Друкуецца паводле: газэта "Беларус", №№ 246, 247, Нью-Ёрк, кастрычнік-лістапад 1977 г.
Ад Рэдакцыі. Апошнія пару гадоў у беларускім caвецкім друку шмат пішацца пра БАМ - Байкала-Амурскую Магістраль. Рэпартажы, паведамленьні, вершы, апавяданьні - веліч, паэзія, усхваленьне гэтае будовы: Працуе на БАМе й шмат беларускае моладзі - штурмавікоў-першапраходцаў гэнае аддаленае, непраходнае часткі СССР. Аднак нідзе ня згадваецца сяньня, што для Беларусаў БАМ - не навіна. Ці адна тысяча дзядоў i бацькоў сучасных будаўнікоў БАМу, загнаная туды, ніколі не вярнулася на бацькаўшчыну, палёгшы ў тайзе. БАМ увайшоў у гісторыю Беларусі падобна да Салаўкоў і Беламорканалу.
Мы прапануем увазе нашых чытачоў апісаньне БАМу ў крыху іншых колерах i тонах, зробленае прадстаўніком ранейшага пакаленьня Беларусаў.
У архіўных фондах Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нь'ю-Ёрку ёсьць архіў Яўхіма Кіпеля (1898-1969), ведамага грамадзка-палітычнага дзеяча, старшыні 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу, які ў 1930 г. быў арыштаваны як нацдэм і, адбыўшы пяць год высылкі ў Вяцкай вобласьці, у 1935 г. быў паўторна арыштаваны ў горадзе Арле ды засуджаны на пяць год канцлягеру. Адбываў Яўхім Кіпель зьняволеньне на будаўніцтве, як тады пісалася, "вялікага шляху" Байкала-Амурскае Магістралі.
Ой, пралягла чыгунка за
Байкалам
Паміж узгор'яў роўна, бы абрус.
Цяпер на ёй амаль пад кажнай
шпалай
Ляжыць замучаны ў выгнаньні
Беларус.
Тодар Лебяда
Два разы мяне везьлі этапам на ўсход: першы раз зь Менску ў Вятку напачатку 30-ых гадоў, а другі - з гораду Арол да гораду Свабоднага ў 1935 г. I, здаецца, легка сказаць - везьлі этапам, аднак, калі пішаш, успамінаеш ды пераносішся вобразна ў тыя этапы, дык робіцда жудасна ад вялічыні таго гора, пакутаў i перажываньняў сваіх i чужых. I сам у сябе пытается: ці варта пра тое ўспамінаць, ці варта цьвяліць незагойнае? I тут-жа сам сабе й адказваеш: i варта, i патрэбна, i гэта твой абавязак перадаць нашчадкам пра тое народагубства, якое адбылося на аднэй шостай зямное кулі на нашых вачох, пра зьдзекі, якія давялося нам, Беларусам, у гэтым стагодзьдзі перажываць.
Ад Омску, дзе да нашага эшалёну дадалі яшчэ пару сот зьняволеных, ня было ніводнае даўжэйшае затрымкі да ракі Енісей. На прыстані Енісей нас выпусьцілі з вагонаў. Ад даўгое язды, недапоху паветра й галоднага пайка на дварэ, на сьвежым паветры адразу начало круціцца ў галаве, колькі зьняволеных павалілася. На пляцы каля прыстані было ўжо кал я тысячы чалавек, стаяла колькі баракаў, аднак найбольш было брызэнтавых палатак. Увесь пляц ахоўваўся вартавымі з сабакамі - аўчаркамі. На гэтай прыстані я прабыў каля тыдня.
Дзеля недахопу месца ў палатках i бараках спалі на зямлі. Былі спробы ўцёкаў, аднак бязь ніякае перасьцярогі вартавыя стралялі й забівалі ўцекачоў. I тое, што я там пабачыў, я ня бачыў дый навет нідзе ня чуў пра такое. Застрэленага звычайна клалi ў звычайную скрыню, якую на падстаўках ставілі сярод пляцу й трымалі гэтак, пакуль труп не пачынаў сьмярдзець. Падчас майго побыту ў гэтым месцы гэткіх скрынак стаяла некалькі, i гэта рабіла жахлівае ўражаньне.
На прыстані Енісей мне давялося спаткацца з колькімі палякамі, засуджанымі быццам за шпіянаж. Але доўга мне зь імі быць не давялося, бо ix неўзабаве нагналi ў Запаляр'е. Крыху даўужэй мне давялося прабыць i пагутарыць зь Беларусам із Заходняе Беларусі, быццам камуністым i сакратаром арганізацыі Тураком. Яму давялося адседзець пяць год у польскай турме за камунізм, а па выхадзе з турмы, каб усьцерагчыся паўторнага арышту, ён уцёк у Савецкую Беларусь. У БССР яго неўзабаве арыштавалі й далі дзесяць год. Пры нашым знаёмстве ён мне прызнаўся, што чакае дапамогі ад Камінтэрну, які, ён думаў, заступіцца за яго. Было мне яго шкада за гэткую наіўнасьць, аднак пераканаць яго у вадваротным я ня мог. За пару дзён яго народным этапам пагналі у Нарыльск. Там-жа на прыстані зьняволеныя праходзілі яшчэ адзін агляд: правяралі сэрца, зубы, мускулы й глядзелі на "срок" - тэрмін засуджэньня. Мацнейшых фізычна, з зубамі й з даўгім "срокам", дзесяць, пятнаццаць i вышэй год, адбіралі для поуначы: у Нарыльськ, Дудзінку й інш. Мяне для Запаляр'я прызналі неадпаведным, найперш дзеля "сроку" - я меў толькі пяць год i больш за паўгоду ужо адседзеў. Адразу-ж пасьля агляду мяне перагналі ў Краснаярскую турму.
Краснаярская турма вельмі-вялікая, i колькі зьняволеных там знаходзіцца кажнага дня - бадай ніхто дакладна ня ведаў. Абставіны там былі вельмі благія: малы паёк, цесната, бруд, вошы, блашчыцы спрычыняліся да таго, што шмат зьняволеных памірала. I вось там быў заведзены такі парадак: нябожчыкаў не хавалі паасобку, а на двары зьбіралі ў кучы й тады па пяць-дзесяць вывозілі за горад. Там ix закопвалі ў вадну яму й раўнялі зямлю. I на гэтым існаваньне чалавека на зямлі канчалася, i часта навет сям'і не паведамлялася, што памёр чалавек.
Як і прыстань Енісей, гэтак i Краснаярская турма былі важнымі вузламі разьмеркаваньня кірункаў этапаў: Запаляр'е, павал лесу на Енісеі, Далёкі Ўсход, Калыма - вось канцавыя пункты з гэтае мясцовасьці.
Прабыў я ў Краснаярску таксама каля тыдня. i тамжа, у турме, спаткаў я сваіх землякоў, былых беларускіх партызанаў 20-ых гадоў. Было ix там каля сотні. I зь імі мне ўдалося даўгавата пагутарыць як на праходках, гэтак i давялося 3b некаторымі сядзець у камэрах. Усе яны прайшлі падрыхтоўку ў Менску на Нямецкай вуліцы i каля Менску - у мясцовасьці Лошыца. Былі абвучаныя партызанскай тэхніцы й асновам камуністычнае ідэялёгіі. Бадай што ўсе яны пабывалі на заданьнях у Заходняй Беларусі. Па заданьнях зь Менску яны, будучы ў Заходняй Беларуci, мусілі забіваць польскіх асаднікаў, чыноўнікаў, вайскоўцаў. Дывэрсія была таксама іхным галоўным заданьнем. Аднак неаднаразова ад ix цярпела й беларускае жыхарства, а даволі ладны крымінальны элемэнт сярод ix літаральна грабіў беларускіх сялянаў. Аб гэтых рабунках неўзабаве даведаліся ў Менску, i, як толькі яны варочаліся ў. БССР, ix арыштоўвалі й давалі па 10 год. Некаторы час Краснаярская турма была як-бы зборным пунктам гэтых засуджаных былых партызанаў. Блізу ўсе яны, так я чуў пазьней, былі скіраваныя ў Запаляр'е.
Прыблізна празь сем дзён майго побыту ў Краснаярскай турме мяне выклікалі на рассыльны пункт. Пасьля кароткіх апытаньняў прафэсійнага характару: дзе, што, калі вучыў i канчаў, які працоўны профіль i стаж, установа, дзе працаваў, - мяне з калёнай чалавек 30 пагналі на станцыю ў вагоны. Я i ўся нашая група трапілі ў вялікі цялятнік 3 маленькімі 4-ма акенцамі з кратамі. Нас усадзілі ў гэты вагон i блізу 24 гадзін пратрымалі зачыненымі. Назаўтра адчынілі дзьверы, дал i вады й паведамілі, што кірунак нашага эшалёну - БАМляг - скарочаная форма Байкала-Амурскіх Лягераў, на будаўніцтва БАМу - Байкала-Амурскае Магістралі.
Падарожжа гэтае было даўгаватае й цяжкое: празь Іркуцк, паўз возера Байкал, уздоўж Амуру, на паўгалодным пайку, без дастатку паветра, у смуродзе, міліёнах вошай i блашчыцаў - усё гэта спрычынілася да таго, што чалавек шэсьць памерлі, не даехаўшы да канцавога пункту. У нашым вагоне былі пераважна людзі з вышэйшай i сярэдняй тэхнічнай асьветай: інжынеры, тэхнікі-навукоўцы, колькі студэнтаў i тры настаўнікі. Беларусаў было восем чалавек: я зь Менску, настаўнікі з Барысава, іншыя з Магілева й Воршы. Гутарак на этапе было мала, дый гаварыць не хацелася. Кажны, відаць, перабіраў мінулае ды больш думаў: а што будзе наперадзе? Мы, Беларусы, - хутка перазнаёміліся - усе былі палітычныя, аднак другую "судзімасьць" меў толькі я. Пад уплывам, хоць i кароткіх, гутарак зь землякамі - магчыма, сёй-той зь ix яшчэ жыве у мяне быу вельмі прыгнечаны настрой. Цяперака, едучы паўз Байкал па этапе, я прыгадвау пачатак 30-ых гадоу, першыя арышты у Менску, i з страхам канстатаваў, як шырака гэная хваля пагромаў ахапіла Беларусь. I калі Беларусь гэныя тысячы й тысячы зьнішчаных людзей здолее адрадзіць?
Наймалодшы у вагоне быў студэнт будаўлянага факультэту Ленінградзкага ўнівэрсытэту Русанаў. Было яму усяго толькі 19 гадоў, а засуджаны ён быў на дзесяць год. Арыштавалі яго за пісаньне й дэклямаваньне вершаў, накшталт такіх, што ён нам дэклямаваў у вагоне:
Я вижу дикий свод законов
И души подлые судей,
Я слышу стоны миллионов
И плач обиженных семей...
Ехалi мы больш як тыдзень. У горадзе Свабодны наш вагон разьдзялілі. Куды трапілі мае землякі, я ня ведаю. Я-ж разам з Русанавам i колькімі інжынерамі пад канвоем былі скіраваныя у цэнтральную дасьледную лябараторыю - я у хімічны аддзел, а Русанаў ды іншыя - у бэтонна-будаўляны. Гэтая лябараторыя была цэнтральным пунктам дасьледна-тэхнічных працаў усяго БАМу. У наступных пару дзён у лябараторыю прыгналі яшчэ чалавек сорак-пяцьдзесят. Для новапрыбылых у лябараторыю на працягу колькіх тыдняў раз на тыдзень чыталі лекцыі аб лягернай дысцыпліне, парадках i карах за парушэньні.
Першае, што нам было ўбіванае у галаву, гэта прынцып: у лягеры памылак ня бывае, ёсьць шкодніцтва, якое караецца адразу расстрэлам. Гэтаксама усякае злачынства, зьвязанае з парушэньнем лягернае дысцыпліны, караецца расстрэлам. Не караюцца расстрэлам толькі крадзяжы. Дзеля гэткага стаўленьня, відавочна, крадзяжы у лягеры працьвіталі. Кралi усё, што ляжала незамкнутае: адзежу, коўдры, бушлаты. Я дык усю адзежу насіў на сабе й бадай ніколі не разуваўся, каб ня ўкралі вайлакоў.
На гэтых-жа лекцыях нас азнаёмілі із структурам, арганізацыяй i заданьнем БАМлягу й БАМу. Байкала-Амурскія лягеры былі раскінутыя на прасторы даўжынёй каля 2.500 кілямэтраў, прыблізна ад возера Байкал да гораду Хабараўску й гораду Свабоднага. Тэрыторыя БАМлягу была падзеленая на 21 дзялянку, якія называліся "аддзяленьнямі". Кажнае аддзяленьне мела свайго начальніка. Аддзяленьне складалася з калёнаў: у некаторых аддзяленьнях было калёнаў па сто, аднак былі аддзяленьні й меншыя. Кажная калёна дзялілася на брыгады паводля работніцкага профілю: цэмэнтная, драбленьне каменя й г. д. У калёнах было ад 150 да 500-600 чалавек. Наагул колькасьць людзей як у ваддзяленьнях, гэтак i у калёнах залежала ад мясцовасьці: рэльефная, балоцістая, лясістая. У мясцовасьцях з высокім рэльефам людзей было значна больш. Цэнтральнае кіраўніцтва БАМлягу знаходзілася у горадзе Свабодным (былы горад Аляксееўск). На чале усяго будаўніцтва стаяў ведамы з кнігі А.Салжаніцына "Архіпэляг Гулаг" Фрэнкель, быццам сваяк Лазара Кагановіча. Заданьнем БАМлягу была пабудова другое чаргі чыгункі (паралельных палотнаў), ад Байкалу на ўсход. Першая чарга чыгункі была пабудаваная царом напачатку стагодзьдзя бязь нявольніцкае работніцкае сілы. Цяперашняе будаўніцтва пачыналася ад станцыі Карымская й мусіла цягнуцца на ўсход кілямэтраў тысячы дзьве 3 палавінай. Паводля ацэнак i лягічных разважаньняў, на пабудове ад 1934 да 1939 гадоў працавала каля 600.000 - 800.000 зьняволеных.
Пры цэнтральным кіраўніцтве знаходзілася тэхнічная лябараторыя, дзе працавала дзьве тысячы інжынераў i навукоўцаў. Каля тысячы зь ix былі вольнанаёмныя, рэшта зьняволеныя. Галоўнае кіраўніцтва лягераў знаходзілася таксама ў горадзе Свабодным, у будынку былога кадзцкага корпусу.
Зьняволеныя працаўнікі лябараторыі жылі ў лягернай зоне, званай СКОЛП - Свободненский Комендантский Особый Лагерный Пункт. Зона была абнесеная колькімі радамі калючага дроту й вартавалася стральцамі. Ахова зоны была надзвычайна моцная, бо ўвесь час кіраўніцтва баялася забурэньняў i начных уцёкаў у Кітай (ад мяжы СКОЛПу да Кітаю было прыблізна кілямэтраў 40-50). У зоне было дзьве турмы (ізалятары), некалькі падсобных будынкаў і баракі для зьняволеных. Штадня канвой прыводзіў i адвадзіў каля тысячы зьняволеных на працу й з працы. Харчаваньне было толькі у лягеры, аднак за працу у СКОЛПе арыштаваным плацілі адну дзесятую таго, што плацілася на гэтай працы вольнанаёмнаму.
На чале хімічнае лябараторыі стаяў прафэсар хіміі Кравец, які, адбыўшы зьняволеньне на Салаўкох, прыехаў у Свабодны як вольнанаёмны. Гэта быў кампэтэнтны хімік i добры працаўнік. Пэрыядычна да Крыўца прыяжджалі на кансультацыі спэцыялістыя хімікі й бэтоншчыкі з розных аддзяленьняў БАМлягу. Тым, што працавалі ў лябараторыі, была магчымасьць арыентавацца ў тым, што рабілася на будоўлі. З гэтых сустрэчаў я даведаўся, што сярод тэхнічна-навуковага пэрсаналу ёсьць нямала Беларусаў зь Менску, Магілева й Віцебску. Пару разоў мне давялося спаткацца зь Беларусам геалёгам, колькімі тапаграфамі ды інжынерамі-будаўнікамі. Жыцьцё ў СКОЛПе было нялёгкае. Неставала есьці, ня было адзежы й было надта холадна. Наагул, клімат Далёкага Ўсходу вельмі суровы. Зімы даўгія й раньнія. Маразы 30-40 градусаў ніжэй нуля - сталая зьява. Дзьмуць страшэнныя вятры. Прывыкаць да гэткіх умоваў нялёгка. Наагул-жа ў БАМлягу пасьцеляў не давалі. Не давалі таксама ні ручнікоў, ні анучаў. Бялізну зьмянялі праз два тыдні i праз два тыдні вазілі ў лазьню. Перад лазьняй стрыглі й галілі.
У лябараторыі праца была вельмі напружаная. Былі высокія нормы, i калі яны выконваліся, то на дзень давалі кілё хлеба й кацялок баланды. Мяса й кашу давалi раз на месяц. Аднак найстрашнейшым быў прынцып: у лябараторыі памылак няма - ёсьць шкодніцтва, яно караецца расстрэлам. Тэрор у СКОЛПе быў жудасны. Гэтак напачатку 1937 г. зь лябараторных працаўнікоў была расстрэленая трупа геалёгаў i тэхнікаў за тое, што пры пабудове мосту пахіснуўся бык (апора мосту). Зьвінавацілі гэных спецыялістых у шкодніцтве, хоць гэта й ня была іхная віна, бо геалёгі заяўлялі перад гэтым няраз, што гідрагеалягічныя працы ня былі праробленыя й што бэтонная закладка ня была зробленая ў разьведаным месцы.
Незадоўга па гэтым была расстрэленая група хімікаў за тое, што вада пачала разьядаць бэтонныя падмуркі каля чыгуначных палотнаў. А задоўга перад гэтым у лябараторыі няраз гаварылася аб патрэбе гэныя падмуркі абніцаваць. Наагул на працы, дзе даводзілася мець дачыненьне з водамі, трэба было быць вельмі асьцярожным. Рэч у тым, што дэтальных геалягічных дасьледаваньняў там яшчэ праведзена ня было, было шмат мінэральных рашчынаў, якія, трапляючы ў ваду, спрычыняліся да хімічных рэакцыяу. За час майго побыту ў СКОЛПе было расстрэлена блізу сотня спэцыялістых. За антысавецкую агітацыю - чытаньне вершаў - быў расстрэлены й той малады студэнт Русанаў, зь якім я прыехаў у лябараторыю. Асабліва-ж урэзаўся у памяць расстрэл геалёга Палонскага. Варочаючыся з тайгі з геалягічнае экспэдыцыі, гэты геалёг з групай тэхнікаў i пад наглядам канвойнікаў мусіў праехаць колькі кілямэтраў пасажырскім цягніком. У купэ вагону выпадкова ехалі японскія дыпляматы. Палонскі да ix загаварыў пафранцуску. Апрача Палонскага й Японцаў, францускае мовы ніхто ня ведаў. Адразу-ж пасьля прыходу геалёга ў лягер, ён быў расстрэлены. Расстрэльвалi звычайна ў тэй-жа зоне пад раніцу. Тады здымалі адзежу, прывязвалі да нагі ці рукі бірку, клалі ў скрыню, часам двух-трох разам, i вывозілі ў тайгу.
У лябараторыі я працаваў хімікам - аналітыкам па бэтоне. Даводзілася даволі часта выяжджаць на калёны браць пробы. Заўсёды мяне суправаджалі два стралкі. Там, дзе даводзілася бываць, заўсёды сярод тэхнічнага пэрсаналу спатыкаў Беларусаў, бадай усе яны был i палітычныя i з усіх акругаў БССР.
Здарэньне-ж, якое мне моцна запамятавалася ў СКОЛПе, - гэта сустрэча зь мянчанамі. Быў канец 1937 г. У лягеры было ведама аб масавых арыштах i расстрэлах у большых гарадох Саюзу, i пачалі прыбываць новыя партыі зьняволеных. Прайшла чутка, што наступная партыя вязьняў у СКОЛП будзе зь Беларусі, i быццам гэта будуць былыя высокія камуністыя й энкавэдыстыя. I ўзапраўды, за тыдзень у СКОЛП прыбыла партыя мянчанаў. Было ix чалавек 100-150. Сярод ix былі заступнік народнага камісара асьветы Каранеўскі, камісар работніцка-сялянскай інспэкцыі
Віленстовіч [1], вельмі шмат настаўнікаў i былых энкавэдыстых... Некаторыя з гэтых апошніх мяне пазналі, прывіталіся й першыя загаварылі. Цяпер, выглядала, мы былі у ваднолькавым палажэньні - зьняволеныя БАМлягу, а ня так, як у 1930 г., калі мяне упершыню арыштавалі.
Праўда, менскі этап у СКОЛПе пратрымалі усяго два дні, аднак я ўсё-ж шмат даведаўся, што адбылося у Менску за мінулыя сем гадоў. Даведаўся я шмат дэталяў аб арыштах 1930 г. i аб закулісных падзеях пасьля арыштаў. Некаторыя з чэкістых, што стаялі блізка да партыі, адтуль ведалі аб варожай рэакцыі некаторых Беларусаў-партыйцаў да арыштаў. Як партыя, гэтак i НКВД былі таксама вельмі ўстрывожаныя рэакцыяй у Чэхіі й Нямеччыне на арышты беларускіх нацдэмаў. Каб зьмякчыць рэакцыю на Захадзе, НКВД пачало зварачацца да высланых беларускіх дзеячоў Лёсіка, Смоліча, Некрашэвіча, Цьвікевіча ды іншых, каб яны пацьвердзілі свае "памылкі", раскаяліся, i тады яны будуць "памілаваныя". Ісьці на гэты шлях правадыры г. зв. нацдэмаў адмовіліся, i таму новая хваля арыштаў, высылак i расстрэлаў паўтарылася. З гэтых-жа гутарак я даведаўся, хто з нашых дзеячоў ужо ня жыў, хто атрымаў другі "срок" i г. д. Арыштаваныя настаўнікі ў гэтай групе былі пераважна былыя студэнты БДУ. Уся група была палітычная й засуджаная на розныя "срокі".
Ад гэтых-жа людзей я даведаўся, што арышты ў Беларусі фактычна ня спыняліся ад 1930 г., размах арыштаў усьцяж большае. На трэйці дзень пабыту бальшыні маіх зямлякоў у СКОЛПе ix накіравалі на закрытую калёну 66. Звычайных лягернікаў на гэтую калёну не дапушчалі, бо была яна камплектаваная былымі камуністымі й чэкістымі й для хаваньня былых сакрэтаў улады ўважалі, што гэтых людзей трэба трымаць асобна. Беларусаў настаўнікаў 3 гэтага этапу пагналі недзе над Хабараўск.
Напачатку 1938 г. мая праца ў лябараторыі раптоўна скончылася. Мяне й яшчэ двух хімікаў арыштавалі й зьвінавацілі ў шкодніцтве. Шкодніцтва складалася з таго, што быццам мы давалі няправільныя вынікі аналізаў вады, якая сьцякала ізь сьнегавых гораў у рэзэрвуар i тады падавалася праз бэтонныя трубаправоды на чыгуначную станцыю. Даўжыня гэтых трубаправодаў была каля трыццацёх кілямэтраў, i бадай на ўсім працягу трубы разваліліся.
Гэткае абвінавачаньне абазначала расстрэл. Аднак дзеля таго, што й у іншых мясцовасьцях здаралася гэткае самае, было пастаноўлена правесьці расьсьледваньне. i гэтае расьсьледваньне ўратавала мяне ад расстрэлу, бо выясьнілася, што аналізы нашае лябараторыі былі правільныя. Вада, якая йшла па трубах, была зусім чыстай. Але вада звонку трубаў i надземная, якой ніхто не-аналізаваў, разьядала трубы, Уратавала мяне ад расстрэлу акалічнасьць, што ў часе, калі гэтыя трубы пракладаліся, мяне яшчэ ў лягеры ня было. Мае-ж калегі ў тым часе ўжо там былі, i таму ix расстралялі. Былі гэта добрыя хімікі Вяршынін i Якшурскі. У гэтай-жа справе расстрелялі яшчэ чалавек пятнаццаць.
I тым ня менш, гэты выпадак быў канцом мае працы ў лябараторыі СКОЛПу. Кал i мяне выпусьцілі зь ізалятару, дзе я прабыў месяцы два, дык сьледчы Палтаўскі паклікаў мяне ў трэйці аддзел (гэтак у лягерах зваўся аддзел НКВД, што займаўся вэрбоўкай сэксотаў, там правяраліся пасылкі, плянаваліся вобыскі й г. д.) i сказаў прыблізна такое: "Ты, Кіпель, працаваў із шкоднікамі, ускосна ўдзельнічаў у гэтай працы, дык давяраць табе працу хіміка больш нельга. Гэтаксама, - казаў Палтаўскі, - у цябе дзьве "судзімасьці" паводля 58-га артыкулу, а гэта яскравая варожасьць да савецкай улады, i таму табе не давяраюць. Аднак, - вёў далей сьледчы, - мы можам тваю справу перагледзець i пакінуць цябе ў лябараторыі, калі ты згодзішся штотыдня даваць інфармацыі аб гутарках i настроях хімікаў".
Я ад гэтае прапановы тут-жа катэгарычна адмовіўся. Палтаўскаму гэта не спадабалася. Праўда, бязь ніякіх пагрозаў i запалохваньняў, ён мне сказаў, што мне ўваход у лябараторыю забаронены, i зараз-жа мяне перавялі на калёну суровага рэжыму, званую штрафной пад нумарам сорак восем. I адразу-ж канвой мяне туды пагнаў. I вось на гэтай штрафной калёне, калёне суровага рэжыму, я правёў блізу тры гады i, магу сказаць, поўнасьцяй пазнаўу, што гэта такое савецкая катарга.
Лягер калёны сорак восем разьмяшчауся у стэпе на у сход ад ракі Зэі. На калёне было ад 400 да 600 чалавек. Блізу палавіна зьняволеных был i крымінальныя, а рэшта палітычныя. Вельмі шмат было раскулачаных. Беларусаў на калёне было чалавек 50-80/ бадай усе палітычныя. Асноўным заданьнем калёны было умацаваньне берагоў рэчкі Зэі, бо вада паразмывала берагі й пагражала разбурьщь колькі мастоў i чыгуначнае палатно. Даволі часта з калёны бралi колькі брыгадаў для пагрузкі пяску, жвіру й рэйкаў. Працавалі штодзённа па 10-11 гадзінаў, а марш да працы й назад займаў каля дзьвюх гадзінаў. Працы на калёне йшлі i ўзімку i ўлетку, нормы былі большыя як на звычайных, а парадкі вельмі строгія й суровыя. Былі цэлыя месяцы, калі праца йшла 24 гадзіны, часам пры сьвятле паходняў, часам пры месячным сьвятле. У кажнай зьмене працавала ад 200 да 300 чалавек. Тэхніка была: малаты, кіркі, лапаты ды тачкі. Найцяжэйшай працай было падцягваньне шматпудовых камянёў над берагі рэчкі ды іхнае ўмацоўваньне. Прасторы між камянямі запаўняліся жвірам, які даводзілася досыць далёка вазіць тачкамі.
Кал i норма выраблялася, давалi кілё хлеба, крыху салодкай вады й чарпак супу. Калі-ж норма ня выконвалася, пайка зьмяншалася, а потым садзілі ў ізалятар. Вытрымаць такое жыцьцё было цяжка: шмат хто ня вытрымваў, калечыў сябе, каб быць зьнятым з калёны. Людзі адбівалі пальцы, ПІЛІ мыла, рэзалі вены. Самагубствы былі зьявай частай. Адзін такі выпадак i сяньня стаіць уваччу. Пагрузіўшы жвірам плятформу, зьняволены былы бугальтар Іваноў лёг пад колы гэтае-ж плятформы, i яго, памалу рухаючыся, цягнік перарэзаў напал. За гэты недагляд у лягеры расстралялі брыгадзіра. Пакалечаных звычайна пераводзілі на іншыя калёны» але незаўсёды, i некаторых пакідалі мучыцца на штрафной.
Інвалідны паёк на гэтай калёне быў чатырыста грамаў хлеба й раз на дні цёплая саладкаватая вада. Прыпамінаецца й такі выпадак: аднае начы ўзімку ў двары лягеру прагучэла кулямётная чарга. Мы ўсе паўскоквалі з нараў i павыбягалі на двор. Пад сьвятлом пражэктараў мы пабачылі на дратох агароджы два трупы. Гэта былі два інваліды, адзін бяз рукі, а другі, з пашкоджанай сьпінай, на мыліцах. Яны працавалі на нашай калёне, i ix начальства не хацела пераводзіць на іншую калёну. Яны рынуліся на драты, каб варта ix прыкончыла. Пазьней было яшчэ колькі гэткіх выпадкаў забойства на агароджы.
Аднак аднэй з найбольш жахлівых зьявау на калёне было тое, што людзі сьлеплі. Драбленьне каменьня на берагох Зэі адбывалася вылучна у ручную малатамі. Акуляраў не было ніякіх, i маленькія каменчыкі, адскокваючы, траплялі ў вочы й прабівалі бялок. Апрача гэтага, у гэтай мясцовасьці Далёкага Ўсходу дзьмуць страшэнна моцныя й халодныя вятры, i калі чалавек не зачыніць вачэй, каменчыкі й пыл, трапляючы ў вочы, спрычыняюць сьлепату. Ды навет i без каменчыкаў ад вятроў вочы ўва ўсіх былі ўспухшы й чырвоныя. Каменьне, бруд, вятры спрыялі распаўсюджваньню вочных захворваньняў, i бязь ніякага мэдычнага дагляду людзі сьлеплі.
Сьляпых з калёны забіралі й адсылалі на спэцыяльную "сьляпую" калёну ў тайзе. Аднойчы, быўшы ў рамонтнай брыгадзе, мне давялося бачыць такую калёну сьляпых. Іхнае жыцьцё было запраўды неапісальнье. Кармілі ix слаба - 300-400 грамаў хлеба й цёплае вады на дзень, ix літаральна заядалі блашчыцы й вошы.
Ад сярэдзіны 1938 г. на калёне пачаліся частыя расстрэлы за шкодніцтва, пад якое звычайна падцягвалася невыкананьне нормаў i розныя іншыя справы. Прыкладам, улетку 1939 г. на калёне расстралялі чалавек пятнаццаць за гэткую справу: начальства калёны для змаганьня з цынгой пастанавіла насадзіць непадалёку калёны гародчык: цыбулю, буракі, капусту. Гародніна гэтая ўзыйшла, аднак ня вельмі вырасла й пладоў не дала.
Паклікалі мясцовых жыхароў i папыталіся, чаму не расьце гародніна. Тыя-ж адразу сказал i, што тут пад растаянай глебай ляжыць пласт вечнай мярзьліні, i гэты пласт халодзіць усё наверсе, а таму нічога сэзановага не расьце. Адказ быў правільны. Аднак тых работнікаў, якія апрацоўвалі гэты гародчык, расстралялі, бо, маўляў, яны ведалi аб вечнай мярзьліні й нічога не паведамілі. Гародніна не ўрадзіла - шкодніцтва - расстрэл.
На пачатку 1940 г. на калёне адбыўся першы масавы расстрэл. У лягер прывезьлі дзесятка паўтара-два баптыстых. Сярод ix было колькі зь Беларусі. За пару дзён побыту у лягеры яны адмовіліся выходзіць на працу ды пачалі заклікаць іншых, каб ня выходзілі й яны. Да ix далучылася спачатку чалавек пяць, падтрымалі ix таксама ўркі й дзесяткі два раскулачаных сялянаў. Наагул сярод лягернікаў пачалося ваганьне - выходзіць ці не. Днявальныя спачатку спрабавалі людзей штырхаць, але усе баптыстыя палеглі на падлогу, некаторыя пазалазілі над нары ды папрывязваліся, да чаго маглі. Як па камандзе, яны пачалі сьпяваць рэлігійныя песьні.
Днявальныя пабеглі да стражнікаў, а тыя зараз-жа выклікалі рэзэрвавы дывізіён стральцоў з цэлай ганьнёй сабакаў-аўчарак. Із стрэльбамі напагатове й аўчаркамі стральцы ўваходзілі ў баракі, загадвалі выходзіць i на двары стаяць нярухома. На тых, хто ляжаў ці рухаўся, адразу напусьцілі сабакаў. Некаторых узьнялі штыкамі. Як толькі сабакі пачулі кроў, яны разьюшваліся й за найменшы рух адразу кусалі. На нашых вачох пару чалавек былi загрызеныя сабакамі й прыколатыя штыкамі. Паклікалі хвэльчара, а нас з двара пагналі ў тайгу. У лягеры затрымалі баптыстых, параненых i тых, хто вагаўся напачатку. Калі нас прыгналі позна ўначы назад, то ў лягеры ўжо ня было ні баптыстых, ніІ параненых, а за пару дзён днявальныя нам сказалі, што ўсіх пакінутых у лягеры стральцы прыкончылі: калолі штыкамі, стралялі й цкавалі сабакамі.
У тым-жа саракавым годзе падчас майго побыту на штрафной калёне адбыўся яшчэ адзін масавы расстрэл. На калёну ў лютым 1940 г. прыгналі чалавек трыццаць - сорак маладых людзей, засуджаных паводля артыкулу "СО" ("социально опасных"). Найстарэйшаму ў гэтай групе бадай ня было гадоў 25, а малодшыя былi па гадоў 18- 19. За колькі дзён працы на рэчцы Зэі яны началi распытвацца, ці хто мае ў лягеры нейкія бутэлькі. Знайшоўшы колькі бутэлек, яны паўкладалі ў ix запіскі й паўкідалі ў пролубкі. Разьлік іхны быў на тое, што з ракі Зэі бутэлькі трапяць у раку Амур, i плынь Амуру прынясе ix на кітайскі бераг. Старыя лягернікі, назіраючы іхныя стараньні, папярэдзілі, што пры ўтоку Зэі ў Амур праз рэчку нацягнутыя мэталёвыя сеткі, i бутэлькі далей Зэі не заплывуць. Маладыя энтузіястыя ім не паверылі.
Прыблізна за тыдзень-два пасьля гэтага здарэньня колькі чалавек з гэтае групы маладых арыштавалі i, як казалі, паслалі на Калыму. Аднак на гэтым справа ня скончылася. На пачатку сакавіка, уначы, у лягеры завыла сырэна, i ўсім было загадана выйсьці на двор з рэчамі. На двары, зырка асьветленым, было поўна стральцоў i чэкістых. Пры выхадзе з баракаў нас старанна абшуквалі й ператрасалі рэчы. Калі у каго знаходзілі алавік ці паперу, дык адразу скручвалі рукі й адводзілі набок. Арыштавалі прыблізна чалавек трыццаць. Сярод ix было колькі дзесятнікаў i брыгадзір. Гэтых неўзабаве адпусьцілі, бо ім дазвалялася мець i алавікі й паперу. Рэшту арыштаваных абвінавацілі ў пісаньні антысавецкіх праклямацыяў i сувязях з Кітаем. Незадоўга адбыўся суд, судзіў ix Вайсковы Трыбунал Амурскай Пагранічнай Лініі, усе яны былі прысуджаныя да расстрэлу й адразу-ж расстраляныя. Мяне гэтым разам уратаваў шчасьлівы выпадак, бо колькі тыдняў перад тым я згубіў кавалачак хімічнага алавіка, які мне "падараваў" зямляк Беларус з гораду Глуску, якога выпраўлялі этапам на Калыму.
З нашае штрафное калёны часта бралі людзей на аварыйныя рамонты ў тайгу ды на дапамогу пры нагрузках рэйкаў. Бралі на гэтыя працы людзей з малымі "срокамі", бо ўважалі, што гэтыя арыштанты ўцякаць ня будуць. Калі адлучаліся мы ад калёны, даводзілася вельмі далека хадзіць, часам марш над канвоем займаў тры-чатыры гадзіны ў вадзін бок. Такія маршы былі надта стамляльныя, асабліва калі трапляліся нялюдзкія канваіры. Прыпамінаецца мне такі выпадак. Разам з намі часам ганялі на працу жанчынаў. Сярод ix была адна студэнтка Маскоўскага політэхнічнага інстытуту Тамара Барыкіна. Дзяўчына яна была маладая, магчыма гадоў 20-25, прыгожая й гордая. Засуджаная яна была паводля 58 артыкулу на 5 ці 10 гадоў. Яна спадабалася начальніку канвою. Толькі, відаць, на яго яна не зварачала ўвагі. I гэта ёй каштавала жыцьця. Аднойчы нас гналі з тайгі пасьля дажджу. Начальнік канвою накіраваў калёну праз вялізарную лужыну. Барыкіна была з краю калёны i, відаць, ня хочучы змачыць абутку, хуценька абегла й стала назад у калёну. Як ведама, у лягерах падчас маршаў існуе закон, што крок управа, крок улева уважаецца за спробу уцёкаў, i канвой страляе без папярэджаньня. У гэтым выпадку Барыкіна абегла гэтак хутка, што канваір навет не пасьпеў ускінуць стрэльбу. Аднак фармальна Барыкіна закон парушыла. На вахце каля уваходнае брамы яе затрымалі й пасадзілі у ізалятар. На допыце, так пераказвалі, яна нешта рэзкае адказала чэкістаму. Гэта палічылі заклікам да паўстаньня, i Барыкіну расстралялі.
Адзін із страшнейшых пэрыядаў для лягернікаў каля гораду Свабоднага быў час, кал i адбывалася ваенная акцыя у раёне возера Хасан. У лягеры была узмоцненая ахова, расстаўленыя кулямёты, адбываліся частыя ператрусы. Калі ганялі на працу, то стральцоу з сабакамі было значна болей. Расстрэлы пачасьціліся. Аднак найболей падчас Хасанскага эпізоду цярпела мясцовае жыхарства. Шмат людзей пастралялі, шмат адразу прыгналі у лягер. На шчасыде, Хасанская акцыя трывала нядоўга.
Прыпамінаючы гэныя часы, як-бы завойстрана устае у памяці гэткая акалічнасьць: нечалавечыя умовы жыцьця, штодзённы страх, усьведамленьне, што жыцьцё тут нічога не каштуе - вытварылі у лягернікаў паўнейшую абыякавасьць да стандартаў нармальнага чалавечага жыцьця. Адзеньне лягернікаў не паддавалася апісаньню - гэта клубок рызьзя, на бушлатах латка на латцы, ногі абматаныя дзесяткамі анучаў, брудныя валасатыя твары, сьлязьлівыя чырвоныя вочы, нейкі дзікі тупы пагляд, згорбленая постаць i вельмі павольныя рэакцыі да ўсяго вонкавага. Гледзячы на кажнага арыштанта, відавочна было, што гэты чалавек жыве недзе далёка адарваны ад навакольнага сьвету, ён быў сам сабе - нічога навакол яго ня цікавіла, апрача стралка й пайкі хлеба.
Пад канец майго "сроку" я пачаў адчуваць, што будзе цяжка вытрываць. Пару разоў я моцна захварэў, аднак на працу выходзіў. Прыпушчаю, што пераходзіў нейкую хваробу, бо нейкі час харкаў крывёю. Нормы я ня мог вырабляць, а дзеля гэтага атрымваў 400-600 грамаў хлеба й міску баланды. Адчуваў сябе штодня слабей i слабей. Лягерны хвэльчар сказаў мне папытацца дазволу, каб мне з волі прыслалі грошай i я змог-бы купіць трохі ежы, інакш я "дайду". 3 увагі, відаць, на тое, што мой "срок" заставаўся
кароткі, мне дазволілі папрасіць атрымаць з волі грошай. Жонка мне прыслала рублёў сотню. Як я толькі атрымаў гэтыя грошы, дык адразу аддаў палову ведамаму па калёне "уркагану" Гаршкову - здаравеннаму дзяцюку, які забавязаўся мяне бараніць, каб ад мяне не адабралі i грошай i купленай ежы, колькі банак кансэрваў. I, дзякуючы ягонаму заступніцтву, у мяне ніхто нічога не адабраў.
Наагул, у лягеры прыходзілася ўсё дзяліць з крымінальным элемэнтам i выбіраць сабе апекуноў. Інакш палітычным даводзілася вельмі крута: ix рабавалі, білі, адбіралі ежу, махорку. Памятаю, як групу ленінградзкіх артыстых за тое, што яна адмовілася аддаць частку сваіх рэчаў, крымінальныя гэтак зьбілі, што чалавек пяць гэтых артыстых сталіся інвалідамі. Аднак кароценькага падсілкаваньня мне, відаць, ня было даволі, i сілы мяне пакідалі. I вось аднойчы, калі я грузіў шчэбень на плятформу, у мяне парваліся нейкія мускулы на плячох. Я зусім ня мог павярнуцца й быў прызнаны да работы на сорак восьмай калёне няпрыдатным. Да канца "сроку" мне заставалася яшчэ кал я паўгоду. Відавочна, што ў лязарэце мяне гэтулькі трымаць ніхто ня зьбіраўся, i мяне накіравалі на калёну нумар першы.
Гэтая калёна займалася валеньнем лесу недалёка на поўнач ад Свабоднага. Праца была небясьпечная, аднак крыху лягчэйшая, як на штрафной калёне. Ня было тут гэткага тэрору. Было на калёне пару дзесяткоў Беларусаў зь Лепелю, Воршы й Віцебску - усе былі паводля 58-га артыкулу. На павалцы лесу частавата даводзілася працаваць з вольнанаёмнымі. Сярод ix было таксама даволі шмат Беларусаў. Некаторыя з вольнанаёмных шмат ведалі, што рабілася ў галоўным кіраўніцтве БАМу, i казалі, што пасьля поўнага заканчэньня нармальнае чыгункі праектуецца будаўніцтва новай магістралі кілямэтраў сто на поўнач ад Байкалу. Казалі таксама, што туды цяжка набраць інжынерна-тэхнічнага пэрсаналу. Праўда, неўзабаве мяне паклікалі ў камэндатуру ды папыталіся, ці па сканчэньні майго "сроку" я не хацеў-бы застацца працаваць вольнанаёмным у Байкальскай лябараторыі. Прапанову гэтую я адхіліў, матывуючы тым, што хачу параіцца ізь сям'ёй. Наагул-жа ў мяне ў галаве ня толькі Байкал, але i ўвесь Далёкі Ўсход выглядаў як мой люты вораг, i ні на ёту я не задумвауся, што там застануся. Замала бадай было-б словаў i літаратурных формаў, каб выказаць i апісаць нянавісьць i злосьць як маю, гэтак i ўсіх лягернікаў да гэнага рэжыму. Адзінае, што стрымвала людзей ад нападу на ахову i ўцёкаў - гэта далекаватасьць мяжы. Дзяржаўная мяжа была за кілямэтраў сорак-пяцьдзесят, i кажны ведаў, што прайсьці гэтыя кілямэтры ня так лёгка - дазорныя самалёты ўвесь час патрулявалі й стралялі кажнага, каго бачылі ў гэтай зоне. Праўда, быў на станцыі Імэн выпадак. Станцыя гэтая вельмі блізка да дзяржаўнае мяжы СССР, дык эшалён з канцлягернікамі напаў на канвой, абяззброіў яго ды перайшоў мяжу. Па нейкім часе савецкі ўрад дамагаўся выдачы, аднак выдадзеныя Саветам тыя ўцекачы ня былі. Праўда, я меў магчымасьць, працуючы на аварыйных брыгадах, уцякаць у тайгу ці йсьці за мяжу. Адзін мой зямляк мянчанін гэта й рабіў, але быў забіты з самалёту. Я-ж, аднак, пастанавіў свой "срок" адбыць, каб не наражаць на небясьпеку сям'і.
1940 г. падыходзіў да канца. Мой "срок" канчаўся 31 сьнежня 1940 г., i этап жыцьця ў БАМе закончваўся. Праўда, я моцна баяўся й хваляваўся, што ў вапошнюю хвіліну мне "срок" могуць прадоўжыць. I вось, колькі буду жыць, ніколі не забудуся ні 26 чэрвеня 1930 г., як арыштоўвалі ў Менску, ні тае начы ў 1935 г. у Арле, як на "чорным воране" везьлі мяне ў Арлоўскі Цэнтрал, ні таго 31 сьнежня 1940 г., калі раненька вартавы адчыніў барак i закрычэў: "Кипель, с вещами собирайся" У той дзень, 31 сьнежня 1940 г., мяне над канвоем даставілі ў СКОЛП, у той самы СКОЛП, дзе я першы раз увайшоў у БАМляг. Там мяне сфатаграфавалі й павялі ў "стол освобождения". У гэтым аддзеле мне абвесьцілі, што мой "срок" сяньня канчаецца i я буду звольнены зь лягеру. У "стале вызваленьня" мне было прачытана, што я ня маю права вярнуцца й жыць у БССР, у сталічных, абласных ды гарадох абласнога значаньня Савецкага Саюзу.
Чэкісты, які мяне афармляў, навет зьдзівіўся, што да мяне гэтак сурова ставяцца. Пераглядаючы маю папку "дзела", ён падчыркнуў, каб я ня ўздумаў вярнуцца навет на побыт у БССР, бо для мяне гэта скончыцца блага. Мая-ж папка "дзела", якая ў 1935 г. пачыналася ў горадзе Арле з пары паперкаў i лісткоў, за пяць гадоу БАМу разраслася у таўшчэзную кнігу. Усьміхаючыся, чэкісты сказаў мне прыблізна такое: гэта ўсё даносы на вас, гражданін Кіпель. Толькі, на наш пагляд, тут нічога сур'ёзнага няма. Пішуць, што вы скрытны й ні з кім ня ўступаеце ў кампанейскія дачыненьні. Паводля-ж нас, гэта не злачынства. Вашая-ж мінулая нацыяналістычная дзейнасьць - ну, вы ведаеце самі, у чым справа, i вы прайшлі добры "срок" пераўзгадаваньня, дык разумееце... I таму цяпер - гэтак ён расьцягваючы й падчыркваючы вымавіў гэнае "сейчас"- мы вас зь лягеру вызвалім. Ён адчыніў столік i выдаў мне пасьветку аб адбыцьці "сроку". Тут-жа я мусіў расьпісацца, што дакумант атрымаў, i падпісацца таксама, што выбраў месца жыхарства Мцэнск у РСФСР.
Дзяжурны канваір правёў мяне да брамы лагеру, а вартавы адчыніў фортку, i я выйшаў за лягерную зону. Насоўваўся навагодні вечар, I я шпарка пайшоў зь невялікім мяшком на станцыю Свабоднага. Позна ўвечары, 31 сьнежня 1940 г., я сеў на першы цягнік, пакідаючы за сабой даўгія каляндарныя гады "сроку" ды добрую частку здароўя, аднак узбагачаны глыбокім дазнаньнем нябачнае савецкае рэчаіснасьці, з глыбокай нянавісьцяй да нечалавечнае ўлады, зь цьвёрдым намерам аб гэтым усім, калі давядзецца, расказаць, ды нейкай невытлумачальнай верай, што на Беларусь я яшчэ вярнуся.
Цяпер мой цягнік ішоў на горад Чыту i далей, з Азіі на Эўропу.
[1] Ягонае запраўднае прозьвішча было Гарбуз, але ён зьмяніў на Віленстовіч, зашыфроўваючы у ім Леніна й Сталіна (В(ладзімір) І(льіч) Лен(ін) Ст(алін)овіч). Ягоны зямляк і прыяцель, паэта-маладняковец Язэп Падабед за ягоным прыкладам, зрабіў сабе псэўдонім "Віленсталь-Нюрын" (Нюрына была тады на чале жаноцкага аддзелу ЦК (- Рэд.).