Папярэдняя старонка: Мемуары

Як адстойвалі ўсходнія землі 


Дадана: 22-06-2012,
Крыніца: Спадчына № 6-1995 С. 37-54.



У пачатку 1919 г. па рашэнні ЦК РКП(б) Віцебская, Смаленская i Магілеўская губерні былі вылучаныя з БССР i далучаныя да РСФСР.

Пасля заканчэння польска-савецкай вайны i другога абвешчання БССР у ліпені 1920 г: Савецкая Беларусь засталася ў межах 6 паветаў былой Менскай губерні. Часткі этнічнай тэрыторыі Беларусі апынуліся ў межах трох дзяржаўных утварэнняў - Польшчы, РСФСР i БССР.

У кожнай з гэтых частак былі спецыфічныя ўмовы для беларускай працы. У Заходняй Беларусі існавалі розныя беларускія арганізацыі. У БССР вырашэнне некаторых нацыянальных задач дэкларавала дзяржава. Найгоршая сітуацыя склалася на беларускім этнічным абшары ў РСФСР.

Беларусы на Віцебшчыне i Гомельшчыне сталі нацыянальнай меншасцю. I калі сярод іншых нацыянальнасцяў (латышы, гэбраі) праводзілася інтэнсіўная культурная праца на ix роднай мове, то сярод беларусаў ніякай працы на беларускай мове не было, хоць колькасна яны былі не меншасцю, a большасцю. КПБ не магла не лічыцца з тым велізарным адраджэнскім уздымам, які існаваў у Беларусі да кастрычніка 1917 г. i пасля яго.

Не магла яна не лічыцца i з пастановамі X i XII з'ездаў РКП(б), II якіх была сфармуляваная праграма нацыянальнага развіцця разняволеных народаў.

Каб прыстасаваць пастановы X з'езда РКП(б) да мясцовых умоваў, былі выпрацаваныя тэзісы «Камуністычная партыя i нацыянальнае пытанне». Яны былі абмеркаваныя на сходзе Менскай партарганізацыі i апублікаваныя як вынік дыскусіі вакол беларускага пытання.

Акрамя паўтарэння асноўных палажэнняў X з'езда, у тэзісах падкрэслівалася неабходнасць увядзення беларускай мовы, звярталася ўвага на існаванне беларускай дзяржаўнасці з IX стагоддзя. Пазней выкрывальнікі нацдэмаў назавуць гэтыя тазісы «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму». Аўтарам гэтых тэзісаў быў наркам асветы, гісторык, педагог, галоўны ідэолаг i творца нацыянальнай палітыкі ў Беларусі, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў краіне Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі.

Адной з задач, якую патрэбна было неадкладна вырашаць, было ўзбуйненне тэрыторыі Беларусі, яе нацыянальна-тэрытарыяльная кансалідацыя. Паставіць пытанне аб пашырэнні тэрыторыі спрабавалі не раз. Гэта было ў лістападзе 1920 г. (прызнана заўчасным) i ў лютым 1921 г. («Даклад 32-х»),

Вялікую грамадзянскую мужнасць праявіў Ігнатоўскі, каб даказаць беларускасць забраных земляў, каб пашыраць культурна-нацыянальную працу ў Гомельшчыне i Віцебскай Беларусі.

Праграма беларускага адраджэнскага руху супадала з дзяржаўнымі інтарэсамі БССР, i гэта давала магчымасць выкарыстоўваць дзяржаўныя органы БССР i РСФСР.

Штабам змагання за нацыянальнае самавызначэнне сваёй Бацькаўшчыны, за вяртанне яе спрадвечных земляў стаў Наркамат асветы ССРБ, які ўзначальваў Усевалад Ігнатоўскі. З 1921 г. гэты орган пачаў, за выразам Паўла Любецкага (які многа пісаў пра беларускую культурна-нацыянальную справу ў РСФСР), «штурм русацяпскіх крэпасцяў Усходняе Беларусі».

Стараннямі НКА ССРБ i Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе БССР увесну 1921 г. пры НКА РСФСР было заснавана Беларускае Цэнтральнае Бюро (БЦБ), задачай якога была арганізацыя i кіраванне нацыянальнай сістэмай адукацыі ў месцах кампактнага пражывання беларусаў. БЦБ мела на месцах сваіх інспектараў, арганізаваных у беларускія секцыі пры губернскіх аддзелах народнай асветы.

Беларуская секцыя пры Віцебскім губана была створана 29 кастрычніка 1921 г.

Але склалася парадаксальная сітуацыя. Партыйнае i савецкае кіраўніцтва перашкаджала яе працы, a загадчык губана Хрыпкоўскі заяўляў інструктару з Масквы наступнае: «Чаго вы турбуецеся? Ніякіх тут беларусаў няма ні ў горадзе, ні ў губерні... Ведаеце, што мы вашай беларускай секцыі не прызнаем, ведамасцяў на пенсію вашым працаўнікам не падпішам...»

Секцыя існавала доўгі час фармальна, у атмасферы непрыязі i перашкод з боку органаў улады, якія выступалі супраць развіцця беларускага нацыянальна-культурнага руху.

Непрыняцце беларускай ідэі на Віцебшчыне тлумачылася перш за ўсё небеларускім нацыянальным складам партыйнага i савецкага апарату,

«Але ж гэтыя самыя правадыры правідлова разумеюць, што калі беларус распачне сваю культурную працу, дык ён пацягнецца да Менску, як да беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру, чаго надта баяцца мясцовыя дзеячы, ня выйшаўшыя зь сям'і беларускага люду», - такі адказ гучаў з артыкула ў «Савецкай Беларусі» 29 лістапада 1921 г. Зразумела, гэта так i было.

Прыкладаў антыбеларускіх настрояў, непрыняцця беларушчыны можна прывесці многа. Гучалі яны са старонак газеты «Савецкая Беларусь». Вось адзін з ix.

«Віцебская паштова-тэлеграфная кантора адмовілася прыняць афіцыйную тэлеграму ад Віцебскага археалягічнага інстытуту ў Менск на імя рэктара Беларускага Ўнівэрсытэту з прывітаньнем i пажаданьнем Унівэрсытэту творчай працы сярод адраджаючагася беларускага народу», - паведамляў карэспандэнт «Савецкай Беларусі» 17 лістапада 1921 г. Трэба думаць, адмова грунтавалася на тым, што тэлеграма была па-беларуску.

Ніжэй публікуюцца два дакументы: дакладная запіска У. М. Ігнатоўскага i артыкул М. В. Мялешкі. Абодва аўтары - выразнікі i носьбіты беларускай справы, беларускай ідэі. Адзін - у межах БССР (з Менскай Беларусі), другі - з Віцебска (Віцебскай Беларусі).

Аб'ядноўвае гэтыя дакументы адна тэма - беларуская праца на Віцебшчыне, 1922 год. Абодва аўтары глыбока ўсведамляюць карэнныя жыццёвыя інтарэсы беларускай супольнасці.

9 чэрвеня 1922 г. Прэзідыум ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне: дакладную заціску члена КПБ Ігнатоўскага аб ненармальнасцях у пастаноўцы беларускай культурна-асветніцкай працы ў Віцебскай губерні накіраваць у ЦК РКП.

Дакумент, які публікуецца, - чарнавік дакладной, адпраўленай у Маскву.

Міхась Вінцэнтавіч Мялешка - беларускі гісторык, этнограф, публіцыст.

Нарадзіўся ў в. Скары Мядзельскага р-на ў 1892 г.

Працаваў выкладчыкам Віцебскага археалагічнага інстытута. 3 1923 г.- супрацоўнік Цэнтрархіва, супрацоўнік Інбелкульта.

У ліпені 1930 г. арыштаваны ОГПУ i высланы ў Самару на 5 гадоў. У лютым 1938 г. зноў арыштаваны органамі НКВД Куйбышаўскай вобл. Па заканчэнні следства вызвалены. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 15.XI.1957.

Віцебскі археалагічны інстытут быў невялікай выспай беларушчыны ў гэтым краі: тут вялося даследаванне Беларусі, тут наладжваліся выставы беларускіх старадрукаў, тут упершыню загучала беларуская мова na лекцыях М. Мялешкі, А. Шлюбскага na беларускай літаратуры, гісторыі, этнаграфіі.

Артыкул М. Мялешкі (М. Скарэўскага) знаходзіўся сярод папераў У. Ігнатоўскага, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве. Уверсе - пазнака рукой Ігнатоўскага: «1922» (зялёным чарнілам). Невядома, ці то артыкул прапаноўваўся для друку, ці то Мялешка прыслаў яго Ігнатоўскаму як інфармацыю для роздуму. Артыкул - нa рускай мове.


У Цэнтральнае Бюро Кампартыі Беларусі
Дакладная запіска сябра КПБ У. Ігнатоўскага

Як камуніст i наркамасьветы Беларусі, лічу сваім абавязкам падаць наступную дакладную запіску ў ЦК КПБ i прашу накіраваць яе ў ЦК РКП.

Жадаючьі пазнаёміцца з пастаноўкаю беларускае культурна-асьветнае працы ў Віцебшчыне, я зрабіў паездку ў Віцебск (4.V - 8.V) i лічу, што там дапушчана ў гэтай справе вялікая памылка, якую неабходна выправіць, бо ў адваротным выпадку яна шкодна адаб'ецца на нашай камуністычнай працы ня толькі ў Віцебшчыне, але i на ўсёй тэрыторыі эканамічна-этнаграфічнай Беларусі як савецкай, так i закардоннай.

Беларусь зьяўляецца вельмі стракатай краінай па свайму этнаграфічнаму складу. Пастараюся гэта ілюстраваць лічбамі, якія маю ў распараджэньні. Гэтыя лічбы хоць i ўстарэлі, але яны даюць усё ж прыблізную карціну этнаграфічнага складу Беларусі ў рамках старога разьмеркаваньня па губэрнях.

Паводле Фартунатава (1906 г.), мы маем наступны статыстычны матэрыял:

Губэрня

% беларусаў

% вялікарус. i ўкр.

% гэбраяў

% літоўц. i латышоў

% паля каў

Магілеўская

82,1

3,8

12,1

-

1

Менская

76,1

4,6

16,0

-

3

Віленская

56,0

5,0

12,7

17,6

8,3

Віцебская

52,0

13,3

11,7

17,6

3,4

Горадзенская

43,9

27,3

17,3

-

10

Паводле Янчука, мы маем наступны статыстычны матэрыял, які датычыць толькі беларусаў i адносіцца да даваеннай пары:

Губэрня

Колькасьць бел. насельн.

Працэнтныя стасункі

Менская

2.500.000

85 %

Магілеўская

2.200.000

83%

Віленская

1.500.000

60 %

Віцебская

1.200.000

55%

Горадзенская

1.000.000

50%

Смаленская

900.000

40%

Чарнігаўская

300.000

25%

Ковенская

100.000

10%

Паводле Шэндрыка i Доўнар-Запольскага, па 4-х губэрнях - Віцебскай, Менскай, Магілеўскай i Смаленскай - мы маем наступны статыстычны матэрыял у выглядзе сярэдняй лічбы на пададзеныя чатыры губэрні: беларусы - 66,3 %, вялікарусы - 12,4 %, палякі - 5,4 %, гэбраі - 8,3 % i г. д.

Нягледзячы на пэўнае разыходжаньне ў дэталях, статыстычныя матэрыялы даюць нам яскравы малюнак этнаграфічна-побытавай разнастайнасьці ў Беларусі, якая здаўна паставіла тут на вырашэньне востра нацыянальнае пытаньне. Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая кіруецца Камуністычнаю партыяй, маючы на мэце разьвязаньне клясавых задачаў, не магла абмінуць нацыянальнага пытаньня. Трэба было вырашыць нацыянальнае пытаньне так, каб яно не зацямняла асноўнага ў рэвалюцыі. Нацыянальная барацьба i шавінізм павінны быць выкараненыя, каб яны не перашкаджалі разьвіцьцю барацьбы клясавай. Палітычна гэтая зьява выявілася ў стварэньні Савецкай фэдэрацыі як пераходнай ступені да дэмакратычнага цэнтралізму. У культурным дачыненьні гэта выявілася ў прыняцьці X зьездам РКП тэзаў па нацыянальным пытаньні, якія вызначаюць камуністычную лінію паводзінаў у рашэньні культурна-нацыянальных пытаньняў у Савецкай Беларусі.

Віцебская губэрня ёсьць тыповаю рознанацыянальнаю губэрняю. Вышэйпададзеныя статыстычныя матэрыялы даюць нам уяўленьне аб яе этнаграфічным екладзе. Тут жывуць беларусы (ад 52 да 55 %), латышы (ад 17,6 да 20 %, апошняя лічба значыцца ў матэрыялах Шэндрыка), гэбраі (каля 12 %), вялікарусы, украінцы i г. д. Такім чынам, i тут трэба ўмела падыходзіць да нацыянальнага пытаньня i весьці яго так, каб яно не перашкаджала вырашаць клясавыя праблемы. У стасунку да беларускага нацыянальнага пытаньня тут якраз гэтае патрабаваньне, на мой погляд, не ажыцьцёўлена.

На маё пытаньне, ці ёсьць пры Віцгубанарасьветы беларуская сэкцыя, загадчыца губанарасьветы тав. Шэйдліна адказала, што сэкцыі няма i што існаваньне яе яна лічыць непатрэбным. Паводле яе заявы, усе беларусы гавораць на расейскай мове, i ix трэба вучыць i распаўсюджваць сярод ix культуру на расейскай мове. Губкампарт, паводле яе словаў, прыняў адпаведную пастанову, i яна ў сваім рашэньні не адчыняць белсэкцыі кіруецца ня толькі сваёю думкаю, але й пастановаю губкампарту.

За некалькі дзён да майго прыезду ў Віцебск прыехала з Масквы інструктар Цэнтральнага Бюро пры Саўнацмене Наркамасьветы РСФСР Шышова. Зь яе мандату я ўбачыў, што цэнтар не падзяляе думку Віцебскай губ. i загадвае ёй заняцца на месцы арганізацыяй белсэкцыяў. Калі яна прапанавала губанарасьветы арганізаваць белсэкцыю, то аддзел нарасьветы пісьмова даў ёй адказ, што калегія «з-за адсутнасьці сродкаў арганізацыю белсэкцыі лічыць нясвоечасоваю». Такі адказ я лічу вельмі нездавальняючым.

Калі калегія не хацела беспартыйнаму інструктару паведамляць сапраўдных прычынаў (якія паведаміла мне - камуністу), то трэба было фармуляваць ix больш удала. Інструктар з поўнай падставай заяўляе, што аддзел нарасьветы даў няправільны i прадузяты ў дачыненьні да беларускай нацыі адказ, таму што: 1) сродкі на спэцыяльную сэкцыйную працу адпушчаныя з цэнтру i 2) знайшліся ж сродкі на працу сэкцыяў гэбрайскай i латыскай, хоць гэбраяў i латышоў у губэрні значна менш, чым беларусаў. Таксама тлумачылі адказ i тыя беспартыйныя беларусы, зь якімі мне давялося сустракацца ў горадзе. Я не лічу магчымым паведамляць беспартыйным той адказ, які я атрымаў ад аддзелу нарасьветы як камуніст, i прыдумляў іншыя матываваньні, якія б зьмякчылі той шавіністычны настрой, якім была насычаная атмасфэра з-за няўдалай рэзалюцыі аддзелу нарасьветы.

Я, як стары беларускі навуковы й культурны працаўнік, катэгарычна заяўляю, што ў Віцебскай губэрні ёсьць беларусы, якія гавораць на беларускай мове, ня ў меншай працэнтнай колькасьці, чым, напрыклад, латышы й гэбраі. Русыфікацыя царскага рэжыму й фабрычна-заводзкі капітал не маглі пранікнуць у глухую вёску, a беларусы ёсьць пераважна ейнымі жыхарамі. Русыфікацыя зачапіла невялікую групу беларускай інтэлігенцыі й гарадзкога бел. пралетарыяту, які таксама ня ёсьць шматлікім. Вясковы пралетарыят i сялянства ў масе сваёй гавораць на беларускай мове. Сьцьвярджаць, што вёска ў Віцебшчыны гаворыць у масе на расейскай мове, азначае ці зусім ня ведаць вёскі, ці не лічыцца з працай у вёсцы.

Сярод зрусыфікаванай інтэлігенцыі таксама ў апошні час зьявілася групоўка гэтак званых адраджэнцаў, якая ня толькі гаворыць i піша па-беларуску, але, што горш, будзіруе нацыянальнае пытаньне пры самай малой памылцы з нашага боку. Што да гарадоў Віцебшчыны, то яны гавораць на такой расейскай мове, якая мае на сабе ўсе адбіткі беларускае мовы. На кожным кроку чуваць тыповыя для беларускай мовы - заўсёды цьвёрдае «р», «ў» замест «в», «дз», «дж» i г. д. На маё запытаньне, дзе знаходзіцца археалягічны інстытут, я атрымаў ад «советской барышні» ў каапэратыве мясцовага Раб. мастацтва i асьветы такі адказ: «У архиерейском доме». Адказ зь філялягічнага боку вельмі тыповы. Яшчэ ўвосень гэтага навучальнага году да мяне як да наркама асьветы Беларусі прыяжджаў дэлегат з Воршы (Віц. губ.) па літаратуру на беларускай мове i выкладчыкаў беларусазнаўства. Запыты на літаратуру прыходзілі да мяне i з г. Віцебска, i зь Лeпельскага павету. Этнограф Сапуноў i цяпер яшчэ праводзіць у Віцебскай губэрні збор i запіс беларускае народнае творчасьці i г. д. Можна прывесьці дастатковую колькасьць фактаў у доказ маёй высновы.

Зыходзячы з вышэйсказанага, я лічу, што пастанова губкама й рашэньне нарасьветы аб неадчыненьні белсэкцыі: 1) супярэчыць пастановам X зьезду РКП па нацыянальным пытаньні i праграме нашае партыі; 2) супярэчыць першаму пункту палажэньня прынятае намі працоўнае школы аб навучаньні ў школе на роднай мове; 3) стварае на месцы шавіністычную атмасфэру; 4) у Беларусі Савецкай стварае разгубленасьць у партыйных беларускіх колах i той жа шавінізм у беспартыйных беларускіх колах; 5) y Беларусі закардоннай, дзе нацыянальнае пачуцьцё беларусаў надзвычай узбуджана з прычыны белапольскага сацыяльна-нацыянальнага прыгнёту, зьмяншае цягу да Савецкай Беларусі й Расеі, што я мa­ry даказаць пісьмовымі закардоннымі матэрыяламі, якія маю.

Мая прапанова наступная:

1. неабходна арганізаваць белсэкцыі пры аддзелах нарасьветы ў тых губэрнях, дзе ёсьць беларускае насельніцтва;

2. паставіць на абмеркаваньне тэзы па беларускім пытаньні, надрукаваныя ў «Известиях КПБ» як вынік дыскусіі адказных работнікаў Менскай арганізацыі КПБ. Калі ў ix ёсьць месцы, якія трэба ўдакладніць, - выправіць ix i прасіць ЦК РКП(б) зацьвердзіць як тэзы, абавязковыя для камуністаў, якія працуюць сярод беларускага насельніцтва.


БЕЛАРУСКІ РУХ У ВІЦЕБШЧЫНЕ

Толькі там, дзе ў народным жыцьці б'ецца сьвежы нацыянальны струмень, можна выклікаць i абудзіць усе народныя таленты, усю нацыянальную энэргію.
Прафэсар А. Л. Пагодзін

Беларуская нацыянальна-культурная справа адраджэньня, згрупаваўшы свае лепшыя сілы ў Заходняй Беларусі, увогуле мала надае ўвагі Ўсходняй Беларусі, у тым ліку i Віцебшчыне. Кожны дасьведчаны беларус, перад якім ва ўсёй красе паўстае сумная, шмат пацярпелая краіна, кідае свой погляд на Менск, дзе беларускі рух апошнім часам выбіваецца на сапраўдную дарогу.

Трагічны лёс Віцебшчыны, яе барацьба за беларускую незалежнасьць, за адраджэньне беларускай культуры ўтойваецца ад ведама шырокай масы грамадзянаў. Праўда, за апошні час у беларускім друку зьявілася некалькі дробных нататак, якія больш-менш адкрываюць заслону сапраўднага становішча Віцебскай Беларусі ў яе барацьбе за адраджэньне. Весткі гэтыя кароткія, урыўкавыя i ня згладжваюць таго сумнага ўражаньня, якое ствараецца наконт Віцебшчыны, быццам гэты край ня мае ніякага ідэйнага аб'яднаньня з астатняй Беларусьсю, быццам тутэйшы беларус ня мае ніякага сэнсу змагацца за беларускае адраджэньне.

Кінем хоць беглы позірк на Віцебшчыну, i паглядзім, ці так гэта.

Гісторыя кажа нам, што Полацка-Віцебская Беларусь - гэта той край, дзе з даўнейшых часоў барацьба за сваю незалежнасьць, за народную свабоду займае першае месца ў беларускай гісторыі. Тутэйшы беларус, выхаваны на традыцыях мінулых пакаленьняў, адчуў нянавісьць да ўсялякага гвалту i ня мог зьмірыцца з прыгнётам, пад якім ён знаходзіўся дзякуючы маскоўскім царам. Сваё жаданьне да незалежнага жыцьця, сваю няскоранасьць перад гвалтаўнікамі ён пацьвердзіў шэрагам паўстаньняў, не адзін раз выступаў на вуліцах Віцебска ў барацьбе з расейскім царскім войскам. Ні шыбеніцы, ні турмы, ні дашчэнту зруйнаваныя гарады i вёскі - усе гэтыя самыя страшэнныя пакараньні не змаглі загасіць рэвалюцыйнага полымя, якім гарэў беларускі народ у шэрагу пакаленьняў.

На жаль, бліскучыя старонкі гісторыі Віцебскай Беларусі ня цалкам увайшлі ў кола гістарычнага мысьленьня. Самыя цікавыя матэрыялы гісторыі гэтага народу застаюцца ў архівах нераспрацаванымі.

Пры той страшэннай русыфікацыі, якая праводзілася ў Віцебшчыне, нацыянальна-культурная праца не магла знайсьці сабе пэўнага месца i. адліцца ў патрэбныя формы. Беларуская мова, беларускі друк былі забароненыя. Творы першых беларускіх пісьменьнікаў хадзілі ў рукапісах, не было прасторы, не было месца выліцца маладым творчым сілам беларускага народу, i народ заставаўся ў невуцтве, жадаючы пракласьці сабе шлях цераз бунты да лепшай будучыні. Праўда, ужо ў апошнія гады перад рэвалюцыяй літаратурныя працы А. Сапунова, Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, П. Шэйна, А. Пчолкі, У. Стукаліча i інш., якія зьявіліся ў Віцебшчыне, зрабілі сваю беларускую справу. Іхныя гістарычныя, этнаграфічныя i літаратурныя зборнікі не давалі драмаць беларускай думцы, заўсёды напаміналі беларусу пра яго слаўную мінуўшчыну, пра яго багатыя духоўныя скарбы, надавалі больш сілы й адвагі ў барацьбе за сваё роднае культурнае існаваньнё.

У шматтомных працах згаданых асобаў надта яскрава была намаляваная ўся адметнасьць культурнага жыцьця віцебскага беларуса. Гэтыя працы яскрава сьведчаць, што беларус на Віцебшчыне ня толькі захаваў свае нацыянальныя скарбы, a што гэтыя скарбы нагэтулькі каштоўныя, што толькі раскрываючы ix, беларус зможа выйсьці з адвечнае цемры, якая панавала над ім, i стаць культурным чaлaвекaм. У Беларусі народ гэта добра зразумеў.

У 1917 годзе, пасьля таго як агульнымі сіламі быў скінуты царскі лад, беларускі селянін у Віцебшчыне ў сваёй шматлікай масе ўскалыхнуўся i ў многіх мясьцінах праявіў сваё імкненьне да нацыянальна-культурнага жыцьця. Яшчэ частка Віцебшчыны дымілася ад спаленых вёсак i гарадоў, яшчэ не зарасьлі травою шматлікія сьвежыя магілы - ахвяры непатрэбнае вайны, яшчэ край стагнаў, перапоўнены расейскімі войскамі, як ужо ў разбураным i аголеным краі пранёсься гучны кліч нараду «Вольная незалежная Беларусь».

У гэтых сваіх памкненьнях тутэйшы беларус не зважаў на ўсе велізарныя перашкоды i часта цьвёрдым рэвалюцыйным кірункам ішоў да свае мэты. Каб ня быць галаслоўным, прывяду некалькі прыкладаў. У Дрысенскім павеце ў 1917 годзе сяляне некаторых воласьцяў увялі беларускую мову рэвалюцыйным парадкам ва ўсе ўстановы: суд, школу, валасную раду i нават у касьцёл. (Гл. пра гэта карэспандэнцыю ў «Вольнай Беларусі» № 29 за 1917 год).

Вядома, вышэйшаю ўладаю былі прынятыя адпаведныя захады, i неўзабаве зноў усё пацякло ў расейскім духу. Полаччына, i Гарадоччына, i нават самая далёкая Вяліжчына не засталіся чужымі да свайго лёсу. Цэлымі сходамі яны ня раз голасна заяўлялі пра сваё жаданьне завесьці ў сябе ўсё роднае, беларускае. Толькі гэтыя заявы ўладаю ня браліся да ўвагі, i ў выніку на нашых вачох пранёсься шэраг паўстаньняў, якія былі падаўленыя са страшэннаю жорсткасьцяй. Беларускі гурток у Воршы ў 1917 годзе нагэтулькі меў спачуваньне сярод грамадзянаў, што нават вылучыў па Магілеўскай губэрні свой сьпіс для выбараў у расейскія ўстановы. У 1919 годзе Лепельская арганізацыя РКП выказала сваю думку за беларускае адраджэньне, за далучэньне Віцебшчыны да Савецкай Беларусі. Пра Лепельскую арганізацыю РКП пішу са словаў, дакладна ня ведаю. Як відаць з заявы Ўправы Лепельскага аддзелу саюзу працаўнікоў асьветы («Савецкая Беларусь» № 367 за 1922 г.), лепельскія працаўнікі асьветы, прыслухоўваючыся да голасу сялянства, пераканаліся, што толькі ў родным нацыянальным арганізьме пацячэ здаровае жыцьцё Беларусі, што толькі праз родную культуру прамень сьвятла праб'ецца ў народную цемень i выкліча да дзейнасьці край, які задрамаў пад цяжкім прыгнётам. Год таму на валасной сельскай канфэрэнцыі ў м-ку Дабрамысьлі Віцебскага павету сяляне вынесьлі рэзалюцыю, у якой выразна выказана іхнае імкненьне да незалежнасьці Беларусі. Гэта палічылі за контррэвалюцыю, i канфэрэнцыю распусьцілі. Пасьля гэтага пачалі шукаць вінаватых «белорусовствующих» i знайшлі ix сярод сялянаў, якіх адправілі ў канцлягер.

Такіх малюнкаў у Віцебшчыне доўга шукаць не прыходзіцца, яны сустракаюцца на.кожным кроку. A тым цікавей, што, каб заявіць тут адкрыта пра беларускія няўдачы, трэба мець гераічную волю, бо ўсякая праява сярод беларускага народу нацыянальна-культурнага руху караецца рэпрэсыўнымі захадамі, пра што неаднаразова i адзначана на старонках «Савецкай Беларусі».

Нагляданы беларускі рух жыве ў самой гушчы беларускага народу, жыве сярод сёлаў i мястэчак на ўсім абсягу Віцебскай губэрні; дзе толькі пранясецца кліч, які абуджае беларускі народ да лепшага культурнага жыцьця, там паўстануць цэлыя грамады рабочага люду, гатовага змагацца за беларускую незалежнасьць, за беларускае адраджэньне. Гаворачы пра беларускі рух на Віцебшчыне, нельга абысьці i самога Віцебска.

Зь першых дзён рэвалюцыі там арганізаваўся беларускі гурток, які пачаў змагацца за беларускае адраджэньне. У 1917 годзе гурток, які праводзіў толькі культурна-прапагандысцкую працу, адразу набыў сабе шмат спачувальнікаў. Сходы беларусаў былі такія вялікія, што ix мусілі склікаць у гарадзкім тэатры (гл. газэту «Грамада», Менск, 1917 г.). Справа беларускага адраджэньня рабілася грамадзянскім абавязкам тутэйшага беларуса. Беларуская літаратура бралася нарасхват. Беларускія нумары ў канцэртах, спэктаклях горача віталіся публікай. Беларускія вечарыны былі перапоўненыя. Кожнаму хацелася перажываць сваё, роднае. Трэба адзначыць, што такое становішча беларускае справы не на жарт занепакоіла, з аднаго боку, урад Керанскага, a з другога - усіх абрусіцеляў, якія засталіся ў Віцебшчыне. Першыя, баючыся за сваю ўладу, усяляк сталі перашкаджаць беларускай працы, як гэта адзначалася ў Менску, другія ж, больш разумныя, хацелі выкарыстаць беларускі пад'ём для сваіх мэтаў. Даказаўшы сваё беларускае паходжаньне, яны стварылі «Беларускі народны саюз», апублікавалі мэты i задачы Саюзу i павялі сваю працу сярод тутэйшых грамадзянаў. Да гэтага часу ў Віцебску арганізавалася Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая выступіла супраць Саюзу i паралізавала ягоную дзейнасьць. Саюз, у частцы сваёй палітычнай працы, прыняў кадэцкую праграму, стаяў, як сказана ў праграме, за шырокае абласное самакіраваньне Беларусі. Беларускую мову прызнаваў як дапаможную, дапускаючы яе з такімі правамі ў школу i іншыя ўстановы. Саюз вёў барацьбу з Грамадой, даказваючы, што Грамада - з польскімі тэндэнцыямі. У мясцовым часопісе «Витебский край» пачалі зьяўляцца беларускія нарысы пад назовам «Забытый край», дзе, між іншым, у VI нарысе разгледжаная сутнасьць Беларускага саюзу.

Чыста беларускі рух з самага пачатку рэвалюцыі сустрэўся зь пераважнаю варожаю сілаю i ня мог прабіцца на свабоду цераз густую цемру векавога расейскага абрусіцельства.

Калі ў канцы кастрычніка 1917 году сабраўся зьезд вайсковых беларускіх арганізацыяў Паўночнага фронту, з таго часу беларускаму руху ўсьміхнулася сонца. Пакінуты зьездам у Віцебску Выканаўчы камітэт, колькасьцю 24 чалавекі, павёў працу ня толькі сярод салдацкіх масаў, але i сярод грамадзянскага насельніцтва i адразу набыў сабе шырокую прыхільнасьць.

У гэты час Віцебскі губэрскі зьезд настаўнікаў, чыгуначныя службоўцы i фабрычныя работнікі, земляробы, паштавікі і іншыя ў шэрагу рэзалюцыяў выказвалі сваю гатоўнасьць працаваць на беларускай ніве, у беларускім духу. Другі беларускі полк, які тут стварыўся, беларускія роты іншых вайсковых адзінак ірваліся ў бой пад беларускім сьцягам, каб зьнішчыць назаўсёды цяжкую нацыянальную няволю. Уся рэальная i маральная сіла была на баку беларусаў, i беларусам заставалася ўзяць усю ўладу ў свае рукі i ўхіліць усе перашкоды, якія стаялі на шляху да нацыянальна-культурнага жыцьця нашага народу. Але гэта падобна было б на паўстаньне супроць расейска-савецкай улады, i беларускія дзеячы гэтага не зрабілі. Сыны працоўнага народу, якія вырасьлі пад саламянымі стрэхамі ўбогіх хатаў, ведалі, наколькі каштоўныя заваёвы рэвалюцыі працоўнаму народу, ведалі, што ад гэтага маглі выйграць палякі, якія збройнаю сілаю стаялі ў Беларусі, ведалі, што з гэтага маглі таксама выйграць немцы, якія тады знаходзіліся каля брамы віцебскай. У сваіх нацыянальных памкненьнях беларусы мелі надзею, што ix зразумеюць, што расейская ўлада, выдаўшы законы аб нацыянальнай свабодзе, ня будзе стрымліваць сілу беларускага імкненьня да нацыянальна-культурнага адраджэньня. Але, як паказаў час, беларусы ў гэтым памыліліся.

Пасьля прыпыненьня працы Выканаўчага камітэту беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту на беларускі рух сталі глядзець як на злосную непатрэбную прыдумку інтэлігенцыі i самымі рашучымі захадамі перапынялі ў самым пачатку ўсялякую культурную працу.

З гэтага часу пацягнуліся ў Віцебшчыне чорныя дні для беларускага народу, зь якімі не параўнаць i мураўёўскія часіны. Беларусаў-несацыялістаў пачалі расстрэльваць (пакараныя д-р Грыгаровіч, Палонскі, Бялыніцкі-Біруля), Празь некаторы час расстралялі i У. Стукаліча, які напісаў шмат цікавага пра Беларусь.

У 1919 годзе знакаміты беларускі паэт А. Зязюля як польскі закладнік быў у віцебскай турме даведзены да сьмерці i пасьля вызваленьня неўзабаве памёр у г. Сянно. Заўчасна абарваліся струны гучнай ліры. Змоўкла песьня «аб долі-нядолі» нашага народу. У 1920 годзе расстраляны член РКП Лятошка, шчыры беларускі дзяяч. Яго абвінавацілі ў дэзэртырстве з войска, хоць у адлучцы з часткі ён быў усяго адзін дзень i ніякага намеру ня меў, як кажуць тыя, хто яго ведаў, адставаць ад арміі. Беларусаў-адраджэнцаў чакаў такі самы лёс, i яны вымушаныя былі кідаць родныя сялібы i ўцякаць далёка за межы свайго краю. Калі ўзяць пад увагу такі ж лёс i іншых беларускіх краёў, то ня будзе дзіўным, чаму ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Адэсе i нават у Сібіры існуюць беларускія арганізацыі, адтуль на родныя палі бяжыць салодкая думка, там жыве родная справа. Такі зьдзек зь беларусаў у Савецкай Расеі стварыў i замежныя беларускія групоўкі, якія мы бачым у наш час i якія цяпер умацоўваюць Польшчу й Літву супроць Савецкай Расеі.

Праўда, у 1918 годзе быў адчынены Віцебскі аддзел Беларускага камісарыяту пры Наркамнацмене. Загадчыкам быў прызначаны варожы беларускай справе чалавек (некамуніст). Усё-такі знайшліся людзі, якія ўзяліся за арганізацыю беларусаў, але гэта было ім забаронена з тае ці іншае прычыны. Гэбраі, палякі, латышы поўным ходам праводзілі тую нацыянальную працу, якая сурова забаранялася беларусам. Беларус павінен быў заставацца тым гноем, на якім узрасталі воўчыя кветачкі, пасеяныя русыфікатарамі, рэнэгатамі ды ўсялякімі іншымі нядобразычліўцамі, i пасьля рэвалюцыі народ гэтага краю застаўся зьвязаны ў сваіх адраджэнскіх думках. Ня раз беларусы, якія яшчэ засталіся, спрабавалі адчыніць культурна-асьветныя гурткі «культура», «драматычны гурток». Ня раз узьнікала думка пра беларускую школу, i ўсё гэта заканчвалася немагчымасьцю працаваць.

Калі ў канцы кастрычніка мінулага году інструктару Цэнтральнага Беларускага Бюро пры Наркамасьветы, які прыехаў з Масквы, удалося склікаць сход беларусаў, то 171 чалавек, што былі на сходзе на чале з Ал. Шлюбскім, вынесьлі рэзалюцыю, дзе, між іншым, сказана:

«2. неадкладнае адкрыцьцё ў Віцебску беларускай сэкцыі прызнаць неабходнаю справаю;

3. беларускай сэкцыі весьці нацыянальную працу сярод беларускіх масаў;

4. агульныя сходы абяцаюць сваю магчымую дапамогу ў працы сэкцыі».

Далей была прынятая на імя рэктара Беларускага Ўнівэрсытэту такая тэлеграма:

«Сход віцебскіх беларусаў у ліку 171 чалавека ад душы вітае адкрыцьцё І-га Беларускага Ўнівэрсытэту i верыць у выкананьне ягоных вялікіх заданьняў у справе вышэйшай адукацыі краю. Верыць, што навуковым сьвятлом Беларускі Ўнівэрсытэт адчыніць шырокі шлях нашаму беднаму народу сьветлым i шчасьлівым дням».

Такі, здавалася б, самы бяскрыўдны сход i вынесеныя вышэйпададзеныя рэзалюцыі нагэтулькі здаліся страшнымі для мясцовых адказных асобаў, што беларускае пытаньне яшчэ раз разглядалі на паседжаньні РКП i яшчэ раз пацьвердзілі, што Віцебску не патрэбныя беларускія арганізацыі.

Мы бачым сумную карціну беларускага жыцьця на Віцебшчыне. У той жа час мы таксама бачым, што беларус тут напоўнены маладымі сіламі i энтузіязмам, верыць у сваю магутную творчую энэргію i кажа сьвету, што ён жыве, што горда трымае ў сваіх руках штандар беларускага адраджэньня. Ен паказаў, наколькі ў Віцебшчыне магутны беларускі рух, наколькі думка беларускага адраджэньня захапіла ня толькі інтэлігенцыю, але i самую народную масу.

Самое жыцьцё i ўсе зьвесткі навукі сьведчаць, што беларус на Віцебшчыне багаты культурнай мінуўшчынай, мае гістарычныя, эканамічныя, лінгвістычныя ды іншыя падставы для свайго незалежнага культурнага разьвіцьця, што яму ёсьць сэнс змагацца разам з усімі беларусамі за сваю незалежнасьць, за сваю лепшую будучыню.

Каб зразумець увесь трагізм цяперашняга становішча Віцебскай Беларусі, трэба трохі азірнуцца на мінуўшчыну гэтага краю.

Калі мы прагледзім на працягу некалькіх пакаленьняў тую барацьбу, палітычную i рэлігійную, якая вялася ў гэтым краі, то нам будзе зразумелым цяжкае становішча віцебскага беларуса. З аднаго боку - польскія паны, з другога - расейская ўлада, якія стараліся захапіць гэты край, зьнішчылі ўсялякія праявы беларускай асобы. Калі ж у апошні час Віленскі ўнівэрсытэт кінуў свой пагляд на Беларусь, калі сярод прыхільнікаў фэдэратыўнай тэорыі Кастамарава паўстала Беларусь ва ўсёй сваёй самабытнай незалежнасьці, калі ў гурток адраджэньня Літоўска-беларускай дзяржавы ўваходзілі такія людзі, як знакаміты прафэсар-юрыст Даніловіч (задушаны Мікалаем I) i г. д., то расейская ўлада павяла страшэнную русыфікацыю. Увесь адміністрацыйны апарат: духавенства, жандармэрыя, чыноўнікі, бальшыня настаўнікаў былі прысланыя з Маскоўшчыны. Ня так лёгка беларусам перарабіць «истинно русского» чалавека. Расейская, гэтак званая афіцыйная, навука не засталася ў баку, русыфікуючы гэты край. I, да гэтага часу ў расейскай навуцы застаецца пагляд, які не вытрымлівае суровай навуковай крытыкі, што беларускі народ, яго мова i ўся культура - адна з трох галінаў Расеі. Беларусы, як палякі, чэхі, сербы i іншыя народы, аддзяляюцца ў сваёй галіне непасрэдна ад славяншчыны.

Праводзячы сваю працу ў Віцебшчыне, расейцы зьнішчалі ўсё беларускае. Усё беларускае высьмейвалася. Культурныя каштоўнасьці (гл. арт. «Нашы старажытнасьці» ў «Вольным сьцягу» № 6(8), 1921). Край руйнаваўся. Народ, ня маючы змогі абудзіць крыніцу сваёй нацыянальнай энэргіі, стаў прыніжаным, абяздоленым. Край прыйшоў у заняпад, пацякло цяжкае жыцьцё. Сапраўды, на працягу доўгага часу такая шкодная праца не прайшла бясьсьледна для беларуса.

Што ж дала рэвалюцыя ў Віцебшчыне беларусу ў яго нацыянальных памкненьнях? Самавызначэньне? Свабоднае разьвіцьцё нацыянальнай культуры? Як мы ўжо бачылі, не i не.

Царскі русыфікатарскі беспарадак застаўся ў Віцебшчыне i да сёньняшняга дня. Цяжкая спадчына царызму засталася віцебскаму беларусу ва ўсёй сваёй нечапанасьці, i пры цяперашніх парадках пройдзе яшчэ нямала часу, пакуль ён скіне зь сябе апошні прымус. Паны-русыфікатары, што засталіся, зьмянілі толькі сваё вонкавае аблічча, Адны зь ix сталі «камуністамі», другія - беспартыйнымі «спецами», трэція засталіся такімі ж манархістамі, якімі i былі. Усе гэтыя рускія людзі вядуць тую русыфікатарскую працу, якая вялася i пры царызьме. Беларуская інтэлігенцыя за старым часам не магла мець адказнага становішча ў сваім краі. Расейцы як былі пераважнаю сілаю, так i засталіся, умацаваўшыся яшчэ i тым, што беларуская інтэлігенцыя вымушана была часткова эміграваць з краю. I выходзіць так, што народ у сваёй масе тут - беларусы, a ініцыятары, апекуны - расейцы. Беларускае адраджэньне, беларуская мова, беларуская культура ды яшчэ беларуская незалежнасьць - гэта самае страшэннае для «русских» людзей на Віцебшчыне.

Калі ў 1919 годзе паднялося пытаньне аб стварэньні Беларускай Рэспублікі, на Віцебскай канфэрэнцыі РКГГ, праўда, не бяз спрэчак, была вынесеная цікавая рэзалюцыя, частку якой мы тут i прыводзім, дзе гаворыцца:

«Для стварэньня Беларускай Рэспублікі няма падставаў - ні ў адносінах мовы, ні ў адносінах нацыянальнай культуры, таму што беларускіх тэндэнцыяў у шырокіх пралетарскіх i сялянскіх масах няма».

Далей. «Канфэрэнцыя знаходзіць, што абвешчаньне незалежнай Беларускай Рэспублікі абудзіць у масах нацыянальныя памкненьні, зь якімі ў будучыні вельмі цяжка будзе змагацца...» i г. д. Што «канфэрэнцыя разглядала гэты акт як інтэлігенцкі намер, дзякуючы сваёй праяве непрадуманага нацыянальнага ўплыву таварышаў Беларускага Камісарыяту».

Вось як добра ведаюць тутэйшага беларуса партыйныя людзі.

Калі мы да ўсяго сказанага дадамо яшчэ i тое, што з 1914 году Віцебшчына запалонена расейскім войскам, i калі ва ўсім уважліва разьбярэмся, то нам стане зразумелым, чаму на Віцебшчыне беларускі рух ня можа ўспыхнуць ва ўсёй сваёй велічы i зруйнаваць перашкоды, якія тармозяць адраджэньне краю.

Што ж рабіць, як быць? Трэба адзначыць, што ўсялякія рэпрэсіі супраць беларускага руху i надалей будуць весьці да бунтаў, паўстаньняў, ад чаго край будзе црыходзіць у заняпад i народ бяднець. Народ не прастытутка. Ен заўсёды будзе вырывацца з рук праціўніка, заўсёды будзе дабівацца тых умоваў жыцьця, пры якіх лёс народу стане сьветлы i шчасьлівы.

Першае, што патрэбна для спакойнай вытворчай пpaцы - гэта аб'яднаньне Віцебшчыны ў палітычных адносінах з астатняю (Менскаю) Беларусьсю. Да гэтага імкнецца беларускі народ Віцебшчыны, бо ведае, што ў цэлым нацыянальным арганізьме абудзіцца здаровае жыцьцё, i край, які прыйшоў у заняпад, адродзіцца. Для працы ў Віцебшчыне неабходна сканцэнтраваць камуністаў-беларусаў. Усіх варожа настроеных да беларускага народу асобаў - русыфікатараў расейскіх адправіць для працы ў Расею. Неабходна склікаць з усіх краёў нашу інтэлігенцыю i даць ёй магчымасьць па ўсіх спэцыяльнасьцях працаваць у сваім краі для адраджэньня краіны.

Толькі пры такіх умовах беларус скіне зь сябе цяжкі прыгнёт, царскую спадчыну - русыфікатарскае бязладзьдзе, толькі пры такіх умовах зацьвіце наша доля. Зазелянеюць нівы, i жыцьцё стане не пякельнаю пакутаю, a прыемнаю акрасаю.

На гэта ў першую чаргу трэба было б зьвярнуць увагу Савету Народных Камісараў ССР Беларусі.

М. СКАРЭЎСКІ.

Прадмова i публікацыя Аляксандры ГЕСЬ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX