ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ
Акадэмічны Дэпартамент гісторыі
Праграма бакалаўра гісторыі
«Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія»
АНАСТАСІЯ САЛАДОЎНІК
Студэнтка IV курса, 3 групы
ВІЛЕНСКІ БЕЛАРУСКІ МУЗЕЙ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА
ЯК НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПРАЕКТ: ЭТАПЫ ГІСТОРЫІ
БАКАЛАЎРСКАЯ ПРАЦА
Кіраўнік працы:
доктар гістарычных навук,
прафесар ЕГУ Смалянчук А.Ф.
Вільня, 2010
Саладоўнік, Анастасія
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект: этапы гісторыі: бакалаўрская праца / Анастасія Саладоўнік; навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук, прафесар ЕГУ Аляксандр Смалянчук; Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Акадэмічны Дэпартамент гісторыі. - Вільня, 2010. - 53 с. Бібліяґрафія: с. 52 - 53 (43 наз.).
УДК:
Ключавыя словы: Беларускі нацыянальны праект, Віленскі беларускі музей, вобразы мінулага, гістарычная памяць, вобразы беларусаў, Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, беларуская культура, беларускі нацыянальны рух.
Аб'ект бакалаўрскай працы - Фармаванне беларускай нацыі
Прадмет даследавання - Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект
Мэта працы - Паказаць значэнне Віленскага беларускага музея для працэсу фармавання беларускай нацыі
Дзеля дасягнення мэты былі пастаўлены наступныя задачы:
- ахарактарызаваць ролю музея ў нацыястваральных працэсах у эпоху нацыяналізмаў
- прадставіць канцэпцыі мінулага Беларуска-Літоўскага краю, якія былі найбольш актуальнымі для мясцовай грамадскасці ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст.;
- ахарактарызаваць постаць Івана Луцкевіча як дзеяча беларускага Адраджэння і збіральніка калекцыі старажытнасцяў;
- вылучыць асноўныя этапы дзейнасці музея, уключна з перыядамі камплектавання калекцыі старажытнасцяў і дэструктурызацыі Віленскага беларускага музея.
Тэарэтычнай асновай даследавання сталі працы Б.Андэрсана, а таксама сацыяльны каструктывізм як тэорыя, якая сцвярджае, што нацыя з'яўляецца сканструяваным сацыяльным артэфактам.
Метадалагічную аснову даследавання склалі гісторыка-тыпалагічны і дэскрыптыўна-аналітычны падыходы, якія базаваліся на прынцыпах аб'ектыўнасці, сістэмнасці і лагічнасці. Падчас працы з крыніцамі і непасрэдна пры напісанні бакалаўрскай працы былі выкарыстаны метады гістарычнага пазнання рэчаіснасці: лагічны, параўнальна-гістарычны, сістэмна-структурны, дзякуючы якім праблема разглядалася ў развіцці, ва ўзаемасувязі з іншымі сацыяльна-эканамічнымі і грамадска-палітычнымі чыннікамі.
У якасці рабочай гіпотэзы можна сцвярджаць, што Віленскі беларускі музей адыграў выключна важную ролю падчас фармавання беларускай нацыі ў першай палове ХХ ст. і працягвае аказваць пэўны ўплыў на сучасны нацыястваральны працэс.
Бакалаўрская праца можа быць карыснай ў працэсе выкладання гісторыі Беларусі, гісторыі нацыянальных праектаў, музеязнаўства Беларусі на розных узроўнях.
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ... 6
1. ВОБРАЗЫ МІНУЛАГА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАГА КРАЮ І ПАЧАТАК "ЭПОХІ НАЦЫЯНАЛІЗМАЎ" (другая палова ХІХ ст. - пачатак ХХ ст.)... 9
1.1. Музей і гістарычная памяць у нацыястваральных працэсах... 9
1.2. Вобразы мінулага Беларука-Літоўскага краю ў гістарычных канцэпцыях Міхаіла Каяловіча, Адама Кіркора і Вацлава Ластоўскага... 12
2. ІВАН ЛУЦКЕВІЧ І ЯГОНАЯ КАЛЕКЦЫЯ СТАРАЖЫТНАСЦЕЙ: ПЕРАДМУЗЕЙНЫ ЭТАП... 24
2.1. Іван Луцкевіч як постаць беларускага Адраджэння і збіральнік калекцыі... 24
2.2. Калекцыя Івана Луцкевіча ў сведчаннях сучаснікаў... 29
3. ВІЛЕНСКІ БЕЛАРУСКІ МУЗЕЙ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА: ЭТАПЫ ГІСТОРЫІ... 33
3.1. "Польскі перыяд" (1921 - 1939) у гісторыі Віленскага беларускага музея... 33
3.2. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў перыяд Другой сусветнай вайны (1939 - 1945)... 40
3.3. Дэструктурызацыя музея. Пошук раскіданых збораў... 45
ЗАКЛЮЧЭННЕ... 49
СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ... 51
УВОДЗІНЫ
Стварэнне сучасных нацыянальных дзяржаў пачалося ў Еўропе ў XIX ст., у гэты ж час зараджалася ўсведамленне беларусамі сябе як сучаснай мадэрнай нацыі. Сёння цяжка казаць пра поўную завершанасць нацыянальных працэсаў у беларускім грамадстве, самаідэнтыфікацыя якога была даволі складанай і ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і ў перыяд панавання Расійскай Імперыі, і ў бурлівым зменлівым XX ст. Аднак менавіта нацыянальны рух канца XIX - пачатку XX стагоддзя зрабіў рэальнасцю Рэспубліку Беларусь стагоддзя XXI.
Нараджэнне нацыяў з сялянскіх народаў праходзіла ў некалькі стадыяў, першай з якіх чэшскі даследчык Міраслаў Грох называе навуковае апісанне культурнай адметнасці этнічных груп, навуковае зацікаўленне этнасам (Этап А) [1]. Вывучэнне колькасці беларусаў, межаў іх рассялення, асаблівасцяў побыту і традыцый, народнай мовы пачалося яшчэ напачатку XIX ст. Аднак станаўленне нацыянальнай ідэі і самасвядомасці мы звязваем з перыядам беларускага Адраджэння і постацямі першых уласна беларускіх нацыяналістаў з мясцовай інтэлігенцыі, асноўнай зброяй якіх сталі адукацыя і друк.
Адным з рупліўцаў на ніве стварэння беларускай нацыянальнай ідэі быў Іван Луцкевіч, які першым зразумеў важнасць заснавання нацыянальнага музея ў справе паспяховага фармавання і пашырэння нацыянальнай дактрыны, кансалідацыі прыхільнікаў часта палярных палітычных праграмаў і канцэпцыяў, прадстаўнікоў розных канфесіяў і сацыяльных слаёў. Феномен гэтай асобы, а таксама справа яго жыцця - збор калекцыі, што легла ў аснову Віленскага беларускага музея - прыцягвае ўвагу даследчыкаў з розных галінаў навуковых ведаў: антраполагаў, культуролагаў, музеязнаўцаў, палітолагаў і, канешне, гісторыкаў.
Аб'ектам дадзенага даследавання з'яўляецца працэс фармавання беларускай нацыі. Прадметам даследавання - Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча як нацыянальны праект.
Мэта працы - паказаць значэнне Віленскага беларускага музея для працэсу фармавання беларускай нацыі.
Дзеля дасягнення мэты былі пастаўлены наступныя задачы:
- ахарактарызаваць ролю музея ў нацыястваральных працэсах у эпоху нацыяналізмаў
- прадставіць канцэпцыі мінулага Беларуска-Літоўскага краю, якія былі найбольш актуальнымі для мясцовай грамадскасці ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст.;
- ахарактарызаваць постаць Івана Луцкевіча як дзеяча беларускага Адраджэння і збіральніка калекцыі старажытнасцяў;
- вылучыць асноўныя этапы дзейнасці музея, уключна з перыядамі камплектавання калекцыі старажытнасцяў і дэструктурызацыі Віленскага беларускага музея.
Тэарэтычнай асновай даследавання сталі працы Б.Андэрсана, а таксама сацыяльны каструктывізм як тэорыя, якая сцвярджае, што нацыя з'яўляецца "сканструаваным сацыяльным артэфактам" [2].
Метадалагічную аснову даследавання склалі гісторыка-тыпалагічны і дэскрыптыўна-аналітычны падыходы, якія базаваліся на прынцыпах аб'ектыўнасці, сістэмнасці і лагічнасці. Падчас працы з крыніцамі і непасрэдна пры напісанні бакалаўрскай працы былі выкарыстаны метады гістарычнага пазнання рэчаіснасці: лагічны, параўнальна-гістарычны, сістэмна-структурны, дзякуючы якім праблема разглядалася ў развіцці, ва ўзаемасувязі з іншымі сацыяльна-эканамінчымі і грамадска-палітычнымі чыннікамі.
Навізна працы заключаецца ў аналізе Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча як нацыянальнага праекту , вылучэнні і характарыстыцы асноўных этапаў дзейнасці музея.
У якасці рабочай гіпотэзы можна сцвярджаць, што Віленскі беларускі музей адыграў выключна важную ролю падчас фармавання беларускай нацыі ў першай палове ХХ ст. і працягвае аказваць пэўны ўплыў на сучасны нацыястваральны працэс.
Бакалаўрская праца можа быць карыснай ў працэсе выкладання гісторыі Беларусі, гісторыі нацыянальных праектаў, музеязнаўства Беларусі на розных узроўнях.
Праца ўтрымлівае Уводзіны, тры раздзелы з падраздзеламі, Заключэння, Спіс крыніц і літаратуры. У Раздзеле 1 (ВОБРАЗЫ МІНУЛАГА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАГА КРАЮ І ПАЧАТАК "ЭПОХІ НАЦЫЯНАЛІЗМАЎ" (другая палова ХІХ ст. - пачатак ХХ ст.) абагульняецца матэрыял па праблеме ролі музея і гістарычнай памяці ў нацыястваральных працэсах, разглядаюцца асноўныя мясцовыя канкуруючыя канцэпцыі гісторыі беларускай зямлі, Раздзел 2 (ІВАН ЛУЦКЕВІЧ І ЯГОНАЯ КАЛЕКЦЫЯ СТАРАЖЫТНАСЦЕЙ: ПЕРАДМУЗЕЙНЫ ЭТАП) утрымлівае характарыстыку Івана Луцкевіча як постаці беларускага Адраджэння і збіральніка калекцыі старажытнасцяў, а таксама апісанне калекцыі, Раздзел 3 (ВІЛЕНСКІ БЕЛАРУСКІ МУЗЕЙ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА: ЭТАПЫ ГІСТОРЫІ) уключае разгляд асноўных этапаў дзейнасці Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, уключна з перыядам дэструктурызацыі.
1. ВОБРАЗЫ МІНУЛАГА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАГА КРАЮ І ПАЧАТАК "ЭПОХІ НАЦЫЯНАЛІЗМАЎ" (другая палова ХІХ ст. - пачатак ХХ ст.)
1.1. Музей і гістарычная памяць у нацыястваральных працэсах
Гісторыя даследавання працэсаў нацыястварэння і самаго панятку "нацыя" лічыць ужо не адно стагоддзе: першыя спробы тэарытычнага асэнсавання і ідэалагічнага абгрунтавання існавання "нацый", "народаў" і "народнасцей", а таксама выяўлення сутнасных адрозненняў гэтых паняткаў, заўважныя пачынаючы з XIX, калі гэтыя, па-сутнасці, абстрактныя развагі становяцца важным фактарам пабудовы новых дзяржаўных утварэнняў і іх палітычнай легітымізацыі.
З 60 - 70-х гаоў XX ст. уплывовай становіцца новая метадалагічная парадыгма, якая акцэнтуе ўвагу на канструктыўным, "рукатворным" характары ўтварэння нацыі. Сучасныя даследчыкі падкрэсліваюць важнасць культуры і кантэксту для разумення таго, што адбываецца ў грамадстве, а таксама значэнне канструявання ведаў, заснаваных на гэтым разуменні. Гэтую ідэю падзяляюць Э. Гелнэр, Э. Хабсбаум, Б. Андэрсан, М. Кедуры і многія іншыя даследчыкі, якія прысвяцілі свае працы праблеме нацыяналізму, і менавіта такі падыход стаў тэарытычнай асновай для дадзенай працы.
Бенедыкт Андэрсан у працы "Уяўныя супольнасці" (1983) прытрымліваецца канструктывісцкага погляду на працэс стварэння нацыі, сцвярджаючы, што нацыя - гэта ўяўная супольнасць, якая ўзнікае ў пэўны гістарычны момант мадэрнасці і з'яўляецца абумоўленай зменамі, прынесенымі мадэрнасцю ва чалавекам навакольнага свету і сябе. У сацыяльным канструкце Андэрсана цікавіць перш за ўсё працэс "уяўлення" ў стварэнні нацыі. Ключавымі паняткамі, з дапамогай якіх навуковец дае тлумачэнне спецыфікі і гісторыі ўяўлення нацыі, становяцца "друкаваны капіталізм", мова, рэлігія, час, прастора, паломніцтва, мадэль і пірацтва мадэлі, памяць vs забыццё, а сама нацыя разумеецца як "уяўная палітычная супольнасць, і ўяўляецца яна як нешта непазбежна абмежаванае і ў той жа час суверэннае" [3]. Аўтар тлумачыць, што яна ўяўная, "паколькі чальцы нават самай маленькай нацыі ніколі не будуць ведаць большасці сваіх братоў-па-нацыі, сустракацца з імі або нават чуць пра іх, у той час як у разуменні кожнага з іх жыве вобраз іх супольнасці" [4]. Таму менавіта ад таго, хто з якой мэтай і якім чынам сканструюе і замацуе гэты вобраз у свядомасці групы людзей будзе залежыць яго існасць і жыццядзейнасць.
Гэты вельмі важны ў палітычным сэнсе акт вынаходніцтва нацыі, якая з'яўляецца па сутнасці "самай універсальнай легітымнай каштоўнасцю ў палітычным жыцці нашага часу", творчы акт, здзяйсняўся на нашых землях у XIX ст. хоць і без ведання канструктывісцкай тэорыі, але з інтуітыўным, "андэрсанаўскім" разуменнем ролі кнігадрукавання, пашырэння гістарычных ведаў, выдання мапаў і статыстычных даведнікаў, а таксама стварэння музеяў. Выключнае значэнне нацыянальнага музея поруч з тэатрам і універсітэтам у станаўленні і развіцці нацыянальнага руху падкрэсліваў і Міраслаў Грох. (дапісаць) Менавіта гэтыя ўстановы, з'яўляюцца генератарамі імпульсаў, якія спараджаюць цэнтрабежны рух на ўсёй засвоенай імі прасторы.
Кожны музей з'яўляецца захавальнікам рэчаў, па якіх можна ўзнавіць старонкі мінулага. Ён увасабляе тую ідэалогію, якую нясе ў сабе тая ці іншая гістарычная канцэпцыя, і ў залежнасці ад яе ідэйнай скіраванасці, даносіць да гледача сэнсы, закладзеныя ў кожнай асобнай рэчы, спосабах іх размяшчэння і падачы. Музей - гэта своеасаблівы лабірынт, размяшчэнне паваротаў якога, а значыць і шлях спазнання наведвальніка, залежыць ад задумы яго стваральнікаў, якія пэўным чынам інтэрпрэтуюць гісторыю. Кожны музейны праект транслюе пэўныя сэнсы, камунікуе з наведвальнікамі праз экспазіцыю, з'яўляючыся пры гэтым і месцам камунікацыі і ўзаемадзеяння.
Беларускі нацыянальны ідэалагічны праект, часткай каторага пазней стаў і Віленскі беларускі музей, ствараўся людзьмі, якія добра разумелі значэнне гэтых надзвычай важных інстытуцый, што павінны легчы ў падмурак усёй канструкцыі, паколькі менавіта стварэннем такога базісу яны і заняліся. Якім яны ўяўлялі вынік? Што атрымалася? Ці сапраўды можна лічыць Віленскі беларускі музей беларускім нацыянальным праектам? Ці была ў гэтай установы патэнцыяльная магчымасць стаць беларускім нацыянальным музеем? На гэтыя пытанні можна паспрабаваць даць адказы толькі паглыбіўшыся ў рэаліі XIX ст., і даведаўшыся, кім, для каго і якім чынам ствараўся музей, якой была гэтая нацыянальная ідэя, што разумелася пад паняццямі "Беларусь" і "беларусы" ў тыя часы, і які з вобразаў "Беларусі" і "беларусаў" рэпрэзентавала гэтая ўстанова. Ці атрымаў адрасат задуманы пасыл? І калі не, то чаму? Не той адрасат? Не тыя метады? Не тыя сродкі паказу?
Даследчыкі адзначаюць што ў канцы XVIII - пачатку XX на беларускай этнічнай тэрыторыі адбываўся працэс распаду дамадэрных нацый, прыналежнасць да якіх была заснавана на саслоўнай прыкмеце (польскай шляхецкай і часткова расійскай імперска-дваранскай), і ўзнікненне мадэрных нацый, якія абапіраліся на канфесійныя, моўныя або культурныя асаблівасці і імкнуліся ахапіць усе слаі грамадства (у храналагічнай паслядоўнасці - польскай, расійскай, украінскай і беларускай) [5] . Менавіта скіраванасць на далучэнне ўсіх слаёў грамадства да канструявання нацыі падаецца нам найбольш важным у гэтыя часы, паколькі сяляне, якіх на гэтай зямлі была пераважная большасць (да 90 %!), ніколі дагэтуль не былі ўключаныя ў палітычныя праекты як суб'екты.
Каб далучыць гэтую магутную патэнцыйна і колькасна разрозненую супольнасць да нацыянальнага руху, кансалідаваць яе, патрэбны былі значныя намаганні, падмацаваныя рэальным усведамленнем таго, хто такі селянін, якое яго жыццё, чаго ён прагне, да чаго імкнецца. Цудоўным дапамогай былі працы этнографаў, якія збіралі звесткі пра сельскі люд, пра яго побыт і спосаб мыслення. У. Сыракомля ў сярэдзіне XIX ст. трапна заўважыў: "Панскі двор, блізкае мястэчка, царква і карчма - вось адзіныя пункты, вакол якіх душой і целам кружыцца ён (селянін) увесь свой век" [6]. Такім чынам рэлігійныя і адміністрацыйныя цэнтры з'яўляліся вызначальнымі для аднясення той ці іншай асобы да шэрагу "сваіх" або "чужых", а андэрсэнаўская ўяўленая супольнасць "сваіх" была мінімальнай па колькасці яе чальцоў. Такім чынам гэты геаграфічна-адміністрацыйны паказчык дамінаваў ва ўяўленні прадстаўнікоў кожнай такой лакальнай сялянскай супольнасці, якая дадаткова ўмоўна вылучала "іншых": мясцовых яўрэяў, шляхту, духавенства. Гісторык С. Токць пісаў: "…тыя асобы, якія не ўваходзілі ў вясковую грамаду, ўспрымаліся сялянамі не праз прызму іх этнічнай прыналежнасці, а найперш праз катэгорыі стана, класа, прафесіі, альбо спалучэння назвы народу з прафесіяй, атаясамленнем знешняга выгляду асобы са станавай прыналежнасцю і г.д." [7]
Комплекс ведаў у першую чаргу пра сябе і фарміруе апазіцыю "свае" і "чужыя", сварае аснову самасвядомасці, таму навукоўцам вельмі важна было спачатку сабраць звесткі археалагічныя, этнаграфічныя, прааналізаваць крыніцы і статыстычныя даведнікі, мапы, каб адказаць сабе на пытанне, хто ж такія "беларусы" і чым была і ёсць "Беларусь". Разуменне "беларускасці" ў розныя часы і ў прадстаўнікоў розных сацыяльных, рэлігійных, этнічных супольнасцей было сваім, нават калі народжаныя яны былі ў межах, якія адзінагалосна прызнавалі межамі гэтай самай "Беларусі". Гэтыя свае погляды на сутнасць асноватворных паняткаў яны папулярызавалі як на "сваёй" тэрыторыі, так і за яе межамі.
Нам бы хацелася падрабязна спыніцца на трох гістарычных і этнаграфічных канцэпцыях мясцовых навукоўцаў з тым каб наблізіць да сябе існыя на той час вобразы мінулага Беларуска-Літоўскага краю, Беларусі і беларусаў і паспрабаваць даць адказ на пытанне, якая іх інтэрпрэтацыя, якое разуменне легла ў аснову беларускага нацыянальнага праекту, які ўвасабляўся ў Віленскім беларускім музеі.
1.2. Вобразы мінулага Беларука-Літоўскага краю ў гістарычных канцэпцыях Міхаіла Каяловіча, Адама Кіркора і Вацлава Ластоўскага
Вобраз Краю як "Заходняй Русі" быў распрацаваны гісторыкам, публіцыстам, грамадскім дзеячом, прафесарам Пецярбургскай акадэміі, нараджэнца м. Кузніца Гродзенскай губерні, сына мясцовага ўніяцкага святара, Міхаілам Восіпавічам Каяловічам (1818 - 1891). Аўтар многіх навуковых прац, у тым ліку "Истории русского самосознания", падрыхтаваў і прачытаў у Пецярбургу "Лекции по истории западной России", якія былі намі прааналізаваны дзеля азнаямлення з падыходам аўтара да тлумачэння «беларускасці". Варта адзначыць, што лекцыі гэтыя, былі чытаныя для "лиц высшего круга, пожелавших ознакомиться с историей страны" (Беларусі), дзе ў гэты час падаўлялася паўстанне 1863 г.
Праціўнік лацінізацыі і паланізацыі беларускага народа і беларусафіл з расейскай культурнай арыентацыяй, прыхільнік заходнерусізму, Каяловіч прэзентуе чытачу вытокі і этнічную гісторыю беларусаў і украінцаў як частку агульнай гісторыі рускага народа. Ва ўмовах, калі думак аб уласнай дзяржаўнасці яшчэ не магло быць, а руская мова, руская культура была прызнаная і падтрыманая дзяржавай, навуковец, атрымаўшы адукацыю ў расейскіх навучальных установах, абараняў беларускую традыцыю і беларускую мову. На тыя часы яго падыход да разумення беларускасці быў вельмі прагрэсіўным, і можна казаць, што менавіта заходнерусы стварылі вобраз Беларусі. Заходнерускі патрыятызм, канешне, меў выразную усходнюю арыентацыю, але да яго вобраза Беларусі як этнічнай цэласнасці не існавала ўвогуле.
Адрасата гэтай працы мы ведаем, пра яго аўтар дадаткова піша ва Ўступным слове: «В течение двадцати лет, прошедших со времени первого издания этих чтений, много пронеслось также разных и новых воззрений на дела западной России и много разных направлений выразилось в деятельности и русских, и польских, и немецких, и жидовских людей той страны. <…> Как двадцать лет тому назад, так и теперь настает нужда знать западную Россию по-русски, понимать по-русски (что, как увидим, ближе всех других воззрений к истине) и вводить в это знание и понимание миллионы новых наших граждан западной России, простых малороссов, белорусов и литвинов, более и более вступающих после освобождения крестьян в область знаний и стремлений образованных людей.» [8] Такім чынам апроч элітарнага кола, якому непасрэдна вычытваліся дадзеныя матэрыялы, аўтар плануе зацікавіць сваёй канцэпцыяй шырокія колы грамадства, прадстаўнікоў агульнага "рускага" этнасу, у тым ліку беларусаў.
Апроч тытульнай "заходняй Расіі", аўтар ужывае і важныя нам паняцці і іх тлумачэнні: "Под именем западной России нужно разуметь Белоруссию, западную Малороссию, или так называемую Украину и Литву в собственном, племенном смысле, т.е. вообще под именем западной России нужно разуметь всю тут страну, которая лежит на западе от Днепра и юго-западе от областей верхней Двины до границ Пруссии, далее от Польши, или так называемых приславянских губерний, и наконец, до границ австрийского государства." [9] Аўтар дадае, што "Называя всю эту страну западной Россией, мы, очевидно, смотрим на нее с срединной части русского гсударства, населенной цельным, плотным русским народом; а если оттуда смотреть на запад, то даже в простом, географическом смысле, т.е. по положению этих стран, можно без большой погрешности назвать западной Россией не только Белоруссию, но и Украину и Литву." [10]
Насяляюць гэтыя землі апроч беларусаў яшчэ літоўцы і маларосы, якія па сутнасці сваёй з'яўляюцца адгалінаваннямі адзінага рускага племені, часткай рускага народа. Ідэя гэтая з'яўляецца скразной, і таму кожны з узгаданых у працы гістарычных ці этнаграфічных фактаў выкарыстоўваецца як аргумент для ўмацавання тэзісаў, змешчаных ва ўводзінах да лекцый. У сувязі з гэтым цікавай уяўляецца не толькі сама інтэрпрэтацыя фактаў, але і іх падбор. Хаця, аўтар і заяўляе аб спробе паказу рэальнай гісторыі: "Эту-то западнорусскую историческую жизнь, тесно связанную с восточнорусской жизнью, мы и будем изучать в эих чтениях: будем показывать, какая действительно была эта жизнь, какие она делала успехи в своем развитии и какие встречала препятствия и несла потери на своем историческом пути." [11]
Сутнасць і агульны вобраз гістарычнага развіцця заходняй Расіі, а значыць і Беларусі, сам аўтар вельмі добра сфармуляваў ужо на самым пачатку працы: "…все эти области и племена с незапамятных времен находились в близких взаимных сношениях и разделяли одну общую им историческую участь. Они вместе (включая даже значительную часть Литвы) находились под властью русских князей рода св. Владимира, великого князя киевского, и жили общей русской жизнью. Все они потом, за немногими исключениями, перешли под власть литовских князей и тоже жили русской жизнью, имели даже один государственный и литературный язык, так называемый западнорусский, на котором написано очень много грамот и книг, в том числе и все старые законы бывшего литовского княжества. Все вместе эти области и племена попали затем под власть Польши и одинаково пострадали от этой власти, потеряли почти все свои родные княжеские и дворянские роды, сделавшиеся поляками, потеряли большую часть своих родных горожан, то ополячившихся, то подавленных жидами, пришедшими в западную Россию вместе с поляками, и потерпели много других зол, которые увидим после. Наконец, все эти области и племена, за исключением прусских литвинов и австрийских малороссов, возвратились под власть России и при содействии ее людей восстанавливают вместе свои подорванные силы и вознаграждают понесенные потери." [12]
Такім чынам, асноўнымі гістарычнымі падзеямі, асветленымі ў лекцыях, і фарміруючымі вобраз Беларусі, з'яўляюцца наступныя: падзел рускага народа, злучэнне заходняй Расіі з Літвой, а затым і з Польшчай праз выключна знешнюю унію, і зліццё заходняй Расіі з Польшчай. Асвятляючы падзеі далучэння заходніх земляў да Расійскай імперыі, Каяловіч адзначае "няправільнае" развіццё польскага пытання. [13]
У апазіцыі да вобраза беларусаў паўстае вобраз палякаў, якія ў вачах аўтара заслужылі права звацца народам. Ад народа "хотя и родственного нам русским, но с древнейших времен увлеченного бурным потоком западноевропейской жизни" [14] аўтар чакае толькі злачынстваў, паколькі сапсаваныя яны для агульнага славянскага жыцця. Напрацягу ўсёй гісторыі сумеснага існавання, імкнуліся яны на чужую, рускую і літоўскую зямлю, а гэта прыносіла вялікія бедствы, разбурэнне міру сумлення і вераспавядальныя смуты, псаванне народу розных станаў і слаёў, і нават страшнае прыгоннае заняволенне, якое менавіта з польскай зямлі распаўсюдзілася нават на ўсходнюю Расію, "хотя гораздо позже и в несравненно более мягком виде, от которого уже в наши времена освободил и восточную, и западную Россию, и Польшу русский царь-освободитель и мученик Александр ІІ, совершив при этом величайшее, нигде в мире небывалое дело - освобождение крестьян с землей." [15]
Гэтае акцэнтаванне "выратавальнай місіі ўсходняга брата", яго цудоўную дапамогу ў вызваленні сялян можна растлумачыць пашырэннем аўдыторыі, для якой чыталіся лекцыі і разлік на чытанне іх сярод ніжэйшых грамадскіх колаў. Падкрэсліваецца існуючае ў заходняй Расіі "…жестокое разделение между простым народом и верхним, польским слоем - разделение по народности, по вере, заделение преданий и обычаев. Там народ стоит в великом уединении." [16] Гэтыя асаблівасці зусім нехарактэрныя для Расіі ўсходняй, там нягледзячы на знешняе раз'яднанне верхніх і ніжніх слаёў народа (народ тут уключае ўсе грамадскія супольнасці), існуе мноства сувязяў паміж імі, якія іх аб'ядноўваюць і зліваюць у адзін рускі народ: гэта і рэлігійныя ўяўленні, агульная руская душа, адзінства мовы - усё тое, што робіць усіх рускіх людзей адной сям'ёй.
Менавіта таму "…всякий разумный литвин, белорус и малоросс должен бы задуматься, не лучше ли в таком случае сделаться великорусом, а не поляком, не лучше ли пристать к сильному, чем к слабому, не лучше ли сливаться с могущественной, спокойной Россией, чем со слабой, вечно мечущейся Польшей?" [17] Такі падыход Каяловіча да пытання лагічны, паколькі ў сітуацыі, калі польская культура сама не мела прызнання і дзяржаўнага статусу, спадзевы на прызнанне мовы беларускай пры разглядзе яе як адгалінавання польскай былі марнымі.
Малюючы вобраз Беларусі і сыноў яе, аўтар вылучае асобны раздзел, прысвечаны літаратуры, аднак апісвае ён не літаратуру, створаную самімі беларусамі (Беларусь "…так бедна, что не может допускать праздных теорий, отвлеченных мечтаний <...> Белоруссии нужно решать насущные, существенно необходимые вопросы. К сожалению, слабость Белоруссии выразилась и в ее литературных делах" [18]), але тое, што пішуць пра беларусаў суседзі з захаду або вялікарусы. Вартыя ўвагі толькі помнікі старажытнай заходнерускай літаратуры, паколькі там "везде и во всем - одно великое, объединяющее всех русских слово - Русь и Русь." [19]
Статыстычныя дадзеныя падводзяць чытача да разумення таго, хто ж насяляе Беларусь, якія суадносіны паміж прадстаўнікамі розных этнасаў, што суіснуюць на тэрыторыі заходнай Расіі. Уяўленне ж пра характэрныя асаблівасці мясцовых жыхароў дапамагае стварыць апісанне беларускай прыроды, якая "кажется, собрала в стране Белоруссии все неудобные для жизни человека условия, чтобы дать бытие нескольким громадным рекам, благами которых большае части пользуется небелорусское племя. В этой стране берут свое начало Днепр, Двина, Припять, Неман, Нарва. Пески, болота, низшего сорта лес покрывают почти всю Белоруссию. В такой стране народ не может отличаться богатыми физическими свойствами: белорусы большей частью небольшого роста, хилы, вялы, бледны. Нередко парни и девицы раньше двадцати лет уже не имеют ни кровинки в лице." [20]
"Вообще, белорусы нерешительны и в то же время очень впечатлительны!" [21] - піша аўтар, адзначаючы, што мова беларусаў больш чыстая і блізкая да вялікарускай мовы, чым маларуская гаворка. Звяртаючы ўвагу на некаторыя асаблівасці беларусаў як этнасу і іх адметныя рысы ў параўнанні з вялікарусамі, Каяловіч падкрэслівае, што гэта адзін і той жа народ, раздзелены на дзве часткі, якія працяглы час развіваліся паасобку, а таму ўсе пералічаныя адрозненні і асаблівасці натуральныя і павінны ўспрымацца паблажліва, не парушаючы карэннага адзінства.
Гэтае карэннае адзінства ставіцца пад сумнеў некаторымі маладымі навукоўцамі з Віленскага ўніверсітэта, "польскімі людзьмі", якія прыйшлі да ўсведамлення, что і самі яны не палякі, і народ іх краіны не польскі. Міхаіл Восіпавіч заўважае, што яны задумалі ўзнавіць (у навуцы) самастойнасць заходняй Расіі. "Теория эта слишком шатка. Политическая самостоятельность западной России невозможна и еще более невозможна, если можно так выразиться, при польской цивилизации. Тогда эта самостоятельность кончилась бы тем же, чем кончалась прежде, например, в половине XVI столетия, когда Литва сливалась с Польшей. Следовательно, эта теория может иметь значение только как теория злонамеренная." [22]
"Русская государственная литература показывает, что Россия всегда знала западную Россию как свою русскую землю, и напомнила об этом Польше. В этом отношении не истекало никакой давнсти начет этой стран, и знаментое выражение императрицы Екатерины ІІ, выбитое на медали по случаю второго раздела Польши: "Отторження возвратих», есть естественное и законное, хотя и неполное, как увидим, обозначение векового спора между Россией и Польшей из-за западной России." [23]
Такім чынам, на старонках Лекцый па гісторыі заходняй Расіі чытачу прапануецца "заходнерускае" разуменне Беларусі і ўяўленне пра беларусаў. Можна шмат казаць пра некаторую абмежаванасць гэтага падыхода, пра пэўную спрошчанасць і аднабаковасць факталагічнага матэрыялу, якім аперуе аўтар, аднак, улічваючы час з'яўлення гэтай працы і палітычныя рэаліі, можна казаць пра сапраўдны прарыў праз усведамленне самаго існавання Беларусі, хаця б і ў кантэксце "заходняй Расіі". Менавіта Каяловіч упершыню гучна заявіў аб існаванні Полацкага княства як першай беларускай дзяржавы, вывеў радавод літоўскіх князёў ад беларускіх княскіх родаў і стварыў камплементарны вобраз мірнага Вялікага княства літоўскага, у якім адбыўся росквіт беларускай культуры. Такім чынам заходнерусізм Каяловіча пры ўсёй яго ўсходняй арыентацыі лёгка пераўтвараўся ў сепаратызм.
Выхадзец з усходняй часткі гэтай так званай "западной России" Адам Ганоры Кіркор (1818 - 1886) быў прыхільнікам ліцвінскай традыцыі, якая была даволі распаўсюджанай у першай палове XIX ст. Як адзначаў А.Ф. Смалянчук: "Ліцвінства грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, пэўнай тэндэнцыі дэмакратызацыі, якая праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад рускіх, так і ад палякаў з этнічнай Польшчы. Яно было часткай рэчпаспалітаўскага патрыятызму, хоць і адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Па сваёй канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі з'яўляліся вернікамі каталіцкага касцёлу, а па саслоўным складзе належалі да шляхты. Літаратурныя і публіцыстычныя творы ў межах гэтай традыцыі ствараліся на польскай, літоўскай і беларускай мовах. Апошняя перадавалася на пісьме лацінкай. Цэнтрам ліцвінскай традыцыі з'яўлялася Вільня." [24]
Літаратар, даследчык літоўскіх і беларускіх старажытнасцей, выдавец Адам Кіркор, народжаны ў Мсціслаўскім уездзе Магілёўскай губерні, большую частку свайго свядомага жыцця звязаў з Вільняй, якой прысвяціў многія свае працы. Што тычыцца вобразу Беларусі і беларусаў, бадай найлепшай яго прэзентацыяй будуць запіскі Кіркора па гісторыі, народнай і высокай культуры, а таксама краязнаўству, змешчаныя ў трэцім томе "Живописной России" Вольфа ў 1884 г.
Не называючы адрасата сваёй працы і наўпрост не тлумачачы чытачу, з якой мэтай былі створаныя гэтыя нарысы, аўтар дыпламатычна, але непрыхавана адстойвае (ілюструе, даводзіць да адрасата) погляд ліцвіна на гісторыю беларускай зямлі і раскрывае сутнасныя асаблівасці беларускага этнаса.
Лакалізуючы Беларусь у прасторавым вымярэнні, акрэсліваючы яе прыкладныя этнаграфічныя межы, Кіркор заўважае, што "Названіе «Белорусъ» - искуственное, книжное и офиціальное. Сами себя потомки Кривичей подъ этимъ именемъ не знаютъ, хотя въ сущности ни одного эпитета нельзя подобрать более типичного." [25] Спрабуючы прасачыць этымалогію тапоніма, даследчык звяртае ўвагу на адсутнасць згоды ў гэтым пытанні ў сучаснай яму навуцы. Аднак, нягледзячы на адсутнасць канчатковых вынікаў у гэтай дыскусіі, Кіркор выказвае думку аб тым, што самым блізкім да праўды магла б быць сувязь назвы з наружнымі тыповымі рэсамі і вопраткай беларусаў: русымі, часта амаль белымі валасамі, шэрымі светлымі вачыма, белай, калі-нікалі шэрай вопраткай і галаўнымі ўборамі. [26]
Паходжанне гэтага народа (а у Кіркора беларусы з'яўляюцца менавіта народам, а не народнасцю) аўтар выводзіць з роднасных плямён Крывічоў, Палачан, Дрыгавічоў, Радзімічаў, Драўлянаў і Яцвягаў, якія зліліся, атрымаўшы агульную назву беларусаў. Апісанне знешніх фізіялагічных рысаў і ментальных адметнасцей сваіх землякоў, адрозных як ад вялікарусаў, так і ад літоўцаў з латвійцамі, Кіркор звязвае з асаблівасцямі навакольнага асяроддзя: «Белоруссъ любитъ суровую жизнь, жизнь полудикую, какъ природа, его окружающая.» [27]
Як сапраўдны аматар археалогіі, даследчык засяроджвае сваю ўвагу на помніках мінушчыны гэтага краю, у тым ліку дагістарычныя. «Много доисторическихъ памятниковъ въ Белоруссіі істреблено временемъ, еще более неведеніем и равнодушіемъ. Къ счастію, сохранилось еще несколько драгоценныхъ памятниковъ, знаменующихъ историческій разсвѣтъ этой страны.» [28] Менавіта з дапамогай археалагічных знаходак, а таксама аналізу гістарычных крыніц, Адам Ганоры Кіркор намагаецца падвысіць ролю беларускага элемента ў фармаванні беларуска-літоўскай дзяржавы. Ён выказвае думку аб тым, што вялікія князі літоўскія паходзілі з полацкіх княскіх родаў: «Намъ кажется весьма естественнымъ, что князья полоцкаго дома, проникнувъ въ Литву, прикидывались язычныками, въ случае надобности принимали даже имена Литовскія: княжили то въ полоцкихъ, то въ литовскихъ уделахъ, пока Рынгольдъ, а потомъ сынъ его Миндовгъ, по всей вероятности происходившіе изъ того же рода Всеславичей, потомковъ Изяслава Владиміровича, не образовали мощнаго государства и не подчинили единой власти велакаго княза Новогрудскаго всехъ, какъ полоцкихъ, такъ и литовскихъ князей.» [29]
Наогул, гісторыя Беларусі, прапанаваная Кіркорам, паўстае гісторыяй края багатага духоўна, але няшчаснага, «какъ будто обреченнаго самою судьбою на періодически повторяющіяся разоренія и неисчислимыя бедствія.» 296
Духоўнае багацце беларусаў акцэнтуецца як Кіркорам-археолагам, так і Кіркорам-этнографам: Белоруссія - край могилъ, кургановъ, городищъ, городковъ, урочищъ, замковъ, замковищъ, - край, где чуть не на каждомъ шагу вы встречаете следы минувшаго, въ памятникахъ, сказаніяхъ, песняхъ. И столько научнаго богатства, такое обиліе матеріаловъ почти нетронуто, еще ожидаетъ серьезныхъ изысканій архелогическихъ, этнографическихъ, филологическихъ.» [30]
Падкрэсліваючы выключную ролю праваслаўнай царквы на гэтых землях і яе спрадвечную дамінацыю, аўтар спыняецца і на мясцовых рэлігійных асаблівасцях: «Белоруссія, съ ея величественными Днепромъ и Двиною, съ ея дремучими лесами, съ непроходимыми тундрами и болотами, - царство волковъ и козъ, лешихъ и русалокъ, царство ведьмъ и чаровницъ, где ихъ еще въ конце прошлаго столетія плавили на озерахъ - хотя и рано приняла христіанство, но надолго сохранила древніе языческіе преданія и обряды. Бѣлоруссъ и теперь чтитъ своего домашняго пената «Чура», онъ и до сихъ поръ знаетъ боговъ каждаго времени года и даже опишетъ наружность каждаго.» [31]
Важнымі для раскрыцця гістарычнага мінулага Беларусі ў гэтай працы з'яўляюцца постаці полацкіх князёў, вялікага князя Вітаўта, Казіміра Ягелончыка, гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага ( менавіта ён «одержал блистательную победу» [32]), Стэфана Баторыя, Святога Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага і Мялеція Сматрыцкага, асветнікаў Скарыны і Буднага,ключавымі ж падзеямі апроч уній з заходнім суседам і спусташальных войнаў з усходнім, у беларускай гісторыі Кіркора з'яўляюцца змены ў рэлігійным жыцці спрадвечна праваслаўнай зямлі. Заснаванне Полацкага езуіцкага калегіума паклала пачатак акаталічванню беларускага мяшчанства і шляхты, яны ж, езуіты ў 1812 г. дапамагалі французам, якія «съумели быть столь же дикими, кровожадными, такими же грабителями, какъ и польчища Трубецкаго и некоторых другихъ вождей временъ Алексея Михайловича, или даже Петра Великаго, когда на значительныхъ пространствахъ сожигались до тла деревни, хлебъ, скотъ, все жилое и все съестное, лишь бы не досталось непріятелю.» [33]
Але не толькі на знакамітых дзяржаўных мужоў і іх дзеі звяртае ўвагу Кіркор. Вымалёўваючы вобраз беларусаў, ён падрабязна спыняецца на народнай творчасці, якая праявілася ў песнях, легендах, паданнях, прыказках і прымаўках, што складаліся напрацягу стагоддзяў на гэтых землях. «По этмим песнямъ, по этимъ пословицамъ, поговоркамъ, можно-бы проследить всю жизнь Белорусса въ былое и настоящее время. Это исторія его быта, его верованій, тяжкихъ испытаній, бедственной жизни и немногихъ радостей. Остроуміе и способность анализировать всего нагляднее выражаются въ пословицахъ и поговоркахъ. Одне заимствованы и общи съ другими славянскими народами; другія же самобытныя, несомненно белорусскаго происхожденія и ужь отсюда перешедшія къ другимъ народамъ.» [34]
У адрозненне ад М.В. Каяловіча, Кіркор вылучае дасягненні сучасных яму літаратараў, беларускіх паэтаў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Адам Ганоры лічыць, што Вікенцій Дунін-Марцінкевіч і Арцемій Дарэўскі-Вярыга даказалі, колькі багацця і сілы ў беларускай мове. [35] Не абыходзіць увагай ён і этнографаў, якія спрычыніліся да сур'ёзных даследаванняў Беларусі і штодзень адкрываюць і захоўваюць для нашчадкаў скарбы народнага фальклору. Скарбы культуры матэрыяльнай таксама знайшлі сваё адлюстраванне на старонках нарысаў даследчыка, дапаўняючы цэльны вобраз спадчыны беларусаў.
Менавіта скарбы, дасягненні і перамогі беларускага племені кідаюцца ў вочы перш за ўсё чытачу «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883 - 1938) не меў спецыяльнай гістарычнай адукацыі, аднак менавіта ён канцэптуальна абагульніў многія вядомыя факты пра мінулае Беларусі і паспрабаваў праінтэрпрэтаваць іх з пункту гледжання нацыянальнай гісторыі, абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Яго "Кароткая гісторыя Беларусі" выйшла ў 1910 г., паказаўшы сутнасна адрозны вобраз Беларусі і беларусаў.
У прадмове да выдання аўтар называе адрасата гэтай працы: "…ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісорыю бацькоўшчыны ў сваёй роднай мове. Для вучоных новаго німа тут нічога; усё, што сказана тут, знойдуць яны параскіданае у працах аўтароў, спісок каторых падаю ніжэй. Адно толькі пазволіў я сабе: некаторые здарэньня асудзіць па свойму з становішча карысьцей і шкод беларускаго народу." [36]
Ластоўскі адзначае і мэту, якой кіраваўся пры напісанні: усведамляючы сабе значэнне гісторыі як фундамента, на якім будуецца жыццё народа, ён прагне адбудаваць гэты фундамент, каб будынак, усталяваны пазней на ім, быў моцны: "А фундамэнт у нас важны, гісторыя наша багата: "жатва многа, а дѣлатель мало", як кажэ сьвятое пісаньне. Поле пустое, бо сыны бацькоўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужые гумны і засекі багацяць! " [37]
Выкарыстоўваючы ўжо вядомыя гістарычныя факты, гісторык па-новаму расстаўляе акцэнты, дадае ўласную інтэрпрэтацыю некаторых падзей. Тыя самыя плямёны, пра якіх згадвалі і Каяловіч, і Кіркор, і іншыя даследчыкі, па меркаванні Ластоўскага зліліся ў адзін беларускі народ, які з'яўляецца суб'ектам гістарычных дзеяў. Аб гэтым сведчыць і першаснасць узнікнення першых княстваў у параўнанні нават з Ноўгарадам, і полацкае славянскае паходжанне літоўскіх князёў, якія княжацкі пасад не сілай забіралі, а " садзіліся на яго па радавому праву". [38]
І хаця ўласнабеларускія летапісы не захаваліся, або яшчэ не знойдзены, нават вядомыя нешматлікія згадкі пра беларускую зямлю дазваляюць аўтару рабіць высновы аб тым, што "Страціўшы сваю дзедзіну, Полацкіе князі шукалі прытулку ў Літве і Лівоніі. Там, сабраўшы дружыны, прыняліся яны організаваць у княжствы тамтэйшые народы і, каб лягчэй ішла работа, паказывалі сябе за адноверцоў з тамтэйшымі жыцелямі, а калі была патрэба, то і перэменлі свае імёны. Так мала-памалу яны клалі асновы Літоўскамі княжству, аж пакуль Рынгольд, а пасьля сын яго - Міндоўг не сабралі сільнаго гасударства, злучыўшы ў вадно як полацкіх, так і літоўскіх князёў. Сталіцай маладоўга літоўскага каралеўства стаўся Новагрудак (цяпер паветовы горад Мінск. Губ.)." [39] Такім чынам, з менавіта "з Беларускіх зямель злажылося новае гасударство - княжство Літоўска-Рускае" [40], - піша Ластоўскі, трактуючы беларускі народ як паўнавартаснага ўдзельніка гэтай лёсавызначальнай…
Новымі рысамі дапаўняецца і вобраз вялікага князя Вітаўта, які ў "Кароткай гісторыі Беларусі" паўстае сапраўдным апекуном простага народа: Бачучы цяжкае палажэньне "земян гаспадарскіх" (даслоўно: землеробоў царскіх- дробных гаспадароў, хутаран), Вітоўт даваў ім розные правы і палягчэньня ад павіннасьцей, наложэных рознымі "дзержауцамі" - князямі і баярамі. Горды і недасупны с князямі і баярамі, срогі для ваенных чыноў і начальнікоў, цьвёрды і неўмалімы ў справах судовых, Вітоўт быў заўсягды даступны для ніжшых: кожны селянін мог дастуіпіцца да яго і вылажыць свае крыўды, ці патрэбы. Вітоўт належаў да ліку тых, што патрапяць людзй кожнай націі, кожнай веры лічыць роўнымі сабе, калі яны толькі былі добрымі грамадзянамі." [41] Ужо ў тыя раннедзяржаўныя часы, на думку аўтара, існавала патэнцыйная магчымасць заснавання палітычна самастойнай дзяржавы з нацыянальнай царквой, незалежнай ад маскоўскай метраполіі.
Вымалёўваючы перад вачыма чытача дзеі годнага беларускага народа і адкрываючы асноўныя старонкі беларускай гісторыі, Ластоўскі падкрэслівае і пачэснае годнае месца беларускай мовы, слаўныя тэксты, пісаныя ёю як дзяржаўнай. Мову гэтую бараніў і перадаваў у спадчыну дзецям і ўнукам просты беларускі народ: ". Людзі вышэйшых саноў, прыймаючы польскую культуру, зусім адрываліся ад свайго народу; народ гэты ставаўся для іх чужым з усімі сваімі бедамі і нядолямі. У другім-трэйцім пакаленьні апалячэные князі і баяры беларускіе забываліся зусім аб сваім беларускім народзе і павелічывалі сілу і значэньне палякоў у сваім краю, шырылі самі польскасць. Просты народ, як у тые часы звалі яго "посполіты", быў пакінуты сам сабе і гэты народ патрапіў зьберагчы старую сваю мову, звычаі, але ня меў сілы захаваць, бараніць і шырыць старую культуру." [42]
Калі ж найлепшай мерай культурнага развіцця кожнага краю лічыць асвету, як даводзіць гэта В. Ластоўскі, то ўпэўніцца можна, што беларусы ў гэтай сферы могуць пахваліцца значнай колькасцю дасягненняў, сярод якіх як творы рэлігійныя, так і свецкія, развіццё кнігадрукавання, а таксама матэрыяльныя скарбы беларускага мастацтва.
А.Ф. Смалянчук у артыкуле "Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ - пачатак ХХ ст." адзначыў, што "канцэптуальна аўтар прадстаўляў тэорыю «двух бедаў» беларускай гісторыі ("польскай" і "маскоўскай"), аўтарам якой быў М.Доўнар-Запольскі. Пры гэтым ён усё ж такі імкнуўся паказаць уласна беларускі ўклад у гісторыю. В.Ластоўскі адзначаў чужыя - польскія і «маскоўскія» - уплывы, якія, на яго думку, негатыўна адбіліся на гістарычным лёсе беларусаў, але не абсалютызаваў іх і, напрыклад, паланізацыю характарызаваў як самаапалячванне. Упершыню ў гістарыяграфіі беларусы трактаваліся як галоўны народ краю, які вызначаў ягоны гістарычны лёс." [43]
Існавалі, канешне, варыяцыі гэтых канцэпцый, маляваліся іншыя вобразы мінулага Беларуска-Літоўскага краю, Беларусі і беларусаў як імі самымі, так і замежнікамі, навукоўцамі звонку, аднак менавіта гэтыя шырока распаўсюджаныя падыходы да разумення гісторыі беларускай зямлі ілюструюць нам сітуацыю, у якой адбываўся выбар спосабу інтэрпрэтацыі падзеяў мінулага, а затым і адбор экспанатаў для Віленскага беларускага музея заснавальнікам яго калекцыі Іванам Луцкевічам. Інтэрпрэтацый можа быць сапраўды многа, аднак, музейная экспазіцыя, створаная на аснове калекцыі, з'яўляецца пэўным лагічным "парадкам", аб'яднаным агульнай задумай у адзіную цэласную сістэму, таму даследаванне гэтай сістэмы і яе складовых частак з'яўляецца магчымасцю суаднесці праект, задуму заснавальніка са знаёмымі яму гістарычнымі канцэпцыямі.
2. ІВАН ЛУЦКЕВІЧ І ЯГОНАЯ КАЛЕКЦЫЯ СТАРАЖЫТНАСЦЕЙ: ПЕРАДМУЗЕЙНЫ ЭТАП
2.1. Іван Луцкевіч як постаць беларускага Адраджэння і збіральнік калекцыі
Іван Іванавіч Луцкевіч нарадзіўся 28 траўня (9 чэрвеня) 1881 года ў павятовым горадзе Шаўлі Ковенскай губерні ў сям'і былога ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, змагара за Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, а на той момант - служачага чыгункі. У 1887 годзе бацьку пераводзяць у Лібаву, таму навучанне ў 1890 г. Іван распачаў у Лібаўскай Мікалаеўскай гімназіі. Пасля смерці бацькі ў 1897 г. юнак пераехаў у Менск, дзе ўжо 2 гады жылі яго родныя. Тут, у мінскай гімназіі, Луцкевіч сустрэўся з беларусім археолагам і краязнаўцам Генрыкам Татурам, які заахвоціў яго да працы над гісторыяй і археалогіяй.
У 1902 годзе пасля заканчэння мінскай гімназіі, Іван паступае ў Пецягбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт, навучаючыся адначасова ў археалагічным інстытуце. Ужо там, падчас навучання, Іван Луцкевіч пачынае дзяліцца сваімі думкамі аб беларускай справе з іншымі студэнтамі, ствараючы вакол сябе своеасаблівае кола беларускай інтэлігенцыі. Знаёміцца з Вацлавам Іваноўскім і многімі іншымі, хто будзе працаваць поруч з ім на ніве Адраджэння. Як заўважаў яго брат Антон, Іван становіцца "правадыром усяго беларускага руху" [44], стварыўшы ў Пецярбурзе "Беларускі Гурток Народнае Асветы" з адозвай да грамадзянскага краю аб патрэбе нясення ў вёску асветы на беларускай мове. Гэтая арганізацыя распаўсюджвала беларускія кнігі, друкаваныя за мяжой, рабіла спробы выдання іх і на тэрыторыі Расійскай Імперыі.
У гэтым самым годзе Іван Луцкевіч стварае першую Беларускую Рэвалюцыйную Партыю, перайменаваную праз некалькі тыдняў у Беларускую Сялянскую Грамаду. Менавіта гэтая партыя ў 1905 годзе на першым сваім з'ездзе пастанавіла мэтамі стварэнне краёвай аўтаноміі для Беларусі з соймам у Вільні і перадачу сялянам без выкупу панскаё, дзяржаўнай і іншай зямлі. Гісторык Валянцін Галубовіч заўважае: "Маючы вялікае кола знаёмых у Пецярбурзе, Мінску і на правінцыі, - знаёмых як між інтэлігенцыі, так і між работніцкага і сялянскага асяроддзя, - Іван Луцкевіч развівае думку аб беларускай палітычнай арганізацыі, якая з самага пачатку свайго існавання павінна выступіць цэнтрам усяго беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху" [45]. Пры гэтым Луцкевіч актыўна наладжвае кантакты з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, шукаючы шляхі каардынацыі ўсіх сілаў, якія маглі б дапамагчы беларускаму руху. Гэтая няўрымслівая актыўнасць і спрычынілася да захворвання, якое скараціла жыццё Івана: пасля ўдзелу ў палітычнай галадоўцы ў камеры папярэдняга заключэння (куды ён трапіў пасля маёвай дэманстрацыі 1903 года), яго пераводзяць у бальнічнае аддзяленне для сухотнікаў.
Скончыўшы ў 1904 годзе археалагічны інстытут, Іван адбывае для далейшае навукі ў Вену, працуючы там пад кіраўніцтвам прафесара Ягіча і набываючы больш грунтоўныя веды па старажытнай гісторыі. Падарожжа падаравала яму таксама шматлікія знаёмствы: у Львове - з дзеячам нацыянальна-адраджэнскага руху мітрапалітам Шаптыцкім, у Варшаве і Кракаве - з гісторыкамі, археолагамі, краязнаўцамі, палітычнымі дзеячамі.
Скончыўшы ў 1905 годзе і юрыдычны факультэт, Іван Луцкевіч здзяйсняе першае міжнароднае выступленне беларускай палітычнай арганізацыі ў Фінляндыі на з'ездзе прадстаўнікоў сацыялістычных партый, пасля якога пераслед беларускага дзеяча ўзмацняецца. Луцкевіч пераяжджае ў Вільню, працягваючы сваю дзейнасць поруч са сваім малодшым братам Антонам, Вацлавам Іваноўскім, Аляксандрам Уласавым, Алаізай Пашкевіч (Цёткай), Алесем Бурбісам, Карусем Каганцом і іншымі. Чытаючы лекцыі, збіраючы патайныя з'езды і вечарыны, Луцкевіч вядзе нястомную адукацыйную і агітацыйную працу, прыцягваючы на нацыянальнай справы новых і новых паслядоўнікаў. "Каму ня ведама, як глыбока знаў нябошчык Іван Іванавіч беларускую старыну? Ня дзіва. Што лекцыі яго, ня гледзючы на душыўшы яго ад сухот кашаль, слухаліся вучашчыміся з найвялікшай сымпатыяй і ахвотай" [46].
Скарыстаўшы са скасавання ў 1905 годзе забароны беларускага друку, Іван Луцкевіч арганізаваў першую беларускую легальную газету "Нашая доля" (выйшла 7 нумароў), а затым і "Нашую ніву", якая стала сапраўдным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху і стрыжнем беларускай супольнасці. За час выхаду газеты (з 10 лістапада 1906 да 1915 года) развіццё нацыянальнай свядомасці і беларускага вызвольнага руху дасягнула невядомых дагэтуль масштабаў.
У гэты ж час ён працягвае бараніць беларускі народ і даказваць на міжнароднай арэне, што беларускі народ не горшы за іншыя, што ён мае права на самастойнае нацыянальнае існаванне. У чэрвені 1908 года ў Празе на ўсеславянскім з'ездзе студэнтаў Луцкевіч прамаўляе: "Беларусы ў Празе былі яшчэ 500 гадоў таму. Тады ў іх была багатая літаратура. У самой Празе яны надрукавалі па-беларуску Біблію. Па-беларуску ж надрукаваны быў і Статут Літоўскі. Цяпер прайшло з таго часу 500 гадоў, а пра беларусаў ніхто не знае: чыноўніцкая і панская гаспадарка зрабіла тое, што няма не толькі ніводнай сярэдняй, але і ніводнай ніжэйшай народнай школы, дзе б вучылі па-беларуску!.." [47]
Дзякуючы ўменню наладжваць кантакты, зацікавіць людзей сваімі думкамі, Іван Луцкевіч падтрымліваў кантакты з замежнымі навукоўцамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі. Пра яго здольнасць знаходзіць станоўчае ў самых розных сітуацыях і пры розных уладах пісаў Клаўдзій Дуж-Душэўскі: "Быў ён на Беларусі і працаваў тутака пры ўсякіх варунках і пры ўсякіх праўленьнях, а апошніх было шмат. Быў Расейска-Царскі Урад. Быў Нямецкі, быў Расейска-Савецкі, быў Панска-Польскі. Ён заўсёды гаварыў: з паршывай авечкі хоць воўны клок" [48].
Луцкевіч ахвотна публікуецца ў чужых навуковых выданнях, хаця найбольш дае матэрыялы іншым публіцыстам. Адварды Будзька ўспамінаў: "Пяром мала (гэтым затое шмат займаецца Іванаў брат Антон), але языку свайму не даваў ён спакою. Беларускую агітацыю ён вёў - каб падлічыць - найбольш ад усіх беларусаў. Сьмела усюды выступаў з беларускім словамі, шчыра бараніў спраў беларускіх - і з гэткім характарам пратрываў да сьмерці" [49]. Пра неахвотнае выкарыстанне Іванам пісьмовай мовы ў сваёй дзейнасці пісала і Юліяна Вітан-Дубейкаўская: "Іван Луцкевіч не любіў пяра, ягоныя думкі плылі гэтак хутка, што пяро не пасьпявала за імі, але ён меў дар слова і ўмеў захапіць слухачоў" [50].
Падчас апошняга перад вайной падарожжа зімой 1914 - 1915 гадоў ў Маскву, а пасля Пецярбург і Фінляндыю, яшчэ больш пагоршыла без таго дрэнны стан здароўя Луцкевіча. Сілаў на працу было ўсё меньш, але імпэту не паменела. Не маючы магчымасці працаваць на грунце палітычным, ён займаецца дапамогай Беларускаму Камітэту помачы пацярпеўшым ад вайны і навуковай працай. "Асабліва цяжкі быў 1915 год, калі фронт падыйшоў пад самую Вільню. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, а сярод іх і супрацоўнікі «Нашай Нівы». Шмат падпішчыкаў было адрэзана фронтам. Дзеля ўсяго гэтага давялося спыніць далейшае выдаваньне «Нашае Нівы»" [51]. Да гэтага перыяду адносіцца не толькі адкрыццё доўгашуканай ім кнігі "Аль Кітаб", але і знаёмства з Юліянай Мэнке, з якой Івана звязвалі вельмі блізкія і цёплыя адносіны. Будучая Юліяна Вітан-Дубейкаўская пакінула цікавыя ўспаміны пра Луцкевіча і яго дзейнасць і настрой у гэты няпросты час: "Ведаеце, пані, што да палітыкі, то я ёй служу ад малых гадоў, каб узгадаваць беларускі народ да самастойнага жыцця, а цяпер асабліва гарачы час" [52].
Юліяна ўзгадвае: "…ён апавядаў мне, што пачне гутарыць на чатыры вочы з прадстаўнікамі іншых нацыянальных камітэтаў, каб на выпадак адыходу расейскіх войскаў і паліцыі арганізаваць самаабарону Вільні, каб да ўваходу нямецкай арміі абараніць жыхароў ад нападаў і рабункаў асацыяльных элементаў" [53]. І сапраўды ў гэты гарачы час, у верасні 1915 года, Іван Луцкевіч робіць спробу аб'яднання дэмакратычных элементаў розных нацыянальнасце і стварэння мясцовай Рады, і тут дэманструючы сваю "энэргію і спрыт" [54]. Паспяховай была другая спроба, скончаная ўтварэннем Віленска-Ковенскага Абыватальскага Камітэта, у склад якога ён увайшоў як прадстаўнік беларусаў. Камітэт, непрыхільна ўспрыняты польскімі нацыяналістамі, праіснаваў нядоўга, таму ў тым жа годзе Луцкевіч робіць апошнюю спробу арганізацыі міжнацыянальнай рады, якая мела на мэце злучыць палітычныя сілы розных народаў - ён стварае "Канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага". Аднак, з'явілася надзея на будаванне нацыянальных Дзяржаваў, і народы Краю адмовіліся ад ідэі канфедэрацыі.
Нягледзячы на шматлікія няўдачы Луцкевіч прыкладвае вялікія намаганні ў галіне асветы. У лістападзе 1915 года адкрываецца першая беларуская пачатковая школа, у снежні - з ініцыятывы Івана і Алаізы Пашкевіч ствараюцца беларускія настаўніцкія курсы, нават у 1919 годзе "зусім хворы, павінны ляжаць у ложку, Іван Іванавіч на вялікую шкоду свайму здароўю многа папрацаваў над тым, каб адчыніць у Вільні беларускую гімназію. Ён хадзіў па розных - спачатку польскіх, а потым комуністычных установах, каб заручыцца згодай на аддачу будынку па Вострабрамскай №9 пад беларускую гімназію" [55] - узгадвае грамадскі дзеяч і педагог М. Кахановіч.
Летам 1916 года быў створаны "Беларускі клуб", які аднагалосна выбірае Івана Луцкевіча старшынёй. "Асаблівай рыскай характару Івана было, што ён не для асабістай славы, або амбіцыі аддаваў усё для беларускае справы, любоў да яе была ягонай дзьвігняй, ён цешыўся, калі штосьці дасягнуў, але ня ставіў сабе гэтага ў заслугу, а прызнаваў і заслугі іншых; не любіў сам лезьці наперад. Першае месца ў віленскім беларускім грамадзянстве ён заняў праз сваю адданую працу й веду, дыпляматычныя й палітычныя ўздольненьні, усё гэта яго высунула наперад, а не асабістыя амбіцыі ці інтарэсы. <...> Гэта людзі добра ведалі й вычувалі, і таму ён быў аўтарытэтам у віленскіх беларусаў" [56].
Не толькі беларусы цанілі гэтага выбітнага дзеяча, аднак незалежніцкая пазіцыя Луцкевіча і яго выступ на з'ездзе 1916 года ў Лазане ў якасці галавы беларускай дэлегацыі былі негатыўна успрынятыя нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, якія пачынаюць арганізацыю літоўскай Тарыбы на крыўдных для беларусаў умовах. І хаця Луцкевіч заўсёды бараніў неабходнасць цеснага кантакту з літоўцамі ("Беларусь, жыўшая ў даўные часы ў цеснай згодзе і братнім саюзе з літвінамі, і цяпер павінна б была для большай сваёц і літвіноў карысьці шукаць перш за ўсё згоды і саюзу з літвінамі" [57]), у склаўшыхся ўмовах ён разам з іншымі беларусамі Вільні арганізуе мітынгі, пратэстуючы супраць успрыняцця беларусаў як эмігрантаў на роднай для іх зямлі і патрабуючы дазволу на скліканне беларускай нацыянальнай канферэнцыі. Канферэнцыя, якая адбылася 25 - 27 студзеня 1918 года выбрала Івана Луцкевіча ў склад Беларускай Рады - беларускага прадстаўніцтва. Менавіта ад імя Беларускай Рады Іван з таварышамі едзе ў Менск на гістарычнае паседжанне Беларускай Народнай Рэспублікі 24 - 25 сакавіка 1918 года. Страціўшы ў гэты час маці, а таксама прадчуваючы сваю недалёкую смерць, нястомны дзеяч быў шчаслівы: "цяпер мы, старыя работнікі беларускія, можам спакойна паміраць: ёсць каму змяніць нас у працы!" [58].
Да самага выезду хворага на лячэнне ў Закапанае ў яго кватэры на Віленскай, 33 заўсёды было поўна гасцей: "Сюды вялі дарогі ўсіх беларускіх устаноў Вільні; сюды ішоў кожны беларус, быўшы праездам у Вільні; сюды ішоў кожны паступовы грамадзянін краю, каб пагаманіць аб справах краю. Хворы ня мог улежаць спакойна, варушыўся, пачынаў горача гаварыць і, што на узьдзіў, курыць, але страшны кашаль душыў яго і кідаў назад на падушку. З вялікай, нявымоўнай мукай у вачох хапаўся чалавек за грудзі і сьціхаў, а госьці спаміналі, што трэба разьвітвацца, даць яму спакой. Ах, не шкадаваў сябе хворы, не шкадавалі яго адданыя справе госьці" [59].
Хвораму Луцкевічу не даюць спакою палітычныя ворагі, пішучы даносы ў паліцыю. Прыйшоўшыя з намерам арыштаваць бальшавікі, убачыўшы стан Івана, пакідаюць яго дома. Спроба лячэння ў Закапаным, зробленая летам 1919 года не дала яму пажыць і трох месяцаў - 20 жніўня 1919 года Іван Іванавіч Луцкевіч адыходзіць з жыцця.
"Ён умеў ісьці простай дарогай, ён умеў быць строга лёгічным у сваіх палітычных выступах і працы, ён умеў орыентавацца ў цэлым лабірынце спрэчнасцей. У яго вырабіўся палітычны нюх, каторы часта дапамагаў і яму і ўсім беларускім работнікам. Выезд яго з Вільні зразу даў пачуць сябе. Нястала чалавека, каторы мог і аб'еднаць беларусаў і кіраваць імі. Сьмерць яго адчулася яшчэ шырэй: шмат хто страціў свайго кіраўніка, вучыцеля і таварыша, а Беларусь - аднаго з найлепшых і адданых сыноў сваіх" [60]. Аўтарытэт Івана Луцкевіча, яго здольнасці ў палітычнай і грамадскай сферы, ідэі, памкненні і мары у поўнай меры знайшлі сваё прымяненне і ўвасабленне ў праекце яго жыцця - заснаванні калекцыі скарбаў беларускай мінуўшчыны, якая легла ў аснову Віленскага беларускага музея.
2.2. Калекцыя Івана Луцкевіча ў сведчаннях сучаснікаў
Напрацягу большай часткі свайго свядомага жыцця, пачынаючы яшчэ з юнацкіх гадоў, Іван Луцкевіч натхнёна збіраў памяткі беларускай даўніны, якія паступова склаліся ў багатую і разнастайную калекцыю і леглі ў аснову закладзенага ў 1921 годзе музея. Некаторыя даследчыкі час стварэння і назапашвання калекцыі залічваюць да першага этапу існавання музея, мы ж прытрымліваемся думкі, што перыяд збору калекцыі з'яўляецца падрыхтоўчым этапам да дзейнасці музея, які распачаў сваё існаванне ў 1921 годзе з атрыманнем юрыдычнага статусу, таму аб гісторыю збораў мы вылучылі ў асобны раздзел. Таццяна Поклад [61] спасылаецца на тое, што згодна з успамінамі, Беларускі Музей існаваў як грамадская ўстанова, аднак сам панятак музея ў адрозненне ад калекцыі, якая таксама можа дэманстравацца яе ўладальнікам, павінен адпавядаць пэўным нормам (напрыклад, быць абсталяваным стэлажамі/вітрынамі для прагляду, быць адчыненым для любога наведвальніка ў пэўныя прызначаныя гадзіны, прадстаўляць экскурсіі і г.д.).
Збор старажытнасцяў Іван Луцкевіч распачаў яшчэ падчас навучання ў 3 класе гімназіі і пры любой магчымасці папаўняў яго новымі цікавымі экспанатамі. Да 1908 года, калі Луцкевіч перавёз свае скарбы ў рэдакцыю "Нашай нівы", калекцыя ўжо мела ў складзе асобнікі Бібліі Францыска Скарыны, Статута Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове, некалькі слуцкіх паясоў, асобнікі "Мужыцкай праўды" Кастуся Каліноўскага, а таксама іншыя каштоўныя прадметы.
"Іван Луцкевіч, які вельмі ганарыўся сваімі музэйнымі зборамі, усьцешыўся нагодзе паказаць свой музей асобе, якая штось разумее і можа ацаніць гэтыя аказы мінуўшчыны" [62], - успамінала Юліяна Вітан-Дубейкаўская сваё першае знаёмства з калекцыяй. Апантаны збіральнік, ён не толькі збіраў антыкварныя рэчы, але і зарабляў на жыццё, і беларускую справу (у тым ліку на выданне "Нашай нівы") ад куплі й продажы некаторых прадметаў. "А знаходзіць антыкі Іван быў проста мастак. Па-за працай у Камітэце і палітычнымі справамі, ён увесь вольны час, як я казала, «рыскаў па гораду», і на ўсе мае просьбы трохі менш насіцца па месьце, адказваў: «Ваўка ногі кормяць»!" [63].
У пошуках чарговых экспанатаў калекцыянер ездзіў не толькі па Вільні і яе прадмесцях, але і ў закуточкі былога Вялікага Княства Літоўскага. Луцкевіч вельмі любіў вёску і ўмеў зацікавіць сялян, якія з радасцю паказвалі яму як прадметы гаспадаркі, так і "штукарства свайго вясковага" [64]. Дзеля ацэнкі вартасці старажытных прадметаў да яго звярталіся як уладальнікі, так і антыквары. "Збіраючы старасвецкія рэчы адкладаў тое, што з Беларусі мела быць ці што для беларусаў маець значэньне; такім парадкам сабраў надта шмат важных для беларусаў старасьвецкіх памятак, з каторых меўся ён зрабіць пачатак для Беларускага Музею" [65].
Актыўна садзейнічаў Луцкевічу ў пошуку новых прадметаў Гальяш Леўчык, пра што сведчаць яго лісты збіральніку аб знойдзеных старажытнасцях. "Напрыклад, 15(28) верасьня 1911 г. ён піша І. Луцкевічу, што адшукаў у Слоніме ў мяшчанскай хаце «да 1000 старых папераў - ад 1500 да 1800 гг.», усе пра Слонім, і з гэтых папераў «каля 200 мо і па-беларуску (старым пісаным шрыфтам)», у дадатак знайшоў 5 каралеўскіх лістоў - «Стэпана Батораго, Казьмера, Уладыслава, Яна ІІІ» ды г. д. "- Ažni mnie wałasy dybam stali, kali ja ich razhladaŭ. Paskładaŭ ja ich roŭno u torby, abwiazaŭ papieraj i znoŭ ułažyli my ich u skryniu. - Šmat je ad wilhaci pahniŭšych i zbutwieŭšych.- Ale, kab nie dać im nadta paznać, sto heta, ja skazaŭ: «... mo pryhadzicca kaliści jakomu wučonamu, ale treba byłob ich addaci ŭ muzej da Wilniŭ. - Chacia jany, zdajecca, zmiarkawali, sto heta warta hrošy.- Nu, ale, možna byłob, zdajecca, wymanić; chacia bez hrošy nie abyjdziecca. Ja canu im nia dawaŭ dziela niepaznaki. Woś ... jak zrabić, kab kupić usio heta?- Čysty «skarb-kładŭ. - Ja da paniedziełka tut prabudu. - Jak zrabić? Mo pryjedźcie bratko, pahladzimo! Tolki, cicha, ša! Raschod i karyść papałam! - jechać na Baranawičy, - da mianie, - ale biez mianie nie pakažuć! " [66].
Глыбокае ўражанне на гасцей рэдакцыі рабілі багацці калекцыі. Усхваляваны знаёмствам са шматлікімі скарбамі беларускага народу, сабранымі Іванам Луцкевічам, Змітрок Бядуля апісаў свае ўражанні ў абразку "Святое гэта месца!.." і пералічыў некаторыя ўбачаныя прадметы: "На сценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры… У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манеты і медалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасці. Жывая паэма старыны!" [67]. Успамінаючы пра візіт Максіма Багдановіча ў Вільню, Вацлаў Ластоўскі пісаў: "Асабліва глыбокае ўражанне зрабілі на Багдановіча рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакументаў, а таксама слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў пераглядаў" [68].
Пра неўладкаванасць калекцыі, яе яшчэ дамузейны стан сведчаць словы Адама Станкевіча: "Помню, як пры першым маiм з iм знаёмстве, ахвотна i вычэрпаюча даваў ён мне адказы на мае сумнiвы, як свае доказы падкрапляў рэчамi з беларускай мiнуўшчыны, якiя там у яго былi зграмаджаны, а з якiх пазьней вырас сяньняшнi слаўны Беларускi Музэй у Вiльнi iм. Iвана Луцкевiча" [69].
У 1913 годзе Луцкевіч вырашыў прадставіць сваю калекцыю шырокаму колу гледачоў на Віленскай краёвай выставе, маючы намер у будучыні стварыць на падставе сабраных збораў музей. На вялікі жаль, завяршыць задуманае перашкодзіла спачатку вайна, а потым і заўчасная смерць. Прадчуваючы хуткі канец, Іван Луцкевіч падараваў сваю калекцыю заснаванаму ў 1918 годзе Беларускаму Навуковаму Таварыству ў Вільні, якое ў 1921 годзе здзейсніла волю нябожчыка.
Паводле словаў Янкі Шутовіча, Музей, створаны на аснове збораў Івана Луцкевіча, стаў сапраўднай беларускай Меккай, святым месцам, якое прыцягвала наведвальнікаў рознай нацыянальнасці, не толькі беларусаў з Заходняй Беларусі, але і тых, што жылі за яе межамі [70]. Нездарма, уражаны некалі багаццем беларускай спадчыны, сабранай у калекцыі Івана Луцкевіча, Максім Багдановіч усклікнуў: "Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!" [71]
Такім чынам, Іван Луцкевіч як калекцыянер і заснавальнік падмуркаў будучага Віленскага беларускага музея адыграў, выключна важную ролю ў фармаванні беларускай нацыі ў пачатку ХХ ст.
3. ВІЛЕНСКІ БЕЛАРУСКІ МУЗЕЙ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА: ЭТАПЫ ГІСТОРЫІ
3.1. "Польскі перыяд" (1921 - 1939) у гісторыі Віленскага беларускага музея
У 1921 годзе на аснове калекцыі Івана Луцкевіча ў невялікім памяшканні [72], пяці [73] ці шасці пакоях [74] ў Базыльянскіх мурах Беларускім Навуковым Таварыствам быў створаны музей, дзеля ўвекавечання ахвярадаўцы названы "Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча" (Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча) [75].
Уладкаваннем Музея займаліся брат Івана Антон Луцкевіч, а таксама інжынер Лявон Дубейкаўскі. Першы актыўна прапагандаваў дзейнасць гэтай установы ў віленскім асяроддзі, у тым ліку праз змяшчэнне інфармацыі аб музеі ў даведніках і навуковых зборніках.
Музейная экспазіцыя - "гэта "парадак", аб'яднаны агульнай канцэптуальна-мастацкай задумай у адзіную цэласную прадметна-прасторавую сістэму. Яна нясе значны інфармацыйны патэнцыял і з'яўляецца адным з галоўных каналаў музейнай камунікацыі. Менавіта гэта канцэптуальна-візуальная сістэма з'яўляецца па сутнасці сучаснай музейнай экспазіцыяй, гэта значыць аб'ектам і прадуктам творчасці мастака-экспазіцыянера ў садружнасці з навуковым супрацоўнікам музея, часам пры ўдзеле сцэнарыста" [76]. Віленскі беларускі музей не меў такога штату стваральнікаў і супрацоўнікаў, які маюць сучасныя нацыянальныя музеі, аднак досыць сціплыя фінансавыя і чалавечыя рэсурсы не паўплывалі на масштабнасць рэалізацыі праекту.
Ніводзін музей не можа існаваць без музейнай экспазіцыі, якая з'яўляецца "вызначаючай формай існавання музея, якая выражаецца ў мэтанакіраванай прэзентацыі музейных прадметаў". [77] Прааналізаваўшы экспазіцыю Віленскага беларускага музея, мы паспрабуем прасачыць, якія старонкі мінулага ўключылі яго заснавальнікі ў свій нацыянальны праект, якім надалі найбольшую ўвагу і значэнне.
Калекцыя Івана Луцкевіча складалася з наступных раздзелаў:
· Этнаграфія (адзенне, тканіны, хатнія вырабы, музычныя інструменты);
· Археалогія (рэчы з курганных і іншых раскопак);
· Мастацтва (карціны, абразы, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва);
· Нумізматыка;
· Зброя і рыштунак;
· Бібліятэка (пераважна старадрукі і рукапісы)
Нейкіх больш дакладных звестак пра склад калекцыі, яе частак, мы падаць не можам, тым больш што сістэматычнае і планамернае вывучэнне нават экспазіцый музея і фондаў так і не было здзейснена. Аднак, пэўная інфармацыя публікавалася, больш за тое - у 1933 г. у польскамоўным зборніку Balticoslavica выйшаў артыкул Антона Луцкевіча аб Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Апроч звестак, якія дублююцца ў падобным артыкуле на беларускай мове таго ж 1933 г., аўтар змяшчае свае развагі аб тэндэнцыях развіцця беларускай музейнай справы і патрабаваннях, якія ставяцца перад музеем нацыянальным. Антон Луцкевіч вылучае дзве тэндэнцыі збору гістарычных і мастацкіх каштоўнасцей: рэгіянальную і нацыянальную. [78]
"Рэгіяналізм" грунтуецца на зборы экспанатаў паводле адміністрацыйнай тэрытарыяльнай прыкметы, а кожнае ваяводства пры такім падыходзе трактуецца як аднародная цэласнасць. Гэты падыход мае свае дадатнія бакі, аднак, на думку аўтара, у адносінах да земляў беларуска-літоўскіх, якія валодаюць своеасаблівымі нацыянальнымі рысамі - то чыста беларускімі або літоўскімі, то беларуска-літоўскімі, то польска-літоўска-беларускімі і г.д. з дадаткам расійскіх і жыдоўскіх уплываў - ён (падыход) выклікае заціранне гэтых непаўторных рысаў. У сваю чаргу нацыянальны падыход да праекту музея, які пашыраецца па-за межы ваяводстваў і нават дзяржаў. Менавіта апошняя тэндэнцыя з'яўляецца слушнай, паколькі навуковае музеязнаўства павінна акцэнтаваць увагу на праявах асобных нацыянальных культур, аналізаваць іх узаемныя ўплывы, даючы такім чынам сукупны вобраз культуры краю. Такі падыход патрабуе дакладнага вызначэння нацыянальнай прыналежнасці экспанаваных прадметаў, якія прадстаўляюць мастацтва ці побыт і душу народа.
Падаючы пералік існуючых на той час у Вільні нацыянальных музеяў, Луцкевіч адзначае сярод іх і Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Такім чынам, заснавальнік і дырэктар музея характарызуе свой праект як нацыянальны. "Галоўнай думкай Івана Луцкевіча быў збор матэрыялаў, якія зрабілі б магчымымі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў - перш за ўсё народнай, беларускай гісторыі - з асаблівым акцэнтам на перыяд Вялікага княства літоўскага," [79] - піша Антон Луцкевіч, тлумачачы і мэту стварэння музея, і выбар асноўных старонак гістарычнага мінулага, якія павінны гэтым праектам ілюстравацца.
У 1937 годзе на пытанне анкеты пра характар збору музея Антон Луцкевіч адказаў: "Рэгіянальны і нацыянальны з тэрыторыі беларускіх земляў (перадваенных), якія знаходзяцца ў межах ВКЛ" [80].
Памяшканні, атрыманыя ад праваслаўнага духавенства ў Базыльянскіх мурах ад самага пачатку былі цеснымі для існавання музея з яго багатымі калекцыямі. Экспанавалася толькі невялікая частка сабранага, але і яна сведчыла пра каштоўнасць і разнастайнасць збораў. Першапачаткова музей атрымліваў ад дзяржаўных уладаў невялікую грашовую дапамогу, хаця і яна была спынена ў 1938 годзе. У гэтых умовах установа працавала дзякуючы ахвяраванням беларускага грамадзянства і сяброўскім узносам Беларускага Навуковага Таварыства. "Помню, як я асабіста, у цяжкія для музэю часы, хадзіў з падпісным зьбіраць грошы - ахвяры ў фонд паддзержкі музэю. Фактычна гэта была жабраніна. Але ж трэба было ратаваць музэй, сьвятое сьвятых нашага народу. Атрыманьне большага памешканьня для музэю было пустой марай. Быў нават час, калі польскія ўлады хацелі апанаваць усімі Базыльянскімі мурамі і выкінуць зь іх усе беларускія ўстановы, у тым ліку і музэй, але гэта ім не ўдалося. Музэй астаўся ў сваім старым памешканьні да разгрому Польшчы ў 1939 годзе і пасьля яго. Толькі падчас нямецкай акупацыі музэй быў пераведзены на вул. сьв. Ганны, 4, дзе і знаходзіўся да поўнай яго ліквідацыі ў 1945 годзе" [81].
Аб цяжкасцях утрымання музея пісаў і Антон Луцкевіч: "Кіраўніцтва Музэем ляжыць на абавязку Музэйнае Рады, працуючае, як секцыя Бел. Нав. Т-ва. Музэйная Рада складаецца з трох асоб: дырэктара Музэю (А. Луцкевіч), бібліатэкара (Ул. Самойла) і скарбніка Т-ва (інж. А. Нэканда-Трэпка). Беспасрэдна працуюць у Музэі толькі дзьве асобы - гр. гр. Луцкевіч і Самойла, дзеля чаго праца не можа развівацца ў належным тэмпе. Другая прычына павольнасьці музэйнае працы - цесната памяшчэньня Музэю і нястача грошы на неабходныя інвестыцыі, перад усім - габлёты, шкляныя шафы і г.д. Наагул, бяз сталага, забясьпечанага на доўгія гады і адпаведна абшырнага ўласнага памяшчэньня справа належнага разьвіцьця Музэю і поўнага выкарыстаньня сабраных у ім скарбаў ня можа быць позытыўна разьвязана" [82].
Што датычыцца колькасці экспанатаў музея, звесткі пра гэта даволі значна разыходзяцца ў розных крыніцах. Яшчэ да пачатку заснавання музея калекцыя нябожчыка Івана Луцкевіча папаўнялася за кошт прыватных ахвяравальнікаў, расла яна і ў перыяд дзейнасці ўстановы. Першы вядомы нам 278-старонкавы інвентар адносіцца да 1922 году. Ён падзяляе экспанаты на групы: "Фольклёр" (106 прадметаў), "Рысункі ручныя - у папках" (797 малюнкаў), "Зброя" (126 прадметаў), "Кафлі, цэглы і т.п." (435 прадметаў) [83].
У 1933 годзе Антонам Луцкевічам былі апісаныя асобныя аддзелы Беларускага музея. Дагістарычны аддзел складаўся з прыкладна 200 экспанатаў - прадметаў з эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў з больш як 18 паветаў, знойдзеных пры археалагічных раскопках як Іванам Луцкевічам, так і Яўстафіем Тышкевічам. Асобна вылучаныя сфрагістычная калекцыя (каля 103 пячатак), калекцыя пярсцёнкаў, прадметы рэлігійнага культу (старадаўнія крыжы, складні, царкоўныя апараты, антымінсы, іконы і абразы, касцельныя апараты і вопраткі, абразы беларускія, расейскія і візантыйскага стылю), свецкае малярства, графіка, збор дрэварытаў. Этнаграфічны аддзел складаецца з калекцыі тканін і вопраткі, твораў народных разбяроў, музыкальных інструментаў, гліняных, фаянсавых і шкляных вырабаў. Побытавы аддзел аб'ядноўвае старадаўнія вопраткі і прыборы да іх, слуцкія паясы, шапкі. Аддзел зброі налічвае экспанаты старадаўняй і навейшага часу зброі. Багаццем вызначаецца таксама аддзел рукапісаў і друкаў музея (старыя і навейшага часу дакументы) [84].
У 1936 годзе калекцыя Віленскага беларускага музея папоўнілася 169 экспанатамі, ахвяраванымі установе прыватнымі асобамі [85].
Анкета, запоўненая 1 студзеня 1937 годзе рукой Антона Луцкевіча, з'яўляецца своеасаблівай справаздачай перад міністэрствам і дазваляе больш падрабязна уявіць склад і колькасныя памеры калекцыяў музея. Паводле яе ўсяго налічвалася 4228 экспанатаў, з іх выстаўлена ў экспазіцыі 1511, у фондах - 2711. Колькасць экспанатаў у раздзелах: этнаграфія - 86, выяўленчае мастацтва - 161, скульптура - 65, мастацкія промыслы - 154, нумізматыка - 2492, археалогія - 184,бібліятэка - 10555 тамоў [86].
У гады польскай акупацыі Заходняй Беларусі праца ў Віленскім беларускім музеі была даволі складанай: дзяржаўныя ўлады актыўна праводзілі палітыку дэнацыяналізацыі нацыянальных меншасцяў, таму аб падтрымцы ўстановы не магло быць гаворкі. М. Каспяровіч у 1929 г. пісаў, што музей у Вільні "знаходзіцца пад вечнай небяспекай знішчэння" [87]. Плошча памяшкання, якое займаў музей, са словаў Янкі Шутовіча (будучага дырэктара) мела толькі 198 м 2 , асвятленне было дрэннае [88]. Стала працавалі толькі Антон Луцкевіч, які працягваў выконваць абавязкі дырэктара, а таксама бібліятэкар Уладзімір Самойла, але ў справе даследавання некаторых экспанатаў калі-нікалі дапамагалі археолагі і гісторыкі звонку, запрошаныя працаўнікамі музея. Ахвочымі студэнтамі і навукоўцамі з Беларусі, Францыі, Нямеччыны, Гішпаніі, Нарвегіі і іншых краін праводзіліся таксама даследаванні па гісторыі беларускай літаратуры, культуры, мастацтва, каштоўнымі крыніцамі для якіх былі фонды музея. Адбываліся навуковыя сустрэчы, чытанні, дыскусіі з удзелам сябраў і карэспандэнтаў Беларускага Навуковага Таварыства.
Шараговых (звычайных) аматараў даўніны таксама прыцягвалі беларускія зборы. Янка Шутовіч ва ўспамінах адзначае, што ў 1933 годзе музей наведала 1320 асоб (48 экскурсій), у 1934 - 920 асоб (51 экскурсія), у 1935 - 903 асобы (42 экскурсіі), у 1936 - 1494 асобы (64 эскскурсіі), 1937 - 4569 асоб (110 экскурсій) і ў 1938 - каля 5000 асоб (звыш 70 экскурсій) [89].
Статыстычныя дадзеныя, інвентары, вопісы фондаў музея даюць нам уяўленне не толькі пра колькасны і якасны склад экспазіцый, але і пра тыя сэнсы, якія стваральнік калекцыі, а затым і супрацоўнікі музея ўкладвалі ў гэты праект, які погляд на гісторыю беларускай мінуўшчыны яны экспанавалі наведвальнікам.
Найбольш паказальным выглядае склад аддзела рукапісаў і друкаў, якія ў вербальнай, а не толькі візуальнай форме, увасабляюць той ідэалагічны змест, тую гістарычную канцэпцыю, якая была закладзена стваральнікам калекцыі, а потым і музея. Аддзел рукапісаў і друкаў дзяліўся на дзве группы рукапісаў: адна складаецца з старых рукапісаў, другая - з новых рукапісаў, архіўных матэрыялаў беларускага адраджэнскага руху, дзяржаўнага будаўніцтва і грамадзскага жыцця. Першая частка мела крыніцы пачынаючы ад XIV ст. Тут захоўвалася Жухавіцкае Евангелле XIV ст., татарскі рукапіс "Аль-Кітаб" XVI ст., Літоўскі Статут 1588 г., Біблія доктара Францыска Скарыны 1517 г., "Трыодзь кветная" 1491 г., "Аглашэнні Тодара Студзіты", "Слуцкі памяннік" 1513 г., "Актаіх" XV ст., "Віленскае Евангелле" XVI ст., "Апостал" XVI ст., "Трэбнік" 1545 г. Багаццем адзначаўся і збор старажытных беларускіх грамат.
Значнай з'яўлялася колькасць актавых дакументаў, прадстаўленых 3824 граматамі XIV-XIX ст.: XIV і XV стст. - па два дакументы, XVI ст. - звыш трохсот, XVII ст. - каля сямісот, XVIII ст. - каля тысячы ста, XIX ст. - каля палутара тысяч, не датаваных грамат - 250, пергаменных грамат - 51. Сярод старажытных грамат асабліва прыкметны грамата пінскага князя Фёдара Іванавіча 1508 г., граматы каралёў Сігізмунда Аўгуста, Стэфана Баторыя, Сігізмунда III, Уладзіслава IV. [90]
У зборы было ўключана каля 400 рукапісных кніг: беларускія рукапісы кірылаўскага (царкоўнаславянскага) пісьма (Жухавіцкае Евангелле XIV ст., Віленскае Евангелле, літургічныя праваслаўныя і уніяцкія кнігі XV-XVIII стст., календары, апісанне беларускіх праваслаўных і уніяціх цэркваў і манастыроў, метрычныя кнігі, зборнікі выпісак з дакументаў XVI-XIX стст.), рукапісы лацінскага пісьма (польскамоўныя дзеннікі і апісанні вандраванняў, "Гісторыя каталіцкай царквы ў Расеі" 1828 г., каталіцкія спеўнікі, катэхізісы для беларусаў-католікаў, лацінскамоўныя літургічныя кнігі. [91]
Аздаблялі гэтыя зборы цікавыя і прыкметныя рукапісы, якія з'яўляюцца ўзорамі самабытных старабеларускіх, рэдкіх для славянскай традыцыі літаратурных помнікаў: "Поучения огласительные" 1476 г. Феадора Студзіта, Слуцкі памяннік 1517 г., Трэбнік 1545 г., каталіцкі спеўнік XIX ст.
Сярод старадрукаваных кніг у музеі былі выданні Ш.Фіёля, Ф.Скарыны, друкарняў Вільні, Масквы, Варшавы, Лоска, Слуцка, Нясвіжа, Магілёва, Супрасля, шэрагу іншых заходнееўрапейскіх гарадоў.
Таксама вымоўным з'яўляецца выбар дакументаў другой групы. У склад групы рукапісаў XX ст. уваходзілі: архівы беларускіх выдавецтваў, выданняў, арганізацый, асобных пісьменнікаў, дакументы рускага эміграцыйнага руху, гісторыі ўзаемасувязяў беларусаў з многімі іншымі народамі Еўропы. [92]
Тут былі рукапісы М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Гарэцкага, І.Дварчаніна, В.Жылкі, М.Танка, Р.Шырмы, Ц.Гартнага і іншых беларускіх грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, публіцыстаў, архівы Беларускай Народнай Рэспублікі, Слуцкага паўстання, Беларускага Пасольскага клуба пры Польскім сейме, Беларускай Рабоча-сялянскай Грамады, Беларускага Цэнтра ў Літве, Таварыства беларускай школы ў Літве, Віленскай беларускай гімназіі і музея ў Наваградку, Беларускіх вучыцельскіх семінарый у Барунах і ў Вільні, Беларускіх гімназій у Гродне і Радашковічах, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага Навуковага таварыства і Музея ў Вільні, Навуковага таварыства імя Ф.Скарыны, Камуністычнай пасольскай фракцыі, беларускай сялянскай партыі "Зялёны дуб", а таксама дзесяткі іншых архіваў розных беларускіх партый, камітэтаў, аб'яднанняў, фондаў, падборкі сакрэтных дакументаў і паведамленняў польскай дэфензівы аб беларускім палітычным руху, дакументы Рускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, беларускага каталіцкага выдавецкага таварыства і інш. [93]
Пералік толькі гэтых тэкстаў ужо дае падставы сцвярджаць, што найбольш блізкім да нацыянальнага праекту братоў Луцкевічаў была канцэпцыя беларускай гісторыі, сфармаваная ў працы Вацлава Ластоўскага. Канчаткова пераканацца ў гэтым можна ўзгадаўшы экспанат, якім асабліва ганарыліся стваральнікі Віленскага беларускага музея - беларускамоўны Аль-Кітаб, перапісаны ў XVIII ст. арабскім пісьмом, і ўведзены Івана Луцкевічам у навуковы абарот. Менавіта гэты дакумент паслужыў вывучэнню жывых рысаў старабеларускай мовы і даў падставы для прапаганды бел-чырвона-белага сцяга як гістарычнага сцяга беларусаў. [94]
3.2. Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў перыяд Другой сусветнай вайны (1939 - 1945)
Складаным для Віленскага беларускага музея быў 1939 год: з уваходам у Вільню савецкіх войск 19 верасня 1939 г. і падпісаннем 10 кастрычніка "Дамовы пра перадачу Літоўскай Рэспубліцы г. Вільні і Віленскага краю ды аб узаемадапамозе паміж СССР і Літвой", усталявалася літоўская ўлада, а сябры Навуковай рады музея (сярод якіх А. Луцкевіч, Ул. Самойла, А. Неканда-Трэпка і іншыя) былі арыштаваны. Такім чынам, ад кастрычніка 1939 г. да 15 чэрвеня 1940 Віленскі беларускі музей фактычна быў нячынны (фармальна ён не быў зачынены, але штатных супраўцоўнікаў і вызначаных гадзін працы не было). Фактычна спыніла сваё існаванне і Беларускае Навуковае Таварыства, а музей імя Івана Луцкевіча перадаецца спачатку пад ведамства Інстытута літуаністыкі, а потым Акадэміі навук Літоўскай СССР, якая была створана на базе гэтага інстытута. Т. Поклад заўважае, што "Музэй быў пераўтвораны ў дзяржаўную ўстанову тагачаснай Літоўскай ССР (гэта была фактычна экспрапрыяцыя ўласнасьці БНТ)" [95] .
З кастрычніка 1940 г. Музей распачаў рэгулярную працу [96] . Прэзідэнт Акадэміі Навук ЛССР Вінцас Крэве-Міцкявічус прапанаваў абсальвэнту Віленскага універсітэта, этнографу магістру Мар'яну Пецюкевічу ўзначаліць Віленскі беларускі музей. У штат былі прыняты таксама мастак Пётра Сергіевіч, музейнік Александровіч і бібліятэкар Янка Шутовіч.
"Праца нашага сціплага калектыву даволі хутка пачала даваць добрыя вынікі. Нягледзячы, аднак, на такі ненармальны стан музею (маецца на ўвазе цеснае, цёмнае і вільготнае памяшканне ў базыльянскіх мурах на Вастрабрамскай, 9), мы дазволілі, шляхам выключэньня, карыстаць з нашых матэрыялаў вучоным, пісьменьнікам і журналістам" [97] . Апроч пералічаных Янкам Шутовічам асоб, згодна звестак Т. Поклад, у штаце Віленскага беларускага музея быў на той час літоўскі мастацтвазнаўца Ўладас Дрэма. [98]
Аб абставінах, у якіх даводзілася працаваць, вымоўна сведчаць факты: апроч музея з беларускіх культурных устаноў дзейснай засталася толькі гімназія. Палітычныя ўмовы адмоўна паўплывалі на грамадскую, навукова-асветніцкую дзейнасць Віленскага беларускага музея, на колькасць экскурсій з Заходняй Беларусі, а таксама на кадравы склад супрацоўнікаў інстытуцыі.
"Незадоўга перад прыходам гітлераўскіх захопнікаў Пецюкевіч выехаў на вёску. Увесь пэрсанал музэю, апроч Пецюкевіча, аставаўся ў Вільні і ў далейшым працаваў у музэі," - узгадвае Янка Шутовіч, які 7 ліпеня 1941 г. быў прызначаны новымі ўладамі Літоўскай Акадэміі навук на пасаду дырэктара Музея. Нягледзячы на тое, што музей, падпарадкаваны першапачаткова Літоўскай Акадэміі навук, быў выдзелены ў самастойную інстытуцыю "Віленскі беларускі музей", падпарадкаваную непасрэдна Дэпартаменту навукі і мастацтва пры кіраўніцтве асветы, характар і стыль работы ў Музеі амаль не змяніўся - застаўся такім, як у папярэдні перыяд [99].
У штаце на гэты час працавалі: мастак-графік, гісторык мастацтва Ўладас Дрэма, нумізматык Янка Бэкіш, бібліятэкар і сакратар Уладыслаў Паўлюкоўскі. Прафесар Тадэвуш Шалігоўскі быў няштатным супрацоўнікам, Пётра Сергіевіч выбыў. На грамадскіх пачатках працавалі Антон Антановіч і Генадзь Цітовіч.
Тагачасны дырэктар Янка Шутовіч у сваіх успамінах узгадвае намаганні, скіраваныя на пашырэнне экспазіцыі. Супрацоўнікі марылі пра стварэнне шырокай карціннай галерэі, паказ твораў выяўленчага мастацтва, скульптур, аднак, як зазначае В. Лабачэўская, вельмі багаты і вялікі збор Івана Луцкевіча не быў належным чынам апрацаваны: "Гэтым можна патлумачыць тое, што на дакументах беларускага фонду, які захоўваецца ў архіве літоўскага фальклору Інстытута літоўскай літаратуры і фальклору, няма пячатак Беларускага музея і яго інвентарных нумароў. Некаторыя дакументы маюць нататкі алоўкам на літоўскай мове, частка іх згрупавана ў падборкі, падпісана і з датай 23.03.1943." [100].
На пачатак 1944 г. нямецкімі акупацыйнымі ўладамі быў выдадзены загад аб перавозе калекцый з Базыльянскіх муроў на вуліцу Святой Ганны, 4. Менавіта гэтыя памяшканні сталі апошнім прытулкам для збораў Івана Луцкевіча перад іх раздзелам. На жаль, дакладнага апісання экспазіцыі ў гэтым будынку мы не знайшлі, ва ўспамінах Янкі Шутовіча змяшчаецца інфармацыя пра стан памяшканняў пасля "вогненнага" часу, найбольш небяспечнага для існавання Музея, калі праз Вільню праходзіла лінія фронту: "Пасьля таго як савецкая армія выгнала зь Вільні нямецкіх захопнікаў, я ўрэшце дабраўся да музэю. Аглядаю яго. Дзьверы, што вялі ў калідор, у пакоі і залы, занятыя музеем, парасчыняныя, там-сям раскінутыя кніжкі, экспанаты; запасу паперы, які мы захоўвалі дзеля праектаванага выданьня бюлетэня, няма, не хапае з аддзелу мілітарыяў некалькі пісталетаў і мячоў. Так, здаецца, усё ў парадку. Відавочна, савецкія воіны шукалі ў памешканьні ваенных трафеяў - ну і забралі хіба сабе на памятку ўспомненыя пісталеты і мячы. Таксама забралі і паперу, бо быў голад на гэты матэрыял". [101]
Ад магчымага разрабавання немцамі выратавала зборы не толькі хуткае з'яўленне ў Вільні савецкай арміі, але і таемнае захаванне каштоўнейшых прадметаў у касцёле Святога Міхала. "Ператранспартаваць скрыні ў касьцёл было нялёгкай справай, але калектыў музэю прылажыў усе свае сілы, і гэта было зроблена. Мы радаваліся, што зрабілі вялікую патрыятычную справу. Радаваліся, што частку экспанатаў здалі ў апеку крыштальнай чэснасьці чалавека, выдатнага беларускага грамадскага дзеяча кс. Адама Станкевіча, які быў у гэты час адміністратарам касьцёла сьв. Міхала" [102] . Згодна звестак, якія знайшла Т. Поклад, музейныя экспанаты захоўваліся таксама супрацоўнікамі Музея: Уладасам Дрэмам і іншымі [103] .
Дзякуючы намаганням рупліўцаў, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча перажыў вайну з мінімальнымі стратамі і быў гатовы ўступіць у новы, савецкі перыяд свайго існавання. Маючы за сабой жудасную вайну, калектыў Музея нават усталяванне савецкай улады ўспрымаў аптымістычна, спадзеючыся на перспектывы развіцця ўстановы. На вялікі жаль, мары і надзеі не спраўдзіліся.
Найбольш каштоўнай крыніцай звестак пра апошнія месяцы існавання Віленскага беларускага музея на сённяшні дзень з'яўляюцца запісы Шутовіча. Ён згадвае, што ў гэты час пакінулі Музей Ўладас Дрэма і Янка Бэкіш, у склад супрацоўнікаў залічаны Фелікс Стэцкевіч, Пётра Сергіевіч і Мікіта Фёдараў. Сам Музей з-пад ведамства Камітэта для спраў мастацтва пры Саўнаркаме Літоўскай ССР перайшоў у ведамства Наркампроса (Наркама Асветы) Літоўскай ССР і асабіста прафесара Жюгжды, намесніка Мешкаўскене [104] .
Калектыў заняўся пошукам новага памяшкання, больш прыдатнага для такой установы, і знайшоўшы, 6 кастрычніка 1944 г. нават атрымаў на яго дазвол. Энтузіязм супрацоўнікаў з гэтай нагоды хутка змяніўся на расчараванне: будынак пад нумарам 16 па вуліцы Касцюшкі заняць канчаткова не далі, нягледзячы на тое, што некаторыя экспанаты ўжо былі перавезены. Дырэкцыя Музея 4 лістапада піша заяву на імя пракурора Літоўскай ССР у Вільні, але не атрымоўвае адказу. Магчыма, рашэнне аб ліквідацыі ў Саўнаркаме Літоўскай ССР выспела ўжо тады.
Першапачаткова планы аб падзеле скарбаў Музея хаваліся за прапановамі пераезду ў Менск. Падаецца мэтазгодным прывесці тут словы Янкі Шутовіча: "Прыпамінаю апошні час маёй працы ў музэі. 19 лістапада 1944 году ў беларускі музэй зьявілася ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераезду музэю ў Менск. Гаварылася, што для пэрсаналу будзе забясьпечана жыльлё і ўмовы для працы, сулілі прывабныя перспектывы працы ў Менску… Я, улічваючы адказнасьць усёй прапановы, ня мог рашаць сам. Прапанаваў склікаць на панядзелак 21 лістапада шырэйшую нараду з удзелам як найбольшага ліку прадстаўнікоў віленскага беларускага грамадзянства. Няхай яна рашыць гэтае, так важнае для лёсу беларускага музэю ў Вільні, пытаньне. Нарада не адбылася. На заўтрашні дзень, г. зн. 20 лістапада, я быў пазбаўлены магчымасьці прабываць у Вільні на даўжэйшы час…" [105] . За апошнімі словамі хаваецца жудасная тагачасная рэчаіснасць - Янка Шутовіч быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў зняволення ў лагерах.
Ужо праз некалькі дзён пасля арышту Шутовіча, Саўнаркамам Літоўскай ССР быў прызначаны новы дырэктар - Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі: намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас (сябры). На першым яе паседжжанні, якое адбылося 24 лістапада 1944 г., былі разгледжаны пытанні:
· Устанаўленне прынцыпу адбору экспанатаў;
· Тэхнічны бок адбору экспанатаў;
· Апісанне і падрыхтоўка да вывазу экспанатаў;
· Правядзенне інвентарызацыі выбраных для вывазу экспанатаў;
· Запакоўка выбраных да вывазу экспанатаў;
· Просьба адпусціць крэдыты на аплату вышэй пералічаных работ [106] .
Згодна з пратаколам усе экспанаты былі падзелены на групы: экспанаты, што маюць адносіны да літоўскага народу, Літоўскай ССР, а таксам гісторыі літоўскага народу; экспанаты, што адносяцца да беларускага народу, Беларускай ССР, а таксама да гісторыі беларускага народу; экспанаты, што адносяцца і да літоўскага народу, яго гісторыі, да Літоўскай ССР, і да беларускага народу, яго гісторыі, да Беларускай ССР; экспанаты, што ня маюць адносінаў ні да літоўскага народу і яго гісторыі, ні да беларускага народу і яго гісторыі [107] .
Затым распачаўся працэс ненавуковага, на наш пункт гледжання, даследавання збораў спецыялістамі-экспертамі адпаведных профіляў з мэтай адбору экспанатаў. Сярод экспертаў былі: прафесар Пакаркліс, прафесар Яблонскі, прафесар доктар Я. Вальджус, дацэнт Кулікаўскас, прафесар Велюкас, прафесар мастак Гудайціс, мастак У. Дрэма, мастак Ст. Вайткус, бібліёграф А. Пошка, музеязнаўца В. Гвітаўтас, геолаг В. Чэпулітэ. Як бачым, у склад камісіі прадстаўнікоў беларускага боку вырашылі не ўключаць. Для ўдзелу ў гэтым ганебным працэсе была вызначана ўрадавая дэлегацыя з Менску на чале з Сабіным, "чалавекам абыякавым да спраў музэю" [108] . Супрацоўніцтва ў справе ліквідацыі было прапанавана і Пётру Сергіевічу, былому штатнаму супрацоўніку Віленскага беларускага музея, ён атрымаў ліст ад сакратара па прапагандзе з ЦК КПБ Гарбунова. Сергіевіч адмовіўся, "відавочна, не дазволіла яму сумленьне ліквідаваць свій нацыянальны музэй, для якога так многа аддаў сэрца і працы… Ён жадаў, каб музэй існаваў цэлым, непадзеленым у далейшым ці ў Вільні, ці ў Менску…" [109] .
Згодна з пратаколамі ліквідацыйнай камісіі, якая працавала каля паловы года і скончыла працу ў чэрвені 1945 г., экспанаты, адабраныя для вывазу ў БССР, павінны былі апісаны, сфатаграфаваны і зафіксаваны малюнкамі, інвентарызаваны (на рускай і літоўскай мовах, беларускі характар збораў і тут не браўся пад увагу) і перавезены. Улічваючы цяжкасці, з якімі сучасныя даследчыкі знаходзяць часткі былога Віленскага беларускага музея, можна казаць, што нават гэты мінімум дзеянняў не быў да канца выкананы.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які дзесяцігоддзямі назапашваў, зберагаў і экспанаваў скарбы беларускай зямлі, спыніў сваё існаванне.
3.3. Дэструктурызацыя музея. Пошук раскіданых збораў.
Далейшы лёс багаццяў Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча мы можам прасачыць па пратаколах Ліквідацыйнай камісіі, інвентарных кнігах музеяў і арганізацыяў, якія атрымалі экспанаты, з успамінаў і даследаванняў рупліўцаў, што цікавіліся пошукам раздзеленых беларускіх скарбаў.
Некаторыя звесткі аб лёсе паасобных экспанатаў дае Шутовіч: "Напрыклад, рукапісы Янкі Купалы "Шляхам жыцця", паэмы "Сон на кургане" і "Паўлінкі" няўрымсьлівай жонкай Купалы Ўладыславай Францаўнай Луцэвіч (славутай цёткай Уладзяй) яшчэ ў 1945 годзе былі ўзяты з падвалаў касьцёла сьв. Міхала, дзе яны знаходзіліся на перахаваньні, і сёньня знаходзяцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску" [110].
Важным крокам у справе далучэння беларускай спадчыны да культурнага і навуковага ўжытку стала публікацыя Ю. Лабынцава архіваў Віленскага беларускага музея, забраных НКВД Літоўскай ССР 15 - 16 жніўня 1944 г. Даследчык надрукаваў пералік архіўных дакументаў, якія таксама належаць да спадчыны Музея [111]. А у 1994 г. пры Міністэрстве культуры Беларусі была створана дзяржаўная камісія па аднаўленні Беларускага музея імя І. Луцкевіча [112], якая адразу сутыкнулася не толькі з праблемай размяшчэння будучага музея, вяртання музейных каштоўнасцяў, але і з праблемай пошуку спадчыны, якую пакінуў нашчадкам Іван Луцкевіч.
У 1995 г. А. Гужалоўскі падрыхтаваў да друку Інвентарную кнігу Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, напісанне якой было распачата 3 чэрвеня 1922 г [113]. У гэтым самым нумары часопіса "Спадчына" быў змешчаны невялікі, але вельмі інфарматыўны артыкул В. Лабачэўскай "Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні". Даследчыца карыстаецца з дадзеных, знойдзеных ёй у Архіве новых актаў у Варшаве (фонд № 7006), сярод якіх Лабачэўская вылучае анкету, запоўненую рукой Антона Луцкевіча [114].
У лістападзе 1996 г. была зладжана выстава"Спадчына, якая належыць Беларусі", прысвечаная 75-ым угодкам утварэння Віленскага беларускага музея і 115-ым угодкам з дня нараджэння Івана Луцкевіча, заснавальніка збораў. Напрыканцы працы выставы яе ініцыятарамі і стваральнікамі (супрацоўнікі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Т. Воранава, І. Пархоменка, Г. Чысты і іншыя) быў арганізаваны "круглы стол", прысвечаны праблеме аднаўлення Музея, пошуку, даследаванням і ўвядзенню ў навуковы ўжытак культурнай спадчыны беларусаў. У размове ўдзельнічалі навукоўцы, для якіх гэтая тэматыка блізкая. Сярод іх Т. Воранава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторы і культуры Беларусі, якая назвала найважнейшай задачу навуковай рэкаанструкцыі Музея, аднавіць які ў першапачатковым выглядзе не ўяўляецца магчымым, заўважыўшы, што "шмат з таго расьцярушанага нацыянальнага скарбу Віленскага музэю, які раней лічыўся згубленым, ацалела і захоўваецца ў Менску" [115].
Гэтую ідэю падтрымала Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аўтарка артыкула "Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні". Яна акрэсліла некалькі найважнейшых задач, якія стаяць перад навукоўцамі:
1) скласці каталог таго, што было перададзена літоўцамі ў Беларусь у 50 - 60-я гг. і цяпер захоўваецца ў сховішчах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, Дзяржаўнага мастацкага музея, архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага і Нацыянальнага гістарычнага архіваў, Літаратурнага музея Янкі Купалы, цэнтральных бібліятэк краіны і іншых устаноў, а таксама ў прыватных калекцыях;
2) распачаць грунтоўную метадычную працу па выяўленні і ідэнтыфікацыі той часкі спадчыны Музея, якая знаходзіцца ў Вільні ў сховішчах Гісторыка-этнаграфічнага музея Акадэміі навук Літвы, акадэмічнай бібліятэцы, тамтэйшых Дзяржаўным архіве і Дзяржаўным мастацкім інстытуце;
3) стварэнне аб'яднанага каталога музейных рэчаў і мастацкіх твораў, пажадана ілюстраванага, а таксама анатаванага бібліяграфічнага каталога кнігазбораў музея з падрабязным апісаннем найбольш старажытных і рэдкіх кніг [116].
Беларускія навукоўцы прапаноўваюць самыя розныя канцэпцыі аднаўлення Музея. У адрозненне ад А. Ярашэвіча, які лічыць неабходным арганізацыйны падзел калекцый Музея на дзве часткі: мастацка-гістарычную і архіўна-дакументальную, А. Ліс і У. Ляхоўскі не бачаць патрэбы ў такім размежаванні, апошні падкрэслівае немэтазгоднасць звычайнай рэанімацыі былога Музея ў той форме, як ён ствараўся напачатку XX ст., паколькі гэта будзе "анахранізмам": "Кожны час патрабуе сваго ўвасабленьня. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, музэйная справа ў Беларусі не стаяла на месцы. На базе выяўленых калекцыяў былога музэю трэба ствараць новы Нацыянальны беларускі музэй імя І. Луцкевіча," [117] - сцвярджае Ляхоўскі.
Вольга Лабачэўская, якая падчас паседжання "круглага стала" зазначыла праблему адсутнасці звестак аб месцазнаходжанні этнаграфічнай часткі Віленскага беларускага музея, у гэтым (2009) годзе падрыхтавала да публікацыі артыкул "Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў" [118].
Даследаваннем матэрыялаў, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, займаецца Андрэй Унучак, аўтар атрыкула "Нашаніўскія" дакументы ў фондах рукапіснага аддзелу Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы". Праблему пошуку скарбаў Івана Луцкевіча ўзнімае і Таццяна Поклад: "Сёньня экспанаты былога музэю знаходзяцца ў Нацыянальным і Мастацкім музэях Літвы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, Нацыянальным Музэі Беларусі, Архіве-Музэі Літаратуры і Мастацтва Беларусі. Некаторыя экспанаты апынуліся ў Гістарычным Архіве Літвы: фонд 1135 (дакумэнты з гісторыі Беларусі, 1507-1905 гг.; гравюры і малюнкі, ад ХІХ ст. да 1939 г.), фонд 1282 (калекцыя архіўных дакумэнтаў, 1489-1936 гг. ) 4 . Калекцыя юдаікі з фондаў ВБМ трапіла ў Маскву і цяпер ўвогуле забытая." [119]
Пра неабходнасць цяжкасці вывучэння раскіданых музейных скарбаў, перспектыву ўз'яднання збораў Віленскага беларускага музея і яго адраджэнне піша Віктар Корбут, заўважаючы, Што ён "сам па сабе даўно стаў легендай, а для многіх - нават сімвалам" [120].
У 2001 г. была зроблена рэальная спроба аднаўлення інстытуцыі. У Вільні намаганнямі Сяргея Вітушкі было зарэгістравана грамадскае аб'яднанне "Беларускі музей імя Івана Луцкевіча", якое ставіць мэтамі даследаванне старажытнай гісторыі, фіксацыю гістарычнага працэсу і прэзентацыю гістарычных ведаў у грамадстве. Падкрэсліваецца, што музей з'яўляецца самастойнай грамадскай установай, зарэгістраванай у Літоўскай Рэспубліцы. "Сваю дзейнасьць мы разумеем як працяг віленскай музэйнай традыцыі і таму падкрэсьліваем - мы ня проста ствараем - мы адраджаем Віленскі Беларускі Музэй." [121] - дэкларуюць стваральнікі (Галіна Войцік, Сяргей Вітушка, Сяргей Дубавец, Таццяна Поклад, Людвіка Вітушкава).
Слушнымі падаюцца словы Язэпа Янушкевіча: "Фэномэн музэю імя І.Луцкевіча, бясспрэчна, існуе. Мераць яго сучаснымі крытэрыямі непажадана. Ён застанецца назаўсёды сымбалем нацыянальна-культурнага адраджэння нашага народу <…> Думаю, напачатку нам бы вывучыць тое, што мы маем цяпер у Беларусі, а потым ісьці далей. У нас ёсьць добрае разуменьне праблемы, сучасны навуковы падыход да справы. Засталося толькі працаваць." [122]
На вялікі жаль, да сапраўднага адраджэння Віленскага беларускага музея і уз'яднання яго калекцый яшчэ далёка. Важна, што якімі б адрознымі не былі ўяўленні пра канцэпцыі адноўленага Музея і іх рэалізацыі, беларускія даследчыкі адзіныя ў разуменні неабходнасці адраджэння установы, якая для многіх пакаленняў беларусаў стала сімвалам і багатага гістарычнага мінулага і ўмовай самастойнай годнай будучыні.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Антраполаг Бенедыкт Андэрсан у працы "Уяўныя супольнасці" заўважыў, што быць нацыяй - гэта самая універсальная легітымная каштоўнасць у палітычным жыцці нашага часу, і звярнуў увагу на працэс "уяўлення" пры стварэнні нацыі, "рукатворнасць" гэтага канцэпту [123]. Так, сапраўды, можна пагадзіцца з тым, што роля культуры, мовы і адукаванай эліты ў гэтым працэсе пераацаніць цяжка. Хутчэй наадварот: роля Івана Луцкевіча, як заснавальніка першага (і, па-сутнасці, адзінага) беларускага нацыянальнага музея, у фармаванні сучаснай беларускай нацыі усё яшчэ застаецца недаацэненай.
Характарызуючы ролю музея ў нацыястваральных працэсах у эпоху нацыяналізмаў, неабходна падкрэсліць значэнне гэтай візуальнай цэласнай прадметна-прасторавай сістэмы, якая з'яўляецца амаль ідэальным каналам камунікацыі з шырокімі коламі чалавечых супольнасцяў. Менавіта праз экспазіцыі, якія ілюструюць самабытнасць, непаўторнасць, адрознасць свайго ад суседскага, яго навуковую вартасць і мастацкае хараство, наведвальніку перадаецца і нацыянальная саматоеснасць, і "міт паходжання" [124]: нацыянальна-гістарычны наратыў.
Сярод найбольш актуальных канкуруючых канцэпцый беларускага мінулага мясцовых навукоўцаў ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. былі вылучаны: "заходнерусізм" М. Каяловіча, "ліцвінства" ("краёвасць") А. Кіркора і беларуская або полацка-крывіцкая канцэпцыя В. Ластоўскага. Аналіз экспазіцыі Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча дае падставы сцвярджаць, што найбольш блізкім да нацыянальнага праекту братоў Луцкевічаў была канцэпцыя беларускай гісторыі, сфармаваная ў працы Вацлава Ластоўскага і менавіта такі падыход да інтэрпрэтацыі мінулага беларускай зямлі быў прапагандаваны з дапамогай гэтай установы.
Як экспазіцыя кожнага музея, прадметна-сэнсавая сістэма Віленскага беларускага музея выяўляе праз сябе не толькі ідэю, якая клалася ў яе аснову, але і асобу стваральнікаў.
Шматлікія успаміны і ўзгадкі пра палітычнага і грамадскага дзеяча Івана Луцкевіча, якія былі прааналізаваны намі падчас працы, раскрываюць перад намі яшчэ адну грань гэтай асобы - мы ўбачылі Івана Луцкевіча як палымянага і апантанага збіральніка прадметаў сівой даўніны, аматара беларускай гісторыі і народнага мастацтва, знаўцу твораў мастацтва, густоўнага калекцыянера і заснавальніка установы, якая сімвалізуе сабой беларускі нацыянальны праект.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, дзейнасць якога была ўмоўна падзелена на два перыяды (1921 - 1939, 1939 - 1945 гг.), захаваўся ў памяці наведвальнікаў як сапраўдная "беларуская Мека", цэнтр культурнага жыцця беларусаў у Вільні, "святое месца". Установа, якая збірала, захоўвала, даследавала, папулярызавала сведчанні слаўнай беларускай гісторыі, этнаграфіі, мастацтва. Менавіта таму ўзгадкі пра Музей можна знайсці ва ўспамінах вядомых беларускіх грамадскіх дзеячаў, паэтаў, мастакоў, педагогаў і звычайных наведвальнікаў, якіх закранулі багацці, сабраныя шчырым рупліўцам беларушчыны Іванам Луцкевічам. Трагічны лёс Музея і яго заснавальнікаў адбіўся ў памяці сучаснікаў і стаў значнай стратай для ўсяго беларускага народа. Менавіта таму не спыняюцца намаганні сучасных навукоўцаў па пошуку, вывучэнні і аднаўленні страчанай спадчыны.
Хочацца пагадзіцца са словамі Т. Поклад, якая адзначыла: "Музэю належыць выключная роля ў фармаваньні гістарычнай і нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народа; адметнасьць гэтае ролі выяўляецца і ў тым, што і пасьля спыненьня свайго існаваньня як інстытуцыі Віленскі Беларускі Музэй прысутны ў беларускай культуралягічнай і навуковай прасторы." [125]
Віленскі беларускі музей адыграў выключна важную ролю падчас фармавання беларускай нацыі ў першай палове ХХ ст. і працягвае аказваць ўплыў на сучасны нацыястваральны працэс. Міф, створаны музеем, яго інтэрпрэтацыя беларускай мінушчыны і самога разумення "беларускасці", аказаліся нашмат больш жыццяздольнымі (трывалым, вітальным), чым матэрыяльнае ўвасабленне.
СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ
- Фонд "Нашай Нівы". Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 286, арк. 3-3 адв.
- Фонд "Нашай Нівы". Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 378. Інвентарная кніга Музэю ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні №1.
- АНДЕРСОН, Б. Воображаемые сообщества. Москва: Канон-Пресс-Ц. Кучково Поле, 2001. [он-лайн] [прагледжана 13 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/index.php>.
4. БАБКОЎ, Ігар. Посткаланіяльныя досьледы. [он-лайн] [прагледжана 10 красавіка 2010 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://baj.by/belkalehium/lekcyji/litaratura/postcolonial/babkou_04.htm>.
- БАГДАНОВІЧ, М. Беларускае Адраджэнне. Прадмова У.М. Лазоўскага, Мн.: Універсітэцкае, 1994, 32 с.
- БУДЗЬКА, Адварды. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 40 - 41.
- БЯДУЛЯ, Зьмітрок. Сьвятое гэта месца! Спадчына, 1991, № 1, С. 54 - 57.
- Віленскі Музэй. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://vilnia.com/museum/default.asp?newsId=16>.
- ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ, Юліяна. Мае успаміны. Вільня, 1994 г. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://knihi.com/memuary/uspaminy.html>.
- ВОЙЦІК, Галіна; ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. Адам Станкевіч. [он-лайн] [прагледжана 9 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://lib.zbsb.org/node/188>.
- ГАЛУБОВІЧ, Валянцін. Творца руху беларускага. Да 110-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча. Літаратура і мастацтва, 31 мая 1991, С. 14 - 15.
- ГАРЭЦКІ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 41 - 43.
- ГУЖАЛОЎСКІ, А. Інвэнтарная кніга Музэю ім. Ів. Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні № 1. Спадчына, 1995, № 1, С. 163 - 190.
- ДУШЭЎСКІ, К. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 50 - 52.
- ЗАПАРТЫКА, Ганна. Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні. [он-лайн] [прагледжана 21 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/08.htm>.
- КАСПЯРОВІЧ, М. Віленскі беларускі музей. Спадчына, 1991, № 1, С. 20.
- КАХАНОВІЧ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 46 - 49.
- КВЕТКА ВІТАН. "Наша ніва" і Іван Луцкевіч. З гісторыяй на "вы". . [он-лайн] [прагледжана 21 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://lib.zbsb.org/node/340>.
- КИРКОР, А. Живописная Россия. Т.3: Репринт. воспроизв. изд. 1882 г./ Под ред. П.П. Семенова. Мн.: БелЭН, 1993. 492 с.
- КОРБУТ, Віктар. Тонкая нить. Советская Белоруссия. 02.08.2003. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.tio.by/cgi-bin/newspaper.cgi?t=text&id=2459 >.
- КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. 476 с.
- ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, С. 162 - 163.
- ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў. (не выданы)
- ЛАБЫНЦАЎ, Ю. Архіў беларускага Адраджэння: (Дакументальныя помнікі беларускай царкоўнай і грамадзкай гісторыі ў зборах Музея Івана Луцкевіча ў Вільні), Мн., 1993.
- ЛАБЫНЦЕВ, Ю.А. Актавыя дакументы, рукапiсныя i старадрукаваныя кнiгi у зборах Беларускага музея iмя Iвана Луцкевiча у Вiльнi. Беларус i ка /Albaruthenica , Мiнск, 1993, С.47-51.
- ЛАБЫНЦЕВ, Ю.А. Актавыя дакументы, рукапiсы i старадрукi у зборах музея iмя Iвана Луцкевiча у Вiльнi. Наша слова, 1992, №25, С.4.
- ЛАСТОЎСКІ, В. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу. Крывіч, 1926, № 1, С. 64 - 65.
- ЛАСТОЎСКІ, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск: «Універсітэцкае», 1993. 126 с.
- ЛУЦКЕВІЧ, А.І. Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча. [Рэпрынтнае выданне.], Мн.: "Адраджэньне", 1992, 16 с.
- ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, С. 32 - 51.
- ПЕЦЮКЕВІЧ, М. Успаміны пра Віленскі музэй. Спадчына, 1995, № 2, С. 80 - 83.
- ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.
- САЛАВЕЙ, Язэп. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 49 - 50.
- СЕГЕНЬ, А. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 45 - 46.
- СМАЛЯНЧУК, А.Ф. Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ - пачатак ХХ ст. [он-лайн]. [прагледжана 9 красавіка 2010]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.org/7983.html>.
- Спадчына, якая належыць Беларусі. "Круглы стол", прысьвечаны праблеме навуковай рэканструкцыі Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Спадчына, 1997, № 6, С. 128 - 140.
- ТОКЦЬ, С. Праблемы перыядызацыі беларускага нацыянальнага руху 19 - пачатку 20 ст. // Гістарычны Альманах. Т.7. 2002. С.187-192
- ТОКЦЬ, Сяргей. Нацыятворчыя працэсы на Гарадзеншчыне 19 - пачатку 20 ст. у святле тэорыі мадэрнізацыі. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/almanach/06/06hist_tokc.htm>.
- УНУЧАК, Андрэй. "Нашаніўскія" дакумэнты ў фондах рукапіснага аддзелу Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/spadczyna/2003-4-5/07.htm>.
- ШАРОВ, К.С. Конструктивистская парадигма в изучении национализма и национальных вопросов. Вестник Московского университета. Серия 7. Философия. 2006, №1, С. 59-72. [он-лайн] [прагледжана 6 красавіка 2010 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.philos.msu.ru/vestnik/philos/art/2006/sharov_constr.htm>.
- GOMÓŁKA, Krystyna. Białoruskie instytucje kulturalno-oświatowe w II Rzeczypospolitej. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/09/09kom_gomolka.htm>.
- ŁUCKIEWICZ, Anton. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, 245 s.
- Wilno i ziemia wileńska: zarys monograficzny: w 3 t., Wilno: Polska Drukarnia Nakładowa "LUX" Ludwika Chomińskiego, 1930, T. 1, 335 s.
[1] Гл. ТОКЦЬ, Сяргей. Нацыятворчыя працэсы на Гарадзеншчыне 19 - пачатку 20 ст. у святле тэорыі мадэрнізацыі. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года] < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/almanach/06/06hist_tokc.htm>
[2] ШАРОВ, К.С. Конструктивистская парадигма в изучении национализма и национальных вопросов. Вестник Московского университета. Серия 7. Философия. 2006, №1, С. 59-72. [он-лайн] [прагледжана 6 красавіка 2010 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.philos.msu.ru/vestnik/philos/art/2006/sharov_constr.htm>.
[3] АНДЕРСОН, Б. Воображаемые сообщества. Москва: Канон-Пресс-Ц. Кучково Поле, 2001. [он-лайн] [прагледжана 13 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/index.php>.
[4] АНДЕРСОН, Б. Воображаемые сообщества. Москва: Канон-Пресс-Ц. Кучково Поле, 2001. [он-лайн] [прагледжана 13 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/index.php>.
[5] Валер Булгаков, История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белорусистики, 2006, 309.
[6] П. 142, ст. 317 (Токць, артыкул Беларуская вёска на мяжы эпох)
[7] Токць С. Беларуская веска на мяжы эпох
[8] КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. С. 5 - 6.
[9] Тамсама, с. 7 - 8.
[10] Тамсама, с. 8 - 9.
[11] КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. С. 11.
[12] Тамсама, с. 8 - 9.
[13] Тамсама, с. 54.
[14] КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. С. 11.
[15] Тамсама, с. 11.
[16] Тамсама, с. 15.
[17] Тамсама, с. 16.
[18] КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. С. 23 - 24.
[19] Тамсама, с. 23 - 24.
[20] Тамсама, с. 34.
[21] Тамсама, с. 35.
[22] КОЯЛОВИЧ, М.И. Чтения по истории западной России. Минск: "Беларуская Энцыклапедыя", 2006. С. 21.
[23] Тамсама, с. 19.
[24] СМАЛЯНЧУК, А.Ф. Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ - пачатак ХХ ст. [он-лайн]. [прагледжана 9 красавіка 2010]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.org/7983.html>.
[25] КИРКОР, А. Живописная Россия. Т.3: Репринт. воспроизв. изд. 1882 г./ Под ред. П.П. Семенова. Мн.: БелЭН, 1993. С. 439.
[26] Тамсама, с. 249.
[27] Тамсама, с. 283.
[28] КИРКОР, А. Живописная Россия. Т.3: Репринт. воспроизв. изд. 1882 г./ Под ред. П.П. Семенова. Мн.: БелЭН, 1993. С. 244.
[29] Тамсама, с. 293.
[30] Тамсама, с. 236.
[31] КИРКОР, А. Живописная Россия. Т.3: Репринт. воспроизв. изд. 1882 г./ Под ред. П.П. Семенова. Мн.: БелЭН, 1993. С. 236.
[32] Тамсама, с. 302.
[33] Тамсама, с. 310.
[34] Тамсама, с. 318.
[35] Тамсама, с. 327.
[36] ЛАСТОЎСКІ, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск: «Універсітэцкае», 1993. С. 5.
[37] Тамсама, с. 5.
[38] Тамсама, с. 8.
[39] ЛАСТОЎСКІ, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск: «Універсітэцкае», 1993. С. 11.
[40] Тамсама, с. 17.
[41] Тамсама, с. 25.
[42] ЛАСТОЎСКІ, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск: «Універсітэцкае», 1993. С. 47.
[43] СМАЛЯНЧУК, А.Ф. Ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ - пачатак ХХ ст. [он-лайн]. [прагледжана 9 красавіка 2010]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.org/7983.html>.
[44] Цыт. з: ГАЛУБОВІЧ, Валянцін. Творца руху беларускага. Да 110-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча. Літаратура і мастацтва, 31 мая 1991, С. 14.
[45] Тамсама, С. 14.
[46] КАХАНОВІЧ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 48.
[47] Цыт. з: ГАЛУБОВІЧ, Валянцін. Творца руху беларускага. Да 110-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча. Літаратура і мастацтва, 31 мая 1991. С. 14.
[48]ДУШЭЎСКІ, К. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 50.
[49] БУДЗЬКА, Адварды. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 41.
[50] ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ, Юліяна. Мае успаміны. Вільня, 1994 г. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://knihi.com/memuary/uspaminy.html>
[51] КВЕТКА ВІТАН. "Наша ніва" і Іван Луцкевіч. З гісторыяй на "вы". . [он-лайн] [прагледжана 21 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://lib.zbsb.org/node/340>
[52] ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ, Юліяна. Мае успаміны. Вільня, 1994 г. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://knihi.com/memuary/uspaminy.html>
[53] Тамсама.
[54] САЛАВЕЙ, Язэп. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 49.
[55] КАХАНОВІЧ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, С. 48.
[56] ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ, Юліяна. Мае успаміны. Вільня, 1994 г. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://knihi.com/memuary/uspaminy.html>
[57] КАХАНОВІЧ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 47.
[58] ГАЛУБОВІЧ, Валянцін. Творца руху беларускага. Да 110-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча. Літаратура і мастацтва, 31 мая 1991. С. 14 - 15.
[59] ГАРЭЦКІ, М. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 43.
[60] ДУШЭЎСКІ, К. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 52.
[61] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>
[62] ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ, Юліяна. Мае успаміны. Вільня, 1994 г. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://knihi.com/memuary/uspaminy.html>
[63] Тамсама.
[64] СЕГЕНЬ, А. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 45.
[65] БУДЗЬКА, Адварды. Успаміны пра Івана Луцкевіча. Спадчына, 1991, № 1, с. 41.
[66] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 286, арк. 3-3 адв.
[67] БЯДУЛЯ, Зьмітрок. Сьвятое гэта месца! Спадчына, 1991, № 1, с. 54.
[68] КОРБУТ, Віктар. Тонкая нить. Советская Белоруссия. 02.08.2003. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.tio.by/cgi-bin/newspaper.cgi?t=text&id=2459 >.
[69] ВОЙЦІК, Галіна; ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. Адам Станкевіч. [он-лайн] [прагледжана 9 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://lib.zbsb.org/node/188>.
[70] Тамсама, с. 33.
[71] ЛАСТОЎСКІ, В. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу. Крывіч, 1926, № 1, с. 64.
[72] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 33.
[73] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/20/12.htm>.
[74] Wilno i ziemia wileńska: zarys monograficzny: w 3 t., Wilno: Polska Drukarnia Nakładowa "LUX" Ludwika Chomińskiego, 1930, T. 1, S. 258.
[75] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 33.
[76] Майстровская, М. Музейная экспозиция: тенденции развития / Музейная экспозиция. М., 1997. С. 7.
[77] Поляков, Т.П. Мифология музейного проектирования или «Как сделать музей?». М., 2003. С. 14.
[78] ŁUCKIEWICZ, Anton. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, s. 47.
[79] ŁUCKIEWICZ, Anton. Muzeum Białoruskie im. Jana Łuckiewicza w Wilnie. Balticoslavica: w 2 t., Wilno: Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej, 1933, T. 1, s.
49.
[80] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, с. 162.
[81] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 34.
[82] ЛУЦКЕВІЧ, А.І. Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча. [Рэпрынтнае выданне.], Мн.: "Адраджэньне", 1992. С. 16.
[83] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 378. Інвентарная кніга Музэю ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні №1.
[84] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 378. Інвентарная кніга Музэю ім. Івана Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні №1.
[85] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, с. 162.
[86] Тамсама, c. 161 - 162.
[87] КАСПЯРОВІЧ, М. Віленскі беларускі музей. Спадчына, 1991, № 1, с. 20.
[88] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 34.
[89] Тамсама, с. 35.
[90] ЛУЦКЕВІЧ, А.І. Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча. [Рэпрынтнае выданне.], Мн.: "Адраджэньне", 1992. С. 7.
[91] Тамсама, с. 7.
[92] ЛУЦКЕВІЧ, А.І. Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча. [Рэпрынтнае выданне.], Мн.: "Адраджэньне", 1992. С. 9.
[93] Тамсама, с. 10.
[94] ДУБАВЕЦ, С. [он-лайн]. [прагледжана 9 красавіка 2010]. Доступ праз Інтэрнэт:
[95] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: <
[96] Тамсама.
[97] ПЕЦЮКЕВІЧ, М. Успаміны пра Віленскі музэй. Спадчына, 1995, № 2, с. 80.
[98] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн]
[99] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 37.
[100] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў. (не выданы)
[101] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 37.
[102] Тамсама, с. 38.
[103] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года].
[104] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 39.
[105] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 39.
[106] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 39.
[107] Тамсама, с. 40.
[108] Тамсама, с. 40.
[109] Тамсама, с. 40.
[110] ЛУЦКЕВІЧ, Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 41.
[111] ЛАБЫНЦАЎ, Ю. Архіў беларускага Адраджэння: (Дакументальныя помнікі беларускай царкоўнай і грамадзкай гісторыі ў зборах Музея Івана Луцкевіча ў Вільні), Мн., 1993.
[112] Спадчына, якая належыць Беларусі. "Круглы стол", прысьвечаны праблеме навуковай рэканструкцыі Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Спадчына, 1997, № 6, с. 131.
[113] ГУЖАЛОЎСКІ, А. Інвэнтарная кніга Музэю ім. Ів. Луцкевіча Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні № 1. Спадчына, 1995, № 1, с. 163 - 190.
[114] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Спадчына, 1995, № 5, с. 161.
[115] Спадчына, якая належыць Беларусі. "Круглы стол", прысьвечаны праблеме навуковай рэканструкцыі Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Спадчына, 1997, № 6, с. 130.
[116] Тамсама, с. 130.
[117] Спадчына, якая належыць Беларусі. "Круглы стол", прысьвечаны праблеме навуковай рэканструкцыі Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Спадчына, 1997, № 6, с. 136.
[118] ЛАБАЧЭЎСКАЯ, Вольга. Фалькларыстычны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча: вяртанне праз 65 гадоў. (не выданы).
[119] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт:
[120] КОРБУТ, Віктар. Тонкая нить. Советская Белоруссия. 02.08.2003. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.tio.by/cgi-bin/newspaper.cgi?t=text&id=2459 >.
[121] Віленскі Музэй. [он-лайн] [прагледжана 4 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://vilnia.com/museum/default.asp?newsId=16>.
[122] Спадчына, якая належыць Беларусі. "Круглы стол", прысьвечаны праблеме навуковай рэканструкцыі Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Спадчына, 1997, № 6, с. 138.
[123] АНДЕРСОН, Б. Воображаемые сообщества. Москва: Канон-Пресс-Ц. Кучково Поле, 2001. [он-лайн] [прагледжана 13 чэрвеня 2009 года]. Доступ праз Інтэрнэт: < http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Sociolog/anders/index.php>.
[124] БАБКОЎ, Ігар. Посткаланіяльныя досьледы. [он-лайн] [прагледжана 10 красавіка 2010 года]. Доступ праз Інтэрнэт: <
[125] ПОКЛАД, Т. Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэнне. [он-лайн] [прагледжана 11 мая 2009 года].