Папярэдняя старонка: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Язвінская Наталля. Віленская беларуская канферэнцыя 1918 г. 


Аўтар: Язвінская, Наталля,
Дадана: 31-07-2011,
Крыніца: ЕГУ, 2011.

Спампаваць




ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ


Акадэмічны дэпартамент гісторыі


Праграма бакалаўра
Беларусістыка. Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія.



НАТАЛЛЯ ЯЗВІНСКАЯ

Студэнтка III курса


ВІЛЕНСКАЯ БЕЛАРУСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ 1918 Г. У МАТЭРЫЯЛАХ ГАЗЕТЫ "ГОМАН" І ДАКУМЕНТАХ АДДЗЕЛА РУКАПІСАЎ БІБЛІЯТЭКІ ІМЯ УРУБЛЕЎСКІХ АН ЛІТВЫ

КУРСАВАЯ ПРАЦА


Кіраўнік працы: доктар гістарычных навук,
прафесар Смалянчук А. Ф.


Вільня, 2011



ЗМЕСТ


УВОДЗІНЫ ...4

1. АСАБЛІВАСЦІ ГІСТАРЫЧНАЙ КРЫНІЦЫ ...6

1.1. Гістарычная крыніца і метады крыніцазнаўчага аналізу ...6

1.2. Перыядычны друк як гістарычная крыніца ...9

2. АГЛЯД ГІСТАРЫЯГРАФІІ ПА ДАСЛЕДАВАННЮ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ ...12

3. МАТЭРЫЯЛЫ ГАЗЕТЫ "ГОМАН" І ДАКУМЕНТЫ АДДЗЕЛА РУКАПІСАЎ БІБЛІЯТЭКІ ІМЯ УРУБЛЕЎСКІХ АН ЛІТВЫ ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ ...18

3.1. Газета "Гоман" як гістарычная крыніца па даследаванню Віленскай беларускай канферэнцыі ...18

3.2. Дакументы аддзела рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы як крыніца па даследаванню Віленскай беларускай канферэнцыі ...23

ЗАКЛЮЧЭННЕ …...27

СПІС ЛІТАРАТУРЫ І КРЫНІЦ ...28

ДАДАТКІ

Дадатак 1. Арганізацыя і ход правядзення Віленскай беларускай канферэнцыі ў 1918 г. ...30

Дадатак 2. Рэзалюцыя ў справе беларускай школы ...31

Дадатак 3. Пастанаўленне аб выбарах Беларускай Рады ...32


СПІС СКАРОТАЎ

адз. захав. - адзінка захавання

арк. - аркуш

БДАМЛМ - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

БНК - Беларускі Народны Камітэт

БНР - Беларуская Народная Рэспубліка

БСГ - Беларуская Сацыялістычная Грамада

ВБК - Віленская беларуская канферэнцыя

НАРБ - Нацыяльны архіў Рэспублікі Беларусь


УВОДЗІНЫ

Для беларускага руху перыяд Першай сусветнай вайны невыпадкова можна назваць новым перыядам росту нацыянальнай свядомасці беларусаў, узнікнення ідэі незалежнасці і самастойнасці Беларусі, развіцця беларускай адукацыі, а таксама стварэння беларускіх арганізацый і выхад беларускай справы на міжнародную арэну. Прыход немцаў на тэрыторыю Беларусі, не гледзячы на шматлікія негатыўныя эканамічныя і палітычныя наступствы, даў беларусам і станоўчыя моманты. Сярод іх быў дазвол на правядзенне ў 1918 годзе Віленскай беларускай канферэнцыі.

Канферэнцыя 1918 года мае важнае значэнне ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху пачатку XX ст. Яна стала першым крокам на шляху да ўтварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Рашэнні прынятыя ВБК вызначылі і заклалі той накірунак, якім павінна была ісці Беларусь на шляху да сваёй незалежнасці.

У часы нямецкай акупацыі Вільня стала бадай адзіным галоўным востравам развіцця беларускай справы. Тут, у 1916 годзе пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага пачала выходзіць беларуская газета "Гоман", якая праіснавала да канца 1918 г. Менавіта газета "Гоман" і матэрыялы звязаныя з канферэнцыяй, якія захоўваюцца ў Вільні, з'яўляюцца каштоўнымі і малавывучанымі крыніцамі па даследаванню дзейнасці Беларускай Канферэнцыі.

Тэма даследавання дзейнасці Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 г. з'яўляецца актуальнай, бо сама Канферэнцыя адыграла важнае значэнне ў справе беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя і гэтае значэнне не раскрыта і па сённяшні дзень. У гэтай сітуацыі немагчыма абыйсціся без усебаковага вывучэння гісторыі дзейнасці канферэнцыі, дзейнасці і ўкладу яе арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама дэтальнага вывучэння ўсіх магчымых крыніц, у тым ліку газеты "Гоман", якая з'яўляецца маладаследаванай адносна дзейнасці канферэнцыі.

Аб'ектам даследавання з'яўляецца беларускі нацыянальны рух пачатку XX ст.

Прадмет даследавання - Віленская беларуская канферэнцыя 1918 г. у матэрыялах газеты "Гоман" і дакументах аддзела рукапісаў БАН Літвы

Мэта даследавання: характарыстыка матэрыялаў газеты "Гоман" і дакументаў аддзела рукапісаў БАН Літвы як крыніцы па гісторыі дзейнасці Віленскай беларускай канферэнцыі 1918 года.

Задачы:

1. Паказаць асаблівасці гістарычнай крыніцы, ахарактарызаваць метады крыніцазнаўчага аналізу.

2. Зрабіць гістарыяграфічны агляд даследаванняў па дзейнасці Віленскай беларускай канферэнцыі.

3. Прааналізаваць матэрыялы газеты "Гоман" як крыніцы па гісторыі Віленскай беларускай канферэнцыі 1918 г.

4. Прааналізаваць фонд аддзела рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы як крыніцы па гісторыі Віленскай беларускай канферэнцыі.

Асноўнымі метадамі даследавання з'яўляюцца гісторыка-генетычны метад, пры дапамозе якога ўдалося высветліць вытокі "гоманаўскай" публіцыстыкі і яе сувязь з праграмнымі ўстаноўкамі БСГ; гісторыка-сістэмны метад, які выяўляе функцыянальныя сувязі гістарычных падзей і з'яваў і стварае цэласную комплексную карціну мінулага; метад кантэнт-аналізу, які дае сістэматычнае якасна-колькаснае апісанне газеты "Гоман", дазваляе прасачыць і вызначыць асноўны змест публіцыстыкі выдання, а таксама вызначыць колькасць і асаблівасці ўзгадвання Беларускай Канферэнцыі ў тэксце. Таксама ў курсавой працы выкарыстоўваліся агульнанавуковыя метады пазнання.

Гіпотэза даследавання: матэрыялы "Гомана" і фонду аддзела рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы недастаткова вядомыя і слаба выкарыстоўсваюцца ў беларускай гістарыяграфіі.

Курсавая праца складаецца з Уводзінаў, трох раздзелаў (Першы раздзел курсавой працы раскрывае сутнасць гістарычнай крыніцы, яе асаблівасці, а таксама асобна разглядаецца перыядычны друк як гістарычная крыніца. Другі раздзел курсавой працы прысвечаны непасрэдна апісанню і характарыстыцы гістарыяграфіі па даследаванню Беларускай Канферэнцыі ў Вільні ў 1918 г. У трэцім раздзеле аналізуюцца матэрыялы газеты "Гоман" і дакументы адзела рукапісаў БАН Літвы), Заключэння, Спіса выкарыстаных крыніц і літаратуры, Дадаткаў.

1. АСАБЛІВАСЦІ ГІСТАРЫЧНАЙ КРЫНІЦЫ

1.1. Гістарычная крыніца і метады крыніцазнаўчага аналізу

Атрымаць інфармацыю пра чалавека, грамадства, пра падзеі, якія адбываліся ў мінулым, можна толькі абапіраючыся на гістарычныя крыніцы. Творы, якія ствараюць людзі ў працэсе свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці, выкарыстоўваюцца імі дзеля дасягнення пэўных мэтаў.[19] Даследчык можа вывучаць мінулае толькі на аснове гістарычных крыніц ва ўсёй іх разнастайнасці. Ён мае справу не з гістарычнымі фактамі, а з іх адлюстраваннем ў свядомасці людзей пэўнага часу. Гістарычная крыніца - гэта непасрэдна адлюстраванне рэчаіснасці, пакінутае людзьмі. [30, с. 25]

Гістарычнай крыніцай з'яўляецца ўсё, што створана ў працэсе дзейнасці людзей, што нясе інфармацыю пра разнастайнасць грамадскага жыцця і выкарыстоўваецца як аснова для навуковага пазнання. Гістарычная крыніца - гэта аб'ект, што змяшчае інфармацыю аб мінулым жыцці людзей і ўключаны ў працэс гістарычнага даследавання. Крыніца выконвае функцыю накаплення, захавання і перадачы сацыяльнай інфармацыі ў часе. Аднак паняцце гістарычная крыніца на працягу многіх стагоддзяў мела розныя значэнні. Так, ў выдадзеным ў 1833 годзе ў Вене вучэбным дапаможніку З. Бехера тлумачылася, што "крыніца - гэта тое, з чаго чэрпаецца матэрыял для гісторыі". В.О. Ключэўскі ў лекцыйным курсе вызначаў гістарычныя крыніцы як "помнікі, у якіх адлюстравалася згаслае жыццё пэўных асоб і цэлых народаў". У залежнасці ад тэорэтыка-метадалагічных пазіцый аўтарамі ХІХ - пачатку ХХ ст. паняцце "гістарычная крыніца" трактавалася па-рознаму. Калі для пазітывіста Н.І. Карэева крыніцы - "сляды мінулага жыцця", то для неакантыянца А.С. Лапа-Данілеўскага - "рэалізаваны прадукт чалавечай псіхікі".[35]

Французкі гісторык Марк Блок лічыў, што мінулае ёсць нейкая дадзенасць, якую ўжо нельга змяніць і ўспрыняцце гэтага мінулага непасрэдна немагчыма. Аднак, нашаму непасрэднаму назіранню даступныя сляды мінулага - гістарычныя крыніцы: тэкставыя і матэрыяльныя, геаграфічныя, моўныя і г.д. - "усё, што чалавек гаворыць альбо піша, ўсё, што ён вырабляе, усё да чаго чалавек дакранаецца, можа і павінна даваць пра яго звесткі. Гістарычная крыніца не з'яўляецца толькі скрыняй, дзе знаходзяцца гістарычныя факты. Марк Блок падзяляў крыніцы на "свядомыя" і "несвядомыя", пры чым першыя маглі саступаць па значнасці другім. Так, часам жыціі святых не ўтрымліваюць дэталёвай інфармацыі пра іх жыццё, але могуць указваць на асаблівы склад мыслення іх аўтра і вобраз жыцця той эпохі.

Дзеля таго, каб сведчанні крыніцы не ўхіляліся ад увагі гісторыка неабходна скласці апытальнік. Любы гістарычны пошук разлічвае на тое, што апытанне вядзецца ў пэўным накірунку.

М. Блок прапаноўваў правяраць дакладнасць крыніцы, пры дапамозе іншых дакументаў, якія здольныя падцвердзіць альбо аспрэчыць яе змест. Фактарамі, якія выкрываюць падман можа выступаць таксама мова сведчання, яе адэкватнасць часу і месцу, што апісваецца, а таксама палітычныя інстытуты, якія выкарыстоўваюцца ў крыніцы. У тым выпадку, калі сведчанне прызнана недакладным, гісторык не можа адказвацца ад дадзенай крыніцы, набходна матываваць падман. Гэта ў сваю чаргу, з'яўляецца часткай вывучэння мінулага, яго характэрных рысаў, магчыма і неперададзеных непасрэдна. [9]

Існуюць шматлікія класіфікацыі гістарычных крыніц па розных крытэрыях, аднак найбольш распаўсюджанай можна лічыць класіфікацыю па спосабу фіксавання (кадзіроўкі) інфармацыі, прапанаваную ў 1970-я гг. Л.Н. Пушкаровым і А.П. Пранштэйнам. У адпаведнасці з ёй усе крыніцы падзяляюцца на наступныя тыпы (тып аб'ядноўвае крыніцы, якія адрозніваюцца спосабам кадзіроўкі інфармацыі і яе захоўвання): 1) пісьмовыя; 2) рэчавыя; 3) этнаграфічныя; 4) вусныя (фальклорныя); 5) лінгвістычныя; 6) фонадакументы; 7) фотадакументы. [31]

Класіфікацыя па тыпах і відах распрацавана пераважна для сістэмы пісьмовых крыніц. Назвы існуючых класіфікацый пісьмовых крыніц з'яўляюцца прадметам працяглых дыскусій. Ходзін С. Н. прапаноўвае наступны падзел: 1) дакументальныя крыніцы (дакументы заканадаўства, акты, матэрыялы справаводства, статыстычныя матэрыялы); 2) апавядальныя (летапісы і хронікі, літаратурныя і публіцыстычныя творы). Асобна вылучаецца і разглядаецца перыядычны друк як спецыфiчная сiстэма гiстарычных крынiц, паколькi iх аб'ядноўвае толькi знешняя рыса - перыядычнасць выдання, паводле ж зместу гэта - заканадаўчыя i актавыя дакументы цi публiцыстыка, навуковыя цi лiтаратурныя творы i г. д. [31]

Любая навука, у тым ліку і гістарычная, мае ў сваім распараджэнні вялікую колькасць разнастайных метадаў. Іх характарыстыка ў поўным аб'ёме выклікае цяжкасці нават у спецыяльным даследаванні. Таму перш за ўсё варта спыніцца на агульных метадах, якія прымяняюцца ва ўсіх сферах гістарычных даследаванняў. Да іх адносяцца метады аналізу і сінтэзу, узыходжанне ад пэўнага да абстрактнага, метады індукцыі і дэдукцыі. Дадзеныя метады знаходзяцца ў дыялектычнай узаемасувязі, дапаўняюць адзін аднаго, што ўвыніку і дазваляе забяспечыць аб'ектыўнасць і праўдзівасць пазнавальнага працэсу. Спецыяльна-гістарычныя, альбо агульнагістарычныя метады даследавання крыніц ўяўляюць сабой тое ці ішае спалучэнне агульнанавуковых метадаў, якія накіраваны на вывучэнне аб'екта гістарычнага пазнання. Да ліку агульнагістарычных метадаў навуковага даследаванння адносяцца: гісторыка-генетычны, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-параўнаўчы, гісторыка-сістэмны метады. [12]

Існуе яшчэ адзін спецыфічны метад, які сёння шырока выкарыстоўваецца ў гістарычным даследаванні пры аналізе перыядычнага друку - метад кантэнт-аналізу. Кантэнт-аналіз (contents - англ.: змест) - навуковы метад даследавання тэкставай і графічнай інфармацыі, сутнасць якога заключаецца ў пераводзе інфармацыі ў колькасныя паказчыкі, а таксама яе статыстычнай апрацоўцы. Дадзены метад характарызуецца вялікай строгасцю і сістэматычнасцю. Тэрмін "кантэнт-аналіз" упершыню пачаў прымяняцца ў канцы XIX - пач. XX стст. у амерыканскай журналістыцы.

Гаральд Ласуэл сфармуляваў асноўныя пытанні кантэнт-аналізу: "Хто кажа, што, каму, чаму, у якой ступені і з якой мэтай?". Дадзены метад шырока выкарыстоўваецца не толькі ў сацыялогіі і паліталогіі, але таксама і ў антрапалогіі, гісторыі, псіхалогіі, літаратуразнаўстве. Адпаведна з дапамогай кантэнт-аналізу можна аналізаваць розныя тыпы тэкстаў: паведамленні СМІ, заявы палітычных дзеячаў, праграмы партый, прававыя акты, гістарычныя крыніцы, літаратурныя творы. [18]

Кантэнт-аналіз падзяляецца на змястоўны і структурны. Змястоўны кантэнт-аналіз засяроджвае ўвагу даследчыка на змесце паведамлення, на тым, пра што у ім гаворыцца, тады як структурны - на колькасці і асаблівасцях ўзгадвання пэўнага тэрміна ў тэксце паведамлення. Пры структурным кантэнт-аналізе даследчыка цікавіць не столькі што гаворыцца, колькі як гаворыцца, які спосаб перадачы інфармацыі. Напрыклад, як часта асвятляецца тая ці іншая падзея ў пэўнай крыніцы, колькі прасторы для друку ёй адводзіцца, надрукавана яна на першай ці наступнай паласе і г.д. Вылучаюць некалькі этапаў прымянення метада кантэнт-аналізу. На першым этапе даследчык сістэматызуе гіпотэзы, выбірае зыходныя катэгорыі аналізу: адзінкі назірання і падліку. На другім этапе адбываецца збор, апрацоўка, аналіз і ацэнка інфармацыі. [18]

Дзеля таго, каб прымяненне метаду кантэнт-аналіза было паспяховым, крыніца павінна адпавядаць пэўным патрабаванням. Перш за ўсё, пры выбары крыніцы неабходна вызначыць у якой ступені яе змест адпавядае пастаўленай мэце. Неабходна таксама вывучыць усе існуючыя крыніцы па дадзенай праблеме. Звычайна вылучаюць тры ўзроўні стратэгіі даследчага пошуку пры апрацоўцы тэкставых масіваў: фармулятыўны, апісальны і эксперыментальны планы. У гістарычных даследаваннях часцей за ўсё выкарыстоўваецца апісальны план, мэтай якога з'яўляецца сістэматычнае якасна-колькаснае апісанне крыніцы. [18]

Трэба адзначыць, што кантэнт-аналіз з'яўялецца вельмі прадуктыўным метадам гістарычных даследаванняў, які дазваляе часам атрымаць даволі нечаканыя вынікі пры вывучэнні як асобных наратыўных крыніц, так і вялікіх несістэматызаваных інфармацыйных масіваў.

2.2. Перыядычны друк як гістарычная крыніца

У сістэме гістарычных крыніц перыядычны друк займае даволі значнае месца. Рэдкае гістарычнае даследаванне падзей, з'яў, фактаў новага часу абыходзіцца без звароту да матэрыялаў перыёдыкі [21]. Перыядычны друк разглядаецца як спецыфічная сістэма гістарычных крыніц, бо акрамя традыцыйных відаў (аналітычны жанр, карэспандэнцыя, артыкулы, рэцэнзіі) перыёдыка змяшчае і заканадаўчыя дакументы і мемуарныя творы і г.д. [30, с.54]

У Заходняй Еўропе станаўленне перыядычнага друку пачалося ў XVI стагоддзі. У Беларусі - з XVIII ст. Са з'яўленнем прыёдыкі любая з'ява, сказанае слова альбо характарыстыка каго-небудзь маглі быць распаўсюджаны на вялікай тэрыторыі і ў вялікай колькасці. Гэта істотна ўскладніла кантроль з боку ўлады над інфармацыяй і прадвызначыла ўзнікненне новых формаў. У першую чаргу гэта, безумоўна, цэнзура. Яна ўздзейнічала не толькі шляхам адміністратыўным, але і фіксальным, так як большая частка распаўсюджвалася па падпісцы і існавала моцная фінансавая залежнасць ад продажу. З часам цэнзура сфармавалася ў выглядзе дзяржаўнага інстытута. [30, с. 55]

Складанасць вывучэння перыядычнага друку прадвызначаецца не толькі наяўнасцю цэнзуры, але і разнастайнасцю формаў выкладу матэрыяла, выпрацаванага на працягу яе развіцця. Гэта не сумма, а комплекс крыніц, самых разнастайных па жанру, паходжанню і характару інфармацыі: афіцыйныя паведамленні, заканадаўчыя дакументы, публіцыстыка, лісты, газетныя жанры (заметкі, рэпартажы, інтэрв'ю) і інш. Ва ўсёй разнастайнасці жанраў ўласна перыёдыкі даследчыкі ўмоўна вылучаюць тры групы: матэрыялы аналітычныя, інфармацыйныя, мастацка-публіцыстычныя. Дадзеная класіфікацыя патрабуе таксама сістэматызацыі выданняў. Існуюць шматлікія класіфікацыі перыядычных выданняў. Па перыядычнасці выданні падзяляюць на штодзённыя, штотыднёвыя, штомесячныя, штоквартальныя. Калі даследчыка цікавіць дынаміка падзей, то звяртацца неабходна да штодзённых выданняў, радзей - да штотыднёвых. Тут больш матэрыялаў інфармацыйных, мэта якіх аператыўна перадаць веды пра падзеі, факты. Аднак ў такой аператыўнасці крыецца прычына тыражыравання чутак, неправеранай, недакладнай інфармацыі. [30, с.55]

Дзеля таго, каб вызначыць ацэнку грамадствам тых ці іншых падзей, іх вынікі, больш карыснымі будуць выданні штотыднёвыя, штомесячныя, штоквартальныя. Яны змяшчаюць пераважна аналітычныя матэрыялы, мэтай якіх з'яўляецца не столькі перадача інфармацыі пра падзеі, колькі меркаванні з іх нагоды. Мастацка-публіцыстычныя матэрыялы, такія як нарыс, фельетон, памфлет даюць надзейную ацэнку, якая спалучае грамадска-палітычнае і эмацыянальнае гучанне. Тут прысутнічаюць і дакументалізм, і літаратурны вымысел. [30, с.56]

Па тэрытарыяльнай прыкмеце выданні падзяляюцца на сталічныя, гарадскія, рэгіянальныя. Сістэматызацыя такога роду дазваляе вызначыць рэакцыю розных груп насельніцтва на пэўную падзею, прасачыць дынаміку распаўсюджвання пэўных звестак і іх крыніцы. Існуе таксама падзел па мове (рускамоўныя выданні, беларускамоўныя і г. д.). Умоўнасць такога крытэрыю ацэнкі толькі на першы погляд. Адзначаныя адрозненні аказваюць уплыў і на змест апублікаваных матэрыялаў. Даволі часта мова выдання характарызуе яго пазіцыю (асабліва ў шматнацыянальных дзяржавах). [31]

Можна вылучыць таксама падзел па выдаўцах (друк афіцыйна-ўрадавы, прыватны, друк грамадскіх арганізацый). Варта адзначыць, што незалежнага друку фактычна не існуе. Пазіцыя пэўнага выдання шмат у чым залежыць ад выдаўца. І перш чым вывучаць матэрыялы прэсы, неабходна ўстанавіць, пазіцыю якіх сацыяльна-палітычных груп яны адлюстроўваюць. [31]

Падчас працы з перыёдыкай існуе два галоўныя падыходы, кожнаму з якіх уласцівы свае крыніцазнаўчыя асаблівасці: 1.) усебаковае вывучэнне дадзенага органа перыядычнага друку як цэласнай крыніцы (без тэмы); 2.) пошук і вывучэнне ў дадзеным органе друку асобных тэкстаў-крыніц па тэме, якая сама па сабе не з'яўляецца тэмай пра гэты орган. Гэтыя два падыходы не варта раздзяляць і супрацьпастаўляць. Яны цесна звязаныя паміж сабой. [31]

Трэба адзначыць, што перыядычны друк з'яўляецца дастаткова складнай гістарычнай крыніцай, якая не імкнецца прадставіць чытачу аб'ектыўную інфармацыю. Таму, акрамя інфармацыйнай, перыядычны друк выконвае і шэраг іншых функцый, у тым ліку - функцыю кіравання. Друк не толькі адлюстроўвае, але і фарміруе грамадскую думку, уяўленні людзей пра акаляючае асяроддзе, і, такім чынам, аказвае ўплыў на ход падзей. У сістэме сацыяльнага кіравання перыёдыка можа выступаць у ролі суб'екта (заклік да дзеяння), сродкаў (механізм перадачы інфармацыі) ці аб'екта (выкананне вызначаных ёй суб'ектам функцый). У сілу спецыфічных асаблівасцей перыядычны друк патрабуе асаблівай увагі, крытычнага падыходу і распрацоўкі праблемных метадаў даследавання. [20]

Калі гаварыць пра вывучэнне перыядычнага друку, то звычайна сюды адносяць вывучэнне гісторыі якога-небудзь выдання , альбо даследаванне матэрыялаў, надрукаваных у газетах і часопісах па пэўнай тэме. Аднак даследаванне матэрыялаў перыёдыкі без папярэдняга цэласнага вывучэння таго выдання, адкуль бярэцца інфармацыя, будзе няправільным, паколькі перыёдыка разлічана на аказанне ўплыву на чытача, і чытач успрымае тую ці іншую інфармацыю зыходзячы са сваіх перакананняў, заснаваных на рэпутацыі выдання, літаратурным і грамадскім мінулым яго аўтараў. [20]

Пры аналізе асобных матэрыялаў газет і часопісаў варта ўлічваць, ці ствараўся гэты тэкст спецыяльна для дадзенага выдання, ці выдаўцы апублікавалі тэкст, створаны з іншай мэтай. Таксама варта адзначыць ролю выдаўца і выдавецтва ў стварэнні перыядычнага друку. Таму даследаванне таго ці інашага перыядычнага выдання варта пачынаць з вывучэння асобы выдаўца, разумення мэтаў, якія ён ставіў, пераследаваў. Асаблівую ўвагу неабходна надзяляць прычынам змены выдаўца. Часам з прыходам новага выдаўца кардынальна змяняўся накірунак перыядычнага друку і г. д. [20]

Такім чынам, для гісторыка перыядычны друк з'яўляецца ўнікальнай крыніцай, бо перыёдыка дае вялікі шэраг розных матэрыялаў для даследавання. З іншага боку, перыядычны друк - гэта складаная, дастаткова суб'ектыўная крыніца, якая патрабуе пільнай увагі з боку даследчыка і вывучэнне якой, павінна адбывацца паслядоўна, сістэмна, улічваючы ўсе асаблівасці перыёдыкі як гістарычнай крыніцы.

2. АГЛЯД ГІСТАРЫЯГРАФІІ ПА ДАСЛЕДАВАННЮ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ 1918 ГОДА

Падзеям дзейнасці беларускага руху пач. XX стагоддзя у перыяд Першай сусветнай вайны прысвечаны шэраг навуковых і публіцыстычных даследаванняў беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў.

У працы "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" (1989) Юрый Туронак разглядае тэмы "Першая сусветная вайна і самавызначэнне беларускага народу", "Беларусь і Нямеччына" і спрабуе асвятліць перыяд 1914-1918 гг. у гісторыі Беларусі ў больш шырокім кантэксце. У кнізе Янкі Запрудніка "Беларусь на гістарычных скрыжаваннях" (1996), якая з'яўляецца нарысам гісторыі нашай краіны для далёкіх ад беларускае праблематыкі замежнікаў, адзначана, што ў 1916 годзе "беларуская справа ўпершыню выйшла на міжнародную палітычную арэну". Пра тое ж пісаў гісторык Станіслаў Рудовіч. Беларускае пытанне ў міжнародных адносінах перыяду Першай сусветнай вайны, Версальскага ды Рыжскага трактатаў пачаў вывучаць гісторык і даследчык Уладзімір Міхнюк, аднак яго праца засталася незавершанай [24, с. 81].

Даследаваў пытанні беларускага руху вядомы беларускі гісторык Міхась Біч. Ён паставіў пытанні да гісторыі нацыянальнага руху і нацыянальнага будаўніцтва і распрацаваў тэарэтычныя асновы даследавання гэтай праблематыкі. Ён пісаў, што на пачатку ХХ ст. рэзка ўзмацнілася дзейнасць расійскіх і польскіх колаў, накіраваная на асіміляцыю беларусаў, і таму беларускі нацыянальны рух найчасцей быў вымушаны займацца абаронай сваіх ідэяў, а не пашырэннем іх у грамадстве. [10] У 1994 г. выйшаў першы том "Нарысаў гісторыі Беларусі", і артыкулы М. Біча "Барацьба за нацыянальнае адраджнне", "Беларусь у час першай сусветнай вайны", у якіх аўтар спрабаваў пераасэнсаваць гістарычны шлях беларускага народу.

У працы беларускага гісторыка Мікалая Сташкевіча "Гістарычны выбар на пачатку 20 стагоддзя", аўтар даследуе пытанні беларускага нацыянальнага руху і грунтоўна аналізуе працэс партыйнага будаўніцтва ў беларускім нацыянальным руху п. 20 ст., эвалюцыі поглядаў кіраўніцтва БСГ. М. Сташкевіч абгрунтавана сцвярджае, што ў "грамадаўскім руху" існавалі "дзве рэвалюцыйныя плыні марксісцкая і народніцкая"[22].

Пра дзейнасць непасрэдна Беларускай Канферэнцыі 1918 года ўзгадваецца ў артыкуле Анатоля Грыцкевіча "Беларуска-літоўскія дачыненні:1918-1922 гг.", у якім расказваецца пра асноўны вынік працы канферэнцыі: абранне Віленскай Беларускай Рады, і асноўныя ідэі: стварэнне федэратыўнага Літоўска-Беларускага гаспадарства. [11, с. 59]

У лекцыях прафесара Захара Шыбекі "Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?" можна прасачыць за падзеямі, што папярэднічалі стварэнню БНР, апавядаецца таксама пра дазволеную немцамі Беларускую Канферэнцыю ў Вільні 1918 г. і асноўны змест прынятых рэзалюцый, у якіх сцвярджалася пра неабходнасць поўнай дзяржаўнай незалежнасці беларускага краю. Акрэсліваліся вынікі Канферэнцыі і стварэнне Віленскай беларускай рады (Беларускай Тарыбы) на чале з Антонам Луцкевічам. З. Шыбека піша аб тым, што "рэзалюцыя канферэнцыі была пасланая нямецкаму канцлеру. Але немцы прамаўчалі. Канферэнцыя не спраўдзіла таго, чаго чакалі ад яе нямецкія ўлады". [32]

Трэба адзначыць, што ў савецкія часы дзейнасць Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 года, як і пытанне беларускага нацыянальнага руху пач. 20 ст. не даследавалася і проста замоўчваўся. З гэтай прычыны тэма ВБК 1918 года з'яўляецца маладаследаванай і распрацаванай сярод беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў.

Адным з галоўных даследчыкаў у пытаннях беларускага нацыянальнага руху і ролі Антона Луцкевіча ў барацьбе за вызваленне беларускага краю, а таксама дзейнасці розных палітычных партый, арганізацый пачатку 20 стагоддзя, у тым ліку і Віленскай Беларускай канферэнцыі 1918 году з'яўляецца Анатоль Сідарэвіч. З інфармацыяй пра Віленскую беларускую канферэнцыю 1918 года можна азнаёміцца ў энцыклапедыі гісторыі Беларусі, дзе даецца кароткая інфармацыя пра месца і час праведзяння канферэнцыі, акрэсліваюцца асноўныя мэты і задачы канферэнцыі, а таксама прадстаўляюцца галоўныя вынікі і рашэнні, прынятыя падчас дзейнасці ВБК. Разам з тым, не падаецца ніякай інфармацыі пра галоўных удзельнікаў, этапы падтрыхтоўкі і правядзення канферэнцыі, сцісла ўзгадваюцца пытанні і праблемы прадстаўленыя на Беларускай канферэнцыі ў Вільні. [27]

У артыкуле "Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі" Сідарэвіч гаворыць аб тым, што ў студзені 1918 г. у Вільні была праведзена Беларуская канферэнцыя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Летувы (люты 1918) Віленская беларуская рада (ВБР), абраная на канферэнцыі, стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі, але ўсё роўна не адмаўляла ідэю канфедэрацыі Беларусі і Летувы. [23]

Найбольш грунтоўны агляд падзей, што датычыцца дзейнсці Беларускай Канферэнцыі 1918 г., даецца ў артыкуле "Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916-1918)" Анатоля Сідарэвіча. Аўтар спрабуе вызначыць значэнне Першай сусветнай вайны для беларускай справы і Беларусі ўцэлым, а таксама дае грунтоўны агляд крыніц па дзейнасці ВБК і развіцці беларускага руху ў перыяд нямецкай акупацыі. Аўтар адзначае, што "для Беларусі перыяд Першай сусветнай вайны быў часам хуткага росту нацыянальнай свядомасці беларусаў, узнікнення школьніцтва, выхад беларускай справы на міжнародную арэну, узнікнне ідэі дзяржаўнай незалежнасці і спробы яе рэалізацыі ў форме БНР" [27, с. 81].

Аўтарам апісваецца праца, якая рабілася па падрыхтоўцы правядзення Беларускай Канферэнцыі ў 1918 годзе, робіцца спроба храналагічнай фіксацыі асноўных момантаў падрыхтоўкі. Пры гэтым аўтар абапіраецца на дакументы, рукапісы і матэрыялы, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Так, 30 верасня ў Вільні адбыўся беларускі мітынг, якім кіраваў І. Луцкевіч. Удзельнікі мітынгу патрабавалі злучэння "ў адной адміністрацыйнай арганізацыі Літвы" ўсіх беларускіх земляў акупацыі і прапарцыйнага прадстаўніцтва беларусаў у Краёвай Радзе Літвы. Таксама ўдзельнікі мітынгу даручылі яго арганізатарам "учыніць патрэбныя крокі дзеля сазыву ў Вільні Беларускай Канферэнцыі з прадстаўнікоў усіх Беларускіх зямель акупацыі дзеля чыннага учасця ў тымчасовай арганізацыі занятай немцамі часці нашага Краю". Тэкст дадзенай рэзалюцыі, які напісаны А. Луцкевічам, змяшчаецца ў кнізе "А. Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху". Рукапіс жа рэзалюцыі захоўваецца ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 74-75). Таксама зберагаецца і чарнавік перакладу рэзалюцыі на нямецкую мову, а таксама копія машынапісу гэтага перакладу, зробленага Эміліяй Манке (адз. захав. 134, арк. 4-6) [24, с. 87].

У БДАМЛМ таксама маецца чарнавік звароту прэзідыума мітынгу ад 4 кастрычніка да князя фон Ізэнбург-Бірштэйна з просьбай "аб пазваленні асобам, каторыя будуць намі дэлегаваны, аб'ехаць беларускія ваколіцы і запрасіць прадстаўнікоў беларусаў з правінцыі на супольную з намі нараду аб арганізацыі Беларускай Канферэнцыі ў Вільні". Недзе ў той жа час А. Луцкевіч складае "Платформу Арганізацыйнага Камітэту" дзеля сазыву Беларускай канферэнцыі ў Вільні. У БДАМЛМ маецца копія машынапісу гэтага дакумента (адз. захав. 140, арк. 40) [24, с. 87].

Галоўная мэта Камітэту - «злучыць у адно ўсе кругі і ўсе палітычныя кірункі беларускага грамадзянства дзеля агульнанацыянальнай справы: сазыву агульнабеларускай нацыянальнай Канфэрэнцыі ў Вільні». У другім пункце выкладаліся палітычныя лозунгі, з якімі беларусы ішлі на Канферэнцыю. Першы сярод іх - «незалежнасць усіх Беларуска-Літоўскіх зямель акупацыі з далучэннем закардоннай Беларусі». Незалежную Беларуска-Літоўскую дзяржаву меркавалася будаваць на наступных асновах: падзел яе на дзве асноўныя аўтаномныя этнаграфічныя тэрыторыі - беларускую і літоўскую; забеспячэнне роўных правоў усім нацыянальнасцям і ўсім вызнанням; забеспячэнне правоў нацыянальных меншасцяў; забеспячэнне правоў беларускай мовы ва ўрадавых інстытуцыях, судзе, грамадзкіх установах, касцёле, царкве і школе; увядзенне выкладовай мовы ў школах паводле матчынай мовы вучняў [24, с. 87].

18 кастрычніка - праз два тыдні пасля першага звароту да князя Ізэнбурга-Бірштэйна - беларусы зноў звяртаюцца да яго. На гэты раз з просьбаю зацвердзіць "утвораны імі падгатавіцельны камітэт дзеля сазыву ў Вільні беларускай канферэнцыі з усіх беларускіх зямель акупацыі ў зьвязку з будучай арганізацыяй нашага Краю". На розныя ўзгадненні з немцамі пайшло чатыры тыдні. Але ўвыніку быў зацверджаны арганізацыйны камітэт дзеля склікання Беларускай Канферэнцыі, і ўжо 17 лістапада 1917 г. Аргкамітэт паведаміў афіцыйна аб сваім заснаванні Жыдоўскаму Цэнтральнаму Камітэту [24, с. 88].

Апісваючы далейшы ход падзей па падтрыхтоўцы правядзення канферэнцыі, А. Сідарэвіч у якасці крыніцы даследавання выкарыстоўвае некаторыя матэрыялы газеты "Гоман". 20 лістапада "Гоман" пісаў, што "пытанне аб Беларускай Канферэнцыі развязана памысна". 23 лістапада ў газеце быў апублікаваны персанальны склад прэзідыума Арганізацыйнага Камітэту дзеля склікання Канферэнцыі, паведамлялася пра час і месца правядзення яго штодзённых паседжанняў [24, с. 88]. На мяжы 1917 і 1918 г. Арганізацыйны Камітэт звярнуўся да «свядомых і чынных беларусаў на ўсім абшары акупацыі з прызывам прыняць учасце ў падгатавіцельнай рабоце дзеля сазыву Канфэрэнцыі». Ліст Арганізацыйнага Камітэту дзеля склікання Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні апублікаваны ў «ЛіМе». Цяпер дакладна вядома, што яго аўтарам быў А. Луцкевіч, бо ў БДАМЛМ (адз. захав. 140, арк. 41-46) захоўваецца чарнавік гэтага тэксту. Ён не датаваны. Наверсе першага аркуша напісана: Wilnia.....191... Гэта і дае падставу меркаваць, што дакумэнт быў складзены на мяжы 1917 і 1918 гг. Такім чынам, Аргкамітэт быў зацьверджаны, але яму дазволена было правесці толькі падрыхтоўчую нараду, а не саму Беларускую Канфэрэнцыю. [24, с. 89].

У артыкуле аўтар на падставе дакументаў, што захоўваюцца ў БДАМЛМ, расказвае непасрэдна пра працу самой Канферэнцыі і прынятых ёю дакументах. Матэрыялы Канферэнцыі можна падзяліць на тры групы: 1) пратакольныя запісы Канферэнцыі; 2) праекты рэзалюцый і рэзалюцыі, аўтарам якіх з'яўляецца А. Луцкевіч; 3) праекты рэзалюцый і рэзалюцыі, аўтарства якіх не ўстаноўлена. Аўтар звяртае ўвагу на той факт, што рэзалюцыя Канфэрэнцыі ў культурна-нацыянальных пытаннях, прынятая паводле накіду А. Луцкевіча (адз. захав. 140, арк. 92), пакуль што ня выяўлена. Затое маецца другі накід рэзалюцыі ў культурна-нацыянальных справах (арк. 95). Вось гэты тэкст стаў асноваю рэзалюцыі, якая ня мае назвы і захоўваецца тамсама (арк. 83). Паводле праекту А. Луцкевіча (арк. 86) прынятая рэзалюцыя «Аб беларускай мове ў Праваслаўнай Царкве», якая захоўваецца тамсама (арк. 82). Маецца чарнавік рэзалюцыі аб рэвіндыкацыі нацыянальнай маёмасці, пісаны рукой А. Луцкевіча (адз. захав. 140, арк. 96) [24, с. 89 ].

Аўтар выказвае меркаванне, што А. Луцкевіч з'яўляецца таксама аўтарам пяці галоўных рэзалюцый Канферэнцыі, аднак пакуль што ні рукапіс іх, ні чарнавік ня знойдзеныя. Маецца толькі копія машынапісу, якая захоўваецца ў НАРБ (ф. 325, воп. 1, адз. захав. 16, арк. 16-17) і на якой фіялетавым алоўкам пазначана: «З арыгіналам згода. Рак-Міхайлоўскі». [24, с. 89 ].

Паводле А. Сідарэвіча аснову пяці галоўных рэзалюцый Канферэнцыі складалі артыкулы А. Луцкевіча. Першая з галоўных рэзалюцыяў, у якой гаворка ідзе пра Беларуска-Літоўскую дзяржаву, друкавалася ў артыкулах А. Луцкевіча «Палітычныя лёзунгі беларускага руху» і «З беларускага палітычнага архіву». Другая галоўная рэзалюцыя трактуе аб роўных правох нацыянальнасцяў, аўтаномных этнаграфічных тэрыторыях будучай Беларуска-Літоўскай дзяржавы ды аб забеспячэнні правоў беларускай мовы ў публічным жыцьці і ў школах [24, с.89].

У трэцяй галоўнай рэзалюцыі Канферэнцыя канстатавала неабходнасць «завязаць зносіны з адрэзанай ад нас ваенным фронтам часцю Беларускага Народу» і звярталася да нямецкіх уладаў «з просьбай аб дапушчэнні гэткіх зносін». Чацвёртая галоўная рэзалюцыя - «проці дамагання палякаў прылучыць да Польшчы Беларускія землі» - утрымліваецца ў артыкулах А. Луцкевіча «Беларусь за Познаншчыну» і «Аб Беласточчыну», надрукаваныя ў газеце "Гоман". Пятая галоўная рэзалюцыя гаварыла «аб справе расейскіх і польскіх войск на Беларусі, што здзекуюцца цяпер над безабаронным Беларускім Народам». Яна ўтрымлівала таксама «гарачы пратэст проці разгону расейскім войскам у ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 г. Беларускага Кангрэсу» [24, с. 89 ].

У БДАМЛМ можна прачытаць рукапіс праекту рэзалюцыі ў справах Каталіцкага Касцёлу з устаўкамі А. Луцкевіча (адз. захав. 134, арк. 51). Гэты праект быў прыняты як рэзалюцыя аб беларускай мове ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Тэкст гэтага дакумэнту апублікаваны 12 красавіка 1918 г. у «Гомане». Аўтар адзначае, што не выяўлена рэзалюцыя аб беларускай школе. З артыкулу А. Луцкевіча «Аб беларускую гімназію» вядома, што Канфэрэнцыя «дала загад Беларускай Радзе: учыніць належныя крокі дзеля арганізацыі беларускай сярэдняй школы - беларускай гімназіі». Акрамя таго, на Канфэрэнцыі ўтворана Беларускае навуковае таварыства. [24, с. 90 ].

Крыніцай для вывучэння Беларускай Канфэрэнцыі з'яўляецца і артыкул А. Луцкевіча «Пасля Канфэрэнцыі». У ім збольшага пералічваюцца прынятыя рашэнні. Аўтар піша, што «агульны згодны кліч быў адзін: на ўсіх вустах было слова незалежнасць». Але гэта ўсё яшчэ краёвая незалежнасць: «Літоўска-беларускія землі, якія некалі станавілі незалежнае Вялікае Княства Літоўскае, павінны вярнуць свой утрачаны дзяржаўны быт, - і да незалежнага гасударственнага ядра, якое становяць землі акупацыі, павінна быць далучана і рэшта Беларускіх зямель, каторыя яшчэ астаюцца пад панаваннем Расеі». Дадзены артыкул быў надрукаваны ў "Гомане" 5 лютага [24, с. 90 ].

Такім чынам, зроблены А. Сідарэвічам агляд крыніц па вывучэнні ВБК у дадзеным артыкуле, дае магчымасць атрымаць уяўленне пра ход падрыхтоўкі, працу па прыняцці асноўных пяці рэзалюцый і прадстаўленне вынікаў канферэнцыі. А таксама фарміруе ўяўленне пра эвалюцыю беларускай незалежніцкай думкі нашай краіны ўцэлым ў 1916-1918 гг. Дзякуючы дэталёваму і грунтоўнаму аналізу крыніц можна вылучыць матэрыялы і крыніцы па даследаванні ВБК, якія пакуль яшчэ не знойдзены і не вывучаны.

Анатоль Сідарэвіч працягвае даследаваць творчую спадчыну А. Луцкевіча і яго ролю ў беларускім руху ў кнізе "Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху". Тэксты змешчаныя ў кнізе, даюць падрыхтоўчы матэрыял для далейшага даследавання барацьбы за вызваленне беларускага народу ад сацыяльнага, палітычнага, нацыянальнага і духоўнага ўціску. У прадмове да кнігі аўтар ўзгадвае пра рэшэнне аб стварэнні і правядзенні Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 г. Нягледзячы на перашкоды, што папярэднічалі стварэнню канферэнцыі (утварэнне Літоўскай Тарыбы), Антон Луцкевіч і яго калегі па Беларускім Народным Камітэце не адмовіліся ад ідэі Літоўска-Беларускай дзяржавы. Дамогшыся ад немцаў права на стварэнне арганізацыйнага камітэту дзеля склікання Беларускай Канферэнцыі, дзеячы БНК рэвалюцыйным шляхам абвясцілі нараду гэтага камітэту Беларускай Канферэнцыяй. У кнізе прадстаўлены поўны тэкст "Рэзалюцыі Беларускай Канферэнцыі 25, 26, 27 студня 1918 г. у Вільні". [26, с. 12]

У наступным зборніку "Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне" А. Сідарэвіч працягвае даследаваць жыццё і дзейнасць А. Луцкевіча, і прадстаўляе тэксты напісаныя Антонам Луцкевічам на беларускай мове, пераклады яго польскамоўных тэкстаў, а таксама дзённік Луцкевіча. У кнізе прадстаўлены архіўныя дакументы, якія тычацца непасрэдна Беларускай Канферэнцыі ў Вільні, і пра якія папярэдне ішла гаворка ў артыкуле "Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916-1918)". У зборніку друкуюцца "Тэзісы рэферату на Беларускай Канферэнцыі", "Першы накід рэзалюцыі Беларускай Канферэнцыі ў культурна-нацыянальных справах", "Другі накід рэзалюцыі Беларускай Канфэрэнцыі ў культурна-нацыянальных справах", "Рэзалюцыя ў справах праваслаўнай царквы ", "Беларусь за Познаншчыну". А таксама тэкст артыкула А. Луцкевіча, надрукаванага ў газеце "Гоман" 1918 г. "Пасля канферэнцыі", дзе прадстаўлены асноўныя вынікі дзейнасці Віленскай Беларускай Канферэнцыі. [25, с.151-152]

Такім чынам, неабходна адзначыць, што ў беларускай гістарыяграфіі дастаткова мала даследавана дзейнасць Віленскай Беларускай канферэнцыі 1918 г. Найбольш грунтоўны крыніцазнаўчы агляд матэрыялаў і дакументаў па дзейнасці ВБК зроблены А. Сідарэвічам. Аўтарам праналізаваны і сістэматызаваны дакументы, што змяшчаюцца ў БДАМЛМ, а таксама апісаны ўклад А. Луцкевіча ў арганізацыю і правядзенне Канферэнцыі.

3. МАТЭРЫЯЛЫ ГАЗЕТЫ "ГОМАН" І ДАКУМЕНТЫ АДДЗЕЛА РУКАПІСАЎ БІБЛІЯТЭКІ ІМЯ УРУБЛЕЎСКІХ АН ЛІТВЫ ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ ВІЛЕНСКАЙ БЕЛАРУСКАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ 1918 Г.

3.1. Газета "Гоман" як гістарычная крыніца па даследаванню ВБК

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета "Гоман" ("Homan") нацыянальна-дэмакратычнага адраджэнскага кірунку выдавалася з 1916 па 1918 у Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх уладаў. Газета выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай. Галоўнымі рэдактарамі былі Вацлаў Ластоўскі і Язэп Салавей (з сярэдзіны 1917 г.). Сацыяльна-палітычная праграма газеты набліжалася да сялянска-работніцкага сацыялізму: народаўладдзе, ліквідацыя эксплуатацыі наёмных работнікаў. Газета выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае княства Літоўскае. Таксама інфармавала пра сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, унутранае і міжнароднае становішча краю. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі і нацыянальнае самавызначэнне народаў. Найвышэйшай каштоўнасцямі вольнага грамадства лічылася нацыянальная незалежнасць, інтэлектуальная і палітычная свабода, родная мова і культура, сацыяльны аптымізм і хрысціянская вера. [13]

Газета надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрялаў па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, асвятляла дзейнасць Дзяржаўнай думы, пераважна выступленні эсэраў і сацыял-дэмакратаў меншавіцкага накірунку, друкавала інфармацыю з франтоў, паведамленні германскага генеральнага штаба (рубрыка "Афіцыйны аддзел"), рубрыкі "У Вільні і ваколіцах", "З усяго свету", "З усяго краю", "Весткі з Расіі", тэлеграмы, абвесткі беларускіх кнігарняў, камерцыйную рэкламу. [13]

Трэба адзначыць, што газета "Гоман" з'яўляецца цікавай гістарычнай крыніцай, якая дазваляе гісторыку на падставе матэрыялаў, што змяшчаліся ў газеце, даследаваць шэраг розных пытанняў, у тым ліку і дзейнасць Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 года. Пры гэтым важна ўлічваць, што рэдакцыя газеты складалася з прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай палітычнай партыі леванародніцкага кірунку (БСГ), куды ўваходзілі галоўны рэдактар "Гомана" В. Ластоўскі, а пасля з сярэдзіны 1917 г. Язэп Салавей, Іван і Антон Луцкевічы. І таму відавочна, што на старонках газеты, рэдакцыя імкнулася распаўсюджваць палітычныя погляды сацыялістычнай партыі, і такім чынам спрабаваць уплываць на свайго патэнцыйнага чытача. [13]

Пры аналізе газеты "Гоман" як гістарычнай крыніцы, неабходна звярнуць увагу на дзейнасць тых асоб, якія непасрэдна стваралі газету, пісалі артыкулы і рэдактавалі. Вельмі важнай асобай, якая заклала сацыялістычны накірунак газеты, можна лічыць Антона Луцкевіча - аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст., гісторыка, літаратуразнаўцу, публіцыста, а таксама арганізатара склікання і правядзення Беларускай Канферэнцыі ў Вільні ў 1918 годзе. Пра яго ўклад у працу па стварэнні магчымасці правядзення канферэнцыі ва ўмовах нямецкай акупацыі, а таксама яго ўклад у дзейнасць газеты, сведчаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы надрукаваныя ў "Гомане з 1916 па 1918 гады. Амаль у кожным нумары газеты друкаваліся артыкулы Антона Луцкевіча пад крыптонімам А.Н і псеўданімам І. Мялешка, якія тычыліся найбольш важных грамадска-палітычных, культурна-нацыянальных пытанняў.

Аналізуючы матэрыялы газеты "Гоман" як крыніцы для даследавання гісторыі Беларускай Канферэнцыі 1918 году, можна гаварыць аб тым, што ідэі, апублікаваныя на старонках газеты, сталіся падмуркам для напісання галоўных рэзалюцый прынятых на канферэнцыі 1918 г.: пытанне ўжывання беларускай мовы ў школе і касцёле; краёвая ідэя аб канфедэрацыі белаларускіх тэрыторый у межах Вялікага Княства Літоўскага; праблема выхаду Беларусі да мора; ідэі супраць далучэння да Польшчы беларускіх зямель.

Ідэі, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі, пачыналі зараджацца яшчэ задоўга да правядзення канферэнцыі і знайшлі сваё адлюстраване на старонках газеты "Гоман".

Шмат увагі рэдакцыя надавала праблеме беларускай мовы ў касцёле, і таму пра гэтае пытанне пісала ня раз. У артыкуле І. Мялешкі (Антона Луцкевіча) "Народ і рэлігія" за 17 сакавіка 1916 года, гаварылася аб тым, што "ў Вільні беларусы каталікі ў 1916 г. зрабілі першыя крокі, каб завясці беларускую мову ў касцёле і пры навуцы рэлігіі ў школе. Адміністратару Віленскай дыяцэзіі была пададзена просьба з чысленымі подпісамі, каб хоць у адным з віленскіх касцёлаў дадатковыя модлы, казанні, катэхізацыя і споведзь адбываліся па-беларуску ды каб быў назначаны ксёндз беларус, каторы б вучыў беларускіх дзяцей рэлігіі ў школах па-беларуску." Такім чынам, рабіліся пэўныя крокі дзеля таго, каб беларуская мова набыла належныя правы ў каталіцкім касцёле. [15]

Праблеме выкарыстання беларускай мовы ў касцёле прысвечаны артыкулы "У іх нічога няма" і "Добрыя весці", напісаныя ў газету Антонам Луцкевіча пад крыптонімам А.Н. У артыкуле "У іх нічога няма!" аўтар звяртае ўвагу чытачоў на той факт, што "на Беларуска-Літоўскай зямлі" у касцёле можна пачуць мову літоўскую, польскую, але ніяк не беларускую. Заклікае беларускае духавенства вучыць "рэлігіі ў роднай мове" і не апраўдвацца тым, што ў беларусаў "нічога няма". [6] У артыкуле "Цікавае выступленне" аўтар ізноў звяртае ўвагу на нежаданне ксяндзоў праводзіць службу на беларускай мове і выказвае спадзяванне, што ў "Віленскай дыяцэзіі счэзне ўціск беларускай мовы ў касцёле, калі сюды будзе назначаны чалавек, каторы на першым плане паставіць справы веры, а не справы польскай нацыянальнай палітыкі." [7]

На старонках газеты агучваліся ідэі аб належным праве беларусаў вучыцца ў школе на роднай мове. У артыкуле "Вызваленне школы" надрукавным у 1916 годзе аўтар піша аб тым, што "правіцельства зусім правільна ацэньвала ўвагу, якую мае народная школа, і перш за ўсё пастаралася ўзяць яе ў свае рукі: у вучыцельскіх семінарыях сістэматычна вяло абрусіцельную работу, перарабляючы беларускую моладзь у "истинно-русских" і спасобячы іх да нішчэння праз школу ўсяго роднага, беларускага". [14]

Пытанне выхаду краіны да мора таксама разглядалася ў "Гомане" у артыкуле "Вільня, 28 верасня" у 1917 годзе. Аўтар засяроджваў сваю увагу на тым, што "кожны край і кожны народ можа быць вольным і можа ўсестаронна развівацца толькі тады, калі будзе мець забяспечаны матэрыяльны быт. Эканамічна-гаспадарчае жыццё магчыма толькі тады, калі край мае вольны выхад да мора, мае свае порты". [3] Пра тое ж І. Мялешка пісаў і раней ў 1916 годзе ў артыкуле "Нашы суседзі": "Для кожнага краю выхад у мора - гэта найважнейшае пытанне эканамічнага жыцця". Аўтар паказваў важнасць для эканомікі Беларусі неманскага, дзвінскага і дняпроўскага водных шляхоў, якія звязваюць Беларусь з Рыгай і Лібавай". [16]

Ідэя Беларускай-Літоўскай дзяржавы, якая б уваходзіла на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае, вельмі выразна прыстунічала ў артыкулах друкаваных у "Гомане" за 1916-1918 гады. Пра гэта Антон Луцкевіч ( І. Мялешка) ня раз пісаў ў артыкулах "Сіла наша - у нас саміх" (1916 г.), "Дзеля буднай работы" (1917 г.), "Краёвая Рада Літвы". У артыкуле "Вільня, 28 верасня" 1917 год, аўтар пісаў: "жаданне ўсіх свядомых беларусаў - тое, каб наша Бацькаўшчына не была пабіта на кускі, а каб усе Беларускія землі разам з этнаграфічнай Літвой і ў найцяснейшай лучнасці з Курляндзіяй станавілі б суцэльную вольную дзяржаўную арганізацыю ў звязі з тымі дзяржавамі, з каторымі наш край злучаюць жыццёвыя інтарэсы". [3] Газета не раз на сваіх старонках прапаноўвала сваім чытачам канцэпцыі Канфедэрацыі ВКЛ і Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора, так як яны адпавядалі беларускім нацыянальным інтарэсам.

Газета таксама пратэставала супраць далучэння беларускіх зямель да Польшчы. У артыкуле "Трайны пратэст" надрукаваны ў "Гомане" у лютым 1917 года ідзе гаворка аб тым, што ўкраінцы сабралі ўсе свае сілы дзеля таго, каб не даць паняволіць сябе палякам. Антон Луцкевіч ( І. Мялешка) піша: "Голас украінцаў - гэта ўжо трэці голас пратэсту проці прылучэння да наваладжанай Польскай дзяржавы: з адзінкавай цвёрдасцю выступаюць проці падобнай думкі як беларусы, так і літвіны". [17] Дадзеная праблема, праблема супраць дамагання палякаў прылучыць да Польшчы беларускія землі, ў будучым знойдзе сваё месца ў адной з галоўных рэзалюцый прынятых на Беларускай Канферэнцыі ў Вільні ў 1918 годзе.

На падставе матэрыялаў газеты "Гоман" можна вылучыць падрыхтоўчы этап, звязаны з непасрэднай арганізацыяй і скліканнем канферэнцыі. У артыкуле за 20 лістапада 1917 года рэдакцыя газеты "Гоман" паведамляе сваім чытачам аб "утварэнні Арганізацыйнага Камітэту дзеля сазыву ў Вільні Беларускай Канферэнцыі з усіх зямель нямецкай акупацыі". Газета не проста паведамляе пра скліканне Беларускай Канферэнцыі, але і прапагандуе яе, гаворачы аб тым, што дасягнуць незалежнасці краю і збудаваць сваю дзяржаву можна толькі на Канферэнцыі, выбранай беларускім насяленнем з усяго абшару акупацыі. "На Канферэнцыі, на каторую прыедуць дэпутаты і з беларускай Віленшчыны, і з Гродзеншчыны, і з Беласточчыны, і з Міншчыны, і з тэй часці Сувальшчыны, дзе жывуць беларусы (Аўгустоўскі павет)." [4]

Газета "Гоман" як крыніца для даследавання гісторыі і дзейнасці ВБК 1918 года, прадстаўляе інфармацыю аб асноўным скаладзе аргнізатараў канферэнцыі. 27 лістапада 1917 года на старонках "Гомана" з'яўлецца рэкламная абветска звязаная з арганізацыяй канферэнцыі: "Каб злучыць у адно ўсе кругі і ўсе палітычныя кірункі беларускага грамадзянства дзеля агульна-нацыянальнай справы: сазыву ў Вільні агульна-беларускай нацыянальнай Канферэнцыі з уісх беларускіх зямель акупацыі - функцыі Рэдакцыйнага Камітэту "Гомана" прыняў на сябе прэзідыум Арганізацыйнага Камітэту дзеля сазыву памянёнай Канферэнцыі, злажонага тым часам з ніжэйпісаных асоб:

прадастаўнікі беларускага каталіцкага духавенства: кс. Семашкевіч і кс. Ул. Талочка;

прадстаўнікі беларускага праваслаўнага духавенства: протаірэй Міхал Галянкевіч і іераманах Савацій;

п.п. Вінцэнты Святаполк-Мірскі, Язэп Ліцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Язэп Салавей, Дамінік Семашка, Янка Станкевіч, Казімір Шафнагель, Язэп Туркевіч." [1]

Гэтыя людзі невыпадкова мелі дачыненне да беларускай канферэнцыі. Яны самаахвярна аддвалі сваё жыццё на служэнне свайму краю, на абуджэнне нацыянальнай свядомасці і пачуцця ўласнай годнасці ў беларусаў. Шчыра верылі ў поспех беларускай справы. Актыўна ўдзельнічалі ў скліканні, арганізацыі і правядзенні Беларускай Канферэнцыі ў Вільні ў 1918 г.

Сярод гэтай беларускай эліты быў прадстаўнік каталіцкага духавенства кс.Уладзіслаў Талочка. Пад час выступу на канферэнцыі ён казаў аб тым, што яго ідэал - гэта быць з беларускім народам. Беларуская справа для яго была лагічным абавязкам, а не якой-небудзь рэччу густу, сымпатыі. [29]

Кс. Ул. Талочка таксама супрацоўнічаў у газеце "Гоман", пішучы пераважна пад мянушкай Ад.С. (Адам Саладух) розныя артыкулы на тэмы беларускай культуры, гісторыі, рэлігіі. У перыяд 1916-1918 гг. Уладзіслаў Талочка быў кіраўніком, галавой і будзіцелем беларускага каталіцкага руху. [29]

Іншы палітычны дзеяч, імя якога звязана з беларускім рухам і дзейнасцю канферэнцыі - гэта Казімір Шафнагель. У лістападзе 1917 г. у некалькіх нумарах газеты "Гоман" ("Homan") быў надрукаваны зварот "Да нашай краёвай інтэлігенцыі". Аўтарам звароту быў жыхар Ашмянскага павету Казімір Шафнагель. Казімір Шафнагель сцвярджаў, што беларускі народ атрымаў рэальны шанс пабудовы ўласнай дзяржавы, аднак без дапамогі інтэлігенцыі ён не будзе выкарыстаны. Аўтар заклікаў "вярхушку" мясцовай польскай грамадскасці ўспомніць пра ўласнае беларускае паходжанне і далучыцца да беларускага нацыянальнага руху, каб паспрыяць будаўніцтву беларускай (беларуска-літоўскай) дзяржаўнасці ("гасударственасьці"). [36]

Пазіцыю К.Шафнагеля цалкам падтрымліваў яшчэ адзін удзельнік канферэнцыі - Вінцэнт Святаполк-Мірскі. Казімір Шафнагель і Вінцэнт Святаполк-Мірскі ўвайшлі ў арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні "агульнабеларускай нацыянальнай канферэнцыі з усіх акупаваных земляў", якая адбылася ў студзені 1918 г. і спрыяла кансалідацыі дзейнасці беларускіх арганізацыяў, якія дзейнічалі на акупаваных германскім войскам тэрыторыях. [36]

Язэп Туркевіч - яшчэ адзін беларускі грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік канферэнцыі. Перад Першай сусветнай вайной жыў у Вільні, працаваў сталяром, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У час першай расійскай рэвалюцыі ўступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Падчас нямецкай акупацыі - адзін з актыўных дзеячаў рабочых прафсаюзаў у Вільні. Уваходзіў у Віленскую беларускую раду. [24]

Сярод удзельнікаў канферэнцыі можна вылучыць і брата Адама Станкевіча, беларускага мовазнаўцу, гісторыка і палітычнага дзеяча - Яна Станкевіча, вядомага пад псеўданімам Брачыслаў Скарынін, Ян Янушонак [24].

Такім чынам, галоўнай мэтай канферэнцыі было прыцягненне ўвагі і ўдзел у ёй як мага большай колькасці прадстаўнікоў розных сацыяльных і палітычных накірункаў. Так, у канферэнцыі прымалі ўдзел беларускае духавенства (кс. Ул. Талочка), сяляне (Казімір Фалькевіч, Ян Станкевіч, А. Дулька), рабочыя (Я. Туркевіч) і іншыя.

"Гоман" не толькі інфармаваў пра арганізацыю і падрыхтоўку да правядзення канферэнцыі, але таксама агітаваў чытачоў: "Дык згуртуемся, збярэм сваю беларускую нараду - канферэнцыю, прышлем у Вільню сваіх свядомых, годных веры дэпутатаў, - і яны пададуць свой голас ад імі ўсіх беларусаў, выскажуць жаданне нашага народу аб тым, якой волі нам трэба. Бо прыйшоў наш час!". [2] Трэба адзначыць, што дастаткова складана гаварыць пра нейкую аб'ектыўнасць газеты "Гоман" у прадстаўленні інфармацыі па канферэнцыі, так як газета спрабуе агітаваць чытачоў на праяўленне актыўнасці ва ўдзеле ў канферэнцыі і, адпаведна падае інфармацыю не зусім аб'ектыўна.

За два тыдні да правядзення канферэнцыі, "Гоман" у нумары за 1 студзеня 1918 года друкуе агляд падзеяў і працы зробленай на карысць Беларусі за 1917 год. І па выніках працы па згуртаванню свядомых беларусаў, паведамляецца аб тым, што "ладзіцца ў Вільні Арганізацыйны Камітэт дзеля сазыву Беларускай Канферэнцыі, і ў чысле членаў яго бачым прадстаўнікоў усіх партыйных груп і ўсіх станаў, у тым ліку беларускага каталіцкага і праваслаўнага духавенства. І ўсе яны дружна працуюць дзеля палітычнага вызвалення нашага краю, стаптанага вайной, разарванага на часці ваенным фронтам. Палітычныя ідэалы беларусаў прынімаюць зусім рэальныя формы і знаходзяць жывы водклік між усёй краёвай дэмакратыяй". [8]

Газета "Гоман" інфармала не толькі пра ход падрыхтоўкі да правядзення канферэнцыі, але і азнаёміла чытачоў з асноўнымі вынікамі дзейнасці Беларускай Канферэнцыі. Пра гэта можна даведацца з артыкула надрукаванага ў "Гомане" 5 лютага 1918 года, які так і называўся "Пасля Канферэнцыі". Рэдакцыя смела сцвярджае, што не гледзячы на шматлікія перашкоды і цяжкасці Беларуская Канферэнцыя ў Вільні адбылася і піша аб тым, на колькі важнай з'яўляецца дадзеная падзея дзеля будучыні Беларусі: "Кожнаму ясна, якое значэнне мае Беларуская Канферэнцыя для нашай справы: гэта - першы крок на дарозе да ўтварэння нашай незалежнай дзяржавы. Канферэнцыя намеціла дарогу, па якой павінны ісці беларусы, - і Беларуская Рада павінна прыняць чыннае ўчасце ў тварэнні нашай гасударственнай будоўлі на прынятых Канферэнцыяй асновах." [5]

Такім чынам, газета "Гоман" з'яўляецца цікавай і карыснай крыніцай для даследавання гісторыі Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 года, так як на яе старонках можна прасачыць за асноўнымі падрыхтоўчымі этапамі арганізацыі і правядзення канферэнцыі. На старонках газеты паўствалі ідэі, якія сталі падмуркам для асноўных палажэнняў, прынятых на канферэнцыі. Але разам з тым, газета "Гоман", як і любое перыядычнае выданне, з'яўляецца суб'ектыўнай крыніцай. Газета прадстаўляе інфармацыю пра канферэнцыю і агітуе беларускіх чытачоў, зыходзячы са сваіх пэўных перакананняў і грамадска-палітычных поглядаў.

3.2. Дакументы аддзела рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы як крыніца па даследаванню Віленскай беларускай канферэнцыі

У якасці крыніцы па даследаванню Беларускай Канферэнцыі ў Вільні 1918 г., акрамя газеты "Гоман", можна вылучыць таксама архіўныя матэрыялы 21 Фонду аддзела рукапісаў бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы ў горадзе Вільні. Шмат матэрыялаў па Беларускай канферэнцыі 1918 г. захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь у г. Менску. Дадзеныя матэрыялы ўжо вывучаны А. Сідарэвічам і выдадзеныя ў кнізе "Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне." Тым не менш, не гледзячы на той факт, што шмат якія дакументы з'яўляюцца ўжо вядомымі і даследаванымі на сённяшні дзень, дакументы адзела рукапісаў БАН Літвы змяшчаюць карысную і малавядомую інфармацыю па даследаванню ВКБ 1918 года.

У дадзеным фондзе (Ф21-2065) змяшчаюцца ў асноўным рукапісы і чарнавікі звязаныя з падрыхтоўкай да правядзення Беларускай Канферэнцыі. Сярод ужо вядомых на сённяшні дзень дакументаў, якія знаходзяцца ў дадзеным фондзе, можна вылучыць: Ліст Арганізацыйнага Камітэту дзеля склікання Беларускай Канферэнцыі ў Вільні, Рэзалюцыя ў справах каталіцкага касцёлу, пяць галоўных рэзалюцый прынятых на Канферэнцыі надрукаваных машынапісам.

Зберагаюцца ў фондзе таксама чарнавікі, дзе падрабязна апісваецца ход самой канферэнцыі і яе непасрэднае правядзенне. Дадзеныя дакументы дазваляюць прасачыць за тым як планаваліся асноўныя мерапрыемствы на канферэнцыі. Так, напрыклад, падрабязна планаваўся кожны этап правядзення канферэнцыі на працягу трох дзён. На пачатку абавязкова павінна было быць адкрыццё з'езду з адпаведна размеркаванымі прамовамі сярод удзельнікаў і арганізатараў канферэнцыі. Затым апісваўся парадак дня, які складаўся з двух частак. Першая частка змяшчала "палітычны кліч", куды ўваходзілі асноўныя тэмы выступаў удзельнікаў канферэнцыі, а таксама прапанаванне праекту рэзалюцый, пасля якога прадугледжвалася дэскусія і галасаванне. Другая частка складалася з пэўых "бягучых палітычных пытанняў" - адносіны да другіх нацыянальнасцей краю, адносіны да Расейскай дзяржавы, справа зносін закардона Беларусі і інш. /гл. Дадатак 1/

Па прапанаванаму плану ходу і арганізацыі працы канферэнцыі можна прасачыць за тым, хто ўдзельнічаў у выступах, а таксама з якім дакладам выстапаў удзельнік. Так, напрыклад, з рэфератам аб "Выясненні палітычнага палажэння" павінен быў выступаць Антон Луцкевіч, "Гістарычны агляд - да апошніх дзён" - Іван Луцкевіч, "Эканамічнае палажэнне: выхад у мора" - Казімір Шафнагель, "Палажэнне ў Расеі" - Янка Станкевіч, "Справа беларускага касцёлу і царквы" - кс. Уладзіслаў Талочка, "Школьная справа" - Іван Луцкевіч і Вінцэнты Святаполк-Мірскі. Адкрываць Канферэнцыю з уступнай прамовай павінны былі Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Казімір Шафнагель, кс. Ул. Талочка. Патрэбна адзначыць, што дакументы, на якіх акрэсліваўся прыкладны план працы канферэнцыі, з'яўляюцца чарнавікамі са шматлікімі выпраўленнямі. Таму відавочна, што прадстаўлены склад дакладчыкаў, як і самі даклады маглі змяняцца па ходу падрыхтоўкі канферэнцыі.

Зврятаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, варта адзначыць, што ўсе людзі, якія ўваходзілі ў Арганізацыйны Камітэт дзеля сазыву Беларускай Канферэнцыі ў Вільні, прымалі актыўны ўдзел не толькі ў аргнізацыі, але і ў непасрэднай працы канферэнцыі. Гэта і Іван Луцкевіч, Казімір Шафнагель, Янка Станкевіч, былі і прадстаўнікі духавенства - ксёндз Уладзіслаў Талочка і протаірэй Міхал Галянкевіч.

Сярод архіўных дакументаў, што знаходзяцца ў 21 фондзе аддзела рукапісаў БАН Літвы ёсць матэрыялы, якія не былі выкарастаны даследчыкамі ў сваіх даследаваннях - рэзалюцыя аб беларускай школе, рукапісы і чарнавікі галоўных пяці рэзалюцый, рэзалюцыі на нямецкай мове, а таксама чарнавікі з планам падрыхтоўкі і ходам правядзення канферэнцыі.

Важным дакументам, што не быў ўведзены ў навуковы зварот, можна вылучыць дакумент "Заданне грамадзянства ў справе школьнай" альбо "Рэзалюцыя ў справе школьнай", дзе разглядаецца права выкладання ў школах на беларускай мове /гл. Дадатак 2/. У прадстаўленым дакуменце акрэсліваецца галоўныя задачы, якія тычацца школьнай справы: патрэба шырокай арганізацыі беларускіх школ; патрэба кантролю беларускага грамадзянства над школамі (факты: назначэнне без рэкамендацыі ўкрытых палякаў). Пытанне ў справах беларускай школы з'яўлялася адным з галоўных пытанняў, разгледжаных на канферэнцыі. Таму чарнавікі рэзалюцыі ў справе школьнай, што захоўваюцца ў адзеле рукапісаў БАН Літвы дазваляюць запоўніць пэўныя прагалы ў гісторыі і дзейнасці ВБК.

Асобна неабходна вылучыць рукапісы, а таксама тэкставыя рэзалюцыі на нямецкай мове з подпісамі ўсіх галоўных удзельнікаў канферэнцыі. Акрамя пяці галоўных рэзалюцый, у фондзе захоўваецца таксама рэзалюцыя ў справах каталіцкага касцёлу, рэзалюцыя ў справах беларускай школы і рэзалюцыя ў справах праваслаўнай царквы надрукаваных машынапісам, а таксама рукапісныя варыянты на нямецкай мове. Дадзеныя дакументы напісаныя па-нямецку даюць падставу меркаваць, што ўсе прынятыя рэзалюцыі і вынікі канферэнцыі былі прадстаўлены нямецкаму кіраўніцтву. Існаваў пэўны кантроль за дзейнасцю беларусаў і развіццём беларускай справы на акупаванай тэрыторыі. Таму ўсе рэзалюцыі, усе важныя дакументы былі напісаны і па-нямецку.

У фондзе 21 (Ф21-2063) захоўваецца таксама "Адкрыты Ліст да ўчастнікаў Беларускай Канферэнцыі" адрасаваны ад партыі расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у якім выказваецца занепакоенасць тым фактам, што "многія беларусы настолькі анямечыліся, што не хочуць злучыцца са сваімі братамі з Вялікай Літвы", і што пропасць будзе яшчэ большай, калі ўсе пойдуць пад нямецкую акупацыю. Падаецца заклік: "Не разбівайце жэ Беларусь на часці! Не паддавайцеся хітрасці тых, хто цягне вас быццам за Літвой, а сапраўды за Прусіяй. Не верце нямецкім агентам, якія шыраць усяю напраўду аб Расеі, нападаюць на расейскую рэвалюцыйнуюд дэмакратыю, каб запужаць вас і кінуць у прускія абоймы".

Сярод дакументаў, якія захоўваюцца ў адзеле рукапісаў БАН Літвы можна знайсці дакумент аб пастанаўленні Беларускай Рады - галоўнага нацыянальнага органа, дзе прапісваюцца яе асноўныя мэты і задачы: 1) утварэнне супольнага прадстаўніцтва з Літоўскага народу і пры ўчасці прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей Дзяржаўнай Рады для ўсяго Беларуска-Літоўскага Краю, каторая павінна сазваць устаноўчы сейм Беларусі і Літвы; 2) падгатавіцельныя работы дзеля пабудовы Краю; 3) кіраўніцтва беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва і беларускіх інтарэсаў ва ўсіх справах і ва ўсіх установах. Па-сутнасці, абранне нацыянальнага беларускага органа - Беларускай Рады, было галоўным і значыным вынікам Беларускай Канферэнцыі. /гл. Дадатак 3/

Цікавым для даследчыка з'яўляецца пытанне аб аўтарстве вышэй апісаных дакументаў. Раней не было знойдзена ніякіх чарнавікоў і рукапісаў галоўных пяці рэзалюцый, прынятых на канферэнцыі. Іх аўтарства аддавалася Антону Луцкевічу, зыходзячы з таго, што ўсе асноўныя ідэі, прапісаныя ў рэзалюцыях, раней прапісваліся аўтарам ў сваіх артыкулах. Аднак зараз, калі маецца чарнавік пяці асноўных рэзалюцый, супастаўляючы почарк Антона Луцкевіча з яго ранейшымі рукапіснымі працамі, дзе аўтарства ўстаноўлена, можна зрабіць выснову, што менавіта ён з'яўляецца аўтарам рэзалюцый, прынятых на Беларускай Канферэнцыі ў 1918 годзе ў Вільні.

Такім чынам, дакументы, што захоўваюцца ў адзеле рукапісаў БАН Літвы дазваляюць запоўніць шэраг прагалаў у дзейнасці канферэнцыі, якія меліся ў беларускай гістарыяграфіі па гэтаму пытанню на сённяшні дзень. У прыватнасці дзякуючы ім можна прасачыць за ходам падрыхтоўкі канферэнцыі, рамеркавання тэмаў выступаў сярод удзельнікаў, заўважыць шматлікія нязначныя арганізацыйныя моманты. Таксама, дзякуючы захаванню ў фондзе рукапісных і чарнавых варыянтаў рэзалюцый, можна сцвярджаць пра тое, што аўтарства галоўных пяці рэзалюцый належыць Антону Луцкевічу.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Матэрыялы газеты "Гоман" і дакументы 21 фонду аддзела рукапісаў БАН Літвы з'яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па даследаванню гісторыі і дзейнасці канферэнцыі, так як прадстаўляюць карысную і малавядомую інфармацыю для даследчыкаў.

Газета "Гоман", як гістарычная крыніца па даследаванню Беларускай Канферэнцыі 1918 г. з'яўляецца ўнікальнай і маладаследаванай крыніцай. Па-першае, на старонках газеты рэдакцыяй падымаліся пытанні і акрэсліваліся ідэі, якія пазней сталі падмуркам для стварэння ўжо вядомых сёння галоўных пяці рэзалюцый, прынятых на канферэнцыі ў 1918 годзе. Неаднаразова на старонках газеты пісалася аб праблеме ўжывання беларускай мовы ў школе і касцёле, закраналася пытанне аб канфедэрацыі беларускіх тэрыторый у межах Вялікага Княства Літоўскага і праблема выхаду Беларусі да мора, а таксама выказваліся ідэі супраць далучэння да Польшчы беларускіх зямель.

Па-другое, "Гоман" дае інфармацыю пра непасрэдна сам працэс падрыхтоўкі і арганізацыі канферэнцыі, а таксама прадстаўляе яе вынікі. На сваіх старонках газета знаёміла чытачоў з асноўным складам арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі, агітавала сваіх чытачоў прымаць актыўны ўдзел у канферэнцыі.

Унікальнай крыніцай па даследаванню ВБК з'яўляюца дакументы адзела рукапісаў БАН Літвы. На падставе рукапісных варыянтаў пяці рэзалюцый, якія не былі раней вядомыя даследчыкам, можна гаварыць пра тое, што аўтарам дадзеных дакументаў з'яўляецца Антон Луцкевіч. Важнай крыніцай па вывучэнню тэмы ВБК 1918 г. таксама з'яўляецца чарнавая "рэзалюцыя ў справе школьнай", якая дазваляе запоўніць прагалы ў пытаннях адукацыі і правоў беларусаў выкладання ў школах на роднай мове, якія падымаліся падчас дзейнасці Беларускай Канферэнцыі.

Дзякуючы чарнавікам, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў можна прасачыць і праналізаваць непасрэдна ход канферэнцыі, склад яе ўдзельнікаў і дакладчыкаў, тэмы дакладаў і паслядоўнасць арганізацыі канферэнцыі ўцэлым. Нягледзячы на шматлікія выпраўленні і папраўкі ў дакументах, можна гаварыць пра карысць і важнасць рукапісных дакументаў як крыніцы па даследаванню Віленскай Беларускай канферэнцыі 1918 г.


СПІС ЛІТАРАТУРЫ І КРЫНІЦ

1. Ад Рэдакцыі. Гоман, 1917, 27 лістапада.

2. Ад Рэдакцыі. Гоман, 1917, 12 снежаня.

3. А. Н. Вільня, 28 верасня. Гоман, 1917, 28 верасня.

4. А. Н. Вільня, 20 лістапада. Гоман, 1917, 20 лістапада.

5. А. Н. Пасля Канферэнцыі. Гоман, 1918, 5 лютага.

6. А. Н. У іх нічога няма. Гоман, 1917, 20 лютага.

7. А. Н. Цікавае выступленне. Гоман, 1917, 23 лютага.

8. А. Н.1 студзеня. Гоман,1918, 1 студзеня.

9. БЛОК, М. Апалогія гісторыі. Бібліятэка Гумер. Гісторыя [онлайн]. [Прагледзена 28 траўня 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/History/Blok_M/index.php.

10. БІЧ, М.В. Беларускае адраджэнне ў ХІХ - пачатку ХХ ст. Гістарычныя асаблівасці, узаемаадносіны з іншымі народамі. Мінск: Навука і тэхніка, 1993.

11. ГРЫЦКЕВІЧ, А. Беларуска-літоўскія дачыненні 1918-1922 гг. Спадчына, 1994, №5, с.58-63

12. КАВАЛЬЧЭНКА, І.Д. Метады гістарычнага даследавання. М: "Навука", 1987.

13. КОНАН, У. Гоман. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.1. Мінск.: БелЭн, 1993.

14. МЯЛЕШКА І. Вызваленне школы. Гоман, 1916, 11 ліпеня.

15. МЯЛЕШКА І. Народ і рэлігія. Гоман, 1916, 17 сакавіка.

16. МЯЛЕШКА І. Нашы суседзі. Гоман, 1916, 20 верасня.

17. МЯЛЕШКА І. Трайны пратэст. Гоман, 1917, 20 лютага.

18. МАНЕКІН, Р. В. Кантэнт-аналіз, як метад гістарычнага даследавання. [онлайн]. [Прагледзена 25 траўня 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.manekin.narod.ru/hist/contentM.htm.

19. МЕДУШЭЎСКАЯ, В. М. Крыніцазнаўства: Тэорыя. Гісторыя. Метад. [онлайн]. [Прагледзена 16 красавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://avorhist.narod.ru/publish/istved1-1-1.html.

20. РУМЯНЦАВА, М. Ф. Гістарычныя крыніцы XVIII - пачатку XX стагоддзя. Гл.10. Перыядычны друк. [онлайн]. [Прагледзена 4 красавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.historichka.ru/materials/istochnikovedenie/.

21. РЫНКОЎ, У. Перыядычны друк: месца ў сістэме гістарычных крыніц. [онлайн]. [Прагледзена 4 красаівка]. Доступ праз інтэрнэт. http://www.polit.ru/research/2010/08/09/periodika.html.

22. СТАШКЕВІЧ, М. Гістарычны выбар на пачатку 20 стагоддзя. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мінск: БелЭн, 2000.

23. СІДАРЭВІЧ, А. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. [онлайн]. [Прагледзена 6 сакавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://jivebelarus.net/history/new-history/bnr.html.

24. СІДАРЭВІЧ, А. Антон Луцкевіч: ад краёвасьці да незалежніцтва (1916-1918). Агляд крыніцаў. Arche. 2006, №1,2. с. 80-89

25. СІДАРЭВІЧ, А. Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. 670 с.

26. СІДАРЭВІЧ, А. Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2010. с. 342

27. СІДАРЭВІЧ, А. Беларуская канферэнцыя. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.1. Мінск: БелЭн, 1993. - 494 с.

28. СІДАРЭВІЧ, А. Беларускі шлях. Літаратура і мастацтва, 1990, № 23. с.10

29. ТРАЦЯК, Я. Уладзіслаў Талочка: штрыхі да партрэта беларускага рэлігійнага і культурнага дзеяча. Гістарычны Альманах. Том 10, 2004. с.194-200.

30. ХОДЗІН, С.Н. Гісторыя і тэорыя крыніцазнаўства. Мінск: БГУ, 2008. 254 с.

31. ХОДЗІН, С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі (спроба гiсторыка-генетычнага і кампаратыўнага вывучэння).Мінск: БДУ, 1999.

32. ШЫБЕКА, З. В. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?. Беларускі калегіум. [онлайн]. [Прагледзена 23 красавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://baj.by/belkalehium/lekcyji/historyja/szybeka_01.htm.

33. ШЫБЕКА, З. В. Нарыс гісторыі Беларусі. 1795-2002. Мінск.: "Энцыклапедыкс", 2003. - 490 с.

34. Энцыклапедыя - Фонд ведаў "Ламаносаў". Перыядычны друк. [онлайн]. [Прагледзена 4 красавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.lomonosov-fund.ru/enc/ru/encyclopedia:0134389.

35. Энцыклапедыя - Фонд ведаў "Ламаносаў". Гістарычная крыніца. [онлайн]. [Прагледзена 4 красавіка 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.lomonosov-fund.ru/enc/ru/encyclopedia:0134389.

36. ЯСЕВІЧ, А. Навуковец з Кушлян. [онлайн]. [Прагледзена 6 траўня 2011]. Доступ праз інтэрнэт: http://library-smorgon.ucoz.ru/news/2006-05-18-5.


ДАДАТАК 1

Арганізацыя і ход правядзення Віленскай беларускай канферэнцыі ў 1918 г.

Адкрыццё.

Прамовы: А. Л., Пр. Галянкевіча і Кс. Талочкі, І. Л., К. Шафнагель.

Выбары прэзідыума і сакратарыяту

Парадак дня:

I. Палітычны кліч

Рэфераты:

1. Выясненне палітычнага палажэння і задачы моманту - А. Л.

2. Гістарычны агляд - да апошніх дзён - І. Л.

3. Эканамічнае палажэнне і выхад у мора - К. Шафнагель

4. Палажэнне пад Расеяй - Я. Станкевіч

Праект рэзалюцый. - Дыскусія. - Галасаванне.

II. Бягучыя палітычныя пытанні:

1. Адносіны да другіх нацыянальнасцей краю і забеспячэння правоў беларусаў.

2. (…)

3. Адносіны да Расейскай дзяржавы.

4. Справа зносін закардона Беларусі

5. Бягучыя палітычныя справы:

- Пратэст проці акцыі (…);

- Пратэст проці разгону беларускага кангрэсу ў Мінску.

6. Культурна-нацыянальныя пытанні:

- беларускія школы - І. Л., С.-Мірскі;

- беларуская мова ў школе і царкве - Кс. Талочка;

- бягучыя пытанні і прапановы.

III. Рэфераты з правінцыі. Дыскусія.

IV. Утварэнне нацыянальнага прадстаўніцтва.

Беларуская Рада: Задачы. Паўнамоцтвы. Выбары.

Аддзел рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы. F 21-2065


ДАДАТАК 2

Рэзалюцыя ў справе беларускай школы

Заданні беларускага грамадзянства ў справе школьнай:


  1. Каб у ваколіцах, дзе народ гаворыць дома па-беларуску, былі адкрываны толькі беларускія школы;
  2. Каб вучыцеля ў беларускія школы назначаліся толькі пасля паразумення з Беларускай Радай;
  3. Каб паволе прадстаўлення Беларускай Рады для ўсіх Беларускіх зямель акупацыі былі назначаны візітатары беларускіх школ.

Рэзалюцыя ў справе беларускай школы (на нямецкай мове)

Die Forderungen in der Schulfrage

Bis zur Vergabe der Schulfrage in die Hände eines entsprechenden weißrussischen gemeinschaftlichen Organisation, - verlangt die Konferenz:

1. dass in den Ortschaften, wo das Volk im Umgang die weißrussischen Sprache gebraucht, nur weißrussische Schulen eröffnet werden;

2. dass die Organisationen der weißrussischen Schulen die Anstellung der Lehrer mit Teilname des weißrussischen Rats geführt werde;

3. dass auf Vorstellung des weißrussischen Rats für alle weißrussische okkupierten Gebiete Revidenten der weißrussischen Schulen angestellt werden.

Аддзел рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы. F 21-2065; F 21-2066

ДАДАТАК 3

Пастанаўленне аб выбарах Беларускай Рады

Беларуская Канферэнцыя ў Вільне на заседанні 26.01. 1918 г. пастанавіла выбраць беларускі нацыянальны орган - Беларускую Раду - на гэткіх асновах:

I. Беларуская Рада складаецца з 220 членаў выбраных Канферэнцыяй, і мае права павялічваць свой аклад новымі членамі на аснове кааптацыі.

II. Беларуская Рада становіць найвышэйшую нацыянальную ўстанову для ўсіх Беларускіх земель акупацыі.

III. Задачы Беларускай Рады:

а) утварэнне супольнага з прадсатўніцтвам Літоўскага народу і пры ўчасці прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей Дзяржаўнай Рады для ўсяго Беларуска-Літоўскага Краю, каторая павінна сазваць устаноўчы сейм Беларусі і Літвы;

б) падгатавіцельная работа дзеля адбудовы Краю;

в) кіраўніцтва беларускіх нацыянальных інтарэсаў ва ўсіх справах і ва ўсіх установах.

Аддзел рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх АН Літвы. F 21-2065

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX