На мяжы XVI-XVII ст. на Лідчыне сталі з'яўляцца грэка-каталіцкія прыходы. Адным з першых, верагодна, быў прыход у вёсцы Дакудава, які стварыў яе ўладальнік Юры Мікалаевіч Радзівіл (1578-1613 гг.) [2].
На працягу XVII ст. уніяцкая царква ўсталёўваецца ў Лідскім краі. Ужо ў першай палове стагоддзя ў горадзе дзейнічалі 4 грэка-каталіцкія царквы: Св. Яна, Св. Мікалая (каля рынкавай плошчы), Св. Спаса (у горадзе), царква Прачыстай (на Зарэччы) [3]. У купчай, якой аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім мяшчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямля і хаты Мацею Вайцехавічу і яго жонцы Парасе Фёдараўне, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая ("Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych". Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай цэрквы: "іншым жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліда на Дуброўну і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынку і ад замка да Прачысценскай цэрквы па правай руцэ". З гэтага ўдакладненя відаць, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе на пачатку ХХ ст. знаходзілася хатка Каліноўскага на Зарэччы [4]. Цяпер - гэта скрыжаванне вуліц Калініна і Стралкоўскага.
Вымушаны лічыцца з патрабаваннямі праціўнікаў царкоўнага аб'яднання з ліку шляхты, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV у 1633 г. дазволіў "неуніатам … адпраўляць набажэнствы без усялякай перашкоды пад пагрозай адказнасці па законах (за перашкоду - Л. Л.)" і сярод іншых беларускіх храмаў перадаў царкву Св. Спаса ў Лідзе праваслаўнаму прыходу [5].
Імя аднаго з лідскіх святароў сярэдзіны XVII ст., Філона Круковіча, мы даведваемся з матэрыялаў судовай справы, якая слухалася 18 снежня 1647 г. у Галоўным трыбунале Вялікага княства Літоўскага ў сувязі са спрэчкай вакол маёнтка Вялікая Крупа. Трыбунал прысудзіў тады Марціна і Івана Палонскіх выплаціць Філону Круковічу доўг і пеню ў памеры 618 коп літоўскіх грошай [6].
Знішчальнай навальніцай пракаціліся па нашаму краю ваенныя падзеі 1654-1667 г. У 1655 г. рускія войскі спустошылі Ліду і яе ваколіцы. У 1656-1657 г. гэту мясцовасць спасціг неўраджай. Становішча жыхароў яшчэ больш пагоршыла моравая пошасць, якая лютавала восенню-зімой. У гэтым усеагульным замяшанні ў Лідскім павеце з'явілася шмат бадзяг, уцекачоў, перасяленцаў, якіх вайна сагнала з абжытых месцаў. З-за гэтага пачасціліся рабаванні, забойствы, наезды на маёнткі, разносілася эпідэмія.
Вайна ўзмацніла міжканфесійную напружанасць, якую распальвала таксама і царская палітыка пераследу беларускіх уніятаў. У 1658 г. з'явілася скарга праваслаўнага духавенства (аўтар кіева-пячорскі архімандрыт Інакенцій Гізель) маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу на ўніятаў, якія ўціскаюць праваслаўных у Лідзе, Ваўкавыску, Гродне, Наваградку, Слоніме і іншых беларускіх гарадах [7] .
Уніяцкай царкве пад час той вайны даставалася асабліва. Самому мітрапаліту Антону Сяляве давялося ратавацца ўцёкамі, патаемна пераязджаць з месца на месца, хаваючы ад захопнікаў мошчы полацкага ўніяцкага архіепіскапа Св. Язафата Кунцэвіча, якія да вайны захоўваліся ў Полацку (зараз гэтыя мошчы Св. Язафата патрона сучаснай Лідскай грэка-каталіцкай парафіі, знаходзяцца ў саборы Св. Пятра ў Рыме). У 1658 г. цар загадаў свайму ваяводзе Міхайлу Шахоўскаму "из города Вилны и из иных городов имест, которые к Вилне близко, униятов всех, кто где живет,… высылать вон тотчас, и заказ учинить крепкой, чтоб впредь униятов нигде не приймовали и высылали их вон, чтобы от них в вере каких расколов не было". Сабраўшы мясцовых уніятаў, ваявода ўльтыматыўна заявіў ім: калі не перахрысцяцца ў праваслаўе, будуць выгнаны з радзімы [8]. Пазнаўшы такую талеранцыю, беларусы да канца XVII ст. масава прынялі ўнію.
Увосень 1659 г. маскоўскі ваявода князь Іван Хаванскі, рухаючыся з 30-тысячным войскам з Вільні ў Гродна, падступіў да Ліды. Лідскі замак, нягледзячы на адчайную абарону, быў захоплены, а горад разрабаваны і спалены. Тады былі знішчаны і ўсе лідскія ўніяцкія цэрквы. Горад прыйшоў у заняпад [9]. Лідскі павет страціў у тую вайну 24,7% насельніцтва [10].
Людскія і матэрыяльныя страты былі настолькі вялікімі, што сойм Рэчы Паспалітай 1676 г., каб даць гораду адрадзіцца, вызваліў Ліду ад падаткаў. Неспакойнымі былі для Ліды і наступныя гады.
У 1679 г. горад згарэў ад пажару. У 1702 г. і 1710 г. Ліду спалілі шведы. Таму ў 1717 г. Вальны сойм Рэчы Паспалітай зноў вызваляе горад ад падаткаў, а таксама пацвярджае яго старыя прывілеі.
У другой палове XVIII ст. Ліда інтэнсіўна развіваецца. У 1765-1770 гг. паўстаў новы мураваны касцёл - Фарны, пабудаваны замест старога драўлянага. Недзе тады ж на Рынкавай плошчы ўзвялі мураваную ратушу, упрыгожаную порцікам з калонамі. Пры ратушы існавала старадаўняя драўляная пабудова, выкананая ў гатычным стылі. Каля ратушы аднавілі ўніяцкую царкву Св. Мікалая. Аднавілася таксама ўніяцкая царква на Зарэччы.
Дакладнае месцазнаходжанне ў раёне Рынкавай плошчы ўніяцкай царквы Св. Мікалая да нядаўняга часу было невядома. На карце Ліды канца XVIII ст. гэта царква пазначана літарай "О", а ў паясняльным тэксце напісана: "О" - уніяцкая царква, на мапе неразборліва". Таму знайсці царкву на карце XVIII ст. (напрыклад, змешчанай у манаграфіі А. Краўцэвіча "Гарады і замкі Беларускага Панямоння" [11]) немагчыма. І толькі на карце, надрукаванай у кнізе В. А. Чантурыі "Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.", упершыню дакладна пазначана царква Св. Мікалая. Яна размяшчалася каля кляштара піяраў; насупраць яе, праз Віленскую вуліцу, стаяла сінагога [12].
На пачатку XIX ст. горад меў два цэнтры, размешчаныя на восі, якой была вуліца Віленская. У адным цэнтры знаходзіўся замак, Фарны касцёл, кляштар кармелітаў, у другім - ратуша, сінагога, уніяцкая царква Св. Мікалая і кляштар піяраў [13].
У 1765 г. з дрэва разабранага старога Фарнага касцёла ("як кажуць, яшчэ добрым для сценаў" [14]) паміж гарадскімі каталіцкімі могілкамі і млынам пабудавалі новую вялікую ўніяцую царкву Ўваскрасення Гасподня. Пры царкве дзейнічаў невялікі шпіталь [15]. Царкву у 30-х гадах XІХ ст. зруйнавала бура [16]. На карце горада 1842 г. на гэтым месцы пазначаны толькі шпіталь. Адноўленая ўніяцкая царква Прачыстай Багародзіцы існавала ў Лідзе да пачатку XІХ ст. [17] Калі прышла ў заняпад царква Св. Мікалая, невядома, але на карце горада 1842 г. яе ўжо няма. У 1832 г. уніяцкай царкве быў перададзены скасаваны кармеліцкі манастыр [18], але ўсё роўна месца для правядзення набажэнстваў у 1830-я г. не мелі, бо грошаў дзеля ўладкавання па-кармеліцкага касцёла пры кляштары не было. Літоўскі епіскап Іосіф Сямашка планаваў перадаць яго ў ваеннае ведамства і ў 1837 г. пісаў на гэты конт обер-пракурору Сінода Пратасаву наступнае: "…Лідскім грэка-ўніяцкім вернікам для адпраўлення набажэнства забяспечана іканастасам і прыстойна ўладкована невялікая Ольжаўская Грэка-ўніяцкая капліца, і хоць лік … вернікаў абодвух палоў не перавышае трохсот, яны па неабходнасці павінны задавольвацца гэтай капліцай, зважаючы на тое, што капліца гэта знаходзіцца ў пяці ці шасці вярстах ад горада Ліда і туды … збіраецца па справах і на гандаль шмат іншых уніятаў, … вельмі патрэбна ўніяцкая царква ў самім горадзе Ліда. Таму я не знаходжу перашкоды, каб аддаць цяпер жа ў ваеннае ведамства азначаную вышэй па-кармеліцкую каменную царкву, адважваюся аднак жа аднавіць … маю даўнюю думку, каб замест меркаванай пабудовы у горадзе Лідзе новай уніяцкай царквы, пры пераробцы згаданай па-кармеліцкай царквы ў праваслаўную, уладкаваць у ёй для ўніятаў бакавы прыдзел" [19].
Паводле дакументаў Архіва ўніяцкіх мітрапалітаў, што з часоў ліквідацыі ўніяцкай царквы на Беларусі захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу, у 1743 г. Лідскі ўніяцкі дэканат заплаціў мітрапаліту штогадовы падатак на ўтрыманне свайго епіскапа і кафедральнай царквы "cathedraticum" у памеры 60 злотых, Ашмянскі - 154 злотых, Мядзельскі - 104 злотых. З улікам памеру падатку, відавочна, што ў Лідскім павеце ўніятаў было меней, чым на Ашмяншчыне і Мядзельшчыне, але было больш рыма-католікаў [20]. У 1747 г. з кожнага "каплана" неабходна было заплаціць гэтых выплат "по одному битому талеру". Лідскі павет заплаціў тады 12 талераў [21], што сведчыць аб такой жа колькасці ўніяцкіх святароў на Лідчыне. Адзін з іх - лідскі "парах" [22] Антоні Марцінеўскі, пра якога вядома, што ён у тым жа годзе няправільна, без споведзі і абвяшчэнняў, павянчаў шлюб [23].
Важнейшай крыніцай рэкрутацыі ўніяцкага духавенства былі сем'і саміх святароў. Пра аднаго з кандыдатаў у духоўнае званне крыніцы Архіва ўніяцкіх мітрапалітаў, датаваныя 1770 г., сведчаць наступнае: "Якаў Зухавецкі - сын святара, у дзяцінстве браў навукі ў Яна Скарымскага, дэкана лідскага, потым быў забраны ад дэкана сваім старэйшым братам, парахам навагрудскім Лукой і адданы ў Жыровіцкую школу, … потым паступіў на "дворскую" службу і два гады "трезво" и "верно" служыў … ротмістру Міхаілу Крышылоўскаму. Даследаванне "de vita et moribus", якое правёў камісар Лідскага дэканата, святар Міхаіл Канцэвіч. У наступным дакуменце: "Зухавецкі два гады "трезво" и "верно" служыў … ротмістру Міхаілу Крышылоўскаму, які выдаў аб гэтым пасведчанне, потым вярнуўся да сваёй "фамилии" … намерваючыся прыняць духоўны сан" [24]. Дакументы гавораць пра дастаткова строгія патрабаванні да прэтэндэнтаў на святарскую годнасць: наяўнасць адукацыі, цвярозы лад жыцця, бездакорная папярэдняя служба.
Клопат кіраўніцтва царквы аб павышэнні адукацыйнага ўзроўню ўніяцкага святарства знайшоў адлюстраванне ў пастанове Наваградскай кангрэгацыі 1753 г. Яна абвязвала ў кожным уніяцкім дэканаце адкрыць школу для дзяцей святароў ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў, каб яны там за кошт бацькоў тры гады вучыліся чытаць "по руско-славянски" псалтыры, актоіхі і ірмалоі, навучаліся царкоўным спевам і парадку набажэнства. А калі б хто з духавенства не пажадаў аддаць свайго сына ў школу, то падлягаў штрафу на працягу трох год - па 3 талеры. Гэты штраф паступаў на выхаванне ў школе бедных дзяцей. У хуткім часе такая школа адкрылася ў Орлі Лідскага дэканата. Навучаннем і выхаваннем дзяцей займаліся святары з суседніх вёсак Васкевічы, Збляны і дэкан з Жыжмы [25].
Пра нізкі ўзровень жыцця ўніяцкага святарства, які не моцна адрозніваўся ад сялянскага, але высокі ўзровень яго маральнасці, Баброўскі П. В. у сваім даследаванні "Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I" пісаў так: "Пры беднасці зямельнага надзелу, пры недахопе царкоўных дамоў і гаспадарчых будынкаў, … святар, абцяжараны сям'ёй, моцна трымаўся свайго роднага кутка, шанаваў сваю ўбогую святыню, дзе нядаўна яшчэ маліўся яго бацька, дзе былі магілы яго продкаў, і не думаў пакідаць як бы спадчыннага прыходу … Хатка ўніяцкага святара адрознівалася ад сялянскіх хатаў толькі дымавою трубою, надзел зямлі святара вылучаўся ад суседніх толькі дбайнасцю апрацоўкі, … быў у святара і дагледжаны садок з некалькімі дзясяткамі яблыняў, пасаджаных ягоным бацькам ці дзедам … Усё ў царкоўнай сядзібе, пачынаючы ад даху са свежымі латкамі ці званіцы з падпоркамі і канчаючы няхітрым тынам, дзе кожны кол каштаваў вялікай працы … Усе гэтыя будынкі былі крытыя саломаю і сведчылі пра сціплую стараннасць … гаспадароў … Вернікі шанавалі сваіх пастыроў, парадніўшыся з ім і яго сямействам духоўнай і сямейнай сувяззю. Бедны, але ашчадны ўніяцкі святар ніколі не адмаўляў у дапамозе вернікам і, нярэдка, сам задавольваючыся кавалкам чорнага хлеба, нічога не шкадаваў для адукацыі сваіх дзяцей" [26].
У першай палове XIX ст. ужо каля 40% уніяцкіх святароў Літоўска-Віленскай епархіі атрымалі адукацыю ў семінарыі, прыкладна столькі ж былі выпускнікамі семінарый пры базыльянскіх манастырах, 14% скончылі парафіяльныя школы, 1,65% мелі вышэйшую адукацыю, астатнія - хатняе выхаванне [27]. Даследчыкі адзначаюць, што ўніяцкае святарства з'яўлялася даволі закрытай групай насельніцтва. Большасць святароў належала да старажытных святарскіх радоў, чые карані паходзілі яшчэ з XVI ст. Старадаўнія святарскія роды на Лідчыне - гэта Касцевічы і Шыманскія (а, напрыклад, на Наваградчыне - Баравікі, Галоўчыцы і Плаўскія) [28].
Згодна з візітацыяй 1792 г., ў Лідскім дэканаце мелася 15 цэркваў. Пры трох з іх да таго часу згарэлі плябаніі, у Орлі - дашчэнту. За год паспелі напілаваць лесу, зацягнуць яго на святарскі двор і пачалі будаваць зруб. У пажары згарэла ўся дакументацыя, і святару патрэбна было пераскладаць і ўзгадняць фундушы, хадатайнічаць аб узнаўленні асабістых дакументаў (рабіць копіі з мітрапаліцкага архіва). "З гэтага нешчаслівага выпадку і сам парах мясцовы хваробу і слабасць займеў, у якой і дагэтуль застаецца" - пісаў візітатар Андыян Бутрымовіч пра святара Войцеха Маршынскага. У Турэйску плябанія згарэла ў 1783 г., і за дзесяць гадоў парах Антон Снарскі не паспеў цалкам аднавіць сваё жыллё. У Сабакінцах ў 1788 г. згарэла палова дома, засталася камора і пякарня, у якой і жыў стары парах Стэфан Сасіновіч. Як правіла, усе плябанскія будынкі былі абнесеныя агароджамі рознага кшталту (часцей за усе - жэрдкамі). А вось плябанія Андрэя Касцевіча з Лябёдкі мела экзатычны плот з хмызняку, накшталт плятня [29]. Амаль што пры кожнай плябаніі меўся гарод, а вось сад быў ужо значна радзей. З 15 лідскіх цэркваў 6 мелі шпіталі, што ўказвае на заможнасць Лідскага дэканата, бо на ўтрыманне шпіталя патрэбны былі дадатковыя фундушы. Звычайны шпіталь пры ўніяцкай царкве - гэта невялікая драўляная хата з комінам. Часцей за усё, у шпіталі царква ўтрымлівала старых і нямоглых людзей [30].
У Лідскім дэканаце мелася 81 літургічная кніга, і па забяспечаннасці службовымі кнігамі дэканат не вылучаўся сярод іншых. Але паводле пастаноў Замойскага сабору 1720 г., акрамя літургічных кніг кожны парах павінен быў мець яшчэ і своеасаблівы кодэкс паводзін святара - складзенае мітрапалітам Львом Кішкам і выдадзенае ў 1722 г. у Супраслі "Собрание припадковъ краткое, и духовнымъ особам потребное". Ні адна з 15 цэркваў Лідскага дэканата ў 1792 г. не мела гэтай кнігі [31].
Звычайна царква мела нейкі надзел зямлі; ад земляробства лідскія цэрквы ў сярэднім мелі 200 злотых у год (у 1784 г.). Прыналежнасць зямлі знаходзіла сваё адлюстраванне ў мясцовых назвах. Пераважная большасць царкоўных уладанняў мела характэрныя назвы "Царкоўшчына", "Папоўшчына", "Манастырышча" і г. д., такія кавалкі зямлі мелі агульную назву "ўрочышчаў" [32].
[1] Pyzel K. Kościoł parafialny p.w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 95.
[2] Наша слова. 2003. № 44. 26 лістапада.
[3] Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S. 107-109.
[4] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[5] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897. С. 227-228.
[6] Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Декреты Главного Литовского трибунала. Том 15. Вильна, 1888. С. 38.
[7] Палуцкая С. В. З гісторыі уніяцтва на Лідчыне // Наш Радавод. Ліда, 1993. С. 67.
[8] Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654-1667. Мінск, 1995. С. 72-73.
[9] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторический очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[10] Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654-1667. Мінск, 1995. С. 140.
[11] Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 100.
[12] Чантурия Ю. В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI - первой половины XIX в.: Средневековое наследие, Ренессанс, барокко, классицизм. Минск, 2005. С. 51.
[13] Pyzel K. Kościoł parafialny p.w. Podwyższenia krzyża św. w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 95.
[14] Тамсама. S. 103.
[15] Kuwalek R. Rzymskokatolicki cmentarz przy ul. Grazyny // Zemia Lidzka. 1996. № 18-19. S. 16.
[16] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок (Исторически очерк) // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
[17] Rouba N. Przewodnik po Litwie i Bialej Rusi. Wilna, 1909. S.107-109.
[18] Палуцкая С. В. З гісторыі уніяцтва на Лідчыне // Наш Радавод. Кн. 6: З гісторыі Лідчыны. Ліда, 1994. С. 67.
[19] Записки Иосифа Митрополита Литовского. Санкт-Петербург, 1883. Т. 3. С. 330-331.
[20] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 84.
[21] Тамсама. С. 118.
[22] Парах - сьвятар які мае паўнаважанні стала кіраваць парфіяй (прыходам).
[23] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 116.
[24] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. С.-Петербург, 1907. С. 261-262.
[25] Тамсама. С. 153.
[26] Бобровский П. О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890. С. 194.
[27] Лісейчыкаў Дзяніс. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 47.
[28] Тамсама. С. 33-34.
[29] Лісейчыкаў Дзяніс. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 72, 74.
[30] Тамсама. С. 73-74.
[31] Тамсама. С. 89.
[32] Лісейчыкаў Дзяніс. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 78.