ужо ня мае сэнсу ўдакладняць: хто быў у гэтым вінаваты. Тым больш, што Сашы ўжо даўно няма.

На запрашэньне стрыечнай сястры i сяброўкі на СБП Ліны Бароўкі паехала ў Рыгу. Па суседзтве зь цёткай Сашай жыў латыш-мастак, які выкладаў у Акадэміі мастацтваў. Яна расказала, што я малюю, што нядаўна вярнулася зь няволі. Трэба зазначыць, што латышы ставіліся да вязьняў з павагай. Пазнаёміліся, гэты немалады ўжо чалавек паабяцаў уладкаваць мяне ў вучэльню прыкладнога мастацтва. У цёткі былі пляны прапісаць мяне ў калгасе. недалёка ад Рыгі. I вось неспадзяваная тэлеграма ад Мані Бабіч. Яна выйшла замуж за Бялевіча, запрашае прыехаць, бо яны зьбіраюцца на Поўнач.

АНТОСЬ

Дадому я вярнуўся напярэдадні Яна Купалы, Зайшоў у хату. За сталом сядзіць маці з суседкай. У мяне ў руках драўляны чамадан i целагрэйка. Маці спачатку i не пазнала, пакуль не сказаў: "Мама, гэта я, Антось".

З плачам мы абняліся, потым прыйшоў з вуліцы бацька - i зноў радасныя сьлёзы, роспыты пра маю цяжкую долю.

На другі дзень я на ровары паехаў на фэст у вёску Чарнавічы, спадзяваўся сустрэць там школьных сяброў, а можа, i братоў на няволі. Нікога ca знаёмых не сустрэў, а вось на вечарыне, якую наладзіла моладзь, пабываў. Цяжка нам было ўваходзіць у новае жыцьцё, былі мы наіўныя, непрыстасаваныя. Выйшлі ж на волю ў многім такімі, якімі нас забралі. Быццам пражылі ў халадзільніку гэтыя гады.

Празь нейкі час еду ў вёску Багуцкія, дзе жывуць бацькі Бялевіча, каб даведацца, дзе Лявон. Калi пад'ехаў да іхнае хаты, уразіла, што вакол яе стаіць шмат ровараў, распрэжаных фурманак. Грае гармонік, чутны шматлікія галасы. Заходжу ў хату, вітаюся і... На куце над абразамі Лёва i Маня Бабіч. Вакол досыць вялікае застольле. Маня ў шлюбнай сукенцы i вэлюме. Значыць, вясельле. Маня (маё каханьне падчас вучобы ў пэдвучэльні) выходзіць замуж за майго лепшага сябра.

Мяне адразу ж забіраюць туды, да ix, садзяць побач. Бачу яшчэ й нашага сябра на СБП Янку Бабіча, брата Мані i Пятра Сьпірковіча. Балюча мне стала i ў той жа час радасна, што выходзіць яна за свайго, добрага хлопца. 9 гадоў ня ведаў я нічога пра ix лёс, i вось такая сустрэча.

Калі я танцаваў з Маняй, яна сказала: "Ну што, спазьніўся?!. Але ж не бядуй, я цябе пазнаёмлю са сваёй добрай сяброўкай Алесяй Умпіровіч, якая таксама вярнулася зь лягеру ў Мардовіі, а цяпер жыве ў Рызе. Дам ёй тэлеграму, табе напішу, калі прыехаць."

Былі ўжо прыцемкі, калі ўвесь картэж пешкі накіраваўся да царквы за чатыры кілямэтры ад хаты. Ішлі нейкімі сьцежкамі, лугам, нават давялося здымаць абутак, каб пераходзіць ручай. Прыйшлі ўжо зусім цёмна. Бацюшка адкрыў дзьверы, запаліў некалькі сьвечак. Так у прыцемку, за зачыненымі дзьвярыма прынялі шлюб Маня зь Лёвам. Маладыя зьбіраюцца ў Інту, бо на радзіме ніякіх пэрспэктываў няма.

Потым я атрымаў ліст ад Мані з прапановай абавязкова прыяжджаць на сустрэчу з Алесяй. Неадкладна паехаў. Калі зайшоў у пакой, убачыў прыгожую дзяўчыну. Мы крыху паразмаўлялі i адразу адчулі, наколькі шмат агульнага, роднаснага ў душах. Супадалі погляды i перакананьні. Адным словам - спадабаліся aдзін аднаму. На другі дзень праводжу яе да сясьцёр у Паставы; на цягніку аж да станцыі Варапаева едзем разам. А на другую сустрэчу прыехаў ужо разам са сватам Янкам Бабічам, пазнаёміўся з Алесевай раднёй, дамовіліся, што наступны раз канчаткова забяру яе з сабой. Так i зрабіў, пасьля чаго мы выехалі ў Карагандзінскую вобласьць, туды, дзе я адбываў тэрмін зьняволеньня.

Пра гэты i трошкі ранейшы пэрыяд нашага жыцьця раскажа мая жонка Алеся.

Зазначу толькі, што, чым даўжэй мы жылі у Казахстане, тым больш хацелася пераехаць на Радзіму. Нарэшце мы рашыліся: адправілі у Наваполацак дзяцей, дзе дачка ўладкавалася на працу эканамістам, а сын - у вучэльню нафтавікоў. Самі купілі ў Паставах палову невялікай хаты. I пачалося наша не зусім вясёлае пэнсійнае жыццё. Праўда, часта наведваюць нас сябры-аднадумцы, за што мы вельмі ўдзячныя.

АЛЕСЯ

Калі прыехала на запрашэньне Мані, пазнаёмілася зь сябрамі, якія праходзілі па нашай справе, але якіх я ніколі ня ведала. Сярод ix былi Антось Фурс. Застольле невялікае, акрамя моладзі толькі бацькі Бялевіча. Хутка я адчула сябе, нібыта ў даўно знаёмым асяродзьдзі. Успаміналі вучобу i лягер, сьпявалі песьні. Фурс чытаў свае вершы. Магчыма, яны былі не зусім дасканалыя, але ж нам падабаліся. I нам yciм было вельмі добра разам. Прыглянуўся мне гэты хлопец. Потым усёй грамадой праводзілі Бялевічаў на цягнік, які паімчаў ix на Поўнач. Трэба было i мне рыхтавацца да ад'езду. Антось купіў два білеты, адзін для мяне, другі пакінуў сабе, сказаў, што праведае свайго сябра, які жыве ў Варапаеве, так што паедзем разам.

Праз пару дзён атрымала першы ліст, потым іx было шмат. I ў адным зь іx прапанова пайсьці за яго замуж. Мы ж бачыліся толькі адзін раз - як тут быць? Нейкі час я жыла на вёсцы ў брата, там атрымала тэлеграму: "Прыяжджай у Паставы. Антось." Ішла пешшу ажно 25 кілямэтраў i так нацерла ногі, што ля Паставаў мусіла зьняць чаравікі i ісьці босай. А ўжо i падмарожвала. Сустрэла на вакзале Фурса i Бабіча, прыстойна апранутых, элегантных. Далей усё было проста. Дамовіліся, што Антось прыедзе праз пару тыдняў, каб забраць мяне. Аб якім-небудзь вечары i размовы не ішло. Ды сёстры параіліся, вырашылі хоць невялікія зрабіць мне провады i запрасілі сваіх знаёмых.

Прыехаў брат Міколка, сябар Паўла Умпіровіча, мой аднавясковец, які таксама адбываў тэрмін за СБМ, цётка Фросенька, якая нават падушку мне прынесла. Вечарам павінен быў прыехаць малады. Aле так яго i не дачакаліся. Давялося гасьцям сесьці за стол, а я доўга хадзіла па горадзе. Зьявіўся Фурс толькі назаўтра ўранку, крыху прыхварэў. Ён жа ня ведаў, што будзе застольле. Давялося зноў зьбіраць гасьцей, на гэты раз самых блізкіх.

Мы перабраліся да бацькоў Антося, якія жылі ў калгасе недалёка ад Язна. Яны не былі у вялікім захапленьні ад нявесткі, якая апроч фарбаў нічога ня мела. Хутка i я зразумела, што не прыстасаваная да жыцьця на вёсцы. I не работа палохала, рознага пабачыла. Прыгнятала паўрабскае існаваньне калгасьнікаў. У нас былі пашпарты, пра што i марыць не маглі вяскоўцы. Ім выехаць з калгаса практычна было немагчыма.

У той жа час Антосю шкада было накідаць сваіх, на гэтай глебе ўзьнік у нас сур'ёзны канфлікт. Ды якраз у гэты час прыехалі вярбоўшчыкі, якія набіралі людзей на шахты Караганды. Антось завербаваў толькі сябе, а я ехала вольнай. Прывезьлі нас якраз у тыя мясьціны, дзе адбываў тэрмін Антось. Далі пакой у трохпакаёвай сэкцыі i першай мэбляй быў стол з дошак, што зрабіў сам Антось. Ён разваліўся, як толькі палажыла я некалькі кніжак. Потым разжыліся мы шафай для посуду, якая захавалася й сёньня. А калі гаспадыня, у якой зтаргавалі мы гэтую мэблю, крыху адлучылася, шчодры гаспадар дадаў яшчэ міску i зэдлік. Прыехалі мы зімой, а адзеньне толькі лёгкае. Пасьля першае палучкі пайшлі ў краму. Вісіць прыгожае жаночае паліто, ды не на нашых грашах. Паліто, праўда, нібы на мяне шытае. Антось бяз роздуму сказаў: "Будзем браць". Але нядоўга я радавалася гэтаму набытку, ні разу нават не апранула. У мяне ж было старэнькае, ніцаванае, а ў Антося толькі целагрэйка. Прадало паліто, сказала, што не падабалася. Купілі Антосю скураное, добра ўжо паношанае, паліто.

Неўзабаве нарадзілася ў нас дачушка Людачка. У няпоўныя два гады мусіла аддаць яе ў ясьлі, шукаць пpaцy. Ня проста было гэта, не было ж працоўнай кніжкі, а калi ўказвала ў біяграфіі, дзе была столькі гадоў, - не бралі. Працавала ў бібліятэцы ПТВ, потым шмат гадоў мастаком-афармляльнікам пры кінатэатры. А спачатку быў увогуле мізэрны прыробак - афармленьне насьценгазэт, плякатаў ці аб'яў. Амаль пяць гадоў аддала вучобе ў завочным народным унівэрсытэце мастацтваў у Маскве. I хоць зьявіўся ў нас яшчэ i хлопчык, акадэмічнага водпуску ня брала.

Прыехала да нас Паўла Умпіровіч i Мікола Асіненка, якія таксама доўга а не затрымаліся на Беларусі. Тут прынамсі, мы адчувалі сябе больш свабоднымі, бо ніхто не ўказваў на нас як на былых вязьняў. Такіх былых зьняволеных была тут бальшыня насельніцтва. Нярэдка яны ўзначальвалі шахты, іншыя прадпрыемствы. Шмат было пасьля роспуску лягераў назіральнікаў i іншых зь лягернай абслугі. Звычайна гэтыя людзі хоць i ня мелі вялікай адукацыі, працавалі на аддзелах кадраў. Вялікай варожасьці ў нас зь імі не было. Тут жыў, адбыўшы свой тэрмін, i наш лепшы сябар, асуджаны па СБМ, Алег Лапіцкі.

Пражылі мы ў Казахстане больш за 25 гадоў. Толькі дзякуючы сябрам былi гэта ў нечым шчасьлівыя гады. Былi сярод сяброў рускія, украінцы, летувісы, эстонцы, гэбраі. Але браткі-беларусы бліжэй за ўсіх, тым больш што былі яны яшчэ й землякамi.

Паўла Умпіровіч з адной са мной вёскі, сябар па школе. Нарадзіўся ён у Чыкага, пяцігадовым хлопчыкам з бацькам вярнуўся на Беларусь. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, потым у настаўніцкай сэмінарыі ў Паставах. Потым прайшоў пакутніцкі шлях. Жыве зараз у Карагандзе.

Алег Лапіцкі - сын сьвятара з Кабыльніка, цяпер Нарач, яго жонка Зося, адна з удзельніцаў падпольнае вучнёўскае арганізацыі "Чайка". На чужыне мы аб'ядналіся сем'ямі. Сумеснымі былі радасьць i гора, ніколі ня чуліся ў адзіноце. На ўсе сьвяты былi разам. Алег быў музыкант, сабраў з розных дэталяў машыну. Дуся, жонка Паўлы, была расійкай, але ўлілася ў наша асяродзьдзе. Мела добры голас, выконвала беларускія песьні.

Алег пасьля вызваленьня скончыў музычную вучэльню, атрымаў дыплём артыста эстрады. Нярэдка можна было бачыць i чуць яго на Карагандзінскай тэлевізіі. Працаваў дырэктарам музычнай школы, потым выкладчыкам. Шматбаковы быў чалавек. Пчаляр, які адорваў нас мёдам. Мог зьнянацку ў люты мароз або завіруху зьявіцца з букетам кьветак, а потым непрыкметна зьнікнуць. Быў харыстам у царкоўным хоры аднаго з храмаў Караганды. Забілі Алега подла й жорстка. Загінуў ён за свой патрыятызм, які выказваў сьмела i ў тыя часы, быў непадкупны.

Не магу не прыгадаць карціну, якую намаляваў ён напрыканцы свайго жыцьця: два дубы на палянцы - адзін ляжыць сьсечаны, а да другога набліжаюцца зь сякерамі людзі ў форме НКВД. Яго малодшы брат Расьціслаў быў у 50-х гг. расстраляны як арганізатар падпольнай маладзёжнай арганізацыі "Чайка". Быў Расьціслаў вучнем 10-й клясы Ашмянскай СШ. Абарвалося ўсё, стала пуста з адыходам Алега, толькі статуэтка - арол, падараваная ім, нагадвае пра пакутніка.

На пахаваньні Алега сустрэліся праз шмат гадоў зь Мікалаем Асіненкам. Ён паехаў aд нас, скончыў політэхнічны інстытут у Ташкенце, працуе галоўным інжынэрам на заводзе ў Чырчыку. Потым зь ім i Нінай Асіненкай сустрэліся ў доме адпачынку ля Ташкента. Радасная была сустрэча, Памерла Ніначка, а Мікола арганізаваў брыгаду, паехаў на будаўніцтва БАМу. Дзе ён цяпер - невядома.

Не нажылі мы вялікага багацьця ў Казахстане. Кожны год езьдзілі на Радзіму, да бацькоў. Падрастал i дзеці. Аднойчы засталіся мы з Юрачкам дома ўдвох. Дзеці нярэдка між гульнямі чулі ад нас успаміны пра лягер. I пытае мяне сын:

- Мамачка, як жа ты магла забіваць людзей?

Ад нечаканасьці такога пытаньня камяк стаў у горле.

- Чаму, сыночак, ты так думаеш?

- Дык у турме сядзяць тыя, хто забівае людзей альбо крадзе.

- Ні я, ні твой татка, ні дзядзька Паўла, ні дзядзька Алег ніколі нікога не забівалі, - тлумачу яму, а сама плачу.

Раней чым вярнуцца на Радзіму, адправілі туды сваіх дзяцей, а потым, летам 1982 га, пераехалі самі. Так склалася, што пасля многіх гадоў блуканьня вярнуліся ў тую хату, якая нагадвае мне дзіцячыя i першыя юнацкія гады. Брат Мікола прадаў нам за сымбалічную плату гэтую хатку, зь невялікім агародам у цэнтры Паставаў, а сам ужо цяжка хворы вярнуся ў Азерава. На нашую старую сядзібу. Праз год яго ня стала. Няпростае жыцьцё выпала яму. З прыходам першых Саветаў забіраюць яго на службу, трапляе ў палон да немцаў. Ледзь жывога прывез яго тата з-пад Вілейкі. Потым Мікола стаў партызанам атрада імя К.Каліноўскага, які базаваўся на тэрыторыі Летувы. Меў шмат узнагародаў, прадстаўляўся нават да званьня Героя, ды не прайшоў па сацыяльным паходжаньні. Але ніколі свае ўзнагароды не насіў, яны толькі значыліся ў вайсковым білеце. У знак пратэсту супраць злачынства, якое ўчынілі над татам i мной, адхіліў усе льготы, належныя яму, хаця жыў небагага.

Азіраючыся назад, падводзячы вынікі, магу сказаць, што пражылі мы ня марна, трагічнае суседнічала са сьветлым i ўзьнеслым. Побач з намі нашыя дзеці, якія з пашанай i любоўю ставяцца да нас. Людміла працуе фінансыстам у Наваполацку,

Юра - каваль у Паставах, закончыў Беларускі агратэхнічны унівэрсытэт, захапляецца мастацкім кавальствам. Удзельнічае ў выставах. Маем унучка Антосіка i ўнучачку Крысьцінку. Не пакідаюць нас вера i спадзяваньне, што яны будуць больш шчасьлівыя, будуць мець гонар звацца грамадзянамі вольнай i незалежнай Рэспублікі Беларусь.

АНТОСЬ

Першым да нас у Паставы прыехаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў з жонкай. Гэта якраз было незадоўга а да сумнавядомых Дзядоў у 1988-м. Цікавіліся нашай юнацкай арганізацыяй, нашым лёсам. Многае мы ім расказалі. Яны ж i падахвоцілі нас зрабіць нейкія захады да рэабілітацыі. Але час яшчэ быў ня той, толькі ў верасьні 1991-га мы падалi заяву на рэабілітацыю на імя старшыні КГБ Беларусі Шыркоўскага:

"Зьвяртаемся з просьбай аб рэабілітацыі арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП), якая была створаная ў 1945 г. у пэдвучэльнях Глыбокага i Паставаў. Мэтай арганізацыі было адраджэньне незалежнасьці Беларусі".

Адказу мы не атрымалі.

У гэты час зьяўляюцца артыкулы ў газэтах, пішуць пра нашую арганізацыю, пішуць нашыя сябры. А першым узьняў гэтую тому ў артыкуле "Патрыёты маўчаць не схацелі" В.Супрун. Адгукнуліся на яго мы з жонкаю, а таксама Л.Бялевіч, А.Адамовіч, Л.Краснадубская,Т.Барсук, А.Бацяноўскі. Зьявіўся артыкул нашага вядомага паэта, таксама вязьня сталінскіх лягераў С.Грахоўскага.

У Менску я пазнаёміўся з народным депутатам Л.Баршчэўскім. Ён прапанаваў нам, кожнаму асабіста, напісаць заяву на рэабілітацыю на імя народнага дэпутата Г.Лавіцкага, які зьяўляецца намесьнікам старшыні КГБ. Да гонару спадара Лавіцкага, ён адразу ўзяў нашую справу над асабісты кантроль. I ў лістападзе 1992 г. я i жонка былі рэабілітаваныя.

Мы ведалі, што многія нашыя сябры яшчэ ў перабудовачны час пісалі заявы на рэабілітацыю, але заўсёды адказ быў адмоўны. Галоўным аргумэнтам была фраза ў прыгаворы суду: "Отторжение Белоруссии от СССР".

Але ж цяпер Беларусь незалежная, значыць, тое, пра што мы марылі, за што пакутавалі, сёньня вітаецца. I тым больш не зьяўляецца злачынствам. Сёньня амаль усе сябры СБП рэабілітаваныя, многія зь ix ужо пасьмяротна.

Скончваю сваю споведзь. Няхай яна застанецца для блізкіх, для ўсіх, каго зацікавіць. Мы былі галодныя i халодныя, мы ня мелі маладосьці - яна была бессаромна расьпятая на калючым дроце. Але ж не шкадуем ні аб чым, бо мы засталіся людзьмі i тады, калi большасьць усхваляла тырана, i тады, калі былі ў няволі, калі вярнуліся зь лягераў. Дзе б мы ні знаходзіліся, жылі думамі пра свой народ i сваю Бацькаўшчыну. I калі сярод нас ніхто ня стаў значнай асобай у якой-небудзь галіне, то толькі таму, што на ўзьлеце нам моцна падрэзалі крылы.

АЛЕСЯ

На разьвітаньне хоць на хвіліну, на адно імгненьне хочацца вярнуцца ў свае дзяцінства. Дом наш, на два канцы, стаяў амаль што ў сяродку вясковай вуліцы, патанаў у зеляніне садоў. А назва вёскі цудоўная - Азерава. Ганак нашага дома абвіваў плюшч, летам тут была прыемная прахалода - улюбёнае месца для моладзі, сяброў маёй старэйшае сястры Тоні. Яна лічылася красуняй на ўсё навакольле, да таго ж голас мела добры. Калi старэйшыя сьпявалі - я магла прасядзець да поўначы. Асабліва запомнілася адна песьня, ад якой мне было вельмі сумна, хацелася плакаць:

Краю мой краю, родны мой краю,

Скрозь aд мяжы да мяжы,

Дзе ні пабачыш, усюды магілы,

Усюды магілы, крыжы...

Білася часта тут Польшча з Масквою,

Рэчкі ліліся крыві.

Нашу зямельку мелі сваёю

Доўгія, доўгі вякі.

Усіх нас трымалі ў зьдзеках, няволі,

Нішчылі родны наш край.

Доўга цярпелі, але даволі -

Гэй, Беларусь, уставай!

Калі чулі гэтую песьню польскія паліцыянты, разганялі моладзь, забаранялі сьпяваць. Памятаю, ставілі пастаноўку, дзе нашая Тоня йграла Паўлінку. А ў нас, дзяцей, былi свае забавы. Мне i нашай малодшай Любе ніхто не забараняў прыводзіць у сад сяброў. Чуліся мы тут поўнымі гаспадарамі. У кожнага было сваё месца на аблюбаваным суку. З кішэнямі поўнымі яблыкаў ці вішань расказвалі сабе нешта страшнае, "пра здані". У садзе былі вульлі. I часта тата, пастроіўшы нас, па чарзе надзельваў кавалкам сотаў зь мёдам. Тады жыла яшчэ мама, ціхенькая, добрая, ужо не зусім здаровая. Яна паходзіла зь беднай сям'i, i дзядулю Міхалюку хацелася, каб сын-настаўнік знайшоў сабе больш адпаведную пару. Але тата не паслухаўся. Мама навучылася пісаць i чытаць ужо ў замужжы. Умела з тактам прыняць татавых гасьцей зь інтэлігенцыі. Мама, звалі яе Крысьцінай, памерла ў 43-м, праз колькі месяцаў не стала Міхалкі, потым Юзіка...

I зноў успамінаецца тата. Калі над ім навісла бяда, цяпер ужо не з-за сына-партызана, а з-за мяне, гаварыў:

- Нічога, дачушка, як-кольвек пражывем, павінны ж разабрацца ва ўсім справядліва. Калі цяпер цяжка мне, дык i ты ж бегла на сьмерць з-за нас, а цяпер i мой чарод настаў.

Гэта ён успамінаў эпізод з вайны, кал i палілі навакольныя вёскі i я прыбегла да родных, вырашыўшы падзяліць зь імі страшны лёс. А потым дапамагла выратавацца вяскоўцам. Ніхто, апрача яго, ня ўспомніў пра той эпізод, нават тады, калі нас судзілі. Ды ўсяго было ў тым жыцьці, усяляк сябе паводзілі людзі. Хай судзьдзёй ім будзе сумленьне i Ўсявышні.

1992-1993.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX