Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Уладыка Віктар Садкоўскі 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 14-10-2023,
Крыніца: Кантрыба П. [Талочка Ул.] Уладыка Віктар Садкоўскі ў барацьбе з беларускім языком у Случчыне // Калосьсе. 1937. № 2(11). С. 109-111.



Варшаўская праваслаўная мэтраполія ў 1935 г. запачаткавала ў Варшаве навуковае, абапёртае на жаролах, выдавецтва п. з. "Праваслаўныя тэолёгічныя расправы". Дагэтуль выданы том I. Зьмяшчае ён магістэрскую працу Аўгеня Саковіча на тэму: Праваслаўная Царква ў Польшчы ў пару Вялікага Сойму 1788-1792 (Варшава 1935). Ня гледзячы на поўную службовую залежнасьць аўтара ад польскай аўтокэфаліі, сумленны праваслаўны дасьледчык гісторыі царквы ў Беларусі паказаў на сьвятло дзеннае сапраўды цікавыя рэчы.

Беларускі калісь княжацкі Слуцак належаў тады да пераяслаўскага і барыспольскага праваслаўнага біскупства, на чале якога ў гэным часе - пара Вялікага Сойму 1788-1792 - стаяў уладыка Віктар Садкоўскі (1785-1795-1803). Гэты архірэй выйшаў із школы ведамага русыфікатара Беларусі, магілёўскага архіяпіскапа Юрага Каніскага ці Канінскага (1761 -1795). Некалі гадунец кіеўскай духоўнай акадэміі, Віктар Садкоўскі робе шыбкую духоўную кар'еру. Пачарзе быў прэфэктам магілёўскай сэмінарыі, прыбочным намесьнікам Юрага Каніскага, капэлянам расейскай амбасады ў Варшаве, пасьля чаго дзякуючы гэтаму архіяпіскапу і пратэкцыі магутнага расейскага амбасадара ў Варшаве графа Стакельбэрга, поўнасьцю мінаючы польскі ўрад, не гаворачы ўжо аб нястачы прэзэнты калятара і намесьніка на Слуцак Караля князя Радзівілла, астаецца архімандрытам праваслаўнага сьвятатроецкага манастыра ў Слуцку, выключна на падставе ўказу Сыноду ў 1785 г. Мала гэтага, новы архімандрыт атрымлівае 27.VII. ст. ст. таго-ж году біскупскую хіротонію і астаецца пераяслаўскім і барыспольскім уладыкам з тытулам коадютара (вікарнага) старой Кіеўскай мэтраполіі. Якім рашучым быў тады расейскі ўрад адносна б. Рэчыпаспалітай, відаць з таго, што ня пытаючыся нікога перанёс рэзыдэнцыю пераяслаўскага біскупства з Расейскага Царства ў належачы тады да Рэчыпаспалітай Слуцак, або іншымі словамі самастойна эрыгаваў у нужым краю новы біскупскі пасад! Пасьля гэтага пайшлі дастатачна шчодрыя датацыі на мэты пабудовы праваслаўнай катэдры ў Слуцку, на ўстройства духоўнай сэмінарыі і на высокую для архірэя пэнсыю. Душой і целам аддадзены Расеі, уладыка Віктар Садкоўскі хутка сам выканаў прысягу вернасьці для царыцы Кацярыны II, не шкадуючы жыцьця да апошняй каплі крыві, і зажадаў таго-ж ад падуладнага духавенства, каторае ўмеў пазьней падбухторыць нават да бунту супроць Рэчыпаспалітай.

Дзеля зрусыфікаваньня наскрось беларускага краю, новы ўладыка загадаў зараз навучаць народ толькі з расейскага "Сокрашенного Катехизиса", у якім дзіўна злучаліся дбайнасьць аб хвалу Божую і памыснасьць царквы, сьляпое служальства палітычным інтарэсам Расеі і тупое падданства расейскім монархам (Тад. Коржон. Унутраныя падзеі Полыачы за Станіслава Аўгуста (1764-1794). Том I. Кракаў-Варшава 1897).

Вось-жа ў часе ўрадаваньня ў Слуцку ўладыкі Садкоўскага адбыўся там мясцовы епархіяльны сабор епархіяльнага духавенства. Ведаючы справы Сабору, Аўгень Саковіч падае ў названай вышэй працы фрагмэнт даслоўнай прамовы высокага дастойніка царквы да мясцовага духавенства. Гаворыцца ў ім так:

"Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашаго проклятаго літовскаго й вас саміх, я вас у зсылкі паразсылаю, альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з закордону (г. зн. з Расеі) панавожу!.." (79) Зацытаваныя ў працы, ведама, напісанай цалком парасейску, беларускія, хоць з дыялектычнымі асаблівасьцямі ўжо Усходняй Беларусі, словы ўладыкі Садкоўскага сьведчаць наўперад аб тым, што архірэй быў відаць сам Беларусам (магілёўскім ці смаленскім?). што аднак яму не перашкаджапа быць адначасна - хоць гэта выглядае на парадокс - фанатычным ворагам ужываньня падуладным клерам таго-ж беларускага языка. Выкараню, знішну ваш пракляты літоўскі язык, крычыць із свайго трону поўны палкай ненавісьці ўладыка Садкоўскі, а моцныя ўдары аб зямлю жэзлам садзейнічаюць ягоным словам да перапалоханага клеру. Яле мо' ёсьць тут якая памылка адносна адпаведнага азначэньня языка? Аднак-жа ваш пракляты літоўскі язык ня можа азначаць у гэтым месцы ніякім чынам ані польскага языка, з каторым лічыўся ў ацміністрацыйнай практыцы гаворачы гэныя словы, ані таксама літоўскага языка, каторым пэўне ніхто з праваслаўнага духавенства ў канцы XVIII в. у Слуцку не карыстаўся. Астаецца тут прызнаць, урэшце адразу гэта кожны сьведамы пойме, што ўвесь гнеў уладыкі накіраввны тут супроць беларускага языка, каторым калі ня ўсе, то прынамсі і пэўне большасьць духоўнікаў (іначай так вострае выступленьне ня мела-б сэнсу!) тады карысталіся ці то ў сьвятыні, у пазалітургічных чыннасьцях (пропаредзі, песьні) ці то асабліва ў хатніх адносінах (з сям'ёй і чэлядзяй). На першы пагляд паказываецца тут супярэчнасьць: уладыка Садкоўскі, сам прамаўляючы пабеларуску, громіць іменна ўжываньне гэтага языка. Ці гэта дапушчальна, магчыма? Гдзе-ж лёгіка? Аднак зусім магчыма, псыхолёгічна ёсьць праўдападобным і з увагі на пададзеныя факты - пэўным.

Ці-ж мы сяньня яшчэ ня ведаем людзей, што раз выракшыся сваіх прашчураў і ня ўмеючы языка народу, да якога хочаць залічыць сябе, змушаюць сваіх дзяцей ці падуладных іменна замест роднага языка - навучаньня языка чужога?! Ці ня змушаюць іх гаварыць дома ці ў таварыстве папольску ці парасейску, пагарджаючы сваёй роднай мовай,а хвалячы чужую? Такіх прыкладаў ня мала ёсьць і ў беларускай вёсцы і ў месце. Іменна такую парадоксальную сытуацыю стварыў сабе сваей ужо гістарычнай прамовай да духавенства на саборы ў Спуцку ўладыка Віктар Садкоўскі.

"Добрага пастыра" асабліва трывожыла тое, што слуцкае духавенства, пераважна ніжэйшае, гаварыла дома і паміж сабой пабеларуску, менш яго ўжо калола, што слуцкае насельніцтва, апрача шляхты, ужывала, ведама, беларускую мову.

Няшчасьцем было, што гэты маскаль ня год і ня два займаў біскупскі пасаду беларускай Случчыне. Шчырай беларушчыны случчакоў даказываюць многія факты. Вось-жа калі маршалак Вялікага Сойму выдаў унівэрсал у справе забясьпечаньня публічнага супакою, слуцкая праваслаўная кансысторыя сама загадывала "каб унівэрсал зрабіць прыступным для народу" (106), перакладаючы яго на рускі язык. Кансысторскія акты пісаліся тады ў Слуцку "альбо польскім і рускім языком, альбо толькі польскім" (203). Адна з пастаноў пінскай кангрэгацыі 1791 г. таксама гаварыла: "Бакаларамі могуць быць дзякі, што ўмеюць чытаць і пісаць па польску і па руску" (205). Лёгка зразумеем гэтыя ўступствы на карысьць польскага языка, калі толькі ўсьвядомім факт, што слуцкая шляхта - як каталіцкая і кальвінская, так і праваслаўная, адышоўшы ад народнай масы, была кіруючым дзейнікам у працэсе полёнізацыі касьцёла, збору і царквы, а праз гэта самае і роднага краю.

Гэта толькі эпізод у жыцьці праваслаўнай царквы ў Беларусі. Даказывае ён аднак выразна, што былі часы, калі праваслаўе зросшыся з беларушчынай было для маскоўскай з духа герархіі прыслоўленай соляй у ваччу.

П. КАНТРЫБА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX