Значная частка нашых нацыянальных каштоўнасцяў падчас шматлiкiх лiхалеццяў сталася страчанай, вывезенай за межы Беларусi i апынулася ў музеях, бiблiятэках, дзяржаўных архiвах i прыватных зборах шэрагу краiн. З абвяшчэннем суверэнiтэту надышоў час пошукаў, час здабывання больш дакладных звестак аб вывезеных скарбах i месцах іх захоўвання.
У апошнiя гады ўвага даследчыкаў i грамадскасцi скіравана да пытання канфесiйнай арыентацыі Беларусi як у цяперашнi час, так i ў мiнулым. Невыпадкова праяўляецца цiкавасць не толькi да праваслаўнай i каталiцкай цэркваў, але i да менш вядомай сёння - унiяцкай. Даследчыкам хрысцiянства часоў сярэднявечча i сучаснасцi вядома, што ў гiстарычных архiвах Мiнска i Гродна захавалася невялiкая частка дакументаў пра унiяцкую царкву. Астатнiя альбо страчаны, альбо месцяцца ў замежных архівах.
Унiяцкае духавенства захавала мноства каштоўных дакументаў з жыцця царквы. Надзвычай багатая i разнастайная iнфармацыя пра унiю на Беларусi змяшчаецца ў архiвах i рукапiсных аддзелах бiблiятэк Лiтвы, Польшчы, Расii, Украiны. Праца над тэматычным даведнiкам распачата з Расiйскага дзяржаўнага гiстарычнага архiва ў Санкт-Пецярбурзе, дзе захоўваецца большая частка дакументаў азначанай тэматыкі, у тым лiку велiзарны архiў унiяцкiх мiтрапалiтаў (фонд № 823 "Канцылярыя мiтрапалiта грэка-унiяцкiх цэркваў у Расii"), у якiм сабрана 5850 адзiнак захавання за 1470-1871 гг. Згаданы фонд з'яўляецца аб'ектам дадзенага даведнiка.
Падставовымі дакументамі функцыянiравання мiтраполiі грэка-унiяцкiх цэркваў з'яўляліся рашэннi Фларэнтыйскага (1439) і Берасцейскага (1596) сабораў, а таксама апостальская канстытуцыя папы Клімента VIII Маgnus Dominus et Laudabilis nimis (1595). Уніяцкія iерархі прызнавалi першынство папы рымскага i падпарадкоўваліся яму. Ідэю унii, напачатку падтрыманую дзяржаўнай уладай, не прыняла частка праваслаўнай шляхты, духавенства i гараджан. Мелi месца супярэч-насці і канфлiкты, што часам пераходзiлi ў супрацьпраўныя дзеянні асобаў, якiя не прынялі уніі, але паступова унiяцкая царква сваёй дзейнасцю ахапiла пераважную большасць насельніцтва Беларусі (каля трох чвэрцяў).
Пасля інкарпарацыі Беларусі Расiяй была цалкам разбурана тэрытарыяльная структура уніяцкай царквы. Нязменным з дзевяцi епархiяў засталося на працягу 1772-1839 гг. толькi Полацкае архiбiскупства. Былi зачыненымi больш за 80% манастыроў. 12 лютага 1839 г. расiйскі ўрад склiкаў царкоўны сабор у Полацку, на якiм вышэйшае духавенства унiяцкай царквы прыняло рашэнне аб далучэнні унiятаў да расiйскай праваслаўнай царквы. Рашэнне з пункту гледжання права не можа прызнавацца за кананiчнае, бо нiводны з iерархаў не меў тады дазволу Апостальскай сталiцы на займаную пасаду.
Першы вопiс царкоўнага архiва зрабiў паводле загаду мiтрапалiта Л. Заленскага ў 1699 г. базыльянiн Язэп Сапаровiч, якi з 1709 г. быў старэйшым Лаўрышоўскага манастыра. У гэты час архiў знаходзiўся ў мiтрапалiцкiм маёнтку Рута Навагрудскага ваяводства. Пасля адыходу ў 1687 г. Кiева да Расii сталай рэзiдэнцыi ў мiтрапалiтаў не было, i жылi яны ў цэнтрах тых епархiй, дзе адначасова выконвалi абавязкi бiскупаў. Таму архiў у розныя часы месцiўся ў Навагрудку, Варшаве, Гродку, Струнi, Львове, Радамышлi, Луцку, Сяняве, Быценi i г.д. З 1810 па 1828 г. архiў знаходзiўся ў Вiльнi, дзе спакойна перачакаў вайну Расii з напалеонаўскай Францыяй. У 1828 г. з пераездам мiтрапалiта Ясафата Булгака ў Полацк туды перавезлi i архiў.
Згодна з загадам урада ад 16.07.1805 г. кiраўнiцтва грэка-каталiцкай царквой было сканцэнтравана ў II Дэпартаменце Рымска-каталiцкай калегii Мiнiстэрства духоўных спраў i народнай асветы. Верхавенства ў iм належала мiтрапалiту грэка-каталiцкай царквы. У лютым 1829 г. Я.Булгак пераехаў у сталую рэзiдэнцыю мiтрапалiтаў у Санкт-Пецярбург. Архiў размясцiўся ў памяшканнi Грэка-унiяцкай духоўнай калегii. Пасля спачыну апошняга унiяцкага мiтрапалiта ў 1838 годзе камплектаванне архiва спынiлася. Пазней частку архiва грэка-каталiцкiх мiтрапалiтаў, што засталася ў Вiльнi, перавезлi ў Пецярбург. Увесь архiўны збор быў перададзены ў Беларуска-Лiтоўскую калегiю, якая ў той час кiравала справамi былых унiятаў.
У 1840 г. у Радамышлi на Украiне, дзе ў апошнiя гады Рэчы Паспалiтай знаходзiлася рэзiдэнцыя унiяцкага мiтрапалiта, знойдзена яшчэ адна частка архiва. Паводле прапановы архiбiс-купа лiтоўскага Iосiфа Сямашкi i з дазволу Сiнода справы перавезлi ў Пецярбург у Беларуска-Лiтоўскую калегiю. 14 жнiўня 1843 г. калегiя была зачынена. Мiтрапалiцкi архiў на працягу некалькiх гадоў перадаваўся ў архiў Свяцейшага Сiнода. У 1865 г. была створана Камiсiя па ўпарадкаваннi дакументаў архiва. Прагляд i апiсанне архiўных спраў прызначаныя да гэтага супрацоўнiкi рабiлi (з перапынкамi) амаль паўстагоддзя.
Упершыню некаторыя дакументы архiва былi выдадзены ў 3 тамах "Актов, относящихся к истории Западной России" i першых 2 тамах "Актов, относящихся к истории Южной и Западной России", "Вестнике Юго-Западной и Западной России". Акрамя дакументаў выйшлi ў свет два тамы апiсання канцылярыi мiтрапалiтаў грэка-унiяцкiх цэркваў пад назвай "Описа-ние документов архива западнорусских униатских митрополитов", т.I (1470-1700), СПб., 1897; т.II (1701-1839), СПб., 1907. Задачай апiсання было даць iнфармацыю аб дакументах праз загаловак справы з пералiкам асоб, мясцiн i зместу (тэматыкi). Тыя дакументы, якiя мелi адносiны да праваслаўнай царквы, прыведзены са значнымi вытрымкамi пераважна пачынаючы з 1839 г. Акрамя загалоўка вопiсаў альбо тлумачэнняў указаны мова, дата, аб'ём справы. Апiсанне рэдагаваў С.Рункевiч, i ў прадмове да другога тома ён адзначыў, што пад кiраўнiцтвам выкладчыка Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэмii П.М. Жуковiча распачата праца над трэцiм томам. Але праца не была завершана. Яе закончылi супрацоўнiкi Цэнтральнага дзяржаўнага гiстарычнага архiва ў Ленiнградзе пасля другой сусветнай вайны.
У 1950-1952 гг. дакументы, якiя не трапiлi ў першы i другi тамы, пасля навуковай распрацоўкi ўвайшлi ў трэцi вопiс. Ён налiчвае 1588 адзiнак захавання за 1407-1871 гг. Вопiс складзе-ны па прадметна-намiнальнай адзнацы, лiставанне мiтрапалiтаў сфармiравана па храналогii. Дадаткам да вопiсу з'яўляюцца прадмова, заўвагi, паказальнiк iмёнаў i геаграфiчных назваў.
Дакументы фонду напiсаны на лацiне, а таксама старабеларускай, стараўкраiнскай, польскай, рускай, французскай, iтальянскай i грэчаскай мовах. Дакументы, якiя належаць да фонду канцылярыi мiтрапалiтаў, апавядаюць пра суiснаванне хрысцiянскiх канфесiяў, iх зблiжэнне, канфлiкты, пашырэнне ўплыву праваслаўнай царквы пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай. Акрамя шырока прадстаўленага царкоўнага жыцця дакументы адлюстроўваюць палiтычныя падзеi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i Рэчы Паспалiтай. Яны падаюць шматлiкiя матэрыялы пра войны з Маскоўскiм княствам, iнкарпарацыю беларускiх земляў у склад Расiйскай iмперыi, вайну з Напалеонам у 1812 годзе, паўстанне 1830-1831 гг. Значная частка фонду - фiнансавыя i маёмасныя справы, прывiлеi, дароўныя акты, духаўнiцы, матэрыялы судовых працэсаў. Сярод судовых спраў канцылярыi захавалiся дакументы i выпiсы з iх за XV ст., якiя далучалiся ў ходзе працэсаў.
Выклiкаюць цiкавасць дакументы па гiсторыi асветы на Беларусi, звесткi з генеалогii беларускай шляхты, аб побыце i сямейных адносiнах, сфрагiстычныя матэрыялы. Захавалiся метрычныя кнiгi Берасцескай унiяцкай епархii. Гiстарычныя дакументы з архiва унiяцкiх мiтрапалiтаў - гэта невычэрпная кры-нiца для кожнага сур'ёзнага даследчыка палiтычнай, сацыяльнай, культурнай i канфесiйнай гiсторыi Беларусi XVI-XIX стст.
* * *
Каб захаваць у кампазiцыйным плане адпаведнасць вопiсам гiстарычнага архiва, даведнiк складзены з трох частак на падставе iснуючых вопiсаў па храналагiчнаму прынцыпу. Першыя дзве часткi змяшчаюць апiсанне дакументаў, што друкавалiся ў 1897 i 1907 гг., вопiс складзены ў 1950-1952 гг. не друкаваўся i таму невядомы шырокаму колу даследчыкаў. Гэта фактычна друкаваны каталог, дзе пададзены звесткi з гiсторыi царквы ў Беларусi XV-XIX стст. з фонду "Канцылярыя мiтрапалiта грэка-унiяцкiх цэркваў у Расii".
Кожная легенда адпавядае апiсальнаму артыкулу вопiсу i тытульнаму лiсту справы ў архiвасховiшчы i складаецца з 1) загалоўка архiўнай справы, 2) пазначэння мовы дакументаў (I - iтальянская, Л - лацiна, Р*, П - польская, Ф - французская, Г - грэчаская), 3) даты, 4) нумара справы, 5) аб'ёму (калi лiсты ў справе пранумараваны) i 6) месца паходжання.
С.I. Паўловіч
________________
* Беларуская для дакументаў XV-XVII стст. i расiйская для дакументаў канца XVIII-XIX стст.