Папярэдняя старонка: Мемуары

Шутовіч Янка. Успаміны пра Віленскую Беларускую гімназію 


Аўтар: Шутовіч Янка,
Дадана: 30-05-2014,
Крыніца: Шутовіч Янка. Успаміны пра Віленскую Беларускую гімназію // Спадчына №1-1995. С. 24-27.



Жыццёвы шлях Янкі Шутовіча (1904-1973 гг.), беларускага публіцыста, грамадскага i культурнага дзеяча, быў складаны i няпросты. У 1924 г. ён скончыў беларускую гімназію ў Вільні, пазней вучыўся ў Віленскім універсітэце. Прымаў актыўны ўдзел у культурна-асветным жыцці Заходняй Беларусі, выступаў супраць паланізацыі гэтага краю. У 1935- 1939 гг: - рэдактар-выдавец літаратурна-навуковага часопіса «Калоссе». У час вайны, калі быў дырэктарам Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, даводзілася хаваць ад рабавання экспанаты ў склепе над касцёлам св. Міхаіла. У 1944 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі i асуджаны. Толькі ў 1956 г. вярнуўся са сталінскіх лагераў. Праз усё жыццё захаваў вернасць ідэям нацыянальнага адраджэння, якая была прывіта яму гімназіяй. Менавіта таму i вырашыў на схіле гадоў пакінуць удзячныя словы пра яе. На жаль, яны так i не дайшлі да шырокай аўдыгорыі.
Прапанаваныя матэрыялы былі напісаныя Янкам Шутовічам у 1971 г. Магчыма, аўтар меў намер прадоўжыць ix, бо пазначыў як першую частку. Безумоўна, ён не мог спадзявацца ў тагачасных умовах на публікацыю сваіх кароткіх успамінаў, бо там згадваліся імёны шмат якіх заходнебеларускіх дзеячаў, якія былі афіцыйнай прапагандай забароненыя. Ён разумеў, што рана ці позна рукапісы такога характару траплялі ў спецсховішчы. Менавіта гэтая акалічнасць i ўносіла пэўную стрыманасць у выказванне аўтарам сваіх ацэнак. Гэта прагледжваецца ў тэксце матэрыялу.
Чарнавікі рукапіса разам з іншьсмі дакументамі трапілі ўжо пасля ягонай смерці на захаванне ў аддзел рэдкіх кніг i рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі (ф. 1, воп. 1, спр. 64). Яны былі аформленыя ў асобную справу 23 мая 1974 г. Аднак да апошняга часу доступ да яе быў абмежаваны, бо фонд Янкі Шутовіча пазначаны літарай «С», што азначала «сакрэтны».
Пры падрыхтоўцы да публікацыі зроблены нязначныя, неістотныя скарачэнні. Захаваны па магчымасці i асаблівасці мовы арыгінала.

Пад восень 1919 г. сястра Марыся, забраўшы з прытулка беларускіх дзяцей, развязла ix па хатах да іхніх бацькоў, а ў лістападзе месяцы таго ж 1919 г., набраўшы болей дзяцей, загрузіла ix у вагоны, прывязла ў Вільню i заснавала пры беларускай гімназіі прытулак. Я, мае сестры i брат [1] тады i папалі ў беларускі прытулак у Вільні, i ў беларускую гімназію, i ў пачатковую школу пры гэтай гімназіі (залежка ад узросту). Рабіла сястра Марыя Шутовіч так у паразуменні i з даручэння Беларускага Камітэта Помачы ахвярам вайны, на чале якога стаяў выдатны беларускі дзеяч-патрыёт, гуманіст, незабыўны ксёндз Адам Станкевіч.

Прыехалі мы ў Вільню ў прыгожы лістападаўскі дзень, з прамяністым цёплым сонцам. Памясціліся ў Базыліянскіх мурах, у якіх знаходзілася шмат беларускіх грамадскіх i асветных устаноў, у тым ліку i беларуская гімназія, i пры ёй - пачатковая школа. Паступіў я адразу ў чацьвёрты клас гімназіі. Гімназія была заложана ў пачатку гэтага ж 1919 года, i першым дырэктарам гімназіі быў гісторьш Міхал Кахановіч. З гэтага часу i пачынаецца мая віленская біяграфія - i вучнёўская, i студэнцкая, i грамадзянская, біяграфія беларуса з беднай сялянскай сям'і, дзе было шмат дзяцей. I біяграфія пакутлівая, трывожная, адначасна агрэтая цяплынёй беларускага патрыятызму, цяплынёй шчырых, добрых, ідэёвых людзей - нашых беларускіх грамадскіх i культурных дзеячоў, ix светлым розумам i сэрцам.

Апынуўшыся ў беларускім прытулку i ў гімназіі, я спаткаўся з новым светам, прывабным, па-дзіцячы радасным, крыху па-вучнёўску свавольным, але шчырым, непасрэдным i патрыятычным беларускім. У прытулку было шмат дзяцей, пераважна з вёскі, дзяцей убогіх сялян, пацярпеўшых ад вайны, шмат сірот i паўсірот, а таксама дзяцей бацькоў-беларусаў з гарадской беднаты. Былі хлопчыкі i дзяўчынкі. Прытулак усцяж папаўняўся новымі кантынгентамі, пераважна з вёскі. Праз некаторы час, здаецца праз год, прытулак папоўніўся значным лікам дзяўчат з гародзенскага прытулку, які чамусьці зліквідавалі. Віленскі беларускі прытулак стаўся вялікім прытулкам, з крыві i косці беларускім. Стаўся ён беларускай асновай як для гімназіі, так i для пачатковай пры ей школы.

Спачатку існавання гімназіі, а значыць ад 1 студня 1919 года, кантынгент вучнёўскі складаўся амаль выключна з дзяцей жыдоўскай i рускай нацыянальнасці [2]. Паўсюдна сярод вучняў панавала руская мова - была яна ў большасці i мовай выкладовай. Вучыліся спачатку i па падручніках на рускай мове i пераважна па-руску, з выняткам прадметаў беларускіх (мова, беларуская літаратура, геаграфія i гісторыя Беларусі). Ад часу зарганізавання беларускага прытулку настаў i працэс беларусізацыі гімназіі: пачатковая школа адразу была беларускай, бо яна i заснавана на сялянскай аснове. Сярод педагагічнага персаналу гімназіі многія настаўнікі спачатку не ведалі беларускай мовы, але, дзякуючы аснаўному ў ім беларускаму, пры гэтым патрыятычнаму элементу, i яны хутка засвоілі беларускую мову, перайшлі на беларускую мову выкладання. Пасля некалькі год працэс беларусізацыі гімназіі закончыўся [3]. Памаглі ў гэтым i беларускія падручнікі на розных прадметах, выдадзеныя пераважна выдавецтвам Клецкіна, а таксама надсыланыя з Мінска. Я прабыў у гімназіі пяць год, скончыў яе ў 1924 г. з выдатнымі ацэнкамі (пяцёркі i чацьвёркі).

Цікава тое, што многія вучні жыдоўскай, рускай ці якой іншай нацыянальнасці, якія насля паступления ў гімназію не ведалі беларускай мовы i карысталіся мовай рускай, праз некалькі год дасканала навучыліся беларускай мовы i шырока ёю карысталіся па-за школай. Больш таго, многія з ix сталі называцца i пісацца беларускай нацыянальнасці (Залкінд Эма, Дылісы - Павел, Аўген, Арнольд, Арсеннева Наталля, Мацвеева Таня ды іншыя). У гімназіі панавала нейкая асабліва цёплая патрыятычная атмасфера. Стварылі яе беларускія педагогі, якімі былі выдатныя i актыўныя ў той час беларускія грамадскія i культурна-асветныя дзеячы.

Міла i карысна было вучыцца, слухаць лекцыі Максіма Гарэцкага - з беларускай мовы i літаратуры, красамоўнага Антона Луцкевіча - з тых жа прадметаў, дырэктара гімназіі, гісторыка Міхала Кахановіча, універсальнага выкладчыка, а для мяне матэматыка, Вячаслава Багдановіча, суровага, вельмі ж вымагальнага выкладчыка рускай літаратуры Мікалая Красінскага, выкладчыка заходнееўрапейскіх i антычных літаратур Заморына, красамоўнага (цыцэронаўскага тыпу) выкладчыка лацінскай мовы Браніслава Тарашкевіча, матэматыка i фізіка Антона Нэканда-Трэпкі, сурова вымагальнай, энергічнай i адначасна мілагучнай выкладчыцы нямецкай мовы Банцлебен Любові (яна вельмі хутка навучылася па-беларуску i пакахала гэтую мову на ўсё жыццё, хоць была з крыві i косці нямецкага паходжання) [4].

Нельга забьщь вельмі ж красамоўнага выкладчыка рэлігіі ксяндза Адама Станкевіча, менш красамоўнага i сціплага выкладчьпса таго ж прадмету рэлігіі ксяндза Уладыслава Талочку, сціплую, мілую выкладчыцу агульнай гісторыі Фаіну Мікуліну, матэматыка Савінскага, гісторыка Краскоўскага, Вішнеўскага ды іншых. Пералічаныя былі маімі выкладчыкамі Яны i мяняліся - па выхадзе з гімназіі аднаго заступаў другі. У гімназі працавала шмат іншых выдатных педагогаў, а сярод ix помняцца мне слаўныя цётка Алена Сакалова-Лекант, ейная неразлучная сяброўка, жонка Максіма Гарэцкага Леаніла (дзявочае прозвішча Чарняўская) - абедзьве выкладалі беларускую мову i літаратуру [5] таксама мілы, сардэчны Язэп Шнаркевіч.

Мне асабліва помняцца лекцыі на беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага i Антона Луцкевіча - лекцыі павучальныя, мілагучныя, эмацыянальныя, патрыятычныя i часамі арьп'інальныя па метадзе выкладання.

Так, напрыклад, Максім Гарэцкі гаварыў вучням, каб найлепш запомніць метрычную сыстэму верша, то патрэбна толькі адно слова, праўда, даволі складанае. I гэта «Хо-я-дам-ан-а» («Хоядамана»). У гэтым слове ўсё: i харэй, i ямб, i дактыль, i амфібрахій, i анапест. Мне і сягоння гэтае слова помніцца, а з ім i ўся класічная сыстэма верша.

Добра помняцца лекцыі лаціны выдатнага беларускага філолага Браніслава Тарашкевіча. Ен ужо сваім красамоўным выкладаннем захапляў вучняў. А падбіраў ён тэксты антычных аўтараў глыбокага філасофскага i палітычнага выразу. Узяць бы «Метамарфозы» Авідзія альбо цыцэронаўскі верш «Калі ж ты, нарэшце, Каціліна, перастанеш злоўжываць нашым цярпеннем». Ясна, разумей, хто такі Каціліна нашых часоў i ў адносінах да беларусаў!

Я i мае калегі па класу прысягнулі да канца жыцця захаваць удзячнасць i памяць пра нашага дарагога выкладчыка фізікі i матэматыкі Антона Нэканда-Трэпку. Ен ніколі не шкадаваў часу i ў школе, i па-за школай для таго, каб памагчы вучням засвоіць фізіку i матэматыку. Ен часта запрашаў да сябе на прыватную кватэру вучняў, каб пасадзейнічаць ім у рашэнні шматлікіх хатніх задач па матэматыцы i фізіцы. Калі вучні заўважалі стому на яго шляхетным твары (ён гатоў з вучнямі сядзець да поўначы i за поўнач), то казалі: «Дарагі Дырэктар (быў некаторы час i дырэктарам гімназіі) [6], Вы ж моцна стамляецеся, памагаючы нам». Ен з усмешкай адказваў: «Жывучы на свеце, трэба працаваць. Кароткае жыццё чалавека - па смерці будзем адпачываць». I так безгранічна аддаваў сябе вучням, сваімі кваліфікаванымі ведамі фізіка i матэматыка памагаў рашаць вучням задачы. «Прыходзьце да мяне ў кожным часе, я вам памагу»,- казаў ён. Такая навага да вучняў, да сваіх прадметаў выкладання, дбайнасць пра высокі ўзровень гімназіі, пра ўзгадаванне моладзі - вось што характарызуе прафесійны i грамадзянскі воблік многіх настаўнікаў беларускай гімназіі.

Не была маёй выкладчыцай успомненая цётка Алена Сакалова-Лекант. Аднак часта бачыў яе ў акружэнні школьнай моладзі, асабліва дзяўчат. Яна вучыла вучнёўскую моладзь не толькі па праграмных прадметах выкладання, але i прадметах практычнага ўжытку - рукадзельніцтва. Навучала моладзь дастойных паводзінам дома i па-за домам. Узгадоўвала ў моладзі пачуцці шчырага беларускага патрыятызму. За пару год перад смерцю (памерла ў Вільні ў 1960 г. ад рака ў грудзях, маючы 69 год) неяк падняў я тост за яе здароўе, будучы ў гасцях у інжынера А. Клімовіча. Сканцэнтравала ў сябе ўсе прыгожыя рысы жанчыны-маці, беларускі-патрыёткі, высокае дастоінства чалавека. Так, сто разоў так. Такой была i сярод вучняў беларускай гімназіі - гарачай патрыёткай, выдатным педагогам, палымяным сейбітам дабра.

Ці ж мала было падобных да цёткі Алены педагогаў у беларускай гімназіі i пачатковай пры ёй школе?

Калі ўвойдзеш праз парадныя дзверы правага корпуса будынка, то ў партэровым калідоры, направа, дойдзеш да кватэры, якую займала культурная сям'я настаўніка Вячаслава Багдановіча, даўгалетняга старшыні Беларускага Нацыянальнага Камітэту, пазнейшага беларускага дэпутата ў сенацкую палату польскага парламенту (1922-1928 гг.). Налева па калідору, з правага яго боку, займалі кватэры (пакоі) настаўнік Мікалай Красінскі з сястрой, далей за імі - сям'я беларускага вучонага-географа i грамадскага дзеяча Аркадзя Смоліча. У канцы калідору, за канцылярыяй гімназіі, знаходзіліся кватэры сем'яў дырэктара гімназіі Міхала Кахановіча, настаўніка Рак-Міхайлоўскага, справаводы гімназіі Лукашэвіча. У левым корпусе на партэры пражывалі сям'я Максіма Гарэцкага, Янка Станкевіч i іншыя беларусы. Адным словам, у Базыліянскіх мурах пражывала шмат беларусаў дзелавых, паважаных, прыкладных сваімі паводзінамі, актыўным удзелам у беларускім руху. Гэтыя людзі пазітыўна ўплывалі на псіхалогію школьнай моладзі.

На цэнтральнай плошчы будынка стаяла вядомая Свята-Троіцкая царква, пабудаваная на тым месцы, дзе калісьці была дубовая рошча (там у сярэдзіне XIV стагоддзя (1347 г.) загінулі пакутніцкай смерцю члены дворскай дружыны князя Альгерда - легендарный святыя Антоній, Іаан i Яўстахій, паганскія прозвішчы - Нежыла, Кумец, Круглец). А ў самой царкве - шмат памятак беларускай старасветчьшы, пераважна прадметаў рэлігійнага культу з галіны мастацтва. Немалое, значэнне меў i той факт, што ў 1823- 1824 гадах у Базыліянскіх мурах былі ў заключэнні вядомыя філаматы, а сярод ix - наш геніяльны зямляк, польскі паэт Адам Міцкевіч. Філаматы былі носьбітамі i прапагандыстамі вялікіх ідэй-цнотаў: дабра, праўды i справядлівасці, поўнага прысвячэння службе Бацькаўшчьгае i навуцы. Ці ж памяць пра ix, філаматаў, не ўваскрашала ў душах беларускай моладзі i іхнія высокія ідэалы?

Мітусіліся, ідучы ў царкву ці горад, быццам працавітыя мурашкі, сціплыя, пачцівыя сэрцанкі-манашкі ў сваіх скромных, чорных вопратках. Прыехалі яны ў Вільню з Беразвецкага манастыра з-пад Глыбокага пасля рэвіндыкацыі яго польскімі ўладамі. Прыехалі ў Вільню i пасяліліся ў доміку, які знаходзіўся ў садзе за галоўнымі карпусамі Базыліянскіх муроў. Гэтыя мілыя манашкі сваімі паводзінамі, працавітасцю, сціпласцю, самаабслугоўваннем давалі добры прыклад узгадаванню моладзі.

А сам будынак, самі Базыліянскія муры? Ix стыль барочна-ракаковы, ix павага, ix строгасць, архітэктурнае хараство скланялі чалавека да глыбокіх філасофскіх рэфлексій, да роздуму пра чалавечыя i боскія справы нашай планеты, Бацькаўшчыны, гісторыі. Кіпела ў гэтых мурах беларускае грамадскае жыццё. Раілася тут ад беларусаў. У мурах знаходзіліся цэнтральныя органы i ўстановы беларускага вызваленчага руху (Беларускі Нацыянальны Камітэт, Цэнтральная Школьная Рада, Рада Віленшчыны i Гародзеншчьшы, рэдакцыі беларускіх газет «Беларускія ведамасці», «Маладое жыццё» i іншых, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, розныя школьныя i пазашкольныя канцылярыі, майстроўні, бібліятэкі. Зала Віленскай беларускай гімназіі адпускалася на карыстанне для розных настаўніцкіх курсаў, нацыянальных урачыстасцяў, спектакляў, вечарынак, акадэміяў, якія ладзілі гімназія i іншыя арганізацыі - Беларуская драматычная майстроўня, бацькоўскі камітэт, Беларускі Студэнцкі Саюз. Аксесуары да ўсяго гэтага - нацыянальныя сцягі, партрэты беларускіх грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, рэвалюцыянераў, іншыя ўпрыгожанні этнаграфічнага, гістарычнага i палітычнага зместу - сведчылі візуальна аб павазе нацыянальнага жыцця, ідэйнай накіраванасці руху, актыўнасці яго.

У той час панавала нейкая асаблівая атмасфера ўсеагульнай нацыянальнай, адначасна патрыятычнай салідарнасці. Беларускія дзеячы розных палітычных напрамкаў мелі супольны язык i былі ў адносінах узаемнага шанавання i супрацоўніцтва. Ix усіх лучыла нацыянальная справа, а таксама народ, вызваленчыя ідэалы. Ціхенька, дружна супрацоўнічалі беларускія камуністы з некамуністамі: Родзевіч, Лагіновіч (Корчык), Канчэўскі Аркадзь, Туркевіч i іншыя з Луцкевічам, Станкевічам, Вячаславам Багдановічам, Гарэцкім, Смолічам i іншымі. Існавалі сардэчныя адносіны дружбы, прыязні, супрацоўніцтва. Усё гэта спрыяла пазітыўнаму ўзгадаванню моладзі, абумоўлівала развіццё ў яе пачуццяў прыгожага, здаровага патрыятызму, ставіла моладзь на моцны грунт сацыяльна-нацыянальнай службы для Бацькаўшчыны, для свайго народу...

Прадмова, каментары i падрыхтоўка да публікацыі Аляксандра ВАБІШЧЭВІЧА.



[1] Сярод 60 дзяцей, якія значыліся ў 1920 г. у спісе прытулку, 8 мелі прозвішча Шутовіч.

[2] У далейшым большасць вучняў гімназіі з'яўлялася беларусамі. Ужо ў 1920/1921 нав. годзе там вучылася дзяцей беларускай нацыянальнасці - 251, яўрэйскай - 120, рускай - 10, іншых - 18 (Дзяржаўны архіў Літвы, ф. 172, воп. 1, спр. 672, ар. 80).

[3] З 1924 г. усе прадметы выкладаліся па-беларуску.

[4] Аўтар памыліўся - Банцлебен Наталля.

[5] Выкладалі ў малодшых класах.

[6] Ен быў трэцім дырэктарам гімназіі [пасля М. Кахановіча (1919-1922 гг.) i Б. Тарашкевіча (1922 г.)] з канца 1922 г. да лістапада 1923 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX