Ёсць некалькі матывацыяў, каб распачаць новы праект пад назваю "Metriciana". Матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага настолькі неабсяжныя, што вартыя асобнага выдання, дзе б распавядалася пра Метрыку і пра тое, што адбываецца вакол яе. Апроч таго, апошняя чвэрць ХХ ст. адзначаная ажыўленнем цікавасці да Метрыкі ВКЛ і працамі над ёю. Гэта азначае, што існуюць інтэлектуальныя магчымасці для рэгулярнага выхаду нашага перыёдыка.
Цяпер у Беларусі выходзіць ужо даволі шмат гістарычных выданняў, якія ў той ці іншай ступені прэтэндуюць на ўніверсальнасць. Стваральнікі альманаху "Metriciana" сыходзяць з таго, што існуе патрэба ў спецыялізаваным выданні па Метрыцы - гэтага вартая сама Метрыка з яе гістарычнымі, моўнымі і культурнымі багаццямі. Але мы паспрабуем таксама стварыць і пэўны фокус погляду на Метрыку, шырэй заявіць пра яе ў нашым грамадстве, дзе ўсё ж недаацэненая гэтая з'ява цэнтральнаеўрапейскай цывілізацыі.
2000-ы год быў важным годам для Метрыкіяны, бо "адкрыў" у ёй яшчэ адную краіну - з выхадам у свет Кнігі № 28 у Беларусі была адноўленая традыцыя публікацыі Метрыкі ВКЛ. Апроч таго, з выхадам на кампакт-дыску электроннай версіі Кнігі № 28 быў пакладзены пачатак стварэння Электроннага архіву Метрыкі ВКЛ. Ды і сама ідэя перыёдыка "Metriciana: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага" таксама была генераваная ў Беларусі. Тым не менш, стваральнікі альманаху бачаць яго як міжнароднае выданне, якое пакліканае абслугоўваць інтарэсы метрыкантаў розных краінаў і дзе будуць публікавацца аўтары з розных краінаў. Адпаведна фармулюецца і "моўная палітыка" выдання - матэрыялы могуць друкуюцца ў любой мове. Тут аўтар павінен зыходзіць з традыцыйнага культурнага кола Метрыкі ВКЛ і самастойна вызначыць мову для друку (апроч моваў краінаў-спадчынікаў культурнай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і моваў нашага рэгіёну Цэнтральна-Усходняй Еўропы лагічным будзе ўжыванне асноўных моваў Еўропы). Тое, што першы выпуск падрыхтаваны ў большай ступені як "беларускі", ёсць адзнакаю ўзнікнення зусім новага выдання.
Тэхнічна "Metriciana" рэалізуецца як супольны праект Цэнтру Athenaeum і Аддзелу спецыяльных гістарычных навукаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе кожны з бакоў нясе сваю частку адказнасці за выхад альманаху. У Аддзеле спецыяльных гістарычных навукаў сканцэнтраваныя асноўныя сілы метрыкантаў Беларусі і рыхтуюцца да выдання кнігі Метрыкі. Athenaeum стаў выдаўцам Кнігі № 28 Метрыкі ВКЛ і яе электроннай версіі, апроч таго, ён жа выпускае альманах "ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae". Мяркуецца, што "Metriciana" будзе выходзіць раз на год. Рэдакцыйная калегія распрацавала рубрыкацыю альманаху [1], якая, падобна, ахоплівае асноўныя даследчыя праблемы, звязаныя з Метрыкаю ВКЛ.
Мы спадзяемся, што новы альманах будзе карысным усім, хто цікавіцца гэтай шматаблічнай з'яваю - Метрыкаю Вялікага Княства Літоўскага.
Алег Дзярновіч, рэдактар
Альманах "METRICIANA" мае наступныя рубрыкі і асвятляе наступныя праблемы:
№ |
Праблемы |
Назвы рубрыкаў |
1. |
Знешняя і ўнутраная гісторыя Метрыкі |
Гісторыя Метрыкі |
2. |
Арганізацыя справаводства ў ВКЛ паводле матэрыялаў Метрыкі (прынцыпы працы Канцылярыі ВКЛ) |
Канцылярыя ВКЛ |
3. |
Дыпламатыка, у тым ліку праблемы тэрміналогіі (паводле матэрыялаў Метрыкі) |
Дыпламатыка |
4. |
Пытанні палітычнай і сацыяльна-эканамічнай гісторыі, а таксама гісторыі культуры паводле матэрыялаў Метрыкі |
Historica: Метрыка як крыніца |
5. |
Лінгвістычныя аспекты: старабеларуская ды іншыя мовы паводле Метрыкі |
Linguistica: Мова і Метрыка |
6. |
Публікацыі крыніцаў |
Публікацыі |
7. |
Археаграфічныя практыкі |
Археаграфія |
8. |
Бібліяграфія Метрыкіяны |
Бібліяграфія |
9. |
Стварэнне і функцыянаванне Электроннага архіву Метрыкі ВКЛ |
Электронны архіў Метрыкі ВКЛ |
10. |
Рэцэнзіі, анатацыі |
Рэцэнзіі, анатацыі |
11. |
Навіны Метрыкіяны |
Навіны |
[1] Змешчаная на наступнай старонцы.