Гісторыя ўжывання беларускай мовы ў дадатковым касцельным набажэнстве і ў казаннях - недастаткова высветленае пытанне. Матэрыял па гэтай тэме ляжыць у касцельных і свецкіх архівах і бібліятэках. Шукаць яго трэба як ў нашым краі, гэтак і за мяжой, напрыклад у архівах тых ордэнаў, якія працавалі ў былыя часы ў Літве і Беларусі. А якіх ордэнаў тут не было?
Некалькі гадоў таму мы пісалі пра беларускі катэхізіс, выдадзены ў Вільні ў 1835 г. з дазволу віленскага біскупа др. Андрэя Клангевіча. Знаходка гэта кнігі была поўнай неспадзяванкай, бо ніхто і не мог падумаць, што ў часы, калі Клангевіч быў біскупам, справа беларускай мовы ў касцёле ўжо была актуальнай.
У гэтым годзе мы даведаліся пра новыя факты ўжывання беларускай мовы ў касцёле. Знайшоў новую інфармацыю ксёндз др. Ч. Фалькоўскі, прафесар УСБ (Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя - Л. Л.) Некалькі месяцаў таму ў Вільні быў надрукаваны яго вельмі каштоўны артыкул (O jubileuszu na Litwie i Białorusi w 1826 roku [1]) Як бачна з артыкула, кс. Фалькоўскі трымаў крыніцу першараднай вартасці аб святкаванні юбілейнага 1826 года на Беларусі (У Юбілейны год аб'яўлены папам, моглі быць прабачаны ўсе грахі. - Л. Л.) Гэта: «Дыярыуш Года Ласкі ці Вялікага Юбілею, які служыць Белай Русі, дазволенага хрысціянскаму свету папам Леанам XII. Напісаны кс. Карнеліем Рапчынскім … прэфектам Юбілейнага набажэнства, дамініканам у Забелах». Гэта дыярыюш у фармаце фоліа мае 45 рукапісных і 18 друкаваных старонак. Рукапіс - уласнасць універсітэцкай бібліятэкі.
Ужываючы сучасныя тэрміны, можна лічыць кс. Карнелія Рапчынскага прыхільнікам уніі. З 1817 г. ён працуе прафесарам дамініканскага канвента ў Пецярбургу. Тое, што яму была блізкай справа злучэння царквы, сведчыць той факт, што ў 1822 г. у Вільні ён выдаў катэхізіс па-руску. У 1826 г. беларускі правінцыял прызначыў яго на пасаду прэфекта святкавання Юбілейнага года ў Беларусі, і ён пачаў весці дыярыюш. Здольны прапаведнік быў членам Ordinis Praedicatorum (Ордэна дамініканаў - Л. Л.) - аказаўся добры пісьменнікам і пакінуў нашчадкам цікавы для гісторыка дыярыюш.
Сваю працу ксёндз пачаў з «беларускіх Афінаў», з Полацка, дзе ў касцёле францішканаў для асоб ніжняга стану адправіў вечаровы рахунак сумлення па-беларуску. Акрамя казанняў і навукі па-польску, кс. Рапчынскі і яго памагатыя кскс. Пётр Каралевіч, Дамінік Окалаў, Рыгор Шыманоўскі і Герман Магілевіч, а таксама два клірыкі: Аўгустын Вайноўскі і Клеменс Шушынскі, добра ведаючы беларускую мову, часта карысталіся ёй пры катэхізацыі. Гэта было, калі іх слухачамі была не шляхта ці абшарнікі, якія, дарэчы, таксама паходзілі з беларускага народа. Дыярыюш расказвае, што навукі па-беларуску казаліся ў наступных мясцовасцях: Гарбачэва (касцёл належаў кляштару дамініканаў у Забелах), у Класіцах (мястэчку, якое мела ўніяцкую царкву), ва Ушачах (у базыльянаў, навука і рахунак сумлення па-беларуску), у Забелах («другая навука для прастаты па-беларуску»), у Томсіне («кс. Рапчынскі прамовіў усе навукі па-беларуску, а кс. Шыманоўскі навуку пра сакраманты на той жа мове»), у Халапенічах і Мікалаеве («пасля першай імшы, голасна навукі па-беларуску»), у Таболках («усе навукі мы казалі па-беларуску»). Казанні па-польску рабіліся толькі перад вышэйшымі слаямі грамадства, а для люду «простага» касцельныя навукі казаліся па-беларуску.
Езуіты, якія перад скасаваннем ордэна, жылі ў Альбрыхтове, працавалі ў Расосне над рэлігійнай асветай беларускага люду, прычым, каб народ добра запомніў асновы каталіцкай веры, выкарыстоўвалі такую методыку: «Пасля ружанца … размаўляем з людзьмі па-беларуску, і такім чынам усе тут ведаюць на памяць катэхізіс і добра ведаюць праўды веры». Гэта быў па-сапраўднаму выніковы спосаб.
Нешта падобнае адбывалася ва Ушачах у базыльянаў, дзе пасля таго, як была выканана праграма юбілейнага дня, г. зн. пасля таго як былі расказаны адпаведныя навукі, «рэшту, да восьмай гадзіны, запоўнілі беларускім катэхізісам, які для народа чыталі ў царкве два хлопцы».
У вышэйпералічаных мясцовасцях, асабліва ў Томсіне і Таболках беларускай мовай карысталіся падчас драматычнага абыходу «Даліны Язафата» [2], якім дамініканы звычайна заканчвалі сваю місійную працу.
A. S. (псеўданім кс. Уладзіслава Талочкі.)
Kazania białoruskie na Litwie i Białorusi w r. 1826 // Pregląd Wileński. 1926. № 11. S. 4-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Гл: ks. dr Cz. Falkowski, O jubileuszu na Litwie i Rusi w 1826 roku, Kwartalnik Teologiczny Wileński, 1925, R. 3, zeszyt 1, s. 178. - Л. Л.
[2] Гэта даліна згадваецца ў Старым Запавеце, звычайна атаясамліваецца з Кядронскай далінай якая абмяжоўвае Стары горад Ерусалім з усходу і аддзяляе Храмавую гару ад Аліўнай. - Л. Л.