Епіскап Адрыян Галаўня нарадзіўся 09.04.1750 г. і памёр 01.02.1831 г. Ён быў сведкам падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі, руска-французскай вайны 1812 г., судовага працэсу над філаматамі і паўстання 1831 г. Як епіскап, ён з'яўляўся сведкам падзення і аднаўлення ордэна езуітаў, пераследу ўніятаў пры Кацярыне ІІ, новага падзелу ўніяцкіх епархій, ліквідацыі папскага алюміната, пераследу ордэна базыльянаў і мэтанакіраванай дзейнасці Сямашкі па ліквідацыі сваёй царквы. Епіскап браў чынны ўдзел у культурным жыцці грамадства свайго часу, меў дачыненне да дзейнасці Адукацыйнай камісіі і рэарганізацыі Віленскага ўніверсітэта.
Епіскап паходзіў са старажытнага слонімскага баярскага, а потым шляхецкага рода і меў герб уласнага імя (на чырвоным фоне срэбная літара «Т»). Адна з галін роду асела на Віцебшчыне і прыдбала прыдомак Пышніцкіх ад радавога маёнтка Пышнікі ў Суражскім павеце. Антоні Галаўня (Антоні - імя пры хрышчэнні) атрымаў першапачатковую хатнюю адукацыю. Ва ўзросце 10 гадоў быў адданы ў Віцебскую езуіцкую школу, дзе на працягу пяці гадоў вучыў лаціну, арыфметыку, геаграфію, паэзію і красамоўства. Пасля сканчэння школы ён 11.06.1766 г. уступіў у ордэн базыльянаў і пасля адбыцця навіцыніяту ў Беразвецкім манастыры, у 17.06.1767 г. прыняў манаскі абет і імя Адрыян. Пасля гэтага для маладога манаха пачаўся перыяд навучання і педагагічнай працы. З 1767 па 1772 гг. ён вывучаў паэзію і красамоўства ў Антопальскім манастыры, а потым філасофію ў Віцебску і Полацку. Пасля заканчэння студыяў адзін год працаваў выкладчыкам лаціны ў Барунскай школе. Пасля Барунаў вывучаў тэалогію ў Віленскім папскім алюмінаце і атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў Віленскім універсітэце.
Думаю, трэба трошкі расказаць пра Віленскі папскі алюмінат. Гэта навучальная ўстанова (Папскі алюмінат, ці Папская семінарыя) ў Вільні на Біскупскай вуліцы мела свой дом № 442 і на Лукішках двор з гародам. Заснаваная рымскім папам Рыгорам XIII у 1582 г. семінарыя да 1753 г. займалася адукацыяй клірыкаў рыма- і грэка-католікаў. У 1753 г. папа Бенядзікт IV дазволіў замест рыма-католікаў набіраць уніятаў: мітрапаліту кіеўскаму - 6 вучняў, епіскапу холмскаму і бельскаму - 2, епіскапу ўладзімірскаму і берасцейскаму - 2, архіепіскапу полацкаму - 2 і архіепіскапу смаленскаму - 2. У такім выглядзе семінарыя існавала да 1773 г. У 1773 г., пасля скасавання езуітаў, папа Клімент XIV перадаў семінарыю базыльянам. З-за адсутнасці смаленскага архіепіскапства полацкаму архіепіскапу дазволілі пасылаць у алюмінат 4 клірыкаў. Такім чынам у алюмінаце налічвалася 18 вучняў, 1 рэктар і 3 прафесары, разам - 22 чалавекі. Узровень адукацыі ўзняўся, і выпускнікоў алюміната перасталі пасылаць давучвацца ў Віленскую акадэмію - усе неабходныя навукі выкладаліся ў самой семінарыі.
Папа Пій VI павялічыў колькасць вучняў семінарыі на 3 чалавекі і для кампенсацыі выдаткаў на навучанне дадатковых клірыкаў праз свайго нунцыя паклаў у Варшаўскі банк Тэпера капітал у 60 000 злотых. Частка працэнтаў з гэтай сумы ў памеры 2 100 злотых штогод ішла на ўтрыманне трох вучняў. У 1793 г. з-за агульнага стану ў Рэчы Паспалітай банк Тэпера збанкрутаваў, і семінарыя страціла гэтыя даходы.
Аднак галоўнай крыніцай утрымання алюміната была штогадовая сума якую ён атрымліваў з Рыма ў памеры 13 800 злотых. У канцы XVIII ст. гэтыя грошы з-за цяжкасці пераводу вэксаляў, сталі паступаць нерэгулярна і алюмінат мог з цяжкасцю ўтрымліваць толькі 12 вучняў.
У алюмінаце існаваў наступны звычай. Кандыдаты, якіх прысылаў епіскап, павінны былі мець узрост не менш за 16 гадоў, быць нежанатымі, дасканала ведаць латынь, добра сябе паводзіць. Прынятыя на вучобу першыя 2 гады вучылі філасофію і тэалогію, а ў наступныя 4 гады засвойвалі дагматычную і маральную тэалогію, кананічнае права і царкоўную гісторыю. Усе 6 гадоў вучні практыкаваліся ў рыторыцы і вучылі асновы матэматыкі.
Навучэнцы алюміната штогод здавалі экзамены ўсім прафесарам. Пры заканчэнні 6-цігадовага курсу выпускнікі здавалі экзамены па тэалогіі. Экзаменатары прадстаўлялі рэктару свае меркаванні пра кожнага вучня, і той дасылаў у епархію выпускніка сваё меркаванне пра здольнасці вучня алюміната.
У канцы XVIII ст., калі наш край патрапіў ў Расійскую імперыю, сродкі, якія дасылаліся Рымам, паменшыліся да такой ступені, што трэба было ці зачыняць алюмінат, ці ствараць новую вучэльню на новай матэрыяльнай базе. Рэктар семінарыі Пасхазі Ляшчынскі прапанаваў на базе папскай стварыць епархіяльную семінарыю з такой колькасцю вучняў, на якую знойдуцца грошы. Для эканоміі ён жадаў перанесці алюмінат у Жыровічы - мястэчка, дзе жыццё значна таннейшае за віленскае і ёсць неабходныя памяшканні. Пры гэтым рэктар прапаноўваў знізіць патрабаванні да паступаючых на вучобу і не патрабаваць добрага ведання латыні, а галоўнае, каб вучні мелі здольнасці да навук. Аднак семінарыя ў Жыровічах адчыніцца толькі ў 1828 г. па загаду Іосіфа Сямашкі і галоўнай яе мэтай стане - рыхтаваць кадры для скасавання уніі.
З-за недахопу грошай Віленскі алюмінат перастаў існаваць у ліпені 1798 г.
Будучы епіскап Андрыян Галаўня ў Віленскім папскім алюмінаце «ўдасканальваўся ў навуках» з 1773 па 1776 г. З 1776 па 1778 гг. Галаўня працаваў прафесарам у базыльянскіх гімназіях у Беразвеччы, Жыровічах і Віцебску. У 1788 г. стаў епархіяльным сакратаром і спавядальнікам мітрапаліта Растоцкага. У 1792 г. дэкрэтам караля Станіслава Аўгуста быў прызначаны каад'ютарам Браслаўскай архімандрыі, а ў 1793 г. атрымаў пасаду браслаўскага архімандрыта. У 1809 г. стаў дапаможным епіскапам Літоўска-віленскай мітраполіі.
1809 г. стаў вельмі істотным для спраў грэка-каталіцкай царквы - была адноўлена Віленская мітраполія. Справа ў тым, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Кіеўская мітраполія, якая дэ-факта была Віленскай, перастала існаваць. Мітрапаліт Растоцкі (памёр у 1805 г.) быў апошнім кіеўскім мітрапалітам. Узнаўленне Віленскай мітраполіі і смерць мітрапаліта Лісоўскага высунула Галаўню на ролю фактычнага кіраўніка Віленскай епархіі, бо сам мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы павінен быў жыць у Пецярбургу.
Літоўская мітрапалічая епархія месцілася на тэрыторыі Віленскай, Курляндскай і часткі Мінскай губерняў (з Мінскай - Дзісненскі, Вілейскі, Барысаўскі, Мінскі, Ігуменскі і Бабруйскі паветы). Разам епархія налічвала 300 уніяцкіх цэркваў, але была вельмі небагатай. Епіскап не меў нават сваёй кафедры, бо ў выніку абстрэлу Вільні рускімі войскамі ў 1794 г. была зруйнавана мітрапалічая царква Прачыстай Багародзіцы, зруйнаваныя муры царквы ў 1808 г. прададзены ўніверсітэту. Зруйнаваны быў таксама палац мітрапаліта, які знаходзіўся недалёка ад царквы Прачыстай Багародзіцы. Епіскап Андрыян Галаўня жыў ў Базыльянскім манастыры, тут жа знаходзілася і кансісторыя. У якасці кафедральнай выкарыстоўвалася царква Св. Тройцы.
08.01.1811 г. Адрыян Галаўня мітрапалітам Кахановічам і лацінскім біскупам Адынцом быў кансэкраваны на аршанскага епіскапа. Епіскап Галаўня, добра разумеючы, што бызыльянскі ордэн неабходны для існавання ўніяцкай царквы, усімі магчымымі сродкамі бараніў яго. Разам з мітрапалітам Булгакам ён у 1819 г. дабіўся адмены ўведзенай у 1810 г. забароны рыма-католікам уступаць у ордэн, але ўжо ў 1822 г. забарона ўладамі была адноўлена.
У 1812 г. епіскап Галаўня дзейна выступіў за адраджэнне ВКЛ. Ва ўрадзе ВКЛ, адноўленым Напалеонам ён працаваў у Камітэце Адукацыі і Духоўных спраў. Тым цікавей было тое, што ў сувязі з перамогай над французамі, епіскап быў узнагароджаны рускім ордэнам Св. Уладзіміра. Але вайна паменшыла даходы Галаўні ад фундушовых сум, размешчаных у Браслаўскім манастыры, бо на яго палях дзевяць дзён стаялі войскі маршала Нея, разарыўшы такім чынам манастырскую гаспадарку.
Другая частка жыцця епіскапа Галаўні прыйшлася на часы, калі Сямашка пачаў выконваць узгоднены з уладамі план ліквідацыі царквы. Згодна з планам Сямашкі, складзеным у 1827 г. і ўхваленым царом Мікалаем І, пачыналася паступовая ліквідацыя грэка-каталіцкай царквы. Царскі ўказ ад 22 красавіка 1828 г. ліквідаваў дзве з чатырох уніяцкія епархіі, рэарганізоўваў капітулы, падпарадкаваў базыльянскі ордэн уладзе епіскапа, забараніў уніятам вучыцца ў Віленскай Галоўнай Семінарыі пры ўніверсітэце. З Берасцейскай, Полацкай, Віленскай і Луцкай епархій засталіся толькі Берасцейская і Полацкая. Епіскап Галаўня, хоць і быў у той час ужо старым чалавекам, як мог супрацьстаяў планам «ліквідатараў» царквы. Таму быў адпраўлены ў адпачынак і з гэтага моманту жыў у віленскіх базыльянаў, назіраючы апошнія тры гады свайго жыцця за дзейнасцю адступнікаў.
Пра епіскапа Галаўню Сямашка адзываўся з максімальнай непрыязнасцю і злосцю, што само па сабе можа разглядацца як камплімент. Сямашка пісаў, што епіскап меў слабы характар і не цікавіў яго як праціўнік. Сэнс словаў «слабы характар» раскрывае адмірал Аляксандр Шышкоў, міністр асветы, які ў мемарыяле ад 17.01.1828 г., напісаным для цара, гэтак адазваўся пра епіскапа Галаўню: «Мітрапаліт не мае на так званую мітрапалічую епархію непасрэднага ўплыву. Епархія знаходзіцца пад кіраўніцтвам суфрагана Галаўні … . Гэты епіскап-вікарый не стаў на ўзровень свайго чыну і лічыцца за аднаго з самых "неаблагонадежных" з уніяцкіх епіскапаў». Такім чынам, епіскап меў «слабы характар», бо дзеля кар'еры Сямашкі не жадаў смерці сваёй царквы.
1 лютага 1831 г. сівы епіскап ціха памёр. Асабістыя рэчы і 3 000 рублёў серабром, згодна з тастаментам, напісаным яшчэ ў 1814 г., перайшлі сынам яго брата Іосіфа, былога падкаморага, уладальнікам маёнтка Пышнікі.
Магіла епіскапа знаходзілася ў падзямеллі капліцы на Бернардынскіх могілках. На магіле мелася памятная пліта з гербам яго шляхецкага роду і надпісам: «Тут знаходзяцца парэшткі Дабраславёнай Памяці Епіскапа Грэка-ўніяцкага, Архімандрыта Браслаўскага, па хрышчэнні Антонія, а ў ордэне АДРЫЯНА ПЫШНІЦКАГА ГАЛАЎНІ. Мужа вядомага сваёй пабожнасцю …».
З часам магіла епіскапа прыйшла ў запусценне, але ў першай палове XX ст. яе знайшоў і ўратаваў знаны аматар нашай гісторыі, інжынер, палітык-краёвец (у 1915 г. нават быў прадстаўніком ад беларусаў у Грамадзянскім камітэце Вільні) Аляксандр Заштаўт. Ён занатаваў: «... удалося нам адшукаць на па-бернардынскіх могілках магільную пліту ўніяцкага епіскапа Андрыяна Галаўні, постаці ў дзеях сваёй царквы незабыўнай, ён быў епіскапам ... з 1809 па 1828 гг. Гэта пліта была нядаўна знойдзена ў катакомбе пад могілкавай капліцай. Яна была апраўленая ў драўляную раму але час і вільгаць знішчылі дрэва - пліта ўпала і была прыгавораная да забыцця ...». Магільная пліта патрапіла ў музей Віленскага таварыства аматараў навук і ў 1939 г. яшчэ знаходзілася ў музейных зборах. Да сярэдзіны XX ст. згадванне магілы ўніяцкага епіскапа знікла з віленскіх турыстычных даведнікаў пры тым, што на пачатку стагоддзя інфармацыя пра яе яшчэ падавалася. Тым карысней ўспомніць аднаго з нашых апошніх грэка-каталіцкіх епіскапаў XIX ст.
Немагчыма не адзначыць, што маці Францішка Багушэвіча - Канстанцыя, з'яўлялася роднай пляменніцай епіскапа Адрыяна Галаўні. Таму заснавальнік сучаснай беларускай літаратуры і пісаў у вершы «Свая зямля»: «Былі уніяты калісьці дзяды». Тут можна было б ўспомніць знакамітую фразу Воланда з рамана Міхаіла Булгакава: «Мудрагеліста тасуецца калода... », але гэта сваяцтва - толькі маленькая кропелька ў моры непарыўнай еднасці грэка-каталіцкай царквы і беларускай культуры.