АД РЭДАКТАРА [1]
Віленскую Беларускую Гімназію ўспамінаюць часта, нават беларуская падсавецкая прэса час да часу спамінае яе. Прычына на гэта ёсьць тая, што Віленская Беларуская Гімназія выпусьціла шмат сваіх гадунцоў, узгадавала іх у патрыётызьме, і яны адгулялі немалую ролю ў беларускім адраджэньні. Аднаго разу былі спробы гадунцоў гэтае Гімназіі ўзладзіць зьлёт выпускнікоў, але, бачна, савецкая ўлада не захацела і не дала згоду на гэта. Гэтак заўсёды бывае ў жыцьці паняволеных народаў. Пра гэта ня пішацца ў беларускай падсавецкай прэсе, але перадаецца з вуснаў у вусны. І гэтак будзе доўга, пакуль будуць жыць гадунцы гэтае гімназіі. Ды добрым словам скажа пра гэтую гімназію гісторыя.
Як бачыце, гісторыя ведае, што была такая гімназія, ведае пра яе вялікую ролю ў узгадаваньні наступнага пакаленьня. Патрыятычнае зярно, кінутае на маладую глебу вучняў, узрасло буйнай расьлінай, дало большыя ці меншыя плады, часта-густа яны былі залежныя ад абставін. Ня ўсё тое, што вынесьлі гадунцы з гэтае гімназіі, можна было гаварыць, пашыраць пад акупантам. Аднак уплыў гэтае гімназіі на народ праз сваіх гадунцоў быў вялікі. Я сам, аўтар гэтых радкоў, узгадаваўся сярод вучняў гэтай гімназіі, хоць сам у гэту гімназію не хадзіў. Яны прыяжджалі дамоў на пабыўку, пашыралі беларускую ідэю, прывозілі беларускую літаратуру, часта нелегальную, якую цяжка было дастаць праз польскую пошту, бо паліцыя забірала яе раней, каб не дапусьціць да рук адрасата. Гэтак было пад польскай акупацыяй да 1939 г. Польскі фашызм быу ў поўным разгары.
Мы падкрэсьліваем заслугі гімназіі, але зусім ня ведаем яе гісторыі. Ведаем толькі тое, што сказана вышэй пра яе, ведаем, што была я на ў Вільні пад польскай акупацыяй, а як прыйшлі рускія ў 1939 г., зачынілі яе і назвалі гэта "вызваленьнем". З думкай напісаць летапіс гэтае гімназіі я насіўся даўно, але як яе напішаш, калі сам ня ведаю пра яе пачатак. Гэтай задумай я падзяліўся з праф. Б. Кітам, як ён быў у мяне з дачкой Ільляшэвіча. Ён поўнасьцяй падтрымаў гэту думку і адразу паабяцаў дапамогу. Ён і Хв. Ільляшэвіч былі ж навучэнцамі гэтае гімназіі, а пасьля настаўнікамі, а праф. Кіт быў дырэктарам свайго часу. Сказана - зроблена. Я запісаў ад яго ўсё тое, што ён мне расказаў пра гэтую гімназію, пра Наваградзкую і г.д.
Адначасна я зьвярнуўся і да другіх, каб памаглі мне больш дакладна напісаць гэты летапіс. Доўга на рэха не давялося чакаць - знайшліся такія, што поўнасьцю падтрымалі гэту задуму і напісалі ад сябе аб гэтай гімназіі, аб яе пачатку. Такой дарогай гэтая праца сталася зборнай працай. Мая заслуга толькі ў тым, што я выклікаў зацікаўленьне гэтай патрэбнай справай. Гімназія заслужыла на гэта, каб пра яе больш было напісана. Яна мае сваю гісторыю. Мяняліся абставіны, больш-менш спрыяльныя для працы ў гімназіі. Мяняліся настаўнікі, мяняліся дырэктары, прыходзілі і адходзілі навучэнцы, толькі дух гімназіі перадаваўся з аднаго на другога. Калі былі цяжкасьці, ён мацнеў у змаганьні, не паддаваўся.
Думаю, што чытачы будуць задаволеныя і ўдзячныя нам за гэту супольную працу. Гадунцы гэтае гімназіі так-сама ня ўсе ведаюць, калі і як пачалася праца гімназіі. Яны ўдзячны толькі ёй за навуку, за патрыятызм, які ўлілі настаўнікі ў іхныя маладыя душы.
Ю. Жывіца.
Верасень 1981 г.
Гімназія памяшчалася ў па-базыльянскіх мурох пад № 9 пры Вастрабрамскай вуліцы. У панадворак уваходзілася з Вастрабрамскай вуліцы цераз выбудаваную ў 1749 г. прыгожую браму, жамчужыну віленскага ракако. Далей міналася другую ўнутраную браму, з XVI ст. званіцу, і праходзілася каля царквы сьв.Тройцы.
Дзеравяная царква была тут пастаўлена ў першай палавіне XVI ст. другой жонкай вялікага князя Альгерда князёўнай Юліянай у памяць трох хрысьціянсіх мучанікаў: Няжылы, Кумеця і Круглеца, згінуўшых у 1347 г. у часе нейкіх беспарадкаў у Вільні. Царква надала ім імёны Антоняга, Іаана і Яўстаха і залічыла іх у лік сьвятых. За іх сьмерць пазьней абвінавачана самога Альгерда, але думаю, што гэта чыстая выдумка ягоных ворагаў. За яго часу пастаўлена ў Вільні некалька цэркваў. Сам Альгерд мусіў таксама быць хрысьціянінам, бо, як падаюць некаторыя крыніцы, пахаваны ў саборы сьв. Божай Маці над рэчкай Віленкай, ці, як тады называлася, Вільняй, якой то назвай назваўся і горад Вільня.
Пры царкве сьв. Тройцы быў таксама заложаны манастыр. Ад часу вялікага князя Вітаўта некаторыя архімандрыты гэтага манастыра мелі годнасьць мітрапалітаў, якіх пацьвярджаў канстантынапалітанскі патрыярх.
Князь Канстанты Астроскі ў памяць перамогі над маскоўскім войскам пад Оршай на месцы старэнькай царквы дзеравянай паставіў у 1514 г. прыгожую ў гатыцкім стылю мураваную.
Пазьней была яна некалькі разоў перабудавана. У 1580 г. канстантынапалітанскі патрыярх Ерамей, адведываючы Вільню, пацьвердзіў установу брацтва царквы сьв.Тройцы. Тады таксама ўстаноўлена пры Сьвята-Троіцкім манастыры друкарню і школу.
Кароль Жыгімонт III Ваза ў 1608 г. царкву і манастыр перадаў уніяцкім манахам Базыльянам. У манастырскія будынкі ўваходзілі падзіночныя дзеравяныя домікі, якія ў 1748 г. стравіў пажар. Цераз два гады начата будаваць манастыр мураваны. Двума крыламі, пад простым кутом, ад паўдня і захаду акружыў ён царкоўны панадворак. Будова цягнулася 25 гадоў. У такой форме ў аснаўным муры гэтыя ператрывалі да нашага часу.
Варачаючыся яшчэ да царквы, пара слоў аб яе помніках. З 1576 г. стануў тут багаты рэнэсансавы помнік віленскага бурмістра Атаназага Брагі з тэкстам, пісаным кірыліцай. У 1758 г. помнік для сясьцёр Яленскіх. Тут находзіўся дарагі старынны абраз Божай Маці (Одігітріі), зь якім маскоўскі князь Іван III адпраўляў сваю дачку Алену, выдаючы яе замуж за вялікага князя Аляксандра, а таксама шэсьць абразоў, маляваных ведамым віленскім мастаком XVIII ст. Смуглевічам.
Пры царкве была капліца, у якой Тышкевічы хавалі сваіх памёршых. У палавіне XVII ст. Януш Тышкевіч адбудаваў тую капліцу, стаўляючы ў ёй багаты помнік для жонкі Барбары з Нарушэвічаў. Там-жа быў пахаваны і ён сам. Пасьля апошняй вайны ў царкве ўстаноўлена працоўні і склады.
У мурох манастырскіх Базыльяне вялі школу і манашаскую духоўную сэмінарыю, адыгралі вялікую ролю ў рэлігійным жыцьці нашага краю.
Зь пераходам нашых земляў да Расеі царскі ўрад у 1827 г. скасаваў манашаскі ордэн Базыльянаў, а на іх маёмасьць яшчэ раней налажыў рукі. У левым крыле манастыра Базыльянаў у Вільні ўладкаваў турму. Там у 1823 г. быў зьняволены паэт Адам Міцкевіч, пазьней удзельнікі паўстаньня 1831 г., а ў гадох 1838-1839 ведамы рэвалюцыянэр Шыман Канарскі, зь якім супрацоўнічаў беларускі паэт Францішак Савіч. Адтуль Канарскі быў выведзены за Троцкую браму і расстраляны.
У гадох 1864-1867 манастыр перабудавана. З паасобных кельляў зроблена прасторныя залы. Цэласьць нашлася цяпер у руках праваслаўнага духавенства. Зьмешчана там праваслаўную духоўную сэмінарыю. У такім стане застала па-базыльянскія муры ўсесьветная вайна.
У 1918 г. пасялілася ў іх Беларуская Рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны, цераз год Беларуская Гімназія, наступна Беларускае Навуковае Таварыства і Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Беларуская Гімназія занімала оба крыла - паўднёвае і заходняе, але ня поўнасьцю. У заходнім крыле толькі першы паверх, а другі наверх занімала Праваслаўная Духоўная Сэмінарыя. У паўднёвым крыле ў 1927 г. забраў польскі ўрад левую частку ад уваходу. У нізе правай часткі гэтага крыла ад 1921 г. разьмяшчаўся Беларускі Музэй і Беларускае Навуковае Таварыства.
Беларуская Рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны перасталі існаваць у 1920 г. Як калісьці гэтыя муры былі асяродкам культурнага і рэлігійнага жыцьця нашага краю, а цяпер сталіся крыніцай яго адраджэньня.
Калі Вільня канчаткова была прылучана да Польшчы, польскі ўрад выступіў з судовым працэсам проціў праваслаўнага кансыстора, каб адабраць па-базыльянскія муры праваслаўнаму духавенству, і гэтага дапяў у 1927 г. Дагэтуляшнія карыстальнікі з часьці II паверху былі выкінутыя. Забраныя пакоі былі пераданы Саюзу Польскіх Літаратараў, якія ўладзілі там у памяць Адама Міцкевіча музэй і назвалі "Кельляй Конрада". У часе ўзмоцненага ціску беларускасьці ў апошніх гадох перад вайной у 1938 г. польскія ўлады выкінулі з па-базыльянскіх муроў і Беларускую Гімназію і перанесьлі яе ў цесныя муры пры Дамініканскай вуліцы пад № 3/5. На яе месцы пасялілася новаўтвораная паматуральная пэдагагічная школа (пэдагогіюм).
Пры Дамініканскай вуліцы Беларуская Гімназія ператрывала да нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 г.
У часе нямецкай акупацыі спачатку немцы не згаджаліся на далейшае існаваньне Беларускай Гімназіі. Пасьля доўгіх таргоў згадзіліся на яе адкрыцьцё разам з расейскай гімназіяй пад назовам "Віленская Беларуска-Руская Гімназія" у мурох быўшай польскай вучыцельскай сэмінарыі пры вуліцы Вастрабрамскай, 29.
Пасьля апошняй вайны беларускае насельніцтва Вільні, як і падвіленскіх раёнаў, асталася без сваіх школаў і друку.
Выкарыстаная літаратура
A.H.Kirkor. "Przewodnik ро Wilnie". Wilno, 1889.
Juliusz Klos. "Wilno", 1929.
"Wilno i Ziemia Wilenska" - zarys monograficzny, t.1. Wilno, 1939, str. 250-261. "Biatorusini na ziemi Wilenskej".
Пішучы пра стан беларускага школьніцтва ў Польшчы, др. Сэвэрын Выслоўх, выкладчык на Ўнівэрсытэце Стафана Баторага, пра школьны год 1927/28 падае: "Віленская Гімназія Таварыства Беларускай Школы коэдукацыйнае, гуманістычнага тыпу, пачаткова з расейскай мовай навучаньня, наступна беларускай, узьнікла ў 1919 г. Мае 8 клясаў. Колькасьць вучняў бывае між лікам 336 у годзе 1923 і 171 у школьным годзе 1927/28. Такая розьніца тлумачыцца тым, што ў пачатку значны працэнт вучняў складалі жыды, а цяпер выключна беларусы, пераважна праваслаўныя (76%).
У годзе 1928 Гімназія карыстала зь дзяржаўнай дапамогі ў форме 4 этапаў. Дапамога гэта ў наступных гадох была, аднак, спынена. У годзе 1927/28 стан школы прадстаўляўся наступна: вучняў 130, вучаніц 41. У гэтай лічбе мясцовых віленскіх 61, з павету Віленска-Троцкага ні аднаго, з дальшых ваколіц 97 хлопцаў і 11 дзяўчат. Пры Гімназіі існаваў інтэрнат, утрымліваны церазь Беларускае Таварыства Дабрадзейнасьці для 63 хлопцаў. Місія мэтадыстаў утрымлівала інтэрнат для 18 дзяўчат. Так як моладзь гэтая ў вялікай сваёй большасьці паходзіла зь сялянства, часта вельмі беднага, дзеля гэтага 40 асоб аплачвала толькі часткова ўступны ўзнос, а 57 вучылася бясплатна. Вучыцельская бібліятэка даволі вялікая: мае каля 10.000 тамоў, вучнёўская 1.121 том. Вучыцялёў 20. У годзе 1926/27 Гімназію акончыла 6 асобаў. Дэфіцыт гімназіі, сягаючы
70% бюджэту (34.000 зл.), накрывала Таварыства Беларускай Школы. За цэлы час існаваньня Гімназію закончыла 183 асобы" [2].
Можа не ў аднаго паўстане пытаньне, чаму ў 1927/28 г. у Віленскай Беларускай Гімназіі нікога ня было зь Віленска-Троцкага павету? Было гэта рэзультатам спэцыфычных умоў. У Беларускую Гімназію сваіх дзяцей магло пасылаць толькі падвіленскае сялянства, а яно было вельмі беднае, і сваіх дзяцей ня мела ня толькі ў Беларускай Гімназіі, але і ў польскіх гімназіях.
Вялікая большасьць сялян жыла на 2,5-гектаровых гаспадарках. I то гэтыя гэктары мелі не ў адным куску пры хаце, а ў шнюрах, параскіданых ня раз адзін ад аднаго на пару кілямэтраў. Ці пры такім стане можна было вясьці нейкую працу, рацыянальную гаспадарку? Перад жнівам многім не хапала хлеба, а што гаварыць аб магчымасьці ўтрымаць у горадзе дзяцей і аплаціць за іх навуку. За самаю навуку ў дзяржаўных сярэдніх школах трэба было плаціць 220 зл. (у прыватных яшчэ даражэй), як у той час за добрую карову плачана 100 зл., а колькі ж кароў можна было трымаць і прадаць з 2,5 - 5-гектаровай гаспадаркі?
Па-другое, падвіленскае беларусамоўнае насельніцтва каталіцкае. Яго ў сваіх руках трымала польскае і то шавіністычнае каталіцкае духавенства, варожа настаўленае да беларускасьці. Віленскі каталіцкі мітрапаліт Рамуальд Ялбжыкоўскі пісьмом з 11 сьнежня 1928 г. забараняў каталікам належаць нават да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і чытаць яе ворган "Крыніцу".
Па-трэцяе, з гэтым усім лучылася цемната насельніцтва, што паўстала ў выніку доўгавяковай няволі. Сярод падвіленскага беларусамоўнага насельніцтва ня было ані аднэй беларускай школы, a і польскія былі толькі чатырох "аддзяловые" і многа не давалі. На вялікую Тургельскую воласьць толькі кал я 1930 г. утворана адну шасьці "аддзяловую" школу. Пасьля 1930 г. двое сялянскіх дзяцей з Тургельскай воласьці пашлі ў Гімназію. Адна асоба ў Віленскай Беларускай Гімназіі, другая ў Ашмяне ў польскай.
Да гэтага ўсяго, будучы бедным і цёмньім у нацыянальных справах, падвіленскае насельніцтва многа не разьбіралася і нацыянальныя справы лучыла з рэлігіяй. Былі па вёсках ведамыя сярод насельніцтва беларускія дзеячы, як Казімер Фалькевіч у Шасьакох каля Тургеляў, кравец Ян Федаровіч каля Табрышак у Бігердах, Ялінскі ў Медніках, Лукашэвіч у Кавальчуках і другія, але іх заглушалі чужацкія клерыкальна-ўжэнднічыя кругі. Беларуская Сялянска-Работнічая Грамада не зварухнула падвіленскага насельніцтва. З мне ведамых мела гурток у Рудаміні пад Вільняй. Арганізаваны беларускі нацыянальны рух выступіў тут каля 1929 г. пад фірмай гурткоў Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры, як мне ведама, у Новай Вілейцы, Медніках-Курганах, Кердзіеўцах, Юшках, Кяйпунах, Мураванай Ашмянцы. Некаторыя зь іх ператрывалі да самай вайны.
Пасьля такой дэгрэсіі вернемся ізноў да Віленскай Беларускай Гімназіі. Усе існуючыя ў той час беларускія гімназіі, а было іх чатыры, ня мелі правоў дзяржаўных школаў. Іх выпускнікі не маглі паступаць у вышэйшыя школы ў Польшчы. Дзеля гэтага, як кажа др. Сэвэрын Выслоўх, у рэзультаце захадаў эміграцыйнага ўраду Ластоўскага (БНР) чэскі ўрад у 1921 г. прызнаў 25 стыпэндыяў для беларусаў у сваіх вышэйшых школах. У 1922 г. пабольшыў лік да 50, а з годам 1923 - каля 100.
Каб спыніць выезды ў Чэха-Славакію, польскі ўрад вясной 1927/28 г. для беларускіх гімназіяў у Вільні і Наваградку стварыў спэцыяльную камісію экзамэнацыйную пад кіраўніцтвам прафэсара Ўнівэрсытэту Стафана Баторага Маряна Масонюса. У склад камісіі ўвайшла частка вучыцялёў Віленскай Беларускай Гімназіі і частка вучыцялёў польскіх дзяржаўных сярэдніх школаў. У Вільні да матуры прыступіла 12 асобаў, здало 10, трэцяга кастрычніка 1928 г. міністар спраў рэлігійных і публічнай асьветы Польшчы прызнаў Віленскай Беларускай Гімназіі дзяржаўныя правы і 6 дзяржаўных вучыцельскіх этатаў.
Працэс правадыроў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, арышты і прасьлед Таварыства Беларускай Школы выклікалі ў Віленскай Беларускай Гімназіі дэманстрацыі, а ў рэзультаце звальненьня польскімі ўладамі вучыцялёў і выкіданьне з школы дзясяткаў вучняў.
Каб спыніць антыўрадавым і прасавецкім настроям моладзі ў Віленскай Беларускай Гімназіі, польскія адміністрацыйна школьныя ўлады з годам 1930 пачалі Гімназію браць пад сваю большую апеку. З прыватнай зрабілі яе дзяржаўнай. Разам перастала яна быць самастойнай, а была прылучана як філія да польскай гімназіі імя Ю. Славацкага. Што праўда, далей была аддзельнай з сваім дырэктарам Радаславам Астроўскім, але заглядаў да яе і меў над ёй вока і дырэктар польскай гімназіі Ю. Славацкага. Дзяржаўнымі таксама былі зроблены інтэрнаты пры Гімназіі. Хлопцы мелі свой інтэрнат у тых жа па-базыльянскіх муpox. Кіраўніком у іх быў Міхась Шчасны. Дзяўчаты пры вуліцы Садовай пад кіраўніцтвам Грышкевічавай.
Не ўдалося мне да гэтага часу найсьці прозьвішчаў першых дырэктароў Гімназіі і вучыцялёў. Знаю, што перад дырэктарствам Астроўскага працавалі там нейкі час ксёндз Адам Станкевіч і др. Янка Станкевіч. У трыццатых гадох працавалі вучыцялі: Алёна Лекант, Анцукевіч, браты Ільляшэвічы (старшы памёр у 1934 г. і пахаваны на праваслаўным магільніку на Ліпоўцы), А. Ёгер, С. Касінская - полька, вучыцельніца польскай мовы, Барыс Кіт, сьв. Кульчыцкі, ксёндз др. Ст. Глякоўскі, Шчасны Пётра, Глухоўскія - муж і жонка вучылі гісторыі, палякі, але да беларусаў, так як і Касінская, адносіліся прыхільна, і моладзь іх шанавала. Хор вёў і сьпеву вучыў Кароль, фізкультуры Невядомскі.
У 1934 г. польскія ўлады закрылі Беларускую Гімназію ў Наваградку. Вялікая частка моладзі Наваградзкай Гімназіі пераняслася ў Віленскую Беларускую Гімназію. Выклікала гэта разам многа праблемаў як натуры гаспадарча-адміністрацыйнай, так і пэдагагічнай. Віленская была тыпу гуманістычнага, Наваградзкая матэматычна-прыродазнаўчага. Ра зам з вучнямі Наваградзкай Гімназіі пераехала ў Вільню вучыцельніца нямецкай мовы Русак. Моладзь яе, ня ведаю чаму, называла "Няняй". Можа, дзеля таго, што яе любілі.
А цяпер крыху аб настроях у той час у Гімназіі. Быў гэта ўжо час не такі бурлівы, як раней, але дух быў цьвёрда беларускі. Моладзь інакш не гаварыла, як па-беларуску. I далей, асабліва вясковая, была настаўлена варожа да ўраду. Вясковая моладзь сацыяльна і нацыянальна была больш радыкальная ад гарадзкой. Свой настрой хлопцы часта вылівалі напевам "Пад гоман вясёлы" [3].
Любімымі песьнямі дзяўчат былі: "Люблю наш край", "Ціха і плаўна ў даль коцяцца воды" (Нёман) і "Зорка Вэнэра". Гімназія рабіла ўрачыстыя акадэміі ў угодкі 25 сакавіка. Польскія ўлады, асабліва гэтак званая "двойка", зналі аб настроях у Гімназіі і стараліся закінуць, шантажом, або матэрыяльнымі карысьцямі здабыць інфарматараў. Усе гэта выклікала ў моладзі насьцярожанасьць і замкнутасьць.
У пачатку 1935 г. група вучняу 7-й клясы дагаварылася арганізаваць пры Гімназіі скаўтынг. Дэлегацыя на чале з братамі Паўлямі (Кастусём і Лявонам) узгодніла гэта зь Віленскай Харугвяй Польскага Гарцэрства. Яна ня мела нічога супроць, каб дружына скаўтаў пры Беларускай Гімназіі карысталася поўнай аўтаноміяй, сваёй мовай, камандай, значком і т. п. Ініцыятыўная трупа апрацавала прынцыпы беларускага скаўтынгу, беларускую каманду, уніформ, значок. Устанавіла клічбу "Будзь гатоў!". Пачаліся запісы добраахвотнікаў.
Усхвалявала гэта моладзь Гімназіі. У некаторых, аднак, выклікала недавер, а ну ж тут нейкая штука польскіх уладаў ці дырэктара Астроўскага? Да скаўтынгу аднеслася тая частка насьцярожана, а нават варожа. Нягледзячы на такое становішча часткі моладзі, лік скаўтаў рос.
Спачатку ўтварылася тры атрады. Тварылі іх самыя хлопцы. У наступных гадох устуліла ў скаўтынг і частка дзяўчат, асабліва зь ніжэйшых клясаў. Дружына Беларускіх Скаўтаў разраслася.
Прыступаючы да арганізацыі Беларускага Скаўтынгу, яго ініцыятары мелі шырэйшыя пляны. У часе, як урад ліквідаваў апошнія беларускія арганізацыі, плянавалі перакінуць скаўтынг у край, абняць ім беларускую моладзь агулам, творачы пад фірмай скаўтынгу маладзёжную беларускую арганізацыю. Было гэта, аднак, толькі летуценьнем. Малады Беларускі Скаўтынг ня меў жадных фінансавых сродкаў, ад нікога дапамогі, а горы перашкодаў і варожасьці. Асталося на працы ўнутры дружыны з прысваеньнем асноў і выхаваньнем у духу Беларускага Скаўтынгу, а звонку пры розных аказіях на прадстаўніцтвах беларускай моладзі.
Можа, яшчэ пару слоў аб адносінах між сабой моладзі Гімназіі і Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі. Адной і другой школы моладзь была з таго самага краю і адной веры, школы разьмяшчаліоя ў тых самых мурох, карысталіся з таго самага панадворку, але дружбы між імі ня было. Можа таму, што ў Сэмінарыі пераважаў кансэрватыўны рускі дух, а можа часткова і таму, што сэмінарысты заляцаліся да дзяўчат Гімназіі, што ня ўсім хлопцам Гімназіі гэта падабалася. Сэмінарыстаў называлі "кашаедамі". Праўдападобна гэта таму, што ў іхным інтэрнаце часта кармілі кашай.
З школьным годам 1937/38 з дырэктарства Гімназіі адышоў Р. Астроўскі. Дырэктарам быў назначаны дасюляшні выкладчык лаціны Анцукевіч. Ад лацінскай мовы моладзь празывала яго "Бэатус". У такім стане застала Беларускую Гімназію ў Вільні вайна.
***
Верасень 1939 г. Заходнюю Беларусь з-пад польскай адміністрацыі вызваляе Чырвоная армія. З 22 верасьня ў Вільні пачынае выходзіць адзіная штодзённая газэта на беларускай мове "Віленская праўда" - ворган часовае ўправы Вільні. У тэатры на Пагулянцы ідуць беларускія пастаноўкі. Варочаюцца беларусы зь лягеру ў Картуз-Бярозе [4]. У Беларускай Гімназіі пачынаецца школьны год. Зьехалася каля пяцісот хлапцоў і дзяўчат.
У другой палавіне сьнежня Вільня пераходзіць да Літвы. Большая частка настаўнікаў Беларускай Гімназіі выяжджае, а разам зь імі і моладзь Гімназіі.
Каранное беларускае насельніцтва гораду астаецца. Наўкола гораду, а перадусім зь яго паўдзённэй і ўсходняй стараны, мора беларусамоўнае. Беларусы тут помняць гады беларуса-літоўскай дружбы, супрацоўніцтва і лічаць на яе далей. Хутка наступіла непрыемнае разчараваньне. Вільню і ваколіцу наехалі не літоўцы, на якіх беларусы лічылі, а жэмайцкія летувісы, ня ведаючыя ані беларусаў, ані мясцовых суадносін. Да віленскай зямлі прылажылі жэмайцкую мерку. Абселі ўсе ўстановы і завялі ў іх летувіскую мову. Сярод прыгарадзкога беларусамоўнага насельніцтва школы польскія пачалі пераводзіць на летувіскія. Не адкрылі ані адной школы зь беларускай мовай навучаньня.
У рэзультаце намаганьняў беларускага грамадзтва на чале з а. Адамам Станкевічам і інж. Адольфам Клімовічам былі адкрыты першыя клясы Беларускай Гімназіі ў тых самых мурох пры Дамініканскай вуліцы пад № 3/5. Дырэктарам яе стаў а. Адам Станкевіч - каталіцкі сьвят. Разам паявіўся ізноў беларускі тыднёвік "Крыніца". Агулам палажэньне беларусаў было тут нялёгкае, асобна беларускай інтэлігенцыі. Яна, як раней, была далей безработнай. Каб неяк пражыць, хапалася за было што. Так, напрыклад, возным (прыбіральшчыкам) у Беларускай Гімназіі быў магістар права і грамадзкіх навук. Другі зь юрыстаў, па пратэкцыі, дастаў работу ў Віленскім Магістраце, якая была тым, што лічыў там і ўпарадкоўваў розныя старыя паперы, а плацілі за гэта з фонду для безработных. Аб якойсь аўтаноміі віленскай зямлі зь яе асобнымі мовамі і суадносінамі ня было і мовы. Усё гэта каранное насельніцтва адчувала як свайго роду акупацыю.
У другой палавіне 1940 г. Літва робіцца савецкай. Разам актывізуюцца падвіленскія вёскі. У школьныя ворганы паплылі заявы з подпісамі насельніцтва, патрабуючы навучаньня ў школах у мясцовай беларускай мове. У Тургеля на зборцы бацькоў, у прысутнасьці войта гміны Язэпа Ярмалковіча, партыйных і школьных прадстаўнікоў, вынесена пастанова аб навучаньні ў школах у мове мясцовага насельніцтва беларускай. Пры такім становішчы падвіленскага насельніцтва новыя школьныя ўлады пачалі кіраваць у школы настаўнікаў беларусаў. I так у Тургелі прыслана Шчаснага Міхася і Шутовіча Войцеха. Ужо там быў адзін беларус Язэп Малей. У Табрыскую школу - Станіслава Мядоўскага. У Слабадзкую - Сьвірскую Галіну. У Яшунскую - Антона Цьвячкоўскага і т. п.
За гэта з нападам гітлероўскіх немцаў і іх акупацыяй на беларусамоўнае насельніцтва Віленшчыны абрушыліся ўсе варожыя сільі. У Тургелі зьляцеліся ня толькі ранейшыя жэмайцкія паліцэйскія, але нават яшчэ зь перад верасьня 1939 г. польскія. Пад закідам, што яны камуністы, лавілі беларускіх культурных і адміністрацыйных работнікаў. За імі па вёсках паехалі нямецкія спэцаддзелы. Ужо ў першых днях ваколіцу асьвятліла зарава над вёскай Кердзееўцы (Гірдзеўцы). Гэта нямецкі спэцаддзел, прыведзены варожымі мясцоваму насельніцтву сіламі, паліў сялібу Гасюлёў. Прытым расстралялі Гасюля Паўлу, лавілі яшчэ яго брата Фляр'яна, але таму ўдалося ўцячы. Пачаліся арышты.
Спачатку сытуацыю ратавалі інтэрвэнцыі Віленскага Беларускага Камітэту ў нямецкіх уладаў. Урэшце немцы і на беларусаў і на летувісаў напусьцілі польскую Армію краёву. Ад яе сеткі згінуў настаўнік Тургельскай школы Войцех Шутовіч. Пазьней быў замучаны разам з жонкай, якая была ў цяжку, кіраўнік гэтай жа школы Язэп Малей. Экзэкуцыйны аддзел расстраляў у Тургелях Яна Блажэвіча. У вёсцы Ажэвічы каля Тургеляў акоўцы мучылі і забілі селяніна Францішка Міхалоўскага. У Місючанах таксама каля Тургеляў яны ж шомпаламі высеклі краўца Ярмалковіча Міхася. У Бігердах каля Табрышак зьбілі другога краўца, старэчу Яна Федаровіча, які ў хуткім чагсе памёр [5].
Пад Меднікамі аддзелы А.К. акружылі вёскі Сырвіды і Гудзі. Расстралялі тады ў Сырвідах сялянаў Андрыеўскага Пятра і каваля Вайцяхоўскага Фэлікса. Самыя Баяровічы ўсьпелі ўцячы. У Гудзях расстралялі Пачопку Мацея і ягонага сына Антона, спалілі іх хату.
Каля вёскі Юшкаў пад Табрышкамі летувіска-нямецкая паліцыя расстраляла: Шавэйку Юльяна зь вёскі Кяйпуны, Федаровіча Язэпа зь вёскі Кяйпуны, Чаплоўскага Язэпа зь вёскі Лайбішкі, Чаплоўскага Яна зь вёскі Лайбішкі [6].
Такім спосабам актыў падвіленскага беларускага насельніцтва быў зьнішчаны, само насельніцтва застрашана. Такім яго застала вярнуўшаяся летам 1944 г. савецкая ўлада.
Але вернемся да пачатку нямецкай акупацыі і Віленскай Беларускай Гімназіі. Яшчэ летам 1941 г. беларускае насельніцтва Вільні пачало стараньні аб узнаўленьні працы Беларускай Гімназіі. Немцы не гадзіліся. Не хацелі, як гаварылі, нічога новага. Не згаджаліся нават прызнаць прадстаўніцтва беларускага насельніцтва Віленскага Беларускага Камітэту, гаворачы, што гэта новы твор. Беларусы ізноў гаварылі, што ён ня новы, а існуе ад 1919 г. Закрыты польскімі ўладамі ў 1938 г. існаваў падпольна і так астаўся.
Канцы канцоў нямецкая ўлада ў Вільні згадзілася і на існаваньне Беларускай Гімназіі, але прылучылі да яе яшчэ рускую. Называлася яна цяпер "Віленская Беларуска-Руская Гімназія". Разьмяшчалася яна пры Вастрабрамскай вул. пад № 29, на месцы ранейшай польскай вучыцельскай сэмінарыі. Аддзельна занімаліся клясы беларускія і аддзелы расейскія. Дырэктарам Гімназіі стаў др.Францішак Грышкевіч.
Вясной 1944 г. Віленская Беларуская Гімназія сьвяткавала 25-я ўгодкі свайго існаваньня. У цяжкі ваенны час зьехалася больш двохсот выпускнікоў. Адбылася ўрачыстая акадэмія, прамовы, прывітаньні. Прамаўляў быўшы дырэктар Р.Астроўскі. Ад мясцовага летувіскага насельніцтва цёпла вітаў у беларускай мове каталіцкі япіскап (прозьвішча добра ня памятаю, здаецца, Райніс) [7]. Дзьве асобы за доўгую працу ў Гімназіі Р.Астроўскі адзначыў крыжамі. Былі гэта настаўніца Алёна Лекант і настаўнік а. Адам Станкевіч.
Гэтая ўрачыстасьць была ўжо разам як бы паховінамі Беларускай Гімназіі ў Вільні. У хуткім часе падышоў фронт. Ізноў усё развалілася. Беларускаму падвіленскаму і віленскаму насельніцтву, шмат цярпеўшаму і страціўшаму ў часе нямецкай акупацыі свой актыў, застрашанаму ізноў варожай прапагандай у новых абставінах [8], не хапіла адвагі і сілы змагацца далей за школьніцтва ў сваёй роднай мове. Асталося без сваіх школаў і свайго друку. I ніхто зь мянуючыхся прыяцеляў яму не памог.
Сьвятаслаў КОЎШ. МАЕ ЎСПАМІНЫ ЗЬ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ
У Віленскую Беларускую Гімназію мяне акрэсьлілі мае бацькі з другога паўгодзьдзя 1929/30 навучальнага году. Да гэтага часу я вучыўся ў прыватнай польскай гімназіі Вэлера. Гэта была наўзорная гімназія, і ў яе маглі паступаць толькі дзеці заможных бацькоў. Мой бацька тагды быў пад судом за беларускую незалежніцкую дзейнасьць і быў зьняволены польскімі ўладамі. Гэта, відаць, спрыяла таму, што ў мяне зрадзілася нялюбасьць да выкладчыка польскае мовы; тая нялюбасьць была ўзаемнай, і мая матка перавяла мяне з польскае, хай сабе і прыватнае гімназіі, у беларускую.
Спачатку зьмена асяродзьдзя адчувалася востра: у Вэлера вучыліся дзеці багатых бацькоў - купцоў, вышэйшых урадоўцаў, буйных домаўласьнікаў; у беларускай гімназіі вучнёўская маса ў падаўляючай бальшыні была дзяцьмі сялянаў, якія прыехалі сюды з усяе Віленшчыны і Наваградчыны, і ў невялікай меры дзеці віленскіх мяшчанаў. З уласьцівай хлапчуку здольнасьцю я вельмі хутка закліматызаваўся і стаўся арганічнай часткаю новага асяродзьдзя.
У канцы дваццатых гадоў беларуская гімназія перажывала крызыс падобны таму, які перажывала ўся беларуская грамадзкасьць Заходняе Беларусі. Гэта была пара, калі бальшавікі праз адмыслова падсыланых правакатараў стараліся выкарыстаць патрыятычныя настроі беларусаў пад Польшчай для сваіх прыватных партыйных мэтаў, штурхаючы беларускую грамаду на дарогу эксцэсаў супроць палякоў; з другога боку, польская дэфэнзыва толькі таго і чакала, каб больш радыкальныя беларускія колы абвінаваціць у камунізьме. Пры такім стане рэчаў тысячы беларусаў трапілі за краты польскіх астрогаў і за дроты славутага канцэнтрацыйнага лягеру ў Картускай Бярозе. Вучнёўская моладзь Віленскае Беларускае Гімназіі разьдзяліла лёс свайго шматпакутнага народу, бо тыя, хто паддаліся камуністычнай прапагандзе і адкрыта выступілі супраць польскага зьдзеку над беларусамі, трапілі ў польскія турмы, а пазьней нелегальна перайшлі польска-савецкую мяжу ў тых месцах, дзе польская ахова ўзьмежжа знарок закрывала вочы, каб ня бачыць таго, як асьлепленыя бальшавіцкай прапагандай людзі ішлі самохаць на загубу. Калі загрымелі гарматы Другое ўсесьветнае вайны і перастала існаваць польска-савецкая мяжа, створаная Рыскім трактатам, сваякі і прыяцелі шукалі тых, хто ў свой час шукаў прытулку ў БССР, але не маглі знайсьці аніводнага, бо іх зьнішчыла савецкая ўлада, як ворагаў народу, абвінаваціўшы ў трацкізьме ды іншых сьмяротных грахах, ведамых савецкаму катэхізму.
Час ішоў, гаіліся раны, а наша беларуская Alma Mater нараджала беларускую інтэлігенцыю, пасылючы сваіх ганцоў на ўнівэрсытэты. Выпускнікі Віленскае Беларускае Гімназіі спраўдзілі давер, пакладзены ў іх беларускай грамадзкасьцю: у гады Другое ўсесьветнае вайны яны пайшлі ў народ і разьдзялілі лёс з народам. Шмат хто загінуў з рукі ворагаў беларушчыны розных адценкаў - камуністаў, гітлероўцаў ды іх прыслужнікаў, палякоў ды рознае нечыстаты, якая ў дымох пажараў вайны валачылася па зямлі беларускай. Тыя, хто перажылі жахі вайны і вырваліся ў вольны сьвет, панясьлі з сабою беларускі сьцяг на ўсе кантынэнты нашае плянэты.
У рэтраспэктыве часу сьветазарным воблескам палымнеюць успаміны радасьцяў і смуткаў, уздымаў і ўпадкаў, а ў асяродку тых успамінаў для гадунца Віленскае Беларускае Гімназіі астаецца яна - наша Alma Mater.
У блакітнай задымцы ўспамінаў усплывае маестатычны пэйзаж Вільні з Замкавай гарою, якая аб нечым гаворыць гары Трох Крыжаў. Паміж імі шапоча навіны пясчыстаму дну пляткарка Віленка ды нясе прывітаньне Вяльлі. Панарскія ўзгоркі ўзялі ў абдымкі старадаўнюю Вільню зь яе выкрутастымі вуліцамі, вежамі цэркваў і касьцёлаў і помнікамі старасьветчыны. Па тых вуліцах паміж шумнае разнамоўнае грамады снавалі гадунцы Віленскае Беларускае Гімназіі. Спачатку гэтая гімназія фінансавалася і кіравалася Бацькаўскім Камітэтам. У пасьледуючыя гады яна стала дзяржаўнай гімназіяй - Беларуская Філія Дзяржаўнае Гімназі» Юльюша Славацкага - Filja Bieloruska Panstwowego Gimnasium Juljusz Slowackiego.
Філія - гэта было ўсё, на што дазволіў польскі санацыйны ўрад звыш тром мільёнам беларусаў пад Польшчай. Калі мяне памяць ня зводзіць, наша гімназія мела нумар 980 у агульнадзяржаўным ліку сярэдніх школаў у Польшчы. Такі нумар мы і насілі на рукаве школьных мундзіраў.
Віленская Беларуская Гімназія памяшчалася ў Базыльянскіх мурох на Вастрабрамскай вуліцьі. Там-жа памяшчаўся гімназіяльны інтэрнат, у якім жылі прыехаўшыя з правінцыі вучні. Недзе ў тых-жа мурох была і ўсьпетая Адамам Міцкевічам у ягоных "Дзядах" цэля Конрада. Там-жа знайшоў прытулак беларускі музэй Луцкевіча. Можна было б лічыць гэтыя муры цьвярдыняй беларушчыны, калі б ня тое, што там-жа разьмясьцілася і Віленская Духоўная Сэмінарыя - асяродак расейшчыны, у якім рыхтаваліся кадры адданых расейскаму духу духаўнікоў для Беларускага Народу. Тыя муры апаясывалі царкву сьв.Тройцы, якая, паводле царкоўнай традыцыі, была збудаванай у месцы, дзе памерлі сьвятыя віленскія мучанікі - Антон, Іаан і Яўстах. У падвальным памешканьні гэтае царквы была крыпта, у якой ляжала ікона мучанікаў, але сьвятых мошчаў гэтых мучанікаў там у той час ня было. Гімназія мела сваю царкву - Пятніцкую, што на Вялікай вуліцы. На працягу даўгіх гадоў у ёй служыў бацька аўтара гэтае даведкі а.Аляксандар Коўш - законавучыцель гімназіі і кіраўнік гімназіяльнага інтэрнату. Падчас нямецкай акупацыі а.Аляксандар Коўш быў замардаваны гітлероўцамі ў Менску з намовы айчынных правакатараў.
Дырэктарам гімназіі ў маю пару быў праф. Радаслаў Астроўскі. З настаўніцкага пэрсаналу ў маёй памяці захаваліся толькі імёны: Міхалевіч - выкладчык лаціны, фрау Банцлебэн - настаўніца нямецкае мовы, "пані Алёна" Сакалова-Лекант - настаўніца беларускае мовы ў ніжэйшых клясах, пані Кшэменёва - палёністка, поўная супрацьлегласьць у лепшы бок полёністаў з гімназіі Вэлера, аб якім я ўспомніў вышэй, Мікола Ільляшэвіч, брат Хведара,- выкладчык прапэдэўтыкі філязофіі, памёр на сухоты, Барыс Кіт у той час яшчэ студэнт Унівэрсытэту - выкладчык матэматыкі, Заморын - настаўнік фізычнага ўзгадаваньня, Сіняўскі, здаецца, Мікола,- настаўнік малодшых клясаў, Кароль - настаўнік сьпеву, Анцукевіч - замяніў Міхалевіча ў якасьці настаўніка лаціны ў 1934 г.
Наша гімназія была цьвярдыняй беларускага духу. Важнейшыя даты ў календары беларускіх нацыянальных сьвятаў адзначаліся ўрачыстымі акадэміямі, на якіх прамаўлялі такія красамоўцы, як Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі, Трэпка, паслы і сэнатары. Акадэміі спалучаліся з выступам! мастацкіх групаў - тэатральнае, вакальнае, народных танцаў і да г.пад. Акадэміі ў такія вялікія сьвяты, як Слуцкая Гадавіна або ўгодкі 25 Сакавіка, былі папярэджанымі Багаслужбамі ў Пятніцкай царкве. На Багаслужбу ішлі арганізаваным парадкам: вучні маршыравалі ізь сьцягамі ад гімназіі да царквы, а грамадзкасьць суправодзіла моладзь уздоўж ходнікаў. Цешылася сэрца, гледзячы на сьвяточны натоўп уздоўж Вялікае вуліцы, упрыгожаны бел-чырвона-белымі кукардамі. У гадавіны Вялікага Сакавіка гімназію папярэджвала школьная духавая аркестра, а такая дэманстрацыя зварочвала ўвагу ахвочых да парадаў віленчукоў.
Вялікім здарэньнем у нашым жыцьці бывалі агульныя экскурс» на ўлоньне прыроды недзе над бераг Вяльлі ў раёне Закрэту. Ішлі ўсе - вучні і настаўнікі, паперадзе грала парадныя маршы наша духавая аркестра, нясьлі з сабою ежу, розныя гульні, а дзень прамінаў, як байка. I так, як байка, прамінулі мае пяць гадоў у Віленскай Беларускай Гімназіі, якую я скончыў у чэрвені 1934 г. у веку сямнаццаць гадоў, атрымаўшы "матуру", або атэстат дасьпеласьці.
У памяці захаваліся некаторыя імёны сяброў і сябровак, зь якімі я правёў тыя гады на школьнай лаве і разам зь імі атрымаў дыплём. Вось тыя імёны, якія да гэтага часу ня сьцерліся ў памяці і чые сьветлыя абліччы выплываюць з глыбіні мінуўшчыны: Кастусь Касяк, Антон Кабак, Язэп Каліцкі, Аркадзь Быхавец, Падагель, Пятроўскі, Раіса Падабед, Галіна Швэд, Анелька Катковіч. Некаторыя зь іх загінулі ў ваенную пару, як Кастусь Касяк,- замардаваны палякамі ў 1944 г. Іншыя, як Раіса Падабед,- выйшлі замуж, сталіся маткамі і трагічна страцілі дзяцей, яшчэ іншыя, як Анелька Катковіч, ня выйшла замуж, а лепшыя гады свайго жыцьця правяла ў ссылках і, калі пішуцца гэтыя радкі, дажывае свае дні разьбітая хваробай - заслугай тых ссылак.
Наша разьвітаньне з Alma Mater было ціхім і прачуленым. Звычайна матуральны вечар спалучаўся з балем, на якім выпускнікі перадавалі пальму пяршынства той клясе, якая праз год будзе канчаць гімназію. Гэтая апошняя трупа яадзіяа разьвітальны вечар і жадала посьпехаў абітурыентам. Для нас не зрабілі балю: 15 чэрвеня 1934 г. украінскія нацыяналісты забілі міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Перацкага, і польскі ўрад абвесьціў агульнанародную жалобу. Такім чынам, наш выпускны вечар абмежаваўся сямейным вечарам у вузкіх таварыскіх рамках. Ня было музыкі, не сьпявалі песьняў, і, магчыма, таму адчувалася прачуленая сяброўская любасьць. Калі аўтар гэтых радкоў ад імені ўсяе клясы гаварыў разьвітальнае слова дырэктару праф. Р. Астроўскаму, тагды ен ня ведаў, што прамаўляў да буду чага беларускага Прэзыдэнта, і, магчыма, таму ад прачуленасьці яму ў адным месцы забракла словаў. Ад таго вечару ў чэрвені 1934 г. дарогі сям'і гадунцоў гэтае клясы ВБГ пайшлі ў розныя бакі, а на думку прыходзілі Купалавы словы:
Стаім мы перад будучыняй нашай
I усё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўваскрэсьнем мы, душою ўпаўшы, зьвяўшы,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род.
("Перад будучыняй")
Сёньня можам адказаць на гэтае пытаньне: выпуск ВБГ 1934 г. ня ўпаў душою і выканаў абавязак перад народам і Бацькаўшчынай, за што падзяку няхай прыме Бог.
Барыс KIT. УСПАМІНЫ АБ БЕЛАРУСКАЙ ГІМНАЗІІ Ў ВІЛЬНІ (1928- 1939) БЫЛОГА ВУЧНЯ, ВУЧЫЦЕЛЯ I ДЫРЭКТАРА ГЭТАЙ ГІМНАЗІІ
I. Успаміны аб маіх дачыненьнях зь Віленскай Беларускай Гімназіяй у пэрыяд часу паміж 1928 і 1939 гадох ёсьць найдаражэйшымі майму сэрцу, і наагул, я найбольш ганаруся сваім удзелам і працай у беларускім школьніцтве, якія пачаліся ў 1926 годзе і спыніліся аж у 1944-м. Складаюцца яны з наступных момэнтаў:
1926-1928, вучань Беларускай Гімназіі ў Наваградку.
1931 -1939, вучыцель Беларускай Гімназіі ў Вільні.
1939, дырэктар Беларускай Гімназіі ў Вільні.
1939-1940, дырэктар Беларускай Гімназіі ў Наваградку.
1943, дырэктар Беларускай Настаўніцкай Сэмінарыі ў Маладэчне.
1943, дырэктар Беларускай Настаўніцкай Сэмінарыі ў Паставах.
1943-1944, дырэктар Беларускага Адміністрацыйна-Гандлёвага Інстытуту ў Маладэчне.
Як відаць з вышэйпададзенага сьпіску становішчаў, якія я займаў у беларускім школьніцтве, найдаўжэй я быў зьвязаны зь Віленскай Беларускай Гімназіяй і таму найбольш маю ўспамінаў з гэтага пэрыяду часу.
II. Беларуская Гімназія ў Вільні, як і іншыя сярэднія школы ў Заходняй Беларусі паміж I і II усесьветнымі войнамі, адгуляла вялікую гістарычную ролю ня толькі ў разьвіцьці беларускага школьніцтва, але наагул у разьвіцьці беларускага нацыянальнага руху. Гэта была школа, якая ня толькі зьяўлялася кузьняй кадраў новай і маладой беларускай інтэлігенцыі, узгадаванай у беларускім патрыятычным духу, але таксама зьяўлялася адным з галоўных цэнтраў беларускага адраджэньня і нацыянальнага руху пад Польшчай. У гады пасьля II вайны гадунцы Віленскай Беларускай Гімназіі, тыя, што засталіся на Бацькаўшчыне, і тыя, што расьцярушыліся па ўсім сьвеце, апроча сваёй прафэсійнай працы, заўсёды бралі рашучы ўдзел і кіраўніцтва ў беларускай нацыянальнай працы, дзе толькі такая магчымасьць існавала.
У склад пэдагагічнай рады гімназіі часта ўваходзілі асобы, якія сёньня лічацца гістарычнымі асабістасьцямі беларускага нацыянальнага руху, як, напрыклад: Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі, а.Адам Станкевіч, Антон Нэканда-Трэпка, Вінцук Жук-Грышкевіч, Мікалай і Хведар Ільляшэвічы, а.Глякоўскі і іншыя.
Дырэктарамі былі: Радаслаў Астроўскі, Міхалевіч, Анцукевіч, Кавалевіч, кароткі час я, а.Адам Станкевіч, др.Францішак Грышкевіч.
Найдаўжэйшы час дырэктарам быў Астроўскі, прыблізна ад 1931 да 1936 году, калі ён быў высланы польскай школьнай адміністрацыяй працаваць настаўнікам матэматыкі ў адну з польскіх гімназіяў у Польшчу.
Зразу мела, што ў той час у нас у гімназіі найбольш выдатным дырэктарам быў Радаслаў Астроўскі. Ягоная невычэрпная энэргія, арганізатарскія і аратарскія здольнасьці вельмі імпанавалі нам усім, маладзейшым ад яго супрацоўнікам. Я і многія іншыя, можна сказаць, былі ўзгадаваныя ў школе Астроўскага. У сваёй пазьнейшай працы дырэктара беларускіх школаў я многа ўжываў мэтадаў і духу Астроўскага. Ён быў для нас зіхацячым прыкладам, і, на маю думку, ён быў найвыдатнейшым беларускім нацыянальным лідэрам у гісторыі Заходняй Беларусі ў пэрыяд часу паміж I i II усесьветнымі войнамі.
III. Мае асабістыя дачыненьні зь Віленскай Беларускай Гімназіяй пачаліся ў чэрвені 1928 г. У гэты час у групе абсальвэнтаў Беларускай Гімназіі ў Наваградку я прыехаў у Вільню, каб разам з абсальвэнтамі Віленскай Беларускай Гімназіі здаваць экстэрнам гэтак званы "матуральны, дзяржаўны экзамен" перад спэцыяльнай, першы раз пакліканай для беларускіх гімназіяў дзяржаўнай экзамэнацыйнай камісіяй. Справа ў тым, што польскія школьныя ўлады хацелі праверыць навучальны ўзровень наваградзкай і віленскай беларускіх гімназіяў, якія былі прыватнымі, каб, у выпадку задавальняючых вынікаў экзамэнаў, прызнаць гэтым гімназіям правы дзяржаўных гімназіяў. Гэткія правы дазвалялі абсальвэнтам вучыцца ў польскіх унівэрсытэтах, якіх ня мелі да гэтага часу беларускія гімназіі ў Польшчы, і таму абсальвэнты гэтых гімназіяў змушаныя былі выяжджаць студыяваць на вышэйшыя школы Чэха-Славакіі, Бэльгіі, Нямеччыны і іншых замежных краінаў.
Таму нашыя вядомыя беларускія дзеячы, як інжынэр Мікола Гарошка, др. Аляксандар Орса, і многія іншыя змушаны былі адбываць вышэйшыя студыі ў Чэха-Славакіі.
Першы дзяржаўны матуральны іспыт для двох беларускіх гімназіяў з Наваградку і Вільні адбыўся ў другой палове чэрвеня 1928 г. у памешканьні Віленскай Беларускай Гімназіі (Базыльянскія муры).
Была арганізаваная адмысловая экзамэнацыйная камісія, у склад якой вайшлі прафэсар Масоніюс зь Віленскага ўнівэрсытэту, Сэвэрын Выслоўх, Антон Трэпка, Аляксандар Егер і іншыя, пераважна палякі зь іншых польскіх гімназіяў. 3 12-ці кандыдатаў здалі матуру 10 асобаў, у тым ліку і я. Іван Хворает - пазьней выдатны беларускі танцор з хору Рыгора Шырмы, Ірына Будзька і іншыя асобы, якія адгулялі пазьней большую ці меншую ролю ў беларускім нацыянальным руху.
Пасьля гэтага "пробнага" дзяржаўнага матуральнага экзамэну польскія школьныя ўлады далі дзяржаўныя пра вы наваградзкай і віленскай гімназіям, ператварыўшы іх у пададдзелы польскіх гімназіяў, наваградзкую ў "філію" польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Наваградку, а віленскую ў "філію" польскай гімназіі імя Юльюша Славацкага ў Вільні. Ясная рэч, за цану "правоў" гэтыя дзьве беларускія гімназіі згубілі сваю незалежнасьць і самастойнасьць. Беларускі кіраўнік гімназіі мусіў падлягаць польскаму дырэктару, хаця беларуская мова выкладаньня была часова захаваная. Лёс іншых тагды існуючых беларускіх гімназіяў Радашкаўскай і Клецкай быў горшы. Польскія ўлады вельмі хутка іх зусім зачынілі. Беларуская "філія" у Наваградку была таксама зачынена ў 1934 г. Засталася толькі адна беларуская "філія" у Вільні, каторая вяла змаганьне за існаваньне аж да верасьня 1939 году - пачатку вайны паміж гітлероўскай Нямеччынай і Польшчай.
Найбольш адзначыўся ў гэтым змаганьні сам кіраўнік гімназіі Р. Астроўскі, які нарэшце быў зьняты з свайго становішча ў 1936 годзе і высланы палякамі працаваць вучыцелям у адну з польскіх гімназіяў у Лодзі.
Наступнымі кіраўнікамі гімназіі былі Анцукевіч і Кавалевіч, але яны ўжо не вялі такое актыўнае змаганьне за гімназію, як гэта рабіў Астроўскі. Тым часам польскія школьныя ўлады энэргічна вялі акцыю, каб зусім выпхаць беларускую мову з гімназіі, і пасьля ганебных захадаў, як зьбіраньне подпісаў пад фальшывымі абяцанкамі ад бацькоў вучняў, Віленская Беларуская Гімназія дэкрэтам міністэрства асьветы была аканчальна пераключана на польскую мову выкладаньня. Гэты дэкрэт прыйшоў у гімназію 12 верасьня 1939 г., у той час, калі ўся Польшча валілася пад ударамі гітлероўскіх арміяў. Гэта былі часы гвалтоўнага перасьледаваньня беларускага нацыянальнага руху.
IV. Паступіў я на працу ў Віленскую Гімназію ў 1931 г. пры тагдышнім дырэктару Міхалевічу. Ад 1931 г. да 1939 г. я выкладаў матэматыку, фізыку і хімію, аж пакуль увосені 1939 г. я быў назначаны дырэктарам гэтай гімназіі на месца адыходзячага дырэктара Кавалевіча. На працягу апошніх дзесяці гадоў, ад 1931-1941, гімназія мела наступных дырэктараў: Міхалевіч, Астроўскі, Анцукевіч, Кавалевіч, Кіт, а. Адам Станкевіч, др. Францішак Грышкевіч. Найбольш выдатным дырэктарам з увагі на адміністрацыйныя, узгадаваўчыя якасьці, які меў вялікі ўплыў на моладзь, быў, безумоўна, Радаслаў Астроўскі. Прыйшоў ён на дырэктара ў 1931 г. і адышоў у 1936 г. Таксама дырэктара Анцукевіча выслалі палякі вучыць у польскую гімназію ў Ломжу.
Пасьля Астроўскага дырэктарам гімназіі быў Кавалевіч аж да 17 верасьня 1939 г., калі савецкія войскі акупавалі Вільню. Дзеля таго, што ўсе польскія ўлады ўцяклі, савецкая вайсковая адміністрацыя паклікала др.Францішка Грышкевіча на кіраўніка школьнай адміністрацыі Вільні. Адным зь першых яго крокаў было і на жаданьне грамадзства і вучняў звальненье Кавалевіча і назначэньне мяне як новага дырэктара гімназіі. Зьмена абставінаў і надзея на лепшыя магчымасьці падзеяла моцна на беларускую моладзь, якая ў вялікай колькасьці пачала паступаць у гімназію.
На працягу толькі двух месяцаў колькасьць вучняў вырасла з 100 да 1000. Трэба было адчыніць 10 новых інтэрнатаў, каб памясьціць усіх прыяжджаючых, асабліва з Наваградчыны. Вучні з Наваградчыны складалі найбольшую частку агульнай колькасьці вучняў гімназіі, асабліва пасьля зачыненьня польскімі ўладамі Наваградзкай Беларускай Гімназіі.
Такі стан трываў аж да канца году, калі вестка разышлася, што савецкія ўлады аддаюць Вільню Ліцьве, у замен за іншыя для сябе палітычныя выгады. Дзеля, што ў выніку пераходу Вільні да Літвы Наваградчына і ўся Заходняя Беларусь будуць аддзеленыя мяжою, вучнёўскае прадстаўніцтва зьвярнулася да мяне з просьбай, ці можна б было выехаць усім наваградцам арганізаваным парадкам у Наваградак і там адчыніць новую беларускую гімназію. Гэтую думку я поўнасьцю падтрымаў. На працягу кароткага часу я перш сам выехаў у Наваградак і атрымаў дазвол ад кіраўніка школьнага аддзелу Наваградзкай акругі Петры Саўчанкі на адчыненьне новай гімназіі ў Наваградку.
Трэба адмеціць, што Саўчанка аднёсься вельмі прыхільна да ідэі аднаўленьня беларускай гімназіі ў Наваградку, перадаючы гімназіі новаадбудаваны будынак, які яшчэ будаваўся вучнямі беларускай гімназіі, зачыненай польскімі ўладамі ў 1934 г. Пасьля зачыненьня гімназіі будынак быў аддадзены польскай гімназіі.
У адзін з позьніх восеньскіх вечараў я адабраў усіх жадаючых вучняў і перавёз іх у Наваградак, рупячыся, каб пэўная частка вучняў засталася для далейшага існаваньня
Віленскае Беларускае Гімназіі. Гэтак і выйшла - гімназія працягвала працаваць пад кіраўніцтвам новага дырэктара, вядомага беларускага дзеяча а. Адама Станкевіча. Тым часам адноўленая беларуская гімназія ў Наваградку пачала расьці і ўзмацняцца. На працягу 2-х месяцаў было зарэгістравана больш 1000 вучняў з настаўніцкім пэрсаналам, даходзячы да 100. З прычыны вялікага наплыву ахвотных вучняў гімназія хутка пачала працаваць на дзьве зьмены - дняўную і вячэрнюю.
З найбольш выдатных настаўнікаў можна ўспамянуць др. Станіслава Станкевіча, др. Аляксандру Орсу, др. Яхіма Скурата, сп. Орсу, Мокато, Эму Занкінд.
Празь некалькі месяцаў я быў пакліканы на становішча акруговага школьнага інспэктара Баранавіцкай акругі і мусіў пераехаць у Баранавічы.
Варочачыся з успамінамі ізноў да Віленскай Беларускай Гімназіі, трэба наагул сказаць, што праца ў гімназіі апроч нармальнай школьнай актыўнасьці вымагала высілку, каб утрымаць існаваньне гімназіі. Польскія школьныя і адміністрацыйныя ўлады шукалі ўсялякай зачэпкі, каб зачыніць гімназію. Сытуацыя гімназіі была настолькі няпэўная, што кожную вясну, калі мы, настаўнікі, разьвітваліся перад летнімі канікуламі, мы былі няпэўныя, што ўвосень гімназія ў ей яшчэ будзе існаваць і мы зноў спаткаемся.
У 1934 г. улетку польскія ўлады зачынілі ўрэшце Наваградзкую Беларускую Гімназію. Новазбудаваны гімназіяй і самымі вучнямі будынак польскія ўлады адабраці ад беларусаў і перадалі на карыстаньне польскай гімназіі. Вучні зачыненай беларускай гімназіі павінны былі ісьці прадаўжаць вучыцца ў мясцовай польскай, дзе яны паддаваліся гвалтоўнай палёнізацыі. Каб выратаваць іх ад гэткага лёсу, дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі Радаслаў Астроўскі выслаў мяне ў Наваградак з мэтай сабраць вучняў зачыненай гімназіі і арганізаваным парадкам перавезьці іх у Віленскую. Беларускую Гімназію. Выбар Астроўскага паў на мяне, як самаго абсальвэнта наваградзкай гімназіі і добра ведамага ў наваградзкіх беларускіх колах.
Быў прыгожы сонечны дзень канца жніўня, калі я прыехаў зь Вільні ў Наваградак і адразу накіраваўся да будынку польскай гімназіі. Беларускія вучні прыходзілі ўжо ў вялікай колькасьці, каб рэгістравацца ў польскую. Я стаяў у дзьвярох польскай гімназіі і прапанаваў вучням пераехаць у Вільню ў нашую гімназію, каб працягваць навуку ў беларускай мове, і што яны атрымаюць у нас усялякую падтрымку. Рэзультат маёй дзейнасьці быў надзвычайна пасьпяховы. Каля 90% вучняў вырашылі ехаць са мной у Вільню. Толькі малая групка вучняў вырашыла пайсьці ў польскую гімназію, у тым ліку і цяперашні доктар Барыс Рагуля. Частку вучняў я накіраваў у Вільню цягніком, а частку аўтобусам, зь якімі і я сам вярнуўся ў Вільню з радаснай справаздачай дырэктару Астроўскаму.
За гэтую сваю дзейнасьць я шмат перасьледаваўся пазьней польскімі школьнымі ўладамі, як за антыдзяржаўную і антыпольскую акцыю. Праз год тагдышні дырэктар Анцукевіч атрымаў загад мяне звольніць з працы, а праз два гады мне адмовілі на выезд за.мяжу як "падазронаму і нелёяльнаму грамадзяніну Польшчы".
Каля 1936 г. няпэўнасьць сытуацыі, вечная пагроза быць звольненым, яўна варожыя адносіны так занепакоілі беларускае грамадзянства і дырэктара Астроўскага, што было вырашана зьвярнуцца да цэнтральных школьных уладаў у Варшаве. Было пастаноўлена выслаць беларускую дэлегацыю ў Варшаву ў складзе Радаслава Астроўскага, Канстанціна Глінскага і мяне.
Мне было даручана паехаць на некалькі дзён у Варшаву ранен, каб падрыхтаваць спатканьне нашай усёй дэлегацыі зь некалькіма афіцыйнымі польскімі асабістасьцямі, як міністра асьветы, міністра ўнутраных справаў. Нажаль, паміма ўсіх маіх стараньняў, нашай дэлегацыі было дазволена спаткацца толькі зь ніжэйшымі афіцыйнымі прадстаўнікамі ўспомненых міністэрстваў - кіраўнікамі аддзелаў для справаў нацыянальных меншасьцяў. Найбольш пасьпяховым было спатканьне з сэнатарам Бэлковічам - былым ваяводам Наваградзкім і Віленскім, з паслом Вандай Полчынскай. Абодва яны абяцалі падтрымку нашай справы ў межах іх магчымасьцяў.
Замест дадатных рэзультатаў з нашай дэлегацыі, у рэзультаце ўсяго, мы атрымалі пазьней самыя найгоршыя консэквэнцыі. Мясцовыя віленскія школьныя ўлады, даведаўшыся, што Астроўскі бязь іх дазволу зьвяртаўся непасрэдна ў міністэрства ў Варшаве, загадалі звольніць Астроўскага з становішча дырэктара і выслалі яго працаваць выкладчыкам матэматыкі ў адной з гімназіяў у Лодзі, дзе ён дачакаўся пачатку II усесьветнай вайны. Хутка нашая старога тылу 8-клясавая гімназія была пераведзена ў маленькую 4-клясавую гімназію, якая прадаўжала ўжываць беларускую мову аж да 12 верасьня 1939 г. У гэты дзень, калі ўся Польшча ўжо ляжала на зямлі пад ударамі гітлероўскай армады, мы яшчэ атрымалі дэкрэт міністэрства аб закрыцьці беларускай гімназіі і ператварэньні яе ў польскую. Гэтым актам беларускае школьніцтва пад Польшчай было зусім зьнішчанае дзякуючы шавіністычнай палітыцы польскага ўраду часоў паміж першай і другой усесьветнымі войнамі.
Франкфурт, Зах. Нямеччына.
Сьнежань 1981 году.
[1] Друкуецца паводле машынапіснага тэксту з кнігазбору Янкі Золака. Рукапіс падрыхтаваны ў 1981 г. Ю. Жывіцам (сапраўднае прозьвішча Юрка Попка-Жук, 1914-1993 гг.), нацыянальным дзеячом у эміграцыі, супрацоўнікам часапісу "Viechi", стваральнікам Беларускага музэю ў Ляймэне (Нямеччына).
[2] "Wilno і Ziemia Wilenska" - zarys monograficzny, torn I. Wilno, 1930. Wydawnictwo Wojew6dzkiego Komitetu Regionalnego.
[3] Песьні "Пад гоман вясёлы" не спаткаў я ў друку. Дзеля гэтага падаю яе тэкст. Не ручаюся, што ўсе радкі поўнасьцю.
Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай,
Пры зборчі ўсіх нас бяседы такой,
Успомнім-жа, брацьця, аб долі няроўнай,
Аб усіх тых, што церпяць за край родны свой.
У Познань і Кракаў, далёку чужыну,
У няволю пасланы, як быццам навек,
Бацькоў сваіх кінуў і мілу дзяўчыну,
Сам церпіць і холад, і голад, і зьдзек.
Збялеўшаю твараю, прыліпшы да краты,
Ён зоркі шукае ў небе начным,
Каб думкі занесла да роднае хаты,
Каб кліч перадала ўсім брацьцям сваім.
Змагайся, мой дружа, з наезьнікам панскім,
Змагайся за лепшую долю сваю,
Змагайся за лепшую долю, свабоду,
Хоць цяжка змагацца, а ўсё ж зможаш ты.
Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай,
Пры збор'і ўсіх нас прысягу даём.
Ня зломяць нас віхры ў той бітве чароўнай,
За зьдзек нашых брацьцяў мы помету нясём.
[4] У апошніх днях перад вайной польская паліцыя правяла арышты больш знаных беларусаў Вільні і ваколіцы. Сабрала іх у віленскім цэнтральным арышце і адтуль спэцыяльным цягніком разам зь немцамі, жыдамі і т. п. вывезла ў лягер у Картускай Бярозе. Прабывалі там у агароджаных калючым дротам загарадках або пакоях па 140 чалавек, без вады, галодныя пры вымучываючай фізычна сыстэме. Як 17 верасьня савецкая армія перайшла мяжу, ноччу зь 17 на 18 верасьня адміністрацыя лягеру з сваімі ахоўнікамі і паліцыяй уцякла. 18 верасьня вязьні лягеру сталіся вольнымі. Першая група дайшла ў Вільню 25 верасьня. У 1940 г. у Вільні былі выданы, адным з быўшых вязьняў Язэпам Найдзюком, успаміны: "Арышты, Картуз-Бяроза, воля".
[5] Згодна з расказамі насельніцтва непасрэднымі забойцамі кіраўніка школы ў Тургелях і ягонай жонкі былі між іншымі браты Савіцкія зь Езавіцкай пад Тургелямі, але ніхто гэтага не расьсьледаваў. Пазьней Савіцкія кінулі сваю хату і перасяліліся ў Вільню.
[6] Падаю толькі факты мне ведамыя, а гэта значыць, што ня ўсе.
[7] На сьвяткаваньні 25-х угодкаў існаваньня ВБГ выступаў Міхась Забэйда-Суміцкі.
[8] Пасьля фронту ў 1944 г. ужо пры савецкай уладзе былі пашыраны слухі, што хто будзе пісацца беларусам, той будзе забраны ў армію, а палякі ў армію не ідуць.