Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Бернардыны ў Літве і Беларусі 


Дадана: 29-10-2022,
Крыніца: Бернардыны ў Літве і Беларусі // Наша слова.pdf № 40, 5 кастрычніка 2022.; № 41, 12 кастрычніка 2022.; № 42, 19 кастрычніка 2022.; № 43, 26 кастрычніка 2022.

Спампаваць




Ад перакладчыка: Гэты вельмі цікавы і карысны тэкст з'яўляецца канспектам кнігі К. Кантака пра бернардынаў, верагодна, зроблены Людвікам Абрамовічам. Артыкул, у асноўным, складаецца з асобных фрагментаў кнігі Кантака, якія ўзяты ў двухкоссе. У гэтым надрукаваным амаль што сто гадоў таму тэксце маецца шмат памылак у датах, якія перакладчык, па меры магчымасці, імкнуўся паправіць.


Падаем тут выклад таго, што мы знайшлі пра летувіскіх і беларускіх бернардынаў у каштоўнай працы кс. К. Кантака "Польскія бернардыны", першы том якой выйшаў у Пінску вясной 1933 г., а другі хутка будзе надрукаваны [1]. Рэдактар Пшэглёнду Віленскага.


Бернардынаў запрасіў кароль і вялікі князь Казімір, які адразу звярнуў увагу манахаў на навяртанне русінаў, якія зараз з'яўляюцца беларусамі і ўкраінцамі. У адрозненне ад кардынала Збігнева Алясніцкага, які ў тыя часы быў заняты праблемай гусітаў, кароль выклаў свой пункт гледжання наступным чынам: "Прасцей будзе пераканаць народ прастадушны, неачэсаны, але з добрымі схільнасцямі, які не прымае каталіцкую веру больш з-за закаранелых звычаяў, чым з асэнсаваных прычын". Словы гэтая былі напісаны адразу пасля Фларэнтыйскай уніі, лёс якой і "ў Польшчы, і ў Літве вядомы і вядома яе безвыніковасць. Таму кароль паказаў на вялікае поле працы, на шматмільённы народ, які, каб навярнуцца, толькі чакаў слоў добрага прапаведніка". Казімір, які думаў пра развіццё веры, ціснуў на кардынала Збігнева, які, як прадстаўнік сусветнага касцёла, не бачыў гэткае важнае поле працы як "руская місія". Пасля гэтага кардынал хутка напісаў да папы і таксама запрасіў бернардынаў.

Першым, хто па загадзе кіраўніцтва заняўся гэтай справай, быў венгр Ян Уладзіслаў дэ Тхары з двума таварышамі з Маравіі. "Маючы ахоўную грамату ад караля да маскоўскага цара, браты-манахі зайшлі ажно ў Маскоўскае княства. Па дарозе мелі шмат прыкрасцяў. Цар загадаў ім вяртацца туды, адкуль прыйшлі … На адваротным шляху, калі ужо зноў перайшлі мяжу з Масквой, здох асёл, які вёз іх рэчы … Місія гэтая закончылася ў канцы зімы 1452-53 гг.".

Хутка ў ордэн бернардынаў уступіў сакратар віленскага біскупа Мацея († 1453) і служыў манахам як перакладчык. Ён пакінуў запісы, якія потым сталі адной з каштоўных крыніц да дзеяў бернардынаў на Літве і Беларусі - так званыя Хронікі Камароўскага (Joannes de Komorowo. Memoriale Ordinis Minorum).

Пасля кароткага зацішша, "руская місія" зноў стала актуальнай. Бернардыны з Кракава, Львова, Тарнова пачалі займацца рэалізацыяй каралеўскай праграмы па прывабліванні русінаў да сусветнага касцёла. Натуральна, што Львоў стаў галоўным цэнтрам місіі. "Гэта горад быў адным з асяродкаў схізмы, і сталася так, што русіны паспяшаліся спаліць кляштарныя будынкі. Разам з будынкамі згарэлі і касцельныя рэчы, падараваныя фундатарамі. Аднак, не шкадуючы коштаў, будынкі былі адноўленыя". Хутка стала зразумелым, што, нягледзячы на росквіт ордэна ў адным месцы, на Чырвонай Русі было закладзена толькі два канвенты і ніводнага ў Літве. "У ягелонскай дзяржаве, якая складалася з розных народаў, пры высокім узроўні культуры і наяўнасці грамадскіх і дзяржаўных інстытуцый, добра арганізаваны манаскі ордэн і сапраўды мог стаць базай для шырокіх місійных пачынанняў сярод бела- і чырвонарусаў". Гэтаму перашкаджала тое, што бернардыны на пачатку "былі залежныя ад кіраўнікоў немцаў ці італьянцаў, якія самі знаходзіліся ў Вене ці Уроцлаве". Нават у такіх, не зусім спрыяльных умовах, бернардыны нават на ўскраінах літоўскай дзяржавы будавалі новыя кляштары. У 1498 г. яны пабудавалі багата забяспечаны канвент у Полацку.

Наогул, бернардыны і шляхта ўмелі жыць. "Характэрны вобраз ўзаемаадносін бернардынаў і шляхты нам захаваў Ян Камароўскі. Было гэта 21 студзеня 1514 г. падчас інвентарызацыі скарбаў каралевы Алены ў сакрыстыі віленскага канвета. Пасля працы, якая цягнулася цэлы дзень, змучаныя літоўскія вяльможы павінны былі разысціся галоднымі. Тады гвардыян (сам Камароўскі) запрасіў іх на вячэру. Усе радасна пага-дзіліся.

- Цудоўна! - сказаў гвардыян і загадаў кухарам спячы свежых рыб, бо дзічына, каўбасы і печыва ўжо былі гатовыя. На скрынях разаслалі абрусы і потым прынеслі стравы. Усе з прыемнасцю шмат елі. Тады гвардыян сказаў:

- Маю ў сакрыстыі віно для імшы, падараванае ласкавымі Васпанамі і ахвотна вас пачастую!

- Загадай прынесці! - закрычалі вяльможы.

Мёду гвардыян не меў, і таму вяльможы паслалі па яго ў свае гарадскія двары. З радасцю елі і пілі і дзякавалі за гэта гвардыяну, бо ніколі раней у сябе так смачна не елі. Час ляцеў, і Камароўскі жартам прапанаваў маршалку заплаціць за ранні сняданак. Маршалак адказаў:

- З задавальненнем, толькі папрасі!

Тады гвардыян прамовіў:

- Я бедны, бо ўсё, што павінен быў даць братам, загадаў прынесці Васпанам. І хоць па-праўдзе ўсё гэта паходзіць ад вашай ласкавай міласціны, але я не ведаю, што заўтра дам братам на сняданак.

На што маршалак адказаў:

- Я толькі слуга паноў, але даю чатыры злотыя для братоў.

Тады найвялікшы літоўскі вяльможа Гаштольд сказаў:

- У корчмах плацім за дрэннае піва, дык чаму мы не можам заплаціць за такую смачную ежу і віно? Ойча гвардыян, ад мяне атрымаеце тры бочкі свежага мёду і тры старога, найлепшага, чатыры бочкі аўсу і жыта, бо будуеце віленскі касцёл. І 60 бочак пшаніцы.

Камароўскі падзякаваў Гаштольду.

Усе іншыя паны з найвялікшай міласцю далі шмат дзічыны, тлушчу, аўсу, гароху, пшаніцы, жыта, мукі, ялавічыны, рыбы, сыру і масла. Гвардыян бесперапынна дзячыў панам. Міласціны было сабрана столькі, што канвент меў добры запас ажно на паўтара гады".


Бернардыны дзе-нідзе жадалі ставіць мураваныя канвенты, не зважаючы нават на тое, што ў гэтым краі нават вяльможы жылі яшчэ ў драўляных дварах. Не выклікалі яны своечасова архітэктара ці майстра-муляра (lapicidae) з-за мяжы. "Падобнае катастрофа напаткала Вільню", дзе "сапраўды, вельмі рана, дзякуючы шчодрасці караля Казіміра, пабудавалі канвент з цэглы. Аднак мулярскія работы былі зроблены нядбайна і нетрывала, таму каля 1500 г. абвалілася скляпенне са сценамі. Мусілі разабраць касцёл да фундаментаў - застаўся толькі хор, сакрыстыя і інтэрнат (dormitarz). Камароўскі, як гвардыян, зноў пачаў будоўлю ў 1521-1523 гг. (насамрэч, у 1506-1516 гг. - Л. Л.). Галоўнымі фундатарамі-дабрадзеямі касцёла называюць Радзівілаў, Кучука і Станьку з Коўні. Дзякуючы ім і іншым фундатарам, наступнік Камароўскага Готард з Сяменціна змог закончыць справу і двор касцёла абгарадзіць мурам".

Прыкладна з таго часу бернардыны пачалі акружаць свае канвенты мурамі, некаторыя касцёлы па кутах атрымалі абаронныя вежы, а ў версе сцен - байніцы. Такі сродак абароны аказаўся разумным і атрымаў назву інкастэляцыя. Дбаліся таксама і аб таўшчыні муроў і аб моцы ўжыванага дрэва. У такіх кляштарах мелася як вогнепальная зброя: гакаўніцы, фальканеты (гарматы невялікага калібру), ручніцы, гэтак і халодная зброя: мячы, шаблі, палашы, лукі і г. д. Не бракавала ў іх таксама пораху і куль. На захоўванне зброі меўся дазвол папы, згода кардынала-пратэктара і адпаведнага біскупа.

"Зацверджанне канвентаў было звязана з іх тапаграфічным размяшчэннем. У адрозненне ад даўніх францішканскіх, бернардынскія кляштары ляжалі па-за гарадскімі мурамі". Так было ў Вільні, Гародні, Коўні …, што падкрэслівалася даданнем у лацінскім тэксце слова "apud" (каля), напрыклад apud Poznian, apud Cracoviam … На гэты факт уплывала тая акалічнасць, што "гэтыя канвенты будаваліся падчас вялікага росквіту гарадоў. Таму ў межах гарадскіх муроў проста не было месца, і каля сцен хутка раслі гарадскія прадмесці. Будынкі канвента разам з садам і гародам вымагалі значнага абшару, а дом Божы быў неабходны жыхарам прадмесцяў. Відочна, у часы нашэсця непрыяцеля такі кляштар быў асуджаны на захоп і знішчэнне".

Аднак гэткае месцазнаходжанне кляштароў уплывала і на бяспеку саміх гарадоў. Покуль канвенты былі драўлянымі, падчас аблогі іх палілі разам з прадмесцем. А калі кляштары сталі мураванымі і падобныя на цвердзі, яны здолелі даць адпор наездам татараў, якія былі негатовыя займацца доўгай аблогай. Аднак падчас вялікай вайны кляштар, які заняў вораг, мог стаць для яго апорным пунктам і пагражаць фартыфікацыі горада. Таму мы бачым, што гарады і шляхта пратэставалі супраць пабудовы канвентаў. Напрыклад мы ведаем пра пратэст супраць перабудовы ковенскага канвента ў 1487 г., бо сам горад тады меў яшчэ толькі драўляныя ўмацаванні. Пабудаваная ў той час сакрыстыя, магчыма, была першым цагляным будынкам Коўні. З'явілася нават меркаванне перанесці кляштар далей ад горада і папа Інакенцій VIII у 1487 г. нават даў дазвол на гэта. Але хутка ў самым горадзе пачалі з'яўляцца мураваныя будынкі, і вялікі князь Аляксандр дазволіў пабудову кляштара з цэглы. Бернардынскія кляштары ў Беларусі і Летуве ў архітэктурным сэнсе можна аднесці да аднаго тыпу - гэта былі пабудовы ў форме квадрата з садам пасярэдзіне і касцёлам, які займаў адзін бок. На першым паверсе месцілася трапезная (якая пры неабходнасці служыла залай для пасяджэнняў), кухня, спіжарня, лямусы і інш. У лёхах знаходзіўся карцар, піўніца, склады садавіны і гародніны і г. д. На другім паверсе месціліся келлі, інтэрнат, бібліятэка, шпіталь з аптэкай і інш. Каля кляштара меліся афіцыны, гаспадарчае падвор'е, стайні для коней, бровар, медаварні і г. д. Бернардыны Літвы звычайна мелі вялікія гароды і сады, а часта і рыбныя ставы. Тэрыторыю кляштара атачаў мур ці часовы паркан.

Келлі напачатку былі вельмі сціплыя, у іх меліся толькі ложак з сеннікам і зэдлік з мядніцай. Трошкі больш рэчаў было ў прапаведніка, гвардыяна і яго намесніка - вікарыя. Як быццам не было і печак, але з улікам нашага надвор'я ў гэта цяжка паверыць. Аднак неаспрэчна вядома, што бернардынская трапезная ў Вільні не мела печкі, а абагравалася трубамі, якія ішлі пад ёй. Такое ацяпленне працавала дрэнна і чадзіла, на што неаднаразова жаліліся хранікёры. Пасярэдзіне трапезнай, на ўзвышшы, стаяў пульпіт лектара і вадзяны гадзіннік - механічныя гадзіннікі з-за мяжы яшчэ не прывозілі [2]. Падлога рабілася з бітай гліны, а ў келлях з цэглы.

Калі казаць пра стыль, дык нашы бернардыны мелі схільнасць да готыкі, а потым ішлі за духам часу. Вялікая ўвага звярталася на сакрыстыі. Яны былі вялікімі, прычым халодная і цёплая будаваліся асобна. Звычайна сакрыстыю імкнуліся пабудаваць раней за касцёл, бо яна адначасова служыла і скарбцам. Прасторныя хоры з прыгожымі лавамі манахаў звычайна месцілися за вялікім алтаром, ва ўкрыцці ад чужых вачэй. Цяслярскія, сталярскія, малярскія і іншыя работы часцей за ўсе выконвалі самі манахі. Так, напрыклад, лавы для віленскіх бернардынаў зрабіў паслушнік, брат Сільвестр. Манахі лічылі волава празмерна дарагім і таму крылі бернардынскія касцёлы дахоўкай.

Вялікі князь Аляксандр, фундуючы бернардынаў у Гародні, дараваў ім у 1494 г. "даўнія княжацкія могілкі", а Полацку падараваў два келіхі. Бывала і так, што старыя і заможныя кляштары перадавалі касцельныя рэчы больш новым і бедным, напрыклад, віленскі - полацкаму. Мала што з гэтых падарункаў захавалася да нашага часу.


Кароль Казімір лічыў неабходным, каб бернардыны з Кароны і Літвы таксама сяліліся і ў Прусіі, але падчас знаходжання караля ў Гданьску яго прасілі аб гэтым і мясцовыя бернардыны-немцы. Кароль адказаў ім, што польскія манахі-бернардыны маюць большыя правы на Прускія кляштары. Незадаволеныя гэтым манахі-саксонцы адказалі яму: "Палякі не будуць загадваць немцам!". Але бернардынскія канвенты інфлянцкай кустодыі ўвесь час пашыраліся ў крыжацкай Прусіі. Нягледзячы на гэта, як найменей у XIV ст., іх суседскія ўзаемаадносіны з Літвой былі нядрэннымі, бо ў 1502 г. ковенскі гвардыян Панкрацій, што праўда - немец, паехаў на генеральную капітулу ў Рым ад Прусіі. Але лёс склаўся так, што ён не змог скарыстацца з гасціннасці тамтэйшых кляштараў, бо заблудзіўся ў лясах і памёр ад знясілення. Калі знайшлі яго парэшткі, дык пахавалі ў бернардынскім кляштары Каляраўца. Пра братэрскую еднасць сведчыла яго магіла на манаскіх могілках.

Вялікае значэнне, вядомасць і папулярнасць у Беларусі і Летуве, у не малой ступені, бернардыны атрымалі дзякуючы сваім непараўнальным квестарам. "Да кожнага мястэчка, да кожнага шляхецкага двара, да сялянскай хаты дабіраўся бернардынскі квестар". Частыя казанні, выседжванне доўгіх гадзін у аточаных людзьмі канфесіяналах прыносілі іх касцёлам штораз усё больш вернікаў абодвух палоў.

Беларускія і летувіскія бернардыны не ўхіляліся ад трактавання публічных спраў, ці як сёння сказалі б - палітычных спраў. Мала таго, яны нават сталі чыннікам палітычнай прапаганды, якую паспяхова ўжываў кароль Казімір. Яго заступнікі - ні сын, ні ўнук не ўмелі ці не жадалі рабіць гэтага. "Выключэннем быў толькі Аляксандр, але толькі як уладар Літвы".

У часы Жыгімонта Старога, бернардыны зноў атрымалі магчымасць паслужыць краю, якому тады пагражалі татары. Яны вырашылі 2/3 міласціны, якую атрымлівалі, аддаваць на справу абароны ад паўмесяца і Рымская курыя ў 1509 г. прыняла гэтую ўмову: "Праз нейкі час яны захавалі скарбы Алены Іванаўны для дзяржавы, што было складана, бо вяльможы Літвы мелі жаданне прыўлашчыць іх сабе". Таму Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст прызналі ці пацвердзілі бернардынам цэлы шэраг дабрадзействаў і наданняў. "Таксама каралева Бона выказвала свае ласкі бернардынам".

Тым, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ, важна будзе даведацца, што Жыгімонт І супраць волі польскіх бернардынаў і генеральнага савета ордэна, дазволіў стварыць асобную Літоўскую правінцыю, што тагачасным польскім палітыкам лічылася некарысным як для дзяржавы гэтак і для ордэна, але, безумоўна, гэта было карысным для Літвы. Аўтар манаграфіі "Польскія бернардыны" не прымае такой палітыкі караля ў дачыненні да бернардынаў […]

"Манахі захавалі поўную лаяльнасць да караля". На пахаванні Жыгімонта І, галоўны прапаведнік бернардынаў Клеменс Рамульт з Радымна славіў манарха, як толькі ўмеў. Прытым адмыслова ўзнімаў заслугі нябожчыка ў дачыненні да Літвы, дзе ён "вярнуў забраныя маёнткі, зрабіў справядлівыя суды, ні ў каго не забіраў маёнткі". Таксама ўзяў у абарону шлюб Аўгуста з Барбарай Гаштольдавай [3], спасылаючыся на тое, што Давід прызваў да сябе Суламіту, Саламон узяў дачку фараона і нарэшце, прапрадзед караля патаемна ажаніўся з Граноўскай (маецца на ўвазе кароль Ягайла, Альжбета Граноўская была яго трэцяй жонкай - Л. Л.). " Вось і мы - слушна казаў прапаведнік, - не будзем у роспачы, ад таго з кім быў кароль …".


Заснавальнікам першых канвентаў у Літве - у Вільні і ў Коўні - быў Мар'ян з Азёрка, які лічыўся ўзорным кіраўніком, вяльможамі і паспалітым людам зваўся "Каўчэгам запавету" (Arka Testamentu). "Вельмі даспадобы яму была ўсходняя місія, бо падчас свайго другога тэрміну на пасадзе правінцыяла ў 1479 - 1482 гг., з генеральнай капітулы ў Ферары (1481 г.) ён паехаў у Рым і атрымаў там тры місійныя прывілеі. Заснаваў трэці літоўскі канвент у Тыкоціне … Пасля сканчэння тэрмінаў свайго кіравання асеў у Вільні і там пасля доўгай хваробы памёр 5 жніўня 1491 г.".

Першапачаткова на абшарах ВКЛ былі толькі чатыры бернардынскія кляштары: у Вільні, Коўні, Тыкоціне, Полацку … "Паўднёва-ўсходнія землі: Палессе, Валынь, Падолле, Украіна - не мелі ніводнага". Кіраўніцтва і візітацыя гэтай колькасці кляштароў (разам з польскімі), пры вялікіх адлегласцях ад Кракава да Полацка і ад Быдгашча да Самбора, было вельмі клапатлівай справай пры тым узроўні камунікацый. Ужо ў 1488 г. першапачатковая правінцыя была падзеленая на тры камісарыяты: кракаўскі, паморскі і віленскі. На чале камісарыятаў стаяў гвардыян сталічнага канвента. Меў тытул кусташа, а яго вобласць называлася кустодыяй. Ва ўладкаванні бернардынскай правінцыі адбілася "моцная, як на тыя часы, цэнтралізацыя, што стала адметнасцю бернардынскага ордэна". […]

Штогод бернардынская правінцыя была павінна праводзіць капітулу. Але XV ст., пэўна, з-за вялікай адлегласці, у літоўскіх манахаў не адбылося ніводнай капітулы. Не было гэта нейкай крыўдай для віленскага кляштара, які ўжо тады вызначаўся як вялікімі памерамі, гэтак і вялікай колькасцю асоб (адных айцоў было некалькі дзясяткаў).

"З якіх грамадскіх колаў паходзілі бернардыны?", - пытаецца кс. Кантак. Аказваецца, што новы ордэн шмат што ўзяў ва ўніверсітэцкіх шкаляроў. Звычайныя парафіяне і члены іншых ордэнаў толькі рэдка і ў малой лічбе прымаліся ў шэрагі бернардынаў. Характэрна, што калі шляхта манапалізавала для сябе біскупствы, катэдральныя капітулы і абацтвы, дык гараджане звярнуліся да ордэнаў. З гэтага скарысталіся гэтак папулярныя ў тыя часы бернардыны.

У іх ніводнаму з манахаў нельга было мець асабістыя грошы. Як сурова караліся парушальнікі, бачна з таго, што калі ў Познані бернардыны даведаліся, што Войцех Літвін быў такім таемным уладальнікам грошай, дык пахавалі яго па-за кляштарнымі мурамі.

Літоўскія бернардыны аздаблялі харальныя кнігі мініяцюрамі і ініцыяламі. Шэраг такіх, добра ілюстраваных, кніг ёсць у скарбцы віленскіх бернардынаў. Шмат увагі ордэн звяртаў на харальныя спевы, якія цалкам рэгуляваліся запісамі канстытуцыі закона. Цікава заўважыць, як шмат увагі звярталася на savor vivre (смак жыцця - Л. Л.) у бернардынаў, што аднак не заўсёды трапляла на прыдатны грунт. Здараліся выпадкі, калі нават дэлегат на генеральную капітулу ў Рым кампраметаваў нашы канвенты нязграбнасцю за сталом, бо паводзіў сябе, нібы мядзведзь. Асобную катэгорыю складалі звычаі прысвечаныя тагачаснай, вельмі прымітыўнай, гігіене і медыцыне, шмат з якіх зараз успрымаюцца як анекдот. Гарадзенскія бернардыны, як занатавана ў нейкай свецкай хроніцы, так дрэнна арыентаваліся ў медыцыне, што лячылі вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра печанымі грушамі …

Хаця сярод літоўскіх і іншых бернардынаў у той час не бракавала асоб, адпаведных эпосе адраджэння і потым барока, былі таксама, досыць у невялікай колькасці, і святыя. Напрыклад Мельхісідак з Вільні памёр in odore sanctitatis (у паху святасці). "Яшчэ ў XVII ст. каля яго труны адбываліся цуды і таму думалі пра яго кананізацыю". Аднак найбольшую святасць набыў Рафал з Прашовіц які паходзіў з простага роду, быў сынам печніка. З Вільняй яго лучыць гвардыянства (каля 1519 г.). Якраз на часы яго кіраўніцтва прыпала барацьба за самастойнасць Літоўскай правінцыі. Яго вельмі паважалі за лагодны, добры характар і ўменне ладзіць з людзьмі. Выключнымі пахваламі абдарыла яго каралева Бона. За яго поспехі ў 1526 г. Рафала абралі правінцыялам, і ў гісторыю ордэна ён увайшоў як Regulator fratrum, decus et honor Minorum (Кіраўнік, годнасць і гонар Меншых Братоў).


Знаходзячыся ў прадмесцях вялікіх гарадоў, бернардынскія канвенты часта станавіліся адзіным Домам Божым па-за межамі горада, і жыхары прадмесцяў слушна лічылі іх касцёлы сваімі. Пры тагачаснай цеснаце ў нашых гарадах нават і самі гараджане часта высяляліся за гарадскую браму. Таксама і сяляне, якія спяшаліся на гарадскі рынак, сустракалі па дарозе такі касцёл і ахвотна заходзілі ў яго з малітвай ці ахвярай. Бернардыны разумелі вялікае значэнне рэлігійнай песні і таму ў Беларусі і Летуве пашырылі яе рэпертуар (калядкі!). Аднак бернардынская паэзія засталася безыменнай, і мы не знаходзім адказу на пытанне: дзе, калі, кім і г. д. была напісана тая ці іншая рэч. Па прозвішчы ведаем толькі аднаго бернардынскага паэта. Гэта брат Уладзіслаў з Гялнёва, які ў 1498 г. заснаваў канвент у Полацку, і, думаючы пра напрамкі дзейнасці ўсходняй місіі, распачаў акцыі супраць паганцаў (татараў), ён пашыраў сярод Літвы і Русі папулярныя друкі, што добра характарызуе шырату яго разумовага гарызонту. А сапраўднай памяццю пра брата Уладзіслава сталі ягоныя вельмі распаўсюджаныя ў Летуве і Беларусі рэлігійныя спевы.

Не забывалі бернардыны і пра ўрачыстыя працэсіі, якія мелі вялікую папулярнасць у вернікаў. "Статут правінцыі загадваў бернардынам падчас працэсіі знаходзіцца не ў прывілеяваных месцах, а працаваць, там, дзе давядзецца. Але бывалі і розныя інцыдэнты. Напрыклад, у 1541 г. у Вільні адбыўся вялікі працэс паміж імі і кавентуальнымі францішканамі". "Бернардынам прыпісваюць вялікі ўплыў на развіццё батлеек, калядак і ўвогуле на набажэнства Божага нараджэння, якія традыцыйна праводзяцца ў па-бернардынскіх касцёлах і па сённяшні дзень".

Працягваючы тое, што напісана вышэй пра высокую папулярнасць ордэна бернардынцаў, трэба сказаць, што яны ў казаннях і ўсёй сваёй дзейнасцю звярталіся да сучаснага ім чалавека. Адным з выбітнейшых бернардынскіх прапаведнікаў у Вільні быў Мікалай з Сакольнік (1501 ці 1511 г.), які таксама вядомы як пісьменнік. Яго віленскія казанні выдаў друкам адзін з хранікёраў ордэна, што кажа нам пра адметнасць брата Мікалая.

Таксама рупліва працавалі яны in foro interno (на ўнутраным полі, тут у сэнсе "ў справах душы" - Л. Л.). У гэтым накірунку ў Вільні вылучаўся кіраўнік сумлення (духоўнік) Станіслаў дэ Грыма. (Hvyma ці Hryma? - Л. Л.). Карысталіся з іх працы нават у каралеўскім двары, які досыць часта бываў у Вільні ці Гародні.

Асобнай старонкай у жыцці бернардынаў у Летуве і Беларусі з'яўляюцца іх заслугі па пашырэнні і паглыбленні культу Марыі. На працягу года кульмінацыяй марыянскага культу быў фэст Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай панны Марыі (8 студзеня) злучаны з Quadraginta horarum (маецца на ўвазе 40-гадзіннае набажэнства - Л.Л.), падчас якога адбываліся нават тэатральныя пастаноўкі і адмысловыя ілюмінацыі ўнутры і звонку касцёла.

Жывучы з міласціны і квесты, бернардыны мелі шмат багатых ахвярадаўцаў і ахвярадаўчынь, што дазваляла ім трымаць сваё сэрца шырока адчыненым для бедных і хворых.

XV-XVI ст. у Летуве і Беларусі былі часамі паўстання розных рэлігійных брацтваў. Бернардыны таксама да 1500 г. заклалі ў Вільні брацтва св. Ганны, а ў 1508 г. гэткае ж брацтва ў Коўне заклаў Рафал з Прашовіц. Да гэтага часу брацтва ў Вільні ўжо добра развілося і было ў нас, бадай, першай арганізацыяй падобнага тыпу. "Паступовае яго самастойнае развіццё, можа казаць пра тое, што брацтва паўстала незалежна ад бернардынаў і толькі потым перайшло пад іх апеку". На карысць гэтага кажа тое, што ў нямецкіх гарадах у канцы XV ст. меўся вялікі культ св. Ганны, і ўжо існавалі аналагічныя брацтвы, таму і з'явілася жаданне перанесці гэтыя інстытуцыі на Віленскі грунт і тое, што горад быў багаты і меў самакіраванне, спрыяла поспеху справы. "Тое, што менавіта немцы абралі сабе бернардынаў, кажа не толькі пра тое, што гэты законы быў у той час вельмі моцным, але таксама і пра колькасць нямецкіх святароў". Брацтвы з'яўляліся ў гарадах, дзе XV ст. нямецкая стыхія была вельмі моцнай і шмат хто валодаў нямецкай мовай. Пасля кароткага часу росквіту брацтваў св. Ганны, на іх пачалі наракаць як у Германіі, гэтак жа і ў нас. Прычына - адцягванне парафіян ад фарных касцёлаў да касцёлаў бернардынскіх канвентаў. Так ў Літве пачалася векавая спрэчка паміж белым і чорным духавенствам.

Як мы зазначылі вышэй, у Беларусі і Летуве першы год існавання самастойнай правінцыі даў кляштары ў Вільні і Коўні, наступным горадам, у 1479 г., стаў Тыконін [4] а ў часы вялікага князя Аляксандра, у 1498 г. - Полацк. Гэты ж вялікі князь здолеў схіліць багатага могільскага абата да заснавання бернардынскіх канвентаў на ўсходзе, але справа нічым не закончылася. Нягледзячы на хрышчэнне Літвы і Жмудзі некалькі стагоддзяў таму, нягледзячы на наяўнасць залежнай ад Царграда дызуніцкай іерархіі, у Летуве і Беларусі яшчэ знаходзіліся гнёзды няхрышчоных летувісаў і беларусаў, якія жылі ў паганскіх абрадах ці дваяверстве. "Фларэнтыйская унія не была прынятая" на нашых землях, а ўніяцкая іерархія цалкам адсутнічала. Таму перад бернардынамі мелася падвойнае поле для працы - унутраная праца, накіраваная на расцярушаных у русінскім моры лаціннікаў і знешняя праца сярод русінаў. Тагачасныя палякі нават не лічылі істотным хрышчэнне русінаў, бо яно рабілася не па лацінскім ўзоры. Таму бернардыны, якія гэтак не лічылі і сыходзілі з пазіцыі каталіцкага ўніверсалізму, былі вымушаны звярнуцца да апостальскай сталіцы, дзе знайшлі поўнае разуменне (гл. артыкул) […]

На адкрыццё толькі што пабудаванага канвента бернардынаў ў Вільні з варшаўскай капітулы 6 студзеня 1468 г. быў накіраваны брат Рэй. "Быў гэта сёмы касцёл у сталіцы Літвы", - пісаў ксёндз Кантак. Пасля фундацый у Коўні і Тыкоціне быў створаны асобны літоўскі камісарыят, на чале якога стаў камісар і віленскі гвардыян Анёл з Вострава. Так пачаўся доўгі шэраг кіраўнікоў, які доўжыўся да скасавання. Не бракавала сярод іх людзей высокацнатлівых, добрых адміністратараў, мужоў навукі. Вялікім дабрадзеем бернардынаў быў Марцін Гаштольд, ваявода кіеўскі. У 1471 г. ён ў сваім абозе прывёз некалькі бернардынаў з Вільні ў Кіеў, дзе "знаходзячыся паміж схізматыкаў-русінаў, яны шмат шляхты і народу прывялі да прызнання вяршэнства папы праз добры прыклад і навуку". Аднак, канвенту ў Кіеву не заклалі, падобна, можа і не думалі яго закладаць. Гэты вялікі поспех віленскіх бернардынаў у "мацеры гарадоў рускіх" кажа пра тое, што нашы місіянеры не вымагалі ад далучаных русінаў прыняцця лацінскага абраду. "Такі падыход знаходзіўся ў выразнай супрацьлегласці са стаўленнем белага духавенства, з пазіцыяй Віленскай курыі, якая не прызнавала хрышчэнне па грэцкім абрадзе. Таму можна лічыць, што ажыўленне ўніяцкага руху на пераломе XVI ст. трэба прыпісаць, уласна, нашым манахам. У 1471 г. адзін з рускіх паноў, Аляксандр Солтан з Пачэпава (пад Наваградкам - Л. Л.), разам са сваім братам Солтанам, паехалі ў Рым, дзе ад іх не вымагалі паўторнага хрышчэння, а толькі жадалі пачуць вызнанне веры. Потым браты зрабілі пілігрымку ў Іерусалім. Там Солтан стаў рыцарам Труны Панскай [5]. Хутка ён вярнуўся ў Вільню, дзе яго не пажадалі лічыць католікамі! Кафедральны прапаведнік з амбона выступіў супраць Солтана, назваўшы яго сабакам. Гэтак аблаяны, Солтан зноў адпаў у схізму. Аднак на смяртэльным ложку ён паклікаў да сабе бернардынаў, але не дапусціў іх набажэнства. Здаецца, працай віленскіх бернардынаў было навяртанне гэтых двух вяльможаў ці, як найменей, іх прыгатаванне да навяртання. Пра што сведчыць пілігрымка Солтана ў Святую зямлю. Таксама на іх карысць сведчыць тое, што сакратар вялікага князя Аляксандра Іван Сапега ў 1491 г. (верагодна ў 1501 г. - Л. Л.) прыняў фларэнційскую унію ў Рыме [6].

Ёсць нават гіпотэза, што браты пасярэднічалі ў выданні Актоіха ў Кракаве ў тым жа 1491 г. Пра гэта можа казаць тая акалічнасць, што выдавец гэтай кнігі Ян Турзон быў членам савета кракаўскага канвента. Адметна, прымас Алясніцкі з капітулай забараніў вольнае распаўсюджанне гэтай кнігі.

Унійная праблема і справа паўторанага хрышчэння зноў узнікла пасля смерці Казіміра, калі ў 1492 г. Аляксандр прыняў уладу ў ВКЛ і асабліва пасля шлюбу з Аленай Іванаўнай (1476-1513). Яна прыбыла ў Вільню ў лютым 1495 г. Вядома, што згодна са шлюбнай дамовай, якую падпісаў вялікі маскоўскі князь Іван ІІІ, сама Алена і яе двор атрымалі свабоднае вызнанне грэцкай рэлігіі і нават права пабудаваць праваслаўную царкву ў Віленскім замку. З другога боку, Аляксандр атрымаў у папы дазвол на шлюб з умовай, што будзе ўсімі спосабамі імкнуцца прывесці жонку да еднасці касцёла. Таму становішча князя было фальшывым, а яго жонкі прыкрым. Але, калі апостальская сталіца жадала толькі прызнання вяршэнства папы і не звяртала ўвагу на ўсходні абрад, дык віленскае духавенства на чале з біскупам Войцехам Табарам (1491-1507), не прызнавала хрышчэнне Алены, і таму па логіцы, лічыла яе паганкай. Пры такім стане рэчаў сакратар Аляксандра і кафедральны віленскі пробашч Эразм Цёлак мусілі напружваць свае дыпламатычныя таленты, каб пасярэднічаць паміж дваром і біскупам, і гэтая акалічнасць прывяла да пасольства ў Рым у 1501 г.

У супрацьстаянні з белым духавенствам, бернардыны разумелі сапраўднасць грэцкага хрышчэння і публічна цвердзілі, што "абрады і сакраманты русінаў ёсць сапраўдныя і праўдзівыя ", і гэта выклікала праблемы сярод вернікаў - у асноўным абурэнне біскупскай курыі, але яна не мела ўлады над манахамі.

Калі віленскае духавенства лічыла словы бернардынаў пра ўсходні абрад зухаватасцю, дык у княжацкім двары і асабліва вялікая княгіня Алена былі задаволеныя ордэнам. Пра гэта сведчыць добрае стаўленне Аляксандра да бернардынаў і прыхільнасць Алены, якая абдарыла іх вялікімі міластынямі і нават так давярала ім, што пасля смерці мужа захоўвала ў бернардынаў свае скарбы. Манахі карысталіся гэтай прыхільнасцю, каб схіліць Алену пра прыняцця уніі, а "здраднік рускага закону" смаленскі архіепіскап Іосіф Солтан (сын вышэйзгаданага ўніята, будучы мітрапаліт) навяртаў біскупа Табара, але дарэмна. Не ведаем нават, чым скончыліся гэтыя намеры, аднак у 1498 г. вялікая княгіня адаслала ў Маскву свайго святара Фёдара, але для гэтага маглі быць і іншыя прычыны.

Касцёл св. Ганны, кляштар бернардынаў, помнік Адаму Міцкевічу. Вільня, 07.03.2015.

Уніяцкае пытанне ў той час займала ўсіх, і рэха гэтых спрэчак адбівалася нават у Кракаве, дзе біскупам у той час быў Фрэдарык Ягелончык (1468-1503). Здаецца, што ў 1495 г. ён не быў у Вільні (Барташэвіч і Крашэўскі пісалі, што Фрэдарык у 1495 г. быў у Вільні), але гэтыя пытанні разам з навяртаннем жонкі яго брата (вялікі князь і кароль Аляксандр родны брат біскупа Фрэдарыка) таксама сталі прадметам яго роздумаў. Магчыма, менавіта ён у сваёй кракаўскай курыі арганізаваў дыспут паміж белым духавенствам і бернардынамі, на чале якіх стаяў тагачасны правінцыял Шклярак (1493-1496). На гэтым дыспуце правінцыял бернардынаў атрымаў перамогу. Падобны дыспут з такім самым вынікам вучоны бернардын меў і ў Віленскай курыі. Галоўным довадам бернардынаў былі пастановы Фларэнтыйскага сабора. Пазнейшыя крыніцы дазваляюць нам такія зрабіць высновы, аднак не будзем больш працягваць гэтую тэму з-за яе складанасці. Вяртаемся да віленскага дыспуту. У адрозненні ад Кракава, высновы Шклярака не пераканалі віленскіх пралатаў. Спасылаліся яны на брэва папы, якое як быццам пацвярджала іх правату, але гэта было не так. Біскуп Табар нават забараніў уніяцкаму святару праводзіць імшу, хоць той быў ужо цэлебраваны ў Кракаве, за што потым біскупу прыйшлося даваць сваё тлумачэнне Апостальскай сталіцы. Таксама ён выклікаў да сябе з Кракава прафесара Сакрана, які ў абарону віленскага біскупа выдаў брашуру "Выясненне памылак абраду рускага" з палемікай супраць бернардынаў.

У той час кароль Аляксандр прызначыў архіепіскапа Солтана кіеўскім мітрапалітам. Маючы ўніяцкія сімпатыі, ён узяў зацверджанне на пасаду ў Царградзе, пасля чаго перадаў на рукі Табару сведчанне свайго паслушэнства папу, а калі прымас Цёлак выправіўся ў Рым, як прадстаўнік мітрапаліта, разам з ім ехаў вышэйзгаданы Іван Сапега. Вельмі магчыма, што да гэтага Солтана заахвоцілі бернардыны, але доказаў няма.

"У 1502 г. Цёлак вярнуўся з Рыма. Ён прывёз выракі папы, якія ў значнай ступені супадалі з лініяй бернардынаў. Усходняе хрышчэнне прызнавалася. Без паўторнага хрышчэння схізматыкаў павінны былі прымаць арцыбіскуп Львоўскі, біскупы Віленскі і Жмудскі, таксама, акрамя белага духавенства, біскупы павінны былі працаваць з дамініканамі і бернардынамі, якіх у Літве было яшчэ не шмат. Белае духавенства не цікавілася місійнай дзейнасцю, бо не бачыла ў гэтай справе грашовых выгадаў для сабе, не дбала яно і аб сваёй духоўнасці, аб збавенні сваіх душ, бо не жадала адкінуць звычкі да шумнага жыцця, каб уплываць на вернікаў сваім прыкладам і пастырскім словам. Таксама Цёлак прывёз з Рыму ўмовы прызнання для мітрапаліта, з якіх вынікае, што яго высвечанне Солтана прызнавалася ў Еўропе".

Здавалася б, што розныя падыходы бернардынаў і біскупа Табара ў такой пякучай справе павінны былі б выклікаць напружанне паміж імі. Але дакументы сведчаць пра іх добрыя стасункі. Напрыклад, біскуп пахаваў сваю маці ў касцёле бернардынаў і не пашкадаваў для іх сваіх дабрадзействаў… Таксама падчас візітацый браў з сабой і бернардынаў. Гвардыяна новага канвента ў Полацку (1498 г.) надзяліў шырокімі паўнамоцтвамі, роўнымі з правамі пробашча …

У той час бернардыны маглі пахваліцца сваімі маральнымі якасцямі, але ў матэрыяльным плане іх спаткала вялікая параза. Віленскій касцёл часткова разбурыўся, а тое, што засталося, давялося разабраць. Засталіся стаяць хоры з сакрыстыяй, будынак кляштара і інтэрнат. Пасля гэтага набажэнтвы былі перанесеныя ў суседні касцёл св. Ганны, над якім, не вядома з якога часу, апекаваліся бернардыны.

Пра перанос набажэнствам кажа напружанасць, якая ўзнікла паміж манахамі і брацтвам касцёла св. Ганны, гэтыя праблемы на карысць бернардынаў быў вымушаны вырашаць сам вялікі князь Аляксандр. У ліпені 1502 г. вялікі князь ВКЛ выдаў некалькі прывілеяў, у якіх перадаў манахам раней абяцаны брацтву пляц, які застаўся пасля злому воднага млына на Вілейцы [7]. Вялікі князь загадаў, каб брацтва касцёла св. Ганны ва ўсім слухалася бернардынаў і чужых ксяндзоў дапускала ў касцёл толькі з іх дазволу - як для імшы, гэтак і да пахавання, тое самае датычыла і набыцця касцельнага начыння, пачатку будоўлі і выканання касцельных запісаў. Тое, што брацтва вельмі жадала мець гэты касцёл, сведчыць факт, што ў 1501 г. яны праз Цёлка атрымалі адпуст для атрымання міластыні ў дзень Унебаўзяцця, а таксама ў дні патронкі касцёла св. Ганны і двух святых - Францішка і Антонія. У гэтыя дні ў касцёле заўсёды адбываліся ўрачыстыя набажэнствы.

Неадкладна манахі прыступілі да адбудовы зруйнаванага канвента. Галоўныя працы былі скончаны ў 1512 г. але ўрачыстае асвячэнне касцёла, магчыма, выканаў лягат Ферар ў 1520 ці 1521 гг.

"Аляксандр прытрымліваўся найлепшых традыцый свайго бацькі, калі ў 1498 г. фундаваў канвент бернардынаў у Полацку і пацвердзіў гэтую фундацыю на сойме ў Петрыкаве. Калі іншыя яго ласкі маглі сыходзіць з-за сімпатыі добрага манарха да манахаў, дык заснаванне полацкага канвента трэба лічыць праявай яго мудрасці. Гэта была пляцоўка, высунутая далёка на паўночны ўсход у глыб русінскіх краёў. Не дарэмна маскоўскі князь Іван ужо ў 1502 г. абураўся наяўнасцю рымскай бажніцы ў Полацку. …"

Новы канвент ляжаў у заходнім прадмесці горада, за мостам, недалёка ад вусця Палоты ў Дзвіну. Як і ўвесь горад, канвент быў пабудаваны з дрэва. "Прадмесце мела ўмацаванні, але больш слабыя, чым меў горад. Таму падчас маскоўскіх войнаў на працягу XVI ст. прадмесце не раз гарэла разам з кляштарам, але драўляныя будынкі лёгка аднаўляліся. Усе патрэбы канвента задавальняліся з Вільні". Вялікі князь Аляксандр і навакольны люд не ашчаджалі на ахвярах і міластыні. "Касцёл быў асвечаны ў імя Нябеснай брамы".

Вакол Полацка ў той час не было ні каталіцкіх парафій, ні лацінскіх святароў, і таму ўсе парафіяльная праца прыпадала на бернардынаў. І як тут ім прыдаліся рымскія прывілеі! Бо для атрымання дазволу біскупа ім трэба было пастарацца. Вялікі князь і кароль пацвердзіў бернардынам усе прывілеі і загадаў старастам і магнатам дапамагаць ім моцай brachii saecularis (свецкай рукі).

Які ў той час быў рэлігійны і маральны стан Полацка і ваколіц, сведчаць словы, што тут "шмат людзей увогуле яшчэ не былі ахрышчаны". "Бернардыны ахрысцілі шмат людзей, а іншых навярнулі ад схізмы. Каля канвента вырасла каталіцкая парафія ў некалькі тысяч чалавек. Сярод іх таксама была і сям'я Скарынаў, як пра гэта сведчыць імя першадрукара Францішак". Нягледзячы на ваенныя паразы і цяжкія часы, манахі трымаліся ў горадзе, але здараліся і замахі з мэтай забраць у іх пляц, які яны мелі ў прадмесці. Першым полацкім гвардыянам быў Леан з Ланцута (1498-1512 ?), потым кіраваў Банаветура Ліцвін, які загінуў падчас аблогі горада ў 1514 г., былі тут і іншыя ліцвіны, як, напрыклад, заслужаны паслушнік Готард. […]

"Аляксандр верна працягваў палітыку свайго бацькі ў адносінах да бернардынаў, бо гэтая палітыка вынікала не толькі з рэлігійных пачуццяў, але і з дзяржаўных патрэб. Рэпрэзентавалі бернардынаў пры віленскім двары віленскія браты, якія былі частымі гасцямі вялікага князя. Акрамя раней пераказаных дабрадзействаў, Аляксандр у 1504 г. даў ім пэўныя правы на будскую пушчу. Там манахі зрабілі сабе пустэльню і праз нейкі час маглі атрымаць пляц па праву ўласнасці. У адказ бернардыны выказвалі манарху ўдзячнасць, прывязанасць і выконвалі ўсе яго пажаданні. Гэтак, у 1502 г., выконваючы волю Аляксандра, яны вырашылі пабудаваць касцёл бернардынак у Вільні. Падчас апошняй смяротнай хваробы яны даглядалі караля, не адыходзілі ад яго ні на хвіліну і былі разам з ім падчас смерці. Усё гэта злучыла іх з вялікай княгіняй і каралевай Аленай, якая хоць не схілілася да уніі, але не перашкаджала бернардынам і заўсёды выказвала ім сваю схільнасць і удзячнасць ажно да моманту, калі спрэчкі пра яе скарб не сапсавалі добрых адносін".


Часы Жыгімонта І сталі пераломнымі для літоўскіх бернардынаў. Яны адразу адчулі змены ў сваім стане, бо Жыгімонт стала жыў у Кракаве, а ў Вільню прыязджаў на кароткі тэрмін. Таму двор тут існаваў толькі намінальна, але фактычна ў Вільні яго ўжо не было, і таму значэнне віленскіх бернардынаў паменшылася. Спрэчкі пра неабходнасць паўторнага хрышчэння і унію сцішыліся, калі ў 1507 г. памёр біскуп Табар, яго наступнік Войцех Радзівіл (1507-1519) мала ўвагі аддаваў рэлігійным справам. Па-праўдзе, прымас Ласкі на Латэранскім саборы 09.08.1515 г. атрымаў булу, у якой патрабавалася паўторнае хрышчэнне. Але бернардыны яе не выконвалі і ў 1518 г. атрымалі папскае пацверджанае сваіх прывілеяў. Папскі легат Ферар, падчас свайго знаходжання на сінодзе ў Вільні ў 1520 г., казаў пра сапраўднасць схізматычнага хрышчэння. Аднак гэта не мела вялікай вагі пасля смерці Алены ў 1513 г., калі мітрапалітам стаў рашучы схізматык Іона (1521 г.), бо рэлігійная бура, якая ішла з захаду, пахіліла самі асновы існавання каталіцкага касцёла ў Польшчы (маецца на ўвазе пратэстанцкі рух - Л. Л.).

"Відочна, бернардыны не пакінулі сваёй справы". Складзеныя імі розныя рэлігійныя песні і казанні праз кароткі час, з-за браку ці недахопу гэтага ж на мясцовых мовах, распаўсюдзіліся сярод беларусаў і летувісаў. Прыцягнулі яны іх сэрцы да веры, але і нямала прычыніліся да дэнацыяналізацыі як першых, так і другіх, а рэлігійныя мэты маглі быць дасягнутыя без гэтай абсалютна непатрэбнай шкоды. "Галоўнай справай таго часу была пабудова віленскага канвента. Зрабілі гэта выбітныя кусташы Леан з Ланцута (да 08.09.1512 г.), Ян Камароўскі (з 08.09.1512-08.09.1513) і Готард з Сяменціна (з 08.09.1513) з дапамогай вяльможаў: Радзівіла, пэўна, Гаштольда, Станькі з Коўні, Кучука і інш."

"Як дасканала ўмеў Ян Камароўскі дамаўляцца з літоўскімі панамі, кажа захаванне для караля скарбаў Алены, пры гэтым ён не занядбаў і свае рэлігійныя справы. Пасля яго Готард абгарадзіў мурам усю зямлю кляштара. Падмуркі гмахаў былі такімі моцнымі, што ў піўніцах нейкі час нават захоўваўся вялікакняскі скарб!".

Подпісы віленскім бернардынаў знаходзім на просьбе кананізацыі св. Казіміра. Калі ў 1520-1521 гг. у Вільні знаходзіўся папскі лягат Захар Ферар, яму падалі скаргу пра ковенскія скарбы, бо гэта было нагодай для спрэчак паміж літоўскімі і польскімі бернардынамі. Спрэчкі цягнуліся дзесяцігоддзі і ў выніку прывялі да стварэння Літоўскай правінцыі.

"Падобна, як каралева Алена ў Вільні, гэтак і Станька ў Коўні (згодна з пагалоскамі), меў вялікі скарб у Коўні і пасля яго смерці, манахі вывезлі яго ў Польшчу. Віленскія бернардыны аспрэчылі гэта і, калі нейкі Ян Ціхі паскардзіўся лягату на віленцаў, дык ён нічога не змог даказаць. Пагалоска пра тое, што браты вывезлі скарб у Польшчу, упарта трымалася і сам кароль ведаў пра яе".

"Аднак істотнай прычынай сутачак была палітыка. У першай палове XVI ст. сепаратысткі рух на Літве быў вельмі моцным. На яго чале стаялі ваяводы Віленскі і Троцкі Войцех і Марцін Гаштольды. Яны прагнулі абмежаваць сувязь Літвы з Польшчай толькі свабоднай асабістай уніяй манарха. Не цяжка зразумець, што гэтыя магнаты з незадавальненнем глядзелі на цэнтралізаваную польскую бернардынскую правінцыю. Стварэнне асобнай правінцыі аслабіла б звяз з Польшчай і польскія ўплывы на Літву - адлучаныя ад польскіх, літоўскія манахі, пры іх папулярнасці, атрымалі б яшчэ больш прыхільнікаў". Канвенты на захадзе Польшчы бараніліся ад нямецкіх уплываў і германізацыі, а на ўсходзе - ад празмерных польскіх уплываў і паланізацыі.

У вядомай сваёй гасціннасцю Літве, у тутэйшых канвентах прымаліся і частаваліся свецкія людзі, якія часта былі дабрадзеямі ордэна, сваякамі ці знаёмымі манахаў. Тут для іх заўсёды мелася змена коней і вазоў, што цалкам зразумела і тлумачыцца вялікімі адлегласцямі, неабходнасцю выездаў манахаў да хворых, выездамі іх па справах і г. д.

"У польскай правінцыі чатыры літоўскія канвенты стваралі ўласную кустодыю", аднак "кіраўніцтва польскай правінцыі мела права ў любы час перавесці манаха з Полацка ў Познань ці Самбор, а ў той час на Летуве і Беларусі так моцна бракавала святароў, якія зналі linguam vernaculam (народную мову - Л. Л.), на якой касцёл жадаў выкладаць навуку веры! …"

"Колькасць бернардынаў-ліцвінаў была вельмі малой, пра што сведчаць такія імёны, як Банаветура Ліцвін ці Готард Ліцвін, якія спатыкаем яшчэ ў 1514 г. і толькі на трэцім дзесятку стагоддзя з'яўляюцца Антон з Коўні і Лукаш з Коўні. Яшчэ з 1530 г. было ледзь 30 ксяндзоў-ліцвінаў, якія маглі б заняць кіраўнічыя пасады. Таму першым правінцыялам ліцвіны выбралі сабе паляка. Рэдка які ліцвін атрымліваў прызначэнне ў польскі канвент, але ў літоўскіх было шмат палякаў. Вядомыя нам віленскія гвардыяны - усе палякі. Таму можна зразумець, чаму сярод літоўскіх братоў нарадзілася прага не падпарадкоўвацца польскаму кіраўніцтву і аддзяліцца ад польскай правінцыі. Але зараз цяжка сказаць, ці сапраўды ліцвіны былі адлучаны ад магчымасці займаць кіраўнічыя пасады. Здаецца, гэтаму пярэчыць зацвярджэнне полацкім гвардыянам Банаветуры Ліцвіна, але цяжка рабіць высновы з аднаго выпадку".

"Асяродкам руху за сваю правінцыю, становіцца ковенскі канвент. Спатыкаем там кіраўнікоў канвентаў: каля 1525 г. Антонія з Коўні, а каля 1529 г. Лукаша з Коўні. На жаль, мы нічога не ведаем пра гэтых асоб акрамя іх імёнаў. Калі яны не былі палякамі, а колькасць гараджан-ліцвінаў была вельмі малой, дык можна выказаць гіпотэзу, што яны выйшлі з нямецкай калоніі, бо іх імёны кажуць, што яны гараджане".

"Ужо у 1519 г., калі не раней, ковенскі гвардыян і канвент адмовіліся падпарадкоўвацца кусташу Рафалу і, верагодна, усяму кіраўніцтву правінцыі. Не ведаем дакладных прычын гэтага, але справа адбывалася на тле супярэчнасцей з кусташам-палякам. Не мог ці не ўмеў Рафал іх супакоіць сам і таму падаў скаргу біскупу. Вырашаць справу прыйшлося новаму ардынатару Яну (1519-1535, паходзіў з літоўскіх князёў) яшчэ перад яго высвячэннем. З-за яго маладосці і недасведчанасці вырак склалі члены капітулы. Суд стаў на бок кусташа, ковенскі канвент абавязалі да паслушэнства кусташу ажно да прыезду бернардынскага камісара. Жыгімонт І пахваліў сына на гэты вырак, а калі ковенцы не пажадалі падпарадкавацца, даслаў да іх грозны ліст у якім гразіў выгнаннем. Магчыма на гэта мела ўплыў роля, якую Рафал граў у двары, асабліва ў каралевы Боны. Ковенцы заціхлі. Хутка генерал бернардынаў Ліхета прыехаў на капітулу ў Кракаў (24 - 28 жніўня 1520 г.), але яму не дакладалі пра канфлікт, бо, магчыма, канфлікт быў ужо залатвены".

"Ліцвіны не кінулі справу …. Ян Ціхі з Вільні падае скаргу лягату Ферару падчас яго побыту ў Вільні (восень - зіма 1520-1521 гг.) аб тым, што скарб Станькі быў вывезены ў Польшчу. Гэта скарга знаходзіць падтрымку ў самога караля, бо літоўскім вяльможам (у асноўным Гаштольдам) удалося перацягнуць манарха на свой бок. Лягат загадаў расследаваць падзею, але ў выніку расследавання манахі, якія вывезлі скарб, былі апраўданы. Жыгімонт І вельмі абурыўся і напісаў ліст да кардынала Гросіса, у якім пажадаў, каб справа разглядалася самім прымасам. Ці дайшло да гэтага, невядома".

"Маючы веру ў падтрымку манарха і вяльможаў, ковенцы пачынаюць паводзіць сябе штораз смялей. Яны пускаюць пагалоскі пра свае крыўды ад палякаў, кажуць пра вываз скарба і каштоўнасцяў, пра нядопуск да кіраўніцтва, і патрабуюць, каб не толькі Польшча, але і Літва мелі свае самастойныя правінцыі. Ліцвінскія паны абяцаюць заснаваць 12 новых канвентаў. Хто ведае, можа ім удалося ўцягнуць у свае планы каралеву Бону, якая пасля нараджэння сына, пачала думаць пра Літву і праз уплывы, якія на віленскі двор меў правінцыял францішканаў Марк а Турэ (1517-1538), які, аднак, не спрыяў бернардынам. Але звяз ковенскіх братоў з ліцвінскімі вяльможамі быў такі моцны, што палякі называлі іх "Гаштольдавымі паслушнікамі".

"Відочна, што пра падпарадкаванне Коўні кусташу правінцыі не магло ісці нават размовы. Каб не дапусціць візітацыі з польскай правінцыі, ковенскі канвент пільнавалі пахолкі Гаштольда. Змаглі яны нават апанаваць віленскі кляштар. 21 студзеня 1526 г. Гаштольд з віленскім біскупам Янам, некалькімі панамі і ўзброеным атрадам, заняў віленскі кляштар, ён жадаў выгнаць з яго палякаў і перадаць ліцвінам. Але гвардыян, бернардын з Каліша, хоць і быў хворы, але ўстаў з ложка і змог схіліць Гаштольда і іншых вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. Падобна на тое, што ліцвіны яшчэ не былі ўпэўненыя ў падтрымцы караля".

Бернардынская капітула, якая сабралася ў тым жа годзе ў Кабыліне (8 верасня 1526 г.) абрала правінцыялам польскіх бернардынаў Рафала, капітула мела надзею, што ён сваёй лагоднасцю супакоіць ліцвінаў. Пасада віленскага кусташа была даверана Готарду з Сяменціна, якога паважалі ў Літве. Але дарэмна! Рафал жадаў зрабіць візітацыю Літвы і, між іншым, Коўні. А ліцвіны не жадалі нават чуць пра гэта. І мелі падтрымку апекуноў. 12 чэрвеня 1527 г. Жыгімонт напісаў ліст войту і радзе горада Коўні з загадам не дапусціць візітацыі кляштара польскім правінцыялам, пры гэтым ён прасіў генерала ордэна стварыць з канвентаў Літвы самастойную правінцыю і для гэтага прыслаць свайго камісара. Польскія браты супрацьдзейнічалі гэтай справе. На правінцыйным сінодзе 3 ліпеня 1527 г. у Ленчыцах віленскі кляштар прасіў, каб кароль супакоіў ліцвінаў і не дапусціў раздзелу адзінай правінцыі, бо гэта, па іх меркаванні, прынесла б шкоду дзяржаве. Сінод выканаў просьбу віленцаў, але яго ліст да Жыгімонта не меў вынікаў.

"Генеральная ўправа ордэна даслала да нас з апостальскай сталіцы камісара-італьянца. Але ён не змог праехаць па Германіі і вярнуўся з дарогі. Пасля гэтага быў дасланы Каспар з Крамежына, які лічыўся ворагам палякаў і таму ліцвіны прагнулі мець яго камісарам.

Каспар прыбыў у Кракаў на Вялікдзень (12 красавіка) 1528 г., тут кароль даў яму 25 зл. З Кракава, не ўзяўшы з сабой палякаў, камісар накіраваўся ў Вільню. Разабраўшыся са станам літоўскіх кляштараў, выслухаўшы літоўскіх і польскіх братоў, якія знаходзіліся ў Літве, зразумеў, што самастойную правінцыю стварыць тут немагчыма. Чатыры літоўскія канвенты налічвалі 80 - 90 манахаў, сярод іх была вялікая колькасць палякаў. Камісар вырашыў, што літоўскія кляштары будуць мець уласны камісарыят замест тагачаснай кустодыі. Літоўскага камісара бернардынаў павінен выбраць польскі правінцыял з чатырох кандыдатаў, прадстаўленых літоўскімі кляштарамі. Камісар павінен быў мець уладу правінцыяла, прычым польскі правінцыял не мог яму перашкаджаць. Камісар павінен быў кожны год рабіць візітацыю сваіх кляштараў і склікаць літоўскую капітулу. Пераводзіць літоўскіх братоў у Польшчу можна было толькі па іх жаданні альбо па згодзе літоўскай капітулы".

Польскія браты павінны былі і надалей дапамагаць літоўскім, па запрашэнні ці па звычаі прыязджаць да іх. Літоўскі камісар павінен быў удзельнічаць у сходах польскай капітулы разам з "дэлегатам літоўскай капітулы". Было вырашана больш не забіраць у Польшчу каштоўнасці з літоўскіх кляштароў і ўзаемна дараваць ранейшыя віны.

Гэтак літоўскія кляштары засталіся ў межах польскай правінцыі, але фактычна сталі незалежнымі ад польскіх уплываў. Справа была вырашана праз кампраміс. Пытанне стварэння асобнай літоўскай, цалкам незалежнай правінцыі, засталася адкрытай.

Цікава, што вырак камісара Каспара быў падтрыманы каралём і самімі палякамі! З іншага боку, мы ведаем, што дзе-нідзе, напрыклад у Любліне, на генеральнай капітуле бернардынаў былі абураны гэтым пагадненнем. Як глядзелі на яе ліцвіны - браты і вяльможы - дакладна не вядома, але можна дапусціць, што яны былі незадаволены фактам нестварэння асобнай Літоўскай правінцыі.

Каб атрымаць зацвярджэнне літоўкай дамовы, у 1529 г. на генеральную капітулу ў Парму паехаў а. Лукаш з Коўні. Тут ён спаткаў вялікі супраціў з боку польскіх братоў і не толькі не атрымаў згоду на асобную правінцыю, але ледзь пазбегнуў вязніцы. "Дамова Каспара, у той частцы, якая датычыла палякаў, была зменена". Літоўскі камісар фактычна падпарадкоўваўся польскаму правінцыялу. Ініцыятарамі гэтых зменаў былі дэлегаты польскіх канвентаў. Гэта стала яшчэ адным прыкладам, што нават у рэлігійных справах часта перамагае толькі сіла. "Польская перамога была поўнай, і не цяжка ўявіць сабе задавальненне, з якім палякі вярталіся з Пармы".

Аднак хутка стала зразумела, што гэты поспех меў толькі маральнае значэнне. Бо ў справу зноў умяшаўся кароль. Жыгімонт даслаў лісты да толькі што абранага генерала ордэна Паўла Пісоцы з Пармы, да кардынала-пратэктара і да пракурора курыі, у якіх выказаў сваё моцнае жаданне аддзяліць Літву і працягнуць справу рымскіх папаў. Гэтыя лісты ён выслаў яшчэ 22 жніўня 1529 г. І, згодна з воляй караля і папы, генерал бернардынаў змяніў свае падыходы. 25 верасня 1530 г. ён выдаў дазвол на стварэнне новай правінцыі. Аднак, будучы выразна незадаволены ліцвінамі, стварэнне новай правінцыі ён даручыў паляку, польскаму правінцыялу Камароўскаму (1529-1532). З граматай ад караля і мандатам да Гаштольда Камароўскі паехаў у Літву. Падзел правінцыі і выбары новага кіраўніцтва ён зрабіў на капітуле 26 траўня 1530 г. "Хоць у папскім дэкрэце было выразна напісана, што толькі ліцвін можа быць правінцыялам, капітула не знайшла нікога адпаведнага гэтай пасадзе, і галасы былі адданы за паляка Готарда з Сяменціна. Готард ад пачатку не жадаў гэтай пасады, але потым дазволіў сябе ўгаварыць. Дэфінітарамі былі абраны 4 ліцвіны. Камароўскі зацвердзіў гэты выбар". Разам з ім у Польшчу выехалі тыя браты, якія не жадалі застацца ў Літве . "Аб зацятасці ліцвінаў кажа тое, што праз 2 тыдні згарэла частка будынка, дзе раней жылі польскія браты, якія да таго часу былі ўжо ў Любліне". Пра гэта па вялікім горадзе пачалі хадзіць розныя плёткі.

"Стварэнне новай літоўскай правінцыі абвязвала яе кіраўніцтва прысутнічаць у 1532 г. на генеральнай кангрэгацыі ў Месіне, аднак літоўскі правінцыял Готард паслаў на яе ліст, а сам не паехаў, што тлумачыў сваім узростам. Але, магчыма, ад літоўскай правінцыі ён паслаў кагосьці іншага".

Літоўская правінцыя існавала каля 40 гадоў, недзе да 1570-1571 гг. Мы маем пра яе вельмі скупую інфармацыю, якая амаль што цалкам паходзіць з польскіх крыніц. Гэта дробныя запісы, якія дазваляюць толькі вызначыць агульныя контуры дзейнасці правінцыі.

Акрамя першага і апошняга, мы не ведаем нават імён літоўскіх правінцыялаў. Новая правінцыя, была, магчыма, самай малой з усіх, бо налічвала толькі 4 канвенты з колькасцю каля 60 братоў. Літоўскія вяльможы абяцалі закласці яшчэ 12 кляштараў і гэтая справа сталася галоўнай для Готарда і яго наступнікаў. Але ў літоўскай правінцыі больш не паўстаў ні адзін канвент. Невядома, ці шчырымі былі абяцанні літоўскіх паноў, але хуткі рэлігійны пераварот (маецца на ўвазе надыход пратэстантаў - Л. Л.) знішчыў усе надзеі на развіццё. Пра гэта сведчыць тое, што не была выканана гарадзенская фундацыя, дакумент пра якую знаходзіўся ў архіве віленскага канвента.


У 1529 г. віленскім гвардыянам бачым а. Леана, а каля яго братоў Антонія Ліцвіна і Рыгора Вайнаровіча, якія таксама былі gente Lituanus (ліцвінскай нацыі - Л. Л.). Пасаду прапаведніка займаў Себасцян Львоўчык. "Тым часам у Літве пачаўся землятрус новаверства (пратэстанцтва - Л. Л.). Вядома, што ў Вільні, як і па ўсёй Літве, новая вера распаўсюдзілася вельмі хутка". Фактам з'яўляецца тое, што у Вільні 1550 г. у касцёле св. Ганны (гэта значыць каля бернардынскага канвента), незвычайна смела выступаў з амбоны лютаранскі прапаведнік Ян Вінклер, што сведчыць пра тое, што віленскія бернардыны папросту былі вельмі слабымі перад рэлігійнымі навацыямі і мелі вельмі малы ўплыў на брацтва св. Ганны, а гэта значыць і на калонію немцаў-католікаў у Вільні.

"У бернардынаў пачаліся праблемы. У 1560-1564 гг. у віленскім канвенце здарыліся пажары. Пасля першага, які адбыўся з-за падпалу іншаверцамі, каралеўскім загадам шкода была кампенсавана. Інакш было пасля другога, пасля якога касцёл стаўся закінутай руінай. Не было а ні скляпення, а ні алтара, а ні аздаблення, а ні абразоў. Не лепш выглядаў і кляштар. Інтэрнат і кляштар пачалі зарастаць дрэвамі, і набажэнствы былі перанесены ў суседні касцёл св. Ганны. Штораз змяншалася лічба манахаў - з-за голаду і мору 1569 г. да 1571 г. засталося толькі 5 манахаў. На бяду, паміж імі пачаліся спрэчкі, ведаем спрэчкі ў 1567 г. Тое самае адбывалася і ў Коўні - тут у 1571 г. застаўся толькі 1 манах! Браты не мелі магчымасці ўтрымліваць кляштар і канвент распаўся. На пляцах ордэна свецкія людзі пачалі ставіць свае дамы. Каб было што есці, манахі былі вымушаны прадаваць кнігі і келіхі. У Тыкоціне ў 1571 г. засталося 3 браты: ксёндз, клірык і паслушнік".

Яшчэ раней перастаў існаваць полацкі кляштар. Але яго канец ёсць помнікам славы манахам. У 1563 г. Іван Жахлівы здабыў Полацк і загадаў кляштар спаліць, а братоў пазабіваць. Гвардыян Павел, а таксама браты Дамінік, Марцін, Вацлаў і Адам загінулі смерцю пакутнікаў 12 студзеня (іх партрэты ёсць у скарбцы віленскага па-бернардынскага касцёла).

"У роспачным стане правінцыі, якая паменшылася да 9 манахаў, тым не менш выбіраліся правінцыялы. Апошні, Антоній з Тыкоціна, не меў іншага выйсця, як зноў далучыць літоўскія кляштары да польскай правінцыі. Дарогу да гэтага падрыхтавала і змена палітычнага стану: у 1569 г. Люблінская унія стварыла новую дзяржаву на месцы ранейшага асабістага звязу Літвы і Польшчы праз асобу, якая была адначасова каралём і вялікім князем. Але тагачасны стан літоўскіх канвентаў, якія квітнелі за паўстагоддзя да гэтага, не меў ужо ніякай палітычнай вартасці".

Імкненне правінцыяла Антонія ўхвалілі браты і кіраўніцтва віленскай дыяцэзіі. Біскуп Пратасевіч, катэдральная капітула і бурмістр Ратундус горача падтрымалі яго намер … . З неабходнымі паперамі літоўская дэлегацыя рушыла ў Польшчу. Дэлегацыя складалася з віленскага прапаведніка Яна з Камянца, Станіслава з Вільні і паслушніка Яна з Віцебска. Было гэта ў 1570-м ці на пачатку 1571 г. Ва ўправе польскай правінцыі просьбу ліцвінаў прынялі з задавальненнем, бо не забылі ранейшыя крыўды. "Не дарэмна Камароўскі ў сваёй хроніцы засцерагаў ад магчымай рэакцыі. У польскай правінцыі панавала меркаванне пра Літву, як пра дзікі і варварскі край, і існавала жывое нежаданне ехаць у тую старану. З іншага боку, істотным было пашырэнне правінцыі праз новую важную пляцоўку і маральнае задавальненне ад вяртання ліцвінаў. Не трэба таксама забываць пра стаўленне біскупа і кардынала. Літоўскіх бернардынаў было вырашана прыняць не ў форме рэуніі (з'яднання 2-х правінцый), а ў якасці новых фундацый, літоўскіх жа братоў проста далучыць да сваёй правінцыі".

На генеральнай капітуле, калі было пацверджанае скасаванне літоўскай правінцыі, літоўскім гвардыянам быў Павел з Камянца. "Капітула зацвердзіла ўмовы згодна з воляй палякаў, і Павел не чыніў ім у гэтым перашкод. Магчыма ён ужо быў у сталым веку, бо памёр, вяртаючыся ў Літву ў 1572 г." Так, пасля саракагадовага існавання, была пахавана літоўская правінцыя.

Было вырашана прыняць літоўскія кляштары і засяліць іх манахамі з польскай правінцыі, ці па-просту палякамі. "Першым палякам, пасланым у Вільню, быў Себасцян Пішчаты, але ён збег да 13 чэрвеня 1572 г.""Магчыма, палітычныя падзеі: смерць Жыгімонта Аўгуста і безкаралеўе, адцягнулі тэрмін прыняцця літоўскіх канвентаў". Толькі 24 жніўня 1578 г. варшаўская канферэнцыя правінцыі прызначыла першага віленскага гвардыяна Мікалая з Бельска, якога хутка змяніў, прызначаны 26 траўня 1577 г. тарноўскай капітулай, Леанард Крэтка. Ковенскім гвардыянам стаў бернардын з Свентага, тыкоцінскім - бернардын з Тыкоціна.

У XVIII ст., на іншых падставах і ў іншых палітычных умовах, з большай колькасцю кляштароў і манахаў, зноў паўстала літоўская правінцыя.

Усходняя місія на Русі і Літве з'яўляецца адной з самых прыгожых старонак у дзеях бернардынаў. Каталіцкая вера пашыралася ў любой постаці бо манахі не патрабавалі пераходу ў свой лацінскі абрад, ... яны прызнавалі дзейнасць усходніх сакраментаў і пракладвалі дарогу да лепшага разумення рэлігіі і большага ўзаемнага шанавання палякаў і русінаў … Місійная дзейнасць бернардынаў уразіла гісторыка Вільні Крашэўскага які ў сярэдзіне XIX ст. напісаў: "Асеўшы тут, бернардыны пачалі навяртаць просты народ, а менавіта Русь, і былі самымі руплівымі апосталамі, ажно покуль іх не зацмілі езуіты". У Беларусі, каталіцкая вера ў значнай ступені павінна быць удзячнай за свае развіццё ўсходняй місіі бернардынаў. Трэба дадаць, што ў апошнія гады (маецца на ўвазе 1920-30-я гг. - Л. Л.) у Югаславіі некалькі дзесяткаў бернардынаў прынялі ўсходні абрад і працуюць у ім, падтрымліваючы даўнія традыцыі свайго ордэна.

Палемісты XVI ст. бачылі ў бернардынах сур'ёзных праціўнікаў. Яны называлі іх "шкадлівай і ядавітай грамадой" і адначасова жадалі пільна іх сцерагчы, як "праўдзівых святых айцоў - манахаў", якія "вядуць чыстае жыццё ў словах, учынках і справах …, не маюць ніякай уласнасці і нават не бяруць у рукі грошы" і г. д. і г. д. Што праўда, ім не хапала адчування новага ў рэлігіі, не хапала разумення і ведаў, асабліва ў дагматыцы, аднак яны ўмелі "добра прысароміць" грэшніка. …

Гэта не перашкаджала бернардынам мець моцных сяброў у асобе каралёў і каралеў, а таксама шматлікіх дыгнітарыяў.

Ордэн бернардынаў, па думцы св. Францішка, быў уладкаваны дастаткова дэмакратычна. Бернардынскі прапаведнік - рэальны факт, мог неаднаразова паўтараць з амбона наступныя словы: "Польскі кароль і вы, ваяводы, старасты і кашталяны, працягніце свае рукі да шляхты і месцічаў … і адвярніце ад сябе гнеў Божы". Аднак у пазнейшыя стагоддзі духоўнае аблічча бернардынаў пагоршала.

Бернардынам у працы дапамагалі бернардынкі (калеткі), якія існавалі ў Вільні ад 1487 г. Трошкі пазней яны з'явіліся і ў Коўні. У Вільні бернардынскай стала Аляксандра Гаштольдаўна, ваявадзянка Ганна Аляхновічаўна, княжна Барбара і інш. Перад 1502 г. яны мелі ужо дом і капліцу на Зарэччы - адсюль з'явілася пазнейшая назва Зарэчча. Адносіны з бернардынамі-мужчынамі былі рознымі - і добрымі, і дрэннымі. Знаходзіліся пад іх духоўнай апекай, аднак, калі капліца манахінь у нечым перашкаджала братам, кароль Аляксандр, дзеля іх загадаў капліцу збурыць і пабудаваць новую, што выклікала бурчанне сясцёр. Потым яны яшчэ скардзіліся ў віленскую катэдральную капітулу на бернардынаў. …

Цікавым быў архіў віленскіх бернардынаў дзе меліся дакументы, датычныя ўсходніх спраў. Дакументы былі схаваныя ў замкнутыя на ключ скрыні, якімі ўвесь час апекаваўся гвардыян. Здаецца, што меўся і асобны брат-архівіст. У бібліятэках ордэна былі кнігі на розныя тэмы і розны густ. Тыкоцінскую бібліятэку забяспечыў кнігамі Гаштольд, а ковенская атрымала 300 кніг, дзякуючы Рафалу з Льготы.

Гісторыя бернардынаў сведчыць нам, што даследчыкі нацыянальных рухаў і даследчыкі гісторыі рэлігіі не могуць не звярнуць на яе ўвагу, а таксама і на цікавую працу кс. Кантака [8].

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Bernardyni na Litwie i Bialorusi // Preglad Wilenski. 1933. № 19-20. S. 2-6.; 1933. № 21. S. 2-5.; 1933. № 22. S. 2-6.; 1934. № 1. S. 2-6.; 1934. № 2. S. 2-5.; 1934. № 3-4. S. 2-6.; 1934. № 6. S. 2-6.

[2] Механічны гадзіннік вынайшаў яшчэ ў XI ст. будучы папа рымскі Сільвестр II (у той час абат Герберт). - Л. Л.

[3] Жыгімонт Стары памёр у 1548 г. а яго сын Жыгімонт Аўгуст пабраўся шлюбам з Барбарай Радзівіл у 1547 г. і таму цалкам зразумела лаяльнасць манаха да маладога манарха і яго другой жонкі Барбары Гаштольдавай з Радзівілаў. - Л. Л.

[4] Тагачасны Тыкоцін ляжаў сярод беларускай люднасці дызуніцкага веравызнання, luxta schismaticos Ruthenos noncupatos - як пісаў папа Сыкст IV Гаштольду.

[5] Гл: Энцыклапедыя ВКЛ. Мінск, 2005. Т. 2. С. 620. - Л. Л.

[6] Гл: Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. Мінск, 2017. С. 122. - Л. Л.

[7] "Калі бернардынскі касцёл пачаў разбурацца, дык бернардыны заявілі вялікаму князю Аляксандру (каля 1500 года), што прычынай падзення іх касцёла служыць суседства млына (малатарні), што моцнае страсенне зямлі пры малацьбе вельмі шкодна ўплывае на касцёл і іншыя будынкі, што пры захаванні status quo небяспечна будзе нават заходзіць у касцёл для малітвы. Саступаючы просьбе бернардынаў, Аляксандр загадаў цалкам зачыніць млын, а пляц, на якім ён знаходзіўся, з усімі пабудовамі аддаць кляштару", - Kraszewski J. Wilno : od poczаtkоw jego do roku 1750. Т. II. Wilno, 1840. S. 316. . - Л. Л.

[8] Kantak K. Bernardyni polscy. 1453-1572. T. 1. Lwоw, 1933.; Kantak K. Bernardyni polscy. 1573-1795-1932. T. 2. Lwów, 1933. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX