Пахаванні кіеўскіх князёў XII ст. Сенсацыйныя знаходкі ў Давыд-Гарадку
Ад перакладчыка: У аўторак, 3 лістапада 1936 г. віленская газета "Слова" паведаміла пра знаходку старажытных магіл пры закладанні падмуркаў новай царквы на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку. У магілах знойдзены труны з вельмі тоўстага часанага дубу ў выглядзе прамавугольных скрынь. Труны стаялі пад столлю, якая таксама была зроблена з дубу. "Зараз труны вывезлі і пахавалі ў іншым месцы. Паколькі адпаведныя адміністрацыйныя ўлады маўчаць, ніхто з археолагаў сюды не едзе. Магчымыя пошукі і раскопкі, без сумневу, далі б шмат цікавага і захапляльнага. […]
Для вывучэння знаходак, ад імя нашай рэдакцыі ў Давыд-Гарадок выехалі вядомы віленскі археолаг Антон Луцкевіч і рэдактар Юзаф Мацкевіч". Slowo. 1936. № 302.
Юзаф Мацкевіч
Можна сказаць, што з-за гэтай, адной з самых значных археалагічных знаходак, мы пераступілі на больш высокую прыступку нашых гістарычных ведаў. Бо, здаецца, мы выявілі магілы кіеўскіх князёў XII ст.! Вядома, гэта толькі гіпотэза, але як мы да яе дайшлі?
Гісторыя Давыд-Гарадка бярэ пачатак у настолькі старажытныя часы, што цалкам знікае ў тумане стагоддзяў. На самай справе мы лепш ведаем пра часы ВКЛ, але і тут у нашых ведах зеўраюць прабелы.
Гэта князі
Некаторыя гісторыкі і ўслед за імі Кіркор у "Живописной Росии", выдадзенай у 1882 г., прыводзіць легенду аб тым, што Давыд-Гарадок быў заснаваны яцвягамі і назву атрымаў ад іхняга князя Давыда, які стаў хрысціянінам. Вядома, што перш за ўсё ён павінен быў пабудаваць замак, бо ўлада князя заўсёды трымалася на замках, вакол якіх і будаваліся паселішчы. Аднак, ці можам мы выказаць здагадку, што выяўленыя магілы адносяцца да гэтага перыяду?
- Не, - адказвае сп. Антон Луцкевіч, - і мы гэта самі бачылі на месцы. Адно можна сказаць, што магілы, без сумнення, адносяцца да хрысціянскага перыяду, а яцвягі ўсё ж былі паганцамі, хаця асобныя з іх князёў маглі быць ахрышчаны. Трэба шукаць у больш познюю эпоху, у часы, калі, на мой погляд, Давыд-Гарадок адыгрываў асабліва важную палітычную і ваенную ролю. Бо інакш княская сям'я ніколі б не сядзела тут пастаянна, а магла быць тут толькі праездам і тым больш не пакідала б тут сваіх могілак.
А каго ў тыя часы можна было хаваць у спецыяльных склепах, у такіх трунах, у такіх аднолькавых для ўсіх пантофлях, прызначаных, пэўна, толькі каб хадзіць у па пакоях княскага замка, а не па палескіх балотах? - Князёў!
Калі Кіеў супернічаў з Полацкам?
Пэўныя падказкі дае нам Каяловіч у кніжцы "Лекции по истории Западной Росии", выдадзенай у 1864 г. Ён падрабязна разглядае перыяд праўлення кіеўскіх князёў і канкурэнцыю паміж Кіевам і Полацкам. Тады кіеўскія князі сялілі сваіх родных уздоўж важнага воднага шляху Прыпяці - брамы ў полацкую маёмасць і эфектыўнага абарончага бар'еру, які стваралі балоты. Замкі гэтага кшталту былі ў Чарнобылі, Тураве, потым у Слоніме, Ваўкавыску і ажно ў Гародні, а адным з галоўных сярод іх быў Давыд-Гарадок - ключ у пазнейшыя Белую і Чырвоную Русь. Ён адыгрываў вялікую ролю ў тыя часы, а размова ідзе, з большага, пра XII ст.
Пра тое, хто ў той час кіраваў Палессем і, у прыватнасці, Давыд-Гарадком, падрабязна распавядае Доўнар-Запольскі ў сваіх "Очерках истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия". У той час адбывалася значнае раздрабленне Турава-Пінскага княства шляхам пасялення ўсё новых і новых князёў у асобных замках - усе яны паходзілі з кіеўскай дынастыі. Можна меркаваць, што знойдзеныя ў Давыд-Гарадку магілы належалі ім і захоўваюць іх парэшткі.
Невядомы да гэтага часу кшталт трун
Але чаму б нам не разгледзець больш позні перыяд, перыяд ВКЛ?
- Маеце рацыю, кажа сп. Луцкевіч - гэта таксама перыяд вялікай актыўнасці вакол Давыд-Гарадка. У асноўным гэта была абарона ад татараў. Мы бачылі, якая жывая там памяць пра татар: "Татарская гара", "Татарская даліна" і г. д.
Бяром аловак і запісваем дэталі таго, што бачылі. Першае - вялікае напластаванне зямлі. Яе так шмат, што пахаванні павінны былі адбывацца даўным-даўно. Прымітывізм самога пахавання. Нідзе няма слядоў ад пілы. Дрэва, бярвенне, дошкі не былі распілаваны. Нідзе няма жалеза! Жалеза у той час каштавала вельмі дорага, і выкарыстоўвалася толькі дрэва і нават драўляныя цвікі. На той ранні перыяд указваюць яшчэ дзве рэчы: паўсюдна знаходзяцца вырабы з косці і гліняныя гаршкі, зробленыя ўжо на ганчарным коле, але гэта яшчэ не паліваная кераміка, без арнаменту.
І нарэшце, самі труны. Варта адзначыць, што такая форма трунаў нам невядомая.
Ці былі магілы разрабаваныя?
На жаль, гэта покуль усё, што мы можам сказаць. Натуральна, гэтыя труны трэба было б параўноўваць з трунамі, знойдзенымі ў Кіеве. Але мы покуль не маем матэрыялаў для параўнання. Няма сумневу, што далейшыя даследаванні прынясуць неацэнныя знаходкі. Перш за ўсё перад намі паўстае загадка: чаму ў трунах няма нічога металічнага, чаму там увогуле няма ніякіх рэчаў?
Звычайных месцічаў не маглі пахаваць у такіх пантофлях! Да таго ж, нават калі б гэта былі звычайныя месцічы, з імі абавязкова знайшліся б нейкія шпількі, спражкі, заколкі, што заўгодна! А тут нічога. Тым больш у князёў. Шкілеты распаліся. Не можам сказаць ці былі яны параскіданыя. А таму самае праўдападобнае - магілы разрабаваныя. Кім? На гэта пытанне можа даць адказ толькі далейшае даследаванне.
"Бракуе грошай!!"
Кіеўскія князі XII ст. Ёсць у гэтым гучанні нешта з гістарычнай паэзіі, а не толькі з гісторыі як навукі. Сёння, вось у гэты восеньскі дзень, яны знойдзены. І такія знаходкі здараюцца не кожны дзень. Мы сказалі мясцоваму шаноўнаму дабрачыннаму а. Аляксандру Беляеву:
- Дабрачынны павінен пабудаваць крыпту пад новай царквой і пакласці ў яе парэшткі князёў у дубовых трунах і няхай яны годна спачываюць. Няхай прыязджаюць турысты і паломнікі, хай яны на свае вочы ўбачаць наколькі старажытная культура і гісторыя Давыд-Гарадка, хай, нарэшце, пакінуць тут грошы. Які фенаменальны па прывабнасці помнік маецца тут для людзей, якія шукаюць убачыць нешта вартае!
Куды там! Кажа, на крыпту няма грошай …
А дзе ж фонды нацыянальнай культуры? Бо грошы знаходзяцца на швэнданне па Андах некалькіх валацугаў, якія, як кажуць па-руску, "с жиру бесятся"! Дзе кансерватар, які адказвае за захаванне помнікаў? Дзе даследчыкі, якія атрымліваюць дзяржаўныя заробкі, дзе кусташы дзяржаўных музеяў?
Людзі добрай волі і людзі, якія грэбуюць сваімі абавязкамі
Прабачце, што называю імёны, але ёсць, напрыклад, у Давыд-Гарадку такі сп. натарыус Альфонс Тускевіч. Цэлы дзень ён праводзіць у сваёй канторы, можна сказаць, ён - пабочная асоба, але ў свой вольны час ён займаецца даследчай працай, вывучае і, што можа, ратуе. Хто ведае, ці не яму ўсім нам трэба быць удзячнымі, за тое, што ён не стаў маўчаць і весткі пра цікавейшыя знаходкі дайшлі ў прэсу і яны зараз ужо не згінуць? Каб не ён, каб не дырэктар школы і яшчэ два, тры чалавекі …
Але аб чым тут казаць! Рашэнні па справе залежаць не ад іх, людзей добрай волі, а ад службовых асоб, якія атрымліваюць заробкі ад дзяржавы і займаюць адпаведныя пасады. "Падмуркі дзяржавы" - як пра іх кажуць на развітальных банкетах. Тут і сёння як раз месца і час, каб гэтыя "падмуркі" заняліся сваёй наўпростай справай. Бо ў Давыд-Гарадку ўжо зроблены важныя, знакавыя адкрыцці для культуры і гісторыі краіны і гістарычны помнік знікнуць не павінен.
J. M. [Мацкевіч Юзаф] Grobowce książą kijowskich z XII wieku // Słowo. 1936. № 306.
P.S. Дырэктар Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве др. Раман Якімовіч пісаў у артыкуле "Каго пахавалі на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку":
"Можна не сумнявацца, што тут пахаваны князі. Невялікія могілкі ў межах княжага замка могуць мець толькі магілы князёў і іх сем'яў, ці можа яшчэ толькі вайсковых старэйшын і святароў князя.
Якіх Давыд-Гарадоцкіх князёў мы ведаем?
Давыд Ігаравіч памёр у 1112 г., у свой чарод, у яго сына Усевалада (памёр у 1141 г.) , князя "из Городка", былі тры сыны: Барыс і Глеб, якія памерлі пасля 1168 г., а таксама Мсціслаў, які яшчэ ў 1183 г. удзельнічаў у вайне супраць качэўнікаў. Крыніцы замоўчваюць, ці мелі гэтыя тры браты дзяцей.
Такім чынам, мы маем пяць князёў, вядомых па імёнах і з вядомымі датамі іх смерці, сярод іх ёсць і заснавальнік горада. Яны павінны былі знайсці вечны спачын у сваёй сталіцы. Ведаем далей, што ў Давыда была жонка, а Усевалад быў жанаты двойчы і яго другая жонка, невядомая па імені, была полькай. Калі цяпер дапусціць, што ўнукі Давыда: Барыс, Глеб і Мсціслаў мелі сем'і, дык маем 11 князёў, якія павінны былі быць пахаваны ў Давыд-Гарадку. У астатніх магілах могуць знаходзіцца парэшткі нашчадкаў - унукаў Давыда і дзвюх сясцёр Усевалада, якія былі замужам за чарнігаўскімі і турава-пінскімі князямі".
Roman Jakimowicz. Kto był pochowany na Górze Zamkowej w Dawidgródku // Słowo. 1936. № 351.
Немцы вывучаюць праславяншчыну
Цэгак-Галубовіч Хелена
Амаль што да апошняга часу мы жылі ў прагісторыі якая грунтавалася на абсурдных навуковых пастулатах. У навуковых адкрыццях у справе вывучэння праславяншчыны, нямецкая навука займае першае месца ў Еўропе. Ад немцаў, якія з уласцівым для іх піетэтам прыступілі да раскопак і вывучэння праславянскіх пасяленняў і гарадзішчаў, што зараз знаходзяцца на іх тэрыторыі, мы пачалі даведвацца пра самую старажытную гісторыю нашага народа. Паколькі нямецкая навука не была свабоднай ад пэўнай перадузятасці ў распрацоўцы гэтай тэмы, карціна, прапанаваная нам, была няпоўнай і скажонай.
Значэнне раскопак у Біскупіне
Толькі ў апошнія гады мы зрабілі рашучыя і станоўчыя крокі да паляпшэння сваіх навуковых ведаў. Вывучэнне нашай прагісторыі ўвайшло ў стадыю арганізацыі буйнамаштабных раскопак. На першы план выйшла адкрыццё балотнага паселішча ў Біскупіне, сістэматычныя і метадычныя даследаванні якога на працягу трох гадоў рабіліся Познаньскім універсітэтам. Дасканалае інфармаванне пра гэты даследаванні з паказам фільма азначала, што амаль-што кожны разумны чалавек павінен ведаць пра раскопкі ў Біскупіне, а многія, дзякуючы выдатным чыгуначным і аўтобусным камунікацыям, могуць нават наведаць і ўбачыць раскопкі ў Біскупіне на свае вочы. Вялікую важнасць раскопак у Біскупіне прафесар Познаньскага ўніверсітэта др. Юзаф Кастжэўскі тлумачыць тым, што заснавальнікамі паселішча было праславянскае насельніцтва (каля 2000 гадоў таму). Гэтае паселішча для нас з'яўляецца самым старым сведчаннем пра жыццё нашых продкаў тысячы гадоў таму. […]
Гісторыя знаходак у Давыд-Гарадку
У нашай частцы краіны першыя адкрыцці, выпадкова, падчас рэстаўрацыі замка, былі зроблены ў Гародні. Вясной гэтага года мы таксама выпадкова даведаліся, што на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку знойдзена нешта вельмі старое.
Некалькі гадоў таму пажар знішчыў праваслаўную царкву, якая стаяла на гэтым узгорку. Вясной гэтага года (1937 - Л. Л.) пачаліся работы па адбудове царквы і пры капанні падмуркаў, будаўнікі наткнуліся на вельмі старыя труны і не менш старыя драўляныя канструкцыі. Навука мусіла пачаць змаганне за сваё права на даследаванні з несвядомым мясцовым насельніцтвам, і што значна горш, таксама і з несвядомасцю і абыякавасцю нашых адміністрацыйных уладаў. Мясцовае насельніцтва не жадала спыняць работы і імкнулася як мага хутчэй пабудаваць новую царкву. У выніку трывогі, своечасова паднятай газетай "Слова", работы па адбудове царквы былі спынены, аднак прыпыненне мясцовымі ўладамі будаўніцтва царквы самавольна парушыў мясцовы праваслаўны святар, бо пасля прыпынення працы падмуркі, наадварот, пачалі класці з ліхаманкавай хуткасцю.
Некалі дзён таму, аглядаючы знаходкі ў Давыд-Гарадку, я бачыла сляды спусташэння сярод знойдзеных старажытных драўляных канструкцый. Пры закладцы падмуркаў былі выпілаваны драўляныя бярвенні, якія сотні гадоў праляжалі ў зямлі, былі зрэзаны куты і сцены старажытных падвалін. Праз сярэдзіну падвалін аднаго з будынкаў, распілаваўшы бэлькі, выкапалі шырокі роў. Зараз, пасля раскопак, бачны чатыры куты знішчанага дома і дзве яго супрацьлеглыя сцяны. Былі знішчаны не толькі рэшткі драўляных будынкаў. У гэтай частцы Замкавай гары, дзе знойдзены першыя труны, падчас самавольнага закладання падмуркаў пад царкву, таксама знішчылі трынаццаць старажытных трун.
Метадычныя раскопкі ў Давыд-Гарадку
Пасля таго, як працы на будаўніцтве царквы былі прыпынены, летам гэтага года, метадычныя раскопкі тут распачаў дырэктар Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве др. Раман Якімовіч. Даследчая праца ў гэтым годзе заканчваецца ў бліжэйшы панядзелак (газета выйшла ў суботу 9 кастрычніка 1937 г. - Л. Л.). на зіму ўся плошча раскопак будзе абаронена, і даследаванні пачнуцца вясной наступнага года. А сёння раскопкі яшчэ ў самым разгары. Кожны дзень на Замкавай гары працуюць дваццаць жанчын, якія капаюць асцярожней, чым мужчыны, што лепш для археалогіі. Кожны дзень раскопак прыносіць цікавыя адкрыцці.
Замкавая гара ў Давыд-Гарадку - славянскае гарадзішча
Замкавая гара ў Давыд-Гарадку аказалася старажытнаславянскай цвердзю. Сёлета раскопкі вядуцца пераважна на ўчастку, сапсаваным фундаментамі, у самым цэнтры гарадзішча. Пасля зняцця паўтарамятровага пласта зямлі, пачалі з'яўляцца першыя драўляныя канструкцыі. У цяперашні час цэнтральная частка была раскрыта ажно да некранутай зямлі. Там ляжаць адзін над адным і перакрыжоўваюцца паміж сабой рэшткі драўляных зрубаў, што з'яўляецца загадкай для недасведчанага чалавека. Аднак вопытнае вока і рука дасведчанага археолага, напрыклад, др. Якімовіча, бачыць у гэтым, здавалася б, хаосе шэраг слаёў, якія адпавядаюць стагоддзям.
Самыя старыя рэшткі будынкаў паходзяць з XII ст.
На самым нізе, на некранутай зямлі, ляжаць рэшкі падлогі і падмуркаў зруба будынка. Рэшткі гэтыя, як мне сказаў др. Якімовіч, з'яўляюцца самымі старымі знаходкамі на гэтым гарадзішчы, яны паходзяць з XII ст. На гэтым участку, сярод фрагментаў керамікі, знойдзена дно посуду з характэрным для XII ст. знакам - выпуклым крыжам у коле. Гэты знак з'яўляецца агульным на для ўсёй славяншчыны. Адны даследчыкі трактуюць яго як знак ганчарнай вытворчасці, а другія бачаць у гэтым знаку адбітак пэўнай часткі канструкцыі ганчарнага кола, на якім посуд быў зроблены. У гэтым першым, самым старым слоі, акрамя керамікі, знойдзена вялікая колькасць фрагментаў бранзалетаў з каляровага шкла, характэрных для XII ст. Гэтыя бранзалеты не ёсць мясцовыя вырабы, яны з'явіліся ў нас праз гандаль, хутчэй за ўсё з Кіевам, бо менавіта ён быў цэнтрам гандлю і ўплыву на Давыд-Гарадок.
Больш высокія слаі гарадзішча паходзяць з XVI ст.
Над слоем, які датуецца XII ст., ляжыць шэраг маладзейшых слаёў, якія, паводле інфармацыі др. Якімовіча, ахопліваюць XIII, XIV, XV і дасягаюць XVI ст., для гэтых, больш позніх слаёў, таксама характэрнымі з'яўляюцца дамы са зрубаў. Жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы тут невялікія і нагадваюць старую забудову сучаснага Палесся. Для будаўніцтва на гарадзішчы з даўніх часоў выкарыстоўваюцца дуб і бяроза.
Стан захавання драўляных канструкцый
На гарадзішчы выдатна захаваліся ўсе драўляныя канструкцыі дамоў, труны і знойдзеныя драўляныя рэчы. Гэта звязана з прыроднымі ўмовамі рэльефу. Выяўленыя раннія гістарычныя слаі ляжалі на водатрывальным грунце. Дзякуючы гэтаму захаваліся шматлікія драўляныя прадметы, якія ў іншых умовах згнілі б.
Даследаванне схілаў гарадзішча
Акрамя раскопак у цэнтры гарадзішча, работы вядуцца і на яго схілах. Капанне тут вельмі ўскладняецца дробным пяском, з якога складаюцца гэтыя схілы. Пры капанні папярэчнага рова на гэтым участку, неабходна было ўразацца ў схіл гарадзішча прыступкамі і такім чынам засцерагчыся ад абсыпання схілаў. Гэтыя работы былі накіраваны на выяўленне канструкцый насыпаных валоў, якія акружалі гарадзішча.
Чым было гарадзішча
Гарадзішча ў Давыд-Гарадку, як і ўсе гарадзішчы, было абарончым умацаваннем, часткова насыпаным з зямлі. Пры будаўніцтве гарадзішчаў, стараліся максімальна выкарыстаць прыродныя ўмовы мясцовасці. Натуральна, шукалі пагоркі, акружаныя балотамі, або мысы рэк ці азёр, дзе вада з аднаго боку закрывае доступ да гарадзішча. На Віленшчыне вядомы гарадзішча, якія пабудаваныя на азёрных астравах. Пры будаўніцтве ўмацаванага паселішча на натуральным узгорку або мысе, дасыпаліся стромыя схілы з больш лёгкадаступнага боку. Пры адсутнасці натуральнага ўзвышша, часам штучна ствараліся цэлыя пагоркі. Уверсе, вакол гарадзішча насыпалі высокі земляны вал, на якім, верагодна, стаяў яшчэ і высокі драўляны частакол. Часам паселішча з аднаго боку было яшчэ абнесена валам ля падножжа гарадзішча. Тады мы маем справу з абарончым прадмесцем. Падчас вайны гарадзішча станавіліся сховішчам, куды ўцякала мясцовае насельніцтва са сваёй маёмасцю. Аднак, вядомыя і больш буйныя паселішчы, якія з'яўляліся пастаяннай рэзідэнцыяй уладара, а ў хрысціянскія часы сядзібай рэлігійнага дастойніка, такія гарадзішчы мелі асаблівае значэнне для сваёй тэрыторыі.
На Віленшчыне сустракаем вельмі цікавыя групы пасяленняў, напрыклад, Браслаўскае гарадзішча, якое ляжыць на вузкім перашыйку паміж азёрамі і з'яўлялася цэнтральным пунктам, які з усходу заслаўлася абарончым бар'ерам з трох меншых гарадзішчаў, а з захаду адным адкрытым гарадзішчам. Такая група гарадзішчаў стварае пэўны абарончы комплекс. Аналагічныя абарончыя комплексы можа вывіць толькі працяглае, метадычнае і комплекснае вывучэнне, менавіта такое вывучэнне гарадзішча ў Давыд-Гарадку ў бліжэйшыя гады пачне Археалагічны музей Віленскага ўніверсітэта.
Навуковыя вынікі
Раскопкі гарадзішча дазваляюць археолагам вызначыць этнічную прыналежнасць насельніцтва ў старажытным паселішчы. Далейшым вынікам даследавання можа стаць вызначэнне тыпу паселішча, ці было яно ў мінулым звычайным сховішчам падчас вайны, ці было сядзібай правадыра племені, а, можа, і рэлігійным цэнтрам. Такія звесткі маюць вялікае значэнне для рэканструкцыі незапісанай гісторыі. Акрамя таго, капаючы ўмацаванні, мы вывучаем ваеннае мастацтва тых далёкіх стагоддзяў і матэрыяльную культуру людзей, якія іх будавалі. Магчыма, што вывучэнне ўмацаваных паселішчаў дазволіць хаця б фрагментарна даведацца пра грамадскі лад, норавы і звычаі старажытнага насельніцтва.
Значэнне адкрыццяў у Давыд-Гарадку
Адкрыцці ў Давыд-Гарадку маюць асаблівае значэнне для навукі. Яны дазваляюць нам хаця б часткова пазнаёміцца з ранняй гісторыяй усходніх земляў. […]
Дагісторыя - самая нацыянальная навука
Немцы лічаць археалогію (перадгісторыю ў тэксце - Л. Л.) самай нацыянальнай навукай (hervorragend nationale Wissenschaft). Нямецкае грамадства ўсведамляе важнасць дагістарычных даследаванняў. Там не мажліва разбурэнне помнікаў. У нашай краіне руйнаваннем помнікаў займаюцца не толькі прыватныя асобы, але і наша адміністрацыйная ўлада, якая не ўсведамляе той шкоды, якую яна робіць навуцы і грамадству праз знішчэнне помнікаў. Бо такім чынам беззваротна губляюцца адзіныя крыніцы, якія дазваляюць вывучаць нашу старажытную гісторыю і гісторыю суседніх з намі народаў.
Helena Cehak-Hołubowiczowa . Dawldgródek - Pompei Polesia // Słowo. № 279, 9 października 1937.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
Княжыя магілы ў Давід-Гарадку
У канцы мінулага году ўсю прэсу ў Польшчы абляцела вестка аб адкрыцьці ў Давід-Гарадку, на Палессі, трунаў з касьцякамі тамтэйшых князёў з XII стагодздзя. Адкрыцце гэтае зробленае на зямлі Беларускай мае для нас асаблівае значэнне, і мы падаем тутака інфармацыі аб гэтай знаходцы.
У Давід-Гарадку, месце слаўным вырабам ботаў на ўсё Палессе, ад вякоў узвышаецца над ракой Гарынню гарадзішча з земляным валам, які акружае плоскі верх гары. Народ называе гару "Замксвай", бо ад прадзедаў да нашых дзён жыве яшчэ памяць аб замку, які тут некалі стаяў. Калі гэта было - народ ня памятае.
На гэтай гары ў пачатку XIX стагодздзя была пабудавана драўляная царква. Нядаўна гэтая царква згарэла. Дзякуючы таму, што будынак быў застрахаваны, страхавое таварыства выплаціла за яе 42.000 злот. Тады сярод прыхаджанаў паўстала думка: за гэтыя грошы і за спадзяваныя ахвяры пабудаваць на тым-жа месцы новую царкву - мураваную. Былі зробленыя пляны, атрыманы дазвол ад уладаў, і работа пачалася.
Пачалі капаць зямлю пад фундаменты. Культурны слой аказаўся вельмі грубы: каля 5 мэтраў. Пастанавілі дакапацца да грунту. Але падчас капання ўсьцяж натыкаліся на розныя перашкоды. Ужо на глыбіні нейкіх двух-трох мэтраў ляжалі ў зямлі таўстыя, смалістыя бярвеньні і дошкі, каторых нельга было выкапаць. Пускалі ў ход тапары й пілы, выразалі замінаўшыя кускі і капалі далей. Урэшце лапаты застукалі па нейкім гулкім памосце, зложаным з таўстых дубовых дошчак. Памост сарвалі і пад ім убачылі трынаццаць дубовых трунаў, устаўленых у некалькі радоў.
Відаць, баючыся, каб гэтая знаходка не перашкодзіла ў закладцы фундаментаў пад царкву, сьвяшч. Беляев (ён-жа - віцэ-бурмістр у Давід-Гарадку) загадаў павыцягіваць труны, выкапаць у гарадзішчы - воддаль ад месца работы - вялікую яму ды іх тамака закапаць. Труны былі вельмі цяжкія, са сценкамі, упусканымі ў дно і крышку- зусім без гваздоў: дык дзеля пераносу іх разбіралі на часткі, касцякі растрасалі, а пасля ўсё складалі разам у новай яме. Ці былі тамака якія рэчы? Адны кажуць: былі, іншыя - пярэчаць гэтаму. Калі праўда. што былі, дык ясна, што пры пераносе іх мусілі парасцягаць...
Аб знаходцы было дадзена знаць старасце ў Столін. Стараста паведаміў кансэрватара, якому падлягае Палессе. Яле не падумайце, што ў галіне аховы старажытнасцяў Палессе падлягае віленскаму кансэрватару, як і рэшта зямель беларускіх у Польшчы. Не. Асаблівая "палітыка", якая абвясціла Палессе нейкай "безнацыянальнай" тэрыторыяй, нават і ў гэтай галіне адарвала гэту краіну ад адвечнае сталіцы ўсяго краю - Вільні, ад віленскага навуковага асяродку, дзе сканцэнтраваны доследы над мінуўшчынай зямель беларуска літоўскага гаспадарства, - унівэрсытэту Сьцяпана Батуры, ад натуральнае апекі віленскага кансэрватарскага ўраду і аддала пад ахову кансэрватара ў далёкім ад нас чыста польскім месце - Любліне... Рэч зразумелая, што Люблін мала цікавіцца чужым яму і няведамым Палессем. Дык не зацікавіўся люблінскі кансэрватар і давід-гарадоцкай знаходкай. Работ ня спынілі: работнікі капалі далей і нішчылі ўсё, што ім замінала ў рабоце…
Давід-гарадоцкі натарыюс Тускевіч паведаміў аб усім рэдакцыю віленскае польскае газэты "Слово". Япошняя звярнулася да дырэктара Беларускага Музэю гр. Луцкевіча, прапануючы прыняць учасце ў экспэдыцыі ў Давід-Гарадок, каб выясніць характар і значэнне тамтэйшае знаходкі.
Беларускі даследчык быў першым, хто навукова падыйшоў да гэтае справы і даў агульную развязку загадкі, сцьвярджаючы з усей упэўненасцю, што магілы, як і драўляны замак, астача якога крыецца ў зямлі, сягаюць XII стагодздзя, а труны, выкапаныя тамака, зьмяшчаюць у сабе косці давід-гарадоцкіх князёў.
Вось апісаньне знаходкі ў Давід-Гарадку паводле пратаколу гр. Луцкевіча, які мы мелі магчымасць перагледзіць.
Гэтак званая "Замковая Гара" ў Давід-Гэрадку, непадалёк ад ракі Гарыні, прадстаўляе круглаватае ўзвышша, склоны якога к Гарыні шмат вышэйшыя, чым у бок места, з прычыны абніжэньня грунту. Верх гары абведзены земляным валэм. У паўдзённай часці валу - выемка: уезд. У дыямэтры гарадзішча мае на вока (абмерыць з прычыны работ было немагчыма) мэтраў 60-70.
Дзеля закладзінаў фундамэнтаў пад царкву зроблены вялікі чатырохкутны выкап, мэтры два ўшыркі і 5-9 углыб. Гэты выкап перарэзаў у розных мясцох астаткі драўлянага замку, каторы як быццам "скрозь зямлю праваліўся": гэткі таўсты на ім пласт наноснае зямлі. У паўночнай часці гарадзішча, бліжэй да цэнтру яго, на глыбіні 4-5 мэтраў, работнікі наткнуліся на драўляны памост з таўстых дубовых дошчак. Калі яго знялі, дык пад ім аказаўся склеп, у каторым - паводле апавядання навочных сведкаў - у правільным парадку, радамі, у адступах каля паўмэтра, стаялі дубовыя труны - лікам 13. Пры экспэдыцыі былі адкрыты ў выкапе яшчэ дзве гэткія самыя труны.
Кіраўнік мясцовае народнае школы расказаў экспэдыцыі, што побач із склепам быў адкрыты зруб - прыблізна тры мэтры кожны бок квадрату. Яго называлі ўсе "студняй", але з выпытаў выяснілася, што зруб ня йшоў у глыб - ніжэй роўня грунту, на якім беспасрэдна стаялі труны. Праўдападобна гэта была падстава званіцы пры цэркаўцы, якая магла стаяць на тым месцы, дзе быў насціл над склепам (насціл мог быць царкоўнай падлогай).
Труны прадстаўляюць вельмі цікаўны і рэдка сустраканы тып. Гэта прастакутныя скрынкі з дубовых дошчак, даўжыні 2,30 мэтра. У канцох днішча і крышкі зроблены пазы, у якія ўстаўлены канцавыя сценкі. Таксама ўстаўлены і бакавыя сценкі, стоцныя (без нахілу) да дна і крышкі. Нідзе няма гваздоў і наагул слядоў жалеза. Дошкі грубыя - 5-6 см., высечаныя тапаром; знакаў ужывання пілы ня відаць.
У трунах, якія - паводле апавяданняў сведкаў - стаялі ўсе ў адным кірунку - з усходу на захад (твары глядзелі на ўсход, як у кургановых пахаваннях паганскіх часоў). былі касцякі, але даследзіць палажэнне іх было ўжо немагчыма, бо падчас пераносу на другое месца косці перамяшаліся. Ляжалі яны на спіне. Ніякіх рэчаў пры іх экспэдыцыяй ня было знойдзена, апрача скураных туфляў з ласінае скуры (дзве пары іх прывезены ў Беларускі Музэй). Ісподняя частка туфляў стаптаная, верхняя - добра захаваная. Пашыты яны былі з двух частак - перадка й задка. Апрача шва, якое злучала гэтыя часткі, яшчэ адно шво йшло падысподам - ад вострага наска да пяткі. На адным чэрапе відаць было след ад даволі таўстой тканіны - праўдападобна астача ад калпака. Пад чарапамі ўсюды сляды густых валасоў. У некаторых трунах - струхлелыя кусочкі палатна.
На захад ад цэнтру гарадзішча ў пракопе відаць сляды вялікшае драўлянае будыніны - праўдападобна жылога дому. На паўдзённым захадзе - сляды меншае будоўлі, у тым ліку - частка сценкі вышынёй каля 2 м.; тут-жа даволі грубы слой быдлячага навозу.
Дрэва ўсюды захавалася вельмі добра. Гэта - або дуб, або смалістая сасна. На ўсход ад месца знаходу склепу з трунамі відаць перарэзаны пры капаньні камель сасны, таўшчынёй каля 40 см., вельмі смалісты й здаровы.
Кіраўнік мясцовае школы расказаў экспэдыцыі, што насупроць галоўнага ўезду ў гарадзішча ёсць сляды квадратнага, з абсечанымі рагамі, зрубу, папярэчына якога - каля 4 м. Гэта магла быць абаронная башта. Экспэдыцыя не магла яе агледзіць, бо гэтае месца завалена будаўлянымі матарыяламі.
Із сценак выкапу гр. Луцкевіч павыцягваў кускі глінянага судздзя - з самага дна і вышэй - прыблізна на роўні вачэй; яны здадзены ў Беларускі Музэй. Гэтыя чарапкі былі пасланы на экспэртызу праф Пастэрнаку ў Львоў. Праф. Пастэрнак катэгарычна пацвярдзіў, што чарапкі з дна адносяцца да XII стагодзьдзя, з вышэйшых пластоў - да XVII і XVIII.
Слядоў пажару экспэдыцыя нідзе ня бачыла. Ці ёсьць у вале сляды частаколу, экспэдыцыя праверыць не паспела.
Толькі пасьля таго, як у "Слове" быў надрукаваны абшырны рэпортаж аб давідгарадоцкіх знаходках, адгукнуўся і ўрадавы ахоўца палескіх старажытнасцяў - люблінскі кансэрватар. У Давід-Гарадок вырушыла з Любліна новая даследчая экспэдьшыя, у якую быў запрошаны з Варшавы дырэктар Архэолёгічнага Музэю грам. Якімовіч, выдатны знаўца архэолёгіі. Новая экспэдыцыя поўнасцяй пацвярдзіла вывады першае. Але дырэктар Якімовіч сваю даследчую працу значна пашырыў: ён паставіў сабе заданне дайсці, якія-ж гэта былі князі, косці каторых гэтак няўважліва патрывожаны ў Давід-Гарадку? I вось да якога вываду ён дайшоў.
У абшырнай стацьці, надрукаванай у "Слове" з 22.ХІІ.1936, дыр. Якімовіч кажа:
"Няма ніякага сумніву, што адкрытыя магілы хаваюць у сабе косці князёў. Яле - чые? якіх князёў?
Самы назоў мясцовасці выразна кажа, што Давід-Гарадок заснаваў нейкі Давід, князь Давід, або гэны-ж Давід падняў даўнейшае аселішча да годнасці гораду". - Пералічыўшы далей дзесяць князёў гэтага імення, якія ўспамінаюцца ў летапісах у часе ад XI да першае чверткі XIII стагодздзя, аўтар адкінуўшы ўсіх іншых, затрымліваецца на адным: князю валынскім, які ад 1100-га году быў князем пагарынскім і памёр у 1112 годзе. Гэты князь, Давід Ігаравіч, дастаўшы пад сваю ўладу землі паўз Гарыні, мусіў ацаніць усё значэнне валадання вадзяным шляхам, які прадстаўляла Прыпяць і ўліваўшаяся ў яе ў 11 вярстох ад Давід-Гарадка (па простай лініі) Гарынь. Гарынь і Прыпяць - гэта былі вадзяныя шляхі, якія з Валыні, Галіцкага князства, зямель заходне-беларускіх, пачынаючы ад Берасьця, Клецка, Капыля і Наваградка, урэшце - праз названыя землі - із краю ляшскага вялі да Дняпра, а па Дняпры - на міжнародны гістарычны гандлёвы шлях "Из Варяг в Греки", якім можна было папасьці і да Чорнага, і да Балтыцкага мора, - і наадварот. У мамэнт, калі Давід Ігаравіч дастаў Пагарынскае князства, галоўным местам у ім быў Дарагабуж. Яле Дарагабуж стаяў на сярэднім цячэньні Гарыні - далёка ад Прыпяці. Дык трэба лічыць зусім натуральным, што гэты вельмі рухавы і далёказоркі князь надумаў перанесці сталіцу свайго ўдзелу ў ваколіцы ўтоку Гарыні ў Прыпяць. Гэта давала яму магчымасць налажыць сваю руку і на Прыпяць ды цягнуць з гэтага вялікія матарыялныя зыскі. Дыр. Якімовіч думае, што закладзіны Давід-Гарадка трэба аднесці на час ад 1110 году да году смерці Давіда.
"Далейшыя доказы даюць весткі Іпатаўскага летапісу аб дзеяннях сыноў і ўнукаў Давіда Ігаравіча. Праўду кажучы, гэтыя весткі вельмі скупыя і абмежываюцца бадай выключна інфармацыямі аб учасці іх у тых ці іншых ваенных паходах; аднак, сярод іх спатыкаем падробнасць, якая разьвязывае загадку аб Давід-Гарадку. Вось-жа летапісец - зараз пры першым упамінанні аб князю Усевалодку, сыне Давідавым, - кажа, што гэта ёсьць "князь из Городка". З якога-ж Гарадка можа паходзіць сын князя Давіда? Ці-ж не з Гарадка Давідавага, як называюць гэту мясцовасць гістарычныя крыніцы ў працягу чаргі пазнейшых стагодздзяў? Значыць, гэта ёсць развязка загадкі; маем ужо пачатную гісторыю Давід-Гарадка, схопленую і абапёртую на летапісных запісках".
Далей аўтар сцьвярджае, што залічэнне патомкаў Давіда Ігаравіча да князёў "гарадзенскіх", выводзячы гэты прыметнік ад назову "Городно", было абмылковым: аказваецца, што аўтар Іпатаўскага летапісу запраўды напісаў аб Усевалодку, што ён быў князем "из Городяа", але пасля перачыркнуў літару "н" і паправіў на "к": "из Городка". На гэту папраўку даследчыкі доўга не зварачалі ўвагі, і згэтуль узнялася блытаніна: князёў давід-гарадонкіх выводзілі не з "Гарадка", а з "Горадна". Папраўку заўважылі толькі ў 1908 годзе - пры крытычным выданьні Іпатаўскага летппісу.
На падставе ўсіх гэтых даных і разважанняў дыр. Якімовіч робіць гэткі канчаткавы вывад:
"Усё паказвае на тое, што весткі крыніцаў, датычачыя гарадзенскіх князёў, паіменна - сына і ўнукаў Давіда Ігаравіча, адносяцца да князёў, сталіца каторых была ў Гарадку Давідавым. I вось мы падыходзім да разьвязаньня загадкі аб магілах, адкрытых на Замковай Гары ў Давід-Гарадку. Аб тым, што тамака пахаваны князі, ня можа быць ніякага сумніву. Малы свінтарык у межах княжага гораду можа змяшчаць толькі магілы князёў і іхніх сем'яў, найбольш яшчэ - ваенных начальнікаў і княжых духаўнікоў. Якіх-жа ведаем князёў давід-гарадоцкіх? Давіда Ігаравіча, які памёр у 1112 г., і ягоную жонку; далей - сына яго Усевалодка, памёршага ў 1141 годзе, ды трох сыноў ягоных: Барыса і Глеба, пам. пасля 1168 г., і Мсьціслава, які яшчэ ў 1183 годзе прымаў учасце ў паходзе супроць качэўнікаў. Крыніцы ня кажуць, ці гэныя тры браты мелі патомства. Дык маем пяць князёў, імёны і час смерці каторых нам ведамы, а сярод іх - закладчык гораду. Яны мусілі знайсці вечны супачынак у сваей сталіцы". Дадаўшы жонкі князёў, будзем мець ужо 11 асоб, - а ведама, што Ўсевалодка меў дзьве сястры, якія ў свой чарод мелі дзяцей. Урэшце, могуць быць тут пахаваны, як сказана, начальнікі княжае дружыны і духаўнікі.
"Значыць, давід-гарэдоцкая загадка была-бы развязана. Да развязання яе прычынілася глубае перарванне вечнага супачынку. Тымбалей трэба шкадаваць, што княжыя косці былі перамешаны, бо-ж гэта ёсць бадай ці не адны з першых магілаў, у якіх можна назваць нябожчыкаў па іменню".
Яд сябе дадамо, што да паважнае пастаноўкі доследаў над давід-гарадоцкай загадкай прычынілася і праца ды навуковыя вывады беларускага даследчыка.
Княжыя магілы ў Давід-Гарадку // Калосьсе. 1937. № 2(11). С. 112-116.