Хто не стаяў каля станка - той не зразумее прозу завадскога рабацягі, і будзе кпіць і глуміцца з ягонага цемрашальства, называць абмежаваным і недалёкім. А я пяць гадоў ад званка да званка адбыла на заводзе свой тэрмін. Я слухала музыку станка і бачыла танцы пагрузчыкаў...
Там у полі падымалі лён,
Дзе зымшэлы спаў стары курган.
І сівы як свет лятаў крумкач -
Вартаваў спакой мінулых дзён.
І цягнула з неба цішыня
Паўзабытым велічным званом,
Раскатурхаў сэрцы забабон -
Распаліць удзячнасці агню.
Дзякаваць зямлі за ўраджай,
Богу - за ўрадлівую зямлю,
Шчырую багатую раллю,
Дзякаваць за спадчыну дзядам...
Там у полі спаў стары курган,
Дзе зляжалы падымалі лён.
Подыхам мінулых светлых дзён
Прашчуры стаялі сярод нас.
Змест
Гаспадарчае значэнне і раёны вырошчвання лёну
ЯКІМ СУДОМ ТЫ СУДЗІШ - ТАКІМ СУДЗІМЫ БУДЗЕШ
Зайсці ў кожны дом, у кожную кватэру
Стан і развіццё ільняной галіны ў Рэспубліцы Беларусь
Становішча скупога, які плаціць двойчы
Нічога яшчэ не скончана. Усё толькі пачынаецца.
193'1 КК РБ
Аднойчы па мяне прыйшлі міліцыянты. Іх цікавіла, хто пашкодзіў будынкі надпісамі "Зубр" і "16". Следчы крымінальнага вышуку доўга трымаў мяне ў кабінеце, ды так нічога і не дабіўся. Я насамрэч не ведала. Цэлую гадзіну даводзіла яму, у чым розніца паміж "Зубрамі" і "Маладым Фронтам". І ў якасці доказу таго, што я не маю дачынення да першай арганізацыі, я паказала пасведчанне сябра МФ. Мяне адпусцілі. Выходзячы з пастарунка, я даведалася, хто навёў міліцыю на мяне - той, да каго я яшчэ не астыла ў думках і чый трускалкавы смак пацалункаў яшчэ памяталі мае вусны...
Горад запястрэў надпісамі фармату МФ. За мной сачылі, катаючыся на "мошках", але ні аднаго разу я не была запыненаю нават проста дзеля кантролю. Гэта пазней міліцыянты, атрымаўшы не аднойчы ў каршэнь за прапушчаную налепку, пачалі рэагаваць нават з залішняю стараннасцю, і кожны мой прамінацік, нават самы бязвінны, сканчаўся ў пастарунку.
"Зёберы"
Калі з'явіліся "Зёберы", справа раскруцілася. За месяц перад выбарамі. "Зёберы" - гэта мясцовыя аматары бырла. Чаму яны сябе так клічуць - не ведаю. Калі б хто бачыў, як яны бухаюць, таму чалавеку зрабілася б не проста дрэнна, а вельмі моташна. Я паспела звазіць "Зёбераў" на лютаўскую акцыю, уся паездка зацягнулася на тры дні - і не таму, што кагось затрымалі, а таму, што дарога была такою. А мяне тым часам шукалі. Шукалі, таму што надпісаў было ўжо зашмат, і трэба было камусьці за іх адказваць. Я не ведаю, што б было, калі б з акцыі мы вярнуліся дадому ў пятніцу. Я не ведаю, што б было, калі б, вяртаючыся пятніцаю, мы не саскочылі з аўтобуса на паўдарозе, дарэчы ў самы апошні момант, бо амаль што на хадзе - аўтобус не хацеў нас адпускаць - і не завярнулі ў вёску пераначаваць. Таму што па мяне прыходзілі міліцыянты...
Пасля таго, як у нас арганізавалася суполачка (а "Зёбераў" назбіралася чалавек дзесяць ілбоў), я паспела сваіх хлапцоў накіраваць у Клецак. А яны паспелі там накасячыць. Хоць я і папярэджвала, што з іхнімі звычкамі давядзецца падзавязаць, калі яны плануюць далучацца да нашага руху, але іх крыху непрывабны стан у дадзеным выпадку быў усяго толькі фонам... "Зёбераў" пачалі цягаць у Клецак. Іхнія мамачкі сталі наяжджаць на мяне. З абразамі і пагрозамі. Міліцыянты цярпліва нечага чакалі. І не ведаю, што б было, калі б ні гэты Шмондзер, з якім мяне пазнаёмілі ў вёсцы, яшчэ калі мы вярталіся з лютаўскае акцыі. Атрымалася так, што ён з'явіўся ці не ў самы зручны момант. Але для каго той момант быў зручным - не ведаю. Пасля таго, як мяне міліцыянты не знайшлі і не дачакаліся ад мяне тэлефанавання на пакінуты імі нумар (а як жа ж, буду я яшчэ перад імі адчытвацца!), прайшло ўжо досыць часу. І, паколькі ўсё гэта зафіксавана ў матэрыялах справы, зазначу - так, я прасіла Шмондзера зрабіць некалькі надпісаў. Так, я дала яму для гэтага распыляльнікі з фарбаю...
Шмондзер - чукча. Самы сапраўдны. Па нараджэнні. Прыехаў сюды, уцякаючы ад расейскага правасуддзя і пасяліўся ў вёсцы, дзе жыве мая бабуля. Хай сабе б і жыў, але Шмондзер ёсць Шмондзер.
Хлапцоў пачалі цягаць у Клецкую мусарню, і яны апынуліся ў незразумелым становішчы - моцна пахла крыміналкай, але яе ніхто не хацеў пачынаць, таму іх так доўга і марудна цягалі. Значна пазней я прачытала вынікі гэтых цяганняў у матэрыялах сваёй справы. Аднойчы, калі Зёберы ў чарговы раз паехалі ў Клецак, завітаў Шмондзер. Ён запытваўся наконт іх і справы. Я параіла яму, у сувязі са складанай сітуацыяй, перачакаць крыху, таму што мне патрэбна дакладна ведаць, што паграджае хлопцам. Але ён вырашыў па-свойму. Пазней мне хлапцы распавядалі, што ён зрабіў гэта спецыяльна. Але вось з якой мэтай - засталося загадкай...
У нядзелю ранічкай з маёй вёскі тэлефануе нашая сваячка. Жанчына са слязьмі скардзіцца, што нейкі ахламон распэцкаў сцены крамы, дзе яна працавала, і клуба, які стаяў побач. Мама на мяне з крыкам: гэта твае вінаватыя!!! Я на яе спакойна - выклікай міліцыю.
Міліцыю выклікаць не спатрэбілася. Яны прыехалі самі. Роўна праз пятнаццаць хвілінаў пасля таго, як нам патэлефанавала Марына.
У пастарунку мяне дапытваў ужо зусім іншы следчы. Мінулы раз гэта была размова чыста дзеля цікавасці. Гэтым разам усё было інакш. Спачатку, трымаючы пратакол мінулага допыту, следчы перапытаўся наконт "Зуброў" і "МФ". Я пацвердзіла ўсё, што было занатавана ў мінулым пратаколе. Магла і не адказваць, канешне, магла і адмовіцца - але гэта ўжо з вышыні сённяшняга вопыту. На той час не праводзіўся лікбез. Мне ніхто нічога не тлумачыў. Потым спыталі, адкуль я ведаю Гуляева. Я сяжу, лыпаю вачыма - гэтае прозвішча я чую першы раз. Насамрэч. У кабінеце было, акрамя следчага, яшчэ тры ці чатыры міліцыянты. Але яны ўвесь час то выходзілі, то вярталіся. А адкуль, калі я яго не ведаю, у яго мае дакументы? Я ізноў лыпаю вачыма - якія дакументы? Мне прыносяць. Тое, што я пакінула ў хаце Шмондзера. Там пазначаны мой тэлефон. З ягоных словаў (а ён у гэты час сядзеў у іншым кабінеце і таксама цярпеў допыт), мы пазнаёміліся на вуліцы, і я аддала яму гэта... можна было б пагадзіцца. Наконт буклетаў і каляндарыкаў - пачытай сам, падзяліся з сябрамі. Але там яшчэ былі некаторыя паперы не для ўсіх. Згаджацца з тым, што я аддала гэтыя дакументы першаму сустрэчнаму на вуліцы, было б смешна. Міліцыянты цікавіліся яшчэ і тым, дзе я была, калі яны мяне шукалі. Давялося казаць праўду. Так, я была ў Менску, але ніхто так і не здолеў даказаць, што я была на акцыі - не знайшлі. А вяртаючыся па дарозе дадому, сустрэла знаёмых, якія прапанавалі мне заруліць у вёску. Чаму б і не? Там і пазнаёмілася са Шмондзерам. Гэта было праўдаю. Ніякіх дакументаў яму не аддавала... Як яны патрапілі яму ў рукі? Проста незнарок пакінула. А чаму мае паказанні разыходзяцца з ягонымі? Таму што я яму не дала... Міліцыянты ўтаропіліся - што не дала? Ну, ён хацеў, а я яму не дала. Вось і кляпае. Хлапцы крыху паржалі, пазначыўшы, што "гэты можа", і паверылі мне. Краем вока ўбачыла, што следчы піша паперу на нейкі артыкул. Усё, думаю, дагаварылася.
Забралі пашпарт. У пашпарце было пасведчанне сябра МФ - я запамятавала, што яно ёсць у мяне з сабою. Запрасілі панятых, сутачнікаў, адзін з якіх - Аляксандр Рыгоравіч. Пасмяяліся яшчэ і з гэтага. Але дзядзькі доўга не маглі зразумець, чаго міліцыянты хочуць ад мяне і ад іх. У іхнім прысутніцтве забралі пасведчанне. Болей я яго не бачыла. Толькі на судзе. Вельмі доўга штосьці вырашалі. Урэшце, прыводзяць у кабінет да начальніка мусарні і кажуць: альбо кажы, хто размаляваў Нясвіж, альбо зараз зачынім. Я адна, іх сабралося - начальнік мусарні, намеснік начальніка, следчы і супрацоўнік КДБ. Тут дарэчы сказаць, "мусарня" - вельмі нават цывільнае беларускае слова, утворанае ад абрэвіятуры МУС (Міністэрства ўнутраных справаў), і не мае ў сабе ні абражлівага, ані ганебнага сэнса, які прыцягнулі ў нашую краіну разам з усёй астатняй антыкультурай маскалі. Думаю - калі скажу, чые надпісы, усё адно зачыняць. Называю прозвішча, якое першым прыйшло ў галаву. Заводзяць у кабінет да лейтэнанта Жура, маладзенькага хлопчыка Сашкі, з аддзелу ААПП, які і тэлефанаваў мне ў той дзень, як я з "Зёберамі" ездзіла ў Менск. Загадваюць пасядзець крыху там.
Трымалі доўга. Адпусцілі толькі тады, калі здолелі рассмяшыць. Не памятаю ўжо, чым, але трымалі да тога часу, пакуль не ўбачылі ўсмешку. Пашпарт застаўся ў іх. Потым былі два тыдні, цяжкія, марудныя. У чаканні. Хлапцы працягвалі цягацца ў Клецак. Да мяне пачалі хадзіць міліцыянты. Ці не кожны дзень. Што вельмі палохала бабулю і дзядулю. Я разрывалася на часткі. Я не верыла ў сур'ёзнасць справы. Я бачыла па міліцыянтах, што яны самі не ведаюць, што са мною рабіць. Але старым было страшна. Яны аднойчы перажылі ўсё гэта. Удзень яшчэ было нічога, ды і лейтэнант іх супакойваў як мог. Але ўначы я чула ціхую жудасць у прышапту-галашэнні бабулі. Я разрывалася на часткі. Мама пачынала мяне ненавідзець. Я сыходзіла з хаты. Мне было нашмат спакайней у пастарунку, таму што дома ўжо было немагчыма.
Такое становішча не магло працягвацца вечна. З аднаго боку - хлапцы з іхняю зацяглаю клецкаю справаю. З другога - невыносныя ўмовы ў хаце. У мяне проста ўжо не вытрымлівалі нервы. Я была гатоваю пайсці да следчага і прызнацца яму ва ўсім. Аднойчы "Зёберы" чарговы раз паехалі ў Клецак. Я чакала ад іх тэлефанавання. І быў ужо вечар, калі ў дзверы нарэшце пагрукалі. Лячу адчыняць у спадзяванні, што гэта вярнуліся хлопцы. Але на парозе стаялі міліцыянты. З пастановай на ператрус. Ён цягнуўся каля трох гадзін. У напружанні. Старыя зашыліся ў пакою і сядзелі ціхенечка, баючыся нават дыхнуць. Іх пакой (фактычна, мой, які я аддала старым, пакуль дзед ляжаў) не чапалі. Так, прабегліся адно вачыма. Калі пачалі складаць опіс на тое, што знайшлі, атрымалася невялічкая разрадка. У пакунках знайшлі старое сухое печыва, на якое я нейк і запамятавала, вяртаючыся адным разам з Менску. Засмяяліся - ужо сухары пачала сушыць. Далі адрэсу, па якой я павінна была ехаць у Менск да следчага: Варвашэні, 10 [1]. І павіншавалі з 8 Сакавіка - ператрус адбыўся напярэдадні, падаруначкам.
У Менск я паехала на вечар. Мне патрэбна было знайсці яшчэ тую установу, куды мяне паслалі, таму што, наколькі я памятала, па гэтай адрэсе была крама. Да таго ж, мне патрэбна было пагутарыць з кім-небудзь з нашых наконт усёй справы, таму што я зусім заблыталася. На мне ўжо вісела падпіска аб нявыездзе, з-за якой міліцыянтам давялося пабегаць за мною па горадзе. Таксама была ў цэнтры з "Зёберамі", гляжу - нешта "мошкі" [2] разлёталіся, і кучкуюцца незвычайна. Хлапцы мяне папярэдзілі - пра цябе пыталіся, шукаюць. Я адно адмахнулася - а чаго мяне шукаць, як вось я. Заходзім да мяне дахаты, толькі селі піць гарбату - праз вакно бачым "уазік", міліцыянты ў мой пад'езд. На званок выйшла я сама, папярэдне зачыніла дзверы ў кухню. Сашка зрабіў выглад, што не заўважыў чаравікоў у калідоры і запатрабаваў падпісаць паперы. Я выпрасіла ў лейтэнанта, каб адпусціў мяне ў ноч, і на чыгуначным вакзале шпікі абмежаваліся толькі тым, што далі праважатага да Стоўбцаў. Але ў Менску гутаркі не атрымалася. Усе былі настолькі занятыя, што проста адмахнуліся. Раніцою я пайшла шукаць установу, паездзіла па ўсяму Менску, і выратаваў толькі курсант Акадэміі міліцыі, што знаходзілася побач, які персанальна ведаў таго следчага. Так, адрэса была правільнаю. Кантора была ў тым жа будынку, што і крама. Толькі вышэй паверхам. Следчы аказаўся нармалёвым чалавекам. Ён адразу зазначыў, што яго самога выцягнулі з водпуска, і што яму няма ахвоты займацца гэтаю справаю. Але адправіў шукаць адваката. Пакуль я яго знайшла, пачало ўжо цямнець. Следчы абвясціў мяне падазронаю па сумнавядомаму на сённяшні дзень Артыкулу 193.1 КК РБ. І загадаў кожны панядзелак і чацвер рабіць адзвоны на ягоны мабільны з хатняга тэлефона, каб ён ведаў, дзе я знаходжуся. Спачатку я выконвала ягонае патрабаванне, але чым бліжай быў дзень выбараў, тым усё часцей махала рукою. Я працягвала сядзець у мусарні ці не кожны дзень. Прычым бавіла час большаю часткаю ў аддзеле па справах непаўнагадовых. І чым бліжэй быў дзень выбараў, тым гэтыя пасядзелкі зрабіліся больш працяглымі. А напярэдадні ўвогуле мне было аб'яўлена, што пашпарт аддадуць толькі ў нядзелю, калі пад пільным канвоем прывядуць на выбарчы ўчастак, дзе я змагу прагаласаваць. Кожны дзень цяпер я павінна была роўна а 7 гадзіне вечара рабіць адзвон лейтэнанту, каб ён ведаў, што я дома. Чым бліжэй быў дзень выбараў, тым усё большым было адчуванне, што кожны дзень цяпер - апошні. Я магла з мусарні не вярнуцца. Але вярталася, каб нараніцу ізноў там быць.
Я не ведаю, як у мяне атрымалася збегчы. Гэты дзень прыйшоў. Гэты апошні дзень. Жур доўга вырашаў, зачыняць мяне, ці ўсё ж такі адпусціць яшчэ на адну ноч. Ён выцягнуў з мяне абяцанне, што я абавязкова буду дома. Я паабяцала аднымі вачыма. Я нічога яму не сказала. І ўсё ж потым адчувала сябе вельмі пагана. З'ехала.
Плошча Каліноўскага
Тыдзень Плошчы... Калі само паветра было насычана водарам свабоды. Калі сэрца грукала ва ўнісон воклічу "Жыве Беларусь!" Калі воля была так блізка... Гэты наш тыдзень можна было параўнаць з Майданам у Украіне падчас прэзідэнцкіх выбараў 2004г. Мяне ўразіў настрой людзей. Звычайных людзей. У Кіеве іх, звычайных, не было. Там кожны адчуваў сябе ўдзельнікам пераменаў. Натуральна, прама на месцы здымалі з сябе швэдры і аддавалі нам, толькі каб нам "яшчэ ноч прастаяць, яшчэ дзень пратрымацца". Тут было зусім іншае. Абыякавасць. Саўковая абыякавасць. Падыходзілі з такім выглядам, маўляў - вы стаіцё? Ну і стойце, а мы паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца... І мы стаялі. На парапеце з расцяжкай. Падчас раптоўнай завірухі, якая, казалі, была штучнай - выкарыстоваліся гарматкі са снегам. Стаялі, бо хто, акрамя нас?..
Так, мы перамаглі. Свой страх, таму што там шмат было такіх, хто ўжо хадзіў пад крыміналкай, хто фактычна вісеў паміж небам і зямлёю. Таму што напярэдадні была кінутая пагроза (канешне, гэта быў блеф, але...) усіх удзельнікаў расстраляць... ці не на месцы. Таму што хтосьці павінен быў быць першым. Перамаглі саміх сябе. І маральна - ворага. Але фізічна - не. Мы прапусцілі той вырашальны момант, які мусіў перамяніць усё. Мы павінныя былі застацца на плошчы ў самую першую ноч. Замест гэтага мы разыйшліся па хатах. Увесь наступны тыдзень, якім стаяла плошча, быў ад самага пачатка бессэнсоўным у плане выніковасці. Момант быў згубленым. Усё астатняе проста мела другарадную ролю.
Мяне шукалі. Мяне ўжо шукалі. Як там, "ішчут пажарнікі, ішчэт міліцыя, ішчут гэбэшнікі, і не могут знайсці...". Толькі без пажарнікаў. Ірвалі шапкі, елі пагоны. Але ў пошук не абвяшчалі. Таму што ведалі, дзе я. Магчыма, таму што не абвяшчалі ў пошук, я засталася на волі. Было шмат такіх момантаў, калі мяне маглі проста затрымаць дзеля праверкі дакументаў. Мой пашпарт знаходзіўся ў Нясвіжы. Магло стацца ўсё...
Калі з Нясвіжа прыйшоў адказ на запыт следчага, што я знікла, ён сам знайшоў мяне. Праз майго адваката. Упэўніўся, што са мною нічога не здарылася і загадаў звальваць з (плошчы) Менску найхутчэй. Гэта было перад пагромам. З плошчы давялося сысці. Праз слёзы. Праз боль. Адвакат мяне выдзернуў адтуль фактычна за вушы. На раніцу даведалася, што ўсё, нашых больш няма, усё змецена...
Я вярнулася дадому і адзванілася следчаму - як трэба было. А ён запатрабаваў, каб я вярнулася ў Менск, - узніклі сякія-такія пытанні. Наконт таго, дзе ж я ўсё-такі была ўвесь той тыдзень, за які мяне згубілі ў Нясвіжы. І чаму я так хутка адшукалася - што я рабіла ў Менску? Кажу - я была з каханкам. Завісала з ім цэлы тыдзень. А хто ён такі - сказаць не магу, таму што хлапец жанаты і я не хачу яму пашкодзіць. Ухмылачка следчага. А праз колькі дзён ён сам прыехаў у Нясвіж. Следчы, а не каханак. Да гэтага пытання больш не вяртаўся. Добра, што так, інакш мне б давялося шукаць якога-небудзь жанатага хлопца, які б здолеў пацвердзіць, што быў са мною... Ладна, следчы махнуў рукою на ўсё гэта - таму што і доказаў таго, што я была ў Менску, не знайшоў. Шмондзера, праз паўгады, якія ён адседзеў у Жодзіна за пратэрмінаваны пашпарт, дэпартавалі ў Расею. "Зёберы" саскочылі са справы. Пазней я ад іх жа даведалася, што іх трымалі на "кручку" з-за мяне - капалі, капалі... А Шмондзер тады спецыяльна здаўся, ля крамы стаючы да тога часу, пакуль яго не ўзялі цёпленькага, аднак прычыну такога ўчынка ніхто не ведае і зараз.
Галадоўка
Следчы яшчэ колькі разоў прыязджаў у Нясвіж - горад яму вельмі спадабаўся. Яно і зразумела - пасля рэспубліканскіх дажынак у 1998 годзе, Нясвіж значна папрыгажэў, зрабіўся больш чыстым і ўтульным. На апошнім допыце следчы параіў забраць з мусарні пашпарт і шукаць працу. Але гэта я зрабіла толькі пасля Чарнобыльскага Шляху.
Крыху паразважаўшы, што ўрэшце ж без пашпарта жыць нельга (за гэта і адказнасць ёсць), я вырашыла яго забраць у красавіку. Акурат напярэдадні акцыі, прысвечанай гадавіне трагедыі. Прыходжу ў мусарню - дзе мой пашпарт? Там падумалі-падумалі... і сказалі, што не ведаюць. Як гэта не ведаюць?! Знайшла начальніка мусарні і да яго - дайце паперу, хачу напісаць скаргу. Ён - на каго? Я кажу - не ведаю, у мяне забралі пашпарт яшчэ ў лютым і не аддаюць. Добра, кажа, мы тут без заявы самі пашукаем, ты прыходзь заўтра з самае ранічкі.
Прыйшла я з самае ранічкі. Пад 12 дню. На мяне наш нясвіжскі следчы: а, мы табе казалі каб з самае ранічкі, а ты калі прыйшла?! Цяпер той кабінет зачынены, дзе ляжыць пашпарт, прыходзь заўтра. Заўтра - ЧШ. З самае ранічкі зрываюся ў адваротным ад мусарні накірунку. Ніхто не запыньвае. Вяртаюся праз дзень - і ў мусарню. З самымі наіўнымі вочкамі - я харошая дзевачка, аддайце мне пашпарт... Там так крычалі... З-за таго, што я патрапіла на ЧШ (праўда, я шыфравалася, нават гарна так шыфравалася), там проста ляталі шапкі і ўсе былі пад пагрозаю застацца без прэмій... Нашто табе пашпарт - пытаюць, - можа, каб ён у нас быў, каб ты куды не ўлезла, каб нам спакайней было? Аддалі, але маёр Гоман з крымінальнага вышуку, які ўвесь гэты час трымаў у сваім сейфе мой пашпарт, зазначыў, што калі буду ўладкоўвацца на працу, каб паведаміла яму - пойдзе са мною...
На апошнім допыце следчы запатрабаваў напісаць "адказную". А потым прыйшла папера, што справа прычыняецца. На падставе гэтае "адказной". Я паехала да следчага забраць некаторыя рэчы, якія былі забраныя падчас ператруса. Запыталася ў яго - калі б у пагром патрапіла я, ён бы зачыніў мяне насамрэч? Ківае - пайшоў бы на прынцып і зачыніў бы на поўную. Параіў мне пралічваць кожны свой рух на пяць крокаў наперад. Але кнігу "Пакаленне Маладога Фронта" так і не вярнуў - сказаў, сам будзе чытаць. Ну, і хай. Потым калі, як усё скончыцца, знайду і папрашу. Можа, да тога часу прачытае...
Начальнік нашай мусарні атрымаў падвышэнне і з'ехаў у іншы горад. Сашка атрымаў зорачкі старэйшага лейтэнанта і працягваў пясочыць мяне ў пастарунку.
Падчас усяе справы вакол мяне завіхаліся цётачкі з "Бацькоўскага камітэта", які нібыта быў створаны для падтрымкі і дапамогі тым, хто цярпеў рэпрэсіі. Але за ўсёю справаю я нічога не страціла. На той момант ні працы, ні вучобы, таму, канешне ж, і на праграму Каліноўскага не патрапіла, атрымаўшы толькі мройныя абяцанні ў чым-небудзь дапамагчы. А шмат было людзей, каторыя засталіся ні з чым. Я лічыла, што ім патрэбна ў першую чаргу дапамога, а я пачакаю... Чакала паўгады. Працу мне знайшлі міліцыянты. З вучобай нічога не атрымалася, бо на момант крымінальнай справы я нідзе не вучылася і не пацярпела адлічэння. Як мне было сказана - перапрашайце... У асноўным уся дапамога аказвалася хлапцам - і па сезонных працах, і сталыя месцы таксама для іх знаходзіліся, яно і зразумела... але нікога не цікавіла тое, што дзяўчыне ў маральным плане даводзіцца нашмат больш цяжка. І ў той час, калі на некаторых жанчын у сталіцы дзейсніліся тэлефонныя абразы, з-за чаго там падняўся вялікі вэрхал, я не магла проста выйсці на вуліцу, таму што натуральна патрапляла ў аблапванні, прычым лапалі міліцыянты. Сказала пра гэта была ў Менску - бо ўжо не вытрымлівала такіх адносінаў - мяне "супакоілі": гэта звычайная з'ява, а калі не падабаецца - сыходзь. Мне давялося самой выкручвацца. Я пасябравала з міліцыянтамі - спыніліся дамаганні, але тады з боку нашых мясцовых дзеячоў пачаліся незразумелыя абразы, на якія я старалася не звяртаць увагі.
Потым была галадоўка. Распачатая з мэтаю спыніць крымінальныя пераследы, якія працягваліся. Мэта не была дасягнута. Чаму? Хацелася б думаць, што рэжыму на нас начыхаць, і на нашыя галадоўкі таксама. Мне яна далася досыць лёгка, таму што ў маім жыцці мне даводзілася галадаць. Проста таму, што не было чаго есці. Проста таму, што ў лядоўні нават мыш саромелася вешацца. Проста таму, што даводзілася эканоміць на ўсім дзеля таго, каб выжыць. І часцяком на працягу ўсяго дня я не бачыла нічога, акрамя гарбаты "Белая Ружа" (падсаложаны кіпень), якая дазваляла мне неяк трымацца. Галадоўка далася мне досыць лёгка, таму што я не растрачвала сваю энергію на працу ці вучобу. Канешне, былі складанасці. Па прычыне сваёй незанятасці я гатавала ежу бацькам, якія працавалі. У першыя дні галадоўкі, якую я пачала дома, было крыху цяжка ўтрымацца, каб не перахапіць лыжку ці кавалачак. Мама ўвесь час прыкмячала, што суп непасолены, а страва недагатавана. І калі ў Менску вызначыліся з памяшканнем, я далучылася да астатніх, каб не спакушацца самой і не перашкаджаць іншым. І на дванаццаты дзень галадоўкі я адчувала сябе досыць нармалёва, каб пратрымацца яшчэ суткаў з пяць, пасля якіх медык мне прагназаваў незваротныя працэсы. Я адчувала сябе нават і болей чым, каб вытрымаць месяц. Мяне шпіталізавалі не таму, што я страціла прытомнасць. Я яе не страчвала. Прычынаў было шмат, галоўная з якіх - на гаспадыню кватэры націснулі спецслужбы і нам давялося згортвацца, каб не пашкодзіць жанчыне, а іншага памяшкання не было. Канешне, можна было б проста перамясціцца на плошчу, і зараз я разумею, што гэта быў бы найлепшы варыянт, хай бы нават нас усіх адтуль і сцягнулі адразу, але фінал акцыі быў бы гарны. Мы тады не дасягнулі свае мэты. Працэсы не спыніліся. Крыміналкі працягваліся. Галадоўка не мела сэнсу.
Пасля курсу рэабілітацыі ад галадоўкі патрэбна было шукаць працу. Дарэчы, ваду на фруктозе, тую, з рэкламы, "Радніковую", дапамог адкрыць мой дзед. Ён ляжаў з пераломам сцягна год, а потым яму зрабілася горш. Таму што ён усвядомеў пасля некалькіх месяцаў змагання, што не падымецца. Што залішне ўжо слабы. І ён настолькі упаў духам, што ўжо не спраўляўся і з ежаю. Яму рабілася дрэнна ад салодкіх напояў... пакуль я зусім выпадкова не набыла гэтую, на фруктозе. Дзеду значна тады палепшала, на вачах ачуняў і нават крышачку падбадзёрыўся... Але потым ён адмовіўся і ад гэтае вады. Слухаў радыё "Свабода". Пераняў нашую галадоўку. І напрыканцы восені яго не стала. Мой дзед быў насамрэч моцным чалавекам...
Я нахадзіла колаў з дваццаць па арганізацыях горада, але так нічога з працы сама не знайшла. І справа была не ў тым, што месца мне не падабалася. У маім становішчы была даспадобы нават пасада прыбіральшчыцы альбо апошняй свінаркі ў разваленым калгасе… а тут доўга яшчэ хадзіла показка пра тое, як спадарыня Бандарэнка, якая сябруе з мамінай супрацоўніцай, аднойчы распісвала апошняй мяне ва ўсіх такіх сонечных фарбах, калі ж жанчына запыталася ў яе, дзе я працую, то махнула рукою - маўляў, ат, свінаркай у разваленым калгасе (а я ўжо на той момант працавала на льнозаводзе), а на пытанне, чаму ж тады, калі я такая-растакая, мне ніхто не дапамагае - то і сумялася, і нічога не адказала… Нікому і нідзе не патрэбныя былі праблемы з боку адміністрацыі горада, якая ціснула, гнала, цкавала. На завод давялося ўладкоўвацца з дапамогай міліцыі. Пасля доўгіх і безвыніковых спробаў, калі даводзілася перабівацца часовымі заробкамі, узгадала маёра Гомана і прыйшла да яго: маўляў, вы тады казалі, я разумею, што жартам, але справа такая... У той жа дзень ён усё ўладкаваў. Адно папярэдзіў, што давядзецца рэальна працаваць, цяжка і старанна. Ды мяне цяжкасці не палохаюць. Мяне напружваюць людзі, якія гэтыя цяжкасці ствараюць. А з любою справаю, нават самаю цяжкаю, можна ўправіцца. Таму я з лёгкасцю згадзілася на ўмову. Так я пачала працаваць на льнозаводзе.
ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ
На тэрыторыі Беларусі лён з даўніх часоў выкарыстоўваўся для вырабу адзення. Знаходкі археолагаў сведчаць пра бытнасць ільняной вопраткі ў эпоху жалезнака века (з 7 ст. да н.э.). Ільняныя ніткі і даматканіны шырока выкарыстоўваліся ў вырабе традыцыйнага строя беларускіх сялян, які ў асобных раёнах існаваў да сярэдзіны ХХ ст. Летнія комплексы як жаночай, так і мужчынскай вопраткі амаль поўнасцю шыліся з даматканнага палатна. У культуры беларусаў лён меў высокі сакральны статус, таму белае льняное палатно суправаджала беларуса ад народзінаў да смерці. Яно асацыявалася з Божым святлом, апекай вышэйшых сілаў, з духоўнасцю, за што ў беларускіх вёсках лён называлі "Божай свячой". Чысціня белай льняной тканіны павінна была абараніць ад нападаў зла і садзейнічаць дапамозе вышэйшай Божай сілы. Рамбагеаметрычны арнамент, стканы альбо вышыты ніткамі чырвонага колера на белай льняной тканіне, значна павялічваў яе абаронныя здольнасці, таму яго размяшчалі па краю адзення, уздоўж швоў і разрэзаў.
Лён - расліна галоўным чынам паўночнага паўшар'я, доўгага светлавога дня. Налічваецца звыш 200 відаў, якія растуць пераважна ў дзікім стане ў субтрапічных і ўмераных шыротах. Яго культывуюць у краінах Заходняй (Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Германія, Англія, Італія) і Усходняй Еўропы (Беларусь, Украіна, Польшча, Чэхія, Венгрыя, Румынія, Расія), часткова Азіі (Кітай, В'етнам, Карэя), асобныя віды - у Міжземнамор'е, Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Скандынавіі. Некаторыя віды вырошчваюць у якасці дэкаратыўных раслін. Для атрымання валакна і насення апрацоўваюць у асноўным лён культурны, або звычайны. Ён адрозніваецца тым, што пры паспяванні скрыначкі яго не рэпаюцца, застаюцца зачыненымі. Прадзільная і алейная расліна. Па прынятай у цяперашні час класіфікацыі лён звычайны ўключае пяць падвідаў: інда-абасінскі, індастанскі, міжземнаморскі, прамежкавы, еўразійскі. З гэтых падвідаў найбольшае значэнне для Беларусі мае Еўразійскі падвід. Расліны рознай вышыні і галінастыя: кветкі, скрыначкі і насенне дробныя (маса 1000 насення 3 - 5 г). Вырошчваецца на вялікіх плошчах ў еўрапейскіх і азіяцкіх краінах. Падзяляецца на пяць груп: лён-даўгунец або ткацкі, лён-межаумак або прамежкавы, лён-кудрэц або прысадзісты, лён буйнанасенны або шыракалісты, лён паўазімы. У Беларусі вырошчваюць пераважна лён-даўгунец. Распаўсюджаны ў Беларусі, Заходняй Еўропе. Афарбоўка кветак ў асноўным блакітная, сустракаюцца белыя, фіялетавыя і (вельмі рэдка) ружовыя. Асноўны прадуктыўны орган - сцябло, светла-зялёнае, часам з шэрым адценнем. Вышыня раслін лёну > 60 - 125 см, таўшчыня > 0,8 - 3 см. Вырошчваецца як яравая прадзільная культура. Адрозніваюць фазы росту лёну: "ялінка", бутанізацыя, красаванне і паспяванне. У фазе паспявання ступені спеласці: зялёная, ранняя жоўтая, жоўтая і поўная. Ўборку лёну прымяркоўваюць да ранняй жоўтай спеласці. Для атрымання насення неабходна прыбіраць у фазе жоўтай спеласці. Пасля ўборкі расліны абмалочваюць, а сцяблы падвяргаюць першаснай апрацоўцы для вылучэння льнянога валакна.
Як культуру лён пачалі апрацоўваць яшчэ ў эпоху неаліта (VIII - III стст да н.э.). Пацвярджэннем гэтаму з'яўляюцца ўзоры ільняных тканін, знойдзеныя падчас раскопак старажытнага пасёлка, пабудаванага на адным са швейцарскіх азёраў. Іншыя, больш познія ўзоры дайшлі з парэшткамі егіпецкіх фараонаў .
Аб старажытнай тэхналогіі атрымання і перапрацоўкі льнянога валакна можна меркаваць па егіпецкіх насценных малюнках, якія адносяцца да эпохі Новага царства (VIст. да н.э.), па фрэскам ІІІст. да н.э., малюнках на грэцкіх вазах VIст. да н.э. З гэтых малюнкаў бачна, як апрацоўвалі лён: яго тузалі, слалі, сушылі, мялі, церабілі, часалі і ўручную пралі з дапамогай верацяна.
Была версія і пра тое, што паход арганаўтаў і, у прыватнасці, знакамітага Ясона з Элады ў Калхіду (гістарычная назва заходняй Грузіі) за "залатым руном" быў, па сутнасці, паходам за сакрэтам атрымання найтонкай пражы з лёну. Тканіны з лёну прадаваліся літаральна на вагу золата: на адну шалю вагаў клалі тканіну, а на другую - залатыя зліткі. Жрацы Ісіды казалі, што блакітны вянец лёну адпавядае колеру неба, і насілі толькі льняную вопратку. У Грэцыі лён амаль не выраблялі, яго прывозілі з Егіпта. Асабліва славіліся ў Эладзе аздобленыя барвай белыя льняныя тканіны.
Падчас праўлення імператара Аўгуста (І ст. да н.э. - І ст. н.э.) ільняныя тканіны служылі прадметам экспарту. Асноўнае развіццё льнянога рамяства ў Рыме прыпадае на ІІ - І стст. Пасля захопу Юліем Цэзарам Галіі, дзе лён пачалі культываваць нашмат раней, чым у Рымскай імперыі, былі арганізаваны майстэрні, якія стваралі льняныя ветразі. Тонкія каляровыя і набіўныя льняныя тканіны паступалі ў Рым з Егіпта і Сірыі. З лёну шылі не толькі адзенне, але і прасціны, абрусы, фіранкі, нацяжныя пакрыцці для абароны ад сонца.
Нашмат пазней ільняная вытворчасць ўзнікла ў Італіі і Іспаніі. У 1500 г. у Севільі было 16 тыс. ткацкіх станкоў. Яшчэ пазней ільнаводства атрымала развіццё ў Францыі, Бельгіі, Галандыі і Фляндрыі. У V - VI стст. ільнаводства пачатло развівацца ў Англіі і Германіі.
Вырошчванне лёну ў Беларусі мае старажытную традыцыю. На тэрыторыі нашай краіны лён быў вядомы ў ІІ ст. да н.э. Пра яго шырокім выкарыстанні сведчаць археалагічныя знаходкі, якія адносяцца да XI - XII стст. Пра каштоўнасць і важнасць лёну ў сялянскай гаспадарцы кажуць пісьмовыя крыніцы XVII ст. Вырошчвалі яго ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Лён экспартаваўся ў вялікай колькасці і за межы Беларусі. У сялянскім побыце ўжываліся феналагічныя веды, назапашаныя на працягу многіх стагоддзяў і якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Асабліва шмат прыкмет звязана з пасевам лёну. Спрыяльнымі лічыліся дні, калі на небе было шмат аблокаў, а таксама фаза поўні. Для сяўбы лёну выбіралі пэўныя дні тыдня. Лічылася, што лепш за ўсё сеяць лён ў пятніцу і суботу. У панядзелак стараліся не сеяць - цяжкі дзень, як і ў аўторак - будуць дрэнныя ўсходы, серада - злы дзень, валакно будзе жорсткім, пасееш ў чацвер - будуць нападаць чарвякі. Існавала таксама шмат прыкмет, звязаных з будучым ураджаем ільну. Напрыклад, каб лён рос чыстым, без пустазелля, сейбіт, які выпраўляўся ў поле, нёс насенне ў бялюткім абрусе. Траву, выдраную падчас праполкі лёну, захоўвалі да Івана Купалы, а потым спальвалі на купальскім агні, прыгаворваючы: «Чарэўка ў мора, а мой лён угору». Пасеў лёну суправаджаўся рознымі пажаданнямі і замовамі. Напрыклад, перад пачаткам сяўбы селянін прыгаворваў: "Светлы дзень, як вакно, урадзіся добрае валакно». Увесь працэс, звязаны з апрацоўкай лёну і вырабам тканін, выконваўся ўручную. І калі пры пасеве лёну часцей быў заняты мужчына, то ў далейшым, пачынаючы з праполкі і дёрганья лёну, усе работы выконваліся галоўным чынам жанчынамі. Таксама сярод сялянства існавалі розныя прыкметы, вераванні, звязаныя з апрацоўкай лёну: лічылася, што ў дзень, калі збіраліся рассцілаць лён, нельга нічога трэсці, "а то віхор пакруціць". А для таго, каб валакно было мяккім і белым, стараліся лён слаць пад маладзік. З гэтай жа мэтай першую жменю льна выкладвалі ў выглядзе круга. Тэрміны вылёжвання лёну залежалі ад надвор'я. Калі часта ішлі дажджы і стаяла цёплае надвор'е, то лён мог "выляжаць" за 3 - 4 тыдні, пры сухім надвор'і - за 5 - 6 тыдняў. Гатоўнасць лёну правяралі адным спосабам: бралі некалькі сцеблаў і разміналі ў руках. Падняты лён вязалі ў снапы. Наступны працэс - падрыхтоўка лёну да мяцця. Заключалася яна ў аддзяленні валакна і выконвалася звычайна восенню пасля заканчэння ўсіх палявых работ. Каб палегчыць працу, лён папярэдне сушылі. Над ямай, на дне якой разводзілі вогнішча, а зверху рабілі насціл з жэрдак, дзе раскладвалі трасту і затым перыядычна пераварочвалі яе. Лён сушылі таксама ў печы або на печы, у гумнах з сушылкі, у ёўнях. Высушаны лён мялі. Для гэтага выкарыстоўвалі мя´лкі ("мяліца", "церніца")
Пасля мяцця лён трапалі, вычышчаючы яго ад дробных частачак кастры. Беларусы спрадвек выкарыстоўвалі ў гэтых мэтах трапала ("трапло", "трапушка", "трапачка", "трапышка")
У працэсе трапання валакно не поўнасцю ачышчалася ад кастры, таму яго яшчэ часалі, у выніку чаго валакно набывала шаўковую мяккасць. Для часання выкарыстоўваліся асаблівыя шчоткі са свінога шчаціння
А на Віцебшчыне нават і са скуры яжа - для атрымання звыштонкага палотнішча. Казалі: "Часаць лён на ваду" - гэта аначае, што валакно часалі над вадой да тога часу, пукуль на ваду не падаў нават пыл. Адкіды ад часання - ачосы ("пачыссе", "абдзіркі", "зрэб'е") раскалачваліся верацяном і змотваліся ў трубку ("кудзелю"), а валакно, атрыманае пасля часання, - кужаль - скручвалася ў "куклачкі", "круцелькі", альбо спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення. Пралі лён у зімовы час, калі дзяўчыны збіраліся на пасядзелкі - "вячоркі", "супрадкі", "хвацеры".
Спецыфіка формаўтварэння тэкстылю складалася на працягу гістарычнага станаўлення нацыянальнай беларускай культуры. Прынцып ткацтва беларусы пачалі выкарыстоўваць яшчэ ў эпоху неаліту. У тыя часы палотны выраблялі пераважна палатняным перапляценнем нітак з натуральных валокнаў - лёну, канопляў, воўны і крапівы.
Беларускі традыцыйны тэкстыль ўключае ў сябе як гатовыя вырабы (паясы, ручнікі і г.д.), так і палотны, якія з'яўляюцца асновай для пашыву адзення, бытавых вырабаў і дэкаратыўных прадметаў інтэр'ера.
У тэхналогіі стварэння беларускага традыцыйнага тэкстылю дамінуе льняное валакно з выкарыстаннем разнастайных тэхнік ткацтва, натуральных фарбавальнікаў і натуральных спосабаў адбельвання. Здаўна для афарбоўвання тэкстыльных палотнаў выкарыстоўвалі кару і лісце дрэў, палявыя кветкі, карані раслін, розныя травы і ягады. Гэтым і абумоўлена традыцыйная для беларускага народнага ткацтва каляровая палітра - чырвоны, белы і чорны, а таксама карычневы, зялёны і жоўты колеры пераважна прыглушанага і стрыманага каларыту і цёплай гамы.
Найбольшы даход ад лёну пачалі атрымліваць пасля адмены прыгоннага права, калі значна выраслі валавыя зборы льновалакна і вялікая частка яго стала экспартавацца ў Заходнюю Еўропу. Лён, які прызначаўся на экспарт, канцэнтраваўся на чыгуначных станцыях, адкуль ён пасля сартавання накіроўваўся ў памежныя гарады і порты. Дадзеныя аб чыгуначных перавозках ў пачатку ХХ ст. сведчаць аб тым, што Беларусь была рэгіёнам з развітай таварнай льнопрамысловасцю, арыентаванай на экспарт.
Затым навукова-тэхнічная рэвалюцыя прадвызначае ўзнікненне прамысловасці - індустрыі масавай вытворчасці тавараў шырокага спажывання машынным спосабам. Гэта становіцца асноўнай прычынай ўзнікнення на тэрыторыі Беларусі першых фабрык і заводаў. З першай паловы XIX стагоддзя пачынаюць пераважаць дробныя тэкстыльныя вытворчасці, але ўжо ў пачатку XX стагоддзя выпускаецца льняная пража ў Віцебску, мястэчку Высачаны (Высачанская льнопрадзільная фабрыка), ваўняныя тканіны вырабляюць Парэцкая суконная фабрыка і Ружанскія суконныя прадпрыемствы.
Слуцкая мануфактура
Князі Радзівілы былі першым магнацкім родам, які стаў ініцыятарам стварэння на Беларусі мануфактур. У Нясвіжы актывізавалася развіццё промыслаў. У 1758 г. у замку налічвалася 85 рамеснікаў. У горадзе працавалі палатняны, шавецкі, слясарны, ткацкі цэхі, майстэрні мастацкага ліцця, пачаўся выраб габеленаў і залататканных паясоў. У канцы XVII стагоддзя і ў першай палове XVIII стагоддзя ў вялікіх феадальных маёнтках і каралеўскіх эканоміях Беларусі былі арганізаваны тэкстыльныя мануфактуры: Крычаўская (ветразевая), Нясвіжская (шаўковых паясоў, дывановая і суконная ў прадмесці Альба), Слуцкая (шаўковых паясоў), Добрушская (палатняная), Шклоўская (шаўковая), а таксама дзейнічалі мануфактуры ў Карэлічах, Гародне, Міры, Камянцы, Слоніме. Асноўнымі напрамкамі іх дзейнасці з'яўлялася выраб шпалер сюжэтна-тэматычнага характару, ворсавых дываноў, арнаментальных кілімаў, шаўковых паясоў, тонкага дарагога сукна, палатна, ветразіны, дэкаратыўнай тканіны для абіўкі сцен.
Тэхналогіі вырабу тэкстылю таго часу былі характэрныя працаёмкасць і высокі тэхнічны ўзровень выканання, што прадвызначала яго вялікі кошт і маладаступнасць; камбінаванне ваўняных, шаўковых і льняных нітак з сярэбранымі і залатымі; непасрэдная залежнасць мастацкай выразнасці вырабы ад характару малюнка, а таксама майстэрства ткачоў. Тэматыку тэкстыльных твораў, створаных на беларускіх мануфактурах, складаюць пейзажы і раслінныя матывы, гістарычныя, рэлігійныя і жанравыя сюжэты. У сваю чаргу, тэкстыльнай кампазіцыі была ўласцівая празмерная перагружанасць дэталямі, дэкаратыўнасць і хаатычнасць размяшчэння арнаментальных элементаў, наяўнасць апраўлення, замыкальнага сюжэтна-тэматычны змест тэкстыльнага палатна, гарманічны каларыт і вытанчанасць малюнка.
Да сярэдзіны XVIII ст. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай увайшлі ў моду турэцкія і персідскія шаўковыя паясы, аздобленыя рознага колеру ўзорамі, залатымі і сярэбранымі ніткамі. Такія паясы былі доўгія і шырокія, тканыя золатам і срэбрам па шоўку. Іх насілі магнаты і найбольш багатыя шляхціцы.
Улічваючы попыт на паясы, уладальнік Слуцка князь Геранім Фларыян Радзівіл ў 1756 г. адкрыў вялікую шаўкаткацкую мануфактуру, першая на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Была створана з трох прадпрыемстваў: самага ранняга, на якім выпрацоўваліся залатыя галуны для капелюшоў, мундзіраў і касцюмаў, а таксама паясы, другога - "фабрыкі" па выпрацоўцы шаўковых паясоў і трэцяга - "фабрыкі розных матэрый", якія ткаліся шоўкам, залатой і срэбнай ніткай. Адно з гэтых прадпрыемстваў - "фабрыка" шаўковых паясоў - першапачаткова знаходзілася ў Нясвіжы (з сярэдзіны 50- х гадоў XVIII ст.). У гэты час на ёй працавалі 2 чалядніка, 9 вучняў і вядомы майстар, турэцкі армянін Ян Маджарскі (Ованес Маджаранца), які з студзеня 1758 стаў кіраўніком (мэтрам) невялікай мануфактуры шаўковых паясоў у Нясвіжы. Ён прывёз з сабой латуневыя і медныя дэталі ткацкага станка і спецыяльны каток для пракатвання паясоў. Частка станкоў была зроблена на месцы. У траўні 1760 пасля смерці Гераніма Фларыяна Слуцк перайшоў у спадчыну да яго старэйшага брата Міхаіла Казіміра "Рыбанькі", ўладальніка Нясвіжа. Радзівіл хацеў зрабіць узорную мануфактуру, каб яе вырабы не толькі канкуравалі з турэцкімі, персідскімі і кітайскімі паясамі і тканінамі, але і пераўзышлі заморскую прадукцыю. І ён гэтага дамогся. У канцы 1760 магнат перавёў невялікую мануфактуру па выпрацоўцы "персідскіх" паясоў ("персіярня") з Нясвіжа ў Слуцк і аб'яднаў з іншымі ў знакамітую Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў. Ужо ў 1763 слуцкая персіярня была рэарганізавана, яе вытворчасць рэзка павялічылася, а само прадпрыемства пашырылася. Мяркуючы па спісах работнікаў, іншаземцаў (акрамя Я. Маджарскага ) на мануфактуры не было. На ёй працавалі ў асноўным мясцовыя жыхары, гараджане Слуцка і Нясвіжа і сяляне з вёсак Случчыны. Сярод работнікаў пералічаныя і дзяўчаты-працаўніцы.
У сярэдзіне 70-х гадоў XVIII ст. князь Караль Радзівіл "Пане Каханку" перадаў у арэнду сваю мануфактуру ўзбагацеламу Яну Маджарскаму. У 1778 г. арэнда перайшла да сына Яна - Лявона Маджарскага, які арандаваў мануфактуру з 1778 па 1807 гг.
Прадукцыя слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў заваёўвала ўсё большую папулярнасць у Рэчы Паспалітай. Паясы заваявалі вялікую папулярнасць не толькі ў шляхты Рэчы Паспалітай, але і ў ўкраінскага старшынства, рускага дваранства, хутка выцеснілі турэцкія і персідскія і заваявалі рынак у Польшчы, Літве, Беларусі, Украіне і іншых краінах Еўропы. У арнаменце пояса выкарыстоўваліся ўсходнія ўзоры з народным, беларускім узорам: стылізаваныя васількі, незабудкі, дубовае лісце, жалуды. З-за гэтага ён страціў ўсходнюю стылізацыю і наблізіўся да беларускага нацыянальнага арнаменту. Слуцкія паясы сталі узорам для іншых ткацкіх мануфактур, якія адкрываліся ў іншых гарадах і мястэчках: у Гарадніцы, Ласосне, Станіславе, Кабылках, Ліпкове, Кракаве, а таксама ў Ліёне.
Сейм Рэчы Паспалітай у 1790 г. падкрэсліў значэнне мануфактуры слуцкіх паясоў і узвёў Лявона Маджарскага з усімі яго нашчадкамі ў шляхецтва. Ўнучка яго Лізавета ў 1818 г. выйшла замуж за беларускага памешчыка Чэслава Манюшкі. Штогадовая прадукцыя Слуцкай мануфактуры да канца XVIII ст. складала да 200 паясоў.
У пачатку XIX ст. шаўковыя паясы пачалі выходзіць з моды. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. мануфактура прыйшла ў заняпад. Падчас вайны 1812 г. мануфактуры быў нанесены цяжкая шкода: частка матэрыялаў разрабавана, каткі вывезены, некаторыя работнікі з-за адсутнасці працы распушчаны. Радзівілаўская адміністрацыя аддала мануфактуру ў арэнду ў 1823 г. слуцкаму купцу Кантаровічу. З 1835 г. арэнда мануфактуры перадавалася розным жыхарам Слуцка. Апошнія звесткі аб выпрацоўцы шаўковых паясоў для князя Вільгельма Радзівіла адносяцца да 1846 г. У тым жа годзе ўладальнік мануфактуры князь Л. Вітэнштэйн загадаў зачыніць яе [3].
Добрушская палатняна-ветразевая мануфактура
Дзейнічала ў 1775 - 1831 гг. У мястэчку Добруш Гомельскага павета (цяпер горад у Гомельскай вобл.). з 1804 ветразевая, з 1804 палатняна-ткацкая мануфактура, на якой працавалі прыгонныя сяляне. Выпускала парусіну, кашульнае палатно, тонкія (галандскія) палотны, ільняныя хусткі, ручнікі, абрусы і інш.
Крычаўскія мануфактуры
Тры мануфактуры, якія дзейнічалі ў канцы XVIII - 1-й палове XIX ст. ў мястэчку Крычаў Чэрыкаўскага павета (цяпер горад у Магілёўскай вобл. ).
Першая ветразевая мануфактура існавала ў 1783 - 1845 гг. (уладальнік граф Г.А.Пацёмкін). Прадукцыя мануфактуры ішла на Крычаўскую суднаверф, у Херсон і Крэменчуг, дзе будаваліся вайсковыя ветразевыя марскія судны.
Другая ветразевая мануфактура існавала ў 1786 - 1831 гг. (уладальнік памешчык Галынскі). Вырабляла белае і шэрае палатно, брызентавую тканіну, суровае палатно. Большая частка прадукцыі накіроўвалася на марскія і рачныя судны рускай арміі ў Херсон, Крэменчуг, іншыя чарнаморскія парты, а т.с. ў Рыгу і Пецярбург.
Канатная мануфактура існавала ў 1785 - 1798 гг. Размяшчалася ў 2 будынках. Мелася печ для варэння смалы з попелам, які пастаўлялі сяляне ў залік аброку па чвэрці з душы, за што атрымлівалі дровы на паліва. Пражу скуплялі ў навакольных вёсках.
Шклоўскія мануфактуры
Існавалі ў 1781 - 1799 гг. у мястэчку Шклоў Магілёўскага павета (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Ўласнасць графа С.Г. Зорыча. Працавалі пераважна на мясцовай сыравіне, абслугоўвалі патрэбы вотчыннага двара і выраблялі прадукцыю на продаж.
Канатная мануфактура (1790 - 1799) вырабляла ліны і пражу з ільняной кудзелі і пянькі.
Ветразевая мануфактура (1794 - 1845) вырабляла тонкае і ветразевае палатно з ільняных і пенькавых нітак. Палатно пастаўлялася пераважна ў Рыгу.
Дзейнічалі таксама шаўкаткацкая (1781 - 1799), гарбарная (1794 - 1798) і суконная (1781 - 1809) мануфактуры.
У канцы XVIII ст. па прычыне малога попыту, нізкай прадуктыўнасці, высокай платы замежным майстрам, а таксама высокага кошту сыравіны і абсталявання, мануфактуры становяцца стратнымі і паступова спыняюць сваю дзейнасць. Тэхналогія ручнога ткацтва на Беларусі заставалася шырока запатрабаванай аж да сярэдзіны XIX стагоддзя, але ў XX стагоддзі па прычыне развіцця прамысловай вытворчасці і зусім страціла сваю актуальнасць.
Гаспадарчае значэнне і раёны вырошчвання лёну
Прамысловая падрыхтоўка трасты прыцягвала кароткім і стабільным цыклам, магчымасцю кантраляваць і накіроўваць працэс, весці яго круглы год, незалежна ад надвор'я, і паступова механізаваць. Аднак працэс меў і шмат недахопаў. Ён патрабаваў велізарных выдаткаў вады, цяпла і энергіі, пабудовы ачышчальных збудаванняў і даваў недастаткова высокую якасць валакна. Доўгі час суіснавалі працэсы мачэння і рассцілання, пакуль у 1960-я гг. не быў створаны комплекс машын, якія сумяшчаюць ўборку льносаломы з яе сцяленнем, і машыны для пераварочвання пласта трасты, яе ўздыму і ўпакоўкі. Многія краіны цалкам ліквідавалі мачэнне лёну.
Апрацоўка льнотрасты да сярэдзіны XIX ст. вялася на шчыліннай мялцы, а трапанне - з дапамогай ручнога кратала. У 1840 г. К. Вэберам была вынайдзенай мялка з рыфленымі вальцамі. У канцы XIX ст. з'явілася "бельгійскае" кола, якое дазволіла механізаваць працэс трапання.
Канец XIX і пачатак XX стст. характарызаваліся бурным ростам ільняной прамысловасці. Была цалкам механізаваная першасная апрацоўка лёну і распрацавана новая тэхніка для комплекснай механізацыі ўборачных і пасляўборачных работ. Аднак ўкараненне гэтай тэхналогіі ішло павольна, і выпуск тканін павялічваўся за кошт вытворчасці паўльняных тканін з баваўнянай асновай і льняным утком, блізкіх па ўласцівасці да чыстальняных. Кароткае льновалакно выкарыстоўвалася для затарвання харчовых прадуктаў і вытворчасці шпагата .
Да канца ХХ ст. у льняной галіне стварылася цяжкая сітуацыя. Прамысловае асваенне новых, больш тэхналагічных валокнаў (бавоўны, віскозы, сінтэтычных валокнаў), здавалася, паставіла ільняную вытворчасць на мяжу катастрофы. Але практыка паказала, што патрэба ў ільняных тканінах захавалася і нават ўзрасла. У многіх льнаводчых краінах распрацаваны свае праграмы развіцця льнянога комплексу, у адпаведнасці з якімі павінна ажыццяўляцца паэтапнае аднаўленне галіны. На базе новых ідэй і распрацовак стала магчымым асваенне новых тэхналогій вырошчвання і перапрацоўкі лёну, якія забяспечваюць высокую канкурэнтаздольнасць льняных тканін на унутраным і сусветным рынках.
За апошнія гады навукоўцы вырашылі задачу выкарыстання льнянога валакна для вытворчасці льняных тканін у баваўнянай галіне тэкстыльнай прамысловасці. Створана абсталяванне для падрыхтоўкі льнянога валакна да гэтай перапрацоўкі; пачаты выпуск трыкатажу, які змяшчае лён; праведзены даследаванні па выкарыстанні наўзамен ільну, альбо ў сумесі з ім пянькі і іншых лубяных валокнаў для выпрацоўкі тэхнічных і бытавых тканін; распрацаваныя метады нетэкстыльнага выкарыстання лубяных валокнаў, комплекснага прымянення ўсіх элементаў сцябла і насення. Тэхнічныя тканіны з ільновалакна прымяняюцца ў аўтамабільнай, авіяцыйнай, гумавай, абутковай, абароннай прамысловасці. З ільняных валокнаў робяць брызент, парусіну, прывадныя рамяні, шлангі, ніткі для рыбалоўных снастак, ўпаковачныя, мяшэчныя тканіны, дэкаратыўныя бытавыя палотны - аж да тонкага батыста і карункаў. Дзякуючы гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці льняныя тэкстыльныя матэрыялы прымяняюцца ў медыцыне (льняная вата, тканыя і камбінаваныя перавязачныя сродкі, хірургічная нітка).
Значнае зніжэнне пасеваў лёну назіралася з 1990г. у сувязі з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распадам СССР і структурнай перабудовай галін народнай гаспадаркі. Вымушанае скарачэнне ўнутранага рынку Беларусі стварыла штучную сітуацыю перавытворчасці і выклікала падзенне рэнтабельнасці ў льнасеяльных гаспадарках. У той жа час не атрымалася сфарміраваць надзейныя экспартныя каналы для паставак льнопрадукцыі на сусветны рынак, якія дазваляюць рэалізаваць лішкі сыравіны.
Адмоўную ролю адыграла і незбалансаванасць асартыменту, які выпускалі прадпрыемствы льнянога падкомплекса. Вытворчыя магутнасці ільнокамбінатаў былі арыентаваныя на выпуск тэхнічных і тарных тканін. Аднак попыт на іх знізіўся і прамысловасць не магла перапрацаваць тую колькасць сыравіны, якую ёй прапаноўвалі гаспадаркі, што паслужыла яшчэ адной прычынай скарачэння плошчаў і вытворчасці льносыравіны.
Для стабілізацыі работы галіны на рэспубліканскім узроўні прымаліся пэўныя меры, аднак з-за аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў у льнаводстве не атрымалася дасягнуць параметраў, якія прадугледжваюцца ў прынятых ўрадавых пастановах. Разам з тым з'явіліся і пазітыўныя тэндэнцыі - павысілася кампактнасць сыравінных зон, быў аптымізаваны ўзровень канцэнтрацыі пасеваў лёну, пры льнозаводах створаны механізаваныя атрады па вырошчванні і ўборцы лёну, вызначана сістэма рэалізацыі льновалакна праз экспартна-сартавальныя базы.
Інтэнсіфікацыя льнаводства прадугледжвае прымяненне прамысловай тэхналогіі вырошчвання і ўборкі лёну, размяшчэння яго па лепшых папярэдніках, навукова абгрунтаванае ўнясенне угнаенняў, сістэму агратэхнічных і хімічных мер барацьбы з пустазеллямі і шкоднікамі раслін, стратамі ўраджаю.
Пры падборы папярэдняй культуры для лёну неабходна ўлічваць патрабаванні: наяўнасць часу для правядзення восеньскай барацьбы з пустазеллем і ранняга зяблевага ўзворвання, спрыяльны фітасанарны стан глебы і яе раўнамерную ўрадлівасць. Зыходзячы з гэтых патрабаванняў не варта высейваць лён пасля канюшыны і абганяльных культур [4], якія пакідаюць у глебе вялікія запасы азоту, што выклікае паляганне лёну. У большасці гаспадарак Беларусі глебы знаходзяцца ў сярэдне акультураным стане, таму лепшымі папярэднікамі для лёну з'яўляюцца збожжавыя культуры - авёс, азімае жыта, азімая пшаніца і ячмень. Крыжакветныя культуры (рапс, рэдзька алейная, гарчыца) зніжаюць ўтрыманне ў глебе патагенаў і эфектыўныя ў барацьбе з пырнікам, таму можна рэкамендаваць ўключэнне іх у льняны севазварот ў выглядзе асноўных або пажніўных культур.
Часты пасеў лёну на адным і тым жа полі выклікае моцнае развіццё ў шкоднай для лёну мікрафлоры, што спрыяе павышэнню ўзроўню заражэння пасеваў лёну хваробамі, зніжае ўраджайнасць і якасць льнопрадукцыі - так званае льностамленне [5] глебы.
Наяўныя даследаванні па гэтай праблеме дазваляюць рэкамендаваць ў палявых севазваротах высейваць лён на адным полі не раней чым праз 6-7 гадоў. Толькі ў парадку выключэння ўстойлівыя да хвароб гатунку лёну можна вяртаць на ранейшае поле праз 3-4 гады. Паўторныя пасевы лёну зніжаюць ўраджайнасць валакна на 10-15%.
Даследаванні сучаснага стану льнаводства і галіны першаснай апрацоўкі лёну паказалі, што ва ўмовах Беларусі ёсць аб'ектыўныя перадумовы для ўзмацнення спецыялізацыі і канцэнтрацыі вытворчасці, практычнага ўзаемадзеяння галін у рамках падкомплекса па вытворчасці і перапрацоўцы льнопрадукцыі.
Улічваючы тэндэнцыі, якія склаліся на сусветным рынку валакна, а таксама тое, што беларускі лён на ім запаўняе сегмент з прадукцыяй сярэдняй якасці і нізкімі коштамі, для рэспублікі важным з'яўляецца зніжэнне сабекошту ільносыравіны і павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Для гэтага была прапанавана сістэма паказчыкаў, якія характарызуюць розныя віды эфектыўнасці: бал урадлівасці глебы, ураджайнасць, сабекошт цэнтнера асноўнай прадукцыі, рэнтабельнасць, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў разліку на гектар, прамыя выдаткі працы на цэнтнер прадукцыі, каэфіцыент ўстойлівасці ўраджайнасці за апошнія пяць гадоў. Вызначаны і арэалы, найбольш спрыяльныя для вытворчасці льнотрасты, шляхам групоўкі раёнаў па ўмовах вытворчасці: выдатныя, добрыя, пасярэднія, здавальняючыя.
Першы ўзровень (каэфіцыент > 1,25 ): Нясвіжскі, Слуцкі, Дзятлаўскі, Крычаўскі, Карэліцкі, Веткаўскі.
Другі ўзровень ( 1,01 - 1,25 ): Івацэвіцкі, Слонімскі, Лідскі, Пінскі, Драгічынскі, Любанскі, Старадарожскі, Бялыніцкі, Ганцавіцкі, Капыльскі, Бабруйскі, Баранавіцкі, Пружанскі, Буда-Кашалёўскі, Калінкавіцкі, Барысаўскі, Наваградскі, Ляхавіцкі, Свіслацкі, Кобрынскі, Вілейскі, Шаркаўшчынскі, Хоцімскі, Смаргонскі, Докшыцкі, Дрыбінскі, Шклоўскі, Іўеўскі, Салігорскі, Дубровенскі, Рэчыцкі, Дзяржынскі.
Трэці ўзровень ( 0,75 - 1,0): Стаўбцоўскі, Гомельскі, Чавускі, Кіраўскі, Магілёўскі, Астравецкі, Пухавіцкі, Ашмянскі, Круглянскі, Воранаўскі, Столінскі, Маладзечанскі, Бярэзінскі, Рагачоўскі, Верхнядзвінскі, Валожынскі, Горацкі, Глыбоцкі, Браслаўскі, Мёрскі, Лёзненскі, Добружскі, Ушацкі, Шумілінскі, Чашніцкі, Бешанковіцкі.
Чацвёрты ўзровень ( < 0,75): Пастаўскі, Талачынскі, Полацкі, Брагінскі, Гарадоцкі, Лагойскі, Крупскі, Сенненскі, Расонскі, Лепельскі.
Даследаванні на 2009 год паказалі, што канкурэнтаздольнасць вышэй у тых раёнах, дзе былі высокія індэксы біялагічнай прадуктыўнасці і ўзровень тэхналагічнай дысцыпліны вытворчасці: Нясвіжскім, Дзятлаўскім, Карэліцкім і інш.
СЫРДВОР[6]
Як гэта цудоўна - прачынацца раней сонца, а потым, па дарозе на працу, назіраць, як яно, заспанае, чырвонае, выкоўзваецца з-за небасхіла, мыючыся ў лёгкіх хмарынках, і паўзе наверх, выпростваючы свае прамяні…
Мястэчка Гарадзея
Гарадзея (мясцовая назва - Гародзей, у пачатку ХХ ст. 3амір'е) - гарадскі пасёлак, чыгуначная станцыя на лініі Мінск - Баранавічы, цэнтр Гарадзейскага сельсавета. Вядома з 16 ст. ў Навагрудскім ваяводстве ВКЛ.
У 1551 г. Гарадзея - уладанне П.А. Ганусовіча. У 1571 г. Б.В. Пратасовіча, а ў 1575 г. Радзівілаў. У 1671 г. Гарадзея - маёнтак у Наваградскім ваяводстве, у 1726 г. - фальварак, уладанне Радзівілаў. З 1796 г. ў Наваградскім павеце, з 1861 г. цэнтр воласці. У 1810 г. фальварак і веска Гарадзея знаходзіліся ў арэндзе у Багдановіча. У 1852 г. Гарадзея - уладанне палкоўніка Брахоцкага (маёнтак і вёска). Уладзіслаў Сыракомля наведаў яе пад час сваіх «Вандровак» і назваў «сапраўдным аазісам у гэтым баку». У фальварак уваходзілі вескі Малая і Вялікая Гарадзея, Абібайкі (Ібібайкі).
У 1791 г. была пабудавана карчма каля в. Вялікая Гарадзея, у 1795 г. - каля в. Малая Гарадзея, у 1833 г. - каля трэцяй вескі. У 1871 г. за паўвярсты ад Гарадзеі была пабудавана аднаіменная станцыя на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, якая хутка стала пунктам гандлю сельгаспрадуктамі і збожжам. Нават Варшава мела сваіх гандлёвых агентаў у Гарадзеі. Акрамя чыгункі каля вёскі праходзіў паштовы шлях Слуцк-Нясвіж-Мір-Навагрудак. Да чыгуначнай станцыі прымыкалі землі памешчыка Марцынкевіча. У 1876-88 гг. ў раёне сучаснага гарадскога пасёлка размяшчаліся маёнткі: Дольная Гарадзея, спадчыннае ўладанне А.В. Болтуць (з 1875), вадзяны і конныя млыны; Гарадзея, спадчына Э.А. Брахоцкай (з 1858), 3 карчмы, ветраны і вадзяны млыны; Гарадзея, спадчына А.С. Марцынкевіча (з 1864) і фальварак Гарадзея, уладанне Неслухоўскіх, вадзяны млын, гасцініца для пасажыроў станцыі.
Вёска Гародзей (Гурна-Гародзей) мела валасное праўленне, лаўку, карчму. З 1869 г. працавала народнае вучылішча (да 1917). У 1888 г. была адчынена школа граматы. У 1897 г. 2 царквы (царква Раства Багародзіцы пабудавана ў 1897), валасное праўленне, хлебазапасны магазін, піцейны дом.
У 1897 у паселішчы Гарадзея малітоўны дом, аптэка, 17 лавак, 2 склады цукру, 2 піўныя склады, 5 піцейных дамоў. Аднаіменных і сумежных з Гарадзеяй маёнткаў у гэты час налічвалася 4: уладанні Марцынкевіча, Святаполк-Мірскага, Неслухоўскага, Болтуця і 2 млыны. 18 кастрычніка 1905 г. ў Гарадзеі адбылася забастоўка і дэманстрацыя рабочых (да 150 чал.).
У 1909 г. на месцы сучаснай Гарадзеі пасад Гарадзея, сяло Горна-Гарадзея, вёска Дольна-Гарадзея, і маёнткі Гарадзея Вольскай, Жаліхоўскай, князя Святаполк-Мірскага, Халавецкай.
У 1-ю сусветную вайну з 1915 г. Гарадзея знаходзілася ў прыфрантавой паласе. Чыгуначная станцыя і пасад называліся Замір'е (на поўнач ад Гарадзеі ўздоўж шляха на Мір знаходзіўся аднаіменны маёнтак князя Вітгенштэйна). На ўшанаванне памяці ахвяр 1-й сусветнай вайны ў завулку Бальнічны у 1920-я гады ўсталяваны памятны знак.
У лютым 1918 г. Гарадзея акупавана войскамі кайзераўскай Германіі. У канцы 1918 г. станцыя і вёска заняты Чырвонай арміяй, з жніўня 1919 г. да 6.8.1920 г. і з кастрычніка 1920 г. - польскімі войскамі. У 1921 - 39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр Гарадзейскай гміны Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1921 г. Гарадзея - мястэчка, гмінная ўправа, аддзяленне сувязі, касцёл, 2 сінагогі, чыгуначная станцыя, таргі па чацвяргам. Вёска Гарадзея Горная; аднаіменныя фальварак, леснічоўка, і асада. Вёска Гарадзея Дольная і аднаіменны фальварак.
З 1939 г. ў БССР, з 4.12.1939 г. у Нясвіжскім павеце, 15.01.1940 г. ў Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці, з 12.10.1940 г. - гарадскі пасёлак, цэнтр Гарадзейскага сельсавета таго ж раёна і вобласці, з 8.1.1954 г. ў Мінскай вобласці. У 1940 г. ў мястэчку чыгуначная станцыя, 10 дробных прадпрыемстваў, 2 паравыя і 2 вадзяныя млыны, 4 гандлёвыя кропкі, 2 няпоўныя сярэднія школы, хата-чытальня, бібліятэка, клуб, бальніца, радзільны дом, паліклініка, аддзяленне сувязі, базар 1 раз у тыдзень. У 1940 г. ў Гарадзеі створаны калгас «1 Мая». Калгасу былі перададзены жылыя і гаспадарчыя пабудовы былога фальварка Магдулка, сад былога маёнтка Халавецкіх. У 1947 г. працавала школа сельскай моладзі, хата-чытальня.
На сённяшні час у Гарадзеі чыгуначная станцыя, Дом культуры, 2 бібліятэкі, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху, музычная і 2 сярэднія школы, кінатэатр, 2 дзіцячыя сады, лясніцтва, крамы, аддзяленне сувязі, прадпрыемства па забеспячэнню нафтапрадуктамі, прадпрыемства агульнага харчавання, хлебапрыёмнае прадпрыемства, райаграпрамснаб, 2 ПМК, сельгасхімія, ільнозавод, ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» і яго Дом культуры, аптэка, бальніца. Царква і касцёл. За 5 км ад Гарадзеі драўляная Спаса-Праабражэнская царква (пабудавана ў пачатку 19 ст., перабудавана ў 2000-я).
Нясвіжскі льнозавод (пабудаваны ў 1952 г., у 1954 - 1-я паточная лінія атрымання доўгага і кароткага льновалакна, у 1967 - 2-я паточная лінія новага ўзору, кацельня і цэх кастрапліт, 1988 г. - 89 рэканструкцыя цэха кастрапліт, ўстаноўка імпартнага абсталявання па выпуску дэкаратыўнай і фанераванай кастрапліты для вытворчасці мэблі, з 1996 - ААТ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у 1999 - пушчаная 1-я ў Беларусі аўтаматычная лінія вытворчасці льновалакна з даданнем бавоўны. Асноўныя падраздзяленні: цэхі першаснай апрацоўкі, катанізацыі і кастрапліт; 3 шохі [7] для захоўвання сыравіны, склад гатовай прадукцыі. Створана механізаванае звяно па вырошчванню лёну на палях Нясвіжскага, Стаўбцоўскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці)
Выпрабаванні
Я патрапіла акурат на разгар нарыхтоўкі снопікаў, і дзяўчаты адразу зладкавалі мне маленькае выпрабаванне. Снопікі з машыны кідаліся на транспарцёр пад шоху, дзе нам патрэбна было акуратна складваць іх у сценку. Гэтая сценка атрымоўвалася вышынёй у трохпавярховы дом, пад самы дах. У чатыры куты стаіць па чалавеку, два пасярэдзіне, яшчэ два адкідаюць ад транспарцёра. Пыл лётма ляціць. У вочы. У нос. У рот. У вушы. Свету белага не бачыш. Мяне паставілі акурат пад транспарцёр, а напрыканцы дня спыталі: ну як, спадабалася? Прыйдзеш заўтра? Адказала - канешне, прыду! А куды ж было яшчэ ісці?
Кантынгент на сырдвары быў розным. У асноўным - гэта жанчынкі, збольшага адзінокія, хто ў разводзе, хто на пенсіі. Больш прыязныя адносіны склаліся з Алай, не нашмат старэйшай мяне, мамай дзвюх дачок і жонкай адсутнага мужа. Складаная сітуацыя, але так было прасцей: заміж разводамі, скандаламі, хлопаннямі дзвярыма рэдкія сцішныя хвіліны, калі з чарговай камандзіроўкі па шабашках чалавек прывозіў грошы на дзяцей... Яшчэ адна Ала, са складаным лёсам і сынам-падлеткам, народжанага ва ўласным падлеткавым узросце. Ды і майстрыца Вольга Іванаўна, якая так ніколі і не выйшла замуж, абпаліўшыся на нейкім мужчыне ў часы сваёй маладосці, але захаваўшы сваю цнатлівасць. Мужыкі былі збольшага наймітамі, сезоннымі рабочымі. Абавязанымі, якія мусілі адпрацоўваць аліменты і яшчэ якія спагнанні. Дзяўчаты апавядалі, што некалі тут адбывалі свае павіннасці зэкі, апошняга з каторых заспела і я - моцны такі чалавек з прозвішчам Марыніч, дзядзька крутога нораву. Я аднойчы пацікавілася ў яго - а ці не сваяк ён Міхаілу Марынічу... а яму стукнула нешта ў галаву, загроб мяне ў свае лапы і давай падкідаць з кульбітамі, так што нават піскнуць не магла, адно хапала па разу паветра. Дзяўчаты стаяць у пяці кроках, баяцца нават наблізіцца - бачна, ён тут карыстаўся дурной славай. Пусціў нарэшце ды кажа, маўляў, не, не сваяк, але каму другому накастыляў бы адразу за такое пытанне. А мяне смех здушыў, я аддыхацца не магу. Ды вельмі хутка яго і адправілі з завода, дэпартавалі на радзіму, некуды на Украіну. А яшчэ казалі дзяўчаты, быў тут некалі ў аўтарытэтах зэк з татуіроўкамі на павеках "НЕ БУДЗІ". Прыляжа дзесь адпачыць, заплюшчыць вочы - і гора было тому, хто спрабаваў пабудзіць, ды такая перасцярога таму і была напісана. Былі тут і два хлапцы, ужо не школьнікі, але яшчэ падлеткі, Юрка і Сярожка. Ды механізатары, збольшага выпівохі, але вельмі цікавыя хлапцы і добрыя таварышы.
Потым было яшчэ адно выпрабаванне. У нас на заводзе тады жылі сабакі. Дзве такія вялікія дварнягі, маці і дачка, старая рудая Белка і маладая белая Белка. Апошняя павінна была прывесці шчанюкоў, і іх неабходна было знайсці найхутчэй. Месца, дзе яна хавала сваіх шчанюкоў, урэшце было знойдзена - нара ў рулонах. Я (дзяўчаты не захацелі - ім было страшна) разам з механізатарам дзядзькам Валодзем, арыентуючыся на піск, рылася ў рулонах. І вось яна, нара. Запусціла туды руку - капошацца. Выцягваю аднаго, другога, трэцяга... сёмага. Гэта быў першы прыплод маладой Белкі. І адразу сем шчанюкоў. Шэсць рудых і адзін чорна-белы. Праз тыдзень у іх павінныя былі расплюшчыцца вочкі... Белка кружыла побач, але не набліжалася, ды яе і не пушчалі дзяўчаты, якія засталіся стаяць ля шахі, адганяючы сабаку. Пакуль дзядзька Валодзя бегаў за вядром, я сядзела каля іх, абрэчаных. Жорстка, але інакш нельга. Белка сама харчавалася невядома як і невядома чым. Для таго, каб пракарміць семярых, тога, чым мы яе частуем, - недастаткова, нават калі б увесь завод разам з кантораю ўзяў шчанюкоў на выхаванне. Я ўпрасіла дзядзьку Валодзю пакінуць хаця б гэтага, чорна-белага, хлопчыка. Астатніх ён знёс у дальні кут сырдвара, дзе быў "сабачы дзіцячы садок", як работнікі называлі месцы, дзе былі пахаванымі сабачыя вывадкі. А малога перанеслі ў гараж. Заставацца тут сабакам было небяспечна, таму што рулоны маглі абваліцца ці трактар прыдушыць. Усім было моташна, але гэта было неабходным. Шчанюка назвалі Ціт, у сцёб над заўгасам, былым міліцыянтам. Апошні, канешне, нічога супраць не меў. Шчанюк парастаў у забаўках, катаўся на пагрузчыках і быў агульным любімцам, хаця чамусьці перавагу аддаваў мне.
Так я пачала працаваць на заводзе, паціху ўцягваючыся ў лён. Памятаю, такія прыгожыя рулоны прывезлі аднойчы - так прыгожа ўпляліся ў лён валошкі... На жаль, гэта лічыцца псаваннем. Трава прэе, траста гніе. Машыны ідуць, спяшаюцца. Пагрузчыкі не паспяваюць, дык скачаш сама і скідваеш тыя рулоны. Пад 300 кг кожны. Навальваліся ўсёю кампаніяй на рулон і скідвалі яго. Бруд. Пыл. Адначасова трэба было забяспечваць цэх пярвічкі трастою для перапрацоўкі. Раскідаеш сцены леташніх снопікаў. З шохі скідваеш іх на паддоны - гэта такія вялізныя краткі, з кручкамі на кутах, на якія ў роўненьнкую каробачку ці куфэрачак (як каму назва падабаецца) складваеш у шахматным парадку снопікі. Тэхналогія тая ж, як і пры ўкладцы сцяны пад шохаю - рад упоперак, рад уздоўж. Але вучыцца таксама неабходна нават і не адзін дзень, таму што патрэбна, каб усе краі і куты былі роўнымі, нідзе не зарванымі і не напушчанымі. Гэтыя куфэрачкі вязе трактар у тамбур цэха, дарога няроўная, таму, калі ўкладзены паддон няправільна, разваліцца на паўшляху. А з тамбура снопікі патрапляюць ужо на перапрацоўчыя машыны. Гэтым жа шляхам ідуць і рулоны, з тым толькі адрозненнем, што імі ўжо поўнасцю займаецца пагрузчык.
Ураджай быў ладным, нам працы хапала з гакам - прывозілі снопікі, укладваем іх у трохпавярховыя сцены, гойсаем па дрыготкай няўстойлівай лесвіцы, парушаючы ўсе правілы бяспекі, скачам па паддонах, скідваем снопікі да перапрацоўчага станка ў цэх прама з прыцэпа машыны, скачам па рулонах. Разграбаем леташнія скірды... і прыгаршчамі выносім адтуль цэлыя гнёзды палёвак. Сляпыя голыя мышаняты пішчаць і коўзаюцца, а побач - сямейства вожыкаў: іх таксама пажадана вынесці за калючы дрот, якім абгарожаны сырдвор, за нейтральную паласу, пераараную трактарам, ці то на супрацьпажарны выпадак - бо за агароджай пачыналася поле (канаплянае), ці то для кантролю за злодзеямі - пакінутыя сляды на паласе добра бачныя. Вынесці, бо тут жывёлінкі маглі патрапіць пад колы пагрузчыкаў. А яны смешна бегалі і пыхцелі. Шкодныя мышкі залазілі пад целагрэйкі, калі выпадкам ад гарачай працы скідаеш іх, каб не ўпарыцца, а ў целагрэйках патраплялі ў бытоўкі, разбягаліся там, псавалі і нішчылі нашыя харчы. Тут жа знаходзілася месца і для розных забавак - аднойчы Юрка вырашыў пракалоць вушка мышцы. Віламі. Не ведаю, можа для таго, каб завушнічку яую павесіць. Пракалоў. Шыйку. У нас быў дзень жалобы. Мы стаялі над гэтай няшчаснай мышай і натуральна адпявалі яе, тут жа, пад шохай, выкапалі маленькую ямку, пахавалі, Сярожка яшчэ скруціў з трасцінак крыжык, які разам з нейкай кветачкай паставілі на магілку. Чуллівыя былі хлопчыкі, добрыя. Тут жа і за коткамі бадзяжнымі было цікава назіраць: ходзе адна такая, мяўкае, а у некага з нас на мабіле мелодыя мяўкам кацяняці была - уключылі, збілі сапраўдную котку з панталыку, хадзіла шукала тое кацянё.
Пакуль ішла нарыхтоўка - працоўны дзень расцягваўся з 8 раніцы да 8 вечара. Вось так наскачашся за цэлы дзень па шохах ды прыцэпах... хтосьці разлічваў такім чынам абмежаваць мяне, асадзіць, думаў, што буду стомленай і разбітай. Але, насуперак чаканням, я не спыняла сваёй дзейнасці. Ішла ўвечары на вуліцы горада. Налепкі, улёткі, сцягі і расцяжкі, затрыманні, разборкі... пакуль не зламала аднойчы нагу.
Мінздраўаховы папярэдзіў
Кожны пачынае паліць з нейкаю думкаю, накшталт "вось паспрабую, калі не спадабаецца, то кіну...". Ці запальвае чарговую цыгарэту з думкаю, што гэтая цыгарэта апошняя. Альбо набывае пачак і ўпэўнівае, што "вось як ён скончыцца, то паліць болей не будзе...". А заўтра ўсё пачынаецца спачатку.
Я сама паліла. І ведаю, што цыгарэта сапраўды дае палёгку: спакайней думаецца, цішэй спляжваюцца нервы... але гэтая палёгка насамрэч мройная. З кожнаю новаю цыгарэтаю на самай справе робіцца ўсё горш. Свет болей не стаіць на месцы, а ляціць да сабачых чарцей. І з кожным разам патрабуецца большая доза, большая порцыя зацяжак...
Ёсць шмат лекцыяў на гэтую тэму. І праводзіць яшчэ адну я не збіраюся. Ніякія размовы накшталт "паленне - шкода, забруджваюцца лёгкія і гэдак далей", - не прыводзяць а ні да якіх вынікаў. Патрэбна, каб чалавек сам зразумеў шкоду, небяспеку, непатрэбнасць гэтае звычкі. Калі вам патрэбна гісторыя - вось яна.
Пачала паліць з простага інтарэсу. У старэйшых класах. Ды і так, былі грошы - былі цыгарэты, і наадварот. Нічога сур'ёзнага. Папаліла і кінула - мне гэта было непатрэбна ўвогуле. Потым, праз некалькі гадоў, узяла цыгарэту ўжо цвёрда. Паліла страшэнна: кожны мой дзень пачынаўся з кубачка кавы і цыгарэты. Калі-нікалі - без кавы. Іншы сняданак ужо проста не ўспрымаўся. Вячэра была гэткаю ж... За дзень у мяне вылятала па два пачкі цыгарэт, і мне гэтага было мала, калі не хапала грошай, я ішла страляць. Так, я магла пражыць без ежы, але не без цыгарэты.Свет ляцеў, гайдаўся, нават падаў, але калі ў кішэні быў пачак цыгарэтаў, то я трымалася на нагах. Так было некалькі гадоў. У нейкі момант я заўважыла, што цыгарэта мне не дапамагае, чым болей я палю, тым робіцца горш. Патрэба трымаць у зубах гэты маленькі тытунёвы скрутачак не знікала ўжо нават уначы, і ад гэтага рабілася моташна. Шмат разоў кідала. Кожны наступны пачак для мяне быў апошнім. Кожны раз я казала сабе, што не заўтра і не ў панядзелак, а вось сёння выпалю гэтую цыгарэту і усё, болей не буду. Але не дапамагала нічога. Нават размовы з нашым інспектарам па справах непаўнагадовых ратавалі ненадоўга...
Ёсць у нашым РАУСе такі маёр ІСН, ёсць у ім нешта такое, пераканальнае. Калі б яшчэ падлеткі болей прыслухоўваліся... не да ягоных словаў, а да іхняга сэнсу, дзіцячых злачынстваў было б значна меней... Падчас крымінальнае валакіты часцяком мне даводзілася бавіць час у ягоным кабінеце. Размаўлялі на розныя тэмы, нават не закранаючы палення. І пасля гэтых размоваў я дні са тры хадзіла нібы новая, не хацелася не тое, што паліць, але і на пачак пазірала з абыякавасцю. Потым ізноў пачынала. І ізноў ішла размаўляць з маёрам. Вядома, не сама, але і без прынукі. Так кажучы, на прафілактыку... Потым крыміналка ўпляжылася. Я на нейкі час атрымала "вольную". І дарвалася да цыгарэтаў. Як кажуць, і не хачу, а рука цягнецца. Хаця, канешне, таксама не нашмат.
Мы распачалі галадоўку. І ўдадатак давялося адмовіцца ад палення. Прыехала дадому, ачуняла. Выйшла на вуліцу. Без цыгарэты ну ніяк нельга. Я прызвычаілася, што калі я дзесьці стаю проста - значыць, будзе шухер. Калі ж я стаю палю - то я проста спынілася папаліць. Пачала ізноў. Але тае цягі да цыгарэтаў ужо не было. Проста спрацоўвала звычка. Проста патрэбна было адчуваць дым. Паліла ўжо чыста механічна. Пачак расцягваўся на тыдзень. Да аднаго "шчаслівага" моманту.
Быў працоўны дзень. Пачаўся абед. Мы з Юркам вырашылі збегаць у краму па цыгарэты. Скарочаным шляхам - махануць праз агароджу. Маханулі. Скочыла на прамыя ногі. Адно пачула трэск, нібыта сухая галінка зламалася. І спачатку не зразумела. Але пакрочыла - нага нешта баліць. Ледзь дайшла да тае крамы. Зірнула - ступня распухла бы падушка. Ну добра, думаю, можа расцягнула там звязкі. Набылі мы тыя цыгарэты. Пералезлі назад. Я яшчэ і даклыпала неяк да пакойчыка, дзе мы абедалі. Пасядзелі. Парагаталі. А ісці ўжо на працоўнае месца - не ідзецца. Выклікалі хуткую. Адвезлі ў шпіталь. Гіпс накладвалі пад наркозам. Гэта доктар хохму выкінуў - я не вытрымаю накладвання. Мог бы і сказаць, што пакруціць нагу. Ачуняла - першае пытанне было: ці наклалі ўжо гіпс і ці можна ім каго ўдарыць. Два з паловаю месяца хадзіла на мыліцах. Гэта спачатку было смешна. А потым было страшна, моташна і цяжка. Скручвала і ледзьве на сценку не лезла. Якія там цыгарэты...
Не паліла пасля гэтага доўга. Ды і умовы працы спрыялі - і без цыгарэтаў пылу хапала на ўсе лёгкія. Але гэты жалезны смак тытуню яшчэ вяртаўся доўга. Асабліва жорстка было перад судом. З апошніх сілаў толькі стрымалася.
Так што Мінздраўаховы мяне вельмі шчыра папярэдзіў на гэты конт - паліць не трэба.
ЯКІМ СУДОМ ТЫ СУДЗІШ - ТАКІМ СУДЗІМЫ БУДЗЕШ
Ля здзірванелага кургана над заснулым гарадзішчам невядома якога стагодздзя мы рабілі забароненае ахвярапрынашэнне - спальвалі пераляжалы зніякавелы лён. А над намі крахкаў чорны крумкач. На забытае злачынства?.. Не, усяго толькі з неўсвядомленае ўрачыстасці, прымроенай ў звычайны шэры будзёны восеньскі дзень. А можа і сапраўды гэта было міжвольнае, забытае першабытнае жаданне падзякаваць (зямле) Богу за добры ўраджай... І хто ведае, можа тыя, што тут некалі жылі, былі ў гэтую хвіліну між нас... і ці не ім мы рабілі гэтае ахвярапрынашэнне? І ці не ад іх, тых, хто жыў на ільновым полю, залежыць урадлівасць беларускага скарба, дабрабытак і супакой... Нажаль, гарлапанячы пра хрысціянскія прыцыпы, мы забываем на галоўную хрысціянскую каштоўнасць чалавечага існавання - Радзіму. Забываем на тое, што Бог некалі падарыў нам гэты маленькі, але такі прыгожы рай...
Апошняе затрыманне, што адбылося акурат напярэдадні пералому, скончылася адміністрацыйнай камісіяй з вынікам - штраф. Але я фізічна не магла яго сплаціць, таму што на доўгія месяцы апынулася зачыненай у хаце, максімум, куды я магла вылезці - гэта шпіталь. Таму яшчэ праз нейкі месяц камісія "прабачыла" мне, і замяніла спагнанне папярэджаннем. А неўзабаве і гіпс знялі. Пакуль яшчэ колькі часу расхажваючы нагу, бавілася на бальнічным, вырашыла наведаць Менск, дзе збіралася ЦР МФ [8] - трэба было неяк уваходзіць у жыццё пасля вымушанага перапынку.
І тут на табе - "міліцыя-ўсімстаяць-рукізаголаву-ліцомксцяне!!!!!!!" Я як стаяла ля шафы так і засталася, пакуль адзін з байцоў не ўзяў за плячо ды не паставіў да сцяны. А потым - доўгае чытанне пастановы, пошук панятых, пайменны разбор... У пастарунку доўга высвятлялі, як я апынулася на кватэры, адрэсу якой я толькі тады і даведалася. Гэбэшнікі патрапіліся ветлівымі - папрасілі дазволу паліць, а калі я адказала, што я сама толькі нядаўна кінула, дык схавалі цыгарэты. І высветлілі, што на мне была прыпыненая справа. Тады паставілі пытанне па-іншаму - альбо я пішу яшчэ адну адказную, альбо зараз падымаюць тую справу і я маю вялікі шанец не вярнуцца сёння дадому. Так проста... Напісаць адказную - чаму не? Яна нічога не зменіць, проста патрэбна тады быць удвая больш асцярожнаю. Так я напісала "чыста сардэчнае" прызнанне ў тым, што "не па сваёй волі адмаўляюся ад далейшае дзейнасці" на імя нейкага таварыша. Спачатку сказалі пісаць на імя самага галоўнага гэбэшніка, потым - на нейкага, што ніжай рангам. Пакуль не адпускалі, а завялі ў аўтазак. Дарэчы, я даўно ўжо ў іх не каталася, таму здзівілася, ўбачыўшы замест звычных шафаў-клетачак нармалёвыя лавачкі - мусіць, гэта транспарт для перамяшчэння самога спецпрыза [9]... Мяне і нашых хлапцоў яшчэ колькі часу пратрымалі ў машыне, потым выпусцілі. На гэтым, безумоўна, нічога не скончылася, а ўсё толькі пачыналася...
Я працягвала працаваць на заводзе на сваім ранейшым месцы. Майстрыца Вольга Іванаўна, канешне, падваліла крыху за зламаную нагу, але і зрабілася больш уважлівай. Да бальнічнага я прапрацавала ўсяго толькі паўтара месяца, і спецадзенне, цёплую зімовую целагрэйку і кірзачы, мне яшчэ не павінныя былі выдаць, але майстрыца пазавіхалася і вельмі хутка я фарсавала ў новых кірзачах, 42 памеру, у якія даводзілася адзяваць па дзве ці нават тры тлустыя шкарпэткі, якія былі добрымі для яшчэ балючай нагі.
Праз траўму я думала, што ўжо ніколі не давядзецца вылезці на гмахі, бо скакаць па дамах ды лесвіцах яшчэ было цяжка. Але ўсё адно працягвала выходзіць на вуліцы. Пасля лютаўскага хапуна ў Менску, у Нясвіжы на пакінутыя мной нумары майго тэлефона пачалі адказваць гэбэшнікі. На 14 лютага ўвогуле абяцалі спатканне з "вялізным букетам руж". Аднак сустрэча адбылася крыху пазней і без рамантыкі.
Напярэдадні Дня Волі на працы да мяне прыйшоў інжынер і сказаў, што тут у нядзелю мяне персанальна чакаюць. Я заўпарцілася, бо заява на адгул ужо была напісанай - мне бульбу патрэбна сажаць у вёсцы, з канём ужо дамовіліся, іншага дня можа не быць. Тады запрашаюць да сакратаркі, якая ўручае позву ў КДБ. І ўсе нашароханыя - "чыво ета", за што, чаму... Я, канешне, прыняла ўсё да ўвагі. Але маю заяву на адгул падпісалі. Тым жа вечарам паспрабавала сарвацца на Менск. На чыгуначным вакзале стаю ў чарзе за квітком, прыцярушвае тлусценькі міліцыянт, мяне за локаць і адцірае з натоўпу. У апорцы далі разгону, што "не паважаю" нашае КДБ, не слухаюся іх і раблю, што хачу. Ноч правяла ў пастарунку, раніцою пад канвоем завялі да камітэтчыкаў. Там - клапатлівы малады чалавек, прапанаваў каву, бо не ўдалося паспаць - ночыла ў дзяжурцы. Ад печыва я адмовілася. Размова не клеілася, пакуль не завітаў начальнік. І адразу - усмешка да вушэй. Знаёмыя з мінулага года. Даўно не бачыліся. Ай, як не хораша, сабралася паехаць у вёску на раён праз сталіцу. Ну-ну... але ўсё адно нічога ў дзядзькоў не выйшла, бо я нічога не мела ім паведаміць. Так і пратрымалі да тога часу, пакуль у Менску не пачалася акцыя. Адпусцілі. У панядзелак прыходжу на працу - на мяне ўсе: куды ўлезла? Што нарабілася? Чаго цябе хацелі? Неяк аджартавалася.
Але чым далей - тым было ўсё складаней. Хаця я цотка размяжоўвала сваё жыццё на працы і па-за працай: нічога нічому не павінна перашкаджаць. І тое, што не датычыцца працы, застаецца дома. У пастарунку. На вуліцы. Але ніякім чынам не патрапляе на завод. Так было трэба. Гэта была пастаўленая ўмова. І я мусіла яе выконваць.
Аблога
Чарнобыльскі Шлях таксама правяла ў пастарунку. Раніцою едучы на працу я, як звычайна, кінула вокам па аўтобусе і заўважыла двох міліцыянтаў. Але вырашыла не звяртаць на іх лішняе ўвагі - хлапцы, відавочна, кіраваліся на сваю працу, я тут зусім ні пры чым. Але, пад'яжджаючы да свайго прыпынку я адчула, як хтосьці лёгенька паляпаў па плячы. Азірнулася - яны стаялі ўжо побач са мною.
Насця, здрастуй!
Прывітанне.
Куды едзеш?
На працу, куды ж яшчэ?
Я думала, што мы і развітаемся, але яны сышлі ўслед за мною.
Пачакай, пойдзеш на працу пад канвоем.
Кінуліся яшчэ некалькімі словамі ні пра што, дзякуй Богу, хлапцы мяне правялі дапаўдарогі, завярнуўшы да льносемстанцыі, побач з якой стаяла з учарашняга дня іхняя машына.
Дзень пачынаўся добра.
Скончыла працу і вырашыла адразу з яе ісці на чыгунку. Было яшчэ часу, але чым пазней - тым болей верагоднасці, што стопудова стрымаюць, вернуць, пасодзяць на ноч у пастарунак. Таму і пашыбала адразу на чыгунку вакольнымі вулачкамі - патруль, канешне ж ужо гойсае, і патрапіцца вось так проста зусім не хацелася. Але мабілу не адрубала. Ясны факт будуць прасочваць, але не да такой жа ступені! Тым болей спрацоўваў здаровы спартыўны інтарэс: хто апынецца першым - я паспею з'ехаць ці яны мяне паспеюць перахапіць.
Ужо шукалі. Дадому я не вярнулася своечасова - значыць, недзе ўжо саскочыла. На нейкае гарадзейскае вулічцы ў пошуках шляху да чыгункі, які не ішоў ля тамашняе апоркі, прачнулася мабіла. Старлей Жур.
Чаму не дома?
А чаму я павінна быць дома?
Дзе ты?
Не скажу. Гэта твая праца, ты і шукай.
Ну, хоць прыблізна.
Шукай. Прывык ужо сядзець у кабінеціку і загады аддаваць.
Ну, хоць скажы, ты ўжо з'ехала ці яшчэ не?
Яшчэ не. Добра, зраблю адну падказку. Я на дарозе.
На якой? У якім раёне хоць?
Дарогаў, якія вядуць у Менск, у нашым раёне досыць. Прычым у розных кропках. І для таго, каб знайсці на іх аднаго чалавека, патрэбны добры дзесятак машынаў, калі не болей. А з транспартам у нашае мусарні маленечкая напруга існуе... Я жорстка памылялася. Не ведала, што яны скідываюць у гэтыя дні ўсе свае сілы менавіта на гэтыя мэты.
На той, каторая вядзе на чыгунку.
На якую? - не сунімаўся ён.
На чыгунку вялі таксама не адна і не дзве дарогі. І таксама ў шырокім радыусе. Робячы такую падказку, я значна звужала іхняе кола, але праблема пошукаў не знікала. Калі хтосьці ехаў калі ў накірунку Менск - Берасце, то павінен узгадаць кавалак дарогі Варацішча - Пагарэльцы. Адлегласць, самі разумееце, немаленькая. І на яго таксама патрэбны ці не ўвесь тэхнічны арсенал мусарні.
Не скажу. Шукай сам.
Я выйшла да станцыі. Збоку была апорка і я ўбачыла, што ля яе яшчэ нікога не было. Значыць, шанец вырвацца ў мяне ёсць. Час меўся. Пакуль чакала электрацыю, ізноў прачнулася мабіла. Відавочна, яны мяне шукалі сапраўды ўсёю мусарняю, не жадаючы паўтараць леташняй памылкі, калі я знаходзілася пад крыміналкаю і здолела выслізнуць з горада. Старлей ужо звёўся.
Дзе ты?
Не скажу. Твая праца, ты і шукай.
Насця, давай сур'ёзна, ты яшчэ не з'ехала?
У вас яшчэ ёсць паўгадзіны. Шукай.
Добра, глядзі толькі падмані!
Я крыху схлусіла. Насамрэч у іх было недзе прыблізна каля 15 хвілінаў. Я чакала. Не набывала квітка, мне было цікава, ці здолеюць яны паспець. А квіток у апошнюю хвіліну ці на наступнае станцыі можна набыць заўсёды. Я стаяла спінаю да ўваходу, але ў шкле акна адлюстроўваліся абрысы. Так я і ўбачыла сілуэт у фуражцы - акурат тады, калі абвясцілі маю электрацыю. Азірнулася, калі прапар Віталя падышоў, прадставіўся і папрасіў мае дакументы. Збоку нашая сустрэча была падобная на спатканне двох добразнаёмых людзей (а так яно і было: хлапец некалі вучыўся ў паралельнай групе педкаледжа, які скончыла і я) і зусім не нагадвала затрыманне. Амаль у абдымках выйшлі з залы чакання, не звяртаючы ўвагі мінакоў, хіба што толькі тым, што Віталя забраў маю мабілу і ніяк не хацеў яе аддаваць. Так, у абдымках мы дайшлі да апоркі, да якое ўжо зляцеліся "мошкаў" з пяць і цэлы тузін міліцыянтаў скупіўся побач, сярод якіх былі і ранішнія таварышы. Як жа яны ўзрадаваліся, ўбачыўшы мяне! Супакоеныя, раз'ехаліся - болей лавіць не было каго. І так за мною праганяліся добрую гадзіну з гакам. Пасадзілі мяне ў замаўскую "Волгу" і паехалі ў пастарунак у Нясвіж. Ага. Не паспелі ад'ехацца ад апоркі, "мошка" стала. І ні туды, і ні сюды. Не жадала везці мяне. Смяюцца - наваражыла. У машыне пашманалі сумку і кішэні курткі, знайшлі зусім забытыя мною налепкі, некалькі значыкаў і напульснікі. Узрадаваліся яшчэ болей. Неяк завяліся, урэшце прыехалі ў пастарунак. У дзяжурцы мяне сустрэлі ўсе начальнікі. Старлей расплыўся ва ўсмешцы і задаволены пайшоў дадому - ягоны працоўны дзень даўно скончыўся. Я размясцілася на сваёй лавачцы, патрульныя разышліся - ім не дадуць заўтра па шыі, можна было спакойна працягваць сваю службу. Даішнік Турба распавёў, што яны сапраўды шукалі мяне па ўсім раёне. Па ўсіх накірунках. Задала я ім задачку... Але запэўнілі, што нават калі б я і выслізнула, мяне усё роўна перахапілі б дзе-небудзь. Смяюся - няма ў іх арыентыроўкі на мяне, бо ні фотак "фас-анфас-профіль", ні адбіткаў пальцаў маіх у картатэцы не было... дарэмна я пра гэта нагадала! Так зазначыў і маёр Паўлючэня, экпэрт-крыміналіст, паціраючы рукі - "шчас мы табе пальчыкі адкатаем". Тут жа прынёс прылады для гэтае справы. О, гэта было самае найвялікшае задавальненне маёра Паўлючэні: ён нарэшце паставіў мяне на ўлік!..
Час быў яшчэ не позні. Але і здарэнняў ў гэты вечар такіх сур'ёзных не было. Таму я бавіла час, назіраючы за працаю дзяжурных і нават ад няма чаго рабіць дапамагаючы ім націскаць на кнопачкі пульта. Спачатку ніхто не заўважаў, бо рабіла я гэта, калі хто з іх адцягваўся на нейкую іншую справу, а брама дворыка мусарні была зачыненая і якая "мошка" не магла заехаць ці выехаць - я ж, знаходзячыся на лавачцы, усё добра бачыла ў манітор камеры назірання. Але ў нейкі момант не паспела вярнуцца ад пульта на сваё месца і была напатканая міліцыянтамі, што зайшлі з дворыка. Ніхто не крычаў, але пры іншых абставінах лёгка можна было б прыпісаць не ведаю якое там злачынства як да мяне, да і да дзяжурных за недагляд. Пасмяяліся. Тут жа прапанавалі мне пасаду памочніка дзяжурнага. Жартам, канешне. Я ў гэты вечар не была супраць: трэба ж было неяк бавіць час, калі ўсе астатнія занятыя справаю, мне нічога не заставалася, як толькі сачыць за дворыкам. Тым болей, што мне было вельмі цікава, як і дзе ўсталяваны камеры знешняга назірання. На жаль, толькі чатыры з васьмі манітораў на той час працавалі добра. На астатніх жа ўвогуле немагчыма было штосьці разгледзець...
Пад самую ноч я крыху падсілкавалася - у мяне яшчэ заставалася крыху ссабойкі. Уладкавалася на лавачцы спаць і падлажыла пад галаву пакунак з тэрмасам. Ноч выдалася спакойнаю, надзіва ніякіх выклікаў, ніякіх здарэнняў увогуле не было. І дзяжурныя таксама здолелі крыху адпачыць. Але спакой быў хутка парушаны. У самы запал цішыні я нейк няўдала павярнулася і тэрмас з грохатам выслізнуў у мяне з-пад галавы на падлогу. Маёр ажно падскочыў з крэсла, пакуль разабраўся, што да чаго. На раніцу ўсё было пададзена, нібыта я захацела зрабіць тэракт, з чаго таксама не перамінулі пасмяяцца. Дзень пачынаўся няблага, ціха і спакойна. Змяніліся дзяжурныя. І ўсё б так і скончылася, каб не адзін інцыдэнт.
Тэлефанавала нейкая дзяўчына, якая яўна прыняла за каўнер. Паскардзілася, што хтосьці там яе стукнуў на аўтастанцыі, дзе яна зараз і знаходзіцца. Яе хутка падабраў бліжэйшы патруль і прывёў у пастарунак. Спачатку, канешне, былі скаргі на тога невядомага злодзея, аднак якога я ведала - даводзіцца ў свае начныя вылазкі сутыкацца і з такімі поцімкамі...
Быў неяк такі выпадак, калі аднойчы я йшла па горадзе, раздаючы ўлёткі, але прычапіўся нейкі п'яны поцімак. Мне нічога не заставалася болей, як толькі даць яму пару кухталёў, нягледзячы на тое, што моцна палілася сама: у пакунку былі ўлёткі, а побач катаўся патруль. Міліцыянты тады проста моўчкі праехаліся міма, разумеючы, што я разбяруся з ім сама і не варта ўлазіць, таму што і мне самой зусім недарэчы разбіральніцтвы - я пры справе... Але толькі пры іх з'яўленні гэты поцімак адчапіўся і збег. З чарговым затрыманнем я не перамінула на такія абыякавыя дзеянні міліцыянтаў паскардзіцца ім жа: а раптам бы я не адмахалася. Пасля гэтага брат распавядаў са словаў яго сяброў, якім здаралася тусіць на вуліцы падчас маіх прамінатаў: іду я, раздаю штось, а за мною ціхенечка так "мошка" коціць. Ахоўваюць, значыць.
...Потым дзяўчына пачала невядома з чаго ўсіх аблайваць - можа хтось не так ёй што сказаў, можа ўпікнулі яе ейным выглядам, каторы быў не з лепшых. Я сядзела ціхенька ў куточку і маўчала, пакуль яна не звярнула ўвагу на мяне. І вось тут і я атрымала сваю порцыю. Я маўчала, церпячы знявагу, таму што разумела, што з такімі, як яна, спрачацца не варта. Потым мне гэта пачало надакучваць, і я паспрабавала лагодна яе супакоіць. Здавалася, кантакт быў бы ўжо знойдзены, калі б раптоўна ёй у галаву не прыйшла адна думка: маўляў, я тут для таго, каб падставіць яе... і вось тут у мяне і вырвалася: "да на ... ты мне здалася!" У дзяжурцы знаходзілася даволі міліцыянтаў, ды яшчэ і нейкія левыя хлапцы прыйшлі адзначаць свае нейкія позвы. Дзяжурныя ледзь не запляскалі ў далоні - Наста мацюкнулася - ура! Мы на яе зараз пратакольчык і складзём, сведкі ёсць! Але потым прыйшла адвакатка гэтае дзеўчыны і забрала яе да сябе. І тут ужо хлапцы не стрымаліся, рогату было...
Адпусцілі дадому. Па дарозе звязалася са сваімі ў Менску, яшчэ і пакіравала акцыяй усляпую. Але трэба было нейк лавіць сённяшні дзень, які ўжо сыходзіў. Болей ніякіх такіх падказкаў я ім рабіць не буду. Гэта іхняя праца, хай варушацца самі.
У Менску тым часам пачалася новая хваля крымінальных пераследаў, у якія вылілася лютаўскае накрыццё нашай сходкі. Праводзіліся допыты. Значна пазней, як у мяне з'явіўся інтэрнет, я шмат даведалася з той кампаніі - і што людзей дапытваліся пра маю асобу, і што капалі пад мяне рэальна, перш, чым аднаўляць крымінальную справу. А так мне ніхто нічога не казаў. І толькі цётачкі з "Бацькоўскага камітэта" раз-пораз тэлефанавалі, хваляваліся, ці не стамілася я тут, ці цікавіць мяне яшчэ адукацыя за мяжой... прычым умудраліся тэлефанаваць акурат тады, як у мяне ў самым разгары ішлі разборкі ў міліцыі, і на ўсе гэтыя іхнія адукацыі і замежжы мне было, мякка кажучы, фіялетава.
На працы ж час падыходзіў да першага майго водпуска. З калектывам былі вельмі добрыя стасункі, а інакш і быць не магло. Яшчэ праводзіліся розныя спаборніцтвы паміж прадпрыемствамі раёна у выглядзе турзлётаў сандружынаў, калі ў вызначаным месцы на прыродзе збіраліся і спаборнічалі паміж сабой у аказанні першай медычнай дапамогі. Наш заводаўскі ідэолаг Валянцінавіч, а па сумяшчальніцтве - інжынер па бяспецы працы ды начальнік варты, а ў мінулым - вертухай зоны, але па жыцці - нудны п'янюга, вырашыў далучыць і мяне да гэтай грамадскай справы. Я згадзілася - чаму не? У адрозненне ад былой нашай супрацоўніцы, актывісткі БНФ, якая, як апавядалі дзяўчаты, заявіла, што яна ўдзельнічаць ні ў чым не будзе, таму што з'яўляецца сябрам БНФ. І, па іх жа аповедах - самой мне яе заспець не давялося - толькі і рабіла, што агітавала ў партыю, да жыцця завода не маючы ўвогуле ніякай ахвоты далучацца. У мяне была іншай тактыка. Як можна было прапаноўваць людзям нешта змяніць, нават не маючы жадання быць разам з імі, нават не з'еўшы і пуда солі... я не ведаю, магчыма на яе конт і памыляюся, але мне патрэбна было ўвайсці ў калектыў для таго, каб з самага нутра ўбачыць завод, зразумець, што можна прапаноўваць, а што - нельга. Але паўдзельнічаць у гэтых спартакіядах мне так і не давялося - перашкодзіла адноўленая крымінальная справа. Усе спробы на заляцанні з боку механізатараў я мякка перасякала, з дзяўчатамі не аднойчы цішком, на высокіх, у тры паверхі, сценках снопікаў адзначала розныя падзеі і святы... да тога часу, як ледзь не спалілася. Выпілі гэта мы напярэдадні 9 траўня, дабравата, але ніхто з начальства не заўважыў ды майстрыца, у якой быў нюх на гэтыя справы, не прыкмеціла нічога падазронага. Пакуль прымала пасля працы душ - выветрылася галава. Але выходжу з прахадной - здрасце, прыехалі. Стаіць "мошка" па маю душу. Прыехаў нейкі менскі следчы, я нават не запомніла яго прозвішча. І таму, што моцна спяшаўся, выказаў жаданне правесці допыт прама тут, у машыне. Я б, канешне, магла яму запярэчыць і патрабаваць ехаць у пастарунак ці там куды яму было патрэбна, але баялася рот раскрыць, каб не пачуў, што піла. Таму і зусім адмовілася пра штосьці мець размову. Ён застаўся ні з чым, а мяне наш міліцыянт, які быў кіроўцам гэтай "мошкі", падкінуў дахаты і пагразіў пальцам - даскачуся я калі-небудзь. Прыходжу я пасля святаў на працу і кажу дзяўчатам - вы як сабе хочаце, але я пас, больш піць не буду. Рогату было шмат.
Самачын
Тут яшчэ павінна ўзгадаць пра вялізны надпіс з камянёў на ўзгорку ля дарогі Нясвіж-Гарадзея. Лясгасаўскі надпіс "БЕРЕГИТЕ ЛЕС - ЦЕННЫЙ ДАР ПРИРОДЫ". Доўга, вельмі доўга ён мне муляў вочы, таму што глядзела і прымярала іншыя словы, якія б можна было выкласці. Вельмі доўга разважала, як гэта можна было б зрабіць, колькі чалавек на гэта спатрэбіцца. Абмеркавала з усімі, хто мог дапамагчы. Атрымала гарнае такое пытанне ў адказ: "чыя будзе справаздача?" і вырашыла на ўсіх забіць. Выйшла з сапёрнай рыдлёўкай і дзве цудоўныя цёплыя травеньскія ночы ўкапалася там, ператвараючы стары надпіс у новы: "СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!". Першую ноч марудзіла з прычыны таго, што гэта была адкрытая мясцовасць, магчымасць нарвацца на розных драпежнікаў, у тым ліку і з чалавечым абліччам, новая для мяне практыка па выкарчоўванню камення… блізу гэтага надпіса было сакральнае для Нясвіжа месца, дзе некалі раслі ў абдымках дрэвы, дуб і сасна. Дрэвы, стомленыя часам, памерлі, але памяць пра іх засталася, як засталіся і здані. І тых няшчасных, што паводле легенды сустракаліся на гэтым месцы, і тых абрэчаных, каго фашысты гналі ў канцлагер падчас акупацыі горада ў Другую Сусветную вайну (і на сённяшні дзень кавалак дарогі, які зварочвае з напрамка Нясвіж - Гарадзея ў бок мястэчка Сноў, усе клічуць Жыдоўскай дарогай)… і цяжкія ўзгадванні-адмеціны смуткавымі жалобнымі кветкамі ці не на кожнай таполі, якія і самі ўжо пераўтварыліся ў мрою (бо дрэвы было загадана спілаваць які дзясятак гадоў таму), паабапал шашы… Ды на розум прыходзілі і розныя гутаркі з выпадковымі спадарожнікамі падчас начных вандровак, калі ўзгадваліся і ласі, якія не зважалі на рух машын, і дзікі, асабліва небяспечныя, калі ў чарадзе ёсць малыя, і ваўкі, якія ўзімку блукалі зграяй па наваколлі і нікому не саступалі дарогу…
Але камяні сапёркай аказалася даволі лёгка даставаць з зямлі, узгорак не асвятляўся фарамі машын, драпежнікаў тут не было. Новы надпіс праляжаў на ўзгорку тыдзень, пакуль не патрапіў у сеціва, а тады адной не менш цудоўнай раніцай едучы на працу, я заўважыла, як міліцыянт выйшаў да надпісу з аўтобуса. Вяртаючыся вечарам дадому, камянёў я ўжо не ўбачыла.
Мой улюбёны дом, амаль каля самае мусарні, на якім я заўсёды да траўмы вывешвала сцягі. Цікавай планіроўкі, ён разбіты на дзве часткі. У адной частцы тры пад'езды і выйсце на дах, у другой - пяць пад'ездаў і выйсце на дах. А пасярод яшчэ адна частка з аднаго пад'езду, які з'яўляецца чымсьці накшталт перамычкі паміж тымі дзвюма часткамі і разбівае дах на дзве асобныя пляцоўкі. Пералезці з аднае на другую фактычна немагчыма.
Яшчэ быў дзіцячы час - дзевяць вечара. Таму я без асаблівых перашкодаў увайшла ў адзін крайні пад'езд і спакойна вылезла на дах. Вывесіла расцяжку "Беларусь - не турма!", праўда, гэта заняло шмат часу з-за таго, што патрэбна было яе некуды прыладкаваць, асабліва, аднак, не высоўваючыся, каб зараней не спаліцца. Выйшла з пад'езда. Людзей было няшмат, і наўрад ці хто з іх здагадаўся за гэты час кінуць вока ўгору, інакш бы мяне ўжо чакалі тут жа. Але на ўсялякі выпадак я абышла колам і выйшла на люднае месца з іншага боку. Зрабіла яшчэ адно кола і зайшла ў другі крайні пад'езд, прыладкавала другую расцяжку "Не - тэрору!". З гэтаю давялося павазіцца крыху болей. Ды яшчэ бянтэжылі блізкія вокны "знутранага" пад'езду. Хтосьці ж усё-такі мусіць там убачыў, як я вывешваю расцяжкі. Не ведаю, ці гэта было знадворку, ці з якое кватэры, але "паступіў званок" куды патрэбна. Праўда, даволі позна - я паспела зрабіць сваю справу і сысці. Пры сабе мела яшчэ адну расцяжку "Хто наступны?", якую спачатку мела намер прымацаваць у цэнтры... Але вясна. Выходны дзень наперадзе. На плошчы шмат народу. Затрымаюць, я не паспею яе нават разгарнуць. Таму вырашыла пакуль вярнуцца дадому.
Не паспела. Ля самага скрыжавання на маю вуліцу даганяе "мошка". Нават крыху абганяе і зварочвае ў напрамку да майго дома. Але на самым скрыжаванні спыняецца. Я спакойна іду сабе, упэўненая, што яны не да мяне - ну, не папруцца ж насамрэч сярод ночы толькі з-за таго, што там у горадзе з'явіліся расцяжкі. А я іду ці мала адкуль - з тае ж самае начное крамы "Дары прыроды" ("ДП", як яе ўсе тут клічуць), ці ад сяброўкі. Ці так рабіла прамінацік перад сном. Ды і яны наўрад ці спыніліся з-за мяне, адназначна, як і прыперліся сюды - у іх ёсць свае справы, можа, вырашылі тут зрабіць блок-пост там ці яшчэ што. Параўналася з "мошкаю". Прапар Буль адчыніў дзверцы, папрасіў падысці да іх. Я падышла - яны стаялі на маім шляху, і не падысці было проста немагчыма. А калі кудысьці збочваць, уцякаць - гэта само сабою выкрые маё дачыненне да чаго-небудзь, значна лепей рабіць выгляд, нібыта нічога не ведаеш, нічога не адбылося - гэтая ўпэўненасць заўсёды дае перавагу. Тым болей, што і насамрэч дадзеная сітуацыя складалася ў маю карысць. Ён выйшаў з "мошкі".
Сядай у машыну.
Навошта?
Адкуль ідзеш?
Так, перад сном рабіла прамінацік.
Куды?
У "ДП".
Праз увесь горад?
А чаму і не?
Пакажы, што ў пакеце.
Ну вось і ўсё. У пакунку была расцяжка. Трэба мне было, яшчэ заўважыўшы іх, выкінуць яго. Але ўжо было позна. Я аддаю пакунак прапару. Міліцыянт зазірае ў яго. З хвіліну думае і ўжо імкнецца вярнуць пакунак мне і развітацца - маўляў, памылачка выйшла, выбачай, гражданачка. Але потым да яго дайшло, што ў вялікім па памеры пакунку не можа знаходзіцца адна кепка, якую я зняла яшчэ як сыходзіла з даху і паклала ў пакунак на пакінутую расцяжку. Прапар вымае кепку і бачыць тое, што яму патрэбна. Задаволена ківае на "мошку".
Сядай, паехалі назад.
Мне не заставалася нічога іншага, як падпарадкавацца. У машыне былі яшчэ тры міліцыянты, якія радаваліся, што заўважылі мяне на дарозе. Я пацікавілася:
А каб не ўбачылі, вы што, уламіліся б да мяне дахаты?
Канешне, - згадзіліся яны са мною. - Чаму не?
Сярод ночы? А каб я была дома, што б вы зрабілі?
Забралі б. Ты нам спакойна спаць не даеш, дык і мы табе не дадзім.
Мяне прывезлі ў пастарунак, завялі ў пакой "для разборак з затрыманымі" і пачалі складаць рапарты, а заадно і тлумачальную. Доўга вёўся допыт, вельмі доўга, таму што іх не задавальнялі мае паказанні пра тое, што гэты пакунак я знайшла, што не ведала да сустрэчы з прапарам пра расцяжкі, што ўвогуле не ў курсах пра гмах. Прапар моцна лаяўся, абяцаючы мяне з выпадкам "павесіць на тым даху, размазаць па сценцы і г.д.". Міліцыянты злавалі, таму што ім патрэбна было ўжо даўно быць дома, спаць пад цёплымі коўдрамі, а са мною адчувалася, што прасядзяць да раніцы. Таму што я адмовілася падпісваць дадзеныя мною тлумачэнні наконт "пакінутага кімсьці пакунка" - гэта цягнула ўжо на кражу. Капітан перачытаў і пагадзіўся. Ён прапанаваў мне напісаць усё, як ёсць, пра вывешаныя расцяжкі і пра тое, хто мне дапамагаў - яны чамусьці былі ўпэўненымі, што я была не адна. Я адмовілася. Усе разумелі, што акрамя мяне тут займацца такімі справамі ніхто болей не будзе, але, памятаючы леташнюю крыміналку, у якой фігуравалі некалькі хлапцоў, у міліцыянтаў былі наконт сённяшняга здарэння сумневы. Але я напірала на тое, што затрымалі мяне няправільна. Нават калі я і пры справе да вывешаных расцяжак, то даказаць гэта немагчыма, таму што затрымалі мяне каля хаты фактычна, а куды я ішла - з дому ці дадому - гэта ніхто не скажа нават на судзе, таму што, маючы пры сабе расцяжку, ясны факт, я б ішла яе вывесіць, а не цягнула да сябе з ночы. І патрэбна яшчэ даказаць, ці мая яна ўвогуле - таму што я магла проста падабраць "нікому не патрэбны" пакунак, не асабліва цікавячыся ягоным зместам. Апошняе было ўжо чыстаю лухтою, і я сама згадзілася, што нават суддзя будзе смяяцца. Але нічога іншага ў галаву не лезла. Забралі мабільнік - я не паспела яго вырубіць. Шмат ім не трэба было - адно даведаліся, якія былі званкі напярэдадні...
Адзіным светлым момантам у гэтай напрузе стаўся начальнік падвала. Ён прыйшоў, пацікавіўся тлумачэннямі, пажартаваў, што мяне патрэбна зачыніць у лядоўні на якую гадзінку, і тады я ва ўсім прызнаюся. Штука такая, што я і не адмаўлялася на словах ад самое сябе, але на паперы яны вымушаныя былі пісаць усю тую лухту, якую я несла. А ён яшчэ і паскардзіўся, што я прымусіла яго самога лазіць на той дах і здымаць расцяжкі. Чалавек такой неблагой камплекцыі, я уявіла сабе, як ён гэта рабіў, і мне зрабілася смешна.
А вы бачылі калі-небудзь панараму начнога горада?
Ну, вось дзякуючы табе ўбачыў.
І як?
Спадабалася, - задаволена зазначыў начальнік падвала.
Міліцыянты былі так абуранымі, таму што ім давялося самім лазіць на дах, здымаць расцяжкі. Знайшлі з чаго. Адзін вось застаўся задаволеным з гэтае вылазкі, а астатнім гэта проста на карысць, таму што такім чынам яны падтрымліваюць ладную фізічную форму...
Яшчэ колькі часу высвятлялі, што рабіць з гэтай тлумачальнай і са мною разам, вырашылі мяне адпусціць, а пазней працягваць разбор. На свежыя галовы. Такім чынам я ўсё ж такі патрапіла нарэшце дадому. Пару дзён мяне ніхто не чапаў, а потым прачнулася мабіла:
Што за х... ты напісала? - пачула я ці то абураны, ці то злосны голас Жура.
Што за лаянка? - у тон яму я адказала. Я была на працы.
Давай, каб заўтра адранку была ў маім кабінеце!
Добра, але выпішы мне позву.
Выпішу, не хвалюйся.
Заўтра дык заўтра, добра, што не сёння. Прыйшла. Доўга нікога не было. Я паспела звязацца з менскімі і паведаміць пра выклік і незразумелае становішча. Таму што пасля лютаўскага хапуна адчувалася нейкая нявызначанасць. Рана ці позна павінна было штосьці высветліцца. І гэтае чаканне вісела дамоклавым мячом.
Нарэшце прыйшоў старлей, вельмі злосны, трымаючы ў руках "маю" тлумачальную.
Што гэта? - адразу пачаў ён.
Тое, што ёсць.
Яны папрывыкалі ўжо, што я заўсёды "каюся" ў сваіх "злачынствах". Але гэта было толькі тады, калі мяне "хапалі за руку". Зараз быў зусім іншы выпадак. Гэта было падобна ўжо на мянтоўскі самачын. Ці мала адкуль я ішла - гэта не важна. Важна тое, што яны перліся сярод ночы да мяне дахаты, намераваючыся не толькі праверыць, ці я дома, але выцягнуць мяне з ложка і забраць у пастарунак. І добра, што сустрэлі мяне па дарозе, таму што паднялі б усіх у кватэры, а можа б яшчэ і ператрэслі. І нічога б ім за гэта не было, таму што тут на месцы няма ніякае праваабарончае падтрымкі, можна ў выпадку скаргі падмахнуць заднім чыслом і пастанову пракурора і ўсё астатняе. А тое, што я паспела звязацца з менскімі - гэта нічога не мяняе. На адлегласці вельмі добра даваць разумныя парады, а на месцы ўсё зусім не тое. Я вымушана абараняцца ад міліцыянтаў з дапамогаю іх жа саміх. Але сёння быў не мой дзень.
Тлумачу пра самачын старлею, пра тое, што я б згадзілася з тым, што ўсё гэта зрабіла я, калі б мяне затрымалі на месцы - каля тога дому, у ягоным пад'ездзе ці ўвогуле б на даху, а затрымліваць за тры кіламетры ад месца "злачынства", амаль каля самага майго дому - гэта ўжо нецікава. І ў дадатак з тымі пагрозамі, абяцаннямі ды проста неперакладнымі выказваннямі. Ён жа мне даказвае, што ўсё па факце было правільна, патрабуе назваць прозвішчы людзей, якія мне дапамагалі вывесіць расцяжкі. А каго я назаву, калі была адна? Зразумела, што у пад'езд з кодаванымі дзвярыма не ўвайсці без чыейсьці дапамогі, а хто паверыць, што мне проста пашанцавала - у той дзень усё было нараспашку, нібыта мяне чакалі. Зразумела, што пасля траўмы на дах не так проста і вылезці, хаця я ўжо досыць добра натрэніравалася на працы, лазячы па шохах, і для мяне гэта ўжо не здавалася вялікаю праблемаю. Зразумела, што за кароткі тэрмін дзве расцяжкі не вывесіць, а мне што, патрэбна было сядзець там і чакаць, пакуль яны не заявяцца? Я і так патраціла даволі шмат часу - каля пяці гадзінаў недзе на абодва пад'езды. Па-першае, трэба тым, хто кідаў заяву, лепей сачыць за наваколлем і своечасова падымаць шухер. Па-другое, калі на тое пайшло, патрэбна дасканала праводзіць аперацыю - адным лезці здымаць, а другім ехаць шукаць, а не ўсё рабіць адным і тым жа. Па-трэцяе, перавага як бы там ні было, на маім боку, таму што я магу лёгка зараз пайсці ў пракуратуру катаць заяву на неправамоцныя дзеянні тою ноччу.
Тады ён дастае спісаныя з мабілы тэлефанаванні і дапытвае, што гэта за людзі, чаго яны тэлефанавалі і чаго мне было патрэбна ад іх. Смешна, буду я непасрэдна перад справаю звязвацца з кім. Каб мне былі патрэбныя людзі, я б зрабіла гэта мінімум за тыдзень, але не ў той жа самы вечар. Не верыць. А я сама з першага разу не магу па імені сказаць, што гэта за чалавек, таму што ў маёй тэлефоннай кніжцы яны ўсе зашыфраваныя. Сама блытаюся, калі на памяць не ведаю нумар тэлефона. Пачынае абтэлефаноўваць, я адсякаю размовы. Сашка злуецца. Я таксама. Ён кажа, што калі я не назаву зараз людзей, ён усё роўна іх знойдзе. І зробіць так, што іх пазвальняюць з працаў, выганяць з навучэльняў. Я ў адказ - што я маю права мець проста сябровак, якія ніякім чынам да маіх справаў не датычныя. Аказваецца, што проста сябровак у мяне не можа быць... я дэструктыўны элемент і сяброўкі ўсе павінны быць такімі ж. Ушчэнт перасварыліся. Раззлаваліся адзін на аднаго. Ён бачыць, што ад мяне тоўку не даб'ецца і насамрэч патрэбна шукаць дзе якую лядоўню, каб ва ўсім прызналася. Адпускае. А позва? А позву не дасць.
Добра, тады я пайду і паскарджуся начальніку.
Ідзі, - Жур чамусьці быў упэўненым, што я гэтага не зраблю.
А я пайшла. Начальнікаў не апынулася на месцы. Тады я пайшла ў дзяжурку.
Дайце мне кнігу для скаргаў.
Навошта?
А буду скардзіцца, што мне не даюць позву.
Пачакай хвілінку, - Конан зэ Варвар паспрабаваў уладкаваць сітуацыю.
Ён пайшоў да старлея, я засталася чакаць на калідоры. Пуста было ў мусарні ў гэтую суботу. І ніводнага начальніка, каб здолеў своечасова ўсё спляжыць. Тым болей, што дзяжурны вярнуўся фактычна ні з чым, адно сказаў, каб я "яшчэ пачакала, позва зараз будзе". Ён завёў мяне ўсё ў той жа пакой "для разборак з затрыманымі". Чакаю яшчэ колькі часу. Мабіла пачынае прачынацца, але я не ў стане размаўляць. Тым болей, што акурат сёння пра мяне ўзгадалі на "Бацькоўскім камітэце" і палезлі са сваім "наконт навучання на Украіне, калі вас гэта яшчэ цікавіць..." Сказаць бы ёй, што мяне зараз цікавіць і паслаць бы яе куды, каб яна адтуль не вярнулася. Абмежавалася толькі карэктным, наколькі гэта магчыма было выціснуць, што зараз я не магу размаўляць. Не хачу адказваць і на іншыя тэлефанаванні, таму што ўсё, што яны могуць зрабіць - гэта параіць трымацца. І ніводны так званы праваабаронца не сарвецца і не прыедзе сюды на дапамогу. Таму што калі б гэта было не так, ля мусарні ўжо была б і прэса, і адвакат, і ўсе астатнія... А раіць, каб звальвала з пастарунка і ішла ў пракуратуру, - гэта вельмі лёгка на дыстанцыі.
Нарэшце дзяжурны прынёс позву, мне б здаволіцца і сысці, але мне ўжо было гэтага мала, мне патрэбны быў начальнік. Было крыўдна, што перасварылася са старлеем, бо не разумела ягонае грубасці - толькі побач з ім я звычайна адчувала сябе ў бяспецы, а тут такія выкідоны... Было крыўдна, што, ведаючы, дзе я знаходжуся, Менск не паварушыўся нават - гэта, маўляў, нармальна... пасля лютаўскага шмону, канешне, гэта звычайная з'ява і непакоіцца няма аб чым. Канешне, калі не ўлічваць ці не штотыднёвыя допыты, затрыманні, фэйскантролі, гэта абсалютна звычайная з'ява, кіпіш падымаць увогуле залішне. Усё нармальна.
Патрабую аркуш паперы, каб накатаць скаргу, раз мне не даюць кнігу. Гэты аркуш шукалі недзе з гадзіну. Знайшлі, а асадкі няма. Патрабую асадку. Яе пошукі занялі значна болей часу, за які я неяк супакоілася і махнула на ўсё рукою. Неўзабаве з'явіўся і начальнік. Пасмяяўся з маіх прэтэнзіяў наконт майго затрымання. Неяк уладкаваў сітуацыю і з усім астатнім. Саша таксама супакоіўся, пачаставаў мяне цукерачкаю, даў наганяй прапару за неперакладныя выказванні, знайшоў машыну. Памірыліся. Падкінулі дадому.
Усё нармальна. Але паабяцалі, што цяпер, нават калі гэта буду і не я, усё, што будзе адбывацца ў горадзе, будуць вешаць на мяне, калі нікога не зловяць. Ды сцяг ім у рукі!
Падстава
Выклікалі на допыты і ў КДБ. Таксама спалілася. Была на працы, прачнулася мая мабіла. Мне б падумаць, што калі чалавек звяртаецца афіцыйна - то ён не просты цікавец, што незнарок прачытаў пакінуты на слупе нумар тэлефона. Калі я пацвердзіла, што я - гэта я, запрасілі ў КДБ. Сёння. Зараз. Цяпер. Але ўдакладнілі, што з сабой патрэбна мець пашпарт, і вельмі добра было б, каб я перш чым ехаць да іх, зайшла б дадому за пашпартам. Паўтарыў гэта настойліва тройчы. Пашпарт быў з сабою - я заўсёды на ўсялякі выпадак - а ці мала што - нашу з сабой дакументы. Аднак не цягнуцца ж мне туды з тэрмасам, таму канешне, скарысталася яго парадай і зайшла дадому. На парозе сустракаю жанчыну. Ніна прыехала да мяне, як яна сказала, з парады "Салідарнасці", таму што вымушана была пакінуць свой родны горад з-за ціску і рэпрэсій. Сказала, што там яна прадала сваю кватэру, паказала мне вялізную стоску грошаў, папрасілася пераночыць. Мне не было часу яе дапытваць і выпытваць, пусціла, напаіла гарбатай і паклала спаць - жанчына выглядала моцна стомленай. Сама пайшла ў КДБ, дзе прасядзела да вечара, церпячы допыт пра арганізацыю і не маючы ім нічога сказаць, нават калі пачаліся і лёгкія запужванні. На дзвярах кабінета вісела друкаваная цыдулка, накшталт напаміну, сам тэкст прыводзіць не буду - запамятавала, сэнс быў такі: здаровы чалавек можа вытрымаць любы боль, але калі ён ад болю губляе прытомнасць, патрэбна акуратна вяртаць чалавека у ранейшы стан, і дапытваць і надалей, калі бачна, што чалавек моцны. Гэбэшнік наўмысна даў мне пачытаць гэтую цыдулку. Я паціснула плячыма - хай сабе і так, але мне ўсё роўна няма пра што з ім размаўляць. Адпускаюць. Пасля вяртання дадому я тэлефаную Эле і пытаюся, ці дасылалі яны да мяне Ніну. Кажа - так, яны гэтай жанчыне давалі маю адрэсу, калі тая звярнулася да іх. Чаму ў такім выпадку мяне не папярэдзіць? Бо атрымліваецца вельмі непрыгожа яшчэ і з тае думкі, што гэбэшнік нібыта пра яе як ведаў, тройчы нагадваючы пра тое, што патрэбна завітаць дадому. Ніна пераночыла і з'ехала, таму што, на жаль, у мяне не было магчымасці пакінуць яе жыць у нашай кватэры - маёмасць бацькоў, і толькі яны вырашалі, што можна, а што нельга. Ды і сумневы наконт жанчыны былі моцныя. Яна пазней набыла маленькую кватэрку ў цэнтры і пасялілася ў горадзе. І маюцца наконт яе і надалей непрыгожыя думкі. Хаця б пачынаючы з таго, што кожны раз, уладкоўваючыся на працу, яна вельмі хутка адтуль сыходзіла, а мне нашыя агульныя знаёмыя потым перадавалі, што сваё звальненне спіхвала на мяне - маўляў, з-за знаёмства са мною ёй тут жыцця не даюць. Я спадзявалася, што знайшла ў асобе Ніны паплечніцу, але бачучы, што яна зусім не жадае мне ні дапамагаць, ні падтрымліваць, а наадварот, карыстаецца не ў карысць, то вельмі хутка перасекла ўсе гэтыя плёткі, і напачатку прыязныя адносіны зніякавелі. Як высветлілася яшчэ пазней, то жанчына мела намер увогуле зваліць за мяжу і нават прадпрымала нейкія крокі для таго, каб там і застацца, мой горад быў для яе проста транзітным. Чаму яна засталася тут - таксама невядома. Але яе залішняя зацікаўленасць маім асабістым жыццём наводзіла на развагі.
А потым па пошце прыйшоў ліст з позвай на допыт у Менскую абласную пракуратуру. Цікава зрабілася ад таго, што дзень допыта быў прызначаны на дзень суду нашай пяцёркі [10]. Я магла забіць на гэтую позву. Але я паехала ў Менск. Не ў пракуратуру. На суд. Будынак быў ачэплены спецпрызам, прапускалі толькі тых, у каго былі позвы. Не доўга думаючы - дастаю сваю, утыкаю яе пад нос аднаму байцу, маўляў, мне трэба. Ён ЧЫТАЕ. І прапускае. Пасля, як вярнулася дадому, канешне, крыху зрабілася няёмка з таго, што не была ў пракуратуры. Звязалася з адвакатам, той абяцае ўладкаваць сітуацыю. Уладкаваў. Праз дзень тэлефануе, кажа - ногі ў рукі і едзь у Менск. Я на працы. Зрываюся, лячу. Аказваецца, следчы і сам у дзень, калі павінен быў адбыцца допыт, не прысутнічаў на месцы, так што ўсё спляжылася. Асабліва пасля таго, як я гэтаму следчаму растлумачыла сваё стаўленне да жыцця: (Мы з табой адной крыві. Ты і я.) Паміж сапраўднымі ворагамі павінныя быць сяброўскія адносіны. Гэта заўсёды спрацоўвае. І ў адносінах да яго - таксама. Закон джунгляў. Эра міласэрнасці.
Дапытваў наконт удзелу ў арганізацыі, агучваў прозвішчы цікаўных яму людзей, пытаўся пра мяне самую. Але што я яму магла паведаміць, як мяне ніхто з майго горада нікуды не пускае? Болей таго, праз сваё невыязное становішча, зусім не ведаю чальцоў і сяброў арганізацыі, бо там з'явілася вельмі шмат новых твараў. Усе значныя падзеі, усе акцыі я баўлю ў пастарунку. Пільнуюць страшэнна. Нічога зрабіць не даюць. Зусім нічога. На тым і адпусціў.
Потым пачаўся працоўны адпачынак, і я прыдбала больш вольнага часу. Адначасова адчувала, што хмары згушчаюцца над галавой усё больш. А з гэтага адчування ішла развейваць хмары на вуліцу, абавязкова патрапляючы ў пастарунак. Не нарывалася. Але таму, што ўсе міліцыянты мяне ведалі - не паспею выйсці, як адразу патрапляю пад сочку. Калі-нікалі затрымлівалі проста апераджаючы.
Вось такое хрэновае лета
Патэлефанаваў следчы, запрасіў на допыт чацвяргом. Мусіць, даведаўся, дзе я была, калі павінен быў адбыцца першы допыт у траўні. Сыходзячы з маіх паказанняў, як зазначыў і адвакат, нельга было штосьці прыняць за падставу для ўзбуджэння крымінальнай справы. Значыць, нешта накапаў.
Магла і не паехаць. Водпуск яшчэ не скончыўся, і хацелася яго дабыць без нерваў. Магла, канешне, адмовіцца і запатрабаваць, каб ён спачатку даслаў позву - але ён заручыўся, што позва будзе на месцы. Тым болей, калі следчы выклікае па тэлефоне, значыць робіць стаўку на маё слова гонару. Вельмі важна было, каб паміж намі ўсталявалася нешта накшталт даверу: ад гэтага залежыў не толькі сыход справы, але і далейшае ўспрыманне мною яго як чалавека, які цвяроза ацэньвае сітуацыю, і мяне як прадстаўніка усёй апазіцыі.
Так я паднялася самаю ранічкаю і паехала ў Гарадзею на электрацыю. Аўтобус ужо пад'язджаў да станцыі, як прачнулася мабіла.
Анастасія? Дзе вы?
Файнае пытанне ў 6 гадзінаў раніцы, асабліва, калі не разумееш, хто тэлефануе.
Хто гэта?
Эта із міліцыі. Дзе вы находзіцесь?
Я еду ў пракуратуру.
Так рана? В какую пракуратуру?
У абласную. У Менск.
Вы сейчас гдзе?
Я магла й не адказваць на гэтае пытанне, але я ехала туды, куды сказала, і мне не было патрэбы хавацца.
У Гарадзеі.
Кагда электрычка?
Праз 10 хвілінаў.
Я перэзваню вам, падаждзіця.
Я стала ў чаргу за квітком. З чаго гэта я буду яго чакаць? Але опер ператэлефанаваў праз хвілінку і паведаміў, што ні на які допыт мне ехаць нікуды не патрэбна. Як гэта не патрэбна, калі мяне выклікаў сам следчы. А позва ёсць? Позвы няма - ён выклікаў па тэлефоне. Значыць, проста хтосьці пажартаваў. Добрыя, скажу я вам, жартачкі. Паверыў толькі пасля таго, як я назвала прозвішча следчага і адрэсу пракуратуры. Яшчэ колькі разоў тэлефанаваў, пераконваючы спачатку, што следчы нічога пра гэты выклік не ведае, потым, што яны дамовіліся правесці допыт на месцы ў Нясвіжы. Да электрацыі заставалася хвіліна, а я стаяла па-за чаргою і разважала над тым, што гэта такое яны сабе прыдумаліся раптам. Нейк і ў галаву не прыходзіла не верыць оперу. Паціснуўшы плячыма, я ўсё ж такі згадзілася пачакаць дзяжурнага міліцыянта, каб разам з ім вярнуцца ў мусарню. Тым болей, што людзей на вакзале было шмат, і ўсе яны зрабіліся міжвольнымі сведкамі гэтае размовы. Балаган чысты. Прычым бясплатны. Каб хутчэй яго скончыць, я выйшла на вуліцу і пачакала прапара Віталю, вытэлефаноўваючы адваката. Павінна была прыехаць якая "мошка", і мы пасядзелі крыху ў апорцы. Хлапчук прыдромваў - было толькі на пачатку сёмае раніцы. Я нарэшце дабудзілася адваката і паведаміла яму пра гэтую незразумеласць. Той параіў мне ехаць у Менск, таму што ён нічога не чуў пра тое, што допыт мусіць перанесціся ў Нясвіж. Але лёгка раіць на адлегласці. Я знаходзілася ў апорцы і цяпер проста фізічна не магла сысці - гэта б ужо газглядалася як непадпарадкаванне. Пакуль чакалі машыну, я вывучала схему тэрыторыі на сцяне памяшкання. Хахмачы. Аказваецца ёсць у нашым раёне "МАГАГАЗІНЫ" - мусіць, гэта крамы, дзе продаюцца смешныя рэчы...
Праз гадзіну мы зразумелі, што ніякае машыны не будзе. Але ў любым выпадку мяне патрэбна было даставіць у пастарунак. Віталя за мяне, і пайшлі аўтаспынам. Спыняў, спрабаваў спыніць машыны міліцыянт, я стаяла збоку і рабіла выгляд, нібы мяне гэта не датычыцца. Яшчэ праз нейкі час мы зразумелі, што сапраўды лепей было б, каб кагосьці з нас гэта не датычылася. Дзень быў будзёным. Раніца. Людзі ехалі на працу. І так спыняецца звычайна адна з дваццаці спадарожных, яшчэ калі б мы былі паасобку, то было б болей шанцаў злавіць хоць што-небудзь. А то стаіць на дарозе мент, ды яшчэ з бабаю, і галасуе... карцінка прыгожая. Я прапанавала для большае вернасці нацапіць мне кайданкі - можа так будзе лепей... Яшчэ б з якія паўгадзіны - і яму б давялося гэта зрабіць, але нарэшце спыніўся нейкі службовы бусік, які падкінуў нас амаль да самага цэнтра. У пастарунку нашае з'яўленне сустрэлі ледзьве не авацыямі - як жа ж, я прыйшла сама! Ну, пра гэта я магу і паспрачацца яшчэ, але хай будзе. Сяжу ў кабінеце для разборак з затрыманымі гадзіну, дзве, паспела нават паправіць макіяж, спехам накладзены ранкам... ніхто не ідзе. Пытаюся ў старлея Тытунька, які сядзіць тут жа (нельга пакідаць чалавека аднаго ў памяшканні), дзе хто ёсць. Ён запэўнівае, што калі опер мяне хоча, значыць, абавязкова прыйдзе. Сяжу, чакаю далей. Нарэшце сказалі, што опер у сваім кабінэце. Іду да яго.
Пытаюся, з якое нагоды яму спатрэбілася мяне бачыць. Ён так, неафіцыйна, што патрэбна паразмаўляць пра маю дзейнасць. Раблю незраумелыя вочы - якую такую дзейнасць? Я даўно нічым не займаюся - я ж пры закрыцці справы падпісала "адказную". А ён тады - як жа ж не займаецесь, калі паўгады таму (у лютым)... Я ў адказ: за паўгады можа шмат што здарыцца. Смяецца - але ж не здарылася. Тады я кажу, што без свайго адваката не буду размаўляць увогуле. Не ведаю, чым бы скончылася нашая гутарка - можа б і сапраўды адбыўся допыт, таму што лейтэнант, ходзячы вакол галоўнае тэмы, якую так і не закрануў, даў мне зразумець, што мае падазрэнні наконт допыту, які павінен быў адбыцца ў Менску, маюць рацыю - мяне следчы выклікаў не проста так. За ўвесь гэты час, пачынаючы ад лютага, лётала чутка, што на мяне завялі крымінальную справу. Хто яе пусціў - я так і не ведаю, але чым далей - тым болей гусцелі хмары. І вось нарэшце павінна адбыцца навальніца. Аднак опера выклікалі на іншую справу. Я вярнулася ў... ледзь не сказала "свой" кабінет і працягвала чакаць, толькі ўжо сама не ведала чаго. Звязалася з менскімі, паведаміла ім пра незразумелае становішча. Прыйшоў старлей. Спытаўся, што я тут раблю. Кажу, што мне патрэбна ехаць у менскую пракуратуру, а мяне тут невядома чаго трымаюць. Мусіць, яны звязаліся-такі са следчым, а можа, яму паведаміў мой адвакат, і следчы сам сюды патэлефанаваў, шукаючы мяне. Аднак Жур знайшоў машыну, што ў гэты дзень ехала ў Менск - капітан Гаўрук з пашпартнага стала меў там справы. Усадзілі мяне ля кіроўцы і паехалі.
Перш, чым патрапіць у пракуратуру, Гаўрук наведаў Валадарку - аказваецца там робяць пячаткі на выезд. Трэба было і мне напрасіцца разам з ім "на экскурсію" - паглядзець, што знаходзіцца за гэтымі сценамі. Але капітан толькі выпрасіў у мяне абяцанне нікуды не збегчы.
Урэшце і пракуратура. За ўсю дарогу Гаўрук нічога ў мяне не пытаўся, але яму патрэбна было вяртацца ў Нясвіж з нейкімі вынікамі, і ён пацікавіўся, чаго мяне выклікалі. Сказала як ёсць - будуць узбуджаць крымінальную справу, такую ж, як і ў мінулым годзе. Але была ўпэўненасць, што я вярнуся дадому, і я пастаралася запэўніць і хлапца, што ўсё будзе добра... сёння.
Капітан дачакаўся следчага, перадаў мяне яму "з рук у рукі" і з'ехаў. Гэтым разам следчы быў добра настроены. Нават пажартаваў, памятаючы мае ранейшыя паказанні пра тое, што я нідзе не ўдзельнічала, бо мая міліцыя мяне не выпускае з горада. Сённяшняе здарэнне толькі пацвердзіла мае словы. Ягонае ж афіцыйнае абвешчанне мне статусу падазронай не сапсавала мой настрой. Я адмовілася ад дачы паказанняў, і мы кораценька азнаёміліся са справаю. Падпіскі аб нявыездзе следчы палічыў рабіць пакуль што непатрэбным - дзе ж тут, з такімі вартаўнікамі, куды з'едзеш. Вяртаючыся дадому, нечакана даведалася, што дома ператрус. Прычым з прысутнасцю самога таварыша Свістуна. Файна прыдумалі - адправілі мяне ў Менск, а самі тым часам заваліліся ў госці... болей таго - тэлефануюць мне і пытаюцца, дзе што знаходзіцца. Шукалі пячатку, але так я ім і сказала, што яна валяецца літаральна ва ўсіх на вачах, тым болей, там толькі сляпы і не заўважыў бы...
А потым, дзесь праз тыдзень, следчы і сам прыехаў у Нясвіж. Акапаўся рэальна. Даў наганяй міліцыянтам за іхнюю залішнюю ўвішнасць - опер плакаў, бо яго перавялі ў АБЭП. Падняў старыя пратаколы і рапарты, выклікаў на размову бацькоў і ўсіх, каго здолеў прычапіць да маей справы. Я сама падкінула яму гэтую магчымасць, адмовіўшыся даваць якія б там ні было паказанні, таму што мне хапіла з гакам выклікаў у КДБ, па сто разоў адказваючы адно і тое ж на адныя і тыя ж пытанні. Гэта іхняя праца, яны павінны шукаць, высвятляць, капаць. Папрывыкалі ўжо, што ўся інфармацыя дастаецца на талерачцы з блакітненькаю каёмачкаю…
Мяне ж выклікаў следчы на чарговы і, як аказалася, апошні допыт ужо да сябе ў Менск толькі 7 жніўня. Мой водпуск скончыўся, і пачалася праца. Я зноў жа такі на тэлефоннае запрашэнне магла проста адмовіцца, але на гэты раз мне было цікава, што следчы накапаў... а накапаў ён шмат. Хаця, канешне, тут таксама можна паспрачацца, таму што не болей мінулага следчага, які таксама наведваў Нясвіж, і не аднойчы, падчас маей першай крыміналкі. Аднак усё ж дастаткова, каб да першага ўважыстага тома, паднятага з архіва, і другога, не меней аб'ёмнага, распрацаванага ўжо ім самім, далучыць яшчэ і трэці з дадаткамі, і палічыць мэтазгодным завяршэнне справы судом. З гэтага моманту я набыла статус абвінавачваемай, дала падпіску аб нявыездзе, і мне засталося ўжо толькі чакаць. У мяне заставалася на ўсё крыху меней месяца.
Вось такое хрэновае лета... я хацела адпачыць, а атрымалася заляцець на крымінальную справу. Патрэбна было цяпер нешта рабіць. На Менск ужо спадзяванняў ніякіх не засталося. Замест хвалёнай салідарнасці я атрымала кухталі і пагарду. Чула толькі адно: у гэтых справах кожны сам за сябе. Пасля ператрусу ў маёй хаце, на кватэры Элы таксама ён быў праведзены. Як я потым даведалася - з-за аднае-адзінае паперкі, на якой было пазначана імя яе сына яго рукою. Не памятаю ўжо, з якой нагоды я патэлефанавала жанчыне, але замест заўсёдных прывітанняў на мяне вылілі са слухаўкі вядро бруду - зрабілі вінаватаю ў ператрусе, яе сын спешна пакінуў межы Беларусі, а тую ліслівасць, з якой цёткі калі-нікалі звярталіся да мяне, як карова языком злізала. Цяпер шторазова чула абразы, дрэнна схаваную пагарду, маўляў, "жанчына павінна сядзець дома, боршч варыць, а не займацца палітыкай, ты займаешся не сваёй справай". Аднойчы я прыехала і выказала ім сваё стаўленне да ўсяго гэтага, бо душыла неразуменне такіх адносін. Што за тон - накінуліся на мяне: якое ты маеш права так казаць, што ты пра сябе думаеш!..
Суд
Калі выйшла з водпуска на працу, было такое адчуванне, што ўсё марна. Праца, людзі - усё. Нічога не хацелася. Рабіла ўсё на аўтамаце і чакала верасня. Пачувала сябе мокрай анучай, якою выцерлі брудную падлогу, выціснулі да кроплі ды зашпурнулі ў далёкі кут прэць.
Як і летась, нарыхтоўвалі сыравіну, звозілі новыя снапы і рулоны пад шохі, перабіралі леташнія, прыбіралі тэрыторыю. Але да ўсяго ўжо не было цікавасці. Марна. Марна ўсё. Навошта? Ізаляванасць, у якой я апынулася, ціснула і гнабіла. І нічога нікому нельга было расказаць. Таму што ўсе лічылі, што свой свайго не пакідае і ў мяне з боку маіх паплечнікаў ёсць падтрымка. Падтрымка, якая насамрэч адсутнічала ўвогуле. Мне ніхто не тэлефанаваў, акрамя журналістаў. Калі ж я тэлефанавала камусьці са сваіх - адрабляліся дзяжурнымі пытаннямі, накшталт "як справы?" і абяцалі "на наступным тыдні прыехаць". Той наступны тыдзень адкладаўся і адкладаўся. Знянацку завіталі толькі шаноўны і горача паважаны Уладзімер Арлоў з "нашаніўцамі" Адрэямі Дынько і Скурко. Прывезлі шмат кніг ды проста крыху больш веры ў добрае заўтра. І ад гэтай сустрэчы насамрэч зрабілася цёпла. Гэты іх візіт стаў для мяне самай моцнай маральнай падтрымкай, якой так не хапала...
Урэшце, прыехалі і "паплечнікі", дзякуючы Пашы, які мусіць адзін і раскатурхваў там сталіцу, але прыехалі з такім выглядам - як ты нас дастала ўжо… Бо, на працягу гэтага часу, пакуль распрацоўвалася крыміналка, з усімі, асабліва дзяўчатамі, былі моцныя цёркі. Сыпаліся выказваннямі накшталт "у гэтых справах кожны сам за сябе" і "чо ты ўласна зрабіла для таго, каб мы цябе падтрымлівалі"… Выціскала ўсмешку. Адбывала аўтаматам працадзень, а вечарам ішла ў горад, вывешвала сцягі. Таму што не магла проста сядзець і чакаць. Чаканне смерці - горш за саму смерць. Потым неяк прыехаў Цёма разам з таварышамі, калі я фактычна ўжо на іх усіх плюнула, выйшлі ў горад. Стаю такая, не пры справе, высаджваю бутэльку мінералкі, пакуль яны фарбавалі сцены. Пад'язджае "мошка", службоўцы з аховы, з калашамі. Да мяне - давай у машыну, Насця, усё, скончыліся гулі. Зачынілі ў пастарунку, паўночы варэнілі ў ленпакою, потым развялі па кабінетах. Хлапцоў дапытвалі пра іх дачыненне да маёй справы і ўсё астатняе. Мяне доўга вырашалі куды дзець, бо бачна было - мне было ўжо абыякава, я хацела толькі аднаго - каб хутчэй зачынілі, і пажадана да крымінальнага суду, бо ўжо нікога ні чуць, ні бачыць не магла. Наперадзе былі выходныя, нас спусцілі ў падвал. Я патрапіла ў гарную такую камеру-люкс, на два месцы, дзе быў нават столік. Міліцыянты забяспечылі і дадатковай коўдрай, і нават дапамаглі паперакідвацца цыдулкамі з хлапцамі. Увогуле, зрабілі ўсё, каб пачувала сябе добра. Хоць на раніцу не перамінулі зрабіць у хаце ператрус ды забраць нарыхтаваныя мной расцяжкі. Ды і зачынілі збольшага таму, што мне ўжо было па барабану ўсё - трэба было даць крыху астыць. Яшчэ больш згнабіла "падтрымка", якая прыехала да хлапцоў на наш суд. Прыяжджалі да іх, мне плюнулі ў твар. Я цярпела. Нас апраўдалі і адпусцілі, але гэта нічога не вырашыла, наперадзе быў крымінальны суд. Лепш бы да яго зачынілі, бо свет ляцеў і перакульваўся. Нікога нічога не цікавіла. Мне сказалі - вось, калі адбудзецца суд, ты нам патэлефануй і паведамі, як ён прайшоў... Гэта пры пагрозе зачыніцца на два гады. Хаця, я ў паталок і сама не верыла: максімум што магло быць рэальна - паўгады. Справа раскруцілася занадта хутка. Калі першы раз сустрэлася са следчым, то ў яго яшчэ былі сумневы наконт неабходнасці давядзення справы да суда, ён мне так пасля і сказаў - маўляў, думаў, што больш не сустрэнемся, але вось, не атрымалася. А свае… гэта была прымусовая салідарнасць. Тэлефанавалі збольшага для таго, каб дабіць, прыслалі кнігу "Мартыралёг Беларусі" пра палітэмігрантаў, якія выехалі па розных прычынах, жылі і былі пахаваныя за мяжой. І фоты - крыжы, магілы... а настрой быў такім жа - у крыжах ды магілах. Тэлефаную, пытаюся: хіба пахавалі мяне ўжо? А мне: ну, калі ты лічыш гэтых выбітных людзей чужымі... Не лічу, проста падарунак быў акурат дарэчы, да стану. Да сітуацыі. Я не змагла трымаць дома гэтую страшную кнігу. Падарыла яе потым былому нквдэшніку, які некалі арыштоўваў маіх старых і вельмі дапамог маёй бабулі. Адзін толькі Паша непакоіўся, падтрымліваў, хадзіў па інстанцыях, дабіваўся нечага, праз яго рабілі ласку, але... у такія моманты, калі вісіш літаральна на нітачцы паміж (...), вельмі гостра ўсё ўспрымаецца. Любы рух, любое слова - нават добра прыхаваны фальш вылазіць ва ўсёй сваёй прыгажосці. І ён вылазіў, да моташы, да слёз, якіх я ўжо не магла схаваць, бо мяне забівала гэтая не проста абыякавасць, але імкненне на мне зрабіць сабе піяр. Акрамя лічаных людзей, якім я насамрэч удзячна, ніхто сюды не прыехаў, калі мне патрэбна была падтрымка. Удзячная тым, хто адарваў ад сябе колькі важных справаў, патраціў дзень, але прыехаў. Толькі дзякуючы ім я вытрымала. Салідарнасць з боку мясцовых дзеячаў апазіцыі? А што гэта такое? Адварочваліся пры выпадковых сустрэчах на вуліцах, рабілі выгляд, што зусім мяне не ведаюць. І… пускалі плёткі, брудныя і агідныя…
На працы ўжо рэальна плюшчыла. Бясконцыя допыты і цяганні па пастарунках выматвалі настолькі, што ўжо ніяк сябе не адчувала. Як ні дзіўна, але мае дзяўчаты ўсё разумелі і ні пра што не пыталіся. Аднойчы нават Вольга Іванаўна проста загадала залезці на снопікі, схавацца ад усіх, і ў першую чаргу - каб начальства не ўбачыла, ды паспаць колькі часу, бо выглядала мусіць я на аўтапілоце, не сплючы ўжо трое сутак. Напярэдадні суду ўзяла тыдзень адпачынку за свой лік. І страшна, вельмі страшна хацелася паліць, цягнула да цыгарэты, нават і ўначы адчувала своеасаблівы прысмак тытуню. Ад гэтага яшчэ больш круціла, бо колькі заставалася сіл, трымалася. Супакаенне, адноснае, знаходзіла толькі ў Ціту, які за лета значна вырас, але заставаўся такім жа свавольнікам і гарэзай.
На судзе вырашыла трымаць сваю пазіцыю да апошняга. Вінаватая толькі ў тым, што скакала вышэй сваёй галавы, цяпер жа, пасля яго, буду больш сур'ёзна і грунтоўна займацца дзейнасцю. Сведкамі абвінавачання былі міліцыянты, якія мяне затрымлівалі. Рассмяшыла тое, што пры адказе на пытанне суддзі "якія ў вас адносіны", старлей Жур сумяўся і сказаў, што "добрыя, суседскія, чалавечыя адносіны". Мне нічога не заставалася, як пацвердзіць гэта, у той час, як адносінаў з іншымі сведкамі не было ніякіх. Пасля мы ўдваіх доўга моцна чырванелі і смяяліся - "суседскія чалавечыя" адносіны бываюць толькі паміж палюбоўнікамі, і праз гэта міліцыянты нас з Сашкам завочна ажанілі, хаця адносіны паміж намі былі і заставаліся і надалей проста братэрскімі. Усе як адзін сведкі нечакана для самой мяне пачалі выгароджваць і ўсяляк руліць на тое, каб пакаранне было найменшым з усіх магчымых. "Калі пратаколы ёсць - значыць было і затрыманне, значыць яна нешта рабіла, але што - не памятаю і як гэта было - таксама не памятаю..." Судзілі за тыя выпадкі, па якіх я ўжо атрымала адміністрацыйнае спагнанне. Пракурор, малады хлапчына, пачуваў сябе ніякавата, носам закапаўся ў паперы і баяўся вочы падняць. Суддзя ўголас зачытала адну паперку, якую згрэблі пры ператрусе з іншымі паперамі: "Якім судом ты судзіш, такім судзімы будзеш". У залі - хваля сцішанага смеху, бо прачытаная цыдулка была як ніколі дарэчы. І - адна справа, калі гэта мы крычалі пад вокнамі будынку суду на працэсе Дашкевіча, зусім іншая - калі чалавек у мантыі сам чытае. Сэнс ад гэтага стварыўся зусім іншы - братэрства кáта і ахвяры. Ведаю, што ўсе прыгаворы дыктуюцца зверху, але пасля гэтага ўголас зачытанага сказа мае 40 базавых замест запатрабаваных пракурорам 500...
У канвою быў начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых. Высокакласны псіхолаг. Глядзеў на ўсё незаангажаванымі вачыма. І бачыў усё. Потым паказаў запіс суду, дзе я ўласна ўсё ўбачыла, увесь фальш... На судзе было не да таго, каб нешта заўважаць, і ў кветкі ўчапілася толькі таму, што патрэбна было за штосьці трымацца, каб адчуваць рэальнасць, а ў прэсе было пададзена, што тыпа чыста панты - сяжу такая з велізарным букетам, мазолю суддзі вочы. Трэба было кветкі маме аддаць, але да гэтага не дадумалася. Увогуле не хацела, каб мама і прысутнічала на судзе, але яна ішла як сведка. Сядзела ў залі, потым апавядала, што побач сядзеў і Інквізітар, адно пыхцеў і чырванеў ці то ад злосці, ці то яшчэ ад чаго. Апавядала і пра тых, што на ход судовага паседжання неяк і мала ўвагі звярталі, паміж сабой усё нешта рагаталі, з-за чаго суддзя неаднаразова рабіла заўвагі ў залу. Пасля агалошвання прысуду ўжо на выхадзе заўважыла нашых нясвіжскіх дзеячаў, але ніводны з іх не падышоў, нічога не сказаў, толькі зрабілі фоткі. Потым мне апавядалі людзі: быў у іх газеце матэрыял пра суд, распаўсюджвалі яны гэтую газету па Гародзеі, але былі затрыманымі і аштрафаванымі. Ізноў я апынулася крайняй. Ціснулі. Ціснулі і даціскалі.
Каб аплаціць штраф, які мне выпісалі, абяцаныя мне грошы дапамогі давялося вырываць зубамі. Мы не можам, мы не хочам, мы не займаемся - і адфутбольваюць да іншых людзей, якія ў сваю чаргу яшчэ да кагось, пакуль апошні чалавек не раіць звярнуцца да першага. Месяц, дадзены на збор сродкаў для аплаты спагнання, мною гуляліся бы нейкім мячыкам, пакуль я не вытрымала ды не пачала калаціць літаральна ўсіх, да каго магла дастукацца, ужо адкрытым тэкстам пытаючы - дзе грошы. Абыякавасць не проста скразіла, яна біла і калечыла. І на ўсё адзін адказ - не падымай кіпіша, усё ж не так, усё значна прасцей, а ты перабольшваеш і прыдумляеш, маўчы ў анучку, маўчы...
Калі да мяне прыехаў Павал і прапанаваў падпісаць некаторыя паперы, дзе патрэбна было ўказаць прозвішчы і кантактныя дадзеныя ЎСІХ, хто тут аказваў на мяне ціск, а значыць і тых, хто мне дапамагаў і абараняў, я схапілася за галаву. Гэта прамымі словамі ўжо былі юдавы срэбнікі. І я адмовілася. Я не прадаю ні сваіх, ні чужых. Тым болей, калі невядома, дзе хто… Я лічу сябе вышай за гэта. І ні аднаго разу не пашкадавала, што адмовілася тады. Таму што пасля была яшчэ адна размова з Інай. Я спытала ў яе - калі дойдзе чарга да Нясвіжа? Яна мне адказала, што акрамя мяне ёсць яшчэ 1.500 чалавек, якія таксама чакаюць дапамогі. "А ў цібя депресія, цібе нада к врачу"… Гэта яе дакладныя словы. Я не абураюся. Мне засталося толькі паставіць свечку за здароўе гэтай мілай добрай жанчыны. Хто мяне загнаў у гэтую дэпрэсію, з якой я выдзіралася больш года? Між іншым, дапамаглі ачуняць усё тыя ж міліцыянты, якія заўсёды прыходзяць на дапамогу. Не пытаюць - ці можна. І не чакаюць, пакуль я пра гэта папрашу. Тады хтось з нашых круціў пальцам у скроні, калі я аднойчы паведаміла, што прысутнічаю гледачом на мусарскім конкурсе на лепшага супрацоўніка. Не разумелі. А мяне выцягвалі з дэпрэсіі - "ногі ў рукі і праз пяць хвілінаў каб была". Торцік з гарбатаю на мой дзень народзінаў у пастарунку - мяне выцягвалі з дэпрэсіі…
Адбыўся суд. Штраф... я не разлічвала на яго, я рыхтавалася на этап. Таму калі ўсё скончылася, адчула неймаверную спустошанасць. Але патрэбна было вяртацца да жыцця. Нічога яшчэ не было скончана. Наадварот. Ёсць праца, якая давала цвёрдую глебу пад нагамі. Ёсць справа, якую патрэбна было працягваць і надалей. А гэтых розных "добразычліўцаў" паслала на ўсе чатыры. Мне было добра і без іх.
Так я вярнулася на завод, на свой родны сырдвор і ўцягнулася ў працу, магчыма з яшчэ большай стараннасцю, чым была дагэтуль. Іншым разам заставалася на дзве змены, таму што прасілі пастаяць за адсутнага чалавека ў цэху. Нарыхтоўка сыравіны працягвалася, мы ездзілі ў поле, і там, на прасторах, на свежым паветры, я паціху вярталася да сябе. Улівалася ў калектыў. Спасцігала навуку льну.
Сцябліны льну кладуцца ў валкі [11] прасушвацца на полі. Чым больш лён ляжыць, тым ён робіцца лепшага гатунку. Але важна, каб не пераляжаўся - тады дзе-нідзе згубленае ці пакінутае зярнятка пачынае прарастаць, сцябліны ўростаюць у зямлю, блытаюцца з травою, новымі парасткамі, ураджай ніякавее. Важна таксама паберагчыся дажджу, таму што ад вільгаці лён гніе. Таму так важна паспець злавіць пагоду, каб да пачатку зацяжных восеньскіх дажджоў звезці лён з палёў. Калі ж заспее дождж у полі, тады лён з валкоў ставіцца ў конусы (ахапак трасты проста ставіцца на карэнчыкі конусам) - вільгаць не так моцна шкодзіць сцяблінам. Конусы, калі надвор'е хмурнае, вяжуць у снопікі. Хтось і можа махнуць тут рукою - снопікі, маўляў, што можа быць прасцей. Ан не. Я ўласна доўга вучылася рабіць перавясла [12], і словамі тут не раскажаш, як гэта робіцца, патрэбна паказаць. Так што тут таксама патрэбна навука. Дзедава навука, ніякія ўніверсітэты і інстытуты не дапамогуць. Калі ж стаіць сонца, кладуць ізноў у валкі пад прэс. А трактары ўжо круцяць з гэтых валкоў рулоны. А машыны ўжо вязуць іх на завод. Тут таксама важна добра дагледзець бадай ці не кожны рулончык. Таму што поле полю розніца, дзе чыстае, дзе з пустазеллем ужо, а дзе й забалочанае. Здараліся прымаразкі, і тады мы раскладвалі ў полі вогнішча. Асаблівую ўрачыстасць гэтаму будзёнаму і нават забароненаму ўчынку - таму што так можна было патрапіць пад крымінальны артыкул за пашкоджанне і знішчэнне дзяржаўнай маёмасці - надавалі самі мясціны, поўныя таямнічасці: дзесь наўскрайку поля былі рэшткі старажытных паселішчаў...
Абяцанне
Напярэдадні Эўрапейскага Маршу забралі з налепкамі - адпусцілі пад слова гонару, што нараніцу буду ў пастарунку. А раніцай прапанавалі падпісаць паперу пра знішчэнне гэтых налепак, я нічога не губляла - падпісала. Ледзьве не ўвесь тыдзень мусіла з'яўляцца ў мусарні пасля працы. А так, бо ім патрэбна было. Прыязджаў Уладзімер Арлоў, але і сустрэчу з ім, якую я ж сама і арганізавала, я вымушана была прапусціць, пакінуўшы ўсю радасць гораду.
Потым мне людзі "справаздачыліся" - сустрэча прайшла на "ўра!", нават у мясцовай газеце прайшла інфа, а выканкам забраў сабе ўсе лаўры. Пісьменніка тут усе любяць і заўсёды радыя бачыць спадара Арлова нават на вышэйшым узроўні, нягледзячы ні на якія забароны. Я была задаволенаю.
Папярэдзілі, што калі я не з'еду ў Менск у пятніцу, то ўжо і застануся ў Нясвіжы. Але выходныя зрабілі агульнапрацоўнымі. Доўга разважала. Пісаць на адгул? Толькі ж во брала тыдзень адпачынку на суд... Майстрыца ясна дала зразумець, што ёй такія штукі ўжо пачынаюць надакучваць, разам са штотыднёвымі позвамі ў мусарню. Ды і дзяўчаты пачыналі абурацца - рук не хапае. І без таго ні прадыхнуць, света белага не бачаць, дзеці зусім ад рук адбіліся... Я вырашыла, што пайду на працу: мае дзяўчаткі ў чым вінаватыя, што павінныя з-за мяне працаваць у выходныя? І калі ў чацвер выклікалі і папрасілі падпісаць паперу на азнаямленне з папярэджаннем па адміністратыўным артыкулу 23.34, я так абрадавала міліцыянтаў навіною пра тое, што ў выходныя іду на працу, што сам начальнік прэзентаваў мне флікер. Сам пачапіў мне яго на руку. І нават паабяцаў, што ў нядзелю выдзяліць "мошку" менавіта дзеля таго, каб завезці мяне на працу і забраць адтуль жа дахаты.
Адзіная надзея і спадзяванне было на ВЕЛЬМІ дрэннае надвор'е - тады маё сумленне будзе спакойным, тады я здолею патрапіць на Марш. Увесь тыдзень чакалі суботы. Ці не ўсім заводам прасілі Бога даслаць дождж, снег, усё, што заўгодна, адно толькі не пагоду...
Мы былі пачутыя. У суботу я, як заўсёды, паднялася рана. Было ціха і я паехала на працу. Але па дарозе ўсхадзіўся вецер. Ды які!!! Засыпала снегам так, што не было нічога бачна. Кроку нельга было ступіць - так усё вакол круціла. На заводзе сустрэла інжынераў, якія сумна хаваліся ад калючых куляў снега. Майстрыца перахапіла мяне, сказала, што я малайчына, і адправіла дадому. У сэнсе "малайчына" - таму што прыйшла на працу. Зразумела, ні пра якія палявыя работы ды і тут на заводзе на нашым сырдвары ўжо і гутаркі не было. Інжынеры, убачыўшы маю адкрытую шчырую ўсмешку задаволенасці, адно толькі пасмяяліся...
Чакаць аўтобуса было доўга і я спыніла... міліцыянта, які падкінуў мяне дахаты. І своечасова. Патэлефанаваў старлей на хатні апарат, упэўніўся, што я дома, і доўга ўпрошваў, каб на ноч я нікуды не з'язджала - ад гэтага залежыў ягоны лёс. Заўтра раніцою - калі ласка, але не сёння, толькі не сёння! Выцягнуў з мяне абяцанне перачакаць хаця б ноч - інакш бы яму давялося б яе дзяжурыць у мяне пад дзвярыма. Літаральна. Акрамя таго, тое, што зараз такія выверты на вуліцы - гэта яшчэ нічога не азначае, заўтра адранку можа быць чыста, а заўтрашні працоўны дзень яшчэ ніхто не адмяняў... Маё сэрца не вытрымала націска на сумленне. Я ведала, што сваім абяцаннем проста падпісваю сабе нявыезд, але нічога зрабіць не магла.
Калатнеча сцішылася. Я не магла ўседзець дома. Я была ў развагах. Мне патрэбна было штосьці вырашыць. На аўтастанцыі было даволі моладзі. Яны спакойна з'язджалі ў Менск. Я магла таксама, але... я зразумела, што я не магу парушыць гэтае слова гонару. Мне было балюча, цяжка, моташна... але я мусіла застацца да нядзелі. Таму што і не магло быць інакш. Ён ведаў, куды біць. Ён спадзяваўся на маё слова гонару, усё ж такі даючы мне шанец выслізнуць з аблогі, малюпасенькі, але рэальны...
Вярнулася дадому. І ўвесь вечар прасядзела на тэлефоне - прэвентыўны фэйс-кантроль. Жур тэлефанаваў літаральна праз кожныя паўгадзіны. А раніцою ўжо збіралася сыходзіць з хаты - званок у дзверы. Адчыняю - за мною. Як і абяцалі, падагналі "мошку". Але, нягледзячы на тое, што надвор'е папярэджвала быць сонечным, павезлі не на працу, а ў адваротным накірунку, у пастарунак.
Ніхто ніякіх пратаколаў не складаў. Тэлефон не адбіралі. Спачатку я, як звычайна, уладкавалася на "сваей" лавачцы ў дзяжурцы. Дзе злавіла смс-ку з заклікам збірацца на Бангалоры. Рабіць мне болей не было чаго, і я адказала, што завісла ў Нясвіжы ў мусарні. Але праз які час прыляцела яшчэ адна смс-ка накшталт першае, але крыху іншая. Тут я ўжо не вытрывала і даслала на гэты нумар просьбу не здзеквацца. Не ведаю, хто гэтыя смс-кі раскідваў, але так яны ўпэўніліся, што я не ў Менску, і супакоіліся. Прынамсі, болей падобных смс-каў я не атрымлівала. Потым прыйшоў адзін з маіх участковых і забраў у свой кабінет. Але доўга мы там не выседзелі - было холадна, ацяплення яшчэ не ўключалі. Ды і ў яго было шмат справаў. Мяне бадзялі па розных кабінетах - дзе цяплей. І пакуль прыйшоў старлей, я прычакала за размоваю са смешным украінцам па паходжанні. Не памятаю з чаго, але я ўзгадала пра той курган:
Тут у раёне, у накірунку на Капыль, стаіць поле... - і нечакана для самой сябе наскачыла на замарочку - а як жа правільна? - То бок, ляжыць, а там курган... Як ты лічыш, як будзе правільна - поле стаіць ці ляжыць?
Міліцыянт задумаўся таксама, потым плюнуў:
Цьфу ты, задурыла, ты наверна чэво-та хочеш, апределісь сначала, а патом спрашывай!
І да канца дню гэтая замарочка разыйшлася па ўсёй мусарні. Хлапцы ржалі, я паціскала плячыма - нармалёвае ж пытанне, з чаго тут сцёб? Прыйшоў Сашка, забраў мяне ў свой кабінет. Патрэбна было неяк афіцыйна акрэсліваць маё знаходжанне ў пастарунку, і ён у прафілактычных мэтах на сваём кампе даў прагледзець здымкі са святкавання 90-годдзя міліцыі - конкурс на лепшага супрацоўніка нашага РАУСа. Ён і позву напісаў - "была запрошана ў якасці гледача кінафільма" - на ўсякі выпадак, калі спытае хто на працы.
Час прайшоў весела. Па абедзе пакармілі. Начальнік, ставячы пячатку на позву (і смеючыся з яе зместу), папрасіў прабачэння - калі што не так. Я супакоіла - усё было так, як трэба, без крыўдаў. Як і абяцалі, мяне вярнулі дахаты напрыканцы працоўнага дня. Усё была нармалёва.
Але замарочка засталася - дык як жа ўсё-такі правільна: поле стаіць ці поле ляжыць?
Выкраданне і пагоня
Напярэдадні акцыі "Дзяды", ушанавання загінулых ва ўрочышчы Курапаты, якая была дазволенай і ўрачыстай, увогуле ў Нясвіжы адбылася яшчэ адна амаль міні-дэтэктыўная гісторыя...
І пацягнула ж нешта мяне ў горад, хоць я магла спакойна сесці на аўтобус са свайго прыпынку. Да аўтобуса было з паўгадзіны. Прабеглася па крамах. Заўважыла, як узмацнілі рух "мошкі". Шчэ крыху паблыталася і вярнулася на аўтастанцыю. Набыла квіток. У вакно прасачыла за "мошкаю", якая яўна шукала кагосьці. Хвілінаў пяць да аўтобуса. На платформе натоўп. Падумала, што згублюся ў ім, выйшла на вуліцу. Дарма. З‑за кута вынырнула "мошка" і спынілася акурат насупраць мяне. Міліцыянт адчыніў заднія дзверцы, кіўнуў галавою:
- Насця, садзісь у машыну.
- Неа, не буду.
- Ну, ты ж свой чалавек, усё панімаеш, садзісь у машыну.
- Не хачу, навошта? Не буду я…
Навокал стаялі людзі і моўчкі слухалі нашую спрэчку. І ўсе маўчалі, нібы так і трэба. Урэшце рэшт, міліцыянт усё‑такі вылез з машыны, падышоў да мяне. Я не ўцякала - а навошта? Трэба было звярнуцца да людзей па дапамогу, але толькі падліла б масла ў вагонь, бо дзядзька ўжо пачаў злавацца. Моцна схапіў мяне за руку вышай локця і запіхаў у машыну, цыкнуўшы:
- Яшчэ тут цырк на людзях рабіць будзеш…
Заехалі ў двор пастарунку. Міліцыянты выйшлі. Я засталася ў машыне. На двары стаяла яшчэ купка іхніх супрацоўнікаў, якія радасна павіталіся. Я сяджу. Той, што мяне… нават не затрымліваў, я не ведаю, як гэта называецца, хіба скраў, папрасіў:
- Давай, выходзь з машыны.
- Не буду, - я заўпарцілася і ўчапілася за фатэль.
Ён паспрабаваў мякка мяне пацягнуць за плячо. Ага. Не атрымалася.
- Ну, солнышка, рыбка, кацёнак, маленькая, ну выходзь…
Міліцыянты ржалі. Хтосьці прапанаваў:
- А ты па‑беларуску.
- Точна! Прошэ, пані…
Тут ужо засмяялася я:
- Гэта па‑польску, спадар паліцай.
- Ну, што з табою рабіць… Добра, не хочаш па‑харошаму, то зараз я цябе выцягну, - ён з галавою ўлез у машыну і, неяк падхапіўшы мяне, выцягнуў на вуліцу. - Ты ведаеш, куды йсці.
- Ведаю, - згадзілася я і рванулася да брамы дворыка. Але ён паспеў схапіць мяне за плячо. Гэтак, пад руку, прывёў у дзяжурку. І ўжо там адпусціў. За пультам сядзеў міліцыянт, з якім у мяне заўсёды здараліся сутычкі. Не перамінула і на гэты раз. Я засталася стаяць пасярод дзяжуркі. Міліцыянты папрасілі паказаць, што ў заплечніку. Ім патрэбны былі значкі і налепкі ці ўлёткі… Там нічога не было, акрамя касметычкі і іншых асабістых рэчаў. Але я адмовілася. Не маюць права. Я нічога не парушала. Тады міліцыянты вырашылі ўзяць яго самі. Прыперлі мяне да сцяны, бо я ўпарцілася. Іх не спыніла нават мая пагроза, што скажу, што яны нібыта мяне дамагаліся. Пасмяяліся. Дзяжурнаму надакучыла глядзець на гэтую валтузню. Ён падыйшоў, неяк лёгка, амаль што без выкручвання рук, сцягнуў мой няшчасны заплечнік і нямоцна піхануў мяне на лавачку. Я надзьмулася. Ну і хай з імі. Усё роўна нічога не атрымаюць. Проста таму, што на гэты раз ніякага "паліва" ў заплечніку не было. Міліцыянты пашмоталіся па ім. Абурыліся. Яны хацелі надыбаць якога‑небудзь значка. Зайшоў начальнік мусарні. Запытаўся, чаго я тут, хто мяне прывёз, куды я еду. Разабраўся. Аддаў мне заплечнік, сказаў, каб ішла. Вялікі дзякуй, я спазнілася на аўтобус. На пяць хвілінаў. Тады хуценька падагналі "мошку", пасадзілі мяне і рванулі за аўтобусам. Дагналі. Падрэзалі. Я перасела. Там былі тыя ж людзі, якія былі ў час "затрымання‑выкрадання" на платформе. Мне зрабілася смешна.
Дазволенае хуліганства
Памятаючы пра парады міліцыянтаў наконт інфармацыйных тумбаў - маўляў, лепей ляпіць там, ніхто за гэта штрафу не дасць, - я вырашыла скарыстацца імі. Выйшла сабе спакойна, праўда позна ўвечары, днём на такую справу хадзіла толькі ў Гародні з кампаніяй, хаця пасля апошняе адміністрацыйнае камісіі тут таксама была спроба... Спакойна сабе ляплю партрэты. Машыны катаюцца - і хай сабе, каму якая справа? Зрабіла паўкола ўжо, як пад'ехала нейкая чырвоная машына (я ў марках разбіраюся толькі як бачу іхнія апазнавальныя эмблемы-значыкі, а ў той момант мне было абыякава пільней прыглядацца да гэтае машыны) з нейкімі цёткамі. Я працягваю ляпіць. Машына стаіць. Пацягнулася за чарговым партрэтам - побач вырастае цень з фуражкаю. Падымаю вочы (заплечнік стаяў на асфальце для зручнасці) - патрульныя. Прычым усё тыя ж, Міцяй і Кім. Мне асабліва нешта шчасціць увесь час нарывацца менавіта на гэтых хлапцоў. Машына з'ехала - ясны факт, з(а)рабілі на()водачку і пакацілі сабе за закусончыкам.
Наста! - узрадаваўся Міцяй. Я таксама абрадавалася.
Не так даўно яны мяне выцягнулі з аўтобуса, напярэдадні сацыяльнага маршу, ледзь не ўкаталі непадпарадкаванне і ўвогуле потым мы ўсе ўтраіх адчувалі адзін да аднаго няёмкасць.
Я тады як цывільны чалавек набыла квіточак і засталася ў памяшканню чакаць аўтобуса, яны зайшлі, пацікавіліся чаго я тут раблю, і выйшлі, але засталіся чакаць ля дзвярэй, калі абвесцілі аўтобус, я паўз іх - і ў транспарт. Хлапцы з-за мяне хвілін дзесяць трымалі аўтобус, робячы адзвон начальству і высвятляючы, што са мной рабіць - пусціць, каб у Стаўбцах дагнаць і прывезці назад, ці лепш тут, адразу. Вырашана было адразу. Кінулі кіроўцу: "Эта дзевушка задзержана" і выцягнулі, завялі ў пастарунак, дзе мне ўручылі позву назаўтра, але ў той жа дзень сяржант Андрэйка зняў з электрацыі і завёў у апорку. Там бавіла час, пакуль міліцыянты чакалі загаду везці мяне на Нясвіж. Але паступіў выклік на раён, і хлапцы, каб не пакідаць мяне адну, прыхапілі з сабой. Ля дому, куды іх выклікалі, запыталіся, ці не ўцяку, на ўсякі выпадак замкнулі дзверцы і пайшлі. Я сяжу, думаю, што рабіць - шанс вось ён і не скарыстацца ім дрэнна. Адкручваю шкло вакна, вылажу з машыны і ходу. Дагналі. Завезлі ў пастарунак у Нясвіж, там пакінулі на ноч. Маю смс-ку ў Менску крыху не дагналі і ў нэце прайшла інфа, што я збегла дадому, між тым, як на справе ці не суткі правяла пад вартай.
А тут такі выпадак....
Усё дазволена, - кажу я. - Мне вашыя самі казалі, што на тумбах ляпіць можна.
Канешне, можна, - згадзіліся яны. - Але не табе.
Машыну не выклікалі нават - яна хутка падкаціла сама. Мусіць, стаяла тут жа за кутам. Міліцыянты пакпілі з маей запэцканае клеем курткі, паздзіралі партрэты, праехаліся па астатніх тумбах, павесялелі, знайшоўшы яшчэ адну, паздзіралі і адтуль. Прывезлі ў пастарунак.
Вось, а я ўжо думаў, як бы гэта правесці апошняе сваё дзяжурства, - узрадаваўся
маёр Цэгрыль. - Я ж ужо сыходжу на пенсію, сяжу вось і думаю - каб яшчэ якую жанчыну ладную пад бок, а тут цябе прыводзяць. Як добра!
Я таксама згадзілася, што "добра патрапіла": харошы чалавек, чаму не правесці яго на пенсію...
Адказным быў у тую ноч сам па ахове правапарадку. Сеў катаць пратакол па 17.1. Патрульныя пайшлі пісаць рапарты з чыстым сумленнем. Напярэдадні было папярэджанне пра новую крымінальную справу, і з гэтага моманту пачаўся адлік да яе распачынання. Таму выгляд у гэтага міліцыянта быў болей чым сур'ёзны. І пратакол быў падобным на тыя, якія звычайна служаць базаю для крыміналкі. Але як ён ні круціў, так і не высветліў, сябрамі якой арганізацыі з'яўляемся я і тыя два хлапцы з партрэтаў, з-за чаго яны асуджаныя. Вырашылі проста пакінуць мяне ў пастарунку на ноч - а раптам я пайду і зраблю яшчэ што-небудзь. Склалі паперы на зачыненне, апісалі рэчы, але дагляду не праводзілі - не было жанчыны. І пакінулі ў дзяжурцы.
Раніцою прыйшоў старлей. Прачытаў пратаколы і рапарты, сказаў, што я малайчына, вось так і трэба рабіць - бо нават і падставы на затрыманне не будзе. Адпусціў.
Па дарозе дадому нарэшце прачнуўся тэлефон. І смешна, і адначасова нейк ніякавата. Ну і хай сабе ні за што правяла дванаццаць гадзінаў у пастарунку. Ёсць за што - прыехала ў раён прэзідэнцкая камісія, і пакуль я пляжыла ў дзяжурцы, тыя дзядзькі без перашкодаў зрабілі сваю справу і нават паспелі адпачыць. Але каго гэта хвалюе насамрэч? Між тым я яшчэ за тыдзень усіх папярэджвала пра візіцёраў, што ў мяне будуць праблемы і я сама не ведаю, наколькі сур'ёзныя. Хто-небудзь паварушыўся? Акрамя міліцыянтаў, якія перадухілілі "злачынства", адцягнулі пагрозу крымінальнае справы, увогуле паклапаціліся пра нармалёвыя ўмовы ў пастарунку...
ПРАХАДНАЯ
Неба чыстае. Неба яснае.
Неба сіняе, лазуровае.
Поле цёплае. Поле мяккае.
Адпачыўшае поле ільновае.
Ў вышыні святой жавароначак
З сонцам веснавым забаўляецца.
Спевам трапяткім, песняй звонкаю
Над святой зямлёй разліваецца.
Воляй поўніцца прастор, дыхае.
Супакойная плынь вясновая.
Б'ецца ў шоўку траў сэрца ціхае,
Нараджаецца жыццё новае
Звонку нічога не змянілася: фактычна, я працягвала працаваць, як і раней. Але з'явіліся пытанні, на якія трэба было адказваць. З'явілася вялізная зацікаўленасць маім асабістым жыццём, на якую я старалася не рэагаваць. З'явіўся кантроль за маімі працаднямі, праз які я патрапіла ва ўмовы, набліжаныя да зняволення. Ды і чаму - набліжаныя? Фактычна, гэта і было зняволенне ў асаблівай форме, калі звонку падаецца, што ты чалавек вольны і ў сваіх дзеяннях, і ў сваіх думках, аднак на справе ўсё аказваецца не так і проста, бо кожны крок - кантралюецца, кожнае слова - запісваецца. Гэта была своеасаблівая зона лёну. Адзіная ўважная прычына, з якой я магла адсутнічаць на працы, - гэта позва на допыт ці на адміністрацыйную камісію. Асабліва невыносна зрабілася пасля суду. Кожная заява на адгул кантралявалася настолькі, што мяне пачынала ванітаваць ад вымушанай хлусні. Позвы ўжо не ратавалі, таму што ўсіх дастала гэтае цяганне па міліцыі, і мяне таксама.
Падчас выездак у палі даводзілася праводзіць хвілінныя несанкцыянаваныя палітінфармацыі, калі людзі, якія вельмі цікавіліся агульным становішчам у краіне, часцяком запытваліся ў мяне, як у непасрэднай удзельніцы падзей, што робіцца і як з гэтым змагацца. Але аднойчы я ў недрах інтэрнету выкапала старую добрую казку пра сястрыцу Аленку і браціка яе Іванку, жэстачайшэ пераробленую на адмысловую мацерную мову, дзе быў мат на маце цераз мат і матам паганяўся. Раздрукавала гэта на аркуш паперы і ў полі дала пачытаць хлапцам, калі тыя згрудзіліся ля вогнішча пагрэцца. Чыталі з цікавасцю, рагаталі да одуры, зазначылі, што вельмі цікава, але ад мяне акурат такой правакацыі не чакалі. Ды і самі столькі мата не ўжываюць. Дарэчы сказаць, рабочы чалавек не выкарыстоўвае мацерную лексіку, ён ёю гаворыць... Я ніякім чынам не апраўдваю, але паспрабаваў бы які інтэлігент папрацаваць у нашых умовах хаця б месяц - яшчэ б і не так загаласіў... Між іншым, да завода я мела чыстую лексіку, на заводзе ж быў такі час, калі ўсе цывільныя словы скончыліся, засталіся толькі мацерныя...
Звычайна нарыхтоўка льнотрасты пачынаецца напрыканцы жніўня і сканчаецца пад лістапад. А там і адбываецца гэтая цягамоціна, калі няма снапкоў, а для хоць нейкага заробку бадзяешся па ўсім заводзе і ўвішна працуеш, растрасаеш рулоны для таго, каб знайсці больш цалейшую трасту, выкідваеш гніль, перавязваеш у снопікі і моцна абураешся, калі з цэха выкідваюць тое, што ты прывезла, бо лепшага няма. У нарыхтоўку сыравікам яшчэ працы па самыя вушы - як нарыхтуем, так завод і працуе, а вось узімку апранешся як на паўночны полюс і бадзяешся па тэрыторыі. Перабіраеш рулоны - дзе згніў увесь, дзе яшчэ можна што ўратаваць. Мерзнеш, ператварыўшыся ў дворніка, гнеш спіну, падмятаючы і прыбіраючы двор, зрываеш яе, грэючыся некалькі хвілінаў перадыху ў памяшканні ля гарачае трубы, а потым уначы сцяўшы зубы церпіш пярцовы пластыр на паясніцы, які пякуча выцягвае гэты ныючы боль. Паціху дацягваеш да вясны.
Хтосьці скажа, што гэта не праца. Але калі б гэты хтосьці хоць бы паспрабаваў уразумець, што нарыхтаваць ільнотрасту мала, патрэбна яе яшчэ і правільна захоўваць… Асабліва ўлічваючы тое, што шохі знаходзяцца ў плачэўным стане, амаль не абараняючы нарыхтаваную льнотрасту ад снегу і дажджу, калі даводзіцца пад дзіравымі дахамі ламамі адбіваць цэлыя змерзлыя крыгі, а пра насцілы, прыстасаваныя для сушкі семя, і гаварыць няма чаго, таму што зношаны матэрыял латаны-пералатаны. Калі громаадводы, з прычыны сваёй адсутнасці, не ратуюць ад маланкаў, але, дзякуй Богу, маланкі завод неяк абміналі, і шохі час ад часу пакутавалі толькі ад пагрузчыкаў, якія недарэчына ўпісваліся ў павароты… Праца усяго льнозавода шмат у чым залежыць ад працы сыравікоў, і толькі пасля - ад працы пярвічкі. Менавіта на сырдвары вырашаецца працягласць працоўнага года. Правільна захаваюць ільнотрасту - завод будзе жыццядзейным да пачатку новага сезону, калі пашанцуе, застанецца і запас на наступныя годы.
Праз пагрозу трэцяе крыміналкі я змушаная была дамовіцца з міліцыянтамі, што ў зімовыя месяцы ад Новага году дам адпачыць і сабе, і ім. Студзень вытрымала, працуючы з незвычайнай неўтаймаванасцю і стараннасцю на заводзе… Па трагічнае недарэчнасці вызвалілася месца ахоўніка. Чалавек, былы афганец, скончыў жыццё самагубствам. І мне прапанавалі гэтае месца. Паўжартам. Валянцінавіч, якому зверху загадалі "прапрацоўваць варожы элемент", аднойчы прыйшоў ды і кажа - ідзі на прахадную. Я яму - а і пайду. І тут жа і перавялі. Але сам таго не ведаючы, ён гэтай пасадай даў мне глынуць колькі вольнага часу, таму што графік вартаўніка быў акурат прыстасаваным для маёй дзейнасці. Ды ўласна, для больш значнага эфекту, я была не вартаўніком, а ахоўнікам. Праца гэтая таксама вымагае шмат перасцярогі, таму што тэрыторыя вялізная, а ты не маеш пры сабе ніякіх сродкаў самаабароны, акрамя сабакаў. Хтосьці можа адмахнуцца - маўляў, на заводзе няма чаго красці, але, калі паразважаць больш моцна, то заўсёды штосьці знойдзецца, як і на сабатаж ахвотнікаў таксама. Мне ў службе дапамагалі міліцыянты, раз-пораз праводзячы рэйды па тэрыторыі і пакідаючы запісы ў журнале, дзякуючы чаму ўсе навокал ведалі, што завод у маё дзяжурства лепей не чапаць. Вялізны мінус такой пасады - я на ёй згубіла амаль палову ранейшага заробку, тут плацяць мінімальна. Але плюс большы за мінус - я атрымала ВОЛЮ. Не трэба пісаць заявы на адгулы, не трэба выдумляць невядома якія прычыны адгулу. У мяне з'явілася шмат вольнага часу, майго, асабістага, а гэта нашмат важней за ўсё астатняе. Акрамя таго, прабавіўшы шмат часу падчас затрыманняў у дзяжурцы, я пазнаёмілася з працаю ахоўніка. Так што нічога ў гэтым ні складанага, ні страшнага для мяне няма. Наадварот, вельмі нават цікава… У стале знайшла недачытаную дзядзькам кнігу, дзе яшчэ ім была зробленая закладка. Кажуць, калі прачытаць тое месца, дзе спыніўся самазагубец - то можна зразумець, чаму ён вырашыўся на такі крок. Не. Кніга была дэтэктыўная, але прычыны яго загібелі былі ў ягоным мінулым, у той бясконцай вайне, якая працягвалася...
Як ніколі завод быў поўнасцю спустошаны... І, робячы абходы, я жахалася, бо рулоны проста знікалі на вачах. Нават пенсіянеры і тыя даўно ўжо такога не памяталі, каб не заставалася запасу на наступную нарыхтоўку. Старая нашая майстрыца зрабіла вялізны подзвіг, таму што менавіта дзякуючы толькі яе ўмеламу кіраўніцтву сырдваром завод пратрымаўся на нагах.
Сабачы лёс
Маладую Белку збіла машына і малога Ціта хлапцы ўзялі да сябе ў гараж. Свавольнік Ціт пражыў два гады. Яго гадавалі ўсім заводам і ўсяляк аберагалі ад адстрэлаў. Яму нават набылі спецыяльны ашыйнік ад блохаў, але як не кожнаму чалавеку падыходзіць той ці іншы лек, дык і не кожнаму сабаку падыйдзе гэты ашыйнік. У Ціта зачырванелі вочы настолькі, што ён практычна аслепнуў і кідаўся ўжо на ўсё, што варушылася. Я выкінула той ашыйнік - дні праз тры сабака ачуняў. Старая Белка магла даць яшчэ форы, да яе цёгаліся сабакі з навакольных вёсак. Іх усіх аднойчы пастралялі на заводзе ж (і на маіх вачах), але Ціта своечасова навязалі ў гаражы. Хлапцы яго ўсюды бралі з сабою, ён навучыўся заскокваць у трактар і катаўся, звысоку паглядаючы на ўсіх - ай, які я малайчына. Яго спайвалі. Сабака навучыўся піць гарэлку і часта валяўся, як той Валет. Пад трактар ён патрапіў таксама з перапою, добра, што абышлося толькі пераламанаю лапаю (мне расказвалі, калі я прыйшла з водпуска, што там проста тырчала костка). Праз колькі часу кульгання ўсё загаілася. Мне было балюча. І калі я пайшла ў вартаўнікі на прахадную, я забрала Ціта з сабою. Ён ужо даўно сустракаў мяне на парозе завода, бо я сваёю ссабойкаю заўсёды дзялілася з сабакам, ды і проста забаўлялася з ім больш, чым астатнія. А да прахадной малы прыбіўся сам, са мной за кампанію, ды і мне было цікавей рабіць начныя абходы разам з сабакам. Ні стрэльбы, ні якога іншага сродка абароны ад магчымых злодзеяў у нас не было, усе спадзяванні на сабаку і мабільнік…
Была на заводзе яшчэ адна істота. Маленькую дварняжку сабакам можна было назваць толькі з выгляду. А яна даўно ўжо адбілася ад свайго гаспадара і харчавалася тут, на заводзе. Голас у яе быў, але Джэсі ім не карысталася. Зусім. Ціту яна была вартаю не тое, што ў мамкі, але ў бабулькі. Ды сабакі пасябравалі. І вартавалі завод разам. А мне весялей. Ціт паспеў узмужнець, перш, чым яго не стала. Мы на заводзе яшчэ спадзяваліся, што ён здолеў пазбегнуць адстрэлу, але Ціт не вярнуўся. Валацуга і п'яніца, ён быў нам родным. Я як ніхто адчувала вінаватасць перад гэтым сабакам - каб быў належны дагляд… хлапцам гэта смешна, што сабака разам з імі бухае, але спойваць яго было аднолькава, што спойваць маленькае дзіця. Каб я магла штосьці змяніць…
Тое, што ў Джэсі будуць шчанюкі, зрабілася зразумелым ці не ў самы апошні дзень. Дакладней, у апошнюю ноч. Яна іх прывяла акурат на маё начное дзяжурства. У ноч на 8 Сакавіка. Падаруначкам. Як звычайна, на маё дзяжурства прыпёрся Валянцінавіч з бухлом. Была ў яго такая звычка, ды яшчэ і з блакноцікам: замудронымі выказваннямі розных знакамітых людзей, якія ён запісваў і чытаў на выпадак і без выпадкаў. Гэта тыпу ён рабіў прафілактычныя гутаркі, сам жа і казаў - трэба. Бо з яго пытаюць у выканкаме. Я "ламала швабры" і казала, што можна ж рабіць ліпавыя справаздачы, бо сапраўды лепш бы ён хоць і агітаваў у тую "Белую Русь" ці БРСМ, ці рабіў бы хоць якія спробы заляцанняў, але не гэтыя нудлівыя вычыткі, ад якіх вушы скручваліся ў трубачкі. Але ў ягоных папойках я не ўдзельнічала. Моцна ён мне перашкаджаў, бо і прыдрамаць калі-нікалі трэба было, і прайсціся па тэрыторыі, а як пакінеш на такога начальнічка прахадную? Адшывала як толькі магла. Але асабліва рассмяшыў выпадак, калі а 3 гадзіне ночы Валянцінавіч прывалокся, а следам за ім мамашка ягоная, забіраць 40-гадовага сынка ад грэха далей... Калі ж стаяла мая ноч на 8 сакавіка і патрэбна было чакаць шчанюкоў - Валянцінавіч не, каб з падарункам якім прыйсці, дык ён мне піва. Пытаецца - будзеш? Махаю яму на Джэсі, якая цярпела схаткі, кажу - якое піва, як тут роды. Не, каб дапамагчы, дык яго як ветрам здзьмула. А я першы раз ужывую убачыла, як нараджаюцца дзеці… Хаця некалі ў дзяцінстве бабуля трымала котак. Яны канешне прыводзілі кацянят, але там усё было як у людзей - коткі мелі спецыяльны радзільны запечак, які быў занавешаны і ніхто нічога не бачыў, пакуль кацяняты не пачыналі пішчаць. Толькі пасля таго, як котка сама пакідала на колькі хвілінаў запечак, можна было зірнуць на кацянятка. А тут жывыя роды. Чаму Джэсі абрала менавіта маё дзяжурства - не ведаю, магчыма яна мне давярала. Тры шчанюкі нарадзіліся з інтэрвалам у гадзіну паміж кожным. А я ледзь не плакала - адзін з іх абрэчаны. Першы нарадзіўся бутузікам, моцненькім і гладзенькім, нібыта яшчэ там адчуваў, што толькі ён будзе жаданым, што толькі аднаго яго чакаюць - наш электрык зараней мне сказаў, што ён возьме шчанюка, калі такі будзе ў Джэсі. Другою была дзевачка. Я ледзь не расплакалася, калі ўбачыла, што яшчэ ёсць і трэці. Але Джэсі пазірала на мяне даверлівымі вачыма і я не рашылася адразу зрабіць тое, што б зрабіў на маім месцы хто-небудзь іншы. Я зрабіла гэта крыху пазней, таму што больш ніхто да іх і не датыкаўся. Валянцінавіч - жорсткі чалавек, сказаў, што я прымала роды, мне і вырашаць, што рабіць са шчанюкамі, але каб нікога з іх тут не было. Хлопчыкі былі прыладкаванымі - аднаго забіраў, як і абяцаў, электрык, другога я пазней аддала суседскаму хлопчыку, а вось дзевачка... Яе вінаватасць была толькі ў тым, што яна нарадзілася дзевачкаю. Нікому не патрэбнаю, абрэчанаю ад нараджэння на галоднае існаванне бадзяжнага сабакі. Ніхто не жадаў узяць сабе гэтага шчанюка, таму што яна была дзевачкаю, і гэтым усё было сказана. А якое яшчэ магло быць выйсце? Сама я так і не здолела, аддала шчанюка механізатару. Той заглушыў потым усё пляшкаю гарэлкі, а мае рукі усё роўна ў крыві. Бязвіннае крыві. Я не ведаю, ці можа быць прабачэнне за гэты грэх, але мне яно не патрэбна - залішне цяжка ўзгадваць…
Джэсіку збіла насмерць машына, калі я была ў водпуску.
Я атрымала цяпер больш вольнага часу, бо працавала па графіку дзень-ноч-два дні дома. Што дазволіла мне без перашкодаў цяпер ездзіць на Менск. Так я патрапіла на чарговае пасяджэнне ЦР, якое, як і летась, аказалася накрытым.
Хапуны
Дзіўна, але ўсё паўтараецца, хіба што з некаторымі адрозненнямі. У мяне чарговая спячка - я сяжу на дамове з нясвіжскімі міліцыянтамі пра кароткі двухбаковы адпачынак. У мяне новая пасада са станоўчым графікам (ці яго прынята чамусьці клікаць плаваючым - цотка вызначаныя працоўныя і выходныя дні па зменах), калі не трэба чакаць пятніцы, каб даведацца, ці будзе субота, а то і нядзеля, выходнаю. Акурат у дзень правядзення ЦР у мяне была па графіку працоўнаю ноч. Я разлічвала, што ўсё будзе добра - ажыятаж на 193'1 артыкул КК РБ упаў і ўжо не быў такім шалёным. Ды і па паводзінах міліцыянтаў у Нясвіжы, а дакладней па выпадковым "мы цябе падвесім на хуліганку і будзеш ты ніякім не палітвязням, а звычайнаю крыміналачкаю", я зразумела, што цяпер краіне болей не патрэбныя палітвязні і ўлада будзе рабіць усё, каб іх не было. А тое, што сядзяць апазыціянеры - дык паглядзіце ж, яны ж злодзеі і бандзюгі...
У цягніку сустрэла сябра, на вакзале прычакалі сваіх. Стаялі купкамі, змяшанымі з астатнім натоўпам, па ўсяе пляцоўцы памяшкання. І заўважылі таксама па ўсяе пляцоўцы сочнікаў. Там, тут, паўсюль. Хтосьці зацікавіўся, колькі "яны" дадуць нам часу, перад тым, як захапаць, і што нас на гэты раз чакае перад страйкам прадпрымальнікаў... Я адмахнулася: па-першае, ці мала каго тут могуць адсочваць. Быў некалі такі выпадак, калі мне давялося заночыць на вакзале, а ў той час праваахоўнікі зладкавалі нейкія вышукі і трэслі ўсю падазроную моладзь. У мяне тады быў выгляд болей, чым падазроным, але ў адносінах да мяне абмежаваліся лёгкім пастукваннем па крэслах - каб не спала. Па-другое, нават, калі яны і за намі, то нам няма чаго баяцца. "Адліга" усё ж такі. І кідаючы ў прэсу тэзы наконт "асаблівых пачуццяў захада да некаторых нашых палітвязняў", уладзе зусім не ў гонар працягваць жорстка нас ціснуць. Калі пасля такіх заяваў нас пазачыняюць на сутках перад акцыяй прадпрымальнікаў - гэта будзе ўжо выглядаць не вельмі прыгожа.
Тым болей не было чаго хвалявацца, калі я даведалася, ужо едучы ў машыне на месца, дзе будзе праводзіцца наш "схадняк" (вёска Заямнае). Пра яго ведалі толькі лічаныя людзі, і гарантыя правесці ўсё спакойна і без тых прыгодаў, што былі год таму, усё ж такі існавала. Прасачыць можна было толькі яўным хвастом, а ў гэтым выпадку можна было нешта прыдумаць па ходу. Усё было нармалёва. Акрамя хіба толькі таго, што я павінна была сёння ж вярнуцца на працу - было начное дзяжурства, а дабірацца адсюль да вакзалу часу займае не меней гадзіны. Таму для мяне было вельмі важна, каб мы паспелі разглядзець да майго ліміту найбольш важныя пытанні... На жаль, не атрымалася. Прыйшоў нейкі міліцыянт і пачаў стукаць у дзверы. Мы паспрабавалі не звяртаць на яго ўвагі, але стук паступова перайшоў у грукат. Не ведаю, колькі часу мы чакалі, але да тае хвіліны, як узламалі дзверы і ўваліліся ў хату службоўцы, мы ўжо былі падрыхтаваныя. Ні пра якае своечасовае вяртанне на працу ўжо не было і гутаркі. Таму я патэлефанавала Валянцінавічу і папярэдзіла яго, што спазнюся на гадзінку. Сама не верачы ў тое, што і на гэты раз усё абыдзецца. На дадзены дзень пасля мінулагадовага шмону шмат хто з нас ужо меў судзімасць, і невядома, чым бы для нас скончылася б гэтая аблава.
Па дарозе, ужо едучы ў пастарунак, мы бавілі час, спяваючы песні. Хтосьці выказаў падазрэнне, што ў Курапаты, але гэтая перспэктыва яшчэ болей нас развесяліла. Міліцыянты ніяк не рэагавалі на нашыя сцёбы. Увогуле не выказвалі ніякае варожасці, як дарэчы і прыязнасці, канешне, таксама. У пастарунку нас усіх завялі ў залу паседжанняў. Тут жа ўзнікла прапанова працягваць наш сход далей - калі зала прызначана для паседжанняў, то чаму б і не? Як звычайна, у нас забралі пашпарты, усіх перапісалі, прычым мы з Касяю не перамінулі пасцябацца з міліцыянтаў, выбіраючы сабе найбольш прыгожых. Канешне, яны гэтыя нашыя рэплікі чулі, але нічога не выказалі. Не адбывалася ніякага допыту, таму што усе мы як адзін адмаўляліся даваць якія б там ні былі тлумачэнні, і ўсіх нас вельмі хутка адпускалі. Мяне завялі ў яшчэ адзін кабінет, дзе знаходзіліся нашыя пашпарты. Хтосьці узгадаў леташні шмон - вядома, гэта быў альбо чалавек, які там прысутнічаў, альбо які распрацоўваў і тую аперацыю. Толькі потым я даведалася, што гэта быў наш даражэнькі таварыш Свістун. І знайшла земляка з Нясвіжа.
Вярнулася дадому. Выклікалі ў мусарню. Атрымала наганяй ад старлея - чаму ім не сказала, што паеду ў Менск?! Не, я, канешне, разумею, што сяброўства даражэй за ўсё, але не ў тым выпадку, калі пасля з'едзенага торціку даводзіцца разыходзіцца па розныя бакі барыкадаў. Даваць у каршэнь за тое, што не папярэдзіла, што ў Менску намі намячаецца схадняк і збіраюся туды ехаць... І што б ты зрабіў? Перахапіў бы па дарозе ці паехаў бы са мною разам? У першым выпадку ты б парушыў нашую дамову пра агульны адпачынак... Другі варыянт - як бы гэта выглядала? Я прывалаку на наш схадняк каго? Сваю асабістую "ахову"? І што б ты рабіў ў тае сітуацыі, у якой апынулася я ў той дзень? Дастаў бы з кішэні сваю ксіву і падставіў бы мяне? Ці сам бы падставіўся?
Я тады сказала: Бог любіць троіцу. Вось і атрымала. Праўда, не ведала, што гэта будзе так хутка. Тым болей, мы трымаліся ўсіх мераў перасцярогі. Уголас ніхто нічога не казаў. Смс-камі таксама не кідаліся. Болей таго, у самы апошні момант мне патэлефанавалі і паведамілі, што ўсё адмяняецца. Я афігела. Толькі ў нас на працы такое практыкуецца: у пятніцу пасля абеду нам кажуць пра працоўныя выходныя. І не заплануеш нічога. Ні табе царквы, ні табе рэстарацыі. Дзякуй Богу, я зараз такое марокі пазбаўлена. Таму я палічыла, што на гэтае спешнае вырашэнне павінна быць вельмі важная прычына, альбо ў самы апошні момант нейк выкрыўся які пацучок... Праз скайп ужо не было магчымасці пагутарыць - пакуль я да яго дабралася, час ужо быў позні. Таму я вырашыла паехаць у Менск і паразмаўляць пра гэтую праблему з чалавекам на вочы. Раз ужо запланавала паездку ў сталіцу, то ў лом было яе адкладаць на нявызначаны час.
А ў Менску мы скучкаваліся і паехалі на, як высветлілася, офіс БКДП. Усё-такі нічога не было адменена, гэта проста быў такі вось ход... Значыць і пра пацучка я мела рацыю, але, на жаль, ён то акурат і не выкрыўся...
Таму што зноў накрылі. Праўда, на гэны раз усё ж такі далі нашым даражэнькім хлопчыкам павіншаваць нас з жаночым святам. А потым і самі з'явіліся, падаруначкамі. Я, выгадваючы, што ж на гэты раз яны прыдумалі (не ў плане падставы на затрыманне, а з самім затрыманнем - калі месяц таму быў звычайны фэйс-кантроль, то што ж цяперака будзе...) аджартоўвалася, спрабуючы сцішыць чалавечка з іхняга боку, каторы пачынаў распаляцца, бачучы, што мы не думаем падпарадкоўвацца. Калі мы ішлі ў аўтазак, па дарозе патрапілася нейкая мясцовачка з дзіцем. Хлопчык, уражана: гэта праўда міліцыя! Дзіцё, яшчэ не спакушанае такім вось жыццём, стала сведкаю гістарычнага моманту... пашанцавала.
У пастарунку нас усіх завялі ў актавую залю. Сабралі пашпарты і пачалі па адному-па-двох выводзіць на допыты. Хаця, гэта допытам нельга назваць, хутчэй так, гутарка. Але ў адрозненне ад міліцыянтаў з раённага пастарунка (каторым было важна проста нам сапсаваць нашае мерапрыемства, а паказаннямі яны ўвогуле не цікавіліся - не хочаш адказваць - тваё права), гэбэшнікі мелі намер усё ж такі даведацца, што мы рабілі на офісе прафсаюзаў. На названую імі адрэсу я толькі паціснула плячыма - я насамрэч не ведала, што за вуліца, а тым болей, дом. Болей таго, я насамрэч не ведала, што штосьці будзе - я ехала перагаварыць наконт дзіцячага садка ў арганізацыі мерапрыемства, і калі адмовілася даваць якія б там ні было паказанні, дзядзькі ледзь мяне не заблыталі ў пазначэнні таго, дык што ж я рабіла ў Менску... А хіба я не маю права з'ездзіць у сталіцу? Гэта мая краіна, куды хачу, туды і еду. А вы хочаце на Украіну? Дык калі ласка, я не маю нічога супраць, я магла паехаць і ў Гародню (дарэчы, а чаму менавіта туды мяне "паслаў" гэны дзядзька?). А вось якім чынам я апынулася ў гэнае кватэры - я не памятаю... да ну вас усіх, я не буду даваць паказанні!!! І наконт астатніх пытайце ў іх саміх, калі ласка, а я не маю ніякага паняцця наконт таго, што яны там рабілі... Файная карцінка - прыехала дзевачка пагуляць у Менск і так пагуляла, што не памятае нічога. Запішы - адзін на аднаго - адмовілася даваць паказанні і не мучайцеся вы. Добра, заводзяць мяне ў кабінэт ААПП - там сядзіць гэбэшнік. Радасны даі радасны! І пытаецца - "кагда ж ты, наканец, прэкраціш сваю процівапраўную дзеяцельнасць"? Адкуль ён то мяне ведае? Ён жа менскі! І са мною не сутыкаўся ўвогуле. А паводзіць сябе, нібыта толькі і робіць, што затрымлівае мяне. Я не буду адказваць на вашае пытанне! Хаця, патрэбна было - "прэкрашчу", калі выйду замуж... Добра, не хочаш адказваць і не нада, вярнулі мяне ў залю да нашых. Там яшчэ колькі часу прабавілі, потым пасадзілі ў "бобік" і выкінулі ля КЗ. Мы, канешне, вярнуліся да пастарунка і прычакалі на ўсіх. А потым пайшлі ў кавярню.
У выніку я спазнілася на сваю апошнюю электрацыю, якая прыходзіць на апошні мой аўтобус. Спазнілася я і на электрацыю, якая прыбывае ў Гарадзею яшчэ да канца гэтых суткаў. А наступная электрацыя - толькі а 00.50 - у Гарадзеі недзе а 02.30. А я на абцасах. І не факт, што не давядзецца шкандыбаць пехатою ў Нясвіж - бамбілаў яшчэ лавіць патрэбна. Таму вынайшла пасажырскі, які акурат а 00.30 падкатвае да Гарадзеі, маханула на ім - болей шанцаў выцапіць якую выпадковую машыну. Выцапіла.
Ні аднаго бамбілы яшчэ няма. Гляжу - ля апоркі мусара кучкуюцца. Я да іх - хлопчыкі, падкінця. Падкінулі. Але добра, што з сабою нічога не было, ніякага паліва, бо падкінулі б у мусарню акурат, а так пашчасціла да самае хаты. Таму што мой тайм-аут яшчэ дзейнічаў на той момант, але цяпер усё. Я выходжу на вуліцу.
Кантроль
Папярэдзіць і пракантраляваць
На тэрыторыі Нясвіжскага раёна з 15 па 17 сакавіка 2008 года аддзелам унутраных спраў Нясвіжскага райвыканкама будуць праводзіцца спецыяльныя мерапрыемствы "Правапарадак".
Комплекс мерапрыемстваў накіраваны на стабілізацыю аператыўнай абстаноўкі ў грамадскіх месцах; на папярэджанне разбояў, рабаванняў, згонаў, крадзяжоў і разкамплектаваннняў транспартных сродкаў. Таксама ўзмацняецца кантроль за раней судзімымі і іншымі катэгорыямі асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку ў РАУС. У правядзенні мерапрыемстваў задзейнічаны супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, грамадскіх фарміраванняў праваахоўнай накіраванасці і іншых зацікаўленых ведамстваў. Пасля заканчэння ўсіх запланаваных мерапрыемстваў вынікі правядзення будуць апублікаваныя ў раённых СМІ.
17 сакавіка, 2008
І. Зацірка
Начальнік Нясвіжскага РАУС,
падпалкоўнік міліцыі
Сяжу сабе на сваёй прахадной, шыю спакойна сцяг. Завальваецца участковы. Тое, што сшыла, паспела схаваць, але яшчэ адно палотнішча тканіны засталося на лаўцы. Міліцыянт крыху пасядзеў, спытаў, хто дзяжурыць на верхняй прахадной. Я з перапуду доўга ўзгадвала прозвішча дзядзькі Міколы, а вось як яго клічуць - дык і зусім забыла. А потым таварыш Шмялёў пацікавіўся, ці кінула я займацца сваімі справамі, я кажу - канешне, я ж ужо два месяцы нічога не раблю. Ён так хітранька ўсміхнуўся і, сыходзячы, сказаў, што ён нічога не заўважыў. Я зразумела.
Але тога, што задумала, не атрымалася - патрэбна хаця б яшчэ тры чалавекі... Таму, абышоўшы вакол прыгледжанага аб'екта і ўпэўніўшыся, што тут мне не пашанцавала зусім, я пайшла на сваё ўлюбёнае месца - да дома каля мусарні. Сыходзячы, пачула, як машыны пачалі сігналіць нашыя пазыўныя. Шпарка прайшла паўдарогі, але потым сцішыла крок. Пагоні не было, хоць некалькі цывільных машынаў ездзілі па вуліцы... не ў тым сэнсе, што іх было ўсяго некалькі, але менавіта гэтыя разоў з дзесяць ці нават болей каталіся з цэнтра да Рудаўкі і назад. Звычайна я хадзіла з адною праважатаю, але цяпер іх было болей. І добранька - значыць, гэтая іхняя прэвентыўная акцыя сапраўды выконваецца.
Налепкамі можна было рэальна ўвесь горад абляпіць, жывога месца на ім не пакінуць. Але я вырашыла пакуль акупаваць інфармацыйныя тумбы. Падыходзілі людзі, цікавіліся. Па ходу яшчэ раздала налепкі проста на рукі - не з просьбаю далучацца да сённяшняе акцыі, але з запрашэннем на Дзень Волі ў Менск. Сумна было адно тое, што пакуль я была ў "адпачынку", горадам ніхто не займаўся, людзі паспелі ўжо забыць на ўсё, але праз гэта тым болей атрымалася моцная акцыя, хоць і з удзелам аднаго чалавека. Калі ўлічыць яшчэ і рэакцыю на сцяг у Дзень Салідарнасці - горад даўно ўжо прагне такіх вось ды і большых відовішчаў, так што тут можна разгарнуцца.
А "мошкі" каталіся ў мяне перад носам і не зважалі асаблівае ўвагі. Яно то і зразумела - я ўсё рабіла правільна, у дазволеным месцы, на інфармацыйных тумбах. І толькі калі я пачала "апранаць" апошнюю тумбу на плошчы - падкаціла "мошка", не вытымала, альбо разгледзела змест налепак. Сустрэча была радаснаю - а як жа, яны ўжо пачалі сумаваць тут без мяне, затрымліваючы адных п'янюгаў. Я паспрабавала даказаць ім, што няма падставы для затрымання - дазволенае месца ж! Але грунтаванне было - заляпіла ЎСЁ, не пакінула месца для аб'явак звычайным людзям, а так нельга...
У, шкодніца, і калі ты ўжо супакоішся...
Як жа ж тут супакайвацца, калі я толькі пачала... Паехалі мы ў пастарунак. У дзяжурцы патузалі крыху лёгенька, "па-сяброўску", абшманалі заплечнік, у якім заставалася яшчэ налепкаў... "Гэта ж пі...ц" - у Каёта былі вельмі круглыя вочы. Налепкаў яшчэ заставалася, я крыху не разлічыла з тумбамі - месца на іх было крыху меней, чым я планавала, таму і атрымалася, што "няма ж у Нясвіжы дамоў на столькі налепак!!! Усё, даражэнькая, ты папала..."
Але тут прыйшоў таварыш Гоман, які быў у гэтую ноч адказным за дзяжурствы, і забраў мяне пісаць тлумачальную.
Мне ж самі міліцыянты казалі, што лепей ляпіць на інфармацыйных тумбах -
пачала я. - Не разумею, за што мяне забралі.
Ляпіць што? Вось гэта?
На гэтых налепках змешчана інфармацыя. Усё як трэба.
І вам дазволілі?
Ну, канешне!
Хе-хе, ну, паглядзім, але сама ж разумееш, што аддаць табе усё вось гэта нельга -
заўтра ж па горадзе будзе ездзіць і мэр, і начальнік наш, і нас усіх тут панацягваюць.
Прыйшоў прапар, каторы не перамінуў у які ўжо раз паабяцаць "павесіць мяне на плошчы, ля герба нашага горада". Гарная пэрспэктыва, шмат гонару, дарэчы, быць пакаранаю менавіта на сымбалі Нясвіжа...
Куды яе? - пацікавіўся прапар.
Дадому, мне вельмі важна, каб яна была ДОМА.
Пратакола так ніхто і не склаў - няма за што, ды і ў тлумачальнай я напісала, што быў намер зачапіць толькі інфармацыйныя тумбы і болей нічога. Падкінулі дахаты.
Папярэдзілі і пракантралявалі.
Угодкі БНР
Я ўсё ж такі абставіла міліцыянтаў на некалькі крокаў. Разлічыла, што 25-га мне будзе зусім не вырвацца з горада ("выведкаю боем" дазналася, што пасты будуць стаяць ад самага ранку), і не факт, што мне дадуць дацягнуць да аўторка - напярэдадні было ненавязлівае запрашэнне ў мусарню ў панядзелак, дзе я магла і застацца. Дзякуючы ж таму, што ў мяне было дзяжурства ў ноч з нядзелі на панядзелак, я атрымала файную магчымасць з'ехаць ранічкаю. Што я і зрабіла.
А ім засталося толькі папярэдзіць наўздагон па мабіле, каб не патрапілася на акцыі, бо інакш паабяцалі "самалічна прыехаць і адлупцаваць".
Толькі вось мы ўсе не разлічылі з надвор'ем. Вярнулася зіма. Намяла снегу. А мы хто ў лёгкіх чаравіках, хто ў красоўках. Я й без таго ўжо чмыхала па чым варта, і наўпрост магла цяпер падхапіць запаленне лёгкіх. Але мы ж усе "адмарожаныя", нам гэты снег не страшны! І мы рушылі на плошчу раней прызначанага часу, смеючыся з таго, як у чаравіках пачынала хлюпаць. Аднак спазніліся. Кастрычніцкая кантралявалася. Перамогі прасочвалася. Якуба Коласа была ачэплена яшчэ з 17.00. Нейкія паўгадзіны...
Пакуль шукалі магчымыя праходы да пляца, налічылі штук з дваццаць аўтазакаў, вайсковыя і пажарныя машыны. Пачулі шмат прапановаў далучацца да тых, хто збіраўся на супрацьлеглым баку вуліцы па дазволеным ўладамі маршруце. І ГЭТА Ў ТАКІ ДЗЕНЬ! Няўжо падпарадкоўвацца і як баранам ісці так, як хочацца ім, У НАШ ДЗЕНЬ?!! Ды нізавошта!!! Знайшлі-такі файны маленькі пятачок ля пракуратуры Савецкага раёна. Далей рухацца купкамі было немагчыма - стаяў кардон. Таму было вырашана пачаць менавіта адсюль. І мы пачалі.
Ціск. З усіх бакоў чорны камуфляж. З усіх бакоў стаяць ланцугі і выпіхваюць на той бок вуліцы. Выпіхваюць проста на дарогу. Мы апынуліся знутры кола камуфляжнікаў. Пачаўся рух - яны звужалі сваё кола. Нейкая жанчына ўкленчыла, звяртаючыся да аднаго з іх, шукаючы ягонае сумленне. Я стаяла побач і ў думках прасіла, каб яна зразумела, што зараз гэта немагчыма. А кленчыць - правакаваць канфлікт, правакаваць злосць... Таму што і хлапец ёй адказаў, што яна яшчэ мае шанец пазбегнуць усяго, сышоўшы адсюль. Ён яе выпускаў. Але яна не сышла. Магчыма. Я потым страціла яе з вачэй. Мы паспрабавалі прарваць гэтае кола. І прарвалі. Але іх было болей. Жорстка. З усіх бакоў гучалі трэскі - гэта ламалі вуды са сцягамі. За што? Гэта нашае свята, мы маем права! Чаму мы не можам спакойна адзначыць яго так, як хочам мы, там, дзе хочам мы?!!
Хвалі, хвалі, хвалі, у нас уклінваюцца камуфляжнікі чорнаю плямаю, раз'ядноўваюць, б'юць, дубасяць, але мы нібы хвалі, мы злучаемся і павольна, упарта рушым далей. Нейкая старая ўкленчыла, клічучы Бога... А на тым баку вуліцы спакойна рушыла калона "адступнікаў", спакойна пазіраючы на тое, што рабілася тут. БЫДЛА!!! Бараны! Статак...
Прарвалі кардон. Я не ведаю, які. Магчыма той самы, магчыма другі. Рушылі далей. Я заўважыла пад нагамі сцяг. Які жах!!! Наш сцяг, бел-чырвона-белы, наш сімвал - пад нагамі!!!! На мокрым ад снегу асфальце. На брудным асфальце, набрынялы слязамі зямлі... І ніхто яго не падняў, усе ішлі, не зважаючы, а можа, баючыся спыніцца дзеля яго. Падняла. Хтось даў стронку-вуду. І вось ён ізноў у вышыні. Спачатку проста вісеў, але вось затрапятаў, аблашчаны ветрам. І мы рушым.
Кардон. Яшчэ. Колькі іх тут усіх? Колькі мы здолеем прарваць, перш, чым нас пакладуць? Я зразумела, што мне не выйсці са сцягам з кола. Мы згрупаваліся так, што ўсе, хто нёс сцягі, апынуліся ў сярэдзіне нашае калоны... кола прарвалі, але яно было мацнейшае. Пачалі ламаць вуды. Маю таксама схапілі. Рукі, рукі і чорныя камуфляжы, у вачах цёмна... хапаюць за куртку, за заплечнік, ці не выкручваюць рукі, але чую загад: "Не біць! Не біць!" Вуду стрэшчылі. Сцяг уратавалі. На асфальце шмат вудаў. Знайшла болей цэлую - і вось сцяг ізноў трапеча ў паветры. Кароткі перадых. Мы падцягнуліся. Кардон згрупаваўся. Яшчэ адна спроба. Тыя, хто вырваўся за яго, спрабавалі прарваць ланцуг са знешняга боку... Іх схапілі. Потым, калі мы стаялі каля РАУСа, сказалі, што іх жорстка білі...
Шаленства. Трэба рушыць. Трэба ісці. Нас пачалі выпіхваць на праезжую частку. Нас сціснулі з усіх бакоў. Мы былі ў коле. Хтосьці здагадаўся пасчэпліваць рукі. І так, ланцуг на ланцуг, мы вырашылі прарывацца. Любым коштам.
Холадна. Снег. Я ужо не чую ног. Такое адчуванне, нібыта яны ў вадкім азоце - снег прыліпае да штанінаў і тут жа ператвараецца ў штосьці вадкае, якое зліпаецца з месівам пад нагамі. Ісці цяжка. Падаю. Падымаюся. Да пальцаў рук таксама ўжо пачынаю страчваць адчуванне - халодная стронка ўмярзаецца ў скуру. Але мы ідзем. Любым коштам прарваць ланцуг.
Парвалі нас. Іх шмат. Іх занадта шмат. Я азіраюся. Сцяг толькі ў мяне адной. Болей нідзе не бачна. А на другім баку вуліцы спакойна ідзе калона. Спакойна нясе лозунгі і сцягі. І спакойна пазірае на тое, што робіцца тут. Я пачакала, пакуль мы не сталі болей цесна. Але і кола зрабілася цяснейшым. Раптоўна моцна звузілася. Пачалі вырываць вуду, хапаючыся за сцяг. Мяне пачалі расцягваць на ўсе бакі, хапаючыся за каўнер курткі, за заплечнік, хтосьці спрабаваў мне дапамагчы ўратаваць сцяг, але хутка я апынулася ў сярэдзіне чорнага. Навокал усё чорна ад іх камуфляжаў. Мяне пачалі адцягваць да праезжай часткі - туды, дзе стаялі аўтобусы з затрыманымі. Я намёрта ўчапілася за сцяг. Я магла яго адпусціць і ўратавацца - ім было патрэбна ўсяго толькі пазбавіць нас сымбаляў волі. Ім было патрэбна абяззброіць сцяганосцаў. Таму што калі трапеча сцяг над полем бітвы - ваяры яшчэ маюць сілу, ваяры яшчэ здольныя ісці, нягледзячы на сваю колькасць, і ім было патрэбна пазбавіць нас гэтага духу магутнасці. Я магла аддаць ім сцяг і ўратавацца, выслізнуць з гэтае чорнае навалы. Я не выпусціла палотнішча нават тады, калі патрушчылі да самых пальцаў вуду, калі затузалі гэдак, што некалькі разоў я не адчувала пад нагамі зямлі. Мяне не білі. Але, вярнуўшыся дадому, я разгледзела на спіне след ад чаравіка. Не ведаю нават, калі ён мог там з'явіцца. Ці то калі я пачала выпісваць кульбіты, не ўтрымаўшыся на нагах і праехаўшы некалькі метраў на каленках, а потым невядома як ужо апынуўшыся на спіне, а мяне цягнулі, цягнулі, цягнулі... Потым спыніліся. Нада мною чорныя постаці, якія патрабуюць аддаць сцяг. НІЗАВОШТА! Вырвалі. З трэскам. Парвалі... загадваюць падымацца. Як жа ж тут падымешся, калі ад усіх гэтых кульбітаў свет не тое, што ляціць, ён проста выслізгвае з вачэй...
Падаждзі, не відзіш, девачка перавазбудзілась, - адзін адному. Яны яшчэ і жартуюць.
Крыху ачуняла. Паднялі на ногі. Чаму яны стаяць? Вырашаюць, куды мяне заперці. Аўтобусы перапоўненыя. Я зрабіла некалькі малюсенькіх спробаў ціхенька выслізгнуць і збегчы, але толькі раззлавала гэтага дзядзьку, каторы, мусіць, тут быў галоўным, і ён апошні раз так тузануў мяне за плячо, што мне нічога не засталося, як супакоіцца. А ён штурхануў мяне да аўтобуса. Там людзі стаялі на прыступках. Нейкі хлапец з усмешкаю назваў маё імя і працягнуў рукі, запрашаючы ў аўтобус. Але ягоная куртка падалася мне знаёмаю і я чамусьці падумала, што бачыла яе на апошніх шмонах з іхняга боку. Я ўчапілася за поручні і ні за што - вырашыла - не ўвайду ў гэты аўтобус, хіба што мяне туды запіхнуць сілаю. І піхалі. Але хтосьці сказаў, што тут няма куды - лепей у другі аўтобус. Мяне штурханулі ў той бок і...
Я нечакана зразумела, што мяне ніхто не трымае. Самой ісці? Я і пайшла. Але ў супрацьлеглы ад аўтобуса бок. Да тых, хто яшчэ змагаўся. І здзівілася, калі адчула, што ніхто не схапіў за локаць. Я вольная. Цуд! Гэта проста нейкі цуд!
Тэлефонамі, воклічамі мы пазнаходзіліся, тыя, хто застаўся "жывым". Але нас было так мала... нас маглі ўжо проста патрушчыць. Далучацца да тога быдла на другім баку вуліцы? Гэта проста ўжо было б ганьбаю. Мы паехалі да РАУСа, дзе была частка затрыманых. Але ў іх было такое незразумелае становішча...
Я з'ехала дадому. У мяне наступным днём была дзённая змена. І я мусіла быць на працы. Тут ад мяне ўжо нічога не залежыла.
У Гарадзеі чакала "мошка". А палове першае ночы хлапцы мяне чакалі. Бедненькія... мусіць, ім моцна патрапіла ад начальніка і яны б чакалі і усю ноч. Адно на паўдарозе прыйшла думка, што вязуць мяне ў РАУС. Высадзілі ля мае хаты. Дзякуй ім вялікі, інакш бы давялося шкандыбаць пехатою, а я і так пасля гэтых танцаў на лёдзе ўся мокрая, мароз ужо прыхоплівае, магла і ўвогуле не прайсці і метра... Але, што дзіўнае, прастуда прайшла ўвогуле. Толькі вось крыху ные спіна ў тым месцы, дзе давялося праехацца па снезе. Ды рукі баляць ад перанапругі.
Мы хацелі проста адзначыць сваё нацыянальнае свята. Я супраць гвалту. Я супраць крыві. Але даводзіцца згадзіцца з тым, што інакш немагчыма. Калі нас будзе болей. Калі большасць з тых, хто заставаўся гледачом гэтага месіва, адкіне страх і зробіць крок наперад. Калі тыя, хто ішоў па другім боку вуліцы, пакаюцца... Хай нас пакладуць усіх, але мы пераможам.
Жыве Беларусь!!!
Паўтары суткаў баек
Мне заўсёды казалі мае паплечнікі, калі еду на акцыі, каб папярэджвала загадзя, бо, едучы на ноч, натуральна, трэба падганяць кватэру, каб пераначаваць. Аднак на гэты раз адбылося нешта, чаго я не магу зразумець і дагэтуль. Мне было жыццёва важна выехаць з Нясвіжа за дзень да акцыі Чарнобыльскага Шляху, больш за тое, у мяне на паспяховую вылазку ёсць толькі папярэдняя раніца, таму што пазней гэта зрабіць значна складаней. Паведаміла пра тое, што я ў Менску ўжо толькі тады, як прыехала на чыгуначны вакзал - каб зараней не спальвацца. Быў толькі пачатак раніцы, і, натуральна, усе яшчэ спалі і моцна абурыліся. Псіхалагічна правільней было б папрасіць перачакаць колькі часу, але проста са сну адкінулі мяне назад, не жадаючы больш размаўляць.
Я з'ехала пасля гадзіны роздумаў, за якую нічога не змянілася. На пероне ў Гародзею ледзь паспела выйсці з вагона, як акуратненька патрапіла ў моцненькія абдымачкі сяржанціка Андрэйкі. На пытанне, з якое падставы ён мяне затрымлівае, Андрэйка адказаў, што гэта не затрыманне, а проста запрашэнне прайсці ў апорку, таму што мне патрэбна падпісаць папярэджанне па артыкулу 23.34 пра ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Я ведала, што, патрапіўшы ў апорку, я адтуль выйду толькі каб паехаць у пастарунак. Але нічога ўжо зрабіць было нельга. Таму што гэты варыянт проста быў непазбежным. Было ўжо а палове трэцяе дня. І да сямі вечара я прасядзела ў апорцы, пакуль не прыехаў персанальна старлей, які, аказваецца, махануў быў за мною ў Менск. Ён мяне забраў у пастарунак і там склаў пратакол на 17.1, прычым на рэальных падставах, таму што я ўвярнула (не)дарэчы адно слова. Міліцыянты ўзрадаваліся нібы дзеці, калі ўбачылі мяне, а адказны за дзяжурства афіцэр сказаў, што, вярнуўшыся, я ўратавала шмат каму галовы тут. Мяне пакінулі на ноч. Як звычайна, я патрапіла на маёраў Мухіна і Пынька. Як заўсёды, пакінулі ў дзяжурцы.
Холадна. Участковы павадзіў па кабінетах, потым вярнуў у дзяжурку і пакінуў там. Выклікі, званкі, трупы, прыводы, разборкі - а я так хацела адпачыць... Нарэшце дзесь пад 2 гадзіны ночы сітуацыя ў горадзе крыху супакоілася і зрабілася зацішша. Маёр Мухін узгадаў пра колішняе абяцанне зрабіць мне вясёленькую ночку....
...упс...
...ад скалочаных апошнім тыднем і асабліва гэтым днём нерваў замест звычайнага аджартавання ў мяне з супраціўлення нечакана паляцелі слёзы. Мухін схамянуўся, вярнуў мяне на "маю" лавачку, даў вады і паспрабаваў супакоіць, маўляў, ён нічога сур'ёзнага такога нават і не думаў рабіць...
Сітуацыя крыху спляжылася. Нечым рассмяшыў. Я паспрабавала заснуць. Гэта атрымалася, калі маёр прыкрыў мяне сваім мянтоўскім бушлатам - зрабілася цяплей.
Болей мы да гэтае тэмы не вярталіся. Але адчуваю, што калі-небудзь тут кагосьці не спыняць ні мае аджартаваначкі, ні мае слёзы, ні мае пагрозы скаргаю ў пракуратуру. Таму што на ўвесь наш горад усяго адзін дэструктыўны элемэнт. Таму што сто гадоў наш горад нікому не патрэбны. Таму што з-за аднаго чалавека сюды ніхто не папрэцца ніколі. Я абараняюся ад міліцыянтаў імі ж самімі, але гэтае абароны проста ў нейкі момант можа не хапіць....
Удзень мяне пратрымалі да 17.00, кармілі і нармалёвым абедам і рознымі байкамі. Потым адвезлі дадому. Такім чынам я прабыла ў пастарунку недзе каля паўтара суткаў. Змораная. Спустошаная. Разбітая.
Ашалелы прапар
У нядзелю а 19.00 мне тэлефануе старлей і прапаноўвае варыянты - альбо я зараз жа звальваю ў Менск, альбо выходжу на вуліцу. Зараз жа зваліць у Менск я не магла, таму што была б там толькі апоўначы - і што б я рабіла? А выйсці на вуліцу азначала толькі адно - пераначаваць у пастарунку (і перадніць потым таксама). Не хочацца мне штось - ды і дождж ідзе. Тады праз яшчэ колькі часу тэлефануе начальнік і просіць выйсці ў панядзелак на працу (а ў мяне выходны). Добра, выйду. Выйшла. І цэлы дзень прасядзела мала таго, што праз кожныя паўгадзіны хтось з кіраўніцтва кантраляваў маю прысутнасць, дык яшчэ і тэлефонны фэйс-кантроль быў. Ржунімагу. Прыехаў сам-с. І што б я адна з ім зрабіла? А маглі і не пытацца. Маглі прыйсці ўвечары і забраць на суткі.
Збэшчаны графік - мне была патрэбнаю гэтая ноч… але праз нашага ўсенароднага я ўначы працавала. Таму ўсё скінула на раніцу - шанцуе ж мне нешта апошнім часам пасля начное змены кудысь ірвацца штось рабіць!!! Скінула толькі чацвёртую частку сцягоў… а ў горадзе семінар медыкаў, міліцыянты праехаліся, пабачылі сцяжкі замест кветкаў на клумбах, павіталіся ківочкамі з машыны са мною і паехалі сабе далей - кампенсацыя за сарваты мне панядзелак. Яны заўсёды, дарэчы, так робяць - спачатку зачыняць, а потым даюць мне адыграцца. Ну і я ў пазыках не застаюся, канешне.
3 гадзіны ночы. Пасля дажджу выйшла прагуляцца ў горад. Ды не заўважыла своечасова - разагналася, пляваць ужо на фары было, адышла на пяць крокаў - і толькі тады разгледзела на машыне, што пад'язджала, мігалачкі. Яны адмыслова спыніліся акурат ля тога злашчаснага слупа, я паспела завярнуць за кут універмага і прыспешыць крок, але… кіроўца, што ехаў насустрач, убачыў рэальнае кіно - за мною вынырывае "мошка" і гаўкае, я яе чую і разумею, што не ўцяку ўжо нікуды, угінаю ў плечы галаву і чакаю выкіда нашага дзікага прапара. "Мошка" сыпняецца ля мяне, мент адчыняе дзверцы. Унутрана уздыхаю з палёгкаю - гэта не прапар, інакш я была б ужо размазанаю па асфальце. Ён прапаноўвае… аддаць налепкі і звальваць. Ага, як жа ж, разагнаўся. Тады ён тэлефануе прапару і падчас размовы егдзіцца ля мяне, не даючы сысці. Урэшце ківочкам запрашае ў машыну. Упарчуся. Сам вылазіць. Бухаюся на фатэль з думкаю, што калі-небудзь прапар усе свае пагрозы выканае, і, мусіць, гэтае калі-небудзь прыйшло. Едзем у пастарунак.
І каб я яшчэ вырашылася вылезці на сваю раней запланаваную аперацыю, мяне б бадай не давезлі б - разабраліся б на месцы... Сяжу на сваёй лавачцы, чакаю, што яны будуць рабіць. Гэта не дзікі прапар. Гэта нават не шалёны прапар. Гэта ашалелы прапар.
Фсё, - кажа ён. - Ты міня дастала. Ты дастала міня і маіх пацаноф. Яны січас вернуцца і цібе будзет сюзпрыз.
Які? - пытаюся я, ужо здагадваючыся, што ён мае на ўвазе.
Увідзіш, - запэўнівае ашалелы прапар.
Хлопцы вярнуліся з вуліцы - яны пасканчалі ўжо свае дзяжурствы, але вымушаныя былі сарвацца і пахадзіць па слупах і будынках за налепкамі. Зласнаватыя, канешне, але я ад іх так і не дачакалася абяцанага мне сюрпрызу. Хоць і прасядзела ў пастарунку да 10 раніцы. Так што расправа адклалася яшчэ на нейкі час. Толькі праз гадзіну ці дзве здагадаліся напісаць рапарты і падагнаць тлумачальную.
І калі ў самае сярэдзіне начы міліцыянт тэлефануе жонцы дадому і кажа, што ён затрымаецца на працы яшчэ колькі часу, бо сядзіць тут з Насцяю - жонка можа спаць спакойна і не ўладкоўваць скандалаў з рэўнасцю раніцою: гэта ён пра мяне...
Раніцою атрымала наганяй з-за рэцыдыва. Завезлі дадому. А старлей зладкаваў фотасесію са сцягам у мяне на кватэры. Вось з-за гэтага ён "нічога не знайшоў" і паехаў.
Прыходжу ў ЖКГ. З гэтым юрыстам заўсёды добра паразмаўляць, Дзяніс увогуле не супраць усіх маіх вылазак і ён так сабе не разумее, навошта, а тым болей за што да мяне тут усе прычапіліся. Але закон ёсць закон. Кодэкс прадугледжвае пакаранне за падобныя ўчынкі - значыць патрэбна пакараць. Два пратакола - дзве справы. Адміністрацыйная камісія будзе недзе ў наступным месяцы. За гэты час думаю, што яшчэ і не раз з ім убачуся. Ну, не атрымліваецца ў мяне не патрапляцца. Іх шмат, іх цэлы горад, а я адна… Не, я не супрацьпастаўляю сябе ўсяму гораду, проста сілы крыху не роўныя. І сённяшні залёт у ЖКГ, як ні дзіўна - але усяго толькі вынік парушэння мною дамовы з дзядзькам Васем, нашым мясцовым гэбэшнікам, наконт таго, каб я ягоны пятачок не чапала ні сцягамі, ні налепкамі, ні ўлёткамі, ні ўвогуле якой агітацыяй. Пры апошняе нашае сустрэчы ён так і сказаў: ты не будзеш чапаць - я заплюшчу вочы на тое, што ты робіш у горадзе. Да гэтага часу дамова дзейнічала. Але вось незадача… Юрыст мне паведаміў, што з гэтае канторы вельмі настойвалі на давядзенні справы да адміністрацыйнае камісіі і нават абяцаліся пад прымусам прывесці мяне на падпісанне пратаколаў.
Рэкагнасцыроўка
Пасля вышэйзгаданых прыгодаў, пакуль чакала выклік на адміністрацыйную камісію, я атрымала запрашэнне ад Інквізітара прыйсці да яго на размову. Я думала, што мне дадуць у каршэнь за мой насычаны тыдзень. Я думала, што будуць смяяцца: маўляў, на судзе абяцала сур'ёзныя справы, а працягваеш займацца ўсё тым жа. Я думала, што будзе якаясь сур'ёзная размова накшталт, калі не спынюся - вэкнуць з працы ці штось падобнае. Але Інквізітар Манюшкін быў ветлівым, сустрэча была, скажам так, на узроўню. Ён запэўніў, што хацеў мяне бачыць і зусім не для прафілактыкі: калі чалавек мае цвёрдыя погляды - яго ўжо не пераканаеш. Наадварот, прапанаваў супрацоўніцтва... Паўгады таму мяне на працы залічылі ў склад Камітэта па справах моладзі, але на тым усё і скончылася. Гэтая сустрэча, мусіць, і ёсць працяг. Манюшкін паведаміў, што ён за мною назірае ўжо даўно. І вельмі ўражаны маёю ініцыятыўнасцю. Так і сказаў, што неаднаразова ставіць мяне ў прыклад бэрээсэмаўцам. Маўляў, вось, паглядзіце: дзяўчына, фактычна з нічога робіць расцяжкі, улёткі, выходзіць ноччу, рызыкуючы патрапіць на суткі ці яшчэ горш, пад гарачую руку прапара (ён пацвердзіў, што гэта выканкам прымушае міліцыянтаў здзіраць слупы і сцены, калі яны мяне не ўпалёўваюць). А вы, маўляў, нават атрымліваючы за сваю спрацу грошы, лянуецеся падняць задніцы з крэслаў і пайсці зрабіць які лозунг ці развесіць улёткі. Ён сказаў, што было б добра, калі б мы супрацоўнічалі, дзяліліся вопытам... каб я паўплывала крыху на гэтых лянотаў і паказала ім, як патрэбна дзейнічаць.
Прапанова, канешне, гарная. Я атрымліваю доступ на мерапрыемствы. Атрымліваю магчымасьць працаваць з моладдзю. Гэта было б вельмі файна. Але што гэта? Прымусовае супрацоўніцтва ці крок насустрач?
Не паспела я вярнуцца дахаты, як тэлефануе Манюшкін, абураны інфою на Хартыі: прасіць дапамогі? Ды ніколі! Рэклама мне? Ён ува мне рашчараваўся... А што я павінна была зрабіць? Дачакацца, пакуль сапраўды з мяне зробяць Мата Хары?
Ну і вось, як у "Джэнтэльменах удачы": мы цябе папярэджвалі, што пакараем? Папярэджвалі, так што не абурайся. З мінулае камісіі не прайшло яшчэ і года (усяго толькі паўгады - дасягненне). Так што ніжай даць не можам. А два пратаколы вымушаюць два штрафы, так што трымай і памятай - гэта зусім не па палітычных матывах (абыякава, якога зместу налепкі - ты імі парушыла артыкул), па гэтым жа артыкуле вось нядаўна вынеслі штраф камерцыйнай мэблевай арганізацыі, якая таксама упадабала слупы для свае рэкламы. Сумна, канешне, але з апошняга адчуваю нейкае задавальненне: нарэшце міліцыянты ўнялі маім скаргам на тое, што чамусьці са слупамі прыдзіраюцца да аднае мяне, а астатнія вешаюць, як і вешалі. Але гэты мой штраф я лічу палітычна матываванаю помстаю нашага спадара Інквізітара.
Дзень салідарнасці. Усё падрыхтавана. Сяжу, чакаю прыцемкаў - каб было зручней. Раптам прачынаецца мабіла, і старлей забараняе выходзіць на вуліцу. Не, я магла, канешне, плюнуць на гэтую забарону, але калі чалавек кажа, што нельга, і ЗАГАДВАЕ, а не запрашае прыйсці раніцою ў аддзел - гэта штосьці азначае. І я магла, канешне, плюнуць на гэты загад, але так ці інакш, мы б з ім сустрэліся ці ўначы ці тою ж раніцою, і ў гэтым выпадку мне б не пашчасціла б, вушы былі б чырвоныя.
Ладна, згаджаюся з вялізнаю неахвотаю, раніцою прыходжу ў аддзел. Падвальвае дзядзька Вася, тыпа проста выпадкам зайшоў, убачыў мяне і вырашыў паразмаўляць.
Ну, не магу я без усмешкі з ім гутарыць. Ён лыбу давіць, і я ў адказ. Сядзімо адно ржом, культурна, праўда. Узгадаў налепкі, сказаў, што імі вельмі добра ягонаму сыну заклейваць школьныя падручнікі. А што, файна, нацыяналізаваныя падручнікі - гэта рэч. Распытаўся пра "зёбераў" - але я даўно нікога не бачыла, а яму патрэбныя "сатанюгі" - справа была б... нічым не магу дапамагчы, на жаль, не ведаю я, чым зараз яны дыхаюць, хоць здагадацца лёгка - усё тым жа самым бырлам. Паведаміў, што чытаў мой артыкул "Крыж пакаяння", параспытаўся крыху пра бабулю. І, канешне ж, заруліў на выбары. Моцна яго цікавіць, што ж будзе ў горадзе рабіцца. Кажу - спытайце пра гэта ў спадара Манюшкіна. Ён смяецца - справы Манюшкіна ён ведае, а вось што будзе рабіць Наста Азарка? Усміхаюся: а я адкуль ведаю? Што-небудзь прыдумае. А калі сур'ёзна, то тут хаваць няма чаго (усё ж роўна гэта будзе вядома), у выбарах прымаць удзел буду, але іншым чынам. Кандыдата дастойнага няма, а прыезджых нам не трэба. Мае дзяўчаткі на працы так і кажуць, маўляў, ну вось, зноў зараз пачнуць прыязджаць, абяцаць вагонамі, а нам гэтымі абяцанкамі дзяцей не пракарміць. Дык я і тлумачу, што кандыдат патрэбен з тутэйшых, з тых, каго ўсе добра ведаюць, каму людзі давяраюць. Хто разумее праблемы местачковыя і хоча дапамагчы гораду. Мне нельга, таму што ўжо судзімая, і тэрмін яшчэ не сышоў, болей таго, яшчэ і зверху нахапацца спагнанняў паспела. А астатнія нашыя "змагары" не хочуць нічога. А калі нікога няма, дык навошта іншы? Навошта за наш, нясвіжскі, лік прапіхаць у палатку чалавека, які моцна чыхаў на ўсіх нас і мы яму не патрэбны? Дык я і кажу дзядзьку Васю, што буду клікаць людзей, каб ішлі на выбары і галасавалі супраць усіх: агульнае "НЕ" - гэта эфект.
Яшчэ пацікавіўся, як у мяне з працаю. Карацей, рэкагнасцыроўка адбылася, утраіх адразу гуляць у шахматы аказалася значна цікавей, чымся кожнаму па чарзе, усе засталіся задаволенымі.
Але хто гэтым разам хадзіў канём?
Водпуск
Мой начальнік жартаваў, што водпуск мне дасць на ўсе 15 сутак. Міліцыянты дык і ўвогуле запрашэнне зрабілі: маўляў, калі ласка, будзеш у водпуску, заходзь да нас, падвальчык заўсёды для цябе падрыхтаваны, сардэчна запрашаем.
І вось я ў адпуску...
3 ліпеня. У сярэдзіне дня нашае самабытнае творчае аб'яднанне «Валошкі» прэзэнтавала свой першы зборнік вершаў «Букет валошак». Сярод слухачоў заўважаю шмат міліцыянтаў - прыйшлі паслухаць мае вершы. Таму я вырашыла ўсё астатняе адкласці на вечар…
Вакол людзі танчаць, музыка грыміць, міліцыянты, каб не прыцягваць залішняе ўвагі на разборкі, завалаклі мяне ў кінатэатар... Кожны раз, калі на плошчы штось адбываецца масавае і мяне вылоўліваюць з натоўпу, міліцыянты заўсёды спрабуюць так зрабіць, каб мірна разысціся... звычайна гэта ўсё сканчаецца пастарункам, бо я не згаджаюся, і ім даводзіцца выклікаць "мошку". За намі пайшлі два хлапцы-ахоўнікі, але на іхняе пытанне, навошта міліцыянт завалок сюды дзяўчыну, мы ў адзін голас папрасілі іх супакоіцца і не перашкаджаць. Капітан доўга мяне ўгаворваў аддаць яму сцяг - ён бы тады мяне адпусціў, мне трэба было так і зрабіць - у сумцы быў яшчэ адзін, але кожны сцяг для мяне на вагу золата. Дастаць тканіну, пашыць уручную сцяг - гэта займае сродкаў і часу. Таму за кожнае палотнішча я літаральна гатовая горла грызці, нават калі яно не ўласна маё. Святыняю не гандлююць і не разменьваюцца.
У кінатэатры былі яшчэ некалькі цётак, працаўніц гэнае установы. І калі афіцэр пачаў мне выкручваць рукі, каб забраць сцяг, яны паспяшылі на дапамогу... толькі не ведаю каму. «Што-вы-робіця-адпусціця-дзяўчыну» змянілася «супакойся-будзь-харошаю-дзевачкай». Кажу ім, каб не перашкаджалі, мы тут самі разбярэмся. Мішка дакруціў усё-такі рукі і забраў сцяг, выштурхаў мяне да ўваходу, ахоўнікі адчынілі дзверы, і я сышла.
Недалёка. На замак не было ўжо сэнсу ісці, хай нават сабе і можна было зрабіць «сюрпрыз» на раніцу, але мне патрэбны былі людзі. Замак абгароджаны рвом, з аднаго боку насып перакрываў гэную канаву і даходзіў аж да сцяжынкі. Можна было так залезці ў двор замка цераз высакаватую агароджу - мне ці прывыкаць скакаць? Але патрэбен быў хаця б адзін чалавек, таму што хоць там усё перакапана, у гэныя сцены ўначы адной мне нейк страшнавата.
Таму я аддала сцяг у рукі статуі-фантану, каторую летась паставілі за мае штрафы. Гэтыя "Зёберы" ледзь усё не сапсавалі... Я ж кажу - як пабухаць, дык гэта адразу. А памахаць маім сцягам - пасля заўсёды калі ласка. Ледзь уратавала. Толькі прыладжваю да статуі - з цемры вынырывае хтось. Я ў цемры яшчэ нічога не бачу, адныя абрысы. Здаецца, хлапец у міліцэйскай форме, а разабраць, хто - не магу, хоць трэсні. Мусіць форму яму крыху сапсавала, бо ў мяне была перавага - я не бачыла, што гэта міліцыянт, я мела поўнае права пусціць у ход кулакі, ён абмежаваўся тым, што запрасіў на раніцу ў аддзел. Здрасце, я прыйшла здавацца, да хіба?
Ну і не пайшла. Вяртаюся дадому. Сочнікі тут як тут. Заўсёды, калі я ні выйду на якія свае справы, яны круцяцца на сваёй машынцы побач, катаюцца след у след, яшчэ і праважаюць мяне дахаты да самага пад'езда. Заўсёды адна і тая машына. Дасталі ўжо катацца. Калі не хаваюцца ў сочцы, дык хай бы падвозілі ўжо. Бо іду вось дадому, а яны гойсаюць тут, ці не здзекуюцца - пад'едуць наперад, стануць і чакаюць, покуль я набліжуся, крыху прапусцяць наперад і пераганяюць, потым зноў чакаюць. І так да самага майго пад'езда.
Дачакалася ночы на Івана Купалу. Дзе ж там. Лепей за ўсё працаваць у звычайныя дні, калі міліцыя не ў баявым стане. Бо не далі нічога ўвогуле, я адно падышла да інфармацыйнае тумбы. А яны мяне за шкірку і ў "мошку" сваю. Літаральна вось так, як я і сказала. Забралі заплечнік, здзёршы яго з плячоў. Яшчэ і гыркнулі, што непадпарадкаванне ўкляпаюць.
Едзем у пастарунак, па дарозе страчаем нашага прапара. Той да мяне - дзе яшчэ вешала? Я кажу, што толькі там, дзе затрымалі, болей нідзе і збіралася толькі на тумбах.
- Добра, - кажа. - Но ты жэ міня знаіш, ты знаіш маё атнашэніе к цібе, хай толькі дзе ішчэ ўбачу...
Не ўбачыў. У пастарунку ператрэслі заплечнік. Падмахнулі пратакол. Пакінулі на ноч. Тваю ць. Мухін і Пынько. Але ці таму што іх было двое, ці таму, што ноч была святочнаю (багатаю на здарэнні, накшталт розных няшчасных выпадкаў з алкашамі, каторыя ў п'яным угары праз вогнішча не могуць пераскачыць), мяне не чапалі. Дзесь толькі пад раніцу дазволілі мне ісці дахаты: разборкі ўжо ні ў кога не было жадання пачынаць, бо ўвесь аддзел зажыгаў ноч. Трэба ж адпачыць пасля святочнага тыдня!
Праз колькі дзён запрасілі ў КДБ на размову. Ну як запрасілі... Прапанавалі сустрэцца, а я ўжо вырашыла, каб сустрэча адбылася на іхняе тэрыторыі. Пра тое, дзе я была 3 ліпеня - службовец ведаў і без праверкі, таму ў тлумачэннях наконт майго алібі ў сувязі з выбухам не было патрэбы. Адно пацікавіўся, ці не ведаю я хоць штось пра гэта, ці не чула, ці не бачыла. Зайшоў ягоны супрацоўнік, ці то выпадкова, ці то спецыяльна, убачыў мяне, паказаў фотаробата. Ну й урод жа там намаляваны! Морда, адным словам. А што пра гэта людзі кажуць? Дык і кажуць, што гэта прошукі аднае канторы, не будзем стукаць у дзверы. Ізноў ва ўсім вінаваты КГБ? - смяюцца. На жаль, на жаль... Развіталіся.
Раніцою мне дахаты тэлефануе кіраўніца нашага літаратурнага аб'яднання з жахліваю навіною: па прычыне таго, што мяне бачылі на плошчы са сцягам, зборнік не пускаюць у людзі, у бібліятэцы вялізныя праблемы, яе самую выганяюць з працы. Трэба штосьці рабіць, і рабіць тэрмінова. Гэты Інквізітар - я не думала, што ён будзе такім помслівым. Я не вінавата, што ён так балюча і жорстка рэагуе на крытыку. Але тое, што ён робіць - гэта не па-чалавечы. Вось так вось, праз іншых людзей, б'ючы па сумленні, гэта нізка, подла, жудасна. Я дапусціла промах, праз мяне пацярпелі людзі, шмат людзей, гэта на ўзроўні таго самага выбуху, толькі ў Менску гэта было фізічна, а таму тое можна перажыць. А тут усё на маральным узроўні... Што рабіць? Так проста гэтая праблема не вырашыцца, і пакуль я а 7-й гадзіне раніцы спрабавала дастукацца хоць да кагось, хто б даў мне якую параду ў дзеяннях, вырашэнне прыйшло само сабою. Я сама пайду ў выканкам і запатрабую тлумачэнняў. Я вінавата - карайце мяне, але не чапайце нявінных людзей! Гэта нячэсна. Гэта няправільна. Так нельга! Другою думкаю прыйшло тое, што я магу яшчэ больш пашкодзіць жанчынам, калі на эмоцыях прыйду ў выканкам. Тым болей адна. Былі б тут юрысты... але іх тут няма. Мне патрэбна было параіцца з чалавекам, які б мог насамрэч дапамагчы на хадзе спыніць машыну. Я ніколі не думала, што мне давядзецца шукаць дапамогі ў чалавека з таго боку барыкадаў, але тут справа датычылася не аднае мяне. Усё вырашылася за паўдня. І нават паведамілі мне прозвішча чалавека, каторы замуціў усё гэта. Ну і людзі. Бач ты, адной фіфе не спадабалася тое, што яе нават не запрасілі ў нашае аб'яднанне - такую знакамітую, такую таленавітую, і ў зборнік, суадносна, не ўзялі ніводнага ейнага верша, а нейкай там апазыцыянерцы дапамаглі не тое што надрукавацца, але й прачытаццца.
Гара з плячоў звалілася. А з Інквізітарам я яшчэ пагутару, калі злаўлю такую магчымасць. Таму што насамрэч, што мне застаецца рабіць, акрамя як вывешваць сцягі і ляпіць налепкі, калі мяне тут заціснулі гэтак, што і іншым людзям побач проста няма чым дыхаць. Сядзеў, разумееш, сабе гэткім шэранькім кардынальчыкам, нацкоўваў, грузіў, і захацелася яму пагутарыць раптам... я была б не супраць мець з ім справу, але пасля вось такога - нізавошта! Калі вайна - значыць вайна. Усё.
ІІ
...У ноч на 16 ліпеня дзяжурылі мае даражэнькія Мухін і Пынько. Пасля нашае апошняе сустрэчы не прайшло і двох тыдняў, і яны мне тады паабяцалі, што калі я яшчэ раз патраплюся да іх у дзяжурку, то мне будзе вельмі і вельмі весела. Колькі ж ужо можна?.. Таму я вырашыла свой праменад перанесці на наступную ноч. Выйшла. Машына пакруцілася побач, пагразіла, што выклікае міліцыю, і паехала. Я паспела адысціся на добрыя паўкіламетра, як з-за павароту вынырвае "мошка", нясецца ў тым накірунку, адкуль я сышла, але, угледзеўшы мяне, рэзка дае па тармазах і падлятае да мяне. Турба, наш самы круты даішнік. Ад такога не ўцячэш нават на гоначным балідзе, не тое, што пешым. Турба на хадзе адчыняе дзверцы і загадвае садзіцца ў "мошку". Здрасце, прыехалі. Навошта? Адмаўляюся, крочу сабе далей. Турба вылазіць сам, даганяе мяне. Не прад'яўляе мне нічога, мяне за руку не схапілі, чаго ад мяне яны хочуць - не ведаю. Спрабую вырвацца. Капітан заграбастаў мяне ў ахапку і запіхнуў у машыну. У аддзеле яшчэ і сведкаў прывялі, што яны бачылі, як я малявала і як адбівалася ад даішніка. Насмяшыла тое, што заяўнікі мяне прынялі за 15-гадовую дзевачку. Склалі пратаколы - акрамя непадпарадкавання яшчэ ўкляпалі пашкоджанне дарогі і хуліганку. Дзяжурныя не захацелі мяне трымаць да раніцы, бо падвал быў упакаваным. Вырашылі мяне скінуць дадому. Пакуль марудзілі з машынаю, я злавіла момант - брама дворыка была прыадчыненаю. Але ля самае шчыліны мяне перахапіў міліцыянт. Запіхнулі ў машыну, даставілі дадому.
І ці ж я буду сядзець і чакаць? Вырашаю рызыкнуць. Выйшла ў наступную ж ноч яшчэ раз, дабіваць тое, што задумала. Машыны ідуць - хай сабе, я тут прыўзбочку, нікому не перашкаджаю. І патрэбна ж было ехаць акурат у гэным накірунку нашаму сёлетняму найлепшаму супрацоўніку міліцыі. Ехаў ён, вядома, не па службе, у яго быў выходны і водарам ад каўнерыка крыху несла. І праехаў бы ён, не зважаючы, але гэта была ягоная дарога - даішнік заўсёды застаецца даішнікам. Спыніўся. Агукнуў. Я па голасе не пазнала, таму не адрэагавала адразу, а калі ён падышоў і схапіў мяне за руку - было ўжо позна казаць, што не маё. З ім былі яшчэ левыя хлапцы, якія натуральна ператварыліся ў сведкаў. Віцька выклікаў патрульных. Пакуль іх чакалі, я спрабавала вырвацца, мы кружыліся нібы ў вальсе ці больш падобна было нават на танга. Я нейк вывернулася і нацэліла распыляльнік хлапцу ў твар. Ён не спужаўся, хоць і крыху паслабіў хватку, гэта я асеклася - Віця такі прыгожанькі, у белае кашульцы, а я яму фарбаю?.. Замінка - і ён перахапіў балончык. А вось і мігалачкі - ляцелі яму на падмогу, нібы адчувалі, што яшчэ хвіліна - і тут будзе бойка. Я мела права на яе. Віця быў не пры службе. І калі б ён вырашыў ужыць сілу ці да яго на дапамогу прыйшлі б ягоныя сябры, якія стаялі ля машыны і ржалі, паглядаючы на нас, то без крыві не абышлося б. З "мошкі" павыскоквалі, разнялі, але... Сарвала нечы бэджык - добра, што не пагон. Спрабуюць вырваць заплечнік - я счапіла рукі, падсечкаю выбілі раўнавагу. Кульбіт за кульбітам - і вось я ўжо цалуюся з асфальтам. Не могуць зняць з плячоў заплечнік, дык расшпілілі яго на мне, прыціснуўшы каленам да дарогі. Паглядзелі, што ён поўны, вырашылі забраць мяне ў аддзел. Ага, на словах, канешне, лёгка, я працягваю выкручвацца - рызыкавала страшэнна, гэтая ноч была ў змене даражэнькіх маёраў, мне вельмі не хацелася туды трапляцца, і каб не Віцька - усё было б акуратна ўкладзена. Заплечнік даўно знік у "мошцы", я зноў цалуюся з асфальтам, у мяне выкручаныя рукі, зверху прыціскае мент. Хтось кінуў прапанову нацапіць кайданкі - гэта ўжо рэальнае непадпарадкаванне. Пачакалі яшчэ колькі хвілінаў, пакуль самі супакоіліся. Запіхнулі ў "мошку", прывезлі ў аддзел.
На гэны раз пакінулі на ноч. Пісаць тлумачальную? З якога ражна? Хопіць з іх і ўчорашнягя пратаколу. Адмовілася. Сяджу, рукі баляць, ажно самі ўжо выкручваюцца. Доўга вырашалі, куды мяне пакласці спаць - у падвале няма месца, у стакане смярдзіць, дык прывалаклі раскладуху і тут жа ў дзяжурцы паставілі. Дзякуй і на гэным. Ноч была спакойнаю, хоць выспалася. Нягледзячы на жартачкі маёраў. Раніцою прыйшоў начальнік міліцыі - патэлефанаваў зрання, даведаўся, што я начую, дык дужа закарцелася пабачыцца. Даўнавата з ім не сустракалася, хоць і вітаемся ці не штодзень ківочкамі на вуліцах. Ягоны нам ажно прысвіснуў, чытаючы рапарты:
- Ну, гэта ўжо цягне на хуліганку. Трэба садзіць на 15 сутак. Што з табою рабіць?
Я гляжу на яго яшчэ крыху заспанымі вачыма.
- І ня строй мне тут вочкі, - смяецца. Адпусцілі.
Плечы ўсе ў сіняках, добра, што вусны не распухлі. Давялося цэлы тыдзень хадзіць у рукавох.
Сёмая гадзіна раніцы. Званок у дзверы. Я ўжо не спала - пры канцы водпуску пачала прачынацца а 4 гадзіне зрання. Бацька пайшоў адмыкаць. Родненькі голас участковага. Чую я, чую, што трэба збірацца, дзе ж ты быў учора, я ж прыходзіла...
І атрымала накіраванне ў маё любімае ЖКГ да юрыста на складанне чарговага пратаколу. Камісія дык камісія. Перажывем. А вось з судом за непадпарадкаванне нешта зацягнулі - ці то чакаюць, пакуль у мяне сінякі пасыходзяць, ці то проста шкадуюць...
І мне б пасядзець, пакуль усё ўтрасецца, дык не, дагналася. Так дагналася, што толькі падвальчык і ўратаваў...
ІІІ
Ну я ж прасіла, я ж папярэджвала ўсіх пра тое, што Нясвіж - недатыкальны горад. Не ваша - не бярыце, не ў справе - не суньцеся...
Выйшла. Не позна, але акурат каб паспець усё зрабіць. Знайшла была адчынены пад'езд, пахадзіла па даху, вырашыла вярнуцца потым сюды ж раніцою - мабіла не бярэ. Прайшлася па горадзе... Не, трэба было нейкаму хлапчуку да расцяжкі прычапіцца. Ды каб жа ён у той момант, як я яе вешала, прыйшоў ці да мяне звярнуўся - я б паспела з чалавекам паразмаўляць - мо ён чагосьці хацеў, - і ад затрымання выкруціць і яго самога, і сябе разам. Дык не, трэба было яму акурат прыйсці тады, калі мяне побач не было. Ды яшчэ мусіць і патрымацца за яе. Вось і сцапалі. А мяне запынілі. Хаджу сабе па іншае вуліцы, нікога не чапаю. Візгат тармазоў - я аж падскочыла на месцы. Ды яшчэ сваёю кракалкаю пасігналілі. Хацела збегчы, сысці - дагналі. Не, браткі, не хачу я сёння ў пастарунак, ну не хачу я... Спрабавалі зацягнуць у машыну, але нечакана для ўсіх нас я ўбачыла ў сваёй руцэ пагон. Некалькі імгненняў мы стаялі і незразумела паглядалі адзін на аднаго - як жа так выйшла... Вадзім павольна спытаў:
- Ты знаіш, што за эта будзе?
- Знаю, - мне зрабілася страшна, але чамусьці цягнула на смех.
- Давай у машыну.
Прывезлі ў аддзел. Заўважаю нейкага хлопчыка, які быў чамусьці з маёю расцяжкаю. Доўга яшчэ высвятлялі сувязь паміж намі - а я яго ў першы раз бачу. І ён мяне не ведае. Хлопчык непаўналетні, што з ім цягацца? Дык і не захацелі, загадалі яму аддаць мне маю расцяжку і адпусцілі. Не, вы канешне, скажаце - цябе не злавілі з ёю, дык магла і адкасацца. Можна было, але б тады пачалі цёгаць гэтага хлопчыка. Праблемы з бацькамі, з міліцыяй, дый дзядзька Вася падскочыў бы адразу. Тым болей, калі хлопчык зусім ні пры чым. Я сяджу далей. Склалі тут жа пратакол за непадпарадкаванне. Расшманалі заплечнік, выграблі ўсё, што там заставалася. Яшчэ колькі часу думалі, што са мною рабіць - ці зачыняць да суду, ці адпускаць дадому. Вырашылі, што хай сабе апошняе. І без мяне ночка нейкая упакаваная. Так былі і адпусцілі, але ўзгадалі, што ў заплечніку не знайшлося налепак. Яшчэ і кішэні вытраслі.
Раніцою, пакуль сядзела ў пакоі для допытаў - чакала канвою ў суд, - уся міліцыя ржала аб тым злашчасным пагоне. Прыйшлі нарэшце і "пацярпелыя": "У, хуліганка, зачэм пагон сарвала? З цябе што, не хваціла цех задзержаній? Дапрыгалася!" Вадзім увогуле паскардзіўся, што яму ўвесь час нешта даводзіцца перашываць гэныя пагоны - што мы яго ўсе так не любім? Да таго ж і зорачкі недзе расшпурваюцца, даводзіцца штораз набываць новыя. Добра, я ж гэта ненаўмысна, як знайду, набуду хлопчыку які дзясятак гэных зорачак, хай цешыцца.
Суддзя Цвік аж расцвіў - не бачыліся ажно з тога жніўня. Пытаецца ў мяне - раскажы, маўляў, як была справа, за што прыцягнулі. Я і кажу, што зрываць той няшчасны пагон зусім не хацела. Запрасіў "пацярпелага", Вадзіма. Той паказвае адарваты пагон. Цвік смяецца - можа, яго далучыць да справы ў якасці рэчдока? Не трэба. Юра дык і ўвогуле залупіў:
- ...Наручнікаў не адзявалі, бо гэта ж жэншчына... жэншчына ёсць жэншчына, як жа на яе наручнікі?... А пагон сарвала з Ромаза, ён аж на асфальт упаў...
- Хто упаў? - суддзя пытаецца.
- Пагон... Мы ёй гаварылі: стой, штоб шла садзілась ф машыну, а яна ж па-рускі не панімае.
- Нада была па-беларускі, - Цвік увогуле заўсёды смяецца, вясёленькі такі хлопчык.
Маглі б даць мінімум, калі б гэта быў першы раз, але да справы прыклалі ўсе рапарты. Вось і атрымала.
Добра, што пра крымінальную справу ніхто нават гутаркі не завёў. А яшчэ ізноў давядзецца дзьмуцца ў ЖКГ і на камісіі.
Вяртаюся дадому. Па дарозе заварочваю да тога дому, дзе была ўначы, але... там ужо хадзілі міліцыянты. Ледзь не сутыкнулася нос да носу. Дрэнна - я так хацела пафоткаць панараму гораду звышыні...
Па дарозе тэлефануе гэбэшнік:
- Ну, што ж гэта ты там ізноў куды ўлезла? Заняцца табе больш няма чым? Мусіць патрэбна казаць тваёй дырэктарцы, каб дала табе такую працу, на 23 гадзіны ў суткі, каб была занятаю.
Папярэдзіў, што хутка вельмі давядзецца нам яшчэ раз пабачыцца. Я, канешне, разумею, што з такімі поспехамі, хочаш не хочаш, а яшчэ раз праз крыміналку пройдзеш, таму вельмі добра, што водпуск ужо скончыўся.
Усё, іду на працу. Акурат начное дзяжурства, пасля паўночы ўжо. Дарэчы, нібы і не адсутнічала там месяц, вось за гэта я і люблю льнозавод - проста і па-чалавечы. Грукат у дзверы - падкацілі сяржант з прапарам, праверка ў іх, бач ты. Хлапцы засталіся задаволенымі - Насця выйшла з водпуску, цяпер можна крыху і паслабіцца, кожную ноч ужо не трэба будзе дрыжаць за спакой у горадзе. Усё нармальна.
За адзін месяц завіснула на трох артыкулах, як я з імі буду разграбацца - не ведаю... ніколі яшчэ такога не было.
Водпуск скончыўся. Але ўсё яшчэ наперадзе.
ПЯРВІЧКА
Прымаўкі накшталт "якія грошы, такая і праца", "што не згарыць, тое згніе" - былі шырока распаўсюджанымі ў нашым асяродку. Абыякавасць і наплявацельства панавалі на заводзе. Спярша я старалася не выдзяляцца, таму што мне самой патрэбна было неяк выжываць, але з цягам часу, асабліва пасля маёй крымінальнай справы, я заўважыла, што мае супрацоўнікі да мяне прыглядаюцца і прыслухоўваюцца.
Мой бацька быў зацятым рыбаком, аднойчы прынёс дадому трох уюноў, змясціў іх у трохлітровы слоік і сказаў, што іх нават карміць не трэба - маўляў, на галодны страўнік рыбкі прадказваюць надвор'е: як сонечна, то яны варушацца, як пахмурна - ляжаць на дне. І вось гэты слоік стаяў тыдзень, пасля чаго я не вытрымала, зграбла яго ды занесла на працу. А на тэрыторыі завода побач з шохамі знаходзіцца невялічкае штучнае вадасховішча згодна з супрацьпажарнымі правіламі бяспекі. Там розных рыбак таксама вадзілася, а нашыя мужыкі нават і вудзілі іх пад засенню ракітаў і вербаў ды лазавіка, якія штогод ламаліся на вербны дзень, але вельмі хутка адміністрацыя кінула загад спілаваць усё, бо пасядзелкі ў цянёчках пачалі ўжо напружваць. І нават знаходзіліся перлавіцы, адну з якіх я так хораша ўспарола з цікавасці - а ці не завалялася там знянацку якая каштоўная бобінка... нічога не знайшла, але істоту забіла. У гэтае вадасховішча і выпусціла тых няшчасных уюноў, якія тыдзень пагаладаўшы, з вялізнай прагнасцю кінуліся да ежы ў водарасці. І ўсё было б добра, калі б кацельная аднойчы не накрылася, ды ўвесь кіпень не злілі ў гэтую сажалку. Зварыліся рыбкі, адным словам...
Наш завод быў пабудаваны ў сярэдзіне мінулага века, і здавалася, ад тога часу някіх змяненняў не бачыў. Дзяўчаты распавядалі, што першапачаткова бытоўкі іх былі размешчаныя ў сутарэннях цэха, глыбока ўнізе - бо і так падлога цэха была ніжэй паверхні зямлі. Цвіль, штучнае асвятленне... ледзьве не агульнае памяшканне для мужчын і жанчын разам. І тое, што зараз бытоўкі знаходзіліся на паверхні - гэтага дамогся замінулы дырэктар завода. Усяго дзесяць гадоў таму людзі працавалі ў дарэвалюцыйных умовах…
Пасля водпуска на прахадной пабыла два тыдні, а потым вярнулася ў сваю брыгаду. Згодна загаду ўціснуць мой вольны час і загрузіць працай пад завязку, таму што ўжо шылася крымінальная справа, ды каб я не нарабіла на яе яшчэ болей. Вярнулася ў брыгаду - і яшчэ больш жахнулася. Я лічыла, што за гэты час адбудуцца хоць нейкія змены ў лепшы бок, але... Некаторыя людзі інакш нічога ні зразумець, ні зрабіць проста не могуць, калі ты на іх не прыкрыкнеш. Зайшла ў гардэробную - ні святла, ні чаго добрага. Са столі як цякло, так і цячэ. Сцены - хоць ты да іх увогуле і не датыкайся. У прыбіральню страшна зайсці. Выцяжкі не працуюць, бо іх папросту няма, у белае рэчы не прыйдзеш і нат не пакінеш у шафіку, каб пераапрануцца ў працоўнае адзенне, таму што адразу ж белае робіцца шэрым ад пылу. Гыркнула на прыбіральшчыцу, маўляў, хіба ёй падабаецца сядзець тут у цемры? Чаму б не схадзіць да свайго начальніка і не спатрабаваць лямпачкі?! А, на складзе няма апошніх? Дык хай заўгас свае нясе, калі ў яго нічога няма!.. На наступны дзень святло з'явілася, а прыбіральшчыца заспяшалася мне адчытацца, што ўжо ўсё зроблена. Палезла ў бункер (выцяжка пад станком, праз якую націскам паветра выцягваецца кастрыца і адцягваецца пыл, "палезла" рукою, таму што калі-нікалі туды патрапляе ці кудзелькі, ці спляжаны кавалак кастры, які застрае ў дзіравых спайках трубаў, і даводзіцца прапіхваць, каб бункер прачысціўся. Інакш проста захлынемся ў пыле. Механіка ўжо не новая, вентылятары працуюць слабей, бо наўпрост можна было б застацца без рукі, але калі б яны добра працавалі, не патрэбна было б туды лазіць...), выцяжка зусім не цягне, давялося не тое, што з локцем залазіць, але па самую ключыцу. Так я згубіла на заводзе срэбны бранзалет, два срэбных і адзін залаты пярсцёнак, завод у літаральным сэнсе стаўся для мяне каштоўным. Вылажу з падвала і ну равець на слесароў: стаялі ж на рамонце колькі часу, што яны тут рабілі?! На наступны дзень усё запрацавала як трэба. Што можна зрабіць уласна, гэта можна зрабіць самім.
Сезон нарыхтоўкі льносыравіны пачынаецца з нарыхтоўкі льнянога семя. Сцябліны абмалочваюцца, ворах, які атрымліваецца ў выніку абмалоту (насенне, змяшанае з мякінай, разбітымі галоўкамі, дробнымі каменьчыкамі, зямлёю і травой) - шуфлюецца ўручную, людзі кідаюць яго ў жэрла камбаіна, і з яго ўжо выходзіць чыстае семя. Звычайна за месца пад камбайнам ідуць натуральныя бойкі - таму што аплочваюць гэтую працу крыху болей, і дзяўчаты спецыяльна зараней выходзяць з адпускоў, каб размеркаваць для сябе лепшыя заняткі, пакуль не пачнецца сезон перапрацоўкі трасты ў валакно. А мы, сыравікі, выходзім з водпуска ўжо сушыць насенне, затарваць яго ў мяшкі, грузіць на прыцэп. І пагрузчык адвозіць насенне на льносемстанцыю, якая знаходзіцца непадалёку ад завода. Вось так намахаешся 40-кілаграмовымі мяшкамі, і ўсё - нашымі бабскімі сіламі, мужыкоў не хапае - яны большасцю ўсе ў палёх... На завод сем'е звозіцца пад шохі на спецыяльна зробленыя сушылкі - насцілы, якія праграюцца печкамі-буржуйкамі. Сем'е падчас сушкі патрэбна час ад часу варушыць, таму што яно ляжыць на гэтых сушылках тлуставатымі пластамі, і знізу зярняткі могуць згарэць, у той час, як зверху яны застануцца вільготнымі. Варушым сем'е, насуперак правілам, проста босымі нагамі. Але якое яно цёплае, прыемнае для скуры! Тут жа і не стрымаешся, возмеш у жменю, "прасееш" ад смецця, укінеш у рот - і смачней, здаецца, не спрабаваў анічога...
Жнівень неяк пратрымалася. Хоць і вельмі не ставала выходных. Давялося рабіць сабе перапланіроўку усяго, выкрэмзваць па хвіліне вольнага часу. Я літаральна проста бадзялася па заводзе і не ведала, куды сябе прыткнуць. Тут чаму б і не ўзгадаць абяцанне дзядзькі Васі паспрыяць маёй занятасці на 23 гадзіны ў суткі, таму што фактычна літаральна так і атрымалася, нават з лішкам. Будучы выкінутай са звыкла ўсталяванага ладу жыцця, я так раптоўна адчула нейкую спустошанасць, што хапалася на заводзе за працу, якая толькі пад рукі патраплялася, вычэрпваючы з сябе ўсе сілы і не адчуваючы іх вычэрпнасць. І найчасцей адбывалася так, што людзі з большаю ахвотаю браліся за працу толькі таму, што гэта было патрэбна мне. Я выбівалася з уласных сілаў, працавала да ванітавання, нярэдка прымушала сябе падняцца раніцою і ехаць на працу, я згаджалася з усімі ўмовамі, якія ставіла перада мною кіраўніцтва, ішла на пагадненні і кампрамісы, таму што ведала, што па-за сценамі нашага завода ішла сапраўдная вайна з бацькамі нашага горада. І сваёю працаю я дала людзям зразумець, што толькі ад нас саміх залежыць нашае жыццё. І толькі мы самі здольныя змяніць яго, палепшыць ці пагоршыць. І толькі мы самі будуем нашае ўласнае заўтра.
Наперадзе ж чакалася нарыхтоўка льнотрасты. Увогуле без выходных, без адгулаў, без усяго на свеце, у пыле, у брудзе, у любое надвор'е. Я бадзялася. Вельмі доўга бадзялася. Але ўзважыла ўсе кропкі і плюнула на цяжкаватасці з дарогаю, вырашыла, што патрэбна ісці на змены ў брыгаду пярвічкі. Змены працуюць графікам з 7.00 да 15.00, з 15.30 да 00.00. Апошні аўтобус з Гарадзеі на Нясвіж ідзе а палове дзесятае, але апоўначы машыны яшчэ ездзяць. Калі ёсць грошы, можна злавіць бамбілу. У крайнім выпадку, апорка побач, а гэтыя хлопчыкі мяне заўсёды падвозяць.
Нават больш, быў такі выпадак, што аднойчы вяртаюся з Менску каля 3 гадзін ночы, аўтобуса, натуральна, няма ўжо даўно, бамбілаў нешта не бачна. Вырашыла пайсці пехам, бо і не аднойчы гэта рабіла, калі здаралася працаваць у начныя змены. Адлегласць з Гародзею да Нясвіжа дастаткова невялікая - усяго нейкія 14 км, мае 2 гадзіны хуткага ходу. Выходжу на шашу - даганяе нейкая машынка, там два хлапцы. Прапанавалі падвезці - чаму і не? Села. Едзем. Пытаюцца - а як гэта Вы не збаяліся? Можа, мы маньякі якія. Кажу, што самыя натуральныя маньякі - гэта міліцыянты, увесь час узбуджаюцца (у сэнсе крымінальныя справы). Хлапцы ледзь не палеглі з рогату - аказалася, яны самі супрацоўнікі міліцыі, толькі клецкія. Пагадзіліся. Дык і сапраўды - чаго мне баяцца, мой горад...
Аднак, і пашанцавала мне патрапіць у брыгаду, якая акурат і стваралася для таго, каб павялічыць выпрацоўку валакна. Брыгада, якая складалася большасцю з маладых мамаў, якія толькі павыходзілі з дэкрэтных адпачынкаў ці мелі малых дзетак-шкаляроў, пачала працаваць з 8 раніцы да 17 вечара, то бок, звычайны нармальны працоўны дзень, што было зручна і для маёй сяброўкі Алкі, маладой ўдавы, якая гадавала адна сына, і для мяне. Аднак свайго майстра не было, і мы вымушаныя былі працаваць ад ранку з майстрам першай змены Людмілай Лявонцьеўнай, пасля абеду - з майстрам другой змены Таццянай Аляксееўнай, што было вельмі нязручна і для іх таксама. Ды і слесары былі замацаванымі кожны за сваёй брыгадай, акрамя нашай, і мы вымушаныя былі бегаць па ўсім заводзе, каб злавіць хоць аднаго з іх, а часцей - і абыходзіліся без мужчын, самі круцілі ламы і гайкі. Такое становішча аднойчы і прывяло да трагедыі, канешне, без чалавечай страты, але адна нашая жанчына патрапіла ўсунуць руку ў каленвал акурат у перазменку і вельмі доўга высвятлялі, хто з майстроў вінаваты...
Кудзельнік
Валакно слабой якасці праз цыклон патрапляе ў кудзельнік, дзе праходзіць праз першую трасілку ў сушылку, адтуль патрапляе на яшчэ адну трасілку, з якой паступае ў мялку. З мялкі праходзіць праз яшчэ дзве трасілкі на сартыроўку, дзе ў залежнасці ад якасці кудзелю сартыруюць па нумарах і спрэсоўваюць у кіпы. А кіпы ўжо паступаюць на склад, адкуль потым і валакно, і кудзелю вывозяць на іншыя камбінаты накшталт Аршанскага, дзе адбываецца далейшая апрацоўка і пераўтварэнне ў розныя вырабы. Яшчэ, дзякуючы вынаходніцтву нашага колішняга дырэктара, на тэрыторыі завода побач з нашым цэхам першаснай апрацоўкі льну быў пабудаваны кастраплітны цэх, дзякуючы якому льновалакно яшчэ раз перапрацоўвалася і выходзіла лепшага гатунку, што канешне было вельмі добра. Мая пасада цяпер была трасільшчык, у функцыях якога было глядзець за цыклонам (таму што ён мог забіцца кудзеляй, а тады ўсю лінію давадзілася спыняць), за бункерам пад вялікай трасілкай (таму што ён мог забіцца кастрою, а тады спынялася трасілка і забіваўся цыклон, і ўсю лінію трэба было спыняць), за дзіравай выцяжной галоўнай трубой пад машынай (таму што яна магла забіцца кастрою, а тады забіваўся бункер, услед чаго спынялася трасілка, з-за якой забіваўся цыклон і ўсю лінію патрэбна было спыняць). Выграбаць з камнеадлавіцеляў у выцяжных трубах апроч каменняў яшчэ і болцікі, гаечкі, кускі розных металічных дэталяў (што давала ход жартам, асабліва пасля сумных падзеяў у Менску, наконт хованкі для тэрарыстаў). Ад таго, што пастаянна даводзілася кантактаваць з нутрамі трубаў і бункероў, секліся далоні кастрыцай, набіваліся на плячах сінякі. На кудзельнік не палагаліся спецоўкі, а маючы свае ўласныя, усё адно не карысталася імі, таму што на іх ужо проста не хапала часу. Таксама сачыць за маторамі сушылкі, якія раз-пораз выляталі з ладу, пагражаючы пажарам, і за паравымі трубамі, якіх раз-пораз прарывала. Гэтыя трыццаць метраў (з трасілкі заляцець на цыклон і спусціцца ў падвал, з падвала яшчэ раз на цыклон і вярнуцца на трасілку) мне даводзілася пралётаць разоў дзесяць на дзень, калі не болей. Пралётаць, таму што тут патрабавалася пільнасць, пільнасць і яшчэ раз пільнасць. Асабліва калі з-за недагляду ўзнікалі намоткі і забіўкі на мялцы, і тады даводзілася спыняць трасілку і здымаць кудзелю з сушылкі, а зверху, са столі ліўся дождж (у прамым сэнсе) з прычыны дрэннага надвор'я на вуліцы, і я не ведала, што рабіць - ці то самой хавацца пад парасон, ці то кудзелю куды хаваць невядома куды, таму што ад намакання яна псавалася. А калі ўдадатак, з-за недахопу людзей, даводзілася яшчэ лётаць на сартыроўку... Ды яшчэ калі з кудзельніка мяне раз-пораз прасілі на сушылку ці стол падмяняць чалавека з брыгады, а кудзельнік ныў і плакаў, таму што без мяне ўжо не мог функцыянаваць... Фактычна, увесь гэты год прайшоў у глыбокім маім маўчанні, таму што цывільныя словы ўжо даўно ўсе скончыліся, засталіся толькі непераказныя выразы, якія ішлі бурлівай плыняй, і гора было таму, хто асмельваўся мяне перабіваць. Хоць мелася месца і жартам наконт маіх сінякоў на руках, калі я не ведала, чым іх тлумачыць - ці то залішняю ўвагаю да мяне міліцыянтаў уначы, ці то залішняю стараннасцю на працы удзень...
Тут павінна яшчэ зазначыць, што калі працуеш з механізмам, патрэбна трымацца не проста звычайных правілаў тэхнікі бяспекі. І не з простай фантазіі пісьменнікі пішуць кнігі пра штучныя прадметы, якія маюць душу, разважаюць, думаюць, а то і дапамагаюць ці шкодзяць чалавеку. Я заўважыла, што перапрацоўчая машына рэагуе на мой настрой. Яна грала рок. Яна адмаўлялася нармалёва працаваць, калі я адчувала сябе кепска. І дазваляла перавыконваць план, калі справы мае ішлі добра. Калі мне здаралася адсутнічаць, дзяўчаты потым гаварылі, што машына проста адмаўлялася функцыянаваць. Пасля выходных мне даводзілася доўга маральна наладкоўваць машыну на працу. А перад выходнымі, калі мы ўсе былі стомленымі, мне даводзілася ўгаварываць машынку перацярпець дзянёчак. Чалавечыя канфлікты (меліся такія з бабулькай-пенсіянеркай) таксама ўплывалі на працоўны стан машынкі, але калі яна абуралася, у нармалёвы стан яе было іншым разам вельмі цяжка вяртаць. Яна тады пачынала гарэзнічаць і гэтыя гарэзніцвы іншым разам былі жорсткімі… З-за чаго і мне таксама перападала. Прыціснутая далонь паміж сеткай транспарцёра і шэсцярняй вала, калі чалавечы канфлікт дасягнуў свайго апагея, мяне пераканала ў тым, што патрэбна сцерагчыся ўласнага настрою.
У чарговы раз перасварылася з Міхайлаўнай, вырашыла не звяртаць на яе ўвагі - бо трэба было дабіваць дзень. Стаю, здымаю намот з вала і шэсцярні. Супраць правілаў бяспекі, на хадзе машыны. Думала - так будзе шпарчэй. Ды не разлічыла. Шэсцярняй прыхапіла за рукаў і пацягнула далонь пад сетку. Другой рукой стукаю па кнопцы "стоп" - сетка едзе. Стукаю яшчэ раз - сетка едзе і ўжо рука паміж сеткай і шэсцярней, зацягваецца далей. Стукаю трэйці раз - нарэшце спынілася. Крычу на дзяўчыну з другой брыгады: "Юля! Юля!" Тая Юля з перапуду падумала на пажар, пабегла ўсіх клікаць. Прыбягаюць з пажарнымі рукавамі і вёдрамі. Я стаю, ржу - які пажар, далонь заціснута. Мужыкі адкручваюць сетку, Аляксееўна нюхае нашатыр, я адно пасмейваюся. Выклікалі хуткую, хаця можна было абысціся без яе. Фельчар прыйшоў, паглядзеў маю сціснутую далонь, пытаецца - што здарылася, я кажу - дзвярыма прышчаміла. Ну-ну... завезлі ў шпіталь, на здымку ніякіх сур'ёзных пашкоджанняў, далі тры дні бальнічнага. Майстрыца тэлефануе і кажа, што гэтыя тры дні мне запішуць як працоўныя, што нібыта я і на працы, але кажа, пасядзі дома, супакойся, адпачні ад бабулькі. Рука потым доўга балела. Міхайлаўна давяла да ручкі фактычна. Так давяла, што я ізноў узялася за цыгарэты. Проста патрэбна было ўпляжваць нервы, адчувала, што пачынаю кіпець - ішла ў бытоўку, зацягвалася і супакойвалася. Чаго толькі варты быў яе ўчынак, калі залезла была з галавою ў бункер пад мялкай і сядзела там, чакала, што я буду рабіць. Тут яшчэ патрэбна дадаць, што ў бункеры мы лазім з нагамі, калі на вальцы ў мялцы намотваецца кудзелі, з-за чаго яна спыняецца, і патрэбна нажом тады рэзаць лён. І тады - адзін чалавек лезе ў бункер, другі здымае кудзелю з транспарцёрнай сеткі, трэйці кантралюе, каб ніхто ў гэты час не ўключыў станок - бо так можна было забіць першага чалавека наўпрост. У яе абавязках было запускаць машыну, націскаць на кнопкі, калі яе не было на месцы - гэта рабіла я. Вось і зараз, усё па інструкцыі - перад тым, як націснуць на запуск, даю празвон - на выпадак, калі хтось улез у механізм станка. Празвон доўгі, на хвіліну. І гляжу на бункеры, якія чамусьці аказаліся з зачыненымі дзверцамі ўсе, хоць гэта было і па правілах працы. Ніхто не вылазіць. Запускаю машыну - трасілку, трасілку, мялку... гляжу на бункеры. І толькі цягнуся да наступнай кнопкі, як з бункера высоўваецца яе галава. У мяне сэрца спынілася. Націскаю на "стоп" і лячу да Лявонцьеўны, якая ў шчаслівы выпадак стаяла акурат ля кудзельніка, толькі з іншага боку, ля іншай паточнай лініі. Старая, канешне, вылезла, без перашкод і цэлая. Але ў мяне быў такі збялелы твар, што брыгады спынілі працу. Пасля гэтага, як усе ўбачылі, што яшчэ крыху - і я наступны раз ужо наўмысна не падумаю выключаць машыну - перавялі мяне на стол да маёй сяброўкі Алкі. Яшчэ адной Алкі, маладой разбітной удавы з маленькім сынам-шкаляром. Месяцы на два, бо як толькі я памянялася месцамі з Любай, якая на кудзельніку ніколі не стаяла і не ведала, як там і што рабіць, і ўвесь час плакала, бо там патрэбны былі пільнасць і хуткасць, а ў яе не атрымлівалася, дык канешне, для бабулькі, якая вось толькі крычала, што я - вораг народа і не маю права працаваць тут, я сталася самай лепшай, і Міхайлаўна ўсё бегала да майстроў прасіла вярнуць мяне на месца. Толькі я не згадзілася, ды і карысці ад мяне на стале было больш, як сказалі дзяўчаты.
Стол - гэта пераходнае месца, дзе патрэбна ўкласці льнотрасту, якая падаецца з сушылкі, роўным слоем вызначанай тлусціны (адзін карабочак запалак) так, каб далей траста прайшла праз спажыўнік і мялку, абцірачныя нажы і колы, ператвараючыся ў валакно і выходзячы на сартыроўку, дзе чалавек аддзяляе валакно добрага гатунку ад недапрацаванага. Затым валакно вязуць у падвязку, дзе яго сартыруюць і адпраўляюць на склад. А адтуль яно ўжо едзе на іншыя перапрацоўчыя тэкстыльныя заводы, ператвараецца ў ніткі, з якіх прадуць абрусы, ручнікі, кашулі і іншыя прыгожыя рэчы. Правільна ўкладзеш - атрымаеш большае выйсце валакна лепшага гатунку. Правільна ўкладзеш - і механізмы працуюць спраўна. Але здаралася працаваць і на гнілі, спарахнелай трасце, якая нічога не давала, акрамя вялізных адходаў і яшчэ большых праблемаў, таму што машына ўвесь час выходзіла са строю. Як гэта ні дзіўна, але я стала на стол - і нават з гнілі мы здолелі выцягнуць добрае валакно. Дзяўчаты смяяліся - машына знайшла сваю гаспадыню, слухаецца толькі мяне.
А той выпадак, калі ўвесь дзень мне пахла духмянымі свежымі булачкамі, а напрыканцы працы, калі я прыбіралася ў падвале пад машынкай, нечакана прыйшла думка, што гэтае прыбіранне можна пакінуць назаўтра. Праз колькі імгненняў, калі я выйшла наверх, з тога месца, куды я не дайшла з-за гэтае думкі, шуганула полымем. Пазней былі выпадкі, калі перад усполахамі агня мне пахла печанымі яблыкамі і нават запяканкай. Машынка папярэджвала. Таму я заўсёды старалася адкідаць усе свае праблемы на пасляпрацоўны час, спляжваць працоўныя канфлікты да мінімуму, быць ласкавай і добрай да свае механічнае сябровачкі, а дзяўчаты, назіраючы за маім заўсёдны цудоўным настроем, і самі лепей пачыналі працаваць.
Бываюць такія дні, калі лепей пасядзець дома, бо насамрэч акурат з неба можа на галаву ўпасці цэгла. У мяне такі дзень быў восенню.
Спачатку, калі я стаяла на прыпынку і чакала аўтобуса да працы (справа была рана раніцай і нікога больш не было), з начы заставалася на асфальце акурат каля прыпынку вялізная лужына пасля дажджу. Трэба было ехаць грузавіку. Вадою абкаціў мяне з галавы да ног. На працы таксама ўвесь дзень былі непаладкі, добра што руку не ўсунула нікуды, але вось шыю ледзь не скруціла. Сяжу на месцы аператара. Каб больш зразумела было, ля станка ёсць кнопкі кіравання машынаю, ля гэтых кнопак невялічкая прыступачка, на гэтай прыступачцы маленькі зэдлічак. Дык вось, сяжу на гэтым зэдліку, тэлефануе мабіла. Дзядзька Вася. Адною рукою бяру тэлефон, другою спрабую ўхапіцца хоць за сценку, бо адчуваю, што зэдлік ляціць з прыступачкі, і, натуральна, я разам з ім. У нейкія долі секунды разумею, што не ўтрымаюся, яшчэ паспяваю падумаць - фіг з ім, з тэлефонам - і раблю кувырок. Шыя хруснула добра. Падымаюся, кручу галавою - крыху баліць, але нічога сур'ёзнага. І заўважаю, што тэлефон яшчэ на сувязі. Гэбэшнік тэлефанаваў, каб даведацца пра тое, дзе я буду на Дзяды. Шыя да гэтага дня моцна хрусцела солямі. І вось ужо колькі часу адтуль пачувае сябе добра.
Каменданцкі час
Тым часам пачалася падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў, і, праўду кажучы, я была супраць байкота. Дакладней, супраць тае "кампаніі", калі спачатку ўсе рынуліся балатавацца і збіраць подпісы, ведаючы пра тое, што будзем байкатавацца, а потым гэтак жа забілі на выбары. Я вызначыла адразу і канчаткова, пра што даўно ўсім сказала: калі выбары, то падтрымліваю ўдзел толькі свайго нясвіжскага чалавека, а не збоку-прыпёку, а раз такога няма, то байкот адназначны, поўны... Аднак мяне такі прымусілі прыйсці на выбарчы ўчастак. Так бы мовіць, атрымаўся байкот байкота.
Распачала я сваю кампанію. У Нясвіжы так атрымалася, што кандытат выйшаў толькі адзін, дакладней, кандыдатка. Калі б яна была з Нясвіжа, я б плюнула на тое, што яна ад выканкама, была б за яе рукамі і нагамі, а клецкіх я не паважаю. Да таго ж, са з'яўленнем яе партрэта на заводзе ў нас пачаліся нейкія няпрухі: то гарым, то сварымся, то ледзь не калечымся. І толькі пасля таго, як я прылюдна зняла яе партрэт з дошкі інфармацыяў, усё супакоілася. Ды і дзяўчаты мае наконт выбараў выказаліся - ну вось, ізноў пачалося, ізноў тут прыедуць, наабяцаюць з тры паверхі, а нам гэтымі абяцанкамі дзяцей не накорміш...
Тупа ж выходзіць і расклейваць плакаты з заклікам да байкоту мне не хацелася. Патрэбна было неяк аргументаваць людзям, чаму байкот. І гэта прымусіла мяне залезці ў Выбарчы Кодэкс і на яго падставе зрабіць ўласнаручныя ўлёткі. Хажу сабе, людзі цікавяцца, але пачала накіроўвацца да апошяе інфармацыйнае тумбы: мае дарагія хлопчыкі перабягаюць вуліцу, не зважаючы на рух аўтамабіляў, яшчэ здалёк гукаючы, каб нікуды не ўцякала і дачакалася іх. А куды б я дзелася? У пастарунку завялі ў ленпакой, селі лічыць усё, што знайшлі. Ага, я лічыла, а яны з маім тэлефонам гуляліся: "гэта мелодыя як я выходжу на вуліцу, а вось гэта як яны мяне ловяць і г.д." Потым прыходзіць дзяжурны і нечакана загадвае ісці ў дзяжурку, там абшманалі ўжо поўнасцю, жанчына праверыла ўсё, што трэба, забралі ўсе мае рэчы і загадалі сядзець на маёй лавачцы і чакаць... У мусарні правяраючы з Менску. Прыйшоў, пацікавіўся, а хлопцы яшчэ і смяюцца: гэта яна зараз ціхая мышка, а з намі... Я зразумела, што "фсё". Прашу дазволу, каб патэлефанаваць на працу, папярэдзіць (была начная змена), што не прыду. Ледзь угаварыла. А ў падвале патрапіла ў свой люкс.
Раніцою на абход прыйшоў намеснік начальніка, кажа - даскакалася... Я стаю, маўчу, самой ужо не смешна. Прачакала да трох дня, пакуль узгадалі пра мяне і звадзілі на суд. Суддзя, старая жанчына, пачала дакараць: як жа ж так, хіба ты мела права... а я ёй пад нос арт.5 Выбарчага кодэксу РБ: кожны чалавек мае права вызначаць сам свае рашэнні, а я проста прапаноўваю ім вось так. А дзе я буду сама ў дзень выбараў? Пераглянуліся мы з канваірам і толькі схавалі ў кулакі смяшынку, той і кажа - у іх, канешне, дзе ж яшчэ. Ну, і дае мне гэтая суддзя 2 базавыя. Мне так весела зрабілася! Але потым, як выйшла з пастарунка, вярнуўшыся туды за сваімі рэчамі, доўга не магла злавіць свет: дзе ён стаіць...
Па дарозе страчаю чалавека і даведваюся: у выканкаме было паседжанне, на якім Інквізітар асабіста зрабіў пагрозу маёй дырэктарцы, калі я не з'яўлюся на выбарчы ўчастак. Ладна, што-нібудзь прыдумаем... На наступны дзень прыходжу на працу, распавядаю ўсё гэта дзяўчатам, і мы вырашаем, што я пайду на выбары, а яны - не. А тут і выклік у пракуратуру. Усё нейк навалілася адразу. Прыходжу, там наш пракурор галоўны выпісвае мне пісьмовае папярэджанне пра крымінальную адказнасць.
А ў дзень выбараў хоць я і не патрапіла ў Менск, затое вельмі весела прабавіла час тут. Асабістай аховы не прыставілі - моцна былі занятымі на ўчастках датэрміновага галасавання, але каменданцкі час адбываўся да самай нядзелі. Раніцою ж мне патэлефанавалі і папярэдзілі, што праз паўгадзіны прыедуць і пад канвоем пайду пакідаць свой голас. Ага, зараз, разбегліся. Я лахі пад пахі, забягаю ў наш кінатэатар (там ён калісь быў, а зараз проста памяшканне), стаўлю сваю птушачку і пабегла лавіць спын. Падкінулі, праўда, да Гарадзеі, а далей ужо выпрацаваны сцэнар: да электрацыі шмат часу, сяжу, чакаю. Міліцыянт прыйшоў раз - не ўбачыў. Другі раз - о-па, якая сустрэча!!! Пакінуў мяне на Андрэйку ў апорцы, сам пайшоў на участак. І тут жа ж выклік на раён. А яны ж вучаныя ўжо, мяне адну не пакідаюць. Паехалі мы ўтраіх па выкліку. Памятуючы пра тыя мае уцякацтвы на Сацыяльны марш, у машыне мяне таксама не пакінулі, завальваем усе ўтраіх у хату. А там жанчына адна выклікала іх на свайго п'янюгу-мужыка. Ну і вось прыходзім. Што робіць цывільная дзяўчына разам з міліцыянтамі? Ясны факт, гэта судмедэксперт! І вось гэтая няшчасная жанчына, угледзеўшы мяне, пачала мне скардзіцца на мужыка... я стаю, адно ківаю, а хлопцы ледзь не ржуць. Забралі мы бедакура і ходу адтуль. Я ж працягваю граць сваю ролю, я ўжо не проста судмедэксперт, я нарколаг! А потым і суддзёю зрабілася, як ехалі ўжо ў Нясвіж у пастарунак, так гэтага мужычка замучылі, што забыліся яму зрабіць дагляд. І хлопцам ад дзяжурных моцна патрапіла: у дзядзькі знайшлі нож, а я сядзела ў машыне па дарозе побач з ім... Але гэта нічога. У пастарунку мяне спачатку ўтойвалі ад яшчэ аднаго правяраючага, але ўжо нейкага палкоўніка, а той, каторы мяне ледзь на суткі не зачыніў, ужо быў тут як свой і нават абрадаваўся, калі ўбачыў мяне - ад яго ужо не ўтойвалі.
Прыходжу потым на працу ў панядзелак - дзяўчаты з другой брыгады неяк вельмі дзіўна на мяне паглядзелі. Потым жа не сцярпелі, спыталіся:
Дзе ты ўчора была? Ездзіла куды?
Дома, - адказваю. - Нікуды не ездзіла.
А хоць сядзела?
Ага, - і па тому, як яны абрадаваліся, што я сядзела ў міліцыі, я зразумела
іхнюю здзіўленасць. Дзяўчаты зусім не чакалі мяне ўбачыць, яны думалі, што я паехала ў Менск і села там. Дзівачкі.
А потым не ведаю, хто з нас загуляўся - ці то хлопчыкі, ці я, але каменданцкі час для мяне працягваўся ці не да самага Новага Года. Міліцыянты ўжо нават стаўкі рабілі, ішлі паміж сабой на спрэчку - ці зловяць мяне сёння. Прапар Буль аднойчы спецыяльна вылавіў, каб атрымаць дзве бутэлькі сапраўднага французкага каньяка. Я абурылася: ім добра, яны паміж сабой дамовяцца. А я нічога з гэтых ставак не маю, хоць і прымаю "непасрэдны удзел" у іх. Так не чэсна. Не паспею выйсці на вуліцу - цап за шкірку і ў пастарунак. Да смешнага ўжо даходзіла - трыста мэтраў ад уласнага дому - кантрольная кропка, далей рэдка калі здаралася прайсці. Асабліва стараўся Буль. На камуністычнае свята такі задаволены быў, што паспеў перахапіць мяне. І дзе? Ля самага помніка Леніну. Дарэчы, гэты помнік зусім не адносіцца да культурных каштоўнасцяў, але пашкоджанне ягонае прыроўніваецца да пашкоджання намагільных помнікаў і судзяць як за вандалізм. Усё, перахапіў, склаў пратакол, лагодны такі, лагодны, нават сам жа і адвёз дахаты. А мне нічога не было, я нічога не паспела. Праз нейкі час ізноў ён мяне ўпаляваў, літаральна праз трыста мэтраў ад хаты, ішла проста ў горад, падкатвае акуратненька, запрашае ў машыну, такі лагодны, што проста коцік. І сказаў, што больш так рабіць не будзе (затрымліваць проста так), а абавязкова дачакаецца, каб я што-небудзь зрабіла, а тады ўжо "браць цёпленькай", таму што так нецікава.
Вось і ўзялі, чарговы раз спрабую прарвацца ў горад на просты прамінат. Узялі за тое, што несла пусты заплечнік, прыдрацца няма да чаго, пачалі шукаць флікер. А вось і падстава. Флікер кінула ў кішэню, перад тым, як выйсці. Было і так: выйшла, іду сабе па вуліцы, нікога не чапаю. Падкатвае цывільная машынка, выходзяць цывільныя хлопцы, я спачатку нават і не пазнала іх, бо без формы нейк і не бачыла ніколі. А яны давай чапляцца. Не так, а як пры звычайным затрыманні. Я не згаджаюся. Валтузня была канкрэтная, людзі ходзяць, машыны егдзяць, запавольваюцца каля нас, але не мяшаюцца. Адна жанчына паспрабавала было паўшчуваць: што ж гэта вы, хлопчыкі, робіця? А яны ў адказ: гэта ж аматарка размаляваць горад. Ну цётка і адцапілася. Я абурылася: ніхто не даказаў, што ўсё маіх рук справа, нефіг і казаць. Але яны не адпусцілі пакуль патрулька не прыехала і не забрала ў пастарунак. Там даведалася, што болей патрулькі не будзе. Ура! - падумала я. Больш не трэба будзе сутыкацца з прапарам. Але замест палка ППС будзе АМАР - атрад міліцыі аператыўнага рэагавання. Дакладней, спецпрыз. Мордаю ў лужу і ніякіх перамоваў, іншымі словамі. Мне так і сказалі - раней мы цябе ўгаворвалі даць (паліва), цяпер будзем браць самі. А потым дадому ж адвезлі. А на Новы Год мне сказалі ўвогуле не выхадзіць з дому. Інакш мне такую елачку зробяць... Аднак...
Елка
Калі па сусвеце пачаў гуляць крызіс, наша краіна магла б яго абмінуць, таму што ў нашым бюдждэце была якая-ніякая, але адносная стабільнасць. Калі б з такою хуткасцю і ў такое колькасці не ўзводзіліся лядовыя палацы... Калі б на нашым заводзе не адбыліся змены і ў Новы год мы б уваходзілі, цвёрда трымаючыся на нагах. Але ў лістападзе нашую дырэктарку раптоўна знялі з пасады. Я не хачу нічога гаварыць, чаму і як, таму што гэта не мае справы і я не разбіраюся ў кіраўнічае сістэме - у іх там свае нейкія правілы наймаў і звальненняў - тым болей, што я не кусаю руку, якая мяне корміць. Ці карміла, у дадзеным выпадку. Чалавека мне вельмі шкада, таму што пад выглядам уладарнае нахабнае асобы хаваецца мілая добрая жанчына. Яна вымушана лаяцца - таму што з алкашамі і лянотамі інакш і нельга. Колькі мне давялося вось гэтак жа і там жа ўсіх аблайваць, перш, чым я дабілася нейкіх станоўчых вынікаў, зрухаў, зменаў. Яе слухаліся, таму што яна была дырэктаркаю і магла звольніць. Мяне - не ведаю чаму, таму што мне самой гэта было патрэбна і я ірвалася сама схапіцца за электрыку, сантэхніку ці механіку, калі спэцыялісты спрабавалі адмахнуцца. Дырэктарка мяне абараняла ад Інквізітара, хаця магла і звольніць, каб не мець праблемаў. І я ёй удзячная. А тое, што наш завод у такім дрэнным становішчы апынуўся - тут ужо пастараліся ўсе. Вельмі доўгі шлях нам патрэбна зараз прайсці, каб падняць яго на ўзровень. Вельмі доўгі шлях нам зараз патрэбна пераадолець, каб паверыць у тое, што мы, працаўнікі, вартыя чагосьці лепшага. Менавіта ад нас саміх залежыць наша праца, менавіта ад нас саміх залежыць лёс усяе краіны. Менавіта ад нас саміх залежыць захаванне спадчыны для нашых нашчадкаў, далёкіх і блізкіх.
Перад звальненнем дырэктаркі моцна сапсавалі ёй і нам усім нервы рознымі праверкамі. Недахопы і парушэнні у завода былі і не маленькія, але для вырашэння сітуацыі патрэбныя час і сродкі. Я адно ўздыхаю, калі чытаю ў сеціве пра забастоўкі і страйкі недзе на кропках. Яны магчымыя толькі пры валоданні варыянтамі астатняе дзейнасці. Проста падняцца і сказаць НЕ - для гэтага патрэбна мець упэўненасць, што табе адкажуць ТАК. На такіх маленькіх прадпрыемствах, як наш льнозавод, а тым болей, у такіх маленькіх гарадках, як наш Нясвіж, забастоўка проста НЕМАГЧЫМА. Перш за ўсё таму, што нават адна гадзіна прастою моцна б'е па кішэні, а забастоўка, калі яна мае мэтай не проста прыцягненне ўвагі грамадзкасці, а менавіта вырашэнне праблемы, мае куды большы абмежак часу. Па-другое, на заводзе хапае сваіх шасцёрак для таго, каб своечасова перадухіліць спробу забастоўкі, і ўсе вінаватыя адкажуць: арганізатараў звольняць, астатніх пазбавяць прэмій. Я патрапляю у лік першых, але я не хачу, каб разам са мною пайшоў яшчэ хтось, таму што сітуацыя абсалютна безварыянтная і людзі проста апынуцца на вуліцы. Нікому не патрэбныя. Тая славутая салідарнасць, якая нібыта існуе недзе ў Менску, недасягальная для Нясвіжа. А ў дзяўчат сем'і, дзеці. Тут, у мясцовасці, вельмі складана ўладкавацца на іншую працу, можна, але для гэтага патрэбна недзе мець сякую-такую руку, і для некаторых завод - апошняя магчымасць хоць неяк рэалізаваць сябе чалавекам. Па-трэйцяе, для станоўчага завяршэння забастоўкі патрэбна быць упэўненым у станоўчым сыходзе справы, а калі ў завода няма грошаў? Гэта праблема канторы? Тут сам сабою напрошваецца яшчэ адзін варыянт: разам з кантораю ісці да выканкама і зладкоўваць на плошчы мітынг. Калі б у нас была моцная знешняя падтрымка, гэты варыянт прайшоў бы на ура, але я не магу ім нічога гарантаваць. І я ведаю, што ў сваіх праблемах мы павінныя разграбацца самі, таму што гэта нашыя асабістыя праблемы, а палітыкі недзе там сядзяць і ламаюць галавы, вырашаючы пытанне дзе дастаць грошы на вілу на Канарах. Хай сабе. Для таго ж, каб вырашыцца на страйк ля выканкама, патрэбна мець упэўненасць у станоўчым вырашэнні праблемы. І калі ісці ў выканкам, патрэбна мець упэўненасць у тым, што табе дапамогуць насамрэч, а не аблаяць і выкінуць прэч. Для выканкама ж нашае убытковае прадпрыемства патрэбна толькі дзеля галачкі. І хутчэй за ўсё, такі страйк скончыўся б тым, што наш завод бы зачынілі і мы ўсе б апынуліся на вуліцы. Таму што прасцей за ўсё абвінаваціць, зачыніць, пасадзіць. А для таго, каб сапраўды дапамагчы - на гэта здольныя адзінкі. І так дарэчы абвясцілі надыходзячы год Годам Зямлі...
Калі ў снежні на нашым заводзе была вельмі складаная сітуацыя, калі напрыканцы года апынулася, што мы працавалі ўвесь месяц за чыстае "дзякуй", калі нам спрабавалі распавесці пра гуляючы крызіс, мы зразумелі, што насамрэч дапамогі чакаць няма адкуль. Надзейны чалавек мне сказаў, што ў выканкаме пра нашую складаную сітуацыю ведаюць, але махнулі на яе рукою - гэта нашыя праблемы. Дырэктарку нашую знялі, а на яе месца чалавек доўга не знаходзіўся. Пасля Новага года, абяцалася, што галава ў завода ўсё ж такі з'явіцца. Паўтара месяца, якія завод жыў самачынам, для мяне здаліся доўгімі-доўгімі, даўжэй, мусіць, быў толькі тыдзень перад маім крымінальным судом. Я не ведала, што мяне чакае пасля Новага года. Калі выканкам зняў нашую дырэктарку, гэта азначае, што я пазбавілася абароны. І цяпер усё залежыць толькі ад гэтага невядомага чалавека, які прыйдзе на яе месца. Магчыма, умоваю ягонае працы будзе маё звальненне? Магчыма, ён будзе рабіць усё для таго, каб аддаць мне ў рукі маю працоўную кніжку? А магчыма, усё будзе добра і я здолею знайсці з гэтым чалавекам кантакт. Тут не выгадаеш ніяк. Але чаканне смерці - горш, чым сама смерць, як хтось казаў, і казаў правільна, між іншым. Паміраць - дык з музыкай, - вырашыла я і пачала думаць, як лепш за ўсё зрабіць, каб акрамя мяне больш нікога не зачапілі. З мяне хапіла ліпеньскага "выбуху". Больш я падстаўляць людзей пад нажы не хачу.
Так атрымалася, што акурат 30 снежня ў Нясвіжы праходзіў сход мясцовых саветаў на чале з самім Крупцом, які зараз у Менску, сам жа ён выхадзец адсюль, наш зямляк. І так атрымалася, што акурат на 30 снежня мне на працы далі адгул - там былі свае замарочкі з няспраўнасцю перапрацоўчае машыны. Добра, што я не пайшла на выканкам удзень, таму што мне гэты дзень на працы залічылі, а калі б пачаліся разборкі, то нашай брыгадзіршы б вельмі моцна б патрапіла: дзень стаіць, а чалавек дзе цягаецца? Я вырашыла пайсці на выканкам ноччу. Калі і зловяць, то адказваць буду адна я. Хуценька склала плакат і прыйшла на плошчу, дарэчы, без затрыманняў. Можа, таму што я не ўзяла з сабою заплечнік - таму што ў міліцыянтаў ужо сабачы рэфлекс на яго: як толькі бачаць, адразу спыняюць. А можа, проста пашанцавала. На плошчы ўжо стаяла елка, дарэчы якая каштавала 40 мільёнаў: грошы не ведаюць, куды ўсунуць, а нам яшчэ заробка за лістапад не выплацілі. Пастаяўшы нейкую хвіліну і паразважаўшы, куды лепей будзе нацапіць плакат: на выканкам ці на елку, я вырашыла, што апошняе будзе добра. Стаю, цапляю, выйшаў з выканкама ахоўнік. А гэта было ўжо каля поўначы. Пастаяў, паглядзеў, потым пытаецца:
Хто вам дазволіў тут вешаць?
Выканкам, - адказваю я, не перапыняючы сваю справу.
Нешта не было на гэты конт ніякіх распараджэнняў, - засумняваўся ахоўнік.
А іх - кажу, - і не будзе.
Можа, дапамагчы? - запытаўся ён яшчэ пасля колькіх хвілінаў развагі.
Калі ласка.
Але ахоўнік яшчэ крышачку падумаў і сказаў:
Не, я лепей патэлефаную сваім і даведаюся дакладна, ці дазволена тут
вешаць.
І каб жа ён тут жа, па мабіле звязаўся з гэтымі сваімі, дык жа ж ён вярнуўся на свой пост, каб патэлефанаваць па стацыянарнаму тэлефону. Я паспела ўсё ж такі нацапіць плакат і сысці з плошчы, але адыйшлася недалёка. Даганяе "мошка", закідваюць у пастарунак. Там дзяжурыць мой любімы маёр Конеў. Любімы не ад таго, што на яго ўвесь час патрапляюся - наадварот, стараюся як мага радзей сустракацца з ім. А таму што гэты мент - сапраўдны мент, якога я паважаю. Нават вельмі. Прынцыповы, самастойны чалавек, які працуе насамрэч на сваім месцы. Паглядзеў, пачытаў, праўда спярша не перамінуў пакпіць, што "нету нічего святого, у людей празднікі, а ты...". А я яму ў адказ - а якія могуць быць святы, калі ні капейкі грошаў у кішэні няма і заробку не даюць. Доўга думалі, што рабіць. Прыйшоў мой участковы, узяў тлумачальную. Прапанаваў паклікаць кагось з выканкама, каб грунтоўна разабрацца з гэтаю справаю. Таму што тут вельмі сур'ёзнае парушэнне закона з боку кіраўнічае сістэмы, а маё "злачынства" - усяго толькі рэакцыя на гэтае парушэнне. Па Дэкрэту ўсе заробкі павінныя выплочвацца да 20га чысла месяца для таго, каб чалавек аплаціў усе камунальныя паслугі, крэдыты і што там яшчэ такое неабходнае. Выпісаў позву на наступны дзень і адпусціў.
Прыходжу на наступны дзень да старлея, а там ужо мой плакат павесілі замест шпалераў на сцяну: у кабінеце рамонт, дык вырашылі павесіць, каб хоць крыху ўпрыгожыць абшарпаны выгляд, ды і рэкляма файная атрымалася: усе чытаюць, хто заходзіць. Нікога, канешне, з выканкама ў той дзень так і не з'явілася, але мяне хлапцы крыху падвесялілі. А тым жа днём і дзяўчаты мае з працы патэлефанавалі і абрадавалі, што грошы даюць ужо. Але калі тут хтось падумаў, што мяне задавольніў такі сыход справы, то ён памыляецца. Я пайшла на тую елачку не дзеля таго, каб атрымаць свой уласны заробак, але для таго, каб падняць пытанне пра льнозавод, і для таго, каб сур'ёзна з гэтым пытаннем разабрацца. Таму я настаяла, каб паперы - пратакол і тлумачальная разам з рапартамі - былі накіраваны далей па інстанцыі, пажадана за ўсё ў тое ж ЖКГ, таму што мне патрэбна патрапіць у выканкам. Я проста не маю фізічнай магчымасці бадзяцца па выканкамах у пошуках праўды. На заводзе і так мала людзёў, калі я яшчэ заб'ю на сваю працу нават дзеля яе ж, то гэта зусім будзе дрэннаю справаю. Мяне хутчэй за ўсё проста пашлюць куды падалей, паведамяць у кантору, што чалавек хернёй маецца і загадаюць аддаць мне мае дакуманты ад граха далей, каб не ўзводзіла іншых людзёў у гэткія правакацыі. Калі ж у выканкам прыйдзе папера, што я вось так зрабіла і трэба разабрацца, то яны будуць проста вымушаныя выслухаць мяне.
Прайшлі навагоднія святы і юрыст з ЖКГ нарэшце дайшоў да маіх папераў. Потым яшчэ тыдзень мы з ім не маглі нармалёва сустрэцца, таму што дайсці то ён дайшоў, але стол ягоны быў так завалены іншымі паперамі, што ў Дзяніса проста балела галава. Але я настаяла на тым, каб маю справу ён усё-такі разглядзеў. І пасмяяліся з няшчаснае елачкі, якая ні за што ні пра што зрабілася ахвяраю крызіса. Так што хай елачка не абураецца, а скажа мне яшчэ і дзякуй за тое, што я на яе проста павесіла плакат, а не падклала пад яе бомбу. І цяпер мне засталося толькі чакаць выкліка на камісію. Прайшоў студзень, вось ужо прайшоў і люты, а справа так і вісіць. Урэшце, выклік на адміністрацыйную камісію, але акурат у той дзень, калі яна павінна была адбыцца. Штодзень я зазірала ў паштовую скрыню, але позвы ўсё не было, а атрымаўшы, я ўжо фізічна не здолела туды патрапіць з прычыны таго, што па часе камісія ўжо адбылася. Выклік пагуляў недзе, і ў тым не было правіны паштавічкі - таму што ўсе пячаткі стаялі так, як і трэба было ім стаяць. Але вось сама папера, відавочна, прагулялася па чыісьці левых рукох, перш, чым патрапіць да мяне. Я стэлефанавалася са старшынём камісіі і дамовілася ўсё ж такі на сустрэчу, таму што мне было гэта жыццёва важным. А ўжо убачыўшыся з ім, і даведалася, што вярхі ўсё прынялі да ўвагі і ў хуткім часе наш завод ізноў будзе з галавою. Маладога і перспектыўнага дырэктара загадалі чакаць навесну.
КРЫЗІС
Пасля снежнае зімы вельмі хочацца цяпла. І калі нарэшце пачынае грэць цёплае сонейка, распускаюцца мяккія пупышкі на вярбе, недзе ў вышыні гукаюць радасна й лёгка птушкі, што вяртаюцца з выраю дадому (а ўначы іх радасць асабліва моцна чутная) і само паветра напаўняецца пранізлівым шчымленнем, ты пачынаеш разумець - вось яно, тваё шчасце.
Ты перажыў зіму здранцвелага крызіса. Хтось напужаў цябе ўчора зрушэннем усяго твайго жыцця, і доўгая халодная зіма падалася табе асабліва страшнаю, асабліва цяжкаю. На вочы патрапляліся розныя трылеры накшталт "Паштавік", "Паслязаўтра"... а з рэальнага жыцця - рэпаратажы пра абвалы нечыяй эканомікі, якая да цябе ўласна не мае ніякага дачынення, але якая уплывае на эканоміку тваёй краіны, а значыць, і на твой асабісты дастатак. Хтось параіў пацярпець і перачакаць гэты штучны катаклізм. Хтось побач не вытрымаў і кінуў усё, нават надзею, якая яшчэ не памерла, а ты чакаў. Ты цярпеў нястачы, зрушэнні, няўдачы. Бо верыў - усё калі-небудзь зменіцца. І ты дачакаўся.
Зямля паклікала цябе. Птушыным гоманам. Звонам крыніц. Духмяным паветрам. Жыццё працягваецца. Прыйшоў час паклапаціцца пра будучы ўраджай. Прыйшоў час раскідваць камяні. Зямля кліча цябе, чалавек, ідзі да яе...
Я працую на зоне. На цывільнае зоне. Таму мне не страшна апынуцца там натуральна, але, канешне, не хочацца. І я раблю ўсё для таго, каб з гэнае цывільнае зоны зрабіць звычайнае месца працы, вярнуць льнозаводу статус крышачку больш, чым звычайнага завода, таму што я хачу, каб нашае прадпрыемства было лепшым. Але калі цябе спрабуе дыскрэдытаваць вораг, гэта можна зразумець. Можна пайсці на перамовы і высветліць, хто і што ад цябе хоча. Можна прыйсці да агульнага выніка, і нават у сваю карысць. Калі ў адносінах да цябе пачынаецца ціск з боку сваіх - гэта жахліва, незразумела і цяжка.
Да таго ж, калі стварылася такое незразумелае становішча са штрафам, то я гатовая была працаваць у дзве, а нават і ў тры змены запар, таму што выйсця з гэтае сітуацыі ўжо ніякага не бачыла. Мне давялося пісаць паперу на адтэрміноўку выплаты ў паўгады і збіраць грошы. Адначасова, зачыніла дзверы і ва ўзаемаадносінах з "паплечнікамі" па "Маладому Фронту" з простай прычыны таго, што ніякіх узаемаадносінаў то і не было. А цяпер дык і ўвогуле затыкалі рот - не трэба падымаць кіпіш. Асабліва ўразіла выказванне - ты не асоба, ты ніхто, і зваць цябе ніяк, так што маўчы альбо сыходзь. Сышла ў "Маладую Беларусь". Але для ўсіх, хто нічога не ведаў, так і засаталася ў "Маладым Фронце", нават, калі пра факт сыходу і паведаміла старлею - нічога не змянілася. Дакументальна пацверджана не было. А значыць - усё застаецца так, як і да гэтага.
Сюды не едуць нашыя адвакаты, тут не сустрэнеш нашага праваабаронцу, які б здолеў разруліць складаную сітуацыю, не даводзячы яе да кіпнявага стану. Ды яны проста не паспеюць, бо амаль усе мае затрыманні закончваюцца тым, што мяне адвозяць дадому, не пакідаючы ў пастарунку на ноч, і куды потым знікаюць рапарты, не ператвараючыся ў падсудныя справы - таксама не ведаю. Што наконт мясцовае "апазіцыі", дык нікому не патрэбна было нічога. Ніводнага разу, выходзячы з пастарунка, я не бачыла "групу падтрымкі". Наадварот, нават і тыя, хто "спачуваў" агульнаму становішчу і гняўліва крычаў на кухнях пра неабходнасць пераменаў і пра бедных хлопцаў, якіх у Менску катуюць, пры выпадковых сустрэчах са мною, рабілі выгляд, што мяне не ведаюць. Пры выпадковым сваім прысутніцтве на маім затрыманні - рабілі выгляд, што гэта іх не датычыцца. Людзі, якія б маглі штосьці зрабіць, проста мінаюць тэму - у Нясвіжы няма ніякае апазіцыі, усё спакойна і стабільна. З-за адсутнасці праваабаронцаў я навучылася быць сама сабе юрыстам. Навучылася знаходзіць кампрамісы і піць гарбату на тым баку барыкадаў. Мой вораг зрабіўся мне лепшым сябрам, таму што ў цяжкую хвіліну менавіта на ягонае плячо я магу абаперціся, бадзяючыся ў пошуках хоць адных дзвяроў, якія хтосьці з нашых адчыніць на мой стук аб дапамозе. Таму што дапамогі чакаць няма адкуль. І таму што самадапамога - гэта і ёсць самаудасканаленне, сталенне, вопыт. Стукайцеся і вам адчыняць? Часцей за ўсё з-за дзвяроў тых, хто павінен быў бы дапамагчы, не чакаючы прашэння, я чую пустыя абяцанкі адчыніць калі скончыцца дождж, і цяжкія абвінавачанні ў тым, што я выпацкаю іх каштоўныя дываны сваімі бруднымі мокрымі адзежамі. І часцей за ўсё здараецца так, што мне адчыняюць дзверы на тым баку барыкадаў. І мне застанецца толькі стаць у поўны рост на самой барыкадзе, пад перасякаючыміся трасірамі куляў, таму што інакш будзе нельга.
Такая вось любоў
14 лютага на маёй памяці заўсёды праходзіла спакойна і мірна. Пад наглядам, канешне, але ніколі не было такога, каб кагосьці аддубасілі ці зашматалі. Гэтым жа разам праляцела чутка, што збіццё было толькі невялічкаю размінкаю перад 25 сакавіка - маўляў, у дзень нашага нацыянальнага свята будуць шапкі лятаць яшчэ жарсцей і з абодвух бакоў. Але хутчэй за ўсё, нас пабілі проста авансам - 25 сакавіка да Беларусі будзе прыцягнута вялізная ўвага розных замежных "кантролераў" і ўлада пакажа поўную "лібералізацыю", а каб мы не паслабляліся, то вось вам у каршэнь...
У той час, як да Дню Закаханых ішла інфармацыйная падрыхтоўка, я разважала - а ці патрэбна яна ў Нясвіжы? Ніколі ніхто не адгукаўся на аб'явы і улёткі, акрамя спецоў. І амаль заўсёды гэтая "інфармаванасць насельніцтва" сканчалася тым, што я ў дзень правядзення акцый бавіла час у пастарунку. Навошта? Атрымліваецца, што я толькі сабе раблю горш, а мне ўжо дастала гэтая гонка, як і міліцыянтам таксама: замест таго, каб несці сваю звычайную службу, яны вымушаны губляць час на перахваты мяне. Хлапцы мне ўжо кажуць: ты б лепей сама ўжо прыходзіла, усё роўна ж будзеш у нас...
Але я выршыла, што ўсё-такі скінуць некалькі ўлётак патрэбна - а раптам хто зацікавіцца... выйшла сабе, вечарком, пахадзіла па інфармацыйных тумбах, на вачах у людзёў, і вярнулася сабе спакойна дадому.
Праз тыдзень яшчэ пайшла прагуляцца. Дайшла да першае інфармацыйнае тумбы, потым вырашыла ісці адразу да тае, што стаіць ля выканкама на плошчы. Бачу - "мошкі" пачалі вжыкаць. А ну і што, я раблю ўсё па закону. І толькі выходжу з-за крамы да тумбы - "мошка" падрулівае, ледзь не падразае. Вакол народу, было яшчэ а дзевятае вечара недзе. Хлапцы павыскоквалі з машыны. Ухапіўшы мяне за рукі, пачалі запрашаць праехацца з імі. А мне няма на гэта патрэбы. Тады Макс сказаў:
Давай тады тое, што ў твае сумачцы, і разыдземся.
У мяне няма нічога, - я марна паспрабавала выкруціцца.
Ну, як жа ш, я знаю, што там ёсць і дажа магу табе сказаць, што.
Міліцыянты ледзь не круцілі ва ўсе бокі мяне, спрабуючы запіхнуць у машыну, але я ўпіралася, таму што ведала: я нічога не зрабіла. Вакол былі людзі, нейкі дзядок, мінаком праходзячы, ажно спыніўся - мусіць, спужаўся, таму што Макс пачынаў ужо круціць рукі, пры гэтым упрошваючы:
Я не хачу цебе дзелаць больна, садзіся ў машыну.
Каб не пужаць людзей яшчэ болей, я ўрэшце падпарадкавалася. У пастарунку мяне завялі ў ленпакой. Макс прысеў побач і паспрабаваў быў правесці ўшчувальную размову. Што хутка іх расфарміруюць і замест ППС і ДПС будзе АМАР - гэта я ўжо ведала.
Але тады, - кажа, - табе будзе. Раньше мы цібя угаварівалі, цепер будзем
браць самі. І нікакіх вот такіх разгаворав, как січас, не будзет, і санкцый нікакіх тожэ не патрэбуецца. Раздзенем, цібе жэ хужэ будзет.
Але аддаць сумачку на іхні догляд я не згаджалася. Тады з дзяжуркі да нас прыйшоў маёр Конеў. Ён не аднойчы мяне шматаў па памяшканню, забіраючы заплечнік. На гэты раз маёр, не жадаючы вазіцца, зазначыў:
Ілі аддаёшь ему і расходімся, ілі сейчас аформім і будешь начеваць здесь,
мазоліць мне глаза.
Ён пайшоў да сябе, а мы яшчэ колькі часу прагаварылі. Заставацца на ноч мне не хацелася - заўтра на працу, а з гэтым маёрам можна яшчэ і на непадпарадкаванне нарвацца, завіснуць тут на ўсе пятнаццаць. Конеў даўно хацеў зачыніць мяне ў падвале, каб і не вылазіла, але неяк атрымоўвалася выкручвацца. І калі ён прыйшоў яшчэ раз, я ў яго на вачах аддала Максу ўлёткі. Маёр задаволена зазначыў:
Пріятна імець дзела з панімаюшчем челавекам.
А прачытаўшы ўлётку, сказаў:
Ф прінціпе, нічего такова я здзесь не віжу, но!.. Будзет лучше, еслі эта
будзет унічтожена.
Не складалі пратакола. Нават ніяк і не афармлялі. Адпусцілі дахаты.
Выйшла на наступны ж вечар. Не спяшаючыся, прайшлася па інфармацыйных тумбах, зноў-такі на вачах у людзей. "Мошкі" каталіся, але ці за мною - невядома. Атрымалася пазбегнуць з імі сустрэчы. Але калі пайшла да апошняе тумбы, нарвалася. Толькі падыходжу, як з-за ДК выходзяць міліцыянты. Я зрабіла выгляд, што іду ў унівэрсам, які яшчэ быў адчынены і знаходзіўся на процілеглым баку вуліцы. Але хлапцы ўжо абрадаваліся. Аказваецца, у той час, як я ляпіла свае аб'явы пра 14 лютага, яны ляпілі ўлёткі пра той злашчасны "Садочок". І сустрэліся. Гарная такая сустрэча атрымалася, у мяне на руцэ застаўся ад яе сіняк, таму што спрабавала выкруціцца. Усё, больш ніякіх непадпарадкаванняў. І не таму, што потым будзе даказаць немагчыма маю невінаватасць (ультыматум жа ставяць: калі не падпішаш, то ўкатаем непадпарадкаванне), а таму, што іншыя людзі пачынаюць уцягвацца.
Завялі ў пастарунак, вынайшлі апошнія чатыры ўлёткі, прычым у пратаколе пазначылі, што знойдзена было толькі тры. Жэня сеў пісаць тлумачальную. Ржачка была натуральнаю, прычым не столькі з майго боку, колькі з боку саміх міліцыянтаў. Сядзіць ён, адно пыхціць, бо не ведае, што пісаць. Калі б былі закранутымі яшчэ і слупы - ясны факт, 21.14 і праблемы няма. А на інфармацыйныя тумбы клеіць можна. Але ўлёткі апазіцыйнага зместу - значыць нельга. Ды нідзе пра гэта не напісана, а значыць, і парушэння няма. Думаў ён, думаў, нарэшце дадумаўся перапісаць змест улёткі. А раз там пазначана незарэгістраваная арганізацыя, то па факце правядзення акцыі значыць можна правесці праверку наконт санкцыянаванасці мерапрыемства. Во, аж пыхцець перастаў, знайшоў зачэпку. Цяпер патрэбна вырашыць, што рабіць са мною. Ага, кажа, ты ж хітрая, ты ж скажаш, што не тваё, то я гэтыя ўлёткі "ізыму" з панятымі. Ды калі ласка, на вуліцы поўнач будзёнага часу, ідзі шукай панятых, як так захацелася. Таму што сутачнікі не маюць права - зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі, а міліцыянты тым болей. Папыхцеў ён яшчэ колькі хвілінаў, урэшце загадаў ісці садзіцца ў машыну - паедзем шукаць панятых. Селі мы: я, Жэня, Міцяй і Мікіта, - і паехалі. Глыбокая ноч. Пачатак тыдня. Усе нармальныя людзі ўжо разыйшліся з вуліцы спаць перад пачаткам працоўнага дню. Ні аднаго чалавека не сустрэлі. Прыехалі ў лякарню. На просьбу міліцыянта фельчары пачалі махаць рукамі - як жа ж так можна, мы нічога не бачылі, нічога не ведаем і нічога падпісваць не будзем! Гарная адмова была ад аднае жанчыны: а раптам гэта падстава, вы дзяўчыну хочаце пасадзіць. Мне, кажа, дахаты цёмнымі завулкамі хадзіць і я не хачу праблемаў. Тупарылы міліцыянт. Пачаў казаць, што будзе скардзіцца мэру і там, хто высока таксама сядзіць, што вы адмаўляецеся выканаць свой "грамадзянскі абавязак", а медыкі сваё - не будзем і ўсё тут. Дзяжурны ўрач паслаў яго на ўсе чатыры. Я сяжу, адно пасмейваюся, Міцяй з Мікітаю ўвогуле ў кулакі ржуць, а Жэня сваё гне. Затупіў поўнасцю, патэлефанаваў у мусарню, раздзьмуў вялізны канфлікт. Бачучы, што нічога не даб'ецца, Жэня завярнуў нас праехацца па горадзе. Я, у сваю чаргу бачучы, што ён ніяк не астывае, а яшчэ больш накручваецца, паспрабавала яго пастудзіць. Чалавек мае права адмовіцца, і не важна, з якое прычыны, але прымушаць нельга. Ладна, калі была ў нашым горадзе пасля парляманцкіх выбараў справа, як знайшлі аднаго залётнага выблюдка-педафіла, які думаў, што здолее схавацца ў нашым маленькім горадзе ад правасуддзя, і бралі яго, а дурніцы-жанчыны адмаўляліся быць панятымі - тады проста неабходна было клікаць да іхняга сумлення. А тут - каго ты вырашыў правучыць? Мяне? Мне ж нічога не будзе, сам жа ж ведаеш, дык навошта калоціш людзей? Вярнуліся, міліцыянт, ужо больш спакойны, нават папрасіў прабачэння. А тут прыехаў і адказны за дзяжурства Болікаў. Прыехаў і адразу да мяне: Насця, чаго ты ўвесь горад калоціш? Хіба я калачу? Ну, неяк уладкавалі сітуацыю, адказны за дзяжурства ўрач урэшце падпісаўся, праўда перад гэтым прачытаў улётку і спытаўся майго дазволу. Я адно махнула рукою - падпісвайцеся. Канешне, тут было проста грубае парушэнне правоў, таму што каб "ізымаць" штосьці з панятымі, патрэбна гэтае "штосьці" адбіраць у чалавека ў прысутніцтве панятых, а не прыехаць і, трымаючы ў руках "уліку", патрабаваць ад людзей быць панятымі, што гэтую рэч знайшлі менавіта ў гэтага чалавека. Бо інакш усё выглядае насамрэч падставаю. Прычым грубаю падставаю. Урач падпісаўся, а патрэбна два панятых. Больш ніхто не захацеў, і Болікаў сказаў - фіг з ім, хопіць перашкаджаць людзям, едзьце адсюль. Мы вярнуліся ў пастарунак. Паднялі з падвала аднаго сутачніка, маладога хлопца. Той ажно абалдзеў, калі даведаўся, што ад яго хочуць. Малайчына, запатрабаваў пачытаць улётку, каб хоць ведаць, за што ён падпісваецца. Ну, усё. Міліцыянты ажно пот з ілбоў выцерлі, вясёленькая ночка выдалася. Закінулі мяне дахаты. Я таксама выцерла з ілба пот. Трэйці раз не пайду ўжо, бо Конан зэ Варвар мяне дакладна пакіне ў пастарунку. А праверку хай сабе праводзяць, калі больш заняцца няма чым. Скаргу пісаць не буду, таму што я пры затрыманні аказала супраціўленне, а міліцыянты на гэта забілі. Але праз тыдзень ці два ўпэўнілася, што трэба было зрабіць наадварот. Таму што на тога ўрача, які згадзіўся зрабіцца панятым, толькі б адцапіліся ад яго самога і ад лякарні ў цэлым, свае ж калегі пачалі абурацца. Мама нейк прыходзіць з працы і пытаецца: ці праўда, што цябе міліцыя прывозіла ў лякарню? Ну і распавядае мне пра тое, што медыкі абураныя, што ўрач згадзіўся падпісацца, і што ён зараз і сам не рады. Я кажу, каб мама перадала гэтаму ўрачу, што нічога страшнага няма, хай не турбуецца. Таму што тут яўнае перавышэнне паўнамоцтваў з боку міліцыянтаў, можна было б скаргу вельмі проста напісаць. Не ведаю толькі, чаму ўрач гэтага не зрабіў.
А ў суботу мяне ніхто не затрымліваў па дарозе, і я спакойна сабе прыехала ў Менск. У мяне, праўда, былі яшчэ сякія-такія сумневы і развагі, пра якія я казаць не буду, але пабыць простым гледачом я не змагла. Уразіла тое, што адна паненка прыйшла на акцыю з малым дзіцем, хлопчык апынуўся ў самым цэнтры месіва, і яго выратавалі самі байцы, калі наўпрост вынеслі з куламесы. Дзецям на акцыях не месца. Нават, калі акцыі ад свайго пачатку плануюць быць мірнымі, ніхто ніколі не дае гарантыяў, што мірам усё і скончыцца. Бацькоў, што валакуць з сабою малых дзяцей, ведаючы пра небяспеку, патрэбна пазбаўляць бацькоўскіх правоў адразу. Значна пазней я гэтай жанчыне ўсё і выказала… Прышпіл атрымаўся з адным спецпрызаўцам. Калі яны нас пазаціскалі, павалтузілі, пашматалі (між іншым, я чула загад іхні "девушек не трогать", хоць і пааттапталі мне боцікі і па вуснах я атрымала злёгку, калі нехта некага там рваў), нейк апынулася я ў іх коле. Адзін спец бярэ мяне за плячо і спрабуе прыцягнуць да сябе. Я да яго - што здарылася. Хлопец тады мяне круціць на 360°, прычым некалькі разоў, і кажа:
Женшчіна, ідзіце дамой!!!
Я нейк здолела выйсці ад іх і ўсё было потым добра, і дадому я вярнулася, канешне. Але я заўсёды для іх была "девочкой", "девушкой", а тут раптам "женшчіна"?
Канвой
На працы мне больш за ўсіх патрэбна, таму што я люблю наш завод, я шаную беларускую спадчыну, я хачу, каб яна захавалася навек і прыкладаю ўсю сваю моц, каб пераадолець чалавечую саўковасць. Людзі, якім раней было абыякава, якія раней казалі - гары яно сінім полымем, а што згарыць, тое не згніе - пачалі разумець, што гэтая праца патрэбна ў першую чаргу ім самім, а ў апошнюю - усім астатнім. Завод для іх ужо не месца, дзе можна прабавіць час, але месца, дзе можна зарабіць грошы. А іхні заробак залежыць толькі ад іх саміх. Зрух ёсць. І гэта радуе. Шкада толькі, што гэтага не разумеюць чыстаплюі з выканкама. Вельмі прыкра, што таўстуны з вярхоў узгадваюць пра свой народ толькі калі жадаюць задаволіць сваё сквапнае жаданне атрымаць тлусты партфель, і ім глыбока фіялетава, чым і як жывуць простыя людзі, працаўнікі. Я кажу не толькі пра выканкам і іншыя наменклатурныя ўстановы, але і пра нашых палітыкаў, якія робяць усё дзеля дэканструктурызацыі агульнага становішча ў краіне. Нельга патрабаваць ад апанентаў скласці зброю, трымаючы за ўласнымі пазухамі камяні.
З цягам часу людзі зразумелі, што іх заробак залежыць ад іх працы. І толькі гэта дазволіла нам утрымаць завод, калі з пасады знялі нашую дырэктарку. Якія прычыны былі гэтага зняцця - ужо не важна, але я зразумела, што зараз настае час сапраўднага змагання за будучыню беларускага льна. Баі паміж выканкамам і льнозаводам ішлі з-за мяне, дырэктарка неаднойчы мне гаварыла, што´ ёй даводзілася вытрымліваць ад Інквізітара. І я разумела, што яе зняцце таксама было звязана са мною. У тыя доўгія чатыры месяцы, якія мы жылі без галавы, мне было моцна страшна. Я не баялася вулічных акцый пратэста. Я не баялася крымінальнага суду. Мне было страшна ад тае нявызначанасці, у якой апынуўся наш завод. Доўгія чатыры месяцы падаліся мне цэлай вечнасцю, і я разумела, што дзень, калі да нас прыйдзе новы дырэктар, можа стацца для мяне апошнім днём працы. Таму я прыклала ўсе намаганні для таго, каб утрымаць завод. Вельмі радавала тое, што людзі, з якімі я працавала, здолелі не прапіць, не расцягнуць на кавалкі, не разваліць прадпрыемства. Калі ў іншых апускаліся рукі, калі астатнія забівалі на ўсё, маўляў, усё роўна завод зачыняць, я проста прыходзіла і працавала. Патрабавала ад астатніх тога ж, бо мая праца залежала ад спраўнасці станка, ад прысутнасці ўсёй брыгады на месцах, ад агульнага настрою людзей да працы. Мне было страшна, але страх можна было спляжыць толькі адным чынам - за працай. Я стукала кулаком па сталу ў бытоўках - і чалавек выконваў тое, што мне было патрэбна. Мне дастаткова было проста зірнуць на гультая і абібока - і ён браў сябе ў рукі. А гледзячы на мяне, і астатнія падцягваліся. У нас на заводзе паміж брыгадамі спрадвек ішло суперніцтва - хто колькі выпрацуе валакна за дзень. Наша брыгада была створана для таго, каб падтрымліваць баланс. У нас не было свайго майстра, а кіравала тая майстрыца, чыя была змена. А таму, што дзякуючы маім намаганням мы ўпэўнена пайшлі наперад, то і астатнія дзве брыгады, канешне, не захацелі заставацца, і так адзін аднаго падганялі, падцягваліся. Людзі працягвалі працаваць, і вярхі, бачучы нашую ўпартую стараннасць, урэшце прыслалі да нас новага дырэктара.
Я зрабіла ўсё для таго, каб патрапіць у Дзень Волі на плошчу. З працы не так лёгка адпрасіцца, але сераду я зараней адпрацавала, спаслаўшыся на тое, што мне патрэбна ісці ў бальніцу. Мне сапраўды гэта патрэбна было з-за ўзніклае маленькае праблемы, якая б і пацярпела, але толькі не гэтым разам. Менавіта ў сераду і менавіта 25 сакавіка. Ніякіх "правакацыйных" дзеянняў напярэдадні не ўчыняла: не вывешвала сцягоў, не расклейвала і не раскідвала ўлётак, - нічога, за што б маглі б зачапіцца міліцыянты, каб мяне затрымаць і не пусціць у Менск. Зрабіла ўсё, для таго, каб гэтая дата нават не была нагаданаю ў горадзе - усё роўна на ўсе заклікі ніхто, акрамя іх, ніколі не адгукаўся, а мне лішнія праблемы.
Але міліцыянты апынуліся хітрэйшымі. Дакладней, вучанымі. Кожны выпадак сваіх пралётаў яны бяруць за аснову і прапрацоўваюць усе памылкі. Так было пасля сацыяльнага марша, калі я амаль збегла - цяпер міліцыянты мяне не пакідаюць адну ніякім чынам. Так было і на гэны раз, пасля таго, як летась яны мяне празявалі і чакалі ўначы з электрацыі. Яшчэ з пятніцы мне далі зразумець, што шлях праз чыгунку перакрыты і мне нават і не трэба думаць тудою ехаць. Заставаўся яшчэ аўтобус і аўтаспын. Прычым, хутчэй другое, чым першае - аўтастанцыю таксама кантралявалі, таму лепей было выбірацца спынам па аўтобуснаму маршруту. Усё гэта я прадумала і падрыхтавала. Нават забяспечыла сабе адступленне з працы: у папярэднюю суботу выйшла на рамонт, каб не пісаць заяву за свой лік - яе усё адно не падпісалі б. А вось у бальніцу б адпусцілі. Міліцыянты апынуліся хітрэйшымі. У аўторак патэлефанавалі на працу і запатрабавалі, каб мяне ні ў якім разе нікуды не адпускалі. Да нас толькі прыйшоў новы дырэктар, ён яшчэ нават і не ў курсах, дзе хто. Я хацела пачаць з ім супрацоўніцтва. А службоўцы робяць з маёй працы зону, калонію не ведаю якога рэжыма. І гэта можна было б сцярпець, калі б на маём судзе мне далі папраўчыя працы ці там што яшчэ такое падобнае, але мне далі штраф - расплацілася і забыла. Я вельмі баялася з'яўлення нашага новага дырэктара, таму што не ведала, што ад яго чакаць - сваю працоўную кніжку ці надзеі на лепшае. Ён не з'яўляўся даволі доўга, а чаканне смерці - горш за саму смерць, тым болей, што пачынала дапякаць агульнае паўжабрацкае становішча, у якім апынуўся наш завод, нікому практычна не патрэбны. І пасля некалькіх спробаў дастукацца да выканкама, асабліва пасля "пакушэння" на навагоднюю гарадзкую елачку, мяне супакоілі - дырэктар у нас будзе, малады, перспэктыўны, моцны. Я хацела прыйсці да яго з якою прапановаю па працоўным пытанням. Мне давялося ісці ў кантору і адваёўваць сабе выходны. Сакратарка прычым уздыхнула, што "гэта праблема міліцыянтаў і хай бы яны самі і разбіраліся, а не скідвалі ўсё на завод". Карацей, мяне папярэдзілі, што адпрацаваны дзень паставяць толькі ў тым выпадку, калі я ў чацвер прынясу ім паперу з бальніцы, а інакш будзе прагул. Не праблема. Але. Калі службоўцы хочуць, каб я ўрэшце спыніла сваю дзейнасць, то сваімі дзеяннямі яны проста правакуюць мяне рабіць наадварот.
Збылася мара ідыёта - так гэта называецца. Тое, пра што я даўно казала, нарэшце адбылося. Да мяне прыставілі канвой. Адранку дахаты прыехалі па факце знойдзенага недзе зялёнага надпіса "усе на дзень волі" з пытаннем - дзе я была сёння ноччу. Я сёння ноччу спала дома, а калі яны такія знявераныя, то маглі б завітаць уначы ды праверыць. Надпіс быў, канешне, поўнай лажай. Ніхто тут такім не займаецца. І я нічога не ведаю. Абураюся, сыходжу з пастарунка, каб ісці ў бальніцу - даганяе участковы. Пад канвоем завезлі, стаялі ля дзвяроў, каб я нікуды адтуль не збегла. І мне давялося, адрабіўшы свае справы, вяртацца да іх. Па дарозе абгледзела ўсе сцены ў горадзе - нідзе нават напаміна не было пра той мітычны надпіс. Вырашаю катаць скаргу ў пракуратуру - дастала ўжо. Калі ў нас паліцэйская дзяржава, то гэта не азначае, што ім усё дазволена, маглі б проста сказаць, што так трэба, а не прыдумоўваць усялякую бязглуздзіцу. А як наконт лібералізацыі? Участковы падкінуў і да пракуратуры, але і там пачакаў ля дзвяроў, каб нарэшце вярнуцца разам у пастарунак - маўляў, рабі, што хочаш, але ад нас ты ўсё роўна не ўцячэш. У пастарунку патрабую паперу і катаю яшчэ адну заяву у пракуратуру - наконт затрымання напярэдадні 14 лютага, калі міліцыянт спачатку забраў у мяне ўлёткі, а потым, трымаючы іх у руках, знайшоў панятых і прымусіў іх падпісацца ў сведчанне таго, што гэтыя паперы ён забраў менавіта ў мяне. Пакуль пісала, Сашка знайшоў тога Жэню, хлапцы раскруцілі яго на бутэльку салодкай газіроўкі і амаль цалкам яе ж мне і упіхнулі. Каб суняла злосць і прабачыла яму, бо фактычна, Жэня патрапіўся пад гарачую руку і зусім тут быў не пры справе. На якіх падставах далей мяне трымаюць у пастарунку? Думалі не так доўга. Старлей вяртаецца ад начальніка. Радасны такі, радасны, амаль таньчыць ужо, трымаючы ў руках паперы з адксеранымі фатаздымкамі. Бонуса. Тога самага. Нейк пасля майго крымінальнага суда, у лістападзе на камуністычнае свята, з'явіўся на гаражах у Нясвіжы надпіс "//mfront.net малады фронт не спыніць!". Так атрымалася, што гэты гараж належыць акурат аднаму з міліцыянтаў і той вельмі доўга пасля пыхцеў, каб я ішла замалёўвала гэты надпіс. А пры чым тут я? Не злавілі, не даказалі, няма чаго і пытацца. Гэты міліцыянт потым перайшоў з участковых у крыміналісты. От тут і злавіў зручны момант. От тут і адцягнуўся ў свае помсце. На табе, каб носік не задзірала. Спрабую абараніцца тэрмінам даўніны - маўляў, гэта было даўно і няпраўда, а яны мне пад нос адміністрацыйны кодэкс, згодна якому я не спыніла сваю дзейнасць, а значыць, адказнасць за надпіс ляжыць на мне.
Абурацца нейк не хацелася. Здзівілася толькі. Міліцыянты і самі здзівіліся, бо не чакалі, што так можна заляцець, таму на працягу дня стараліся мяне будзь нечым развесяліць. Паведамілі па сакрэту, што яны б і адпусцілі, але іх начальнік узяў пад асабісты кантроль "забеспячэнне мае бяспекі". Нават звазілі паабедаць у сталоўку - смачны поўны абед за іхнія грошы, я адцягнулася, замовіўшы сабе на вельмі кругленькі кошт - хай плоцяць. І яшчэ і чакалядам пачаставалі. А потым, напрыканцы дню, мяне адвезлі дахаты і развіталіся словамі: "Бачыш, ты ж у нас каралева - і да нас прыехаць машыну прадаставілі, і назад, як карэту, да самага пад'езда. І пакармілі".
Ну, як жа мне на іх злавацца?
Суботнік
Мы ж з Алкай з кожным удалым выпадкам падсаложвалі гэтае шэрае будзёнае заводаўскае жыццё прыстойным чырвоным віном ды смачнымі торцікамі, на якія збіраліся часцяком з атрымання заробку. Ды і кантора нашая заводаўская прыкмеціла, угледзеўшы аднойчы на ганку прахадной, калі мы чакалі транспарту ехаць у поле на камяні, як я паліла тонкія паненкавыя цыгарэты з далікатным водарам, маўляў - кажуць, людзі ў галечы жывуць. На што я засмяялася - дык жа апазіцыя ж, чаму і не пасмаліць. Дарэчы сказаць, тут на заводзе хіба толькі я адна з жанчын і не хавалася з цыгарэтамі па закуточках, а паліла навідавоку, адкрыта і вельмі зацягла. Не цуралася нават з мужыкамі пусціць па крузе бычка, праводзячы палітінфармацыі. Нашмат цікавейшыя, чым тыя, якія па прымусу свайго статуса ідыёлага праводзіў Валянцінавіч. Штотыдзень у перазменку у вызначаны дзень мы змушаныя былі збірацца на паўгадзіны лекцыі, якія выглядалі так: Валянцінавіч разгортваў газету і з такім выглядам, нібыта ўпершыню гэта чытае, спрабаваў нам давесці інфармацыю дзяржаўнай стаўкі. Людзей хапала роўна на дзесяць хвілін, праз якія шэрагі радзелі - хтось збягаў дахаты, бо яго змена даўно скончылася, хтось ішоў паліць у бытоўку, бо яго змена толькі пачыналася. Перад "лектарам" заставаліся толькі тыя, хто стаяў блізка і каму нельга было сысці проста з тае прычыны, што і адміністрацыя завода таксама мусіла быць прысутнай у цаху. Аднойчы на завод быў запрошаны нейкі прафесар, які прыйшоў з мапамі, указкай і вельмі цікавай гісторыяй пра тое, што робіцца там, за бугром, і што робіцца тут, у краіне. Лекцыя з поўнай адсутнасцю якіх-небудзь канспектаў і газетных вычытак. І - засталіся ўсе, усім было цікава. На пытанне ж Валянцінавіча, чаму засталася я - адказала: а ты параўнай сваё і яго. Няўжо нельга хоць бы звечара падрыхтавацца, пашукаць штось цікавае не толькі ў дзяржаўных газетах, але і ў інтэрнэце, больш разгорнута і з пачуццём, а не з выглядам - абы адбыць. Ды, каго мне было вучыць...
Асаблівыя ж размовы пра палітыку адбываліся з нашым аграномам, калі ўвесну ці ўвосень, падчас пасяўной і нарыхтоўчай кампаніі, здаралася ехаць у поле. І тут таксама мушу зазначыць, што мы, як рабочыя, зусім і не абавязаныя гэтага рабіць, роўна як і іншыя людзі з розных прадпрыемстваў і устаноў горада. Аднак - гэта наша справа, таму што патрапіць камень у трактар ці камбаін - і забяспечыць дзень прастою, калі кожная хвіліна пагоды на ўліку. Патрапіць камень з трастою на перапрацоўчы станок - забяспечаны дзень прастою ў цаху, калі кожны кілаграм валакна на ўліку. А як восень - то кожная гадзіна ў полю нават вельмі каштоўная, калі ловіш цёплае бабіна лета, спяшаешся нарыхтаваць сыравіны да зацяжных восеньскіх дажджоў, каб ні адна трасцінка не згніла, не змарнела. І тут кожная пара рук таксама у цане, і мы вельмі радыя дапамозе... але не той, якую нам прапаноўваюць, нажаль. Іншыя прадпрыемствы і ўстановы, прыяжджаюць літаральна на дзве-тры гадзіны працы, падымуць з зямлі ад сілы дзесяць камянёў (на кожную пару рук па аднаму), і з'едуць. Ім за гэта не плоцяць. Яны не абавязаны. А рэчы з ільну любяць усе... Тое ж самае і ўвосень - прыедуць у асноўным тыя, хто мае нейкія правіны на сваіх працах, пагрэбаюцца для галачкі і з'едуць. І не патрэбна ім нічога. А мы робім і сваю працу, і даробліваем за імі. І найчасцей з-за недахопу рук, з-за жорсткага абмежавання ў паліве для механізатараў, якім салярку налічваюць, сыходзячы з кіламетражу роўных дарог (у той час, як ездзіць даводзіцца уздоўж і ўпоперак па рытвінах ды балотах), лён залёжваецца ў полю да снягоў. А то і спальваецца, змарнелы, там жа, на полю. А розных "кантролераў" хапае, і нікому не цікава, што палім мы не ладны лён, прыдатны для перапрацоўкі, а тое, што, звозячы на завод, адразу ж і выкідваем на кастраадвал, дзе усё роўна спальваем. Таксама - незаконна, забруджваючы прылеглы да завода пасёлак, пакідаючы на вывешанай сохнуць бялізне людзей чорныя задымленя плямы. Час ад часу гэта было самаўзгаранне, калі цвілая траста моцна ўпрэе, а пагода стаіць гарачая. Час ад часу кідаў туды запалку сам Валянцінавіч - і тады тыдзень ля кастраадвала стаяла заводаўская пажарная машына з дзіравымі рукавамі ды бакам для вады, так што на выпадак моцнага разгарання ўсё роўна рукавы даводзілася цягнуць з цахоў і мабілізоўваць брыгады. Бо адходаў было зашмат, і ўсё - гарэла, а патушыць зверху - знізу працягвала гарэць. Званкі ў раён - і раён дае нам па шапках, таксама не моцна разбіраючыся, што робіцца, таму што навідавоку толькі адно - знішчэнне дзяржаўнай маёмасці...
А пасля зімы патрэбна было прыбіраць заводаўскую тэрыторыю, зграбаць кастрыцу, што наляцела з дзіравых трубаў. І на суботніку мяне кранула выказванне нашага электрыка, маўляў, "чаго ты тут робіш, ты ж нефармалка і павінна была забіць на гэтае мерапрыемства". І справа нават не ў тым, што новае свежаагучанае распараджэннне дазваляе звальняць людзей толькі за "позірк не ў той бок". Я выйшла на суботнік, таму што я люблю і паважаю працу... калі мне яе не навязваюць. І калі дзядзькам з выканкама спатрэбіліся грошы на марозіва, то чаму і не? Асабліва, калі паглядзець на суботнік з іншага боку - мы прыбіраем і рамантуем сваё жытло, імкнучыся да ўтульнасці і прыгажосці. Гэта не перажытак ленінізму, гэта не выкананне загаду зверху, гэта - тваё ўласнае ўспрыманне тваёй краіны...
І калі я, крыху прыспазніўшыся, з ходу ўзяла граблі, а потым шуфлём паскідала згрэбляную зляжалую кастрыцу, людзі з большым ірвеннем узяліся за працу, чым за паўгадзіны да таго.
Он-лайн забастоўка
Днямі ў мяне была магчымасць вярнуцца на прахадную ў ахову - але на гэты раз я адмовілася ад такой прапановы з-за дзяўчат з маёй брыгады. Я вядзьмарка, я зачаравала перапрацоўчую машыну, і яна не хоча цяпер працаваць без мяне. І дзяўчаты таксама не хочуць. Нашая брыгадзірка так і сказала. Калі я на месцы - усё ідзе як трэба, калі мне здараецца адсутнічаць, то ўсё ці ламаецца, ці пачынае гарэць. Машына нават адчувае і мой настрой, працуе згодна яму ж.
І калі б начальнік аховы крышачку больш мацней мяне паўгаворваў, я б згадзілася. І атрымала б за сённяшняе начное дзяжурства страхоўку. Магчыма, і ўсе два мільёны, на якія застрахавалася.
Прыяжджаю на працу, як заўсёды спачатку заруліўшы на вакзал. Ля апоркі вялікая колькасць мусароў і ўсё - крымінальшчыкі. Агукнулі, спыталі - што я ноччу ўчвэрыла. Я сёння ноччу спала дома, лягла нават залішне рана, таму што вельмі была стомленаю. Пагыгыкалі мы з імі, я пайшла сабе на працу, а праз якую хвіліну і яны едуць у тым жа накірунку. Яшчэ здалёк убачыла вялікую таўпень ля нашае ніжняе прахадное. На верхняй нікога не было, увогуле было пуста. Ужо ў цаху ад слесара даведалася, што ноччу тут былі залётныя шалапаі, якія моцна пабілі нашых вартаўнікоў. З верхняе яшчэ так сабе, у асноўным дасталася дзядзечку з ніжняе. Так дасталася - ён быў збіты ў сіні яблык. А чаму? Залётныя гналі машыну, разбілі яе, тут жа спалілі, ім патрэбна было валіць як мага хутчэй, а дзядзька Венік (мой былы напарнік!!!) меў машыну, якую паставіў на тэрыторыі. Ім патрэбна была машына. Калі б я згадзілася тады вярнуцца, гэтая ноч была б маёю...
І не ведаю, ці радавацца мне, што так пашанцавала, што ізноў мой анёл-ахоўнік мяне адвёў ад бяды, ці плакаць. Плакаць, таму што атрымліваецца, што я падставіла гэтага дзядзечку, які заступіў на маё месца. Ці ягоны лёс быў такім? Ці калі б стаяла я, гэтага б здарэння не было?
Усё б нічога, запасы, як такія, скончыліся. Тое, што засталося, каб не выкідваць зараз, можна адкласці на восень, калі пачнецца нарыхтоўка і патрэбна будзе хоць чымсьці падсілкоўваць завод. Я усё ж такі саскачыла на прахадную па прадпрыемчай неабходнасці - пакуль не ўтраслася крымінальная гісторыя з залётнымі шукальнікамі прыгодаў, якія пабілі нашых ахоўнікаў, а начальнік аховы, ратуючы сваю ўласную скуру, спісаў усё на няшчасны выпадак. Кіраўніцтва абмежавалася ўсталёўкай трывожнай кнопкі на прахадной, якая, аднак, нічога не вырашала, таму што ніякім чынам не звязвалася з цэнтральным пунктам аховы... А маю брыгаду хтосьці вырашыў адправіць у водпуск. Звычайна ўвесь завод (акрамя механізатараў, якія працуюць у полі) ідзе ў агульны водпуск у ліпені. Калі ж здараецца так, што не застаецца сыравіны, на якой працуюць брыгады цэха, то дзяўчат адпраўляюць у водпуск за свой лік крыху раней, які потым плаўна пераходзіць у звычайны (які аплочваецца). І да гэтага часу ўсё так і рабілася, і ніхто і слова не казаў. Цяпер жа мае дзяўчаты ўзбунтаваліся і некалькі апошніх дзён прыходзілі на завод і прысутнічалі на сваіх працоўных месцах. Усё б нічога, калі б і заробак выдалі своечасова. Але грошы чамусьці моцна затрымаліся. І толькі пасля таго, як дзяўчаты зладкавалі маленечкую забастовачку, у канторы ўзгадалі пра выплату заробку. Але якім чынам! Дзяўчатам быў пастаўлены ультыматум: альбо ідзяце за свой лік у водпуск і атрымліваеце заробак, альбо не ідзяце і сядзіце без грошаў. Пра гэты ультыматум я даведалася, калі патэлефанавала мая сяброўка. Дакладней, акурат напярэдадні я стаяла на начным дзяжурстве і, сыходзячы раніцою адсыпацца, даведалася, што сёння маюць быць грошы. Дамовілася з Алкай, што яна мне паведаміць, калі каса будзе поўнаю. А Ала мне тэлефануе і выдае такое. Я кажу ёй, што ніхто не мае права рабіць такія пагрозы. Тут патрэбна ісці ў пракуратуру, і дзяўчаты могуць прыходзіць на свае працоўныя месцы, пакуль ім не аддадуць заробак. І мы дамаўляемся, што гэты дзень яны яшчэ перачакаюць - грошы павінныя быць жа ўсё-ткі. А заўтра, таму што ў мяне быў выходны па графіку, я наведаю пракуратуру. Усе гэтыя тэлефонныя перамовы ішлі ў рэжыме он-лайн, паколькі было чутно, што на тым боку (хацела сказаць дрота, але ж гэта мабільная сувязь...) адбываецца сапраўдны бой за інтарэсы працоўных і мае словы гучна абмяркоўваліся. Грошы аддалі ў той жа дзень. Самае смешнае, што падчас свайго он-лайн кіравання забастовачнай сітуацыяй на заводзе, я была ў горадзе і пасля таго, як мы вырашылі не здавацца, праз гадзіну ўбачыла нашую канторскую шэўрале-ніву ля банка. А яшчэ праз гадзіну нам аддалі наш законны заробак. Я праз два тыдні вярнулася ў брыгаду, дзе дапрацавала да законнага водпуска.
Мышыныя ночы
У адпуску я распачала штодзённыя акцыі, прымеркаваныя да 15-годдзя усталявання тэрору ў Беларусі.
У ноч на Купаллe выйшла пашпацыраваць па горадзе. Рассмяшыла адна цётка. Калі я наблізілася да клумбы перад шматпавярховікам, акурат побач з ейным балконам, яна запытала:
- Дзевушка, што гэта вы робіце, а?
- Нічога асаблівага, - адказала я, утыкаючы ў клумбу сцяжок.
- Ты нашто сцяжок гэта свой сюды ставіш?
- Для прыгажосці.
- Я зараз міліцыю вызаву!
- Ён вам не перашкаджае, мусіць жа? - я ўжо мінала яе дом.
Недзе палілі вогнішчы. Але горад быў пусты. На плошчы ж агонь не распаліш… Таму я вырашыла свае шпацыры працягнуць праз колькі дзён.
З панядзелка зноў пайшла. Каталіся хлапцы‑міліцыянты. Але чыста дзеля кантролю. Кожны з нас зрабіў выгляд, што не заўважае іншага, але і на іх вочы я старалася не трапляцца занадта - я ж не нахабная!
Вечар на сераду. Перад сном невялічкі праменадзік - карысна. Мэтай майго шпацыру была плошча. Прайшлася па перыметры. Людзей шмат. Разглядаць, хто тут па службе - «добраахвотнікам», - а хто проста адпачываў, мне не хацелася. Вечар быў цёплы. У галаве гучаў французскі вальс. І настрой быў адпаведны. Але калі вярталася дадому, дагнала нейкая машынка. Хлапец прыадчыніў акно.
- Дзяўчына, добры вечар. Вы знаеце, вы мне падабаецеся… Я вас часта тут бачу, вы ходзіце па вуліцах… Хочаце, праедземся?..
- Не, не хачу, - я як мага мякчэй адмовілася, не хацела псаваць сабе даі прыгожы вечар.
Хлапец ад'ехаў. Я заўважыла, як крыху далей чакала яшчэ адна машына. Стыль знаёмства яны выбралі няправільна. Праз хвілінаў дзесяць ён ізноў наблізіўся.
- Дзяўчына, дык усё‑даі можна з вамі пазнаёміцца?
- Не, - у мяне быў вясёлы настрой. І крыху пакруціцца я магла сабе дазволіць.
- Я хачу з вамі пагаварыць пра вашу сённяшнюю прагулку… Я думаю, у вас пасля яе будуць вялікія непрыемнасці.
- Я… не разумею, пра што вы.
- Думаю, вы цудоўна разумееце. Сядайце, пагаворым.
- Не, не хачу.
- Падумайце!
- Я не хачу!
- Вельмі шкада…
Нарэшце ён зразумеў, што і гэты заход не пракатвае. І адчапіўся. Гэта не было пагрозаю, наконт непрыемнасцяў. Браў на понт. Але даўно мінуў той час, калі мяне сапраўды цікавіла, якія непрыемнасці ў мяне могуць быць пасля шпацыру са сведкамі. Я сама магу сябе абараніць. Гэта мой адпачынак. Гэта мой горад…
У ноч на чацвер.
- Дзевушка, зараз жа забярыце свой сцяжок і сыдзіце, або я сам завяду вас у міліцыю!
- Вас гэта хвалюе? - наіўнымі вочкамі я зірнула на хлапца, які сядзеў на лавачцы побач з клумбай. - Паспрабуйце.
І перайшла да наступнай. На трэцюю запар ноч горад прачнуўся. Цікава было назіраць за рэакцыяй нясвіжцаў.
Дзіўна, але ў ноч на пятніцу на плошчы было мала людзей. Ля ратушы стаяла "мошка", таму я вырашыла асабліва не нахабнічаць і не дайшла да яе якіх‑небудзь тры клумбы. Ля "мошкі" стаяў міліцыянт і лыбіўся. Здаецца, Міцяй. Акурат перад адпачынкам ён спыніў мяне ў горадзе, праверыў сумачку. Калі я прасіла яго пачакаць - тыдзень да адпачынку застаўся! - даў свой нумар тэлефона, маўляў, патэлефануй, як будзеш выходзіць…
Сышла сабе дахаты. За мною яшчэ крыху пакаталіся, праводзячы. І ўсё было спакойна.
А ў наступны вечар з'явіўся злосны прапар. І сапсаваў усю маліну. Толькі выйшла на плошчу…
Вырульвае адна з "мошак", падкатвае. Буль без лішніх словаў паказвае пальцамі, каб ішла да яго. Размазаў бы па асфальце, калі б не паслухалася. Падышла. А ён - цап за каўнер і прыпёр да машыны. Адчынілі дзверцы. Не заставалася нічога іншага як сесці.
…У пастарунку сустрэлі да, нібыта не паўгоду назад апошні раз бачыліся, а ўчора. Узялі тлумачальную. Прывезлі дахаты.
Наступны раз выйшла ў нядзелю. У сувязі з выходнымі міліцыянты занялі ўсе пазіцыі. Неяк прабралася. На тумбы навешала крыху інфармацыі. На гэтым і задаволілася б, каб не паганыя бабулькі. Падышлі, спыталіся, што гэта я раблю. Я кажу - інфармацыя прымеркаваная да 15‑годдзя прэзідэнцтва. Ах, як яны раззлаваліся! Сарвалі паперы. Змялі іх ды яшчэ на асфальт кінулі. Паўпіраліся на маю заўвагу, што якраз я нічога даога дрэннага не раблю, а яны смецяць. Паднялі паперы, але не выкінулі, а забралі пачытаць.
Самі не ведаюць, што робяць. Мне старшыня адміністрацыйнай камісіі сам дазволіў вешаць на інфармацыйных тумбах.
Плошча пусцела, калі я вырашыла ўпрыгожыць уваходы ў адміністрацыйныя будынкі. У «добраахвотнікаў» скончыўся «працоўны дзень», і, убачыўшы мяне, яны да і сказалі:
- Спазніліся, працоўны дзень скончыўся…
У ноч на панядзелак планавала заканчэнне акцый. Заключным рухам мусіла зрабіцца расцяжка. Планавала павесіць на плошчы. Злавілі на паўдарозе. Завезлі ў пастарунак. Адразу рапарт, пратакол затрымання і вымання. Але адпусцілі.
Мой участковы акурат дзяжурыў, не захацеў скідаць у падвал. Пагутарыў.
- …Вывесці б цябе ў чыстае поле, паставіць да сцяны і расстраляць…
- Адкуль у чыстым полі сцяна? - смяюся.
- Дык у тым уся і справа, - смяецца дасама. - Дзесяць гадоў расстрэлу па два разы на дзень…
У вечар на аўторак я расцяжку ўсё‑такі павесіла.
У чацвер выйшла зноў. Яшчэ заўтрашняя ноч - і ўсё, трэба ставіць кропачку. Прайшлася па інфармацыйных тумбах… Але ў гэты вечар дзяжурыў прапар…
- Ну ўсё, сёння я буду біць, дзе што зрабіла? І не мані, я знайду - табе ж горай будзе!
- Нідзе нічога я не рабіла.
- Ну не трэба, - з ім быў старшы сяржант. - Каб ты - і нічога не рабіла - ніколі не паверым.
Заехалі з імі ў нейкі завулак, прапар дастае дубінку і падносіць да майго твару:
- Кажы, …, дзе што зрабіла!
Я не баюся хамячкоў, але быць бітаю за такую дробязь - прабачце, гэта не гераізм. Праехаліся па тумбах, міліцыянты садралі плакаты.
У пастарунку ўзялі тлумачальную і напісалі рапарты. Выграблі кішэні… Усе былі злосныя. Начальнік атрымаў велізарны ўтык за мае шпацыры, і гэты ўтык скаціўся ўніз па лесвіцы, дайшоўшы да мяне. Праседзела ў пастарунку добрую гадзіну, не ведаючы, што са мною будзе. Але адпусцілі і гэтым разам. У чацвер праседзела ўсю першую палову дня дома, таму што патэлефанавалі і загадалі чакаць бізуна. Але так ніхто і не з'явіўся.
І я вырашыла апошні раз прагуляцца па вуліцы. У мяне заставаліся яшчэ плакаты і стужкі. Калі вывешвала стужку ля выканкаму - выбег раз'юшаны ахоўнік, але не стаў мяне даганяць - яму забаронена пакідаць тэрыторыю. Ля інфармацыйнай тумбы, чытаючы мой плакат, стоўпілася крыху людзей. Вось гэтага я і дабівалася на працягу апошніх дзён.
На паўдарозе дадому затрымалі. Міліцыянт адказаў на маё пытанне - што яму патрэбна - абсалютна лагічна: не аддувацца на дыване ў начальніка за тое, што мяне не затрымаў. Але тут узнікла праблема: што далей? Праехаліся па ўсіх тумбах - плакатаў ужо не было. Хтось садраў і без дапамогі міліцыянтаў. Прывезлі ў пастарунак, яшчэ раз стэлефанаваліся з ахоўнікамі выканкамаўскіх будынкаў, з "добраахвотнікамі" - плакат знайшоўся. Учынілі падставу - кшталту я выказваюся нецэнзурнымі словамі - і хацелі зачыніць мяне ў падвале, але ўчастковы пасмяяўся і адпусціў, узяўшы тлумачальную.
У пятніцу я выйшла ў горад удзень - і зразумела, што гэта быў за велізарны ўтык - у Нясвіжы знаходзілася дэлегацыя з расійскага МУСу: выканкам гуляў зажынкі, а на плошчы на паркоўцы стаяў джып МУСу Расіі.
Шкада, не было з сабою налепкі, бо ўзнікла моцнае жаданне пакінуць ім "памяць" пра Нясвіж.
А ў панядзелак быў Дзень незалежнасці. Вырашаю паставіць кропку ў акцыях. Задача - пранесці на плошчу сцяг. Вялікі сцяг. Акуратна згарнуўшы, каб не прыцягваць увагу заўчасна, іду па вуліцы. Дайшла амаль да плошчы. І - на куце сутыкаюся з міліцыянтамі. У пастарунак прайшліся пехам, разгарнуўшы палотнішча, на вачах у людзей.
Здаецца, гэта была апошняя кропля міліцыянтаў. Вырашалі і думалі, думалі і вырашалі... Просьбы, якія пераўтварыліся ў пагрозы. Пагрозы, якія былі ў паўкроку да пераўтварэння ў рэальнасць. Абяцанні, якія спраўджваліся ўжо зараз...
Праз дзве гадзіны прыдумалі. Пасля доўгай-доўгай размовы міліцыянты дастаюць аркуш паперы і кладуць асадку.
- Пішы распіску, што ты так больш рабіць не будзеш… ці мы пішам рапарты і накіраванне ў суд, і твой адпачынак падаўжаецца на нявызначаны тэрмін.
Распіска.
Я, Азарка Настасся Аляксандраўна, абавязваюся не разлепліваць на непрызначаных для гэтага месцах налепкі і іншыя матэрыялы агітацыйнага зместу, а таксама там жа не развешваць сцягі бел‑чырвона‑белага колеру ў горадзе Нясвіжы, маім любімым горадзе.
28.07.09 г.
Інфармацыйныя тумбы чапаць ніхто не забараняў. І прызначаныя для сцягоў месцы застаюцца ў карыстанні таксама. Я не ведаю, каму патрэбная гэтая распіска і для чаго. Як і тое, колькі іх будзе яшчэ, гэтых распісак…
Адпусцілі.
Сушылка
Адпачнуўшы, вярнулася на завод, падрыхтаванаю для далейшага змагання. Мне цяпер прапанавалі месца аператара сушыльнага абсталявання. Гэта пасада першай аперацыі на пераапрацоўчай машыне ў цэху. Рулоны з тамбура паступаюць на размотчык, дзе патрэбна яго пусціць у сушылку, адкуль траста паступае на стол. У мае функцыі ўваходзіла цяпер сачыць за якасцю трасты і за пастаяннай загрузкай сушылкі. Ад гэтага залежыла ўся праца лініі. На сушылцы льняны пыл значна чысцейшы, чым на кудзельніку, дзе прысутнічаюць дробязныя частачкі кудзелі і валаконцы, і праўду кажучы, ужо харкала чорным брудам пасля кудзельніка. А на сушылцы, дзякуючы амаль ці не пастаянна адчыненым дзвярам у тамбур (што супраць правілаў бяспекі) створана такая натуральная вентыляцыя памяшкання і дыхаць значна лягчэй. Пылу, канешне, больш, з-за чаго месца аператара сушыльнага абсталявання мае льготы і ў колькасці дзён водпуска, і ў пенсійным узросце. Але і жартам тут раздолле было таксама. У рулонах час ад часу знаходзілі вужоў, бутэлькі, нават боты - усё гэта ехала цераз сушылку на стол. Вужакамі дзеўкі гідзіліся, бо яны траплялі ў рулон, калі камбаін скручваў у полю лён, іх сцісквала, і жывёлінкі паміралі. Знойдзеныя боты аднойчы так прымацавалі ў слой трасты, што збоку можна было падумаць, нібыта гэта чалавек - і яно так і думалася, і тады візгату было таксама шмат. А ў бутэлькі, якія ў рулонах знаходзіліся пустымі, залівалі ваду і пускалі "пачастункам". Рогату тады было, асабліва, як хтось з начальства выпадкам заходзіў у цэх і дзівіўся, што работнічкі "ўжываюць" на працоўным месцы.
І нягледзячы на розныя хібы і недахопы, якія ў большай ступені залежалі ад чалавечага фактару, у нас наперадзе былі файныя перспектывы развіцця. Дырэктар дамогся падвышэння заробкаў. Аднавіў працу заводаўскай сталоўкі... якая, аднак, вельмі хутка спыніла сваё існаванне. Праўду кажучы, нават калі б замест усіх гэтых комплексных абедаў нам кожны дзень выдавалася шклянка малака, і то было б значна лепей і карысней. Паўгадзіны абеда, замест нармальнага адпачынку, мы вымушаныя былі губляць невядома на што. Мала таго, што даводзілася хвілін 5 стаяць пад дзвярыма зачыненай сталоўкі, пакуль кухаркі зробяць ласку выйсці і адчыніць, дык яшчэ хвілін 10 гублялася на чаканне першых порцыяў, прычым вельмі гарачых - і з хлебам чамусці нацяжка, - 10 гублялася на чаканне другіх порцыяў (пасля таго, як першыя былі ўжо з'едзенымі). І яшчэ 5 - у чаканні пакуль нас запішуць, каб распісацца за абед. У выніку - бягом са сталоўкі на працоўныя месцы і ніякага адпачынку. Людзі бухцелі-бухцелі, пакуль я думала, ці скарыстацца парадай нашага начальніка аховы "паскардзіцца хоць на што-небудзь, бо ніколі ні на што не скардзішся". Але вырашыла зрабіць па-ціхаму. Перадала цераз сваячку адной з кухарак, што тая нарываецца. На наступны дзень абед быў пададзены своечасова, як трэба. Людзі засталіся задаволенымі. Грэх скардзіцца, кармілі смачна... хаця напачатку кухаркі касячылі, зусім не даючы свежай гародніны (а на тэрыторыі завода быў невялічкі агародзік, дзе расло усё - і памідоры, і гуркі, але нічога з гэтага на сталах не было нават і заўважаным), і паспытаўшы безвітамінную, багатую на пустыя тлушчы страву, я ўголас сказала тут жа за столікам, што кормяць як на сутках, ды і музыка з магнітафона спрыяла гэтаму ўражанню - круцілі шансон (яно то, канешне, лепей за папсу, але…). Рогат быў на ўсю сталовую, на наступны дзень кухаркі выправілі становішча - гародніна на сталах з'явілася, музыка памянялася. Кармілі смачна, за выключэннем некалькіх выпадкаў, калі суп натуральна называўся "я яго зварыла із таго што была".
Кожны палявы сезон сталоўка працавала для механізатараў, мы харчаваліся тым, што бралі з сабою. Зараз жа нам паабяцалі танны кошт харчавання комплекснымі абедамі, але... уся бяда была ў тым, што абеды менавіта былі комплекснымі, і немагчыма было адмовіцца ад тае ці іншае стравы, калі яна табе не падабалася. Напрыклад, калі чалавек проста не ўжываў капусту ва ўсіх выглядах прыгатавання, а абед складаўся менавіта з гэтых выглядаў, чалавек заставаўся галодным, падсілкаваўшыся гарбатаю з кавалачкам хлеба, але з яго заробку вылічваўся кошт усяго комплекснага абеда. І колькі разоў я даводзіла, што патрэбна складаць тыднёвае меню, дзе б чалавек бачыў, што будзе пададзена заўтра ці паслязаўтра і колькі гэта ўсё каштуе. Для таго, каб не застацца галодным. І для таго, каб эканомна распараджацца сваім заробкам. Але кухаркі адмахваліся і нахабнелі на вачох. Людзі пачалі паціху адмаўляцца ад такога харчавання. Чамусьці ні кухаркі, ні бухгалтэрыя, ні заўгас не звярталі ўвагі на тое, што людзей за столікамі пакрысе робіцца ўсё меней і меней, а занепакоіліся толькі тады, калі я рэзка ўзяла ды і перастала наведваць сталоўку. Нават бегалі да мяне з пытаннямі. І, нягледзячы на тое, што гэтую ўстанову яшчэ наведвала дастатковая для функцыянавання колькасць чалавек, сталоўку прычынілі.
Раз у год нам выдаецца спецадзенне, якое літаральна за месяц распаўзаецца і прадзіраецца. Таму людзі вымушаныя былі хадзіць хто ў чым, нягледзячы на патрабаванні. Пасля таго, як я (ненаўмысна) зладкавала перад адміністрацыяй у дзень рэспубліканскага льносемінару невялічкі паказ мод "а-ля бандзюган з падваротні", выдалі добрыя касцюмы, на пяць памераў большыя, якія давялося перашываць, але якія пачалі дзерціся толькі праз паўгады. Спецабутак нам выдаецца раз на два гады. Спецпрыналежнасці (мыла і спяцоўкі) выдаюцца раз на месяц. Праўда на мыла калі-нікалі забываюць. А спяцоўкі прымушаюць жадаць лепшага. Рукавічкі, пашытыя з прасціннага матэрыяла, ірвуцца ў першы ж дзень карыстання. Максімум, іх хапае на тры дні. Непрыдатныя да працы, коўзаюцца на руцэ і саслізгваюць з далоняў. І калі насамрэч шыюць такія спяцоўкі ў месцах пазбаўлення волі - то хочацца ўласнаруч прыдушыць гэтых "швакаў", тыя бо шыюць дзеля галачкі і адбыцця працадня, не хвалюючыся пра тое, хто і як будзе насіць. А між іншым, вельмі шмат прац узаемазвязаныя. Некалі мне скардзіўся адзін хлапчына з трактарнага завода, што не хоча, не любіць і не паважае сваю працу, і вельмі часта касячыць, вырабляючы бракованыя дэталі. І яшчэ марыць аб тым, каб зладкаваць які сабатаж... І зусім не думае пра тое, што з яго канвеера гэтыя бракаваныя трактары ідуць на наш завод, дзе ламаюцца ад першага ўтрапіўшага камяня, і мы вымушаныя цярпець нястачы. Не паважаеш сваю працу - паважай працу іншых. Не падабаецца табе тваё - лепш сыдзі, займіся чым іншым, што будзе болей даспадобы, але не перашкаджай іншым. Так і з тымі, хто "змушаны" працаваць у месцах пазбаўлення волі. Крыва скалочаны зэдлік, абы-як скручаныя зашчэпкі, на "абы галачку паставілі" ці "адбыў яшчэ адзін працадзень - яшчэ на дзень наблізіў волю". А ў гэты самы час на той воле людзі, якія вымушаныя карыстацца гэтымі недаробленымі рэчамі, калечацца... Пары вязаных пальчатак, якімі карыстаемся ўсе мы на заводзе, і якія прадаюцца ў кожным шапіку, хапае максімум на два тыдні. А дабротныя пальчаткі, прашытыя скурай, якія мне хтось быў прэзентаваў, праслужылі крыху болей месяца... Тут патрэбна яшчэ нагадаць пра пачкі мыйных парашкоў, якія мы набываем самі для таго, каб мыць спецадзенне, таму што кавалка мыла на цэлы месяц, каб і хацеў, не расцягнеш, а лазня даўно не робіць такой паслугі сваім рабочым.
Колькі месяцаў давялося цягаць уручную катанку, на якой паступалі паддоны з тамбура ў цэх, таму што паляцеў матор. Катанка, ці ваганетка, важыць не менш паўтоны сама па сабе, але дзякуючы таму, што яна стаіць на рэльсах, з цэха ў тамбур пустую катанку можна было выкаціць, прымяніўшы патройную чалавечую сілу - на сушылцы разам са мною працуе тры чалавекі. З тамбура ў цэх закаціць катанку, на якой знаходзіўся цяжкі паддон з чатырма рулонамі па 300 кг кожны, - гэта было ўжо складаней, але мы рабілі сваю справу. І я не абвінавачваю Мішку, майго напарніка, у тым, што, цягаючы вось так ваганетку па дзесяць разоў туды-назад (за смену выпрацоўвалася каля пяці - сямі паддонаў), ён іншым разам зрываўся і, не вытрымліваючы, сыходзіў у запой. Тады мне і Вольцы, таксама маладой дзяўчыне, даводзілася працаваць удзвюх, шукаць па заводзе мужыкоў, каб дапамаглі, а гэта было вельмі складана. Праблемай было ўтрымаць мужчынскую сілу на сушылцы, таму што нікому яна патрэбнай не была - залішне цяжкая і пыльная праца. Волька - маладое дзяўчо, гадаванае ў дзетдоме, прыйшла ў цэх з падсобнай гаспадаркі. Палец у рот ёй, канешне, не пакладзеш, але і страпаляльшчыцай яна была яшчэ той. Не без яе ўдзелу брыгады калаціліся паміж сабой, калі словамі, а калі і кулакамі (асабліва гарачыя бабы). Яна ж рабіла выгляд бязвіннага анёлка і з ценю назірала за калатнечай і згрызотамі. Ды і да працы асаблівай ахвоты не мела, з-за чаго нярэдка ёй ад мяне перападала. Скончыліся ў мяне ў адносінах да яе ўсе цывільныя словы. І я, каб паставіць кропку ў сказе, проста паслала дзяўчыну на х... Тая і паляцела. Да брыгадзіркі. Якая прыбегла да мяне і пытаецца - нашто ты Вольку паслала? Кажу - я не пасылала, я проста паставіла кропку. На тым і пагадзіліся. А ў адзін прыгожы сонечны дзень пятніцы, я, яшчэ маючы кроплю цярпення, сказала, што калі пасля выходных я прыйду ў панядзелак, першы дзень новага месяца, і матор не будзе зроблены, я сяду і буду сядзець, сарву працу брыгады, сарву выкананне плана цэха, і хай што хочуць, тое і робяць. Тут жа знайшліся электрыкі, тут жа, за час майго абеда, усё было адрамантавана. Але гэты матор праз нейкі час вылецеў ізноў, яго забралі на перамотку. Я разумею, што перамотка - гэта доўгая і марудная справа, таму што робіцца ўручную. Але сушылку патрэбна было забяспечыць другім маторам. Як заўсёды, такога не знайшлося. І ізноў нам давялося цёгаць катанку, і ізноў Мішка збег у запой. Неўзабаве матор вярнуўся на месца, але узніклі праблемы з катанкай - з цэха яна выязджала лёгка пустою, а з тамбура нагружаную яе даводзілася, як і раней, штурхаць уручную. Не вытрымаўшы, мы брыгадай адправіліся дэлегацыяй да дырэктара... За год ягонае працы на нашым заводзе гэта быў першы выпадак, калі у сілу абставінаў мне давялося да яго звярнуцца. Хаця ён, папярэджаны і міліцыяй, і выканкамам наконт мяне, таксама са мной яшчэ да гэтага часу не гутарыў. Быў нават адзін смешны выпадак, калі камусьці знешне спатрэбілася інфармацыя пра мяне, і наш дырэктар, урэшце не вытрымаўшы, захацеў на свае ўласныя вочы убачыць чалавека, які калоціць увесь горад (хаця я б сказала, што наадварот).
Дырэктар папрасіў галоўнага механіка цэха паказаць мяне яму, і яны разам прыйшлі на сушылку і паўгадзіны стаялі і назіралі за маёй працай. Я ж у той момант была ўся ў працэсе кіравання загрузкай сушылкі трастою і ўганяла у пот чарговага мужычка. Зараз жа я да дырэктара выказала сваё абурэнне. Ён тут жа пры мне патэлефанаваў галоўнаму нашаму энергетыку, які тут жа нацягнуў электрыка. Апошні, абураны, прыбег потым да мяне і сказаў, што па ягонае частцы ўсё зроблена, а катанка не едзе, таму што паляцела нейкая шэсцярня, і гэта ўжо частка слесароў. А мне якая справа, дзе чыя частка працы? У мяне свая праца, і мне патрэбна, каб усё было спраўным. Я спецыяльна пракансультавалася ў майстрыцы, якая мне сказала, што там маюцца дзве шэсцерні, адна ў маторы, і ёю павінен займацца менавіта электрык, а другая на катанцы, якою займаюцца слесары. Гэтую няшчасную шэсцярню, канешне, праз яшчэ колькі часу адрамантавалі, і мне было глыбока фіялетава, хто гэтым займаўся, але няўжо мне патрэбна было яшчэ і тут кантраляваць працэс? Увогуле, іншым разам прыходзіла думка запатрабаваць сабе даплату за шырокапрофільнасць працы. Таму што я ў пярвічцы працавала другі год, а прайшла практыку амаль па ўсіх аперацыях, у той час, калі большасць дзяўчат гадамі працавалі на адной вызначанай аперацыі і паняцця не мелі, што рабіць на іншай. На жаль, даплата была немагчымай. Болей таго, за тое, што мы рукамі цёгалі гэтую катанку, нам ніхто не даплаціў, але яшчэ і паздымалі колькі адсоткаў з заробка, таму што акурат тады і пачаліся змяненні на працы.
І ці то пацягнула недзе цягліцу на руцэ, ці то праскразіла яе, але вельмі доўгі час балела рука (правая, уціснутай была далонь левай), лекі не дапамагалі, наадварот, рабілася яшчэ горш, рука ўжо фактычна вісела і было балюча ёю рухаць, а схадзіць у шпіталь не мела часу, а працаваць абедзьвюма рукамі патрэбна. А тут - хоць адразай яе. Вылечыў Мішка. Скідваў на размотчык з паддону рулон і недарэчна пацэліў краем акурат мне на плячо. Рука запрацавала, пачала падымацца, боль знік, нібыта яго і не было. А мучылася ж больш месяца...
Што ж датычыцца розных цікавельшчыкаў, якія раз-пораз тэлефанавалі мне і запытваліся, што тут у нас ёсць дрэннага (і цікавіла іх менавіта дрэннае, таму што калі я пачынала распавядаць пра добрае, на тым баку слухаўкі адразу ніякавелі), дык з імі я карэктна адмаўлялася размаўляць, таму што гэта была ўсяго толькі цікавасць дзеля цікавасці. Яна не толькі не магла дапамагчы, але і магла моцна пашкодзіць мне ў маёй працы. Пустыя размовы наконт агульнай супольнай справы, узаемадапамогі і іншага бла-бла-бла, якія пераўтвараюцца ў пустазвон у паветры на выпадак рэальнай небяспекі, і мне даводзіцца самой абараняцца ціску, навучылі мяне засцерагацца. Я б і надалей пакінула ўсё гэта ў межах свайго раёна, калі б тое становішча, у якім апынулася ўся льняная вытворчасць, не дасягнула крытычнай кропкі.
Аб'яднанне
У паветры прасвісцела, што наш завод будзе аб'ядноўвацца з Валожынскім ільнокамбінатам - пойдзе пад яго філіалам. Але нам, простым працоўным, было большаю часткаю аднолькава - ці пад Валожынам, ці хоць пад Гомелем - абы была праца. Нам, канешне, было лепей і так, самім па сабе, але калі кіраўніцтва вырашыла пайсці на аб'яднанне - значыць так патрэбна, кіраўніцтву больш бачна. Прасвісцела яно гэтак, мы між сабою паразважалі, паціснулі плячыма, і працягвалі працаваць.
Я як магла спляжвала ўсе канфлікты. Ставала барыкадай паміж цэхам і канторай. Таму што разумела і тых, і другіх. Першыя хацелі дастойных умоў працы і дастойнай аплоты. У другіх сродкаў на гэта не было. Але нахабнасці хапала смяяцца нам у твары і махаць сваімі ўніверсітэцкімі корачкамі - а між іншым, і ля станка працавалі людзі з вышэйшай адукацыяй. Мая заява ў пракуратуру выклікала шырокі рэзананс у межах майго прадпрыемства. Праз колькі дзён пасля таго, як пракуратура ўтыкнула дырэктару наконт нявыплачаных грошай (пра што было мне паведамлена ў пісьмовым адказе), якія нейкім цудоўным чынам з'явіліся ў касе на наступны ж дзень пасля маёй заявы, я даведалася, што кантора поўнасцю ігнаруе інтарэсы працоўных. Мы па вушы загразлі ў пазыках і крэдытах. Завод ледзь разлічваўся з працаўнікамі, і пра тое, каб выдаліць як мае быць усе хібы прадпрыемства, не было нават гаворкі. Усё сваімі сіламі ў працэсе работы падмацоўвалася, рамантавалася, замазвалася. Мне было неймаверна шкада нашага новага дырэктара, і да часу я трымалася адноснага нейтралітэта. Таму што для простага чалавека любая ўлада заўсёды будзе кепскай. Таму што дырэктару найперш патрэбна была нашая падтрымка і дапамога, а ад яго чакалі ўсяго і адразу, чаго ён не мог даць. А кантора нарэшце ўздыхнула з палёгкай, пазбаўленая дыктату дырэктаркі, якая трымала ў жалезнай руцэ не толькі рабочых, але і офісных работнікаў. Выказванні накшталт "хто на што вучыўся", "не падабаецца - не рабіце", "незаменных людзей няма, за брамаю завода яшчэ трыццаць чалавек стаіць" пачасціліся і сталіся звыклымі ў адказ на ўсе нашыя абурэнні. Мы цярпелі. Мы вельмі доўга цярпелі і задушлівыя ўмовы працы, і абражлівыя адносіны канторы, таму што дома чакалі галодныя дзеці. Таму што патрэбна было неяк існаваць. Па выкананні плана выпрацоўкі валакна наш завод быў першым сярод усіх астатніх ільнопрадпрыемстваў не толькі вобласці, але і краіны. І гэта нягледзячы на тое, што даводзілася працаваць на зношаным абсталяванні, якое ўжо знаходзілася ў зацяжным стане рэанімацыі, паграджаючы траўмамі і няшчаснымі здарэннямі.
Спагнанне за маленькую правіну - я адлучылася з працоўнага месца на склад усяго на некалькі хвілінаў у той момант, калі на перапрацоўчай машыне зрабіўся прастой (спынілася праца з-за невялічкае паломкі), магчыма сталася штуршком для развіцця наступных падзеяў. На склад гатовай прадукцыі раз-пораз прывозілі розныя льняныя вырабы, якія мы маглі набыць у лік заробкаў са зніжкаю ў некалькі адсоткаў. Графік працы нашай брыгады супадаў з графікам працы склада, акрамя таго, складаўшчыца, а па сумяшчальніцтву і прафкамша, яшчэ мела ў нагрузку і месца на заводаўскай запраўцы, так што злавіць яе на складзе ў пазапрацоўны час было вельмі цяжка. Усе працаўнікі завода карысталіся любым зручным момантам для таго, каб наведаць склад па розных прычынах. А ў той месяц, калі мне ўтыкнулі правіну, узмацніўся кантроль над працоўнай дысцыплінай. Рабочых лавілі на любой хібе, для таго, каб мець рэальную магчымасць пазбавіцца ад таго ці іншага чалавека. З аднаго боку, гэта быў правільны ход, таму што і без таго расхлябанае прадпрыемства злаславілася вольным рэжымам працы, было нечым накшталт прахаднога двара, дзе знайшлі сабе прыстанішча апошнія апойкі. Для таго, каб пачаць рабіць станоўчыя змены на прадпрыемстве, патрэбна было ў першую чаргу перамагаць гэтую ганебную гідру. І ўжо шмат галоваў паляцела з-за сваёй цягі да моцных напояў. У дадатак, чамусьці нашая брыгада ўсім перашкаджала (мы працавалі па звычайным дзённым графіку, не маючы асабістага майстра і абслугоўваючага персанала, што прымушала нас падладкоўвацца пад графікі працы іншых брыгадаў, гэта выклікала шмат непаразуменняў, і, як на любым прадпрыемстве, стваралася нездаровая атмасфера канкурэнцыі, дзе прысутнічалі дробныя факты сабатажу. Гэта, як высветлілася значна пазней, было ў першую чаргу звязана з узаемаадносінамі майстроў і нашае брыгадзіркі). Але адміністрацыя перагінала ўсе палкі, калі загадвала, напрыклад, спілаваць усе яблыні на тэрыторыі завода, у тым ліку і зімовага сорту, маўляў, рабочыя нічога не робяць, адно яблыкі жаруць. Адну яблыньку дзяўчаты з сырдвара здолелі захаваць, бо расла ў дальнім куце і не была бачнай з канторы. А слесар аднойчы нават на спрэчку пайшоў, што яму за бутэльку бырла нічога не будзе. І я назіраю: заходзіць ён у цэх з боку склада валакна, ідзе такімі размашыстымі крокамі ад кудзельніка праз усё памяшканне, лыбіцца на ўвесь твар, а ў руцэ - бутэлька. Майстрыца забрала, пальцам пагразіла, і - нічога яму не было. У дачыненні ж да майго выпадку, я не шукаю апраўдання сабе і спагнанне ў паўбазавай велічыні лічу проста звычайнай недарэчнасцю, якая звязана менавіта з агульным ціскам на маю брыгаду. Аднак маё спагнанне выклікала вялікую хвалю абурэнняў у цэху пярвічкі, таму што, паўтаруся, у працоўны час на склад бегалі ўсе, а менавіта мяне чамусьці вырашылі пакараць. Мне было нават пераказана, што гэты факт лёг у асобную тэчку. Гэта азначала толькі адно - Інквізітар падбіраўся ўжо даволі блізка. Магу нават сабе дазволіць выказацца, што ўсё гэта было зроблена толькі дзеля выканання адзінага ягонага жадання пазбавіць мяне даходаў на жыццё, даціснуць, знішчыць як чалавека. Мне патрэбна было дзейнічаць. Гэта была вайна, а па законах ваеннага часу...
Аднойчы, хаця і не першы раз, нам моцна затрымалі выплату заробкаў. І пры дырэктарцы нам яго выплочвалі ў апошні дзень месяца (як тут жартавалі, трыццаць другога чысла ў пятніцу пасля абеда бліжай да вечара), але зараз насамрэч надыходзіла гэтае трыццаць другое чысло, а грашыма нават і не пахла. Мая заява ў пракуратуру была ўсяго толькі рэакцыяй працоўных на тое, што мы павінныя былі працаваць у жахлівых умовах працы, якія ніхто не збіраўся выпраўляць, ды яшчэ і цярпець патрабаванне канторы паўнейшага падпарадкавання. Я разлічыла так - перш, чым патрабаваць ад працоўных трымання дысцыпліны, патрэбна стварыць для іх прыдатныя ўмовы працы, дзе б гэтыя патрабаванні выконваліся з ахвотаю. Калі я не маю рацыю - пераканайце мяне...
Дырэктар на наступны дзень, праходзячыся па цэху, паведаміў, што грошы пачалі паступаць на рахунак завода, у сувязі з чым заробкі будуць выплочвацца паступова, цягам некалькіх дзён. Мне яго было неймаверна шкада, таму што чалавек, сам таго не жадаючы, стаўся ўдзельнікам гэтага бруднага супрацьстаяння паміж мной і Інквізітарам. Я як магла спляжвала ўсе канфлікты, але не ў тым выпадку калі адміністрацыя завода паводзіла сябе настолькі нахабна ў адносінах да працоўных. Мая заява ў пракуратуру выклікала шырокі рэзананс у межах майго прадпрыемства і яшчэ з месяц нашая кантора была ў вялізным абурэнні ў дачыненні да маёй асобы - "як яна асмелілася толькі гэта зрабіць!" Да мяне даляталі смешныя выказванні офіса наконт таго, што мне тэрмінова трэба нарадзіць, мяне патрэбна адправіць у дэкрэт для таго, каб я займалася сваім дзіцём і не мела большых праблемаў. У гэтым нашая кантора была сугучнай з міліцыянтамі...
Гэта быў толькі пачатак. Перад Новым годам нам прынеслі паперы на азнаямленне з новымі правіламі працоўнай дысцыпліны, згодна якім майстар і адміністрацыя будуць адказнымі за паводзіны працаўніка. Дэкрэты №1 і №2, якія парэбна было падпісаць яшчэ колькі гадоў таму, але якія нейкім чынам былі забытымі. Нам жа інтэрпрэтыравалі гэтыя дакументы так: "Цяпер, калі вы не задаволеныя чымсьці па ўмовах тэхнікі бяспекі, можаце не прыступаць да працы". З аднаго боку правільна. Але, з іншага боку, тыя незадаволенасці ніхто не збіраўся выпраўляць, і адказныя людзі спасылаліся на гэтыя дакументы - маўляў, падпісаліся, значыць можаце не працаваць, а не падабаецца - шукайце іншую працу, за брамаю яшчэ трыццаць чалавек стаіць.
ЦІХІЯ БУНТЫ
"Гані яе адсюль" - "Куды гнаць, як тут поўны камплект, патрэбна пратакол складаць... А яна сядзіць тут і улыбаіцца..."
А што мне было рабіць? Я не прасіла мяне затрымліваць. Я нават не чакала, што мяне ў навагоднюю ноч затрымаюць. На плошчы паставілі такую гарненькую сцэну, і хоць падыходы і абматалі сваімі стужкамі, але прайсці можна было. А навокал - нікога. Пакуль яшчэ. Трэба было ўпрыгожыць крыху сцэну… Толькі пакідаю яе - з-за кута: І што гэта вы тут робіце? Ад нечаканасці ледзь не села на снег. Маладзенькія хлопчыкі са службы аховы. І тут жа Міцяй ў загробкі і ў мусарню.
Добра, апельсінчыкам пачаставалі.
Перамены
Пасля Новага года нам прынеслі яшчэ паперы на пагадненне аб працягу працоўнага дагавору ва ўмовах утварэння філіала. Зноў жа такі, умовы нам ніхто не давёў, а ўсё было растлумачана так: згодны, значыць працуеце далей, не згодны - плануецца скарачэнне. Мы простыя працаўнікі, мы падпісаліся, што згодныя. І змены не прымусілі доўга чакаць. Маю брыгаду разагналі ў адзін момант, хаця да гэтага не было ніякіх падставаў на такі крок. Але справакавала перш за ўсё тое, што нашая брыгада была ці не самай траўмаванай - раз за разам хтось ды ўсуне руку. Апошні выпадак, калі жанчыне ледзь не адарвала яе па самую ключыцу - зрабіўся апошняй кропляй. Справа была ў перазменку іншых брыгад. І Лявонцьеўна ўжо здала свае паўнамоцтвы, Аляксееўна ж - яшчэ не прыняла. Першая брыгада пакінула ўжо свае працоўныя месцы на другой паточнай лініі, нашая лінія яшчэ працавала. Забіўка пад абцірачным колам - і мы спынілі сваю працу для ліквідавання непаладкі. Гэта патрэбна было аднаму чалавеку (рукой) кручком выцягаць забіўку, другому трымаць ломам хадавы рамень, што прыціскае валакно і гоніць яго пад кола на абцірачныя нажы, трэці чалавек націскае на кнопку задняга альбо пярэдняга хода кола (у залежнасці ад каманды). І барані Божа ў гэты час стаяць камусьці побач і намагацца выконваць яшчэ якую рамонтную работу на лініі, бо наўпрост можна было застацца без рукі. Я выцягала забіўку, брыгадзірка трымала лом, новая дзяўчынка, якая яшчэ была на выпрабаваўчым тэрміне, націскала кнопку туды, куды ёй махаў наш слесар. Як Марфа патрапіла сваёю рукою ў ланцуг - і да гэтага часу ніхто не разумее. Роўна як і тое, з якога перапуду яна палезла на другое кола выцягваць намотку. Але факт той, што мы торкалі сваё кола туды-назад і - крык на ўвесь цэх. Я падымаю галаву ад забіўкі і бачу спалатнелую Марфу. Лячу да яе, слесар ужо вызваліў жанчыну і змыўся. Мне нічога не заставалася, як узяць яе за плечы (адно з якіх было чорным ад мазута і бурым ад крыві) і пасадзіць на каляску. А побач стаяла Хрысцінка і бялела з перапуду. І чамусьці нікога больш не было побач. І я стаяла і не ведала, за каго хапацца - бо абедзьве былі на краі страты прытомнасці - адна ад болю, другая ад страху. Прыбегла нарэшце Аляксееўна, мацюкнулася, што ўсе ў ступары і пабегла выклікаць "хуткую дапамогу". І калі другая брыгада нарэшце прыйшла ў цэх, я вывела Хрысцінку ў бытоўку, дзе тая ўрэшце разравелася і ёй зрабілася лягчэй. Руку Марфе ўратавалі. Але смуроду ад яе атрымалася болей, чым калі ад каго - жанчына аказалася з лапамі і крыві з завода выпіла вельмі шмат. Хоць уся вінаватасць была на ёй. Адзінае, што я здолела зрабіць - гэта вяцягнуць Хрысцінку з-пад пагрозы крымінальнай справы, бо дзяўчо, як бы яе ні стараліся ўсе зрабіць крайняй, не мела тут правіны.
Мы выконвалі план па выпрацоўцы валакна. Але ў адзін прыгожы дзень да мяне і Алкі падышла Лявонцьеўна і параіла пайсці ў кантору напісаць заяву аб пераводзе ў яе брыгаду, таму што з заўтрашняга дня нашую брыгаду расфарміроўваюць. Што і было зроблена, хоць тут таксама прысутнічалі маленькія перашкоды, таму што мне адначасова давялося выбіваць месца ў гуртажытку. Таму што брыгада працавала па зменах. Прынцыпова, дзесяць кіламетраў ад завода да дома для мяне не былі праблемаю - усяго дзве гадзіны кроку, але стаяла зацяжная марозная зіма, і па дарозе можна было напаткаць усякага кшталту розных драпежнікаў, у тым ліку і на двух нагах. Далі малюпасенькі пакойчык, дзе, акрамя ложка і невялічкай шафы, не было больш нічога. Санвузел знаходзіўся на першым паверсе, ключы былі ў прыбіральшчыцы. Ды мне не так яно і патрэбна было - прыходзіла ў пакойчык апоўначы, пасля заканчэння змены, раніцою сыходзіла на першы аўтобус, які ішоў у Нясвіж. Але Валянцінавіч вельмі чакаў, што свой пакой ператвару ў апазіцыйны склад, ды і нагода для гэтага была: цяпер мне значна прасцей зрабілася ездзіць у Менск і вяртацца адтуль позна ўночы - адкінулася набходнасць шукаць спадарожную машыну на Нясвіж, я спакойна магла цяпер пераночыць у Гародзею, пакінуць у пакойчыку тое, што нельга было захоўваць на палёнай кватэры і не баяцца, што тут зробяць ператрус, бо ніхто з тых, "каму трэба", пра гэты пакойчык не ведаў.
Працавала цяпер на сушылцы з маладым хлопчыкам Віталям, адчайным п'янюгам, але вельмі кемлівым і адказным. Не аднойчы выцягвала яго з розных непрыемнасцяў. Не аднойчы ратавала і абараняла. Падмяняла яго, калі, здаралася, адсутнічаў. Падмяняла - гэта значыць выконвала яго абавязкі - падымала і ставіла рулоны, забівала ламы кувалдай, правіла транспарцёр і пнеўматыку. І калі аднойчы ён не з'явіўся на працу, а майстрыца прыйшла і паведаміла, што яго яшчэ доўга не будзе - разбіўся ў лабавой аварыі - узяла на два месяцы на сябе яго працу. Паказала моду, што я магу ўсё. І нават ударыць за касое вока ці грэблівае слова. Хлапчук у аварыі выжыў, дзякуючы, мусіць, толькі свайму анёлу-ахоўніку і непрышпіленаму рамяню бяспекі, адрабіўшыся падзёртымі каленкамі, жменяй аскепкаў лабавога шкла ў скуры галавы і рассечаным павекам. А вось ягоны сябра загінуў на месцы, і як потым распавядаў Віталя, яшчэ хрыпеў, пакуль чакалі "хуткую". Машына была чужой - хлапцы ўзялі пакатацца ў знаёмага, што працаваў на СТО. Як аказалася - машына належала нашай жа супрацоўніцы, і тая прыкладала ўсе намаганні, каб засудзіць чалавека, і нават больш - калі зразумела, што нічога не вытрасе нават праз суд, пачала гнабіць і паграджаць яму расправай. А ён цяжка і доўга адыходзіў ад здарэння. Я не вытрымала першай. Аднойчы прылюдна выказала ёй усё, што думаю пра яе і яе машыну, ды так, што жанчына заткнулася і больш не чапала хлапца, бо яго вінаватасць была толькі ў тым, што ён застаўся жывым.
І хоць план па выпрацоўцы валакна выконваўся як мае быць, нам пачалі рэзка рэзаць заробак. І пры гэтым не тлумачылі, чаму. Тое, што якасць крыху не адпавядае, тое, што не стае кіланумароў - усё гэта былі адгаворкі, таму што да гэтага часу ніхто не звяртаў увагі на дадзеныя недахопы. А тое, што склад завалены валакном і няма куды яго дзяваць, таму што Орша не прымае - гэта ўжо былі праблемы маркетынгу. Нашая справа маленькая. І мы не разумелі, чаму, працуючы старанна і рупліва, мы вымушаныя былі цярпець нястачы.
Трэба было браць справу ў свае рукі. Але трэба было дзейнічаць правільна, для таго, каб не пашкодзіць інтарэсам іншых маіх калег, каб у выпадку чаго ўсю адказнасць узяць на сябе, таму што мне не прывыкаць, а жанчынаў было шкада, і я не хацела, каб разам са мною спакутавала яшчэ людзей. І спачатку была пададзена заява ў адміністрацыю завода з патрабаваннем склікаць камісію па працоўных спрэчках. Падпісаліся пад заяваю ўсе. Насуперак чаканням. Але камісія для нас нічога не высветліла. Наадварот, адміністрацыя завода ўвогуле не палічыла патрэбным рабіць справаздачу перад рабочымі, як заўсёды, закідаўшы нас незразумелымі бухгалтарскімі лічбамі, а таксама прапановамі шукаць іншую працу (ад прафкамшы), шукаць багатых мужоў, якія б былі здольнымі нас забяспечваць дастаткам (ад бугалтаркі), чытаць газеты, дзе выкладзена патрэбная нам інфармацыя пра змяненні ў лічбах і ісці вучыцца ў ВНУ (ад эканамісткі).
Наступным маім крокам быў зварот з агульнымі подпісамі ў пракуратуру, куды я пайшла асабіста. У пракуратуры даўно ўжо чакалі ад нас звароту, і не паспела я пераступіць парог кабінета, як мяне сустрэлі словамі - чаго вы да нас прыйшлі, вам патрэбна звяртацца ў Стаўбцы напрамую, таму што мы будзем накіроўваць заяву туды адназначна. Мне далі адрэсу Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі па працы, якая па факце заявы правяла маленькую праверку ў межах сваёй кампетэнцыі, але для таго, каб больш зразумець сутнасць справы ім патрэбна атрымаць больш разгорнутае апісанне праблемы. Я напісала больш разгорнута. А пакуль чакала наступнага адказа, мы працягвалі працаваць. І губляць грошы.
Кампрамісы
Што?!! Як дапусцілі?!! Прыміце меры!!!!!!!
Інквізітар быў раз'юшаны. Тым, што я не зламалася. Тым, што я здолела прайсці першы этап перадвыбарчай гонкі. Тым, што ў мяне з'явілася файная магчымасць падняцца на ступеньку вышай па статуснай лесвіцы. Гэтага нельга было дапускаць ніякім чынам!!!
Але дачапіцца не было за што. Рыхтуючыся да мясцовых выбараў я да магчымага мінімуму звяла сваю дзейнасць, так што ўсе вісякі, якія ў мяне былі, зыходзілі акурат да моманту рэгістрацыі. На працы таксама было ўсё спакойна, нягледзячы на мае звароты ў пракуратуру. Я дала зразумець канторы, што лепей мяне не чапаць патрабаваннямі, таму што з іхняга боку ў адносінах да працоўных маюцца велізарныя недахопы. Адзінае, што мне зусім не хочацца ваяваць з дырэктарам - чалавекам, які міжвольна стаўся ўдзельнікам вайны паміж мной і Інквізітарам. І мне яго бязмерна шкада. Дырэктар вымушаны быў узяць сабе працоўны адпачынак, і адзінае, што зрабілі - гэта як больш мякка папярэдзілі, што я магу страціць працу.
Набліжаўся дзень 25 сакавіка. І вось тут бацькі нашага горада знайшлі выйсце. Лібералізацыя - гэта гарная штука, магу зазначыць. Таму што мне было прапанавана тры варыянты на выбар:
я здымаюся з кандыдацтва сама ці мяне звальняюць з працы;
на мяне вешаюць чарговую крыміналку і здымаюць з кандыдацтва;
я еду ў Менск на Дзень Волі і мяне здымаюць з кандыдацтва.
У чалавека заўсёды ёсць выбар. Права выбару даў чалавеку Бог яшчэ з часоў Адама і Евы. Але іншым разам выбар бывае залішне цяжкім. У дадзеным выпадку гутарка ішла толькі пра зняцце з кандыдацтва і нічога больш. Канешне, я выбрала трэці варыянт…
Першы раз я ехала ў Менск з "афіцыйным дазволам" на ўдзел у акцыі. Першы раз не было строму, што стрымаюць у дарозе. Першы раз гэта быў насамрэч вольны дзень. Але на душы было неяк пагана.
Само правядзенне акцыі таксама не здаволіла. Мы ніколі не пераможам, пакуль не навучымся супрацьстаяць кардонам спецпрыза. Сценка на сценку? Калі з нашага боку 15 чалавек, а з іхняга - непрабіўная сцяна з 5 шэрагаў па 20 шрэдараў… Уражанні ад святкавання пазалеташняга 90-годдзя БНР зараз толькі ўзмацніліся. Ды і хай бы сабе атрымалі кухталёў, але Дзень Волі - гэта не той дзень, калі можна дазволіць уладам мець перавагу…
Наперадзе прэзідэнцкія выбары. Сваю падрыхтаванасць да іх мы паказалі 25 сакавіка. Прыкра і балюча. Можа, усё ж такі, яшчэ не позна пачаць загартоўваць байцоў? Сапраўдных байцоў, якія ў час "Х" возьмуць справу ў свае рукі?
Ціхія бунты працягваліся. Ціхія бунты - абурэнні, незадаволенасці… але мы працягвалі працаваць, выконваць план, таму што інакш было нельга. Забастоўка, якой яе звыкліся лічыць і бачыць, на нашым заводзе была немагчымая. Таму што адна гадзіна прастою моцна б'е па кішэнях, а забастоўка з мэтаю не проста прыцягнуць увагу да праблемы, але і дабіцца яе вырашэння, мае значна большую працягласць. Я выдатна разумела, што ў нашай справе нам ніхто не дапаможа. Ні той хвалёны заакіянскі дзядзька Сэм, ні болей блізкія "лідары дэмакратыі", якім проста начыхаць на звычайнага чалавека, і якія гойсаюць па замежжах з мэтай дэструктурызаваць становішча краіны. І зусім не зважаюць на тое, што ўсе гэтыя абмежавальныя санкцыі, якіх дабіваюцца ў адносінах да Беларусі, моцна ўплываюць на жыццё простага працоўнага чалавека і не адлюстроўваюцца ніякім чынам на жыцці чыноўніка. Тая псеўдаўвага дэмакратычнага руха, якім ён кідаецца падчас выбарчых кампаній, - гэта не болей, чым паказушнасць з мэтаю схіліць на свой бок працаўнікоў. І я кажу ад імя ўсяго працоўнага калектыва, што нам насамрэч глыбока фіялетава, якая ўлада кіруе краінай, таму што яшчэ ні адзін чыноўнік не дапамог простаму чалавеку палепшыць працоўнае жыццё. Абяцанкі застаюцца абяцанкамі, чыноўнікі за лік працаўніка расхопліваюць сабе кіруючыя партфелі, а просты чалавек як пахаў, да і будзе пахаць у поце і крыві. Абяцанкамі дзяцей не накорміш.
На маю другую заяву са Стаўбцоў прыйшоў адказ. Які спачатку скалаціў кантору. Адным прыгожым сонечным днём прафкамша выклікала мяне да сябе і правяла гутарку, з якой вынікала, што "дырэктар (плача), знерваваны ўвесь, хоча звальняцца і завод могуць зачыніць зусім". Прафкамша доўга тлумачыла, што ў канторы працуюць некваліфікаваныя спецыялісты, якія самі нічога не разумеюць. Што дырэктар - мяккі і добры чалавек. І я была з ёю згоднай, што яго можна толькі пашкадаваць. Што ён хоча на заводзе зрабіць шмат добрага, але не стае грошаў. Што тут ідуць міжусобіцы, і ўлазіць у іх апошняя справа, тым болей з падачы вярхоў. Што на заводзе працуюць людзі, якім больш няма куды падацца, і ў выпадку зачынення завода яны проста апынуцца на вуліцы… Урэшце яна выказала сваю пазіцыю: "Мы табе пайшлі на саступкі. Захацела ў змену - далі змену. Спатрэбіўся пакой - далі гуртажытак. Будзь жа і ты чалавекам…"
Пайшлі на саступкі? Мяне задавальняла мая ранейшая брыгада. І ніхто не прасіў яе раскідаць. Можа, я і хацела ў іншую брыгаду, тую, у якой я цяпер працую і якая працуе па зменах, але мяне задавальняла маё ранейшае месца. І гэта не я пайшла прасіцца, а майстар за мяне ўсё вырашыла. А пакой завод абавязаны быў даць. І гэтая складаўшчыца зараз мне тыкае, што завод пайшоў на саступкі? Я паабяцала падумаць, што можна зрабіць, каб нікому дрэнна не сталася, таму што гарэла праца і на доўгія размовы з высвятленнем проста не было часу. І я не ўлазіла ў іх міжусобіцы, у мяне была свая вайна.
На наступны дзень дзяўчаты мяне папярэдзілі, што яны чулі ад хлапцоў з гаража, што кантора хоча мяне прыбраць з завода. Ды вось толькі не ведае, за што. І плануюць яшчэ раз прынесці паперы на пагадненне аб працягу працоўнага дагавора ў сувязі з чарговымі змяненнямі ў сістэме аплаты працы. Прычыну для звальнення, канешне, заўсёды можна знайсці. Але чацвёрты год працуючы на заводзе, я жыла так, што нават прыдзіркі Інквізітара нічога не значылі. Калі кантора хоча мяне звольніць, ёй давядзецца ўчыніць падставу. Але гэта будзе тады падстава падставаў. Наўрад ці хто вырашыцца на такое. У любым выпадку, папярэджана - значыць узброена. Я буду напагатове да ўсяго… І ў дадзенай сітуацыі тут можа быць адно з трох: альбо зачыняць завод, альбо пойдзе дырэктар, альбо пайду я. Яшчэ праз колькі дзён прыбіральшчыца, нашая знаходка для шпіёнаў, мне шэпча, што дырэктар напісаў заяву на ўласнае звальненне…
І следам прайшла атэстацыя працоўных месцаў. Рэч патрэбная, але нават дзяўчаты з дваццацігадовым стажам працы не памяталі, каб праводзілася такое. Пытанні тычыліся працоўнай і пажарнай бяспекі, і толькі дурань мог дадумацца, што працоўны чалавек, кожны дзень які мае справу з гэтай самай працоўнай і пажарнай бяспекай, не ў стане адказаць, як сябе патрэбна паводзіць з працоўным абсталяваннем. Кожны дзень маючы практыку, я магла расказаць усё не толькі пра сваё ўласнае працоўнае месца, але і пра тыя аперацыі на перапрацоўчай машыне, з якімі мне падчас працы даводзілася сутыкацца. Што ж тычыцца тэорыі, то хай яе расказваюць людзі, якія вучыліся ва ўстановах і маюць дыпломы… Атэстацыя была пройдзена.
Пагадненне аб працягу працоўнага дагавора не прымусіла сябе доўга чакаць. Нам прынеслі чарговыя паперы на подпіс. У сувязі з чарговым змяненнем у сістэме працоўнай аплаты. Людзі абурыліся яшчэ болей. Я ціха пасмяялася: гэтыя паперы істотна адрозніваліся дакладнасцю і падрабязнасцю, пра што я сама нагадала адміністрацыі ў патрабаванні склікання працоўнай камісіі. І тут яшчэ раз проста сама сабою прыходзіць думка кампетэнтнасці нашай юрысткі. Таму што я - справа зразумелая, самавучка. Дасканальна праштудзіравала Адміністрацыйны кодэкс, з-за чаго ўжо самі міліцыянты запытваюцца, які артыкул ім патрэбна прымяніць у дачыненні да мяне. Жыццё прымусіла чытаць і Крымінальны кодэкс для таго, каб мець самаабарону. Ды і Выбарчы кодэкс мець пад рукою не перашкодзіла. У сувязі з праблемамі на заводзе ўзяла ў рукі Працоўны кодэкс… Але што датычыцца нашае юрысткі, дзяўчына ж павінна быць адукаванай у сваёй галіне і не чакаць падказкі.
Адміністрацыя завода ўсё ж такі вырашыла прыйсці да нас дэлегацыяй наконт гэтых самых пагадненняў. Яшчэ і таму, што гараж увесь падпісаўся адмоўна. Калі б мы таксама адразу ж выказалі сваё "НЕ" - гэта паставіла б завод перад фактам зачынення. За цёркамі, якія ўзніклі паміж адміністрацыяй і рабочымі (было даведзена, што сама адміністрацыя ў гэтых пытаннях нічога не можа вырашыць, таму што ўсе паперы зыходзяць ад Міністэрства гаспадаркі, і яны самі гатовыя разам з намі ўзяць у рукі транспаранты і ісці баставаць), было адчувальна бачна, што ўсе чакаюць майго вырашальнага слова. І я пайшла на кампраміс. У нас, згодна з паперамі, ёсць месяц на роздум, і мы яго выкарыстаем. Адміністрацыя, якая, бачна, баялася агульнага бунту, уздыхнула з палёгкай - кампраміс даваў некалькі тыдняў жыццядзейнасці завода.
Крытычная кропка
Дзень працоўных у дадзеным выпадку трэба было адзначаць. Але я не думала, што ў гэты дзень у Нясвіж завітае аўта-велапрабег, прысвечаны Дню Перамогі. На плошчы шмат машын са сцяжкамі Расеі і Польшчы. А побач - міліцыя. Доўга стаяла і думала, але потым начапіла сцяг побач з выканкамам і сышла. Вжыкнула "мошка" туды ж і назад - скакалі глядзець, ці няма на кальцы сцяга. Я зрабіла выгляд, што іду дадому, таму мяне не зачапілі. І добра залічыла з часам, таму што літаральна хвілін праз пяць гэты прабег рушыў у Берасце. Вяртаюся - насустрач спрачатку веласіпедысты з Польшчы, якія радасна віталіся і звярталі ўвагу адзін аднаго на глобус. За імі - міліцэйскае суправаджэнне… Я азірнулася - калі пачалі ехаць аўтамашыны, міліцыянт не паспеў зняць сцяг і стаяў побач.
Інквізітар пазбавіў ахоўніка выканкама прэміі на паўгады за мой першатравеньскі сцяг. Шкада хлапца, але…
Месяц пайшоў на лік. Мы працягвалі працаваць. Увішна і старанна. Працягвалася пасяўная кампанія, механізатары жылі фактычна на чамаданах і ўсе як адзін вырашылі плюнуць на гэтую працу. Галандскае сем'е льну аграном усё ўкінуў у балота, таму што лепшай і прыдатнейшай зямлі для далікатнай расліны няма. Гаспадаркі Беларусі акцэнтуюць увагу на бульбе, бураках, зернавых культурах, а вось лён… Аграном, услед за механізатарамі, чакаў заўтрашняга дня. Ім было значна прасцей, таму што мужчынам значна больш лёгка знайсці сабе іншую працу, іншае жыллё, іншае жыццё. Мы ж, жанчыны, прывязаныя да сям'і, да зямлі, да працы. І мы чакалі. Чакалі ад мяне вырашэння праблемы. Але Стаўбцы адмовіліся разбірацца з намі, урэшце спаслаўшыся на ўказ, які забараняў праводзіць праверкі на новаўтвораных прадпрыемствах на працягу двох гадоў. Мы, пераўтварыўшыся ў філіал, набылі статус новаўтворанага прадпрыемства. Адзінае, што ў сваім адказе Стаўбцы мне поўнасцю распісалі крытэрыі і патрабаванні да працоўных месцаў, працоўнага абсталявання і ўсяго астатняга, якія мне можна будзе выкарыстаць на выпадак канкрэтнага канфлікту паміж адміністрацыяй і рабочымі.
Я спрабавала пагутарыць наконт забастовачнай сітуацыі на заводзе з "таварышамі па партыі", шукала падтрымкі ў выглядзе якіх-небудзь кансультацый па правядзенні "лакальнага перавароту", юрыдычнай дапамогі. Мне сказалі - пачакай, у нас тут на носе выбары, мы нічым табе дапамагчы не можам. Іншымі словамі - не займайся ерундою, дзевачка, і не перашкаджай нам. Што было вельмі і вельмі прыкра чуць. Што значаць гэтыя ўсе хаджэнні ў народ і заклікі быць бліжай да народа, калі на справе ад народа адгароджваюцца ў выпадку небяспекі? Яшчэ раз паўтаруся, звычайная забастоўка немагчымая на такім прадпрыемстве, як наш завод, што па сутнасці сваёй з'яўляецца не асобнай самавырашаючай юрыдычнай адзінкай, але ўваходзіць у галіну сельскай прамысловай гаспадаркі як частка льнотрэста. Пакуль яшчэ які не лопнуў. Але які знаходзіцца на мяжы існавання. І праблемы майго завода не лакальныя, не залежныя ад яго адміністрацыі - таму што ўсё, што наш дырэктар можа зрабіць - гэта вынесці нашыя патрабаванні на разгляд льноканцэрна, дзе яны і затопчуцца. Таму што акрамя нас у краіне яшчэ 45 заводаў, большасць з якіх стратныя, нерэнтабельныя. І прасцей за ўсё - большасць заводаў зачыніць, скараціць да неабходнага мінімуму, каб галіна падтрымлівалася на якасным узроўні, чым ламаць галаву над тым, што рабіць з людзьмі, якія хочуць лепшага жыцця.
Падчас гэтага супрацьстаяння дзяржаўным устоям, якое ў большай ступені было маім асабістым, мяне моцна калаціла і плюшчыла. Я ўзненавідзела людзей, якія дазваляюць шклянцы вырашаць узнікаючыя праблемы, таму што мне самой ой як хочацца іншым разам перакуліць адзін-другі кілішак, і, як Скарлет, падумаць пра праблему заўтра. Але я ведаю, што і заўтра праблема не знікне, а застанецца, і магчыма, яшчэ і вырасце ўдвая больш. Агіднымі зрабіліся паводзіны Алкі, якая ніколі і не адрознівалася сур'ёзнасцю, але было такое адчуванне, што яе сітуацыя зусім і не кранае, маўляў, на гэта ёсць Насця, яна выруліць і разруліць. І пакуль я руліла, яна куляла чаркі з Валянцінавічам... Мне самой ой як хочацца пакінуць усё так, як ёсць, з'ехаць куды-небудзь з кім-небудзь і забыць на ўсё, таму што іншым разам перада мною паўстае глухі тупік, з якога няма выйсця. Гэты спустошаны горад, гэты глухі на чалавечнасць свет, гэтыя бяздушныя людзі… Бяздушныя на чужую бядотнасць людзі, якія недзе там на адлегласці крычаць пра салідарнасць і ўзаемадапамогу, ад якіх ужо проста ванітуе. Яны сядзяць недзе там пры сваіх партфелях і чакаюць, калі мяне тут звольняць з працы. Гэтае чаканне ажно прэ нават праз кіламетражную адлегласць. Але я не магу ім даць яшчэ адну нагоду для звычайнага бла-бла-бла наконт тэрору рэжыму і прывідных пагрозаў расквітання з ім. Таму што ўсё гэта словы і нічога больш. Таму што тут гаворка ідзе пра захаванне беларускай нацыянальнай спадчыны, і я не магу кідаць гэтае пытанне разменнай манетай у карысць нечыіх напалеонаўскіх амбіцыяў. Аднойчы я плюнула ў вочы прыспешнікам Інквізітара: так шкада, што зараз не час інквізіцыі - спалілі б мяне на вогнішчы, і зніклі б усе праблемы, і мае, і іхнія… Стомленасць, стомленасць настолькі апантоўвае, што на нейкія хвіліны проста апускаюцца рукі. Але праз імгненне я прымушаю сябе падняць іх, таму што бачу вочы людзей, якія чакаюць ад мяне вырашальных крокаў, якія спадзяюцца на мяне і давяраюць мне. І я працягваю сваю барацьбу. Я, маленькая слабая жанчына, якой так хочацца цеплыні і пяшчоты, звычайнага кахання…
Мы цягнулі з вырашэннем пытання. Але калі мужчыны былі катэгарычнымі і клалі на ўсё, да нас, жанчын, падыход быў іншым. Пачаліся ціскі ў адносінах да жыхароў гуртажытка, таму што са стратай працы яны маглі страціць і жыллё, апынуцца проста на вуліцы. Адміністрацыя завода па-ранейшаму не жадала ісці да нас для вырашэння праблемы. Наадварот, кідалася выказваннямі, накшталт - хто не згодны, забірайце працоўныя кніжкі. І, праўду кажучы, у мяне напрыканцы месяца ўзнікла такое жаданне.
Выканкам на завод клаў з высокае вежы. Гэта было зразумела даўно. Для пракуратуры мы былі галаўным болем. Інспекцыя па працы адмовілася нам дапамагаць, спаслаўшыся на дэкрэт. Пра Камітэт дзяржкантролю няма чаго і гаварыць…
Я ўжо не ведала куды ісці. А з апошнімі падзеямі ўзнікала думка, што становішча насамрэч залежыць толькі ад мяне - можа, варта мне забраць сваю працоўную кніжку, і тады ўсё адразу стане на свае месцы…
А тут яшчэ вырашэнні адміністрацыі наконт водпуску. Звычайна да гэтага часу пярвічка ішла на адпачынак у ліпені. За месяц цэх рамантавалі, прыводзілі да працоўнага стану, ды і людзі, змучаныя за цэлы год, маглі нармалёва адпачыць перад пачаткам нарыхтоўчай кампаніі. А там ужо - частка ішла пад шохі сушыць сем'е, частка ехала ў поле церабіць лён. Зараз жа адміністрацыя хацела размеркаваць водпуск паміж дзвюма брыгадамі, каб адна саскочыла на яго ў чэрвені і выйшла на працу ў ліпені, калі другая пойдзе ў водпуск. Гэта быў ужо край. Людзі і без таго ўжо былі стомленымі да кропкі. Па-другое, такое вырашэнне было поўнасцю нерацыянальным, таму што ў такім выпадку пра рамонт можна было забыць, а ён быў неабходным. Прынамсі, размотчык на сушылцы дажываў свае апошнія дні. Стан рэанімацыі - гэта яшчэ залішне моцна сказана. Хутчэй, каматознае становішча размотчыка, калі кожны дзень прыходзіш да яго ў поўнай невядомасці - грохнецца ён зараз ці яшчэ крышачку працягне. І ніякія меры перасцярогі і трыманне правілаў тэхнікі бяспекі тут ужо не маглі дапамагчы, таму што, згодна ім, трэба было б трымацца ад паміраючага агрэгата як мага далей. Недзе на пачатку года на завод прывезлі новы размотчык, але яго патрэбна было падганяць пад машыну, таму ягоную усталёўку вырашылі адкласці менавіта на ліпень. Калі ж у цэху будуць працаваць людзі, на новы размотчык можна будзе забыць. Акрамя таго, і на нарыхтоўчую кампанію можна будзе забыць таксама. Людзей не хапае. І ніхто іншы не пойдзе працаваць на завод, хай нават за ягонаю брамаю стаіць хоць сто чалавек.
Пасля доўгіх і працяглых цёрак адміністрацыя нарэшце зразумела, што дайшла да крытычнай кропкі. Нельга раскідацца людзьмі, калі ты сам ад іх залежыш. На перамовы з адміністрацыяй наконт перапісання пагадненняў гараж адмовіўся ісці, таму што хлапцы былі ўшчэнт абуранымі і не жадалі нават слухаць рознага кшталту абяцанні адміністрацыі пра падвышэнне заробкаў. Хлапцы на гэтыя абяцанні проста ўжо клалі. Брыгада №2 нашага цэха пярвічкі, прачакаўшы да канца месяца і ўбачыўшы, што ніякіх станоўчых змяненняў няма, падпісала пагадненні аб згодзе большаю паловаю. Гэтая большая палова складалася з пенсіянерак. Нашая брыгада №1 плюнула ім у вочы. Мае жанчыны ўсе як адна адмаўляліся падпісваць паперы. Патрэбна было, аднак, штось вырашыць. Тады я прапанавала проста напісаць, што азнаёмлены. Адміністрацыя была ў абурэнні і патрабавала пазначыць згоду ці нязгоду. Тут было падвойнае дно. Напішаш, што згодны працягваць працоўны дагавор - пагодзішся са зменамі. Напішаш, што не згодны - пойдзеш з працы. Напішаш, што азнаёмлены з прапануемымі змяненнямі - пагодзішся з імі… Хаця, азнаёміўшыся са змяненнямі, можна было выйграць яшчэ колькі часу, нягледзячы на тое, што і так табе быў дадзены месяц на роздум. Але выйграць часу не для таго, каб яго яшчэ неяк пацягнуць, але для таго, каб спакойна дапрацаваць да водпуску, адпачыць і набрацца новых сіл для працягу змагання. Мае жанчыны ўсе як адна адмаўляліся пагаджацца з гэтымі змяненнямі. І я была ўжо гатовай ісці ў кантору і забіраць сваю працоўную кніжку, махнуўшы на ўсё рукой. Тады дзяўчаты выдзелілі парламенцёраў з брыгады і адправіліся ў кантору. Што там адбывалася, і пра што размаўлялі - мне не сказалі, пазначыўшы толькі адно - нічога добрага. Але нашыя парламенцёркі вярнуліся з навіной: адміністрацыя нікога звальняць не збіраецца і мы можам пісаць на паперах усё, што заўгодна. Адно толькі, у нас наперадзе паасобная размова з кіраўніцтвам з нагоды нашае нязгоды.
Мы і вырашылі так зрабіць. Але на наступны дзень настрой адміністрацыі змяніўся, і ізноў нам быў пастаўлены ўльтыматум. На выпадак нязгоды нам давядзецца наноў напісаць заявы на прыняцце на працу. Не нам. Ім. Таму што мне было ясна перададзена, што, калі я не згаджуся, са мною працоўны дагавор ужо не адновяць. Я махнула рукою - рабіце, што хочаце. Але мае няшчасныя жанчынкі тармазілі са здачаю дакументаў, чакаючы майго ўласнага асабістага вырашэння. Ушчуванні наконт таго, што няма людзей, што ім давядзецца вельмі цяжка без мяне…
Справа, дзякуючы аднаму надзейнаму чалавеку, дайшла і да Міністэрства сельскай гаспадаркі. Але там адбываліся свае кадравыя перастаноўкі, і чыноўнікі, як заўсёды, дзялілі паміж сабою партфелі, для простага чалавека ім не хапала часу. Хаця праблема льновытворчасці была пастаўлена на кантроль і ў вышэйшых колах улады распрацоўваліся шляхі вырашэння па ўратаванні "белага золата". У прыватнасці, аналізуючы працу льнаводчай галіны, РУП "Інстытут льнаводства" вызначыў, што недахоп і нізкая якасць тэхнікі ў цяперашні час з'яўляюцца асноўнай прычынай дрэннай якасці і стратнасці вытворчасці льнотрасты. Льнозаводы вымушаныя штогод арандаваць у сельгаспрадпрыемстваў ворныя ўгоддзі для сяўбы лёну, а гэта малаэфектыўна, паколькі асноўны сродак вытворчасці - зямля не належыць вытворцам і выкарыстоўваецца па-за сістэмай севазваротаў. Нізкая якасць ільносыравіны, малы выхад доўгага льновалакна, нізкі ўзровень выкарыстання вытворчых магутнасцяў ільнозаводаў, недахоп і слабая тэхналагічная падрыхтоўка інжынерна-тэхнічных спецыялістаў па першаснай апрацоўцы на льноперапрацоўчых прадпрыемствах, недахоп сучасных сховішчаў ільносыравіны на большасці льноперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны - усё гэта і прывяло да вялізнага крызісу - колькасць стратных ільнозаводаў у 2009 г. у параўнанні з адпаведным перыядам 2008 г. узрасла з 27 да 31 (гэта азначае - амаль усе прадпрыемствы: усяго па краіне налічвалася на 2009 год 49 льнозаводаў). РУВГП "Аршанскі льнокамбінат", які з'яўляецца асноўным прадпрыемствам па паглыбленай перапрацоўцы льновалакна ў краіне, і льнозаводы не маюць узаемавыгадных інтарэсаў, што і прыводзіць да неканкурэнтаздольнасці вырабаў і неэфектыўнай працы льнянога падкомплекса ў цэлым.
З усяго гэтага вынікае, што для рэнтабельнай работы льнозаводаў неабходна праводзіць мадэрнізацыю дзеючых ліній па першаснай апрацоўцы трасты, якія ў далейшым варта вырабляць на айчынных станкабудаўнічых прадпрыемствах, - скараціць колькасць ільнозаводаў да 22 і сфарміраваць для іх аптымальныя сыравінныя зоны па вырошчванню лёну-даўгунцу. Дзейнасць астатніх ільнозаводаў мэтазгодна накіраваць на вытворчасць ільносыравіны, а некаторым (4 - 5) надаць статус сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
У сувязі з адсутнасцю ў Беларусі адзінага цэнтралізаванага органа па кіраванні ільнаводчым падкомплексам, РУП "Інстытут льнаводства" прапанаваў стварыць адкрытае акцыянернае таварыства "Беларуская льняная кампанія". Але гэта азначае, што большасць стратных прадпрыемстваў знаходзяцца пад пагрозай зачынення. Бо што такое мадэрнізацыя? Удасканаленне, паляпшэнне, абнаўленне аб'екта, прывядзенне яго ў адпаведнасць з новымі сучаснымі патрабаваннямі і нормамі, тэхнічнымі ўмовамі, паказчыкамі якасці. А калі прадпрыемства развальваецца на самым сваім фундаменце - то прасцей за ўсё ўкласці грошы ў прыбытковыя і перспектыўныя, чым падтрымліваць існаванне такой гаспадаркі, якая нібыта чорная дзірка толькі засмоктвае ўсё ў сябе. Канешне, шмат чаго залежыць і ад гаспадароў, у планах нашага дырэктара было шмат змяненняў, але на шляху стаялі кішэні выканкама, як нашага мясцовага, так і чынавенства, што сядзела па-над ім. Усім трэба, усе хочуць, і ўсе бяруць. Да нейкага ж маленькага завода ў сто душ і справы нікому не было. У дадатак, зараз Беларусь стаіць на палітычнай арэне з вельмі дрэннымі ўмовамі. Перакрываюцца рознага кшталту гандлёвыя калідоры, што пазбаўляе нас выйсця на міжнародны рынак. І я б хацела заклікаць нашых лідараў не бегаць па Еўропах, дабіваючыся рознага кшталту забаронных ці абмежавальных санкцый, а шукаць магчымасці супрацоўніцтва дзеля падтрымкі эканомікі нашай Радзімы. Гэтая дэстабілізацыя, якая на сённяшні дзень пануе ў краіне, ні да чаго добрага не прывядзе, таму што людзі стомленыя. Людзі хочуць проста жыць. І людзям абыякава, хто стаіць пры ўладзе, таму што ім патрэбна ў першую чаргу клапаціцца пра сваю уласную сям'ю. Будзе лад і спагада ў сэрцах, будзе дастатак у хаце - будуць думаць і пра нацыянальныя каштоўнасці.
І калі мне гэты надзейны чалавек перадаў становішча ў Міністэрстве, параіўшы ўсё ж такі згадзіцца і падпісаць тыя паперы, бо нічога мы зараз не выйграем і не даб'емся, я вымушаная была ў які ўжо раз пайсці на ўласную здзелку паміж сумленнем і годнасцю. Я зрабіла ўсё, што змагла. І адзіным правільным вырашэннем было б зараз звольніцца, але мне было неймаверна шкада гэтых жанчынак. Яшчэ паразважаўшы, я прыйшла да высновы, што я б атрымала паразу, калі б звольнілася. Таму што збегла б ад праблемы, якая заставалася з ні ў чым не вінаватымі людзьмі, вартымі лепшага жыцця. А падпісаўшы пагадненне станоўча, я атрымаю магчымасць змагацца далей. Наперадзе нас чакаюць моцныя перамены. І ў маіх сілах накіраваць гэтыя перамены ў станоўчы для нас бок. Пакуль жа, знясіленая гэтай штодзённай барацьбой, калі галава ўжо выбухала ад пошукаў вырашэння праблемы, якія прыводзілі толькі ў тупік, а выйсця не было ніякага, я ўзяла тайм-аўт і дацягнула да водпуску.
Тут яшчэ павінна ўзгадаць, што будынак цэха вельмі стары і падмурак яго даўно патрабаваў капітальнага рамонта, роўна як і сцены. Дах рамантаваўся - заліваўся смалою кожны сезон, таму з ім праблемы былі яшчэ сцерпныя, у той час, як кожную восень і да вясны падвалы пад станком затапляліся вадой. І на сушылцы гэта было сапраўднай катастрофай, таму што падчас работы на станку, патрэбна перыядычна лазіць у падвал, выцягваць трасту, якая завалілася туды з транспарцёрнай сеткі сушылкі, прыбіраць ад кастры. Калі ж падвал напаўняўся вадой - вышэй чым па калена, то і на прыбіранне можна было забыць. Хоць і лазілі, па стаячай смярдзючай вадзе, у гумовых ботах, таму што інакш горы кастрыцы ды зваленай трасты пагражалі застапарыць сетку. Акурат перад сыходам на працоўны адпачынак, неабходна было ўрэшце вычысціць забіты дашчэнту падвал пад сушылкай. І мы, шасцёра чалавек з двох брыгад, уклалі на гэта ці не тры дні, наскрозь прасмярдзеўшы і ўжо знемагаючы ад тога бруду, цягалі ваду, а яе ўсё не змяншалася. Нас выварочвала і круціла, але мы выконвалі сваю справу, ведаючы, што ніхто, акрамя нас, гэтага не зробіць. Смурод быў настолькі з'едлівы, што вышыбаў усё. Таму я ўжо не магла стрымліваць агіду, бачучы, як Алка швэндаецца бухая па заводзе. Больш за тое, у яе хапіла мазгоў яшчэ падысці і да Сярожкі, каб папрасіць яго збегаць у краму ёй за бухлом. Вызверылася на сяброўку, тая моцна пакрыўдзілася і перастала са мной размаўляць. Наш ідэолаг прыпёрся - "з верха пазванілі, прасілі правесці з табой беседу насчёт дня незавісімасці..." Паслала яго куды падалей. Потым прыйшлі інжынеры, сказалі, што нам, і ў першую чаргу мне, патрэбна даць медалі за гэтую працу, знайшлі насос і адпампавалі ваду.
Забіты адпачынак
Штогод наш горад наведваюць байкеры, і я, каб крыху развеяцца, вырашыла схадзіць на плошчу, паглядзець на мерапрыемтсва. Паглядзела яшчэ дыскач, ад якога засталася незадаволенай - мора пакінутых на плошчы пустых бутэлек. Вяртаюся дадому - на павароце да маёй вуліцы даганяе джып. За рулём "бык".
Давай падвезу.
Дзякую, я ўжо дайшла.
Далей ішла плынь словаў пра мае прыгожыя вочы і гарную постаць, праўда я не ведаю, як ён усё гэта разгледзеў а другой гадзіне ночы, тым больш, што я была апранута: кеды, джынсы, байка, джут і мінімум касметыкі. Ішла спакойна, не спяшаючыся, ён таксама ледзь каціўся. Але нарэшце выдаў:
Я цябе хачу.
А я цябе не, - паціснула плячыма я.
А еслі я вазьму цябе сілай?
Не возьмеш, - я па ранейшаму была спакойнаю бы слон.
Ты так уверена?
Упэўнена, - пацвердзіла я.
Бык развярнуўся і паехаў. Я праз хвіліну была дома.
І вось так робіцца з хаты ўсё цяжэй выходзіць. Калі б я была ў спадніцы і на абцасах, ён бы ў мяне нават і не пытаўся...
Насця! Насця! Стой! Ды пачакай ты, а то даганяць будзем!
Іду дадому з горада, агукнулі акурат каля мусарні, куды едзе іхні бобік, і з якога ледзь не на хадзе выскокваюць хлопчыкі і бягом бягуць да мяне. Дзяніска з Валерыкам, такія шчаслівыя-шчаслівыя, дабеглі, абхапілі і ў абдымках завялі ў мусарню, адкуль на іхнія выгукі павыходзілі іншыя міліцыянты. Я смяюся - чаго вы людзей пужаеце, а яны мне - мы цябе чакалі. У кабінеце доўга ім даводзіла, што сёння нічога нідзе не рабіла, іду з горада дадому, у горадзе была на сустрэчы з палякамі. А яны забралі сумачку. Разаслалі на стале сцяг: мы цябе папярэджвалі, не болей, як на тым тыдні яшчэ, калі хуліганку ўляпілі. Хлапцы мне тады яшчэ нагадалі пра леташнія прыгоды і распіску і паабяцалі, што ў наступны раз проста так не адпусцяць…
Зайшоў дзяжурны:
Вы яе сюды паржаць прывялі ці разбірацца? - высветліў, што "рэчдокі"
выцягнулі з маёй сумкі, загадаў адпусціць.
Хоць і павесілі пратакол, цяпер шпыняюцца ім як хочуць не даюць спакойна пагуляць па горадзе. У любы момант чыёсь цярпенне можа скончыцца і тады суткі гарантаваныя.
Упрыгожвала горад з нагоды Дня Незалежнасці. Ужо сыходзіла з плошчы, як дагнаў ахоўнік выканкама і выклікаў машыну. Усё б нічога, калі б цывільны урод, які і на служачага выканкама не выглядаў, не пачаў вярзці ўсякую бязглуздзіцу. Наконт фашызму, працы за бырла і выляжанства. Я ледзь стрымалася, але ахоўнік выканкама злавіў момант, і ціха папрасіў, каб прымаўчала, бо той - са службы прэзідэнта (было ў той дзень нейкае мерапрыемства ў адміністрацыі), і я магу сабе забяспечыць нават і не крымінальную справу, а натуральна расстрэл на месцы, ды і не толькі сабе, але і ім таксама. У мусарне я адмовілася пісаць тлумачальную, і напісала заяву ў дачыненні да гэтага урода. Спускаць такія абразы я не намерана.
Міліцыянты даўно ўсе мае залёты спляжваюць на караню справы і да суду я не даходжу. Канешне, тут трэба думаць, што гэтыя ўсе пратаколы і рапарты нікуды не знікаюць, а складваюцца ў адмысловую тэчку, якая робіцца ўсё больш тлустай. Але што мне да яе? Выканкам ведае, што я працягваю займацца сваімі справамі. І прадпрымае крокі. У адносінах да міліцыянтаў - пазбаўленне іх прэмій на вызначаны тэрмін. У адносінах да мяне - рознага кшталту чуткі і плёткі. Скажы гэта любы іншы чалавек - я б проста плюнула яму ў твар. І нават ад саміх міліцыянтаў, асабліва ад нашага ашалелага прапара (таму што ён па жыццю нармалёвы чалавек) мне не крыўдна выслухоўваць падобныя глупствы. Але калі гэта гаворыць чалавек, які так ці інакш звязаны з выканкамам, значыць так лічыць сам выканкам. У мяне няма доказаў, што гэта менавіта ідэя Інквізітара. Але ўся справа ў тым, што выканкам цераз гэтага вычварэнца кінуў плётку пра маю інтымную сувязь з міліцыянтамі, якая нібыта існуе, таму што ад мяне выканкам даўно не бачыў грошаў у выглядзе штрафаў, а калі я працягваю займацца сваёю справай і міліцыянты мяне затрымліваюць - пра што інакш можна думаць?
Супрацьстаянне
З тым і вярнулася на працу. Я разлічвала, што за месяц на заводзе хоць штосьці зменіцца, таму што ў апошні месяц перад водпускам страціла шмат нерваў з гэтымі паперамі, пагрозамі звальнення і астатнімі цягамоцінамі. Але новы нарыхтоўчы сезон пачаўся са старых праблемаў. У першую чаргу нам патрэбна было ізноў выцягваць падвалы, якія ўжо кішэлі пацукамі. Вады не было, яе адпампавалі перад водпускам, але ўсё, што было ў вадзе - тое засталося. Прыйшоў інжынер, пацікавіўся, як ідзе праца, кажу на яго - там яміны з вадою яшчэ ёсць. Яміны засталіся ад помпы. Іванавіч, у ладных такіх чаравіках і цывільных джынсах, палез праверыць, дзе тыя яміны. Праверыў. Акурат чаравіком. Вылазіць, смяецца - я яго ў ваду боўтнула. А пацукоў развялося шмат. І нават на атруту не квапіліся. Мы насыпалі яе паўсюль - і па кутох зверху, і па падвалах. Усё заставалася некранутым. А катам была спажыва. Аднойчы трэба было мне зайсці ў прыбіральню - пераступаю парог, адначасова цягнуся рукой да выключальніка. Адчуваю, што наступаю на штосьці мяккае і ў тую ж хвіліну бачу - добрая такая тушка з паўадгрызенай галавой. Вылятаю, забыўшыся на ўсё, крычу на Віталя - убяры гэта! А ён згроб ды яшчэ па цаху на дзевак прайшоўся, падняў вэрхал і візгат.
Ураджай загінуў. Калі залетась сем'я было 470т, а летась 125т, то зараз ледзь нашкрэбалі 70т. І вінаватая тут не толькі спёка...
Тыя годы за месца пад камбайнам ішлі натуральныя бойкі, таму што грошаў выходзіла нармалёва. Гэтым разам усе проста спякліся. Зразумела, што ў такое душнае надвор'е каму захочацца цэлы дзень махаць шуфлямі? Я захацела, са мною яшчэ тры жанчынкі, вось і шуфлявалі. Шуфляваць патрэбна зашмат, па шэсць трохтонак за дзень. Ні спіны, ні рук не чуеш, працуеш, мяняешся на кароткі адпачынак і ізноў бярэш шуфель - таму што трэба. Таму што сем'е неабходна нарыхтаваць да пачатку працяглага сезона дажджоў - інакш яно згніе. Але нікому з начальства ні да чаго няма справы. Раней неяк глядзелі, клапаціліся, каб нічога не згарэла, нічога не выкінулі. Зараз нібыта ўсе махнулі на ўсё рукой - а гары яно гарам. Мы страцілі вельмі шмат сем'я. З 25 намалочаных намі тонаў 23 выкінулі проста вон. Таму што гнілое, згарэлае, чорнае… Крыўдна да слёз з-за таго, што столькі сем'я згніло на вачох, і можна было хоць колькі тонаў уратаваць, але нікому да гэтага не было ніякай справы… І калі напачатку сезона быў ніякаваты настрой ва ўсіх - было бачна, што адміністрацыя манула на ўсё рукой, чакаючы ад мяне новых баёў і маральна падрыхтаваная да судзілішчаў - то махаючы шуфлём у неймаверную спёку, я нібыта ацвярозела іх усіх. Я хацела толькі аднаго - уратаваць сем'е. І я гэтага дамаглася. Дазналася, што нашуфлёванае сем'е выкідаюць вон, учыніла разнос на ўвесь авод - шкада было не сваёй працы, а загубленага ўраджаю. Душа балела натуральна і моцна да слёз - мне пайшлі насустрач, пераўтварылі ўсіх нейк на дзень у папялушак і перабіралі мяшкі з сем'ем. Здолелі ўратаваць большасцю. Урэшце зразумелі, што памяшканне бытоўкі насамрэч аварыйныя і прадпрынялі меры па ліквідаванню гэтага становішча. У планах адчыніць новы цэх па выпрацоўцы льнянога харчовага алея. Усё не так страшна. Але пузы, якія сядзяць наверсе, ізноў загнулі неймаверныя патрабаванні. Іх не хвалявала нават тое, што ўраджай гахнуў ад пякельнай спёкі. Але і радуе, што адміністрацыя завода нарэшце навучылася думаць перад тым, як прыняць вырашэнне наконт загадаў ці прапановаў зверху. Да гэтага часу дырэкцыя проста тупа згаджалася з усім, што ёй скідвалі вышэйсядзяшчыя. Пасля таго, як я давяла завод да ціхай забастоўкі і скалаціла ўсё і ўсіх, нарэшце пачалі думаць і прыслухоўвацца да сваіх рабочых. Дырэктар катэгарычна заявіў, што скарачэнняў не будзе.
Патрэбна было схадзіць у кантору - выпісаць сабе спецвопратку. Стукаюся ў бугалтэрыю - мяне сустрэлі спужанымі неразумеючымі вачыма. Я супакойваю - мне спецвопратка патрэбна. Твары адразу пасвятлелі. У той дзень на завод прыехала міністэрская праверка, якая моцна ўсіх разнесла за дрэннае ўтрыманне сырдвара і захоўвання трасты. Гэта была праверка па-сапраўднаму, а не такія, якія звычайна прыяжджалі папарыцца ў лазні. Моцна крычалі на адміністрацыю… На наступны дзень схадзіла на склад за спецвопраткай - складаўшчыца была вельмі сумнай. А ўсё таму, што са склада пакралі дожджыкі, і яна добра ведала, хто, але не хацела іх аддаваць. І ўсё б сышло, таму што пра іх яшчэ ніхто і не ведаў, што яны ёсць. А у нас напруга з дожджыкамі, бо пасля вялікага перасялення з аварыйнай бытоўкі ў лазню, нам іх рэальна не хапала. Дырэктар на нашыя запыты ляпнуў, што дожджыкі былі, але іх скралі. На маё "ах" адрэагавалі. Знайшлі. Кантора расшчадрылася, набыла нам гарбатнічак. Ды і ўвогуле... Нарэшце пачаліся канструктыўныя дыялогі. Але няўжо для гэтага мне патрэбна было ўсіх скалочваць? Няўжо іх спужаныя твары азначаюць, што яны мяне баяцца? Я не бастую, я хачу працаваць у спрыяльных для працы ўмовах.
Між тым запрасілі ў Слуцак на прававы семінар, зладкаваны Прававой Ініцыятывай. Раніцою ў суботу прыйшла на аўтастанцыю, пакуль набывала квіток, на вуліцы ля дзвярэй ужо чакаў міліцыянт:
Што ўжо дзе наклеіла?
Нідзе я нічога не клеіла.
А куды едзеш?.
Гэта не важна.
Ну, як гэта, не важна?
Не важна, і ўсё.
Ну, глядзі, май на ўвазе, ты пад назіраннем.
Ён пайшоў назад у пастарунак. Я паціснула плячыма - ну, яны ж самі чапляюцца. А потым хай не плачуць, што я іх замучыла. Пакуль стаяла і чакала аўтобуса, увесь гэты час побач сапраўды круціліся міліцыянты, але не падыходзячы да мяне бліжай, чым на сто метраў. Пільна сачылі за ўсімі аўтобусамі, і толькі выцікаваўшы, у які з іх зайшла я, супакоіліся і разыйшліся па сваіх справах. Гэта так цяпер яны кантралююць?
У Слуцаку адбылася гарная кампанія, а галоўнае, вельмі патрэбная. Лікбез - вось, чаго нам так не хапала на працягу ўсіх гадоў змагання. І вялізазны дзякуй хлапцам, якія займаюцца насамрэч сваёй справай, насамрэч дапамагаюць моладзі не проста ведаць свае правы, а вучаць, як імі карыстацца. Мне гэты семінар моцна спадабаўся. Хаця мне дзядзькі сказалі, што маючы такую "вышыню ўласнага вопыта", я і без іх навучання магу самаабараняцца. Вопыт дамарошчанага юрыста.
Не паспела вярнуцца ў Нясвіж - першы, каго я сустрэла - даішнік. Адразу пытанне - што нясеш у сумцы. Ваду мінеральную, што яшчэ можна несці ў такую спёку?
Выйшла сабе ранічкаю ў горад, крыху прагулялася. Зусім крышачку, да Слуцкай Брамы, адкуль патруль падкінуў да мусарні, але літаральна на пяць хвілін - проста пажадаць усім добрага дню.
Не паспела вярнуцца дахаты - званок тэлефона. Здымаю слухаўку - жаночы голас просіць да размовы маму. У мамы з тае размовы вочы на лоб палезлі. Жанчына з выканкама спачатку запыталася, ці я дома і ці са мною ўсё добра. Потым патлумачыла, што нейкі чалавек зайшоў у выканкам і паведаміў пра нейкую дзяўчыну, якая звалілася з даха. У выканкаме, маўляў, падумалі, што гэта была я. І вось так "панепакоіліся" аб стане майго здароўя.
Я не ведала, ці мне смяяцца, ці плакаць. Асабліва, калі праз колькі хвілінаў патэлефанаваў Сашка і запрасіў зайсці ў пастарунак. Яшчэ раз. А ён растлумачыў, што ў міліцыю гэтая "занепакоенасць" таксама была кінутая зверху.
Разабраліся. Ніякай дзяўчыны, зваленай з даху, так і не знайшлі. У выканкаме перапрасілі прабачэння - памылачка выйшла. Перапрасілі міліцыю, а пры чым тут была я да ўсяго гэтага?
Мне толькі цікава - хто каго калоціць? І да чаго яшчэ тут гэта ўсё дойдзе?
Праз два месяцы пасля гэтага здарэння патэлефанаваў мясцовы прафесар гісторык. Праўду кажучы, не здолела стрымаць смех. Цяпер я ведаю, хто мяне "скінуў" з даха. Гэты прафесар акурат жыве ля Слуцкай Брамы і бачыў, як мяне забіраў патруль. Ён тады нават быў паспрабаваў умяшацца, але міліцыянтам лішнія сведкі былі не патрэбнымі, ды і мне таксама - бо пратакола не складалі. Вось ён (зараз прызнаўся) і паставіў на вушы выканкам, і збянтэжыў мусарню… Шчыры дзякуй, канешне, за клопат, але мне такія спачувальшчыкі не патрэбныя. Таму што мусара рэальна спляжвалі ўсе мае вылазкі, не пускаючы справу ў ход - нібыта нічога і не было. А гэты прафесар мог усё сапсаваць. Вось я яму і адказала, што "з тою дзяўчынаю" ўсё добра, нічога з ёю не зрабілі і яна жывая, але гэта была не я.
Адміністрацыйная камісія па справе 27 ліпеня. Пакуль чакала сваёй чаргі - праз адчыненыя дзверы кабінета даляцелі абрыўкі размовы старшыні камісіі і намесніка начальніка міліцыі пра тое, што пратакол, які тады быў складзены на мяне, разам з маёй жа заявай, прагуляўся па горадзе - з міліцыі быў накіраваны ў выканкам, з выканкама яго спатрабавала пракуратура і вярнула ў міліцыю - шмат у пратаколе хібаў, згодна якім я маю права абскардзіць прысуд у якім бы то ні было памеры штрафа. А вось на маю заяву міліцыя адрэагавала ніякавата, пасля месяца разгляду, даслаўшы адказ: "Прыведзеныя ў Вашай заяве звесткі не пацвердзіліся". Яно і зразумела - калі чалавек са службы самога, то браць на сваю галаву гэты боль ніхто не захоча...
Арт. 6.5 п.6 АК РБ дзейнічае. Магчыма. Заходжу ў кабінет. Да мяне з пытаннем - што нам з табою рабіць? Раблю наіўныя вочкі і, спаслаўшыся на гэты артыкул, прызнаю сваю правіну - гэта дае мне магчымасць атрымаць штраф у памеры ніжай ніжняга, паўбазавых. А яны мне - ну, калі маеш шмат грошаў, можаш падзяліцца імі з дзіцячым домам ці домам састарэлых. А мы табе хочам прабачыць. Выпісалі папярэджанне. Хоць так выбачыліся і спляжылі сітуацыю, непрыемную данельга.
Зайсці ў кожны дом, у кожную кватэру
Збіраю подпісы за Міхалевіча. Першыя дні міліцыя каталася, але потым хлапцы не вытрымалі - факт, што іду не проста так, але ні сцягоў, ні налепак, ні чаго іншага ў горадзе ніхто не заўважыў. І нарэшце спынілі. Праверылі сумачку, пачыталі пра кандыдата. Задаволіліся. Але на вуліцах збіраць подпісы мне забаранілі. А ходзючы па кваэрах, натрапіла на сем'і міліцыянтаў.
Да Міцяя. Жонка ягоная ў гэты час была на сесіі, а бедны хлопчык ваяваў з паўтарагадовым сынам. Запрасіў на гарбату (праваахоўнікам нельга ставіць ніякіх подпісаў, дык хоць дапамагу яму пакарміць малога). Пакуль Назарчык ва ўсе вочкі пазіраў на мяне, бацька ўпіхнуў яму цэлую міску кашы. Сядзім далей размаўляем, у малога прачнуўся апетыт, з'еў яшчэ адну міску.
Патрапіла яшчэ да Юры. Адчыніла жонка. Гукнула недзе ў кватэру, што можна было б падпісацца. З глыбіні кватэры мужык адказвае - перадай Насце, што не будзем ставіць подпісы. Жонка звяртаецца да мяне з нічога не разумеючымі вачыма (якой Насце?) і перадае слова ў слова. Смешныя.
Грушкін у гэты дзень быў дома. І дазволіў сабе ад самага ранку ўжо глынуць. Пакуль падпісвала ягоную жонку, запытаўся, калі я сяду ў турму ўжо. Я адказваю - калі пасодзіце, тады і сяду (ну не прыду ж я сама туды). Жонка, нічога не разумеючы, выбачалася за яго цвярозасць.
Мікалаеўна падказала мне, у якіх кватэрах можна нападпісваць.
Увогуле людзі ставяцца па рознаму. Хтось катэгарычна адмаўляецца. Хтось вагаецца (і падпісваецца). Хтось падпісваецца таму што "вжэ фсё достало". Хтось аддае свой подпіс, таму што кандыдат чалавек малады і перспектыўны. Кагось забаўляе колькасць кандыдатаў і падпісваюцца толькі таму, што гатовыя за ўсіх, адно толькі каб не… А хтось радуецца, што хоць адзін кандыдацкі твар бачыць. Што датычыцца ўзроставых груп, то больш падпісваюцца пенсіянеры і моладзь выбарчага ўзроста (хто першы раз). Людзі сярэдняга ўзроста больш разважлівыя і практычныя, больш вагаюцца.
На вуліцах пікеты мне рабіць забаранілі. Ды з іх і не было б сэнсу, таму што тут большасць людзей з сабой пашпарты не носіць, і нават дома доўга іх шукаюць, узгадваючы пра дакументы толькі тады, калі да іх заходзяць зборшчыкі. Яшчэ больш людзей натуральна не памятаюць дадзеныя свайго пашпарта.
А ўвогуле файная магчымасць па-першае заняць свой вольны час чымсь карысным і адпачнуць ад працы. Па-другое, праінфармаваць людзей пра кандыдацкую перспектыўную фігуру. І нават, калі чалавек не падпісваецца, то ён ужо мае на ўвазе, што альтэрнатыва выбара ёсць.
А яшчэ некаторыя людзі падпісваюцца толькі таму, што шкадуюць мае ногі. Часцяком запытваюцца - дзе я працую, і ўзрушваюцца - маўляў, навесілі дадатковы занятак у асабісты час.
У горадзе лазіць нейкі маньяк. Гэта мяне людзі папярэдзілі. Але я яго не бачыла. Мужчыну злавілі толькі пасля Новага года. Блытаўся тут па горадзе яшчэ ад лета поцімак, на якога потым павесілі ўсе 8 эпізодаў дамаганняў, з якіх толькі 3 былі "ўдалымі". На апошнім выйшла асечка, якая і апынулася апошняй.
Як апавядала жанчына, што вярталася цёмным завулкам з працы дахаты, на яе нечакана напаў невядомы. Па прыкметах - той самы маньяк, які нашарохаў апошнім часам увесь наш горад. Крыху прыдушыў яе, спрабуючы зацягнуць глыбей у завулак… Жанчыну выратавала звычайная бутэлька з вадой, якую яна несла ў сумцы. Самлеўшы, перапрасіла чалавека, каб дазволіў хоць глынуць вады. Той крыху высвабадзіў руку, але сама яна ніяк не магла дастаць бутэльку, тады перапрасіла яго, каб дапамог. І, адчуўшы сябе поўнасцю высвабаджанай з ягоных удушлівых абдымкаў, здолела ўцячы і заявіць у міліцыю. Па гарачых слядах маньяка залавілі. Цяпер можна спакойна выходзіць на вуліцы вечарам.
Патрапіла на Труценя. Гаўкнуў як на сабаку (ці як сабака). У Тытунька дзверы адчыніла жонка і сходу згадзілася падпісацца, паклікала Андрэя - той выйшаў і пачаў усміхацца. Яна яму - падпісвайся, а ён усміхаецца. Яна яму - нясі пашпарт, а ён стаіць усміхаецца. Тады я кажу - а ім нельга. Андрэй усміхнуўся яшчэ шырэй і задаволена пацвердзіў гэта.
Юнак, што працуе на складах ваеннай часткі (саму частку даўно расфарміравалі) паведаміў, што кіраўніцтва патрабуе дакладаць аб подпісах. Але сам ён быў не супраць падпісацца - значыць, ім можна.
Адна жанчына расказала пра сваю дачку студэнтку, да якой у інтэрнат прыходзілі зборшчыкі за. Калі дзяўчаты паспрабавалі адмовіцца - адразу на свет з'явіліся спісы на высяленне з гуртажытка. У дзяўчыны шок. Другая жанчына запыталася - калі яна не хоча падпісвацца ў падтрымку Міхалевіча, то дзе распісацца, што яна супраць? Значыць, так працуюць тыя зборшчыкі? Вось адкуль узята 600 тысяч (і болей). У гэтым выпадку кожны такі подпіс падлягае сумневу.
Наша юрыстка падпісалася. А ўвогуле я пабіла свой рэкорд з мінулай кампаніі. Тады назбірала 450 подпісаў. Зараз - агулам (з тымі, што давялося выкрэсліць) 600. Закрыла ўвесь Нясвіж.
Падчас падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі, я так і не зразумела, што хацелі пачуць ад мяне прадстаўнікі АБСЕ, якія заскачылі на сустрэчу. Акрамя толькі таго, што яны шукалі якую будзь апошнюю ахвяру рэжыма. Тыпу - ціск, гвалт і ўсё такое. А што я магла ім сказаць? Мяне зараз не прэсуюць. Міліцыя чакае выбараў. На працы чакаюць міліцыю. А мяне "долбіт", таму што адзін лішні рух - і "фсё". Як усё гэта растлумачыць тым, каму насамрэч глыбока фіялетава, што ў выпадку чаго будзе з чалавечай адзінкай?
Тое ж самае і пра прэтэндэнтаў у кандыдаты. Іх адносіны да выбарцаў вымушаюць жадаць лепшага. І чакаць горшага. «Я абяцаю, што…». Такога гаварыць людзям нельга. Таму што звычайныя людзі досыта наеліся падобных абяцанак і ні за што не пойдуць за такім кандыдатам. Пасля гэтага сказу «я абяцаю…» можна нічога больш не гаварыць, таму што ніхто не будзе слухаць, а калі і будзе, то верыць дакладна не. Мне патрэбна бачыць праграмы кожнага прэтэндэнта ў кандыдатыю. Таму што я буду падтрымліваць таго, хто будзе дапамагаць мне. Таму што праблемы сельскай гаспадаркі - гэта праблемы майго завода. А праблемы майго завода - гэта мае праблемы. І больш я нічога не хачу ведаць.
Ва ўсіх перадвыбарчых гонках чамусьці ўсе забываюць на тое, што неабходна заўсёды памятаць. Беларусь - індустрыяльна-аграрная краіна. І 90% нашага дабрабыту залежыць ад працы людзей у гэтых галінах. І я з вялікім жахам чую і назіраю, як паступова нашыя гарады, слаўныя сваімі гісторыямі, пераўтвараюцца ў абслугоўваючыя аб'екты турыстычнага бізнесу. Так быць не павінна. Мы самі сябе не будзем паважаць, калі нічога больш не застанецца, як абслугоўваць і прыслугоўваць. З беларусаў, са шляхетнай нацыі з цудоўнай гісторыяй і годнай будучыняй, усе заўсёды імкнуліся зрабіць сабе прыслужнікаў. Нашую годнасць не здолелі вынішчыць ні фашысты, ні камуністы, але свае ж... Шмат з тых, хто адмаўляецца ад беларускага, не жадаючы падтрымліваць рэжым - маўляў, калі заўтра знікнуць беларускія спажывецкія тавары з крамаў і рынкаў - мы не збяднеем, бо ў стане набыць прывезеныя прадукты, удвая даражэйшыя, затое больш якасныя... лепш, маўляў, развіваць турыстычную інфраструктуру, каб прыхіляць як мага болей замежных інвестыцый (куды?). А пра тое, што замежныя прадукты даражэйшыя не ад сваёй якасці, а ад гандлёвых накрутак - ніхто не думае. Ды пра тое, што так горача любімыя беларусамі вышыванкі - гэта беларускі брэнд, які не павінен прывозіцца з-за мяжы ні ў выглядзе сыравіны, ні ў выглядзе гатовага прадукта, а быць беларускім з самага свайго насення - таксама ніхто не думае… Нажаль, перадвыбарчыя праграмы ніводнага з кандыдатаў не прадугледжваюць падтрымку сельскагаспадарчай галіны. А мне б хацелася яшчэ раз усім ім нагадаць - простаму рабочаму чалавеку насамрэч глыбока фіялетава, якая улада ім кіруе. Таму што абяцанкі заўсёды застаюцца абяцанкамі. Болей таго, колькі б адукацый не меў адукаваны чалавек за сваімі плячыма, ён заўсёды будзе стаяць далёка ад рабочага чалавека, і будзе жэрці і душыць сваімі пастановамі, законамі і патрабаваннямі, нават не ўяўляючы ягонае працы. Бліжэй да народа і заўсёды разам з ім - вось лозунг, якога патрэбна не толькі прытрымлівацца, але і трымацца на працягу ўсёй сваёй працы кожнаму, хто хоча пераменаў. Інакш ніякія плошчы не дапамогуць. І яшчэ, пачынаць перадвыбарчую працу патрэбна не перад наступнымі выбарамі, а адразу пасля мінулых. Тады праца прынясе плён.
Тэракт. Пажар. Бальніца
А потым прыйшла зацяжная сцюдзёная снежная зіма. Наш завод забяспечваў ацяпленнем пасёлак, дзіцячы садок і школу. І мы перайшлі на іншы графік працы безвыходных будняў. Да вясны. Усяго некалькі месяцаў. Графік такі: сёння наша брыгада працуе ў першую змену з 7.00 да 15.30, заўтра - у другую з 15.30 да 00.00, ідзе на выходны, а потым ідзе на трэйцюю змену ў ноч, з 00.00 да 07.00. Дзень даецца на адсып і ідзем у першую змену. Для мяне гэта выглядала так: на першую змену еду з дому а 6.00 раніцы, вяртаюся а 17.00 вечара, да наступнага дня, да 14.00, магу гуляць, рабіць што заўгодна, нават ночыць у мусарне па сваіх справах. Але быць на працы абавязана. Па заканчэнні другой змены іду адсыпацца ў свой маленькі пакойчык у гуртажытак і раніцой еду дадому на свой нібыта выходны, але гэтым жа вечарам а 20.00 мушу вяртацца ў гуртажытак, праграваць пакой ацяпляльнікам і апоўначы ісці на працу да 07.00, пасля чаго вяртацца дадому спаць паўдні, і тады заставаліся яшчэ вольнымі вечар і ноч, пасля якіх патрэбна было ісці на першую змену. Карацей, гэта не графік нармальнай працы, гэта графік на вынас цела. І добра, калі я была сама па сабе, а дзяўчаты, якім акрамя таго, патрэбна было яшчэ і нагатаваць дома ежы, сабраць дзяцей у школу, паклапаціцца аб мужыках... Акрамя таго, не хапала людзёў. Акрамя таго, элементарныя правілы пажарнай бяспекі не былі вытрыманымі. На выпадак пажару, які і адбыўся аднойчы, прынамсі, не першы ды не апошні, пажарная сістэма ўся вымерзла...
Цэх не ацяпляецца. Халодны і сцюдзёны, дзе ўдзень -10°С марозу, а ноччу і таго менш, дзе вада ў пластыкавых бутэльках праз 15 хвілін набрыняе ільдзінкамі, а праз 3 гадзіны ўжо і вады няма - адзін лёд. І зімовую верхнюю спецавопратку - ватоўкі ды курткі - даводзіцца вырываць літаральна зубамі з канторы. І суткамі навылёт працуеш, працуеш і яшчэ раз працуеш, усе хваробы пераносячы на нагах, таму што людзей не хапае, таму што замяняеш двох, а то і трох чалавек, і толькі калі зусім з ног валішся, ідзеш у бальніцу. Я не магу пагадзіцца з прыярытэтнасцю ў грамадзтве зонаўскіх праблемаў, калі існуе праблема прадпрыемстваў, дзе нацягваюць з-за выканання плана, дзе калечымся, і нашыя траўмы спісваюць на бытавыя. Дзе забараняюць на працоўных месцах ужываць гарачыя напоі (не гарачыцельныя, а гарачыя) і падсілкоўвацца, а ў канторы ў гэты час пад кожнай жопай па ацяпляльніку. Дык дзе горш насамрэч, калі паўсюль - адныя і тыя ж умовы, а сказаць няма каму, бо нікому няма справы... Нам застаецца толькі адно - грэцца гарэлкаю, якая не прашыбае незалежна ад колькасці выпітага. І грэліся, хаваліся за станок, каб ніхто не ўбачыў, нават свае ж людзі з адной брыгады. Пілі, не адчуваючы дна, і вочы былі цвярозымі. З гарла, без прыкускі, часцяком - занюхваючы, бо да ўсяго патрэбная была хуткасць, а начальства шнырала, цікуючы. Пакуль я пра гэта не сказала ўмімаходзь дзядзьку Васю, а ён не паведаміў у выканкам, адкуль зараз жа нацягнулі дырэктара, і тады кантора ўрэшце забегала, дзівячыся, як можна працаваць у такіх неймаверна цяжкіх умовах, узгадала пра зімовую спецвопратку і выдала ватоўкі і целагрэйкі, цёплыя буркі. І яшчэ і абурылася - хто мог сказаць такую лажу, бо як жа так... няпраўда гэта! Канешне, няпраўда, калі б людзі ўпіваліся, то праз тыдзень нікога б тут не было жывога. Ды і наўрад ці здаровы чалавек прызнаецца, што ён ужывае на працоўным месцы.
Дырэктар зрабіў маленькі сход, дзе перапрасіў нас перацярпець яшчэ зусім крышачку - умовы працы ў распрацоўцы паляпшэння. А пасля падышоў да мяне персанальна і спытаў, што я буду рабіць у нядзелю. А я ведаю? Некалькі прапановаў ужо ёсць для канкрэтных дзеянняў. Міліцыя паабяцала, што дзень выбараў я правяду разам з імі, у цяпле. Ніякія перакананні ў тым, што я на плошчу не збіраюся, ніхто не хацеў слухаць. Разам з тым, на працы быў поўны гамон. Яшчэ крыху - я б давялася да ручкі, і таму ніякія перакананні не спынілі б мяне самую. Хаця было прапанована некалькі варыянтаў, як правесці гэты дзень:
пасля начной змены паехаць з міліцыянтамі ў аддзел (таксі на Дуброўку ўжо
было заказана) і прабавіць там увесь дзень;
пасля начной змены паехаць з міліцыянтамі на выбарчы ўчастак і паназіраць
за ходам выбарчага працэсу;
пасля начной змены міліцыянты падкідаюць мяне дахаты, і я дрыхну там
колькі гадзінаў, а потым яны ж забіраюць мяне ў аддзел да канца дня;
пасля начной змены пайсці заваліцца да сябе ў пакойчык на некалькі
гадзінаў падрыхнуць, а потым паехаць у Менск.
Але лёс склаўся так... Напярэдадні была вячэрняя змена. Прыходжу на працу - дзяўчаты нейкія нашароханыя. У школе, дзе навучаліся іхнія дзеці, адзін вучань выбухнуў газавы балончык (якім пырскаюць у твары), дзеці і настаўнікі паатручваліся, але здолелі нейк уратавацца без моцных ахвяраў. Нейкі малалетні тэрарыст.
Толькі пачалі працаваць - машына нешта ўсё адмаўляецца. А праз нейкую гадзіну дык і ўвогуле шуганула з-пад прэса. Пажар быў яшчэ той. Пажарная сістэма ўся вымерзла. Вады было - крыху спляжыць агонь. Агонь стушылі, дыму наглыталіся... Своечасова прыехалі выкліканыя пажарныя, газавікі і хуткая аўтаматам. У выніку патрапіла ў бальніцу. І дзень выбараў правяла там.
АПОШНІ ГАМБІТ
Лён - гэта беларускі брэнд, любімы ўсімі і шануемы ў нацыянальным асяродку. Кожны лічыць годнасцю мець ільняныя рэчы, асабліва вышыванкі. Аднак нават і пяты чалавек не ўяўляе, якім коштам лён дастаецца нам, працаўнікам ільновытворчай галіны, і колькі крыві і поту, літаральна, укладзена ў кожную сцяблінку, кожную нітачку. Але да таго нікому няма справы...
Вынікі плошчы былі цяжкімі і вельмі сумнымі. Заставалася толькі маліцца. Але патрэбна было жыць. Радасці ад таго, што засталася жывая, было мала на фоне менскіх падзеяў. Хаця каб хто толькі бачыў, ЯК мяне сустрэлі на працы пасля таго, як я выйшла з бальніцы…
Нарэшце аб'явіўся дырэктар. Быў у адпуску, з якога павінен быў выйсці недзе ў 20-х чыслах снежня. Можа, водпуск быў падоўжаны, можа, яшчэ штось там такое па дырэктарскіх справах, але калі я вярнулася з лякарні, людзі пажартавалі, што ён, мусіць, ірвануў на Плошчу мяне шукаць. І вось днямі пасля праваслаўных калядаў зайшоў у цэх, пацікавіўся, як мы правялі святы. Хлопцы, каб не ўдавацца ў падрабязнасці, вяла адказалі - добра. Ён весела-бодра - як так "добра"? Патрэбна заўсёды адказваць "выдатна" (памятуючы нашую з ім размову, калі ён мяне выклікаў да сябе на гутарку наконт заявы на адгул і запытаўся, як справы, а я яму адказала, што выдатна, проста цудоўна, лепш за ўсіх). І да мяне - ці не так? Я кажу - канешне! Пацікавіўся, ці не ездзіла я ў сталіцу і не біла там шкло…
Калі я зацяжарыла - мне давялося адразу сказаць аб гэтым сваёй майстрыцы, таму што дагэтуль выконвала і мужчынскія абавязкі таксама, не шкадавала сілаў і цягнула на сабе ўсю брыгаду, ды і ўвесь цэх. Патрэбна было ўжо берагчыся. Стаўленне адміністрацыі з гэтай нагоды вельмі да мяне змянілася. Паспяшылі стварыць усе ўмовы для таго, каб адчувала сябе камфортна і нават прапаноўвалі мне сваю дапамогу ў вырашэнні складаных асабістых пытанняў. Разам, дарэчы, з міліцыянтамі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...
Валянцінавіча звольнілі з працы. Шмат прычын. Тое, што ён - стаўленік Інквізітара і член "Белай Русі" - яшчэ нічога не азначае і ніякіх абаронаў яму не дае. Страшны алкаш, што закладвае ўсіх і кожнага, ціхар-ананімшчык, які замест таго, каб зрабіць штось насамрэч, кляпае розныя кляузы па інстанцыях, з-за чаго завод калоціць і выканкам, і пракуратура, нават да мяне падыходзіў "хачу, каб ты яшчэ скалаціла завод"... Ці мала, што ён хоча, а калі гэта правакацыя? Менавіта для таго, каб урэшце зачапіліся і звольнілі. У той сітуацыі, калі Марфа падала на завод у суд за сваю скалечаную руку і майстрыц з дырэктарам і інжынерамі пачалі цягаць у суд, я ўзяла бок адміністрацыі, ішла сведкай, а ён нешта муціў, круціў, усяляк дапамагаў пракурору, бо сам жа быў інжынерам па тэхніцы бяспекі і мусіў адказваць таксама. Ратаваў сваю скуру. Зацягваў справу, вытвараў нейкія неймаверныя махінацыі. А калі легла на захаванне цяжарнасці і неяк так трапілася, што ў гэты тыдзень, як я адсутнічала на працы, у Менску здарыўся выбух у метро. Вяртаюся потым - мне і кажуць, Валянцінавіч тут пра цябе нешта сказаў, тыпу ты прычыненая да выбуху. І яго тут жа і звольнілі. Магчыма, для дырэктара гэта сталася проста апошняй кропляй... А вось мая лепшая сяброўка Алка так і засталася ў статусе злейшага ворага. І не толькі з-за ўзніклай да яе агіды падчас ціхіх бунтаў, калі мне патрэбна было разграбацца ва ўсім, стоячы па калена ў лайне, а яна жыла сваім звычайным жыццём, ні на што сур'ёзна не зважаючы. На працягу года мы то мірыліся, то ізноў рвалі, але гэта таксама ўжо зусім іншая гісторыя. Ды і было ўжо позна штосьці мяняць у адносінах з ёю, бо не ставала ні часу, ні жадання ўнікаць у нейкія другасныя праблемы, чыніць нейкія разбіральніцтвы, хацелася толькі супакою і пазітыву.
Між тым, жыццё ішло сваёй хадой. На вышках нашага завода заўсёды сяліліся буслы, калі прыляталі з вырая. Мы вельмі любілі назіраць, як пара птушак рамантавала сваю буслянку, як клякаталі і абдымаліся яны, як птушаняткі падымаліся на крыло. А яшчэ ў самім цаху ля столі жылі ластаўкі і галубы. Нашыя галубы - не роўня гарадзкім ці нават сельскім - тыя птушкі ільняное сем'е не клююць, праверана асабіста - а нашыя толькі гэтым і харчуюцца. Раней іх было вельмі шмат, і здаралася, што ў асабліва цяжкія халодныя зімы галубы замярзалі і падалі вобзем. І тут ужо быў рай для заводаўскіх котак і сабак... не буду казаць пра тое, колькі расшмотаных безгаловых тушак можна было бачыць па тэрыторыі... Калі прыляталі з выраю ластаўкі - наш цэх ажываў і напаўняўся асаблівай светлай радасцю, магчыма таму, што гэтыя маленькія птушачкі прыносілі з сабой адчуванне сапраўднай вясны, а яшчэ і тое, што хутка чакаўся час адпачынку, да якога пад шчымлівыя вечаровыя водары і птушыны гоман мы амаль не дажывалі, і чым бліжай быў ліпень - тым усё цяжэй рабілася адбываць змены. І вельмі цікава было назіраць за смешнымі жаўтароцікамі, якія ў сваю чаргу з цікавасцю разглядалі нас. Але аднойчы здарылася бяда - пажар фактычна знішчыў амаль ці не ўсе гнёзды. Ад страты сыравіны мы не збяднелі - яе і без таго патрэбна было спісваць, а вось птушак было шкада - у іх толькі пачалі вылупляцца дзеткі. І яшчэ доўга апасля мы знаходзілі засмажаныя маленькія цельцы птушанят і дарослых птушачак, якія задыхнуліся ў пекле. Аднак і радаваліся тае самаадданай упартасці, з якою ластаўкі ўзяліся за адбудоўванне новых гнездзейкаў, дзе вельмі хутка з'явіліся новыя птушаняты. А самае галоўнае - тыя ластаўкі, чые гнёзды ацалелі, ніводная не зрушыла з месца, хоць даўно ўжо быў час адлятаць у вырай, а ўсе дачакаліся, пакуль апошняе птушаня стане на крыло.
Лёгкай працы на заводзе не існуе, хіба толькі якімі падсобнымі рабочымі, што вельмі адбіваецца на заробках, таму на сваім месцы адстаяла, пакуль было магчымым, стараючыся па сваіх сілах выконваць свае абавязкі, не перашкаджаючы дзяўчатам, бо цяпер ужо ім даводзілася рабіць падвойную працу, дапамагаючы мне. І - сышла на прахадную са змененым графікам, дзе адбывала толькі дзённыя змены, начныя па заканадаўству ўжо былі нельга. Дарэчы, за гэтае месца давялося ўсё ж такі пазмагацца, бо проста так мне яго аддаваць не хацелі. Увогуле, на тыдзень раней адазвалі з працоўнага адпачынку, мусіць, запамятаваўшы пра маё далікатнае становішча, бо паперу, якая гэта падцвярджала і давала права на лёгкую працу, я вясною яшчэ аддала майстрыцы і дамовілася з ёю, што нікуды не сыду са свайго месца, пакуль буду вартай на звычайны рэжым. Так і дабыла да працоўнага адпачынка, падчас якога жывоцік ужо вылез добра і моцна. І канешне, ні пра якія шохі, камбайны ды сем'енарыхтоўку ўжо не магло быць і гутаркі. А мне тэлефануюць і кажуць - патрэбна выйсці. Выйшла, заходжу ў кантору і паказваю на свой жывот - куды выходзіць-то? Тыдзень швэндалася з венікам па цэху і прыглядалася да прахадной, адкуль Наташка павінная была сысці ў працоўны адпачынак. А таму, што фізічна я не магла ўжо знаходзіцца на сваім ранейшым месцы на сушылцы ў цэху, то і турбавацца было пра што. Так, я неаднаразова падыходзіла да Зосі, нашай заўгазшы, якая па сумяшчальніцтву была пакуль што і начальнікам аховы завода, але яна апускала вочы і казала, што нічым не можа мне дапамагчы, а нашая прафкамша, якая павінная была паклапаціцца пра маё працоўнае месца, сыходзячы з майго становішча, увогуле зрабіла выгляд, што нічога не ведае. Але, гутарачы з Наташай, я цотка бачыла несастыковачку: яна сыходзіла ў працоўны адпачынак зараз, а мне месяц заставаўся да дэкрэтнага, калі гэтае месца не аддаюць мне, то для каго яно беражэцца? З гэтым пытаннем звярнулася да Іванавіча, з ім жа пагрукала ў дзверы і да дырэктара, якому ўжо нашапталі, што акурат месца на прахадной - вельмі небяспечнае для цяжарнай жанчыны… У той год нас, такіх, з жывоцікамі, на заводзе было шэсць жанчынак. Як жартавала тая ж прафкамша - паспрыялі зімовыя змены "на вынас цела". Адныя дзяўчаты яшчэ загадзя, ці не з першых дзён сышлі на лёгкія працы, другія, як і я, ці не да апошняга стаялі на сваіх месцах. Так і адбылася трагедыя, калі жанчынка, яшчэ знаходзячыся на выпрабаваўчым тэрміне, але якой з дня ў дзень патрэбна было ўжо сыходзіць у перадродавы адпачынак, страціла дзіця менавіта з-за таго, што патрэбна было круціць ломам вальцы. Нашмат больш небяспечным было зараз знаходзіцца ў цэху… Для каго ж бераглі месца на прахадной? І на наступны дзень незадаволеныя чарговай паразай жанчыны прапанавалі напісаць заяву на часовы перавод на прахадную. Месяц, які застаўся да дэкрэтнага адпачынку, дабыла ўжо там, як зазначылі механізатары - ахова вярнулася на месца. Не ведаю, можа што заўсёды адчувалі, як шчыміла маё сэрца, калі іх адпраўляла зрання ў палі ды калі яны надвячоркам вярталіся...
Час ад часу наведвала завод па розных пытаннях. Умовы працы так і засталіся на тым жа самым узроўню, які я пакідала. Нічога не было вырашана. Дырэктар даўно змяніўся, змяніліся юрыстка, інжынер па ТБ, а людзі, якія застаюцца - церпяць, бо завод - гэта іх жыццё. Лён нікому не патрэбны. А ад таго, што кагосьці там зверху звольнілі, - нічога не зменіцца - працаўнікам проста будуць пастаўлены яшчэ больш цяжкія мэты ў яшчэ больш горшых умовах. Мае дзяўчаты вытрымаюць, ім не прывыкаць, роўна, як і нашыя слесары-рамонтнікі - ім па барабану, каго там звольнілі, ім галоўнае, каб станок быў спраўным і лінія наладжана. І грошы каб плацілі своечасова. А ўсё астатняе - гэта высокая палітыка. Галовы ляцяць зверху, на месцы гэтых галоў вырастаюць новыя, і нават не дзве, а тры-чатыры, як у тых цмокаў. А вось тое, што робіцца ў нізах, нікому не цікава.
Пачалася паўсямесная мадэрнізацыя льнопрадпрыемстваў. Замена састарэлага абсталявання, выпуску сярэдзіны мінулага стагоддзя, на сучаснае - на лепшых заводах і камбінатах, нібыта гэта можа ўратаваць ці неяк выправіць становішча... Палі па-ранейшаму будуць непрыдатнымі для льна, і па-ранейшаму людзі будуць перапрацоўваць гніллё, суперновае абсталяванне вельмі хутка выйдзе са строю, і нам нічога не застанецца, як ператварыцца ў прадпрыемствы, якія будуць вырошчаць сыравіну для Расеі!
Стан і развіццё ільняной галіны ў Рэспубліцы Беларусь
Інфармацыя аб працы ільнозаводаў за студзень-снежань 2011 года. [13]
У рэспубліцы вырошчваннем лёну ў 2011 г. займалася 208 льнасеяльных арганізацый, функцыянавала 30 ільнозаводаў, 15 філіялаў і 1 цэх, 1 ўчастак па перапрацоўцы льнотрасты, 5 экспартна-сартавальных льнобаз, 8 ільнонасенстанцый з 9 падраздзяленнямі. Выпрацоўка ільновалакна ажыццяўлялася на 67 тэхналагічных лініях. У 2011 г. пасеяна лёну ў сельскагаспадарчых арганізацыях 68300 га або 100 % планавай плошчы, у тым ліку мехатрадамі ільнозаводаў 48900 га, або 71%, сельскагаспадарчымі арганізацыямі 19400 га , або 29 % . Усяго ў рэспубліцы вырошчваецца 33 гатункі лёну-даўгунцу, у тым ліку 6 гатункаў замежнай селекцыі. На пасевах лёну праведзена інтэграваная сістэма абароны раслін. У 2011 г. нарыхтавана 148444 тон льнотрасты. Для забеспячэння льнасеяльных арганізацый кандыцыйным насеннем пад ураджай 2012 г. нарыхтавана 14280 тон ільнонасення, што з'яўляецца дастатковым для вырошчвання лёну на плошчы 63 тыс. га. Сярэднегадавая магутнасць ільнозаводаў па выпрацоўцы льновалакна ў рэспубліцы на 1 студзеня 2011 г. склала 52,9 тыс. тон. Па стане на 1 студзеня 2012 г. перапрацавана трасты 153,7 тыс. тон, выпрацоўка ільновалакна склала 40,7 тыс. тон, у тым ліку 7,2 тыс. тон доўгага і 33,4 тыс. тон кароткага. Агульны выхад валакна па Рэспубліцы склаў 26,51 % , (адхіленне ад нарматыўнага паказчыку 1,52). Акрамя асноўнай прадукцыі, паглыбленай перапрацоўкай ільновалакна займаюцца 13 ільнозаводаў рэспублікі. У студзені - снежні 2011 г. выпушчана прадукцыі паглыбленай перапрацоўкі лёну на суму 15726,2 млн. руб. За справаздачны перыяд у асартыменце выраблена: 404,6 тыс. пагонных метраў нятканых матэрыялаў на суму 2072,3 млн. рублёў, 265,6 тон кручаных вырабаў на суму 1680,2 млн. руб., 569 тон катанізіраванага валакна на суму 3473,8 млн. руб., 304,8 тон матэрыялу тэкстыльнага тэхнічнага на суму 1803 млн. руб., 611,6 тон часанай стужкі на суму 3939 млн. руб., 2723,5 тоны кастрабрыкетаў на суму 856 млн. руб., 148 тон масла льнянога на суму 1188 млн. руб., 380 тон жмыха на суму 714 млн. руб. Усяго льнозаводамі выкарыстана на паглыбленую перапрацоўку 2474,4 тоны валакна з улікам рэшткаў 2010 г.
Застаюцца нявырашанымі праблемы льняной прамысловасці. Па першапачатковым плане механізаваныя атрады ільнозаводаў павінны былі стаць перадавой формай арганізацыі вытворчасці, у асноўныя функцыі якой уваходзілі б выкананне ўсяго комплексу арганізацыйных і тэхніка-тэхналагічных рашэнняў, ўкараненне найноўшых інавацый, забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў, павышэння якасці льнопрадукцыі і яе рэнтабельнасці. Аднак недастатковы узровень аснашчанасці льнасеяльных арганізацый спецыялізаванай і іншай тэхнікай, недахоп працоўных рэсурсаў і кваліфікаваных кадраў, цяжкае фінансавае становішча большасці льнасеяльных і перапрацоўчых прадпрыемстваў і немагчымасць выканання iмi прынцыпу комплекснасці пры інвеставанні развіцця падкомплекса прывялі да незабяспечанасці льнасеяльных арганізацый тэхнікай для ўборкі лёну і невыканання рэгламентаваных агратэхнічных патрабаванняў пры апрацоўцы лёну-даўгунцу (вылучэнне льнопрыдатных зямельных плошчаў, захаванне сяўбазвароту, тэрміны і якасць выканання асноўных тэхналагічных аперацый і інш.). Асабліва вострая сітуацыя складваецца з вылучэннем зямельных плошчаў. Часта яны вылучаюцца на адлегласці да 70 км ад льнозавода, непрыдатныя для вырошчвання лёну па паказчыках кіслотнасці, механічнаму складу, узроўню урадлівасці, ступені акультураных і інш фактараў. Адпаведна сабекошт вырабленай механізаванымі атрадамі ільносыравіны аказваецца вышэй у параўнанні з льнасеяльнымі гаспадаркамі, што стварае дадатковыя страты ільнозаводаў. Штучнае вывядзенне часткі ворных зямель з гаспадарчага абароту сельскагаспадарчых арганізацый для вырошчвання лёну толькі сіламі механізаваных атрадаў не толькі прывяло да павелічэння непрадукцыйных выдаткаў, але і спарадзіла шэраг праблем ва ўзаемаадносінах паміж гаспадарчымі суб'ектамі. Значная частка шох мае патрэбу ў бягучым і капітальным рамонце. У пераважных аб'ёмах трасту захоўваюць пад адкрытым небам у сціртах і стагах і хаваюць найпростымі ізаляцыйнымі матэрыяламі.
Нельга не адзначыць і тэхніка-тэхналагічную адсталасць ільнозаводаў. Паводле экспертных ацэнак, дзеючае тэхналагічнае абсталяванне на ільнозаводах фізічна і маральна састарэла і зношанае на 75 - 85%. Выпуск якаснага льновалакна магчымы толькі пры належнай тэхналогіі захоўвання трасты, аснашчэнні ільнозаводаў высокапрадукцыйным абсталяваннем і ўкараненні найноўшых тэхналогій перапрацоўкі сыравіны. Толькі ў гэтым выпадку будзе магчыма забяспечыць нарматыўную акупнасць выдаткаваных сродкаў і іх назапашванне для вядзення нармальнага працэсу пашыранага ўзнаўлення.
У працэсе абслугоўвання гаспадарчых суб'ектаў льнянога падкомплекса і на стадыі вытворчасці вырабаў з ільновалакна прыярытэт аддаецца рашэнню уласных ведамасных задач з выкарыстаннем пераважна адміністрацыйных метадаў ва ўзаемаадносінах з ільносеяльнымі гаспадаркамі і льнозаводамі, што адмоўна адбіваецца на іх працы. Дастаткова сказаць, што РУВГП "Аршанскі льнокамбінат" і пяццю экспартна-сартавальнымі базамі, як асноўным і дапаможнымі удзельнікамі канчатковай стадыі інтэграцыйнага працэсу ў тэхналагічнай ланцугу "апрацоўка - перапрацоўка - збыт" практычна не вылучаюцца фінансавыя сродкі на развіццё сыравінных зон, дзе вырабляецца першасная прадукцыя льнаводства (траста і насенне). Але менавіта дасягнуты ўзровень эфектыўнасці вытворчасці льнотрасты ў вырашальнай меры вызначае канчатковыя паказчыкі працы ўсяго льнянога комплексу. Мае патрэбу ва ўдасканаленні таксама практыка набыцця для льнасеяльных гаспадарак і льнозаводаў тэхнічных сродкаў і абсталявання. Абслугоўваючыя структуры часта не ўлічваюць фінансавы і эканамічны стан спажыўца.
На сусветным рынку тэкстыльных вырабаў Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на трэцім, самым ніжэйшым, гандлёвым сегменце, які характарызуецца невялікім асартыментам тавараў невысокай і сярэдняй якасці і нізкімі рэалізацыйнай коштамі. Аснову беларускага экспарту складае сыравіна і паўфабрыкаты: ільновалакно (9-20 тыс. тон), пража льняная (2-4 тыс. тон) і тканіны ільняныя (15-20 млн. кв. Метраў). Невысокая якасць тканіны Аршанскага льнокамбіната ня задавальняе сусветным патрабаванням. У выніку пастаўкі ў краіны ЕС і ЗША за апошнія гады скараціліся ў 2 разы. Гандляваць сыравінай або паўфабрыкатамі нявыгадна.
Пастаянны рост насельніцтва ў краінах свету, якія развіваюцца, выклікае неабходнасць павелічэння аб'ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання. Ва ўмовах абмежаванасці прыдатных ворных плошчаў гэта змушае многія краіны скарачаць пасевы тэхнічных культур у тым ліку і лёну-даўгунцу. Гэта азначае, што для Рэспублікі Беларусь як краіны з высокім узроўнем забеспячэння зямельнымі рэсурсамі складваецца спрыяльная сітуацыя для рэалізацыі льнаводчай прадукцыі на замежных рынках пры ўмове яе вытворчасці па высокім стандартам якасці.
За апошнія 6 мес. 2011 г. кошты на льновалакно ўмоўнага нумара 10 ўзраслі з 1500 да 1850 даляраў ЗША або ў 1,23 разы.
У цяперашні час назіраецца тэндэнцыя роста попыта насельніцтва ў краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі на натуральную сыравіну. Гэта таксама павінна стаць арыенцірам для паскоранага развіцця вытворчасці вырабаў з натуральных валокнаў.
Ільнаводчая прадукцыя характарызуецца разнастайнасцю і выкарыстоўваецца ў розных галінах (харчовай, тэкстыльнай, цэлюлозна-папяровай, мэблевай, будаўнічай, машына- і аўтамабілебудаванні, медыцыне і інш), што фармуе павышаны попыт на адпаведныя віды тавараў.
У параўнанні з рынкам тэкстылю сусветны рынак гатовай адзення з'яўляецца найбольш прыбытковым і дынамічна развіваюцца напрамкам. Гэта важкая падстава для павелічэння долі выпуску льняных вырабаў з высокім коштам .
Для функцыянавання льнянога падкомплекса Беларусь размяшчае спрыяльнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, створана неабходная навукова-вытворчая база, што ў спалучэнні з далейшым яе умацаваннем здольна забяспечыць вытворчасць якаснай і канкурэнтаздольнай на сусветным рынку льнопрадукцыі .
З улікам праблем і перспектыў развіцця льнянога падкомплекса, як прыярытэтнага, неабходна ў льнасеяльных гаспадарках забяспечыць атрыманне высакаякаснай льнотрасты на аснове строгага выканання галіновага тэхналагічнага рэгламенту па апрацоўцы і ўборцы лёну-даўгунцу. Ад ўзроўню эфектыўнасці яе вытворчасці ў значнай ступені будзе залежаць, у канчатковым рахунку, праца ўсяго льнаводства. Гэта магчыма ў выпадку, калі пры апрацоўцы лёну-даўгунцу стаўку рабіць на льнасеяльныя гаспадаркі з пераарыентацыяй дзяржпадтрымкі, коштавай і падатковай палітыкі, накіроўваючы грашовыя сродкі на паляпшэнне тэхнічнай аснашчанасці працэсу вырошчвання лёну з пераважным выкарыстаннем высокаўраджайных гатункаў; у спецыялізаваных сельскагаспадарчых арганізацыях стварыць механізаваныя ільнаводчыя звёны і стымуляваць іх працу па канчатковым выніках развіцця падкомплекса; варта стварыць кампактныя сыравінныя зоны вырошчвання лёну з эканамічна абгрунтаваным радыусам дастаўкі сыравіны на льнозаводы; развіваць сыравінныя зоны ільнозаводаў на канкурэнтнай аснове шляхам вылучэння квот дзяржзамовы. З павышэннем эканамічнай цікавасці ў вытворчасці лёну і прывядзеннем тэхнiчнай аснашчанасці падкомплекса да нарматыўнага ўзроўню, ільнасеяльныя гаспадаркі будуць здольныя самастойна або ў супольнасці з механізаванымі атрадамі льнозаводаў вырошчваць культуру ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналагічнага рэгламенту. У гэтым выпадку будуць выкарыстоўвацца толькі льнопрыдатныя землі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі навукі і арганізоўвацца навукова абгрунтаваныя льняныя севазвароты. У выніку захаванне гэтых і іншых патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту вытворчасці льнотрасты стане важкім фактарам зніжэння сабекошту вытворчасці трасты і павышэння яе якасці, ўмацавання эканамічных паказчыкаў вырошчвання лёну ў льнасеяльных арганізацыях.
Таксама неабходна правесці тэхналагічнае перааснашчэнне льнозаводаў з аптымізацыяй іх колькасці. У цяперашні час арыенціровачны кошт імпартнай лініі складае прыкладна 3,6 млн. еўра. У сувязі з гэтым патрабуецца ўсебаковае эканамічнае абгрунтаванне мэтазгоднасці іх закупкі на тэндэрнай аснове, якая павінна праводзіцца па выніках конкурсу на лепшы бізнэс-план інвестыцыйнага праекта сярод ільнозаводаў. Тым самым будзе забяспечана эфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў, што накіроўваюцца на набыццё дарагога імпартнага абсталявання для мэт тэхнічнага перааснашчэння льноперапрацоўчых прадпрыемстваў. Патрабуецца будаўніцтва і мадэрнізацыя сучасных сховішчаў трасты з такім разлікам, каб у поўнай меры задавальняліся патрабаванні вытворчасці па якасці захоўвання і планавых аб'ёмаў яе перапрацоўкі.
РУВГП "Аршанскі льнокамбінат", як найважнейшаму спажыўцу прадукцыі льнозаводаў, неабходна першарадную ўвагу надаваць пытанням пашырэння асартыменту і павышэння эфектыўнасці вырабаў, якія вырабляюцца з ільновалакна, і іх збыту з дапамогай далейшага развіцця ўласнай тавараправоднай сеткі. Неабходная граматная і агрэсіўная маркетынгавая палітыка ў вытворчасці і рэалізацыі льняных вырабаў. Устаноўлена, што разнастайная льняная прадукцыя ў апошнія гады пастаўлялася ў Расію, Украіну, Латвію, Літву, Германію, Бельгію, ЗША, Румынію, Славакію, Турцыю і інш. На гэтыя краіны павінен быць зроблены акцэнт і ў бліжэйшыя гады пры прасоўванні на замежныя рынкі розных ільняных вырабаў. Разам з гэтым павінен весціся актыўны пошук новых рынкаў збыту льняной прадукцыі. Пры гэтым стаўку неабходна зрабіць на рэалізацыю канкурэнтаздольнай па якасці і кошце прадукцыі: высокаякаснай ільняной вопратцы (для высокай моды), попыт на якую ў свеце пастаянна ўзрастае.
У мэтах кансалідацыі эканамічных інтарэсаў удзельнікаў льнянога падкомплекса неабходна ў першачарговым парадку стварыць інтэграцыйнае аб'яднанне ў выглядзе ільняной кампаніі, бо максімальная эфектыўнасць і ўстойлівасць развіцця можа быць дасягнута толькі пры яе функцыянаванні на прынцыпах кааперацыі і інтэграцыі. Гэта дазволіць забяспечыць узгодненую маркетынгавую стратэгію разрозненых і канкуруючых сёння паміж сабой збытавых арганізацый. Рэалізацыя гэтай адзінай стратэгіі будзе спрыяць пашырэнню геаграфіі і павелічэнню аб'ёмаў экспарту, правядзенню кансалідаванай тэхналагічнай, інвестыцыйнай і кадравай палітыкі, аптымізацыі імпартных закупак і дзяржаўнай падтрымкі, асабліва для стварэння кампактных сыравінных зон вырошчвання і перапрацоўкі лёну.
Менавіта іх паскоранае і стабільнае развіццё з'яўляецца найпершым неабходнай умовай для вываду льнянога падкомплекса Рэспублікі Беларусь з працяглага застою.
Становішча скупога, які плаціць двойчы [14]
Нягледзячы на тое, што ў краіне сярэднія шматгадовыя ўраджаі льновалакна ў апошнія гады павялічыліся, праблемы ў галіне не зменшыліся, яны адэкватныя тым істотным змяненням, якія адбыліся ў свеце, калі краіны Усходняй Азіі запоўнілі рынкі танным тэкстылем і вырабамі з яго. Жорсткая канкурэнцыя паставіла ільнаводства ва ўмовы пастаяннага ўдасканалення тэхнічных сродкаў, сістэм арганізацыі вытворчасці, спосабаў перапрацоўкі трасты і вырабу тканін, выкарыстання і продажу льнопрадукцыі. Меры такога парадку дазволілі Францыі, Бельгіі, Англіі ў апошнія гады павялічыць пасевы лёну-даўгунцу, значна пашырыўшы выкарыстанне асартыменту льнопрадукцыі не толькі ў тэкстыльнай вытворчасці, але і ў будаўніцтве, мэблевай вытворчасці, медыцыне і на харчовыя мэты.
Вытворчасць лёну і вырабаў з яго ў нашай краіне з'яўляецца часткай сукупнасці галін і прадпрыемстваў, звязаных эканамічнымі ўзаемаадносінамі, якія далёка не заўсёды спрыяюць паспяховаму развіццю галіны і задавальняюць эканамічныя інтарэсы яго ўдзельнікаў. Значныя меры фінансава-эканамічнага характару, прынятыя ўрадам Беларусі, ужо прыносяць станоўчыя вынікі, сфарміравана рэальная аснова павелічэння прадуктыўнасці ільняных пасеваў у бліжэйшы час. Гэтыя меры дазволілі вырабіць істотныя станоўчыя змены ў тэхналогіі вырошчвання лёну, якія пацвярджаюць магчымасць давесці прадуктыўнасць ільновалакна і насення на ўзровень, прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005 - 2010 гг.
Скарачэнне плошчаў пад льном адбылося ў краінах, дзе тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі лёну не змянялася на працягу дзясяткаў гадоў, а ручная праца як па прадукцыйнасці, так і па якасці не была заменена адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі, асабліва пры ўборцы лёну і падрыхтоўцы трасты. Гэтая прычына цалкам не ўхіленая і да цяперашняга часу. Працэс набыцця і выкарыстання новай уборачнай тэхнікі знаходзіцца ў пачатку рэалізацыі. Прычына - нізкая прадуктыўнасць і невысокая якасць валакна. Аналіз практыкі вырошчвання лёну на адным полі адначасова на валакно і насенне даказаў яго безгрунтоўнасць, таму што пры такім спосабе пасеву губляецца альбо прадуктыўнасць і якасць насення, альбо прадуктыўнасць і якасць валакна. Таму па меры запаўнення вытворчасці новай высокапрадукцыйнай ўборачнай тэхнікай такая безумоўна прагрэсіўная сістэма будзе выкарыстана ў льнаводстве.
Штогадовая практыка продажу значнай часткі ільновалакна за мяжу ставіла вытворцаў сыравіны ў татальную залежнасць ад кан'юнктуры рынку і палітыкі перакупшчыкаў, што характэрна для сыравіннай накіраванасці падкомплекса. Таму арыентацыя вытворчасці льнопрадукцыі на задавальненне патрэб уласнай перапрацоўчай тэкстыльнай прамысловасці, а таксама значнае пашырэнне асартыменту вырабаў з лёну і яго адходаў для народнай гаспадаркі з'яўляецца мерай далейшай інтэнсіфікацыі льнянога падкомплекса. Гэта рашэнне дазволіць сканцэнтраваць сыравінныя зоны льнозаводаў, павысіць іх загружанасць, паскорыць замену састарэлага абсталявання, арганізаваць перапрацоўку адходаў вытворчасці, палепшыць умовы працы і яго вытворчасць. Аналізуючы вынікі працы асобных сістэм падкомплекса, варта адзначыць ўпэўнены рост яго аграбіялагічнай і агратэхнічнай сістэмы, якая, нягледзячы на некаторыя недахопы, дазволіла павысіць прадукцыйнасць, у параўнанні з 2003 г., удвая (па аператыўных дадзеных прадуктыўнасць валакна ўраджаю 2009 перавышае 8 ц/га), у той жа час прыкметных змен у тэхналогіі перапрацоўкі льнотрасты не адбылося, запушчаныя 2 лініі заходняй вытворчасці - гэта крок у патрэбным кірунку, калі казаць аб сістэмнай інтэнсіфікацыі перапрацоўкі льнотрасты, то гэты напрамак трэба развіваць. Прапанова па замене старога тэхналагічнага абсталявання расійскім, маральна састарэлым, не вырашае праблемы, а ставіць у становішча скупога, які плаціць двойчы. Тэхналогія перапрацоўкі трасты павінна адпавядаць найноўшым сусветным узорам, таму варта ўважліва разгледзець і ацаніць прапановы аб закупцы найноўшага еўрапейскага комплекснага прадпрыемства, якое паслужыць стандартам для перапрацоўкі льнотрасты. Значнай дапамогай у сістэме льнянога падкомплекса можа быць вытворчасць ільнянога алею, якое, па разліках ГП "Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі", можа забяспечыць 60% і больш рэнтабельнасці.
У аграрных рэгіёнах свету лён як культура прадстаўлены ў асноўным алейным льном. Не прымяншаючы значэння для Беларусі лёну-даўгунцу, варта сур'ёзна працаваць у навукова-вытворчым плане па культываванні алейнага лёну.
Вялікае значэнне ў развіцці льнянога падкомплекса мае навуковае суправаджэнне. У гэтай частцы найбольш шчасна ідуць справы з тэхналогіямі вырошчвання льносаломкі і прыгатавання льнотрасты. Значнага ўзмацнення патрабуе праблема перапрацоўкі льнотрасты на валакно, пашырэнне сферы выкарыстання льнопрадукцыі і вырабаў з яе, а таксама адходаў льнянога вытворчасці ў розных галінах народнай гаспадаркі, тэхналогія прыгатавання змешаных тканін, эканамічна эфектыўнага выкарыстання кароткага валакна, Па гэтых напрамках мэтазгодна мець комплексную рэспубліканскую праграму для хутчэйшага вырашэння фінансава-эканамічных праблем і пераходу на прыбытковае функцыянаванне льнянога падкомплекса.
Павышэнне прадуктыўнасці льнянога поля і паляпшэнне якасці льновалакна - вельмі важны і неабходны, але не адзіны крок на шляху ператварэння льнянога падкомплекса у даходную галіну. Рызыка льнаводаў ў 10 разоў вышэй, чым у перапрацоўшчыкаў, паколькі і вырошчванне льносаломкі, і вытворчасць трасты залежыць ад уздзеяння фактараў надвор'я. І нягледзячы на тое, што інтэнсіфікацыя тэхналогіі вырошчвання лёну аслабляе гэтую залежнасць, рызыка пастаянна існуе. Да таго ж льнаводы вельмі далёкія ад канчатковых фінансавых вынікаў сваёй дзейнасці.
Сучасны льняны падкомплекс не мае відавочных прыкмет сучаснай сістэмнай арганізацыі. Няма адзінага кіравання з усімі яго дзейснымі рычагамі, адсутнічае адзіная палітыка навукова-тэхналагічнага і фінансава-эканамічнага развіцця, не прымаюцца дастатковыя меры па пераадоленні праблемы кадраў. У выніку такой раз'яднанасці розных узроўняў падкомплекса ўзнікаюць супярэчнасці і канфлікты арганізацыйнага і фінансава-гаспадарчага парадку, якія руцінна паўтараюцца з года ў год, а меры, што прымаюцца і рашэнні накіраваны не на перспектыву эканамічнага развіцця, а часцей на ліквідацыю наступстваў нездавальняючай дзейнасці.
Арыентуючыся на перспектыву развіцця тэкстыльнай прамысловасці ў краіне, у якой занята значная колькасць працаздольнага насельніцтва, спецыялісты лічаць магчымым замяніць да 30 - 40 % закупленай бавоўны льном, але ў гэтым выпадку неабходна навуковая і тэхналагічная падрыхтоўка прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасці для вытворчасці змешаных тканін, эфектыўнага выкарыстання кароткага валакна, сур'ёзнага развіцця маркетынгавай дзейнасці. Па меры павышэння канкурэнцыі з боку краін Усходу і Захаду неабходнасць удасканалення льнянога падкомплекса узмацняецца. Аб'яднаць усе ўзроўні, стварыць адзіную інтэграваную сістэму, здольную вырашыць існуючыя праблемы, - досыць складаная задача, тым больш, што ўсе звёны падкомплекса, акрамя гандлёвых арганізацый, альбо стратныя, альбо нізкарэнтабельныя. Тым не менш, магчымасці пераадолець існуючыя праблемы з дапамогай пэўных прэферэнцый з боку дзяржавы і падатковых паслабленняў у такой кансалідаванай арганізацыі значна большыя. Як паказвае айчынная і замежная практыка, стварэнне такіх сістэм, засяроджванне ў адным прадпрыемстве функцый вытворчасці, перапрацоўкі і продажу канчатковай прадукцыі - найбольш перспектыўны шлях.
Усё толькі пачынаецца
"Не" - аднойчы я сказала сама сабе. - "Льнозавод - гэта камень, які ўвесь час патрэбна штурхаць угору, а ты - гэта той самы Сізіф". Хопіць.
Вельмі зараз шкадую, што калі сышла ў дэкрэтны адпачынак, пакінула ўсе астатнія справы на самавырашэнне, паспадзяваўшыся на сваіх калегаў, што яны будуць трымаць сітуацыю ў рукох…
Як паказаў час, дарэмна я ўсю сябе аддала сваёй дачцэ і забыла на прадпрыемства. Два цудоўныя гады, праведзеныя ў спакою побач з маляняткам, вельмі хутка скончыліся, а тады і пачаліся тэлефанаванні: "дапамажы, разбярыся, схадзі, патэлефануй, дай…". Брала з сабою дачку і тэлефанавала, хадзіла па інстанцыях, пісала "куды патрэбна", таму што затрымлівалі заробкі, затрымлівалі дзіцячыя выплаты, развальвалі прадпрыемства і каціліся ўніз і ўніз...
І вось цяпер невядома з якой прычыны льнозавод зачынілі. Але патрэбна было і тут не спадзявацца на гэтых цемрашалаў, якія працавалі ў нашай канторы, а самой прысутнічаць і кантраляваць увесь працэс, як гэта было не аднойчы падчас маёй працы на прадпрыемстве. З аднаго боку, дзяўчатак, з якімі я працавала раней - было вельмі шкада, таму што завод быў для іх усім жыццём. Там працавалі яны, там працавалі іх мужыкі, там працавалі іх дзеці. А наш раён даволі маленькі і зусім нерэспектабельны. Працоўных месцаў на вакансіях пальцамі можна пералічыць, ды і тыя - па дагаворы, па знаёмству, па добрай руцэ і нечым яшчэ больш уважыстым. Куды яны зараз пойдуць - ніхто не ведае, нават і дзяўчаты самі. З іншага боку, гэты завод даўно ўжо трэба было зачыніць, бо нерэнтабельным быў, трымаўся на адным чэсным слове ды і тое ўжо не мела нічога акрамя пустазвону. І сітуацыя была б крыху іншай, значна лепшай, калі б невядома з якой прычыны мы б не пайшлі філіялам пад Валожынскі льнокамбінат напрыканцы 2009 года. Наш завод лічыўся і быў адным з лепшых, на нашай прадукцыі нярэдка выцягваўся рэспубліканскі план па выпрацоўцы льновалакна. А Валожынскі льнокамбінат меў кепскую славу і цёмныя справы. І па факце, філіялам павінен быў быць ён, а не мы.
Цэлы год мы змагаліся, цэлы год быў пакладзены невядома на што. Калі я сышла ў дэкрэтны адпачынак, перадавалі звесткі з "поля боя", што наш завод хоча выйсці з-пад кантроля Валожына… але справа надта моцна зацягнулася. Чуткі пра тое, што завод будзе зачыненым, пачала лётаць яшчэ з восені 2013 года, калі распачаўся новы нарыхтоўчы сезон. Чутка лятала ўпарта і неадступна, людзі разбягаліся з прадпрыемства нібыта пацукі з карабеля перад крушэннем, нарыхтоўчы сезон быў згубленым, хоць і льну ў гэтым годзе было шмат. Пасля Новага года нарэшце была абвешчана і дата зачынення завода - 1 красавіка, так бы мовіць, такі жарт. Аднак, пра тое, што прадпрыемства ўжо спыніла сваю працу, я даведалася праз тыдзень пасля таго, як на дзверы завода была навешана пячатка. Ці то таму, што баяліся, ці то таму, што не ўзгадалі, але нават і умовы зачынення нам, дэкрэтніцам, не былі агучанымі. Працаўнікоў разлічылі і распусцілі, мамы-дэкрэтніцы засталіся ў поўным няведанні таго, што будзе з імі і з дзіцячымі выплотамі, бо і Валожын не гарэў жаданнем навесіць на сябе больш за 10 чалавек "дармаедаў" у выглядзе мам, а з імі і іх дзяцей.
З гэтым пытаннем я пайшла ў выканкам. Азадачыла чалавека, і ён цягам двох дзён вырашаў пытанне па ўжо зачыненаму заводзе. Як высветлілася, прадпрыемства перацярпела скарачэнне, а гэта азначае, што мы, мамы, пераходзім у штат Валожынскага льнокамбіната - нас ніхто не мае права звольніць (у адрозненне ад выпадка, калі б гэта была ліквідацыя). І дзіцячыя выплаты мусім атрымліваць ужо непасрэдна ад Валожына, хаця і да скарачэння Нясвіжскага льнозавода грошы ішлі менавіта ад галаўнога прадпрыемства, а філіял, як несамастойная юрыдычная адзінка, грошы нам не выплочваў. Што наконт нейкіх выплат па скарачэнні прадпрыемства, то мы маем права атрымаць іх па заканчэнні дэкрэтнага адпачынку, з тае прычыны, што адбылося пагаршэнне умоваў працы. Паміж словаў: цябе тут ніхто не трымае, маеш жаданне працаваць у льногаліне далей - калі ласка, можаш ехаць у Валожын, праца ёсць. Я б з вялікім задавальненнем… Але і са свайго роднага льнозавода я збіралася звальняцца менавіта таму, што мая дачка не мела б належнага догляду, і мы б бачыліся ў лепшым выпадку толькі ў выходныя, калі б я засталася працаваць у цэху. Калі б я з'ехала ў Валожын (а гэтага мусіць вельмі хацелі), праблема б засталася тою ж. Так што, выбачай, дзядзька, будзем мы змагацца і надалей. Што ж наконт выплат дзіцячых грошаў да сканчэння водпуска па догляду за дзіцём, то было парэкамендавана забраць дакументы з льнокамбіната і перакінуць іх у мясцовы сабез - не будзе ні затрымак з выплатамі, ні ўвогуле праблемаў, якія не перамінулі сябе выявіць. Вайна працягваецца. Вайна на ўзроўню, але ізноў жа такі, якая, мусіць патрэбная толькі мне адной. Бо для кагосьці праца на запыленых і брудных льнозаводах падаецца іншапланетнай - "там здольныя працаваць хіба што марсіяне, а звычайны чалавек не вытрымае і пяці хвілінаў…"
Вытрымае. Калі я толькі прыйшла на завод, у мяне таксама вочы спачатку на лоб лезлі, бо трэба было прыбіраць тамбур, дзяўчаты нават без рэспіратараў мяліся, у клубах пылу, так, што нікога не было бачна. Я выбягала праз кожныя пяць хвілінаў на вуліцу, каб дыхнуць чыстага паветра. А яны зусім не зважалі на пыл ніякай увагі… За пяць гадоў працы да яго прызвычаілася і я…
А хтосьці проста не хоча пэцкацца ў брудзе, таму што куды лепей сядзець у чысцюткіх кабінеціках і не зважаць на нізы. Таму што "людзі самі вінаватыя, бо гэта іх уласны выбар". Людзі, якімі б яны ні былі, заўсёды маюць права на лепшае. І патрэбна ім гэта паказаць, падштурхнуць, падбадзёрыць. А бо што ж атрымліваецца - за што мы змагаемся? За чые інтарэсы? Кідаемся гучнымі тэзамі пра адзінства з народам - і кідаем гэты народ, маўляў, сам вінаваты. Маўляў, на заводах "працуюць адныя марсіяне - і хай працуюць". Лепш зробім камфортныя ўмовы на зонах, каб там добра сядзелася свалачам (а не толькі палітвязням, але і розным высмяткам), чым дапаможам народу падняцца з каленаў…
Хаця, канешне, парадай забраць дакументы і перакінуць іх сабе бліжэй скарыстаюся як толькі злаўлю такую магчымасць з'ездзіць на той завод. Патрэбна паехаць, паглядзець, пагутарыць з людзьмі. Патрэбна паехаць і на іншыя льнопрадпрыемствы, каб на ўласныя вочы убачыць усю карціну, скласці мазаіку, разбітую на асобныя кропкі на мапе. Лён у Беларусі павінен быць беларускім. І нам, працаўнікам льнопрамысловасці, патрэбна для гэтага аб'ядноўвацца. Цэхамі. Брыгадамі. Кагортамі. Бо толькі разам мы здолеем урэшце прыйсці да пераменаў. А паасобку нас знішчаць. Ужо знішчаюць.
А за дзвярыма, пакуль размаўляла з цудоўным чалавекам, які не аднойчы кляпаў мне штрафы, ціхарыўся, сумяўшыся, Інквізітар, зусім не чакаючы мяне тут убачыць, такую ўсю квітнеючую і моцную ў рашучасці. Так, дзядзька, так, хавайся, бо з табой яшчэ будзе гутарка. У нас з табой вайна яшчэ не скончана.
Нічога яшчэ не скончана. Усё толькі пачынаецца.
З набрынялага нiзкага неба раптам зрынуўся долу раз'юшаны вецер, выдзiраючы з рук парасоны, збiваючы з ног, шпурляючы ў твары цяжкiмi жменямi халодны пранiзлiвы дождж. Людзi спяшалiся збегчы з прамоклых вулiц, выкручваючыся ад гарэзлівых кіроўцаў, якія з дзіцячаю радасцю таранілі ваду і весяліліся, калі ўзнятыя імі хвалі абкатвалі з галавы да ног пешаходаў. А я стаяла сярод нечаканага гармiдару i дыхала водарнаю вiльгаццю, якая суцяшала, супакойвала, сцiшвала шаленства думак. Блюзнерства звар'яцелага свету растваралася ў iмклiвай вадзе, у вострых стрэлах дажджу, што бязлiтасна працiналi наскрозь i адначасова пяшчотна наталялi неўразумелую дасюль смагу да гэтай невыказнай асалоды. I так лёгка, так нясцерпна лёгка, калi да болю раздзiрае спiну там, дзе ў анёлаў ёсць крылы, мне бывае толькi ў час навальнiцы...
ЛЁН У НАРОДНАЙ МЕДЫЦЫНЕ
Ільняное сем'е вельмі карыснае. У смажаным выглядзе дапамагае пазбавіцца ад кашлю, які суправаджаецца вылучэннем вялікай колькасці макроты. Выкарыстанне ільнянога насення ў спалучэнні з прыроднай содай і інжырам - добрая лекавая павязка ад вяснушак і вугроў. Прымочкі з ільнянога насення робяць пры цвёрдых пухлінах і пры язвах на галаве. Калі прысыпаць парашком са спаленага льнянога насення рану, гэта высушвае яе і супакойвае боль і сверб. Добра ім рабіць прафілактыку ад пролежняў: - шыюць спецыяльныя матрасікі, напоўненыя льняным сем'ем. Яно прымяняецца ў касметалогіі і ў кулінарыі, надаючы своеасаблівы тонкі пікантны смак страве, робячы яе больш засваяльнай і лёгкай. Акрамя гэтага ў семені змяшчаецца значная колькасць бялку, лецытыну, вітамінаў (A, Y, E, P) і іншых біялагічна актыўных рэчываў. У народнай медыцыне адвар з ільнянога насення выкарыстоўваюць як мяккі паслабляльны сродак. Ён добра ўплывае на ўсю стрававальную сістэму, дапамагае гаенню ранак, язваў у кішэчніку і страўніку. Само ж сем'е з'яўляецца добрым сарбентам і чысціць кішэчнік. Размолатае льняное насенне рэкамендуецца выкарыстоўваць у якасці 30-50% дабаўкі пры варэнні маннай, рысавай, гарбузовай і аўсянай кашы для паляпшэння густу і павышэння харчовай каштоўнасці.
Алей з ільнянога насення здольны нармалізаваць дзейнасць печані, шчытападобнай залозы, кішэчніка і страўніка. Ён з'яўляецца таксама прафілактычным сродкам ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Ільняны алей ачышчае крывяносную сістэму, зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві, спрыяе ўмацаванню сардэчнай мышцы, аказвае падтрымку імуннай сістэме. Ільняны алей аказваецца неверагодна карысным пры розных анкалагічных захворваннях. Ён зніжае верагоднасць утварэння тромбаў у лёгкіх, сэрцы і мозгу. Ільняны алей можна ўжываць не толькі ўнутр, але і вонкава. Напрыклад, для лячэння розных ран, апёкаў, расколін скурнага покрыва, для пазбаўлення сінякоў.
Льняная каша з'яўляецца выдатным карысным дыетычным прадуктам, неабходным для правільнага і збалансаванага харчавання чалавека. Адметная асаблівасць ільняной кашы заключаецца ў тым, што яна ўтрымлівае ў 700 разоў больш раслінных гармонаў у параўнанні з іншымі расліннымі прадуктамі харчавання. Менавіта гэтыя рэчывы, якія валодаюць магутным антыаляргічным і антыаксідантным дзеяннем, робяць льняную кашу унікальна карысным прадуктам для людзей, якія пакутуюць рознымі захворваннямі - анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымімі, алергічнымі і г.д.:
Захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы (атэрасклероз, ішэмічная хвароба сэрца, гіпертанія і інш). Тлустыя кіслоты Амега-3 і Амега-6 спрыяюць зніжэнню ўзроўню халестэрыну і памяншэння крывянага ціску.
Захворванні органаў стрававання. Пры заварванні ільняной кашы утвараецца склізь, якая валодае ахінальным, супрацьзапаленчым і абязбольвальным сродкам. Менавіта яна засцерагае слізістую абалонку страўніка і стрававода ад раздражнення і аказвае заспакаяльнае дзеянне пры язве страўніка і 12-перснай кішкі, гастрытах з падвышанай кіслотнасцю, калітах, харчовых атручваннях, халестыстытах. Каша з насення лёну прымяняецца дасама ў лячэнні гемарою і як супрацьгліставы сродак.
Дыябет. Рэгулярнае ўвядзенне ільняной кашы ў рацыён дыябетычных хворых памяншае іх залежнасць ад інсулінавых ін'екцый. А штодзённае ўжыванне хлеба з дадаткам лёну дапамагае знізіць узровень цукру ў крыві пасля прыёму ежы.
Анкалагічныя захворванні. Даследаванні паказалі, што лігнаны, якія змяшчаюцца ў ільняным насенні, у выніку метабалізму ператвараюцца ў актыўныя фітаэстрагены, нармалізуюць гарманальны баланс. У шэрагу выпадкаў менавіта фітаэстрагены перашкаджаюць развіццю ў арганізме чалавека гарманальна залежнага раку (рак малочнай залозы, яечнікаў, маткі ў жанчын і рак прастаты у мужчын). І таму, рэгулярнае ўжыванне ільняной кашы незаменна для прафілактыкі шэрагу анкалагічных захворванняў.
Лішняя вага. Вельмі карысна і эфектыўна ўвядзенне льняной кашы ў дыетычнае меню чалавека, які жадае схуднець.
Захворванні органаў дыхання. Яшчэ з часоў Авіцэны насенне лёну выкарыстоўвалася ў якасці адхарквальнага, супрацькашлевага сродку і прызначалася пацыентам пры лячэнні пнеўманіі, бранхіту, плеўрыту.
Захворванні мочапалавой сістэмы. Льняная каша з-за яе супрацьзапаленчага, ачышчальнага і абязбольвальнага дзеянняў знаходзіць прымяненне ў комплексным лячэнні нефрытаў, цыстытаў, піэлітаў, нырачна-каменнай хваробы.
Парушэнні палавой функцыі ў мужчын. Рэгулярнае ўжыванне льняной кашы ўзмацняе выпрацоўку мужчынскага палавога гармону тэстастэрону, што, у канчатковым рахунку, неабходна для стымуляцыі сперматагенезу і эфектыўна пры імпатэнцыі.
Алкагалізм, наркаманія, псіхічныя захворванні. Згодна з навуковымі дадзенымі, дэфіцыт амега-3 тлушчаў з'яўляецца адной з прычын мноства псіхічных захворванняў. І таму прымяненне ў рацыёне харчавання льняной кашы спрыяе паляпшэнню стану хворых пры дэпрэсіі, шызафрэніі, дасама змякчае праяву сіндрому «адмены» пры алкагалізме і наркаманіі. Таксама рэгулярнае ўжыванне кашы з ільнянога насення спрыяе паляпшэнню стану хворых пры скурных захворваннях, падаўжае «маладосць» скуры і валасоў. Любому чалавеку, які вядзе правільны і актыўны лад жыцця, трэба памятаць пра тое, што льняная каша - гэта вельмі карысны дыетычны прадукт і яе штодзённае ўжыванне неабходна для здароўя і падтрымання выдатнай фізічнай формы.
Вельмі важная роля льнянога алею як карыснага прадукту здароўя ў жыцці любой жанчыны. Гэты алей абавязкова павінны ўваходзіць у рацыён харчавання цяжарных, бо кампаненты яго станоўча ўплываюць на правільнае развіццё мозгу будучага дзіцяці, палягчаюць ход цяжарнасці і родаў. Патрэбная колькасць гэтага рэчыва або яго недахоп, вызначае разумовыя здольнасці дзіцяці, які яшчэ знаходзіцца ва ўлонні маці. Амега-3 адказвае за развіццё ў дзіцяці дробнай маторыкі і зрокавай каардынацыі. Пры недахопе амега-3 дзіця дрэнна кантралюе свае паводзіны, яго почырк непераборлівы і «скача» на радках. Яно з цяжкасцю засвойвае вучэбную праграму. Акрамя таго, дзеці з недахопам ў арганізме амега-3, часцей за ўсё дэманструюць грамадству асацыяльныя паводзіны. Дастатковая колькасць гэтага рэчыва засцерагае будучую маці ад заўчасных родаў, а пасля родаў ільняную кашу можна ўжываць і для ўзмацнення лактацыі. Дзякуючы высокаму ўтрыманню ў насенні лёну фітаэстрагенаў прымяненне льняной кашы ў выглядзе прадукту харчавання карысна жанчынам для змякчэння менструальных сімптомаў, а ў перыяд менапаўзы - для паляпшэння агульнага фізіялагічнага стану.
Неабходна адзначыць, што лепш ўжываць ільняны харчовы алей у халодным выглядзе, не падвяргаючы тэрмічнай апрацоўцы, - у гэтым выпадку ён не страціць сваіх лекавых уласцівасцяў і захавае ў сваім складзе усе карысныя рэчывы і вітаміны. Ільняны алей абавязкова павінен захоўвацца ў цёмных бутэльках, а пасля адкрыцця - у прахалодным месцы, тады ён не губляе сваіх карысных уласцівасцяў.
Рэцэпт адвару для прафілактыкі язвы, гастрыту і завал
Прыгатаваць адвар з дзвюх лыжак ільнянога насення, залітых літрам кіпневай вады, які трэба пратрымаць пад вечкам на павольным агні недзе паўтары гадзіны. Прымаць нашча тры разы на дзень па палове шклянкі.
Як схуднець з дапамогай ільняной семечкі
Рэцэпт № 1. Узяць 1 лыжку льнянога насення і заліць 2 шклянкамі кіпня. Выліць у тэрмас або паставіць у любым посуду ў цёплае месца. Даць настаяцца на працягу адной ночы. Прымаць настой па 0,5 шклянкі 2 - 3 разы на дзень. Піць настой трэба 10 дзён. Затым зрабіць перапынак дасама на 10 дзён. Па заканчэнні часу можна паўтарыць курс.
Рэцэпт № 2. Узяць 1 лыжку льнянога насення і заліць 1 шклянкай стромкага кіпеню ў эмаляваным рондалі. Паставіць рондаль на павольны агонь і варыць 30 хв., памешваючы адвар час ад часу. Рондаль павінен быць шчыльна зачынены вечкам. Атрыманы адвар астудзіць і прымаць па 100 - 150 г за 30 хв. да ежы на галодны страўнік.
Рэцэпт № 3. Зварыць досыць вадкі кісель і дадаць ў яго насенне лёну. Пакуль кісель будзе астываць, насенне лёну будзе набрыняць. У выніку атрымаецца смачная і карысная маса, якую можна есці ў любы час сутак.
Рэцэпт № 4. Трэба ўжываць па тыднях. У першы тыдзень да 100 г кефіру дадаць па 1 лыжачцы молатага насення лёну. Атрыманую сумесь трэба прымаць кожны дзень. У другі тыдзень да такой жа колькасці кефіру дадаваць па 2, а ў трэцюю - па 3 лыжачкі ільнянога насення.
ЛЁН У КУЛІНАРЫІ
Льняная каша - цуда-лекар
½ л. малака, ½ шклянкі льняной мукі, соль і цукар - на густ. Давесці да кіпення малако, паменшыць агонь на мінімум, затым засыпаць у малако льняную муку пры бесперапынным памешванні. З гэтага моманту варыць кашу 5 хв., соль і цукар на густ. Накрыць рондаль вечкам, выключыць агонь, ахінуць рондаль кухонным ручніком і пакінуць "парыцца" 15 - 20 хв.
Піражкі «Смак і карысць»
Кефір 1%, і вада ў роўных колькасцях дадаць цукар, соль і соду, пасля ўспеньвання уліць гэта ў сумесь пшанічнай (3 часткі) і ільняной (1 частка) мукі. Замясіць цеста. Даць пастаяць пакуль рыхтуецца начынне. У нашаткаваную на дробнай тарцы моркву дадаць распараны разынкі і размолотых семечка лёну. На 5 частак морквы - 1 частка молатага насення лёну. Можна дадаць трохі цукру. Атрыманай сумессю начыніць піражкі. Выпякаць у духоўцы.
Жытні хлеб з семем лёну
Жытняя мука - 600г, пшанічная мука - 250г, ільняное семя - 150г, дрожжы свежыя - 40г, цукар - 1 лыжачка, вада (цёплая) - 500 мл, соль - 1,5 лыжачкі.
Жытнюю муку і пшанічную муку прасеяць, змяшаць у місцы, дадаць ільняное семя. Сабраць муку ў конус, зрабіць у цэнтры паглыбленне. Замясіць рошчыну з дражжэй з цукрам, 8 лыжкамі цёплай вады і невялікай колькасцю мукі, паставіць у цёплае месца. Даць рошчыне запухірыцца, уліць рошчыну ў паглыбленне мукі. Накрыць міску з мукой і рошчынай ручніком і паставіць у цёплае месца прыкладна на 20 хв. Дадаць астатнюю ваду і соль і замясіць ўсе прадукты ў аднастайнае пластычнае цеста. Сфармаваць з цеста шар і пакласці яго на бляху у цёплае месца прыблізна на 40 хв., каб цеста падышло. Упрыгожыць бохан, надрэзаўшы перад выпечкай крыж-накрыж, вымазаць з дапамогай пэндзля цёплай вадой і злёгку пасыпаць мукой. Выпякаць на сярэдняй паліцы ў папярэдне нагрэтай духоўцы да 220˚С на працягу 40 хв., а затым давесці выпечку да гатоўнасці на слабым сярэднім агні (яшчэ прыкладна 20 хв.).
Лаваш хатні
Мука пшанічная - 2 шклянкі; мука льняная ½ шклянкі; соль 1/3 лыжачкі; сода 1/3 лыжачкі; кефір або сыроватка да 1 шклянкі. Замясіць цеста як на пяльмені, даць пастаяць 1 г., раскачаць тонкія аладкі. Выпякаць на патэльні, злёгку змазанай раслінным алеем.
Хлябец
200 мл ільнянога сем'я, 100 мл кунжутнага сем'я, 100 мл семак гарбуза, 100 мл семак сланечніка (не смажаных), 1 лыжачку сухіх спецый і марской солі, 400 мл вады
Змяшаць ўсе сухія інгрэдыенты ў адной місцы. Дадаць ваду. Змяшаць і пакінуць набрыняць на 4 гадзіны. Час ад часу змешваць сумесь. Выкласці сумесь на паперу для выпечкі на бляху і разраўняць яе лыжкай. Паставіць бляху ў духоўку на сярэдні ўзровень і павольна высушваць булачку (гэта займае 10 - 12 г. Хлябец можна пакінуць у духоўцы на ноч без нагляду). Пасля таго, як булачка трохі падсушыцца, перакласці яе на іншую паперу. І паставіць назад у духоўку. Хлябец павінен быць сухім і, пры лёгкім паляпванні па ім пальцам, выдаваць глухаваты гук).
Булачкі
Ільняная мука, пшанічная мука, сем'е льна, кефір, соль, сода, цукар. Змяшаць льняную муку, пшанічную і насенне лёну ў прапорцыі 3:1:1. У шклянку кефіру дадаць лыжку цукру, 1 лыжачку соды, пакінуць ў цёплым месцы. Калі кефір павялічыцца ў аб'ёме, дадаць яго да мучной сумесі, саліць па гусце, замясіць цеста, якое павінна пару гадзін пастаяць. Мокрымі рукамі фармаваць шарыкі памерам з мячык для настольнага тэніса, паставіць у духоўку, разагрэтую да 200-220˚С да гатоўнасці.
Салата «Праметэй»
Буракі адварваюць у лупіне, астуджаюць, чысцяць, здрабняюць на тарцы. Яблыкі чысцяць ад скуркі, выдаляюць насенне, наразаюць кубікам. Падрыхтаваныя буракі запраўляюць алеем, ўводзяць яблыкі, змешваюць. Усе кампаненты салаты выкладваюць у салатнік горкай. Насенне лёну абсмажваюць на распаленай патэльні на працягу 1 - 2 хв., астуджаюць і перамолваюць. Салату зверху пасыпаюць молатым насеннем лёну, ўпрыгожваюць зелянінай.
Пікантнае асарці
Каляровую капусту, капусту брокалі падзяляюць на пупышкі, адварваюць у падсоленай вадзе напалову. Даюць вадзе сцячы. Моркву адварваюць у лупіне да гатоўнасці, астуджаюць, чысцяць. Насенне лёну абсмажваюць на распаленай патэльні на працягу 1 - 2 хвілін, астуджаюць і перамолваюць. Адварную капусту паніруюць ў молатым насенні лёну, выкладваюць на бляху, запякаюць на працягу 5-7 хвілін пры тэмпературы + 220˚С, астуджаюць, паліваюць алеем, ўпрыгожваюць зелянінай і «зорачкамі» адварной морквы.
Салата з сырых шынкоў
300г шынкоў, 1 цыбуліна, 2 лыжкі цёртага хрэна, цыбуля, 100г маянэзу, зеляніна кропу і пятрушкі, молаты чорны перац, молатае насенне лёну, соль па гусце. Добра обмытыя і вычышчаныя шынкі нацерці на буйной тарцы. Дадаць цыбулю і хрэн, нацёрты на тарцы, сечаную зеляніну кропу і пятрушкі. Усе змяшаць. Дадаць перац, насеньне лёну, соль па гусце, маянэз.
Салата
Пучок рукалы, лісце зялёнай салаты - 50г, зялёная цыбуля 2 - 3 пярынкі, кроп, пятрушка, аліўкі без костачак - 1 лыжка, чырвоны памідор, ільняное семя - 1 лыжачка. Для запраўкі:
соевы соус - 1 лыжка, сок чвэртачкі лімона, аліўкавы алей 1 - 1,5 лыжкі. Усю гародніну добра прамыць і прасушыць. Змяшаць у салатніку разарваныя лісце салаты і рукалы, дробныя пакінуць цэлымі. Дадаць кроп і пятрушку, нарэзаны кружкамі, але не тонка, памідор. Дадаць цэлыя алівы. Заправіць змяшаным з цытрынавым сокам і соевым соусам аліўкавым алеем. Зверху прысыпаць ільняным семем. Асцярожна змяшаць і падаць да стала.
Вытанчаны рыс
3 - 4 шклянкі адварнога рассыпістага рысу, 2 лыжкі цукру, 1 лыжка алею, садавіна, фінікі, арэхі, міндаль, цёртае семя лёну. Рыс змяшаць з цукрам і алеем і выкласці ў форму для пудынгу (пласт таўшчынёй 2 см). Зверху раскласці розную садавіну і злёгку прыціснуць. Затым зноў пакласці пласт рысу, садавіны і г.д. (верхні пласт павінен быць з рысу). Варыць на паравой лазні на працягу 30 хв. Зняць з агню і даць страве трохі астыць. Падаваць у цёплым выглядзе.
Кракадзільчыкі
Размалоць насеньне лёну, нашаткаваць маладую моркву, найтонкай саломкай нарэзаць чырвоны перац, на дробныя кавалачкі парэзаць памідоры. Усё гэта змяшаць з часночным маслам да атрымання густой пасты. Маленькія маладыя агурочкі разрэзаць уздоўж на 2/3, каб атрымалася «пашча кракадзіла». У гэтую «пашчу» лыжачкай асцярожна укладваць начынне. Выкласці кракадзільчыкі на блюда. Ўпрыгожыць галінкамі кропу.
Суп «Вясновы»
Вазьміце першую дачную зеляніна (маладую крапіву, лебяду, лісце амаранта, лапуха), прамыйце і дробна пакрышыце. Рэпчаты лук, моркву і салёны агурок парэжце кубікамі і прыгатуйце булён. У яго дадайце падрыхтаваную зеляніну і праз 1 - 2 хв. туды ж дадайце 1 - 2 лыжкі льняной кашы. У вас атрымаецца наварысты, густы, сытны і лёгкі суп. Звярніце ўвагу - у ім няма бульбы! Запраўце гэты суп смятанай або сыроваткай, дадайце на кончыку нажа молаты кмен, каляндру, трохі солі.
Суп-пюрэ «Сытна і лёгка»
Парэжце рэпчаты лук кубікамі, нашаткуйце моркву, вазьміце нарэзаны шынок або гарбуз і нарэзаны маленькімі брускамі салёны агурочак. Можна дадаць пупышак капусты брокалі. Гародніну разварыць да мяккасці ў неабходным аб'ёме вады так, каб атрымаўся густы булён. За 1 - 2 хв. да канчатка дадайце 1 - 2 лыжкі льняной кашы. У Вас атрымаецца густы, пажыўны і лёгкі суп-пюрэ. Запраўце яго невялікай колькасцю маянэзу з часныком або смятанай. Асабліва ён карысны для людзей, якія маюць праблемы з страваваннем - залішняя вага, цукровы дыябет і дысбактэрыёз.
Супчык-пюрэ «Тры карысці»
Хутка рыхтуецца, лёгка засвойваецца, змяшчае паўнавартасны бялок і мікраэлементы. Вазьміце льняную муку, дадайце вады да атрымання сумесі такой гушчыні, як кефір. Прыгатуйце адвар: лук, часнык, моркву, дробна нарэзаныя салёныя агуркі ці патысоны разварыць да мяккасці. Вазьміце сырое яйка, дадайце 1 - 2 лыжкі вады і крыху солі, размяшайце да аднастайнай масы і ўвядзіце ў булён пастаянна памешваючы. Павінны атрымацца мяккія шматкі.
Суп - пюрэ «Атрада сэрца»
Шынок і цыбулю, парэзаныя кубікамі, нацёртую моркву разварыць да мяккасці. Прыцярушыць ільняной мукой і даць пакіпець 1 - 2 хвіліны. Затым пакласці 1 - 2 лаўровыя лісты, дробна нарэзаны часнычок, сухую або свежую зеляніну на густ. Падаваць, заправіўшы нятлустай смятанай або кефірам.
Суп грыбны «Берандзей»
Моркву, цыбулю і бульбу, нарэзаныя кубікамі, зварыць. Сухія белыя грыбы здрабніць у парашок (у ступцы), дадаць у прыгатаваны суп з гародніны. Затым дадаць ільняную муку і паварыць 1 - 2 хвіліны. Заправіць зелянінай, лаўровым лістом, падаваць са смятанай або з кефірам.
Ільняныя галубцы
Падрыхтаваць капуснаея лісце як для звычайных галубцоў. Начынне: прытушыць на вадзе нашаткаваную моркву і рэзаную кубікамі цыбулю; можна дадаць нашаткаваную капусту і рэдзьку. Змяшаць гародніну з ільняной кашай. Гэтым начыніць галубцы, выкласці на бляху і пры тэмпературы 180˚С давесці да гатоўнасці на працягу 15 хв. Пасля астывання заправіць ільняным алеем або хатнім маянэзам.
Свежамарожаны селядзец раздзяліць на філе без скуры і косда, нарэзаць пластыны таўшчынёй 0,5 см. Падрыхтаваную цыбулю нарэзаць колцамі. Нарэзаную рыбу ўкласці пластамі, чаргуючы іх з пластамі нарэзанай цыбулі, заліць алеем, вытрымаць 3 - 4 гадзіны ў пакаёвай тэмпературы. Затым даць алею сцячы. Насенне лёну абсмажыць на распаленай патэльні на працягу 1 - 2 хвілін, астудзіць і перамалоць. Рыбу абваляць ў молатым насенні лёну. Смажаную рыбу ўпрыгожыць зелянінай, алівамі (маслінамі), кольцамі свежай цыбулі.
Рулеты
Адварную ялавічыну нарэзаць тонкімі пластынамі (папярок валокнаў). Сырое яйка ўзбіць з невялікай колькасцю вады (1 лыжка на яйка), дадаць туды размолатае семя лёну і ў гэтай сумесі абкачаць мясныя пластыны з абодвух бакоў. На сярэдзіну пакласці дольку марынаванага агурочка, палосачку морквы або чырвонага салодкага перчыка, загарнуць рулетам і замацаваць спіралепадобнай палоскай цеста ў тры абароты. Запякаць у духоўцы на працягу 5 хвілін пры тэмпературы 180 - 200˚С. Цеста рыхтуецца да: адзін аб'ём пшанічнай мукі, адзін аб'ём ільняной мукі, трохі вады і солі.
Амлет
Узбіць яйка, дадаўшы трохі солі. Уліць 1 - 2 лыжкі малака. У атрыманую сумесь усыпаць 2 лыжачкі размолатага семя лёну (да гушчыні смятаны). На разагрэтай патэльні, злёгку змочанай алеем, абсмажыць нарэзаную тонкімі колцамі або дробнымі кубікамі цыбулю, затым заліць яе атрыманай сумессю. Гатаваць пад зачыненым вечкам. Перад падачай пасыпаць зелянінай або молатымі рэзкімі затаўкамі (каляндра, кроп).
Запяканка рыбная (мясная)
Льняная мука - 1 частка, фарш - 1 частка, трохі малака, соль, сода, нарэзаная кубікамі цыбуля, перац - добра змяшаць, выпякаць у духоўцы.
Рагу з белых каранёў
Карані салеры, пастарнака і пятрушкі парэжце саломкай даўжынёй 2 - 3 см. Моркву парэжце кружочкамі, лук рэпчаты парэжце паўколамі. Усё гэта патушыце на невялікім агні з вадой да мяккасці. Пры жаданні можна дадаць сюды і папярэдне вымачаныя сухія грыбы. Калі рагу гатова, дадайце ў яго па дробцы молатай каляндры або кмена. Падсаліць па гусце. Заправіць часнычным алеем або смятанай.
Рулет «Мужчынская сіла»
Узяць 5 лыжак ільняной кашы і 2 лыжкі пшанічнай мукі. З гэтай мучной сумесі на 1% кефіры прыгатаваць крутое (як на пяльмені) цеста. Патушыць у невялікай колькасці вады цыбулю, нарэзаную кубікамі, нашаткаваныя карані пятрушкі і пастарнака. Затым дадаць свежыя прыпушчаныя свежыя памідоры. У атрыманую сумесь дадаць размолатае насенне лёну і габлюшку свежага хрэна да атрымання густой масы. Можна дадаць трохі смятаны. Цеста раскачаць у тонкія «бліны». Выпякаць на паўсухой патэльні або ў духоўцы. Калі праснак будзе гатовы, хутка нашмараваць начынне і загарнуць аладку у рулет. Даць астыць.
Аладкі з морквай, яблыкам і льняным насеннем
Нацерці ½ морквы і ½ яблыка на дробнай тарцы. Асобна ўзбіць 1 яйка з 2 лыжкамі цукру і дробкай солі. Працягваючы ўзбіваць, дадаць 1 шк. кефіру, 1 шк. мукі, а таксама ¼ лыжачкі соды, пагашаную сокам цытрыны. Дадаць у цеста нацёрты яблык, моркву і 3 лыжачкі льнянога семя. Замясіць густое цеста і падсмажыць блінцы на разагрэтай патэльні на алеі. Падаваць блінцы са смятанай.
Паштэт
Нашаткуйце на дробнай тарцы капусту і моркву, нарэжце цыбулю дробнымі кубікамі. Прытушыць атрыманую сумесь з невялікай колькасцю вады да мяккасці. Дадайце пятрушку, размолатае насенне каляндры, трохі падсаліць. На кавамолцы размалоць насенне лёну, папярэдне абсмажыўшы яго на працягу 1 - 2 хв. Змяшайце гародніну і драблёнае насенне лёну, дадайце трохі алею, каб атрымалася аднастайная маса. Гэты паштэт можна выкарыстоўваць для бутэрбродаў з чорным хлебам або як гарнір.
Печыва
2 - 3 бялкі яек, 200 гр цвёрдага сыру, 60 гр льнянога сем'я, сок паловы лімона, лыжачка карыцы, лыжачка кардамону. Ільняное насенне пасмажыць і змалоць. Сыр дробна нацерці. Яечныя бялкі ўзбіць з цытрынавым сокам у моцную пену. Змяшаць молатае насенне, сыр, спецыі і бялкі. Атрыманую сумесь добра памяць. Адшчыпваючы невялікія кавалачкі, сфармаваць аладкі і выкласці на бляху, пакрытую паперай для выпечкі. Духоўку разагрэць да 220˚С. Выпякаць печыва прыкладна 10 - 15 хв. Яно атрымаецца мяккім. Калі патрымаць печыва даўжэй, то яно атрымаецца хрумсткім.
Кунжутныя крэкеры
1 шклянку замочаных фінікаў, 2 шклянкі кунжутных семак, прыкладна палова струка ванілі, ½ шклянкі молатых ільняных семак (або ільняной мукі), ¼ лыжачка марской солі. Здрабніць лён у кавамолцы (разам з ванільным стручком) ці браць ўжо гатовую льняную муку. Перасыпаць ў вялікую міску ці чашу камбайна. Здрабніць фінікі, можна дадаць трохі вады, якая засталася з-пад замочвання. Фінікі змяшаць з ільняной мукой. І, нарэшце, дадаць ўсе астатнія інгрэдыенты і добранька перамяшаць. Атрыманае цеста на пергаменце выкласці роўным пластом. Сушыць пры нізкай тэмпературы (пажадана 40 - 50˚ С) 8 г. У сярэдзіне сушкі перавярнуць крэкеры і сушыць да неабходнай ступені хрумсткасці.
"Мафіны Для фігуры"
У місцы змяшаць аўсянку і муку. Дадаць туды ж ільняное семя, разрыхляльнік і соду (па 1,5 лыжкі льнянога семя і кунжуту). У іншай місцы ўзбіць яйкі, ёгурт. Дадаць да ўзбітай сумесі размятыя відэльцам бананы. Усё старанна змяшаць. Да вадкай сумесі дадаць сухую сумесь з першай міскі (шматкі аўсяныя, мука, семя лёну, разрыхляльнік і сода). Усё старанна змяшаць. Дадаць у цеста аліўкавы або льняны алей, сіроп і сечаны грэцкі арэх. Усё старанна змяшаць. Духоўку разагрэць да 180˚С, цеста разліць па падрыхтаваных формачках (калі трэба вымазаць алеем і прысыпаць рысавай мукой, калі сіліконавая форма - намачыць вадой) да краёў. Можна выкарыстоўваць папяровыя формачкі для выпечкі. Зверху для прыгажосці можна пасыпаць цеста шакаладам. Выпякаць 20 хв. да атрымання румянай, апетытнай скарыначкі.
Пасціла хатняя
Льняную муку змяшаць з вадой да густой "кашы", увесці туды роўны аб'ём джэму або густога варэння. Ваксаванай паперай заслаць ліст, вымазаць яе алеем, раскласці тонкім пластом атрыманую масу. Сушыць у духоўцы на працягу 20 хв. пры тэмпературы 120 - 150˚С. Выняць з духоўцы, нарэзаць ромбікамі, злёгку прыцярушыць цукровым пяском або цукровай пудрай.
Халва "Ільняная"
Размалоць насенне лёну, дадаць зусім трохі вады і змяшаць з мёдам у суадносінах 2 часткі молатага насення і 1 частка мёду. Можна дадаць папярэдне размочаныя разынкі, курагу або чарнасліў. Павінна атрымацца пастаобразная маса. Гэтая смачная хатняя халва са скарыначкай чорнага хлеба або печыва - выдатны дадада да гарбаты, кавы і кефіру.
Пудынг далікатэсны
Нашаткаваць моркву на дробнай тарцы, змяшаць з цукрам, дадаць соду, размолотых насеньне лёну і льняную муку, папярэдне замочаную ў вадзе да вельмі густой кансістэнцыі. Ўзбіць міксерам. Выпякаць у форме, злёгку змазанай топленым маслам. Перад падачай паліць варэннем, сіропам або мёдам.
Паста з зялёнай цыбуляй і крапівой
100г пастэрызаванага тварагу, 100 г брынзы, 2 лыжкі льнянога алею, 3 лыжкі сумесі дробна насечанага лісця маладой крапівы і пер'я цыбулі. Тварог і брынзу працерці праз дробнае сіта да пастападобнага стану, каб не было камячкоў. Дробна насечанае лісце маладой крапівы і пер'е цыбулі заправіць ільняным алеем і добра расцерці. Да сыра-тварожнай масы дадаць зялёную запраўку і ўзбіць.
Соус ільняны таматавы з маладой зелянінай
Узяць маладую крапіву і лебяду, прамыць і пасекчы іх як мага драбней. Дадаць дробку солі, даць пастаяць 15 хв. да вылучэння соку і расцерці зеляніну да мяккасці. Уліць у міску з зелянінай кіпень (суадносіны 1:10), старанна размяшаць і ўвесці льняную муку так, каб атрымалася густая смятанападобная маса. Давесці масу да кіпення і зняць з агню. Дадаць таматавую пасту, дробку молатага кміну або кропу. Пасля астывання ўвесці ў соус ільняны алей. Соус гатовы.
Ільняны кісель
Развесці ў 1 літры вады 3 - 4 лыжкі льняной мукі. Давесці гэтую сумесь да кіпення, дадаць туды 5-6 лыжак любога варэння. Можна дадаць цытрынавую або памяранцавую цэдру, карыцу. Зняць з агню. Астылы кісель заправіць мёдам.
Маянэз
Змесціва сырога яйка крыху падсаліць, дадаць на кончыку нажа гарчыцу. Узбіць міксерам або венцам да пышнай, устойлівай пены. Працягваючы ўзбіваць, тонкім струменьчыкам уліць свежы льняны алей. Чым гусцей маянэз, тым болей спатрэбіцца льнянога алею (у сярэднім 150мл на адно яйка). У гатовы маянэз, працягваючы ўзбіванне, можна дадаць трохі канцэнтраванага таматнага соку або бурачны сок, тады маянэз стане ружовым.
Падчас падрыхтоўкі не дадаваць часнык - маянэз не згусне, яйка павінна быць астуджаным (з халадзільніка) - пена атрымліваецца пышней і ўстойлівей.
Соус з ільняной мукой
Прыгатаваць булён: цыбулю, часнык, моркву зварыць да мяккасці. Да льняной мукі дадаць вады так, каб атрымалася "смятанка". "Смятанку" змяшаць з агароднінным булёнам, давесці да кіпення, пакласці лаўровы ліст, падкісліць сокам журавін або таматным сокам.
Ільняны кактэйль
Злучыць 200 мл ананасавага соку або іншага нейтральнага соку, 1 лыжку молатага семя лёну і 1 лыжачку льнянога алею, настаяць 5 - 10 хв. і размяшаць.
ЛЁН У КАСМЕТАЛОГІІ
Шырока вядомыя і карысныя ўласцівасці льнянога алею ў касметалогіі. Ён дапамагае змякчыць скуру і аказвае на яе амаладжальнае дзеянне. Калі вы возьмеце трохі льнянога алею і дадасце ў яго крыху молатай кавы, то атрымаеце выдатны і эфектыўны антыцэлюлітны пілінг без ніякага раздражнення. У лекава-прафілактычных мэтах варта ўжываць адну-дзве лыжкі льнянога алею ў дзень. Можна і проста піць яго. А можна і дадаваць ва ўжо гатовыя стравы. Для таго, каб абсалютна ўсе карысныя ўласцівасці льнянога алею захаваліся ў поўным аб'ёме, трэба трымаць яго ў шчыльнзачыненым посудзе, у халадзільніку. Безумоўна, ільняное масла валодае мноствам карысных якасцяў і несумненнай карысцю для жыццядзейнасці чалавека.
Ачышчэнне сухой скуры льняным алеем
Самым карысным, простым і распаўсюджаным сродкам для вячэрняй ачысткі сухой скуры твару і шыі зімой і восенню з'яўляецца ільняное масла - узяць 1 - 2 лыжачкі алею, наліць у парцалянавую чарачку ці слоічак і паставіць на 1 - 2 хвіліны ў гарачую ваду. Намачыць у алеі ватны тампон і акуратна ачысціць твар.
Маска для твара
Пачатак дачнага сезона - гэта пастаяннае сонца, вецер і, адпаведна, дадатковая нагрузка на скуру твара. Для папярэджання празмернай пігментацыі і абветрывання - простая маска. Вазьміце ½ лыжачкі льнянога алею і дадайце туды 3 - 5 кропель свежавыціснутага сока цытрыны. Патрымайце твар над парай або пад паравой маскай (кашлаты ручнік, змочаны ў гарачай вадзе, накладзіце на твар, не захопліваючы вобласць носа, вуснаў і вачэй на 5 - 7 хв.). На падрыхтаваную такім чынам скуру нанесці сумесь льнянога алею з цытрынавым сокам, у тым ліку на вобласць вачніц, носа. Праз 10 - 12 хв. рэшткі алея прамакніце баваўнянай сурвэткай. Зрабіце лёгкі танізавальны масаж (лёгкія паляпванні кончыкамі пальцаў). Такія маскі рэкамендуецца рабіць на працягу двух тыдняў.
Маска з лёну для любой скуры
З лёну можна прыгатаваць эфектыўныя маскі для ўсіх тыпаў скуры. Узяць 2 лыжкі насення лёну, заліць 2 шклянкамі вады, варыць да разварвання прыкладна 20 хв. Атрыманую масу трэба трохі астудзіць і цёплай накласці на твар праз пласт марлі на 20 хв. Затым змыць цёплай і спаласнуць халоднай вадой. Калі на твары ёсць капілярная сетка, то маску трэба спачатку цалкам астудзіць і праз 20 хв. змыь халоднай вадой. Маска сілкуе і разгладжвае скуру, засцерагае ад зморшчын і складак.
Маска з лёну для тоўсты скуры
Яшчэ адзін рэцэпт, які прапануе хатняя касметыка - маска з ільняной і аўсянай мукі для тлустай скуры. Трэба ўзяць 1 лыжачку льняной мукі і 1 лыжачку аўсянай мукі. Змяшаць і заліць малаком або кефірам. Даць настаяцца прыкладна 10 хв. Нанесці маску на твар і шыю на 15 - 20 хв., затым змыць цёплай вадой.
Маска з лёну для адрузлай скуры
Друзлая скура будзе ўдзячная, калі папесціць яе карыснай хатняй маскай з лёну і гліны. Узяць 2 лыжкі насення лёну, заліць 1 шклянкай вады і варыць 10 - 15 хв. на павольным агні. Працадзіць, астудзіць. У адвар дадаць 1 - 2 лыжачкі белай гліны, добра размяшаць. Трымаць маску на твары 15 - 20 хв., змыць цёплай вадой. Сухую скуру перад маскай вымазаць тлустым крэмам або льняным алеем.
Ўвільгатняючы ласьён з насення лёну для тлустай скуры
З насення льна можна прыгатаваць пяшчотны ўвільгатняльнік для тлусты скуры - узяць 20 г льнянога насення, 200 мл кіпневай вады, 1 кроплю рамонкавага эфірнага алею, 1 кроплю апельсінавага эфірнага алею. Ільняное насенне здрабніць у кавамолцы, заліць кіпневай вадой і пакінуць на ноч. Раніцай працадзіць, дадаць эфірныя алеі. Лепш яго прымяняць на ноч ці не раней чым за 2 г. перад выхадам на сонца. Захоўваць у халадзільніку 1 тыдзень.
Крэм з ільнянога алею для паніклай скуры
На аснове ільнянога алею можна прыгатаваць натуральны вадкі стымулюючы крэм. Робіцца ён з мёду, жаўткоў, ільнянога алею, цытрыны, камфоравага спірту. Трэба ўзяць 1 лыжку льнянога алею або лінетола (аптэчны прэпарат з ільнянога насення), 3 жаўткі курынага яйка, 1 шклянка вяршкоў, 2 цытрыны, сталовую лыжку мёду, 3/4 шклянкі камфоравага спірту і 1 шклянку з чвэрцю вады. Яечныя жаўткі старанна расцерці з алеем і дадаць сліўкі. Выціснуць асобна сок з цытрын. У шкляны слоік нарэзаць іх скарынкі, заліць гарачай вадой, накрыць вечкам і пакінуць на 1 - 2 г. Пасля гэтага вадкасць працадзіць, змяшаць з цытрынавым сокам і мёдам. Да сумесі яечных жаўткоў, алею і вяршкоў пры дбайным памешванні дадаць гэты настой і павольна ўліць камфаравы спірт. Усе пераліць у паўлітровую бутэльку, узбоўтаць і даліць вадой да 0,5 л. Захоўваць у прахалодным цёмным месцы, перад ужываннем боўтаць.
Расколіны на пятках лечацца ільняным кісялём
Лён выдатна спраўляецца з расколінамі на пятках. Старадаўні "бабулін рэцэпт" ад расколін на пятках - і льняны кісель. Для падрыхтоўкі кісяля ўзяць 1 лыжку насення лёну, заліць шклянкай кіпеню і варыць 30 хв. на павольным агні, памешваючы. Астудзіць кісель. Узяць льняную сурвэтку, намачыць яе кісялём і прыкладваць да пятак. Палёгку наступіць адразу ж, працэдуру паўтараць штодня, пакуль расколіны на пятках паступова не зарастуць.
Ванначка для ног ад мазалёў
Для распарвання мазалёў на нагах выкарыстоўваюць ванны з ільнянога насення. Заліць 2 лыжкі льнянога насення 1 лыжкай стромкага кіпеню, даць настаяцца на працягу 2 г., затым працадзіць. Дадаць у ванну для ног прыгатаваны настой. Трымаць ногі ў вадзе на працягу 15 - 20 хв., затым спаласнуць цёплай вадой і намазаць крэмам.
Догляд за рукамі
Ільняны алей выдатна даглядае рукі. Каб скура далоняў была мяккай трэба змазваць яе ільняным алеем і ўціраць яго на працягу 15 хв. Можна прыгатаваць маску для рук - 1 сыры жаўток змяшаць з 1 лыжкай льнянога алею, 1 лыжкай мёду і сокам адной цытрыны. Маску нанесці на далоні, зверху надзець х / п пальчаткі, трымаць 2 - 3 г. Пры сухой, моцна патрэсканай скуры рук народная медыцына рэкамендуе прыгатаваць ванначку з адвара насення лёну - 1 лыжку насення лёну заліць шклянкай кіпеню, варыць 30 хв. Астудзіць да камфортнай тэмпературы. Рукі апусціць у цёплы адвар на 10 хв. Пасля ванначкі вымазаць далоні тлустым крэмам.
Ўмацаванне пазногцяў ільняным алеем
Лён карысны для ўмацавання слабых пазногцяў. Каб іх вылечыць, трэба прымаць кожны дзень па 1 - 2 лыжкі льнянога алею ўнутр.
Маскі для валасоў
• Каб палепшыць рост сухіх валасоў, можаце прыгатаваць наступную маску. Змяшаць 2 лыжкі льнянога алею і 1 лыжку цытрыны, старанна размяшаць.
• Для барацьбы з ломкасцю валасоў, якая перашкаджае росту, дапаможа маска з яечным жаўтком. Зрабіць сумесь з 1 лыжкі льнянога алею і 1 яечнага жаўтка. Узбіць атрыманую сумесь.
• Можна прыгатаваць маску, якая дапаможа палепшыць рост валасоў, схільных да тлустасці. Для гэтага здрабніць на дробнай тарцы цыбулю, дадаць ільняны алей і мёд у роўных колькасцях. Змяшаць атрыманую сумесь. Таксама спіртовая настойка з ільнянога алею дапаможа значна паскорыць рост валасоў: узяць у аднолькавых частках гарэлку ці спірт і льняны алей. Уціраць ў карані валасоў 2 - 3 разы ў месяц.
• Каб вылечыць пасечаныя канцы валасоў, патрэбна змяшаць 150 мл льнянога алею і 100 г дробна нарэзанага кораня лапуха. Пакінуць сумесь настойвацца на працягу сутак у цёплым месцы. Пасля гэтага праварыць на вадзяной лазні на працягу 20 хв., памешваючы. Затым працадзіць і нанесці адвар на валасы. Праз 1 г. змыць.
• Каб валасы сталі больш моцнымі і бліскучымі, можна ўзяць невялікую колькасць льнянога алею, ўцерці яго ў скуру галавы лёгкімі масажнымі рухамі на працягу 10 хв. Затым раўнамерна размеркаваць яго па ўсёй даўжыні валасоў. Атуліць галаву поліэтыленавай плёнкай, зверху заматаць цёплым ручніком, трымаць каля гадзіны.
Змываецца маска з дапамогай шампуня.
• Для таго, каб валасы набылі прыгожы і здаровы бляск можна таксама ўжываць насенне лёну. Прыгатаваны з іх апаласняльнік для валасоў будзе ідэальнай заменай пакупному. Для падрыхтоўкі такога сродку трэба ўзяць тры лыжкі льнянога насення, заварыць іх у трохлітровым рондалі, затым адвар павінен настаяцца на працягу 12 г., атрыманы раствор неабходна працадзіць праз марлю і зліць у любую ёмістасць.
Спаласняльнік з ільнянога насення для валасоў
Каб валасы блішчалі і былі здаровымі, трэба 3 лыжкі насення лёну заварыць у 2-х ці 3-х-літровай банцы, паўдня настаяць, зліць настой і ўжываць пасля мыцця валасоў, як спаласняльнік.
Маска з ільнянога алею для сухіх і пашкоджаных валасоў
Сухія і пашкоджаныя валасы вельмі маюць патрэбу ў нашым клопаце. Дапаможа даглядаць за імі лён. Перш, чым мыць сухія або пашкоджаныя ад частай афарбоўкі валасы, зрабіце ім пажыўны масаж - вазьміце ільняны алей, утрыце яго ў скуру галавы і памасіруйце 10 хв., потым утрыце алей па ўсёй даўжыні валасоў. Агарніце валасы поліэтыленам або надзеньце шапачку для душа. Зверху завяжыце хустку або ручнік. Маску трымаць прыкладна 1 г. Потым мыйце галаву як звычайна. Валасы будуць шаўковыя і паслухмяныя. Гэтая маска наносіцца на сухія валасы, але для лепшага эфекту валасы можна злёгку патрымаць над парай.
Кладка валасоў з дапамогай адвара насення лёну
Валасы можна пакласці з дапамогай адвара лёну - 1 лыжку насення лёну трэба заліць шклянкай кіпеня, паварыць каля 1 хв. Зняць з пліты і настойваць прыкладна 2 г., перыядычна памешваючы. Потым можна працадзіць настой і перад кладкай проста трэба будзе злёгку намачыць валасы. Вынік будзе пышны !.
Амаладжальны масаж з ільняным алеем
Вельмі карысна рабіць масаж рук і ног раз у 3 дні. Поўны масаж - 1 раз у месяц.
Амаладжальнае і ўвільгатняе ванна для цела з адвара ільнянога насення
Для змякчэння скуры можна выкарыстоўваць ванны з адвара лёну. Спачатку трэба прыгатаваць кісель. На ванну спатрэбіцца прыкладна 200 г насення, заліць іх 2 л кіпеню, паварыць 20 - 30 хв. на пліце на павольным агні, потым зачыніць вечкам на 1 г., працадзіць. Адвар дадаваць у ванну. Працягласць ванны 10 - 15 хв.
[1] цяпер праспект Пераможцаў
[2] "мошка" - службовая міліцэйская машына, слова ўтворана ад нумарных літараў МО (Минская область - рас.)
[3] Знакамітая мануфактура на Случчыне адрадзілася амаль праз стагоддзе. У 1936 створана арцель пераборнага і строчавышытага ткацтва "1 Мая". У 1960 г. арцель рэарганізавана ў Слуцкую фабрыку мастацкіх вырабаў. У 1972 г. пабудаваны новы вытворчы кормпус. У 1987 г. далучана прадзільна-фарбавальная фабрыка. З 2000 г. РУП мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы" ў складзе дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб'яднання "Белмастацпромыслы". У структуры прадпрыемства прадзільна-ткацкі і швейны цэхі; фабрычная і вытворчая лабараторыі. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску тканых, строчавышытых, сувенірных, трыкатажных вырабаў, таксама вырабляе пражу і ваціну. Выпускаецца жаночаяі дзіцячая вопратка (льняная, паўльняная, баваўняная, шаўковая і інш.) з ручной і машыннай вышыўкай, з аздабленнем шнуром, карункамі, стужкай, тканінай, прадзівам.
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012-2015гг на прадпрыемстве была завершана рэканструкцыя вытворчага корпуса. Створана новая вытворчасць па вырабе копій і аналагаў слуцкіх паясоў, адкрыты музей гісторыі слуцкіх паясоў, кафэ «Стары горад», гандлёвы аб'ект «Сувенірная крама»
[4] збожжавыя - кукуруза, грэчка, проса, фасоль; тэхнічныя - цукровыя буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь; агароднінныя - капуста, тамат, агурок, буракі, моркву і інш; кармавыя - карняплоды, кармавая капуста, бульба і інш. Абганяльныя культуры з'яўляюцца інтэнсіўнымі; для атрымання высокіх ураджаяў ўносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні ў больш высокіх дозах, чым для раслін звычайнага радавога пасева.
[5] Льностамленне глебы - рэзкае зніжэнне ураджаяў пры яго нязменнай культуры альбо частым вяртанні на адно і тое ж поле. Выклікаецца навалай шкодных для лёну глебавых мікраарганізмаў, асабліва паразітычных грыбоў, аднабаковым высільваннем глебы і развіццём спецыфічнага пустазелля. Асноўныя меры барацьбы: правільныя севазвароты, вырошчванне ўстойлівых да льностамлення гатункаў лёну
[6] Тэрыторыя льнозавода, якая прыстасаваная для захоўвання льняной сыравіны - рулонаў і снопікаў
[7] шоха (пабудова) - дах на вялікіх слупах, пад якою цэментавая падлога і насцілы для сушкі сем'я з печкамі-буржуйкамі
[8] Цэнтральная Рада "Маладога Фронту"
[9] Войскі спецыяльнага прызначэння
[10] суд над актывістамі Маладога Фронту ў Менску
[11] Доўгія палосы скошанай льнотрасты ад краю да краю поля
[12] Жгут, зроблены з трасты, якім перавязваюць снопік
[13] Інфармацыя прадстаўлена Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь
[14] В. Самсонаў, акадэмік НАН Беларусі