Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Талочка Уладзіслаў. Адкуль узяліся беларусы-католікі 


Аўтар: Талочка Уладзіслаў,
Дадана: 13-12-2019,
Крыніца: Талочка Ул. Адкуль узяліся беларусы-католікі? // НАША СЛОВА № 50 (1461), 11 снежня 2019.



У апошні час, у дыскусіях у сейме, прэсе і нават на мітынгах паўстае пытанне аб існаванні ў нас беларусаў-католікаў ці лаціннікаў. Часта чутны галасы, якія цалкам адмаўляюць факт прыняцця ў свой час русінамі лацінскага абраду. Гісторыя пра гэта маўчыць - часцей за ўсё яны гэтак кажуць, і таму ім прыходзіцца ўжываць дэдукцыю - калі гісторыя нічога не кажа аб лацінскім хрышчэнні беларусаў, дык сучасныя беларусы-католікі - гэта толькі русіфікаваныя палякі ці летувісы. Але за такімі падыходамі стаіць моцнае палітычнае жаданне перарабіць беларусаў-католікаў у палякаў. Нават існаванне праваслаўных беларусаў і сама назва Беларусь вельмі невыгодная для гэтай палітычнай плыні, і яна гатова падараваць дзесяць мільёнаў беларусаў імпералістычнай Расіі. Такім шляхам ідзе польская эндэцыя, бо жадае цалкам «вырашыць» «красовыя» праблемы.

Пачаткі хрысціянства на Беларусі адносяцца да X ст. калі ў Полацку бачым манастыр, пабудаваны для жонкі князя Уладзіміра Рагнеды (у законе - Анастасіі), і акрамя манастыра яшчэ і царкву. Беларусь, калі прыняла хрысціянства, знаходзілася на вялікім гандлёвым шляху з «вараг у грэкі». Відочна, што тут панаваў усходні абрад, што ў той час ніколькі не перашкаджала ўсёй хрысціянкай супольнасці знаходзіцца пад уладай рымскага папы. Нават пасля фатальнага ў гісторыі хрысціянства 1054 г, яшчэ працяглы час усходнія славяне заставаліся ў злучэнні з Рымам, прымалі заходнія святы, прымалі легатаў, вялі перапіску і г. д. Такім было царкоўнае жыццё на Беларусі ў часы, калі яна выйшла з палітычнага небыцця.

Аднак адказ на пытанне, пастаўленае ў загалоўку артыкула, будзем шукаць у пазнейшыя часы.

У кнізе кс. Курэчэўскага «Kościół Zamkowy» (ІІ, с. 9-11.) цалкам надрукаваны выдадзены ў Вільні ў пятніцу пасля папяльцовай нядзелі 1387 г. «Універсал Ягайлы аб хрышчэнні русінаў і надання свабоды каталіцкаму касцёлу». У гэтым дакуменце заснавальнік дынастыі Ягелонаў кажа, што ён прагне яднання ў веры на землях як Літвы, гэтак і Русі […]. Пад пагрозай цялесных кар дакумент патрабаваў, каб у змешаным шлюбе некаталіцкі бок перайшоў у лона касцёла. Не трэба нават і тлумачыць, што пасля гэтага дакумента шматлікія русіны, каб атрымаць ласку Вялікага князя, прымалі каталіцтва. Гэтак выглядалі пачаткі беларусаў-католікаў лацінскага абраду.

Пададзены ў той жа кнізе кс. Курчэўскага (ІІ, С. 23.) «Універсал Вітаўта ў справе хрышчэння ліцвінаў» (праўдападобна, ад 1392 г.) трошкі мадыфікуе працэдуру навяртання русінаў, бо кажа: «… які русін будзе жадаць па сваёй волі хрысціцца, няхай хрысціцца, а які не жадае, хай застаецца ў сваёй веры». У параўнанні з дакументаў Ягайлы гэты ўніверсал з'явіўся пазней. Але фактам ёсць тое, што русіны пераходзілі ў лона каталіцкага касцёла і прымалі лацінскае хрышчэнне. Іх хрышчэнне ва ўсходнім абрадзе прызнавалася, але яго трэба было абнавіць, у гэтым можна ўбачыць дрэннае стаўленне лаціннікаў да ўсяго, што адносілася да ўсходняга абраду.

Але не толькі ў XIV і XV стст., але і ў XVI ст. справа хрышчэння русінаў у нашым краі была актуальнай. Гэтак, у 1501 г. папа Аляксандр VI асобай булай (гл. там жа, С. 33, 35.), накіраванай да віленскага біскупа, указвае спосаб хрышчэння русінаў. Ён прызнае ўсходняе хрышчэнне і цалкам забараняе другое хрышчэнне тых, хто вярнуўся да царкоўнай еднасці, і выказвае сваю вялікую радасць ад гэтага вяртання.

Шмат важнага матэрыялу для нашага артыкула знаходзім у зборніку «Polska i Litwa w dziejowym stosunku», выдадзеным у 1914 г. У зборніку прафесар др. Уладзіслаў Абрахам у артыкуле «Polska i chrest Litwy» кажа, што ўжо ў часы Гедыміна нямала католікаў у нас ужывала беларускую мову, і гэты князь летам 1323 г. прасіў нямецкіх францішканаў з саскай правінцыі закона, прыслаць чатырох святароў у Вільню і Наваградак для працы ў кляштарных касцёлах, святары павінны «ўмець і па-руску, гэтак жа, як і тыя, якія раней былі» (С. 19.)

Яшчэ больш пра беларусаў-католікаў даведваемся з артыкула кс. др. Яна Фіялка «Kościół Rzymo-katolicki na Litwie». Пра Ягайлу гэты гісторык кажа (С. 42.): «… шмат схізматыкаў у сваёй вялікай літоўска-рускай дзяржаве ён прывёў да праўдзівага, якое і сам вызнаваў, хрысціянства, г. з. да рыма-каталіцкага абраду». Вядомы навуковец Ян Астрарог сярод заслуг караля Уладзіслава Ягайлы адзначае, што ён «у рускіх землях усе забабоны зняў» (С. 45.) Каля паловы тагачаснага ВКЛ была заселена беларусамі, якія размаўлялі на сваёй мове. Таму прапаведнікі Ягайлы навучалі ліцвінаў праўдам веры на іх мове … (С. 51-52.) Сам Ягайла, ахрышчаны разам з шматлікімі літоўска-рускімі баярамі і князямі, быў навучаны веры на мове беларускай (С. 55.) У той час беларусаў-лаціннікаў мы сустракаем у Кракаве, дзе яны жывуць у бурсе каралевы Ядвігі пры Ягелонскім універсітэце і вывучаюць тут тэалогію і іншыя навукі. Кс. Фіялак знайшоў у архівах іх прозвішчы, гэта, напрыклад Сенька Гарынскі, Міхал Місееў з Пінска, Пётр з Менска, Францішак з Полацка і іншыя (С. 159.) Нічога дзіўнага, што Заходняя Еўропа чытала пра беларусаў у гісторыка Энея Сільвія (Eneasz Sylwiusz) і ведала пра іх а потым, калі ён стаў папам Піем II (С. 193.) дык пісаў, што Ягайла «прывёў да нашай рымскай рэлігіі і веры розныя языкі і народы, а галоўнае народ літоўскі і русінскі, першы, наогул, цалкам, а з другога дастаткова значную частку, якая жыла сярод ліцвінаў ці ў блізкім з імі суседстве, далёка ад епіскапстваў і ўсходне-грэцкіх дыяцэзій …» (С. 49.)

Беларусы ў XVI ст. нават далі Віленскай дыяцэзіі свайго біскупа Валер'яна Пратасевіча, «Пратасевіч Шышкоўскі, родам русін, герба Дрэвіца, з Крайска Менскага» (С. 229. Заўвага). Тыя часы характарызуе той факт, што кароль Жыгімонт Аўгуст «яшчэ перапісваўся з віленскай капітулай па-руску» (С. 243.)

Вось кароткі адказ на пытанне, адкуль узяліся ў нас беларусы-католікі. І зараз беларусаў католікаў каля 3 мільёнаў.

Erka (Ул. Талочка).

Skąd się wzięli Białorusini-katolicy? // Pregląd Wileński. 1922, № 11-12. S. 6-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX