Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Баруны 


Аўтар: Ходзька Ігнат,
Дадана: 24-07-2025,
Крыніца: Ходзька Ігнат. Баруны. пер. з польскае мовы, і камент. Леанід Лаўрэш. Издательские решения, 2025. 90 с.

Спампаваць




Ад перакладчыка

Download epub book

Баруны

І.

II.

III.

IV.

Дадаткі

Святлана Марозава. Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы

Сяргей Марозаў. Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі


Пераклад успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната Ходзькі, выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша. У дадатках два даследчыя артыкулы д. г. н., прафесара Святланы Марозавай і к. г. н., дацэнта Сяргея Марозава. Пераклад і выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г. і прысвечана каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

Ігнат (Ігнацы) Ходзька (1794-1861) вядомы пісьменнік і паэт, аўтар вялікай колькасці твораў. Вучыўся ў Барунскай школе а потым у Віленскім універсітэце, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі.

Ад перакладчыка

Баруны - гэта старажытнае магдэбургскае мястэчка ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Сваім развіццём яно абавязана іконе Маці Божай, якая ўжо 330 гадоў шануецца як цудатворная, заснаванню базыльянскага манастыра і пабудове ўніяцкага храма. Сённяшнія Баруны - вёска з насельніцтвам 434 чалавекі (на 2019 год) і прыгожым будынкам касцёла ў цэнтры. Узведзены ў сярэдзіне XVIII ст. як уніяцкая царква, храм з'яўляецца шэдэўрам архітэктуры віленскага барока. Невялікае і звычайнае, на першы погляд, вясковае паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі. Але яно мае высокі гістарычны статус як значны культурна-рэлігійны асяродак з 400-гадовай адукацыйнай традыцыяй.

Ходзька Ігнат. Баруны. пер. з польскае мовы, і камент. Леанід Лаўрэш. Издательские решения, 2025. 90 с.

У Барунах - самая старажытная дзеючая школа краіны. Яе заснавалі ў 1617 г. манахі-базыльяне. У эпоху Асветніцтва гэта была адна з найлепшых школ на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ ст. яна праславілася сваімі выпускнікамі, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы; займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.

Вобраз Барунаў у 1879 г. увекавечыў мастак Напалеон Орда. Барунам і яго навучальнай установе прысвяцілі свае літаратурныя творы (мемуары, паэма) яе выпускнікі розных эпох - пісьменнікі і паэты Ігнат Ходзька, Антон Адынец (ХІХ ст.), Пятро Бітэль (ХХ ст.). З пачатку ХХІ ст. незвычайную цікавасць да гісторыі і спадчыны мястэчка праяўляюць даследчыкі.

Прапаноўваем вашай увазе беларускамоўны пераклад белетрызаваных успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната (Ігнацы) Ходзькі (1794-1861), выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра сваё навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Яго мемуары так і называюцца «Баруны».

Пераклад твораў аўтараў першай паловы XIX ст. мае свае асаблівасці. Нашы папярэднікі пісалі складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі інакш, чым мы сёння. Той, хто чытаў іх тэксты ў арыгінале, уяўляе гэту спецыфіку. Мой досвед перакладу найкаштоўнейшых тэкстаў той эпохі заключаецца ў імкненні захаваць залатую сярэдзіну - зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова перадаць аўтэнтычны аўтарскі стыль.

Пераклад успамінаў Ігната Ходзькі «Баруны» ажыццяўляецца на аснове вывучэння двух выданняў: 1908 і 1925 гадоў [1], якія маюць некаторыя розначытанні. Выданне 1925 года дапоўнена вялікай колькасцю тлумачэнняў слоў, ужо незразумелых чытачу XX стагоддзя. Гэту практыку я выкарыстоўваю і істотна пашыраю колькасць падрадковых тлумачэнняў, каб адаптаваць тэкст для сучаснага чытача.

Паколькі Ігнат Ходзька вучыўся ў базыльянскай школе і пісаў пра Барунскую ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву, то я палічыў, што сэнс і дух яго цудоўнай працы лепш і больш дакладна перадасць пераклад слова «ксёндз», якое ўжывае аўтар, як «святар», а слова «касцёл» - як «царква».

Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

Наша выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г.

Выданне мае дадатак - два даследчыя артыкулы. Спецыяліст па гісторыі Уніяцкай царквы Беларусі (1596-1839) Святлана Марозава ў артыкуле «Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы», напісаным на багатай базе гістарычных крыніц, расказала пра школьнае жыццё ў мястэчку часоў Ігната Ходзькі і Антона Адынца. У артыкуле «Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі» Сяргей Марозаў, які спецыялізуецца на даследаванні беларускай гістарычнай палітыкі, паказаў Баруны як знакавае «месца памяці» беларускага народа.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік



Прысвячаецца майму аднакласніку Антону Эварду Адынцу


Баруны

Ігнат Ходзька


Далятае да мяне гук далёкіх званоў,

Краіна вобраз Літвы мне ўзнаўляе,

Успамінаю гады дзяцінных сноў

І свае дзіцячыя малітвы прамаўляю! [2]

Адынец. Разважанні ў Італіі.

І.

Пад апекай слыннай сваімі цудамі Маці Божай Барунскай штогод у школе раслі і вучыліся некалькі сотняў дзяцей. Бацькі з далёкіх і блізкіх ваколіц Ашмянаў, якія прывезлі і пакінулі тут сваіх сыноў, вялі іх да алтара Багародзіцы, са слязьмі прасілі Яе ласкі, ускладалі на галовы дзяцей сваё пяшчотнае дабраслаўленне, а потым вярталіся дадому з супакоеным сэрцам. Неаднойчы з апошняга ўзгорка за Барунамі, з якога быў бачны толькі крыж касцёла, заплаканая маці яшчэ раз выходзіла з брычкі і адпраўляла гарачыя малітвы туды, дзе пакінула самае дарагое, дзе пакінула душу сваёй душы. А вучань, разлучаны з маці, плакаў, стоячы на вуліцы, і глядзеў на дарогу, на якой знікла брычка і на якой сустракаліся іх узаемныя тужлівыя ўздыхі!

Ці бываў зараз хтосьці з маіх барунскіх калег у спустошаных [3] Барунах? Ах, напэўна ж, не. А ці глядзеў ён калісьці на сляды сваёй маладосці тут з такім жа пачуццём, як я? Ці з такім жа чароўным і сумным пачуццём ён падаў на калені перад тым самым абразом, перад якім калісьці па-чарзе кленчыў і я з іншымі? Ці адчуў ён душою гэтую вялікую розніцу ў часе і гэтую яшчэ большую розніцу паміж сваім юнацкім і старым сэрцам? Ці адчуваў ён глыбокі жаль да самога сябе, з якім чалавек бачыць сваё жыццё перад вачыма таго, хто яго дае, і з якім просіць яго прыхільнага позірку, як дзіця кліча да сябе маці, якая гадуе яго?

Баруны знаходзяцца ў лясной частцы Ашмянскага павета:


«Дзе было логава мядзведзя,

І дзе ласі пасуцца,

Там грэшнік жыве ежай нябеснай» і г. д.


- гаворыць старадаўняя песня, складзеная ў гонар цудоўнага Барунскага абраза. Напэўна, і сапраўды глухая была пушча ў той час тут, калі сціплыя законнікі св. Базыля выбралі тут для сябе такое бязлюднае месца. Пазней на гэтым месцы, ужо славутым ласкамі Дзевы Марыі, былі пабудаваны святыня і вялікі кляштар. Нарэшце пустыня ажыла з-за мноства дзяцей, якія кожную нядзелю спявалі тут пра гісторыю і славу гэтага месца.

З узбуджаным уяўленнем і гарачым сэрцам я выйшаў з царквы на рынак у Барунах, на які пад'ехаў адразу. Цудоўны летні вечар. Ужо цямнела і мне здавалася, што вось-вось з усіх дамоў, якія акружалі рынак, пасыплецца мноства вясёлых мальцаў і пачуюцца іх галасы. Пачуецца рытмічнае рэха ад удараў мяча аб вежы і сцены, якія атачаюць царкву, што святары-прафесары паціху выйдуць з кляштара і з імі нават сам дабрадзей святар-прэфект, што некаторы час яны з задавальненнем будуць глядзець на агульную мітусню, на гэты яркі вобраз весялосці, на маладзейшых і жвавейшых за іх і ў рэшце-рэшт не вытрымаюць, як не ўтрымалі яны свае годныя пасады і станы, але ў братэрскай роўнасці згуртуюцца і ад ўсяго сэрца пачнуць займацца нявіннымі студэнцкімі сваволямі! Колькі разоў, напрыклад, святар-фізік ці святар-красамоўца, закруціўшы габіт [4] ля чаравікаў, як лось, бег да фінішу або ўтыкаўся сваёй шырокаю далонню ў сцяну каб пацэліць скураным мячом, або з палкай на плячы замест карабіна муштраваў войска выбранцаў-рыцараў, узброеных так жа, як і ён!

Але мае абуджаныя падманам чаканні не вярнулі мінулага і не змянілі цяперашняй рэчаіснасці. Напаўразбураныя хаты не кішэлі дзецьмі, па могілках сунуўся пануры манах, па вуліцах цягнулася абарваная галата, на рынкавай плошчы, толькі перад капліцай, сядзела баба ў лахманах і сярод аглушальнай цішыні мармытала вячэрнюю малітву, якая адпавядала гэтаму вобразу няшчасця і жалобы. Можа гэта паўтаравекавая Радуцына, падумаў я - пострах і забава былых вучняў? Напэўна ж, не! Але, гэтая баба займае звычайнае і ўлюбёнае месца былой Радуцыны, чыя постаць, рысы і ўчынкі - той сапраўднай Радуцыны, зараз захапілі маё ўяўленне.

Гэта была сапраўдная Мегмярыліс [5] барунская: баба старая, але худая і высокая, часта напаўп'яная, часта напаўвар'ятка. Калі яна, шырока раскінуўшы лахманы, ішла па рынкавай плошчы з высока паднятай галавой, размахваючы чорным агузам [6] і спяваючы хрыплым голасам нейкую бязбожную песню, а дзеці збягалі перад ёй з дарогі і крычалі: «Чараўніца! Радуцына-чараўніца!». Але калі ўвечары яна ціха і сумна сядзела на сваім камені ля капліцы, прывабіўшы да сябе аднаго са сваіх смялейшых фаварытаў, і пачынала расказваць яму цікавую гісторыю пра прывід, які штоноч вылазіў вось з гэтага самага склепа з-пад царквы і адразу ішоў на могілкі, а потым зноў вяртаўся ў склеп, як яму потым адсеклі галаву, і ён больш не з'яўляўся. Як ляцела саранча, што аж сонца не было відаць, і на кожным яе крыльцы было напісана па-яўрэйску, што гэта Божая кара. Як была маравая чума і ўсе памерлі. Як потым муравалі гэтую царкву, і Радуцына падавала цэглу, і адзін з муляраў зваліўся з даху, але праз цуд Маці Божай Барунскай падняўся з зямлі жывы і здаравюткі. І як гэта ўсё было сто гадоў таму... Калі яна так расказвала, хутка збіралася ўсё большае і большае кола слухачоў, пра Радуцыну-чараўніцу забываліся, а беднай старой Радуцыне пакавалі ў чорную торбу і кішэні медзякі, пірагі і абаранкі.

- Дзякуй, Ясю! Дзякуй, Антосю, Леанардку, дзякуй вам, - казала яна. - Дайце мне свае лапкі, паваражу вам за гэта.

Адразу некалькі рук высоўвалася наперад і неспакойная цікавасць была бачна на тварах малых. Радуцына па-чарзе брала рукі, глядзела ў вочы і са злараднай усмешкай імправізавала прароцтва:

- Ты будзеш! Ах! Табе будзе добра на свеце! Ты будзеш эканомам. - Баба ведала, што гэта пан маршалковіч.

- Антось - эканом! Антось - эканом! - крычала ўся чарада, а маршалковіч апускаў нос да долу.

- А ты! Хоць ты цяпер і худы пахолак [7], шляхцюк з Паленікаў, але будзеш... генералам.

- Лявось - генерал! Віват! Лявось - генерал! - зноў крычаў і скакаў хор сведкаў гэтай сцэны.

- А я? А я? - крычалі яны ўсе разам, тоўпіліся адзін перад адным і наперад гвалтам працягвалі далоні.

- Ты! Ты будзеш спяваць імшу, свентаблівы Ясю!

- Віншуем цябе, брава! Свентаблівы, свентаблівы!

І Ясь не ведаў, радавацца яму ці плакаць над сваім лёсам!

- А ты, паніч! Табе ў суботу розгі, а ў нядзелю пірагі!

Радуцына нядаўна вярнулася з вандроўкі па ваколіцах. Усюды ў бацькоўскіх хатах барунскую бабу сустракалі ахвотна і ветліва, і таму яна ведала, што маці Тадэвушка будзе тут у нядзелю, яна ведала, што Тадэвушак, галоўны вісус, напэўна, не пазбегне суботняй кары. Раптам жанчына ўставала, грозна выпроствалася і хрыпла раўла:


- Упэўнены, багаты,

З золата, срэбра палаты,

І занадта дарагія шаты,

Меў аксаміт і пурпуры,

А ў мяне латы і дзюры [8].


Постаць, твар, голас і мятла пекара, на якую яна абаперлася, вярнулі Радуцыну-чараўніцу. Спалоханы натоўп у імгненне вока разбегся, і шмат хто з пераляканых зухаў не мог заснуць, бо яшчэ да поўначы панура і ціха неслася песня пра Лазара з-пад капліцы, як з магілы.

Дзённае святло згасла, неба ўсыпалася зоркамі, прыгожая і ціхая ноч дадавала маім думкам новай прывабнасці, і кожнае месца, кожны мой крок, усе залатыя імгненні майго дзяцінства аднаўляліся ў маёй памяці. Тады праз гумніскі і платы кожную зіму пралягаў небяспечны ледзяны акоп. Колькі снегу трэба было накапаць, каб як след падняць і ўмацаваць яго! Перад ім, на варце, як перад зачараваным палацам Амадыса [9], стаяў магутны волат: галава сфінкса з вачыма з двух чорных вуглёў, цела Бахуса і ногі Радоскага калоса. У руцэ ён трымае дубіну Геркулеса, і гора таму, хто дакранецца да яе! Кожны вечар, калі з-за вільготнага паветра было добра ляпіць снежкі і лядышкі, гэты акоп павінен быў вытрымаць моцныя штурмы. Рынак і Менская вуліца наступаюць на вуліцу Віленскую, з аднаго боку камандуе пан Лявон, нядаўна прызначаны Радуцынай генералам, з другога - пан Юстын, стары інфіміст [10], трохгадовы ветэран 1-га класа, хоць і не цвёрды ў доказах таго, што «розумам і мовай людзі адрозніваюцца ад жывёл», але добры гулец у карты, першы рыцар на слізгаўцы і самы адважны важак у снежкі.


З'явіліся ахвотнікі: адтуль і адгэтуль яны -

Адразу для забавы, потым для вайны» [11].


Град снежак лётае ў паветры, і хоць вечаровыя прыцемкі засланяюць бойку, аднак хаос, крыкі і агульная мітусня ўзмацняюцца. Пан Стэфан бачыць, што справа ідзе дрэнна, што пан Лявон топча яго войскі, як кавалерыст разбітую пяхоту, што большая частка яго войска коціцца па снезе, і падае каманду:

- Адступаць! За акоп, панове! За акоп!

Крычыць:

- Хто ведае, можа небяспечны вораг з'явіцца з боку кляштара!?

... І ў гэты момант усе ўбачылі з боку кляштара святло знаёмага ліхтара!

- Святар-прэфект! Святар-прэфект!

Гэтую засцярогу чуюць два бакі: бітва скончана, святло набліжаецца! І адразу град снежак і кавалкаў лёду паляцелі з абодвух бакоў у гэтую добра бачную цэль. І ўсе разбегліся! Паранены некалькі разоў, з разбітым ліхтаром, святар-прэфект знаходзіць толькі пустку. Пачынаецца праверка вучняў па кватэрах [12]. Марная спроба знайсці вінаватых. Мальцы ціха сядзяць за сталамі, хаваюць вушы, лыпаюць вачыма і голасна зубраць: «Былі такія, былі такія Анёлы, Анёлы, Анёлы, якія з Богам ваявалі» [13] і г. д.

II.

Дваццаць гадоў таму каля Барунаў жыў апошні пустэльнік Літвы. Толькі таму, што я ведаў, колькі крокаў ад мястэчка да яго пустэльні, мне ўдалося знайсці гэтае месца. У некалі пустым яго садзе раслі пышныя дрэвы, пустазелле-паразіт распаўзлося па дзёрне цеснага панадворка, і невялікі грудок друзу пазначаў месца былой хаткі. Месяц лагодным ззяннем абліваў гэты маленькі краявід, сярод якога я, вандроўнік здалёк, прамовіў шчырую і простую малітву за душу сябра з майго дзяцінства:


Вечны адпачынак

Дай ім, Пане ...


Пачцівы стары! Як ён любіў барунскіх дзяцей! Ён быў суддзёй у нашых справах і часта гарантам перад дырэктарам або прэфектам. Ён быў лідэрам ў зборы зімовых запасаў арэхаў, яблыкаў і лясных грушак, якіх у сябе меў невычэрпны запас для штодзённых гасцей. Раніцай ён сустракаў узыходзячае сонца песняй «Вітаю ранішнюю зару», рэха якой даносілася да мястэчка. Калі айцец-пустэльнік з'яўляўся на вуліцы, яго атачалі дзеці і, падскокваючы, з радасцю віталі і вялі ў царкву на вучнёўскую імшу, на якую ён нязменна прыходзіў кожны дзень. На яго састарэлым твары, аздобленым густой і сівой барадой, бачыўся тады сапраўдны выраз той руплівасці і глыбокай веры, каторай гарэла да Бога яго простая душа. Слёзы каціліся па яго бледным твары, калі ён, укленчыўшы з паднятымі рукамі, далучаў свой дрыготкі голас да хору дзяцей і спяваў:


- Святы Божа,

Святы Моцны,

Святы Несмяротны,

змілуйся над намі!


Так у неба ўзносіліся малітвы адразу з абодвух памежжаў чалавечага жыцця - надзеі на жыццё і надзеі на жыццё пасля смерці, малітвы дзіцячых просьбаў, пакланення і славы - чыстыя, жывыя, ззяючыя, нібы алмазы высыпаныя на алтар, каб упрыгожыць карону Панны Марыі, і малітва жабрачай пакоры, скрухі, а можа, і пакуты, глыбокая і важкая, як кавалак валуна, з цяжкасцю падняты і пакладзены ў ахвяру на прыступкі алтара.

Пакаянныя малітвы айца Ануфрыя, напэўна, не былі горкімі. Згрызоты сумлення не цягнулі яго людскую істоту ў адзіноту, але і не перашкаджалі яго самотнасці. Яго мінулае, так бы мовіць, не ішло па вострых расколінах жыцця, падзеі якога прывялі яго да пустэльніцтва, але яны маглі б паслужыць асновай для рамантычнага рамана. Шляхціц, у маладосці вайсковец, потым дваранін аднаго з літоўскіх магнатаў, нарэшце гаспадар на ўласным малым кавалку зямлі, ён ажаніўся і жыў з каханай жонкай ціхім жыццём, па звычаях нашай простай і сумленнай шляхты. Уцеха іх сталага ўзросту і надзея на старасць - іх адзіны сынок, да сямі гадоў рос жывым і здаровым. Аднойчы ён ехаў на коніку па полі, і бацькі з вішнёвага саду глядзелі на яго:

- Моцны хлопчык! - сказаў бацька.

- Любае дзіця! - прамовіла маці.

- Што з яго будзе?

- Будзе пачцівы чалавек, Тарэза! Аддамо яго ў школу.

- А потым?

- А потым, калі вывучыцца, вернецца да нас!

- А потым, маё сэрца?

- Потым, мая душа ... што потым? Сёння няма ўжо такіх двароў, у якіх я ў маладосці служыў. ... Пойдзе ў войска.

- Аднаго яго маем, хто ж будзе клапаціцца пра нашу старасць?

- Яшчэ праз нейкі час ажэнім яго.

- А потым?

- Ах, смешная ты мая Тарэзю, потым мы будзем гадаваць нашых унукаў, Антось будзе гаспадарыць, працаваць на сваёй дзялцы і на сваіх бацькоў.

- А потым, маё сэрца, будзем жаніць нашых унукаў.

- О, мая душа, ты б жадала жаніць усіх нашых нашчадкаў да сёмага калена! Не, мая Тарэзю, потым мы будзем старыя, ты будзеш унучкам лялькі апранаць, а я буду ўнукам конікаў стругаць, і будзем мы спакойныя і шчаслівыя!

- Так, будзем шчаслівыя! - паўтарыла жонка, сагрэтая мацярынскімі пачуццямі. Мы будзем шчаслівыя! ... О Божухна! - раптам закрычала яна і ўпала без прытомнасці!

Конь Антося спалохаўся нейкага куста, раптоўна скінуў з сябе вершніка і паляцеў як страла... Маці больш нічога не бачыла, але бацька ў імгненне вока пераскочыў цераз агароджу і пабег за канём, які цягнуў яго любага Антося за нагу, заціснутаю ў стрэмі. Нарэшце конь заграз у балоце, а няшчасны бацька прыпаў да збітага і акрываўленага сына, які не падаваў прыкмет жыцця!

Гэта чалавечыя надзеі! Гэта чалавечае шчасце! - Зайздроснік людзей, невядомы вораг роду нашага - сатана, чакаў апошніх слоў усцешанай маці, яе самых дарагіх надзей: «Вось так мы будзем шчаслівыя», - схапіў ён гэтыя словы ў свае кіпцюры, люта раструшчыў, расцерушыў і кінуў пад ногі... Які жаль! Гэтыя словы больш ніколі не паўтарылі яе вусны.

Дрыготкі і заплаканы бацька прынёс любімае дзіця дадому і паклаў яго на ложак, жонку прынеслі з саду, яна хутка ачнулася, і першыя словы яе былі:

- Сын мой! Мой Антось!

Яна ўбегла ў другі пакой, дзе муж, схіліўшыся над ложкам, спыняў кроў з ран Антося і ажыўляў яго ўсімі магчымымі сродкамі. На крык жонкі ён падняў галаву, абодва, як аглушаныя, сталі над сынам, і глядзелі адзін на аднаго! Ах! Гэты позірк, які я не магу сабе ўявіць, вочы бацькоў над трупам свайго дзіцяці!


Напалеон Орда. Баруны. 1879 год.

Гэта працяла іх да глыбіні, скаланула ўсю іх істоту і, нарэшце, здабыла з аслупянелых вачэй крывавыя слёзы. Хата напоўнілася плачам абодвух бацькоў і енкамі вернай прыслугі... І праз некалькі дзесяткаў гадоў айцец Ануфрый, расказваючы пра гэтыя пакуты свайго жыцця, не мог стрымацца. Ён замаўкаў, цяжар у грудзях спыняў яго дыханне і крэмпаваў язык, і толькі пасля доўгай хвіліны здранцвення, калі слёзы ўжо коцяцца па яго твары, ён пачынаў зноў дыхаць і заканчваў расказ.

Антось аджыў, але паўсядзённая радасць бацькоў неўзабаве перайшла ў паўсядзённы смутак, бо падзенне іх сына ператварылася ў працяглую хваробу. З-за небяспечнага ўдару ў грудзі дзіця ссохла і прыкметна схуднела. Дарэмна кожны дзень ужываліся доктарскія і хатнія лекі. Часам з'яўляўся пробліск надзеі: хлопчыку на некалькі дзён станавілася лепш - тады бацькі зноў пачыналі жыць, але іх жыццё згасала разам з ім. Калі неўзабаве прыйшла яшчэ больш цяжкая хвароба, прыйшоў і яшчэ большы смутак. Неспакойная маці туліла да грудзей сваё любімае дзіця і, як магла, супакойвала яго пакуты. Часам, трымаючы яго на руках, падала перад абразом Маці Божай і са слязамі і малітвамі ўспамінала мацярынскі смутак Марыі падчас смерці Яе Сына на крыжы. Потым бацька браў хворага з рук маці і насіў яго, лашчыў, цалаваў, нібы хацеў аддаць яму сваё здароўе. Хлопчык тады забываўся пра сваю хваробу, абдымаў бацьку за шыю, клаў сваю бледную галаву яму на плячо і цешыў яго, кажучы: «Не плач, тататчка! А буду здаровы, мне ўжо лепей». Ах! Тады разрывалася сэрца бацькі, які не меў ніякай надзеі, і ўсё ж здавалася яму, што смерць не зможа вырваць сына з яго рук, і ён насіў яго, прыціснуўшы да грудзей, як мага даўжэй і з цяжкасцю на сэрцы клаў яго на ложак, ад якога бацькі не адыходзілі.

Нарэшце, маці, з'яднаная сваім уласным жыццём з жыццём дзіцяці, пастаянна змучаная горкімі клопатамі, знясіленая бяссоннымі начамі, захварэла сама і заняла ложак побач з сынам. «Альбо дай мне Бог устаць разам з ім, альбо дай мне памерці разам з ім!» - прасіла яна і, слабеючы з кожным днём, і нібыта ўгадвала свой лёс.

Пры такім сумным становішчы спраў аднойчы вечарам хворы, які ляжаў у другім пакоі, пачуў з першага:

- Слава Ісусу Хрысту, - а адразу пасля: - Вітае вас святы Юстын!

- Хто там, - слабым голасам адазвалася гаспадыня.

- Падарожнік, бедны і ўбогі: хаджу па святых і цудоўных месцах, прашу ў Бога здароўя для маіх дабрадзеяў. Вяртаюся з Мядзела ад св. Юстына [14], а іду ў Баруны. «Kyrye elejson! Chryste elejson!» [15] і г. д.

Хворая адразу ўстала з ложка і, увайшоўшы ў першы пакой, убачыла старую бабу, якая стаяла там, апранутая ў звычайнае адзенне вандроўных дзявотак [16]. Паўпаліто з грубага сукна, чорнае, добра пацёртае, з-пад яго доўгі шнурок, на канцы якога крыжык з некалькімі меднымі медалікамі. На грудзях вялікі скапуляры [17], а на плячы як бы знак жабрачага цэху, ад якога яе адрознівала толькі залатаная, але добра нагружаная торба і дарожная палка, якая пасавала б хутчэй моцнаму мужчыну, чым беднай і слабой жанчыне. Акрамя таго, каптур на галаве злёгку быў задраны ўверх, глядзела яна смела і з цікаўнасцю, постаць мела высокую і прамую. Такая фігура стаяла ў канцы цёмнага пакоя і панурым голасам мармытала малітву, гэта напаўняла хворую тым самым пачуццём трывогі і страху, які старая часта выклікала ў барунскіх студэнтаў сваім абліччам чараўніцы. Гэта была знаёмая нам Радуцына. У сваім падарожным і ўрачыстым убранні яна вярталася са свентаблівых вандровак, якія штогод рабіла ў розныя мясціны, не каб маліцца, а хутчэй каб наведаць знаёмыя сядзібы, сабраць навіны за ўвесь год і дарыць потым шчодрую міласціну падчас адпустаў.

- Ах! Мая бабуленька, памаліцеся за здароўе майго сына, - сказала асмялеўшая гаспадыня дома.

- Добра, дабрадзейка, але, здаецца, і ты не надта здаровая! - адказала Радуцына.

- Так, мая бабулька! Але не зважай на мяне!

- Бог з вамі, дабрадзейка, як не зважаць? Я буду маліцца і за маці, і за сына, я ведаю неабходную малітву. Толькі раскажы пра хваробу, як, што? І адкуль гэта ліха ўзялося? Можа, каўтун, можа, чары, ці ўрок хто?

- Не, мая бабуленька, - і тут яна расказала ўсю гісторыю Антосевай хваробы і нават завяла бабульку ў алькоў і паказала ёй хворага.

- Дрэнна зрабіла, дабрадзейка, што адразу пасля падзення не ахвяравала сына святым месцам: Жыровіцам, Будзе, Барунам. Ах! У Баруны, дабрадзейка, у Баруны! Неаднойчы я бачыла хворага, які ледзьве сам туды прывалокся, але, дзякуючы ласцы і цудам нашай барунскай Апякункі, вярнуўся здаровы, як рыбка! Вязіце свайго сына ў Баруны, дабрадзеі!

Бліснула надзея, і зачапіліся за яе няшчасныя бацькі. Пасля кароткай нарады, пастанавілі пад кіраўніцтвам Радуцыны здзейсніць пабожную пілігрымку ў Баруны і шлях пачаць на раніцы. Бабулю пачаставалі шчодрай вячэрай і паклалі на свежым сене ў адрыне.

На наступны дзень, як толькі заспяваў певень і абвясціў світанне, пан Ануфрый ужо рыхтаваў падарожны воз. Радуцына выйшла з адрыны са шнурком у руцэ і хадзіла па гумніску, малілася на ружанцы, часам перапыняла малітвы заўвагамі аб прыпасах, неабходных для хворых і здаровых. Нарэшце парабак вынес хворага Антося, за ім выйшла і яго нямоглая маці. Яны абодва размясціліся ў возе, парабак сеў за вазніцу, пан Ануфрый пайшоў побач пешкам [18], а Радуцына наперадзе павяла караван. Ужо вырушылі ў дарогу, калі высыпалася верная і сумленная чэлядзь, і, абступіўшы павозку, яны пачалі цалаваць рукі пані, паніча і пана, са слязьмі даручалі іх Богу і зычылі добрай дарогі. Пан Ануфрый, які даверыў ім сваю худобу (быдла - Л. Л.) і свой дом, таксама заплакаў. Антось развітваўся са сваёй заплаканай карміцелькай, а сабака Разбой поўзаў і ласціўся каля ног сваіх гаспадароў, нібы просячы дазволу ісці разам з імі. Радуцына сядзела на ганку каля спіжарні, упіралася рукамі і падбароддзем у палку і часам калі-нікалі сумна ківала галавой.

- Едзем, - сказала нарэшце больш за ўсіх заплаканая пані Ануфрава, - бывайце здаровыя, прасіце ў Бога, каб мы да вас вярнуліся... а калі не вернемся, дык маліцеся за нашы душы!

І рушылі.

- Трымай сабаку, - сказаў пан Ануфрый.

Разбоя схапілі за шыю, але заўсёды лагодны сабака на гэты раз аказаўся сапраўдным разбойнікам - люта гаркнуў, вырваўся з рук хлопчыка, які яго трымаў, пераскочыў цераз зачыненую браму і далучыўся да падарожнікаў. Пан Ануфрый не меў сэрца прагнаць яго і ласкава пагладзіў сабаку, а Разбой падскочыў і радасна пабег наперад. Пазней ён быў адзіным таварышам і вартаўніком свайго гаспадара ў пусташы, а таксама ўлюбёнцам і гадаванцам усёй Барунскай школы. Колькі разоў я гладзіў яго ўласнай рукой! Ён ледзь не кожны дзень наведваў сяброў у мястэчку, наведваў святара-канафара [19] ў кляштары, потым прыходзіў да нас на кватэры і, нібы інстынктыўна, заўсёды рабіў гэта тады, калі нехта толькі што атрымаў перадачу ад матулі. Гэтак, паклаўшы пысу на калені мальцу, які раздаваў прысмакі і ласункі сваім сябрам, Разбой спакойна чакаў сваёй порцыі, і яго порцыя ніколі не была самай малой.

На трэці дзень, пад заход сонца, Радуцына, якая ішла наперадзе, упала на калені на дарозе. Здзіўленыя падарожнікі наблізіліся да яе, убачылі крыж барунскага храма і зрабілі тое самае. О! Хiба маглі быць больш гарачымі малітвы, чым малітвы бацькі і маці, якія прасілі аб здароўі для свайго адзінага дзіцяці і з глыбокай верай узносілі малітвы да Апякункі няшчасных! На вазку паднялі і Антося, каб і ён мог памаліцца, але бацькі жахнуліся, калі ўбачылі слабасць дзіцяці. Ён не меў сілы прамовіць малітву, але сутаргава схапіў бацьку і маці за шыі і, выказваючы ў апошні момант адзінае пачуццё ўсяго свайго кароткага жыцця, сказаў:

- Маці! Бацька! Як я вас моцна люблю! Як я вас люблю!

І ўпаў у павозку. Паспешліва рушылі да мястэчка, спадзеючыся на паратунак, але калі прыехалі, Антося ўжо не было... Жудасным быў выгляд гэтага воза. Маці не плакала. Не слёзы, а само жыццё, апошнія кроплі яго ўпалі на труп дзіцяці, з пасінелым тварам і аслупянелымі вачыма яна трымала на каленях светлую галаву нябожчыка, беражліва баронячы, каб яна не стукнулася ад трасяніны воза. Няшчасная! Яна была ўпэўненая, што яе сын памёр, але ўсё яшчэ песціла яго!.. Бацька, у якога ад гэтага раптоўнага і страшнага ўдару сціснула сэрца, вусны і павекі, упаў на сярэдзіну воза ў ногі дзіцяці. Перапалоханая і амаль што непрытомная Радуцына сядзела побач з возчыкам. Убачыўшы яе бледны і ссохлы твар, растрапаныя валасы, схуднелую і дзікую постаць, убачыўшы, як яна выцягнула наперад свае доўгія і сухія рукі і падганяла каня бегчы, вы б сказалі, што гэта сама смерць загрузіла цэлы воз сваімі ахвярамі і гвалтоўна прэ іх да магілы.

На наступны дзень на катафалку маці паклалі побач з сынам, а бацьку ў ложак у святара-аптэкара. Хто б змог столькі бяды вытрываць!

Час, намаганні і рэлігійныя суцяшэнні, якімі пачцівыя законнікі штодзённа падсалоджвалі долю няшчаснага, вярнулі здароўе яго целу і нейкі спакой у душы. Але бадай болей за ўсё, і хто мог гэтага чакаць, на яго падзейнічалі частыя размовы з Радуцынай, якая амаль што кожны дзень, нібыта атрымлівала весткі з таго свету ад яго жонкі і сына і расказвала свае сны пра іх ці выказвала яму свае думкі і гэтак рабіла на яго неабходны ўплыў.

- Дабрадзей! Сёння ў сне бачыла Яемосць нябожчыцу з Антосем у садзе. Памілуй, Пане, іх душы! Абодва ў белым, але які сад, дабрадзей! Як рай. Ходзіць Яемосць, зрывае кветкі і ўпрыгожвае імі паніча. Падыходжу, дабрадзей, дае мне кветку і якую? Ключыкі! (першацвет - Л. Л.). Занясі, кажа, майму мужу, я ўзяла кветачку і... прачнулася. А што ж гэта значыць? Беспярэчна, дабрадзею, яна з сынам у раі і перадае нам ключы ад раю.

Потым Радуцына зноў бачыла маці з сынам заўсёды ў белым, яны кленчылі перад алтаром Прачыстай Барунскай, і, выснова з гэтага заўсёды была: «Бо, дабрадзею, такая воля Божая, яны не маглі жыць даўжэй, але яны шчаслівейшыя за нас у апецы Божай Маці і ў небе моляцца за Васпана мужа».

У хваробах душы, як і ў хваробах цела, часта, калі майстэрства медыцыны дарэмна вычарпала ўсе свае мудрыя спосабы, лечаць самыя простыя лекі - зычлівая рука, пададзеная з дабрынёй і прынятая з даверам. Расказы Радуцыны, якія так адпавядалі паняццям і ўяўленням няшчаснага бацькі, захапілі яго простае і поўнае веры сэрца і абудзілі ў ім пакорнае жаданне аддаць сябе волі Божай, але разам з тым прывязалі яго да таго месца, дзе кожны дзень на яго сэрца клаўся цень ад магілы жонкі і сына, і дзе ён кожны дзень меў з імі агульную малітву. Таму пан Ануфрый хутка і лёгка пазбавіўся свайго маёнтка, а паколькі брак адпаведнай падрыхтоўкі перашкаджаў яму прыняць манаскі габіт, ён заняў невялікую пустэльніцкую хатку каля Барунаў, якая стаяла закінутай ужо некалькі гадоў. З таго часу пустэльня, храм і могілкі ўтварылі сабой кола, вакол якога круцілася ягонае штодзённае жыццё, потым у гэтым жа коле ягонае цела лягло на вечны спачын побач з жонкай і сынам.

Гэтыя мае думкі, падмацаваныя сёння новай службай да Бога за душу айца Ануфрыя, скончыліся, бо рэха гадзінніка на барунскай вежы абвясціла мне поўнач. Вернемся, думаў я, у мястэчка, схілім стомленыя галовы ў той куток, дзе так спакойна засыналі, паклічам святую Апякунку дзіцячых гадоў, каб зняла з мяне дарослыя клопаты!.. Каб я заснуў салодкім і лагодным сном, сном вучня, які вывучыў урок на заўтра, сном, у якім апошняя радасная думка зліваецца з першым прыемным сном!

III.

Марыць пра будучыню, чэрпаць слодыч з мінулага - гэта значыць браць працэнты з капіталу шчасця, які пакладзены ва ўласным сэрцы. Чалавечае жыццё блукае паміж памяццю і надзеяй. Памяць ходзіць за чалавекам, дае знясіленаму кубак салодкага нектару, які напаўняе яго сілай і цярпеннем, каб жыць далей, а наперадзе яго ляціць надзея і нясе ў руцэ перад чалавекам ззяючы прывід шчасця, чалавек з усёй моцы гоніцца за ім, і калі ён думае, што ўжо згубіў яго, яно з'яўляецца перад чалавекам, але потым знікае, як фантастычны цень, і чалавек зноў гоніцца за ім! Вось ён прыходзіць на мяжу жыцця, тут надзея адрываецца ад зямлі, раптоўна перасякае мяжу і сыходзіць у вечнасць - чалавек ідзе за ёю туды, а людзям пакідае... памяць!

Якім жа чыстым і мілым было тое, да чаго вярнула мяне раніца ў Барунах! Гэты майскі ранак, пагодны і ціхі, з лёгкім і духмяным ветрыкам, ажывіў самыя шчаслівыя моманты вучнёўскага жыцця. Аднак жыццё наша, у асноўным, не было надта вясёлым: жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная i прымусовая вучоба, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, - усё гэта давала дзецям пакаштаваць першую горыч самастойнага жыцця!

Але як у самы змрочны дзень вясны адзін сонечны прамень у імгненне вока разганяе хмары і ажыўляе прыроду, так і ў вясну жыцця адна шчаслівая хвіліна ператварае ў нябыт усе будучыя пакуты, асвяжае, зносіць, сваволіць у дзіцяці, шалее ў юнаку! Ах! Чаму падчас восені жыцця гэтага не бывае? Чаму восенню жыцця ўсё не так?

Маёўка! Расказ пра падзеі маёўкі трэба пачынаць з вечара, які ёй папярэднічаў.

Моладзь, свабодна рассыпаная на рынкавай плошчы, бавіць вечар. Мяч лунае ў паветры, падчас гульні ў палянт [20] святар-фізік забівае яго вышэй храма. Святар Вальныж - быў наш Revenendissimus (лац., высокапраасвяшчэнны - Л. Л.) фізік! Брат за брата - такім ён быў з намі! Ён лепш за ўсіх пускаў даўгахвостых змеяў [21], што, па яго словах, даказвала яго дасведчанасць у механіцы. Ён вынайшаў выдатны спосаб рабіць пругкія мячы і параіў звіваць іх з гуміластыку [22]. Ён не раз прасіў святара-прэфекта дараваць разбойніку, які каменем з-за плоту ці зімой кавалкам лёду, рабіў сіняк на лбе яўрэя, што жыў у Барунах [23]. І справа заканчвалася, бо што магло супрацьстаяць яму і хто мог больш за яго заваяваць сэрцы вучняў?

І стомлены за цэлы дзень беганіны святар-фізік паглядзеў на захад і як быццам незнарок заўважаў:

- Дзеці, заўтра будзе прыгожы дзень, варта было б падумаць пра маёўку.

Фізік ніколі не памыляўся ў сваіх прагнозах - заўтра будзе цудоўны дзень, і таму перад храмам сабралася вялікая рада пад кіраўніцтвам некалькіх дырэктараў [24], і ўсе яны аднагалосна вырашылі заўтра зладзіць маёўку. Выпраўленая ўслед за фізікам дэлегацыя, выбраная са смелых зухаў, праз чвэрць гадзіны вярнулася з кляштара. Паслы здалёк крычалі: «Маёўка! Маёўка!», - той жа крык хутка пачуўся і на рынку: «Маёўка!».

Пачуўшы гэтыя крыкі школьны бубнач, пан Казімір, ведаў што рабіць. Ён пабег да храма, схапіў з хораў вялізны бубен і, штосілы грукаючы ў яго, пачаў маршыраваць па мястэчку. За ім пайшоў вялікі натоўп, заглушаючы бубен сваімі няспыннымі крыкамі: «Маёўка»! А калі ў пана Казіміра анямелі рукі, а ў крыкуноў ахрыпла горла, усе разбегліся па дамах і паваліліся на ложкі, але ўсім ім снілася маёўка. Як толькі на раніцы развіднела, гультаяватыя хлопцы адразу і ахвотна паўскоквалі з ложкаў на primus і да secundus [25]. Усе ахвотна пакуюць дарожныя рэчы, потым пан Казімір б'е ў бубен, і ветэран шостага класа ў атачэнні шматлікіх памочнікаў выносіць са студэнцкай капліцы школьную харугву. На ёй з аднаго боку багата вышытая на белым атласе выява заступніцы школы - Багародзіцы, а з другога - каласісты сноп збожжа - знак плёну навукі, і як растлумачыў святар-прафесар красамоўства, гэты сноп павінен быў азначаць па-лацінску: «Disce puer latine, ego te faciam Moscipane» [26] ці па-нашаму: «Вучыся добра латыні, зраблю цябе шляхціцам». Вакол гэтай харугвы збіраўся ўсё большы і большы натоўп дзяцей, розныя галасы і крыкі чуліся па ўсім мястэчку і зліваліся ў адзін гул. Відарыс надзвычай рухлівы і жывы: тут яны скачуць ад радасці, адтуль бягуць без памяці, падкідваюць шапкі ў паветра і ў паветры ловяць іх, там яны чубяцца і мірацца, і ў агульным гомане чуецца віск наладкі кларнетаў, фальшывыя гукі скрыпак і, нібы мірачы спрэчку, - гукі пачцівай басэтлі (віяланчэлі - Л. Л.) ...

Вось з кляштара выходзіць галоўны штаб гэтай арміі марадзёраў: галоўны правадыр - святар-прэфект, акружаны яго намеснікамі, святарамі-прафесарамі. Фізік спрытна размахвае вялізным кіем у руцэ, як партызан, які не звяртае ўвагі на генерала. Ён спыніўся ў натоўпе і гучна закрычаў:

- Куды пойдзем, дзеці?

- Да Гейстун [27], - крычаць адны,

- Да Алян! Да Загор'я! [28] - крычаць другія.

Хто ж аб'яднае разрозненыя думкі? Той самы святар-фізік, які даў падставу для сваркі.

- Мы пойдзем у Загор'е, святар-прэфект! У Загор'е, дзеці! Запэўніваю вас, што там будзе добра!

І не чакаючы адказу, штурхнуў ў карак харунжага (таго, які нясе харугву - Л. Л.):

- Марш на Загор'е, васпане! Марш! - закрычаў ён. - Марш!

Загучалі кларнеты, скрыпкі і басэтлі, рушыла харугва, а за ёй увесь натоўп. Вясёлы святар-фізік, не дачакаўшыся покуль скончыцца музыка маршу, гукнуў з усяе сілы:

- Упрыгожанне твару - закручаныя вусы [29], - і ўсе за ім зацягнулі хорам. Кларнетыст змяніў ноту і задзьмуў як мага мацней, скрыпач апусціў смычок і запеў дыскантам, арганіст, абапіраючыся на басэтлю, як на посах, пілаваў, як яму падабалася! А навакольнае рэха адбівала ўсхваленне вусоў, якое абвяшчалі тыя, хто іх яшчэ не меў.

Наваколле Барунаў па дарозе на Менск вельмі прыгожае. Яно як быццам падымаецца на хвалях і цячэ, з кожнага пагорка адкрываюцца новыя і заўсёды прыемныя відарысы. Найпрыгажэйшыя гаі з розных дрэў розных відаў і формаў густа падымаюцца ўгару або спускаюцца ў лугі паміж разлеглымі палямі, пакрытымі буйным збожжам. Дзе-нідзе маленькія шыкоўныя вёсачкі з разлапістымі дубамі і цяністымі бярозамі. Абапал дарогі, сярод пладовых дрэў ці стогадовых ліп стаяць двары і сядзібы з празрыстымі шыбамі, у якіх як у люстэрках, адбіваюцца вузенькія сцежкі, што віюцца між пагоркамі і палямі, каб злучыць суседзяў, і ручаі, што бягуць у ставы, шумяць у раскіданых тут і там млынах і ажыўляюць гэты прыгожы, шматлюдны і чароўны край, які цешыць і вабіць дэталямі. Але калі за некалькi вёрст ад Барунаў падымаешся па дарозе на самую высокую гару, раптам малюнак змяняецца, далягляд расцягваецца на некалькі вёрст, твой зрок пануе над ім, упіраецца ў цёмныя масы лясоў, пранікае ў глыбокія яры і знікае ў іх блакіце. Злева відаць ледзь прыкметныя ў тумане руіны змрочна-крывавай вязніцы Кейстута [30] з чырвонай цэглы, як і памяць пра самога Кейстута ў далёкім мінулым. Далей справа, яшчэ невыразней, бялеюць руіны замка і касцёла [31], сядзіба і магіла Усвяцкага старосты Яна Сапегі, некалі доблеснага літоўскага гетмана, а раней - сядзіба князёў Гальшанскіх. Нарэшце думка, вока і ўяўленне, плывучы і гойдаючыся над гэтым дзівосным даляглядам, над лясамі, гарамі, ярамі і ламаччам, губляецца і тоне ў туманнай і невядомай сіні.

Высыпаўшыся з мястэчка, не менш чым за паўтары гадзіны па гэтай дарозе бадзёра маршыравалі шкаляры, потым яны павярнулі направа, на невялічкую дарогу да двара каля ўзгорка, які ўжо быў бачны - гэта мэта падарожжа, Загор'е! Далей больш арганізаваным шыхтам мы маршыравалі пад гукі музыкі проста на дзядзінец. Падышоўшы бліжэй, бачым удалечыні ў вокнах шмат прыгожых, свежых і румяных тварыкаў, якія з цікавасцю глядзяць праз шыбы нібы абразы анёлаў за шклом у рамах. А калі харугва набліжаецца да брамы, выходзіць ветлівы гаспадар пан шамбялян Буйніцкі, каб павітаць нас. Хто з маіх калег не помніць, як пачцівы стары радаваўся сваім гасцям, як увіваўся сярод дзяцей, як папраўляў пас на сваёй невысокай, каржакаватай і нязграбнай фігуры і, кланяючыся на ўсе бакі, блішчаў вялікай лысінай. За ім высыпалася вялікая грамада мамак i, як рой рознакаляровых матылёў, тыя ружовыя тварыкі, якія спачатку былі бачныя ў вокнах, а цяпер разляцеліся па дзядзінцы! Пры гэтым відовішчы хлопцы закрычалі ад здзіўлення, а святар-фізік сказаў з усмешкай:

- А што дзеці? Хіба я не казаў васпанству, што нам тут будзе добра? Хе-хе!

Бо фізік уначы даслаў Радуцыну ў бліжэйшыя двары, каб яна паведаміла пра маёўку і запрасіла ў Загор'е. Ён ведаў, каго тут знойдзе, і таму смела запэўніваў, што тут усім будзе добра. Радасць сустрэчы дзятвы з бацькамі выклікала б зайздрасць у іншых, але агульная весялосць прыціскала ўсе іншыя пачуцці і думкі. Грамада з сясцёр вучняў стала спакусай для дырэктараў. Убачылі яны некалькі дзяўчат, якіх кожную нядзелю бачылі ў царкве ці касцёле, але зараз прыгледзеліся да іх бліжэй, паправілі хусткі на шыях [32] і зрабілі зацікаўленыя міны на тварах.

Нарэшце ў будынак увайшлі прэфект і прафесары, за імі паны дырэктары, потым мальцы, якія знайшлі тут сваіх бацькоў, нарэшце музыкі і ўсе ахвочыя - званыя і нязваныя. Усе знайшлі тут сняданак, пасля чаго галоўны тлум маёўкі вярнуўся на шырокую раўніну ўнізе ўзгорка, на якім стаіць дом. Раўніна зарасла пышнымі бярозамі, так што тут маецца цень ад паўдзённага сонца, і ўсім хапае месца для забавы. Тут пазначылі поле для гульні, зрабілі пляц для зайца [33], для даганялкі [34], для палянту. У іншых месцах былі пастаўлены сталы, за якія выкладчыкі селі гуляць у карты. Пэўна, калісьці яны былі шулерамі! Кідаюць прынесеныя фішкі, гуляюць на грошы! Іншымі словамі, кожны выбірае тое, што яму падабаецца і свабодна пераходзіць ад адной да другой забавы. Пад дрэвам воддаль селі два хлопчыкі. Яны не падзяляюць агульную весялосць, але, магчыма, яны больш шчаслівыя за іншых, бо таксама атрымалі сардэчная слодычы памяці і надзеі! Нарадзіліся на адной дзялцы і выраслі разам на адным двары. Іх бацькі, блізкія суседзі, віталі сяброўства хлапчукоў і з усмешкай дазвалялі Ружы, Адасявай сястры, падзяляць забавы брата і яго сябра Ігнася, так што ў Адася і Ігнася ўжо ёсць надзея на добрая вакацыі. Яны думаюць пра адпачынак і лічаць гадзіны, калі ім зноў шчасліва ўсміхнецца будучыня. І абодва мараць пра Ружу, іх любімую цацачку, якая гуляе з імі і лашчыць іх. Адась любіць сваю сястру Ружу, але Ігнась кахае Ружу больш, чым Адась, сам не ведаючы, як і для чаго! Гэта каханне? Яшчэ не, гэта толькі інстынкт чулага сэрца, якое рана прадказвае будучы лёс чалавека! Але пяшчота аднойчы запаліць каханне, потым ахопіць усю істоту, прапаліць яе наскрозь, вытравіць увесь запас жарсці і шчасця, а потым пакіне ў сэрцы попел і вуглі, якія застануцца пасля патухлага вогнішча... Няўжо гэта лёс Ігнася? На жаль! Такім ён і будзе на самой справе!

Пасля сытага сняданку, падчас якога пан Буйніцкі некалькі разоў падыходзіў да прафесараў і прэфекта з пляшкай старкі і спорым келіхам у руках, прычым ні разу ён не атрымаў нягжэчнай адмовы ці адпору, памацаў ён сваю лысіну і, здавалася, памаладзеў. Пан Дзявалтоўскі, выкладчык музыкі, зразумеў жаданне гаспадара. Ён схапіў скрыпку і зайграў паланез, астатнія паны-віртуозы стаялі побач, а ўсцешаны шамбялян крыкнуў: «Ху-ха!» - і стаў у першую пару з пані мастаўнічай. Дзеці выбеглі ў гай, паны дырэктары сталі за панам шамбялянам і пачаліся танцы. Мамуляк з дачушкамі было шмат - мелася з каго выбіраць! Танцы ішлі гучна і рэзва! Але, як тонкая лілея сярод сваіх таварышак, сярод ўсіх ззяла панна Кацярына, гожая, ладная і вясёлая дзяўчына. Хваляванне выразна ахапіла дарэктараў, бо яе можна было запрасіць на танец. Навыперадкі гуртам беглі яны да яе ручкі, якую, на жаль, часцей за ўсё пеставаў малады чыноўнік-аплікант (стажор - Л. Л.) з Ашмян, які, як на бяду, прыехаў сюды і быў больш смелы, бо не думаў пра пана прэфекта, і больш вясёлы, бо высмейваў недарэчнасць вучнёўскіх заляцанняў. Пасля якога дзесятка паланезаў, удалых і не вельмі, панна Кацярына ў зграбным ліфе і ружовым фартушку ўстала, каб станчыць казака, і з-за адсутнасці добрай партыі, разам з ёй стаў яе малодшы брат. Толькі Кася прыцягвала ўсеагульную ўвагу, усе абступілі дзяўчыну, святары паставілі на стол недапітыя шклянкі з мёдам і пачалі назіраць за цэнтрам пакоя. З вясковай, нязмушанай весялосцю, дзяўчына ўбегла ў кола і з рознымі падскокамі пералятала з канца ў канец пакоя, часам прыкрываючы фартухом чорныя вочы і шчокі, упрыгожаныя глыбокай чырванню, ці ахалоджваючы сябе шырока разгорнутым веерам, а потым спрытна згортвала яго і ўтварала вакол сябе прыгожае кола з шаліка. «Брава! Брава!» - крычалі ўсе, захоплена пляскаючы ў далоні. «Бравісіма!», - крычалі маладыя і гарачыя прыхільнікі чар панны Кацярыны! «Bravissimo in superlativo grady!» [35], - крычаў п'яны пан Дзявалтоўскі, угнуўшы падбародак і паклаўшы галаву на скрыпку, на якой люта рэзаў казака. Нарэшце танцорка, закруціўшы пасярэдзіне замашысты круг, з удзячнай усмешкай зрабіла рэверанс усёй кампаніі і, абсыпаная апладысментамі, пабегла адпачываць у другі пакой. Захопленыя і амаль што закаханыя дырэктары пайшлі за ёй, і кожны з іх марнатравіў ёй пахвалы і кампліменты.

На працягу ўсяго танца пан Матэвуш думаў пра тое, што добрага скажа панне Кацярыне. Ён ужо перакладаў «Тэлемака» [36], неаднойчы чытаў «Ганславу» Кардоўскага і «Нуму» Пампілія, але нічога не мог прыгадаць ці прыстасаваць да прыгожых Касіных вачэй з тых няшчасных тэкстаў для першага класа, якія кожны дзень дыктаваў сваім вучням. У яго галаве ўвесь час ўсплывала: «Parentes carissimos habere debemus» [37] і зноў, і зноў «parentes carissimos» і г. д. Ён не мог абараніцца ад гэтага! З чаго пачаць? Раптам у галаву прыйшла выдатная ідэя. Вырашыў падставіць імя «Кацярына» замест «parentes», і перакласці з лацінскай мовы - гэта будзе выдатна! Узрадаваны пан Матэвуш падышоў да Касі і, нахіліўшы галаву, як перад дзвярыма, сказаў:

- Панну Кацярыну за наймілейшую павінны мець, - узяў яе прыгожую руку і ўжо падняў яе да вуснаў, калі бязбожны здрайца пан Гіцыянт, ашмянскі аплікант, раптам прашаптаў ззаду:

- Прэфект ідзе!

Пан Матэвуш выпусціў руку каханай і збянтэжана адскочыў... Прэфекта не было, лёгкадумная дзяўчына засмяялася на ўвесь пакой і ўцякла ў сад, за ёй пабег і аплікант, а пан Матэвуш застаўся пакінуты і збянтэжаны, ён стаяў і не мог паварушыцца, нарэшце апамятаўся і ўспомніў апліканта: «Асёл пракляты!», - горача буркнуў ён, калі аплікант быў ужо з Касяй у садзе.

Дзень прайшоў вельмі весела. Калі надышоў час для падвячорка, пан шамбялян з усёй кампаніяй выйшаў у гай, пастаяў там у натоўпе дзяцей, пакланіўся гэтак жа ветліва і гжэчна, як і пры прывітанні і запрасіў усіх на гарбату. О, як яго любілі ў Барунскай школе! І дзеці, і бацькі былі яму аднолькава ўдзячныя - пан Буйніцкі і насамрэч заваяваў суайчыннікаў. Гэткую ж грамадзянскую прыемнасць выявіў бы кожны з суседзяў Барун з тым жа самым задавальненнем і гонарам, як і пан Буйніцкі, нават калі б у яго гасцявала ўся школа. Можна было спытаць пра пана шамбяляна ў любога мальца і за кожнае дрэннае пра яго слова атрымаў бы сіняк пад вока, нават калі б за гэта ім трэба было адпакутваць.

Вясковы падвячорак! Поўныя сталы! У доўгіх стадолах і адрынах стаялі накрытыя сталы, зэдлі і лавы, застаўленыя збанкамі са смачным кіслым малаком. У дастатку хлеба і солі, многа місак і драўляных лыжак. Вучнёўскі апетыт, узбуджаны некалькімі гадзінамі гарэзлівасці, воўчы! Але гармонія і згода падчас гульні ў мяч і іншых гульняў паменшылася каля місак і збанкоў. Сварацца, крычаць, адбіраюць адзін у аднаго лыжкі, разліваюць малако і б'юць збанкі. Усё застаецца беспакараным, бо шамбялян завёў святароў і дырэктараў на падвячорак у сядзібу, а галата засталася ў адрынах з малаком.

У сядзібе смачная кава з адборнымі вясковымі вяршкамі і цукровым печывам, якое купамі прывезлі мамулі і большасць яго асела ў прафесарскіх страўніках, падсілкаваўшы грона вучоных, вясёлых раней таварышаў перамяніла ў паважных і мудрых мужоў стану. Смачныя стравы супакояць свавольства дзяцей і прахалодны вячэрні ветрык развее іх дарэшты.

Доўгі падвячорак цягнуўся да заходу сонца, і таму па кіўку прэфекта нечакана далі слова бубну.

- Ах! Ах! - крычалі спалоханыя дамы. «Час вяртацца», - сумна зразумелі дзеці і сабраліся вакол вывешанай пасярод двара харугвы, да якой ўся кампанія выйшла са сваіх пакояў. І пачаліся агульныя і асабістыя развітанні. Святары дзякавалі пану шамбяляну, ён зноў кланяўся на ўсе бакі. Хлопцы чапляліся на шыі мацярок, дзяўчынкі цалавалі братоў, дырэктары наблізіліся да панны Кацярыны, адзін толькі пан Матэвуш стаяў далёка ад яе... Гэты пан Матэвуш быў школьным паэтам, і я не ведаю, ці дапамагаў яму потым Апалон, але ў школе ён для ўсіх складаў вершы і прамовы для вучняў, якія збіраліся ехаць да бацькоў на Каляды ці Вялікдзень [38]. Нават прафесары часам звярталіся да яго, калі іх Пегас пачынаў кульгаць. Ці мог ён цярпліва перанесці канфуз ад маладога чыноўніка-апліканта? Паэтаў лёгка абразіць. Каханне і помста, дзве самыя вялікія жарсці чалавечага сэрца без якіх не было б на свеце ні раманаў, ні трагедый, не давалі яму ні спакою, ні вяселля разам з усімі, ні падвячорка. Ён хадзіў па гаі і думаў, часам мармытаў, лічыў пальцамі сілабы i рытмічныя прыпынкі ў вершах, нарэшце забег у хату эканома і, вырваўшы з гаспадарчай кнігі старонку, хуценька запісаў тое, што прыдумаў, і засунуў паперку ў рукаў... Каханне і помста ў чатырох радках! Але ж вялікі паэт, пан Матэвуш!

Калі ўсе развітваліся, пан Матэвуш стаяў далёка. Юзя, брат панны Кацярыны, схапіў яе за руку і пацягнуў у сад:

- Хадзі, хадзі, Касю, - ціха сказаў ён.

- Маю да цябе вялікую справу!

- Што такое? - спыталася панна Кацярына з неахвотнай, бо яе адарвалі ад кампаніі:

- Кажы хутчэй.

- Вось маеш, - сказаў вясёлы хлопец і сунуў ёй у руку паперку. - Маеш гэта ад пана дырэктара, чытай! - і ўцёк. Цікаўная дзяўчынка разгарнула паперку і прачытала наступныя радкі:


А ні Венера, ні Празэрпіна [39],

Не маюць прыгажосці тваёй, Кацярына!

Любові і добрага верша ты варта,

Ад самога Юпітэра - не апліканта. [40]


Кася пачырванела, хутка паклала запіску ў сумку і выйшла з саду. Пан Матэвуш некалькі разоў падыходзіў да яе, але яна заўсёды стаяла побач з маці, і таму ён не мог сказаць ёй ні слова. Тым часам пан Казімір люта лупіў у бубен, потым загучаў марш і харугва рушыла за браму, за ёй пайшлі ўсе. Аднак панна Кацярына паспела схапіць Юзіка за руку і прашаптаць яму на вуха:

- Юзя, даведайся ў свайго дырэктара, хто такая панна Празэрпіна і ці далёка яна жыве? Раскажаш мне, калі прыедзеш на вакацыі, памятай Юзя! Празэрпіна!

Кася так растлумачыла для сябе верш барунскага паэта: «Пра Венеру ведаю, бо яна ў некалькіх прыгожых песнях згадваецца: яна калісьці была нейкай багіняй. Юпітэр? Паколькі пан Гіяцынт ёсць аплікантам, дык Юпітэр, мусіць, гэта адвакат у Ашмяне, але Празэрпіна? Гэта праблема ... гэта пэўна нейкая прыгожая дзяўчына, а можа і замужняя... Даведаюся аб усім у Юзі».

Калі б Кася нарадзілася гадоў на трыццаць пазней, калі б яна выхоўвалася ў нашых сённяшніх выдатных пансіёнах, то на дванаццатым годзе свайго жыцця яна ведала б, хто такі Юпітэр, а хто Празэрпіна і дзе яны жывуць, і танчыла б яна прыгожыя кантрдансы. Але... ці была б яна такой свежай і вясёлай дзяўчынай? Ці скакала б яна так рэзва і спрытна казака?

Такім чынам, мы вяртаемся. Наш рой вакол прэфекта і харугвы, як пчолы вакол маткі, шчыльна і шумна пасоўваецца, а рэшта доўгім пасам цягнецца па гасцінцы. Зноў падымаемся на гару, але ў адваротным кірунку і нас зноў уражвае відарыс. Далягляд адразу за Барунамі акаймаваны паўколам цёмнага лесу, на яго чорным фоне адбіты белыя будынкі храма, кляштара і барунскіх вежаў, што стварае ўрачысты і прыгожы вобраз. Вандроўнік у Баруны бачыць яго здалёк, вандроўнік, які з пабожнасцю і рэлігійным пачуццям набліжаецца сюды, - з пакорай і надзеяй на цудадзейную ласку і суцяшэнне ад смутку і пакутаў, ці па здароўе, дзеля карысці ад цялесных немачаў. І калі з гэтай гары ён бачыць гэты дасканалы вобраз як мэту свайго падарожжа, ён, напэўна, умацоўваецца ў веры і сэрца яго напаўняецца пяшчотным даверам. Не марудзячы, весела, спускаемся мы з гары і набліжаемся да Барунаў. Але раптам галасы наперадзе сціхаюць, а ў ар'ергардзе, наадварот узмацняюцца - дзве супрацьлеглыя з'явы адначасова і з абодвух супрацьлеглых бакоў. У кустах пры дарозе, пасля абходу навакольных сядзіб, адпачывала з багатымі падарункамі і была разбуджана нашым маршам Радуцына. Яна нечакана з'явілася перад хлопцамі, якія, як за зайцам, праз зараснікі, гналіся за адным з мальцаў. Раптам і паляўнічыя, і «заяц» развярнуліся і пабеглі да калоны. За імі на дарогу выйшла чараўніца з вялікай зялёнай галінкай у руцэ.

- Чаго вы ўцякаеце? Ці не пазнаеце мяне? - спытала яна. - Ясю! Леанардку! Антосю! Ці ведаеце вы, хто вам прывёў у Загор'е вашых маці і сястрычак? Мае старыя ногі ўсю ноч працавалі для гэтага. Святар-фізік сказаў мне: «Радуцына - марш!" І Радуцына ногі за пояс і марш! А вы крычыце на мяне, як на Амана! Пачакайце.

Старая, размахваючы галінкай, пайшла наперадзе калоны, як чараўніца з мятлой. Але неўзабаве яна спынілася, бо адчула няпэўнасць у нагах і нейкае галавакружэнне ў нявыспанай галаве. Таму, абапёршыся на бярозавы кій, яна цягнулася за намі, хісталася і пранізліва казала:

- Ідзіце, ідзіце, гусі мае, дадому.

За дзясятак крокаў ад дарогі, на схіле пагорка, у цяні некалькіх старых соснаў, ёсць вясковыя могілкі, на якіх нібы з зямлі растуць крыжы і мноства каменных пліт - месца апошняга спачынку пачцівых гаспадароў з Барунаў, а часам і маладых хлопцаў, для якіх адукацыя закончылася заўчаснай смерцю! Зусім не змянілася гэтае месца і цяпер: толькі памножылася колькасць мадгільных камянёў і крыжоў, што сведчаць аб усё большай колькасці тых, хто пайшоў у зямлю. Елкі з непашкоджанымі галінкамі, жывуць тут сярод агульнай смерці, жывуць ва ўласным доме нібы насуперак смерці і як упыры высмоктваюць чужую застылую кроў ва ўласныя сокі. Яны будуць жыць доўга і штодзень вітаць пад сваімі старымі галінамі мёртвых барунскіх месцічаў! Пад адной з іх айцец Ануфры пахаваў жонку з сынам і заўсёды, калі званы з царкоўнай вежы абвяшчаюць гадзіну задушных малітваў, мы бачым яго пасярод магільных камянёў - няшчаснага бацьку і мужа, укленчанага на іх магіле, нерухомага як камень. Момант нашага вяртання з маёўкі супаў з момантам малітвы пустэльніка, і гэта ўзрушыла і яго, і нас. Слязамі і смехам адзін бок сустрэў другі, пустэльнік змахнуў слязу і пайшоў насустрач сваім сябрам, а вучні перасталі гучна спяваць бо ўбачылі слёзы свайго няшчаснага прыяцеля. Прыветліва сустрэты, айцец Ануфры далучыўся да нас, і мы пайшлі разам ... пакуль на ўваходзе ў Баруны зноў не пачаўся трыумфальны марш. Потым дзятва зламала шыхт і парадак і кінулася ў мястэчка, нібы хацела ўзяць яго штурмам. Але на рынкавай плошчы музыка сціхла, і стомленыя хлопцы разышліся па кватэрах, святары адзін за адным зніклі ў цёмных калідорах кляштара, пустэльнік, шэпчучы вячэрнюю малітву, павольна цягнуўся па вулках у бок да сваёй хаціны, шум сціхаў, пакуль, нарэшце, прыгожая майская ноч агарнула гэта месца радасці, якая сышла на адпачынак, радасці якая аб'яднала сотню сэрцаў.

IV.

Царква і школа - гэта для вучняў два зусім розныя і нават супрацьлеглыя наборы пачуццяў і памятных падзей. Як неба з зямлёю, як рай з пеклам, ці дакладней, з чысцяцом, як пагоднае надвор'е са слотай, так стасуецца адно з другім і асабліва ў Барунах, дзе гмах царквы дасканалы звонку і аздоблены ўнутры, мае ўсё, што можа здзівіць і прывабіць дзіцячае вока і розум. Калі гук ранніх нядзельных званоў абвяшчае вучням дзень адпачынку і забаваў, дык у любы іншы будні дзень школьны званок звініць пранізліва, як сварлівы буркатун, абуджае дзяцей ад прыемнага сну, звоніць двойчы і гоніць да клопатаў і працы. Калі дасканала ўбраная ва ўрачыстыя дні царква кліча дзяцей да служэння пры алтары, апранае іх у прыгожыя белыя комжы, як у шаты нявіннасці і радасці, дык школа, як злы зайздроснік, зачыняе свае дзверы і цішынёй спыняе забавы, не выпускае і гнобіць. У царкве гімны і спевы спяваюцца гучным хорам, мілым сэрцу і вуху вучня, і рэхам яшчэ чуюць яны ў сваёй памяці гэтыя гукі дзяцінства. У школе штодзённы плач і архіплач кожную суботу! [41] У школе на пяньку за печчу, з пагрозлівым вокам і дысцыплінай [42] у руцэ страх, нязносны стары, худы, прагны да слёз, нячулы да малітваў і просьбаў! Бяда, калі паставіць ён свой пянёк пасярод школы, бяда тады, бяда! І, нарэшце, каб узмацніць і апраўдаць гэтую розніцу, у канцы чэрвеня прыходзіў святы Пётр [43], у адзін момант замыкаў школу сваімі ключамі і адчыняў вучням дзверы царквы, каб урачыста падзякаваць Богу за завяршэнне напружанага перыяду навучання, а потым адпускаў іх усіх у рай - дадому на вакацыі.

Яшчэ падчас маіх паходаў па мястэчку я холадна мінаў апусцелую школу. Разбіты званок ляжаў на двары школы як быццам галава ворага, як яго сухі чэрап. Зайшоў у царкву, каб тут закончыць успаміны з майго дзяцінства, там дзе і закончылася само дзяцінства. Дзе, склаўшы доказ нібы дасканаласці ў навуцы, вучань становіцца юнаком, прымае дабраслаўленне царквы, зычэнне настаўнікаў і з цесных сцежак школы выходзіць на шырокае раздарожжа свету... Разважаючы над гэтым публічным развітаннем са школай, мы стаім на мяжы першай часткі нашага жыцця, якую праходзім з агідай, заканчваем з радасцю, а ўспамінаем з тугой і зайздрасцю!

У чаканы дзень, 29 чэрвеня, на вячэрню шыкоўная неф [44] Барунскай царквы была напоўнена гасцямі рознага полу, узросту і стану. Побач з прыгожымі капелюшамі, упрыгожанымі пёрамі і кветкамі, на вясёлых галовах маладых маці ці малодшых сястрычак мог быць грэдытурны [45] каптур або дзіўна пацёртая шапка над румяным тварам пані аканомавай. Побач з багатымі, са шнурамі на грудзях, тарататкамі [46] пана падкаморыя ці пана будаўнічага, якіх ужо нідзе не ўбачыш, стаяў ваколічны шляхціц у шэрым капоце, ці стары дваровы слуга ў паношаным жупане, падпяразаным ядвабным поясам, якога паслалі забраць панічоў... На лаўках па правым баку і ад лавак ажно да алтара, на некалькіх радах крэслаў размяшчаліся розныя вернікі: бабулі, маці, сястрычкі, цёткі, кузынкі, дзядулі, бацькі і ззаду вуі і стрыі [47]. Сто ці больш маладых людзей уваходзяць і класамі ўладкоўваюцца насупраць публікі, у той час як святар-фізік усталёўвае збоку на століку электрычную машыну і батарэю лейдэнскіх слоікаў [48]. Святар-матэматык развешвае раскошна намаляваныя геаметрычныя фігуры, а сам прэфект парадкуе на другім стале прыгожа намаляваныя выявы персанажаў і вялізны стос папер з канвертамі, якія потым павінны з'явіцца ў рамах за шклом на сценах дамоў як памяць пра школьныя таленты. Ён кладзе залатую кнігу з імёнамі выдатнікаў і прыціскае ўсё гэта глобусам, быццам хоча даць зразумець, што для ўсякай чалавечай дасканаласці галоўнае... Сусвет! Нарэшце ўсё гатова, і ўсё пойдзе гладка, бо ўся праграма ўжо апрабавана дзесяткі разоў. І, па кіўку знізу, вучнёўская сімфонія на хоры адкрывае абрад. За ёй адзін за адным з'яўляюцца мальцы і вітаюць публіку на ўсіх мовах! Ах! Чаму я не памятаю тыя выступы! Які быў бы красамоўны і разнастайны дадатак у канцы кнігі! Па тварах і эмоцыях маці ці бацькі можна было даведацца, чый сын зараз аратар.

Ікона Маці Божай Барунскай. XVII ст.

Канверты, разнесеныя і раздадзеныя, як кветкі з кошыка, больш займаюць прадстаўніц прыгожага полу, чым усе прамовы. Гэта дастала квітнеючую ружу, вялікую, як талерка. У гэтай цюльпан, бліскучы, як збан з золата. Іншая песціць у руках мармуровую калону з цэлым кошыкам кветак на капітэлі. У яшчэ адной - Купідон цэліць стралой у вялізнага рыцара, на шчыце якога эмблема, надпіс «Пытанні Барунскай школы для 5-га класа». Панна Кацярына дастала прыгожую вясковую хату ў гайку ля ручая, з такім жа надпісам на коміне, як і ў рыцара на шчыце. Ва ўсім досціп у думках і талент у выкананні!

Запрошаныя ў якасці экзаменатараў пан падкаморы, пан шамбялян і пан будаўнічы выйшлі на сярэдзіну. Каб гэтыя паны пажадалі ўспамінаць свой альвар [49], было б не да жартаў, але, маючы ў руках лісты з пытаннямі, яны не мелі намеру бянтэжыць вучняў і настаўнікаў іншымі тэмамі, на якія, хто ведае, ці дадуць адказы? На пытанні з ліста адказвалі выдатна, бо невукам дазволілі выехаць яшчэ на вігілію.

Ішоў выступ першых класаў і ўзнагароджанне пахваламі, шчодра нададзенымі кожнаму хлопцу, і так працягвалася б і далей, але святар-фізік, які стаяў каля сваёй электрычнай машыны, нецярпліва ўсклікнуў:

- Ці ведае чацвёрты клас фізіку? Што такое маланка? Адкажа Леанард.

- Маланка, - гучна і смела пачаў адказваць Леанард, - Гэта электрычнасць, доказам чаго з'яўляецца лейдэнскі слоік.

- Брава! Тады, калі ласка, падыдзі да машыны і зрабі нам, пане, маланку!

Сярод дам пачуўся агульны пратэст супраць гэтага эксперыменту, але дасведчаныя экзаменатары падбадзёрылі ўсіх, і Леанард, пакруціў некалькі хвілін ручку, зарадзіў батарэю і даў агню. Маланка нікога не напалохала, але ўсіх пацешыла.

- Пан Ксаверы раскажа нам пра паветраныя шары, - зноў сказаў святар-фізік.

- Гэта вялікае вынаходніцтва ...

- ... на зламанне карку, - перапыніў яго нехта з натоўпу. Святар-фізік рэзка паглядзеў у той бок, але не ўбачыў вінаватага, і пан Ксаверы абвясціў публіцы гісторыю і сутнасць гэтага вынаходніцтва.

- Зараз - матэматыка, - сказаў пан падкаморы, відаць, дзеля свайго прэстыжу [50].

- Але, панове, хай яшчэ раскажуць пра газы, зямлю, паветра, ваду, агонь - яны ўсё гэта ведаюць! Гэта значыць, пра элементы [51], - сказаў пан шамбелян.

- Якія элементы, васпан? Няма ўжо больш элементаў, гэта тэорыя скасавана.

- Як так скасавана? У Імя Айца і Сына! Хто ж гэта зрабіў, хіба сам Пан Бог?

- Не васпане, пан Лавуазье [52], калі пачаў разбірацца, дайшоў да таго, што не пакінуў ніводнага элементу, але замест іх вынайшаў кіслату...

- Звар'яцеў ты, святар-фізік! Што ты кажаш! - прамовіў здзіўлены пан шамбелян. Справа магла дайсці да вялікага дыспуту, але раптам трэцякласнік ля дошкі гучна і рашуча закрычаў:

- Сто валоў! [53]

- Чуеш, пане шамбяляне? - сказаў з усмешкай фізік. - Маеш гэта замест элементаў, і я паўтараю пану, што элементы скасаваны.

- Пакорліва прашу мяне не вінаваціць! Да чаго ўсё гэта дайшло, - прамармытаў пан шамбялян. - Замест элементаў... Кіслата!

- Квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў, і г. д., - тым часам голасна сказаў хлопчык і перавёў гэтым увагу на свой бок. Тут паўтаралі, ці дакладней лёгка праслізгвалі ўсе навукі. Красамоўства і паэзія [54] далі повад для дэкламацыі вершаў і прозы нашых выдатных аўтараў XVIII ст. Дэманструючы гісторыю, вучні давалі шырокія апісанні аблогі Троі, егіпецкіх пірамід, вавілонскіх садоў і асірыйскіх ураджаяў! Слухачы пагадзіліся, што такога ў Літве яшчэ ніколі не было. Меўся тут і глобус! Ён патрэбны быў і ў геаграфіі, і ў астраноміі, і таму яго пукаты твар вучні бачылі ад першага да шостага класа.

Нарэшце ўстаў прэфект, адкрыў залатую кнігу і пасля кароткай прамовы зачытаў імёны вучняў, якія вызначыліся ў кожным класе і былі пераведзены ў наступны. Не ведаю, як так здарылася, што часцей за ўсё гэта былі сыны бацькоў, якія прысутнічалі на экзамене, - твары бацькоў і сыноў свяціліся невымоўнай радасцю, яны, напэўна, кінуліся б адзін аднаму ў абдымкі, але школьная субардынацыя, такая ж строгая, як і вайсковая, трымала дзяцей у шэрагах, і таму дзеці жадалі як мага хутчэй завяршыць свята. Але засталася яшчэ адна прамова - гэта развітальная прамова вучня, які закончыў школьны курс, і сваёй дасканаласцю павінен быў прадэманстраваць майстэрства красамоўцы. Калісьці і я з вялікім напружаннем складаў і пад усеагульныя апладысменты з запалам рабіў такую самую прамову! Яна ўтрымлівала, як і ў маіх калег:

Па-першае, выказванне падзякі настаўнікам;

Па-другое, развітанне з калегамі;

Па-трэцяе, філасофскія думкі пра марнасць жыцця і вялікае значэнне навукі;

Чацвёртае, пра Арыстоцеля, настаўніка Аляксандра Македонскага, і нарэшце;

Пятае, добрыя пажаданні здароўя і дабрабыту сабе і ўсёй яснавяльможнай публіцы.

Пасля заканчэння шэдэўра красамоўства людзі рушылі з месцаў. Але раптам пад грукат труб і барабанаў апусцілася алтарная заслона і над сходам заззяла цудатворная выява Маці Божай у прыгожай зорцы з каштоўных крышталяў і камянёў. Увесь натоўп, які запоўніў храм, упаў на калені: старыя і маладыя, дзеці і бацькі, святары і простыя людзі, беднякі, якія запоўнілі прытвор, - усе пакорна схілілі галовы да зямлі, затым з дзясятак маладых людзей падняўся і выйшаў з натоўпу, падышоў непасрэдна да алтара, укленчыў на прыступках і раптам загучаў хор з добра падабраных, чыстых, звонкіх і моцных галасоў: Sub tuum praesidium confugimus! [55].

Колькі сэрцаў разам, колькі ўздыхаў і малітваў адначасова ўздымалася да Бога! Колькі ўзаемнай надзеі і радасці вылілася з алтара ў сэрцы татаў, маці і дзяцей! Спевы сціхлі, хвіліна ціхай паўсюднай малітвы, і пасля гэтага заслона павольна паднялася і закрыла абраз. Усе разам усталі, і на тварах іх ззялі сапраўдная радасць і задавальненне.

Нарэшце прагучаў гучны марш, які праводзіў гасцей з царквы да дрожак, якімі была запоўнена рынкавая плошча. Развітанне калегаў, больш вясёлае, чым ласкавае, агульны шум вялікага сходу, грукат ад'язджаючых дрожак, стрэлы пугаў падпітых фурманаў, ціхія ўсклікі прыгожага полу, усё гэта разам стварала маляўнічыя сцэны, адрозныя ад штодзённых, і ўсё гэта непазнавальна змяняла рынкавую плошчу Барунаў. Нарэшце, усе раз'ехаліся ў розныя бакі, і рынак зрабіўся пусты і глухі, такі ж глухі і пусты, як сёння, калі я стаю тут самотны, прытуліўшыся да дзвярэй царквы, і вачамі душы бачу і пазнаю ўсіх маіх таварышаў, мазольныя, але мілыя моманты майго дзяцінства. Дзе яны? Дзе мае спадарожнікі? Ах! Напэўна, труба арханёла, аднойчы абудзіць нас усіх і збярэ зноў, каб мы сказалі сваю апошнюю прамову перад Вялікім Аўдытарам усяго Сусвету!

Дадаткі

Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы [56]

Святлана Марозава

Ёсць ў Беларусі, на Ашмяншчыне (Гродзенская вобласць), вёска Баруны. Паўтары сотні двароў, паўтысячы жыхароў [1]. У цэнтры вёскі стаіць магутны i велічны касцёл святых апосталаў Пятра i Паўла - помнік архітэктуры «віленскага барока». Яго архітэктурная маса нібы вырываецца з аковаў каменя. На хвалістай плоскасці - вытанчанае дэкаратыўнае аздабленне. З абодвух бакоў да касцёла прымыкаюць фігурныя шматярусныя вежы (у адной з іх - званіца) і маляўнічыя брамы. Нязвыкла асіметрычны фасад. Касцёл разам з манастырскім корпусам, вежай-званіцай і капліцай утварае комплекс, які з'яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння i занесены ва ўсе даведнікі па гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі. У касцёле шануецца абраз Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных, работы невядомага мастака. У 1991 г. парафія святкавала 300-годдзе культу Маці Божай Барунскай.

Комплекс, пабудаваны ў сярэдзіне - другой палове XVIII ст. як уніяцкая царква i базыльянскі манастыр, у 1833 г. быў перададзены ў праваслаўнае ведамства, у 1922 г. - католікам У 1915-1933 г. тут дзейнічала настаўніцкая семінарыя, якая рыхтавала кадры педагогаў для пачатковых школ. Яна была рускай, потым - беларускай, пазней - польскай. Стваральнікам і дырэктарам беларускай семінарыі (дзейнічала ў 1920-1921 г.) быў палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст і педагог Сымон Рак-Міхайлоўскі. Яна ўзнікла тут не выпадкова. У адрозненне ад іншых гэты куточак Ашмяншчыны вылучаўся больш высокім узроўнем нацыянальнай свядомасці людзей. З гэтых мясцін паходзіла шмат вядомых і нам яшчэ малавядомых рупліўцаў беларускай справы. Нягледзячы на свой кароткі і складаны лёс, беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах адыграла важнае значэнне для развіцця нацыянальнай школы на Беларусі [2].

Але наш расказ - не пра настаўніцкую семінарыю, яна яшчэ чакае свайго даследчыка. За тры стагоддзі да яе Баруны, дзякуючы дзейнасці манахаў-базыльян, сталі пераўтварацца ў значны для вялікага рэгіёна Усходняй i Цэнтральнай Еўропы асяродак развіцця духоўнасці, асветы, мастацтва. Аднак пра ўсё - па парадку.

У XVII - першай трэці XIX ст. мястэчка Баруны было адным з цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У 1692 г. прыхільны уніі Мікалай Песляк заклаў тут уніяцкую царкву і прызначыў да яе сем манахаў-базыльян, якім аддаў ва ўтрыманне мястэчка Баруны з жыхарамі, будынкамі, зямельнымі участкамі. Фундатар завяшчаў устанавіць у царкве вялікі алтар, праводзіць у ёй «рымскае і грэчаскае набажэнствы» са спевамі і музыкай, а ў дні рэлігійных святаў, калі ў мястэчка прыязджае шмат людзей, арганізоўваць у ім кірмашы. Сябе ён завяшчаў пахаваць ў гэтай царкве, запрасіўшы ўніяцкага і каталіцкага святароў. Свайму нашчадку наказаў пабудаваць у Барунах каменную царкву [3].

Базыльяне, якім у 1702 г. ca згоды ўрада Баруны з усімі жыхарамі і ўгоддзямі былі перададзены ва ўласнасць, прывезлі з сабой ікону Маці Божай, якая лічылася цудадзейнай. М. Пашкевіч лічыць ікону творам старажытнарускага пісьма візантыйскага тыпу [4]. Паводле П. Бітэля, гэта была ікона візантыйскага пісьма [5]. Гісторык Ашмянскага павету Ч. Янкоўскі бачыць у ёй італьянскае паходжанне або наследаванне італьянскім узорам [6]. Вядома некалькі спісаў іконы.

Першапачаткова абраз належаў прапаведніку-базыльяніну і місіянеру Іасафату Бражыцу, які перад смерцю ў 1691 г. перадаў святыню сваяку Мікалаю Песляку. Зацікаўлены чуткамі аб дзівосах гэтай іконы, якія хадзілі па ВКЛ, у 1693 г. у мястэчка прыязджаў уніяцкі мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі.

У 1702 г. базыльяне, занепакоеныя набліжэннем шведскага войска, перадалі абраз літоўскаму гетману Міхаілу Вішнявецкаму ў Валожын. У Баруны абраз быў вернуты ў 1709 г. [7] З часам яго ўпрыгожылі каштоўнымі камянямі, залатымі ланцужкамі, жамчужынамі, пярсцёнкамі, медальёнамі, крыжыкамі, срэбнымі пласцінкамі.

Цудадзейны абраз забяспечыў багатыя прынашэнні, і ў хуткім часе (1700-1707 г.) на месцы драўлянай была ўзведзена і забяспечана ўсім неабходным мураваная царква. Але ў 1707 г. мястэчка амаль цалкам знішчыў вялікі пажар. Згарэў драўляны будынак манастыра, а ад царквы засталіся толькі сцены Рашэннем Варшаўскага сейма 1710 г. былі выдзелены сродкі на аднаўленне пабудоў. Аднак маравая пошасць 1711 г. прыпыніла аднаўленчыя работы [8].

Царкву адбудаваў у 1715 г. мітрапаліт Леў Кішка. У 1747-1757 г. паводле праекта манаха ордэна бернардзінцаў, архітэктара Аляксандра Асікевіча была пастаўлена новая мураваная царква (дабудавана ў 1760-1770 г.) [9]. Яна з'яўляецца адным з найбольш дасканалых узораў архітэктуры віленскага, або уніяцкага барока [10], які ўзнік на аснове творчага сінтэзу візантыйскага і заходнееўрапейскага мастацтва ў арэале распаўсюджання уніі на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі. Менавіта уніяцкая царква стала глебай для ўзрастання мастацкіх прынцыпаў гэтага стылю. Уласцівыя яму вытанчанасць і вертыкалізм прапорцый, скульптурная пластычнасць фасадаў і інтэр'ераў, маляўнічасць сілуэта яскрава выявіліся ў Барунскай царкве. Шмат'ярусныя вежы, фігурны франтон, хвалісты галоўны фасады надаюць збудаванню надзвычайную стройнасць.

Баруны, як месца размяшчэння аднаго з важнейшых манастыроў, з'яўлялася значным асяродкам развіцця сакральнага мастацтва. Сярод мастакоў, якія распісвалі Барунскую царкву, вядомы маляр Міхальскі, які ў 1727 г. за 300 злотых пазалаціў яе алтар; Шымон Урублеўскі ў 1737 г. залаціў у Барунах вялікі алтар і скульптуру; Алімпій Сідаровіч у 1784 г. афармляў новы алтар [11].

Для абсталявання Барунскай царквы запрашалі лепшых майстроў з Мінска і Вільні. У ёй былі ўстаноўлены высокамастацкія драўляныя алтары - работа разьбяроў Фрэдэрыка Квечура, сталяроў Паўла Якавіцкага і Цесількевіча, мастакоў Міхальскага і Сымона Урублеўскага і іншых. Дыянісі Ванькоўскі з Вільні ў 1718-1719 г. за 1250 зл. выканаў па ўласнаму праекту алтар Маці Божай [12]. Галоўны алтар вылучаецца вытанчанасцю. грацыёзнасцю і святочнай параднасцю.

З інвентара царквы 1768 г. відаць. што такіх алтароў было сем. На іх было ўстаноўлена 28 ікон, выкананых на дрэве, палатне, паперы. Царква славілася сваёй цудадзейнай іконай Маці Божай Барунскай. У храме меліся таксама старажытная плашчаніца, залатыя, срэбныя і драўляныя крыжы, манстрацыі, іншыя культавыя рэчы, чатыры дзясяткі богаслужэбных кніг супрасльскага, віленскага, пачаеўскага друку, а таксама рукапісных. Пад падлогай царквы знаходзіўся магільны склеп [13].

У 1778-1793 г. пабудавалі двухпавярховы мураваны манастырскі корпус. Манастыр валодаў тады больш за 300 дзесяцінамі зямлі, не лічачы выпасаў, лугоў, лесу. Усе жыхары мястэчка былі манастырскімі падданымі [14].

Да канца XVIII ст. Барунскі базыльянскі манастыр быў адным з буйнейшых кнігапісных цэнтраў Беларусі. Калі друкарні выпускалі кнігі масавага попыту шматтысячнымі накладамі, то скрыпторыі выраблялі асабліва шыкоўныя заказныя або адсутныя на рынку «дэфіцытныя» кнігі. Вядомы імёны шэрагу барунскіх кнігапісцаў XVII ст.: Паісій Сахоўскі з Барунаў, Антон Завадскі [15].

У Барунскай царкве, паводле інвентара 1768 г., былі апраўленае ў срэбра Евангелле з пазалочанымі чаканнымі выявамі евангелістаў, св. Тройцы, барунскай Маці Божай і анёламі на вокладцы; чатыры вельмі старыя і абшарпаныя Псалтыры, дзве рукапісныя Мінеі, два новыя Актоіхі з Пачаеўскай друкарні і адзін рукапісны, адзін рукапісны і адзін супрасльскага друку Трэбнік, Трыодзь постная - адна з Пачаева, другая рукапісная, два рукапісныя Ірмалоі, два Паўуставы кіеўскага друку і іншыя кнігі [16].

Царква ў Барунах валодала цэлым наборам музычных інструментаў: басэтля, альт, габой, скрыпкі і інш. [17] Яе фундатар М. Песляк завяшчаў праводзіць богаслужэнне са спевамі і музыкай. Захаваўся кантракт 1794 г. мясцовых базыльян з капельмайстрам Міхаілам Хеткевічам, жыхаром мястэчка, які абавязаўся за пэўную плату граць на аргане імшу, гадзінкі, літуанію, акафісты; раніцай і вечарам, паводле даўняга звычаю, іграць на трубе, суправаджаць музыкай адкрыццё абраза Маці Божай [18].

Шырокую вядомасць набылі ў свой час Баруны як значны адукацыйны асяродак. Рэфармаваны ў 1617 г. Язэпам Руцкім базыльянскі ордэн, у якім мітрапаліту бачыўся залог магутнасці і славы Уніяцкай царквы, імкнуўся заняць у Вялікім Княстве Літоўскім вядучае становішча ў сістэме адукацыі. Навучальна-асветная праграма Руцкага прадугледжвала поўную манаполію ў сферы ўніяцкай адукацыі базыльян, здольных больш самаахвярна і аператыўна, чым белае духавенства ці свецкія настаўнікі, заснаваць і рэарганізаваць навучальныя ўстановы і забяспечыць іх рэктарамі і прафесарамі. Першы крок у рэфармаванні адукацыі быў зроблены ў 1613 г. калі Руцкі заручыўся каралеўскім прывілеем, які фармальна легалізаваў уніяцкае школьніцтва. Аналагічны прывілей праз два гады мітрапаліт атрымаў з Рыма ад папы Паўла V, які фармальна зраўняў статус уніяцкіх школ з езуіцкімі.

Дараванае права было ў бліжэйшыя гады рэалізавана адкрыццём школы для шляхецкай і мяшчанскай моладзі ў Наваградку (у 1613 г., пашырана ў 1624 г.), тэалагічнай установы ў Мінску (каля 1615 г.), навіцыята ў Быцені (1617 г.), пачатковых школ для манахаў і святароў у Полацку, Жыровіцах, Барунах і Чарэі (каля 1617 г.), Белай і Магілёве (каля 1624 г.) [19]. Заснаваныя ў найбольш забяспечаных манастырах, гэтыя школы разам з імі развіваліся або занепадалі.

У XVII-XVІІІ ст. базыльяне адыгралі важную ролю ў развіцці асветы на тэрыторыі Беларусі, хоць і мелі ў гэтай сферы моцнага канкурэнта ў асобе ордэна езуітаў. Калі ў 1773 г. езуіцкі ордэн быў скасаваны, базыльяне фактычна занялі яго месца на ніве адукацыі. На хвалі Асветніцтва яны пакрылі нашы землі разгалінаванай сеткай рознатыповых навучальных устаноў: ад пачатковых школ да філасофска-тэалагічных студый, якія рыхтавалі кадры для ордэна і ў меншай меры - прыходскае духавенства і свецкае чынавенства. У 70-90-ыя г. XVIII ст. сярэднія школы працавалі пры манастырах у Беразвечы. Брэсце, Барунах, Вільні, Вярбілаве, Жыровіцах, Любары, Лядах, Паддубіссі, Талачыне. Навучальныя ўстановы павышанага тыпу, дзе базыльяне ўдасканальваліся ў філасофіі, тэалогіі, рыторьщы, дзейнічалі ў Антопалі, Быцені. Вільні, Свержані, Таракані, Нясвіжы, Лыскаве, Любешове. Жыровіцах. Віцебску, Полацку [20].

Базыльянскія свецкія школы (вучылішчы) у Барунах, Беразвечы. Брэсце, Віцебску, Вярбілаве, Жыровіцах, Любары, Лядах, Паддубіссі і Талачыне, якія рыхтавалі моладзь да грамадзянскай службы, - яркая, але яшчэ далёка не асэнсаваная з'ява гісторыі адукацыі ў Беларусі канца XVIII - першай трэці XIX ст. Рэфармаваныя на аснове статута Адукацыйнай камісіі, гэтыя школы за шэсць гадоў навучання давалі аб'ём ведаў, неабходны для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у чым бачыцца імкненне Уніяцкай царквы ісці ў нагу з часам, захаваць уласную грамадска-культурную ролю і больш эфектыўна працягваць сваю місію ў новых рэаліях эпохі Асветніцтва. Змест і характар навучання ў гэтых школах мала чым адрозніваўся ад школ свецкіх, хіба тым, што выкладалі тут настаўнікі-манахі, у сувязі з чым, па словах аднаго з іх гадаванцаў, «сама навука нібы набывала святасць». Абавязковае патрабаванне да гэтых манахаў - наяўнасць дыплома Віленскага ўніверсітэта і педагагічных здольнасцяў. Для забеспячэння вучэбнага працэсу меліся глобусы, геаграфічныя карты, тэрмометры, барометры, компасы, электрычныя і пнеўматычныя машыны, матэматычнае абсталяванне, бібліятэкі. Праграмы школ, даючы веды па гісторыі Радзімы, мелі патрыятычны кірунак.

Выхаванне ў манастырскіх школах па якасці пераўзыходзіла свецкія наву­чальныя ўстановы. Як успамінаў выпускнік Барунскай базыльянскай школы Антон Адынец, менавіта школы розных ордэнаў у першай трэці XIX ст. пастаўлялі ў Віленскі ўніверсітэт кантынгент «самых добрасумленных і высокамаральных студэнтаў» - будучай інтэлігенцыі краю. «І нават той чысты, ўзвышаны эстэтычны кірунак, які склаўся ў гэтым універсітэце, атрымаў свой пачатак ад студэнтаў, якія скончылі гэтыя школы» [21]. У.Сыракомля пісаў пра базыльянскія школы: «Нашых дзядоў сцябалі старыя езуіты, нашых бацькоў секлі айцы піяры, а мы паспыталі базыльянскія розгі. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы. Так здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх у навуцы і веры і строга пільнавалі мараль - шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека» [22].

Тыповай базыльянскай навучальнай установай з'яўлялася школа ў Бару­нах. Паводле звестак П. Бітэля, спачатку гэта была трохгадовая ўстанова свецкага напрамку, у 1700 г. пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева (Ашмянскі павет). У 1740 г. па патрабаванню клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. У 1780 г. зноў стала свецкай і пераўтварылася ў шасцігадовую школу з прэфектам на чале, якая існавала да 1833 г. [23]. Сучасныя энцыклапедыі і даведнікі памылкова называюць датай заснавання ў Барунах публічнай шасцікласнай школы базыльян верасень 1793 г. [24]. У XIX ст. школа праславілася сваімі выхаванцамі, якія пакінулі след у навуцы, культуры, грамадска-палітычным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы.

Наша апавяданне пра Баруны, базыльянскі манастыр і школу ў ім грунтуецца на архіўных крыніцах, выяўленых аўтарам у дакументасховішчах Літвы, Расіі і Украіны, і крыніцах апублікаваных, а таксама на даследчыцкіх працах нашых папярэднікаў. Для рэканструкцыі школьных парадкаў, вучнёўскага жыцця ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. і аблічча асоб, звязаных з Барунамі, выкарыстаны мемуары выпускнікоў гэтай школы - вядомых пісьменнікаў Ігната Ходзькі і Антона Адынца, напісаныя імі ўжо на схіле жыцця. Першы вучыўся тут у 1804-1810 г. Сваё школьнае дзяцінства ён маляўніча апісаў ў апавяданні «Баруны», апублікаваным у Вільні ў 1825 г. [25] У 1884 г. доўг удзячнай памяці школьным настаўнікам і сябрам, якія да таго часу ўсе ўжо былі ў магілах, аддаў сваімі «Успамінамі з мінулага» Антон Эдвард Адынец - барунскі студэнт у 1813-1820 г. [26]

У пачатку XIX ст. Баруны ўяўлялі сабой звычайную вёску, жыхары якой займаліся сельскагаспадарчай працай. Мястэчкам яна звалася таму, што мела прыгожую мураваную ўніяцкую царкву і двухпавярховы базыльянскі манастыр. Царква і манастыр, разам з рынкавай плошчай, на якой стаяла так званая студэнцкая капліца, утваралі цэнтр мястэчка. Ад яго ў розныя бакі адыходзілі тры вуліцы (у тым ліку Мінская і Віленская) з выбоінамі і каляінамі, забалочанымі пасля дажджу. Вуліцы былі забудаваны 25-цю - 30-цю простымі драўлянымі дамамі. сярод якіх былі школа, чатыры карчмы. Школа размяшчалася ў асобным драўляным будынку, мела бібліятэку з 285 кніг і матэматычныя інструменты [27].

Спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, у XIX ст. з'яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Педагагічны калектыў складалі шэсць выкладчыкаў (іх звалі прафесарамі): лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі, якія штодня па чарзе выкладаліся свае прадметы ва ўсіх класах. Сярод школьных настаўнікаў вядомы базыльяне Ф. Бялдоўскі. М. Лебель. Б. Ляўковіч. Г. Лебель, Б. Гамалінскі, С. Катовіч, С. Ушацкі [28]. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і патрэбны набор лекаў.

Вучылі тут таксама геаграфіі, батаніцы, праву, эканоміцы, гісторыі святога пісання, сельскай гаспадарцы, французскай, нямецкай, а з 1800 г. - расійскай мове. Візітатар Барунскай школы ў 1804 г. раіў яе настаўнікам больш часу адводзіць грунтоўнаму вывучэнню польскай і лацінскай моў [29].

Уяўленне аб характары вывучаемых дысцыплін дае факт набыцця Барунскай школай ў 1820-я г. у Вільні, у прыватных друкарнях і кнігарнях Юзафа Завадскага і Францішка Морыца, польскай, лацінскай, французская і нямецкай граматык, «Выпісаў расійскіх», рускага слоўніка, катэхізіса, біблейскай гісторыі, а таксама падручнікаў батанікі, заалогіі (Станіслава Юндзіла), арыфметыкі, геаметрыі, трыганаметрыі, мінералогіі, геаграфіі, гісторыі, фізікі, хіміі, агародніцтва і іншых падручнікаў [30].

У розныя часы ў школе займаліся ад 140 да 200 дзяцей і юнакоў 9-18 гадоў са шляхецкіх сямей Ашмянскага і суседніх паветаў. У 1783 г. школа мела 180 вучняў [31], у 1803 г. - 150, у 1804 г. - 140, у другім дзесяцігоддзі XIX ст. - каля 200 [32]. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце.

Бацькі з дальніх і бліжніх ваколіц Ашмян, як успамінае І. Ходзька, прывёзшы у Баруны сваіх сыноў, вялі іх у царкву да алтара Маці Божай, са слязьмі прасілі яе заступніцтва, бласлаўлялі свае дзіцё і вярталіся дадому. Не адна заплаканая маці выходзіла з экіпажа на апошнім за Барунамі ўзгорку, з якога быў яшчэ відаць крыж царквы, і пасылала гарачыя малітвы туды, дзе засталася наймілейшая ёй істота. А сын у гэты час плакаў, стоячы на вуліцы і паглядаючы на дарогу, на якой знікаў экіпаж [33].

На чале школы стаяў прэфект, які быў, па словах Адынца, «калі не дыктатарам, то па меншай меры консулам гэтай студэнцкай Рэчы Паспалітай». Усім манастыром кіраваў суперыёр. Ён займаўся, галоўным чынам, царкоўнымі і маянтковымі справамі, і непасрэдна ў студэнцкія справы не ўмешваўся. Два першыя класы зваліся ніжэйшымі. Іх вучні пагардліва зваліся мінімусамі і не смелі ўздыхаць аб роўнасці, якая панавала сярод вучняў чатырох наступных - вышэйшых класаў. У гэтым вясковым, малым, ціхім закутку, як піша А. Адынец, аднак жа верна адбіўся, як сонца ў кроплі, характар і звычаі «літоўскіх» школ і студэнцкага жыцця ў іх моладзі.

Вучні жылі ў дамах мяшчан вакол рынку. Ім звычайна адводзіліся два пакоі, у якіх жыло столькі чалавек, колькі ложкаў можна было паставіць уздоўж сцяны. Да жыхароў абодвух пакояў або кожнага паасобку быў прыстаўлены гувернёр - звычайна выпускнік гэтай жа школы, званы пенсіянерам. Гувернёры складалі школьны патрыцыят, які непасрэдна сутыкаўся ca школьнымі ўладамі - прэфектам і прафесарамі.

Парадак школьнага жыцця быў наступны. У 6.30 раніцы - студэнцкая імша, у час якой аднаму з прафесараў дапамагалі добраахвотнікі, а гувернёры і шасцікласнікі, седзячы на лавах, спявалі на лаціне літанію да Маці Божай. У 7 гадзін - сняданак, з 8 да 10 і з 12 да 14 гадзін - урокі. Заняткі па мовах працягваліся да 17 гадзін. Рэшта дня служыла для навучання дома, а пасля гэтага - для забаў. Раніцай, з 7.30 да 8.00, на школьным двары стаяў шум і рух. Тут уголас адбывалася навуковая споведзь адных перад другімі - дэкламаванне ўрокаў.

Прафесары, не маючы часу штодня правяраць урокі ў кожнага вучня, выбіралі для гэтага абавязку найбольш здольных і старанных вучняў - аўдытараў, якія павінны былі рэгулярна напярэдадні заняткаў выслухаць давераных яму калегаў (найбольш - 6 чалавек) і паведаміць сваю думку аб іх ведах прафесару. Адказы ацэньваліся па шасці ўзроўнях у спецыяльным спісе - «эраце»: «умее», «сумняваецца», «памыляўся ў адказах», «умее не добра», «не дэкламаваў», «не ўмее». На уроках прафесары правяралі справядлівасць выстаўленых адзнак, апытваючы тых ці іншых вучняў. Бяда тады аўдытарам, якія робячы камусьці паблажкі або з-за ўласнай ляноты, складалі фальшывыя сведчанні.

Самым высокім саноўнікам у класе быў імператар. І на гэту пасаду па чарзе прызначаліся самыя лепшыя вучні. З 7.30 да 8 гадзін раніцы імператар сядзеў за прафесарскім сталом і ўпісваў у эрату думкі аўдытараў аб іншых і сваю аб аўдытарах. Утрыманне і запаўненне гэтага спіса было галоўным атрыбутам улады імператара. Такая годнасць забяспечвала яму павагу вучняў і прывілеі - ён ніколі ўжо не меў над сабой аўдытара. Гэты парадак меў месца ў першых трох класах, у наступных разлічвалі ўжо на сталы розум і стараннасць саміх вучняў [34].

Вось у такіх умовах і ў такіх іерархічных стасунках з году ў год у Барунах развіваліся каля двух сотняў юнакоў. У іх ліку ў першай чвэрці XІX ст. аказаўся Ігнат Ходзька (1794-1861) - ураджэнец вёскі Заблошчына Вілейскага павета Віленскага ваяводства, які потым скончыў са ступенню кандыдата філасофіі Віленскі ўніверсітэт, з'яўляўся членам таварыства шубраўцаў і масонскай ложы ў Мінску, стаў вядомым пісьменнікам, найперш як аўтар шматтомных твораў «Літоўскія малюнкі» і «Літоўскія паданні», створаных пераважна на беларускім матэрыяле. Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў яму нарыс «Жыццё і творы Ігната Ходзькі». Выхаванец Барунскай школы Леанард Ходзька (1800-1871), выхадзец з вёскі Аборкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, у далейшым - студэнт Віленскага ўніверсітэта, сябра таварыства філарэтаў, сакратар Міхала Клеафаса Агінскага, актыўны дзеяч эміграцыі у Парыжы (з 1826 г.), гісторык. Публіцыст, збіральнік, выдавец матэрыялаў па гісторыі Беларусі і Польшчы, член многіх навуковых таварыстваў Антон Эдвард Адынец (1804-1885) - таксама ўраджэнец Ашмянскага павета, які стаў знакамітым паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, мемуарыстам, сябрам Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі, філарэтам, які адбыў у 1823-1824 г. зняволенне, рэдактарам «Віленскага весніка» ў 1841-1859 г. Барунскі выхаванец Юльян Корсак (1806-1855) ca Слонімскага павета - паэт, перакладчык на польскую мову твораў Гарацыя, Шылера, Байрана, Шэкспіра і іншых класікаў сусветнай літаратуры, прыяцель юнацтва Ігната Ходзькі, сябар Адама Міцкевіча [35]. Усе яны - ураджэнцы нашага краю, выхадцы са шляхты, дзеячы беларускай польскамоўнай культуры. Усе ў 1800-я - 1810-я г. пачыналі ўзыходжанне на вяршыні еўрапейскай навукі і культу­ры ў Барунскай базыльянскай школе. Іх усіх перажыў Антон Адынец, адзін з апошніх засталых у жывых філарэтаў. 60 год яго цяжкай творчай працы склалі цэлую эпоху ў жыцці некалькіх пакаленняў, якія вучыліся жыць і кахаць па творах Адынца [36].

Паводле Ігната Ходзькі, жыццё ў Барунах у цэлым не было надта вясёлым - жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная і прымусовая вучэбная праца, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, - усе гэта давала дзецям пакаштаваць першыя горычы самастойнага жыцця. Канікулы, праведзеныя дома, успрымаліся выхаванцамі як рай. Зусім розныя, супрацьлеглыя пачуцці і ўспаміны пакідалі ў студэнтаў царква і школа. Яны былі як неба і зямля, як рай і пекла. Калі дзеці ў царкве, успамінае пісьменнік, школа за­крытая і чакае, каб іх зноў прыгнятаць. «У царкве гімны і песні, паўтараемыя гучным хорам, мілыя сэрцу і вуху студэнта, ... ў школе штодзённы плач і архіплач кожную суботу» [37].

У стуцэнцкай капліцы, паводле мемуараў Ігната Ходзькі, захоўвалася школь­ная харугва. На ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы і Маці Божай, вышытая на белым атласе, на другім баку - каласісты сноп збожжа - эмблема плёну навукі, якую вучні растлумачвалі па-свойму: «Вучыся, асёл, добра - будзеш мець хлеб» [38].

Найлепшыя ўспаміны пісьменніка пакінуў «святар-фізік». Паводле дакументаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, прафесарам фізікі «во всенародном Борунском училище» у 1804-1811 г. быў Юльян Іванавіч Спірыдовіч, выхадзец з беларускай шляхты [39].

У рукапісным аддзеле бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта намі выяўлены штомесячныя рапарты дырэктараў (гувернёраў) Барунскай школы за 1816-1818 г. з характарыстыкай стараннасці, паслухмянасці, паспяховасці і паводзін вучняў. У іх спісе - Антон Адынец і Леанард Ходзька, якія мелі ў гэтым журнале найлепшыя характарыстыкі. Згодна з рапартам за студзень 1817 г., Антон Адынец - гэта вучань ІV класа, які меў 13 гадоў, жыў на кватэры, рэгулярна наведваў школу, вучыў урокі, быў старанны, добры характарам, паслухмяны [40].

Леанард Ходзька быў старэйшы ўзростам, з'яўляўся сваяком Антона Адынца і не аднойчы наведваў яго дом як бліжэйшы да Барунаў. Іх адносіны насілі характар сардэчнай прыхільнасці, якая з гадамі перарасла ў сяброўства. Леанард аказаў вялікі літаратурны ўплыў на Антона, перапісваючы для сябе і даючы сябру чытаць розныя вершы. Менавіта такім чынам Антон Адынец упершыню, будучы ў школе, пазнаёміўся з творамі Шылера. Чытанне Шылера ў польскім перакладзе падштурхнула яго да самастойнага вывучэння нямецкай мовы, якая, у адрозненне ад моў расійскай і французскай, не ўваходзіла ў абавязковую праграму навучання [41].

Школьнае дзяцінства Адынца пачалося ў верасні 1813 г. Няпростымі былі яго першыя крокі ў навукі. Аддаленне ад бацькоўскай хаты (каля мілі) і выключна хлапечая кампанія спачатку абудзілі ў ім такі сум, што адзінай палёгкай было глядзець з-пад званіцы на ўзгорку на дах і дрэвы роднай хаты і плакаць. Аднойчы, не вытрымаўшы і нікому не сказаўшы, пайшоў дамоў. У пагоню прыскакаў конны пасланец ад яго гувернёра Брадоўскага. Энергічны і здольны чалавек, удзельнік вайны 1812 г., таксама барунскі выхаванец, Баніфацый Брадоўскі меў рэпутацыю найлепшага школьнага педагога. Пазней, закончыўшы Віленскі ўніверсітэт, ён стаў настаўнікам, а потым і дырэктарам гімназіі ў Вільні.

Бацька Антона сам адвёз уцекача ў Баруны. Пазбегнуць пакарання дапамагла паэзія - школьны прэфект, прыяцель бацькі Антона, неяк хваліў вершы хлопца. Брадоўскі ж устроіў тады сапраўдную педагагічную камедыю…

З тых часоў Антон Адынец стаў адным з самых паслухмяных і старанных вучняў, дзякуючы чаму меў прыхільнасць і ласку з боку педагогаў, якая ўвесь час узрастала і была відавочнай для школьных калегаў, якія далі яму мянушку «Любімчык». Антон і на самай справе аказаўся ў шэрагу самых лепшых вучняў - вучоба яму давалася лёгка, без вялікіх намаганняў. З першых жа тыдняў знаходжання ў школе ён удастоіўся гонару стань аўдытарам, a ў другім квартале ужо быў прызначаны імператарам.

Каб пасароміць старэйшых узростам і рослых невукаў, быўшых, як пра іх гаварылі, «пад вусам», Антона як маладзейшага і найменшага ростам прызначылі аўдытарам менавіта над імі. Калі прыходзіў час «дэкламавання ўрокаў» (праверкі заданняў), гэтыя паны, як расказвае ў сваіх успамінах Адынец, каб улагодзіць мяне, завялі звычай катаць мяне на плячах па школьным двары, адказваючы пры гэтым урокі. Язда так падабалася, што ў знак падзякі ён запісваў у эраце лепшыя адзнакі, чым таго заслугоўвалі яго падапечныя. Гэтым ён нярэдка даваў повад для ўласнага пакарання - часта пакутаваў сярод класа на каленях. Але гэта не шкодзіла рэпутацыі пачынаючага аўдытара сярод прафесараў, якія не толькі не папракалі яго, але нават і ўпаўнаважвалі на гэту язду «на аслах», жартуючы нават тады, калі з прычыны яе загадвалі караць Антона. Усё гэта замацоўвала за ім прозвішча «Любімчык". У асобе ж сваіх падапечных ён меў заўзятых абаронцаў падчас патасовак і боек.

Тры гады па ўсіх прадметах імператарская карона па чарзе пераходзіла ад Антона да яго аднакласніка Гераніма Умястоўскага, старэйшага на два гады, стараннага, акуратнага, разумнага, але зусім непадобнага да Антона. Геранім меў практычны розум, уяўлення ж яму не хапала - гаварыў толькі пра тое, што бачыў і рабіў. Натуры хлопцаў адрозніваліся настолькі, што яны не маглі стаць сябрамі.

Антон Адынец не ўспамінае, каб у першых двух класах ён пісаў вершы. Школьныя навукі пра іх не ўпаміналі, а штуршка збоку не было. Аднак чытанне літаратурных твораў з'яўлялася яго любімым заняткам. Яно развівала ўяўленне, давала магчымасць марыць. У трэцім класе пачалася размова аб лацінскай і польскай паэзіі і літаратуры. Вучылі на памяць вершы на абедзвюх мовах, а для практыкаванняў тлумачылі лацінскі тэкст па-польску. Шмат увагі ўдзялялі тлумачэнню старажытнарымскіх аўтараў Гарацыя, Плінія, Цыцэрона, Няпота, Вергілія. Аўтарытэт Антона Адынца сярод калегаў стаў узрастаць, бо вершаваныя практыкаванні 11-гадовага хлопца былі найлепшымі.

Агульная цікавасць да чытання звязала Антона з Каралем Лясковічам, Юрыем і Сікстам Ясевічамі і Янам Турчынскім - усе яны равеснікі, шляхецкія сыны. На глебе цікавасці да чытання і паэзіі ўзнікла сяброўства са старэйшым на чатыры гады вучнем пятага класа Антоніем Фрэйентам - слаўным школьным паэтам, імя якога і нават абрыс характару ўвекавечаны ў паэзіі Адама Міцкевіча. Фрэйента, вясёлага, жывога, жартаўлівага, нават прынялі ў свае таварыства гувернёры-пенсіянеры, любілі прафесары. Фрэйент вельмі падабаўся Адынцу ўжо ў першым-другім класе, але той не звяртаў на яго як на мінімуса ніякай увагі. Далучыўшыся да сяброўскай групы, Фрэйент ажывіў яе сваёй весялосцю. Пасля заканчэння Барунскай школы ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт і там таксама стаў улюбёнцам калегаў, прыяцелем усіх вершаскладальнікаў, з якімі Антона Адынца і знаёміў.

Кнігі сябры бралі з асабістых бібліятэк суседніх паноў Заблоцкага і Закрэўскага, чыталі іх па чарзе, а потым разам абмяркоўвалі. Гэта была для іх больш цікавая забава, чым гульні на рынку ў мяч ці ў снежкі, што рабілі астатнія вучні. У коле Гераніма Умястоўскага ў гэты ж час абмяркоўвалі знаёмых жыхароў павета.

У трэцім класе сябры пазнаёміліся з «Энеідай» і «Іліядай» Гамера. «Мая галава запалала як Троя», - успамінаў Антон. Пасля гэтага вучні падзяліліся на траянцаў і грэкаў. Рынкавая плошча, якая для іншых была звычайным месцам бегатні і гульняў, стала для іх полем бітваў пад Трояй. Цэлыя два гады гулялі ў гэтую гульню. Часамі, назіраючы за ёй, спачувалі таму ці іншаму боку гувернёры і нават прафесары.

Усе выхадцы з гэтай сяброўскай трупы, як піша Антон Адынец, занялі ў жыцці больш-менш выдатныя месцы - кожны ў сваёй сферы дзейнасці - і пакінулі пасля сябе след і годную памяць. У той час, як ніхто з рэалістаў групы Гераніма Умястоўскага, хоць і добра вучыліся ў школе, не перасягнуў магчымасці свайго стану і не распаўсюдзіў сваю дзейнасці і ўплыву далей межаў сваёй «парафіі».

Сікст Ясевіч, для якога на першым плане заўсёды былі гераізм і рэлігійны аскетызм, вучыўся потым у Віленскім ўніверсітэце. У 1828 г. пакінуў яго і пайшоў на руска-турэцкую вайну, дзе вылучыўся ў баях. Па вяртанні быў абраны начальнікам земскай паліцыі Вілкамірскага павета. Слава пра яго як пра абаронцу пакрыўджаных, ахоўніка грамадскага парадку і пагрозу ўсякага роду злачынцам разышлася ў краі, і ён быў абраны членам апеляцыйнага суда ў Коўне. Але пасля смерці жонкі ім авалодалі думы аб вечным. Ён парваў са светам, хацеў стаць манахам ордэна капуцынаў, чаму, аднак, перашкодзілі фармальнасці. Сікст стаў весці жыццё пустэльніка. У амаль 50-гадовым узросце паступіў у Віленскую епархіяльную семінарыю, потым быў прызначаны яе інспектарам.

Чыноўнікам міністэрства асветы стаў Кароль Лясковіч.

У школьным жыцці Антона Адынца пакінуў добры след яго гувернёр, выпускнік Барунскай школы Ігнат Ясюковіч - чалавек здольны і працавіты, чаму і абавязаны сваёй далейшай кар'ерай: атрымаў у Вільні ступень магістра, займаў пасаду ў міністэрстве юстыцыі ў Пецярбургу, быў старшынёй апеляцыйнага суда ў Коўне. Ён не пераставаў даваць сваім падапечным добразычлівыя парады і перасцярогі. Ясюковіч хацеў адвярнуць Антона ад пісання вершаў і пагоні за літаратурнай славай, павярнуць да нечага больш практычнага, хацеў умясціць яго думкі ў вузкія рамкі навукі, чым нямала пашкодзіў маладому паэту. Але сваёй мэты не дасягнуў. Антон жа застаўся абавязаным яму многім добрым як у школе, так і ва ўніверсітэце.

Будучы ў чацвёртым класе, Антон Адынец ездзіў у Вільню. Там разам са сваімі сябрамі, тады ўжо студэнтамі ўніверсітэта Фрэйентам і Людвікам Шпіцнагелем, сынам вядомага прафесара медыцыны - уладальніка вёскі Загор'е, што ля Барунаў, Антон удзельнічаў у студэнцкай маёўцы. Тады і адбылося яго знаёмства з Томашом Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам ды іншымі філаматамі. Па просьбе Чачота Антон дэкламаваў на маёўцы свае вершы. Калі закончыў, Томаш Зан пацалаваў яго. «Гэта было для мяне нібы першае памазанне», - пісаў Адынец. На наступны год на такой жа маёўцы яго пазнаёмілі з Адамам Міцкевічам. З усіх гэтых знаёмстваў потым на дзесяцігоддзі вырасла шчырае ўзаемнае сяброўства.

Самай страшнай з'явай і прывідам для вучняў усіх павятовых школ быў візітатар, які штогод па даручэнню Савета Віленскага ўніверсітэта аб'язджаў школы, аглядаў, экзаменаваў, а потым даваў справаздачу пра вынікі інспекцыі на пасяджэнні гэтага ж Савета. Савет прызначаў у візітатары прафесараў універсітэта, найбольш знакамітых і «светлых» абывацеляў (напрыклад, Адама Храптовіча, Яна Ходзьку) ці правінцыялаў базыльянскага ордэна. Візітатар для студэнтаў увасабляўся ў святло і жах каметы, час прышэсця якой клапатліва вылічваўся, а самое з'яўленне віталася з перапудам. Ды й самі прафесары не без пэўнай боязі чакалі, якую ж думку аб іх школе прадставіць універсітэту візітатар. У час адной з такіх інспекцый адбылося знаёмства Адынца з візітатарскім сакратаром, паэтам-сатырыкам Ігнатам Легатовічам, а потым і з самім візітатарам - паэтам, ксяндзом, прафесарам кананічнага права і дэканам юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Янам Канты Хаданіем.

Вучэбны год, як і ва ўсіх школах, штогод завяршаўся публічным экзаменам. Ён адбываўся ў дзень святога Пятра і Паўла, 29 чэрвеня, ужо не ў класе, a ў царкве. Так было і ў 1820 г., калі заканчваў школу Антон Адынец.

Царкву запоўніла публіка: бацькі, бліжэйшыя суседзі, павятовыя чыноўнікі з Ашмянаў. Але ўсе гэтыя зоркі гаслі пры бляску славы прэлата Віленскай капітулы, візітатара Яна Канты Хаданія, які ў кананічным адзенні і доктарскім берэце сядзеў на крэсле, устаноўленым на памосце, нібы на троне. Па баках ад яго сядзелі ашмянскі павятовы маршалак і суперыёр Барунскага манастыра. Усе класы па чарзе давалі справаздачу перад гэтым трыумвіратам. Але толькі лепшыя вучні мелі права адказваць на пытанні і дэкламаваць вершы, дэманструючы такім чынам дасягненні свайго класа.

Галоўнымі дзеючымі асобамі на такіх урачыстасцях былі выпускнікі. У тым, 1820-м годзе, іх было толькі сем - з больш чым трыццаці вучняў, якія прышлі ў першы клас, але або на паўшляху перарвалі навучання і пайшлі ў свет з ніжэйшых саслоўяў, або засталіся ззаду за гэтай сямёркай. Плеяду выпускнікоў 1820 г. складалі бліжэйшыя прыяцелі і прыхільнікі Антона Адынца. Усе яны збіраліся далей вучыцца ў Віленскім універсітэце. Але на той год з Ашмянскага павета прыбыў у Вільню толькі адзін Антон. З лагера рэалістаў закончылі школу толькі сам Геранім Умястоўскі і яго брат Гілярый, але ва ўніверсітэт яны не пайшлі.

Паводле звычаю, экзамен пачынаўся і завяршаўся прамовамі выпускнікоў з трыбуны, устаноўленай пасярод царквы і пакрытай дыванамі. Адынцу выпала выступаць з прамовай апошнім. Ён завяршыў яе такім прачулым і патэтычным пажаданням прафесарам, школе, калегам. што да глыбіні душы закрануў прысутную публіку, якая шчодра адарыла яго апладысментамі. Пасля публічных экзаменаў старэйшыя вучні ладзілі тэатралізаваныя паказы дзеля забавы тых, хто прыязджаў на гэту выпускную цырымонію.

Пасля ўсіх урачыстасцяў, як гэта ўжо расказваў Ігнат Ходзька, заслона з царкоўнага алтара ападала і адкрываўся цудадзейны абраз Маці Божай у абрамленні зорак з дарагіх камянёў і крышталёў. Усе, старыя і маладыя, падалі на калені і пакорліва схілялі да зямлі галовы. Пеў хор чыстых добрых дзіцячых галасоў. Колькі сэрцаў адразу, колькі малітваў у гэты час узносілася да Бога, колькі надзей усялялася ў сэрца. Потым алтар зачыняўся. Гучаў марш. Усе выходзілі з царквы і раз'язджаліся. Баруны заставаліся пустымі і глухімі [42].

Мала было тады школ, як адзначаў Антон Адынец, якія б славіліся такой колькасцю выпускнікоў, што буйнымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю XІX ст., як Барунская. Адны з іх занялі высокія пасады ў органах дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання ў сваіх паветах і губернях (напрыклад, губернатар Плоцка, а потым Любліна Станіслаў Мацкевіч), у царкоўнай іерархіі. Імёны некаторых настаўнікаў і выпускнікоў гэтай школы ўзышлі на навуковым гарызонце: Антоні Вырвіч - прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта; Вінцэнт Карчэўскі - адюнкт (памочнік прафесара) астраноміі ў гэтай жа навучальнай установе, Антон Камінскі - аўтар прац па асновам геаграфіі і матэматыкі. Свой след у еўрапейскай літаратуры пакінулі Леанард і Ігнат Ходзькі, Антон Эдвард Адынец, Юльян Корсак. Менавіта выпускнікі ордэнскіх школ накшталт Барунскай, як пісаў Адынец, прыўносілі ў Віленскі ўніверсітэт той чысты ўзнёслы эстэтычны кірунак і душэўны настрой, які там развіваўся і з якога расцвітала наступная паэзія.

Імператарскім загадам 1828 г. базыльянскія свецкія вучылішчы былі прыгавораны да паступовага знішчэння. На працягу 1828-1836 г. закрыліся для моладзі, якая жадала прысвяціць сябе свецкай кар'еры, Жыровіцкая, Талачынская, Барунская, Вярбілаўская, Беразвечская, Ляданская і інш. школы разам з самімі манастырамі. Базыльянская сістэма свецкай адукацыі была разбурана. Педагагічная дзейнасць ордэна ўжо не магла служыць алібі пасля паўстання 1830-1831 г., якое перакрэсліла гэты пазітыўны аспект яго існавання [43].

Навучальныя ўстановы ордэна або спынілі існаванне, або былі перапрафіляваны на пастаўку кадраў выключна для царквы. Былі зменены мэта, змест і накіраванасць адукацыі - са сродку ўзвышэння прэстыжу і культурнага ўзроўню Уніяцкай царквы яна была зроблена сродкам яе ліквідацыі і перавыхавання вернікаў «в видах» урада.

У 1831 г. была прынята пастанова аб скасаванні базыльянскай свецкай школы ў Барунах і стварэнні замест яе духоўнай школы, абавязанай даваць выхаванне 20 сіротам або дзецям беднага духавенства [44]. Паводле іншых звестак, свецкую школу закрылі ў 1835 г. [45]. У 1833 г. Барунскі манастыр і царква былі перададзены ў праваслаўнае ведамства, а пазней (ў 70-80-я г. XIX ст.) і зусім перастаў існаваць самастойна - стаў аддзяленнем Віленскага Свята-Духава манастыра. Духоўная школа працавала ў ім да 1845 г. [46]. Перад скасаваннем у 1833 г. базыльянскага манастыра абраз Маці Божай Барунскай быў аддадзены Важынскім. Вярнуўся ён у храм амаль праз стагоддзе, у 1922 г. [47].

У сталым узросце, будучы ўжо знакамітым пісьменнікам, любімцам чытачоў, Ігнат Ходзька наведаў апусцелыя Баруны і ўбачыў паўразваленыя дамы. Па могілках сунуўся пануры манах, па вуліцах валачылася абдзёртая галота, на рынку пад капліцай сядзела баба ў лахманах і сярод глухоты маўчання мурлыкала вячэрнюю малітву. Стоячы на плошчы перад царквой, ён успомніў, як некалі яна агалашалася вясёлымі галасамі хлапчукоў, што высыпалі пасля заняткаў на вуліцу. І залатыя хвіліны дзяцінства паўсталі перад вачамі пісьменніка...


[1] Каранеўскі А. Р. Баруны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. 1. Мінск, 1993. С. 313.

[2] Трацяк І. І. Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах (1920-1922 гг.) і яе значэнне для развіцця беларускай школы // Ашмяншчына: Гісторыя і сучаснаснь. Гродна-Ашмяны, 1995. С. 87-89.

[3] Акты Виленской археографической комиссии. Т. 11. Вильна, 1880. С. 281-284, 291.

[4] Пашкевич М. М. Чудотворная икона Богородицы в Борунах. Вильна. 1907. С. 8, 15.

[5] Битэль П. Баруны // Голас Радзімы. 1991. 31 кастрычніка.

[6] Jankowski Сz. Powiat Oszmianski. Cz. IV. Petersburg, 1900. S. 56.

[7] Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 14.

[8] Бітэль П. Баруны // Голас Радзімы. 1991. 31 кастрычніка.

[9] Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 13.

[10] Габрусь Т. Адлюстраванне канфесійна-палітычнай сітуацыі ў культавым дойлідстве Беларусі // Беларусіка. Кн. 2. Мінск, 1992. С. 321.

[11] Тэмперны жывапіс Беларусі канца XV-XVIII стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР: Каталог. Мінск, 1986. С. 188, 191-195.

[12] Гісторыя беларускага мастацтва. У 5 т. Т. 2. Мінск, 1988. С. 298; Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 4, спр. 25667, арк. 2; спр. 25674, арк. 19; спр. 25689, арк. 1-1 адв.

[13] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 4, спр. 2229.

[14] Бітэль П. Баруны // Голас Радзімы. 1991. 31 кастрычніка.

[15] Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X-XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. С. 225.

[16] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 4, спр. 2229.

[17] Там жа.

[18] Там жа, спр. 25686.

[19] Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны. Ф. 408, воп. 1, спр. 827.

[20] Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны. Ф. 201, воп. 4, спр. 336, арк. 4-5; спр. 720, арк. 24 адв.

[21] Czasy szkolne // Odyniec A. E. Wspomnienia z przeszłości. Warszawa, 1884. S. 32-85.

[22] Самусік А. Дзейнасць манаскіх ордэнаў у галіне асветы на Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Гісторыя: праблемы выкладання. 1998. № 1. С. 45.

[23] Бітэль П. Баруны // Голас Радзімы. 1991. 31 кастрычніка.

[24] Каранеўскі А. Р. Баруны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. 1. Мінск, 1993. С. 313.

[25] Chodźko I. Boruny. Wilno, 1925.

[26] Odyniec A. E. Wspomnienia z przeszłości. Warszawa, 1884.

[27] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 13, спр. 219, арк. 52-52 адв.

[28] Каранеўскі А. Р. Баруны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. 1. Мінск, 1993. С. 313.

[29] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 13, спр. 219, арк. 9 адв.; Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 824, воп. 2, спр. 214, арк. 2.

[30] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 13, спр. 185, арк. 2 адв., 4 адв., 7, 11, 13 адв. - 14.

[31] Raporty generalnych wizytatorów szkół Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Księstwie Litewskim 1782-1792. Opracowały K. Bartnicka, I. Szybiak. Wrocław, 1974. S. 114. 116.

[32] Рукапісны аддзел бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 13, спр. 219, арк. 52-52 адв.; Odyniec A. E. Wspomnienia z przeszłości. Warszawa, 1884. S. 35.

[33] Chodźko I. Boruny. Wilno, 1925. S. 3-4.

[34] Odyniec A. E. Wspomnienia z przeszłości. Warszawa, 1884. S. 42-44.

[35] Мысліцелі i асветнікі Беларусі. Х-ХІХ стагоддзі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 342, 466, 589-590.

[36] Chelmicki Z. Nad zwłokami s. р. A. E. Odyńca. Mowa, Warszawa, 1885. S. 31, 37.

[37] Chodźko I. Boruny. Wilno, 1925. S. 46.

[38] Chodźko I. Boruny. Wilno, 1925. S. 28.

[39] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 824, воп. 4, спр. 214, арк. 4 адв.

[40] Рукапісны аддзел бібліятэкі. Вільнюскага ўніверсітэта. Ф. 13, спр. 186, арк. 2 адв.

[41] Odyniec А. Е. Wspomnienia z przeszłości. Warszawa, 1884. S. 36-37.

[42] Chodźko I. Boruny. Wilno, 1925. S. 53-54.

[43] Beavoius D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-rukich (1803-1832). Rzym-Lublin 1991. T. 2: Szkoły podstawowe i średnie. S. 186-187.

[44] Акты Виленской археографической комиссии. Т. 16. Вильна, 1889. С. 125-126.

[45] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 797, воп. 6, спр. 23018, арк. 2.

[46] Каталiцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 13; Барунская настаўніцкая семінарыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мінск, 1993. С. 312-313.

[47] Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2000. С. 14.

Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі [57]

Сяргей Марозаў

Невялікае і непрыкметнае, на першы погляд, паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі, упісала яскравыя старонкі ў гісторыю беларускай адукацыі, усходнееўрапейскага мастацтва і хрысціянскай рэлігіі. Для беларусаў, арыентаваных на нацыянальныя гістарычныя і культурныя каштоўнасці, Баруны з'яўляюцца знакавым "месцам памяці". Яно матэрыялізавана ў цудатворнай іконе Барунскай Божай Маці другой паловы XVII ст. - адной з самых шанаваных святынь, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, і ў архітэктурным помніку высокай мастацкай вартасці з другой паловы XVIII ст. Гэта таксама сімвалічнае "месца памяці", звязанае з пачаткамі беларускай школьнай адукацыі, і з адраджэннем пасля 150-гадовага небыцця Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Прадметам дадзенага артыкула з'яўляюцца барунскія рарытэты і іх сучаснае "жыццё". Старажытная ікона, уніяцкі храм (цяпер касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла), базыльянская школа, адлік новага этапа гісторыі Брэсцкай царкоўнай Уніі ў Беларусі - усё гэта нас цікавіць не толькі як уласна гістарычны феномен, але таксама як рэпрэзентацыя артэфактаў эпохі Вялікага Княства Літоўскага - з іх фізічнымі характарыстыкамі і знакавым, сімвалічным зместам - у калектыўнай памяці народа і "бытаванне" ў сучасным беларускім сацыякультурным кантэксце.

Гістарыяграфія і крыніцы даследавання

Мястэчка Баруны прыцягнула да сябе "даследчыцкую" ўвагу ад самага пачатку свайго заснавання ў 1692 г. Гэта была спецыфічная цікавасць уніяцкіх царкоўных іерархаў, выкліканая пашырэннем погаласкі пра цудадзейны "эфект" малітваў перад мясцовай іконай Божай Маці. Спачатку такія выпадкі, расказаныя пад прысягай, рэгістравала спецыяльная царкоўная камісія, высланая ў Баруны, і правяраў іх праўдзівасць мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі. Адзін з яго наступнікаў, протаархімандрыт (генерал) ордэна базыльянаў Леў Кішка ў 1712 г. выдаў у Супрасльскай базыльянскай друкарні кнігу "Morze Łask y szczodrobliwości Boskich w Puszczy Boruńskiey plynące to jest cuda Nayśw. Panny Boruńskiey w Borunach doznane", у якой апісаў 468 такіх цудаў. Такім чынам, ужо праз два дзесяцігоддзі пасля заснавання Баруны сталі прадметам спецыяльна прысвечанага яму, назавём так, краязнаўчага, царкоўна-статыстычнага даследавання (Kiszka, 1712). Перавыданне кнігі Льва Кішкі ў Супраслі ў 1742 г. і ў Мінску ў 2009 г. (Kiszka, 2009) сведчыць пра неаслабную ў стагоддзях цікавасць да беларускага гістарычнага брэнда пад назвай "Баруны". Для нас гэта праца з'яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай як першае, матэрыялізаванае ў папяровым выданні, "месца памяці", звязанае з мястэчкам.

Уласна навуковая цікавасць да Барунаў і яго рэліквій з'явілася ў другой палове ХІХ ст., калі мястэчка пападае на старонкі энцыклапедый і гістарычных даследаванняў.

1907 годам датуецца другая, вядомая навуцы, спецыяльная праца пра Баруны аўтарства праваслаўнага святара Міхаіла Пашкевіча (Пашкевич, 1907). Яе перавод у 1981 г. у мікраформу, а ў 2013 г. - у цыфравы рэсурс, зноў-такі, з'яўляецца сведчаннем краязнаўчай, канфесійнай, навуковай запатрабаванасці на веды пра мястэчка і яго святыні ў гістарычнай памяці пакаленняў.

Абуджэнне гэтай памяці назіраецца ў суверэннай Беларусі на хвалі пераасэнсавання беларускай навукай і грамадствам мінулага сваёй краіны і фарміравання нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Першай ластаўкай стаў газетны артыкул "Баруны" беларускага паэта, краязнаўца, настаўніка і праваслаўнага святара, рэпрэсіраванага савецкай уладай, Пятро Бітэля (1912-1991), які ў 1920-х г. вучыўся ў Барунах, а пасля вайны настаўнічаў у суседняй вёсцы Вішнева (Бітэль, 1991).

Услед за П. Бітэлем навуковую памяць пра гістарычную ўнікальнасць Барунскага культурна-асветніцкага асяродка ўзбагаціла С. В. Палуцкая. У 1995 г. яна выступіла з артыкулам, грунтаваным на архіўных і апублікаваных крыніцах, "Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы" (Палуцкая, 1995), пазней у розных версіях перадрукаваным (Марозава, 2014).

З 1990-х г. Барунская школа ўвайшла ў даследчае поле гісторыка адукацыі Андрэя Самусіка (Самусік, 1998), храм - у поле зроку гісторыкаў архітэктуры віленскага барока Анатоля Кулагіна і Тамары Габрусь.

Але сапраўдны бум навуковай, а таксама турыстычнай, краязнаўчай, канфесійнай, медыйнай цікавасці да Барунаў і яго рэліквій пачаўся з другой паловы 2000-х г., калі Вялікае Княства Літоўскае, у якім бярэ свой пачатак слава Барунаў, стала ўваходзіць у афіцыйны беларускі гістарычны наратыў. Адной з першых на гэтым шляху была Міжнародная навуковая канферэнцыя ў мястэчку Гальшаны (Ашмянскі раён) у 2006 г. "Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына". У яе матэрыялах Аляксандр Доўнар упершыню надрукаваў прывілей на магдэбургскае права Барунам 1705 г. (Доўнар, 2007).

Значнай для гістарыяграфіі тэмы стала брашура барунскага ксяндза Люцыяна Дамброўскага "Санктуарыум Маці Божай Барунскай" (Дамброўскі, 2007).

У другой палове 2010-х - 2020-я г. да Барунскай праблематыкі звяртаецца ў кантэксце сваіх навуковых інтарэсаў цэлая група беларускіх даследчыкаў. Мастацтвазнаўцы Аляксандр Ярашэвіч (Ярашэвіч, 2015) і Станіслаў Чавус вывучаюць іканаграфію барунскага абраза Маці Божай (Чавус, 2020а; Чавус, 2020б), Галіна Флікоп-Світа -іканаграфію ўніяцкіх храмаў Беларусі. Гісторык Сяргей Стрэнкоўскі ахарактарызаваў асаблівасці магдэбургскага самакіравання мястэчка Баруны (Стрэнкоўскі, 2016). Гісторык Андрэй Шпунт - аўтар нарыса пра першага ўласніка барунскага абраза манаха Язафата Бражыца, якія пакінуў значны след у гісторыі беларускіх базыльян (Шпунт, 2023).

Культ Маці Божай і цудатворныя абразы ў Вялікім Княстве Літоўскім вывучае шэраг польскіх даследчыкаў, з якіх артыкул пра Барунскі абраз належыць Пятру Хоміку (Chomik, 2003). Гісторыю санктуарыя і базыльянскай навучальнай установы ў Барунах даследавала Дарота Вэрэда, якая асаблівую ўвагу ўдзяліла характарыстыцы педагагічных кадраў і матэрыяльнай базы школы у канцы XVIII - першай чвэрці ХІХ ст. (вучэбныя памяшканні, бібліятэка, падручнікі, музычныя інструменты) (Wereda, 2006).

Сярод гістарычных крыніц, выкарыстаных у дадзеным даследаванні, - літаратурныя і публіцыстычныя творы, мемуарыстыка, перыядычны друк. Гэта згаданая праца Льва Кішкі (1712 г.) з апісаннем дзівосаў, звязаных з абразом Маці Божай. Пакінулі мемуары пра школу ў Барунах, яе парадкі і сваю вучобу ў ёй у 1800-я - 1810-я г. Ігнат Ходзька (Chodźko, 1925), Антон Адынец (Адынец, 2020). Пётр Бітэль выклаў успаміны пра сваё навучанне ў 1920-я г. у вершаванай паэме "Баруны" 1979 г. (Бітэль, 1990). Газета "Наша думка" за 18 сакавіка 1921 г. расказала пра пачатак дзейнасці ў Барунах Беларускай настаўніцкай семінарыі і цяжкасці, з якімі ёй давялося сутыкнуцца ( Правінцыйны аддзел. Баруны, 1921, c. 5). Публікацыі на старонках сучаснай перыёдыкі педагогаў, краяведаў, журналістаў Ашмяншчыны, а таксама матэрыялы сайтаў культавых устаноў, найперш, Cаtholic.by, адлюстроўваюць працэс выкарыстання гісторыі і спадчыны Барунаў у наш час і іх уключанасць у духоўна-рэлігійны і культурна-адукацыйны кантэкст жыцця краю.

Сціплы абраз вялікай духоўнай сілы

Сэрцам Барунаў з'яўляецца абраз Маці Божай Барунскай, які паходзіць з другой паловы XVII ст. Звычайны і сціплы, на першы погляд, невялікі памерам твор на дошцы (42х60 см) работы невядомага мастака валодае вялікай духоўнай сілай - ужо 330 гадоў ён шануецца як цудадзейны і прыцягвае ў Баруны тысячы людзей.

У хрысціянскай традыцыі культу маці Ісуса Хрыста належыць асаблівае месца. Яна прызнаецца магутнай заступніцай вернікаў; ёй прысвячаюцца шматлікія санктуарыі, абразы, статуі. Падставай для шанавання абраза як цудатворнага становяцца засведчаныя духоўнымі ўладамі выпадкі "цудоўнай дапамогі" па малітвах перад ім - ад выздараўлення смяротна хворых людзей да выратавання цэлых населеных пунктаў ад іншаземных захопнікаў.

Каранаванне абраза Божай Маці Барунскай. 2024 г.

Першае ўпамінанне пра абраз Маці Божай Барунскай сведчыць пра тое, што ён з'яўляўся уласнасцю базыльяніна Язафата Бражыца (1635-1683), настаяцеля кляштараў у Мінску, потым у Полацку і Віцебску. На сваіх жыццёвых шляхах ён заўсёды меў абраз пры сабе, а перад смерцю перадаў сваяку Мікалаю Песляку з фальварка Казякоўшчына з просьбай берагчы і шанаваць як каштоўны скарб. Той загарнуў абраз у тканіну і схаваў ў скрыню, а сам наступныя пяць гадоў служыў у іншым маёнтку. Цяжкая хвароба ў 1691 г. прымусіла Мікалая ўспомніць запавет пабожнага базыльяніна, калі вобраз Маці Божай з падаранага абраза ўявіўся хвораму. Яна звярнулася да Песляка "рускімі словамі", чаму не паклапаціўся пра годнае для яе месца. Апрытомнеўшы, спадкаёмца Язафата Бражыца ўсталяваў крыж, змясціў на ім абраз і задумаў пабудаваць для яго драўляную царкву.

Як сведчаць царкоўныя крыніцы, дапамога яму ад Маці Божай адчувался ад самага пачатку. Пасля таго, як па наваколлі разнеслася чутка, што сляпы, які праходзіў міма абраза, пачаў бачыць і падняў цвік, што згубіўся пры ўсталяванні абраза на крыжы, у Баруны пачалі прыходзіць людзі з малітвамі і просьбамі. Усе, хто з верай звяртаўся да іконы, адыходзілі, паводле народнай погаласкі, суцешаныя і шчаслівыя. Іх ахвяраванні ў скарбонцы, змешчанай ля крыжа, дазволілі Мікалаю Песляку пачаць пабудову драўлянай уніяцкай цэркаўкі. Ён узвёў яе на тым месцы, якое падчас відзення ўказала Божая Маці, - лясны бор ля развілкі дарог на Гальшаны і Вільню - і якое называлася Барунамі. У 1692 г. абраз ўрачыста ўнеслі ў новазбудаваную святыню.

Каб праверыць праўдзівасць цудаў, у ліпені 1692 г. кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі накіраваў у Баруны царкоўную камісію. Да канца студзеня 1693 г. яна занатавала 72 цудоўныя падзеі, пра якія пад прысягай сведчылі вернікі і духавенства: выратаванне жыцця, вяртанне з няволі, навяртанне закаранелых грэшнікаў, выздараўленне і інш. Мітрапаліт асабіста прыехаў у Баруны разглядзець вынікі даследванняў. 2 лютага 1693 г. ён выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў - праўдзівымі (Chomik, 2003, c. 121-123).

Мітрапаліт загадаў Мікалаю Песляку пабудаваць новую царкву - мураваную, пасвяціў яго ў духоўны сан і прыслаў з Вільні на дапамогу двух манахаў-базыльян. Землеўласнікі выдзелілі зямлю для будучага манастыра і новастворанага паселішча Баруны, якое пачало хутка засяляцца. Па сведчанню царкоўных крыніц, 1693-1694 гады таксама былі насычаныя цудоўнымі падзеямі, звязанымі з Барунскай іконай. Шырылася яе слава як суцяшальніцы засмучаных (Chomik, 2003, c. 130). У 1695 г. у Мікалая Песляка было дастаткова грошай, каб пабудаваць мураваную царкву, аднак смерць не дазволіла завяршыць пачатую справу. Узвядзенне ў Барунах новай царквы датуюць 1699 (1707) г.

Нашчадак Мікалая - Ян Пясляк, абвінавачаны базыльянамі ў марнатраўстве і прычыненні вялікай фінансавай шкоды манастыру, пастановай Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага 1702 г. пазбавіўся статуса патрона кляштара, які разам з паселішчам Баруны быў перададзены ва ўласнасць базыльян. Ахвярай Яна Песляка стала і цудатворная ікона, якая пазбавілася прысвоеных ім залатой кароны, усыпанай пярлінамі, залатых ланцужкоў, пярсцёнкаў, дыяментавых крыжоў, пярлінавых караляў.

У Паўночную вайну, перад пагрозай шведскага нашэсця, базыльяне ў 1702 г. перадалі цудадзейны абраз у Валожын гетману Вялікага Княства Літоўскага Міхалу Вішнявецкаму. Да 1709 г. абраз пад апекай трох барунскіх манахаў вандраваў разам з войскам. Там, дзе яно разбівала свой лагер на пастой - у Валожыне, Брэсце, Пінску, Жамойці (Літва), базыльяне адпраўлялі набажэнствы, а мясцовыя жыхары грамадзіліся ля абраза Маці Божай, якой давяралі свае патрэбы.

У 1705 г. разбудаваная вёска атрымала магдэбургскае права і статус мястэчка (Доўнар, 2007). Магдэбургія ў Барунах была рэальна ўсталявана і дзейнічала на самой справе. Інстытутамі гарадской улады былі войт, радца і пісар. Судовая ўлада была даверана кіраўніку базыльянскага кляштара. Па прычыне невялікай колькасці насельніцтва структура органаў гарадскога самакіравання ў мястэчку была спрошчанай (Стрэнкоўскі, 2016).

14 мая 1707 г. вялікі пажар знішчыў Баруны, кляштар і часткова царкву. Паступова яны адбудоўваліся. У 1709 г. дахаты вярнуўся абраз. Апелюючы да яго, ашмянская шляхта дамагалася ад сейма Рэчы Паспалітай 1710 г. матэрыяльнага забеспячэння Барунскага манастыра.

Падчас эпідэміі, якая ў 1710-1711 г. ахапіла Вялікае Княства Літоўскае, Барунская ікона лічылася асаблівай абаронцай хворых. Пакланіцца ёй прыходзіла шмат людзей, якія прагнулі выздараўлення. Факты выздараўлення дадавалі ўсё больш славы гэтаму месцу.

Цуды, якія адбываліся ў Барунах перад абліччам Маці Божай з вернікамі з розных куткоў Вялікага Княства Літоўскага, запісаў кіраўнік базыльянскага ордэна Леў Кішка. Усяго зафіксаваў 468 такіх выпадкаў. Ён прысвяціў ім кнігу «Мора ласкаў і шчадротаў Боскіх у пушчы Барунскай дазнаных...», якую выдаў у 1712 г. у базыльянскай друкарні ў Супраслі (Kiszka, 1712; Chomik, 2003, c. 130).

Колькасць паломнікаў у культавы цэнтр цудатворнага абраза значна ўзрасла ў мірны час. У 1715 г. царква і манастыр былі адбудаваны па фундацыі ўніяцкага мітрапаліта Льва Кішкі (1714-1728). Павялічылся іх фінансаванне спадчыннікамі Мікалая Песляка і мясцовай шляхтай. Гэта дазволіла пашырыць манастыр і царкву ў Барунах. У 1747-1757 г. па праекту архітэктара Аляксандра Асікевіча тут быў узведзены новы храм у стылі барока. У 1778-1793 г. пабудавалі мураваны манастырскі корпус. У ім размясцілася базыльянская школа. Выява Маці Божай Барунскай была тады адной з самых вядомых у Вялікім Княстве Літоўскім (нароўні з Жыровіцкай). Звесткі пра цудадзействы, з ёй звязаныя, фіксаваліся і ў другой палове XVIII ст.

У пачатку ХІХ ст. уніяцкі абраз Божай Маці Барунскай быў адным з самых шанаваных на Віленшчыне і Гродзеншчыне. Адам Міцкевіч згадваў пра яго ў двух сваіх творах: "Aniela" і "Nocleg".

У 1833 г. базыльяне ў прадбачанні забароны царскай уладай свайго ордэна і закрыцця кляштара, перадалі абраз сям'і Важынскіх (Важыцкіх) з суседняй вёскі Аляны, а ў царкве змясцілі яго дакладную копію. Разам са сваімі новымі апекунамі абраз вандраваў па розных гарадах: Кракаў, Закапанэ, Вільня. У памяць пра тую вандроўку ў касцёле горада Закапанэ (Кракаўская архідыяцэзія), знаходзіцца абраз з надпісам: «Цудоўная Маці Божая з пушчы Барунскай». Гэта твор Крыстыны Судзілоўскай з Наваградчыны, чые продкі некалькімі пакаленнямі захоўвалі цудатворны арыгінал (Калевіч, 1991).

Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 г. расійскія ўлады перадалі Барунскі базыльянскі кляштар і царкву ў праваслаўнае ведамства. Тут дзейнічаў праваслаўны манастыр і прыход. Праўда, як вынікае з выдання "Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich", слава Барунаў засталася ў мінулым, а на 1880 год гэта было заняпалае беднае мястэчка на 45 дамоў і 155 жыхароў з некалькімі корчмамі (Boruny,1880). У 1899 г. у сувязі з высокім коштам утрымання праваслаўны манастыр быў закрыты, а ў 1915 г. праваслаўнае духавенства і наогул пакінула Баруны.

У 1919 г. Барунская царква і манастыр былі перададзены Каталіцкаму Касцёлу. Тут заснавалі рыма-каталіцкую парафію Святых Апосталаў Пятра і Паўла, якая існуе і сёння. У 1922 г. дадому вярнуўся пасля працяглай вымушанай вандроўкі, якая доўжылася больш за 80 гадоў, абраз Маці Божай Барунскай і быў змешчаны на ранейшым месцы. І сёння ў касцёле знаходзіцца арыгінал цудатворнага абраза, які ўніяцкія манахі вывезлі з Барунаў у момант ліквідацыі іх кляштара. Абраз зноў вярнуўся ў храм, адноўлены пасля заканчэння эпохі атэістычнага бязбожжа, у 1992 г.

Абраз, які сёння знаходзіцца ў храме Святых Пятра і Паўла ў Барунах, - адна з самых шанаваных хрысціянскіх святынь Беларусі. Яна ўшаноўваецца пад тытулам Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных. Барунскі касцёл здаўна з'яўляецца адным з цэнтраў культу Маці Божай у Беларусі і месцам паломніцтва. У 1990 г. тут з удзелам шматлікага духавенства і вернікаў адбылося святкаванне 300-годдзя культу Маці Божай Барунскай. У 2002 г. храм у Барунах атрымаў статус санктуарыя - месца захавання (знаходжання) багатай рэлігійнай, духоўна-культурнай і матэрыяльнай спадчына Касцёла і народа і месца шанавання цудатворнага абраза.

У 2017 г. папулярная краязнаўчая відэаперадача "Падарожжа дылетанта" прысвяціла Барунам свой чарговы выпуск. Вядучы перадачы Юры Жыгамонт расказаў пра тое, як лясная вёсачка стала шумлівым мястэчкам і адным з цэнтраў грэка-каталіцтва ў Беларусі ("Падарожжа дылетанта", 2017).

Апошнія гады адбываецца ўключэнне абраза Божай Маці Барунскай у больш шырокі беларускі культурны кантэкст. З 2021 г. яго копія работы мастачкі Ядзвігі Сянько з Маладзечна раз у год падарожнічае па каталіцкіх прыходах краіны разам з копіямі іншых беларускіх цудадзейных абразоў Маці Божай, культ якіх з даўніх часоў пашыраны ў Беларусі і якія знаходзяцца на яе тэрыторыі. Усе гэтыя цудатворныя абразы датаваны ХVII ст. Сярод мэтаў пілігрымкі - з'яднанне беларускага народа (В Молодечно прошла выставка икон Божией Матери из богородичных святилищ Белоруссии, 2022).

Рэпрэзентацыі сакральнай спадчыны Барунаў паспрыялі гістарычныя юбілеі, якія прыйшліся на 2022-2023 гады: 100-годдзе вяртання ў 1922 г. славутага абраза; і 330-годдзе з таго часу, як абраз Маці Божай Барунскай быў прызнаны ў 1693 г. цудадзейным. Падчас святкаванняў прагучалі словы аўтарытэтных царкоўных іерархаў пра ператварэнне Барунскага санктуарыя ў апошнія тры дзесяцігоддзі - з часу, калі пачаўся працэс яго адраджэння, ва ўсё больш вядомае месца марыйнага культу і месца "надзеі, якую людзі ўскладаюць на Марыю ў наш складаны час з яго маральнымі і грамадскімі паталогіямі" (У Барунах, 2022); і пра рашэнне каранаваць абраз у знак удзячнасці Божай Маці Барунскай "за багатую і цудоўную гісторыю Яе прысутнасці ў гэтым санктуарыі" (Падчас урачыстасці, 2023). Урачыстасць каранацыі адбылася ў кастрычніку 2024 г.

Архітэктурны помнік высокай мастацкай вартасці

Вялікі мураваны касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, які ўзвышаецца ў цэнтры Барунаў, быў узведзены на месцы храма пабудовы 1692 г. у 1747-1757 г. як уніяцкая царква па праекце і пад кіраўніцтвам манаха Барунскага базыльянская манастыра, архітэктара Аляксандра Асікевіча. Інтэр'еры афармляліся да 1770 г. Іх выконваў разьбяр Фрэдэрык Квячур.

Храм у Барунах з'яўляецца адным з найбольш дасканалых твораў віленскага (уніяцкага) барока, які ў 30-80-я г. XVIII ст. атрымаў папулярнасць ў храмавай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. Створаны на аснове творчага сінтэзу візантыйскага, заходнееўрапейскага мастацтва і традыцый мясцовага дойлідства, ён набыў яскравую нацыянальную адметнасць. Таму яго яшчэ называюць "позняе беларускае барока". Помнікі гэтага стылю вылучаюцца дынамізмам, лёгкасцю, свабодай.

Гэтыя рысы яскрава выявіліся ў архітэктурным творы Аляксандра Асікевіча, які накіраваў увагу на стварэнне выразнага мастацкага аблічча галоўнага фасада. Шэраг незвычайных архітэктурных рашэнняў надаюць вонкаваму абліччу храма веліч і хараство. У яго архітэктуры няма сіметрыі, так уласцівай для культавага будаўніцтва. Будынку храма ўласцівыя вытанчанасць і вертыкалізм прапорцый, скульптурная пластычнасць фасада і інтэр'ера, маляўнічасць, складанасць сілуэта і стройнасць, якія надаюць збудаванню шмат'ярусныя вежы, фігурныя франтоны і хвалісты галоўны фасад.

Храм у Барунах - гэта архітэктурны помнік высокай мастацкай вартасці. У наш час ён быў цалкам адрэстаўраваны і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і славутасцю Беларусі. Помнікамі, выкананымі ў стылі віленскага барока, Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктры.

Уяўленне пра выгляд царквы ў хуткім часе пасля пабудовы, а таксама цэнтра мястэчка Баруны дае іх замалёўка з натуры, якую ў 1879 г. зрабіў мастак Напалеон Орда. Сёння фатографы вядуць высокароднае спаборніцтва, хто з іх лепш, прыгажэй, арыгінальней адлюструе храм у сваім творы.

Баруны. Касцёл Святых Апосталаў Пятра і  Паўла і манастыр базыльян. 2019 г. Фота Сяргея Марозава.

За касцёлам захаваўся двухпавярховы мураваны манастырскі будынак, узведзены побач з ім у 1778-1793 г. Ён таксама з'яўляецца гістарычнай славутасцю Беларусі як адукацыйны асяродак, хоць сёння не выкарыстоўваецца, і патрабуе грунтоўнай рэканструкцыі. Амаль дзве сотні гадоў, да 1979 г., тут размяшчалася навучальная ўстанова - спачатку базыльянская гімназія, затым праваслаўная духоўная школа, царкоўна-прыходскае вучылішча, беларуская настаўніцкая семінарыя, народнае вучылішча. У розныя часы тут навучалася ад 140 да 200 юнакоў. Пасля 1939 г. працавала савецкая школа. Рэстаўрацыя гэтага будынка, на жаль, не плануецца.

Школа з беларускай кнігі рэкордаў Гінэса

Сёння дзве навучальныя ўстановы дзеляць тытул «самай старой дзеючай школы Беларусі» Адна з іх - школа ў Барунах. У 2017 г. яна адзначыла свой 400-ты дзень нараджэння. За гэты час яна перажыла розныя ўлады і гістарычныя эпохі, зведала шмат перайменаванняў, зменаў фармату і сістэм навучання, пераездаў і рамонтаў. Шмат пакаленняў вучняў і настаўнікаў прайшлі праз гэту школу (Козел, 2018).

Першымі асвету прынеслі ў Баруны манахі базыльянскага ордэна, які быў заснаваны (рэарганізаваны) ў 1617 г. кіеўскім уніяцкім мітрапалітам Іосіфам Руцкім. З самага пачатку базыльяне праявілі вялікую актыўнасць у сферы адукацыі. Сярод першых адкрытых імі навучальных устаноў была пачатковая школа для манахаў і святароў у Барунах, якую заснавалі ў 1617 г. Яна гадавала новую генерацыю духавенства, якое ўмацоўвала Уніяцкую Царкву і ўздымала яе прэстыж.

Спусташальная вайна, якая пракаціліся па беларускіх землях ў 1654-1667 г., амаль дашчэнту знішчыла базыльянскае школьніцтва. Працэс яго адраджэння зацягнуўся на дзесяцігоддзі. Школа ў Барунах зноў пачала працу ў 1700 г., калі сюды перавялі з мястэчка Вішнева разам з маёмасцю і настаўнікамі трохгадовую базыльянскую школу свецкага напрамку. У 1740-1780 г. яна па патрабаванні клерыкалаў, змяніўшы сваю праграму, рыхтавала кандыдатаў у духоўнае званне.

Новы этап адукацыйнай актыўнасці базыльян прыпадае на апошнюю чвэрць ХVІІІ - першую трэць ХІХ ст., эпоху Асветніцтва. Даследчыкі налічваюць "на Літве і Русі" 22 базыльянскія школы (сярэднія і павышанага тыпу), якія дзейнічалі ў 1770-я - 1790-я г. пад патранатам Адукацыйнай камісіі (Марозава, Марозаў, 2023, с. 60). Яскравай з'явай гісторыі адукацыі Беларусі, Усходняй Еўропы сталі свецкія школы (вучылішчы), якія ўтрымліваліся ордэнам, працавалі па праграмах і статуту Адукацыйнай камісіі і рыхтавалі моладзь да дзяржаўнай службы. Такой была школа ў Барунах, якая ў 1780 г. зноў стала свецкай і ператварылася ў шасцігадовую. Яна размяшчалася ў асобным драўляным будынку. У 1793 г., калі завяршылася будаўніцтва манастырскага корпуса, у ім размясціліся школьныя класы і кватэры для настаўнікаў. Вучні жылі ў дамах мяшчан і знаходзіліся пад наглядам гувернёраў. У ХІХ ст. у Барунскай школе займалася да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, пераважна сыноў шляхты з Ашмянскага і суседніх паветаў (Адынец, 2020, с. 46-48). Баруны ў гэты перыяд з'яўляліся буйным асветніцкім асяродкам Уніі.

Зместам навучання і распарадкам Барунская школа не адрознівалася ад свецкіх школ, "хіба што толькі духоўны сан настаўнікаў надаваў іх паводзінам, і паслушэнству вучняў, і нават самой навуцы арэол рэлігійнага служэння". Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў) з прэфектам на чале. Усе яны ў свой час атрымалі адукацыю ў Віленскім універсітэце. Выкладалі арыфметыку, матэматыку, фізіку, геаграфію, батаніку, права, эканоміку, Святое пісанне, сельскую гаспадарку, красамоўства, латынь, французскую, нямецкую мовы (Адынец, 2020, с. 46, 51). Давалі веды па гісторыі Радзімы. Выкладанне мела патрыятычную скіраванасць.

Барунская школа давала аб'ём ведаў, неабходны для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце. Высокая якасць выхавання ў манастырскіх школах забяспечвала ўніверсітэт самымі стараннымі і высокамаральнымі студэнтамі, якія потым папаўнялі шэрагі мясцовай інтэлігенцыі. Паэт Уладзіслаў Сыракомля ахарактарызаваў базыльянскія школы так: "Нашых дзядоў сцябалі старыя езуіты, нашых бацькоў секлі айцы піяры, а мы паспыталі базыльянскія розгі. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы. Так здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх у навуцы і веры і строга пільнавалі мараль - шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека" (цыт. па: Самусік, 1998, с. 45).

Барунская базыльянская школа ўжо ў XIX ст. стала знакамітай дзякуючы сваім выпускнікам, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы. Сярод іх пісьменнікі Антон Адынец, сябар Адама Міцкевіча, і Ігнат Ходзька; паэт, перакладчык Юльян Корсак, гісторык, публіцыст Леанард Ходзька. На схіле жыцця хвалюючыя ўспаміны пра школьныя парадкі, гістарычныя асобы, звязаныя з Барунамі, і сваё школьнае жыццё напісалі Ігнат Ходька, які вучыўся ў 1804-1810 г. (Chodźko, 1925), і Антон Адынец (Адынец, 2020), барунскі студэнт у 1813-1820 г. Антоні Вырвіч стаў прафесарам матэматыкі, а Вінцэнт Карчэўскі - ад'юнктам (памочнікам прафесара астраноміі) Віленскага ўніверсітэта. Антон Камінскі быў аўтарам работ па асновам геаграфіі і матэматыкі. Многія з выпускнікоў занялі высокія пасады ў органах дзяржаўнай улады і мясцовага кіравання (Адынец, 2020, с. 48), у царкоўнай іерархіі.

Але ў 1830-я г. базыльяне, якія да нядаўняга часу з'яўляліся магутным рухавіком асветніцтва ў Беларусі, былі поўнасцю выцеснены са сферы адукацыі. Яны не апраўдалі надзеі царызма на выхаванне прасякнутага вернападданіцкімі настроямі маладога пакалення. Вучонае манаства, наадварот, паралізоўвала намаганні ўрада па ўнутраным зліцці краю з імперыяй, прышчэплівала ўніяцкай моладзі ліцвінскі сепаратызм і мясцовы патрыятызм і тым узмацняла апазіцыйныя настроі. З разгромам базыльянскай сістэмы свецкай адукацыі школа ў Барунах у 1835 г. была ліквідавана. Замест яе і на яе базе была створана духоўная школа на 20 чалавек - сірот або дзяцей беднага духавенства. У 1884 г. у мястэчку пачала дзейнічаць царкоўнапрыходская школа. У ёй было 28 вучняў.

У 1920-1922 г. у манастырскім будынку працавала Беларуская настаўніцкая семінарыя. Яе дырэктарам і настаўнікам быў грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі. 20 лютага 1921 г. у Барунах пачалі навучанне 58 падлеткаў з Ашмяншчыны (42 хлопчыкі і 16 дзяўчынак), якія прайшлі ўступныя экзамены. У залежнасці ад ўзроўню падрыхтоўкі іх падзялілі на два класы. Выкладалі беларускую, польскую, нямецкую мовы, арыфметыку, геаметрыю, геаграфію, рымска-каталіцкую рэлігію, спевы, гімнастыку. Выкладанне вялося на роднай мове вучняў - беларускай. Карысталіся падручнікамі, друкаванымі лацінкай. Пры семінарыі арганізавалі інтэрнат на 35 чалавек і агульную кухню з прадуктаў ад бацькоў "і з амерыканскіх дароў". Дзякуючы энергіі дырэктара і настаўнікаў, нягледзячы на дарагоўлю, недахоп патрэбных грошай і матэрыялаў, хутка зрабілі неабходны рамонт запушчанага і знішчанага падчас вайны манастырскага будынку. Вучні прымалі ўдзел у ачыстцы яго, забруджанага падчас побыту войска. Насельніцтва навакольных вёсак сімпатызавала дырэктару школу - "ідэолагу супольнага згоднага жыцця беларускай і польскай люднасці" і семінарыі. Але ад самага пачатку агітацыю супраць беларускай семінарыі разгарнулі некалькі "артадоксаў польскай эндэцыі" з Барунаў. Пры падтрымцы мясцовых абшарнікаў яны арганізавалі падачу ўладам калектыўнай петыцыі аб закрыцці семінарыі ці пераводзе яе ў іншае месца. Мясцовых жыхароў-католікаў яны запужвалі, што паколькі ў семінарыю прымаюцца праваслаўныя беларусы (большую частку семінарыстаў, аднак, складалі рыма-католікі), дык потым яна можа адабраць касцёл і зноў перавярнуць яго на царкву (Правінцыйны аддзел. Баруны, 1921, с. 5).

На змену беларускай у 1922 г. прыйшла польская настаўніцкая семінарыя. У ёй выкладаў Тамаш Багушэвіч - сын класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Тут рыхтавалі моцныя настаўніцкія кадры. Пра гэта - радкі паэмы "Баруны" яе выпускніка Пятро Бітэля:


Скажу пра нашу школу смела,
Што многа нам яна дала,
І што выхоўваць для сяла
Яна настаўнікаў умела.
З Барунскай школы педагог
Умеў рабіць адзін за трох
(Бітэль, 1990, с. 185).


У 1933 г. Барунская школа стала сямігадовай, у 1955 г. атрымала статус сярэдняй, у 2022 г. - пасля шэрагу рэарганізацый - гэты статус аднавіла. У 1980 г. яна пераехала ў новы трохпавярховы будынак. Вучняў тут сёння менш, чым ў XVIII ст. Але школа, можна сказаць, трапіла ў беларускую Кнігу рэкордаў Гінэса як адна з найстарэйшых навучальных устаноў краіны, дзеючых да нашага часу. Нагадвае пра гэта Алея Асветніцтва, якую ў 2017 г. вучні пасадзілі ля муроў будынка базыльянскага кляштара ў гонар 400-годдзя развіцця адукацыі ў Барунах (Бражыцкая, 2017).

Знакавае месца ў навейшай гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы

Сёння катэгорыі "гістарычная памяць", "месцы памяці", "гістарычная палітыка" адносяцца да ліку найбольш запатрабаваных у гуманітарнай сферы. Гістарычнай памяці як сукупнасці ведаў і ўяўленняў аб мінулым уласцівыя эмацыйнасць успамінаў і іх выбарачнасць - яна акцэнтуе ўвагу на падзеях і асобах мінулага, значных і актуальных для сучаснасці, для патрэбаў цяперашняга часу. Гістарычная памяць выяўляецца ў захаванні і ўзнаўленні мінулага досведу, азнаменаванні памятных дат. Уяўленні грамадства аб сваёй гісторыі, успаміны пра мінулае канцэнтруюцца ў "месцах памяці". Гэта не толькі фізічнае, геаграфічнае месца, але і сімвалічнае. Яно ўвасабляе ў сабе адзінства духоўнага і матэрыяльнага. Усе гэтыя дэфініцыі ў роўнай меры адносяцца і для Барунаў.

Баруны - гэта геаграфічная кропка з асаблівай сімвалічнай аўрай - аўрай святасці і шанавання. Гісторыя часоў Вялікага Княства Літоўскага пакінула ў Барунах свае бачныя і нябачныя сляды: твор сакральнага жывапісу канца XVII ст. з прызнанай Царквой цудадзейнай моцай; адметны архітэктурай віленскага барока ўніяцкі храм сярэдзіны XVIIІ ст., які ў наш час атрымаў статус санктуарыя і становіцца ўсё больш вядомым месцам марыйнага культу; інтэр'ер храма другой паловы XVIIІ ст., які адзіны ў Беларусі найлепш захаваў аўтэнтычнае аблічча з часоў Уніі; 400-гадовая школьная традыцыя, знакамітая базыльянскай школай для свецкай моладзі, заснаванай у эпоху Асветніцтва, і Беларускай настаўніцкай семінарыяй пачатку 1920-х г.; урэшце, вобраз думак і пачуццяў людзей, а таксама рытуалы і звычаі, якія трымаюцца на больш старажытных пластах. Ужо сама назва населенага пункта выклікае ўстойлівую асацыяцыю з царкоўнай Уніяй. Баруны - гэта адзін з гістарычных цэнтраў Уніі ў Беларусі і яе асабліва шанаванае "месца памяці". Але і ў навейшую гісторыю Уніі Баруны ўвайшлі як месца, дзе рэальныя абрысы набыла ідэя адраджэння Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У 1979-1990 г. святаром у Барунскім касцёле Святых Пятра і Паўла служыў беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч Ян Матусевіч. З 1988 г. ён, будучы сябрам праўлення Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адным з першых у БССР стаў праводзіць набажэнствы на беларускай мове. Пры ім Баруны сталі месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі, сярод якой ва ўмовах лібералізацыі грамадскага і рэлігійнага жыцця з'явілася імкненне да аднаўлення легальнай дзейнасці Уніяцкай Царквы. Ян Матусевіч хрысціў многіх маладых людзей, якія прыйшлі да ўсведамлення сваіх уніяцкіх каранёў.

12 лістапада 1989 г. у Барунах адзначаўся дзень памяці Святога Язафата Кунцэвіча. У багаслужэнні (па лацінскім абрадзе) прыняла ўдзел група моладзі і інтэлігенцыі з Мінска. Гэта мерапрыемства з'яўляецца першай публічнай акцыяй грэка-католікаў у Беларусі. У пачатку 1990 г. гэтыя маладыя людзі заснавалі студэнцкае аб'яднанне "Унія", у 1990-1991 г. выдавалі першы грэка-каталіцкі часопіс "Унія". Пачалося стварэнне першых абшчын вернікаў-уніятаў. У іх памяці Баруны і Унія абавязаны перадусім двум грэка-каталіцкім святарам: легендарнаму базыльяніну Язафату Бражыцу і Яну Матусевічу, які ў канцы ХХ ст. спрычыніўся да адраджэння царкоўнай Уніі ў Беларусі, знішчанай царызмам у 1839 г. Абодва паходзяць з Мінска. Таму менавіта мінскія грэка-католікі 15 кастрычніка 2017 г. выправіліся ў пілігрымку ў Баруны, каб адзначыць 95-годдзе вяртання сюды ў 1922 г. іконы Маці Божай. 9 лістапада 2019 г. ужо вернікі і грэка-каталіцкае духавенства з Мінска, Гродна, Маладзечна, Івацэвічаў урачыста адзначылі ў Барунах 30 гадоў з часу, калі тут адбылося тое набажэнства 1989 г., якое паклала пачатак адраджэння ўніяцкай канфесіі ў Беларусі.

Грэка-Каталіцкая Царква, якая ў канцы ХVIII ст. колькасна дамінавала ў Беларусі (аб'ядноўвала каля 80% беларусаў), аказала значны ўплыў на яе рэлігійнае і нацыянальна-культурнае аблічча, дала найцікавыя ўзоры жывапісу, скульптуры, дойлідства, сёння нешматлікая - 16 парафій, 5000 вернікаў, згодна з афіцыйнымі дадзенымі. Царква цалкам беларускамоўная і сваім вернікам дае адчуванне беларускасці. Увядзенне нацыянальнай мовы ў літургію стала яе ўкладам у адраджэнне беларускай культуры. Досвед адраджэння Грэка-Каталіцкай Царквы засведчыў, што перадаваная праз пакаленні гістарычная памяць з'яўляецца магутнай сілай. Сучасная Царква - паўнапраўны доўгажыхар Беларусі. Сваёй гістарычнай місіяй яна лічыць працягваць 400-гадовую традыцыю маста паміж хрысціянскім Усходам і Захадам.

Высновы

Тое, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага Баруны былі важным рэлігійным і адукацыйным асяродкам Уніяцкай Царквы і тут захаваўся прыгожы барочны комплекс былога базылянскага манастыра з іконай Божай Маці Барунскай, якая лічыцца цудатворнай, сёння гэта вызначае высокі гісторыка-культурны і духоўна-рэлігійны статус мястэчка, яго турыстычную і паломніцкую прывабнасць. Барунскія рэліквіі, напоўненыя эмацыйным, эстэтычным і духоўным сэнсамі, жывуць адначасова і ў гістарычнай, і ў рэальнай прасторы. Яны перадаюць нам памяць вякоў і пакаленняў. Хада часу ўзмяцняе іх каштоўнасць.

Можна гаварыць пра дваякага роду "месца памяці" Баруны. Гэта і ўласна гістарычныя артэфакты, і памяць-рэпрэзентацыя, увасобленая ў мемуарах і паэмах, царкоўных святах і юбілейных урачыстасцях, у шанаванні іконы з трохсотгадовай гісторыяй і творах мастацтва (ад малюнка "Баруны" Напалеона Орды да сучаснай копіі іконы мастачкі Ядзвігі Сянько), у "Алеі Асветніцтва" і "Падарожжы Жыгамонта", у лічбавых рэсурсах (сайты "Грэка-католікі Беларусі", "Catholic.by") і інш. Памяць пра адукацыйна-культурна-рэлігійны асяродак Баруны падтрымліваюць, пашыраюць і ўзбагачаюць яго даследчыкі - гісторыкі, мастацтвазнаўцы, краяведы; папулярызуюць журналісты; актуалізуюць святары і культавыя інстытуты, якія выступаюць у ролі дзейсных актараў палітыкі памяці. Сучасная рэпрэзентацыя духоўна-культурнай спадчыны Барунаў уздымае гістарычны прэстыж Ашмянскага краю, Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Рыма-Каталіцкай царквы Беларусі ў вачах беларусаў і суседніх народаў і важная для фарміравання "новай" беларускай ідэнтычнасці, у якой старажытнасць пераплятаецца са святасцю і шанаваннем.


Адбылося каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай. (12.10.2024). Доступ: https://catholicnews.by/adbylosja-karanavanne-cudadzejnaga-abraza-maci-bozhaj-barunskaj/ (25.06.2025).

Адынец, А. (2020). Успаміны пра мінулае. Мінск: Лімарыус.

Бітэль, П. (1990). Баруны // Бітэль, П. (1990). Дзве вайны: Верш, аповесці. Мінск: Мастацкая літаратура. C. 145-187.

Бітэль, П. (1991). Баруны // "Голас Радзімы", 31 кастрычніка.

Бражыцкая, А. (2017). Алея Асветніцтва ў Барунах. (21.11.2017). Доступ: https://nastgaz.by/aleya-asvetnitstva-u-barunah/ (25.06.2025).

В Молодечно прошла выставка икон Божией Матери из богородичных святилищ Белоруссии. (2022). Доступ: https://sib-catholic.ru/v-molodechno-proshla-vyistavka-ikon-bozhiey-materi-iz-bogorodichnyih-svyatilishh-belorussii-foto/ (25.06.2025).

Дамброўскі, Л. (2007). Санктуарыум Маці Божай Барунскай. [Б. м.: б. в.].

Доўнар, А. (2007). Прывілей на магдэбургскае права мястэчку Баруны 1705 г. // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына. Мінск/ C. 103-108.

Калевіч, Г. (1991). Цудоўная Маці з бору // "Наша вера", № 1 (7). Доступ: https://media.catholic.by/nv/n7/art20.htm (25.06.2025).

Козел, Л. (2018). Барунская школа. Найстарэйшай навучальнай установе краіны споўнілася 400 год // "Ашмянскі веснік", 1.02. Доступ: https://www.osh.by/?p=39480 (25.06.2025).

Марозава, С. (2014). Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы // Klasztory mnisze na wshodnich terenach dawnej Rzeczypospolitej od XVI do poczatkow XX wieku. Poznan: Wydawnictwo Nauka i Innowacji. S. 339-354.

Марозаў, С. (2023). Грэка-Каталіцкая Царква як "месца памяці" // Марозава С., Марозаў С. (2023). Культурная спадчына Уніяцкай Царквы Беларусі (1596-1839 г.). Гродна: ЮрСаПрынт. С. 245-275.

"Падарожжа дылетанта" распавядае пра касцёл і цудадзейны абраз у Барунах. (2017). Доступ: https://catholic.by/3/news/belarus/1956-padarozhzha-dyletanta-raspavyadae-pra-kastsjol-i-tsudadzejny-abraz-u-barunakh (25.06.2025).

Падчас урачыстасці. (2023). Падчас урачыстасці ў Барунах біскуп Кашкевіч абвясціў аб будучай каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай (20.10.2023). Доступ: https://catholic.by/3/news/belarus/16452-padchas-urachystastsi-barunakh-biskup-kashkevich-abvyastsi-ab-karanatsyi-tsudadzejnaga-abraza-matsi-bozhaj-barunskaj (25.06.2025).

Палуцкая, С. (1995). Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы // Ашмяншчына: Гісторыя і сучаснасць. Гродна - Ашмяны/ C. 25-34.

Пашкевич, М. (1907). Чудотворная икона Богородицы в Борунах: с краткими сведениями о монастыре и училище. Вильна: Типография "Русский почин".

Правінцыйны аддзел. Баруны (1921) // "Наша думка", 18 сакавіка.

Самусік, А. (1998). Дзейнасць манаскіх ордэнаў ў галіне асветы на Беларусі ў першай трэці ХІХ ст. // "Гісторыя: праблемы выкладання", № 1. С. 37-46.

Стрэнкоўскі, С. (2016). Магдэбургскае самакіраванне мястэчка Баруны // "Вестник МГИРО", № 4. С. 59-66.

У Барунах. (2022). У Барунах з удзелам біскупаў адзначылі юбілей 100-годдзя вяртання цудадзейнага абраза Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных (17.10.2022). Доступ: https://catholic.by/3/news/belarus/15121-u-barunakh-z-udzelam-biskupau-adznachyli-yubilej-100-goddzya-vyartannya-tsudadzejnaga-abraza-matsi-bozhaj-sutsyashalnitsy-zasmuchanykh (25.06.2025).

Чавус, С. (2020а). Гравюры з выявай Маці Божай Барунскай як крыніца іканаграфіі абраза // "Беларускі гістарычны часопіс", № 9. С. 13-21.

Чавус, С. (2020б). Спісы абраза Маці Божай Барунскай як сведчанне папулярнасці яго культу // "Беларускі гістарычны часопіс", № 12. С. 15-23.

Шпунт, А. (2023). Апостал уніі // "Наша вера", № 1. C. 24-25.

Ярашэвіч, А. (2015). Барунскі абраз Маці Божай: гісторыя, іканаграфія, арэал шанавання // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён. Мінск: Беларуская навука. С. 363-371.

Boruny. (1880) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa: nakł. F. Sulimierskiego i W. Walewskiego, t. 1. S. 330-331.

Chodźko, I. (1925). Boruny. Warszawa: Gebethner i Wolff.

Chomik, P. (2003). Boruńska Ikona Matki Bożej // Chomik, P. Kult Ikon Matki Bożej w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI-XVIII wieku. Białystok: Wydział Historyczno-Socjologiczny Uniwersytetu w Białymstoku. S. 118-131.

Kiszka, L. (1712). Morze Łask y szczodrobliwości Boskich w Puszczy Boruńskiey plynące to jest cuda Nayśw. Panny Boruńskiey w Borunach doznane. Supraśl.

Kiszka, L. (2009). Morze Łask, y szczodrobliwośći Boskich, w Puszczy Boruńskiey płynące: To iest Cuda Nayśw: Panny Boruńskiey w Borunách doznane. [Мінск].

Wereda, D. (2006). Z dziejów sanktuarium i placówki oświatowej w Borunach // "Nasza Przeszłość", t. 105. S. 189-206.



[1] Пераклад паводле: Chodźko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodźko Ignacy. Boruny. Lwów-Warszawa-Kraków, 1925.

[2] Dalekich dzwonów dźwięk mię dolata,
Kraj przypomina obraz Litwy,
Wspominam moje dziecinne lata,
Mówię dziecinne moje modlitwy!
Odyniec. Dumanie we Włoszech

[3] Школу ў Барунах зачынілі пасля паўстання 1831 г.

[4] Звычайная вопратка манаха. - Л. Л.

[5] Мегмерыліс - постаць, вядомая з аднаго з раманаў шатландскага пісьменніка Вальтэра Скота (1771-1832).

[6] Прыстасаванне для вымятання хлебнай печы.

[7] Пахолак - тарчатрымальнік ці зброяносец, у дадзеным выпадку - бедны чалавек. - Л. Л.

[8] Pewny sobie bogaty,

W złoto, srebro, szarłaty,

I zbyt kosztowne szaty,

Miał aksamit, purpury,

A na mnie łaty, dziury!

Песня пра святога Лазара.

[9] Амадыс - герой фантастычнага іспанскага рыцарскага рамана, вельмі папулярнага ў XV-XVI ст.

[10] Вучань інфімы - першага класа. - Л. Л.

[11] З «Амфітрыёну» Мальера.

[12] Вучні здымалі кватэры ў мястэчку.

[13] З царкоўнай гісторыі для першага класа.

[14] Мядзельскі касцёл пад вызнаннем Маці Божай Скаплернай меў мошчы св. Юстына, а таксама кавалачак дрэва св. Крыжа і ампулку з Найсвяцейшай крывёй. Кармеліты заснавалі тут кальварыю з 21 мураванай капліцай і 8 драўлянымі брамамі. Пры кляштары працавала школа і бібліятэка з 500 кніг. Кармеліты працавалі добра, і Мядзел стаў цэнтрам рэлігійнага жыцця ў сваім наваколлі. Захаваліся сляды іх дзейнасці ў выглядзе выяваў (гравюр на медзі) святых, на адной з якіх намаляваны св. Юстын на фоне Старога Мядзела - бачны касцёл з купалам і возера Мястра з чаўнамі, на іншых намаляваны слынныя пацыфікалы (літургічная рэч у каталіцкім касцёле, мае выгляд простакутнай ці авальнай таблічкі з ножкай, якую даюць вернікам для пацалунку). - Л. Л.

[15] «Госпадзе, памілуй», «Хрысце, памілуй».

[16] Дзявотка, пабожная кабета, у ХХ ст. слова стала сінонімам празмерна пабожнай жанчыны. - Л. Л.

[17] Скапуляры (от лат. scapulae), ці малы скапуляры, уяўляе з сябе два змацаваныя шнурамі прастакутныя кавалкі тканіны ці іншага матэрыялу з рэлігійнымі выявамі ці тэкстамі. Звычайна насіўся на целе пад адзеннем такім чынам, што адзін вобраз знаходзіцца на спіне, другі - на грудзях. Слова паходзіць ад лацінскага scapulare (наплечнік). Пачаткова быў верхняй вопраткай для захавання кляштарнага ўбрання падчас работ у полі, потым сам стаў кляштарнымі шатамі, якія з плячэй звісалі ажно да зямлі. Сябры рэлігійных брацтваў насілі больш кароткі, так званы малы скапуляры. - Л. Л.

[18] Пабожныя пілігрымы павінны былі ісці да святыні пешкам.

[19] Святар, які мае нагляд за кухняй і спіжарняй.

[20] Палянт - камандная гульня на ачкі ў мяч з выкарыстаннем драўлянай клюшкі і мяча.

[21] Такі мяч для гульні ў палянт.

[22] Тагачасная назва гумы. - Л. Л.

[23] У выданні 1925 г. кавалак пра яўрэяў прапушчаны. - Л. Л.

[24] Дырэктары наглядалі за школьнай моладдзю.

[25] Першая і другая каманды «ўстаць» на ранішнія пацеры.

[26] Вядомыя словы караля Стэфана Баторыя, сказаныя да Караля Хадкевіча, пазнейшага гетмана.

[27] Гейстуны - вёска каля Барунаў у Ашмянскім павеце. Тут ў 1804 г. нарадзіўся паэт Антоні Эдвард Адынец, маецца малюнак Напалеона Орды сядзібы Адынцоў - Л. Л.

[28] Вёска каля Барунаў.

[29] З «Оды да вусоў» польскага Князьніна. Ранейшая шляхта насіла доўгія вусы, якія пачалі знікаць са з'яўленнем французскай моды. Старэйшае пакаленне змагалася супраць гэтай моды і рупліва бараніла вусы.

[30] Замак у Крэве.

[31] Замак у Гальшанах.

[32] Гальштукаў тады яшчэ не насілі, але насілі хусткі на шыі.

[33] Гульня, падобная на хованкі.

[34] Гульня, падчас якой, здаецца, у гару кідаўся мяч і потым яго трэба было злавіць.

[35] «Найлепей у найвышэйшай ступені».

[36] Вядомы французскі раман XVII ст.

[37] «Больш за ўсё вы павінны любіць бацькоў».

[38] Меўся звычай адчытваць такія вітальныя прамовы, найчасцей на лаціне, каб паказаць поспехі ў вывучэнні мовы.

[39] Жонка Плутона.

[40] Ani Wenera, ani Prozerpina,

Nie jest tak piękna, jak ty Katarzyna!

Wartaś miłości i ślicznego kanta,

Od samego Jowisza, nie od aplikanta.

[41] Маецца на ўвазе пакаранне вучняў у суботу. - Л. Л.

[42] Пянёк - пэўна тое, на чым білі вучняў, дысцыпліна - кіёк для біцца вучняў.

[43] На св. Пятра і Паўла заканчвалася вучоба і пачыналіся канікулы.

[44] Выцягнутая ад увахода да алтара прастора храма, абмежаваная па баках радамі слупоў, калон або аркадай. - Л. Л.

[45] Французскі ядваб.

[46] Кароткая, да каленяў, куртка.

[47] Дзядзькі па маці і бацьку. - Л. Л.

[48] Лейдэнскія слоікі - самыя першыя электрычныя кандэнсатары. - Л. Л.

[49] Падручнік лацінскай граматыцы для езуіцкіх школ.

[50] Падкаморы судзіў межавыя спрэчкі і меў вялікі вопыт разлікаў.

[51] У ранейшай фізіцы мелася тэорыя пра першасныя элементы, якія немагчыма разлажыць на складнікі. Дзякуючы Арыстоцелю, гэта тэорыя доўга трымалася і ў школах. - Л. Л.

[52] Лавуазье Антоні (1743-1794), знакаміты французскі хімік.

[53] Любімае ў той час выслоўе.

[54] Гэты курс у той час быў адным з галоўных прадметаў ў школе. - Л. Л.

[55] «Пад тваю абарону».

[56] Публікуецца па: Марозава Святлана. Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы // Klasztory mnisze na wshodnich terenach dawnej Rzeczypospolitej od XVI do poczatkow XX wieku. Poznan: Wydawnictwo Nauka i Innowacji, 2014. С. 339-354.

[57] Артыкул падрыхтаваны на аснове публікацыі: Сяргей Марозаў. Адукацыйна-культурна-рэлігійны асяродак Баруны як "месца памяці" // Poznańskie studia sławistyczne. 2024. № 27. С. 161-183. https://doi.org/10.14746/pss.2024.27.8

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX