Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Талочка Уладзіслаў. Цікавы дакумент 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 13-11-2019,
Крыніца: Талочка Уладзіслаў. Цікавы дакумент // НАША СЛОВА № 46 (1457), 13 лістапада 2019.



Ад перакладчыка. Зараз гэтая беларуская кніга, выдадзеная ў 1835 г., добра вядома беларускім даследчыкам. Артыкул, які друкуецца ніжэй, расказвае, як яна была знойдзена.

Нядаўна нам з недалёкай ад Вільні правінцыі прыслалі цікавую рэч - старую кніжку, пра існаванне якой мы не ведалі і нават не дапускалі, што магла быць кніга такога зместу і накірунку, выдадзеная віленскім біскупам у Вільні ў друкарні дыяцэзіі з дзяржаўнага дазволу. Гэта «Кароткі збор хрысціянскай навукі для сялян рыма-каталіцкага веравызнання, якія размаўляюць на польска-рускай мове», Вільня ў дыяцэзіяльнай друкарні, 1835 г. [1]

Кніжачка мае памер 10 х 15 см і налічвае 24 старонкі, без вокладкі але збрашуравана. Пра яе не ведалі Эстрэйхер (верагодна маецца на ўвазе Караль Эстрэйхер - Л. Л.), Курчэўскі, Карскі, Луцкевіч, Гарэцкі.

На старонцы кніжкі № 2 чытаем: «1835 год, 5 чэрвеня ў Вільні. Гэты кароткі катэхізіс змяшчае ў сябе цвярозую і карысную для простых людзей навуку. Правячы біскуп Віленскай дыяцэзіі, кавалер ордэнаў, Андрэй Бенядыкт Клангевіч» (гэты тэкст напісаны па-польску - Л. Л.) Пасля духоўнай праверкі дазвол для друку падпісаны цэнзарам П. Кукальнікам.

Далей (С. 3-15.) кніжка змяшчае сціслыя, выразныя і правільна пададзеныя кароткія праўды хрысціянскай веры на беларускай мове, якая магла б прысаромець сваёй якасцю нават некаторыя сучасныя органы беларускай прэсы. Пасля падмуркаў веры ідуць каталіцкія пацеры (С. 15-19.) пададзеныя па-польску. Такая палавінчатасць ёсць альбо саступкай ці данінай, зробленай на карысць паланізацыйным тэндэнцыям у дачыненні да беларусаў, ці простым наступствам таго, што тлумач не змог перакласці польскія пацеры на беларускую мову. На карысць апошняга кажа тая акалічнасць, што ўсе наступныя малітвы (С. 19-24.) пададзены зноў па-беларуску - напрыклад акты веры, надзеі і любві (Сімвал веры - Л. Л.), ахвяраванне святой імшы і, нарэшце, слынная песня «О мой Божа! Веру Табе» [2].

Як бачым са зместу кніжкі, яна з'яўляецца важкім довадам таго, што яшчэ ў 40-я гг. XIX ст. у нас у Вільні ніхто не думаў аб фарсіраваным, як сёння, спальшчэнні беларусаў праз касцёл, карыстаючыся іх несвядомасцю. Адначасова кніжка з'яўляецца доказам высокай культуры біскупа Клангевіча і таго асяроддзя, якое разумела неабходнасць навучаць беларусаў на іх уласнай мове і зрабіла для гэтага практычныя захады.

Выпадковая знаходка гэтай кніжкі, на якой алоўкам напісана: «Ex libris sacerdiris Josephi Awizonis», можа быць кваліфікавана яе адкрыццё цалкам невядомага нам факта, пра тое, што сто гадоў таму, не ў далёкім Магілёве ці высунутым на ўсход Менску, але тут, у Вільні, разумелі актуальнасць беларускай праблемы і памяталі якой мовай карыстаецца большасць сялянскага люду (нягледзячы на веравызнанне) на тэрыторыі Віленскай і Гарадзенскай губерняў. Да гэтага часу было вядома, што свае подпісы пад беларускімі катэхізісамі ставілі толькі каталіцкія магілёўскія іерархі (ў Пецярбургу), напрыклад, пралат Дзянісевіч вядомы сваёй сімпатыяй да беларускага народа. Зараз маем надзвычай каштоўны факт, што такі подпіс у 1835 г. паставіў пад беларускай кнігай віленскі біскуп-суфраган і адміністратар дыяцэзіі (1828-1839), а потым віленскі біскуп (у 1839-1841) Клангевіч. Як чалавек, народжаны ў Інфлянтах, ён мог добра ведаць, што толькі вельмі тонкі слой абшарнікаў і гараджан … пакрывае сабой асноўную масу беларускага ці летувіскага народаў. Як прафесар тэалагічнага факультэта, а потым кіраўнік семінарыі і шматгадовы радца дыяцэзіі, Клангевіч, выдаючы беларускі катэхізіс выказваў такім чынам сваё глыбокае перакананне, што касцёл не павінен дэнацыяналізаваць народ, але браць пад апеку больш слабыя народы і бараніць ад больш моцнага народа.

Ці народ менш каштоўны за палявую траву, якую згодна з Евангеллем, не жадаў таптаць сваімі нагамі Езус?

Ad. Soloduch (псеўданім кс. Уладзіслава Талочкі).

Ciekawy dokument // Pregląd Wileński. № 26-27, 8 lipca 1922.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] «Krótkie zebranie nauki chrześćjańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego». Wilno. W drukarni dyecezalnej, 1835.

[2] Гэта шырокавядомы беларускі грэка-каталіцкі гімн, магчыма і складальнікам кнігі быў уніяцкі святар. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX