Папярэдняя старонка: Герольд Litherland

Герольд Litherland № 9-10 


Дадана: 19-11-2009,
Крыніца: 'ГЕРОЛЬД LITHERLAND' № 1-2 (9-10). Горадня, 2003. Год ІІІ.

Спампаваць




"Герольд Litherland"© - навуковы геральдычны часопіс. Выдавец і рэдактар - Аляксей Шаланда. Намеснік рэдактара - Сяргей Амелька. Тэхнічны рэдактар - Генадзь Семянчук. Нумар дапамагалі рабіць: Юры Кітурка, Іна Крайнева, Яна Андрыянава. Часопіс выходзіць раз у квартал і распаўсюджваецца толькі па замове. Наклад 100 асобнікаў. Пры перадруку спасылка на часопіс "Герольд Litherland" абавязковая. Адрас для допісаў і замоваў: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, 230024, ГОРАДНЯ-24, п/с 50. E-mail: Litherland@tut.by


ЗМЕСТ:


Ад Рэдакцыі, с.2;


АРТЫКУЛЫ:

А.Шаланда: Паходжанне і лёс роду Міндоўга, с.3;

В.Карнялюк: Міндоўг у школьных падручніках Беларусі, Польшчы і Расіі, с.9;

А.Шаланда: Баярства Міндоўга: склад і паходжанне, с.12;


ПЕРАКЛАДЫ:

М.Гумоўскі: Маестатавая пячатка Міндоўга, с.23;

М.Ліхачоў: Пячатка-пломба Міндоўга., с.25;

М.Косман: Праблема канцылярыі Міндоўга, с.27;


КРЫНІЦА:

Ліст караля Літвы Міндоўга І на Сялонію для Тэўтонскага Ордэну ў Лівоніі з 1255 г., с.29;


РЭЦЭНЗІІ, с.32;


ПЫТАННІ, АДКАЗЫ, КАНТАКТЫ, ІНФАРМАЦЫЯ, с.38;


СПІС СКАРОТАЎ, с.40.


750 год каранацыі Міндоўга (1253-2003).




2


Ад Рэдакцыі.


У 2003 г. спаўняецца 750 год важнай падзеі ў гісторыі Беларусі і Літвы - каранацыі Міндоўга. У нас ёсць магчымасць параўнаць, як адзначалася гэтая падзея ў гэтых сёння сувярэнных дзвух частках некалі адзінага Міндоўгавага каралеўства. У Літоўскай Рэспубліцы яна традыцыйна адзначалася на дзяржаўным узроўні. У сувязі з юбілеям была выпушчана паштовая марка з выявай Міндоўга, выбіта манета вартасцю 200 літаў, праведзены навуковыя канферэнцыі і выдадзены манаграфіі. У Рэспубліцы Беларусь улады правялі толькі міжнародную навуковую канферэнцыю "Станаўленне Вялікага княства Літоўскага. (Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга)", а грамадскі камітэт па святкаванні 750-годдзя каранацыі Міндоўга змог правесці ў Менску толькі мастацкую выставу і невялікі канцэрт. Ня дзіва, што такія даволі сціплыя факты трапілі ў дзясятку грандыёзных мыльных бурбалак 2003 г., якая была складзена рэдакцыяй газеты "Наша ніва" [1].

У сувязі з гэтым мы вырашылі аддаць старонкі "ГL" цалкам гэтай асобе і тагачасным падзеям. Па-першае, таму што абяцалі. Падругое, таму што, як той казаў, за дзяржаву крыўдна. Аднак, высвятлілася, што зрабіць такі тэматычны нумар часопісу даволі складана - з-за адсутнасці ў Беларусі гісторыкаў, якія маглі б напісаць нейкі арыгінальны тэкст па юбілейнай тэме. Маем на ўвазе не гісторыкаў увогуле, такіх хапае, а гісторыкаў-медэевістаў. Неяк так склалася, што традыцыйна сярэднявечная гісторыя Беларусі была дзялянкай археолагаў і журналістаў. Першых таму, што мелі з гэтага часу пэўны археалагічны матэрыял, другія - таму, што ўмелі хутка пісаць на актуальныя тэмы. Не дзіўна, што артыкул аб каранацыі Міндоўга, які быў надрукаваны ў афіцыйным флагмане беларускіх гістарычных перыядычных выданняў - "Беларускім гістарычным часопісе", напісаў журналіст, краязнавец і гісторык (менавіта ў такім парадку) Здзіслаў Сіцька. [2] Артыкул, трэба прызнацца, някепскі, але ён паказаў даволі раўнадушныя адносіны да падзеі нашых прафесійных навукоўцаў. Выключэнне складае толькі Алесь Жлутка, які надрукаваў па-беларуску ў часопісе "Наша вера" шэраг дакументаў ХІІІ ст. як самога Міндоўга, так і тых, якія датычылі яго асобы [3]. Артыкул літоўскага даследчыка Томаса Баранаўскага з нагоды каранацыі Міндоўга і рэцэнзію Генадзя Семянчука на яго кнігу надрукаваў часопіс "Спадчына" [4].


3


У сувязі з падрыхтоўкай тэматычнага юбілейнага нумару "ГL" было вырашана змяніць традыцыйную структуру часопісу і дадаць новую рубрыку - ПЕРАКЛАДЫ. У ёй мы перадрукоўваем невялікі артыкул Мар'яна Гумоўскага, прысвечанага маестатавай (троннай) пячатцы караля Міндоўга. Другі пераклад - фрагмент тэксту вядомага расійскага знаўцы сфрагістыкі і геральдыкі М.П.Ліхачова, які датычыць знойдзенай ім пячаткі-пломбы з імем Міндоўг і яго клейнавым знакам. Трэці - частка тэксту польскага даследчыка Марцэлія Космана, прысвечанага праблеме канцылярыі Міндоўга. Тэксты друкуюцца без падання аўтарскіх спасылак і бібліяграфіі, цытаванні дакументаў падаюцца так, як у аўтарскім арыгінале.

Ведаючы аб падрыхтоўцы да друку А.Жлуткай дакументаў Міндоўга, тым не меньш, у рубрыцы КРЫНІЦА мы вырашылі перадрукаваць адзін з вядомых дакументаў Міндоўга, а менавіта акт з 1255 г. аб перадачы Сялоніі Тэўтонскаму Ордэну, на якім захавалася маестатавая пячатка першага і апошняга літоўскага караля. Галоўнай прычынай для перадруку менавіта гэтага дакументу было тое, што ён цесна звязаны (праз сфрагістыку і дыпламатыку) з папярэднімі перакладнымі тэкстамі. Акрамя гэтага ў РЭЦЭНЗІЯХ змешчаны агляды той літаратуры, якая мае дачыненне як да заяўленай тэматыкі, так і профілю нашага часопіса.


Рэдакцыя.


АРТЫКУЛЫ.

Паходжанне і лёс роду Міндоўга [5].

In the article "The Origin and the destiny of Мindouh gens" Аlaksiej Salanda restores genealogical tree of first and last king of Lithuania. The author comes to a conclusion, that Мindouh had three wives: unknown Princess of Navahradak - daughter of Iziaslau, Marta, widow of Visimont Bulevic and his sister, wife of Nalsan prince Daumont. From the first wife were born Vojsalk and daughter, which was wife of prince Svarn Danilavic, and from second - sons: Rukla, Repla also is undeserved forgotten by the historians Herstut. After murder Vojsalk in 1267 the gens of Мindouh stopped.

Таямнічая асоба Міндоўга заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў, якія займаліся праблемамі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Не сталі выключэннем і беларускія гісторыкі. Вывучаючы паходжанне Міндоўга яны прыйшлі да розных высноў. Мікола Ермаловіч, напрыклад, выводзіў яго з полацкай галіны дынастыі Рурыкавічаў і лічыў славянінам [1, с.8-9]. У сваю чаргу, Павел Урбан не выключаў магчымасць

заходнеславянскага паходжання Міндоўга [2, с.70]. Аб скандынаўскім паходжанні вялікіх князёў літоўскіх, у тым ліку, як можна меркаваць, і Міндоўга, пісаў Лявон Галяк [3, с.57-58]. Адзначым, што аргументацыя згаданых аўтараў абапіралася або на познія радаводы полацкіх

князёў (М.Ермаловіч), або на тлумачэнне самога імя з розных моваў (П.Урбан, Л.Галяк) і, на нашу думку, мела на мэце толькі адное - даказаць нелітоўскае ці небалцкае паходжанне Міндоўга. Атрыманыя высновы не пераканалі большасці беларускіх даследчыкаў. Сёння ў айчыннай гістарыяграфіі агульнапрынятай лічыцца думка, што Міндоўг з'яўляўся этнічным балтам (літоўцам) [4, с.27; 5, с.144; 6, с.144; 7, № 6, 2001, с.45].

Сапраўды, Міндоўг упершыню згадваецца ў крыніцах у 1219 г., як "князь Литовский", пры гэтым летапісец адносіць яго да групы так званых "старейшых" князёў [8, слп.735]. Вызначэнне "літоўскі", на нашу думку, тут ўжыта летапісцам не толькі ў палітычным, але і ў этнічным сэнсе, што здымае ўсе сумненні ў яго балцкім паходжанні. Аднак, несумненна і тое, што Міндоўг добра ведаў рускую мову і культуру, г.зн. быў значна аславяненым балтам [6].

Летапісец часта цытуе словы Міндоўга па-руску: "Миндогови же


4


прiславшю слы своя река не чини има млсти" або "и река [Міндоўг] се сестра твоя мртва а поеди карить по своеи сестре… и нача еи молвити сестра твоя оумираючи велела мь тя пояти за ся…" [8, слп.816, 859-860], пры гэтым складальнік(і) галіцка-валынскага летапісу ведаў і літоўскую мову: "по своискы рекоуще янда" [8, слп.839]. Няма сумненняў, што для зносін з рускімі княствамі і нават ў сваёй сям'і Міндоўг карыстаўся рускай мовай. У гэтым святле асаблівае значэнне набывае пячатка-пломба з Вялікага Ноўгараду, знойдзеная і апісаная расійскім знаўцам сфрагістыкі М.П.Ліхачовым. На адным яе баку быў надпіс імя "МЪNГДОВЬ" (Менгдов=Міндоўг), а на другім - клейнавы знак у выглядзе лацінскага крыжа раздзёртага ў крокву, канцы якой заламаныя ўверх [33, с.247] (гл. с.25). З дзвух магчымых уладальнікаў гэтай пячаткі - Міндоўга вялікага князя літоўскага і напаўлегендарнага Міндоўга - бацькі Альгімунта - родапычынальніка князёў Гальшанскіх [33, с.248, 252] - мы аддаем перавагу першаму і на пытанне: "…мог ли великий князь Литовский этого времени [сярэдзіна ХІІІ ст.] иметь печать с славянской надписью и таким [вылучана М.П.Ліхачовым] знаком…", адказваем сцьвярджальна. Нагадаем, што менавіта з Вялікім Ноўгарадам Міндоўг заключыў саюз у 1262 г., таму там і магла апынуцца яго пячатка [28, s.398].

Галіцка-валынскі летапіс дае пэўнае ўяўленне аб сям'і Міндоўга. Паведамляецца, што ён быў братам Даўспрунга, як мяркуецца малодшым, бо Даўспрунг у дамове 1219 г. згаданы першым, а дыпламатычныя дакументы ўлічвалі падобныя нюансы [7]. Хто быў бацькам братоў - дакладна невядома. У "Хроніцы Быхаўца" падаецца, што бацькам Міндоўга з'яўляўся нейкі Рынгольд [9, с.132; 10, с.80] . Яшчэ адное імя - Маўкольд падае складзенае ў ХV ст. у Маскоўскай Русі "Начало государей Литовскихъ" [11, с.253; 7, № 1, 2002, с.55]. Сёння ўжо і беларускімі даследчыкамі гэтыя персанажы прызнаюцца за міфічныя [7, № 5, 2001, с.54-56]. Праўда, Вітаўт Чаропка піша, што: "Не маючы пераканаўчых довадаў у рэальным існаванні князя Рынгольда, можна дапусціць, што менавіта так зваўся бацька Міндоўга" (.!) і "…умоўна бацьку Міндоўга можна назваць Рынгольд" [7, № 6, 2001, с.47], аднак, наўрад ці з гэтым можна пагадзіцца. Звернем увагу на тое, што другая частка імёнаў Рынгольд - Маўкольд гучыць амаль аднолькава: "гольд" - "кольд". Магчыма, гэта або нейкі адбітак сапраўднага імя бацькі Міндоўга, або вынік пазнейшых запазычанняў, зробленымі аўтарамі згаданых радаводаў адзін у аднаго. Апошняе, на нашу думку, больш верагодна.

Звернемся да крыніцаў, якія ўсё ж згадваюць бацьку Міндоўга. Імя яго там не падаецца, а гаворыцца толькі, што ён быў "konig groz" - "вялікі князь" [12, s.146.v.6383]. Наўрад ці бацька Міндоўга сапраўды карыстаўся такім тытулам. На самой справе тут мы маем звычайны перанос рэаліяў, якія былі ў часы Міндоўга на значна ранейшы перыяд [8]. Больш падстаў меркаваць пра звычайную ліслівасць, выкарыстаную жамойтамі ў сваім


5


звароце да магутнага ўладара. Разам з тым, няма сумнення ў тым, што бацька Міндоўга іграў адную з галоўных роляў у Літве ў пачатку ХІІІ ст. У гэтай сувязі Вячаслаў Насевіч адзначыў: "Ордэнскі храніст Генрых Латвійскі - сучаснік Міндоўга - пазначаў, што бацька апошняга быў найвялікшым з літоўскіх правіцеляў свайго часу. Ён, трэба меркаваць, памёр незадоўга да пагаднення 1219 года. Ёсць адзін вельмі верагодны прэтэндэнт на гэтую ролю - князь Даўгерд, які некалькі разоў згадваецца Генрыхам Латвійскім" [4, с.28; 6, с.144]. Праўда, сваё меркаванне Вячаслаў Насевіч ніяк не аргументаваў. Памыліўся ён і ў тым, што Генрык Латвійскі ведаў бацьку Міндоўга - у яго "Хроніцы" пра гэта прама не згадваецца.

Разам з тым, гіпотэза В.Насевіча аб тым, што бацькам Міндоўга і Даўспрунга быў менавіта "potentior de Lethonia" ("магутнейшы з Літоўцаў") Даўгеруд ці Даўгерд ("Daugeruthe") заслугоўвае ўвагі. Сапраўды, Даўгерд - прынцыповы вораг немцаў ў Лівоніі, актыўна праводзіў палітыку саюзу з Руссю, дзеля чаго ў 1213 г. наведаў Ноўгарад Вялікі з мэтай заключэння пагаднення супраць Ордэну Мечаносцаў. Аднак, на зваротным шляху ён быў схоплены крыжакамі і загінуў у зняволенні ў Вендэне [13, s.63, XIII, 4; s.107, XVII, 3; s.110, XVIII, 4; 14, s.219-220]. На карысць таго, што бацькам Міндоўга з'яўляўся менавіта згаданы вышэй Даўгерд, хочам прывесці некалькі аргументаў. Па-першае, кідаецца ў вочы тое, што ў імёнах братоў Даўспрунга і Міндоўга паўтараецца агульная частка "Дов"-"Дав", якая ёсць і ў імені мяркуемага бацькі - Даўгерда. Наўрад ці мы маем тут простае супадзенне. Выглядае на тое, што гэта было зроблена свядома бацькамі пры нараджэнні ў іх дзвух доўгачаканых сыноў. Па-другое, валоданні Даўгерда знаходзіліся, як гэта вынікае з "Хронікі" Генрыха Латвійскага, па суседству з Герцыкскім княствам Усевалада ("Vissewalde"). Апошні быў жанаты на дачцэ Даўгерда, актыўна падтрымліваў сваіх сваякоў у барацьбе з рыцарамі-мечаносцамі, а таму быў вельмі паважаны сярод літоўцаў [13, s.63, XIII, 4]. Да княства Усевалада прылягала такая літоўская зямля як Дзяволтва [9] [15, с.135]. У сваю чаргу ў позніх беларуска-літоўскіх летапісах ёсць згадкі пра тое, што менавіта Даўспрунг панаваў на Дзяволтве, дзе яго сталіцай быў Вількамір [10]. Становіцца зразумелым чаму князі з Дзяволтвы падпісалі мірнае пагадненне ў 1219 г.: "а се князи из Дяволтвы Юдьки Поукеик Бикши Ликиик [11]" [8, слп.736]. Відаць, Даўспрунг і быў старэйшым князем у дачыненні да іх [12] . Варта таксама адзначыць, што менавіта Дзяволтва была зямлёй, якую прыйшлося вяртаць сілай Войшалку пасля забойства бацькі. Адтуль жа, а не з Русі [29, s.9], былі выгнаны Міндоўгам яго пляменнікі - сыны Даўспрунга - Таўцівіл і Едзівід. Такім чынам, шмат гаворыць на карысць таго, што Даўспрунг і яго нашчадкі сядзелі ў Дзяволтве - ½ частцы валодання свайго бацькі - Даўгерда. Па-трэцяе, сам Міндоўг, як гэта відаць з яго дзеянняў, апісаных у крыніцах, працягваў знешнепалітычны курс Даўгерда на збліжэнне з суседнімі рускімі княствамі і з тым жа Ноўгарадам Вялікім [16, с.31]. Варта згадаць і шлюб дачкі Даўспрунга з галіцкім князем Данілай Раманавічам, які адбыўся паміж 1242-1245 г. [17, s.48-50].

Улічыўшы, што Дзяволтва належала Даўспрунгу і яго сынам, другая палова валоданняў Даўгерда, выдзеленая Міндоўгу, павінна была знаходзіцца на абшары паміж ёю, Наваградскім княствам Ізяслава, Нальшанамі Гердзеня і Даўмонта, Яцьвяжскай зямлёй


6


(Дайновай) і Жамойцю Ердзівіла і Выкінта [13]. Паводле Алеся Краўцэвіча, гэта тэрыторыя з гарадамі Крэва, Вільня, Трокі, Ашмяны [5, с.172-173, 197, мапа 4]. Адзначым, што амаль з усімі суседзямі Міндоўга звязвалі крэўна-сваяцкія адносіны. Так, жамойцкі князь Выкінт быў "вуем" сыноў яго брата Даўспрунга, "г.зн. [быў] братам маці Таўцівіла і Едзівіда" [7, № 6, 2001, с.41; 27, s.55]. Як вынікае з гэтага, сам Даўспрунг быў жанаты на сястры Выкінта. Дачка Даўспрунга і сястра Таўцівіла і Едзівіда была жонкай галіцкага князя Данілы Раманавіча. Акрамя гэтага вядома, што Транята быў "сястрычычам" Міндоўга [14] [8, слп.860; 27, s.55-56]. Адсюль маем яшчэ адную родную сястру Даўспрунга і Міндоўга і яшчэ адную дачку Даўгерда (гл. табл.1). Паводле Юліюша Ляткоўскага, другі жамойцкі князь "…Erdywil pojal w malzenstwo siostre Mendoga…" [28, s.315], але адкуль ён узяў гэтую інфармацыю - няма ніякіх згадак [15]. Памыліўся Ю.Ляткоўскі і ў тым, што: "…Dowsprunk pojal corke Wykinta…" [28, s.315; 27, s.56, przypis 1].

Сам Міндоўг, як сёння ўжо можна сцьвярджаць, быў жанаты найменей тры разы. Ад першай жонкі, найверагодней дачкі князя Ізяслава Наваградскага [16] , ён меў сына Войшалка і дачку, якая была замужам за князем Шварнам Данілавічам [17] [16, с.33-34]. Толькі спадчынай па маці можна растлумачыць княжанне Войшалка ў Наваградку [18]. Першы шлюб Міндоўга адбыўся ў канцы 20-пачатку 30-х г. ХІІІ ст. [16, с.34]. Памерла Ізяслаўна недзе у канцы 40-х г. ХІІІ ст., бо, як лічыцца, у 1251 г. забіўшы князя Вішымута Булевіча [4, с.41] Міндоўг ажаніўся з яго ўдавой.

Менавіта гэтая другая жонка Міндоўга ў 1251 г. разам з мужам, дзецьмі і ўсім дваром прыняла хрысціянства (каталіцтва) і імя Марта [19], а ў 1253 г. была каранавана [5, с.151, 153]. З ёю Міндоўг меў сыноў Руклю і Рэпека, якія загінулі разам з бацькам у 1263 г. Смерць Марты


7


летапісец падае пад 1262 г. "в то же время оумре княгини Миндовговая и поча карити по неи бяшеть бо сестра еи за Домонтом за Нальщанским князем" [8, слп.859; 30, с.43]. Апошняя, паводле летапісу "свесть его", была прымусам узята Міндоўгам у якасці трэцяй яго жонкі. Галоўным матывам такіх дзеянняў Міндоўга было перадсмяротнае пажаданне Марты забяспечыць апекай сваіх дзяцей - Руклю і Рэпека: "ать иная детии не цвелить" [8, слп.860]. Няма сумненняў, што тут мы маем справу з імкненнем Міндоўга замацаваць уладу за сваімі дзецьмі ад другога шлюбу, стварыць дынастыю і ператварыць Літву ў спадчынную манархію [27, s.94-95]. У гэтым рэчышчы трэба разглядаць і жаданне Міндоўга каранаваць на каралеўства аднаго са сваіх сыноў [20]. Рымскі Папа Аляксандр ІV даў на гэта сваю згоду ў буле ад 6.ІІІ.1255 г. [5, с.153]. Аднак, катастрофа 1263 г. сарвала гэтыя планы. Ад трэцяй - сястры Марты, жонкі нальшанскага князя Даўмонта, дзяцей у Міндоўга не было. Пра яе далейшы лёс можна толькі здагадвацца.

Войшалк, як здаецца, не пакінуў нашчадкаў. Не было дзяцей і ў Шварна Данілавіча з сястрой Войшалка [4, с.57]. Што датычыць Руклі і Рэпека, то яны былі забітыя разам з бацькам у маладым узросце [21]. Пасля забойства ў 1267 г. Войшалка род Міндоўга абрываецца [1, с.9; 4, с.58; 20, с.334; 21, с.12].

Здавалася б усё зразумела. Аднак, усе ранейшыя даследаванні Міндоўгавай дынастыі не ўлічваюць адную вельмі важную дэталь. А менавіта несупадзенне імёнаў сыноў Міндоўга ад другога шлюбу ў рускіх і лацінскіх крыніцах. Замест Руклі і Рэпека ў наданнях Міндоўга літоўскаму біскупу Хрысціяну ад 12.ІІІ.1254 г. і Ордэну ад 7.VIII.1261 г. згадваюцца: "presentibus et consenсientibus Filiis nostris Replen et Gerstuchen", "consentientibus filiis Replen et Gherstutten" [22, s.5; 23, s.12]. Паводле польскага даследчыка Юзафа Пузыны, імя Рэпля адпавядала Руклі, а Герстут - Рэпеку [22] [23, s.12-13]. Аднак, ці так гэта.

На нашу думку, Герстут быў яшчэ адным трэцім сынам (малодшым.) Міндоўга ад другога шлюбу з Мартай (гл. табл.2). Ён загінуў пазней за сваіх братоў - у 1266 г. у сутычцы з пскоўскім князем Даўмонтам-Цімафеям, аб чым ёсць згадка ў летапісу: "Тогда оубиенъ бысть князь великый литовскыи Гоитортъ [23] " [24, с.17]. Тытул вялікага князя [24] ў Герстута не пакідае сумненняў у тым, што гэта быў сын Міндоўга. Ён адначасова сведчыць аб тым, што пасля смерці бацькі ў 1263 г. і да сваёй смерці ў 1266 г. вялікім князем лічыўся менавіта ён. Аднак, маладосць [25] (прыкладна 16 гадоў) і хуткая смерць прывялі да таго, што Герстут быў проста забыты і не адбіўся выразна ў крыніцах. Выкажам думку, што князь Шварн Данілавіч у 1266 г. з'яўляўся суправіцелем (субманархам) [26] менавіта Герстута. А кіраванне Войшалка ў 1264-1266 г. - гэта нішто іншае як рэгенцтва пры маладым сыне Міндоўга. У сувязі з гэтым, па іншаму можна патлумачыць як сам адыход у 1267 г. ад улады Войшалка, так і наступную сітуацыю ў Літве, а менавіта - забойства князя-манаха. Справа ў тым, што гібель вялікага князя Герстута ў 1266 г. абумовіла недзе на пачатку 1267 г. [30, с.47] перадачу Войшалкам Літвы князю Шварну Данілавічу як свайму бліжэйшаму сваяку. Шварн, як швагер Войшалка, быў цалкам легітымным спадкаемцам дзяржавы Міндоўга, але па


8


"кудзелі" [16, с.41-42]. Нездарма ён просіць Войшалка застацца з ім княжыць, калі той вырашыў вярнуцца ў манастыр [8, слп.867]. Відавочна, што былі і іншыя прэтэндэнты па "кудзелі" на ўладу ў ВКЛ. Галоўным з іх, як будзе бачна пазней, з'яўляўся Тройдзень [27].

Князь Войшалк пасля ўсіх гэтых падзеяў па сутнасці застаўся адзіным жывым прамым Міндоўгавічам. На нашу думку, менавіта гэта прадвызначыла яго трагічны лёс. Ён быў забіты ў 1267 г. у выніку змовы [28] брата Шварна князя Льва Данілавіча, Тройдзеня і, верагодна, немца Маркольта. Мэта змовы была празрыстая - знішчыць род Міндоўга цалкам. Нездарма пасля прыходу князя Тройдзеня да ўлады ў ВКЛ ён варагаваў з сынам князя Васількі Ўладзімірам і даволі прыязна спачатку ставіўся да Льва [29].

Такім чынам, барацьба за ўладу ў ВКЛ прывяла да вынішчэння роду Міндоўга. Задума першага літоўскага караля стварыць спадчынную манархію ў Літве ў сярэдзіне-другой палове ХІІІ ст. не ажыцявілася. Гэта змог зрабіць, прычым у даволі жорсткай барацьбе, толькі Гедымін і яго нашчадкі - Гедымінавічы ў ХІV ст. З вялікай доляй упэўненнасці можам сцьвярджаць, што род Міндоўга не пайшоў далей яго сыноў: Войшалка, Руклі, Рэплі і Герстута. Менавіта гэта тлумачыць чаму ў першай палове ХVI ст. аўтары беларуска-літоўскіх летапісаў, ствараючы радаводы вялікіх князёў літоўскіх, нават не згадалі ні самога Міндоўга, ні яго нашчадкаў. Памяць пра першую дынастыю адбілася толькі ў паданнях аб замене на троне ВКЛ роду Кітаўрасаў (да яго належаў Даўспрунг) родам Калюмнаў. Памяць пра брата Міндоўга - Даўспрунга захавалася таму, што з ім звязвалі сваі радаводы пэўныя княжацкія роды ў ВКЛ. Існаванне Даўспрунгавічаў цалкам магчымае, але гэта ўжо іншая тэма для даследавання [30].


Літаратура і крыніцы:

1. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд.- Мн.: ВЦ "Бацькаўшчына", МП "Бесядзь", 1994.- 91 с.

2. Урбан П. Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў.- Мн.: ВЦ "Бацькаўшчына", МП "Бесядзь", 1994.- 107 с.

3. Галяк Л. Аб паходжаньні вялікіх князёў літоўскіх.// Спадчына.- 1993.- № 6.- С.54-62.

4. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы.- Мн.: Полымя, 1993.- 160 с.

5. Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага.- Мн.: Беларуская навука, 1998.- 208 с.

6. Насевіч В. Міндоўг.// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т.- Мн.: БелЭн, 1999.- Т.5.- С.144-145.

7. Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх.// Беларускі гістарычны часопіс.- 2001.- № 5.- С.48-61; 2001.- № 6.- С.42-53; 2002.- № 1.- С.47-60.

8. ПСРЛ.- М., 1962.- Т.2.- 938 слп.

9. ПСРЛ.- М., 1975.- Т.32.- 833 с.

10. Беларускія летапісы і хронікі.- Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997.- 432 с.

11. ПСРЛ.- СПб., 1856.- Т.7.

12. Livlandische Reimchronik./ Her. von Leo Meyer.- Padeborn, 1876.

13. Heinrici Chronicon Lyvoniae./ Scriptores rerum Germanicarum in usum scholarum.- Hannoverae, 1874.

14. Kosman M. Forma umow miedzynarodowych Litwy w pierwszej cwierci XIII wieku.// Przeglad historyczny.- Warszawa, 1966.- T.LVII.- Zeszyt 2.- S.213-233.

15. Литва. Краткая энциклопедия.- Вильнюс, 1989.- 672 с.

16. Семянчук Г., Шаланда А. Да пытання аб пачатках Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. (яшчэ адная версія канструявання мінуўшчыны).// Bialoruskie zeszyty historyczne.- Bialystok, 1999.- S.18-44.


9


17. Dabrowski D. Malzenstwa Daniela Romanowicza (aspekt genealogiczny i polityczny).// Venerabiles, nobilis et honesti. Studia z dziejow spoleczenstwa Polski sredniowiecznej.- Torun, 1997.- S.43-50.

18. Чамярыцкі В., Жлутка А. Першая згадка пра Белую Русь - ХІІІ ст.!// Адраджэнне. Гістарычны альманах.- Мн.: Універсітэцкае, 1995.- Вып.1.- С.143-152.

19. Баранаускас Т. Новогрудок в ХІІІ в.: история и миф.// Castrum, urbs et bellum: Зб.навук.прац.- Баранавічы, 2002.- С.29-44.

20. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды.- Мн.: Маст.літ., 1990.- 366 с.

21. Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст.- Мн.: БелЭн, 1993.- 49 с., табліцы.

22. Kodex dyplomatyczny Litwy./ Wyd. E.Raczynski.- Wroclaw, 1845.

23. Puzyna J. Sukcesorowie Trojdena.// Atheneum Wilenskie.- Wilno, 1938.- R.III.- Zeszyt 1.- S.1-31.

24. Псковские летописи.- М., 1955.- Вып.2.- 363 с.

25. Гудавичус Э. По поводу так называемой "диархии" в Великом княжестве Литовском.// Feodalisms baltijas regiona. Феодализм в балтийском регионе: Сб.науч. трудов./ Отв.ред. А.Рогова.- Рига, 1985.

26. Wasilewski T. Poczatkowe dzieje dynastii Giedymina.// Czlowiek w spoleczenstwie sredniowiecznem.- Warszawa, 1997.- S.347-362.

27. Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa.- Warszawa, 1933.- T.1.

28. Latkowski J. Mendog.// Rozprawy Akademii Umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny.- Krakow, 1892.- T.28.- S.300-453.

29. Stopka K. Proba chrystianizacji Litwy w latach 1248-1263.// Analecta Cracoviensia.- Krakow, 1987.- T.XIX.- S.1-68.

30. Грушевський М. Хронольогія подій Галіцько-волінськоі літописи.// Записки Наукового Товариства імени Шевченка.- Львів, 1901.- Т.41.- С.1-72.

31. Котляр Н.Ф. Галицко-волынская летопись (источники, структура, жанровые и идейные особенности).// Древнейшие государства Восточной Европы. Материалы и исследования. 1995 год.- М.: Наука, 1997.- С.80-165.

32. ПСРЛ.- СПб., 1845.- Т.2.- 377 с.

33. Лихачёв Н.П. Материалы для истории Византийской и русской сфрагистики.// Труды музея палеографии.- Л.: Изд-во АН СССР, 1930.- Ч.2.- 279 с.

34. Кузьмин А.В. Торопецкая знать в ХІІІ веке. Из истории Смоленской земли.// Russia Mediaevalis.- Munchen, 2001.- T.X.- 1.- S.55-75.


Аляксей Шаланда.


Міндоўг у школьных падручніках Беларусі, Польшчы і Расіі.

In the article "Мindouh in the school textbooks of Belarus, Poland and Russia" Vital Karnialuk compares the attitude to the first king of Lithuania in the manuals three next Slavic states. The author comes to a conclusion, that the person of Mindouh for the Russians always will be minor, for the Poles - anothers, and for the Belarusans - one of main, as he stood at sources of the state, in which the Belarusan state tradition has proceeded.

Хоць сапраўдная гісторыя пачынаецца там, дзе заканчваецца школьны падручнік гісторыі, як раз апошні з'яўляецца найчасцей для большасці галоўнай кнігай, з якой маладым чалавекам бяруцца ў сістэме звесткі гэтай навукі, каб потым або павялічыць іх, або толькі іх мець усё жыццё. І калі не прафесійны занятак ці ўласная зацікаўленасць, то набор асноўных ведаў пра гісторыю, або якую іншую "школьную навуку" і застанецца школьным (ну яшчэ раз-другі можа паўтарыцца ў ВНУ або коледжы). Таму адказнасць на аўтарах школьных вучэбных кніг ляжыць немалая яшчэ і па гэтай ролі падручнікаў - быць выключнай крыніцай ведаў для большасці.

Напраўду кажучы, кожная навука ў сваёй спецыфіцы будзе нагадваць пра сабе ў штодзённым жыцці. Гісторыя тут - не выключэнне: праз назвы вуліцаў і плошчаў, помнікі, анекдоты, выслоўі, палітычныя фетышы... Калі пра кагосьці з гістарычных дзеячаў ўсё гэта будзе складзена, створана, абвешчана, то ягоны вобраз і воблік будуць захаваны, хай і істотна міталагізаваны, у "звыклых актах мыслення" (В.Ключэўскі) людзей самых розных сфераў жыцця. Але, калі гэтага не адбудзецца, то застанецца толькі спадзявацца на якасны ўзровень школьнага падручніка.

Такія думкі выклікае, напрыклад, постаць Міндоўга, дакладней тое, як гэты легендарны ліцьвінскі князь замацоўваецца ў апошнія паўтары дзесяцігоддзя ў гістарычнай памяці новага беларускага пакалення ў якасці стваральніка Беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэтую справу спрабуе рабіць сучасная гістарычная навука праз школьны падручнік. І тут


10


існуе пэўная розніца, як гэты дзяржаўны дзеяч падаецца ў адпаведных падручніках суседзяў - Польшчы і Расіі.

Постаць гэтага князя - невыпадковая для ўвагі. Ведаць пра яго і ягоны час - гэта значыць ведаць і больш разумець пра ледзь не самы складаны адрэзак гісторыі нашага народу, калі далёкія продкі выходзілі са шматвекавога пярыяду розні і дзяржаўнай расцярушанасці, паварочваліся ў бок жыцця пад адзінаю ўладаю, з адзіным правам, адзінымі палітычнымі задачамі. Гэта важная старонка мінуўшчыны і для таго, каб будаваць сучасныя ўзаемаадносіны сувярэнных народаў, аб'яднаных раней у Вялікае княства Літоўскае - адно з найбуйнейшых дзяржаваў сярэднявечча і пачатку новай гісторыі Еўропы.

Ля вытокаў гэтай дзяржавы стаяў ён - Міндоўг. Як стаяў - пра гэтае гісторыкі розняцца ў сваіх разважаннях, бо не шмат крыніцаў пакінула гісторыя пра гэтага дзеяча, але пачынальнік - фігура заўсёды прываблівая.

Памеры пераменаў, што пачаліся з яго, былі велічныя і лёсавызначальныя, і гэта - без перабольшання. Ручаіна падзеяў! Ці адпавядаў ён ім сваімі ўчынкамі, рашэннямі палітыка і дзяржаўнага дзеяча таго часу. Наколькі і як задаваў сабе ў час свайго ўладарання спрадвечнае пытанне Чынгіс-хана: "...Дзе я ў гэтай ручаіне.". Гэтыя пытанне - з ліку невырашаемых.

Літаратура пра Міндоўга немалая [1-9]. На гэтага верхавіне напісанага - школьныя падручнікі. Сярод іх першы, па сутнасці, рэвалюцыйны вучэбны дапаможнік Г.Штыхава і У.Пляшкевіча "Гісторыя Беларусі. Старажытныя часы і сярэднявечча" [10], які разам з іншымі з пакалення 1993-1994 г. выканалі ролю "Калумба" ў адкрыцці айчыннай гісторыі, як для вучняў, так і для іх настаўнікаў. Потым, больш чым за дзесяцігоддзе, да сённяшняга часу, змянілася тры пакаленні гэтага падручніка, яны станавіліся больш дасканалымі ў метадычным і дыдактычным плане, але прынцыповы змест, прынамсі пра ВКЛ, у іх істотна не змяніўся. Міндоўгу ў гэтай кнізе прысвечаны параграф "Утварэнне беларуска-літоўскай дзяржавы - асновы Вялікага княства Літоўскага". Увага вучняў звяртаецца на постаць князя ўжо ў назве першага пункту гэтага параграфа: "Летапісныя звесткі пра Літву і Міндоўга". У ім згадываецца летапіснае паняцце "Літвы Міндоўга". Якім жа перад шасцікласнікамі сучаснай беларускай школы паўстае першы кіраўнік Вялікага княства Літоўскага. Міндоўг, як ваяр і барацьбіт з крыжыцкай агрэсіяй, паказаны на старонках вучэбнага дапаможніка, як змагар за незалежнасць Літвы. Школьнікі даведваюцца, што з гэтай нагоды ён вымушаны з дружынай накіравацца ў Наваградак, там прыймае праваслаўе. Міндоўг вядзе безупынныя ваенныя дзеянні з іншымі літоўскімі кунігасамі, неаднаразова

змяняе веравызнанне - у 1252 і 1260 г. У барацьбе з крыжакамі гэты палітык усталёўвае саюзныя стасункі з Аляксандрам Неўскім, якія мелі ўвасабленне ў сумесных паспяховых ваенных дзеяннях супраць нямецкіх рыцараў. Асобным бокам дзейнасці Міндоўга перад вучнямі паўстае дыпламатычная плынь яго палітыкі - у дачыненні да Лівонскага Ордэну, рымскага Папы і Галіцка-валынскага княства [10, с.171-177]. Увазе шасцікласнікаў прапануюцца такія пункты параграфа, звязаныя зместам з дзейнасцю Міндоўга, як "Прычыны аб'яднання беларуска-літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву", "Панямонне - арэна змагання галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў", "Міжусобная барацьба за вялікае княжанне пасля смерці Міндоўга" [10, с.173-176].

Выданне вучэбнага дапаможніка рэдакцыі 2005 г. акцэнтуе ўвагу вучняў на каранацыю Міндоўга ў Наваградку, але, адначасова, з-за скарачэння аб'ёму гадзінаў на выкладанне гісторыі, больш агульна згадывае аб знешнепалітычнай дзейнасці гэтага князя [11, с.109-115]. Зыходзячы са зместу параграфа ўзору 2005 г. вучням трэба адказаць на пытаннні: "Для чаго, на вашу думку, патрэбна былат такая пышная каранацыя Міндоўга." і "Як вы ацэньваеце той факт, што Міндоўг так часта мяняў свае погляды." [11, с.115].

У параўнанні з беларускімі школьнікамі, расійскія шасцікласнікі будуць ведаць, што Міндоўг - "мужны, але жорсткі і каварны кіроўца. Яго падтрымала руская (вылучана В.К.) знаць Горадні, Пінска, Берасця і іншых навакольных зямель Заходняй Русі (вылучана В.К.)" [12, с.121]. Расійскія вучні таксама, як і беларускія, даведваюцца са старонак падручніка аб


11


неаднаразовым пераходзе Міндоўга ў тую ці іншую веру і, нарэшце, яго вяртанне ў паганства. У кнігах выдавецтва "Просвещение" падкрэслена кажацца, што "кіраваць рускімі (вылучана В.К.) землямі Міндоўг паставіў свайго старэйшага сына Войшалка" [12, с.122]. Там жа згадываецца і факт забойства Міндоўга ў выніку "усобіцаў паміж літоўскай знаццю" [12, с.122]. Усе падзеі, што звязаны з імем Міндоўга, для расійскіх вучняў аўтарамі дадзенага падручніка атаясамляюцца з пачаткамі новай - "Літоўска-рускай" дзяржавы, якая была, як падкрэсліваецца аўтарамі падручніка, "руска-літоўскай" [12, с.121-122]. Аднак, гісторыя - не арыфметыка і ад перастаноўкі словаў у назве сэнс змяняецца істотна.

Польскі школьны падручнік аб Міндоўгу згадывае яшчэ меней, чым расійскі. У раздзеле, прысвечаным Літве, як адной з асноўных суседзяў Кароны Польскай, аўтары кажуць пра Міндоўга, толькі як пра заснавальніка ВКЛ. Гаворка пра яго ідзе ў параграфе "Унія польска-літоўская", калі для тлумачэння рэтраспектывы ўмоваў заключэння Крэўскай і Гарадзельскай уніяў ідзе скразны аповяд пра Літву. Менавіта Міндоўг, як выцякае са словаў аўтараў падручніка для ліцэяў за 2000 г., "стаў стваральнікам дзяржавы ліцьвінаў", бо "здолеў падпарадкаваць сабе не толькі ўсю Літву, але таксама частку яцьвяжскай тэрыторыі і шэраг рускіх гарадоў, сярод якіх былі Полацк і Наваградак", "у 1250 г. прыняў хрышчэнне, а ў 1253 - каранаваўся як кароль Літвы. Спроба хрысцьянізацыі краю была няўдалай - Міндоўг загінуў". Нейкіх дробязяў і дэталяў яго кіравання ў падручніку проста няма [13, s.175].

Параўнанне вучэбных тэкстаў асноўных школьных беларускіх, расійскіх і польскіх вучэбных выданняў апошніх дзесяці гадоў адлюстроўвае краевугольныя пазіцыі кожнай са згаданых гістарыяграфіяў, у якіх, безумоўна, абставіны і роля стварэння і генезісу ВКЛ мае адное з выключных месцаў у агульным разуменні і тлумачэнні гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі.

Але вернемся да месца і ролі інфармацыі падручніка ў фарміраванні гістарычнага мыслення падрастаючага пакалення. Постаць Міндоўга для расіянаў другасная і такая будзе, натуральна, заўсёды. Ускоснае згадванне яго на старонках расійскіх школьных падручнікаў лагічна і дастаткова. Для палякаў, таксама першы ліцьвінскі гаспадар - не нацыянальны гістырычны дзеяч. Усяго гэтага нельга сказаць пра наш, беларускі, гістарычны пантэён. Міндоўг у ім - зусім не на апошнім месцы, бо стаіць ля вытокаў краіны, у якой беларуская дзяржаўная традыцыя як мінімум працягвала развівацца. Каб у будучым ў нашых гарадах з'явілася хаця б адна вуліца Міндоўга, неабходна, каб патрэба ў такой назве сфарміравалася ў галовах і душах тых, хто цяпер за школьнай партай знаёміцца са справамі гэтага славутага ліцьвінскага манарха. На жаль, у вельмі нядрэннай вучэбнай кнізе па гісторыі сярэднявечнай Беларусі старонкі, якія прысвечаныя Міндоўгу, ўсё ж не пакідаюць у вучняў адчування драматызму падзеяў, якія патрабавалі ў будучага кіраўніка краіны выключных палітычных, дыпламатычных і ваенных якасцяў, каб вырваць і ўтрымаць уладу, пашырыць тэрыторыю валоданняў і паспець перадаць іх сваім нашчадкам.


Літаратура:

1. Пашуто В. Образование Литовского государства.- М.: Изд-во АН СССР, 1959.- 531 с.

2. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы.- Мн.: Полымя, 1993.- 160 с.

3. Чаропка В. Падманлівая веліч. Міндоўг.// Імя ў летапісе.- Мн.: Полымя, 1994.- С.93-116 с.

4. Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага.- Мн.: Беларуская навука, 1998.- 207 с.

5. Краўцевіч А. Вялікі князь Міндоўг.// Биржа информации.- 1999.- № 30, 32, 34, 39, 40.

6. Насевіч В. Міндоўг.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1999.- Т.5.- С.144-145.

7. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае.- Мн: Беллітфонд, 2000.- 448 с.

8. Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф.// Castrum, urbіs et bellum: Зб. навук. прац.- Баранавічы: Баранав. узбуйн. друк., 2002.- С.29-44.

9. Баранаўскас Т. Месца каранацыі Міндоўга.// Спадчына.- 2002.- № 5-6.- С.26-31.

10. Штыхаў Г., Пляшкевіч У. Гісторыя Беларусі. Старажытныя часы і сярэднявечча: Вучэб. дапам. для вучняў 5-6 класаў.- Мн.: Народная асвета, 1993.- 255 c.

11. Штыхаў Г. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі: Вучэб. дапаможнік для 5 кл. агульнаадукацыйнай школы з бел. і рус. мовамі навучання./ Пад рэд. П.Ц.Петрыкава.- Мн.: Народная асвета, 2002.- 176 c.


12


12. Данилов А.А. История России. С древнейших времён до конца XVI века. Учеб. для 6 кл. общеобразоват. учреждений.- М.: Просвещение, 2003.- 3-е изд.- 256 c.

13. Manikowska H., Tazbirowa J. Historіa sredniowieczа. Podrecznik dla klasy I liceum ogolnoksztalcacego.- Warszawa, 2000.- 270 s.


Віталь Карнялюк (Горадня).


Баярства Міндоўга: склад і паходжанне.

In the article "Noblemens of Mindouh: structure and the origin" Аlaksiej Salanda considering avaricious annalistic news on this problem, restores structure of noblemens of Lithuanian prince Mindouh after 1240, when he occurs on a throne of Navahradak and comes to a conclusion, that there were not only Lithuanians, but also Russian. Last even borrowed posts of commanders by military group of Mindouh. Double ethnic the structure of nobility in many respects has determined Lithuanian-Russian character of kingdom of Mindouh and of GDL.

Праблема складу і паходжання баярства [31] вялікага князя і караля Міндоўга пакуль не стала ў беларускай гістарыяграфіі тэмай спецыяльнага даследавання. Але, калі зыходзіць з вядомага выслоўя аб тым, што "караля гуляе світа", варта спыніцца на гэтай праблеме больш дэтальна. Тым больш, што ў беларускай гістарыяграфіі з лёгкай рукі Міколы Ермаловіча замацавалася гіпотэза аб запрашэнні Міндоўга баярамі Наваградка на княства: "(Міндоўг) не заваяваў Новагарадок, а быў абраны тут князем..." [1, с.60] ці "Менавіта ў новагародскай знаці... зарадзіўся арыгінальны намер зрабіць Міндоўга сваім князем..." [2, с.317-318] [32] .

Пытанне фарміравання Наваградскай зямлі і княства і ўваходжання яго ў склад ВКЛ у ХІІІ ст. патрабуе асобнага грунтоўнага вывучэння. Выкажам думку, што ўскраінная Наваградская зямля па сутнасці з'яўлялася часткай Літвы і Яцьвягіі (Гарадзенская зямля), акупаванай у Х-пачатку ХІІІ ст. рускімі (кіеўскімі і валынскімі) князямі. Такія гарады як Наваградак, Горадня, Ваўкавыск, Слонім з'яўляліся фарпастамі Русі на чужой этнічнай тэрыторыі [7, с.25-26]. У сувязі з гэтым, у свой час мы прапанавалі называць усе гэтыя землі "рускай Літвой" [7, с.25]. Па меньшай меры гаварыць пра Чорную Русь у адносінах да гэтых тэрыторыяў у рэаліях ХІІІ ст. наўрад ці магчыма, таксама як і пра цалкам негістарычнае Панямонне. Разам з тым, адзінай гістарычна абгрунтаванай назвай гэтых абшараў з'яўляецца "Наваградская зямля", як называе іх Іпатаўскі летапіс: у 1251 г. войска галіцкага князя Данілы Раманавіча "плениша всю землю Новгородьскоую" [8, слп.819]. Гэтай назвай мы і будзем далей карыстацца.

Што ўяўляла сабой наваградскае баярства да з'яўлення Міндоўга ў Наваградку - пытанне, якое ніхто пакуль сур'ёзна не разглядаў. Сапраўды, мала што пра яго вядома, але справа не выглядае безнадзейна. Упершыню "новогородци" згадваюцца ў летапісу пад 1228 г. як саюзнікі кіеўскага князя Ўладзіміра Рурыкавіча ў канфлікце пінскага князя Расціслава з галіцкім князем Данілай Раманавічам [8, слп.753]. Пад наваградцамі, відаць,


13


трэба разумець не столькі (ці не толькі) апалчэнне Наваградка, колькі неназванага з імя наваградскага князя са сваёй баярскай дружынай: "Володимеръ же со всими князи и Коуряны и Пиняны и Новогородци и Тоуровьци обседоша Каменец" [8, слп.753]. Першы і апошні раз наваградскі князь Ізяслаў згадваецца ў летапісу пад 1238 г., калі ён разам з Міндоўгам, але ўжо па просьбе князя Данілы Раманавіча, удзельнічаў у паходзе на мазавецкага князя Конрада: "...Данилъ же возведе на Кондрата Литвоу Минъдога Изяслава Новгородьского" [8, слп.776]. Вызначэнне "Наваградскі" ў адносінах да Ізяслава можа сведчыць аб вотчынным характары яго ўлады. З кантэксту паведамлення вынікае таксама, што мова тут ідзе аб баярскіх дружынах як Ізяслава, так і Міндоўга [7, с.26, 33].

У летапісах не згадваюцца імёны наваградскіх баяраў. Аднак, археолагі фіксуюць на тэрыторыі так званага Беларускага Панямоння каля 20 гарадзішчаў - былых феадальных сядзібаў ХІІ-ХІІІ ст. [9, с.213]. Адное з іх - Мсцібава ці Мсцібогаў каля Ваўкавыска - звязваюць з валынскім баярынам Мсцібогам [9, с.213]. Апошні згадваецца ў летапісу пад 1202 г. (фактычна пад 1205 г.) сярод праціўнікаў малых князёў Данілы і Васількі Раманавічаў: "Мьстьбог и Мончюкъ и Микифоръ… имеяхоу бо лесть в сердце своемь яко предати хотяхоу господоу свою и градъ (Уладзімір Валынскі)" [8, слп.718]. Пазней, відаць, з-за пераследу, яму прыйшлося пакінуць Валынь і перасяліцца ў Наваградскую зямлю [10, с.103]. Гэтая гіпотэза яшчэ больш набывае вагі, калі звярнуць увагу на тое, што каля Ваўкавыска ёсць вёска Манцякі. Назва яе яўна ўтварылася ад імя паплечніка Мсцібога - баярына Манчука, які таксама збег з Валыні [33]. Такім чынам, частка наваградскага (Ваўкавыск належаў Наваградскаму княству) баярства магла быць валынскага паходжання. Звернем увагу на тое, што Мсцібог і Манчук апынуліся ў Наваградскім княстве ў выніку палітычнага паражэння ў сябе на радзіме. Такія эмігранты папаўнялі шэрагі мясцовага наваградскага баярства. Відаць, да апошніх належаў Здзіт, ад імя якога пайшла назва гораду Здзітава, які згадваецца у 1249 г. у летапісу: "самъ (Даніла) иде ко Здитовоу" [8, слп.816]. Я.Звяруга лакалізуе яго на правым беразе ракі Ясельды каля сучаснай вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна, дзе ёсць рэшткі гарадзішча ХІ-ХІІІ ст. [9, с.213; 11, с.438]. Як можна меркаваць па назве, горад вырас з феадальнага замку Здзіта (Здзітава=сядзіба Здзіта).

Згаданая ў 1238 г. "Літва" Міндоўга вызначаецца намі паводле дамовы літоўскіх князёў з Валынню ў 1219 г. Акрамя шэраговых дружыннікаў, як можна меркаваць, Міндоўгу ўжо тады падпарадкоўваліся князі Рушковічы і Булевічы, ў адносінах да якіх ён быў "старэйшым" князем: "а Роушьковичевъ Кинтибоуть Вонибоут Боутовить Вижеикъ и сынъ его Вишлии Китении Пликосова а се Боулевичи Вишимоут его же оуби Миндоготъ и женоу его поялъ и братью его побилъ Едивила Спроудеика" [8, слп.735-736]. Наўрад ці пералічаныя Рушковічы і Булевічы валодалі нейкімі асобнымі землямі-княствамі [34]. Княжацкі тытул іх таксама выклікае сумненні [13, s.315]. Больш падставаў лічыць іх ваяводамі (правадырамі атрадаў) і баярамі Міндоўга. У сваю чаргу, патранімікі сведчаць, што заснавальнікамі згаданых родаў былі нейкія Рушка і Буль, якія служылі, магчыма, яшчэ бацьку Міндоўга. Звычайна лічыцца, што Рушковічаў згадваецца сем [3, с.21], але Кіцень, магчыма, быў сынам Плікаса ("Пликосова"). На карысць гэтага сведчыць не толькі канчатакова, але і тое, што Віжэйка названы тут разам з сынам - аўтар летапісу добра арыентаваўся ў радаводах літоўскіх "князёў". Важнай акалічнасцю таксама з'яўляецца тое, што Кіцень запісаны ў дамове апошнім сярод Рушковічаў - відаць, быў самым маладым, бо дыпламатычныя дакументы ўлічвалі падобныя нюансы.

Як заўважыў В.Насевіч, сумесны паход на Мазовію Ізяслава з Міндоўгам сведчыць, што паміж імі існавала нейкая цесная сувязь [3, с.29-30]. Невядома чаму наваградскага князя лічаць васалам Міндоўга [9, с.221]. Зыходзячы з пазнейшых падзеяў і генеалогіі, можна сцьвярджаць, што сувязь гэтая магла быць толькі дынастычная - Міндоўг у 20-30-х г. ХІІІ ст. ажаніўся з дачкой Ізяслава Наваградскага, з якой пакінуў сына Войшалка і дачку [7, с.34].


14


Таксама слова летапісца "возведе" трэба разумець не як загад, а хутчэй як просьбу Данілы. Дастаткова параўнаць: "Въ лето 1204. Возведе Олександръ Лестька и Конъдрата придоша Ляхове на Володимеръ..." [8, слп.720], як разважанні В.Насевіча на гэты конт губляюць сэнс [3, с.30]. Трэба прызнаць, што ні Міндоўг, ні Ізяслаў не былі ні васаламі, ні наёмнікамі Данілы, а з'яўляліся яго саюзнікамі. Паход на Мазовію адпавядаў іх інтарэсам. Наколькі можна меркаваць, "літву" Міндоўга ў ім цікавіла здабыча і палон [35], але які інтарэс быў у "наваградцаў". Калі ўлічыць, што Наваградскае княства ад Мазовіі аддзялялася Яцьвягіяй і Берасцейскай зямлёй, то гаварыць аб нейкіх палітычных планах Ізяслава ці яго тэрытарыяльных прэтэнзіях да Конрада Мазавецкага не прыходзіцца. Гэта азначае толькі тое, што інтарэсы Міндоўга і Ізяслава супадалі: паход быў сумеснай вайсковай (рабунковай) аперацыяй cупраць саюзніка крыжакоў. У адказ на яе ў тым жа 1238 г. галіцкі князь Расціслаў Міхайлавіч, якому мазавецкі князь Конрад прыходзіўся сваяком [36], здзейсніў паход на Літву: "Ростиславъ сошелъ есть (з Галіча) на Литвоу со всими бояры…" [8, слп.777]. Закончыўся ён няўдачай, бо Даніла скарыстаў адсутнасць Расціслава для захопу Галіча [8, слп.777; 21, с.114].

Такім чынам, дынастычны саюз князёў, агульныя палітычныя і эканамічныя інтарэсы, а пасля разгрому Рурыкавічаў мангола-татарамі ў 1237-1240 г., і міжнародная сітуацыя абумовілі пазіцыю наваградскіх баяраў. Пры іх падтрымцы, пасля смерці князя Ізяслава без нашчадкаў "па мячы", Міндоўг становіцца наваградскім князем [7, с.34]. Толькі гэтым можна патлумачыць чаму менавіта Наваградак стаў тым горадам, дзе з'явіўся літоўскі князь, а не, напрыклад, пакінуты сваімі князямі Пінск. Наўрад ці гэта адбылося пасля акту запрашэння літоўскага князя, як пішуць беларускія гісторыкі. У Міндоўга хапала законных падставаў для пераймання ўлады ў Наваградку і без яго - у першую чаргу гэта былі неаспрэчныя правы на княства сына Войшалка [7, с.34].

Даследчыкі вызначаюць розны час з'яўлення Міндоўга ў Наваградку. Першапраходцам быў аўтар Густынскага летапісу (1670 г.), які лічыў, што адбылося гэта ў 1246 г. і "великий князь Литовский Миндовгъ" нават "приять веру христианскую от Востока, со многими своими бояры" [30, с.341]. У след за ім пайшлі Мікола Ермаловіч [1, с.60-61; 2, с.318], Вітаўт Чаропка [4, с.102] і, з агаворкай, Генадзь Сагановіч [5, с.61]. Вячаслаў Насевіч адкідваючы сведчанне летапісца, як неверагоднае, схіляецца да даты 1248 г. [3, с.36]. Таксама Аляксандр Краўцэвіч лічыць, што ў Наваградку Міндоўг стаў княжыць ў 1248 г. [6, с.139]. У свой час вядомы польскі даследчык Генрык Лаўмяньскі выказаў думку, што Міндоўг з'явіўся ў Наваградку ў 1240 г.: "Wowczas najwidoczniej Mendog usadowil sie w Nowogrodku..." [34, s.255]. Галоўным храналагічным маркерам ён лічыў разгром Русі ханам Батыем у 1237-1240 г. Сапраўды, хаця надзейных звестак пра разбурэнне мангола-татарамі Наваградка няма [3, с.33, 35], смерць князя Ізяслава Наваградскага магла наступіць у 1239-1240 г. пад час нашэсця мангола-татараў на Русь. Як яна наступіла - натуральным шляхам, ці Ізяслаў загінуў у баі - сёння вызначыць не ўяўляецца магчымым. Увогуле 1240 г. быў пераломным для Русі. Разбурэнне Кіева прывяло ва Ўсходняй Еўропе, як піша В.Насевіч да парушэння сістэмы палітычных дамінантаў і супрацьвагаў, у выніку чаго "сумежныя з Літвой землі на некалькі гадоў апынуліся перад ёю сам-насам" [3, с.35]. Да гэтага трэба дадаць адную важную акалічнасць - і без князёў. Адныя Рурыкавічы загінулі, выконваючы


15


свой рыцарскі абавязак да канца, другія - пачынаючы ад вялікага князя кіеўскага Міхаіла Ўсеваладавіча і заканчываючы галіцка-валынскімі, пінскімі (тураўскімі.), разанскімі, чарнігаўскімі і іншымі князямі - проста панічна ўцякалі ад мангола-татарскай навалы. Як пісаў Лаўрэнці ў сваім летапісу: "Тогды же бе пополохъ золъ по всеи земли и сами не ведяху и где хто бежить" [20, слп.470; 36, с.251-252]. Наўрад ці сярод уцекачоў быў наваградскі князь Ізяслаў. Пасля свайго вяртання ён бы напэўна паспрабаваў вярнуць сваё княства з рук літоўцаў, калі б тыя, як лічаць прыхільнікі канцэпцыі экспансіі Літвы на Русь, захапілі Наваградак [37]. Метавіта пра такі магчымы ход падзеяў сведчыць, на нашу думку, вядомы сюжэт са Смаленскам у 1239 г., калі "Ярославъ иде Смолиньску на Литву и Литву победи и князя ихъ ялъ а Смолняны оурядивъ князя Всеволода посади на столе" [20, слп.468]. Звернем увагу на словы "Смолняны оурядивъ". Яны сведчаць пра сапраўдных ініцыятараў з'яўлення літоўцаў у горадзе. Літоўскі князь быў стаўленнікам смалянаў, а не літоўцаў, як дапускае В.Насевіч [3, с.32]. Здарыцца такое магло толькі ў выпадку, калі смаленскі князь з Рурыкавічаў або памёр, або загінуў, або збег [38]. Апошняе больш верагодна, бо "Слово о Меркурии Смоленском" не называе князя галоўным выратавальнікам Смаленска ад мангола-татараў [35, с.208].

Такім чынам, пэўным з'яўляецца тое, што смерць Ізяслава адкрыла Міндоўгу шлях на наваградскі сталец. На нашу думку, ёсць дзьве падставы, каб датаваць на 1240 г. пачатак княжання Міндоўга ў Наваградку. Першая - згадка летапісца пад 1241 г. аб тым, што: "Василько же князь осталъ бе стеречи земле от Литвы" [8, слп.792]. Гэта значыць, што Наваградская зямля перастала выконваць для Валыні ролю шчыта. Чакаць прыйшлося нядоўга. У летапісу гаворыцца аб дзвух паходах Літвы на Валынь у 1243 і 1244 г.: "Придоша Литва и воеваша около Пересопнице Аишьвно Роушькович" і "Воеваша Литва около Мелнице Лековнии" [8, слп.797, 798]. Тое, што гэта былі людзі Міндоўга ў нас няма сумненняў - адзін з роду Рушковічаў, другі - яго блізкі сваяк [39] (гл. ніжэй). Нагадаем, што яшчэ ў 1238 г. Міндоўг быў саюзнікам галіцка-валынскіх князёў.

Другая падстава - кардынальная змена пазіцыі да Літвы з боку пінскіх князёў. У 1229 г. пінскі князь Уладзімір, які па загаду князя Данілы застаўся сцерагчы Берасце ад яцьвягаў, разбіў саюзны (!) галіцка-валынскім князям атрад літоўцаў на той толькі падставе: "но мне есте не мирни" [8, слп.754]. Пасля таго, як у 1240 г. пінскія князі вярнуліся ў Пінск з Польшчы, дзе яны хаваліся ад мангола-татараў [3, с.33; 8, слп.788], летапісец піша ўжо аб іх "лести" у адносінах да галіцка-валынскіх князёў: "князи же Пиньсцеи имеяхоу лесть" (1253 г.) [8, слп.818]. Пры гэтым, "лесць" гэтая пачалася яшчэ ў 1244 г., калі пінскі князь Міхаіл дапамагаў нікому іншаму, як літоўцам згаданага вышэй Лугвеня: "далъ бо бе имъ Михаилъ весть боуда в Пиньске" [8, слп.798]. Яшчэ больш прыкметна "здрадлівая" пазіцыя пінскіх князёў выглядае, калі аўтар летапісу піша пра рэакцыю простых жыхароў Пінска на разгром літоўцаў: "и бысть радость велика во Пиньске граде" [8, слп.798]. Наўрад ці гэтую радасць падзялялі пінскія князі [40]. Змена іх пазіцыі, на наші погляд, тлумачыцца адным - Пінскае княства непасрэдна стала межаваць з землямі падуладнымі Міндоўгу. Паміж ім і галіцка-валынскімі Раманавічамі пінскім князям цяпер прыходзілася лавіраваць [3, с.35].

Згаданыя вышэй паходы Літвы на Валынь у 1243 і 1244 г., хаця і закончыліся няўдала, далі Міндоўгу патрэбны палітычны эфект. Паміж ім і князем Данілам Раманавічам быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога, як мы мяркуем, прызнаваліся правы Міндоўга і яго сына Войшалка на Наваградскую зямлю. У сваю чаргу, Міндоўг абавязваўся дапамагаць


16


Данілу ў барацьбе не толькі з унутраным канкурэнтам - князем Расціславам Міхайлавічам, але і са знешнімі ворагамі. Праўда, прамых звестак пра дагавор не захавалася ў летапісах, але логіка далейшых падзеяў сведчыць аб нейкім існаваўшым пагадненні паміж галіцка-валынскімі князямі і Міндоўгам [41]. Вядома, што ў 1245 г.: "Данило же и Василко посласта в Литвоу помощи просяща и послана бысть от Миндога помощь..." [8, слп.801]. Праўда, войска Міндоўга спазнілася на бітву пад Яраславам: "Литве же приехавшимъ… и воротишася во свояси" [8, слп.805]. Магчыма, гэтую мірную дамову з Міндоўгам замацоўваў даволі дзіўны шлюб князя Данілы Раманавіча з сястрой Таўцівіла і Едзівіда. Польскі даследчык Дарыюш Дамброўскі спярша лічыў, што адбыўся ён у 1242-1245 г. (гл. с.36), але апошнім часам памяняў сваю думку, адносячы час жаніцьбы Данілы на прамежак часу - пасля вясны 1246 г. і перад канцом 1248 г. [14, s.48-50; 15, s.76]. На нашу думку, шлюб сапраўды адбыўся пасля вяртання князя Данілы з Арды - у 1246 г. (туды ён паехаў за ярлыком і проста не ведаў ці вернецца жывы), хаця дамоўленасць аб ім магла быць заключана раней - у 1245 г.

Аб'яднанне Наваградскай зямлі і часткі Літвы на чале з Міндоўгам паклала пачатак утварэнню ВКЛ [7, с.34, 42-43]. Ці змяніўся склад баярства Міндоўга пасля таго, як ён стаў князем літоўскім і наваградскім. Як ужо адзначалася, у 1243 г. згадваецца Айшвна Рушковіч (1), які ваяваў Валынскую зямлю каля Перасопніцы. Адступаючы, ён быў разбіты галіцка-валынскімі князямі Данілай і Васількам Раманавічамі на Пінскім полі: "всии же воии избьени быша самомоу же Рюшковичьу оу мале оутекшю" [8, слп.798]. Айшвна паходзіў са згаданага пад 1219 г. роду Рушковічаў. Нехта з пералічаных там асобаў быў яго бацькам. Адсутнасць княжацкага тытулу сведчыць, што род быў баярскі, а Айшвна выконваў функцыю ваяводы Міндоўга ў згаданым паходзе. Далейшы лёс яго невядомы. Аднак, род Рушковічаў і пазней служыў Міндоўгу. У 1256 г. згадваецца Сырвід Рушковіч (2) ("Сиръвидъ Рюшковичь"), які лічыцца ваяводай Міндоўга [3, с.44]. Ён быў разгромлены галіцка-валынскім войскам за рабаванне ваколіцаў Луцка, але выратаваўся: "Сирвидъ же оутече" [8, слп.840]. Кім ён прыходзіўся Айшвну Рушковічу - цяжка сказаць.

Як ужо гаварылася вышэй, у 1244 г. Валынскую зямлю ваяваў Лугвень (3), які таксама быў разбіты князямі Данілай і Васількам Раманавічамі пад Пінскам, негледзячы на папярэджанне з боку пінскага князя Міхаіла: "избити быша… а самъ Лонъкогвени боденъ оутече" [8, слп.798]. Відаць, паразу яго хацелі ў 1245 г. скарыстаць тры браты Тушэ, Мільгерын і Гінгейка, аднак, з дапамогай Міндоўга Лугвень ("Lengewin") падавіў мяцеж, хаця і страціў пры гэтым роднага брата [16, s.63-65, v.2753-2755, 2830]. Ён быў не толькі ваяводай Міндоўга, які меў сваю дружыну ў 500 чалавек і двор з чэляддзю [3, с.45], але і яго сваяком - у міндоўгавай грамаце з 1260 г. (якая лічыцца падробкай) гаворыцца, што: "Langwinus sororius noster" [42] [17, p.19, nr 12]. Гэта значыць, што Лугвень быў мужам сястры Міндоўга. Гэта ён згадваецца ў 1248 г. пад час асады Варуты: "Миндъвгъ… высла шоурина своего нощь…" [8, слп.818]. У сваю чаргу, лічыцца, што сынам Лугвеня быў Транята, князь жамойцкі ў 1260-1263 г., вялікі князь літоўскі і жамойцкі ў 1263-1264 г. (гл. с.4, табліца 1). Беларуска-літоўскія летапісы згадваюць яшчэ Пелюша "сына Тронятового", якога забіў Гедымін каля 1319 г. [31, с.35]. Асоба гэтая гістарычная - у 1282 г. ён збег у Прусію да немцаў [3, с.65; 22, № 1, с.48].


17


Трагічна склаўся лёс згаданага ў дамове 1219 г. Вішымута Булевіча (4). Як сведчыць прыпіска: "его же оуби Миндоготъ и женоу его поялъ и братью его побилъ Едивила Спроудеика" [8, слп.736]. У 1248 г. гаворачы пра асаду Міндоўгам горада жамойцкага князя Выкінта Цвірамета летапісец удакладніў: "Висимотъ под тем же градомъ оубьенъ бысть" [8, слп.818]. Наўрад ці Булевічы былі канкурэнтамі Міндоўга ў барацьбе за вярхоўную ўладу ў Літве [1, с.31; 3, с.41]. Хутчэй за ўсё яны былі знішчаны ім за здраду.

Вайна 1248-1254 г. паміж Галіцка-Валынскім княствам і Літвой, выкліканая захопам Міндоўгам "всее Литовское земли", закончылася мірам 1254 г. [43]. Паводле яго Наваградская зямля была перададзена сыну караля Данілы (з 1253 г.) князю Раману (5) пры адначасовым яго падпарадкаванні каралю Міндоўгу (з 1253 г.) [3, с.43; 7, с.38-39]. Выглядае на тое, што Наваградскае княства стала супольным уладаннем Каралеўства Літвы і Каралеўства Русі [44]. У паход 1254-1255 г. на Яцьвягію па просьбе Данілы Раман пайшоў "со всими Новгородци", а таксама са сваім цесцем Глебам Ваўкавыскім [45] і Ізяславам Свіслацкім [8, слп.831]. А ў 1256 г. у паход на татараў на Вазвягаль ужо Міндоўг абяцаў прыслаць на дапамогу Даніле "Романа и Новогородце" [8, слп.838]. Лёс князя Рамана пасля 1258 г. не высветлены. Лічыцца, што ў гэтым годзе ён быў захоплены і забіты Войшалкам і Таўцівілам [3, с.47-48].

Важнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што летапісец не называе Рамана Наваградскім, як у свой час Ізяслава, а "наваградцы" падаюцца хутчэй як самастойная сіла. Гэта не выпадкова - Раман быў па свайму статусу служылым князем. Летапіс дае магчымасць вызначыць пэўны склад "наваградцаў". Пасля таго як войска Рамана і Міндоўга ў паходзе 1256 г. на татараў спазнілася, "Романъ еха по отци поемь со собою мало людии а прочии поусти домовь" [8, слп.839]. Тыя, каго Раман узяў з сабой, належалі да яго галіцка-валынскіх баяраў, якіх ён прывёў у Наваградак пасля таго, як стаў там княжыць ("людзі" Рамана). "Прочии" - гэта былі наваградскія баяры, якія вярнуліся дахаты.

Як сведчыць летапіс, у тым жа паходзе на татараў у 1256 г. войска Міндоўга ўзначальвалі два ваяводы - ужо вядомы нам Сырвід Рушковіч і Хвал (6). Пачаўшы рабаваць ваколіцы Луцка яны былі разбітыя войскам галіцка-валынскіх князёў, пры гэтым Хвал быў забіты: "се бо беша людие Миндогови и воевода ихъ Хвалъ... а Хвалъ оубить бысть инии мнозеи" [8, слп.840]. Асоба Хвала цікавая тым, што імя яго чыста славянскае (скарочанае ад Хвалімір ці Хвалібог). На гэта звярнуў увагу В.Насевіч: "Дарэчы імя апошняга сведчыць аб яго рускім паходжанні (напэўна з баяр Ноўгародчыны), між тым ён - вядомы палкаводзец Міндоўга, які вадзіў літоўскія палкі на Русь" [3, с.44]. Сапраўды, няма ніякіх падстаў рабіць з Хвала


18


літоўца, а тым болей яшчэ аднаго Рушковіча, як гэта зрабіў у свой час В.Пашута [18, с.291]. Не абавязкова ён паходзіў з мясцовых наваградскіх баяраў. Набегі на далёкую ад Літвы Чарнігаўскую зямлю: "иже велико оубиство творяше земле Черниговьскои" [8, слп.840], дазваляюць думаць, што Хвал добра ведаў тыя абшары і мог паходзіць з чарнігаўскага баярства [46], але пасля падзення Чарнігава "забег" у Наваградскую зямлю, дзе пачаў служыць Міндоўгу.

Адным з бліжэйшых баяраў Міндоўга быў Парбус (7) ("Parbsen fideli nostro" [47]), які згадваецца ў грамаце 1254 г. разам з яго сынамі ад другога шлюбу Рэпляй і Герстутам [17, р.5, nr 2]. Лічыцца, што менавіта ён быў у 1251 г. паслом да Папы ў справе хрышчэння і каранацыі Міндоўга [19, s.154]. У падробленай міндоўгавай грамаце з 1260 г. гаворыцца пра Парбуса з Вільні (.) ("Parbusse de Nere"). Паводле яе, ён разам з Гердзенем (8) з Нальшаў ("Gerdine de Nailse") прыходзіліся нават крэўнымі ("consangwinei") Міндоўгу [17, p.19, nr 12]. Гердзень з Нальшаў - асоба таксама гістарычная, бо ідэнтычная з літоўскім князем у Полацку ў 1264 г. [3, с.57]. Цяжка прасачыць іх ступень крэўнасці. Выкажам гіпотэзу, што Парбус быў бацькам Марты жонкі Міндоўга і NN жонкі нальшанскага князя Даўмонта (9) [48]. Узвысіўся ён, відаць, таму, што раскрыў здраду свайго зяця Вішымута Булевіча. Адсюль гэтае адзнака "верны". На карысць нашай гіпотэзы сведчыць і яго пасольства да Папы (такая місія магла быць даручана Міндоўгам толькі блізкаму сваяку), а таксама яго знаходжанне ў 1254 г. пры сынах Міндоўга ад другога шлюбу.

Што датычыць Гердзеня, то яго ступень крэўнасці да Міндоўга павінна была быць таксама вельмі блізкая. Маскоўскі радавод ХV ст. "Начало государеи Литовскихъ" рабіў яго нават стрыечным братам Міндоўга [3, с.45; 21, № 1, с.55; 25, слп.593]. Аднак, гэта выклікае сумненні. Тым не меньш, даследчыкамі прымаецца версія, што Гердзень быў сынам згаданага ў дамове 1219 г. "старэйшага" князя Даўята ці Давіла і, магчыма, траюрадным братам Міндоўга [3, с.45]. Вядома, што Гердзень меў жонку і дзвух сыноў, якіх у 1266 г. захапіў Даўмонт: "княгыню Герденевую взяша и 2 княжича взяша" [23, с.85]. Пскоўскі аўтар удакладніў: "тетку свою Еупраксию" [49] [24, с.16]. Адзін з сыноў Гердзеня - Андрэй - застаўся на Русі і быў цверскім епіскапам: "А Ерденевъ сынъ крестился, былъ владыко во Тфери… звали его Андреемъ" [3, с.45; 21, № 1, с.55; 25, слп.593]. Сам Гердзень быў забіты Даўмонтам у 1267 г. [23, с.87]. Быў ён служылым князем спярша Міндоўга, а потым яго сына Войшалка.


19


Род Даўмонта здаўна прыцягваў да сябе ўвагу. Ужо ў маскоўскім радаводзе ХV ст. "Начало государеи Литовскихъ" Даўмонта лічылі сынам Міндоўга і братам Войшалка [21, № 1, с.55; 25, слп.593-595]. Радавод гэты не толькі не адпавядае праўдзе, але і складаўся з мэтай абяліць хрысціяніна Даўмонта-Цімафея, амаль святога на Русі, пераклаўшы ўсю віну за забойства Міндоўга на язычніка Гердзеня. Яшчэ больш заблытанную і фантастычную інфармацыю даюць беларуска-літоўскія летапісы ХVІ ст.: Даўмонт, які тут называецца князем уценскім [50] , лічыцца сынам нейкага вялікага князя літоўскага і рускага Рамана (!), братамі яго называюцца міфічныя князі Нарымонт, Гольша, Гедрус і гістарычны Тройдзень. Жонкай Даўмонта называецца дачка нейкага ліфляндца Флядры, сястра жонкі яго старэйшага брата Нарымонта. Цікава, што ў цэлым уся гісторыя пра Даўмонта ў беларуска-літоўскіх летапісах, у адрозненне ад маскоўскай крыніцы, носіць варожы яму характар: ён пасля смерці сваёй жонкі забірае братовую, церпіць паражэнне ў вайне з братамі, уцякае ў Пскоў, захоплівае Полацк, здрадай забівае брата Тройдзеня, але гіне пад час паходу на ВКЛ ад рук тройдзенавага сына манаха Лаўрыша-Рыманта-Васіля [29, с.86-88]. Усе гэтыя звесткі не адпавядаюць праўдзе [21, № 5, с.50, 58]. В.Чаропка дапускае, што проста адбылося накладанне інфармацыі пра дзвух розных асобаў: Даўмонта Пскоўскага і Даўмонта Ўценскага, вялікага князя літоўскага ў 1285 г., якога ён сам лічыць сынам Траняты [21, № 1, с.47, с.58]. Наўрад ці так было. Легенда пра Даўмонта ў беларуска-літоўскіх летапісах яўна запаўняла адсутнасць інфармацыі пра першапачатковую гісторыю Гедымінавічаў, а адначасова вырашала шэраг генеалагічных задачаў такіх родаў, як князі Гальшанскія ці Гедройці.

Не выклікаюць даверу і звесткі позняга Густынскага летапісу (1670 г.) аб тым, што Даўмонт быў зяцем Траняты, а Транята - унукам Міндоўга : "Стройнат бо согласившися со зятем своим з Довмонтом, убиша спящаго в нощи великого князя и храбраго короля Литовского, деда своего, князства ради, а сам Стройнат сяде на великом князстве Литовском" [30, с.343]. Хаця бы таму, што Транята быў "сястрычычам" ці пляменнікам Міндоўга, а не ўнукам [8, слп.860]. Аўтар Густынскага летапісу яўна імкнуўся звязаць Міндоўга, Траняту і Даўмонта ў прыдуманы сабой радавод. У сваю чаргу, В.Насевіч выводзіць Даўмонта ад невядомага брата князёў Даўята (Давіла) і Вілікайлы, згаданых у дамове 1219 г., і дапускае магчымасць таго, што Даўмонт быў сынам невядомага брата Гердзеня. Але ўсё гэта выклікае сумненні нават ў самога аўтара [3, с.55, 146].

Інфармацыя пра Даўмонта сапраўды даволі сціплая. Вядома, што ён быў нальшанскім князем і меў за жонку родную сястру Марты - другой жонкі Міндоўга [8, слп.859]. Пасля захопу апошнім яго жонкі Даўмонт увайшоў у змову з Транятай і ў 1263 г. забіў Міндоўга разам з дзвума сынамі [8, слп.860]. Пасля забойства Траняты ў 1264 г. і захопу Войшалкам Нальшанаў у 1265 г. [8, слп.863] Даўмонт "с дроужиною своею [51] и с всем домом своим" уцёк у Пскоў, дзе ў 1266 г. прымае хрышчэнне і імя Цімафей "и посадиша его на княжении в граде Пскове" [24, с.16]. Выраз "з домам сваім" сведчыць, што Даўмонт адбіў сваю жонку ў Міндоўга і разам з ёю збег у Пскоў, дзе яна і памерла ў 1267 г., бо ўжо ў наступным годзе яго жонкай была княгіня Марыя Аляксандраўна - сястра князя пераяслаўскага Дзмітрыя Аляксандравіча [27, с.166-167].

Калі зыходзіць з таго, што звестка пра Еўпраксію, цётку Даўмонта - позняя ўстаўка, то хутчэй за ўсё, пад ёй аўтарам "Сказания о благоверном князи Домонте и о храбрости его" мелася на ўвазе сястра маці другой жонкі пскоўскага князя. У падмацаванне сваёй думкі


20


можам сказаць, што пскоўскі аўтар не ведаў радаводу Даўмонта, нават як звалі яго бацьку, а вось цётку называе з імя. Апошняе магчыма толькі ў адным выпадку - ён добра ведаў радавод яго другой жонкі Марыі. У выніку, атрымоўваецца, што Еўпраксія была малодшай сястрой княгіні полацкай Параскевы Брачыславаўны - жонкі князя Аляксандра Яраславіча Неўскага [28, с.17] Становіцца цяпер больш зразумелым з'яўленне ў Полацку літоўскага князя Гердзеня.

Звернем увагу на тое, што аўтар "Сказання" ведае, што бацьку Даўмонта забіў Гердзень: "Поскольку убил Гердень отца моего, хотел и меня убить" [27, с.164-165]. Гэтая інфармацыя даволі праўдападобна тлумачыць прычыну жорсткай помсты Гердзеню з боку пскоўскага князя. Верагодна, бацька Даўмонта быў забіты ў 1265 г., калі князь Войшалк заваяваў Нальшаны. Хто гэта мог быць. Адзінай зачэпкай для нейкіх меркаванняў з'яўляецца тое, што нальшанскі князь Даўмонт знашоў сабе ў памагатыя Траняту аж у Жамойці, як піша летапісец: "изнаиде собе Тренятоу сестричича Миндовгова и с тем доумашеть оубити Миндовга Тренята же бяшеть тогда в Жомоти" [8, слп.860]. Што ж, так далёка знайсці сябе маглі толькі блізкія родзічы. Менавіта так называе забойцаў Міндоўга наўгародскі летапісец: "убиша князя велика Миндовга свои родици свещавшеся отаи всехъ" [23, с.84]. У сувязі з гэтым, выкажам думку аб тым, што Транята і Даўмонт належалі да аднаго роду і былі стрыечнымі братамі. Праўда, бацькам Даўмонта быў не брат Лугвеня, што загінуў у 1245 г., а іх трэці малодшы брат, забіты Гердзенем у 1265 г. Даўмонт памёр у 1299 г. [3, с.57]. Міхась Ткачоў лічыў сынам Даўмонта князя Давыда, старосту гарадзенскага з 1299 г., які загінуў у 1326 г. [32, с.187].

Cярод сведкаў [52] згаданага вышэй падробленага дакументу з 1260 г., акрамя ўжо названых намі Лугвеня, Парбуса і Гердзеня, згадваюцца "баяры" Міндоўга ("nostri barones"): Лігейка (10) ("Ligeyke"), Шаб (11) ("Schabbe"), Бікша (12) ("Bixe"), Бунь (13) ("Bune"), Вег (14) ("Vege"), Весягайла (15) ("Vesegele") і Парбус (16) малодшы ("Parbusse iunior") [17, p.19, nr 12]. З іх Лігейка і Бікша ідэнтычныя "князям" з Дзяволтвы, якія згадваюцца ў дамове 1219 г.: "а се князи из Дяволтвы... Бикши Ликииъ" [8, слп.736], што дазваляе думаць або аб даволі якаснай падробцы, або аб аўтэнтычнасці акту з 1260 г. Невядома ці меў нейкае дачыненне Парбус малодшы (сын.) да Парбуса старэйшага. Магчыма, таксама, што нехта з названых баяраў (Весягайла=Вышлі.) належаў да разгалінаванага роду Рушковічаў. Няма сумненняў у тым, што ўсе згаданыя вышэй асобы былі літоўцамі.

У 1262 г. як удзельнік паходу Міндоўга на Мазовію згадваецца Астафей Канстанцінавіч (17): "Идоша Литва на Ляхы воевать от Миндовга и Остафьи Костянтиновича с ними окаяньныи и безаконныи бе бо забеглъ из Рязаня" [8, слп.855]. Быў ён князем і паходзіў з разанскай галіны Рурыкавічаў. Бацька яго князь Канстанцін Уладзіміравіч разам з братам Глебам у 1217 г. у змаганні за "едина всю власть" па здрадніцку забілі 6 разанскіх князёў - свах родзічаў, у тым ліку роднага брата Ізяслава: "Глеб князь Рязаньскыи Володимеричь наоущенъ сотоною на братоубииство... имея поспешника брата своего Костянтина" [20, слп.440; 21, с.78]. Выгнаныя з Русі братазабойцы апынуліся спачатку ў полаўцаў. У 1219 г. Глеб Уладзіміравіч з палавецкім войскам прыходзіў пад


21


Разань, але быў разбіты князем Інгварам Ігаравічам Разанскім: "Безаконьныи Глебъ Володимеричь приде со множством Половець к Рязаню... победи Инъгваръ злаго братоубиицю Глеба и многы от Половець избиша а ины извязаша а сам оканьныи вмале оутече" [20, слп.444]. Ці быў з ім брат Канстанцін у гэтым паходзе - невядома. Аднак, пазней ён згадваецца ў летапісу пад 1241 г. як вораг галіцка-валынскіх князёў Раманавічаў і саюзнік Расціслава Міхайлавіча: "Данилъ же дворечкого посла на Перемышль на Костянтина Рязаньского посланаго от Ростислава... и слышавъ Костянтинъ Андрея грядоуща на нь избеже нощью" [8, слп.793-794]. Відаць, пад час пагрому Батыем Русі князь Канстанцін Разанскі знаходзіўся на Захадзе, а пасля адыходу татараў вярнуўся разам з князем Расціславам Міхайлавічам, які даў яму трымаць Перамышль у Галіцкай зямлі. Гісторыя яго злачынства атрымала шырокі розгалас на Русі. Таму такую негатыўную характарыстыку атрымаў ад летапісца сын Канстанціна - Астафей. Лёс апошняга быў трагічны - у 1264 г. яго як "свайго ворага" забіў Войшалк: "и оного Остафья оуби оканьнаго проклятаго безаконьного" [8, слп.861]. Лічыцца, што Астафей Канстанцінавіч быў у Міндоўга ваяводай [3, с.44; 6, с.161].

У 1262 г . "въспомяну Миндовгъ оже Василко князь с богатыремъ воевалъ землю Литовьскоую" паслаў на Валынь дзве раці - адную да Камянца, а другую - да Мельніка. Хто ўзначальваў першую - невядома, а з другой быў ваявода Каўдзіжад Тудзіямінавіч (18): "бяше же сними воевода Тюдияминовичь Ковдижадъ". Ён быў перахоплены і разбіты князем Васількам Раманавічам каля гораду Небля [8, слп.855-856]. Бацькам Каўдзіжада быў нейкі невядомы бліжэй Тудзіямін.

У позніх крыніцах згадваецца яшчэ адзін баярын Міндоўга - Андрэй Кіян (19), які валодаў Любчай, што каля Наваградка [33, s.21]. Прозвішча Андрэя падказвае, што ён быў русінам з Кіева. Але існаванне яго праблематычнае.

Як вынікае з летапісных звестак, войска Міндоўга ў 40-60-х г. ХІІІ ст. дзялілася пераважна на дзве "раці". Князь Васілька ў 1262 г. нават не ідзе сам на першую раць, бо ведае (!), што хутка прыйдзе другая: "князь Василко не еха по нихъ зане надеяшеться дроугои рати" [8, слп.855]. "Раці" гэтыя носяць агульную назву "літва" і складаюцца з літоўцаў, што неаднаразова спецыяльна падкрэсліваецца летапісцам: "Литве ни ведеша нишьто же токмо и головне ти псы течюще по городищоу тоужахоу же и плевахоу по своискы рекоуща янда взывающее богы своя Андая и Дивирикса и вся богы своя поминающее рекомыя беси" (1256 г.), "Литва ... полкы изрядиша и седоша во три ряды за щиты по своемоу норовоу" (1262 г.) [8, слп.797, 856].

Літоўцы пераважалі і сярод згаданых у крыніцах (мы налічылі 19) ваяводаў і баяраў Міндоўга. Аднак, у складзе апошніх мы знаходзім і асобаў рускага (нават княжацкага) паходжання, якія, праўда, не выклікалі вялікага захаплення ў аўтараў рускіх летапісаў. Падкрэслім, што русін Хвал быў ваяводай не проста нейкага атрада "літвы", а менавіта, як піша летапісец, "людзей Міндоўга". Пад апошнімі трэба разумець даволі шырокае кола людзей, звязаных феадальнымі адносінамі з літоўскім манархам: князёў і баяраў (ваяводы, паслы, дарадцы і "воі" [53] ). Некаторыя з іх былі звязаны з Міндоўгам нават сваяцкімі сувязямі. Такім чынам, "літва Міндоўга" 1238 г. у наступны перыяд перажыла пэўную эвалюцыю, у выніку якой галоўнай апорай караля і вялікага князя літоўскага Міндоўга сталі розныя па свайму этнічнаму паходжанню яго


22


"людзі". Застаецца дадаць, што ў іх склад, відаць, трэба залічыць яшчэ і прыдворных слугаў. Менавіта да іх належалі забойцы Траняты: "поча думати конюси Миндовгови 4 паробци како бы лзе имъ оубити Тренята ономоу же идоущоу до мовнича мыться они же оусмотревше собе веремя такова оубиша Тренятоу" [8, слп.861].

Побач як з "літвой", так і "людзьмі" Міндоўга ў 1238--1263 г., як вынікае з летапісных звестак, дзейнічаюць "наваградцы". Наваградскія князі былі як рускага, так літоўскага паходжання. Недаследаваным феноменам застаюцца ў нашай гістарыяграфіі першы праваслаўны князь літоўскага паходжання Войшалк, сын Міндоўга, Даўмонт Цімафей, праваслаўныя браты Тройдзеня Борза (Борут.), Лесій (Елісей.), Сірпуці і Свялкені. Рознае этнічнае паходжанне можна сцьвярджаць і ў адносінах да наваградскага баярства. Спачатку цесна звязаныя з князямі яны, пасля іх смерці ці страты стальца, або вярталіся на радзіму, або пускалі карані на новым месцы, пераходзячы на службу да наступніка. Замацоўваючы ў чарговых князёў свае землі ў вотчынным валоданні наваградскія баяры (летапісныя "наваградцы") хутка ператварыліся ў самастойную сілу. Невыпадкова, як сведчаць летапісы, у 1264 г. Войшалк, аднаўляючы сваю ўладу ў Літве пасля забойства Траняты, абапіраўся на дзве галоўныя сілы - "людзей Міндоўга": "съвкупи около себе вои отца своего и приятели" [23, с.85] і "наваградцаў": "поя со собою Новгородце и поиде в Литвоу княжить" [8, слп.861].

Такім чынам, княжанне Міндоўга ў Наваградку можна падзяліць на пэўныя этапы:

1. 1240-1251 г. У гэты час Міндоўг фактычна валодаў Наваградскім княствам на правах рэгента свайго нялетняга сына ад Ізяслаўны - Войшалка. Галоўнай задачай гэтага перыяду было прызнанне за Міндоўгам і яго сынам правоў на Наваградскую зямлю з боку галіцка-валынскіх Рурыкавічаў.

2. 1252-1254 г. Войшалк уступае ў свае правы валодання Наваградскім княствам: "Воишелкъ же нача княжити в Новегороде в поганстве боуда" [8, слп.858]. Як дарослы ён упершыню згадваецца ў 1252-1253 г., калі "Миндог же посла сына си и воева около Тоурьска" [8, слп.819]. Недзе ў гэты час прымае праваслаўны хрост: "помысли в собе хотя прияти святое крещение и крестися тоу в Новегородьце и нача быти во крестьяньстве" [8, слп.858-859]. У 1254 г. пастрыгаецца ў манахі: "оставивъ княжение свое и восприемь мнискии чинъ" [8, слп.830-831]. Фармальна кароль Міндоўг з 1253 г. - сюзерэн свайго сына, але фактычна Войшалк цалкам самастойны ўладар.

3. 1254-1258 г. Наваградскае княства аддаецца Войшалкам і Міндоўгам князю Раману Данілавічу: "вдасть Романови сынови королевоу Новогородъкъ от Миндога", "Вышелкъ бе далъ Новогородокъ Романови" [8, слп.831, 837-838]. Фактычна Наваградскае княства становіцца сумесным валоданнем караля Літвы Міндоўга і караля Русі Данілы. Аднак, дэ юрэ правы на Наваградскую зямлю ў 1255 г. Папай аддаюцца Міндоўгу.

4. 1258-1263 г. Наваградская зямля - адная з земляў Каралеўства Літвы, а пасля 1260 г. - ВКЛ. У гэты час тут мог сядзець толькі намеснік Міндоўга. Аднак, фактычным уладаром заставаўся манах Войшалк, які: "приде опять в Новъгородокъ и оучини собе манастырь на реце на Немне межи Литвою и Новымъгородъкомъ и тоу живяше" [8, слп.859].

Няма сумневу ў тым, што Міндоўг, князь літоўскі (з 1219 г.) і наваградскі (з 1240 г.), кароль Літвы (з 1253 г.), вялікі князь літоўскі (з 1260 г.) у сваёй палітыцы абапіраўся на шматлікіх князёў і баяраў як літоўскага, так і рускага паходжання. Вялікую ролю ў станаўленні новай манархіі згулялі "людзі Міндоўга" і "наваградцы" [54]. Біэтнічны характар міндоўгавага баярства сведчыць, што ад самага пачатку ВКЛ было літоўска-рускай (пазней літоўска-беларускай) дзяржавай.


23


Літаратура і крыніцы:

1. Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа.- Мн.: Навука і тэхніка, 1989.- 93 с.

2. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды.- Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.- 366 с.

3. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы.- Мн.: Полымя, 1993.- 160 с.

4. Чаропка В. Імя ў летапісе.- Мн.: Полымя, 1994.- 559 с.

5. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ ст.- Мн.: Энцыклапедыкс, 2001.- 412 с.

6. Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага.- Мн.: Беларуская навука, 1998.- 207 с.

7. Семянчук Г., Шаланда А. Да пытання аб пачатках Вялікага княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. (яшчэ адна версія канструявання мінуўшчыны).// BZH.- Bialystok, 1999.- Nr 11.- S.18-44.

8. ПСРЛ.- М., 1962.- Т.2.- 938 слп.

9. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст.- Мн.: Экаперспектыва, 2000.- 351 с.

10. Піваварчык С. Сацыяльна-гістарычная тыпалогія гарадзішчаў Панямоння Х-ХІІІ ст.// ГАЗ.- Мн.: Сантанас, 1993.- Ч.2.- С.93-108.

11. Звяруга Я. Здзітаў.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1996.- Т.3.- С.438.

12. Kuczynski S.K. Pieczecie ksiazat Mazowieckich.- Wroclaw, 1978.- 435 s., tablice.

13. Lowmianski H. Studia nad dziejami Wielkiego ksiestwa Litewskiego.- Poznan, 1983.- 579 s.

14. Dabrowski D. Malzenstwa Daniela Romanowicza (aspekt genealogiczny i polityczny).// Venerabiles, nobilis et honesti. Studia z dziejow spoleczenstwa Polski sredniowiecznej.- Torun, 1997.- S.43-50.

15. Dabrowski D. Rodowod Romanowiczow ksiazat halicko-wolynskich.- Poznan-Wroclaw, 2002.- 348 s.

16. Livlandische Reimchronik./ Her. von Leo Meyer.- Padeborn, 1876.

17. Kodex dyplomatyczny Litwy./ Wyd. E.Raczynski.- Wroclaw, 1845.

18. Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси.- М.: Изд-во АН СССР, 1950.- 328 с.

19. Latkowski J. Mendog.// Rozprawy Akademii Umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny.- Krakow, 1892.- T.28.- S.300-453.

20. ПСРЛ.- М., 1962.- Т.1.- 487 слп.

21. Феннел Дж. Кризис средневековой Руси. 1200-1304.- М.: Прогресс, 1989.- 296 с.

22. Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх.// БГЧ.- 2001.- № 5.- С.48-61; 2001.- № 6.- С.42-53; 2002.- № 1.- С.47-60.

23. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов.- М., Л., 1950.

24. Псковские летописи.- М., 1955.- Вып.2.- 363 с.

25. ПСРЛ.- СПб., 1856.- Т.7.

26. Paszkiewicz H. Regestra Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem.- Varsoviae, 1930.- T.I.

27. Мельников А. Путь непечален. Исторические свидетельства о святости Белой Руси.- Мн.: Изд-во БПЦ МП, 1992.- 305 с.

28. Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей.- Мн.: Изд-во "ВУЗ-ЮНИТИ", 1994.- 30 с.

29. Беларускія летапісы і хронікі.- Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997.- 432 с.

30. ПСРЛ.- СПб., 1845.- Т.2.- 377 с.

31. ПСРЛ.- М., 1975.- Т.32.- 233 с.

32. Ткачоў М. Давыд Гарадзенскі.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1996.- Т.3.- С.187-188.

33. Kurczewski J. Biskupstwo Wilenskie.- Wilno, 1912.

34. Lowmianski H. Prusy-Litwa-Krzyzacy.- Warszawa, 1989.- 481 s.

35. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ-першая палова ХVІІІ ст.- Мн.: Беларуская навука, 2003.- 1015 с.

36. Грушевський М. Історія Украiни-Руси.- К.: Наук. думка, 1992.- Т.2.- 640 с.

37. Грыцкевіч А. Баяры.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1993.- Т.1.- С.338-339.

38. Павлов-Сильванский Н.П. Государевы служилые люди.- М.: Крафт+, 2001.- 288 с.

Аляксей Шаланда.


ПЕРАКЛАДЫ

.

Маестатавая пячатка Міндоўга.

Міндоўг ці Міндаў (1219-1263 г.) сапраўдны заснавальнік Літоўскай дзяржавы прыняў хрост і быў каранаваны на караля ў 1253 г., загінуў, аднак, у 1263 г., забіты Даўмонтам і Транятам. Вядома яго пячатка, а менавіта:


24


Маестатавая пячатка, памеру найменьш 90 мм, якая прадстаўляе караля, які сядзіць на троне, з каронай на галаве, з ляскай і дзяржавай у руках. Тло закратаванае і засеяна крыжыкамі, вакол у атоку надпіс, на жаль, знішчаны, а павінен быў выглядаць, напэўна: "MYNDOWE DEI GRACIA REX LITOWIE" (гл. мал.).

Такая пячатка, але з зусім знішчаным надпісам вісіць выціснутая на жоўтым воску, на бела-блакітным шнуры на дакуменце з 1255 г. у Дзяржаўным архіве ў Каралеўцу. Ёсць гэта акт даравання Міндоўгам Сялонскай зямлі крыжацкаму Ордэну. З акту гэтага былі зроблены 2 трансумпты, з якіх кожны апісвае згаданую пячатку, але трошкі інакш чытае легенду ў атоку. Трансумпт з 1392 г. чытае: "MYNDOWE DEI GRA REX LETTOWIE", а трансумпт з 1393 г. чытае: " MYNDOUWE DEI GRA REX LITOWIE". У кодэксе літоўскім Рачыньскага раз чытаем: "MYNDOWE DEI GRACIA PRIMUS REX LETTOWIE", а другі раз у трансумпце: "MYNDOWE DEI GRACIA REX LITOWIE". Які з гэтых надпісаў праўдзівы, невядома.

Ёсць сляды, што гэтая самая маестатавая пячатка была прыкладзена яшчэ да іншых актаў, якія цяпер вядомы толькі з трансумптаў. Так, добра захаваная пячатка на чырвоным шаўковым шнуры павінна была вісець на дакуменце з 1257 г., як сведчыць трансумпт з 1325 г. Павінна была вісець пячатка таксама і на дакуменце з 1260 г., а трансумпт яго з 1393 г. падае нават яе надпіс: "MYNDOWE DEI GRACIA REX LETTOWIE".

На жаль, трэба прызнаць, што ўсе згаданыя вышэй дакументы крытыка ўважае за сфальшаваныя і падробленыя крыжакамі. Кентшыньскі нават сцьвярджае, што адзіны вядомы цяпер выгляд пячаткі Міндоўга мае таму выкрышаны надпіс, бо гэта не сапраўдная літоўская пячатка, а пячатка іншага нейкага караля, магчыма, Андрэя ІІ угорскага, а можа Магнуса шведскага. Трэба прызнаць, што сваёй кампазіцыяй і малюнкам пячатка Міндоўга сапраўды падобная на маестатавыя пячаткі згаданых каралёў, аднак, не з'яўляецца ідэнтычнай ім. Праблему яе аўтэнтычнасці пакідаю пакуль невырашанай.

Даніловіч згадвае яшчэ пра дакумент Міндоўга з 1252 г., якім былі адпісаны пэўныя землі Ордэну. На ім павінна была вісець на чырвоным шаўковым шнуры пячатка, якая сёння адарваная. У дакуменце, праўда, чытаем такі тытул: "Mindowe z Bozej laski krol Lettowji", але з-за таго, што 1252 год ёсць ранейшы за каранацыю, можна меркаваць пра нейкую іншую, ранейшую, а не маестатавую пячатку. На жаль, і гэты акт таксама з'яўляецца крыжацкім фальсіфікатам, так што і пячатка, калі на ім вісела, таксама магла быць фальшывая.

Таксама фальшывая, а хутчэй незразумелая, ёсць пячатка, апісаная надзвычай наіўным спосабам Басановічам. З'яўляецца яна тыповым вырабам ХVІІІ ст. і дакладна ніколі не мела прэтэнзіі на тое, каб быць пячаткай Міндоўга, і ў надпісу сваім нічога пра Міндоўга не гаворыць. Ёсць гэта хутчэй інтралігатарскі штамп, а не пячатка!

Крыніцы:

1. Gumowski M. Pieczecie ksiazat Litewskich.// Ateneum Wilenskie.- Wilno, 1930.- R.VII.- Zeszyt 3-4.- S.706-707.

2. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі.- Мн.: Універсітэцкае, 1992.- 126 с.


25


Мар'ян Гумоўскі (пераклаў з польскай мовы А.Шаланда).

Пячатка-пломба Міндоўга.

...Нарэшце падамо здымак з маленькай пячаткі-пломбы (дыаметр 15-16 мм), знойдзенай у Ноўгарадзе і змешчанай намі ў альбоме на табліцы VІІ, пад № 1.

Як бачым на здымку (гл.мал.), на адным баку знаходзіцца надпіс у тры радкі, які мы чытаем як імя: [М]Ъ/NГДО/ВЬ = " Мънгдовь" = "Монгдовь".

Імя нагадвае нам імя летапіснага Міндоўга, Мендоўга, Мендога, Міндога, Міндова. Напісанне на нашай свінцовай пячатцы не з'яўляецца перашкодай да атаясамлення дзвух імёнаў, таго, што выразана на пячатцы, і таго, якое мы знаходзім у летапісах. Вялікі князь Гедымін у 1323 г. піша Папе Яну ХХІІ "praedecessor noster Mindowe cum toto suo regno ad fidem Christi fuit conversus". Пісьменнік ХVІ ст. Лукаш Давід, які карыстаўся шматлікімі хронікамі, так апавядае пра тую ж падзею: "Mindow olim rex Lytovie venit ad curiam Romanam et in curia Romana baptisatus est cum quibusdam suis familiaribus". У тэкстах эпохі Вітаўта знаходзім формы - "Myndaw" ("fuit quidam rex in Litwania Myndaw nominatus"); "Myndowe" ("Myndowe regem Litwanie baptisatum"). Літоўскія імёны, якія пачынаюцца са складу "Mon" (Moniwid, Montiwid, Monstwil, Montigailo, Montowt, Montygierd) тлумачаць напісанне імя на пломбе.

Які "Міндоўг" быў уладальнікам гэтай пячаткі - пытанне, якое можа быць вырашана толькі гіпатэтычна. М.С.Грушэўскі характэрызуе Войшалка, сына Міндоўга, як "чоловіка перейнятого впливами рускоi культури", але ўсё ж у пытанні, ці мог вялікі князь літоўскі таго часу мець пячатку са славянскім надпісам і такім (вылучана М.Л.) знакам, прыходзіцца праявіць поўную нерашучасць.

Вялікі князь Літоўскі і ў апошнія гады жыцця кароль Літвы - Міндоўг (забіты ў 1263 г.) меў дыпламатычныя адносіны з іншымі дзяржавамі, сталічны горад, сваю канцылярыю. Ад імя Міндоўга пісаліся акты, тэкст некалькіх такіх дакументаў дайшоў да нас, і ў ім маецца падрабязнае апісанне каралеўскай пячаткі. Пячатка, як быццам бы ў арыгінале, але ў абламаным выглядзе, захавалася пры акце 1255 г., які таксама быццам бы арыгіналам (гл. с.).

У натарыяльнай копіі ад 1393 г. каралеўская пячатка апісана вельмі падрабязна: "...extribuerunt et presentaverunt publice coram nobis quoddam privilegium originale a pie memorie serenissimo principe et domino Mindouwe rege Littowie emanatum, eius sigillo rotundo, ut prima facie apparebat, in cera alba et cordula et fillis albis et flavis lineis impendenti sigillatum, sanum et integrum, non viciatum, non cancellatum, non abolitum, non abrasum nec in aliqua sui parte suspectum, sed omni prorsus vicio et suspicione carens; in cuius quidem sigilli caractere erat sculpta ymago regis sedentis cum sceptro in manu dextra et in manu sinistra cum pomo (вылучана М.Л.) et una cruce super dicto pomo et in eius circumferenciis erant scripta verba, que Secuntur post quondam crucem videlicet: Myndouwe dei gra rex Litowie". У іншым трансумпце ад 1392 г. гэты надпіс трошкі зменены: "Myndowe dei gra rex Lеttowie"; агульнае апісанне пячаткі таксама зроблена СА значнымі адметнасцямі ў словах, але дакладна ўсё сходзіцца па сутнасці.

Калі паверыць гэтаму апісанню, то Міндоўг карыстаўся заходнееўрапейскім тыпам пячаткі "sigillum maiestatis nostrae", у такім выпадку відавочна запазычаным у каго-небудзь з манархаў суседніх краінаў. Але ці можна гэтаму паверыць?


26


Пытанне аб падробленых, зфальсіфікаваных і арыгінальных дакументах, звязаных з Міндоўгам, вельмі складанае і вельмі цікавае. Пытанне аб падробцы часткі гэтых актаў узнікла даўно. У спецыяльнай манаграфіі Ю.Ляткоўскі "Mendog krol litewski" гэтаму пытанню прысвечаны цэлы раздзел (s.128-154). Толькі адзін А.Прахаска абараняў праўдзівасць усіх дакументаў. Дакументам Міндоўга В.Кентшыньскі прысвяціў даследаванне, якое ўяўляе надзвычай цікавы эцюд па дыпламатыцы. Па самому зместу дакументаў В.Кентшыньскі прыходзіць да высновы, што ў іх Міндоўг распараджаецца тым, чым не мог распараджацца, і піша тое, чаго не мог ні думаць, ні пісаць. Агульная выснова В.Кентшыньскага, што толькі адзін дакумент 1254 г. сапраўдны, дакумент 1253 г. - праект, арыгінальны, але не зацьверджаны каралём, усё астатняе - падробка. Што датычыць быццам бы арыгінальнай пячаткі Міндоўга пры акце 1255 г., то яна так абламаная з усіх бакоў, што яе стан прымушае думаць аб спецыяльным псаванні: "to sie wytlumaczyc da tylko w ten sposob, ze umyslnie odkruszono caly brzeg, aby zniszczyc napis: jezeli zas to uczyniono w celu tu wyrazonym, bylby to dowod, ze ta pieczec nie byla Mendoga (вылучана М.Л.), lecz innego krola, moze Andrzeja II wegierskiego lub Magnusa szwedzkiego...".

Такім чынам, існаванне вялікай пячаткі тыпу maiestatis пастаўлена пад сумнеў, дакументы, якія сыходзілі ад Міндоўга, падвергнуты разбуральнай крытыцы, але, усё роўна, усё, што мы ведаем, не дае нам кропкі апірышча для аднясення друкуемай намі пячаткі з імем Міндоўга да жахлівага кунігаса Літвы, стаўшага "Rex Litowie".

Захаваліся звесткі, што Гедымін пэўнага часу падпарадкаваў сваёй уладзе Кіеў і пасадзіў там князем - сваім намеснікам - нейкага Міндоўга, князя Альшанскага ці Гальшанскага. Звесткі гэтыя не пазбаўлены легендарнага адцення, аднак, М.С.Грушэўскі лічыць несумненным, што "при Гедимине уже и Киев стоял очевидно в сфере политического влияния Литвы, хотя киевский князь формально находился ещё под властью Татарской орды (историки называют киевским князем какаго-то Фёдора, маленького князька неизвестного происхождения). Под власть литовской династии Киев окончательно перешёл при сыне Гедимина Ольгерде, который отобрал его от последнего князя, упомянутого уже Фёдора, и посадил здесь своего сына Владимира (около 1360 г.)".

Звесткі пра паход Гедыміна змешчаны ў позніх літоўскіх летапісных зводах. Тэадор Нарбут, які іх выдаваў, не зусім аднолькава карыстаўся летапісным апавяданнем у розных рэдакцыях. У кароткай аповесці аб лёсах літоўскага народу Т.Нарбут называе намесніка Гедыміна не Міндоўгам, а Альгімунтам, сынам Міндоўга: "poczem Gedymin pelen chwaly powrocil do Litwy, zostawiwszy na wielkorzadztwie w Kijowie Algimunta syna Mendogowego, xiecia Olszanskiego". Aднак, у той жа кніжцы на другой табліцы, дзе змешчаны радавод дынастыі Даўшпрунга, такое сведчанне зменена. Альгімунд Міндаў (г.зн. адная асоба) пазначаны сынам Гольшы, унукам Ромунда, праўнукам Гілігіна (быццам бы роднага брата Даўмонта Цімафея, князя пскоўскага). Усё гэта яўна легендарна, і, звярнуўшыся да "Геральдыкі" Ф.Пекасіньскага, мы даведваемся, што князі Гальшанскія належалі да роду Гіпацэнтаўр ці Кітаўрус, як гэта паказвае і Каяловіч, і род ідзе гістарычна толькі ад Альгімунда. Ю.Вольф асцярожна гаворыць пра князя Івана Альгімунтавіча, што ён "jest pierwsza historyczna osoba w swoim rodzie".

Вітаўт у адносінах з Ордэнам выкарыстоўваў часам нямецкую мову. Захаваны ў арыгінале, напісаны на пергаміне, акт ад 1390 г. дае ў такім парадку імя князя Івана Альгімунтавіча: "wir herczog Witawdt mit dem irlauchten fursten herczog Iwan von Galschan Ougemundes son unser heider ingesigel an desem brif lasen hengen". На захаванай пячатцы жоўтага воску чытаецца частка надпісу ў атоку: "П(е)ЧАТ... ГНМОNТОВН". Такім чынам, мы даведваемся, што князь Іван Альгімунтавіч карыстаўся пячаткай з надпісам на рускай мове. Гэта дазваляе меркаваць, што той жа мовай карысталіся бацька і дзед князя.

Ю.Вольф прызнае паходжанне Альгімунта ад старажытнага княжацкага роду - аднаго з кунігасаў Літвы, але адмоўна адносіцца да радаводу літоўскай хронікі. Адам Банецкі ў сваёй вялікай працы "Poczez rodow w Wielkim ksiestwie Litewskim w XV i XVI wieku" таксама пачынае радавод князёў Гальшанскіх з Альгімунта: "Holszanscy ksiazeta. Protoplasta tego


27


znakomitego rodu jest Olgimunt (Ougemundes), o ktorym sie juz pewne dochowaly wiadomosci historyczne". А.Банецкі робіць выпіску з хронікі Вартберга "ubi Algeminne magnus satrapa, habitationem suam elegit". Такім чынам, Міндоўг, кіеўскі намеснік пры Гедыміне і бацька Альгімунта, з'яўляецца летапісным паданнем, асобай не зусім гістарычнай, але рэальнае існаванне якой таксама няма падставаў адмаўляць абсалютна. Паданне звязвае гэтага Міндоўга з дынастыяй літоўскіх кунігасаў, асобнай ад роду Гедыміна і, сапраўды, калі мы паглядзім радаводныя табліцы ў працы Ю.Вольфа "Rod Gedimina", мы гэтага імя там не знойдзем, але, як вядома, паходжанне самога Гедыміна неяснае, і аб бліжэйшых яго продках звесткі блытаныя.

Ва ўсялякім выпадку Міндоўг - імя літоўскае, і "Мънгдовь", уладальнік публікуемай намі пячаткі, павінен быў паходзіць з літоўскага роду. Нашыя летапісы даюць цалкам пэўныя сведчанні аб шматлікасці літоўскіх княжацкіх родаў.

Што значыць знак на другім баку пячаткі. Звяртаючыся да польскай геральдыкі, мы можам упэўнена сказаць, што выява амаль супадае з найдаўнейшымі прыкладамі выявы герба "Сыракомля" ("Syrokomla"), якія прыведзены ў геральдыцы Ф.Пекасіньскага... [55]


Крыніца:

1. Лихачёв Н.П. Материалы для истории Византийской и русской сфрагистики.// Труды музея палеографии.- Л.: Изд-во АН СССР, 1930.- Ч.2.- С.247-253.

Мікалай Ліхачоў (пераклаў з расійскай мовы А.Шаланда).

Праблема канцылярыі Міндоўга.

У пачатковы перыяд гісторыі літоўскай дыпламатыкі, на той час прынцыпова абмежаванай дваром вялікага князя, удаецца заўважыць некалькі фазаў эвалюцыі, напрацягу якіх дакумент і ліст пранікаюць у Літву. Першыя дакументы, падобна як у Польшчы і на Русі, паўсталі пад чужым уплывам і былі несумненна створаныя па ініцыятыве самых атрымальнікаў: гэта даравальныя дыпломы Міндоўга для крыжакоў і біскупа Хрысціяна з 1253-1261 г.

Генезіс і развіццё дакумента, а таксама канцылярыі раннефеадальнага ўладара не належыць разглядаць у ізаляцыі ад гістарычнага працэса, але ў шчыльнай сувязі з усімі гістарычнымі варункамі. Соnditio sine qua non тут з'яўляецца фармаванне дзяржавы, а адным з галоўных чыннікаў, што ўплывае на форму дакумента, ёсць чужыя ўзоры, паходзячыя з канцылярыяў, якія падтрымлівалі кантакты з выдаўцом дакумента і ўжо мелі распрацаваны ўласны фармуляр. Падаецца, што ў дыпламатыцы дзяржавы, якая падобна да Літвы пераняла дакумент у суседзяў, развіццё канцылярыі пануючай асобы адбывалася ў тры этапы.

1. Даканцылярскі перыяд, калі дакументы паўстаюць спарадычна, у невялікай колькасці, пад выразным уплывам контрагента (гэта міжнародныя трактаты ці іншае, прызначанае для знешняга выкарыстання). Тады яшчэ няма патрэбы ва ўтварэнні сталай канцылярыі.

2. Пераходны перыяд, пасярэдні паміж выкарыстаннем паслугаў чужых і арганізацыяй уласнай канцылярыі; ужываюцца ad hoc пісары (скрыбы), дасведчаныя ў стварэнні дакументаў. Гэты этап належыць разумець у пэўнай ступені як пачатковы крок да ўтварэння ўласнай канцылярыі.

3. Узнікненне і функцыянаванне сталай канцылярыі. Патрэба ў яе арганізацыі пры двары не вынікае з выпадку, але з функцыі, якую належыць выконваць дзяржаве.

Літоўская дзяржава ўзнікла ў другой чвэрці XIII ст. і - як паказваюць навейшыя даследаванні - у XIV ст. "перажывала фазу развіцця аналагічную да той, на якой Польшча і


28


Русь знаходзіліся ў ХІ і першай палове ХІІ ст.". З прычыны няведання літоўцамі ў першай палове ХІІІ ст. пісьма трэба выключыць магчымасць выкарыстання імі ў той час пісьмовых актаў для ўнутранага выкарыстання. Аднак, варта мець на ўвазе верагоднасць пісьмовага рэгулявання пагадненняў міжнароднага характару, што заключалі літоўцы з суседзямі, якія форму гэтых дакументаў ведалі і практыкавалі. Да такіх суседзяў належалі русіны, інфлянцкія немцы ды польскія князі. Аналіз згадак з хронікаў пра пагадненні літоўцаў з суседзямі на той час сведчыць, што дамовы не насілі пісьмовага характару і былі санкцыянаваныя з дапамогай паганскай прысягі. Толькі каля сярэдзіны ХІІІ ст., калі Міндоўг ажыццяўляў акцыю, накіраваную на аб'яднанне Аўкштайціі і Жамойці, наступіла сітуацыя спрыяльная для рэцэпцыі дакумента. Гэты ўладар уступіў у адносіны з крыжакамі, якія падтрымалі яго ў барацьбе з іншымі кунігасамі, ахрысцілі і пасярэднічалі ў атрыманні ім каралеўскай кароны. Узнагародай за паслугі для крыжакоў сталі некаторыя маёмасныя наданні, зафіксаваныя пісьмова. Дакументы гэтыя маюць велізарную літаратуру, якая аднак амаль выключна датычыцца пытання аўтэнтычнасці. Справа ў тым, што у змесце наданняў сустракаюцца супярэчнасці ці незразумеласці, якія абавязалі даследчыкаў падыходзіць да іх з вялікім скептыцызмам. Адносна большасці з васьмі дыпломаў можна прыводзіць аргументы як "за", так і "супраць", але з пункту гледжання выключнай абмежаванасці крыніцавай базы, сумніўна, каб можна было калі-небудзь канчаткова вырашыць наяўныя неадпаведнасці. Абгрунтаванымі падаюцца адзіна наступныя сцьвержданні: аўтэнтычнымі з'яўляюцца наданні 1253 г. для крыжакоў, а таксама дадзенае ў наступным годзе біскупу Хрысціяну; фальсіфікатам з'яўляецца дакумент з датай 1261 г., які змяшчае дакладны вопіс зямлі Сялоніі (Zelen) паводле метадаў практыкаваных у XIV ст.

Гістарыяграфія да гэтага часу не займалася пытаннем стварэння дакументаў Міндоўга, толькі Караль Малячынскі выразна пісаў пра канцылярыю першага караля літоўцаў, але гэта яго адзіная заўвага па ўзнятай праблеме. Калі прыняць погляд К.Саханевіча, што з'яўленне пячаткі тоесна з паўстаннем канцылярыі яе ўласніка, то мы не мелі б сумненняў: паколькі ведаем, што Міндоўг быў уласнікам пячаткі, у адваротным выпадку ён не мог выдаваць дакументаў. Адылі такі пункт гледжання не можа лічыцца адпаведным, паколькі паўсюдна даказана выкарыстанне ўладарамі шматкроць паслугаў іншаземных канцылярыяў. Пытанне, ці літоўскі кароль таксама знаходзіўся ў такой сітуацыі можна сфармуляваць дваяка:

1. Ці была ўтворана канцылярыя пры яго двары.

2. Калі не - то хто ствараў дакументы.

Пры пазітыўным адказе на першае пытанне належала б высветліць, адкуль прыйшлі ўзоры афармлення фармуляра і з якога асяроддзя рэкрутаваліся скрыбы. У выпадку, калі крыжакі на самой справе дапамаглі Міндоўгу атрымаць каралеўскі тытул з мэтай падцьвярджэння ад яго, як ад манарха, значных тэрытарыяльных наданняў вакол Аўкштайціі, тады несумненна, як галоўныя атрымальнікі данацыйных дакументаў, яны мусілі ўзяць на сябе клопаты, звязаныя з падрыхтоўкай самых актаў. На гэта магла ўказваць нават дзяржаўная пячатка Міндоўга, якая вельмі блізкая да аналагічнай пячаткі Андрэя ІІ угорскага. Вядома таксама пра сувязі крыжакоў з гэтым каралём; напэўна яны мелі яго дыпломы разам з пячаткамі, якія маглі ўзяць за ўзор падчас падрыхтоўкі формы штэмпелю пячаткі для літоўскага ўладара. Аднак, існуе і іншая магчымасць: аналогіі можна правесці і з пячаткай Магнуса шведскага, а ў такім выпадку больш праўдападобным было б пасярэдніцтва Рыгі. Паколькі Міндоўг выдаваў не толькі дакументы, але і лісты, трэба думаць, што яму стала патрабавалася пры двары асоба, абазнаная ў канцылярскіх справах. У яго атачэнні знаходзіліся крыжакі, а сярод іх мог знаходзіцца дыктатар і скрыба (можа ў Сучасная рэканструкцыя маестатавай пячаткі Міндоўга.


29


адной асобе), паслугамі якога карысталіся ў выпадку патрэбы стварэння пісьмовых матэрыялаў.

Тут таксама ўзнікае праблема кантроля: сярод літоўцаў напэўна не было нікога абазнанага з мастацтвам чытання, таму выдаўца мог адзіна спадзявацца на сумленнасць іншаземца (крыжака.) стваральніка дакумента. Такі варыянт, аднак, выглядае малаверагодным, паколькі Міндоўг, як імклівы палітык напэўна меў выпрацаванае ўласнае меркаванне пра гэтую "сумленнасць". Адсюль належыць разглядаць два варыянты: 1. Змест выдадзеных дакументаў яго не цікавіў, паколькі ад пачатку меркаваў, што калі прыйдзе адпаведны момант ён не стрымае абяцанняў; 2. На сваім двары ён трымаў чалавека годнага веры, заданнем якога быў кантроль за зместам прадстаўляемых для апячатвання дакументаў.

Першае дапушчэнне здаецца меньш праўдападобным, бо маем доказы, што Міндоўг досыць актыўна акрэсліў свае адносіны да новых прававых формаў і звычаяў. Так, напрыклад, не выказаў згоды на перадачу новастворанай літоўскай дыяцэзіі арцыбіскупу Альберту з Рыгі, што, аднак, можна ў пэўнай ступені растлумачыць уплывам з боку крыжакоў, непрыязных да арцыбіскупа. Вельмі падобнае на праўду дапушчэнне, што першапачаткова (у 1253 г.) Міндоўг адмовіся зацьвярджаць умоўную перадачу Ордэну ўсёй Літвы, а зрабіў гэта толькі тады, калі становішча склалася да такой ступені неспрыяльным, што ён быў вымушаны выконваць нават далёка ідучыя жаданні хаўрусніка (год 1260 ). У такім разе ўладар павінен быў арыентавацца ў змесце дакументаў, прадстаўляемых яму для апрабацыі, а значыць кантралюючая іх змест асоба мусіла паходзіць з нейтральнага асяродка ў адносінах да атрымальнікаў, і нават ім непрыхільнага, напрыклад, у дачыненні да крыжакоў - можа нават з Рыгі.

Не выключана, што ў сувязі з адступніцтвам ад веры яшчэ перад смерцю Міндоўга (1263 г.) крыжацкі персанал быў выдалены з Літвы. Наступныя вялікія князі больш шчыльныя адносіны падтрымлівалі з Рыгай.


Крыніца:

1. Kosman М. Problem kancelarii Mendoga, w: Kancelaria wielkiego ksiecia Witolda.// Studia zrodloznawcze.- 1969.- T.XIV.- S.95-97.

Марцэлі Косман (пераклаў з польскай мовы Віталь Галубовіч).


КРЫНІЦА.

Ліст караля Літвы Міндоўга І на Сялонію для Тэўтонскага Ордэну ў Лівоніі з 1255 г.

Сялонія ці зямля селаў ў ХІІ-ХІІІ ст. знаходзілася на левым беразе Дзьвіны насупраць Кукенойса і Герцыкі, якія належалі да Полацкага княства [1, с.524-525; 2, с.292]. Як можна меркаваць па сціплых пісьмовых крыніцах, Сялонія была адной з балцкіх зямель [13, с.135, мапа). У палітычным плане яна ўжо ў канцы ХІІ-пачатку ХІІІ ст. не была адзінай: частка яе належала Літве (падпарадкоўвалася "старэйшым" літоўскім князям), а частка - Полацкай дзяржаве [56]. Так, сярод падданых кукенойскага князя Вячкі (1207 г.) згадваюцца русіны, латгалы і селы [2, с.292; 3, с.103-104, 111; 4, с.277]. Частка Сялоніі належала таксама герцыкскаму князю Ўсеваладу [5, s.432-433], зяцю літоўскага князя Даўгерда. Падданымі князя Ўсевалада, акрамя русінаў і латгалаў, таксама былі селы, пра што сведчыць акт з 1209 г. Паводле яго, князь Усевалад перадаў "царкве Маці Божай і Панны Марыі" не толькі


30


Герцыку, але і яшчэ два свае гарады Аўціну (Уцену) і Цэсаў (Цэсіс) [3, с.280]. Герцыка і Цэсіс (Вендэн, Кесь) ляжалі ў Латгаліі [57] , а Уцена - ў Сялоніі [58]. Няма сумневу ў тым, што палачане да пачатку ХІІІ ст. кантралявалі абодва берагі Дзьвіны аж да яе ўпадзення ў Балтыйскае мора, а таму вядомую мапу Полацкага княства аўтарства Георгія Штыхава з сарамліва закрытым верхнім левым кутом трэба лічыць няпоўнай [8, с.12-13]. Іншымі словамі Полацкае княства (рэспубліка) было марской дзяржавай, бо мела непасрэдны выхад у Балтыйскае мора. Таму ў вачах заходніх назіральнікаў Лівонія і Латгалія належалі да Русі [3, с.248, заўвагі; 4, с.265-266].

Пасля падпарадкавання немцамі Лівоніі ў 1207 г. памежная Сялонія становіцца для іх наступным аб'ектам прымусовай хрысціянізацыі [3, с.101]. У выніку, пасля падзення Кукенойса і далучэння яго тэрыторыі ў 1209 г. да Рыжскага біскупства, а таксама падпарадкавання ў тым жа годзе Герцыкскага "каралеўства", полацкія часткі Сялоніі (Уцена) апынуліся ў нямецкіх руках. У 1219 г. Сялонія згадваецца як ўладанне рыжскага біскупа, дзе існавала Сялонскае біскупства. Апошняе ў 1226 г. было зліквідавана і землі селаў апынуліся пад юрысдыкцыяй Ордэну Мечаносцаў, які да 1229 г. падпарадкаваў сабе ўсю Сялонію (як "полацкую", так і "літоўскую" часткі). Пасля аб'яднання ў 1237 г. Ордэну Мечаносцаў з Тэўтонскім Ордэнам Сялонія стала належаць да лівонскай філіі апошняга. Як меркаваў Караль Малячынскі, Міндоўг сваім актам з 1255 г. надаў Ордэну землі, якія даўно ўжо не належалі Літве, фактычна, адмаўляўся ад сваіх правоў на Сялонію [7, s.41-44].

Дакумент друкуецца паводле публікацыяў К.Малячынскага і Э.Рачыньскага [7, tablica 4; 9, р.11, nr 7] і па сучаснаму фотаздымку [10] з захаваннем усіх асаблівасцяў тэксту. Скароты раскрыты ў квадратных дужках, знакі скаротаў, прыпынку і пераносаў захаваны. У канцы сказаў ставілася крэска.


Дакумент:

? 08.1255 г., без дня і месца выдання. Пергамін, 26,8х13,0 см, захаванасць добрая, маюцца плямы. Тэкст напісаны гатычнай мінускулай, чорна-брунатным атрамaнтам. Арыгінал да Другой сусветнай вайны захоўваўся ў Каралявецкім дзяржаўным архіве (Konigsberger Staatsarchiv, sygn. Schiebl. XI, nr 9). Палеаграфічны і дыпламатычны аналіз дакументу даў К.Малячынскі [7, s.7-10, 38-40].


Тэкст:

"Myndowe [59] Dei gra'[cia] Рrim'[us] Rex Lettowie · vniu[er]sis X[ri]sti' fidelib'[us] ad quos p[re]sens' scriptu'[m] p[er]uen[er]it' salute'[m] in filio Dei viui ·/ Cum dilecti nobis in X[ri]sto' mag[iste]r' [60] et f[rat]res' Dom[us]' s[anc]te' Marie Theuton[icorum]' in Lyuonia sua fideli ac diligenti p[er]suasione de ·/ tenebr[i]s' genciu'[m] nos uocarint' ut cu'[m] cet[er]is' X[ri]sti' fidelib'[us] u[er]itatis' lumen eo leui'[us] agnosc[er]e' ualeam'[us] et eoru'[m] auxilio mediante d[omi]n[u]s'/ Аp[o]st[o]l[i]c'[us] [61] nos renasci fec[er]it' per' vnde gra[cia]m' baptismalis et de sua solita clemencia nos in Regem tocius' Lettowie/ fec[er]it' coronary · Cum itaq:[ue] uigilanti sollicitudi[n]e' meditarem'[ur] quid ad eiusdem Regi c[on]s[er]uat[i]o[n]em' et p[ro]tect[i]o[n]em' nobis/ expediret fide c[on]spexim'[us] oculata nobis fore' ualde necessarium ac proficuum fidei X[ri]stiane' q[ua]tin'[us] circa memo-/ ratos mag[ist]rum' et


31


f[rat]res' de Lyuonia Donat[i]o[n]es' regias fac[er]em'[us] · Licet tarn'[en] eo[rum]dem' p[er]utilis ordo ad huiusmodi/ ecclesie singulare subsidium a d[omi]no' sit felicit'[er] institutus vt ip[s]i' in assistendo nobis eo fore ualeant for-/ ciores' et nos eo liberius аc potencius impugnatorib'[us] Regni n[ost]ri' fidei q'[uoque] rebellib'[us] resist[er]e' ualeam'[us] · et cum ecia'[m]/ nemo cogetur suis stipendiis militare' de consensu heredum [62] n[ostro]rum' p[re]d[i]ct[i]s' mag[ist]ro' et f[rat]rib'[us] in Lyuon'[ia] Тerram/ que Selen d[icitu]r' videl'[icet] Meddene [63] · Pelone [64] · Maleysine [65] · Thovraxe [66] · cum suis attinenciis duxim'[us] assignandam p[er]petuo' lib[er]e'/ possidendam · Jn cui'[us] itaq:'[ue] facti p[er]henem' memoria'[m] p[re]sentem' pagina'[m] sigilli n[ost]ri' mvnim[in]e' fecim'[us] roborari · Dat'[um] Аnno d[omi]ni'/ M° · CC° · LV° · Мense 8ctobris · ".


Пячатка:

Унізе пасярэдзіне дакументу на ільняных белых і блакітных ніцях высіць маестатавая пячатка Міндоўга, выціснутая на воску жоўта-брунатнага колеру. У полі пячаткі змешчана выява караля, які сядзіць на троне, на галаве ў яго трохпялёсткавая карона, у правай руцэ - ляска з навершам ў выглядзе ліліі, у левай - дзяржаўная куля з крыжам. Надпіс у атоку пячаткі страчаны, захаваўся толькі крыж у пачатку легенды: "+[MYNDOWE DEI GRA[cia] REX LЕТTOWIE]" [67]. Тло пячаткі закратаванае [7, s.8].

Пераклад:

"Міндоўг Першы, Божай ласкай кароль Літвы ўсім верным Хрысціянам, хто будзе бачыць гэты ліст, выратаванне ў жывым сыне Бога. Некалі любыя нам y Хрысце магістар i браты нямецкага Дому святой Марыі ў Лівоніі, пераконваючы шчыра i настойліва, паклікалі нас з цемры паганства, каб разам з іншымі вернымі Хрысціянамі мы маглі лягчэй спазнаць святло праўды, i дзякуючы іх дапамозе Спадар Папа пажадаў выратаваць нас праз ласку хрышчэння і з уласцівай яму зычлівасцю загадаў каранаваць нас на караля ўсяе Літвы. Калі ж моцна заклапочаныя мы разважалі, што б дапамагло нам захаваць i абараніць згаданае Каралеўства, то з усёй яснасцю ўбачылі, што вельмі неабходным для нас i карысным для Хрысціянскай веры будзе зрабіць згаданым магістру і братам з Лівоніі каралеўскія наданні. Негледзячы на тое, што іх вельмі патрэбны Ордэн быў шчасліва ўстаноўлены спецыяльна Папам для падтрымкі Касцёла, але, каб яны больш дзейсна маглі дапамагаць нам, a мы больш рашуча i мацней маглі даваць адпор ворагам нашага Каралеўства i бунтаўнікам супраць веры, а таксама таму, што ніхто не абавязаны ваяваць за нас сваім коштам, мы са згоды нашых спадкаемцаў згаданым магістру i братам


32


у Лівоніі вырашылі надаць на вечнае i вольнае валоданне зямлю, якая называецца Сялонія, a менавіта Мядэну, Пялоны, Малейшы, Таўрогі з усім, што да ix належыць. На вечную памяць пра гэтае наданне мы далі зацьвердзіць ліст моцаю нашай пячаткі. Дадзены ў год ад Нараджэння Хрыста 1255, месяца кастрычніка".

Літаратура і крыніцы:

1. Семянчук Г. Герцыке.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1994.- Т.2.- С.524-525.

2. Семянчук Г. Кукенойс.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1997.- Т.4.- С.292.

3. Генрих Латвийский. Хроника Ливонии./ Введение, перевод и комментарии С .А.Аннинского, предисловие В.А.Быстрянского.- М., Л.: Изд-во АН СССР, 1938.- 2-е изд.- 351 с.

4. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды.- Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.- 366 с.

5. Latkowski J. Mendog.// Rozprawy Akademii Umiejetnosci. Wydzial historyczno-filozoficzny.- Krakow, 1892.- T.28.- S.300-453.

6. Повесть временных лет.- М.: Изд-во АН СССР, 1950.- Ч.1.

7. Maleczynski K. W sprawie autentycznosci dokumentow Mendoga z lat 1253-1261.// Ateneum Wilenskie.- Wilno, 1936.- R.XI.- Zeszyt 1-2.- S.1-56.

8. Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён.- Мн.: БелЭн, 2004.- 160 с.

9. Kodex dyplomatyczny Litwy./ Wyd. E.Raczynski.- Wroclaw, 1845.

10. httpt:// lt.wikipedia.org/wiki/Mindaugas.

11. Насевіч В. Міндоўг.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 1999.- Т.5.- С.144-145.

12. Арбузов Л.А. Очерк истории Лифляндии, Эстляндии и Курляндии.- СПб., 1912.- 296 с.

13. Литва. Краткая энциклопедия.- Вильнюс, 1989.- 672 с.


Падрыхтаваў да друку А.Шаланда.


РЭЦЭНЗІІ.

Загорульский Э.М.

Генеалогия полоцких князей Изяславичей.

Мн.: Изд-во "ВУЗ-ЮНИТИ", 1994.- 30 с.


У свой час мала хто звярнуў увагу на гэтую невялічкую кнігу пра радавод полацкіх князёў. А дарма, бо генеалагічныя праблемы дынастыяў, што панавалі ў Беларусі, надалей застаюцца актуальнымі, у першую чаргу, з-за сціпласці дайшоўшых да нас крыніцаў і дыскусійнасці прапанаваных дагэтуль выводаў [1; 2; 3; 4]. Па сутнасці, разглядаемы твор з'яўляецца яшчэ адной генеалагічнай табліцай полацкіх князёў Ізяславічаў або, як ахарактарызаваў сам аўтар, гэта - "ещё одна из попыток разобраться в этом скудном материале, дать варианты, которые на наш взгляд, более вероятны и отмечены меньшими противоречиями" (с.5).

Важнасць генеалогіі для разумення шмат якіх заблытанных, або недастаткова асветленых крыніцамі, палітычных падзеяў Э.Загарульскі адзначыў ва "Уводных заўвагах" так: "Многие дипломатические дела и политические вопросы тогда решались посредством заключения династических союзов. Ключ к пониманию многих событий лежит в генеалогии русских князей, в их происхождении и родственных связях" (с.4). Як на 1994 г. гэтая думка сапраўды была рэвалюцыйнай для беларускай гістарычнай навукі. У сваю чаргу яна паказвае, што генеалагічныя даследаванні ў Беларусі спазніліся найменей на 70 год. Гэта быў вынік таго, што ў савецкай Беларусі пад панаваннем камуністычнай ідэалогіі генеалогія як спецыяльная гістарычная дысцыпліна была занядбана [6, с.72; 7, с.114], а полацкія князі, як прадстаўнікі эксплуататарскага класу, абвяшчаліся чужымі для беларускага народа [68]. Нядзіва, што пасля бясслаўнага канца

33

савецкага рэжыму і з аднаўленнем незалежнасці Беларусі ў 1991 г., інтарэс да генеалогіі ўвогуле і да радаводу полацкіх князёў у прыватнасці значна ўзрос.

Кніга Э.Загарульскага дае інфармацыю пра 46 прадстаўнікоў полацкага княжацкага дому Ізяславічаў. Усе яны зведзены ў сем групаў: "Першыя Ізяславічы" (4 асобы), "Усяславічы" (6 асобаў), "Рагвалодавічы (Барысавічы)" (6 асобаў), "Давыдавічы" (2 асобы), "Глебавічы" (4 асобы), "Расціславічы" (1 асоба) і "Святаславічы" (16 асобаў). Спярша аўтар выпраўляе старую памылку расійскага даследчыка Дз.Ліхачова, які пераблытаўшы зрабіў дачку Валадара, выдадзеную ў 1104 г. за візантыйскага царэвіча Льва Аляксеевіча, дачкой Ўсяслава Чарадзея (с.5). Гэта абвяргае даволі пашыраную ў нашай літаратуры думку аб тым, што полацкі княжацкі дом быў параднёны з візантыйскімі імператарамі [5, с.68-69, 104]. Калі гэта і было, то яўна не праз дачку Ўсяслава Брачыславіча.

Дзіўна, але факт, што нават такая праблема генеалогіі полацкіх князёў, як колькасць сыноў Усяслава Брачыславіча не цікавіла беларускіх гісторыкаў. А тут таксама ёсць розначытанні. Польскі даследчык У.Дважачак, напрыклад, налічыў іх сем: Раман, Глеб, Барыс, Давыд, Рагвалод, Расціслаў і Святаслаў Юры [1, tabl.32]. У В.Насевіча іх пяць: Давыд, Рагвалод Барыс, Глеб, Раман, Святаслаў Георгі [2, с.142-143; 3, табліца 1]. Э.Загарульскі гаворыць пра шэсць Усяславічаў: Барыса Рагвалода, Глеба, Давыда, Рамана, Святаслава Георгія і Расціслава (с.5). Гэтая ж лічба замацавалася і ў ЭГБ [8, с.15].

Другая праблема - старшынства сыноў Усяслава. Аўтар лічыць самым старэйшым Барыса (с.9). Прааналізаваўшы летапісныя звесткі пра яго Э.Загарульскі прыйшоў да высновы, што акрамя хроснага імя Барыс меў другое княжае - Рагвалод, а таму іншага Рагвалода Ўсяславіча ніколі не існавала. Барыс Усяславіч і Рагвалод Усяславіч - гэта адзін і той жа чалавек (с.7). Аўтар даволі праўдападобна рэканструіруе заблытанную ў летапісах сітуацыю пасля смерці Барыса Рагвалода ў 1128 г.: прыход да ўлады брата Давыда, паход супраць яго рускіх князёў на чале з кіеўскім у тым жа 1128 г., сыход Давыда і ўкняжэнне ў Полацку з санкцыі вялікага князя кіеўскага нялетняга сына Барыса - Рагвалода Васіля, высылка полацкіх князёў за непакорлівасць у Візантыю ў 1129 г. (с.10). Гэтая арыгінальная думка Э.Загарульскага знайшла адлюстраванне і ў яго пазнейшай працы па гісторыі так званай Заходняй Русі [9, с.81-85].

Вартыя ўвагі яшчэ некалькі думак аўтара: аб сумнеўнасці існавання князя Ўсяслава Рагвалодавіча (с.12), аб ідэнтычнасці Валадара Васількавіча з Уладзімірам Полацкім, які згадваецца ў "Хроніцы" Генрыха Латвійскага (с.15), аб працягу да 5-га калена радаводу Святаславічаў (с.17).

Самая цікавая частка кнігі - аўтарская рэканструкцыя 6-га (у кнізе памылкова 7-га (с.17-18)) і наступных пакаленняў Ізяславічаў. Спачатку Э.Загарульскі спецыяльна агаворвае, што яна носіць умоўны і гіпатэтычны характар, пасля чаго раскрывае свой метад даследавання: "Лишь общие логические рассуждения, анализ исторического фона, на котором развивались события и действовали персонажи, дают некоторую пищу для генеалогических построений" (с.18). Аўтар адстойвае права гісторыка на гіпотэзу: "Конечно, проще отказаться от всяких попыток реконструкций, заявив, что они невозможны. Можно поступить и так. Но это всё равно не прекратит споров" (с.18). Цалкам пагаджаючыся з гэтым тэзісам, адзначым, што сёння цывілізаваных навуковых спрэчак як раз і не хапае беларускай гістарычнай навуцы.

Разглядзеўшы шматлікія варыянты паходжання лагойскага князя Ўсяслава Мікуліча (1180 г.) Э.Загарульскі схіляецца да прыналежнасці яго да галіны Глебавічаў (с.19), праўда, з агаворкай, што дакладна вызначыць месца гэтай асобы ў радаводзе Ізяславічаў немагчыма. Шмат месца аўтар адвёў матэрыялам да радаводу полацкіх князёў, якія ёсць у "Слове аб палку Ігаравым". Згаданых там Ізяслава, Брачыслава і Ўсевалада Васількавічаў Э.Загарульскі адносіць да менскіх Глебавічаў (с.25-26). Нічога пэўнага ён не змог сказаць пра князя Кукенойса Вячку, які загінуў пры абароне Юр'ева ад немцаў у 1223 г. Сыход Вячкі ў Наўгародскую Русь аўтар патлумачыў яго магчымымі сваяцкімі сувязямі з наўгародскімі ці растова-суздальскімі Рурыкавічамі (с.27).


34


Найбольш слабым месцам кнігі з'яўляецца адсутнасць вывучэння ўсяго комплексу крыніцаў (аўтар разглядае толькі летапісы і "Слова...", якое ён лічыць вартым даверу) і замежнай (польскай, расійскай) гістарыяграфіі па праблеме. Так, напрыклад, у святле даследаванняў польскага гісторыка Барыса Пашкевіча аб мазавецкай манеце набывае больш рэальных рысаў таямнічая постаць Уладзіміркі Менскага, які ў 1182 г. захапіў Берасце [10, s.12-13]. Па меньшай меры асоба яго суперніка - князя берасцейска-драгічынскага Васількі Яраполкавіча - лічыцца рэальнай [11, s.80-81]. Рэальнай постаццю лічыцца ў польскай гістарыяграфіі і Святохна - жонка полацкага князя Барыса Давыдавіча [12, s.215, 218]. А вось існаванне самога Барыса Давыдавіча, згаданага пад 1217 г., выклікае спрэчкі. Нічога пра яго не гаворыць у сваёй кнізе Э.Загарульскі. Застаецца адкрытым пытанне і пра паходжанне полацкага князя Канстанціна Бязрукага (згадваецца каля 1285 г.). Магчыма, ён ідэнтычны са згаданым у 60-я г. ХІІІ ст. віцебскім князем Канстанцінам Барысавічам, зяцем Аляксандра Неўскага, хаця расійскі даследчык Андрэй Кузьмін і сумняваецца ў гэтым [13, с.72-73, спасылка 90]. Няма адказу і на пытанне: хто быў бацька Канстанціна - князь Барыс. Яшчэ адная таямнічая постаць - полацкая княжна Еўфрасіння (Еўпраксія), жонка пскоўскага князя Яраслава Ўладзіміравіча, забітая ў 1243 г. [14, с.135-137]. Калі нашая здагадка пра жонку Гердзеня слушная (гл.с.19-20), то маем яшчэ адную полацкую княжну - Еўпраксію, цётку пскоўскага князя Даўмонта.

Такім чынам, падсумоўваючы трэба адзначыць, што кніга Э.Загарульскага, на жаль, не запаўняе існуючы прагал у беларускай гістарыяграфіі па праблеме радаводу полацкіх князёў, а з'яўляецца толькі яшчэ адной прыступкай да сур'ёзнай генеалагічнай працы, патрэба ў якой адчуваецца ўжо даўно.

Літаратура і крыніцы:

1. Dworzaczek W. Genealogia. Tablice.- Warszawa, 1959.- 183 tabl., 30 s.

2. Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы.- Мн.: Полымя, 1993.- 160 с.

3. Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст.- Мн.: БелЭн, 1993.- 49 с.

4. Tegowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczow.- Poznan-Wroclaw, 1999.- 319 s.

5. Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі.- Мн.: Беларусь, 1994.- 463 с.

6. Карев Д. Отечественная генеалогия. Вехи пройденного пути.// Наш радавод: Сб. статей.- Гродно, 1990.- Кн.І.- С.72-79.

7. Грыцкевіч А. Задачы беларускай генеалогіі.// Наш радавод: Сб. статей.- Гродно, 1990.- Кн.І.- С.114-116.

8. Штыхаў Г. Усяслаў Брачыславіч.// ЭГБ.- Мн.: БелЭн, 2003.-Т.6.- Ч.ІІ.- С.15-16.

9. Загарульскі Э.М. ЗаходняяРусь: ІХ-ХІІІ стст.- Мн.: Універсітэцкае, 1998.- 240 с.

10. Paszkiewicz B. O matce Lestka Boleslawica i poczatkach mennictwa mazowieckiego.// Przeglad Historyczny.- Warszawa, 2001.- T.XCII.- Zeszyt 1.- S.1-14.

11. Sobolewski J.P. Wasylko Jaropelkowicz i Iziaslaw Jaroslawowicz, dwaj ksiazeta drohiccy z drugiej polowy XII wieku.// Inter Orientem et Occidentem. Studia z dziejow Europy

Srodkowowschodniej ofiarowane Prof. Janowi Tyszkiewiczowi w 40-lecie pracy naukowej.- Warszawa, 2002.- S.77-88.

12. Rymar E. Rodowod ksiazat Pomorskich.- Szczecin, 1995.- T.1.- 323 s.

13. Кузьмин А.В. Торопецкая знать в ХІІІ веке. Из истории Смоленской земли.// Russia Mediaevalis.- Munchen, 2001.- T.X.- 1.- S.55-75.

14. Мельников А. Путь непечален. Исторические свидетельства о святости Белой Руси.- Мн.: Изд-во БПЦ МП, 1992.- 305 с.


Аляксей Шаланда.


Dabrowski D.

Rodowod Romanowiczow ksiazat halicko-wolynskich.

Poznan-Wroclaw, 2002.- 348 s., tablice.

Biblioteka Genealogiczna./ Pod redakcja Marka Gornego.- T.6.


У 2002 г. выйшла грунтоўная праца польскага даследчыка Дарыюша Дамброўскага "Радавод Раманавічаў князёў галіцка-валынскіх". Структура кнігі складаецца з уводзінаў, біяграмаў (А - сапраўдныя Раманавічы: пяць пакаленняў, 28 асобаў; В - мяркуемыя і

35


фальшывыя Раманавічы: 7 асобаў), заключэння, тлумачэння скаротаў, бібліяграфіі, індэксу асобаў, рэзюме на англійскай мове, генеалагічных табліцаў (І-ІІІ) і спісу генеалагічных табліцаў (18 - у тэксце, 3 - у дадатку). Мэту сваёй працы аўтар сфармуляваў ва ўступе так: "Падсумаванне ранейшых даследаванняў генеалогіі Раманавічаў не выглядае ў рэшце рэшт карысна. У літаратуры шмат закаранелых памылак, якія патрабуюць выпраўлення, разам з тым шмат слушных заўвагаў не прыжылося. У сувязі з гэтым, абавязковым было новае, грунтоўнае даследаванне матэрыялаў крыніцаў і літаратуры з мэтай складання радаводу Раманавічаў, які б адпавядаў сучасным патрабаванням навукі і закрываў усё яшчэ шматлікія недахопы ў згаданай тэматыцы. Гэта і ёсць галоўная прычына, з-за якой паўстала гэтая праца. Акрамя гэтага вывучэнне генеалогіі галіцка-валынскай галіны Рурыкавічаў можа быць прыдатнае для лепшага разумення шмат якіх фактаў з гісторыі тых краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, з якімі Раманавічы мелі шырокія палітычныя кантакты" (s.15-16). Адзначым, што палітычная і вайсковая дзейнасць галіцка-валынскіх Раманавічаў закранала ў тым ліку сучасныя заходнія і паўднёвыя землі Рэспублікі Беларусь - гістарычную Наваградскую зямлю ці "рускую Літву" (уключна з Гарадзеншчынай), а таксама Берасцейшчыну і Піншчыну, у сувязі з чым манаграфія Д.Дамброўскага будзе карыснай і для беларускіх гісторыкаў.

Уражвае вялікі бібліяграфічны спіс працы. Д.Дамброўскі добра ведае польскую, расійскую, украінскую, нямецкую гістарыяграфію па праблеме. Аўтар свабодна арыентуецца ў шматмоўнай літаратуры і крыніцах. Што да апошніх, то свае даследаванне Д.Дамброўскі абапёр, за адзіным выключэннем, на друкаваныя крыніцы. Аднак, да заслугаў аўтара трэба аднесці тое, што ён сабраў і прааналізаваў амаль увесь іх комплекс: старажытнарускія летапісы, польскія, чэшскія, угорскія, балгарскія, нямецкія і нават швейцарскія хронікі і сведчанні, беларуска-літоўскія летапісы, творы Марціна Кромера, Марціна Бельскага, Мацея Стрыйкоўскага і іншых пазнейшых аўтараў, а таксама апісанні вандровак і геаграфічныя трактаты. Не выпалі з пад увагі даследчыка жыційная літаратура, дыпламатычныя дакументы, дадзеныя сфрагістыкі і эпіграфікі (s.16).

Метадалагічныя падставы працы Д.Дамброўскі агаварыў ва ўводзінах асобна. Для складання радаводу Раманавічаў ён выкарыстаў наступныя прынцыпы і крытэрыі: межы сталага ўзросту (для дзяўчатаў 12-14 гадоў, для хлопцаў - 14-15), розніца ў гадах (найніжэйшая паміж маці і дзіцём - 14 гадоў, бацькам і дзіцём - 15, найвышэйшая паміж маці і дзецьмі - 45), максімальны тэрмін нараджальнасці (25-30 гадоў). Услед за вядомым польскім генеолагам Казімерам Ясінскім, у выпадках, калі адсутнічала канкрэтная дата генеалагічнага факту, аўтар карыстаўся дапушчэннямі post quem i ad quem. Д.Дамброўскі ўпэўнены, што Раманавічы ўжывалі правіла старшынства, калі выдавалі замуж сваіх дачок ці жанілі сыноў, што падцьвярджаецца крыніцамі. У некаторых выпадках як дапаможны ім выкарыстоўваўся таксама імянны крытэрый (s.17-18).

Біяграмы пачынаюцца з біяграфіі пачынальніка галіцка-валынскай галіны Рурыкавічаў - князя Рамана Мсціслававіча. Аўтар працаваў па наступнай схеме:

· імя бацькі і маці даследуемай асобы;

· яго месца па старшынству ў сям'і, калі там было некалькі дзяцей;

· дата нараджэння;

· генезіс імя ці імёнаў;

· дата смерці;

· месца пахавання;

· шлюбы, іх колькасць, даты заключэння шлюбаў, паходжанне жонак ці мужоў;

· дзеці, іх колькасць.

Згаданая вышэй даследчыцкая схема Д.Дамброўскага прасочваецца ў залежнасці ад стану і аб'ёму крыніцаў або ў поўнай, або ў скарочанай форме ва ўсіх біяграмах галіцка-


36


валынскіх князёў. Усяго яго працай было ахоплена 54 чалавекі, уключна з тымі, хто меў крэўна-сваяцкія сувязі з Раманавічамі. Асобна вылучаны тыя, хто памылкова залічаўся да даследуемай дынастыі. Складанне іх біяграфіяў адбывалася паводле пакаленна-храналагічнага прынцыпу (s.19).

Паводле Д.Дамброўскага, галоўнымі цяжкасцямі пры генеалагічных даследаваннях галіцка-валынскіх Раманавічаў з'яўляліся: недахоп крыніцаў, дсутнасць у вядомых крыніцах надзейнай генеалагічнай інфармацыі (датаў нараджэння і смерці, імёнаў мірскіх і хросных), няўвага аўтараў летапісаў і хронікаў да жаночых прадстаўнікоў роду. У выніку аўтар скрупулёзна і крытычна падыходзіць да гіпотэзаў і высноваў даследчыкаў, якія да яго займаліся праблемамі радаводу галіцка-валынскіх Раманавічаў.

Найбольш важнымі часткамі працы з'яўляюцца высновы, да якіх прыходзіць сам аўтар. Так, гаворачы пра князя Данілу Раманавіча Д.Дамброўскі сцьвярджае, што той быў адзін раз заручаны і двойчы жанаты (s.62). Спачатку ён быў заручаны з дачкой угорскага караля Марыяй (s.65), але справа да шлюбу не дайшла. Першай жа жонкай Данілы была княжна Ганна, дачка Мсціслава Мсціслававіча Ўдалога (з 1217 па 1246 г.) (s.68, 71, 73), а другой - N, дачка літоўскага князя Даўшпрунга, пляменніца Міндоўга. У адносінах да даты апошняга шлюбу аўтар змяніў свой ранейшы погляд, які фіксаваў яго на час паміж 1242 і кастрычнікам 1245 г. Улічыўшы заўвагі Януша Беняка Д.Дамброўскі прыйшоў да новай высновы, што Даніла пашлюбіў ліцьвінку пасля вясны 1246, але перад канцом 1248 г. (s.75-76). Як на нашу думку, можна спалучыць гэтыя высновы, калі прыняць раней выказаныя Д.Дамброўскім палітычныя аспекты згаданага шлюбу за пэўныя: паміж 1242 і 1245 г. адбыліся заручыны, а сам шлюб стаў фактам пасля вяртання князя Данілы з Арды - пасля вясны 1246 і перад канцом 1248 г. (гл. таксама, с.16).

У сваю чаргу, як сцьвярджае Д.Дамброўскі, брат Данілы - валынскі князь Васілька Раманавіч таксама быў двойчы жанаты. Першай яго жонкай з 1226/1227 па 1245 г. была дачка ўладзімірска-суздальскага князя Юрыя Ўсеваладавіча (s.83). Што датычыць другой жонкі Васількі, то тут Д.Дамброўскі схіляецца да думкі, што ёю была ў 1246/1247-1264 г. Дубраўка, дачка князя Конрада І Мазавецкага (s.86, 95-96), не адкідаючы цалкам магчымасць і трэцяга шлюбу валынскага князя на таямнічай Алене (.) (s.97-98).

Cярод біяграмаў нашчадкаў князёў Данілы і Васількі Раманавічаў беларускага чытача зацікавяць заўвагі аўтара пра Рамана і Шварна Данілавічаў. Дату смерці першага Д.Дамброўскі кладзе на мяжы 1258-1259 г. (s.124). Замест раней вядомых дзвух жонак Рамана, аўтар яго біяграфіі настойвае на тым, што ён быў жанаты тры разы: першы раз на дачцэ палавецкага хана Цягака, другі - на Гертрудзе Бабенберг, трэці - на дачцэ ваўкавыскага князя Глеба (s.124). Д.Дамброўскі звязвае апошні шлюб з заключэннем міру паміж Міндоўгам і галіцка-валынскімі князямі ў 1254 г. (s.136-137), праўда, не раскрываючы глыбей палітычных матываў такога " niemal mezaliansu".

Што датычыць неяснай даты смерці Шварна Данілавіча, то тут польскі даследчык ідзе ўслед за Міхайлам Грушэўскім і прымае за верагодны 1269 г. (s.168-169). Адзінай яго жонкай была невядомая з імя дачка Міндоўга і сястра Войшалка (s.170). Наўрад ці можна пагадзіцца з думкай аўтара, які паддаўся тут аўтарытэту Юліюша Ляткоўскага, аб тым, што яе маці была ўдавой па забітым Міндоўгам пад Цвіраметам у 1248 г. Вішымуце Булевічу (s.172-173) (гл. таксама, с.17). Як мы імкнуліся паказаць, жонка Вішымута Булевіча была ідэнтычная з Мартай - другой жонкай Міндоўга, маці Руклі, Рэпека і Герстута (гл., с.6-7). Што ж датычыць маці жонкі Шварна Данілавіча, то яна была першай жонкай Міндоўга, і як мы лічым, дачкой князя Ізяслава Наваградскага. Варта звярнуць увагу на тое, што акрамя Войшалка і яго сястры, выдадзенай замуж за Шварна, Міндоўг меў ад першага шлюбу яшчэ найменей адную дачку (s.170, заўвага 673).

Сур'ёзна Д.Дамброўскі аднёсся і да такой крыніцы, як "Радавод віцебскіх князёў", які быў апублікаваны яшчэ Тэадорам Нарбутам у дадатку да "Хронікі Быхаўца". Польскі даследчык асцярожна прымае за верагоднае пададзенае там сведчанне аб тым, што жонка


37


суздальскага князя Андрэя Яраслававіча - дачка Данілы Раманавіча - мела імя Анастасся (s.148-149).

Найбольш смелая выснова Д.Дамброўскага - існаванне дзвух Мсціславаў Данілавічаў. Паводле яго, Мсціслаў І (нарадзіўся ў 30-х г. ХІІІ ст., памёр у дзяцінстве перад 1240 г.) быў сынам Данілы ад першай жонкі Ганны Мсціславаўны, а Мсціслаў ІІ ад другой - Даўшпрунгаўны (s.153-154). Аргументамі для існавання апошняга, паводле аўтара, з'яўляюцца: храналогія (Мсціслаў ІІ згадваецца ў летапісах пазней за іншых Данілавічаў), вялікая розніца ў гадах з братамі, якая сведчыць аб нараджэнні Мсціслава ІІ ад іншага шлюбу, адсутнасць згадак пра Мсціслава І у 1254-1271 г., імянны крытэрый, адсутнасць звестак пра шлюб Мсціслава І з дачкой хана Цягака, бо тая была, як сцьвярджае Д.Дамброўскі, жонкай Рамана Данілавіча, а таксама тое, што толькі Мсціслаў ІІ мог мець у 1280 г. дарослага сына (s.174-175). Як мяркуе польскі даследчык, нарадзіўся Мсціслаў ІІ каля 1250 г., памёр - паміж 1300 і 1305 г. (s.176, 178). З невядомай жонкай меў сына Данілу і дачку Анастассю, выдадзеную замуж за князя добжыньскага Земавіта [69] (s.180). У цэлым, аргументацыя аўтара выглядае цалкам лагічна і пераканаўча. Мы звернем увагу на тое, што, магчыма, яшчэ адным сынам Мсціслава ІІ быў Расціслаў, які згадваецца пад 1277 г. у бітве пад Горадняй: "прибеже Ра[с]тиславко Мьстиславль нагъ и босъ" [1, слп.877].

Род галіцка-валынскіх князёў Раманавічаў скончыўся на сынах Юрыя Львовіча - Андрэю і Льву ІІ, якія памерлі паміж 1321 і 1323 г. без ніякіх нашчадкаў. У сувязі з гэтым, аўтар ставіць пад сумненне шлюб Любарта Гедымінавіча з дачкой Андрэя ці Льва Юр'евічаў (s.252-253, 254, заўвага 1044).

Асобна Д.Дамброўскі разглядзеў мяркуемых і фальшывых Раманавічаў. Сярод іх найбольш зацікавяць беларускага чытача яго заўвагі наконт Васількі, мяркуемага сына князя Рамана Данілавіча і дачкі ваўкавыскага князя Глеба. Згаданы Васілька, вядомы па летапісах як князь слонімскі, доўгі час лічыўся родапачынальнікам князёў Астрожскіх (s.271-272). Польскі даследчык адхіляе як першую, так і другую магчымасць і адносіць Васільку Слонімскага да дробных служылых князёў з руска-літоўскага памежжа з радаводамі, якія немагчыма даследаваць з-за адсутнасці якіх-небудзь пэўных звестак пра іх (s.275). Слушнымі выглядаюць заўвагі аўтара і пра Раманавічаў, нашчадкаў Юрыя Львовіча, якія згадваюцца ў беларуска-літоўскіх летапісах і старапольскіх крыніцах. Маюцца на ўвазе Ўладзімер, сын Мсціслава Данілавіча і Ўладзімер, сын Данілы Мсціслававіча. Д.Дамброўскі схіляецца да высновы, што ні таго, ні другога не існавала (s.278-281). Адхіляе ён і магчымасць існавання дачкі нейкага неназванага ў беларуска-літоўскіх летапісах з імя ўладзімірскага князя з роду Раманавічаў, якая была выдадзена замуж за Любарта Гедымінавіча (s.283), у сувязі з чым вялікія князі літоўскія атрымалі правы на Валынскую зямлю.

Такім чынам, кніга Д.Дамброўскага ў значнай ступені запаўняе прагал у вывучэнні галіцка-валынскай галіны Рурыкавічаў. Яна сапраўды спрыяе лепшаму разуменню гісторыі Галіцка-Валынскай Русі, кіруючай там дынастыі, а таксама звязаных з Раманавічамі суседніх краінаў, у тым ліку і беларускіх зямель. З другога боку, высновы аўтара і іх аргументацыя запрашаюць беларускіх гісторыкаў да дыскусіі і вывучэння радаводаў смаленскіх [70], полацкіх ці турава-пінскіх князёў, чые генеалагічныя праблемы таксама яшчэ не вырашаны. На тле генеалагічных даследаваняў у Польшчы, Украіне, Літве і Расіі нашага голасу як раз бракуе.

Крыніца:

1. ПСРЛ.- М., 1962.- Т.2.- 938 слп.


38


ПЫТАННІ, АДКАЗЫ, КАНТАКТЫ, ІНФАРМАЦЫЯ.

Міжнародная навуковая канферэнцыя "Станаўленне Вялікага княства Літоўскага (Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга)", Наваградак, 16 мая 2003 г.

16 мая 2003 года ў Наваградку адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Яе арганізатарамі былі Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт, Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук, Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і Наваградскі раённы выканаўчы камітэт. Неабходнасць правядзення дадзенай канферэнцыі была выклікана не толькі святкаваннем такой важнай даты ў гісторыі беларускіх зямель, як 750-годдзе каранацыі Міндоўга, але і яшчэ адной спробай вырашыць пытанне агульнай гістарычнай спадчыны сучасных Беларусі і Літвы. З аднаўленнем апошнімі сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці, узрасла неабходнасць вывучэння свайго мінулага, абгрунтавання канцэпцыяў нацыянальных гісторыяў.

Пленарнае паседжанне пачалося з выступлення акадэміка НАН Беларусі М.Касцюка (Менск). У сваім дакладзе "Каранацыя Міндоўга і яго роля ў станаўленні еўрапейскай дзяржавы" ён вызначыў асноўныя абставіны, якія прывялі да ўтварэння ВКЛ, яднання сілаў і сродкаў з усходу і захаду. Было адзначана, што існавала і ўнутраная прычына - аб'яднанне з балцкімі пляменамі саюза ўсходнеславянскіх гарадоў. У выніку, у адзначаны час у Панямонні ўзнік балта-славянскі саюз. Дакладчыкам быў зроблены гістарычны экскурс і дадзена апісанне першапачатковага этапу ў палітычнай кар'еры Міндоўга. Не засталіся па-за ўвагай пытанні хрышчэння Міндоўга, яго сям'і, княжацкага двара. Разам з тым, было падкрэслена, што дакладнае месца каранацыі Міндоўга не лакалізавана. Сярод магчымых месцаў называецца беларускі Наваградак.

Доктар гістарычных навук А.Краўцэвіч (Горадня) выступіў з дакладам "Каранацыя Міндоўга - месца ў часе і прасторы". Даволі падрабязна ім была разгледжана дадзеная праблематыка ў ацэнцы заходнееўрапейскіх даследчыкаў. Быў праведзены параўнальны аналіз каранацыі Данілы Галіцкага і Міндоўга, дзе дакладчык адзначыў іх еўрапейскую арыентацыю і перайманне заходніх традыцыяў.

Даволі дыскусійным стала выступленне доктара гістарычных навук М.Бычковай (Расія), якая распавяла пра нашчадкаў Міндоўга і іх роднасных, службовых сувязях з вялікарускімі князямі. Дакладчыца адзначыла з'яўленне шматлікіх літаратурных твораў пра літоўскіх князёў, зрабіла гістарыяграфічны агляд, правяла грунтоўны аналіз крыніцаў. Асабліва былі падкрэслены дадзеныя Пскоўскіх летапісаў аб дзейнасці князя Даўмонта. Пры гэтым было адзначана, што ўяўленні аб заходняй рыцарскай культуры ў другой палове ХІІІ ст. ужо існавалі ў літоўскіх князёў і адсутнічалі ў вялікарускіх. Паводле М.Бычковай, гэта сталася з-за розніцы традыцыяў і падыходаў у вызначэнні крытэрыяў рыцарскай годнасці і гонару. Толькі ў больш позні перыяд адбываецца прыняцце і вялікарускімі князямі еўрапейскіх культурных узораў. З іншага боку, шмат хто з літоўскіх князёў знаходзіў прытулак на рускіх землях і пераймаў мясцовую культуру і традыцыі. У сваіх развагах М.Бычкова пайшла далей і ўзняла даволі спрэчнае пытанне аб існаванні пераемнасці традыцыяў самаўладдзя: Міндоўг - Іван Грозны - Пётр І.

Выступленне "Паходы Гедыміна на ўкраінскія землі: рэальнасць ці міф." А.Русінай (Кіеў) з Інстытуту гісторыі НАН Украіны было прысвечана вядомым з беларуска-літоўскіх летапісаў паходам Гедыміна на ўкраінскія землі. Даследчыца паспрабавала адказаць на пытанне - ці былі яны на самой справе. На падставе аналізу крыніцаў і ўкраінскай гістарыяграфіі па праблеме палітычнай дзейнасці Гедыміна А.Русіна прыйшла да высновы, што ў аснове звестак пра паходы літоўскіх войскаў на Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады ляжыць "Гедымінава легенда".


39


Шырокую дыскусію выклікаў даклад Т.Баранаўскаса (Вільня, Літоўская Рэспубліка), прысвечаны гісторыі каранацыі Міндоўга і разгляду гэтай праблемы ў літоўскай гістарыяграфіі. У апошнім выпадку маецца на ўвазе даволі распаўсюджаны ў Літве тэзіс аб тым, што каранацыя першага літоўскага караля прайшла ў Віленскай катэдры (В.Урбанавічус, матэрыялы археалагічных даследаванняў 1986 г. Н.Кіткаўскаса). Высновы, зробленыя Т.Баранаўскасам і падмацаваныя дыпламатычнымі крыніцамі ХІV-ХV ст., сведчаць пра неабгрунтаванасць віленскай версіі, як дарэчы і наваградскай. Дакладчык прапанаваў сваю версію месца каранацыі Міндоўга - на памежжы Літвы і Лівоніі (маёнтак Латава, ручай Латава).

Вельмі цікавыя праблемы былі закрануты пад час працы секцыяў: "Міндоўг і Наваградак" і "Наваградак у складзе ВКЛ". На першай секцыі прагучалі даклады В.Насевіча "Пытанне балта-славянскага сінтэзу і яго роля ва ўтварэнні ВКЛ" (Менск), В.Чамярыцкага (Менск) пра ўзнікненне назвы Наваградак, В.Вароніна (Менск) па праблеме ўзаемаадносінаў Полацку і Міндоўга. Менскі даследчык А.Жлутка прасачыў дзейнасць Міндоўга па дакументах Папскай канцылярыі.

На другой секцыі прагучалі даклады, якія ахоплівалі разнастайныя бакі гістарычнай мінуўшчыны Наваградка і Наваградчыны. С.Марозава (Горадня) засяродзіла ўвагу слухачоў на ролі і месцы Наваградка як буйнога цэнтра царкоўна-рэлійнага жыцця. У.Падалінскі (Менск) распавёў пра ВКЛ пад час соймавай кампаніі 1596-1597 гадоў. У дакладзе А.Радамана (Менск) была разгледжана соймікавая герархія земскіх ураднікаў Наваградскага павета ў другой палове ХVІ-першай трэці ХVІІ ст. Аўтар даследаваў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, прасачыў асобныя радаводы шляхецкіх родаў. Ім было ўзнята пытанне аб дзейнасці палітычнай эліты ВКЛ і Рэчы Паспалітай у вылучаны перыяд, вызначана роля і месца ў гэтым працэсе наваградскай шляхты. Даволі поўна быў паказаны працэс палітычнай барацьбы ў ВКЛ, у тым ліку і пад час працы шляхецкіх соймікаў Наваградскага ваяводства. С.Амелька (Горадня) даследаваў паходжанне і радавод роду Кярсноўскіх, пачынаючы ад яго з'яўлення на Наваградчыне ў XVI ст., дзе яны пазней займалі розныя адміністрацыйныя пасады, а Ян Кярсноўскі быў нават ваяводай, да канца ХVІІІ ст. Была выказана думка аб перасяленні роду ў пачатку XVI ст. у Наваградскае ваяводства са страчаных усходніх зямель ВКЛ. Пададзены ў дакладзе матэрыял паказаў даволі значны ўплыў Кярсноўскіх на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Наваградчыны.


40


А.Мальдзіс (Менск) вынес на разгляд удзельнікаў канферэнцыі складанае пытанне аб сумеснай беларуска-літоўскай спадчыне, ўзаемаадносінах і кантактах паміж навукоўцамі, іх поглядах і меркаваннях. Як было адзначана ў выступленні, спрэчнасць асобных момантаў у выступленнях дакладчыкаў (асабліва літоўскіх калегаў) прымушаюць беларускіх гісторыкаў не пагаджацца з некаторымі іх высновамі, асабліва тымі, якія маюць на мэце толькі адное - спробу пазбавіць Беларусь сваей гісторыі (маюцца на ўвазе ўзаемаадносіны балцкіх і славянскіх плямёнаў, месца хрышчэння і каранацыі Міндоўга, унутраная палітыка ўладароў ВКЛ). Напрыканцы паседжання з аглядам краязнаўчай літаратуры па ранняй гісторыі Наваградчыны выступіў дырэктар музея імя Адама Міцкевіча М.Гайба.

Сяргей Амелька, удзельнік канферэнцыі.


Спіс скаротаў:

БАШ - Беларускі археаграфічны штогоднік.

БГЧ - Беларускі гістарычны часопіс.

ГАЗ - Гістарычна-археалагічны зборнік.

ПСРЛ - Полное собрание русских летописей.

ЭГБ - Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.

BZH - Bialoruskie zeszyty historyczne.

R. - Rocznik.


* * *



[1] Бессэнсацыі. Дзясятка грандыёзных мыльных бурбалак году.// Наша ніва.- № 48.- 26 сьнежня 2003.- С.13.

[2] Гл.: Сіцька З. "...Ясней ад перлаў і золата кароны". Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга.// БГЧ.- 2003.- № 5.- С.9-17; ён жа: "Найдаражэйшаму ў Хрысце сыну...". Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга.// Дыялог.- Баранавічы, 2003.- № 7-8 (106).- С.18-19, 32-33.

[3] Жлутка А. Каранацыя Міндоўга і заснаванне першага біскупства ў дакументах ХІІІ ст.// Наша вера.- Менск, 2003.- № 2.- C.36-44. Гл. таксама: Жлутка А. Кароль Міндоўг і яго дзяржава ў дакументах папскай курыі ХІІІ ст.// БАШ.- Менск, 2003.- Вып.4.- С.194-241.

[4] Гл.: Баранаўскас Т. Месца каранацыі Міндоўга.// Спадчына.- 2002.- № 5-6.- С.26-31; Семянчук Г. Рэц.: Tomas Baranauskas. Lietuvos valstybes istakos.- Vilnius: Vaga, 2000.- 317 p.// Спадчына.- 2002.- № 5-6.- С.137-141. Нумар выйшаў са спазненнем у 2003 г. Літоўская паштовая марка з выявай Міндоўга (2003 г.). Літоўская манета вартасцю ў 200 літаў: аверс і рэверс (2003 г.).

[5] Артыкул быў напісаны для Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Станаўленне Вялікага княства Літоўскага (Да 750-годдзя каранацыі Міндоўга)", якая адбылася 16 мая 2003 г. у Наваградку.

[6] Менавіта асіміляцыйныя працэсы меў на ўвазе аўтар "Апісання зямель", калі згадваў, што: "Згаданыя літоўцы, яцвягі і нальшаны лёгка паддаюцца хрышчэнню, бо ўзгадаваныя ад самай калыскі хрысціянскімі карміцелькамі, таму мы маглі дзейнічаць сярод іх больш бяспечна" [18 , с.148].

[7] Паводле летапісу: "Довъспроункъ братъ его Мидогъ" [8, слп.735].

[8] У дамове 1219 г. у дачыненні да літоўскіх князёў выкарыстоўваецца тэрмін не "вялікія", а "старэйшыя" [8, слп.735].

[9] Прамежная зямля селаў, як можна меркаваць, была падзелена паміж Герцыке Ўсевалада і Кукеносам князя Вячкі. Па меньшай меры, ёсць згадкі аб прыналежнасці нейкай яе часткі ў пачатку ХІІІ ст. да княства апошняга [28, s.432-433](гл. с.29-30).

[10] Хроніка Быхаўца" паведамляе: "Даўспрунк жа з герба Кітаўраса паплыў па рацэ Святой і знайшоў месца вельмі прыгожае і да гарадзішча падобнае, і спадабалася яно яму вельмі, і ён там пасяліўся, і пабудаваў сабе горад, і даў найменне таму гораду Вілкамір, а сам назваўся князем Дзявілтаўскім, і там ягоны род пачаў размнажацца" [10, с.73].

[11] У дакуменце Міндоўга за 1260 г., які лічыцца падробкай, сярод сведкаў выступаюць нейкія Bixe i Lygeyke [22, s.20]. Негледзячы на тое, што апошнія названыя тут не князямі, а баронамі ("barones"), на нашу думку, яны ідэнтычныя з летапіснымі Бікшам і Лікіікам.

[12] У сувязі з гэтым, Міндоўг быў "старэйшым" князем у адносінах да Рушкавічаў і Булевічаў. Першыя служылі яму і пазней, а другія былі ім знішчаны (за здраду.), як лічыцца, каля 1251 г.

[13] Паводле "Апісання зямель": "Таксама на ўсход ад яе [Жамойці] ляжыць сумежная з Руссю зямля Летавія, першы кароль якой Міндоўг быў хрышчаны..." [18, с.148].

[14] Бацькам Траняты лічаць літоўскага нобіля Лангвінуса (Лугвеня), які называецца мужам сястры Міндоўга [4, с.45, 49; 27, s.55]. Ёсць яшчэ меркаванні, што Транята быў сынам або Ердзівіла, або Выкінта [27, s.56, przypis 3; 28, s.381]. У сваю чаргу В.Чаропка зусім гіпатэтычна дапускае, што бацькам Траняты быў Скаламенд (Скоманд) - продак Гедымінавічаў

[7, № 1, 2002, с.47-48].

[15] Апошнім часам ад Ердзівіла польскі даследчык Тадэвуш Васілеўскі паспрабаваў вывесці Гедымінавічаў [26].

[16] В.Чаропка дапускае, што ёю была цвярская княжна - дачка князя Яраслава Ўладзіміравіча [7, № 6, 2001, с.49, № 1, 2002, с.58, табліца].

[17] Пра дзяцей Міндоўга менавіта ад першай жонкі піша летапісец: "бяше ше оу него снъ Воишелкъ же дъчи дщерь же отда за Шварна за Даниловича до Холма"

[8, слп.858].

[18] Меркаванне літоўскага даследчыка Томаса Баранаўскаса аб тым, што Войшалк захапіў Наваградак наўрад ці можа быць прынятае [19, с.30-31]. Аўтар абсалютызуе інфармацыю аб тым, што: "Воишелкъ же нача княжити в Новегороде в поганстве боуда и нача проливати крови много…" [8, слп.858-859]. На самой справе летапісец у жанры жыційнай літаратуры тлумачыць прычыны яго хрышчэння. Тут важна тое, што хрост Войшалка быў звязаны з заняццем ім наваградскага княжацкага стала.

[19] Паходжанне Марты і яе сястры невядомае. У познім Густынскім летапісу ёсць згадка, што апошняя была дачкой Траняты: "…Стройнат бо согласившися со зятем своим з Довмонтом, убиша спящаго в нощи великого князя и храбраго короля Литовского [Миндовга], деда своего, князства ради…" [32, с.343]. В.Чаропка выводзіць з гэтага, што Марта - жонка Міндоўга - была таксама дачкой Траняты [7, № 1, 2002, с.47].

[20] Як меркаваў Ю.Ляткоўскі, ім быў Рукля [28, s.373].

[21] Лічыцца, што шлюб Марты і Міндоўга адбыўся ў 1251 г. Аднак, пад час хрышчэння ў тым жа годзе Міндоўга і Марты згадваюцца і іх дзеці, што прымушае аднесці шлюб на ранейшы час. На нашу думку, забойства Вішымута і шлюб Міндоўга маглі адбыцца ў 1248 г. Тады, калі дапусціць нараджэнне іх дзяцей адразу па шлюбе, то ў 1263 г. ім было 14-15 гадоў.

[22] У В.Чаропкі ўсё наадварот: "Replen - гэта лацінская транскрыпцыя ўпамянутага ў Іпацьеўскім летапісе Рэпек'і. А вось імя Gerstuchen (Ghertutten) мог мець Рукля" [7, № 6, 2001, с.49].

[23] Дастаткова параўнаць варыянты: "Гоитортъ" ці "Гортуитъ" з "Gerstuchen-Gherstutten", каб убачыць даволі блізкае іх падабенства. Сапраўднае гучанне імя сына Міндоўга прапанаваў Ю.Пузына - "Gerstutt" - "Герстут" [23, s.13].

[24] М.Ермаловіч не верыў у тое, што "Гоўтарт" быў вялікім князем літоўскім на той падставе, што быццам бы "такога тытула ў той час не было" [20, с.329]. Аднак, вялікім князем называлі Міндоўга [5, с.154].

[25] Таму ён дзейнічае разам з вопытным князем Гердзенем. Характэрна, што менавіта апошні ў Пскоўскіх летапісах выступае як галоўная дзеючая асоба [24, с.16-17].

[26] Падрабязней пра інстытут субманарха ў ВКЛ пісаў Э.Гудавічус [25]. Т.Баранаўскас лічыць Шварна субманархам Войшалка [19, с.37].

[27] Паходжанне Тройдзеня да сёння з'яўляецца даволі складанай праблемай, якая яшчэ патрабуе грунтоўнага генеалагічнага даследавання. Адзначым толькі, што ён адназначна не адносіўся да роду Міндоўга па прамой лініі, а мог мець з ім толькі крэўна-сваяцкія адносіны.

[28] М.Ф.Катляр піша аб "бессмыслено-жестоком" (.!) забойстве Войшалка Львом [31, с.149]. Наўрад ці з гэтым можна пагадзіцца. А.Краўцэвіч абмежаваўся толькі пераказам паведамлення летапісца аб гэтым, без якога-небудзь крытычнага аналізу [5, с.162].

[29] Паводле летапісу: "Троиденеви же еще княжащоу в Литовьскои земле живяше со Львомъ во величе любви шлючи многы дары межи собою а с Володимеромь не живяше в любви…"

[8, слп.871].

[30] Вядома, што ў Таўцівіла быў сын, які пасля забойства бацькі Транятай уцёк у Вялікі Ноўгарад [4, с.56]. Паводле расійскага гісторыка Андрэя Кузьміна, звалі яго Георгі. Георгі Таўцівілавіч меў жонку Настассю [34, с.73, заўвага 86] і, магчыма, дзяцей. Нашчадкаў мог мець і брат Таўцівіла - Едзівід. Позняя летапісная традыцыя звязвае з Даўспрунгам князёў Гальшанскіх і Гедройцяў.

[31] Баяры - вышэйшы слой феадальнага грамадства, ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ [37, с.338]. У разглядаемы перыяд баярамі называліся ўсе мацнейшыя людзі краіны, багатыя землеўладальнікі і ваяры [38, с.3-4].

[32] Гл., таксама: Вячаслаў Насевіч: "ён (Міндоўг) валодаў Літвой і Ноўгародчынай адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва" [3, с.36]; Вітаўт Чаропка: "Сам лёс паслаў наваградскім феадалам Міндоўга... Так Міндоўга выбралі на наваградскі пасад" [4, с.102]; Генадзь Сагановіч: "Хутчэй за ўсё, Міндоўг тут (у Наваградку) быў абвешчаны князем са згоды мясцовага насельніцтва" [5, с.61]; Аляксандр Краўцэвіч: "Даволі цікавай бачыцца ідэя Міколы Ермаловіча аб запрашэнні Міндоўга на пасаду наваградскага князя" [6, с.134]. Мы ў свой час адзначалі: "усталяванне Міндоўга ў Наваградку магло адбыцца толькі пры падтрымцы мясцовага баярства, якому было з каго выбіраць" [7, с.34]. Конная пячатка князя Конрада Мазавецкага, 1234-1247 г. [12, s.278-281, nr 8].

[33] Відаць, археолагам варта пашукаць у ваколіцах Манцякоў рэшткі сярэднявечнага гарадзішча.

[34] В.Насевіч, напрыклад, лічыць, што: "хтосьці з іх валодаў Нальшанамі і Упітай" [3, с.21]. У сваю чаргу, Э.Гудавічус лічыць Булевічаў ўладальнікамі Шаўляйскай зямлі, а Рушковічаў - Упіцкай [1, с.31].

[35] Казаць пра нешта большае не дазваляе тое, што паход адбыўся па наводцы князя Данілы Раманавіча.

[36] Паводле летапісу: "идоста Михаилъ и Ростиславъ ко оуеви своемоу в Ляхи и ко Кондратови" [8, слп.783].

[37] Цікава, што нават у першай палове ХVІ ст. аўтары беларуска-літоўскіх летапісаў не мелі такой думкі. Паводле іх, князь жамойцкі Мантвіл даведаўшыся, што "Руская старана апусцела і князі рускія разагнаны", паслаў туды свайго сына Эрдзівіла з войскам, якія "знайшлі за чатыры мілі ад Нёмана гару красную. І спадабалася яна ім, і паставілі яны на ёй горад, і назвалі яго Наваградкам" [29, с.75].

[38] Наконт яго ёсць розныя меркаванні [2, с.300].

[39] Наўрад ці яны дзейнічалі на ўласную руку, як дапускае А.Краўцэвіч [6, с.131].

[40] Толькі ў 1262 г. пасля разгрому валынскім князем Васількам Літвы пад Неблем: "оуслышавъше князи Пиньсции Федоръ и Демидъ и Юрьи и приехаша к Василкови с питьемь и начаша веселитися видяще бо ворогы своя избиты" [8, слп.856].

[41] Наўрад ці дзейнічаў яшчэ дагавор 1219 г., як мяркуе А.Краўцэвіч [6, с.140]. Калі б так было, то не патрэбен быў бы шлюб Данілы з Даўспрунгаўнай.

[42] 42 "Лугвень сестрын наш", г.зн. шурын.

[43] Ініцыятарам быў Міндоўг: "присла Миндовгъ к Данилоу прося мироу и хотя любви о сватьстве" [8, слп.820].

[44] Тым не меньш, Міндоўг імкнуўся замацаваць Наваградскую зямлю за сабой. Так, відаць, пра яе вялася гаворка ў лісце Папы Аляксандра ІV ад 6 сакавіка 1255 г., якім ён зацьвердзіў Міндоўгу "некаторыя землі Каралеўства Русі", якія той падпарадкаваў сваёй уладзе [26, р.61, nr 306]. Як можна меркаваць, Каралеўства Літва складалася як з розных літоўскіх зямель (Літва, Жамойць, Яцьвягія, Дзяволтва, Нальшаны), так і зямель "рускай Літвы" - Наваградскага княства.

[45] Паходжанне князя Глеба па рознаму выводзіцца даследчыкамі. В.Насевіч адносіў яго да галіны гарадзенскіх князёў [3, с.145]. Мы ў свой час імкнуліся даказаць яго пінскае паходжанне [7, с.39, 44]. Гл. таксама: Назаренко А. Городенское княжество и городенские князья в ХІІ в.// Древнейшие государства Восточной Европы 1998 г. Памяти члена-корреспондента РАН А.П.Новосельцева.- М.: Восточная литература РАН, 2000.- С.169-188.

[46] Якраз пра чарнігаўскае баярства, якое шукала новае месца пражывання пасля разгрому Батыем Чарнігаўскага княства ў 1239 г., згадвае летапісец у словах князя Данілы: "Черниговьских бояръ не велех ти Доброславе приимати" [8, слп.789].

[47] "наш верны Парбус". Крыніцы нічога не кажуць пра яго княжацкае паходжанне.

[48] Паводле летапісу: "оумре княгини Миндовговая… бяшеть бо сестра еи за Домонтомъ за Нальщанскимъ княземъ" [8, слп.859].

[49] Лічыцца, што жонка Гердзеня і маці Даўмонта маглі быць роднымі сёстрамі, што рабіла пасля згасання нальшанскай дынастыі іх мужоў князямі ў Нальшанах "па кудзелі" [3, с.55; 22, № 1, с.47]. Аднак, магчымы і іншы варыянт, пра які ніжэй. В.Чаропка, зыходзячы з імя Еўпраксіі, робіць яе полацкай княгіняй. Як убачым ніжэй, гэта магло адпавядаць праўдзе.

[50] Уценскае княства не можа быць адпаведнікам Нальшанаў (гл.с.30).

[51] 51Сярод баяраў Даўмонта быў Лува Літвін [24, с.16-17].

[52] Няма ніякіх падстаў лічыць іх сталай радай караля Міндоўга.

[53] Згадваюцца ў 1248 г.: "слы свая" і "вое свое" [8, слп.815].

[54] А.Краўцэвіч піша пра ўдзел у пабудове ВКЛ нейкіх невядомых "усходніх славянаў" [6, с.161], замест канкрэтных "наваградцаў", якія не ўсе маглі быць славянскага паходжання.

[55] На нашу думку, акрамя падабенства знак на пломбе Міндоўга не меў з польскім шляхецкім гербам "Сыракомля" нічога агульнага (Рэд.). Таму далейшыя развагі аўтара не друкуюцца.

[56] Магчыма, прыдзвінская частка Сялоніі была далучана да Полацкай дзяржавы ўжо ў ХІ ст. Па меньшай меры гэта здарылася да 1106 г., калі полацкія князі Ўсяславічы няўдала хадзілі на земгалаў: "победиша зимегола Всеславичь, всю братью, и дружины убиша 9 тысящь" [6, с.185]. Праўда, сярод балцкіх плямёнаў, якія плацілі даніну Русі - земгалаў, літвы, куршаў, наромы [6, с.13] - селы не згадваюцца. Лічыцца, што пад наромай летапісец разумеў латгалаў [4, с.157-158]. Магчыма, аднак, што селы - гэта нямецкая назва заходніх латгалаў.

[57] Канчаткова Латгалія перайшла ад Полацкай дзяржавы да немцаў у 1264 г., калі князь Гердзень адмовіўся ад правоў на яе [4, с.326].

[58] Замак Уцена ў Сялоніі згадваецца ў акце Міндоўга ад 1261 г., які лічыцца падробкай [13, с.605-606]. Менавіта прыналежнасць Уцены, Ушполля і Таўрагіняў да Сялоніі К.Малячынскі лічыў за адзін з крытэрыяў неаўтэнтычнасці дакументу [7, s.48-49]. Аднак, Таўрогі ці Таўрагіні згадваюцца ў сапраўдным лісце Міндоўга на Сялонію з 1255 г. На нашу думку, калі што ў падробленым дакуменце 1261 г. і адпавядала праўдзе, то гэта прыналежнасць Уцены да Сялоніі. Інакш падробку лёгка можна было б выкрыць.

[59] Міндоўг - "старэйшы" літоўскі князь (1219 г.), князь літоўскі і наваградскі (1240-1253 г.), першы кароль усяе Літвы (1253-1260 г.), вялікі князь літоўскі (1260-1263 г.) [11, с.144].

[60] Магістрам Тэўтонскага Ордэну ў Лівоніі ў 1255 г. быў Гано фон Зангергаўз (1253-1256 г.) [12, с.285].

[61] Маецца на ўвазе Рымскі Папа Інакенці ІV (1243-1254 г.) [11, с.144].

[62] Верагодна, маюцца на ўвазе сыны Міндоўга ад другога шлюбу Рэпля і Герстут.

[63] Мядэна - замак у Сялоніі. Не ідэнтыфікаваны.

[64] Пялоны - замак у Сялоніі. Не ідэнтыфікаваны.

[65] Малейшы - замак у Сялоніі. Не ідэнтыфікаваны.

[66] Таўрогі ці Таўрагіні - замак у Сялоніі каля аднаіменнага возера [13, с.583].

[67] У 1936 г. К.Малячынскі яшчэ бачыў літару "М" [7, s.7, przypis 38]. Ліст караля Літвы Міндоўга І на Сялонію для Тэўтонскага Ордэна ў Лівоніі з 1255 г. (сучасны стан, фота) [10].

[68] Чаго вартыя, напрыклад, "ацэнкі" савецкіх гісторыкаў дзейнасці княгіні-манахіні Святой Ефрасінні Полацкай [5, с.117-118].

[69] Удакладненне крэўных і сваяцкіх сувязяў Анастассі Мсціславаўны, жонкі князя Земавіта І Добжыньскага, таксама трэба аднесці да арыгінальных высноваў аўтара (s.232-240, 287).

[70] На неабходнасць даследаванняў радаводаў іншых галінаў Рурыкавічаў, у прыватнасці, смаленскіх, звярнуў увагу і аўтар разглядаемай манаграфіі. Як адзначыў Д.Дамброўскі, генеалогія смаленскіх Расціслававічаў "wlasciwie niezbadana" (s.26, заўвага 49).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX