Папярэдняя старонка: Працы гісторыка-антрапалагічнага гуртка імя Міколы Ўлашчыка пры ЕГУ

Рэзнік Ю. Антон Грыневіч 


Аўтар: Рэзнік Юлія,
Дадана: 03-10-2012,
Крыніца: ЕГУ, 2012.



Юлія Рэзнік, студэнтка 1 курса магістарскай праграмы "Гістарычная і культурная спадчына" Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

Антон Грыневіч - выбітны этнамузыколаг і адраджэнец (па матэрыялах Інстытута літаратуры і фальклору Літвы)

У сувязі з матэрыяламі беларускага фалькларыстычнага архіва з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, якія зараз захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры і фальклора Літвы, нельга пакінуць па-за ўвагай постаць Антона Антонавіча Грыневіча. Справа ў тым, што вялікая колькасць дакументаў фалькларыстычнага архіва звязана з імём гэтай асобы.

Антон Грыневіч - гэта выбітны дзеяч Беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ён у 1877 годзе ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў фальварку Іваноўшчына. Антон Грыневіч скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча, пасля гэтага набываў адукацыю ў Бясплатнай музычнай школе ў Пецярбурзе, а пазней - на спецыяльных вакальных курсах. Асноўнымі яго зацікаўленасцямі была музыка, а таксама выдавецкая дзейнасць. Этнамузыколаг Галіна Таўлай ў сваім артыкуле "Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў" дзеліць дзейнасць беларускага адраджэнца на чатыры асноўныя перыяды. Першы з іх называецца "пецярбургскі" перыяд і ахоплівае час прыкладна з 1906 да 1916 года. Паводле Г. Таўлай, гэта перыяд, калі Антон Грыневіч праяўляў сваю асобу ў народна-дэмакратычным кірунку "ў межах пецярбургскай суполкi Б. Эпiмах-Шыпiлы "Загляне сонца i ў наша ваконца"" [1], сябрам якой ён стаў у 1906 годзе. Падчас гэтага этапу сваёй дзейнасці Грыневіч збіраў беларускія народныя песьні, ладзіў прыватную выдавецкую дзейнасць, якая існавала за яго ўласны кошт, вывучаў тэорыю музыкі і сьпеваў, удзельнічаў і сам арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі на Беларусь, а таксама друкаваў свае першыя музычна-фалькларыстычныя зборнікі [2]. У 1909 годзе Грыневіч разам з іншымі ўдзельнікамі выбыў з суполкі "Загляне сонца і ў наша ваконца" згодна з дамовай ад 30 красавіка паміж яе сябрамі-заснавальнікамі [3].

Выдавецтва Антона Грыневіча было заснавана ў 1910 годзе ў Пецярбурзе. Там выходзілі творы беларускай літаратуры і музыкі. Знакамітымі творам беларускай літаратуры, якія выйшлі ў гэтым выдавецтве сталі "Гусляр" і "Адвечная песня" Я. Купалы [4]. Яшчэ падчас сваёй дзейнасці ў суполцы "Загляне сонца і ў наша ваконца" Грыневічу даводзілася мець стасункі з такімі дзеячамі беларускага адраджэння як Вацлаў, Сабіна і Юры Іваноўскія, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Язэп Драздовіч, Змітрок Бядуля, Ўладзіслаў Галубок, Янка Купала, з якім Антон Грыневіч пэўны час дзяліў кватэру ў Пецярбурзе [5], Рамуальд Земкевіч. З апошнім Грыневіч меў сяброўскія адносіны і вёў асабістае ліставанне ўжо калі жыў у Вільні, аб чым сведчаць матэрыялы, якія захоўваюцца ў архіве Інстытута літаратуры і фальклора Літвы. Там былі знойдзеныя лісты, дасланыя Р. Земкевічам з Варшавы А. Грыневічу. Адзін з лістоў напісаны Рамуальдам Земкевічам 6 жніўня 1922 года. У лісце пазначаны адрас Земкевіча ў Варшаве: вул. Хмельна, 68.

Рамуальд Земкевіч піша, што ён займаецца беларускай літаратурай, а таксама вывучае народныя танцы, ў працэсе чаго яму давялося працаваць і з музыкай. Ён піша Грыневічу, каб падзяліцца сваімі знаходкамі, напрыклад, узгадвае знойдзеную песню "Szczodry wieczor" з 1559 года, друкаваную ў Каралеўцы (Кёнігсберг). Земкевіч таксама сцвярджае, што для таго, каб вывучаць беларускую музыку, трэба ведаць гісторыю музыкі Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Ён заклікае Грыневіча шукаць і вывучаць кнігі па гэтых тэмах. Земкевіч упэўнены, што некаторыя замежныя кампазітары, напрыклад, Л. Рагоўскі, С. Манюшка, якога ён адносіць да польскіх музыкаў, М. Глінка шырока выкарыстоўвалі беларускія матывы ў сваёй творчасці. Таму ён катэгарычна ўпэўнены, што "ніхто не смее сказаць, што беларусы павінны быць навозам пад чужую культуру, бо яны нічога не маюць" [6]. Асноўная мэта ліста, як піша сам Р. Земкевіч, - запаліць ім энэргію да працы ў А. Грыневіча, бо, апрача яго, Земкевіч не ведае, да каго звяртацца з гэтай справай. Земкевіч кажа, што, калі яны вазьмуцца за справу разам, то зробяць вялікую карысць для будучых грамадзян, "бо на цяперашніх я не лічу і шанаваць іх не магу… і лішне мне ўжо гэта ўсё баліць" [7]. З гэтых радкоў бачна, што людзі ў колах беларускіх адрджэнцаў таго часу вельмі востра адчувалі патрэбу адстойвання і захавання сваёй культуры, а таксама думалі пра перадачу спадчыны наступным пакаленням і ўскладалі на іх надзеі адносна працягу годнай справы.

Процягам гэтага перыяду Грыневіч ствараў музычныя зборнікі, куды ўключаў "запісаныя ім бытавыя, каляндарна-абрадавыя, дзіцячыя і іншыя беларускія народныя песні, а таксама песні на словы Я. Купалы, Я. Коласа і Г. Леўчыка, музыку для якіх пісаў сам [8]. Акрамя таго, ў перыяд 1910-1912 гадоў свет пабачылі два тома "Беларускіх песень з нотамі", якія А. Грыневіч сабраў разам з А. Зязюлем і выдаў у сваім пецярбургскім выдавецтве [9]. Гэта выдавецтва праіснавала да 1913 года. Трэба адзначыць, што процягам першага перыяду Пецярбург не быў адзіным горадам, дзе разгарнуў сваю выдавецкую дзейнасць Антон Грыневіч. У 1913 годзе ў Вільні было заснавана выдавецтва "А. Грыневіч" [10].

Атрымаўшы пэўнае ўяўленне пра дзейнасць А. Грыневіча ў азначаны перыяд (1906-1916 гг.), можна дадаць яшчэ некаторыя факты, якія вынікаюць з дакументаў вывучаемага архіва.

Сярод матэрыялаў была знойдзеная даведка, выдадзеная А. Грыневічу рэдакцыяй "Нашай Нівы" 6 чэрвеня 1911 года. Даведка, падпісаная А. Уласавым, змяшчае наступны тэкст (падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання): "Выдана гэта супрацоўніку "Нашае Нівы" збірацелю народных песень Антону Антонаву сыну Грыневічу, каторы па загаду Рэдакцыі запісваець і збіраець народные песьні. Усіх знаёмых і незнаёмых Рэдакцыя "Нашае Нівы" просіць дапамагчы пану Грыневічу ў яго працы" [11].

Акрамя гэтага, 21 ліпеня 1912 года ў Вільні на вуліцы Завальнай,7 паміж рэдакцыяй газеты "Наша Ніва" і Антонам Грыневічам была падпісана дамова. У ёй змешчана пагадненне аб тым, што рэдакцыя будзе друкаваць на першай старонцы газеты звесткі пра выданне кожнай новай кнігі А. Грыневіча, а ён, у сваю чаргу, будзе прадастаўляць рэдакцыі па 15 асобнікаў кожнай сваёй новай кнігі [12].

Такім чынам, зразумела, што падчас першага перыяду, ўмоўна выдзеленага Г. Таўлай, А. Грыневіч веў культурную і грамадскую дзейнасць і па-за межамі Пецярбурга. Напрыклад, ён актыўна супрацоўнічаў з заснавальнікамі, рэдактарамі і іншымі супрацоўнікамі газеты "Наша Ніва", якая выдавалася ў Вільні. З архіўнай даведкі ад 15 лістапада 1910 года вынікае, што Антон Грыневіч таксама атрымліваў кнігі з Літоўскай кнігарні ў Вільні [літ. Vilniuje Lietuvių Knygуnas - Ю. Р.] праз "Нашу Ніву", што яшчэ раз падкрэслівае непасрэдны кантакт і яго супрацоўніцтва з гэтым цэнтрам беларускага адраджэнцкага руху на пачатку ХХ стагоддзя.

Другі перыяд жыцця і дзейнасці выдатнага збіральніка фальклору А. Грыневіча, выдзелены Г. Таўлай, умоўна датуецца 1917-1925 гадамі. У гэты час Грыневіч пачаў займацца музыкай, выдавецтвам і збіраннем фальклора яшчэ на больш прафесійным узроўні, але працягваў бясспынна займацца самаадукацыяй і развіццём сваіх талентаў і здольнасцяў. Што датычыцца яго грамадскай дзейнасці, то яна была даволі разнастайная. Сюды можна ўключыць дзейнасць А. Грыневіча, якая была прысвечаная станаўленню БНР, потым рознапланавую арганізацыйную дзейнась у часы БССР, а таксама удзел у вызваленчым руху Заходняй Беларусі [13]. Шмат у чым Антон Грыневіч спрычыніўся да развіцця культуры, адукацыі і школьніцтва. Пра гэта ёсць сведчанні ў архіве з Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Там захоўваецца дакумент, які пацвярджае прыналежнасць А. Грыневіча да Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Гэта пасведчанне датавана 28 вераснем 1918 года і даводзіць, што Грыневіч з'яўляецца загадчыкам Навукова-мастацкага пададдзела. Акрамя гэтага, ёсць і дакумент, з якога робіцца зразумелым, чаму 19 студзеня 1919 года А. Грыневіч выбыў з саставу калегіі Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Прычынай гэтаму стала тое, што "командировка, данная ему т. Лагуном, не носит служебного характера [14]. З-за гэтага Камісія вырашыла праводзіць расследванне "для выяснений мотивов, побудивших т. Логуна дать ему командировку" [15].

У гэты перыяд Грыневіч актыўна займаўся выкладаннем музычнай навукі ў школах Беларусі. Пацверджаннем таму ёсць пастанова, адрасаваная загадчыку Беларускага Народнага Дома ў Менску, А. Грыневічу, ад 4 траўня 1919 года аб тым, што яму прадастаўляюцца ўрокі спеваў і музыкі ў школе па адрасе: г. Мінск, вул. Аляксандраўская, 32 [16]. У сферы адукацыі Грыневіч займаўся і аргынізацыяй працэсу навучання, а таксама забеспячэннем вучняў падручнікамі, ў тым ліку свайго аўтарства. Напрыклад, 5 траўня 1920 года яму было выдадзена пасведчанне ад Беларускай Школьнай Рады Міншчыны. З яе вынікае, што А. Грыневіч ездзіў у Вільню друкаваць свой падручнік "Школьны спеўнік" і павінен прывезці яго друкавныя асобнікі ў Менск. У пасведчанні - зварот да ваенных і цывільных устаноў з просьбай не перашкаджаць Грыневічу ў гэтай справе [17].

Вільня - яшчэ адзін горад, дзе жыў і займаўся разнастайнымі актыўнасцямі А. Грыневіч у другі перыяд сваёй дзейнасці. Тут ён увайшоў у Цантральную школьную раду. У фондзе архіва Інстытута літаратуры і фальклора Літвы захоўваецца пасведчанне аб тым, што А. Грыневіч з'яўляецца рэферэнтам у Школьнай радзе. Пасведчанне падпісана 31 снежня 1922 года ў Вільні на вуліцы Віленскай, 12 [18]. Акрамя таго, Грыневіч з'яўляўся ўдзельнікам Таварыства дапамогі ахвярам вайны, якое існавала ў Вільні. У архіве ёсць пасведчанне, падпісанае 31 сакавіка 1922 года па адрасе Востабрамская, 9 Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які таксама ўваходзіў у Таварыства дапамогі ахвярам вайны. Паводле гэтага пасведчання, Грыневіч прызначаўся загадчыкам інтэрнату для вучняў Беларускай гімназіі ў Вільні, а таксама ўпаўнаважаным атрымліваць дадатковае харчаванне для жыльцоў інтэрнату ад Амерыканскага камітэту дапамогі дзецям ў Вільні. Тут жа Антон Грыневіч веў і настаўніцкую дзейнасць. Захавалася запрашэнне яго на пасаду настаўніка спеваў у некалькі пачатковых віленскіх школ ад Цантральнай беларускай школьнай рады, датаванае 05.01.1923 года [19].

За перыяд з 1905 да 1920 года Антон Грыневіч напісаў і выдаў некалькі кніг: "Беларускія песьні з нотамі на адзін голас", "Школьны сьпеўнік" і "Народны сьпеўнік". У архіве захоўваецца друкаваны аркуш, на якім пра гэта ёсць узгадка. Таксама там пазначаныя кнігі, якія на той момант (1920 год) былі гатовыя да друку: "Канцэртны сьпеўнік", "Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя сьпевы", "Навучнік першых музычных правіл", а таксама "Музычна-этнаграфічны зборнік беларускіх народных песень, запісаных А. Грыневічам у 1906-1920 гг.". Трэба адзначыць, што збіранне фальклора было неад'емнай часткай дзейнасці Грыневіча процягам амаль усяго яго свядомага жыцця. У архіве змешчана некалькі лістоў, дасланых А. Грыневічу жыхарамі розных частак Беларусі з запісамі народных песень. Яшчэ падчас сваёй дзейнасці ў Пецярбурзе гэты чалавек выдаў лісток-анкету для запісу беларускіх народных песень. Там падаюцца некаторыя правілы запісаў песень ад інфармантаў, а таксама інфармацыя пра тое, што сам А. Грыневіч можа прыехаць да чалавека, які назбіраў шмат песень, каб дапамагчы запісаць ноты [20].

Пра каштоўнасць народных песень Грыневіч пісаў вельмі пранікнёныя і ўзнёслыя словы [тэкст падаецца з асаблівасцямі арыгінальнага напісання - Ю. Р.]: "Кожны народ мае сваю песню. Песня - гэта душа народа, яго думка і яго гадавацелька. Яна змякчае ўнутранюю грубасць народа і, як вера, супакайваець яго цярпенні на жыццёвым шляху. Па роднай песні пазначаецца і сам народ, яго характар і вартасць. Дзеля гэтага песню родную трэба любіць і аднасіцца да яе з вялікай пашанай. Сам народ даець нам аб гэтым найлепшы прыклад. Ён, незаважаючы на цяжкія гісторыка-палітычныя абставіны, не зракаецца яе, не праменьвае на чужацкія. Ён адчуваў і адчувае цяпер, што яна адзіны яго скарб і перахоўвае яе ў памяці, перадаючы з пакалення ў пакалаенне, чыстай такой жа самай, якой радзілася яна колісь у народзе з прад вякоў. Не змаглі вырваць яе з народнага жыцця ні польскія, ні расейскія песні праз векавы час палітычнай няволі. Яна не памёрла. А не памёрла песня, не памёр і сам народ. І цяпер, калі палітычныя абставіны змяніліся, настаў час, што песня гэта, наша родная песня, як яснае сонца з-за цёмных хмар пасля буры выходзіць са сваім ажыўшым цяплом да нас і заваёўваець сабе пачоснае месца…" [21].

Такім паўстае для даследчыкаў другі перыяд дзейнасці Антона Грыневіча. Што датычыцца трэцяга перыяду жыцця і дзейнасці гэтай асобы, выдзеленага Галінай Таўлай, то ён звязаны з такой установай як Інбелкульт у Менску. Там Грыневіч займаў пасаду сакратара падсекцыі музыкі [22]. Ён меў вялікі ўплыў на развіццё народнага і прафесійнага мастацтва, вёў працу па стварэнню канцэртнага нацыянальнага рэпертуара. Галіна Таўлай называе гэты перыяд часам яго творчай сталасці, бо гэта, сапраўды, быў росквіт яго прафесіяналізму ў сферы этнамузыкалогіі. У 1927 годзе Антон Грыневіч напісаў сваю аўтабіяграфію адмыслова для К. Квіткі, "класіка айчыннага музыказнаўства" [23]. Пасля надыходзіць час, калі Грыневіч сканчвае працу ў Інбелкульце, наведвае Гарадок, Віцебск і свае родныя мясціны побач, а таксама Менск. Гэта чацвёрты і апошні перыяд жыцця Грыневіча, калі ён ужо цалкам склаўся як асоба, этнамузыколаг, прафесіянал у сваёй справе. Аднак гэтаму чалавеку лёсам было наканавана загінуць у хуткім часе. У 1931 годзе, 9 студзеня, ён быў асуджаны ў першы раз ворганамі НКУС, этапаваны ў Салавецкі канцлагер, "але пакаранне адбываў у Беламорска-Балтыйскім канцлагеры" [24]. Яшчэ праз некаторы час, 25 лістапада 1937 года, "тройкай" НКУС па Ленінградскай вобласці па артыкуле 58-10-11 УК РСФСР "за антысавецкую агітацыю" Грыневіч быў прысуджаны да ВМП. Расстраляны ён быў у Ленінградзе [25].

Нажаль, па апошніх двух перыядах жыцця і дзейнасці Антона Грыневіча ў архіве звесткі і дакументы адсутнічаюць. Верагодна, гэта звязана з тым, што ў 1927 годзе А. Грыневіч, як і В. Ластоўскі, пераехаў у БССР і там веў дзейнасць да свайго першага арышту.



[1] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[2] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[3] TURONAK, J. Vacłau Ivanouski i adradżeńnie Biełarusi. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: < google.com/url?sa=t&source=web&cd=6&ved=0CEMQFjAF&url=http%3A%2F%2Fkamunikat.org%2Fdownload.php%3Fitem%3D1771-6.pdf%26pubref%3D1771&rct=j&q=%D0%B2%D1%96%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8F%201913%20%D0%B3%D1%80%D1%8B%D0%BD%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87%20%D0%B2%D1%8B%D0%B4%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%86%D1%82%D0%B2%D0%B0&ei=8eLpTe_ZK8_3sgaijrDoCg&usg=AFQjCNGHiA8EnEnT5RMXhq-oIAfwdsOMeQ

[4] Там сама

[5] Там сама

[6] LTR 2464

[7] Там сама

[8] Наш край. Дзеячы Віцебшчыны. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: kraj.vitebsk.net/?page=people_c

[9] МАРАКОЎ, Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. [анлайн]. т. I, III-2д, арт. 808. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19393

[10] Уздым беларускага нацыянальнага кірунку ў пачатку 20 стагодзя. [анлайн]. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: < library.by/portalus/modules/belarus/print.php?subaction=showfull&id=1290286278&archive=1290362895&start_from=&ucat=8&

[11] LTR 2464

[12] Там сама

[13] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[14] LTR 2464

[15] Там сама

[16] Там сама

[17] Там сама

[18] LTR 2464

[19] Там сама

[20] LTR 2464

[21] LTR 2464

[22] ТАЎЛАЙ, Г. Антон Грыневiч - першы музыкант-фалькларыст з кагорты пецярбургскix беларусаў. Белорусский сборник. № 1. [анлайн]. [Прагледжана 11.04.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/sbornik/01/06_taulaj.htm

[23] Там сама

[24] МАРАКОЎ, Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. [анлайн]. т. I, III-2д, арт. 808. [Прагледжана 18.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19393

[25] Соловкиэнциклопедия. Совецкий концлагерь. [анлайн]. т. I, III-2д, арт. 808. [Прагледжана 28.05.2011]. Доступ праз Інтэрнэт: solovki.ca/camp_20/international/international_byel.php

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX