Астрына . У 1556 г. святары астрынскай царквы Іван Яновіч, Фёдар Антраповіч і дыякан Лагвін Апанасавіч "били челом" каралю Жыгімонту ІІ Аўгусту, друйскаму старасту Станіславу Давойне і іншым "державцом Острынским". Чалабітчыкі даводзілі, што іх царкве быў нададзены немалы фундуш панамі Зяневічамі - продкамі "тивуна Виленского и державцы Ушполького, Пенявского і Радуньского Шимки Мацковича" [1]. Праўда, праз пэўны час гэты фундуш моцна зменшыўся, і замест сямі валок пры царкве засталося толькі тры валокі зямлі. Сваёй граматай ад 4 жніўня 1556 г. Жыгімонт Аўгуст гэтыя тры валокі юрыдычна замацоўваў за Астрынскай царквой [2]. На гэту каралеўскую грамату ў 1696 г. спасылаўся пробашч астрынскай царквы св. Спаса айцец Феліцыян у сувязі з разглядам судовай справы аб нявыплаце царкве даходу з фундушавых валокаў.
У першай палове ХІХ ст. у Астрыне была драўляная Прэабражэнская прыходская царква, аб часе пабудовы якой звесткі адсутнічаюць [3]. На яе званіцы знаходзіўся звон з надпісам па-стараславянску [4]. У 1855 г. замест старой драўлянай царквы ўзвялі новы мураваны храм.
[1] Шымка Мацкавіч (памёр у 1542 г.) быў уладальнікам Астрына і Забалаці (Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy. Warszawa. 1895. S. 372).
[2] Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Акты, относящиеся к истории Западно-русской церкви. Том 33. Вильна, 1908. С. 51-53.
[3] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губерния. СПб., 1861. С. 551.
[4] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 111.