Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Лаўрэш Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-08-2017,
Крыніца: Гродна, 2017.

Спампаваць




Гродна, «ЮрСаПрынт»

2017

УДК 94(476)

ББК 66.3

Л 13

Лаўрэш Леанід. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс.

Навуковы рэдактар: доктар гістарычных навук, прафесар С. В. Марозава
Рэцэнзенты: кандыдат гістарычных навук, дацэнт С. У. Сілава ; кандыдат культуралогіі, дацэнт І. І. Трацяк

Лаўрэш, Л. Л.

Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс / Л. Л. Лаўрэш. - Гродна: "ЮрСаПрынт", 2017. - 114 с.: іл.

ISBN 978-985-0000-00-0.

У кнізе, грунтуючыся на шматлікіх друкаваных і архіўных матэрыялах, распавядаецца пра шматсотгадовую гісторыю аднаго з унікальных храмаў Беларусі - Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царквы . У дадатку прыводзяцца дакументы і матэрыялы XVI-ХХ стст. па гісторыі царквы.
Кніга прызначана для чытача, які цікавіцца беларускай мінуўшчынай:настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, краязнаўцам, навукоўцам, выкладчыкам гісторыі і студэнтам.

УДК 94(476)

ББК 66.3

ISBN 978-985-0000-00-0

Навуковае выданне

©Лаўрэш, Л.Л., 2017

© ТАА«ЮрСаПрынт». Афармленне. 2017


Прадмова

Уступ

1. Некаторыя заўвагі пра стыль і архітэктуру храма

2. XVI стагоддзе: пачатак гісторыі царквы

3. Заўвагі да пытання аб датаванні пабудовы царквы

4. Царква ў першае стагоддзе свайго існавання

5. XVII стагоддзе: калятары і зямельныя надзелы царквы. Лёс царквы у ваеннай віхуры 1654-1667 гадоў

6. Раны Паўночнай вайны. Філіяльная царква ў Воўчынках

7. Царква ў актах візітацый XVIII стагоддзя

8. Маламажэйкаўская царква ў апошняй трэці XVIІI стагоддзя. Страсці вакол золата Шымкі Мацкавіча

9. Перыпетыі лёсу храма ў 1804-1873 гадах

10. Маламажэйкаўскі настаяцель Леў Савіцкі (1863-1926 гады): жыццё, прысвечанае царкве. Новыя страсці па Мураванцы ў 1920-я гады

11. Другая палова ХХ стагоддзя: ад склада да адноўленай святыні

12. Дадаткі

13. Прэзентацыі кнігі


Прадмова

Спачатку - пра гісторыкаў, краязнаўцаў і пра старажытныя храмы. Неяк я збірала матэрыялы пра гісторыкаў Гродзеншчыны. У гэтым мне дапамагаў Леанід Лаўрэш. Трэба было чуць, з якім навуковым натхненнем і ўпэўненасцю ён заявіў: «Я адкрыў імя новага краяведа Лідчыны. Гэта - Леў Савіцкі». Напэўна, гэта было падобна на тое, як даследчык, зрабіўшы сенсацыйнае адкрыццё, усклікае: «Эўрыка!».

У хуткім часе пра Льва Савіцкага - маламажэйкаўскага святара, які пражыў 90 гадоў, з якіх 63 гады (з 1863 па 1926) прысвяціў сваёй царкве, давялося пачуць на адной з навуковых канферэнцый. Гэта, сапраўды, было новаадкрытае імя ў гісторыі нашага краю. Інфармацыя пра Мураванкаўскі храмкрэпасць, якая паўтаралася і вандравала з кнігі ў кнігу, пачынала набываць ужо новыя навуковыя абрысы.

У 2013 г., атрымаўшы запрашэнне прыняць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «З гісторыі Супрасльскага манастыра ў XVI-ХХ ст.» у Польшчы, спачатку здзіўлялася, што можна цэлыя два дні і цэлай групе даследчыкаў (было прыкладна два дзясяткі выступоўцаў з розных краін) гаварыць пра адзін манастыр, хай сабе і з пяцісотгадовай гісторыяй! На канферэнцыі зразумела, што грунтоўнае навуковае асэнсаванне феномена Супрасля яшчэ толькі пачынаецца.

Але здзіўленні на гэтым не скончыліся. Супрасльскую царкву і манастыр дык «раскручвае» (навукова) цэлая група даследчыкаў, да таго ж з шэрагу краін. А тут адзін лідскі краявед Леанід Лаўрэш піша кнігу (нават не артыкул!) пра сястру Супрасля - Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць з паўтысячагадовай гісторыяй! Дзе ён столькі інфармацыі пра яе возьме? Не кожны вопытны гісторык рызыкне гэтым заняцца. І вось мы маем вынік гэтай скрупулёзнай, няпростай, адказнай і гэтак патрэбнай нашаму краю працы. Фактычна Леанід Лаўрэш даў прыклад і ў пэўнай меры ўзор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы. Як будаўнік цаглінка да цаглінкі кладзе будынак, так і тут даследчык факцік да факту ўзводзіць будынак гісторыі адной з найславуцейшых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і выстраіліся ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу.

Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёю ў 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі - уладальнікамі Мажэйкава; «калятарамі» царквы (дабрадзеямі і самадурамі); са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі; з дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да радавых святароў. Дарэчы, Л. Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII ст. Гісторыя Маламажэйкаўскай царквы - гэта не роўнае поле, як на першы погляд можа паказацца. На старонках гісторыі храма і на яго сценах, у яго сутарэннях, на могілках, у мясцовых паданнях - раны войн, вандалізм мясцовых Неронаў, ахвяры рэпрэсій. Не аднойчы бушавалі людскія жарсці вакол гэтай святыні.

Таму кніга Л. Лаўрэша - гэта не звыклы нам краязнаўчы нарыс. Чым далей яе чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны (напрыклад, аж да бальшавіцкай расправы з сынамі і ўнукам згаданага Л. Савіцкага). Пасля такіх адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы.

Хай сабе і ёсць у напісанай Л. Лаўрэшам кнізе гісторыі Маламажэйкаўскай царквы «белыя плямы» і незапоўненыя радкі - гэта тлумачыцца станам крыніцавай базы па тэме, мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм, адпаведнае сучаснаму ўзроўню ведаў, якое будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні.

Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар

Уступ

Маламажэйкаўская Багародзіцкая царква-крэпасць - адна з тых культавых пабудоў памежжа ХV-ХVI ст., дзякуючы якім Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры.

Маламажэйкаўская царква - выбітны помнік пачатку XVI ст. Гэты храм - манументальная мураваная пабудова з круглымі вежамі па вуглах. Вінтавыя лесвіцы ў вежах вядуць да байніц, якія апяразваюць верхнюю частку храма. Царква чатырохстоўпная, аднаапсідная з высокім двухсхільным дахам, які з боку галоўнага фасада прыкрыты фігурным шчыпцам. Апсіда займае ўсю шырыню храма, што стварае інтэр'ер зальнай прасторы. Царква мае своеасаблівую канструкцыю перакрыццяў: спляценні гуртоў і нервюр утвараюць трохкутнікі і ромбы рознага абрысу і велічыні, сістэма гатычных скляпенняў характарызуецца вытанчанасцю і далікатным малюнкам. Вонкавыя сцены, франтон і вежы ўпрыгожаны шматлікімі неглыбокімі нішамі. Круглае вакно над уваходам - звычайны прыём для культавых пабудоў раманскай і гатычнай архітэктуры. Яшчэ заснавальнік беларускай школы мастацтвазнаўства М. Шчакаціхін заўважыў, што ў характэрнай статычнасці і ўраўнаважанасці архітэктурных формаў царквы адчуваюцца павевы протарэнесансу.

У гэтай кнізе аўтар неаднаразова будзе звяртацца да краязнаўчага артыкула а. Льва Савіцкага «Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь», надрукаванага ў № 33, 34, 36, 42 «Литовских Епархиальных Ведомостей» за 1873 г. Трэба адзначыць, што артыкул нясе ў сабе звыклы набор тэзаў «інфармацыйнай вайны», якую расейскі ўрад вёў у тыя часы ў «Северо-Западном крае». Макетаванне артыкула ўказвае на вялікую колькасць рэдактарскіх правак на этапе, калі артыкул быў ужо набраны ў друкарні, моцна скажоны тэксты дакументаў на старабеларускай мове ў бок расейскай граматыкі XIX ст. Тым не менш, нягледзячы на стандартную, асабліва ў той час, канфесійную небесстароннасць, тэкст Савіцкага дае дастатковую інфармацыю для аналізу і аб'ектыўнага разумення адбыўшыхся падзей. Крытычна аналізуючы артыкул Льва Савіцкага з прыцягненнем усіх даступных крыніц па тэме, аўтар зрабіў спробу з максімальна магчымай падрабязнасцю рэканструяваць гісторыю гэтай знакамітай царквы.

У 1870-х гадах Леў Савіцкі пісаў пра сваю царкву: «Маламажэйкаўская царква знаходзіцца ў Лідскім павеце, за 30-ць вёрст па паштовай дарозе ад Ліды на Гародню. Царква гэтая, з некалі прыналежнымі да яе землямі і некалькімі дварамі пасяленцаў, пад назвай Агароднікі, размешчана на даволі ўзвышанай мясцовасці, якая апускаецца пахіла да невялікага раўчука, маляўнічыя берагі якога аблямоўвае густы хмызняк і высокія дрэвы, творачы значны гай, які нібы наўмысна вырашчаны тут для прыгажосці і для абароны ад заходніх вятроў. Гэтая мясцовасць у старажытнасці вядома пад назвай «Багданаўшчына», тут размешчаны будынкі святара .... Некаторыя асобы, камандзіраваныя ў апошнія гады для агляду славутых помнікаў нашай краіны, не мелі дакументаў і гістарычных дадзеных і не маглі нават спадзявацца сустрэць у падобнай глухмені такую выдатную сваёй архітэктурай святыню. Шмат хто думаў, што гэты будынак пабудаваны ў даўнія часы татарамі для мячэці, а потым ужо перароблена на царкву, але ясныя сляды крыжоў, выштукаваныя з цэглы ў вежах з заходняга боку, і мясцовыя пісьмовыя помнікі, пераконвалі іх у адваротным» [1]. Cвятар разумеў і абарончы характар пабудовы, бо лічыў, што «загадкавая архітэктура Маламажэйкаўскай царквы мімаволі прымушае думаць, што гэтая царква была не толькі домам малітвы, але і сховішчам ... маёмасці падчас спусташальных войнаў і спалучаных з імі рабункаў» [2].

Наконт назвы царквы варта адзначыць наступнае. Ва ўсіх без выключэння гістарычных крыніцах царква называлася Маламажэйкаўскай, вёска Мураванка пачынае з'яўляцца ў дакументах і на картах толькі ў канцы XIX ст., бачна, што сваю назву яна атрымала менавіта з-за суседства з царквой. Толькі пасля 1945 г. паступова пачала прыжывацца назва «Мураванкаўская царква», бо адвольна праведзеныя межы раёнаў пакінулі царкву ў Шчучынскім раёне і аддзялілі яе ад Малога Мажэйкава, якое засталося ў Лідскім раёне. Таму ў кнізе аўтар будзе аддаваць перавагу назве Маламажэйкаўская царква.

1. Некаторыя заўвагі пра стыль і архітэктуру храма

З каталіцкім хрышчэннем Літвы ў канцы ХІV ст. у мастацтва Вялікага Княства Літоўскага пачынае пранікаць гатычны стыль. Яго распаўсюджванне звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў францысканаў і бернардынаў, а таксама ганзейскіх гандляроў. Вытокі і сутнасць готыкі - у метадзе мыслення і тэалагічнай дактрыне Сярэднявечча: «Прыгажосць, створаная па імкненні душы рукамі мастака, бярэ пачатак ад той прыгажосці, якая вышэй за ўсё» (Святы Аўгусцін). Узаемасувязь паміж мастацтвам, тэалогіяй і філасофіяй была ўвасоблена ў формах французскіх гатычных сабораў, якія ўзніклі адначасова з «саборамі ідэй» - універсітэтамі. Мастацтва архітэктуры было адной з формаў малітвы. Галоўная матывацыя стварэння гатычнай структуры сабора закладзена ў духоўным паняцці святла, бо «Бог ёсць святло». Дзеля «дыялога з Богам» майстры французскай готыкі стварылі нібыта «празрыстыя сцены» і «балдахінную сістэму скляпенняў», чым дасягнулі ілюзіі Касцёл Св. Анны ў Пясочным, Польшча. нематэрыяльнасці архітэктурных мас. З Францыі гатычны стыль пачаў распаўсюджвацца ў краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Праз узаемадзеянне гатычных архітэктурных форм з традыцыйным мясцовым дойлідствам расквітнела цудоўная самабытная беларуская готыка. Яна ўвасобілася ў «Фары Вітаўта» ў Коўні, касцёлах св. Мікалая, бернардынаў і св. Ганны ў Вільні [3].

Прафесар Аляксандр Кушнярэвіч заўважыў стылістычную блізкасць Маламажэйкаўскай царквы да касцёлаў у Польшчы (у Плоцку, Шрэнску, Пясочным, Брахаве, Броку, Глогаўцы і інш.), збудаваных у тым жа ХVI ст. Гэтыя сакральныя пабудовы маюць падобныя прынцыпы фармавання прасторы, характар кампаноўкі і аздаблення фасадаў, падобныя вежы і адсутнасць размежавання сакральнай і абарончай функцый - байніцы размешчаны нават у алтары. Новыя формы еўрапейскага дойлідства былі занесены ў Малапольшчу, а потым у Мазовію італьянскімі архітэктарамі. З-за моцнай канкурэнцыі на радзіме яны разам з майстрамі-мулярамі прыехалі ў Польшчу ў пошуках заказаў. Прозвішчы будаўнікоў храмаў у Мазавецкай зямлі захаваліся ў пісьмовых крыніцах - гэта архітэктары Ян Бапціста з Венецыі, Джавані Чыні з Сіены, Бернар Занобе да Джаноці, Барталамей Бярэчы. А. Кушнярэвіч высунуў версію, што нехта з гэтых архітэктараў мог пабудаваць і нашу царкву, бо храмы ў Польшчы і ў Малым Мажэйкаве маюць шмат агульнага ў фармаванні архітэктонікі, характары і арганізацыі дэкору фасадаў. Таксама прафесар адзначыў, што ў ніжняй частцы галоўнага фасада гэтыя храмы аб'ядноўвае завяршэнне цокаля ў выглядзе скосу, над якім вымураваны рад парэбрыка [4]. Касцёлы Бернардынаў і Св. Ганны ў Вільні. Фота Тацяны Вароніч, 2013 г. У верхняй частцы галоўнага фасада ўжыта глыбокая паўцыркульная ніша вялікіх памераў з круглым вакном у завяршэнні, а ў франтоне - аднолькавае паяруснае размяшчэнне плоскіх падвоеных з гіркамі [5] арачных ніш [6]. Падобную кампаноўку з вежачкамі, што ўмацоўваюць вуглы касцёла ў Пясочным, маюць вежы Маламажэйкаўскай царквы. Таму, верагодна, і нашу царкву будавалі італьянскія дойліды, якія паставілі касцёлы ў Шрэнску і Пясочыным [7].

З'яўленне готыкі ў праваслаўным храмабудаўніцтве на Беларусі - гэта матэрыялізаваны вынік Фларэнцкай царкоўнай уніі 1439 г. Ролю Фларэнцкай уніі ў справе адаптацыі на нашых землях гэтага еўрапейскага стылю адзначае беларускі гісторык Альбіна Семянчук: «... калі адкрыта прызнаць і паказаць, што ідэі Фларэнцкай царкоўнай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім адыгрывалі значную ролю ў культурна-рэлігійным і палітычным жыцці, то можна вырашыць адразу некалькі загадкавых пытанняў нашай гісторыі. ... Аналіз крыніц і літаратуры дазваляе зразумець, адкуль узяліся, з аднаго боку, цудоўныя гатычныя храмы ў Супраслі, Мураванцы, Сынкавічах, а, з другога, - капліцы з праваслаўнымі роспісамі ў Кракаве, Любліне, Сандаміры» [8]. Меркаванне аб тым, што ўсе храмы беларускай готыкі, пабудаваныя прыблізна ў адзін перыяд - на памежжы ХV-ХVI ст., з'яўляюцца вынікам распаўсюджвання ідэй Фларэнцкай уніі сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага Княства Літоўскага цалкам лагічнае. Нездарма гэтыя саборы з'явіліся на землях, якія ў той ці іншай форме кантраляваліся ўплывовымі асобамі, што паставілі свае подпісы пад лістом да папы Сікста ІV ад 14 сакавіка 1476 г. і былі часткай палітычнай эліты ВКЛ [9].

Архітэктар Юлія Шастак заўважыла, што істотным чыннікам фармавання вобразу храма абарончага тыпу з'яўляецца распаўсюджванне ў хрысціянскім свеце ідэі пра наступленне канца Свету ў 1492 г. ад нараджэння Хрыстова. У чаканні гэтай падзеі знаходзілася ўся Еўропа, і ў той час назіраецца агульнаеўрапейская тэндэнцыя да формаўтварэння «Храма-Горада» [10].

На тэрыторыі Беларусі першыя мураваныя гатычныя святыні былі пабудаваны ў ХІV-XV ст. (касцёлы Яна Хрысціцеля ва Усялюбе, Св. Тройцы ў Ішкалдзі, Усіх Святых у Наваградку, св. Пятра і Паўла ў Іўі). Тады ж гатычныя стральчатыя аркі і нервюрныя Прачысценскі сабор у Вільні. Фота Тацяны Вароніч, 2013 г.. [11] скляпенні з'явіліся таксама і ў замкавым будаўніцтве Беларусі. Трохі пазней, на мяжы ХV-ХVІ ст., элементы готыкі былі адаптаваны будаўнікамі праваслаўных храмаў. Сінтэз са старымі візантыйскімі традыцыямі вызначыў мастацкую адметнасць і ўнікальнасць мясцовай готыкі [12]. Таму ў беларускім манументальным дойлідстве канца ХІV-ХVІ ст. готыка і рэнесанс набылі вельмі адмысловыя «мясцовыя» стылістычныя рысы.

Свята-Мікалаеўская царква абарончага тыпу ў Берасці, існавала ў XIV-XIX стст.

Мікола Шчакаціхін лічыў, што калі да XVI ст. мы можам казаць толькі аб готыцы ў Беларусі, рэпрэзентаванай першымі пабудовамі нямецкай готыкі ў Вільні, дык, пачынаючы з гэтага часу, можна ўжо казаць аб асобнай беларускай готыцы, укладаючы ў гэтае паняцце не толькі тэрытарыяльны, але стылістычны сэнс. Прыкладам чыстай, нямецкай, перанесенай да нас готыкі, з'яўляецца касцёл Св. Ганны ў Вільні [13]. Характэрным для беларускай готыкі з'яўляецца тып царкоўнага будынка, умацаванага з дапамогай вуглавых вежаў. Менавіта такі тып намеціўся ў канструкцыі віленскага Бернардынскага касцёла. Вялікі, масіўны Бернардынскі касцёл абарончага тыпу пакідае моцнае ўражанне. Ён быў пабудаваны ў 1475-1480 гг., але ў 1794 г. перанёс амаль разбурэнне расейскім войскам. У 1864 г. ордэн бернардынаў быў скасаваны, а будынкі кляштара адабралі тады пад казармы. Гэты касцёл захаваў свой першапачатковы сярэднявечны выгляд, характэрны для храмаў-крэпасцей. Яшчэ і зараз з паўночнага боку налева ад фасаду відаць шэраг байніц. Абарончую ролю выконвалі і вежы з абодвух бакоў фасаду. Характар крэпасці асабліва выразна відаць з усходняга боку, дзе захаваліся пяцігранныя апсіды і масіўныя контрфорсы. Унутры касцёла асабліва ўражваюць познегатычныя скляпенні з вельмі разнароднымі структурамі, дзе кожнае скляпенне - новы карунак [14].

Да нашага часу захаваліся цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынкавічы, Малое Мажэйкава і ў польскім горадзе Супраслі. Гэтыя тры будынкі вельмі падобныя паміж сабой у канструкцыйных і стылістычных рысах, аднак адрозненні ў некаторых дэталях вызначаюць этапы паступовага развіцця стылю беларускай готыкі. М. Шчакаціхін, аналізуючы розніцу паміж імі, давёў, што Міхайлаўская царква ў Сынкавічах была пабудавана раней за Маламажэйкаўскую, прычым у агульных рысах царква ў Сынкавічах мае падабенства з вышэй згаданым Бернардынскім касцёлам ў Вільні [15].

У адзін шэраг з зараз існымі цэрквамі-крэпасцямі трэба паставіць і Свята-Мікалаеўскую царкву абарончага тыпу ў Берасці, якая існавала ў XIV-XIX ст. на ўніяцкім пляцы вакольнага горада (на цэнтральным востраве сучаснай крэпасці). Царква згадваецца ўжо ў 1390 г. пры наданні Берасцю Магдэбургскага права. У ёй у 1596 г. была падпісана славутая Берасцейская унія. Сабор не захаваўся да нашага часу, бо каля 1840 г. быў знесены разам з усім цэнтрам Берасця, каб вызваліць пляцоўку пад будаўніцтва крэпасці [16].

Знаны гісторык і археолаг Міхаіл Ткачоў не пагаджаўся з канцэпцыяй эвалюцыі беларускай царкоўнай готыкі М. Шчакаціхіна. Ён меркаваў, што ў 1494-1501 гг. старажытны сабор св. Сафіі ў Полацку быў перабудаваны ў абарончы, і таму лічыў яго «першым цытадэльным храмам з чатырма наружнымі вежамі» [17]. Але ж археолагі не знайшлі ніякіх рэшткаў «наружных» абарончых вежаў у Полацкай Сафіі. Выбітны беларускі мастацтвазнаўца Тамара Габрусь лічыць, што падмуркі вежаў не знойдзены, «таму што тут абарончыя вежы не былі ўзведзенымі ад падмуркаў, як меркаваў М. Ткачоў і іншыя, а надбудаваны над квадратнымі ў плане вуглавымі кампартыментамі старажытнага Сафійскага сабора. Менавіта тут і такім чынам адбыўся пераломны момант у фармаванні новага тыпу чатырохвежавых праваслаўных цэркваў-крэпасцяў, шляхам творчага знітавання рэгулярнай схемы замкавага будаўніцтва з візантыйска-рускім тыпам крыжова-купальнага храма» [18].

Сафійскі сабор ў Полацку, з малюнкаў XVI-XVIII ст. (паводле М. Ткачова).

Яшчэ Леў Савіцкі знаходзіў «падабенства са ... старажытным Прачысценскім Мітрапалітальным саборам у Вільні, які, відаць па ўсім, служыў для будаўнікоў Маламажэйкаўскай царквы прататыпам, храмастваральнік нават прысвяціў яго імем Прачыстай Багародзіцы» [19]. Першапачаткова гэта была крыжовакупальная трохапсідная пабудова з чатырма вежамі па вуглах. Унутраную прастору храма асвятлялі ўласцівыя готыцы вокны спічастай формы, якія мелі складанапрафіляваныя адхоны. З гравюраў бачна, што гэта быў гатычны будынак, які меў франтоны трохвугольнай формы i высокі двухсхільны дах. Царква неаднаразова перабудоўвалася, апошні раз ў 1865 - 1868 гг. [20]

Мікола Шчакаціхін адзначаў, што калі ў Сынкавіцкай царкве вежы былі яшчэ толькі дадаткам да разбітага па візантыйскай схеме плану царквы, дык у Маламажэйкаўскай царкве вежы ўжо не маюць у плане поўных акружнасцяў, але нібыта ўцягнуты ў вуглы будынка, муры якога беспасрэдна пераходзяць у іх акруглыя корпусы і складаюць з імі агульную архітэктурную масу. Гэтым спосабам дасягаецца больш кампактнае і завершанае адзінства будынка.

Другая істотная розніца назіраецца ў форме алтарнай часткі. У Сынкавіцкай царкве, ня гледзячы на гатычны характар канструкцыі, яшчэ выкарыстана візантыйская схема плана царквы: падзел асноўнай прасторы на тры нефы і падзел алтарнай часткі на тры паасобныя апсіды. У Маламажэйкаўскай царкве ўнутраная прастора таксама падзелена на тры нефы, прычым падабенства тут нават павялічваецца прысутнасцю хораў звычайнага царкоўнага тыпу. Аднак, як і ў Сынкаваічах, слупы, якія дзеляць унутраны аб'ём, трымаюць не візантыйскую канструкцыю перакрыццяў, а складаныя познегатычныя скляпенні. У Маламажэйкаўскай царкве падзел будынка на тры прадоўжаныя нефы ўжо страціў сваю канструкцыйную выразнасць з-за адсутнасці паасобных апсід па канцах гэтых нефаў і адсутнасці падзелу адзінага вялікага алтара. У цяперашні час алтар ад царквы аддзяляе ўнутраны мур, у якім зроблены тры традыцыйныя пралёты, але мур гэты - пазнейшая дабудова: спачатку алтар раскрываўся ў царкву адной вялікай паўцыркульнай аркай, сляды якой былі бачны там, дзе яна замуравана пазнейшай дабудовай. Такім чынам, візантыйскі характар алтарнай часткі тут ужо страчаны і формай сваёй яна ўжо набліжаецца да раманскіх ці раннегатычных апсід. У параўнанні з Сынкавіцкай царквой, Маламажэйкаўская нібы робіць яшчэ адзін крок у готыку. Узмацненне элементаў готыкі ў Маламажэйкаўскай царкве выяўляецца ў яе ўнутранай канструкцыі. Будынак пакрываюць вельмі складаныя зорчатыя скляпенні з рэзка прафіляванымі нервюрамі, якія ў некаторых месцах пераходзяць у так званыя крышталёвыя скляпенні - там, дзе нервюрны касцяк ужо зліваецца з распалубкамі перакрыцця. Нервюры густымі пучкамі зыходзяцца да цэнтральных слупоў, а з супрацьлеглага боку абапіраюцца на муры, якія не маюць контрфорсаў з надворнага боку. Уся гэтая сістэма ў параўнанні з Сынкавіцкай царквой з яе звычайнымі крыжовымі скляпеннямі з'яўляецца значна больш удасканаленнай у прыёмах гатычнага будаўніцтва [21]. Прытым у архітэктуры Маламажэйкаўскага храма ёсць адначасова некаторыя формы і дэталі не толькі гатычнага, але і раманскага стылю. Нішы на франтонах, круглыя вежы - абавязковыя атрыбуты раманскай архітэктуры, стральчатыя аркі аконных праёмаў, зорнае скляпенне і высокі двухсхільны дах з вострым франтонам - характэрныя элементы готыкі.

За асновы для дэкарацыі тут, як у Сынкавіцкай царкве, узяты прыём апрацоўкі паверхні муроў з дапамогай дэкаратыўных ніш, прычым такую апрацоўку атрымалі не толькі франтоны, але і фасады, да таго ж форма ніш і сістэма іх размяшчэння былі зменены [22]. Фасады Маламажэйкаўскай царквы насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але i вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок - рад цэглы, пакладзенай над вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фону сцяны з белымі паясамі i нішамі надае храму асаблівае хараство, і таму яго фасады не выклікаюць уражання суровасці i велічнасці [23].

Абарончы тып царквы выяўляецца ў вежах, у досыць значным ліку байніц і ў адмысловых прыладах для аховы ўваходных дзвярэй - падвеснай жалезнай браме на ланцугах, зараз ужо знішчанай. Аднак архітэктура Маламажэйкаўскай царквы адышла ад суровага ўзору Сынкавіцкай царквы: беларускае дойлідства стварыла тут значна больш лёгкую і аздобленую пабудову, дзе абаронная аснова засланілася незалежнай ад яе апрацоўкай надворных форм, дзе нават баявыя вежы не толькі служаць для абароны, але і маюць эстэтычнае значэнне. Першапачаткова вежы былі аднолькавай вышыні, што падкрэслівала гарманічную статыку кампазіцыі. Тым не менш па функцыянальным прызначэнні вежы адрозніваюцца паміж сабою. Заходнія вежы ў дыяметры большыя за ўсходнія, у іх размешчаны мураваныя кручаныя ўсходы. Яны прыкрывалі адзіны ўваход у святыню, таму мелі больш развітую сістэму байніц (5 ярусаў). Вітыя ўсходы ва ўсходніх вежах былі драўляныя і колькасць байніц меншая (4 ярусы) [24].

2. XVI стагоддзе: пачатак гісторыі царквы

Паспрабуем прасачыць гісторыю Маламажэйкаўскай царквы і мясцовасці, дзе яна знаходзіцца.

Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася вялікакняская пушча. У часы Вітаўта тут яшчэ не было пастаяннага насельніцтва і менавіта гэты вялікі князь пачаў надзяляць баяраў землямі, а надаць ім ён мог толькі лясы і рэкі. Гэтая маёмасць каштавала не шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес; і вось так праз выкарчоўку лесу і заняцце новых пусташаў рухалася каланізацыя Лідчыны [25].

Да 1506 г. Мажэйкава было вялікакняскай маёмасцю. Першы вядомы ўспамін пра гаспадара Мажэйкава разам з суседнімі Дзікушкамі (Бікушкамі) знойдзены пакуль толькі ў восьмым томе Метрыкі ВКЛ: «1506.09.02. Мельник. Лист наместнику жолудокскому о пожаловании Михаилу Гагину двора Можейковского и дворца Бийкушского Жолудокского повета, до очищения имений его путивльских и киевских от неприятеля» [26]. Міхаіл Гагін у 1508 г. пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ здрадзіў і перайшоў на бок вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ, таму Мажэйкава перадаецца Льву Тышкевічу: «1508.05.26. Новогрудок. Привилей дворянину господарскому Льву Тишкевичу на дворцы Можейково и Бикушки в Жолудокском повете, до очищения его отчины от вел. кн. московского» [27].

Праз паўгода ад Тышкевіча маёмасць перадаецца князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму: «1508.12.14. Вильно. Лист дворянину господарскому Льву Тишкевичу, чтобы уступил ему пожалованные дворцы Можейково и Бикушки Жолудокского повета Василью Андреевичу Полубенскому, которому были пожалованы ранее» [28]. Льву Тышкевічу засталіся Дзікушкі. Князь Палубенскі за зносіны са здраднікам Міхалам Глінскім быў арыштаваны, але потым памілаваны і ў 1514 г. зноў атрымаў пацвярджэнне на валоданне Мажэйкавам [29].

27 студзеня 1505 г. кароль і вялікі князь ВКЛ Аляксандр пацвярджае будучаму фундатару пабудовы Маламажэйкаўскай царквы Шымку Мацкавічу права на валоданне зямлёй у Жалудоцкім павеце і «на дворец на Тури близко Рожанки». З пацверджання бачна, што яшчэ бацька Шымкі - Мацка Андрушкавіч атрымаў пустэчу, якая звалася Трашэўшчына, у Жалудоцкім павеце і потым з дазволу вялікага князя абмяняў сваю зямлю з баярамі васілішскімі і жалудоцкімі і прыкупіў поле з лесам у баярына Багдана Пацэвіча і «дворец ихъ на Тури близко Рожанки обел вечно…» [30]. 27 жніўня 1508 г. Шымка Мацкавіч атрымаў двух сялян і чатыры пусташы ў Жалудоцкім павеце [31], у 1509 г. - прывілей на людзей і на двор на рацэ Тур'я [32].

У 1514 г. кароль пісаў намесніку Жалудоцкаму: «Билъ намъ чоломъ подконюшій Виленскій Шимко Мацковичъ и поведилъ передъ нами, што жъ дей ловчій нашъ, наместникъ Ожскій и Переломскій, панъ Миколай Юрьевичъ Пацевичъ, какъ отъ насъ Жолудокъ держалъ, далъ ему землицу пустовскую леитскую въ Жолудскомъ повете на имя Можейковщину до нашое воли, а онъ дей тое землици въ держаніи ажъ и до тыхъ часовъ; ино и самъ панъ Миколай передъ нами поведилъ, ижъ тую землицу ему далъ держати до нашое воли; и онъ билъ намъ чоломъ, абыхмо ему на то нашъ листъ дали. И мы ему на то сесь листъ нашъ дали: нехай онъ тую землицу Можейковщину держитъ со всимъ съ тымъ, што къ ней здавна прислухало, а намъ съ того службу земскую заступает; а хотя бы отчичи тое землицы выискалися, и мы ему дозволили тыхъ отчичовъ на тую землю приняти» [33]. Такім чынам, яшчэ да 1514 г., у яшчэ адзіным тады Мажэйкаве, Шымка Мацкавіч за земскую службу атрымаў пустэчу, якая раней належала лейцям [34]. Пазней частка Мацкавіча атрымала назву Малое Мажэйкава. Як пісалася вышэй, у тым жа 1514 г. князь Палубенскі атрымаў пацверджанне сваіх правоў на двор Мажэйкава ў Жалудоцкім павеце і, відавочна, ягонай часткай стала будучае Вялікае Мажэйкава.

Князь Васіль Андрэевіч Палубенскі, стараста Мсціслаўскі, Бабруйскі і Барысаўскі і гаспадарскі маршалак, пасля смерці сваёй першай жонкі князёўны Аксінні Заслаўскай у вельмі пажылым узросце другім шлюбам ажаніўся з удавой Шымкі Мацкевіча, цівуна і гараднічага Віленскага, старасты Ушпольскага, Пенянскага і Радунскага, - Сафіяй Паўлаўнай. Верагодна, яна прынесла Малое Мажэйкава другому мужу як пасаг, бо ў 1546 г. ён адпісвае жонцы адну траціну сваіх уладанняў і 2000 коп літоўскіх грошаў ад сядзібы Мажэйкава і адначасова свайму сыну князю Івану - траціну ўсіх сваіх маёнткаў, за выключэннем Мажэйкава (раней ужо адпісанага жонцы Сафіі Паўлаўне). Апошнюю траціну сваіх уладанняў Васіль Андрэевіч Палубенскі адпісаў як пасаг для сваёй унучкі Марыны, дачкі яго сына Льва, якая засталася сіратой пасля смерці бацькі. Князь Васіль Палубенскі памёр 4 сакавіка 1550 г. у сядзібе Гарадзішча. Удава перавезла яго цела ў Кіеў і пахавала ў Кіева-Пячэрскай Лаўры ў царкве Прачыстай Багародзіцы Пячэрскай каля ягонага сына Льва.

У 1563 г. Марына, дачка памерлага князя Льва Васільевіча Палубенскага і жонка Станіслава Паўлавіча Нарушэвіча (спраўцы староства Гарадзенскага), сумесна з мужам выступае з заявай, што маёнтак Мажэйкава быў падараваны каралём Аляксандрам «яе дзеду князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму, старасце Мсціслаўскаму», што апошні, аўдавеўшы, узяў шлюб з Сафіяй Паўлаўнай, удавой Шымкі Мацкавіча, якой адпісаў гэты маёнтак «у вечнае карыстанне». Яна ж сама «перапісала» гэты маёнтак на свайго сына Яна Шымкавіча (маршалка і пісара гаспадарскага (вялікакняскага - Л. Л.), дзяржаўцы Тыкоцінскага). Паколькі ў 1563 г. Марына была адзінай спадчынніцай свайго дзеда Васіля, бацькі Льва і дзядзькі Івана, усе свае правы на маёнтак Мажэйкава яна перадала Шымкавічу, які ўжо і так меў на яго каралеўскае пацверджанне. У сваю чаргу, Шымкавіч упісаў сядзібу Мажэйкава ў так званы «пасаг» сваёй жонкі Аляксандры Іванаўны з Вішнявецкіх [35].

3. Заўвагі да пытання аб датаванні пабудовы царквы

Да нашага часу існуюць розныя меркаванні пра дату пабудовы Маламажэйкаўскай царквы. Найбольш верагодным фундатарам пабудовы мураванага храма лічыцца Шымка Мацкавіч, аб чым, дарэчы, запісана ў актах візітацыі. Так, у візітацыі 1784 г. гаворыцца: «Мажэйкаўская царква пад тытулам нараджэння Панны Марыі, даўнейшай фундацыі васпанства Мацкевічаў Шклёнскіх» [36]. Але існуе меркаванне, што фундатарам мог быць князь Васіль Палубенскі, які ў 1508 г. атрымаў ад вялікага князя двор Мажэйкаў [37].

«Главная опись церковного имущества Маломажейковской Рождественно-Богородичной церкви Лидского уезда», складзеная ў 1860-х гг., пачынаецца са словаў: «Царква пабудавана на сродкі абшарніка Шымкі Мацкавіча Юндзілавіча Шклёнскага ў 1542 г.» [38]. Старэйшай болей чым на 100 гадоў царкву «зрабіў» Леў Савіцкі сваім артыкулам, надрукаваным у 1873 г. Пасля яго даследчыкі час пабудовы царквы сталі датаваць 1407 годам (мая 10 дня). У доказ прыводзіўся больш позні, ад 1524 г., дакумент, які надрукаваў у сваім артыкуле Л. Савіцкі: «... отец Федосий Воротынский, протопоп Лидский, до книг метрополитальныхъ въ дворы нашемъ, в Новогрудку будучи, покладалъ, и ку актыкованью подалъ листъ ограничный церкви Маломожейковской Мурованной, грунтов, лесов, сеножатей, самого седлиска и прочих принадлежностей, сходно стародавнаго фундушу учиненнаго чрезъ зошлого его милости пана Шимка Мацкевича Шкленскаго, подконюшего Виленского, державцы Ушпольскаго, Пенянскаго и Радунскаго, наданыхъ и належачихъ на тую жъ церковь Мурованную, в повете Лидском лежачую и им побудованую, року 1407 мая 10 дня» [39]. На сённяшні дзень верыфікаваць гэты дакумент не ўяўляецца магчымым, і ён выклікае вялікі сумнеў, бо ў 1407 г. Шымкі Мацкавіча яшчэ не было на свеце, а ў 1542 г. ён зрабіў тастамант на карысць Маламажэйкаўскай царквы, якая да таго часу ўжо была пабудавана. Можна выказаць здагадку, што, перапісваючы старую паперу, святар памыліўся пры распазнанні асобных слоў і такім чынам змяніў першасны сэнс дакумента. Аднак менавіта на падставе гэтага тэксту ў 1907 г. святкавалася меркаванае 500-годдзе царквы, і ў Вільні з гэтай нагоды была надрукавана адмысловая брашура [40].

Зараз лічыцца, што існая сёння мураваная царква была пабудавана каля 1524 г. Гісторык Ю. Ядкоўскі, які па даручэнні Маскоўскага археалагічнага таварыства даследаваў Маламажэйкаўскую царкву ў 1913 г., датаваў яе першай паловай ХVІ ст. З ім быў згодны беларускі мастацтвазнаўца М. Шчакаціхін. Спецыяліст па абароннаму будаўніцтву на Беларусі ў XVI-XVIII ст. М. Ткачоў таксама датаваў храм першай паловай ХVI ст. - паміж 1516 і 1542 г. [41]

На карысць больш позняга за 1407 г. будаўніцтва Маламажэйкаўскай царквы ўскосна сведчыць яе архітэктура. Храмы абарончага тыпу ў Вільні, Супраслі, Сынкавічах і Малым Мажэйкаве, на думку беларускіх і польскіх вучоных, былі пабудаваны прыблізна ў адзін перыяд, звычайна называецца памежжа XV-XVI ст. або пачатак XVI ст. Акрамя таго, храмы абарончага тыпу, па меркаванні шэрагу даследчыкаў той эпохі, з'яўляюцца вынікам і праявай распаўсюджвання ідэй Фларэнцкай уніі 1439 г. сярод уплывовай праваслаўнай эліты Вялікага Княства Літоўскага [42].

Аднак аб тым, што Маламажэйкаўская царква была пабудавана ў XV ст., як быццам сведчаць знаходкі падчас яе рэканструкцыі 1870 г.: «Пры расчыстцы месца пасярэдзіне царквы было адкапана мноства вялікіх камянёў, пад якімі былі сляды мёртвых целаў, на некаторых камянях былі пазначаны, ледзь прыкметна славянскімі літарамі, гады ад стварэння свету, так на адным атрымалася разабраць год ад Н. Хр. 1469 г. і надпіс: Хрыстоў раб Iерей Авраамъ. Гэты камень быў пакінуты на месцы» [43]. Такім чынам, пад храмам знаходзіліся не перанесеныя пад час будоўлі асобныя надмагіллі, а сапраўдныя магілы з захаванымі надмагіллямі.

Артыкул Л. Савіцкага змяшчае інфармацыю, якая дазваляе вырашыць пытанне аб даце пабудовы царквы. Святар піша: «Як абвяшчае паданне і бачныя зараз сляды падмурка, на пляцы каля царквы фундатары пабудавалі манастыр, ... верагодна драўляны і ўжо трухлявы ў 1524 г.» [44]. Такім чынам, яшчэ ў XIX ст. каля сучаснай царквы існавалі падмуркі старой сакральнай пабудовы і захоўвалася народная памяць пра яе. Істотна, што ў Метрыцы ВКЛ таксама ёсць успамін пра царкву - магчымую папярэдніцу сучаснай. У 1528 г. Шымка Мацкавіч скардзіўся на Маркаўскага дзяржаўцу Яна Мікалаевіча, які пачаў забіраць сабе з «старцаў і некаторых людзей» Маркаўскай воласці тое, што раней ішло на «капліцу Вітаўтаву» [45]. Вядома, што Мажэйкава ўваходзіла ў Троцкае ваяводства [46], спадчынным уладаром якога быў Вітаўт, знаходзілася зусім недалёка ад старажытнага шляху з Вільні ў Кракаў, і таму з'яўленне тут «капліцы Вітаўта» не павінна здзіўляць.

Відавочна, сучасны мураваны храм - другі па ліку, а першым тут быў пабудаваны драўляны храм. Таму дапушчальна прыняць за дату пабудовы першага драўлянага храма год, які дае Леў Савіцкі - 1407 г. [47] Гэта цалкам магчыма, бо, напрыклад, суседняя Дзікушская драўляная царква ў 1442 г. ужо існавала [48].

4. Царква ў першае стагоддзе свайго існавання

Калятар [49] Шымка Мацкавіч Шклёнскі ў 1524 г. надзяліў Маламажэйкаўскую царкву дзясятай капой ад жыта, ячменю і пшаніцы са свайго маёнтка Мажэйкава [50]. Гэтае наданне пацвярджаюць дакументы 1542 і 1554 гг., а ў дакуменце ад 10 траўня 1547 г. калятар піша: «Дали есмы тые добра къ непрерываемой хвале Божой на вечные часы, якъ мы склоняючися къ побожности Христианской того хочечи, абы хвала Божая въ той церкви не переставала, а больше примножаная зостала» [51].

Дакумент 1529 г. падрабязна апісвае ўсе ўчасткі царкоўнай зямлі, атрыманыя ад Шымкі Мацкавіча. Бачна, што царкоўная зямля знаходзілася ў 13 урочышчах, на якіх штогод засявалася 25 бочак жыта і збіралася 300 вазоў сена. Акрамя таго, святару з маёнткаў Малога і Вялікага Мажэйкава давалася дзесяціна жыта, пшаніцы, ячменю, і чалавек, як царкоўная прыслуга [52]. Некаторыя з гэтых 13 урочышчаў царкоўнай зямлі нават у XIX ст. мелі ранейшыя назвы, іншыя ж пад уплывам часу страцілі іх. Межы гэтых урочышчаў, пазначаныя дарогамі, камянямі, ракой, лесам і вёскамі, якія належалі царкве, падрабязна апісаны ў крыніцах [53]. Дарэчы, ад дзядоў да ўнукаў пераходзіла старажытнае паданне аб тым, што падчас надзялення царквы зямлёй быў сабраны ўвесь прыход разам з малалетнімі дзеткамі. Па загаду ўладальніка-калятара дзяцей лупцавалі розгамі на месцах межавых знакаў, запаведваючы памятаць межы царкоўнай зямлі і паказваць іх сваім дзецям, унукам і праўнукам [54].

12 траўня 1542 г. вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт пісаў у лісце да Івана Ярмоліча Слотавіча: «Пан Шимъко Мацкевичъ, будучи самъ у форобе, за которою не могъ у нас быти» [55]. Пасля смерці Шымкі Мацкавіча яго жонка ў 1559 г. дала на службу ў царкву чалавека па прозвішчу Васількевіч. Гэтаму Васількевічу ў вёсцы Навасады была выдзелена валока зямлі і сенажаць. У канцы дакумента аб наданні калятарка запісала, што калі б яе нашчадкі ці хто іншы, валодаючы Мажэйкавым, «вздумалъ когда либо въ будущем причинить кривду церкви, такового злочинцу, священникъ воленъ позвать на суд, а я съ мужемъ моимъ такового на второе пришествие Христово позываю (Писано в Можейкове Великом с подписями трех свидетелей)» [56]. Акрамя таго, царква карысталася правам «дарового млива на р. Лебеди безъ черги» і бясплатным перавозам праз раку святара і яго прыслугі. Выпісы XVI ст. з кніг «духовных справ вечистых» пералічваюць і іншыя палёгкі для царквы, а менавіта: вольны выпас на прасторы ад сяла Русанаўцаў да млына на рацэ Лебяда і рыбная лоўля ў гэтай рацэ [57].

Пасля смерці Яна Шымкавіча Мажэйкава было падзелена паміж яго дочкамі (або пляменніцамі): Альжбетай (Гальшскай), жонкай падскарбія ВКЛ Крыштафа Мікалаевіча Нарушэвіча, і Багданай, жонкай мсціслаўскага ваяводы Андрэя Сапегі. Нарушэвічы атрымалі Малое Мажэйкава, а Сапегі - Вялікае [58]. Як бачым з імёнаў, ужо сын Шымкі Мацкавіча - Ян, як і ўнучкі, дакладна не былі праваслаўнымі. Таму ў дакуменце 1598 г., які дзяліў маёнтак, фундатары пацвердзілі недатыкальнасць царкоўнай маёмасці і выказалі жаданне, каб царква заставалася ў сваім усходнім абрадзе.

Справа ў тым, што гэты час адзначыўся моцным уздымам пратэстантызму, які прыняла вялікая частка шляхты ВКЛ. Таму з-за адсутнасці вернікаў зачыніўся лідскі Фарны касцёл, а суседнія Ваверскі і Дылеўскі касцёлы на некаторы час сталі пратэстанцкімі зборамі. Таму фундатары запісалі: «… въ той церкви иншое набоженство не маетъ быть уживано, одно на што есть уфундовано старожитное веры светобливое хрестианское, закону хрестианского, а который бы зъ насъ инакшое набоженство въ тую церковъ внести хотелъ, тотъ одъ подаванья тое церкве и одъ грунтовъ ...» адхіляецца [59]. Зразумела, што калятары-католікі стараліся захаваць грэка-каталіцкую царкву і не дапусціць яе пераходу ў пратэстанцтва разам з прыхаджанамі.

Л. Савіцкі паведамляў, што ў выпісе з кніг мітрапалітальных Кіеўскіх за 1648 г. захаваўся дакумент 1529 г., з прыпіскі да якога, між іншым, бачна што «благочестивые» святары, якія не пажадалі падпарадкавацца ўніяцкім духоўным уладам, сышлі і забралі з сабой усе паперы і дакументы, якія датычылі царквы і яе фундуша.

Па-першае, бачна, што 1529 г. - гэта апіска, бо агульнавядома, што ўнія існавала з 1596 г., магчыма аўтар хацеў напісаць 1599 г. Па-другое, уніяцкія святары ў 1648 г. назвалі б сваіх праваслаўных калег «схізматыкамі» ці «дызунітамі», а не «благочестивыми отцами». Па-трэцяе, з артыкула Льва Савіцкага бачна, што ад 1524 г. да сярэдзіны XVII ст. усе святары Маламажэйкаўскай царквы паходзілі з роду Варатынскіх, што не дзівіць, бо ў тыя часы з'яўлялася нормай, калі святар-бацька перадаваў сваё месца сыну, а сам дажываў пры ім. Таму верагоднасць сыходу святара-бацькі ад сына «ў белы свет» выклікае вялікае сумненне.

Тым не менш, нейкі інцыдэнт можа і адбыўся, бо менавіта ў тыя часы пры невядомых абставінах адбылася страта каштоўных царкоўных дакументаў. Менавіта ў сувязі са стратай дакументаў пратапоп (дэкан) Лідскі, новы парах [60] Маламажэйкаўскай царквы Фядосі Варатынскі, як і належала ў такім выпадку, прасіў мясцовыя ўлады: «Івана Завішу, падкаморага Лідскага, і Андрэя Іванавіча Сапегу, старасту Аршанскага, дзяржаўцу Аранскага, яшчэ раз размежаваць зямлю, сенажаці, пашы і аддаць у вечнае валоданне згаданаму Варатынскаму, зацвердзіць гэта сваім подпісам і подпісам рукі рэвізора Івана Праствіловіча і вознага Яго Каралеўскай Міласці Каспера Асіпавіча» [61].

Але падобна на тое, што адразу пасля Берасцейскай царкоўнай уніі прыход захоўваў належнае падпарадкаванне свайму законнаму грэка-каталіцкаму кіраўніцтву.

Вось усё, што вядома пра царкву ў першае стагоддзе яе існавання.

5. XVII стагоддзе: калятары і зямельныя надзелы царквы. Лёс царквы у ваеннай віхуры 1654-1667 гадоў

1616 г. Вялікае Мажэйкава купіў Віленскі ваявода Януш Скумін-Тышкевіч. Пасля яго смерці ў 1642 г. маёнткам валодала дачка Скуміна-Тышкевіча Яўгенія Кацярына, потым - яе сын, Бэлзскі ваявода князь Дзмітры Вішнявецкі, які прадаў маёнтак падканцлеру ВКЛ Аляксандру Нарушэвічу (†1668), уладальніку суседняга Малога Мажэйкава [62]. Каля 1660 г. падканцлер ВКЛ Аляксандр Нарушэвіч запісаў Малы Мажэйкаў разам з фальваркамі Дзікушкі і Лябёдка, якія потым уваходзілі ў аб'яднаны Вялікамажэйкаўскі двор, сваёй жонцы Тадоры Аляксандры з Сапегаў (дачцэ Паўла Яна Сапегі, гетмана ВКЛ) [63]. Пасля смерці А. Нарушэвіча маёмасцю валодала ягоная ўдава Тадора Аляксандра, а калі яна памерла ў 1678 г., маёнтак дастаўся яе дачцэ Марыяне Тэклі (жонка абознага ВКЛ Юрыя Караля Хадкевіча), яна прынесла гэтую маёмасць Хадкевічам [64].

Адносна спакойныя XVI - першая палова XVII ст. і шчодрыя калятары забяспечвалі нябеднае існаванне царквы. Грунтуючыся на дакументах, Леў Савіцкі піша, што дабрадзеямі Маламажэйкаўскай царквы спачатку быў род Мацкевічаў (Шымкавічаў) з роду Юндзілівічаў Шклёнскіх, потым - Андрэй Сапега, жанаты на дачцы Яна Шымкавіча (сына Шымкі Мацкевіча), і Ян Завіша, клопатам якіх было зроблена падрабязнае размежаванне ранейшых царкоўных земляў і выклапатаны ў вялікага князя і караля Жыгімонта III прывілей за подпісам канцлера Льва Сапегі ад 28 жніўня 1612 г. на вечнае валоданне царкоўнымі землямі і на розныя палёгкі. Тыя ж правы за царквой былі прызнаны князем Саламарэцкім, падкаморыем Пінскім, потым - Іванам Нарымунтам, пісарам ВКЛ, і князямі Агінскімі, гетманамі ВКЛ. Аднак пасля Агінскіх вялікая частка фундушу была забрана Маламажэйкаўскім дваром [65]. Да часоў Савіцкага не захаваліся дакументы, з якіх было б бачна, што царкве надаваліся новыя фундушы. Наадварот, дакумент 1636 г. паказвае, што некаторыя ўчасткі царкоўнай зямлі знаходзіліся ў руках свецкіх асоб, на што скардзіўся а. Фёдар (па іншых дакументах Фядосі) Варатынскі, пераемнік святара а. Лаўрына Варатынскага, мітрапаліту Вельяміну Руцкаму. Вельямін Руцкі, мітрапаліт Кіеўскі, на просьбу Фядосія Варатынскага выдаў адкрыты ліст на права патрабаваць праз суд вяртання ўсіх ранейшых надзелаў: «Ознаймуемъ тымъ листомъ нашимъ каждому, кому о том ведати будетъ належало, ижъ дошла до насъ ведомость отъ честнаго отца Федосия Воротынского, пресвитера Можейковскаго, же грунты по смерти зошлого отца Лаврентия Воротынского, пресвитера Можейковскаго, отъ давнихъ часовъ, презъ ружныхъ фундаторовъ на церковь Рожественскую Можейковскую наданые, въ ружные руки особъ светскихъ зашлы, которые и теперь въ чужыхъ рукахъ не ведытъ якъ суть въ уживаню. Мы, архиепископъ, почуваючися въ повинности удару нашего пастырского зверхного и стараючися отзыскать тые добра церковныя абы въ рукахъ светскихъ не были, каждаго такового добра церковные держачаго отдаляемо и честному отцу Федосiеви Воротынскому, пресвитеру Можейковскому, въ дозоръ и забудоване и спокойное уживане поручаемъ и доходы тыхъ добръ, если бы якіе отошли, приказуемъ отзыскати подъ святымъ послушенством, якобы тыя добра въ рукахъ людей светских не были, и на то даем сей нашъ листъ съ печатью и съ подписомъ руки нашое. Иван Веліаминъ архіепископъ. Писанъ въ Новогородку року 1636, мца Октября 19 дня. Рафаилъ, архидиаконъ» [66].

Усе дакументы з першага стагоддзя існавання храма, якія захоўваліся ў царкве, расказвалі пра царкоўныя надзелы, але маўчалі аб падзеях з жыцця прыходу. Ад моманту пабудовы першай царквы да сярэдзіны XVII ст. зрэдку згадваюцца святары з роду Варатынскіх, якія служылі пры храме, і, як пісалася вышэй, толькі са знойдзенага надмагілля мы ведаем пра іерэя Аўрама, які памёр у 1469 г. Тым не менш вядома, што аўтарытэт святароў Маламажэйкаўскай царквы з роду Варатынскіх і вялікія фундушы царквы забяспечвалі за Фядосіем Варатынскім чын пратапопа (потым гэты чын называўся дэканам), г.зн. ён быў галоўнай духоўнай асобай сярод грэка-католікаў Лідскага павета [67].

Мы ведаем прозвішчы ўсіх святароў, якія служылі тут, пачынаючы з другой паловы XVII ст.

Знішчальнай навальніцай пракаціліся па нашым краі ваенныя падзеі вайны 1654-1667 гг. У 1655 г. рускія войскі цара Аляксея Міхайлавіча спустошылі Ліду і яе ваколіцы. Відавочна, гэта былі самыя цяжкія ў гісторыі царквы часы, - царкоўныя дакументы паказваюць, што храм неаднаразова падвяргаўся спусташэнням ад расейскіх войск і казакоў. Пасля паразы войска ВКЛ пад Слонімам у 1656 г. быў спалены будынак плябаніі, а святар Фёдар (ці Фядосі) Варатынскі быў закатаваны «от людей царя Московского» [68].

Расейскае войска з'явіліся ў ваколіцах Мажэйкава ўжо пасля захопу Вільні 8 жнiўня 1655 г., бо пра вялікую небяспеку параха Варатынскага папярэдзіў манах-базыльянін Раман Рожыц, які сам уцякаў з разрабаванай і спаленай сталіцы ў Быценьскі манастыр, а потым - у Пінск, дзе раней служыў парахам. Базыльянін па дарозе заехаў у Маламажэйкаўскую плябанію і распавёў аб падзеях у краі. Ён раіў хаваць самую каштоўную царкоўную маёмасць у базыльянскіх манастырах. Не вядома, ці паслухаў Варатынскі манаха, але наступствам рабункаў ваенных стала поўнае згаленне царквы. Засталіся толькі некаторыя святарскія рызы ўніяцкага ўзору, тры срэбныя грубапазалочаныя чашы з прыборамі (па сведчанні дзячка Філона Варатынскага, адна з гэтых чаш была закладзена Фядосіем Варатынскім нейкаму Гладавіцкаму, бо святар меў патрэбу ў грошах, каб выплаціць падаткі для вядзення вайны ў памеры 10 коп літоўскіх грошаў), срэбны пазалочаны крыж і вельмі старажытнае рукапіснае Евангелле ў багатай вокладцы з пяццю срэбнымі абразкамі па краях. Дзячок пісаў, што іншыя набажэнскія кнігі, раскіданыя па полі, ён падабраў непадалёку ад царквы пасля ад'езду казакоў, але яны ўсе былі сапсаваныя, напрыклад, Апостал не меў пачатку і канца, знайшліся толькі чатыры кнігі Міней і г.д.

Найкаштоўнейшае рукапіснае Евангелле захоўвалася ў царкве ажно да 1864 г. У акце візіты царквы ад 1784 г. гэта кніга апісваецца так: «Евангелле напрастольнае рукапіснае, у аксаміт апраўленае, на якім таблічак пяць срэбных пазалачоных, з другога боку puklow [69] чатыры пазалочаных» [70]. Пра далейшы лёс гэтай беларускай сакральнай рэліквіі Леў Савіцкі ў 1873 г. пісаў: « Гэтае евангелле ўзята ў 1864 г. 23 кастрычніка святаром Лідскай царквы К. для Археаграфічнай Камісіі ў Вільні, дзе зараз і знаходзіцца. Шануючы важнасць такога помніка старажытнасці, я прасіў у свой час пра вяртанне Евангелля ў Маламажэйкаўскую царкву, на што мне было сказана, што былы начальнік краю, граф Мураўёў, заўважыўшы старажытнасць Евангелля, абяцаў зрабіць срэбна-пазалочаны ківот для яго захоўвання на прастоле Маламажэйкаўскай царквы, для якой яно каштоўны помнік яшчэ і таму, што на адной са старонак яго ёсць запісы царкоўных надзелаў і іншыя нататкі пра царкву. Але і дагэтуль няма ні ківота, ні евангелля» [71]. Л. Савіцкі не пажадаў наўпрост сказаць, хто пазбавіў нас гэтага Евангелля. Але для чалавека, які ведае гісторыю, зразумела, што «святар Лідскай царквы К.» - гэта тагачасны памочнік Лідскага благачыннага (які хутка сам стане благачынным) Іосіф Каяловіч (брат заснавальніка так званай «заходне-рускай» плыні ў гістарычнай навуцы Міхаіла Каяловіча), святар, які ў той час яшчэ толькі пачынаў рабіць сваю кар'еру [72].

Прыкладна ў 1656 г. царква была перададзена параху а. Раману Рожыцу, які прасіў уніяцкіх епіскапаў пра афіцыйнае замацаванне праз каралеўскія прывілеі правоў на ранейшыя царкоўныя фундушы і палёгкі [73].

Хутка пасля базыльяніна Р. Рожыца царкоўным парахам стаў святар а. Фёдар Гладкевіч. Верагодна, прызначаны біскупам манах Рожыц не задавальняў калятара царквы. Святар а. Фёдар Гладкевіч паходзіў са шляхты. На падставе прывілея вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста ён праз Лідскі гродскі суд вярнуў раней страчаныя царквой землі. Каралеўскія прывілеі мелі вялікую вагу для ўладальнікаў Вялікага і Малога Мажэйкава, якія каралеўскую волю не парушалі, царкоўныя землі не забіралі і плацілі царкве належную дзесяціну. У сваю чаргу, за нададзеныя царкве фундушы святары павінны былі праводзіць у храме адмысловыя набажэнствы па чацвяргах і паніхіды па суботах. Па меркаванні Л. Савіцкага, спрыяльны зыход судовай справы ў Лідскім гродскім судзе стаўся прычынай, чаму ўсе самыя важныя царкоўныя дакументы, прывілеі і пацверджанні князёў беззваротна зніклі з царкоўнага архіва.

Яшчэ ў 1870-я гг. у царкоўным архіве зберагаліся дакументы 1656 і 1660 гг., з якіх мы і даведваемся пра стан царквы і яе маёмасці, пра склад прыходу. Ніжэй прыводзіцца фрагмент дакумента 1660 г., які быў складзены пры ўвядзенні ў кіраванне прыходам новага параха Гладкевіча. На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі свецкія ўлады, калятары і г.д., рабіўся вопіс царквы [74]. Фрагмент гэтага найкаштоўнейшага дакумента падаецца ў тым выглядзе, па-старабеларуску, як яго надрукаваў Л. Савіцкі:

«Року тысяча шестьсотъ шестьдесятого Мца Мая 5 дня. З воли и росказаня ясне вельможнаго, а въ Богу найпревелебнейшаго, его милости отца Гавріила Коленды, Митрополита целой Руси, Пана и Пастыря намъ вельце милостиваго, зъехавши до Можейкова Малого, подали церковь и плебанію з грунтами, сеножатьми, зарослями зо всими до тоей церкви здавна належачими приналежностями честному отцу Федору Гладкевичу, которая церковь и плебанія таксе въ соби маетъ. Самая церковъ мурованая, маючая въ соби двери железныя совсимъ, окон десять зъ гратами также железными. Церковь Божая Деисусемъ писнымъ преоздобленная. На великомъ олтару, венерабиле, в пушце оцыновой цыборіум стоитъ, на тымъ же олтарю антымесъ подважный, тепеперышняго архипастыря и тувален две, литоновъ три, антыпедыя крашаненовая небесная и образковъ московскихъ въ бляшки оправныхъ четыре, целихъ сребный съ патыною и з звездою и лыжыцею суто злоцистый, другій - цыновый. На другимъ олтарю передъ пресв. Богородицею тувален три, и антыпедыя зеленаго гарусу старая; на образе патерекъ простыхъ шнуровъ десять и кораль два шнуры; на третьем олтарю перед Спасителем тувален две и обрусъ третій, антыпедыя зеленаго гарусу также старая, а др. кармазыновая едвабная ситковой работы; ризъ трое, одны аксамиту фиолетоваго съ петрахилемъ и нараквицами, другій адамашку кармазыноваго съ петрохилемъ и нараквицами, третий жалобны аксамиту взористаго съ петрахилемъ и нараквицами и четвертый барзо старый - едвабный; стихаровъ два съ гоморалами, пасковъ два, покровцевъ до келиха три, одинъ накладаный червленымъ золотомъ, гафтованый и мерлами саженый, др. жалобный тогоже аксамиту, що риза, третiй мухояровый белый гафтованый и два барзо старые, паръ три до келиха; мирница циновая; фигура Пана Езуса дужая сницерской работы, звонов два … . Книги звычайныя давныя, зеленая оправа потребуе новой … на которой таблице сребныхъ позлоцистых пять и кляузуров две и пуклевъ на др. стороне пять сребныхъ; потребныхъ псалтыровъ, четыя минеи, октай, которыя книги до церкви належатъ маютъ вечными часы. Плебанія - изба белая съ коморою, сенями, напротив пекарня хворостомъ окрыта, одрына, такъ же хлевы хворостяные съ подрубомъ дерева. Грунту шаховницъ великихъ и малыхъ 24, а волока въ Русановцах подъ подданными, другая волока съ Великаго Можейкова наданая въ парафіи тойже церкви въ с. Новосадахъ, там же подъ гаемъ дубовымъ грунту шаховницъ 4, сеножать на возовъ шесть, которые грунты и сеножате особливое свое маютъ ограниченіе. Парафія тоей церкви: Оленковцы, Ковали, Огородники великае, Зеневцы, Церковцы, Скрыбовцы, Новосады, Гордеевцы, Шпильки, Бешанки, Гостиловцы, Огородники малые, Русановцы, Кярели, Овтушки, Костеневъ, Великое Село, Красное Село, Свириды, Коробки, Лемошовцы, Нарчи, Боярское Село, Козлы, Русановцы Костеневскіе, Волчинки, Зеневичи, Глиничи, Губичи и Лазовцы, которую то церковь съ грунтами, сеножатями, с парафиею з давна до тоей церкви належачею честному отцу Гладкевичу в моцъ, в держане и счастливое уживанье подавши при печати моей подписуюсе. Въ Можейкове року и дня звышъ писаного. Павелъ Краскевичъ протопоп Новгородский, пресвитер Лидский» [75].

Звяртаюць на сябе ўвагу словы «образковъ московскихъ въ бляшки оправныхъ четыре». Так называліся рэчы праваслаўнага паходжання, «маскоўскія» рэчы купляліся і прывозіліся з Маскоўскай дзяржавы ці, што малаверагодна, былі падараваны прадстаўнікамі новых часовых расейскіх уладаў у час вайны [76]. Таксама цікава, што задоўга да Замойскага сабора 1720 г. Маламажэйкаўская царква была ўжо абсталяваная па-ўніяцку, так, як звыкла абсталёўваліся цэрквы ў другой палове XVIII ст. Відавочна, што змены ў царкоўным інтэр'еры ішлі «знізу», а Замойскі сабор толькі зацвердзіў звыклыя да таго часу рэчы.

«Падымны рэестр Виленскага ваяводства 1690 г.» падае, што «празбітар» Мажэйкаўскай царквы меў на тэрыторыі Ельненскай (Ельня - каля Беліцы) рыма-каталіцкай парафіі адзін дым [77].

6. Раны Паўночнай вайны. Філіяльная царква ў Воўчынках

У пачатку XVIІI ст. на нашых землях Швецыя і Расія вялі паміж сабой Паўночную вайну. У гэтай чужой для нас вайне Беларусь страціла трэцюю частку свайго насельніцтва. Абодва бакі прымянялі на нашай тэрыторыі так званую тактыку «выпаленай зямлі». Загінула ў баях, ад гвалту, голаду, эпідэмій каля 700 тыс. чалавек. Праз паўстагоддзя пасля страшэннай вайны сярэдзіны XVIІ ст. наш край зноў напаткала разруха гаспадаркі, зноў зарасталі кустоўем палі, апусцелі гарады і мястэчкі, зноў галеча апанавала вёску.

Карл ХІІ, ваюючы з рускімі войскамі, 10 лютага 1706 г. спыніўся на зімовыя кватэры ў мястэчку Жалудок і загадаў шведскаму генералу Штэнбоку будаваць мост цераз Нёман каля вёскі Орля [78]. На паўночнай сцяне Маламажэйкаўскай царквы аж да рамонту ў 1870-х гг. існавалі выбоіны. Народная памяць захавала паданне пра тое, што шведы падчас стаянкі лагерам Карла XII у Жалудку абстрэльвалі царкву з гармат, бо з-за свайго высокага даху царква адтуль была добра бачная [79]. З таго часу да першай паловы XIX ст. царква грунтоўна не рамантавалася. Відавочна, цяжкія для Рэчы Паспалітай часы яе падзелаў не дазвалялі сканцэнтраваць для гэтага неабходныя рэсурсы.

З канца XVIІ ст. Мажэйкавам валодалі Хадкевічы: Ян Караль (1686-1712), потым - яго сын Адам Тадэвуш (1711-1745), берасцейскі ваявода, які быў жанаты з Евай Чапскай (†1769) і жыў у Вялікім Мажэйкаве, потым - Ян Мікалай (1738-1781), Жмудскі кашталян, які ў Мажэйкаве не жыў [80]. Верагодна, з канца XVIII ст. Хадкевічы пачалі распрадаваць сваю Мажэйкаўскую маёмасць, бо ўжо ў акце візіты Маламажэйкаўскай царквы ад 1784 г. (як мінімум з 1773 г.) яе калятарамі з'яўляліся Кастравіцкія [81]. Сям'і Кастравіцкіх у той час, акрамя Малога Мажэйкава, належалі так званыя «ключы»: Паперня (3 000 га разам з фальваркамі і лясамі), Ваверка (6 000 га), Кавалі (3000 га) і Касцянёў (3750 га), усяго разам - каля 17 000 га. Аднак дастаткова хутка Кастравіцкія, частка якіх жыла ў Вене, пачалі распрадаваць сваю маёмасць. Гэты род знаходзіўся ў сваяцтве з Апалінарам Кастравіцкім - дзедам знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра [82].

Неабходна некалькі слоў сказаць пра філіяльную царкву ў Воўчынках, якая з сярэдзіны XVII ст. была прыпісана да Маламажэйкаўскай царквы і знаходзілася на землях абшарніка Паплаўскага. Філіяльная царква таксама мела свае фундушавыя землі (3 валокі). Першапачаткова царква была прыходскай. З актаў візітацый бачна, што яна была драўлянай, але атынкаваная знутры, крытая гонтай, з адным купалам; з царкоўных рэчаў мела чашу з усім прыборам і абраз Божай Маці ў срэбнай рызе [83]. Л. Савіцкаму яшчэ давялося ўбачыць гэтую царкву. Ён пісаў, што яна была драўлянай і вельмі трухлявай, мела саламяны дах, каля яе стаялі таксама трухлявыя гаспадарчыя будынкі, у якіх жыў арандатар абшарніка, што апрацоўваў былую царкоўную зямлю. Калі закрылася Ваўчынкаўская царква, невядома. Л. Савіцкі піша, што гэта адбылося пасля з'яўлення драўлянага базыльянскага манастыра з мураванай царквой у Васілішках, і нібыта менавіта базыльяне прычыніліся да закрыцця філіяльнай царквы і адабрання фундушавых земляў. Але гэта малаверагодна, бо здаецца, базыльянскага манастыра ў Васілішках ніколі не было і сам факт пераказу Л. Савіцкім гэтай легенды ў якасці рэальнай гісторыі яшчэ раз прымушае крытычна ставіцца да яго інфармацыі і ўжываць яе толькі пасля ўважлівага аналізу.

Канонік Паплаўскі, калятар царквы ў Воўчынках, у 1751 г. прасіў святара Маламажэйкаўскай царквы Сасіновіча прыняць да сябе гэтую царкву на правах філіі, а за адпраўленне ў ёй набажэнстваў прызначыў гадавую плату, як пісаў Савіцкі, у «40 рублёў у пераводзе на грошы сярэдзіны XIX ст.». Гэтыя грошы атрымлівалі Маламажэйкаўскія святары яшчэ пры параху Яне Плаўскім, які служыў у Воўчынках па суботах у першай палове XIX ст. Аднак «царква, тры гады назад, невядома чаму і па чыім дазволе, была прададзена за самы нікчэмны кошт яўрэям на лазню і перавезена ў м. Васілішкі. Цвінтар царкоўны стаўся могілкамі для вёсак, якія належалі некалі да гэтай капліцы: Воўчынак, Зяневіч, Глініч, Губіч і Лазоўцаў» [84].

7. Царква ў актах візітацый XVIII стагоддзя

З актаў візітаў канца XVIII ст., часоў параха Пятра Афанасевіча (ці Афанасовіча), бачна, што будынак царквы быў у дрэнным стане: «Мураваная, старасвецкая, з чатырма вежамі і пасярэдзіне з упаўшым купалам. Накрытая дахоўкай, ужо паруйнаваная. Цвінтар неагароджаны, на якім знаходзіцца званіца на 4-х слупах з накрытым гонтам дашкам, дзе знаходзіцца адзін звон вагой у 2,5 камяні, другі вагой у 29 фунтаў» [85]. Яшчэ існавалі жалезныя дзверы-герсы на ўваходзе «з прабоямі і ланцуговай клямкай і навясным замком» [86]. Так сама «да вежаў з абодвух бакоў драўляныя дзверы на жалезных завесах з прабоямі і зашчэпкамі. Чацвёртыя дзверы, што вядуць на хары, на жалезных завесах з прабоямі і зашчэпкамі. У сярэдзіне мураваныя скляпенні, на калонах з цэглы пасярэдзіне, паруйнаваныя, пасярэдзіне царквы склеп. Вокнаў 10 сапсаваных і пабітых з жалезнымі кратамі. Амвон пафарбаваны стары, лаўкі 3, канфесіянал сталярнай работы, брамкі для ўладкавання Гроба Гасподняга фарбаваныя» [87].

Пасля характарыстыкі агульнага стану царквы акт візіты пераходзіць да апісання алтароў, якіх тут было тры.

Вялікі алтар з абразам Найсвяцейшай Панны, на ім дзве срэбныя кароны і чатыры шнуркі з бісерам і белая фіранка. Прастол мураваны, пафарбаваны ў чорны колер, на ім дараносіца на два ўзроўні разьбярскай работы, пафарбаваная ў чорны колер: «У верхнім знаходзіцца Манстрацыя [88], у ніжнім даразахавальніца срэбная з навершам і крыжыкам, у добрым стане, дзе захоўваюцца Святыя Дары» [89]. Далей па тэкце ідзе падрабязнае апісанне алтара. За алтаром знаходзяцца два сталы, накрытыя абрусамі, у якіх захоўвалася вопратка для пераапранання святара.

Бакавы алтар сталярнай работы, стары, пафарбаваны ў чорны колер з абразом Нараджэння Панны Марыі, на абразе дзве срэбныя кароны.

Другі бакавы алтар таксама стары і сталярнай работы з абразом Святога Юрыя, на якім срэбная карона.

Іншыя малыя алтары «з абразамі» не апісваюцца, паколькі зусім не прыдатныя для выкарыстання і таму «вартыя знішчэння» [90].

Савіцкі цытуе, верагодна, больш ранні акт візітацыі, з якога бачна, што ў храме была «трэцяя выява Пятра і Паўла з каронамі срэбнымі, чацвёртая выява Святога Юрыя ..., пятая выява Бязгрэшнага Зачацця, шостая выява Дабраславёнага Язафата» [91].

Акты візітаў падрабязна апісваюць царкоўнае начынне, і трэба адзначыць, што царква мела шмат каштоўных і якасных рэчаў, як, напрыклад, срэбная Манстрацыя з падвойнымі пазалочанымі праменямі і «Мельхіседэкам, які промысел Божы выказвае», два старасвецкія срэбраныя келіхі і дыскасы, пазалочаныя знутры і звонку, срэбная, пазалочаная знутры даразахавальніца, срэбная пазалочаная лыжачка, 15 таблічак і срэбная вялікая ватыва на Манстрацыі, «як сведчыць распіска ад яснавяльможных калятараў Кастравіцкіх» [92], і г. д.

Царква мела наступныя кнігі: старажытнае, «апраўленае ў аксаміт», напрастольнае рукапіснае Евангелле, пра якое пісалася вышэй; службоўнік ін-фоліо [93] «віленскага друку стары, патрабуе рамонту, мшалаў лацінскіх два, адзін інфоліо новы, 2-гі ін-октаво [94] стары, метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама і рэестр парафіі разам з табліцай насельніцтва» [95].

Царква мела сваіх падданых.

Першыя з іх - родныя браты Сымон і Павел Насеннікі разам з жонкамі. Браты мелі трох дачок, а Сымон меў сына Стэфана дзевяці гадоў.

Сымон і Павел Насеннікі жылі ў добрай хаце з каморай і сенямі, крытымі саломай. Мелі хлеў, гумно, адрыну. Усе гэтыя пабудовы былі з хросту [96] і крытыя саломай. Некаторыя пабудовы былі купленыя праз Маламажэйкаўскага параха сярэдзіны XVIII ст. Канцевіча і аплачаны падданымі.

Браты мелі пару валоў, дзюх кароў, шэсць авечак і дзевяць свіней. Ім было нададзена паўвалокі грунту на 3 змены: «Адна змена пачынаецца пад Рубоўнікамі ад дарогі, якая ідзе да Аленкаўцоў, а заканчваецца каля Скрыбаўскага грунта, каля мяжы Русанаўскага грунта з абодвух бакоў. Другая змена пачынаецца за Хвойнікам ад Аленкаўскай дарогі, а заканчваецца каля Русанаўскай мяжы, бакамі да мяжы Русанаўскага грунта. 3-я змена, названаная Прудзец, пачынаецца ад сцяжынкі, што ідзе да царквы, а заканчваецца каля мяжы двара (сядзібы калятараў), бокам адным ад Русанаўскага грунта, а другім (бокам) ад грунта Скрыбаўскага. Сенажаць у лугах на 5 вазоў, каля ракі ў карчах на 4 вазы, на задворнай (зямлі) на адзін воз сена» [97].

Наступны падданы - Даніла Насеннік, удавец, з-за галечы валацуга, - меў сыноў Лукаша (23 гады), Стэфана (16 гадоў), Міхала (8 гадоў). Даніла з сям'ёй жыў у новай хаце з каморай, «сені старыя, хлеў плецены з галля, гумно плеценае з галля. Усе гэтыя будынкі пабудаваныя і адрамантаваныя намаганнямі цяперашняга параха» [98].

Павіннасці падданых былі наступнымі: мужчыны адпрацоўвалі паншчыну тры дні на тыдзень, жанчыны - тры дні, а ад восеньскага Св. Юрыя аж да вясенняга Св. Юрыя па чатыры дні. Таксама выплачвалі падымны падатак.

Каля царквы ў хаце з каморай і сенямі жыў панамар. Ён меў хлеў з хросту і драўлянае гумно на двух сохах: «Часткова панамаром забудаваныя, а часткова вялебным парахам, усё накрыта саломай. Панамар 3 гады таму як памёр, а пабудовы часткова дваром (Кастравіцкіх - Л. Л.) зруйнаваныя, пустуюць, наконт чаго распачаты судовы працэс» [99].

Таксама каля царквы мелася плябанія: «Хата белая з каморай. Двое дзвярэй на жалезных завесах з зашчапкамі і жалезнымі прабоямі. Вокнаў 3. Печ кафляная, зялёная. Столь з габляваных дошак, стол пафарбаваны. Праз сені пякарня з каморай, двое дзвярэй на жалезных завесах, вокнаў 3. Печ простая, гліняная, столь з дошак, столь з габляваных дошак, 2 лавы, у хаце 4 столікі. Рум, цалкам накрыты саломай, гумно на 10 сохах з 3-ма падвойнымі варотамі, накрытае саломай, свіранчык стары, накрыты саломай, дзверы на жалезных завесах з прабоямі, бровар, стаенка накрытыя саломай, невялікая варыўня [100] і хлявок, дзе была раней плябанія, накрытыя саломай. Усе гэтыя пабудовы часткова папярэднікамі, а часткова цяперашнім парахам пастаўленыя і адрамантаваныя» [101].

Тут неабходна зрабіць некалькі заўваг.

Па колькасці і якасці царкоўнага начыння Маламажэйкаўская царква не можа лічыцца беднай. Гэта добра бачна пры параўнанні яе з іншымі цэрквамі Лідскага ці іншых беларускіх уніяцкіх дэканатаў таго часу [102].

Плябанія і прысядзібная гаспадарка з'яўляліся асноўным паказчыкам прэстыжнасці для параха. Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы Дзяніс Лісейчыкаў на падставе аналізу актаў візітаў некалькіх дзясяткаў беларускіх цэркваў склаў табліцу асноўных тыпаў будынкаў, характэрных для рознай ступені прэстыжнасці плябаній [103]. Згодна з гэтай табліцай, Маламажэйкаўскую плябанію, якая мела хату, камору, пякарню, хлеў, свіран, гумно, варыўню, бровар, стаенку і нават сваіх прыгонных (рэдкая з'ява для ўніяцкай царквы), можна лічыць заможнай ці нават багатай.

Але царква была занядбана, і візітатар пры канцы акта піша: «Паколькі мясцовая царква праз значнае паруйнаванне як усярэдзіне, так і звонку, павінна была б падлегчы інтэрдыкту, мы аднак узяўшы ў разлік некаторыя слушныя прычыны, у прыватнасці шчырыя абяцанні і намеры вяльможных іх міласцей калятараў аб хуткім рамонце гэтай царквы, і дзеля таго, каб парафіяне маглі забяспечыць свае духоўныя патрэбы і мець набажэнства, да года і шасці тыдняў ад згаданага інтэрдыкта ўстрымаемся» [104].

Заканчваецца акт такімі словамі: «Таксама раім вярнуць метрыкі, узятыя раней да мажэйкаўскага двара, а тым часам загадваем завесці новыя метрыкі аб пахаваннях. Настойліва раім, каб (святар) чытаў і выкарыстоўваў Пункты альбо Епіскапскія Распараджэнні і (кнігу) «Прыпадкі» [105] , неабходныя як мясцоваму святару для выканання сваіх абавязкаў і паклікання, так і яго парафіянам. Сам жа, як дагэтуль у значна паважным узросце, прыкладна жывучы, каб і надалей колькі яму здароўе і жыццё дазволіць захоўваў рэгулярнасць у набажэнствах, пільнасць і дбайнасць у парафіі, чуласць у абыходжанні з даверанымі яму душамі, а таксама прыкладнасць, неабходную духоўнаму сану, моцна загадваем і гэтым рэфармацыйным дэкрэтам замацоўваем і даём распараджэнне» [106].

8. Маламажэйкаўская царква ў апошняй трэці XVIІI стагоддзя. Страсці вакол золата Шымкі Мацкавіча

З царкоўных дакументаў, якія захаваліся да 1870 гг., бачна, што ў XVIII ст. ішла зацятая барацьба за фундушы царквы. На баку царквы пасля Руцкага выступалі мітрапаліты Антоні Сялява, Лявон Кішка, Гаўрыла Календа, якія дапамагалі ёй судзіцца з калятарамі.

Маламажэйкаўскім святаром, пераемнікам Сасіновіча, быў Міхал Канцэвіч (у 1770 г. ён ужо - камісар Лідскага ўніяцкага дэканата) [107], а потым Пётр Афанасевіч.

Пры Пятру Афанасевічу адбыўся канчатковы захоп царкоўнага фундуша - ва ўрочышчы Пантусаўшчына было забрана зямлі на 300 вазоў сена, за вёскай Русанаўцы, ва ўрочышчы Ажаўнік - на 200 вазоў; Вяліка-Мажэйкаўскі двор забраў каля вёскі Навасады валоку зямлі, якая звалася «Воўкаўшчына». Аднак з тэксту Л. Савіцкага бачна, што Казімір Кастравіцкі вярнуў нейкую частку зямлі, бо ў 1832 г. зямля «з усімі сенажацямі, лясамі, пашамі і зараслямі, нададзеная царкве Казімірам Кастравіцкім, ягоным сынам Рамуальдам была зноў адабраная» [108].

У візітацыі ад 1792 г. ёсць успамін пра судовы працэс у Лідскім гродскім судзе з удзелам святара [109]. Працэс быў пачаты ў Лідскім гродскім судзе «з яго міласцю панам Кастравіцкім, цыборскім старастам, шамбялянам Яго Каралеўскай Міласці, калятарам гэтай Мажэйкайкаўскай царквы, з-за адбору праз выгнанне грунтоў, лугоў, сенажацяў і зараснікаў» [110]. Далей візітатар занатаваў: «Усю крыўду, якая чыніцца цяперашняму параху за час яго знаходжання на пасадзе з-за адабраныя праз выгнанне грунтаў, лугоў і зараснікаў, наконт чаго было ўжо праведзена дазнанне, у гэтай візіце маёй запісваю, а патрэбныя звесткі пра становішча гэтай плябаніі, да заканчэння судовага працэсу адкладаю» [111].

Пётр Афанасевіч быў высвечаны ў святары 31 жніўня 1749 г. мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім. 24 кастрычніка 1773 г. ён атрымаў у Малым Мажэйкаве прэзенту [112] ад свайго калятара, старасты Цыбарскага Казіміра Кастравіцкага, а 24 кастрычніка 1773 г. быў інсталяваны мітрапалітам Валадкевічам [113]. Царква была нададзена яму Лідскім дэканам Пятровічам 19 лістапада 1773 г. [114] Як бачым, Афанасевіч стаў Маламажэйкаўскім парахам праз 24 гады пасля высвячэння ў святары, гэта значыць, што ў 1773 г. яму было не меней за 50 гадоў.

З гэтым святаром адбылася дзіўная гісторыя, шырока вядомая ў пераказе П. Бацюшкава, зробленым у стылі казкі пра злога пана, аповеды пра зверствы якога робяць уражанне народнай казкі з тыповым сюжэтам, трафарэтнымі персанажамі і гратэскавай манерай выкладання [115]. Маламажэйкаўскі святар а. Леў Савіцкі першым апісаў неверагодныя падзеі, якія адбыліся вакол царквы пры Афанасевічы, і ягоны артыкул стаў крыніцай для П. Бацюшкава і іншых эпігонаў. Але, ў адрозненне ад тэкстаў больш позніх аўтараў, тэкст Льва Савіцкага яшчэ паддаецца аналізу і дазваляе збольшага зразумець, што ж магло насамрэч адбыцца. Леў Савіцкі пераказвае гісторыю, якую яму як быццам паведаміў стары эканом маёнтка Кастравіцкіх, які памёр у 1869 г. ва ўзросте 90 гадоў. Па версіі Л. Савіцкага, Пётр Афанасевіч паходзіў з мясцовай лідскай шляхты, ягоныя бацькі нават трымалі ў арэндзе маёнтак Кастравіцкіх і, канешне, не былі беднай «шарачковай» шляхтай. Пётр Афанасевіч разам з Казімірам Кастравіцкім - будучым уладальнікам Малога Мажэйкава - вучыўся ў «езуіцкай акадэміі», г. зн. ва ўстанове, якую мы звычайна называем Віленскім універсітэтам. Л. Савіцкі піша, што Пётр вучыўся і адначасова прыслужваў «маладому магнату» (Кастравіцкія ніколі не былі магнатамі - Л. Л.), што, канешне, з'яўляецца фантазіяй, бо Афанасевіч у той час ужо быў сталым, значна старэйшым за Казіміра Кастравіцкага чалавекам (зноў нагадаю, што Афанасевіч стаў Маламажэйкаўскім парахам праз 24 гады пасля высвячэння ў святары) і ніяк не мог вучыцца разам з ім.

Але будзем аналізаваць аповед Льва Савіцкага далей: «Выпрабаваўшы характар Афанасевіча, Кастравіцкі закончыў курс навук і ўступіў у валоданне багатым маёнткам, пры гэтым пажадаў мець яго ў сябе святаром. Ён даў яму прэзенту на атрыманне прыходу. Цвярозае жыццё, бездакорныя паводзіны, пастырская дзейнасць прынеслі яму любоў Кастравіцкага, які, як мы бачым з метрычнага запісу 1776 г., быў хросным бацькам сына Пятра, нарачонага ў хрышчэнні Іосіфам, а ў памазанні Антоніем, і ў яго брата Яна, адміністратара [116] Голдаўскай царквы ў 1780 г. пры хрышчэнні сына Андрэя» [117]. Такім чынам адносіны да сям'і Афанасевічаў былі настолькі добрыя, што абшарнік нават быў хрышчоным бацькам дзетак абодвух братоў-святароў. А вось што адбылося далей, пэўна дакладна ўжо ніколі не будзе магчыма даведацца. Перад спробай правесці рэканструкцыю тых падзей, заўважу наступнае.

Па-першае, версія Льва Савіцкага ці ягонага рэдактара ў «Литовских Епархиальных Ведомостях», што Кастравіцкага менавіта «прагнасць да золата заахвоціла да гвалтоўнага ўчынку», не вытрымлівае крытыкі. Можна колькі заўгодна прагнуць золата, але калі святар яго не мае, дык такая прага не мае сэнсу.

Па-другое, паўтаруся, у акце візітацыі 1792 г. напісана: «Сам Парах ... цяпер у вельмі сталым узросце», ён меў каля 70 гадоў.

Па-трэцяе, Казімір Кастравіцкі, безумоўна, быў чалавекам свайго жорсткага часу.

Але вернемся да тэмы.

Такім чынам: «У 1793 г. разышлася чутка, быццам святар, разламаўшы труну заснавальніка царквы Шымкі Мацкевіча, знайшоў у труне шмат золата, залаты з каштоўнымі камянямі пояс і дзве цыдулкі, якія ўказвалі месца, дзе схаваны матэрыял неабходны ... для рамонту царквы. Пачуў пра гэта пан. Першым чынам ён выказаў сваю лютасць да малодшага брата Пятра - Андрэя, пазбавіўшы яго эканомскага месцы пры сваім двары ў Мажэйкаве. Пачаліся затым допыты і вышукі ў кватэры Пятра, дзе, як кажуць, знойдзены быў залаты гузік» [118]. Праверыць, ці разрабавана магіла Шымкі Мацкавіча ў сутарэннях царквы, было вельмі проста, і было б дзіўна, каб менавіта так не паступіў Кастравіцкі. Знаходка ж залатога гузіка ў хаце святара і, відавочна, менавіта гузіка з магілы Шымкі Мацкавіча, прывялі ў лютасць пана, які, дарэчы, як калятар царквы і павінен быў выступаць гарантам яе недатыкальнасці. «Прадбачлівасць» жа Шымкі Мацкавіча, які ў першай палове XVI ст. схаваў не грошы, а нават «матэрыял неабходны ... для рамонту царквы», нібыта выяўленая ў другой палове XVIII ст., мне здаецца цалкам неверагоднай.

«Першай ахвярай зрабілася жонка Пятра, яна памерла ад катаванняў, а, па словах іншых, была ўдушана нейкім Памарнацкім, верным слугой пана» [119]. Такім чынам, магчыма, не святар, а ягоная жонка абрабавала ці арганізавала рабаванне магілы, што і выклікала лютасць калятара. Але яе забойства выклікае сур'ёзныя сумненні, бо ў трынаццатым томе «Археографического сборника документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Виленском учебном округе» ў главе «Акты судовых кансісторскіх разглядаў ...» ёсць судовая справа за 1795 г. шляхцянкі, удавы Тарэсы Афановіч (у «Подробном алфавитном указателе к I-XIIІ томам ...» яе прозвішча падаецца як «Афанасовіч» [120], у Акце візітацыі 1792 г. прозвішча святара таксама пададзена як «Афанасовіч») супраць вялебнага святара Базыля Бількевіча, віцэ-дэкана Лідскага ўніяцкага дэканата. У справе разглядаецца нявыплата Бількевічам нейкай пазыкі [121]. Зразумела, што ў кансісторскім судзе маглі разглядацца толькі справы паміж асобамі духоўнага саслоўя, у нашым выпадку паміж удавой былога мужа-святара і віцэ-дэканам. Абсурдная сітуацыя: прыкладна праз два гады пасля сваёй «гвалтоўнай смерці» (па версіі Л. Савіцкага) удава святара падае позву ў суд. Гэта дазваляе паставіць пад сумнеў, прынамсі, факт забойства жонкі святара.

Далейшыя падзеі, калі верыць апавядальніку, развіваліся яшчэ больш трагічна: «Жадаючы ўпрасіць абшарніка памілаваць яго і дзяцей, святар адправіўся да яго ў дом, дзе быў прыняты на ганку, ён ... быў аблашчаны панам і нават запрошаны на закуску. Двудушны Кастравіцкі, напаіўшы святара ... і не даведаўшыся пры гэтым нічога новага, загадаў свайму конюху ўзяць святара на ланцуг і паставіць у адно стойла з казлом на стайні, загадаўшы яму вучыць казла спяваць так, як ён сам спявае ў царкве. Гэта сцэна працягвалася цэлую ноч, на другі дзень дваровыя людзі забралі ўсё быдла і амаль усю маёмасць святара ..., забараніўшы яму выезд далей межаў свайго прыходу. Такія непрыемнасці канчаткова маральна і фізічна змучылі беднага святара, які ... перад Калядамі моцна захварэў. Пакінуты на волю лёсу, кінуты ўсімі, ён прасіў свайго цесця, святара Мінскага павета з в. Сенна, Яна Савіча, узяць яго да сябе, але Кастравіцкі не дазволіў гэтага, толькі дапусціўшы Савіча да выканання трэбаў на некаторы час, са снежня па люты 1794 г. Нарэшце стомлены голадам і холадам Пётр Афанасевіч памёр 1794 г., красавіка 19 дня, і, так як не дазволена было пахаваць яго пры Маламажэйкаўскай царкве, быў пахаваны пры Лябёдскай царкве святаром Андрэям Кастыцэвічам, каля кліраса, па правым баку. Гісторыя пра ... грошы працягвалася яшчэ пасля смерці святара Афанасефіча, асабліва пад вялікім падазрэннем быў брат нябожчыка Ян, парах Голдаўскай царквы, які не пусціў прыслугу Кастравіцкага для пяратрусу ў сваёй хаце, наступствам чаго быў падпал святарскай хаты, дзе згарэла мноства дакументаў і метрычных кніг. Таму святар Ян Афанасевіч метрычныя запісы сваіх дзяцей занёс у кнігу Маламажэйкаўскай царквы» [122]. Трэба адзначыць яшчэ адну недакладнасць аповяду - Голдаўскім парахам у той час быў а. Ян Мыслевіч [123].

З'яўленне ў гэтай гісторыі як дзейснай асобы лябёдскага параха Кастыцэвіча - яшчэ адзін дрэнны для Пятра Афанасевіча знак. Справа ў тым, што Кастыцэвіч меў вельмі адмоўны імідж на Лідчыне. «Лебедски парох Андрей Костыцевич», які ў «Архіве ўніяцкіх мітрапалітаў» згадваецца пад 1783 г., вядомы нам у сувязі з абвінавачваннем у «неблагоповедении» [124]. А ў 1797 г. інстыгатар [125] Лідскага дэканата Ян Мыслевіч абвінаваціў яго ў амаральных паводзінах і невыкананні сваіх абавязкаў. Большасць абвінавачванняў была даказана, святара адхілілі ад службы ў царкве і адправілі на шэсць тыдняў у Лаўрышаўскі манастыр. Было вырашана, што калі рэкалекцыі і цвічэнні ў манастыры не перавыхаваюць святара, дык ён будзе адхілены ад сваіх абавязкаў назаўжды [126].

Такім чынам, аповед Л. Савіцкага не вытрымлівае праверкі на дакладнасць праз дакументы і ў лепшым выпадку ўтрымлівае вялікую долю прыдумак, а можа і цалкам сфальсіфікаваны.

Калі ж, як кажуць, «нешта было», дык можна выказаць здагадку, што Пётр Афанасевіч ці ягоная жонка абрабавалі шанаваную ўсімі магілу будаўніка і першага фундатара царквы Шымкі Мацкавіча, што справакавала рэакцыю калятара. Аднак нельга забываць, што Пётр Афанасевіч - шляхціц, і адзіна законным быў бы яго судовы пераслед. Нагадаю, што шляхціц не мог быць арыштаваны і няслушна пакараны без рэчаісных доказаў віны, a судзіць яго маглі толькі роўныя яму, гэта значыць, - шляхта. Судовая справа паміж святаром і калятарам, верагодна, павінна быць у справах Лідскага гродскага суда і можа калісці будзе знойдзена. Тады і стане канчаткова зразумела, што ж адбылося ў Маламажэйкаўскай царкве ў 1793 г.

Тым не менш відавочна, што аповед Л. Савіцкага - гэта адна са шматлікіх «казак» другой паловы XIX ст. пра «забітасць» і празмерную падпарадкаванасць абшарнікам уніяцкіх святароў, ад якой іх выратавала гвалтоўнае скасаванне грэка-каталіцкай царквы і далучэнне да пануючай у Расейскай імперыі рэлігіі.

Пасля Пятра Афанасевіча святаром у Малым Мажэйкаве з 1795 па 1810 г. быў Андрэй Міцкевіч. Адзін з візітатараў пісаў у Генеральную Кансісторыю Літоўскай мітраполіі, што Міцкевіч пад час знаходжання пры манастырах Антопальскім і Барунскім у айцоў-базыльянаў займаўся «русчызнай» і асабліва іншымі навукамі, мае добрую атэстацыю аб сваіх паводзінах ад архімандрытаў тых манастыроў і сведчанне за подпісам Віленскай кансісторыі пра паспяховае вывучэнне маральнай тэалогіі ў Ахонаўскай царкве. Пасля папярэдняга іспыту ў 1790 г. Андрэй Міцкевіч быў пасвечаны ў іпадыяканы, а 13 красавіка 1793 г. - у сан святара. Пасля гэтага ён атрымаў прэзенту на Маламажэйкаўскую царкву [127]. Але ўжо ў 1795 г. гэты святар характарызаваўся як «заганны праз схільнасць да п'янства, навук сярэдніх» [128].

У «Актах судовых кансісторскіх разглядаў ...» за 1795 г. ёсць судовая справа Андрэя Міцкевіча, адміністратара Маламажэйкаўскай царквы, супраць адміністратара Арлянскай царквы Ануфрыя Ясінскага. Суд разгледзеў патрабаванне Міцкевіча вярнуць няслушна забраныя царкоўныя рэчы і заплаціць грошы за паслугі. А. Ясінскі патлумачыў, што ніякіх рэчаў не забіраў, а купіў і прадэманстраваў распіску аплаты [129]. Падобна, А. Міцкевіч спрабаваў вярнуць у царкву рэчы, якімі гандляваў ягоны папярэднік, што дадае новыя рысы «справе Пятра Афанасевіча».

У тых жа «Актах судовых кансісторскіх разглядаў ...» за 1796 г. ёсць некалькі пратаколаў паседжанняў, на якіх разглядалі справу святароў Андрэя Міцкеіча і таго самага лябёдскага параха Андрэя Кастыцэвіча. Святары абвінавачваліся ў «сварках і звадах са шляхтай у горадзе Лідзе, на вуліцы, што прывяло да нападу на расейскі пастарунак, пасля чаго яны былі арыштаваны і ўсю ноч пратрыманыя пад арыштам». Перад сваркай Андрэй Кастыцэвіч «ужыў алкагольныя напоі, таму рабіў розныя непрыстойнасці і быў ганебна затрыманы ...» [130].

Хто ведае, можа менавіта пасля гэтага калятар Казімір Кастравіцкі забраў фундушавыя землі і нават пачаў не пускаць народ у царкву, аб чым святар А. Міцкевіч падаў скаргу новым расейскім уладам у асобе начальніка Лідскага павета маёра Ілінскага. Аднак скарга не дапамагла - новыя ўлады не пажадалі ўмешвацца.

У канцы XVIII ст. у царкве з'яўляецца арган, і ўсе прыхаджане пачынаюць спяваць (а не прагаворваць пра сябе) літургію, што цалкам адпавядала пастановам Замойскага сабора 1720 г. Вядома, што час ад часу ў царкве выступалі з пропаведзямі манахі-кармеліты [131].

Ксёндз Станіслаў Лазінскі, плябан Ішчалнскі, у «Вопісах парафій Лідскага дэканату ў 1784 г.» апісаў мясцовасць каля Малога Мажэйкава: «[дарога ад Ішчалны да Дылева] адначасова з'яўляецца публічным Віленскім трактам, ад Ішчалнскага касцёла на летні ўсход, праз некалькі сотняў крокаў будзе карчма пана Валя пад назвай Гіня, адтуль па правую руку праз палову чвэрці мілі бачна вёска Ішчалняны яснавяльможнага пана Хадкевіча. Далей па дарозе, праз некалькі дзясяткаў крокаў млын васпана Валя з грэбляй і мостам, пераехаўшы мост праз поле пачынаецца нядаўна выраўнаваная дарога, потым бярозавы лясок яснавяльможнага пана Хадкевіча, выехаўшы з якога, па правай руцэ праз чвэрць мілі бачны фальварак Марцінішкі таго ж Хадкевіча, далей, праз чвэрць мілі пры дарозе ёсць два каналы і дварэц яснавяльможнага пана Хадкевіча пад назвай Вялікае Мажэйкава, мінуўшы дварэц, праз некалькі стай па левай руцэ мураваная карчма і вёска Агароднікі таго ж ягамосці, па правай руцэ праз палову чвэрці мілі вёска Зінеўцы васпана Кастравіцкага і мураваная царква, якая называецца Мажэйкаўскай, далей цераз поле вядзе сухая пясчаная і камяністая дарога праз палову мілі двор васпана Кастравіцкага Малое Мажэйкава, пасля двара, праз некалькі сотняў крокаў каля Лябёдскага перавозу стаіць карчма таго ж ягамосці, і тут парафія Ішчалнская мяжуе з Дылеўскай» [132].

У канцы XVIII ст. праз Малое Мажэйкава прайшоў паштовы тракт з Пецярбурга ў Варшаву (карта паказвае, што па Лідскім павеце тракт прайшоў праз Раклёўцы - Малы Ольжаў - Белагруду - Арлянку - Тарнова - Масявічы - Лебяду - Малое Мажэйкава - Вялікае Мажэйкава - Ішчалну - Шчучын). Тракт прыносіў добры прыбытак абшарнікам, якія трымалі корчмы, у тым ліку і Кастравіцкім.

9. Перыпетыі лёсу храма ў 1804-1873 гадах

Каля 1826 г. Малое Мажэйкава перайшло ў спадчыну да Рамуальда Кастравіцкага, сына

Казіміра. З апісання маёнтка ў Малым Мажэйкаве ў 1835 г. бачна, што тут былі «дзве сажалкі, пры якіх пабудаваны два млыны і адзін валюш. Карчма на паштовай дарозе ад горада Ліды ў горад Гародню прыносіць гадавога даходу 1000 рублёў асігнацыямі... Дом жылы драўляны, стары, даўжынёй 30 аршынаў, шырынёй 22 аршыны [133] , страха гонтавая, пакояў - 20, вокнаў - 36, печак галандскіх (стаякоў) - 8, комінаў - 5. Флігель драўляны, даўжынёю 50 аршынаў, шырынёю 15 аршынаў, пакояў - 10, печаў - 5, ваконцаў - 14, комінаў - 2, страха саламяная. Вінакурня новая, сцены з дзікага каменю таўшчынёю 1 аршын, вышынёю 3 аршыны, даўжынёю 40 аршынаў, шырынёю 15 аршынаў, комінаў - 2. Страха з гонта .... Валоўнік драўляны даўжынёю 30 аршынаў, шырынёю 12 аршынаў, страха саламяная. Гумно новае з мураванымі слупамі, даўжынёю 110 аршынаў, шырынёю 25 аршынаў, страха саламяная. Хлеў драўляны, новы даўжынёю 70 аршынаў, шырынёю 25 аршынаў, страха саламяная. Хлявы ў квадрат 200 аршынаў, страха саламяная. Кузня з дзікага каменю, сцяна таўшчынёю 1 аршын 6 вяршкоў, вышынёю 3 аршыны, даўжынёю 10 аршынаў, шырынёю 5 аршынаў. Комін 1. Страха гонтавая. Свіран з дзікага каменю таўшчынёю 1 аршын 6 вяршкоў, у акружнасці 40 аршынаў, вышыня 4 аршыны, страха гонтавая. Дом для жылля садоўніка драўляны даўжынёю 16 аршынаў, шырынёю 8 аршынаў. Сад тры дзесяціны, у большай палове засаджаны пладовымі дрэвамі» [134].

Малюнак Васіля Гразнова, Маламажэйкаўская царква да перабудовы 1871-72-х гг.

Спусташальная вайна сярэдзіны XVII ст., Паўночная вайна на пачатку XVIIІ ст. і цяжкія эканамічныя ўмовы пасля яе, запар два марнатраўныя святары прывялі царкву ў стан руін, і, верагодна, таму на пачатку XIX ст. візітацыі ў царкве адбываліся амаль што кожны год: візітатары пагражалі зачыніць царкву, калі не пачнецца яе рамонт. Храм быў на мяжы закрыцця, аднак гэтага не адбылося. Вось што пісаў візітатар Антоні Налеч-Тупальскі ў акце візітацыі 1804 г. пра стан царквы: «… Маламажэйкаўская царква не мае ніводнай прыстойнай аздобы, стаіць без вокнаў, дах працякае, даведзена да стану руіны і ў такім стане павінна быць зачынена. Акт закрыцця быў бы ўжо пададзены, калі б вялебны айцец Адміністратар не быў абнадзеены калятарам яшчэ ў гэтым годзе пачаць рамонт. Таму покуль устрымліваемся ад закрыцця царквы ў надзеі, што на працягу года будуць адрамантаваны дах, купалы і вокны ... . Што датычыцца адукацыі і паводзін вялебнага айца Адміністратара, а таксама крыўдаў фундушовых, трэба, каб вялебны айцец Міцкевіч захоўваў цвярозасць і спакой, уласцівы яго стану, праз нейкі час усё ўладкуецца, галоўная яго задача - навучаць людзей рэчам неабходным для збавення. Крыўды з-за адбірання зямлі і дзесяціны згодна са старымі і новымі фундушамі неабходна вырашаць праз судовы працэс, грунтуючыся на моцы дакументаў. Дапамагчы пачаць судовы разгляд павінен вялебны айцец дэкан і дыяцэзіяльнае кіраўніцтва ... . Знішчаныя будынкі плябаніі адрамантаваныя ....

Вынятак з акту генеральнай візіты і пячаткай Яго Вялебнасці Ігната Булгака, Берасцейскага біскупа ўніяцкай царквы зацверджана.

Антоні Наленч Тупальскі,…, дэкан Віленскі, генеральны візітатар» [135].

Леў Савіцкі піша, што Антоні Налеч-Тупальскі забраў з сабой 20 дакументаў з архіва царквы. Можна выказаць здагадку, што ён зрабіў гэта, каб дапамагчы ў судовым разглядзе справы з калятарам, аднак далейшы лёс гэтых дакументаў невядомы [136].

Магчыма, з-за неўладкаванасці царквы частка прыхаджан з Вялікага Мажэйкава была прыпісана да Ішчалнскага касцёла, а магчыма, - да сваёй часовай капліцы ў Вялікім Мажэйкаве. Згодна з хронікай касцёла ў Ішчалне, у 1801 г. грэка-католікаў у Вялікім Мажэйкаве было ажно 1300 чалавек [137].

З 13 жніўня 1810 г. па 1860 г. Маламажэйкаўскім парахам служыў Ян Плаўскі, 22 гады вікарыем у яго быў М. Сцепуржынскі (памёр у 1865 г.) [138]. Яну Плаўскаму ўдалося дамагчыся вяртання царкоўных зямель. 13 жніўня 1810 г. яму былі выдзелены ў розных месцах пляцы зямлі агулам на 12 бочак пасеву яравога і азімага зерня і сенажаці (лугоў) на 44 вазы сена, што сведчыць пра заканчэнне канфлікту паміж святарамі і калятарам царквы. Выдзеленая зямля была ў царкоўным валоданні да 1832 г. - года смерці Казіміра Кастравіцкага.

У канцы 1805 г. ад удару маланкі ў алтарную частку абрынуўся царкоўны дах. Толькі ў студзені 1810 г. быў зроблены першасны рамонт даху, а ўвесну пачаты агульны рамонт. У 1811 г. візітатар занатаваў, што устаўлены чатыры новыя вокны, вялікі алтар з цыборыюмам [139] пафарбаваны ў белы колер, слупкі пазалочаны, на адной з вежаў усталяваны куплены калятарам звон вагой у трыццаць пудоў (у сярэдзіне XIX ст. гэтага звона ўжо не было) [140].

Падчас паездкі з Вільні ў Гародню Маламажэйкаўскую царкву наведаў расейскі імператар Аляксандр І. Падарожнічаючы па паштовым гасцінцы, які тады ішоў цераз Ішчалну, ён заўважыў у баку адрозны ад іншых мураваны будынак, а калі даведаўся, што гэта царква, пажадаў агледзець яе. Імператар зразумеў каштоўнасць царквы і загадаў адрамантаваць яе. Нагляд за рамонтам быў даручаны слонімскаму абшарніку Юндзілу.

З 1810 г. пачаўся паступовы рамонт будынка царквы, які закончыўся яе перабудовай і аднаўленнем у 1871-1872 гг.

Рамантавалася царква і адразу пасля 1812 г., але якія работы былі выкананы, невядома. Падчас рамонту 1817 г. быў ліквідаваны адмысловы ход у сценах, які вёў вакол усёй царквы. Тады ж знялі цяжкія жалезныя дзверы-герсы, якія падымаліся і апускаліся адмысловым механізмам. Трошкі змяніўся агульны выгляд царквы - новы дах стаў ніжэйшы: «Старыя распавядаюць, што тады царкоўны дах паніжаны на 8 аршын, а зберажонай старой дахоўкай была пакрыта астатняя частка царквы. Бэлькі пакладзены новыя, амбразуры абтынкованыя і выпраўленыя, вежы і вокны адрамантаваныя, падлога выкладзена цэглай, падчас ачысткі алтара, знойдзены царскія вароты пад смеццем каля сцяны, якія былі адрамантаваны, пазалочаны і пастаўлены на сваім месцы» [141]. Тады перарабілі верхнюю частку франтонаў.

У 1832 г. зямля «з усімі сенажацямі, лясамі, пашамі і зараслямі», нададзеная царкве Казімірам Кастравіцкім і ягоным сынам Рамуальдам, была зноў адабраная, аб чым сведчыць выдадзеная царкве 27 жніўня распіска, якую падпісалі Рамуальд Кастравіцкі і ягоная жонка. У візіце 1834 г. 26 чэрвенем запісана, што «зямля дзячка забрана разам з зямлёй святара на двор Маламажэйкаўскі, а на сядзібнай зямлі дзячка ў 1734 г. (пэўна - памылка, верагодна, у 1834 г. - Л. Л.) пастаўлена карчма і дзве хаты» [142]. У 1835 г. уладальнік Вялікага Мажэйкава Рафал Грабоўскі забраў валоку былой царкоўнай зямлі з сенажаццю і лесам у вёсцы Навасады. Пра дзеянні Р. Грабоўскага а. Ян Плаўскі 22 чэрвеня 1835 г. падаў рапарт у Кансісторыю і грамадзянскаму начальству, а яшчэ раней падаваліся розныя скаргі супраць такіх дзеянняў Кастравіцкага. Але законным шляхам вырашыць праблему не атрымалася - гэта наводзіць на думку, што калятары ўсе ж дзейнічалі ў межах закону. Дарэчы, з тэксту Льва Савіцкага бачна, што прынамсі не ўсе скаргі святара датычылі адабрання зямлі, часам калятары мянялі адны ўчасткі зямлі на іншыя ў залежнасці ад сваіх гаспадарчых патрэбаў. Магчыма, у 1830-х гг. дзеянні абшарнікаў абумоўліваліся разуменнем таго, што унія будзе хутка скасавана ўрадам.

З гістарычных крыніц бачна, што перад ліквідацыяй уніі маламажэйкаўскія прыхаджане, як і па ўсёй Беларусі, не жадаючы далучэння да афіцыйнага праваслаўя, пераходзілі ў рыма-каталіцтва. Напрыклад, 20 траўня 1836 г. святар пісаў пра 106 «спакушаных у лацінства» чалавек, праз нейкі час - ужо пра 149 «спакушаных», але ў 1873 г. Леў Савіцкі пісаў пра 32 «спакушаных», з якіх потым зноў «да праваслаўя далучана» васемнаццаць [143].

Яшчэ на пачатку 1836 г. у царкве быў арган, аднак ужо ў красавіку таго ж года вайсковы начальнік Лідскага павета даклаў губернатару, што ва ўсіх цэрквах Лідчыны «арганы, пабочныя прыдзелы, званочкі, лаўкі ўжо знішчаны» [144].

На 29 чэрвеня 1838 г. 388 прыхаджан царквы належала Кастравіцкім і 108 - Грабоўскім [145].

У 1852 г. на Маламажэйкаўскага святара Яна Плаўскага мітрапалітам Сямашкам быў накладзены штраф у памеры 1 срэбны рубель за несвоечасовае дастаўленне ведамасцяў аб споведзях [146].

Агульны стан царквы ў 1860-х гг. адлюстроўвае «Главная опись церковного имущества Маломажейковской Рождественно-Богородичной церкви Лидского уезда» [147]. Згодна з «Вопісам...», царква - гэта «будынак мураваны, вялікі, чырвонай цэглы, купалаў на ім няма ...». Прастол, ахвярнік і іканастас у царкве былі драўляныя, падсвечнікі свінцовыя. Царква мела тры званы: першы звон вагой у дзесяць пудоў быў адліты ў 1805 г., другі звон знаходзіўся ў царкве з 1792 г., трэці звон быў фундаваны ў 1830 г.

Евангеллі ў царкве былі такія: напрастольнае, маскоўскага друку 1839 г., у дошках, абцягнутых прыгожым аксамітам, на верхняй дошцы, пасярэдзіне - абраз Уваскрэсення Гасподняга; Евангелле для трэб, маскоўскага друку 1838 г., у аксамітавай вокладцы. Для асабістага карыстання ў святара была Біблія сінадальнага друку 1824 г. і некалькі расійскіх кніг духоўнага зместу [148]. Зразумела, што да таго часу ўсе беларускія старадрукі паводле неаднаразовых загадаў мітрапаліта І. Сямашкі былі знішчаныя. У 1873 г. царква мела чатыры перамены рызаў з прыборам, два ўборы на прастол і ахвярнік, неабходныя для набажэнстваў кнігі [149].

У XIX ст. Маламажэйкаўскую царкву пачалі вывучаць прафесійныя даследчыкі. У 1858 г. яе аглядаў член Імператарскага Археалагічнага таварыства, што ў Санкт-Пецярбургу, Стобедзеў, у 1864 або 1865 г. царкву даследаваў член таго ж Археалагічнага таварыства Гарнастаеў. З Вільні прыязджалі Цвердахлебаў, барон Нольдэ і многія іншыя [150].

Айцец Леў Савіцкі пакінуў вялізнае апісанне выгляду царквы да яе перабудовы. Гэтае апісанне з-за яго каштоўнасці варта прывесці цалкам:

«[Царква] ўся каменная з моцнай, як жалеза, цэглы, якая з цягам часу утварыла адну суцэльную масу, аброслую мохам, за выключэннем тых месцаў у старадаўніх паглыбленнях, якія былі атынкованы... Верагодна, у гэтых паглыбленнях першапачаткова былі абразы, ці, быць можа, яны былі пафарбаваны, таму што сляды фарбы былі выразны пры разбіўцы тынкоўкі. Такіх паглыбленняў ніжэй ад даху ў выглядзе дугападобных даўгаватых рам, якія заканчваюцца мысам у верхняй частцы, - шэсць, месцаў жа дванаццаць, паміж імі ідуць сценкі ў выглядзе пілястра. Вышэй іх, пад самым дахам, знаходзіцца пяць невялікіх вокнаў са стромымі адтулінамі, якія ідуць унутр пад дах. Вокнаў у царкве дзевяць - тры вокны ў сценах даўжынёй у сажань, шырынёй у аршын, з жалезнымі кратамі, паміж імі ідуць пілястры, якія перамяжаюцца доўгімі паглыбленнямі, раней прызначанымі, верагодна, таксама для якіхсьці малюнкаў, астатнія тры вокны асвятляюць уласна алтар, памерам яны меншыя першых і дугападобныя. Усе чатыры вежы аднолькавыя, на адну сажань вышэй за сцен царквы, у верхняй іх частцы зроблены тры вокны даўжынёю ў аршын і шырынёю ў 12 вяршкоў, у заходняй частцы царквы гэтыя вокны большыя, чым ва ўсходняй, бо і самыя вежы тут маюць большы памер у дыяметры. Ва ўзровень са сцяной, у вежах, зробленыя такія ж адтуліны, якія знаходзяцца пад дахам царквы, толькі ў падвойнай колькасці, па тры. У сярэдняй частцы вежаў знаходзяцца адтуліны, якія звужваюцца вонкі і пашыраюцца ўнутр і якія, па меры адлегласці ад зямлі, даўжэйшыя і шырэйшыя. Вакол усёй царквы і вежаў на адзін аршын вышэй цокаля, які агінае вакол ўсю царкву, ідзе шэраг зубцоў у выглядзе пілы. Пра першапачатковую архітэктуру карнізаў нічога нельга сказаць, бо пішучаму не давялося знайсці іх у цэласці. Варта заўважыць, што крыжы з цэглы ў заходніх вежах засталіся цэлыя і ў цяперашні м часе. Старажылы распавядаюць, што на вежах, з заходняга боку, былі пастаўлены два анёлы вялікага памеру, адзін з трубой, іншы з мячом, якія паварочваліся па кірунку ветру. Дзверы на ўваходзе ў царкву адны, шырынёю 1 аршын і 11¼ вяршкоў [151] , вышынёй 1 сажань [152] і 3 вяршка. Царква з унутранага боку абаронена цяжкавагавымі жалезнымі дзвярмі, якія апускаліся са зробленай у сцяне нішчы. Якім чынам гэтыя дзверы замыкаліся, мне не атрымалася дазнацца ад старажылаў, з якіх некаторыя бачылі яшчэ гэтыя дзверы, забраныя ў 1817 г. панам Кастравіцкім. Уваходныя дзверы маюць вытанчанае аздабленне. Дзве калоны ўпрыгожваюць дугападобны ўваход у царкву, які заканчваецца ўгары ў выглядзе кароны. Прытвора не было да 1825 г. У сярэдзіне царквы алтар аддзяляецца ад храма суцэльнай каменнай сцяной з трыма пралётамі для царскай, паўночнай і паўднёвай брамы, апошнія дзве адтуліны маюць форму няправільнага трохкутніка і над паўночнымі дзвяры пралёт менша за паўднёвы. Алтарная частка мае прастору даўжынёю 2 сажні і 1½ аршына, шырынёю 4 сажні і 9 вяршкоў. Прастол быў квадратны, каменны, у паўночнай і паўднёвай частцы алтара знаходзяцца два малыя і два вялікія дугападобныя паглыбленні, прызначаныя для захоўвання царкоўнага начыння. Ахвярнік раней быў уладкованы ў паглыбленні, у выглядзе невялікай пячоры, якая існуе і ў наш час толькі, закрыта абразам. Царская брама - 2 аршына шырыні і 3 вышыні. Сам храм мае ўсярэдзіне 6 сажняў даўжыні 5 сажняў 12 вяршкоў шырыні. Вокны ад падлогі ў 2-х сажнях. Зводы круглыя, корабавыя, якія абапіраюцца на 4 масіўныя калоны, да якіх сыходзяцца ў выглядзе мноства нітак. З царквы зроблены хады ва ўсе вежы, куды раней вялі цагляныя лесвіцы ў выглядзе спіралі, знішчаныя ва ўсходніх вежах у 1817 г., пасярэдзіне царквы ёсць невялікі склеп, дзе знаходзілася некалькі дубовых трун у выглядзе карыта з такім жа вечкам, у верхняй частцы якіх у галовах, зроблена круглая адтуліна, зачыненая шклом. У сярэдзіне, у частцы, прылеглай да прытвора, уладкованы хоры - куды вядзе лесвіца з вежы паўднёвазаходняга боку.

У царкве ёсць дзве мармуровыя пліты, адна з іх умайстравана ў паўднёвай сцяне, над труной заснавальніка царквы, са зробленым Кастровіцкім наступным надпісам:

D.O.M. Mortalibus exuviis I.M.D. Szymko Macko Lundzilowicz M.N.M.D.L. His abao MDCCCLXXXIV guiescentis fundatoris eccleciae nujus I.V.D. Cazimirus Costrovicki coet. Herres ei collator ae de sacra restaurata noc monumentum MDCCCYIIIDAD [153].

Іншая пліта некалькі вышэйшая за першаю, большага памеру, на ёй намаляваны старадаўнія вайсковыя даспехі Польска-Літоўскіх войскаў, паміж якімі прыкметныя гарматы, стрэльбы, шаблі, каскі, сцягі і г.д., на ёй наступны надпіс:

D.O.M. Et ad majorem gloriam h(n)oc monumentum posuit in ha(o)c Ecclesia pro perpetua memoria I.M. Kazimirus de Kostrova Kostrovicki Cap. Cib. Camer. cur. Red. Polon. Heres in Mozejkov, liden et in Podole Slonim district collator. Hans ecclesiam de noviter restauravit ac fundavit altar Rit. Roman, pro P.P. Carmelit Zoluden. anno MDCCCXXII [154].

Вышыня царквы з фронту - 15 сажняў, а сцен 7 сажняў. Алтаром яна павернутая на ўсход, і агульны выгляд яе мае дасканалае падабенства з адноўленым старажытным Прачысценскім Мітрапалітальным саборам у Вільні, які, як бачна па усім, служыў для будаўнікоў Маламажэйкаўскай царквы прататыпам. Будаўнік храма нават прысвяціў яго імені Прачыстай Багародзіцы. Загадкавая архітэктура Маламажэйкаўскай царквы мімаволі прымушае думаць, што гэтая царква была сховішчам не толькі для малітвы, але і сховішчам людскай маёмасці падчас спусташальных войн і спалучаных з ёю рабаванняў падчас Рэчы Паспалітай. З іншага боку, яна была абаронай ад нападу непрыяцеляў. Як сховішча і абарона падчас войн, яна была забяспечана да 1817 г. ходам у сценах, вакол царквы, некалькімі таемнымі адтулінамі ў сценах, склепам пад царквой, падзеленым каменнай сцяной ад такога ж невялікага склепа, змешчанага ў самой царкве, да якога, па ўсёй верагоднасці, ёсць яшчэ дзе-небудзь іншы ход, і чатырма аднастайнымі спічастымі вежамі з вокнамі ў тры ярусы, якія звужваюцца вонкі і такімі ж вокнамі ў сценах, пад дахам. Сцены будынка таўшчынёй у сажань, жалезныя дзверы, якія апускаліся на ланцугах - дзверы цяжкавагавыя, што адчыняліся толькі рукамі дасведчанага служкі, мімаволі прыводзіць да пераканання, што царква гэта была абаронай ад непрыяцеляў, якія валодалі ў сярэднія вякі не такой смертаноснай зброяй, якая вынайдзена сучаснай цывілізацыяй» [155].

Зразумела, што перапісаная Л. Савіцкім с памятнай дошкі дата пахавання Шымкі Мацкавіча «1884» (лац. MDCCCLXXXIV) - памылка. Фундатар пабудовы царквы памёр у 1542 (лац. MDXLII) ці 1543 г. (лац. MDXLIIІ). Зразумела, што пры перапісцы гэтых дат памылкова запісаць «MDCCCLXXXIV» было немагчыма. Але калі б на дошцы быў выгравіраван 1794 г. (лац. MDCCLXXXXIV), дык усё становіцца зразумелым: замест «CC» святар напісаў «CCC», а замест «XXXX» - «XXX», чыста механічная памылка. А гэта азначае, што дошка, зробленая ў 1808 г., была прымацавана ў памяць пра паўторнае перазахаванне шанаванага фундатара пабудовы царквы Шымкі Мацкавіча, што ўскосна пацвярджае факт рабавання яго магілы.

Да 1825 г. да царквы быў прыбудаваны прытвор [156], які засланіў ранейшыя ўваходныя дзверы і значна змяніў агульнае аблічча заходняга фасада. У 1871-1872 гг. былі зроблены поўнае аднаўленне і перабудова храма. Адразу неабходна сказаць, што пры гэтых рэпарацыйных працах не лічыліся з археалагічнай каштоўнасцю помніка і вельмі мала дбалі пра захаванне яго першапачатковага выгляду, таму некаторыя яго часткі падлеглі досыць грунтоўным пераробкам. Па-першае, абедзве заходнія вежы былі надбудаваны ў вышыню на 6 аршын, прычым адна з іх была перароблена на званіцу. Па-другое, першапачаткова неатынкаваныя часткі фасадаў былі пакрыты пластамі тынку і афарбаваны, што зусім знішчыла ранейшы характар іх дэкарацыі, які грунтаваўся да гэтага (як і ў Сынкавіцкай царкве) на эфектным кантрасце цёмна-чырвоных муроў і белых плям тынку ў дэкарацыйных нішах [157].

Урадам на рамонт царквы было асігнавана 7 716 руб. 15 капеек. Для арганізацыі працы быў утвораны адмысловы камітэт, у які ўваходзіў міравы пасярэднік, святар царквы, царкоўны стараста, старэйшына Лябёдскай воласці, часткай якой было Малое Мажэйкава, царкоўна-прыходскога апякунства і архітэктар Полазаў. Планавалася пачаць работы ў 1865 г., але праблемы адцягнулі пачатак працы на 1871 г. Камітэт па рамонце вырашаў шмат праблем: давялося шукаць адмысловую цэглу - звычайная тынкоўка не прыставала да старых муроў, і для яе прыгатавання выкарыстоўвалася гіграскапічная вапна. Дастаўку неабходных матэрыялаў забяспечвалі прыхаджане царквы.

Маламажэйкаўскі святар быў адным з тых, хто кіраваў рамонтам і перабудовай царквы, ён жа падрабязна апісаў гэты працэс, пачаўшы з дзіўнай заўвагі, якую не мае сэнсу нават каментаваць: «Паводле інструкцыі, дадзенай мясцоваму камітэту, царква адноўлена ў ранейшым выглядзе». Потым ён адзначаў, што сапсаваныя часткі сцен былі атынкаваны «гідраўлічнай» вапнай, іншыя неатынкаваныя часткі пафарбаваны ў колер цэглы. Вежы пакрыты бляхай. Царкве быў пакінуты стары дах з плоскай дахоўкі. У Рызе былі замоўлены і выраблены 8 жалезнапазалочаных крыжоў. У сярэдзіне храма сцены былі атынкаваны і выраўнаваны. У вежах былі выпраўлены каменныя прыступкі, ваконныя рамы зроблены з дубу з жалезнымі кратамі, замест цаглянай падлогі зроблена драўляная. Прастол быў пастаўлены на каменным падмурку так, каб яго ножкі ўваходзілі ў адмыслова зробленыя паглыбленні. Ва ўсходніх вежах была ўладкавана рызніца. Алтарная частка і салея [158] з чатырма прыступкамі паднятыя на адзін аршын вышэй ад царкоўнай падлогі з выступам у 2½ аршына ад іканастаса, перад якім уладкавана балюстрада такарнай працы. Пішучы пра новы іканастас, Л. Савіцкі заўважыў:

«Іканастас, хоць небагаты, але па прыгажосці пераўзыходзіць усе сельскія цэрквы ў павеце. Аздабленне іканастаса і ўсталёўка яго на месца абышліся камітэту вельмі дорага з-за таго, што іканастас быў дасланы за чатыры гады да пачатку ўсіх прац і з-за недагляду сапсаваўся. Акрамя таго, ён быў зроблены не па плане, таму пасля ўсталявання яго на месца не зусім гармануе з іншымі часткамі храма. Драўляныя часткі іканастаса афарбаваны ў тры колеры: белы, светла- і цёмнаблакітны. Абразы наступныя: с правага боку царскай брамы - мясцовая выява Выратавальніка, Унебаўзяцце Божай Маці, на паўднёвых дзвярах - Арханёл Міхаіл, далей - храмавая выява Нараджэння Прачыстай Багародзіцы, Аляксандра Неўскага і Марыі Магдаліны. З левага боку царскай брамы - старажытны абраз Божай Маці, рыза якой ізноў пазалочана, далей - абраз Св. Сямейства, на паўночных дзвярах - Арханёла Гаўрыіла, далей - Звеставанне Прачыстай Багародзіцы і Георгія Пераможца. У другім ярусе ўсталяваны чатыры двухмесныя абразы Св. Айца і Праайца, Апосталаў Пятра і Паўла, свяціцеля Мікалая і Сергія Цудатворца. Выявы, змешчаныя над паўночнымі і паўднёвымі дзвярыма, увянчаны крыжамі, таксама як і іканастас заканчваецца драўляным вызалачаным крыжом з ззяннем. На горнем месцы выява Св. Тройцы. Усе гэтыя абразы жывапісу акадэміка Васільева» [159].

Леў Савіцкі прыводзіць поўны каштарыс праведзенага рамонту:

Цэглы ўжыта 27 860 шт., яе кошт - 414 р. 60 кап.

Вапны - 235 ½ бочак, кошт - 401 р. 40 кап.

Цэменту портланд - 235 ½ бочак, 401 р. 40 кап.

Жалеза - 34 пуды 18 ½ ф., 85 р. 73 кап.

Цвікоў - 25 п. 14 ф., 101 р. 251/2 кап.

Мулярам - 1 458 р. 60 кап.

Іканастас з пераробкай - 1 550 р.

Звон - 200 р.

Страхарам - 135 р. 84 кап.

Бляхі двух гатункаў - 442 лісты, 495 р. 65 ½ кап.

Лес, дошкі і дрэва - 382 р. 45 кап.

Сталярам - 206 р. 51 кап.

Фарбавальшчыкам - 180 р.

Алей, фарбы - 131 р. 21 ½ кап.

Балюстрада - 100 р. 62 ½ кап.

Кавалям - 51 р.

Крыжы пазалочаныя - 680 р.

Шкляру - 82 р. 35 кап.

Цяслярам - 43 р.

4% архітэктару з сумы … 380 р. 64 ½ кап.

…………………

Разам 7668 р. 86 ½ кап. [160]

Астатнія грошы ад сумы 7716 р. 15 кап. ужыты на гербавую паперу для кантрактаў і іншыя выдаткі. Падчас папраўкі царквы шмат чаго неабходнага было зроблена звыш сумы і, нягледзячы на гэта, камітэт не выйшаў з грошай, асігнаваных урадам.

Леў Савіцкі зазначае: «Застаецца толькі жадаць, каб далей гэты выдатны будынак не быў пакінуты без падтрымкі ў сучасным выглядзе і прыгажосці, на што, вядома, спатрэбяцца з цягам часу не малыя выдаткі, якія пры малалікасці і беднасці вернікаў не могуць быць імі выдаткаваны» [161].

Асвячэнне царквы адбылося 21 студзеня 1873 г., «па благаслаўленню прывялебнага Іосіфа, мясцовым благачынным протаіерэем Каяловічам, разам з двума святарамі і дыяканам, пры стройным спеве хлопчыкаў Дзікушскай народнай вучэльні. Мясцовым святаром было сказана прыстойнае выпадку павучанне. Пасля набажэнства, у якім удзельнічалі 8 святароў, было абвешчана шматгоддзе Найсвятлейшаму Гасудару і ўсяму Царуючаму Дому, высокапрывялебнаму Макарыю і вечная памяць заснавальніку гэтага храма, рэшткі якога пахаваны пры правай сцяне храма. Нягледзячы на моцны вецер, прыйшло шмат багамольцаў з мясцовага і суседніх прыходаў» [162].

У 1907 г., праз больш за 30 гадоў пасля святкавання юбілею царквы, Л. Савіцкі расказаў цікавыя падрабязнасці пра знаходкі ў царкве пры яе перабудове. Пры кладцы падлогі з дошак (да гэтага часу падлога была цагляная) «знаходзілі шмат трун пад цаглінамі і на некаторых былі магільныя помнікі, з выявай крыжа, абведзенага кругам [163]. Былі такія велізарныя пліты, таму патрабавалася сіла 3-4 чалавек, каб зрушыць іх з месца. І вось на адной з такіх пліт і быў прачытаны надпіс "Христовъ рабъ Iерей Авраамъ» і год "1469". Чыталі гэты надпіс: былы будаўнік царквы архітэктар Полазаў і член люстрацыйнай камісіі палкоўнік дэ-Лазары». Выняць камень з надпісам з-пад падлогі было складана і патрабавала дадатковых выдаткаў. Таму «камень гэты, як і іншыя, быў апушчаны ў зямлю пры раўнанні грунту пад падлогай. Дубовыя труны, якія былі ў магілах і якія смуродзілі ў царкве, па распараджэнні былога епіскапа Ковенскага Аляксандра ў 1864 г. былі вынесены і разам з прахам пахаваны на могілках у агульнай магіле. Над гэтай магілай быў пастаўлены драўляны крыж, які ўжо струхнеў і ўпаў. Там жа знойдзена некалькі медных крыжоў вялікага і малога памераў. З іх толькі тры крыжыкі трапілі ў рукі мясцовага святара, адзін падобны да крыжоў, якія цяпер носяць святары, і два меншых на 2-1,5 цалі з выявамі па абодвух баках грубай працы і невыразнымі літарамі» [164].

Такім чынам, парэшткі фундатара царквы Шымкі Мацкавіча, якія «смуродзілі ў царкве», верагодна, зараз знаходзяцца ў агульнай магіле недзе каля царквы.

10. Маламажэйкаўскі настаяцель Леў Савіцкі (1863-1926 гады): жыццё, прысвечанае царкве. Новыя страсці па Мураванцы ў 1920-я гады

З 1863 г. па 1926 г. гісторыя царквы злучана з дзейнасцю яе настаяцеля а. Льва Савіцкага.

10 лістапада 1863 г. Леў Савіцкі атрымаў сан іерэя і адразу пасля заканчэння поўнага курса Літоўскай духоўнай семінарыі быў прызначаны Ковенскім епіскапам Маламажэйкаўская царква на пачатку ХХ ст. Аляксандрам настаяцелем Маламажэйкаўскай царквы.

На жаль, пра гэтага чалавека вядома няшмат. Леў Іосіфавіч Савіцкі нарадзіўся ў 1841 г. у вёсцы Спорава Слонімскага павета [165]. Яго бацькамі быў святар Спораўскай царквы Іосіф Савіч Савіцкі і Юстына Раманаўна Савіцкая з Ярчыскоўскіх [166]. Леў Савіцкі ўсе жыццё прысвяціў сваёй царкве, якую перабудаваў, і прыходу. Ён быў першым, хто напісаў, хоць і тэндэнцыйна, гісторыю царквы. Сваёй сумленнай святарскай працай гэты чалавек заслужыў павагу сярод прыхаджан.

Практычна адразу пасля прызначэння святар стаў шукаць грошы для рамонту сваёй царквы, нават звяртаўся да тагачаснага Віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, але сродкаў не атрымаў [167]. Грошы на рамонт, як пісалася вышэй, былі выдзелены ўрадам толькі ў 1871 г.

У Маламажэйкаўскай царкве знаходзіліся два шанаваныя абразы Божай Маці: адзін мясцовы, злева ад царскіх варот; другі, у асобным ківоце, раней знаходзіўся ў філіяльнай Волчынкаўскай царкве [168]. Айцец Леў Савіцкі апісаў гісторыю сваіх пошукаў гэтага абраза. У дакументах філіяльнай Волчынкаўскай царквы ён апісваўся як «абраз Божай Маці ў срэбнай рызе з малюнкам паўкружжа Месяца ў падножжа аблічча Богамаці». Айцец Леў пісаў, што гэты абраз быў выпадкова адкрыты «з прычыны асаблівага Промыслу Божага, які дзейнічаў праз адну вельмі хворую жанчыну з блізкай вёскі, якая адкрыла мне на споведзі пра сваё бачанне, Маламажэйкаўская царква на пачатку ХХ ст. быццам нейкая цудоўная жанчына ва ўбогім адзенні, з'явіўшыся, сказала ёй: "Памаліся абразу Божай Маці, што быў раней у капліцы ў Волчынках, а зараз у цёмным і смуродным месцы знаходзіцца, і тады пазбавішся хваробы". Словы жанчыны прымусілі мяне, не вяртаючыся дахаты, адправіцца да абшарніка з просьбай пра выдачу абраза, які ўзялі з Воўчынкаўскай капліцы, і паказаць пры гэтым тое месца, дзе яго хаваюць». Абшарнік адказваў, што ў яго няма ніякага абраза, і «сам адправіўся ў паказанае мною месца, дзе нічога не было знойдзена. Пацярпеўшы яшчэ некалькі разоў няўдачу ў росшуках абраза, я ... два гады не звяртаўся да абшарніка па гэтай справе, чакаючы больш спрыяльнага выпадку, які неўзабаве хутка прадставіўся» [169]. Па сямейных справах абшарнік павінен быў пераехаць у іншы маёнтак, а свой маёнтак аддаць у арэнду аднаму шляхцічу, у якога фактарам быў яўрэй. З прыватных чутак святар даведаўся, што абраз павінен быць у свіране. Пасля таго ён узяў з сабой двух самых дбайных вернікаў, з якіх адзін быў членам царкоўнай рады, даў ім патрэбныя інструкцыі і адправіў іх у гэты маёнтак прыцаніцца да свірана, які быццам быў прызначаны абшарнікам на продаж. Фактар, не падазраваючы пра хітрасць, адчыніў свіран, дзе і быў знойдзены абраз Божай Маці ў такім выглядзе, як ён апісаны ў дакуменце. «Тады абраз з рызай і епітрахіллю быў узяты са свірана, з належным гонарам у 1868 г. перанесены ў храм і пастаўлены ў прыстойным месцы з левага боку ў куце іканастаса. На гэтым абразу знаходзіцца надпіс: "Iосіф і Кацярына Аўсяны", па выглядзе - абраз вельмі старажытны. Застаецца яшчэ вярнуць чашу з прыборам і звон» [170].

Толькі праз больш за 30 гадоў, падчас святкавання юбілею царквы ў 1907 г., святар назваў імёны дзеючых асоб гэтай гісторыі: абшарнік маёнтка Капцюгі Юліян Паплаўскі; хворая жанчына, якая бачыла сон, - Людвіка Сцяпанаўна Чурган; дбайныя прыхаджане, абодва з вёскі Бешанкі - Іван Міхайлавіч Хлус (член царкоўнага савета) і муж хворай жанчыны Тамаш Аўгусцінавіч Чурган [171].

Старажытная ікона Багамаці Ваўчынкаўскай. Здымак з кнігі Маломожейковская 'Мурованная' церковь. Вильна. 1907.

У канцы XIX ст. пра цудам захаваны старажытны абраз Божай Маці і пра знаходку скарбу срэбных і залатых манет пад адной з вежаў Маламажэйкаўскай царквы пісаў дырэктар Віленскага музея старажытнасцей археолаг Ф. В. Пакроўскі [172].

У 1867 г. Маламажэйкаўскі прыход Нараджэння Прасвятой Багародзіцы налічваў 143 двары і 1089 прыхаджан. У карыстанні царкоўнага прычта знаходзілася 59 дзесяцін зямлі і ў дадатак ад казны ішло жалаванне ў памеры 360 рублёў на год [173].

З 1864 г. у прыходзе існавала царкоўнапрыходская школа, якая месцілася па прыватных хатах. З 1871 г. да 10 лютага 1882 г. яна размяшчалася ў царкоўным доміку, пабудаваным на сродкі айца Льва Савіцкага. Пажар знішчыў гэты дом, пасля чаго прыхаджане пабудавалі на царкоўныя сродкі новы. Перад Першай сусветнай вайной пры прыходзе дзейнічалі ўжо тры царкоўнапрыходскія школы: у вёсках Малым Мажэйкаве, Шпільках і Агародніках. У гэтых школах вучылася 150 дзетак. Увесь прыход у гэты час налічваў 1505 прыхаджан. У карыстанні прычта было 186 дзесяцін зямлі, і на яго ўтрыманне яшчэ выдзялялася жалаванне ў памеры 517 рублёў 60 капеек штогод [174].

Святар Леў Савіцкі меў вельмі цікавае захапленне, якое, дарэчы, давала і добры дадатак да яго даходаў. «Литовские Епархиальные Ведомомости» ў 1902 г. пісалі, што з 20 мая па 20 чэрвеня 1902 г. па пастанове Літоўскага Епархіяльнага Вучылішчнага Савета ў Маламажэйкаве праводзіліся курсы пчалярства. Курсы на сваім пчальніку (які складаецца з 47 вулляў) праводзіў святар мясцовай царквы Леў Савіцкі. На курсы было выклікана 15 настаўнікаў царкоўнапрыходскіх школ Літоўскай епархіі. Настаўнікі «абедалі ў доме святара, а чай пілі ў доме псаломшчыка. Савіцкаму на курсы было выдадзена 339 рублёў 95 кап. 16 чэрвеня курсісты хадзілі ў ім. Вялікае Мажэйкава, дзе разам з кіраўніком курсаў аглядалі знакаміты парк і сад памешчыка Грабоўскага і яго пчальнік. Пану Грабоўскаму і ўсім сялянам Маламажэйкаўскага і суседніх прыходаў а. Савіцкім паказаны рацыянальныя спосабы пчалярства. У цяперашні час звяртаюцца да яго за парадай, дасылаюць лісты памешчыкі і святары з іншых паветаў і губерняў» [175].

Здымак зроблены  каля царквы 13 мая 1907 г. (Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. №8-1907. С. 168.) На здымку ў цэнты групы – Архіепіскап Нікандр. Па правы бок ад яго: Віленскі губернатар Д.Н. Любімаў, настаяцель Маламажэйкаўскай царквы а. Л.І. Савіцкі, А.В. Бялецкі, Шчучынкі дабрачынны Станкевіч. Па левы бок ад Архіепіскапа: Стефаніда Міхайлаўна Савіцкая - жонка айца настаяцеля, Лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства Л.В. Грабоўскі, Феафана Восіпаўна Савіцкая, жонка святара, Н.Н. Рыдман. Ніжні рад: В.Т. Лізін, Д.І. Даўгяла, А.І. Мілавідаў, два вучні Лідскай гарадской вучэльні,  Р.А. Дружылоўская, Е.А. Дружылоўская. Верхні рад, стаяць: святар М.Л. Савіцкі, дыякан Жамайда, святар Мікалай Плаўскі, святар С. Марозаў, святар А. Чабоўскі, Ф.Н. Дабранскі, Клейн, І.П. Кукушкін, Іваноў, М.М. Скосыраў, протаярэй М. Галянкевіч, Мельнікаў, святар М.М. Пашкевіч, спраўнік Васілеўскі, станавы прыстаў Васілішын, святар Панкратаў, І.Р. дэ-Віт, протаіерэй І.М. Рыбцэвіч, Е.М. Крылоў, дыякан Крукоўскі, прыстаў Грудзінскі, святар Ц. Юзвюк, протадыякан Нядзельскі, вучань Лідскай гарадской вучэльні.

У 1906 г. на сродкі Віленскага Свята-Духавага брацтва адбыўся чарговы рамонт царквы [176]. А 13 мая 1907 г. святкавалася яе ўмоўнае 500-годдзе.

Царкоўная ўрачыстасць пачалася з прыбыццём у Маламажэйкаўскую царкву 12 мая архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Нікандра. Стараннямі мясцовых жыхароў, мясцовага земскага начальніка і памешчыка М. М. Скосырава па дарозе ад станцыі Скрыбаўцы да царквы былі пастаўлены высокія аркі, прыбраныя зелянінай і сцягамі імперыі, гэтак жа былі ўпрыгожаны і масты па шляху руху ўладыкі. У 9 гадзін раніцы архіепіскап з суправаджаючымі яго асобамі прыбыў у дом Маламажэйкаўскага святара айца Льва Савіцкага, а ў 9.30 раніцы была пачата памінальная літургія. На літургіі і паніхідзе паміналі памерлых заснавальнікаў, дабрачынцаў і настаяцеляў Маламажэйкаўскай царквы.

З раніцы ў Малым Мажэйкаве пачалі збірацца госці. Цягніком з Вільні прыбыў Віленскі губернатар Д. Н. Любімаў, віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства І. Р. дэ-Віт, прадстаўнікі лідскай павятовай адміністрацыі, віленскага Св.-Духавага брацтва А. В. Бялецкі, Д. І. Даўгяла і А. І. Мілавідаў, прадстаўнікі «Русского окраинного союза» Ф. Н. Дабранскі, Е. М. Крылоў і І. С. Саўчанка, ад «Саюза рускага народа» В. Т. Лізін, ад «Русского собрания» П. П. Шкот і ад таварыства «Крестьянин» С. А. Кавалюк. Дарэчы, большасць з іх - добра вядомыя «истинно-руские люди» ў нашым краі.

Каля 9.00 пачалі збірацца таксама сяляне з ваколіц, хроснымі хадамі прыйшлі вернікі з Дзікушак, Радзівонішкаў, Лебяды і нават Васілішак. У 12 гадзін дня архіепіскап Нікандр адбыў у Баброўскую царкву, дзе свой зварот да прыхаджан пачаў з дакору, што «некаторыя з вас «совратились» у каталіцтва». Да «совращения» ў каталіцтва ў гэты час мы яшчэ вернемся трохі ніжэй. Потым архіепіскап вярнуўся ў Маламажэйкаўскую царкву, і тут з 18.00 пачалося ўсяночнае чуванне. Да гэтага часу хросным ходам прыйшлі вернікі з Орлі.

Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел сыны і зяці айца Льва: а. Міхаіл Львовіч, святар з Вялікіх Жухавіч Навагрудскага павета, а. Іосіф Львовіч, святар Молчадскай царквы Гродзенскай губерні, а. Мікалай Фалевіч, святар Таўрогенскай царквы Ковенскай губерні, а. Мікалай Марозаў, святар Дукштанскай царквы Ковенскай губерні, а. Арыстарх Білеў, святар Кабыльнікаўскай царквы Свянцянскага павета.

Пасля поўначы архіепіскап з асобамі, якія суправаждалі яго, па чыгунцы паехаў у Ліду.

Падчас святкавання а. Леў Савіцкі расказаў, што ў яго прыходзе было толькі 15 пераходаў у каталіцтва (з 1400 вернікаў), што, па яго словах, «малая колькасць» [177]. Справа ў тым, што пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. і так званага Кастрычніцкага маніфеста, г.зн. практычна канстытуцыі Расейскай імперыі, была дазволена, сярод іншага, і свабода сумлення. Цар падпісаў знакаміты ўказ аб рэлігійнай талерантнасці. Паводле яго, праваслаўе заставалася пануючай рэлігіяй у Імперыі, але цяпер можна было законна перайсці ў іншае веравызнанне - да гэтага ўказу адыход ад праваслаўя лічыўся крымінальным злачынствам. Кастрычніцкі маніфест абярнуўся зменай канфесійнай сітуацыі ў заходніх губернях Імперыі. Па ўсёй Беларусі ў 1905-1909 гг. у каталіцтва перайшло 232 705 вернікаў [178]. Гэта, галоўным чынам, былыя ўніяты і іх нашчадкі, якія скарысталі момант і, паколькі уніі ўжо не было, перайшлі ў рыма-каталіцтва. Верагодна, «рэкорд» паставілі жыхары мястэчка Сапоцкін і навакольных вёсак (на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў Царства Польскае і дзе унія была скасавана толькі на пачатку 1875 г.), якія ў поўным складзе перайшлі ў каталіцтва.

Шмат пацярпела Маламажэйкаўская царква падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 г., калі фронт пачаў набліжацца да Лідчыны, у царкве зрабілі шпіталь для раненых расейскай арміі. Перад прыходам немцаў каштоўнасці храма (іконы, кнігі) былі эвакуіраваны ў Маскоўскую епархіяльную кантору і, зразумела, назад ужо не вярнуліся. Падчас нямецкай акупацыі тут знаходзіўся лагер для ваеннапалонных. Алтарную частку ператварылі ў месца захоўвання правіянту, таму гэта было «салодкае» месца для пацукоў, якія пагрызлі падлогу і сапсавалі сцены. Ваеннапалонныя разбурылі агароджу, браму, спалілі пабудовы пры храме і «нават святататствавалі» [179].

Маламажэйкаўская царква ў 1920-х гг.

Разам з расійскімі войскамі айцец Леў Савіцкі пакінуў родныя мясціны, а вярнуўся назад толькі ў 1920 г. Пасля вяртання застаў царкву ў жахлівым становішчы і адразу пачаў клапаціцца пра яе аднаўленне.

Польскія ўлады ў той час распачалі працэс рэвіндыкацыі - вяртання раней забраных каталіцкіх храмаў. Але разам з былымі касцёламі час ад часу рабіліся спробы адабрання цэркваў, якія з'яўляліся раней уніяцкімі і ніколі не былі рыма-каталіцкімі. На жаль, патрапіла ў гэты лік і Маламажэйкаўская царква, хоць вакол яе ў той час пераважала праваслаўнае насельніцтва.

Вярнуўшыся на радзіму, айцец Леў Савіцкі быў ужо адным са старэйшых святароў Віленскай епархіі. Анкетны ліст прычта царквы, складзены ў той час, дазваляе ўявіць стан прыхода на пачатку 1920-х гг.: прычт меў 63 дзесяціны зямлі, прыход складаўся з паўтары тысячы вернікаў, у яго склад, акрамя сваіх, уваходзілі сяляне зачыненага Васілішскага прыхода. Святар жыў у доме каля храма; дом знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане [180].

Часопіс «Праваслаўны беларус» пісаў, што Маламажэйкаўская царква вельмі спадабалася чыгуначным служачым-каталікам з суседняй станцыі Скрыбаўцы, якія хадайнічалі перад сваім біскупам аб перадачы ім царквы Леў Савіцкі, 1914 г. [181]. Пэўна, яшчэ адной нагодай стала «нядобранадзейнасць» протаіерэя Льва Савіцкага - старога, яшчэ з XIX ст. «байца» з рыма-каталіцтвам. Лідскі стараста адмовіў яму ў выдачы польскага грамадзянства з-за «палітычнай нядобранадзейнасці», а без грамадзянства святар не мог выконваць свае абавязкі і павінен быў праз нейкі тэрмін пакінуць межы Польскай дзяржавы.

Верагодна, усё гэта і прадвызначыла далейшы лёс прыхода: у 1924 г. у прычта была адабрана і аддадзена ў арэнду зямля, а 10 кастрычніка таго ж года па распараджэнні Міністэрства асветы і рэлігійных вызнанняў і пры паразуменні з вышэйшымі ўладамі Польскай праваслаўнай царквы праваслаўны прыход у Малым Мажэйкаве быў скасаваны. Духавенства і вернікі былога прыходу пісалі заявы ў розныя адміністрацыйныя інстанцыі, звярталіся да варшаўскага мітрапаліта, ураду і дэпутатаў польскага сойму з просьбай пра абарону. 4 красавіка 1925 г. у доме святара паліцыя зрабіла ператрус. А праз некалькі месяцаў намеснік навагрудскага ваяводы даслаў віленскаму епіскапу Фядосію ліст, у якім патрабаваў перавесці Л. Савіцкага ў іншае месца, бо ён «не хоча выконваць распараджэнне польскіх улад і праводзіць агітацыю, шкодную для дзяржавы» [182]. Віленскі епіскап Фядосій у сваім адказе, спрабуючы абараніць святара, пісаў, што Л. Савіцкі ўжо глыбокі стары і за сваё амаль шасцідзесяцігадовае знаходжанне на адным месцы зрадніўся з насельніцтвам прыхода, таму перавод яго ў іншае месца можа стаць фатальным. Неўзабаве 85-гадовы стары злёг у ложак і 3 лютага 1926 г. памёр [183]. Аўтар газеты «Беларускае слова», які хаваўся пад псеўданімам «Праваслаўны беларус», пісаў у карэспандэнцыі «Смерць пастыра»: « Ужо некалькі месяцаў хварэў наш дарагі духоўны пастыр - айцец Леў Савіцкі. У сераду, 3-га лютага, яго не стала. Весткі аб яго смерці хутка разышліся па ваколіцы і ўсюды выклікалі вялікі смутак і жаль. Леў Савіцкі прабыў у нас у Мураванцы 63 года. ... але апошнім часам нашаму дарагому пастыру прышлося перанесці адну бяду за другой. Яго прыход пастанавілі скасаваць.

Айцец Савіцкі, нягледзячы на свае 90 гадоў, пачаў энергічна працаваць, каб як-небудзь уратаваць царкву. Ён пісаў заявы да вышэйшых уладаў, потым ездзілі нават і прадстаўнікі нашага прыходу. Але ўсе гэта дарэмна. Праз нейкі час ад нашага прыходу адабралі ўсю царкоўную зямлю. Гэта было цяжкім ударам для ўсіх нас, а таксама і для нашага пастыра. Клопаты зусім падарвалі яго і без таго ўжо слабыя сілы і ён хворы паклаўся ў ложак, каб больш не ўстаць.

Здавалася, што памерлы айцец ўжо нікому не перашкаджае. Аднак жа выйшла інакш. Быў атрыманы ад мясцовага старасты загад, якім забаранялася хаваць нябожчыка каля царквы, прычына..., што царква стаіць у населеным месцы. А два месяцы назад, у м. Беніцы Ашмянскага пав., пахавалі свяшчэнніка каля царквы, хаця апошняя і стаіць пасярод мястэчка. ... Дык прыйшлося нясці нашага пастыра за 2 вярсты на могілкі, дзе ў старой капліцы ён і знайшоў свой апошні прытулак» [184].

Пэўна, айцец Леў быў адзіным праваслаўным святаром на Лідчыне, якога ціснула новая ўлада. Бо ўсе астатнія святары ў 1926 г. ужо наўпрост атрымлівалі грошы ад польскага ўрада [185].

З кнігі Л. Маракова «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967» вядома, што сын Льва Савіцкага, Міхал Львовіч, які нарадзіўся ў 1869 г. у вёсцы Мураванка Лідскага павета Віленскай губерні, згодна з дадзенымі архіва НКУС, - «беларус, з духоўнага саслоўя, сярэдняя адукацыя, святар царквы ў м. Старобін». Ён быў арыштаваны 6 жніўня 1937 г. і асуджаны 10 верасня «тройкай» за антысавецкую агітацыю паводле артыкула 72 Крымінальнага кодэкса БССР («Прапаганда і агітацыя супраць савецкай улады») да вышэйшай меры. Міхал Львовіч быў расстраляны ў Слуцкай турме 17 верасня 1937 г.

Пра гэтага сына Льва Савіцкага вядома наступнае. Міхал Львовіч скончыў Літоўскую духоўную семінарыю і быў рукапаложаны ў іерэі ў 1894 г.. З 1898 г. служыў настаяцелем Раства-Багародзіцкай царквы вёскі Паўбераг Навагрудскага павета, з 1906 г. - у Петра-Паўлаўскай царкве вёскі Вялікія Жухавічы Навагрудскага павета, з лютага 1915 г. - настаяцелем Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Старобін Слуцкага павета [186].

8 верасня 1937 г. у Разані быў арыштаваны ўнук Льва Савіцкага - настаўнік Разанскай спецыяльнай школы № 15 Савіцкі Вадзім Міхайлавіч (нарадзіўся ў 1903 г. у вёсцы Паўбераг). 19 кастрычніка камісія НКВД і пракуратура СССР асудзілі яго за «сістэматычную антысавецкую агітацыю і контррэвалюцыйную прапаганду сярод насельніцтва» да вышэйшай меры пакарання. Праз два дні ён быў расстраляны ў Маскве на палігоне НКВД «Аб'ект Бутава» [187].

Так атрымалася, што ідэалагічная вайна, якую вяла царская імперыя, верным жаўнерам якой быў айцец Леў Савіцкі, пасля 1920 г. не скончылася і сапсавала яму старасць. А «чырвоная імперыя» забіла яго сына і ўнука.

Можа і не трэба было б вяртацца да аналізу міфаў пра царкву, якія стварыў Леў Савіцкі (першым з якіх з'яўляецца міф пра будаўніцтва царквы ў XV ст.), але гэтыя міфы ўсё часцей зноў транслююцца праз розныя газеты, турыстычныя сайты і, як кожная няпраўда, скажаюць рэчаіснасць і робяць няпэўнай будучыню.

Падобна, што а. Леў акрамя артыкула пра сваю царкву больш нічога не напісаў. Але ён апошнім трымаў у руках старыя царкоўныя дакументы, і таму напісаная ім гісторыя Маламажэйкаўскай царквы мае вялікую каштоўнасць і ставіць Льва Савіцкага ў адзін шэраг са знанымі даследчыкамі нашай гісторыі XIX ст., уводзіць у шэраг лепшых краязнаўцаў Лідчыны. Святар Маламажэйкаўскай царквы данёс да нас галоўны масіў інфармацыі пра гэты храм, надзвычай важны ў гісторыі Лідчыны і ўсёй Беларусі. Усе сур'ёзныя даследчыкі пасля яго абавязкова давалі спасылкі на артыкул Льва Савіцкага, але, на жаль, не ўсе ўважліва яго чыталі.

У рамане-ідыліі расейскага пісьменніка Аляксандра Чудакова (1938-2005) [188] «Кладзецца імгла на старыя прыступкі» [189] распавядаецца пра лёс групы «ссыльнапасяленцаў» на мяжы Сібіры і Паўночнага Казахстана. У кнізе некалькі разоў вельмі сентыментальна ўспамінаецца родная для галоўных дзейных асобаў вёска Мураванка, якая знаходзіцца недзе ў гістарычнай Літве, і прадзед-святар а. Леў. Прадзед ў рамане з'яўляецца ўзорам чалавека: ён моцны ( «Ты б бачыў свайго прадзеда, айца Льва! Волат!»), разумны і справядлівы, а вёска Мураванка падаецца лепшым месцам на зямлі.

У рамане Аляксандра Чудакова збольшага дакладна апісваецца вялікая сям'я айца Льва: два сыны-святары - а. Іосіф і а. Міхаіл, расстраляныя бальшавікамі, і трэці сын, які не стаў святаром і з'яўляецца дзедам галоўнага героя, ад асобы якога вядзецца апавяданне ў рамане. Гэты галоўны герой - сам пісьменнік - пераказвае гісторыю сваёй сям'і [190], дзе ўсё пераплецена і выдумка не адрозніваецца ад успамінаў, але тым не менш зразумела, што ён сам з'яўляецца нашчадкам (праўнукам) святара а. Льва Савіцкага. За раман «Кладзецца імгла на старыя прыступкі» ў 2011 г. Аляксандр Чудакоў пасмяротна атрымаў прэмію «Рускі Букер дзесяцігоддзя» [191].


Але вернемся да гісторыі Маламажэйкаўскай царквы.

Павятовы стараста загадаў царкву зачыніць і ключы ад яе перадаць мясцоваму благачыннаму. Але апярэдзіў камендант паліцыі, які 25 лютага 1926 г. прыехаў у Малое Мажэйкава і адабраў у псаломшчыка ключы ад храма. Благачынны, не атрымаўшы ключы, у прысутнасці двух святароў і панятых апячатаў царкву [192].

Аднак вернікі працягвалі змагацца за свой храм. Яны маліліся ў невялікай капліцы на могілках, якая не магла змясціць усіх прыхаджан. Вось што пісаў з гэтай нагоды ў часопісе «Праваслаўная Беларусь» аўтар пад псеўданімам «Мураванскі прыхаджанін» у артыкуле пад назвай «Маламажэйкаўская «мураванская» царква»: Маламажэйкаўская царква як Скрыбаўскі касцёл, 1930-я гг. «Вось ужо два гады, як нашая Маламажэйкаўская царква ... зачынена. У лютым прошлага года памёр наш свяшчэннік а. Леў Савіцкі. ... З зачыненнем царквы палажэнне у нашым прыходзе, маючым больш за 2000 душ, стала надта цяжкім. ... шмат прыхаджан не маюць магчымасці бываць у царквах суседніх прыходаў, якія знаходзяцца ад нас на досыць значных адлегласцях. Аб адчыненні царквы парафіяне хлапаталі, дзе толькі можна. Ездзілі ў гэтай справе не толькі да п. старасты і п. ваяводы, але і ў Вільню да Архіепіскапа і ў Варшаву да Мітрапаліта і нават у Міністэрства. Усюды абяцалі разгледзець справу, але ... нажаль ніякіх рэзультатаў не атрымалі. У астатні час нашым дэлегатам у старостве абвешчана, што ўся справа скіравана ў міністэрства; у міністэрстве ж кажуць: "будзьце спакойны, справа адаслана да мітрапаліта, ад каторага ўсе залежыць", а мітраполія адпраўляе ізноў у міністэрства, кажучы, што ўся справа залежыць ад гэтага апошняга. З'явілася нейкае зачараванае кола. ...» [193]. Гэты ж аўтар пісаў, што летам 1927 г. у іх вёску з прапановай пераходу ва унію прыязджаў уніяцкі святар Васіль Гапановіч, ён хацеў узяць на сябе справу аднаўлення царквы перад уладамі. Цікава, што «Мураванскі прыхаджанін» у якасці доказу старажытнасці сваёй праваслаўнай царквы спасылаецца на васьміканцовыя крыжы на вежах, якія, як нам вядома, былі зроблены на надбудаваных вежах толькі падчас рэканструкцыі ў 1872 г. [194]

У 1927 г. царкоўныя ўлады прызначылі ў Малое Мажэйкава новага святара - выпускніка Віленскай духоўнай семінарыі Яна Жарскага. Звесткі наконт службы гэтага пастыра ў Маламажэйкаўскай царкве прыводзіць іерэй Фама Шаплыка ў сваёй кнізе «Радашковічы праваслаўныя»: «На царкве былі ўсталяваны каталіцкія і праваслаўныя крыжы. А. Ян хацеў прыбраць каталіцкія крыжы, але католікі данеслі на яго ўладам, і ён ледзь не трапіў у турму. Пазбегнуўшы арышту, ён быў накіраваны ў м. Рудамін, што за 15 км ад г. Вільня» [195]. Гісторык Аляксандр Горны дапускае, што ўжо ў 1926-1927 гг. рабіліся захады па змяненні знешняга выгляду храма з разлікам, што ён раней ці пазней будзе належаць католікам. Каталіцкія крыжы, якія збіраўся прыбраць святар Я. Жарскі, верагодна, былі сталяваны на прытворы царквы [196].

Трэба адзначыць, што аналіз фотаздымкаў царквы, зробленых на пачатку XX ст. і ў канцы 1980-х гг., паказвае, што, верагодна, у канцы 1920-х гг. на царкоўных вежах праваслаўныя крыжы, усталяваныя а. Львом Савіцкім, былі зменены на так званыя латарынгскія крыжы (крыж з дзвюма папярочкамі), якія ў нас называюць «крыжамі Ефрасінні Полацкай» ці таксама - уніяцкімі.

9 лістапада 1928 г. адбылося пераасвячэнне храма [197].

У гэты ж дзень Лідскі стараста прывёз мясцовага благачыннага протаіерэя Уладзіміра Жданава і загадаў зрабіць улік царкоўнай маёмасці, пасля чаго абразы былі вывезены з царквы, іканастас дэмантаваны, а царква перададзена рыма-каталіцкай грамадзе [198]. За ўдзел у перадачы царквы Лідскі благачынны У. Жданаў быў пазбаўлены епархіяльнымі ўладамі сваёй пасады [199]. Лідскі стараста Багатоўскі праз газету «Беларуская зарніца» адказаў на абвінавачванні ў захопе царквы. (Гл. Дадатак 7)

Віленская газета «Слова» пісала: «Зварот старажытнай святыні. ... курыя атрымала інфармацыю ад кс. каноніка Гіпаліта Баярунца, лідскага дэкана, што каталіцкаму касцёлу вярнулі святыню ў Скрыбаўцах, ці па іншаму ў Мураванцы. Святыня гэта з'яўляецца адным з цікавейшых помнікаў касцельнай архітэктуры, пабудавана ў XVI ст. Юндзіламі ... і ў XVIІІ ст. адрэстаўраваная Кастравіцкімі, пасля падзелаў перароблена ў праваслаўную царкву. Гэты касцёл стаіць у каталіцкай ваколіцы, а праваслаўныя маюць царкву блізка, у Лебядзе і таму перадача католікам у маральным сэнсе бездакорна» [200]. У гэтым артыкуле ўсё няпраўда - царква ніколі не была рыма-каталіцкім касцёлам і стаяла сярод праваслаўнага насельніцтва.

Храм стаў касцёлам Іісуса Хрыста. Новая каталіцкая парафія замест Маламажэйкаўскай пачала называцца Скрыбаўскай, бо менавіта там пражывала асноўная маса католікаў. Захаваліся імёны каталіцкіх ксяндзоў, якія да вайны служылі тут: Павел Чаплоўскі, Мікалай Вагнер, Уладзіслаў Мончка [201].

Уладальнік маёнтка Скабейкі і, верагодна, прыхаджанін новага касцёла Анджэй Раствароўскі пісаў: «...старая абарончага тыпу царква ў Скрыбаўцах была пераведзена ў каталіцкі касцёл, утворана новая парафія і паселены каталіцкі пробашч. ...касцёл у Скрыбаўцах ад пачатку цешыўся добрым наведваннем як католікаў, так і праваслаўных, а праз год праз шлюбы шмат асоб перайшло ў каталіцызм. На жаль, першы пробашч, кс. Вагнер не быў падобны на Жаброўскага (праваслаўнага святара царквы ў Дзікушках, чалавека разумнага і станоўчага - Л. Л.). Быў ярым эндэкам [202] і на сваім месцы пачаў змагацца з ветракамі, без сэнсу падаючы ўсе ўрадавыя ініцыятывы як ініцыятывы Маршала Пілсудскага. У ваколіцы, усеянай асаднікамі, з досыць моцна развітай камуністычнай прапагандай - гэта не мела рацыі» [203].

Сярод папераў прафесара архітэктуры Ю. Клоса ў Дзяржаўным архіве Літвы захоўваецца перапіска прафесара с ксяндзом Чаплоўскім і абшарніцай Мэер у 1929- 30 гг. аб перабудове Маламажэйкаўскай царквы пад касцёл [204]. Дарэчы, пра гэту сваю суседку, актывістку новай каталіцкай парафіі абшарніцу з маёнтка Воўчышкі, Анджэй Раствароўскі пісаў: «... пані Яніна Мэер з Паплаўскіх - вельмі сучасная, арыгінальная і больш радыкальная за моладзь асоба. Яна раздала частку сваёй спадчыннай маёмасці суседскім сялянам, што ў выніку прынесла ёй мянушку «сумашедшая» (вар'ятка) [205]. Яе муж інжынер Аляксандр Мейер шмат гадоў быў дарожным інжынерам у лідскім старостве ...» [206].

З таго часу, калі Маламажэйкаўская царква была Скрыбаўскім касцёлам, каля яе захавалася магіла ўладальніка маёнтка Лебяда Юзафа Міхневіча (†1930).

11. Другая палова ХХ стагоддзя: ад склада да адноўленай святыні

Скрыбаўскі (Маламажэйкаўскі) касцёл быў афіцыйна зачынены савецкай уладай у 1946 г. Ужо з 1947 г. праваслаўныя вернікі з Малога Мажэйкава пачалі хадайніцтва Маламажэйкаўская царква пры канцы 1980-х гг. з Латарынгскімі крыжамі. перад епіскапам Гродзенскім і Лідскім Варсафоніем і ўпаўнаважаным па справах рэлігіі па Гродзенскай вобласці Макаранкам аб адкрыцці сваёй царквы. Але яна стаяла Гатычныя зводы царквы, 2013 г. закінутая аж да 1987 г., больш за чатыры дзесяцігоддзі царква лічылася складам. Мясцовыя жыхары памятаюць, як храм аказаўся ў запусценні і быў месцам для гульняў дзяцей. Помню яго такім і я.

З 1987 па 1993 гг. тут служыў святар Анатоль Нербаў, ён жа пачаў праводзіць першасныя рамонтныя работы. З 1993 г. настаяцелем Маламажэйкаўскай царквы стаў святар Віктар Свянціцкі. А. Віктар нарадзіўся ў 1968 г. у мястэчку Орля Шчучынскага раёна ў сялянскай сям'і, у 1990 г. паступіў у Мінскую духоўную семінарыю і на трэцім годзе навучання быў рукапаложаны ў дыяканы епіскапам Наваградскім і Лідскім Канстанцінам. 8 жніўня 1993 г. гэты ж епіскап рукапалажыў яго ў святары. 21 верасня 1993 г. загадам архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Валянціна а. Віктар быў прызначаны на пасаду настаяцеля Маламажэйкаўскай царквы (царква в. Мураванка, Шчучынскага раёна). А. Віктар Свянціцкі неаднаразова праводзіў рамонтныя работы: скляпенні і сцены знутры пабеленыя, новыя роспісы не рабіліся. Іканастас зроблены ў два ярусы, у першым - дзевяць абразоў, у другім - тры. Прастол адзін, асвечаны ў імя Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Антымінс быў асвечаны мітрапалітам Філарэтам у 1989 г.

Маламажэйкаўскі прыход мае 7 вёсак. На Вялікдзень, Каляды і прастольнае свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы адбываюцца хросныя хады. У 1999 г. царкоўны прычт складаўся са святара Віктара Свянціцкага і псаломшчыкарэгента, дзейнічала нядзельная школа, у якой святар і яго матушка навучалі 15 дзетак [207].


12. Дадаткі

Дадатак 1. Фундуш (наданне) Шымкі Мацкавіча на царкву ў Мажэйкаве. 1542 г. [208]

Дакумент 1542 г.: Во имя Божие станьсе. Я Шимко Мацкевич ознаймую всему поспольству теперешнему и на потом будущему, кому бы то ведати належало, ижъ надаю на церковь Божую Мурованую, въ повете Лидскомъ лежачую Можейковскую, съ имения моего Можейкова Великаго збожа моего дворного отъ жита, ячменя и пшеницы десятую копу записываю, тожъ съ будынками, съ полемъ и сеножатью, которое поле на пять бочекъ, и тоже поле Нечиковщина, котораго поля на три бочки; который кольвекъ въ той церкви священникъ будетъ, повиненъ за мое здоровье и за моихъ прирожоныхъ въ четвергъ молебенъ Св. Николаю пети, ни въ чемъ ни выступаючи съ того моего постановленья, а священникъ, который коли кольвекъ будетъ у тое церкви, маетъ мети съ тое десятины ко службе на тые дни ладанъ и просфоры. А по смерти моей, жена моя и дети мои, если ихъ мети буду, такъ тежъ и ближніе мои и хтожъ кольвекъ въ предыдущій векъ тое именіе мое Можейковъ великій держати будетъ, съ того постановенья моего ни въ чемъ не выступаючи, маютъ вечне тую десятину на тое церкви давать, такъ тожъ и жена моя и дети мои маютъ дати человека на службу Андрейа Василькевича съ детьми его на тую церковь вышереченную. А хто бы порушилъ той мой записъ, што я записалъ ко пречистой Божіей Матери, той со мною разсудится на суде предъ Богомъ. Писанъ въ Можейкове, лета отъ воплощенія сына Божія 1542 года.


Дадатак 2. Фундуш (на землі і сялян), нададзены Мажэйкаўскай царкве (і святару). 1529 г. [209]

Дакумент 1529 г.: Наперодъ церковь Божая вымурованая, подъ именем Рождества Пресв. Богородицы, стоит на грунте названном Богдановскимъ, где и седиба свяшенника. При той церкви съ давных часовъ огородниковъ мешкаетъ седмь, у которых домовъ вольно свяшенникови Можейковскому давати на шинкъ, пиво, медъ и вино, за которыми то домами, до кола седибы священника грунтъ однимъ бокомъ граничитъ съ грунтомъ фольварку Скрыбовскаго «Дырдовщизна» названного, а др. боком одъ нивы переходитъ через дорогу, также грунту фольваркового клином, который идет по дорозе идучей съ Скрыбовщизны до Оленковцевъ, третьимъ бокомъ одъ Дудовщины недалеко фольварку Скрыбовского. Другая нива до той церкви належачая «Колита» называемая; третья нива, называемая Дедовщина, съ сеножатью мурожною до той церкви належачая; четвертая нива, прозываемая Рожство, до которой сеножать належитъ, Дворцы званная, отъ дороги идучей до Вильны ажъ до самой церкви; пятая нива Грабовешкъ (и теперь принадлежит церкви); шестая нива, въ которой полъ волоки старой меры, называемая Новиковская; седьмая нива за селомъ Скрыбовцами, Лихиповщина званая (тоже принадлежит теперь церкви); восьмая - за селомъ Скрыбовцами Иванковская; девятая - Флоры называемая, за селом Русановцами; десятая - Бартошиха званая, съ сеножатью на 80 возовъ мурожного сена; нива знову сеножать Понтусовщина прозываемая на 30 возов; нива въ селе Русановцахъ, уволока земли съ сеножатью старой меры, съ давнихъ часовъ до церкви Божой належачая, на которой уволоцы двухъ подданыхъ мешкаетъ; один Адам Думайко съ женою и детьми; другой Иван Заяц также съ женою и детьми, которыхъ приналежитость есть священникова на письме данная. А тая волока въ своихъ границахъ, межахъ съ вековъ ненарушимая, которое ограничене, верно списавши, подписываю. Деялося въ Малымъ Можейкове року 1529 Мая 26 дня. Кроме сего фундуша, церковь наделена была еще десятиною и землею на 8 бочек посева (Апошні сказ, відавочна, даданы Савіцкім - Л. Л.).


Дадатак 3. Акт візітацыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1732 г. [210]

Акт візітацыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1732 г. Акт візітацыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1732 г. Акт візітацыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1732 г.




































Дадатак 4. Акт генеральнай візітацыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1792 г. (Пераклад Дзяніса Лісейчыкава) [211]

Wizyta cerkwi parochialney Możeykowskiey przez dełegacyą za instrumętem j(aśnie)w(ielebnego) Teodozyusza Rostockiego, metropolity Całey Russi, Orderow Orła Białego y S(więte)go Stanisława Kawalera, przez w(ielebnego) j(ego miłość) x(iędz)a Adryana Topor Butrymowicza, z(akonu) S(więtego) B(azylego) W(ielkiego), nominata suffragana Połockiego, generalnego wizytatora, roku 1792 m(iesi)ęca januar(ii) 26 dnia p(owedług) d(awnego) k(alendarza) czyniona.

Вёска Мажэйкава

Царква пад тытулам Нараджэння Панны Марыі, даўнейшай фундацыі яснавяльможных паноў Мацкевічаў Шкленскіх, зараз у каляцыі вяльможных паноў Казіміра і Бенедыкты [212] з Зяньковічаў Кастравіцкіх, старастаў цыборскіх, шамбялянаў Яго Каралеўскай Міласці, знаходзіцца ў Лідскім павеце і дэканаце. Мураваная, старасвецкая, з чатырма вежамі і пасярэдзіне з упаўшым купалам. Накрытая дахоўкай, ужо паруйнаваная. Цвінтар неагароджаны, на якім знаходзіцца званіца на 4-х слупах з накрытым гонтам дашкам, дзе знаходзіцца адзін звон вагой у 2,5 камяні, другі вагой у 29 фунтаў. Пры ўваходзе ў царкву жалезныя дзверы з прабоямі і ланцуговай клямкай і навясным замком. Таксама да вежаў з абодвух бакоў драўляныя дзверы на жалезных завесах з прабоямі і зашчэпкамі. Чацвёртыя дзверы, што вядуць на хары, на жалезных завесах з прабоямі і зашчэпкамі. У сярэдзіне мураваныя скляпенні, на калонах з цэглы пасярэдзіне, паруйнаваныя, пасярэдзіне царквы склеп. Вокнаў 10 сапсаваных і пабітых з жалезнымі кратамі. Амвон пафарбаваны стары, лаўкі 3, канфесіянал сталярнай работы, брамкі для ўладкавання Гроба Гасподняга фарбаваныя.

Вялікі Алтар з абразам Найсвяцейшай Панны, на якім 2 срэбныя кароны, шнуркоў бісеру 4. Фіранка з выбайкі на белай падкладцы. Прастол мураваны, на якім дараносіца на два ўзроўні разбярскай работы пафарбаваная ў чорны колер. У верхнім знаходзіцца манстрацыя, у ніжнім даразахавальніца срэбная з навершам і крыжыкам, у добрым стане, дзе захоўваюцца Святыя Дары. Другая малая з навершам і крыжыкам усярэдзіне пазалочаная, у якой змяшчаюцца рымскія Святыя Дары. Вялікае ўкрыжаванне з асновай і корпусам алавяным, добрае. Падсвечнікаў алтарных алавяных 2 пары. Алавяных настольных 1 пара. Латунных сталовых 1 пара. Драўляных 1 пара. Рэліквіярыі 2 добрыя за шклом. Заслона алтара фланелевая белая, рушнікі 2. Абрус, пакрывала гарусавыя. Падушка пад Службоўнік з дывановай тканіны. За алтаром 2 сталы, накрытыя рушнікамі, на адным апранаецца святар, на другім складзеная святарская вопратка.

Бакавы алтар сталярнай работы, пафарбаваны ў чорны колер, стары з абразам Нараджэння Панны Марыі, на якім 2 срэбныя кароны, пара гарусавых фіранак. На прастоле вялікае і маленькае драўляныя ўкрыжаванні. Падсвечнікаў драўляных 2 пары. Рушнікі 3. Абрус, заслона алтара чырвоныя, у паскі, пакрывала гарусавае, падушка пад Службоўнік.

Алтар другі бакавы сталярнай работы, пафарбаваны ў чорны колер, стары з абразам Святога Юрыя, на якім срэбная карона. Фіранка пафарбаваная палатняная. На прастоле вялікае і малое ўкрыжаванні. Драўляных падсвечнікаў 2 пары. Рушнікоў 2. Абрус і пакрывала гарусавыя. Алтарныя заслоны гарусавыя зялёныя старыя 2, камлотавы 1. Іншыя алтарыкі з абразамі не апісваюцца, паколькі зусім не прыдатныя для выкарыстання і таму вартыя знішчэння.

Царкоўнае начынне. Манстрацыя добрая срэбная з падвойнымі пазалочанымі праменнямі і мельхіседэкам, якая сімвалізуе Промысел Божы, пацір старасвецкі срэбны з дыскасам усярэдзіне і звонку пазалочаны, другі срэбны з дыскасам усярэдзіне пазалочаны. Даразахавальніца другая срэбная з навершам пазалочаная, і вышэй пазалочаная.

Дараносіца для Святых Дароў для хворых срэбная ўсярэдзіне пазалочаная. Лыжачка срэбная пазалочаная. Кадзільніца латунная старая. Ампулак алавяных, з дараносіцы зробленых, з падносамі 2 пары. Званочкаў алтарных 5. Балдахін з фельпы, падшыты кітайкай стары з камлотавай бахрамой. Бурса для Святых Дароў для хворых з матэрыі, старая. Харугвы 3. Крыж для працэсіяў з укрыжаваннем.

Вагі. Манстрацыя важыць 5 грыўняў і 8 лотаў. Пацір стары з дыскасам і лыжачкай важыць 2 грыўні і 3 лоты. Пацір новы з дыскасам важыць 1 грыўню і 2 лоты. Вялікая дараносіца важыць 2 грыўні. Другая важыць 1 грыўню і 4 лоты. 4 алтарныя алавяныя падсвечнікі важаць 12 фунтаў. Крыж і настольныя алавяныя падсвечнікі важаць 3 фунты. Латунныя падсвечнікі важаць 1 фунт. Званочкі з кадзільніцай важаць 2 фунты. Новы звон важыць 1 камень. Антымінс яснавялебнага (Льва) Кішкі, мітрапаліта, 2-гі яснавялебнага (Фларыяна) Грабніцкага, мітрапаліта. Увага! 15 таблічак і срэбная ручка ўзятыя на выраб манстрацыі, як сведчыць распіска ад яснавяльможных калятараў Кастравіцкіх.

Літургічнае ўбранне. Адно з цяжкага шоўку ў срэбныя кветкі на белым фоне з усім неабходным. 2-гое блакітнае ў жоўтыя кветкі з усім неабходным. 3-цяе кітайкавае, зялёнае з атласным кармазінавым каўнерам з усім неабходным. 4-тае аксамітнае цёмнае з белым каўнерам з (усім) неабходным. 5-тае англійскай тканіны ў паскі новае з жоўтым бантаеравым галуном з усім неабходным. 6-тае мантыновае попельнага колеру ў металічныя паскі ружовага колеру, з белай стужачкай з усім неабходным. 7-мае жалобнае драгетавае з белым каўнерам турэцкай тканіны з усім неабходным. Далматыкаў пара, англійскай тканіны ў паскі, новых, яшчэ не ўжываных, у форме лацінскіх арнатаў з прышпіленымі рукавамі, з стулай, маніпулам. Пад час генеральнай візіты 1792 г. месяца студзеня 26 дня, тутэйшай царкве вяльможнымі іх міласцямі панамі калятарамі ласкава ахвяраваныя два лацінскія арнаты, адзін ружовы з пасам іншага колеру, 2-гі кітайкавы зелёны з пасам іншага колеру з (усім) неабходным, яшчэ знаходзяцца ў двары (сядзібе калятараў), але з абяцаннем аддання царкве. Альбы 2 швабскія старыя з грызетавай каронай і гумераламі. Комжа швабская святарская адна. Комжачкі 2 тканыя для хлопцаў. Паскі 3. Карпаралаў 6. Пурыфікатараў 10.

Кнігі. Евангелле напрастольнае рукапіснае, апраўленае ў аксаміт, на якім таблічак 5 срэбных пазалачоных, з другога боку 4 ножкі-падстаўкі пазалочаныя з крыжыкам і корпусам пазалочаным. Службоўнік ін-фоліо віленскага друку стары, патрабуе рамонту, мшалаў лацінскіх два, адзін ін-фоліо новы, 2-гі ін-октаво стары, метрыкі хрышчэнняў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама і рэестр парафіі разам з табліцай насельніцтва прыводзіцца ніжэй.

Плябанскія падданыя. Сымон і Павел Насеннікі, родныя браты, жанатыя, сын Стэфан, мае 9 гадоў. Дачок 3, валоў 1 пара, каровы 2 цельныя, кляча 1, авечак 6, свінні 3. Хата з каморай і сенямі добрая, накрытая саломай. Хлеў плецены з галля, накрыты саломай. Гумно плеценае з галля, накрытае саломай. Адрына плеценая з галля, накрытая саломай. Некаторыя пабудовы былі купленыя (святаром) Касцевічам, апошняя была аплачаная гэтымі ж падданымі.

Ім жа (было нададзена) паўвалокі грунту на 3 змены. Адна змена пачынаецца пад Рубоўнікамі ад дарогі, якая ідзе да Аленкаўцоў, а заканчваецца каля Скрыбаўскага грунта, каля мяжы Русанаўскага грунта з абодвух бакоў. Другая змена пачынаецца за Хвойнікам ад Аленкаўскай дарогі, а заканчваецца каля Русанаўскай мяжы, бакамі да мяжы Русанаўскага грунта. 3-я змена, названаная Прудзец, пачынаецца ад сцяжынкі, што ідзе да царквы, а заканчваецца каля мяжы двара (сядзібы калятараў), бокам адным ад Русанаўскага грунта, а другім (бокам) ад грунта Скрыбаўскага. Сенажаць у лугах на 5 вазоў, каля ракі ў карчах на 4 вазы, на задворнай (зямлі) на адзін воз сена.

2-гі падданы Даніла Насеннік, удавец, з-за нястачы валацужнічае, мае сыноў: Лукаша 23 гадоў, Стэфана 18 гадоў, Міхала 8 гадоў. Хата новая, з каморай, сені старыя, хлеў плецены з галля, гумно плеценае з галля. Усе гэтыя будынкі пабудаваныя і адрамантаваныя намаганнямі цяперашняга параха. Грунт у гэтым жа самым месцы, з абмежаваннем як у першага [213], столькі ж і сенажаці ў адным месцы.

Павіннасці гэтых (падданых). Мужчына 3 дні на тыдзень. Жанчына 3 дні, а ад восеньскага Св. Юрыя да вясенняга па 4 дні павінны працаваць і плаціць падымнае.

Для панамара ўзведзены будынкі каля царквы. Хата з каморай і сенямі, там жа і хлеў плецены з галля, гумно драўлянае на двух сохах, часткова панамаром забудаваныя, а часткова вялебным парахам, усё накрыта саломай. Панамар 3 гады таму як памёр, а пабудовы часткова дваром (калятарамі) зруйнаваныя, пустуюць, наконт чаго распачаты судовы працэс.

Табліца насельніцтва разам з рэестрам Мажэйкаўскай парафіі, а таксама з падлікамі абодвух палоў, хто здольны і нездольны да споведзі

Хаты

Мужчыны

Жанчыны

Падлік дымоў

Падлік насельніцтва

здольныя

нездольныя

здольныя

нездольныя

Вёска Скрыбаўцы

15

21

10

44

11

Вёска Гардзееўцы

8

19

4

18

6

Вёска Царкоўцы

4

10

3

9

5

Вёска Зеняўцы

4

9

2

11

3

Вёска Аленкаўцы

17

34

9

39

8

Вёска Гасцілаўцы

13

38

8

35

16

Вёска Русанаўцы

7

22

5

25

9

Вёска Коўчыкі

2

6

-

7

1

Вёска Кавалі

2

5

1

8

2

Вёска Шпількі

17

46

9

47

8

Вёска Кірэлі

8

23

4

24

3

Вёска Аўтушкі

6

10

3

13

2

Вёска Зенявічы Глінічы

12

18

5

17

2

Вёска Бешанкі

18

54

11

62

9

Падлік прыведзенага

139

315

24

349

85

133

823

Плябанія. Хата белая з каморай. Двое дзвярэй на жалезных завесах з зашчапкамі і жалезнымі прабоямі. Вокнаў 3. Печ кафляная, зялёная. Столь з габляваных дошак, стол пафарбаваны. Праз сені пякарня з каморай, двое дзвярэй на жалезных завесах, вокнаў 3. Печ простая, гліняная, столь з габляваных дошак, 2 лавы, у хаце 4 столікі. Рум, цалкам накрыты саломай, гумно на 10 сохах з 3-ма падвойнымі варотамі, накрытае саломай, свіранчык стары, накрыты саломай, дзверы на жалезных завесах з прабоямі, бровар, стаенка накрытыя саломай, невялікая варыўня і хлявок, дзе была раней плябанія, накрытыя саломай. Усе гэтыя пабудовы часткова папярэднікамі, а часткова цяперашнім парахам пастаўленыя і адрамантаваныя.

Дакументы. Экстракт фундуша ад 1658 г. [214], дзе згадана пра дзесяціну, выпіс з духоўных кніг яснавялебнага (Антонія) Сялявы, мітрапаліта, ад 1565 г. [215], дакумент пра дзесяціну, што належыць ад яго мосці пана Сялюцкага ад 1664 г., арышт за дзесяціну ад 1664 г., дакумент ад яснавялебнага (Іосіфа) Руцкага, мітрапаліта, дадзены вялебнаму святару Візітынскаму, мажэйкаўскаму параху, ад 1636 г., паданне ад Мажэйкаўскага двара яснавялебнаму параху ў прысутнасці генерала ад 1656 г., копія дакумента яснавялебнага (Антонія) Сялявы, мітрапаліта, ад 1565 г. [216], копія дакумента ад 1658 г., дакумент Яна Нарымонта [217] ад 1655 г., дакумент, актыкаваны ў кнігах гродскага суда яснавялебным (Антоніем) Сялявам, мітрапалітам, у 1655 г., паданне, якое служыць Гладкевічу, мажэйкаўскаму настаяцелю, ад 1666 г., абмежаванне грунта ад 1717 г., дакумент на валоку грунта, што ляжыць у Навасадах, ад 1665 г., візіта вялебнага святара Бяніцкага, афіцыяла, ад 1746 г., візіта вялебнага святара Рудніцкага, афіцыяла, ад 1750 г., візіта вялебнага святара Бялькевіча, ад 1754 г., паданне, што служыць вялебнаму святару Касцевічу ад 1755 г., візіта вялебнага святара Бялькевіча, Гродзенскага сурагатара, ад 1763 г., візіта вялебнага святара Высеўскага, навагрудскага афіцыяла, ад 1758 г., візіта вялебнага святара Пятровіча, лідскага дэкана, ад 1779 г., візіта вялебнага святара Васіля Ануфрыя Марцінеўскага, цырынскага дэкана, любчанскага настаяцеля, генеральнага візітатара, ад 1784 г., месяца мая 20 дня.

Агляд іншых папераў і дакументаў, што служаць гэтай плябаніі, будзе магчымым хіба што пасля заканчэння судовага працэсу з яснавяльможнымі іх міласцямі панамі калятарамі. Грунты, сенажаці, а таксама і зараснікі да гэтага часу цалкам не вызначаныя і з падрабязнымі ўрочышчамі не апісаныя з прычыны невыкананага вялебным цяперашнім парахам абмеру па прычыне распачатага судовага працэса ў Лідскім гродскім судзе з яго міласцю панам Кастравіцкім, цыборскім старастам, шамбялянам Яго Каралеўскай Міласці, калятарам гэтай Мажэйкайкаўскай царквы, з-за адбору праз выгнанне грунтоў, лугоў, сенажацяў і зараснікаў, як вялебны парах сведчыць у сваім тлумачэнні, прыводзячы ў пацвярджэнне судовы працэс у лідскім гродскім судзе, з якога 24 сакавіка 1791 г. быў выдадзены толькі папярэдні дэкрэт. Усю крыўду, якая чыніцца цяперашняму параху за час яго знаходжання на пасадзе з-за адабраныя праз выгнанне грунтаў, лугоў і зараснікаў, наконт чаго было ўжо праведзена дазнанне, у гэтай візіце маёй запісваю, а патрэбныя звесткі пра становішча гэтай плябаніі, да заканчэння судовага працэсу адкладаю.

Пры гэтай царкве дзейсным вялебным святаром ёсць Пётр Афанасовіч, парах. Прэзентаваны ад яго міласці пана Казіміра Кастравіцкага, старасты цыборскага, у 1773 г. дня 27 кастрычніка ў Мажэйкаве, інсталяваны ад яснавялебнага (Феліцыяна-Піліпа) Валадковіча, мітрапаліта, у 1773 г., кастрычніка 24. Высвечаны ў 1749 г., жніўня 31 дня ад яснавялебнага (Фларыяна) Грабніцкага, мітрапаліта, у Струні. Метрыкі свайго нараджэння не мае, мае паданне, выдадзенае вялебным святаром Пятровічам, лідскім дэканам, у 1773 г. лістапада 19 дня.

Паколькі мясцовая царква праз значнае паруйнаванне як усярэдзіне, так і звонку, павінна была б падлегчы інтэрдыкту, мы аднак узяўшы ў разлік некаторыя слушныя прычыны, у прыватнасці шчырыя абяцанні і намеры вяльможных іх міласцей калятараў аб хуткім рамонце гэтай царквы, і дзеля таго, каб парафіяне маглі забяспечыць свае духоўныя патрэбы і мець набажэнства, да года і шасці тыдняў ад згаданага інтэрдыкта ўстрымаемся.

Таксама, паколькі судовы працэс аб выгнанні і адборы плябанскіх грунтаў, лугоў і зараснікаў з іх міласцямі панамі цяперашнімі каляратарамі быў распачаты, і паколькі маюцца сведчанні некаторых дакументаў, якія тычацца гэтай справы, і маюцца падставы ў кананічным праве і (пастановах) Замойскага сабору ў Раздзеле «Аб прывілеях і выгодах і ўзнаўленні страчанага», то мы раім цяперашняму параху законным чынам спыніць гэты працэс з належнай да сваіх калятараў пашанай і прыхільнасцю.

Таксама раім вярнуць метрыкі, узятыя раней да мажэйкаўскага двара, а тым часам загадваем завесці новыя метрыкі аб пахаваннях.

Настойліва раім, каб (святар) чытаў і выкарыстоўваў Пункты альбо Епіскапскія Распараджэнні і (кнігу) «Прыпадкі», неабходныя як мясцоваму святару для выканання сваіх абавязкаў і паклікання, так і яго парафіянам. Сам жа, як дагэтуль у значна паважным узросце, прыкладна жывучы, каб і надалей колькі яму здароўе і жыццё дазволіць захоўваў рэгулярнасць у набажэнствах, пільнасць і дбайнасць у парафіі, чуласць у абыходжанні з даверанымі яму душамі, а таксама прыкладнасць, неабходную духоўнаму сану, моцна загадваем і гэтым рэфармацыйным дэкрэтам замацоўваем і даём распараджэнне.


Дадатак 5. Урывак з кнігі П. М. Бацюшкава «Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края» (СПб., 1890) пра Маламажэйкаўскую царкву (пераклад С. Судніка) [218]

«Маламажэйкаўская царква збудаваная ў 1407 г. падканюшым віленскім, дзяржаўцам ушпольскім, пенянскім і радуньскім панам Шымкам Мацкевічам-Шклёнскім. Характэрная архітэктура яе, якая нагадвае сярэднявечныя замкавыя будынкі, наводзіць на думку, што храм гэты быў не толькі домам малітвы, але і абаронай, і сховішчам людскога скарбу ў былы час спусташальных войнаў і рабаванняў. Сцены царквы, складзенай з моцнай, як жалеза, цэглы, - у сажань таўшчыні; па вуглах яе ўладкованыя спічастыя вежы, у якія былі праведзеныя з царквы спіральнымі каменнымі лесвіцамі адмысловыя хады, знішчаныя ў 1817 г. разам з патаемным ходам і такімі ж адтулінамі ў сценах; пад царквой былі ўладкованы два склепы; уваход у царкву абараняўся цяжкавагавымі жалезнымі дзвярыма, якія апускаліся на ланцугах з нішы, зробленай у сцяне; на жаль, гэтыя дзверы не захаваліся, быўшы самавольна прысвоеныя «патронам» царквы, мясцовым абшарнікам Казімірам Кастравіцкім. Па аповядах старажылаў, шведы бамбардзіравалі царкву падчас стаянкі Карла XII лагерам у мястэчку Жалудку. Гістарычныя лёсы Маламажэйкаўскай царквы мала вядомыя. Старажытныя дакументы аб ёй былі спаленыя абшарнікам Кастравіцкім у XVIII ст.; засталіся толькі больш познія дакументы і мясцовае паданне. Паводле гэтых звестак аказваецца, што з абнародаваннем уніі Маламажэйкаўская царква была захопленая ўніятамі і з таго часу падпала пад скажэнні лацінскімі новаўвядзеннямі, пазбавілася большасці вернікаў, якія перайшлі ў каталіцызм, і прыйшла ў спусташэнне і жабрацкі стан. Як царква ўніяцкая яна не пазбавілася ад нападу і спусташэння з боку казакоў. Паны-патроны і самі базыльяне замест ахоўвання святыні і павелічэння яе дабрабыту абрабавалі царкву ў рухомай і нерухомай маёмасці. Асабліва абуральныя былі ўчынкі згаданага вышэй «патрона», абшарніка Кастравіцкага. Пачуўшы, што настаяцель Пётр Афанасевіч знайшоў у дамавіне заснавальніка царквы Шымкі Мацкавіча шмат золата, Кастравіцкі з лютасцю прыступіў да святара, жадаючы прысвоіць сабе ўяўны скарб; але сустрэўшы адмову, ён пачаў катаваць жонку святара, якая, па адных звестках, памерла ад катавання, па іншых - была задушаная служкаю пана; калі ж муж памерлай адправіўся да пана прасіць літасці сабе і сваім дзецям, то Кастравіцкі пад выглядам пачастунка напаіў святара дап'яна, адвёў на стайню і, пасадзіўшы яго на ланцуг, загадаў яму вучыць казла спяваць так, як спяваюць у царкве. Абуральная сцэна працягвалася цэлую ноч. Тым часам гаспадарка святара падвергнулася рабаванню панскай чэлядзі. Няшчасны айцец Пётр не вытрымаў і, прахварэўшы некаторы час, сканаў 19 красавіка 1794 г. ад голаду і холаду.

Пасля смерці святара Афанасевіча «патрон» Маламажэйкаўскай царквы Кастравіцкі пачаў адносіцца да падапечнага яму храма па-свойму. Паставіўшы ў царкве арган, ён запрасіў кармелітаў і прымусіў іх прапаведаваць, што веры праваслаўнай няма ва ўсім свеце, што ўнія паглынутая лацінствам, што толькі рымская царква і кіраўнік яе могуць адчыніць дзверы ў Царства Нябеснае. Потым ён выбудаваў супраць царквы велічны касцёл [219] для прыцягнення ў яго сялян, але апошнія не вырашаліся пакінуць свой храм і славянскую абраднасць богаслужэння.

Падчас праезду імператара Аляксандра Паўлавіча з Вільні ў Гародню гасудар заўважыў убаку царкву і пажадаў агледзець яе. Гэта была Маламажэйкаўская царква, якая глыбока ўразіла цара сваім маркотным і жабрацкім станам. Васпан загадаў неадкладна рамантаваць царкву і нагляд за гэтым даручыў слонімскаму абшарніку Юндзілу. Наказ гэты застаўся, аднак, не выкананым, і пакуль збіраліся і надумваліся прыгатаваць матэрыялы, царкоўны дах абрынуўся ад удару маланкі ў алтарную частку. Гэта было ў 1805 г.; толькі праз пяць гадоў паправілі дах, але ўнутранасць царквы засталася без усякіх выпраўленняў, і нават рамы ў вокны не былі ўстаўленыя.

Поўнае аднаўленне старажытнага Маламажэйкаўскага храма і прыстасаванне яго пад звычаі праваслаўнай царквы належыць ужо бліжэйшаму да нас часу. Адрамантаваная з вонкавага боку і ў сярэдзіне, яна асвечаная 21 студзеня 1873 г. У іканастасе яе ў ліку абразоў знаходзіцца старажытны абраз Божай Маці, гісторыя якога характарызуе адносіны палякаў да рускіх святынь.

У сяле Воўчынках знаходзілася драўляная царква з трыма валокамі зямлі, якія належаць да яе. Самога прыходу ўжо не існуе, а зямля прысвоеная мясцовым абшарнікам. Настаяцель Маламажэйкаўскай царквы айцец Леў Савіцкі з дакументаў даведаўся, што ў Воўчынскай царкве знаходзіўся, між іншым, абраз Божай Маці ў срэбнай рызе з малюнкам месяцавага паўкола ў падножжы, а адна жанчына яму сказала, што абраз знаходзіцца ў мясцовага абшарніка, «у цёмным і смуродным месцы». Жадаючы выбавіць праваслаўную святыню з ганебнага становішча, святар адправіўся да абшарніка, але той адказаў, што абраза ў яго няма. Калі ж маёнтак быў здадзены ў арэнду шляхціцу, і апошні задумаў прадаць некаторыя будынкі, то святар паслаў двух сваіх вернікаў з той мэтай, каб яны, пад выглядам куплі будынкаў, пашукалі абраз. Вынік атрымаўся самы спрыяльны: абраз знайшоўся ў свіране. З гонарам ён быў узяты і перанесены ў Маламажэйкаўскую царкву. Гэта адбывалася ў 1868 г.

Не лішне дадаць, што царква ў Воўчынках прададзена за нікчэмную суму габрэям на лазню і перавезена імі ў мястэчка Васілішкі, а цвінтар царкоўны аддадзены пад каталіцкія могілкі».


Дадатак 6. Рэестр дакументаў і розных папер, якія адносяцца да гісторыі Маламажэйкаўскай царквы з архіва а. Льва Савіцкага [220]

1. Assecuracia, Нарушэвіча, старасты Ушпольскага, дадзенае Ф. Гладкевічу, протапрасвітару Лідскаму, святару Маламажэйкаўскаму, з пазначэннем дзесяціны з Маламажэйкава, чэрвеня, 12 д., 1673 г.

2. Ліст спадарыні Ліпніцкай, маршалковай Мазырскай, пісаны да святара Гладкевіча, прасвітара Мажэйкаўскага, у якім ёсць распараджэнне Кажанеўскаму, адміністратару Мажэйкаўскаму, пра аддачу квоты ад дзесяціны ў царкву Мураваную. Года і даты няма.

3. Запіс заснавальніка гэтай царквы на зямлю і дзесяціну да царквы і іншыя палёгкі, гэтыя палёгкі пацверджаны Янам Завішам і Андрэем Сапегам 1597 г. чэрвеня 10 дня. Выпіс зроблены з кніг Лідскіх гродскіх 1658 г., траўня, 9 дня. Гэты дакумент пісаны славянскімі літарамі і вельмі стары.

4. Дакумент стары, з подпісам рукі і пячаткі Сялявы, мітрапаліта (выпіс з кнігі духоўных мітрапалітаў Кіеўскіх спраў вячыстых), пра надзел царквы валокай зямлі ў вёсцы Навасадах і чалавекам, выдадзены жонкай заснавальніка Ірынай, 1542 г.

5. Дакумент Якава Кулешы, генерала павета Лідскага, датычны дзесяціны з маёнтка Красулі для Маламажэйкаўскай царквы, 1664 г., студзеня, 20 дня, пісаны па-старабеларуску з перакладам на польскую мову.

6. Арышт сумы Альшэўскай і Старпінскай пры продажы іх маёмасці і пры перадачы Красуляў Сяклюцкаму за неаддаванне дзесяціны ў царкву, 1664 года, студзеня, 30 дня.

7. Загад мітрапаліта Руцкага святару Мажэйкаўскаму, каб грунты некаторыя, забраныя людзьмі свецкімі, вярнуць да царквы, пісаны па-старабеларуску і перакладзены на польскую мову ў 1636 г.

8. Паданнне царквы ад двароў Вялікага і Малога Мажэйкава святару Раману Рожыцу пры генерале Асіповічы, пісаны па-старабеларуску, копія перакладзена на польскую мову, 1656 г., лютага, 3 дня.

9. Копія дакумента, дадзенага Сялявай Лаўрыну Варатынскаму, 1565 г.

10. Прывілей караля польскага Жыгімонта 3-га з подпісам рукі Льва Сапегі, канцлера Літоўскага, 1612 г., жніўня, 28 дня.

11. Прызнанне князя Саламарэцкага, падкаморага Менскага, занесенае ў кнігі канцылярскія з чатырма пячаткамі 1612 г., жніўня, 28 дня.

12. Дакумент Івана Нарымунта, адміністратара Вялікамажэйкава, дадзены царкве Мажэйкаўскай, 1645 г.

13. Дзве старыя карткі, адна з пячаткай будаўнічага, другая таксама з невыразным подпісам, але занесена ў кнігі гродскія Лідскія 1644 г., кастрычніка, 5 дня Фядосіем Варатынскім, год і дзень не паказаны.

14. Перадача царквы праз Паўла Краскевіча, пратапопа Наваградскага, Фёдару Гладкевічу пры мітрапаліце Календзе, 1666 г., траўня, 5 дня.

15. Вопіс царквы і плябаніі Мажэйкаўскай, зроблены з распараджэння Кішкі 1717 г. святару Баеўскаму.

16. Сведчанне святара Міхаіла Канцэвіча пра сенажаць і межы, 1761 г.

17. Прашэнне начальніку Лідскага павета аб забранні царкоўных земляў Кастравіцкім, 1796 г.

18. Візіта святара Пятронія, 1773 г.

19. Візіта Марціноўскага, 1774 г.

20. Інвентар дэкана Гарбацэвіча святару Міцкевічу, 1796 г.

21. Іншы інвентар 1801 г.

22. Генеральная візіта Антонія Тупальскага 1804 г., у якой сказана, што гэты візітатар узяў з сабой 20 штук царкоўных дакументаў у Жыровіцы.

23. Інвентар дэкана Яноўскага святару Плаўскаму, 1810 г.

24. Візіта архідыякана Вашчыловіча, 1818 г.


Дадатак 7. Адказ лідскага старасты рэдакцыі праваслаўнага часопіса «Беларуская Зарнiца» з тлумачэннем наконт «захопу» Маламажэйкаўскай царквы (тэкст пісьма старасты падаецца цалкам у граматыцы часопіса) [221]

У рэдакцыю часопісі «Беларуская Зарнiца»

Вільня, вул. Летняя 7.

На падставе артыкулу 30 загаду Прэзыдэнта Р.П. з дня 10 траўня 1927 г. аб праве друку (Дз. Уст. №45, паз. 398) прашу спраставаць у найбліжэйшым нумары "Беларускае Зарніцы" артыкул п.т. "Маламажэйкаўскай царква", змешчаны ў №6 з дн. 15.ХІ.1929 г. гэтае часопісі, а іменна:

1) Маламажэйкаўскае царквы ў Мураванцы каталікі не "захапілі", але яна, як пераробленая з касцёлу знаходзячыся пад кіраўніцтвам дзяржаўнае ўлады, дня 9.Х.1928 г. была мною адчынена і аддадзена каталікам, на падставе Міністэрства Вызнаньняў і Асьветы ў паразуменьні з Міністэрствам Працы.

2) Лідскі праваслаўны благачынны, - а. Уладзімір Жданаў быў запрошаны мною для прыняцьця маёмасьці (абразоў, судзінаў, кніг і г.д.) паходзячай з часу карыстаньня сьвятыняй праваслаўнымі.

На падставе арт. 33 вышэй азначанага загаду прашу пералажыць вышэйпададзенае на беларускую мову і зьмясьціць у бліжэйшым нумары "Беларускае Зарніцы", прыслаўшы мне экзэмпляр нумару, у якім гэта будзе зьмешчана.

Стараста Багаткоўскі

Прэзентацыі кнігі

У Гародні прэзентавалі кнігі па канфесійнай гісторыі

Канфесійная гісторыя Беларусі ўзбагацілася новымі кнігамі аўтараў з Гарадзеншчыны: Эдмунда Ярмусіка і Леаніда Лаўрэша. У гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага прайшла прэзэнтацыя плёну іх працы.

Эдмунд Ярмусік і Леанід Лаўрэш.

Эдмунд Ярмусік, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэту, напісаў навучальны дапаможнік для студэнтаў. Кажа аўтар:

Прафесар Святлана Марозава, кандыдат культуралогіі, а. Андрэй Крот, дацэнт І.І. Трацяк, кандыдат гістарычных навук, дацэнт С.У. Сілава.

- Я пастараўся, наколькі гэта дазваляў ракурс гэтага выдання, прасачыць паўнавартасную канфесійную гісторыю на тэрыторыі нашай краіны, пачынаючы яшчэ з язычніцкіх часоў і заканчваючы сённяшняй сітуацыяй. Краіна наша поліканфесійная, тут назіраецца перасячэнне розных культур. У розныя гістрычныя перыяды аддавалася перавага, у залежнасці ад дзяржаўнай палітыкі, той ці іншай канфесіі.

ругі аўтар, Леанід Лаўрэш, - вядомы на Гарадзеншчыне краязнаўца, стваральнік інтэрнэт-сайта Pawet.net. Яго кніга "Маламажэйкаўская царква" - пакуль унікальная з'ява ў вывучэньні гісторыі храмаў Беларусі. На думку Леаніда, лёс царквы адлюстроўвае шматканфесійны характар нашага мінулага.

- Уласна, царква была адзіная, не было такога рэзкага пераходу паміж уніяй і праваслаўем. Гэта ўсё легенды. Натуральным шляхам яна стала ўніяцкай царквой, грэка-каталіцкай царквой. Там было сваё жыццё, свае праблемы, свае дасягненні. Потым яна стала ўжо расейскай праваслаўнай царквой. Быў такі святар Леў Савіцкі, найцікавейшая асоба, ён імкнуўся абгрунтаваць, што царква была пабудавана ў 15 стагоддзі. Галоўны міф, які ён запусціў. Нават у пачатку 20 стагоддзя ўжо святкавалі 500-годдзе царквы. А яно вось толькі што прайшло.

Як заўважыла на імпрэзе прафесар Сьвятлана Марозава, Гародня мае глыбокія карані ў вывучэньні канфесійнай гісторыі, з самага пачатку існаваньня Купалаўскага ўніверсітэта. І гэтыя кнігі - таму пацьверджаньне.

На прэзентацыі былі ня толькі гісторыкі са стажам, але й студэнты. Прэзентаваныя выданьні ўжо можна набыць у кнігарнях Гародні.

www.racyja.com

Прэзентацыя новых выданняў гарадзенскіх гісторыкаў

18 лютага кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін разам з Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага правяла прэзентацыю кнігі прафесара Э. С. Ярмусіка "Канфесійная гісторыя Беларусі: вучэбны дапаможнік" (Мінск: РІВШ, 2016) і кнігі лідскага краязнаўца Л. Л. Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" (Гродна: ЮрСаПрынт, 2017). Прэзентацыя адбылася 18 лютага ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага і выклікала немалую цікавасць.

Доктар гістарычных навук, прафесар Э.С. Ярмусік Э.С. вядомы ў Беларусі і за яе межамі даследчык гісторыі Каталіцкай царквы Беларусі ў ХХ ст. У сваім вучэбным дапаможніку ён прасачыў, наколькі гэта дазваляў ракурс вучэбнага выдання, важнейшыя этапы і падзеі канфесійнай гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці. Паказана дзейнасць на беларускіх землях праваслаўя, каталіцызму, пратэстантызму, мусульманства, іўдаізму, паскрыта іх роля ў гістарычным, грамадска-палітычным, сацыякультурным развіцці грамадства.

Кніга другога аўтара, Л.Л. Лаўрэша, вядомага на Гродзенчыне краязнаўца, стваральніка і адміністратара гістарычнага інтэрнэт-сайта Pawet.net, "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" падрыхтавана пад навуковай рэдакцыяй прафесара С.В. Марозавай. На шматлікіх друкаваных і архіўных матэрыялах у ёй распавядаецца пра шматсотгадовую гісторыю аднаго з унікальных храмаў Беларусі, прыводзяцца дакументы і матэрыялы XVI-ХХ ст. па яго гісторыі.

Выдадзеныя кнігі і іх прэзентацыя - чарговае сведчанне таго, што кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін працягвае традыцыю навуковай школы гісторыка-канфесійных даследаванняў, якая ў нашай alma mater бярэ вытокі яшчэ з 50-70-х гадоў мінулага стагоддзя, будучы яе інтэлектуальным асяродкам.

http://fh.grsu.by

Новыя кнігі па канфесійнай гісторыі Беларусі гарадзенскіх аўтараў

Спецыяльны рэпартаж з Гародні

Новыя кнігі па канфесійнай гісторыі Беларусі прэзентавалі (нядаўна) ў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага. Адна з іх - вучэбны дапаможнік "Канфесійная гісторыя Беларусі" (Менск: РІВШ, 2016) аўтарства прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Э.С. Ярмусіка. Другая кніга - вынік працы вядомага лідскага краязнаўца Л.Л. Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" (Гародня: ЮрСа-Прынт, 2017).

Аўтараў і іх кнігі прадставіў загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Я. Купалы, доктар гістарычных навук, прафесар С. А. Піваварчык. Ён адзначыў, што прэзентацыя праходзіць ў бібліятэцы, дзе вітае дух кніжнасці, дзе захоўваюцца працы нашых папярэднікаў, які вывучалі і папулярызавалі гісторыю.

Пасля прэзентацыі.

- Сённяшняя прэзентацыя, якраз звязана з вельмі важнымі і актуальнымі праблемамі гісторыі Беларусі - з канфесійнай гісторыяй. - сказаў прафесар. - Мы ведаем, што наша краіна была поліэтнічная, поліканфесійная, і гэта спецыфіка адлюстравалася з тых культурна-сацыяльных з'явах, якія ў нас адбываліся на працягу стагоддзяў. Вывучэнне канфесійнай гісторыі мае свой пачатак менавіта ў Гародні. Кнігі, якія сёння прэзентуюцца, працягваюць гарадзенскую традыцыю. Першая кніга, навучальны дапаможнік "Канфесійная гісторыя Беларусі", з'яўляецца плёнам працы Эдмунда Станіслававіча Ярмусіка, вядучага спецыяліста па гэтай праблеме, які займаецца ёй на працягу многіх гадоў. Мэта дапаможніка - расказаць пра канфесійную гісторыю Беларусі на працягу доўгага гістарычнага перыяду - на мой погляд, у аўтара добра атрымалася. Яго кніга - сплаў ведаў гісторыка і прафесійнага выкладчыка - неабходна студэнтам, і ўсім, хто цікавіцца нашай гісторый.

Другая кніга, аўтарства вядомага краязнаўца і гісторыка Леаніда Лаўрэша, прысвечана Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царкве і таксама звязана з праблемамі канфесійнай гісторыі. Таму невыпадкова мы праводзім аб'яднаную прэзентацыю. Да нас, у Беларусь, усё больш едзе турыстаў, і таму кніга пра ўнікальны помнік нашай гісторыі і культуры, які з'яўляецца намінантам на ўключэнне ў спіс ЮНЭСКА, будзе важнай і актуальнай для нас.

Думаю, што мы з задавальненнем пазнаёмімся з гэтымі выданнямі і іх аўтарамі.

Прафесар ГрДУ імя Я. Купалы, доктар гістарычных навук С.В. Марозава ў сваім выступленні адзначыла:

- У другой палове XIX ст. - пачатку XX ст. у Расійскай імперыі выйшла шмат прац па канфесійнай гісторыі Беларусі. Потым сем савецкіх дзесяцігоддзяў пра рэлігію пісалі, галоўным чынам, у дыскрэдытацыйным плане: папулярнай была тэма барацьбы супраць рэлігіі. І толькі ў канцы XX ст. змяніліся дзяржаўна-царкоўныя адносіны, і мы нібы новымі вачыма паглядзелі на гэтую сферу мінулага. Гэта навуковае поле стала адным з навуковых прыярытэтаў.

Кожная краіна мае цікавую канфесійную гісторыю але ў нас яна проста ўнікальная. На гэта звярнулі ўвагу нават не беларускія навукоўцы, але іх замежныя калегі. На захад і ўсход ад нас - монаканфесійныя краіны: Польшча і Расія. У нас асталяваліся розныя напрамкі хрысціянства, і канфесійная гісторыя Беларусі ўяўляе сабой змену іх суадносін.

Кандыдат гістарычных навук А.С. Горны і Лаўрэш Л.Л.

Традыцыя даследавання гісторыка-канфесійнай праблематыкі была закладзена на нашым факультэце з часу яго заснавання - у сярэдзіне 1950-х г. Заснавальнікам гэтай традыцыі стаў прафесар Якаў Навумавіч Мараш. З таго часу змяніліся метадалагічныя падыходы да трактоўкі мінулага, але моцная крыніцавая база яго прац, багатая фактура, раскрыццё многіх старонак гісторыі распаўсюджвання і дзейнасці каталіцкай царквы ў Беларусі ў XVI-XVIII ст. зрабілі манаграфіі Я.Н. Мараша класікай айчыннай гістарыяграфіі канфесійнай гісторыі. У пачатку 1970-х г. ён заклаў у нашай alma mater навуковую школу гістарычна-канфесійных даследаванняў. І вось ужо сёмае дзесяцігоддзе заснаваная ім традыцыя паспяхова працягваецца і развіваецца. Некаторыя з яго вучняў і сёння працуюць у ГрДУ, і ў навуковае жыццё ўвайшло ўжо трэцяе пакалення даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі.

Бібліятэка падрыхтавала выставу прац нашых аўтараў, з чыімі новымі кнігамі мы сёння знаёмімся. Тут знаходзяцца тры манаграфіі, якімі вядомы ў навуковым свеце Беларусі і замежжа прафесар Э.С. Ярмусік. Вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі, падрыхтаваны ім у свой час у суаўтарстве з прафесарам І.І. Коўкелем, вытрымаў 10 выданняў. Кніга "Памяць. Гродна", якой Эдмунд Станіслававіч прысвяціў некалькі гадоў жыцця, і сёння з'яўляецца настольнай кнігай па гісторыі нашага горада.

А вось выстава лідскага аўтара Леаніда Лявонцьевіча Лаўрэша. Знаёмства выкладчыкаў нашай кафедры з ім адбылася ў 2008 г. на канферэнцыі ў Лідзе і з таго часу пачалося плённае супрацоўніцтва. Найперш, усе мы карыстальнікі магутнага, аб'ёмнага і карыснага сайта "Павет", стваральнікам і адміністратарам якога з'яўляецца Л.Л. Лаўрэш. Гэта краязнавец новага пакалення, які паставіў на службу навуцы інфармацыйныя рэсурсы і ўжо 18-ты год забяспечвае нас - даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў, аматараў гісторыі - каштоўнай гістарычнай інфармацыяй.

Мы, універсітэцкія гісторыкі, з вялікай павагай ставімся да Л.Л. Лаўрэша і з вялікай увагай да яго прац, бо яны заснаваны на грунтоўнай базе крыніц, ён працуе з яго вялікасцю фактам. У яго няма "разважанняў на вольныя тэмы" - ёсць факты і іх аналіз. Ён узняўся на ўзровень прафесійнага гісторыка. Мы ўжо шмат гадоў запрашаем Л.Л. Лаўрэша ў свае навуковыя праекты, і ён з'яўляецца вельмі плённым аўтарам. На гэтай выставе прадстаўлены ўсе яго кнігі - іх восем. З улікам саліднай прысутнасці ў праблемным полі, у якім працуе Л.Л. Лаўрэш, канфесійнай тэматыкі, мы яго таксама залічваем ў лік даследчыкаў канфесійнай гісторыі.

Прафесар Э.С. Ярмусік сказаў пра сваю кнігу наступнае: "У кожны гістарычны перыяд, з апісаных у кнізе, увага канцэнтравалася на пытанні ўзаемаадносін рэлігіі і дзяржавы, бо інакш немагчыма ўявіць сябе існаванне любой канфесіі. Звяртаю ўвагу на ўдалую вокладку кнігі, зробленую дызайнерамі выдавецтва, на якой адлюстраваны храмы ўсіх беларускіх канфесій (сінагога, касцёл, царква, мячэць і кірха) на гадзінніку, які сімвалізуе бег гісторыі. Мне ўжо задавалі пытанне, у чым асаблівасці нашай канфесійнай гісторыі? Асаблівасць менавіта ў поліканфесійнасці. На працягу стагоддзяў тут мірна суіснавалі пяць канфесій - у гэтым адметнасць нашага народа, нашай гісторыі і культуры.

Я вельмі ўдзячны людзям, прозвішчы якіх пазначаны ў кнізе, рэцэнзентам прафесару Т.П. Кароткай, дацэнту Т.В. Апіок і загадчыку кафедры беларускага мовазнаўства Д.В. Дзядко. Іх заўвагі і творчы ўдзел у падрыхтоўцы гэтага выдання далі свой плён. Даследаванні ў галіне канфесійнай гісторыі будуць працягвацца, і я заклікаю студэнтаў далучацца да гэтай цікавай навуковай праблематыкі.

Л.Л. Лаўрэш падзякаваў сваім рэцэнзентам - кандыдатам навук, дацэнтам С.У. Сілавай і І. І. Трацяку, па кнігах якіх ён вучыў беларускую гісторыю, і навуковаму рэдактару кнігі, прафесару С.В. Марозавай, бо без яе эрудыцыі і працаздольнасці кніга ў нечым страціла бы. Па словах, Леаніда Лявонцьевіча, для яго Маламажэйкаўская царква нароўні з Лідскім замкам заўсёды была навайважнейшым гістарычным аб'ектам на Лідчыне. Ён расказаў, як на працягу гадоў ішло назапашванне матэрыялаў пра царкву; ахарактарызваў крыніцы, на якіх пабудавана даследаванне.

Потым аўтары кніг адказалі на пытанні, якіх шмат задалі прысутныя на прэзентацыі - ад студэнтаў да вядомых даследчыкаў.

Кандыдат культуралогіі, дацэнт І.І. Трацяк сказаў, што "Кніга Л.Л. Лаўрэша - яскравы ўзор, прыклад, асабліва для студэнтаў, як правільна пісаць навуковыя тэксты пры даследаванні лакальнай гісторыі. Тут усё пададзена сцісла, добра адабраны матэрыял, і ідзе не проста апісанне гісторыі ці архітэктуры царквы, а прыводзяцца вельмі цікавыя паралелі ўплыву стыляў, падаецца жыццё парафіі, характарызуецца духавенства, аналізуюцца крыніцы".

Што да вучэбнага дапаможніка па канфесійнай гісторыі, І.І. Трацяк сказаў наступнае: "Тэма для мяне блізкая, і я добра ведаю, як цяжка напісаць такую кнігу аб'ектыўна, бо існуюць розныя падыходы, і напісаць такую працу і нікога не пакрыўдзіць практычна немагчыма. Таму ў мяне пытанне, як аўтар вырашыў гэтую праблему?"

Прафесар Э.С. Ярмусік адказаў, што такая праблема насамрэч існуе, калі даследчыкі пішуць не з навуковых, а з нейкіх іншых пазіцый. Таму трэба імкнуцца адыходзіць ад канфесійнай і палітычнай заангажаванасці. Гэта асабліва датычыць такога жанру як навучальны дапаможнік, у якім напісана мая кніга. Студэнты, для якіх яна створана, павінны атрымаць найперш факты.

Кандыдат гістарычных навук А.С. Горны, які ўжо заявіў аб сабе ў сферы гістарычна-канфесійных даследаванняў, сказаў, што "ідзе такая "мяккая экспансія", і вось ужо Л.Л. Лаўрэша мы лічым гарадзенскім гісторыкам. Маламажэйкаўская царква з'яўляецца ўнікальным гістарычным помнікам, і вельмі добра што выйшла кніга, прысвечаная яе гісторыі. У праведзеным даследаванні можна прасачыць усе праблемы праваслаўя з XV па ХХ ст. Вельмі цікавая гісторыя царквы ў 1920-х г., калі яе абараняў ад пераводу ў касцёл нават каталіцкі святар Адам Станкевіч".

А.С. Горны выказаў упэўненасць, што "кніга "Маламажэйкаўская царква" будзе цікавай і неабходнай, у тым ліку для праваслаўных царкоўна-гістарычных колаў і святароў, і стане прыкладам у напісанні мікрагістарычнага даследавання".

Аўтар кнігі Л.Л. Лаўрэш заўважыў, што менавіта А.С Горнаму належыць прыярытэт ў распрацоўцы гісторыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1920-х гадах.

А.С. Горны зрабіў прапанову навукоўцам кафедры гісторыі Беларусі, археаолгіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін падрыхтаваць і выдаць біяграфічны або энцыклапедычны даведнік па канфесійнай гісторыі Гарадзеншчыны.

Пасля завяршэння прэзентацыі яе ўдзельнікі яшчэ доўга не адпускалі аўтараў са сваімі пытаннямі, рэфлексіямі, пажаданнямі.

Наш кар.

НАША СЛОВА № 12 (1319), 22 сакавіка 2017 г.

Лідская прэзентацыя

Леанід Лаўрэш даўно вядомы лідзянам (і не толькі) як краязнавец, аўтар артыкулаў і кніг па гісторыі Лідчыны, заснавальнік і адміністратар гістарычна-краязнаўчага інтэрнет-сайта "Pawet". У бягучым годзе ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшла кніга Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" - восьмая кніга аўтара. Яна расказвае пра пяцісотгадовую гісторыю Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) Багародзіцкай царквы-цвердзі - аднаго з унікальных храмаў Беларусі. Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Гародні, а нядаўна кніга была прэзентавана ў Лідзе - у рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Падчас прэзентацыі.

Карэспандэнт не прамінуў пацікавіцца, чым прыцягнула Маламажэйкаўская царква ўвагу Леаніда Лаўрэша як даследчыка.

- Гэта важны, цікавы, унікальны архітэктурны аб'ект у маштабах усёй Беларусі, - гаворыць Леанід Лявонцьевіч. - Дзякуючы такім культавым пабудовам Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. Гэта рэдкі аб'ект беларускай готыкі (царква, падобная па стылі на Маламажэйкаўскую, існуе на тэрыторыі нашай краіны толькі ў Сынкавічах). Яна стылістычна блізкая да касцёлаў у Польшчы, пабудаваных у XVI стагоддзі. У Польшчы падобныя храмы будавалі італьянскія майстры. Мачыма, і Маламажэйкаўскую царкву ў пачатку XVI стагоддзя будавалі італьянцы альбо іх вучні. Будавалася яна як царква-цвердзь. Яе абарончы тып выяўлены ў вежах, у шматлікіх байніцах і ў падвеснай жалезнай браме на ланцугах, якая да нашага часу не захавалася.

Падчас прэзентацыі.

Чытаючы новую кнігу Леаніда Лаўрэша, чытач прасочыць пяцісотгадовую гісторыю царквы, пазнаёміцца з уладальнікамі Мажэйкава, з чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма, са шматлікімі прэтэндэнтамі на храм і яго маёмасць, з шэрагам прадстаўнікоў духавенства, у тым ліку з настаяцелямі храма, азнаёміцца з дакументамі і матэрыяламі XVI-XX стагоддзяў, якія датычацца Маламажэйкаўскай царквы, па фотаздымках і малюнках прасочыць, як мяняўся выгляд храма, пачынаючы з XIX стагоддзя, атрымае магчымасць убачыць яго велічныя гатычныя скляпенні.

Асобны раздзел у кнізе прысвечаны настаяцелю Маламажэйкаўскай царквы айцу Льву Савіцкаму, які аддаў гэтай царкве 63 гады (1863-1926) з 85 гадоў свайго жыцця. Даследуючы жыццё і дзейнасць святара Льва Савіцкага, аўтар, можна сказаць, адкрыў імя яшчэ аднаго краязнаўца Лідчыны. Справа ў тым, што Савіцкі зрабіў першую спробу напісаць гісторыю Маламажэйкаўскай царквы. Яго вялізны даследчы артыкул аб гэтай царкве, надрукаваны ў 1873 годзе ў некалькіх нумарах "Литовских епархиальных ведомостей", даў Леаніду Лаўрэшу асноўны масіў інфармацыі пры рабоце над кнігай.

- У народзе Маламажэйкаўская царква называецца яшчэ Мураванкаўскай, - заўважае аўтар кнігі. - Тут трэба адзначыць, што вёска Мураванка пачала з'яўляцца ў дакументах і на картах толькі ў канцы XIX стагоддзя, сваю назву яна атрымала з-за суседства з мураванай царквой. Назва "Мураванкаўская царква" паступова пачала прыжывацца толькі пасля 1945 года, таму што праведзеныя межы раёнаў пакінулі царкву ў Шчучынскім раёне і аддзялілі яе ад Малога Мажэйкава, якое засталося ў Лідскім раёне. У сваёй кнізе я аддаю перавагу назве "Маламажэйкаўская царква", якая выкарыстоўваецца ва ўсіх гістарычных крыніцах.

Кніга Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" атрымала прызнанне ў навуковым асяроддзі. Яе навуковы рэдактар - доктар гістарычных навук, рэцэнзенты - кандыдат гістарычных навук і кандыдат культуралогіі.

"Леанід Лаўрэш даў прыклад і, у пэўнай меры, узор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы, - піша ў прадмове да кнігі яе навуковы рэдактар, доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава. - Як будаўнік цаглінка да цаглінкі стварае будынак, так і даследчык факцік да факту будуе гісторыю адной з найславутых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і вышыхтаваныя ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу… Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы… Мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм. Яно адпавядае сучаснаму ўзроўню ведаў, яно будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні".

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Лідская газета № 24 (12783), 29 сакавіка 2017

У Лідзе прэзентавалі "Маламажэйкаўскую царкву" Лявона Лаўрэша

Грунтуючыся на шматлікіх друкаваных і архіўных матэрыялах, аўтар у форме гістарычнага нарыса распавядае пра шматсотгадовую гісторыю аднаго з самых унікальных храмаў Беларусі - Маламажэйкаўскай, ці як яе яшчэ інакш называюць, Мураванкаўскай царквы, якая стаіць на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.

- Кніга пра царкву, якой 500 гадоў. Гэта беларуская готыка, наш гонар і слава. Царква мае вельмі цікавую гісторыю. Яна ўсё бачыла - і славу мірскую, як кажуць, і войны, і нашэсці. Яна ўсё перажыла. І дзякуй Богу, цяпер ізноў працуе. Спадзяюся, што кніга будзе запатрабаваная турыстамі, экскурсаводамі, аматарамі нашай гісторыі.

Леанід Лаўрэш - даследчык і адміністратар гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг, прысвечаных гісторыі Лідчыны і прыродазнаўчых навук. "Маламажэйкаўская царква" - стала восьмай кнігай Лявона Лаўрэша. Зараз аўтар рыхтуе да выхаду чарговае выданне па гісторыі Ліды.

www.racyja.com



[1] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. - № 33. С. 297.

[2] Там жа.

[3] Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. Мінск, 2007. С. 148.

[4] Парэбрык - тып арнаментальнай цаглянай муроўкі, у якой рад цэглы кладзецца пад вуглом да паверхні сцяны

[5] Гірка - фігурная дэталь у выглядзе перакуленай пірамідкі з цэглы або каменя.

[6] Ніша - паглыбленне ў сцяне будынка.

[7] Кушнярэвіч А. М. Мураваная дабастыённая фартыфікацыя Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2014. С. 189-195.

[8] Семянчук А. А. Распаўсюджанне ідэй Фларэнцкай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім у канцы ХV - пачатку ХVІ ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. Гродна, 2009. C. 158.

[9] Там жа. С. 160.

[10] Шастак Ю. Культавая мураваная архітэктура Беларусі XV-XVI стагоддзяў у агульнаеўрапейскім кантэксце // Рэжым доступу: http://pawet.net/library/o_atr/150/Шастак_Ю._Культавая_мураваная_архітэктура_Беларусі_XV--XVI_стагоддзяў_у_агульнаеўрапейскім_кантэксце.html. Дата доступу: 02.07.2016.

[11] Нервюра - арка з часаных камянёў ці цэглы, якімі ўмацоўваюцца рэбры зводу, сістэма нервюр (галоўным чынам у архітэктуры готыкі) утварае каркас, які аблягчае скляпенні.

[12] Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. Мінск, 2007. С. 149.

[13] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Менск, 1928. С. 221, 229.

[14] Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998. С. 25.

[15] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Менск, 1928. С. 242-243, 249.

[16] Лаўроўская І. Б. Памяць. Брэст. Т. 1. Мінск, 1998 // Рэжым доступу: http://www.radzima.org/be/brest/5913.html. Дата доступу: 13.06.2016.

[17] Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХШ-ХVШ стст. Мінск, 1978. С. 127.

[18] Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. Мінск, 2007. С. 49.

[19] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 298-299.

[20] Кушнярэвіч А. Віленскі Прачысценскі сабор // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1. Мінск, 2005. С. 433.

[21] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Менск, 1928. С. 254-256.

[22] Там жа. С. 257-258.

[23] Трацэўскі У. В. Цэрквы-крэпасці ў Сынковічах i Малым Мажэйкаве. Гістарычна-архітэктурны нарыс. Miнск, 1989. С. 12-13.

[24] Габрусь Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі. Мінск, 2007. С. 67.

[25] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i róźnicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // SŻ. Warszawa, Poznań, 1959. T. IV. S. 96.

[26] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499 - 1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius. Vilnius, 1995. S. 175. // Рэжым доступу: http://starbel.narod.ru/metrika/rgada100.htm. Дата доступу: 03.07.2016.

[27] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499-1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius.. Vilnius, 1995. S. 257 // Рэжым доступу: http://starbel.narod.ru/metrika/rgada100.htm. Дата доступу: 03.07.2016.

[28] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499 - 1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius.. Vilnius, 1995. S. 287 // Рэжым доступу: http://starbel.narod.ru/metrika/rgada100.htm. Дата доступу: 03.07.2016.

[29] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1994. Т. 2. С. 423.

[30] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494-1506): Užrašymų knyga 6 / Lietuvos istorijos institutas; parengė A. Baliulis. Vilnius, 2007. С. 308.

[31] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499 - 1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius.. Vilnius, 1995. S. 277. // Рэжым доступу: http://starbel.narod.ru/metrika/rgada100.htm. Дата доступу: 03.07.2016.

[32] Lietuvos metrika. Knyga Nr. 8 (1499 - 1514): Užrašymų knyga 8 / Parengė Algirdas Baliulis, Romualdas Firkovičius, Darius Antanavičius.. Vilnius, 1995. S. 319. // Рэжым доступу: http://starbel.narod.ru/metrika/rgada100.htm. Дата доступу: 03.07.2016.

[33] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Исторические очерки. М., 1892. C. 602.

[34] Лейці - служылае саслоўе, служылі ў якасці памежнай варты, абаранялі замкі, прадстаўлялі велікакняскую ўладу на ўскраінах і ўтаймоўвалі незадаволеных ёй. Пазней яны даглядалі коней гаспадара і суправаджалі яго ў падарожжах.

[35] Князья Полубинские. Сборник исторических материалов по истории рода / составитель: Д. Г. Карпинский) // Рэжым доступу: http://www.wikiznanie.ru/ru-wz/index.php/Полубинские. Дата доступу: 13.08.2013.

[36] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. Арк. 42.

[37] Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст. Мінск, 1993. С. 73-74.

[38] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 605. Воп. 8. Спр. 1443. Арк. 1.

[39] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 297.

[40] Гл: Маломожейковская «Мурованная» церковь. На память о 500-летии каменной церкви Рождества Пречистой Богоматери в селе Маломожейков, Лидского уез., Виленской губ. 13 мая 1907 г. Издание Виленского Православного Св.-Духовск. Братства. Вильна. 1907.

[41] Кушнярэвіч А. М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст. Мінск, 1993. С. 75.

[42] Семянчук А. А. Распаўсюджанне ідэй Фларэнцкай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім у канцы ХV - пачатку ХVІ ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. Гродна, 2009. C. 162.

[43] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 322.

[44] Там жа. С. 306.

[45] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 99.

[46] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. С. 423.

[47] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 297.

[48] Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне. Полацк, 2012. С. 44.

[49] Калятар - асоба, якая ўнесла сродкі на пабудову царквы, касцёла і мае адпаведнае права адносна яе.

[50] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 297.

[51] Там жа. С. 298.

[52] Гл.: дадатак 1. Дакумент 1542 г.

[53] Гл.: дадатак 2. Дакумент 1529 г.

[54] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 299.

[55] Метрыка ВКЛ. Кніга 28 (1522-1552 гг.). Мінск, 2000. С. 138.

[56] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 300.

[57] Там жа.

[58] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. С. 423.

[59] Маломожейковская «Мурованная» церковь. Вильна, 1907. С. 9-10.

[60] Парах - святар, які мае паўнамоцтвы кіраваць парафіяй (прыходам).

[61] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 299.

[62] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2, С. 423.

[63] Aftanazy R. Dzieje rezydencji. T. 4. Wrocław, 1993. S. 228.

[64] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. С. 423.

[65] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 306.

[66] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 299-300.

[67] Маломожейковская «Мурованная» церковь. Вильна, 1907. С. 10.

[68] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 300.

[69] Рuklow (падстаўка) - ножка на ніжняй дошцы абкладкі кнігі.

[70] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. Арк. 45.

[71] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 306.

[72] Пра І. Каяловіча гл.: Протаіярэй Іосіф Каяловіч // Лідскі летапісец. 2009. № 1-2 (45-46). C. 23.

[73] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 300.

[74] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 306.

[75] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 307.

[76] Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680-1682 гг.: Зборнік дакументаў / Склад. Д. В. Лісейчыкаў. Мінск, 2009. С. 24.

[77] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa litewskiego. Województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 209.

[78] Корева А. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерния. СПБ., 1861. С. 738.

[79] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 299.

[80] Aftanazy R. Dzieje rezydencji. T. 4. Wrocław, 1993. S. 229.

[81] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.634. Воп. 1. Спр. 53. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1784 г. С. 43.

[82] Aftanazy R. Dzieje rezydencji T. 4. Wroclaw, 1993. S. 163.

[83] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 322.

[84] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 42. С. 369-370.

[85] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 25.

[86] Там жа.

[87] Там жа.

[88] Манстрацыя - адмысловая дараносіца, спецыяльны посуд для Святых Дароў, якую выкарыстоўваюць для перанясення Святых Дароў, каб здзейсніць Сакрамант сабаравання цяжкахворым.

[89] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 25.

[90] Там жа.

[91] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 307.

[92] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 25адв.

[93] In folio - самы буйны памер, старонка кнігі, роўная палове памера друкарскага ліста. Дакладны памер залежыць ад памеру друкарскага ліста. Пасля пераходу на рулонную паперу «in folio» стала азначаць прыкладны памер у 38 см (у вышыню).

[94] In octavo - на друкарскім лісце размяшчаюцца 16 старонак, 20-25 см.

[95] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 25адв.

[96] Плецены з галля.

[97] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага і Слонімскага Дэканата. 1792 г. Арк. 25адв - 26.

[98] Там жа. Арк. 26.

[99] Там жа.

[100] Варыўня - гаспадарчая пабудова, якая выкарыстоўвалася для захоўвання бульбы, буракоў, малака, морквы і інш. Разам з прыпасамі ў варыўні трымалі дробны гаспадарчы інвентар.

[101] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 26.

[102] Гл:. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленскаго Учебнаго Округа. Т. XIII. Вильна, 1902. С. 154-235; Тое ж: Т. XIV. Вильна, 1904. С. 56-125; Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680-1682 гг.: Зборнік дакументаў / Склад. Д. В. Лісейчыкаў. Мінск, 2009. 270 c.: іл.

[103] Лісейчыкаў Д. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 66.

[104] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 26адв.

[105] Маецца на ўвазе уніяцкі катэхізіс, які меў назву: Собраніе припадковъ краткое, и духовнымъ особомъ потребное. Супрасль, 1722. Гл: Лісейчыкаў Д. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720-1839. Мінск, 2011. С. 7, 88.

[106] Там жа.

[107] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 261.

[108] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. №42. С. 370.

[109] Выдатны лідскі гісторык Міхал Шымялевіч піша пра цікавыя вынікі судовага працэсу для іншага Кастравіцкага ў тым жа 1792 г.: «… традыцыя адбыцця пакарання "ў вежы" калегіума піяраў … пратрымалася да ўпадку Рэчы Паспалітай. У 1792 г. суд павятовай канфедэрацыі, па скарзе пана Караля Лясковіча, уладальніка Ваверкі, асудзіў за звыклы суседскі эксцэс пана Ігнацыя Кастравіцкага, генерал-ад'ютанта Яго Каралеўскай Мосьці і кавалера ордэна Св. Станіслава, уладальніка Паперні, на некалькі тыдняў вежы. Калі пан Кастравіцкі для адбыцця кары прыбыў у Ліду і звярнуўся да гродскага намесніка, каб той вызначыў месца, дзе можна адбыць "вежу", намеснік адказаў яму, што ў Лідзе няма такога адпаведнага месца, тады Кастравіцкі зрабіў так жа, як і іншыя прыгавораныя рабілі ў такіх выпадках, - за ўласныя грошы наняў пакой у кляштары лідскіх піяраў і там адбыў "вежу"». Цыт. па: Szymielewicz Mł. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka. 1937. № 4. S. 44.

[110] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 26адв.

[111] Там жа.

[112] Презента - дазвол калятара на атрыманне месца параха.

[113] Феліцыян Піліп Валадкевіч (1762-1778), епіскап уладзіміра-валынскі, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 г., з'ехаў у Прусію.

[114] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага і Дэканата. 1792 г. Арк. 26адв.

[115] Гл.: дадатак №5. Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. СПб., 1890. Дадатак В. Виды местностей и зданий. С. 129.

[116] Калі царква паўгода не мела параха, для часовага кіравання ёй прызначаўся адміністратар.

[117] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 308.

[118] Там жа.

[119] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 308.

[120] Подробный Алфавитный указатель к I-XIII томам Археографического сборника документов, издаваемого при Виленском учебном округе. Вильна, 1905. С. 6.

[121] Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 87.

[122] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 34. С. 308.

[123] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г.

[124] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907. С. 434.

[125] Інстыгатар - духоўны суддзя, які адказваў за маральнае аблічча парахаў.

[126] Археографический сборник документов, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 136-139.

[127] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 321.

[128] Лісейчыкаў Дзяніс. Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596―1839 гг. Мінск, 2015. С. 386.

[129] Археографический сборник документов, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 86.

[130] Археографический сборник документов, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 99-100, 104.

[131] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 321.

[132] Вопісы парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. // Лідскі Летапісец. 2013. № 1 (61). С. 30.

[133] Аршын - мера даўжыні ад 0,652 да 1,12 м. У Расіі, з 1736-42 гг. роўны 0,71119 м.

[134] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 10. Спр. 1591.

[135] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 321.

[136] Там жа. С. 299.

[137] Круцікаў У., Лаўрэш Л. Гісторыя парафіі ў Ішчалне // Наша слова. 2005. 15 чэрвеня.

[138] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 321.

[139] Дараносіца.

[140] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 322.

[141] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 42. С. 370.

[142] Там жа.

[143] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 42. С. 370.

[144] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 19. Спр. 1005.

[145] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 19. Спр. 1752.

[146] Записки Иосифа, Митрополита Литовского. СПб., 1883. Т. 3. С. 1021.

[147] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 605. Воп. 8. Спр. 1443.

[148] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 605. Воп. 8. Спр. 1443. Арк. 2-21.

[149] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 42. С. 370- 371.

[150] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. 1907. № 8. С. 168.

[151] Мера даўжыні, роўная 4,4 см.

[152] Сажань - мера даўжыні. У 1835 г. быў замацаваны памер сажаня, роўны 7 англійскіх футаў, або 84 дзюймы, гэта адпавядала 3 аршынам (213,36 см).

[153] Найвялікшаму і наймілейшаму Богу, Пасмяротныя астанкі Шымкі Мацкі Лундзілавіча, тут ад 1884 года пахаванага, фундатар гэтай царквы Казімір Кастравіцкі, спадчыннік, паставіў яму гэты помнік у адрэстаўраванай святыні, 1808 год.

[154] Найвялікшаму і наймілейшаму Богу і ў Яго славу паставіў гэты помнік у гэтай царкве на вечную памяць Казімір з Кастрова Кастравіцкі, дзедзіч у Мажэйкаве Лідскага павета і ў Падоллі Слонімскага павета. Гэтую царкву ён па-новаму аднавіў і фундаваў алтар рымскага абраду для жалудоцкіх кармелітаў, 1822 год.

[155] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 298-299.

[156] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 33. С. 298.

[157] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Менск, 1928. Т. 1. С. 256.

[158] Салея - ўзвышэнне падлогі перад алтаром або іканастасам у храме.

[159] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 36. С. 322.

[160] Там жа. С. 323.

[161] Там жа.

[162] Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 4. С. 51.

[163] Крыж, абведзены кругам, мае традыцыйную назву Кельцкі ці Сонечны крыж - раўналучавы крыж з кругам. З'яўляецца характэрным сімвалам кельцкага хрысціянства. Сімвалізуе сонца, паветра, зямлю і ваду ў адзінстве, пазначае цыклічнасць і замкнёнасць. Крыж з'явіўся ў Ірландыі да VIII ст. Існуюць шматлікія прыклады выяваў крыжа і круга.

[164] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. 1907. № 8. С. 168.

[165] Сялянская Ніва. 1926. 31 сакавіка.

[166] Коломийцев А. А. Лев Савицкий // Актуальныя праблемы гістарычнай навукі і адукацыі : зб. навук. арт. / пад рэд. С. В. Марозавай. Гродна: 2014. С. 240

[167] Завала В. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. 2000. № 9. С. 63.

[168] Маломожейковская «Мурованная» церковь. Вильна, 1907. С. 17.

[169] Савицкий Л. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. № 42. С. 369.

[170] Там жа.

[171] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. 1907. № 8. С. 169.

[172] Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Отдел II. Вильна, 1893. С. 100.

[173] Завала В. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. 2000. № 9. С. 64.

[174] Там жа. С. 64-65.

[175] Литовские Епархиальные Ведомости. 1902. № 45. С. 375-377.

[176] Завала В. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. 2000. № 9. С. 64-65.

[177] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. 1907. № 8. С. 158-162.

[178] Вашкевіч А. Грэка-каталіцкае насельніцтва Аўгустоўшчыны ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ стст. (канфесійныя змены і фармаванне этнічнай свядомасці) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2005. № 24. С. 46, 53-54.

[179] Вераніка Канюта. Таямніцы Маламажэйкаўскай царквы // Рэжым доступу: http://old3.zviazda.by/globus/tayamnicy-malamazhejka%D1%9Eskaj-carkvy. Дата доступу: 03.07.2016.

[180] Горны А. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 46

[181] Там жа.

[182] Горны А. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 46.

[183] Там жа.

[184] Беларускае слова. 1926. № 5. С. 3.

[185] Загідулін, А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 162: Спіс неадкладнай дапамогі праваслаўным духоўным Лідскага павета за сакавік і красавік 1926 г.: Голдаўскі прыход, Кудасаў Уладзімір (благачынны) - 80 злотых; Зблянскі прыход, Валкоўскі Мікалай (настаяцель) - 65 злотых; Жыжмянскі прыход, Шчэрбіцкі Юзаф (настаяцель) - 65 злотых; Дакудаўскі прыход, Аляхновіч Ян (настаяцель) - 65 злотых; Радзівонішскій прыход, Коршун Рыгор (настаяцель) - 65 злотых; Табольскі (Беліцкі) прыход, Яцкевіч Ян (настаяцель) - 65 злотых; Баброўскі прыход, Бяляеў Аляксандр (настаяцель) - 65 злотых; Ганчарскі прыход, Малевіч Дзмітры (настаяцель) - 65 злотых; Лідскі прыход, Кірык Уладзімір (настаяцель) - 65 злотых; Лябёдскі прыход, Шыкаловіч Сымон (настаяцель) - 65 злотых; Ракавіцкі прыход, Флораў Уладзімір (благачынны) - 80 злотых; Глыбоцкі прыход, Загорскі Антон (настаяцель) - 65 злотых; Дэмбраўскі прыход, Мышкоўскі Базыль (настаяцель) - 65 злотых; Дзікушскій прыход, Жэброўскі Барыс (настаяцель) - 65 злотых; Арлянскі прыход, Галянкевіч Мікалай (настаяцель) - 65 злотых; Астрынскі прыход, Ліхнякевіч Ян (настаяцель) - 65 злотых, Лебедзеў Мікалай (вікарый) - 40 злотых; Пакроўскі (Сабакінскі) прыход, Шчастны Юстын (настаяцель) - 65 злотых; Турэйскі прыход, Ленько Кірыл (настаяцель) - 65 злотых; Шчучынскі прыход, Драздоў Рыгор (настаяцель) - 65 злотых.

Праваслаўная Беларусь 1928. №8. С. 14: У 1928 г. Міністэрства рэлігійных вызнанняў канчаткова вызначыла сталыя аклады для праваслаўнага сьвятарства па стаўкам, якія былі суадносіліся са стаўкамі папярэдніх гадоў, грошы выдаваў павятовы стараста: настаяцелю 70 зл., філіяльнаму ці іншаму святару 55 зл., дыякану 30, псаломшчыку 20 і т.д.

[186] Маракоў, Л. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. Т. 2 // Рэжым доступу: http://www.marakou.by/by/davedniki/sviashchenniki_tom2/tom-ii/index_26142.html. Дата доступу: 03.07.2016.

[187] Маракоў Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя настаўнікі Т. IV. Кн ІI. // Рэжым доступу: http://www.marakou.by/by/davedniki/repres_nastaunik/tom-iv-kniga-ii/index_24965.html. Дата доступу: 03.07.2016.

[188] http://ru.wikipedia.org/wiki/Чудаков,_Александр_Павлович

[189] Чудаков А. П. Ложится мгла на старые ступени М.: ОЛМА-Пресс, 2004. - 573 с.

[190] Гл: Мариэтта Чудакова о муже и авторе романа «Ложится мгла на старые ступени» // Рэжым доступу: http://www.taday.ru/text/1539262.html. Дата доступу: 03.07.2016.

[191] «Русский Букер десятилетия» присужден посмертно // Рэжым доступу: http://www.bbc.com/russian/society/2011/12/111201_chudakov_booker_prize.shtml. Дата доступу: 03.07.2016. "Рускі Букер" - літаратурная прэмія за лепшы раман на рускай мове, уручаецца з 1992 г. 30 чэрвеня 2011 г. быў аб'яўлены конкурс прэміі "Рускі Букер дзесяцігоддзі" на лепшы раман 2001 - 2011 гг. У шорт-ліст патрапілі 5 раманаў і ў выніку прэмію атрымаў раман Аляксандра Чудакова.

[192] Горны А. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 47.

[193] Праваслаўная Беларусь. 1927. № 5. С. 10-11.

[194] Там жа

[195] Горны А. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 47.

[196] Там жа.

[197] Słowo. 1928. 22 listopada.

[198] Завала В. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. 2000. № 9. С. 65.

[199] Беларуская зарніца. 1928. № 6. С. 16.

[200] Słowo. 1928. 15 listopada.

[201] Горны А. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 47.

[202] Нацыянальны дэмакрат, маецца на ўвазе член ці прыхільнік гэтай партыі.

[203] Rostworowski A. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924 -1928 // Goniec Kresowy. Rok 2003. Nr 41. S.13.

[204] Дакументы па архітэктуры і картаграфіі Беларусі ў архівах Санкт-Пецярбурга і Вільні. Мінск, 1994. С. 102.

[205] Менавіта так напісана па-польску.

[206] Rostworowski A. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924 -1928 // Goniec Kresowy. Rok 2003. Nr 41. S.13.

[207] Завала В. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе. 2000. № 9. С. 65-66.

[208] Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. №33. С. 299.

[209] Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. №33. С. 299-300.

[210] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 823. Воп. 3. Спр. 518.

[211] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага Дэканата. 1792 г. Арк. 25-26адв.

[212] У дакуменце памылкова Бенедыкты і Казіміра з Зяньковічаў Кастравіцкіх - Д. Л.

[213] Верагодна, маюцца на ўвазе Сымон і Павел Насеннікі - Д. Л.

[214] У дакуменце памылкова 1758 г. - Д. Л.

[215] Так у дакуменце. Магчыма, маецца на ўвазе 1655 г. - Д. Л.

[216] Так у дакуменце. Магчыма, маецца на ўвазе 1655 г. - Д. Л.

[217] У дакуменце Марымонта. - Д. Л.

[218] Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. СПб., 1890. Дадатак В. Виды местностей и зданий. С. 129.

[219] Касцёл насупраць гэтай царквы - фантазія Бацюшкава.

[220] Савицкий Лев. Маломожейковская (или Мурованая) Пречистенская церковь // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873 №42. С. 371-372.

[221] Беларуская зарніца 1929. №3(10). С. 16.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX