Папярэдняя старонка: Мемуары

Кастусь Акула. Дэманстрацыя на ЭКСПО-67 


Аўтар: Акула Кастусь,
Дадана: 09-11-2017,
Крыніца: Акула Кастусь. Дэманстрацыя на ЭКСПО-67 // Спадчына. 1997. №2. С. 232-240.



У сваім доме на канадыйскім беразе возера Антарыё ў Таронта вядомы пісьменьнік нашага замежжа, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру Кастусъ Акула часта прыгадвае дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы, пахаваную на Росах у Вільні маці Паўліну i закатаванагаў ГУЛАГу бацьку Ігната. Ва ўспамінах вяртаюцца да яго Віленская беларуская гімназія i чатыры месяцы няволі ў гітлераўскай вязьніцы i канцлягеры, уступленъне ў 8-ю британскую армію i баі з фашыстамі на Апэнінах, калі ён атрымаў ангельскі "Мэдаль за вайну " i "Зорку Італіі". Потым была вайсковая школа ў Вялікабрытаніі й пераезд у Амэрыку, кіраваньне Згуртаваньнем беларусаў Канады, рэдагаваньне газэты "Беларускі эмігрант " i супрацоўніцтва з парыскім "Континентом"... Наймацнейшую ж духоўную падтрымку давала літаратурная праца, чые сілавыя лініі назаўсёды паядналі пісьменьніка з трагічным лёсам Бацькаўшчыны.

Кастусь Акула - аўтар сямі кніг. Адна зь ix - раман "Змагарныя дарогі" - быў перавыдадзены ў 1994 годзе ў Беларусі i адзначаны літаратурнай прэміяй імя Францішка Багушэвіча, якую штогод прысуджае нацыяналъны ПЭН-цэнтар.

Увазе чытачоў "Спадчыны " прапануецца фрагмэнт аўтабіяграфічных нарысаў К Акулы зь ягонае кнігі "Усякая ўсячына " (Таронта, 1984). Падзея, аб якой пойдзе гаворка, у свой час прыцягнула вялікую ўвагу мас-медыя ў Канадзе й ЗША. Пра інцыдэнт, што адбыўся ў дзень Спвецкага Саюзу на сусьветнай выставе ЭКСПО-67 у Манрэалі, у газэце "Новое Русское Слово" паведамляў яшчэ адзін знакаміты літаратар нашае эміграцыі Юрка Віцьбіч: "Тысячы людзей сачылі за першым намесьнікам Касыгіна - Палянскім, які рабіў агляд ганаровай варты, калі з боку сэкцыі прэсы пачуўся моцны голас, што разьлёгся далека над натоўпам: "Свабоду беларусам! Няхай жыве незалежная Беларусь!" Адначасова ўгору паляцелі сотні брашураў. Паліцэйскія схапілі чалавека, які крычаў, i заціснулі яму рот. Гэта быў беларускі пісьменьнік Кастусь Акула.

Зрэшты, дамо слова герою.

Уладзімер АРЛОЎ.

З кнігі: К.Акула. Усякая усячына. Таронта, 1984.


Думка пра бамбардаваньне бальшавікоў на Экспо-67 нарадзілася ці не паўгода перад адкрыцьцём выстаўкі. Дзень той плянаваўся на 17-га жнівеня, пасьля такіх-жа праграмных дней, прысьвечаных Расеі i Ўкраіне.

Беларускія арганізацыі ў Канадзе існуюць (хацелася-б сказаць - ліпяць) ужо дзясяткі гадоў. Людзі таўкуцца на сваіх рэлігійных i грамадзкіх панадворках, занятыя "вялікімі" справамі. Пытаньню папулярызацыі беларускага імя, культуры й вызвольнага змаганьня запрыгоненага беларускага народу навонкі мала даецца ўвагі. Папершае - замала кампэтэнтных людзей у гэтай галіне працы, падругое - бальшыня нашых людзей добрае волі, на жаль, не разумее нашага асноўнага заданьня на чужыне.

Некаторыя думаюць, што памаліцца ў сваёй царкве, паехаць на свой пікнік ці пайсьці на сваю вечарыну - гэта i ёсьць нацыянальная праца. Бязумоўна, гэта жыцьцё нутраное, неабходнае. Але так існаваць можам гадоў сотню ці больш, а чужынцы як ня ведалі, так i ня будуць пра нас ведаць. Баліць сэрца, калі чуеш, што людзі сябе змагарамі называюць, ды адно на собскім панадворку топчуцца. Даўно пара выйсьці на сьвет шырокі, штурмаваць бастыёны чужой нясьведамосьці пра Беларусь. На маю думку, адзін добра выкарыстаны момант, дзе ёсьць нагода папулярызаваць вызвольныя інтарэсы беларускага народу, дасьць нам больш, чым колькі гадоў дзейнасьці якой нашай арганізацыі.

Беларускі Дзень на Экспо-67 уяўляўся мне такой нагодай. Тут за малы кошт можна вельмі многа здабыць для Беларусі. Адно ўмела зарганізавацца. (...)

Яшчэ ў панядзелак раніцай, разам зь Юркам Станкевічам, разьведаў падыходы да Плошчы Нацыяў, дзе мае адбывацца ўся цырымонія. Даведаўся праграму наступнага дня. Лявон Яўменаў, Беларус із ваколіцаў Хоцімска, паэт, штатны працаўнік савецкага павілёну, падобнага сваей канструкцыяй на расейскі "сарай", сказаў мне, што, апроч Палянскага, заступніка прэм'ер-міністра Касыгіна, будзе заўтра (ужо прыехалі) на стадыёне й больш "вялікіх рыбаў", а між ix i Беларус Шаура. (...)

Ноччу 3 14-га на 15-га жнівеня круціўся як чарвяк на кручку. Адхапіў пару гадзінаў сну недзе пад раніцу. Звычайна як сплю, скрыгаю зубамі. Ці не ад бацькі гэта прывычка. Скрыгаў-жа i ён, гаротнік, - вечная яму памяць. Бальшавікі яго ў канцлягеры пасьля вайны замардавалі. У гэных пару гадзінаў сну скрыгатаў я больш чым нармальна. Ці-ж гэта легка? Вядома, як Палянскі ды іншыя "рыбы" прыплылі, дык паліцыі будзе ўсюды, як маку. А тутака адзін. Вось i бамбі. На сябра, Антона Маркевіча, палягаю, але ніколі-ж не давялося мне яго бачыць у такіх сытуацыях. Ці вытрымае ён? Ці паможа? Трэба-ж будзе i ў вязьніцу йсьці. А ён-жа безработны цяпер, ды грошы ў яго не вядуцца. Ці-ж яго вінаваціць будзеш, калі ў апошнюю хвіліну завагаецца?

Пасьля гэткага сну, больш змучаны, чымся ўчора, з балючымі ад скрыганьня зубамі, падняўся да бою. Не. Гэтта не "паказнае гэройства", як пісаў да мяне д-р Жук-Грышкевіч [1]. Каму як каму, а мне трэба было-б удома сядзець, сям'б глядзець. Але хто-ж зробіць? Такая залатая нагода. I дзе падзеліся нашы "палітыкі" й "змагары"? Сорамна за ўсіх. I за тых, што на зьездах надта мудра разважаюць, дый тых, што пры піве й гарэлцы так шмат незалісжных i свабодных Беларусяў будуюць. (...)

Нарэшце выехалі. Едзем цесным i ўдушлівым мэтро. Вылазім. Усюды вялікі натоўп. Ногі подбегам нясуць да Плошчы Нацыяў. А там чырвоных мундзіраў, як маку. Чорных ня менш. Шэрых (бясьпека Экспо) таксама ўволю. А колькі-ж ix яшчэ ў цывільнай вопратцы між народу! Кідаем вокам на плошчу. Усе падыходы да трыбуны зачынены. На першых месцах навокал распалажыліся савецкія матросы з тых пару караблёў, што прыехалі ў госьці. Добра падбалі "ребята", што й гаварыць!

Разглядаемся. Усюды поўна народу. Нідзе ўжо наперад не пралезеш. Трэба выбіраць месца ззаду, але такое, каб адразу не схапілі. "Ангелы аховы" пільным вокам сочаць за натоўпам. Нарэшце я выбіраю месца. Мая торба сіняга колеру, купленая на Экспо. На ёй афіцыяльная эмблема, а ўсярэдзіне "кантрабанда". У Маркевіча, таксама напакаваны лістоўкамі, звычайны руды папяровы мяшок з харчовае крамы. Антон прыкрывае яго пінжаком, нязручна хавае. Які ён наіўны,- думаю сабе.

Выбранае мною месца насупраць трыбуны, але зусім з процілеглага боку, далёка ад яе. Унізе распалажылася аркестра. Побач - сьцягі ўсіх нацыяў пырхаюць на маштах. Я выбіраю месца побач тэлевізійнага апарату. Каб, калі ўдасца, было максімум прапаганды й мінімум намаганьня. Хлопцы з СБС (канадыйскай дзяржаўнай тэлевізійнай карпарацыі, што нашымі падаткамі жывіцца) умеюць навіны лавіць.

Стаю, разглядаюся. Вецер ад возера нясе ў бок натоўпу. Што будзе, тое будзе, а буду стаяць тут,- пастанаўляю. Як кінеш зь ветрам лістоўкі, дык можа на аркестру пападуць, але мо каторыя i ў рукі гледачоў ці да бальшавіцкіх матросаў далятуць. Вецярок паможа.

Прыходзіць Антон Маркевіч i прыносіць добрыя навіны. Там, каля прэсавае сэкцыі лепш было-б, - пераконвае мяне. Бліжэй да Палянскага. Спрачаемся хвіліну-дзьве паўголасам. Каб, барані Божа, не заўважылі. У натоўпе чуваць i расейская гутарка. Пакідаю нагледжанае месца i йду за Антонам. Падыходзім да прэсавай сэкцыі. Кажа мне Антон, што ўжо сустрэў тут нейкага Ўкраінца, карэспандэнта таронцкае газэты "Глоб энд мэйл" ды нашага Янку Запрудніка ад радыё "Свабода" зь Нью-Ёрку.

Вось каб у самай прэсавай сэкцыі сесьці! - кажа Антон. Я, доўга ня думаючы, адразу накіроўваюся туды. "Ангел-вартаўнік" зь бясьпекі Экспо-67 хутка растапырвае крыльлі.

Ваш прэсавы пашпарт, калі ласка!

Як той казаў, адсадзі, бражка, назад. Знайшлося месца побач. Тут знаходзіцца ўсё тое, што пазьней пачалі называць "мідыя"- сродкі масавага пераказу, - "вочы й вушы" ўсяго сьвету, у ix ліку карэспандэнты ўсіх найважнейшых прэсавых i тэлевізійньіх агенцыяў, усяго, як казалі, звыш трыста чалавек.

Тымчасам унізе аркестра вядзе нейкую мэлёдыю. Нейкі басіла з "большого" зацягвае:

...мы никогда врага не пощадим...

Дзьве машты. На адной вісіць канадыйскі сьцяг зь кляновым лістом, іншая пустая. Туды неўзабаве ўспаўзе сымбаль чалавеканянавісьці. Тады трэба бамбіць. Вунь у галоўнай браме ужо сабраліся "шчасьлівыя" эсэсэраўскія народы. Зараз выйдуць яны на арэну сусьветную, каб паказацца, пахваліцца, адурманіваць нясьведамых... А колькі-ж тут гэтых нясьведамых! Кроў нявінных з вашага чырвонага сьцягу капае. Але ці-ж гэтыя разявакі разумеюць? (...)

Антон ізноў падыйшоў ззаду, нешта гаворыць. Не адзываюся. Ужо занадта рызыкоўна. Блізка гадзіна ноль. Цераз плячо бачу яго й Запрудніка. Мяне цяпер больш цікавіць дзядзька з правага боку, чарнявы, у акулярах i із фотаапаратам. Хто ён такі? Тая жанчына зь левага боку па-расейску гаворыць да суседкі. Кроў б'е ў скроні.

Недзе ў натоўпе ёсьць i кадэбэшнік Прокша, i таронцкі рэдактар "Вестника" Акулевіч, i іншая "прагрэсыўная" дробязь. З ратоў ім сьлінкі цякуць. Зараз-жа ў лепшых колерах магутную "пралетарскую" пабачаць.

Аркестра грае нейкі бадзёры марш. На плошчу выходзяць "сувэрэнныя народы" эсэсэрыі. Над імі - гіганцкія сьцягі. Трэці з чаргі - беларускі савецкі. Дзьве прыгожыя дзяўчыны ў нацыянальных вопратках. Пасярод ix моцныя дзяцюковы рукі трымаюць сьцяг, Масквой накінуты. Сьцяг пракляцьця. Чырвоная кроў. Серп i молат. Зялёнае поле. Абрабаваная Беларусь. Вэртыкальна маячыцца нацыянальны арнамэнт. Зганьбаваны. Дзяўчаткі йдуць прыгожа й прынадна, быццам на сцэне. Гэта не калгасьніцы, а бадай акторкі.

На плошчу ўваходзіць канадыйская ганаровая варта, выпрастоўваецца перад трыбунай. Сьмяецца зьверху ласкавае сонца. Тых прадстаўнікоў народаў эсэсэрыі людзі слабымі воплескамі віталі. Цяпер усё маўчыць. I весь чуем савецкі гімн. Не "Інтэрнацыянал", а гэты новы. Паволі паўзе на слуп чырвоная шмата. Успаўзла. Цяпер пад гукі канадыйскае аркестры Палянскі, у суправодзе іншых, ідзе перад першым шэрагам ганаровае варты. Заварачваецца, ідзе перад другім. Гадзіна ноль блізка.

Вешаю торбу на грудзі. Расшпільваю зіпар-маланку. Руку ўсаджваю ў торбу. Бяру як найбольш лістовак. Каб адным махам. Буду кідаць направа й налева, шырака, над і аловамі, каб як найбольш людзям у рукі трапіла. Нясі-ж, ветрык міленькі. Данясі ўва ўсе куткі, каб пачулі народы сьвету пра змагарную, непакорную, запрыгонную, абрабаваную краіну.

Недзе ззаду Палянскаму салютуюць стрэламі гарматы. Каралеве ангельскай, прыгадваю, білі дваццаць адзін, а савецкаму прадстаўніку толькі дзевятнаццаць стрэлаў. Гарматныя стрэлы паднялі у паветра гурт галубоў, што былі разьмясьціліся на масыўнай, адмыслова збудаванай эмблеме Экспо, для сьвяткаваньня стагодзьдзя Канады. Галуб - эмблема міру. Гэта, як на сыгнал, галубы ўзьляцелі быццам, каб прывітаць прадстаўніка найбольш забойчай імпэрыі ў гісторыі чалавецтва. Тады, прыгадваю, я перастаў паважаць галубоў.

Палянскі ўжо паварочвае на трыбуну. Цяпер надыйшоў момант. Усюды ціха. Рантам вялікае напружаньне ў мяне як рукой адняло. Не злавілі. Цяпер мае слова.

Памажы, Божа!

Як тыя дурныя галубы, пырхнулі над натоўпам сотні лістовак із згорбленым прыгоньнікам пад цяжарам чырвонай зьненавіджанай зоркі. І ўвесь цяжар падрыхтовак цяпер выліўся ў свабодным i магутным голасе. Перш па ангельску:

Death to Moscow murderers! .

Сьмерцъ маскоўскім забойцам!

I другое:

Freedom for Byelorussia!

Вольнасьцъ для Беларусі!

А тады па-беларуску, каб тыя эсэсэраўцы на плошчы чулі:

Няхай жыве вольная Беларусь!

І ў наступны момант моцныя рукі схапілі мяне ззаду i паднялі, як пярынку, у паветра. Навокал быццам бура. Перад вачмі мільгаюць твары. Дзьве рукі закрываюць мне рот. I моцны голас:

Ня крычы! Не пакрыўдзім! Толькі ня крычы!

Навокал людзі хапаюць лістоўкі. А каля мяне чырвоныя, чорныя й шэрыя паліцыйныя мундзіры. Як груганы, наляцелі.

Мой капялюш. Давайце капялюш.

Ня ўпіраюся. Спрабуй адно, дык яшчэ дваццацьпятку за супраціў паліцыі ўлепяць. Я сваю работу зрабіў. Цяпер груганьнё ад мяне адляцела, а вядуць два маладыя паліцыянты з гарадзкое мантрыяльскае паліцыі. А што там на плошчы? Спыніў урачыстасьць ці не? Не чуваць Антона, Ён мусіў быў бамбіць зараз пасьля мяне. Напэўна, струсіў.

Перада мною ідзе чалавек з паходнай тэлевізійнай камэрай. Апарат на мяне настаўлены. На маім твары расплываецца ўсьмешка. Удалося. Сьмяюся ў камэру, махаю рукой. Паліцыянт касавурыцца, цісьне маю руку ўніз. Нещта кажа па-француску.

Што кажаш? Не разумею,- кажу па-беларуску.

Нічога. Ня трэба рукой махаць, - адказвае той па-ангельску.

Вядуць недзе пад мост, на якім "мінірэйл" (спэцыяльная, адмыслова пабудаваная для Экспо-67 "малая чыгунка") ходзіць. Пустая торба вісіць у мяне на грудзёх. Асталося там лістовак, мусіць, з тузін. Добра выкінуў. На аднаго-ж хіба хопіць. Удалося. Цяпер вяртаецца спакой.

Што гэта ты там раскідаў? - пытаецца паліцыянт. Дастаю лістоўкі й даю кажнаму па аднэй.

Глядзіце,- кажу.

Бяруць i хаваюць у кішэні. Прыходзіць афіцэр паліцыі. Яму торкаю адну у руку. Цяпер зусім іншы чалавек із тэлевізійнай камэрай робіць здымкі. Чакаем. Побач бачу малы фантан. Прашу дазволу напіцца i задавольваю смагу.

Ужо прыехаў "чорны воран", i мяне ветліва запрашаюць сесьці.

Кал i ласка,- кажуць, i два паліцыянты сядаюць побач ca мной. Закрываюць дзьверы ззаду. Тут горача вельмі. "Воран" робіць баразну ў гушчы людзей на выстаўцы. Куды-ж гэта вязуць? Пазіраю на сваіх "ангелаў-вартаўнікоў". Што гэтыя хлопцы думаюць? Чытаюць лістоўкі (фактычна гэта брашуры на 12 бачын у францускай i ангельскай мовах) i нешта гавораць па-француску.

Вам пашана за гэта, што вы зрабілі,- кажа адзін зь ix мне.- Але нас не вінавацьце. Мы сваю працу мусім рабіць.

Усьміхаюся й нічога не адказваю.

Высаджваюць перад дзьвярмі прыгожага "бангалова", дзесьці на поўдзень ад таго Экспо. Вядуць усярэдзіну. Спачатку два маладыя паліцыянты, каторыя прывязьлі, стаяць побач, пасьля адыходзяць, закурваюць, жартуюць.

Першая кантроля. Выцягвай усё з кішэняў. Забралі торбу, кашалёк, цыгарэты, запалкі, абмацалі ўсяго, ці няма зброі. Паліцыянт сядзіць насупраць мяне пры стале й піша прозьвішча ды іншае: ад'суль, што, чаму... Аб'яўляе мне, што мяне абвінавацяць у "закалоце публічнага парадку". Пасьля вядуць у іншы пакой. Там іншы паліцыянт піша рапарт.

Другі, у цывільнай вопратцы, малады, чарнявы, яшчэ раз пераглядае мае рэчы. Ужо не абмацвае мяне, як тыя раней, але глядзіць уважна на капялюш, пальцамі мацае яго навокал.

Зброі ня маеш? - пытае.

Ня маю й ня меў.

Ён бярэ з мае торбы ручку-самапіску, раскручвае яе, уважна прыглядаецца кажнай дэталі.

Уважайце, асьцярожна, - перасьцерагаю яго. Пазірае на мяне з пытаньнем у вачох.

Гэта вельмі небясьпечная прылада, - тлумачу. . - Як гэта разумець?- пытаецца заінтрыгаваны.

А вы ня чулі, што пяро ёсьць магутнейшае за шаблю? Ён усьміхаецца. Чытае маю брашуру. Той, што пісаў рапарт, выходзіць.

Але добрая работа, - кажа тэты у цывільным. - Ня думайце,- глядзіць мне проста у вочы,- што мы проці вас. Такіх людзей, як вы, што змагаецеся за свабоду, мы паважаем. Адно, што свае абавязкі выконваць мусім. Разумеецё?

Так, разумею, - адказваю.

Я ўсьміхаюся да яго, а ён да мяне. - Як вы называецеся? - пытаю яго.

Констабал Дзюбі.

Ён зьвяртаецца да мяне на "сэр":

Хвіліна страху, - думаю сабе. Гэтыя людзі нас паважаюць. Констабал Дзюбі знайшоў у маёй торбе кнігу "Пра час i пра сябе". Ён, выглядае, ведае кірыліцу, намагаецца чытаць складам!. Я яму памагаю.

Адтуль вязуць мяне ў паліцыйны участак нумар адзін. Вылазім перад вялікім будынкам. Той, што ехаў са мной ззаду, кажа да шофэра: "Скарэй, дурак!".

А гэта што? Беларус, можа? Нос крукам, але твар славянскі. Едзем ліфтам уверх. Адзін паліцыянт пытаецца другога:

Колькі, думаеш, яму дадуць? Даляраў сотню?

Ды за што? - пытаецца другі.

Ну за зьнявагу чужых дыпляматаў. Помніш, колькі ўляпілі таму, што на Дэ Голя крычаў "бандзіт"?

А хто-ж гэта такі Дэ Голь? - злуе другі.- Сукін сын!

Ты што, славянін нейкі? - зьвяртаюся я да таго, што гаварыў па-беларуску.

Я ня ведаю. Называюся Козэл...

Можа, Казёл? - папраўляю яго.

Можа, i так, - адказвае й рагоча. - Маці па-польску мне пару слоў сказала. Казала, што "козел" то "гоўт". Гэта што, самка ці самец?

Самец, - кажу.

Чуеш, чуеш? - разрагатаўся паліцыянт, тоўхаючы другога. - Я самец, я самец. А як самка? - пытаецца мяне.

Каза.

Чуеш, чуеш?- таўхае Козэл другога пад бок. - Каза. І аж заходзіцца ад рогату.

Ліфт спыняецца. Вядуць мяне ў пакой i перадаюць у рукі інспэктара Дзюбі, каторы адносіцца да мяне вельмі ветліва, зьвяртаецца на "сэр". Ен вядзе мяне ў бюро ідэнтыфікацыі. Стаю ў малой каморцы перад вялікім люстэркам, а мяне аглядае там нехта з другога боку... Ці пасуе мой твар да здымкі якога крыміналісты. Значыцца, правяраюць, каго злавілі. Ды нарэшце ўжо нацешыліся. Вядуць i замыкаюць мяне разам з "гіпісамі".

Прашу, каб прыслалі адваката. Нейкую гадзіну пазьней зьявіўся каля рашоткі чарнявы чалавек. Прозьвішча яго Бега, з паходжаньня Ўкраінец.

- Дужэ, дужэ прыемно, пане Аісула,- выцягнуў ён да мяне руку, - вас пізнаты. Вэлыкій гонор. Цэ, шчо вы ныне зробілы, я сам бажаў бы зробіты. Я такіх людэй, як вы, дужэ шаную...

- Добры чалавек, - думаю. Назаўтра мой погляд адносна "добрага чалавека"зьмяніўся, калі ён за сваю помач засупоніў аж 75 даляраў. Але ў гэны дзень, каля гадзіны трэцяй я стаяў перад судзьдзёй, прызнаўся ў сваей віне. Атрымаў кару 25 даляраў i судовых коштаў тры з паловай даляры.

Ад пачатку "бамбардаваньня" Палянскага i да выхаду на волю прайшло было так гадзінаў пяць. У гэны й наступны дзень пісалі пра аднаго Беларуса, каторы прарваўся праз паліцыю, крычаў i раскідаў брашуры пра паняволеную Беларусь на Экспо-67, мясцовыя й іншыя канадыйскія газэты. Бачыў я сябе, арыштаванага, з усьмешкай, у суправодзе паліцыі, на тэлеэкране, два разы. Сьвет пачуў пра паняволеную Беларусь...



[1] На той час Вінцэнт Жук-Грышксвіч быў сябрам Рады БНР i старшынём Сэктару Рады на Канаду.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX