Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Беларускі мемарыял да мітрапаліта Дзіянісія 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 22-02-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Беларускі мемарыял да мітрапаліта Дзіянісія // Наша слова.pdf № 12 (64), 22 сакавіка 2023.



30 траўня 1933 г. Беларускі Юбілейны камітэт, створаны з мэтай арганізацыі святкавання 15-й гадавіны незалежнасці Беларусі разам з Беларускім нацыянальным камітэтам, накіраваў кіраўніку праваслаўнай царквы Польшчы мітрапаліту Дзіянісію мемарыял, які пралівае цікавы свет на канфлікт паміж праваслаўным духавенствам ў Вільні і беларускім грамадствам.

Мітрапаліт Дзіянісій.

Як вынікае з мемарыялу, згодна са звычаем мінулых гадоў, вышэйзгаданы камітэт у сакавіку 1933 г. у сувязі з будучым святкаваннем, звярнуўся да адпаведных духоўных улад з просьбай аб правядзенні набажэнства ў Прачысценскім віленскім саборы. Духоўныя ўлады выказалі сваю цалкавітую згоду з просьбай. Але калі ў вызначаны дзень грамадскасць сабралася ў царкве, аказалася, што святар, які павінен быў праводзіць службу, раптам "занямог", і замяніць было немагчыма. Духавенства прапанавала Беларускаму Юбілейнаму камітэту перайсці ў малую Пятніцкаю царкву, дзе штогод адбываецца такое самае набажэнства для беларускай вучнёўскай моладзі.

Беларуская грамадскасць, якая згодна з папярэдняй дамовай сабралася ў царкве, дарэмна чакала ў Прачысценскім саборы і, зачакаўшыся службы, самастойна і дэманстратыўна праспявала беларускі рэлігійны гімн, пасля чаго спакойна разышлася. Сярод тых, хто прыйшоў у царкву, бачылі некалькі ўкраінскіх паслоў у Сойм і прадстаўніка львоўскага "Діла" 1.

Асаблівай увагі ў гэтым інцыдэнце заслугоўвае роля віленскага архіепіскапа Фядосія. За тры дні да святкавання ён ахвотна падтрымаў Камітэт у справе набажэнства і выдаў адпаведны загад. Калі нават у апошнія хвілі дэлегацыя камітэта звярнулася да іерарха з просьбай каб ён умяшаўся, архіепіскап адказаў, што бачыць палітыку ў дзейнасці камітэта і, наогул, не можа загадаць нікому з падуладных яму святароў адправіць службу. Няма сумневу, што гэта не магло нікога задаволіць, і беларусы далі справе належную ацэнку.

Паседжанне сабору епіскапаў Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. 13 лютага 1939.

Карыстаючыся магчымасцю, у мемарыяле да царкоўнага духавенства, быў выказаны цэлы шэраг закідаў, якія сцвярджалі непрыхільнае стаўленне да беларускага руху. Мемарыял канстантуе, што выпадак, пра які ішла размова, ёсць толькі лагічны вынік з сістэмы сталага і поўнага ігнаравання самым галоўных і самых справядлівых намаганняў беларусаў у царкоўным жыцці і падае наступныя факты (пераказваю са скарачэннямі):

а) З'езд духавенства Віленскай епархіі 1 - 3 сакавіка 1932 г. адмовіў беларускаму народу ў праве ўжываць родную мову ў царкоўным жыцці і тым самым і права на самастойнае і нацыянальнае культурнае развіццё беларусаў праваслаўнага веравызнання.

б) На ўроках рэлігіі для беларускіх дзяцей у школах праваслаўнага веравызнання непадзельна пануе польская ці руская мовы.

в) Сінадальная друкарня, якая ўтрымліваецца таксама і на грошы праваслаўных беларусаў, не надрукавала ніводнага падручніка па рэлігіі на беларускай мове, ніводнага малітоўніка ці якой-небудзь брашуры рэлігійнага зместу, у той час, як на польскай мове было надрукавана 5 падручнікаў рэлігіі, на рускай - 7 і на украінскай - 8 падручнікаў.

г) Праваслаўнае духавенства байкатуе беларускую мову, нягледзячы на адозву мітрапаліта Дзіянісія ад 1 жніўня 1928 г. аб незанядбанні навучання рэлігіі на роднай мове.

д) Вышэйшыя царкоўныя ўлады нічога не зрабілі, каб епархіяльнае кіраўніцтва і святары мелі нацыянальную і духоўную лучнасць з беларусамі. Праваслаўная духоўная семінарыя ў Вільні не толькі не рухаецца ў кірунку беларусізацыі вучэльні, але з году ў год усё больш непрыхільна ставіцца да гэтай справы.

е) Найвышэйшыя царкоўныя ўлады нічога не зрабілі для таго, каб на Усяпольскім праваслаўным саборы прынялі ўдзел таксама і беларусы.

ж) Праваслаўнае духавенства, раўнуючыся на ўрадавую нацыянальную палітыку, актыўна ваюе з беларускім рухам і не маючы разумення, умешваецца ў міжпартыйную барацьбу беларускіх груп.

На падставе вышэйвыкладзенага, аўтары мемарыяла бачаць у штодзённым жыцці наступныя вынікі: паміж святарамі і вернікамі вырастае вялікая прорва на грунце непрыняцця беларускіх патрэб. Беларусы кідаюць царкву апанаваную святарамі-чыноўнікамі і становяцца сектантамі, прымаюць унію ці цалкам ірвуць з рэлігіяй.

У канцы мемарыяла яго аўтары, вяртаючыся да адмовы ад набажэнтва 25 сакавіка 1933 г., пішуць: "Юбілейны камітэт і Беларускі нацыянальны камітэт, не падалі б яго ад імя ўсяго беларускага грамадства і народа, каб не бачылі відочнай несамастойнасці і залежнасці духавенства ад знешніх уплываў".

Хто не надта ведае адносіны праваслаўнага духавенства да беларускай справы ў нашым краі, той з мемарыяла, пераказанага вышэй, можа ўявіць сабе характэрныя рысы гэтых адносін. Пасля вывучэння мемарыяла, можна зразумець, чаму польскія рэакцыянеры, напрыклад Ст. Мацкевіч са "Слова" лічыць ідэальным сучасны стан праваслаўнай царквы ў Польшчы, бо для правядзення сваёй палітыкі, улады маюць армію паслухмяных святароў, якія будучы ў душы рускімі нацыяналістамі, гатовыя выслугоўвацца перад нацыяналістамі польскімі, прыкідваючыся пры гэтым руплівымі палякамі. Памыляецца ваяводскі спецыяліст ў веравызнаннях В. Пятровіч, які ў сваёй кніжцы ("Z zagadnien wyznaniowych w Polsce") цвердзіць, што "расійскае ці зрусіфікаванае тутэйша-краёвае духавенства баіцца, што можа аказацца ў становішчы пастыраў без авечак, без статку і, адчуваючы гэту пагрозу, пачне ўдаваць сябе за беларусаў".

Ніхто сёння не будзе "ўдаваць сябе за беларусаў" бо з гэтага няма прыбытку - гэтай з'явы не існуе. Трагедыяй праваслаўя ёсць бясспрэчны факт згоды расійскага духавенства з думкай, што яно застанецца пастырам без авечак. Не апраўдвае духавенства той факт, што яно знаходзіцца пад ціскам урадавых чыннікаў. Бо ў часы панавання імперыі меўся значна мацнейшы ціск на каталіцкае духавенства нашага краю, аднак яно эфектыўна баранілася супраць падпарадкавання ўраду. А сучасны апартунізм праваслаўнага духавенства ёсць бязмежным.

Беларускі мемарыял - цікавы дакумент нашага часу але ён мае толькі дэманстратыўнае і інфарматыўнае значэнне. Бо цяжка спадзявацца, што мемарыял будзе мець хоць нейкі пазітыўны вынік і хоць трошкі пасуне найвышэйшую царкоўную ўладу ў Варшаве. Усё, аб чым напісана ў мемарыяле, рабілася пад кіраўніцтвам мітрапаліта Дзіянісія. У віленскіх праваслаўных колах, пануе ўстойлівае перакананне, што глава царквы ў сваім блізкім атачэнні выказвае думкі, сэнс якіх, можа коратка перадаць словамі: "Никаких белорусов нет".

Беларускае грамадства не памыляецца ў ацэнцы поглядаў мітрапаліта. Таму дакладным ёсць меркаванне В. Пятровіча, які ў згаданай вышэй кнізе, так выказаўся пра мітрапаліта Дзіянісія і яго папярэдніка Юрыя: "Абодва яны арганізавалі незалежную царкву ў Польшчы на падставе адзінства рускага народа, абодва былі прыхільнікамі абсалютысцкага ладу які адрозніваецца ад "соборных начал" і ўдзелу свецкага чынніка ў кіраванні царквой". І ў іншым месцы: "Царкоўная іерархія … стаіць на грунце моцнай улады епіскапаў, якая дае магчымасць утрымліваць расійскі характар царквы".

Хто б калі мог толькі падумаць, што русіфікацыя, якая калісьці ваявала з ўсялякай польскасцю, будзе выкарыстана для стрымлівання беларушчыны.

S-wicz. [верагодна Антон Луцкевіч] Memorjał Białoruski do Metropolity Dionizego // Pregląd Wileński. 1933. № 11-12. S. 10-11.

1 "А гадзіне 10 раніцы (25 сакавіка 1933 г. - Л. Л.) у касцёле святога Мікалая кс. Ад. Станкевіч адправіў урачыстую імшу … У касцёл на ўрачыстае набажэнства зышлося нямала народу, у тым ліку паважаныя госьці-прадстаўнікі Украінскай парламентарнай рэпрэзентацыі ў Польшчы, прадстаўнікі беларускіх арганізацый а так-жа студэнткай карпарацыі "Скарынія" з сваім штандарам. На заканчэнне набажэнства народ з пад'ёмам духу праспяваў беларускі рэлігійны гімн "Божа, што калісь народы …", а пасля набажэнства кс. д-р Рэшаць сказаў адпаведнае да ўрачыстасьці казанне, якое сваім глыбокім зместам і стройнай формай сапраўды захапіла слухачоў.

Пасля набажэнства ў касцёле, а гадзіне дванаццатай мела адбыцца набажэнства і ў Прачысценскім саборы. Аднак аказалася, што ў Вільні спасярод праваслаўнага духавенства не знайшоўся беларус. Тады сабраўшыся ў царкве народ праспяваў бел. рэлігійны гімн "Божа, што калісь народы …" і разышоўся …". - цыт. па: Беларуская Крыніца №14 (513), 2 красавіка 1933 г.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX