Папярэдняя старонка: Археалогія

Славяне на Віленшчыне 


Аўтар: Цэгак-Галубовіч Хелена, Галубовіч Уладзімір,
Дадана: 26-05-2024,
Крыніца: Цэгак-Галубовіч Хелена, Галубовіч Уладзімір. Славяне на Віленшчыне // Наша слова.pdf № 20 (124), 15 траўня 2024.; № 21 (125), 22 траўня 2024.

Спампаваць




Славяне на Віленшчыне ў святле даследаванняў археалогіі

Рэферат, прачытаны на з'ездзе Звязу асістэнтаў універсітэтаў, 30 красавіка 1938 г.

Др. Хелена Цэгак-Галубовіч

Этнічныя адрозненні, якія мы зараз назіраем на Віленшчыне, не ёсць вынікам працэсаў, якія адбыліся нядаўна. Яны з'яўляюцца вынікам доўгатэрміновых змен, пачатак якіх пакуль яшчэ немагчыма вызначыць дакладна. У любым выпадку гэтыя працэсы адбываліся на працягу некалькіх стагоддзяў.

Мы схільныя рэканструяваць гісторыю народаў на падставе захаваўшыхся пісьмовых дакументаў. Для Віленшчыны, якая разумеецца як край, у які акрамя сучаснага Віленскага таксама ўваходзіць і частка Наваградскага і Беластоцкага ваяводстваў, акрамя некалькіх лаканічных згадак, мы не маем больш пісьмовых дакументаў, якія б адлюстроўвалі нам гісторыю гэтай зямлі ў раннія часы, г. зн. у перыяд з VII па XIII ст. Крыніцай ведаў гэтай мінуўшчыны Віленшчыны для нас з'яўляюцца перш за ўсё, гістарычныя помнікі дагістарычнай эпохі.

Матэрыял для вывучэння дагісторыі навука здабывае праз раскопкі могільнікаў і паселішчаў таго часу. Такімі раскопкамі займаецца і Віленскі ўніверсітэт. Ужо на працягу пяці гадоў новыя археалагічныя матэрыялы збіраюцца ў Археалагічны музей нашага ўніверсітэта, дзе яны потым апрацоўваюцца. Нягледзячы на тое, што даследаванні ўніверсітэта знаходзяцца яшчэ на пачатковай стадыі, яны ўжо праліваюць пэўнае новае святло на рассяленне і рух славян на Віленшчыне ранняга перыяду і даюць падставы зрабіць ужо некаторыя праўдападобныя гіпотэзы.

Абапіраючыся на сабраным археалагічным матэрыяле IV, V і VI ст., мы можам сказаць, што ў той час толькі паўночна-заходнюю частку Віленшчыны займала племя балтаў, продкі сучасных летувісаў. На падставе пісьмовых дакументаў Лаўмянскі вызначае на Віленшчыне мяжу гэтых балцкіх плямёнаў у XIII ст., якая праходзіла ад Дзвіны да возера Свір і мястэчка Трабы, гэта значыць па ўсходняй мяжы сучаснага Ашмянскага павета а на поўдні не перасякала лініі Мерач - Эйшышкі. Вядомыя на гэты час археалагічныя матэрыялы не адмаўляюць магчымасці такой мяжы для балцкага насельніцтва у XIII ст., аднак з агаворкай, што ў папярэднія часы гэта лінія, верагодна, была больш прасунутая на ўсход, пра што, між іншым, сведчыць балцкія могілкі ў Галінаве каля Куранца ў Вілейскім павеце. Аднак з цягам часу балцкі элемент быў адкінуты на захад славянскімі плямёнамі, якія ціснулі з усходу. Пры тым варта падкрэсліць наяўнасць у археалагічным матэрыяле балцкіх магіл з трупаспаленнем у гэтай частцы Віленшчыны, якая месціцца на захад ад меркавананай усходняй мяжы балцкіх плямён […] і ў той жа час наяўнасць славянскіх могільнікаў, якія ляжаць на ўсход ад гэтай лініі размежавання, як напрыклад у Наўрах і ў Чарнявічах .

Гэта магло б сведчыць пра тое, што славяне з'явіліся на нашых тэрыторыях у больш ранні дагістарычны час, аднак пакуль у археалагічных матэрыялах Віленшчыны мы не маем ніякіх сведчанняў, якія б пацвярджалі гэтую здагадку. Апошнія раскопкі праводзіліся сёлета каля Чарневічаў Дзісненскага павета, яны далі матэрыял які дазваляе казаць пра славян на нашых землях ужо ў XIII - IX ст. а можа і раней.

Знойдзены да сёння археалагічны матэрыял на Віленшчыне, які можна аднесці да славянскіх плямёнаў, трэба падзяліць на чатыры групы.

Першая з іх, найбольш высунутая на поўнач, ахоплівае Дзісненскі і ўсходнюю частку Браслаўскага паветаў. Характэрнымі для гэтай групы з'яўляюцца курганныя могільнікі са шкілетамі, якія ляжаць у глыбокіх ямах пад курганамі. Каля Крывічоў знаходзіцца абарончае раннегістарычнае гарадзішча. З летапісаў мы ведаем, што ў той час Полацкае княства займала вялікую тэрыторыю і яму нават падпарадкоўваліся некаторыя балцкія плямёны. Таму можна меркаваць, што Наўры разам з усёй другой групай, прэзентуюць нам род дрыгавічоў, якія знаходзіліся тут у той час пад палітычнай уладай крывіцкага Полацка. Ваяўнічы характар насельніцтва Наўраў лёгка тлумачыцца балцка-славянскім памежжам, дзе здаўна жылі розныя плямёны.

Трэцяя група прэзентуе славян на Віленшчыне, яны займалі ўсходнюю частку сучаснага Наваградскага ваяводства і рухаліся на захад, даходзячы, верагодна, да Гародні. Тыповымі для гэтай групы могільнікамі з'яўляюцца курганныя могільнікі ў Платава XII ст. [1] Для гэтай групы характэрнымі ёсць магілы са шкілетамі, якія знаходзяцца ў аснове кургана і адсутнасць курганоў з трупаспаленнем. Поўная адсутнасць зброі ў магілах, здаецца, сведчыць аб тым, што паселішча было мірным і існавала на працягу доўгага часу. Інвентар магіл адносна бедны, не бачым мы тут караляў з пацеркаў, наогул, там ёсць толькі адзінкавыя пацеркі.

Для трэцяй групы характэрныя пацеркі з ліставога срэбра, аздобленага філігранню. Гэты тып сустракаецца ў нашым краі толькі ў трэцяй, паўднёвай групе, на поўдзень і паўднёвы захад ад Менска. Імаверна, гэта звязана з нейкім паўднёвым гандлёвым цэнтрам, якім мог быць Кіеў. Сярод іншых упрыгожванняў - кольцы са свабоднымі канцамі і кольцы, скручаныя з некалькіх дратоў. У інвентары трэцяй групы вельмі рэдка сустракаюцца балцкія рэчы.

Бедны магільны інвентар перш за ўсё тлумачыцца адлегласцю ад вялікіх гандлёвых цэнтраў. Сувязь гэтай групы з поўднем, падкрэслівае тэхніка знойдзеных вырабаў, якая адрозніваецца ад вырабаў папярэдняй групы, а менавіта спіральна-стужкавая тэхніка лепкі сасудаў, якая прыйшла ў гэтыя раёны з паўднёвага ўсходу і магчыма, прынесла з сабой веданне ганчарнага кола.

Трэцяя група вядомая па Платаву - тыповая для мірных дрыгавіцкіх паселішчаў, якія, верагодна, знаходзіліся тут на працягу некалькіх стагоддзяў.

Чацвёртая група ідзе клінам з захаду і займае заходнюю частку Лідскага павета. Для яе характэрныя каменныя магілы, якія існуюць на Віленшчыне з XII па XV ст. У мужчынскіх магілах пераважна знаходзіцца зброя, сярод якой заслугоўваюць увагі баявыя чэканы, якія рэпрэзентуюць заходне-славянскі элемент. З жаночых упрыгожванняў найбольш прыкметныя завушніцы заходняга тыпу і завушніцы з трыма дроцікамі, якія звісаюць уніз і знізу ўпрыгожаны пласцінамі. Гэтая група з пераважна заходнімі элементамі прадстаўляе на Віленшчыне заходне-славянскую экспансію. Яна злучана з лехіцкім элементам, які ў XI ст. н. э. рухаўся на ўсход, на Віленшчыну, з паўночна-усходняга Мазоўша.

Групоўкі славян на Віленшчыне ў раннегістарычныя часы ў святле ранейшых і новых археалагічных даследаванняў уяўляюцца наступным чынам. Усходнія паветы займалі дрыгавіцкія паселішчы, жыхары якіх на працягу многіх стагоддзяў перасяляліся на нашы землі з паўднёвага ўсходу. Акрамя гэтага ўсходняславянскага элемента, нам удалося ўлавіць на Віленшчыне славянскі хвалі якія ішлі з захаду. Найстаражытнейшай з іх можа быць экспансія на ўсход крывічоў, пра што можа сведчыць самая старая на сёння група могільнікаў у Чарневічах.

Крывіцкая экспансія магла быць вельмі старой, і таму мы не бачым яе ў рускіх летапісах. Бясспрэчна, далейшыя даследаванні дадуць больш інфармацыі пра гэтую важную праблему. Другой міграцыяй заходніх славян на ўсход была хваля, якая дала Русі заходнеславянскія групы вяцічаў і радзімічаў. У летапісе Нестара чытаем аб ляцкім паходжанні гэтых двух славянскіх плямёнаў. Гэта інфармацыя супадае з даследаваннямі археолагаў і мовазнаўцаў. У інвертарах могільнікаў гэтых плямён сустракаюцца s-падобныя пярсцёнкі - тып заходне-славянскіх упрыгожванняў. На падставе моўных даследаванняў, Шахматаў вызначыў для гэтых груп элементы, якія сведчаць пра іх заходняе паходжанне. На Віленшчыне сярод археалагічных помнікаў покуль не знойдзена слядоў гэтай другой міграцыі з захаду. Трэцяя ж міграцыя з Мазоўша на ўсход, якая пачалася ў XII ст., у археалагічным матэрыяле выяўляецца надзвычай выразна.

У святле археалагічных даследаванняў, Віленшчына працяглы час знаходзілася пад уплывам славянскіх перасяленняў з захаду і міжплемянныя адносіны складваліся тут не толькі пад уплывам ўсходнеславянскага элемента.


Helena Cehak Hołubowiczcwa. Słowianie na Wileńszczyźnie w świetle badań archeologii przedhistorycznej // Kurjer Wileński. 1938. № 120.

Мяжа рассялення славян і балтаў на Віленшчыне ў да- і ранне-гістарычныя часы

Уладзімір Галубовіч

Самыя старыя з дагэтуль вядомых дагістарычных помнікаў, якія на Віленшчыне можна аднесці да балцкіх, маюць узрост каля 1500 гадоў. Першыя дагэтуль зафіксаваныя прыкметы існавання славянскага паселішча на тэрыторыі Віленскага ваяводства адносяцца да VIII ст., гэта значыць 1100 гадоў таму. Толькі ад гэтых пачатковых дат можна сёння гаварыць аб прагісторыі і рассяленні славян і балтаў на Віленшчыне (Лідскі павет у 1920-30-я гг. уваходзіў у Наваградскае ваяводства - Л. Л.).

Дагэтуль лічылася, галоўным чынам праз вынікі даследаванняў моваведаў, што прабалты першапачаткова (яшчэ ў дапястоўскія часы, г.зн. з IX па XI ст.) засялялі ўсю Віленшчыну. Мяжа іх рассялення на паўднёвым усходзе праходзіла, прыкладна, па лініі - ад савецкай мяжы каля Докшыцаў на Вілейцы і потым па Нёмане паміж Наваградкам і Лідай. Ва ўсходняй частцы ваяводства сёння пераважна жывуць беларусы (нашчадкі крывічоў і дрыгавічоў), а Дзісненскі, Пастаўскі, Браслаўскі і частка Вілейскага паветаў мела быць заселена адвечнымі тут аўтахтонамі балтамі. Славяне ўяўляліся тут заваёўніцкім элементам, які насунуўся паўднёвага ўсходу на землі балтаў і адкінуў іх на захад. Гэта "адкідванне" разумелася ў тым сэнсе, што збройныя сутычкі (напрыклад) балцкіх дружын са славянскімі, заканчваліся паразамі балтаў. Славяне ішлі як здабытчыкі, сяліліся і на працягу стагоддзяў паглыналі паселішчы этнічных балтаў, якія яшчэ заставаліся на старых месцах. Балты будавалі гарадзішчы ("nilikalnie"), змагаліся, але славяне перамагалі іх.

Аднак пададзеная такім чынам гісторыя славян і балтаў на Віленчышне не знаходзіць пацвярджэнне ў археалогіі. Археалагічныя матэрыялы паказваюць нам іншую (нават нечаканую) карціну першапачатковага рассялення абодвух народаў на Віленшчыне. У гэты артыкуле паспрабуем у агульных рысах прадставіць гэтую карціну.

У цікавы для нас перыяд гісторыі, славяне і ліцвіны хавалі сваіх нябожчыкаў у курганах, а ад нападаў ворагаў бараніліся ў гарадзішчах. Да нашых часоў захавалася досыць шмат гэтых несумненных слядоў пастаяннага рассялення абодвух груп насельніцтва. Многія з гэтых помнікаў разбурыў час, нішчыць іх і чалавечая несвядомасць. Безумоўна, як можна было меркаваць, больш за ўсё шкоды курганам рабілася ў густанаселеных раёнах з інтэнсіўным земляробствам (жалезны плуг!). Тым не менш, месцазнаходжанне гарадзішчаў і курганных могільнікаў, якія захаваліся да нашага часу, можа шмат што нам сказаць.

Да гэтага часу на тэрыторыі Віленскага ваяводства налічвалася не больш за сотню гарадзішчаў і да 250 курганных могільнікаў. У гэтым сэнсе ўсе паветы даследаваны больш-менш аднолькава. Працэнт невядомых да гэтага часу археолагам помнікаў гэта тыпу, верагодна, аднолькавы па ўсёй Віленшчыне, калі ён і вагаецца, дык у невялікіх межах.

Сённяшняе размяшчэнне гарадзішчаў і курганоў, праўдападобна дае нам дакладны вобраз размеркавання дагістарычных паселішчаў. Гэта пацвярджаецца тым фактам, што найбольшая шчыльнасць гарадзішчаў і курганоў існуе там, дзе і сёння маецца адносна большая шчыльнасць насельніцтва, г. зн., як мы ўжо казалі вышэй, там, дзе гэтыя помнікі мелі большую верагоднасць быць знішчанымі. І паколькі многія з іх захаваліся да нашых дзён, таму, верагодна, у мінулым іх было яшчэ больш. Што нам кажа карта гарадзішчаў і курганоў на Віленшчыне?

Перш за ўсё тое, што ў разгляданы перыяд чалавек пазбягаў лясоў і балот. Ён закладаў свае сядзібы амаль што выключна каля азёр і рэк, якія верагодна, служылі для яго амаль што адзінымі дарогамі, што злучалі з вялікімі гандлёвымі асяродкамі. Характэрна, што водападзелы былі заселены менш і, праўдападобна, яны з'яўляліся першапачатковымі межамі этнічных груп.

Маючы на ўвазе змесціва курганоў, паспрабуем увогуле правесці мяжу паміж славянамі і балтамі і выдзеліць самыя старажытныя на Віленшчыне раёны пражывання абедзвюх гэтых груп.

Каля азёр Браслаўскага павета, на захад ад Браслава, мы знаходзім сляды рассялення балтаў, а на ўсход, усе выяўленыя да гэтага часу курганныя могільнікі, належаць славянам. Ва ўсходняй частцы Браслаўскага павета мы не ведаем ніводнага балцкага могільніка да- ці раннегістарычнага часу. Па-праўдзе, каля Вяты і Чурылава (недалёка ад Друі) у 1937 г. раскапалі могільнік, які складаўся з "пустых" курганоў (г. зн. у іх не было магіл), аднак яго нельга было вызначыць як балцкі. Падобныя могільнікі вядомы таксама каля ўсходняга берага возера Мядзел, каля фальварка Свіркі. Развязанне загадкі гэтых могільнікаў, верагодна, трэба шукаць у Латвіі каля возера Талсі. Там знойдзены арыгінальны могільнік раннегістарычнага часу з пахавальным абрадам трупаспалення, пры якім пасле спалення нябожчыка на вогнішчы, яго косці і рэчы выкідваліся ў возера. Магчыма, што вывучэння возера Мядзел каля могільнікаў дазволіць Археалагічнаму музею Віленскага ўніверсітэта развязаць гэтую загадку.

На поўдзень ад Браслава мяжа кампактнага дагістарычнага рассялення балтаў адступае на захад, амаль што да Свянцянаў, а потым паварочвае на ўсход і выходзіць да азёраў Мядзел і Нарач, каб адсюль, каля Кураніцы і Вілейкі, па дузе пайсці ў бок Трабаў. Таксама на поўдні ад Браслава, мяжа кампактнага рассялення славян адступае на ўсход, абмінаючы негасцінныя лясы. У Вілейскім павеце вялікая колькасць курганоў славян зноў збліжаецца з балтамі.

На ўсход ад гэтай вызначанай мяжы да гэтага часу не знойдзены не да- ні раннегістарычныя сляды балтаў.

Галоўнай тэрыторыяй кампактнага (шматлікія курганы і гарадзішча) рассялення славян на паўночным усходзе была правая частка басейна Дзісны ў Дзісненскім і часткова Пастаўскім паветах. Да гэтага часу тут знойдзены самыя старыя сляды іх побыту, якія паходзяць з VIII ст. Верагодна, яны належалі да той групы славян якая ў рускіх летапісах вядома як племя крывічоў каля Полацка.

На паўдзённым усходзе, у Вілейскім павеце, у верхняй частцы басейна Віліі, знаходзіцца другая, дастаткова колькасная і адносна кампактная група славянскіх курганоў, славяне гэтыя, пэўна, знаходзіліся ў блізкім кантакце з Менскам. Верагодна, гэта былі дрыговічы.

Балцкія курганы ў вялікай колькасці ёсць ў заходняй частцы Свянцянскага павета і ў басейне Віліі, а таксама ў Ашмянскім і Віленска-Троцкім паветах (у гэтым, апошнім, таксама на паўдзённым захадзе, у басейне Мерачанкі). Самыя старыя балцкія магілы, якія з'явіліся 1500 - 1100 гадоў таму, знаходзяцца ў ваколіцах Жодзішак і Куранца Вілейскага павета і каля Смаргоні Ашмянскага павета - гэта самыя ўсходнія паселішча балтаў.


Усё вышэйсказанае, паказвае нам у новым святле гісторыю першаснага балцкага і славянскага рассялення на Віленшчыне. Існаванне своеасаблівай "памежнай пусткі" паміж абедзвюма групамі ва ўсходняй частцы Свенцянскага і заходняй частцы Пастаўскага паветаў і больш рэдкае насельніцтва ў ранні гістарычны перыяд ва ўсходняй частцы Браслаўскага павета (што вынікае з карты гарадзішчаў і курганоў), сведчыць аб тым, што балты і славяне падчас свайго суіснавання ў агульных палітычных межах, разам каланізавалі гэтыя тэрыторыі. Гэта каланізацыя магла пранікаць глыбей як з аднаго, гэтак і з другога боку. Гэта можа быць прычынай змешвання моваў, якое паказалі першыя спісы насельніцтва. Такім чынам, балты, якія выяўлены ў спісах насельніцтва на "славянскім" баку, як і славяне знойдзеныя на "балцкім", не былі "дагістарычнымі аўтахтонамі".

На падставе вядомых на гэты час дагістарычных матэрыялаў, мы можам дапусціць, што хваля балцкага рассялення ў сваёй самай моцнай фазе ішла па Віліі на ўсход і сустрэлася на вышэйапісанай мяжы з хваляй славянскага рассялення, якая рухалася на захад, галоўным чынам па басейнах Дзісны і Віліі, і каля XI - XII ст. наступіла ўзаемнае пранікненне гэтых хваль.


Włodzimierz Hołubowicz. Granica osadnictwa Słowian i Litwinów na Wileńszczyźnie w czasach przed i wczesnohistorycznych // Kurjer Wileński. 1938. № 353.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] У 1936 г. Хелена Цэгак-Галубовіч раскапала тут 15 курганоў. Гл: Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понёманья. Москва-Ленинград, 1962. С. 201. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX