Леанід ГAЛЯК
УСПАМІНЫ
ЗША. 1983
КНIГА II
Leanid HALAK
M E M O I R S
PART II
Усе правы засьцярожаныя за В-вам «Летапіс» © Copyright reseryed by Letapis - 1983
Non multa, sed multum.
Выдавецтва «Летапіс», ЗША. - 1983
РАЙX - КЭНІГСБЭРГ, ЛОДЗЬ, ДРАЙСІГАКЭР, ФРАНКФУРТ НАД ОДРАЮ, БЭРЛІН, ШНАЙДЛІНГЭН
Ой, паеду я далека, Сэрца сьцісьнецца ад жалю, Будзе сумна, адзінока Безь цябе мне, Родны краю!
Я. Купала
На наступны дзень на некалькіх грузавіках перавезьлі ўсіх у памешканьне нейкай царквы на аднэй з галоўных вуліцаў Кэнігсбэргу. Вуліца, здаецца, называлася Кірхэнштрассэ. Тут Ю. Сабалеўскі заявіў мне, што ён не дазволіць, каб мой сабака ўвайшоў у царкву. Была гарачыня, царква была перапоўненая й некалькі сем'яў пасялілася на малым панадворку акружаным пяціпаверхавымі дамамі, - пасяліліся на панадворку й мы. На гэтым панадворку тэнар Менскага тэатру Шульга даў аднойчы канцэрт.
Аглядалі горад, пілі многа піва, якога ня мелі ў вуснах цэлы час вайны; падаставалі карткі на ежу й пачалі разглядацца, што рабіць далей. Матэрыяльнае жыцьцё ў параўнаньні зь Менскам вельмі добрае, бо апрача таго, што давалі на карткі, а тое, што было на картках напісана, дык бязь ніякіх клопатаў i чаргі даставалася, шмат чаго можна было атрымаць у рэстаранах без картак, як селядцы, рыба ды марскія «мушэльн». Кэнігсбэрг быў зусім неразбураны. Праз які дзень прыехалі Браты й Шантыр, які адлучыўся ад эшалёну ў Лідзе, падаўся ў Вільню ды праз Коўню трапіў у Кэнігсбэрг. У Вільні ён спаткаў на станцыі Дудзіцкага, які эвакуаваўся з Шырмянкай. На станцыю ў Вільні быў налёт i ў часе гэтага налёту загубілася Шырмянка. Зь Вільні Беларусы наагул не выяжджалі, відаць была нейкая шаптаная прапаганда. З тых каго я ведаў выехалі др. Б. Грабінскі бяз жонкі ды Язэп Найдзюк таксама бяз жонкі й Зоя Каўшанка. Д-ра Станіслава Грынкевіча [1] ня пусьціла жонка-полька, якая сказала наведаўшаму ix у справе выязду знаёмаму: «Стась нікуды не поедзе!» i трэба было спадзявацца, як ён быў арыштаваны Саветамі ды недзе загінуў.
Праз пару дзён пасьля нашага прыезду, гаўляйтэр Прусіі - Кох, пачаў набор моладзі на капаньне акопаў на граніцы Прусіі, граніцы, якой, як цьвердзіў Кох, не пяройдзе ніводзін савецкі жаўнер.
Як закліканьні гаўляйтара Коха, так i агляд геаграфічнага палажэньня ды кірунку савецкага наступу змусілі задумацца, ці Прусія ў хуткім часе не акажацца адрэзанай ад рэшты Райху. У Кэнігсбэргу было Беларускае прадстаўніцтва, на тэй самай вуліцы дзе й наш прытулак - царква. Прадстаўніцтва гэтае ўдзень ставалася беларускім клюбам. З уладаў гэтага прадстаўніцтва прыпамінаю Салаўя й сына маёй хроснай маці Гэлены Люткевіч - Аўгена Люткевіча, які ў Нямеччыне зьбеларусізаваўся. У Кэнігсбэргу ўсім далі магчымасьць купіць па валізцы.
Аднойчы, здаецца, ці не 10 ліпеня 1944 г. спаткаў на вуліды віцэ-прэзыдэнта БЦР Ю. Сабалеўскага, які сказаў мне, каб я хутчэй ішоў у царкву, бо сягоньня ўсе выяжджаюць. Я спытаўся ў яго куды ўсе едуць? Сабалеўскі адказаў, што ня ведае. Калі й на наступнае пытаньне Сабалеўскі адказаў, што ня ведае, тады я сказаў, што можа будзе прасьцей, калі ён скажа, што ён ведае. На так пастаўленае пытаньне Сабалеўскі адказаў: «Я ведаю, што я еду». Гутарка скончылася тым, што я пажадаў яму шчасьлівага падарожжа, гаворачы, што мне такія падарожжы ў няведамае не падабаюцца i я зь сям'ёй застаюся ў Кэнігсбэргу, a калі буду выяжджаць, дык буду ведаць куды еду. Сапраўды вечарам амаль усе выехалі. Тады мы перанесьліся з панадворку ў самую царкву, бо як ня стала Сабалеўскага, дык i сабака перастаў перашкаджаць, тым больш, што пачынаўся дождж.
Хоць у Кэнігсбэргу й было спакойна, аднак з увагі на раней паданыя разважаньні, трэба было таксама выяжджаць i парадзіўшыся, мы пастанавілі выехаць у Лодзь, якая ў тым часе належала да Райху й называлася Ліцманштадт. Пасьля таго, як пастанавілі куды ехаць, (пэўна яшчэ пасядзелі-б нейкі час), пачалі нас наведваць прадстаўнікі Арбайтсамту, так што трэба было рухацца хутчэй.
Атрымалі зь Беларускага прадстаўніцтва пасьветчаньне, што ў нейкіх урадавых справах мусім ехаць у Лодзь. Пасьветчаньне нам было патрэбнае, бо ня было агранічэньняў руху да 100 км., a калі нехта хацеў ехаць далей, дык мусіў мець нейкую важную прычыну. Выехалі з Кэнігсбэргу 13-га ліпеня 1944 году. Рэчы дапамаглі перанесьці на станцыю Браты, бо Глеб з Шантырам пару дзён перад гэтым выехалі пакінуўшы частку сваіх рэчаў пад маю апеку.
З Кэнігсбэргу выехалі падвечар, цягнік выехаў даволі пуставаты, але ўвесь час даходзілі новыя пасажыры, так што калі амаль на сьвтаньні цягнік затрымаўся ды пачуўся голас кандуктара - Торн, дык высесьці з рэчамі праз дзьверы аказалася немагчымым дзеля перапаўненьня. Высеў я зь сястрою, а жонка выкідала рэчы праз вакно, а сама выскачыла зь цягніка ўжо на хаду. Адну малую валізку забыліся ў цягніку, - у ёй былі запасныя акуляры, гадзіньнік, пара дакумантаў i яшчэ нешта. Высеўшы разгледзеліся й аказалася, што гэта сапраўды Торунь, але не галоўная станцыя, якая знаходзілася з другога боку Віслы. Адседзелі там да якой шостай над раніцай, а тады трапілі нарэшце цягніком на галоўную станцыю. У гэты самы дзень даехалі й да Лодзі (14 ліпеня 1944 г.). У Лодзі пайшлі ў Беларускі камітэт, што мясьціўся на Цітэнштрассэ. Там жыло ўжо даволі многа народу, але мейсца на падлозе знайшлося й для нас. Засталі мы тут ужо Станіслава Станкевіча з жонкай i дачкой, сям'ю Высоцкіх, Вайцяхоўскіх, Рождзественскіх, сьвятара Ігнатовіча з жонкай ды інш.
Старшынёю Беларускага камітэту ў Лодзі быў Габруковіч, які часамі заходзіў у памешканьне, хапаўся за галаву й казаў: «Што вы ca мною робіце! », хоць у сапраўднасьці ніхто яму ніякіх няпрыемнасьцяў не рабіў. Сымпатычней адносіўся да ўцякачоў сакратар камітэту Ракіцкі. У Лодзі аказаліся таксама Ф. Кушаль, Р. Астроўскі ды інш. Кушаль - галоўнакамандуючы БКА, разгубіўшы ў дарозе ўсё сваё войска, цяпер пачаў старацца яго сабраць, але ўся ягоная праца ў гэтым кірунку агранічылася да высланьня тэлефонаграмы ў Беларускі камітэт у Кэнігсбэргу, каб усіх вайскоўцаў, якія-б там аказаліся накіроўваць у Лодзь. У лягеры фольксдойчаў знаходзіліся фон Зэйдліцы. Сястра выехала ў лягер моладзі ў Крымічаў у Саксоніі. Атрымаць памешканьне ў Лодзі было вельмі цяжка, а працу хіба толькі на фабрыцы з пражываньнем у нейкім лягеры. Пачалі разглядацца за іншым выхадам.
Ад др. Фрыдрыха прыйшоў ліст у Беларускі камітэт, што ён арганізуе курсы для судзьдзяў у Турынгіі й прасіў накіроўваць туды ўсіх судзьдзяў, якія знаходзяцца ў Лодзі. Парадзіўшыся з жонкай пастанавілі, што я паеду на гэтыя курсы, а яна пакуль што застанецца ў Лодзі. Так i зрабілі. Я купіў білет у горад Майнінгэн (Турынгія). Ужо ў дарозе купіў на нейкай станцыі газэту й даведаўся, што быў замах на Гітлера. Было гэта 21 ліпеня 1944 г. Калі цягнік затрымаўся ў Брэсляў, я выйшаў з вагону разьмяць ногі, i на пэроне спаткаў знаёмага зь Вільні Полтаржыцкага, татарына, што працаваў адміністратарам дому ў Вільні за савецкіх часоў i заўсёды гутарыў са мною пабеларуску. ён ехаў зьнекуль у Вену. Праз Дрэздэн, Гальле, Вэймар, Эрфурт i Зуль раніцою 22 ліпеня трапіў у Майнінгэн - спакойны, неразьбіты гарадок з вялікім прыгожым паркам. Пакінуўшы рэчы на станцыі, я пайшоў шукаць майго месца прызначэньня. Зайшоў у мясцовы суд Ляндгэрыхт, пагаварыў зь ягоным кіраўніком i той паведаміў мяне, што курс мае адбывацца недалёка ад Майнінгэн, у вёсцы пад назовам Драйсігакэр. Вёску пайшоў шукаць пехатою. Майнінгэн ляжыць над ракою Вэрра. Трэба было перайсьці мост праз раку i адтуль ішла дарога на Драйсігакэр, некалькі кілямэтраў увесь час пад rapy, праз надзвычай маляўнічую мясцовасьць, як-бы скапіяваную зь нейкай нямецкай ляндшафтнай паштоўкі. Дайшоў нарэшце да таго Драйсігакэру, пытаюся ў аднаго, пытаюся ў другога й нарэшце трэйці баўэр сказаў, што гэта хіба ў Арбайтсгаўзе. Назоў мне ня вельмі спадабаўся, але знайшоў той Арбайтсгаўз, які быў на скраі вёскі. Арбайтсгаўз аказаўся вялікім, старым будынкам, палацовага тыпу. На партэры вялікі голь, вялікая заля, пара вялікіх пакояў i кухня. Расклад калідорны - памешканьні з двух бакоў калідору. На паверсе таксама калідор i з двух бакоў жылыя пакоі ды канцылярыя.
Сам Драйсігакэр - малая вёска на краі невялікага плоскаўзвышша, пакрытага палямі. Спады з таго ўзвышша на ўсе бакі, а лес пачынаўся, дзе канчалася плоскаўзвышша. Відаць было тут халадней, бо збажына, якая ўжо ўсюды была пазьбіраная, тут яшчэ стаяла на полі зялёнаю. Курс ужо пачаўся перад маім прыездам. Быў ужо там Часлаў Найдзюк, М. Кунцэвіч, Грэчыха, Грыгаровіч, Волкаў, судзьдзя-расеец з-пад Старадубу (Чарнігаўшчына), Ю. Леўчук, які быў прызначаны старшынёю курсу. З Леўчукам ужо на другі дзень прыйшлося мець сутычку, бо Леўчук выехаўшы зь Менску, ды яшчэ нададатак трапіўшы да ўлады, пачуў свабоду й паказаў сваё сапраўднае аблічча i як старшыня курсу для беларускіх судзьдзяў афіцыйна зварочваўся да ўсіх парасейску. Я з мейсца ў яго ўчапіўся. Леўчук спачатку не даваўся, гаварыў, што ўжо гэтак заведзена, што гэта традыцыя й, што тут ёсьць судзьдзя са Старадубу, які пабеларуску не разумее, але ўсё-ж я ягоныя перакананьні перамог i Леўчук перастаў афіцыйна гаварыць парасейску. У пакоях прызначаных для жыцьця стаялі двухпавярховыя драўляныя ложкі, але спалі ўсе ў адзін паверх, бо мейсца хапала.
Раніцай уставалі, выходзілі на панадворак, станавіліся ў рад, i тады выходзіў камандант курсу немец, не памятаю, як ён называўся, a ўжо апошнім прыбягаў Ч. Найдзюк. Пазьней здаваўся рапарт аб колькасьці прысутных, i тады немец прачытваў нейкую цытату зь нейкага пісьменьніка, падавалася каманда «вольна » i ўсе ўжо статкам ішлі праз вуліцу ў рэстаран - гастгаўз Zum Hirsch. З цытатаў з раньняй зборкі прыпамінаю толькі адну:
Gut verloren - wenig verloren,
Маемасьць згубіў - мала згубіў,
Mut verloren - viel yerloren,
Адвагу згубіў - шмат згубіў,
Ehre yerloren - alles verloren.
Гонар згубіў - усё згубіў.
У ўспомненым рэстаране давалі раніцою па два кавалачкі хлеба памазанага бурачаным павідлам i без агранічэньня нямецкай кавы са збожжа, але бяз цукру. Пасьля гэтай лёгкай перакускі ішлі назад у Арбайтсгаўз на навуку. Выклады былі зь нямецкай мовы й студыяваньня нямецкага права. У поўдзень быў перапынак на абед. Ішлі ізноў у Zum Hirsch i там елі абед. На абед з дня на дзень давалі вараную ў лупінах бульбу, але падавалі на добрай парцэляне. Абед адбываўся з пэўным цэрымоніялам. Усе сядалі за стол, i тады гаспадыня курсу жадала ўсім добрага апэтыту (гутэ гунгэр) i гэта было сыгналам, што можна пачынаць. Апэтыт ува ўсіх i бяз пажаданьняў быў вельмі добры. Бульба ставілася ў вялікіх місках на сярэдзіне стала. Кажны мусіў сам сабе ачысьціць бульбу з шалупінаў колькі хто пасьпее. Спачатку найхутчэйшым быў М. Кунцэвіч, але пасьля нейкага часу яго пачаў перамагаць судзьдзя Волкаў, пакуль не заўважылі, што Волкаў абіраў бульбу толькі з аднаго боку й гэтым абабраным бокам уверх клаў на талерку, a калі ўжо ўся бульба была разабраная, дык абіраў другі бок. Бульба палівалася нейкім сосам. На дадатак давалі ў маленькім сподачку тое, што ў Нямеччынне называлася пудынгам. Уставалі з-за стала яшчэ больш галоднымі, бо-ж ведама, што апэтыт прыходзіць у часе ежы. Харчовых картак мы ня мелі, бо нашыя карткі ішлі на супольнае харчаваньне. Атрымаць нешта дадаткова ў Драйсігакэр ці Майнінгэн было амаль немагчыма, так што было галадней як у Менску, a ў Менску-ж было голадна. Вечарам ізноў была кава й два плястэркі хлеба. На дробныя выдаткі давалі нам па 10 райхсмарак на тыдзень. У хуткім часе, пасьля майго прыезду партэр дому занялі таксама Беларусы, уцекачы - адміністрацыйныя працаўнікі зь сем'ямі. Былі там А. Орсы, Скураты ды іншыя. Тыя былі на сваіх харчох i варылі сабе ежу ў кухні. Мы-ж трохі даядалі ягадам! ажыны, якія зьбіралі ў лесе.
Аднойчы адведаў нашу школу др. Фрыдрых з жонкаю. Пабыў некалькі дзён, i ў гэтым часе адбылі зь ім экскурсію ў ваколіцы нейкага замку. Падарожнічалі пехатою праз горы Турынскага лесу. Горы, зрэштай, вельмі лагодныя, пакрытыя пераважна букавым лесам. Замак той, што мелі адведаць быў для наведвальнікаў зачынены. Заміж гэтага адведалі руіны замку нейкага разбойніка-барона. Замак пабудаваны на самым версе сьпічастай гары, да якога вядзе дарога сьпіраляй, дакладней не дарога а сьцежка. З каменнага замку захавалася нямнога, добра, аднак, захавалася вылажаная каменем студня.
Другую экскурсію адбылі чыгункай у горад Айзэнах 30 ліпеня 1944 г., дзе адведалі дом, дзе радзіўся Ян Сабастыян Бах, пасьля дом дзе жыў Марцін Лютэр, а тады адведалі замак Вартбург на высокай гары каля Айзэнаху, дзе Лютэр, пад апекаю мясцовага князя займаўся перакладам Бібліі ды змагаўся з чортам, які яму ў гэтым перашкаджаў. Лютэр кінуў быў у чарта чарнільніцай, але, відаць, ня трапіў, бо на сьцяне засталася вялікая пляма. Я спатыкаўся недзе зь цьверджаньнем, што гэтым чортам меў быць Франьцішак Скарына.
Хутка пасьля майго выезду з Лодзі, там паўстала паніка, з прычыны падыходу «вызваліцеляў ». У сувязі з гэтым трэба было выяжджаць. Жонка мая далучылася да кампаніі пад кіраўніцтвам інж. Аляксандра Аўдзея, жонка якога Люба была школьнай калежанкай мае жонкі. Да гэтай групы апрача А. Аўдзея, належала ягоная матка, ягоны брат Іван, брат Уладзімір зь сям'ёю, сястра Савінская, вялікая сям'я Заруцкіх, - другой сястры Аўдзеяў. Пасьля цяжкага падарожжа ш ў перапоўненых цягнікох, прыехалі ў апошніх днях ліпеня ў горад Мэрыш Трыбаў у Судэтах. Там атрымалі часовае закватэраваньне ў будынку школы. Жыць там, ca спаньнём на падлозе, было няблага, але Арбайтсамт хутка пачаў запрашаць на работу. У сувязі з гэтым пару разоў высылаў жонцы ўрадавыя пасьветчаньні, што яна тымчасова не падлягае абавязку працы. Перапіску тады мы вялі даволі ажыўленую, бо з аднаго боку няпэўнасьць агульнага палажэньня, а з другога клопаты з рэчамі, бо адзін пакунак, што ехаў багажом з Кэнігсбэргу ў Лодзь недзе загінуў. Жонка выяжджаючы з Лодзі пакінула там у Беларускім камітэце рэчы Глеба Багдановіча i Антона Шантыра, бо ня ведала дзе яны знаходзяцца. 14 жнівеня 1944 году наш курс пераехаў у Франкфурт над Одраю, каб там вучыцца далей, але ўжо ў вялікшым таварыстве. Прыехалі ў Франкфурт бяз ніякіх прыгодаў. Там нас пасялілі ў Бюлоў Казэрнэ на Фюрстэнвальдэрпостштрассэ. Кашары былі добрыя, новыя й мейсца было многа. Курс на які мы прыехалі ўжо пачаўся. Удзельнікамі гэтага курсу былі судзьдзі зь Генэральнага Камісарыяту Ўкраіны. Было там ужо асобаў 20. Цікава, што сярод ix быў толькі адзін Украінец з расейскім прозьвішчам Алексееў, а рэшта гэта былі Расейцы, якія нават не стараліся рабіць уражаньня, што яны Ўкраінцы. Ня ведаю ў якой меры ўдзельнікі курсу рэпразантавалі працэнтовасьць нацыянальнага складу адміністрацыі Генэральнага Кам. Украіны, але ў гэтым выпадку трэба зазначыць, што калі мы пачалі студыяваць вытрымкі з нямецкага карнага кодэксу, дык карысталіся афіцыйным выдавецтвам Генэральнага Кам. Украіны, i гэтае выданьне было ў двох мовах, расейскай i нямецкай, тады як на Беларусі расейская мова нідзе ў афіцыйных выдавецтвах не ўжывалася. Апрача Беларусаў, што прыехалі з Драйсігакэру тут аказаліся яшчэ Павал Мацкевіч з Баранавіч, В. Плескач з Наваградка i яшчэ нехта з Баранавіч, што працаваў ў гіпатэцы, прозьвішча якога не памятаю. Усе, за выняткам Ч. Найдзюка й В. Плескача, якія пасяліліся ў расейскай залі, уладзіліся ў аднэй залі, перагарадзіўшыся як маглі шафамі. Я меў перагародку з М. Кунцэвічам. Суседам з аднаго боку быў П. Мацкевіч з жонкаю. З харчаваньнем у Франкфурце выразна паправілася, бо нам выдалі на рукі звычайныя харчовыя карткі з дазволам сталавацца ў тутэйшым касыне. Раніцою выдавалі каву, а рэшту трэба было атрымліваць самым. Вячэралі пераважна ў горадзе, а таксама даварвалі сабе, што даставалі з вольнага рынку.
Праз пару тыдняў нас з касына выпрасілі й трэба было на абед езьдзіць у горад, але гэта ня было цяжка, бо прыпынак трамваю быў ля самых кашараў. Ежа ў рэстаранах, як на ваенны час была зусім не благая, раз нават у адным рэстаране падалі да абеду францускае віно. Апрача гэтага без картак можна было атрымаць многа ўсялякай гародніны на рынку каля ратушу. Былі гэта пераважна кальрабі й гуркі, нейкага спэцыяльнага гатунку, бо вага гуркоў дасягала пару кіляграмаў аднаго.
Франкфурт быў зусім неразбураны. Пагода была ўвесь час гарачая й мы некалькі разоў купаліся ў Одры. Заняткі палягалі на навуцы нямецкай мовы. Дзеля гэтага мы чыталі наголас нямецкія газэты, пераважна «Фолькішэр Бэобахтэр » i перакладалі прачытанае: украінскія судзьдзі на расейскую, а мы на беларускую мову. Супраць перакладу на беларускую мову Расейцы пратэставалі, кажучы, што яны не разумеюць, але ў гэтым выпадку Беларусы трымаліся салідарна й з расейскіх пратэстаў нічога ня выйшла. Апрача нямецкай мовы вывучалі той тэкст вытрымкаў зь нямецкага карнага кодэксу, аб якім ужо ўспамінаў. У мяне наагул паўстала ўражаньне, што немцы ня ведаюць што з намі рабіць, i дзеля гэтага ствараюць від нейкіх заняткаў, каб таксама быць занятымі пры нас, ды самым ня трапіць на фронт.
Хоць Франкфурт i не бамбілі, аднак начныя алярмы былі часта, i калі бамбардавалі Бэрлін, дык было відаць сьвет пражэктараў. У часе алярму трэба было ісьці ў падвал пад домам, дзе было напісана, што гэта процібамбовае сховішча. Некалькі разоў пераседжваў гэты час не ў падвале, але ў шафе, а як усе выходзілі, дык спаў далей. Дапамагала тут тое, што ў нашай залі ня было сьвету, бо мы ня дбалі, каб былі лямпачкі, бо з увагі на гарачыню мы хацелі мець адчыненыя вокны.
Апрача судзьдзёўскага курсу ў гэтых самых кашарах, але ў іншых блёках жылі ўцекачы з Крыму, ні то Татары, ні то Караімы. Сем'і судзьдзяў жылі ў лягеры ў горадзе Кюстрын i туды сямейныя езьдзілі кажны тыдзень, атрымліваючы на гэта спэцыяльныя пасьветчаньні. Я часамі таксама езьдзіў у Бэрлін, бязь ніякіх спэцыяльных пасьветчаньняў.
21 жніўня 1944 г. я даведаўся ад жонкі дзе Глеб i Браты, а яна ў сваю чаргу даведалася пра гэта ад Барыса Рагулі, які прыяжджаў у Мэрыш Трыбаў. Даведаўшыся пра гэта, я пад 12 пратэкстам шуканьня загінутых рэчаў, паехаў у Лодзь i прывёз пакінутыя жонкай у Лодзі рэчы Глеба й Тоніка.
Захварэў на нейкую хваробу, якая выяўлялася тым, што цэлы дзень было добра, але як толькі клаўся спаць, дык усё цела пачынала сьвярбець, i сьвярбела так, што часта каля трэцяй гадзіны ночы трэба было браць халодны душ, тады на пару гадзінаў сьверб супакойваўся. Я думаў, што можа гэта кароста, але прыпамінаючы апісаньне каросты ўспомніў, што кароста пазнаецца па тым, што сьвярбіць найбольш паміж пальцамі рук i на скуры заўважаюцца чорныя пункты. Пунктаў аднак ня было, а сьвярбела як паміж пальцамі, так i ўсе плечы.
9 верасьня прыехаў обэрштабсарцт маёр Глеб з Тонікам ды забралі большасьць сваіх рэчаў, рэшту пакінулі ўключна з альбомам фатаграфіяў Глеба.
Маю хваробу Глеб адразу распазнаў, як каросту й сказаў, што ён таксама, як i Тонік на гэта ўжо перахварэлі й, што мы набраліся яе ў часе падарожжа зь Менску ад К. Лек парэкамандаваны Глебам - «морыфэн», зрабіў жыцьцё прыемнейшым адразу пасьля першага пашмараваньня цела. Для пэўнасьці я правёў дзьве курацыі, так што на далонях, якімі наносіўся лек, зьлезла скура, але вылячыўся добра.
Падчас паездкаў у Бэрлін спатыкаў А. Сакалова, які жыў у пансіёне Бэатрыкс, Майнэкэ штрассэ 5, дзе жылі i іншыя Беларусы. Майнэкэ штрассэ - гэта была адна з бакавых вуліцаў ад бадайшто галоўнай вуліцы Бэрліну - Курфірстэндам. Бэрлін быў многа разоў ужо збамбардаваны, але яшчэ многа чаго засталося цэлым. Прапаганда аліянтаў, што яны бамбардуюць толькі вайсковыя аб'екты, нажаль, не адказвала праўдзе: бамбардавалі сыстэматычна квартал за кварталам усё, што ў даным квартале знаходзілася. Адно было добра, а гэта тое, што ў бамбардаваньні была рэгулярнасьць у часе - заўсёды ў той самы час. Амаль кажную ноч а тэй самай гадзіне быў алярм, i трэба было бегчы ў схоў у Цоо парк. Там былі вялізарныя два бэтонныя сховішчы, паверхаў пяць ці шэсьць зь вельмі таўстымі сьценамі. У гэтых сховішчах было зусім бясьпечна, бо здаралася ўжо, што на ix падалі бомбы, але не прабівалі столі, a толькі пашкоджвалі супрацьлётную артылерыю (флігэрабвэрканонэ). У схове праводзілі з паўтары гадзіны, а тады ішлі ізноў спаць далей.
Са знаёмых бачыўся яшчэ зь Людвікай Будзька, якая працавала ў рэдакцыі газэты «Раніца», з маладым Кушалям, з А. Плескачэўскім ды іншымі. Атрымаў легітымацыю Беларускага «Фэртраўэнсштэльле» з надрукам, што агранічэньні стасаваныя да ўсходніх работнікаў (Остарбайтэр) i Жыдоў да мяне не стасуюцца. Атрымаў гэтую легітымацыю на падставе пасьветчаньня выстаўленага Хведарам Ільляшэвічам, што я быў зарэестраваны ў Беларускім камітэце ў Беластоку, які тады належаў да Райху. Старшынёю гэтага Фэртраўэнсштэльле быў Бэрнард Букатка.
Адзін раз меў у Бэрліне спатканьне з жонкай, якая прыехала на канфэрэнцыю адносна нашых далейшых плянаў.
Адзін з удзельнікаў нашых курсаў запрапанаваў мне й Кунцэвічу працу ў Гэстапо й на довад, што ягоная прапанова паважная паказаў сваю ўрадавую легітымацыю. Ад гэтага мне зрабілася трохі няпрыемна, бо з гэтым самым удзельнікам я слухаў ангельскія радыёвыя паведамленьні. На ягоную прапанову я адказаў, што павінен гэтую справу разважыць, але ані я да яго, ані ён да мяне болын з гэтым не зварочваўся.
На нашым курсе пачалі курсаваць пагалоскі, што нас павязуць у нейкі іншы лягер, здаецца ці ня Вустраў, а жонка пачала пісаць, што ix высяляюць са школы й таму ёй трэба шукаць іншага месца.
Падчас аднэй з паездак у Бэрлін пабачыўся з Р. Астроўскім i дагаварыўся зь ім, што БЦРада пакліча мяне на працу, i такім чынам вызваліць мяне ад далейшай навукі. Беларуская Цэнтральная Рада недзе пад канец верасьня атрымала для сябе й для жыльля сваіх працаўнікоў два пад'езды ў блёках збудаваных для рабочых i яшчэ не заселеных. Дамы гэтыя былі на вуліцы Гумбінэр ці Бартэнштэйнэр, недалёка ад прыстанку напаверхняй гарадзкой чыгункі (ЭсБан) - Вайсэнзээ. Перш прыехала ў Бэрлін жонка й затрымалася ў памешканьні Пануцэвічаў на Ёрк штрассэ. У хуткім часе i я атрымаў паперку з выклікам. Цяпер я разьвітаўся з курсам, які сапраўды выяжджаў у Вустраў.
У БЦРадзе атрымаў я пасаду сакратара статутовай камісіі вайсковага аддзелу й пачаў шукаць сабе мейсца на кватэру. У памешканьні прызначаныя для працаўнікоў Рады ўбіцца ня было як, бо ўсе памешканьні былі занятыя ня толькі працаўнікамі БЦРады, але таксама шваграмі ці кумамі ўплывовых радных. У падвал таксама ня было як ўбіцца, бо быў перапоўнены. Прыпамінаю сярод падвальных жыхароў Ю. Віцьбіча з сям'ёю. Шукаючы памешканьня падняўся вышэй апошняга паверху на падстрэшша й там знайшоў сабе месца. Быў гэта маленькі пакоік прызначаны на пральню для гэтага пад'езду. Маленькае ваконца як у стайні, кран з вадою, многа дзіркаў у сьценах i вялікая прабоіна ў столі выбітая малой запаляючай бомбай. Дзіркі пазатыкаў, дастаў з падстрэшша два ложкі, якія там знайшоў, паставіў ix адно на а дно, дастаў маленькі столік i пачаў жыцьцё ў Бэрліне. Аграваньне было цэнтральнае, ад цяпла на сходах. Калі дзьверы на сходы былі адчыненыя, дык нават ня было холадна, але пасьля ночы пры зачыненых дзьвярох, было даволі холадна, хоць вада ў вадаправодзе ніразу не замерзла, тымчасам калі на стале замярзала.
У гэтым самым пад'езьдзе жылі радныя: Ю. Сабалеўскі, П. Сьвірыд, Калядка, Стаськевіч, Кандыбовіч, з пасярод працаўнікоў Еўцы.
Жонка пачала працаваць у Жаночым аддзеле, а я на сваім становішчы заняўся перакладамі патрэбных для войска тэкстаў. Пералажыў нямецкі вайсковы карны кодэкс i нямецкі дысцыплінарны вайсковы кодэкс. Маім непасрэдным начальнікім быў кіраўнік Вайсковага аддзелу БЦР Канстантын Езавітаў - вельмі ініцыятыўны й працавіты чалавек, але які быў змушаны прысьвячаць вельмі многа часу на «вайну» з галоўнакамандуючым Беларускай Краёвай Абароны Франьцішкам Кушалям, які чуўся вельмі пакрыўджаным, што ягоным начальнікам быў К. Езавітаў, які хоць i меў тытул генерала, наданы яму гістарычным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, але па сутнасьці вайскоўцам ня быў [2].
Франьцішак Кушаль увесь свой падпольскі час правёў у чыне капітана, як выхаваўца ў польскіх кадэцкіх карпусох, але ня гледзячы на гэта лічыў сябе вайсковым спэцыялістам, быў хварабліва зайздросны за свой вайсковы тытул падпалкоўніка наданы яму Астроўскім, i вельмі неахвотна падпарадкаваўся ген. Езавітаву ды дзе толькі мог рабіў яму перашкоды.
Гэткае самае адношаньне было ў Ф. Кушаля й да іншых вайскоўцаў. Калі да Кушаля зьяўляліся вайскоўцы з вайсковых аддзелаў паза БКА - твораных i будучых пад беспасярэднім нямецкім камандаваньнем, дык калі афіцэры гэтых аддзелаў выражалі ахвоту далучыцца да БКА, дык Кушаль не прызнаваў вайсковых ступеняў здабытых у баёх i наданых нямецкімі вайсковымі ўладамі, a дамагаўся абніжэньня гэтых рангаў на адну ці дзьве ступені. Асабліва вялікі скандал быў зь інжынерам Міхалам Вітушкам, які хацеў далучыцца да БКА з тытулам маёра, які ён здабыў у баёх з савецкімі дэсантнікамі, а Кушаль запрапанаваў яму далучыцца як старшы лейтэнант. М. Вітушка несымбалічна, а дакладна плюнуў на Кушаля й паехаў у Дальвіц, дзе ачоліў групу парашутыстаў, якія былі скінутыя на Беларусі й даўжэйшы час пасьля капітуляцыі Нямеччыны вялі змаганьне супраць расейскіх акупантаў. Іхняя баявая клічка называлася «Чорны кот», Падобная гісторыя была й з Д. Касмовічам ды зь іншымі [3].
Р. Астроўскаму ня раз зьвярталі ўвагу на неадпаведнае захаваньне Кушаля, але нічога з гэтых інтэрвэнцыяў ня выйшла, бо Кушаль быў у добрых адносінах з Астроўскім (падпявалаў кажная ўлада любіць) i Астроўскі тлумачыўся, што ня мае нікога на замену, бо хоць Кушаль пэўна-ж не франтавы афіцэр, але ўсё-ж праўдзівы вайсковец. Дзеля гэтага Астроўскі адкінуў таксама дамаганьні вайскоўцаў, каб Кушаля аддаць пад суд, як дэзэртыра, які пакінуў БКА й спакойна выехаў разам з цывільнымі працаўнікамі БЦРады.
М. Кунцэвіч разьвязаў справу з памешканьнем у Бэрліне вельмі проста. У доме дзе мясьцілася БЦРада, быў цэлы рад пад'ездаў дзе ніхто ня жыў. Ад вуліцы гэтыя ўваходы былі зачыненыя, але кажныя сходы мелі выхад на падстрэшша й такім чынам праз падстрэшша можна было трапіць у кажны пад'езд. Быў загад, каб усе ўваходы на падстрэшша былі заўсёды адчыненыя, каб у выпадку трапляньня туды запальных бомбаў, можна было ix гасіць. У адным з пад'ездаў Кунцэвіч заняў цэлае памешканьне з уваходам праз падстрэшша й жыў там. Працаваў Кунцэвіч як перакладчык у статутовай камісіі й наколькі памятаю, перакладаў з расейскага нейкі летувіскі страявы статут.
Увосень палонны генэрал савецкай арміі ўласаў (Власов) выдаў у Празе Чэскай маніфэст ад імя заложанага ім «Комитета Освобождения Народов России». Уласаў заклікаў да змаганьня супраць Саветаў разам з Немцамі. Уласаў імкнуўся стварыць фікцыю, што ў гэтым змаганьні прыймуць удзел пад ягоным кіраўніцтвам усе «Народы России». Пад гэтым назовам Уласаў разумеў не народы, што жылі ў РФССР, а ўсе народы ўсяго Савецкага Саюзу. Дзеля гэтага ў склад прэзыдыюму ягонага Камітэту ўвайшоў Украінец Ф. П. Богатырчук. Як прадстаўнік ад Беларусаў у ўласаўскі камітэт увайшоў нейкі Н. Н. Будзіловіч. Вестка аб заснаваньні Ўласаўскага камітэту, моцна падтрымліванага Немцамі, змусіла захвалявацца некаторыя няўстойлівыя адзінкі й сярод Беларусаў. Асобы гэтага тыпу, якія з аднаго боку мелі прарасейскія сымпатыі, а з другога боку бачучы, што Немцы падтрымліваюць генэрала Ўласава ды ведаючы, што на падтрымцы мерапрыемстваў кажнай улады, адзінка можа толькі выграць, пачалі выражаць сваё захапленьне ідэямі генэрала Ўласава. Сярод тыпу гэтых людзей, якія пачалі энтузыявацца Ўласавым, трэба ўспомніць Уладзімера Лазарэвіча, які нейкі час быў віцэстаршынёю гораду Менску. Гэты тып, - Лазарэвіч выступаў на нейкім мітынгу ў Торуні выказваючы сваё захапленьне ідэямі ген. Уласава. У уласаўскай газэце «Воля Народа» нейкі Демченко выступіў ад імя Беларусаў з артыкулам у якім выразіў думку, што «Манифест Комитета Освобождения Народов России отражает идеи и чаяния нашего народа». 17 сьнежня ў склад таго-ж камітэту быў «уведзены» Комар - віцэстаршыня Менску, Ф. Жук - працаўнік Цэнтральгандэльгэзэльшафт Ост, i вайсковец Пугачоў. На гэтым-жа паседжаньні выступаў «белорусский поэт» В. Гуцько [4], які выразіў «волю к установлению нерушимого единства всех народов России».
У сувязі з Новым 1945 годам прызывалі Божае багаслаўленьне на «труды Камітэта - Председатель Собора Епископов Белоруссии Митрополит Пантелеймон» i япіскапы Бэнедыкт, Сьцяпан i Грыгор. Той «белорусский поэт» Гуцько, перад тым, як перабег да Ўласава, працаваў як кіраўнік аддзелу прапаганды БЦР. Перабег да Ўласава радны БЦР, артыст Селях-Качанскі й працаўнік вайсковага аддзелу М. Дзямідаў, які аднак хутка вярнуўся назад, відаць, не знайшоўшы ў Уласава таго, чаго шукаў.
Прыехалі таксама ў Бэрлін Барыс Рагуля й Усевалад Родзька. Гэты апошні, як радны БЦР пераконваў Раду ў неабходнасьці далучыцца да ген. Уласава. У цэласьці, аднак, у БЦР перамаглі беларускія перакананьні й у Уласава аказаліся толькi пералічаныя адшчапенцы.
Жыцьцё ў Бэрліне было адносна спакойнае, хоць у схоў - падвал пад домам трэба было бегаць часамі па пару разоў удзень, але бомбы заўсёды падалі ў бясьпечнай адлегласьці. Раніцою елі ў хаце, абед елі недзе ў горадзе, дзе хто патрапіў, а вечарам елі на гэтым самым панадворку ў сталоўцы нейкай установы зь літарамі РАД, дзе амаль кажны дзень давалі бльбу з мушлямі [5].
Недзе перад Новым годам я атрымаў дадатковую працу. Да гэтага часу функцыю лучніка паміж БЦРрадаю i Остміністэрыюм выконваў А. Сакалоў, але раптоўна ён аказаўся ў канфлікце з урадаўцам Остміністэрыюм Шнайдэрам, які вёў там справы БЦРады. Аднойчы Шнайдэр зьвярнуўся да Сакалова «голубчик», на што Сакалоў адказаў, што ён яму не «голубчик», а «господин Соколов». У выніку гэтага канфлікту Сакалоў адмовіўся ад свайго становішча, хоць Шнайдэр i тлумачыўся, што ён ня меў ніякага намеру чым небудзь абразіць Сакалова.
Астроўскі папрасіў мяне, каб я пераняў функцыю Сакалова й прышлося згадзіцца. Працы, праўда, было ня многа, бо трэба было раз у дзень зрэфэраваць актуальныя справы й перадаць зьвязаныя з гэтым лісты. Амальшто зь першага дня паўстаў у мяне канфлікт зь некаторымі панамі БЦРады. Забіраючы перапіску Рады я заўважыў, што там былі тры запячатаныя канвэрты. Я зрабіў від, што гэтага не заўважыў, a выйшаўшы на вуліцу наклеіў на гэтыя лісты паштовыя маркі i ўкінуў ix у паштовую скрынку. Калі я вярнуўся ў БЦРаду, дык мяне пачалі пытаць, як палагоджаныя справы, што былі ў тых канвэртах. Я адказаў, што я зрабіў ім ветлівасьць i запячатаныя канвэрты ўкінуў у паштовую скрынку, але на прышласьць прашу гэтым займацца самым, бо ад цяпер я буду ўсё пераглядаць i запячатаныя канвэрты буду ім зьвяртаць назад, бо кур'ерскіх функцыяў у Радзе я не пераймаў. Паны БЦРады нарабілі трохі шуму, але рады не далі.
Паколькі ў нас ня было актуальных нямецкіх дакумантаў, дык яшчэ ў пачатку кастрычніка зьвярнуўся я ў Поліцайпрэзыдыюм з просьбаю выдачы мне, як чужаземцу пашпарт. Пашпарт гэты я атрымаў вельмі хутка. На другі дзень ужо з маім пашпартам пайшла туды жонка й на працягу пару гадзінаў атрымала таксама «фрэмдэнпасс». У міжчасе забясьпечаньнем належнымі дакумантамі пачалі займацца нямецкія ўлады, якім падлягалі справы ўсходніх работнікаў. Між іншым выклікалі да сябе пана БЦРады Пятра Орсу, павесілі яму на шыю знак усходніх работнікаў (літара «О») ды парадкавы нумар i сфатаграфавалі, сказаўшы прыйсьді на наступны дзень па гатовы дакумант.
Гэтую i аналягічныя справы я меў палагодзіць у Остміністэрыюм. Я расказаў урадоўцу Шнайдэру пра ўсю справу й закончыў пытаньнем: «Як вы думаеце гэр Шнайдэр, за такую фатаграфію пана з БЦРады з нумарком на шыі, заходнія аліянты добра-б заплацілі?» Шнайдэр паглядзеў на мяне й сказаў, што ён думае, што добра заплацілі-б. Толькі такою была гэтая гутарка. Будучы ў Канадзе гэтую самую гісторыю расказала мне Э. Пітушчыха ў многа больш драматычнай i акцёрскай рэдакцыі. Я паправіў недакладнасьці, але да сягоньня не магу дагадацца скуль яна гэта ведала, бо я нікому пра гэта не расказваў, i як мне здавалася пры нашай гутарцы са Шнайдэрам нікога ня было. Ня ведаю ці П. Орсу ды іншым зьмянілі дакуманты, бо ўрадавае кола, як ведама, коціцца павольна. Наагул-жа я пераканаўся, што ў Нямеччыне многа лягчэй было палагоджваць справы індывідуальна. Харчовыя карткі я атрымліваў бязь ніякіх клопатаў, тыя-ж, што дзеля няведаньня мовы рабілі гэта праз Раду, урадавай дарогай, мелі кажны раз клопаты.
17 кастрычніка езьдзіў у Кракаў, дэлегаваны туды па закуп некаторых кнігаў. У дарозе меў трохі прыгодаў, бо ў Катавіцах высадзілі мяне зь цягніка, гаворачы, што пропуск з Остміністэрыюм недастатковы, бо Кракаў знаходзіцца ў ваеннай зоне, i на паездку туды трэба дазвол вайсковых уладаў, а паколькі я такога дазволу ня меў, дык мне яго тут-жа й выдалі. Паехаў у Кракаў наступным цягніком. Кіраўніком Беларускага камітэту ў Кракаве быў Трахімоўскі. Зрабіў на мяне ўражаньне, што працуе ў многіх установах. У Камітэце пабачыўся з Тамашом Грышкевічам, якога ня бачыў зь якога 1936 году. Спаткаўся таксама з Александрам Аўдзеям. Патрабуючы грошаў, прадаў яму пяць рублёў i даведаўся ад яго, што ягоным вялікім кліентам быў нядаўна Міхась Тулейка, што быў заступнікам П. Сьвірыда ў Баранавіцкім судзе й старшынёю Самапомачы ў Баранавічах, i маючы вельмі многа папяровых грошаў старанна пераводзіў ix у залатыя рублі. Ю. Сабалеўскі казаў мне, што ў М. Тулейкі была каса Баранавіцкай Самапомачы й, што Тулейка выяжджаючы з Баранавіч яе забраў з сабою, але на ніякія лісты не адказваў, i сам у Бэрлн, нягледзячы на запросіны, не паказаўся.
Новы 1945 год спаткалі ў памешканьні працаўнічкі БЦР Ніны Якубовіч. Апрача нас быў К. Езавітаў, Кунцэвіч i Тонік Шантыр. Езавітаў выказаў думку, што ніякага дабра ад заходніх аліянтаў ён не спадзяецца, бо камандаваць парадкам у Эўропе будуць не яны, а Саветы. Налёту ў навагоднюю ноч ня было й вярталіся да хаты пехатою ў марозную й трохі сьнежную ноч.
Апрача сваіх урадавых абавязкаў займаўся таксама ў Бэрліне аднаўленьнем спаленага ў Менску юрыдычнага слоўніка й больш-менш гэта зрабіў, хоць пазьней многа чаго дадаваў i папраўляў.
Пасьля заканчэньня Варшаўскага паўстаньня й прайшоўшы праз лягеры, аказаліся ў Бэрліне Эдуард Будзька й К. Дземідовіч-Дэмідэцкі.
З пачаткам 1945 году Саветы падыходзілі ўсё бліжэй i настроі рабіліся што-раз больш трывожнымі. На вуліцах пачалі зьяўляцца барыкады.
8-га лютага 1945 году маючы справы ў ОМ, я каля адзінаццатай гадзіны выбраўся туды. Даехаў да Фрыдрыхштрассэ ЭсБан'ам, скуль было блізка дайсьці пехатою. Выйшаўшы са станцыі я быў трохі зьдзіўлены пануючай цішынёй i адсутнасьцяй руху, але ня думаючы нічога благога накіраваўся ў Остміністэрыюм. Зайшоў туды, там не аказалася ні воднай жывой душы. Усё ОМ рабіла ўражаньне, што там раптоўна затрымалася жыцьцё, - розныя паперы ляжалі на сталох, усе дзьверы былі насьцеж. Я абыйшоў усе пакоі гэтага паверху, думаючы, што можа хто-небудзь усё-ж ёсьць, але надарэмна. Паколькі ў гэтым часе былі гутаркі пра тое, што на заходнім беразе Одэру ўжо ёсьць савецкія танкі, дык мне прыйшла ў галаву думка, што праўдападобна ОМ атрымала паведамленьне аб наступе на Бэрлін i таму разьбеглася. З гэтай думкай я выйшаў на вуліцу й пачаў ісьці ў кірунку станцыі. Хіба ў паўдарогі на мяне накінуўся з крыкам паліцыянт, гаворачы, каб я хутчэй хаваўся, бо зараз мае пачацца вялікі налёт амэрыканцаў, бо як падало радыё ляціць на Бэрлін 1500 самалётаў. Найбліжэйшы схоў, гэта была станцыя падземкі на Фрыдрыхштрассэ. Зараз-жа я быў там, але аказалася, што схоў гэты быў вельмі адносны - усё было набіта народам i была толькі магчымасьць зыйсьці з вуліцы некалькі сходкаў i так стаяць палавінаю свае вышыні над паверхняю вуліцы. Чакаць на пачатак бамбардаваньня доўга ня прышлося. Зараз-жа пачуўся гук самалётаў i крыху пазьней сьвіст спадаючых бомбаў i выбухі.
Найбольш годным падзіву было захаваньне Немцаў, - спакойнае апанаваньне. Калі чуўся сьвіст спадаючай бомбы, дык побач з гэтым чуўся агульны ўздых i гэта ўсё. Калі зусім недалёка ўпала некалькі бомбаў, дык усе трохі паціснуліся й можна было зыйсьці крыху ніжэй, так што галава схавалася ніжэй роўні ходніка. Увесь час бамбардаваньня, якое трывала больш гадзіны, было такое ўражаньне, што ўсе бомбы кідаліся ў адно месца, каля Фрыдрыхштрассэ. Аказалася аднак, што бамбілі вялікшы абшар i гэта быў бадай што найвялікшы, як да гэтага часу налёт, але й што ваколіцы Фрыдрыхштрассэ збомбленыя дакладна. Было многа дамоў разьбітых, вуліцы засыпаныя шклом. Я пайшоў паглядзець, што сталася з ОМ. Насупраць дому, дзе мясьцілася ОМ, на мёсцы раней зьнішчанага дому, гарэў зьбіты самалёт. У ОМ усе вокны павысыпаўшыся, дзьверы павырываныя, адны з рамамі, другія без. На вуліцы вецер ганяў розныя ўрадавыя паперы. У сярэдзіне ОМ усё засыпана тынкам са столяў, але нідзе ня было відаць непасрэднага пападаньня. Некаторыя сталы й шафы паразьбіваныя - усюды паперы. Паказалася некалькі Немцаў i Зоя Каўшанка. Немцы папрасілі памагчы ім сабраць трохі папераў з падлогаў. Пару шафаў разваліліся ўжо пры нас, калі да ix дакрануліся, хоць звонку рабілі ўражаньне цэлых. Папрацаваўшы зь якую гадзіну пачалі з Каўшанкаю дабірацца на Вайсэнзээ (так называлася цэлая ваколіца, дзе мясьцілася БЦР). На станцыі Фрыдрыхштрассэ выявілася, што ані падземная чыгунка (У-Бан), ані надземная (Эс-Бан) ня ходзяць. Прыйшлося пехатою дабірацца да хаты праз разбураныя кварталы ў кірунку на ўсход. Гарэлі цэлыя кварталы дамоў i прыходзілася рабіць далёкія абходы. Недзе праз пару гадзінаў дабраліся да Аляксандэрпляцу. Тут даведаліся, што патрэбны нам Эс Бан ходзіць, але з перабоямі. Ехалі пару станцыяў, тады высядалі, бо далей дарога была разьбітая, тады ізноў сядалі й ехалі. Пачынала ўжо цямнець пакуль мы дабраліся да Вайсэнзээ. Там на нікога налёт не зрабіў ніякага ўражаньня, - бамбілі недзе далека, i як ім здавалася нямнога.
Вечарам у сталоўцы, падчас вячэры, нехта пачаў гаварыць, што Остміністэрыюм згарэла. Я запярэчыў, гаворачы, што я там быў пасьля налёту й будынак быў цэлы. Усё-ж аказалася, што ОМ згарэла, адны гаварылі, што ад бомбы апозьненага дзеяньня, што была недзе ўбіўшыся ў будынак, іншыя казалі, што ад пажару суседніх дамоў.
Пасьля 8-га лютага ў Радзе пачаліся гутаркі пра неабходнасьць выезду з Бэрліну.
Паколькі ня было, пакульшто, відаць магчымасьці выезду з Бэрліну ўсім разам, дык Астроўскі абвесьціў усім працаўніком, што магчымасьці выезду цяпер няма й няведама ці яна будзе, дык тыя, што маюць дзяцей могуць выяжджаць на собскую руку куды небудзь больш на поўдзень, a калі ня выядуць, дык няхай пасьля на нікога не наракаюць. Індывідуальны выезд з Бэрліну быў магчымым для тых, хто патрапіў давесьці ўрадаўцу, што выдаваў дазволы на куплю чыгуначнага білету, што ён ня ёсьць сталым жыхарам Бэрліну. Усе працаўнікі БЦР гэтым вымаганьням адказвалі й дзеля гэтага ніхто клопатаў з атрыманьнем дазволу на выезд ня меў. З прапановы й дазволу Астроўскага шмат хто скарыстаў i пачаўся выезд з Бэрліну. На ўсялякі выпадак запасься дазволам на выезд i я. Незалежна аднак ад гэтага быў на ўсялякі выпадак апрацаваны таксама іншы варыянт - пешага адступленьня праз Бэрлін, з Вайсэнзээ, якое ляжала на паўночным усходзе, на Потсдам, на паўдзённым захадзе, праз цэнтр гораду. На выпадак, калі-б праз цэнтр ня можна было прайсьці, дык іншы варыянт прадбачыў адыход на Шпандаў, проста на захад ад Вайсэнзээ.
У выбары мейсца на эвэнтуальны індывідуальны выезд я разважыў, што найлепшае мейсца павінна знаходзіцца ў паўдзённай частцы Нямеччыны, куды, праўдападобна, ня дойдуць Расейцы, а з другога боку гэтае мейсца павінна знаходзіцца дастаткова далека ад заходняй граніцы Нямеччыны, каб заходнія аліянты займалі ўжо без баёў. Такой мясцовасьцяй, мне здавалася, павінны былі быць ваколіцы Нюрэнбэргу й дазвол на выезд я ўзяў якраз туды. Большасьць аднак выяжджаўшых разважала інакш i выяжджала як найдалей на паўдзённы-захад, пад швайцарскую граніцу.
Выяжджаючым з Бэрліну прыходзілася памагаць, бо цягнікі на поўдзень адыходзілі ня з цэнтру Бэрліну, а з падгарадзкіх станцыяў, як Цоссэн, Ліхтэнвальдэ ці Ліхтэнфэльдэ. Між іншым дапамог выехаць П. Сьвірыду. Перад выездам ён пакінуў мне копію нашай працы - Цывільны Працэсуальны кодэкс i падручнік Цывільнага Права Шэршэневіча.
Выехалі сем'і Стаськевічаў, Шчагловых, А. Орсы, Тодара Лебяды (з падвалу), Ю. Віцьбіча i іншых. На Вайсэнзээ стала ціха й прасторна, бо засталося шмат вольных пакояў. Мы 22 аднак пастанавілі ўжо з нашай галубятні не спускацца, бо было ясна, што ў Бэрліне доўга ня ўседзіцца. На падлозе ў падвале я знайшоў пакінутую «Гісторыю Беларусі» Я. Найдзюка, a ў сьмецьці пакінутым Культурным аддзелам БЦР сэрыю аўтографаў Купалы й Коласа й нядрукаваных нідзе яшчэ вершаў Н. Арсеньневай, якія былі выданыя пазьней асобным зборнікам у Ватэнртэце.
Налёты далей трывалі ўмеркаванай сілы з падзелам працы: уначы бамбардавалі ангельцы, удзень амэрыканцы, часам блізка, часам далей ад Вайсэнзээ. На вуліцах штораз больш будавалася барыкадаў, але сярод насельніцтва асабл.вага непакою не адчувалася - мелі ўжо час да ўсяго прывыкнуць.
Нейкі тыдзень пазьней, пасьля масавага выезду працаўнікоў БЦРады, паведамілі, што прысутныя працаўнікі Рады разам з архівамі й справамі маюць выехаць з Бэрліну недзе на захад, але дакладна куды не казалі. Паведамілі каля паўдня, што ад'езд заўтра раніцою, а зь якой станцыі, будзе паведамлена пазьней. На наступны дзень, каля адзінаццатай гадзіны прыслалі грузавую машыну для справаў Рады, а працаўніком сказалі, што павінны дабірацца да станцыі з рэчамі сваімі сіламі. Таварныя вагоны былі паданыя на таварнай станцыі Шэнэбэрг, ад'езд меў быць за тры гадзіны. Даезд туды быў Э'с Бан'ам, а тады некалькі кварталаў пехатою з рэчамі. Зрабілі адзін рэйс, знайшлі прызначаныя два таварныя вагоны. Каля паловы аднаго вагону было застаўлена валізкамі М. Мінкевіча, было ix больш як 30. Рабіла ўражаньне, што ў тых валізках недабудаваны дом з Баранавічаў. У кажным выпадку ні ў аднэй з валізкаў не знайшлося мейсца для «Обвинительнаго Заключения по Делу Белорусскаго Национальная Центра». Пакінуўшы жонку ў вагоне, паехаў па рэшту рэчаў. Аказалася, што ўсіх пакінутых рэчаў забраць немагчыма, тым больш, што рэчаў у Бэрліне прыбыло, бо набралася валізка кнігаў. Дапамогу за паўпачкі цыгарэт атрымаў ад Хведара Ільляшэвіча.
Пасьля пагрузкі ў цягнік аказалася, што апрача працаўнікоў БЦРады, пад кіраўніцтвам віцэпрэзыдэнта БЦРады Ю. Сабалеўскага, едуць яшчэ два апякуны з ОМіністэрыюм немцы: Шнайдэр, Лянггольф i ў дапамогу ім сакратарка фройляйн Мэнкэ. Выехалі ca станцыі, калі ўжо добра сьцямнела. У гэтым эшалёне былі прадстаўнікі ўсіх меншасьцяў СССР. Выгадна разьмясьціліся на рэчах i паехалі. Для жанчынаў i дзяцей быў пасажырскі вагон, дзе апрача жанчынаў i дзядей зьмясьціліся яшчэ сьвятар Радзевіч ды ягоны сын капітан Усевалад Радзевіч, як ад'ютант Радаслава Астроўскага прыдзелены на эвакуацыйны пэрыяд да дачкі Астроўскага Галіны Мінкевіч.
Усюды ёсьць свае выгоды й нявыгоды: у таварных вагонах хоць было й холадна, але затое спакойна, - у пасажырскім мітусіўся ўсю ноч а. Радзевіч, пералічваючы свае пакункі. Здарылася, што жонка паэта Лявона Случчаніна згубіла духовую раўнавагу й без канца зьвярталася да айца Радзевіча з запэўненьнем, што яна грэшная асоба й нявартая нават таго, каб пацалаваць руку духоўнага айца, на што а. Радзевіч кажны раз сунуў ёй руку пад губы прыгаворваючы: «Усе грэшныя, цалуй, калі хочаш".
За ноч язды даехалі недзе пад Браўншвайг, удзень мінулі Госьляр i Крайензэн, а тады за ноч i наступны дзень даехалі да Дэтмольду. Там запрапанавалі жадаючым пераначаваць у сховішчы на станцыі. Амаль усе пайшлі на начлег, застаўся я, Сакалоў i яшчэ нехта. Мы на гэтым выйгралі, бо прадстаўнічкі НСФ (Національ Соціалістышэ Фраўэншафт) абыходзілі цягнік з каваю й сэндвічамі й мы атрымаўшы порцыю больш, чым нас было ў вагоне, з прыемнасьцю павячэралі.
На наступны дзень выясьнілася, што ўсе Балты застаюцца ў Дэтмольдзе, а рэшта едзе недзе далей. Паехалі. Пасьля паўдня апынуліся на станцыі Альтэнбэкэн, ужо другі раз, бо папярэдняга дня на гэтай самай станцыі цэлы цягнік стаяў у тунэлі пад гарою падчас налёту. Гэтым разам таксама быў налёт i перачакалі яго стоячы пад мастом. Калі сьцямнела, паехалі далей, i каля гадзіны 8-ай вечара апынуліся ў горадзе Гэкстэр над Вэзэрам. Рэчы пакінулі ў вагонах, а мы ўсе пехатою пайшлі ў горад, - цэлы, неразьбіты з многімі старым і сярэднявяковымі будынкамі. Дайшлі да нейкай школы ў цэнтры гораду й там затрымаліся. Апрача беларускай трупы, затрымалася тут яшчэ групка людзей з нашыўкамі на рукавох «Ідэль Урал». У школе нас няблага пакармілі, а тады паляглі спаць i адпачываць пасьля падарожжа. Спалі ў вялікай залі. Уздоўж цэлай франтовай сьцяны ляжала на падлозе салома, каля яе вузкі праход i даўжэзны, амаль на ўсю залю стол. Каля супрацьлежнай сьцяны таксама салома. Жанчынам прызначылі такую самую вялікую залю, адно толькі без вялікага стала.
Разьмясьціліся на саломе больш-менш паводля рангаў, прынамсі на пачатку саломы. Спачатку два немцы, тады Сабалеўскі, тады ад'ютант Ю. Сабалеўскага Саўка, тады Мінкевіч, тады Орса й далей ужо хто дзе папала. Недзе там аказаўся i я - з аднаго боку Сакалоў, з другога боку Дземідовіч-Дэмідэцкі.
Горад не бамбардавалі, дык можна было-б спаць спакойна, каб ня Мінкевіч, які пры кажным пралятаючым самалёце бегаў хавацца зь дзецьмі й гэтым перашкаджаў усім.
На наступны дзень перавезьлі свае рэчы й рэчы БЦРады. На рэчы выдзелілі спэцыяльнае памешканьне - аўдыторыю з лаўкамі амфітэатрам, дзе ўсе прыватныя рэчы звалілі ў адну кучу, а рэчы Рады ў другую.
На наступны дзень Ю. Сабалеўскі выдаў загад № 1, у якім гаварылася, што ўсе ўрадаўцы, падчас урадавых гадзінаў павінны знаходзіцца ў памешканьні, дзе зваленыя рэчы. Чым павінны былі яны ў гэтым часе займацца, у загадзе ня было сказана.
Наладзілася сталаваньне ў сталоўцы НСФ, дзе за некаторую частку аддадзеных карткаў давалі тры разы ў дзень ежу.
Жонка была прызначаная кіраўнічкай гаспадарчых справаў, г. з. атрымліваньне харчовых карткаў, паразуменьне з НСФ, вызначаньне дыжурстваў жанчын да скрабаньня бульбы ў сталоўцы й г. д.
Ужо праз пару дзён у справе скрабаньня бульбы вытварыўся канфлікт, бо спадарыні-жонкі паноў Рады пастанавілі, што паколькі іхныя мужы займаюць так важныя становішчы, дык ім скрабці бульбу не выпадае, як потым сказаў а. Радзевіч - сан не дазваляе.
Сабалеўскі, да якога вырашэньне гэтай справы перайшло дзеля пратэсту спадарыняў радных, сьхіляўся ўжо да пагляду, што сапраўды сан не дазваляе, але немцы даведаўшыся ў чым справа вытлумачылі яму, што ў скрабаньні бульбы ніякай абразы гонару іхных мужоў няма. Так на гэтым i стала.
Цяпер, які-ж быў склад усёй групы Беларусаў у Гэкстэры. З аднаго боку, гэта былі працаўнікі БЦРады, або самыя радныя зь сем'ямі; з другога боку, некаторыя Беларусы, якія даведаўшыся аб выезьдзе Рады з Бэрліну далучыліся да выяжджаючых, нягледзячы на вострыя пратэсты «ўладаў» - у першую чаргу Сабалеўскага й Мінкевіча. З працаўнікоў Рады былі: Валентына й Ніна Якубовіч, A. Сакалоў, У. Саўка, Раіса Евец, мая жонка Paica i я, Гэлена Палуйчык сястра Раісы Евец, Пётра Орса - радны з жонкай i сынам, М. Мінкевіч - радны, на прапанову Кандыбовіча, з жонкай Галінай з дому Астроўскай, Фішчук i яе матка Васільева, Каракулька з жонкай i сынам, Язэп Гладкі, Віталі Кажан, А. Арэхва, А. Кароль, таксама маці Мінкевіча й двое ягоных дзяцей, Аўген Люткевіч.
Да гэтай групы далучыліся на станцыі ў Шэнэбэрг у Бэрліне: сям'я Каравайчыкаў, К. Дземідовіч-Дэмідэцкі, сям'я Скрыньнікаў ды сястра жонкі Скрыньніка Гортыньска з сынам, жонка М. Дзямідава з сваёй сястрой, айцец С. Радзевіч, Антон Мілішкевіч, Сьвятаслаў Коўш з жонкай i сынам, Поль i Лявон Случчанін з жонкай. Праз некалькі дзён В. Пануцэвіч прывёз у Гэкстэр жонку Ірэну, Эдуарда Будзьку з жонкай Валерыяй i дачкой Людвікай ды пакінуў ix у Гэкстэры, нягледзячы на пратэсты «ўладаў», а сам выехаў. Разам з Пануцэвічам прыехаў яшчэ Дзямешка. У гэтым самым часе радны БЦР С. Калядка прывёз сваю жонку, а сам вярнуўся ў Бэрлін. У такім складзе пачалі жыцьцё у Гэкстэры. ІдэльУралы за пару дзён выехалі.
Неўзабаве Ю. Сабалеўскі выдаў загад № 2, паводля якога частка старых працаўнікоў Рады звальнялася з працы й перадавалася ў распараджаньне Арбайтсамту ў Гэкстэры (Арбайтсамт - урад працы). Між іншым былі звольненыя з працы Г. Палуйчык i я, - гэтым-жа загадам прыймаўся на працу Аркадзь Евец, які да гэтага часу працаўніком Рады ня быў.
Я не хаваючыся публічна выказваў думку, што Сабалеўскі перавысіў свае паўнамоцтвы, бо калі мне запрапанавалі выезд, як працаўніку Рады, дык Сабалеўскі ня меў права звальняць мяне некалькі дзён пазьней пасьля выезду. Я меў магчымасьць атрымаць іншую працу. Паступак Сабалеўскага рабіў на мяне ўражаньне, што яму, дзеля нейкіх прычынаў, залежала на тым, каб мяне ўладзіць на фізычную працу. На баку Сабалеўскага быў радны Пётра Орса, які амаль падскакваў ад радасьці гаворачы: «Я працаваў у шахтах, хай i ён папрацуе».
У часе аднэй з гутарак, якія адбываліся, пераважна, у той залі, дзе мы спалі, пасьля таго як усе ўжо паляглі, немец Шнайдэр чуючы мае вывады пра бяспраўныя паступкі Сабалеўскага, ускочыў i закрычаў, што ўсё гэта зрабіў ён, а Сабалеўскі тут не пры чым. Я ахвотна згадзіўся зь ім, што Сабалеўскі тут не пры чым, але адначасова выказаў сваё зьдзіўленьне, што віцэ-прэзыдэнт БЦРады не пры чым пры звальняньні працаўнікоў Рады. Зьдзівіўся я таксама, што Сабалеўскі будучы не пры чым, аднак палічыў магчымым падпісаць загад майго звальненьня.
На наступны дзень усіх звольненых працаўнікоў Рады, i тых, што далучыліся да вызжджаючай Рады, выклікалі ў Арбайтсамт i апыталі адносна спэцыяльнасьцяў, пры чым я заўважыў, што пры прозьвішчах некаторых асобаў стаялі чырвоныя крыжыкі, між іншымі такі крыжык быў пры прозьвішчы Г. Палуйчык i маім. У Арбайтсамце мы былі каля 10-ай гадзіны, a ўжо перад дванаццатай прыйшоў загад сягоньня-ж зьявіцца на працу. Працу атрымалі ня ўсе, a толькі некаторыя, але ўсе з чырвонымі крыжыкамі, аб кім спэцыяльна дбалі паны Рады. Загад зьявіцца на працу атрымалі наступныя працаўнікі Рады: Г. Палуйчык, я й В. Кажан. З непрацаўнікоў: Мілішкевіч, Скрыньнік, Поль i Л. Будзька. Я атрымаў накіраваньне на працу ў інтэндантуру, больш дакладна ў гародніцтва й правіянтавыя склады. Разам са мною туды-ж атрымалі накіраваньне В. Кажан, Мілішкевіч, Поль i Скрыньнік. Г. Палуйчык, заміж ісьці на працу, уцякла першым цягніком у Бэрлін да Астроўскага.
Працавалі мы ў гародніцтве пры пікаваньні флянсаў i ў прадуктовым складзе пры разладоўваньні фурманак з прадуктамі, якія прывозіліся цягнікамі з захаду й перавозіліся коньмі са станцыі ў склады. Адносіны немцаў былі неблагія, лепшыя, як паноў БЦРады. У гародніцтве кіраўніком быў Юргэнсон, які абяцаў, што летам усялякай агародніны будзе ўброд, а пакуль што дазваляў часам зварыць пры працы бульбы.
Нягледзячы на скаканьне Шнайдэра, вячэрнія гутаркі прадаўжаліся далей i падчас аднае зь ix А. Арэхва задумчыва сказаў, што ў кажным народзе існуюць добрыя звычаі, i добрыя звычаі кажнага народу заслугоўваюць, каб ix насьледаваць. Адным такім добрым звычаем, паводля думкі Арэхвы, ёсьць польскі вайсковы звычай, гэтак званага коца; гэта значыць, што калі ў кашарах завядзецца нейкая дрэнь, дык уначы гэтай дрэні накідаюць коц на галаву й б'юць колькі ўлезе. Большасьць залі згодна прызнала, што звычай вельмі годны насьледаваньня. Ня ведаю, якой думкі быў Ю. Сабалеўскі, але ўжо на наступную ноч ён знайшоў сабе нейкую каморку пад сходамі, дзе звычайна перахоўваліся шчоткі й пачаў начаваць там. На наступны дзень вынесьліся й немцы, знайшоўшы мейсца недзе ў гатэлі. Вярнуліся ў Бэрлін Арэхва i Ірэна Пануцэвіч.
Дзень у Гэкстэры праходзіў больш-менш так: раніцою ўсе ішлі ў НСФ на сьнеданьне, там атрымлівалі без абмежаваньня нямецкую каву бяз цукру й два тоненькія кавалачкі хлеба лёгка памазаныя мармалядаю. Пасьля гэтага працаўнікі БЦРады ішлі «ўрадаваць», гэта значыць сядзець у залі з рэчамі, пад наглядам Сабалеўскага, а рабочыя ішлі на працу. А 12 гадзіне быў двухгадзінны перапынак на абед. Ізноў ішлі ў сталоўку НСФ, там давалі расьцёртую ў вадзе бульбу з вокамі морквы. Хутка зьядалася першая талерка, тады ішлося за другой, пасьля гэтага нехта браў сваю талерку й талерку суседа й прыносіў па талерцы, тады сусед браў сваю й суседнюю талерку i ізноў ішоў па тую зупу. Найболын мне здарылася зьесьці шэсьць талерак.
У сталоўцы ўлажылася неяк таксама, што за адным сталом сядзелі два немцы, фройляйн Мэнкэ, Сабалеўскі, Орса й З. Каўшанка, а далей уся рэшта.
Зьеўшы абед у НСФ, многія хутка ішлі ў цэнтр гораду, каб там у нейкім рэстаране зьесьці яшчэ адзін абед. Каб зьесьці трэйці не хапала часу.
Мінкевіч зь сям'ёй хадзіў у рэстаран насупраць школы, а апрача гэтага на школьнай кухні даварвалі сабе самі, відаць, маючы з чаго. Аднойчы ён (М. Мінкевіч) склікаў сход усіх i выясьніў, што нашая практыка зьяданьня па некалькі абедаў ёсьць недапушчальнай(?!), бо падрывае нямецкую ваенную гаспадарку. Ясна, нічога не зьмянілася, апрача таго, што Мінкевіч паказаў сваю дбайнасьць пра нямецкую гаспадарку. Пасьля абеду трэба было ізноў працаваць да шостай вечара, а тады вячэра ў аднэй ці двух сталоўках.
У начы адзін ці два пералёты самалётаў, што ляцелі далей на Гановэр ці Бэрлін.
Прыбіральня для мужчынаў была толькі на панадворку, амаль цёмная, з малой сіняй лямпачкай. Аднойчы вечарам, ідучы з панадворку ў будынак, я заўважыў каля плоту нейкі цень. Зацікавіўшыся хто гэта ня можа адвыкнуць ад ужываньня плоту для адбываньня натуральных патрэбаў, я затрымаўся ў будынку каля ўваходу й пабачыў, як зараз-жа ўвайшоў Сабалеўскі. Вечарам у голі, дзе ўсе звычайна абіваліся перад сном, я пачаў у прысутнасьці Сабалеўскага гутарку аб нястачы культуры ў некаторых нашых людзей. Сабалеўскі з ажыўленьнем пацьвярджае. Як прыклад такой адсутнасьці культуры прыводжу выпадак ужываньня плоту для натуральных патрэбаў. Сабалеўскі прамаўчаў i зараз-жа адыйшоў.
Амаль зь першага дня нашага прыезду ў Гэкстэр, пачалі прыгатаўляць барыкады - завалы пры масьце на рацэ Вэзэры ды іншых уездах у горад. Завалы гэтыя выглядалі, як вялізарныя барабаны ў якіх адзін сэгмэнт, больш-менш на чверць радыюса быў зрззаны. Барабан гэты стаўляўся на кант, умацоўваўся ў гэтай пазыцыі сталёвымі дратамі й насыпаўся ў сярэдзіне зямлёю ды каменьнямі. У выпадку патрэбы, драты перасякаліся й барабан падаў на свой зрэзаны сэгмэнт завальваючы паўдарогі. Такі самы барабан з другога боку дарогі - завальваў другую палову дарогі.
У нядзелю выйшаўшы на rapy, каля гораду, выразна чулі гул далёкай артылерыйскай кананады з захаду.
Здарылася малое сьвята - адбыліся шлюбы В. Кажана з Аўгеньняй Кароль, i Аляксея Васілені з Валентынай Якубовіч. Пасьля шлюбу ў Гарадзкой Управе, дзе гэтыя шлюбы даў старшыня гораду-бюргэрмайстэр, адбылося скромнае прыняцьце ў мясцовым рэстаране-гатэлі.
Пасьля колькіх тыдняў самавольнай гаспадаркі Сабалеўскага, прыйшоў загад ад прэзыдэнта БЦР Р. Астроўскага аб тым, што Юры Сабалеўскі адклікаецца ў Бэрлін для справаздачы са сваёй дзейнасьці ў Гэкстэры. Ост Міністэрыюм, са свайго боку, адклікала ў Бэрлін Шнайдэра й фройляйн Мэнкэ. Загадам Р. Астроўскага ўсе распараджаньні Сабалеўскага аб звальненьні працаўнікоў Рады адклікаліся. Пісьмовыя й вусныя (Г. Палуйчык) інфармацыі дайшлі да Астроўскага й прычынілі адкліканьне Сабалеўскага. На месца Сабалеўскага прызначаўся П. Орса.
Ю. Сабалеўскі не падпарадкаваўся загаду на пераезд у Бэрлін для справаздачы, a заміж гэтага пісьмова адмовіўся ад займанага становішча й выехаў разам зь Дзямешкам Зąбраўшы свае рэчы.
Пасьля заканчэньня працы ў агародніцтве, я зьвярнуўся да спаўняючага абавязкі кіраўніка трупы раднага П. Орсы з просьбаю выдачы мне копіі загаду адклікаючага маё звальненьне. Орса бяз спрэчак загадаў мне такую копію выдаць.
Праз некалькі дзён П. Орса падыйшоў да мяне й запытаў ці ня могбы-бы ён пабачыць выданую мне копію загаду аб адкліканьні майго звальненьня. Не падазраючы нічога благога, я выняў з партфэлю патрэбную паперку й падаў яе Орсу. Зараз-жа, аднак, заўважыў, што Орса ледзь кінуўшы на яе вокам, памыкаецца схаваць яе ў сваю кішаню. Гэта мяне страшэнна абурыла, у вачох зрабілася чырвона i я схапіў Орсу за руку. Аднэй рукою я вывярнуў яму руку, а другой спакойна ўзяў у яго з рукі паперку ды схаваў яе ў кішаню. Орса нешта пачаў тлумачыцца, я запытаўся, ці ён мае да мяне якія-небудзь яшчэ справы i, не слухаючы яго далей, адыйшоў.
Як я выясьніў на наступны дзень, дык застаўлены з намі немец-апякун Лянггольф выказаў сваё незадаваленьне, што на рукі былі выданыя копіі загаду аб адкліканьні загаду Са балеўскага (адначасова са мною былі выданыя ўспомненыя копіі i іншым звольненым, хоць тыя й не прасілі). П. Орса стараўся цяпер на сваю руку неафіцыйна направіць справу, каб такім чынам прыслужыцца немцу. Праўда, яму гэта амаль удалося, бо большасьць копіяў ён адабраў.
Усё маё ўрадаваньне пасьля рэстытуцыі агранічылася да напісаньня пратаколу допыту К. Дзямідовіч-Дэмідэцкага, за якога Сокал-Кутылоўскі ў Бэрліне абвінаваціў у тым, што ён выяжджаючы з Бэрліну забраў ягоныя порткі.
Хутка пасьля выезду з Гэкстэру Сабалеўскага, я паехаў з Сакаловым i Нінай Якубовіч адведаць Бэрлін. Гэтая язда заняла шмат часу. Выехалі з Гэкстэру вечарам i даволі хутка даехалі да Браўншвайгу, там адседзелі на станцыі цэлую ноч, a раніцою выехалі на Магдэбург. Туды даехалі хутка, а стуль пасьля доўгага чаканьня выехалі на Бэрлін i даехалі туды вечарам.
Я з Сакаловым затрымаліся ў Астроўскага й той паказаў мне афіцыйны ліст Ю. Сабалеўскага ў якім Сабалеўскі дамагаўся пацьверджаньня ягонай пастановы аб звальненьні працаўнікоў БЦРады на той падставе, што Галяк гаворыць, што ён ня меў права гэтага рабіць, дык каб давесьці яму, што ён мыляецца, пастанову трэба зацьвердзіць. Як я ўжо пісаў, аргуманты Сабалеўскага, Астроўскага не пераканалі й Сабалоўскі быў з Гэкстэру адкліканы.
У Бэрліне, як i раней, налёты былі ў азначанай гадзіне. Ужо гадзіну перад гэтым людзі пачыналі зьбірацца перад добрым і супрацьбамбовымі сховішчамі i як толькі пачынаўся сыгнал «фольалярм» уваходзілі ў сховішча.
Атрымаў зь нейкай беларускай установы, не памятаю назову, толькі памятаю, што там працаваў А. Беленіс, пакунак з коўдрамі для гэкстэрскай групы. Пабыўшы пару дзён у Бэрліне, вярнуўся ў Гэкстэр. Сакалоў вярнуўся некалькі дзён пазьней i прывёз з сабою Г. Палуйчык, за якой ён асыставаў.
Будучы ў Бэрліне скарыстаў з нагоды, каб атрымаць пратакол паседжаньня 2-га ўсебеларускага Кангрэсу, які быў на просьбу Астроўскага пераданы мною на нейкі час генэралу К. Езавітаву. Памешканьне БЦРады на Вайсэнзээ было ўжо разьбітае й Рада мясьцілася недзе каля Яновіцбрыккэ. Пабачыў Езавітава, абяцаў прынесьці пратакол заўтра. Заўтра аднак пратаколу не прынёс, абяцаў ізноў на заўтра. Заўтра ізноў не прынёс. У памешканьні на Яновіцбрыккэ было холадна i Езавітаў сядзеў у паліто. Пазьней зьняў цывільнае пальто й пад ім аказаўся поўны генэральскі мундур. Пасядзеўшы мінут дзесяць, генэралу ізноў зрабілася холадна й генэральства было закрыта.
У Гэкстэры зьявіўся прыбытак, бо ў жонкі раднага Сьцяпана Калядкі радзіўся сын. Хутка пасьля таго, як я вярнуўся з Бэрліну, прыехаў у Гэкстэр Р. Астроўскі. Зь ім прыехалі нядаўна прызначаны радны Анатоль Шкутка, гаспадарнік Астроўскага Іван Наронскі й Мікола Дзямідаў увешаны аксэльбантамі. Прыехаў таксама П. Сьвірыд, адвёзшы сям'ю недзе на поўдзень. Астроўскі пасяліўся ў гатэлі недалёка ад маста на Вэзэры з Наронскім. Астроўскі прызначыў кіраўніком групы раднага інж. Анатоля ІІІкутку.
У дзень прыезду Астроўскага, адбыўся першы налёт на Гэкстэр. Самалёты ськінулі некалькі бомбаў, выглядала, што цэлілі ў мост на Вэзэры, але ня трапілі. Зрэштай мост быў прыгатаваны да ўзрыву самымі немцамі.
Адгалоскі артылерыйскай кананады чуліся што-раз бліжэй i бліжэй. Разыйшліся чуткі, што на наступны дзень горад будзе ўжо заняты аліянтамі. Рабілася ўражаньне, што лінія фронту зусім ужо блізка. Праз горад праходзілі невялікія групкі жаўнераў з панцэрфаўстамі, але раптам пачалі гаварыць, што аліянтаў адціснулі й мамэнт заняцьця гораду на нейкі час адсоўваецца. У адзін з такіх дзён, якраз была Вялікая Пятніца паводля новага стылю, зусім неспадзявана было сказана, што ўсе выяжджаюць недзе на ўсход, каб БЦР не захапілі заходнія аліянты.
Сапраўды, праз дзьве гадзіны падалі дзьве грузавыя машыны й пачалі грузіцца. Частка аднак засталася. Застаўся М. Мінкевіч, пад пратэкстам, што ў яго хворае дзіця, П. Орса, відаць пакрыўджаны, што зьнялі з начальніцтва, Каракулька з сям'ёю i яшчэ пара сем'яў.
Калі выносілі кажны Свае рэчы, дык Мінкевіч стаяў у дзьвярох i пільнаваў, каб барані Божа, не вынесьлі каторую зь ягоных валізкаў, ці якую небудзь машынку, якія згодна з загадам Астроўскага пакідалі пад апекаю Мінкевіча. Архівы БЦРады таксама забралі з сабою, але пакінулі пад апекаю Мінкевіча, дзьве вялікія скрыні з архівам i кнігамі генэрала К. Езавітава, які перадаў ix пад апеку БЦРады, калі Рада выяжджала з Бэрліну. Вялікі куфар з прыватнымі рэчамі ген. Езавітава забраў А. Васіленя, пад апекай якога знаходзіліся рэчы К. Езавітава. А. Васіленя быў сакратаром у Вайсковым аддзеле БЦР.
Калі зусім сьцямнела мы ад'ехалі, але супраць спадзяваньняў, не на чыгуначную станцыю Гэкстэру, ці на станцыю, што знаходзілася з другога боку Вэзэру ў адлегласьці якіх хіба 2-ух кілямэтраў (здаецца называлася Фірстэнвальдэ), але ў зусім іншым напрамку, уздоўж Вэзэру на станцыю Отбэргэн, якая была якіх кілямэтраў 12 (на вока) ад Гэкстэру. Там у абсалютнай цемры пагрузіліся ў два таварныя вагоны, разлажыліся, як мага выгадней на падлозе й недзе ўначы паехалі. Раніцою мінулі Нортгайм, пазьней Нордгаўзэн, Зангэргаўзэн ды ўвесь час едучы ўздоўж паўдзённых схілаў гораў Гарцу, на ўсход. Праяжджаючы каля гары Кіфгойзэр, Лянггольф успамянуў пра легенду аб Барбаросе: «Ім унтэрірдішэн шлёсэ шлефт эр фэрцаўбэрт зіх». Дзямідэцкі ня мог сабе прыпомніць, хто такі той Барбароса, паўтараючы: «Барбароса, Барбароса». Я дапамог яму прыпомніць: «И какие папиросы, курит Фридрих Барбароса», з расейскай апэрэткі «Иванов Павел». Гэта Дзямідэцкі адразу прыпомніў. Праяжджаючы ўздоўж Гарцу ўсюды відаць былі калёны кацэтнікаў у паласатых вопратках. Мінулі горад Ашэрслебэн i недзе ўначы прыехалі ў павятовы гарадок Квэдлінбург, ужо з паўночнага боку гораў Гарцу. Зьведалі горад. Вельмі прыгожы стары горад зь вялікім замкам на гары. Вечарам даведаліся, што маем ехаць у нейкі Шнайдлінгэн. Ехалі ўсю ноч, праз Ашэрслебэн, другі ўжо раз, праз Штасфурт i раніцою даехалі да мейсца прызначэньня Шнайдлінгэн - невялікай вёскі на раўніне. Прыехаўшы пайшлі ўсе ў гатэлік (Бэрэнрот) i там атрымалі сьнеданьне - кава й канапкі з вантрабянкай без абмежаваньня. Праўдападобна пры гэтай нагодзе было ўстаноўлена некалькі сусьветных рэкордаў у колькасьці зьедзенага й выпітага. Даехалі да Шнайдлінгэн, праўда, ня ўсе, бо на нейкай станцыі высеў П. Сьвірыд i паехаў на поўдзень да сям'і, недзе высеў таксама М. Дзямідаў у сваёй фантастычнай уніформе - нейкай мяшанцы парашутысты зь італьянскім бэрсагліеры. У дарозе недзе каля Кіфгойзэр А. Сакалоў абвесьціў пра свае заручыны з Гэленай Палуйчык.
Пасьля сьнеданьня пайшлі на прыдзеленую гасподу, - бюргэрмайстэр прызначыў Гітлерюгэндгайм. Партэровы дом, уваход у адзін пакой з вуліцы ў другі з панадворку. Ад вуліцы пасялілі жанчынаў, ад панадворку мужчынаў. Павыкідалі сьмецьце, вымылі падлогу, тады я пайшоў i атрымаў ад бурмістра салому й мяхі на сяньнікі. Набілі сяньнікі, улажылі ix у рад на падлозе пры аднэй сьцяне, - пры другой сьцяне праход i гэта ўсё. Праўда, што йшла вясна. Р. Астроўскі пасяліўся ў гатэлі Бэрэнрот, Палуйчык атрымала пакой у суседнім доме ў гэтым самым панадворку, А. Шкутка недзе ў вёсцы. Праз некалькі дзён мы таксама атрымалі пакой недалёка ад могільніка ў Гартманаў.
Як далека нас не адвозілі, аднак i ў Шнайдлінгэн, праз некалькі дзён пачалі жыхары гутарыць, што хутка прыйдуць амэрыканцы. З гэтай нагоды, на праваслаўным Вялікім тыдні, немцы выдалі па пару банак кансэрваў, мяса на палову з тлушчам. Адны пачалі есьці адразу, іншыя адлажылі на Вялікдзень. На грунце незахоўваньня посту паўстаў маленькі канфлікт, калі I. Наронскі аднойчы са зьдзіўленьнем пабачыў, што айцец Сяргей Радзевіч не дачакаўшыся Вялікадня - разгаўляецца. Тут праваслаўнае сэрца Івана Наронскага ня вытрымала, i ён даў волю рукам.
Сталаваліся самі ўсім калгасам. Для гатаваньня ежы, немцы прызначылі ў суседнім панадворку кухню нейкай непрацуючай гаспадарчай школы. Вялізарны пакой, пасярэдзіне дзьве пліты. Там i гатавалі нашыя жанчыны па чарзе для ўсіх, спачатку на аднэй, а потым на дзьвюх плітах, калі жонка Скрыньніка й спд. Гартыньска непагадзіўшыся зь іншымі, былі выдзеленыя на асобую гаспадарку. Дзякуй Богу, больш непаразумленьняў на кухні ня было, бо й плітаў больш ня было.
Ежа была слабая. Ратавала толькі цыбуля, якой у Нямеччыне, дзе прыйшлося быць раней заўсёды не хапала, а тут мясцовыя сяляне не хацелі прадаць менш мяха.
Адсьвяткавалі Вялікдзень i посьцячыя й няпосьцячыя. Насельніцтва ізноў пачало гаварыць, што заўтра прыходзяць Амэрыканцы, праўда, пару разоў ужо памыліліся. Неўзабаве пабачылі, што насельніцтва розным спосабам цягне аднекуль розную бялізну. Аказалася, што на станцыі стаіць пара вагонаў зь бялізнай i насельніцтва разьбірае яе. Праўда, пакуль вестка дайшла да нас, дык вагоны былі ўжо пустыя. Толькі а. Радзевіч, відаць, больш спрытны пасьпеў у час нешта прынесьці, але далей i яму не павялося, бо калі са здабычай варочаўся ў нашае памешканьне, дык Э. Будзька зачыніў перад ім дзьверы, крычучы, што ён не дазволіць уносіць крадзенага ў супольнае памешканьне, бо за гэта ўсе будуць адказваць. Эдвард Будзька так i пільнаваў уваходныя дзьверы, i айцец Радзевіч мусіў схаваць сваю здабычу ў нейкім катусе на пандворку, скуль яе ўначы нехта забраў.»
Усе архівы Рады перанесьлі ў памешканьне нячыннай, дзеля нястачы піва, півярні й там перагледзелі ix са Шкуткам. Многа непатрэбнага папалілі, а рэшту Шкутка злажыў у некалькі скрынак для далейшага перахаваньня. Пры архіве Рады аказалася й жалезная скрынка з картатэкаю ды іншымі дакумантамі Фэртраўэнсштэльле, дадзеная на перахаваньне
БЦРадзе Бэрнардам Букаткам. Гэтая скрынка выклікала асаблівае зацікаўленьне А. Шкуткі, замок быў зломаны й Шкутка адабраў рад картаў з картатэкі на сваё асабістае перахаваньне гаворачы, што цяпер ён Букатку «мае ў рукох». У ix былі нейкія ранейшыя непаразумленьні ў Бэрліне.
Адчынілі таксама куфар ген. К. Езавітава, што быў на перахаваньні ў А. Васілені. Знойдзены там пісталет быў недзе закінуты. У куфры быў таксама вельмі цікавы матэрыял да біаграфічнага слоўніка, над якім Езавітаў працаваў. Усе абуткавыя й касьцюмныя вартасьці засталіся надалей на перахаваньні А. Васілені, матэрыял да біяграфічнага слоўніка i іншыя дакуманты забраў А. Шкутка. Прыпамінаю, што быў там вельмі цікавы матэрыял аб Антоне Луцкевічу, напісаны адным із ягоных сыноў.
У тым-жа куфры аказаліся й матэрыялы аб Кангрэсе, па якія я езьдзіў у Бэрлін, i зь якімі мяне Езавітаў «вадзіў за нос». Знойдзеныя кангрэсавыя матэрыялы я забраў згодна з прынцыпам: «ubi rem meam invenio, ibi vindico».
Такія былі прыгатаваньні да надыходзячага вызваленьня.
Апрача ужо пералічаных асобаў, атрымалі сабе памешканьні ў Шнайдлінгэн таксама A. Сакалоў, I. Наронскі, A. Васіленя, Саўка й Каўшы. Перад самай капітуляцыяй пакінуў нашу групу Лянггольф i A. Люткевіч - выехалі забраўшы па мяху цыбулі. Перад капітуляцыяй выехала ў Бэрлін Ніна Якубовіч шукаць свайго сына. Выехалі й Кажаны, якім вельмі захацелася, якраз перад капітуляцыяй, пабачыць свайго знаёмага У. Бортніка, які быў недзе недалёка ад Шнайдлінгэн. Дзень перад прыходам амэрыканцаў Р. Астроўскі сказаў мне, што ён выяжджае ca сваёй сакратаркай Г. Палуйчык, нарэчанай Сакалова. Даведаўшыся аб гэтым я папытаўся Сакалова ці ён таксама выяжджае, на што Сакалоў з важнасьцю адказаў: «Ані яна, ані я, не выяжджаем».
На наступны дзень 11 красавіка 1945 году раніцою ўжо ня было ані Астроўскага, ані ягонай сакратаркі, нарэчанай Сакалова, але аказаліся вывешаныя белыя сьцягі i Амэрыканцы.
Усю ноч перад гэтым чулася блізкая артылерыйская кананада. Казалі, што гэта абстрэльваюць недалёкае мястэчка Вэстэрн Эгэльн. Раніцою праз вёску прайшоў невялікі нямецкі вайсковы аддзел i ўсьлед за ім гаспадары павывешвалі белыя сьцягі, некаторыя нават па два. Вельмі хутка пасьля вывешан:ня сьцягоў зьявіліся амэрыканскія танкі. Некаторыя танкі затрымліваліся, жаўнеры злазілі з танкаў i разьбягаліся па хатах шукаючы нямецкіх жаўнераў.
Уноч на 12 красавіка пачаліся грабяжы немцаў прымусовымі работнікамі, асабліва палякамі.
На наступны дзень усюды былі разьлепленыя адозвы ген. Айзэнгаўэра з заклікам, каб усе грамадзяне аліянцкіх дзяржаваў трымаліся здалёку ад дарогаў, каб не перашкаджаць у руху войска, i пацешыў, каб яны не турбаваліся, бо рэпатрыяцыя пачнецца пры першай магчымасьці.
Групы французаў i іншых заходнікаў, не чакаючы на ўрадавую рэпатрыяцыю пачалі пасоўвацца пехатою на захад. Зьявіліся кацэтнікі ў паласатых халатах. Выйшаў загад аб здачы аружжа, але ўсе пазбыліся яго раней.
У адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад Шнайдлінгэн немцы знайшлі таварны цягнік наладаваны ўсялякім дабром, даўжынёю хіба са два кілямэтры. Ужо перад прыходам амэрыканцаў пачалі разьбіраць два вагоны з тытуном. З нашых самы спрытны аказаўся Мілішкевіч, які нікому не гаворачы два дні насіў тытун, пакуль усе не агледзеліся, але было ўжо запозна, тавар разабралі. Праўда, Мілішкевіч вытлумачыў потым, што ў пэўным мейсцы на полі, недалёка ад цягніка ёсьць яма, i што там засталося яшчэ трохі тытуну. Аказалася, што гэта тая яма, куды насіў Мілішкевіч тытун адразу з вагону, а тады пару дзён пераносіў яго ў Шнайдлінгэн, ды нанасіў столькі, што падбіраць рассыпанае ляніўся. Праўда, i таго рассыпанага аказалася гэтулькі, што яшчэ некалькі асобаў набрала па пары кіляграмаў. Тытун быў добры - баўгарскі. Ад гэтага часу курылі, колькі хто хацеў.
Калі нястала тытуну, дык людзі пачалі цікавіцца іншымі вагонамі. Між гэтых іншых знайшлося некалькі цыстэрнаў са сьпіртам, а як-бы спэцыяльна прыгатавана на гэтую аказію, побач некалькі вагонаў з бутэлькамі розных памераў. Насельніцтва разьбірала сьпірт вельмі спакойна, парадкам, ніхто ў сьпірце не ўтапіўся, як здаралася ў падобных выпадках чуць. Усе ставалі ў чаргу й калі прыйшла чарга дык спакойна напаўнялі ўвесь запас свайго судзьдзя: хто вядро, хто бутэльку, а хто й цэлую бочку. Ад гэтага часу ў «калгасе» стала жыць багата, гарэлка са стала не сыходзіла. Асабліва стараліся Дзямідовіч-Дэмідэцкі й Сакалоў. Але калі першы піў i не напіваўся, дык з другім бывала розна. Часу-ж хапала, бо амэрыканцы вызваліўшы сваіх аліянтаў, так як немцам забаранілі ім быць на вуліцы пасьля другой гадзіны. Расклад дня ўстанавіўся такі: раніцай экскурсія да цягніка. Там, пасьля вычарпаньня гарэлкі, аказалася яшчэ многа цікавых рэчаў: некалькі вагонаў з панцэрфаўстамі, пара вагонаў з дынамітнымі патронамі ў плястыковых скрыначках, два вагоны каўнерыкаў, вагоны з самалётнымі прапэлерамі й рэнтгенаўскімі лямпамі, ды два вагоны італьянскай памідорнай пасты ў бляшанках па пяць кілё. Гэтым зацікавіліся й узялі спадчынны падатак i пастай.
Шнайдлінгэн ляжыць на бяздрэўнай раўніне. Полі ў большасьці засаджаныя цыбуляй. У печах паляць лігнітам, але з распалкай цяжка. Дзеля гэтага немцы зацікавіліся ўсялякім драўляным апакаваньнем. Кажная рэнтгенаўская лямпа была ў асобнай скрынцы ўмацаваная ў сярэдзіне на пружынах, так каб не датыкала да бакоў скрынкі. Наглядаў, як немец сыстэматычна выймаў лямпу за лямпай са скрынкі, разьбіваў лямпу аб камень, a драўляную скрынку разьбіваў таксама й дрэва склаў на свой ручны вазок - гандвагэн - вельмі пашыраны ў Нямеччыне.
Драўляныя прапэляры немцы збракавалі, бо ix ня брала ні піла, ні сякера. Пазьней пачалі забіраць жалезныя бочкі ў якіх было насеньне рапаку i актываваны вугаль. Насеньне й вугаль высыпалі побач вагонаў, a бочкі забіралі. Даведаўшыся, што з насеньня рапаку можна выціскаць алей, праз некалькі дзён можна было бачыць, як немцы старанна лыжкамі выбіралі з няроўнасьцяў загаранага поля насеньне рапаку. З часам даведаліся таксама, што вугаль, хоць i актываваны, але ў грудах гарыць добра (груда - гэта спэцыяльны род печаў у тых мясцовасьцях), дык сабралі й вугаль. Амэрыканцы ў разборы цягніка не перашкаджалі, i так трывала пару тыдняў, аж пакуль на зьмену амэрыканцаў ня прыйшлі ангельцы.
Сакалоў пачаў трохі дзіўна захоўвацца - ціха казаў, што ён Беларус, а найгаласьней, што ён польскі грамадзянін.
Начамі ізноў, як у часе вайны пачалі чуцца гукі супрацьлётнага алярму. Гэта нехта парадзіў бурмістру (ягонае прозьвішча было Сімон), што калі ён атрымае паведамленьне, што некага грабяць, каб ён даваў сыгнал фольалярму, тады ўсе павінны выходзіць i лавіць рабаўнікоў. Немцы з ахвотай выскаквалі й прабавалі рабаўнікоў злавіць. Аднойчы нават аднаго злавілі й пачалі апрацоўваць яго кіямі й віламі. У шпіталі, аднак, выясьнілася, што гэта быў немец з суседняй вёскі, які заначаваў у Шнайдлінгэн i дапамагаў лавіць рабаўнікоў.
Выйшаў загад бурмістра, каб людзі аднесьлі яму ўсе рэчы пабраныя зь цягніка. Прынесьлі яму два з паловай літры сьпірту ды які кіляграм тытуну.
Адбылася першая рэестрацыя чужынцаў. Трэба было апрача пэрсанальных даных асьветчыць ці мае намер варочацца да хаты, a калі не, дык чаму. Мы ўсе падалі, што ня хочам варочацца дзеля палітычных прычынаў. Праўда, хутка ў нашай групе аказаўся «возвращенец». Спадарыня Васільева, маці машыністкі БЦРады Фішчук, якая з Гэкстэру дзеля нейкіх прычынаў вярнулася ў Бэрлін, пачала да ўсіх зьвяртацца з просьбаю парадзіць ёй, што яна мае рабіць. Усе згодна радзілі ёй сядзець разам з намі й чакаць далейшага разьвіцьця выпадкаў, тым больш, што яна добра ведала французкую мову. Васільева выслухвала рады, але, відаць, была зь ix незадаволеная. Аднойчы яна радасна сказала, што свае людзі не хацелі даць ёй добрай рады, а чужы чалавек парадзіў ёй лепш. У гутарцы выясьнілася, што Васільева спаткала нейкага савецкага прымусовага работніка, i той на просьбу даць ёй раду сказаў, што тут няма аб чым i думаць - варочайся да хаты й усё. Праз дзень Васільева, згодна з атрыманай добрай радай, перасялілася ў зборны лягер рэпатрыянтаў у Савецкі Саюз i праз пару дзён выехала ў Магдэбург у Савецкую зону Нямеччыны.
Зарганізавалася ў Шнайдлінгэн польская група такіх, што не хацелі вяртацца ў Польшчу. Прапанавалі далучыцца й нам, як польскім грамадзянам. На чале гэтай польскай групы была полька Вэрыга-Дарэўская. Сакалоў i Наронскі патроху вялі агітацыю за далучэньне да ix, але выйшаў невялічкі скандал, бо нехта гэтую польку апазнаў, як капо (прыганятыя кацэтнікаў, з пасярод самых кацэтнікаў). Які далейшы лёс гэтай справы ня ведаю, але кіраўніком гэтай групы зрабіўся нехта іншы. Палякам пачалі раздаваць цыгарэты й дадатковую ежу. У хуткім часе даведаліся, што К. Дзямідовіч-Дэмідэцкі прыпісаўся да польскай групы. У адказ на гэта супольнай пастановай групы быў аддзелены ад стала. Дзямідовіч тлумачыўся, што ў яго жонка ў Польшчы i ён павінен дзеля гэтага варочацца ў Польшчу, таму й прыпісаўся да палякаў. Сэпарацыя ад ложа праведзена небыла i да свайго выезду Дзямідовіч спаў на падлозе з усімі разам. Да палякам на жыцьцё ён пераходзіць не хацеў з увагі на тое, што палякі ў Шнайдлінгэн складаліся з мала культурнага, але затое вельмі буйнага элемэнту.
К. Дзямідовіч-Дэмідэцкі пазьней выехаў у Польшчу й быў там засуджаны й павешаны. Відаць, варочаючыся спадзяваўся на апеку свайго падуладнага зь Менскай гарадзкой управы Балеслава Берута - прэзыдэнта сатэліцкай Польшчы.
У Шнайдлінгэн была яшчэ група немцаў з Волгі, але мясцовыя немцы неахвотна прызнаваліся да ix, як да фольксгэноссэн.
Часта на начлег у Шнайдлінгэн затрымліваліся транспарты ўсходніх работнікаў, што арганізавана ехалі на Магдэбург. Спатыкаў ix ангелец з вайсковай камэндантуры й стоячы на танку прамаўляў да ix, тлумачачы, што тут рабаваць забаронена. Тыя, што ехалі на Магдэбург у гутарках з апошніх словаў лаялі Сталіна й наагул савецкі лад ды пагражалі, што прыехаўшы зробяць парадак.
Вярнулася з Бэрліну Н. Якубовіч, сына не знай шла, а сама чуць выйшла з Бэрліну, бо мусіла праходзіць праз савецкі ланцуг.
Нехта з нашай групы пачуў па радыё, што паводля нейкага дагавору Саветаў з зах. Аліянтамі, граніца савецкай акупацыйнай зоны мае перасунуцца на захад, далека за Шнайдлінгэн. Пайшлі да ангельскага каменданта ў Пройсішэ Бэрнэкэ. Той сказаў, што гэта выключана, што савецкія войскі могуць прыйсьці сюды толькі сілай зброі, але ніколі са згоды аліянтаў. На нейкі час усе супакоіліся. Усе ўладжваліся як маглі, атрымлівалі прадукты, заводзілі знаёмствы зь немцамі. Найлепш, аднак паводзілася Шкутку. У хаце на сьценах каўбасы, хлеба хоць адбаўляй. Выглядала, што яму дапамагае добрая веда нямецкай мовы й наагул добрае знаёмства мяйсцовых абставінаў. Справа аднак аказалася шмат прасьцейшай. Аднойчы я з Сакаловым зайшлі да яго, каб паслухаць радыё й прыпадкова заўважылі на стале прадуктовыя карткі дакладна на поўную колькасьць асобаў нашай групы, але выданыя ня бурмістрам у Шнайдлінгэн, a ў Эгэльн, адлеглым ад нас на 5 км. Ягоны дабрабыт адразу зрабіўся зразумелым, але мы не паказалі, што мы гэтыя карткі бачылі.
Чуткі аб прыходзе Саветаў усё курсавалі, пачалі ўжо нават вызначаць тэрміны іхнага прыходу. Кіраўнік нашай групы А. Шкутка аднак усё адвалакаў з выездам -відаць ня меў пэўнасьці, як будзе з карткамі на новым мейсцы. Нарэшце пачалі выяжджаць палякі i ізноў прапанавалі нам далучыцца да ix. Зь іхняй прапановы скарыстаў, апрача Дзямідовіча, Скрыньнік з сям'ёю й спд. Гартыньска, як яе назваў Дзямідовіч - «жона незнанэго жолнежа», бо яна пачала гаварыць, што ў яе муж у ангельскай арміі i яна зараз-жа выяжджае ў Англію.
Нарэшце Шкутку быў пастаўлены ўльтыматум, або выяжджаем у наступных пару дзён, або група разьвязваецца й кажны выяжджае на собскую руку. У міжчасе немцы ўсё гавораць аб хуткім прыходзе Саветаў.
На ўсялякі выпадак прыгатавалі два рукзакі, калі-б заіснавала патрэба пешай вандроўкі. Аднойчы прачнуліся раніцою ад крыкаў на вуліцы панямецку: «Едуць, едуць упрыгожаныя кветкамі!» У сувязі з чаканьнем прыходу Саветаў, нам нічога іншага ня прыйшло ў галаву, як тое, што едуць Саветы. Аказалася аднак, што праяжджаў вялікі транспарт рэпатрыянтаў на ўсход. Да гэтага, аднае начы страшэнна роў недзе блізка асёл, i Мілішкевіч, як бывалы чалавек, усім гаварыў, што гэта не да дабра. А. Шкутка не захацеў растацца з групай i пачалі старацца атрымаць дазвол на выезд ад камэнданта. Дазвол давалі куды хто хацеў, але з тым агранічэньнем, што не далей як 100 км. Выстараліся мапу - разгледзелі. У 100 км. радыюс уваходзіла й некалькі гарадоў, між іншым Браўншвайг i амаль Гэтынгэн. Пастанавілі аднак пасяліцца ў нейкай вёсцы, разьлічваючы, што там будзе лягчэй з харчамі. Проста на захад ад Шнайдлінгэн, ужо за граніцай прызначанай на савецкую зону, знайшлі нейкі назоў Шлядэн, недалёка ад Браўншвайгу. Пастанавілі ехаць туды. Нанялі трактар з прычэпленымі двума плятформамі й прыгожай раніцай 17-га чэрвеня 1945 году паехалі ў няведамае. Ехалі праз Эгэльн, Гальбэрштадт, Вэрнігэродэ, Бад Гарцбург, Фінэбург. Дарога вельмі прыгожая, уздоўж паўночных сьхілаў гор Гарцу. Рух на дарогах вялікі, многа таксама пешых. Нас міналі цэлыя транспарты рэпатрыянтаў на ўсход. Грузавікі ўпрыгожаныя зеленяй, на некаторых іконы Сталіна i іншых савецкіх «сьвятых». Зь некаторых машынаў едучых нам на сустрэчу, махаюць кулакамі, хіба зразумеўшы, што мы ўцякаем ад Саветаў.
Недзе каля гадзіны 2-ой папаўдні прыехалі ў Шлядэн. Заехал і пад будынак, дзе ўрадаваў бурмістр. Зайшоўшы да яго сказалі, што нас прыслалі сюды ангельцы, на довад чаго паказалі дазвол на падарожжа ў Шлядэн.
АНГЕЛЬСКАЯ АКУПАЦЫИНАЯ ЗОНА НЯМЕЧЧЫНЫ: Шлядэн, Браўншвайг, Ватэнштэт, Фленсбург, Любэк.
Прага чалавечнасьці -
Прага вечнасьці.
Што чалавечае, Тое i вечнае.
А. Разанаў[6].
... Аб свой гонар дбайна дбалі,
I дабравольна, бяз прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум i рук...
Я. Купала
Бурмістр Шлядэну сказаў, што да вечару ўсім будуць памешканьні, а пакульшто сказаў, каб мы з рэчамі ехалі ў домэну - дзяржаўны маёнтак, выгрузіліся там i чакалі на прыдзел памешканьняў. Чакаць доўга ня прыйшлося, бо праз гадзіну прыйшоў урадавец з гарадзкой управы й пачалі разводзіць па памешканьнях. Дайшла чарга й да нас. Мы атрымалі пакой на падстрэшшы, над першым паверхам. Партэр займаў шлядэнскі банк, першы паверх гэта было памешканьне дырэктара банку Гротмана. Самога Гротмана ня было, ён быў у палоне ў Францыі i ў хаце была толькі ягоная жонка з двума дзяцьмі, якая працавала ў банку. Прыдзелены нам пакой, хоць i на падстрэшшы быў даволі вялікі, чысты з вакном на вуліцу. З прыбіральні трэба было карыстацца ў памешканьні Гротманаў. Разьмясьціліся розна - адны горш, другія лепш. Найбольш шырока разьмясьціўся А. Шкутка са сваім ад'ютантам Мілішкевічам, якога сам пад уплывам нядаўна прачытанай кнігі «Братья Каромазовы» Дастаеўскага назваў Сьмердзяковым. Яны разьмясьціліся ў вялікай залі ў самай домэне, якая знаходзілася пад адміністрацыяй Каўфманаў. Самога Каўфмана ня было відаць, а была толькі ягоная жонка і, якіх 26 гадоў, дачка. У падвалах домэны былі зложаныя на перахаваньне супольныя прадукты нашай групы.
У гэтым месцы трэба трохі вярнуцца ўзад i выясьніць пытаньне скуль у нашай групы раптам аказаліся запасы харчоў. Дзень перад выездам са Шнайдлінгену А. Шкутка асьветчыў усёй групе, што праз знаёмства зь немцамі яму ўдалося дастаць для нашай групы дадатковых прадуктаў у некалькіх ягоных знаёмых у Эгэльн. На выкуп гэтых прадуктаў была праведзена зборка грошаў i выдэлегаваныя дзьве асобы з нашай групы з пазычаным ручным вазком, для прывозу прадуктаў. Прадукты былі прывезены ў Шнайдлінгэн, здаецца па пару фунтаў на асобу было выдана, а рэшта мела быць зялезным запасам нашай групы, распараджацца якім меў агульны сход.
Сталавацца ў Шлядэне пачалі ў існуючай там грамадзкай кухні, дзе адбіралі за гэта частку картак. Шлядэн, гэта была невялікая нямецкая веска, на чыгуначнай лініі Браўншвайг - Госляр i далей на поўдзень на Гольцміндэн. Праз вёску праплывала рэчка Окэр - малая, плыткая, але вышэй Шлядэну камяністая й так хуткая, што цяжка было ўстаяць у ёй на нагах. Шлядэн ляжыць на пераломным мейсцы, дакладна: ад яго на поўнач у кірунку Браўншвайгу пачынаецца раўніна, на поўдзень пачынаюцца ўжо прыгорры Гарцу. Мінуўшы Шлядэн, рэчка Окэр супакойваецца й пачынае павольна мэандраваць па падмоклай даліне.
Праз пару дзён пасьля нашага прыезду ў Шлядэн устанавілася граніца з савецкай зонай. Па дарозе на ўсход граніца была 2 кілямэтры, але ўздоўж чыгункі ў Госляр - павятовы горад на паўдні, граніца падыходзіла мясцамі на 200 мэтраў.
У Госляры аказаўся знаёмы зь Вільні - Уладзімір Падагель, які вучыўся калісьці ў Беларускай гімназіі, тады перайшоў у Тэхнічную школу на Галяндэрні, кончыў яе, трохі папрацаваў у тэхнічным кірунку, а тады пайшоў на права й скончыў яго. Жонка ягоная была немка й дзеля гэтага ён «рэпатрыяваўся» зь Вільні, за Саветаў.
Аднойчы адведалі яго з Сакаловым у Госляры; ён займаў там вялікае памешканьне. У Госляры таксама жыў муж ягонай сястры - Мацёніс з жонкай, маткай i двума сваячкамі.
Адведалі са Шкуткам Браўншвайг i выясьнілі, што там у памешканьні гарадзкой управы (Ратгаўз) знаходзяцца нацыянальныя прадстаўніцтвы розных народаў. Нам таксама ўдалося дастаць ад ангельцаў дазвол на ўтварэньне такога прадстаўніцтва; у вялікай меры гэта была заслуга Шкуткі які, трэба яму прызнаць, умеў хадзіць па ўрадах, у чым яму дапамагала добрая веда мовы, бо-ж ён студыяваў на нямецкай палітэхніцы. Кіраўніком гэтага прадстаўніцтва - Уайтрутэніян оффіс - ясна, стаў А. Шкутка. Заступнікам ягоным стаўся A. Сакалоў i сакратаркай Paica Евец. Яшчэ не пачалася праца, як ужо Сакалоў пад нейкім гумарыстычным пратэкстам адмовіўся й на ягонае мейсца мусіў стаць я.
Наша прадстаўніцтва мясьцілася ў Браўншвайгу ў будынку гарадзкой управы ў адным пакоі з украінскім прадстаўніцтвам. Браўншвайг быў у адлегласьці каля 30 кілямэтраў ад Шлядэну й трэба было езьдзіць туды кажны дзень. Карысталіся тыднёвымі білетамі - першы білет быў 15 ліпеня 1945 г. Цягнікі хадзілі вельмі рэдка - раніцою праходзіў цягнік на Браўншвайг, а пасьля абеду з Браўншвайгу на Гольцміндэн. Дасталі ад Украінцаў сьпіс Беларусаў, што былі зарэгістраваныя ў Украінцаў, як Беларусы. Функцыі нашага ўраду палягалі на рэгістрацыі Беларусаў, аказваньне ім праўнай дапамогі ў розных дробных справах, выдаваньне кажны месяц пасьветчаньняў на права атрыманьня харчавых карткаў (адносілася гэта да тых, што жылі на прыватных кватэрах), а таксама сьцьверджаньне тоесамасьці данай асобы й выдаваньне пасьветчаньняў на права атрыманьня нямецкіх дакумантаў.
У нашых суседзяў Украінцаў кіраўніком іхняга прадстаўніцтва быў інж. Мікалаевіч, ягоным заступнікам быў Базяк i быў яшчэ адзін украінец, прозьвішча якога не прыпамінаю. На пачатак сваёй працы мы абыйшлі ўсіх тых хто ў нас зарэгістраваліся, каб азнаёміцца з умовамі іхняга жыцьця й зь іхнымі патрэбамі. Жылі гэтыя зарэгістраваныя ў разьбітых дамох, у падвалах спаленых дамоў, цэлая група жыла ў спаленым замку браўншвайскіх князёў. Сярод Беларусаў трапляліся й Расейцы, што падаваліся за Беларусаў. Адным зь першых быў зроблены візыт якраз такім «Беларусам» - Зайцаву й Назараву.
Вельмі хутка пасьля пачатку працы ў Браўншвайгу, пакінулі Шлядэн А. Сакалоў i I. Наронскі. Сакалоў уладзіўся ў Госляры ў спэцыяльным урадзе, што займаўся справамі ДП (дісплейсд пэрсонс перамешчаныя асобы). I. Наронскі таксама пераехаў у Госляр, непрацаваў, але жыў няблага, бо займаўся гандлем, здаецца, што i амэрыканскімі аўтамі. Праз нейкі час быў ангельцамі арыштаваны й з таго часу ўсялякі сьлед аб ім загінуў. А. Сакалоў-жа ў тэгым часе дайшоў да перакананьня, што ён «паляк», i калі нехта ня ведаючы аб гэтай зьмене зварочваўся да яго пабеларуску, дык ён, як-бы не разумеючы перапытваў: «Цо прошэн». З гэтага часу нашае ўсялякае знаёмства зь ім перарвалася, хоць яшчэ пару гадоў жылі недалёка ад яго.
Нашым прадстаўніцтвам быў зарганізаваны Беларускі Камітэт у Госляры. Ачоліў яго ўладзімір Падагель, а сакратаркай да яго была прызначаная Ніна Якубовіч, якая таксама пераехала ў Госляр.
Цягнік праз Шлядэн у Браўншвайг ішоў раненька, каля шостай гадзіны. Летам было яшчэ нічога, але зімою было цяжка арыентавадца ў гадзінах, бо гадзіньніка ня мелі. Арыентаваліся паводля руху на вуліцы, бо ў гэтым была пэўная правідловасьць.
Яшчэ горш было зь яздою назад у Шлядэн, бо цягнік падавалі на станцыю са дзьве гадзіны перад адыходам цягніка й цягнік адразу запаўняўся да адказу. Тым, што езьдзілі рэдка, было магчыма адседзець у цягніку на станцыі дзьве гадзіны, але тым, што езьдзілі кажны дзень, чакаць дзьве гадзіны на станцыі было зацяжка. Справа была ня ў тым, што нельга было ўбіцца ў цягнік, бо-ж ехаць можна й на падножцы, на буфэры ці ў тармазной будцы, але справа была ў тым, што амаль дзьве гадзіны перад адыходам цягніка пераставалі ўпушчаць на пэрон, дзеля перапаўненьня. Прыходзілася камбінаваць. Станцыя была абнесеная мураванай сьцяною, але ў адным мейсцы мур быў разьбіты бомбаю. Пачалі з Раісай Евец лазіць праз той пралом. Праз нейкі час аднак паставілі варту. Тады тыя, што хацелі трапіць на пэрон, зьбіраліся каля пралому, аж пакуль не набіралася зь дзесяць асобаў, а тады ўсе адначасна кідаліся ў пралом. Вартаўнік лавіў або не лавіў аднаго, а рэшта шчасьліва дабягала да цягніка. Пазьней паставілі некалькі вартаўнікоў i трэба было зьмяніць мэтад працы - звычайна пералазіць праз загародку ў непільнаваным мейсцы. Аказалася яшчэ адна магчымасьць - праход на пэрон з білетам купленым на цягнік, які мелі якраз у гэтым часе падаць на пэрон, i які мог ісьці зусім у друцім кірунку. Часамі езьдзілі трамваем з Браўншвайгу да гораду Вольфэнбютэль, дзе затрымліваўся патрэбны нам цягнік.
У канцы жнівеня 1945 году атрымалі ад ангельцаў дазвол на арганізацыю лягеру для ДП у Ватэнштэце. Ліст да ангельцаў у справе лягеру быў высланы 27 жніўня. Кіраўніком лягеру тымчасова быў прызначаны Сьвятаслаў Коўш [7]. Прызначэньне аказалася ня вельмі ўдалым, бо Коўш баяўся заставацца на нач у лягеры i езьдзіў кажны дзень у Шлядэн. Жыхары лягеру слушна наракалі на гэта й тады ў лягеры згадзіўся пасяліцца настала Э. Будзька, Коўш-жа заміж баяцца ў лягеры баяўся ў Шлядэне, наракаючы ўвесь час, што яму далі памешканьне блізка канца вёскі i яго стуль могудь забраць Саветы.
У канцы лета ў Шлядэн прыехаў В. Пануцэвіч з жонкай Ірэнай i Аляксандрам Крытам. Усе трое былі неяк закінутыя ў Данію, потым жылі ў Кілі. Зь Кілю пісалі ў Гэкстэр да Астроўскага, які аказаўся ізноў у Гэкстэры i ад яго даведаліся адрэс Будзькаў.
У нашым урадзе ў Браўншвайгу колькасьць зарэгістраваных усьцяж прыбывала, прыбывалі Беларусы, здараліся й Расейцы. З Расейцаў, якія не стараліся падрабляцца пад Беларусаў прыпамінаю сям'ю Собалевых. Уся сям'я - былі мілыя людзі. З расейцаў іншага тыпу прыпамінаецца Макаров (у канцы пяцідзесятых гадоў, а можа й пазьней час-ад-часу пісаў у «Новом Русском Слове» на антыбеларускія тэмы). Прыйшоў аднойчы ў нашае бюро нейкі даволі плюгава выглядаючы тып з просьбаю зарэгістраваць яго з тым, каб ён жыў на прыватным памешканьні. З гутаркі выясьнілася, што ён «тоже, конечно, Белорусс», працаваў у расейскай газэце ў Віцебску. Я адмовіўся выдаць яму дакумант на прыватнае жыцьцё, а запрапанаваў яму паехаць у лягер у Ватэнштэт (каб там быў пад апекаю). Гэта яму не адказвала i ён больш не паказваўся.
Каля самай станцыі ў Браўншвайгу, з левага боку, была савецкая рэпатрыяцыйная місыя. На бальконе чырвоныя сьцягі i іконы жывых i памерлых савецкіх сьвятых.
Аднойчы ад савецкай місыі зьявіліся ў нашым бюро двое: адзін у вайсковай форме, здаецца маёр, а пры ім нейкі другі тып у паўвайсковай вопратцы бязь ніякіх азнакаў рангі. Сказалі, што прыйшлі пазнаёміцца з прадстаўнікамі арганізацыі, якая, як i іхняя рэпатрыяцыйная місыя, працуе для дабра ДП. Асьцярожна стараліся даведацца колькі ў нас зарэгістраваных асобаў - мы ім ветліва адказалі, што тых, што маюць намер варочацца да хаты мы наагул не рэгіструем, а адразу адсылаем да ix (у запраўднасьці да нас такія не заходзілі). Пагаварылі так з паўгадзіны. Разьвітваючыся запрашалі заходзіць да ix, каб бліжэй пазнаёміцца й пры шклянцы гарэлкі «обменяться мнениями. Я ім адказаў, што з прыемнасьцяй-бы зь імі яшчэ спаткаўся, але толькі баюся, што знайшоўшы да ix уваход, магу не знайсьці выхаду. Пачало пахнуць скандалам, бо рэпатрыятары пачалі крычаць, што ix падобныя пасуджаньні зьневажаюць, але неяк скончылася спакойна, бо адзін з працаўнікоў украінскага бюро пачаў пытаць у ix рады, як яму лепш зрабіць: у яго бацька жыве ў Канадзе i ён хоча да яго паехаць, адно ня ведае, ці ехаць адразу зь Нямеччыны, ці спачатку паехаць у Саветы, узяць загранічны пашпарт, а тады ўжо ехаць у Канаду. Рэпатрыятары пачалі горача радзіць яму паехаць спачатку ў СССР, а тады ўжо, як грамадзяніну магутнага Савецкага Саюзу ехаць куды толькі хоча. На пытаньне колькі часу можа заняць такая рэпатрыяцыйная паездка ў Савецкі Саюз, рэпатрыятары адказалі, што яны ня хочуць нікога ашукваць кажучы, што гэта зробіцца за тыдзень, але запэўніваюць, што такая паездка ў СССР, перад тым, як ехаць у Канаду, зойме ня болей як месяц часу.
Хутка пасьля савецкай візыты ў нашае бюро, ангельцы парадзілі працаўнікам усіх гэтых бюраў, не хадзіць самым па Браўншвайгу, асабліва па бакавых вуліцах, а вечарам радзілі наагул з хаты ня выходзіць.
У Шлядэн некалькі разоў праводзілі рэгістрацыю чужаземцаў, пару разоў загадвалі зьбірацца з рэчамі i ехаць да хаты, але прапановы аб выезьдзе не прыймаліся.
8-га верасьня 1945 году выпаўнялі нейкія анкеты, безь якіх не давалі картак.
Адсьвяткавалі ні то імяніны, ні то нарадзіны A. Шкуткі. Гарэлкі было яшчэ з Шнайдлінгэн, імянінных пірагоў напяклі з супольнай мукі. Сьвяткавалі ў палацы домэны. Нехта заўважыў, што ў Мілішкевіча да ложка прывязаная вяроўка. Выясьнілася, што Мілішкевіч меў намер, калі саветчыкі прыйдуць лавіць яго, дык ён выкіне вяроўку праз вакно й спусьціцца па ёй уніз. Нехта сказаў яму, што калі ён спусьціцца ўніз, дык можа адразу трапіць у мех i ня будзе клопату з шуканьнем вяроўкі, каб завязаць той мех.
На сьвяткаваньні ў Шкуткі, Э. Вудзька ў прамове сказаў, што дзейнасьць Шкуткі заслугоўвае, каб яму за жыцьця паставіць помнік. Не пасьпелі яшчэ аднак прыступіць да будаваньня помніка, як зрабіўся скандал. Згінулі прадукты прывезеныя са Шнайдлінгэн. На агульнае дамаганьне быў скліканы агульны сход, на якім было выяўлена наступнае: прадуктаў прывезеных у Шлядэн былі наступныя колькасьці: паўтара мяха пшоннай мукі, мех цукру, 15 кіляграмаў маннай крупы, 10 кіляграмаў топленага лою й 30 кіляграмаў мэлясы. Анатоль Шкутка асьветчыў, што аднойчы да яго прыйшоў адміністратар домэны й сказаў яму, што прадукты ў падвале раськіданыя. Ён (Шкутка) паслаў на наступны дзень у падвал Мілішкевіча, які сьцьвердзіў, што частка прадуктаў з зачыненага падвалу загінула. Аднойчы едучы на матацыклі з Наронскім у Госляр ён (ЦІкутка) вёз у рукзаку нейкую муку й думаў, што гэта порцыя ягоная й Наронскага 6 кг., але пазьней усьведаміў, што гэтай мукі было больш. Што з гэтай мукой сталася ня ведае. Нікому не дазваляў браць прадукты й нікому не гаварыў, што гэтыя прадукты належаць да яго.
Мілішкевіч сказаў, што са Шнайдлінгэн у Шлядэн усе прадукты былі прывезены ў парадку, адно тлушчу было менш, але дзе той тлушч загінуў ён ня ведае, хоць прадукты былі пад ягонай апекай. Пасьля таго, як адміністратар домэны сказаў, што прадукты не ўпарадку, ён сьцьвердзіў, што згінула мука, манная крупа й дзьве бляшанкі мэлясы. Цукру было прывезена 50 кг., але цяпер ёсьць толькі 10 кг. Выдаваў дукер два разы I. Наронскаму, але колькі, нават прыблізна сказаць ня можа. З гутарак, якія вяліся ў ягонай прысутнасьці між А. Шкуткам i I. Наронскім, Мілішкевіч займеў уражаньне, што ўсе прадукты ёсьць прыватнай собскасьцяй ІІІкуткі.
Наронскі сказаў, што згодна з пастановай, ён раздаў па 3 кг. на асобу, а больш нікому нічога не выдаваў, бо й ня меў у распараджаньні. Ключы ад падвалу былі ў Шкуткі. Тлушч i цукер выдаваў яму Мілішкевіч. ён лічыў, што прадукты пераняў Шкутка й, што ён браў прадукты Шкуткі. Меў быць падзелены й тлушч, але толькі палова, бо палову меў узяць Шкутка (Шкутка ў гэтым месцы сарваўся зь мейсца з крыкам: «Так, але я ня ўзяў!»)
У выніку гэтай агульнай сходкі нашай групы, што адбылася 31 жнівеня 1945 г. да А. Шкуткі, дня 9 верасьня 1945 г. быў накіраваны ліст падпісаны: Саўкам, С. Каўшом, A. Еўцам, Раісай i JI. Галякамі, А. Васіленям i Людвікай Будзька, у якім падпісаныя дамагаліся зьліквідаваньня гэтай справы ў тыднёвым тэрміне праз зварот забраных прадуктаў. Адказнымі салідарна мелі быць А. Шкутка, I. Наронскі і Мілішкевіч.
Як падпісваючыя прадбачылі, ніякага эфэкту гэта не дало. Недакрадзенай рэшты прадуктаў такеама ніхто больш не пабачыў - была дакрадзена. На наш ліст адказаў I. Наронскі, у якім выясьніў яшчэ раз, лічыў, што ўсё забірае Шкутка, дык ён браў ад Шкуткі.
У сям'і Будзькаў было непаразумленьне й прэтэнзіі бацькі, што ягоная дачка Людвіка падпісала ліст да Шкуткі - «каб чаго ня выйшла».
Неяк у верасьні прыехалі ў Шлядэн Дзіма Сямёнаў i Ўладыслаў Кушаль. Яны аказаліся недзе на амэрыканскай зоне, у горадзе Амбэргу й знайшлі маю сястру ў Швайнфурце. Трэба было паехаць па яе. Язда ў адзін бок заняла каля 3-ох дзён. Да граніцы амэрыканскай зоны даехалі добра, каля поўначы, выехаўшы раніцою. На гранічнай станцыі загад усім вылазіць. Пэрон абстаўлены вайсковай паліцыяй зь пісталетамі зьвісаючымі на даўгіх рамянёх. На пэроне белай фарбай праведзяная ў адлегласьці метра ад вагонаў - рыса. За гэтай рысай вайсковая паліцыя выстраіла ўсіх пасажыраў. Выстрайваючы часамі пастрэльваюць у паветра, часамі некага штурхануць. Выраўноўвалі хіба з гадзіну, а тады ў кажных дзьвярох вагону стаў вайсковы паліцыянт i пачалі ўпускаць у вагоны, спраўджаючы ў кажнага дакуманты. Мы мелі пасьветчаньні з нашага бюро ў Браўншвайгу, што едзем на студыі ў амэрыканскую зону акупацыі Нямеччыны. Аказалася дастаткова. Большасьць прапусьцілі ў вагоны, частку затрымалі й павялі на станцыю. Пасядзелі ў вагонах з паўгадзіны, тады ізноў каманда вайсковай паліцыі (МП) - Аллее аўсштайгэн - Усе высядаць. Ізноў усе вылезьлі, ізноў выраўнованьне пад лінію, гэтак з паўгадзіны, а тады ізноў каманда: «Айнштайгэн», ужо без праверкі дакумантаў. Трэйцяга разу «Аўсштайгэн» ня было, відаць сама паліцыя змарылася. За цэлы наступны дзень, зьмяняючы й чакаючы на цягнікі, даехалі да паўдарогі між Франкфуртам над Майнам i Вірцбургам. Вечарам улезьлі на таварны цягнік з бэнзынай у бля шанках у адчыненых вагонах i ехалі цэлую ноч. Раніцою, на нейкай станцыі Сямёнаў i Кушаль вылезьлі, а я паехаў далей i каля 10-ай гадзіны аказаўся ў Швайнфурце. Знайшоў лягер, знайшоў сястру. Працавала яна ў адміністрацыі лягеру ў картатэках. Жыла яна разам зь сям'ёю Аляхновічаў у будынку гаража. Яе знаёмая была Зося Аляхновіч, якая працавала ў Менску ў галоўным кіраўніцтве Саюзу Беларускай
Моладзі. Сам Аляхновіч быў у паліцыі. Пакульшто ўся сям'я лічыла сябе Беларусамі - пазьней падаліся ў палякі. Пазнаёміўся ў Швайнфурце з Нехвядовічам зь Іўя, амаль што суседам маіх івейскіх родных. У яго ў часе вайны недзе зьгінула нага i ён хадзіў на штучнай, але й на ёй чуўся добра.
Прабыў у Швайнфурце адзін дзень, 18 верасьня 1945 г. пачалі паваротную дарогу, дастаўшы зь лягеру пропуск на цягнік. Селі ў Швайнфурце на цягнік недзе каля паўдня. Цягнік - адкрытыя плятформы. Удзень, пакуль было сонца, было няблага, а вечарам вельмі холадна. Недзе каля поўначы даехалі да Фракфурту - да ўсходняй станцыі. Пераначавалі там на падлозе й раніцою, каля 6-ай гадзіны паехалі на цэнтральную станцыю трамваем. Там аказалася, што цягнік на поўнач адыходзіць толькі вечарам, так што былі змушаныя цэлы дзень зьведваць Франкфурт, які быў вельмі грунтоўна разьбіты. Вечарам з высілкам селі ў цягнік (дапамагло дасьветчаньне ў тэхніцы ўсяданьня), i адстаяўшы цэлую ноч, выселі раніцою ў Крайензэн, а адтуль бяз клопату дабраліся да Шлядэну.
У лягеры ў Швайнфурце, знаходзіўся брат майго патрона Станіслава Сіповіча. ён намаўляў усіх ня ехаць у Польшчу, але аднойчы напіўся й будучы п'яным надумаў варочацца. Ускочыў у рэпатрыяцыйную машыну й паехаў нават бяз рэчаў у Польшчу. З рэпатрыяцыяй ніякіх бюракратычных клопатаў не рабілі, абы была ахвота вяртацца.
24 верасьня А. Шкутка, як малады радны БЦР выяжджаў на паседжаньне БЦРады й вярнуўшыся гаварыў, што ўсе сабраныя найбольш зацікаўленьня выяўлялі ў адносінах да грошаў БЦРады й былі вельмі задаволеныя, што Астроўскі выплаціў ім кошты прыезду й кошты ўтрыманьня ў часе паездкі й сэсыі БЦРады. Сама БЦРада працаваць перастала.
У лягеры ў Ватэнштэце, што называўся АБЦ, людзей патроху ўвесь час прыбывала, дык i Коўш асьмялеў i перанёсься ў лягер на стала. Са Шлядэну пераехалі таксама Будзькі, Пануцэвічы, Крыт, A. Васіленя з жонкай ды іншыя, так што асяродак у Шлядэне паволі зьліквідаваўся. Калі людзей у лягеры прыбыло, дык былі праведзеныя выбары, ужо раней рэкамандаванага ўладам i вызначанага ангельцамі тымчасовым камэндантам лягеру С. Каўша. Сход быў скліканы Браўншвайскім бюро й Коўш на гэтым сходзе быў прадстаўлены, як тымчасоы камандант. Жыхары, ясна, выбралі яго сталым камандантам. Паколькі жыхары лягеру пабачылі, што ўлада Каўша паходзіць ня зь неба, а ад Браўншвайскага бюро, дык Коўш ужо зь першых дзён пачаў настройваць людзей супраць бюро й Шкуткі. Як аказалася гэта была ягоная сталая палітыка адносна кажнага, яму непадлеглага.
У лягеры, пад сьветлым кіраўніцтвам Каўша, адразу зьявілася самагонка, пры чым, ясна, гнаць мог ня кажны, a толькі той, хто атрымаў «канцэсію», за самагоннае ўзнагароджаньне.
Зь мейсца, найвялікшую прадукцыю разьвярнулі два сьвятары: а. Сурвіла i a. Сьмірноў [8].
Спачатку гналі ў сябе ў хатах, але потым хочучы разьвярнуць прадукцыю шырэй, уначы ўлезьлі ў лягерную кухню й былі там знойдзеныя лягернай паліцыяй. Афіцыяльнага пратаколу паліцыянт не зрабіў, бо сьвятары яму вытлумачылі, што той хто не дае сьвятаром гнаць самагонку ёсьць бязбожнікам, a такіх могуць адправіць да хаты. Паліцыянт паходзіў з Савецкага Саюзу й дзеля гэтага вывады сьвятароў здаліся яму пераконваючымі i ён толькі прыватна паведаміў аб гэтым Каўша, - вынік, ясна, ніякі, на тое-ж «канцэсія».
Самагон гналі пераважна з цукровых буракоў, a палі з гэтымі буракамі былі побач зь лягерам. Аднойчы падчас начнога абыходу лягеру, паліцыя зьняла з плоту аднаго са сьвятароў, які пералазячы са здабытымі буракамі праз плот, увяз у калючым дроце й ня мог выпутацца.
У канцы кастрычніка паехалі Шкутка й я ў арганізацыйнае падарожжа ў Гановэр, Гамбург i Любэк. Першае затрыманьне было ў Гановэры. Затрымаліся там у ўкраінскім лягеры імя Лысенкі. Дабіцца ў той лягер было цяжка. Пры ўваходзе лягерная паліцыя дала выпаўніць цэлую анкету ў якой былі нават пытаньні пра даты нараджэньня бацькоў. Пасьля гэтага прайшлі вусны допыт; калі тыя пачалі ўжо занадта спавядаць, мы адмовіліся зь імі наагул гутарыць i запатрабавалі самога начальніка паліцыі. Пасьля больш гадзінай працэдуры былі дапушчаныя ў лягер. Там знайшлі Беларусаў - група была даволі вялікая. Найбольш актыўнымі былі Юры Белякоўскі, Браніслаў Даніловіч, Брадан i Кірэй Стрэж (Кірэй - гэта праўдзіва-беларуская форма імя Кірыл). Пераначаваўшы там, паехалі да ангельскіх уладаў, каб тыя далі Беларусам асобны лягер. Ангельцы лягер давалі, але прадстаўнік людзей адмовіўся ў яго пераяжджаць, бо баракі былі драўляныя й было некалькі выбітых шыбаў. Зрабілі, што маглі, больш ад нас не залежала. Вечарам выехалі ў Гамбург, а фактычна ў Любэк праз Гамбург, бо ў Гамбургу ня мелі ніякіх кантактаў. Прыехалі ў Гамбург раніцою. Цягнік на Любэк меўся адыходзіць пад вечар. Зьведалі Гамбург i адседзелі пару гадзінаў у элеганскім рэстаране-кабарэ, дзе давалі вельмі добрую артыстычную праграму й кубак нямецкай несалоджанай кавы. Пад вечар выехалі ў Любэк i прыехалі туды перад паліцыйнай гадзінай. Пакуль шукалі сёстраў Жукоўскіх, ведалі, што яны ў Любэку, наступіла паліцыйная гадзіна (забарона быць на вуліцы). Зайшлі тады ў першы спатканы ДП лягер, аказаўся польскі, зайшлі да каманданта i ў працягу пяці мінут дасталі месца на начлег. Пераначавалі на голых дошках драўлянага ложка й раніцою знайшлі Жукоўскіх, Валентыну й Раісу. Тыя жылі ў драўляным бараку ў праходным пакоі. Там добра пасьнедалі й пазнаёміліся з новым ДПісаўскім вынаходам, як грэць ваду ня маючы электрычнай пліткі, a іменна, праз занурэньне ў ваду электрычнага дроту да канцоў якога прымадаваныя бляшаныя электроды, вялічыні з паўкарты да гульні. Спосаб гэты потым шырака ўжывалі падчас жыцьця ў лягеры, пакуль не пачалі ў гандлі зьяўляцца электрычныя пліткі - у цане 2 пачак (40 штук) амэрыканскіх цыгарэтаў.
Пры дапамозе Жукоўскіх знайшлі Б. Букатку й прызначылі яго мясцовым правадыром. Праз пару тыдняў ён зрокся. З Б. Букаткам паехалі аўтам у Гафкруг. Там жыў Мікола Шыла, знаёмы яшчэ зь Вільні. Гафкруг ляжаў недалёка ад Любэка, на беразе Любэцкай затокі. Кілямэтр ці болей ад берагу два вялікія караблі - транспарты, казалі, што аліянты праз памылку патапілі некалькі тысячаў кацэтнікаў, якіх недзе перавозілі. Дасталі ў Гафкругу па некалькі кіляграмаў доршаў. Пераначавалі ў Букаткі, - там на нейкіх умовах адбылося паеднаньне Шкуткі з Букаткам. Раніцою наступнага дня паехалі да хаты. Селі ў пусты таварны цягнік, што ішоў недзе ў Рурскую акругу. Мерзьлі, але ехалі няблага, мінулі Гамбург, Люнэбург, пачалі зьбліжацца да Гановэру; паказаліся агні Гановэру, але цягнік не затрымаўся й пайшоў далей. Затрымаўся толькі на маленькай станцыі кілямэтраў 40 за Гановэрам. Там высела вельмі шмат людзей, тыя, што павінны былі высядаць раней. Станцыйку напоўнілі так, што амаль не хапала стаячых мейсцаў. Раніцой ізноў у Гановэр, тады ў Браўншвайг i Шлядэн. Рыба ад доўгага падарожжа набыла нейкі пах, але смакавала вельмі добра.
Нашае бюро выселілі з будынку Гарадзкой управы й далі адзін пакой на Гэльмштэтэрштрассэ № 45. Гэтым пазбавілі нас прыемнасьці прыглядацца праз вакно на ангельскага вартавога, што стану з другога боку вуліцы, каля ангельскай камандантуры. Ангельская муштра так розьніцца ад кажнай эўрапейскай, што там заўсёды вельмі многа немцаў стаяла й прыглядалася ангельцам на варце, натолькі нязвычайна выглядалі іхныя павароты з прытупваньнем.
Зь цягнікамі зрабілася яшчэ горш, бо папершае ўставаць трэба было зусім зацямна, а падругое, у Браўншвайгу ачышчаць цягнікі ад надвышкі пасажыраў узялася ангельская вайсковая паліцыя. Рабілі гэтую ачыстку вельмі брутальна. Я зразумеў, чаму ix так не любілі каляніяльныя народы, бо там яны напэўна захоўваліся ня лепш, як у Нямеччыне. Вайсковая ангельская паліцыя вельмі мне прыпамінала жамойдзкую паліцыю ў Вільні: таксама высокія, чырвоныя твары, чырвоныя шапкі й падобна спайна бяздумныя твары. Магчыма, зрэштай, што проста фах накладае свой адбітак на выгляд i паводзіны.
Пачаў езьдзіць начаваць у Ватэнштэт аўтобусам, у Нямеччыне называецца омнібус. Трапіць у той аўтобус было таксама даволі цяжка, але ў кажным выпадку ня было ангельскай дапамогі, а гэта ўжо было добра, хоць гузікі ў адзежы абрываліся пры ўсяданьні часта.
Жонка Раіса пачала выкладаць у зарганізаванай В. Пануцэвічам у Ватэнштэце гімназіі хімію i езьдзіла ў Ватэнштэт са Шлядэну два разы ў тыдзень да станцыі Вольфэнбютэль, а стуль аўтобусам у Ватэнштэт.
У сыботу я ехаў у Шлядэн i праводзіў там нядзелю. У Шлядэне раздабылі чыгунную печку, дроваў нам прадалі з гміны. У дапамогу да навачаснага спосабу грэньня вады занурэньнем у яе электродаў, інж. Собалеў зрабіў з азбэсгу й часткі старой лятарні ад аўта, электрычную плітку. Каштавала трохі табакі са Шнайдлінгэн. У. Падагель з Госляру падзяліўся сваім гардэробам, падарыў касьцюм i наўзаем быў абдараваны табакай. З харчамі справа палепшылася, бо пачалі выдаваць раз на два тыдні харчовыя пачкі, што раней былі высыланыя аліянцкім палонным у нямецкім палоне. У пачках былі запраўдныя скарбы на тыя пасьляваенныя часы: 80 цыгарэтаў, кава, мармаляда, масла, сыр, арэхавае масла, мяса... Нашыя кліенты зь бюро наладзілі ў навакольных лясох паляваньне на дзікія козы й часамі дзяліліся здабычай. Лавілі козаў на петлі й перавялі ix вельмі многа. У 1947 годзе, адзін з нашых кліентаў, здаецца называўся Шарамета з Палесься, калі ўжо паляваньне было немцамі спыненае, казаў, што сам злавіў больш, як 100 козаў. Людзі няведаючы таго, што мяса зьвяроў душаных, а ня рэзаных, забаронена да спажыцьця саборам апосталаў у Ерусаліме, елі гэтае мяса. Гэта было выключэньне з правіла, што няведаньне закону шкодзіць. Праўда, што й ведаць людзі не хацелі. Аднойчы бачачы, як Каўшыха ў сваёй нясьведамасьці закону - трэфіцца, вытлумачыў ёй гэта, але не памагло, а жанчына была пабожная й пастоў пільнавала.
У гэтым часе я пачаў апрацоўваць брашуру пра Беларусь у ангельскай мове, бо ангельцы, калі чулі пра нейкіх Беларусаў, дык рабілі вялікія вочы. Я напісаў гістарычную частку, здаецца да І-ай Сусьветнай вайны, далей пісаў Шкутка, а яшчэ далей Хв. Ільляшэвіч. Падзяліў напісанае Вітаўт Тумаш, a перагледзіў яго Станіслаў Станкевіч, які ў гэтым часе прыехаў адведаць Ватэштэт, хаваючыся ад нейкай небясьпекі ў амэрыканскай зоне, дзе амэрыканцы былі ў многа больш прыяцельскіх адносінах з Саветамі, як ангельцы, i праводзілі бясконцыя «скрынінгі» стараючыся вылавіць савецкіх ворагаў.
У горадзе Госляры, стараньнем У. Падагеля таксама паўстаў беларускі лягер. Са Шлядэну я вымэльдаваўся ў пачатку сьнежаня, у адносінах карткаў. У лягеры АБЦ я дастаў даволі вялікі пакой у адным бараку з Б. Даніловічам, зь якім хадзілі разам на экспэдыцыі здабыцьця паліва й разабралі надбудоўку грузавога аўта, што сапсаванае стаяла на пляцы паміж баракамі лягеру Б i Ц.
У восені адбылося ў лягеры першае прадстаўленьне - канцэрт, між іншым выстуііаў хор рэвэлерсаў, які сьпяваў танго ўложанае С. Каўшом. Прыпамінаю сабе толькі рэфрэн:
«Жывём на сьвеце толькі адзін раз,
Дзяўчат на сьвеце хопіць для ўсіх нас,
Нашто сябры журыцца, ураз маладосьць прамчыцца
I старасьць сівая прыйдзе да нас.»
Шкада, што за так добрым пачаткам не паўсталі наступныя творы, бо ўсе даныя да гэтага ў Каўша былі: аб добрай музыцы паняцьця ня меў, a ў нотах трошкі разьбіраўся.
Перад нейкім таксама прадстаўленьнем пераехалі ў наш лягер на стала сестры Валенціна й Раіса Жукоўскія. Зь імі быў A. Асіпчык, які кіраваўся недзе ў амэрыканскую зону. Па дарозе ён згубіў свой партфэль ca справамі й меў прэтэнзіі да Жукоўскіх, бо тыя нібы ўвесь час у цягніку гутарылі й задурылі яму галаву.
Хацеў таксама A. Асіпчык выступіць з дэклямацыяй, каб паказаць сваю нейкую надзвычайную, ім самым вышытую кашулю, i вельмі абразіўся, калі яму сказалі, што зьмяняць праграму ўжо запозна.
Калі ўжо гутарка аб Ватэнштэце, дык пара словаў аб ім. Ляжаў на бязлеснай, даволі нізкай даліне, да найбліжэйшага лесу ў напрамку Вольфэнбютэлю некалькі кілямэтраў. Да вады, дзе можна было купацца, ямы скуль раней бралі жвір, таксама ca 2 кілямэтры. Лягер быў не ў самай вёсцы Ватэнштэт, a з паўтара кілямэтра да вёскі. У суседзтве было затое многа іншых лягероў. За лягерам АБЦ быў лягер Балтаў, крыху далей польскі лягер, гэтак званы Кацэт, бо там у часе вайны быў, хоць i не кацэт, але ўсё-ж карны лягер. З другога боку дарогі быў савецкі рэпатрыяцыйны лягер i бліжэй да Ватэнштэту лягер нямецкіх высяленцаў, з гэтак званых «польскіх зем одзысканых». За некалькі кілямэтраў быў вялікі ўкраінскі лягер Гальлендорф i ў самым Ватэнштэце ізноў польскі лягер. Сама вёска Ватэнштэт была часткаю гэтак званага Індустрыяльнага абшару - Ватэнштэт-Зальцгітэр. Ватэнштэт ляжаў з аднаго канца, Зальцгітэр з другога i адлегласьць паміж імі якіх 20 кілямэтраў. Цэлая гэтая ваколіца была новым прамысловым раёнам цяжкой прамысловасьці - сталёвых гутаў. Там знаходзіліся Гэрман-Гэрынг Вэркэ. У часе вайны ўваўсіх пералічаных лягерох жылі ненямецкія работнікі - прымусовыя й дабравольныя, бо былі й такія. Хутка ўсе гэтыя работнікі павыяжджалі, апрача тых, што не захгь целі варочацца пад савецкую акупацыю, дайшлі новыя й лягеры паволі засяліліся, хоць да тае колькасьці, што была ў часе вайны не дайшлі. Браўншвайг быў ад лягеру АБЦ 30 кілямэтраў, гарадок Вольфэнбютэль 10 кілямэтраў, недалёка была яшчэ вёска Дрюттэ ці Дріттэ, залежна, як транскрыбаваць нямецкае «у» умляўт. Далейшы від зь лягеру на поўдзень быў не благі, на горы Гарцу, уключна з найвялікшай гарою гэтага масыву - Брокэн (той самы Брокэн, дзе адбываліся зьлёты ведзьмаў - глядзі «Фауст» Гётэ). Брокэн ляжаў ужо на тэрыторыі савецкай акупацыйнай зоны Нямеччыны.
Недалёка ад лягеру былі вялізарныя электроўні, якія працавалі на лігніце й нягледзячы на тое, што ў элекроўнях былі вельмі высокія коміны, калі вецер быў у напрамку лягеру, дык бялізна вывешаная для сушкі чарнела не пасьпеўшы яшчэ высахнуць.
Увосень жыцьцё ў мяне ўлажылася такім чынам, што я працуючы ў Беларускім бюро ў Браўншвайгу, прыяжджаў у Ватэнштэт на начлег кажны дзень, а да хаты ў Шлядэн езьдзіў толькі на нядзелю. Раіса выкладала ў гімназіі й мела лекцыі ў чацьвяргі, пятніцы й сыботы, a іншыя дні праводзіла ў Шлядэн.
Будзькі й Пануцэвічы пасяліліся ў частцы лягеру «Ц», дзе быў вызначаны барак пад гімназію. Яны займалі ў тым самым бараку, дзе гімназія, тры пакоі ў адным калідоры, а чацьверты пакой у гэтым самым калідоры быў заняты пад склад.
Нашае мейсца жыхарства (мае й жонкі) хутка зьмянілася. У лягер прыбыла новая група й пачалося сьцісьненьне. Аднойчы вярнуўшыся вечарам з Браўншвайгу я зь цяжкасьцяй знайшоў сваё памешканьне. Аказалася, што камандант захацеў перавесьці мяне ў меншы пакой, а Э. Будзька, які працаваў у той час у лягеры бугальтэрам, баючыся, каб яму не ўсялілі каго небудзь неспакойнага, не чакаючы пабег i перацягнуў мае рэчы ў адзін з пакояў, што быў займаны Будзькамі-Пануцэвічамі й пасьля гэтага далажыў аб гэтым Каўшу. Так сталі мы жыць, калі былі ў лягеры, у Будзькавым калідоры, ды яшчэ з аграваньнем, бо праз наш пакой праходзіла труба ад печы, што стаяла ў пакоі Пануцэвіча. Асаблівых цяжкасьцяў у гэтую зіму з палівам ня было: недзе недалёка знайшлі звалку драўляных костак да бруку, а дакладней стары брук, які відаць немцы зьнялі недзе, каб не гарэла зямля ў выніку налётаў англа-амэрыканскай авіяцыі.
У палове сьнежаня 1945 году адбыўся зьезд Беларускіх дзеячоў ангельскай акупацыйнай зоны, на якім быў прыняты Статут Беларускага Дапамаговага Камітэту на ангельскую зону. Закладчыкамі, што падпісалі статут былі: А. Шкутка, Я. Сурвіла, Хв. Ільляшэвіч, A. Васіленя, a. A. Сурвіла й JI. Галяк. У выбраны ўрад Камітэту, наколькі памятаю ўвайшлі: старшыня А. Шкутка, а. А. Сурвіла, Хв. Ільляшэвіч i я, магчыма быў яшчэ нехта.
З амэрыканскай зоны прыяжджаў Станіслаў Станкевіч, - паведаміў, што там заснаваўся Беларускі Нацыянальны Цэнтр. У размове зь ім я выразіў думку, што той Цэнтр трохі арыгінальны, каб не сказаць эксцэнтрычны, бо існуе Цэнтр, але ня мае рэшты, бо хіба-ж яго могуць прызнаваць толькі тыя, хто яго засноўваў.
* * *
Адсьвяткавалі ў лягеры новы 1946 год. Далей язда ў Браўншвайг на дзяжурства ў неапаленым пакоі на Гэльмштэтэрштрассэ № 45. Многа справаў там ня было й дзеля гэтага падзяліліся працаю з Раісай Евец: адзін дзень была ў бюро яна, a другі дзень я.
У Браўншвайгу выйшаў загад перарэгістрацыі ўсіх ДГІ пры лягерох у Браўншвайгу, незалежна ад таго, ці нехта жыве ў лягеры, ці на прыватным памешканьні. У Браўншвайгу беларускага лягеру ня было, a іншыя лягеры, у першую чаргу польскія, адмовіліся рэгістраваць Беларусаў. Незарэгістраваныя прыходзілі ў нашае бюро ў яўна варожым настроі з прэтэнзіямі, што ix спэцыяльна зарэгістравалі ў Беларускім бюро, каб пасьля адаслаць у Савецкі Саюз. Прышлося два дні бегаць па ангельскіх урадах, адсыланых з аднаго ў другі з інтэрвэнцыяй, аж пакуль адпаведныя ангельскія ўлады выдалі загад рэгістраваць усіх, незалежна ад нацыянальнасьці.
Гарадзкія ўлады Браўншвайгу, выдаючы нашым людзям тымчасовыя пасьветчаньні тоесамасьці на падставе пісьмовай просьбы нашага бюро, часта пісалі, што пашпарт выданы згодна з просьбай Беларускага Кансуляту.
9-га лютага 1946 году ангельскае войска, пешае й на танках, акружыла беларускі лягер, што знаходзіўся ў глыбокай даліне між горамі каля гораду Госляр ды называўся Раммэльсбэрг i ўсіх тых, хто не патрапіў дакумантальна выказаць што яны не савецкія грамадзяне, пагрузілі ў аўты й вывезьлі - перадалі савецкім рэпатрыяцыйным уладам, а тыя доўга не чакаючы неадкладна перакінулі ўсіх у савецкую зону. Вывозьлі, праўда, ня ўвесь лягер. Частка патрапіла схавацца, частка ўцякла, засталіся таксама, што выказаліся дакумантамі нямецкіх уладаў на просьбу нашага бюро, засталіся й тыя, што дзеля нейкіх прычынаў не начавалі ў лягеры. Аказаліся разьбітыя сем'і. Раніцою недабіткі пачалі зьяўляцца ў нашым бюро. Зараз-жа я пабег у ангельскую камандантуру й там сказалі, што калі транспарт яшчэ не пераехаў граніцы савецкай зоны, дык будзе затрыманы. Аказалася аднак, што саветчыкі гэтую няпэўнасьць сваіх аліянтаў прадбачылі й транспарт нідзе не затрымліваючыся паехаў у Гэльмштэт i там пераехаў граніцу. Сьцьвердзіўшы гэта, у камандатуры сказал і, што яны «веры соры» (вельмі шкадуюць) i на гэтым справа зь імі скончылася. Недабіткам былі выданыя новыя дакуманты на Іншыя прозьвішчы з адпаведным мейсцам нараджэньня й накіраваліся ў розныя лягеры. Частка вярнулася назад у лягер Раммэльсбэрг, даведаўшыся, што вайсковы камандант Госляру зьняты са свайго становішча, за сваю ляяльнасьць да савецкіх аліянтаў. Наагул мне прыйшлося чуць i аб другім такім выпадку вывазу лягеру ў Ухце, каля Гановэру. Расказваў мне аб гэтым інжынер Голуб (Голубев) зь Менску, які ўратаваўся ўцёкшы з жонкай i дачкой на тарфяное балота, сярод якога ляжаў лягер. Агулам бяручы ангельцы не выказвалі сваей поўнай ляяльнасьці да савецкіх аліянтаў i вывазы адбываліся там, дзе камандант выказваў прасавецкія сымпатыі, або проста замнога піў з савецкімі аліянтамі.
6 сакавіка 1946 г. у лягер прыехаў Ст. Станкевіч i ўпотайку выдаў першы нумар часопісу «Рух», на якім, як мейсца выхаду было падана Італія.
Сьлед цукру са Шлядэну таксама знайшоўся. Аднойчы я зайшоў у бюро, калі мне паводля раскладу ня трэба было быць, быў там толькі адзін А. Шкутка. Прыйшоў адзін зь кліентаў бюро з рукзаком i пачаў выкладаць зь яго самагон, які быў зроблены з цукру. Шкутка бязь ніякіх запытаньняў пачаў мне тлумачыць, што ў яго такая дзіўная сям'я, ніхто не бярэ ў рот цукру, ані ён, ані жонка, ані дзеткі, дык у яго набраўся мех цукру i ён пастанавіў выгнаць самагонку, каб дабро не марнавалася. Бутэльку самагону з гэтага ягонага «хатняга» цукру даў мне.
У лютым 1946 году езьдзілі са Шкуткам у Гэкстэр адведаць тамашніх i паглядзець, што сталася з бібліятэкай i архівам К. Езавітава. Непасрэдна на Гэкстэр цягнікі не хадзілі. Трэба было ехаць да станцыі Фюрстэнвальдэ з другога боку Вэзару й тады ісьці пехатою некалькі кілямэтраў да Гэкстэру. Мост праз Вэзэр быў узарваны й ляжаў у вадзе, на верхняй ягонай частцы быў насланы драўляны насьціл. Сам горад застаўся амаль някранутым, бо было разьбітых толькі некалькі дамоў каля мосту. Самы цэнтр з многімі сярэднявяковымі дамам і застаўся цэлы. Застаўся таксама цэлы старадаўны манастыр-абацтва Новы Корвэй, каля Гэкстэру, дзе была напісаная гісторыя Саксонцаў, ад пачатку ix існаваньня. Частка Беларусаў жыла прыватна, а частка ў польскім лягеры, дзе я працаваў у гародніка. Мінкевічы, Астроўскія, Каракулькі жылі прыватна, Орсы й Г. Палуйчык - у лягеры. Каравайчыха зрабілася асобай вядомай на цэлы горад, бо пачала займацца варажбою на картах i жыла ў поўнай дастачы, бо кліентамі яе былі ня толькі ДП, але й немцы, ды ня толькі з Гэкстэру. Запісвацца на візыту да яе трэба было прынамсі тыдзень наперад. Прыватна жыла таксама жонка маёра Ўсевалада Родзькі са сваёй дачкой. Моладзь, што прыехала разам зь ёю ў Гэкстэр, заняла памешканьне прызначанае для рэчаў Цэнтральнай Рады, у дадатак да памешканьня ў школе. Гэтым апмешканьнем быў пусты магазын, пусты дзеля нястачаў у часе вайны й знайходзіўся на рынку, называўся Памэля. Туды перад ад'ездам з Гэкстэру былі перанесеныя скрынкі з архівам i кнігамі К. Езавітава, якімі мелі апекавацца Пётра Орса й Мінкевіч. Калі мы агледзелі гэта пасьля прыезду ў Гэкстэр, дык частка матэрыялаў была ўжо расьцягнутая па рукох i кнігі зь пячаткамі ці подпісам Езавітава спатыкаліся ў памешканьнях нашых людзей. На нашую просьбу Орса абяцаў заапекавацца рэштай больш старанна. Забраць з сабою ня мелі магчымасьці, бо на багаж рэчаў ня прыймалі. Калі мы выказалі ахвоту забраць частку з сабой, як ручны багаж i прасілі толькі П. Орсу дапамагчы ў знаходзе нейкай фурманкі для дастаўкі на станцыю, дык Орса пачаў тлумачыць, што ў гэтым небясьпека для ўсіх ix, калі выясьніцца, што яны маюць нешта зь нейкім архівам.
Тытулавалі, ясна, П. Орсу радным. Орса вялікага энтузыязму да свайго тытулу не здраджаў, але не пярэчыў. Калі аднак выпілі па некалькі чарак гэкстэрскага самагону, дык Орса пачаў тлумачыцца гаворачы, што які зь яіпхоадны, адзін сьмех, i пачаў расказваць, што ў радныя ён трапіў толькi таму, што каго ў Баранавічах прызначалі радным, беглі у нейкую ўстанову i адмаўляліся. Калі-ж прызначылі яго, дык ня маючы знаёмстваў не патрапіў адмовіцца, ды па-праўдзе й баяўся. Паўтарыў ён гэты расказ пару разоў, усё з невымі дэталямі й паўтараў-бы мо яшчэ, але ягоная жонка, якая дагэтуль займалася гаспадаркаю, прыслухалася да ягонай гутаркі й спыніла яго.
Крыху пазьней езьдзілі са Шкуткам у амэрыканскую зону на зьезд, здаецца, на зьезд Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
Аднойчы прыехала ў лягер АБЦ савецкая камісія для заахвочаньня да павароту да хаты. Маёр, што быў на чале гэтай камісіі сказаў даўгую прамову ў якой выясьніў, што цяпер у выніку пераможнай вайны над нямецкім фашызмам Савецкі Саюз цешыцца ў цэлай Эўропе зь любові й пашаны й што тыя, што ня хочуць ехаць да хаты, сваім паступаньнем кампрамітуюць сваю бацькаўшчыну - Савецкі Саюз і, што гэткае захаваньне вельмі няпрыгожае й павінна быць спыненае.
Пасьля прамовы яму пачалі задаваць пытаньні. Нехта спытаўся, што сталася з палоннымі, якія вярнуліся зь фінскага палону, бо ён (той, хто пытаўся) чуў, што ix усіх расстралялі. Маёр адказаў, што запраўды такі выпадак быў, але гэта толькі таму, што на чале рэпатрыяцыі палонных зь Фінляндыі стаяў «вредитель» i калі пасьля расстрэлу ўсіх палонных гэта было выяўлена, дык гэты шкоднік панёс заслужаную кару й быў таксама расстраляны.
Пытаньняў задавалі многа. Асабліва злавалі маёра пытаньні задаваныя Э. Будзькам i маёр сказаў, што гэты стары фашыст, відаць, многа загубіў людзей.
Набліжаўся 25 Сакавік 1946 году. Зьляпілі такую-сякую праграму, даручылі мне чытаць рэфэрат. Адбываліся рэпэтыцыі танцаў i сьпеваў. Адна з рэпэтыцыяў выпала ў конадзень сьвята й да гэтага ў часе Багаслужбы.
На 25-га Сакавіка айцец Аўген Сурвіла сказаў казаньне ў царкве ў якім выказаў, што сёньняшняе сьвята нагадвае яму нейкае камсамольскае сьвяткаваньне, бо ў часе набажэнства адбывалася рэпэтыцыя.
Запрасілі таксама айца М. Маскаліка (на візытоўцы на дзьвярох было напісана - Москалык) з Госляру, каб адправіў набажэнства для каталікоў. Айцец Москалык прыехаў, адслужыў набажэнства й сказаў прынагоднае казаньне, прысьвечанае Тарасу Шэўчэнку. Гаварыў паўкраінску, хоць запрашалі яго Беларусы, i украінцаў у лягеры было ўсяго некалькі асобаў.
Так сьвятары абодвух веравызнаньняў, кажны пасвойму адзначылі й ушанавалі нацыянальнае сьвята.
Адбылася Акадэмія. У канцэртнай частцы выступіла жонка У. Падагеля - немка. Між іншымі творамі зайграла на скрыпцы папулярны мазурак Гэнрыка Веняўскага. Гэта паслужыла прычынай вострай атакі А. Шкуткі на паседжаньні камітэту, бо мазурак Веняўскяга абразіў ягоныя нацыянальныя пачуцьці.
З Падагелямі прыехаў з Госляру іхны падгасподнік лекар Сапожков. Правёў зь ім 25 Сакавіка з паўдня ў гутарках. Сапожков - гэта расейскі шавініст і, ясна, ніякіх Беларусаў не прызнае, але пры гэтым чалавек інтэлігентны. Можна сказаць, што Сапожков гэта клясычны прадстаўнік расейска-савецкага шавінізму. Раней ужо бываючы ў Падагеля пару разоў праводзіў зь ім ноч у спрэчках.
Камэндант лягеру АБЦ Сьвятаслаў Коўш пачуўшы пра казаньне а. Сурвілы, пачаў на панадворку ў прысутнасьці а. Сурвілы крычэць, што калі запраўды нехта сказаў так, як яму пер ада л i, дык тая асоба апошні падлец. A. Сурвіла ўсё тэта чуў, але не зарэагаваў ніяк.
Недзе ў пачатках красавіка 1946 году прыйшлося спыніць супрацоўніцтва са Шкуткам. З часам ДП зарэгістраваныя ў нашым бюро часткова парасьсяляліся па лягерох у Браўншвайгу, але нас аб гэтым афіцыйна не паведамлялі, дастаючы далей кажны месяц дазвол на атрыманьне карткаў, як асобам пражываючым на прыватным памешканьні й карыстаючы са звычайнага лягернага пайка. Хоць мы аб гэтым часамі ведалi, але ім падвойных порцыяў не шкадавалі.
Аднойчы Раіса Евец паведаміла мяне, што калі яна выдавала дазвол на атрыманьне прадуктовых карткаў, дык кліент атрымаўшы паперку запытаўся ў яе ці ў гэтым месяцы таксама трэба аддаваць на патрэбы нашага бюро палову атрыманых карткаў. Р. Евец адразу зарыентавалася ў чым справа, спраўдзіўшы, што папярэдні раз дазвол быў выданы Шкуткам i сказала, што ў гэтым месяцы даваць ня трэба. Праз пару дзён зьявіўся ў бюро іншы незадаволены кліент з прэтэнзіяй, чаму ад яго i ў гэтым месяцы Шкутка ўзяў палову карткаў, а ад іншых Еўчыха ня брала. Стала ясным, што Шкутка паставіў гэтую справу з размахам, шырока.
Спаткаўшыся са Шкуткам я паставіў дамаганьне, каб гэтая практыка была спыненая, а атрыманыя ім вартасьці былі пераданыя на грамадзкія мэты, пад пратэкстам якіх яны й былі атрыманыя, a калі мы супольна прыйшлі да выснаву, што гэткая практыка можа знайсьці ў нас апраўданьне, дык здабытыя грошы маюць быць ужытыя на грамадзкія мэты. Шкутка прызнаўся да гэтай практыкі, але сказаў, што гэткіх было толькі два выпадкі i ён мае намер гэткую практыку спыніць, дык я мог-бы не спыняць зь ім супрацоўніцтва, дзеля грамадзкага дабра, пры ўмове, што ён выявіць тыя асобы, што дзяліліся зь ім карткамі, каб мець пэўнасьць, што гэта былі запраўды толькі два выпадкі, бо прозьвішчы асобаў зь якімі ён праводзіў карткавыя апэрацыі яму сказаныя ня былі. А. Шкутка відаць баючыся, што можа назваць зусім іншыя асобы, назваць гэтыя асобы адмовіўся. Тады я сказаў яму, што магу назваць яшчэ дзесяць асобаў на дадатак да тых двух, да якіх ён прызнаўся. Бабучы, што афэра мае шырокі размах я асьветчыў яму, што пакрываць нічые жульніцтвы ня маю намеру й супрацоўніцтва зь ім спыняю.
У пачатку красавіка 1946 году выйшаў першы нумар часопісу «Шляхам Жыцьця», выданы рататарным спосабам Я. Сурвілам ад імя лягернага камітэту. Паколькі ў гэтым не прыймаў удзелу С. Коўш i ў часопісе ён наагул не ўспамінаўся, дык хутка прыйшла контракцыя.
Праз некалькі дзён быў скліканы сход, як Коўш называў, актыву. На гэты сход былі запрошаныя з аднаго боку група інтэлігентаў, а з другога боку група каўшоўскіх актывістаў. На гэтым сходзе добра праінструктаваныя «актывісты» на чале з Акуловічам, населіся на інтэлігентаў закідаючы, што тыя ўсё нешта пішуць, a актывісты ня ведаюць што. Як выхад з гэтага цяжкога палажэньня «актывісты» прапанавалі, каб усё напісанае насілася на праверку камэнданта лягеру Каўшу. Той чытаў-бы, ацаняў-бы, i або зварочваў або кідаў у кош. Ніхто ня лічыў нават патрэбным адказваць на гумарыстычныя прапановы, апрача Хведара Ільляшэвіча, які стараўся давесьці, што ён ні ў чым не вінаваты. С. Каўшу хадзіла аб задэманстраваньне, што ягоныя «актывісты» варожа настаўленыя да інтэлігенцыі, i што ён пануе над палажэньнем.
У канцы красавіка 1946 году Радаслаў Астроўскі запатрабаваў ад А. ІІІкуткі, каб ён вылічыўся з грамадзкіх грошаў, а іменна: з сальда касы, што засталася ў яго ў Шлядэне, плюс з некалькіх тысячаў атрыманых ім ад Астроўскага на апошнім зьезьдзе Рады БЦР. Р. Астроўскі прасіў А. Шкутку справаздачу перадаць мне, а мяне паведаміў аб гэтым, перасылаючы мне копію лісту да Шкуткі. Справаздачы, ясна, ня было, ані пераданай мне, ані перасланай непасрэдна Р. Астроўскаму [9].
У красавіку 1946 году адбыўся зьезд у амэрыканскай зоне акупацыі Нямеччыны. На гэтым зьезьдзе адбыліся выбары Беларускага Дапамаговага Камітэту. Доўгі час вяліся спрэчкі, як назваць - Беларускі ці Крывіцкі камітэт. Нарэшце вырашылі справу кампрамісова: Беларускі, a ў дужках выясьненьне (Крывіцкі). Былі цяжкасьці з выбарам старшыні. Віктар Войтанка прапанаваў выбраць старшынёю япіскапа Філафея. Нарэшце быў выбраны старшынёю Камітэту а. М. Лапіцкі. Апрача яго ў склад ураду ўвайшлі: Янка Станкевіч, Іван Касяк, Аляксей Вініцкі, Ф. Кушаль, я й магчыма яшчэ нехта. На першым арганізацыйным паседжаньні др. Янка Станкевіч выступіў супраць таго, каб да ўраду Камітэту належаў Іван Касяк, бо як цьвердзіў Я. Станкевіч, L Касяк быў напісаўшы «ўданьне» на праф. В. Іваноўскага. На пацьверджаньне гэтай акалічнасьці Я. Станкевіч прасіў дапытаць Віктара Чабатарэвіча. В. Чабатарэвіч пацьвердзіў, што працуючы ў Менскім СД меў магчымасьць чытаць гэты твор Івана Касяка. I Касяк у такіх абставінах адмаўляцца ня мог i пацьвердзіў гэты факт, баронячыся тым, што праф. В. Іваноўскі дзеяў у Менску, як польскі агент, дзеючы на шкоду Беларусам. Як пацьверджаньне таго, што на розных людзей розныя асобы могуць j мець розныя пагляды, Касяк паклікаўся на тое, што Я. Станкевіч нэгатыўна ацэньваў дзейнасьць ксяндза В. Гадлеўскага, і а ён пазытыўна, у выпадку-ж Іваноўскага было наадварот. У выніку гэтага І. Касяк падаўся да дымісіі й гэты факт быў адным з момантаў, што прычыніліся да паўстаньня гэтак зв. зарубежніцтва.
5-га травеня 1946 году адбыўся ў амэрыканскай зоне праваслаўны зьезд, на якім сабраныя выказаліся супраць таго, каб япіскапат з Беларусі ўваходзіў у нейкія зносіны з расейскай праваслаўнай царквой, як-бы яна не называлася (зарубежнай).
Незадаволеныя гэтым япіскапы зь Беларусі, якія хацелі, каб іхняе ўліцьцё ў расейскую царкву адбылося бязь ніякіх перашкодаў, прыступіла да рэпрэсіяў супраць арганізатараў зьезду: а. М. Лапіцкага, які на ўспомненым зьезьдзе асьветчыў, што калі япіскапат зь Беларусі далучыцца да расейцаў, дык ён выйдзе з-пад іхняй юрысдыкцыі, i Івана Касяка. На a. Лапіцкага налажылі нейкую кару, a Івана Касяка адлучылі на тры гады ад царквы. I. Касяк, праўда, ня дужа гэтым праняўся, казаў, што й так зь іхных паслугаў не карыстае. Для падмацаваньня духовай кары, япіскапы, зь якімі ён жыў у адным памешканьні, захацелі высяліць яго з пакою й выклікаць яшчэ нейкія рэпрэсіі акупацыйных уладаў.
I. Касяк пачаў думаць аб уцёках у ангельскую зону й прыслаў 24-га травеня 1946 году да мяне ліст з запытаньнем ці магчыма ўладзіцца ў лягеры. Гэта было магчыма й я паведаміў яго аб гэтым тэлеграфічна. I. Касяк у ангельскую зону не пераехаў, бо япіскапскі напад неяк адбіў i застаўся ў амэрыканскай зоне.
Як ужо ўспаміналася, у лягеры АБЦ была царква. Настаяцелям яе, згодна паразумленьня між сьвятарамі, быў a. Міхась Сьмірноў, a другім сьвятаром быў а. Аўген Сурвіла. Апрача гэтага ў лягеры быў яшчэ трэйці сьвятар а. Ружановіч. Апрача гэтых трох сьвятароў у лягеры часта служыў сьвятар П. Попов, які працаваў недзе санітарам у нейкім блізкім шпіталі. Спачатку ён толькі «сослужил», a казаньні пабеларуску гаварыў а. Сурвіла. Потым здарылася, што неяк казаньне ў расейскай мове сказаў Попов - прайшло ціха, сказаў другі раз - прайшло ціха. Нарэшце а. Попов пачаў гаварыць казаньні парасейску кажную нядзелю й царква ўжо паводля мовы казаньняў зрабілася расейскай, бо да гэтага часу была расейскай толькі паводля сымпатыяў сьвятароў.
Камэндант С. Коўш доўга на гэта не рэагаваў, але на яго ўвесь час рабілася штораз вялікшая прэсія інтэлігенцыі лягеру, так што Коўш нарэшце быў змушаны самаакрэсьліцца.
Коўш зьвярнуўся спачатку да a. Сурвілы - той адказаў, што справа не належыць да ягонай кампэтэнцыі, бо настаяцелям царквы ёсьць а. М. Сьмірноў. Калі Коўш, згодна з накіраваньнем a. Сурвілы зьвярнуўся да a. Сьмірнова й пачаў прасіць яго спыніць у царкве расейскія казаньні, дык a. Сьмірноў адказаў яму, што сьвятарская этыка не дазваляе яму забараніць сьвятару «прапаведаваць» слова Божае ў царкве й сьвятар П. Попов i надалей будзе гаварыць расейскія казаньні.
Калі Коўш да гэтага часу ня меў ахвоты займацца гэтай справай, a быў фактычна да гэтага змушаны, дык адмову а. Сьмірнова падпарадкавацца ягоным вымаганьням палічыў абразаю маестату й пачаў дзеяць. У міжчасе ў лягеры адбылася расейская дэманстрацыя, бо на запрошаньне сьвятатоў прыехаў у лягер япіскап Расейскай зарубежнай царквы Нафанаіл зь іконай Курскай Божай Маці, служыў у царкве, хадзіў з працэсіяй па лягеры.
Скліканы быў агульны сход усяго лягеру й на ім Коўш узьняў пытаньне мовы казаньняў у царкве. Агульна бяручы вялікая большасьць выказвалася за беларускую мову, аднак выявілася i апазыцыя спасярод расейцаў яўных, i тых, што падаваліся за беларусаў. На чале расейскае апазыцыі быў нехта па прозьвішчу Гаршкалеп, - былы рэдактар нейкай правінцыянальнай савецкай газэты ў Заходняй Беларусі - спрытны дэмагог.
Выяўленую апазыцыю Коўш унёс у сьпісак асобаў прапанаваных да высяленьня зь лягеру, прыкінуўшы туды яшчэ пару сем'яў тых, што гналі самагон бязь ліцэнцыі, разам 30 асобаў i падаў гэты сьпіс у ангельскую адміністрацыю. Адказ ангельцаў быў пазытыўны. Аднойчы ўсе высяляныя атрымалі ў абедзенным часе паведамленьне, што на заўтра раніцу яны павінны быць гатовыя да выезду зь лягеру. У лягеры закіпела. Сьвятары падаліся ў ДПАКС з інтэрвэнцыяй, пачалі служыць у царкве малебені аб збаўленьні ад напасьці. Нічога аднак не памагло. Словам ДПАКС абазначалася адміністрацыя ангельцаў для кіраваньня справамі ДП (перамешчаных асобаў).
Раніцою вызначанага дня прыехалі аўты й «мучанікі за праваслаўную веру» пагрузіліся й паехалі. Калі выясьнілася, што гэтых «мучаньнікаў» вывезьлі за 30 кілямэтраў i ў неблагі лягер, дык усе ўкрытыя сымпатыкі расейшчыны пачалі прыватна наймаць аўты i ехаць туды-ж. Такіх аказалася асобаў з 50. У лягеры пасвабаднела.
Побач з нашым «будзькаўскім пакоем» жыў расеец Назаров, які потым назваўся беларусам Дзікоўскім. Ён належаў да дабравольна выехаўшых зь лягеру. Мы занялі ягоны пакой, а наш пакой заняў звольнены зь лягеру палонных сын Э. Будзькі Часлаў.
Між тым справа мовы ў царкве перайшла на разгляд ДПАКС'у. Я напісаў мэмарандум у ДПАКС, падпісаны ясна Каўшом, як камэндантам, у якім выясьняў хто такія Беларусы й ix праўнае становішча ў Польшчы, бо толькі Беларусы з Польшчы былі афіцыйна ў лягеры. У сваім мэмарандум я апіраўся на праўнае становішча, а не фактычнае, якое было часта дыямэтральна супрацьлежнае.
Праз нейкі час выклікалі ў ДПАКС на вусны разгляд справы сьвятароў i камэнданта лягеру. Сьвятар Міхась Сьмірноў там сказаў, што казаньні ў лягернай царкве маюць быць парасейску, у крайнім выпадку папольску ці кажнай іншай мове, але ніколі пабеларуску.
ДПАКС тады пастанавіў правесьці ў лягеры плебісцыт, каб даведацца ў якой мове жыхары лягеру хочуць мець казаньні, бо сьвятары цьвердзілі ў ДПАКС'е, што ўвесь народ хоча, каб казаньні былі парасейску. Было забаронена перад плебісцытам праводзіць нейкую агітацыю.
У вызначаны час прыехалі прадстаўнікі ўладаў ДПАКС'у й паставілі на галасаваньне: хто за тым, каб казаньні былі ў беларускай мове, хай падыме руку. Усе паднялі рукі, а трое сьвятароў, што сядзелі ў першым радзе пагражальна павярнуліся да сабранага народу. За тым запыталіся, каб паднялі рукі тыя, хто хоча, каб казаньні адбываліся ў нейкай іншай мове. Нягледзячы на тое, што ўсе трое сьвятароў абярнуўшыся да народу пачалі махаць рукамі, каб усе падымалі рукі, аднак падняў руку толькі адзін Аркадзь Евец. Такім чынам справа была вырашанай. Пасьля сходу сьвятары адразу пайшлі ў царкву й разграбілі яе. Забралі ўсё ўладжаньне царквы, усё прынесенае ці зробленае жыхарамі лягеру. Калі сьвятары аддалі ключы, дык царква была пустая. Ані камандант, ані падуладная яму лягерная паліцыя разграбляць царкву не перашкаджала. Самыя сьвятары зь лягеру ня выехалі, але як-бы кінулі інтэрдыкт на лягер. Нягледзячы на гэта царкву вельмі хутка ізноў уладзілі й служыць пачалі розныя іншыя сьвятары: расеец а. Эмануіл, што паходзіў з Эстоніі й быў парэкамэндаваны Ў. Падагелям з Госляру. А. Эмануіл не хаваючыся выказваў сваё абурэньне з паступаньня А. Сурвілы, М. Сьмірнова й Ружановіча. Часьцей аднак служыў сьвятар Украінскай Аўтакефальнай царквы ў украінскай мове. Царква ізноў была поўная. 12 верасьня 1946 году быў у лягеры й служыў а. М. Лапіцкі.
У міжчасе Беларускае бюро ў Браўншвайгу было зьліквідаванае, бо для ўсіх Беларусаў, што жылі на прыватных памешканьнях далі лягер дакладна на ўсход ад Браўншвайгу, блізка граніцы савецкай зоны. Пад лягер прызначылі будынкі нейкай спэцыяльнай школы, якая мясьцілася ў адрэстаўраванай частцы сярэднявяковага замку, што ляжаў якіх паўкілямэтра ад вёскі. Другая частка замку ўключна з галоўнай вежай ня была адноўленая.
Калі сзвятары зь лягеру АБЦ (Сурвіла, Сьмірноў, i Ружановіч) застрайкавалі ў Ватэнштэце, ня могучы пагадзіцца з беларускімі казаньнямі, дык ix часта пачаў запрашаць у свой лягер-замак Анатоль Шкутка. Раіса Евец, сакратарка Беларускага бюро ў Браўншвайгу пераехала разам з мужам Аркадзем у замкавы лягер Шкуткі й калі Шкутка запрашаў бязработных сьвятароў на гастролі, дык за імі прыяжджала Раіса Евец, дэманстрацыйна спацыруючы са сьвятарамі па лягеры.
У ліпені прыехаў у лягер Вітаўт Тумаш зь лягеру ў Вэнторфэ пад Гамбургам. Зь ім прыехала яшчэ 10-15 асобаў. В. Тумаш заняў пасаду лягернага лекара.
6, 7, i 8-га ліпеня адбыўся агульны скаўцкі зьлёт у Ватэнштэце, на якім была аформленая арганізацыя й выбраныя яе галоўныя ўлады на чале з Вацлавам Пануцэвічам i Валентынай Жукоўскай.
4-га верасьня 1946 году ў шпіталі для ДП у вёсцы Дрюттэ, частцы індустрыянальнага абшару Ватэнштэт-Зальцгітэр, радзілася дачка Ганна. Яна была ў хуткім часе ахрышчаная ў украінскім лягеры ў Укр. Аўтакеф. Прав, царкве. Хроснымі былі: Уладзімір Падагель i Людвіка Будзька.
9-га верасьня 1946 году ў лягеры адбыўся агульны сход i выбары лягернага камітэту. Старшынёю быў выбраны В. Тумаш, a іншымі сябрамі Хв. Ільляшэвіч, Мікола Шыла й JI. Галяк. Пры так добрай нагодзе, на прапанову Хв. Ільляшэвіча адбылася аклямацыя С. Каўша, як камэнданта лягеру.
Неяк у гэтым самым часе былі атрыманыя запросіны на нараду ў Рэгэнсбургу, якую склікаў сьвятар I. Жарскі. А. Жарскі быў у часе нямецкай акупацыі сьвятаром у Радашкавічах i там зь ім ваяваў мой бацька таксама за расейскія казаньні, дэманстрацыйна выходзячы з царквы калі Жарскі пачынаў казаньне. Ад лягеру паехалі на нараду С. Коўш, Хв. Ільляшэвіч i я. Ведаючы з дасьветчаньня зь якімі нявыгодамі палучаная язда хуткім цягніком Гановэр-Франкфурт-Рэгэнсбург, задумалі выпрабаваць язду звычайнымі мясцовымі цягнікамі на лініі Браўншвайг-Гэтінгэн-Фульда-Вюрцбург-Нюрнбэрг-Рэгэнсбург. Аказалася, што таксама нічога добрага. За цэлы дзень зьмяняючы мясцовыя цягнікі дацягнуліся да Фульды. Там доўга чакалі й калі нарэшце прыйшоў цягнік на Вюрцбург, дык знайшлі мейсца толькі на буфарох. Пакуль прыехалі ў Вюрцбург страшэнна памерзьлі, але ехалі-б i далей, каб не паліцыя, якая пазьнімала ўсіх з буфароў. Ад Вюрцбургу ехалі ў тармазной будцы ўтраіх. Ізноў вельмі зьмерзьлі, але нос, які цёк, калі выяжджаў з Ватэнштэту, пасьля халоднай ночы паздаравеў. Спачатку паехалі ў лягер Міхэльсдорф, каля гораду Каму. Там адбылося паседжаньне Беларускага Нацыянальнага Цэнтру й здаецца былі прынятыя Ільляшэвіч i Коўш.
На наступны дзень паехалі ў Рэгэнсбург. Нарада адбывалася там у царкве пабудаванай Беларусамі й пасьля праданай япіскапамі зь Беларусі немцам. На нарадзе была справа далучэньня япіскапаў зь Беларусі да Расейскай зарубежнай царквы. Япіскап Бэнэдыкт гаварыў пра ўсе дабрадзействы, якія прыносіць гэтае іхнае далучэньне й тлумачыў, што нічога благога ў гэтым няма. Беларусы, ясна, выступалі супраць усялякіх сувязяў з Расейцамі. Хв. Ільляшэвіч ад нашай дэлегацыі запратэставаў супраць удзелу ў нарадзе, якая займаецца беларускім царкоўнымі справамі, сьвятароў Сурвілы й Сьмірнова, якія яўна выказалі сваю варожасьць да Беларусаў. Ясна, яп. Бэнэдыкт выдаліць ix не згадзіўся. Так нарада скончылася на нічым, кажны застаўся пры сваёй думцы.
У канцы верасьня 1946 году ў лягер прыехаў япіскап зь Беларусі - Апанас, які ў міжчасе заняў становішча япіскапа Расейскай зарубежнай царквы зь сядзібай у Гамбургу, Ён правёў гутарку з С. Каўшом i на нейкіх умовах пагадзіў С. Каўша са сьвятарамі й тыя ізноў пачалі адпраўляць багаслужбы.
Крыху перад прыездам яп. Апанаса прыяжджаў у лягер а. М. Лапіцкі, які адслужыў некалькі службаў. Зь ім быў Іван Касяк. Напісаная мною, Ільляшэвічам i Шкуткам брашура пра Беларусь, якая мела быць выданая ў ангельскай мове, была аддадзеная ў пераклад, яшчэ пакуль я працаваў у Беларускім бюро. Атрымаўшы гатовы пераклад, Шкутка ані выдаваў яго, ані нельга было дастаць гэты пераклад ад яго, хоць я спэцыяльна езьдзіў у ягоны замкавы лягер. Кажны раз Шкутка не адмаўляўся даць, але кажны раз былі нейкія перашкоды. За трэйцім разам я яго аблаяў i больш па пераклад ня езьдзіў. Калі прыехаў I. Касяк, дык я расказаў яму гісторыю зь перакладам i папрасіў яго дастаць ад Шкуткі гэты пераклад, нібы для выкарыстаньня яго ў амэрыканскай зоне. Гэта ўдалося й Касяк дастаўшы ад Шкуткі пераклад перадаў яго мне. Пачалі зь Я. Сурвілам старацца, каб яго выдаць друкам, што можна было зрабіць толькі нелегальна, бо калі-б ісьці легальнай дарогай, дык трывала-б гэта непараўнальна даўжэй, бо акупацыйная дэмакрацыя, гэта асаблівы род дэмакрацыі.
У кастрычніку 1946 году выйшаў № 10 «Шляхам Жыцьця», якім тады займаўся ўжо Ільляшэвіч. У гэтым нумар ы паведамлялася аб прысудзе Міжнароднага Трыбуналу ў Нюрнбэргу з заканчэньнем: «Гэтак ім i трэба». Ужо й тады справядлівасьць нюрнбэрскага тыпу мне здалёку сьмярдзела i я выказаў сваё абурэньне супраць такіх падлізьніцкіх увагаў, гаворачы, што ці трэба ці ня трэба, але мы ў гэтай дзінтойры ўдзелу не прыймалі й было-б прызваіцей ад усялякіх увагаў паўстрымацца.
Яшчэ у часе лягерных непарадкаў з мовай казаньняў, аднойчы я стаяў зь Юрым Белякоўскім, які пераехаў з украінскага лягеру ім. Лысенкі ў Гановэры ў Ватэнштэт, каля ўваходу ў канцылярыю. У гэтым напрамку ішоў сьвятар Сьмірноў. Я пабачыў гэта й папытаў Белякоўскага ці ён згодны з тым, што калі стаяць два джэнтэльмэны, a міма праходзіць трэйці, дык той трэйці павінен прывітацца. Белякоўскі з гэтым згадзіўся й зараз-жа падыйшоў Сьмірноў, не прывітаўся, але затрымаўся й спытаў мяне ці я яго не пазнаю. Я адказаў, што пазнаю, але маю ўражаньне, што ён перастаў пазнаваць знёмых. На гэтым i разышліся.
30 сьнежня 1946 году езьдзілі разам зь Ю. Белякоўскім у Гановэр, супрацьдзеіць нейкім расейска-царкоўным інтрыгам. Там у памешканьні Ніжніка спаткаліся са Сьмірновым. Белякоўскі падаў яму руку, але той ня прыняў.
Вячэралі ў Брылеўскіх, якія на ніякія спорныя справы гутарыць не захацелі. У Амэрыцы Брылеўскія жылі ў Саўт-Рывэры, бралі актыўны ўдзел у зарубежніцтве, затым пераехаўшы ў Флярыду пачалі называцца О'Брэйлі. У сямідзесятых гадох Уладзімір Брылеўскі напісаў некалькі неблагіх артыкулаў на беларускія тэмы ў польскую «Культуру».
Вярнуліся ў Ватэнштэт вечарам на конадні Новага 1947 г.
* * *
Зіма 1946-47 году была выняткова цяжкой. Халады, як пачаліся з восені, дык трывалі амаль да красавіка, a баракі былі збудаваныя вельмі лёгка. Паліва звычайным людзям амаль не выдавалі. Вугаль, што прывозілі ў лягер ішоў на агульную лягерную кухню, камэнданту, сьвятаром. Калі вугаль прывозілі, дык пры ягоным разладоўваньні некаторыя папросту грабілі. Кірэй Стрэж, які быў прыстаўлены да вугальнага складу пры мне раз жаліўся камэнданту, што вугаль крадуць пры разладоўцы тыя, хто не баяцца ўладаў дзеля свайго становішча. Сам асабіста бачыў у акцыі a. Сурвілу.
Дзеля такога палажэньня, нягледзячы на ўсе забароны аграваліся электрыкай. Каб далека не хадзіць - у маім пакоі стаяла агравальная электрычная печка й на дадатак тры электрычныя пліткі да гатаваньня. Электрыкі гэта брала вельмі многа, электрычныя правады награваліся так, што зь ізаляцыі дратоў цякла смала. Тоўсты дрот пры выхадзе з трансфарматарнай будкі награваўся так, што ноччу сьвяціўся. Аўтаматычныя бясьпечнікі не выключалі току, бо былі падпёртыя грубымі калкамі. Пару разоў, праўда, перагарэлі самыя трансфарматары, але ix хутка папраўлялі. Электрыку часам выключалі ў цэлым лягеры й таму нельга было забывацца i аб звычайнай печы. Знайшлі нейкіх нямецкіх уцекачоў, якія за ўзнагароджаньне дастаўлялі шпалы з чыгункі, агледзеўшы, што яны недзе ляжаць без належнай аховы. Перагаралі таксама бясьпечнікі i ў самых бараках, хоць ў ix былі ўстаўленыя драты мала танчэйшыя за самыя даводзячыя электрыку правады. Прыпамінаецца мне сумна-вясёлая гісторыя адносна электрычных бясьпечнікаў. Аднойчы ў суседа, на гэтым самым калідоры перагарэў бясьпечнік i ён пачаў клікаць жонку: «Оля, хадзі выкруці корак». Тая адказвае: « А чаму-ж ты сам ня выкруціш?» - i чую адказ: «Баюся, забіць можа». Мой сусед быў чалавекам пабожным i на гэтым грунце вельмі прачуленым. Перасяліўшыся ў Амэрыку, быў ва ўсіх расейскіх юрысдыкцыях i яшчэ выдае парасейску прымітыўны рэлігійны «журнальчык» з баптысцкім смакам.
Выдаваная колькасьць прадуктаў таксама зьменшылася ўжо зь лета, a зімой пачалі заміж людзкага хлеба выдаваць нейкі кукурузны падмен.
У справе выданьня брашуры аб Беларусі ў ангельскай мове, Янка Сурвіла дагаварыўся зь нейкай друкарняй, а таксама ўзяўся выдаць рататарам мой пераклад легенды аб «Парсіфалю». Пры выданьні «Парсіфалю» Я. Сурвіла меў панесьці ўсе расходы й скарыстаць з усіх прыходаў з прадажы, я меўся атрымаць толькі 10 перакладніцкіх экзэпляраў. На тэхнічную работу набіцьця матрыцаў, Сурвіла наняў за цыгарэтную ўзнагароду Ільляшэвіча.
У студзені я атрымаў ліст ад А. Арэхвы, у якім ён пытаў выказаць свой пагляд на справу прэзыдэнцкіх кандыдатаў: Радаслава Астроўскага й Міколы Абрамчыка. У адказ на ліст Арэхвы я выказаў думку, што да гэтай справы трэба падходзіць ня з пункту фармалістычна-праўнага, але з пункту гледжаньня дамэтнасьці, Паколькі М. Абрамчык праводзіць некаторую карысную для Беларусі дзейнасьць, дык ня было-б дамэтным выступаць супраць ягоных прэзыдэнцкіх прэтэнзіяў, але з другога боку, няма сэнсу ствараць факты пацьвярджаючыя ягоныя прэтэнзіі. Хай кажны з пратэндэнтаў працуе й сваей працай выкажа сваю карысьць для Беларусі, а лепшаму зь ix юрысты ўжо знойдуць належнае праўнае афармленьне. З такім становішчам згадзіўся й В. Тумаш, якому я паказаў ліст.
В. Тумаш, са свайго боку, паказаў мне ліст Р. Астроўскага да яго й свой адказ. Р. Астроўскі дамагаўся нейкай машынкі да пісаньня, а В. Тумаш адказаў яму, што машынка не падлягае звароту, бо належала арганізацыі, якая цяпер у ўладаў не ў ласцы, дзеля супрацоўніцтва зь немцамі. Мне тон лісту выразна не спадабаўся, што я В. Тумашу й сказаў.
У сьнежні адбыўся перапіс усіх жыхароў лягеру. Трэба было паказаць нейкі дакумант аб працы ў Нямеччыне i ў сувязі з гэтым выявіліся сярод лягернікаў таленты ў мастацтве рысаваньня пячаткаў.
У студзені ці лютым 1947 году ў лягеры АБЦ неспадзявана аказалася сястра каманданта лягеру С. Каўша - Зоя Каўшанка, якая ў свой час была адкліканая разам зь немцамі ў Бэрлін з Гэкстэру. Яна й цяпер жыла ў Бэрліне, нелегальна перайшла граніцу савецкай зоны й пабыўшы ў лягеры каля тыдня, паехала назад, каб як яна казала, забраць свае рэчы й перасяліцца ў ангельскую зону. Наагул была вельмі маўклівая й выразна ўхілялася ад усялякіх гутарак. Калі яна вярталася назад у Бэрлін у савецкую зону па свае рэчы, дык усе былі зьдзіўленыя ейнай адвагай: вырвацца з савецкіх кіпцюроў на волю, а тады, дзеля нейкіх шматкаў варочацца дабравольна варочацца туды.
Праз які месяц прыйшла вестка ад Дубейкоўскай, што Каўшанка зьгінула, нібы была арыштаваная. Коўш гэтай весткай зусім не праняўся. Рабіла ўражаньне, што ён гэтага чакаў. Так гэтая справа й не выясьнілася, ці Каўшанка прыяжджала разьвітвацца з братам перад службовым пераводам, ці ў запраўднасьці была арыштаваная. У кажным выпадку праз нейкі час пачала заўважвацца зьмена ў захаваньні Каўша, наколькі раней быў вельмі баязьлівым, дык цяпер чамусьці пачуўся пэўным [10].
У канцы студзеня я напісаў ліст Ю. Віцьбічу ў якім выказаў свае засьцярогі адносна № 6 i 7 часопісу «Зьвіняць Званы Сьв. Сафіі», дзе быў, бяз ніякіх засьцярогаў зьмешчаны ліст Расейскай зарубежнай царквы маскоўскаму патрыярху Аляксею. У гэтым лісьце гаварылася толькі аб расейцах, аб Расеі. У гэтых-жа нумарох Віцьбіч пачаў ужываць назоў Зарубежная праваслаўная царква, прапускаючы слова расейская, імкнучыся гэтым вытварыць уражаньне, што гэта агульная праваслаўная царква. Я выказаў у гэтым лісьце таксама свае засьцярогі адносна ўжываньня савецкага тэрміну «панская Польшча».
Ю. Віцьбіч на гэты ліст канцылярска адпісаў з дадаткам трохі дэклямацыі. У наступным лісьце я зьвярнуў увагу, што дэклямацыя гэта ня ўсё. Віцьбіч адказаў, што ён асабіста да расейскае царквы не далучыўся, але як i ў папярэднім лісьце ніякага адказу адносна мэрытум справы не даў. Так нашая перапіска й скончылася.
У красавіку адазваўся япіскап Расейскай зарубежнай царквы Апанас, які ў лісьце да рэдакцыі часопісу «Шляхам Жыцьця» прасіў надрукаваць ягоны ліст аб тым, што зьмешчаная ў сакавіковым № 3(15) зацемка ёсьць непраўдзівай i наагул у часопісе друкуюцца артыкулы, якія маюць на мэце падарваць аўтарытэт праваслаўнай гіерархіі. Паколькі часопіс выдаваўся лягерным Дапамаговым Камітэтам, дык гэты камітэт заняўся адказам на ліст. Адзін праект напісаў я, а другі Ільляшэвіч. Пазьней на паседжаньні Камітэту быў зрэдагаваны тэкст адказу. У аснаўным быў узяты пад увагу мой тэкст, толькі дзе-ні-дзе была даданая Ільляшэвічаўская сьляза. Ліст быў падпісаны старшынёю лягернага Камітэту С. Каўшом i сябрамі: В. Тумашам, М. Шылам, Хв. Іляшэвічам i мною.
Адсьвяткавалі 25 Сакавіка ў 1947 годзе. Рэфэрат чытаў Ільляшэвіч цалком па Віцьбічаўскай лініі. З рэфэрату вынікала, што найбольш для дабра Беларусі прычыніліся запароскія казакі. Пасьля рэфэрату я парадзіў Ільляшэвічу грунтоўна распрацаваць тэму «Запароскія казакі - тварцы 25-га Сакавіка».
Пасьля акадэміі адбылася супольная вячэра - уступ па запросінах. На маё станоўчае патрабаваньне на вячэру ня былі запрошаныя лягерныя сьвятары, хоць Каўшу й вельмі гэтага хацелася.
У гэтым часе Ільляшэвіч пачаў сьпівацца ў хутчэйшым тэмпе чым раней, i ў сувязі з гэтым трапіў ужо поўную залежнасьць ад Каўша - зрабіўся ягоным мэгафонам i агентам. Узамен за гэта Коўш падкормліваў яго зупай, ня ведаю ці з сочыўкі й рэгулярна ўпойваў. Наўзамен за гэта Ільляшэвіч дапамагаў Каўшысе ў гаспадарцы, абіраў бульбу, выціраў насы дзецям - адным словам быў у ролі хлапчука на пасылках. Каўшыха да яго звярталася: «Эй, Федзька!» Прыкорму-ж Ільляшэвіч патрабаваў, бо атрымаўшы сваю лягерную порцыю харчоў, зараз-жа выменьваў яе на самагон, а далей быў на каўшоўскай ласцы. У сувязі з гэтым для зілюстраваньня ролі Ільляшэвіча прыпамінаецца адзін з інцындэнтаў. У памешканьне В. Тумаша, у прысутнасьці Б. Грабінскага й маёй, ля адзінаццатай гадзіны вечарам, уваліўся Ільляшэвіч з крыкам, што ён не дазволіць, каб аб ім гаварылі. Відаць падслухваў пад вакном. Многа каму, што ведалі Ільляшэвіча з вучнёўскіх i студэнцкіх часоў было вельмі цяжка на гэта глядзець, але што можна было зрабіць - словы да яго ўжо не даходзілі.
Даўжэйшы час я стараўся вытлумачыць камэнданту Каўшу, што практыка, якая завялася ў лягеры пры даваньні царкоўных шлюбаў без заключэньня папярэдня, згодна з абавязваючым у Нямеччыне законадаўствам, цывільнага шлюбу, ёсьць недапушчальнай, бо з аднаго боку парушае абавязваючыя законы i як такая павінна падлягаць кары, а з другога боку ёсьць шкодная, у першую чаргу для жанчынаў, бо праз заключэньне царкоўнага шлюбу ў ix можа выклікацца ўражаньне, што яны заключылі праўны шлюб, тады як у запраўднасьці рэлігійны абрад шлюбу ў Нямеччыне ніякіх праўных наступстваў не выклікае, апрача хіба ўваходу ў канфлікт з карным кодэксам. C. Коўш, ясна, маім довадам пярэчыў i нарэшце я быў змушаны перанесьці дыскусію ў гэтай справе ў лягерны камітэт, які даручыў Каўшу зьвярнуцца ў ДПАКС з просьбай даць патрэбныя выясьненьні. У ДПАКСе сядзелі такія самыя ігнаранты, як Коўш i дзеля гэтага зьвярнуліся да сваіх вышэйшых уладаў вайсковай адміністрацыі. Пасьля нейкага, даволі доўгага часу, вайскова-праўныя ўлады далі свае выясьненьні згодныя з маім цьверджаньнем i Коўш быў змушаны вывесіць у лягеры аб гэтым паведамленьне i апрача таго гэтае выясьненьне было зьмешчана ў № 15 Шляхам Жыцьця
4-га травеня 1947 году адбыўся зьезд прадстаўнікоў ад беларускіх групаў. А. Шкутка не зьявіўся. Старшынёю быў выбраны В. Тумаш, сябрамі: Мікола Панькоў, Хв. Ільляшэвіч i я.
14-га травеня 1947 году езьдзіў з Я. Сурвілам у ДП лягер каля Фленсбургу паглядзець, як там маюцца Беларусы, колькі ix там ёсьць ды ці можна там зарганізаваць выступы беларускай эстраднай групы з амэрыканскай зоны - «Жыве Беларусь». .
У канцы травеня 1947 году, рэвізійная камісія лягеру на чале з Юстынам Мурашкам зрабіла рэвізыю ў лягерным складзе й выкрыла, што ёсьць надвыжка кавы на 150 кіляграмаў. Пакуль лягерны камітэт думаў аб тым, на якія грамадзкія мэты ўжыць гэтую надвышку, a ў тыя часы гэта была вялізарная вартасьць, бо напрыклад за праданую пачку амэрыканскіх цыгарэтаў (20 штук) можна было купіць чыгуначны білет на праезд з аднаго канца Нямеччыны ў другі, Коўш гэтую надвышку зужыў, нікога не пытаючыся, на падкуп выбаршчыкаў, бо падыходзілі выбары камэнданта лягеру, якія мелі адбыцца 13 чэрвеня 1947 году. Я зрабіў спробу прыціснуць Каўша за гэтае надужыцьцё, але ў лягерным камітэце я мог разьлічваць толькі эвэнтуальна на В. Тумаша, але ў гэтым я таксама ашукаўся. В. Тумаш надужыцьця не пахваліў, але ў бойку не палез. За ягонае захаваньне Юстын Мурашка й назваў яго «Пілатам». Тымчасам Коўш i каўшаняты - каўшоўскія актывісты - пачалі праводзіць выбарчую прапаганду ў савецкім стылі. Змушалі лягернікаў падпісваць лісты прапануючыя Каўшу быць кандыдатам i страшачы недастаткова энтузіястычных тым, што зь лягеру можна паехаць i на ўсход (паўтараючы ня раз гавораныя Каўшом пагрозы). Пагрозы з аднаго боку, а подкупы каваю з другога боку зрабілі тое, што ўвесь народ, a іменна 275 асобаў падпісаліся на лістох выстаўляючых Каўша кандыдатам. 50 асобаў не падпісаўшых гэтых савецкага стылю прапановаў, гэта была інтэлігенцыя й паасобныя сьмелыя людзі, якім ужо занадта сьмярдзелі каўшоўска-савецкія мэтады.
Сам Вітаўт Тумаш, ясна, на гэтых лістох не падпісаўся, але за яго зрабіла ягоная жонка, так што ў пераможным лягеры аказаўся сябра Тумашавай сям'і.
Я меў ахвоту правесьці ўсё-ж пробу сілаў, выставіўшы нейкую іншую кандыдатуру, каб паглядзець прынамсі колькі выявіцца прыхільнікаў Каўша ў тайным галасаваньні, але В. Тумаш i гэтага не падтрымаў.
Каб зрабіць уражаньне, што ўсё-ж адбываецца нейкае галасаваньне, сам Коўш i Белякоўскі ўнесьлі прапанову выбраць камэндантам лягеру Андросіка, асобу яўна на становішча неадпаведную. Выбарная камісія гэтую прапанову адкінула, як унесеную не ў час.
Калі паведамілі ДПАКС, што ўплыла толькі адна кандыдатура С. Каўша, дык ДПАКС паведаміў, што Коўш мае быць i надалей камандантам. З гэтага часу Коўш i Ільляшэвіч пачалі яшчэ больш нахабнічаць.
У канцы чэрвеня Зонны камітэт атрымаў запросіны на міжнацыянальны зьезд у Квакэнбрык, які меў адбыцца 27 чэрвеня 1947 году. Зонны камітэт выслаў В. Тумаша й мяне. Нанялі нейкага немца з матацыклям з прычэпкай ды выехалі недзе а 5-ай гадз. раніцы, a ў 11 былі ў Квакэнбрык. Арганізатарамі зьезду былі палякі. Квакэнбрык быў заняты польскім войскам i дзеля гэтага палякі там добра ўладзіліся ў вільлях. Міжнародная арганізацыя ДП была заложаная. Украінцаў, здаецца, ня было й наагул гэтая арганізацыя пазьней жыцьця не праяўляла. Вярнуліся ў гэты самы дзень каля поўначы.
У ліпені 1947 году пачалі рассылаць выданую Я. Сурвілам, коштам Зоннага камітэту ангельскай зоны брашуру ў ангельскай мове «Whiteruthenia». Лягернай канцылярыстцы Веры Жызьнеўскай быў дадзены сьпіс каму выслаць i, як адрыс высылаючага падалі ў скароце К. Зонны, з тым, што яна мела напісаць «Беларускі Дапамаговы Камітэт Ангельскай Зоны». Канцылярыстка нешта не зразумела i ў хуткім часе пачалі прыходзіць паквітаваньні-падзякі ад розных бібліятэкаў адрысаваныя Мр. К. Зонны - ДП кэмп, Ватэнштэт.
У нумары 28(47) польскай газэты «Кроніка», што выходзіла, здаецца, у Франкфурце, зьявіўся ліст нейкага Майера з францускай акупацыйнай зоны які жаліўся, што раней у польскіх лягерох Украінцы й Беларусы жылі спакойна, нікуды не хацелі аддзяляцца, але ў апошнім часе нешта зьмянілася й гармонія сапсавалася, a ў гэтым для Польшчы вялікая небясьпека. Майер радзіў забыцца аб слушных ці няслушных пратэнзіях i будаваць новую будучыню, як вынікала зь лісту, у будучай польскай дзяржаве.
У адказ на гэта я напісаў таксама ліст у «Кроніку», у якім выясьніў, што як відаць з прэсы ў польскіх лягерох францускай зоны знаходзіцца вельмі многа Беларусаў i ўкраінцаў. Самастойныя лягеры гэтых нацыяў не маглі паўстаць у францускай зоне, бо францускія ўлады апэравалі паняцьцем дзяржаўнай прыналежнасьці. Калі францускім уладам зь цяжкасьцяй выясьнілі розьніцу паміж дзяржаўнай i нацыянальнай прыналежнасьцяй, дык тыя дазволілі рабіць асобныя лягеры [11]. Няма нічога дзіўнага, што дыспазыцыйныя асяродкі выдзяленчай акцыі знаходзяцца паза лягерамі, - таксама й польскія дыспазыцыйныя асяродкі не знаходзяцца ў кажным лягеры. Слушна піша п. Майер, што дзеля супольнвга дабра трэба забыцца аб мінулым i будаваць новую будучыню, аднак гэтая будучыня інакш выглядае ў вачох Беларуса, чым Паляка. Для Паляка будучыня - гэта Польшча з усходнімі межамі з 1939 году плюс землі атрыманыя на падставе канфэрэнцыі ў Патсдаме й найбольш паступовыя палякі, толькі трохі больш лібэральныя ў сваёй нацыянальнай палітыцы. Для Беларусаў-жа будучыня - гэта незалежная Беларуская дзяржава на ўсім этнаграфічным абшары й г. д. Як я й спадзяваўся «Кроніка» лісту не зьмясьціла, даючы ў газэце адказ, што ліст не напісаны з добрай воляй.
У чэрвені 1947 году япіскапы зь Беларусі й асобы, якія ix падтрымлівалі, сабраліся ў Міхэльсдорфе (беларускі лягер недалёка ад гораду Кам) i пастанавілі стварыць і. зв. Міжлягерную раду, якая мела рэпрэзэнтаваць япіскапаў зь Беларусі i іхную ідэялёгію, пад фірмай прадстаўнікоў ад лягероў. Старшынёю гэтай арганізацыі быў выбраны М. Ігнатовіч, сакратаром L Малевіч. Характэрна, што з таго часу аб ix, як беларускіх дзеячох нічога ня было чуваць. Камунікат гэтай «міжлягернай рады» быў перадрукаваны ў «Шляхам Жыцьця» самавольнай пастановай Каўша i Ільляшэвіча, якія выразна азначыліся, як зарубежнікі. Цяпер адносна тэрміналёгіі. Зарубежнікамі пачалі называць тых, хто сталі на становішча, як i япіскапы зь Беларусі, што Беларусы ў царкоўным жыцьці павінны быць падпарадкаваныя Расейцам праз Расейскую зарубежную царкву.
Існуючы да гэтага часу Беларускі Камітэт на амэрыканскую зону Нямеччыны запратэставаў супраць стварэньня між лягернай рады. Міжлягерная рада на гэты пратэст адказала, што дэмакратычная толькі іхная арганізацыя й што існуе толькі адзін беларускі праваслаўны цэнтр - Беларуская праваслаўная мітраполія (тая, што ўлілася ў Расейскую зарубежную царкву).
Як я ўжо ўспомніў, у лягеры АБЦ-Ватэнштэт існавала скаўцкая арганізацыя. Арганізатарам Ватэнштэцкай групы быў В. Пануцэвіч, які на першым зьезьдзе скаўтаў быў выбраны Галоўным Кіраўніком усяго беларускага скаўтынгу. На тымжа зьезьдзе арганізацыя назвалася Крывіцкай i сябры яе насілі на рукавох азнаку - шчыток з напісам «Крывія». Ужо ў 1946 годзе група старэйшай моладзі выступіла са скаўтынгу, на чале з A. Занкавічам. Непасрэднай прычынай выступленьня А. Занкавіча была такая: Кіраўнік скаўцкай арганізацыі А. Занкавіч выпіваў аднойчы ў лягеры ca сваімі сябрамі. Каля гадзіны 11-тай увесь самагон быў выпіты, а апэтыт быў на больш ды ня было грошай. Пасьля 11-тай гадзіны вечара Занкавіч зьявіўся ў памешканьне В. Пануцэвіча й пачаў дамагацца ад яго грошаў на выпіўку са скаўцкай касы, матывуючы гэта тым, што да паўстаньня гэтай касы прычыніўся i ён. Гутарка з Пануцэвічам цягнулася з 10 мінутаў, бо Пануцэвіч неяк мямліў i цягнулася-б няведама яшчэ колькі, калі-б нарэшце ня выскачыў стары Э. Будзька й пачаў крычэць ды сароміць Занкавіча. Гэты інцындэнт быў выкарыстаны Каўшом, які залажыў для моладзі, што выступіла са скаўтынгу, спартовае аб'еднаньне й парабіў зь ix лягерных палідыянтаў, творачы сабе род прэтарыянскай гвардыі, ясна, толькі бяз уплыву. Гэтая моладзь пачала рэгулярна сьпівацца Ільляшэвічам, каб вырабіць сабе адданых i залежных людзей.
Пасьля адыходу A. Занкавіча на чале скаўцкай арганізацыі стаў Маеўскі, які бачачы, што моладзь належачая да спартовага аб'еднаньня раскладаецца, забараніў сябром скаўтынгу належаць да яго. Пасьля гэтага Коўш пачаў выразна імкнуцца, каб усю скаўцкую арганізацыю падпарадкаваць сабе.
У свой час быў створаны патранат над скаўтамі - на чало яго быў выбраны Юстын Мурашка. Пасьля таго, як Мурашка выкрыў афэру з кавай, Коўш абвесьціў, што старшынёю скаўцкага патранату ёсьць не Мурашка, а ён, Коўш. Летам 1947 году ў выніку падпольнай дзейнасьці Ільляшэвіча, скаўцкая моладзь зьняла азнакі з напісам «Крывія» й нашыла адзнакі з напісам «Белараша». Насуперак загаду Галоўнага Кіраўніцтва высылаюцца на ўкраінскі скаўцкі зьезд у Міттэнвальд скаўткі, належна не прыгатаваныя. У скаўтынг ізноў уваходзяць малайцы са спартовага аб'еднаньня й нарэшце Маеўскі, пасьля апрацоўкі яго Ільляшэвічам, афіцыйна адмаўляецца падпарадкавацца Галоўнаму Кіраўніцтву ў ліпені 1947 году.
Галоўнае Кіраўніцтва выдаліла пасьля гэтага ca скаўтынгу Маеўскага i Ільляшэвіча, (які таксама аказаўся скаўтам) а Коўш самаабвесьціў сябе кіраўніком скаўтынгу.
Інтэлігенцыя лягеру ўвесь час востра пратэставала супраць няпраўнага ўмешваньня Каўша ў скаўцкія справы й наагул супраць ягонай раскладаючай працы.
Старшыня Дапамаговага Камітэту лягеру В. Тумаш i сябра гэтага камітэту - я, выступілі са складу ўправы, ня хочучы быць прыкрыўкай для шкоднай дзейнасьці С. Каўша.
Галоўнае Кіраўніцтва скаўтынгу склікала на дзень 8 жнівеня 1947 году скаўцкі зьезд у Остэргофэне. У адказ на гэта скаўт Міхась Сенька падпісаў лістоўку ў якой выступаў супраць зьезду, як выходзячага з-пад абсягу дзеяньня Каўша. Коўш склікаў агульны сход лягеру, на якім займаліся адпаведнасьцяй, ці не, скліканьня скаўцкага зьезду. Гэты-ж сход займаўся праблемамі мэтадаў скаўцкага выхаваньня. Усё гэта адбывалася ў прысутнасьці вучняў, ужо не гаворачы гімназіі, але й пачатковай школы да 2-ой гадзіны ўначы. У адказ на прапанову, каб усе непаўнагоднія пакінулі сход, выступіў Коўш з дэмагагічна-падлізьніцкай прамовай у адносінах моладзі, гаворачы, што калі ён сам быў у гэтым веку, як гэтая моладзь, якую прапануюць выдаліць ворагі народу, дык ён быў поўным дурнем у параўнаньні з гэтай моладзьдзю, якая сягоньня ёсьць непараўнальна разумнейшая за старэйшых.
Наагул гэты сход рабіў уражаньне сходу вясковай беднаты ў пэрыяд савецкага раскулачваньня, ці сходу салдатаў на фроньце падбухтораных бальшавікамі ў часе рэвалюцыі. Цалкам выразна выявіліся сацыяльныя антаганізмы, хоць усе сядзелі ў тым лягеры ў аднолькавых жыльлёвых умовах i аднолькавым становішчы.
У нумары 41-шым польскай газэты «Новіны» выдаванай у Квакэнбрык, было надрукавана асьветчаньне групы людзей выступаючых супраць камэнданта лягеру, нейкага паляка, які паводля думкі падпісаўшых, вёў антыпольскую работу. Сярод гэтых дбаючых, каб не вялася антыпольская работа быў лекар М. Мінкевіч i сьвятар Анатоль Кунцэвіч.
Дачка Юстына Мурашкі, Галіна Мурашка займала ў лягеры пасаду, што звалася паангельску Вэльфэр Эйд, да яе абавязкаў належала складаньне што двутыднёвых рапартаў аб агульным становішчы ў лягеры. У сваім рапарце, за пэрыяд ад 23. 7. 1947 да 7. 8. 1947 у 105 ДПАКС, яна дакладна апісала ўмовы ў якіх адбываліся выбары ў лягеры, зазначаючы, што паводля паглядаў многіх асобаў у лягеры такія выбары да гэтага часу былі магчымыя толькі ў Савецкім Саюзе. У сваёй справаздачы Галіна Мурашка схарактэрызавала таксама агульную дзейнасьць Каўша. Як выхад са створанага становішча Г. Мурашка падала дзьве магчымасьці: зьняцьце каманданта С. Каўшай зарганізаваньне жыцьця ў лягеры на дэмакратычных асновах, або вывазу зь лягеру ўсяе інтэлігенцыі.
Недзе ў палове жнівеня 1947 году адбылася зборка настаўнікаў гімназіі й пачаткавай школы. На гэтай зборцы былі прысутныя прадстаўнікі ДПАКС'у Чэрны й спд. Роговіч. На сходзе настаўнікі гімназіі згодна асьветчылі, што ў вытвараных абставінах усялякае супрацоўніцтва з Каўшом ёсьць немагчымым, калі той ня спыніць сваёй раскладальнай работы, i ня спыніць мэтады спайваньня лягору, каб ім лягчэй кіраваць. Выказаныя былі думкі, што Коўш ня дбае пра беларускія справы, але дбае толькі пра тое, каб за ўсялякую цану быць камандантам лягеру.
Пачуўшы гэта прадстаўнік ДПАКС'у Чэрны запатрабаваў ад маёй жонкі, якая выступала на гэтым сходзе вельмі актыўна, каб яна падала свае выясьненьні ў пісьмовай форме, што й было зроблена 14 жніўня 1947 году. У гэтым выясьненьні паказвалася таксама паступаньне Каўша ў адносінах да скаўцкай арганізацыі й выясьнялася, што Міжзонны зьезд скаўтаў прызнаў паводзіны Каўша i Ільляшэвіча аграмадзкімі. Забыўся ўспомніць, што скаўцкі зьезд у Остэргофэн зацьвердзіў выдаленьне са скаўтынгу Маеўскага i Ільляшэвіча.
20 жнівеня 1947 году С. Коўш выслаў да ўсіх настаўнікаў гімназіі ўльтыматыўны ліст з запытаньнем ці яны згодныя працаваць у гімназіі, прычым было зазначана, што неадказаньне на ліст будзе лічыцца адмоваю. Адказу яму ня было.
24 жнівеня 1947 году адбыўся зонны зьезд. Сярод гасьцей былі прысутныя Р. Астроўскі, япіскап Расейскае зарубежнае царквы Апанас i Ст. Станкевіч. Сілы былі амаль роўныя й дзеля гэтага ўсе сядзелі амаль нявыходзячы. Р. Астроўскі выступіў з прамоваю аб неабходнасьці пагадненьня зь япіскапатам зь Беларусі, што цяпер далучыўся да Расейскае зарубежнае царквы. Паводля словаў Р. Астроўскага гэты япіскапат паступіў няправільна, аднак тым ня менш цяпер трэба прызнаць створанае становішча - гэта значыць пагадзіцца з прыналежнасьцяй да Расейскае царквы.
На гэтым-жа сходзе Аляксей Сянькевіч, былы рэдактар «Беларускай Вёскі» - газэты, што выходзіла ў Менску, папрасіў голас, выцягнуў сшытак i сказаўшы, што яму прыйшло ў галаву некалькі думак якімі ён хоча падзяліцца з прысутнымі, пачаў чытаць свае думкі перапісаныя зь нейкай папулярнай брашуры аб сацыялёгіі i якія ня мелі ніякай сувязі з прадметам сходу. Чытаў ён, чытаў свае думкі, аж нават Астроўскі ня вытрымаў (хоць Сянькевіч быў зь ягоных прыхільнікау) i падаў прапанову аб спыненьні слуханьня Сянькевічавай мудрасьці. У выніку цэланочнага сходу старшынёю Беларускага Дапамаговага Камітэту ангельскай зоны быў выбраны Мікола Панькоў. У склад ураду ўвайшоў i Сянькевіч.
Перад сходам, імкнучыся запэўніць сабе большасьць, Коўш зь Ільляшэвічам стараліся сьцягнуць як найболыл сваіх прыхільнікаў. У адным выпадку выйшла нават няблага, бо адзін з запрошаных (паводля Ільляшэвіча) выдатных дзеячоў, ягоны субутыльнік яшчэ зь Вільні, Бужанскі, ветліва паведаміў, што рэпатрыюецца на сваю бацькаўшчыну - Польшчу. Агульна ў болынасьці ўрад быў выбраны антызарубежніцкі.
10 верасьня 1947 году, адзін з каўшанятаў (каўшоўскіх падручных), што афіцыйна займаў пасаду ў лягернай канцылярыі, a неафіцыйна займаўся валютнай кантроляй лістоў, прынёс для запазнаньня ліст з ДПАКС'у № 105 у Барум, у якім загадвалася сям'і Мурашкаў i маёй неадкладна пакінуць лягер у Ватэнштэце й пераехаць у лягер № 53 каля Гальлендорфу ў гэтым самым ДПАКС'е. У адказ на гэта 27 асобаў зьвярнулася пісьмова ў 105 ДПАКС з просьбаю аб дазвол на выезд у лягер Маервік каля Фленсбургу, як пратэст супраць каўшоўскіх мэтадаў «працы». Гэтыя 27 асобаў былі: Янка Сурвіла, Аляксандар Крыт (заступнік камэнданта лягеру), Лявон Хвалько, Валентына й Раіса Жукоўскія, трое Васіленяў (Аляксей, Валентына й сын), пяцёра Мурашкаў, Вацлаў i Ірэна Пануцэвіч, Эдуард, Валерыя, Людвіка й Часлаў Будзькі, настаўнік гімназіі Андрэй Бачынскі й ягоная жонка ды трое Галякоў.
Выбраны намі лягер ужо быў ведамы некаторым. Я быў 80 там з Сурвілам. У канцы лета прыяжджала туды група беларускіх артыстаў пад кіраўніцтвам М. Куліковіча-Шчаглова, якія выступалі з артыстычнай праграмай. Пасьля нейкага часу, пасьля канцэрту В. Пануцэвіч i я паехалі туды для арганізацыі беларускай групы. Пабылі там некалькі дзён. Выявілася, што Беларусы там ёсьць, але ня было нікога здольнага ачоліць групу.
Высяленьне нас зь лягеру АБЦ было ўстрымана да часу выясьненьня справы выезду цэлай групы, так што аказаўся страчаным для Каўша эфэкт блыскавічнага высяленьня. Не дапамаглі й каўшоўскія інтэрвэнцыі ў ДПАКС'е, бо там лічылі, што падуладныя не па тое, каб умешвацца ў распараджаньні ўладаў. Такім чынам справа высяленьня завісла нявырашаная.
Адмовіўся ад выезду з усімі Вітаўт Тумаш, гаворачы, што жыць порцыяй звычайнага ДП ён ня прывык i ня можа, але што ён пастараецца таксама выехаць у іншы лягер, недзе недалёка, дзе яму абяцаюць ізноў становішча лекара з ангельскім пайком (уключна з гарэлкай). Ня выехалі таксама два настаўнікі пачатковай школы, Гладкі й Сіткоўскі.
У міжчасе ў Марбурзе, над ракой Ляне, дзе студыявала даволі многа Беларусаў, адбыўся студэнцкі зьезд, на які былі запрошаныя шмат іншых асобаў ці то дзеля ранейшых унівэрсытэцкіх студыяў, ці то дзеля займаных цяпер нейкіх грамадзкіх становішчаў.
Старшынёю гэтага зьезду быў выбраны Часлаў Найдзюк, але даволі хутка яму быў выказаны вотум недаверу, дзеля ягонага бязраднага вядзеньня зьезду i ён быў заменены іншай асобай.
На зьезьдзе быў прачытаны Антонам Адамовічам вельмі добры, баёвы рэфэрат, накіраваны супраць зарубежніцтва. У дыскусіі, не памятаю ці над рэфэратам, студэнт Барыс Данілюк закінуў большасьці сваіх калегаў матэрыялізм, што выражаўся ў тым, што ў сваёй большасьці, студэнты ідуць на хлебныя факультэты, як мэдыцыну й падобныя.
На гэтым зьезьдзе я пазнаёміўся зь Міколам Абрамчыкам, які на зьезьдзе афіцыйна не прысутнічаў, але ў Марбурзе быў i прыватна зь некаторымі спатыкаўся. М. Абрамчык выступіў з думкай аб аднаўленьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Для мяне было ясна, што гэта было ўжо пастаноўлена раней, а цяпер гэтая пастанова праводзілася ў жыцьцё. М. Абрамчык запрапанаваў мне належаньне да Рады БНР i я згадзіўся таму, што лічыў, што адзін з прэтэндэнтаў на ачаленьне эміграцыі скампрамітаваўся падтрымліваньнем япіскапскай здрады (Р. Астроўскі) i дзеля гэтага другі (М. Абрамчык) згодна спартоваму правілу перамог «уоковэр'ам», праз тое, што ягоны канкурэнт сам сябе здыскваліфікаваў.
На запрашэньне Ніны Якубовіч адведалі яе з Пануцэвічам. Яна студыявала ў Марбурзе мэдыцыну, пасьля закрыцьця Унраўскага ўнівэрсытэту ў Мюнхэне. (УНРА - Юнайтэд Нэйшэн Рэліф Адміністрэйшэн). Зь Нінай Якубовіч быў яе сын, якога яна прывезла з савецкай зоны Бэрліну. З нагоды нашых адведзінаў, яна расказала свае прыгоды ў Бэрліне. Жывучы яшчэ ў Мюнхэне яна пастанавіла знайсьці свайго сына [12]. Нелегальна перайшоўшы граніцу амэрыканскай i савецкай акупацыйнай зоны Нямеччыны, яна шчасьліва дабраліся да Бэрліну, а там да свае знаёмае яшчэ з часу вайны Ніны Сім (Сім прозьвішча па мужу-немцу). За гітлероўскіх часоў гэтая Ніна працавала сакратаркай у Беларускім Прадстаўніцтве ў Бэрліне (Фэртраўэнсштэльле), пад кіраўніцтвам Бэрнарда Букаткі. Гэтая Ніна Сім дапамагла Н. Якубовіч знайсьці сына, які быў у нейкай нямецкай сям'і. Н. Якубовіч наведала пару разоў сына й пачала думаць аб тым, як цяпер выбрацца назад у амэрыканскую зону, калі Ніна Сім пад нейкім прэтэкстам завяла яе ў нейкае памешканьне, дзе «неспадзявана» былі савецкія вайскоўцы. Тыя былі вельмі ветлівыя й выясьнілі Н. Якубовіч, што яе гісторыя ім ведамая i яна зможа забраць свайго сына толькі пасьля таго, як яна акажа ім некалькі прыслугаў, сабраўшы некаторыя патрэбныя ім весткі ў амэрыканскай зоне Нямеччыны. У адваротным выпадку яе могуць спаткаць непрыемнасьці, як напрыклад абвінавачаньне ў пераходзе граніцы зонаў са шпіёнскімі мэтамі. У такіх абставінах Н. Якубовіч згадзілася на савецкую прапанову й згода была належна прысутнымі аблітая порцыямі па 100 грамаў. Калі на наступны дзень Н. Якубовіч выразіла перад Н. Сім, што тая здрадзіла яе савецкім уладам, дык Ніна Сім выясьніла ёй, што ўсе Беларусы, якія знаходзяцца ў савецкай зоне ёсьць на службе савецкай разьведкі, бо ў праціўным выпадку не маглі-б тут жыць. Сім пералічыла гэтых Беларусаў, між імі й Зою Коўш. Н. Якубовіч вярнулася ў амэрыканскую зону й там аб сваім даручэньні паведаміла адпаведныя амэрыканскія ўлады. Тыя прынялі да ведама ейныя выясьненьні й сказалі, што дадуць усе патрэбныя інфармацыі для перадачы савецкай разьведцы. Так i зрабілі. Н Якубовіч здала ў Бэрліне атрыманыя ад амэрыканцаў даныя й дастала наступнае заданьне. Ізноў вярнулася ў амэрыканскую зону i ізноў атрымала ад ix патрэбныя інфармацыі. Здала ix у Бэрліне i атрымала трэйцяе заданьне. Бачучы аднак, што канца заданьням не відаць, пастанавіла самавольна забраць сына i ўцякаць. Аднойчы зайшла адведаць сына i ўзяла яго на спацыр, але са спацыру не вярнулася а паехала да амэрыканскага прадстаўніцтва з просьбаю заапекавацца ёю, як амэрыканскай супрацоўніцай. Там яе выслухалі, зьвязаліся з амэрыканскай зонай i праз пару гадзін адказалі, што ня могуць у гэтую справу ўмешвацца й хай яна выбіраецца з Бэрліну сваімі сіламі. Н. Якубовіч знайшла прытулак у нейкім жаночым манастыры, адседзела там два тыдні, а тады выбралася з Бэрліну й вярнулася ў амэрыканскую зону.
15 верасьня 1947 году Зонны камітэт вызначыў мяне прадстаўніком ад Беларусаў у міжнацыянальную арганізацыю юрыстаў i 8-га кастрычніка 1947 году езьдзіў на арганізацыйнае паседжаньне ў гарадок Блёмбэрг-Ліппэ.
Маім суседам у бараку быў Кастусь Якуб - нібы пісьменьнік, хоць я нічога зь ягоных твораў ня чытаў, па прафэсіі сельскі настаўнік i ў даволі моцнай ступені рэлігійны й расейскі сымпатык. Ён напісаў ліст да Віцьбіча ў амэрыканскую зону з прапановай стварыць арганізацыю савецкіх Беларусаў, дзе-б ня было заходняй погані. Пра Каўша напісаў, што гэта чалавек разумны, але вялікі падлец, Шыла толькі п'яніца, а пра Ільляшэвіча напісаў, што нічога ня ведае, (бо ведаў, што Ільляшэвіч у кантакце зь Віцьбічам). Віцьбіч атрымаўшы ліст зараз-жа пераслаў копію да ведама Каўшу (такія звычаі між сяброў). Коўш карыстаючы з таго, што там вельмі лаялася беларуская інтэлігенцыя, адбіў многа копіяў i пусьціў ix па лягеры. Адзін паасобнік трапіў да Будзькаў, а там зараз-жа зрабілі копію й зрабілі добра, бо Коўш, відаць, перачытаўшы ліст яшчэ раз з абегу яго забраў. Якуб быў як-бы разчараваны, што Коўш ня прыдаў ніякага значэньня ягонаму лісту, адно толькі выказаў думку, што відаць прывык пісаць лісты ў адпаведныя ўстановы, a ў цяперашніх абставінах, ня ведаючы мовы, дык напісаў хоць Віцьбічу.
Увод электрычнай лініі ў барак быў праз пакой Якуба, а электрыкі ён вельмі баяўся. Аднойчы ён зьвярнуўся да мяне з просьбаю, каб я дазволіў зрабіць увод у барак праз мой пакой. Я згадзіўся, адно толькі выразіў сваё зьдзіўленьне, што ён пры ўсім сваім хрысьціянскім сьветапаглядзе, ня бачыць нічога благога ў наражаньні мяне на ўсе небясьпекі электрыкі.
Запісаўся на выезд у Англію й першага кастрычніка 1947 году быў на лекарскім аглядзе. Былі абвясьціўшы, што ў Англію будуць браць i жанатых, з тым, што сем'і пакуль што застануцца ў Нямеччыне й будуць перавезеныя ў Англію тады, калі выявіцца, што галава сям'і годны даверу ў даньні яму дазволу на пражываньне й працу ў шляхотнай ангельскай краіне. Апраўдаць аднак даверу не прыйшлося, бо ангельцы раздумаліся й перасталі сямейных прыймаць.
Прыйшоў нарэшце дазвол на пераезд у лягер ДП Маервік каля Фленсбургу, i 11-га лістапада 1947 году група пакінула Ватэнштэт кіруючыся ў таварным вагоне на поўнач. Пагрузіліся вечарам, паставілі ўзятую з Ватэнштэту печку, брыкетаў да апалу на пачатак узялі з сабою, а далей карысталіся чыгуначнымі. Ехаць было няблага, было цёпла, а мейсца на падлозе хапала. Ехалі амаль два з паловай дні й каля паўдня 14 лістапада даехалі да Фленсбургу. Наш вагон быў пастаўлены на бакавой лініі ў самым порце, каля прыстанку пасажырскіх караблёў. Зьвязаліся тэлефанічна зь лягерам, адтуль хутка прыслалі грузавыя машыны, якімі паехалі рэчы й частка людзей. Рэшта паехала караблікам, што ішоў у мястэчка Глюксбург i затрымліваўся па дарозе ў Мюрвіку [13], Солітудэ й Маервіку. Прыехалі, разладаваліся i ўнесьліся ў прызначаныя пакоі, якія для ўсіх былі вызначаныя ў адным калідоры. Мы аказаліся зь сёстрамі Жукоўскімі, Даніловічы з Крытам i Хвалько, Будзькі з Пануцэвічамі, Васілені асобна.
Юстын Мурашка зь сям'ёю трохі раней выехаў на працу ў Францыю. Туды-ж паехаў i Янка Сурвіла. Бачынскія пераехалі ў украінскі лягер недалёка ад Ватэштэту, а В. Тумаш пераехаў у Госляр.
Цэнтральнае аграваньне ў жыльлёвых блёках у лягеры не працавала i ў пакоях была ледзяная тэмпаратура. Жонка з Ганнай пайшлі на начлег да Беларусаў у гэтым самым калідоры - Булкаў. Назаўтра пачалі ўладжвацца. Паставілі печку, прабілі сьцяну, каб зрабіць вывад для бляшанага коміна, палажылі ў печку апошнія брыкеты, што засталіся з пераезду й пайшлі шукаць паліва - калоць пні, на месцы былога лесу, што калісьці акружаў лягер i быў добра падчышчаны жыхарамі лягеру ў першую лягерную зіму. Паволі ўсё ўлажылася. Аказалася, што тут выдаюць паліва - брыкеты нават звычайным лягернікам. Да таго-ж можна было купіць па цьвёрдых цэнах ужо выкарчаваныя пні, так што ў пакоях зрабілася цёпла.
Лягер Маервік, што пазьней пачаў называцца Зээпроспэкт, знайходзіўся ў адлегласьці пяці кілямэтраў ад гораду Фленсбургу й трох кілямэтраў ад мястэчка Бад Глюксбургу. Усе гэтыя тры мясцовасьці над берагам Фленсбурскага фіёрда. Фленсбурскі фіёрд цягнецца 34 кілямэтры ад Балтыцкага мора й горад Фленсбург ляжыць на самым канцы фіёрда. Сярэдзінай фіёрду праходзіць граніца з Даніяй. Пры Маервіку шырыня фіёрду ўсяго якіх 3 кілямэтры й зь лягеру можна было заглядаць у Данію. Ваколіца між Фленсбургам i горадам Шлезьвікам называедца Ангэль, сядзіба англаў, скуль яны выраілі ў Англію. Краявід узгоркаваты, многа вазёраў, букавыя лясы зь вялікай дамешкай ёлак, a ў макрэйшых месцах толькі ёлкі. Між лягерам i Бад Глюксбургам дарога ўздоўж фіёрда праз букавы лес. Лягер мясьціўся ў афіцэрскай школе пабудаванай нядаўна перад вайною. Усяго было, здаецца, якіх дзесяць жыльлёвых блёкаў з чырвонай цэглы. Кажны блёк пабудаваны літараю «П», асобны адміністрацыйны будынак, асобная кухня, будынак печаў цэнтральнага аграваньня й двухпавярховая вільля на высокім беразе мора, пабудаваная відаць перад тым, як бы будаваны лягер, бо ў зусім іншым стылі й не з чырвонай цэглы, а патынкаваная. Лягер ляжаў на высокім беразе фіёрду й з прыстані малых параходзікаў i мотаходзікаў трэба было высока падымацца па сходках. Каля прыстані-памосту параходзікаў быў невялікі яхтавы порт абнесены хваляаховамі. У лягеры жылі палякі, да якіх была прыпісаная й наша група, сэрбы i украінцы, якія нядаўна выдзяліліся з польскай у асобныя групы. Прыехаўшы наша група знайшла ў лягеры 50 асобаў Беларусаў, якія выразілі ахвоту афіцыйна запісацца Беларусамі. У запраўднасьці Беларусаў было болын, але рэшта гуляла ў тутэйшых. На паданую афіцыйна просьбу аб выдзяленьні беларускай групы, ангельскія ўлады адказалі, што яны аб гэтым думаюць i адказ дадуць, можа яны яго й далі, але мы яго не дачакаліся.
Да найбольш характэрных азнакау ваколіцы трэба залічыць сталы вецер, які зьмяняў напрамак, але ніколі не пераставаў дзьмуць у аснаўным з двох кірункаў: ад Балтыцкага мора або ад Паўночнага. Ад ветру найбліжэйшыя дрэвы лесу, што рос над фіёрдам былі пакрыўленыя й пахіленыя. Дзеля гэтага сталага ветру, вельмі многа палёў абведзеныя высокій валам і на якіх пасаджаныя дрэвы. Гэтыя абвалаваныя палі характэрныя для гэтага краявіду
Зь ежай у гэтым лягеры было таксама лепш, a паколькі стаўкі харчоў былі ўсюды аднолькавыя, дык трэба думаць, што менш раскрадалі большыя ці меншыя ўлады. Да таго ў фіёрдзе было без абмежаваньня малюскаў (зээмуціэльн). Праўда, да адважных належалі мы й Крыт. Было й благое. Так, як i ў Ватэнштэце, дзеля эканоміі паліва, пачалі выключаць электрыку між 6 i 8 гадзінамі. Гэтыя дзьве гадзіны праводзілі ў цемры, пераважна даседжвалі да часу пакуль ізноў уключалі электрыку, а тады часта змораныя чаканьнем ішлі спаць. Відаць, на гэта й было разьлічана.
Летам у лясох i пасеках каля лягеру было вельмі многа малінаў, а пазьней i грыбоў, усялякіх патроху, уключна з баравікамі, а найбольш апенькаў вялікіх, як чайныя сподкі й так многа, што аднойчы на адным толькі пні сабраў больш сотні. Янеі расьлі слаямі. Такой колькасьці й так вялікіх апенькаў я ніколі ня бачыў на Беларусі. Ня прыходзілася бачыць столькі зьмеяў ў лесе, тут-жа кажны раз бачыў прынамсі адну.
У справе нашага высяленьня я правёў перапіску з Зонным камітэтам, i прасіў камітэт выказацца адносна дапушчальнасьці мэтадаў ужываных Каўшом. Ад імя лягернага камітэту адказаў i падпісаўся Хв. Ільляшэвіч, на што атрымаў 3-га сьнежаня 1947 году мой адказ.
У канцы году быў на нейкім паседжаньні ў Остэргофэне ў амэрыканскай зоне, а тады заехаў да I. Касяка ў Тірсгайм. Там а. М. Лапіцкі неспадзявана зрабіў спатканьне Новага 1948 году, на якім аказаўся i япіскап Філафей. Я ад гутарак зь ім на царкоўныя тэмы ўхіліўся, бо лічыў, што ў гэтай справе ўсё ўжо перагаворана й пакуль япіскапы будуць у Расейскай зарубежнай царкве, гутарыць нам няма аб чым.
Едучы назад заехаў да сястры ў Гэрфорд i вярнуўся ў Маервік ужо ў 1948 годзе - 5-га студзеня.
Наагул усе былі задаволеныя жыцьцём у Маервіку, за выняткам хіба Эдуарда Будзькі, які любіў больш рухлівае мейсца i A. Васілені, які неўзьлюбіў Маервік дзеля сталага ветру й заўсёды паўтараў, што гэтая мясцовасьць для жыцьця саліднага чалавека зусім не надаецца, бо цяжка ўтрымаць павагу, калі вецер зрывае капялюх. Чалавек хапаецца за капелюх, a ў гэтым часе вецер яму амаль зрывае паліто.
Трохі пажыўшы даведаліся, што лягернікі атрымліваюць у Флгнсбургу дапамогу для безработных, праўда ня ў поўнай вышыні з увагі на тое, што памешканьне i ўтрыманьне ў лягеры нічога не каштуе. Трэба было толькі раз у тыдзень
Трэба было толькі раз у тыдзень езьдзіць ці хадзіць у Фленсбург на рэгістрацыю, a небясьпекі атрыманьня працы, за вартасьць цаны аднэй пачкі цыгарэтаў на чорным рынку, ня было. Па-першае, працу давалі ў першую чаргу немцам, а па-другое, зь нямецкай пашанай да дыплёмаў, ім i ў галаву не прыходзіла запрапанаваць фізычную працу.
Фленсбург налічваў тады сто тысяч жыхароў, быў зусім неразьбіты. Агульны выгляд вуліцаў нагадваў Вільню, нават таксама называлася галоўная вуліца гораду - Гроссэ штрассэ - Вялікая вуліца, якая цяпер у «літоўскай» сталіцы названая імём расейскага пісьменьніка Горкага Максіма. Вельмі прыгожыя былі бакавыя вуліцы ад галоўнай вуліцы ў напрамку ўзьбярэжжа, а таксама старыя дамы на самым узьбярэжжы. Захаваная была адна з гарадзкіх брамаў - Паўночная. Нямецкае імя Георг тут ня ўжывалася, a заміж яго Юргэн, падобнае да нашага Юркі. Зацікавіла мяне паходжаньне слова «балея», бо бачыў на рынку выстаўленыя, як нашыяібалеі з напісам «балійе».
У лепшую пагоду хадзілі пехатою да Мюрвіку, а далей ехалі трамваем, у горшую езьдзілі караблікам.
У канцы студзеня прыйшоў даўгі ліст ад Р. Астроўскага, у якім ён між іншым пісаў, што ніколі не лічыў сябе ўсебеларускім рэпрэзэннтантам, хоць гэтую функцыю нейкі час выконваў маючы мандат ад дэлегатаў ІІ-га Кангрэсу, якіх ніхто не выбіраў i не дэлегаваў. Цяпер-жа на эміграцыі павінна быць створанае дэмакратычнае прадстаўніцтва, a ніякая група не павінна абвяшчацца агульным прадстаўніцтвам. Р. Астроўскі пісаў таксама, што мне ня трэба было выяжджаць з Ватэнштэту, а сядзець там i змагацца (зь кім ці чым змагацца ня было напісана).
У сваім адказе, з дня 11-га лютага 1948 году, я выясьніў, што я сам з Ватэнштэту не выяжджаў, а мяне адтуль прымусова высялілі, i я зьмяніў толькі тое, што не паехаў у той лягер, куды мяне хацелі высяліць у тым самым ДПАКСе, а трохі далей, каб адарвацца ад ворага й далей зь ім змагацца, i што ёсьць яшчэ мамэнты, якіх я не магу ў лісьце парушаць. У справе дэмакратычнай рэпрэзэнтацыі, я выказаў свой пагляд, што разьбіцьцё зайшло так далека й кажная з групаў прызнае прадстаўніцтва за аўтарытэтнае толькі тады, калі яно будзе цалкам апанаванае, а тварэньне рэпрэзэнтацыі выбарамі прывядзе толькі да ліцытацыі ў дэмагогіі, бо-ж ніякіх санкцыяў супраць нікога прыняць нельга й выбары ператварыліся-б у насьмешку над імі. Непадабаецца таксама мне надужываньне словам дэмакратыя, бо пераважна гаворыцца аб дэмакратыі многа там, дзе яе няма.
Адказ на гэты ліст быў сухі й кароткі. Р. Астроўскі напісаў, што ён не спадзяваўся, каб я не парадзіўся зь ім, або прынамсі не паведаміў яго аб аднаўленьні Рады БНР, бо ён ня ведаючы гэтага выдаў, як прэзыдэнт БЦР адозву, але добpa злажылася, што гэтая адозва адносіцца толькі да справы эміграцыйнага прадстаўніцтва.
Я адказаў 9-га лютага 1948 году, што прачытаў ягоную адозву, датаваную сьнежнем 1947 году адначасова з атрыманьнем лісту ад яго i ў той адозве было напісана, што да гэтага часу справамі эміграцыі займаўся Беларускі Нацыянальны цэнтр, якога аднак вы не паведамілі аб сваім праекце тварэньня эміграцыйнага прадстаўніцтва. Я не паведаміў дзеля некалькіх прычынаў. Аднэю зь ix было тое, што я ня меў адрысу, па другое, мяне зьнёахвоціў факт, бо я ведаў, што ваш адрыс ведамы Ільляшэвічу й Каўшу, але ня быў ведамы мне, па-трэйцяе, вашае выступленьне на Зонным зьезьдзе ў Ватэнштэце ў абароне япіскапату зь Беларусі, які нас цяпер кампрамітуе. Такім чынам у нашым даўгагадовым аднадумстве паўстала, ня ведаю на як доўга паважная разьбежнасьць. На гэтым перапіска й закончылася.
У лютым 1948 году ў выдаванай у Нямеччыне газэце «Бацькаўшчына» быў зьмешчаны артыкул пад загалоўкам : «Антыбальшавізм i Антыфашызм». У артыкуле выводзілася, што сярод Беларусаў ёсьць «Квіслінгі». Артыкул, у сваім агульным характары, быў вельмі гадзенькі, асабліва прыймаючы пад увагу тое, што пісаны быў якраз тымі, якія былі добрым матэрыялам на «Квісьлінгаў», калі-б на гэта былі фармальныя праўныя падставы, бо Квісьлінгам можа быць толькі асоба, якая выступае супраць свайго праўнага ўраду. Назваць-жа некага зь Беларусаў Квісьлінгам гэта тое самае, што прызнаньне за праўны аднаго з акупантаў Беларусі - Расейцаў ці Палякаў. Успомнены артыкул быў добрай ілюстрацыяй адсутнасьці собскага сьветапагляду й прысутнасьці ахвоты біць ніжэй пояса насупраць правілаў цывілізаванага грамадзтва. 10 лютага я выслаў у гэтай справе ліст да A. Адамовіча, як аднаго з галоўных дзеячоў у Остэргофане, у якім пісаў, што мэтода вызначаньня Квісьлінгаў ёсьць няправільная, бо гэтым толькі даюцца матэрыялы ў рукі розным судовым, пазасудовым i пазабеларускім дзейнікам, якія ахвотна будуць гэтымі справамі займацца, але ясна, не зь беларускага пункту гледжаньня. Няправільна гэта таксама й таму, што нельга ўсё звальваць на фашыстаў, бо падчыркваньне таго, што мы заўсёды былі аб'ектам, а не суб'ектам дзеяньня ня ёсьць нам карысным. Далей я выказаў думку, што да падзеяў на Бацькаўшчыне нельга падыходзіць з кан'юнктуральнага пункту гледжаньня.
Адказу ад A. Адамовіча не атрымаў, відаць згодна з прынцыпам: «а калі думает, не пішы».
У хуткім часе я напісаў на гэтую тэму артыкул у «Бацькаўшчыну», які надрукаваны ня быў.
Будучы пазьней у Остэргофэне даведаўся, што гэта было выконваньне ініцыятывы М. Абрамчыка - аббрахаць Р. Астроўскага на гэтулькі, каб той быў змушаны сыцхнуць i схавацца.
У сакавіку 1948 году атрымалі запрашэньне ад Аляксея Сянькевіча на надзвычайны зьезд Беларускага дапамаговага камітэту на ангельскую зону, які ён пастанавіў склікаць, як старшыня рэвізыйнай камісіі «дзеля канфлікту ў управе Зоннага камітэту й выхадам 2 сяброў ды адмовы старшыні склікаць надзвычайны сходм. Сход Сянькевіч склікаў на 10 красавіка 1948 году ў Ватэнштэце.
5 красавіка, як кіраўнік групы ў Маервіку падпісаў адказ Сянькевічу ў якім паведамляў, што мы не знайшлі ў статуце падставаў, якія-б давалі яму права на скліканьне сходу й дзеля гэтага ўдзелу ў зьезьдзе ня возьмем, бо ўважаем гэтую акцыю няпраўнай, зробленай з думкай праводжаньня падзелу. Якія былі вынікі гэтага зьезду Сянькевіча з Каўшом не памятаю.
У красавіку атрымаў ад Аркадзя Еўца прызначэньне на раднага БЦР з просьбаю адказаць ці прызначэньне прыймаю. Адказаў, што прызначэньня ня прыймаю, а самое прызначэньне захоўваю на памяць.
Хутка пасьля пераезду ў Маервік мы пачалі выдаваць часопіс пад назовам «Летапіс», назоў быў запрапанаваны гісторыкам Чаславам Будзка, які ўзяў на сябе ўсю тэхнічную працу апрача супрацоўніцтва ў самым часопісе. Рэдактарам зрабіўся я. Супрацоўнікамі былі: Вітаўт Тумаш, Янка Станкевіч, Я. Чарнэцкі, Сяргей Хмара, Мікола Панькоў, Часлаў Будзька, Аляксей Васіленя, Аляксандар Крыт, Віктар Войтэнка.
У чэрвені атрымалі ліст ад Ю. Сабалеўскага й 10 марак на выдавецтва. Сабалеўскі пісаў, што часопіс не выяўляе канструкцыйных мамэнтаў i непатрэбна папулярызуе ўсялякіх негатыўных асобаў. У справе царкоўнага зарубежніцтва выказаўся, што справа куды належыць духавенства, гэта іхная прафэсыйная справа i іншым, асабліва тым, якія наагул царквою не цікавяцца, ніякай да гэтага справы няма, i гэтую справу трэба з бачынаў часопісу зьняць. У справе Р. Астроўскага, Сабалеўскі пісаў, што ацэньвае Астроўскага негатыўна, але ня гледзячы на гэта зь ім супрацоўнічае i яго падтрымлівае, бо іншага фахоўца ня бачыць. На гэты ліст быў даны адказ 9 ліпеня 1948 году.
17 верасьня 1948 году мяне выклікалі ў ДПАКС, які мясьціўся ў лягеры, на аўдыенцыю да дырэктара. Дырэктар паказаў мне № 6 «Летапісу» й запытаўся ці я ведаю, хто гэты часопіс выдае. Я ўзяў часопіс у рукі i агледзеў яго. На гэтым нумары быў ад рукі напісаны адрыс Сьвятаслава Каўша ў лягеры АБЦ у Ватэнштэце. Я адказаў дырэктару, што мне ўсё ведама ў справе гэтага часопісу, бо я яго выдаю. На запытаньне, якую ролю ў гэтым выданьні мае В. Пануцэвіч, я адказаў, што ніякай, бо ніякіх дачыненьняў да выдавецтва ня мае. Відаць, «няведамая» асоба, што зрабіла данос, далучыўшы, як рэчавы довад № 6 «Летапісу», што быў заадрысаваны С. Каўшу, падала ў даносе, што выдаўцом ёсьць В. Пануцэвіч.
Справа скончылася тым, што дырэктар ДПАКСу пакараў мяне двутыднёвай забаронай пакіданьня лягеру, выясьняючы мне, што ў дэмакратычнай ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны на выражаньне сваіх думак трэба мець ліцэнцыю ад вайсковай адміністрацыі зоны, але што я магу, калі хачу, выдаваць інфармацыйны бюлетэнь, у якім магу перадрукоўваць тое, што было надрукавана ў ліцэнцыянаваных газэтах, або падана праз радыёвыя станцыі ў Нямеччыне. Я яму падзякаваў, але сказаў, што зь ягонага дазволу не скарыстаю, бо ў працы такога роду не зацікаўлены. Дырэктар называўся Гілл.
Не пасьпеў я прыйсьці да хаты, як да мяне зьявіўся начальна лягернай паліцыі й сказаў, што яму даручана правесьці рэвізію й забраць усе нумары «Летапісу». Рабіць аднак рзвізію начальнік паліцыі ня меў ахвоты i агранічыўся тым, што прыняў да ведама мае асьветчаньне, што ў мяне захаваліся толькі два нумары «Летапісу» № 7, наступны нумар пасьля таго, які быў далучаны да даносу, а рэшта нумароў была на наступны дзень шчасьліва разасланая, за выняткам С. Каўша, каб не выклікаць сабаку зь лесу.
У кастрычніку я выдаў пад фірмай Згуртаваньня Скаўтаў, надрукаваны на рататары, сьпеўнік.
Дайшла да нас вестка, што Хведар Ільляшэвіч загінуў у самахадовым выпадку каля Ватэнштэту разам зь нейкім расейцам. У «Бацькаўшчыне» пачалі ў сувязі з гэтым зьяўляцца зацемкі пра свой жаль i гэтак далей. У сувязі з гэтым, 15-га кастрычніка 1948 году я выслаў ліст да A. Адамовіча, рэдактара «Бацькаўшчыны» (не памятаю фармальна ці толькі фактычна), у якім запратэставаў супраць занятага «Бацькаўшчынай» становішча, падаючы між іншым, што хоць я далёкі ад думкі, каб між людзей розных палітычных паглядаў ня можа быць прыязных адносінаў, аднак гэта можа стасавацца толькі ў тых выпадках, калі палітычнае змаганьне не прыняло формы вайны дзікуноў у джунглях i не ў адносінах да людзей, якія асабіста прыймаюць удзел у такім змаганьні. Пісьмовыя-ж i вусныя выказваньні Ільляшэвіча былі такога роду, што ён гразіўся: «хопіць тэлефонных слупоў, каб павешаць усіх, хто зь ім не пагаджаецца».
Інтэрвэнцыя памагла й «Бацькаўшчына» пачала зьмяшчаць артыкулы супрацьлежныя папярэднім i перагнула палку ў другі бок.
Яшчэ пару месяцаў перад тым, як загінуў Ільляшэвіч, у № 7 часопісу «Шыпшына» выдаваным у амэрыканскай зоне Ю. Віцьбічам, быў зьмешчаны артыкул, ці лепш сказаць палітычны твор фольксдойчкі Вольгі Таполі (праўдзівае прозьвішча Зубко) з апатэозай Ільляшэвіча. Артыкул быў пад загалоўкам «Бязназоўнае» й быў прысьвечаны С. З(алужнаму) - псэўданім пад якім пісаў Ільляшэвіч. У «Летапісе» былі зьмешчаныя некаторыя фактычныя папраўкі, a ў хуткім часе даведаліся, што Вольга Таполя-Зубко, паехала да хаты, як пазьней дазналіся проста ў канцэнтрацыйны лягер. Бязумоўна сувязь яе з Саветамі трывала даўжэйшы час, тымбольш што жывучы ў лягеры АБЦ, недалёка ад Браўншвайгу, было ёй няцяжка ўтрымліваць кантакт.
У першы тыдзень сьнежня 1948 году, В. Пануцэвіч i я прынялі ўдзел у курсе для праўнікаў у будынку ІМКІ ў Нойштаце (паміж Брэмэнам i Гановэрам). Там нас вучылі аб законах, што абавязваюць ДП, з тым, каб пазьней стварыць пасады праўных дарадцаў для ДП пры лягеры ці ДПАКСе. У амэрыканскай зоне такія пасадй заісгі&валі ўжо раней i адну з такіх пасадаў займаў Мікола Кунцэвіч.
* * *
Новы 1949 год спаткалі ў памешканьні сясьцёр Жукоўскіх, бо да гэтага часу мы з Жукоўскімі разьдзяліліся. Мы атрымалі ў гэтым самым 8 блёку малы пакой з двохпакаёвага памешканьня, прызначанага арыгінальна для падафіцэра. Другі пакой з гэтага самага памешканьня займалі: Матэцкі, які ў нейкім перыядзе свайго жыцьця меў нешта супольнае з Беларусамі, i Прыпляска недзе зь Лідчыны, які цяпер называўся Пжэплярскі. Жукоўскія атрымалі пакой таксама ў 8 блёку на другім паверсе. На спатканьні Новага году былі Жукоўскія, Пануцэвічы, Будзькі i Аўсеі (Беларусы з Латвіі).
9-10-га сакавіка адбыўся ў лягеры Шляйсгайм, каля Мюнхэна, агульны скаўцкі зьезд, скліканы не ў нармальным часе, перадчасна на зарубежніцкія дамаганьні, камісарам да скаўцкіх справаў. Зарубежнікі імкнуліся да гэтага зьезду ў надзеі апанаваньня скаўтынгу. Быў створаны цэлы рад фікцыйных скаўцкіх дружынаў, у дапамогу зарубежнікам прыехалі нават дэлегаты ад расейскага скаўтынгу з расейскага лягеру ў Мэнхэнгофе, каля Касэлю, якім было сказана адыгрываць ролю Беларусаў, але навучыць гутарыць ix пабеларуску не хапіла часу. Прадстаўнік гэтых расейскіх скаўтаў афіцыйна асьветчыў, што яны падпарадкаваныя ўладам расёйскага скаўтынгу й «конечно Пануцевіча не прызнают». Гэта аднак не перашкодзіла ім далей прыймаць удзел у далейшых абрадах, як i не выклікала ніякіх засьцярогаў у зарубежнікаў, a прысутны камісар скаўтынгу ў гэтым усім зусім не разьбіраўся. Прыгатаваны гэты зьезд быў галоўным чынам маладым Вітаўтам Кіпелям, які рассылаючы лісты да прыхільнікаў выясьняў, што няважна тое, што даная група зарганізаваная толькі цяпер, на зьезд яна ўсёроўна павінна прыяжджаць, каб разьбіць Крывічоў. Адзін з такіх лістоў трапіў у рукі Пануцэвіча ад недастаткова сьведамага дэлегата. Старшынею ўсяго скаўтынгу быў выбраны Сянькоўскі - асоба яўна да гэтай ролі не прыгатаваная й няздольная. На зьезьдзё была прапанова ўшанаваць памяць Хв. Ільляшэвіча й не чакаючы на яе прыняцьцё В. Панудэвіч выйшаў з залі паседжаньня.
Большасьць фактычная, а не фікцыйная скаўцкіх зьвязаў са штучна створанай на зьезьдзе пры дапамозе расейцаў большасьці, не пагадзілася й паведаміла камісара да скаўцкіх справаў, што яны Сянькоўсйага сваім шэфам не прызнаюць.
Гэтак стварыліся два беларускія скаўтынгі, адзін прызнаны камісарам на чале з Сянькоўскім i няздольны да працы, i другі на чале з В. Пануцэвічам, які й далей існаваў, хоць i без афіцыйнага прызнаньня.
Аб глыбокім павязаньні зарубежніцтва з расейцамі сьветчыць яшчэ той факт, што непасрэдна са зьезду, група пераможнай зарубежніцкай моладзі адразу паехала на зьезд «православной молодежи», скліканы «Русским студенческим христианским движением». Расейская царкоўная газэта адзначыла, што «съезд с большим удовлетворением принял к сведению участие представителей белорусской молодежи». Што расейцы цешыліся, дык мяне гэта ня дзівіць, але чаму-ж ня было ніякай зацемкі пра гэты ўдзел у беларускай зарубежніцкай прэсе? Ці-ж яшчэ была нейкая рэштка сораму?
У 1919 годзе адсьвяткавалі 25 Сакавіка з маім рэфэратам i дэклямацыяй Раісы Жукоўскай у залі на падстрэшшы.
18-га сакавіка 1949 году атрымаў з Арбайтамту (Біржы працы) паведамленьне, што далейшая выплата мне дапамогі для безработных устрымліваецца, бо паводля думкі Арбайтсамту я ня ёсьць патрабуючым у разуменьні закону, бо маю бясплатнае ўтрыманьне й памешканьне ў лягеры ДП.
Ад гэтай пастановы Арбайтсамту я зараз-жа ўнёс адкліканьне ў якім выясьніў, што:
1) факт, што я жыву ў лягеры й маю там утрыманьне й памешканьне быў паданы мною ў 1948 годзе, калі я прасіў прызнаць мне дапамогу. Гэтая акалічнасьць была прынятая ўжо па увагу Арбайтсамтам, які дзеля гэтага выплачваў мне дапамогу заміж 27 марак, толькі 12 марак;
2) Арбайтсамт не падаў у сваім лісьце да мяне, што мае матэрыяльныя абставіны палепшыліся;
3) Стан патрэбы існуе й надалей, нягледзячы на бясплатнае ўтрыманьне й памешканьне. Паводля мяне, стан патрэбы існуе тады, калі не заспакоены патрэбы іншыя ад утрыманьня й памешканьня, як адзеньне, лазьня, цырульнік, газэты, дадатковыя прадукты i іншыя падобныя;
4) У сваім паведамленьні Абайтсамт падае, што я магу належаць i надалей да Касы хворых, але не ўказаў мне скуль я маю ўзяць сродкі на гэта. У гэтым пункце Арбайтсамт прызнаў, што існуюць патрэбы іншыя ад утрыманьня й памешканьня;
5) Паводля занальнай выканаўчай дырэктывы № 20, у адносінах да ДП абавязваюць такія самыя законы, як i для мясцовых (айнгаймішэ) жыхараў.
Разгляд маёй справы адбыўся ў Фленсбургу 25 травеня 1949 году й мая апэляцыя была адхіленая з матывам, што ў гэтай справе Арбайтсамт пастанавіў згодна з абежнікам галоўнага Арбайтсамту на Шлезі-Гольштайн.
Гэтая пастанова была мною аскарджаная ў галоўны Арбайтсамт у Шлезьвігу. У сваім адкліканьні я выясьніў, што на мой пагляд апэляцыйны аддзел у Фленсбургу, паводля закону ёсьць уладай незалежнай ад галоўнага Арбайтсамту й не створаны па тое, каб сьцьвярджаць ці вырашэньне Арбайтсамту ёсьць згоднае з абежнікам галоўнага Арбайтсамту, але па тое, каб сьцьвярджаць ці паступаньне Арбайтсамту згоднае з законам, памінаючы ўжо тую справу, што на мой пагляд самы абежнік ёсьць нязгодны з законам. Галоўны Арбайтсамт правільна інтэрпратуе закон у адносінах да нямецкіх уцекачоў, што знаходзяцца ў лягерох, але інакш інтэрпратуе закон у адносінах да ДП, а Занальная выканаўчая дырэктыва № 20 ня можа быць ухіленая абежнікам галоўнага Артайтсамту ў Шлезьвіку, да таго-ж гэты абежнік нязгодны з канстытуцыяй Нямеччыны. Дзеля вышэйсказанага я прасіў:
1) Зрабіць выясьненьне пытаньня патрэбы;
2) Выясьніць праблему абавязваньня абежнікаў галоўнага Арбайтсамту для апэляцыйнай інстанцыі Арбайтсамту;
3) Выясьніць ці абежнік згодны з Занальнай дырэктывай № 20 i з канстытуцыяй ды пасьля выясьненьня гэтых праблемаў, вырашэньне апэляцыйнага аддзелу Арбайтсамту ў Фленсбургу, у маёй справе скасаваць.
26-га кастрычніка 1949 году Другой апэляцыйнай камэрай, пастанова апэляцыйнага аддзелу ў Фленсбургу была скасаваная й справа пераданая на новы разгляд гэтага-ж самага аддзелу.
Справа была разгляданая ў лютым 1950 году i ізноў было адмоўлена, прычым у справе, няведама скуль узяўся заступнік камэнданта ДПАКС ангелец Claugh, які выясьніў зь якіх дабрадзействаў карыстаюцца ДП. Я ня быў атрымаўшы паведамленьня аб разглядзе справы й дзеля гэтага ізноў прасіў пастанову адхіліць дзеля фармальных прычынаў, але да свайго выезду зь Нямеччыны яшчэ адказу не атрымаў.
У маі ад 10 да 20 запрапанавалі мне ў лягеры паехаць на курс у той самы Нойштат дзе адбываўся юрыдычны курс, на курс змаганьня зь інсэктамі. Паколькі нічога не перашкаджала я выказаў сваю згоду. Курс аказаўся вельмі цікавым тым, што галоўны арганізатар i выкладоўца - паляк, амаль што сам нічога ў гэтай справе ня ведаў i ведаць ня мог, бо быў на гэта замала адукаваны. Прачытаў, відаць, маленькую кніжку, але ня быў у стане яе нават зразумець, што аднак не перашкаджала яму выкладаць.
У сувязі з нашай просьбай аб выдзяленьні беларускай групы ў лягеры, дырэктар ДПАКСу загадау нам правесьці сьпіс Беларусаў. Перапіс выказаў 48 Беларусаў. Выдзеліць аднак нас ня выдзялілі, бо як паведаміла вайсковая адміністрацыя ў Кілі, яны надалей выясьняюць справу.
1-га верасьня я атрымаў ліст ад др. Янкі Станкевіча з Амэрыкі, што для нашай сям'і ёсьць ужо ашуранс i прыслаў ягоную копію, адначасова паведамляючы, што ня трэба спонсару дзякаваць, бо той гэтага ня любіць.
Паводля закону аб іміграцыі ў ЗША, кажны прыяжджаючы павінен мець свайго апякуна, які забавязваўся перад уладамі запэўніць на пачатку памешканьне й працу. У большасьці выпадкаў такія запаўненьні насілі фікцыйны характар, абы задаволіць літару права.
Ужо будучы ў Амэрыцы прачытаў у газэце, што нейкі вышэйшы суд нейкага штату выясьніў, што забавязаньне спонсара мае толькі маральны характар i ня можа быць судова вымушанае.
Атрымаўшы ліст ад Я. Станкевіча, я зьвярнуўся да яго лістоўна з запытаньнем ці ня можа ён таксама выстарацца ашуранс для А. Шукелойця, на што др. Станкевіч адказаў, што гэта зробіцца.
Жонка Раіса працавала нейкі час, як настаўніца ў дзіцячым садку. Аднойчы ўсіх настаўніцаў паклікалі на канфэрэнцыюі да кіраўніка ДПАКСу прозьвішчам W. Н. Gili. Падчас гэтай канфэрэнцыі дырэктар ДПАКСу пачаў налягаць, каб адна з настаўніцаў, якая ад працы адмовілася, надалей працавала. Калі тая тлумачылася, што працаваць ня можа, бо мае малое дзіцё, якое ня мае на каго пакінуць, дык дырэктар Гілл сказаў, што яна можа сваё парамесячнае дзіцё прыносіць з сабой на працу i адначасова займацца зь дзецьмі дзіцячага садку ды даглядаць сваё дзіцё. Тут мая жонка ня вытрымала й сказала дырэктару, што ён хоча для парамесячнага дзіцяці стварыць жыцьцёвыя абставіны горшыя, чым мае ягоны сабака (сабака быў таксама прысутны на канфэрэнцыі). Няпрызвычаенага, відаць, да супярэчаньняў, на містэра Гілл гэтая заява падзеяла, як чырвоная плахта на быка. Каб сябе трохі супакоіць, ён загадаў неадкладна звольніць Раісу з працы, але немец-бугальтар з трудом яму выясьніў, што звольніць можна толькі пасьля папярэджаньня аб маючым наступіць звальненьні. Стала на тым, што жонцы выплацілі бяз працы за два тыдні, абы толькі ня было небясьпекі заражэньня дзяцей духам непашаны да ангельскай улады.
Хутка лягернікі даведаліся, што лягер Зээпроспэкт у Маервіку ліквідуецца й тут мае быць нейкая нямецкая фабрыка, a лягернікі будуць разьвезеныя па іншых лягерох. Тыя, хто маюць нейкія дакуманты на выезд у Амэрыку маюць быць вывезеныя ў Любэк. Запраўды хутка гэтак i сталася. Прышлося выяжджаць пакінуўшы ўсе запасы апалу, што набралася за лета, бо ў гэтым лягеры не пераставалі выдаваць апал i летам.
У вельмі халодны дзень позьняй восені прывезьлі нас у Любэк у ДП лягер Артылеры Казэрнэ. З нашай групы, што выехала разам з Ватэнштэту засталіся толькі Будзькі, Пануцэвічы й Даніловічы. Янка Сурвіла выехаў у Францыю, А. Крыт, i Лявон Хвалько выехалі ў Англію, Васілені выехалі ў Аўстралію.
Аўсеі таксама аказаліся ў Любэку, але ў іншым лягеры. Зьмясьцілі нас не ў мураваных кашарах, a ў дадатковых бараках, пабудаваных у пэўнай адлегласьці ад галоўных будынкаў. Баракі гэтыя былі мураваныя, пабудаваныя падчас вайны для ваеннапалонных. Барак у які нас зьмясьцілі быў самы апошні ў радзе баракаў i далей было толькі поле. Гаварылі, што ў гэтых бараках сядзеў палонны сын Сталіна. Кашары знаходзіліся на канцы гораду, на бакавой вуліцы ад Швартаўэштрассэ, што вяла ў Бад Швартаў, куды было трамвайнае палучэньне, як i з цэнтрам Любэку. Бакавая вуліца, што вяла ў кашары праходзіла праз мост праз аўтастраду. Пакой, што прызначылі нам, меў уваход праз іншы пакой між пакоямі дзвярэй ня было, толькі з таго другога былі дзьверы на калідор. Я пайшоў у ДПАКС, каб атрымаць дзьверы, ці новы пакой. У ДПАКСе сказалі, што павешаны коц вельмі добра замяняе дзьверы. Падзякаваў за параду й разьбіў ложка, што стаяла ў суседнім пакоі й зрабіў дзьверы. Печка ў пакоі ўжо была, так што жыць было магчыма.
У Любэку большасьць цэнтру гораду была разьбітая, але прадмесьці захаваліся добра, a ў цэнтры паасобныя старыя будынкі. Між іншым захаваліся старыя гаўзэйскія будынкі над ракой Травай i старая гарадзкая брама - Гольштэйн тор між двума масыўнымі вежамі.
Паза гаспадарчымі справамі займаўся ў Любэку перакладам Бібліі. Так надыйшоў i 1950 год - год выезду ў невядомае
Як уступ да выезду, ужо ў пачатку студзеня быў выкліканы да дырэктара ДПАКСу, дзе той выспавядаў мяне: калі, дзе, як i чаму? На заканчэньне запытаўся ці я маю намер выехаць у Амэрыку на стала. Я адказаў, што вярнуся да хаты пры першай нагодзе. Дырэктар даў мне добрую раду не гаварыць гэтага ніколі амэрыканцам, пры іхных допытах, а наадварот казаць, што заўсёды толькі й марыў, каб трапіць у Амэрыку.
У лютым выяжджаў у Розэнгайм на нейкі зьезд. У начы 20 лютага 1950 году была чырвоная Паўночная зара, што палыхала цэлую ноч.
14-га сакавіка 1950 году атрымаў афіцыйныя запросіны, каб дня 21-га сакавіка зьявіўся ў амэрыканскую сьледчую камісію ў Гамбургу, а фактычна недалёка Гамбургу ў лягер Вэнторф, каля Бэргэндорфу, якая нешта хоча рассьледаваць адносна мяне. Павязьлі цэлую групу з нашага лягеру ў Любэку грузавіком, у большасьці былі там латышы. У вызначаным часе зьявіліся ў вызначаны пакой, запісаліся там у немкі-сакратаркі, а тая накіравала нас у пачакальню. Там сядзелі да паўдня, тады зьявілася сакратарка й зварочваючыся да нас «Гэррн офіцырэ» (сп. афіцэры) звольніла ўсіх на абед i папрасіла ўсіх прыйсьці на другую гадзіну. Ад другой гадзіны сядзелі да пятай, а тады нас звольнілі да восьмай гадзіны наступнага дня. Назаўтра праграма паўтарылася бязь ніякіх зьменаў, «спадары афіцэры» адсядзелі ізнойцэлы дзень у пачакальні й нікога не выклікалі. Нарэшце на трэйці дзень пачалі выклікаць. Пасьля паўдня выклікалі мяне да сьледчага прозьвішчам Гальпэрн у блёк 21, пакой 79. Сьледчы Гальпэрн гаварыў панямецку. Пачаўся допыт вельмі здалёку, амаль ад прабабак, але ўжо хутка я зарыентаваўся, што яго найбольш цікавіць колькі часу я быў у якім войску i ў якой ранзе. Пытаньні на гэтую тэму паўтараліся ў розных камбінацыях, i калі я асьветчыў, што я ніколі ў ніякім войску ня быў, дык сьледчы сказаў мне, што ў яго ёсьць весткі, што я афіцэр CC. Я запрапанаваў, каб ён гэтыя весткі даў на стол, а тады апіраючыся на канкрэтным матэрыяле будзе лягчэй гаварыць. Гэтага Гальпэрн не зрабіў, але перастаў на сваё цьверджаньне націскаць i так пагаварыўшы яшчэ з 10 мінутаў, мяне звольніў. Выходзячы я папытаўся, як ён думае, калі мяне ўжо пусьцяць у тую Амэрыку й Гальпэрн адказаў, што ён думае, што за пару тыдняў.
Пануцэвічы выехалі ў пераходны лягер Вэнторф 5-га красавіка 1950 году, a 6-га красавіка мы атрымалі паведамленьне аб нашым выезьдзе у той самы пераходны лягер.
13-га красавіка 1950 году выехалі ў пераходны лягер у Вэнторф, каля Бэргэдорфу пад Гамбургам. Прызначылі мяне вялікім начальнікам - камандантам транспарту зь Любэку ў Вэнторф. Прыехалі цягніком у Вэнторф пад вечар, пакуль стэлефанаваўся зь лягерам, пакуль адтуль прыслалі транстарт па рэчы й людзей, дык у лягер трапілі ўжо зацямна. Пагода - дождж паў-на-поў са сьнегам. Атрымалі мейсца ў пакоі, дзе ўжо было чэцьвера латышоў. Холад у пакоі сабачы. Два тыдні занялі розныя камісіі, усюды з чаканьнем: лекарскія, кансулярныя ды яшчэ нейкія. Раісу ўзялі на паўторны рэнгенаўскі здымак, тады тры разы бралі кроў, глядзелі, як хутка асядаюць чырвоныя цельцы крыві, але нарэшце сказалі, што ўсё ўпарадку. Са знаёмых у лягеры ў гэты час былі Раіса i Аркадзь Еўцы. Ад 3-га да 7-га травеня былі ў Гэрфордзе, куды езьдзілі разьвітацца з маёй сястрою i яе мужам Вольгангам Франкэ.
Хутка пасьля выезду ў Гэрфорд, нас перавезьлі ў пераходны лягер, каля Брэмэну. Пражылі там больш тыдня праводзячы час у шуканьні сваіх прозьвішчаў на вывешаных сьпісках людзей прызначаных на паасобныя караблі. Нарэшце знайшлі й свае прозьвішчы, мы былі вызначаныя на карабель General Black.
Праз некалькі дзён павезьлі нас у Брэмэнгафэн. Цягнік пад'ехаў амаль да самага карабля, там пастаяўшы з гадзіну ў чарзе трапілі на борт гэтага ваеннага транспорту. Мужчыны і жанчыны асобна. Паказалі дзе знаходзіцца прызначанае памешканьне, a ложкі выбіралі самі. Ложкі ў два паверхі. Памешканьне вялікае, ад барту да барту- ніжэй паверхні вады. Пры кажным ложку ратаўнічая камізэлька набітая капокам. Ручны багаж у гэтым самым памешканьні. Пасьля паўдня паплылі ўніз Вэзэру ў напрамку мора. Хварэць на марскую хваробу некаторыя пачалі амаль тады, калі карабель яшчэ быў у порце, a калі выйшлі ў мора, дык хворых было ўжо з палову жанчынаў, хоць ніякага хістаньня не адчувалася.
Праспалі першую ноч на караблі. Было няблага, бо мой ложак быў на другім паверсе й недалёка ад мяне быў выхад трубы, праз якую пампавалася сьвежае паветра. Са знаёмых на гэтым караблі былі: Сянькевічы, Палягошка, П. Кулеш, А. Плескачэўскі й Сапанкевіч. Усіх працаздольных прыдзялілі да розных рабочых брыгадаў. Я зрабіўся на час падарожжа маляром, маляваў карабель звонку. Працаваў на самым карне, маляваў апошнюю надбудоўку. Перад маляваньнем трэба было спэцыяльным малатком адбіць фарбу зъ мейсцаў, дзе былі іржавыя падцёкі, замаляваць ix, a назаўтра ўсё разам замаляваць. Начальнік нашай брыгады - амэрыканскі немец, да працы не прыганяў, адно прыгаварваў: ужывай больш фарбы, у Амэрыцы многа фарбы. Аднаму майму калегу-маляру сказаў, каб той не прабаваў у Амэрыцы займацца малярствам, бо не заробіць на хлеб. А дванаццатай гадзіне быў абед, на які наш кіраўнік праводзіў малярскую брыгаду, праз сярэдзіну карабля абмінаючы кантролю харчавых карткаў, так што зьеўшы адзін абед, станавіліся ў чаргу й зьядалі другі абед. На другі дзень, пасьля паўдня мінулі Дувр, дзе высеў пілёт, які пілётаваў карабель з Брэмэнгафэну. Характэрныя для Дувру белыя крэйдавыя абрывы берагу. Далей плылі ўздоўж ангельскага ўзьбярэжжа, так што ўсю ноч былі відаць сьветы розных маякоў на ангельскім беразе.
Праспаўшы добра ноч, раніцою пайшоў на сьнеданьне, узяў паднос зь ежай, але ледзь данёс да стала, бо зрабілася так блага, што ледзь пасьпеў выскачыць на верх i дабегчы да борту. У рот раніцою нічога ня браў, бо ўвесь апэтыт згінуў. Агульна чуўся на працы няблага, адно прыблізна раз на гадзіну атака марской хваробы, спачатку рэшткамі ежы, а тады чыстай, празрыстай жоўцю. Аб абедзе ня мог i падумаць, але пад вечар ізноў зьявіўся апэтыт i больш марская хвароба не дакучала. Хварэў я гледзячы на Англію, a хістаньне карабля было вельмі ўмеркаванае, а потым, калі наляцела сярэдняя па размеры бура, i запраўды падлога пад нагамі ўцякала, дык чуўся вельмі добра, як i цэлае падарожжа. Нягледзячы, як карабель падчас ветру ківаецца, пабачыў, што маем тут дачыненьне не з аднакірунковым хістаньнем, а з камбінацыяй многіх рухаў: карабель ківаецца ўздоўж падоўжнай восі, уздоўж папярэчнай, адначасова падымаецца ўверх i апускаецца ўніз ды праўдападобна ківаецца яшчэ ў некалькіх напрамках. Адзін дзень была навальніца, іншы дзень вялікая імгла, так што карабель чуць сунуўся. Наагулжа падарожжа бяз прыгодаў.
31-га травеня 1950 году наблізіліся да берагоў Амэрыкі. Яшчэ ня было відаць зямлі, a ўжо пад'ехала цэлая камісія іміграцыйных уладаў, якія адразу пачалі яшчэ раз правяраць усе дакуманты й пасьветчаньні аб стане здароўя. Пасьля паўдня паказаліся i амэрыканскія берагі - Лёнг Айлянд - выгляд з мора даволі непрыветлівы й пусты, Пазьней пачалі зьяўляцца больш абжытыя мейсцы й нарэшце грамада Нью-Ёрскіх дамоў зь пераду й дамы зьлева - Нью Джэрсі. Мінулі статую Свабоды й хутка ўплылі ў раку Гудзон. Праплылі трохі па рацэ супраць плыні й нарэшце карабель прычаліў да памосту.
НЬЮ ЁРК, ШТАТ НЬЮ ЁРК
Еггаге mailem!
(Лепш-бы мне памыліцца) [14]
Паколькі, калі мы прыбылі да берагу было ўжо недзе каля пятай гадзіны папаўдні, дык ня было каму нас прыймаць i сказалі, што будуць высаджваць заўтра раніцою. Вечарам навакол запаліліся агні рэклямаў, паглядзелі зьблізка на горад i пайшлі спаць, бо сьнеданьне на заўтра было вызначана на 6-ую гадзіну раніцы. Каля гадзіны 8-ай пачалі выпускаць у вялізарную галю i адначасова выладоўваць нашыя багажы ды ўкладаць ix у групы, паводля альфабэту. Кажны лавінен быў знайсьці свае рэчы, паклікаць докёраў, паказаць ім рэчы, якія тады былі звожаныя ў асобныя групкі, кажнага ўласьніка асобна. Калі ўсе рэчы былі знойдзены й зьвезены, дык трэба было знайсьці вольнага мытніка, які казаў адчыніць усе скрынкі, куфры, валізкі й тады, пераважна, не заглядаючы ў рэчы налепліваў цэтлікі аб тым, што яны ўжо агледжаныя. Пасьля мытнага агляду, докеры перавозілі рэчы за перагародку - бліжэй да выхаду. На гэтым афіцыйныя клопаты аб прыбылых канчаліся. Кажны мог ехаць куды хоча. Пры гэтым трэба ўспомніць, што дакумантаў нам ніякіх ня выдавала сказалі, што будуць нам высланыя праз пару месяцаў. У сувязі з гэтым, сярод некаторых, што ведалц што чалавек складаецца з душы, цела й пашпарту наглядалася некаторае занепакаеньне.
Нас спаткаў на прыстані др. Янка Станкевіч, наш праўдзівы спонсар. Багаж пайшоў пад апеку перавознага прадпрыемства, якое абяцала рэчы прывезьці за пару дзён. Мы-ж самыя, пад апекай др. Станкевіча, у таксі паехалі на сваё памешканьне № 325 Усход, на Сотай (100) вуліцы, у частцы гораду - Гарлем. Памешканьне ў пяціпаверхавым доме: пакой, кухня й ванна з прыбіральняй. Пакой з вакном на Сотую вуліцу, кухня з вакном у аддушыну паміж будынкамі й ванна зь відам на пусты пляц, пасьля разбуранага дому й на суседнюю 101ую вуліцу. Сходы ў доме вузкія й брудныя, бруднае й памешканьне. Такое самае памешканьне на гэтым самым 3-цім паверсе займаў др. Я. Станкевіч. У іншых памешканьнях гэтага самага дому таксама жыло некалькі новапрыбылых. Мы жылі там усяго два тыдні i ў гэтым часе ў гэтым доме жылі Стагановічы, Шчагловы, Барбара Вержбаловіч i іншыя. Сама Сотая вуліца рабіла жахлівае ўражаньне. Брудная, поўна ўсялякага сьмецьця, вельмі многа дзяцей. Белых твараў амаль ня відаць, адно чорныя й партарыканцы ўсялякіх колераў - ад самых чорных да зусім белых. Партарыканцы гэта гішпанамоўная мяшанка з вострава Порторыко. Запрасіў нас др. Я. Станкевіч на наш першы абед у Амэрыцы. У часе абеду, а магчыма пад уплывам абеду, жонка папытала др. Станкевіча ці тут наагул можна жыць, на што др. Станкевіч адказаў, што тут можна добра жыць за адзін даляр на дзень на асобу. Сумліваў праўда не разьвеяў.
Хутка пасьля абеду зрабіў першую краязнаўчую экспэдыцыю. Дайшоў да канца квартала да Другой Авэню, павярнуў на права, прайшоў некалькі кварталаў. Другая авэню ў гэтым мейсцы мае гандлёвы характар. Партэры дамоў занятыя магазінамі й выстаўленымі таварамі занятыя паўходніка. Горы бананаў, сардынак (5 цэнтаў), тандэтнага адзеньня i ўсялякіх рэчаў хатняй гаспадаркі. Гаспадары крамаў пераважна жыды. Агульнае ўражаньне такое, як-бы бачыш фільм зь нейкай эгзатычнай краіны - Гон-Конг, Сінгапур? У кажным выпадку зрабіла на мяне ўражаньне нейкай нерэальнасьці. У пралётах вуліцаў на права відаць нейкі вялізны мост. Пазычылі ад др. Станкевіча пару дзесяткаў даляраў i пачалі новае жыцьцё з даўгу.
Выпусьцілі нас з карабля ў чацьвер першага чэрвеня 1950 году. Вечарам прыехала да нас Анна Русак i сказала, што можна прабаваць уладзіцца на фабрыку, што кансэрвуе агуркі й таму, што было цяжка выясьніць даезд, дык яна ўзяла мяне з сабою на начлег. Русакі былі ўжо абжыўшыся i ў параўнаньні з Сотай вуліцай жылі добра на Нью-Джэрсі авэню ў Брукліне.
Раніцою паказалі мне тую агурковую фабрыку, але мяне не прынялі. Гутарка вялася папольску, бо гаспадаром быў жыд з Варшавы. Паехаў да хаты на Сотую вуліцу, а адтуль у нямецкае пасярэдніцтва працы на 74-ай вуліцы. Там у мяне папыталі «Сошэл Сэкюрыты Кард» (довад зарэгістраваньня на сацыяльнае забясьпячэньне), якой у мяне яшчэ ня было й сказалі прыйсьці ў панядзелак ужо з карткаю. Пайшоў даставаць тую карту й дастаў яе хутка й бяз клоцату. З ураду «Сошэл Сэкюрыты», што мясьцілася на Пятай авэню вярнуўся пехатою - паглядзеў, як выглядае той лепшы Нью-Ёрк. Наагул у Нью-Ёрку, фактычна ў ягонай частцы - Мангатане арыентавацца аказалася вельмі лёгка. Уздоўж востраву Мангатану з паўдня на поўнач ідуць Авэню нумэраваныя ад Першай да Дзесятай, пачынаючы ад Іст Рівэр i нумары Авэню павялічваюцца ў кірунку ракі Гудзон. Авэню пад простым кутом перасякаюцца вуліцамі (стрытс), якія таксама нумэраваныя. Цэнтральная вось гэтай сыстэмы ёсьць Пятая авэню. Нумары дамоў на стрытах лічацца ад Пятай авэню. На ўсход у напрамку Іст Рывэр да нумару дому дадаецца літара, або цэлае слова «Іст», у напрамку на захад да Гудзону нумары з дадаткам слова «Вэст». Такім чынам з двух бакоў Пятага авэню будуць дамы з аднаго боку № 1 Іст, а з другога боку № 1 Вэст. Будынкі на Авэню нумэраваныя ад паўдня на поўнач.
На гэтым апошні працоўны дзень тыдня - пятніца скончыўся. Назаўтра, у суботу зайшоў да нас М. Абрамчык, які быў у гэтым часе ў Нью-Ёрку й запрапанаваў адведаць Станіслава Грынкевіча, які прыехаў каля году таму й жыў з другога боку Гудзону, здаецца ў Гобокэн. Так i зрабілі. Др. С. Грынкевіч працаваў у шпіталі, як лекар-практыкант, зарабляў мала, дык ягоная жонка Каця працавала ў гэтым-жа шпіталі як прыбіральшчыца. Грынкевічы ветліва нас прынялі, пачаставалі добрым абедам. Каця многа расказвала пра ўражаньні аб спатканьні са сваякамі мужа - старымі эмігрантамі, казала, што няма нават аб чым гутарыць, бо Стасеў сваяк, які цэлае жыцьцё працаваў на чыгунцы, усе гутаркі зводзіў на тое, што пускаць у цягнік нейкую пару, гэта вельмі складаная справа й на гэта трэба вялікага розуму. Да таго-ж, як трэба было спадзявацца, сваякі лічылі сябе палякамі... Грынкевічы гвалтам далі мне 10 даляраў.
Вярнуўся на Сотую вуліцу. Тут увечары адбыўся рэфэрат др. Я. Станкевіча. На рэфэраце я пазнаёміўся зь нейкім палякам, які прыйшоў на рэфэрат. Разгаварыліся... i той даведаўшыся, што я шукаю працы даў мне ліст да др. Я. Шаля ў польскім бюро пасярэдніцтва працы. У панядзелак паехаў у тое пасярэдніцтве на 8-ай вуліцы (Сэйт Марк Плэйс). Там др. Шаль даў мне ліст на фабрыку ў Бронксе, гаворачы, каб я паехаў туды заўтра. Заўтра (аўторак) паехаў на тую фабрыку. Язды якіх мінутаў 40, а тады некалькі кварталаў пехатою. Знайшоў фабрыку Delicia Chacolat and Candy Mfc., 50 Antin Place. Там узялі ліст, недзе панесьлі, тады накіравалі на лекарскі агляд да недалёкага лекара й сказалі, каб заўтра да ix затэлефанаваў. Заўтра (серада) затэлефанаваў раніцай i мне сказалі, што магу пачынаць працу а 1-ай гадзіне папаўдні. Прыехаў на фабрыку, там выдалі мне рабочую вопратку, далі ключ да шафкі з адзеньнем i павялі на вышэйшы паверх на працу. Заробак вызначылі 80 цэнтаў на гадзіну, на 5 цэнтаў вышэй мінімальнага заробку. Фабрыка фактычна не рабіла шакаляду, a вафлі з рознай пракладкай, у тым ліку й з шакаляднай. Праца ў аддзеле, куды мяне прызначылі была зарганізаваная наступна: у вялікай залі былі тры канвэярныя лініі. У пачатку кажнай лініі стаяў размазальнік, які аўтаматычна намазваў перакладкавай масай падсованыя вафлі, вялічыны брытвана. Намазаныя з аднаго боку вафлі праходзілі на канвэеры перад рабочым, які накладаў на тую вафлю другую ненамазаную вафлю, а тады пакрываў вафляй намазанай, пракладкай у сярэдзіну. Такім чынам атрымліваліся зложаныя разам тры вафлі з двума прамазкамі. Цэлы гэты пакет наступны рабочы падаваў на круглыя пілы, якія разразалі пакет на некалькі падоўжаных частак. Наступны рабочы падаваў гэта на наступныя пілы, дзе разразаўся пакет упоперак, на кавалачкі шырыні якіх 2 цм. Зь пілаў цэлы пакет прыймаўся на бляшаны брытван, які рабочы падаваў мне. Маім заняткам было змахнуць зьверху шчоткай апілкі й паставіць на стаячую каля мяне плятформу. Пяць брытваноў у слой, пакуль на плятформе не аказвалася брытваноў на роўні галавы. Тады плятформу іншы рабочы адвозіў i падаваў іншую. Праца ішла вельмі хутка, чуць можна было пасьпець, але нягледзячы на гэта час ішоў вельмі павольна.
Адно было добра, што пасьля галаднаватага жыцьця ў Нямеччыне ад'ядаўся на вафлях. Большасьць работнікаў на фабрыцы была партарыканская, але было трохі й нядаўнапрыехаўшых: палякаў, украінцаў i жыдоў. Пры маім канвэеры працавалі: італьянец, паляк, жыд i я.
Працавалі ўсе вельмі старанна, бо фабрыка, калі прадукцыя перавышала нейкую норму, выплачвала дадаткова некалькі даляраў. Найбольш было магчыма атрымаць дадатку 4 даляры, але пераважна атрымлівалі дадаткова паўтара або два даляры ў тыдзень.
Гаспадарамі фабрыкі былі два браты Шэнкеры - кракаўскія жыды, якія мелі там нейкую падобную фабрыку. Адзін паказваўся рэдка, a другі тытулаваны судзьдзя Оскар Шэнкер фактычна кіраваў фабрыкай.
Др. Я. Станкевіч увесь час прыпамінаў, што памешканьне, дзе мы жылі было нам дана толькі на тымчасовы ўжытак, бо яно патрэбнае для прыйманьня іншых новапрыехаўшых, i мы павінны шукаць сабе іншае памешканьне. З кватэрамі ў той час было вельмі цяжка, бо вельмі многа прыяжджала ўцекачоў з лягероў ДП у Нямеччыне.
А. Стагановіч аднойчы зьвярнуў маю ўвагу на абвестку ў расейскай газэце «Новое Русское Слово», што здаецца кватэра на 119 вуліцы. Пайшлі са Стагановічам паглядзець. Знайшлі дом № 79 Іст на 119-ай вуліцы, аказаўся рог Парк авэню, па якой на слупах праходзіла чыгуначная лінія. Знайшлі на партэры гаспадыню дому - аказалася старая эмігрантка з-пад Менску прозьвішчам Сёмкіна. Дала нам ключы для агляду памешканьня на чацьвертым паверсе, сама ж з намі не падымалася, бо ёй было зацяжка з увагі на вагу. Агледзелі памешканьне. Калідорная сыстэма: зьлева - ванна з дадаткамі, далей кухня й пакой. Проста найвялікшы пакой. З правага боку тры пакоі, адзін зь ix амаль цёмны з вакном у студню між дамамі. Памешканьне ўмэбляванае - у кажным пакоі ложак, столік i крэсла. У кухні стол i пяць крэслаў. Цана 100 даляраў у месяц, з тым, што можна здаваць пакоі ад сябе. Парадзіліся са Стагановічам i пастанавілі і браць супольна. Калі мы згадзіліся памешканьне наняць, дык аказалася, што трэба падпісаць кантракт на адзін год, a ў кантрактце было сказана,, што забавязваемся заплаціць 1200 даляраў з тым, што заплата раскладаецца на дванаццаць месячных уплатаў. Ня маючы іншага выхаду згадзіліся й на гэта. Калі дайшло да падпісаньня кантракту, дык Сёмкіна асьветчыла, што хоча, каб падпісаў толькі адзін з нас, бо яна хоча мець справу толькi з аднэй адказнай асобай. Парадзіліся са Стагановічам i той пагадзіўся, каб падпісаў я, бо больш з таго кантракту разумею паангельску, ён-жа, ясна, лічыць сябе ў роўнай меры адказным за выкананьне кантракту. Гаварыў, як мне здалося шчыра i я згадзіўся падпісаць кантракт i падпісаў яго. Праўна кантракт абавязваў толькі мяне. Было гэта 12 чэрвеня 1950 году. Грошы для заплаты за першы месяц я ізноў пазычыў у др. Я. Станкевіча. За працу першы раз атрымаў толькі 24 чэрвеня - 15 даляраў, за паўсерады, чацьвер i пятніцу. У чацьвер 15 чэрвеня перанесьліся на новую кватэру. Найвялікшы пакой быў заняты падгасподніцай, якая там ужо жыла, два пакоі - адзін зьлева, i адзін справа занялі Стагановічы: А. Стагановіч, ягоная жонка, сын Лёва й дачка Тамара. Мы занялі два пакоі справа: цёмны для мяне й сьветлы для жонкі й дачкі. Перанесьліся на новае памешканьне вечарам. Раніцою жонка i я паехалі на працу (жонка дастала працу на агурковай фабрыцы, куды мяне не прынялі), Ганна засталася, за аплату, пад апекай Стагановічыхі.
Пасьля працы жонка доўга не варочалася - аказалася, што не ўзяла з сабою адрасу, ведала толькі нумар вуліцы й на гэтай вуліцы заходзіла ў дом, узыходзіла на чацьверты паверх, глядзела што дзьверы не такія i ішла ў наступны дом. Праз паўтары гадзіны знайшла й сваё памешканьне.
Наступная заработная плата была ўжо за цэлы ты дзень з дадатковымі гадзінамі - 38 даляраў, а тады пайшло: 33, 28, 38, 32, 26, 30 даляраў. Жыцьцё пачало наладжывацца, хоць i на вельмі скромным роўні. У жніўні Стагановіч раптоўна асьветчыў, што яны выяжджаюць зь Нью-Ёрку з увагі на нэрвовае недамаганьне жонкі. Пра свае забавязаньні, вынікаючыя з падпісанага мною кантракту, не ўспамянуў i выехаў зь сям'ёю ў горад Когоэс над Гудзонам. Выехала таксама тая падгасподніца, што жыла ў найвялікшым пакоі й такім чынам, праз сяброўскую дапамогу Стагановіча мы апынуліся ўтраіх у памешканьні зь пяці пакояў i кухні ды з кантрактам забавязваючым плаціць кажны месяц 100 даляраў, пры заробках ніжэй 40 даляраў у тыдзень. Прыйшлося зрабіцца бізнэсмэнам i вынаймаць пакоі, падаючы аб гэтым абвесткі ў газэце. Падгасподнікаў зьмянілася многа. Жыў сьпявак М. Фокін, каўказец Шаміль, Мальцэвы i яшчэ тры асобы, прозьвішчы якіх забыўся.
10-га жніўня 1950 году прыехалі зь Нямеччыны Антон Адамовіч i Антон Шукелойць ды пасяліліся ў нас. Плацілі па 10 даляраў у тыдзень. 30-га верасьня прыехалі зь Нямеччыны Кендышы, a 24-га лістапада Тумашы, - усе затрымліваліся ў нас. У цэлым доме, дзе мы жылі, апрача нашага памешканьня, гаспадыні ды яе дворніка - усе іншыя жыхары былі чорныя, як i наагул уся ваколіца Гарлем. Людзі ўсё паўдзенныя, прывыклыя да жыцьця пад адкрытым небам, так што летам на вуліцы не заціхала да позьняй ночы, а лета было вельмі гарачае.
Амаль кажную нядзелю езьдзілі на найбліжэйшую да нас по пляжу - Орчард Біч у Бронксе. Гэтая найбліжэйшая была аднак дастаткова далека, бо даезд займаў з гадзіну часу падземкай, а тады яшчэ аўтобусам.
У жніўні на фабрыцы быў зроблены перапынак - вакацыі на два тыдні, а тым хто яшчэ ня меў права на вакацыі запрапанавалі працаваць у фабрыцы пры рамоньце, маляваньні й г. д. Я ізноў быў трапіў у маляры. Хутка пасьля вакацыяў мяне перавялі ў брыгаду чысьцільшчыкаў. Працаваць стала лягчэй, бо праца ўжо ня была зьвязаная зь іншымі, а трэба было толькі выканаць пэўныя азначаныя працы. Далі падвышку платы - 10 цэнтаў, так што зарабляў на гадзіну 90 цэнтаў. Аднак я зьвярнуўся да ўладаў фабрыкі i асьветчыў, што я на гэтым пераводзе на новую працу стратны, нягледзячы на падвышку, бо ня маю магчымасьці атрымліваць дадатку за прадукцыйнасьць. У выніку маёй інтэрвэнцыі мне далі яшчэ 10 цэнтаў - разам 1 даляр на гадзіну. Заробкі ў кастрычніку былі: 45, 41, 48 i 34 даляры. Хутка мне зьмянілі гадзіны працы - ад паловы трэйцяй да адзінаццатай вечара. Жыць стала яшчэ лепш, бо ніякай улады пасьля пятай гадзіны на фабрыцы ня было, a калі хто ўваходзіў, дык на цэлай фабрыцы аўтаматычна ўключаліся званкі й званілі пакуль не зачыняліся дзьверы.
Паўбоскам у брыгадзе чысьцільшчыкаў быў малады паляк Зьдзіслаў Мілобэндзкі, а ягоны бацька радыёвы інжынер працаваў начным сторажам, які з кантрольным гадзіньнікам мусіў абыходзіць кажную гадзіну фабрыку. Мілобэндзкі цьвердзіў, што маршал Ракасоўскі ягоны сваяк.
На 119 вуліцы ізноў зарганізаваўся калгас, куды апрача нас увайшлі Адамовіч i Шукелойць.
Пасьля выезду Стагановічаў, Раіса пакінула працу на агурковай фабрыцы, бо ня было зь кім пакідаць Ганну й пачала працаваць толькі па суботах, а я ў суботы гатаваў абед, пераважна макароны з соўсам i зупу. Жыць летам было цяжка дзеля гарачыні, бо лета было вельмі гарачае. Было найлепш у гэты час на фабрыцы, дзе было штучнае ахаладжэньне, але на вуліцах i ў хаце, асабліва вечарамі было вельмі цяжка. Адамовіч аднойчы, падчас сну прыліп да сьцяны памаляванай таннай фарбай i пакінуў на сьцяне памятку - прыліпшыя валокны ягонай сіняй піжамы.
Часта адбываліся паседжаньні Рады Беларускае Нар. Рэс. i БАЗА (Беларуска-Амэрыканскае Аб'еднаньне ў Амэрыцы), у нанятым памешканьні - краме ў канцы Брукліну, куды трэба было ехаць падземкай да станцыі Нью Лёте i тады некалькі кварталаў пехатою. На паседжаньнях Рады амаль кажны раэ выплывала дзяржаўная праблема ўзьніманая Міколам Гарошкам, Я. Нехаёнкам, Н. Арсеньневай i М. Тулейкам - хто выстаўляў запэўненьні працы й памешканьня для новапрыбылых - др. Янка Станкевіч ці БАЗА. Справа гэтая так i засталася афіцыйна нявыясьненай. Прапановы пакліканьня спэцыяльнай камісіі, якая-б занялася гэтай справай не спатыкаліся з прыхільным прыняцьцем дыскутантаў - ім хацелася гаварыць, абвінавачваць, але не вырашаць справу. Я асабіста, я таксама Даніловіч i Пануцэвіч атрымлівалі ў гэтай справе лісты выключна ад др. Я. Станкевіча. Наагул у адносінах да др. Я. Станкевіча наглядалася яўная няўдзячнасьць з боку некаторых, што прыехалі ў Амэрыку ягонымі стараньнямі. Мелі прэтэзіі да др. Станкевіча за тое, што лічыў за памешканьні па некалькі даляраў больш, чым сам за ix плаціў. Людзі, калі хадзіла пра пару даляраў, не хацелі зразумець, што яны плацяць таксама й за той час, калі памешканьні стаяді пустыя, чакаючы на ix. Асабліва чуліся пакрыўджаныя Кушалі, Старасельскі i іншыя.
Адбыўся першы шлюб - сына Ф. Кушаля й Натальлі Кушаль-Арсеньневай - Уладыслава з дачкою Міколы Шчаглова-Куліковіча i ягонай жонкі Чэмерысавай. Шлюб адбыўся у расейскай царкве, а прыняцьце адбылося ў памешканьні БАЗА. Антон Шукелойць i я на шлюб не пайшлі, але А. Адамовіч пайшоў. Тады ў мяне зьявіўся першы пробліск зразуменьня Адамовіча, які заўсёды патрапіў знайсьці гладкае абаснаваньне свайго паступаньня [15].
Даволі хутка пасьля прыезду, А. Адамовічу ўдалося выпісаць зь Нямеччыны сваіх бацькоў. Цяжкасьць была тая, што ўлады вымагалі, каб быў унесены заклад, здаецца ў суме 2000 даляраў для запэўненьня таго, што хоць бацькі й непрацаздольныя, ня зробяцца цяжарам для дзяржавы. Такіх грошаў Адамовіч ня меў, але яму ўдалося знайсьці нейкую арганізацыю, якая ўнесла за яго гэтыя грошы.
А. Адамовіч меў цяжкасьці з атрыманьнем працы, б о занадта не рабіў уражаньня работніка. Неяк у «Таймсе» я прачытаў, што ў кіно, недалёка ад нас патрабуецца прыдзьверны. Пайшоў туды Адамовіч. Калі яго запыталі ці мае ён дасьветчаньне ў такой працы, дык Адамовіч адказаў, што працаваў на такім становішчы чатыры гады ў Нямеччыне. Яму адказалі, што яны шукаюць чалавека з амэрыканскім дасьветчаньнем i на працу ня прынялі.
Аднойчы, калі Раіса амаль падыходзіла па сходах да дзьвярэй нашага памешканьня, да яе падскочыў нейкі чорны, выхапіў у яе з рук торбу i ўцёк. Гаспадыня сказала, што ня варта нават i фатыгавацца ісьці ў паліцыю, бо тая нават i шукаць ня будзе. Такія выпадкі ў той час былі даволі рэдкімі нават у Нью Ёрку, бо нават у начы можна было спакойна хадзіць.
А. Шукелойць атрымаў працу на нейкай мэталёвай фабрыцы, пры машыне, што выціскала шрубавую нарэзку на нейкіх трубах. Працай таксама ня быў захоплены.
Хутка пасьля прыезду мяне ўгаварылі прыняць рэдактарства газэты, што пачала выдавацца пад назовам «Беларус». У рэдакцыйную калегію ўваходзілі Міхась Рагуля й Петра Манькоўскі. Цяжкасьці былі з атрыманьнем дастатковай колькасьці матэрыялу, але супрацоўніцтва між сябрамі рэдакцыйнай калегіі было гарманійнае.
Былі цяжкасьці з друкам, бо газэта друкавалася ў Канадзе, пад наглядам К. Акулы, які даставаў за працу пару дзесяткаў даляраў. Супрацоўніцтва з Акулам гарманійным назваць было нельга. Я яго ніколі ня бачыў, але на падставе ліставаньня атрымаў аб ім уражаньне, як аб чалавеку блага выхаваным i араганцкім.
З друкам пайшло лягчэй, калі заміж Акулы, я перадаў друк газэты С. Хмары. З Хмараю ніякіх клопатаў ня было.
Трохі шуму сярод нашых выклікаў мой артыкул пад загалоўкам «Небясьпека з-за балота», дзе заклікалася да перагляду нашых адносінаў з Украінцамі, якія афіцыйна лічацца прыяцелямі, a ў запраўднасьці дзеюць на нашу шкоду.
Неяк у тым часе, калі пачала выходзіць газэта, аднойчы ў гутарцы са мною Я. Нехаёнак пачаў расплывацца, які гэта ахвярны грамадзкі працаўнік Ф. Кушаль, які заўсёды, калі яму была патрэбная машынка да пісаньня, дык хадзіў амаль 10 блёкаў пазычаць яе, а тады позна вечарам яе адносіў. Я выказаўся адносна гэтай ахвярнаеьці трохі няцэнзурна, пра здыманьне плеўкі й сказаў, што калі мне для выдаваньня газэты патрэбная была машынка да пісаньня, дык звычайна, неахвярна, пайшоў i купіў i ніякіх прэтэньзіяў на мэдаль за ахвярнасьць ня маю.
Я ўжо й раней заўважыў, што ў нашым грамадзтве паняцьці ахвярнасьці нейкія скрыўленыя. Калі нехта плаціць недзе нейкія складкі, да якіх ён сам забавязаўся, i скажам за год заплаціў 100 даляраў, дык ніхто яго ахвярным не назаве, але калі нехта ня плацячы таго, што плаціць павінен, дасьць на тую самую мэту 20 даляраў, дык атрымлівае тытул «ахвярнага». Выглядае, што ахвярнасьць выразна фінансава аплачваецца.
Перад Калядамі на фабрыцы адбылося сьвяточнае прыняцьце й раздалі сьвяточныя бонусы - атрымаў чэк на 5 даляраў.
На ніякае спатканьне Новага 1951 году не зьбіраліся, але ўжо пад вечар надыйшоў нехта з Сотай вуліцы й запрасіў на спатканьне Новага Году. Былі там: Кажаны, Адамовічы, Старасельскія й здаецца Каханоўскія. Прыняцьцем кіраваў Старасельскі.
На сьвяточны падарунак ад Шэнкераў купіў у Мэйсі першую грамафонную плітку - Болеро Равэля, хоць ня меў яшчэ грамафону.
На ёлцы для дзяцей, наладжанай у БАЗА, сынок беларускага паэты Клішэвіча са Слуцку прадэклямаваў вершык парасейску. У газэце «Беларус», гэтае выступленьне было пахвалена, але паэту Клішэвічу гэтая пахвала не спадабалася i ў сувязі з гэтым адбылася малая перапіска зь ім.
На фабрыцы, дзе я працаваў зьбліжаўся тэрмін канца кантракту заключанага нашым прафсаюзам з гаспадаром i работнікі пакладалі надзеі на тое, што пры заключэньні новага кантракту ўдасца вытаргаваць лепшыя заработкі. Дайшлі відаць гэтыя спадзяваньні да гаспадароў Шэнкераў i судзьдзя-гаспадар Шэнкер абвесьціў, што ніякіх падвышкаў у заработках ня будзе, бо прафэсыйны саюз да якога належал і ўсе работнікі фабрыкі, ужо падпісаў з фабрыкай кантракт на наступныя два гады, на такіх самых умовах, як i раней. Прафэсыйны саюз i да гэтага часу ня меў добрай апініі сярод работнікаў, бо хоць усе плацілі складкі, аднак прафсаюз аб нічым ня дбаў. Пасьля апошняга паступку - падпісаньне кантракту з фабрыкай употайкі, нават не сказаўшы пра гэта работнікам, нават для найдурнейшых зрабілася ясна, што прафсаюз знаходзіцца на ўтрыманьні гаспадара фабрыкі. Рабочыя асьветчылі, што яны ніякага кантракту на наступныя 2 гады з фабрыкай не заключалі, падпісанага ад іхняга імя прафсаюзам не прызнаюць i наагул ня хочуць больш мець нічога супольнага з прафэсыйным саюзам, што кінуўся на такія штукі.
У лютым у сувязі з пратэстамі рабочых адбылося тайнае галасаваньне, у выніку якога аказалася, што за стары прафэсыйны саюз падалі галасы 30 асобаў, а за новы СіАйО - 80. Такім чынам стары прафсаюз адпаў, а права на выступаньне ад імя рабочых атрымаў новы. Новы прафсаюз узяўся за справу вельмі энэргічна. Адразу выставіў патрабаваньне значнай падвышкі заробкаў. Гаспадар даваў маленькую. Каб заахвоціць гаспадара да ўступкаў прафсаюз даў інструкцыю работнікам абніжыць прадукцыю фабрыкі на 30%. Работнікі ахвотна спавольнілі тэмпы працы, пачалі рабіць многа браку: праз неасьцярожнасьць пачалі выпадаць з рук брытваны з гатовай прадукцыяй, сама сабою неяк вывярнулася цэлая плятформа з гатовымі вырабамі. Такая вайна трывала некалькі дзён i хоць гаспадары ўвесь час былі на мясцох працы, аднак не маглі даць рады й ўпільнаваць усіх. Праз пару дзён гаспадары паведамілі прафсаюз, што згаджаюцца на патрабаваныя падвышкі заробкаў, здаецца па 15 цэнтаў на гадзіну. Праца ізноў пайшла нармальна, паколькі аднак у сувязі з выбухам карэйскай вайны, афіцыйна называнай паліцыйнай акцыяй, выйшаў закон, што забаронена падвышаць заробкі й цэны, дык у кантракт была ўнесеная кляўзуля, што розьніца ў заробках будзе рабочым выплачаная ўзад, пасьля таго, як будзе адкліканая кантроля цэн i заробкаў.
Новы прафэсыйны саюз бараніў работнікаў вельмі добра. Калі гаспадары захацелі падвысіць хуткасьць канвэера, дык прафсаюз з мейсца востра запратэставаў i змусіў вярнуцца да папярэдняй хуткасьці. Трывала так пару месяцаў, а тады нешта сталася й новы прафсаюз зрабіўся такім самым, як стары, калі-ж работнікі захацелі i яго пагнаць, дык аказалася, што гэта можна зрабіць толькі праз два гады, паводля закону.
У лістох да мяне Эдуард Будзька некалькі разоў пісаў, што ніяк ня можа дастаць дакумантаў запэўненьня працы й памешканьня, што вымагалася для пераезду ў Амэрыку дзяцей Людвікі й Часлава Будзькаў з Англіі. Сваякі ці то ягоныя ці ягонай жонкі адмовіліся ўзяць на сябе так вялікую рызыку. Я дастаў запэўненьне працы для Люні й Часлава ад гаспадара фабрыкі Шэнкера, а памешканьне запэўніў сам выстаўляючы на гэта афіцыйны дакумант. На маім запэўненьні памешканьня патрэбнае было натарыяльнае завераньне майго подпісу. Папытаўся ў гаспадыні Сёмкінай, дзе тут знайсьці натарыюса. Яна накіравала да натарыюса Фёдарава, які быў у суседзтве на Мэдзісон Авэню. Зайшоў пад паданы адрас, натарыят быў у хаце. Памешканьне бруднае, кабінэт застаўлены барахлянай мэбэльлю, пісьмовы стол таксама завалены розным барахлом. Натарыюс зрабіў належны напіс на дакуманце й прыставіў сваю пячатку, якую выцягнуў зь кішані парток. Натарыюсы тут, нягледзячы на такі самы назоў, зусім ня тое, што ў Эўропе й ня ведаю чым яны больш займаюцца апрача зацьверджаньня подпісаў. Тут натарыюс гэта не сталае становішча, але дадатак да нейкага іншага. Напрыклад многа натарыюсаў маюць крамкі з садовым пітвом i лёдамі ды натарыяльнымі абавязкамі займаюцца між падачай порцыяў лёдаў.
Купіў грамафон з аўтаматычнай зьменай плітак маркі VM. Калі я першы раз уключыў яго, дык ён толькі задымеў, але працаваць не пачаў. Аказалася, што ў доме быў сталы ток, а не пераменны. Прыйшлося яшэ дадаткова купіць канвэртар, што зьмяняў ток.
8-га красавіка 1951 году адбылося паседжаньне сэктару Рады БНР. Называлася, што гэта сэктар, але асабовы склад удзельнікаў быў такі самы, як i на пленуме паседжаньня Рады БНР.
Прэм'ер міністар Рады БНР Аўген Каханоўскі падаў на паседжаньні наступную справу: у выніку няўтомных стараньняў прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка, летувіскі эгзыльны ўрад згадзіўся заключыць з Радаю БНР догавар аб супольным прызнаньні, прыязьні й узаемнай падтрымцы. Заключэньне такога догавару Летувісы абумовілі тым, што Рада БНР павінна фармальна выказаць сваю згоду на тое, каб у выпадку вызваленьня нашых краёў ад расейскай акупацыі, Вільня й Віленшчына, да часу аканчальнага ўстанаўленьня граніцаў між Беларусяй i Летувай, знаходзілася пад летувіскай адміністрацыяй, а справа прыналежнасьці вышэйазначанай тэрыторыі будзе вырашана пазьней.
Вывязалася бурная дыскусія. Асабліва горача выступалі за прыняцьце летувіскай прапановы А. Адамовіч, Я. Станкевіч, М. Гарошка, В. Тумаш i П. Манькоўскі. Гарачыя прыхільнікі заключэньня на такіх умовах паразуменьня даводзілі, што па сутнасьці догавар нас да нічога не забавязвае й мае той дадатні бок, што мы атрымліваем на пісьме довад, што летувісы прызнаюць Беларусам нейкія правы да Вільні.
Супраць гэтай урадавай прапановы выступалі: М. Рагуля, Б. Данілюк, Я. Юхнавец, Л. Савёнак i Л. Галяк.
Прапанова Абрамчыка Каханоўскага была большасьцю галасоў прынятая. Супраць галасавала 7 асобаў.
На наступны дзень я прыступіў да контракцыі й напісаў за два дні якіх 15 лістоў да адсутных сяброў Рады, у якіх паведамляў аб тым, што здарылася й заклікаў да супрацьдзеяньня. ЛІсты пісаў ад рукі й копіяў не захавалася, адно толькі мне ўдалося зрабіць копію лісту высланага да М. Кунцэвіча, які захаваўся у яго. Між іншым прыпамінаю, што былі высланыя лісты да наступных Паноў Рады: Станіславу Станкевічу ў Нямеччыну, А. Стагановічу ў Амэрыцы, Вінцэнту ЖукГрышкевічу ў Канаду, К. Акулу ў Канаду, С. Хмару ў Канаду, Л. Хвалько ў Англію, М. Кунцэвічу ў Амерыцы, М. Панькову ў Нямеччыну й В. Пануцэвічу ў Амэрыцы. Апрача гэтага я напісаў ліст М. Абрамчыку ў Парыж, у якім выказаўшы сваю думку аб гэтай пастанове, заклікаў яго гэтую пастанову не зацьвярджаць.
Я паведаміў таксама ўрад БАЗА, што ў створаных абставінах адмаўляюся быць рэдактарам выдаванай БАЗА газэты «Беларус», калі сябры ўраду гэтай арганізацыі галасавалі за аддачу часткі тэрыторыі Беларусі пад чужую акупацыю.
Адмовіўся таксама ад удзелу ў рэдакцыйнай калегіі «Беларуса» Міхась Рагуля, які выслаў у гэтай справе ліст у БАЗА й паведаміў мяне аб гэтым, назваўшы пастанову Рады БНР з дня 8 Красавіка ганебнай.
Рэакцыя некаторых сяброў Рады была хуткая. Праз пару дзён сабраліся сябры Рады, якія пражывалі ў Чыкаго: Э. Будзька, Вацлаў Пануцэвіч, Янка Чарапук-Змагар i Янка Ліманоўскі ды разгледзеўшы справу востра выказаліся супраць пастановы, высылаючы копіі сваёй пастановы старшыні сэкрату Рады БНР у Нью Ёрку А. Орсу й М. Абрамчыку ў Парыж.
Адазваўся A. Стагановіч, які выказаў сваю нязгоду з пастановай, i між іншым напісаў, што кажны народ мае здраднікаў, але ў Беларусаў ix замнога. A. Стагановіч паведамляў, што пісаў у гэтай справе некалькім сябром Рады, між іншым уладыку Васілю. Для групы, што галасавала за прыняцьцем пастановы Стагановіч стварыў назоў «восьмакрасавікоўцы»,
15 красавіка 1951 году адказаў В. Грышкевіч з Канады й выясьніў, што не прывязвае асаблівага значэньня да спорнай тэрыторыі, але што вельмі непалітычна рабіць цяпер якія небудзь адступленьні тэрыторыі. В. Грышкевіч напісаў яшчэ, што Абрамчыку пісаць у гэтай справе ня будзе, бо той не адказвае на лісты. Сэктар у Канадзе з 3-ох ці 4-ох асобаў будзе скліканы, хоць ад самага залажэньня ён не склікаўся.
У маі адказаў Хмара з Канады, далучыўшы копію пастановы зробленай ў Канадзе. У дадатку да пастановы было сказана, што радны В. Грышкевіч на паседжаньне не зьявіўся без апраўдальных прычынаў i сваёй думкі лістоўна ці тэлефанічна ня выказаў. У паседжаньні сэктару не прыймалі ўдзелу К. Акула й В. Навіцкі, якія пазбаўленыя права прыймадь удзел у паседжаньні да часу вырашэньня іхняй справы судом Рады.
У маі адказаў уладыка Васіль. ён напісаў, што нічога ў сэктар Рады ў Нью Ёрку пісаць ня будзе, бо як ён чуў іншыя сэктары ўжо выказалі сваё абурэньне, дык ня варта яшчэ пасылаць громы на ix галовы, тымболын, што тыя хто прыймалі пастанову ўжо хіба крыху працьверазелі. Пісаў таксама ўладыка Васіль, што ня можа зразумець, як гэта Янка ўпаў так нізка й, што Адамовіч заўсёды да найважнейшых справаў адносіцца гумарыстычна.
У канцы красавіка адказаў М. Кунцэвіч з Кольлержвілл у Пэнсыльваніі. Ён выказаў сваё незадаваленьне з пастановы й напісаў, што калі гэтай справе рыхтуецца пратэст, дык ён пратэст падпіша.
У канцы красавіка прыйшоў ліст ад Міколы Панькова з Куксгафэну. Панькоў пісаў, што не адказаў адразу, бо быў у шпіталі, а адносна сутнасьці справы напісаў, што толькі бясхрыбетнікі могуць наагул весьці ў гэтай справе перагаворы і, што ён далучае свой голас да тых, хто з пастановай не згаджаюцца. Далей Панькоў пісаў, што калі догавар падпісаны, дык ён пакідае Раду. Прасіў таксама Панькоў дакладнага апісаньня гэтай ганьбы i імёнаў тых, хто на гэта пагадзіліся.
На пачатку травеня атрымаў ліст ад Станіслава Станкевіча з далучнікам-пратэстам скіраваным да М. Абрамчыка.
Некаторыя радныя ня лічылі патрэбным адазвацца, відаць, праблема перавышала іхныя інтэлектуальныя магчымасьці.
Адзін з радных - К. Акула, на мой ліст не адказаў, а чамусьці пераслаў В. Тумашу, - відаць у нейкім аспэкце лічыў яго сваім начальнікам. Гэтым паступкам Акула пацьвердзіў маю ранейшую аб ім апінію.
Старшыня сэктару Рады А. Орса, відаць, атрымаў сваю порцыю пратэстацыйных лістоў i ўжо на дзень 22 красавіка склікаў ізноў паседжаньне сэктару Рады. На песеджаньні А. Орса паінфармаваў аб тых адгалосках, якія дайшлі да яго ў гэтай справе й выказаў сваё моцнае незадаваленьне, што я паведамляў іншых сяброў Рады аб пастанове з дня 8-га красавца 1951 году. Пасьля гэтага выступіў A. Адамовіч i бараніў маё права паведамляць іншых сяброў Рады.
А. Орса, пасьля дыскусыі аб тым, ці я меў права паведамляць іншых, запрапанаваў гэтую справу яшчэ раз перагледзець i асабіста выказаўся, што пастанову з дня 8-га красавіка 1951 году трэба скасаваць, як i летувіскую прапанову на прапанаваных умовах адкінуць.
У такім самым духу выказаліся i іншыя сябры Рады, апрача П. Манькоўскага, які выступіў з гарачай абаронай пастановы, але ў галасаваньні, якое адбылося пасьля ягонай прамовы галасаваў разам з усімі, што прапанову Летувісаў трэба адкінуць.
Адсутны быў на паседжаньні В. Тумаш, які застаўся пры сваёй папярэдняй думцы, што пастанова аб аддачы Вільні правільная i ў гутарцы са мною выразіўся, што адбрэхіваць нічога ня будзе.
У сувязі з тым, што адпала прычына, якая была абаснаваньнем зрачэньня з рэдактарства «Беларуса», прыйшлося ізноў заняцца рэдактарствам. М. Рагуля аднак у рэдакцыйную калегію вярнуцца не захацеў.
У нядзелю 24-га чэрвеня паехалі ўсёй сям'ёй на пляжу Орчард Біч. Там Раіса ўзьлезла на скалу, што там была й са скалы звалілася, разьбіваючы моцна галаву. Хутка прыехала паліцыя, завезьлі Раісу на санітарны пункт, там зьлёгка перавязалі, а тады ў паліцыйнай машыне з выючай сырэнай адвезьлі ў шпіталь - Фордгэм на Бронксе. Там рану зашылі й хацелі затрымаць у шпіталі на абсэрвацыю, але выпусьцілі, калі расьпісаліся, што ня будзем мець да ix прэтэньзіі, калі нешта будзе блага. Калі праз нейкі час былі ізноў на пляжы, дык гэтай скалы ўжо ня было - яе ўзарвалі, відаць баючыся, што ім зробяць судовую справу аб грашовае адшкадаваньне, але тады я яшчэ ў гэтых магчымасьцях не арыентаваўся.
Вакацыі на фабрыцы былі ад 30 чэрвеня да 8-га ліпеня. Ужо ў гэтым часе я пачаў разглядацца за іншай працай, бо мая праца ў «Дэлішым была вельмі бяспэрспэктыўная. Падаў рад заяваў у розныя фабрыкі, між іншым у вялікую фармацэўтычную фабрыку Пфіцэр у Брукліне. Пісьмова адказалі, што захоўваюць маю заяву для эвэнтуальнага выкарыстаньня ў будучыні - такая форма ветлівай адмовы.
8-га ліпеня 1951 году езьдзілі ў Нэварк на хрэсьбіны сына ў В. Кендыша. Кумамі былі: А. Адамовіч i Раіса.
Аднойчы прыйшоўшы на працу ў «Дэлішы» даведаўся, што кіраўнік прадукцыі, галяндзец выгнаны зь Явы, прозьвішчам Лямі, пераёў мяне на працу ў начную зьмену ў пякарню, дзе пякліся вафлі. Там было шэсьць печаў, якія працавалі аўтаматычна, адно трэба было зьнімаць гатовыя вафлі й зьмяняць начыньні зь цестам. Для зьніманьня вафляў пры кажнай печы сядзеў адзін работнік, гарачыня пры печах была такая, што гэтыя прыпечныя работнікі мелі 10 мінут адпачынку кажную гадзіну. Мая новая функцыя мела палягаць на тым, што я мусіў браць кіпы гатовых вафляў, важыць ix i запісваць вагу на коньце кажнага з работнікаў, а таксама прывозіць з суседняга пакою начыньні зь цестам i адвозіць туды пустыя. Праца мне з мейсца не спадабалася, а яшчэ больш не спадабалася тое, што пераводзячы на новую працу й зьмяняючы гадзіны працы Лямі не лічыў патрэбным мяне перад гэтым паведаміць.
На наступны дзень я паразумеўся з А. Каханоўскім, які працаваў у нейкай мэталяапрацоўчай майстэрні. На заўтра я пайшоў разам з Каханоўскім, быў прыняты й пайшоў працаваць туды ад 1-га жнівеня.
Калі я сказаў у канцылярыі «Дэлішы», што я працую апошні дзень, дык паклікалі судзьдзю Шэнкера ў размове зь якім я сказаў, што пакідаю працу, бо мне не падабаюцца каляніяльныя адносіны да работніка з боку кіраўніка прадукцыі Лямі. Шэнкер сказаў, што калі мне праца не падабаецца, дык ён перавядзе на іншую. Я ўсёроўна «Дэлішу» пакінуў.
У «Дэлішы» я пакінуў М. Панькова, якому я дапамог уладзіцца на начной зьмене.
Мае новае мейсца працы называлася Transatlantic Machinery. Майстэрня знайходзілася пад № 2950 на Парк авэню. Даезд падземкай да 138 вуліцы, многа бліжэй чым у «Дэлішу». Гаспадар быў немец - уцякач ад Гітлера. Усяго там працавала яшчэ трох немцаў, А. Каханоўскі i В. Паланевіч, малады. Тут нават на пачатку я атрымаў больш грошаў i пачаў прыносіць да хаты 50 даляраў, заміж 40, як у «Дэлішы». Майстэрня займалася абробкай пераважна алюміневых дэталяў з гатовых адліваў. У майстэрні я ўпершыню пабачыў, як выглядае фрэзэрны станок, а як такарня. Пачаў працаваць на адным i другім, як «опэрэйтор» на загадзя ўстаноўленых машынах. У параўнаньні з «Дэліша», праца была цікавейшая. Хутка на працу быў прыняты Аляксандар Махноўскі - Беларус, настаўнік з-пад Латвіі.
Наагул жыцьцёвыя абставіны ў Нью-Ёрку нам не падабаліся й мы думалі аб тым, каб куды небудзь выехаць, але не задалёка. Неяк летам мы былі паехаўшы ў адлеглы 30 міляў на ўсход ад Нью Ёрку гарадок Стэмфорд ужо ў штаце Конэктыкут, дзе жылі Протасы й Ганэцкія, а таксама нядаўна пераехаўшы зь Нью Ёрку В. Кажан з жонкай Аўгеньняй i дачкой Ларысай. Гарадок нам спадабаўся, але было вельмі цяжка дастаць памешканьне, асабліва недарагое памешканьне. Мы папрасілі нашых знаёмых прыглядацца, можа якое акажацца. 1-га верасьня мы атрымалі ліст ад А. Кажана, што недалёка ад ix аказалася памешканьне i яна ўзяла яго для нас. Наступнага дня Раіса паехала ў Стэмфард паглядзець тое памешканьне i эвэнтуальна ўладжвацца там. У наступную нядзелю паехаў туды i я, але яшчэ ня кідаючы працы. Памешканьне было на Трэсэр авэню (у выніку перабудовы гораду й вуліцы й дамоў даўно няма, a іншую вуліцу назвалі Трэсэр Бульвард у чэсьць першага забітага са Стэмфарду ў часе ІІ-ое Сусьветнае вайны). Памешканьне было на першым паверсе над партэрам у чатырохфамілійным доме. Невялікае - дзьве малых спальні, адзін трохі вялікшы пакой i кухня. Вада на сходах, ванны няма, прыбіральня ў падвале з уваходам з панадворку. Невялікі панадворак недагледжаны. Калі я прыехаў, дык Раіса пад дзейным кіраўніцтвам А Протаса была ўжо абсталяваўшыся: купілі газавую пліту, два ложкі, шафку на судзьдзё, кухонны стол з чатырма крэсламі й ліналеум у вялікшы пакой. Усё ясна ўжыванае, апрача ліналеума.
У наступную пятніцу разьвітаўся з Трансатлятык Машынэры, пасьля паўтара месяца працы з намерам шукаць ужо працу паводля спэцыяльнасьці як мэталіст з дасьветчаньнем. Відаць аднак некаторыя ўроджаныя здольнасьці меў, бо калі разьвітваўся з гаспадаром, дык той сказаў, што для мяне у яго праца заўсёды знойдзецца, калі-б я яе патрабаваў.
У памешканьні на 119 вуліцы застаўся адзін дырэктар Шукелойць, бо было заплачана да канца месяца.
У Стэмфорд на стала пераехаў 13-га верасьня 1951 году й у панядзелак пачаў шукаць працу. Павыпісваў з тэлефоннай кнігі адрасы розных мэталяапрацоўчых майстэрняў. Прыпамінаю, што быў у Юнга й Гартрайта, у Стэмфорд Інжынірынг Уоркс, у Мюнха - усюды адмовілі, сказалі, што паведамяць. Тады паехаў цягніком у суседні гарадок Олд Грынвіч, дзе, як мне нехта сказаў патрабуюць працаўнікоў у мэханічную майстэрню пры вялікай друкарні Кондэ Нэст. Ад станцыі дарога да фабрыкі была даўгая, бо аказалася, што фабрыка ляжыць пры самым Стэмфардзе. Пакуль туды зайшоў, дык было ўжо пасьля дванаццатай i мне сказалі, што ў справах працы прыймаюць толькі да паўдня.
Пасьля абеду пайшоў шукаць далей у Стэмфордзе. Зайшоў у Стэмфорд Машын Компані на Фэйрфільд авэню й там мяне прынялі на работу, сказаўшы, што магу заўтра пачынаць. На пачатак далі тое самае, як у Нью Ёрку, але зарабляць пачаў больш, бо былі дадатковыя гадзіны працы, па гадзіне ў дзень. Пачаў прыносіць да хаты па 55 даляраў. Гаспадароў было два: Раймунд Фарэл, чалавек старэйшы й Снайдэр - маладзейшы. На пачатку пасадзілі мяне на працу да штампавальных машынаў, якіх было 8, i якія мясьціліся ў асобным будынку, дзе апрача гэтых былі яшчэ дзьве аўтаматычныя шасьціспіндлёвыя такарні й вялікая рэвальвэрная такарня, на якой працаваў чорны Мэльвін Джонсон, сказаць працаваў было-б замнога, бо ён больш займаўся думаньнем пры такарні й спацырамі па майстэрні, бо ніякага нагляду ў тым асобным будынку ня было.
Майстэрня была з тыпу «джап шап», гэта значыць ад сябе нічога не прадукавала, а чакала на заказы ад іншых фабрыкаў, ад самых простых да вельмі складаных. Калі заказ на штампавальнай машыне быў скончаны, дык мяне перавялі ў галоўны будынак i пачалі глядзець куды мяне можна ўсунуць. Майстрам (форман) быў Украінец другога пакаленьня прозьвішчам Джан Крулікоўскі. Далі мне адну работу на такарні - пайшла. У хуткім часе я пачаў працаваць на ўсіх машынах, што былі ў майстэрні: такарні, фрэзэры, розныя шліфавальныя машыны, стругальныя i г. д. Пры гэтым я хутка навучыўся ўстанаўляць машыны, завастраць разцы й г. д.
Майстар пабачыўшы, што я вырабляюся на самастойнага працаўніка, пачаў даваць зусім самастойныя работы ўваходзячыя ўжо ў галіну інструмэнтальную.
Праз паўгода адзін нядаўна прыняты рабочы Славак папытаў мяне чым я займаўся ў Эўропе, a калі я адказаў, што працаваў у бюро, дык той сказаў, што калі-б я не працаваў у мэталенпрацовачнай галіне ў Эўропе, дык i цяпер-бы начога ня ведаў, таксама, як ён, які ў гэтай галіне працуе ўжо 10 гадоў.
У лістападзе прыехалі з Англіі, на караблі Квін Элізабэт, Людвіка й Часлаў Будзькі й затрымаліся ў нас на тры дні, перад пачаткам сухаземнага падарожжа ў Чыкаго, да бацькоў.
30-га лістапада 1951 году, у памешканьні Ганны й Уладзіміра Русакоў на Пэнсыльванія авэню ў Брукліне, адбылося спатканьне некаторых Беларусаў з амэрыканскім дзеячом Дон Левіным, які прадстаўляў зарганізаваны тады камітэт «Освобождения народов России». Спатканьне наладзіў М. Абрамчык, відаць з мэтай паказаньня, што існуюць жывыя Беларусы. Дон Левіна супольнымі сіламі няблага заатакавалі, пачынаючы з самага назову камітэту. Добра выступалі В. Тумаш i ўладыка Васіль, а тады на заканчэньне Антон Адамовіч кляйстраваў, згладжваў, выясьняў, але ў межах прызваітасьці.
21-га сьнежня атрымаў 10 цэнтаў падвышкі. Праца ў апошні дзень перад Калядамі скончылася каля паўдня, тады віталі прыход Калядаў выпіўкай. Разыйшліся а 2-ой гадзіне, але заплачана было за цэлы дзень.
Новы 1952 год спаткаў на ладжаным БАЗА спатканьні ў Прэм'ер Паляст на Сатэр авэню ў Брукліне.
У пачатку студзеня ў нас на Куцьці было трое Кажаноў.
23-га лютага М. Рагуля, Л. Савёнак i я правялі рэвізію кніговасьці БАЗА, а 1-га сакавіка адбыўся агульны сход БАЗА й старшынёю БАЗА быў выбраны Ф. Кушаль, які больш-менш з гэтага часу пачаў тытулавацца генэралам.
16-га сакавіка 1952 году адбылося паседжаньне Рады БНР. Між іншымі пунктамі была справа прыняцьця ў сябры Рады Васіля Русака, які незадоўга перад гэтым ажаніўся з дачкою Філярэта Родзкі - Галінай i браў шлюб у расейскай царкве ў Саўт-Рывэры. Я выступіў супраць прыйманьня яго ў сябры Рады БНР, як асобу, якая яшчэ не стаіць на адпаведнай вышыні нацыянальнай сьведамасьці. Васіль Русак быў прыняты аднагалосна супраць майго аднаго голасу, бо роўня іншых сяброў Рады была такая самая.
На гэтым-жа паседжаньні да мяне падыйшоў Ф. Кушаль i сказаў больш-менш наступнае: «Мы стварылі рэдакцыйную калегію газэты «Беларус». Рэдактарам будзе В. Тумаш, вы, калі хочаце, дык можаце таксама да яе належаць».
На наступны дзень 17-га сакавіка 1952 году я выслаў усе матэрыялы газэты, якія ў мяне знайходзіліся В. Тумашу (паводля асьвечаньня Кушаля, новага рэдактара) i лістоўна паведаміў яго, што разважыўшы ўсе акалічнасьці справы я пастанавіў да рэдакцыйнай калегіі не належаць. Прычынай гэтага ёсьць тое, што арганізатары новай рэдакцыйнай калегіі не ўважалі патрэбным сваечасова паведаміць мяне, як рэдактара, аб праектаваных зьменах, a толькі пост фактум мяне аб гэтым паведамілі. З ласкава мне запрапанаванага становішча фігуранта, ня маю намеру скарыстаць.
Як вельмі хутка аказалася, В. Тумаш быў ужыты ў гэтай справе, як дымавая заслона, бо ў запраўднасьці платным рэдактарам Ф. Кушаль зрабіў сваю жонку Натальлю Арсеньневу-Кушаль, платным карэктарам свайго сына Ўладыслава Кушаля.
Такое раптоўнае зацікаўленьне Ф. Кушаля газэтаю было вынікам таго, што М. Абрамчыку ўдалося дастаць на газэту каля 20.000 даляраў i Кушаль абсадзіўшы газэту сваёй сям'ёй стараўся як найбольш выцягнуць грошаў. Усе хто круціўся пры газэце (грашох) трымаўся таго-ж погляду, як Кушаль: плацілі за напісаньне артыкулу, асобна за рассылку газэты, асобна за выпісаньне чэку на грошы (М. Гарошка).
Нягледзячы на платных працаўнікоў, роўня газэты не павысілася, але апусьцілася, а нацыянальна зусім зьехала, бо што-раз часьцей пачалі ў газэце зьяўляцца ўласаўскія ноткі.
Аднойчы будучы з М. Паньковым у В. Тумаша я выказаўся, што Кушаль на мяне робіць уражаньне сабакі, які схапіў недзе косьць i цяпер забраўся пад ложак i стуль бурчыць на ўсіх. З уласьцівым Тумашу імкненьнем да дакладнасьці, В. Тумаш дадаў, што больш таго, той сабака ня толькі бурчыць на сваіх, але адначасна стараецца палізаць руку таго, хто даў костку. Хутка аднак В. Тумаш пагляды зьмяніў, пачаў гаварыць, што газэта паправілася й наагул усё ўпарадку. Хутка пасьля гэтага пачаў прыгатаўляць да друку выдавецтва Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Ці зьмена паглядаў Тумаша на газэту была зьвязана з выдавецтвам Інстытуту ня ведаю, але гэта вельмі праўдападобна.
21-га сакавіка 1952 году неспадзявана памерла жонка В. Кажана Аугеньня ад сэрца падчас перадчасных радоў. Нованароджаны сын Аўген выжыў. Цяпер В. Кажан застаўся бяз жонкі, але з двума дзяцьмі. Сын часова застаўся ў шпіталі, а затым ім на нейкі час заапекавалася Анна Ганэцкая, а дачка Ларыса, амаль равесьніца маёй дачкі Ганны, перайшла на жыцьцё да нас. В. Кажан даваў на ўтрыманьне 10 даляраў у тыдзень i таксама сталаваўся ў нас (абед 5 дзён у тыдзень).
У часе трохдзённага сьвята ў ліпені 1952 году БАЗА зар ганізавала экскурсыю на вадаспад Ніагару i ў Канаду.
Выехалі 4-га ліпеня а шостай гадзіне раніцы зь Нью Ёрку, спэцыяльна нанятым аўтобусам. Язды было больш-менш 12 гадзінаў. Аўтастрады яшчэ ня было i ехалі на Бінггэмптон i Фінгэр Лэйкс. Я сядзеў з самага заду аўтобусу. Ехаць было ня нудна: па першае, першы раз аглядаў Амэрыку, i па другое, правялі час у гутарках з др. Б. Грабінскім i Я. Юхнаўцом.
У горадзе Ніагара Фоле затрымаліся ў гатэлі Імпэрыял, недалёка ад вадаспаду. Было абвешчана кіраўніком экспэдыцыі М. Тулейкам, што а 8-ай гадзіне пойдзем арганізаваным парадкам аглядаць вадаспад, пры чым нехта з арганізатараў меўся даваць патрэбныя выясьненьні. Не чакаючы на афіцыйныя выясьненьні Л. Савёнак, Б. Грабінскі, Я. Юхнавец i я пайшлі аглядаць вадаспад, за што JI. Савёнак атрымаў нагонку ад М. Тулейкі за адсутнасьць арганізацыйнай дысцыпліны.
Вадаспад асьветлены ўначы зьменным колерам пражэктараў, але гэта надае нейкі кірмашовы характар. Аглядалі зь берагу, тады спусьціліся ў ліфце да падэшвы вадаспаду з амэрыканскага боку. Зьнізу вадаспад выглядае больш імпануюча.
На наступны дзень арганізацыйны парадак дазволіў удзельнікам экскурсыі аглядаць вадаспад неарганізаваным парадкам. Незарганізаваным парадкам зрабілі ад падэшвы вадаспаду рэйс маленькім параходзікам, які паплыў у напрамку канадзкай часткі вадаспаду й плыў да тэй пары пакуль на гэта дазваляла плынь, а тады зрабіў дугу й вярнуўся да сваёй прыстані. Усе пры пасадцы атрымалі гумовыя плашчы з каптурам і, якія вельмі прыдаліся, бо калі зьблізіліся да вадаспаду, дык ліло як з рынны. Пасьля паездкі агледзелі Козі востраў, што дзеліць вадаспад на дзьве часткі: амэрыканскую й канадзкую. Пасьля абеду, аўтобусам праз Вясёлкавы мост (Райнбоўбрыдж), што ляжыць з паўкілямэтра ніжэй вадаспаду, паехалі ў Канаду. На граніцы канадыйцы скантралявалі дакуманты сьцьвярджаючыя, што даная асоба сталы жыхар Амэрыкі й пусьцілі на канадзкі бок тых, хто меў звычайныя выданыя ўсім новапрыехаўшым дакуманты пусьцілі, а тых, што з гонарам паказвалі паперы, што яны ўжо стараюцца атрымаць амэрыканскае грамадзянства не пусьцілі. На канадзкім боку агледзелі Ніагару з канадзкага боку. Там вадаспад больш імпануючы, а тады ізноў аўтобусам паехалі на мейсца спатканьня Беларусаў з Канады. Прыехалі ў нейкі матэль -там ужо былі Беларусы з Канады. Знаёмыя зараз-жа пачалі вітацца са знаёмымі, але арганізатар М. Тулейка адразу ўсіх паразьдзяляў гаворачы, што будзем вітацца арганізаваным парадкам, з прамовамі. Паставілі ўсіх у дзьве стаячыя насупраць сябе лініі - амэрыканскую й канадыйскую з арганізатарамі пасярэдзіне, М. Тулейкам i К Акулам. Маленькі лірычны ўступ зрабіў М. Тулейка, а тады абвесьціў, што да прысутных зараз прамовіць найстарэйшы, найлепшы i яшчэ зь дзесяць «найняў» Беларус. Тут я заўважыў, што Янка Чарапук-Змагар папрабаваў ці ягоны манускрыпт прамовы легка выймаецца зь кішані, як шабля з похвы, але тымчасам наперад высунуўся Ф. Кушаль i бяз манускрыпту пачаў адбываць рытуал. Тады К. Акула й толькі тады Чарапук-Змагар. Пасьля арганізацыйнага вітаньня, быў як-бы ў танцы паданы сыгнал «авансэ» й пачалося вітаньне знаёмых без прамоваў.
У мяне са знаёмых аказаліся бадай толькі Раіса Жукоўская й В. Грышкевіч. Пасьля прывітаньняў усе разам паехалі недзе да рэчкі й там разам правялі час да вечара, а затым неарганізавана разьвіталіся й разьехаліся. Назаўтра раніцою ізноў у аўтабус i бяз прыгодаў даехалі да Нью Ёрку. Падчас спатканьня было цікава заўважыць, што прыехаўшыя з Амэрыкі былі апраненыя адпаведна да тэмпэратуры, а канадыйцы - пацелі ў урачыстых строях.
У часе паездкі ў Канаду я зьвярнуўся да Кушаля з патрабаваньнем, каб быў зьмешчаны мой ліст у рэдакцыю «Беларуса» з асьветчаньнем, што я нічога супольнага з сучасным «Беларусам» ня маю. Кушаль мне гэта абяцаў, але выйшла некалькі нумароў газэты, a ліст зьмешчаны ня быў. Тады я папрасіў зьмясьціць мой ліст у «Ведзе» - часопісе Крывіцкага Навуковага Таварыства др. Янкі Станкевіча, i ліст быў там зьмешчаны.
Прыйшоў 1953 год.
28-га лютага 1953 году адбыўся гадавы агульны зьезд БАЗА, называны Кангрэсам, бо апрача мясцовых прыехалі яшчэ дзьве асобы з Кліўлянду й прывезьлі з сабою мех галасоў. Рэвізыйная камісія пад старшынствам Дарашэвіча прачытала сваю справаздачу, што ў скарбніка У. Русака каса ў поўным парадку, - усё належна ўнесена ў кнігу й на руках у скарбніка сальдо, здаецца, 100 даляраў. На маё пытаньне ці было рэвідаванае кнігаводзтва воргану БАЗА - газэты «Беларус», рэвізійная камісія адказала, што ўспомненае кнігаводзтва ня было рэвідаванае, бо ня было рэвізыйнай камісіі прадстаўленае. Скарбнік У. Русак асьветчыў, што яму не давал і ніякай інфармацыі аб прыходах i расходах газэты й таму ў ягоным кнігаводзтве нічога аб гэтым няма.
Ф. Кушаль паведаміў, што грошы на выдавецтва газэты «Беларус» паходзяць з пазабеларускіх крыніцаў i дзеля гэтага ён ніякіх справаздачаў з гэтых грошаў Кангрэсу даваць ня будзе, тыя-ж грошы, што былі плачаныя Беларусамі, былі апублікаваныя ў газэце й дзеля гэтага із ix ніякай справаздачы даваць ня будзе. Адбылася невялікая дыскусія, як памятаю выступаў A. Адамовіч, які вельмі пачуцьцёва зьвярнуўся да Ф. Кушаля гаворачы, што той, відаць, не ўсьведамляе сабе, як ён выглядае ў сьвятле гэтай адмовы даць справаздачу, паколькі нават ня відаць, каб ён адчуваў нейкі сорам. Ф. Кушаль аднак выказаў жаўнерскую адвагу й цьвёрдасьць пераконаньняў i справаздачу з тых тысячаў катэгарычна яшчэ раз даць адмовіўся.
Рэвізыйная камісія запрапанавала на падставе рэвідаванай кніговасьці, уступаючаму ўраду абсулюторыюм.
У адказ на гэта я выступіў з другой прапановай наступнага зьместу:
«Прыймаючы пад увагу, што калі-б тыя дэлегаты, якія лічаць дзейнасьць уступаючага старшыні БАЗА Ф. Кушаля не заслугоўваючай на абсалюторыюм, галасавалі-б супраць прапановы рэвізыйнай камісіі, дык гэтым маглі б быць пакрыўджаныя тыя сябры ўступаючага ўраду БАЗА, якія працавалі паводля сваіх магчымасьцяў i ня прыймалі ўдзелу ў фінансавых апэрацыях Ф. Кушаля, прапаную ў справе абсалюторыюм другую рэзалюцыю наступнага зьместу:
«Кангрэс БАЗА 28-га лютага 1953 году дае абсалюторыюм усяму ўступаючаму ўраду, за выняткам старшыні БАЗА Ф. Кушаля, які карыстаўся зь нейкіх, бліжэй неазначаных фондаў звонку арганізацыі й расходаваньне гэтых фондаў ня было прадметам кантролі рэвізыйнай камісіі БАЗА, таксама, як ня былі наагул скантраляваныя фінансавыя апэрацыі газэты «Беларус», выдаванай Ф. Кушалям пад фірмаю БАЗА, дзеля таго, што Кушаль адмовіўся прадставіць фінансавыя апэрацыі газэты пад разгляд рэвізыйнай камісіі БАЗА».
Адбылася дыскусыя дзе асабліва горача выступаў у абароне Кушаля платны супрацоўнік газэты «Беларус» П. Манькоўскі.
Адбылося галасаваньне перад якім з паўгадзіны тлумачылі прадстаўніком Кліўлянду, што наагул значыць абсалюторыюм. У галасаваньні за маю прапанову быў адзін голас - мой, супраць галасаваў прадстаўнік Кліўлянду са сваімі 20 галасамі i асобы, якія прыймалі ўдзел у фінансавых апэрацыях Ф. Кушаля або зь ix карысталі. Большасьць прысутных устрымалася ад галасаваньня, згуляла ў «тутэйшых», прыватна гаворачы, што калі ня даць Кушалю абсалюторыюм, дык трэба 128 тады паведамляць паліцыю. Сярод тых, хто паўстрмаўся, быў i A. Адамовіч.
Пасьля галасаваньня я пакінуў зьезд i 1-га сакавіка 1953 году выступіў з БАЗА.
На другі дзень Кангрэсу разнахаблены Кушаль у маёй адсутнасьці сказаў, што ад яго вымагалі справаздачы з расходаваных грошаў савецкія агенты й пры нагодзе абазваў М. Панькова й Л. Савёнка правакатарамі.
На наступны дзень атрымаў ліст ад А. Адамовіча, у якім ён выказаў свой жаль, што не захаваўся так, як захавацца мусіў i, што яму дзеля гэтага прыкра, як ніколі ў жыцьці. Ліст быў напісаны шчыра й зрабіў на мяне добрае ўражаньне i адначасова зьдзіўленьне, што Адамовіч на такі ліст здабыўся. Пры наступным спатканьні А. Адамовіч запытаў мяне ці я ліст атрымаў, - я сьцьвердзіў, i больш гутарак на гэтую тэму ня было.
27-га лютага, каля чацьвертай гадзіны ўначы я прачнуўся ад добрага ўструсу, адначасова пачуліся працяглыя грымоты i ўсё сьціхла. Я падыйшоў да вакна й пабачыў, што ўсюды ў вокнах пачало запальвацца сьвятло. Што сталася я ня ведаў i хутка ізноў заснуў. З хатніх прачнулася Раіса й Ларыса, а Ганна праспала нічога ня чуўшы. З газэтаў даведаліся, што гэта быў землятрус. Шкодаў у горадзе ня было, калі ня лічыць дзе-ні-дзе пабітыя шклянкі.
На парадзе ляяльнасьці (адбываецца такі перад першым маем) спаткаўся, першы раз пасьля Менску, з Вольгай Арэхвай, якая толькі нядаўна прыехала зь Нямеччыны. Яна была часова затрымаўшыся ў Саўт-Рывэры, Нью Джэрсі, але ня была задаволеная, як з самога Саўт-Рывэру, так i з таго, што не магла знайсьці сабе там памешканьне.
Праз пару дзён мы даведаліся аб вольным памешканьні ў доме суседнім з тым, дзе жыў Кажан, на Готорн стрыт i належачым да таго самага гаспадара. Памешканьне - два пакоі й кухня. Напісалі аб гэтым у Саўт-Рывэр i 7-га травеня сям'я Арэхваў, Вольга Арэхва, сын Юрка i Аркадзь Арэхва пераехалі ў Стэмфард. Аркадзь Арэхва на дадатак да праўнага дыплёму з Варшаўскага ўнівэрсытэту здабыў у Нямеччыне дыплём доктара мэдыцыны. Лекар адбываў практыку ў Нью Ёрку i ў Стэмфардзе паказваўся не часьцей, як раз у тыдзень.
У адзін ca сваіх прыездаў А. Арэхва падзяліўся сваімі паглядамі на каталіцтва, ілюструючы свае цьверджаньні прыкладамі ca сваіх дазнаньняў з каталіцкага ўнівэрсытэту ў Лювэне, дзе ён нейкі час студыяваў. У аснаўным, паводля Арэхвы, каталіцтва вельмі блага ўплывае на чалавечыя душы, раскладае ix i праз гэта фактычна пазбаўляе чалавека душы. Усе свае вывады Арэхва рабіў зь вялікім запалам i, як здавалася вельмі шчыра.
Праз тыдзень ізноў пабачыў А. Арэхву. Гэтым разам ён быў у вельмі добрым настроі й на маё пытаньне чаму, адказаў, што ён чуецца папросту шчасьлівым i выясьніў, што прычына ягонага шчасьця ў тым, што яму ўдалося аддаць свайго сына Юрку ў каталіцкую школу. Далей Арэхва вылажыў свае пагляды на амэрыканскае школьніцтва. Паводля яго амэрыканскія публічныя школы нічога нявартыя, бо яны не даюць дзіцяці рэлігійнага ўзгадаваньня й такім чынам ёсьць гадоўляй бязбожнікаў. Важным ёсьць тое, казаў Арэхва, каб дзіця атрымала рэлігійнае ўзгадаваньне, каб атрымала камплекс маральных вартасьцяў, якімі будзе кіравацца праз усё жыцьцё. Свае вывады Арэхва рабіў зь вялікім запалам i як здавалася вельмі шчыра.
На заканчэньне гутаркі я зьвярнуў увагу др. Арэхвы, на тое, што ў сваіх вывадах аб раскладаючым уплыве каталіцтва й каталіцкага школьніцтва ён прапусьціў i не адзначыў вельмі важны факт, a іменна таго, што каталіцтва раскладае толькі душы дарослых, а на дзяцей раскладаючы ўплыў каталіцтва не дзее.
Чамусьці ў гэтым мейсцы Арэхва ахвоту да далейшай гутаркі на гэтую тэму згубіў.
Як аказалася, др. Арэхва спачатку зьвярнуўся ў «бязбожную» амэрыканскую публічную школу, каб аддаць туды на навуку сына. Там сказалі, што сын будзе прыняты клясаю ніжэй чым у Нямеччыне, a калі акажацца, што сын дае сабе раду з ангельскай мовай, дык будзе пераведзяны у вышэйшую клясу. Гэта змусіла др. Арэхву зьвярнуцца ў парафіяльную каталіцкую школу, якая прыняла сына ў тую самую клясу як у Нямеччыне, i ашчасьлівіла Арэхву. Відаць цьверджаньне аб тым, што ідэялёгія гэта толькі надбудоўка, у некаторых выпадках слушнае.
11-га красавіка 1954 году, адбылося спатканьне з зарубежнікамі: зь іхняга боку быў Іван Касяк i Мікола Шчорс, а з нашаг боку - Антон Шукелойць i я. Спатканьне мела прыватны характар, без упаважненьня арганізацыяў i паслужыла да выясьненьня становішча двух бакоў. Спатканьне адбылося ў шпіталі, дзе працаваў лекар Шчорс.
16-га травеня 1954 году ў залі нейкага ўкраінскага клюбу на Другой авэню, адбыўся рэфэрат ладжаны Інстытутам Навукі й Мастацтва. Рэфэрат чытаў др. Ліхтэн з Антыдэфамацыйнай Лігі Бнэй Брыту. Тэмаю рэфэрату быў антысэмітызм. Др. Ліхтэн наагул разграшыў Беларусаў за злачынства антысэмітызму, але агульна сказаў, што антысэмітызм i цяпер жывы, довадам чаго служыць працэс Сланскага, супраць асуджэньня якога Антыдэфамацыйная Ліга пратэставала, як антысэміцкага. У дыскусіі выступіў, між іншымі, стары эмігрант зь Беларусі, прозьвішчам Ўтка й запытаў Ліхтэна ці Ліга таксама пратэставала, калі Сланскі ўвайшоў у камуністычны чэскі ўрад i праводзіў камунізацыю Чэхаславакіі, накідаючы прымусам, супраць волі жыхароў, саветызацыю. Др. Ліхтэн адказаў, што гэта ня ёсьць навуковае стаўленьне праблемы й гэта звальняе яго ад патрэбы адказваць.
19га верасьня 1953 году адбыўся ў польскім касьцеле шлюб Гіпаліта Полоневіча пры галоўным аўтары. У іншых касьцёлах згаджаліся, як неналежачаму да парафіі, даць шлюб толькi пры бакавым аўтары.
А. Шукелойць на вясельле не пайшоў. А. Адамовіч пайшоў і, як гаварылі, гутарыў папольску, лічачы, што гэта польскае вясельле. Савёнкі таксама пайшлі [16].
На першай зборцы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, які ў гэтым часе узнавіў сваю дзейнасьць, на маю прапанову, Гіпаліт Полоневіч [17] бы выкінуты з сяброўства, за выказаньне недастатковай нацыянальнай сьведамасьці. За прапанову галасавалі: A. Адамовіч, Л. Савёнак i М. Панькоў.
У канцы верасьня 1953 году адбыўся шлюб Віталя Кажана зь Любай Пронькай. Шлюб адбыўся ў Нью Ёрку. Гэты шлюб даваў япіскап Васіль, а прыняцьце адбылося ў залі пад расейскай царквой у Стэмфардзе.
У гэтым часе мы знайшлі памешканьне на Волнат стрыт, большае - тры пакоі з кухняй на партэры. Гаспадыня - старая эмігрантка, з тых, што прывозілі ў Амэрыку «ў мяху».
У гэтым часе я пачаў думаць аб зьмене мейсца працы. У Стэмфорд Машын Кампані я чуўся добра, пакуль майстрам быў Джан Крулікоўскі. Крулікоўскаму гаспадары запрапанавалі, каб ён перайшоў з адгадзіннай заплаты на месячную. Ён аднак наадрэз адмовіўся. Тады майстрам быў прызначаны Джан Фарэл, які працаваў у майстэрні. З Фарэлам у мяне хутка пачаліся сутычкі, бо выглядала, што яму непадабаецца, што я нядаўна прыехаўшы ў Амэрыку, раблю лепшую работу. Аднойчы ўстанаўляючы нейкую балванку на вялікай шліфавальнай машыне (Бляншард) у мяне нешта ня выходзіла i я паклікаў Фарэла. Той у пэўным моманьце сказаў мне пусьціць машыну ў ход. Я пусьціў i машына зламала нядаўна ўстаноўленую вымяральную прыладу. На наступны дзень да мяне падыйшоў адзін з гаспадароў - Снайдэр i сказаў, што з машынамі трэба абыходзіцца ўважна. Я зь ім ахвотна згадзіўся й пацікавіўся прычынай, чаму ён мне гэта гаворыць. Снайдэр сказаў мне, што я ўчора зламаў вымяральную прыладу. Я тады расказаў, як гэта адбылося. Снайдэр быў вельмі зьдзіўлены, што Фарэл ня толькі гэта бачыў, але сам пакіраваў так, што зламалася тая прылада. Выглядала, што Фарэл на мяне паскардзіўся нічога не ўспамінаючы аб сваім удзеле, ці нават прысутнасьці. З таго часу адносіны паміж намі яшчэ пагоршыліся i я пачаў разглядацца за іншай работай. Хутка знайшоў іншую працу, зусім блізка ад мяне на Людлёў стрыт, у Бапціст Машын Компані. Маючы запэўненае мейсца працы я паставіў ультыматум: надлічбовыя гадзіны, як маюць інструмэнталісты (тулмэйкэры), бо я таксама раблю іхнюю работу, i падвышку ў плаце. Ультыматум быў адхілены i я назаўтра пайшоў на работу ў Бапціст Машын Компані. Тут адразу пачаў зарабляць на 10 цэнтаў у гадзіну больш i гадзіну надлічбовую ў дзень. Калі апошні час у Стэмфорд Машын Компані даставаў брутто 68 даляраў, дык цяпер пачаў даставаць брутто 85 даляраў. Гаспадаром тут быў інж. Віктар Бапціст, майстрам (форманам) Стыў Горват - вугорац. Працу пачаў 18-га кастрычніка 1953 году.
На дзень 7-га лістапада 1953 году было вызначанае паседжаньне Рады БНР. Перад гэтым паседжаньнем я выслаў ліст да М. Абрамчыка, у якім дамагаўся, каб перад разглядам справы фінансавых апэрацыяў Кушаля, ён быў завешаны ў правох сяброўства Рады. У пятніцу 6-га лістапада я выбраўся вечарам у Нью Ёрк, каб з сябрамі абгаварыць тактыку далейшага дзеяньня. Калі ідучы на станцыю мінуў пару дамоў, дык спаткаў М. Абрамчыка, які кіраваўся да мяне. Прыйшлося вярнуцца дамоў i слухаць вывадаў Абрамчыка, які стараўся заклейстраваць справу й зьвесьці яе да прыватнага непаразумленьня з Кушалем. На прапанову Абрамчыка, каб палагодзіць справу ганаровым шляхам, я асьветчыў, што па першае, ганаровыя палагоджаньні могуць ужывацца толькі паміж ганаровымі людзьмі, а канальлю Кушаля я ганаровым чалавекам ня лічу, а па-другое, тут зусім не прыватная справа, а грамадзкая, i калі-б я нават з Кушалем пагадзіўся, дык гэтая справа - не вылічэньне з грамадзкіх грошаў, - будзе ўсёроўна ўзьнятая нейкім іншым. На заканчэньне гутаркі Абрамчык пачаў горача захоплівацца розумам i інтэлігенцыяй Натальлі Арсеньневай, - рабіў уражаньне закаханага шчанюка. A 11-ай гадзіне вечара адвёў Абрамчыка на станцыю. Надвор'е было агіднае, а яшчэ больш агіднае было ўражаньне пасьля гутаркі з М. Абрамчыкам.
7-га лістапада 1953 году, пасьля візыты М. Абрамчыка, ў нядзелю, на Суттэр авэню ў Брукліне, у залі нейкага жыдоўскага таварыства адбылося паседжаньне Рады БНР. На гэтым паседжаньні, пасьля выступленьняў др. Янкі Станкевіча, майго i іншых, было пастаноўлена стварыць спэцыяльную сьледчую камісію для расьсьледаваньня гэтай справы. Быў даны тэрмін да якога кажны жадаючы мог унесьці свае заявы з выясьненьнем, якія пытаньні маюць быць расьсьледаваныя.
У склад сьледчай камісіі ўвайшлі: А. Адамовіч, А. Стагановіч i М. Гарошка.
Заявы былі паданыя ў сьледчую камісію др. Я. Станкевічам i мною. На маю заяву Ф. Кушаль даў свой пісьмовы адказ, на які я таксама не адказаў. На заяву Я. Станкевіча ніякага адказу ня было. Як аказалася пазьней, сябра сьледчай камісіі М. Гарошка атрымліваў ад Кушаля нейкую суму грошаў за падпісваньне чэку, бо грошы, выглядала, былі пакладзены ў банк на ягонае імя.
Новы 1954 год спатыкалі спакойна ў хаце. У нядзелю, 3-га студзеня а 6-ай гадзіне вечара прыехаў М. Абрамчык i начаваў, але нажаль зусім не прыпамінаю аб чым была гутарка, апрача тлумачэньняў, якая разумная Н. Арсеньнева.
24-га студзеня 1954 году сьледчая камісія папрацаваўшы, як мокрае гарыць, выступіла ca сваей справаздачай, якая фактычна такой ня была. У сваей справаздачы камісія падала, што Кушаль выясьніў ёй, як ён гаспадарыў грашыма, але ніякіх довадаў на сваё расходаваньне не прадставіў, а сьледчая камісія нават сваёй скромнай ведай у гэтай справе з Радаю не падзялілася. Камісія дала рад рэкамэндацыяў, як у будучыні трэба выдаваць газэту, хоць ніхто яе аб думку ў гэтай справе не прасіў. Адносна пастаўленых мною запытаньняў, камісія чамусьці лічыла патрэбным адказаць толькі на 23-ці пункт, a іменна, камісія вырашыла, што хоць эўрапэйская практыка гэтага не дапушчае, аднак паводля амэрыканскай практыкі гэта ўсё ў парадку, каб жонка знаходзілася ў фінансавай залежнасьці ад мужа ў грамадзкай арганізацыі. Усю рэшту парушаных праблемаў камісія не разгледзела з дзіўным матывам, што яна як камісія сьледчая ня мае права нічога вырашаць.
У тую самую нядзелю, 24-га студзеня 1954 году была выбраная другая камісія, якая на падставе матэрыялаў сьледзтва, інакш гаворачы, бяз ніякай базы, бо сьледчая камісія ў сутнасьці нічога не расьсьледавала, мела вырашыць усе парушаныя пытаньні. У склад гэтай другой камісіі ўвайшлі: М. Абрамчык, Філярэт Родзька i A. Стагановіч. Філярэт Родзька - цесьць Васіля Русака, аб якім ужо ўспаміналася. 31-га студзеня 1954 году праз тыдзень ад выбару, вышэй успомненая камісіі выступіла са сваім майстэрштыкам, у якім сьцьвердзіла:
1. Галоўнай прычынай паўстаньня канфлікту паміж сябрамі Рады было непаразумленьне ў справе патрэбы засэкрэчаньня факту атрымліваньня БАЗА-ю грашовай дапамогі;
2. Былі зьлекцэважаныя куртуазыйныя формы ў адносінах да сяброў Рады;
3. Дапушчаная была Ф. Кушалем нетактоўнасьць у адносінах да Л. Галяка;
4. Была зробленая памылка ў тым, што пасьля таго, як сябры Рады выказалі сваё незадаваленьне, групоўка не запрасіла сэктару Рады выбраць кантрольную камісію;
5. Сябры Рады не праявілі належнай устрыманасьці й стварылі нэрвовую атмасфэру, дзе былі выяўленыя неабаснаваныя падазрэньні i ўзаемна нівэлюючыя абразы;
6. Камісія разгледзеўшы справу ня можа нікога прызнаць адказным i караць;
7. Справу лічыць зьліквідаванай;
8. З пасярод нястрыманых, узаемна нівэлюючых абразаў, асабліва быў абражаны А. Махноўскі й дзеля гэтага Ф. Кушаль павінен яго перапрасіць;
9. Акты гэтай справы да архіву не далучаць, a спаліць. Апошні пункт аб спаленьні актаў справы прыйшлося да неспадобы нават авечай Радзе. Справа была пастаўлена на галасаваньне й было пастаноўлена акты справы злажыць у архіў Рады.
Іншая рэч, што ніякіх сумліваў няма, што акты справы былі зужытыя на гаспадарчыя патрэбы ў памешканьні Кушаляў, дзе быў затрымаўшыся Абрамчык, хоць яму былі прапанаваныя іншыя мейсцы для жыцьця.
Калі прапанова аб спаленьні актаў, нягледзячы на выступленьне М. Абрамчыка ў абароне гэтай прапановы была адкінутая, дык тады М. Абрамчык падаў, што калі гэтак, дык Ф. Кушаль дасьць свае выясьненьні на закіды Янкі Станкевіча й што выясьненьні павінны заставацца тайнымі. У гэтым сваім выступленьні М. Абрамчык паказаў, што ён заміж ролі аб'ектыўнага судзьдзі стаўся адвакатам Кушаля.
У адказ на дзівосную прапанову Абрамчыка я ўнёс новую заяву, у якой прасіў справу Кушаля вырашыць, бо нельга назваць вырашэньнем тое, што камісія вырашыла пытаньні, аб вырашэньні якіх ніхто не прасіў, а з другога боку не вырашыла справаў, якія вырашыць камісія была абавязаная. Заява была ўнесеная 14-га лютага 1954 году.
М. Абрамчык настойліва вызваўся яе вырашыць далей пхаючыся ў ролю адначасова адваката Кушаля й судзьдзі супраць Кушаля. Рада дала на гэта згоду, але з тым, што вырашэньне будзе аканчальнае. Ягонае аканчальнае вырашэньне было прачытана М. Абрамчыкам 7-га сакавіка 1954 году. Гаварыў Абрамчык цэлую гадзіну, але апрача таго, што ён пахваліў вырашэньне папярэдняй камісіі i яго зацьвердзіў - я, а думаю й большасьць, зь ягонага набору словаў нічога не зразумелі. Праслухаўшы гадзіну М. Абрамчыка, ягонае бяссаромнае й бясконцае круцельства, мяне апанавала такая агіда, як да Абрамчыка, так i да ўсіх тых, хто дазваляе яму гэтак дзеяць, што адразу пасьля заканчэньня ягонай, калі можна сказаць, прамовы, я выйшаў спакойна з паседжаньня з тым, каб больш туды не варочацца.
15-га сакавіка 1954 году я выслаў афіцыйную заяву аб сваім выступленьні з Рады, заадрэсаваную М. Абрамчыку й выслаў яе В. Тумашу, бо хоць афіцыйна адрас Абрамчыка ня быў вядомы, аднак неафіцыяльна ўсім было ведама, што ён карыстаецца з гасьціннасьці Кушаляў.
У лісьце да В. Тумаша я выясьніў, што высылаю сваю заяву на ягоны адрас, бо ня ведаю афіцыйнага адрасу Абрамчыка, а ня маючы на гэта довадаў не хачу яго пасуджаць, што ён як судзьдзя карыстаецца гасьціннасьцю абвінавачанага. Паквітаваньня ад Тумаша, што ён перадаў ліст паводля прызначэньня я да сёньня не атрымаў i з таго часу перарвалася ўсялякая перапіска з В. Тумашам.
Акты справы Ф. Кушаля i іншых былі выданыя др. Янкам Станкевічам. Нажаль, туды не ўвайшлі арыгіналы пастановаў камісыяў, якіх не ўдалося атрымаць ад А. Адамовіча, які ix «загубіў» i да сёньня ўсё ix «шукае». A. Адамовіч, відаць, у часе самой справы перайшоў на бок Кушаля-Абрамчыка. Выданыя Янкам Станкевічам акты былі перавыданыя зарубежнікамі.
У палове красавіка 1954 году атрымаў ліст з галоўнай управы БАЗА, падпісаны новым старшынёю Міхасем Тулейкам, у якім ён пісаў, што выражае жаль, што між Галоўнай Управаю БАЗА й некаторымі сябрамі заіснавалі канфлікты, якія спрычыніліся да выхаду з БАЗА сяброў. Згодна з пастановай Галоўнай Управы БАЗА-ы, М. Тулейка прасіў узнавіць сяброўства ў БАЗА i ў рэдакцыйнай калегіі «Беларуса».
У адказ на гэтае запрошаньне я адказаў, што ніякага канфлікту з Галоўнай Управай БАЗА ў мяне ня было, а была толькі разьбежнасьць у паглядах між мною й дэлегатамі на зьезд БАЗА адносна магчымасьці даньня абсалюторыюм асобе, што ня вылічылася з грамадзкіх грошаў i я ня маю ніякіх даных на тое, каб думаць, што пагляды сучаснай Галоўнай Управы іншыя. Адмовіўся я таксама ўвайсьці ў рэдакцыйную калегію «Беларуса».
Нягледзячы аднак натое, што я ад працы ў рэдакцыйнай калегіі «Беларуса» адмовіўся, у чэрвені месяцы 1954 году мяне паведамілі, што я выбраны ў рэд. калегію «Беларуса». Папярэднюю рэдактарку Управа БАЗА даволі груба адсунула ад рэдактарства. Была гэтай рэдактаркай Натальля Арсеньнева-Кушаль.
У новую рэдакцыйную калегію ўвайшлі: рэдактар Л. Савёнак, сябры - япіскап Васіль, A. Адамовіч, М. Міцкевіч, М. Панькоў i я. Рэдакцыйная калегія ў гэтым складзе выдала толькі адзін нумар «Беларуса» - № 49. Нумар гэты выклікаў вялікія нападкі з боку абрамчыкаўскіх артадоксаў, бо рабіў спробу аб'ектыўнага падыходу да праблемаў.
Падчас прыгатаўленьня 50-га нумару ў рэдакцыйнай калегіі паўстаў канфлікт пры абгаварваньні аднаго майго артыкулу, у якім была крытычная ацэнка становішча «Бацькаўшчыны», газэты выдаванай у Нямеччыне пад рэдактарствам др. Станіслава Станкевіча. У сваім артыкуле я навязваў да падзеяў у Антыбальшавіцкім Блёку Народаў, падзеям, якім «Бацькаўшчына» прысьвяціла ўвагу ў нумарох 186, 189, 199 (глядзі артыкул падпісаны X. Л) абураючыся на тое, што Накашыдзэ асьветчыў, што АБН змагаецца ня толькі з расейскім бальшавізмам, але й з расейцамі як такімі.
Япіскап Васіль вельмі востра выступіў супраць усялякіх нападкаў на расейцаў, гаворачы, што поўнае супрацоўніцтба з расейцамі ёсьць палітыкай Рады БНР з Абрамчыкам на чале, i што мой артыкул ні ў якім выпадку не пабачыць сьвету. На падмацаваньне свайго становішча, япіскап Васіль прачытаў ліст да яго ад др. Станіслава Станкевіча ў якім Станкевіч яшчэ выразьней спрэцызаваў становішча БНР, а аменна: з расейцамі, толькі з расейцамі й ніякіх антырасейскіх выказваньняў ня можа быць.
У адказ на дыктатарскія замашкі япіскапа Васіля й ня могучы з такім становішчам пагадзіцца, усе іншыя сябры калегіі: Л. Савёнак, A. Адамовіч, М. Панькоў i я асьветчылі, што пры такім нялічэньнем з боку яп. Васіля з воляй большасьці рэд. калегіі, яны зь ім супрацоўнічаць ня могуць. Рэдакцыя № 49 газэты «Беларус» аказалася нясугучная з непрадрашэнствам i хацела ня толькі аб гэтым маўчаць, але й гаварыць i пісаць. Такім чынам у «Беларусе» застаўся толькі адзін непрэдрашэнец - япіскап Васіль, i «Беларус» пакаціўся па праторанай Абрамчыкам дарожцы.
1954 год быў гураганны. 26-га жнівеня прайшоў гураган «Кэрол». 10 верасьня прайшоў гураган «Эдна». З гэтым было горш, як з «Кэрол». Як заўсёды пры гураганах пару дзён дзьмуў вецер з дажджом, што ішоў пад уплывам ветру, амаль раўналежна да зямлі й цёплай парнай духатой. На працы ў «Бапціст Машын Компані» (Людлёў стрыт) праца ішла нармальна, як раптоўна каля якой другой гадзіны пабачылі, што на суседні гарод i панадворак з вуліцы льецца, як рака вада. Праз момант гэтая рака заліла праз дзьверы цэлую майстэрню, так раптоўна, што ўсім хапіла часу толькі паўзлазіць на сталы. Вады налілося амаль з мэтр. Работнікі з дасьветчаньнем гаварылі, што вада хутка пачне зыходзіць, як пачнецца адплыў у моры. Прайшло аднак больш гадзіны, а вада нават i не пачала спадаць. Прыйшлося зьняць порткі й дабірацца да хаты ўброд.
Дом, дзе мы жылі таксама стаяў у вадзе. Памешканьне ня было залітае толькі дзякуючы высокаму фундамэнту. Залітай аказалася цэлая частка гораду Саўт-Энд (Паўдзённы бок). Прычынай даўгой паводкі было тое, што высокая вада ў моры выкліканая гураганам у часе прыплыву заліла горад i не адыходзіла, калі пачаўся адплыў, бо адплывовыя каналізацыйныя трубы ня былі разьлічаныя на такую колькасьць вады. Да гэтага стокі загрузіліся розным барахлом, што было на вуліцах i ў вадзе, i вада ня мела магчымасьці адплываць. Уся вада зыйшла толькі на трэйці дзень, а два дні па вуліцах плавалі лодкі.
Пасьля таго, як людзі павыпампоўвалі ваду з падвалаў, пачалі выкідаць усялякае падмочанае дабро й перад кажным домам аказалася цэлая гара ўсялякага барахла.
Пасьля паводкі на фабрыцы было многа працы з разборкаю й чысткай усіх машынаў.
Гаспадыня дому падала ў Урад Кантролі гасподняй платы просьбу падвышыць гасподнюю плату ўсім гасподнікам, матывуючы тым, што яна паносіць вялікія выдаткі на дом. Са сьпіску далучаных выдаткаў вынікала, што яна добра адрэмантавала сваё памешканьне й на гэтай падставе хоча падвышыць усіх гасподнюю плату. Я гэтак i напісаў у Ўрад Кантролі гасподняй платы. У падвышцы ў адносінах да мяне было адмоўлена й гаспадыня, што жыла над намі пачала стукаць у сваю падлогу - нашу столь. Жыцьцё зрабілася даволі няпрыемным.
У гэтым часе, В. Кажан, якому пагражала высяленьне з дому дзе ён жыў на Готорн стрыт з тае прычыны, што на месцы дзе стаяла хата мелі правесьці новую дарогу - канэктыцкую аўтастраду, пачаў разглядацца за іншым домам. З памешканьнямі ў Стэмфордзе было цяжка й Кажан зарыентаваўся, што атрымаць адносна таннае памешканьне ў Стэмфордзе, асабліва з трыма дзяцьмі, вельмі цяжка, асабліва яшчэ дзеля таго, што такіх як ён, выселеных у сувязі з будовай дарогі, было вельмі многа. Дзеля паданых прычынаў, Кажан пачаў разглядацца за домам, які-б ён мог купіць. Ня маючы дастаткова грошаў, ён ня раз прапанаваў мне ўвайсьці ў супалку, але мы абзаводзіцца домам не хацелі, але аднойчы пасьля чарговай авантуры з гаспадыняй, i ня бачачы магчымасьці знайсьці іншае памешканьне, я згадзіўся. Пачалі аглядаць дамы на продаж. Агледзелі некалькі дамоў, але Кажан перад гэтым агледзеў сам хіба некалькі дзесяткаў. Затрымаліся на двухсямейным доме на Лёквук Авэню. Дом - партэр i адзін паверх з амаль аднолькавымі памешканьнямі. Кажан, як з дзецьмі меўся жыць нанізе, мы - на паверсе.
Аглядалі мы толькі адзін паверх на нізе, верхняга памешканьня ніяк нельга было агледзець - усё нешта стаяла на перашкодзе, i як пазьней аказалася былі на гэта прычыны.
22-га лістапада 1954 году падпісалі ўступны кантракт з собсьнікам дому Дамінікам Альбоніціо i ўплацілі задатак. Дом гэты Альбоніціо меў толькі кароткі час, бо быў ім куплены спэцыяльна з мэтай адрэмантаваньня й перапрадажы. У доме жылі нейкія старыя гаспадары й дом быў у занядбаным стане. Кантракт куплі-продажы меў быць падпісаны 15 сьнежаня 1954 году. Цана дому была 12.000 даляраў. Дзеля таго, што мы такой сумы ня мелі, дык банк згадзіўся пазычыць 8.600 даляраў на дваццаць гадоў, бяручы за гэта 5 працэнтаў на год. Банк быў Стэмфорд Сэвінгс Банк, дзе й мы, i Кажаны трымалі ашчаднасьці.
Паколькі Кажан быў багацейшы й меў больш грошаў чым прыпадала на ягоную палову, дык ён зьвярнуўся да мяне з просьбай, каб я дазволіў яму заплаціць больш як выпадала на ягоную палову, каб такім чынам не плаціць за гіпатэчную пазыку з банку па 5 працэнтаў, тады як ён у гэтым самым банку атрымлівае ад сваіх ашчаднасьцяў толькі 3 працэнты. Я на гэта згадзіўся, бо ня бачыў у гэтым для сябе ніякай шкоды, хоць ня меў цяжкасьці ў дастаньні прыватнай пазыкi, каб выраўняцца з Кажаном. Напрыклад прапанавалі нам такую пазыку Ўладзімір i Ганна Русакі.
Пасьля падпісаньня ўступнага кантракту - маклер па продажы нярухомасьцяў Маркевіч, паказаў нам i памешканьне на паверсе. Адразу сталася ясным, чаму ён ня мог паказаць нам раней, бо памешканьне было ў вельмі запушчаным стане ды вельмі бруднае. Яно вымагала безадкладнага рамонту. Я зьвярнуў на гэта ўвагу Кажана й той адразу асьветчыў, што гэта-ж само сабою разумеецца, але ён мне дапаможа сваёю працай i панясе палову коштаў матэрыялаў. Кажан асьветчыў гэта з такой гатоўнасьцю, што мне зрабілася аж сорамна, што я ўзьняў гэтую гутарку.
У сьнежні падпісаньне кантракту не адбылося, бо гаспадар дому, Дамінік Альбоніціо, атрымаўшы ад нас задатак, выбраўся ў Флярыду адпачыць, і, відаць, праз памылку захапіў з сабою чужую жонку, сп. Меад. Муж яе паехаў усьлед за імі й калом забіў i сваю жонку й Д. Альбоніціо. Нашага чэку пры ім не знайшлі й ня ведаючы, што зь ім сталася, было няведама колькі мы павінны цяпер плаціць. Да таго-ж пакуль выясьнілі, хто спадкаемцы забітага, прайшоў час. Аканчальна купля дому была аформлена ў месяцы студзені 1955 г.
Новы 1955 год спаткалі ў хаце.
2-га студзеня, В. Кажан павёў мяне на агляд фабрыкі дзе ён працаваў - Пітні Боўл. Паказваў з гордасьцю гаспадара, але мне фабрыка не спадабалася, - завялікая. Штанцавальныя машыны былі разьмешчаны з двух бакоў праходу i я выабразіў сабе, які шум тут мусіць быць, калі яны працуюць.
Праца ў маёй майстэрні зьменшылася да васьмёх гадзінаў i зь няпрывычкі, бо пераважна працаваў па 9 гадзінаў, здалося, што зрабілася многа вольнага часу. Тады я пачаў патроху пісаць свае ўспаміны, але праца пасоўвалася вельмі павольна, i да паловы 60-ых гадоў я накідаў якіх 280 старонкаў, якія цяпер у 1980 годзе перапісваю. Пасьля напісаньня ўспамінаў прыпомнілася яшчэ многа дадатковых эпізодаў, якімі трэба будзе напісанае папоўніць.
8-га студзеня 1955 году атрымаў ліст ад Міколы Шчорса, у якім той прасіў прыняць удзел у апрацоўцы малога гістарычнага ўступу для камісіі кангрэсмана Кэрстэна, які быў старшынёю камісіі, якая займалася праблемай, як адбылося паняволеньне нерасейскіх народаў у Савецкім Саюзе.
На наступны дзень адбылося паседжаньне ў Шчорса. На гэтае паседжаньне апрача мяне i І. Касяка былі запрошаныя яшчэ: В. Тумаш i A. Адамовіч, якія не зьявіліся. Час на напісаньне быў даны вельмі кароткі. Спатканьне адбылося ў Шчорса на Джэксон Гайтс, дзе Шчорс стараўся пачаць лекарскую практыку ў Нью-Ёрку. Падзялілі ўсю працу на тры часткі, - за пяць дзён павінна было быць напісана. Падзяліў матэрыял на пяць частак i кажны дзень адразу пісаў на машыне. Зразумела, што ў так кароткі час можна было зрабіць больш ці менш уданую кампіляцыю. Я атрымаў для напісаньня пачатак, а далей пісалі Шчорс i Касяк.
У гэты самы дзень былі з жонкаю ў Тумашаў, дзе адбылася ўрачыстасьць хросту Яраславы (Яры) й Галіны Тумаш. Хрысьціў япіскап Васіль.
У наступную суботу сабраліся ізноў у Шчорса й прачыталі цэласьць. Прысутным быў таксама А. Шукелойць, ці быў прысутным на першым спатканьні, не памятаю. Шукелойца папрасілі ўзяць адзін машынапіс i перадаць яго A, Адамовічу, каб сьвежы чалавек перагледзеў ды зрабіў эвантуальныя папраўкі. Праз пару дзён А. Адамовіч зьвярнуў машынапіс бяз ніякіх увагаў.
Праз нейкі час выйшла ў сьвет друкам брашурка кангрэсавага камітэту Кэрстэна пад загалоўкам: Communist takeover and occupation of Byelorussia - Special Report No. 9, Union Calendar No. 929, 83d Congress, 2d Session.
Працу сваю аўтары не пазналі, бо відаць праца прайшла праз некалькі цэнзураў, паводля зьменаў i паправак выглядала, што расейскай, польскай i каталіцкай. Пратэставаць ня было дзе i як, бо мы праўна не існавалі, бо былі паводля амэрыканскае тэрміналёгіі Gost writers.
У хуткім часе пасьля выхаду ў сьвет брашуры, Вацлаў Пануцэвіч прыслаў мне ліст у якім адазваўся аб брашуры, як напісанай у беларускім парыятычным духу й пытаўся хто аўтары гэтай брашуры.
Я адказаў, што частковым аўтарам быў i я (вылічваючы i іншых аўтараў) i напісаў, што хоць ён брашуру хваліць, але зараз пачнецца вялікі вой, бо брашура напісаная без багаслаўленьня тых, хто сёньня стараецца манапалізаваць беларускі рух (Абрамчыкаўцаў).
Мае прадбачаньне аказалася праўдзівым. У хуткім часе я спаткаў К. Мерляка. Той пахваліў брашуру, але сказаў, што на нейкім паседжаньні, ці то БАЗА, ці то БНР, як выразіўся Мерляк, Н. Арсеньнева аж на сьцяну лезла заклікаючы прысутных, каб напісанае спэцкаць, закляйміць i гэтак далей, адным словам, як кажа адзін расейскі закон, каб «другим неповодно было», нешта пісаць без дазволу абрамчыкаўцаў.
Я адказаў на гэта, што такі бег выпадкаў я прадбачыў i нават даў ужо выраз у лісьце да В. Пануцэвіча. Я думаю, што калі Арсеньнева гэтым незадаволеная, дык галоўны аббрэх павядзе Тумаш. Сказаў я гэта проста праз зласьлівасьць, ня маючы ніякіх фактычных падставаў на мае цьверджаньне, апрача агульнай арыентацыі ў становішчы i арыентацыі ў канфігурацыі асобаў.
Хоць мне прыямней было-б памыліцца, аднак я не памыліўся. В. Тумаш зьмясьціў адзін артыкул у «Беларусе», (не памятаю пад якім подпісам), у якім напаў на брашуру бяссорамна перакручваючы факты й выдумляючы няіснуючыя факты, нібы ўзятыя ім із брашуры. Не задавальняючыся аднак гэтым, В. Тумаш напісаў другі артыкул у «Бацькаўшчыну» й там паклікаючыся на аўтарытэт, на свой-жа артыкул у «Беларусе», яшчэ раз паўтарыў старыя закіды й навыдумляў новых.
У адказ на Тумашава пісаньне я напісаў адказ у «Бацькаўшчыну», але тая са зразумелых прычынаў майго адказу не зьмясьціла, паведаміўшы аб гэтым у адказах рэдакцыі.
Свой адказ В. Тумашу я зьмясьціў у «Летапісе» пад загалоўкам «Крытыка й «крытыка», дзе выказаў няслушнасьць, i што горш, беспадстаўнасьць крытыкі Тумаща (схаванага пад рознымі псэўданімамі). В. Тумашу, наколькі я зарыентаваўся мой адказ вельмі не спадабаўся. Выглядае, што часта самі людзі не прадбачаць які адказ сам просіцца на іхнае пісаньне.
Ад'емная рэакцыя на брашуру была ня толькі В. Тумаша. ён знайшоў гарачае падтрыманьне сярод летувісаў. Выходзіў у тыя часы часопіс пад назовам: Lithuanus - Bulletin of Academic Youth. Выходзіў гэты часапіс у ангельскай мове ад 1954 да 1958 году. У адным з нумароў гэтага часапісу быў зьмешчаны артыкул прысьвечаны нашай брашуры. Артыкул быў мала меншы за брашуру. Такім чнам недагадзілі абрамчыкаўцам, недагадзілі й летувісам.
28 студзеня мы тымчасова пераехалі на жыцьцё, пакуль не звольніцца памешканьне на Лёквуд Авэню, на Стэйт стрыт № 334, насупраць чыгуначнай лініі (дамы былі толькі з аднаго боку вуліцы). Дом гэты быў збураны ў сувязі з правядзеньнем канэктыкуцкай аўтастрады. Увечары, якраз калі мы пераяжджалі талакою ўсіх стэмфордзкіх, на чыгунцы, якраз супраць дому здарылася катастрофа - на стоячы на запасным шляху цягнік, наехаў іншы цягнік, было многа пашкоджаных.
У лютым 1955 году, у памешканьні БАЗА, якая тады мясьцілася на Орчард стрыт на ніжнім Мангатане, адбылося паседжаньне ў справе школак для дзяцей. Прысутныя многа наракалі на абставіны жыцьця, што змушаюць абодвых бацькоў працаваць, i дзеля гэтага ня могуць займацца дзяцьмі, якія забываюць сваю мову. Прыйшлося ўнесьці некаторы дыссананс сказаўшы, што бацькі маюць да выбару, ці падвойны заробак ці выхаваньне дзяцей. Бацькі выбіраюць падвойны заробак i дзеля гэтага ня трэба на нікога наракаць, толькі на сябе, бо пражыць можна й на адзін заробак. Але, відаць, грошы для гэтых бацькоў важнейшыя, як выхаваньне дзяцей. У сьвятле гэтага мне здаецца было-б больш дамэтным зрабіць школу нацыянальнага выхаваньня не для дзяцей, а для бацькоу. Тыя-ж нацыянальна ўзгадаваныя бацькі зразумеюць, што выхаваньне дзяцей важнейшае за падвойны заробак i знойдуць час на заняткі зь дзяцьмі коштам другога заробку. Мне заўсёды не падабалася гэтая тэндэнцыя ў Беларусаў шукаць прычынаў не ў сябе, а звонку.
У канцы лютага 1955 году Кажан з сям'ёю перабраўся ў куплены намі дом, заняўшы згодна з нашым паразумленьнем памешканьне на партэры. У хуткім часе адну з суботаў прысьвяцілі на чыстку падвалу, - вывезьлі адтуль два грузавікі ўсялякага барахла. На наступную суботу прывялі ў парадак перарослы жываплот зь міртаў ад вуліцы Фрэнк, бо дом быў на рагу Лёквуд i Фрэнк.
Вырабілі для маёй сястры афідавіт - запэўненьне памешканьня ў мяне й запэўненьне працы ў майстэрні Баптыста, дзе я далей працаваў.
У канцы красавіка прыехаў у нейкай справе I. Касяк. Я павёў яго паказаць дом. Зайшлі ў памешканьне Кажана й Касяк пасьля сказаў, што жонка Кажана яму яшчэ пакажа - такая была ягоная ацэнка Любы Кажан.
16-га травеня 1955 году, гасподнік, што займаў маю гасподу ў нашым доме, прозьвішчам Вінтэр пакінуў памешканьне аддаючы мне ключ. На наступны дзень трэба было пачынаць рамонт памешканьня. Усе пакоі былі брудныя, але асабліва кухня. Усе драўляныя панэлі да вышыні вокнаў былі пакрытыя брудам, як-бы мазяй. Жонка перад маляваньнем улажыла многа працы каб дайсьці да фарбы. Кажану гэта вельмі не падабалася й спачатку ён тлумачыў, што фарба ўсё пакрые, а пазьней прыйшоў да жонкі й гаворыць, што вось вы ўсё тут мыеце, a лічнік на ваду ўсё круціцца. Жонка ў вочы выразіла яму сваю боязь, каб ён не звар'яваў гледзячы на гэты лічнік.
Адносна рамонту памешканьня, дык Кажан, які быў мне вытлумачыўшы, што ягоная дапамога ў рамоньце сама сабою разумеецца, цяпер дапамог толькі для формы папрацаваўшы з гадзіну ў кухні пры залепліваньні патрэсканых сьценаў i столі. У іншых пакоях дык нават не пастараўся сымбалічна дапамагчы. Перанесьліся на 56 Лёквуд Авэню 26-га травеня 1955 году, адрамантаваўшы толькі кухню й малы пакой для дачкі Ганны. Усе іншыя пакоі рамантаваў пазьней.
29-га чэрвеня 1955 году адбыўся кангрэс БАЗА. Усё адбылося ўстаноўленым парадкам. На заканчэньне кангрэсу нехта запрапанаваў выслаць прывітальную тэлеграму Міколу Абрамчыку. Я зь месца выступіў супраць, матывуючы гэта тым, што БАЗА згодна са сваім статутам ёсьць арганізацыяй апалітычнай, i дзеля гэтага ня можа выступаць з прывітальнымі тэлеграмамі палітычным дзеячом, асабліва тады, калі гэтая палітычная дзейнасьць выклікае засьцярогі некаторых сяброў БАЗА. Васіль Плескач выразіў сваю думку, што ніякай супярэчнасьці між статутовай апалітычнасьцяй i высыланьнем тэлеграмы М. Абрамчыку няма, бо М. Абрамчык ёсьць апалітычны. Супраць маёй прапановы выступалі таксама Ф. Кушаль i В. Стома, які паставіў рэтарычнае пытаньне, ці можа трэба выслаць тэлеграму лепш савецкім правадыром. Ніхто больш ні за, ні супраць не выступаў. Як трэба было думаць аб гэтым прывітальным рытуале, прапанова аб прыняцьці тэлеграмы была прынята плясканьнем у далоні.
У сувязі з вынікамі галасаваньня я асьветчыў старшыні мясцовага аддзелу БАЗА, Аўгену Протасу, што надалей сябе сябрам БАЗА ня лічу.
25-га чэрвеня 1955 году Бапціст Машын Компані перанеслася ў большае памешканьне, у адзін з будынкаў камплексу былой фабрыкі Эл энд Таўн, якая вырабляла замкі да дзьвярэй, тыя, што ў Вільні называліся францускімі замкамі. Фабрыка гэтая, у свой час найвялікшая ў Стэмфордзе, выехала на поўдзень у пошуках танейшай, не абнятай прафэсыйнымі саюзамі рабочай сілы. У пятніцу нам сказалі прыходзіць на новае месца працы, i сапраўды, у панядзелак, калі мы прыйшлі на працу ў новае памешканьне, дык усё ўжо было на сваіх мясцох гатовае да працы.
16-га чэрвеня 1955 году паведамілі аб сьмерці былога сэнатара польскага сойму - Васіля Рагулі, бацькі М. Рагулі.
У ліпені памаляваў пакой Раісы, а пазьней разам з Кажаном памалявалі голь i сходы. У хуткім часе пачаліся прыемнасьці супольніцтва. З паўночнага боку дому, каля дому рос блюшч i рос сабе спакойна, пакуль Кажану нехта не сказаў, што блюшч псуе дамы. Кажан нават не пацікавіўся ў чым выражаецца гэтае псаваньне, але пачаў пры кажным спатканьні налягаць, каб зьліквідаваць блюшч. Аднойчы праходзячы міма заўважыў, што Янка Пронька, бацька жонкі Кажана старанна зьмятае сьмецьце задкуль толькі можна й валіць гэтае сьмецьце на той блюшч, робячы там сьметнік. Калі я зьвярнуў увагу на гэта, дык Пронька пачаў гаварыць, што гэты блюшч непатрэбны, бо псуе дамы. Я не пачаў зь ім спрачацца, але сказаў, што пагавару з гаспадаром. Кажану я паказаў на зроблены сьметнік i запатрабаваў ягонага зьліквідаваньня ў працягу 24 гадзінаў. Ня ведаю хто чысьціў, але на раніцу было ўсё прыбрана.
13-га ліпеня 1955 году праходзіў гураган Коні i ў выніку дажджу ў падвале аказалася вада амаль на роўні зь зямлёю. Праз пару дзён вада сама недзе адплыла.
У гэтым часе я пачаў разглядацца за іншай працай, бо ў Бапціста Компані ня стала дадатковых гадзінаў. Заходзіў да Мюнха на Пацыфік, да Пітні-Боўлс-а, а нарэшце зайшоў у малую майстэрню на рагу Мэйн ст. i Кулёдзік Роад. Гаспадаром быў Джо, прозьвішча не памятаю, - ні то харват, ні то славак з паходжаньня. Прыняў мяне на працу й даў 1.70 на гадзіну з тым, што адзін дзень у тыдні праца была 10 гадзінаў у дзень, што раўнялася i гадзіны звышлічбовай працы кажны дзень. Адпрацаваў тут адзін дзень не забіраючы яшчэ ад Бапціста Компані сваёй скрынкі з інструмэнтамі. Я пабачыў, што праца ў мяне тут пойдзе й на наступны дзень паехаў з П. Пецько па сваю скрынку да Бапцісты ды там сказаў, што больш у яго не працую. Той выразіў зьдзіўленьне, гаворачы што ён думаў, што я быў задаволены. Я яму адказаў, што працую дзеля грошаў, а не дзеля прыемнасьці, i калі маю магчымасьць зарабіць больш, дык з нагоды карыстаю.
13-га верасьня купілі білеты на вадаплаў для Франкаў, для пераезду ў Амэрыку.
Раіса пачала працаваць 5 гадзінаў у дзень на фабрыцы Нортгэн-Уорэн, дзе выраблялі лякер да пазногцяў, крэм да скуры ды памаду да вуснаў. Калі Ганна вярталася са школы, Раіса была ўжо ў хаце.
18-га верасьня 1955 году адбыўся шлюб Аўгена Протаса з Аўгеньняй Храмавай. Шлюб адбыўся ў карпатарускай царкве на 4-ай вуліцы на Мангатане ў Нью Ёрку, дзе служыў япіскап Васіль. Прыняцьцё адбылося ў польскім клюбе ў Стэмфордзе.
20-га верасьня прайшоў гураган Іона, а 15-га кастрычніка ў выніку даўгіх i вялікіх дажджоў зрабіўся ў Стэмфордзе патоп. Рэчка, што праходзіць праз Стэмфорд - Рыповам Рывэр не пасьпявала выносіць ўсю ваду ў мора, выйшла зь берагоў i затапіла горад. Заліты быў цэнтральны пляц у Стэмфордзе, дзе стаіць ратуша.
25-га лістапада Франкі паведамілі, што выяжджаюць зь Нямеччыны i ў хуткім часе аказаліся ў Стэмфордзе.
Спатканьне Новага 1956-га году было спакойнае ў хаце. У гэтым годзе крыху часу прысьвячаў Камітэту Вольнай Беларусі. У склад гэтага камітэту ўваходзілі: В. Чабатарэвіч, М. Шчорс, Янка Касяк, Юры Сабалеўскі, Лявон Савёнак, М. Панькоў i я. Камітэт спатыкаўся раз у месяц, займаўся пісаньнем розных мэмарыялаў i падобных матэрыялаў у справах, якія здаваліся актуальнымі. Паседжаньні адбываліся пераважна ў памешканьні Сабалеўскага на Мангатане, недзе ў ваколіцах 60-ае вуліцы. Аднойчы ў гутарцы з Уладзімірам Русаком выявілася, што наш камітэт займаецца паперовай працай, на што я адказаў, што мы ня хочам перашкаджаць тым, хто займаецца кіраваньнем дзяржавай, як Рада БНР [18].
Аднойчы ідучы з паседжаньня камітэту ў падземку з В. Чабатарэвічам, я пачуў, як Чабатарэвіч горача выражаў сваё незадаваленьне зь нядаўна выйшаўшай кнігі К. Акулы - «Змагарныя дарогі», дзе роля Чабатарэвіча ў часе эвакуацыі зь Менску (Чабатарэвіч быў на чале афіцэрскай школы) была апісана ня вельмі карысна для Чабатарэвіча. Ці то на падставе прадмовы да кнігі, ці то зь іншых крыніцаў Чабатарэвіч лічыў, што адказным за прадстаўленьне яго ў некарысным для яго сьвятле, ёсьць Ф. Кушаль. У гутарцы са мною Чабатарэвіч некалькі разоў з націскам сказаў, што ён ведае пра Кушаля такую кампрамітуючую справу, што калі-б ён гэта апублікаваў, дык Кушаль быў-бы выканчаны ў вачох усяго беларускага грамадзтва. Нягледзячы аднак на некаторы націск з майго боку, Чабатарэвіч выявіць сваю тайніцу ўсё-ж не захацеў.
Аднойчы ў Менску, у чэрвені, год перад эвакуацыяй, выйшаў я пад вечар агледзець свой гарод i на гародзе спаткаўся з суседам - старшынёю горада Менска праф. др. інж. Вацлавам Іваноўскім. Абмяняліся пару словамі аб тым ды сім, але я адразу заўважыў, што прафэсар нечым праняты, - заўсёды такі гаваркі, сягоньня быў нешта зусім зьменены, напружаны. Папытаўся яго, можа якая новая няпрыемнасьць зь немцамі. Ды не, кажа ён, гэта з гэтым Арсеньневым усё. Трэба ведаць, што прафэсар з блізкімі асобамі ніколі не называў Ф. Кушаля, Кушалям, a заўсёды называў Арсеньневым, хочучы гэтым падчыркнуць, што ў сям'і Кушаляў усім кіруе ягоная жонка Натальля, з дому Арсеньнева. Папытаўся, што-ж той Арсеньнеў зрабіў i прафэсар Іваноўскі расказаў, што Ф. Кушаль, якому заўсёды было замала ўсялякіх матэрыяльных вартасьцяў падаў заяву з просьбай, каб яго залічылі ў фольксдойчы на той падставе, што нейкая далёкая прабабка ягонай жонкі - Арсеньневай, была немка. Прафэсар прасіў, каб нікому аб гэтым не гаварыў апрача спд. Раісы, мае жонкі, бо паступаньне Кушаля кампрамітуе ўсіх Беларусаў, а на нас, як сказаў прафэсар, i так даволі даносаў пішуць. На гэтым нашая гутарка ў гэтай справе скончылася.
На заканчэньне апісанай гутаркі з Чабатарэвічам я папытаўся ў яго, ці ён ведае нешта большае, чым тое, што Ф. Кушаль у Менску падаваўся ў фольксдойчы. Чабатарэвіч аж затрымаўся са зьдзіўленьня, памаўчаў, а тады сказаў: «Я вам гэтага не казаў». Я адказаў, што хоць у сапраўднасьці ён мне нічога ў гэтай справе не казаў, аднак гэта ня ёсьць сакрэтам, як яму здаецца, бо Кушалі з гэтым у Менску ня вельмі хаваліся, a ў Бэрліне зусім адкрыта аб гэтым гаварылі. У Менску аб гэтым ведалі ўсе працаўнікі рэдакцыі газэты «Беларуская газэта» ўключна з А. Адамовічам. Апрача гэтага я сказаў Чабатарэвічу, што вялікай сэнсацыі ягоная рэвэляцыя ня выкліча, бо ў нас людзей ацэньваюць не паводля таго, што яны ў сапраўднасьці сабою прадстаўляюць, але паводля таго, ці яны дастаткова голасна крычаць гура ў чэсьць адпаведных асобаў, a ў Кушаля ў гэтым кірунку голас моцны. У Бэрліне Кушаль крычаў гура для Астроўскага, а цяпер для Абрамчыка. Чабатарэвіч быў трохі зьбянтэжаны, што ягоная «тайніца» даволі шырока вядомая й расказаў мне падрабязнасьці гэтай Кушалявай прыгоды.
Калі ён, Чабатарэвіч, праходзіў аднойчы па калідоры СД, дзе ён працаваў перакладчыкам i дзе таксама працаваў Ф. Кушаль, пабачыў там стоячага Кушаля ў гутарцы, ці ў слуханьні нейкага іншага начальніка немца. Калі Чабатарэвіч зраўняўся зь імі, дык той немец затрымаў Чабатарэвіча й сказаў яму, каб ён перадаў Ф. Кушалю, што ягоная заява аб залічэньні ў фольксдойчы нямецкімі ўладамі адкінутая, дзеля дзьвёх прычынаў: папершае, Ф. Кушаль прапусьціў тэрмін вызначаны на самаазначэньне фольксдойчаў, а па-другое, нямецкія ўлады лічаць, што яму зусім добра й сярод Беларусоў. Затрымаў той немец Чабатарэвіча, як выглядае дзеля таго, што Кушаль, які амаль ня ведаў нямецкай мовы, ня мог зразумець таго, што немец яму казаў, a Чабатарэвіч якраз быў перакладчыкам. Гэтага-ж дня Кушаль заклікаў да сябе Чабатарэвіча й сказаў, каб той нікому пра гэта не расказваў, а тады выясьніў, што ён падаў заяву аб залічэньні ў фольксдойчы дзеля таго, каб магчы лепш служыць Беларусом.
Артыкул В. Чабатарэвіча ў якім ён напісаў, што Кушаль стараўся зьмяніць сваю нацыянальнасьць быў надрукаваны ў часопісе «Беларуская Думка» № 7 за 1965 год, старонка 21.
Пазьней будучы ў Бэрліне, Ф. Кушаль ізноў падаваў заяву ў гэтай справе, але сваёй запаветнай мары стацца немцам так i ня патрапіў зьдзейсьніць, бо пакуль немцы тыя Кушалявы заявы разгледзелі, дык трэба было далей падавацца з Бэрліну на захад.
На пачатку сакавіка 1956 году атрымаў запрашэньне прачытаць прынагодны рэфэрат на 25 Сакавіка ў Торонто, Канада. Запросіны прыняў, але нейкі час ня ведаў ці паеду, бо 16-га сакавіка выпаў сьнег, найвялікшы за цэлую зіму, аднак за некалькі дзён папрыбіралі.
Некалі ў лютым г. г. Міхась Тулейка расказаў мне, што на паседжаньні ўраду БАЗА нехта запрапанаваў, каб даручыць мне прачытаць рэфэрат на сьвяткаваньні 25-га Сакавіка ў Нью Ёрку. Прысутная там Н. Арсеньнева сказала, што яна ня супраць, але што гатовы тэкст рэфэрату павінен быць адданы пад разгляд i цэнзуру i, што яна асабіста бярэцца спраўдзіць ня толькі кажнае слова, але й кажную коску.
23-га сакавіка 1956 году выехаў са Стэмфорду ў Торонто. Выехаў з Нью Ёрку а 11-ай гадзіне вечарам, раніцою быў у Торонто. Езьдзіў цягніком. Затрымаўся ў Торонто ў Пашкевічаў, Валентына Жукоўская выйшла ў Канадзе замуж за Міхася Пашкевіча. Міхась Пашкевіч - ашмянчук, быў пасьля «вызваленьня» Заходняй Беларусі вывезены ў Савецкі Саюз. Пасьля таго, як палякі пагадзіліся з саветамі - пакт Майскі-Сікорскі, Міхась трапіў у армію Андэрса й тады праз Пэрсію, Італію, Англію ў Канаду. Гэта было першае спатканьне з Валяй Пашкевіч пасьля лягеру ДП у Майервіку. Міхась Пашкевіч зрабіў прыемнае ўражаньне, ён гэта ўжо другое пакаленьне сьведамых Беларусаў, бо ўжо ягоны бацька належаў да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. М. Пашкевіч цікавіўся ўсімі беларускімі праблемамі й быў калекцыянерам Беларусікі. Было ў ix двое дзяцей: старшы сын Паўлюк i малодшая дачка Эва.
25-га Сакавіка прачытаў рэфэрат. Пасьля акадэміі заглянуў яшчэ да Хмары. У Торонто спаткаў таксама першы раз пасьля Вільні Аўгена Тышкевіча. Жонка мая бачылася зь ім у Бэрліне й была вельмі абураная, што Тышкевіч са зьдзіўленьнем пытаўся ў яе чаго яна прыехала ў Нямеччыну. Жонка мая скончыла разам зь ім Віленскую Беларускую Гімназію. Я часамі езьдзіў зь ім на нартах. A. Тышкевіч быў скончыўшы аграномію й працаваў у Вільні асыстэнтам у праф. Станевіча. У Вільні, Тышкевіч за студэнцкіх часоў быў левым, з пагранічча да КПЗБ. Баронячы Польшчу трапіў у палон да немцаў, а тады, як Беларус быў выпушчаны на волю й жыў ды працаваў у Бэрліне. Беларускай працай не займаўся, бо была для яго трэфнай. Паразумнеў толькі тады, калі Саветы прыйшлі ў Бэрлін i ён пабачыў маленькую частку савецкай сапраўднасьці. Перабраўся ў заходні Бэрлін, а тады ў Канаду.
На наступны дзень пасьля акадэміі выехаў з Торонто й шчасьліва вярнуўся ў Стэмфорд.
У красавіку адказаў на ліст Э. Будзькі аб паездцы ў Торонто i іншым.
Нашая суполка з Кажаном пачала псавацца, бо Кажан пачаў без паразумленьня са мною прабаваць распараджацца самавольна ў доме. Правёў зь ім пару ўсьведамляючых гутарак 150 аб правох супольнікаў у супольнай собскасьці, але Кажан захоўваўся араганцка, даводзячы, што ён улажыў больш грошаў, а значыць мае большыя правы. Мой аргумэнт, што я ад яго грошаў ня браў, a меў справу толькі з банкам на яго не падзеяў. Відаць, што калі ён прасіў майго дазволу на тое, што заплаціць больш грошаў, дык спадзяваўся, што будзе мець большыя правы ў распараджаньні.
У чэрвені з Камітэту Вольнай Беларусі выступіў М. Шчорс, а дзень пасьля яго В. Чабатарэвіч. Матывам было тое, што Касяк i Ю. Сабалеўскі супраць аб'еднаньня ўсіх Беларусаў.
Падчас аднэй гутаркі з Ю. Сабалеўскім ён асьветчыў, што ён i група зь якой ён быў, зрабіла вялікую палітычную памылку супрацоўнічаючы з расейскай зарубежнай царквою праз падтрымліваньне япіскапаў зь Беларусі, якія падаліся пад уладу Расейскай зарубежнай царквы. Другая памылка была ў тым, што супрацоўнічалі з уласаўцамі. Сабалеўскі сказаў, што гэта ня ёсьцв сакрэтам і, што ён упаважняе мяне ягоныя пагляды апублікаваць. Я сказаў, што найлепш, каб гэта зрабіў ён сам, так гутарка й скончылася.
У ліпені першы раз былі на Лёнг Айляндзе (паза Бруклінам i Квінсам). Уладзімір i Ганна Русакі мелі сваякоў у гор. Рывэргэд i хацелі купіць там зямлю. Запрасілі да сваіх сваякоў Валынцоў i нас. Паехалі туды ў пятніцу вечарам. У суботу паехалі на мора лавіць рыбу, a ў нядзелю вярнуліся дамоў. Езьдзілі туды цягніком. Паваротную дарогу зрабілі інакш. Валынец адвёз нас аўтам у Порт Джэфэрсон, там селі на карабель-паром i праз гадзіну аказаліся у Брыджпорце, а стуль даехалі да Стэмфорду цягніком. Ганна ў дарозе трохі капрызіла i ўсё прыгаварвала: гаварылі, што на моры далека відаць, а тут нічога ня відаць, вада й вада. Валынцы жылі за горадам (Роанокэ роад) i там нам вельмі спадабалася, бо больш-менш у паўдарогі Лёнг Айлянд ператвараўся ў сельска гаспадарчую краіну - фармы й многа лясоў. Колькі год пазьней мы, там-жа на Лёнг Айленд, зьбіралі ўвосень грыбы, пераважна падасінавікі.
У жнівені скончыў карэспандэнцыйны курс у інструмэнтал'зьме (тулмэйкінг).
У верасьні атрымаў запрашэньне й пайшоў на публічнае паседжаньне Рады БНР. Публічна папытаў М. Абрамчыка, якія ўласаўцы парэкамандавалі ўласаўца У. Дудзіцкага на становішча ў радыё «Вызваленьне» ў Мюнхэне. Абрамчык сказаў, што яго рэкамандавала Рада БНР. Зразумела, як кажуць палякі: свуй до свэго по свое. Зь іншых крыніцаў чуў, што фактычна рэкамандацыя была В. Тумаша, які вельмі любіць выступаць у ролі мэцэната паэтаў i мастакоў.
Папытаўся ў майстэрні «Мэрыдыэн», дзе працаваў, пра падвышку. Гаспадар Джо сказаў, што цяпер цяжкія часы, на што я адказаў, што прыдзецца пашукаць таго, для каго часы ня так цяжкія.
Пайшоў на фабрыку Норма-Гофман, што вырабляла кулькавыя лажвы да машынаў i там прынялі. Тады паехаў у фабрыку Электрык Індыкэйтор i там таксама прынялі й сюды я пайшоў працаваць, бо хоць на пачатак далі тыя самыя 1.80, але абяцалі падбаўку за месяц, а апрача таго ўдзел у даходах прадпрыемства. Элінко (так у скароце называлася фабрыка) была далей ад Нормы-Гофмана, але мне лепш спадабалася з навейшымі машынамі. Элінко ніякіх індыкэйтараў не рабіла, а прадукавала электрычныя маленькія маторы да інструмэнтальнага ўжытку. Я пачаў там працу ў інструмэнтальным аддзеле (тулрум). Рабілі там мэханічную частку вырабу матораў, калі заказ быў замалы, каб пушчаць яго па лініі масавай прадукцыі, а таксама рабілі экспэрымэнтальную й мадэльную працу новых тыпаў матораў. У інструмэнтальным аддзеле працавала пяць асобаў. Кіраўніком быў вугорац, рабочымі: шатландзец, паляк, італьянец i я.
Пачаўся 1957 год. Якраз перад Новым Годам трэснула вадаправодная труба між вуліцай i хатай. Аказалася, што праца пры зьмене трубы вымагае двух спэцыяльнасьцяў. Адна спэцыяльнасьць гэта выкапаць роў, a калі роў выкапаны, дык спэцыяліст вадаправодчык мантуе новую трубу, а тады спэцыяліст ад капаньня ямаў ізноў закопвае роў.
На фабрыцы зьмяніўся адміністратар. Паколькі ў мяне дагавор адносна падвышкі быў са старым, дык выясьніў гэтую справу з новым i ў лютым пачаў даставаць 1.90 на гадзіну. Дастаў таксама сваю частку ўдзелу ў зысках прадпрыемства - бонус. Першыя 200 гадзінаў працы адлічылі й далі толькі за 93 гадзіны, што дало мне дадаткова 125 даляраў.
3-га лютага 1957 году адбыўся публічны сход для тых, хто хацелі паслухаць запісы таго, што перадаецца ў Савецкі Саюз з радыё станцыі «Вызваленьне-Лібэрэйшэн» зь Мюнхэну. Уражаньне з праслуханых запісаў такое, што гэтыя перадачы вельмі прэсныя й займаюцца рознай драбязой, як напрыклад, што ў Смаленск прывезьлі замала селядцоў i патварыліся чэргі перад крамамі. На пастаўленае мною пытаньне, колькі працэнтаў перадачаў прысьвячаецца нястачы селядцоў, a колькі беларускім праблемам, з тэй засьцярогай, што нястача селядцоў на Беларусі не належыць да таго, што я залічаю ў беларускія праблемы, прадстаўнік Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня Народаў Савецкага Саюзу адказаць не патрапіў.
Трэба сказаць, што больш-менш у гэтым часе, відаць пад уплывам пратэстаў тых, хто не хацелі належаць да «народов России», Амэрыканскі Камітэт зьмяніў свой назоў i пачаў у назове вызваляць народы не «России», а Савецкага Саюзу.
На пытаньне пастаўленае мною, хто гэта такія, каго Амэрыканскі Камітэт азначае назовам экстрымістаў у сваіх выдавецтвах i выказваньнях, прадстаўнік Амэрыканскага Камітэту прозьвішчам Чэрны адказаў, што для Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня Народаў Савецкага Саюзу, экстрыміст гэта кажны, хто не прызнае прынцыпу поўнага непрэдрашэнства будучыні народаў Расеі, а тады паправіўся й сказаў народаў СССР.
На пытаньне, ізноў мае, якія прынцыпы паложаныя ў аснову супрацоўніцтва з М. Абрамчыкам, той самы прадстаўнік Камітэту адказаў, што Камітэт супрацоўнічае з М. Абрамчыкам i цэлай Радай БНР на прынцыпе абсалютнага непрэдрашэнства адносна палітычнай будучыні народаў Савецкага Саюзу.
Калі гэта было сказана, на залі былі амаль усе сябры Рады БНР з Нью Ёрку й ваколіцаў i ніхто зь ix ані запярэчыў, ані даў ніякіх выясьненьняў у гэтай справе. Дзеля гэтага трэба лічыць, што асьветчаньне прадстаўніка Амэрыканскага Камітэту праўдзівае, згодна з прынцыпам права, што калі нехта маўчыць, тады калі павінен гаварыць, дык прыймаецца, што згаджаецца з перш сказаным: «qui tacet consentire yidetur ubi tractatur de ejus commodo.»
Ha запытаньне чаму радыёстанцыя Камітэту падае непраўдзівыя весткі адносна вугорскага паўстаньня, падчэркваючы антыкамуністычны характар паўстаньня, а не ўспамінаючы пра тое, што вугорскае паўстаньне мела ў першую чаргу антырасейскі характар, i што сярод правадыроў паўстаньня было многа камуністаў, прадстаўнік Камітэту неахвотна й з цяжкасьцю вымаўляў, што магчымыя былі два падыходы й Камітэт выбраў з гэтых двух падыходаў той, што ўжываўся ў радыё.
На заканчэньне, як заўсёды, выступіў Антон Адамовіч з гарачай абаронай падыходу Камітэту. Адамовіч сказаў, што калі-б радыё падавала праўдзівыя весткі пра паўстаньне, дык маглі-б абразіцца расейцы, а непарушная лучнасьць зь імі ёсьць самай важнай.
М. Абрамчык зьмясьціў у № 342 газэты «Бацькаўшчына» інтэрв,ю (з самым сабою). У адказ на ягонае інтэрв'ю я напісаў артыкул пад загалоўкам «Адказ Зарубежніку» й надрукаваў яго ў «Летапісе».
М. Тулейка прыслаў мне праект статуту БАЗА (новы) з просьбай перагляду й парабленьня ўвагаў. Я адказаў яму, што паводля мяне зусім непатрэбны ёсьць артыкул у статуце дзе сказана, што ня могуць належаць камуністы, бо сярод групы, што гуртуецца каля БАЗА камуністаў ня відаць, але заміж гэтага варта было-б мець артыкул, што гаварыў-бы, што да БАЗА ня могуць належаць непрэдрашэнцы, якія ў БАЗА ёсьць.
У маі 1957 году купіў сваё першае аўта Олдсмобіл 1948 году за 125 даляраў - за бонус атрыманы з Элінко. Аўта прывёз Чабатарэвіч i паставіў каля хаты атрымаўшы тымчасовы нумар. Каб атрымаць сталы нумар я мусіў завесьці аўта на інспэкцыю, бо згодна з законам, калі аўта куплена ў іншым штаце, дык падлягае інспэкцыі перад рэгістрацыяй. Аўтаінспэктар сказаў зьмяніць тры пабітыя шклы ў вокнах. Эгзамін на права язды здаў за другім разам 25 ліпеня 1957 г.
На пачатку ліпеня адведаў нас Р. Астроўскі й перадаў прывітаньні ад сына Віктара, які з савецкага канцэнтрацыйнага лягеру трапіў да Андэрса, а тады ў Англію. Шырэй пагаварыць ня было магчымасьці, бо прыехаў з ад'ютантам А. Арэхвам, які настойліва перашкаджаў у гутарцы, кажныя пяць мінут прыпамінаючы, што яны яшчэ ня скончылі нейкую пісьмовую працу.
У гутарцы Астроўскі між іншым сказаў, што ён патрабуе мець нейкага жандарма, які-б яго падганяў. У гэтым месцы я трохі няветліва адказаў, што ў такім выпадку ўсё ў парадку, бо жандарм каля вас ёсьць, але Арэхва й пасьля гэтага не адступаўся.
У ліпені адведалі нас Кароль i Зьдзіслаў Мілобендзкія, знаёмыя яшчэ зь Нью Ёрку. Яны ехалі з Масачусэтс у Вашынгтон, дзе бацька працаваў у Кангрэсовай Бібліятэцы. К. Мілобэндзкі намаўляў мяне, каб я таксама пераяжджаў на працу ў Бібліятэку.
7-га сьнежня 1957 году я атымаў амэрыканскае грамадзянства.
3-га сьнежня атрымаў ліст ад Р. Астроўскага, што нас адведае. Адведаў гэтым разам без ад'ютанта, рассталіся прыемна.
31-га сьнежня 1957 году атрымаў ліст ад Мілобэндзкага, які запрашаў прыехаць у Вашынгтон, каб там разгледзецца адносна атрыманьня працы ў Кангрэсовай Бібліятэцы.
«Приймете друзе мои възлюблении вдзяне тую мою малую працу, а о большей самися постарайте, и инших и мене увеселяте».
Лаурэньці Зізаній, 1596.
ПАСЛОЎЕ.
На гэтым канчаюцца прыгатаваныя да друку Успаміны сьв. пам. Леаніда Галяка. Далейшыя матэрыялы засталіся ў выглядзе дзёньнікаў, нататкаў, тэзау i багатага ліставаньня пра розныя грамадзкія падзеі, здарэньні i таму падобнаег што патрабуе ўкладу пасьлядоўнасьці.
«Успаміны» - кніга дакумантацыі, якая паказвае былыя падзеі бяз прыкрасаў, без фальшаваньня, i называе ўсіх дзейнікаў уласнымі імёнамі нягледзячы на становішчы, якія той ці іншы займаў на эміграцыі або на Бацькаўшчыне.
Кветкі зьвянуць,
Словы змоўкнуць, -
Твае Успаміны
будуць жыць у гісторыі.
Рэдакцыя.
ДАДАТКІ
Дадатак 1-шы
Прэзыдзнт Беларускай Цэнтральнай Рады
Бэрлін, № 55, 12-11-1945 г. Гумбінэр штр. 28.
Загад № 1.
ад 12 лютага 1945 г. (часовы)
На час эвакуацыі для абслугоўваньня ўцекачоў-беларусаў i вядзеньня бягучай працы вызначаю наступны склад супрацоўнікаў БЦР:
Сацыяльны аддзел: загадчык - Пётра Орса, заступнік - Уладзімір Саўка, сакратарка-перакладчыца - Зоя Коўш, для абслугоўваньня жаночага й дзіцячага сэктару - Р. Галяк. Абавязкам Сацыяльнага аддзелу зьяўляецца: афармленьне эвакуаваных у дакумэнтаваньне харчаваньня, загледжаньне ў начлег, падшуканьне працы, забясьпечаньне праязднымі дакумэнтамі, мэдычная дапамога, выдача грашовых дапамогаў, пасярэдніцтва ў арганізацыі працы беларусаў, памяшчэньне дзяцей ў ясьлі i ў гэтых мэтах Сацыяльны аддзел павінен вязацца ў адпавёднія нямецкія арганізацыі.
Фінансава-гаспадарчы аддзел: загадчык - Уладзімір Каракулька, ён-жа й касір, да яго бухгальтар - Гэлена Палуйчык вядуць усю фінансава-гаспадарчую частку, устанаўліваюць касу, аплачваюць рахункі, вядуць закупы, пры чым аплаце падлягаюць рахункі візаваныя загадчыкамі аддзелаў i апрабаваныя мною.
Пэрсанальны аддзел: загадчыкам зьяўляецца Анатоль Сакалоў, машыністка - Раіса Евец. На ix абавязку ляжыць рэгістрацыя й дакумэнтацыя ўсіх прыяжджаючых i прывядзеньне ў парадак вывезеных архіваў i дакумэнтаў.
Хоць выдаўніцтва газэты не належыла да кампэтэнцыі БЦР, але дзякуючы таму, што пры эвакуацыі я прыняў ад выдавецтва ўвесь гаспадарчы i адміністрацыйны архіў газэты, без чаго, калі-б газэта й выйшла, справы перасылкі, гаспадаркі i адміністрацыі была-б у такім стане, што адрэсаты былі-б ня ў стане атрымліваць газэту. Упарадкаваньне дакумэнтаў па выдавецтве газэты й падрыхтоўкі адрасоў даручыць працаўніку газэты i яе адміністрацыі Аркадзю Евец i залічыць яго працаўніком газэты ды акрэдытаваць яго аплату ў 325 РМ у месяц.
Разьлік з газэтай будзе выкананы па ўрэгуляваньні спраў эвакуацыі i ўстабілізаваньні дзейнасьці.
Аддзел аховы здароўя: др. Мікола Мінкевіч - загадчык, да яго кампэтэнцыі належыць абслугоўваньне хворых уцекачоў, увязка з мясцовымі лекарскімі ўстановамі й падрыхтоўка да магчымага пераводу школы мэд-сёстраў з Бэрліна ў Гэкстар.
Для даручэньняў вызначаецца сп. Усевалад Радзевіч, які ў характары перакладчыка й спэцыяльнага кур'ера, выконвае даручэньні сувязі між БЦР i нямецкімі ўстановамі й выяжджае ў камандзіроўкі. Усе былыя працаўнікі БЦР i тых устаноў, якія былі на аплаце БЦР з днём 12. 2. 45 году знаходзяцца ў стане ўрляпаваным.
Справу затрудненьня i аплаты ўрляпаваных працаўнікоў пакідаю да спэцыяльнага загаду Прэзыдэнта.
Загад гэты прадстаўляецца на апрабату сп. Прэзыдэнту праз адумысловага кур'ера.
/ - / Ю. Сабалеўскі Віцэ-прэзыдэнт БЦР.
Дадатак 2-гі
Загад № 2
па Вайсковаму Аддзелу: 12 лютага 1945 г.
Сп. ген. Езавітаў ня вызначыў i не паведаміў мяне, што да ўзначальваньня Вайсковага Аддзелу на эміграцыі. З пасярод прыбыўшых з Вайсковага Аддзелу няма ні аднаго з кіраўнічага становішча, дзеля чаго даручаю шэфу канцылярыі сп. Васілені прывесьці ў парадак дакумэнты i архіў Вайсковага Аддзелу, саставіць сьпіс апакаваньня, пацэхаваць сваімі знакам і й да часу атрыманьня аб вызначэньні кіраўніка ўстрымацца з апэрацыямі па Вайсковаму Аддзелу. Адпаведны рапарт укладае сп. Васіленя й прадстаўляе праз мяне сп. ген. К. Езавітаву.
Усе справы сп. Васіленя павінен закончыць не пазьней 15-га лютага 1945 году. З пункту гледжаньня рачовасьці знаходжу за адпаведнае прыбылых супрацоўнікаў Вайсковага Аддзелу накіроўваць у пункт фарміраваньня беларускае брыгады i ў гэтых мэтах даручаецца сп. др. Мінкевічу, як афіцэру Вайсковага Аддзелу разам с сп. Васіленям атрымаць тэлефанічнае або тэлеграфічнае палучэньне са сп. Прэзыдэнтам i ген. К. Езавітавым.
/-/ Ю. Сабалеўскі Віцэ-прэзыдэнт БЦР
Дадатак № 3.
Загад № 3. [19]
ад 13 лютага 1945 г.
Заняткі пачынаюцца a гадзіне 10-ай, пакой № 5. Загадчыкі аддзелаў вядуць даручаную працу. Адлучка пэрсаналу паза месца працы ўзгадняецца з загадчыкам аддзелу. Самавольная адлучка не дапускаецца. Справа перапынку на сьнеданьне i абеды, а таксама вячэры залежна ад агульнага раскладу месца харчаваньня.
/ - / Ю. Сабалеўскі Віцэ-прэзыдэнт БЦР
Іншыя Загады не падаюцца, бо там пераважна падаюцца сьпісы людзей i радных. Рэд.
Дадатак № 4.
Спадару Прэзыдэнту Беларускай Цэнтральнай Рады
ў Бэрліне.
Датычыць: Справаздачы аб часовай арганізацыі працы БЦР на эвакуацыі.
У адказ на Вашае пісьмо, сп Прэзыдэнт, ад 17 лютага 1945 г. за № 36-Пр, даношу, што мае мерапрыемствы ў Гэкстэры насілі вылучна часовы характар. Неабходнасьць ix была выкліканая абставінамі працы ў часе эвакуацыі й неабходнасьцю абслугоўваньня едучых з намі, а наступна й далучыўшыхся (згодна з Вашым даручэньнем павінна было быць усяго 25 асобаў, а ехала 51).
Зьмест маіх мерапрыемстваў паўстаў у выніку нашае сумеснае працы з сп. радным Орсам П. i др. Мінкевічам М. адпаведна да паўсталай канечнасьці й залежна ад мясцовых вымогаў. Кіруючая роля, бязумоўна належыць да мяне i я свой абавязак выконваў па свайму разуменьню й наказу ўласнага сумленьня ў добрай веры й перакананьні, што ў данай сытуацыі гэта адпавядае беларускай справе.
Што датычыцца пастаўленых мне Вамі, сп. Прэзыдэнт, закідаў аб перакрочаньні кампэтэнцыі, нерачовасьці й шкоднасьці маіх загадаў, нясу за гэта маральную адказнасьць i справа ацэнкі гэтых пытаньняў - гэта справа адкрытае дыскусыі, i я магу быць дапушчаны да голасу. Усе акалічнасьці неабходна спраўдзіць на месцы ix дзеяньня й паўстаньня.
Галоўны Ваш закід, сп. Прэзыдэнт, перадача нібыта мною звольненых супрацоўнікаў БЦР у кампэтэнцыю Арбайтсамту, не адпавядае фактычнаму стану. У бягучую працу магло быць уключана ня больш 13 асобаў службоўцаў (столькі было Вамі й вызначана), рэшта была часова вольнаю. Меў замер лічыць ix урляпаванымі, але мне гэта было забаронена - нямецкія законы працы урлёпаў не дазваляюць. Наша ўстанова павінна была быць зарэгістравана й залегалізавана ў Арбайтсамце i ўсе чыннасьці ў гэтым пытаньні выконвалі прадстаўнікі Остміністэрства.
Агульная вытычная была дадзена паўнамоцнікам міністэрства сп. др. Кнюпфэрам. Я быў пастаўлены ў неабходнасьць падпарадкаваньня. Была прынята мая адна кляўзуля ў пытаньнях працы, што нашы супрацоўнікі, калі будуць пакліканы да працы паза Радаю, рэгістравацца будуць на новай працы, як затрудненыя часова й на нашае запатрабаваньне Арбайтсамт будзе ix звальняць, але пасьля прыдзяленьня нам сталага месца асядленьня. Асабіста з прадстаўнікамі Арбайтсамту я спатканьня ня меў i выключаўся мой удзел у пытаньнях затрудненьня. Па ўсёй лініі гэтага пытаньня я быў у ролі падпарадкаванага, a ніколі вырашальнікам. Кампэтэнтнымі ў гэтых пытаньнях былі прадстаўнікі нямецкіх установаў на месцы праз нашае Ляйтштэльле i яны толькі могуць сказаць чаму так, а не іначай сталася.
Хто мог Вам, сп. Прэзыдэнт, прадставіць гэтую справу так, як Вы мне гэта пішаце, я ня ведаю й не стараюся даведацца. Для мяне ясна, што бярэ тут удзел інтрыга й закулісы. Яны Вам прадставілі справу, як гэта ім падабалася, i Вы гэтаму поўнасьцю паверылі. Жалю ня маю, я сябе стаўлю вышэй, каб узалежняцца ад людзей працуючых з-за ўкрыцьця. Пазіраю на гэтых людзей пагардліва, лічыў i лічу нікчэмнасьцю, асабліва, калі, мажліва, даносчык браў удзел па абодвых бакох. Выснавы Вашыя ў пісьме катэгарычныя, але пагадзіцеся самі з адным мамэнтам, што Вы, сп. Прэзыдэнт, разглядалі справу на значную адлегласьць i не пацікавіліся станам рэчы на месцы.
Пісьмом Вашым я пастаўлены ў неабходнасьць прыняць закіды ў прадстаўленай мне форме безапэляцыйна. Загад сп. Орсу прыняць адміністраваньне й выканаць Ваш загад з адначасовым даручэньнем яму адкамандзіраваць мяне ў Бэрлін, па форме й зьместу мае значэньне адкліканьня мяне, як «апальнага» без дапушчэньня да спраў. Спорыць ня буду. Вашае гэта права, але й пагадзіцца з гэтым не хачу, хоць ад спраў поўнасьцю адыйшоў. Можа й сапраўды сёньняшняя мая праца пазбаўлена жыцьцёвасьці, непатрэбная i я толькі ўводжу дысананс у агульную работу. З многім, што сярод нас адбываецца пагадзіцца не магу, расстаноўка пэрсанажаў i падбор кадраў незусім адпаведныя. Зьмяніць гэты стан - мне не пад сілу, падпарадкавацца поўнасьцю фактычнаму стану - не дазваляе мне сумленьне... А можа я поўнасьцю неадпаведны?.. 1ду за голасам свайго разважаньня далей i вырашаю гэты стан супярэчнасьці тым, што з днём 28. 2. 1945 г. зракаюся мандату раднага Беларускай Цэнтральнай Рады, становішча Віцэ-прэзыдэнта яс i ўсіх пыплываючых з гэтага грамадзкіх, службовых i палітычных становішчаў. (падкрэсьлена намі Рэд.)
Жыве Беларусь!
28. 2. 1945 г. Гэкстэр.
/ - / Ю. Сабалеўскі З арыгіналам згодна: / - / Р. Евец
ДАПІСКА...
На самым версе ў шуфлядзе ягонага рабочага стала ляжаў аркуш паперы запісаны адручна ў ангельскай мове - Кароткі тэстамэнт, фотакопія якога тут падаецца. Напісаны быў, відавочна, незадоўга да сьмерці, бо не даводзілася бачыць яго раней. Апрача шматлікіх дакумантаў, арыгіналаў ды кнігаў ужо перададзеных у Скарынаўскую Бібліятэку й Музэй, меў праўдападобна на думцы апрацаваныя пераклады судовых кодэксаў, сабраны й падрыхтаваны матэрыял да некаторых праблемаў ды «Успаміны», якімі занялося выдавецтва «Летапіс». Трэба дадаць, што фінансовыя магчымасьці вышэй успомненых інстытуцыяў абмежаваныя, таксама, як абмежаванае, нажаль, зацікаўленьне пакінутым матэрыялам.
Сьпіс пераданых Л. Галяком, яшчэ пры ягоным жыцьці, матэрыялаў i кнігаў у Бібліятэку й Музэй ім. Ф. Скарыны ў Лёндане будзе друкавацца ў «Летапісе». Рэдакцыя
Зьменшаная фотакопія тэстамэнту
[1]Не мяшаць з маладзейшым Др. Ст. Грынкевічам, які быў пазьней у ЗША.
[2] К. Езавітаў у 1915 годзе скончыў Александраўскі кадэцкі корпус i пазьней служыў у 114 Пскоўскім палку афіцэрам. Рэд.
[3] Глядзі тагачасныя беларускія й нямецкія газэты. Рэд.
[4] В. Гуцько, ён-жа i Ул. Дудзіцка. Рэд.
[5] Па мойму быў даволі вялікі выбар страваў. Р. Г.
[6] А. Разанаў - малады беларускі паэта, друкуецца ў часопісе «Маладосьць» i інш., ад 1947 г. Рэд.
[7] Параўнайце, калі ласка, з тым, што піша аб гэтым а. С. Коўш у выданым ім «Альбоме». Рэд.
[8] Праўда, хоць самагон называўся «Сурвілаўка» й «Сьмірноўка», але а. Сьмірноў гэтым не займаўся, a «канцэсію» меў яго малодшы брат. Рэд.
[9] Р. Астроўскі даручыў П. Орсу 50.000 RM перадаць для БНЦ. П. Орса перадаў грошы Л. Галяку, a JI. Галяк здаў ix пад расьпіску др. В. Тумашу. (Расьпіска маецца). Рэд.
[10] Зоя Каўшанка адбыўшы кару, у Хрушчоўскія часы й пазьней жыла ў Вільні. Рэд.
[11] Ані Беларускія ані Украінскія лягеры ў францускай зоне аднак ніколі не ўтварыліся.
[12] Гісторыя Н. я. i яе сына ў аснове правільная, але апісана скарочана. Толькі дзякуючы адвазе й вытрываласьці гэтай жанчыны, яна здабыла свайго сына. Рэд.
[13] Мюрвік - месца дзе падпісана была фактычная капітуляцыя Нямеччыны адм. Дэніцам 7.5.1945 году. Рэд.
[14] Як бачым амаль не памыліўся. Рэд.
[15] Антон Шукалойць i Л. Галяк лічылі, што маючы БАПЦ шлюб ня мусіў адбывацца ў расейскай царкве. Рэд.
[16] Шлюб даваў ведамы паляк-шавініст кс. Бурант. Рэд.
[17] У сваіх успамінах сьв. п. Л. Галяк усюды піша прозьвішча праз «а», Паланевіч, як i агульна ўсе яго называлі, але таму, што на помніку магільніка ў Іст-Брансвіку выбіта Polonievic, Рэдакцыя выпраўляе гэтую памылку.
[18] Пазьней у Камітэт Вольнай Беларусі ўваходзілі: Л. Брылеўская й Плескачэўскі. Рэд.
[19] У арыгінале Загад № 3 падаецца таксама ў перакладзе на нямецкую мову.