Папярэдняя старонка: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Рэзнік Ю. Калекцыя фалькларыстычных матэрыялаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча 


Аўтар: Рэзнік Юлія,
Дадана: 03-10-2012,
Крыніца: ЕГУ, 2012.

Спампаваць




ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

Акадэмічны дэпартамент гісторыі

Праграма бакалаўра гісторыі
Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія

ЮЛІЯ РЭЗНІК

Студэнтка IV курса

КАЛЕКЦЫЯ ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ БЕЛАРУСКАГА МУЗЕЯ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА І ЯЕ РОЛЯ Ў НАЦЫЯТВОРЧЫМ ПРАЦЭСЕ БЕЛАРУСАЎ У ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ (ПА МАТЭРЫЯЛАХ АРХІВА ІНСТЫТУТА ЛІТАРАТУРЫ І ФАЛЬКЛОРА ЛІТВЫ)

БАКАЛАЎРСКАЯ ПРАЦА

Кіраўнік працы: кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт Лабачэўская Вольга Аляксандраўна

Вільня, 2012


ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ ... 4

1. ЛЁС БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНАГА АРХІВА ... 9

1.1. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ... 9

1.2. Захаванне архіва ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы ... 11

2. БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНЫ АРХІЎ І ЯГО МЕСЦА Ў НАЦЫЯТВОРЧЫМ ПРАЕКЦЕ БЕЛАРУСАЎ У ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ ... 15

2.1. Апрацоўка і класіфікацыя матэрыялаў архіва ... 15

2.2. Беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальная каштоўнасць беларусаў ... 19

2.3. Месца беларускага фалькларыстычнага архіва ў нацыятворчым праекце беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя ... 22

3. ШЛЯХІ ДАЛЕЙШАГА ВЫВУЧЭННЯ І АКТУАЛІЗАЦЫІ ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНАГА АРХІВА БЕЛАРУСКАГА МУЗЕЯ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА ... 27

3.1. Аналіз існуючых публікацый пра фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ... 27

3.2. Прапановы па далейшай апрацоўцы і актуалізацыі матэрыялаў фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ... 37

ЗАКЛЮЧЭННЕ ... 41

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ ... 44

ДАДАТКІ ... 49

Дадатак 1. Інструкцыя для збіральнікаў фальклору ...50


Рэзнік, Юлія
Р 34 Калекцыя фалькларыстычных матэрыялаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і яе роля ў нацыятворчым працэсе беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя (па матэрыялах архіва Інстытута літаратуры і фалкьлору Літвы): бакалаўрская праца / Юлія Рэзнік; навуковы кіраўнік дац. В. Лабачэўская; Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Дэпартамент гісторыі. Бакалаўрская праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія». - Вільня, 2012. - 101.- Бібліягр.: с. 42-44 (29 наз.).
UDK 398(476)

Ключавыя словы: Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, нацыятворчы праект беларусаў пачатку ХХ стагоддзя, сістэматызацыя архіва

Аб'ект бакалаўрскай працы - фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

Мэта працы - апісаць фальклорныя матэрыялы з архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча і высветліць, якое месца ў працэсе станаўлення беларускай нацыі ў пачатку ХХ стагоддзя яны займалі. Асноўныя задачы працы : прааналізаваць матэрыялы і апісаць фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча; вызначыць месца матэрыялаў архіва ў нацыятворчым праекце беларусаў пачатку ХХ стагоддзя; вызначыць далейшыя магчымыя накірункі апрацоўкі і актуалізацыі архіва.

Метадалагічная аснова працы - гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-сістэмны і дэскрыптыўна-аналітычны падыходы. Гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны метады былі выкарыстаныя пры апісанні матэрыялаў фалькларыстычнага архіва па наступных прынцыпах сістэматызацыі крыніц: храналагічны, рэгіянальны, праблемны і персанальны. А дэскрэптыўна-аналітычны метад выкарыстоўваўся для аналіза ўжо існуючых даследванняў, прысвечаных беларускаму фалькларыстычнаму архіву.

У выніку працы быў апісаны фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, створаны вопіс усіх яго матэрыялаў, вызначана месца і задачы гэтых матэрыялаў у нацыятворчым праекце беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя, а таксама былі прапанаваныя накірункі далейшай працы з архівам для яго актуалізацыі. Былі прапанаваны наступныя крокі па апрацоўцы архіва:

1. Высвятленне гісторыі з'яўлення беларускага фалькларыстычнага архіва сярод матэрыялаў Інстытута літаратуры і фальклора Літвы

2. Дакладнае вызначэнне ўкладальніка картатэкі ўзораў беларускіх фалькларыстычных мелодый

3. Алічбоўка (стварэнне фотакопій) матэрыялаў архіва і ўключэнне іх у электронную базу Інстытуту літаратуры і фальклору Літвы

4. Публікацыя найбольш істотных, унікальных і інфарматыўных матэрыялаў у навуковых артыкулах

5. Звядзенне "віленскай" і "менскай" частак фалькларыстычнага архіва разам пасродках алічбоўкі. Перш за ўсё тут варта звярнуць увагу на матэрыялы, звязаны з постаццю Антона Грыневіча і картатэку беларускіх фальклорных мелодый. Прасцей за ўсё гэта можна ажыццявіць у рамках міжнародных літоўска-беларускіх праектаў.

Бакалаўрская праца можа быць карысная навукоўцам-фалькларыстам, гісторыкам, этнолагам і іншым даследчыкам у галіне гуманітарных навук, а таксама студэнтам.

УВОДЗІНЫ

Фальклор - гэта сукупнасць народных павер'яў, легенд, казак і іншых здабыткаў народнага мастацтва. Пад гэтай агульнай назвай аб'ядноўваюць усё тое, што адлюстроўвае народны дух, тое, ў чым выказваецца народная думка, народная творчасць [1].

Збор фальклорных матэрыялаў дапамагае не толькі захаваць звесткі пра здабыткі народнай творчасці, але выконвае і больш складаныя функцыі. Напрыклад, для сучаснай Беларусі, якая адносна нядаўна набыла незалежнасць, дагэтуль актуальнай праблемай з'яўляецца выбудова нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці насельніцтва. Фальклорныя матэрыялы могуць стаць падставай для ўзбагачэння ведаў пра сваю культуру, мову і гісторыю, а, значыць, і дапамагчы станаўленню нацыянальнай ідэнтычнасці.

Трэба адзначыць, што зборы беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў знаходзяцца таксама па-за межамі Беларусі. У Вільні, ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы, захоўваецца фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. І, канешне, такія матэрыялы патрабуюць вывучэння дзеля таго каб стварыць цэласнае ўяўленне пра беларускі фальклор, этнаграфічную спадчыну і гісторыю яе збірання і вывучэння.

Вільня адыгрывала вялікую ролю ў развіцці беларускай культуры. А ў пачатку ХХ стагоддзя Вільня стала сапраўдным сэрцам нацыянальнага адраджэнскага беларускага руху. Побач з узнікненнем тут дэмакратычных разуменняў і выбудоўвання шляхоў для станаўлення моцнай краіны, тут адбываўся ўздым нацыянальнай культуры. Гэтая нацыянальная культура ў асноўным будавалася на этнічных традыцыях, на захоўванні памяці пра здабыткі папярэднікаў.

Аб'ектам даследвання з'яўляецца фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. А прадмет працы - месца і роля гэтага архіва ў нацыянальным праекце беларусаў.

Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з калекцыі Беларускага музея імя І. Луцкевіча папярэдне не былі вывучаныя і ўпарадкаваныя, таму зараз з'явілася магчымасць прааналізаваць, якім чынам гэтыя матэрыялы збіраліся, якія арганізацыі і дзеячы прыкладалі намаганні для таго, каб сабраць і захаваць традыцыйную спадчыну. Апроч гэтага, з'явілася магчымасць разглядзець фалькларыстычны архіў у кантэксце таго часу, калі ён збіраўся, і зразумець, якія функцыі адыгрывалі гэтыя матэрыялы ў пачатку ХХ стагоддзя. Адсюль і вынікае актуальнасць дадзенай працы.

Мэта даследвання - апісаць фальклорныя матэрыялы з архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча і высветліць, якое месца ў працэсе станаўлення беларускай нацыі ў пачатку ХХ стагоддзя яны займалі. Для дасягнення пастаўленай мэты будуць выкананыя наступныя задачы:

1. Прааналізаваць матэрыялы і апісаць фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча

2. Вызначыць месца матэрыялаў архіва ў нацыятворчым праекце беларусаў пачатку ХХ стагоддзя

3. Вызначыць далейшыя магчымыя накірункі апрацоўкі і актуалізацыі архіва

Метадалагічная аснова працы - гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-сістэмны і дэскрыптыўна-аналітычны падыходы. Гісторыка-тыпалагічны і гісторыка-сістэмны метады дапамогуць пры апісанні матэрыялаў фалькларыстычнага архіва па наступных прынцыпах сістэматызацыі крыніц: храналагічны, рэгіянальны, праблемны і персанальны. А дэскрэптыўна-аналітычны метад будзе выкарыстоўвацца для аналіза ўжо існуючых даследванняў, прысвечаных беларускаму фалькларыстычнаму архіву.

Асноўныя крыніцы для напісання працы - гэта, ў першую чаргу, матэрыялы з архіва. Астатнюю існуючую літаратуру па тэме даследвання можна размеркаваць па некалькіх тэматычных групах.

Першая група - гэта публікацыі пра беларускі фалькларыстычны архіў, які зараз захоўваецца ў Вільні: ""Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму": Забыты архіў знакамітага музея" [2] і "Па "Навуцы…" Антона Грыневіча" Вольгі Лабачэўскай, надрукаваныя ў газеце "Культура" [3]. Гэта першыя ў Беларусі інфармацыйныя публікацыі аб існаванні архіва. Акрамя гэтага, ў 2012 годзе свет пабачыў чарговы выпуск гадавіка антрапалагічнай гісторыі "Homo Historicus 2012", у якім быў надрукаваны артыкул В. Лабачэўскай пад назвай "Фалькларыстычна архіў Беларускага музея Івана луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў" [4].

Яшчэ адна публікацыя - гэта артыкул Аўшры Жычкене [літ. Aušra Žičkienė - Ю. Р.], старэйшай навуковай супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, апублікаваны ў 32 нумары выдання часопісу "Tautosakos darbai" [бел. "Вывучэнне фальклора" - Ю. Р.], пад назвай "Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muziejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne" [5] [бел. "Беларускі фальклор з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Архіве літаратуры і фальклора" - Ю. Р.].

Асновай для напісання працы сталі публікацыі, прысвечаныя праблеме асэнсавання культурнай спадчыны беларусаў у нацыянальным руху пачатку ХХ ст. Сюды ўвайшлі "Выбраныя творы" А. Луцкевіча [6], артыкул Ганны Запартыка "Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні" [7], апублікаваны ў 4-ым нумары часопіса "Спадчына" за 2003 год і артыкул Таццяны Поклад "Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне", апублікаваны ў 20-ым нумары зборніка "Białoruskie Zeszyty Historyczne" [8].

Таксама былі выкарыстаныя матэрыялы бакалаўрскіх работ студэнтак Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вольгі Серыкавай "Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945)" [9] і Анастасіі Саладоўнік "Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект" [10], публікацыі якіх прадстаўлены на сайце www.pawet.net.

Трэцяя група скарыстанай літаратуры - гэта публікацыі, ў якіх разглядаюцца пытанні збірання фальклору з пачатка ХХ стагоддзя, а таксама дзейнасць некаторых асобаў, якія былі ўцягнутыя ў гэты працэс. Асноўным у гэтай групе з'яўляецца артыкул Галіны Таўлай "Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў", апублікаваны ў першым нумары выдання Санкт-Пецярбургскай Асацыяцыі Беларусістаў "Белорусский сборник" [11]. Таксама пэўныя ўяўленні пра працэс збірання фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў у пачатку ХХ стагоддзя дае раздзел кнігі А. Гужалоўскага "Нараджэнне беларускага музея", прысвечаны прыватнаму збіральніцтву і ў тым ліку Беларускаму музею імя І. Луцкевіча [12].

Таксама для аналізу былі выкарыстаныя такія крыніцы як газеты "Шлях моладзі" і "Беларуская крыніца", якія ў алічбаваным выглядзе прадстаўлены ў электроннай базе Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы [13].

У тэарытычным аспекце для разумення і аналізу нацыятворчага працэсу беларусаў на пачатку ХХ стагодзя была выкарыстана манаграфія ангельскага даследчыка Бенедыкта Андэрсана "Ўяўныя супольнасці" [14]. Таксама для разумення сутнасці нацыянальных працэсаў былі прааналізаваныя тэорыі такіх навукоўцаў як Эрык Хобсбаум [15] і Міраслаў Хрох [16].

1. ЛЁС БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНАГА АРХІВА

1.1. Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Беларускі фалькларыстычны архіў, які зараз знаходзіцца ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, збіраўся ў часы існавання Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, галоўнай культурнай і асветніцкай установы Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыю існавання гэтага музея прынята дзяліць на два асноўных перыяда: "дамузейны", які ахоплівае час з 1908 па 1921 год, і "ўласна-музейны перыяд" з 1921 да 1944 года [17]. У першы перыяд свайго існавання музей яшчэ не меў юрыдычнага статусу і ўяўляў сабой прыватны збор Івана Луцкевіча, аднаго з выбітных дзеячоў палітыкі і культуры свайго часу. Пачаўшы збіраць калекцыю яшчэ ў гады навучання ў гімназіі, у 1908 годзе І. Луцкевіч змясціў яе ў памяшканні рэдакцыі газеты "Наша ніва" на вуліцы Завальная,7 у Вільні. Менавіта ў тыя часы калекцыя натхняла беларускую інтэлігенцыю, ў тым ліку такіх выбітных літаратараў як Максім Багдановіч і Янка Купала. Змітрок Бядуля, які з 1912 года працаваў у "Нашай Ніве", ў сваім эсэ "Святое гэта месца!" пісаў пра збор І. Луцкевіча наступнае: " Я сяджу адзін у зале рэдакцыі…На сценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры… У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты і медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасці. Жывая паэма старыны! Нейкая гарачая хваля абнімае мяне ўсяго. Божа! Гэта ж тут пачатак адраджэння цэлага народа!" [18].

Другі перыяд музея звязаны з дзейнасцю Антона Луцкевіча. Пасля таго, як у 1919 годзе памёр Іван Луцкевіч, яго брат, які актыўна займаўся абаронай беларускіх культурных і адукацыйных устаноў, працягваў пачатую працу па збіранню і захаванню экспанатаў. У 1921 годзе ўся калекцыя старажытнасцяў была перавезена ў Базыльянскія муры па адрасе Вастрабрамская вул.9. З гэтай пары музей набыў статус навуковай установы. Віленскае Навуковае Таварыства, створанае ў 1918 годзе, назвала музей "Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча" ў гонар яго заснавальніка. Антон Луцкевіч стаяў на чале музея дваццаць гадоў да свайго арышта ў верасні 1939 года [19]. У сваёй біяграфіі Мар'ян Пецюкевіч, які на грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з музеем і пэўны час стаяў на яго чале, напісаў пра дзейнасць А. Луцкевіча такія словы [тэкст падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання - Ю. Р.]: "Знаёмячыся са скарбамі Музэю, дзіву даесься, як адзін чалавек напрацягу 20 гадоў змог працавць у Музэі, выконваючы ўсе неабходныя абавязкі. Быў гэтым тытанам ахвярнай працы Антон Луцкевіч… Нікому іншаму, а А. Луцкевічу належыцца прызнаньне й словы удзячнасьці за працу, якую ён прысвяціў Віленскаму Беларускаму Музэю, кіруючыся высакародным піетызмам да роднай навукі й культуры" [20].

Апошнім днём працы музея лічыцца 19 лістапада 1944 года [21]. Пасля гэтага Саўнаркамам Літвы была створана ліквідацыйная камісія і пачалася праца па размеркаванні экспанатаў з фондаў музея паводле іх прыналежнасці і каштоўнасці для літоўскага і беларускага народаў.

Такім чынам, пасля працэсу ліквідацыі музея яго экспанаты і іншыя каштоўныя матэрыялы апынуліся ў Менску (Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны архіў Беларусі, Літаратурны музей Янкі Купалы, Прэзідэнцкая бібліятэка, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Фундаментальная бібліятэка АН Беларусі) і Вільні (Нацыянальны музей Літвы, Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, бібліятэка АН Літвы, Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы) [22]. Але калекцыі Беларускага музея знаходзяцца не толькі на тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. "Ягоныя калекцыі сёння параскіданыя па розных краінах, захоўваюцца як у дзяржаўных, так і ў прыватных зборах. Музейшчыкі і архівісты, што займаюцца вывучэннем спадчыны музею імя А. Луцкевіча, выдатна разумеюць складанасць ягонай навуковай рэканструкцыі" [23]. Зараз матэрыялы з музея даводзіцца збіраць літаральна па часцінках.

У 1960 годзе ў фондах Інстытута літоўскай мовы і літаратуры ў Вільні быў выяўлены неапрацаваны архіў, які ўяўляў сабой тры скрынкі пісьмовых матэрыялаў. Архіў быў адкладзены і не вывучаўся. Але ў перыяд паміж 1962-1964 гадамі архіў зноў трапіў на вочы супрацоўнікам фонда і апынулася, што ён утрымлівае матэрыялы па фальклоры Беларусі, якія раней належалі Беларускаму Музею імя І. Луцкевіча.

1.2. Захаванне архіва ў Інстытуце літаратуры і фольклору Літвы

На дадзены момант скрынкі з матэрыяламі па беларускім фальклоры захоўваюцца ў Вільні, ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы па адрасе вул. Antakalnio, 6, у адным з будынкаў з ансамбля палаца Пятра Вілейшыса, ўнікальнага помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя [24]. Інстытут быў заснаваны ў 1990 годзе ў сувязі з падзелам Інстытута літоўскай мовы і літаратуры [25]. Супрацоўнікі фонда не могуць сказаць, якім чынам і калі дакладна беларускія матэрыялы трапілі да іх, бо ніякіх дакументаў і сведчанняў аб гэтым не захавалася. Але ёсць магчымасць прасачыць прыкладны лёс гэтых матэрыялаў пасля закрыцця Музея І. Луцкевіча ў сувязі з гісторыяй установы, дзе яны зараз захоўваюцца.

Ян Басанавіч [ Jonas Basanavičius - Ю. Р.] з'яўляецца пачынальнікам дзейнасці літоўскага адраджэння. Менавіта з імём гэтага чалавека звязана адкрыцце Літоўскага навуковага таварыства ў 1907 годзе, якое на той час мірна суіснавала з асяродкамі беларускага нацыянальнага адраджэння ў Вільні [26]. Літоўскае навуковае таварыства працавала з ужо сабранымі фальклорнымі матэрыяламі і збірала новыя, выдавала творы такіх вядомых літоўскіх дзеячоў ХІХ-ХХ стагоддзяў як С. Станявічус [літ. S. Stanevičius - Ю. Р.], А. Баранаускас [літ. А. Вaranauskas - Ю. Р.] і іншых [27]. У 1934 годзе была створана Камісія па збіранні фальклорных мелодый [літ. Komisija tautos melodijoms rinkti ir tvarkyti - Ю. Р.], потым, у 1935 годзе, з'явілася новая ўстанова, куды трапілі ўсе здабытыя раней матэрыялы, - Літоўскі фальклорны архіў [літ. Lietuvių tautosakos archyvas - Ю. Р.], які існаваў да 1939 года [28]. Тут былі добрыя ўмовы і абсталяванне для запісвання фальклорных спеваў, і праца вялася вельмі плённа, а вынікі яе публікаваліся ў спецыяльный серыях "Вывучэнне фальклору" [літ. Tautosakos darbai - Ю. Р.]. Падчас нямецкай акупацыі, ў 1940 годзе, ўсе матэрыялы Літоўскага фальклорнага архіву былі перададзеныя ў Інстытут літуаністыкі [літ. Lituanistikos institutas - Ю. Р.], а пазней, у 1952 годзе, - ў Інстытут літоўскай мовы і літаратуры, пра які ўжо казалася вышэй. У 1956 годзе ў гэтай установе пачалася каталагізацыя і сістэматызацыя, падчас якой павінны былі праглядацца ўсе матэрыялы [29].

Такім чынам, па пастанове ліквідацыйнай камісіі, якая вырашала лёс матэрыялаў Беларускага музея, беларускі фалькларыстычны архіў застаўся ў Вільні. Ёсць падставы думаць, што ён трапіў ў шэраг літоўскіх збораў ў перыяд паміж 1944, калі быў ліквідаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча, і 1960 гадамі, калі ён апынуўся ў фондах. Супрацоўнікі Інстытута літаратуры і фальклора Літвы лічуць, што беларускі архіў быў злучаны з літоўскімі падчас вайны, адразу пасля закрыцця Беларускага музея. Атрымаць больш дакладную інфармацыю пакуль не ўяўляецца магчымым, бо не захавалася ніякіх крыніцаў пра яго перадачу ў якую-небудзь установу. Таму гэтае пытанне патрабуе далейшых пошукаў.

Да гэтага часу ніхто не займаўся сур'ёзным даследваннем матэрыялаў. Пра архіў існуе толькі некалькі артыкулаў. Першы - гэта артыкул супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы Аушры Жычкене [30]. Артыкул называецца "Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne" [ бел. "Беларускі фальклор з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні ў Архіве літоўскага фальклора" - Ю. Р.]. Ён быў прысвечаны 125-годдзю з нараджэння І. Луцкевіча. У артыкуле пададзена агульнае апісанне матэрыялаў беларускага фалькларыстычнага архіва. Аўтарам другога артыкула з'яўляецца Вольга Лабачэўская, кандыдат мастацтвазнаўства. Яе артыкул выйшаў у 2009 годзе ў грамадска-асветніцкай штотыднёвай газеце "Культура" ў 22 нумары і называўся ""Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму" [31]. Артыкул быў прымеркаваны да "90 гадоў з дня заўчаснай смерці заснавальніка музея Івана Луцкевіча" [32]. Там апісваюцца матэрыялы, якія ўваходзяць у архіў, а таксама коратка падаецца яго гісторыя. Таксама артыкул абвяргае думку, што ўсе яго матэрыялы не вывозіліся з Вільні пасля закрыцця Беларускага музея. Справа ў тым, што ў менскіх архівах, у прыватнасці ў фотакартатэцы Музея Вялікай Айчыннай вайны, знайшлася частка картак з беларускімі мелодыямі, якая разам з Віленскай часткай утварае цэлую картатэку, якая збіралася ў Музеі імя І. Луцкевіча [33]. У Артыкуле В. Лабачэўскай уздымаецца праблема вяртання беларускага фалькларыстычнага архіва ў Беларусь. Як піша сама аўтарка, "у сучаснай рэальнасці паняцце "вяртанне" азначае стварэнне магчымасцей для выкарыстання матэрыялаў архіва як мага больш шырокім колам даследчыкаў фальклору, музыколагаў, гісторыкаў і біёграфаў, дзеячаў беларускай культуры. У першую ж чаргу неабходна правесці яго тэрміновую архіўную апрацоўку, стварыць вопісы дакументаў" [34].

2. БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНЫ АРХІЎ І ЯГО МЕСЦА Ў НАЦЫЯТВОРЧЫМ ПРАЕКЦЕ БЕЛАРУСАЎ У ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ

2.1. Апрацоўка і класіфікацыя матэрыялаў архіва

Фалькларыстычны беларускі архіў мае сігнатуру LTR 2464 і складаецца з трох скрынак, якія пазначаныя нумарамі 7579 (I), 7579 (ІІ) і 7579 (ІІІ). Матэрыялы ў скрынках не былі ўпарадкаваныя, сістэматызаваныя і інвентарызаваныя, яны ўяўлялі сабой разнастайныя па характары дакументы: сшыткі, падшыўкі, выразкі з перыядычных выданняў і асобныя аркушы.

Процягам 2010-2011 гадоў мной вялася праца з архівам. У выніку гэтай працы быў рэалізаваны навукова-даследчы праект у галіне гуманітарных навук пад назвай "Новае жыццё фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча". Мэтай даследвання была апрацоўка архіва, якая б дазволіла паскорыць працэс яго ўвядзення ў навуковы зварот і зрабіць матэрыялы даступнымі для навукоўцаў. Задачамі даследвання было першапачатковае вывучэнне матэрыялаў, іх групіроўка па тэматычных падборках, а таксама алічбоўка некаторых дакументаў і стварэнне працоўнай базы усіх дакументаў архіва.

На першым этапе працы з архівам мной быў праведзены першасны агляд яго зместа, выяўленне імёнаў вядомых збіральнікаў, укладальнікаў каталогаў, аўтараў песень, а таксама звестак аб тым, дзе і калі былі сабраныя, запісаныя ці створаныя асобныя дакументы. Таксама быў прааналізаваны характар архіўных дакументаў.

Асноўную частку архіва складаюць фалькларыстычныя матэрыялы, сабраныя рознымі асобамі ў перыяд з 1885 па 1943 год ў розных рэгіёнах Беларусі. Сярод гэтых матэрыялаў - прыватныя зборы беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў, запісы фальклору, сабраныя жыхарамі беларускіх тэрыторый, а таксама запісы народных песень, зробленыя вучнямі Віленскай беларускай гімназіі. Пэўная частка архіва звязана з дзейнасцю Беларускага музея імя І. Луцкевіча, напрыклад, экзэмпляры інструкцый для збіральнікаў беларускіх народных песень, напісаныя як кірылічным так і лацінскім шрыфтамі. Гэтыя інструкцыі былі надрукаваныя ў перыяд, калі памяшканне музея знаходзілася па адрасе Вострабрамская, 9. З яе зместу можна зразумець, наколькі вялікая ўвага надавалася збіранню фальклора ў тым асяродку. Вось уступныя словы для інструкцыі [тэкст падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання - Ю. Р.]: "Тасуючы мэтады зьбірання народных песень, трэба старацца, каб не пашкодзіць ані не паменьшыць вартасьці такой прыгожай кветкі, якой яўляецца народная песьня" [35]. З гэтых слоў і наступнага зместу інструкцыі можна зразумець, наколькі істотным бачылася збіранне фальклору для дзеячаў беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя, як сумленна і адказна яны да гэтага ставіліся.

У выніку першаснай апрацоўкі архіва зрабілася магчымым атрымаць уяўленне пра тое, якім чынам далей працягваць яго вывучэнне. У прыватнасці, з агульнага шэрагу ўсіх матэрыялаў, з якіх складаецца фалькларыстычны архіў, атрымалася вылучыць пэўныя групы, якія аб'ядноўваюць матэрыялы па наступных крытэрах: агульная тэматыка, агульны аўтар, збіральнік, ўкладальнік ці асоба, якой яны належылі. Такім чынам, другім этапам працы стала стварэнне вопісу ўсіх матэрыялаў архіва. Усяго ў яго ўвайшло 235 адзінак захавання. Матэрыялы ў гэтым вопісе былі падзеленыя на некалькі буйных груп-падборак.

1. "Фальклорныя матэрыялы з розных паветаў". Гэтая падборка ўключае ў сябе сшыткі з беларускімі народнымі песнямі, прымаўкамі і гульнямі, якія былі сабраныя ў Ашмянскім, Баранавіцкім, Браслаўскім, Валожынскім, Вялейскім, Дзісненскім, Лідскім, Наваградскім. Нясвіскім і Свянцянскім паветах. Гэтыя матэрыялы былі сабраныя ў прамежак часу з 1908 да 1943 году рознымі збіральнікамі. Падборка склалася на падставе агульнасці характару дакументаў: тэксты песень, сабраныя на беларускіх тэрыторыях.

2. "Каталог архіва беларускіх народных песень, укладзены Тадэвушам Шэлігоўскім". Сюды ўвайшлі аркушы з назвамі беларускіх народных песень, якія ўтвараюць цэлы сістэматызаваны архіў. Сярод аўтараў песень з дадзенага каталога былі вылучаныя Антон Грыневіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Гэтая падборка ўзнікла на падставе таго, што збіральнікам усіх матэрыялаў выступіла адна асоба: Тадэвуш Шэлігоўскі.

3. "Зборы беларускіх народных песень Сымона Рак-Міхайлоўскага". У гэтую падборку былі размеркаваныя сшыткі з нотамі і словамі беларускіх народных песень, якія збіраў С. Рак-Міхайлоўскі ў 1926 годзе, а таксама некаторыя асабістыя дакументы гэтага чалавека. Такім чынам, тут таксама дзейнічаў прынцып агульнага збіральніка і прыналежнасць дакументаў да адной асобы.

4. "Спеўнік для школьнай моладзі" (І і ІІ часткі). Сюды пратрапілі два асобніка дапаможніка па спевам для школьнікаў аўтарства А. Туранкова і М. Нікалаевіча. Першая частка дапаможніка носіць назву ""Сьпеўнік для школьнай моладзі" І частка". Беларускія народныя песні", а другая - ""Сьпеўнік" ІІ частка. Песьні на словы беларускіх паэтаў". Гэтыя дапаможнікі трапілі ў асобную групу таму што яны носяць аднолькавы характар (з'яўляюцца падручнікамі для школьнікаў) і належаць адным аўтарам.

5. Песні на словы К. Буйло, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Запольскага, К. Каганца, М. Бурачка, М. Танка і іншых беларускіх паэтаў. Дадзеная падборка ўзнікла на падставе агульнага характару матэрыялаў, якія ў яе ўвайшлі.

Вялікая колькасць матэрыялаў архіва звязаная з постаццю Антона Грыневіча, выбітнага дзеяча Беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. У базу ўліку матэрыялаў архіва ўвайшло некалькі падборак з дакументамі, звязанымі з імём А. Грыневіча:

6. "Музычныя дапаможнікі". Тут апынуліся наступныя падручнікі і дапаможнікі па навуцы спеваў аўтарства А. Грыневіча: "Беларускі дзіцячы сьпеўнік" (1923 г.), "Навука сьпеву" (1922 г.), "Навука сьпеву (правілы і практыка)" (1923 г.), а таксама дапаможнікі "Школьны спеўнік" і "Навучнік першых музычных правілаў". Пералічаныя матэрыялы ўвайшлі ў дадзеную падборку на той падставе, што яны выконваюць ролю дапаможнікаў для моладзі, а таксама належаць аднаму аўтару, Антону Грыневічу.

7. Асобная падборка складаецца з асабістых дакументаў А. Грыневіча. Тут змяшчаюцца лісты, адрасаваныя яму, а таксама разнастайныя даведкі, пастановы, распіскі і запрашэнні. Гэтыя матэрыялы згрупіраваныя ў адну падборку таму, што разам яны даюць магчымасць больш даведацца пра біяграфію і дзейнасць Антона Грыневіча. Трэба зазначыць, што ў маім мінулым даследванні, прысвечаным фалькларыстычнаму архіву Беларускага музея імя І. Луцкевіча, была зроблена спроба дапоўніць звесткі па біяграфіі А. Грыневіча на падставе матэрыялаў з дадзенай падборкі. Падмуркам для гэтай працы стаў артыкул Галіны Таўлай "Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў", апублікаваны ў першым нумары выдання Санкт-Пецярбургскай Асацыяцыі Беларусістаў "Белорусский сборник" [36]. Галіна Таўлай падзяліла перыяды дзейнасці А. Грыневіча на чатыры перыяды і падала вядомыя звесткі пра іх. Але з дапамогай матэрыялаў з фалькларыстычнага архіва музея імя І. Луцкевіча атрымалася ўдакладніць некаторыя звесткі і даць больш поўную характарыстыку дзейнасці А. Грыневіча.

8. Падборка беларускіх народных песень і а брадаў, якія былі перапісаныя А. Грыневічам са збораў Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Тут жа ўтрымліваюцца і пераклады ўсіх песень і абрадаў на нямецкую мову. Гэтая падборка ўжо была асобна выдзеленая сярод матэрыялаў архіва ў асобную тэчку. Тут захоўваюцца матэрыялы, якія збіраліся Беларускім музеям у Вільні, а пасля былі перапісаныя Антонам Грыневічам і перакладзеныя на нямецкую мову. Крытэр для складання гэтай падборкі - агульны характар матэрыялаў.

9. Фальклорныя матэрыялы, сабраныя А. Грыневічам альбо дасланыя яму, - гэта яшчэ адна буйная падборка, дзе змяшчаюцца беларускія народныя песні, танцы і гульні, сабраныя ці запісаныя ў перыяд з 1885 да 1928 года. Падборка зробленая на падставе агульнага характару матэрыялаў і адзінага збіральніка.

10. У асобную падборку быў вылучаны запіс абраду "Хрэсьбіны", зроблены А. Грыневічам 2 жніўня 1911 года ў Віцебскай губерніі ад Марыі Дземянцёнак. Гэты запіс быў вылучаны ў асобную падборку, бо гэта ўнікальны дакумент.

11. "Песні для Alt, Bas, Tеnor і Soprano. Песні для хора." У падборку трапіла некалькі сшыткаў з песнямі на падставе агульнага характару, бо яны прыстасаваныя для выкарыстання хорам.

12. Фальклорныя матэрыялы, запісаныя Язэпам Драздовічам. Сюды ўвайшлі беларускія народныя песні і іншыя фальклорныя матэрыялы. Падборка была вылучана на падставе агульнага характару матэрыялаў і адзінага збіральніка.

13. Беларускія народныя песні, сабраныя невядомым аўтарам у перыяд з 1891 да 1986 года (ўсяго 18 песень)

14. Даволі значную частку архіва састаўляюць беларускія народныя песні і іншыя фальклорныя матэрыялы з перакладам на нямецкую мову, якія захоўваў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Гэтыя матэрыялы першапачаткова ўтваралі асобную падборку. Яны збіраліся процягам 1915 - 1918 гадоў.

15. "Вяселле Марулі" са збораў Беларускага музея ў Вільні, запісанае ў 1938 годзе ў весцы Новыя Філіпаны.

Сярод іншых матэрыялаў архіва сустракаюцца запісы лекцыйных матэрыялаў, зробленыя вучнямі віленскіх навучальных устаноў, а таксама шматлікія фальклорныя матэрыялы, запісаныя навучэнцамі Віленскай беларускай семінарыі ў 1944 годзе.

Апроч гэтага, у архіве сустракаецца шмат іншых фальклорных матэрыялаў, якія носяць рознабаковы характар. Сістэматызаваць іх пакуль немагчыма, бо на аркушах не пазначаныя ні аўтар, ні збіральнік, ні месца і час запісу ці стварэння.

2.2. Беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальная каштоўнасць беларусаў

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі пачаліся актыўныя працэсы стварэння дзяржаў-нацый. Шмат у чым гэта было звязана з распадам буйных імперый і іншых саюзных дзяржаўных утварэнняў. Існуюць розныя падыходы да разумення феномена нацыі. Такія навукоўцы як Эрнэст Геллнер, Міраслаў Хрох, Джон Бройлі, Эрык Хобсбаум, Карл Дойч і іншыя ў свае часы актыўна вывучалі феномены нацыі і нацыяналізма. Але хацелася б падрабязней спыніцца на канцэпцыі сучаснага ангельскага даследчыка Бенедыкта Андэрсана, які ў 1983 годзе выдаў сваю кнігу пад назвай "Уяўныя супольнасці".

Новая парадыгма разумення нацыі з'явілася ў 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя. Яна сцвярджае, што нацыя з'яўляецца ўяўнай супольнасцю, канструктам, які нараджаецца ў часы мадэрнасці пад уплывам узаемадзеяння гістарычных абставін. Б. Андэрсан называе нацыю "нормай мадэрна", хаця і ў дамадэрным грамадстве існавалі пэўныя ўяўныя супольнасці, напрыклад, дваранства. Але ў мадэрныя часы такія супольнасці, яны ж нацыі, абапіраюцца ўжо на іншыя фактары: лімітаванасць, суверэннасць і роўнасць усіх людзей. Апроч гэтага, па Б. Андэрсану, істотным падмуркам на шляху ўзнікнення нацыі з'яўляецца так званы друкаваны капіталізм, агульная мова, рэлігія і гістарычная памяць. Тут жа можна назваць і стварэнне мапаў, ўзнікненне музеяў і перапісы насельніціва. Гэтыя рэчы даюць людзям магчымасць зразумець, што ў іх нацыі ёсць свае гістарычныя каштоўнасці, і прывязваюць іх да пэўнай тэрыторыі на ўзроўні падсвядомасці. Такім чынам, атрымліваецца, што нацыя - гэта ўяўная супольнасць, якая паўстае на часам штучна створаных канструктах, але ўсё ж такі яна, як піша Б. Андэрсан, з'яўляецца "самай універсальнай легітымнай каштоўнасцю ў палітычным жыцці" [37].

Ёсць сэнс разглядзець станаўленне беларускай нацыі праз прызму "андэрсаўскага" разумення. Развіццё беларускага нацыянальнага ідэалагічнага праекту прыйшлося на пачатак ХХ стагоддзя. Гэтаму папярэднічаў распад дамадэрных супольнасцяў, які на этнічных беларускіх тэрыторыях адбываўся ў ХVIII- пачатку XX ст. [38]. Тут гаворка ідзе пра супольнасці, заснаваныя на саслоўнай прыкмеце: шляхецкай і дваранскай. Пасля, ў пачатку ХХ стагоддзя, прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху імкнуліся ўключыць у адзіную нацыю ўсіх жыхароў этнічных беларускіх тэрыорый, асабліва сялян, якія раней ніколі не ўваходзілі ў палітычную сферу жыцця дзяржаў, але з'яўляліся самай буйной часткай насельніцтва.

Дзеячы беларускага руху добра ўсведамлялі, наколькі істотную ролю ў нацыятворчым працэсе адыгрывае друк, нацыянальная мова, рэлігійнае выхаванне і захаванне гістарычнай памяці. Менавіта пагэтаму на пачатку ХХ стагоддзя актыўна развіваўся перыядычны друк. Тут вялікую ролю адыгралі такія газеты як "Наша доля" "Наша Ніва", "Гоман", "Крыніца", часопісы "Маладняк", "Крывіч", "Новы Шлях" і іншая перыёдыка. На гэтыя часы прыйшлося і паўставанне нацыянальнай беларускай літаратуры, ў якой вялікую ролю адыгралі такія аўтары як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Зоська Верас і шматлікія іншыя. У выхаванні моладзі вялізную ролю адыгрывалі Віленская беларуская гімназія і Віленскае навуковае таварыства, а ў духоўнае выхаванне беларусаў на пачатку ХХ стагоддзя вялікі ўнёсак зрабіў Адам Станкевіч, які з'яўляўся каталіцкім святаром, грамадска-палітычным актывістам, літаратарам, выдаўцом і гісторыкам.

Пра матэрыяльныя каштоўнасці нацыі таксама клапаціліся дзеячы беларускага нацыянальнага руху. І тут у першую чаргу варта прыгадаць дзейнасць братоў Івана і Антона Луцкевічаў, а ў прыватнасці, Беларускі музей імя І. Луцкевіча ў Вільні.

Безумоўна, ў Беларускім музеі не толькі захоўваліся экспанаты і матэрыяльныя каштоўнасці беларускага народу. Тут вялася і навучальная дзенасць: з музейнымі прадметамі мелі магчымасць працаваць навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі, ўдзельнікі Беларускага навуковага таварыства, а таксама даследчыкі і навукоўцы, ў музеі ладзіліся экскурсіі.

Стваральнікі і супрацоўнікі музея збіралі прадметы даўніны па ўсёй Беларусі для калекцыі музея, а таксама ахвотна займаліся зборам фальклорных матэрыялаў. Апошнія, ў сваю чаргу, апрацоўваліся музыказнаўцамі і навукоўцамі, напрыклад, Антонам Грыневічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім і Язэпам Драздовічам. Яны не толькі збіралі і захоўвалі фальклорныя матэрыялы, але і навучалі моладзь спевам і выдавалі падручнікі па музыкалогіі.

Зразумела, што такая цікавасць да беларускага фальклора не была выпадковай. Вусная народная спадчына - гэта адзін са складальнікаў нацыі. Збіраючы і захоўваючы фальклор, дзеячы нацыянальнага беларускага праекта прыцягвалі да сваёй дзейнасці сялян і пашыралі веды пра гісторыю, што з'яўлялася абавязковым этапам на шляху ўтварэння нацыі.

Такім чынам, вяртаючыся да нацыятворчага праекту беларусаў на пачатку ХХ стагоддзя, можна сказаць, што ён меў пэўныя канструктывісцкія рысы, якія пазней у сваёй канцэпцыі апісаў Б. Андэрсан. А калі разглядаць ролю музея ў гэтым нацыянальным праекце, то ён, у першую чаргу, адыгрываў ролю захавальніка народнай спадчыны, збіраў вакол сябе дзеячоў нацыянальнага руху, беларускую эліту, а таксама быў задзейнічаны ў галіне адукацыі і выхавання маладога пакалення.

Супрацоўнікі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча выдатна разумелі, наколькі вялікую гістарычную каштоўнасць маюць этнаграфічныя прадметы. Пагэтаму яны старанна збіралі і захоўвалі матэрыяльную і вусную спадчыну беларусаў. Беларускі фалькларыстычны архіў, які зараз захоўваецца ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы, ёсць вынікам сур'ёзнай збіральніцкай і даследчыцкай працы.

2.3. Месца беларускага фалькларыстычнага архіва ў нацыятворчым праекце беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя

Як бачна, Беларускі музей імя І. Луцкевіча быў часткай нацыянальнага праекта беларусаў. Асноўнай мэтай гэтай установы можна назваць фармаванне свядомасці грамадства, а таксама імкненне зразумець і патлумачыць панятак "беларускасці". Усё гэта дасягалася праз вялікую працу. Найперш выдатны археолаг і этнограф Іван Луцкевіч праводзіў свае даследванні і збіраў прадметы даўніны, пазней цэлы шэраг супрацоўнікаў Беларускага музея ў Вільні папаўняў калекцыі, аналізаваў і вывучаў сабраныя крыніцы і прадметы, дакументы і мапы. Таксама І. Луцкевіч запрашаў спецыялістаў з такіх краін як Польшча, Францыя, Бельгія, Італія, Нямеччына, Паўночная Амерыка, Швецыя і Гішпанія для таго каб праводзіць працу з асобнымі экспанатамі сваёй калекцыі [39]. Гэта сведчыць пра тое, наколькі сур'ёзны падыход быў да вывучэння сабраных прадметаў.

Такое стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў дапамагала акрэсліць асноўныя рысы нацыянальнай беларускай культуры і этнічную тэрыторыю. Напрыклад, Антон Луцкевіч пісаў пра мэты музея наступнае: "Галоўнай думкай Івана Луцкевіча быў збор матэрыялаў, якія зрабілі б магчымымі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў - перш за ўсё народнай, беларускай гісторыі - з асаблівым акцэнтам на перыяд Вялікага княства літоўскага" [40].

Апроч гэтага, ўсе музеі выконваюць выхаваўчыя задачы і задавольваюць імкненне чалавека да ведаў, да цікавай інфармацыі і прыгажосці. Беларускі музей у Вільні не быў выключэннем. Трэба зазначыць, што ён амаль ніколі не меў дастатковага фінансавання ад дзяржаўных устаноў, а таму яго праца з'яўляецца яшчэ больш каштоўнай, бо стваральнікі і супрацоўнікі музея прыкладалі сапраўды неверагодныя намаганні для яго існавання. Гэта былі самаахвярныя і свядомыя людзі, якія верылі ў магчымасць стварэння моцнай і незалежнай беларускай нацыі.

Яшчэ адной важнай задачай музея было выхаванне патрыятызму сярод насельніцтва пасродках перыядычнага друку. Беларускі музей імя І. Луцкевіча збіраў фальклорныя матэрыялы, апублікаваныя ў такіх газетах як "Беларуская крыніца" і "Шлях моладзі". Пра гэта сведчаць матэрыялы з беларускага архіва, які захоўваецца ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы. Тут былі знойдзеныя лісты з беларускімі народнымі песнямі ў рэдакцыі вышэй пералічаных газет, якія прыходзілі ад жыхароў розных паветаў: Ашмянскага, Браслаўскага, Дзісненскага, Нясвіскага, Свянцянскага [41]. Знойдзеныя лісты датуюцца 1926-1930 гадамі.

Праводзячы аналіз нумароў газет "Беларуская крыніца" і "Шлях моладзі" за гэтыя пяць год [42], можна заўважыць, што на іх старонках перыядычна з'яўляліся тэксты беларускіх песень, запісаныя жыхарамі беларускіх тэрыторый і дасланыя ў рэдакцыі. Апроч гэтага, ёсць і такія артыкулы, ў якіх бачна, што грамадзяне самі разумеюць, наколькі істотны для беларускага народу яго фальклор і што яго неабходна збіраць і захоўваць. Напрыклад, у другім нумары газеты "Беларуская крыніца" за 1926 год змешчаны артыкул пад назвай "Аб родным спеве" [43]. Артыкул напісаны беларускімі арганістамі, зацікаўленымі зборам фальклору. Спачатку падаецца інфармацыя пра тое, што беларуская песня - гэта жыццё і гісторыя народу, што ў песнях адлюстроўваецца лёс беларускіх людзей [44]. Пасля пішацца наступнае: "Каб дараўняцца нам песнямі да другіх народаў славянскіх, патрэбна нашыя песні прывясці ў парадак - гэта значыць, трэба ўсе беларускія песні сабраць у адзін спеўнік, і не толькі рэлігійныя, але ўсе тыя, якія дзе толькі беларусы пяюць" [45]. Пазней арганісты прапануюць тым, хто запісвае тэксты песень, звяртацца да прафесійных музыкаў, каб тыя запісалі ноты. А самі арганісты ўжо збіраюць фальклорныя матэрыялы і абяцаюць дасылаць у "Беларускую крыніцу" ўсе свае здабыткі [46].

Гэта азначала, што газеты імкнуліся прыцягнуць жыхароў беларускіх тэрыторый да ўдзелу ў грамадскіх справах і да выбудоўвання нацыянальнай дзяржавы, і гэта насамрэч атрымлівалася. Сярод матэрыялаў архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча захоўваюцца тэксты народных песень, запісаныя на розных тэрыторыях Беларусі. Гэта кажа пра тое, што збіранне фальклора набыло вялікі размах і сапраўды бачылася істотным для вялікай колькасці людзей.

У сваёй канструктывісцкай канцэпцыі Б.Андэрсан звяртаў увагу на вялікую ролю друку ў паўставанні нацыі. На пачатку ХХ стагоддзя дзеячы нацыянальнага руху добра гэта разумелі і выкарыстоўвалі. Такім чынам, беларускія газеты "Шлях моладзі" і "Беларуская крыніца" выконвалі істотныя задачы, друкуючы на сваіх старонках фальклорныя матэрыялы. Сярод найбольш істотных задач можна вылучыць наступныя:

1. Аб'яднанне насельніцтва вакол нацыянальнай ідэі і магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у справе нараджэння новай незалежнай дзяржавы кожнаму жадаючаму. Таксама гэта дапамагала адчуць прыналежнасць да свайго народа.

2. Апроч таго, перыядычны друк выконваў ролю захавальніка нацыянальнай мовы. А фальклорныя матэрыялы толькі спрыяюць гэтаму, захоўваючы асаблівасці мовы і асобныя старыя словы і моўныя звароты. Таксама ў фальклоры заключана народная мудрасць, якая стагоддзямі дапамагала нашым продкам пераадольваць складанасці. У пачатку ХХ стагоддзя, калі Беларусь апынулася на пераломным моманце сваёй гісторыі, а менавіта, калі прыкладаліся намаганні да паўставання нацыянальнай дзяржавы, гэта было неабходна.

Трэба таксама ўзгадаць, што ў беларускім фалькларыстычным архіве музея імя І. Луцкевіча захоўваліся і падручнікі для школьнай моладзі па спевах аўтарства Антона Грыневіча [47]. У гэтых дапаможніках аўтар сабраў дасягненні народнай музычнай навукі і праінтэрпрытаваў іх так, каб на падставе гэтых матэрыялаў можна было выхоўваць маладое пакаленне.

3. Вышэй сказанае азначае тое, што на пачатку ХХ стагоддзя ўвага надавалася і патрыятычнаму выхаванню моладзі, якая потым магла б стаць надзейнай апорай маладой нацыянальнай дзяржавы.

Калі казаць пра іншыя фальклорныя матэрыялы з архіва музея імя Івана Луцкевіча, то можна разглядзець, напрыклад, зборы песень на словы беларускіх аўтараў, волатаў нацыянальнай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: К. Буйло, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Запольскага, К. Каганца, М. Бурачка і М. Танка. Літаратары, якія натхнялі сваімі словамі беларусаў у іх барацьбе за незалежнасць, дапамагалі таксама захоўваць моўную спадчыну. А тое, што на іх словы клаліся песні, азначае, што музыка прыстасоўвалася да патрэб грамадства і суправаджала працэс станаўлення нацыі. Гэта яшчэ адзін істотны момант, які паказвае, наколькі значнае месца займаў фальклор у нацыянальным праекце беларусаў.

Таксама матэрыялы беларускага фалькларыстычнага архіва ўтрымліваюць інструкцыю для збіральнікаў фальклору, якая была састаўленая Беларускім музеям імя І. Луцкевіча. Нажаль, з матэрыялаў архіва немагчыма зразумець, ці карысталіся збіральнікі дадзенай інструкцыяй, бо сярод матэрыялаў, дасланых у музей, не было знойдзена дакументаў, напісаных згодана з правіламі інструкцыі. Аўтара тэксту высветліць таксама не атрымалася. Калі казаць пра час напісання інструкцыі, то яе можна аднесці да другога перыяду існавання Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні, з 1921 па 1945 год. Але не гледзячы на гэта, можна меркаваць, што інструкцыя выдавалася для пэўных мэтаў. Беларускі музей, як частка нацыянальнага праекта, прыцягваў да супрацоўніцтва людзей, у тым ліку прафесійных музыколагаў і фалькларыстаў, каб тыя збіралі і апрацоўвалі фальклорную спадчыну. Гэта аб'ядноўвала вакол нацыянальнай ідэі творчых і таленавітых людзей, якія потым самааддана працавалі над захаваннем культурнай спадчыны беларусаў. Такім чынам, матэрыялы фалькларыстычнага архіва - гэта вынік вялікай працы пэўнай групы людзей. Адгэтуль вынікае яшчэ адна істотная функцыя фальклорных матэрыялаў у нацыянальным праекце: згуртаванне людзей, апантаных адной ідэяй.

Можна сцвярджаць, што самі фальклорныя матэрыялы, іх збіранне, захоўванне і апрацоўка адыгрывалі далёка не апошнюю ролю ў нацыятворчым праекце. Калі казаць пра асноўныя функцыі менавіта фалькларыстычнага архіва Беларускага музея, то сярод іх можна вылучыць такія як:

1. Выхаванне моладзі

2. Папулярызацыя ідэй нацыянальнасці і патрыятызму

3. Абуджэнне свядомасці сярод насельніцтва

4. Захаванне і развіццё беларускай мовы

5. Задавальненне людской патрэбы ў мастацтве (спевы і танцы) і забаўляльныя функцыі.

3.ШЛЯХІ ДАЛЕЙШАГА ВЫВУЧЭННЯ І АКТУАЛІЗАЦЫІ ФАЛЬКЛАРЫСТЫЧНАГА АРХІВА БЕЛАРУСКАГА МУЗЕЯ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА

3.1. Аналіз існуючых публікацый пра фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча

Для таго каб зразумець, якім чынам працягваць працу па вывучэнню, сістэматызацыі і даследванню беларускага фалькларыстычнага архіва з Беларускага музея, які зараз захоўваецца ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы, спачатку трэба агучыць і прааналізаваць тое, што ўжо зроблена.

Пачаць можна з існуючых публікацый пра архіў. Адразу можна сказаць, што іх ня так шмат. Справа ў тым, што літоўскім фалькларыстам і гісторыкам складана работаць з беларускамоўнымі тэкстамі, для гэтага амаль няма спецыялістаў. А што датычыцца беларускага боку, то далёка не ўсе беларускія навукоўцы, нават зацікаўленыя вывучэннем фальклорных матэрыялаў ХІХ-ХХ стагоддзяў, маюць магчымасць прыехаць у Вільню і працаваць з архівам. Таму архіў вывучаецца, але працэс ідзе вельмі павольна.

Архіў быў знойдзены прыкладна ў 1960-ыя гады, але дагэтуль пра яго існуе толькі некалькі публікацый, якія непасрэдна датычацца матэрыялаў з архіва. Перш за ўсё хацелася б сказаць пра літоўскіх даследчыкаў, якія займаюцца вывучэннем беларускіх фальклорных матэрыялаў з музея імя Івана Луцкевіча. Тут варта назваць імя Аўшры Жычкене [літ. Aušra Žičkienė - Ю. Р.], старэйшай навуковай супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Гэтая даследчыца зацікавілася беларускім фалькларыстычным архівам і папрацавала з яго матэрыяламі. У 2006 годзе ў 32 нумары навукова-гістарычнага часопіса "Tautosakos darbai" [бел. "Вывучэнне фальклора" - Ю. Р.] быў апублікаваны артыкул Аўшры Жычкене пад назвай "Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muziejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne" [48] [бел. "Беларускі фальклор з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Архіве літаратуры і фальклора" - Ю. Р.].

Дадзеную працу аўтарка прысвяціла 125-ым угодкам з нараджэння Івана Луцкевіча, выдатнага беларускага археолага, этнографа і грамадскага дзеяча. У пачатку сваёй працы А. Жычкене ўзгадвае кароткую гісторыю Беларускага музея імя І. Луцкевіча, апісвае багатую калекцыю, якая захоўвалася там, а таксама піша пра тое, як расфармоўваліся матэрыялы, сабраныя ў музеі пасля яго закрыцця і пра трагічныя лёсы некаторых супрацоўнікаў музея, якія былі рэпрэсаваныя [49].

У асноўнай частцы артыкула "Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muziejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne" Аўшра Жычкене апісвае змест каталога LTR 2464, дзе было знойдзена 906 картак з запісамі беларускіх народных песень. Гэта састаўная частка фалькларыстычнага архіва з Беларускага музея ў Вільні. На гэтых картках напісаныя не толькі словы песень, але запісаныя і дадзеныя пра збіральніка і інфарманта (узрост, род дзейнасці), а таксама месца і час запісу. Акрамя гэтага, падаюцца і некаторыя асаблівыя характарыстыкі, звязаныя з выкананнем песні.

Але асноўным момантам у працы літоўскай даследчыцы з'яўляецца спроба выдзеліць самыя істотныя, на яе погляд, матэрыялы і сістэматызаваць іх. У выніку Аўшра Жычкене выдзяляе восем груп архіўных матэрыялаў. Сярод іх апынуліся наступныя:

1. Набор фальклорных матэрыялаў рознага характару: сабраныя вучнямі Беларускай гімназіі і невядомымі збіральнікамі. Апроч гэтага, сюды ўвайшлі асобныя аркушы з фальклорнымі матэрыяламі

2. Апытальнікі па тэме пахавальнага абраду і каляндарнага кола, а таксама запісы абрада на Дзяды

3. Матэрыялы, звязаныя з моўнымі асаблівасцямі: запісы назваў населеных пунктаў, якія ўжываліся ў асяродку людзей, у параўнанні з афіцыйнымі назвамі, імёны людзей, мянушкі сабак і коней, а таксама адметнасці геаграфічных назваў

4. Архіў, укладзены Тадэвушам Шэлігоўскім: алфавітны паказальнік назваў песень. Тут аўтарка артыкула выказала меркаванне аб тым, што гэты архіў можа з'яўляцца толькі перапісаным варыянтам з першапачатковай версіі, бо ён напісаны алоўкам

5. Друкаваны спіс, дзе запісаныя назвы заходніх паветаў Беларусі, пазначаная іх колькасць і песні, запісаныя там

6. Сцэнар "Вяселля Марулі", адыгранага 15 траўня 1938 года на Віленскім радыё. Сцэнар ў апрацоўцы сялян з засценку Новыя Філіпаны, Варнянскай воласці. На вокладцы сшытка з запісам пазначана: "Із збораў беларускага музэю ў Вільні", "беларуская рэдакцыя тэксту - Уладас Дрэма, 14 сьнежня 1942 г.".

7. Дзве часткі падручніка з музычнымі творамі для фортэп'яна аўтарства М. Нікалаевіча і А. Туранкова. Як зазначае Аўшра Жычкене, першая частка пад назвай ""Сьпеўнік для школьнай моладзі" І частка. Беларускія народныя песні" ўтрымлівае песні з падрабязнай інфармацыяй пра месца і час іх запісу і імёны выканаўцаў. Другая частка - "Песьні на словы беларускіх паэтаў". Зборнікі напісаныя для школьнай моладзі, а таму, як лічыць аўтарка артыкула, павінныя былі стымуляваць цікавасць да вывучэння і выканання родных спеваў сярод моладзі.

8. Запісы рознага характару, чарнавыя накіды, даведкі, рэфераты і канспекты навучэнцаў Беларускай гімназіі ў Вільні.

Апроч гэтага, ў сваім артыкуле Аўшра Жычкене падае адсканаваныя фальклорныя матэрыялы з архіва Беларускага музея. Яна прыводзіць прыклад карткі з песняй, якую запісаў Антон Грыневіч у вёсцы Падсаддзе 2 ліпеня 1911 года [50].

Прааналізаваўшы гэты артыкул і прапаноўваемую Аўшрай Жычкене сістэматызацыю матэрыялаў, можна сказаць, што гэта даволі павярхоўная характарыстыка архіўных матэрыялаў: сістэматызацыя не прытрымліваецца пэўных прынцыпаў падзелу (рэгіянальны, часавы, альбо прынцыпу аднолькавага характару дакументаў). Але гэта адна с першых публікацый пра фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча, таму яе можна лічыць істотнай ў справе вывучэння і актуалізацыі архіва.

Артыкул "Baltarusių tautosaka iš Vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muziejaus Lietuvių tautosakos rankraštyne" напісаны на літоўскай мове, перакладаў на іншыя мовы пакуль няма. Гэта значыць, што інфармацыя артыкула разлічана выключна на літоўскамоўную аўдыторыю. Канешне, гэта вядзе за сабой некаторыя цяжкасці, напрыклад, для беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў. Але трэба аддаць належнае Аўшры Жычкене, якая з'яўляецца адной з нешматлікіх літоўскіх этнамузыколагаў, якія займаюцца вывучэннем беларускага фальклору і пашыраюць інфармацыю пра яго сярод сваіх калегаў. Можна лічыць, што гэтая даследчыца паклала пачатак вывучэнню і актуалізацыі інфармацыі пра архіў фалькларыстычных матэрыялаў з Музея імя Івана Луцкевіча.

Яшчэ адна, але ўжо беларуская даследчыца, якая займаецца вывучэннем і актуалізацыяй матэрыялаў архіва, - гэта Вольга Лабачэўская, дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства. Яе аўтарству належаць тры артыкулы, якія прысвечаныя фалькларыстычнаму архіву Беларускага музея ў Вільні.

У 2009 годзе Вольгай Лабачэўскай было апублікавана два артыкулы ў штотыднёвай грамадска-асветніцкай газеце "Культура" [51]. Адзін з іх, апублікаваны ў травеньскім 22 нумары газеты "Культура", называўся ""Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму" [52]. Там аўтарка піша пра дакументы фонду беларускага фалькларыстычнага архіва, які паходзіць з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Спачатку падаецца агульная характарыстыка архіва: "…тры скрынкі папяровых дакументаў у выглядзе сшыткаў, асобных аркушаў і тэматычных падборак. Яны датуюцца перыядам з 1817 па 1944 год і тэрытарыяльна ахопліваюць большую частку Беларусі, а таксама беларускае этнічнае памежжа ў Латвіі і на Смаленшчыне" [53].

Пасля гэтага Вольга Лабачэўская распавядае пра картатэку ўзораў беларускіх фальклорных мелодый, да якіх звярталася ў сваім артыкуле Аўшра Жычкене. У артыкуле ""Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму" даецца больш шырокая характарыстыка дадзенай картатэкі: "На кожнай з іх [картак - Ю. Р.] пазначаны нумар мелодыі, на беларускай лацініцы дадзены наступныя звесткі: сігнатура збору, месца запісу мелодыі, прозвішча інфарматара, хто і калі зрабіў запіс; музычная характарыстыка мелодыі. Найбольш даўняя песня - "Ой, у полі жыта" з-пад Мазыра была перапісана Рамуальдам Зямкевічам і датуецца 1849-1855 гадамі. Картатэка змяшчае запісы песень і нот, што былі зроблены Еўдакімам Раманавым, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Антонам Грыневічам" [54]. Такая характарыстыка картатэкі дае лепшае разуменне таго, што яна сабой уяўляла. А калі яшчэ дадаць да гэтага апісання сканаваную версію адной з іх, якую падала ў сваім артыкуле Аўшра Жычкене, то можна цалкам зразумець, якія гэта былі карткі, як яны выглядалі і якую інфармацыю змяшчалі ў сабе.

Прааналізаваўшы карткі, Вольга Лабачэўская высоўвае ў артыкуле меркаванне пра тое, што каталог мог быць сабраны ў ваенныя гады ("мяркуючы па ўзорах друкаваных картак, дзе запісаны фальклорныя матэрыялы" [55]), а складальнікамі маглі выступаць польскі кампазітар Тадэвуш Шэлігоўскі і этнамузыколаг Генадзь Цітовіч [56]. Гэта дае падставы для далейшых пошукаў і даследванняў картатэкі.

Апроч гэтага, падаюцца цікавыя звесткі пра тое, што Вільня не ёсць адзіным месцам, дзе захоўваюцца матэрыялы з картатэкі. Справа ў тым, што ў Менску знайшліся дзве ўстановы, сярод матэрыялаў якіх былі знойдзеныя такія карткі, як і ў віленскім архіве. Адна з гэтых устаноў - Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, а другая - музей Вялікай Айчыннай вайны, ў фотакартатэцы якога і былі заўважаныя карткі [57]. Вольга Лабачэўская зазначае, што, нажаль, у дзвюх апошніх установах карткі не захоўваліся належным чынам: частка іх выкарыстоўвалася як падручны матэрыял для розных мэтаў, а таму была сапсаваная, часткова ці цалкам. Але, тым не менш, гэтая знаходка дае падставы для таго, каб атрымаць яшчэ больш інфармацыі пра карткі ўзораў беларускіх фальклорных мелодый. Увогуле зараз іх можна налічыць каля 1000 адзінак. Беларускі музей імя І. Луцкевіча сабіраў гэтыя матэрыялы, разумеючы іх каштоўнасць для беларускай культуры і спадчыны.

Для таго каб беларускія і замежныя навукоўцы мелі магчымасць працаваць з дадзеным архівам, "трэба правесці яго тэрміновую архіўную апрацоўку, стварыць вопісы дакументаў. Тэхнічны прагрэс дазваляе на падставе камп'ютэрных тэхналогій стварыць копіі дакументаў, зводнага каталога яго частак, якія захоўваюцца ў Вільнюсе і Мінску" [58]. Да такой высновы прыходзіць Вольга Лабачэўская ў сваім артыкуле пад назвай ""Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму".

Яшчэ адзін артыкул аўтаркі пад назвай "Па "Навуцы…" Антона Грыневіча" [59] быў надрукаваны ў 25-ым чэрвеньскім нумары газеты "Культура" за 2009 год. Там Вольга Лабачэўская распавядае пра матэрыялы з беларускага фалькларыстычнага архіва Музея імя І. Луцкевіча, якія звязаныя з постаццю Антона Грыневіча. Калі аналізаваць матэрыялы архіва, то робіцца відавочным, што вялікая іх частка звязаная з імём менавіта гэтага чалавека. Як зазаначае В. Лабачэўская, ўся калекцыя матэрыялаў, звязаных з Антонам Грыневічам, з'явілася ў архіве Беларускага музея не пазней за 1925 год, "калі А.Грыневіч пераехаў з Вільні ў Мінск, дзе ўзначаліў песенную камісію Інбелкульта, з'яўляўся сакратаром яго музычнай падсекцыі" [60].

У артыкуле "Па "Навуцы…" Антона Грыневіча" яго аўтарка дае кароткі агляд матэрыялаў, звязаных з А. Грыневічам. Сярод іх наступныя: "рукапісы і машынапісы выданняў (…) па беларускім фальклоры: лекцыі "Навучальнік першых музычных правілаў", "Беларускі дзіцячы спеўнік. З беларускіх народных матываў і лірыкі. Сабрана ў 1905 - 1923 гг.", "Школьны спеўнік". Ёсць тут і экземпляр выдання першага беларускага падручніка "Навука спеву (правілы і практыка)" для выкарыстання ў беларускіх пачатковых школах" [61]. Апроч гэтага, сярод матэрыялаў архіва можна знайсці асабістыя лісты (напрыклад, ад Рамуальда Земкевіча, публіцыста і гісторыка літаратуры), даведкі, заявы і пасведчаныя, выдадзены Антону Грыневічу ў розныя гады яго жыцця. Увогуле, можна сказаць, што аб'ём матэрыялаў архіва, звязаных з А. Грыневічам даволі значны. Гэтя дакументы дапамагаюць не толькі паглыбіць веды пра яго біяграфію, але і атрымаць некаторае ўяўленне пра працэс збірання фальклору ў пачатку ХХ стагоддзя.

Але ў сувязі з гэтымі матэрыяламі выявіўся яшчэ адзін істотны момант. Матэрыялы віленскага архіва ўтрымліваюць не ўсе дакументы, звязаныя з асобай Антона Грыневіча. Апынулася, што частка матэрыялаў захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў фондзе №15. У канцы свайго артыкула Вольга Лабачэўская прыходзіць да высновы, што дзве часткі архіва Антона Грыневіча, "віленская" і "менская", зведзеныя разам, змогуць даць добрую падставую для поўнага вывучэння біяграфіі выбітнага беларускага фалькларыста і грамадскага дзеяча [62]. Гэта можа стаць вялікім крокам па актуалізацыі фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Але на дадзены момант самым поўным і інфарматыўным матэрыялам пра беларускі фалькларыстычны архіў можна з упэўненасцю назваць артыкул Вольгі Лабачэўскай пад назвай "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў", апублікаваны ў гадавіку антрапалагічнай гісторыі пад рэдакцыяй А. Ф. Смаленчука "Homo Historicus 2012" [63]. Спачатку аўтарка падрабязна распавядае пра гісторыю віленскага фонду беларускага фалькларыстычнага архіва. У гэтым раздзеле пададзеная інфармацыя пра тое, якім чынам расфармоўвалася калекцыя Беларускага музея пасля яго закрыцця. Там узгадваюцца ўстановы, беларускія і літоўскія, ў якія трапілі матэрыялы архіва: Гісторыка-этнаграфічны музей Літвы і Цэнтральная бібліятэка АН Літвы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх АН Літвы), Дзяржаўным музей БССР (цяпер Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі), Дзяржаўны мастацкі музей БССР (цяпер Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), Нацыянальны гістарычны архіў, Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўны архіў кінафотадакументаў, Цэнтральная фундаментальная бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі [64].

Наступны раздзел прысвечаны картатэцы мелодый беларускага фальклору, пра якую гаворка вялася вышэй. Тут Вольга Лабачэўская ўзгадвае артыкул Аўшры Жычкене, прысвечаны картатэцы, і апісвае матэрыялы картатэкі. У артыкуле "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў" сустракаецца меркаванне В. Лабачэўскай пра тое, што "з картатэкай беларускіх мелодый, напэўна, звязаны "Каталог архіва беларускіх народных песняў, уложаны Шэлігоўскім" (машынапіс), які адшукаўся сярод дакументаў другой часткі фонду беларускага фалькларыстычнага архіва" [65]. Але гэта патрабуе ўдакладнення і з'яўляецца яшчэ адным пытаннем, на якое трэба адказаць, працягваючы даследванне фалькларыстычнага архіва Беларускага музея ў Вільні.

У сваім артыкуле Вольга Лабачэўская прапаноўвае сваю сістэматызацыю матэрыялаў архіва. Трэба зазначыць, што зараз праца па сістэматызацыі матэрыялаў архіва сапраўды вельмі істотная, бо гэта зможа дапамагчы хутчэй апрацаваць усю базу дакументаў і зрабіць архіў даступным для шырокага кола навукоўцаў і усіх зацікаўленых з розных краін. Сістэматызацыя Вольгі Лабачэўскай выглядае наступным чынам:

1. Адна з падборак - гэта картатэка мелодый беларускага фальклору

2. Другая - архіўныя дакументы Антона Грыневіча (1877-1937 гг.). Апісваючы апошнія дакументы, аўтарка артыкулу вылучае сярод іх рукапісы і машынапісы А. Грыневіча, яго фальклорныя запісы і асабістую перапіску, ў якой сустракаюцца і фальклорныя запісы, дасланыя яму [66].

3. Наступная падборка - гэта фальклорныя запісы Сымона Рак-Міхайлоўскага, Язэпа Драздовіча, Лявона Вітан-Дубейкаўскага, Мар'яна Пецюкевіча. Гледзячы на тое, хто займаўся збіраннем фальклору ў пачатку ХХ стагоддзя, можна сказаць, што гэта былі "не толькі фалькларысты, музыканты, этнографы, але і іншыя дзеячы культуры, якія таксама збіралі, запісвалі народныя творы" [67]. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што ў асяродку адраджэнцаў, будаўнікоў нацыі, збіранне фальклору бачылася як істотная справа, вартая ўвагі і высілкаў.

4. Яшчэ адной буйной падборкай дакументаў, выдзеленых Вольгай Лабачэўскай, з'яўляюцца запісы фальклору і абрадаў рознага паходжання. Сюды ўвайшлі "запісы твораў іншых фальклорных жанраў, абрадаў, моўных матэрыялаў, якія разам з лістамі аўтараў запісаў дасылаліся з месцаў у рэдакцыі віленскіх газет "Наша Ніва",

"Беларуская крыніца", "Шлях моладзі" [68]. Асобную групу тут складаюць фальклорныя запісы, зробленыя навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі і Віленскага ўніверсытэта імя Стэфана Баторыя ў перыяд з 1906 па 1944 год.

Сюды ж Вольга Лабачэўская аднесла рукапісны сшытак, дзе падрабязна запісаны вясельны абрад. Сшытак носіць назву "Вяселле Марулі" "із збору Беларускага музею ў Вільні", напісаны абрад на трыццаці трох старонках. Інсцэніроўка запісанага вяселля была зроблена жыхарамі засценку Новыя Філіпаны Варнянскай воласці ў Віленскім радыё 15 траўня 1938 г. "З прадмовы даведваемся, што ў інсцэніроўцы вяселля бралі ўдзел 23 асобы рознага ўзросту, ўбраныя ў народную вопратку: "Вяселле аснована на самых старэйшых тамашніх звычаях, песнях і вопратцы. Выканаўцы вяселля адначасова з'яўляюцца і аўтарамі. Многія з вясельных цырымоній ужываюцца яшчэ і сягодня, але паволі яны ўжо забываюцца, знікаюць"" [69].

Трэба зазначыць, што з гэтым сшыткам звязаны яшчэ адзін артыкул, у якім згадваецца беларускі фалькларыстычны архіў з Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Артыкул-эсэ, надрукаваны ў верасні 2008 года ў газеце "Наша Ніва" носіць назву "Вяселле Марулі" [70] і належыць аўтарству Людвікі Кардзіс, праунучкі і ўнучкі ўдзельнікаў абраду.

Даследчык Юрась Унуковіч, пазнаёміўшыся з матэрыяламі фалькларыстычнага архіва Беларускага музея, зрабіў фотакопіі абрада, а пазней лёс звёў яго з Людвікай Кардзіс, у сямейным архіве якой знайшліся фотаздымкі ўдзельнікаў абраду. Пасля гэтай падзеі і нарадзіўся артыкул-эсэ "Вяселле Марулі".

5. Апошняя група - гэта нотныя матэрыялы, сярод якіх Вольга Лабачэўская называе дзве часткі падручнікаў А. Туранкова і М. Нікалаевіча ("Спеўнік для школьнай моладзі" і "Спеўнік. ІІ-я частка. Песні на словы беларускіх паэтаў"), а таксама народныя танцы і песні на словы беларускіх паэтаў (М. Танка, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Бурачка і іншых). Сюды ж увайшлі і песні ў арпрацоўцы К. Галкоўскага, якіх у архіве налічваецца больш пяці, а таксама песні ў апрацоўцы А. Туранкова, М. Чуркіна, М. Шчаглова і А. Грэчанінава. Да гэтай жа групы матэрыялаў Вольга Лабачэўская аднесла партытуры са штампам на нямецкай мове [71], якіх у архіве налічваецца вялікая колькасць.

Калі глядзець на сістэматызацыю, прапанаваную ў артыкуле "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў", то можна сказаць, што выдзеленыя падборкі былі створаныя па прынцыпу аднолькавага характару дакументаў, уваходзячых у яе, альбо па прынцыпу прыналежнасці аднаму аўтару ці ўладальніку. У дадзенай сістэматызацыі кожная падборка ўтрымлівае даволі шырокае кола матэрыялаў з архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Але абраныя аўтаркай прынцыпы сістэматызацыі і выдзеленыя падборкі даюць магчымасць атрымаць даволі поўнае ўяўленне аб тым, што прадстаўляе сабой беларускі фалькларыстычны архіў, якія захоўваецца ў Інстытуце літаратуры і фальклору Літвы.

Асаблівую ўвагу Вольга Лабачэўская надала двум лістам ад Рамуальда Земкевіча з Варшавы да Антона Грыневіча ў Вільню. Яна ўпершыню апублікавала іх у сваім артыкуле. Гэта яшчэ адзін невялікі, але значны крок на шляху актуалізацыі ўсіх матэрыялаў архіва.

3.2. Прапановы па далейшай апрацоўцы і актуалізацыі матэрыялаў фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча

Перад тым як рабіць прапановы па магчымых шляхах далейшай апрацоўкі і актуалізацыі фалькларыстычнага архіва Беларускага музея ў Вільні, трэба засяродзіць увагу на некаторых істотных пытаннях, якія ўжо ўзнікалі падчас працы з гэтым архівам. Для таго каб цалкам ведаць гісторыю збірання і захоўвання архіва, трэба ведаць, калі дакладна ён трапіў у Інстытут літаратуры і фальлклора Літвы. Зараз лічыцца, што гэта быў 1944 год, калі матэрыялы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча былі расфармаваныя па розных установах. Аднак гэта недакладна, таму гэтае пытанне патрабуе далейшых пошукаў.

Яшчэ адно пытанне датычыцца картатэкі ўзораў беларускіх фальклорных мелодый. У сваім артыкуле "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў", як было сказана вышэй, Вольга Лабачэўская выказала меркаванне пра тое, што ўкладальнікамі гэтай картатэкі маглі быць Генадзь Цітовіч і Тадэвуш Шэлігоўскі, але гэта, зноў жа, толькі меркаванне, таму пытанне патрабуе далейшых пошукаў.

І яшчэ адно пытанне звязанае з постаццю Тадэвуша Шэлігоўскага і картатэкай узораў беларускіх фальклорных мелодый. Магчыма, каталог беларускіх народных песень, укладзены Тадэвушам Шэлігоўскім, звязаны з картатэкай. Гэта таксама трэба адмыслова высветліць і прыйсці да канкрэтнай высновы.

Калі казаць пра тое, на якой стадыі апрацоўкі знаходзіцца фалькларыстычны архіў з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча зараз, то трэба зазначыць, што з 2010 года, калі пачалася мая праца з архівам, былі зробленыя некаторыя істотныя крокі.

Па-першае, была складзеная база дадзеных, якая ўтрымлівае ўсе матэрыялы архіва. У базе вылучаныя асобныя падборкі, якія змогуць зрабіць пошук патрэбнага дакумента больш лёгкім.

Па-другое, на падставе створанай базы дадзеных супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, сярод якіх была вышэй узгаданая Аўшра Жычкене, расклалі ўсе дакументы па адпаведных тэчках, далі ім адпаведныя назвы і ўліковыя нумары. Такім чынам, зараз, чалавек, які хоча папрацаваць з архівам, маючы на руках базу дадзеных, зможа лёгка знайсці цікавячыя яго дакументы і іншыя матэрыялы.

Таксама трэба сказаць, што быў пакладзены пачатак працэсу алічбоўкі матэрыялаў беларускага фалькларыстычнага архіва. Ў прыватнасці, падчас правядзення навукова-даследчага праекта пад назвай "Новае жыццё фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча" мной былі зробленыя фотакопііі некалькіх сшыткаў з нотамі і словамі песень, запісаных Сымонам Рак-Міхайлоўскім. Ажыццяўлялася гэта на базе Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, дзе я атрымала магчымасць карыстацца спецыялізаванай апаратурай. Фотакопіі апрацаваных матэрыялаў будуць захоўвацца ў базах архіва Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Апроч таго, ў сваім артыкуле "Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne" Аўшра Жычкене выкарыстала зробленую ёй фотакопію адной з картак картатэкі ўзораў беларускіх фальклорных мелодый.

Алічбоўка матэрыялаў архіва - гэта адзін з найбольш істотных крокаў на шляху яго актуалізацыі. Для таго каб гэта выканаць, трэба мець альбо асабістую ініцыятыву, альбо ажыццяўляць алічбоўку матэрыялаў у рамках пэўнага навуковага праекту. Перад тым, як пачынаць рабіць фотакопіі дакументаў, трэба высветліць ступень іх інфарматыўнасці. Гэта значыць, што, ў першую чаргу, трэба апрацоўваць найбольш значныя і поўныя дакументы, а таксама тыя дакументы, якія з'яўляюцца ўнікальнымі і могуць стаць навуковым адкрыццём.

Спачатку ўсе алічбаваныя матэрыялы будуць захоўвацца ў архіве Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Але трэба зазначыць, што супрацоўніцы гэтай установы выказвалі прапанову ў будучыні ўключыць матэрыялы з "беларускага архіва" ў электронную базу алічбаваных дакументаў інстытута і апублікаваць іх на адмысловай інтэрнет-пляцоўцы: http://www.llti.lt/lt/77/. Гэта дазволіць навукоўцам з розных краін, якія не могуць асабіста патрапіць у архіў, працаваць з яго матэрыяламі і паскорыць працэс актуалізацыі архіва цалкам.

Другая задача навукоўцаў, якія працуюць з беларускім фалькларыстычным архівам, гэта публікацыя істотных, на іх погляд, дакументаў і іншых матэрыялаў. Пачатак гэтай справе таксама ўжо пакладзены: Вольга Лабачэўская апублікавала два ліста Рамуальда Земкевіча да Антона Грыневіча ў артыкуле "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў", а таксама мной была падрыхтаваная да публікацыі інструкцыя для збіральнікаў фальклору, якая была створаная супрацоўнікамі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

Публікацыя дакументаў разам з навуковымі артыкуламі прыцягвае ўвагу не толькі да разглядваемай там тэмы і праблематыкі, але і да ўсяго архіва беларускіх фальклорных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы. Гэта яшчэ адзін сур'ёзны крок на шляху апрацоўкі архіва.

Апроч пералічаных прапаноў трэба яшчэ браць ва ўвагу і тое, што некаторыя часткі фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча знаходзяцца ў розных установах Менска. Адсюль можна зрабіць выснову, что для поўнай апрацоўкі і акуталізацыі матэрыялаў архіва трэба аб'яднаць яго "менскую" і "віленскую" часткі. Гэта можа быць магчымым толькі пры супрацоўніцтве дзяржаўных устаноў Літвы і Беларусі, а таксама асобных зацікаўленых даследчыкаў. Магчыма, самым простым шляхам для аб'яднання частак архіва зможа стаць міжнародны культурна-даследчыцкі праект, у рамках якога будуць алічбаваныя ўсе наяўныя матэрыялы бедарускіх і літоўскіх архіваў і зведзеныя ў адзіную базу, да якой зможа мець доступ шырокае кола людзей.

Калі казаць больш канкрэтна, то ў першую чаргу трэба звярнуць увагу на дакументы, звязаныя з постаццю фалькларыста і грамадскага дзеяча Антона Грыневіча. Як ужо адзначалася, матэрыялы, датычныя гэтай асобы, захоўваюцца як у віленскім так і ў менскіх архівах. Даследчыца Вольга Лабачэўская ўпэўненая, што калі аб'яднаць дзве гэтыя часткі, то можна атрымаць даволі поўныя звесткі па біяграфіі Антона Грыневіча [72]. Гэтая праца, безумоўна, патрабуе супрацоўніцтва літоўскіх і беларускіх даследчыкаў і навокоўцаў.

Другая рэч, на якую варта звярнуць увагу, гэта картатэка мелодый беларускага фальклору. Улічваючы тое, што яна даволі багатая і інфарматыўная, трэба разумець, што яе матэрыялы будуць карыснымі для фалькларыстаў, этнолагаў, гісторыкаў і іншых спецыялістаў. Як згадвалася вышэй, матэрыялы картатэкі знаходзяцца не толькі ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы ў Вільні, але і ў некалькіх установах Менску, таму, пачынаючы рэалізоўваць міжнародныя беларуска-літоўскія праекты, якія будуць датычыцца беларускага фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча, варта абавязкова мець на ўвазе, што аб'яднанне "віленскай" і "менскай" частак картатэкі дасць магчымасць сабраць поўны і сапраўды каштоўны архіў з беларускімі фальклорнымі мелодыямі.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

1. Беларускі фалькларыстычны архіў збіраўся ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Гэты музей быў буйным цэнтрам беларускага адраджэння ХХ стагоддзя і адыгрываў вельмі істотную ролю ў захаванні беларускай спадчыны і фармаванні нацыянальнай культуры. Менавіта тут вялася шырокая дзейнасць па збіранні і апрацоўцы беларускага фальклору.

Пасля працэсу ліквідацыі музея па пастанове Ліквідацыйнай камісіі яго экспанаты і іншыя каштоўныя матэрыялы апынуліся ў некалькіх дзяржаўных установах Менску (ў асноўным у дзяржаўных архівах, музеях і бібліятэках), але большая частка засталася ў Вільні. Зараз жа экспанаты Беларускага музея раскіданыя па розных краінах, у тым ліку знаходзяцца ў прыватных калекцыях, таму збор даводзіцца аднаўляць літаральна па часцінках.

На дадзены момант скрынкі з матэрыяламі па беларускім фальклоры захоўваюцца ў Вільні, ў фондах Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Ёсць падставы меркаваць, што беларускі архіў быў перададзены літоўскім ўстановам, якія папярэднічалі фармаванню Інстытута літаратуры і фальклора Літвы, ў перыяд паміж 1944, адразу пасля закрыцця Музея імя І. Луцкевіча, і 1956 гадамі. Дакументы пра перадачу беларускага архіва ў літоўскія ўстановы адсутнічаюць, але супрацоўнікі Інстытута літаратуры і фальклора Літвы лічуць, што гэта адбылося ў 1944 годзе.

Фалькларыстычны беларускі архіў носіць архіўны нумар LTR 2464 і складаецца з дакументаў, якія размеркаваны па трох скрынках, пазначаных нумарамі 7579 (I), 7579 (ІІ) і 7579 (ІІІ). Асноўную частку архіва складаюць фалькларыстычныя матэрыялы, сабраныя рознымі асобамі ў перыяд з 1885 па 1943 год ў розных рэгіёнах Беларусі. Сярод гэтых матэрыялаў - прыватныя зборы беларускіх грамадскіх і культурных дзеячоў, запісы фальклора, сабраныя жыхарамі беларускіх тэрыторый, а таксама запісы народных песень, зробленыя вучнямі Віленскай беларускай гімназіі. Пэўная частка архіва звязаная з дзейнасцю Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Усе матэрыялы архіва былі падзеленыя на пятнаццаць тэматычных падборак і занесеныя ў працоўную базу дадзеных.

2. Паўставанне беларускага нацыянальнага праекту прыйшлося на канец ХІХ-пачатак ХХ стагоддзя. Сутнасць нацыянальных працэсаў на беларускіх землях на пачатку ХХ стагоддзя часткова характарызуе канцэпцыя Бенедыкта Андэрсана, якую ён саставіў ужо ў канцы ХХ стагоддзя. У яго канцэпцыі знайшлося месца і для музеяў, якія, на яго думку, адыгрывалі значную ролю ў нацыянальных працэсах.

Так сталася, што адным з галоўных цэнтраў новай нацыянальнай дзяржавы была Вільня. Менавіта тут гуртаваліся інтэлектаульныя і творчыя колы будучых адраджэнцаў, адкрываліся нацыянальныя адукацыйныя і культурныя цэнтры. Адной з такой устаноў стаў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Апроч іншых каштоўнасцяў, музей збіраў і захоўваў калекцыю фалькларыстычных матэрыялаў. Калі сам музей імя Івана Луцкевіча можна назваць натхняльнікам нацыянальнага руху, то фалькларыстычная калекцыя таксама мела асобнае месца ў нацыянальным праекце беларусаў у пачатку ХХ стагоддзя. У выніку даследвання гэтага пункта можна зрабіць высновы. Фалькларыстычныя матэрыялы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і працэс іх назапашвання мелі некалькі істотных функцый, сярод якіх:

1. Выхаванне моладзі

2. Папулярызацыя ідэй нацыі і патрыятызму

3. Абуджэнне нацыянальнай свядомасці сярод насельніцтва

4. Захаванне і развіццё беларускай мовы

5. Задавальненне людской патрэбы ў мастацтве (спевы і танцы) і забаўляльныя функцыі. Істотна, што гэта было збудавана на нацыянальных традыцыях, таму народ не адрываўся ад сваіх каранёў нават калі будавалася новая дзяржава.

З 2006 года праца над фалькларыстычным архівам музея імя Івана Луцевіча павольна, але вядзецца. За гэты час паспела выйсці некалькі артыкулаў аўтарства Аўшры Жычкене і Вольгі Лабачэўскай, у якіх вялася гаворка пра архіў, публікаваліся некаторыя яго матэрыялы і падаваліся іх фотакопіі. Апроч гэтага, ў некаторых артыкулах прапаноўвалася сістэматызацыя матэрыялаў, у якой выдзяляліся асобныя падборкі.

У ходзе рэалізацыі праекта "Новае жыццё фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя І. Луцкевіча" і ў выніку праходжання пераддыпломнай практыкі ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы мной была створаная працоўная база дадзеных усіх матэрыялаў беларускага фалькларыстычнага архіва, згодна з якой супрацоўніцы Інстытута літаратуры і фальклору Літвы пранумаравалі ўсе дакументы і расклалі іх па асобных пранумараваных падборках.

Калі казаць пра магчымыя шляхі па далейшай апрацоўцы і актуалізацыі архіва, то можна вылучыць наступныя:

1. Высвятленне гісторыі з'яўлення беларускага фалькларыстычнага архіва сярод матэрыялаў Інстытута літаратуры і фальклора Літвы

2. Дакладнае вызначэнне ўкладальніка картатэкі ўзораў беларускіх фалькларыстычных мелодый

3. Алічбоўка (стварэнне фотакопій) матэрыялаў архіва і ўключэнне іх у электронную базу Інстытуту літаратуры і фальклору Літвы

4. Публікацыя найбольш істотных, унікальных і інфарматыўных матэрыялаў у навуковых артыкулах

5. Звядзенне "віленскай" і "менскай" часткі фалькларыстычнага архіва разам пасродках алічбоўкі. Перш за ўсё тут варта звярнуць увагу на матэрыялы, звязаны з постаццю Антона Грыневіча і картатэку беларускіх фальклорных мелодый. Прасцей за ўсё гэта можна ажыццявіць у рамках міжнародных літоўска-беларускіх праектаў.

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

1. АНДЕРСОН Б., БАУЭР О., ХРОХ М. и др. Нации и национализм; Пер с англ. и нем. Л.Е. Переяславцевой, М.С. Панина, М.Б. Гнедовского - М.: Праксис, 2002. - 416 с. - (Серия"Новая наука политики"). ISBN 5-901574-07-9.

2. АНДЕРСОН Б. Воображаемые сообщества. Размышление об истоках и распространении национализма. Перевод с английского В. Г. Николаева. Москва. КАНОН-ПРЕСС-Ц. Кучково поле, 2001. [анлайн]. [Прагледжана 25.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/01.php

3. База дадзеных Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. [анлайн]. [Прагледжана 28.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/lt/77/

4. БУЛГАКОВ В. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белорусистики, 2006. 331 с. ISBN: 80-86961-15-Х.

5. ГУЖАЛОЎСКІ А. А. Нараджэнне беларускага музея. Мінск, 2001. 124 с.

6. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: charter97.org/ru/news/2009/8/6/20782/

7. ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm

8. КАРДЗІС Л. Вяселле Марулі // Наша Ніва, 2008, 16 верасня [анлайн]. [Прагледжана 12.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: nn.by/index.php?c=ar&i=19886&p=1&c2=&combo_calmonth=2&combo_calyear=2005#!nn

9. КУЛЬТУРА. Штотыднёвая грамадска-асветніцкая газета. [анлайн]. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/

10. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн]. [Прагледжана 03.05.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

11. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па "Навуцы…" Антона Грыневіча Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 - 26 чэрвеня. № 25 [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

12. ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

13. ЛУЦКЕВІЧ А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. Уклад., прадм., камент.,індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. - А. Сідарэвіча Мінск: Кнігазбор, 2006. - 460 с. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.org/katalohkamunikat.html?pub_start=2840&pubid=10103

14. ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm

15. Сайт Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : lti.lt

16. САЛАДОЎНІК, А. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/saladounik/.html

17. СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html

18. ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

19. ЧУДИНОВ А.Н.,"Словарь иностранных слов, вошедших в состав русского языка". 1910.

20. ЯЦКЕВІЧ, М. Вільня як асяродак беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. на фоне польскай і літоўскай культур. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=548

21. ŽARSKIENĖ R., KRIKŠČIUNAS P., NAKIENĖ A. Lietuvių literaturos ir tautosakos institutas. Другое выданне. Вільня, 2008. (Літоўскія фальклорныя архівы Інстытута літаратуры і фальклора Літвы)

22. ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

23. Krynica: tydniowaja katalickaja hazeta, Wilnia, 1919-1925. Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekos skaitmeninis archyvas [анлайн]. [Прагледжана 13.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: mab.lt/paveldas/MAB01/160001/163877-1926-2.pdf

24. LIETUVOS MOKSLŲ AKADEMIJOS VRUBLEVSKIŲ BIBLIOTEKA [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: www.mab.lt/

25. LTR 2464 (7579: І, ІІ, ІІІ) [Архіў]

26. ŁUCKIEWICZ, A. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, s.

27. Petro Vileišio rūmų ansamblio restauracijos aidai . [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: spec.lt/lt/dazai-Petro_Vileisio_rumu_ansamblio_restauracijos_aidai

28. The Invention of tradition / Ed. by E. Hobsbawm, T. Ranger. Cambridge; New York: Cambridge University Press, 1983. P. 343.

29. TURONAK, J. Vacłau Ivanouski i adradżeńnie Biełarusi. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: < google.com/url?sa=t&source=web&cd=6&ved=0CEMQFjAF&url=http%3A%2F%2Fkamunikat.org


Yuliya Reznik

The collection of folklore materials of Ivan Lutskevich's Belarusian museum and its role in the national project of Belarusians in the early XX centuries (by the materials of Lithuanian institute of literature and folklore archive)

(Summary)

The main purpose of this master thesis is to describe the folk materials of Ivan Lutskevich's Belarusian museum and determine their role in the process of formation of the Belarusian nation in the early twentieth century.

The object of the research is the collection of folklore materials of Ivan Lutskevich's belarusian museum.

The documents from the archive have a great scientific value, but they practically hasn't been studied. That's why the research is relevant.

There were used the following methods in the study: historical and typological, historical and systematic, descriptive and analytical.

The work consists of three main parts ; the description and analyzing of the folk materials of Ivan Lutskevich's Belarusian museum, analyzing the role of the archive in the national process of Belarusians and recommendations for further work with the materials.

Studying the history of collecting and storing folklore archive and its description gave an opportunity to systematize its materials and to divide them into 15 main collections.

The analysis of the role of the folklore archive in the national project of the Belarusians led to the following conclusions. These materials had several important functions:

1. Education of young people

2. Popularization of the ideas of nationality

3. Awakening of people's consciousness

4. Preservation and development of the Belarusian language

5. Meeting people's needs of art (singing and dancing) and some entertaining functions

There were purposed some ways of further work with the folklore archive in this master thesis:

1. Classification of the history of the archive storage

2. Identification of the collector of the Belarusian songs' collection

3. Creation of the archive's materials photocopies

4. Publication of the most informative and important documents from the archive

5. Connection of the "Lithuanian" and the "Belarusian" parts of the collection

This master thesis will be useful to historians, folklorists, ethnologists, researchers in the field of the humanities and students.


ДАДАТАК 1. Інструкцыя для збіральнікаў фальклору

Інструкцыя для збіральнікаў беларускай народнай песьні. Музей імя І. Луцкевіча ў Вільні, вул. Вострабрамская, 9.

БЕЛАРУСКІ МУЗЭЙ ІМЕНІ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА У ВІЛЬНІ

ІНСТРУКЦЫЯ ДЛЯ ЗЬБІРАЛЬНІКАУ

беларускай народнай песьні.

Тасуючы метады зьбіраньня народных песень, трэба старацца, каб не пашкодзіць ані паменшыць вартасьці такой прыгожай кветкі, якой яўляецца народная песьня.

Ніжэй падана некалькі аснаўных правілаў, якія радзім захоўваць пры зьбіраньні песень. Яны апёрты на навуковых асновах.

1. Трэба старацца не адрываць сьпевака ад штодзеннага месца ягонай працы і падчас запісваньня песень. Калі сьпевак у полі, то натаваць у полі, калі у хаце, то у хаце. Запрашэньне сьпевакоў у школу клябанію [73] дзеля правядзеньня запісу робіць уемны уплыў на выканаўцаў.

2. Зьбіраць песьні найлепей ад асоб старых і старэйшых, выпытваючы іх, скуль умеюць дадзеную песьню/ з традыцыі, з нотаў, з касьцёла-царквы і т.п./. Сьпяваныя моладзьдзю песьні павінны выбірацца вельмі крытычна, бо здараюцца сярод іх модныя шлягеры, вайсковыя, прынесеныя з места і г.д. Гэткія лепш было б адкідаць.

3. Трэба узяць на пільную увагу фах [74]/ заняцьця сьпевака. Пры зьбіраньні песень галоўнае - сабраць песьні ад земляробаў, зн. асоб, звязаных непасрэдна з абрабляньнем зямлі. Песьні выконываныя/ сьпяваныя, іграныя/ іншымі людзьмі па фаху, нпр. вясковымі музыкантамі, лічацца матарыялам хучэй другарадным, горшым.

4. Не трэба сьпевака папраўляць у чымкольвек, але натаваць точна тое, што ён сьпявае. Не папраўляць г.зв. фалшаў, бо яны прадстаўляюць часамі цэнную вартасьць пры досьледах над часам і паходжаньням песьні.

5. Слоўны тэкст і ноты зьяўляюцца у народнай песьні неадлучнай, неразрыўной цэласьцяй. Натаваць па магчымасьці на той самай карце/ лісьце/. Не аддзеляць дзеля гэтага гэтых элементаў песьні ад сябе. Добра запісываць песьні дваім: адзін запісывае ноты, другі слоўны тэкст. Трэба запісываць усе строфкі тэксту.

6. Пры запісываньні трэба узяць на увагу наступныя рубрыкі і дакладна іх выпаўняць: а/ час і месца запісу/, год, месяц, дзень, вёска, воласьць, павет/. б/ імя і прозьвішча сьпевака-сьпевачкі. в/ дакладны век. г/ заняцьце-прафэсыя/ земляроб, музыкант, кравец/. д/ род песьні/ вясенныя, жніўныя, вясельныя, "абы-калі" [75] і іншыя/. ж/ імя й прозьвішча запісывальніка. з/ крытычныя увагі/ скуль сьпевак умее песьню, ці сьпевак умее толькі адну строфку тэксту, ці зьмяняе ноты пры паўтарэньні і г.д./.

7. Запіс музыкі павінен адбывацца паводле гэткіх правілаў: а/ Лягчэй сьпяваныя гукі павінны натавацца драбней, нпр. ♪♩♬ азначае, што чацьвёрка ёсьць найсільнейшая, іншыя - лягчэйшыя. б/ Кажды тон бяз луку сьпяваіцца як паасобны склад, нпр. Бо (♩)-жа (♩) наш (♩). в/ Аздобіны/ мэлізматы/ г.зн. група тонаў, сьпяваных адным складам, азначаюцца драбнейшымі нотамі і так нпр. Бо (♩)---жа (♩♬) наш (♩). г/ Знак ᴗ пад альбо над нотай азначае прадаўжэньне вартасьці, знак ᴖ пад альбо над нотай ♪ азначае скарочаньне вартасьці. ᴖ азначае тон прадоўжаны прынамсі на палавіну ягонай вартасьці ᴖ ♩ =♩. д/ ♩ᴖ азначае г.зв. портамэнто, г.зн. ападак голасу на некалькі тонаў уніз, г.ё. т.зв. "Шлейфтоны" - вельмі частыя у беларускіх песьнях. ж) + ♩ крыжык над нотай азначае г.зв. тэрцыю нэутральную і значуць ані вялікую ані малую, але стаячую пасяродку - частае зьявішча ў беларускіх песьнях. з/ Уважаць на азначаньне тактаў. У сумніўных выпадках не стаўляць знакоў дзеля азначаньня тактаў, а лепш азначыць пры помачы стоцьняй коскі месцы перапунку, якія сьпявак робіць.

8. Пэўнеж, можна увясьці чарод сваіх уласных азначэньняў самога выкананьня песьні. У гэткім выпадку да сабранага/ запісанага/ матарыялу трэба далучыць адпаведную легенду/ ключ/ выясьняючую дадзеныя азначэньні.

9. Сабраныя такім спосабам песьні трэба адаслаць у:

БЕЛАРУСКІ МУЗЭЙ ІМЕНІ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА У ВІЛЬНІ ВОСТРАБРАМСКАЯ 9.




[1] ЧУДИНОВ А.Н.,"Словарь иностранных слов, вошедших в состав русского языка". 1910.

[2] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 траўня - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[3] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па "Навуцы…" Антона Грыневіча. Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 - 26 чэрвеня. № 25 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[4] ЛАБЧЭЎСКАЯ, В. "Фалькларыстычна архіў Беларускага музея Івана луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў". Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

[5] ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

[6] ЛУЦКЕВІЧ А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. Уклад., прадм., камент.,індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. - А. Сідарэвіча Мінск: Кніга-збор, 2006. - 460 с. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.org/katalohkamunikat.html?pub_start=2840&pubid=10103

[7] ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 17.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm

[8] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 17.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm

[9] СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html

[10] САЛАДОЎНІК, А. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект. [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/saladounik/.html

[11] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[12] ГУЖАЛОЎСКІ А.А. Нараджэнне беларускага музея. Мінск, 2001. 124 с.

[13] LIETUVOS MOKSLŲ AKADEMIJOS VRUBLEVSKIŲ BIBLIOTEKA [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: mab.lt

[14] АНДЕРСОН Б. Воображаемые сообщества. Размышление об истоках и распространении национализма. Перевод с английского В. Г. Николаева. Москва. КАНОН-ПРЕСС-Ц. Кучково поле, 2001. [анлайн]. [Прагледжана 25.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/01.php

[15] The Invention of tradition / Ed. by E. Hobsbawm, T. Ranger. Cambridge; New York: Cambridge University Press, 1983. P. 343.

[16] АНДЕРСОН Б., БАУЭР О., ХРОХ М. и др. Нации и национализм; Пер с англ. и нем. Л.Е. Переяславцевой, М.С. Панина, М.Б. Гнедовского - М.: Праксис, 2002. - 416 с. - (Серия"Новая наука политики"). ISBN 5-901574-07-9.

[17] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm

[18] Дапаможнік-гід па беларускай Вільні. [анлайн]. [Прагледжана 10.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: charter97.org/ru/news/2009/8/6/20782/

[19] СЕРЫКАВА, В. Браты Луцкевічы як стваральнікі і захавальнікі Беларускага музея ў Вільні (1921-1945). [анлайн]. [Прагледжана 13.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : pawet.net/library/history/bel_history/_miscellany/z_egu/serykava/.html

[20] ЛУЦКЕВІЧ, Л., ВОЙЦІК, Г. Партрэты віленчукоў. Марыян Пецюкевіч. - Вільня: Рунь Выдавецтва Беларусаў Літвы, 2001. [анлайн], 20 с. [Прагледжана 13.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=2073&lang=BE

[21] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне. Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 20. [анлайн]. [Прагледжана 15.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : /kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm

[22] ЗАПАРТЫКА, Г. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына. 2003, 8 красвіка, № 4-5. [анлайн]. [Прагледжана 16.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт :kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm

[23] Там сама

[24] Petro Vileišio rūmų ansamblio restauracijos aidai . [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: spec.lt/lt/dazai-Petro_Vileisio_rumu_ansamblio_restauracijos_aidai

[25] Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas. Istorija. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : llti.lt/lt/istorija

[26] ЯЦКЕВІЧ, М. Вільня як асяродак беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. на фоне польскай і літоўскай культур. [анлайн]. [Прагледжана 02.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=548

[27] ŽARSKIENĖ R., KRIKŠČIUNAS P., NAKIENĖ A. Lietuvių literaturos ir tautosakos institutas. Другое выданне. Вільня, 2008.

[28] Там сама

[29] Там сама

[30] ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 10.05.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

[31] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 10.05.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[32] Там сама

[33] Там сама

[34] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 мая - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 13.05.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[35] LTR 2464

[36] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[37] АНДЕРСОН Б. Воображаемые сообщества. Размышление об истоках и распространении национализма. Перевод с английского В. Г. Николаева. Москва. КАНОН-ПРЕСС-Ц. Кучково поле, 2001. [анлайн]. [Прагледжана 25.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт : gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/01.php

[38] БУЛГАКОВ В. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белорусистики, 2006. 331 с. ISBN: 80-86961-15-Х.

[39] Запісы Беларускага Навуковага Таварыства: Сшытак 1. Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1938. 68 с.

[40] ŁUCKIEWICZ, A. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, s.

[41] LTR 7579/І-3 (Vilniaus baltarusių muziejaus tautosakos rinkiniai)

[42] Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekа [анлайн]. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: mab.lt

[43] Krynica: tydniowaja katalickaja hazeta, Wilnia, 1919-1925. Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekos skaitmeninis archyvas [анлайн]. [Прагледжана 13.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: mab.lt/paveldas/MAB01/160001/163877-1926-2.pdf

[44] Там сама

[45] Там сама

[46] Krynica: tydniowaja katalickaja hazeta, Wilnia, 1919-1925. Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekos skaitmeninis archyvas [анлайн]. [Прагледжана 13.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: mab.lt/paveldas/MAB01/160001/163877-1926-2.pdf

[47] LTR 7579/ІІІ-1 (Baltarusių autoriu dainų natos)

[48] ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

[49] ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

[50] ŽIČKIENĖ, А. Baltarusių tautosaka iš vilniaus Ivano Luckevičiaus gudų muzejaus lietuvių tautosakos rankraštyne. Tautosakos darbai. 2006, № 32. [анлайн], с.244. [Прагледжана 16.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: llti.lt/failai/e-zurnalai/TD32/TD32.pdf . ISSN 1392-2831.

[51] КУЛЬТУРА. Штотыднёвая грамадска-асветніцкая газета. [анлайн]. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by

[52] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 траўня - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[53] Там сама

[54] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 траўня - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн]. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: /kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[55] Там сама

[56] Там сама

[57] Там сама

[58] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. "Ой, у полі жыта" два стагоддзі таму. Культура. Кастрычнік 1991. 2009, 30 траўня - 5 чэрвеня. № 22 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012] Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2500

[59] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па "Навуцы…" Антона Грыневіча. Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 - 26 чэрвеня. № 25 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2616

[60] Там сама

[61] Там сама

[62] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Па "Навуцы…" Антона Грыневіча. Культура. Кастрычнік 1991. , 2009, 20 - 26 чэрвеня. № 25 [анлайн], с. 22. [Прагледжана 15.03.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: kimpress.by/index.phtml?page=2&id=2616

[63] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

[64] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

[65] Там сама

[66] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 470-474.

[67] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

[68] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 475.

[69] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 477.

[70] КАРДЗІС Л. Вяселле Марулі // Наша Ніва, 2008, 16 верасня [анлайн]. [Прагледжана 12.04.2012]. Доступ праз Інтэрнэт: nn.by/index.php?c=ar&i=19886&p=1&c2=&combo_calmonth=2&combo_calyear=2005#!nn

[71] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 478.

[72] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, В. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея Івана Луцкевіча: вяртанее праз 65 гадоў. Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. - Вiльня: ЕГУ, 2012. c. 465-486.

[73] Клябанія (ад лит. Klebonija) - дом, дзе жыве ксёнз

[74] Фах - спецыяльнасць, здольнасць

[75] Маюцца на ўвазе песні, якія спяваюцца ў любы час.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX