Нядаўна, перачытваючы Тэадора Нарбута, я знайшоў такую інфармацыю: «Бульба ў Літве стала вядомай толькі ў другой палове XVIII ст., паводле інвентара маёнтка, у маёй вёсачцы садзіць гэтую расліну ў агародзе першы раз пачалі ў 1763 г., і, падобна, што так было ва ўсім Лідскім павеце» [1]. А гэта значыць, што сёлета спаўняецца 260 гадоў нашай беларускай бульбе. Здаецца, бульба вартая таго, каб трошкі расказаць пра яе гісторыю.
Вядома, што радзіма бульбы - Паўднёвая Амерыка, дзе і дагэтуль можна сустрэць гэтую дзікарослую расліну, бульбу там пачалі есці прыкладна 14 тысяч гадоў назад.
Агульнавядомым з'яўляецца тое, што ў Еўропу гэтую карысную расліну прывезлі іспанскія канкістадоры ў сярэдзіне XVI ст., адтуль яна трапіла ў Італію, а потым распаўсюдзілася ў Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых еўрапейскіх краінах. Аднак спачатку бульба была прынята ў Еўропе як дэкаратыўная расліна. У Францыі яшчэ ў канцы XVIII ст. кветкамі бульбы ўпрыгожвалі валасы ці рабілі з іх букеты і на бульбяныя кветкі ўстанавілася такая мода, што давялося рабіць штучныя, бо жывых пачало не хапаць. У Германіі гэтую расліну садзілі на клумбах перад палацамі. Аднак, з-за недахопу прадуктаў падчас войнаў, нямецкія сяляне пачалі выкарыстоўваць бульбу як ежу, і гэтак яна распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе як ядомая палявая культура. Як ежа, бульба пачала масава спажывацца па ўсёй Еўропе ў другой палове XVIII ст., і, як бачым, у гэтым сэнсе Лідчына зусім не адставала ад Еўропы.
У Рэчы Паспалітай гэтая расліна стала вядомая ў XVII ст. Раней лічылася, што ўпершыню бульбу да нас завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай у 1683 г. Але гісторык Анастасія Скеп'ян знайшла, магчыма, першы ўспамін пра бульбу - «bulbos americanos» - сярод апісання 1623 г. агарода пры віленскім палацы полацкага ваяводы Януша Кішкі, дзе некалькі яе кустоў раслі на адной градцы [2]. Заўважу, што беларускае слова «бульба», як і польскае «bulba, bulwa», чэшскае «bulva» і нямецкае «bolle» паходзіць ад лацінскага «bulbus» (усе маюць значэнне: «клубень, цыбуліна») [3]. Такім чынам аказваецца, што беларускае слова «бульба» ніякае не народнае, тым больш не простанароднае, а самае што ні на ёсць навуковае, паходзіць з высакароднай латыні.
Анастасія Скеп'ян адзначыла, што ад стагоддзя да стагоддзя меню, якое падавалася на панскі стол, ускладнялася. Падчас банкетаў на стале побач з традыцыйнымі мяснымі і рыбнымі стравамі пачалі з'яўляцца не ўласцівыя для мясцовай кухні прадукты. Калі на пачатку XVI ст. гэта былі цытрусавыя (апельсіны і лімоны), разнастайныя гатункі салатаў, то паступова да іх дадаліся бульба, спаржа, арцішокі і нават слімакі [4]. Як бачым, бульба лічылася вялікім далікатэсам.
Заўважу, што ў той час, Януш Кішка з жонкай Крысцінай валодалі часткай маёнтка Ольжава, што знаходзіцца недалёка Ліды [5], але пра бульбу на Лідчыне на пачатку XVII ст. нам нічога не вядома. А віленскі палац Кішкі, каля якога і быў агарод з бульбай, ляжаў за ракой Віліяй, каля гасцінца, які праз Зарэчча ішоў на Полацк [6].
У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім «Compendіum ferculorum, albo Zebranіe potraw» («Усё пра стравы, альбо Збор страў»), згадваецца першы бульбяны прысмак для эліты Рэчы Паспалітай. Пад назваю «tertofelle» ў гэтай кнізе, хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і, пакроеную на скрылікі, смажылі. Кніжка пабачыла свет у 1682 г. і на працягу XVІІІ ст. неаднаразова перавыдавалася. Згаданая ў ёй страва - яшчэ не масавы прадукт, а ўсё яшчэ гастранамічнае вынаходніцтва да панскага стала.
Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панавання караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1736-1763 гг.) на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны. Тады яна вырошчвалася нямецкімі каланістамі ў каралеўскіх эканоміях. У другой трэці XVIII ст. бульба распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі, і ў Шаўрах Нарбута бульбу вырошчвалі не нямецкія каланісты, а звычайныя беларускія сяляне.
Беларускія сяляне напачатку недаверліва ставіліся да гэтай расліны. Сяляне з уласцівай нашаму народу ціхмянай упартасцю здзяйснялі акты сабатажу і ўсяляк ухіляліся ад навацый. Аднак, дзякуючы ціску тутэйшай шляхты, бульба ў добраахвотна-прымусовым парадку ўсё ж з'явілася на сялянскіх палетках. Адам Мальдзіс пісаў: «Бульба распаўсюджвалася з такой хуткасцю, як аніводная іншая культура, бо давала добры даход і не раз ратавала беларускага селяніна ад голаду. У канцы 18 ст. яе садзілі амаль па ўсёй Беларусі [...]
Як і ўсё новае, бульба мела і сваіх праціўнікаў. Да бульбяных бунтаў, праўда, у нас не дайшло. Але ўсё ж канфлікты былі. У 1817 г. гаспадар маёнтка Целятнікі, што на Віцебшчыне, генерал Р. Гернгрос пачаў прымушаць сваіх сялян, каб яны садзілі на палях бульбу. За работай назіраў або сам пан, або яго памагатыя. Аднак бульба не расла: толькі зрэдку на загоне віднеўся адзін-другі кусцік. «Чаму ў вас бульба не родзіць?» - здзіўленна пытаўся генерал у прыгонных. Тыя скрэблі патыліцу і з усмешкай адказвалі: «Не, паночак! Ужо як сабе пан хочаш, а бульбе не радзіць на нашай зямлі».
Сакрэт аказаўся просты. Пасля пасадкі клубняў, калі пан адыходзіў, сяляне адкопвалі іх і ў бліжэйшай карчме аддавалі «праклятыя яблыкі» за якую кварту гарэлкі. Даведаўшыся пра гэта, Гернгрос загадаў рэзаць кожную бульбіну на чатыры часткі, каб такім чынам, тлумачыў ён сялянам, пазбавіцца, зрабіўшы крыжавідны разрэз, ад «д'ябальскага ўплыву», што нібы быў прычынай неўродзіцы. І тады сяляне перасталі выбіраць парэзаную бульбу з зямлі, і з трывогай у сэрцы пабачылі на сваіх палях буйна квітнеючую бульбу, а потым і самі пачалі яе разводзіць.
Хутка бульба стала для беларусаў «другім хлебам». Яе ўраджаі па сваёй масе былі ў некалькі разоў большыя, чым ураджаі збожжа. Бульбу пачалі даваць на корм жывёле, а памешчыкі пераганялі яе на гарэлку» [7].
Антоні Адынец паведамляў у сваіх ўспамінах, што сам Адам Міцкевіч, калі вучыўся на першых курсах Віленскага ўніверсітэта, напісаў гераічна-камічны эпас пад назвай «Бульба», гераічная частка твора знаёміла нас з адкрыццём Амерыкі, а наступная частка - з бульбяной гаспадаркай Літвы. Героіка-камічная паэма А. Міцкевіча «Kartofla» не была надрукаваная пры жыцці паэта, першая публікацыя гэтай паэмы ў захаваных фрагментах адбылася толькі ў 1949 г. [8]
У XІX ст. бульба цалкам і безумоўна перамагла на беларускіх палетках. Калі ў Гарадзенскай губерні ў 1822 г. сабралі 7,1 тысячы чвэрцяў бульбы, дык у 1827 г. ужо ў сто разоў болей (чвэрць - ¼ бочкі, мера аб'ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей, раўнялася 101,62 л.).
У справаздачах Менскай ды Віцебскай губерняў за 1828 г. адзначалася, што «бульба з'яўляецца памочнікам да харчавання, родзіць выдатна, з поспехам паўсюль тут разводзіцца». У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 г. было напісана: «Бульба займае першае месца ў ліку абраблянай гародніны, спрыяе харчаванню народа, гадаванню жывёлы і ўгнаенню палеткаў». Бульба ў той час становіцца галоўнай культурай, «другім хлебам». А для бедных сялян яна была адзіным хлебам, як пісаў адзін з тагачасных аўтараў: «Гарох, частку ячменю, авёс сяляне прадаюць, бульбай харчуюцца амаль цэлы год».
Ужывалі бульбу і мае прамыя продкі. У 1861 г. гаспадар маёнтка Галоўчыцы (што каля Лыскава сучаснага Пружанскага р-на) абшарнік Твардоўскі падмануў майго прапрадзеда, адстаўнога салдата Яна Лаўрэша на 5 чвэрцяў бульбы. Праз некалькі гадоў Ян Лаўрэш праз суд, хадайнічаў аб вяртанні 5 чвэрцяў бульбы, якую ў яго забраў эканом. Суд высветліў, што бульбу ў адстаўнога салдата і сапраўды забралі неабгрунтавана. Вось такая сямейная гісторыя, як учарашні прыгонны селянін судзіўся з панам з-за бульбы і выйграў суд.
Цікава, што у 1866 г. вынаходнік-самавук з Лідчыны Яўтах Шалевіч зрабіў некалькі машынак для чысткі бульбы.
Ужо ў 1860-я гады ўзнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. А на пачатку XX ст. беларускае бульбаводства стала найлепшым і адным з мацнейшых у Расейскай імперыі. На 1913 г. прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасці - пасяўная плошча склала 583,3 тысячы гектараў, ураджайнасць - 6,4 тоны з гектара, валавы збор 4 мільёны тон, ці 12,6% валавога збору ў Расеі. Бульба вырошчвалася паўсюдна. Напрыклад, у вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур'ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, што на Лідчыне: «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа ...» [9].
Знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі ведаў Вандалін Мацей Шукевіч у сваім маёнтку каля вёсцы Нача на Лідчыне арганізаваў 5 эксперыментальных палёў для выпрабавання штучных угнаенняў, новых гатункаў бульбы і аўсу.
Патрабавалася бульба і для працы бровараў. Да Першай сусветнай вайны пры броварах было каля 450 тысяч дзесяцін ворнай зямлі з якіх 55 тысяч дзесяцін засаджвалася бульбай. У 1911 г. Беларусь перагнала на спірт 2622 тысячы пудоў збожжа і каля 40800 тысяч пудоў бульбы.
Батанік, фенолаг і спецыяліст у галіне сельскагаспадарчых навук, Вацлаў Ластоўскі (1880-1954) у 1911 г. адкрыў у Беняконях, што на Лідчыне, навуковую даследчую станцыю, адной з мэтаў якой, было і вывядзенне новых гатункаў бульбы. Газета «Наша Ніва» пісала ў 1911 г.: «У Беняконях ... аткрылася пробнае поле (станцыя) Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі на 15 дзесяцінах. Пабудавалі гожае мураванае гумно, хату для чэлядзі, кожнаму па пакою і пякарню. Пакуль што жывець там і дырэктар пробнай станцыі аграном Ластоўскі, а на вясну будуць будаваць мураваны дом. Памешчыкі далі на станцыю 20 тысяч, і казна 20 тысяч рублёў дасць, калі зацвердзіць Дума, і штогод будзе казна 20 тысяч рублёў даваць па 3 тысячы руб.
У гэтым гаду пасадзілі на пробу 26 гатункаў бульбы, поле ўсё дрэнавалі. Увосень жыта сеялі і садзілі розных гатункаў.
Адну дзесяціну бульбы, касілі бульбяннік, як толькі кончыў красаваць, а другую пакінулі. Някошаная бульба дала на 320 пудоў больш бульбы, як кошаная. На вясну станцыя будзе шырока рабіць розныя пробы, каб ведалі гаспадары, як гаспадарыць. Каля пробнага поля дырэктар Ластоўскі засеяў сам ... жыта двом гаспадаром Войшніцы і Развадоўскаму. Паглядзім, што будзе!» [10].
У 1915 г. Ластоўскі стаў бежанцам і пасяліўся ў Менску. Лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі ў сваіх успамінах пісаў, што Ластоўскі ў Менску, у «1917-18 гг. лічыў сябе беларусам».
Прафесар Вацлаў Ластоўскі кіраваў станцыяй на працягу 35 гадоў. Сярод іншых прац, ён вывеў адаптаваную да прыродных умоў Віленшчыны бульбу Альмарыя, а таксама беняконскае жыта, тыбецкі авёс, авёс Лонгінус і раннія гатункі лубіну.
І сёння бульба застаецца для нас адной з галоўных сельскагаспадарчых культур і, што вельмі істотна - часткай беларускай культуры.
[1] " Kartofla w Litwie w drugiej dopiero połowie wieku XVIII powszechnie znajomą bydź zaczęła; podług regestrów ekonomicznych, mojej wiosczyny w ogrodzie uprawiać pierwszy raz poczęto tę roślinę roku 1763, i podobno w całym powiecie Lidzkim" - Гл: Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. T. 9. Wilno, 1841. S. 73.
[2] Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV-XVIII стст.): зборнік навуковых прац. Мінск, 2014. С. 6.
[3] Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мінск:, 1978. С. 410.
[4] Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII стст. С. 6.
[5] Лаўрэш Леанід. Ольжава // Лідскі Летапісец. 2020. № 3 (91). С. 33-43.
[6] АВАК. Т. XX. 364-376.
[7] Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980. С. 196.
[8] Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 91.
[9] Kuryer Litewski № 221, 30 wrzesnia (13 pazdziernika) 1910.
[10] Наша Ніва № 50, 15 (28) лістапада 1911.