Гэтая праца ёсць працягам стварэння інфармацыйнага каталога пра наяўнасць і месцы захоўвання дакументаў па гісторыі Беларусі. У 1999 г. быў выдадзены першы выпуск даведніка "Дакументы да гісторыі царквы ў Беларусі XV-XIX стст. у фондзе "Канцылярыя мітрапалітаў грэка-уніяцкіх цэркваў у Расіі" з Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбурзе".
Другі выпуск даведніка прысвечаны кіеўскаму і львоўскаму дзяржаўным гістарычным архівам Украіны. У яго ўвайшлі дакументы па гісторыі ўніяцкай царквы ў Беларусі XVI-XX стст.
У трэцім выпуску даведніка "Дакументы да гісторыі царквы ў Беларусі XVI-XX стст." пададзена апісанне дакументаў, што захоўваюцца ў фондах дзяржаўных гістарычных архіваў Літвы і Расіі.
Артыкулы апісання асобных спраў згрупаваныя па архівах: у першай частцы пададзеныя назвы спраў па гісторыі ўніяцкай царквы Беларусі, выяўленыя ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, у другой - у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбурзе, а ў трэцяй - у Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве.
Крытэрыем адбору спраў былі прыналежнасць іх да гісторыі Беларусі альбо беларускае паходжанне.
Справы пададзеныя ў тым парадку, у якім яны размешчаныя ў вопісах фондаў архіваў з захаваннем пошукавых даных спраў. Гэта дае магчымасць беларускім даследчыкам рабіць адбор матэрыялаў паводле неабходнай тэматыкі са спасылкамі на пошукавыя даныя. Кожная легенда даведніка адпавядае апісальнаму артыкулу вопісу і тытульнаму лісту справы ў архівасховішчы. Легенда складаецца з:
1) загалоўка архіўнай справы, 2) даты, 3) нумара справы, 4) нумароў аркушаў, на якіх месціцца дакумент.
Да даведніка прыкладаецца навукова-даведачны апарат: імянныя і геаграфічна-тэматычныя паказальнікі да кожнай часткі, спіс скарачэнняў, тлумачальны слоўнік. У дадатках змешчаны пералік каталіцкіх манастыроў, зачыненых у 1831-1832 гг., які склалі супрацоўнікі Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, і пададзена фіксацыя сучаснага стану пабудоваў, што раней належылі ўніяцкай царкве.
Выданне не прэтэндуе на вычарпальную падачу ўсіх крыніцаў па гісторыі ўніяцкай царквы, якія адсутнічаюць на Беларусі.
С.І. Паўловіч
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
