Ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі
У 1992 годзе менскі гісторык Сяргей Тарасаў заўважыў супярэчнасць паміж афіцыйнай канцэпцыяй хросту Беларусі з Кіева ля 988 году і фактамі моцных сувязяў тагачаснага Полацка і Турава з Скандынавіяй.
Сённяшні артыкул прысвечаны малавядомым і сенсацыйным падзеям хросту палачан каля 986 году, адноўленым на падставе скандынаўскіх крыніцаў. Наш герой вікінг Торвальд сын Кодрана па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodrasson) нарадзіўся каля 950 году на поўначы Ісландыі ля затокі "Скага" (Skagafjord) у найбольш вулканічнай зоне краіны. Ягоны жыццярыс "Апавяданне пра Торвальда Вандроўніка" захаваўся ў тэкстах трох ісландcкіх сагаў: "Сага пра Ўлава Трыгвасона", "Флатэйр кніга" і "Сага пра Хрост". Інфармацыю пра Торвальда змяшчаюць таксама розныя еўрапейскія кронікі, што дае ўсе падставы лічыць яго рэальнай гістарычнай асобай.
У маладосці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна па мянушцы "Вілабароды". Заўважым, што кароль Даніі (960-1014) і Ангельшчыны (1013-1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях ўсходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешка I. Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірландыю і Валію. Ужо пад час паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда усю сваю здабычу ён мяняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дахаты. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна. У Ірландыі Торвальд упершыню сутыкнуўся з верай Хрыстовай. Багацце і глыбіня новага вучэння так ўразілі вікінга, што ён кінуў рыцарскія ўчынкі і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад тамтэйшага біскупа Фрэдрыка.
Разам з біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся на радзіму, "каб прывесці сваіх братоў у святло праўдзівай веры." Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, "бо біскуп Фрэдрык не ведаў мовы краіны." У той 981 год ісландцы на чале з Эрыкам "Рудабародым" адкрылі Грынландыю. Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысціянства прынялі родзічы і суседзі Торвальда. Упершыню праз 106 гадоў ад часу засялення ў Ісландыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Надзейнай зброяй стаў жарт. Юнакі стваралі абразлівыя частушкі пра прапаведнікаў, якія спявалі на кірмашах. Напрыклад:
"Біскуп 9 дзетак нарадзіў,
Торвальд быў бацькам ім."
Раз'юшаны Торвальд забіў двух насмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысціянаў. Прапаведнікі мусілі ўцякаць. Менавіта тады Торвальд даў абяцанне: "ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесці да святла веры Хрыстовай хаця б адзін народ." Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы.
У 985 годзе праз Ерусалім Торвальд прыехаў у Царград (Канстанцінопаль). Тут знаны вікінг, да таго ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імператарам Васілём II па мянушцы "Забойца балгараў" і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імператар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся "паўнамоцным прадстаўніком Візантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі." Князі (мелася на ўвазе Полацка, Ноўгарада і Пскова) мусілі выконваць усе парады Торвальда. Заўважым, што менавіта ў часы Васіля II Візантыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Пад яе кантроль трапілі Балгарыя, Арменія, Грузія, паўднёвая Італія і, нарэшце, Кіеўская Русь. У 988 годзе вялікі князь кіеўскі Ўладзімір прызнаў сябе васалам імператара, прыняў хрост, прызнаў духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся на сястры Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да полацкага князя выглядае цалкам лагічна. Гэтым полацкім князем быў Рогвалад (Ragnvald) скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў "изь заморья имаше власть свою в Полотьске". Каля Стакгольма (Салентуна) захаваўся рунічны камень, пабудаваны ў памяць маціхрысціянкі "каралём Рангвальдам", магчыма з Полацка.
У сагах Полацак вядомы як Палтэск'я/Palteskia. Адразу падкрэслім, што назва гэтая з'яўляецца транслітарацыяй старабеларускай назвы. Пад гэтаю назваю горад ўзгадваецца ў шэрагу скандынаўскіх твораў. Найбольш стары сьпіс "Нарыс зямлі I" (апошняя чвэрць XII ст.). Полацак прысутнічае таксама ў сазе "Дзеі данаў" Саксона Граматыка, каралеўскай сазе "Пра дзеі аб Эймундзе", "Сазе пра хрост", "Сазе пра Одда Стралу" ды іншых сагах.
Шмат рунічных надпісаў выяўлена ў Беларусі. Асабліва вылучаюцца абшары Падзвіння. Касцяная біта для гульні з рунічным надпісам была выяўленая ў часе раскопак 1961-1962 гадоў у Полацку. Рунічны надпіс "Карl" азначае "карысць". Каля 100 рунічных надпісаў на косці былі знойдзеныя беларускімі археолагамі ў Маскавічах абарончым фарпосце Полацкага княства на паўночным захадзе. Гэта буйнейшая знаходка рунічных надпісаў на ўсходзе Балтыйскага рэгіёну. Усяго на 86 касцях накрэмзана каля 265 рунічных знакаў малодшага (старашведскага) альфабэту. Сярод надпісаў розныя паганскія магічныя замовы, варажскія імёны. Знаходкі рунічных надпісаў даюць падставы казаць пра міжэтнічнае культурнае ўзаемадзеянне паміж шведамі і крывічамі. Сярод 300 знакаў, якімі карысталася насельніцтва Маскавічаў ёсць 11 літараў кірылічнага альфабэту.
Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняй Еўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасці рэчак тры беларускія. Гэта Дзвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn). Дзвіна ўзгадваецца ў надпісах рунічных камянёў. Напрыклад: "Сумір загінуў на Ўсходзе ля вусця ракі Дзвіна". Гэтыя факты сведчаць пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча Полацкага княства ў скандынаўскай мінуўшчыне.
Полацак стаўся цэнтрам першага княства на абшарах сучаснай Беларусі. Менавіта з вікінгамі-русамі наўпрост звязана з'яўленне места Полацкага ў гісторыі. Першае паведамленне пра Полацак датуецца 862 годам, калі варажскі конунг Рурык/Rorik аддаў умацаванае паселішча Полацкае аднаму з сваіх ярлаў: "овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро". Найбольш раннія "гарадскія" рэчы Полацка паходзяць менавіта з другой паловы IX ст. Пра існаванне ранейшага славянскага селішча сведчыць толькі ляпны посуд VIII - першай паловы IX ст. Крывічы былі асноўным насельніцтвам полацкай дзяржавы, празваўшы свайго конунгакнязя славянізаваным прозвішчам "Рогвалад". Хутка Полацкае княства пашырыла свае межы за кошт земляў ліваў і латгалаў. Апошняе, відаць, і выклікала імкненне канкурэнта Ноўгарада на чале з вікінгам Уладзімірам (Valdemar) распачаць татальную вайну. Справа ў тым, што кіеўска-наўгародcкі класічны шлях з "варагаў у грэкі" быў менш эфектыўны за ягоны полацкі варыянт. Праз Рыжскую затоку і Дзвіну магчыма нашмат хутчэй выйсці ў Дняпро і Чорнае мора. Такім чынам, як заўважыў дацкі гісторык А. Стэндар-Петэрсан, кіеўска-наўгародская дзяржава "вельмі хутка сутыкнулася з спробаю гегемоніі з боку іншай скандынаўскаславянскай дзяржавы, узнікшай, верагодна, адначасова ў басейне Дзвіны з цэнтрам у Полацку, якая імкнулася пракласці новы шлях з Балтыйскага мора ў Дняпро". Наступная сумная гісторыя - захоп Уладзімірам Полацка і забойства Рагвалода вядомая. Іншая справа, што ключ да гэтых падзеяў знаходзіцца ў старажытнай Швецыі і барацьбе розных купецкіх карпарацыяў варагаў за вялікі ўсходні шлях. Барацьба Полацка з Ноўгарадам і Кіевам праходзіць скрозь ўсю гісторыю старажытнай Русі: "и оттоле мечь взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком".
У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх варагаў дапамагаў місіянерам з перакладам казанняў на беларускаю мову. Місія была настолькі паспяховай, што Торвальд вырашыў не рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар Св. Яна "недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн". У Полацку адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысціянінам Улавам Трыгвасанам (969-1000). Гэты скандынаў з шляхетнага нарвежскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Ўлава была дачка польскага караля Баляспава Харобрага. Пасля спаткання ў Полацку Ўлаў адправіўся на Бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысціў нарвежцаў, і быў прызнаны першым святым ў Нарвегіі. Нацыянальны рух нарвежцаў 19 ст. пачаўся са святкаванняў Дня Святога Ўлава.
Торвальд застаўся намеснікам створанага ім кляштара Св. Яна і памёр у Полацку ля 1000 году. Верагодна, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму горада войскамі вялікага князя Ўладзіміра - ворага полацкай дзяржавы. Свой паход на Полацак Уладзімір рыхтаваў у Швецыі, дзе тры гады на грошы купцоў Ноўгарада збіраў вікінгаў, каб знішчыць у пень ненавісны горад на Дзвіне - гандлёвы канкурэнт Ноўгарада і Пскова. Як вядома, на загад Уладзіміра абаронцы горада былі жорстка забітыя. Замак быў зруйнаваны і паўстаў на новым месцы. Уладзімір, на вачах Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў. Там, хутчэй за ўсё, знаходзіўся і наш Торвальд, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзетак князя ад гвалту.
У той самы 1000 год па іроніі лёсу хрысціянства было прызнана на далёкай Бацькаўшчыне Торвальда ў Ісландыі. Зноў жа ў той самы год лёс звёў ў бітве ля Свальдэра двух сяброў Торвальда: караля Даніі Свэна і Нарвегіі Ўлава. Малады нарвежскі кароль загінуў ад рукі старэйшага ворага. Праз 50 гадоў, каля 1050 году, Полацак адведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сведчанні Бранда тагачасныя палачане ўважалі Торвальда "сваім вялікім святым". Полацкая дынастыя і надалей мела шчыльныя сувязі з Скандынавіяй. Напрыклад, кароль Даніі Вальдэмар I Вялікі ажаніўся з дачкою князя полацкага і менскага Валадара Глебавіча Соф'яй Менскай (1141-1198).
Такім чынам хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся не ў 988, але ў 986 годзе. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі звесткі пра гэта, нажаль, не захаваўся. Як вядома ў 18 ст. з ім працаваў расейскі гісторык Тацішчаў, але потым гэты летапіс знік. Верагодна па загаду Кацярыны II, бо звесткі гэтага летапісу супярычылі афіцыйнай канцэпцыі расейскай гісторыі. У гэтай канцэпцыі забойца і гвалтоўнік Уладзімір быў "святым", "Владимиром Красное солнышко".
Падкрэслім, што апісаныя мною полацкія падзеі адбываліся ў час царкоўнай еднасці, да падзелу на праваслаўных і каталікоў у 1054 годзе. Такім чынам, ад самых пачаткаў хрысціянская культура Беларусі была адкрытая Поўначы і Ўсходу. Сёння імя нашага першага прапаведніка невядома грамадству. Але час "збору каменняў" прыйшоў. У вольнай Беларусі ў гонар нашага першага святога трэба будзе паставіць храм ды стварыць абраз Св. Торвальда - сімвала духоўнай еднасці беларусаў.
Прыканцы нагадаем асноўныя факты першых беларускаскандынаўскіх хрысціянскіх стасункаў:
1. Менавіта ў скандынаўскіх, а не славянскіх пахаваннях сустракаюца першыя памяткі хрысціянскага культу (нацельныя крыжыкі і свечкі).
2. Заснаванне скандынаўкай Рагнедай другага манастыра ў Беларусі (ля 1005 г.)
3. Заснаванне вікінгамі (Сымон і Афрыкан) першага манастыра на ўкраінскіх землях: Кіева-Пячорскай Лаўры.
4. Заснаванне князем Святаполкам ў 1005 годзе ў Тураве царквы па лацінскаму абраду. Князь Святаполк быў родзічам сябра Торвальда караля Даніі Свэна "Вілабародага", абодва ўладары былі жанатыя на сёстрах - дочках караля Баляслава Харобрага. Паводле тураўскіх паданняў першыя прапаведнікі прыплылі ў места па Прыпяці на "святых" каменных крыжах (тры з якіх захаваліся). Цікава, што падобныя легенды ў Еўропе былі звязаныя з дзейнасцю ірландскіх місіянераў.
5. Біскупства ў XI ст. у шведскай Сігтуне ўладыкі Асмунда, які да гэтага быў арцыбіскупам Полацка.
6. Знаходкі ў Швецыі крыжоў старабеларускай вытворчасці і вялікодных гліняных яек з Палесся.
7. Шанаванне праваслаўнай царквою Беларусі двух скандынаўскіх святых Кнута і Магнуса, невядомых расейскай царкве.
8. Пабудова ў дацкім Калундборзе ў другай палове XII ст. каралевай беларускага паходжання Сафіяй касцёла - наследвання полацкага Сафійскага сабора.
9. Існаванне ў ХІ-ХІІІ ст.ст. "гоцкай царквы" ў Полацку і "варажскай бажніцы" ў Смаленску.
10. Існаванне ў XII -XIV ст.ст. полацкай царквы на Готландзе (Вісбі).