Папярэдняя старонка: Зборнікі, Часопісы

Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух 


Дадана: 08-11-2012,
Крыніца: Мінск, 2012.

Спампаваць




Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух

Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі
16 красавіка 2012 г.

Мінск
2012

Укладальнікі: Алена Анісім, Алег Трусаў.

Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Матэрыялы Рэспубліканская навукова-практычнай канферэнцыі 16 красавіка 2012 г. , 224 ст.
Рэдактар - А.М. Лапцёнак, кандыдат філалагічных навук.
Карэктар - В.В. Палюлян.
Тэхічны рэдактар С.В. Суднік.

Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", якая адбылася 16 красавіка 2012 г. у межах выканання праекта "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", падтрыманага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Беларусі, узгодненага з Міністэрствам культуры Беларусі і зарэгістраванага ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Змест

Прадмова

Foreword

Алег Трусаў. Рэгіянальныя музеі і турызм. Роля гістарычна-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці

Алесь Крой. Праз краязнаўства да спробы стварэння турыстычнага праекта

Павел Каралёў. Прыцягненне ўвагі грамадства да гісторыі і помнікаў праз святкаванне 18 красавіка (Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін) Фэсту экскурсаводаў

І.І. Бубновіч. Мікратапонімы - скарбніца ведаў пра вёску

Ганна Чэрнік. Навуковая спадчына Мікалая Іванавіча Каспяровіча як падмурак для папулярызацыі краязнаўства на сучасным этапе

Юрый Маліцкі. Лінгвакраязнаўчая дзейнасць як найбольш эфектыўны метад збірання дыялектнай эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі

Наталля Сівіцкая. Уплыў сацыякультурнага статусу і міфалагічных уяўленняў на фармаванне беларускіх народных назваў асобы

І.Л. Капылоў. Сістэматызацыя і ўнармаванне беларускай рэгіянальнай гідраніміі - праблема дзяржаўнай важнасці

Вераніка Курцова. Нацыянальнае краязнаўства: месца і роля ў стварэнні фундаментальных лексікаграфічных прац

Г.С. Бародзіч. Тапаніміка як складовая частка краязнаўства

Ігар Пракаповіч. Досвед даследавання тапаніміі Пастаўскага раёна

С.В. Гаўрылава. Гаданімія г. Полацка ў рэтраспектыве часу (ХІV - ХХІ ст.)

Я.К. Адамовіч. З тапаніміі і мікратапаніміі рабочага пасёлка Градзянка і прылеглых да яго вёсак

Міхась Мацельскі. Тапонімы Барысаўшчыны

Ірына Згрундо. Тапанімічная спадчына Смалявіцкага краю

В.У. Міцкевіч. Гідранімія "Ревизіи пущъ и переходовъ звериныхъ въ бывшемъ Великомъ Княжестве Литовскомъ…" як каштоўная крыніца краязнаўчай інфармацыі

А. Чарняўскі. Вывучэнне тапаніміі вёскі Збароў Рагачоўскага раёна

В.М. Сямашка. Праблемы аховы аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны аграгарадка Крэва

Марыя Ганчарык. Этапы архітэктурнага развіцця гатэля "Еўропа"

М.В. Півавар. З досведу працы па мемарыялізацыі гістарычна-культурных каштоўнасцей у Віцебскім раёне

Вітольд Ермалёнак. Гістарычна-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці гістарычнага музея ДУА "Мёрская СШ № 3"

Н.М. Волкава. Старыя могілкі ў Радашковічах: невядомая каштоўнасць

Станіслаў Суднік. Легендарнае і рэальнае вакол фігуркі Ісуса Хрыста ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна

С.У. Чысцякоў. Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжскім фарным касцёле: гісторыя, праблематыка захавання і аховы помніка

М.В. Півавар. Помніказберагальная дзейнасць гістарычна-культурнага клуба "Узгор'е" ў Віцебску ў канцы 1980 - пачатку 1990-х гадоў

І.І. Галуза. Краязнаўчы рух пачатку ХХ ст. і роля Язэпа Драздовіча ў ім

Алена Сакалова. Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства (на прыкладзе гістарычнай спадчыны Браслаўскага раёна)

Вольга Дайлід. Творцы сучаснай гісторыі. Краязнавец Аляксандр Фаміч Зайка

Леанід Лаўрэш. Гісторыя чыгункі на Лідчыне

Юлія Шэлег. Гістарычна-культурны патэнцыял Стаўбцоўскага раёна ў кантэксце развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь

Т.М. Маракуліна. Публіцыстычныя нарысы Ядвігіна Ш. "Лісты з дарогі" ў кантэксце мемуарнай літаратуры к. ХІХ - пач. ХХ ст.: краязнаўчы і лінгвістычны аспекты

А.М. Лапцёнак. Рэгіянальныя асаблівасці ўжывання сінтаксічнай канструкцыі: па грыбы ці ў грыбы

Н.А. Снігірова. Беларуска-яцвяжскія ўзаемадачыненні як аспект краязнаўства

Алена Анісім. Краязнаўчая тэматыка ў "Нашай Ніве" (1906-1915 гг.)

А.А. Марозава. Лексемы веласіпед-ровар: спецыфіка рэгіянальнага ўжывання

Алег Хаменка. Навошта людзям фальклор? Пытанні і адказы


Прадмова

Выданне ажыццёўлена ў межах выканання праекта "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", падтрыманага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Беларусі, узгодненага з Міністэрствам культуры Беларусі і зарэгістраванага ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

16 красавіка 2012 г. у межах выканання гэтага праекта адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух". Мерапрыемства праходзіла ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (Мінск, вул. К. Маркса, 12). Напярэдадні канферэнцыі была зроблена вялікая падрыхтоўчая праца. 1-га лютага 2012 г. ў Лідзе адбыўся круглы стол "Праблемы краязнаўства на Лідчыне", які ператварыўся ў рэгіянальную канферэнцыю, а таксама семінар па навучанні валанцёраў. У Заслаўі 3-га лютага прайшла сустрэча з вядомымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі ў СШ № 2. У Віцебску 12 лютага адбыліся 2 сустрэчы з вядомымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі. Напрыканцы лютага ў Лагойску прайшоў круглы стол "Праблемы краязнаўства на Лагойшчыне". У Магілёве ў красавіку, напярэдадні канферэнцыі былі праведзены 2 сустрэчы з мясцовымі гісторыкамі і краязнаўцамі. На гэтых сустрэчах і круглых сталах было распаўсюджана інфармацыйнае паведамленне аб правядзенні краязнаўчай канферэнцыі. Гэта выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных, і некаторыя з іх даслалі цікавыя матэрыялы, якія ўвайшлі ў праграму мерапрыемства.

Да канферэнцыі мастаком І. Марачкіным быў зроблены адмысловы банар, які ўпрыгожваў залу гістарычнага музея.

З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася прадстаўнік Міністэрства культуры Беларусі Н. Хвір, а таксама в.а. дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Н.У. Калымага.

На пленарным паседжанні прагучалі выступы: А.А. Трусава, А. Кроя, П.А. Каралёва, І.І. Бубновіч, Г.В. Чэрнік, Ю.В. Маліцкага, Н.В. Сівіцкай, І.Л. Капылова, В.М. Курцовай, Г.С. Бародзіч.

Працавалі наступныя секцыі: тапаніміка як складовая частка краязнаўства; ахова і выкарыстанне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны: вопыт і перспектывы развіцця; валанцёрскі рух на адбудове помнікаў архітэктуры; фарміраванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства; лінгвістыка як аспект краязнаўства. Усе выступоўцы своечасова перадалі матэрыялы для друку.

Лагічным працягам канферэнцыі з'яўляецца краязнаўчы фестываль, які адбыўся 28 траўня. У краязнаўчым фестывалі прынялі ўдзел больш за 150 чалавек. Сярод іх выкладчыкі і студэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, фальклорныя ансамблі з Веткаўскага і Бешанковіцкага раёнаў, маладзёвы гурт з Мінска, журналісты, краязнаўцы з розных рэгіёнаў Беларусі.

Інфармацыя пра канферэнцыю і фестываль знайшла адлюстраванне ў дзяржаўных і недзяржаўных сродках масавай інфармацыі, а таксама на партале ТБМ: tbm-mova.by.

Таму невыпадкова ў матэрыялы канферэнцыі быў уключаны даклад кіраўніка гурта "Палац" Алега Хаменкі "Навошта людзям фальклор? Пытанні і адказы", які прагучаў падчас краязнаўчага фестывалю.

Мы спадзяёмся, што наша выданне паспрыяе развіццю розных галін беларускага краязнаўства, а таксама папулярызацыі роднай мовы ў розных пластах грамадства.

Першы намеснік старшыні ТБМ А. Анісім.

Кіраўнік праекту, старшыня ТБМ А. Трусаў.

Foreword

These conference proceedings are published in the scope of the project "Preserving Historical Heritage Through Local Studies". The project has been supported by the U.S. Embassy Small Grants Program. Our initiative has been endorsed with the Ministry of Culture and registered by the State Humanitarian Activities Department of the Presidential Administration of the Republic of Belarus.

The project presupposed the whole-national scientific and practical conference "The Present State of Belarusian Regional Studies and the Volunteers' Movement". It took place on 16 April 2012 at the premises of the National Museum of History (Minsk, K. Marx Street, 12). The conference had been preceded by a number of preparatory events. On 1 February 2012 a round table discussion "Local Studies in Lida Region" took part in Lida. It was actually a regional conference and a volunteers-training seminar. This event was followed by a meeting with well-known Belarusian historians and local history researchers at school №2 of Zaslauje on 3 February. Two more meetings took place in Vitsebsk on 12 February. A roundtable discussion "Local Studies in Lahoysk Region" occurred in the end of February in Lahoysk. Finally, two more meetings with Belarusian local history researchers were organized in Mahileu in March. The project's managers advertized the forthcoming conference at all the meetings and discussions. The idea aroused keen interest among the participants and some of them took part in the final conference as well.

The artist I. Marachkin painted a special banner that decorated the conference hall.

Welcoming speeches were delivered by N. Chvir, a representative of the Ministry of Culture and by N. U. Kalymaha, the acting head of the National Museum of History.

The reports by A. A. Trusau, A. Kroy, P. A. Karaleu, I. I. Bubnovich, H. V. Chernik, Y. V. Malitsky, N. V. Sivitskaya, I. L. Kapylova, V. M. Kurtsova and H. S. Barodzich were presented in the plenary session.

The conference program was divided into the following sections:

- Toponymy and local studies,

- Protection and modern use of historic and cultural monuments: the experiences and development perspectives,

- Volunteers' participation in restoring architectural landmarks,

- Shaping the tourist-friendly image of the country through popularizing local studies,

- Linguistics and local studies.

All the speakers have submitted their materials for publication.

The local lore festival that took place on 28 May became the conference's follow-up action. More than 150 participants took part in this event. Among them were lecturers and students of the Belarusian State Culture and Arts University, folklore ensembles from Vetka and Beshankovichy regions, a youth folklore band from Minsk, journalists and local history researchers from all over Belarus.

Both state and private-owned newspapers and the Belarusian Language Society's web page tbm-mova.by have published articles about the festival.

The frontman of the famous band "Palats" presented his report "What is Folklore for? Questions and Answers" at the festival. The text of the report is included into these conference proceedings.

We hope that our publication will promote both the whole scope of Belarusian regional studies and the wider use of the Belarusian language.

The Belarusian Language Society's first deputy head A. Anisim.

The project manager, The head of the Belarusian Language Society A. Trusau.


Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук
Рэгіянальныя музеі і турызм. Роля гістарычна-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці

У свой час мне, як сябру Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, было даручана выступіць з дакладам на тэму "Роля гістарычна-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці" на ІІІ пасяджэнні вышэйназванага Савета, якое меркавалася правесці ў кастрычніку 2011 года ў Нясвіжы. Меркавалася, што тэма гэтага пасяджэння павінна была гучаць наступным чынам: "Ахова аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і іх выкарыстанне ў выхаваўчай рабоце і ў турыстычнай сферы". Даклад быў падрыхтаваны, у газеце "Наша слова" была надрукавана яго газетная версія, каб раздаць удзельнікам Савета [1], але паседжанне не адбылося, а праца Савета перапынілася на нявызначаны час. Таму дапрацаваная версія даклада прапануецца ўдзельнікам нашай канферэнцыі.

Турызм з'яўляецца адным з асноўных элементаў сучаснай глабальнай цывілізацыі, і таму гэта важная складовая частка нашай культуры. Сёння ідзе праца над стварэннем Кодэкса аб культуры, які павінен быць уведзены ў дзеянне ў 2015 годзе. Зараз яго канцэпцыя вынесена на грамадскае абмеркаванне. Вядома, што замежны, айчынны і рэгіянальны турызм будзе спрыяць міжнародным кантактам і прасоўванню інфармацыі аб гістарычна-культурнай спадчыне беларусаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. Сярод розных відаў турызму вядучую ролю займае культурна-пазнавальны турызм. Паводле дадзеных статыстыкі, яго доля сярод іншых відаў складае 60%. У адпаведнасці з Хартыяй ЮНЕСКА па культурным турызме, прынятай у лістападзе 1974 года, культурны турызм мае мэту азнаямлення з помнікамі і славутымі мясцінамі.

Калі мы звернемся да сусветнай статыстыкі і возьмем за аснову такі паказчык, як колькасць замежных турыстаў на 1000 жыхароў краіны, то беларускія журналісты палічылі, што ў Польшчы гэты паказчык роўны 400 турыстаў, на Украіне - каля 500, у Літве - блізу 850, Расіі - 160, а ў Беларусі толькі 9 чалавек на 1000 жыхароў. Адным з фактараў павелічэння замежнага турызму можа быць развіццё не толькі асобных турыстычных аб'ектаў, але і гістарычнага наваколля вакол іх. Вялікую ролю тут можа адыграць рэгіянальны турызм, як складовая частка рэспубліканскага, а таксама міжнароднага турызму.

Тут вельмі важна выкарыстаць патэнцыял мясцовых рэгіянальных музеяў, асяродкаў культурнага і мастацкага жыцця рэгіёна.

Выяўленчае мастацтва - адзін з найбольш важных элементаў культуры, які здольны сфармаваць пераканаўчы матыў для турыстычнай паездкі. Сёння ўсё больш папулярным становіцца выстаўленне на вядомых курортах (у памяшканнях гасцініц) твораў нацыянальнага выяўленчага мастацтва з мэтай знаёмства турыстаў з культурай рэгіёна. Гэта з поспехам робяць і мясцовыя музеі. Таксама дастаткова папулярнымі сталі фестывалі, якія шырока дэманструюць розныя віды і элементы нацыянальнага выяўленчага мастацтва.

Музычны патэнцыял рэгіёна з'яўляецца яшчэ адным прывабным элементам культуры. У некаторых краінах музыка выступае як асноўны фактар прыцягнення турыстаў. Вядомыя музычныя фестывалі штогод збіраюць тысячы ўдзельнікаў. Аўдыязапісы з нацыянальнай музыкай, продаж якіх распаўсюджаны ў большасці турыстычных цэнтраў, служаць добрым сродкам знаёмства турыстаў з культурай народа. Зараз карыстаюцца вялікім поспехам і рыцарскія турніры ў старажытных беларускіх гарадах.

Літаратурныя помнікі рэгіёна таксама складаюць істотны турыстычны матыў і аснову арганізацыі разнапланавых турыстычных праграм і маршрутаў. Літаратурныя творы валодаюць сілай ствараць уражанні аб краіне і яе культуры. У забаўляльныя праграмы для турыстаў мэтазгодна ўключаць літаратурныя туры па месцах, звязаных з імёнамі аўтараў і герояў вядомых літаратурных твораў.

Паломніцтва - адзін з самых старажытных відаў падарожжаў, які вядомы чалавецтву не адно стагоддзе. Да 80 % аб'ектаў турыстычнага паказу з'яўляюцца культавымі. Матывамі да паломніцкага падарожжа з'яўляюцца духоўнае імкненне наведаць рэлігійныя цэнтры і святыя месцы, асабліва паважаныя ў канкрэтнай рэлігіі, здзяйсненне культавых абрадаў. Нельга забываць і старажытныя могілкі.

Рэгіён, які прымае турыстаў, павінен прапаноўваць ім шырокі асартымент сувеніраў, выкананых мясцовымі майстрамі. Сувеніры - добрая памяць аб краіне.

У некаторых турыстычных цэнтрах ствараюцца спецыяльныя крамы ў нацыянальным стылі, дзе мясцовыя майстры вырабляюць сувеніры непасрэдна ў прысутнасці пакупніка. Гэтая форма гандлю сувенірнай прадукцыяй з'яўляецца своеасаблівай славутасцю рэгіёна і выклікае значную цікавасць у турыстаў. Трэба, каб такія крамы былі побач з мясцовым музеем або ў самім музейным памяшканні.

Такім чынам, культурны патэнцыял рэгіёна ўвасоблены ў яго культурнай спадчыне. Для паспяховага развіцця культурнага турызму нацыянальныя турыстычныя арганізацыі павінны займацца распаўсюджваннем інфармацыі аб гістарычным патэнцыяле мясцовасці.

Аднак на нашу гісторыка-культурную спадчыну, асабліва рэгіянальную, прэтэндавалі і прэтэндуюць палітыкі і гісторыкі суседніх народаў і дзяржаў. І зараз падчас турыстычных экскурсій можна пачуць развагі пра "літоўскія" замкі, "рускія праваслаўныя святыні", "польскія" касцёлы і палацы. Гэта звязана з тым, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларуская эліта канчаткова была падзелена на "польскую" каталіцкую і "рускую" праваслаўную. Польскамоўная беларуская шляхта, нягледзячы на свой "ліцвінскі" і краёвы патрыятызм працавала на будучае адраджэнне незалежнай Польшчы, а былая ўніяцкая і праваслаўная шляхта далучылася, асабліва пасля паўстання 1863-1864 гадоў, да рускай імперскай ідэі. Менавіта яе прадстаўнікі і сфармулявалі тэорыю "заходнерусізма", якая мае рэцыдывы і ў сённяшняй Беларусі.

Толькі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. прадстаўнікі дробнай шляхты і "разначынцаў", дзеці мяшчан і сялян сфармулявалі канцэпцыю беларускай нацыянальнай ідэі, якая ўвасобілася ў абвяшчэнні спачатку БНР, а потым і БССР. Падрабязна пра гэта можна пачытаць у кнігах Леаніда Лыча і Максіма Карчанава [2, 3].

Вось ужо дваццаць год як мы жывём у незалежнай беларускай дзяржаве, аб якой так марылі і за якую так змагаліся нашы продкі. І калі нехта кажа, што ў 1991 годзе незалежнасць беларусам звалілася з неба, гэта няпраўда, бо за яе аддалі жыццё тысячы і тысячы нашых землякоў і асабліва ў ХХ стагоддзі.

Толькі ў незалежнай беларускай дзяржаве адносіны да гістарычна-культурнай спадчыны кардынальна змяніліся.

Па-першае, адкінута савецкая тэорыя "ваяўнічага атэізму", паводле якой былі рэпрасаваныя тысячы святароў, разбураны і перабудаваны сотні храмаў, а новыя храмы будаваць забаранялася. Зараз вернікам вернута большасць іх святынь, будуюцца новыя храмы, і гэты працэс працягваецца. Культавая архітэктура зноў стала неад'емнай часткай нашай гістарычнай спадчыны. Але паўсталі і новыя праблемы. Напрыклад, у якім стылі адбудоўваць храм, калі ён паслядоўна належаў розным канфесіям і шмат разоў мяняў сваё аблічча? Што рабіць, каб не паўтаралася гісторыя з Барысаглебскай царквой у Наваградку, падмуркі якой збудаваны яшчэ ў ХІІ ст., а купалы вежаў, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, "упрыгожылі" "псеўдарускія цыбуліны", што значна сапсавала яе гістарычныя абрысы? Ці разумеюць праваслаўныя святары, якія вельмі вальготна пачуваюцца ў нашай краіне, што яны пераносяць на беларускую зямлю пры будаўніцтве цэркваў і манастыроў копіі рускіх храмаў ХVІІІ - ХІХ стст., якія незваротна нішчаць наш гістарычны ландшафт? Чаму ні адзін з іх не зрабіў храм у выглядзе славутай Спаса-Прэабражэнскай царквы ХІІ ст. з Полацка, альбо па прыкладзе храмаў у Сынкавічах і Мураванцы? Ім грунтоўна не хапае беларускай ментальнасці і беларускага патрыятызму.

Чаму псеўдарэстаўратары ў Менску і іншых гарадах Беларусі разбураюць старажытныя будынкі і на іх месцы ставяць іхнія нязграбныя копіі? Бо іх цікавяць толькі грошы, асабліва калі ідзе новае будаўніцтва, а расцэнкі на рэстаўрацыйныя работы значна большыя, чым на звычайную будоўлю.

Чаму занядбаныя сотні беларускіх могілак, асабліва вясковых, чаму там вальготна сябе адчуваюць вандалы і п'яніцы? Бо іх з дзяцінства не вучылі шанаваць сваіх продкаў і сваю малую Радзіму.

І нарэшце, чаму менавіта ў апошнія 15 год, калі дабрабыт нашых людзей палепшыўся, апошняя вялікая вайна, дзе загінуў кожны трэці беларус, скончылася ў 1945 годзе, наша насельніцтва імкліва старэе і хутка вымірае, а нашыя мужчыны часта не дажываюць да пенсіі?

Адна з прычын у тым, што людзі жывуць толькі сённяшнім днём, іх не цікавіць гісторыя і культура, мова і традыцыі продкаў, а толькі грошы, чарка і скварка, бо школа і ВНУ не далі ім прышчэпкі нацыянальнай годнасці, любові да прыгожага, да культурнага адпачынку, да валанцёрскай працы і краязнаўчай зацікаўленасці. Людзі не маюць пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару за сваю гісторыю і не разумеюць сваёй гістарычнай місіі, альбо, калі сказаць па навуковаму: "пасіянарнасці".

Узнікае пытанне, колькі беларусаў будзе жыць на нашай зямлі праз 100-200-1000 гадоў? І ці варта адбудоўваць нашыя замкі, палацы і храмы, калі сюды пераселяцца шматлікія азіяцкія мігранты, якім ужо зараз недальнабачныя чыноўнікі абяцаюць тысячы даляраў на пераезд.

Праблема беларускай ментальнасці закранае шмат якіх беларускіх і замежных даследчыкаў, і я хачу прывесці некалькі прыкладаў з іхніх апошніх прац.

Пачнём з праблемы "вялікай і малой Радзімы". Культуролаг Юлія Чарняўская сцвярджае, што існуюць дэфініцыі "вялікая Радзіма" - прастора з дакладна акрэсленымі дзяржаўнымі межамі, калі супадаюць этнічныя і тэрытарыяльныя межы, і тэрмін "метафізічная Радзіма", калі межы этнасу аморфныя, і вобраз "вялікай Радзімы" перацякае ў культурную памяць этнасу. Так, межы Вялікай Малдовы, Вялікай Балгарыі, Вялікага Турана і г.д. шырэйшыя, чым межы краін-нашчадкаў [4, с. 153].

А што для нас, беларусаў пачатку ХХІ ст., "вялікая Радзіма"? Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР ці БССР? І што рабіць, калі межы БССР з 1 студзеня 1919 па верасень 1991 года мяняліся не па нашай волі шмат разоў? Ці варта выкрэсліваць з нашай гістарычнай памяці гістарычна-культурную спадчыну Вільні і Смаленска, Беластока і Дзвінска, "Вострую браму святую" і Супрасльскі манастыр?

Як развіваць гістарычную памяць нацыі, калі беларус хоць адзін раз у жыцці не наведае Вільню, не ўбачыць хараство нашай старадаўняй сталіцы?

Пра сітуацыю з Вільняй добра сказаў Тымаці Снайдэр у сваёй кнізе "Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1969-1999". Ён піша: "У 1920 годзе літоўскія нацыянальныя дзеячы выдатна ведалі, што ў Вільні амаль няма літоўцаў. Іх прэтэнзіі на гэты горад насілі гістарычны і палітычны характар. Толькі дзякуючы адукацыйнай палітыцы ў міжваенным і савецкім часе людзі "даведаліся", што Вільня, калі Польшча захапіла яе ў 1920 г., была этнічна літоўскім горадам. Падобным чынам у 1920 годзе Пілсудскі і Жалігоўскі (якія, дарэчы, паходзілі з Віленскага краю, а не з сапраўднай Польшчы - А.Т.) анексавалі Вільню не як польскія нацыяналісты або ворагі Літвы, а як палякі-ліцвіны... Яны дзейнічалі не ў рамках парадыгмы "этнічнай" нацыянальнай дзяржавы, а мяркуючы, што Вялікае Княства Літоўскае можна адрадзіць у форме федэрацыі" [5, с. 368].

Варта дадаць, што падобную спробу крыху раней, у 1919 годзе, зрабілі бальшавікі, абвесціўшы Літоўска-Беларускую ССР са сталіцай у Вільні.

Узнікае пытанне: чаму ў нашых школьных падручніках няма нават згадкі пра гэтыя падзеі, якія не меншым чынам паўплывалі на гістарычную ментальнасць беларусаў?

Цяпер варта разгледзець такое вызначэнне як "мая зямля" альбо "малая радзіма". Юлія Чарняўская лічыць, што "малая радзіма" - старажытны кампанент этнічнага топаса, прыналежнасць да яе ўспрымаецца як "прирождённая", "природная". У сваёй кнізе "Этническая культурология: концепты, подходы, гипотезы" яна піша, што малая радзіма звязана з ідэяй каранёў, у сувязі з чым у нацыі, асабліва поліэтнічнай, гэта можа прывесці да раз'яднання па прынцыпе вузкамясцовых адрозненняў [4]. Нам варта прыгадаць, як у канцы мінулага стагоддзя на Беларусі аднекуль з'явіліся нейкія "яцвягі", якія спрабавалі адкалоць ад Беларусі заходняе Палессе.

Для развіцця мясцовага краязнаўства неабходна мець рэспубліканскую краязнаўчую арганізацыю з яе мясцовымі структурамі, як гэта было ў БССР у 20-я гады мінулага стагоддзя.

У другой сваёй кнізе "Белорусы. От "тутэйшых" - к нации" Юлія Чарняўская прыходзіць да высновы, што сёння тэрмін "нацыя" мае больш ганаровы змест, чым слова "этнас". Этнас адпавядае мінуламу, а нацыя - будучыні. Пры гэтым абодва тэрміны часам злучаюцца разам, што нарадзіла савецкі канцэпт "нацыянальнасць" [6, с. 491]. Да рэвалюцыі 1917 года яго не было. Напрыклад, расійскі перапіс 1897 года быў пабудаваны на двух аспектах - веравызнанне і мова. Упершыню тэрмін "нацыянальнасць" з'явіўся ў савецкім перапісе 1926 года.

Можна пагадзіцца з вядомым беларускім культуролагам, што зараз слова "этнічнасць" не мае адзнакі фатальнасці, яна на даецца па праве нараджэння. Этнічна "іншы" і нават "чужы" можа стаць вялікім дзеячам культуры і нават яе сімвалам. Чарняўская прыводзіць шматлікія прыклады з рускай гісторыі.

Нам таксама варта пра гэта помніць. У нашых падручніках павінны згадвацца ўсе нобелеўскія лаўрэаты, якія маюць беларускія карані, а таксама пісьменнікі, мастакі, навукоўцы і гэтак далей. Толькі тады беларусы стануць еўрапейскай нацыяй з багатым гістарычным мінулым.

Трэба выкінуць на сметнік гісторыі навязаныя нам у ХІХ і ХХ стст. міфы, што беларусы - сялянская нацыя, што нас заўжды прыгняталі літоўскія князі і польскія паны, а рускія цары былі лепшымі сябрамі і прыхільнікамі.

Як і ў кожнага народа, у нас былі і свае князі, і магнаты, і шляхта.

Возьмем славутую дынастыю Ягелонаў. Чаму мы не пішам у школьных падручніках пра яе беларускія карані? Хто была жонка Альгерда, хто маці і жонка Ягайлы? На якой мове ён размаўляў у штодзённым жыцці?

Варта дадаць некаторыя рысы і ў біяграфію апошняга караля Рэчы Паспалітай, расказаць пра яго паходжанне, добрае веданне беларускай мовы, любоў да сваёй малой радзімы, да беларускага горада Гародні. Нам варта перавыдаць з адпаведнымі каментарамі цікавую кніжку Лаўрэна Абэцэдарскага "Беларусы ў Маскве". Гэты пералік можна доўжыць бясконца.

Напрыканцы некалькі канкрэтных прапаноў:

1. Вярнуць ва ўсе беларускія школы, незалежна ад мовы выкладання, выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.

2. Вярнуць ва ўсе ВНУ краіны курс "Беларусазнаўства" з выкладаннем яго толькі па-беларуску.

3. Распрацаваць і ўвесці на ўсіх гуманітарных факультэтах ВНУ Беларусі курс "Гісторыя архітэктуры Беларусі" з абавязковымі наведваннямі шэдэўраў беларускага дойлідства.

4. Аднавіць дзейнасць рэспубліканскага краязнаўчага таварыства.

5. Напісаць і выдаць навуковыя і навукова-папулярныя вучэбныя дапаможнікі па-беларуску наступнага зместу:

А) Гісторыя ВКЛ;

Б) Гісторыя Рэчы Паспалітай;

В) Гісторыя Расійскай імперыі (ХVІІІ - пач. ХХ ст.);

Г) Гісторыя СССР;

Д) Гісторыя БССР.

Абавязкова перакласці іх на англійскую і рускую мовы, а гісторыю ВКЛ і Рэчы Паспалітай - на польскую і літоўскую мовы.

6. Стварыць гістарычны беларускі часопіс на англійскай мове.

І тады не толькі вясельныя пары будуць ісці да муроў замкаў у Гародні і Лідзе, каб ад іх пачаць свой сямейны шлях, а і ўся нацыя будзе крочыць да лепшага жыцця, маючы за сабой цвердзі замкаў ды цвёрдыя нацыянальную памяць і свядомасць.

Літаратура:

1. Трусаў, А.А. Роля гісторыка-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці // Наша слова, № 40, 5 кастрычніка 2011 г.

2. Лыч, Л. Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты /Лыч Леанід. - Мінск: 2000. - 448 с.

3. Корчанов, М.В. Интеллектуальная история белорусского национализма. Краткий очерк (Под редакцией А.Е. Тараса). - Смоленск: Посох. 2011 - 212 с.: ил.

4. Чернявская, Ю.В. Этническая культурология: концепты, подходы, гипотезы / Ю.В. Чернявская - Минск: Бел. гос. ун-т культуры и искусств, 2010. - 263 с.

5. Снайдэр, Тымаці. Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь,1569-1999. - Мінск: "Медысонт", 2010. - 424 с.

6. Чернявская, Ю.В. Белорусы. От "тутэйшых" - к нации/ Юлия Чернявская. - Минск: ФУА информ, 2010. - 512 с.: ил.

Алесь Крой
Праз краязнаўства да спробы стварэння турыстычнага праекта

Беларуская культура так шчыльна звязана з Вашым імем, што адно без другога немагчыма ўявіць.

З ліста Я. Коласа Я. Карскаму.

Напачатку 2010 года 150-гадовага юбілею Я. Карскага і 100-годдзя А.Цыхуна мы разам з гісторыкам-краязнаўцам В. Карнелюком вырашылі стварыць турпраект "Шляхамі акадэміка Карскага" па мясцінах, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю славутага вучонага, дзе былі б распрацаваны некалькі варыянтаў маршрутаў для рознай катэгорыі турыстаў. Гэта найперш вёскі і мястэчкі Прынёманскага краю. Вядома, што ў турызме з-за нізкіх падаткаў хутка развіваецца галіна агратурызму. Абмеркаваўшы праблемы ў гэтай галіне, выдзелілі адну з галоўных - амаль поўная адсутнасць нацыянальнай самабытнасці і прывабнасці турпрадукту. Хоць апошнім часам шматлікія расіяне і іншыя турысты падштурхнулі тутэйшых людзей шырэй улічваць запатрабаванасць іх у беларускай культуры і нацыянальнай кухні. Праводзячы экскурсіі для "індывідуалаў "з Масквы і Піцера, сам у гэтым пераканаўся. Некаторыя гаспадары аграсядзіб пачалі прывабліваць турыстаў у адмыслова абсталяваныя хаты з выдатнай беларускай кухняй, прапаноўваць атракцыйныя экскурсіі. Іх няшмат, але працэс пайшоў…

Таму і мы вырашылі ў аснову свайго праекту закласці нейкі вядомы беларускі брэнд - імя, а таксама нацыянальную самабытнасць і прывабнасць мястэчак і вёсак Прынямоння праз прызму часу. Магчыма, праз некаторы час на нашых маршрутах з'явяцца новыя аграсядзібы, зробленыя з прыцягненнем спецыялістаў у галіне беларускай этнаграфіі. Чаму выбралі імя Я. Карскага? А ўсё даволі проста. Ён наш зямляк (праўда ў Менску яго яшчэ блытаюць са Скарынам, які бываў у Піцеры), імя якога замацавана ў тапаніміцы (урбанонімах) Гародні і раёна. Ён шмат падарожнічаў па нашым рэгіёне. Таму нам застаецца генералізаваць адметныя населеныя пункты пад той ці іншы маршрут, хоць часам гэта і складана. Наш праект гэта працяг той працы, але ў іншай форме, якой шмат гадоў займаўся вядомы гарадзенскі краязнавец А.Цыхун, а мы дапамагалі. Для папулярызацыі беларускай мовы, імя акадэміка, яго культурнай спадчыны і тых невялічкіх мястэчак і вёсак, якія ён аб'ездзіў ці абышоў пехатою, шукаючы непаўторныя скарбы беларускай мовы і культуры, ствараючы этнаграфічную карту беларусаў, мы выбралі кластарны метад стварэння турпраекта і ўбачылі рэальных удзельнікаў гэтага кластара: ГА "ТБМ" і інш. ГА, выкладчыкі факультэта турызму і сэрвісу ГрДУ, турфірмы і аграсядзібы, музей Карскага ў Гародні , Луцкаўлянах і Гудзевічах, с/с у Індуры, Абухава, навучальныя ўстановы, магазіны з нацыянальнымі сувенірамі, сталовыя, кафэ, рэстарацыі, іншыя аб'екты - каля 80- 90% з вышэйпералічаных суб'ектаў кластара далі згоду на дапамогу і ўдзел. Літаральна праз пару месяцаў пасля нашай задумы Фонд імя Л. Сапегі прапанаваў абласной арганізацыі ТБМ удзельнічаць у сумесным праекце з Нямеччынай па стварэнні новых турмаршрутаў "Новыя шляхі". Разам з намеснікам старшыні абласной ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" краязнаўцам І. Буднікам мы актыўна ўключыліся ў працу па гарадзенскіх архівах і бібліятэках. Сумесны праект паскорыў нашу працу, бо хуткае яго выкананне давала магчымасць "вісець" на замежным сайце інтэрнэта.

15 студзеня 2011 года ў Гародні адбылася прэзентацыя праекта. І зараз, набраўшы ў пошукавіку два словы "Новыя шляхі", можна ўбачыць тыя краязнаўчыя культурна-турыстычныя маршруты распрацаваныя краязнаўцамі. Гарадзенская турфірма "Мерцана" змясціла турмаршруты гэтага праекта на сваім сайце (нажаль, стары варыянт).

Мы таксама прымалі ўдзел у семінары па фармаванні турыстычных і іншых кластараў, які праходзіў пад эгідай УФКСіТ Гарадзенскага аблвыканкама. Падчас паездак па населеных пунктах планаваных маршрутаў (за ўласны кошт) удалося сабраць цікавы краязнаўчы відэа і фотаматэрыял, аўдыязапісы і відэазапісы расказаў мясцовых жыхароў пра сваю мясцовасць. У вандроўках удзельнічалі вядомыя краязнаўцы, школьнікі і студэнты. Пасля былі праведзены рэкламныя прэзентацыі ў СМІ. Прымалі актыўны ўдзел у краязнаўчых канферэнцыях "Румлёўскія старонкі" ў гімназіі №1 і ў абласной бібліятэцы імя Я. Карскага да 150-годдзя з дня яго народзінаў. За кароткі тэрмін быў апрацаваны агромністы матэрыял, які і зараз пастаянна абнаўляецца з улікам новых звестак з архіваў, бібліятэк, СМІ (на сайце "Новыя Шляхі" - першапачатковы варыянт).

На сёння ўжо напісаны і апрабаваны кароткі экскурсійны маршрут №3 "Крыніцы нашых скарбаў" і даводзіцца да завяршэння 2-3 - дзённы турмаршрут №1 "Прынёманскімі шляхамі Я. Карскага", па якім на лета запланавана турыстычная вандроўка на роварах і аўто. Маршрут №2 будзе трансгранічным з Польшчай, бо Я. Карскі ў экспедыцыях вывучаў беларускую мову і культуру ў паселішчах, якія знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Польшчы - Кузніца, Беласток, Заблудава, Жукі, Саколка, ст. Жэдня, Гарадок, Валілы, ст. Новакаменная, Ліпск. Я. Карскі дэмакратычным шляхам двойчы абіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. Пасля падпісання РБ адпаведных дакументаў па малым памежнаму руху (усё ж спадзяемся), можна будзе апрабаваць маршрут №2.

З-за малога аб'ёму матэрыялу, які можна прадставіць для канферэнцыі, падаём толькі геаграфічную карту з маршрутамі і кароткія звесткі пра іх.

Двухдзённы (трохдзённы) турмаршрут №1 "Прынёманскімі шляхамі Я. Карскага" працягласцю больш за 130 км праходзіць па тэрыторыі Гарадзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў Гарадзенскай вобласці і ўяўляе сабой цікавасць для навукова-пазнавальнага, этнічнага і актыўнага турызму (аўтобусны, ці аўтамабільны, пешы, на роварах і інш.).

Гэта восем, у тым ліку і знакавых, населеных пунктаў Гарадзеншчыны, якія звязаны з жыццём і творчай дзейнасцю акадэміка Я. Карскага: Лаша - Луцкаўляны - Гудзевічы - Абухава - Коматава - Мігова - Гародня - Аграмаёнткі Каробчыцы ці Караліно.

Картасхема маршрутаў № 1 і № 3 (А. Крой, А. Савашынская).

Картасхема зробленая з карты ў маштабе 1:200 000. На картасхеме маршрута №1 пералічаны населеныя пункты, дзе запланаваны экскурсіі. У населеных пунктах Гародня, Індура, Алекшыцы, Лунна, Скідзель прапануецца падарожная інфармацыя. На маршруце № 3 праводзіцца экскурсія па беларуска-габрэйскім мястэчку Індура.

Маршрут № 1 "Прынёманскімі шляхамі Я. Карскага" ахоплівае Лашу - малую радзіму вялікага акадэміка і Луцкаўляны, дзе ў школьным музеі захавалася частка асабістых рэчаў акадэміка. У Гудзевічах Вас чакае сустрэча з чалавекам-легендай і яго ўнікальным літаратурна-этнаграфічным музеем. У Абухава - самы вялікі на Гарадзеншчыне грамадзянскі аэрапорт "Абухава", дзе раней прапаноўваліся абзорныя экскурсіі на спецыяльна абсталяваным самалёце, а сталовая-кафэ і магазін аднаго з самых вядомых у краіне СГП "Абухава" прапануе экскурсантам мясныя вырабы брэнда "Абухава".

У раёне в. Коматава, названай імем легендарнага яцвяжскага князя-асілка Комата першыя людзі з'явіліся раней за Рым - 11-13 тыс. год таму; шпацыруючы па беразе Нёмана Вы ўбачыце велізарны сярэднявечны могільнік, дзе ў 16 ст. стаяла царква Св. Спаса, а на ўзгорку ля Коматаўскай царквы захаваліся пахаванні святароў і былых уладароў маёнтка Мігова. Насупраць Коматава на Нёмане можна ўбачыць штучны востраў, на якім у 19 ст. выраблялі паравыя караблі.

Далей на маршруце в. Мігова - прыгожыя краявіды і крыніцы, дзе Я.Карскі збіраў лінгвістычны матэрыял, пісаў "Беларусаў" і адпачываў на лецішчы са сваёй сям'ёй. У Гародні на тэрыторыі помніка прыроды і садова-паркавага мастацтва "Румлёва" ў музеі гімназіі №1 Я. Карскага Вы ўбачыце рэдкія здымкі і даведаецеся шмат цікавай інфармацыі з біяграфіі славутага акадэміка, пасля непрацяглага падарожжа (на выбар) зможаце пакаштаваць беларускія нацыянальныя стравы ў "Замку Зеваны" і адпачыць у іншых частках агратуркомплексу "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы". А можна паабедаць насупраць лесапарку ў трохзоркавым гатэлі "Турыст".

Аднадзённы турмаршрут № 3 " Крыніцы нашых скарбаў" для дарослых і школьнікаў быў прымеркаваны і апрабаваны да юбілейнай даты Я. Карскага ў 2011 годзе: Гародня-Лаша-Луцкаўляны-Індура-Гародня (Леса-парк "Румлёва")-Каробчыцы (агратуркомплекс "Маёнтак Каробчыцы").

На маршруце № 3 Вы зможаце ўбачыць багатую, амаль забытую матэрыяльную і духоўную спадчыну гэтых мясцін, новыя турыстычныя аб'екты, зачаруецеся ляснымі і воднымі краявідамі, пазнаёміцеся з цікавымі людзьмі, пачуеце забытыя беларускія словы і прыгожыя вершы мясцовых паэтаў, будзеце эмацыйна ўражаны ад неверагодных легендаў, зможаце пакаштаваць беларускія стравы, набыць сувеніры, а галоўнае - адпачыць ад гарадской мітусні і атрымаць зарадку на наступны працоўны тыдзень.

Пачуеце цікавую інфармацыю пра гісторыю і помнікі былога беларуска-габрэйскага мястэчка Індура, дзе Я. Карскі ў 1899 г. збіраў беларускія лінгвістычныя скарбы (цытуюцца мясцовыя словы, не зафіксаваныя слоўнікамі, сабраныя А. Цыхуном).

Маршрут № 3 "Крыніцы нашых скарбаў".

1. Лаша - малая радзіма славутага акадэміка

Памятны валун - (5-8 хв). Каля былога дома Карскіх - (10 хв.).

Будынак былой школы і музея Я. Карскага, створанага А. Цыхуном (10 хв.).

Асобы: Я. Карскі, А. Баліцкі, А. Цыхун, генерал Грыгаровіч, В. Салома, А. Сталыпін (5-8 хв). Лікоўскі скарб 1954 г.

Свята-Мікалаеўская царква (5-10 хв.). Гісторыя прыхода. Легенда пра цудадзейны абраз, які вярнуў зрок сляпому шведскаму каню.

Могілкі (10 хв.). Месцы пахавання Івана Карскага, яго родных і блізкіх, маці А. Цыхуна, усыпальня-саркафаг індзейца народа кечуа з Перу, які ажаніўся з Лашанскай дзяўчынай. Страшная легенда пра тутэйшага гаспадара Яна Кунца, які парушыў пахаваныя косткі шведскіх жаўнераў.

2. Луцкаўляны. З гісторыі паселішча. Млын і эл. станцыя (да 5 хв.).

Экскурсія па гісторыка-краязнаўчым музеі. Памяць пра Карскага, А.Цыхуна, А. Баліцкага (да 30 хв.). Праводзіць дырэктар школьнага музея Ў.Козыраў.

3. Мястэчка Індура. Гістарычная легенда пра прыгажуню Інду (калі ў адным транспартным сродку, то як падарожная інфармацыя да Індуры - (5 хв.).

Гісторыя мястэчка Індура: Гарадзішча. Першыя насельнікі (да 10 хв.).

Троіцкі парафіяльны касцёл 1815 г. (да 10 хв.).

Мураваная сінагога 19 ст. (да 10 хв.).

Габрэйскія могілкі 18 ст. (паўдн-зах. Індуры).

Рамёствы габрэяў. Жабракі-габрэі 1830 г.

Хаім (Хайкель) Індурскі, да якога ў 70-я гады 18 ст з'язжаліся хасіды з усяго ВКЛ.

Свята-Аляксандра-Неўская царква 1881 г. (да 10 хв.).

(Цытаванне беларускіх слоў, не зафіксаваных слоўнікамі).

4. Гародня . Мікрараён Румлёва (калі ў адным транспартным сродку, то як падарожная інфармацыя - 10 хв.).

Мікрараён Румлёва. Гімназія № 1 (5 хв.).

Экскурсія ў гімназіі па музеі Я. Карскага (20-30 хв.).

Шпацыр па сцежках лесапарка "Румлёва"-помніка прыроды і садова-паркавага мастацтва.(10хв.)

5. Аграмаёнтак Каробчыцы . Абед. Нацыянальныя стравы ў рэстаране "Замак Зеваны" (60 хв.) ці Гародня - гасцініца "Турыст" (30 хв.).

Ідэя: В. Карнялюк, А. Крой.

Аўтары праекту: А. Крой, І. Буднік.

Удзячныя: К. Крою, А. Савашынскай, У. Хільмановічу, Н. Маліноўскай, В. Карнялюку, У. Козыраву, Ю. і К. Капіцам.

Павел Каралёў
Прыцягненне ўвагі грамадства да гісторыі і помнікаў праз святкаванне 18 красавіка (Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін) Фэсту экскурсаводаў

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЕСКА традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Гэта свята ўзяло пачатак з 1984 г., калі адбылося першае адзначэнне гэтага дня з мэтай прыцягнуць увагу грамадства да захавання аб'ектаў культурнай спадчыны.

На Беларусі гэты дзень традыцыйна прынята адзначаць рознымі мерапрыемствамі ў дачыненні да гістарычных помнікаў (канферэнцыі, круглыя сталы, прыборкі гістарычных мясцін і інш.). Яшчэ адным мерапрыемствам, якое ўжо набыло традыцыю святкавання ў гэты дзень, стаў Фэст экскурсаводаў, які ўпершыню прайшоў у 2009 г. у Мінску і ў некаторых іншых беларускіх гарадах.

Арганізатарамі святкавання Міжнароднага дня аховы помнікаў і мясцінаў (у межах якога праходзіць Фэст экскурсаводаў) выступілі: "Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС)", "Беларускі фонд культуры", "Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў", МГА "Гісторыка", гісторыка-краязнаўчае таварыства "Этна" БДУ культуры і мастацтваў, клуб "Камяніца" пры Палацы дзяцей і моладзі.

У чым ідэя Фэсту?

Фэст экскурсаводаў мае на мэце пазнаёміць жыхароў розных гарадоў і вёсак з адметнай гісторыяй, культурай і помнікамі краіны з дапамогай экскурсійных сродкаў. Асаблівасцю фестывалю з'яўляецца тое, што ўсе экскурсіі разлічаны найперш на жыхароў тых раёнаў, дзе яны непасрэдна праводзяцца, дзеля большага асэнсавання значнасці звыклых месцаў. Арганізатары святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцін праз Фэст экскурсаводаў прапануюць звярнуць увагу на адметныя беларускія помнікі, асабліва на тыя аб'екты, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Гэты дзень - 18 красавіка - з'яўляецца найлепшай магчымасцю даведацца пра гісторыю помнікаў, побач з якімі мы жывём. Наведванне ўсіх экскурсій у гэты дзень адбываецца на бясплатнай аснове.

Галоўнай асаблівасцю Фэсту экскурсаводаў з'яўляецца тое, што ўвага ў першую чаргу звяртаецца не толькі на знакамітыя замкі, палацы і храмы, але і на помнікі менш значныя, і часта менш вядомыя. Гэта старыя капліцы, закінутыя могілкі, старадаўнія будынкі і інш. Тыя месцы, дзе экскурсіі ў прынцыпе не прынята праводзіць. Менавіта на такую спадчыну і звяртаецца ўвага падчас Фэсту. Яшчэ адна адметнасць, што мясцовыя жыхары, выйшаўшы ў гэты дзень з пад'езда свайго дома і накіраваўшыся на бліжэйшую экскурсію, могуць даведацца пра гісторыю свайго раёна, і тым самым яшчэ больш адчуць прыналежнасць да гэтага месца.

Ужо падчас правядзення першага Фэсту экскурсаводаў (2009 г.) адчулася вялікая зацікаўленасць людзей да сваёй гісторыі. У Мінску і іншых гарадах і вёсках Беларусі адбылося каля 30 экскурсій, па падліках гэтыя экскурсіі наведалі больш за 800 чалавек. Затым колькасць як экскурсій, так і наведвальнікаў павялічвалася (2010 г.: 18 экскурсій па Мінску і 12 па рэгіёнах, агульная колькасць наведвальнікаў - 1100 чалавек. Падчас трэцяга Фэсту экскурсаводаў колькасць наведвальнікаў склала ўжо каля 1500 чалавек).

Падчас правядзення Фэсту экскурсаводаў існуе магчымасць не толькі даведацца і паслухаць цікавыя экскурсіі вядомых экскурсаводаў і гісторыкаў, але і паспрабаваць далучыцца і адчуць сябе ў ролі "гіда" тым, хто толькі пачынае вывучэнне адметных помнікаў або хто займаецца пастаяннай краязнаўчай працай.

Вынікі правядзення Фэсту экскурсаводаў дазваляюць высветліць, наколькі існуе зацікаўленасць людзей дадзенымі экскурсіямі і ў цэлым гістарычным мінулым. Апошняе адлюстроўваецца ў колькасных паказчыках наведвання той ці іншай экскурсіі. Так, пастаяннай цікавасцю карыстаюцца такія экскурсіі, як "Сэрца горада - Верхні горад" (67 чалавек), "Лошыца" (65 чалавек), "Ракаўскае прадмесце" (65 чалавек). (Лічбы прыведзеныя па першым фэсце 2009 г., у наступныя гады яны не памяншаліся). Некаторыя іншыя экскурсіі сталіся сапраўдным адкрыццём. Напрыклад, пастаянныя аншлагі збірае экскурсія "Музей валуноў" (раён Уручча), якую кожны раз наведвае болей за 100 чалавек (экскурсія 2009 г. - 130 чалавек). Гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра вялікую цікавасць і патэнцыял гэтага значнага, але да канца не дагледжанага помніка. Значны інтарэс таксама выклікалі такія незвычайныя экскурсіі, як "Мінск Хрысціянскі" (болей за 70 чалавек у 2009 г.), "Татарская слабада" (болей за 50 чалавек у першы год Фэсту і прыкладна такая ж колькасць у наступныя гады) і інш.

Асобную групу складаюць тыя экскурсіі, якія закранаюць малавядомыя раёны горада. За гэты час адбыліся экскурсіі з наступнымі назвамі: "Грушаўка", "Вяснянка", "Сляпянка", "Курасоўшчына" (усе па Мінску). Важнае значэнне для папулярызацыі помнікаў, што знаходзяцца пад пагрозай перабудовы ці знішчэння, маюць экскурсіі "Раён Трактарнага завода", "Мінская Кальварыя" і інш. Цікавымі экскурсіямі падчас правядзення апошніх фестываляў сталіся велапрабег-экскурсіі па мясцінах Караля Чапскага ў Мінску, а таксама экскурсія "Мінскае гета" і інш.

Асобная ўвага надзяляецца правядзенню экскурсій па рэгіёнах Беларусі. Як вядома, значная колькасць беларускіх помнікаў знаходзіцца ў невялікіх вёсках, мястэчках, раённых і абласных гарадах. І пазнаёміць мясцовых жыхароў з дадзенымі помнікамі, выклікаць пачуццё гонару за адметнасці ў сваім населеным пункце з'яўляецца адной з задач Фэсту экскурсаводаў.

За час правядзення Фэстаў экскурсаводаў адбыліся неаднаразовыя экскурсіі ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Віцебску, Слоніме, Наваградку, Лідзе і інш. У апошні час адбываецца нават па некалькі экскурсій у кожным горадзе. Так, напрыклад, у Гродне ў 2011 г. адбылося ажно 5 экскурсій, у Полацку - 6. У 2012 г. запланавана яшчэ больш экскурсій. Кожны год далучаюцца новыя экскурсіі: напрыклад, у 2012 г. далучыліся гарады Капыль, Талачын, г.п. Мір. Некаторыя экскурсіі маюць цікавыя назвы: "Віцебск вачыма Юзафа Пешкі", "Кіна-тэатральны Гродна", "Татральны Мінск", "Гімназісты сто год таму" (пра Мінскую гімназію і іншыя навучальныя ўстановы Мінска). Многія з гэтых экскурсій утрымліваюць тэатралізаваныя моманты, перформансы, што яшчэ больш дазваляе цікавым чынам скіраваць увагу людзей на гістарычнае мінулае.

Ужо другі год запар у межах Фэсту будуць адбывацца храмавыя экскурсіі, якія набылі таксама значную цікавасць у жыхароў Мінска.

Звычайна правядзенне Фестывалю ўключае заключны канцэрт, на якім падсумоўваюцца вынікі праведзеных экскурсій, адбываецца абмен уражаннямі, узнагароджанне ўдзельнікаў (як прафесійных экскурсаводаў, так і тых, хто з'яўляецца пачаткоўцам у дадзенай сферы), а таксама выступы музыкаў.

Апроч таго, Фэст мае скразную тэму, якая падымае актуальныя праблемы па зберажэнні гістарычнай спадчыны. Так, Фэст экскурсаводаў 2011 г. быў прысвечаны валанцёрскім ініцыятывам. Падчас фестывалю рэкламаваліся розныя ініцыятывы па зберажэнні помнікаў, якія існуюць ў Рэспубліцы Беларусь. Кожны год да свята выходзіць асобная паштоўка, якая змяшчае ідэю Фэсту з заклікам зберажэння помнікаў і напамінам пра Міжнародны дзень помнікаў і мясцін.

У 2012 годзе ў Беларусі ў чарговы раз плануецца Фэст экскурсаводаў. Мерапрыемствы Фэсту пройдуць у бліжэйшыя выхадныя пасля 18 красавіка, а менавіта 21 - 22 красавіка. Запланавана шырокая праграма мерапрыемстваў, у тым ліку канцэрт і экскурсіі па рэгіёнах. Апошнім часам ініцыятыву Фэсту экскурсаводаў пачалі падтрымліваць беларускія дыяспары па-за межамі Беларусі. Так, у 2011 г. да свята Міжнароднага дня помнікаў і мясцін адбылася экскурсія па "беларускай Празе". У 2012 г. таксама плануецца некалькі экскурсій па беларускіх мясцінах у замежных сталіцах. Можна спадзявацца, што і надалей Фэст экскурсаводаў будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай спадчыны сярод жыхароў Беларусі, развіццю краязнаўчага і валанцёрскага руху.

Напрыканцы хочацца падзякаваць усім тым, хто далучыўся да ідэі правядзення фестывалю і сваімі высілкамі змог паказаць тую прыгажосць нашай краіны, яе помнікаў, якая існуе побач і якую мы часта недаацэньваем. Усё гэта было б немагчыма без экскурсаводаў, гісторыкаў і іншых неабыякавых людзей. Тым, хто жадаў бы далучыцца да ўдзелу ў наступных фестывалях экскурсаводаў, прапануем звярнуцца да арганізатараў (fest.icomos.by).

І.І. Бубновіч
Мікратапонімы - скарбніца ведаў пра вёску

Мікратапонімы в. Капцёўка Гродзенскага раёна аб'ектыўна адлюстроўваюць працэс і ўмовы свайго ўзнікнення, прыродна-геаграфічныя своеасаблівасці, спецыфіку вытворча-прафесійнай дзейнасці жыхароў, таму знаходзяцца ў цеснай сувязі з геаграфіяй і гісторыяй мясцовасці.

Калі айконімы існуюць не адно стагоддзе, утвараюцца ў розныя перыяды развіцця беларускай мовы і грамадства, магчыма, іх паходжанне схавана за смугою часу, таму і не заўсёды зразумелае, то мікратапонімы жывуць пераважна на працягу некалькіх пакаленняў жыхароў наваколля, таму адносна лёгка тлумачацца людзьмі старэйшага пакалення, а навукоўцам даюць матэрыял для развагаў не толькі над гісторыяй мікратапаніміі, але і айканіміі, гісторыі беларускай мовы.

У гаворцы в. Капцёўка адначасова функцыянуюць мікратапонімы, якія ўтварыліся ў розныя перыяды, аднак, на нашу думку, можна дастаткова дакладна прасачыць пэўныя этапы ўзнікнення найменняў у ХХ ст.: 1) пачатак ХХ ст. - да 1939 г., або, як у нас гавораць, "за польскім часам", "за панамі"; 2) пасляваенныя гады, час існавання калгаса, Савецкай улады; 3) два апошнія дзесяцігоддзі, калі пачалі будаваць у вёсцы шмат уласных катэджаў, вёска набыла статус аграгарадка. Ёсць, зразумела, мікратапонімы, якімі карыстаюцца шмат гадоў, і нават самыя старыя ў вёсцы людзі не могуць патлумачыць іх паходжанне, а пераказваюць як магчымыя версіі, што пачулі ад сваіх бацькоў, напрыклад, Швецкая гара . Гавораць, што высокі пагорак, які так цяпер называюць, узнік у час руска-шведскай вайны, пахаваны тут шведы. Дакладна невядома, ці ёсць тут доля праўды, але людзі, што пабудавалі каля падэшвы ўзгорка хату, пры будаўніцтве знаходзілі чалавечыя косці. Да мікратапонімаў, час замацавання якіх не памятаюць, можна аднесці: Скільма 'лес ад в.Капцёўка злева шашы насупраць в. Навасёлкі', Саліноўшчына 'лес каля шашы на г. Гродна насупраць в. Сухмяні', Таляўшчына 'лес за в. Капцёўка ў бок в. Сухмяні' і інш.

Многія аб'екты маюць некалькі назваў, што ўзніклі неадначасова, а цяпер паралельна выкарыстоўваюцца жыхарамі. Адзначым таксама, што розныя пакаленні людзей ужываюць розныя назвы. У маўленні жыхароў старэйшага ўзросту пераважаюць мікратапонімы, якія ўтварыліся "за польскім часам", у першыя пасляваенныя гады, а моўнікі сярэдняга і малодшага ўзросту такія найменні выкарыстоўваюць радзей, часам гэтых назваў яны і зусім не ведаюць, а называюць аб'екты па-новаму.

Як і на іншай тэрыторыі Беларусі, тут шырока пададзены мікратапонімы, звязаныя з прыватнай уласнасцю на зямлю, лес, іншую нерухомую маёмасць. Гэтая група назваў узнікла да 1939 года. Назіранні над фактычным матэрыялам даюць магчымасць сцвярджаць, што сярод аграонімаў і зараз пераважаюць такія найменні: Царкоўная зямля 'ўчастак зямлі, які некалі належаў царкве', Зямля Кеселя 'ўчастак зямлі каля в. Капцёўка, які раней належаў гаспадару па прозвішчы Кесель', Зямля Рагіна 'ўчастак зямлі каля в. Капцёўка, які раней належаў гаспадару па прозвішчы Рагін', Надаткі 'дрэнная зямля на Падоўжаных нівах, невялікія кускі, раней там дадавалі зямлю да асноўнай', Шэўчыкаў хутар 'поле, дзе раней быў хутар чалавека па прозвішчы Шэўчык', Зямля Дзёткавых 'кавалак зямлі ў Вялікім (Велькім) лесе, які некалі належаў гаспадарам па прозвішчы Вашкевіч, якія мелі мянушку Дзёткавыя' (другая назва У Велькум лесі ), Сідаровічаво поле 'поле перад БАМам (калгаснай жывёлагадоўчай фермай)', Мар'іна горка 'поле за Салдацкім лесам', Макарыхі поле 'поле каля хутара жанчыны па мянушцы Макарыха', На Баўсюкох 'поле каля БАМа (у вёсцы жывуць сем'і з прозвішчам Баўсюк)', Чэцьверці (Чвэрці) 'поле за в. Капцёўка справа ад дарогі на в. Індура', Бычка зямля 'зямля, якая належала чалавеку па прозвішчы Бычэк (Бычок)', Мілашэвічава зямля 'зямля, якая належала чалавеку па прозвішчы Мілашэвіч', Юркавых зямля 'зямля, якая належала сям'і па мянушцы Юркавыя', Панская зямля 'частка поля ад вёскі да дарогі пад Салдацкі лес', Паўлоўскіх зямля 'зямля, якая належала сям'і па прозвішчы Паўлоўскія', Касілісіна поле 'ўчастак зямлі, які належаў жанчыне па мянушцы Касіліха (прозвішча Касіла), знаходзіцца насупраць месца, дзе была яе хата', Казікаў хутар 'зямля, дзе быў хутар чалавека па імені Казік (Казімір)', Баўсюкі (Баўсюке) 'месца, горка за могілкамі каля в. Капцёўка' і інш.

Ёсць мікратапонімы, якія выразна адлюстроўваюць межы землеўладанняў: Навасёлкаўская мяжа 'месца, дзе праходзіць мяжа паміж палямі, што належалі жыхарам в. Капцёўка і в. Навасёлкі', Граніца 'месца, дзе праходзіць цяпер новая дарога на в. Брузгі (паміж в. Капцёўка і Панскай зямлёй)'.

У мікратапаніміі в. Капцёўка зафіксаваны намі два мікратапонімы Марге , якія захоўваюць назвы былых зямельных мераў: Марге 'паша за дарогаю ад в. Капцёўка да в. Бычкі, дзе пасля пасадзілі малады калгасны сад', Марге 'балота, паша за Габіной, пад в. Сухмяні'.

Рэдка ўжываюцца цяпер назвы лугоў і лясоў, якія ўтварыліся ў гэтыя часы: Шальвестрыхі луг 'луг каля былога хутара жанчыны па мянушцы Шальвестрыха', Сільвестраў лужок 'лужок за в. Капцёўка насупраць грыўкоўскіх дач', Гарасімаў луг 'луг каля шашы на г. Гродна насупраць в. Палаткова, за Ройсценскім лугам' (там некалі была карчма, гаспадара якой звалі Герасім), Панскі лес 'лес паміж в. Капцёўка і в. Навасёлкі злева ад Саломенскай дарогі', Агулец 'частка лесу, які цяпер называецца Салдацкім лесам'.

Назвы Панскі лес і Агулец прадстаўнікі малодшага пакалення не ведаюць, толькі людзі, якім каля 80 гадоў, пастаянна карыстаюцца імі, усе астатнія называюць гэты лес Салдацкі лес , бо ў савецкі час тут размяшчалася вайсковая частка,

Пра з'явы амаль стогадовай даўніны распавядаюць мікратапонімы Ліпавая алея 'рэшткі ліпавай алеі ад месца, дзе стаяў панскі дом да цяперашняга будынка лазні ў в. Капцёўка', Райскія яблычкі 'частка саду каля былога панскага дома, дзе раслі маленькія чырвоныя яблыкі'.

Неафіцыйныя назвы вуліц, частак вёскі, асобных дамоў, хутароў таксама нагадваюць пра былыя гістарычныя падзеі, старых уладальнікаў, сведчаць, што ў вёсцы быў панскі маёнтак, мясцовае кіраўніцтва, развіты гандаль, аднак некаторымі з мікратапонімаў карыстаюцца толькі людзі сталага веку: Плябанія 'дом, дзе раней жыў бацюшка, потым солтыс' (цяпер там пошта), Гміна 'дом, дзе раней была гміна, потым школьны інтэрнат', Дом людовы 'будынак, дзе раней быў народны дом, а пасля размяшчаўся клуб' (цяпер будынак поўнасцю перабудавалі), Палац 'месца, дзе стаяў панскі дом', Барак 'месца, дзе стаяў вялікі дом, у якім жылі панскія работнікі' (знаходзіцца недалёка каля Палаца, бліжэй да рэчкі), Скалышанчын магазін 'дом над сажалкай, дзе быў некалі магазін жанчыны па мянушцы Скалышанка', Рынкевічава хата 'хата каля сажалкі, стаяла наводдаль ад в. Капцёўка', Каралёў хутар 'месца ў канцы в. Капцёўка, дзе стаяла хата чалавека па мянушцы Кароль', Макары 'хутар каля в. Капцёўка, дзе жылі людзі па прозвішчы Макар', Пуцілоўскія 'хутар каля в. Капцёўка, дзе жылі людзі па прозвішчы Пуцілоўскія', Строкі 'хутар і зямля пры ім, названыя паводле мянушкі былога гаспадара' і інш.

Старую частку вёскі, што цягнецца ад сажалкі, выкапанай пры панах, да перакрыжавання па дарозе ў бок в. Індура, называюць Старая вёска , Капцяўшчызна . Мікратапонім Старая вёска ўзнік досыць позна, калі вёска пачала адбудоўвацца пасля вайны, з'явілася новая частка вёскі, а наяўнасць у назве Капцяўшчызна польскага варыянта фарманта -ызна сведчыць пра значна ранейшае яе паходжанне.

Назвы дарог звычайна паказваюць на кірунак, аднак некаторыя дарогі захоўваюць старыя найменні, у якіх бачым гісторыю і час іх будаўніцтва, прызначэнне: Брукоўка 'так раней называлі брукаваную дарогу ад в. Капцёўка да г. Гродна', Касцельна дарога 'дарога з в. Цвіклічы да касцёла ў в. Капцёўка' (гэты варыянт назвы існаваў і ў савецкі час, калі ў касцельным будынку было зярнясховішча), Авеча дарога 'дарога ад хаты Ашуркі ў лес' (па ёй некалі" ганялі авечак), Шарваркова дарога 'дарога ад в. Капцёўка да в. Саломенка' (шарваркам называлі работу на шашы), Стары гасцінец 'дарога з в.Капцёўка на в. Саломенка, абсаджаная таполямі'.

Вёска Капцёўка размяшчаецца на ўзгорках, якія мясцовыя жыхары не без падставаў называюць горамі. Каля Капцёўкі знаходзіцца найвышэйшы пункт раёна - 247 м. [2, с. 299]. Пра назвы ўзвышшаў цяжка з пэўнасцю сказаць, калі замацаваўся мікратапонім за геаграфічным аб'ектам, асабліва калі ў назвах адлюстроўваюцца такія адметнасці, як вышыня, форма і інш.: Сахарная гара 'ўзвышша за в. Капцёўка злева ад дарогі на в. Індура', Высокая гара 'ўзгорак за в. Капцёўка каля пабудаванай цяпер запраўкі', Бохан 'узвышша паміж в. Грыўкі і в. Капцёўка, бліжэй да в. Грыўкі'. Аднак да даваеннага перыяду можна аднесці назвы, звязаныя з пэўным спосабам вытворчасці, уладальнікамі зямлі: Жвіроўня 'ўзвышша, дзе бралі жвір' (цяпер там пабудавалі аднапавярховыя прыватныя дамы), Кохнаўска гара 'ўзгорак каля калгаснай жывёлагадоўчай фермы' (магчыма зямля некалі належала сям'і па прозвішчы Кохна).

Ёсць і іншыя мікратапонімы, што ўзніклі прыкладна ў гэты час, напрыклад, Старыя могілкі 'старыя могілкі ў в. Капцёўка, дзе і цяпер ёсць асобныя помнікі' (апошнія пахаванні зробленыя каля ста гадоў таму назад).

У савецкі перыяд утварыліся мікратапонімы, што адлюстроўваюць рэаліі тагачаснага жыцця, палітычныя падзеі, новыя пабудовы, пасадкі і інш.: Настаўніцкі (Вучыцельскі) домік 'двухпавярховы дом, дзе жывуць толькі настаўнікі', Домікі 'частка в. Капцёўка, дзе пабудаваныя трохпавярховыя дамы', Салдацкі лес 'лес паміж в. Капцёўка і в. Навасёлкі, дзе размяшчаліся вайскоўцы', Палестына 'частка в. Капцёўка, бліжэйшая да БАМа (калгаснай жывёлагадоўчай фермы)', Стары сад 'стары калгасны сад', Малады сад 'калгасны сад, пасаджаны пазней Старога саду', Пад садзікам 'тэрыторыя, прылеглая да дзіцячага садка', БАМ 'калгасная ферма, пабудаваная ў 80-ыя гады, а таксама прылеглая да яе тэрыторыя', Грыўкоўскія дачы 'дачы паміж в. Капцёўка і в. Грыўкі', Новая дарога 'дарога ад в. Капцёўка да в. Навасёлкі праз Салдацкі лес' і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі ўтварыліся мікратапонімы: У Старым садзе 'новыя катэджы, пабудаваныя на месцы старога калгаснага саду', У Маладым садзе 'поле, дзе выкарчавалі малады калгасны сад', Новы дом 'двухпавярховы дом за школьным стадыёнам, пабудаваны 2 гады назад' і інш.

Параўнальна новымі з'яўляюцца шматлікія назвы-арыенціры, якія выступаюць у розных варыянтах, што сведчыць пра іх станаўленне: Пад запраўкай (Каля запраўкі) 'тэрыторыя, што размяшчаецца недалёка ад пабудаванага некалькі гадоў назад будынка заправачнай станцыі', Каля кафэ 'тэрыторыя, прылеглая да магазіна (былога кафэ)'.

Захоўваюцца назвы-арыенціры і з савецкіх часоў (пераважна найменні дарог і пэўных тэрыторый): Каля помніка (Каля памятніка) 'тэрыторыя каля помніка на брацкай магіле савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні вёскі, (пахавана 44 воіны і 6 партызанаў, абеліск пастаўлены ў 1954 годзе) [1, с. 156], Пад канторай 'тэрыторыя каля будынка сельскага савета і калгаснай адміністрацыі', Каля фермы 'месца, дзе была старая калгасная ферма, а цяпер пабудаваныя дамы', Пад сталовай 'тэрыторыя каля кафэ (магазіна)', Да амбулаторыі 'дарога ад перакрыжавання да амбулаторыі', На домікі 'дарога ад цэнтра вёскі на трохпавярховыя дамы', На БАМ 'дарога на пабудаваную ў 80-ыя гады ХХ ст. калгасную ферму', На зернасклад 'палявая дарога па-за могілкамі на збожжасховішча', Пад баню 'дарога ад сажалкі да калгаснай лазні' і інш.

Назіранні над фактычным матэрыялам паказваюць, што мікратапанімія в. Капцёўка захоўвае розныя храналагічныя пласты лексікі (пераважна ХХ ст.), адлюстроўвае гісторыю ўтварэння найменняў, фіксуе падзеі, што адбываліся тут за апошняе стагоддзе, таму можа служыць цудоўнай крыніцай вывучэння гісторыі роднага краю і патрабуе далейшага даследавання.

Літаратура:

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. - Мінск, 1986.

2. Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны. - Мінск, 2004.

Ганна Чэрнік
Навуковая спадчына Мікалая Іванавіча Каспяровіча як падмурак для папулярызацыі краязнаўства на сучасным этапе

У кожнага чалавека існуе прага да вывучэння навакольнага асяроддзя, да больш глыбокага знаёмства з матэрыяльнай і духоўнай культурай сваёй краіны. Гэтая цікавасць жыла ў людзей спрадвеку. Спачатку гэта было неасэнсаванае, эксперыментальнае азнаямленне з тэрыторыяй, на якую трапляў чалавек з мэтай наладзіць сваё жыццё. З цягам часу дзейнасць чалавека, звязаная з вывучэннем свайго краю, пачала мець больш дасканалыя формы і ў выніку набыла адпаведны назоў - краязнаўства.

Пад краязнаўствам разумеецца вывучэнне на навуковай аснове гістарычных, палітычных, сацыяльна-эканамічных, геаграфічных, культурных, прыродных і шэрагу іншых фактараў, якія характарызуюць у комплексе фармаванне і развіццё пэўнай тэрыторыі краіны (вёскі, горада, раёна, вобласці). Краязнаўства садзейнічае ўзняццю на высокі ўзровень грамадскай ініцыятывы, фарміруе патрыятызм, актыўную грамадзянскую пазіцыю і таксама з'яўляецца падмуркам для фармавання турыстычнага іміджу краіны.

Для таго, каб арыентавацца ў сучасным стане беларускага краязнаўства, каб папулярызаваць дадзеную дзейнасць і каб мець магчымасць фарміраваць праз яе станоўчы турыстычны імідж краіны, варта не забывацца на навуковую спадчыну і практычны вопыт выбітных дзеячаў краязнаўчай справы.

Адным з такіх дзеячаў з'яўляецца Мікалай Іванавіч Каспяровіч - тыповы прадстаўнік інтэлігенцыі пачатку 20-га стагоддзя, выхадзец з простай сялянскай сям'і, які, дзякуючы сваёй самаадданай працы на ніве адраджэння беларускай культуры, паступова ператварыўся ў вучонага нацыянальнага маштабу, зацвердзіўшы сябе шэрагам выдатных даследаванняў.

Нарадзіўся Каспяровіч 22 (9 па старому стылю) мая 1900 года ў маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і арандатара. У 1912 годзе скончыў Багушэвіцкую царкоўнапры-ходскую школу, а ў 1917 - Ігуменскае вышэйшае пачатковае вучылішча [1, с.208]. З восені гэтага ж года, здаўшы пры Бабруйскай мужчынскай гімназіі спецыяльныя экзамены на званне народнага настаўніка, пачаў выкладаць у Міраслаўскай школе першай ступені, што на тэрыторыі цяперашняга Бярэзінскага раёна [5, с. 97]. Праз год працу ў школе спалучае з вучобай на літаратурна-мастацкім аддзяленні Мінскага педагагічнага інстытута, ператворанага потым у Мінскі інстытут народнай асветы.

Скончыўшы ў 1921 годзе Мінскі педагагічны інстытут, працаваў інструктарам Беларускага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, а з лістапада 1922 года - школьным інспектарам Слуцкага акруговага аддзела народнай асветы [3, с. 141].

У жніўні 1924 года Каспяровіч быў пераведзены на пасаду інспектара Віцебскага акруговага аддзела народнай асветы. Час жыцця Мікалая Іванавіча ў Віцебску даволі непрацяглы, але мае вялікае значэнне ў яго станаўленні як сапраўднага вучонага. Менавіта ў Віцебску Каспяровіч пачаў даследаваць мясцовыя культурныя традыцыі і асаблівасці мясцовай мовы. Выступіў ініцыятарам стварэння Віцебскай філіі Усебеларускага літаратурнага аб'яднання "Маладняк" і Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства [5, с. 97].

За непрацяглы тэрмін Мікалай Іванавіч зрабіў мясцовую краязнаўчую арганізацыю сапраўды дзейснай, адпавядаючай патрэбам часу. Сваім прызначэннем таварыства рабіла "ўсебаковае вывучэнне і даследаванне Віцебскай акругі ў эканамічным, культурна-гістарычным і іншых стасунках, навуковую распрацоўку належачых да гэтай галіны пытанняў, распаўсюджанне адпаведных звестак і абуджэнне зацікаўленасці да Таварыства ў грамадзянстве" [6, с.18]. Галоўнымі задачамі таварыства былі ўлік, апісанне і ахова помнікаў гісторыі і старасветчыны [8, с. 13]. Для дасягнення мэты выкарыстоўваліся такія формы працы, як чытанне лекцый, арганізацыя вечароў, публікацыя артыкулаў і асобных прац. Таварыства заслухоўвала і абмяркоўвала даклады, наладжвала грамадскія чытанні, дыспуты, выканаўчыя сходы. Былі адчынены курсы вучэбнага характару, арганізоўваліся музеі, пастаянныя і перыядычныя выставы. Наладжваліся экскурсіі, падчас якіх збіраліся калекцыі і матэрыялы. Таварыства ўнесла вялікі ўклад у вывучэнне беларускай мовы, літаратуры, фальклору, мастацкіх традыцый Віцебшчыны [6, с. 18].

За той час, калі Каспяровіч працаваў на Віцебшчыне (1924-1926), ён фактычна стаў адным з заснавальнікаў савецкага краязнаўчага руху ў гэтым краі, а потым і ў БССР.

У верасні 1926 года Каспяровіч быў адкліканы ў Мінск і назначаны навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце і сакратаром краязнаўчага часопіса "Наш край".

З другой паловы 1930 года навуковая дзейнасць Мікалая Каспяровіча спынілася. З гэтага часу пачынаюцца трагічныя старонкі яго біяграфіі. Разам з групай вядомых пісьменнікаў і культурных дзеячаў Беларусі быў арыштаваны па справе "Саюза вызвалення Беларусі", асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Спачатку ён працаваў у гарадскім пасёлку Асінкі Кемераўскай вобласці (1930-1934), затым у Новасібірску. Там з красавіка 1936 па жнівень 1937 года чытаў лекцыі па тэорыі літаратуры ў педагагічным інстытуце і выкладаў рускую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі [3, c. 143].

У 1937 годзе быў паўторна арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па першым прыгаворы быў рэабілітаваны ў 1960 годзе, а па другім - у 1958.

Мікалай Іванавіч Каспяровіч належыць да вучоных шырокага творчага дыяпазону. Сферай яго інтарэсаў былі разнастайныя навуковыя кірункі. Ён апублікаваў звыш 250 прац: манаграфій, артыкулаў, рэцэнзій. Уражвае надзвычайная шырыня іх тэматыкі. Гэта даследаванні па гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мастацкай літаратуры, жывапісе, архітэктуры, мовазнаўстве [4, с. 13].

Але краязнаўчая тэматыка была асноўнай у даследчыцкай дзейнасці Мікалая Каспяровіча. Ён займаўся гісторыяй краязнаўчай працы, распрацоўваў задачы і методыку краязнаўства. Кніга Мікалая Каспяровіча (зборнік нарысаў) "Краязнаўства" ў 1920-я гады выкарыстоўвалася ў якасці вучэбнага дапаможніка для краязнаўцаў Беларусі [9, с. 62].

Зборнік нарысаў быў выдадзены ў 1928 годзе, у час калі краязнаўчы рух шырока разгарнуўся на Беларусі. Але, як зазначае аўтар, "ён яшчэ не паспеў стаць масавым. На 4.952.000 насяленьня БССР у нас налічваецца толькі 10.500 членаў краязнаўчай сеткі. Большаму пашырэньню краязнаўства сярод шырокіх мас насяленьня ў значнай меры перашкаджала адсутнасць краязнаўчай літаратуры на роднай мове. Руская і украінская краязнаўчая літаратура, якімі карысталіся некаторыя краязнаўцы, адбівалі выключна рускі і украінскі краязнаўчы рух. Гісторыя і практыка іх звычайна адрозніваюцца ад гісторыі і практыкі нашага краязнаўчага руху. Таму рускія і украінскія выданьні не маглі даць тутака такой карысьці, якую даюць у РСФСР і УССР. Да таго-ж для шырокіх мас моладзі яны не даступны па мове" [7, с. 7].

Зыходзячы з усяго вышэйадзначанага можна зрабіць выснову, што Каспяровіч бачыў вострую неабходнасць у існаванні краязнаўчай літаратуры на роднай мове. Ён зрабіў спробу напісання бадай што першага падручніка па краязнаўстве БССР. Даследчык зазначае: "Калі гэтыя нарысы, аб'яднаныя агульнай ідэяй пазнаньня краю для зьмены яго на карысьць насельнікаў, паспрыяюць пашырэнню ідэй краязнаўства сярод шырэйшага кола працоўных БССР - мэта іх будзе дасягнутая" [7, с. 7].

Кнігу Мікалая Каспяровіча "Краязнаўства", можна лічыць універсальнай з пункту гледжання наступных характарыстык. Па-першае, яна можа быць выкарыстана як для тэарэтычных, так і для практычных мэтаў. З пункту гледжання тэарэтычных момантаў, кніга раскрывае сутнасць краязнаўства, дае магчымасць чытачу пазнаёміцца з мэтамі, задачамі і гісторыяй краязнаўства. Што тычыцца практычнага боку, то кніга змяшчае метадалагічныя распрацоўкі (інструкцыі) па арганізацыі краязнаўчай працы, што дазваляе ўсім жадаючым правільна і дасканала ўтварыць любую форму краязнаўчай арганізацыі. Да таго ж, адзін з артыкулаў кнігі ("Краязнаўчыя вандраванні і падарожы") раскрывае сутнасць турыстычнага вандравання, якое і сёння з'яўляецца папулярным баўленнем часу (аднак з пэўнымі зменамі ў яго сутнасці і структуры). У артыкуле прапанавана 12 маршрутаў з апісаннем найбольш славутых мясцін кожнага края, па якіх і дагэтуль ладзяцца вандроўкі, як самастойныя (сярод аматараў краязнаўчай справы), так і арганізаваныя рознымі турыстычнымі арганізацыямі.

Парады Каспяровіча ў справе арганізацыі вандровак з'яўляюцца вытокам развіцця краязнаўчага вандравання на Беларусі. Шмат з таго, што ён казаў на пачатку мінулага стагоддзя, застаецца неад'емнай часткай праектавання тура ў сучаснай турыстычнай справе. Каспяровіч вылучыў асноўныя пункты, з якіх складаецца вандроўка, і апісаў механізм працы над кожным момантам у асобнасці пры складанні плану маршрута.

Па-другое, кніга з'яўляецца ўніверсальнай у часавым вымярэнні. Напісаная яшчэ ў першай трэці мінулага стагоддзя, яна застаецца запатрабаванай і па сённяшні час. Дасканалы аналіз развіцця розных формаў краязнаўчых арганізацый і стану краязнаўчай сеткі на тэрыторыі БССР у 20-х гадах 20-га стагоддзя з'яўляецца вельмі карысным матэрыялам як для простага азнаямлення з сітуацыяй у дадзеным гістарычным адрэзку, так і для выкарыстання яго ў навуковых мэтах. Да кнігі Мікалая Каспяровіча звярталіся некаторыя даследчыкі пры напісанні дысертацый на атрыманне навуковай ступені кандыдата гістарычных навук. У 2006 годзе такую спробу зрабіў Ігар Уладзіміравіч Цітовіч, працуючы над тэмай "Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.)" [9, с. 6]. А ў 2008 годзе, даследуючы тэму "Краязнаўчы рух у БССР у 20-30-я гг. XX ст.", Антон Уладзіміравіч Дзянісаў [6, с. 7].

Такім чынам, кніга Мікалая Каспяровіча "Краязнаўства" з'яўляецца сапраўдным скарбам не толькі для ўсіх аматараў краязнаўчай дзейнасці, але і для людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да краязнаўства ў якасці навуковай дысцыпліны і вывучаюць ці даследуюць асобныя пытанні з гісторыі развіцця краязнаўчага руху на Беларусі, садзейнічаюць папулярызацыі краязнаўства на Беларусі.

Літаратура:

1. Беларускія пісьменнікі : Біябібліягр. слоўнік. - Мінск, 1994. - Т. 3. -с.208-211.

2. Галаўнёва, Г. Асноўныя накірункі дзейнасці Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства (1920-я гады) / Г. Галаўнёва // Итоги НИР - 2001. - Тезисы доклада 51 научной конференции. - Витебск. - 2002. - С. 17 - 18.

3. Германовіч, І.К. Беларускія мовазнаўцы: нарысы жыцця і навук. дзейнасці / І.К. Германовіч. - Мінск : БелЭн, 1985. - С. 141-162.

4. Германовіч, І.К. Жыццё праляцела знічкай / І.К. Германовіч // ЛіМ. - 1980 - 22 жн. - С. 3.

5. Германовіч, І.К. На ростанях / І.К. Германовіч // Роднае слова. - 2000. - № 5. - С. 97-99.

6. Дзянісаў, А.У. Краязнаўчы рух у БССР у 20-30-я гг. XX ст. : аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук : 07.00.02 / А.У. Дзянісаў ; Беларус. дзярж. пед. у-т імя М. Танка. - 21 с.

7. Каспяровіч, М. Краязнаўства / М. Каспяровіч. - Менск : Бел. дзярж. выдавецтва, 1928. - 160 с.

8. Краўчанка, А. Віцебскія краязнаўцы ў дзеянні / А. Краўчанка // Падарожнік - 1998. - № 2. - С. 13.

9. Півавар, М.В. Даследчыкі Полацка-Віцебскай даўніны XVI ст. - 1944 г.: даведнік / М.В. Півавар. - Віцебск: Віцеб. абл. друк., 2006. - 176 с.

10. Цітовіч, І.У. Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921- 1939 гг.): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / І.У. Цітовіч; РІВШ. - 19с.

Юрый Маліцкі
Лінгвакраязнаўчая дзейнасць як найбольш эфектыўны метад збірання дыялектнай эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі

Лексічны фонд беларускага дыялектнага маўлення не абмяжоўваецца словамі, функцыя якіх заключаецца толькі ў называнні рэалій. Значная частка слоўнікавага складу беларускіх гаворак - гэта адзінкі, прызначэнне якіх, акрамя намінацыі, заключаецца і ў выражэнні характарыстыкі прадметаў і з'яў, вызначэнні іх каштоўнасці праз суб'ектыўныя адносіны моўцы. Менавіта такія словы ў лінгвістычнай традыцыі прынята называць эмацыянальна-ацэначнымі і экспрэсіўнымі. Яны адлюстроўваюць вынік характарыстычнай дзейнасці чалавека, якая праяўляецца ў выглядзе: "а) эмацыянальна-пачуццёвага ўспрымання і кваліфікацыі аб'ектаў рэчаіснасці на аснове непасрэднага перажывання; б) рацыянальна-ацэначнай кваліфікацыі на аснове разумовай ацэнкі" [1, с. 95]. У эмацыянальных/экспрэсіўных намінацыях знаходзяць адлюстраванне як часава канкрэтныя, так і адвечныя ўяўленні народа аб сацыяльна-этычных нормах паводзінаў, аб адносінах да фактаў і з'яў навакольнай рэчаіснасці. У шырокім сэнсе, эмацыянальна-экспрэсіўныя словы з уласцівымі народнаму маўленню гумарам і дасціпнасцю раскрываюць (у асноўным шляхам "ад адваротнага") традыцыйнае паняцце аб прыгажосці, норме, добрым ці дрэнным. Так, заўсёды лічыліся недахопамі і адмоўна ацэньваліся такія якасці чалавека, як інтэлектуальная абмежаванасць, легкадумнасць, грубасць, марудлівасць, непаваротлівасць, празмерна вялікі або малы рост, надта высокі або нізкі тэмп маўлення, нязграбная манера хады і да т.п. Усё гэта адлюстравалася ў сферы экспрэсіўнай/ацэначнай лексікі, абумовіўшы з'яўленне ў народным маўленні лексем тыпу зрэнькаты 'пра чалавека з вялікімі вачыма', калдыкаць 'ісці нязграбна, кульгаючы', кунджаравы 'пра чалавека з кучаравымі валасамі', лыскатаць 'гаварыць без толку', мармыль 'маўклівы, негаваркі, замкнуты чалавек', махлак 'грубы, некультурны чалавек', тарабарыцца 'бязладна, шумна размаўляць', турлычыць 'неразборліва гаварыць', шалапута 'легкадумны чалавек' і інш.

Адной з асноўных асаблівасцей корпуса эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі з'яўляецца пастаянная тэндэнцыя да абнаўлення моўных сродкаў рэалізацыі адпаведнага зместу. Эмацыянальна/экспрэсіўна маркіраваныя адзінкі за вельмі кароткі час губляюць свой вобразны выяўленчы патэнцыял і замяняюцца іншымі. У сувязі з тым, што названыя моўныя працэсы носяць перманентны характар, пошукава-даследчую работу па фіксацыі і належнай апрацоўцы эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі мэтазгодна ажыццяўляць сістэмна, з разлікам на перспектыву.

На дадзены момант палявыя дыялекталагічныя даследаванні ў нашай краіне ажыццяўляюцца выключна экспедыцыйным спосабам. Выязная методыка збору моўнай інфармацыі атрымала шырокае развіццё ў Беларусі ў другой палове мінулага стагоддзя, калі актыўна праводзілася работа па збіранні намінатыўнай, эмацыянальна/экспрэсіўна нейтральнай лексікі. У такіх умовах экспедыцыйны спосаб сябе цалкам апраўдваў. Аднак, як паказвае вопыт, пры працы з эмацыянальна або экспрэсіўна маркіраванымі адзінкамі маўлення ён аказваецца неэфектыўным. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу пазамоўнымі прычынамі. Эмацыянальна-ацэначныя і экспрэсіўныя словы (а ў самым шырокім разуменні да іх адносяцца і мянушкі, і характарыстычныя назвы чалавека паводле рыс характару і знешняга выгляду) адназначна ўспрымаюцца інфармантамі як адзінкі з адценнем празмернай грубасці і фамільярнасці. Зыходзячы з гэтага, інфарманты часта саромеюцца ўжываць такія словы, не лічаць іх "вартымі" таго, каб узгадваць іх у размове з даследчыкам (у разуменні вяскоўца - "вучоным" чалавекам). Пераадоленне псіхалагічнага бар'ера, з якім сутыкаецца прыезджы навуковец пры збіранні эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, істотна ўскладняецца іншай праблемай. Для немясцовага даследчыка - чалавека, не ўключанага ў маўленчую сістэму дадзенага моўнага калектыву, вельмі складана, а часам і немагчыма адэкватна ідэнтыфікаваць словы, якія сапраўды валодаюць эмацыянальна-ацэначным або экспрэсіўным зместам у межах дадзенай гаворкі, і адпаведным чынам зафіксаваць гэтыя словы. Да таго ж, немясцовы чалавек рэдка бывае дастаткова дасведчаным, каб бачыць у значэнні асобных лексічных адзінак матывацыйныя сувязі, вядомыя выключна жыхарам дадзенага населенага пункта ці дадзенага рэгіёна.

Усё вышэйсказанае дае нам падставы канстатаваць наступнае. Пошукавая работа, накіраваная на выяўленне і фіксацыю дыялектнай эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, патрабуе ад даследчыкаў прымянення прынцыпова іншай методыкі арганізацыі збіральніцкай дзейнасці. Такое патрабаванне дыктуецца самой спецыфікай моўнага матэрыялу. У аспекце арганізацыі палявых даследаванняў найбольш эфектыўным сродкам работы, на нашу думку, могуць стаць стацыянарныя даследаванні. Пад стацыянарнымі даследаваннямі мы разумеем пошукава-даследчую дзейнасць, якая ажыццяўляецца шляхам доўгатэрміновага ўключанага назірання. У сучасных умовах такое назіранне прасцей наладзіць пры дапамозе людзей, якія пастаянна пражываюць у пэўнай мясцовасці, вёсцы, мястэчку. Менавіта такія людзі ў дастатковай меры валодаюць неабходнай, так бы мовіць, рэгіянальнай маўленчай кампетэнцыяй, якая дазволіць ім вылучаць эмацыянальна ці экспрэсіўна маркіраваныя сродкі на фоне іншых лексічных форм, характэрных для гаворак дадзенай мясцовасці. Такі характар арганізацыі пошукавай работы адкрывае шырокія перспектывы для дзейнасці краязнаўцаў і перш за ўсё - лінгвакраязнаўцаў. Стацыянарная лінгвакраязнаўчая дзейнасць, накіраваная на фіксацыю адпаведнага лексічнага матэрыялу і назіранне за працэсамі, што адбываюцца ў яго межах, на дадзены момант бачыцца нам адзіным сродкам паспяховага ажыццяўлення пошукава-даследчай дзейнасці ў галіне збірання эмацыянальна-экспрэсіўнай дыялектнай лексікі. Акрамя таго, мэтанакіраваная лінгвакраязнаўчая дзейнасць у пэўным рэгіёне дазволіць найбольш эфектыўна забяспечыць неабходныя пры такіх даследаваннях фактары перыядычнасці і сістэматычнасці.

У дыялекталагічнай збіральніцкай дзейнасці найбольш распаўсюджанымі з'яўляюцца два спосабы збірання моўнага матэрыялу: апытанне інфармантаў паводле пунктаў спецыяльна складзенага апытальніка, а таксама тэматычная гутарка. Як паказвае вопыт, у дачыненні да эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай дыялектнай лексікі найбольш прыдатнай формай выяўлення і фіксацыі эмацыянальна-экспрэсіўных моўных фактаў з'яўляецца тэматычная гутарка. Праца паводле апытальніка дае вынікі, якія нельга назваць здавальняючымі. Апытальнік "сушыць" размову і абмяжоўвае маўленне інфарманта. Дыстанцыя, што нязменна ўзнікае ў сітуацыі, калі размова будуецца ў выглядзе шматлікіх пытанняў і адказаў, не дазваляе ўсталяваць псіхалагічны кантакт з інфармантам, настроіць яго на неабходны эмацыянальны лад. А менавіта фактар нязмушанасці маўлення выступае ў якасці найважнейшага пры збіранні слоў, у значэнні якіх рэалізуюцца феномены экспрэсіі і эмацыянальнай ацэнкі. Як правіла, ход гутаркі залежыць ад узросту інфарманта, яго полу, псіхалагічных асаблівасцей, жыццёвага вопыту, прафесійнай дзейнасці, захапленняў і г.д. Аднак у любым выпадку пры збіранні эмацыянальна-ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі мэтазгодна скіроўваць размову ў рэчышча расповеду пра канкрэтныя жыццёвыя выпадкі, здарэнні. Гэта могуць быць успаміны з маленства, юнацтва, эпізоды з ваеннага вопыту або ваеннага дзяцінства, расповеды пра вяселле, пра здарэнні на паляванні, пры занятках рыбалоўствам, выпадкі на вытворчасці ці ў калгасе, арміі (для мужчын). Трэба імкнуцца адводзіць гутарку ад абстрактных разважанняў, размоў пра палітыку, грамадскае жыццё. У гэтых выпадках маўленне інфарманта набывае рысы публіцыстычнасці, што прыводзіць да страты суб'ектыўнасці выкладу - неабходнай умовы выкарыстання эмацыянальна-экспрэсіўных моўных сродкаў. У выпадку звароту да гэтых тэм трэба вяртаць інфарманта да ўласнага досведу.

Занатоўванне моўнага матэрыялу пры збіранні эмацыянальна-экспрэсіўных слоў мэтазгодна ажыццяўляць шляхам суцэльнага запісу*. Сучасныя сродкі гуказапісу (у тым ліку лічбавыя) даюць для гэтага ўсе неабходныя магчымасці. Метад выбарачнай фіксацыі асобных эмацыянальна-экспрэсіўных лексічных адзінак значна больш складаны ў тэхнічным плане. Да таго ж, ён патрабуе спецыяльных навыкаў (напрыклад, валоданне прыёмамі стэнаграфіі). У выпадку з эмацыянальна маркіраванай лексікай кантэкст, у якім ужыта тое ці іншае слова, адыгрывае надзвычай важную ролю - ён дазваляе максімальна поўна вызначыць усе семантычныя асаблівасці адзінкі. Пасля таго, як назапашана пэўная колькасць звязных тэкстаў, праводзіцца іх расчытванне і даследчая праца - вылучаюцца эмацыянальна-ацэначныя і экспрэсіўныя адзінкі, якія выпісваюцца разам са сказамі, дзе яны ўжыты. Занатоўваць выяўлены матэрыял зручней за ўсё на картках, што афармляюцца традыцыйным спосабам [2].

Адна з найважнейшых праблем пры апрацоўцы сабранага матэрыялу - вылучэнне крытэрыяў ідэнтыфікацыі эмацыянальна-ацэначных і экспрэсіўных слоў на фоне іншых. Паколькі вялікая частка тых, хто займаецца лінгва-краязнаўчай збіральніцкай дзейнасцю, - гэта мовазнаўцы-аматары, школьнікі і студэнты, намі былі распрацаваны простыя і зручныя ў карыстанні крытэрыі, арыентуючыся на якія даследчык нават без спецыяльнай лінгвістычнай падрыхтоўкі зможа дакладна вызначыць экспрэсіўныя і эмацыянальна-ацэначныя словы на фоне ўсяго дыялектнага лексічнага матэрыялу. Так, да ліку слоў, якія валодаюць эмацыянальна-ацэначным значэннем, варта адносіць адзінкі, у значэнні якіх указваецца на некаторы недахоп адносна вызначанай у грамадстве ўмоўнай нормы. Такое ўказанне адбываецца, як правіла, пры дапамозе ўнікальных (вельмі рэдкіх, нехарактэрных як для дадзенай гаворкі, так і для беларускай мовы ўвогуле) для дадзенай моўнай сістэмы каранёў і афіксаў. Гэта словы тыпу баслуй 'пра тупога, неразумнага чалавека', бялендзіць 'балбатаць нудна, павольна', жвянькаць 'ляніва, няскладна гаварыць', цытра 'хітры чалавек' і інш. Вельмі часта ўнікальнасць каранёвай марфемы ў такіх словах дасягаецца за кошт гукапераймання, якое ўказвае на гукавое суправаджэнне пэўнага працэсу ( бабухаць 'наліваць чаго-небудзь празмерна, залішне, больш, чым трэба'; балабол 'той, хто гаворыць невыразна, неразборліва' і інш.). Да экспрэсіваў варта адносіць словы, у значэнні якіх асабліва падкрэсліваюцца колькасныя асаблівасці пэўных аб'ектаў, працэсаў і з'яў. Гэта такія словы, як вятрэча ' моцны вецер', джыгнуць ' вельмі хутка пабегчы', мурузюган ' вельмі вялікі мароз', чабурдэхаць 'наліваць вельмі многа' і інш. Падкрэсліванне колькасных асаблівасцей найчасцей рэалізуецца праз указанне на вельмі моцную сілу працякання працэсу, на празмерна вялікія памеры прадмета, на хуткасць перамяшчэння і г.д. Рэалізацыя такога значэння адбываецца пры дапамозе рэдкіх каранёў (больш характэрна для дзеясловаў) або рэдкіх суфіксаў (больш характэрна для назоўнікаў і прыметнікаў).

Такім чынам, мы лічым, што найбольш эфектыўнае ажыццяўленне палявой пошукава-даследчай дзейнасці ў галіне дыялектнай эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі можа праводзіцца толькі ў межах лінгвакраязнаўчай работы. Стацыянарныя даследаванні, што праводзяцца лінгвакраязнаўцамі, па нашым меркаванні, з'яўляюцца больш эфектыўнымі ў параўнанні з экспедыцыйнымі метадамі збіральніцкай дзейнасці. Яны дазваляюць ажыццяўляць сістэматычныя назіранні над дынамікай развіцця корпуса эмацыянальна-экспрэсіўных моўных сродкаў, а таксама фіксаваць адзначаныя лексічныя адзінкі ў натуральных умовах іх функцыянавання - у штодзённых камунікатыўных сітуацыях (у хаце, на вуліцы, на прыпынках, у транспарце, у размовах сяброў, суседзяў, аднавяскоўцаў).

Літаратура:

1. Уфимцева, А.А. Лексическое значение (принцип семиологического описания лексики) / А.А. Уфимцева. - М.: Наука, 1986. - 239 с.

2. Даніловіч, М.А. Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны: дапам. / М.А. Даніловіч. - Гродна: ГрДУ, 2008. - 227 с.

Наталля Сівіцкая
Уплыў сацыякультурнага статусу і міфалагічных уяўленняў на фармаванне беларускіх народных назваў асобы

Сацыялізацыя асобы - а менавіта засваенне асобай сацыяльных роляў і сацыякультурных норм, далучэнне яе да жыццёвых каштоўнасцей сям'і, роду, грамадскай супольнасці - цікавы і доўгатэрміновы працэс, у якім задзейнічаны народныя веды, традыцыі, звычаі, абрады, якія выпрацоўваліся і замацоўваліся ў народнай культуры на працягу стагоддзяў. Ён прадугледжвае не толькі мэтанакіраваныя дзеянні, але і спантанныя ўплывы, дзякуючы якім дзіця далучаецца да культуры і становіцца раўнапраўным членам грамадства.

Да працэсу фарміравання асобы стыхійная народна-педагагічная традыцыя мэтанакіравана падключалася з самага пачатку існавання чалавека, асаблівай запатрабаванасцю комплекс народных ведаў, звычаяў, традыцый вызначаўся на этапах дзяцінства і ў перыяд пераходаў асобы на іншы сацыякультурны ўзровень у грамадстве.

Трэба адзначыць, што народныя веды і традыцыі, міфалагічныя ўяўленні аб чалавеку на розных этапах жыцця знайшлі адлюстраванне не толькі ў сакральна-рытуальных дзеяннях, але і ў народнай назватворчасці, а менавіта ў назвах чалавека на пэўных узроставых этапах, у адпаведных сацыяльных статусах.

Паколькі найбольш інтэнсіўная сацыялізацыя асобы адбываецца ў дзяцінстве, а менавіта ў перыяды ранняга маленства, маленства і ўласна дзяцінства, таму ў першую чаргу мы звернемся да народных найменняў дзяцей на адзначаных узроставых этапах.

Як у традыцыйным, так і ў посттрадыцыйным грамадстве своеасаблівасцю вызначаецца ўзроставы перыяд дзіцяці ад нараджэння да двух-трох год - перыяд ранняга маленства . Традыцыйна было прынята, што ў гэты час да капрызаў дзіцяці трэба адносіцца спагадліва, даваць больш свабоды, не звяртаць вялікай увагі на блюзнерствы, многае дараваць - інакш кажучы, пеставаць. Тое, што дазвалялася маленькім, нельга было рабіць дзецям старэйшым. У раннім маленстве дзяцей нельга было крыўдзіць, да дзяцей гэтай узроставай групы практычна ніколі не прымяняліся сродкі пакарання: спакой, пяшчота, спагадлівасць вызначалі адносіны да дзяцей гэтага ўзросту ў сям'і.

Калі звярнуцца да народных найменняў дзяцей ва ўзросце ад нараджэння да двух-трох год, то можна адзначыць, што прадстаўнікі гэтай узроставай групы маюць назвы з празрыстай матывацыяй, груднячок , цмактунок , пялюшкавы 'грудное дзіця'; апоўзлік, крыксун, немаўля, немчык, нямцюлька 'зусім маленькае дзіця, немаўля'; гадун, гадунок, гадавалы 'дзіця гадавога ўзросту'; драбнота, драбязок, маль, крошка, карапуз, малеча 'маленькае дзіця' [4, с.19, 20]. Як бачна, дадзеныя найменні адлюстроўваюць у першую чаргу фізічныя ўласцівасці і ўзроставыя характарыстыкі дзіцяці.

Аднак паводле этналагічных даследаванняў і нашых асабістых назіранняў, для дзяцей дадзенай узроставай групы з'яўляецца характэрным яшчэ адна назва - анёлак [1, с.112]. Што датычыць паходжання гэтага наймення ў беларускай народна-гутарковай мове, то, верагодна, яно магло з'явіцца вынікам міфалагічных уяўленняў беларусаў аб дзецях на дадзеным узроставым этапе: ад нараджэння да двух-трох год дзіця лічылася святым, бязгрэшным, чыстым. Пра асаблівае стаўленне да немаўлят і прычыны такіх адносін выразна сведчыць запіс Ч. Пяткевіча, зроблены ў Рэчыцкім Палессі: "Дзіцятка - ета ангелочак кволенькі, дак яго трэба часценько купаць у чысценькай, цёпленькай вадзічцы, абціраць мякенькім ручніком, покуль не акрэпне да не падрасце. Старому можно памыцца хоць у памыйніцы, уцерціся хоць дзеркачом, то яго чорт не возьме, а за дзіця трэба журыцца, штоб не ўзяць граху на душу" [3, с.353].

У беларусаў таксама існуе павер'е, што памерлыя дзеткі, якія памерлі няхрышчанымі і не паспыталі малака маці, служаць у небе Богу як анёлы [1; с.112].

Пераход у іншую ўзроставую групу (з двух-трох да шасці-сямі год - перыяд маленства ) быў азначаны тым, што дзіця пачынала гаварыць. У гэты ж час яно набывала і іншыя назвы: дзяцёнак, дзяціна, дзетка, дзіцянятка, дзіцё, рабёнак, малы , аднак у народна-дыялектнай мове найбольш пашыранымі найменнямі дзяцей дадзенай узроставай групы з'яўляліся лексемы блазнюк, блазён, блазнота, блазнюкі [4, с.21]. Мы мяркуем, што дадзеныя намінацыі адлюстроўваюць народныя ўяўленні аб праведнасці і святасці чалавека ў гэты ўзроставы перыяд. Не выключана, што назва блазнюк (і яе марфалагічныя варыянты) з'яўляецца генетычна роднаснай лексеме блаженный 'благаславёны, праведны, святы'. Калі звярнуцца да этналагічных і фалькларыстычных даследаванняў, знаходзім пераканаўчыя сведчанні аб тым, што, паводле народных уяўленняў, дзіця гэтага ўзросту лічылася крыніцай праўдзівасці, бязгрэшнасці. Так, беларуская народная мудрасць гаворыць: Чалавек да сямі лет праўду гаворыць; Дзіця не салжэ; Малое і п'янае найлепшу праўду скажа [2, с.124], параўнайце таксама рускую прыказку Устами младенца глаголет истина . На карысць гэтага меркавання сведчаць таксама і матэрыялы этналагічных крыніц, у якіх адзначаюцца адпаведныя ўважлівыя і клапатлівыя адносіны да дзіцяці ўказанай узроставай групы з боку бацькоў і членаў сельскай грамады. Так, паводле матэрыялаў этналагічных даследаванняў, "блазнюкі", таксама як і "анёлкі", былі акружаны ў сям'і ўвагай і клопатам бацькоў, старэйшых, але жаданні і просьбы іх выконваліся толькі ў тым разе, калі бацькі лічылі гэта неабходным - "блазнюкоў" паступова пераставалі песціць, а ў практыцы выхавання і навучання паступова пераходзілі да мэтанакіраванага педагагічнага ўздзеяння і паступова пачыналі прывучаць дзіця да працы [1; с.112].

На наступным узроставым этапе (ад шасці-сямі да дванаццаці-чатырнаццаці год - перыяд уласна дзяцінства ) дзяцей яшчэ працягвалі называць блазнамі, блазнюкамі , але побач таксама ўжываліся і іншыя намінацыі -- для хлопчыкаў хлопец, хлапец, малец , для дзяўчынак - дзяўчо, дзеўка, дзяўчына . На нашу думку, гэтыя назвы выразна сведчаць пра з'яўленне новых асаблівасцей у практыцы выхавання і навучання. Менавіта гэты ўзроставы перыяд звязаны з афармленнем гендарнага падыходу ў працэсе выхавання і навучання, з'яўляюцца адрозненні ў гульнях, працоўных занятках дзяцей, што і адлюстравалася ў народнай назватворчасці. Таксама варта адзначыць, што ў гэты перыяд у традыцыйным грамадстве ўпершыню з'яўляліся адрозненні ў адзенні - у шэсць-сем год адбывалася першае пераапрананне дзяцей: хлопчыку апраналі першыя штаны, а дзяўчынцы - спадніцу [1, с.117].

Завяршэнне перыяду сацыялізацыі асобы народная свядомасць звязвала з уступленнем чалавека ў шлюб. У традыцыйным грамадстве шлюб усведамляўся як сакральны інстытут, які пазітыўна маркіруе чалавека (параўнаем сінанімічную пару: жаніцца - ачалавечыцца ). Беларусы асуджалі людзей, якія не стварылі сям'ю. Зразумела, што гаворка не ішла пра фізічна або псіхічна хворых людзей. Тыя, хто не ўступіў у шлюб - дэманалагізаваліся, набывалі абрысы сакральна негатыўнай істоты, падвяргаліся грамадскай ізаляцыі. Так, напрыклад, факт народзін новага чалавека напачатку стараліся ўтойваць ад старых дзеў, каб не ўраклі. Згодна з народнымі міфалагічнымі ўяўленнямі, пакаранне за бясшлюбнасць чакала чалавека не толькі пры жыцці, але і пасля яго смерці. Так, на Віцебшчыне зафіксавана павер'е, згодна з якім старыя дзевы на тым свеце будуць пасвіць казлоў, а старыя халасцякі - коз [6, с. 148].

Адпаведна ў народна-гутарковай мове існаваў шэраг найменняў, якія характарызавалі чалавека, які не стварыў сям'і, і спектр такіх найменняў дастаткова шырокі. Даныя намінацыі з'яўляюцца паказчыкам лімінальнасці, сацыяльнай адчужанасці асобы. Так, старога халасцяка называлі стары дзяцюк, сівун, мірун, саломенны жыніх, нікалаеўскі халасцяк, стары кавалер, керанскі, высівень, жаніхайла, перастарак [4, с. 41; 5], матывацыя адзначаных найменняў дастаткова празрыстая.

У анамасіялагічным плане прадстаўляе цікавасць назва керанскі 'стары халасцяк'. Відавочна, што яе ўтварэнне звязана з вобразна-асацыятыўным пераасэнсаваннем, асновай якога з'яўляецца масава растыражаваная ў савецкі час гісторыя пра ўцёкі за мяжу старшыні Часовага ўрада А.Ф. Керанскага, пераапранутага ў жаночую сукню, пасля Кастрычніцкага перавароту. Паколькі пераапрананне ў традыцыйнай культуры выкарыстоўвалася выключна ў пэўных рытуальных дзеяннях, якім надаваўся сакральны сэнс, то ў іншых умовах гэта лічылася непрымальным, нечым анамальным. Такім чынам, відавочна, што ў народнай свядомасці намінацыя керанскі ў значэнні 'стары халасцяк' суадносіцца з асобай незразумелай гендарнай прыналежнасці і з'яўляецца паказчыкам яе сацыяльнай адчужанасці.

Асабліва негатыўным у традыцыйным соцыуме было стаўленне да старых дзевак, паколькі ў традыцыйнай культуры жанчына магла цалкам зрэалізаваць сябе толькі ў шлюбе, таму старая дзеўка паўсюдна падвяргалася ганьбе [7, с.206]. У беларускіх народных гаворках як найменні старых дзевак бытуюць лексемы надаўба, сівуля, бабіца, векавуха, перастарка, выстарак, окыдышчэ, засядзелка, пераседзелка, стрымка [4, с. 41, 42]. Матывацыя дадзеных намінацый празрыстая, відавочна, што яны суадносяцца з асобай, якая "пераседзела ў дзеўках", гэта значыць затрымалася ў сацыяльна-ўзроставай агульнасці юнакоў і дзяўчат звыш традыцыйна вызначанага тэрміну.

Сацыяльны статус такой жанчыны, дакладней, яго адсутнасць, падкрэсліваўся не толькі назвай, але таксама і адпаведным адзеннем, якое немаладая незамужняя жанчына абавязана была насіць. Так, "векавухі" не мелі права апранаць галаўныя ўборы замужніх жанчын (напрыклад, намітку) і рабіць прычоскі, уласцівыя для замужняй жанчыны, аднак разам з тым яны не маглі заставацца і ў дзявочым строі, іх убранне ўяўляла сабой эклектыку з элементаў жаночага і дзявочага касцюмаў. Акрамя таго, іх удзел у грамадскіх падзеях быў значна абмежаваны. Так, ім не дазвалялася, напрыклад, хадзіць у адведкі да парадзіхі, прымаць удзел у хрэсьбінах, пячы вясельны каравай, хадзіць сватаць маладую і да т.п. [6, с.148].

Дастатковую цікавасць уяўляюць народныя найменні замужніх жанчын, якія з'яўляюцца свайго роду паказчыкам сацыяльнага дабрабыту шлюбу. У славянскім свеце шырока вядома традыцыя, калі жанчына пасля ўступлення ў шлюб насіла імя мужа альбо мянушку, вытворную ад яго [7, с. 206]. Адзначым некаторыя намінацыі замужніх жанчын, зафіксаваныя ў вёсках Глыбоцкага раёна [5]. Так, ва ўказанай мясцовасці да імені замужняй жанчыны традыцыйна дадавалася імя яе мужа - Іванава Стася, Антонава Ліда, Эдзікава Антаніна, Толькава Вэрця . Аднак дадзены спосаб намінацыі выкарыстоўваўся толькі ў адносінах да тых жанчын, шлюб якіх, паводле грамадскай думкі, быў удалы. Жанчыны, у якіх муж адрозніваўся тымі ці іншымі псіхафізічнымі асаблівасцямі, адмоўнымі маральнымі якасцямі альбо ўдовы іменаваліся па наступнай мадэлі - прозвішча мужа плюс дэрыват -ых(-іх) : Пачопчыха (ад прозвішча Пачопка), Будчыха (ад прозвішча Будзько), Кастыліха (ад прозвішча Кастыль). Гэта падкрэслівала іх сямейнае і грамадскае становішча і абумоўлівала адпаведныя адносіны з боку грамадскасці.

Як вядома, істотным недахопам шлюбу ў вачах грамады і сям'і таксама лічылася адсутнасць сватаўства з боку бацькоў мужа, паколькі ў народнай традыцыі шлюб лічыўся законным толькі пасля здзяйснення ўсяго комплексу вясельных абрадаў і звычаяў. Гэта знайшло адлюстраванне ў беларускай народна-гутарковай мове: замужняя жанчына, якая выйшла замуж без сватаўства бацькоў з боку мужа, мела назвы набіванка, набовіч, набоіч, набойка [4, с.46]. Матывацыя адзначаных найменняў зразумелая - 'жанчына, якая сама набілася ў жонкі', яны паказваюць як на пэўны недахоп данага шлюбу, так і на стаўленне грамадскай думкі да жанчыны, якая парушыла народныя звычаі і традыцыі (да параўнання - у беларускай прыказцы пра жанчыну, якая выйшла замуж без сватаўства і вяселля гаворыцца: Без стуку, без груку прывезлі, як суку (г. зн. як сабаку) [5].

Якасная змена сацыяльнага статусу асобы была звязана не толькі са шлюбам, але і з разводам шлюбнай пары. Так, у беларускай народна-гутарковай мове маецца шэраг найменняў чалавека, які скасаваў шлюб: развадны, разводнік, разводчык, развядзенец, разводка, развадзельніца, развадная, развадуха, разлучэнка, разлучэнец, разлучнік [4, с.72]. Матывацыя прыведзеных найменняў празрыстая, аднак некаторыя з іх можна кваліфікаваць як свайго роду паказчык тыпу разводу і сацыяльнага статусу асобы пасля скасавання шлюбу.

Як сведчаць матэрыялы этналагічных крыніц, развод у традыцыйным грамадстве мог быць двух тыпаў - часовы, які меў назву прочкі, і канчатковы, які называўся разлучыны . Дзеянні бакоў падчас прочак не былі строга рэгламентаваны, у той час як разлучынам былі ўласцівы прадметна-атрыбутыўная сімволіка і магічна-рытуальныя дзеянні, якія суправаджаліся вербальным тэкстам [1, с.346]. У выніку былыя сужонкі апыналіся ў новых сацыяльных ролях і мелі права ўступаць у новы шлюб. Новы сацыяльны статус, у сваю чаргу, адлюстроўваўся ў найменнях разлучэнка, разлучэнец, разлучнік 'чалавек, які аформіў разлучыны'.

Як бачна з прааналізаванага матэрылу, няўласнае найменне асобы выразна адлюстроўвае і міфалагічныя ўяўленні аб пэўным перыядзе жыцця чалавека, і статус асобы ў сям'і і грамадзе, яно з'яўляецца свайго роду "кодам", адпаведна якому выстройваюцца і педагагічныя намаганні, накіраваныя на забеспячэнне сацыяльнай паспяховасці асобы, і міжасабовыя адносіны з іншымі членамі сям'і і грамадскай супольнасці.

Літаратура:

1. Беларусы. Т.5. Сям'я / Склад. В.К. Бандарчык, Г.М. Курыловіч, Т.І. Кухаронак і інш.; рэдкал.: В.К. Бандарчык і інш.; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. - Мінск.: Беларус. навука, 2001. - 375 с.

2. Прыказкі і прымаўкі: у дзвюх кнігах, кн. 2. / АН БССР. Ін-т мастац-твазнаўства, этнаграфіі і фальклору; навук. рэд. А.С. Фядосік. - Мінск, Навука і тэхніка, 1976. - 616 с.

3. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе. - Мінск, Беларускі кнігазбор, 2004. - 672 с.

4. Чалавек: тэмат. слоўн. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; навук. рэд. Л.П. Кунцэвіч, А.А. Крывіцкі. - Мінск: Беларус. навука, 2006. - 573 с.

5. Матэрыялы апытанняў аўтара.

6. Славянские древности: этнолингвистический словарь в пяти томах / Под ред. Н.И. Толстого. - Москва: Международные отношения, 1995. Т. 1: А-Г. - 584 с.

7. Славянские древности: этнолингвистический словарь в пяти томах / Под ред. Н.И. Толстого. - Москва: Международные отношения, 1999. Т. 2:Д-К (Крошки). - 704 с.

І.Л. Капылоў
Сістэматызацыя і ўнармаванне беларускай рэгіянальнай гідраніміі - праблема дзяржаўнай важнасці

Вядома, што ўсё вялікае пачынаецца з малога, цэлае складаецца з частак, так і беларуская агульнанацыянальная гісторыя, мова і культура - гэта не што іншае, як сінтэз гісторыі, мовы, культуры кожнага з рэгіёнаў краіны. Таму збор, даследаванне, захаванне, папулярызацыя рэгіянальнай гісторыка-культурнай спадчыны павінны стаць задачай першачарговай дзяржаўнай важнасці. Асабліва гэта актуальна сёння, ва ўмовах сусветнай глабалізацыі, міждзяржаўнай інтэграцыі, татальнай тэхнакратызацыі, калі перад многімі этнасамі паўстала праблема страты нацыянальнай самабытнасці і непаўторнасці. Беларусы таксама не засталіся ўбаку ад сусветных праблем, і ў залежнасці ад таго, наколькі мы зможам захаваць духоўны скарб, які пакінулі нашы продкі, у многім будзе вызначана дылема - застанёмся нацыяй са сваёй мовай, культурай, гісторыяй ці растворымся сярод іншых этнасаў і іншых культур і назаўсёды страцім пераемнасць паміж пакаленнямі, а значыць, і будучыню.

Агульнапрызнана, што ўласныя геаграфічныя назвы адносяцца да ліку каштоўных помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, а таму з'яўляюцца неад'емнай састаўной часткай краязнаўства. Пачынаючы з 60-х гадоў XX стагоддзя ў Беларусі прыярытэтным напрамкам застаецца рэгіянальнае сінхроннае вывучэнне тапаніміі з прыцягненнем элементаў дыяхраніі. На сённяшні дзень найбольш поўна і сістэмна даследавана беларуская айканімія: абаронены дысертацыйныя даследаванні па назвах населеных пунктаў цэнтральнай (Мінская вобласць; В. Лемцюгова), паўночнай (Віцебская вобласць; Л. Грыгор'ева), заходняй (Гродзенская вобласць; С. Янушкевіч), паўднёва-ўсходняй (Гомельская вобласць; Э. Бірыла) і паўднёва-заходняй (Брэсцкая вобласць; Н. Смаль) Беларусі. Рабочай групай Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь і пры ўдзеле выкладчыкаў сталічных і абласных вышэйшых навучальных устаноў створаны даведнік "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" па ўсіх шасці абласцях, які мае статус нарматыўнага выдання, прызначанага для выкарыстання рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Рэспублікі Беларусь. На працягу апошніх пяцідзесяці гадоў вядзецца работа па зборы і навуковым апісанні мікратапаніміі (працы Я. Адамовіча, М. Дарошкі, В. Емельяновіч, Г. Івановай, А. Копача, Г. Прышчэпчык, В. Шклярыка, І. Яшкіна і інш.). Супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР падрыхтаваны і выдадзены зборнік "Мікратапанімія Беларусі", выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка падчас дыялекталагічных экспедыцый сабраны ўнікальны архіў беларускіх мікратапонімаў з розных рэгіёнаў краіны. Вялікую работу па зборы і захаванні мікратапаніміі вядуць мясцовыя краязнаўцы - у першую чаргу настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і геаграфіі. Разам з тым застаецца несабранай і адпаведна недаследаванай вялікая колькасць мясцовых геаграфічных назваў, якія назаўсёды могуць знікнуць і знікаюць разам са знікненнем шматлікіх населеных пунктаў з карты Беларусі. Таму неабходна як мага хутчэй зафіксаваць усё, што яшчэ захавалася, і тым самым зберагчы гэту важную крыніцу культуралагічных ведаў.

Несістэматызаванай, нестандартызаванай і недастаткова даследаванай да сённяшняга дня застаецца і адна з самых старажытных катэгорый анамастычнай лексікі - гідранімія. Тэзіс аб лінгвакультуралагічным значэнні гідронімаў не патрабуе доказаў. Аксіяматычным з'яўляецца і тое, што ў назвах водных аб'ектаў закладзена культурна-гістарычная інфармацыя, якая адлюстроўвае перыяды этнічнай гісторыі краю і змяшчае дадатковую каштоўную інфармацыю адносна этнагенезу беларусаў, сведчыць аб старажытных міграцыях насельніцтва, спрыяе даследаванню міжмоўных кантактаў, дазваляе выявіць гісторыка-дыялектную спецыфіку архаічных моўных фактаў і пашырыць веды аб дыялектных тэрміналагічных сістэмах, дазваляе рэканструяваць страчаныя фрагменты лексічнай сістэмы мовы. У асновах гідронімаў знайшлі ўвасабленне ўнікальныя звесткі аб матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, яго менталітэце і светапоглядзе. А таму назвы водных аб'ектаў могуць шырока выкарыстоўвацца прадстаўнікамі розных спецыяльнасцей: лінгвістамі, гісторыкамі, этнографамі, археолагамі, картографамі. Акрамя таго, нельга абмінуць увагай і метадычны аспект гідраніміі: мясцовы гідранімікон можа выкарыстоўвацца як лінгвакраязнаўчы матэрыял на ўроках беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і геаграфіі ў комплексе з іншымі моўнымі, этналагічнымі і гістарычнымі фактамі, што будзе садзейнічаць не толькі папулярызацыі геаграфічных аб'ектаў таго або іншага краю, не толькі аптымізацыі вучэбнага працэсу, але і патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Навуковая цікавасць да ўласных назваў водных аб'ектаў ва ўсходне-славянскіх вучоных з'явілася яшчэ ў канцы XIX ст. Першымі звярнулі ўвагу на гідранайменні вядомыя рускія вучоныя А. Арлоў, А. Вастокаў, Д. Еўрапеус, І. Ізноскаў, М. Надзеждзін, А. Сабалеўскі, В. Сямёнаў-Цян-Шанскі. Аднак у іх працах вывучэнне гідронімаў не ставілася асобным пытаннем, а мела прыкладны характар. Асновы гідронімаў і іх фарманты служылі дапаможнай крыніцай у гістарычных пошуках шляхоў рассялення і міграцый старажытных плямён і народаў, а таксама пры этымалагічнай інтэрпрэтацыі асобных назваў. Комплексна гідраніміка ва ўсходнеславянскай анамастыцы пачала развівацца з сярэдзіны XX ст., калі пасля V Міжнароднага з'езда славістаў (Сафія, 1963), Міжнароднай анамастычнай канферэнцыі (Кракаў, 1959), Канферэнцыі па пытаннях анамастыкі (Будапешт, 1958) яе пачалі разглядаць як арганічную частку параўнальна-гістарычнай лексікалогіі. На ўсходнеславянскай тэрыторыі асабліва актыўна даследаванні гідраніміі праводзіліся расійскімі і ўкраінскімі вучонымі: у іх працах разглядаліся праблемы структурна-граматычнай арганізацыі гідранімічнай лексікі, праводзіўся лексіка-семантычны, словаўтваральны і этымалагічны аналіз гідраніміі асобных рэгіёнаў: Р. Агеева "Паходжанне імён рэк і азёр", "Гідранімія рускага Паўночнага захаду як крыніца культурна-гістарычнай інфармацыі", У. Тапароў, А. Трубачоў "Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя", А. Стрыжак "Назвы рэк Запарожжа і Херсоншчыны", "Назвы рэк Палтаўшчыны", А. Карапанава "Словаўтваральныя тыпы гідронімаў Ніжняй Дзясны", Я. Оцін "Гідранімія Усходняй Украіны", З. Франко "Граматычная будова ўкраінскіх гідронімаў", В. Шульгач "Гідранімія басейна Стыру", В. Лучык "Аўтахтонныя гідронімы Сярэдняга Дняпроўска-Бугскага міжрэчча", І. Жалязняк "Сярэднепадняпроўскае Правабярэжжа і этнагенез славян" і інш.

У адрозненне ад іншых усходнеславянскіх тэрыторый гідранімія Беларусі доўгі час не была прадметам сістэмнага навуковага вывучэння. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі з'явіўся шэраг прац, прысвечаных семантычным і структурным тыпам гідронімаў Беларусі і іх этымалогіі. Так, былі падрыхтаваны навуковыя працы па гідраніміі басейна Заходняй Дзвіны (дысертацыйнае даследаванне А. Катонавай "Гідранімія Заходняй Дзвіны на тэрыторыі Беларусі"), басейна Сожа (дысертацыйнае даследаванне Н. Багаедавай "Гідранімія басейна Сожа (праславянскі фонд), басейна Заходняга Буга (дысертацыйнае даследаванне Н. Смаль "Гідранімія і айканімія Пабужжа"), басейна Прыпяці (манаграфічнае даследаванне Н. Багамольнікавай "Гідронімы басейна ракі Прыпяць: структурна-семантычныя тыпы матывацыі" і інш. Вялікі ўклад у вывучэнне назваў водных аб'ектаў унесены прафесарам Р. Казловай: даследчыкам падрыхтаваны і апублікаваны комплекс манаграфічных прац, прысвечаных рэканструкцыі праславянскага гідранімічнага фонду на матэрыяле беларускай і іншаславянскай гідраніміі на аснове этымалагічнага і арэальнага крытэрыяў ("Беларуская і славянская гідранімія. Праславянскі фонд", тт. 1, 2; "Славянская гідранімія. Праславянскі фонд", тт. 3, 4).

Нягледзячы на значныя дасягненні беларускіх вучоных у даследаванні гідраніміі, да сённяшняга дня найменні водных аб'ектаў Беларусі, у адрозненне ад гідраніміі іншых усходнеславянскіх тэрыторый (параўн., Україна - "Слоўнік гідронімаў Украіны", Расія - "Адваротны слоўнік гідронімаў басейна Акі" Г. Смаліцкай; "Рэкі і вадаёмы Валгаградскай вобласці: гідранімічны слоўнік" В. Супруна, І. Крукавай, "Гідранімічны слоўнік Пасейм'я" і інш.), застаюцца адной з найменш найменш сістэматызаваных і лексікаграфічна апрацаваных катэгорый уласных геаграфічных назваў. Таму задача ўпарадкавання нацыянальнага гідранімікону з'яўляецца адной з першачарговых, паколькі ўласныя назвы водных аб'ектаў маюць шырокую запатрабаванасць у моўнай практыцы: яны выкарыстоўваюцца пры складанні геаграфічных карт і атласаў, пры распрацоўцы матэрыялаў дэмаркацыі і дэлімітацыі міждзяржаўных межаў, пры напісанні беларускамоўных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, пры складанні прававых нарматыўных актаў, пры фарміраванні дзяржаўных кадастраў, у сродках масавай інфармацыі, пры правядзенні краязнаўчай работы і пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў. Адсутнасць поўнага рэестра нацыянальнай гідраніміі ў нацыянальнай форме напісання ў значнай ступені ўскладняе працу картаграфічных і геадэзічных служб краіны, а таксама правядзенне комплекснага аналізу гідранімічнай сістэмы Беларусі.

Пачатковым этапам стандартызацыі гідронімаў павінен стаць іх збор і сістэматызацыя. Звычайна першасная рэгістрацыя беларускіх гідронімаў ажыццяўлялася на рускай мове і без указання націску. Існуыя рускамоўныя лексікаграфічныя даведнікі па беларускай гідраніміі ствараліся яшчэ ў перыяд Расійскай імперыі (П. Маштаков "Списокъ рекъ Днепровскаго бассейна" (1913); А. Сапунов "Река Западная Двина. Историко-географический обзор" (1893), а таксама ў савецкі час (В. Топоров, О. Трубачев "Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья" (1962); А. Тюльпанов "Краткий справочник рек и водоёмов БССР" (1948); О. Якушко "Озера Белоруссии" (1988) і не адлюстроўваюць сучасны стан гідранайменняў. На рускай мове выдаваліся даведнікі і ў постсавецкі перыяд: Власов Б.П. "Озера Беларуси: справочник", Калинин М.Ю. "Водохранилища Беларуси; справочник". Адзінымі беларускамоўнымі крыніцамі застаюцца энцыклапедычныя даведнікі "Блакітная кніга Беларусі: энцыклапедыя" і "Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя", у якіх змешчана каля 4 тысяч артыкулаў пра рэкі, ручаі, азёры, вадасховішчы, буйныя каналы, зоны адпачынку рэспубліканскага значэння і курорты Беларусі. Разам з тым у энцыклапедычныя даведнікі не трапілі каля 26 тысяч водных аб'ектаў, якія маюць уласныя найменні, але не маюць афіцыйна замацаванай нацыянальнай формы напісання.

Неўнармаванасць сучаснага беларускага гідранімікону абумоўлена ў першую чаргу тым, што ўвесь корпус беларускай тапаніміі, у тым ліку і гідраніміі, у савецкі час быў пісьмова аформлены па-руску. У больш раннія гістарычныя перыяды ўласныя назвы геаграфічных аб'ектаў запісваліся графічнымі сродкамі польскай або рускай моў з выкарыстаннем характэрных для іх фанетычных і граматычных форм. У скажоным выглядзе гідронімы замацоўваліся ў дзяржаўных дакументах і на геаграфічных картах. Адсутнасць беларускамоўных спісаў гідронімаў, іх працяглая афіцыйная фіксацыя ў адаптаваных рускіх формах і адвольная іх перадача на беларускую мову спарадзілі масу варыянтаў, далёкіх ад арыгінала. Такім чынам узнік пісьмовы разнабой, які трывала на многія гады замацаваўся ў практыцы: у выніку многія назвы перасталі ўжывацца ў сваёй нацыянальнай форме.

Такім чынам, асноўнай мэтай стандартызацыі беларускай гідраніміі з'яўляецца перавод усяго корпусу ўласных водных найменняў на нацыянальную аснову, што прадугледжвае аднаўленне нацыянальнага гістарычнага структурнага і фанетычнага аблічча і прывядзенне гідронімаў у адпаведнасць з арфаграфічнымі нормамі сучаснай беларускай мовы. Стварэнню нацыянальнага гідранімікону павінна папярэднічаць стварэнне рэгіянальных гідраніміконаў. У сувязі з гэтым ставіцца задача сістэматызацыі і ўнармавання гідраніміі кожнай з абласцей Беларусі.

Пры ўпарадкаванні напісання індывідуальных назваў водных аб'ектаў неабходна кіравацца спецыяльна выпрацаванымі адзінымі патрабаваннямі і адзінымі правіламі, якія ўлічваюць нацыянальную спецыфіку і адпавядаюць прынцыпам міжнароднай стандартызацыі, а таксама нарматыўнай базе Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з важнасцю правільнага, аднастайнага ўжывання ўласных назваў геаграфічных аб'ектаў у міжнародных дагаворах і пагадненнях, у матэрыялах дэмаркацыі і дэлімітацыі міждзяржаўных межаў, у дакументах міжнародных перавозак, а таксама пры стварэнні карт і атласаў міжнароднага карыстання пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый была створана група экспертаў па стандартызацыі назваў геаграфічных аб'ектаў і распрацавана адпаведная праграма, мэтай якой з'яўляецца ўстанаўленне правільных пісьмовых форм тапонімаў і забеспячэнне іх ужывання на міжнародным узроўні. Для міжнароднага карыстання кожная краіна павінна ажыццявіць стандартызацыю нацыянальнай тапаніміі па праграме, складзенай з улікам стану нацыянальнай тапаніміі і патрабаванняў рэзалюцый ААН у галіне стандартызацыі геаграфічных найменняў. Паводле нарматыўных дакументаў ААН, стандартызацыя нацыянальнай тапаніміі павінна засноўвацца на нацыянальнай форме напісання ўласных назваў геаграфічных аб'ектаў. Адпаведна тапанімія Рэспублікі Беларусь павінна быць зарэгістравана на беларускай мове з захаваннем правільнага вымаўлення і структуры.

Спосабы і правілы перадачы беларускіх гідронімаў павінны абапірацца таксама на ўнутрыдзяржаўную нарматыўную базу: у лістападзе 2010 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў", які "вызначае прававыя асновы дзейнасці па выяўленні, нармалізацыі, прысваенні назваў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванні, дзяржаўным уліку і выкарыстанні найменняў геаграфічных аб'ектаў з мэтай забеспячэння адзіных падыходаў да ажыццяўлення такой дзейнасці, а таксама захавання назваў геаграфічных аб'ектаў Рэспублікі Беларусь як неад'емнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" [1, с. 1]. Акрамя таго, Закон рэгулюе дзейнасць па ўнармаванні назваў геаграфічных аб'ектаў, якая "ажыццяўляецца з мэтай упарадкавання і вызначэння аднастайнага напісання назваў геаграфічных аб'ектаў з улікам агульнадзяржаўных інтарэсаў, геаграфічных, гістарычных, прыродных, нацыянальных, этнаграфічных, сацыяльных, культурных і іншых умоў, а таксама вынікаў навуковых даследаванняў" [1, с. 5]. Спосабы і правілы перадачы беларускіх гідронімаў павінны абапірацца на нарматыўную базу: "Инструкцию по передаче на русский язык наименований географических объектов Республики Беларусь" [2] і "Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта" [3].

Пры ўнармаванні нацыянальнай гідраніміі будзе карысны досвед, набыты пры падрыхтоўцы нарматыўных даведнікаў "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь".

Канчатковым вынікам стандартызацыі павінен стаць "Нацыянальны корпус гідронімаў Беларусі", асновай для якога паслужаць стандартызаваныя гідраніміконы кожнай з абласцей краіны, а таксама нарматыўны даведнік "Назвы водных аб'ектаў Беларусі". У перспектыве электронны корпус і нарматыўны даведнік беларускіх гідронімаў павінны быць уключаны ў склад Дзяржаўнага каталога геаграфічных назваў - электронную базу найменняў геаграфічных аб'ектаў, якая будзе пастаянна аналізавацца і абнаўляцца на аснове афіцыйных крыніц інфармацыі аб назвах геаграфічных аб'ектаў. Падрыхтоўка дадзеных прац будзе садзейнічаць рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб геаграфічных найменнях", арыентаванага на забеспячэнне адзінства і правільнага выкарыстання найменняў геаграфічных аб'ектаў, у тым ліку і водных.

Літаратура:

1. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў", 16 лістапада 2010 г. № 190-3. - Мінск, 2010. - 15 с.

2. Инструкция по передаче на русский язык наименований геогра-фических объектов Республики Беларусь. - Минск, 2005.

3. Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта. - Мінск, 2007.

Вераніка Курцова
Нацыянальнае краязнаўства: месца і роля ў стварэнні фундаментальных лексікаграфічных прац

Нацыянальнае краязнаўства на пачатку яго станаўлення ў 20-я гады ХХ ст. - гэта шматаспектны рух, накіраваны на вывучэнне культурна-гістарычных набыткаў беларускага народа. Адным з самых істотных яго складнікаў як па характары дзейнасці, так і па выніках з'яўляўся лексікаграфічны. Адметным па галоўным накірунку працы краяўзнаўчы рух стаў невыпадкова. Заснаванне беларускага краязнаўства было непасрэдна звязана з дзейнасцю Інбелкульта. Таму натуральна, што з боку Інстытута беларускай культуры існавала вялікая зацікаўленасць у актыўным супрацоўніцтве з краязнаўчымі таварыствамі і ў выніках іх працы. Так, кіраўніцтва ўстановы заяўляла, што "толькі цяпер мы можам спадзявацца, што Інстытут беларускай культуры, як вышэйшая навуковая ўстанова, супольна з навуковымі працаўнікамі ВУЗаў і краяведчых таварыстваў, павядзе правільнае навуковае даследаванне нашай краіны" [1, с. 72-73; выняткі з публікацый, а таксама іх назвы тут і далей падаюцца згодна з тэкстам арыгінала]. Каб ажыццявіць задуманае "правільнае навуковае даследаванне" Беларусі, быў распрацаваны механізм дачыненняў паміж Інбелкультам і краязнаўчымі арганізацыямі. Краязнаўчы рух у межах рэспублікі арганізоўваўся і праводзіўся пад кіраўніцтвам установы пад назвай "Цэнтральнае бюро краязнаўства". Само Бюро як вышэйшы арганізацыйна-кіроўчы і каардынацыйны орган краязнаўства, на правах сталай камісіі ўваходзіла ў склад Інбелкульта [2, с. 157]. Практычна гэта азначала, што Бюро было адначасова асобнай і незалежнай структурнай адзінкай у ІБК і падпарадкаванай яму. Адпаведна ў гэтай асаблівай камісіі задачы грамадскай краязнаўчай арганізацыі вызначаліся навуковымі мэтамі. Адметны статус таварыства дазваляў мець сталых супрацоўнікаў у складзе Цэнтральнага бюро. Аднак у рэальнасці роля арганізацыі як дзейнага сябра ТІБК была накіравана на галоўнае - аб'яднаць у арганізацыю зацікаўленых у вывучэнні гісторыі і культуры сваёй зямлі, свайго краю добраахвотнікаў, гатовых працаваць на карысць беларушчыны. Кіраўніцтву арганізацыі гэта ўдалося зрабіць. Падсумоўваючы вынікі дзейнасці Інбелкульта па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі за перыяд з кастрычніка 1925 г. па кастрычнік 1926 г., у справаздачным дакладзе Інстытута беларускай культуры ўказвалася, што "ўсіх краязнаўчых арганізацый, зарэгістраваных у ЦБК лічыцца да 170, але з іх дзейных да 123. Лік членаў таварыстваў 6185 чалавек. Развіццё краязнаўчай сеткі звязана з краязнаўчым ухілам школы. Настаўнікі складаюць прыблізна 60 % усёй масы членаў краязнаўчых арганізацый. Каля 20 % прыпадае на вучняў і студэнтаў, каля 10 % - на членаў саюза прац. зямлі і леса і 10 % на інш." [2, с. 158]. Прыкладна такі ж колькасны склад мясцовых арганізацый і яе сяброў згодна з дакументальнай інфармацыяй захавала Таварыства ў наступныя гады [3, с. 153]. Сёння, ацэньваючы краязнаўчы рух па задзейсненасці ў ім аматараў, людзей неабыякавых да нацыянальных каштоўнасцей, можна сказаць, што краязнаўства на перыяд яго станаўлення было сапраўды масавым. Не менш інтэнсіўнай і плённай з'яўляецца і праца, праробленая арганізацыяй у той час. Адносна характару і асаблівасцей працы краязнаўчых таварыстваў у справаздачных дакументах Інбелкульта (гэта справаздача за 1926 г.) адзначалася: "З павелічэннем роста краязнаўчай арганізацыі ажывілася работа па збіранню сырых матэрыялаў і вывучэнню края" [4, с. 173].

Думка пра ажыўленне краязнаўчай работы шляхам збірання "сырых матэрыялаў" вымагае некаторых тлумачэнняў.

Як вядома, у 1920 г. згодна з пастановай тагачаснага ўрада беларуская мова абвяшчаецца дзяржаўнай. У сувязі з чым найвышэйшую актуальнасць набывае складанне "слоўніка для агульнага карыстання" [1, с. 73]. Перад моваведамі, філалагічнай элітай наогул стаяла задача стварэння такога слоўніка, "каб беларуская мова выглядала не штучна, а на аснове беларускіх дыялектаў, каб яна ўбірала ў сябе ўсе характэрныя асаблівасці беларускіх гаворак" [1, с. 73]. Інакш кажучы, слоўніка жывой беларускай мовы. Ініцыятарам стварэння менавіта слоўніка жывой беларускай мовы (у адрозненне ад поўнага слоўніка, думку аб укладанні якога і асноўныя ідэі яго ўпарадкавання выказаў Я.Ф. Карскі ў 1908 г.) быў С.М. Некрашэвіч. Тэарэтычныя асновы, метадычныя прынцыпы ўкладання такога слоўніка даследчык выклаў у артыкуле "Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы" [5]. Практыка, жыццё прымушалі стварыць слоўнік беларускай мовы ў надзвычай сціслыя тэрміны. Такія, прынамсі, былі прапановы аб збіранні слоў беларускіх народных гаворак. Сабраць лексічныя набыткі з усёй моўнай прасторы Беларусі С.М. Некрашэвіч планаваў за перыяд з 1925 г. па 1927 г. Практычныя навуковыя задачы па падрыхтоўцы слоўніка да друку павінна была вырашаць спецыяльна створаная для гэтага Камісія па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы (1925). Пачаткам у працы па здзяйсненні задумы лічыцца 1925 г., бо якраз у гэты час была надрукавана "Інструкцыя да збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове". Выканаць такую складаную (укладанне поўнага слоўніка любой мовы надзвычай працаёмкае па лінгвістычных задачах мерапрыемства) і актуальную навукова-дзяржаўную задачу за абмежаваныя прагнозныя тэрміны сіламі спецыялістаў Інбелкульта, калі браць пад увагу яго колькасны склад, было немагчыма. Час, умовы тагачаснага культурна-асветніцкага жыцця ў дзяржаве вымагалі пошукаў канструктыўнай арганізацыі працы, накіраванай на атрыманне хуткага і паспяховага выніку. Выйсце бачылася ў далучэнні да даследчай працы мясцовага насельніцтва, яго падрыхтаванай адукаванай часткі, найперш настаўніцтва, а таксама тых пісьменных жыхароў беларускіх вёсак, якія гатовы былі працаваць на беларушчыну, былі зацікаўлены ў функцыянаванні навучальных устаноў на беларускай мове, наогул у рэалізацыі нацыянальнай моўнай палітыкі ў Беларусі. Таму наяўнасць спецыяльнай адзінкі, як Цэнтральнае бюро краязнаўства, у структуры Інбелкульта на той час было неабходнасцю і заканамернасцю адначасова: існавала пільная патрэба ва ўзгодненасці дзеянняў грамадска-аматарскага руху і навукова запатрабаваных вынікаў яго працы.

У Інбелкульце вельмі добра разумелі і выразна ўсведамлялі, што дасягнуць пажаданага выніку ў збіранні "сырых матэрыялаў", ці мясцовых слоў з усёй тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі, можна пры адной умове - пры наяўнасці грунтоўна распрацаванага метадалагічнага забеспячэння, дакладней такой навуковай метадычнай прылады (іх комплексу), якая б дазваляла спецыяльна не падрыхтаваным асобам сабраць неабходныя лінгвістычныя звесткі. Гэту задачу паспяхова зрэалізавалі ў Інбелкульце. Установай была падрыхтавана "Інструкцыя да збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове" (1925). Складзеная "Інструкцыя" была адметнай метадычнай прыладай з боку свайго зместу. Праграма-апытальнік накіроўвала збіральнікаў на выбарачны збор спецыяльных абазначальных сродкаў беларускай мовы - тэрмінаў, лексічных адзінак, востра запатрабаваных тагачаснай адукацыйнай сістэмай. Стварэнне іншай часткі слоўніка жывой беларускай мовы меркавалі здзейсніць шляхам укладання краёвых слоўнікаў. Займацца гэтай працай даручалася краязнаўчым арганізацыям. Паводле задумы Камісіі планавалася ўкласці 16 слоўнікаў, дзесяць з гэтага ліку меліся стаць краёвыя. Гэта слоўнікі Аршанскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Віцебскай, Калінінскай, Магілёўскай, Мазырскай, Мінскай, Полацкай і Слуцкай акруг (акруга як тагачасная адміністрацыйная адзінка ў Беларусі аб'ядноўвала 10-12 раёнаў). Акрамя таго, збіраліся дадаткова скласці тры слоўнікі для Заходняй Беларусі, і тры для Гомельшчыны, Смаленшчыны і Невельшчыны адпаведна. Кожны з краёвых слоўнікаў у будучым разглядаўся як лексікаграфічная база для складання абагульненага, ці поўнага, зводнага, слоўніка жывой беларускай мовы. Думка пра неабходнасць укладання такіх слоўнікаў, якой папярэднічаў зварот да мясцовага адукаванага насельніцтва (гэтым зваротам стала лістоўка-заклік "Да беларускага настаўніцтва" (1925)), была выказана С.М. Некрашэвічам на Першым усебеларускім краязнаўчым з'ездзе (1926). Але крыху пазней, калі ўжо меўся пэўны даробак у справе складання краёвых слоўнікаў, у часопісе "Наш край" з'явілася публікацыя Міколы Каспяровіча пад вельмі красамоўнай назвай - "Як сабраць і ўкласьці слоўнік мовы свайго раёну" (1928). Публікацыя мела дваякі сэнс. З аднаго боку, відаць, вопыт укладання ўласнага краёвага слоўніка, падштурхнуў моваведа да ўсведамлення пра неабходнасць такой лексікаграфічнай працы як зыходнай у справе абагульнення матэрыялаў у краёвы слоўнік, але, з другога, энтузіязм краязнаўцаў, з якім яны адгукнуліся на заклік Інбелкульта дапамагчы ў збіранні мясцовай лексікі, колькасць дасланых у Камісію матэрыялаў (на канец 1927 г. паступіла звыш 130 тысяч слоў) прымусілі апошнюю зрабіць засцерагальныя крокі на спыненне збору рэгіянальных абазначальных сродкаў. Было вырашана рэкамендаваць карэспандэнтам запісваць толькі тыя словы, што не зафіксаваны ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча. Гэта перапыніла збіральніцкі імпэт мясцовых памочнікаў. У сувязі з чым кіраўніцтву Бюро краязнаўства, Слоўнікавай камісіі прыйшлося займацца ўласнай рэабілітацыяй, прыкладваць дадатковыя намаганні для рэалізацыі праекта на этапе назапашвання матэрыялаў для агульнага слоўніка беларускай мовы.

Нягледзячы на тое, што выданне праграмнага дакумента па зборы слоў на тэрыторыі раёна "Як сабраць і ўкласьці слоўнік мовы свайго раёну" было абумоўлена некаторымі стратэгічна-навуковымі пралікамі ў дзейнасці Камісіі, абраны падыход у арганізацыі лексікаграфічнай працы з пазіцый сучаснасці можна ацэньваць станоўча.

Паэтапны шлях да ўкладання слоўнікаў, ад раённага да краёвых і на завяршальнай стадыі да абагульняльнага поўнага, меў свае перавагі. Пры іерархізаваным упарадкаванні слоў з'яўляліся выдатныя магчымасці для моваведаў атрымаць якасны лінгвістычны матэрыял. Прынамсі, можна было выявіць агульнабеларускія па лакалізацыі абазначальныя сродкі і словы абмежаванага распаўсюджання. Адкрываліся таксама навуковыя перспектывы для ўстанаўлення іншых лексіка-граматычных і семантычных асаблівасцей слова. Відавочна, што паводле складу такі слоўнік быў бы навукова ўгрунтаваным агульнанацыянальным лексічным зборам, паколькі прапанаваны ступеньчаты падыход да адбору слоў - раённы слоўнік - краёвы слоўнік - поўны слоўнік жывой беларускай мовы - забяспечваў высокую ступень верыфікацыйнасці ўключаных у яго абазначальных сродкаў.

З сучасных навуковых ацэнак праграмны дапаможнік "Як сабраць і ўкласьці слоўнік мовы свайго раёну" варта характарызаваць найперш як праект тагачаснага зводнага слоўніка лакальнай тэрыторыі беларускіх гаворак. Меркаваць так дазваляе змест публікацыі. У выданні адлюстроўваюцца наступныя метадалагічныя пытанні, прынцыповыя для стварэння такой лексікаграфічнай працы: значэнне слоўніка, тэрміны збірання матэрыялу і яго ўкладанне, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання матэрыялу, спосабы фіксацыі матэрыялу, праграма для збірання слоўнага матэрыялу, сістэма памет і інш. [6]. Лічыць згаданую публікацыю выключна інструкцыяй-апытальнікам па збіранні слоў асобнага рэгіёна нельга не толькі з сённяшняга навуковага разумення зместу такой метадычнай прылады. Сам аўтар, Мікола Каспяровіч, наконт "праграмы зьбіраньня слоўніка" заўважаў, што "запісваць трэба ўсе словы, якія можна пачуць, таму праграма можа мець толькі арыенціровачны характар". Інакш кажучы, у аснову збірання матэрыялу прапаноўваўся метад суцэльнай фіксацыі лінгвістычнай інфармацыі. Але, як заўважаў М. Каспяровіч, пры патрэбе ў якасці такой праграмы можа быць "інструкцыя для зьбіраньня тэрміналягічнага матэрыялу" з некаторымі зменамі [6, с. 149]. Унесеныя ўласна М. Каспяровічам змены як дадатак да "Інструкцыі да збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове" - гэта пераважна прапановы, на якія лексіка-тэматычныя і граматычныя групы слоў павінны скіраваць сваю ўвагу мясцовыя краязнаўцы пры фіксацыі слоў роднай ім гаворкі. Праект-канцэпцыя "Як сабраць і ўкласьці слоўнік мовы свайго раёну" даследчыка Міколы Каспяровіча з'яўляўся не проста індывідуальнай аўтарскай распрацоўкай. Падрыхтаваны ім праграмны дакумент (з 1926 г. М. І. Каспяровіч быў навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства і адначасова сакратаром краязнаўчага часопіса "Наш край") быў узгоднены са Слоўнікавай і Дыялекталагічнай камісіямі тагачаснага Аддзела гуманітарных навук Інбелкульта.

Прадуманая арганізацыйна і забяспечаная метадычна краязнаўчая праца ў галіне лінгвістыкі хутка дала свой плён. К 1927 г. у Камісію (маецца на ўвазе Слоўнікавая камісія) ад мясцовых карэспандэнтаў паступіла больш за 130 тыс. слоў, запісаных у розных кутках Беларусі, а да "канца 1927 г. картатэка ўжо налічвала больш за 400000 адзінак" [7, с. 388]. Надзвычай плённым па выніках быў і збор матэрыялаў для краёвых слоўнікаў і іх упарадкаванне. Першым сярод запланаваных шаснаццаці слоўнікаў стаў (пра гэта ўзгадвалася вышэй) "Віцебскі краёвы слоўнік" (1927) М. Каспяровіча. М. Каспяровіч быў непасрэдным арганізатарам і навуковым сакратаром Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. Аўтар асабіста браў удзел у збіральніцкай працы, але істотную частку матэрыялаў "Віцебскага краёвага слоўніка" склалі лексічныя падборкі, дасланыя яму больш чым ад "200 настаўнікаў, аграномаў, паштальёнаў, работнікаў хат-чытальняў", якія "перадалі ў слоўнікавую камісію Віцебскага акруговага таварыства больш за 36 тысяч картак-слоў" [8, прадмова]. Гэта сведчыць, што першы з ліку апублікаваных краёвых слоўнікаў быў калектыўным па выкананні лексікаграфічным зборам.

Наступным у ліку апублікаваных краёвых слоўнікаў стаў "Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны" (1929), укладзены М. В. Шатэрнікам. У адрозненне ад слоўніка М. Каспяровіча, Чэрвеньскі слоўнік з'яўляецца слоўнікам раённага тыпу і вынікам індывідуальнай працы настаўніка Навасёлкаўскай школы Пухавіцкага раёна М. В. Шатэрніка.

Прыкладна ў гэты ж час былі ўпарадкаваны і рыхтаваліся да друку іншыя з серыі задуманых краёвыя слоўнікі. Так, у лістападзе 1928 г. у Слоўнікавую камісію Інбелкульта паступіў слоўнік Мазыршчыны. Яшчэ адзін слоўнік - калінінскі акруговы слоўнік (слоўнік рыхтаваўся ў г. Клімавічы, а сама акруга існавала ў 1924-1927 гг.) - толькі часткова быў апрацаваны на канец 1928 г. Гэты слоўнік, як і "Віцебскі краёвы слоўнік", - вынік супольнай калектыўнай працы, якую праводзіў І. К. Бялькевіч, калі прыехаў на працу ў г. Мсціслаў. Іван Бялькевіч у Мсціслаўі "адразу ж бярэцца за даручаную Інбелкультам справу. На збор слоўнікавага матэрыялу ён мабілізуе усіх краязнаўцаў, студэнтаў педтэхнікума, мясцовых настаўнікаў". Адметна, што праз год працы "ў яго было больш за сто пастаянных карэспандэнтаў у розных населеных пунктах Калініншчыны і суседніх з ёю акруг". Але як чалавек ініцыятыўны, адказны, І.К. Бялькевіч "часта ў вольны час выязджаў у раёны сам, каб занатаваць новыя словы і праверыць дасланыя з месц". Дзякуючы агульным намаганням к канцу 1926 г. картатэка "налічвала больш 15 тысяч лексічных адзінак" [9, с. 7]. Акрамя таго, у пратаколах Камісіі адзначаецца, што пачалі ўкладацца слоўнікі Аршаншчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны і Смаленшчыны. Задума не была даведзена да канца. Не апублікаваны адразу пасля працы над ім, слоўнік Мазыршчыны прапаў. Лёс слоўніка Калініншчыны аказаўся больш шчаслівы. Падрыхтаваны лексічны збор захаваўся і стаў набыткам нацыянальнага мовазнаўства, але з'явіўся толькі ў 1970 г. пад назвай "Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны". Аўтар, укладальнік слоўніка І.К. Бялькевіч, убачыць сваю працу не змог. Слоўнік быў выдадзены дзякуючы клопатам жонкі Н.М. Улашчык і сына У.І. Бялькевіча. Яшчэ адзін слоўнік, як асобны, не пазначаны ў ліку запланаваных акруговых, "Словарь народных говоров Западной Брянщины" з'явіўся ў 70-я гады мінулага стагоддзя (1973). Яго склаў П.А. Растаргуеў.

Акрамя пералічаных тут агульнавядомых прац у галіне беларускай дыялектнай лексікаграфіі, у пачатку 20-х гадоў стваралася і яшчэ адна, аўтар якой і сама праца ў беларускім мовазнаўстве аказаліся на працяглы час забытымі. Гэта лексічныя зборы, ажыццёўленыя Я. Н. Драздовічам. Праца над архіўнымі матэрыяламі гэтага аўтара, даручаная аспіранту аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі І.У. Галуза, пачалася ледзьве не праз стагоддзе з моманту іх збірання. Таму ёсць надзея, што яшчэ адзін велічны помнік той інтэнсіўнай дзейнасці, якая разгарнулася ў Інбелкульце па стварэнні слоўніка жывой беларускай мовы, у недалёкай будучыні ўбачыць новае жыццё.

Вось з такімі вынікамі рэалізавалася грандыёзная задума Інбелкульта па стварэнні краёвых слоўнікаў беларускай народнай мовы.

З гледзішча сучаснай навукі вынікі працы Камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы без перабольшвання можна лічыць бліскучымі, нават нягледзячы на тое, што аптымістычная задума ініцыятара, кіраўніка гэтага маштабнага навуковага праекта С. М. Некрашэвіча сабраць увесь дыялектны матэрыял на працягу двух гадоў засталася не цалкам ажыццёўленай. Відавочна адно: выканаць падобны аб'ём працы сама Камісія ў такія неверагодна сціслыя тэрміны ніколі б не здолела. Усе набыткі нацыянальнай навукі пачатку мінулага стагоддзя ў справе стварэння слоўніка жывой беларускай мовы - гэта плён прадуктыўнага навуковага падыходу да арганізацыі задуманай справы. На этапе збіральніцтва ў супольным грамадска-навуковым мерапрыемстве было задзейснена "каля 2500 чалавек" [10, прадмова]. З сённяшніх ацэнак гэта лічба падаецца ўражлівай. Аднак яна рэальная і адлюстроўвае далучанасць найбольш свядомай і адукаванай часткі тагачаснага грамадства, аб'яднанага краязнаўчым рухам, да агульнадзяржаўнай навуковай працы - да стварэння запатрабаванага слоўніка жывой беларускай мовы. Можна пераканаўча заяўляць, што наўрад ці магло нацыянальнае мовазнаўства пачатку 20-х гадоў ХХ ст. мець падобны лексікаграфічны даробак, каб не краязнаўства. Галоўным зместам у дзейнасці краязнаўства пачатку мінулага стагоддзя было вывучэнне праз збіральніцтва лексічных набыткаў родных гаворак, добра вядомых заўзятарам гэтага грамадскага руху. І вывучэнне не саматужным шляхам, а з дапамогай грунтоўных метадычных рэкамендацый, распрацаваных у Інбелкульце. Глыбокае разуменне навуковай лінгвістычнай элітай таго часу каштоўнасці даследаванняў, што ажыццяўляюцца стацыянарна, г. зн. асобамі, якія добра ведаюць адметнасці гаворак тэрыторыі, ахопленай даследаваннем, варта лічыць наватарскім падыходам у мовазнаўстве пачатку мінулага стагоддзя. Зразумела, паступіць падобным чынам вымагалі тагачасныя гістарычныя абставіны, але без даверу краяўзнаўцам, без іх асабістай зацікаўленасці ў карыснасці той працы, якой яны займаліся, нарэшце, без спадзеву Камісіі па стварэнні слоўніка жывой беларускай мовы ў магчымасць паяднання калектыўнай збіральніцкай і абагульняльнай навуковай працы, наяўны вынік не мог стаць такім багатым, якім ён атрымаўся.

Сёння, амаль праз стагоддзе з моманту разгортвання краязнаўчага руху ў Беларусі, зважаючы на дзейнасць сучасных краязнаўчых арганізацый, мы мусім прызнацца, што краязнаўства фактычна засталося ў баку пры вырашэнні шматлікіх лексікаграфічных задач у галіне нацыянальнай дыялекталогіі. Гэта і зразумела: зусім іншымі сталі гістарычныя ўмовы развіцця нацыянальнай мовазнаўчай навукі, сур'ёзна зменшылася ступень запатрабаванасці ў шырокай лінгвістычнай дзейнасці грамадскіх арганізацый. Але, думаецца, было б дарэчы шырэй аднавіць (пачаткі такой дзейнасці ёсць) моўны кірунак у дзейнасці цяперашніх краязнаўчых арганізацый. Так, як і стагоддзе назад, самым прадуктыўным і плённым застаецца стацыянарнае вывучэнне назваў мясцовага геаграфічнага ландшафту, фіксацыя варыянтаў ужывальных у вёсках імёнаў мясцовых жыхароў і іх мянушак, клічак жывёл, разнастайных гукаперайманняў і інш. Зрэшты, нішто так шмат не расказвае пра гісторыю роднага кута, як моўныя сродкі, што спрадвеку выкарыстоўваліся ў маўленні насельніцтва розных частак Беларусі. Зацікавіць багатым лексічным скарбам малой радзімы, расказаць пра яго, краязнаўства здольна і сёння. Спосабы ажыццяўлення лінгвістычнай дзейнасці праз краязнаўчы рух можна абраць любыя. Адметным уяўляецца шлях стварэння невялікай лінгвістычнай энцыклапедыі пра родны край, дзе можна было б адлюстраваць экзатычныя і тыповыя мясцовыя словы. Тым самым з'яўлялася б магчымасць не толькі ўзбагачаць агульную скрыню нацыянальных лексічных скарбаў і іх назваадкрывальных знаходак, але і прывіваць цікавасць да роднага слова, вылучаючы яго рэгіянальныя асаблівасці.

Літаратура:

1. №№ 30-33. З выступленняў на 3-й сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР VІ склікання ад 4 лістапада 1924 г.; № 31. Выступленне С.М. Некрашэвіча // Інстытут беларускай культуры 1922-1928 : дакументы і матэрыялы / В.У. Склабан, М. У. Токараў. - Мінск : Беларус. навука, 2011. - С. 70-80.

2. № 55. З матэрыялаў камісіі ЦВК БССР па ажыццяўленні нацыя-нальнай палітыкі за час з кастрычніка 1925 г. да кастрычніка 1926 года // Інстытут беларускай культуры. 1922-1928 : дакументы і матэрыялы. - С. 155-159.

3. № 54. Інфармацыя Інстытута беларускай культуры ў Нацыянальную камісію ЦВК БССР аб дзейнасці і недахопах у працы ад 12 верасня 1926 г. // Інстытут беларускай культуры. 1922-1928 : дакументы і матэрыялы. - С. 152-154.

4. № 60. Даклад фракцыі ІПБ і спрэчкі па ім (т. Бялуга). Снежань 1926 // Інстытут беларускай культуры. 1922-1928 : дакументы і матэрыялы. - С. 172-175.

5. Некрашэвіч, С. М. Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы // Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння / НАН Беларусі; Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; навук. рэд. А. І. Падлужны. - Мінск : Беларус. навука, 2004. - С. 50-79.

6. Касьпяровіч, Мікола. Як сабраць і ўкласці слоўнік мовы свайго раёна / Мікола Касьпяровіч // Arche. - 2010. - № 11. - С. 142-157.

7. Германовіч, І.К. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч / І.К. Германовіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. энцыкл.; пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б.І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. - Мінск : БелЭн, 1994. - С. 388-389.

8. Запрудскі, Сяргей. Прадмова / Сяргей Запрудскі // Мікола Касьпяровіч. Віцебскі краёвы слоўнік (матар'ялы) / пад рэд. М.Я. Байкова і праф. Б.І. Эпімаха-Шыпілы. - Менск, 2011. - 371 с.

9. Германовіч, І.К., І.К. Бялькевіч і яго слоўнік / І.К. Германовіч, Б.С. Лапаў // І.К. Бялькевіч. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / рэд. М.В. Бірыла, А.А. Крывіцкі. - Мінск : Навука і тэхніка, 1970. - С. 5-12.

10. Запрудскі, Сяргей. Прадмова / Сяргей Запрудскі // Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / пад рэд. М. Я. Байкова й праф. Б. І. Эпімаха-Шыпілы. - Менск, 2011. - 317 с.

Г.С. Бародзіч
Тапаніміка як складовая частка краязнаўства

У аснове нашай вечна юнай любві да радзімы, незалежна ад таго, пішам яе з вялікай ці з малой літары, ляжаць многія фактары. I сярод іх, несумненна, найважнейшае месца займае наша прыхільнасць да засвоеных ад самага дзяцінства слоў, якімі называюцца нашы гарады і вёскі, вуліцы і плошчы, паркі і скверы, размешчаныя паблізу месца жыхарства, рэкі і азёры, палі і лугі. Такія назвы ў навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам - "тапаніміка", у якім topos перакладаецца як месца, мясцовасць , а оnoma - імя . Значыць, тапаніміка - гэта навука аб геаграфічных назвах, іх паходжанні, сэнсавым значэнні, змяненні, напісанні, вымаўленні і перадачы з адной мовы на другую.

"Тапаніміка - гэта мова Зямлі, а Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісваецца ў геаграфічнай наменклатуры," - пісаў І. Фалевіч, польскі гісторык, беларус па паходжанні. Неабмежаваная шчырая любасць людзей да сваёй мясцовай тапаніміі з'яўляецца адной з прычын, што ў цывілізаваных краінах яе альбо зусім не перайначваюць, а калі ідуць на такі крок, дык выключна ў рэдкіх, адзінкавых выпадках. Гэта няцяжка вытлумачыць, бо кожны сумленны чалавек глядзіць на перададзеныя яму ў спадчыну ад далёкіх і блізкіх продкаў тапонімы, як на найкаштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі роднай зямлі, якія патрэбна шанаваць як штосьці самае дарагое ў жыцці. У сусветнай практыцы зусім справядліва лічыцца, што чым больш старая паводле ўзнікнення назва, тым яна найдаражэйшая. Адукаваныя, культурныя людзі ні за якія даброты не згодзяцца замяніць яе на прыгожае, ласкавае слова. Галоўнае, што яно прыйшло ад далёкіх прашчураў, адлюстроўвае гісторыю ці побыт іх жыцця.

Назвы - гэта перш за ўсё помнікі вуснай народнай творчасці, і ставіцца да іх трэба з пашанай. Дзівосная, усеахопная здольнасць геаграфічных назваў-тапонімаў - праз сотні і тысячы гадоў захоўваць звесткі пра першапачатак таго ці іншага месца - зацікавіла мяне. Менавіта таму я і ўзялася за збор матэрыялаў аб мікратапанімічных назвах нашага Дараганаўскага сельскага савета.

Чаму так названа? Дзе вытокі кожнай назвы? Што хаваецца за назвай? Адказы на гэтыя пытанні я знайшла ў працы над прачытанай літаратуры, у размовах з людзьмі сталага ўзросту, калі збірала звесткі аб мікратапанімічных назвах. Для складання мікратапанімічнага слоўніка я сустракалася з жыхарамі розных вёсак, якія ў асноўным і называлі мясцовыя тапонімы. Асобным тапонімам яны давалі тлумачэнні, што і ўказана ў слоўніку.

Я выражаю падзяку за дапамогу ў зборы матэрыялаў наступным жыхарам:

Стоцкай Ларысе Сідараўне - жыхарцы в. Дараганава, ураджэнцы в. Сялец;

Лосіку Сяргею Андрэевічу - жыхару в. Дараганава, ураджэнцу в. Краі;

Паходаву Мікалаю Міхайлавічу - жыхару в. Радуцічы;

Вайцяхоўскаму Міхаілу Іосіфавічу - жыхару в. Камарына;

Баранаву Аляксею Іванавічу - жыхару в. Птушычы, ураджэнцу в. Сялец;

Ангерчык Нэлі Аляксееўн е - жыхарцы в. Каўгары (Халькі);

Дзятлу Аляксандру Раманавіч у - жыхару в. Радуцічы;

Дзяцел Надзеі Сямёнаўне - жыхарцы в. Радуцічы, ураджэнцы в. Слопішча;

Куксару Мікалаю Цімафеевічу - жыхару в. Дараганава, ураджэнцу в. Радуцічы;

Багдановічу Паўлу Уладзіміравічу - жыхару в. Радуцічы, ураджэнцу в. Лука.

У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася вялізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк і азёраў, палёў і сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб'ектаў. На зямлі нашай Бацькаўшчыны, бадай, не знойдзеш аніводнай народнай назвы, якая б ўзнікла выпадкова, без дай прычыны. Калі ўважліва прыгледзецца, дык заўсёды вызначыш, што вынікае яна з нейкіх асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў і вельмі часта звязана з гістарычным мінулым чалавека. Сам народ ніколі не назаве сваё паселішча словам, якое ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш пярэчыла б ісціне. Не дзіва, што адзін з паэтаў пісаў:

Народ умее цёплым словам

Радзімы край свой прыласкаць.

Да гэтых слоў хацелася б дадаць: не толькі цёплым , але і трапным , праўдзівым . Ці не таму часта, высветліўшы мінулую, да пэўнага часу не зразумелую нам назву горада ці вёскі, мы лепш пачынаем разумець асаблівасці жыццядзейнасці людзей, іх звычкі і норавы?

Якая вялікая карысць была б, каб знаходзіліся людзі, якія маглі б максімальна поўна сабраць, літаратурна апрацаваць і пакінуць для гісторыі сабраны матэрыял. Дарослыя добра памятаюць шмат чаго пра свае мясціны і ахвотна раскажуць пра іх даследчыку і любому, хто неабыякавы да беларускай тапаніміі. А вось у дзяцей наўрад ці што застанецца ў памяці пасля пераезду на новае месца жыхарства. Адзначалася, што старыя людзі ведаюць каля ста назваў сваіх мясцін, сярэдняга ўзросту - 30-40, а маладыя - усяго толькі 5-6. Адсюль відавочна, што трэба знаёміць дзяцей з мясцовымі геаграфічнымі назвамі, якія бытуюць у роднай і суседніх вёсках.

Велізарным патэнцыялам для вывучэння розных бакоў жыцця народа валодае мікратапанімія - сукупнасць геаграфічных назваў, што вядомы толькі абмежаванай колькасці людзей, якія жывуць побач з названымі невялікімі аб'ектамі: выганамі, пожнямі, угоддзямі, балотамі, урочышчамі, ярамі, курганамі, студнямі, выгібамі рэк; і ўрбананімія - найменні вуліц, плошчаў, бульвараў, паркаў, сквераў і г.д. Лёс гэтых дзвюх катэгорый тапаніміі зусім неаднолькавы: першая перадаецца ад пакалення да пакалення людзей амаль бяззменна, чым захоўвае сваю велізарную каштоўнасць, а другая можа нават на працягу жыцця аднаго пакалення па некалькі разоў мяняць імя, чым толькі зніжаецца яе значэнне як помніка гісторыі і культуры народа.

Па беларускай мікратапаніміі прыродна-гаспадарчага характару ў нас нямала навуковых і навукова-папулярных публікацый. Праўда, прысвечаны яны ў асноўным адносна буйным паводле сваіх памераў аб'ектам, а вось што датычыць дробных, дык тут непачаты загон працы, прычым вельмі патрэбнай для адраджэння нашай духоўнай спадчыны, вывучэння гісторыі.

Сучаснае пакаленне беларусаў можа ганарыцца тым, што іх прашчуры ніколі не былі абыякавымі да сваёй духоўнай спадчыны, вельмі добра разумелі яе значэнне для захавання сваёй самабытнасці. Не выпадкова ж адной з умоў уступлення заходнебеларускіх, г. зн. беларускіх, земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага было "старины не рухати".

Каштоўным пластом нашай народнай тапаніміі, апроч гістарычных найменняў, з'яўляюцца назвы, у якіх увасоблены геаграфічныя і прыродна-кліматычныя своеасаблівасці роднага краю, характар вытворча-прафесійнай дзейнасці людзей, спосабы і формы задавальнення імі сваіх матэрыяльных і духоўных патрэб.

Тапанімія Беларусі ўяўляе мазаічную сістэму, якая складаецца з розных па генезісе, эвалюцыі і ўзросце элементаў. Сярод шматлікіх груп тапанімічных адзінак асаблівае месца належыць геаграфічным назвам, узнікшым на аснове народных геаграфічных тэрмінаў - слоў, якія вылучаюць род або від аб'екта прыроды ці гаспадаркі. Узаемасувязь паміж тапонімамі і народнымі тэрмінамі з'яўляецца ўніверсальнай заканамернасцю тапанімікі.

Народныя геаграфічныя тэрміны ўзніклі ў выніку назіранняў мясцовых жыхароў за разнастайнымі з'явамі і працэсамі ў навакольным асяроддзі і захавалі ў сабе досвед пакаленняў нашых продкаў. I па сённяшні дзень гэтыя словы ўражваюць сваёй непаўторнай трапнасцю, лаканічнасцю і вобразнасцю ў характарыстыцы таго ці іншага геаграфічнага аб'екта. Багацце фонду народнай тэрміналогіі можна падзяліць на некалькі груп. Ніжэй прыводзяцца некаторыя прыклады з гэтай класіфікацыі на падставе тапонімаўтваральных тэрмінаў. Неабходна адзначыць, што асобныя тэрміны можна адносіць да розных груп, што звязана з разнастайнымі сэнсавымі зрухамі і метаніміямі (кантактнымі пераносамі з аб'екта на аб'ект).

Фізіка-геаграфічныя тэрміны:

1) араграфічныя: града, грыва, кругліца, курган, поклань, поплаў і інш;

2) гідраграфічныя: копанка, крыніца, ручай, рэчка, тапіла, тоня, яма і інш;

3) глебава-літалагічныя: глінішча, каменка, пяскі, пясчанка і інш;

4) геабатанічныя: альшанік, асавец, беразняк, гай, дубрава, маліннік і інш;

5) краявідныя: лес, луг, балота, гала, сенакос і інш.

Неабходна заўважыць, што сярод фізіка-геаграфічных тэрмінаў, якія ўтвараюць тапонімы, амаль адсутнічаюць кліматычна-метэаралагічныя.

Сацыяльна-эканамічныя тэрміны:

1) тыпы паселішчаў: вёска, горад, гарадок, двор, селішча, хутар і інш;

2) сельскагаспадарчыя (земляробчыя): дзялянка, зімнік, клін, ляда, ніва, шнур і інш;

3) прамысловыя: млын, млынок, смалярня, цагельня і інш;

4) транспартныя: брод, гаць, грэбля, дарога, мост, шлях і інш.

Утварэнне тапонімаў ад народных тэрмінаў можа адбывацца па наступных тыповых для славянскіх моў схемах:

1) прамым пераходам тэрміна ў тапонім: гай - Гай , выган - Выган , горкі - Горкі , градкі - Градкі і г.д.

2) пры дапамозе службовых элементаў:

а) суфіксаў-прэфіксаў: Забалацце, Залессе, Заброддзе, Падасіннік, Прыбар ;

б) азначэнняў (састаўныя назвы): Барання галава, Бярозава грэбля, Воўчы Рог, Галае поле, Тоўсты лес .

Інфармацыйныя магчымасці народнай геаграфічнай тэрміналогіі дапамагаюць зразумець дэфармацыю першапачатковых прыродных комплексаў у выніку антрапагеннага ўздзеяння. Так, тэрміны "дрывасекі", "пал", "сеча", "церабень" з'яўляюцца сведчаннем месцаў высечак або выпальвання дрэў і кустоў пад раллю, жыллё, гаспадарчыя пабудовы. Некаторыя тапанімічныя назвы вельмі выразна перадаюць заняткі нашых продкаў у мінулым. Асабліва гэта характэрна для так званых прамысловых тапонімаў тыпу Рудня, Гута, Буда, Смалярня, Осыя (Калёсы) і інш.

Геаграфічная мясціна сама сябе ніяк не называе. Імя ёй прысвойвае чалавек, як і самому сабе. Таму гэтыя імёны ў граматыцы і называюцца ўласнымі. Земляроб, пасяляючыся ў пэўнай мясціне, углядаецца ў навакольны краявід, перш чым знайсці трапнае слова, якім можна назваць сваю аселасць. Малады бор можа быць выцераблены, а назва, якую чалавек даў паселішчу пры ім - Барок , Зялёны Бор , - застаецца навечна. Балота знікае ў выніку асушальных работ, а назва застаецца.

Колер ці форма возера, абрысы поплаву, узровень аднаго месца над другім, выгіны ракі... Ад іх нараджаюцца пэўныя назвы - рэчка Ржаўка , Гніляк - балоцістае месца ля ракі, Кручок - частка ракі, Горкі - высокае месца...

Шмат тапонімаў утворана ад уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак людзей. Ва ўсіх краінах ёсць яны, і ў вялікай колькасці. На Беларусі таксама. Ёсць такія назвы і ў нашай мясцовасці, і іх шмат.

Тапонімы захоўваюць у сваім складзе самую разнастайную інфармацыю аб гістарычным, эканамічным, культурным жыцці народа, прыродна-геаграфічных умовах краю, гаспадарчай дзейнасці людзей. Каштоўнасць тапаніміі і ў тым, што яна дае нам уяўленне аб унутраным свеце людзей, нашых продкаў, аб тым, як яны ўспрымалі рэчаіснасць, што і як вылучалі ў навакольным свеце.

Літаратура:

1. Мурзаев, Э.М. Очерки топонимики. - М. 1974, - 374 с.

2. Жучкевич, В.А. Происхождение географическнх названий Белоруссии. - Мн. 1961, - 78 с.

3. Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое... - Мн., Юнацтва, 1992. - 270 с.

4. Лыч, Л.М. Назвы зямлі беларускай. -Мн., Універсітэцкае, 1994, -26 с.

5. Шур, Васіль. Сувязь тапанімікі з іншымі навукамі. // Геаграфія: праблемы выкладання, № 1, 1999.

6. Басік, Сяргей. Народная геаграфічная тэрміналогія ў тапаніміі Беларусі. // Геаграфія: праблемы выкладання, № 4, 1999.

7. Шур, Васіль. Беларускія тыпы паселішчаў і іх назвы. // Геаграфія: праблемы выкладання, № 4, 1998.

8. Рапановіч, Я.П. Слоўнік населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. -Мн., 1983.

9. Лосік, Сяргей. Тапаніміка населеных пунктаў Дараганаўскага сельскага савета. - Дараганава, 2004.

10. Маисейка, Н.Н. (уроженец д. Лука). Деревня Лука. Работа, посвяіцённая 100-летию д. Лука

11. Памяць. Асіповіцкі раён. - Мн., 2002.

12. Нацыянальны атлас Беларусі. - Мн., 2003.

Ігар Пракаповіч
Досвед даследавання тапаніміі Пастаўскага раёна

Пастаўскі раён, самы заходні раён Віцебскай вобласці, мае складаную тапанімічную прастору. Прычына гэтаму - наяўнасць трох тапанімічных пластоў: фіна-ўгорскага, балцкага і славянскага, якія, накладваючыся адзін на адзін, утвараюць стракатую мазаіку назваў. Таму для сучаснага насельніцтва раёна значная доля найменняў незразумелая і не нясе ў сабе той сэнсавай нагрузкі, якая ў іх была закладзена першапачаткова. Такая сітуацыя падштурхоўвае да грунтоўнага вывучэння тапаніміі Пастаўшчыны. За апошняе дзесяцігоддзе аўтарам праведзены шэраг даследаванняў, якія датычацца гідраніміі, айканіміі, урбаніміі і мікратапаніміі гэтага рэгіёна.

Своеасаблівую групу тапонімаў складаюць назвы розных водных аб'ектаў: азёр, рэк, балот. Большасць з іх уяўляе сабой словы-помнікі, якія прыйшлі да нас з глыбокай даўніны. У часы, калі ўся паверхня была занятая лясамі, рэкі адыгрывалі ролю шляхоў зносін, па іх ішоў пошук новых паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў.

Найбольш простай па разуменні сэнсу з'яўляецца славянская група гідронімаў. Некаторыя не патрабуюць нават і тлумачэнняў: Баравое, Амшанае, Дубок, Загацце, Бледнае і г.д. Частка славянскіх назваў утварылася ад ужо састарэлых слоў, якія выйшлі з ужытку: Заражанка (ад слова "зараза" - 'зараснік, перасечаная мясцовасць'), Язвінка (ад слова "язва" - 'яр, лагчына'), Волься - (ад слова "вольс" - 'альховы зараснік на балоце').

Нашмат больш складанымі для тлумачэння з'яўляюцца балцкія і, асабліва, фіна-вугорскія назвы. Гэта тлумачыцца тым, што, па-першае, яны вельмі старажытныя; па-другое, моцна скажоныя славянамі і прыстасаваныя пад славянскі моўны лад; па-трэцяе, мовы плямёнаў, якія пакінулі назвы, не захаваліся ў чыстым выглядзе, і таму тлумачэнні найменняў трэба шукаць сярод сучасных роднасных моў. Варта адзначыць і яшчэ адну акалічнасць, якая ўскладняе пошукі: старажытныя людзі ўсё сваё жыццё праводзілі ў прыродзе, і таму яны адзначалі і адлюстроўвалі ў назвах самыя нязначныя асаблівасці геаграфічных аб'ектаў. Тое, што для сучасніка ўсяго толькі "балота", для старажытнага чалавека мела дзясяткі, а мо і сотні адметнасцяў. Вядомы беларускі даследчык В. А. Жучкевіч толькі ў беларускай мове знайшоў шэраг слоў, якія з рознымі адметнасцямі адпавядаюць паняццю "балота": валога , дрыгва, гала, нетра, віць, павіцце, мраіва, багна, твань, слата, іржа.

Сярод гідронімаў славянскага паходжання найбольшую групу па сэнсе ўтвараюць назвы, якія паказваюць адметнасць расліннасці вакол аб'екта: Баравое, Амшанае, Белькі, Бярозаўскае, Волься, Дубок, Заражанка . Значнае распаўсюджанне маюць назвы, якія вызначаюць месцазнаходжанне азёр і рэк ( Загацце, Задняе, Зароўшчына, Надазерскае ), колер вады ( Белае, Чорнае, Бледнае, Рудзіца, Аржоўка ), прыналежнасць да ўласніка або жыхара ( Арцёмаўскае, Бульбінаўскае ). Адзінакавыя назвы адлюстроўваюць іншыя адметнасці: Язвіка (рэльеф), Думбля, Каменскае (грунты), Доўжа (форма), Валожынскае, Пліса, Сляпіца, Страча (іншыя характарыстыкі аб'ектаў).

Каб растлумачыць сэнс балцкіх і фіна-вугорскіх назваў рэк і азёр, трэба выкарыстоўваць разнастайныя слоўнікі адпаведных моў. I тады раскрываецца значэнне на першы погляд зусім незразумелых слоў. Напрыклад, Баб'е - возера, якое мае тарфяністыя сплавінныя берагі, Астуньева - забалочанае возера, якое падобна на раку, Біоста - рака, якая з'яўляецца прытокам другой ракі, Лодасі - возера, якое мае камяністы астравок.

Вынікам даследвання гідронімаў стала брашура "Адкуль паходзяць назвы: Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна", якая была выдадзена невялікім накладам у 2000-м годзе ў Наваполацку [1]. У ёй акрамя агульнай характарыстыкі назваў водных аб'ектаў падаецца і гідранімічны слоўнік, у якім прапануюцца варыянты ўтварэння найменняў 82 рэк і азёр Пастаўшчыны.

Наступная аб'ёмная праца - гэта гісторыка-геаграфічны і семантычны аналіз айконімаў - назваў населеных пунктаў раёна. Усяго разглядалася 516 найменняў паводле спісаў, якія пададзены ў кнізе "Памяць. Пастаўскі раён". Каля 80% паселішчаў Пастаўшчыны маюць славянскія назвы, астатнія паходзяць з балцкіх і фіна-ўгорскіх моў. Па значэнні іх можна падзяліць на некалькі груп.

1. Назвы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці. Да іх адносяцца найменні, якія паказваюць адметнасць геаграфічнага становішча ( Загацце, Куцішкі, Пад'ясенка, Падкамаі, Падсосна, Забалацце, Заброддзе ); адлюстроўваюць характар рэльефу ( Казіная Гара, Логавінцы, Гурніца, Гараноўшчына, Гумбяны, Верацеі, Высокія ); сведчаць пра грунтова-глебавыя ўмовы мясцовасці ( Гліншчына, Пяскарышкі, Жвірынка, Жарсцвянка ); звязаны з раслінным светам ( Сасноўшчына, Ракіты, Волься, Асіннікі, Дубрава, Ольшнева, Алешына, Лазовікі, Баравое, Калінаўка ); адлюстроўваюць жывёльны свет ( Шпакі, Казлы, Салаўі, Барсучына, Жукі, Ваўкі, Барсучы Мох ).

2. Назвы, якія звязаны з працоўнай дзейнасцю і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жыцця людзей. Да іх адносяцца найменні, якія адлюстроўваюць умовы жыцця і побыт людзей ( Старчуны, Стонішкі, Бядункі ); звязаны з працоўнай дзейнасцю людзей і з іх старажытнымі промысламі ( Агароднікі, Перавознікі, Муляры, Лаўцы, Паташня, Скураты, Пушкары, Ралаўцы ); адлюстроўваюць прававыя адносіны ( Баяры, Валькі, Даравое ); сведчаць пра асаблівасці транспартных шляхоў ( Крывы Мост, Масцішча, Разлуцішкі ).

3. Назвы рэлігійна-культавага значэння ( Няверышкі, Папоўцы ).

4. Назвы, што паказваюць тып паселішчаў, тып пабудоў ( Асіна-гарадок, Паставы, Паставішкі, Дамуці, Станчыкі, Гродзі, Свіраны, Навасёлкі, Стары Двор, Дашкі, Хацілы, Дзеравянкі, Будзева ).

5. Назвы, якія звязаны з прозвішчамі і імёнамі людзей. Магчыма, першапасяленцаў ці заснавальнікаў. Гэта група самая вялікая па колькасці, да яе адносіцца амаль трэцяя частка ўсіх назваў паселішчаў раёна ( Адамова, Мікулкі, Багданава, Васевічы, Аліхверы, Сергі, Сяргеевічы, Лявонавічы, Пятровічы, Абрамаўшчына, Андрушышкі і іншыя).

6. Назвы, якія адлюстроўваюць знешнія асаблівасці паселішча (колер, велічыню) ( Чорнае, Вялічкі, Белыя, Сіўцы, Рудзі ).

7. Назвы, якія адлюстроўваюць найменне плямёнаў, народаў ды іншых этнічных груп ( Ляхаўшчына, Маскалішкі, Русіны, Русакі, Ліцвінкі, Прусы, Мазурка, Гудэлішкі, Сакуны ).

9. Назвы, якія звязаны сваім паходжаннем з воднымі аб'ектамі, у тым ліку з назвамі рэк і азё р ( Шыльва, Юнькі, Янкішкі, Камаі, Лучай, Лодасі, Галбея, Ласіца, Лынтупы ).

Складанымі для разумення з'яўляюцца назвы, якія паходзяць з іншых моў. Толькі шляхам грунтоўнага аналізу і вывучэння можна дазнацца пра іх сэнс. Напрыклад, вёска Ажуройсці на Лынтупшчыне. Назва мае балцкія карані і складаецца з дзвюх частак: у літоўскай мове "uz" азначае "за", а "raistas" - "забалочаны лясок". Такім чынам, назва вёскі ўказвае яе месцазнаходжанне "за забалочаным ляском". Або назва вёскі Васіліны . Мясцовая легенда тлумачыць яе паходжанне ад імён першапасяленцаў Васіля і Лены, але, верагодна, назва з'яўляецца старажытнай фіна-ўгорскай. Яна складаецца з дзвюх асноў: "vesi" - "вада" і "linna" - "умацаванае месца", "замак". Такім чынам, атрымліваецца зразумелае тлумачэнне: "замак каля ракі". Параўнаем з назвай эстонскай сталіцы Талін, дзе "лін" - "замак".

Вынікам праведзенага даследавання стаў каталог айконімаў Пастаўшчыны, які падае сціслыя гісторыка-геаграфічныя характарыстыкі паселішчаў і варыянты паходжання назваў. Гэтыя матэрыялы друкаваліся ў "Краязнаўчай газеце"[2] і раённай газеце "Пастаўскі край" [3], выклікалі вялікую цікавасць чытачоў.

Даследаванне ў некаторай ступені недасканалае і няпоўнае з прычыны таго, што не ўдалося прасачыць змяненне форм айконімаў на працягу часу існавання населеных пунктаў, а таксама не разглядалася даволі шматлікая група назваў зніклых вёсак.

Зараз пад кіраўніцтвам аўтара вучнем 10 класа СШ № 1 г. Паставы Віталем Літвіновічам праводзіцца даследаванне па тэме "Гісторыка-геаграфічны і семантычны аналіз гадонімаў і апаронімаў горада Паставы", у якім разглядаецца працэс утварэння і змянення назваў вуліц і плошчаў у раённым цэнтры, а таксама тлумачыцца іх значэнне.

Адным з важных накірункаў дзейнасці ў рэчышчы тапаніміі пэўнай мясцовасці з'яўляецца адсочванне формы падачы назваў на ўказальніках, табліцах, шыльдах, вонкавай рэкламе, друкаваных выданнях, радыё, тэлебачанні. Сябры пастаўскай раённай арганізацыі ТБМ правялі маніторынг назваў на галоўных вуліцах Паставаў: Чырвонаармейскай (былой Лучайскай ), Савецкай (былой Віленскай ), 17 верасня (былой Задзеўскай ) і Ленінскай (былой Браслаўскай ) - з мэтай вызначэння суадносін паміж назвамі на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах. Вынікі абследавання, а запісваліся ўсе назвы, якія трапляліся на вуліцах (магазіны, установы, прадпрыемствы, рэкламныя шыльды, банеры і інш.), аказаліся больш сумнымі і трывожнымі, чым чакалася. Што атрымалася? Так, на вуліцы Чырвонаармейскай з 68 назваў толькі 10 беларускамоўныя, прычым са 159 дамоў толькі на адным (№ 98) вуліца напісана па-беларуску. Па вуліцы Ленінскай з 43-х назваў беларускамоўных толькі 6. Па вуліцы Зялёнай і 17 верасня (разам) адпаведна 38 і 7. Па Савецкай - 59 і 4. На плошчы Леніна з агульнай колькасці назваў 44 аж 13 з'яўляюцца беларускамоўнымі, прычым, з 25 дамоў назва плошчы напісана па-беларуску толькі на двух - № 7а, № 9а.

Такім чынам, агулам (без уліку шыльдаў з назвамі вуліц) налічваецца 290 назваў, з якіх беларускамоўных усяго 46, што складае толькі 16%.

Гэтыя лічбы, як лакмусавая паперка, паказваюць усю сапраўдную "глыбіню" нашага патрыятызму, нашых адносін да роднай мовы, да нашай беларускай культуры. Так, можна шмат гаварыць пра любоў да радзімы, да народа, пра неабходнасць шанаваць сваё кроўнае, роднае, але калі словы не пацвярджаюцца справамі, то яны - проста непатрэбнае трасенне паветра.

У выніку штучных змен толькі 6 вуліц з забудовы 1939 года захавалі свае гістарычныя найменні, бо былі палітычна-нейтральнымі: Зарэчная, Школьная, Чыгуначная (Каляёвая), Паркавая, Ціхая, Дварцовая (Вакзальная) . Затое большая група назваў астатніх вуліц - гэта або словы-сімвалы рэвалюцыйна-савецкай тэматыкі ( Кастрычніцкая, Першамайская, Пралетарская, Камсамольская і інш.), або вытворчай ( Завадская з двума Завадскімі завулкамі, Камунальная, Кааператыўная, Меліяратыўная і інш.), або звязаны з прозвішчамі людзей (іх найбольш - 30). З гэтых трыццаці назваў 10 утворана ў гонар удзельнікаў II Сусветнай вайны, прычым толькі 5 з іх звязаны з Пастаўшчынай, 8 - дзеячаў Кастрычніцкай рэвалюцыі (1 з Пастаўшчыны), 10 пісьменнікаў (6 рускіх і 4 беларускіх) і 2 касманаўты. Назваў, якія б адлюстроўвалі прыродную і гістарычную самабытнасць нашага краю, амаль не засталося.

Аўтарскія публікацыі:

1. Пракаповіч, I.М. Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна. - Наваполацк, : ГА "Усяслаў Чарадзей", 2000. - 45 с.

2. Пракаповіч, I.М. Назвы нашых вёсак // "Краязнаўчая газета", жнівень 2010 - сакавік 2011.

3. Пракаповіч, I.М. Назвы нашых вёсак // "Пастаўскі край", верасень 2010 - люты 2012.

С.В. Гаўрылава
Гаданімія г. Полацка ў рэтраспектыве часу (ХІV - ХХІ ст.)

У апошнія дзесяцігоддзі з боку лінгвістаў, гісторыкаў і краязнаўцаў значна ўзрасла ўвага да вывучэння ўрбанонімаў Беларусі. Вялікі пласт унутрыгарадскіх назваў складаюць гадонімы - назвы лінейных аб'ектаў (вуліц, праспектаў, завулкаў і інш.). Краязнаўства разглядае іх як помнікі культуры горада, якія ўвабралі ў сябе асаблівасці гістарычнага развіцця рэгіёна і менталітэт яго насельніцтва.

Самыя старажытныя полацкія ўрбанонімы зафіксаваны ў дакументах, якія датуюцца XIV ст. [5, с. 12]. На той час галоўнай тапанімічнай мадэллю з'яўляўся невялічкі тапонімны аповед апісальнага характару, у аснову якога былі пакладзены назвы найбольш значных аб'ектаў. Імі на працягу стагоддзяў з'яўляліся храмы і манастыры, якія выступалі арыенцірамі на мясцовасці: "...на своемь месте оу святое Соfье ", "...дал есми великаму Иоану Предтечи у Остров сеножатку между дорогами Бобыницкою а Воронацкую верьх Савина ручья...", "...и взяли есьмо тоть манастыръ святого Николы на Лучне кь нашому подаванью..." [5, с. 12-13]. Прыкладна ў гэты ж час пачала выкарыстоўвацца мадэль адрасавання "вызначальны тэрмін+назва", якая існуе па сённяшні дзень. Да канца XIV - пачатку XV стст. адносіцца пісьмовая згадка першага полацкага гадоніма: "...близко Богоявления святого на Богородицкой улице..." [10, с. 15], у аснову якога была пакладзена назва культавага аб'екта.

У сярэдзіне XVI ст. гаданімія Полацка ўключала не менш за 6 адзінак: вядомы 4 вуліцы ( Вялікая, Падольная, Іллінская, Пятніцкая ) і 2 завулкі ( Андронаў, Вазнясенскі ) [6, с. 7-8]. У аснову намінацыі дзвюх з чатырох згаданых назваў вуліц пакладзена назва храма, які знаходзіўся на адпаведнай вуліцы і з'яўляўся яе найбольш значным аб'ектам. Дзве іншыя назвы маюць апісальны характар.

У XVII-XVIII стст. яшчэ шырока выкарыстоўвалася мадэль тапонімнага аповеду: на вуліцы ад царквы Ражаства Хрыстова на дол ку рацэ Дзвіне; завулак ад вуліцы Зарэчнай к царкве Святога Духа; у завулку паміж вуліцамі Баравою і Спаскаю; у завулку з вуліцы Вялікай к рацэ Дзвіне [3, с. 154-1771. Храмы па-ранейшаму заставаліся прыкметнымі гарадскімі аб'ектамі. У сістэме вулічнага анамастыкона Полацка шматлікімі былі гадонімы, матываваныя назвамі культавых аб'ектаў ( Спаская, Вазнясенская і інш.), месцазнаходжаннем лінейнага аб'екта ( Зарэчная, Падольная ), характарыстыкай самога аб'екта ( Чыстая, Прабойная, Малая і інш.), назвамі населеных пунктаў, у бок якіх яны вялі ( Віленская, Невельская ).

У канцы XVIII ст., калі Полацк увайшоў у склад Расійскай імперыі, гаданімія Полацка налічвала каля 40 адзінак; 1/4 усіх назваў складалі назвы завулкаў, астатнія - назвы вуліц. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. старая гарадская забудова пачала змяняцца, адбыліся першыя перайменаванні вуліц. Вуліца Вазнясенская трапіла пад забудову [2, с. 15], аднак сам гадонім не знік, а быў нададзены іншаму лінейнаму аб'екту, які пралягаў у той жа частцы горада, але ў іншым кірунку. З пабудовай Пакроўскай царквы вуліца Вялікая была перайменавана ў Ніжне-Пакроўскую , Іллінская - у Верхне-Пакроўскую і інш. I ў гэтым выпадку ў аснову вулічнай намінацыі была пакладзена назва храма, да якога вялі абедзве вуліцы. У пачатку XX ст. як вынік перайменавання вуліцы Віцебскай у Полацку з'явіўся першы мемаратыўны гадонім - вуліца Аляксандраўская , названая ў гонар Аляксандра I да 100-годдзя Айчыннай вайны 1812 г. Да гэтага часу полацкая гаданімія захавала старажытныя назвы вуліц: Вазнясенская (вядома з XVI ст.), Невельская, Баравая, Азараўская (з XVII ст.) і інш. У 1910 г. у Полацку налічваліся 31 вуліца і 1 завулак [7, с. 12-13; 4; с. 287-288].

Цікавым з'яўляецца факт іменавання полацкіх вуліц падчас акупацыі ў Першую Сусветную вайну (люты-лістапад 1918 г.). На нямецкім плане г. Полацка ў чэрвені 1918 г. пазначаны 34 вуліцы і 10 завулкаў, запісаныя лацінкай: Wokzalnaja-Str., Nizchne-Pokrowskaja-Str., Werchne-Borisoglebskaja-Str . і інш. Назвы вуліц Аляксандраўскай, Віцебскай і Рыжскай атрымалі канчатак -еr ( Alexander-Str., Witebsker-Str., Rigaer-Str. ), некалькі відазмяніліся назвы вуліц Невельскай і Лепельскай ( Newel-Str. і Lepel-Str. ). На нямецкай мове на плане пазначаны назвы вуліцы Манастырскай ( Kloster-Str. ) і завулка Тупога ( Stumpfe-Gasse ).

Пасля рэвалюцый 1917 г. асноўным прынцыпам намінацыі лінейных аб'ектаў стаў мемаратыўны. Аднымі з першых у горадзе з'явіліся вуліцы Леніна, Фрунзэ, Троцкага. У 1926 г. у Полацку ўжо налічвалася 65 вуліц і 39 завулкаў, з якіх 20 вуліц і 7 завулкаў насілі імёны расійскіх дзяржаўных дзеячаў, пісьменнікаў, адлюстроўвалі паняцці савецкага часу [1, с. 213-215]. Масавае перайменаванне вуліц адбылося 19 студзеня 1938 г., калі прэзідыумам Полацкага гарсавета было прынята рашэнне аб змене назваў 14 вуліц і завулкаў [11]. Гарадская гаданімія згубіла такія складнікі, як вуліцы Віленская, Балагоўская, Задзвінская , завулкі Сіроцінскі, Шпакоўскі і інш. Тым часам у Полацку з'явіліся вуліцы Дзяржынскага, Блюхера, Свярдлова , завулкі Калгасны, Стаханаўскі і інш. Толькі завулак Гогалеўскі змяніў адначасова назву і статус, ператварыўшыся ў вуліцу Акцябрскую .

У пасляваенны час Полацк адбудоўвалі амаль што нанова. У вялікай колькасці пракладваліся новыя вуліцы і завулкі: Гвардзейская, Заслонава, Калініна, Кашавога, Матросава, Мічурына, Пакрышкіна, Парыжскай камуны, Партызанская, Ракасоўскага, Чарняхоўскага, Камсамольскі і інш.

У той жа час у вялікай колькасці змяняліся даваенныя назвы. На вулічных шыльдах увекавечвалася памяць воінаў, якія загінулі пры вызваленні г. Полацка: вуліцы Махіроўскай было нададзена імя генерал-маёра Краснова , вуліцы Папярочна-Заходняй - Героя Савецкага Саюза Сушкова , 1-ай і 3-яй Інтэнданцкім - гвардыі падпалкоўніка Чайко . Стала традыцыяй называць вуліцы да юбілейных ці памятных дат. Так, пасля святкавання чарговага юбілею вызвалення БССР і г. Полацка на вуліцах горада з'яўляліся новыя шыльды з імёнамі воінаў-вызваліцеляў: у 1965 г. - А.А. Шанягіна (былая Экіманская ), І.І. Магалашвілі (былая НоваЖалезнадарожная ), у 1969 г. - вуліца Ізгуты Айтыкава, у 1969 г. - вуліца А.Я. Кляшчова (былая Красназнамённая ), у 1984 г. - А.І. Зыгіна (былая Себежская ), імя 6-й Гвардзейскай Арміі (былая Мінская ), 23-х гвардзейцаў (былая Лепельская ). У той жа час увекавечанне памяці Героя Савецкага Саюза, партызанкі, ураджэнкі Полацкага раёна Таццяны Савельеўны Марыненкі адбылося толькі ў жніўні 1970 г. Імем Тані Марыненкі была названа новая вуліца па Ветрынскай шашы.

Спосаб утварэння назвы вуліцы паводле яе кірунку ці месцазнаходжання, які з'явіўся яшчэ на пачатковым этапе фармавання гадонімаў, знайшоў свой працяг і ў савецкі час. Так, у 1954 г. з'явілася вуліца Віцебская (вуліца з такой назвай існавала ў Полацку да 1912 г.), у 1979 г. - Мінская , у 1957 г. новая вуліца ў пасёлку Меліяратыўны атрымала назву Меліяратыўная , а ў 1989 г. новая вуліца ў пасёлку Спас-Слабад а - Слабадская .

У 1961 г. пачалася эра асваення космасу. Даволі хутка касмічная тэматыка ўвасобілася ў сістэме гарадской гаданіміі. Ужо ў жніўні таго ж года вуліца Лагерная была перайменавана ў вуліцу Касманаўтаў , а завулкі Лагерныя - часткова ў завулкі Касманаўтаў , часткова ў завулкі Г.С. Цітова . Вуліца Г.С. Цітова з'явілася ў выніку перайменавання часткі 10-га Лагернага завулка . У 1968 г. новая вуліца атрымала імя У.М. Камарова .

У юбілейным для Полацка 1962 г. пры падрыхтоўцы да спяткавання 1100-годдзя заснавання і 150-годдзя Айчыннай вайны 1812 г. адбылося чарговае масавае перайменаванне: у чэрвені частка вуліцы Дзяржынскага атрымала імя Арджанікідзэ , вуліца Сапёрная - Я.П. Кульнева , вуліца Громаўская - Р.І. Кандраценкі. У жніўні частка вуліцы К. Маркса стала вуліцай Ю.А. Гагарына (з 3-ма завулкамі Ю.А. Гагарына ), вуліца Артылерыйская была перайменавана ў Юбілейную , а ў выніку аб'яднання вуліц К. Маркса і Арджанікідзэ ў цэнтры Полацка з'явіўся праспект К. Маркса - першы і на наступныя амаль 50 год адзіны полацкі праспект.

У развіцці сістэмы полацкіх гадонімаў неаднаразова здараліся выпадкі паўторнага выкарыстання аднаго і таго ж гадоніма. З XIX ст. у Полацку існавала вуліца Рыжская , якая ў паслярэвалюцыйны час была перайменавана ў вуліцу Фрунзэ . У чэрвені 1959 г. новая вуліца каля чыгункі Полацк-Рыга атрымала назву Рыжская , а пазней, у 1976 г., была перайменавана ў вуліцу Хадкевіча . У 1938 г. старадаўняя назва вуліцы Стралецкай была заменена на Максіма Горкага . Праз 51 год, у 1989 г., вуліцы Стралецкай была вернута гістарычная назва, а імя М. Горкага было нададзена новай вуліцы ў мікрараёне Аэрапорт.

За ўвесь савецкі час толькі некалькі вуліц Полацка былі названы ў гонар выдатных палачан. Пасля рэвалюцыі ў Полацку з'явілася вуліца Скарыны . У 1973 г. з'явіліся вуліцы Фядоры Міронавай (гераіні Айчыннай вайны 1812 г.) і Л.П. Касцецкай (падпольшчыцы). Адзіная ў Полацку вуліца ў гонар воіна-інтэрнацыяналіста, палачаніна С.І. Гукава з'явілася ў 1989 г.

З перабудовай абудзілася нацыянальная свядомасць беларусаў, і адразу на вуліцах гарадоў пачалі з'яўляцца шыльды з імёнамі нацыянальных дзеячаў. У Полацку з'явіліся вуліцы М. Багдановіча, І. Буйніцкага .

Не заўсёды працэс з'яўлення назвы новай вуліцы ці новай назвы вуліцы адбываўся лёгка, без пратэстаў з боку грамадскаці. Так, у красавіку 1990 г. Полацкі гарсавет прыняў рашэнне аб перайменаванні вуліцы Спартыўнай у вуліцу Г.С. Пятрова (Ганаровы грамадзянін г. Полацка). Аднак ужо праз тры месяцы рашэнне было адменена ў сувязі з пратэстам "пераважнай большасці грамадзян, якія пражываюць на гэтай вуліцы, якая выступіла супраць яе перайменавання" [8].

У 1992 г. Полацкім гарсаветам была прынята "Канцэпцыя перайменавання вуліц г. Полацка", у аснову якой была пакладзена ідэя вяртання вуліцам "пераважна, першапачатковых гістарычных назваў" [9]. З таго часу згодна з гэтай канцэпцыяй гістарычную назву вярнулі толькі вуліцы Ніжне-Пакроўскай (у 2008 г.), перайменаваўшы вуліцу Леніна , імя правадыра надалі вуліцы Сака і Ванцэці , што стварыла складаную сітуацыю не толькі для жыхароў Полацка, але і для турыстаў.

У 1992 г. частка вуліцы Фрунзэ была перайменавана ў вуліцу Ефрасінні Полацкай, прычым вуліца імя савецкага партыйнага дзеяча засталася ў цэнтральнай, гістарычнай частцы горада. Прападобную Еўфрасінню аддзялялі ад М.В. Фрунзэ амаль восем стагоддзяў, амаль дзесяць гадоў вуліцы, названыя іх імёнамі, раздзяляла чыгунка. Толькі ў лютым 2001 г. полацкі выканкам прыняў рашэнне перайменаваць астатнюю частку вуліцы Фрунзэ ў Ефрасінні Полацкай . Як на працягу многіх дзесяцігоддзяў вернікі-палачане па частках вярталі святыя мошчы прападобнай, так па частках у Полацку з'явілася і вуліца імя славутай зямлячкі. З мэтай захавання гістарычнай назвы вуліцы 6-ы завулак Фрунзэ быў перайменаваны ў вуліцу Фрунзэ .

У апошнія гады полацкія ўлады імкнуцца прытрымлівацца прынцыпаў гістарызму і патрыятызму пры іменаванні і перайменаванні гарадскіх лінейных аб'ектаў. Прыкладам гэтага можа служыць з'яўленне ў 2009 г. на радзіме беларускага першадрукара праспекта Францыска Скарыны (былы праспект К. Маркса ), што спрыяла з'яўленню двух лінейных аб'ектаў з аднолькавай назвай. Сёння ў цэнтры Полацка знаходзяцца паралельныя адно аднаму праспект і вуліца імя Скарыны . У 2009 г. у мікрараёне Аэрапорт з'явіўся праспект дойліда Іаана , а ў 2010 г. новая вуліца - Грунвальдская .

На сённяшні дзень полацкая гаданімія налічвае больш за 360 адзінак, з якіх каля 60 % складаюць мемаратыўныя назвы. Восем полацкіх гадонімаў з'яўляюцца нумератывамі: 5 Снежня, 11 Ліпеня, 8 Сакавіка, 23-х гвардзейцаў, 2-я Лугавая, 2-я Палявая, 2-я Межавая, 6-й гвардзейскай арміі . Нумератыўны прынцып пакладзены ў аснову намінацыі пераважнай большасці завулкаў. Вялікая колькасць вуліц горада мае адначасова аднайменныя завулкі, праезды, і ў адным выпадку - праспект. Лідарамі з'яўляюцца вуліцы Касманаўтаў (чатырнаццаць аднайменных завулкаў), Тросніцкая (адзінаццаць завулкаў і праезд), Нікіціна (сем завулкаў). Як і ў іншых гарадах Беларусі, у Полацку востра стаіць праблема рускамоўных і беларускамоўных адпаведнікаў. Так, у савецкі час у горадзе існаваў завулак Краснознамённый , які зараз носіць назву Чырвонасцяжны . Адначасова існуюць гадонімы Октябрьская і Кастрычніцкая .

У сваім развіцці гаданімія г. Полацка прайшла этапы, характэрныя для ўсіх беларускіх гарадоў, але яе станаўленне мела асаблівасці, абумоўленыя гістарычнымі працэсамі, што адбываліся на полацкай зямлі. Першыя пісьмова зафіксаваныя назвы лінейных аб'ектаў Полацка з'явіліся ў XIV ст. у часы Вялікага Княства Літоўскага. Гаданімічны склад якасна практычна не змяніўся ні ў перыяд уваходжання Полацка ў склад Рэчы Паспалітай, ні ў складзе Расійскай імперыі, змяніўшыся ў большай ступені колькасна. На працягу стагоддзяў у сістэме гадонімаў захоўваліся старажытныя назвы, а новыя ўтвараліся старажытнымі спосабамі. У пачатку XX ст. гаданімія г. Полацка папоўнілася мемаратыўнымі адзінкамі. Не сталі вулічныя шыльды інструментам уздзеяння і прапаганды ні польскіх, ні нямецкіх акупацыйных улад. Найбольшыя змены ў сістэме вулічных назваў адбыліся пасля 1917 г. У савецкі перыяд зніклі ўсе дарэвалюцыйныя полацкія гадонімы, іх замянілі ўніфікаваныя назвы, якія абязлічылі найстаражытнейшы беларускі горад і пазбавілі палачан-беларусаў уласнай гісторыі. З часу атрымання незалежнасці вядучай стала ідэя вяртання гістарычных назваў, аднак за 20 гадоў яна была ўвасоблена толькі аднойчы. Актывізаваць працэс арганізацыі гаданімічнай прасторы старажытнага Полацка згодна з агульнапрынятымі прынцыпамі намінацыі магла б грамадскасць, аднак свядомасцю прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў палачан яшчэ трывала валодаюць першамайскія вуліцы і мірныя завулкі.

Літаратура:

1. Вся Белоруссия. Справочная книга на 1926 г. - Минск: Государственное Издательство Белоруссии. 1926.

2. Дук, Д. Сацыятапаграфічная структура і забудова Полацка ў ХУІ-ХУІІІ стст. / Д. Дук // АRСНЕ Пачатак. 2010. -3, - С. 7-61.

3. Дук, Д.У. Полацк і палачане (ІХ-ХУІІІ стст.) / Д.У. Дук. - Наваполацк: ПДУ, 2010. - 180 с.

4. Дэйніс, І.П. Полацкая даўніна / І.П. Дэйніс. - Мінск: Медысонт, 2007. - 330 с.

5. Мезенко, А.М. Имя внутригородского объекта в истории: Об урбанонимах Беларуси ХIV - нач. XX в. / А.М. Мезенко. - Мінск: Выш. шк., 2003. - 301 с.

6. Полоцкая ревизия 1552 г. К изданию подготовил И.И. Лаппо. - Москва: Университетская типография, Страстной бульвар, 1905. - 237 с.

7. Путеводитель по городу Полоцку 1910 года: К торжеству перенесения мощей преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, из г. Киева в г. Полоцк / Сост., примеч. и вступ. ст. Л.Ф. Данько, А.И. Судник. - Полоцк: А.И. Судник, 2006. - 48 с.

8. Решение №8 Полоцкого городского Совета народных депутатов от 18 июля 1990 г. // Занальны дзяржауны архіў у г. Полацку. - Фонд 658. - Воп. 6. - С. 969. -Л. 10.

9. Решение №14-6 Полоцкого городского Совета народных депутатов от 28 мая 1992 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку. - Фонд 658. - Воп.6. - С. 1020. - Л. 15.

10. Сапунов, А.П. Исторические судьбы Полоцкой епархии с древнейших времен до половины XIX века / сост. и изд. А.П.Сапунов. - Витебск, 1889. - 174 с.

11. Третьяк, И.Д. Улицы нашего города / И.Д. Третьяк // Полацкі веснік. - 2009. - 22 снежня. - № 100 (13630). - С. 4.

Я.К. Адамовіч
З тапаніміі і мікратапаніміі рабочага пасёлка Градзянка і прылеглых да яго вёсак

Гісторыя развіцця рабочага пасёлка (далей - рп) Градзянка (Градзянка - мясцовая назва -мясц.) не ідзе глыбей 1900 г., бо раней на месцы цяперашняга пасёлка былі забалочаныя дрымучыя лясы. Мясцовасць, на якой цяпер раскінуўся пасёлак з прылеглымі да яго вёскамі, па ўспамінах старажылаў, уваходзіў у склад Завішаўшчыны - ад прозвішча пана Завішы, які ажаніўся з маладой паненкай Акрасінскай, але яна хутка аўдавела і Завішаўшчына ўвайшла ў склад Акрасіншчыны. Пасля шлюбу князя Мікалая Радзівіла з удавой усе яе валоданні ўвайшлі ў склад Князеўшчыны. Пасля рэвалюціі 1917 г. гэтыя назвы паступова перасталі ўжывацца. Стаўшы ўладаром багацейшых лясных масіваў, князь вырашыў прадаць гэта дабро і пралажыў ад станцыі Вярэйцы (Верайцы - мясц.) 35-ці кіламетровую чыгунку з канечнай станцыяй Градзянка. Ёсць меркаванне, што сваю назву чыгуначная ст. (а пазней вёска, пасёлак, а з 15.07.1935г. - рабочы пасёлак, атрымала ад слова града , на якой размешчаны. Ёсць думка, што назва паходзіць ад слова град . Над мясцовасцю вельмі часта здараюцца градавыя навальніцы, адсюль Градзянка . Правёўшы чыгунку, князь у цэнтры пасёлка пабудаваў завод "Спартак", які дзейнічаў да 1922 г. Па сведчанні старажылаў у Англію адсюль вывозілася карабельная сасна, дубовы паркет і іншае. Чыгунка ўступіла ў эксплуатацыю ў 1908 г. Адначасова праводзіліся работы па асушэнні мясцовасці ва ўсіх накірунках ад станцыі пракладаліся грэблі, а з паўднёвага боку - конка на 6 км. У 1902 г. на месцы будучай станцыі пасялілася першая сям'я Ждановічаў, а к 1908 г. прыбавіліся сем'і Байко, Міхонскіх, Казлоўскіх, Шпілёўскіх, Багдановічаў, пры станцыі ўтварылася вёска Градзянка. У 1926 г. было 70 двароў 400 жыхароў, у 1939 г. вяскоўцы аб'ядналіся ў калгас. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны рп Градзянка быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія спалілі пасёлак і загубілі 350 жыхароў. З чатырохсот двароў засталося 16. Пасёлак быў у партызанскай зоне. У навакольных лясах размяшчаліся лагеры першай Асіповіцкай партызанскай брыгады. У баях загінулі 25 савецкіх воінаў і партызан. Ацалелыя жыхары жылі ў зямлянках. Пасля вайны рп адбудаваўся. Па перапісе 1959 г. было 400 двароў, 1326 жыхароў. Працавалі шпаларэзны, абозабудаўнічы заводы, смалярня, нафтабаза, 3 магазіны, бальніца, амбулаторыя, аптэка, сталоўка, клуб, пошта, гараж, канюшні, склады, развівалася СШ. Намаганнямі настаўніка В.Б. Садлуцкага быў створаны гурток юнатаў-садаводаў, якія прышчапілі і вырасцілі больш дзесяці тысяч саджанцаў для калгасаў, члены гуртка былі ўдзельнікамі Першай Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў 1954 г. у Маскве. 11 гурткоўцаў узнагароджаны дыпломамі і бронзавымі медалямі, у тым ліку і аўтар даклада.

Назвы прылеглых і суседніх вёсак рп Градзянка

В. Градзянец - вытворнае ад Градзянка. Заснаваная ў 20-х гг. XX ст. 22 двары за 1 км. на поўн. ад рп. Градзянка; в. Рабінаўка заснавалася ў 20-я гг. XX ст. паміж рп. Градзянка і в. Градзянец. Налічвала 15 двароў, пераважна яўрэйскіх і двор рабіна. Равін (рабін) - Рабінаўка. А магчыма ад рабіны , якія раслі ў дварах пасяленцаў. Пасёлак Ульянаўка - знаходзіцца на 1-ым км. на ўсх. ад Градзянкі. Пабудаваўся пасля 1917 г., названы ў гонар Ульянава - Леніна, пасля вайны 7 двароў. Цяпер няма. Але назва замацавалася за лесам і полем ( пайшоў па грыбы, ягады на Ульянаўку ). В. Ляды ад ляда . 8 км. на паўночны захад в. Каляіна . 3 км. на поўн. ад Градзянкі. Прыбалотная з калужынамі. Узнікла ў 20-ыя гг. XX ст. у сувязі з развіццём рп. Градзянка. Да вайны 20 двароў, цяпер 2 двары. В. Тадулічы, паходжанне назвы не ўстаноўлена. В. Трыгранны дуб . Ад вялізнага дуба, форма якога мела тры грані, таму трыгранны, а не трохгранны, як падавалася ў друку. Да вайны - 20 двароў. Цяпер не існуе. В. Кменічы на паўдн.-усх. 8 км. ад Градзянкі, каля 200 двароў. Назву атрымала ад характару вельмі камяністай мясцовасці. На полі і па вёсцы шмат дробнага камення і валуноў ледніковага перыяду. В. Лазовая ад лаза , якой, як прамысловай сыравінай славілася мясцовасць. В. Макаўе ад прозвішча хутараніна Маковіча. Магчыма, раней было Макоўе (быў у Маковічаў, у Макоўі). Пазней па аналогіі са словамі мак , ад якога, магчыма, утварылася прозвішча, трансфармавалася ў Макаўе. Да вайны было 50 двароў, у вайну знішчана разам з жыхарамі, як партызанская. У сярэдзіне XX ст. было 27 двароў не аднавілася, значыцца ў мартыралогу знішчаных вёсак у Хатыні. В. Пагарэлае за 8 км. ад Градзянкі, сэнс назвы ў самім слове. Жыхары часта былі пагарэльцамі.

Патранімічныя назвы сенажацяў, урочышчаў (утвораныя ад прозвішчаў, імёнаў, мянушак). Былінаўшчына - былы надзел лесніка-хутараніна Быліны; Задароўшчына - надзел лесніка Задоры; Кашалі - ад прозвішча Кошаль, які драў у гэтай мясцовасці луццё, з яго плёў кашалі (разнавіднасць лапцей). А магчыма, прозвішча Кошаль паходзіць ад кашалі , інакш кажучы, кошаль - вытворца кашалёў; Мікіткі - утварылася ад мянушкі - пакрыўджанага лёсам крывога недаросліка Мікіткі ( Мікіткава сенажаць ); Папоўшчына - сенажаць, якая належала папу; Папова града - парослая лесам пры гэтай сенажаці града; Якубаў поцераб - ад імя Якуба, які выцерабіў, расцерабіў хмызняк пад сенажаць; Цітаўшчына - надзел Андрыневіча Ціта.

Назвы сенажацей, звязаныя з асаблівасцямі прыроды і інш.

Белая лужа - невялікая азярына, пастаянна запоўненая вадой, над якой заўсёды стаяў туман, ствараючы ўражанне белай плямы; Купелішча - вельмі забалочанная мясцовасць. Сена даводзілася рабіць у вадзе. Назва ўтварылася ад назоўніка купель +суф. - ішч - са значэннем павелічальнасці; Купістае - забалочаная мясцовасць, пакрытая купінамі. Ад назоўн. купіна пры дапамозе суф.- іст і канч. -ае ўтвораны адносны прыметнік; Кецькаўка - назва ўрочышча створана з двух гукапераймальных слоў ( кецька - качка, каўка - галка). Месца дзе вяліся кецькі і каўкі. Параўнай: "закаўкалі каўкі на ўзвышшы..." (Янка Купала верш "Новая восень"); Лядзецкае ад ляда. Гэта меркаванне падмацоўваецца характарам мясцовасці. Раней гэта было поле. Яшчэ ў сярэдзіне XX ст. тут яскрава праглядаліся загоны. Мучулішча ад дзеяслова мачыць . На гэтай мясцовасці шмат малых глыбокіх сажалак і ям, у якіх мачылі луб і каноплі; Выздрышча - на мясцовасці была дрыгва з ноздрамі. Раней, магчыма, было "Ноздрышча" , але Н перад націскным О чуецца не вельмі выразна і з цягам часу перастала вымаўляцца і засталося "Оздрышча", а прыстаўны зычны В перад націскнымі галоснымі і галоснымі ў пачатку слова даў "Воздрышча" (як возера, вока ); Прудзішча ад асновы дзеяслова прудзіць, запруджваць пры дапамозе суф. -ішч- са значэннем дзеяння. Мясцовасць і цяпер мае шмат невялікіх сажалак (прудоў), якія ўтварыліся ў выніку бабрынага запруджвання рэчкі Баруты; Ручышча . Назва ўрочышча звязана з характарам мясцовасці. Гэта вялікая лагчына, у якую ручаямі сцякаюць талыя і дажджавыя воды. Ад ручаі - Ручаішча , а пазней - Ручышча . Два галосныя, пры вымаўленні давалі дыфтонг - аі-, які набліжаўся да гука -ы- , што надавала слову скарочаны, больш зручны для вымаўлення выгляд; Язьвінкі - назва ўзнікла ў сярэдзіне ХIX ст. на месцы вымерлай ад хваробы вёскі. Назва паходзіць ад хваробы, якая была ў выглядзе язваў, язвінак, ад якіх вымерлі людзі і прапала жывёла і назаўсёды знікла назва вёскі. Апошні старажыл, які ведаў назву вёскі, памёр на пачатку XX ст.

Назвы бароў, лясоў, палёў і інш.

Бардзецкае - бор, які ўваходзіў у абход лесніка Бардзецкага; Максімаў барок - ад імя лесніка Максіма; Ніўны бор, Ніўнае . Сасняк, пасаджаны ў 30 гг. ХХ ст., праз год-другі ўяўляўся зялёнаю ніваю. Так і замацавалася за ім назва Ніўны, Ніўна е; Зялёны ле с - лісцёвы лес, які пакрыты сакавітай травой-муравой, кустароўем; Харошы лес - адвечны бор, які мяжуецца з Зялёным лесам. Назву "харошы" атрымаў ад ленінградскіх нарыхтоўшчыкаў карабельнай і авіяцыйнай сасны; Вароцішча - поле на месцы лесу, які частымі буранамі выварочваўся цэлымі палосамі; Крамяні - поле, багатае крэменем; Падгор'е - поле перад узвышшам; Падсобнае - гаспадарка рабочай сталоўкі; Савіцкае - ад прозвішча Савіцкі; Абедава града. Узнікненне назвы звязана з Айчыннай вайной 1812 г. Уцякаючы ў Францыю, напалеонаўскія войскі абедалі на гэтай градзе. Мясцовым насельніцтвам былі знойдзены рэшткі ежы, знясіленыя і загінуўшыя французы; Воршава града. У пачатку ХХ ст. на гэтай градзе жыў ляснік Ворша; Чортава града. Узнікненне назвы мае такую легенду: "Вельмі даўно на градзе за балотам жыла сям'я папа. У яго на выданні была прыгажуня-дачка. Аднойчы да яе завітаў малады чалавек, потым яго візіты пачалі паўтарацца штодзённа, і справа дайшла да таго, што бацька даў згодў выдаць дачку замуж, але яна выходзіць за яго не хацела. У перадапошні дзень перад вяселлем да яе завітала жанчына, якая параіла паставіць жаніху такую задачу: за ноч ён павінен насыпаць праз балота граду з жоўтага пяску па якой у дзень вяселля павядзе сваю нявесту да шлюбу" . Так сведчыць легенда пра ўзнікненне гэтай грады, якая сапраўды пралягае сярод топкага балота, метраў на 200 у глыб яго і 5-6 м. шырынёю. Мяркуюць, што яна ўтварылася ў вайну 1812 г., бо недалёка ад яе пралягае Французская грэбля, па якой перапраўляўся французскі абоз. А хутчэй - гэта прыродная з'ява ледніковага перыяду. А несумяшчальнае поп і чорт, магчыма, палітыка мясцовага язычніцтва. Хваёвая града - асаблівасць грады у тым, што яна густа пакрытая хвойнікам.

Назвы балотаў

Воўчая галава. Назва вядомая з пачатку ХХ ст. Форма знешніх абрысаў напамінае воўчую галаву, у ім быў знойдзены воўчы чэрап і воўчы вывадак ( вымак -мясц.). Здаўна ў ім вядуцца ваўкі; Галае - яно з вялікай колькасцю голых, толькі пакрытых мохам, заскарузлым буячнікам і багуннікам, прагалін, якія яскрава вырысоўваюцца на фоне бору, інакш кажучы, з прагалінамі, голае або галае; Горла . Назва ўзнікла ў 30-ыя гг. ХХ ст. Балота вельмі топкае, амаль непраходнае. Былі выпадкі, калі яно праглынала кароў; Лукомскае - самае вялікае балота ў гэтай мясцовасці. Мяркуюць, што гэта былое возера. Па сведчанні старажылаў з в. Лазовае і Пагарэлае, пры даследаванні балота ў 1940 г. ленінградскай экспедыцыяй, выявіліся наступнае: глыбіня балота 7-8 м., на 1-ым м. ляжыць пласт моху, астатняе - звычайны торф, пакрыта яно плантацыямі багунніка, буячніка і рэдкім карлікавым сасняком узростам за 100 гадоў. Сасонка ў 1 м. 20см. і ў палец таўшчынёю паказала 104-х гадовы ўзрост. Балота багатае журавінамі, буякамі і дзічынай. Мяркуецца, што назва Лукомскае ад наз. лук, лука, лукавіна , што падкрэсліваецца яго знешняй формай, магчыма, ад тапаграфічнага апелятыва лучка . З гэтага вялікага балота выцякае толькі адна р. Граўка - прыток р. Свіслач. Лукомскае балота авеяна легендамі. Адна з іх сягае ў перыяд вайны з Напалеонам. Балота было непраходным. У навакольных вёсках жылі два паляўнічыя Агей і Павел, якія ведалі патаемныя ўваходы і выхады з яго, а на ім былі дзве баравіны, парослыя сасняком. Пры набліжэнні французскага войска Агей вывеў жыхароў сваёй вёскі на адну баравіну, за якой замацавалася назва Агеяў барок , а Павел на другую, якая стала Паўлавым барком . Такім чынам патрыятызм Агея і Паўла ўвекавечыўся ў назвах балотных баркоў. А імёны паляўнічых старажыламі вёсак называюцца з падкрэсленай павагаю і гонарам - гэта ж людзей выратавалі! Ёсць легенды, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. У часе карных экспедыцый балота не раз ратавала партызанаў і тых, хто ім дапамагаў. Адна легенда расказвае пра тое, што органамі дзяржбяспекі Асіповіцкага р-на ў балоце ў 50-ых гг. ХХ ст. была знойдзена абсталяваная шпіёнская зямлянка з рацыяй, якая дзейнічала, але шпіёна не злавілі. Ёсць легенды і пра тое, як нячысцікі вадзілі па балоце заблукалых няшчаснікаў. Вялікае балота - вялікія страхі.

Легенду пра паляўнічых мне расказаў ураджэнец Градзянкі, настаўнік, рыбак, паляўнічы, грыбнік і ягаднік мой брат Іван Адамовіч, які прайшоў балоты, лясы і ўрочышчы, як кажуць, уздоўж і ўпоперак, які ў перыяд збору дароў прыроды, разам з нашай мамай Хвядорай Яўхімаўнай вынеслі з балотаў і лесу сотні вёдзер журавін, буякоў, чарніц, брусніц, грыбоў. Траплялася яму і дзічына і на юшку навуджваў. Я і мае настаўнікі - прафесары, дактары навук Ф.М. Янкоўскі, М.С. Яўневіч, дац. А.М. Налівайка, мае сябры акадэмік, праф. А.В. Сабалеўскі, прафесар скульптар А.Я. Арцімовіч, паэт, доктар навук М.І. Мішчанчук - шчыра дзякавалі ім за гасцінны прыём.

Матэрыял збіраўся ў старажылаў у 50-60 гг. ХХ ст. з асабістым наведваннем лясоў, урочышчаў, балотаў.

Літарутура:

1. Веселовский, С.Б. "Топонимика на службе у истории" //"Исторические записки" АН СССР, № 1 7. 1945 г.

2. Журкевич, В.Н., Малышев, А.Я., Рагозин, Н.Е. Города и села Белорусской ССР. Историко-географическне очерки. / В.Н. Журкевич, - Минск: Учпедгиз БССР. 1959 г.

Міхась Мацельскі
Тапонімы Барысаўшчыны

Тапонімы з'яўляюцца важнай крыніцай інфармацыі па гісторыі любога краю. Яны ствараліся як у летапісныя, так і далетапісныя часы і могуць дапоўніць нашы веды пра тыя перыяды жыцця тутэйшага грамадства, пра якія мала інфармацыі ў іншых крыніцах, ці наогул распавесці пра тыя часы, звесткі пра якія практычна адсутнічаюць.

Найбольш старажытнымі тапонімамі, якія захаваліся да нашага часу, безумоўна, з'яўляюцца гідронімы. Шмат маецца на Барысаўшчыне і старажытных айконімаў. Нярэдка і назвы ўрочышчаў сягаюць у глыбіню стагоддзяў.

У грунтоўным выданні "Блакітная кніга Беларусі: Энцыклапедыя" (Мінск: БелЭн, 1994) можна адшукаць толькі 16 гідронімаў, якія звязаны з Барысаўскім раёнам. Мною вызначаны назвы каля сотні гідронімаў Барысаўшчыны, якія выкарыстоўваюцца зараз або ўжываліся раней. Асноўная іх частка апублікавана ў [1, с. 6-7]. Агульнапрынятым з'яўляецца меркаванне, што шмат якія гідронімы гэтага рэгіёна з'яўляюцца балцкімі, а асобныя, магчыма, фіна-ўгорскімі. Адной з першых найбольш значных спробаў растлумачыць паходжанне назваў гідронімаў Верхняга Падняпроўя з'яўляецца праца В. Тапарова і А. Трубачова [2]. Яе аўтары да балцкага паходжання аднеслі не толькі назвы асноўных рэк Барысаўшчыны - Бярэзіны, Гайны, Бабра , але і больш дробных: Бурчак, Жартайкі, Мужанкі, Начы, Плісы, Схі, Цны і інш. Навукоўцы звяртаюць увагу на блізкасць па гучанні тутэйшых гідронімаў са словамі ў сучасных літоўскай і латышскай мовах. Так, паходжанне назвы ракі Мужанкі аўтары звязваюць са словам "Мажа" - малая [2, с.196], Цны - "tusnas" - ціхая [2, с. 212], возера Пялік ( Палік ) - з латышскімі словамі "pelikis", "реlkе" ( балота, лужына ), літоўскім "реlkе" ( тарфяное балота ) [2, с. 201] і г.д. Усе гэтыя тэрміны вельмі дакладна характарызуюць кожны водны аб'ект, а значыць, сапраўды існуе вялікая верагоднасць таго, што падобныя ім словы, якія выкарыстоўваліся тутэйшымі балтамі да прыходу сюды славянаў, маглі стаць асновай для стварэння назваў водных аб'ектаў. Асабліва трапнае тлумачэнне атрымліваецца для вялікага, але вельмі мелкага (пры шырыні ў тры кіламетры найбольшая глыбіня ўсяго 2,1 метра), з забалочанымі берагамі возера Пялік. Цікава адзначыць, што гідронімы Пелічок, Малы Пелічок сустракаюцца ніжэй возера і адносяцца таксама да месцаў пашыраных рэчышчаў Бярэзіны з нязначнай плынню і балотнымі берагамі.

Можна прывесці і іншыя прыклады. Так, ля возера Пялік маецца невялікае возера Лошнае ( Лошна ). У сучаснае літоўскай мове ёсць слова "lasas" - кропля [3, с. 358]. Цяжка ахарактарызаваць гэтае возера інакш болып дакладна. Яно не толькі па памерах - у параўнанні з возерам Пялік - з'яўляецца кропляй, але і па форме падобна на яе.

Ёсць на Барысаўшчыне гідронімы славянскага паходжання. Напрыклад, назвы рэк Альхоўка, Бродня, Вялікая, Хітрая , і інш., азёр Князь, Святое, Пясэчнае і інш. Але гэта ўсё дробныя водныя аб'екты? і падобных назваў непараўнальна меней, чым болmi старажытных балцкіх.

Славянскія, як і болmi старыя гідронімы, даюць дакладнае ўяўленне пра рэкі і іншыя водныя аб'екты або характарызуюць іх пэўныя ўласцівасці. Аднак часам сэнс іх назваў ужо таксама забыты. Так, паралельна рацэ Гайне маецца старыца, якая носіць назву Свяціца. Чаму яна так названа, нікому не вядома. Але звяртае ўвагу тая акалічнасць, што Свяціца, нягледзячы на тое, што была засыпана шмат дзясяткаў год таму пры мадэрнізацыі шляху з Барысава на Зембін, па сённяшні час застаецца чыстай і не зарастае. Гэта зусім не характэрна для старыц рэк. Падземныя крыніцы ці іншыя акалічнасці яўна вылучаюць гэтую пратоку сярод іншых (што ў свой час і магло стаць прычынай для надання ёй такой назвы).

Частка гідронімаў, якія былі ва ўжытку раней, зараз страчаны. Напрыклад, у дакументах XVI стагоддзя ў наваколлях упадзення Гайны ў Бярэзіну згадваюцца рэкі Набокая і Нікроўля [4, с.60]. Якія рэкі раней мелі такія назвы, зараз вызначыць не ўяўляецца магчымым. У тым жа XVI (XVII) стагоддзі згадваецца, што праз Лошніцу працякаў ручай Курганаўскі [5, с.26]. Здагадацца, што гэта быў за ручай, не ўяўляе ніякай цяжкасці (дзе былі раней курганы ля Лошніцы, якія ўжо каля ста год як знішчаны, вядома). Працякае ён і зараз. Аднак яго старая назва ўжо даўно не выкарыстоўваецца.

Назвы асобных рэчак у малазаселеных месцах ужо даўно страчаны (нельга выключаць магчымасці і таго, што яны іх ніколі не мелі). Так, напрыклад, дакладна вядома, што невялікая рака (працягласць болей за пяць кіламетраў), якая працякала ля былой вёскі Глыбочыца, на працягу апошніх больш за сто год назвы не мела.

На Барысаўшчыне на сённяшні час існуе 301 населены пункт [6, с.64]. Мною вызначана больш за 900 тутэйшых айконімаў. Сярод іх назвы не толькі пасяленняў, якія існуюць зараз, але і тых, якіх сёння ўжо няма, ці іх назвы зменены. Прычым гэта без уліку ідэалагічных перайменаванняў тутэйшых вёсак, якія праводзіліся ў першыя часы існавання савецкай улады, але назвы так і не прыжыліся.

Найбольш актыўна ствараліся населеныя пункты на Барысаўшчыне (пераважна хутары) напрыканцы XIX - пачатку XX стагоддзя, у першыя гады існавання савецкай улады (калі зямля раздавалася сялянам і стваралася мноства хутароў). Але пераважная большасць з іх у далейшым перастала існаваць (у выніку стварэння калгасаў і зліквідавання "неперспектыўных" хутароў і вёсак у 30-я гады XX стагоддзя). Па гэтай прычыне да нашага часу змаглі захавацца пераважна старыя пасяленні, якія да 30-х гадоў XX стагоддзя "цвёрда стаялі на нагах". Таму не менш за дзве трэція часткі ўсіх сённяшніх населеных пунктаў Барысаўшчыны маюць старую гісторыю і існавалі яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Верагодна, што значная іх частка сваю гісторыю пачынае з яшчэ больш старажытных часоў.

Грунтоўны аналіз паходжання назваў пасяленняў краю дазволіў бы шмат што распавесці пра яго мінуўшчыну. Аднак гэтае пытанне застаецца па наш час практычна недаследаваным. Папярэдні аналіз паказвае, што на Барысаўшчыне па сённяшні час захавалася шмат айконімаў, якія маюць балцкія карані. Так, недалёка ад Барысава знаходзіцца вёска Упірэвічы (раней - маёнтак Упірэвічы і вёскі Вялікія і Малыя Упірэвічы). Беларуская мова ніякім чынам патлумачыць гэтую назву не можа. У сучаснай літоўскай мове маецца слова "upe" - рака [3, с.809]. Усе тры названыя пасяленні знаходзіліся на беразе ракі Пліса (назва якой таксама мае балцкае паходжанне). Там жа на беразе ракі маецца археалагічны помнік балцкіх часоў - гарадзішча. Такое супадзенне наўрад ці можна лічыць выпадковым.

На Барысаўшчыне ля былых невялікіх забалочаных рэчак і вільготнага лесу ля поймы Бярэзіны ёсць старажытная вёска Кімія (ля яе маецца адно з найбольш старажытных балцкіх гарадзішчаў у краі). У сучаснай літоўскай мове маецца слова "kiminas" - белы мох [3, с.326]. Цікава адзначыць, што недалёка ад Кіміі ёсць вёска Замошша (у XVI стагоддзі яна ўжо існавала). Пасярод вялікіх лясоў стаіць вёска Каршавіца. У сучаснай літоўскай мове ёсць слова "karsykla" - часальная майстэрня [3, с.314]. На адкрытым месцы сярод палёў знаходзіцца вёска з каларытнай назвай Клюндзеўка (сучасная афіцыйная назва - Вішнёвая). У літоўскай мове ёсць блізкія па гучанні і лагічныя для ўтварэння назвы пасялення словы "kluonas" - гумно, "kluoniena" - загон, агароджанае месца для цялят [3, с.334]. Яшчэ адзін выразны прыклад. На Барысаўшчыне маецца вёска Іканы (націск на "I"). У літоўскай мове ёсць слова "ikalnius" (націск таксама на першае "і") - высокі, узвышаны. Гэта вёска, калі ехаць з поўначы, знаходзіцца на вельмі вялікім узвышшы. Больш таго, ля яе ўскраіны стаіць так званая Янава Гара, ля падножжа якой маецца крыніца, што лічыцца святой, а сама гара звязваецца з даўнімі павер'ямі. На яе вяршыні яшчэ менш за сто год таму была капліца. Падобных прыкладаў можна прывесці шмат.

Расшыфроўка назваў шмат якіх больш позніх пасяленняў (сярод іх таксама нямала старых, гісторыя якіх мае не адну сотню год) значна больш простая. Так, назвы пасяленняў Рудня, Буда, Смолле, Пасека, Тарта к і інш. гавораць пра тое, чым займаліся жыхары ў іх наваколлях. Айконімы пасяленняў нярэдка падказваюць нам размяшчэнне ля іх археалагічных помнікаў ( Селішча, Стараселле, Замак ). Да сярэдзіны XIX стагоддзя ля вёскі Глівін існаваў хутар з назвай Гарадзішча [7]. У ніводным з сучасных спецыялізаваных збораў (ці тых, якія існавалі раней) археалагічны помнік дадзенага тыпу не значыцца. Тым не менш ён тут сапраўды існуе. Пра ўтварэнне асобных айконімаў існуюць цікавыя паданні (напрыклад, пра назвы вёсак Божадары (сучасная афіцыйная назва - Беразоўшчына ) [8], Святое [9, с.6], Кастрыца [10, с.6] і інш.

Шмат якія назвы пасяленняў Барысаўшчыны ўтвораны ад першых жыхароў (або гаспадароў) пасялення. Гэта: Валенцінова, Іванкаўшчына, Казімірава, Міхайлова, Навішчына і інш. Традыцыйна практычна на кожнай рацэ ёсць вёска з аднайменнай назвай: Бродня, Ельніца, Жартайка, Мужанка, Пядань і інш. Шэраг назваў пасяленняў характарызуюць асаблівасці рэк, шляхоў праз іх у сваіх наваколлях ( Брод, Бродаўка, Масцішча, Глеі і інш.), сваё размяшчэнне ( Загор'е, Загацец, Зазімнік, Залессе, Зарэчча і інш.), асаблівасці ландшафту ( Гара, Холмаўка і інш.), прыроды ў наваколлях ( Дубовы Лог, Зялёная Дубрава і інш.), паходзяць ад назваў жывёлін, якіх шмат было ў наваколлях ( Лісіна, Мядзведзеўка, Зайцы і інш.). Аднак паходжанне значнай часткі айконімаў Барысаўшчыны на сённяшні час застаецца не вывучаным. Найперш гэта датычыцца найбольш старажытных, верагодна, даславянскіх пасяленняў (але не толькі іх). Вызначэнне паходжання тутэйшых айконімаў дазволіла б значна пашырыць уяўленне пра мінуўшчыну краю. Гэта датычыцца назваў (і непасрэдных прычынаў іх стварэння) вёсак Бабіна Гара, Забашавічы, Крацэвічы, Крычына, Палелюм, Стодберг, Хаўхоліца і шэрагу іншых.

Назвы ўрочышчаў - найбольш недаследаваная вобласць тапонімаў. Іх на Барысаўшчыне тысячы. Паходжанне асобных з іх (напрыклад, Турыя Горы ) таксама сягае ў дахрысціянскія часы. Вельмі выразна, як у ніякіх іншых тапонімах, у назвах урочышчаў прасочваецца каларыт тутэйшай беларускай мовы. Таму і з гэтага пункту гледжання яны вартыя ўвагі даследчыкаў. Наогул жа назвы ўрочышчаў - тэма для асобнага разгляду.

Высновы:

1. Гідронімы і тапонімы з'яўляюцца важнымі крыніцамі, якія распавядаюць пра мінуўшчыну краю, прытым часта пра тыя яе часы, пра якія адсутнічаюць летапісныя і іншыя дакументальныя звесткі.

2. Збор мясцовых тапонімаў: гідронімаў, айконімаў і назваў урочышчаў - з'яўляецца важнай справай для вывучэння гісторыі і культуры любога рэгіёна. Яна найбольш шырока і эфектыўна можа праводзіцца найперш краязнаўчым рухам.

3. Вывучэнню і абагульненню назваў урочышчаў па Барысаўшчыне ў прыватнасці і па Беларусі наогул на сённяшні час надаецца недастаткова ўвагі.

Літаратура:

1. Мацельскі, М. Гідронімы Барысаўшчыны // Гоман Барысаўшчыны. 2009. - № 6-8 (123-125). - С. 6-7.

2. Топоров, В.Н., Трубачев, О.Н. Лингвистический анализ гидронимов верхнего Поднепровья. В.Н. Топоров, О.Н. Трубачев. // Пзв. АН СССР. - М., 1962. - 272 с.

3. Либерис, А. Литовско-русский словарь. / Под ред. Х. Лемхенаса. - Вильнюс: Минтис, 1971. - 896 с.

4. Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Т. 31. Акты о литовских татарах (1521-1784 гг.). 1906. - 40, - 586 с.

5. Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Т. 33. Акты, относящиеся к истории Западно-русской церкви (1443-1682 гг.). 1908. - 84, - 28 с.

6. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мін. вобл.: Нармат. давед. / І.А. Гапоненка, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. - Мн.: Тэхналогія, 2003. - 605 с.

7. Karta Dawniej Polski. 1:300000. Раryz, 1859.

8. Мацельскі ,М. Ёсць такая вёска - Божадары // Гоман Барысаўшчыны. 2007. - № 10 (103). - С. 5.

9. Мацельскі, М. Святое - тутэйшая вёска незвычайнага паходжання // Гоман Барысаўшчыны. 2007. - № 11 (104). - С. 6-7.

10. Мацельскі, М. Кастрыца - месца, дзе здаўна палілі кастры // Гоман Барысаўшчыны. 2010. - № 10 (139). - С. 6-7.

Ірына Згрундо, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі
Тапанімічная спадчына Смалявіцкага краю

Беларускія ўласныя геаграфічныя назвы (тапонімы) фармаваліся на працягу стагоддзяў. Гэта - своеасаблівы летапіс нашай зямлі. Адлюстроўваючы своеасаблівасць нацыянальнай мовы і культуры, тапонімы з'яўляюцца важнай часткай нашай гістарычна-культурнай спадчыны.

Тэрыторыя, якая сёння адносіцца да Смалявіцкага раёна, даволі рана пачала асвойвацца людзьмі, аб чым красамоўна сведчаць маўклівыя сведкі мінуўшчыны - курганы і гарадзішчы. А таксама тапонімы. На Смалявіччыне бытуюць назвы, якія па сваім паходжанні адносяцца да розных гістарычных часоў:

- Даславянскага паходжання (пераважна гідронімы - Пліса, Жодзінка, Мень, Гайна );

- Агульнаславянскага паходжання ( Смалявічы, Прылепы, Калодзезі );

- Уласнабеларускія (пераважная большасць айконімаў).

Найбольш старажытнымі на Беларусі з'яўляюцца гідронімы (назвы водных аб'ектаў). Каля 90% беларускіх гідронімаў засталіся ў спадчыну ад балцкіх плямён. Да ліку гідронімаў балцкага паходжання на Смалявіччыне можна аднесці назву рэчкі Усяжа , якая паходзіць ад балтыйскага кораня юсіс - ясень, дрэва, што расло некалі па берагах [20, с.264] . Сэнс "вада, рака, возера" мае шэраг разнамоўных гідранімічных канчаткаў тыпу -жа, -ма, -са і інш. У гэту групу можна аднесці і гідронім Уся-жа . А таксама некаторыя іншыя смалявіцкія гідронімы: Во-жа, Вол-ма, У-ша (некалі называлася яшчэ У-жа ), Плі-са, Гай-на .

Жодзінка (Жодыня) дала назву гораду Жодзіна, а паходзіць назва рэчкі, на думку некаторых даследчыкаў, ад балцкага слова "жодзіс" , што азначае слова . Такім чынам, Жодзінка - рачулка, якая гаворыць. А вось даследчыца беларускіх гідронімаў Раіса Аўчыннікава прыйшла да высновы, што некаторыя гідронімы маюць не балцкія, а фіна-ўгорскія карані, таму што нейкі час фіна-ўгорскія плямёны былі суседзямі балтаў. Да ліку такіх гідронімаў даследчыца адносіць і назвы рэчак Жодзінк а і Паджодзінка .[2, с. 49].

Паходжанне гідроніма Мень таксама да канца не высветлена. Ён можа мець як балцкія, так і фіна-ўгорскія вытокі. Жажэлка можа паходзіць ад літоўскага gageliai - хвошч балотны.

На тэрыторыі Беларусі існуе чатыры ракі з назвай Цна . Адна з іх, левы прыток ракі Гайна , працякае па тэрыторыі Смалявіцкага раёна. Вось як тлумачыць гэту назву Фёдар Янкоўскі: "Цна ў нас не адна. І гэта напачатку не назва ракі, а назва рукі: левая рука ў старадаўнасці мела назву ДЬСНА."[21, с.470]. Аўтар манаграфіі "Балты" Марыя Гімбутас лічыць, што назва рэчкі Цна паходзіць ад балтыйскага tusna , што азначае "спакойны". Апроч Беларусі, рэчка з такой назвай ёсць і ў Расіі (прыток Акі) [4, с. 36].

Ад гідронімаў паходзіць частка нашых айконімаў: Верхмень (вярхоўе ракі Мень), Задомля (пасяленне за рэчкай Домля), Каменка, Чарніца, Забрадзенне, Жажэлка, Жодзіна і інш.

У анамастыцы вельмі выразна адбіліся сувязі нашых продкаў як з балтамі, так і з іншымі суседнімі народамі, некаторымі этнічнымі групамі. Прасочваецца гэта суседства і на тапонімах нашага раёна. Айконімы балцкага паходжання: Судабоўка (балцкае племя яцвягі мела яшчэ назву судзіны), Шабуні, Пелека, Пеліка, Дынараўка, Шыпяны, Дамашаны . Айконімы Тадуліна і Батурынка (Азярыцкаслабадскі с/с) могуць мець цюркскае паходжанне. У назве вёскі Дзяхань (Пятровіцкі с/с), якая ўзнікла ў ХІХ ст. ад наймення ляснога ўрочышча, прасочваецца іранскі корань дэх - сяло, пасяленне.

Асобна трэба сказаць пра назву вёскі Прылепы . Таму што гэта адна з самых старэйшых вёсак на тэрыторыі нашага раёна. Ваколіцы яе актыўна абжываліся людзьмі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Сама назва носіць агульнаславянскі характар і можа быць утворана ад слова прылепа , ці прылеп . Прылепы сустракаюцца ў Балгарыі, Сербіі, на Украіне. Асабліва гэта назва распаўсюджана ў Расіі.

Асобны пласт тапонімаў складаюць назвы земляробчай тэматыкі. На працягу некалькіх стагоддзяў нашым продкам даводзілася займацца падсечна-агнявым земляробствам. Участак зямлі на месцы выцерабленага лесу насіў назву ляда . Пабудаваныя на лядах вёскі так і называлі - Ляды . Такіх у нас некалькі: вёскі Ляды ёсць у Азярыцкаслабадскім с/с і вёска і пасёлак у Драчкаўскім с/с, апроч гэтага, Малыя Ляды - у Драчкаўскім с/с, Высокія Ляды - у Жодзінскім с/с, да 1977 года ў Пліскім с/с былі Высокія Ляды ІІ і Высокія Ляды ІІІ . У дакументах таксама ўпамінаецца вёска Лядаўскае ( ці Ляўданскае ) Поле , што зараз не існуе.

Беларускі пісьменнік-эмігрант Юрка Віцьбіч прапанаваў сваю версію паходжання назвы Ляды , адзначыўшы, што некаторыя з іх могуць паходзіць не ад лясных папялішчаў, а ад старажытнаславянскай багіні Ляды (Лелі). Да такіх Віцьбіч адносіць і вёску Ляды , што ў Драчкаўскім с/с, дзе і па сёння існуе манастыр, што паўстаў у 17 ст. на месцы цудоўнага з'яўлення Маці Божай [3, с. 72].

Блізкае па значэнні да ляды і слова пасека : хутар Сцяпанава Пасека існаваў да 1977 года ў Пекалінскім с/с, у Юр'еўскім сельсавеце быў хутар Воўчыя Пасекі .

Адваяёўваючы ворную зямлю ў лясоў, у балотнай дрыгвы, каб расціць збажыну, людзі задавольваліся невялікімі лапікамі пахаці, астраўкамі. Адсюль і назвы смалявіцкіх вёсак: Астравы, Астраўкі, Востраў, Сухі Астравок , некалі існавалі ўрочышча Карпаў Востраў і вёска Сухі Востраў у Юр'еўскім с/с, хутар Кулінчыкаў Астравок , засценак Падастравы ля Клянніка.

Наступны пласт тапонімаў звязаны з вытворчай дзейнасцю нашых продкаў. Назвы Смалявічы, Смольня, Смольніца, Смаляная Яма (сёння не існуе) звязаны з працэсам атрымання смалы, дзёгцю. Вёскі Рудня і Рудамейк а атрымалі свае назвы ад невялікага прадпрыемства, дзе прымітыўным спосабам выплаўлялі жалеза з балотнай руды. З вытворчай дзейнасцю звязаны таксама назвы вёсак Пастухі, Ганчароўка, Бортнікі.

Словамі "слабада" і "слабодка" на Беларусі называлі паселішчы, жыхары якіх у перыяд феадалізму карысталіся часовым вызваленнем ад выплаты падаткаў. У радзе выпадкаў былыя агульныя назвы станавіліся ўласнымі назвамі, даволі распаўсюджанымі на Беларусі (каля 150). У Смалявіцкім раёне ёсць таксама некалькі такіх айконімаў.

Прасочваецца вельмі цесная сувязь паміж тапаніміяй і ландшафтам, прыроднымі асаблівасцямі краю. Яшчэ на пачатку 20 ст. каля 40% тэрыторыі раёна было пакрыта лясамі. Многа было і балот. Гістарычныя крыніцы даносяць да нас назвы Смалявіцкай пушчы, Прылепскай пушчы, назвы лясных і балотных урочышчаў.

З нізінным ландшафтам звязаны тапонімы Калюга, Калюжкі, Емяльянава Калюга (калюга - нізкае, вільготнае месца), Каліта (балота са стаячай вадой); Белая Лужа; Лужкі, Вялікае і Малое Залужжа; Забалоцце, Заямнае; Лютка (ад назвы балота Лютага ); Мглё (цвіль).

Сярод балоцістай і раўніннай мясцовасці трапляліся і больш высокія месцы, часам і пагоркі, якія ў народзе называлі гарамі: Загор'е, Сінія Горы, Бярозавая Гара, Крутая Горка і Залатая Горка, Высокая Горка, Горнае, Высокае, Кальнікі (ад тэрміна "кальнік" - камяністая горка) і інш.

Свой адбітак у тапаніміі Смалявіцкага раёна знайшоў і раслінны свет, пераважна дрэвы. Пароды дрэў, адлюстраваныя ў Смалявіцкіх тапонімах: дуб, ліпа, асіна, клён, бяроза, лаза, яліна, явар, арэшнік, груша, хвоя, рабіна, ракіта. Апроч гэтага, шэраг айконімаў утварылася ад асноў "бор", "лес": Зялёны Бор, Прыбор'е, Уборкі, Бароўка, Борнае, Серадбор'е, Хлебны Бор і інш.

Лексічны склад тапаніміі Смалявіцкага раёна шырока адлюстроўвае назвы, звязаныя з воднай семантыкай: Крыніца, Вялікія і Малыя Калодзезі, Студзёнка, Вадзіца, Верх-Возера, Прудзішча, Сутокі, Лукова, Зарэчча, Забрадзенне, Заазершчына, Замлынне, Масцішча, Узбярэжжа і інш.

Найбольш значную частку айконімаў Смалявіччыны складаюць патронімы - тапонімы, утвораныя ад уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак людзей. А самымі старажытнымі сярод іх лічаць патронімы на -ічы, -овічы, -авічы . На думку сучасных даследчыкаў, да іх можа адносіцца і назва нашага райцэнтра Смалявічы . Пасяленне магло быць заснавана чалавекам па імені Смалява. Да гэтага ж тыпу назваў адносяцца і Пятровічы, Мікалаевічы (Забалоцкі с/с), Арцімовічы (хутар да 1977 г. у Курганскім с/с), Малафеевічы (да 1977 г. у Прылепскім с/с).

Да больш позніх утварэнняў адносяцца тапонімы на -оўка, -аўка: Самсонаўка і Куляшоўка (Пятровіцкі с/с), Карпілаўка (зараз у складзе Прылеп), Сакаўка (Пліскі с/с), Пабрацімаўка (Драчкаўскі с/с і да 1962 г. у Пекалінскім с/с), Тураўка (быў некалі засценак ля в. Забалоцце), Іванаўка (да 1922 г. у Юр'еўскім с/с), Данілаўка (некалі існаваў засценак), Юраўка (Курганскі с/с).

Назвы нашай зямлі ўзнікалі на працягу доўгіх стагоддзяў, а апошнія сто гадоў назіраецца імклівае іх знікненне.

Хутар, як асобны тып пасяленняў, быў вядомы на Беларусі з канца ХІХ ст. Гэта было невялікае, часта аднадворнае пасяленне з зямельным надзелам. Само найменне ўтворана ад слоў кут, кутар , што азначае 'далёкая, глухая мясцовасць'. З'яўленне хутароў узбагаціла тапанімічную сістэму Беларусі, а значыць і нашага Смалявіцкага раёна, вялікай колькасцю ўласных найменняў. Вось як выглядала Смалявіччына 20-х гадоў ХХ ст. па ўспамінах Вячаслава Шыдлоўскага:

"Мінуўшы вёску Драчкава, мы ехалі паміж дагледжаных палёў, якія чаргаваліся з пералескамі. Моцныя гаспадаркі хутаранаў цягнуліся амаль да Смалявіч. Па ўсім было відаць, што людзі жывуць заможна. На падворках корпаліся маладыя гаспадары, пасвілася сытая жывёла, гулялі дзеці. Не адчувалася ніякай злыбяды ў гаспадарках, бядоты ў жыцці іх гаспадароў. Усё было грунтоўнае, выглядала дыхтоўна. Ніхто не адчуваў, што вось-вось у бліжэйшы год яны раптоўна страцяць усё - зямлю, маёмасць, скаціну, а самі з клункамі (толькі як панесці) трапяць на бясконцыя этапы з дзецьмі, старымі бацькамі" [19, с. 15].

У 30-я гады ў выніку масавай і прымусовай калектывізацыі пачаўся разгул барацьбы з так званай нацдэмаўшчынай, калі быў зроблены і сур'ёзны замах на народную тапанімію. У той час зніклі хутары Ахрана, Аслеева, Баркуны, Ваўчкі, Гнілая Вада, Зялёная Хвоя, Прудок, Карпаў Востраў, Серадбор'е, Канюхова, Глыбокія Ямы, Жыдава Навіна, Сафарава, засценак Выгода, урочышчы Родзінаў Луг, Садкі, вёскі Эйнаравічы, Корзуны, Лядаўскае поле, Юхнаўка, Кладк а і інш. У адну толькі вёску Заброддзе , што ў Курганскім с/с, было сселена дзевяць хутароў: Абрамоўшчына, Бакуноўшчына, Гурноўшчына, Дулебшчына, Лапцёншчына, Няборшчына, Мінічэўшчына, Ракаўшчына, Ярашэўшчына .

Вялікая Айчынная вайна таксама стала прычынай знікнення тапонімаў у нашым краі. У цэлым на Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было знішчана 9200 беларускіх вёсак і сёл, 209 гарадоў і мястэчак. З іх 186 пасяленняў напаткаў лёс Хатыні. Яны не адрадзіліся пасля вайны. На Смалявіччыне мы налічылі шэсць такіх вёсак:

- Белая Лужа (Пекалінскі с/с),

- Курашоўка (Пекалінскі с/с),

- Роткаўшчына або Родзькаўшчына (Пекалінскі с/с),

- Яскі (Пятровіцкі с/с),

- Сухі Востраў (Юр'еўскі с/с),

- Карамша (Юр'еўскі с/с).

Асобна трэба сказаць пра вёску Роткаўшчына , што знаходзілася ў Пекалінскім с/с і была знішчана фашыстамі. Узнікла яна ў 18 стагоддзі. У 19 стагоддзі была маёнткам Дамініка Манюшкі (1788 - 1848), роднага дзядзькі сусветна вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Тут, у Роткаўшчыне (або Радкаўшчыне ці Родзькаўшчыне ) Дамінік Манюшка заснаваў агранамічную школу для сялян, якая выгодна адрознівалася ад іншых тагачасных навучальных устаноў. У маёнтку на той час дзейнічалі прытулак для сялянскіх дзяўчат, шпіталь, хімічная лабараторыя, фізічны кабінет, бібліятэка. Амаль усе свае землі Дамінік Манюшка перадаў сялянам. Там жа, на ціхіх вясковых могілках, знайшла апошні прытулак маці славутага кампазітара. Сёння на месцы былога маёнтка раскашуе кустоўе, дзікая трава хавае апошнія сляды некалі славутай вёскі.

Апроч названых прычын да страты нацыянальнай тапаніміі на тэрыторыі Смялявіцкага раёна прычыніліся:

- Беспадстаўныя перайменаванні 60-70-х гадоў. У гэты час, напрыклад, вёску Малафеевічы (тутэйшыя старажылы і сёння называюць яе Малахвеевічы ), што ў былым Прылепскім с/с, пераймяноўваюць у Вішню , Чорную Сцежку ў Палявую , Машэннае і Палянку ў Паддубнае .

- Аднясенне шэрагу вёсак у разрад "неперспектыўных". Для Смалявіцкага раёна ў 1977 годзе страчанымі аказаліся наступныя айконімы (назвы вёсак і хутароў): Арцімовічы (Курганскі с/с), Астравок (Пліскі с/с), Вадзіца (Забалоцкі с/с), Верхалоўшчына (Прылепскі с/с), Дубовы Лог (Забалоцкі с/с), Лужкова (Пекалінскі с/с), Лягушы (Драчкаўскі с/с), Мальцы (Курганскі с/с), Падкрыжжа (Драчкаўскі с/с), Сідаронкі (Курганскі с/с), Смольня (Пекалінскі с/с), Сцяпанава Пасека (Пекалінскі с/с).

- Вымыванне з айканіміі нацыянальнай лексікі: Пераезная, Магістральная, Сасновая (усе ў Азярыцка - Слабодскім с/с), Першамайская (Пятровіці с/с), Акцябрскі, Дарожны, Цэнтральны (Пліскі с/с), Вызваленне і Пяцігодка (Пекалінскі с/с), Чырвоны Сцяг ці Краснае Знамя (Пліскі с/с).

- Уключэнне вёсак у склад іншых населеных пунктаў. Напрыклад, у склад горада Жодзіна ўвайшлі ў розны час вёскі Судабоўка, Зарэчча, Вуглы, Дымкаўка, Кассё, Крушыннік, Сухая Градзь. Значна раней былі яшчэ вёскі Паджодзінка і Падасоўе . Некалькі такіх вёсак апынулася ў складзе Смалявіч. Зусім нядаўна ў склад горада ўвайшлі яшчэ тры вёскі: Уборкі, Рабы Слуп, Крыніца.

- Будаўніцтва вадасховішчаў і палігона знішчылі Чырвоны Бераг, Бароўку, Слабаду, Смыкі, Карпілаўку, Бродню.

Даследаванне мовы зямлі роднай Смалявіччыны паказала, што назвы паселішчаў не з'яўляюцца выпадковымі, яны гарманічна звязаны з гістарычным мінулым нашага краю, з умовамі вытворчай дзейнасці людзей, з асаблівасцямі прыроднага асяроддзя: ландшафт, водныя аб'екты, раслінны свет.

Літаратура:

1. Александровіч, Р. З гісторыі татарскіх тапонімаў/ Р. Александровіч // Роднае слова. 2004.- № 3. - С. 102-103.

2. Аўчыннікава, Р. Мова вады/ Раіса Аўчыннікава// Спадчына. 1993. - № 4.

3. Віцьбіч, Ю. Плыве з-пад святое гары Нёман / Юрка Віцбіч. - Мінск: Маст. літаратура, 1995.

4. Гимбутас, М. Балты: Люди янтарного моря / Мария Гимбутас. - Москва: ЗАО Центрполиграф, 2004.

5. Дабравольскі, А. Мова зямлі Смалявіцкай / Андрэй Дабравольскі // Край Смалявіцкі. 1999. - 14 красавіка.

6. Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь / В.А.Жучкевич. - Минск, 1974.

7. Каралёў, А. Жодзінская хроніка / Алесь Каралёў. - Жодзіна, 2000.

8. Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В.М. Лемцюгова.-Мінск: Литература и искусство, 2008.

9. Лыч, Л.М. Назвы зямлі беларускай / Л.М.Лыч. - Мінск: Універсітэцкае, 1994.

10. Ляўковіч, А. Вёска Палянка ў спісках не значыцца / Алена Ляўковіч // Звязда. 2005. - 24 лютага.

11. Ляўковіч, А. Вярнуць Палянку да жыцця / Алена Ляўковіч // Звязда. 2002. - 23 студзеня.

12. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Мінская вобласць: Нарматыўны даведнік / І.А. Гапоненка, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова і інш., пад рэд. В.П. Лемцюгова. - Мінск: Тэхналогія, 2003.

13. Патапчык, Э. Кола гісторыі / Э. Патапчык // Край Смалявіцкі. 2000. - 17 чэрвеня.

14. Рапановіч Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Я.Н. Рапановіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1981.

15. Рогалеў, А.Ф. Сцежкі ў даўніну / А.Ф. Рогалеў. - Мінск: Полымя, 1992.

16. Рогалеў А. Смалічы, Смалявічы, Смалёўшчына… / А. Рогалеў // Краязнаўчая газета. 2004. - № 39.

17. Смоліч, А. Геаграфія Беларусі / Аркадзь Смоліч. - Мінск, 1993.

18. Шур, В. Беларускія ўласныя імёны / Васіль Шур. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1998.

19. Шыдлоўскі, В. Рысы майго пакалення / Вацлаў Шыдлоўскі. - Мінск: Белфранс, 2001.

20. Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое… / Уладзімір Юрэвіч. - Мінск: Юнацтва, 1992.

21. Янкоўскі, Ф. Радасць і боль / Фёдар Янкоўскі. - Мінск: Маст. літ., 1995.

В.У. Міцкевіч
Гідранімія "Ревизіи пущъ и переходовъ звериныхъ въ бывшемъ Великомъ Княжестве Литовскомъ…" як каштоўная крыніца краязнаўчай інфармацыі

На сучасным этапе развіцця тапанімікі збор, сістэматызацыя і інтэрпрэтацыя старажытнай онімнай лексікі набывае ўсё большую актуальнасць у сувязі з вырашэннем шматлікіх пытанняў гістарычнай лексікалогіі, даўніх моўных сувязей, этнаграфіі, гісторыі, славянскага этнагенезу. Важную ролю ў вывучэнні гісторыі станаўлення беларускай тапаніміі адыгрываюць старабеларускія помнікі пісьменнасці, такія як пісцовыя кнігі, хронікі, рэвізіі, прычым апошнія маюць найбольшую актуальнасць для гісторыка-тапанімічнага даследавання, паколькі з асаблівай дакладнасцю фіксуюць назвы геаграфічных аб'ектаў. Да старажытных пісьмовых крыніц, якія змяшчаюць каштоўныя для вывучэння беларускай тапаніміі звесткі, адносіцца "Ревизія пущъ и переходовъ звериныхъ въ бывшемъ Великомъ княжестве Литовскомъ…". Гэта адзін з найбольш насычаных уласнымі геаграфічнымі намінацыямі помнікаў старабеларускага пісьменства. Асаблівасцю "Ревизіи..." як межавой кнігі з'яўляецца падрабязнае апісанне межаў велікакняжацкіх і шляхецкіх уладанняў на тэрыторыі пераважна Пінскага і Кобрынскага паветаў, у сувязі з чым назвы нават дробных геаграфічных аб'ектаў фіксуюцца з выключнай дакладнасцю. У найменнях розных геаграфічных аб'ектаў гэтага дакумента знайшлі адлюстраванне рэаліі XVI стагоддзя, назвы якіх пазней былі заменены іншымі або зніклі разам з самімі тапааб'ектамі. У сувязі з гэтым тэкст "Ревизіи..." уяўляе цікавасць як дакумент, які змяшчае ў сабе не толькі важную моўную, але і культурна-гістарычную інфармацыю.

З усіх тапонімаў гідронімы лічацца найбольш старажытнай і найбольш стабільнай часткай лексікі ўвогуле і анамастыкі ў прыватнасці. У тэксце "Ревизіи..." гідронімы прадстаўлены 359 найменнямі. Сярод іх дамінуюць патамонімы (назвы рэк) - 210 адзінак. Лімнонімы (назвы азёр) з'яўляюцца менш ужывальнымі і прадстаўлены 104 найменнямі. Найменшую групу ўтвараюць гелонімы - усяго 45 адзінак.

Паводле характару і семантыкі ўтваральных асноў, назвы водных аб'ектаў, як і ўсе іншыя тапонімы, падзяляюцца на дзве вялікія групы: назвы апелятыўнага паходжання і назвы анамастычнага паходжання. Пры гэтым гідронімы апелятыўнага паходжання, зафіксаваныя ў тэксце "Ревизіи...", у залежнасці ад семантыкі ўтваральных асноў можна класіфікаваць наступным чынам: 1) гідронімы, матываваныя прыродна-геаграфічнай лексікай; 2) гідронімы, матываваныя лексікай, што абазначае гаспадарчую дзейнасць чалавека. У сваім артыкуле мы засяродзім увагу на гідронімах апелятыўнага паходжання, матываваных прыродна-геаграфічнай лексікай.

Найменні водных, як і ўсіх іншых, аб'ектаў утвараюцца тады, калі ўзнікае неабходнасць вылучыць пэўны аб'ект з шэрагу іншых. Паколькі аднародныя аб'екты не могуць адрознівацца па сваіх асноўных прыкметах, то ў аснову іх назваў кладуцца прыкметы другасныя - колер, форма, тэмпература вады, адметнасць берагоў і інш. Адпаведна, матываваныя назвы з'яўляюцца семантычна неаднароднымі [4, с. 28]. І менавіта ў гідраніміі большасць найменняў звязана найперш з абазначэннем характэрных прыкмет навакольнага асяроддзя [2, с. 15]. Гідронімы, матываваныя прыродна-геаграфічнай лексікай паводле сваіх утваральных асноў падзяляюцца на 5 груп: 1) назвы, якія ўказваюць на фізіка-геаграфічныя асаблівасці гідрааб'екта; 2) назвы, якія суадносяцца з гідраграфічнымі найменнямі; 3) назвы, якія суадносяцца з фітафорнай лексікай; 4) назвы, якія суадносяцца з заафорнай лексікай; 5) назвы, якія ўказваюць на месцазнаходжанне гідрааб'екта ці асаблівасці акаляючай яго мясцовасці.

Назвы, якія ўказваюць на фізіка-геаграфічныя асаблівасці гідрааб'екта. Такія найменні характарызуюць водны аб'ект па розных прыкметах:

а) па глыбіні, памеры: Глубокое оз.*, Плоское оз. Матывавальнай асновай гэтых найменняў з'яўляюцца прыметнікі глубокий , плоский .

Згодна з трактоўкай Я.Ф. Карскага, назву Немонъ (Немонъ), р. таксама можна аднесці да гэтай падгрупы [10, с. 75]. Аднак у адпаведнасці з "балтыйскай" версіяй гэтае найменне тлумачыцца як 'звілістая рака' [17, с. 113]. У такім выпадку яго варта разглядаць як назву паводле канфігурацыі воднага аб'екта.

б) па паўнаводнасці: Омеленая рч., Омеловка , р., Мелистое оз. Утваральныя асновы гэтых назваў суадносяцца са словам мель - 'неглыбокае месца ў рэчцы або возеры' [23, т. 7, с. 12].

в) па хуткасці, характары руху вады: Быстрежа (Быстрая) р. Утваральнай аснове адпавядае апелятыў быстрый - 'хуткі (пра імклівае цячэнне вады)' [23, т. 1, с. 432].

Уласнае найменне Стыръ , р. часам тлумачаць апелятывам стыръ 'штыр, рулявое вясло', 'жэрдка, калок' [16, т. 5, с. 7]. Аднак М. Фасмер аспрэчвае такое вытлумачэнне і суадносіць назву прытока Прыпяці са значэннем 'моцны, важны' [20, т. 3, с. 790]. В.А. Ніканаў лічыць магчымым звязваць паходжанне наймення са значэннем 'цячэнне, хуткасць' [14, с. 396].

г) па канфігурацыі аб'екта: найменні Кривая р., Кривецъ рч., Кривое бол. суадносяцца з апелятывам кривый, а назвы Круглое оз., Долгое оз. утварыліся адпаведна ад апелятываў круглый, долгий.

Назву Гривда р. можна выводзіць з літ. лексемы грива 'вусце' [24, с. 254 - 255], але верагодным з'яўляецца і тое, што ў найменні адбыўся пераход выбухнога [г] у [к]: Гривда / Кривда [24, с. 254-255]. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Р.М. Казлова, якая, суадносячы найменне з іншымі гідронімамі ў басейнах славянскіх рэк, звязвае ўтваральную аснову ўласнай назвы Гривда з лексемамі кривъда, кривый [9, т. 1, с. 120-121].

Гідронім Прость р. матывуецца апелятывам простъ 'прамы', 'адкрыты' [12, с. 430], прость, простка - 'прамая дарога, шлях' [13, с. 464], 'частка ракі (прамое, някручанае цячэнне)', 'вузкае месца на рацэ' [19, т. 4, с. 229; 23, т. 10, с. 37]; 'прамая пратока паміж двух выгібаў ракі, паміж рукавамі ракі, паміж ракой і рукавом (на Прыпяці)' [13, с. 464; 19, т. 4, с. 227; 23, т. 10, с. 36]. Вышэйпералічаныя інтэрпрэтацыі апелятываў аб'яднаны між сабой агульным значэннем прыкметы 'прамы'. Аднак ёсць і яшчэ адно тлумачэнне лексемы прость - 'месца, размытае і залітае вадой' [23, т. 10, с. 36]. У гэтым выпадку назва паводле значэння суадносіцца з гідраграфічнымі найменнямі.

д) па колеры, чысціні вады. Нягледзячы на вялікую колькасць такіх назваў, нельга сказаць, што ў іх шырока прадстаўлена колеравая гама: Чермное бол. суадносіцца з апелятывам чермный - устарэлая назва для абазначэння чырвонага колеру [1, с. 51; 13, с. 612; 22, вып. 4, с. 149-150]; найменні Рудано бол., Рудица рч.; Рудская рч. указваюць на іржавы колер вады; Золотая рч. адпавядае лексеме золотый ; Черневка рч., Чорная рч.; Чорное оз.; Чорное озерц. тлумачацца атрыбутывам черный ; Морочно рочное ) бол. звязана з лексемай морочне, морочна - 'змрочнае, цёмнае балота', 'нізкае, гразкае балота', 'балота або багністая паляна сярод лесу' [18, с. 187-188; 23, т. 8, с. 3].

На чысціню вады ўказваюць назвы тыпу Ясне оз., Чистое бол., матывацыя якіх досыць празрыстая.

е) па асаблівасцях берага ці дна. Да гэтай падгрупы адносяцца найменні Каменка рч., Каменая р., утваральныя асновы якіх указваюць на камяністасць дна воднага аб'екта і адпавядаюць апелятыву камень.

Гідронімы Куповая р., Куповое оз. семантычна звязваюцца з лексемамі купа - 'кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам', 'балотны пагорак', 'асобны махавы, невялікі балотны пагорачак', 'узгорак; астравок на рацэ, парослы травой' [5, вып. 16, с. 225, 229; 8, с. 91; 11, с. 44; 23, т. 5, с. 162]. Гэтыя назвы можна разглядаць яшчэ і як паказчыкі забалочанасці мясцовасці.

ж) па ступені забалочанасці, стану воднай паверхні. Да гэтай групы назваў адносіцца гідронім Кальноя р., які тлумачыцца словам кально - 'брудна, гразка' [15, с. 85], калный - 'забалочаны' [5, вып. 14, с. 243], а таксама найменні тыпу Грузская рч.

Такім чынам, сярод усіх назваў водных аб'ектаў, згрупаваных паводле іх фізіка-геаграфічных прыкмет, найбольш пашыраны найменні, у якіх знайшлі адлюстраванне канфігурацыя гідрааб'екта, а таксама колер і чысціня вады. Пры гэтым з усёй колеравай гамы ў найменнях дамінуе іржава-чырвоны ці цёмны, чорны колер, што невыпадкова, бо ў падобных назвах заключана дадатковая інфармацыя, указанне на тое, што геаграфічны аб'ект знаходзіцца непадалёк ад залежаў балотнай руды ці тарфянікаў.

Назвы, якія суадносяцца з гідраграфічнымі найменнямі. Матывавальнай асновай такіх гідронімаў з'яўляецца апелятыў, які непасрэдна ўказвае на тып воднага аб'екта:

Назвы Речица р., Рецкое оз. з'яўляюцца дэрыватамі ад лексемы река .

Найменне Ручай рч. утворана ад гідраграфічнага тэрміна ручай .

Гідронім Плесъ р. матывуецца апелятывам плесъ , што азначае 'шырокі ціхі ўчастак ракі паміж перакатамі або астравамі', 'калена ракі', 'вусце, пойма ракі'; 'невялікая затока на рацэ або возеры, парослая аерам або чаротам'; 'прыбярэжная паласа вады', 'чыстая водная паверхня на лясным возеры', 'водная паверхня сярод балота', 'багна, твань у рэчышчы высахлай ракі'; 'бераг ракі, які заліваецца вясновай вадою', 'забалочаны луг пры рацэ' [7, с. 215; 21, с. 160, 161].

Назва воднага аб'екта Криница рч. паходзіць ад лексемы криница , якая мае наступныя значэнні: 'выхад падземных вод на паверхню зямлі', 'струмень вады, які б'е з зямлі' [23, т. 5, с. 133]; 'невялікі вадаём каля выхаду падземных вод', 'невялікае возера', 'сажалка', 'вір', 'прорва, багна', 'невысыхаючая лугавая старыца; участак вады на балоце, дзе вада не замярзае', 'пачатак ракі або ручая' [8, с. 95; 16, т. 2, с. 544; 21, с. 103]; 'крыніца', 'неглыбокі калодзеж' [5, вып. 16, с. 144; 15, с. 141]; 'гразкая мясціна, непраходнае балота' [97, с. 304].

Назва Струмень р. семантычна адпавядае слову струмень , што азначае 'вузкі паток вады', 'хуткая плынь вады ў рацэ; бягучая вада' [25, с. 182], 'рукаў ракі' [19, т. 5, с. 108]. Таксама можа матывавацца латышскім словам страуме 'быстрина' [3, с. 86], што не супярэчыць вышэйзгаданым значэнням.

У аснове наймення Море оз. ляжыць апелятыў море , што азначае 'возера', 'балота' [20, т. 2, с. 654; 23, т. 7, с. 67].

Назва Багны бол. утворана ад лексемы багно 'нізкае багністае месца; грузкае балота; дрыгва', 'махавое балота' [6, с. 15; 21, с. 18]; 'бруд, гразь' [23, т. 1, с. 265].

Гідраграфічным тэрмінам болото тлумачыцца і гідронім Болотница бол.

Старажытнаму чалавеку, які жыў каля пэўнай ракі ці возера, не было патрэбы даваць воднаму аб'екту індывідуальнае найменне. Гідрааб'ект называўся агульным словам са значэннем 'вада' (ці 'рака', 'возера', 'балота' і г. д.), якое з цягам часу станавілася ўласным імем. Менавіта таму назвы водных аб'ектаў, матываваныя ўласна гідранімічнай наменклатурай, - з'ява даволі пашыраная ў тапаніміі, што пацвярджае і тэкст "Ревизіи...".

Назвы, якія суадносяцца з фітафорнай лексікай. У гэтую групу гідронімаў уваходзяць найменні, утваральныя асновы якіх суадносяцца з назвамі розных парод дрэў, відаў раслін.

Так, уласныя назвы Береза рч., Березовая р., Березова рч., Березовое бол. матывуюцца апелятывам береза .

Найменні Ольха рч., Олшаница р., Олшанка ( Вольшанка ) рч. утвораны ад лексемы ольха .

Гідронімы Осова рч., Осова бол., Осовское бол. семантычна звязаны са словам осовый 'асінавы' [16, т. 3, с. 263].

Найменні Еловка рч., Елникъ оз. (з такой назвай былі зафіксаваны два возеры, размешчаныя непадалёк адно ад другога); Сосновое бол. тлумачацца адпаведна апелятывамі ель (елка), сосна . Пры гэтым гідронім Елникъ , оз. можна разглядаць таксама як назву, якая суадносіцца з агульным паняццем 'лес', 'яловы лес'.

Што датычыць гідронімаў Мшаное оз.; Мшаное бол., якія суадносяцца з лексемай мохъ , то іх матывавальная аснова ўказвае яшчэ і на забалочанасць акаляючай гідрааб'екты тэрыторыі.

Сярод гідронімаў, зафіксаваных у тэксце "Ревизіи...", вылучаецца найменне Гвоздная р., якое, па сутнасці, азначае 'лясная рака' і семантычна звязана з агульнай назвай лясных масіваў. Назва матывуецца апелятывам гвоздъ , што азначае 'лес, бор', 'чорны лес', 'хваёвы лес', 'вялікі густы лес' [12, с. 431; 18, с. 62-64; 20, т. 1, с. 399; 22, вып. 7, с. 185-186] або 'сухая ўзвышаная мясціна сярод балота, прастора, пакрытая густым лесам' [23, т. 3, с. 75].

У тэксце "Ревизіи..." шырока прадстаўлены гідронімы, у якіх знайшлі адлюстраванне рэаліі расліннага свету, прычым пераважная большасць найменняў утворана ад лексем, што ўказваюць на пароды дрэў. Пры гэтым дамінуюць найменні, якія семантычна суадносяцца з апелятывамі ольха і береза . З уласных назваў, утваральныя асновы якіх звязаны з агульным паняццем 'лес', зафіксаваны адзінкавы прыклад: Гвоздная р.

Назвы, якія суадносяцца з заафорнай лексікай. Да такіх гідронімаў адносяцца наступныя найменні, семантыка якіх даволі празрыстая: Зубриная рч.; Медведица р., Медвенка рч., Медвежое бол., Турья р., Бобрыкъ р., Бобра р.; Свинья рч., Козино ( Великое Козино ) оз., Кобылее бол.; Рыбникъ рч.

Сярод гідронімаў, звязаных паводле семантыкі асноў з назвамі жывёльнага і птушынага свету, дамінуюць патамонімы. Фаўна краю ў такіх найменнях прадстаўлена даволі шырока. Аднак што датычыцца адлюстравання назваў рыб, то, на думку Р.А. Агеевай [1, с. 59], у найменнях гідрааб'ектаў яны рэдкаўжывальныя, часцей ёсць указанне на вадаёмы, багатыя рыбай.

Назвы, якія ўказваюць на месцазнаходжанне гідрааб'екта ці асаблівасці акаляючай яго мясцовасці. Найменні гэтай падгрупы выконваюць ролю пэўных арыенціраў. Так, на размяшчэнне воднага аб'екта ўказваюць такія назвы, як Середняя рч.; Глухое оз. У тэксце "Ревизіи..." такія назвы з'яўляюцца адзінкавымі.

Такім чынам, у назвах водных аб'ектаў шырока адлюстраваны гідрагра-фічныя тэрміны і словы, у якіх выяўляюцца найбольш характэрныя ўласцівасці як саміх гідрааб'ектаў, так і асаблівасці іх дна ці берагоў. Улічваючы тое, што гідронімы адносяцца да самага архаічнага класа геаграфічных аб'ектаў, іх можна ўспрымаць як каштоўную крыніцу звестак пра прыроду пэўнай тэрыторыі, адметнасці ландшафту пэўнага перыяду, што дае ўяўленне пра ўмовы, у якіх жылі нашы продкі стагоддзі таму.

Крыніцы:

Ревизія пущъ и переходовъ звериныхъ въ бывшемъ Великомъ княжестве Литовскомъ, съ присовокупленіемъ грамотъ и привилегій на входы въ пущи и на земли, составленная старостою Мстибоговскимъ Григоріемъ Богдановичемъ Воловичемъ въ 1559 году, съ прибавленіемъ другой актовой книги, содержащей въ себе привилегіи, данныя дворянамъ и священникамъ Пинскаго повета, составленной въ 1554 году. - Вильна, 1867. - [382 с.].

Літаратура:

1. Агеева, Р.А. Гидронимия Русского Северо-Запада как источник культурно-исторической информации / Р.А. Агеева ; отв. ред. : Н.И. Толстой. - М.: Наука, 1989. - 252 с.

2. Агеева, Р.А. Происхождение имён рек и озёр / Р.А. Агеева ; отв. ред.: Э.М. Мурзаев. - М. : Наука, 1985. - 143 с.

3. Алфавитный указатель к актовой книг, изданной Виленскою Археографическою Коммиссіею въ 1867 году: ревизія пущъ и переходовъ звериныхъ въ бывшемъ Великомъ княжестве Литовскомъ Григорія Богдановича Воловича, а также собраніе привилегій, данныхъ дворянамъ и священникамъ Пинскаго повета. - Вильна : Тип. А.Г. Сыркина, 1873. - 125 с.

4. Ванагас, А.П. Образование, происхождение и семантика литовских гидронимов : автореф. дис. … д-ра филол. наук : 10.02.15 / А.П. Ванагас ; Вильн. гос. ун-т. - Вильнюс, 1983. - 48 с.

5. Гістарычны слоўнік беларускай мовы / АН БССР, Ін-т мовазнаўства; рэд. : А.М. Булыка. - Мінск : Навука і тэхніка, 1982-2010. - 30 вып.

6. Дыялектны слоўнік Брэстчыны / склад. : М.М. Аляхновіч [і інш.] ; рэд. : Г.М. Малажай, Ф.Д. Клімук. - Мінск : Навука і тэхніка, 1989. - 294 с.

7. Емельяновіч, В. Семантычныя ўтварэнні ў мікратапаніміі Брэстчыны / В. Емельяновіч // Badania dialektow i onomastyki na pograniczu polsko-wschodnioslowianskim / pod red. M. Kondratiuka ; Uniw. Warszaw. - Bialystok, 1995. - S. 213-221.

8. Емельяновіч, В.М. Геаграфічная тэрміналогія як крыніца мікратапаніміі (на матэрыяле Пружанскага і Камянецкага раёнаў Брэсцкай вобласці) / В.М. Емельяновіч // Беларуская анамастыка : зб. арт. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства ; рэдкал. : М.В. Бірыла, В.П. Лемцюгова. - Мінск, 1985. - С. 87-97.

9. Казлова, Р.М. Беларуская і славянская гідранімія. Праславянскі фонд / Р.М. Казлова ; Гомел. дзярж. ун-т. - Гомель : ГДУ, 2000-2006. - 4 т.

10. Карскі, Я. Беларусы / Я. Карскі ; уклад. : С. Гаранін, Л. Ляўшун ; навук. рэд. А. Мальдзіс. - Мінск : Беларус. кнігазбор, 2001. - 640 с.

11. Климчук, Ф.Д. Специфическая лексика Дрогичинского Полесья / Ф.Д. Климчук // Лексика Полесья : материалы для полес. диалект. сл. / АН СССР, Ин-т славяноведения ; отв. ред. Н.И. Толстой. - М., 1968. - С. 20-79.

12. Лемцюгова, В.П. Дыялектнае слова ў сістэме беларускай тапаніміі / В.П. Лемцюгова // Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы : матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мінск, 15-16 крас. 2008 г. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. ; навук. рэд. : Л.П. Кунцэвіч, Н.В. Паляшчук. - Мінск, 2008. - С. 427-433.

13. Мурзаев, Э.М. Словарь народных географических терминов / Э.М. Мурзаев. - М. : Мысль,1984. - 653 с.

14. Никонов, В.А. Краткий топонимический словарь / В.А. Никонов. - М. : Мысль, 1966. - 509 с.

15. Расторгуев, П.А. Словарь народных говоров Западной Брянщины : (материалы для истории словарного состава говоров) / П.А. Расторгуев; ред. : Е.М. Романович. - Минск : Наука и техника, 1973. - 296 с.

16. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча : у 5 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства ; рэд. : Ю.Ф. Мацкевіч. - Мінск : Навука і тэхніка, 1979-1986. - 5 т.

17. Смолицкая, Г.П. Занимательная топонимика : кн. для учащихся ст. классов / Г.П. Смолицкая. - М. : Просвещение, 1990. - 127 с. : ил.

18. Толстой, Н.И. Славянская географическая терминология : семасиологич. этюды / Н.И. Толстой. - Изд. 2-е, существ. доп. - М. : КомКнига, 2006. - 360 с.

19. Тураўскі слоўнік : у 5 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства ; рэд. : А.А. Крывіцкі [і інш.]. - Мінск : Навука і тэхніка, 1982-1987. - 5 т.

20. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка : в 4 т. / М. Фасмер ; пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачева ; под ред. Б.А. Ларина. - М. : Прогресс, 1964-1973. - 4 т.

21. Черепанова, Е.А. Географическая терминология Черниговско-Сумского Полесья / Е.А. Черепанова. - Глухов, 1973. - Т. 1 : Приложение. - 521 с.

22. Этимологический словарь славянских языков : праслав. лекс. фонд: в 35 вып. / АН СССР, Ин-т русского языка ; сост. : О.Н. Трубачёв [и др.] ; под ред. О.Н. Трубачёва. - М. : Наука, 1974. - 35 вып.

23. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. - Мінск : Навука і тэхніка, 1978-2010. -12 т.

24. Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое : навук.-папул. кн. / У. Юрэвіч. - Мінск : Юнацтва, 1992. - 271 с.

25. Яшкін, І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы : тапаграфія, гідралогія / І.Я. Яшкін ; рэд. : М.В. Бірыла. - Мінск : Навука і тэхніка, 1971. - 256

А. Чарняўскі
Вывучэнне тапаніміі вёскі Збароў Рагачоўскага раёна

У апошняе дзесяцігоддзе на Рагачоўшчыне знікла некалькі вёсак, а вялікая колькасць вёсак страчвае асноўныя цэнтры захоўвання гістарычнай інфармацыі - школы, бібліятэкі. Такім чынам, назаўсёды для беларускай гісторыі і культуры страчваецца разам з вёскамі вялізны пласт культуры.

Адной з асаблівасцей і ўнікальнасцяў нашай культуры з'яўляецца тапаніміка. У тапонімах у "закансерваваным выглядзе" захоўваюцца многія словы, якія сёння альбо выйшлі з ужытку, альбо забыліся. Тапонімы - гэта ні з чым не параўнальная багацейшая крыніца для даследчыкаў гісторыі, этнасу Рагачоўскага краю.

Вялікую ролю ў захаванні назваў вёсак выконваюць настаўнікі, якія для конкурсаў і праектаў вывучаюць і запісваюць каштоўны гістарычны матэрыял. Але існуе і вялікі адмоўны момант: гэтыя працы не друкуюцца ў мясцовай прэсе, што б значна пашырыла цікавасць да дадзенай праблемы.

У дадзеным даследаванні былі сабраны тапонімы вёскі Збароў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці шляхам апытання жыхароў, а некаторыя тапонімы былі знойдзены ў літаратуры [2, ст. 73].

Вёска мае цікавую гісторыю, яна лічыцца самай старой вёскай у Рагачоўскім раёне, бо тут пасяліліся людзі больш за 10 тысяч гадоў таму, так званыя насельнікі археалагічнай культура Лінгбі [1, ст. 9].

Вёска размяшчаецца на беразе ракі Дняпро. Каля вёскі вельмі шмат старычных азёраў, таму большасць назваў тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў, другая частка назваў паходзіць ад імён і прозвішчаў людзей, трэцяя частка тапонімаў звязана з асаблівасцямі гістарычнага развіцця мікрарэгіёна. Таксама можна вылучыць і тапонімы, якія ўзніклі ўжо ў наш час. Характэрная рыса жыхароў вёскі, як больш сталых, так і маладых: выкарыстанне тапонімаў у паўсядзённым жыцці і зараз. Усе тапонімы падзелены на некалькі груп пасля аналізу іх значэння.

Назвы, што вынікаюць з асаблівасцей гісторыі мясцовасці:

Збароў - назва вёскі звязана з функцыяй феадальнага замка - збіранне мыта з купцоў, якія плылі па Дняпры, замак існаваў тут у 12-13 стагоддзях.

Гарадок - месца, дзе знаходзіцца гарадзішча.

бораўская або Сбароўская ці Сбаробская Гара - месца, дзе знаходзілася гарадзішча.

Каціна гара - месца, дзе знаходзіцца гарадзішча (існуе некалькі паданняў, звязаных з гэтым месцам, усе яны звязаны з Расійскай царыцай Кацярынай).

Шведская дарога - шаша ад Рагачова да паварота на Збароў.

Ратніцкае - луг, назва звязана з нейкімі вайсковымі падзеямі.

Будзішчы.

Панскія пожні - месца панскай зямлі.

Панскія падбішча - месца выпасу.

Панскае поле.

На выгане - месца, дзе пасвілі жывёлу.

Прыстань - месца, дзе ставяць лодкі.

Пагарэлец - месца на Дняпры, магчыма, штосьці гарэла.

Каровалад - месца, кудой вадзілі кароў на выпас.

Назвы, што паходзяць ад асаблівасцей прыродна-геаграфічных умоў:

Красная горка, Жоўтая горка - высокі, гліняны бераг Дняпра каля санаторыя "Прыдняпроўскі".

Канчатка - канец вёскі.

Белы пясок - месца, дзе знаходзіліся пяшчаныя дзюны.

Белае - балота.

Слішча - ад Збарова ў бок шашы, дрэннае месца.

Валасянкі - назва лесу.

Баравая - поле, некалі быў бор.

Брод - лес, пераход праз балота.

Падкалода - балота, ад назвы "калоды": месца збору мёда.

Мачулішчы - луг з возерам.

Красная лаза.

Горы - пясчаныя дзюны.

Крупелька.

Бальшая лашчына .

Балота - месца ў самой вёсцы.

Лажок - сустракаецца, як у пачатку, так і ў канцы вёскі.

Азярыцкае поле - месца каля Дняпра.

Цэнтар (пайсці на цэнтар) - цэнтральная вуліца.

На камнях - месца на Дняпры.

Мадорскі бераг - бераг насупраць Збарова.

Азёры:

Прорва - вельмі глыбокае.

Вяршына - на высокім месцы.

Панскае - вудзілі рыбу для пана.

Лапушынае - зарослае гарлачыкамі.

Варэечка.

Чыгунок - падобна формай да чыгунка.

Паддуб'е - на берагах растуць дубы.

Раманава - лавіў рыбу Раман.

Рацькаў.

Вілы - падобнае на вілы, раздвойваецца.

Дняпрышчы - старое русла Дняпра.

Жырало - моцна гудзе вада.

Залінова - вадзіліся ліны.

Розмачка.

Дамашняе.

Коўбак - ад слова каўбух, каўбук (страўнік).

Запесак - намывае пясок з Дняпра.

Штаны - падобнае на штаны.

Накарасікі - водзяцца карасі.

Старык - старое русла Дняпра.

Назвы, што паходзяць ад імён, прозвішчаў ці мянушак:

Ісакава гара - па шашы да Збарова (бліз Вікоў).

Асіпаўка - пачатак вёскі ад Рагачова, жыў Асіп (Осіп).

Лявонава вулка - жыў Лявон.

Дуброўскага гара - жыў Дуброўскі.

Аўрамава(Абрамава) гара - жыў Аўрам.

Любкі - назва поля, магчына, звязана з жаночым імем.

Платонцы - жыў Платон, месца сучаснай школы.

Бэцкі рог - ад імя Бэцка.

Куліковы планы - жыла сям'я Кулікоў.

Назвы, узнікшыя ў апошні час:

Стагі - месца стагоў з сенам.

На БАМ - месца з мастком, затапліваецца.

Школішча - тэрыторыя школы.

Турнікі - школьная спартовая пляцоўка.

Аўтадром - месца, дзе ў 1970 гадах вучылі курсантаў.

На інвалідным - месца дома-інтэрната.

Назвы ўрочышчаў каля Збарова:

Воўчая горка - у пачатку вёскі, вадзіліся ваўкі.

Грушкі.

Будзішчы.

Брыцкая грыва - рака Брыўка.

Пахаты - луг.

Козка - месца па-за Паддуб'ем (возера).

Мачулішчы.

Зайцавы ляды (за зайцам).

Воўчае поле .

Асобнай групай вылучаны назвы хутароў:

Гарэлы мох, Відалін, Узраджэнне, Новы пуць, Чырвоная горка, Ітвіны, Паўлішча, Ціхі, Воўчы.

Некаторыя назвы засталіся таямніцай, але галоўнай мэтай працы было сабраць і зафіксаваць найменні.

Пакрысе адбываецца выміранне вёскі, адыходзяць носьбіты культуры - старыя людзі са сваімі сялібамі, садамі, вуліцамі і ладам жыцця. Разам з усім пералічаным яны панеслі ў нябыт свае назвы, спрадвечныя імёны, у якія людзі ўклалі свае пачуцці, назіранні, уражанні. Паміраюць вёскі, знікаюць назвы, бяднее наша мова. Гэтая маленькая праца - цаглінка ў падмурак нашай культуры.

Літаратура:

1. Калечыц, А. Першыя жыхары рагачоўскай зямлі / А.Калечыц //Старажытнасці Рагачоўшчыны. 2000. - С. 7-11.

2. Рапановіч, Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. - Мн., 1986.

В.М. Сямашка
Праблемы аховы аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны аграгарадка Крэва

Згодна з артыкулам 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці. Згодна з артыкулам 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. У артыкуле 51 замацавана права грамадзян на ўдзел у культурным жыцці праз агульнадаступнасць каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, што знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах. Ужо адсюль вынікае праблема аб'яднання намаганняў дзяржавы і грамадства ў справе захавання помнікаў.

Тым больш, што ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 9 студзеня 2006 г. № 98-3 (артыкул 3) ( далей па тэксце - Закон) замацаваны прынцыпы і асноўныя кірункі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Дзяржаўная палітыка ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны грунтуецца на прынцыпах прызнання гісторыка-культурнай спадчыны фактарам развіцця дзяржавы, адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, удзелу грамадзян у ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Асноўнымі кірункамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны з'яўляюцца:

- выяўленне матэрыяльных аб'ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць;

- наданне матэрыяльным аб'ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўлік гісторыка-культурных каштоўнасцей;

- захаванне і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей;

- утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам неабходнасці безумоўнага захавання іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей;

- фінансаванне аховы гісторыка-культурнай спадчыны за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 4 Закона ўтрымлівае паўнамоцтвы грамадскіх аб'яднанняў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Яны могуць:

- аказваць дзяржаўным органам садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

- папулярызаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

- ажыццяўляць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

- уносіць у дзяржаўныя органы прапановы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

- садзейнічаць фарміраванню ў грамадзян патрыятызму, адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны;

- ажыццяўляць іншую звязаную з аховай гісторыка-культурнай спадчыны дзейнасць, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Аднак у самім Законе грамадзянін як самастойны суб'ект аховы гісторыка-культурнай спадчыны не пазначаны. Мае месца прававая калізія, калі непасрэдны ўдзел у суполцы асобных грамадзянаў, зацікаўленых у ахове канкрэтнага аб'екта, можа быць кваліфікаваны як удзел у незарэгістраванай арганізацыі, за што прадугледжваецца асобная адказнасць.

Аднак нават пры наяўнасці такіх дэталей дзяржава прызнае, што справа аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь патрабуе шчыльнага супрацоўніцтва органаў дзяржаўнай улады і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці як на ўзроўні рэспубліканскага дзяржаўна - прыватнага партнёрства, так і на аснове лакальных праграм падтрымкі дзяржавай мясцовых ініцыятыў.

Адной з дзейсных форм такога супрацоўніцтва з'яўляюцца пісьмовыя звароты зацікаўленых грамадзян і арганізацый да мясцовых органаў улады, ва Ўпраўленне па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у органы пракуратуры і ўнутраных спраў.

Разам з гэтым выглядае цалкам лагічным вырашэнне пытання захавання спадчыны на мясцовым узроўні: прапанова ад грамадскасці ўласнай дапамогі ў справе правядзення першасных мер па паляпшэнні тэхнічнага стану такіх аб'ектаў.

Прынамсі шчучынскі пенсіянер Уладзімір Глаз дамогся рэканструкцыі Шчучынскага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Помнік 18 ст. (палацава-паркавы комплекс, шрыфт 1а1Е100418, катэгорыя 2, пратакол N64 ад 27 сакавіка 2001 г. - аўт.) стаяў разбураны, знаходзіўся калісьці ў распараджэнні Міністэрства абароны СССР, потым на балансе Шчучынскага РАНА. Пенсіянер здолеў зацікавіць дадзеным помнікам іншых людзей, якія за свае сродкі набывалі будаўнічыя матэрыялы для рамонту [3].

У лістападзе 2005 г. па ініцыятыве студэнцтва з Мінску ў г. Слонім на закінуты будынак па вул. Чырвонаармейскай, 14 (ш. 1а1М200399, к. 3, паст. № 62 ад 07.12.2000) выехала інспектар па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, якая без складання пратакола прымусіла ўлады правесці першачарговыя працы па падрыхтоўцы будынка да зімы.

Маюцца і адмоўныя прыклады дзейнасці заклапочаных паляпшэннем тэхнічнага стану помнікаў архітэктуры.

Так, у 2004 годзе непаўналетнія члены ГА БРСМ без выканання патрабаванняў норм тэхнікі бяспекі збівалі сякерамі паросшыя хмызняком цагліны з верхняга ўзроўню кутняй вежы рэшткаў Гальшанскага замка. Такі спосаб захавання помнікаў распаўсюджаны на Беларусі і адрозніваецца высокай "эфектыўнасцю": старая цэгла абвальваецца, а адкрыўшаяся кладка падвяргаецца знешнім фактарам разбурэння (кліматычным умовам), што ў сваю чаргу спрыяе больш хуткаму разбурэнню сцен архітэктурнага аб'екта.

Яшчэ адна праблема Беларусі: руйнаванне старых могілак дзеля размяшчэння на іх тэрыторыі новых могілак. Ва ўсім свеце могілкі даўно набылі статус гістарычна-культурных аб'ектаў і знаходзяцца пад сваеасаблівай аховай як спецыялізаваныя архівы інфармацыі мясцовай гісторыі.

У 2005 годзе сіламі студэнтаў і працоўных былі спынены бульдозеры падчас зносу старых уніяцкіх могілак в. Ракаў Мінскай вобласці. Суполка выйшла на сувязь са старшынёй мясцовага сельсавета, сабрала подпісы ў мясцовых жыхароў у падтрымку захавання могілак.

Такім чынам, можна казаць аб тым, што часам адзіны спосаб уратаваць той ці іншы гістарычны аб'ект ад знішчэння, у тым ліку разглядаемыя могілкі, - гэта ўнесці яго ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Менавіта апошні прыведзены прыклад стаўся асновай заснавання Мясцовага дабрачыннага фонда "Крэўскі замак", гісторыю супрацы якога з органамі дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў у справе захавання спадчыны аграгарадка Крэва можна назваць паспяховай.

Крэва прываблівае ўвагу па многіх прычынах: сённяшні аграгарадок займае выгоднае геаграфічнае становішча, мае вялікі гісторыка-культурны і турыстычны патэнцыял, які выяўляецца ў яго багатай гісторыі і перспектыўных турыстычных аб'ектах. Сярод іх можна вылучыць Крэўскі замак, Гарадзішча, касцёл, царкву, рэшткі былой габрэйскай забудовы, старажытнае капішча Юрава гара, сем узвышшаў вакол цэнтра з рэшткамі старажытных храмаў, абаронныя аб'екты часоў Першай сусветнай вайны.

Асноўным праблемным аб'ектам Крэва застаецца Крэўскі замак. Праектная дакументацыя ягон рэстаўрацыі была распрацавана яшчэ з 1980-х гадоў, аднак з-за адсутнасці фінансавання замак працягвае заставацца ў аварыйным стане. На 2012 год замак унесены ў Дзяржаўную праграму "Замкі Беларусі", якая прадугледжвае фінансаванне далейшых праектных і будаўнічых прац на замку, аднак досвед кансервацыі і рэстаўрацыі іншых замкаў Беларусі (Мірскі замак, Нясвіжскі замак) не дазваляе лічыць такі факт здавальняльным. Больш за тое, якраз зараз неабходна ўзмацніць грамадскі кантроль за ходам вядзення работ і асвятленнем усіх прац на замку праз СМІ.

Адной з форм грамадскага кантролю можна назваць і заснаванне ў 2005 годзе высілкамі студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ г. Мінска Мясцовага дабрачыннага фонду "Крэўскі замак". Дадзены фонд быў створаны для садзеяння захаванню замка і папулярызацыі спадчыны Крэва.

Высілкамі Фонду ў 2004-2006 гадах быў праведзены комплекс работ па захаванні рэштак Крэўскага замка.

3 2007 года была распачата праца па рэгенерацыі яўрэйскай спадчыны Крэва. На сённяшні момант праведзены работы па рэгенерацыі і першасным рамонце старых яўрэйскіх могілак, бісхайма Крэва.

На 2012-2014 гады запланаваны выкуп будынка былой мураванай сінагогі 19 ст. і адкрыццё ў ім культурнага цэнтра.

Падчас сямігадовай працы ў Крэве спецыялісты Фонду змаглі правесці комплекснае даследаванне характару і спецыфікі забудовы аграгарадка, прасочванне гістарычных тэндэнцый развіцця паселішча, што было адлюстравана ў праекце ахоўных зон аграгарадка Крэва, які перададзены на разгляд у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сярод іншага ўзгаданы праект прадугледжвае падрыхтоўку комплекснай праграмы дзеянняў па ахове важных аб'ектаў архітэктуры Крэва праз наданне ім статусу гістарычна-культурнай нерухомай каштоўнасці, а разам з тым складанне схемаў тэрыторый, на якіх неабходнае горадабудаўнічае рэгуляванне.

У 2011 годзе Мясцовы дабрачынны фонд "Крэўскі замак" пры метадычнай падтрымцы Інстытута гісторыі Нацыянальный акадэміі навук Рэспублікі Беларусь правёў маштабныя раскопы на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Крэва.

У выніку раскопаў былі выяўлены рэшткі храма на Мікалаеўскай гары Крэва.

Праведзенае археалагічнае даследаванне таксама дазволіла абвергнуць ранейшае сцвярджэнне акадэміка Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь Эдварда Зайкоўскага аб быццам бы поўнай адсутнасці культурнага слою на Юравай гары. Гэта ў сваю чаргу дазволіць у будучым унесці Юраву гару ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь як помнік археалогіі.

Для правядзення ўсіх работ у Крэве Фонд прыцягвае высілкі валанцёраў і спонсараў як з Беларусі, так і замежжа. Кожны валанцёр падчас работ знаёміцца з прынцыпамі і метадамі аховы гісторыка-культурнай спадчыны, атрымлівае практычныя веды ў сферы збору вуснай гісторыі і першаснай рэгенерацыі аб'ектаў. Атрыманыя веды ён можа прымяняць на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны свайго краю, што вядзе да патэнцыйнага назапашвання актыўнай мясцовай супольнасці Беларусі.

Для падвядзення вынікаў прац 2011 года сумесна са Смаргонскім райвыканкамам ля сцен Крэўскага замка быў праведзены музычны фестываль "Крэўскі кірмаш-2011".

Мясцовыя органы ўлады Смаргонскага рэгіёна на працягу ўсёй дзейнасці Фонду аказвалі наступную дапамогу: інфармацыйная падтрымка работ Фонду, забеспячэнне работ Фонду транспартам, дошкамі і пяском, прадастаўленне дроў валанцёрам Фонду, якія пражывалі ў намётах. Аднак замежны досвед калег паказвае, што формы такой падтрымкі могуць мець больш грунтоўны і шчыльны характар.

Такім чынам, справа аховы гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца канстытуцыйным абавязкам грамадзян Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца праз прамое дзяржаўнае рэгламентаванне і непасрэднае прымяненне ў дадзенай сферы грамадзянскай супольнасці розных форм і метадаў.

Праблемнымі застаюцца пытанні статусу аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і аб'ектаў, якія валодаюць гістарычна-культурным патэнцыялам, парадку прыватызацыі такіх аб'ектаў, алгарытмаў удзелу грамадзянскай супольнасці ў справе аховы (грамадскія слуханні, прыборкі-суботнікі, фармаванне ініцыятыўных груповак па захаванні каштоўных аб'ектаў архітэктуры і прыроды), пытанні наладжвання сістэмы працы дзяржаўных органаў, адказных за справу аховы гістарычна-культрунай спадчыны, і, безумоўна, пытанні пастаяннага прадуктыўнага дыялогу дзяржавы і грамадства ў дадзенай сферы.

Літаратура:

1. Конституция Республики Беларусь 1994 года (с изменениями и дополнениями). Принята на республиканском референдуме 24 ноября 1996 г. //Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 1999. - № 1. - С. 4-28.

2. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 9 студзеня 2006 г. № 98-3. // Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. 2006. - 17 студзеня. - № 2/1195.

3. Пэнсіянер рамантуе палац // Наша Ніва. - 2005. - 7 студзеня. - С. 7

4. Матэрыялы Мясцовага дабрачыннага фонду "Крэўскі замак".

Марыя Ганчарык
Этапы архітэктурнага развіцця гатэля "Еўропа"

У Рэспубліцы Беларусь у апошнія гады адбыліся значныя пазітыўныя змены ў вобласці турысцкай інфраструктуры. Узрасла колькасць новых камфартабельных гасцінічных комплексаў. Вядзецца вялікая праца па рэканструкцыі і абнаўленні існага гасцінічнага фонду краіны, робяцца намаганні па прывядзенні яго да агульнапрызнаных сусветных стандартаў.

У рамках Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь [7], а таксама Комплекснай праграмы па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, узнаўленні і добраўпарадкаванні гістарычнага цэнтра г. Мінска прынятай 13 студзеня 2004 года [9], Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка паставіў пытанне аб будаўніцтве гатэля "Еўропа" на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай [6].

У існай горадабудаўнічай сітуацыі ўзнаўленне на ранейшым месцы згубленай гістарычнай забудовы было немагчыма, бо яна была несумяшчальная як па месцазнаходжанні, так і па маштабе з існымі гістарычна-культурнымі каштоўнасцямі 50-х гадоў XX стагоддзя. Акрамя таго, гэта стварыла б невырашальныя праблемы для транспарту, пешаходаў, гарадскіх інжынерных камунікацый, парушыла б зацверджаныя межы чырвоных ліній. Таму архітэктурны праект ва ўмовах наяўнай горадабудаўнічай сітуацыі прапанаваў пабудаваць новы будынак гатэля, які, як і раней, замкне кут пляца, адродзіць страчаную на плошчы гасцінічную функцыю, адновіць унікальны па архітэктурна-мастацкіх якасцях вобраз гасцініцы "Еўропа" пачатку XX стагоддзя [1, с. 3]. Такім чынам, у праекце не ставілася пытанне аб літаральным узнаўленні помніка архітэктуры.

Гатэль "Еўропа" з'яўляўся адным з самых рэпрэзентатыўных будынкаў даваеннага Мінска. Запамінальнае архітэктурнае аблічча гасцініцы "Еўропа" (многія лічылі яе самай высокай у Паўночна-Заходнім краі), якое захавалася на шматлікіх фатаграфіях і паштоўках пачатку XX ст., нярэдка выкарыстоўваецца мастацтвазнаўцамі і гісторыкамі як прыклад "гасцінічнай архітэктуры" або стылю мадэрн у Беларусі. Незалежна ад дакладнасці гэтых азначэнняў нельга не адзначыць, што будынак гасцініцы "Еўропа" пачатку 1910-х гг., які не існуе ўжо больш за шасцідзесят гадоў, заняў значнае месца як у гісторыі горада Мінска, так і гісторыі архітэктуры Беларусі, што само па сабе з'яўляецца фактам, вартым увагі [3].

У сваім архітэктурным развіцці гасцініца "Еўропа" прайшла шэраг этапаў, якія якасна мянялі не толькі знешні выгляд комплексу будынкаў гасцініцы, але і іх функцыянальнае прызначэнне:

1. 1800 - 1841 гг. Самы ранні малюнак мураванага будынка на куце плошчы Высокага рынка і Францысканскай вуліцы; адносна высокі двухпавярховы (які, мабыць, меў яшчэ і цокальны паверх - так званае сутарэнне) корпус. Злева да яго прымыкае аднапавярховы будынак, які складаецца з двух аб'ёмаў, адзін з якіх мае характэрны трохкутны франтон. Дом належаў Пятру Юпінскаму [2, с. 2].

2. 1841 - 1903 гг. Згадванне пра новых уладальнікаў участка адносіцца да 1841 года. Дом адноўлены пасля пажару 30 траўня 1835 года, калі быў знішчаны амаль увесь цэнтр горада, у тым ліку і ўся паўднёвая лінія забудовы Саборнай плошчы паміж вуліцамі Губернатарскай і Петрапаўлаўскай (на той перыяд Францысканскай і Дамініканскай) [4].

Апісваючы нерухомасць братоў Ельі і Хаіма Палякоў, дакументы згадваюць ужо чатыры мураваныя дамы. Гэты этап варта падзяліць на некалькі падэтапаў, таму што істотных, карэнных змен у экстэр'еры і інтэр'еры будынка не адбывалася, толькі дробныя моманты.

2.1. 1849 год. Прыбудова "ганка-балкона" на ўзроўні другога паверха кутняга будынка.

2.2. 1860-я - пачатак 1880 гг. (да 1884 года). Перабудова аркі на фасадзе па Саборнай плошчы ў акно і дзверы.

У 70-я - пачатку 80-х гадоў ХІХ ст. фасад дома купца Веніаміна Ілліча Паляка (г. зн. сына папярэдняга ўладальніка), які выходзіў на Саборную плошчу, уяўляў сабой спалучэнне дзвюх, практычна роўных па даўжыні, частак. Злева знаходзіўся трохпавярховы, а справа, на куце, з рэзкім паніжэннем да Губернатарскай вуліцы, часткова двухпавярховы, часткова - трохпавярховы аб'ём. Гэты аб'ём меў характэрны кутні выступ, які ўяўляў сабой ганак-балкон на ўзроўні другога паверха.

Да мяжы 1860-1870-х гг. адносіцца адна з першых вядомых фатаграфій Мінска, якая зафіксавала паўднёвую лінію забудовы Саборнай плошчы. На пярэднім плане справа - два рознапавярховыя аб'ёмы комплексу "дамоў Паляка", і нават частку ганка-балкона. Фотаздымак цалкам адпавядае фасаду, які адлюстраваны на "недатаваным чарцяжы" гэтага часу і адлюстроўвае аблічча комплексу, які існаваў да пажару 1884 года [4].

2.3. 1884 - 1885 гг. Аднаўленне пасля пажару, дабудова чацвёртага паверха на кутнім будынку.

9 ліпеня 1884 года Веніамін Паляк падаў у гарадскую ўправу прашэнне аб дазволе яму адбудовы абгарэлага мураванага дома на куце Саборнай плошчы і надбудовы часткі чацвёртага паверха, а таксама адбудовы абгарэлага каменнага 2-павярховага дома з скляпеннямі... і надбудовы часткі другога паверха". Праектныя чарцяжы 1884 г. паказваюць нам фасад "гасцініцы Паляка" па Саборнай плошчы - трохпавярховы аб'ём на стромкім рэльефе з паніжэннем да вуліцы Губернатарскай, так што прыкладна 1/3 будынка на куце гэтага пляца і вуліцы (4 акны з дзевяці па фасадзе) фактычна ўяўляюць сабой ужо чатырохпавярховы аб'ём. Фасад па Губернатарскай вуліцы ўтвораны спалучэннем двух аб'ёмаў - чатырохпавярховага кутняга (4 вокны па фасадзе) і двухпавярховага дома, (17 вокнаў па другім паверсе), які займае ўсю астатнюю даўжыню ўчастка па гэтай вуліцы; у цэнтры першага паверха - арачны праезд у двор; цэнтральная частка фасада (5 вокнаў) вылучаная плоскім рызалітам, завершаным трохкутным франтонам. Праект 1884 года быў выкананы ўжо ў 1884 - 1885 гадах [2, с. 7].

У лютым 1892 года В.I. Паляк падаў у Гарадскую ўправу прашэнне аб дазволе яму "надбудаваць мураваны трэці паверх над існым двухпавярховым домам... маім... які размяшчаецца на куце Саборнай плошчы".

Плоскасць цэнтральнага рызаліту фасада, які выходзіў на Губернатарскую вуліцу, меркавалася падкрэсліць дзвюмя парамі пілястраў, якія падтрымлівалі лучковы франтон, размешчаны над завяршальным карнізам трэцяга паверха (раней, мяркуючы па чарцяжы 1884 г., на гэтым рызаліце, над другім паверхам, знаходзіўся трохкутны франтон) [3].

Нягледзячы на атрыманы дазвол, дабудоўванне трэцяга паверха па невядомых прычынах была выканана толькі паміж 1898 і 1903 гг.

3. 1903 - 1911 гг. Ажыццяўленне асноўнай ідэі праекта 1892 г., якое здзейснілася пасля 1898 (яшчэ згадваецца 2-х павярховы аб'ём на Губернатарскай) да 1903 г. - надбудаваны трэці паверх на корпусе па Губернатарскай вуліцы; на чарцяжы 1903 г. абодва корпусы гасцініцы - па Саборнай плошчы і па Губернатарскай вуліцы - упершыню паказаныя як адзіны аб'ём, без унутраных падзяляльных ліній і пад адной "літарай" - г.зн. можна выказаць здагадку, што дабудоўванне, зробленае паміж 1898 і 1903 гг., суправаджалася пераробкай інтэр'ераў або, прынамсі, аб'яднаннем іх у структуры адзінага гасцінічнага комплексу. Паміж 1898 і 1903 гг. быў знішчаны, стаўшы ўжо архаічным, кутні "ганак-балкон"; у 1903 г. на месцы "аднапавярховага мураванага хлява і ледніка" ўжо будаваўся трохпавярховы корпус, які павінен быў ператварыць унутраны двор гасцініцы ў цалкам замкнёную прастору [3].

У 1910 годзе быў складзены схематычны чарцёж "пляца і дамоў В. Паляка", у сувязі з "Апісаннем нерухомых маёмасцяў", якое праводзілася па ўсім горадзе. У гэтым апісанні гасцініца Паляка, якая ўпершыню названа "Еўропа", уяўляла сабой "мураваны трохпавярховы дом з скляпеннямі, крыты жалезам, трывалы, 20 дымавых комінаў". Гэты дом займаў увесь перыметр пляца; у цэнтры знаходзіўся замкнёны двор-студня. Мяркуючы па складанай канфігурацыі дваровых фасадаў, гэтая пабудова фактычна ўяўляла сабой комплекс з трох будынкаў [2, с. 8].

4. 1911 - 1941 гг. Пачатак чацвёртага этапа адносіцца да 1911 года, калі пачынаецца перабудова гасцініцы "Еўропа", у выніку якой яна набыла архітэктурнае аблічча ў стылі мадэрн, вядомае нам па шматлікіх фотаздымках 1910-1930-х гг. Праект перабудовы гасцініцы быў зацверджаны гарадской Управай у красавіку 1911 г. Аўтарам праекта з'яўляўся Я. Гінзбург, хутчэй за ўсё - бацька вядомага савецкага архітэктара, тэарэтыка і практыка канструктывізму М.Я. Гінзбурга, які нарадзіўся, паводле анкетных дадзеных, у 1898 г. у Мінску "ў сям'і архітэктара" [3].

Апошняе згадванне аб будаўнічых працах, звязаных з гасцініцай "Еўропа", адносіцца да 1912 года, калі В.I. Паляку быў выдадзены дазвол на пабудову біялагічнай ачысткі паглынальнай студні на тэрыторыі гасцініцы [2, с. 12].

У 1913 г. было складзена "Апісанне... будынкаў, змешчаных на ўчастку... спадкаемцаў Паляка". Па дадзеных гэтага "Апісання...", на першым паверсе кутняга "будынка А" знаходзілася кантора гасцініцы і каля 15 памяшканняў, якія здаваліся пад крамы. У ліку дзейных крам называліся наступныя: тытунёвая; галантарэйная; мануфактурная; аптэка; "конфекцыён"; каўбасная; гастранамічная; "кнігарня Фрумкіна"... У скляпеннях "будынка Б", што знаходзіўся ў двары, размяшчалася "электрастанцыя з уласным вадаправодам і студняй у 28 сажань глыбіні (59,7 м) і паравымі помпамі". На другім і трэцім паверхах "будынкаў А і В" быў рэстаран - 8 пакояў агульнай плошчай прыкладна 475 м 2 (усе пакоі рэстарана мелі паркетныя падлогі) [4].

У гасцініцы было 125 нумароў, пад'ёмная машына - ліфт, цэнтральнае ацяпленне, уласны вадаправод і электрычнасць. Па дадзеных гэтага ж "Апісання...", перабудова гасцініцы, пачатая ўлетку 1911 г., скончылася ў пачатку 1913 г.

У 1913 г. у гасцініцы працавалі першакласны рэстаран А.Г. Саўлевіча, жаночая і мужчынская цырульня, чытальная зала [4]. У гэтым жа годзе, ў будынку, дзе знаходзілася гасцініца "Еўропа", адкрылася Мінскае аддзяленне Віленскага камерцыйнага банка.

Пасля 1917 г. будынак захаваў ранейшыя функцыі. Гасцініца працягвала заставацца самай дарагой у горадзе. На першым паверсе па-ранейшаму размяшчаліся крамы. Мяркуючы па фатаграфіях, у 1917-1921 гг. гасцініца практычна не пацярпела.

У 1918-1920 гг. шыкоўны рэстаран "Еўропы" ператварыўся ў сталовую, а сама гасцініца - у інтэрнат.

Да сярэдзіны 1929 г. у гасцініцы налічвалася 125 нумароў памерамі ад 2 да 8 сажняў. З іх у эксплуатацыі знаходзілася 119. У некаторых нумарах было толькі пячное ацяпленне (напэўна, у будынку Б - аўтар ), а тэлефонаў - толькі адзін на паверх. Калісьці першакласная гасцініца страціла свой твар.

Дарэчы, у некаторых нумарах гасцініцы знаходзіліся арганізацыі і ўстановы. Так, у пакоі № 12 у 1939 г. Мінскае аддзяленне Інтурыста [5].

5. 1941 - 2007 гг. "Еўропа" была знішчаная пры бамбардзіроўцы горада ў першыя дні вайны. Захавалася некалькі фатаграфій разбуранага будынка 1944 - 46 гадоў. Руіны гасцініцы прастаялі ў такім выглядзе да канца 1940-х гадоў.

У сувязі з пасляваеннай распрацоўкай новага генеральнага плана горада паўстала пытанне аб наступным лёсе развалін "Еўропы" - галоўным чынам у сувязі з кардынальным пашырэннем вуліцы Леніна па праекце Заборскага. Фактычна ўся пляма "Еўропы" знаходзілася за чырвонай лініяй новай забудовы, трапляючы на бакавы бульвар і часткова - на падарожную частку новай, пашыранай вуліцы Леніна, у сувязі з чым рэшткі будынка былі знесены [2, с. 21].

6. 2007 г. - нашы дні. Будаўніцтва новага будынка гасцініцы "Еўропа" на скрыжаванні вуліц Леніна - Інтэрнацыянальнай. Галоўнымі архітэктарамі праекта выступілі С.Г. Багласаў, В.П. Якавенка, галоўны інжынер - А.А. Кірылюк.

Гасцініца зрушана на пятачок зямлі 40x40 м на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай, за кошт чаго некалькі змяніліся прапорцыі аб'екта: галоўны фасад выцягнуўся, бакавы стаў вузей. А каб будынак "не знік" у агульным шэрагу навакольнай забудовы, яго прыйшлося дарасціць да 7 паверхаў (акрамя надземных, гатэль мае 2 падземныя узроўні) [8].

"Еўропа" - першая пяцізоркавая і пакуль адзіная ў Беларусі гасцініца з архітэктурна-планіровачным рашэннем у выглядзе атрыума.

Новая гасцініца выканана ў адзінстве архітэктурнага і мастацкага стыляў. Нумарны фонд гасцініцы - 67 апартаментаў рознай катэгорыі на 118 месцаў. Інтэр'еры кожнага з іх "персаналізаваныя", непаўторныя. Кожны нумар у "Еўропе" абсталяваны сістэмай індывідуальнага кліматкантролю і аўтаномнай сістэмай ацяплення, якая дазваляе рэгуляваць тэмпературу паветра ў памяшканні і гарачай вады ў кранах. На выпадак перабояў электранапружання ў гарадской сетцы гатэль абсталяваны ўласным генератарам.

У гасцініцы адчынены начны клуб, фітнес-цэнтр з трэнажорнай залай, басейнам даўжынёй каля 20 м, рэстаран, 5 бараў, 2 канферэнцзалы. На сутарэнным узроўні размешчаны аўтастаянка ёмістасцю 18 машынамесцаў і тэхнічныя памяшканні [8].

Кошт аднамеснага размяшчэння на суткі (Single) - каля 265 еўра. Кошт двухмеснага размяшчэння на суткі (Twin) - каля 350 еўра.

Гонар "Еўропы" - мастацкае пано вышынёй 17 метраў і шырынёй каля 4 метраў - знаходзіцца на сцяне гасцінічнага хола. Галоўны мастак праекта - вядомы сталічны архітэктар В. Даўгала. Унікальны чатырох'ярусны твор створаны ў тэхніцы "фларэнцыйскай мазаікі" [8].

Такім чынам, "Еўропа", створаная па ўсіх канонах высакакласных 5-зоркавых гатэляў, як і стагоддзе таму з'яўляецца каштоўным "самацветам" у скарбніцы гістарычна-культурных славутасцей горада.

Літаратура:

1. Архив гостиницы "Европа" - Архитектурный проект - Т. 1: Общая пояснительная записка (разделы ГП, АР, ТХ. Исходные данные). - Минск, 2004.

2. Архив УП "УКС Мингорисполком" - Историческая записка - Т. 7: Комплекс зданий гостиницы "Европа" (конец XVIII - начало XX вв.). - ООО "Центр по регенерации историко-культурных ландшафтов и территорий" / Р.В. Боровой. - Минск, 2004.

3. Архитектурный комплекс бывшей гостиницы "Европа" // Архитектура и строительство [Электронный ресурс]. - 2011. - Режим доступа: аis.bу/storу/443. - Дата доступа: 22.01.2011.

4. Гостиница "Европа" // Минск старый и новый [Электронный ресурс]. 2011. - Режим доступа: minsk-old-new.com/minsk-2958.htm. - Дата доступа: 02.03.2011.

5. Денисов, В.Н. Площадь Свободы в Минске / В. Н. Денисов. - Мн: Полымя, 1985.

6. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, выпіска з рашэння ад 6 жніўня 2004 года.

7. Нацыянальная праграма развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2006 - 2010. "Беларустурист" [Электронный ресурс]. 2011.- Режим доступа: belarustourist.by/tourbusiness/law/programm. - Дата доступа: 23. 01. 2011.

8. Первые 5 звезд: в Минске открылась гостиница "Европа" // Архитектура и строительство [Электронный ресурс]. 2011. - Режим доступа аis.bу/storу/443. - Дата доступа: 22.01.2011.

9. Распоряжение Минского городского исполнительного комитета от 13.01.2004 N 15р "О разработке комплексной программы по реконструкции, реставрации, восстановленню и благоустройству исторического центра г. Минска".

М.В. Півавар, кандыдат гістарычных навук
З досведу працы па мемарыялізацыі гістарычна-культурных каштоўнасцей у Віцебскім раёне

Па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын значная колькасць помнікаў гісторыі і культуры ў нашай краіне не знаходзицца пад аховай дзяржавы. У 1985 г. у спіс помнікаў Віцебскай вобласці, які змешчаны ў "Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", было ўключана 2739 аб'ектаў, з якіх большасць складалі помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны [1]. На цяперашні момант пад аховай дзяржавы знаходзіцца 873 аб'екты [2]. Калі ў 1985 г. пад аховай дзяржавы ў Віцебскім раёне было 139 помнікаў, то на 2010 г. у "Спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Віцебскага раёна" ўключаны 54 аб'екты. З іх 29 аб'ектаў - брацкія магілы і вайсковыя могілкі 1941-1944 гг.; 23 - помнікі археалогіі, 3 помнікі архітэктуры і гісторыі. Колькасць помнікаў скарацілася амаль утрая.

Праведзенымі даследаваннямі ўстаноўлена, што цэлыя катэгорыі помнікаў не ўвайшлі ў новы спіс. Сярод іх: месца спаленай вёскі (13 аб'ектаў), помнікі (21), мемарыяльныя дошкі (3), памятныя месцы (19), месцы нараджэння славутых асоб (10) і іншыя асобныя аб'екты.

Можна прызнаць, што некаторыя помнікі не маюць належнай мастацкай і эстэтычнай вартасці, са зменай ідэалогіі страцілі сваю актуальнасць і значнасць. Аднак некаторыя адпавядаюць крытэрыям адбору матэрыяльных аб'ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і з'яўляюцца аўтарскімі творамі мастацтва, створанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад уплывам беларускай гісторыі, рэчаіснасці, менталітэту, асяроддзя ці іншых фактараў; дакументальнай фіксацыяй, сімвалам з'яў, падзей, якія звязаны з гісторыяй Рэспублікі Беларусь, Віцебшчыны; выдатнымі мастацкімі творамі; пахаваннямі славутых людзей, брацкімі магіламі воінаў, змагароў, якія загінулі за якую-небудзь адзіную высакародную справу, і (або) ахвяр ваенных падзей, узброеных канфліктаў, масавых рэпрэсій; непасрэдна звязаны з падзеямі (Вялікай Айчыннай вайной), якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі; аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасці грамадства, светапогляду людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы [3].

Значная колькасць гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебскага раёна не знаходзіцца пад абаронай. Такая сітуацыя негатыўна адбіваецца на захаванні гістарычнай памяці, фармаванні гістарычнай свядомасці, негатыўна адбіваецца на выхаванні моладзі.

Выпраўленне дадзенай сітуацыі можа быць зроблена некалькімі шляхамі. Па-першае, пры наяўнасці шчыльнага кантакту і паразумення з аддзелам культуры гар/райвыканкама варта стварыць грамадзянскую камісію па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, у якую б маглі ўвайсці прадстаўнікі аддзела культуры райвыканкама, музейныя работнікі, члены аддзялення Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, краязнаўцы-аматары. На пасяджэнні камісіі трэба вызначыць аб'екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, якія варты ўключэння ў "Спіс". Яго магчыма зрабіць у выніку крытычнага перагляду "Збора помнікаў". Другім этапам можа з'яўляцца правядзенне экспертызы не ўнесеных у існы спіс аб'ектаў. Пасля выпрацоўкі ўдакладненага спісу патрабуецца падрыхтоўка адпаведных дакументаў і матэрыялаў для перадачы іх у Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь з мэтай надання ім статусу гістарычна-культурных каштоўнасцей.

Калі шчыльнага кантакту з уладамі няма, варта пайсці іншым шляхам. Назавём яго, у адрозненне ад першага, дзе выпрацоўка стратэгіі праводзіцца калегіяльна - "індывідуальным". У адпаведнасці з законам "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" 9 студзеня 2006 г. № 98-3 (у рэд. Закона РБ ад 07.05.2007 № 212-3) прапанову аб наданні выяўленаму матэ-рыяльнаму аб'екту або нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці можа падаваць юрыдычная або фізічная асоба. Гэта значыць, што падаць хадайніцтва аб наданні статусу помніка можа любы чалавек, калі правільна напіша і аформіць неабходныя дакументы.

Для ўзяцця пад ахову гістарычна-культурнай каштоўнасці трэба падрыхтаваць абгрунтаванне і даслаць яго ў Навукова-метадычную раду па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Абгрунтаванне мусіць мець сціслыя фактычныя звесткі аб гістарычна-культурнай каштоўнасці:

- назва,

- від каштоўнасці,

- яе месцазнаходжанне,

- дата ўзнікнення,

- стваральнік,

- звесткі аб уласніку (уладальніку),

- парадак выкарыстання,

- сучасны тэхнічны стан,

- апісанне яе гісторыі,

- ацэнка яе гістарычнага, навуковага, мастацкага, культурнага або іншага значэння,

- указваюцца элементы, якія маюць свае адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці,

- уключаюцца дадатковыя звесткі аб падзеях і асобах, звязаных з гэтай гістарычна-культурнай каштоўнасцю,

- прыкладаюцца архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы, графічны матэрыял.

Да падрыхтаванага абгрунтавання прыкладаюцца фотаздымкі гістарычна-культурнай каштоўнасці, зробленыя з розных кропак, выкапіроўка з Генплана. Пры яе адсутнасці самому можна зрабіць схему знаходжання каштоўнасці з прывязкай да мясцовасці. Падрыхтаваныя дакументы дасылаюцца ў Міністэрства культуры, Упраўленне па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Леніна, 22.

Спіс дакументаў павінен складацца з:

1. Заявы.

2. Абгрунтавання статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці выяўленага матэрыяльнага аб'екта.

3. Фотаздымкаў.

4. Выкапіроўкі з плана.

Помнікі бяруцца на часовы ўлік, а збор матэрыялаў і падрыхтоўка абгрунтавання статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці ўскладаецца на аддзел культуры гар/райвыканкама. На дадзеным этапе варта дапамагчы спецыялісту гэтага аддзела ў зборы матэрыялаў, падрыхтоўцы прэзентацыі на Радзе.

На працягу 1996 - 2011 гг. на тэрыторыі пераважна Віцебскага раёна ўдзельнікамі турысцка-экалагічна-краязнаўчага клуба "Дзвіна" пры Лужаснянскай гімназіі былі выяўлены аб'екты, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія вартасці, звязаны з падзеямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, з жыццём і дзейнасцю выдатных асоб нашай краіны, з'яўляюцца збудаваннямі XIX-пачатку XX стст. На працягу 2008 г. на некаторыя выяўленыя аб'екты былі падрыхтаваны дакументы і накіраваны ў Міністэрства культуры, што дазволіла надаць тром з чатырох такіх аб'ектаў статус гістарычна-культурных каштоўнасцей. Гэта сядзібны дом I. Манькоўскага "Мілае" ў в. Мазавала Віцебскага раёна, Узнясенская (Пакроўская) царква і адміністрацыйны будынак былой земляробчай школы ў в. Лужасна Віцебскага раёна. Прывядзём спіс тых аб'ектаў, якія на нашу думку патрабуюць неадкладнага ўзяцця на ўлік дзяржавай як гістарычна-культурныя каштоўнасці.

Спіс

гістарычна-культурных каштоўнасцей, адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь

1. Будынак царквы Узвіжання Крыжа ў в. Лужасна Мазалаўскага с/с Віцебскага раёна;

2. Спаса-Узнясенская царква ў в. Кабішча Пальмінскага с/с Гарадоцкага раёна;

3. Рэшткі вадзянога млына Шкялі (непадалёк ад в. Сакольнікі Мазалаўскага с/с Віцебскага раёна);

4. Будынак паштовай станцыі каля пас. Завольша Лёзненскага раёна.

5. Каменныя гаспадарчыя будынкі ў в. Ходцы , цэнтр с/с Сенненскага раёна;

6. Сядзібны дом і будынкі санаторыя ў в. Сасноўка Ноўкінскага с/с Віцебскага раёна;

7. Гарадзішча каля в. Гараднянскі Мох Ноўкінскага с/с Віцебскага раёна;

8. Курган і каменны крыж каля в. Сушчова Мазалаўскага с/с Віцебскага раёна;

9. Курган і каменны крыж каля в. Закасплянская Слабада Суражскага п/с Віцебскага раёна;

10. Крыніца "Пяцінка" і падмуркі капліцы каля в. Слабада Суражскага п/с Віцебскага раёна;

11.Сядзіба былога маёнтка Астрэйкаў, рэшткі гаспадарчых забудоў і парка ў в. Лукі Лятчанскага с/с Віцебскага раёна;

12. Сядзіба былога маёнтка вядомага батаніка У. Адамава і рэшткі парка ў в. Вялікія Лётцы Лятчанскага с/с Віцебскага раёна;

13. Рэшткі сядзібы былога маёнтка, гаспадарчых забудоў, парку ў в. Брыгітполле Суражскага п/с Віцебскага раёна;

14. Рэшткі парку ў в. Чырвоны Двор Мазалаўскага с/с Віцебскага раёна;

15. Рэшткі парку ў в. Лужасна Мазалаўскага с/с Віцебскага раёна;

16. Асобныя часткі брукаванай дарогі г.п. Сураж - в. Вял. Любшчына , (Віцебскі раён) як помнік інфраструктуры сухаземных шляхоў зносін;

17. В. Брыгіптолле, Шуты, Лук і - каменная каса ў Дзвіне для рэгуляцыі вады ў рацэ як помнік інфраструктуры водных шляхоў зносін.

Нематэрыяльныя помнікі Віцебскага раёна:

1. В. Астроўна - радзіма палітычнага дзеяча ВКЛ Льва Сапегі;

2. В. Зазыбы - радзіма беларускага савецкага пісьменніка М. Лынькова;

3. В. Касцюкі - радзіма Ф. Махнова - самага высокага чалавека ў свеце;

4. В. Кукавячына - месца нараджэння і жыхарства грамадскага і літаратурнага дзеяча А. Рыпінскага;

5. В. Мазалава - месца жыцця беларускага асветніка I. Манькоўскага;

6. В. Суднікі - радзіма беларускага партыйнага і савецкага дзеяча Ф.А. Сурганава;

7. В. Тулава - радзіма беларускага грамадскага і літаратурнага дзеяча Гераніма Марцінкевіча;

8. Помнік дзецям М.П. Шмырова (уваходзіў у "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць"(1985 г., № 898).

9. "Напалеонаўская дарога" - незвычайны гідралагічны аб'ект, пра які маецца паданне;

10. Цёплы лес - змест тапанімічнага сімвала і паданне пра яго назву; месца расстрэлаў 1933-1937 гг., месца, дзе праходзіла лінія нямецкай абароны "Пантэра" і жорсткія баі ў 1944 г.

Літаратура:

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; рэд. кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: БелЭн, 1985. - 496 с.

2. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. - Мінск : БелТА, 2009. - 684 с.

3. Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" 9 студзеня 2006 г. № 98-3 (у рэд. Закона РБ ад 07.05.2007 № 212-3)

Вітольд Ермалёнак
Гістарычна-культурныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці гістарычнага музея ДУА "Мёрская СШ № 3"

Гістарычны музей ДУА "Мёрская сярэдняя школа № 3" заснаваны ў 1986 годзе. У зборы экспанатаў актыўна ўдзельнічалі вучні, сябры гуртка "Арганаўты мінулага". Зараз музей мае 100 кв. м. экспазіцый і больш за 11,5 тыс. экспанатаў асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. У 2009 годзе з запасных фондаў музея створаны яшчэ адзін музей "Кнігі і друку". Агульная колькасць экспанатаў яго складае 6 тысяч знаходак. Плануецца стварэнне яшчэ двух музеяў: этнаграфічнага і адукацыі раёна. За гады дзейнасці музей наведала 65 тысяч чалавек не толькі з Беларусі, але і з Кітая, Германіі, ЗША, Англіі, Італіі, Швецыі і іншых краін свету. Распрацаваны экскурсіі па 28 тэмах, агульная працягласць іх 20 гадзін, а ў музеі кнігі і друку - 16 экскурсій, працягласць якіх 10 гадзін. Падчас іх правядзення выкарыстоўваюцца не толькі экспанаты экспазіцыі, але і запасных фондаў. Музейная экспазіцыя гістарычнага музея складаецца з 10 асноўных раздзелаў, якія апавядаюць пра гісторыю Мёршчыны ад старажытнасці да канца ХХ ст.

У археалагічным раздзеле музея змешчаны прылады працы мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, знаходкі з курганных могільнікаў. Гэта скрабкі, шылы, нажы, разцы, праколкі з крэмню, каменныя свідраваныя сякеры, цёслы. Сярод упрыгожанняў вырабы з медзі і бронзы, шкла Х-ХІІІ стст. - бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, шыйныя грыўны, конік-абярог, зброя тых часоў. Адзінкавыя знаходкі ў Беларусі - выявы сабакі на кераміцы 2 тыс. да н.э., праселка з рунічным надпісам 12 ст., каменная сякера з арнаментам, серп з крэменю 3 тыс.да н.э. і інш. Асобны падраздзел складаюць археалагічныя знаходкі з Кітая, Грэцыі, Сібіры [5, с. 6].

Нумізматычная калекцыя ўтрымлівае больш за 1000 манет. Найбольш рэдкая - манета старажытнага Кітая імператара Цынь Шыхуандзі, ёй 2200 год. Адзінкавая знаходка на Беларусі - рымская манета 280 г. н. э. імператара Максіміяна, падробкі арабскіх дырхемаў ІХ ст. Яны не маюць аналагаў у свеце. Пражскі грош 1386 г. сведчыць аб скарбе гэтых манет, які знойдзены ў 1926 г. У раздзеле шырока прадстаўлены манеты ВКЛ XVI-XVIII стст., манетны скарб Рэчы Паспалітай, Расіі XVI - XIX стст., замежных краін. Асобны раздзел музея - баністыка. У ім адлюстроўваецца гісторыя папяровых грошай Германіі, Польшчы, Расіі, СССР і іншых краін свету.

Багатыя зборы этнаграфічны раздзела. Тут прадстаўлены рэчы нашых продкаў для апрацоўкі лёну, ткацтва, пляцення з лазы і саломы. Разнастайная калекцыя ганчарных вырабаў, меднага посуду, гадзіннікаў, абразоў.

Выключна цікавыя матэрыялы змешчаны ў раздзеле "З вякоў мінулых". Тут захоўваюцца матэрыялы аб вайне 1812 года, паўстаннях 1831, 1863 гадоў. Рэшткі зброі, узнагароды, фотаздымкі, дакументы дазваляюць наведвальнікам больш яскрава ўявіць падзеі тых часоў. Экспанаты гэтага раздзела апавядаюць таксама пра гісторыю гарадоў Мёры, Дзісна, Пераброддзе, пра адмену прыгоннага права. Выклікае цікавасць і вялікая колькасць фрагментаў кафлі шляхецкіх сядзібаў нашага краю.

Экспанаты раздзела "Мёршчына ў пачатку ХХ ст." знаёмяць з рэформай Сталыпіна ў нашым краі, падзеямі першай сусветнай, грамадзянскай, савецка-польскай войнаў. Рэшткі зброі і амуніцыі, фотаздымкі, дакументы дазваляюць больш эмацыянальна ўспрыняць гераічныя і трагічныя падзеі тых часоў.

"Наш край у 1921 - 1939 гады" - гэта экспазіцыя, прысвечаная цяжкаму сацыяльнаму і нацыянальнаму становішчу нашага народа ў міжваенны перыяд. Тут кожны дакумент, або экспанат - напамін аб горкай долі беларусаў падчас панавання Рэчы Паспалітай. Экскурсаводы, выкарыстаўшы арыгінальныя матэрыялы, апавядаюць аб дзеячах вызвольнага руху ў гэты перыяд: Я. Малецкім, П. Мятле, К. Круку, Я. Драздовічу, М. Шкілёнку і інш [6, с. 38].

Два раздзелы музея прысвечаны Другой Сусветнай вайне. Сапраўдныя дакументы, успаміны і здымкі асвятляюць злачынствы фашысцкіх захопнікаў, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, удзел нашых землякоў у еўрапейскім руху Супраціўлення. Узнагароды і ваенныя рэліквіі апавядаюць аб ураджэнцах Мёршчыны, якія мужна змагаліся на ўсіх тэатрах ваенных дзеянняў ад Брэсцкай крэпасці да Японіі, Афрыкі, Італіі, Францыі, Германіі, Венгрыі і г.д. Каштоўныя экспанаты гэтых раздзелаў: лісты з фронту сяржанта Чарамных, загінуўшага пры вызваленні г. Мёры, пасведчанні ўдзельнікаў руху Супраціўлення ў Еўропе Аўласевіча, Панізніка. Здымкі і дакументы загінуўшых пад Монтэ-Касіна С. Матэленка, В. Міклушонка, паручніка Пянькоўскага, расстралянага ў Асташкове. Цікавымі крыніцамі па гісторыі партызанскага руху з'яўляюцца некалькі тамоў успамінаў партызан І.П. Шэлеста, І. Кабранава і г.д. [7, с. 45].

Дакументы і матэрыялы раздзела "Слаўся, Мёршчына, працавіты край" сведчаць аб развіцці адукацыі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры раёна пасля вайны. Кнігі і здымкі, граматы і асабістыя рэчы расказваюць аб нашых земляках, дзейнасць якіх праславіла наш край. Асабліва мы ганарымся Героем Савецкага Саюза віцэ-адміралам Я.А. Томка, заснавальнікам музея і бібліятэкі ў Лондане, біскупам Чаславам Сіповічам. Экспазіцыя ўтрымлівае арыгінальныя экспанаты аб іх дзейнасці: асабістыя рэчы, здымкі, граматы, кнігі [8, с. 318].

Асобны раздзел музея "Падарункі нашых сяброў" складаецца з экспанатаў, атрыманых у падарунак ад наведвальнікаў. Тут змешчаны сотні кніг з аўтографамі аўтараў, альбомы, сувеніры не толькі з Беларусі, але і з розных краін свету.

Музей праводзіць вялікую навукова-даследчую работу, якая высока ацэнена не толькі беларускімі, але і замежнымі вучонымі [4, с. 3]. Так, была распрацавана гісторыя славутых родаў Мёршчыны: Клётаў, Лапацінскіх, Замбжыцкіх, Пранеўскіх і інш. Распрацавана гісторыя сядзібаў у Дзедзіна, Каменполлі, Ідолта, Міжрэччы і інш. [3, с. 4]. Фонды музея сталі крыніцай для правядзення даследчай дзейнасці вучоных Беларусі, Польшчы, Расіі і інш. краін. У 1996 годзе гістарычны музей СШ № 3 стаў арганізатарам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Дзісенскія чытанні". Кожны год у музеі арганізуюцца выставы, прысвечаныя юбілейным датам нашага краю. На аснове экспанатаў гістарычнага музея праводзіліся выставы "Календары - вартавыя часу", "Грошы розных часоў і народаў" у Мёрскім і Браслаўскім раённых музеях.

На аснове экспанатаў запасных фондаў музея ў 1994 г. быў створаны Міёрскі гістарычна-этнаграфічны музей, сотні экспанатаў былі перададзены музеям у Браславе, Глыбокім, Паставах, іншым рэспубліканскім і школьным музеям.

Пра дзейнасць музея створаны тэлефільмы і тэлеперадачы, напісаны дзясяткі артыкулаў у газетах, часопісах, зборніках. Даследчая дзейнасць музея стала падмуркам напісання гістарычна - дакументальнай хронікі "Памяць" Мёрскага раёна. Гістарычны музей неаднаразова выходзіў пераможцам у шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах музеяў [3, с. 4].

Званне "народнага" прысвоена музею ў лютым 1996 года, у другі раз пацверджана ў 2010 годзе.

Змястоўная і экспазіцыя "Музея кнігі і друку". У яго раздзелах можна ўбачыць і пагартаць рукапісныя і друкаваныя кнігі, пачынаючы з XVII ст. на польскай, лацінскай, нямецкай, стараславянскай, беларускай, французскай, яўрэйскай і іншых мовах. Разнастайны збор старых падручнікаў па літаратуры, арыфметыцы, гісторыі, хіміі, геаграфіі ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Экспануюцца тут у асобных раздзелах старыя газеты, часопісы розных краін на розных мовах. Рарытэтам з'яўляюцца нумары часопіса Дзісенскай гімназіі "Наш глос" 1938 г., гадавая падшыўка газеты "Беларуская крыніца" за 1926 год. Беларускія выданні прадстаўлены арыгінальнымі выданнямі В. Ластоўскага, П. Простага, А. Гаруна, С. Бірылы, Я. Фарботкі і іншых аўтараў. Унікальныя раздзелы гэтага музея "Старыя календары", "Старыя паштоўкі і маркі " і г.д. [1, с. 18].

З 2011 года на базе музеяў штомесяц выдаецца газета "Мёрская даўніна". Дзякуючы даследчай і пошукавай дзейнасці музеяў распрацаваны чатыры турысцка-краязнаўчыя маршруты "Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны", "Сярэбраны пярсцёнак нашага краю", "Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны", "Дзісенскі пярсцёнак" [2, с. 18-36]. Выдадзены калекцыі паштовак па дадзеных маршрутах. На рускай мове намі была надрукавана кніга "Очарование Миорского края".

Багацейшыя фонды музея ўтварыліся ў выніку мэтанакіраванай даследчай дзейнасці кіраўніка музея і сяброў археолага - краязнаўчага гуртка "Арганаўты мінулага" па археалогіі, этнаграфіі, нумізматыцы, генеалогіі.

Асноўная форма працы па археалогіі - правядзенне археалагічных разведак з мэтай пошуку новых археалагічных помнікаў, экспанатаў найстаражытнейшай гісторыі краю, класіфікацыя і ўлік археалагічных знаходак у музеі, кансультацыі з вучонымі-археолагамі, аказанне ім дапамогі ў правядзенні раскопак. За апошні перыяд праведзены наступныя разведкі: ля вёсак Дубашынскі Двор, Станулева, Навалака, Ідолта, Стары Пагост і інш. Археалагічныя разведкі праводзіліся падчас краязнаўчых разведак: Мёры-Сіцькова-Паплавы-Якубава-Сцефанполле-Акунёва, падчас правядзення веласіпеднага пахода Мёры-Чэрасы-Ст. Крукі-Пераслова-Дрыгучы-Панізова-Алешчыцы-Узмёны-Лявонпаль-Чэмяры-Чурылава-Пруднікі-Мілашова-Дзедзіна-Пераброддзе-Каменполле-Мёры. Пад час разведак і паходаў адкрыты новыя, невядомыя вучоным археалагічныя помнікі:

а) гарадзішчы жалезнага веку: ля вёсак Сіцькова, Паплавы, былой вёскі Сцефанполле, гарадзішча - сховішча і селішча жалезнага веку ля былой вёскі Панізова.

б) стаянкі каменнага і селішчы бронзавага вякоў: ля вёсак Чэрасы, Навалака, Дубашынскі двор, Кацілава.

в) каменны крыж ранняга сярэднявечча ля в. Паплавы.

г) камень-ахвярнік на беразе Зах.Дзвіны ля вёскі Алешчыцы, валуны з невядомымі надпісамі ля Копцева, Новага сяла, на могілках вёскі Пякоцін.

Дзякуючы сувязям з вучонымі, былі дакладна датаваны археалагічныя знаходкі. Сенсацыяй стала вызначэнне ножападобнай пласціны з крэменю, знойдзенай ля возера Важа 10 тыс. да н.э. Гэта перыяд фінальнага палеаліту. На Віцебшчыне такая знаходка адзінкавая.Такім чынам, можна сцвярджаць аб засяленні паўночнай Беларусі першабытнымі людзьмі не ў мезаліце, а на некалькі тысяч год раней, яшчэ ў палеаліце.

У музеі сабрана і сістэматызавана вялікая колькасць дакументаў, метрычных кніг, якія дапамагаюць даследчыкам складаць свой радавод, або шляхецкіх родаў Мёршчыны і Дзісеншчыны.

Упершыню, дзякуючы праведзеным даследаванням, перапісцы, а потым і сустрэчам з апошнім з нашчадкаў гэтага роду Эўзебіюшам Лапацінскім, які жыве ў Варшаве, быў складзенны поўны радавод гэтага роду гербу "Любіч", пачынаючы з ХІІ стагоддзя. Да ХІІ стагоддзя намі распрацавана радаводнае дрэва Клётаў, продкі якіх мужна абаранялі наш край, пачынаючы з XVI ст. і гераічна змагаліся ў паўстаннях за незалежнасць у 1831 і 1863 гадах. На могілках у Мёрах, Навалацы "арганаўты" адшукалі і добраўпарадкавалі надмагіллі роду Клётаў, што дазволіла аднавіць невядомыя імёны і гады жыцця. Фонды музея папоўніліся фотаздымкамі і дакументамі гэтага роду.

Значным дасягненнем была распрацоўка генеалогіі шляхецкага роду Замбжыцкіх, радаводнае дрэва якіх мы вывучылі з XVI стагоддзя.У музеі адбылася сустрэча з апошняй прадстаўніцай гэтага роду - Станіславай. Яна перадала ў музей дакументы свайго роду, пачынаючы з пачатку ХІХ стагоддзя.

Пасля наведвання гістарычнага музея князёўнай Марыяй Святаполк - Мірскай, якая зараз жыве ў Лондане, мы склалі радавод Святаполк Мірскіх, гербу "Бялыня ", пачынаючы з XIV стагоддзя. Былі ўдакладнены і дапоўнены многія звесткі гэтага вядомага роду, які паходзіць ад старажытнарускіх князёў. Падчас летніх вандровак былі знойдзены пахаванні князёў Мірскіх у Сташулях, Чарапах, Мёрах.

Устаноўлены сувязі з нашчадкамі роду Пранеўскіх гербу "Заламай". Цікава, што гэты род быў звязаны сваяцкімі сувязямі з вядомым мастаком ХІХ стагоддзя Русецкім. Да вайны ў маёнтку Павянужка захоўваліся і некаторыя карціны гэтага славутага мастака. Падчас наведвання музея ў чэрвені 2007 года Міхал Пранеўскі 1934 года нараджэння перадаў у музей копіі дакументаў свайго роду, а таксама ўнікальныя здымкі сядзібы пач. ХХ ст.

Музей аказаў дапамогу ў складанні радаводу Дварэцкіх, якія паходзяць з Пераброддзя, а зараз нашчадкі іх жывуць у Маскве і Архангельску. Навуковым таварыствам, якое дзейнічае пры музеі, распачата праца па вывучэнні і сістэматызацыі матэрыялаў роду Корсакаў, Агінскіх, Аскерак, Канаплянскіх - уладанні якіх таксама знаходзіліся на Мёршчыне, і продкі якіх адыгралі значную ролю ў гісторыі нацыянальна-вызвольнага руху нашай Радзімы.

За апошнія гады нам давялося вывучыць шмат месцаў, звязаных з гісторыяй сядзіба-паркавых комплексаў. Так, інтэнсіўна вялося вывучэнне на мясцовасці і па дакументах музейных фондаў гісторыі сядзібы Дубашынскі двор. З дакументаў вядома, што раней гэты маёнтак называўся Мёрамі. Вось чаму вывучэнне гэтай мясцовасці мела асаблівае значэнне для ўдакладнення існавання нашага райцэнтра. Падчас археалагічных разведак былі знойдзены шматлікія аскепкі керамікі і фрагменты кафлі, пачынаючы з XV ст. Праведзеная ў музеі класіфікацыя знаходак дазволіла ўдакладніць этапы развіцця сядзібы, і, самае важнае, рэканструяваць інтэр'еры кафельных печаў XVI - ХХ ст. Дзякуючы даследаванням высветлена, што найбольш інтэнсіўна сядзіба развівалася ў другой палове XVII стагоддзя і ў XVIII стагоддзі. Каштоўнымі экспанатамі музея сталі знаходкі галандскай люлькі XVII ст., кафлі з раслінным арнаментам, аналагаў падобных узораў вучонымі на Беларусі не знойдзена. Падчас краязнаўчага падарожжа па маршруту "Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны" даследавана месца былой сядзібы ў Крычаве, якая адсутнічала нават у грунтоўнай працы Р. Афтаназі, дакладна вызначаны час перабудовы будынка - 1898 г.,

Знойдзена частка пабудовы сядзібы, а польскі даследчык лічыў будынак поўнасцю разбураным. У гэтым паходзе знойдзена месца і час пабудовы капліцы ля крыніцы Святая вада - 1908 г. Пасля краязнаўчых вандровак у Гарані, Якубава, Сіцькова, Дрыгучы ў нашым музеі з'явіліся складзеныя на мясцовасці планы сядзібаў ХІХ стагоддзя Мірскіх, Руткевічаў і Гарунеўскіх, Каржанеўскіх. Існаванне падобных у архівах не выяўлена. Складзены планы сядзібаў ХІХ пач. - ХХ ст. у Павянужках і Рыжмонтах. Знойдзена месца былой сядзібы Мірскіх - Устжэж. Падчас паходу ў Сцефанполле даследавана разбураная Свята-Пакроўская царква.

Гурткоўцы заўсёды праяўлялі значную цікавасць да вывучэння і пошуку манет, скарбаў, бонаў. Таму ў музеі была сабрана вялікая калекцыя разнастайных манет розных эпох і народаў, у тым ліку гонар музея, адзінкавая знаходка ў свеце - фальшывая арабская манета Х ст., рымскі дзенарый Максіміяна, скарб з 300 манет Рэчы Паспалітай. У музеі знаходзіцца самая старая манета - фынь кітайскага імператара Цынь-Шы хуандзі, апошняя ўнікальная знаходка - пул ХІІІ ст. мангольскай дзяржавы Залатая арда.

Падчас вандроўкі па маршруту "Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны" на месцы былой сядзібы ў Навалацы знойдзены баратынка, 1 грош Станіслава Аўгуста, 1766 г. У падмурку былой сядзібы Замбжыцкіх Баравыя знойдзена медная манета Расіі 5 капеек серабром, што дазволіла прыкладна датаваць час пабудовы сядзібы. У музей паступілі цікавыя манеты і папяровыя грошы ХХ ст. з Францыі, Аргенціны, Кітая, Камбоджы, Егіпта і іншых краін свету.

Такім чынам, пошукавая і даследчая дзейнасць музеяў садзейнічала перш за ўсё захаванню культурна - гістарычнай спадчыны краю, помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, папулярызацыі іх не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.

Літаратура:

1. Грэчка, І. Егіпецкі папірус, скандынаўскія руны і багацце старадрукаў // Настаўніцкая газета, 2009 г. - №29,

2. Ермалёнак, В.А. Очарование Миорского края. Новополоцк, 2011.

3. Ермалёнак, В.А. Ад гуртка да музея, ад музея да малавядомых старонак гісторыі // Краязнаўчая газета, 2008. - № 23.

4. Ермалёнак, В.А. У музеі - госці з замежжа // Міёрскія навіны, 2007. - № 60.

5. Ермалёнак, В.А. Знайсці, там дзе знаходзілі да цябе // Краязнаўчая газета, 2010. - № 5.

6. Кавалевіч, А.П. Бронзавы ліставей. Полацк, 2006.

7. Мателенак, Л.А. Миорщина: мгновения прошлого и настоящего. Новополоцк, 2011.

8. Siedlar-Kolyszko. Byli, sa сzy beda..? Кракаў, 2006.

Н.М. Волкава
Старыя могілкі ў Радашковічах: невядомая каштоўнасць

Бадай, можна сцвярджаць з упэўненасцю, што стаўленне народа да сваёй спадчыны ў значнай ступені адлюстроўвае яго адносіны да ўласнага мінулага. Дзеля аховы помнікаў у нашай краіне складзены дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей. Аднак мноства надзвычай цікавых аб'ектаў у гэты спіс на дадзены момант не ўваходзіць, што ўскладняе іх ахову. Напрыклад, старыя могілкі ў мястэчку Радашковічы, што ў Маладзечанскім раёне, не маюць статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці, аднак маюць значную гістарычную вартасць. У гэтым можна лёгка пераканацца, наведаўшы могілкі.

Калі здалёк падыходзіць да старых Радашковіцкіх могілак, то ў вочы адразу кідаецца іх дамінанта - каменная капліца Святога Яна Непамука. Будаўніцтва капліцы Святога Яна Непамука было распачатае ў 1863 годзе са смерцю аднаго з прадстаўнікоў шляхецкага роду Валадковічаў - уладальнікаў маёнтка Новы Двор. Гэты чалавек быў пахаваны на славутых могілках Пер-Лашэз у Парыжы, але, згодна з воляй памерлага, сэрца яго было перавезенае на Радзіму і пахаванае на Радашковіцкіх могілках у спецыяльна пабудаванай для гэтай мэты капліцы.

Цікава, што пры будаўніцтве капліцы разам са звычайнымі валунамі былі выкарыстаныя надмагільныя камяні, якія, відаць, засталіся ад ранейшых, на той момант ужо занядбаных пахаванняў. Гэты факт дае нам падставу меркаваць, што самі могілкі шмат старэйшыя за капліцу.

На жаль, тоўстыя каменныя сцены не здолелі зберагчы сэрца Валадковіча. Шматлікія войны, а пасля савецкая навала не шкадавалі гэтай зямлі. У выніку, у пачатку 21 стагоддзя капліца стаяла без даху, вокнаў і дзвярэй. І толькі ў 2008-2009 гг. капліца Святога Яна Непамука была адноўленая, дзякуючы пробашчу Радашковіцкага касцёла Святой Троіцы Валянціну Станкевічу.

Вакол капліцы сканцэнтраваныя самыя старыя з тых пахаванняў, якія дайшлі да нашага часу. Так, недалёка ўзвышаецца мармуровы крыж, пад якім спачываюць некалькі Валадковічаў. Непасрэдна каля самой капліцы знаходзіцца цэлая група надзвычай цікавых пахаванняў. Гэта магілы роду Сніткаў, сярод якіх можна ўбачыць пахаванне Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай (Сніткі) - жонкі Браніслава Тарашкевіча. Побач знаходзіцца сімвалічнае пахаванне Радаслава Тарашкевіча - іх адзінага сына, які загінуў на Вялікай Айчыннай вайне. Радаслаў служыў у партызанскай брыгадзе "Штурмавая" і быў забіты падчас прарыву блакады ў раёне возера Палік [5, с. 26]. Трошкі ніжэй можна ўбачыць крыж з імем Алены Адамаўны Уласавай - маці Аляксандра Уласава - рэдактара-выдаўца "Нашай Нівы" і аднаго з кіраўнікоў ТБШ.

Без сумневу, увагу наведвальнікаў прыцягнуць яшчэ дзве магілы каля капліцы. Гэта пахаванні 1910 і 1911 гадоў, аздобленыя надзвычай прыгожымі помнікамі. Асабліва ўражвае пахаванне 1911 года са скульптурай Езуса на магільнай пліце. Непадалёк, але ўжо з другога боку капліцы, знаходзіцца помнік, выкананы ў падобным стылі - надмагілле са скульптурай Маткі Боскай. Гэта пахаванне 1902 года, тут ляжыць Анэля Чаховіч - жонка ўдзельніка паўстання 1863-1864 гг. Зыгмунда Чаховіча. Сам Чаховіч таксама пахаваны на Радашковіцкіх могілках, але дакладнае месцазнаходжанне яго магілы невядомае, бо помніка ці крыжа не захавалася.

Непасрэдна каля помніка Анэлі Чаховіч можна ўбачыць досыць занядбанае пахаванне: за металічнай агароджай не бачна ні помніка, ні пліты з-за буйнога зарасніку з травы і кветак. Тут, па словах Ірыны Уладзіславаўны Ніжанкоўскай, пахаваны Юрый Ляскарыс з жонкай Антанінай - гаспадар фальварку Даўбарова і далёкі нашчадак візантыйскіх імператараў [2].

Бліжэй да каменнай агароджы могілак знаходзіцца цэлы комплекс воінскіх пахаванняў 1919 - 1920 гадоў. Тут спачываюць польскія жаўнеры, якія загінулі падчас Польска-Савецкай вайны. Усе магілы адзначаныя каменнымі крыжамі, дзе ўказаныя імёны загінулых (калі вядомыя). У цэнтры комплексу ўзвышаецца вялізны агульны крыж з надпісамі, датаваны 1930 годам: згодна з умовамі Рыжскага міру, мястэчка Радашковічы было перададзенае Польшчы і да 1939 года з'яўлялася памежным горадам, а польскія ўлады дбайна ставіліся да сваёй гістарычнай памяці.

Нямала адметных помнікаў знаходзіцца і на праваслаўнай частцы могілак. Калі прайсці да яе не праз асобныя вароты, а накіравацца ўглыб могілак, можна заўважыць некалькі досыць цікавых дэталяў. У прыватнасці, вартая ўвагі сімволіка на помніках. На шматлікіх пахаваннях савецкага перыяду замест традыцыйных пяціканцовых зорак усталяваныя або выгравіраваныя крыжы. Так, нягледзячы на тое, што мястэчка ў 1939 годзе стала тэрыторыяй БССР, у мясцовых жыхароў надоўга захавалася ментальнасць заходніх беларусаў.

Сярод іншых цікавых сімвалаў варта назваць і знакі прафесійнай прыналежнасці. Напрыклад, на магільным помніку вельмі паважанага ў мястэчку доктара М.М. Наймарка не ўбачыш крыжа. Замест яго выгравіраваная чара з атрутай, вакол якой абвітая змяя.

Яшчэ адно пахаванне, якое выдзяляецца на фоне астатніх, - гэта магіла камандзіра партызанскай брыгады імя Ракасоўскага Аляксандра Васільевіча Раманава. Брыгада імя Ракасоўскага дзейнiчала з лiпеня 1942 года на поўначы Вiцебскай вобласцi, а з другой паловы 1943 года - у былой Вiлейскай вобласцi. Адным з партызанаў гэтай брыгады быў П.М. Машэраў [1; 4].

Патрапіўшы на праваслаўную частку могілак, немагчыма не заўважыць брацкую магілу салдат Вялікай Айчыннай вайны, якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На мемарыяльных дошках - дзесяткі прозвішчаў загінулых воінаў, і за кожным - свой лёс.

Тут жа, праваруч ад азначанай брацкай магілы, знаходзіцца яшчэ адна - помнік экіпажу капітана Маслава, пад якім пахаваныя рэшткі членаў экіпажа. Надпіс на помніку паведамляе нам, што 26 чэрвеня 1941 года ў раёне мястэчка Радашковічы паветраны таран здзейсніў экіпаж самалёта Аляксандра Маслава; акрамя самога камандзіра на борце былі Уладзімір Балашоў, Бахтурас Бейскбаеў і Рыгор Рэўтаў. Усім ім на сённяшні дзень прысуджаныя званні герояў. Дарэчы, гэта не адзіны паветраны таран, што адбыўся ў небе над Радашковічамі. У раёне мястэчка таксама гераічна загінулі экіпажы Гастэлы (напэўна, найбольш вядомы) і Прэсайзена. Вельмі важна, што памяць аб усіх трох экіпажах увекавечаная не толькі ў каменных помніках, але і ў зборах музея вогненных і паветраных таранаў, што размяшчаецца ў сценах Радашковіцкай школы-інтэрната.

Няцяжка заўважыць, што Радашковіцкія могілкі багатыя на ваенныя пахаванні. Апошняй вайной, якая забрала жыцці тысяч беларусаў, стала вайна ў Афганістане. Жыхары мястэчка, якія належаць да пакалення 60-х гадоў, памятаюць, як вярталіся на Радзіму ацынкаваныя труны іх аднагодкаў. Сёння на Радашковіцкіх могілках можна знайсці некалькі пахаванняў воінаў-інтэрнацыяналістаў. Напрыклад, кіруючыся да варот, можна заўважыць магілу дваццацідвухгадовага салдата Аляксандра Корзіка. Тут заканчваецца нашае знаёмства з могілкамі і з тымі выбітнымі асобамі, што калісьці праславілі свой край.

Сапраўды, старыя Радашковіцкія могілкі ўяўляюць сабой багатую крыніцу для вывучэння мінулага мястэчка, таму надзвычай актуальным з'яўляецца пытанне іх захавання. Неабходнасць надання могілкам статусу помніка гісторыі ўжо была раней агучана ў друку [2]. Хацелася б спадзявацца, што заклікі гісторыкаў і краязнаўцаў не застануцца без увагі. Бо народ, які не мае мінулага, страчвае і будучыню.

Літаратура:

1. Бригада им. К.К. Рокоссовского // Памяць : Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад.: К.І.Козак, А.І.Кузняцоў; рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]; маст. Э.Э. Жакевіч]. - Минск : БЕЛТА, 2001. - С. 259 - 260.

2. Гатальскі, І. Нашчадак візантыйскіх імператараў жыў на Меншчыне / Ігар Гатальскі // Туризм и отдых. - 2006. - № 26 (6 июля). - C. 41, 44.

3. Крупянькова, А. Цюбецейка для Івана Георгіевіча / Анжаліка Крупянькова // Маладзечанская газета. - 2010. - 12 мая. - С. 4.

4. Расолька, С. Тым слава, хто носiць медаль партызана за подзвiгi ў жорсткiх баях / Сяргей Расолька // Звязда. - 2005. - № 78 (25410). - C. 2.

5. Шаплыко, Ф.И. Радошковичи православные [Электронный ресурс] / иерей Фома Иванович Шаплыко; Белорусская интернет-библиотека "Камунікат". - Электронная книга в PDF-формате. - Режим доступа: kamunikat.org/download.php?item=12188-1.pdf&pubref=12188. - Дата доступу: 13.03.2012.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу хацелася б шчыра падзякаваць Ніжанкоўскай Ірыне Ўладзіславаўне, чые ўспаміны зрабілі магчымым напісанне гэтага артыкула.

Станіслаў Суднік
Легендарнае і рэальнае вакол фігуркі Ісуса Хрыста ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна

Цудатворная фігурка Ісуса Хрыста ў в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на ўяўляе сабой выразаную з дрэва скульптуру Ісуса Хрыста, які сядзіць на камені. Фігурка выразана з лёгкага дрэва (клён, ліпа, ясень), пакрыта тканевым плашчом і знаходзіцца ў алтары Ісуса Хрыста ў сейлавіцкім касцёле Сэрца Езуса справа ад галоўнага алтара.

Аповед пра з'яўленне фігуркі ў Сейлавічах адпавядае ўсім прыкметам легенды. Быццам бы аб'явілася фігурка людзям на бярозавым гуку (галіне). Пазней непадалёк ад той бярозы была пабудавана царква. Паэтычна аб'яўленне фігуркі ў Сейлавічах апісана ў маёй паэме "Пілігрымка дадому".

Паводле стылю выканання, які вызначаецца пэўнай вольнасцю, фігурку трэба адносіць да часоў уніі, а гэта значыць на пачатак 19-га, а то і канец 18-га стагоддзя. Прынамсі ў 1920 годзе людзі яшчэ ведалі тую бярозу, на якой аб'явілася фігурка.

Пра тое, што сённяшні сейлавіцкі касцёл быў пабудаваны як уніяцкая царква, сведчаць яго архітэктурныя асаблівасці, гісторыя і ўспаміны старажылаў.

Так, Ян Некраш (к. 1921 г.н.) гаварыў: "Мне расказваў дзед Ясь (Ян Некраш, к. 1860 г.н.), што тут былі некалі нейкія ўніяты, а потым нам усё засталося". Відавочна, што дзед Ясь ужо тых уніятаў не бачыў, а сам пра іх ведаў з расповеду свайго нават не бацькі, а дзеда. І фраза "нам усё засталося" таксама не дакладна адпавядае рэчаіснасці, бо пасля ліквідацыі ўніі сейлавіцкая царква стала не касцёлам, а праваслаўнай царквой.

Пры ператварэнні ўніяцкіх цэркваў у праваслаўныя, як правіла, з іх выдаляліся ўніяцкія абразы, лаўкі, званочкі, арганы. Аргана ў Сейлавічах ніколі не было, прынамсі слядоў яго размяшчэння няма. Абразы маглі вывезці ў Нясвіж, у касцёл, не трэба думаць, што іх было вельмі шмат. А вось фігурка Ісуса Хрыста засталася на месцы, хоць да праваслаўнай царквы ніяк не пасавала, але, відаць, яна моцна шанавалася мясцовымі жыхарамі, і новыя ўлады вынесці яе з царквы не адважыліся.

Да 1919 (1920) года ў сейлавіцкай царкве быў свой настаяцель. На жаль, дабіцца інфармацыі пра імя ці прозвішча сейлавіцкага бацюшкі тых часоў пакуль не ўдалося, але пра тое, што праваслаўны бацюшка жыў у Сейлавічах, сведчыць тое, што хутары Касцянева мелі паралельную назву Папоўшчына (магчыма, Папоўшчына - гэта толькі частка Касцянева, бо ўсё Касцянева - гэта недзе гектараў 70, а на Нясвіжчыне гэта вельмі шмат, тут некаторая шляхта мела па 7 гектараў). Пра тое, што бацюшка жыў у Сейлавічах, сведчыць ход далейшых падзей і мянушкі некаторых сейлаўцаў.

Праваслаўная царква ў Сейлавічах функцыянавала якраз гадоў 80, з 1839 да 1919 (1920) года, да ўстанаўлення польскай улады. Польска-савецкая мяжа прайшла ад Сейлавічаў за 7-8 кіламетраў на ўсход. Адпаведна Сейлавічы аказаліся на польскай тэрыторыі і ў памежнай зоне. Тут размясціўся пастарунак, на пэўным этапе гэта была памежная застава або і больш буйная залога. Прынамсі, пры пастарунку было вялікае "баявіска" - шыхтовы пляц, поле для вайсковых практыкаванняў і заняткаў. На месцы гэтага баявіска пасля вайны пры апрацоўцы агародаў пастаянна знаходзілі польскія вайсковыя гузікі, медныя лыжкі, быў знойдзены "Крыж валечных".

Ператварэнне праваслаўнай царквы ў каталіцкі касцёл адбылося адразу пасля прыходу польскіх вайскоўцаў. Як распавядаў Казімір Некраш (1929 г.н.), польскі капітан зайшоў да сейлавіцкага бацюшкі і папрасіў ключы ад царквы, каб адспавядаць жаўнераў. Ключы бацюшку больш не вярнулі.

Трэба адзначыць, што ў дадзеным выпадку пры ператварэнні сейлавіцкай царквы ў касцёл у дзеяннях польскіх уладаў была пэўная логіка. На дадзенай тэрыторыі на той момант знаходзіліся дзве праваслаўныя царквы на адлегласці трох кіламетраў адна ад другой: у Сейлавічах і ў Кунасе. Абедзве яны некалі былі ўніяцкія, і маральнае права на абедзве мелі і католікі, і праваслаўныя. Але ў Сейлавічах царква стаяла ў шляхецкім засценку, які на гэты час цалкам быў каталіцкім, а ў Кунасе насельніцтва было амаль цалкам праваслаўнае, шляхецкіх сямей там засталося адна ці дзве. Таму палякі даволі абгрунтавана вырашылі забраць пад касцёл царкву ў Сейлавічах, а для праваслаўных пакінуць царкву ў Кунасе. Такі падыход быў зразумелы і вялікага абурэння праваслаўнага насельніцтва не выклікаў, ды і не моцна польскія вайсковыя ўлады на той народ зважалі.

Праз некаторы час пачалося ўладкаванне касцёла ў Сейлавічах. Паўтарылася ўжо вядомая гісторыя з часоў ліквідацыі ўніі. Прыехаў ксёндз. З царквы пачалі выносіць на гэты раз усё праваслаўнае начынне. Павыносілі абразы, аналой, падстаўкі пад свечкі, усё іншае, уладавалі на воз. Вынеслі і паклалі на воз і фігурку Ісуса Хрыста. Усё павезлі ў кунаскую царкву. А назаўтра фігурка ізноў аказалася на тым самым гуку, на той самай бярозе.

Гэтае другое аб'яўленне фігуркі на бярозе ў Сейлавічах цалкам паўтарае першую легенду. Але пра яго распавядаюць ужо ўсе сейлавіцкія старажылы. На жаль, усе яны нарадзіліся ўжо пасля 1920 года і распавядаюць пра тыя падзеі паводле аповядаў сваіх бацькоў і дзядоў. Аднак гэтае другое аб'яўленне было моцна ўбіта ў памяць, як і наступныя падзеі, з ім звязаныя.

Вестка пра паўторнае аб'яўленне фігуркі на бярозе ў Сейлавічах мігам абляцела ўвесь засценак і ўсю вёску (Сейлавічы тады складаліся з двух населеных пунктаў: засценка Сейлавічы і вёскі Сейлавічы, а разам на ўсё паселішча гаварылі "сяло"). Ля бярозы сабраліся і католікі, і праваслаўныя, і вайскоўцы. Прыйшоў ксёндз.

Ну і што рабіць? Учора фігурку Хрыста вынеслі з касцёла, а сёння яна зноў тут. І настрой у народа сёння зусім іншы. Але ж і ксяндзу, што рабіць? Фігурка то Хрыста, фігурку шануюць і праваслаўныя, і католікі, а з касцёла яе вынеслі, а ў Кунасе яна быць не захацела. Трэба даходзіць да ладу.

Раду вырашылі даць наступным чынам - пабудаваць каля касцёла пад той бярозай асобную каплічку з асобным алтаром для гэтай фігуркі, каб была гэтая каплічка агульнай для католікаў і праваслаўных. Такі матэрыяльны сімвал экуменізму ў асобна ўзятых Сейлавічах.

Каплічку пабудавалі, алтар уладкавалі, вера ў цудадзейную сілу фігуркі толькі ўмацавалася. Жонка польскага капітана пашыла для фігуркі плашчык. Польшча Польшчай, а язычніцтва неўміручае, як гэта Хрыстос будзе не апрануты, холадна, пашылі плашчык. І часта можна было бачыць, як поўзаюць вакол каплічкі людзі, найчасцей праваслаўныя бабкі, просячы ў фігуркі Божай ласкі, пазбаўлення ад хваробы, ад іншых няшчасцяў. Чаму поўзалі? Не поўзалі, а праходзілі на каленях тры рытуальныя кругі вакол капліцы, ахвярныя кругі. Дзеля ахвяры піхалі дробныя грошы ў шчыліны капліцы. Ксёндз Дамінік паглядаў на гэта скоса, але не замінаў.

Так цягнулася да апошняй вайны.

У вайну немцы расстралялі ксяндза Дамініка.

Пасля вайны касцёл стаяў замкнёны. Людзі сяды-тады адмыкалі, каб памаліцца, у касцёле стаялі харугвы, крыж, якія бралі, калі трэба было хаваць нябожчыка. Фігурка Хрыста знаходзілася ў капліцы, і людзі працягвалі складваць ахвяры да яе.

Надышлі 60-я гады 20-га стагоддзя. У Савецкім Саюзе наогул, а ў Беларусі ў прыватнасці пачалася чарговая антырэлігійная кампанія.

Як збіралі пустадомкаў з гарадоў і сёлаў,

Зачынялі пустадомкі цэрквы і касцёлы...

Пустадомкі, гэта значыць савецкія і партыйныя актывісты ды атэісты, рушылі па гарадах і вёсках, руйнуючы і знішчаючы ўсё, што нагадвала пра Бога. Дабраліся пустадомкі і да Сейлавічаў. Пазразалі па ўсёй вёсцы крыжы, якія стаялі тут ад веку, абвязаныя ахвярнымі фартушкамі. Было тых фартушкоў мо па сотні на кожным крыжы. Вешала іх не адно пакаленне. Пазразалі крыжы на скрыжаваннях дарог, каля могілак. На могілках не чапалі. Пазбівалі крыжы нават з людскіх хат, што было насуперак і савецкаму праву, але на гэта не зважалі. Ну і, канешне, дабраліся да касцёла. Абвясцілі пра закрыццё. Людзі вынеслі з касцёла ўсё, што маглі. Разабралі па хатах абразы, харугвы, крыжы, кнігі... Калі пустадомкі прыйшлі да капліцы і спыталі, што там, то людзі адказалі, што там старыя венікі ды граблі, каб каля касцёла падмятаць, а ключа няма, а замок іржавы. Адчапіліся.

Так і засталася капліца адзіным святым месцам на ўсе Сейлавічы, ды і не толькі. У касцёле зрабілі склад для збожжа, пасля для мінеральных угнаенняў, а да капліцы прыходзілі жанчыны, паціху маліліся.

Але ніхто асабліва нічога не расказваў ні пра фігурку, ні пра яе гісторыю. Мы, колішнія піянеры і камсамольцы, наогул не ведалі, што яна там ёсць. Часам знаходзілі колькі ржавых капеек, якія вывальваліся са шчылін капліцы.

Капліцу не адмыкалі. Замок заржавеў зусім. Сама капліца пачарнела, пакасілася і нічым не выдавала, што ўнутры знаходзіцца найвялікшая сейлавіцкая святыня, ды і не толькі сейлавіцкая. Па значнасці гэтая ўніяцкая фігурка не менш каштоўная, чым абраз Маці Божай Жыровіцкай або Маці Божай Тракельскай, але воляй лёсу і да гэтага часу пра сейлавіцкую святыню амаль ніхто нічога не ведае. Няма спісу цудаў, якія здзейсніла фігурка, паўміралі сведкі, але сама фігурка ёсць і яе гісторыя працягваецца.

Без малога сорак гадоў прабыла цудадзейная фігурка Ісуса Хрыста пад замком у капліцы. Прыйшлі лепшыя часы. У канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў 20-га стагоддзя сышла ў небыццё антырэлігійная палітыка савецкай улады, а следам і сама ўлада. У Сейлавічах зноў адкрыўся касцёл, хоць як філіяльны ад Нясвіжскага, але адкрыўся. І людзі, і калгасы працавалі дзеля гэтага. Грошы давалі і католікі, і праваслаўныя, як звыкла прынята ў нашым краі. Дарэчы, на адбудову кунаскай царквы таксама давалі грошы і праваслаўныя, і католікі. А я ганаруся і буду ганарыцца тым, што крыж на самым версе таго касцёла мацаваў мой бацька Вацлаў Суднік.

Касцёльны двор агарадзілі плотам, шчыкетамі, што вельмі важна ў нашай гісторыі. Пайшлі рэгулярныя набажэнствы, а цудадзейная фігурка Хрыста - душа і абярэг Сейлавічаў працягвала стаяць пад замком у капліцы, і ніхто не рабіў у той бок ніякіх захадаў.

І не ад шчырай веры, і не ад памяці людской, і не ад нечай ініцыятывы, а ад звыклай нашай беднасці вярнулася фігурка Ісуса Хрыста ў касцёл.

Як ужо казалася, касцёльны двор у пачатку 90-х гадоў агарадзілі плотам. Але шулы былі не дубовыя, шчыкеты, калі і маляваныя, то не адразу. Прайшло дзесяць гадоў, згніў той плот. Сейлавіцкі сельсавет зразумеў праблему і выдзеліў для агароджы касцёла плот бетонны. Выдзеліць то выдзеліў, але, як заўсёды, малавата. Мералі, лічылі, загарадзілі і выгарадзілі капліцу з касцёльнага двара, засталася яна за плотам. У прынцыпе не хапіла чатыры праслы, па два з абодвух бакоў.

І вось з-за гэтых чатырох праслаў ізноў паўстала пытанне пра фігурку, пра якую, дзякуй Богу, было яшчэ каму помніць. У пачатку 2000-х гадоў узламалі ржавы замок на капліцы і ўнеслі фігурку ў касцёл, дзе і стаіць яна да гэтага часу ў тым, а мо новым плашчыку, але ў сваім алтары і ў Сейлавічах.

І покуль яна там, нічога не пагражае і Сейлавічам.

А тое, што не вядомая яна ў свеце, што няма да яе шматлікіх пілігрымак, дык, можа, так і трэба, хай шануюць яе сейлаўцы, а ў іншых месцах хай шануюць свае святыні, і з тысяч такіх маленькіх шанаванняў выйдзе адно вялікае і ўсенароднае шанаванне і Ўсемагутнага Бога, і ўсяго таго, што ён нам даў і дасць у наступныя вякі.

С.У. Чысцякоў, навуковы супрацоўнік ДУ "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"
Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжскім фарным касцёле: гісторыя, праблематыка захавання і аховы помніка

Магільны склеп князёў Радзівілаў у Нясвіжскім фарным касцёле Найсвяцейшага Божага Цела з'яўляецца ўнікальным мемарыяльным і гістарычным помнікам.

Заснавальнікам нясвіжскай крыпты з'яўляецца першы ардынат нясвіжскі князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, які, ў адрозненне ад свайго бацькі, знакамітага канцлера-пратэстанта Мікалая Радзівіла Чорнага, прыняў каталіцтва. Асобным радком жыцця Сіроткі праходзіць яго паломніцтва ў Святую зямлю, якое ён здзейсніў у 1582-1584 гадах. У знакамітай "Перэгрынацыі" князь піша аб сваёй цікавасці да таго, як незвычайна рабіліся пахаванні ва ўбачаных ім землях, і якое значэнне надавалася захаванню парэшткаў шляхетных асоб. Хутчэй за ўсё, менавіта ў Егіпце ў Сіроткі паўстала задумка стварыць магільны склеп у Нясвіжы.

Царква ў асобе папы-рэфарматара Рыгора XIII узяла на сябе місію пакласці пачатак гісторыі гэтага ўнікальнага аб'екта. У любым выпадку, абавязковай умовай было прытрымліванне хрысціянскага канону пахавання. Абрад не быў парушаны. Саркафагі размешчаныя ў паўпадвальным памяшканні храма і знаходзяцца ніжэй узроўню зямлі, а сціпласць пахаванняў у нясвіжскай крыпце, рабіла яе нецікавым, з пункту гледжання нажывы, аб'ектам.

З'яўляючыся на дадзены момант трэцім па колькасці пахаванняў дынастычным склепам у Еўропе, пасля пахаванняў Габсбургаў у венскім Капуцініен-кірхене і Бурбонаў у Сэн-Дэні, прадмесці Парыжа, яна ніколі не рабавалася.

Крыпта не з'яўляецца самастойным, аддзеленым аб'ектам, але частка адзінага комплексу храма. Сама планіроўка крыпты першапачаткова значна адрознівалася ад цяперашняй. Цэнтральная галерэя была злучаная з асобнымі склепамі ў XVIII стагоддзі. Тады ж быў усталяваны і алтар "Бязгрэшнага зачацця".

Зараз у пяці асобных скляпах і цэнтральнай галерэі налічваецца 70 саркафагаў, 2 канопы і адна ўрна з прахам. З агульнага ліку ідэнтыфікаваныя з вялікай верагоднасцю толькі 38. Адзін з саркафагаў, выраблены ў Гданьску ў XVIII стагоддзі, з'яўляецца рытуальным. Ён выкарыстоўваўся падчас памінальнай імшы.

Што тычыца даціроўкі першага пахавання, то гэтае пытанне застаецца адкрытым. Самая старажытная дата стаіць на алавяным саркафазе жонкі Сіроткі Эльжбеты Яўхіміі Радзівіл са знакамітага роду Карыбутаў-Вішнявецкіх. Княгіня Эльжбета памерла ў 1596 годзе ва ўзросце 27 гадоў, і яе саркафаг першапачаткова знаходзіўся ў склепе касцёла манастыра бенедыктынак, фундатаркай якога яна была. Калі саркафаг Эльжбеты Яўхіміі быў перамешчаны ў крыпту касцёла езуітаў - невядома. Цалкам верагоднай падаецца здагадка, што гэта магло адбыцца пры пахаванні самога князя ў 1616 годзе, аднак сведчанняў гэтаму няма.

Адказ на пытанне аб месцазнаходжанні саркафага Сіроткі быў атрыманы зусім нядаўна. Паводле драўлянай шыльдачкі і сцюкавай таблічкі над труной у сцяне крыпты, саркафаг павінен знаходзіцца першым справа ў цэнтральнай галерэі. Аднак нядаўнія даследаванні паказалі, што зараз саркафаг з рэшткамі князя знаходзіцца ў нішы, справа ад алтара "Бязгрэшнага зачацця".

Пад цёмна-карычневай фарбай, якой труны былі пакрытыя ў 1905 годзе, быў выяўлены надпіс на вечцы самога саркафага. Гэта дае падставу выказаць здагадку, што саркафаг, як і многія іншыя, быў перамешчаны падчас камісіі 1953 года. Што тычыцца драўлянай таблічкі, то і яна магла быць перамешчаная. Мацаванне гэтых таблічак да вечкаў трун вельмі сімвалічнае.

Саркафагі ў магільным склепе падвойныя. Пахаванне складаецца з труны, якая змяшчае нябожчыка, і саркафага. Саркафагі выраблены ў большасці сваёй з дрэва розных парод (бяроза, дуб, хвоя). Аднак, маюцца і металічныя, вырабленыя з волава, медзі, цынку.

У сваю чаргу ўнутраныя труны выраблены як з дрэва, так і з металу. Калі пахаванне датавана перыядам з канца XVI па канец XVIII стагоддзяў, то ўнутраная труна драўляная і дэкор гэтых трун вельмі разнастайны. Яны могуць не мець дэкаратыўнага аздаблення наогул, аднак сустракаецца і абіўка з дэкараванага пацеркамі аксаміту.

Пахаванні адбываліся трыма рознымі спосабамі: частковае бальзамаванне, поўнае бальзамаванне і герметызацыя.

Частковае бальзамаванне выкарыстоўвалася ў самым пачатку і адбывалася наступным чынам. Цела нябожчыка падвяргалася апрацоўцы спецыяльным саставам без ускрыцця і выняцця ўнутраных органаў. Гэта тлумачыцца тым, што царква катэгарычна адмаўляла ўскрыццё. Неапрацаванай пакідалася толькі палоска скуры цела, якая ішла ад шыі да паясніцы. Яе шырыня складала 8-10 см. З цягам часу ўнутраныя органы цела распадаліся, гэтак жа як і неапрацаваная частка скуры, а набальзамаваная частка захоўвала форму і фактуру.

Калі царква змушаная была пад націскам навукі адмяніць табу на ўскрыццё трупаў, пачаў ужывацца спосаб поўнага бальзамавання. Пры такім спосабе ўнутраныя органы нябожчыка даставаліся, праводзілася ачыстка чарапной каробкі, а скурнае покрыва апрацоўвалася араматычнымі смоламі, прайшоўшы папярэдне праз працэс абязводжвання тканак.

Апошнія з пахаванняў, зробленыя з выкарыстаннем метаду бальзамавання, датуюцца канцом XVIII стагоддзя. У XIX і XX стагоддзях пачалі ўжываць іншы спосаб захавання цел - герметызацыю. Цела змяшчалася ў цынкавую труну, з якой выдалялі паветра, пасля чаго труну герметычна залітоўвалі. Працэс распадання цела працягваўся яшчэ некаторы час з-за прысутнасці атамаў вольнага кіслароду ў тканках. Гэта стварала ў труне ціск, які спыняў усе працэсы і гарантаваў захаванасць цела датуль, пакуль доступ кіслароду не адновіць ход рападання. У выпадку калі падобнае адбудзецца, рападанне тканак адбудзецца на працягу 15-20 хвілін. Субстанцыя, якая ўтвараецца пры гэтым імклівым працэсе, мае шэры колер і нагадвае па сваёй структуры прысак, што ўтвараецца пры спальванні паперы.

У вечках некаторых трун, пахаванні ў якіх рабіліся з выкарыстаннем метаду герметызацыі, уманціраваныя авальныя назіральныя акенцы з тоўстага шкла. Колер тканак целаў і невялікія іх памеры паказваюць на наяўнасць у трунах высокага ціску і на прыпыненыя працэсы распадання. Скура нябожчыкаў чорная, бліскучая, храстковая тканіна разбурана працэсамі распадання, а касцяныя элементы цесна сціснутыя, што памяншае агульны аб'ём шкілета.

Тройчы саркафагі ў магільным склепе падвяргаліся даследаванням. Гэтыя тры камісіі ставілі перад сабою абсалютна розныя задачы.

У 1905 годзе па просьбе саміх князёў Радзівілаў у крыпце працавала група медыкаў і духавенства. Саркафагі былі абследаваныя. Некаторыя з ліку драўляных, якія за 300 з лішнім гадоў проста прыйшлі ў непрыдатнасць, былі замененыя копіямі. Пасля агляду труны зачынілі. Драўляныя саркафагі былі перафарбаваныя. Раней для афарбоўкі выкарысталі бронзавую фарбу. Труны былі аплеценыя сталёвым дротам (2 мм) і апламбаваныя свінцовымі гербавымі пломбамі з указаннем даты камісіі. Само памяшканне было адрамантавана. Саркафагі, якія змяшчаліся ў крыпту пасля гэтай камісіі, ужо не апламбоўваліся.

Амаль праз паўстагоддзя, пасля смерці Сталіна, у магільным склепе працавала яшчэ адна камісія. Было ўскрыта каля 80% саркафагаў з муміфікаванымі пахаваннямі. Для лабараторных даследаванняў браліся часткі валасоў, вопраткі, скуры мумій.

Гэтая камісія нанесла значную шкоду магільнаму склепу. Працы, па словах ксяндза Каласоўскага, праводзіліся вельмі хутка. Пломбы з трун былі сарваныя. Пасля таго, як камісія скончыла працу, саркафагі засталіся адчыненымі, а іх першапачатковае месцазнаходжанне было парушана. На некаторых саркафагах былі згубленыя таблічкі з імёнамі пахаваных. Служкі храма самі займаліся расстаноўкай саркафагаў у крыпце, аднак, узнавіць першапачатковую яе структуру ў іх не атрымалася.

Пасля камісіі 1953 года ўваход у магільны склеп для наведвальнікаў быў надоўга зачынены. Толькі з распадам СССР сітуацыя змянілася, і людзі атрымалі магчымасць бачыць адзін з самых унікальных мемарыяльных помнікаў.

Асабліва цікавымі з'яўляюцца пахаванні, якія складаюцца з трох аб'ектаў: саркафага, труны з целам і канопы. Да такіх аб'ектаў адносяцца пахаванні брата Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, Ераніма Фларыяна і Канстанцыі Радзівіл.

У першым выпадку вялізны медны саркафаг, упрыгожаны шматлікімі чаканкамі з вензелямі і геральдычнымі элементамі, дапаўняе маленькі драўляны футарал. Ён таксама падобны на саркафаг, толькі дзіцячы, але яго прызначэннем не з'яўляецца захоўванне цела памерлага. Усярэдзіне знаходзіцца прадмет, выкананы ў форме стылізаванага сэрца на падстаўцы. Дзверца адчыняе доступ ва ўнутраную частку, дзе на подбіўцы з бавоўны змешчаная прастакутная шкляная ёмістасць. У гэтай шкляной пасудзіне знаходзіцца сэрца самога Ераніма Радзівіла, памерлага ў 1760 годзе. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што сляды на ўнутранай частцы пасудзіны даюць магчымасць сцвярджаць, што сэрца першапачаткова знаходзілася ў вадкім асяроддзі. Са стратай вечка гэта асяроддзе выпарылася.

Яшчэ адным пахаваннем, што складаецца з трох аб'ектаў, з'яўляецца пахаванне Канстанцыі Радзівіл. Надпіс на вечку меднай, ацынкаванай труны адпавядае надпісу на пліце помніка ў касцёле: "Procz Zycia, wszystkom winien, Samey tylko Tobie, Wdziecznosc, Pamiec, Zal w Sercu, skladam Prze Twym grobie". У той час ускрыццё цел ужо дазвалялася. Калі цела памерлай рыхтавалі да бальзамавання, яе муж пажадаў асобна забальзамаваць жыццёва важныя органы яе арганізма ў канопу. Яна ўяўляе сабой каваную медную ёмістасць у форме цыліндра з залітаваным герметычна вечкам.

Адным з самых незвычайных саркафагаў у магільным склепе з'яўляецца т. зв. "гарбаты" саркафаг. Сваю назву ён атрымаў з-за незвычайнай формы вечка і даволі вялікіх памераў (вышыня 161 см). У "гарбатым" саркафагу ў студзені 1883 года была пахаваная 74-х гадовая княгіня Адэла з роду Карніцкіх, жонка князя Канстанціна Радзівіла, шамбелян - камергера імператарскага двара ў Санкт-Пецярбургу. Форма ж знешняга саркафага абумоўленая канфігурацыяй змешчанага ў ім унутранага. Унутраная труна цынкавая, распісаная пад чорны мармур і ўпрыгожана пазалотай. Цэнтр яе вечка ўпрыгожвае медная залачоная ўрна з навершшам, выкананым у выглядзе паходні. Урну падтрымліваюць хвасты экзатычных рыб. На першы погляд кампазіцыя мае чыста дэкаратыўную функцыю і не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. Аднак гэта зусім не так. Паходня - гэта знак. Ён дубліруе знакі лямпы, лампады, свечкі або свяцільні і азначае Вечнае Жыццё душы. Рыбы паказваюць на веру.

Зараз у крыпце знаходзіцца і ўнікальны галаўны ўбор кн. Міхала Казіміра, датаваны 1902 г. Захаванасць прадмета пакідае жадаць лепшага, і неабходныя мерапрыемствы па прадухіленні яго разбурэння. Гэты галаўны ўбор, як і мноства вянкоў і трымальнікаў для паходняў, у выглядзе каваных арлоў з гербам - арыгіналы. Яны захаваліся ў магільным склепе з таго моманту, як былі змешчаныя ў яго.

Агульны стан аб'екта на бягучы перыяд часу - катастрафічны. Рэдкія касметычныя рамонты ствараюць толькі бачнасць нармальнага стану памяшкання крыпты. Праведзеныя тры гады таму працы па стварэнні новай гідраізаляцыйнай сістэмы некалькі палепшылі стан, аднак гэта не з'яўляецца поўным і канчатковым рашэннем праблемы захаванасці. Пад уздзеяннем знешніх фактараў матэрыял саркафагаў руйнуецца.

У 1749 годзе майстар Анджэй Залескі, выканаў на сцюкавай аснове 36 шыльдаў для цэнтральнай галерэі і па 2 для двух склепаў. Так, агульная колькасць адначасова вырабленых Залескім пліт складае 40 адзінак. Толькі чатыры шыльды ў крыпце маюць іншую даціроўку і выкананы з пясчаніка, чорнага мармуру і стуку. Гэта пліты над пахаваннямі Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі (1762), яго жонкі Францішкі Ўршулі Вішнявецкай (1753), пліта з дабраславеннем папы Бенедыкта XIV (1750) і пліта на пахаванне Антонія Мікалая Радзівіла (2000). Яны цалкам чытальныя. Па колькасці ідэнтычных пліт мы можам сапраўды ўдакладніць лік пахаванняў у крыпце на 1749 год. Іх было 40.

У склепе 01 знаходзіцца 2 шыльды, тэкст на якіх чытэльны. Колькасць саркафагаў у склепе роўна 4. Тут жа знаходзіцца адна з каноп.

На сценах і апорах калон у цэнтральнай галерэі 04 размешчаны 39 пліт, частка з якіх чытэльная толькі фрагментарна (Ераніма Радзівіла, Мікалая XVI Хрыстафора Радзівіла). Пліта № 10, размешчаная справа ў сцяне цэнтральнай галерэі, нечытэльная. Колькасць пліт у сценах не адпавядае колькасці саркафагаў на дадзены момант. Так у правай частцы цэнтральнай галерэі (склеп № 04) колькасць саркафагаў і пліт увогуле супадае, аднак пад шасцю плітамі ў пярэдняй частцы, размешчана толькі 5 саркафагаў. У другой жа частцы правага шэрагу знаходзіцца 7 пліт, пад якімі размешчаныя 8 саркафагаў і канопа. У левай частцы галерэі колькасць пліт 9, а колькасць саркафагаў роўна 10. На апорных калонах крыпты гэтак жа маецца 15 пліт. У правай частцы галерэі па чатыры пліты, звернутыя ва ўнутраную частку кожнага з арачных праёмаў, дзе толькі ў двух з іх размешчана па адным саркафагу. У левай частцы галерэі пліты размешчаныя толькі на адной з апорных калон, тады як саркафагі размешчаныя ва ўсіх трох міжкалонных арачных праёмах.

Дзве пліты склепа № 02 чытэльныя, аднак колькасць саркафагаў у склепе роўна 14. Адна з пліт адпавядае пахаванню Кацярыны Сабескай. Другая пліта сведчыць аб тым, што пад ёй размяшчаўся саркафаг яе мужа Міхала І Казіміра Радзівіла (1680). Аднак шыльдачка на саркафазе сведчыць аб тым, што ў 1689 годзе ў ім быў пахаваны сын Кацярыны і Міхала I Казіміра Юрый Іосіф. Саркафаг з імем Міхала I Казіміра Радзівіла, зараз змешчаны ў цэнтральнай галерэі. Гэтая блытаніна можа быць як вынікам перамяшчэнняў саркафагаў падчас камісіі 1953 года, так і наступствам таго, што драўляныя шыльдачкі на саркафагах практычна не замацаваныя і маглі быць перамешчаныя з аднаго саркафага на іншы памылкова.

Зараз крыпта адчынена для наведванняў турыстычнымі групамі. Аднак некаторыя меры засцярогі, якія належала прыняць раней, ужо прывялі да страты некаторых унікальных гістарычных элементаў. Да такіх адносяцца: латуневая залачоная шыльдачка з гербам і інскрыпцыяй, якая знаходзілася на саркафазе палкоўніка Міхала Мікалая Радзівіла (1846), гербавая свінцовая пломба з саркафага Сіроткі (1905), сургучная пячатка з гербам Ватыкана з мармуровай табліцы Бенедыкта XIV (1750) і г.д.

Варта больш дэталёва прапрацаваць схему наведванняў крыпты, і абмежаваць доступ да саміх саркафагаў.

На дадзеным этапе найболей важным момантам з'яўляецца не толькі захаванне гэтага ўнікальнага мемарыяльнага аб'екта, але і неадкладныя працы па прадухіленні разбурэння крыпты. Для мерапрыемстваў па кансервацыі і рэстаўрацыі магільнага склепа неабходна прыцягненне высакакласных спецыялістаў для правядзення вышукальных, а ў наступным - рэстаўрацыйных і кансервацыйных работ.

Літаратура:

1. Bernatowicz, T. Miles christianus et peregrines / T. Bernatowicz. - Warszawa: Neriton, 1998.

2. Чистяков, С. В. Шкрабина, О. В. Несвиж - живая легенда / С.В. Чистяков, О.В. Шкрабина. - Несвиж: Несвиж. укрупн. тип., 2005.

3. Paszenda, J. Kosciol Bozego Ciala (pojezuicki) w Nieswiezu / J. Paszenda // Kwartalnik architektury і urbanistyki. - Warszawa, 1976. Nr.21. Zasz. 3. - S. 195 - 216.

М.В. Півавар, кандыдат гістарычных навук.
Помніказберагальная дзейнасць гістарычна-культурнага клуба "Узгор'е" ў Віцебску ў канцы 1980 - пачатку 1990-х гадоў

З сяр. 1980-х гг. адбываюцца пэўныя змены ў савецкім грамадстве. Яны звязаны з палітыкай "перабудовы". З яе пачаткам адбылося ажыўленне грамадскай актыўнасці мас. З дазволам плюралізму, "галоснасці", некаторым паслабленнем дзеяння абавязковага прынцыпу партыйнасці і метаду сацыялістычнага рэалізму ў літаратуры і мастацтве па ўсім СССР пачынаюць дзейнасць грамадскія ініцыятывы, суполкі. Яны ўзнікаюць ва ўсіх саюзных рэспубліках. На Украіне, напрыклад, дзейнічалі дзясяткі нефармальных таварыстваў. У 1988 г. у адным толькі Львове іх было 29 [1]. На пачатку існавання яны насілі гісторыка-культурны, краязнаўчы характар. У дзейнасці такіх таварыстваў галоўную ролю адыгрывала аднаўленне роднай мовы, вывучэнне, прапаганда і ахова гісторыка-культурнай спадчыны.

У Беларусі адным з першых узніклі маладзёжныя гісторыка-культурныя аб'яднанні "Майстроўня" (1980), "Талака" (1985) у г. Мінску і "Паходня" ў г. Гродна (1986). У Гомелі, Брэсце, Магілёве, Полацку, Наваполацку, Оршы таксама існавалі менш вядомыя таварыствы - "Талака", "Край", "Машэка", "Маладзік", "Вытокі", "Повязь", "Рша" адпаведна [2]. Дзейнасць гэтых грамадскіх аб'яднанняў знайшла пэўнае адлюстраванне ў навуковай літаратуры: у "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" [3, 4], манаграфіях і зборніках [2, 5], публікацыях у прэсе [6].

Пра дзейнасць гісторыка-культурнага таварыства "Узгор'е", якое існавала ў Віцебску, практычна невядома, таму мэтай дадзенага артыкула будзе асвятленне працы гэтай грамадскай арганізацыі ў другой палове 1980-х - пач. 1990-х гг.

Клуб "Узгор'е" ўзнік у 1986 г. Ініцыятарамі яго стварэння былі віцебскі археолаг Ігар Цішкін і медык Міхаіл Паўлаў. Асноўнай мэтай арганізацыі на пачатку дзейнасці з'яўлялася "дапамога грамадскасці ў аднаўленні, рэстаўрацыі; абарона помнікаў гісторыі і культуры" [7] і іх рэшткаў у Віцебску, дапамога археолагам, якія праводзілі раскопкі ў гэты час у горадзе, развіццё ў віцяблян беражлівых адносін да архітэктурных і культурных каштоўнасцей свайго горада, фарміраванне эстэтычнага густу [9, 10]. Данінай часу ў статуце таварыства было "вывучэнне і прапаганда ленінскіх ідэй захавання гісторыка-культурнай спадчыны савецкага народа" [8]. Планавалася праводзіць сустрэчы з архітэктарамі, якія распрацоўваюць праекты рэстаўрацыі і рэканструкцыі помнікаў культуры, ладзіць мастацкія выставы.

Афіцыйныя ўлады падтрымалі грамадскую ініцыятыву. Клуб быў зарэгістраваны пры гарадскім цэнтры культуры (ў 1990 г. у дакументах статус аб'яднання змяняецца на "клуб аматараў даўніны" [11]). Назвалі клуб у гонар Узгорскага замка, з якога пачыналася летапісная гісторыя Віцебска.

Членам клуба мог быць любы чалавек, які прызнаваў і выконваў статут і палажэнні клуба, актыўна ўдзельнічаў у суботніках ці іншай дзейнасці, якая ішла на карысць захавання і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны.

Кірункі дзейнасці клуба былі абраны не выпадкова, таму што сітуацыю з аховай помнікаў і захаваннем культурнай спадчыны ў г. Віцебску ў той час можна вызначыць як вельмі складаную. Да сярэдзіны 1980-х гг. была знішчана старая забудова на плошчы Свабоды і вуліцы Леніна. Рыхтаваўся да знішчэння комплекс трынітарскага кляштара (сучасная Пакроўская царква). Пэўная частка грамадства жадала прымаць удзел у фармаванні архітэктурнага вобліку горада.

Трэба адзначыць, што ў сітуацыі з помнікамі гісторыі і культуры ў Віцебску знішчэння шэрагу з іх можна было б пазбегнуць. Пры будаўніцтве большасці аб'ектаў у горадзе архітэктары прадстаўлялі планы толькі ў гаркам КПБ без абмеркавання з шырокімі коламі грамадскасці. Партыйнае кіраўніцтва, як правіла, пагаджалася з любымі прапановамі архітэктараў, якія спасылаліся на свой прафесіяналізм, кампетэнтнасць і дасведчанасць. У выніку руйнаваліся помнікі старасветчыны. Па стварэнні камісіі такая практыка стала немагчымай. Напрыклад, прыняцце генеральнага плана забудовы цэнтра горада было зроблена келейна, без абмеркавання. Грамадзяне, якім быў неабыякавы лёс гістарычнай спадчыны горада, сярод якіх было шмат удзельнікаў клуба "Узгор'е", сталі пісаць лісты ў партыйныя ўстановы, артыкулы ў газеты.

Па прапанове членаў аб'яднання пры Віцебскім гарвыканкаме была створана камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у склад якой увайшлі не толькі адказныя работнікі партыйных і савецкіх органаў, але і прадстаўнікі грамадства. Старшынёй камісіі быў абраны В. Акуневіч, які працаваў на той час у абкаме кансультантам па нацыянальных адносінах.

Паўторнае абмеркаванне адбылося ўжо ў прысутнасці камісіі па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Члены камісіі, якія адстойвалі думку грамадства, выказаліся адназначна - гістарычны цэнтр горада мусіць быць адноўлены. Архітэктары не пагаджаліся, лічылі, што будучыня цэнтра ў новабудоўлі, спасылаючыся на свой досвед і кампетэнтнасць. Грамадства апаніравала, гаворачы, што прафесіяналы не заўсёды кажуць праўду, прыводзілі прыклады з замежнага досведу, нагадвалі пра аднаўленне гістарычнага цэнтра Варшавы, Будапешта.

Дзейнасць аб'яднання была дастаткова шматпланавай: праводзіліся пасяджэнні з абмеркаваннямі дакладаў па гісторыі і археалогіі Беларусі і Віцебска, па праблемах захавання помнікаў культуры, мовы, экалогіі з удзелам работнікаў абл- і гарвыканкамаў, ладзіліся суботнікі па падрыхтоўцы помнікаў да рэстаўрацыі, чыталіся лекцыі. Члены аб'яднання "Узгор'е" ладзілі вандроўкі па цікавых, славутых мясцінах Беларусі, багатых на архітэктурную спадчыну (Слонім, Нясвіж, Жыровічы, Мір і іншыя гарады). На свята "Дзяды" практыкаваліся выхады на Старасямёнаўскія могілкі [12]. У розных акцыях таварыства прымалі ўдзел ад дзясяткаў да сотні чалавек. Сярод тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічаў у працы клуба, можна адзначыць В.М. Арлова, Л.У. Вакар, А.В. Куржалава, А. Мемуса, М. Паўлава, С.М. Цярэнцьева, Р.І. Пушкарову, Л. Хмяльніцкую, Н.Л. Федарыставу (Маеўскую), Т. Цаль, Ю.А. Якімовіча [13].

З мэтай захавання помнікаў гісторыі і культуры, змены адносін насельніцтва да гістарычнай спадчыны горада аб'яднаннем праводзіліся фотавыставы, прысвечаныя рэстаўрацыі, як на Беларусі, так і ў іншых месцах СССР [15, 16].

Напрыклад, адна з такіх выставаў была размешчана ў вітрыне магазіна "1000 дробязяў" на Маскоўскім праспекце г. Віцебска. Яна складалася з планшэтаў з лагатыпам клуба (сцяг Віцебскай харугвы: значок "Пагоні" на зялёным полі), са здымкамі старога Віцебска, з інфармацыяй пра клуб, а таксама запрашэннем удзельнічаць у суботніках.

Актыўна ўздымаліся пытанні экалогіі Віцебска і яго наваколляў (будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Віцебшчыне, высечка лясоў, меліярацыя балот і інш.). Адзначым, што менавіта дзякуючы актывістам "Узгор'я" была прыцягнута ўвага грамадскасці да абмеркавання будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне (каля в. Мяжа Гарадоцкая). У выніку працы былі спынены.

Вялася вялікая асветніцкая і грамадская работа. Сябрамі клуба пісалася шмат артыкулаў на злабадзённыя тэмы: аб ахове помнікаў, мовы, пра экалагічныя праблемы. Пісалі міністру меліярацыі, у рэспубліканскія структуры адносна асушэння балот, высечкі леса ў наваколлях Віцебска (напрыклад, ад птушкафабрыкі каля в. Хайсы да чыгуначнай станцыі Лосвіда). Пісалі ў ЦК КПБ, у Маскву Патрыярху Пімену (адносна Пакроўскай царквы, каб не даць забудаваць месца на Успенскай горцы). Быў напісаны ліст адносна стану беларускай мовы ў Віцебску на адрас аргкамітэта па падрыхтоўцы Пленума ЦК КПСС па нацыянальным пытанні. Сябры клуба ўжо ведалі, што падобны ліст быў накіраваны генеральнаму сакратару ад беларускай інтэлігенцыі 15.12.1986 г. і паўторны - 4.06.1987 г. [2, с. 202, 282-288]. У лісце ўзгорцы адзначалі, што беларуская мова павінна стаць дзяржаўнай, засяроджвалася ўвага на тым, што адсутнічае пераемнасць у вывучэнні мовы (дзіцячы садок - школа - інстытут), адсутнічаюць сацыяльна-палітычныя гарантыі функцыянавання беларускай мовы, давалася гістарычная даведка [14]. Была і рэакцыя на гэтую дзейнасць. У Віцебск прыязджалі адказныя асобы з Мінска і Масквы, якія звярталі ўвагу мясцовага кіраўніцтва на стан аховы помнікаў, на сітуацыю з мовай і культурай. Маўляў, "чаму грамадзяне звяртаюцца да нас, быццам вы не можаце вырашыць сітуацыю на месцы самастойна". Такім чынам, можна адзначыць, што такі від дзейнасці даваў вялікі плён і прыводзіў да пэўных змен.

3 1988 года актывізуюцца кантакты "Узгор'я" з новастворанымі грамадскімі арганізацыямі і рухамі рэспублікі і СССР. Актыўныя члены клуба ўдзельнічалі ў сумесных пасяджэннях мінскіх груповак (напрыклад, "Талакі"), бралі ўдзел у акцыях і імпрэзах, якія яны праводзілі, а таксама ў сустрэчы актыву ў Маскве з міністрам культуры СССР В.Г. Захаравым.

На вялікі жаль, не ўсе планы таварыства здзейсніліся. Не атрымалася стварыць майстэрні народнага мастацтва пры гарадскім цэнтры куьтуры, зрабіць галерэю выдатных ураджэнцаў Віцебшчыны, адкрыць помнік Грунвальдскай бітве. Планаваў клуб прычыніцца да стварэння музея "Старажытны Віцебск", які збіраліся арганізаваць у горадзе па выніку раскопак, што актыўна праводзіліся ў горадзе ў 1970-80-я гады. На той час было знойдзена шмат добра захаваўшыхся рэшткаў драўляных забудоў і планавалася адкрыццё археалагічнага музея па ўзоры музея "Старажытнае Бярэсце", які існаваў у Брэсце. Саветам міністраў БССР была прынята Пастанова "Аб стварэнні ў г. Віцебску археалагічнага музея" ад 11 сакавіка 1980 г. [18]. На жаль, па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын гэта ініцыятыва не здзейснілася.

Пік актыўнасці культурна-асветніцкага аб'яднання "Узгор'е" прыйшоўся на канец 1980-х гадоў. У пачатку 90-х гг. XX стагоддзя, калі пачынаецца актыўная палітызацыя грамадства, выкліканая нарастаючым сацыяльна-палітычным крызісам, развалам СССР, эканамічнымі цяжкасцямі, большасць актыўных членаў клуба пачынае прымаць удзел у палітычнай барацьбе. Значная частка ўдзельнікаў, падзяляючы погляды БНФ "Адраджэнне" становяцца членамі гэтай арганізацыі. Пытанні культуры і гісторыі ва ўмовах, што склаліся на той час, адыходзяць на другі план. Па прычыне палітычнай барацьбы да аб'яднання далучаюцца людзі, якія стаялі далёка ад ідэй аховы культурнай спадчыны Віцебска, але ў гэтай барацьбе жадалі выкарыстаць магчымасці і аўтарытэт клуба. Да ўсяго далучаецца эканамічны крызіс, які паставіў перад грамадствам зусім іншыя задачы. Лёс "Узгор'я" ў гэтым вельмі нагадвае лёс іншых беларускіх грамадскіх таварыстваў ("Талака", "Паходня"), якія спынілі сваю дзейнасць на пачатку 1990-х гадоў. Так, фактычна ў гэты час спыніла сваю актыўную дзейнасць Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага краязнаўчага таварыства. Патрэбна адзначыць, што падобныя тэндэнцыі адбываліся не толькі ў грамадскіх культурна-асветніцкіх арганізацыях Беларусі [2, с. 94].

Дзейнасць клуба была вельмі важнай і карыснай яшчэ і таму, што па прычыне закрыцця на рэканструкцыю абласнога краязнаўчага музея, яно фактычна адыгрывала ролю метадычнага цэнтра па вывучэнні гісторыі Віцебска і ахове помнікаў гісторыі і культуры [13].

Падсумоўваючы сказанае, зробім некаторыя вынікі. Сваёй дзейнасцю клуб "Узгор'е" ўнёс важны ўклад ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Віцебска. Менавіта дзякуючы дзейнасці клуба былі выратаваны некаторыя помнікі гісторыі і культуры горада, падрыхтаваны да рэстаўрацыі, у тым ліку Пакроўскі сабор, касцёл Св. Варвары. Актыўнымі захадамі членаў клуба не была дазволена забудова старажытнай часткі Віцебска - Успенскай горкі, хаця планы, макеты забудовы ўжо былі зроблены [16, 17]. Была аказана значная дапамога археолагам, якія праводзілі раскопкі ў Віцебску: Л. Калядзінскаму (бераг р. Віцьба каля драматычнага тэатра; каля будынка АКБ АСУ), I. Цішкіну (Васкрасенская царква, Задзвінне), Т. Бубенька (плошча Свабоды, дзе цяпер размешчаны кветнікі каля амфітэатра), В. Ляўко (Духаўскую царкву каля аблвыканкама, месца, дзе цяпер знаходзіцца дыягнастычны цэнтр).

Членамі клуба быў узняты шэраг праблем, якія стаялі перад грамадствам краіны ў цэлым і горада ў прыватнасці: стану беларускай мовы, экалагічнага становішча наваколляў, у тым ліку будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне. Прыцягнута ўвага да "белых плям" у гісторыі горада, у тым ліку рэпрэсій 1930-х гг. і рэабілітацыі іх ахвяр, славутых землякоў, этнаканфесійных адносін і інш. Была праведзена папулярызацыя ведаў па гісторыі Віцебска. Актыўная дзейнасць клуба прымусіла абласное і рэспубліканскае кіраўніцтва адкрыць рэстаўрацыйныя майстэрні ў Віцебску, а не ў Магілёве, як гэта планавалась на той час. Клуб стаў школай грамадскай актыўнасці віцяблян і арганізацыяй, з якой выйшлі найбольш выбітныя дзеячы недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў Віцебшчыны нашага часу.

Аднак, верагодна, найбольш важным вынікам дзейнасці клуба з'явіўся пералом, які адбыўся ў грамадскай думцы адносна помнікаў гісторыі і культуры, змены ў адносінах да нацыянальнай спадчыны і ў кіраўніцтве горада. Дзейнасць таварыства і вынікі працы клуба "Узгор'е" мелі важнае значэнне ў маштабах краіны і адыгралі вялікую ролю ў ахове помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, фармаванні грамадскай супольнасці нашай краіны.

Літаратура:

1. Данилюк, Ю.З. Общественные формы охраны памятников истории Украины на современном этапе / Ю.З. Данилюк // Историческое краеведение в СССР: Вопросы теории и практики / Ин-т ист. АН УССР; сост. Р.Т. Тронько. - Киев: Наукова думка, 1991. - 243.

2. Денисюк, О.Л. Неформальные обьединения, общественно-политические движения, партии в СССР: предпосылки, становление, развитие (1985-1991) / О.Л. Денисюк. - Минск: БГУ, 2003. - С. 100.

3. "Паходня" // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 5. - Мн.: БелЭн, 1999. - С. 452.

4. "Талака" // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. - Т. 6. - Мн.: БелЭн, 2001. - С. 495.

5. Екадумаў, А. Культурныя рэаліі беларуска-расійскай інтэграцыі. / А. Екадумава // Беларуска-расійская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы. - Мінск: УП "Выдавецтва "Энцыклапедыкс", 2002. - С. 173-221.

6. Ткачоў, М. Паходня: кн. публіцыстыкі / рэд.-склад. С.П. Самуэль. - Мінск: БелЭн, 1994.-С. 34.

7. Статут клуба "Узгор'е" // Бягучы архіў Віц. аддзела БДТАПГіК. - С. 1.

8. Паўлаў, М. Клуб аматараў старажытнасці // Віцебскі рабочы. - 1987. - 17 студзеня. - С. 2.

9. Паўлаў, М. "Узгор'е" // Віцебскі рабочы. - 1986. - 12 сакавіка. - С. 4.

10. Узгор'е // Советская Белоруссия. - 1986. - 30 сакавіка. - С. 4.

11. Праграма абласной навукова-практычнай канферэнцыі па гістарычнаму краязнаўству, 16-17 студзеня 1990 года // Бягучы архіў Віцебскага абласнога аддзялення БДТАПГіК. - С. 9.

12. Сарокіна, Т. Памочнікі рэстаўратараў // Віцебскі рабочы. - 1987. - 21 кастрычніка. - С. 4.

13. Навумчык, С. "Закрытых паседжанняў не робім" // Чырвоная змена. - 1989. - 7 студзеня. - С. 3.

14. Наумчик, С. Сберегающие память // Знамя юности. - 1987. - 2 красавіка. - С. 2.

15. Федоров, В. Сквозь глубь столетий // Сельская газета. - 1987. - 3 сакавіка. - С. 4.

16. Перабудова і мы: урокі, спадзяванні, трывогі // ЛіМ. - 1989. - 13 студзеня. - С. 3.

17. Плавінскі, М. Узважыць "за" і "супраць" // Віцебскі рабочы. - 1989. - 26 жніўня. - С. 3.

18. Постановление Совета министров БССР № 111 от 11 марта 1980 г. "О создании в г. Витебске археологического музея - филиала Витебского областного краеведческого музея [Электронны рэсурс] // [Рэжым карыстання] ЭБД "Эталон". Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна.

І.І. Галуза
Краязнаўчы рух пачатку ХХ ст. і роля Язэпа Драздовіча ў ім

Гісторыю развіцця нацыянальнай беларускай навукі пачатку ХХ ст. з пазіцый сучаснасці можна ахарактарызаваць як яе гуманітарна-асветніцкі этап. Адметным складнікам гэтага этапу было краязнаўства. Краязнаўчы рух таго часу ў сваёй дзейнасці меў выразны філалагічны кірунак. Сведчаннем таму з'яўляюцца падрыхтаваныя краязнаўчымі арганізацыямі і часткова выдадзеныя ў 20-я гады мінулага стагоддзя слоўнікі для агульнанацыянальнага лексікона, які задумваўся пад назвай "Слоўнік жывой беларускай мовы".

Сярод выбітных дзеячоў культуратворчай эліты, хто актыўна ўключыўся ў справу стварэння агульнанацыянальнага слоўніка беларускай мовы, адметнае месца займае Я. Н. Драздовіч. Аднак яго філалагічная, найперш мовазнаўчая, спадчына - гэта і па сёння набытак архіваў. Толькі цяпер, амаль праз стагоддзе, прыйшоў час увесці яе ў навуковы ўжытак, паказаць аб'ём лінгвістычнага матэрыялу ў спадчыне Язэпа Драздовіча, вызначыць яго ўнёсак у слоўнікавую працу 20-х гадоў ХХ стагоддзя, а тым самым і яго ролю ў краязнаўчым руху.

Язэп Нарцызавіч Драздовіч вядомы як мастак, скульптар, педагог, археолаг, этнограф, пісьменнік [11; 14], графік [19], гісторык [16], астраном [17]. На філалагічны ж бок яго дзейнасці зважаецца вельмі рэдка і павярхоўна: так, указваецца, што Я. Драздовіч "запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны" [12, с.149], што "ён пакінуў шмат запісаў беларускіх песняў, прыказак, прымавак, паданняў і легендаў, зробленых на Дзісеншчыне, Піншчыне" [14, с. 177-178], "у час шматлікіх вандровак па Піншчыне і Дзісеншчыне ён сабраў вялікі этнаграфічны і лінгвістычны матэрыял для Беларускага этнаграфічнага слоўніка" [18, с.80]. Апісанню яго рукапіснай лінгвістычнай спадчыны прысвечаны толькі два артыкулы - У. Содаля [19] і Ю. Малаша [12], у якіх выказваецца захапленне сабраным Драздовічам матэрыялам, уважлівым стаўленнем мастака да слова, але ні аналізу, ці хаця б поўнага агляду яго матэрыялаў не падаецца.

Назапашваць слоўнікавы матэрыял Я. Драздовіч пачаў не з 1922 г., з запісвання прыказак і прымавак, як адзначае А. Ліс [13, с.158], а з 1921 года, калі пачала працаваць Навукова-тэрміналагічная камісія, з падрыхтоўкі слоўнікаў па розных галінах навукі. Летам 1926 г. Я. Драздовіч "атрымаў ад Беларускага навуковага таварыства ў Вільні накіраванне на Піншчыну для збору этнаграфічнага і лінгвістычнага матэрыялу сярод палешукоў" [18, с.79]. У вёсках і мястэчках Піншчыны "мастак рабіў замалёўкі гаспадарчых прылад, вазоў, санак, сох, рознай формы вулляў, хатняга начыння, вупражы" [13, с.122]. Не абышоў увагай мастак і народнай гаворкі: запісваў словы, песні, прыказкі. Аднак гэта быў не проста выпадковы запіс пачутага. Лексічны матэрыял занатоўваўся на аснове адпаведных метадычных распрацовак. Вядомы даследчык беларушчыны Б. Эпімах-Шыпіла выслаў Я. Драздовічу "Інструкцыю да збірання народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове", дзякуючы якой можна было збіраць і класіфікаваць лексіку з большай дасведчанасцю.

На сённяшні дзень у архіве аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваецца фонд № 2 "Язэп Драздовіч". У фондзе змешчаны наступныя лінгвістычныя матэрыялы: 1) "Слоўнікавы матэр'ял з Дзісеншчыны. Літ. Б." [1], 2) "Падрыхтовачны матэр'ял для беларускага слоўніка" 1921 г. [2], 3) "Лінгвістычныя матэрыялы (гаворкі Дзісеншчыны і Піншчыны), сабраныя і запісаныя Драздовічам" [3], пазначаныя 1926 г., 4) "Беларуска-расейская тэрміналёгія па анатоміі і фізыялёгіі цела чалавека" [4], 5) "Народныя прыказкі Дзісеншчыны" [5], 6) "Прыказкі і прымаўкі, сабраныя Драздовічам" [6].

Да таго ж тры мікрафільмы падаюць (часткова ці поўнасцю) лінгвістычныя матэрыялы, што знаходзяцца ў бібліятэцы Літоўскай АН (паводле тагачаснай яе назвы). Гэта: 1) лінгвістычныя матэрыялы да беларускага этнаграфічнага слоўніка (Піншчына), 1926 [7], 2) рукапісныя матэрыялы. Малюнкі. Беларуская кааператыўная часопісь, 1932 [8], 3) рукапісы этнаграфічных матэрыялаў Дзісеншчыны. Піншчына [9].

Самым каштоўным моўным матэрыялам з рукапіснай спадчыны Я. Драздовіча трэба назваць падрыхтаваныя слоўнікавыя матэрыялы з Дзісеншчыны і Піншчыны. Выкананы яны на высокім прафесійным узроўні і сведчаць пра добрыя лексікаграфічныя здольнасці складальніка.

Разгляд пачнем са слоўнікавых матэрыялаў Дзісеншчыны на літару Б (165 картак-слоў) [1], што ён дасылаў у Беларускае навуковае таварыства "праз гр. Д. Дварчаніна".

Загаловачныя словы размешчаны ў алфавітным парадку, запісаны з захаваннем усіх мясцовых асаблівасцей, у іх пастаўлены націск, далей пададзены пераклад на рускую ці польскую мову або (радзей) тлумачэнне слова па-беларуску (пад асобнымі лічбамі раскрываюцца значэнні мнагазначнага слова). Практычна да ўсіх загаловачных слоў падабраны прыклад, які запісаны з захаваннем фанетычных асаблівасцей мясцовай гаворкі, і над кожным словам - націск. Ніякіх граматычных памет няма, у адрозненне ад стылістычных, тыпу "лаячнае слова", "ласкальнае слова" і інш.:

Брахло*

Ілгун, манюка, перасьмешнік (лаячнае слова).

"Ня ве*р ты гэ*таму брахлу*, пустабро*ху".

Аналагічна аформлены слоўнікавы матэрыял з вёскі Рымкі Пастаўскай гміны, у якім зафіксавана 275 лексем [7], а таксама не да канца сістэматызаваны слоўнікавы матэрыял з в. Лаўрыкавічы Ваўкавыскага павету (інфармант - В. Шкодзіч) і "в. Стральцы, гміны Скідэль, павета Горадзен." (інфармант - Міхал Кізевіч) (65 адзінак) [7, 9]:

Ахлыў

Утерял силу.

Я зусім ахлыў ад ганебнае сьпекі.

Вёска Лаўрыкавічы, Ваўкавыскага павету

(В. Шкодзіч.)

Слоўнікавы матэрыял з Дзісеншчыны на літары А і Б (488 картак-слоў), які быў упарадкаваны пазней, у 1926 г. [9], ужо адрозніваецца ад папярэдняга. Па-першае, у лік рэестравых слоў уключаны абазначальныя сродкі не толькі самастойных часцін мовы, але і службовых - часціцы, і гукаперайманні, і выклічнікі. Па-другое, загаловачнае слова часцей тлумачыцца па-беларуску і/або (вельмі рэдка) даецца пераклад на рускую ці польскую мовы:

Ану*чына

Збадзянае лайно.

"Збадзя*ла хустку, зрабі*ла ану*чыну".

Дзісеншчына (Я. Драздовіч.)

Слоўнік па батаніцы, які ўмоўна можна назваць "Расліны" [7], змяшчае каля 165 назваў беларускіх раслін. Гэты слоўнік складзены на вельмі высокім прафесійным узроўні: спачатку падаюцца загаловачнае слова з націскам, рускі адпаведнік, лацінская назва расліны, далей указваецца, аднагадовая ці шматгадовая, культурная ці дзікая гэта расліна, і "пашпарт" (у якой вёсцы было зафіксавана слова, ад каго і кім). Напрыклад:

Грабе*лькі

Журавельник

Gera*nium L.

Мае шмат відаў.

Чуў ад знахара 70 гадоў.

Вёска Рымкі Пастаўскае гм.

Ул. Павалковіч.

Другі вялікі блок архіўнай моўнай спадчыны складаюць лексічныя матэрыялы з Палесся. Сярод іх асаблівую вартасць мае "Лінгвістычны матэр'ял для Беларускага Этнографічнага Слоўніка", які змяшчае 334 карткі-словы з літары А па літару Т. Ён датаваны 29.10.1926 [7]. Структура слоўнікавага артыкула тут мае наступны выгляд: загаловачнае слова захоўвае ўсе асаблівасці мясцовай гаворкі ( боуб, буды*нок, блынэ*ц, ві*цёр, Вэлыкодэнь , інш.). Далей прыводзіцца пераклад на рускую мову, а ў дужках падаецца нарматыўны на той час адпаведнік, калі ёсць (часцей за ўсё, зыходзячы з фанетычных асаблівасцей, гэта родны Я. Драздовічу, дзісенскі). Прыкладаў з загаловачным словам няма, адсутнічаюць і граматыка-стылістычныя паметы. Кожная картка пашпартызавана: дзе запісана слова ("Піншчына, в. Семяховічы", ці "в. М. Марочна, Лозічы, Качановічы, Парэчча"), хто запісаў ("Запіс. Я. Драздовіч") і часта ад каго збіральнік запісаў ("зап. ад Пётры Саўчука"):

Роска*ль

Начало весны, таяние снега (згон зімы)

Піншчына, в. М. Марочна (зап. ад П. Саўчука).

(Запіс. Я. Драздовіча.)

Такім жа чынам падаюцца "Слоўнікавыя матэр'ялы для Беларускай Этнографічнай Энцыклапедыі" пад назвай "Жывёлы Піншчыны" (220 картак-слоў) [7].

У адрозненне ад пералічаных слоўнікаў, у слоўніку па анатоміі жывёл "Жывёлы (Анатомія…). Назовы выгляду" (23 карткі-слова) і слоўніку "Назовы хатня-гаспадарчых рэчаў Піншчыны" (77 картак-слоў) [9] змяніўся прынцып рэгістравання слоў: загаловачнае слова з націскам тлумачыцца па-беларуску, для некаторых слоў у дужках падаецца нарматыўны лексічны адпаведнік, прыклад адсутнічае, "пашпарт" слова абавязковы:

Прач

Дзераўляны пласкаваты абрубак з ручкаю, для пяраньня мокрага пры мыцьці і паласканьні бельля. Пранік.

Гл. рысункі.

Піншчына, в. Дубнавічы.

(Запіс. Я. Драздовіч.)

Аналагічна аформлены артыкулы і ў слоўніку па анатоміі чалавека "Анатомія. Піншчына" (80 картак-слоў) [9], але акрамя тлумачэння па-беларуску падаецца нарматыўны беларускі, рускі і/або лацінскі адпаведнік:

Клуб, -бы*

Бакавыя выпуклястыя часьці клубавых касьцей, - клубавіна (рас. тазобедрие).

Піншчына, М. Сернікі, в. Парэчча.

(Зап. Я. Драздовіч.)

Цікавым з'яўляецца слоўнік выклічнікаў "Жывёлы. Пагроза і прывабліваньне" (21 картка-слова) [9], дзе ў якасці загаловачнага слова падаецца выклічнік, які тлумачыцца як "пагрозны крык" або "кліканьне" ці "прывабліваньне да рук" якой жывёлы:

Акыча!

Пагрозны крык на курэй.

Піншчына, в. Азарычы.

(Зап. Я. Драздовіч.)

"Падрыхтовачны матэрыял" з Піншчыны (лета 1926 года) [3] дае магчымасць пабачыць, як Я. Драздовіч працаваў над словам. Гэтыя матэрыялы ўяўляюць сабой табліцы, у якіх зверху ўказаны вёскі (М. Сэрнікі, В. Парэчча, Озарычы, Дубнавічы, М. Марочна), а злева - пералік слоў, якія трэба праверыць па гэтых вёсках. Заўважым, што рэестравыя словы аб'яднаны ў асобныя тэматычна-гнездавыя групы (капуста, капусьці*на, капусьнік, капусьнішча, качан, качарыжка), а тыя, у сваю чаргу, - у больш буйныя тэматычныя групы (дзікія расліны, збожжавыя, жывёлы, птушкі, насякомыя, часткі цела, пабудовы і г.д.). Матэрыял для праверкі па палескіх вёсках надзвычай багаты і ахоплівае ўсе сферы чалавечага жыцця (каля 1500 лексем). Калі форма слова не адрозніваецца ад дзісенскай, то Я. Драздовіч ужывае знак "<", калі слова адрозніваецца чым-небудзь, то фіксуецца па кожнай вёсцы яго форма ( Ясень - Ясень, -ні* - Ясэнь - Ясэнь - Ясэнь - Е*сынь ), калі слова не было пачута, то застаўся прабел.

Важным складнікам лексікаграфічнай спадчыны Я. Драздовіча з'яўляюцца падрыхтаваныя ім тэрміналагічныя слоўнікі або праекты да іх.

"Беларуска-расейская тэрміналёгія па анатоміі і фізыялёгіі цела чалавека" Я. Драздовіча ўяўляе беларуска-рускі тэрміналагічны слоўнік, што ўключае каля 1278 тэрмінаў, з якіх 213 выкраслены складальнікам [4]. Слоўнік мае 10 раздзелаў: "назвы павярхоўных форм чалавеччага цела, косьці, цягніцы, мазгі і нэрвы, кровазварот, жывот, дыхі, скура, вока, суха" [4, л. 1]. Кожны з гэтых раздзелаў, у сваю чаргу, падзяляецца на падраздзелы (напр., у першы ўваходзяць наступныя: "часткі твару і галавізны", "тулаво", "рукі", "ногі" [4, л.2]).

Ужо з пераліку раздзелаў зразумела, што ў складальніка не было ніякіх даведнікаў або іншых матэрыялаў, якія можна было б узяць за ўзор-аснову, таму падбор лексем з'яўляецца ненавуковым, ён заснаваны выключна на ўласным бачанні і разуменні аўтара. Так, у падраздзел "часткі твару і галавізны" ўваходзяць такія тэрміны, як: тва*рык, тварні*ца (кости лица), лоб, лабя*к (выпуклости лба), лабя*ціна (верхний край лба), лы*сіна, лабано*сьсе (классический тип верхней части носа), насало*біца (носолобный валик), перано*сьсе, узно*сьсе (боковые горбаки костной части нос), падно*сьсе, падно*сіца (желобок на верхней губе), наздра*, наздраві*ны (отверстия ноздрей), наздры*ца (наружные части ноздрей), наса*стасць, гарбано*ссе, лапано*сьсе [4, л.3-4] і г.д.

Я. Драздовіч як мастак называе часткі цела (калі ў народнай мове назвы няма, то прыдумвае назву), перакладае на рускую мову, часам стварае аказіяналізмы або прыводзіць увогуле не існуючыя паняцці: ( ложнореберная доля груди [4, л.7]; грудино-подъязычная мышца [4, л.26]; мышца, сморщивающая кожу лба [4, л.26]; растительные нервы [4, л.33]; скуловая дуга [4, л.13]; сухожильная белая линия живота [4, л.27]; з аперательные мышцы [4, л.28]). Адвольны падыход да інтэрпрэтацыі матэрыялаў асабліва тычыцца раздзелаў "цягніцы", "кровазварот", "мазгі і нэрвы".

Слоўнікавы матэрыял размешчаны па тэматычна-гнездавым прынцыпе, таму ў слоўнік трапляюць абсалютна ўсе аднакаранёвыя словы, устойлівыя выразы і іншыя лексемы, звязаныя тэматычна з галоўным словам: ( зубы ку*тнікі, зубная шклі*за (эмаль), карчаві*ца або чачо*тка (зубная коронка), дзя*сна, дзя*сьніна (место сидения зуба), зубны мя*каш (зубная мякоть), выкры*шываньне зубоў, лу*сканьне зубоў (тресканье зубов), лопаўка (трещина), зубная сма*га (зубной налёт), зубное дуплё*, зубная плёмба, штучныя зубы) [4, л.20]. Усе беларускія загаловачныя словы маюць націск. Дастаткова часта Я. Драздовіч падае некалькі варыянтаў загаловачнага слова (марфалагічных або лексічных): лабано*сьсе, лабано*сіца [4, л.7], апаясная або падперазная надбрушная цягніца [4, л.28], нэрвы зроку, зракавы нэрв, зраку*н, зрочнік [4, л.33].

Граматычныя паметы адсутнічаюць, толькі зрэдку пры назоўніку адз. ліку падаецца форма мн. л. ( ву*ха, ву*шы [4, л.4], лабя*к, лабякі [4, л.3]), прычым форма мн.л. можа выступаць самастойным слоўнікавым артыкулам, але, як правіла, статус загалоўнага слова маюць назоўнікі, якія абазначаюць парныя прадметы ( шчака*, шчо*кі; ву*сна, ву*сны [4, л.4]). Са стылістычных памет прысутнічае толькі ўказанне на зніжаную экспрэсіўную афарбоўку слова: лупа, лупы, лупастасць (лаячнае) [4, л. 4].

Слоўнік "Беларуска-расейская тэрміналёгія па анатоміі і фізыялёгіі цела чалавека", у адрозненне ад іншых, складаннем якіх займаўся Я. Драздовіч, сам аўтар ацэньваў найбольш высока і імкнуўся яго выдаць. Пра гэта сведчыць ліст ад 04.01.1922 г. у Віленскае выдавецкае таварыства. Напісаў ён у яго, не дачакаўшыся адказу з выдавецтва "Вызваленне", па дзвюх прычынах: "1) баюся, каб часам хтось не сплагіатыраваў гэту маю працу з вандруючых копій і ня выдаў ад сябе - раней ад мяне; 2) сьпяшуся даць патрэбны тэрміналягічны матэр'ял для нашых загранічных педагогаў - каторыя моцна адчуваюць у ім патрэбу" [10].

Такім чынам, улічваючы лексікаграфічныя спробы Язэпа Драздовіча ў справе ўкладання тэрміналагічных слоўнікаў, запатрабаваных у тагачасным адукацыйным працэсе, можна заўважыць: з самага пачатку разгортвання праграмы беларусізацыі ён прымаў актыўны ўдзел у ёй і імкнуўся паспрыяць асветніцка-культурнаму развіццю краіны.

Акрамя слоўніка па анатоміі і фізіялогіі чалавека, захавалася шмат падрыхтоўчых матэрыялаў Я. Драздовіча да слоўнікаў па іншых галінах навукі. Так, "Падрыхтовачны матэр'ял для беларускага слоўніка па Географіі і геалогіі" (1921) [2, л.1-4] змяшчае каля 575 слоў, якія пададзены ў алфавітна-гнездавым парадку: напрыклад, раса, расіца, роснасьць, расьліна [2, л.3]. Пасля некаторых слоў у дужках стаіць лічба, якая сведчыць пра колькасць значэнняў мнагазначнага слова: каменка (2), кладка (3), лёт (3). Націск у словах адсутнічае. Па часцінамоўнай прыналежнасці амаль усе прыведзеныя словы - назоўнікі; рэдка ўключаюцца прыметнікі ў форме адз. л. н.р. ( азёрнае, астраўное, бузянае, летняе, лясное ). Па сваім напаўненні гэты падрыхтовачны матэрыял Я. Драздовіча дастаткова бедны, бо ахоплівае малую колькасць тэматычных груп, адлюстроўвае пераважна шырока распаўсюджаныя паняцці (аблог, азяро, балота, вір, гай, дзёран, дрыгва, жарствяк і інш.), уключаюцца ў яго і лексічныя адзінкі, асобныя з якіх можна ахарактарызаваць як наватворы складальніка ( адгор'е, мелкасьць, топкасьць, кромкасьць і інш.).

Матэрыялы гэтага слоўніка пэўным чынам дапаўняюць запісы, што змешчаны на мікрафільме "Рукапісныя матэрыялы" [8]: назвы камянёў ( сівец, сіпец, сыпун, нанос ), паверхні зямлі, пяскоў, гліны, балот, гор, формы гор і інш. (больш за 300 адзінак).

"Матэр'ял да Бел. Слоўніка "Батаніка і аграномія" [2, л. 5-8] складаецца з некалькіх адрозных частак. Самая вялікая з іх прысвечана сельска-гаспадарчым раслінам і карняплодам: яна ўключае 14 груп найменняў ( жыта, ячмень, пшаніца, авёс, боб, гарох, віка, бульба, бурак, грыжына, рэпа, рэдзька, радыса, морква ). Гэта частка слоўніка пабудавана па тэматычна-гнездавым прыныцыпе і аформлена як тлумачальны лексічны даведнік. Тэматыка і намінацыйны склад кожнай групы задаюцца загаловачным словам, якое выносіцца асобна: напрыклад, да групы "жыта" Я. Драздовіч адносіць жыта, жытцо*, жытнік, жытніца, жыці*на, жыціна*, жыцініна, жы*цішча, паджы*цьце, іржышча або жніўё, жы*ціца, гірса*, ярыца, рунь або рунія , а ў групе "бульба" дадаткова пералічвае і гатункі бульбы ( малінаўка, пасьпешка, сучка, парная і інш.). Кожнаму слову даецца тлумачэнне; калі слова мнагазначнае, то прыводзяцца ўсе значэнні ( жытніца - 1) жытная мука, 2) жытная салома ); у слоўнікавым артыкуле прыводзяцца і прыказкі, прымаўкі, устойлівыя выразы з дадзеным словам ( Гірсіца хлебу помач ні дае , Як ня ўродзіць жытцо - слабае жыцьцё і інш.).

Другая частка слоўніка ўяўляе сабой спісы слоў у алфавітным парадку без усялякіх памет. Тэматыку першага з іх, які складаецца з 90 лексем, можна акрэсліць як назвы раслін (культурных і дзікіх) і грыбоў: абабак, агрэст, агурок, альха, асот, асіна, баган і г.д. Другі спіс слоў (80 лексем), у якім часта парушаецца алфавітны парадак, адлюстроўвае марфалогію раслін (назвы састаўных частак): завязь, пыльнік, быльлё, зярно, семя, ліст, прут, пянёк, бяроста і інш. Трэці спіс, названы Я. Драздовічам "Рамулёвастые", уключае 8 назваў відаў раслін: махрыстые, мядунчатые, дзядульковые і інш. Чацвёрты спіс, ён не завершаны, пра што сведчаць запісы, бо абрываецца на літары "б", адлюстроўвае разнастайныя паняцці па аграноміі (80 лексем у алфавітным парадку): абрэз, абсада, абсеў, абхоп, абгон, аблом, адмор, адорваль і інш.

Адметная частка ў моўным набытку Я. Драздовіча - падрыхтоўчыя матэрыялы, якія не маюць агульнай назвы [2, л. 9-10]. Яны складаюцца з 5 частак: "Хатнія рэчы (нутро хаты). Абстаноўка" (56 лексем); "Збруя" (33) - словы: збруя, сродкі для перавозкі (карафашка, лінейка, вазок, сані, санкі, развалкі, лыжы ); сельскагаспадарчыя прылады ( саха, барана, каса, рыдлёўка, жнейка ); "Посуд" (76); "Будоўля" (122). Словы ў спісах размешчаны ў адвольным парадку, не суправаджаюцца ніякімі паметамі. Матэрыял дастаткова багаты, але не структураваны.

Я. Драздовіч, магчыма, рабіў спробу стварэння слоўніка тэрмінаў па заалогіі [2, л.11-12, 19], але, як і ў іншых выпадках, не прытрымліваўся традыцыйнай схемы тэрміналагічнага слоўніка. Так, матэрыялы слоўніка па адлюстраванні намінацыйнымі сродкамі прадстаўнікоў жывёльнага свету пабудаваны па тэматычным прынцыпе. Яны аб'ядноўваюць 5 груп жывёл: каровы, вол, качкі і вуткі, кот, сабака) і змяшчаюць звесткі з усіх галін па дадзенай тэме. Напрыклад, у групе "каровы" падаюцца найменні, якія ўключаюць: разнастайныя назвы кароў (у залежнасці ад узросту, часу нараджэння, ласкальныя: каравяжка, ялаўка, нецелка, падцёлачак, быська, бысанёнак , масці кароў: бурая, рыжая, гарбалысая, рабая , інш., прыкметы: рагатая, лабатая, тошчая, ломаны рог; тошчае вымя, перадойка, поснамалочніца , інш., мянушкі: бурэня, рыжуха, сівуха, рыжавушка , інш., назвы хвароб кароў: крываўка, вугрыстасьць, "капытніца", "язык" , інш., гукаперайманні: му!, рык!, бом-бом-бом! , выгукі для падзывання, "гону" кароў: Фухутка, тусютка! Цялу-цялух-цялух!; Аксыля, ксыля! Ксыль-дамоў! , прымаўкі і ўстойлівыя спалучэнні, у якіх фігуруюць словы, тэматычна звязаныя са словам "карова": Таўсты як карова; Здароў як бык; Ні мычыць, ні целіцца; божы бычок , песні: "…У багатай валы ды каровы" і інш.

Да ліку адметных набыткаў Я. Драздовіча належыць таксама "Матэр'ял да беларускага слоўніка па псыхалёгіі" [2, л.16-18]. Яго другая назва - "Характэрызація дарэчнасці і адрэчнасці людзей" (374 лексемы), але гэты збор захаваўся не поўнасцю. Лексіка-граматычна матэрыял слоўніка выразна падзяляецца на дзве часткі: прыметнікі (і рэдка - назоўнікі), што называюць 1) станоўчыя і 2) адмоўныя якасці характару людзей. Словы размешчаны ў алфавітным парадку. У адносінах да намінацыйнага складу рэестравых абазначальных сродкаў выразна выяўляецца, што прыведзеныя назоўнікі часцей за ўсё маюць экспрэсіўна-ацэначны характар, інакш кажучы, зніжаную стылістычную афарбоўку: лымза, нудзілла, пыжык, сьцігун, брахло, брахун і да т.п. Мабыць, гэты матэрыял павінен быў стаць асновай для беларуска-рускага даведніка. Меркаваць так дазваляюць дадатковыя звесткі, якія суправаджаюць лексему: пасля большай часткі беларускіх слоў у дужках пазначаны іх пераклад на рускую мову.

Вельмі цікавым і ўнікальным матэрыялам з'яўляецца спіс беларускіх слоў, які лексіка-граматычна аб'ядноўваецца ў групу выклічнікаў (240 адзінак) [2, л.20]. Выклічнікі пададзены ў алфавітным парадку. Адметнасць дадзенай лексіка-граматычнай падборкі ў параўнанні з іншымі матэрыяламі ў тым, што акцэнт у гэтым спісе зроблены на гукі нежывой прыроды, бо большая частка выклічнікаў, якія, як правіла, ужываюцца пры падзыванні або адгоне свойскай жывёлы, птушак, не прадстаўлена. Тут шырока адлюстроўваюцца формы тыпу: бім-бім, бом-бом, боўць, бох-бох, боць, бразь, брох, бубн, буг, бук, буль-буль, бум і інш.

З наяўных архіўных матэрыялаў [2, л. 20-28] можна зрабіць вывад, што Язэп Драздовіч рыхтаваў таксама і вялікі поўны слоўнік беларускай мовы. Сведчанне таму - спіс слоў (больш за 2130 адзінак) на літару А. Але гэта чарнавы накід, паколькі матэрыялы суправаджае велізарная колькасць закрэсліванняў і выпраўленняў. Ва ўсіх словах прастаўлены націск. Па часцінамоўнай прыналежнасці - гэта назоўнікі, дзеясловы; словазлучэнні тэрміналагічнага характару і прыметнікі сустракаюцца надзвычай рэдка. Відавочна, што, дзе была магчымасць, Я. Драздовіч імкнуўся з прыметніка і дзеяслова ўтварыць назоўнік (суфіксы -нн-, -анн-, -аванн-, -ств- і інш., што служаць для ўтварэння абстрактных назоўнікаў, характэрных для навуковага стылю): у слоўніку пададзены назоўнікі абалвані*ваньне, абапё*ртасць , аднак адпаведных утваральных дзеясловаў абалваніваць і абаперціся няма; ёсць назоўнікі абаю*днасць, абгарэ*ласьць , але прыметнікі абаюдны і дзеепрыметнік абгарэлы адсутнічаюць. Цікава, што многія ўтвораныя назоўнікі Я. Драздовіч сам закрэсліваў, бачачы, відаць, іх нежыццяздольнасць: абамленьне , абгатоўваньне, абжырства, аблавушша, аблусчанасьць і многія інш.

"Прыказкі і прымаўкі" [6], сабраныя на Дзісеншчыне Я. Драздовічам і змешчаныя ў асобным сшытку, уяўляюць таксама вялікую каштоўнасць. У гэтым сшытку Я. Драздовіч зафіксаваў больш за 800 прыказак і прымавак (многія з іх паўтараюцца ў чарнавых запісах [5]). Прыказкі не сістэматызаваны, пададзены адвольна. У чарнавіках - "Чорнай кніжцы" - прыказкі ўпарадкаваны па наступных крытэрыях: а) па тэматыцы ("Да Бога", "Да жыцьця", "Да сьмерці", "Да багацьця" і г.д.), б) па сінтаксічных сродках сувязі, інакш, па наяўнасці ў складзе прыказкі пэўнага злучніка (напр., абы, ды, як і так, ці, то і інш.). Акрамя прыказак, сшытак "Прыказкі і прымаўкі" змяшчае народныя прыметы (31 адзінка), "прыкметы на пагоду" (15 адзінак), загадкі (9), параўнанні (каля 75 - пра чалавека, 5 - "да смаку", 8 - "да калёраў", 5 - "да масьцяў птушак", 14 - "да зьвяроў", 11 - "да тэмпературы"), "заклінаньні і замоўкі" (3). Адметным і вельмі цікавым з'яўляецца тут раздзел "Наследаваньне голасу жывёл": пасля назвы жывёлы ці птушкі (усяго 45) падаецца характэрны для яе гук (выклічнік па прыналежнасці пэўнай часціне мовы), а таксама дзеяслоў, што абазначае адпаведнае дзеянне, утворанае на аснове пачутага гуку (Шпак: фюфіка*ць, "фю-фю-фі*", сьвішчыц ь).

Такім чынам, пералік захаванага ў архівах матэрыялу, з якім і над якім працаваў Я. Драздовіч, дазваляе сцвярджаць, што лексікаграфічная спадчына аўтара надзвычай багатая і разнастайная.

Падрыхтоўчыя матэрыялы, хоць не заўсёды дасканалыя, сведчаць, па-першае, пра досыць вялікі аб'ём працы, якую прарабіў Я. Драздовіч (слоўнікі па анатоміі, геалогіі, геаграфіі, батаніцы, аграноміі, заалогіі, сельскай гаспадарцы; пачатак працы над поўным слоўнікам беларускай мовы), па-другое, што надзвычай важна, "мастак" ведаў пра цэнтральнае кола праблем слоўнікавых камісій Інбелкульта (як мага хутчэй стварыць перакладныя лексікаграфічныя даведнікі па тэрміналогіі для ўсіх галін навукі і акадэмічны слоўнік) і пра тыя задачы, што ставіліся галоўнай установай краязнаўства - Цэнтральным бюро - перад мясцовымі краязнаўцамі, прадстаўнікамі тагачаснай інтэлігенцыі. Карткі ж, што ён дасылаў у Віленскае выдавецкае таварыства, а таксама ў рэдакцыю Беларускага этнаграфічнага слоўніка і Беларускай этнаграфічнай энцыклапедыі, кажуць пра яго высокі прафесіяналізм: задоўга да выдання "Віцебскага краёвага слоўніка" М. Касьпяровіча (1927) і "Краёвага слоўніка Чэрвеншчыны" М. Шатэрніка (1929), якія меліся быць узорам для далейшай працы краязнаўцаў, Я. Драздовіч свае слоўнікавыя матэрыялы афармляў не згодна з тагачасным правапісам, а з захаваннем мясцовых фанетычных асаблівасцей маўлення, беларускія словы тлумачыў спачатку праз рускую мову, а пасля па-беларуску, даваў тэрмінам з заалогіі і батанікі лацінскія адпаведнікі, у большасці выпадкаў ілюстрацыямі суправаджаў прыклад ужывання загаловачнага слова, дадаваў да кожнага слова адметны лінгвістычны пашпарт. Адзіным недахопам лексікаграфічных матэрыялаў аўтара можна лічыць адсутнасць граматычных, а таксама часткова стылістычных памет. Апошняе тлумачыцца рознымі прычынамі, у тым ліку, мабыць, і недастатковай лінгвістычнай адукацыяй Я. Драздовіча. У выпадку са слоўнікам выклічнікаў, складзеным Я. Драздовічам, яго варта прызнаць наватарам .

Склалася так, што некаторыя матэрыялы Я. Драздовіча не былі дапрацаваны да канца, а іншыя, хоць і прафесійна зробленыя, - своечасова не выкарыстаны. Між тым, яны маглі б стаць добрым падмуркам для далейшай працы розных слоўнікавых камісій. Язэп Драздовіч не толькі апярэдзіў сваіх сучаснікаў краязнаўцаў - лексікографаў уласнай практыкай складання шматлікіх тэрміналагічных і іншых слоўнікаў. Ён закладваў падмурак "Слоўніка жывой беларускай мовы" і прадэманстраваў магчымы ўзор яго ўвасаблення.

Відавочна адно, што рукапісныя матэрыялы Я. Н. Драздовіча з'яўляюцца арыгінальнымі непаўторнымі лексікаграфічнымі працамі, якія заслугоўваюць спецыяльнага тэарэтычнага даследавання з боку структуры, зместу, характару падачы матэрыялаў. Што ж да асобы аўтара, то яна павінна заняць адпаведнае месца як ў гісторыі нацыянальнага краязнаўства, так і нацыянальнага мовазнаўства.

Літаратура:

1. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 30. - "Слоўнікавы матэр'ял з Дзісеншчыны. Літ. Б.".

2. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай біблі-ятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд №2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 31. - "Падрыхтовачны матэр'ял для беларускага слоўніка".

3. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 27. - "Лінгвістычныя матэрыялы (гаворкі Дзісеншчыны і Піншчыны), сабраныя і запісаныя Драздовічам".

4. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд №2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 29. - "Беларуска-расейская тэрміналёгія па анатоміі і фізыялёгіі цела чалавека".

5. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай біблі-ятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 26. - "Народныя прыказкі Дзісеншчыны".

6. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 25. - "Прыказкі і прымаўкі, сабраныя Драздовічам".

7. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэ-кі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. М/ф 188. - Лінгвістычныя матэрыялы да беларускага этнаграфічнага слоўніка. (Піншчына). - 1926. - 597 кадр.

8. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. М/ф 205. - Рукапісныя матэрыялы. Малюнкі. Беларуская кааператыўная часопісь. 1932. - 264 кадр.

9. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. М/ф 186. - Рукапісы этнаграфічных матэрыялаў Дзісеншчыны. Піншчына. - 510 кадр.

10. Архіў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Фонд № 2 "Язэп Драздовіч". - Воп. 1. - Адз. зах. 38. - "Лісты, адрасаваныя Віленскаму Выдавецкаму таварыству".

11. Багдановіч, І. Драздовіч Язэп / І. Багдановіч // Бел. пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. - Мінск, 1993. - Т. 2. - С. 370-372.

12. Драздовіч Язэп Нарцызавіч // Асветнікі зямлі беларускай, Х - пачатак ХХ ст.: энцыкл давед. - 2-е выд. - Мінск, 2006. - С. 148-149.

13. Ліс, А. Вечны вандроўнік: нарыс пра маст. Язэпа Драздовіча / А. Ліс. - Мінск: Юнацтва. - 1984. - 253 с., 9 іл.

14. Малаш, Ю. "Нашы прадзеды жылі словамі…": літ. і даслед. дзей-насць Я. Драздовіча / Ю. Малаш // Роднае слова. - 1998. - № 2. - С. 173-183.

15. Малаш, Ю. Мастацка-этнаграфічная, лінгвістычная калекцыя Язэпа Драздовіча з Піншчыны, 1926 год / Ю. Малаш // Народнае дойлідства Беларусі. Праблемы захавання, выкарыстання і інтэрпрэтацыі: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, 27-28 верасня 2006 г., г. Мінск / уклад. В.Ул. Мі-рончык. - Мінск: А. М. Вараксін, 2007. - С. 154-159.

16. Малаш, Ю. Язэп Драздовіч - вандроўнік, мастак, гісторык / Ю. Малаш // Беларускі гістарычны часопіс. - 1999. - № 2. - С. 78-82.

17. Малаш, Ю. Язэп Драздовіч - творца беларускай культуры / Ю. Малаш // Грамадскія ідэалы: Нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню: навук. зборн. / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. - Мінск: "ННАЦ імя Ф. Скарыны", 2002. (Беларусіка - Albaruthenica; Кн. 13). - С. 131-135.

18. Раманюк, М. Этнаграфічныя малюнкі Язэпа Драздовіча / М. Раманюк // Спадчына. - 1994. - № 3. - С. 78-83.

19. Содаль, У. Маляваў і роднае слова шанаваў / У. Содаль. // Роднае слова. - 2008. - №10. - С.102-104.

Алена Сакалова
Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства (на прыкладзе гістарычнай спадчыны Браслаўскага раёна)

Турыстычны складнік дзяржаўнай палітыкі любой краіны з'яўляецца адным з найважнейшых кірункаў развіцця культуры і эканомікі, а развіццё турызму праз папулярызацыю краязнаўства будзе служыць як прыцягненню дадатковых сродкаў на развіццё раёна, так і фармаванню вобраза гістарычна багатай і цікавай для наведвання замежнымі гасцямі зямлі. Але гэтая палітыка павінна праводзіцца сумесна з дзяржаўнымі органамі, гісторыкамі, грамадскімі аб'яднаннямі, а таксама з прыцягненнем мясцовага насельніцтва.

Браслаўскі раён з'яўляецца вельмі цікавым як з боку гістарычнай спадчыны, так і выдатнай мясцовасці для адпачынку і вандровак.

Браслаўшчына - фарпост Полацкага княства, таму практычна кожнае паселішча мае шматвекавую гісторыю. Так, напрыклад, Браслаў і Пераброддзе ў Сярэднявеччы былі гарадамі з Магдэбурскім правам, тут захаваліся сляды шматлікіх замкавых пабудоў. Браслаўскі раён багаты на гістарычна-культурныя помнікі. У раёне 25 помнікаў археалогіі, 35 помнікаў матэрыяльнай культуры. Сярод іх неалітычныя стаянкі, гарадзішчы жалезнага веку, курганы, замчышчы, культавыя валуны. У першую чаргу - гэта гарадзішча Замкавая гара ў Браславе, далей можна назваць унікальныя астраўныя замчышчы ў в. Іказнь і Дрысвяты, гарадзішча Маскавічы, курганныя групы ў в. Вукля і Вопса. Сярод культавых пабудоў неабходна адзначыць комплекс 17 ст. бернардзінскага кляштару у мястэчку Друя, які складаецца з Траецкага касцела і жылых карпусоў, касцел у г. п. Відзы (пач. 20ст.), які з'яўляецца самым высокім на тэрыторыі Беларусі, драўляны Петрапаўлаўскі касцёл у в. Дрысвяты (1926 г.), касцёлы ў в. Слабодка, Вопса, Іказнь, Свята-Успенская царква ў г. п. Відзы (1910 г.) і многія іншыя, пабудаваныя ў пачатку 20 ст. Захаваліся ў раёне 2 панскія сядзібы ў в. Відзы-Лаўчынскія (кан. 18 ст.) і в. Вопса. У г. Браславе асаблівы архітэктурны каларыт стварае Свята-Успенская царква (1897 г.) і касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, якія знаходзяцца побач з Замкавай гарой, таксама комплекс жылой забудовы (1924-1926 г.) у цэнтральнай частцы горада, будынак былой лячэбніцы (пач 20 ст.).

Маюцца помнікі садова-паркавага мастацтва, гэта - парк "Бяльмонт", які быў заснаваны ў другой палове 18 стагоддзя. На Замкай гары ў г. Браславе пахаваны вядомы ўрач, грамадскі дзеяч С. Нарбут, а ў г.п. Відзы - адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года Т. Ваўжэцкі. На тэрыторыі раёна размешчаны 47 ваенных пахаванняў, значная колькасць мемарыяльных знакаў, звязаных з падзеямі Другой Сусветнай вайны.

Усё гэта прываблівае беларусаў і замежных гасцей, і ў апошні час справа ў турыстычнай сферы крыху паляпшаецца: на фестываль "Браслаўскія Зарніцы" запрашаюць замежных гасцей, працуюць Браслаўскі краязнаўчы музей і Дом рамёстваў, асаблівай падзеяй у жыцці горада з'яўляецца фэст у гонар Цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі азёр, у якім прымаюць удзел паломнікі з бліжняга і далёкага замежжа, кожны год праводзіцца ралі, арганізаваныя турыстычныя маршруты. Таксама развіваюцца праекты, якія датычацца захавання гістарычнай спадчыны і развіцця прымежнага турызму.

Паводле вынікаў конкурсу грантаў Праграмы прымежнай супрацы Латвія - Літва - Беларусь быў падтрыманы супольны праект Браслаўскага райвыканкаму і Рэзэкненскай гарадской думы (Латвія). Па словах старшыні аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкаму Яўгена Лабуця, галоўнай мэтай праекта з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай і гістарычнай рамеснай спадчыны. Дзеля гэтага трэба засведчыць, што тэрыторыя Браслаўскага раёна - прывабнае месца для правядзення буйных рэгіянальных імпрэзаў у галіне культуры, бюджэт праекта складае больш за 1,2 млн € і будзе рэалізаваны за 18 месяцаў.

Адметна, што праекты падаваліся з боку замежнікаў. Аднак, паводле беларускага заканадаўства - усе яны мусяць быць папярэдне зацверджаныя пастановаю Савета Міністраў. Без дазволу чыноўнікаў заяўкі не прымаюцца да разгляду, і праект не можа быць рэалізаваны. Пад пытаннем застаецца тое, наколькі прадуктыўна і празрыста будуць разыходзіцца еўрапейскія грошы.

Але існуе шмат праблем у адносінах да гістарычнай спадчыны раёна. На Браслаўшчыне вядуцца несанкцыянаваныя раскопкі: на замчышчы ў Дрысвятах, на выспе Замак, у Іказні. У самім Браславе разбураецца драўляны калодзежны шацёр ХІХ ст., на Замкавую гару горада бескантрольна ездзяць машыны, разбураючы культурны слой.

Да 2015 года ў Браславе маюць намер аднавіць фрагменты старажытнага гарадзішча. Акрамя таго, тэрыторыю Замкавай гары плануецца добраўпарадкаваць. Гэта прадугледжана планам мерапрыемстваў па стварэнні санаторна-турыстычнага комплексу ў Браслаўскім рэгіёне на 2011-2015 гады, распрацаваным Віцебскім аблвыканкамам па даручэнні Савета Міністраў.

Па каментары недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі звярнуліся да вядомага браслаўскага гісторыка і краязнаўца Кастуся Шыдлоўскага, каб той выказаў меркаванне пра "добраўпарадкаванне" Замкавай гары, дзе пачалі будаваць новыя будынкі. Спадар Шыдлоўскі лічыць, што гэта безгустоўная рэч і нават злачынная, бо гістарычны ландшафт парушаны. На помніках кшталту браслаўскай Замкавай гары нельга будаваць нічога - ні альтанкі, ні хаткі, ніякія пабудовы. Адзінае, што там можна рабіць - падкрэсліваць гістарычнасць гэтага месца, дадаваць нейкую інфармацыю для турыстаў, прапаноўваць нейкі варыянт гістарычнай сцяжынкі. Усталяваць стэнды, якія распавядаюць пра асноўныя моманты гісторыі гэтага помніка і прапануюць варыянт абыходу з пазначэннем месцаў, дзе адкрываюцца найлепшыя краявіды, месцаў, дзе адбываліся нейкія падзеі ці існавалі нейкія пабудовы.

Самай вялікай пагрозай застаецца тое, што сучаснае кіраўніцтва раёна мае намер узвесці копію, дакладней, ніякую не копію, а мадэль нейкага замка. Хутчэй за ўсё, праект будзе зроблены з выкарыстаннем сучаснага матэрыялу. Гэта загубіць Замкавую гару, асабліва калі пачнуцца земляныя працы.

Таксама хацелася б прывесці прыклад поўнага разбурэння гары, на месцы якой пабудавалі цэлы раён шматпавярховых дамоў. Да гэтай будоўлі існаваў выдатны краявід з гэтага ўзвышша на два возеры - Бярэжжа і Святцо, якія звязаны між сабой перашыйкам, і дзе можна было б аформіць прывабную турыстычную зону, але ўлады загадалі, а грамадскасць прамаўчала. У выніку на самым беразе возера, насуперак усім нормам і правілам, з маўклівай згоды Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" стаяць дамы, а таксама існуе меркаванне эколагаў, што пасля знішчэння гары возера Святцо можа зусім знікнуць.

Наступным аб'ектам турыстычнага інтарэсу з'яўляецца гара Маяк. Гара Маяк - самая высокая кропка Браслаўскага раёна вышынёй 174 метры над узроўнем мора. З самага верху адкрываецца панарама з вежамі касцёлаў у Слабодцы, Плюсах, Іказні і ланцугом азёр, а таксама краявіды на плошчы 80 квадратных кіламетраў, а лінія гарызонта знаходзіцца на тэрыторыі суседняй Латвіі. Ды толькі ўсё гэта знаходзіцца ў заняпадзе: прыязджаюць турысты, якія хацелі б нешта высветліць аб гісторыі гэтай мясціны, а амаль ніякіх звестак на шыльдах няма, адсутнічаюць сметнікі вакол, прыбіральні ў неналежным стане, на пад'ездзе да гары можна адкрыць пункты па пракаце бінокляў і г.д. У 2011 годзе па недаглядзе згарэла альтанка, якая знаходзілася на самым высокім пункце гары.

Вось так выглядае справа ў Браслаўскім раёне на прыкладзе расповяду толькі аб трох узвышшах. Ды толькі сітуацыя напрыклад з панскай сядзібай у мястэчку Вопса не лепшая: яна стаіць разрабаваная, некалькі год таму была спроба пачаць яе рэканструкцыю, ды потым усё хутка скончылася. Турысты прыязджаюць, цікавяцца сядзібай, але паказаць ім няма чаго.

Але замінка ў ператварэнні Браслаўшчыны ў "сапраўды турыстычны край" не толькі за вырашэннем "інфраструктурнага" пытання, справа не толькі ў візавых фармальнасцях ці фармаванні сучаснага турыстычнага прадукта і брэнда краіны, хоць і тут, вядома, шмат праблем. На маю думку, Беларусі патрэбна дастатковая колькасць крэатыўных спецыялістаў новага пакалення, якія б дапамаглі ўсе гэтыя пытанні вырашыць разам з мясцовымі ўладамі, якія б не проста будавалі гістарычную бутафорыю, а захоўвалі б культурна-гістарычную спадчыну з улікам патрабаванняў турыстычнага бізнесу 21 стагоддзя.

Вольга Дайлід, настаўніца гісторыі
Творцы сучаснай гісторыі. Краязнавец Аляксандр Фаміч Зайка

Як вялікая рака бярэ пачатак з маленькіх крыніц, так і любоў да Радзімы і народа пачынаецца з ведаў аб роднай прыродзе, гісторыі, культуры, з цікавасці да людзей і іх працы. Няма ніводнага горада ці вёскі, з якіх не выйшлі б вядомыя людзі, дзе не захоўваліся б значныя, з гістарычнага і культурнага пункту гледжання, прадметы, помнікі, створаныя папярэднімі пакаленнямі.

Ёсць чым ганарыцца і нашай Івацэвіччыне, ёсць што даследаваць і вывучаць. Былі і ёсць людзі, чыё жыццё і дзейнасць можа стаць прыкладам для сённяшніх школьнікаў. Адным з такіх людзей з'яўляецца настаўнік, даследчык культурнай спадчыны краю - Аляксандр Фаміч Зайка, які жыве ў вёсцы Заполле.

Вёска Заполле знаходзіцца за 5 км на поўдзень ад Косава, абкружаная з усіх бакоў лесам. У вёсцы ёсць сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, пошта, лазня, тры магазіны, ФАП [1, с. 399].

Запалянскія дзяды апавядаюць, што бялавіцкі пан, каб мець болей засеву, выганяў людзей глыбей у лес, на ляды і расцяробы за ўжо вырабленае поле. Адгэтуль і назва селішча: за полем - значыць Заполле.

А яшчэ расказваюць, каб раскарчаваць лес, вырабіць яго на поле, трэба прыкласці шмат здароўя і сіл. Гэта ўжо, каб пахваліцца, што дужэйшых, здаравейшых людзей, чым у Заполлі, не было ва ўсёй акрузе. Бо вось і дагэтуль жыве памяць пра запалянца, які адужаў асілка з вандроўнага тэатра.

Пахваляцца сваёй дужасцю, спрытам, сілай - ды тут жа над сабой і пасмяюцца. Людзі з навакольных вёсак называюць запалянцаў не інакш, як запалянскай валокай. Надта ж яшчэ да бітвы ахвочыя былі. Распусцяць валоку ад пасталоў, ды ходзяць па кірмашы ў мястэчку. Наступіць хто на вяроўчыну - вось і зачэпка, каб ужо пабіцца. Даўно гэта было, і пасталоў ніхто не носіць, а вось байка гэтая засталася ў памяці. А яшчэ косаўцы, каб пасмяяцца з суседзяў, з залішняй, на іх погляд, працавітасці, кажуць, што "запалянцам не дай зарабіць, а дай нарабіцца" [1, с. 400].

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Заполле згадваецца 18 красавіка 1592 г. у "Геаграфічным слоўніку 1880" як вёска і маёнтак у Слонімскім павеце Косаўскай гміны пры Брэст-Маскоўскай шашы. У 1886 г. у вёсцы ў 83 дварах пражывала 846 жыхароў, стаяла карчма, магазін - грамадскі свіран, у які сяляне кожны год ссыпалі пэўную частку свайго ўраджаю. У 1905 г. у вёсцы Заполле пражывала 1463 жыхары, цяпер у 312 дамах - 680 чалавек.

Алесь Фаміч Зайка нарадзіўся ў 1948 годзе ў в. Заполле Івацэвіцкага раёна, дзе і сёння жыве. У 1966 годзе закончыў Косаўскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Пасля службы ў Савецкай Арміі вярнуўся ў родную вёску, дзе працаваў настаўнікам спачатку фізкультуры, пасля беларускай мовы і літаратуры. Аляксандр Фаміч любіць жартаваць: "Менавіта ў выкладанні фізкультуры я дасягнуў найвялікшых поспехаў, бо цяпер з дзясятак маіх вучняў працуюць у школах фізрукамі". Але гэта яго жарт. Вядома, што вельмі многія вучні ганарацца сваім настаўнікам. А ён таксама, аддаўшы ім значную частку свайго жыцця, захоплены дзецьмі, часта любіць пытацца: "Ну, і чым жывяце, маладое пакаленне?" У гэтых словах бачыцца жаданне зразумець імклівую філасофію моладзі. І ўвесь час працуючы ў асяроддзі моладзі, дзяцей, паважаны настаўнік сам пачуваецца маладым. Таму ўсе знаёмыя Аляксандра Зайкі адзначаюць яго неверагодна магутную жыццёвую энергетыку і аптымізм [2, с. 3].

Празаік, краязнаўца, фалькларыст, мовазнаўца, улюблёны ў родную зямлю - усё гэта пра нашага земляка Аляксандра Зайку. Шмат што з напісанага ім чакае сваёй публікацыі. Многія этнаграфічныя работы Аляксандра Зайкі ўвайшлі ў выдадзеныя кнігі аб раёне, артыкулы пра даўняе і нядаўняе гістарычнае мінулае нашага раёна пастаянна друкуюцца ў раённай газеце "Івацэвіцкі веснік".

У сваёй школе Аляксандр Фаміч з дзецьмі стварыў выдатнейшы этнаграфічны музей, наведаць які прыязджаюць людзі з самых розных рэгіёнаў. Дарэчы, за значны ўклад у музейную дзейнасць Аляксандр Зайка быў адзначаны вялікай колькасцю грамат і дыпломаў. Музей у Заполлі лічыцца адным з самых лепшых у Брэсцкай вобласці.

Разам з дзецьмі Аляксандр Фаміч ладзіць розныя выставы да пэўных знакавых падзей, ён вучыць дзяцей успрымаць навакольнае багацце свету ва ўсёй яго прыгажосці. У гэтым можна пераканацца, пачытаўшы ягоныя кароткія нататкі "Дым з коміна". Апроч гэтага, у 2011 годзе ўбачыла свет яшчэ адна яго кніга - "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны". Незвычайная кніга, бо кожны радок радуе душу і грэе сэрца. Праца над гэтай кнігай доўжылася 40 гадоў. Я думаю, што кнігу найбольш ацэняць вучоныя-лінгвісты, філолагі. У сённяшнім слоўніку "сцяблінка жыта - саломіна", а нашы продкі ўмелі назваць і льняную сцяблінку сваім непаўторным словам [3, с. 4].

Займаецца настаўнік з Заполля зборам краязнаўчага матэрыялу, сярод якога легенды, песні, жарты, прозвішчы, мянушкі, мікратапаніміка і г.д. Ён можа гадзінамі распавядаць пра звычаі і характары сваіх землякоў.

У праекце Аляксандра Зайкі значацца яшчэ "мемуары простага чалавека" - яго бацькі, збор дарожных нататак і зборнік показак, пачутых ад жыхароў вёскі Спорава, якія славяцца ў гэтых мясцінах надзвычайным пачуццём гумару. Спадар Алесь мае намер стварыць здаровую канкурэнцыю Уладзіміру Ліпскаму, які абвясціў сталіцай народнага гумару вядомыя Аўцюкі: "Бо ў спораўцаў гумар - ядроны і жарты - смяшнейшыя!" [8, с. 3].

Улюблёным аб'ектам даследавання Аляксандра Зайкі з'яўляецца Косаўшчына. Як вядома, менавіта Аляксандр Фаміч пачаў адстойваць у краязнаўчых колах сапраўдную назву ўрочышча, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка - Марачоўшчына. Бо ўсе ж энцыклапедыі пішуць памылкова на польскі манер - Мерачоўшчына. Краязнавец з Заполля лічыць, што паходзіць слова "марачоўшчына" ад "марочна" - балоцістая мясцовасць.

Аляксандр Фаміч з'яўляецца ганаровым госцем у доме-музеі Тадэвуша Касцюшкі на Марачоўшчыне. Гэта ж і ён шмат намаганняў прыклаў да з'яўлення музея. Яшчэ ў 1996 годзе Аляксандр Фаміч стаў лаўрэатам прэміі Тадэвуша Касцюшкі. Дыплом аб атрыманні прэміі захоўваецца цяпер у самім музеі разам з імянным гадзіннікам з выявай Тадэвуша Касцюшкі. "Усяго ў Беларусі такіх гадзіннікаў шэсць, - кажа Аляксандр Зайка. - Навошта аддаў такую рэліквію? Збіраючы наш этнаграфічны музей у Заполлі, я часта сутыкаўся з людзьмі, якія шкадуюць аддаваць старыя рэчы. Мне не хацелася самому ператварацца ў такога".

Іншае паспяховае "ламанне дзідаў", у якім браў удзел Аляксандр Фаміч - гэта наданне вуліцы, якая ідзе ад замка, імя Тадэвуша Касцюшкі.

Трэба зазначыць, што свайго часу чакаюць дыялектны слоўнік Косаўшчыны, куды Аляксандр Фаміч аб'яднаў назвы ўрочышч сваёй роднай зямлі, вядомыя з XVI стагоддзя, акрамя гэтага сабрана шмат матэрыялу для слоўніка фразеалагізмаў. Гэта проста ўнікальны матэрыял, якому накавана стаць аб'ектам даследавання лінгвістаў з акадэміі навук.

Аляксандр Фаміч прымае актыўны ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях на адным узроўні з выкладчыкамі ўніверсітэтаў.

Для Аляксандра Фаміча кожны лапік зямлі напоўнены зместам."Раней у гэтым лесе стаяў хутар, - паказвае ён направа. - Засталіся ад яго адныя дрэвы ў садзе. Вельмі люблю заязджаць туды - сяджу, адпачываю. А вось косаўцы будуюць новыя дамы, - паказвае ён налева. - Вельмі люблю Косава: я вучыўся тут у школе і цяпер вельмі часта бываю. Гэта сапраўдны горад, куды там Івацэвічам!" Раён, паводле слоў краязнаўца, можна падзяліць на тры этнаграфічныя зоны - Целяханшчыну, Косаўшчыну і Быценьшчыну. Івацэвічы - тутэйшы Вашынгтон, Нью-Ёрк - Косава: "Яно - як сонца, а вакол промні - вёсачкі" [9, с. 4].

Але як жа сталася, што просты вясковы настаўнік Аляксандр Зайка вядомы не толькі ў сваёй школе, вёсцы, але і далёка за межамі нашага рэгіёна?

Ягонымі сябрамі з'яўляюцца знакамітыя асобы: Алесь Разанаў, Ніна Мацяш і Уладзімір Арлоў.

Некалькі слоў пра сяброўства з вядомым паэтам Алесем Разанавым. Гаворачы пра сваю маладосць, Аляксандр Фаміч увесь час паўтарае: сябрамі - таварыствам, аднадумцамі вызначаецца і шлях, і лёс. Адным з такіх аднадумцаў Алеся Фаміча з'яўляецца ягоная жонка, спадарыня Антаніна, таксама настаўніца. Яшчэ адзін сябар - Алесь Разанаў. Яны аднагодкі і землякі (Разанаў родам з Сяльца, што пад Бярозаю), разам вучыліся ў Брэсцкім педуінстытуце, жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце: "У маладосці мы аб'ездзілі на роварах усе ваколіцы, нават хацелі Разанаву дом тут купіць, але не знайшлі. Мы маглі гадзінамі сядзець у садзе, дыспутаваць: Алесь прыносіў пачытаць кніжкі, якія мы потым абмяркоўвалі".

Што тычыцца сяброўства Аляксандра Зайкі з вядомай паэткай Нінай Мацяш, то гэта вельмі шчырае сяброўства, на жаль, пра яго ўжо можна казаць толькі ў мінулым часе, бо ў 2009 г. Ніна Мацяш памерла. Аляксандр Фаміч з асаблівай пяшчотай і гонарам паказвае віншавальную паштоўку Ніны Мацяш, у якой кожнае слова мае свой сэнс. Але ж і Аляксандр Фаміч віншаваў Ніну Мацяш ў мясцовай газеце ў артыкуле пад назвай "Нізкі паклон табе, паэтка!".

З вялікай павагай да нашага земляка ставіцца паэт, гісторык і проста чалавек, закаханы ў родны край, Уладзімір Арлоў. У гасцях у Аляксандра Фаміча быў і апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Аляксандр Надсан.

На кансультацыі да Аляксандра Зайкі едуць не толькі краязнаўцы, але і навукоўцы, і нават дэлегаты з універсітэта. Усё, дзякуючы ягонаму захапленню родным краем. У траўні 2011 года Аляксандр Фаміч прымаў удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі на тэму "Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання". Аляксандр Фаміч Зайка на канферэнцыі прадстаўляў легенду "Пра паходжанне людзей па-беларуску", запісаную яшчэ ў 1974 годзе са слоў Марфы Захараўны Шчурко.

13 студзеня 2012 года ў Косаўскай бібліятэцы прайшла імпрэза - мядовая прэмія. Гэта самая незвычайная літаратурная прэмія ў свеце, адзіная такая. Лаўрэат атрымлівае разам з дыпломам і вядро чысцюткага мёду з уласнай пасекі Міколы Папекі. Дарэчы, сам Мікола Папека - ураджэнец Івацэвіцкага раёна.

У гэтым годзе салодкая прэмія была ўручана нашаму краязнаўцу, празаіку Алесю Зайку за кнігу "Дым з коміна". Самая смачная літаратурная прэмія знайшла свайго гаспадара.

Апроч літаратурнай дзейнасці Аляксандр Зайка з вялікім захапленнем ставіцца да фотамастацтва. Сёння ў Івацэвіцкім краязнаўчым музеі праходзіць фотавыстава Аляксандра Зайкі пад назвай "Калі любіш…". Трэба зазначыць, што кожны здымак мае сваю трапную назву. Самае галоўнае, як адзначыў аўтар: "Сваё, роднае - непаўторнае!"

Для больш шырокага распаўсюджвання звестак пра дзейнасць нашага земляка - Аляксандра Фаміча Зайкі трэба праводзіць сустрэчы з краязнаўцам у бібліятэках раёна і школах горада. На ўроках беларускай літаратуры ў час знаёмства з творчасцю літаратараў раёна, павінна першаснае месца займаць творчасць Аляксандра Зайкі, якую складаюць гумарыстыка, але ў той жа час мудрыя творы. Досвед Аляксандра Фаміча Зайкі ў даследаванні і папулязацыі гісторыі і культуры раёна з'яўляецца вельмі каштоўным для педагогаў, кіраўнікоў краязнаўчых гурткоў у пабудове ўласнай сістэмы пазнання роднага краю.

А сёння, едучы ў Заполле да Аляксандра Фаміча, можна пераканацца ў тым, што не абавязкова браць з сабой мабільны тэлефон, бо любы запалянец адразу пакажа табе хату настаўніка, асоба якога ахінута тут вялікай павагай.

Літаратура:

1. Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён / У.В. Здановіч, С.П. Жлоба, - Брэст, - Мн., 1997.

2. Далягляды Алеся Зайкі. Газета для Вас, 3 кастрычніка 2008 г.

3. Дыялектны слоўнік Косаўшчыны. Івацэвіцкі веснік, 22 лістапада 2011 г.

4. Мядовая прэмія - Алемсю Зайку. Івацэвіцкі веснік, 20 студзеня 2012 г.

5. Зайка, А.Ф. Дым з коміну. - Мн. 2011.

6. Шматстайнасць адкрыццяў. Краязнаўчая газета, 18 мая 2011 г.

7. Краязнаўчая газета, снежань 2011 г.

8. Падарожнік на матацыкле. Новы час, 30 ліпеня - 5 жніўня 2007 г.

9. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага р-на. - Мн., 1997.

10. Заполянцы мы! Савецкая Беларусь, 3 лістапада 2008 г.

Леанід Лаўрэш
Гісторыя чыгункі на Лідчыне

У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павета была пракладзена чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург - Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваны станцыі Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гародня. У 1871 годзе была здадзена ў эксплуатацыю Маскоўска - Берасцейская чыгунка, на якой былі размешчаныя станцыі Менск, Фаніпаль (тады Франапаль), Негарэлае, Стоўбцы, Гарадзея (тады Гародзей), Пагарэльцы і Баранавічы 1.

Пытанне аб пабудове разгалінаванай сеткі ваенна-стратэгічных чыгуначных ліній на Палессі было прынята на сакрэтных нарадах Расійскага Генеральнага штаба яшчэ ў 1873 г. У 1881 годзе быў падпісаны Найвышэйшы загад пра будаўніцтва 136-вёрстнай чыгункі Жабінка - Пінск, дзе ўпершыню на будаўніцтве чыгунак былі выкарыстаны чыгуначныя войскі. Гэтая дарога была пабудавана за адно лета. Таму паспрыялі раўнінная мясцовасць і амаль поўная адсутнасць штучных збудаванняў. 9 лістапада 1882 г. на ёй адкрыўся пасажырскі і таварны рух. План далейшага будаўніцтва Палескай чыгункі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 траўня прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск: усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік.

Для будаўніцтва станцыі Ліда адышло 6 дзесяцін (6,83 га) зямлі саборнай царквы. Лідская станцыя будавалася за межамі горада, паміж горадам і вёскай Дварцовая Слабада. Пасля будаўніцтва чыгункі горад пачаў пашырацца да вакзала, а Дварцовая Слабада стала месцам жыхарства чыгуначнікаў і паступова ўлілася ў горад 2. Для Палескай чыгункі было пабудавана паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравоза серыі "Чн" 3 і першы, драўляны вакзал. Дарэчы, у бальшыні вакзалы XIX ст. Палескай чыгункі былі драўлянымі, яны будаваліся па тыпавых праектах і адрозніваліся адзін ад аднаго ў асноўным памерамі.

На Лідчыне з'явіліся станцыі Беняконі, Бастуны і Нёман.

У 1886 г. Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменаваны ў Палескія чыгункі. Відавочна з-за ўдзелу ў будаўніцтве чыгункі ў 1887-1891 гг. у Лідзе кватараваў 2-гі чыгуначны батальён царскага войска, які потым быў пераведзены ў Баранавічы 4. Сярод інжынераў - калейшчыкаў, якія будавалі Палескую дарогу, быў граф Ваўжынец Путкамер (1859-1923), унук знакамітай Марылі з Верашчакаў. Чыгунка прайшла за некалькі кіламетраў ад яго радавога маёнтка Больценікі і была апошняй дарогай, у будаўніцтве якой ён прымаў удзел. Ваўжынец Путкамер нарадзіўся ў Больценіках, скончыў гімназію ў Вільні і Інстытут інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу. 10 гадоў адпрацаваў інжынерам, будаваў Уральскую і Бакінскую чыгункі. Пабудаваўшы магістраль каля свайго маёнтка, у 1890 годзе граф выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Больценіках. Ваўжынец Путкамер актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю, быў сябрам сельскагаспадарчага таварыства і куратарам Евангелісцка - рэфарматарскага сінода ў Вільні 5. Два разы абіраўся ў Дзяржаўную думу Расіі: Другую і Чацвёртую. У складзе Другой думы ён уваходзіў у "польскае кола", а ў Чацвёртай - у беларуска - польска - літоўскую групу і быў сябрам рады старэйшын думы.

Палескія чыгункі злучалі Паўднёвы захад Расіі з Прыбалтыйскім, Паўночна-Заходнім, Цэнтральна-прамысловым раёнамі, мелі ваенна-стратэгічнае значэнне, спрыялі распрацоўцы лясных масіваў Беларусі, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, спрыялі росту гарадоў.

Наогул, чыгункам абавязаны сваім нараджэннем гарады Баранавічы, Маладзечна, Асіповічы, Жабінка, Жлобін, Лунінец і інш. Дзякуючы чыгунцы, набылі другое дыханне старыя беларускія гарады - Ліда і Ворша. У той жа час старажытныя і славутыя гарады Мсціслаў, Нясвіж, Наваградак разам з адсутнасцю чыгункі былі пазбаўленыя стымулу для эканамічнага развіцця 6 .

Квіткі на цягнік былі нятанныя. З Віленскага календара за 1899 г. можна даведацца, што нават пасля падніжкі коштаў за праезд, якая адбылася 1 снежня 1894 г., квіток ад Ліды да Вільні каштаваў у першым класе 3 рублі 20 капеек, у другім - 1 рубель 92 капейкі і ў трэцім класе - 1 рубель 28 капеек 7. Пры тым, што ў Еўрапейскай Расіі, гадавы даход на чалавека ў 1900 г. складаў 63 рублі 8, гэта сярэдняя лічба, і шмат людзей не зараблялі і гэтулькі, а ў Беларусі сярэдні заробак быў ніжэй, чым па Еўрапейскай Расіі. У 1896 годзе чалавек, які адназначна быў часткай гарадской эліты Ліды, наглядчык (дырэктар) самай грунтоўнай на той час навучальнай установы ў горадзе - павятовай двухкласнай вучэльні (прагімназія М. Навіцкай пачала працаваць ў 1901 годзе, а ешыбот Рэйнеса ў 1905 г.) С.С. Свідэрскі зарабляў 500 рублёў у год (звыш таго яму выплочваліся грошы за арэнду кватэры) 9.

Каля Лідскага драўлянага вакзала ў 1897 г. была пабудавана праваслаўная капліца. Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер М.І. Катовіч 10 . Праект быў зацверджаны начальнікам тэхнічнага аддзялення ўправы Палескіх дарог. Капліца пабудавана ў гатычным стылі з расшыўкай з шэрай цэглы і мела калоны. Знаходзілася з паўдзённага боку вакзала каля кратаў платформы, на штучным узгорку ў садку, сярод кветнікаў. Дзякуючы загадчыку ўчастка дарогі Лунскаму, які кіраваў працамі, капліца пабудавана на працягу аднаго месяца. Матэрыялы на капліцу абышліся ў 250 рублёў, рабочыя збудавалі яе без аплаты. Абраз Св. Мікалая выпісалі з Масквы, ён каштаваў 125 рублёў. Абраз змяшчаўся ў глыбіні нішы капліцы за шклом, перад ім быў размешчаны вялікі ліхтар - лямпа з рознакаляровым шклом. Капліца ў вячэрні і начны час асвятлялася звонку двума ліхтарамі, пастаўленымі па абодва бакі. Пад абразам была дошка з белага мармуру з залатым надпісам: "Збудаваная стараннасцю службоўцаў палескіх чыгунак на станцыі "Ліда" у памяць Святой каранацыі 14 траўня 1896 года гасудара імператара Мікалая II і гасударыні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Асвечана 30 жніўня 1897 года" 11 .

Для асвячэння прыбыў спецыяльны вагон - царква. Боская літургія ў вагоне-царкве пачалася ў 9.00 раніцы 30 жніўня 1897 г. Літоўскія епархіяльныя Ведамасці пісалі: "Настаяцель вагона-царквы а. Шырынскі прамовіў назідацельнае слова, прысвечанае ўшаноўванню і памяці князя Св. Аляксандра Неўскага, а таксама свяціцеля Мікалая. Пры гэтым а. Шырынскі падкрэсліў глыбокае рэлігійнае значэнне будынка капліцы ў імя гэтага свяціцеля каля чыгункі, пры станцыі, дзе заўсёды спыняюцца цягнікі і дзе, такім чынам, людзі усіх веравызнанняў якія вандруюць, могуць узнесці свае малітвы да Св. абраза свайго апекуна і абаронцы ў дарозе. Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход з вагона-царквы да збудаванай капліцы з абразом Божай маці і мясцовымі абразамі і толькі што напярэдадні асвечаным вялікім абразом для капліцы - пры спеве малітваў Св. Аляксандру Неўскаму і свяціцелю Мікалаю. Абразы неслі чыгуначныя службоўцы станцыі Ліда. Ля самой капліцы, упрыгожанай зелянінай і гірляндамі кветак, было здзейснена воднае асвячэнне з чытаннем малітваў на асвячэнне капліцы і крыжа, які потым быў ўзняты на капліцы, было абвешчана шматгоддзе гасудару імператару і царственнаму дому, Св. Сіноду, архіепіскапу Ераніму, урадаваму сінкліту, воінству, стваральнікам капліцы, начальству Палескіх чыгунак, службоўцам станцыі Ліда і ўсіх ліній гэтай дарогі і ўсім праваслаўным хрысціянам. Урачыстасць скончылася хросным ходам назад у вагон-царкву.

Паўнаце ўрачыстага набажэнства ў гэты дзень шмат садзейнічаў выдатна складзены канторшчыкам станцыі сп. Шаршнёвым хор аматараў з службоўцаў станцыі, які стройна выконваў спевы на ўсіх набажэнствах" 11.

* * *

У чыгуначным раскладзе руху за 1906 год па Палескай чыгунцы з Вільні праз Ліду на Баранавічы - Сарны значыліся 3 цягнікі: хуткі, паштовы, таварны адмысловы, і столькі ж цягнікоў рухалася ў адваротным кірунку 12.

Рэвалюцыя 1905-06 гг. адгукнулася тым, "што 7 кастрычніка 1906 г. паштовы цягнік на Вільню, каля Ліды быў абстраляны невядомымі бандытамі. Некалькі куль прабіла сцяну вагона і адзін пасажыр быў паранены" 13.

27 кастрычніка 1906 г. у 6 гадзін вечара на станцыі Ліда "селянін Мікалай Паўлоўскі пераходзіў чыгуначнае палатно, пры гэтым патрапіў пад манеўровы цягнік, які адрэзаў яму ногі. Пацярпелы быў дастаўлены ў чыгуначную амбулаторыю, дзе праз дзве гадзіны памёр у пакутах" 14.

* * *

Чарговы план будаўніцтва чыгунак быў зацверджаны Указам Мікалая ІІ ад 1 верасня 1901 года.

Расія не мела ўласных сродкаў для такога маштабнага і дарагога будаўніцтва стратэгічных, а значыць - стратных дарог. Затое Францыя, занепакоеная суседствам з Германіяй, настойвала на больш хуткім вырашэнні пытанняў будаўніцтва шляхоў зносін.

На пачатку 1901 г., пасля перамоваў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Расіі былі выдаткаваны французскія пазыкі на суму 200 мільёнаў рублёў для неадкладнага праектавання і будаўніцтва стратэгічных чыгунак. Участак будучай лініі ад Балагое да Полацка абышоўся ў 53 мільёны рублёў, або 118 131 рубель на вярсту - гіганцкія грошы для таго часу.

Дзвюхкаляёвая казённая стратэгічная чыгунка Балагое-Сядлец будавалася з 1902 г. па 1907 г. Часткай гэтай дарогі была лінія Полацк-Сядлец (590 вёрст), якая прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач і мела адгалінаванне з Мастоў на Гародню. Фінансавы бок забяспечыла французская пазыка. Галоўным прызначэннем дарогі з'яўлялася перакідка расейскага войска ў Царства Польскае падчас вайны. Адсюль шматлікія пакгаўзы, вайсковыя пляцоўкі, стайні, хлявы, чатырохразовае рэзерваванне харчовых аб'ектаў, патрабаванні да падвышанай бяспекі збудаванняў на выпадак ваенных дзеянняў. Так сама ў пералік "дадатковых патрабаванняў" патрапілі вузлавыя станцыі, якіх на трасе было шмат, у тым ліку Полацк, Маладзечна, Ліда, Ваўкавыск, Масты і г.д. Кожная з іх абавязкова павінна была мець злучальныя чыгуначныя каляі, з дапамогай якіх можна было трапіць з адной дарогі на іншую, не змяняючы галавы цягніка (у выпадку Ліды: з Полацк-Сядлецкай лініі на Палескую і наадварот) 16.

Кіраваў будаўніцтвам Уладзімір Віктаравіч Цімафееў-Расоўскі (1856-1913 г.). Яго сын, вучоны-генетык з сусветнай вядомасцю, Мікалай Цімафееў-Расоўскі, так успамінаў пра бацьку: "Ён толькі будаваў чыгункі і ніколі не працаваў на эксплуатацыі. Пабудаваў ён у былой Расійскай імперыі каля 15000 вёрстаў чыгунак і быў буйным інжынерам-пуцейцам, які стварыў свайго роду практычную школу інжынераў". Талент інжынера і арганізатара Цімафееў-Расоўскі з бляскам праявіў на беларускай зямлі. Яму ўдалося зэканоміць больш за 12 млн. руб., гэта больш за 15% з амаль 81 млн. руб., запланаваных па каштарысе выдаткаў на будаўніцтва. Выпадак безпрэцэдэнтны на фоне казнакрадства, якое звычайна суправаджала будаўніцтва чыгунак у Расійскай імперыі. На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, прычым участак ад Балагога да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Сядляца - Прывісленскай дарозе. У 1910 г. участак Ваўкавыск-Полацк (куды ўваходзіла і станцыя Ліда) уключаны ў склад Палескай дарогі 16.

Будаўніцтва дарогі выклікала шматлікія скаргі. Вядома, напрыклад, цяжба лідскага саборнага пратаіерэя Іосіфа Каяловіча (роднага брата вядомага гісторыка), пра якую сведчыць справа "О вознаграждении за землю занятую в Лидском уезде Виленской губернии под устройство Полоцк-Седлецкой железной дороги из владения причта Лидского Михаила-Архангельского собора" 17.

Чыгуначная лінія паміж Лідай і Маладзечна прайшла проста цераз маёнтак мастака Фердынанда Рушчыца - Багданаў. У сваім "Дзённіку" 19 мастак занатаваў некалькі эпізодаў будоўлі:

Багданаў, 25.08 (1901).

Прыехалі інжынеры 20 . Яны тут, у Багданаве, нечакана. Не папярэджваючы нікога, не пытаючыся, хаця б з далікатнасці, пра дазвол, вядуць лінію, высякаюць трасу ў лесе, замяраюць будынкі. Адносна нас, грамадзян тутэйшага краю, іх не абавязвае да гэтага не толькі права, але нават элементарныя законы прыстойнасці.

Багданаў, 27.08 (1901).

Зноў іншая траса. Зараз каля самага маёнтка, так што, можа, прыйдзецца знесці толькі што пастаўленае гумно і хлеў. Маёнтак будзе пасечаны на кавалкі. Амаль цэлую ноч думкі пра будучыню Багданава, пра клопаты, змены, якія прыўнясе будоўля чыгункі ў гаспадарку, не даюць мне заснуць.

Багданаў, 27.06 (1902).

Я змог сёння растраціць шмат энергіі, і гэта для мяне добра. Ад 11-й да 6-й хадзіў з эканомам па лесе, па трасах, вызначаных інжынерамі. На зямлі скрозь сляды людской нікчэмнасці, ашуканства і крадзяжу, але над гэтым усім узвышаўся гонкі, ганарысты лес - рэшткі старажытных волатаўскіх лясоў.

Багданаў, 30.06 (1902)

У нас Ягміны 21 і інжынеры. Відавочна, яны пад уражаннем атмасферы ў Багданаве. Калі зайшла размова пра "Ашмянскі павет" 21 і пра захаванне даўніны, Ягмін Ян Максімільянавіч не вельмі добра сябе адчувае.

Багданаў, 01.08 (1902)

Хоніг 22 у нас. Паведамляе, што зацверджана лінія (праектаванай чыгункі) вышэй млына. Для нашай гаспадаркі гэта вельмі нязручна. Дзіўна, што пра станцыю ніхто не вядзе гаворкі.

У сакавіку 1906 г. газета "Кур'ер Літоўскі" пісала: "Падобна на тое, што новая чыгунка Балагое - Сядлец увосень ужо пачне працаваць. Ужо зараз таварныя цягнікі тры разы на тыдзень адпраўляюцца з Маладзечна ў бок Вілейкі, цэнтральны вакзал у Маладзечна ўжо пабудаваны…" 23 . Да гэта часу ўжо быў пабудаваны і аднатыпны вакзал ў Лідзе, бо найвялікшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў ў 1906 г.: "У г. Лідзе размешчаны злучаны вакзал Палескай і Балагое-Сядлецкай чыгунак" 24.

У 1905 - 07 гг. у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое - Сядлец працаваў дзясятнікам беларускі пісьменнік Карусь Каганец.

У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравозы і адміністрацыйны 2-павярховы будынак. На Лідчыне з'явіліся новыя чыгуначныя станцыі: Гаўя, Скрыбаўцы і Ражанка. У кожным такім вакзале меліся наступныя асобныя памяшканні: крытыя сенцы для ўваходу з боку вакзала і з боку плошчы, пошта, лямпавая, у якой захоўвалі і запраўлялі газай ліхтары, кантора начальніка станцыі, тэлеграф, каса, багажнае аддзяленне, памяшканне дзяжурнага вартаўніка. Вакзалы мелі дзве залы для чакання: для пасажыраў I-II і III класаў і абаграваліся кафлянымі печамі. Для пасажыраў першага і другога класаў былі мужчынскі і жаночы ватэрклазеты з рукамыйнікамі.

Новы цагляны вакзал "астраўнога" тыпу ў Лідзе быў пабудаваны па тыповым праекце для сумеснага карыстання абедзвюх дарог і, акрамя пералічаных аб'ектаў, меў дадатковыя пакоі для каменданта і яго канцылярыі, а таксама буфет з "драўляным, абсыпаным зямлёй, ледніком" для захоўвання прадуктаў. Пасажырскія платформы рабілі з каменнага друзу або бітай цэглы, якую залівалі вапнавым растворам. Платформы былі абсыпаны пяском і ўтрамбаваныя "да шчыльнасці добрай садовай дарожкі". Па краях і пасярэдзіне платформы ўкладваліся дарожкі з дошак. Каля кожнага вакзала ўладкоўваліся "садкі", разбіваліся кветнікі. Плошчу і вуліцу каля вакзала масцілі каменем. Усе жылыя і службовыя памяшканні да адкрыцця дарогі былі "цалкам мэбляваныя і забяспечаныя білетнымі скрынямі і штэмпелямі, вагавым абсталяваннем, брызентам, вогнетушыльнымі прыборамі, сігнальным інвентаром, інструментамі, качэргамі, венікамі ..." 25.

Усе іншыя чыгуначныя будынкі - казармы, паўказармы, будкі вартаўнікоў, лінейныя будынкі будаваліся з дрэва і прызначаліся для пражывання адміністрацыйнага персаналу сярэдняга і ніжняга звяна, рабочых, абходчыкаў і вартаўнікоў. Жылы фонд будаваўся капітальна і спраўна служыць аж да сёння, пасля больш за 100 гадоў з дня пабудовы.

На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, "Кур'ер Літоўскі" пісаў: "Ад 1 студзеня лінія Балагое - Ваўкавыск з адгалінаваннем на Гародню далучана да Мікалаеўскай дарогі. Па ёй адкрыты рэгулярны рух цягнікоў. Часова курсуе толькі адна паштова - пасажырскіх пара цягнікоў, з якіх кожны складаецца з аднаго вагона першага класу, аднаго - другога класу і двух вагонаў трэцяга класу.

Цягнік выходзіць з Балагое ў 04-30, з Полацка ў 19-41, з Маладзечна ў 01-45, з Ліды ў 05-51, прыбывае ў Ваўкавыск у 09-00.

З Ваўкавыска выходзіць у адваротны бок у 22-45, з Мастоў у 23-45, з Ліды ў 01-40, з Маладзечна ў 05-20, з Полацку ў 11-27. У Балагое цягнік прыбы-вае ў 02-50.

З Гародні цягнік выходзіць у 19-15, прыбывае ў Масты ў 20-55. З Мастоў на Гародню адпраўляецца ў 11-10 і прыбывае ў 12-50" 26. Праз некалькі тыдняў газета адзначае, што "Адкрыццё руху па чыгунцы Балагое - Сядлец паскорыла гандлёвы пульс у нашым краі … Артэрыя гэта мае для яго вялікае эканамічнае значэнне … Але ўзмацнілася русіфікацыя краю з-за наплыву інжынераў, прадпрымальнікаў, чыгуначных службоўцаў … якія на чыгунцы заўсёды былі "з-над Волгі" 27.

Ужо ў траўні прэса 28 паведамляла пра "абставіны чыгуначнага крушэння: паштовы цягнік № 4 выйшаў уначы 11 траўня са станцыі Ваўкавыск у бок Балагое перапоўнены пасажырамі. Катастрофа здарылася ў 6 гадзін раніцы на 662 вярсце, бліжэй да Маладзечна. Раздаўся аглушальны скрыгат, пасля чаго лакаматыў і частка вагонаў паваліліся з высокага насыпу ў дол. На рэйках засталіся толькі апошнія вагоны цягніка. Пачалася страшная паніка. З ацалелых вагонаў у ніжняй бялізне павыбягалі пасажыры, бо катастрофа вырвала іх са сну. Абслуга цягніка шукала доктара ці фельчара сярод не пацярпелых пасажыраў. Унізе, пад насыпам з пабітых вагонаў разносіліся страшныя стогны і енкі. Пасля сёмай раніцы прыйшлі выратавальныя цягнікі з боку Ліды і Маладзечна. Забіты: машыніст Жукоўскі, яго памочнік Суровіч і адзін пасажыр, цяжка паранены качагар і тры памочнікі, лёгка паранены падкандуктар Землякоў і 5 пасажыраў. 11 траўня з Пецярбурга на месца катастрофы выехаў міністр шляхоў зносін Шаўфус" 29.

Цяжкія інцыдэнты, пэўна, не абыходзілі і Палескую чыгунку, бо ў лістападзе 1907 г. прэса паведамляла: "З-за неаднаразовых няшчасных выпадкаў з гібеллю людзей на чыгунцы, міністэрства шляхоў зносін запатрабавала ад кіраўніцтва Палескіх чыгунак прыняць самыя энергічныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні" 30.

Ад пачатку эксплуатацыі чыгункі ўчастак ад Балагое да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Сядляца - Прывісленскім дарогам. У 1909 г. у сувязі з будаўніцтвам чыгункі Полацк-Сядлец прадугледжвалася поўная перабудова станцыі Ліда. З адкрыццём лініі меркавалася "перанесці карэннае дэпо з Вільні ў Ліду і зрабіць у Вільні абаротнае дэпо" 31. Але вайна перашкодзіла гэтым планам. У 1910 годзе ўчастак Ваўкавыск-Полацк уключаны ў склад Палескіх дарог.

У красавіку 1910 г. "селянін Ракішка кінуўся пад хуткі цягнік і загінуў пад яго коламі. Прычынай гэтага страшнага ўчынку сталася адсутнасць сродкаў да жыцця" 32. А праз некалькі дзён "на станцыі Ліда адбылося сутыкненне манеўровага лакаматыва з таварным цягніком, ... вагоны атрымалі пашкоджанняў на 1500 рублёў" 33.

У снежні 1911 г. "Кур'ер Літоўскі" пісаў пра новае сур'ёзнае крушэнне цягніка: "Больш падрабязна пра катастрофу на чыгуначнай станцыі Ліда: калі таварны цягнік рухаўся ад Ліды да станцыі Скрыбаўцы, семафор быў зачынены, але як раз у момант, калі цягнік праходзіў стрэлку, стрэлачнік па памылцы перавёў яе на іншую лінію. У выніку 6 вагонаў сышлі з рэек і валакліся 250 сажняў, руйнуючы ўсё на сваім шляху. Кандуктар тармазоў Стулаў быў забіты адразу, старшаму кандуктару Казлоўскаму скамячыла абедзве нагі і ён памёр у чыгуначным шпіталі ў Вільні, кандуктару Юхневічу пашкодзіла грудную клетку, ён знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. У катастрофе вінаваты дзяжурны па станцыі, які недакладна паведаміў стрэлачніку пра лінію, па якой будзе рухацца цягнік. Дзяжурны адразу адхілены ад сваіх абавязкаў" 34 .

У 1911 г. камісія па перспектыўным будаўніцтве пры Міністэрстве шляхоў зносін Расіі вызначыла, што чыгункі павінны будавацца з улікам эканамічных патрэбаў тэрыторый. Планы міністэрства абмяркоўваліся ў Дзяржаўнай Думе. Быў прыняты план праектавання і будаўніцтва дарог на 1911-13 гг. У Беларусі планавалася пабудаваць дарогу Магілёў-Паставы-Свянцяны-Паневеж і чыгунку Ліда-Араны (зараз - Варэна) даўжынёй 60 км 35. Дарога Ліда-Араны павінна была злучыць новую дарогу Балагое-Сядлец з дарогай Пецярбург-Варшава, яна мела б і ваеннае значэнне для перавозкі грузаў і расейскіх войскаў да Прусіі ў выпадку вайны. Па ўспамінах людзей, у 1914 г. ужо былі пачаты падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву. Вядома, што на тэрыторыі Лідчыны чыгунка павінна была прайсці прыкладна па трасе сучаснай аўтадарогі Ліда-Радунь.

Заробкі на чыгунцы былі ў сярэднім у два разы большыя за заробкі на іншых прадпрыемствах 36. У 1913 г. стаўкі зарплаты на Палескай дарозе былі наступныя: інжынеры атрымлівалі 1800 - 2400 руб. у год, тэхнікі - 1200 руб. у год, дарожныя майстры 480 - 720 руб. у год, машыністы, у залежнасці ад класа, 742 - 510 руб. у год, качагары 255 - 270 руб. у год, счэпшчыкі вагонаў 240 - 468 руб. у год, стрэлачнікі 240 - 156 руб. у год, шараговыя калейшчыкі 144 - 228 руб. у год 37. У 1882 г. на Палескай дарозе было зацверджана "Палажэнне аб абмундзіраванні…". Абмундзіраванне атрымлівалі тэлеграфісты і тэлефаністы, машыністы і памочнікі машыністаў паравозаў, качагары і дарожныя майстры, многія іншыя катэгорыі чыгуначнікаў, у сярэднім на абмундзіраванне аднаго работніка трацілася 11 руб. 43 капейкі ў год. Выплачваліся грошы на здыманне кватэры (некаторым катэгорыям работнікаў давалася бясплатнае жыллё), розныя прэміі, у выпадку працы за межамі сваёй зоны - камандзіровачныя і сутачныя выплаты, розныя грашовыя дапамогі 38.

Пасля пачатку Першай Сусветнай вайны і паразы рускіх войскаў ва Ўсходняй Прусіі пачалося наступленне немцаў ва Ўсходняй Польшчы. Рэзка вырасла значэнне Лідскага аэрадрома, сюды з-пад Варшавы пераляцела эскадра самалётаў "Ілья Мурамец". Узнікла патрэба ў дастаўцы вялікай колькасці грузаў на аэрадром, і была пабудавана каляя ад вакзала да аэрадрома. Легендарнай асаблівасцю гэтай будоўлі стала тое, што будавалі каляю, у тым ліку цераз пойму рэчкі Лідзейкі, адны жанчыны (мужчыны пагалоўна былі мабілізаваныя ў войска). Аднак немцы акупавалі Заходнюю Беларусь. Пры адступленні рускіх войскаў з Ліды ў 1915 г. у горадзе быў знішчаны будынак лідскага вакзала і віадук на скрыжаванні Палескай і Полацк-Сядлецкай чыгунак каля сучаснай бальніцы, рускія войскі ўзарвалі чыгуначныя масты, у тым ліку і праз раку Гальшанку на перагоне Юрацішкі-Багданаў (Вайгяны). Немцы не аднаўлялі мост, а блізка ад яго ўладкавалі станцыю перагрузкі з шырокай і вузкай каляямі. Станцыя "Лістапады" на ўчастку Маладзечна - Ліда пры наступе немцаў у 1915 г. разбурана артылерыяй. Пасля вайны замест аднаўлення гэтай станцыі была пабудавана бліжэй да Маладзечна новая станцыя Гаронькі (зараз Валожын). У 1915 г. Ліду наведаў кайзер Вільгельм.

З 1920 г. чыгункі Лідчыны ўваходзілі ў склад Віленскай акруговай дырэкцыі Польскіх дзяржаўных чыгунак. У склад Віленскай акруговай дырэкцыі ўваходзілі рэгіянальная аддзелы. Лідскі аддзел меў 703 км чыгункі і 2226 супрацоўнікаў. Чыгунка была найбуйнейшым працадаўцам у рэгіёне, амаль што ўся каляя яшчэ немцамі была перашыта на еўрапейскі стандарт (з 1524 на 1435 мм) 39. З-за змяншэння аб'ёму перавозак па лініі Ліда - Маладзечна (яна стала амаль што тупіковай), на гэтым адрэзку была знята другая каляя.

Верагодна, 24 жніўня 1923 г. адбылося найвялікшае чыгуначнае крушэнне за ўсю гісторыю лідскай чыгункі. Загінула 50 чалавек і больш за 100 чалавек было паранена, калі пад Лідай пасажырскі цягнік "Вільня - Варшава" сышоў з рэек. Трагедыя была выклікана размывам чыгуначнага насыпу" 40.

Па ўспамінах відавочцаў, на пачатку 1920-х гадоў, пакуль не быў адноўлены будынак вакзала, замест яго выкарыстоўвалася таварная кантора чыгункі - зараз адзін з будынкаў паліклінікі па вул. Труханава.

Пасля аднаўлення вакзал быў пафарбаваны ў светла-крэмавы колер і пакрыты чырвонай дахоўкай. Пасярэдзіне была зала білетных касаў і памяшканне для захоўвання багажу. Дзяцей прыцягвалі 2 аўтаматы, якія прадавалі смачны шакалад: малая плітка каштавала 20, а вялікая 50 грошаў. Злева ад цэнтральнай залы была вялікая зала чыгуначнага рэстарана 1-га класа з буфетам: "У рэстаране можна было смачна пад'есці, а ў буфеце атрымаць розныя вытанчаныя халодныя закускі, найлепшую вяндліну, фашырованага шчупака, галярэту ці селядца з рознымі салатамі. Да ежы падавалася гарэлка, віно і піва лідскага бровара ці віленскага бровара "Шапэн". Алкаголь пілі культурна і не шмат, ніколі не бачыў я, каб хтосьці валіўся з ног ці ладзіў сваркі" 41. Направа ад цэнтральнай залы вакзала была зала чакання, у якой месцілася паштова-тэлеграфнае аддзяленне Ліда-2 з тэлефонам-аўтаматам.

Летам 1944 года Лідскі вакзал быў спалены і разбураны. Яго аднавілі толькі ў 1949 г. Але гісторыя лідскай чыгункі ў гады Другой Сусветнай вайны і пасля яе, а таксама гісторыя вузкакалейнай чыгункі на Лідчыне - гэта асобныя тэмы.

Апошняя рэканструкцыя Лідскага вакзала адбылася ў 2010 годзе.

Літаратура і каментарыі:

1. Коласаў, Л. Старая пошта на Лідчыне // Лідскі летапісец. 2004. - № 42. - С. 37-38.

2. Abramowicz, Wl. Slobodka - przedmiescie Lidy // Zіemia Lidzka. - № 1(53), 2002.

3. Лідскі летапісец. 2004. - № 27-28. - С. 8.

4. Szymielewicz, M. Lida w latach wielkiej wojny Lidy // Zіemia Lidzka. - № 2(37), 1999.

5. Kuryer Litewski. 1907. - № 29 (14894).

6. Киштымов, Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. - Т. 7. - С. 116-145.

7. Виленский календарь на 1899 г. - Вильна. 1898. - С. 91.

8. Рубакин, Н.А. Россия в цифрах. Страна. Народ. Сословия. Классы. Опыт статистической характеристики сословно-классового состава населения русского государства. - СПб., 1912. - С. 206-207.

9. Памятная книжка Виленского учебного округа. - Вильна. 1896. - С. 139. Для параўнання: батон белага здобнага хлеба 300 грам каштаваў 7 капеек, чырвонагалоўка (чырвоны корак), гарэлка, якую звалі ў народзе "казёнка", каштавала за бутэльку (0, 61 літра) 40 капеек. "Белагалоўка" (белы корак) - гарэлка двайной ачысткі, каштавала 60 капеек. Піва на разліў танных гатункаў каштавала ад 6 да 10 капеек за 1 літр (бутэлькавае піва з-за кошту шкла было даражэй у сярэднім на 20 капеек за бутэльку). У карчме горада, заплаціўшы 5 капеек, можна было выпіць 50 грамаў таннай гарэлкі і закусіць салёным агурком за 1 капейку. Наесціся ў такой карчме можна было за 10 капеек. У сярэднім за поўны абед з алкаголем у рэстаране Вільні трэба было заплаціць 1,5-2 рублі, у Лідзе, вядома ж, менш.

10. Мікалай Іванавіч Катовіч - другі сын вядомага святара, настаяцеля Віленскага Прачысценскага сабора, рэдактара (з 1869 г.) "Літоўскіх епархіяльных Ведамасцяў" протаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839-1911). Мікалай Іванавіч Катовіч - архітэктар і вядомы дзеяч рускага руху ў Польшчы. Нарадзіўся 25 лістапада 1875 г. у Вільні. У 1894 годзе скончыў Віленскую гімназію, дзе вучыўся разам з Васілём Шверубовічам - будучым знакамітым мхатаўскім акцёрам Качалавым. Далей абодва вучыліся ў Пецярбургу. У 1899 годзе Мікалай Катовіч скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, атрымаў дыплом інжынера з правам правядзення будаўнічых, дарожных і землямерных работ. Ён пабудаваў у Пецярбургу 14 даходных дамоў, драўляныя цэрквы ў дачным пасёлку Вырыца і сяле Карташэўскім. Да 1922 г. жыў у Расіі. У 1922 г. эміграваў у Польшчу, кіраваў будаўнічым і землямерным бюро ў Пінскім і Драгічынскім паветах. У 1927 г. пераехаў у Берасце, дзе нейкі час займаў пасаду гарадскога архітэктара, а потым кіраваў будаўнічым і землямерным бюро, займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. 8 траўня 1934 года Мікалай Катовіч нечакана памёр. Яго пахавалі на Трышынскіх могілках у Берасці, магіла не захавалася. Быў непрыхаваным манархістаў, у бюро, якім кіраваў, прымаў выключна аднадумцаў. З'яўляўся актыўным дзеячам Рускага дабрачыннага таварыства і Рускага нацыянальнага аб'яднання. Жывучы ў Пінску, вёў шырокую заканспіраваную дзейнасць, узначальваў тайную манар-хічную арганізацыю, якая была тады ў горадзе і кіравалася з Парыжа генералам Куцепавым. Пасля пераезду ў Берасце Катовіч спыніў актыўную палітычную дзейнасць, займаючыся выключна сваім бізнесам. Быў архітэктарам і будаўніком будынка рускай гімназіі ў Берасці.

11. Литовские епархиальные ведомости. - 21 сентября 1897 г. - № 38. -С. 358.

12. Kuryer Litewski, № 224, 4 (17) кастрычніка 1906:

Праз Ліду ў кірунку Баранавічы - Сарны:

Хуткі №1: прыбыццё 2-49, адпраўленне 3-04.

Паштовы №3: прыбыццё 5-39, адпраўленне 5-54.

Таварны адмысловы №7: прыбыццё 23-44, адпраўленне 23-59.

Назад:

Хуткі №2: прыбыццё 16-14, адпраўленне 16-29.

Паштовы №4: прыбыццё 13-19, адпраўленне 13-34.

Таварны, адмысловы №8: прыбыццё 6-28, адпраўленне 6-43.

13. Kuryer Litewski, № 230, 11 (24) кастрычніка, 1906.

14. Kuryer Litewski, № 249, 3 (16) лістапада 1906.

15. Казюлин, Николай. Самовар в упряжке ходит. - Великие Луки, 2002.

16. Киштымов, Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. - Т. 7. - С. 116-145.

17. РГИА. Ф. 1248. воп. 2. спр. 1256.: "Па заяве саборнага протаіярэя Каяловіча, на адчужанай зямлі былі буйныя дрэвы, якія высечаны і ўзяты ў казну; што на ўчастку пад літ. А, на зямлі, занятай пад вартаўнічую будку, было знішчана азімага пасеву каля 40 кв. саж., за які ўзнагарода не атрымана і, акрамя таго, за мяжой адчужэння падрадчыкамі складаўся камень, капаліся ямы і былі ўладкованыя баракі і студня пры пабудове чыгуначнага маста. У пачатку пабудовы тэхнічным наглядам была праведзеная разора і было абвешчана, каб у межах разор пасеваў не праводзіць, а ў цяперашні час мяжа ў некаторых месцах значна паменшаная, з-за чаго клір да восені 1904 года гэтай зямлёй не карыстаўся. Уся зямля кліру аддаецца ў апрацоўку з паловы. … Выслухаўшы пярэчанні бакоў і славесныя тлумачэнні настаяцеля Лідскага сабора Каяловіча і агента па адчужэнні маёмасцяў, Камісія знайшла, што прадстаўлены протаіярэем Каяловічам праект умовы … не можа служыць падставай для павелічэння ацэнкі… На падставе вышэйпададзенага Камісія вызначыла пастанову сваю ад 2 снежня 1905 года датычна ацэнкі земляў… . Паводле гэтага Камісія прызначыла ўзнагароду кліру Лідскага сабора за землі … усяго 6760 руб. 22 кап.".

18. Рушчыц, Ф. Дзённік. - Мн.: Медысонт, 2002.

19. Інжынеры вызначалі трасу запраектаванай лініі чыгункі Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз землі, што належалі Багданаву і Вайгянам.

20. Ягмін Ян Максімільянавіч (? - пасля 1919) - уладальнік маёнтка Гальшаны ў Ашмянскім павеце з часткова разбураным Сапежынскім замкам; з 1888 г. - маршалак ашмянскай шляхты па прызначэнні; жонка з Гарбанёвых.

21. Маецца на увазе кніга: Czeslaw Jankowski. Powiat Oszmianski. Petersburg, 1896.

22. Хоніг - інжынер чыгункі. У 1902-1903 гг. будаваў чыгуначную лінію Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз Багданаў.

23. Kuryer Litewski, № 54, 8 (21) marca 1906.

24. Шимелевич, М. Виленский календарь. - Вильно, 1906. - С. 37-57.

25. Вульфов, А. Заповедная железная дорога // Наука и жизнь. 2001. - № 12.

26. Kuryer Litewski, № 2, 4(17) stycznia 1907.

27. Kuryer Litewski, № 16, 21 stycznia (3 lutego) 1907.

28. Kuryer Litewski, № 106, 16(29) maja 1907.

29. Мікалай Канстанцінавіч Шаўфус (1846-1911) - ваенны інжынер, генерал-лейтэнант. З 1905 г. начальнік Упраўлення чыгунак Міністэрства шляхоў зносін і сябра ад міністэрства ў Савеце па тарыфных справах пры Міністэрстве фінансаў. З 25 красавіка 1906 г. па 29 студзеня 1909 г. міністар шляхоў зносін.

30. Kuryer Litewski, № 249, 7(20) listopada 1907.

31. Карэннае дэпо з'яўлялася цэнтрам цягавага ўчастка (цягавага пляча). За даўжыню кожнага ўчастка прымалася адлегласць паміж карэннымі дэпо. Да такіх дэпо для рамонту і абслугоўвання былі прыпісаны грузавыя і пасажыр-скія паравозы. У прамежках паміж карэннымі размяшчаліся абаротныя дэпо, дзе знаходзіліся рэзервовыя паравозы на выпадак паломкі лакаматываў.

32. Kuryer Litewski, № 73, 1(14) kwietnia 1910.

33. Kuryer Litewski, № 81, 10(23) kwietnia 1910.

34. Kurjer Wilenski, № 158, 7(20) grudnia 1911.

35. Kuryer Wilenski, № 92, 26 kwietnia (9 maja) 1911.

36. Шибеко, З.В. Шибеко, С.Ф. Минск: Страницы жизни дореволю-ционного города. 1990. - Минск, - С. 32.

37. Железная дорога Беларуси. История и современность. - Минск, 2001. - С. 100-112.

Для параўнання: кошт страў у чыгуначнай сталовай быў: суп без мяса - 5 кап., каша з маслам - 5 кап., суп з мясам - 10 кап., смажаніна - 10 кап., Пры ўсіх стравах адпускаецца неабмежаваную колькасць хлеба на чалавека бяс-платна.

38. Железная дорога Беларуси. История и современность. - Минск, 2001. - С. 103-105.

39. Skrot opisowy organizacji i dzialalnosci Dyrekcji Wilenskiej Kolei. - Wilno, 1920. - S. 34-36.

40. Meriden Daily Jornal. Aug - 24, 1923.

41. Naruszewicz, Wl. Wspomnienia lidzianina. -Warszawa, 2001. - S. 97.

Юлія Шэлег
Гістарычна-культурны патэнцыял Стаўбцоўскага раёна ў кантэксце развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь

Стаўбцоўскі раён, як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, на карце сучаснай Беларусі з'явіўся 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці. 8 студзеня 1954 года ўвайшоў у Мінскую вобласць. У сучасных межах знаходзіцца з 1965 года.

Большая частка раёна ляжыць у межах Стаўбцоўскай раўніны, паўночна-ўсходняя - на Мінскiм ўзвышшы.

Самая вялікая рака, што працякае па тэрыторыі раёна, - Нёман і яго прытокі Сула, Ячонка, Альхоўка, Гавязнянка, Жацераўка, Залужанка, Уса. У XIX стагоддзі ў Стоўбцах знаходзілася адна з галоўных прыстаняў на Нёмане. Былі развіты рамёствы і гандаль; будаваліся рачныя караблі - віціны.

На тэрыторыі раёна нарадзіліся: маці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч, бацькі героя грамадзянскай вайны Мікалая Шчорса, рэвалюцыянер Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі, акадэмік АН Беларусі, мовазнаўца, пісьменнік Язэп Лёсік.

Сёння Стоўбцы - гэта невялікі, але ўтульны і дагледжаны горад з чыстымі вулачкамі і ветлымі жыхарамі.

Да гісторыка-культурных помнікаў Стаўбцоўшчыны можна аднесці Новы Свержань, Рубяжэвічы, Акінчыцы.

Мястэчка Новы Свержань знаходзіцца на беразе Нёмана ў трох кіламетрах ад Стоўбцаў.

Шматлікія гістарычныя крыніцы сведчаць, што пачатак паселішча Свержня звязаны з ракой Нёман і яго прытокам Жацераўкай. Менавіта тут, на рацэ Нёман, яго фіксуюць нямецкія і галандскія геаграфічныя карты 1578-га, 1613-га, 1710-га, 1733-га, 1744-га гадоў і ўсюды яно называецца "Свержно". Толькі на польскай карце 1848 з'яўляюцца два населеныя пункты Новы і Стары Свержань. Да 1860 г. у мястэчку была развіта інфраструктура, адпаведная невялікаму еўрапейскаму гораду: праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, капліца Святой Тройцы, народнае вучылішча, школа, паштовая станцыя, заезны двор, карчма і каля 20-ці крам. На рацэ Жацераўцы працавалі 2 млыны. Штогод 29 чэрвеня і 8-га верасня на цэнтральнай плошчы праводзіліся вялікія кірмашы.

Згодна з усерасійскім перапісам насельніцтва 1897 года ў Новым Свержнi лічылася 297 двароў і 1749 жыхароў, а ў 1914 годзе ў мястэчку налiчвалася ўжо 2432 жыхары. 12 кастрычніка 1940 г. Новы Свержань страціў свой статус мястэчка або, па новай тэрміналогіі, раённага цэнтра. У адпаведнасці з савецкай адміністрацыйнай структурай ён стаў пазначацца як вёска, цэнтр сельскага савета.

За сваю шматвяковую гісторыю мястэчка перажыло шмат драматычных падзей, не раз руйнавалася і гарэла. У Айчыннай вайне 1812 года з Напалеонам Банапартам французскія войскі ў наступе на Маскву прайшлі праз Свержань, так як тут праходзіла адна з цэнтральных дарог па кірунку да Масквы. Атрад рускіх войскаў пад камандаваннем адмірала П. Чычагава ўжо пасля Барадзінскай бітвы зрабіў глыбокі рэйд у тыл французскіх войскаў. Пасля трохдзённых цяжкіх баёў 9 лістапада 1812 г. ён разбіў у раёне Свержня групоўку войскаў, якія складалiся з баявых атрадаў польскіх і беларускіх магнатаў, што ваявалі на баку Напалеона. На дапамогу пабітаму генералу Касецкаму Напалеон накіраваў батальён сваіх войскаў на чале з генералам Бiтнерам. Рускі атрад разграміў батальён Бiтнера на самых подступах і ў баi ў самiм Свержнi. Мястэчка ад гэтых бітваў моцна пацярпела.

Вялікая Айчынная вайна народаў Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй з 1941 па 1945 год была для Новага Свержня самым жорсткім выпрабаваннем у агляднай гісторыі. Было знішчана цалкам, за выключэннем асобных людзей, габрэйскае насельніцтва - каля 750-і чалавек, што складала прыкладна палову жыхароў мястэчка да пачатку вайны. У Навасвержанскім гета фашыстамі было знішчана і пахавана ў равах на габрэйскіх могілках больш за тры тысячы габрэяў, дастаўленых сюды з іншых месцаў.

Былое мястэчка Рубяжэвічы - цяпер вёска, на рацэ Сула ў 38 км ад Стоўбцаў. Рубяжэвічамі валодаў з 1483 князь Верамейскi. У 1550 г. Жыгімонт Аўгуст перадаў мястэчка Мікалаю Радзівілу. У 16-17 стст. Радзівілы заснавалі Мікалаеўскую царкву. У 1652 г. Багуслаў Радзівіл перадаў Рубяжэвічы ў арэнду Покусам і Аборскiм. У 1769 г. Рубяжэвічы пераходзяць у валоданне Рутынскiх. У 1811 г. Рубяжэвічы вярнуліся да Радзівілаў, а ў 1853 г., як і многія іншыя валоданнi Радзівілаў, перайшлi да Вітгенштэйнаў. У 18-19 стагоддзях Рубяжэвічы з'яўляліся тыповым гандлёва-рамесным мястэчкам. Сюды прыязджалі купцы з Вільні, Ліды, Мiнска і іншых месцаў. Аднак у пачатку 20-га стагоддзя новыя дарогі ў Вільню і Брэст прайшлі міма Рубяжэвічаў, і мястэчка канчаткова страціла сваё гандлёвае значэнне. Сярод помнікаў архітэктуры ў Рубяжэвічах можна адзначыць касцёл Святога Язэпа (1907-1911 гг.).

На паўднёвым усходзе ад Стоўбцаў знаходзяцца месцы, дарагія сэрцу кожнага беларуса. Тут нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Тут прайшлі яго дзіцячыя гады. Акінчыцы, вёска, зараз ужо злілася з Стоўбцамі, тут знаходзіцца дом з мемарыяльнай дошкай. Сапраўды, у такой жа хаце малазямельнага селяніна, які служыў лесніком у князя Радзівіла, 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся хлопчык, якому наканавана было стаць класікам беларускай літаратуры. У некалькіх сотнях метраў - "дом з ласіным рогам", былая сядзіба ляснічага, апісаная паэтам. Ласток, са старой пачарнелай леснічоўкай, пабудаванай у 1886 годзе, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта. Тут дзядзька Антось навучыў яго чытаць. Альбуць, з крытымі саломай жылымі і дапаможнымі будынкамі, лугам з векавымі дубамі, густымі лясамі. Амаль усё захавалася тут, як было вясной 1892 г., калі сюды пераехала сям'я Міцкевічаў. У паэме Якуба Коласа "Новая зямля" Альбуць увекавечана як Парэчча. Смольня, дзе ў простай сялянскай хаце жыла сям'я паэта. Сюды ён прыязджаў летам адпачыць, тут чэрпаў натхненне. У 1967 г. у Смольні быў адкрыты філіял Музея Якуба Коласа, а ў старой хаце - яго мемарыяльна-этнаграфічная частка. Тут выстаўлены прадметы, якія распавядаюць пра побыт сялян у дарэвалюцыйнай Беларусі.

Улiчваючы сучасныя тэндэнцыi па пашырэннi турыстычных маршрутаў i цiкавасцi да малавядомых аб'ектаў, на мой погляд, Стаўбцоўшчына валодае вялікім гісторыка-культурным патэнцыялам дзеля таго, каб упiсацца ў схему развiтых турыстычных цэнтраў нашай краiны.

Т.М. Маракуліна
Публіцыстычныя нарысы Ядвігіна Ш. "Лісты з дарогі" ў кантэксце мемуарнай літаратуры к. ХІХ - пач. ХХ ст.: краязнаўчы і лінгвістычны аспекты

У 2010 годзе турыстычная грамадскасць Беларусі магла бы адзначыць юбілей адной вандроўкі па родным краі, што адбылася сто гадоў назад.

"Здаўна жадаў я... каб як-колечы вырвацца с памiж цесных i душных вулачак горада на прастор, на волю; пацягацца па родным краю, знаёмых адведаць, незнаёмых спазнаць; заглянуць пад саламяные стрэхi у тые куткi-куточкi, аб каторых столькi то пiшуць, седзячы у горадзi," - так у 1910 годзе ў газеце "Наша Нiва" пачыналася серыя публiкацый "Лiсты з дарогi" за подпiсам "Ядвiгiн Ш." [2, № 23-24, с.355]. Гэта быў псеўданiм беларускага пiсьменнiка Антона Лявiцкага, якi вырашыў адправiцца ў пешае падарожжа з Вiльнi па Ашмянскім тракце ў напрамку Мiнска. Падарожжа цягнулася з 27 мая і да канца верасня. Пісьменнік прайшоў больш за 400 вёрст, наведаў шмат вёсак, мястэчак і хутароў, пазнаёміўся з рознымі людзьмі. Яго маршрут пралягаў праз Немеж, Паўлова, Тургелі, Савіцішкі, Кармэляны, Цішканы, Нарвелішкі, Сурвелішкі, Трабы, Такарышкі, Даўнары, Бакшты, Заберазь, Налібокі, Шыльві, Козевічы, Чапунь, Любчу, Сенна, Шчорсы, Кромань, Івянец, Люцінку, Пяршаі, Валожын, Чэрнева, Гарадок, Аляхновічы, Путнікі, Дакшняны, Удранку, Бахметаўку, Прудзішча... Свае пісьменніцкія ўражанні, грамадзянскі роздум над эканамічнымі і нацыянальнымі праблемамі жыцця беларускага селяніна ён выклаў у нататках "Лісты з дарогі". Гэта твор маладога ў беларускай прозе пачатку ХХ ст. жанру - публіцыстычны нарыс, а дакладней - падарожны нарыс. Творы такога жанру дазваляюць нам паглядзець на мінулае вачамі яго сучаснікаў, адчуць дух эпохі, мысленне і пачуцці людзей, як мага глыбей спазнаць побыт і менталітэт народа ва ўсіх яго праявах. Пры гэтым важна ўлічваць, што дарожныя нататкі носяць, як правіла, суб'ектыўны, эмацыянальны характар. Грамадскія падзеі і з'явы ў іх паказаны праз успрыманне аўтара.

Увогуле перыяд канца ХІХ - пачатку ХХ ст. характарызаваўся своеасаблівай модай на такія творы. У гэты час было створана мноства ўспамінаў, дзённікаў, запісак падарожнікаў, у якіх знайшлі адлюстраванне розныя аспекты гісторыі, эканомікі, палітычнага жыцця тагачаснай Беларусі.

Мемуарную літаратуру, у якой асвятляюцца розныя бакі жыцця ў Беларусі канца ХІХ - пачатку ХХ ст., можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Першую з іх складаюць разнажанравыя тэксты, аўтарамі якіх з'яўляліся непасрэдна жыхары беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, якія дасылалі ў сродкі друку разнастайную інфармацыю з апісаннем некаторых мясцовых, але, на думку карэспандэнтаў-аматараў, значных падзей. Аднак у сукупнасці менавіта гэтыя допісы давалі панарамную карціну жыцця роднага краю. Так, разнастайныя паведамленні, змешчаныя ў газеце "Наша Ніва" (1906 - 1915 гг.) у рубрыцы "З Беларусі і Літвы" ( Ад нашых карэспандэнтоў ), сёння дапамагаюць нам, сучаснікам, адказаць на шэраг пытанняў: што ўяўляла сабой штодзённае жыццё людзей; чым былі напоўнены іх будзённыя і святочныя дні; як складваліся ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных этнаканфесійных груп местачковага насельніцтва і інш.

С. Парфіяново. Ў Вілейскім і Ашмянскі паветах пасьля вялікай гарачыні наступілі дужа сцюдзёныя дні, а ў ночку - марозы, каторые бадай усюды паварылі нацьё бульбы. Нашые селяне баяцца, каб ня згінула зусім бульба, бо, ведама, без яе жыць нельга. Г.К. [2, № 25, с.379]. Засьценак Плешэвічы, Мінск. Губ. Слуцк. Пав. Сёлета на Каляды маняцца ў нас навучыцца і паказаць жывую бэтлейку. Нет ведама, як удасцца, але ўсё-ж такі будзе пачатак да добрай забавы і да будучаго вёсковаго тэатру. М. Трычко [2, № 52, с.797].

Другую групу мемуарнай літаратуры складаюць нататкі саміх падарожнікаў. Тут можна ўзгадаць "Путешествие по Полесью и белорусскому краю," упершыню апублікаванае ў 1853-1855 гг. у некрасаўскім "Современнике". Гэтыя нарысы сталі візітнай карткай вядомага публіцыста і літаратара Паўла Шпілеўскага. У іх мы знаходзім звесткі аб местачковых кірмашах, рамёствах, архітэктуры і планіроўцы, побыце насельніцтва [4].

Гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак, побыту і фальклору беларусаў прысвяціў свае краязнаўчыя нарысы "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" (1853 г.) вядомы беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) [3]. "Вандроўкі ..." - самы яркі празаічны твор У. Сыракомлі. Ён дзеліцца ўражаннямі ад дарагіх месцаў - Міра, Нясвіжа, Стоўбцаў, Свержаня, Койданава і інш. Апісанне падарожжа паэта ў мястэчкі і вёскі таго часу ўтрымлівае замалёўкі наведвання простай сялянскай хаты, дворыкаў шляхты, велічных палацаў і замкаў магнатаў. Праз хроніку гарадоў і мястэчак Сыракомля разгортвае перад намі ўсю гісторыю Беларусі. Надзвычай цікавыя старонкі, прысвечаныя культурнаму жыццю краю. Такім чынам, "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" У. Сыракомлі - каштоўная крыніца інфармацыі па шматлікіх пытаннях гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі.

У нататках Ф.Д. Воінава апісваецца яго падарожжа па Мінскай губерні ў 1865-1866 гг. [1]. Аўтар не толькі запісаў тое, што бачыў, але і прывёў гістарычныя даведкі аб населеных пунктах, якія праязджаў, падзяліўся сваімі шматлікімі назіраннямі жыцця ў мястэчках, у прыватнасці, закрануў тэму ўзаемаадносін яўрэяў і беларусаў.

Такім чынам, беларускі празаік і публіцыст Ядвігін Ш. у сваіх нарысах з характэрнай для гэтага жанру назвай "Лісты з дарогі" працягнуў і ўзбагаціў традыцыі мемуарнай літаратуры. Але, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, якія пісалі творы па-руску або па-польску, падарожныя нататкі Ядвігіна Ш., змешчаныя ў газеце "Наша Ніва", публікаваліся на беларускай мове. Сапраўды, можна сказаць, што Ядвігін Ш. напісаў першы турыстычны падарожнік па Беларусі і па-беларуску!

Увогуле перыяд дзейнасці газеты "Наша Ніва" - знакавы этап у развіцці беларускага грамадства і яго нацыянальнай мовы. Ён звязаны з шырокай агульнадэмакратычнай з'явай нацыянальнага адраджэння. У цэнтры ўвагі выдання паўсталі пытанні сацыяльна-палітычнага характару і культурна-гістарычнага адраджэння беларускага краю. Публіцыстыка "Нашай Нівы" імкнулася выхоўваць у сваіх чытачоў павагу да правоў і годнасці чалавека, выступала за права кожнай нацыі мець сваё культурна-гістарычнае развіццё, спрыяла пашырэнню беларускага слова і ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння сярод шырокіх колаў насельніцтва, абуджала пачуццё самасвядомасці і натуральнае жаданне самавызначэння беларускага народа ў свеце.

Аналіз тэкстаў "Нашай Нівы" паказаў, што газетная публіцыстыка як слоўнае мастацтва, як самастойная разнавіднасць публіцыстычнага стылю новай беларускай літаратурнай мовы пачынае складвацца менавіта ў гэты перыяд, калі побач з вершамі, апавяданнямі, афіцыйнымі паведамленнямі і інш. з'яўляюцца яркія публіцыстычныя матэрыялы. Нашаніўскія публіцыстычныя тэксты ўжо ў поўнай меры маглі проціпастаўляцца літаратурна неапрацаванай народна-размоўнай мове, таму што ствараліся, апрацоўваліся і ўдасканальваліся лепшымі пісьменнікамі, паэтамі, вучонымі, публіцыстамі і грамадскімі дзеячамі таго часу. Дзякуючы ім беларуская мова ў пачатку ХХ стагоддзя не толькі пашырылася ў сродкі масавай інфармацыі, але і ў сілу спецыфікі перыядычнага друку на ёй пачынаюць складвацца новыя газетныя жанры.

Як ніхто іншы, Ядвігін Ш. абвострана адчуваў пульс сучаснага яму жыцця, пераломны момант у лёсе беларускага сялянства. Свой талент пісьменніка-публіцыста ён здолеў ярка праявіць на старонках "Нашай Нівы" ў новым для беларускай прозы жанры. Адметнасць падарожных нарысаў заключаецца ў першую чаргу ў разнастайнасці іх тэматыкі і адпаведна - у насычанасці лексікай розных тэматычных груп. Аўтар "Лістоў з дарогі" шчодра дзеліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі пра ўсё, што ён бачыць: распавядае пра мястэчкі і вёскі, праз якія пралягаў яго маршрут, пра цікавых людзей, што сустракаліся на шляху, а таксама разважае над эканамічнымі, палітычнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства, выказвае шмат думак пра родную мову і народную асвету.

У час падарожжа Ядвігіна Ш. у першую чаргу цікавіць быт селяніна, эканамічнае становішча краю. У кожным з лістоў ён звяртае ўвагу на стан сельскай гаспадаркі ў мясцовасці. У тэкстах актыўна ўжываецца разнастайная сельскагаспадарчая тэрміналогія: ярына, жыта, ячмень, авёс, лубін, пянька, каноплі, шнуровая гаспадарка, паравы млын, паравы тартак, пружыновая барана і інш.

Вёска вялікая; ураджаі добрые; нідзе не бачыў я столькі панасеваных канапель, як у гэтых Путніках. Сьмела можна сказаць, што пры добрым ладзе паміж путнічан маглі-б яны зразу вагонамі свае канаплі і пяньку не пудзікамі перэкупшчыкам прадаваць, а зразу вагонамі высылаць на якую колечы фабрыку [2, № 40, с. 620]. На рынку шмат рагатай скаціны і коней. Скаціна вельмі пекная; найбольш галяндэрскага і швыцкага, хоць і не зусім чыстага, заводу [2, № 31, с. 468]. . ..Прыгледаюся да пасевоў. Як на падгародную зямлю - ураджаі зусім не цікавые: жыто рэдкаватае, саломка тоненькая, каласкі дробные; ярына, - відаць прыпазьніліся з сяўбой, - дык не пасьпела скарыстаць з запасу зімовай вільгаці, а цяпер ешчэ ўдарыла суш, вось і засела, жоўкнуць стала [2, № 23-24, с.355]. ...Сенно: куды ні глянь - сенажаці і сенажаці, і то не абы якіе, а ў пояс! [2, № 32, с. 484].

Ядвігін Ш. дае селяніну парады, як лепш арганізаваць гаспадарку: "Можна напісаць, паслаць нават жменьку зямлі на пробу ў якую колечы гаспадарскую газэту, апісываючы ўсе мейсцовые варункі, а пэўна ніводная рэдакція не аткажэ даць сваю раду; можна выпісаць усе патрэбные кніжкі; можна ўрэшці паехаць у бліжайшы двор, гдзе вядзецца культурная гаспадарка і там пэўна не аткажуцца ад рады і помачы, - і, вось, гэткім парадкам можна залажыць праўдзівы расаднік культуры" [2, № 29, с. 436]. Але самая галоўная выснова, да якой прыходзіць пісьменнік, заключаецца ў тым, што, "каб падняць даходнасьць зямлі, трэба перэкуліць варункі ня толькі гаспадаркі, але варункі і самога жыцьця нашага мужыка. А на гэта трэба працы і часу. Працы - пакуль мужык не стане добра сьвядомы; часу - пакуль мужык не стане свабодным" [2, № 43, с. 666].

У "Лістах з дарогі" выразна прасочваецца грамадзянская пазіцыя пісьменніка. Шырокае ўжыванне ў мове грамадска-палітычнай і эканамічнай лексікі ( грамадзкая сьведомасьць, грамадзянскіе інстытуціі, аўтономія, констытуцыйны сэйм, національная культура, страховыя хаўрусы, арэнда, хаўрусная крама, падаткі, ліцітаціі (таргі), працэнты, капітал ) надае нататкам большую інфарматыўнасць і публіцыстычную завостранасць. А ў апошнім лісце "Думкі з падарожы" пісьменнік робіць смелыя вывады: "Народ насьпеў: не такімі вачамі глядзіць ужо ён на сьвет, якімі глядзеў гадоў 10-15 таму назад. ..Адно зразумеў ён, што так жыць, як жыў дагэтуль, - нельга; ён шукае новых дарог і гатоў пайсьці па іх, але трэба ня толькі паказаць, кудою выхад, але і разам - побач пратаптываць гэту новую дарогу, бо вера на словы страціла свой крэдыт..." [2, № 43, с.665].

З усёй публіцыстычнай палкасцю Ядвігін Ш. закранае праблему народнай асветы. Ён выкрывае недахопы тагачаснай адукацыйнай сістэмы і дзяржаўную палітыку русіфікатарства: "Моладзь ірвецца да прасьветы, але тые рамкі ў якіе ўціснута цяпер навука нашых школ, даюць столькі карысьці, колькі можэ мець яе галодны чэлавек, калі яму вымазаць вусны салам, - піша ў нататках аўтар, - ды і вучаць там, як ведама, не ў роднай беларускай мове, а ў расейскай, дык і тут такая самая пажыва, якую маюць дзеці, што вучацца ў гімназіях нямецкай, ці французкай мовы, а не ужываюць яе дома" [2, № 43, с. 665].

"Лісты з дарогі" ўяўляюць сабой каштоўны этнаграфічны і гістарычны матэрыял. Што тычыцца гістарычнай спадчыны, то тут публіцыст адзначае: "Ёсьць і у нашым краю шмат і на зямлі, і пад зямлёй страдаўных забыткоў, каторые аткрылі-б нам вочы не на адну цёмную пляму нашаго мінуўшаго жыцьця, але мы ня рупімся аб гэтым.." Але, на жаль, "мы хоць з апісаньня - па кніжцы лепш і болей можэм ведаць аб якім кавалку зямлі у Афрыцы, чы Аўстраліі, чым, напрыклад, аб Віленскай губэрні" [2, № 35, с. 536-537]. Менавіта таму ў сваіх падарожных нарысах Ядвігін Ш. змяшчае шмат інфармацыі пра матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Яго твор можна разглядаць як аб'ектыўную этнаграфічную крыніцу. На старонках "Нашай Нівы" чытач знаходзіць розныя мясцовыя легенды і паданні, у якіх адлюстроўваецца менталітэт народа, яго маральныя прынцыпы і светаўяўленне.

Важнае месца ў нататках адводзіцца характарыстыцы побыту, прылад працы, жылля, ежы, адзення беларускага сялянства. Вось, напрыклад, як дакладна і падрабязна апісвае Ядвігін Ш. жаночыя галаўныя ўборы, характэрныя для пэўнага рэгіёна Беларусі. Так, у Шчорсах у жанчын "на галаве крамная хустачка, да рагоў каторай папрычэпляны сваёй работы кутасікі; хустачка гэта укруг твары прыстае гладка, але на вярхочку самай галавы падкладаюць паперу, дык выглядае начыпурыўшыся..." [2, № 31, с. 468]. Каля Бакшт "іншые кабеты носяць яшчэ каптуры з навушнікамі, а на верх завязываюць хустку, - с пераду гладка прыстае яна да валос, а з заду - каля патыліцы - тарчаць два, ў розные бакі моцна накрахмаленые, рагі" [2, № 27, с. 405].

Але не толькі нацыянальны касцюм вызначае адметнасць беларуса. "Нацыянальнай душой" народа, на думку Ядвігіна Ш., з'яўляецца мова. І "калі ёсць такая душа, то ёсць і гаспадар яе - гэта сам народ; а як ня гіне народ з національнай душой, так не загіне беларускі народ!" [2, № 27, с.405] У сваіх развагах пра беларускую мову пісьменнік выступае не толькі як яе шчыры абаронца, але і як лінгвіст-даследчык. Так, ён робіць некаторыя агульныя назіранні і заўважае, напрыклад, што "..мова беларуская ужываецца скрозь зусім такая, якой пішэ і ужывае цяпер "Наша Ніва". Ён дзеліцца сваімі ўражаннямі, што "на вогул шмат лепей знаюць сваю родную мову кабеты, чым мужчыны...Так сама паміж дзяцей і кабет і сама мова зусім іншая: ані крыху не чуваць у ей расейшчыны, дык скуль узялася і бярэцца яна паміж мужчын?" [2, № 27, с. 404-405].

Ядвігін Ш. адзначае і рэгіянальныя граматычныя асаблівасці беларускай мовы: "Тут [каля Бакшт] не скажуць нігдзе, пачынаючы бадай ад самога Вільні: адна верста, дзьве вярсты, а адзін вёрст, два, тры вёрст і т.д. ..каля Бакшт пачуў я зусім неспадзеваную навіну. Тут захавалася ешчэ старадаўная беларуская форма у вымове некаторых слоў; не скажуць - валы, гады, сталы, але валэ, гадэ, сталэ..." [2, № 27, с. 405].

Шырокае ўжыванне трапных народных выразаў (Без дурнёў, кажуць, сьвет ня можэ абыйсьціся..; ... Апісываць дворную гаспадарку ня буду: "ня дзіва, што ў караля жонка хараша"; Сьпіць, як пшаніцу прадаўшы...), арыгінальных параўнанняў (...народ бедны, голы, як бізун; Не трайкочуць яны, як тые сарокі, чужой мовай; не надымаюцца, як індыкі ў павіх пёрах, абы толькі як паказацца ня тым, кім яны па праўдзе ёсьць.. ..быццам доўгія пальцы, цягнуцца ўніз шнуры местачковых шэрых хат.) , прыказак і прымавак ("... з міру па нітачцы, а голаму сарочку" і шыюць; ... горэ, ды беда - ўсяго навучэ; ... адзін варт грыўні, а другі - залатоўку без дзесяткі..; Як ня еў - дык ня мог; як пад'еў - дык ні рук ні ног.) , эмацыянальна-ацэначнай лексікі ( чубочкі лясоў, свая зямліца, тоненькая саломка, старэнькіе хаты і інш.) робіць мову нататкаў дэмакратычнай, блізкай і зразумелай для чытача.

Вывучэнне такой гістарычнай і мовазнаўчай крыніцы як мемуары дае ўнікальную магчымасць зазірнуць у мінулае, адчуць яго непаўторную атмасферу і каларыт, а ў спалучэнні з іншымі крыніцамі дазваляе ўзнавіць панараму гістарычнай рэальнасці Беларусі пачатку ХХ стагоддзя.

Літаратура:

1. Воинов, Ф.Д. Путевые записки ст. сов. Ф.Д. Воинова, или Воспоминания о пребывании его в Минской губернии с февраля 1865 по 1 мая 1866 г. / Ф.Д. Воинов. - СПб., 1891. - 85 с.

2. "Наша Ніва". - 1910.

3. Сыракомля, У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даслед. гісторыі, звычаяў / Пер. з пол. мовы, прадм., камент. К. Цвіркі / У. Сыракомля. - Мінск, 2002. - 204с.

4. Шпилевский, П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю / П.М. Шпилевский. - Минск: Полымя, 1992. - 251с.

А.М. Лапцёнак
Рэгіянальныя асаблівасці ўжывання сінтаксічнай канструкцыі: па грыбы ці ў грыбы

Спазнаць свой край да канца можна толькі тады, калі спасцігнеш філасофію людзей, якія жывуць тут, а гэта немагчыма без вывучэння мовы, якая адлюстроўвае асаблівасці нацыянальнага мыслення. А разуменне сутнасці літаратурнай мовы, тлумачэнне асобных яе фактаў немагчыма без прыцягнення дадзеных дыялекталогіі. Для таго, каб зразумець, чаму так а не інакш функцыянуе мова, патрэбна звяртацца да гаворак, якія часта захоўваюць унікальныя моўныя факты. Не абысціся без такой інфармацыі і пры вывучэнні праблемы фарміравання сучаснай сінтаксічнай нормы на ўзроўні словазлучэння. Словазлучэнне, як намінацыйная адзінка сінтаксісу, мае вельмі важнае значэнне: менавіта "ў правілах спалучэння слоў, у заканамернасцях утварэння розных відаў і тыпаў словазлучэнняў выразна выяўляецца нацыянальная спецыфіка мовы" [13, с.21].

Канструкцыям беларускай мовы з дзеясловамі руху пры выражэнні аб'ектна-мэтавых адносін уласціва варыянтнасць. У літаратурнай мове "дзеясловы руху ( ісці, бегчы, плыць, ехаць ), а таксама волевыяўлення ( выправіць, паслаць, прыслаць і інш.) пры абазначэнні мэты дзеяння ўтвараюць у беларускай мове словазлучэнні з вінавальным склонам назоўніка з прыназоўнікамі па і у " [17, с.12]. Як размоўная адзначаецца таксама канструкцыя з прыназоўнікам за . Такая варыянтнасць мае даўнюю традыцыю, яна можа быць патлумачана моўнымі фактамі сучасных гаворак.

Так, некаторыя носьбіты беларускай мовы праводзяць семантыка-сінтаксічную дыферэнцыяцыю такіх спалучэнняў. Яшчэ сёння на тэрыторыі "паўднёвага ўсходу" Беларусі (на "Гомельскім Палессі") ужываецца форма пайсці ў грыбы альбо пайсці ў ягады , але пры канкрэтызацыі правільна казаць па лісічкі альбо па суніцы [1]. Такое размежаванне сінтаксічных канструкцый не новае, яно адзначаецца і спецыялістамі-філолагамі. Ф.М. Янкоўскі пісаў, што пры дзеясловах руху ісці, хадзіць, бегаць, паслаць пры вызначэнні мэты ў якасці нарматыўнага ўжывальны прыназоўнік па з вінавальным склонам. Калі ж залежны кампанент - слова ягады ці грыбы , - то нарматыўнымі будуць спалучэнні з прыназоўнікам у [16].

Такой думкі прытрымліваюцца і аўтары слоўніка-даведніка "Кіраванне ў беларускай мове", дзе праводзіцца семантычнае размежаванне прыназоўнікаў за - па - у . Канструкцыі з прыназоўнікам па ўжываюцца без абмежавання, канструкцыі з прыназоўнікам за "ўжываюцца радзей", а прыназоўнік у выкарыстоўваецца ў спалучэннях "з назоўнікамі грыбы, ягады, маліны, трава, кветкі, рыба і некаторымі інш." [2, с.86-87].

Такім чынам, дадзеным спалучэнням уласціва варыянтнасць як у гаворках, так і ў літаратурнай мове. Варта адзначыць, што варыянтнасць такіх спалучэнняў фіксуецца на розных гістарычных этапах.

Адным з першых навуковых апісанняў сінтаксічнай сістэмы беларускай мовы з'яўляецца шматтомнае даследаванне Я. Карскага "Беларусы". Аналізуючы сінтаксіс старабеларускіх пісьмовых помнікаў, навуковец выдзяляе дзве канструкцыі: з прыназоўнікамі у і па . Спалучэнні з прыназоўнікам у ён разглядае пры выражэнні акалічнасных адносін месца (накірунку дзеяння): пошов у грибы, у ягоды, у дровы, у щавель; пошоў дедка у грыбы [7, с.415]. Аналізуе даследчык і спалучэнні з прыназоўнікам па , адзначыўшы суіснаванне дзвюх канструкцый: ..идучы нам па ягады, сустреў лясник [7, с.407]; дорогу по дрова, по лыка, по вязье [7, с.430], пашоў па грыбы (рядом с у грыбы, у ягоды ), хадзіць па грыбы і ў грыбы ; паехаў па авёс; па жито, па грыбы; хадзиў па грошы [7, с. 431]. Паралельнае выкарыстанне канструкцый адзначаецца ім у адных і тых жа помніках, дзе адлюстроўваюцца гаворкі Ігуменшчыны (сучасная Чэрвеншчына) і Быхаўшчыны. У спецыяльным даследаванні "Червенский говор" адзначаецца толькі адна канструкцыя - з прыназоўнікам у : заўтра пойдам у грыбэ [8, с. 597]. Такім чынам, у манаграфіі фіксуюцца дзве сінтаксічныя формы выражэння мэтавых адносін - з прыназоўнікам па і прыназоўнікам у , якія ў некаторых гаворках могуць быць варыянтнымі. Спалучэнні з прыназоўнікам за не адзначаюцца.

Варыянтнасць уласціва дадзеным словазлучэнням і ў пачатку ХХ ст. Гэта дазваляюць сцвярджаць матэрыялы газеты "Наша Ніва". Менавіта на яе старонках на аснове гаворак розных рэгіёнаў Беларусі праводзілася актыўная выпрацоўка арфаграфічных, лексічных, граматычных і іншых норм беларускай мовы. На старонках газеты адзначаюцца спалучэнні з прыназоўнікамі па, за і ў .

У тэкстах газеты шырока ўжываюцца словазлучэнні з прыназоўнікам па . Галоўны кампанент прадстаўлены не толькі дзеясловам ісці / пайсці, але і іншымі лексемамі дадзенай лексіка-семантычнай групы, шырокі семантычны дыяпазон уласцівы і залежнаму кампаненту: Па атрамэнт и асадку пришлося исьци за дзьве вярсты да старога Ирша [1908, №5, с.4]; Niejak z wosieni pajslo dwoch chlapcou malych u les pa hryby [1910, № 3, c. 53]; Celawiek skazau, Sto jon jechau pa drowy [1910, №3, с.53]; Адзін чэлавек .. паехаў да стогу на балоце па сена [1910, №6, с.98]; Tut stali usie [sudzdzi] wypiwac i spiewac i paslali storaha bols pa harelku [1911, №3, c.45]; Маладзiцы з радасьцi пабеглi ў хаты па грошы i па каўбасы [1912, №15-16, 19 (2) крас., с.4]; Я нi пайду па мякiну [1913, №11, с.3]; Я яго навучыў-бы кудой па табаку хадзiць! [1913, №37, с.2]; Грошы нашаму селяніну дабываць ня лёгка, калі па іх трэба ехаць ажно за морэ [1914, №18, с.1]; На заўтрае Язэп па лекарства сам не паехаў, а выправіў жонку [1914, №20, с.1]; Bieniakonskaje spazywieckaje tawarystwa .. chutka krepka stanie? miejscam, da jakoha buduc sciakacca usie blizejsyja kooperatywy pa tawar.. [1920, №6, с.4]. Колькасна спалучэнні з прыназоўнікам па пераважаюць; яны ўжываюцца ў мове выхадцаў з Гродзеншчыны, Брэстчыны, Міншчыны.

Выкарыстаны таксама спалучэнні з прыназоўнікам за : Беднаму Лукашу і ня снілася, едучы у N за сваімі інтэрэсамі здаровым, прыехаць туды бязногім [1914, №19, с.3]; ..Moladz znatniejsych i bahaciejsych familij jechala za nawukaj u Zachodniuju Europu [1910, №7, с.111]. У якасці залежнага кампанента адзначаюцца толькі абстрактныя, адцягненыя назоўнікі. Адзінкава ўжываецца семантычна тоеснае словазлучэнне з прыназоўнікамі на : Дзе-б хацела паляцела, Дома не сядзела. Ці на ягады ў бор шчыры Туды за сялібкі, Ці ў лес цёмны на арэхі, Дзе ляшчэўнік гібкі [1913, №42, с.3. Я. Купала. Песьня]. Цікава, што ў сучасных выданнях прыняты варыянт па ягады [9, с.176]. Параўн. таксама словы народнай песні: "Прыйдзi, прыйдзi, мой мiленькi // Ка мне на хвiлiнку, //А я вышлю свайго дзеда // У лес на малiнку. // Iдзi, стары, барадаты, // У лес на малiнку. // А не пойдзешь у малiну, // - Любiцi пакiну" [11].

Цікава, што розныя па будове канструкцыі часам адзначаюцца ў адным і тым жа тэксце. Так, у апавяданні Язэпа Шпэта "Разбагацеў" фіксуюцца канструкцыі са словам грыбы з прыназоўнікамі: па, у, за . Параўн.: ..[бабы] лён парадкуюць, буракі капаюць, а то і ў лес за грыбамі, за ягадамі ходзюць - адным словам, "бабскае лета"; Бабы ў лес па грыбы пойдуць..; - Куды ты? - запыталася баба. - У лес у грыбы [1914, № 11-12, с. 2]. Патлумачыць асаблівасці іх ўжывання можна, звярнуўшыся да беларускіх гаворак.

У "Дыялекталагічным атласе беларускай мовы" словазлучэнні, што выражаюць аб'ектна-мэтавыя адносіны, аналізуюцца ў залежнасці ад семантыкі залежнага кампанента. Вызначана тэрыторыя пашырэння спалучэнняў з кампанентамі вада [5, карта № 214], ягады, грыбы [5, карта № 215], дровы [5, карта № 216)]. Адзначаюцца наступныя варыянты: па ваду і за вадой , па ягады , грыбы, дровы - у ягады, грыбы, дровы - за ягадамі, грыбамі, дрывамі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам у найбольш пашыраны на тэрыторыі Беларусі, часцей яны ўжываюцца ў паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах, на ўсходзе краіны. У якасці варыянтных адзначаюцца спалучэнні з прыназоўнікамі за і па , якія можна размежаваць тэрытарыяльна. Спалучэнні з прыназоўнікам па пашыраны на тэрыторыі заходняй Беларусі і ў паўднёва-ўсходніх абласцях. Спалучэнні па грыбы, па ягады адзначаюцца таксама ў некаторых населеных пунктах Міншчыны і Магілёўшчыны [5, карта № 215]. Спалучэнні з прыназоўнікам за ўжываюцца ў паўночна-ўсходніх гаворках. Прыналежнасць такой канструкцыі да ўсходніх гаворак адзначаў і Б. Плотнікаў [10, с. 524].

У каментарыях да карт адзначаюцца некаторыя асаблівасці ўжывання такіх спалучэнняў. Так, робіцца заўвага, што часам выкарыстоўваецца беспрыназоўнікавая канструкцыя ісці вады, пашыраная ў асобных населеных пунктах на тэрыторыі ўсёй Беларусі [6, с. 758]. Выбар прыназоўніка ў спалучэннях са словам дровы залежыць ад сітуацыі: у некаторых пунктах кажуць паехаць у дровы - калі іх трэба яшчэ нарыхтаваць, па дровы або за дровамі - калі яны ўжо загатоўленыя і іх трэба толькі прывезці [6, с.760-761]. У некаторых месцах выбар прыназоўніка залежыць ад галоўнага дзеяслова: хадзілі ў дровы але паедзем за дрывамі , паехалі ў дровы але збегай па дровы [6, с.761]. Такое размежаванне ўласціва гаворкам вёсак на Віцебшчыне - Віцебскі, Докшыцкі, Лепельскі раёны, - а таксама на тэрыторыі Слонімскага Барысаўскага, Асіповіцкага раёнаў (згодна з адміністрацыйным падзелам на 1.1.1962 г.). У адносінах да варыянтнасці прыназоўнікаў па і за пры назоўніку дровы ў в. Камена Плешчаніцкага раёна (падзел 1962 г.) зафіксавана наступная заканамернасць: формы з прыназоўнікам у сустракаюцца толькі ў старых людзей, а формы з прыназоўнікам за і па - у моладзі [6, с.758; с. 760].

Такім чынам, у тэкстах газеты "Наша Ніва" і ў беларускіх дыялектах адзначаюцца спалучэнні з прыназоўнікамі па, у, за, на, - у гаворках таксама ўжывальныя і беспрыназоўнікавыя канструкцыі.

У 20 гг. ХХ ст. адбывалася актыўнае фармаванне літаратурнай мовы і выпрацоўка адзінай нормы. Адным з першых падручнікаў па сінтаксісе, які насіў нарматыўны характар, быў школьны падручнік В. Чудовіча і С. Дружылоўскай "Формальны сынтакс" 1930 г. У падручніку адзначаюцца наступныя канструкцыі з мэтавымі адносінамі: з прыназоўнікамі па ( схадзі па коні, па валы, па дровы... [14, с.37]) і прыназоўнікам у ( пайшоў у хату, у грыбы, у ягады [14, с.37]), гэтыя спалучэнні адзначаюцца як "роўналежныя пабудовы", г. зн. тоесныя канструкцыі. Як "роўналежныя пабудовы" аўтары падручніка вызначаюць таксама "замены па на за " і прыводзяць у якасці прыкладаў наступныя спалучэнні: пайшлі па свае грошы - пайшлі за сваімі грошамі ; Пчолкі на цьвяткі па мёд сабе лятуць - пчолкі на цьвяткі за мёдам сабе лятуць , пазначаючы выказванні як цытаты з мастацкай літаратуры [14, с.87].

У "Граматыцы беларускай мовы" 1966 г. адзначаюцца словазлучэнні пайсці ў грыбы, паехаць у дровы і пад., аднак удакладняецца, што "такія канструкцыі прыпадабняюцца па значэнні да дзеяслоўных словазлучэнняў з прыназоўнікам па " [4, с.196], якім прысвечаны асобны параграф, дзе канструкцыя праілюстравана шматлікімі прыкладамі з мастацкай літаратуры. У якасці заўвагі ўдакладнена, што "пад уплывам некаторых гаворак" у мастацкай літаратуры адзначаюцца і спалучэнні з творным склонам назоўніка і прыназоўнікам за [4, с.206]. Гэта норма адлюстравана і ў "Беларускай граматыцы" 1986 г., прычым форма з прыназоўнікам па лічыцца другаснай, варыянтнай, а першасная - канструкцыя з прыназоўнікам у [3, с.19].

Прызнаючы нарматыўнасць словазлучэнняў з прыназоўнікамі па і ў , лінгвісты сёння разыходзяцца ў ацэнцы канструкцый з прыназоўнікам за . П.У. Сцяцко спалучэнні з гэтым прыназоўнікам лічыць запазычаннямі з рускай мовы, адзначаючы ў ілюстрацыях толькі канструкцыі з прыназоўнікам па [12, с.90]. П.П. Шуба ў "Тлумачальным слоўніку беларускіх прыназоўнікаў" разглядаў пры выражэнні мэтавых адносін прыназоўнік па "пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння" [15, с.90], прыназоўнік у "для ўказання на аб'ект мэты дзеяння (збору, нарыхтоўкі і г.д.)" [15, с.146], а таксама прыназоўнік за з творным склонам "пры абазначэнні асобы або прадмета, якія з'яўляюцца мэтай руху ці перамяшчэння" [15, с.33], пры апошнім у даведніку адсутнічаюць дадатковыя паметы.

Такім чынам, канструкцыі пры выражэнні аб'ектна-мэтавых значэнняў выяўляюць варыянтнасць на ўсіх этапах развіцця беларускай мовы. Для выражэння такіх адносін ужываюцца спалучэнні з прыназоўнікамі па, у і за . Словазлучэнні з прыназоўнікамі па і ў лічацца сёння нарматыўнымі, яны могуць размяжоўвацца адносна семантыкі залежнага кампанента. Такая разнастайнасць уласціва і беларускім гаворкам, дзе дадаткова фіксуюцца спалучэнні з прыназоўнікам на і беспрыназоўнікавыя канструкцыі, а таксама ідзе размежаванне ў залежнасці ад семантыкі галоўнага дзеяслова. Спалучэнні з прыназоўнікам за першапачаткова адзначаюцца ў пачатку ХХ стагоддзя і могуць быць запазычанымі з рускай мовы. Пазней яны пераходзяць на перыферыю літаратурнай мовы і становяцца размоўнымі.

Літаратура:

1. Kryviec, У грыбы // LiveJournal [Электронны рэсурс]. - 2007. - Рэжым доступу: kryviec.livejournal.com/435752.html. - Дата доступу: 20.01.12.

2. Арашонкава, Г.У. Кіраванне ў беларускай і рускай мовах. Слоўнік-даведнік / Г.У. Арашонкава, В.П. Лемцюгова. - Мінск: Выш. шк., 1991. - 304 с.

3. Беларуская граматыка: у 2-х ч. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; рэд. М.В. Бірыла, П.П. Шуба. -Мінск, 1986. - Ч. 2: Сінтаксіс. - 327 с.

4. Граматыка беларускай мовы: у 2 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; рэд. К.К. Атраховіч (Крапіва), М.Г. Булахаў, П.П. Шуба. - Мінск: Навука і тэхніка. - Т. 2: Сінтаксіс. - 756 с.

5. Дыялекталагічны атлас беларускай мовы / АН БССР, Ін-т мова-знаўства імя Я. Коласа; пад рэд. Р.І. Аванесава, К.К. Крапівы, Ю.Ф. Мацкевіч. - Мінск, 1963.

6. Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Уступныя артыкулы. Даведачныя матэрыялы і каментарыі да карт / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; пад рэд. Р.І. Аванесава, К.К. Крапівы, Ю.Ф. Мацкевіч. - Мінск, 1963. - 970 с.

7. Карский, Е.Ф. Белорусы: в 3 т. / Е.Ф. Карский; коммент. В.Н. Курцовой. - Минск: БелЭн, 2006. - Т. 2, кн. 2: Язык белорусского народа. - 512 с.

8. Карский, Е.Ф. Белорусы: в 3 т. / Е.Ф. Карский; коммент. В.Н. Курцовой. - Минск: БелЭн, 2006. - Т. 1: Введение в изучение языка и народной словесности. - 656 с.

9. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. - Мінск: Маст. літ., 1997. - Т. 3: Вершы, пераклады 1911 - 1914. - 342 с.

10. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б.А. Плотнікаў, Л.А. Антанюк. - Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. - 672 с.

11. Сам не знаю, не ведаю // Песенник анархиста-подпольщика: тексты и ноты песен разных времен и жанров [Электронны рэсурс]. - 2011. - Рэжым доступу: a-pesni.org/belorus/samneznaju.htm. - Дата доступу: 22.02.12.

12. Сцяцко, П. Культура мовы / П. Сцяцко. - Мінск: Тэхналогія, 2002. - 444 с.

13. Чалюк, Н.М. Сінтаксіс беларускай мовы. Словазлучэнне. Просты сказ / Н.М. Чалюк. - Мінск: ТетраСистемс, 2004. - 208 с.

14. Чудовіч, В. Формальны сынтакс / В. Чудовіч, С. Дружылоўская. - Менск: Бел. дзярж. выд-ва, 1930. - 152 с.

15. Шуба, П.П. Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў. - Мінск: Нар. асвета, 1993. - 168 с.

16. Янкоўскі, Ф.М. Беларуская мова / Ф.М. Янкоўскі. - Мінск: Выш. шк., 1978.

17. Яўневіч, М.С. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы: падруч. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / М.С. Яўневіч, П.У. Сцяцко. - Мінск: Аверсэв. 2006. - 286 с.

Н.А. Снігірова
Беларуска-яцвяжскія ўзаемадачыненні як аспект краязнаўства

Лінгвістычнаму краязнаўству ў апошні час надаецца дастаткова шмат увагі: гэта адзін з тых прадметаў, які спрыяе развіццю нацыянальнай самасвядомасці, фармуе асновы духоўнасці. Спецыфіка лінгвістычнага краязнаўства вызначаецца не толькі лакальнасцю даследаванняў, але і вялікімі эўрыстычнымі магчымасцямі, шматаспектнасцю разглядаемых праблем. Сярод апошніх увагі заслугоўвае т. зв. яцвяжскі феномен, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выклікае палеміку ў навуковых колах Беларусі і Польшчы. Яцвягі - адна з самых загадкавых з'яў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Хто яны? Адкуль? Куды зніклі? Якую ролю адыгралі ў гісторыі беларусаў і іншых народаў? Пераканаўчых адказаў на гэтыя пытанні няма [6]. Між тым яцвягі маюць самае непасрэднае дачыненне да гісторыі Беларусі і ўяўляюць асаблівую цікавасць для краязнаўства.

Вядома, што ў беларускай традыцыйнай культуры яцвягі выступаюць як таямнічая, адасобленая этнічная група, звязаная з уяўленнем пра "чужое", чарадзейнае [2, с. 547]. Паводле паданняў, яцвягі жылі ў лясах Белавежскай пушчы. Жыхары пушчы складалі асобнае племя (або літоўскае, або рускае); мова іх, паводле выказвання П. Шпілеўскага, - "сумесь старажытналітоўскай з рускай, маларасейскай і палескай" [2, с. 547]. Як устанавіў З. Сіцька, да вызначэння сэнсу слова-тэрміна яцвягі , верагодна, найбольш наблізіўся фінскі даследчык Ё. Койвулехта, які "аналізаваў значэнні нямецкага дыялектнага дзеяслова jaten 'палоць, вырываць', з чаго можа вынікаць, што яцвягі былі ізгоямі" [3, с. 82].

Яцвягі ўзгадваюцца як народ, які на працягу свайго гістарычнага існавання займаўся амаль выключна вайной: або як захопнікі, або як наёмнікі ў войску каго-небудзь з князёў. У гістарычнай літаратуры яцвягі паказваюцца жорсткімі, бязлітаснымі варварамі, якія суседнічалі з ахрышчаным насельніцтвам, аднак самі пры гэтым доўгі час заставаліся паганцамі. З мэтай пазбегнуць гвалтоўнай хрысціянізацыі яцвягі стваралі ў лясах ваенізаваныя пасяленні. А. Трусаў называе яцвягаў балцкім племенем [4, с. 84]. Але цалкам магчыма, што сярод т.зв. яцвягаў былі людзі рознага этнічнага паходжання, прадстаўнікі ўсходнеславянскіх і балцкіх плямёнаў, а таксама польскіх. Навукоўцы шмат разоў згадвалі пра падабенства матэрыяльнай культуры, звычаяў літвы ды яцвягаў, пра тэрытарыяльна блізкія помнікі [3, с. 82].

На тэрыторыі распаўсюджання беларускага арэала назіраецца нямала моўных, этнічных, культурных пераўтварэнняў, і верагодна, што і яцвягі працягваюць існаваць у іншай этнамоўнай форме [7]. Самыя відавочныя сляды яцвягаў на беларускай зямлі - геаграфічныя назвы, што пакінулі яны пасля сябе і ў якіх захавалася прамое значэнне: вёскі Ятвяск (Свіслацкі і Шчучынскі р-ны), Ятвязь (Баранавіцкі, Гродзенскі, Івацэвіцкі, Карэліцкі р-ны) і інш., возера Яцвязь , рака Ятвязь (прыток верхняй Свіслачы), рака Ятфа на Гродзеншчыне і інш. Усяго на Беларусі іх налічваецца больш за дваццаць [5, с. 83], [2, с. 547]. Яцвяжскімі былі і вёскі з назвамі Дайнова, Дайнава, Дайноўка, Дайнаўка ў Валожынскім, Воранаўскім, Лідскім, Ашмянскім і іншых раёнах. Утварыліся гэтыя назвы ад этноніма дайнова (дайнава) . Так называлі яцвягаў суседзі [5, с. 83]. Вядома, што ў ХІІ-ХІV стст. паміж Нёманам пры ўпадзенні ў яго Дзітвы ды Гаўі і Віліяй існавала Дайноўскае княства, якое ўпершыню згадвалася ў грамаце Міндоўга пад 1259 г. [5, с. 84]. Такім чынам, яцвягі займалі значную частку цяперашняй Гродзеншчыны, поўначы Брэсцкай вобласці, а таксама Беласточчыны [5, с. 83].

Аднак гістарычная тэрыторыя лакалізацыі яцвягаў да гэтага часу выклікае спрэчкі. Даследчыкі А. Каменскі, Е. Антаневіч, Г. Лаўмянскі, Ф. Гурэвіч тэрыторыю яцвягаў абмяжоўваюць раёнам Сувалкаў і найбліжэйшымі да іх землямі; Ю. Кухарэнка, С. Сядоў і інш. уключаюць у склад яцвяжскай тэрыторыі Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння [1, с. 788]. Так, мяркуецца, што да X-XI ст. яцвягі займалі асноўную частку будучага Падляшша, міжрэчча Нарава і Нёмана. Магчыма, што да ХІ ст. арэал рассялення яцвягаў быў шырэйшым і ахопліваў значную частку сучаснай Беларусі (горад Камянец фактычна з'яўляўся фарпостам на мяжы славянскіх земляў і земляў яцвягаў, якія жылі на поўнач ад яго). З ХІІ ст. заходняя частка яцвяжскіх земляў была падпарадкавана Мазовіі, паўднёвай часткай валодала Галіцка-Валынскае княства. З канца ХІІ - пач. ХІІІ ст. яцвягі ўваходзілі ў склад ВКЛ і ўдзельнічалі ў этнагенезе літоўцаў, латышоў, беларусаў і палякаў. Да XVII ст. амаль усе яцвягі былі або асіміляваны суседзямі (беларусамі, літоўцамі і палякамі-мазаўшанамі), або знішчаны падчас ваеннай барацьбы. Неабходна адзначыць, што рэшткі гэтага народа да сённяшняга часу жывуць на тэрыторыі сучаснай Польшчы ў ваколіцах горада Сувалкі і прыкладаюць намаганні, каб захаваць для нашчадкаў сваю культуру.

Яцвягі (ятвягі, судовы, судзіны) - агульная назва групы заходнебалцкіх плямён, якія ў 1-м - пач. 2-га тыс. н.э. былі адзначаны на тэрыторыі паміж Нёманам на ўсходзе і ракой Нараў, Вялікімі Мазурскімі азёрамі на захадзе [1, с. 788]. Яцвягі жылі сярод лясоў і балот, іх спрадвечным паселішчам была Белавежская пушча. Першая са згадак пра яцвягаў у летапісах датуецца 983 г. Вядома, што кіеўскія князі, а таксама палякі, крыжакі вялі з яцвягамі амаль бесперапынную вайну, аднак былі паміж яцвягамі і суседзямі і добрыя стасункі [5, с. 86]. Пасля 1283 г. яцвягі, амаль што знішчаныя, сыходзяць з гістарычнай сцэны. Ацалелая частка яцвягаў была асімілявана беларусамі, і магчыма, мазаўшанамі, частка ж перасялілася ў Самбію, рэшткі яцвягаў засталіся на Скідзельшчыне [5, с. 87]. Апошнія звесткі пра яцвягаў у рускіх летапісах датуюцца сярэдзінай ХІІІ ст., у польскіх храністаў - ХV - ХVII ст. [1, с. 788].

К. Цвірка сцвярджае, што ў яцвягаў не было яшчэ пісьменства і што яны не пакінулі пасля сябе ніякіх пісьмовых помнікаў [5, с. 89]. Але гандлюючы і ваюючы паміж сабой, беручы палон і засяляючы ім неабжытыя мясціны, беларусы і яцвягі пераймалі адзін у аднаго звычаі і абрады, а таксама асаблівасці мовы абедзвюх народнасцей [5, с. 91]. З. Сіцька мяркуе, што праз дзяржаўную службу ўсе ваяры вымушаны былі засвоіць і дзяржаўную мову - крывіцкую (ці славяна-крывіцкую), якая мала адрознівалася ад іх дыялектаў. Цягам часу і літва, і яцвягі сталі карыстацца гэтай мовай і ў паўсядзённым жыцці [3, с.81].

Паколькі яцвяжская мова існавала пераважна ў безпісьмовай форме, меркаваць пра яе можна толькі па нязначнай колькасці разрозненых і больш ці менш выпадковых фактаў. Да іх ліку адносяць некалькі дзясяткаў тапонімаў, гідронімаў і асабовых імёнаў, зафіксаваных у непасрэднай сувязі з гістарычнай тэрыторыяй рассялення яцвягаў, а таксама дадатковыя ўскосныя дадзеныя па-за межамі яцвяжскага арэала [12]. У якасці крыніцы звестак аб некаторых асаблівасцях яцвяжскай мовы - найперш, яе фанетыкі і слоўніка - можа разглядацца пэўная частка лексікі тых сучасных літоўскіх і славянскіх гаворак, якія выступаюць у якасці суперстрата ў адносінах да зніклага яцвяжскага маўлення. Вядомы шэсць кароткіх выразаў на яцвяжскай мове, якія адносяцца да сферы этыкету або рытуалу і змяшчаюць паўторы ( trencke trencke 'стукні! стукні!'; Kellewesze perioth Kellewesze perioth 'возчык прыехаў, возчык прыехаў'; Ocho moy myle schwante panicke 'О мой мілы святы агеньчык!'; Kailess noussen gingis 'Будзь здароў, наш таварыш!' і інш.) [8].

Вылучаецца два арэалы, назвы якіх паслужылі асновай для абазначэння яцвяжскай мовы ў розных народаў: для немцаў і літоўцаў бліжэй быў т.зв. судаўскі (паўночна-яцвяжскі), для палякаў і ўсходніх славян - т.зв. яцвяжскі (паўднёва-яцвяжскі) [11]. Судаўскі, паўночна-яцвяжскі арэал да канца ХІІІ ст. быў амаль цалкам вынішчаны Тэўтонскім ордэнам. На пач. ХV ст. гэтыя землі былі заселены нешматлікімі ацалелымі яцвягамі, беларусамі, літоўцамі, немцамі. Судаўскі арэал яцвяжскай мовы быў канчаткова выцеснены літоўскім, нямецкім і польскім моўным элементам да канца ХVІ - пач. ХVІІ ст., таму прадстаўлены толькі некалькімі фразамі ХVІ ст. Уласна яцвяжскі (паўднёва-яцвяжскі) арэал быў выцеснены польскім і беларускім прыкладна ў ХVІ-ХVІ стст. і прадстаўлены невялікім слоўнікам (каля 200 лексічных адзінак) [7], [10]. Статыстыка сведчыць, што ў 1860 г. на поўдні Гродзенскай губерніі было зафіксавана каля 31 тысячы яцвягаў [13].

Найбольш значны і каштоўны помнік яцвяжскай мовы - рукапісны польска-яцвяжскі слоўнік "Poganske gwary z Narewu", знойдзены ў канцы 70-х гадоў ХХ ст. у паўночай частцы Белавежскай пушчы [10]. Слоўнік складаюць больш за 200 дыягнастычна важных лексем, сярод якіх большая частка раскрывае важныя рысы побыту і асаблівасці культуры яцвягаў (да прыкладу, guti 'крыжакі', drygi 'маскалі', Naura 'Нараў', aucima 'вёска', pesi 'быдла', taud 'народ', waltida 'здароўе', ward 'слова', weda 'дарога', wulks 'воўк' і да т.п.). Акрамя таго, у слоўніку прадстаўлена значная частка яцвяжскіх дзеясловаў, займеннікаў і лічэбнікаў [9].

Матэрыял слоўніка дазваляе вызначыць шэраг фанетычых асаблівасцей яцвяжскай мовы: захаванне балт. *a ; адсутнасць змяшэння балт. *a і *o ; непаслядоўныя рэфлексы балт. *ei ; пераход i > e, t' > k', d' > g' , дэпалаталізацыя s', c', z, z', s, z, r', l' і часткова p', b', v', m' , пераход s > s', z > z' , як і ў прускай, латышскай і інш. мовах. і інш. Націск у яцвяжскай мове быў танічным і, магчыма, нават больш складаным, чым у літоўскай мове [9].

Сярод марфалагічных асаблівасцей яцвяжскай мовы адзначаюцца наступныя: акрамя інфінітываў, якія заканчваюцца на -tie, -cie, засведчаны некалькі іншых дзеяслоўных форм, сярод якіх асаблівую цікавасць уяўляе форма 1 ас. адз. л. цяп. часу irm 'есмь' ('ёсць') < *ir + *-mi (літоўск. yra , латыш. ir(a) 3 ас. дзеяслова 'быць'); сярод назоўнікаў вылучаюцца імёны на -o , адпаведныя славянскім прыкладам н. р. і інш. У яцвяжскай мове існавала, мяркуючы па наяўным матэрыяле, не больш за пяць склонаў. Дзякуючы фанетычнай архаічнасці многія склонавыя канчаткі цалкам захавалі свой агульна-балцкі воблік [9].

Аналіз балцкай часткі слоўніка дае магчымасць даследчыкам акрэсліць становішча яцвяжскай гаворкі як памежнае паміж прускай і літоўскай мовай, паколькі шэраг лексем арыентаваны на ўсходнебалцкія паралелі, і выявіць сувязі з іншымі, не балцкімі мовамі (на падставе значнай колькасці германізмаў і некалькіх паланізмаў). На поўдні Літвы адным з нашчадкаў яцвяжскай мовы лічыцца дыялект "дзукаў", з характэрным пераходам літоўскіх мяккіх шыпячых [ч], [дж] у свісцячыя [ц], [дз] [9], [8].

Пры наяўнасці відавочных лакун у даследаванні яцвяжскай мовы вучоныя тым не менш выказваюць упэўненасць у яе пераважнай блізкасці да прускай мовы, дыялектнай дыферэнцыраванасці і глыбокім укладзе ў суперстратныя гаворкі былой яцвяжскай тэрыторыі [6]. Сучасныя славянскія гаворкі былой яцвяжскай зямлі і сумежных тэрыторый захоўваюць шэраг асаблівасцей яцвяжскай мовы або падзяляюць іх з ёю.

Нягледзячы на тое, што па яцвяжскім пытанні існуюць розныя меркаванні і сабраны ўжо значны матэрыял, які ўяўляе вялікую цікавасць для краязнаўцаў, яцвягі застаюцца адным з найменш вывучаных народаў на тэрыторыі ўсходняй Еўропы. Нельга не ўзгадаць, які шырокі рэзананс атрымала ў свой час Заходнепалеская (Яцвяжская) навукова-практычная канферэнцыя (г. Мінск, 13-14 красавіка 1990 г.), удзельнікі якой прынялі важнае заключэнне адносна развіцця яцвяжскага руху і стварэння ў перспектыве адпаведнай аўтаноміі. У прыватнасці, было ўстаноўлена, што ў склад Заходнепалескага (Яцвяжскага) этнамоўнага арэала ўваходзяць брэсцка-пінскія гаворкі Беларусі, паўночна- і цэнтральнавалынскія гаворкі Ўкраіны, а таксама бельска-бяла-хэлмскія гаворкі Польшчы і роднасныя ім. Многія іншыя ўзнятыя падчас правядзення згаданай канферэнцыі праблемы патрабуюць далейшага асэнсавання.

Эмпірычныя назіранні над шматлікімі яцвяжскімі слядамі, пакінутымі на тэрыторыі Беларусі і ў мове, і ў прыладах працы, і ў знешнім выглядзе людзей могуць быць надзвычай карыснымі для развіцця айчыннага краязнаўства.

Літаратура:

1. Вялікае княства Літоўскае : Эцыклапедыя. У 2 т. Т.2 : Кадэцкі корпус - Яцкевіч / Рэдкал. : Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. - Мінск : БелЭн, 2006. - 792 с. : іл.

2. Гурская, Ю.А., Дучыц, Л.У. Яцвягі / Ю.А. Гурская, Л.У. Дучыц // Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад. І.Клімковіч, В.Аўтушка; навук. рэд. Т.Валодзіна, С.Санько. - Мн.: Беларусь, 2011. - С. 547.

3. Сіцька, З. Утроп Літвы / Здзіслаў Сіцька // Баранавічы : Баранавіцкая гарадская арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", 2009. - 324 с. :іл.

4. Трусаў, А.А. Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах / А.А. Трусаў. - Мінск : Кнігазбор, 2009. - 152 с.

5. Цвірка, К.А. Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў / К.А. Цвірка. - Мінск : "Соврем. слово", 2006. - 400 с.

6. churchby.info/rus/507/

7. jetvyz.narod.ru/index.html

8. gega.kryvia.net/rus_tapar.html

9. ru.wikipedia.org/wiki/Ятвяги

10. suduva.com/region.htm

11. dic.academic.ru/dic.nsf/es

12. harugva.narod.ru/yatva.html

13. hrono.ru/etnosy/yatvyagi.html

Алена Анісім
Краязнаўчая тэматыка ў "Нашай Ніве" (1906-1915 гг.)

Краязнаўства як важная частка грамадскага жыцця ўяўляе сабой асобую форму патрыятызму і набывае павышаную запатрабаванасць у пэўныя перыяды развіцця краіны. Так, пасля прыняцця ў 1905 годзе Закона аб свабодзе друку ў Беларусі актывізуецца нацыянальны рух, што выяўляецца ў культурна-асветніцкай працы па пашырэнні ведаў па розных галінах навукі. Значны ўнёсак у гэта зрабіла рэдакцыя газеты "Наша Ніва", якая найпершай сваёй задачай якраз і ставіла абуджэнне нацыянальнай годнасці беларусаў. Дзеля выканання высакароднай мэты на старонках газеты перыядычна з'яўляліся матэрыялы разнастайнай тэматыкі: парады медыцынскага, сельскагаспадарчага характару, звесткі па хіміі, геаграфіі, астраноміі і інш. Акрамя агульнаасветніцкай працы супрацоўнікі "Нашай Нівы" рыхтавалі публікацыі ўласнабеларускай тэматыкі, а таксама скіроўвалі чытачоў на збіранне звестак самабытнага, адметнага характару.

Так, у № 1 за 1911 год рэдакцыя ўводзіць новую рубрыку "Беларускіе народные гульні", змяшчаючы да яе невялікі каментар, які мы прыводзім без арфаграфічных правак: "У № 44-45 "Нашае Нівы" мы звярнуліся да нашых чытачоў і прыяцелёў беларушчыны с просьбай збіраць на Калядные сьвяты беларускіе этнографічные матэр'ялы. Запісываць гульні-ігры, абрады, песьні, варажбу, прыказкі і інш., - адным словам усё, што так ці гэтак звязано с Калядамі. Асаблівую увагу прасілі звярнуць на бэтлейку - гэты едзіны дагэтуль народны тэатр - і ў тым жэ 44-45 нумэры газэты далі програму, як запісываць бэтлейку. Усё, што нам дагэтуль прыслалі і прышлюць, будзе апрацавано вучонымі людзьмі дзеля пазнаньня душы беларускаго народу, каторая адбіваецца і ў забавах, і ў бэтлейках, і ў песьнях народных і інш. Некаторыя ігры-гульні, што ўжо па вёсках пачынаюць забывацца, мы друкуем у "Нашай Ніве". Рэдакція". [1]. У гэтым нумары рэдакцыя змясціла апісанне гульняў "Авечэчка" і "Шавец". Працяг беларускіх народных гульняў знаходзім у № 6, дзе апісваецца, як гуляць у "Млын" і "Прарок". У № 44 даецца апісанне гульняў "Падушачка" і "Мышка". Дарэчы, першая з гэтых гульняў надзвычай папулярная і сёння. Яе нават крыху мадыфікавалі і моладзь гуляе ў "Падушачку" падчас розных вясновых абрадавых святаў ці на Купалле. Варта дадаць, што пад кожнай з гульняў пазначана месца яе бытавання - "Мінскі павет і Івенец".

У 1911 годзе рэдакцыя таксама змяшчала матэрыялы з народнай этымалогіяй розных назваў геаграфічных аб'ектаў. Так, у № 2 за подпісам Власт друкуецца легенда-паданне "Сож і Днепро", у якой у мастацкай форме падаецца паходжанне беларускіх рэк. К.Каганец у № 30 апублікаваў абразок "Прылукі", у якім прыводзіцца мясцовая легенда аб узнікненні назвы мікратапанімічнага аб'екта - панскай сядзібы. Надзвычай змястоўным з'яўляецца Дадатак да № 8, які прысвечаны пытанню хатняга рамяства і называецца "Аб організаціі хатняго рэмесла". У дадатку пасля агляду тэрытарыяльнай беларускай традыцыі рамесніцтва змяшчаецца анкета з 21 пытання "Вестка аб хатнім рэмесьле". Змяшчэнне такой анкеты ў газеце з мэтай атрымання дадатковых звестак падразумявала перспектыву далейшага навуковага даследавання адносна рэгіянальнага распаўсюджання розных відаў рамёстваў. У № 25-26 надрукаваны абразок "Купальле" (падпісаны Власт), у якім аўтар прапагандуе ідэю Купалля як нацыянальнага беларускага свята: "Як у мове ды песьні, так і абычаях народу адбіваецца яго душа, яго культурны дабытак; дзеля гэтаго сьвяткаваньне Купалы нам беларусам трэба берагчы і, сьвяткуючы, трымацца ўсіх устаноўленых векамі абычаёў, адкідаючы толькі забабоны ды тое, што можэ быць шкодным для другіх людзей" [2]. Як ілюстрацыю да гэтай нататкі можна разглядаць публікацыю ў гэтым жа нумары "Сьвяткаваньне Купалы у Вільні".

Час ад часу ў газеце друкуюцца матэрыялы педагагічнага кірунку, у якіх таксама праводзіцца думка аб выхаванні дзетак у духу павагі да свайго, роднага: № 30 "Як паступаць, каб дзеці выросшы шанавалі сваіх бацькоу і былі ім апорай на старасьць". " А трэба, пакуль дзіцё малое, вучыць яго гаварыць роднай мовай, шанаваць гэту мову: трэба перэсьцерэгаць, каб не перэкручывалі яе чужымі славамі; трэба, каб маці пеяла дзецям свае песьні простые, прывучала шанаваць прадзедоўскіе абычаі, - тады, як сынок твой, вырасьце і пойдзе у чужые людзі, нічым з душы яго не выбьюць любві да свайго роднаго, і, дзе-б ён ня быў - хоць за морэм, яго заўсёды пацягне сэрцэ у свой куток, да сваіх бацькоў." [3]. У № 36 змяшчаецца апісанне гісторыі горада Быхава "З мінуушчыны гораду Быхова" Власта, што можна лічыць уводным артыкулам да наступнага матэрыялу - надрукаванай у № 37-38 нататкі "С паездкі на сельска-гаспадарскую выставку у Быхоу".

"Наша Ніва" змяшчала на сваіх старонках шмат ілюстрацый з выявамі вопраткі, пабудоў і інш. У № 44 таго ж 1911 г. ад рэдакцыі надрукаваны наступны зварот: "Рэдакція просіць усіх сваіх супрацоўнікаў і чытачоў прысылаць у рэдакцію фотографіі і рысункі беларускіх тыпоў у національных беларускіх апратках: мужчын - у сьвітках, старых жанок - у намітках і каптурах, дзеўчат - у шнуроўках (гарсеціках) і др. - Усіх у параднай сьвяточнай адзежы, што найхарашэй прыбраных у старасьвецкай формы і крою апраткі. Так сама просім прысылаць фотографіі старых каплічэк, званніц, цэрквоў і касьцёлоў, брам і др. Будоўлі з дрэва ў беларускім стылю (рысунак аднэй такой будоўлі быў надрукаваны на акладцы "Беларускаго календара на 1911 г.)" [4].

Напрыканцы, у апошнім нумары за 1911 г., рэдакцыя змясціла просьбу да чытачоў апісаць "на калядных сьвятках бэтлейкі, Звязду трох Каралёў, Цара Максымільяна, Казу, Мядзьведзя.. А калі хто ня можэ, ці ня хочэ апісаць, то просім, хаця даць вестку у якіх мейсцах гэты гульні ешчэ ня вывеліся" [5]. Зварот рэдакцыі быў пачуты. У новым 1912 годзе за № 9 знаходзім апісанне гульні "Курылка", пад якім падпісана: "Са слоў старога дзеда с-пад Зембіна (Мінскай губэрні) запісаў у 1908 гаду Ромуальд Земкевіч" [6]. У № 33 публікуецца падрабязнае "Благаслаўленьне вясельнае", якое суправаджалася прыпіскам: "Гэтае вельмі цікавае па будове і высокапаэтычнае благаслаўленьне прыслала у рэдакцію п. Броніслава Сьвідэрская з Дзісны. Запісано яно у старым пажоўклым ад часу сшытку, лацінскімі літэрамі, характэрам пісьма сярэдзіны ХІХ сталецьця" [7].

Публікацыі ў наступным 1913 годзе вызначаліся пашырэннем тэматыкі. Так, у № 16-17 за подпісам Ю. Верашчакі апублікавана нататка "Беларускі радавод. Легенда і паданне." Пры гэтым дакладна пазначаецца, адкуль узяты гэты матэрыял: "Перэпісаў з рукапіснай кніжкі, параўняўшы с перэдрукаванай у Романова гутарка "Бай". (Бълоруск. Сборнік, вып. ІV Вітебск 1891 стр.174)". У № 21 публікуецца наступны этнаграфічны матэрыял з падзагалоўкам "З беларускіх казак. Ілья і Пятро" ў пераказе І. Азэмшы з Лучыц, Слуцкага павету. Апісанне свята Калядаў змешчана ў навагоднім здвоеным нумары за 1913 г. (№ 51-52) пад аўтарствам Р. Навіцкага. Трэба зазначыць, што апісанню народных святаў Купалля і Калядаў, як адметных рыс беларускага светапогляду і побыту, у "Нашай Ніве" ўдзяляецца шмат месца. Так, роўна праз год у № 51-52 за 1914 год свой матэрыял наконт Калядаў змяшчае Власт. У тым жа 1914 годзе за № 5 публікуецца падрабязнае апісанне аднаго з зімовых святаў, складніка Калядаў: "Вечэр варожб, або Васілёва куцьця. Апісанне абраду". Аўтар - М. Разамка. Гэта публікацыя цікавая не толькі сваім этнаграфічным зместам, але і наяўнасцю адметнай лексікі, што ўжываецца падчас выканання абраду: апаланіца, апалушка .

Зразумела, што на фоне вайсковых дзеянняў меншала ўвага чытача да матэрыялаў, што распавядалі пра гісторыю свайго краю. Таму, акрамя вышэй-названых публікацый, у 1914 годзе не было больш артыкулаў краязнаўчай тэматыкі.

Наступны 1915 год можна адзначыць тым, што ў "Нашай Ніве" друкуецца некалькі матэрыялаў пра беларускія гарады і мястэчкі. Так, у № 11 змешчана "Этнаграфічная карта Беларусі. Састаўл. у 1903". У нумарах 19 і 20 за подпісам Ю.В. у рубрыцы "Нашы гарады" з'яўляецца інфармацыя пра гісторыю горада Горадня, № 24 - пра Вільню з працягам у № 27 і № 31. У наступныя гады газета наогул не выдавалася, а з пачаткам аднаўлення выхаду газеты ў 1920 годзе ў першым нумары з'явілася нататка Дварчаніна пра мястэчка Свір, у наступным - пра звычай памінання продкаў "На "Дзяды" (аўтар Ант. Навіна).

Такім чынам, кароткі агляд публікацый краязнаўчай тэматыкі ў "Нашай Ніве" сведчыць пра тое, што напачатку ХХ стагоддзя рэдакцыя газеты добра разумела ролю традыцыйных святаў, абрадаў у нацыянальным самавызначэнні народа і праводзіла пастаянную мэтанакіраваную працу па пашырэнні такіх ведаў сярод чытачоў. Разам з агульнаасветніцкай дзейнасцю супрацоўнікі рэдакцыі шмат намаганняў прыкладалі для таго, каб заахвоціць чытачоў самім збіраць мясцовыя легенды, паданні, у якіх апісваліся б гіпотэзы паходжання назваў населеных пунктаў, гідранімічных аб'ектаў, і дасылаць іх у рэдакцыю. Артыкулы, напісаныя штатнымі супрацоўнікамі рэдакцыі, а таксама карэспандэнцыі, дасланыя з розных месцаў чытачамі, уяўляюць сабой змястоўны этнаграфічны матэрыял. На падставе такіх звестак, сабраных з розных рэгіёнаў беларускай тэрыторыі, можна прасачыць адметнасці ў побыце, занятках, асобныя цікавыя моўныя факты.

Трэба дадаць, што пытанні, якія ўздымаліся ў "Нашай Ніве" пачатку ХХ стагоддзя, з'яўляюцца актуальнымі і сёння. Яны з'яўляюцца прадметам навуковага даследавання многіх устаноў нашай краіны. Закладзеная супрацоўнікамі газеты традыцыя асвятляць жыццё беларуса не толькі праз тагачасныя падзеі, але і праз узнаўленне даўніх звычаяў, святаў, абрадаў прасочваецца і ў дзейнасці некаторых сучасных друкаваных перыядычных выданняў.

Літаратура:

1. Наша Ніва, 1911, №1.

2. Наша Ніва, 1911, № 25-26.

3. Наша Ніва, 1911, № 30.

4. Наша Ніва, 1911, № 44.

5. Наша Ніва, 1911, № 52.

6. Наша Ніва, 1912, № 9.

7. Наша Ніва, 1912, № 33.

А.А. Марозава, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, г. Мінск, Беларусь
Лексемы веласіпед-ровар: спецыфіка рэгіянальнага ўжывання

Пытанне лексічнай варыянтнасці з'яўляецца актуальным у беларускім мовазнаўстве. Змены ў лексічнай сістэме беларускай мовы выклікаюцца як знешнімі ўмовамі яе функцыянавання (кантактаванне моў, узаемаўплыў культур), так і ўнутранымі механізмамі, звязанымі з працэсам перагрупавання моўных элементаў.

Лексічная сістэма беларускай мовы ўяўляе сабой адзінства элементаў ядра і перыферыі. Устойлівасць сістэмы забяспечваецца стабільнасцю элементаў ядра (агульнавядомыя стылістычна нейтральныя лексічныя адзінкі), а перыферыйныя элементы (стылістычна маркіраваная, дыялектная, прафесійная, устарэлая лексіка) бесперапынна адчуваюць змены. Аднак лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы характарызуецца такімі вызначальнымі рысамі, як дынамізм, адкрытасць, нераўнамернасць развіцця розных груп лексікі і лексічных адзінак, складанасць структуры. Таму ў канцы ХХ ст., паводле вызначэння С.М. Струкавай, характар устарэласці або тэрытарыяльнай абмежаванасці некаторых "перыферыйных" лексічных адзінак стаў адносным [17, с. 16]. Паміж літаратурнай нормай і рэальным маўленчым узусам заўсёды існуюць большыя ці меншыя разыходжанні: у слоўніках у якасці нарматыўных зафіксавана адно слова, а маўленчая практыка сведчыць пра шырокае выкарыстанне варыянтаў. На сучасным этапе існавання беларускай мовы так адбываецца са словамі веласіпед і ровар .

Альтэрнатыўныя адзінкі веласіпед і ровар служаць для называння 'двух- або трохколавай машыны для язды, якая прыводзіцца ў рух нагамі'. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" [20] фіксуе абедзве лексемы, але слова ровар мае стылістычную памету (абл.), якая ўказвае на тэрытарыяльную абмежаванасць яго выкарыстання. Тлумачальны слоўнік з'яўляецца ўніверсальным даведнікам, але трэба ўлічваць, што ў ім адлюстраваны стан лексікі нацыянальнай мовы на пэўным этапе яе развіцця. Паколькі ў слоўніку ў асноўным адлюстравана лексіка беларускай мовы 50-х-70-х гг., "рэестр у многім не адпавядае сучаснаму стану лексіка-фразеалагічнага складу беларускай мовы, не адлюстроўвае словаўжыванне сучаснага узусу" [8, с. 189].

Спецыфіку рэгіянальнага ўжывання лексем веласіпед і ровар вызначае не толькі і не столькі дыялектны падзел беларускай мовы, але ў значнай ступені і сацыяльна-культурныя фактары. Адметнасць існавання гэтых варыянтаў у беларускай мове заключаецца ў тым, што абодва словы служаць для называння прадмета матэрыяльнай культуры і былі запазычаны ў мову разам з самім прадметам. Паколькі ні адзін з варыянтаў не з'яўляецца ўласнабеларускім па паходжанні, то спецыфіка ўжывання кожнага з іх абумоўлена крыніцай і часам запазычання.

Слова веласіпед запазычана праз рускую мову з французскай (фр. velocipede, ад лац. velox, -ocis = хуткі + pes, pedis = нага ) [3, с. 280]. Дакладны час уваходжання слова ў беларускую мову не вызначаны. Можна меркаваць, што яно актыўна функцыянуе каля ста пяцідзесяці гадоў, паколькі ў 1894 г. у Віцебску адбыліся першыя спаборніцтвы па веласіпедным спорце на Беларусі. "Слоўнік беларускай мовы" (1870) І.І. Насовіча, які змяшчае апісанне лексікі ўсходняй часткі Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., слова яшчэ не фіксуе. Пісьмовае ўжыванне слова веласіпед упершыню засведчана на старонках газеты "Наша Ніва": Каля мяне прагудзела на веласіпедзе паненка з двумя панічамі. 1914, № 24, с. 4. [16, с. 285]. Слова ровар , у сваю чаргу, запазычана з англійскай мовы праз польскую (польск. rower ад англ. rower = валацуга, вандроўнік) [4, с. 294]. П.У. Сцяцко, які даследаваў польскія намінацыі прадметаў матэрыяльнай культуры ў гаворках Зэльвеншчыны, устанавіў, што "ў народнай мове захаду Беларусі слова ровар актыўна функцыянуе ўжо каля ста гадоў" [19, с. 283].

Цікавым з'яўляецца той факт, што ні слова веласіпед , ні слова ровар не зафіксаваны ў лексікаграфічных крыніцах 20-х гг. ХХ ст. Атрымоўваецца, што абодва варыянты маюць прыблізна аднолькавы час пранікнення ў беларускую мову і на пачатку свайго існавання ў ёй мелі толькі вусную сферу выкарыстання. Значыць, для спецыфікі рэгіянальнага і агульнамоўнага ўжывання вызначальным стаў фактар паходжання слоў. Паколькі з 30-х гг. ХХ ст. моўная палітыка была скіравана на збліжэнне моў народаў былога СССР з мовай рускага народа, то, пачынаючы з гэтага перыяду, лексікаграфічную фіксацыю атрымала слова веласіпед . Слова ровар не выйшла з ужывання, але яно было аднесена ў разрад дыялектнай лексікі, у той час як слова веласіпед атрымала статус нарматыўнага. Даволі працяглы час існавання слова веласіпед у якасці нарматыўнага вызначыў з'яўленне ў беларускай мове шэрагу новых слоў з часткай вела- : веладром (спецыяльна абсталяваная пляцоўка для веласіпедных гонак і трэніровак), велабол (спартыўная камандная гульня з мячом на веласіпедах), велакамера (камера для веласіпеда), велакрос (веласіпедныя гонкі па перасечанай мясцовасці), веларыкша (чалавек, які перавозіць пасажыраў на веласіпедзе), велатрэк (спецыяльная дарожка для гоначных спаборніцтваў на веласіпедзе), веласіпедыст (той, хто едзе на веласіпедзе, хто займаецца веласіпедным спортам), велатур (адзін круг ці этап веласіпедных гонак).

Слова ровар не фіксавалася акадэмічнымі перакладнымі слоўнікамі, яго няма ў аднатомным "Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы", пяцітомны "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" падае яго як дыялектнае. Шырокае адлюстраванне слова ровар у перыяд з 1930-х па 1990-я гг. атрымала толькі ў дыялектных слоўніках і слоўніках гаворак (у формах ровар, ровал, ровор, ровэр, ровыр ): Ровал купіў і раз'яжджае; Дзет цёгаў, цёгаў ровара і паламаў; Ехала ровором [15, с. 298]; Ён тады на ровар ускочыў і даў цугу, паспрабуй яго дажані [21, с. 122]. Словы ровар і веласіпед нават увайшлі у склад устойлівых выразаў: вынайсці веласіпед - гаварыць, аб'яўляць пра даўно ўсім вядомае [9, с. 220] і ровар п'яных не любіць [15, с. 29]. Значыць, на працягу 1930-х-1990-х гг. варыянты трывала ўвайшлі ў лексічны склад беларускай мовы, толькі слова веласіпед , пад уплывам сацыяльна-культурных фактараў, - на агульнамоўным узроўні (нарматыўны статус, словы з агульнай часткай вела- , фразеалагічнае ўжыванне), а слова ровар - на дыялектным (стылістычная памета 'абласное, абмежаванае тэрытарыяльнае ўжыванне', аднак разнастайнасць формаў і вытворнае слова раварыст ).

Сітуацыя змянілася ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст.: сучасны беларускамоўны друк часта карыстаецца (асабліва ў мастацкім маўленні) словам ровар : Я выходжу на вуліцу без паліто, сядаю на жоўта-зялёны ровар, якога па недарэчнай выпадковасці клічуць Кастанэдам [13, с. 206]; Вуліца Школьная кароткая. Раней яна была брукаваная. Едзеш на ровары, зубы ляскаюць [18, с. 86.]; Нічога, што слова чужое, але як жа яно дарагое! Пясчаная разьежджаная дарога ў полі альбо лесе, зрэдзьчасу жвіроўка, у вёсках брукаванка - ня надта каб было дзе разагнацца роварам на Беласточчыне ў 60-я і 70-я гады. Дый цяпер асфальтовак пабольшала не нашмат. Але народ езьдзіў на роварах часта й густа. Ровар - аўтамашына дзятвы і бядоты [11, с. 151]. Акрамя таго, слова ровар зафіксавана і ў "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" [1, с. 397], а таксама ў "Беларуска-ўкраінскім слоўніку" .

У вусным маўленні і мастацкіх тэкстах лексемы веласіпед і ровар даволі шырока выкарыстоўваюцца побач у адным кантэксце: - А ягонае захапленьне роварамі… Велатрэк, злажаны ў Лошыцы… Дзівосны сад… [14, с. 46]; З Высокага (афіцыйна - Высока-Літоўск) прыехалі двое ўзброеных паліцыянтаў на "ровэрах" - так называлі веласіпеды [5, с. 38]. Гэта сведчыць пра тое, што слоўнікавы склад літаратурнай беларускай мовы мае дзве варыянтныя назвы для абазначэння "двух- або трохколай Зыходзячы з прынцыпу эканоміі моўных сродкаў, на думку П.У. Сцяцко, з маўленчага боку перавагу мае новае слова - двухскладовае - параўнальна з традыцыйным чатырохскладовым [19, с. 283]. Акрамя таго, слова ровар не мае выразных польскамоўных адзнак, паколькі беларуская і польская мова - славянскія, а пра польскае паходжанне слова сведчыць гісторыя рэаліі, назвай якой яно выступае. Улічваючы тое, што абодва варыянты ( веласіпед і ровар ) з'яўляюцца запазычаннямі ў беларускай мове, прыблізна аднолькавымі па часе, слова ровар валодае патэнцыяльнай магчымасцю перамясціцца з перыферыі лексічнай сістэмы (дыялектнай лексікі) у сферу агульнамоўных лексічных сродкаў. Нават калі гэтага не адбудзецца, у адносінах да слова ровар патрабуе перагляду стылістычная памета абласное, якая ўжо не актуальная.

У спецыяльных даведніках, працах і дапаможніках мясцовы моўны матэрыял адзначаецца як дыялектны. Але такое найменне ўсіх моўных з'яў, што маюць абмежаванае мясцовае пашырэнне ці прызначэнне, на думку А.А. Крывіцкага, не адпавядае ні іх сутнасці, ні агульнапрынятаму значэнню падобных слоў [6, с. 3]. Даследчык паясняе, што правамерна тлумачыць словам дыялект такое слова ці выраз у літаратурнай мове, які мае адносіны да дыялекту або дыялектаў, г. зн. "з'яўляецца ўласнай асаблівасцю іх структуры, што ўтварае, характарызуе і адрознівае іх" [6, с. 4]. Аднак нельга так называць усё тое, што мае абмежаванае функцыянальнае (у прыватнасці, вусна-гутарковае) і прасторавае (тэрытарыяльнае) пашырэнне. У шырокім значэнні слова дыялектны раней ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве найбольш ужывальным было слова областной , якое выкарыстоўвалася ў назвах слоўнікаў мясцовай лексікі і ў слоўніках літаратурнай мовы як памета мясцовых слоў, што не атрымалі шырокага выкарыстання ў сферы зносін (такую памету мае ў тлумачальным слоўніку і слова ровар ).

Спецыфіка рэгіянальнага ўжывання слоў веласіпед і ровар адлюстравана ў 2 выпуску "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак" [7, к. № 92]. Арэал ужывання слова ровар распаўсюджваецца на тэрыторыю, якая галоўным чынам адносіцца да заходняй зоны лінгвістычнай групоўкі гаворак. Моўнае развіццё, найбольш на ўзроўні лексікі, на гэтай тэрыторыі мае дывергентны характар, абумоўлены ўплывам і падтрымкай суседняй польскай мовы. Лексіка названага рэгіёну - гэта пераважна кангламерат розных моўных сістэм з рознымі колькаснымі функцыянальнымі суадносінамі паміж імі. У дадзеным выпадку трэба адрозніваць дыялектную мову і мясцовае маўленне, якое выступае не толькі рэалізацыяй таго ці іншага дыялекта, але з'яўляецца "разнастайным праяўленнем моўных ведаў мясцовага насельніцтва ў адпаведнасці з патрэбамі і традыцыямі мясцовых моўных зносін і іх моўным выхаваннем" [6, с. 4]. У паслярэвалюцыйны час у беларускім мовазнаўстве ў якасці адпаведніка да слова областной было прапанавана слова краёвы . Аднак найбольш дакладным і зручным агульным азначэннем мясцовых моўных з'яў абмежаванага пашырэння (напрыклад, ровара ) з'яўляецца слова рэгіянальны .

Змены і зрухі, што адбываюцца ў слоўнікавым складзе беларускай мовы, найбольш аператыўна і поўна знаходзяць адлюстраванне на старонках беларускамоўнага друку. Сучасны нацыянальны друк раўназначна карыстаецца (асабліва ў мастацкім маўленні) словамі веласіпед і ровар . Значыць, спецыфіка рэгіянальнага ўжывання гэтых слоў зведала змяненні. Таму і сучасны слоўнік павінен арыентавацца на як мага паўнейшае адлюстраванне жывога, актуальнага, рэальна існага лексічнага інвентару, у якім задзейнічаны ўвесь досвед, рэсурсы і набыткі ў галіне мовы розных пакаленняў.

Літаратура:

1. Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. Аўт.-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П.Баршчэўскі. - Мінск: радыёла-плюс, 2010. - 560 с.

2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі - Гальфстрым / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн, 1997. - 480 с.

3. Булыка, А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 1: А-Л - Мінск: БелЭн, 1999. - 736 с.

4. Булыка, А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я - Мінск: БелЭн, 1999. - 736 с.

5. Гніламёдаў, У. Вяртанне (Сямейная хроніка ў духу барока) / У. Гніламёдаў // Полымя. - 2006. - № 3. - С. 12 - 44.

6. Крывіцкі, А.А. Рэгіянальныя моўныя з'явы і іх лінгвагеаграфічная стратыфікацыя / А.А. Крывіцкі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 46 /АН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: А.І. Падлужны (адк. рэд.) і інш. - Мінск, 1996. - С. 3 - 6.

7. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак у пяці тамах. Том 2. Сельская гаспадарка / АН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа / Пад рэд. М.В. Бірылы і Ю.Ф. Мацкевіч. - Мінск, 1994.

8. Лемцюгова, В.П. Беларуская акадэмічная лексікаграфія: стан, праблемы / В.П. Лемцюгова // Сучасныя праблемы беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі: Матэрыялы міжнарднай навуковай канферэнцыі. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, 19-20 лістапада 2005 г. - Мінск: Права і эканоміка, 2006. - 332 с. - С. 188 - 195.

9. Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2 т. Т. 1. А-Л: Мінск: БелЭн, 1993. - 590 с.

10. Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак / Пад рэд. члена-кар. Акад. навук СССР Р.І. Аванесава, акад. К.К. Атраховіча (Крапівы) і доктара філ. навук Ю.Ф. Мацкевіч. - Мінск: Выд-ва "Навука і тэхніка", 1969.

11. Максімюк, Я. Ровар / Я. Максімюк // Агсhе. - 2000. - № 7. - С. 150-151.

12. Насовіч, І.І. Слоўнік беларускай мовы. - Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1983. - 792 с.

13. Пакроўскі, А. Прыгоды ровара па мянушцы Кастанэда / A. Пакроўскі // Дзеяслоў. - 2007. - № 3. - С. 206.

14. Рублеўская, Л. Ночы на Плябанскіх млынах / Л. Рублеўская // Дзеяслоў. - 2007. - № 3. - С. 15 - 60.

15. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 4. П-С. - Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - 616 с.

16. Слоўнік мовы "Нашай Нівы" (1906-1915). У 5 т. Т. 1: А-Д / Уклад. А.М. Анісім, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова, Г.К. Усціновіч; Пад рэд. B.П. Лем-цюговай. - Мн.: Тэхналогія, 2003. - 624 с.

17. Струкава, С.М. Слоўнік архаізмаў і гістарызмаў (па творах беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі) / М.С. Струкава. - Мінск: Беларус. навука, 2007. - 655 с.

18. Сцяпан, У. На вуліцы Школьнай / У. Сцяпан // Полымя. - 2006. - № 2. - С. 86-88.

19. Сцяцко, П.У. Польскія намінацыі прадметаў матэрыяльнай культуры ў гаворках Зэльвеншчыны / П.У. Сцяцко // Мовазнаўчы досвед (выбраныя творы): у 2 ч. Ч. 1. Дыялекталогія. Сучасная мова і методыка. Анамастыка. Міжмоўныя стасункі / П.У. Сцяцко. - Гродна: ГрДУ, 2005. - 378 с. -С. 283-285.

20. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. /АН БССР. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пад агульн. рэд. К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). - Мінск: БелСЭ, 1977 - 1983.

21. Цыхун, А.П. Скарбы народнай мовы (з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна).

Алег Хаменка
Навошта людзям фальклор? Пытанні і адказы

Навошта людзям фальклор? Я быў на Віцебшчыне, і мне запала ў розум слова "спадкі". Кантэкст размовы: "А прынесла ці ты тыя спадкі?" Потым, калі больш дакладней паразмаўляў, то зразумеў існасць гэтага слова, найбліжэйшыя рускія адпаведнікі якога: "пожитки", "наследие" ці "барахло". Слова "спадкі" відавочна аднакарэннае са словам "спадчына". Я правакацыйна пажартую, перайначу Купалу: "Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся спадкі". Таму што такі падыход больш запамінальны і абвастрае рознабаковыя погляды на тое, што ёсць "беларуская спадчына" і што ёсць "беларускі фальклор" у сённяшні час - бурлівы, агрэсіўны, мультыкультурны, час "мазаічнай культуры" і глабалізацыі.

Увогуле паняцце "фальклор" пачало ўжывацца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Кантэкст быў такі: імперыі набывалі моц, пашыралі ўплыў, трэба было аналізаваць і вывучаць лад жыцця карэнных жыхароў калоній з мэтай эфектыўнага кіравання і выкарыстання захопленага патэнцыялу. Адны калоніі добразычліва прымалі новых гаспадароў, хрысціянскія каштоўнасці, іншыя не скараліся, не падпарадкоўваліся і гатовы былі актыўна змагацца нават тады, калі іх народу-племені пагражала поўнае знішчэнне. Чаму так? У чым адрознасць між тымі і іншымі? На гэта пытанне спрабавалі адказваць тагачасныя мысляры і прапаноўвалі думкі, якія сталі падмуркам сучаснай сацыялогіі, аксіялогіі, этналогіі.

Важна заўважыць, што фальклор, як спалучэнне ангельскіх слоў "folk" (народ) і "lore" (веды, мудрасць) тагачасныя даследчыкі пачалі вывучаць перадусім на прыкладзе тых плямён, народаў, якія былі паяднаны рознымі высілкамі (часам надзвычай крывавымі) у сваіх уласных краінах, імперыях. Гэтыя даследаванні ўладам былі цікавыя, але не віталіся, калі праходзілі без кантролю. Справа ў тым, што такія даследаванні "народнай мудрасці" маглі абудзіць небяспечныя нацыянальныя рухі, спрыяць развалу падуладнай дзяржавы, імперыі. Па выніках даследаванняў фалькларысты, у некаторым сэнсе "ад імя народу", маглі сцвярджаць: гэта - мудрасць нашага народу, а гэта - не мудрасць, і не нашага народу. Ці іншыя варыянты: роднае - чужынскае, шкоднае - карыснае, разам - паасобку, вызваліцелі - акупанты і г.д. Адзінае, што маглі дзяржаўныя (імперскія) ідэолагі гэтаму эфектыўна супрацьпаставіць - кантроль за спадкаемнасцю, трансляцыяй фальклорнай спадчыны і лозунг "грамадзянства важнейшае, чым нацыянальнасць". Зразумела, усе гэтыя акалічнасці не абмінулі Беларусь і паўплывалі на сённяшні стан нашага народу, грамадства, краіны. І, у рэшце рэшт, "ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся спадкі". І што з імі рабіць? Вывучаць рэшткі таго, што суцэльным ужо ніколі не будзе? Навошта? Іншы ракурс гэтай праблемы - як карыстацца гэтай назапашанай мудрасцю, ведамі?

Існуюць розныя слушныя прапановы, якія складнікі вылучаць ў фальклоры. Але прапаную ўласныя чатыры складнікі фальклору, ці плыні "ведаў пра...", кожная з якіх утрымлівае паняцце "нацыянальная спадчына" і яднае ў сабе:

- спадчыну трансляцыі мудрасці, ведаў (мову, вербальную і невербальную трансляцыю і г.д.,);

- спадчыну мастацтваў (архітэктуру, музыку, танец, спевы, тэатр, літаратурныя жанры, выяўленчыя жанры, і г.д;)

- спадчыну ладу жыцця (святочна-абрадавы комплекс, традыцыйную кухню, традыцыі міжасобасных зносін, паводзін і г.д);

- спадчыну асяроддзя-ландшафту (светапогляд, сакральныя зносіны між асобай і родам, "землякамі", ландшафтам, у сэнсе паводле Л. Гумілёва, "роднай зямлёй", краінай, Сусветам).

Такую з'яву, як досвед, назапашаны вопыт, які адбіўся на антрапалагічнай і генетычнай спадчыне магчыма разглядаць асобна, а магчыма ў межах першай і чацвёртай плыні. Трэба дадаць: палітычная, тэрытарыяльная, эканамічная, гістарычная ды іншая матэрыяльная і нематэрыяльная нацыянальная спадчына ў фальклорную спадчыну не трапляюць толькі таму, што пры адпаведных "выкліках" (тут у сэнсе паводле А. Тойнбі) могуць змяняцца, перапісвацца, дэвальвіравацца, перасоўвацца, знішчацца. І зразумела, што ўсе чатыры прапанаваныя плыні "фальклорнай (нацыянальнай) спадчыны" павінны між сабою перасякацца і ўяўляцца суцэльнай з'явай. Менавіта таму фальклор трэба разглядаць, вывучаць, захоўваць, выкарыстоўваць (калі хочаце - манетызаваць) толькі ў кантэксце "нацыянальнай культурнай спадчыны".

Важна падкрэсліць: дзяржаўныя ўстановы, вольна ці нявольна, і ў нас, і ў замежжы імкнуліся абмежаваць статус і ўплыў тых, хто вывучаў народную мудрасць да "бяспечнага ўзроўню". (Фалькларыст - значыць павінен займацца песнямі, танцамі ці легендамі і анекдотамі. Ці ўвогуле фальклор - гэта "частушкі пад гармошку".) І, самае галоўнае, імкнуліся ажыццяўляць кантроль за трансляцыяй фальклорнай спадчыны. Гэты працэс немагчымы без стварэння падрыхтаваных вобразаў, імператываў (імператыў тут - загад, патрабаванне), як трэба ўяўляць народ, фолк і яго спадчыну. Трэба заўважыць, што гэтыя вобразы-імператывы ствараюцца не толькі "ўладарамі трансляцый" унутры краіны, але і фарміруюцца звонку. Прыклады: "сыр-гадзіннік-банк", "матрошка-какошнік-балалайка", "каўбой-пісталет-ранча", "бульба-зубр-радыяцыя". Гэтыя іміджавыя імператывы кавалачкаў фальклору наўмысна рыхтуюць нас разважаць не каштоўнасцямі, а вобразамі-сімваламі, якія мы падсвядома, атаясамліваем з гэтымі каштоўнасцямі. Прасцей: Свабода - віза ў пашпарце; Радзіма - край азёраў, буслоў, аграгарадкоў; Вера - канфесіянальная прыналежнасць; Любоў - секс; Паспяховасць - фінансавая замож-насць; Розум, Гонар, Сумленне - камуністычная партыя і г.д. Пры гэтым адзначу: мысленне такімі "настойліва рэкамендаванымі" вобразамі вельмі ўдала дзейнічае на падсвядомасць любога чалавека, у тым ліку тых, хто мае стрыжань свядомасці нацыянальнай спадчыны, але з'яўляецца "чорнай варонай" сярод "крумкачоў-альбіносаў". Супрацьстаяць гэтаму можна толькі праз асэнсаванне фальклорнай спадчыны і падрыхтаванасць да стварэння, трансляцыі ўласных вобразаў-імператываў. Свядомая асоба (тут - асоба з асэнсаваным усведамленнем нацыянальнай спадчыны) здольна мець уласныя вобразы-імператывы ці сімвалы каштоўнасцей. Дазволю сабе іншыя адвольныя прыклады тых жа каштоўнасцей: Свабода - упэўненасць у магчымасцях; Радзіма - Беларусь; Вера - пакуты за богападобнасць; Любоў - дабрачынная адказнасць; Паспяховасць - павага нашчадкаў; Розум, Гонар, Сумленне - падмурак уласнай духоўнасці. Зразумела, вобразы-імператывы каштоўнасцей павінны быць у кожнага свае, але, калі размова тычыцца нацыянальных каштоўнасцей, нацыянальных аксіялагічных прыярытэтаў, то вызначэнні гэтых імператываў павінны быць гамагеннымі (аднастайнымі па паходжанні). Вядомае назіранне: калі ў якую-небудзь краіну прыязджаюць кітайцы ці арабы, то яны вязуць з сабой усё. Кніжкі, адзенне, стравы, традыцыі, лад жыцця. А беларус, як толькі пераязджае, напрыклад, у Галандыю, - ён праз тры тыдні галандзец. Іншымі словамі, імгненна ажыццявілася падмена вобразаў-імператываў, якія звязаны з нацыянальнымі каштоўнасцямі.

Важнымі дзяржаўнымі сімваламі (у гэтым кантэксце агульна-прынятымі вобразамі-імператывамі) моцнай краіны з'яўляецца папулярны вобраз-слоган нацыянальнай ідэі і агульнанацыянальныя сімвалы-помнікі. Такая з'ява сведчыць аб тым, што фальклорныя (нацыянальныя) традыцыі і дзяржаўныя інстытуты вынайшлі агульную платформу - нацынальную ідэю і сфармулявалі яе праз такі сімвалічны дэвіз і сімвал-помнік. Не буду паглыбляцца ў механізм узаемапранікнення азначэнняў "нацыянальная ідэя - дзяржаўная ідэалогія", а звярну ўвагу на вядомыя дэвізы нацыянальных ідэй і нацыянальныя сімвалы-помнікі краін якія ўяўляюцца імперыямі. Амерыка: дэвіз нацыянальнай ідэі - "Краіна Мары" і помнік - статуя Свабоды; Расія: "Русь Святая" і ваяўнічы "Мы трэці Рым, чацвёртаму не быць" і помнік - Крэмль; Францыя: "Свабода, роўнасць, братэрства" і Эйфелева вежа, Кітай: "Краіна каля неба" ("Паднябесная") і Кітайская сцяна; Брытанія: "Божае і маё права" і Біг Бэн і г.д. І для нас, беларусаў, вельмі важна пачаць працэс асэнсавання - як можа адбыцца стварэнне платформы між нацыянальнай (фальклорнай) спадчынай і дзяржаўнымі інстытутамі для фармавання і прызнання (тут і звонку) нашых дэвізаў і помнікаў. Канешне, і сёння мы можам абвесціць дэвізам "Блакітнавокая", "Краіна буслоў і зуброў", "Людзьмі звацца...", "Людзі на балоце" ці "Людзі на дарозе", а помнікам "Помнік Перамогі", "Нацыянальную бібліятэку", "Нясвіжскі палац", "Белую вежу" і г.д. Але Вас асабіста які варыянт задавальняе? А Вашага дзеда, брата, жонку, дачку?

Фальклор, нацыянальны фальклор, асэнсаваны як аб'яднанне плыняў нацыянальнай спадчыны неабходны людзям як "філасофскі камень", які можа стварыць эліксір неўміручасці нацыі. Няма, напрыклад, у цыганоў сваёй краіны, арміі, эканомікі, але ёсць нацыянальная фальклорная спадчына, і гэты народ неўміручы. Не было ў яўрэяў сваёй краіны, але яны захоўвалі свае традыцыі, каштоўнасці, лад жыцця і ў выніку, аднавілі мову, дзяржаву. А што чакае краіны, у якіх ёсць эканоміка, тэрыторыя, дзяржава, урад, армія, танкі, бомбы, але няма нацыянальнай ідэі, нацыянальнай спадчыны?

Навошта людзям фалькор? - Каб жыць.



Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Матэрыялы Рэспубліканская навукова-практычнай канферэнцыі 16 красавіка 2012 г. На беларускай мове. Мінск. 2012. 224 ст.

Фармат А-5. Наклад 250 ас. Папера афсетная. Гарнітура "Таймс".

Надрукавана ў Лідскай друкарні.

231300, г. Ліда, вул. Ленінская, 23.

Падпісана да друку 6.09.2012 г. у 10.00. 3амова № 1701.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX