1. Уводзіны
Высьвятленьне гістарычнае праўды пра тыя або іншыя падзеі мінулых часоў вымагае шматлікіх, разнастайных і грунтоўных досьледаў. Існуюць розныя шляхі рэканструкцыі сапраўднае хады падзеяў: архэалягічныя вышукі, вывучэньне афіцыйных дакумэнтаў, успаміны відавочцаў. Найбольш каштоўнымі дзеля ўразуменьня нутраных працэсаў зьяўляюцца прыватныя лісты і занатоўкі сучасьнікаў, бо дазваляюць высьвятліць пазыцыі дзейных асобаў.
Напісанае вышэй ня траціць сваёй праўдзівасьці калі дасьледваць працэсы першае чвэрці ХVII ст. у сацыяльнай і канфэсійнай сфэрах ВКЛ, што сталіся прычынай трагічных падзеяў 12 лістапада 1623 году, а менавіта забойства віцебскімі месьцічамі архібіскупа полацкага, віцебскага і мсьціслаўскага Язафата Кунцэвіча. У гэтым аглядзе мы з большага засяродзім увагу на лістах, дзе адным з бакоў быў полацкі ўладыка. Дасьледнікам невядомыя лісты Сьвятога Язафата да прызначэньня яго на полацкі пасад і прыезду ў старажытны горад у студзені 1618 году. Магчыма іх і не існавала, бо манаху сталічнага віленскага манастыра Сьвятой Тройцы пэўна не было вялікае патрэбы ў ліставаньні. Інакш у Полацку. Справы разьлеглае дыяцэзіі вымагалі сталых кантактаў з вышэйшымі дзяржаўнымі і духоўнымі асобамі. Лісты полацкага архібіскупа сталіся аб'ектам увагі адразу пасьля ягонае гвалтоўнае сьмерці. 17 студзеня 1625 году ва ўрачыстым перанясеньні цела Кунцэвіча ў катэдральную царкву Сьвятой Сафіі бралі ўдзел ня толькі тагачасны мітрапаліт Язэп Руцкі, але і ягоныя наступнікі на мітрапаліцкім пасадзе Рафал Корсак і Антон Сялява. Ужо тады архібіскуп смаленскі Лявон Крэўза ў сваёй пасьлялітургічнай казані цытаваў урыўкі зь некалькіх лістоў пакутніка [30]. Праз тры гады ў часе першага полацка-віцебскага працэсу ў справе абвяшчэньня Язафата Кунцэвіча блаславёным, які доўжыўся ад 20 сакавіка да 1 красавіка 1628 году, згадаў пра іх езуіт айцец Валентын Кольненскі. Пазьней каад'ютар (намесьнік) мітрапаліта Рафал Корсак прапанаваў Апостальскай Камісіі ліст канцлера ВКЛ Лявона Сапегі да полацкага архібіскупа ад 12.03.1622 г. і адказ на памянёны ліст Язафата Кунцэвіча ад 22.04.1622 г. Прачытаўшы лісты, Камісія вырашыла перакласьці іх на лаціну і далучыць да актаў Камісіі [5, с.269; 39, сс.246-264]. Захаваліся згадкі пра друк ліста ад 12.03.1622 г. асобнаю брашурай яшчэ за часы Рэчы Паспалітай. У артыкуле пра Сапегаў з энцыкляпэдыі Оргельбранда (Encyklopedyja powszechna, T.22, Warszawa, 1866, s.935) паведамляецца пра існаваньне сярод твораў Лявона Сапегі друкаванага ў чвэрць ліста да Сьвятога Язафата. Ускосна наяўнасьць такога выданьня пацьвярджае расейскі гісторык Фёдар Туманскі, калі перад тэкстам ліста Сапегі паведамляе, што зрабіў пераклад з друкаванага польскага [23, с.473].
Цікаўнасьць да эпісталяцыі Язафата Кунцэвіча аднавілася пры канцы ХVIІI ст., але ўжо з боку крытыкаў біскупа. Расейскі ўрад захацеў скарыстаць дакумэнты дзеля апраўданьня сваіх акцыяў гвалтоўнага далучэньня ўніятаў да Расейскае праваслаўнае царквы. Афіцыйная прапаганда паставіла перад сабой задачу паказаць прымус пры фармаваньні ўнійнае царквы, каб згаданыя вышэй дзеяньні расейскае адміністрацыі не выглядалі надта жорсткімі. Цэнтральнае месца ў кампаніі дыскрэдытацыі надавалася лісту, напісанаму 12.03.1622 г. канцлерам Сапегам да полацкага ўладыкі. У 1793 г. пераклад яго на расейскую мову зьмясьціў згаданы вышэй Фёдар Туманскі ў часопісе "Российский магазин" [23, сс.474-497]. Пазьней у 1805 г. свой варыянт перакладу прывёў у кнізе "Историческое известие о возникшей в Польше Унии" Мікалай Бантыш-Каменскі [4, сс.75-84]. У 1816 годзе ліст Сапегі ў польскай мове быў зьмешчаны Самуэлем Ліндэ ў ягонай працы "O statucie Litewskim ruskiem językiem i drukiem wydanym" [33, сс.159-165]. Ці скарыстоўвалася кім зь гісторыкаў копія, што сёньня пад №163 захоўваецца ў частцы ІІІ фонду №823 "Канцылярыя мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў у Расеі" Расейскага дзяржаўнага гістарычнага архіву ў Санкт-Пецярбурзе [3, с.215], нам невядома.
Пасьля ліквідацыі ў 1839 г. унійнае царквы актуальнасьць ліставаньня Сапега - Кунцэвіч зьменшылася. Але ў зьвязку з распачатым у 1860-х гадах працэсам дзеля прагалошаньня Сьвятым Каталіцкае царквы Язафата Кунцэвіча (кананізаваны 29.06.1867 г.) ліставаньне між канцлерам і полацкім архібіскупам зноўку прыцягнула ўвагу дасьледнікаў царкоўнае гісторыі. У 1862 г. архівіст айцец Павел Шыманскі ў часопісе "Przegląd Poznański" падаў у польскай мове лісты ад 12.03.1622 г. і 22.04.1622 г. [37, сс.21-50]. Пазьней у сваіх працах да карэспандэнцыі Сапега - Кунцэвіч зьвярталіся ігумен гротафэрацкага базыльянскага манастыра ў Італіі Нікола Кантыеры ў 1867 г. [28, cс.XXXVII-XLIV], бэнэдыктынец айцец Альфонс Гэпэн [29, сc.1-18] і езуіт айцец Іван Мартынаў [34] у 1874 г., познаньскі біскуп Эдвард Лікоўскі [32]. З тагачасных расейскіх дасьледнікаў цікаўнасьць да згаданае тэмы выявілі Міхаіл Каяловіч [14, сс.335-344], Ксэнафонт Гаворскі [11, сс.24-29], Аляксей Сапуноў [18, сс. 216-223] ды іншыя. Каяловіч у сваёй працы [14, с.334] згадаў, што бачыў рукапіс нейкага ліста Руцкага да Язафата Кунцэвіча, але ня здолеў яго сьпісаць. Гаворскі апрача ліста ад 12.03.1622 г. зьмясьціў ліст Я.Кунцэвіча да мітрапаліта Я.Руцкага ад 10.08.1622 г. [7] і дадаў, што арыгінал захоўваецца пад №12 у аддзеле былых уніяцкіх мітрапалітаў архіва Сіноду. Яшчэ адзін ліст Сьвятога Язафата да канцлера Сапегі ад 21.01.1622 г. адшукаў між папераў Паўла Дабрахотава, які ў 1849-1851 гг. быў архімандрытам полацкага Багаяўленскага манастыра, і надрукаваў у часопісе "Известия отделения русского языка и словестности Императорской Академии Наук" гісторык Платон Жуковіч [12, сс.228-231].
Палітычныя варункі, што склаліся ў ХХ ст. у краінах Усходняе Эўропы, не спрыялі досьледам у згаданым кірунку, таму большасьць выданьняў, дзе надавалася ўвага ліставаньню Сьвятога Язафата, убачыла сьвет на эміграцыі. Найбольш цікавымі ёсьць працы протаархімандрыта базыльянскага закону ў 1963-1976 гг. айца Апанаса Вэлыкага [39], доктара Юрыя Герыча [10], беларускага дасьледніка Вацлава Пануцэвіча [35]. Незалежна ад Жуковіча выпіс з таго самага ліста ад 21.01.1622 г. быў адшуканы ў архіве айцоў базыльянаў у Варшаве. Зьмешчаны ён у кнізе Тадэвуша Жыхевіча [42, сс.156-158]. Тэма і сёньня ня траціць актуальнасьці. Да яе зьвяртаюцца навукоўцы й пісьменьнікі. Вось завадовая прычына больш грунтоўнага досьледу карэспандэнцыі Сьвятога Язафата.
2. Час ліставаньня
Цяжка вызначыць наколькі блізкім было знаёмства Сапегі і Кунцэвіча ў віленскі пэрыяд жыцьця Сьвятога. Аднак вядома, што ў 1616 г. канцлер падараваў Жыровіцкаму манастыру, які быў адноўлены Кунцэвічам і дзе той ад 1613 г. фармаваў духовы цэнтар, значныя зямельныя ўладаньні і звон для Ўсьпенскае царквы. Гэта не магло адбыцца без непасрэдных кантактаў з архімандрытам віленскага траецкага манастыра Язафатам, пад непасрэдным наглядам якога былі манастыры ў Жыровічах і Быцені. Са зьместу захаваўшыхся лістоў выразна відаць, што ў полацкі пэрыяд канцлер і архібіскуп добра знаёмыя асабіста. Дасьледнікі, якія засяроджвалі ўвагу на карэспандэнцыі між Сапегам і Сьвятым Язафатам, за пачатак ліставаньня вызнавалі 1621 г. Айцец Апанас Вэлыкый лічыў, што ліставаньне пачалося ў сьнежні 1621 г. [5, с.269]. Вацлаў Пануцэвіч пашырыў рамкі, напісаўшы: "Перапіска між Кунцэвічам і Сапегай мабыць пачалася ў сяр. 1621 г. а можа і раней" [35, с.70]. Трэба адзначыць, што ставіцца Сапега да Кунцэвіча не як да аднога з шасьці эпархіяльных архірэяў, а як да асобы, адказнай за ўсю ўнійную царкву: " ... бо ад іхнай паслухмянасьці (казакаў - рэд .) больш карысьці Рэчы Паспалітай, чым ад Вуніі Вашаці" [гл. далей, с.68]. Такое стаўленьне цалкам абгрунтаванае, бо Язафат Кунцэвіч фактычна быў каад'ютарам мітрапаліта, пра што пасьля ягонае сьмерці ў лісьце да Папы Урбана VIII пісаў 23.12.1623 г. зь Менску мітрапаліт Руцкі, дзе менаваў яго сваёю правай рукой [39, с.7]. Абодва дасьледнікі (Вэлыкый і Пануцэвіч) выпускаюць з поля зроку першы сказ у лісьце Язафата Кунцэвіча да Сапегі ад 21.01.1622 г.: "Раней на Маскву ... Ваша Міласьць пан мне казалі зважаць" [гл. далей, с.37]. З увагі на палітычныя варункі неабходна адзначыць, што падобная сітуацыя няпэўнасьці мела месца недзе ў першай па-лове 1619 г., пасьля падпісанага 01.12.1618 г. у Дэвуліне пагадненьня між Маскоўскай дзяржавай ды Рэччу Паспалітай і да абраньня 19.06.1619 г. на маскоўскага патрыярха Філарэта, калі Масковія канчаткова выйшла з палітычнае крызы і ўплывы на яе з боку кіраўніцтва Рэчы Паспалітай сталіся немагчымымі. І гэта той самы час, калі Галоўным трыбуналам ВКЛ разглядалася справа аб непадпарадкаваньні магілеўскіх месьцічаў, якія 09.10.1618 г. не пусьцілі ў горад полацкага архібіскупа. Канцлер асабіста кантраляваў разбор справы. Верагодна тады ён, зважаючы на нестабільнасьць сітуацыі ў рэгіёне, параіў Кунцэвічу паводзіцца больш абачліва. Даўнасьць ліставаньня пацьвярджае сам Сапега ў лісьце да мітра-паліта Руцкага ад 09.02.1621 г.: "Даўно я папярэджваў яго аб гэтым, прасіў і ўгаворваў ..." [2, с.31]. Гэткім чынам, на нашую думку, ліставаньне бярэ пачатак недзе на мяжы 1618-1619 гг.
Што да апошняга ліста карэспандэнцыі між Сапегам і Кунцэвічам, дык і айцец Вэлыкый [5, с.278], і Вацлаў Пануцэвіч [35, с.76] згодна называюць ім ліст Сьвятога Язафата ад 22.04.1622 г. Падаецца, што гэта ня так. Упэўніцца ў адваротным дазваляе дакумэнт таго часу, казань Лявона Крэўзы "Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй", чытаная 17.01.1625 г. у полацкай Сафіі [30]. Напачатку Крэўза цытуе ўрывак зь ліста Сьвятога Язафата да канцлера Сапегі ад 22.04.1622 г., дзе мянуе адрасата " адным сэнатарам " [гл. далей, с.117]. Далей смаленскі архібіскуп піша: "Чацьвёртага дня перад сваёй сьмерцю, гэта значыць 9 лістапада паводле новага стылю, зноўку , пішучы да аднаго сэнатара , скардзіўся ..." [гл. далей, с.128]. Ёсьць падставы лічыць, што і тут за адрасата ўважаецца Лявон Сапега, які на чарговым сойме, што скончыў працу 07.03.1623 г., склаў зь сябе абавязкі канцлера на карысьць Альбрэхта Радзівіла. Прыняўшы да ўвагі напісанае вышэй, мусім прызнаць, што ліставаньне ня скончылася лістом Сьвятога Язафата ад 22.04.1622 г., як уважаюць дасьледнікі, але доўжылася да часу пакутніцкае сьмерці полацкага архібіскупа.
3. Колькасьць лістоў, іхны прыблізны зьмест і час напісаньня
Як адзначалі ў папярэднім разьдзеле часовыя рамкі, у якіх адбывалася ліставаньне між Сапегам і Кунцэвічам, значна шырэйшыя, але сёньня вядомыя толькі тры лісты з той карэспандэнцыі. Таму маецца патрэба хаця б прыблізна вызначыць колькасьць лістоў, час напісаньня і прыблізны зьмест тых зь іх, што не захаваліся. Беручы да ўвагі ўрыўкі зь ліста Сьвятога Язафата ад 21.01.1622 г. " Раней на Маскву, потым на навалу турэцкую Ваша Міласьць пан мне казалі зважаць, а цяпер на нейкія пагрозы казацкія" і "хіба што копіі лістоў, пісаных да мяне Вашай Міласьцю маім міласьцівым панам, ... іх неахвотных падштурхнулі да гэтага ..." [гл. далей, с.37], мусім прызнаць, што да ліста 12.03.1622 г. канцлер даслаў полацкаму архібіскупу ня менш за тры лісты.
"Першы" ліст, як адзначалася раней, можна датаваць першай паловай 1619 г. Ён утрымліваў просьбу Сапегі да Кунцэвіча абыходзіцца з магілеўцамі абачліва, зважаючы на нявызначанасьць сітуацыі на ўсходзе. Магчыма ў гэтую пару Сьвяты Язафат і Сапега напісалі адзін другому не адзін ліст, бо пастановы ў магілеўскай справе выдаваліся 22.03.1619 г. і 20.11.1619 г., а выніковы каралеўскі дэкрэт выйшаў толькі 22.03.1620 г.
Пра "другі" ліст згадвае сам канцлер у лісьце ад 12.03.1622 г.: "Пад час татарскае экспэдыцыі я сваім лістом да Вашаці папярэджваў аб патрэбе грамадзкага спакою ..." [гл. далей, с.64] і пэўна пра яго ж у лісьце ад 21.01.1622 г. згадвае Кунцэвіч, пішучы пра "навалу турэцкую" [гл. далей, с.37]. Напісаньне гэтага ліста Сапегам можна аднесьці да часу між выхадам у жніўні 1621 г. вайсковых аддзелаў пад Хоцін і 09.10.1621 г., днём перамогі войскаў Рэчы Паспалітай пад началам Яна Караля Хадкевіча над вайсковай групоўкай Асмана ІІ.
"Трэці" ліст неабходна датаваць пасьляхоцінскім часам, калі казакі, якія зрабілі значны ўносак у перамогу над туркамі, пачалі выстаўляць патрабаваньні аб легалізацыі праваслаўнай герархіі, высьвячанай яшчэ ў кастрычніку 1620 г. ерусалімскім патрыярхам Тэафанам. Айцец Вэлыкый у сваёй працы без дадатковых тлумачэньняў за час напісаньня ліста абірае канец сьнежня 1621 г. [5, с.269]. На нашую думку, зыходзячы з таго, што прамежкі часу між датамі пісаньня захаваўшыхся лістоў Сапегі й Кунцэвіча складаюць 40-50 дзён, час напісаньня трэба пасунуць у пачатак сьнежня 1621 г. Узяўшы да ўвагі, што ў лісьце 21.01.1622 г. Сьвяты Язафат шматразова зьвяртаецца да згаданага ліста Сапегі, паспрабуйма схэматычна вызначыць ягоны зьмест. Ліст той мусіў зьмяшчаць гэткія напаміны Язафату Кунцэвічу:
1) пра казацкія пагрозы;
2) сурова не наступаць на схізматыкаў, калі вера ёсьць дарам Божым;
3) што няма ніякае карысьці Рэчы Паспалітай ад Вуніі толькі крык на соймах;
4) не прымушаць схізматыкаў да веры;
5) аб неабходнасьці зважаць на палітычныя варункі;
6) не апэляваць да судовых установаў Рэчы Паспалітай на дзеяньні схізматыкаў;
7) адчыніць у Магілеве цэрквы;
8) аб лісьце калускага ваяводы да капітана Сярпеўскага, дзе той закідае, што ў Рэчы Паспалітай схізматыкам цэркваў не даюць.
Што да зьместу ліста Сьвятога Язафата, які папярэднічаў лісту ад 21.01.1622 г., казаць нешта канкрэтнае цяжка. Праўда ў адказе 12.03.1622 г. канцлера Сапегі на ліст полацкага архібіскупа ад 21.01.1622 г. ёсьць цытата: "і з Сьвятым Станіславам", якой у лісьце Кунцэвіча ў такім выглядзе няма. Можа быць, што гэта цытата з папярэдняга ліста. Магчыма, што з таго ж ліста паходзіць фраза Кунцэвіча "Я ня мог бы памерці лепш, чым за Праўду сьвятую", прыведзеная ў казані Лявона Крэўзы [гл. далей, с.127]. Да такой думкі скіроўвае ліст Сапегі ад 12.03.1622 г., дзе той, палемізуючы, верагодна на прыведзеныя словы полацкага архібіскупа разам са згаданай фразай пра Сьвятога Станіслава піша: "Калі хто можа сваёй сьмерцю спрыяць хвале Ўсемагутнага Бога, не шкада горла і здароўе аддаць, але без карысьці лепш быць вызнаўцом, чым пакутнікам" [гл. далей, сс.70-71]. З напісанага вынікае, што абмен думкамі між Лявонам Сапегам і Язафатам Кунцэвічам быў працяг-лым, а ліст ад 12.03.1622 г. стаўся кульмінацыяй палемікі, якая паступова суцішылася. Колькі лістоў пазьней напісалі адзін другому Сапега і Сьвяты Язафат невядома. Адно пэўна, як адзначаў Крэўза, знаходзячыся на полацкім пасадзе Кунцэвіч актыўна ліставаўся з рознымі духоўнымі і сьвецкімі асобамі [гл. далей, с.119 ]. У гэтым нам дазваляюць упэўніцца адказ віцебскага ваяводы Яна Завішы полацкаму ўладыке ад 29.03.1621 г. і лісты Кунцэвіча да Руцкага, зь якіх захаваўся адзін ад 10.08.1622 г. Свой жа апошні ліст Сьвяты Язафат даслаў зь Віцебску 09.11.1623 г. тому самаму Лявону Сапезе, да якога некаторыя дасьледнікі жыцьця Сьвятога ставяцца адмоўна. Падаецца, што канцлер не заслужыў такога стаўленьня. Без увагі на даволі востры абмен думкамі Сапега і Кунцэвіч захоўвалі добрыя прыватныя адносіны. У сваім апошнім лісьце, фрагмэнт якога заха-ваўся дзякуючы Лявону Крэўзе, полацкі архібіскуп зноўку пісаў пра напружаныя адносіны зь віцебскімі месьцічамі: "Нязносны ўціск з маімі сьвятарамі церпім ад гэтых асобаў і ад простага люду, які амаль увесь на мяне ўзбурыўся, жадаючы выгнаць мяне з уладыц-тва, а маіх сьвятароў з цэркваў, пры нагодзе патапленьнем і забой-ствам нам пагражаючы" [гл. далей, с.128].
4. Агляд захаваўшыхся лістоў
Цяпер надышоў час уважлівей прыглядзецца да захаваўшыхся лістоў карэспандэнцыі Сапега - Кунцэвіч. Усе яны належаць да непрацяглага адрэзку часу ад 21.01.1622 г. да 22.04.1622 г., што дало дасьледнікам падставу казаць аб кароткатрывалым і бурлівым ліставаньні. Але, як перад тым было паказана, гэта не адпавядае сапраўднаму стану рэчаў. Да сёньня розныя лісты дайшлі ў некалькіх мовах і варыянтах: ліст Сьвятога Язафата да Сапегі ад 21.01.1622 г. - у польскай мове і двух варыянтах, ліст Сьвятога Язафата да Сапегі ад 22.04.1622 г. - у польскай ды лацінскай мовах, ліст жа Сапегі да Сьвятога Язафата ад 12.03.1622 г. фігуруе сёньня ў мовах польскай, лацінскай ды расейскай і двух варыянтах. Перш чым зьмясьціць тэксты саміх лістоў належыць высьвятліць якія зь іх мусім уважаць за арыгінальныя.
З двух варыянтаў ліста Сьвятога Язафата ад 21.01.1622 г. трэба абраць паўнейшы, бо карацейшы з архіву варшаўскага базыльянскага манастыра зьяўляецца наборам урыўкаў зь ліста, адшуканага П.Жуковічам. Манахі выпісалі тыя фрагмэнты ліста Язафата Кунцэвіча, дзе полацкі архібіскуп выказвае свае погляды на жыцьцё, місію царквы ды пазыцыю хрысьціянаў, а пакінулі па-за ўвагай палітычныя ды гістарычныя аспэкты.
Наконт ліста Сьвятога Язафата ад 22.04.1622 г. неабходна адзначыць, што ўкладальнік дакумэнтаў бэатыфікацыйнага і кана-нізацыйнага працэсаў айцец А.Вэлыкый уважае лацінскі тэкст пера-кладам пісанага ў польскай мове ліста, адшуканага і зьмешчанага айцом Шыманскім у часопісе "Przegląd Poznański" [5, с.270].
Найбольш клопату пры вырашэньні праблемы аўтэнтычнасьці дае ліст Сапегі да Сьвятога Язафата ад 12.03.1622 г., які мае некалькі варыянтаў, што да мовы і зьместу. Але, калі ўглядзецца ўважліва, гэтыя варыянты можна зьвесьці ў дзьве групы. Да першае належыць ліст у польскай мове Шыманскага і ў лацінскай з матэрыялаў бэатыфікацыйнага працэсу, якіх трымаюцца эўрапэйскія дасьледнікі [28; 29; 34]. Другую групу складаюць: лісты ў расейскай мове, пададзеныя Туманскім і Бантыш-Каменскім, і ліст у польскай мове, зьмешчаны Ліндэ, якіх аж да сёньня трымаюцца некаторыя навукоўцы з постсавецкае прасторы [24, сс.329-333]. На арыгінал a priori можа прэтэндаваць толькі ліст, пісаны па-польску, таму з кожнае групы абіраем польскамоўныя лісты. Хаця ў згаданым вышэй артыкуле пра Сапегаў з энцыкляпэдыі Оргельбранда паведамляецца, што ары-гінал пісанага па-беларуску ліста ад 12.03.1622 г. некалі захоўваўся ў бібліятэцы Віленскае акадэміі. Гэта ж паўтараюць айцец Вэлыкый і Мікола Шкялёнак. Аднак ніхто самога ліста ня бачыў. Зважыўшы на тое, што лісты Кунцэвіча да Сапегі, у адрозьненьні ад ліста да Руцкага, пісаныя па-польску, бярэ сумнеў, што да існаваньня ліста ў беларускай мове. Але рушым далей. Не ўглядаючыся пільна, з двух абраных польскамоўных лістоў мусім аддаць перавагу тому, які адшукаў айцец Шыманскі, бо на ягоную карысьць сьведчыць сама мова. Ліст насычаны лацінскімі выразамі і лацінізмамі, характэрнымі для тагачаснае мовы вышэйшых асобаў Вялікага Княства Літоўскага, што мелі грунтоўную эўрапэйскую адукацыю. Ліст, прапанаваны Ліндэ, ня мае згаданых асаблівасьцяў і выглядае на твор XIX ст.
5. Тэксталягічны аналіз варыянтаў ліста Сапегі ад 12.03.1622 г.
Аднак агульных заўвагаў папярэдняга разьдзелу пэўна будзе недастаткова, каб пераканаць упартых прыхільнікаў аўтэнтычнасьці ліста Сапегі, пададзенага Ліндэ, у памылковасьці іхнага погляду. Таму маецца патрэба грунтоўна давесьці праўдзівасьць ліста Шыманскага. Справа доказу вымагае падрабязнага аналізу зьместу абодвух варыянтаў ліста ў іхнай сувязі зь іншымі захаваўшыміся дакумэнтамі таго часу. Насамперш маем тут на ўвазе друкаваную ў 1625 г. у Вільні казань Лявона Крэўзы, без сумневу тагачасны дакумэнт. Апрача таго адзначым, што згадвалася вышэй, лісты Сьвятога Язафата ад 21.01.1622 г. да Сапегі і ад 10.08.1622 г. да мітрапаліта Руцкага, адшуканыя і надрукаваныя прадстаўнікамі расейскай гістарычнай навукі П.Жуковічам і К.Гаворскім адпаведна. Аўтэнтычнасьць гэтых лістоў ні ў каго з дасьледнікаў не выклікала сумневу. Да таго ж у лістах маюцца падобныя фармулёўкі:
1) " ... праз тое, як зграшылі, праз тое ж у нашым часе ад Бога помсту дапусьцілі" (ліст ад 21.01.1622 г.) [гл. далей, с.41] і " ... бо хто грашыць праз таго можа быць пакараным" (ліст ад 10.08.1622 г.) [гл. далей, с.109];
2) " ... калі ўбачылі, што палітыка на іх зважае ... " (ліст ад 21.01. 1622 г.) [гл. далей, с.37] і " Зьведаўшы, ... што на іх зважаюць ... " (ліст ад 10.08.1622 г.) [гл. далей, с.109];
3) " ... копіі лістоў, ... якія магілеўцы прызвычаіліся мець ... " (ліст ад 21.01.1622 г.) [гл. далей, с.37] і " ... копіі тых лістоў зрабіўшы, іх злачынцам аддаюць ... " (ліст ад 10.08.1622 г.) [гл. далей, с.109].
Падмацуем іх урыўкам з казані Крэўзы аб тым, што "прыводзіў ім (Сьвяты Язафат - рэд .) прыклады сьвятых айцоў Залатавуснага, Амброза, Станіслава ды іншых, якія, зусім не хвалюючыся з-за пагрозаў магнатаў, хвалу Божую памнажалі" [гл. далей, с.127]. Падобны ўрывак маецца ў лісьце ад 21.01.1622 г. [гл. далей, с.39]. Аўтэнтычнасьць жа ліста ад 22.04.1622 г., зьмешчанага і М.Каяловічам [14, сс.335-344], пацьвярджае ліст ад 10.08.1622 г., які таксама мае выраз пра тое, што "схізма неадукаванасьць памножыла, а ня Еднасьць" [гл. далей, сс.89 і 109]. І не пакідае месца для сумневу казань Крэўзы, дзе зьмешчаная цытата з гэтага ліста: "Богам маім сьведчу, які сэрца і справы мае бачыць, што ніводным дрэнным прыкладам жыцьця, ніякім вострым учынкам не адпіхваў ад сябе палачанаў і іншых парафіянаў маіх". Пададзеная нават дата пісаньня ліста 22 красавіка 1622 году [гл. далей, сс.89 і 117-118].
Гэткім чынам упэўніліся, што лісты ад 21.01.1622 г., 10.08.1622 г. і 22.04.1622 г. сапраўды пісаныя рукой полацкага архібіскупа і ўтвараюць цэльны блёк. Цяпер праз вызначэньне ступені карэляцыі гэтых лістоў са зьместам двух лістоў-прэтэндэнтаў належыць высьвятліць каторы зь іх напісаў 12 сакавіка 1622 году канцлер ВКЛ Лявон Сапега. Не распавядаючы падрабязна пра сам працэс вэрыфікацыі пададзем толькі канчатковую выснову. Параўнаньне лістоў-прэтэндэнтаў зь лістом ад 21.01.1622 г. па 25-ці пазыцыях, а зь лістом ад 22.04.1622 г. - па 8-мі пазыцыях дае падставы сьцьвярджаць, што сапраўдным лістом Сапегі да Кунцэвіча ёсьць ліст, які адшукаў айцец Шыманскі. Вынікі, сабраныя ў табліцах 1 і 2, дазволяць чытачу асабіста пераканацца ў правільнасьці нашае высновы. Узяўшы да ўвагі агульныя заўвагі, што да мовы лістоў, пададзеныя ў папярэднім разьдзеле, мусім прызнаць, што няма аніводнае зачэпкі, каб лічыць за сапраўдны ліст, надрукаваны Ліндэ, і пазьнейшыя выводныя зь яго варыянты ў расейскай мове.
6. Доўгі шлях фальшаваньня
Цяпер жа паглядзім, якім быў шлях таго самазванага ліста. Упершыню, як адзначалася вышэй, убачыў ён сьвет у 1793 г. са старонак часопісу "Российский магазин". Ужо тут відаць адхіленьні ад арыгінальнага ліста канцлера Вялікага Княства. Маецца спакуса, зважыўшы на словы полацкага архібіскупа зь ліста да мітрапаліта Руцкага ад 10.08.1622 г.: "Пісары копіі тых лістоў зрабіўшы, іх злачынцам аддаюць"[гл. далей, с.109], - схіліцца да думкі аб магчымым фальшаваньні яшчэ за часы Язафата. Але ўважлівы аналіз дае падставу пагадзіцца з айцом Гарошкам [9], што пераробка зробленая ў канцы ХVIII ст. Трапнае лацінскае выслоўе "traductore, traditore" (перакладаць, значыць здраджваць) перадае немагчымасьць выказаць іншай мовай усяго сэнсавага багацьця, закладзенага ў арыгінальным выразе. Аднак галоўная думка мусіць быць перадзеная дакладна, чаго на жаль бракуе перакладу Туманскага. Якой жа была прычына наяўнасьці мноства адхіленьняў ад праўдзівага сэнсу ў гэтым выпадку. Ці была ёй некваліфікаванасьць перакладальніка, які ня меў дастатковых ведаў у польскай і лацінскай мовах, ці ягоная тэндэнцыйнасьць. Падобна на вынік працы ўплывалі абодва чыньнікі.
Да выразных памылак Туманскага пры перакладзе з польскай мовы трэба аднесьці: "powinny" (сваяк) перакладзены як "преклонившийся" [фрагм.1], "respectuie" (зьвяртае ўвагу) - як "уважает" [фрагм.3], "przywiley" - як "привилегия" [фрагм.13]. Пры перакладзе выразу "zgadzaiący się z Kościołem, który iest matką, nie macochą" (у згодзе з Царквою, якая ёсьць маці, а ня мачахай) зробленая сэнсоўная падмена "которыя он (вынікае, што Папа - рэд. ), есть мать, а не мачеха" [фрагм.20]. Сталася гэта з прычыны не разуменьня перакладальнікам таго, што ў польскай мове традыцыя менаваць касьцёл маці паходзіць з лаціны, у якой слова ecclesia (царква) жаноцкага роду. Адвольным, часам зусім не павязаным з сэнсам арыгі-нальных выразаў, стаўся пераклад з лаціны. Гэтак выслоўе "Verba sunt pamphila" (Думкі падзяліліся) перакладзенае як "Сочинение предрагоценное" [фрагм.1], "Spartam, quam nacti estis, ornare" (Спарту, якую здабылі, аздабляць) - як "в звании, в нете званы бысте, пребывали бы спокойно" [фрагм.13].
Да тэндэнцыйных належаць пераклады двух фрагмэнтаў, якія часта скарыстоўваліся расейскімі гісторыкамі дзеля дэманстрацыі прыгнёту незьяднаных полацкім архібіскупам. Гэтак выраз "Toćby y tę opuścić, y z Państwa wyprowadzić..." (Каб жа і тое (духавенства рымскае - рэд. ) прынізіць ды зь дзяржавы выдаліць ...), дзе Сапега [гл. фрагм.14] цытуе ўрывак зь ліста Сьвятога Язафата ад 21.01.1622 г., у якім той выказвае сваё стаўленьне да паводзінаў супраціўнікаў Вуніі на соймах [гл. далей, с.39], пададзены як залік да масавых рэпрэсіяў: "Таким неприемлющим Унии, сделать во всём запрещение, и изгнать бы из Государства". Выраз жа "Więc im wolno Unitów topić, ścinać..."( Значыць ім можна ўніятаў тапіць, секчы...) пазычаны Сапегам [гл. фрагм.12] з таго самага ліста полацкага архібіскупа [гл. далей, с.39], дзе той абураецца на дзеяньні казакоў, якія забілі царкоўных слугаў Антона Граковіча ў Кіеве і дэкана Мацея ў Шаргарадзе, пададзены так, нібы сьвяты ўпэўнены, што яму належаць душы і целы жыхароў ягонае дыяцэзіі: "Продолжаете что: "вольно вам Униятов топить, рубить им головы". І хаця выраз узяты ў двукосьсе і ў такім разе мы павінны ўважаць яго за прэтэнзіі Кунцэвіча да канцлера, нам невядомы выпадак, каб нехта з расейскіх гісторыкаў зьвярнуў увагу на гэтую супярэчнасьць, але стала традыцыяй трактаваць выраз як сьведчаньне віны полацкага ўладыкі. У некаторых пазьнейшых выданьнях зьнікла і двукосьсе, а ў найбольш тэндэнцыйнай вэрсіі згаданы выраз набыў гэткі выгляд: "вольно вам неуниатов топить, рубить" [15, с.68; 21, с.434; 25, с.190]. Ліст ад 12.03.1622 г. у перакладзе Туманскага болей сьведчыць аб нездавальняльнай працы перакладальніка, чым аб жорсткіх паводзінах Язафата Кунцэвіча.
Да перакладу ліста Туманскі паставіўся як літаратар. Частку лацінскіх прыказак і сэнтэнцыяў падаў у арыгінале і перакладзе. Дадаткова ў заўвагах зьмясьціў адпаведныя лацінскім расейскія прыказкі, імкнучыся даць чытачу магчымасьць адчуць асаблівасьць эпісталярнага стылю канцлера ВКЛ.
За галоўнага ж фальсыфікатара, на думку архімандрыта Гарошкі, трэба ўважаць М.Бантыш-Каменскага. Пагадзіўшыся з такім меркаваньнем, адзначым асаблівасьці творчага стылю гісторыка. Ягонай задачай насамперш было не высьвятленьне гістарычнае праўды, але пашырэньне ідэяў і поглядаў, выпрацаваных Сьвяцейшым Сінодам. Нездарма праца "Историческое известие о возникшей в Польше Унии" за часамі Расейскае імпэрыі выдавалася тройчы (1805, 1864 і 1905 гг.). Пазычыўшы тэкст з часопісу "Российский магазин", Бантыш-Каменскі апрацаваў яго ў адпаведнасьці з пастаўленай перад ім задачай. Выкінуты быў незразумелы выраз пра тое, што ворагі нейкі палец будуць лізаць [фрагм.16] і другую частку 9-га фрагмэнту з сафістычнымі разважаньнямі літоўскага канцлера пра веру. Не зразумеўшы пра якія страчаныя замкі ідзецца ў 25-м фрагмэнце (а ў лісьце ад 21.01.1622 г. Сьвяты Язафат пісаў пра даўнія падзеі 1471-1478 гг. [гл. далей, сс.41-43]), зьмяніў назву Ноўгарад Вялікі на Ноўгарад Северскі, які ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай. Але чым найбольш вызначыўся ён, дык гэта сваёй пракруставай працай. Усе лацінскія выразы Бантыш-Каменскі выкінуў разам з расейскімі адпаведнікамі. Далей у выніку мэтанакіраванага, тэндэнцыйнага адбору тэкст быў скарочаны яшчэ ўдвая. Прыглядзімся ж якія ўрыўкі ня клаліся ў канцэпцыю аўтара кнігі "Историческое известие ...", і з гэтае прычыны той мусіў іх выдаліць. Насамперш вызначэньне Сапегам незьяднаных як нядобрае сілы [фрагм.5.2 і 15] і шматразовыя спасылкі канцлера на галоўныя прычыны пісаньня: Маскву [фрагм.21.1 і 22.2], казацкія пагрозы [фрагм.1.4], стан у войску [фрагм.1.2]. Былі выкінутыя мэтадычныя заклікі канцлера да выкрутнасьці ў пытаньнях веры, да несупраціўленьня гвалтоўным дзеяньням незьяднаных і нават да ігнараваньня полацкім архібіскупам сваіх пастырскіх абавязкаў [фрагм.4.2, 7, 9, 11.2, 15, 18.2, 19.1]. Зьнік і ўрывак пра перапісваньне лістоў Сапегі незьяднанымі [фрагм.2.2], пэўна рэдактар ведаў, што рабіў, і не хацеў, каб у чытача зьявіўся нейкі сумнеў у праўдзівасьці прапанаванага яму ліста. І натуральна ня мог ён пакінуць фрагмэнту, зь якога вынікала, што без увагі на рознасьць поглядаў Сапега застаецца добрым прыяцелем сьвятога Язафата [фрагм.24]. Пасьля такой маштабнай ампутацыі ліст, які ўтрымліваў парады, перасьцярогі, што, як пісаў Сапега, "ня маюць нейкае сувязі з супраціўным бокам", ператварыўся ў абурэньне нібыта гвалтоўнымі дзеяньнямі полацкага архібіскупа.
Празь некалькі гадоў цяжар апрацоўкі ўсклаў на свае плечы Самуэль Багуміл Ліндэ. Вырашыўшы падаць у сваёй кнізе [33] ліст Сапегі, бо на ягоны вялікі жаль "у Польшчы ён невядомы", аўтар наскочыў на незразумелыя месцы, якія змушаны быў або паводле ўласнага разуменьня выправіць, або выкінуць. Гэтак зьнікла згадка пра гетмана Сагайдачнага [фрагм.1]. Выраз, зь якога вынікала, што Папа ёсьць маці, а ня мачахай [фрагм.20], паправіў на "айцец, а не айчым" [гл. далей, с.83]. Не зразумеўшы выразу "затыркаць дзірку" [фрагм.13] падаў яго як "затыркаць дзьверы" [гл. далей, с.77]. Вырашыўшы давесьці да ладу справу пачатую Бантыш-Каменскім выкінуў рэшткі фрагмэнта пра веру [фрагм.9.1] і пра адамкнёныя ў Магілеве цэрквы [фрагм.16], якія маглі адцягнуць увагу чытача ад "галоўнае" ідэі ліста. Што да якасьці перакладу, дык польскай мове ліста Ліндэ ўласьцівыя каструбатасьць, шматлікія калькі з расейскае і наяўнасьць паўтара дзесятка сэнсоўных недакладнасьцяў. Але выкладзены па-польску тэкст набыў выгляд арыгінальнага. Прадукцыяй Ліндэ пакарысталіся іншыя польскія гісторыкі [36; 40]. Апрацоўка прыйшлася настолькі да спадобы, што ўжо гэты ліст пазьнейшыя расейскія гісторыкі зноўку пераклалі на расейскую мову. Сфальшаваны ці, як пісаў Сапуноў, "папраўнейшы, што да тэксту" [18, с.222] ліст расейскімі гісторыкамі перадрукоўваўся шматкроць [7; 11; 17; 18; 20]. Расейскі гісторык Салаўёў заўважыўшы нелягічнасьць выразу "Дадаецё: "што Вам можна ўніятаў тапіць, галовы ім секчы ... ", паправіў яго паводле свайго разуменьня на больш адпаведны сэнсу ліста "Дадаецё: "што Вам можна не ўніятаў тапіць, галовы ім секчы ..." Свой уносак у справу фальшаваньня зрабіў і памянёны Аляксей Сапуноў. Зьмясьціўшы ў першым томе выданьня "Витебская ста-рина", пазычаны ў Гаворскага, пафальшаваны ліст, ён напісаў, што гэта пераклад з польскае мовы, але першай крыніцай пазначыў рым-скае выданьне Ігната Кульчынскага "Specimen Ecclesiae Ruthenicae" [31], дзе гэтага ліста няма, а ўсе зьмешчаныя ў дадатку дакумэнты пазьнейшыя за падзеі 12 лістапада 1623 году. Апрача таго пасьля тэксту ўкладальнік дзеля падабенства да праўды прывёў кірылічны подпіс Лявона Сапегі з часоў ягонага падканцлерства (1585-1589), пэўна намагаючыся гэтым канчаткова заблытаць чытачоў.
Але фальш ня можа панаваць вечна. Айцец Апанас Вэлыкый у 1952 г. у першай кнізе матэрыялаў да бэатыфікацыі Язафата Кунцэвіча [39, с.ХХ] зьвярнуў увагу на фальшаваньне ліста ад 12.03.1622 г. Зь беларускіх дасьледнікаў да згаданае тэмы выявіў цікавасьць айцец Леў Гарошка, які ў 1954 г. адзначыў актуаль-насьць ліста Сапегі і паказаў адзін з прыкладаў фальшаваньня [9]. Пазьней у 1963 г. Вацлаў Пануцэвіч зьмясьціў тэксты сапраўднага і фальшывага лістоў ад 12.03.1622 г. [35, сс.193 і 202], даўшы чытачу магчымасьць самому параўнаць іх. Аднак з прычыны таго, што пералічаныя працы былі выдадзеныя на эміграцыі, беларускія пісьменьнікі і шырокае кола аматараў гісторыі заставаліся пазбаўленымі праўдзівае інфармацыі. Змушаныя карыстаць выключна з тэндэнцыйных расейскіх выданьняў яны не маглі аб'ектыўна ацэньваць падзеі чатырохсотгадовае даўніны і постаць Сьвятога Язафата. Гэтак пад уплывам працы Сапунова "Витебская старина" сфармаваўся погляд на асобу полацкага архібіскупа выдатнага беларускага пісьменьніка Юркі Віцьбіча. Таму ня дзіва адмоўнае стаўленьне аўтара аповесьці "Арцыбіскуп і сьмерд" да свайго героя [8]. Адзін зь дзеячоў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Мікола Шкялёнак прыняў на веру апрацаваны Ліндэ ліст Сапегі ад 12.03.1622 г. і зьмясьціў пераклад яго на беларускую мову ў сваёй манаграфіі пра канцлера ВКЛ [27]. Уладзімір Караткевіч, працуючы над п'есай "Званы Віцебска" да 350-х угодкаў трагічных віцебскіх падзеяў, скарыстаў апрацоўку М.Бантыш-Каменскага, што безумоўна па-ўплывала на саму ідэю твора і на маналёгі дзейных асобаў [13, с.112]. Кастусь Тарасаў, не зважаючы на праграмную заяву ва ўступе ягонае кнігі "Памяць пра легенды" пра тое, што "імкненьне да ведаў (гістарычных - рэд. ) вынік любові да Радзімы", прыдбаць праўдзівых ведаў ня здолеў, бо наскочыўшы на адну з шматлікіх фальшывак (пэўна вытворчасьці С.Салаўёва), задаволіўся ёю пры напісаньні гістарычнага эсэ "Гонар" [22, с.135]. Падобнымі ж варыянтамі ліста пакарысталіся іншыя навукоўцы і пісьменьнікі [1, с.228; 6, с.25; 16, с.32; 26, с.76]. Сёньня існуе і паступова прыходзіць на зьмену кнізе глябальны сродак інфармацыйнага абмену, што мае назву "сусьветнае сеціва" (World Wide Web), але фальшаваньне ХІХ ст. уплывае і на яго. Да прыкладу ў біяграфічных артыкулах Анатоля Грыцкевіча "Беларускія сьвятыя. Іасафат Кунцэвіч" (zmk.by.ru), "Гісторыя Беларусі. Асобы. Іасафат Кунцэвіч" (asoby.belinter.net), "Кунцэвіч Іасафат" (kraj.vitebsk.net) урывак ліста Сапегі пададзены паводле імправізацыі Ліндэ.
Апрача таго неадходна тутака згадаць сучасных эпігонаў заходнерусізму, якія і сёньня сьвядома карыстаюцца фальшывым лістом [24, с.329; 25, с.187]. Зь інтэрнэт-прадукцыі да гэтага кірунку трэба аднесьці артыкул Чарткова Ю.Л. "Правда об унии. Крестовые походы 20-го века. Кровавый епископ", разьмешчаны на афіцыйным сайце Віцебскай эпархіі Расейскай праваслаўнай царквы (vitebsk.orthodoxy.ru), дзе аўтар падае надрукаваны яшчэ Сапуновым псэўдаліст Сапегі. Ужо ў тытуле твору маецца сэнсоўная падмена, бо ў адпаведнасьці зь гістарычнаю праўдай і законамі мовы трэба было напісаць "Окровавленый епископ", але праблема гэтая болей маральнага пляну.
З усяго вышэй напісанага вынікае важная выснова. Сутнасьць яе ў тым, што кожны гісторык, пісьменьнік або журналіст, які хоча скарыстаць нейкія матэрыялы са зборнікаў, выдадзеных за часамі Расейскае імпэрыі, мусіць ставіцца да іх крытычна і ведаць, што не існуе гарантыі праўдзівасьці пададзеных там дакумэнтаў або іх перакладаў. Кожны мусіць сам ісьці да крыніцаў.
Дзеля ўяўленьня аб разьвіцьці віцебскага канфлікту і аб магчымым зьмесьце тагачасных лістоў Сапегі і Сьвятога Язафата на пачатку падаем (паралельна па-польску і беларуску) адказ 29.03. 1621 г. віцебскага ваяводы Яна Завішы на папярэдні ліст полацкага ўладыкі. Далей пададзенныя лісты ад 21.01.1622 г., 12.03.1622 г. (сапраўдны і апрацоўка Ліндэ), 22.04.1622 г. і 10.08.1622 г. Вянчае зборнік цудоўная казань выдатнага базыльянскага казальніка Лявона Крэўзы "Справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй", дзе ёсьць некалькі фрагмэнтаў незахаваных лістоў полацкага архібіскупа. Спадзяемся, што зьмешчаныя тут дакумэнты, будуць цікавымі і карыснымі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Царквы.
Укладальнік