...Што ведаем мы пра грашовае абарачэнне на Беларусі ў канцы XVIII-пачатку XIX ст.? Хоць у 1795 г. трэці падзел Рэчы Паспалітай зліквідаваў дзяржаўнасць нашей зямлі, абарот старых айчынных i іншаземных манетаў працягваўся побач з расейскаю манетаю. Вядомыя два ўказы 1844 i 1846 гг. аб неадкладнай здачы «нерасейскіх» манетаў. Гэта ўжо само па сабе сведчыць, што насельніцтва не спяшалася выконваць загад з-за сталай звычкі да сваіх грошай. З прагнай да гісторыі перыёдыкі мы ведаем, што па тагачасным курсе 100 рублёў асігнацыямі былі роўныя 22 срэбным рублям, i, такім чынам, падаткі на Беларусі былі ў 4-5 разоў вышэйшыя, бо ў беларускіх губернях царская адміністрацыя, у адрозненне ад Расіі, збірала ix не ў асігнацыях, а ў звонкай манеце. У канцы XVIII ст. рубель у асігнацыях або ў меднай манеце ацэньваўся ў 68 капеек срэбрам. Адным словам, ведаем няшмат.
Калі сур'ёзна, без белетрызацыі гісторыі, то яшчэ вялікі князь Георгі Міхайлавіч у канцы XIX ст. меў звесткі, што да 1802 г. рубель асігнацыямі ацэньваўся ў 76,9 капейкі, з 1802 - 71,4 капейкі, i толькі пасля вайны 1812 г. ён стаў дароўнівацца да 25-28 капеек. Дарэчы, падаткі збіраліся ў срэбнай манеце таму, што ў «літоўскіх» губернях казна за нарыхтоўкі разлічвалася таксама срэбрам. Апроч таго, з 1802 па 1809 г. было часова дазволена ўносіць падаткі i асігнацыямі па бягучым курсе.
Паглядзім жа, якімі грашыма карысталіся ў Менску ў канцы XVIІІ - пачатку XIX ст. Найбольш папулярным быў чырвонец. Стосік выпісак: пра «чырвонцы» - каля паўтара сантыметра, «злотыя i грошы» якія паўсантыметра, а пра «рублі срэбрам», як i «рублі асігнацыямі», - мізэрны, некалькі міліметраў. I сапраўды - у 45 дакументах згадваюцца чырвонцы, у 13 - «польскія злотыя» ды «грошы звонкаю манетаю», у 10 - «рублі срэбрам», у 4 - «асігнацыямі».
Адразу трэба адзначыць, што адзін злоты раўняўся 15 капейкам («кожны 3 трох рэзчыкаў будзе атрымліваць штотыдзень па 10 злотых, або 1 р. 50 к.» - 1806 г.) (усе дадзеныя, прыведзеныя далей, узяты з кнігі Я. Брафмана «Кніга Кагала» 1845 г.), чырвонец - тром рублям срэбрам, або 20 злотым («Прысяга, насупраціў, застаецца абавязковаю для ўсіх, за выключэннем толькі асобаў, якіх ад гэтага вызваліць узнос 50 чырвонцаў, г. зн. 150 руб. срэбрам, як было выкладзена ў папярэдніх актах» - 1802 г.). Звычайна сумы, названыя Ў дакументах, складаюць 2-10 чырвонцаў, якія маглі быць аддадзены Ў срэбры («...абкласці яго грашовым штрафам у 30 руб., якія ён павінен унесці ў кагальную касу, уключыць у гэтую суму i тыя пяць чырвонцаў, узгаданых вышэй...» - 1802 г.). Ніколі не называецца побач з чырвонцамі асігнацыя, якая ўвогуле рэдка сустракаецца; гэта можна тлумачыць нестабільнасцю курсу папяровых грошай. Есць i экстраардынарныя расходы ў 75, 100 i нават 800 чырвонцаў, але гэта выключэнне.
Адзін раз, пад 5558 г. (1798) чытаем запіс пра выдачу з кагальнай касы 22 рэйхсталераў, адзін раз згадваецца шылінг (1/6 капейкі), які трэба было ўносіць з кожнага злотага кошту новапашытага адзення i абутку на карысць таварыства талмуд-торы. Лёгка падлічыць, што падзел гроша па-ранейшаму адбываўся на тры соліды (30 грошаў = 15 капеек).
Здаецца, найбольш цікавыя для нумізматыкі звесткі змяшчаліся ў правілах збораў ад рэзання жывёлы. Вось вытрымкі з гэтых правілаў за кашэрную ялавічыну 1801 г.:
«2) ...Адразу пасля ўзважвання гаспадар павінен заплаціць звонкаю манетаю вагавыя, па тры грошы (1 ½ кап.) з кожнага фунта...
9) За галаву, язык, лёгкія, тук i ўнутранасці быка ідзе згодна з палажэннем магістрацкага ўказа па 6 пятакоў (9 кап.), а каровы - па 4 пятакі (6 кап.)».
Можна зрабіць выснову, што тры грошы=1 ½ капейкі=пятаку, іншымі словамі, што траяк сінанімічна называўся пятаком. Тут не так цікавы пятак-траяк (назва «пятак» з'явілася ў другой палове XVI ст., а да траякоў ужывалася ў другой палове XVII ст., як зафіксавана кнігамі магілёўскага магістрата, а тое, што ў пачатку XIX ст. пятак яшчэ жыве ў лексіцы жыхароў Менска! I функцыя пятака цяпер - вызначаць «тры грошы звонкаю манетаю, а Ў адрозненне ад ліку на асігнацыі (медзь) лік пятакамі - гэта лік срэбрам (як i лік злотымі i чырвонцамі).