Першы ўніверсітэцкі курс па Метрыцы ВКЛ
З 7 лютага 2001 г. на Гістарычным факультэце Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта распачалося выкладанне спецкурсу "Метрыка Вялікага Княства Літоўскага". Курс вядзе вядомы метрыкант Валеры Мянжынскі. Паводле нашай інфармацыі - гэты першы і адзіны пакуль спецкурс па Метрыцы, які чытаецца ў Беларусі, а таксама ў суседніх краінах.
Колькасць акадэмічных гадзінаў курсу даволі вялікая - 50, з іх 42 гадзіны - ўласна заняткі. Апроч лекцыяў па знешняй і ўнутранай гісторыі Метрыкі ВКЛ, па яе вывучэнню і публікацыях праводзяцца практычныя заняткі - чытанне дакументаў Метрыкі, праца з кампакт-дыскам " Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522--1552 гг.)". Слухачы курсу - даволі падрыхтаваная аўдыторыя. Гэта студэнты 5 курсу, якія спецыялізуюцца па кафедры "Гісторыя Беларусі старажытных часоў і сярэдніх вякоў". Ініцыятыва чытання спецкурсу сыходзіла ад кіраўніцтва Гістарычнага факультэта БДУ. Мяркуецца, што выкладанне спецкурсу "Метрыка Вялікага Княства Літоўскага" працягнецца ў наступным годзе.
A. Dz.