Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Надзеі і расчараванні протаіерэя Антона Сасноўскага 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-02-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Надзеі і расчараванні протаіерэя Антона Сасноўскага // Наша Слова. № 51 (1514), 23 снежня 2020 г.; № 52 (1515), 30 снежня 2020.



Вядомы грэка-каталіцкі святар Антон Юр'евіч Сасноўскі (18.01.1775-03.03.1852) паходзіў са старажытнай беларускай шляхты. Сасноўскі займаў пасады члена супрасльскага капітула, драгічынскага протапрасвітара, берасцейскага каноніка, дэпутата драгічынскага павятовага суда, віца-старшыні Берасцейскай кансісторыі, афіцыяла Віленскай мітрапалічай кафедры і старшыні Віленскай грэка-каталіцкай кансісторыі. Аднак нечакана для многіх, у 1828 г. ён зышоў з высокай пасады, а ў 1834 г. страціў месца Драгічынскага дэкана. За некалькі месяцаў да скасавання уніі, у жніўні 1838 г., Сасноўскі быў абвінавачаны ў непадпарадкаванні свайму дэкану, пазбаўлены пасады параха парафіі і як нядобранадзейны і свавольны, у лістападзе 1838 г., прыгавораны да высылкі ў Кастраму. Святар меў тады 64 г. Аднак праз нейкі час, ужо пасля скасавання уніі, маючы вялікую сям'ю і слабое здароўе, падпісаў паперу аб далучэнні да праваслаўя і нават атрымаў бронзавы медаль за скасаванне уніі.

Антон Юр'евіч Сасноўскі ў свой час у нашым краі быў добра вядомым чалавекам, сёння ён практычна забыты, і гісторыкі лепш памятаюць ягонага сына, прафесара Віленскага ўніверсітэта Платона Сасноўскага.

Паспрабую аднавіць памяць пра гэтага неардынарнага чалавека.


Мястэчка Кляшчэлі (зараз мястэчка ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы), у якім пачаў і закончыў сваё 78-мі гадовае жыццё Антон Сасноўскі, узнікла на пачатку XVI ст. Прыкладна тады ж з'явіўся і храм св. Мікалая Мірлікій-скага. Згодна з паданнем першымі жыхарамі мястэчка былі панцырныя баяры. У 1523 г. Кляшчэлі атрымалі Холмскае права і пачалі кіравацца бурмістрамі і радцамі. Па люстрацыі 1576 г. у мястэчку мелася 385 дымоў і болей за 60 вінных, піўных і мядовых корчмаў, жыхары валодалі добрымі зямельнымі надзеламі, а царква добрым фундушом. У 1544 г. тут быў пабудаваны касцёл св. Станіслава. Па люстрацыі 1660 г. у мястэчку мелася толькі 13 дымоў. Праз стагоддзе, у 1765 г. у колькасць насельніцтва павялічылася, і Кляшчэлі мелі ўжо 152 дымы.

З XVIІ ст. пры грэка-каталіцкай царкве існавала парафіяльная школа і, дзякуючы гэтай установе, амаль што ўсе вернікі мястэчка былі пісьменныя. Адукацыю яны атрымлівалі не на польскай, а на стараславянскай (старабеларускай) мове. Акрамя прыходскай школы ў Кляшчэлях меліся пачатковыя школы ў вёсках Дашы, Чаромсе, Кузаве, Сухавольцах. У 1822 г. у прыходскай школе вучыліся 70 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, выкладаў дзяк Пётр Саласцюкевіч, яму за гэта плацілі 3 р. 58 к. у месяц. Дзеці з 7 да 12 гадоў вучыліся тут пісьму і чытанню на стараславянскай (старабеларускай), польскай і рускай мовах, арыфметыцы і гародніцтву, а некаторыя яшчэ і царкоўным спевам. За два стагоддзі парафіяльную школу ў Кляшчэлях закончыла вялікая колькасць будучых грэка-каталіцкіх святароў. З ліку вучняў школы 5 чалавек рыхтаваліся ў настаўнікі для вясковых школ. У чатырох вясковых школах грэка-каталіцкай парафіі навучалася 78 хлопчыкаў і 30 дзяўчынак чытанню на тых жа трох мовах, а таксама пачаткам пісьма і арыфметыцы.

Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай і потым, пры прускім кіраванні, насельніцтва Кляшчэляў складалася з 2000 грэка-католікаў, 170 рыма-католікаў і 100 яўрэяў. Па Тыльзіцкім міры, у 1807 г. Беластоцкая вобласць адышла да Расіі. Старажытная Супрасльская епархія была далучана да Берасцейскай. Трэба заўважыць, што Супрасльская епархія ад прускага ўрада атрымала адмысловыя правы, якія па ўмовам Тыльзіцкага міру пацвердзіў расійскі імператар.

Першая інфармацыя пра царкоўныя зямельныя надзелы мелася яшчэ ў люстрацыі землямера Дзевальтоўскага ў 1560 г. Кляшчэльская царква пры канцы XVII ст. валодала дзвюма валокамі зямлі і ўрочышчам Пухава, якое межавала з зямлёй Паўла Кунаховіча, акрамя таго меўся яшчэ гарод на Бельскай вуліцы. У Кляшчэлях пры царкве быў добры сад з выбранымі гатункамі дрэў і вуллі. Сад даглядаў садоўнік, а пчалярствам, звычайна, займаліся самі святары.

Св. Мікалаеўская царква ў 1819 г. мела ўжо 2125 вернікаў. Акрамя параха тут служыў вікарый Сцяпан Бядрыцкі, а таксама дзяк, псаломшчык, панамар, званар. У царкоўным шпіталі дажывалі старыя адзінокія парафіяне. Вернікі царквы стварылі ажно 9 брацтваў - 5 мужчынскіх і 4 жаночыя.

Па фундушовых запісах XVI ст. святар Кляшчэльскай царквы быў павінен:

- служыць у царкве па нядзелях і святах;

- узмацняць парафіян у веры, вучыць іх малітвам;

- выконваць абрады;

- весці царкоўныя кнігі;

- утрымліваць парафіяльную школу.

У 1826 г. да царквы св. Мікалая была далучана іншая Кляшчэльская царква св. Георгія.

Кляшчэльскі прыход пераходзіў ад абацькі да сына Сасноўскіх ў трох пакаленнях. Дзед Антона Сасноўскага Ян быў прызначаны парахам царквы св. Мікалая 15 верасня 1747 г., яго адзіны сын Георгій стаў парахам 3 лістапада 1772 г. Сын Георгія Антон нарадзіўся Протаіерэй Антон Сасноўскі. Партрэт намаляваны ў 1826 г. трэцім сынам протаіерэя Панкратам - таленавітым мастаком, які вывучаў жывапіс у Віленскім універсітэце. Сасноўкі намаляваны ў адзенні ўніяцкага грэка-каталіцкага каноніка з двума крыжамі на шыі. 18 студзеня 1775 г. Сваю адукацыю пачаў ў Кляшчэльскай царкоўнай школе а потым закончыў 3 класы Бельскага публічнага вучылішча. Вывучаў там лацінскую мову, матэматыку, красамоўства, права, гісторыю. Пасля заканчэння вучылішча нейкі час дапамагаў свайму бацьку а. Георгію - выкладаў у парафіяльнай школе. З дазволу Берасцейскага епіскапа Арсенія ўзяў шлюб з Юльянай Дыбоўскай і праз 5 гадоў, 20 траўня 1799 г., здаўшы экзамен ў адмысловай камісіі пры Супрасльскім манастыры (28 кастрычніка 1798 г.) высвечаны ў святары. У 1804 г. стаў парахам Мікалаеўскай царквы і Драгічынскім дэканам. Пасля пераходу Беласточчыны ў склад Расіі, Сасноўскі 19 лютага 1810 г. быў паўторна зацверджаны на сваёй пасадзе епіскапам Булгакам і ўжо 21 лютага атрымаў сан каноніка Берасцейскага капітула, а 26 кастрычніка прызначаны экзаменатарам для святароў Бельскага дэканата. У 1817 г. атрымаў пасаду дэпутата Драгічынскага павятовага суда, у 1819 г. вытрымаў экзамен на багаслоўскім факультэце Віленскага ўніверсітэта на званне "экзаменаванага багаслова".

Прывяду вялікую цытату доктара тэалогіі, святара і пісьменніка Плацыда Янкоўскага, у якой ён характарызуе Сасноўскага як гісторыка і даследчыка: "Протаіерэй Сасноўскі, афіцыял самастойнай тады яшчэ Віленскай уніяцкай епархіі, хоць і быў, - як у нас прынята з некаторым грэбаваннем казаць, - самавукам, але ж належаў да самавукаў вельмі і вельмі славутых. Маючы ад прыроды добрыя здольнасці і незвычайную дапытлівасць, ён нястомнай працай удасканаліў сваю адукацыю амаль да строгага навуковага ўзроўню, захаваўшы пры тым за сабою вельмі карысны ... і нічым не заменны руцінны спрыт. Валодаючы шырокімі ведамі, асабліва па мясцовай царкоўнай гісторыі, ён да такой ступені цікавіўся старадаўнімі кнігамі, рукапісамі і наогул славянскімі старажытнасцямі, што пры першай пэўнай інфармацыі пра існаванне дзе-небудзь у краіне такога помніка, не супакойваўся, пакуль не атрымліваў яго для вывучэння ці не вывучаў яго на месцы. З гэтай адзінай мэтай ён нярэдка рабіў даволі далёкія паездкі, зусім не лёгкія для шматдзетнага і небагатага святара. Амаль усе кнігі і рукапісы, якія такім чынам пабывалі ў руках дапытлівага протаіерэя, носяць сляды ягонага вывучэння - на палях кніг, з якіх ён рабіў выпісы, пакідаў ... розныя беглыя адзнакі, а ў канцы рукапісаў пазначаў (абавязкова на латыні) сапраўдную ці меркаваную эпоху іх старажытнасці, месца паходжання і сёе-тое наконт асобы пісьменніка".


Антон Сасноўскі меў вялікую сям'ю - шэсць сыноў (Платона, Юстына, Панкрата, Арыстарха, Канстанціна і Антона) і дзвюх дачок, з якіх да паўналецця дажыла толькі Вераніка. Сын Платон у 1819 г. ужо вучыўся на трэцім курсе Галоўнай духоўнай семінарыі ў Вільні. Быў чалавекам бліскучага інтэлекту, дасягнуў вучонай ступені доктара багаслоўя і ў 1823 г. заняў кафедру прафесара пастырскага і маральнага багаслоўя Віленскага ўніверсітэта.

Публічная дзейнасць каноніка Сасноўскага ў Берасцейскай капітуле пачынаецца ў 1819 г. У тай час узмацніліся супярэчнасці паміж белым духавенствам і манахамі базыльянскага ордэна. Тады сярод часткі белага духавенства склалася меркаванне, што ва ўсіх бедах нашай царквы вінаваты базыльянскі ордэн - ён захапіў старыя фундушы і занядбаў адукацыю, псуе ўсходнія абрады і г.д. Сасноўскі прадставіў у капітулу ліст, у якім абапіраючыся на дакументы (ажно з XVI ст.) выклаў факты пераходу маёмасці - фундушоў і капіталаў ад цэркваў да манастыроў. Грунтуючыся на гэтай інфармацыі, капітул ў 1822 г. накіраваў пратэст міністру духоўных спраў і народнай адукацыі. Такім чынам, у значнай ступені праз Антона Сасноўскага выйшла на паверхню спрэчка, якая мела самыя згубная наступствы для лёсу грэка-каталіцкай царквы - праз нейкі час гэтую праблему выкарысталі ўлады і авантурысты ўнутры царквы для скасавання уніі. Сасноўскі, як і іншыя святары, лічыў, што ў сваёй барацьбе з ордэнам базыльянаў можна абаперціся на царскі ўрад, але ён не ведаў і не мог ведаць, што звяртаецца не да лекара, які дапаможа, а да ката, які ўжо амаль што вырашыў забіць яго царкву і выкарыстоўвае святара ў сваіх мэтах. Разуменне гэтага прыйдзе потым.

Прыкладна тады ж сябар Антона Сасноўскага прафесар Міхал Баброўскі быў у навуковай камандзіроўцы ў Еўропе. Прафесар пісаў, што ўкраінскія грэка-каталікі ў Аўстра-Венгерскай імперыі, дзякуючы падобнай рэформе, знаходзяцца ў значна лепшым стане, чым іх адзінаверцы ў Расійскай Імперыі: служаць па ўсходнім абрадзе, маюць шмат семінарый, святары атрымліваюць добрыя грашовыя даходы, маюцца грошы для дапамогі бедным парафіям. Але прафесар не ўлічваў, што ў "аўстрыйскай Галіцыі" ўрадам Аўстра-Венгерскай імперыі праводзілася палітыка падтрымкі этнічнай самабытнасці ўкраінцаў разам з падтрымкай іх духоўнага апірышча - уніяцкай царквы.

Прывяду некалькі меркаванняў пра праблемы ў адносінах белага і чорнага духавенства. Яшчэ Юзаф Бялінскі пісаў, што "здаўна на Літве ішла ціхая барацьба паміж базыльянамі, ці польскай партыяй, і свецкім уніяцкім духавенствам, прыхільнікамі расійскай партыі, якіх звалі нацыяналістамі. Пакуль князь Галіцын быў міністрам, базыльяне не мелі праблем, калі ж яго змяніў адмірал Шышкоў, пасыпаліся даносы ў Пецярбург, што базыльяне закінулі грэцкі абрад і ўвялі шмат змен неадпаведных іх веры ...".

Беларускі святар Уладзіслаў Талочка лічыў, што барацьба паміж белым і чорным духавенствам пачалася "ў выніку раскладу сілаў, які пакінула на Беларусі XVIII стагоддзе і не без уплыву клічаў Вялікай Французскай Рэвалюцыі".

Заўважу, што неабходна дэталёвае вывучэнне гэтага вузла нашай гісторыі на сучасным узроўні, бо па гэтай праблеме сучасных напрацовак мала і, у асноўным, маецца толькі прапагандысцкая антыўнійная літаратура XIX ст.


Вернемся да тэмы. 26 лютага Берасцейскі капітул пад старшынствам Гаўрыла Янкоўскага абмеркаваў запіску Сасноўскага, прыняў пратэст супраць дрэннага стану спраў у Берэсцейскай і Віленскай епархіі і запрасіў дапамогу ад урада. На першы раз міністр князь Галіцын абмежаваўся паўмерамі: у маі 1819 г. ён прапанаваў мітрапаліту задаволіць патрабаванні Брэсцкага капітула і палепшыць умовы белага духавенства. Мітрапаліт Булгак вырашыў, што патрабаванні белага духавенства празмерныя, але на цэлы год з'ехаў у свае Віленскую і Брэсцкую епархіі для вывучэння пытання.

1 кастрычніка 1820 г. Сасноўскі піша другую скаргу, адказ на яе атрымлівае толькі праз два гады. Але за гэтыя два гады змяніўся погляд расійскага ўрада на справы грэка-каталіцкай царквы. Імператар Аляксандр І пасля ўказу аб забароне масонскіх ложаў і таемных таварыстваў, у канцы жніўня 1822 г., на шляху ў Вярону, наведаў Вільню і адтуль загадаў міністру Галіцыну неадкладна выканаць ягоныя папярэднія загады аб скасаванні "залішніх" грэкака-таліцкіх манастыроў і "паляпшэнні" быту белага духавенства. Дарэчы, як раз ў гэтыя гады будучы цар Мікалай І з гвардыяй знаходзіўся ў Беларусі. Менавіта тады ў яго з'явілася моцнае перакананне "далучыць уніятаў да нас".

Антон Сасноўскі ў лістападзе 1822 г. быў прызначаны віца-старшынём Берасцейскай кансісторыі. У тым жа 1822 г. урад выдаў пастанову аб выкананні папярэдніх загадаў па ўзмацненні нагляду за побытам і ладам жыцця манахаў, аб закрыцці манастыроў, аб недапушчэнні ў базыльянскі ордэн рыма-католікаў і г. д.

У 1822 г. з навуковай камандзіроўкі ў Еўропу вярнуўся прафесар Міхал Баброўскі, які сярод іншага даследаваў і сучасны стан грэка-каталіцкіх цэркваў у Еўропе і заўважыў іх добрае становішча: адукаваныя святары, народныя школы, выкананне ўсходніх абрадаў. Сустрэчу прафесара ў Кляшчэлях апісаў Плацыд Янкоўскі:

"У 1822 годзе, падчас вакацый, мой бацька, адпраўляючыся на храмавае свята ў м. Кляшчэлі, пагадзіўся ўзяць мяне з сабою. Я не памятаў сябе ад радасці. Не таму толькі, што ў гэты дзень у м. Кляшчэлі быў вялікі збор народа, прывабленага ўрачыстым набажэнствам і стройным спевам шматлікай тамтэйшых школы; і не таму нават, што Кляшчэльскі сад па сваёй прасторы і навуковым даглядзе мясцовым парахам (Сасноўскім - Л. Л.) па справядлівасці лічыўся першым і, пэўна, адзіным у цэлай епархіі, бо ў ім, акрамя выдатных гатункаў пладовых дрэў, знаходзіліся і вінаград, і персікі, і абрыкосы. ... У запрашальным лісце, ... ад Кляшчэльскага протаіерэя, было сказана, што ён чакае ... госця, нашага знакамітага вандроўніка, які вярнуўся нарэшце з-за мяжы і сваім прыездам ашчаслівіў радзіму ...

- Хто ён, татачка, - спытаў я, - гэты ваяжор, і як яго клічуць?

- Прафесар Баброўскі.

- Пэўна, такі ж вучоны прафесар, як і наш айцец, які сустракаў лацінскаю гаворкай князя-апекуна?

- Вось знайшоў параўнанне! Куды ж вашай вучэльні, хоць яна і на ступені гімназіі - да ўніверсітэта! А гэта прафесар універсітэта!

- Няўжо ж накшталт нашага айца-прэфекта?

- Куды ты са сваім айцом-прэфектам! Прафесар універсітэта, кажуць табе!

- Значыць, татачка, ён падобны да нашага айца-рэктара? Далей гэтай прыступкі я не заходзіў нават ва ўяўленні. Наш рэктар з'яўляўся толькі аднойчы на год, падчас публічнага іспыту: заязджаў у горад няйначай, як у карэце ... і ў дзень яго імянін ніколі не было ўрокаў.

... праз некалькі хвілін да ганка пад'ехаў бедны воз, запрэжаны параю худых коней, якія, відавочна, яшчэ ўчора працавалі ў полі.

... царква даўно ўжо не ўмяшчала багамольцаў ... Гэтым разам прапаведнік прыцягнуў агульную ўвагу сваім выглядам. Ён з'явіўся ў нябачаных дагэтуль у тутэйшых мясцінах атрыбутах доктара багаслоўя, г. з. у аксамітным пунсовым, абрамленым залатым галуном і махрамі, так званым муцэце і ў такім жа чатырохвугольным барэце".

У 1822 г. нават Баброўскі прапаноўваў дзеля рэформы царквы звярнуцца да ўрада, але разумеў ён значна больш за іншых: "Урад, як мы дакладна ведаем, гатовы дапамагчы і без сумнення дапаможа кліру, але для поспеху мы павінны адкласці ў бок нашы дробязныя сваркі, злучыць свае сілы і неаслабна клапаціцца пра адукацыю нашага кліра. Я аднак не прыхільнік скасавання галоўных базыльянскіх манастыроў, наадварот, стаю за іх захаванне: манаства ў царкве неабходна, без яго наш расцярушаны, прыгнечаны беднасцю клір, падобны трыснягу, які хістае вецер. Аднак, манастыры, неадпаведныя свайму прызначэнню ... могуць і павінны быць зачынены". Гэтую думку пра клір, як хісткі трыснёг праз шмат гадоў Міхал Баброўскі яшчэ раз паўторыць ў пісьме да Віктара Басяцкага.


Антон Сасноўскі быў прызначаны на пасаду віца-афіцыяла кансісторыі і ў лістападзе 1822 г. выехаў з Кляшчэлёў у Жыровічы. На пасадзе віца-афіцыяла кансісторыі святар шмат займаецца гісторыяй уніяцкай царквы. З мэтай барацьбы з базыльянамі ён збірае і аналізуе старыя царкоўныя дакументы. "Атрымаў многа новых актаў, якія шмат што тлумачаць. ... хачу скласці, ці лепей закончыць гісторыю нашай царквы. Некаторыя акты перадам у капітул для захавання", - пісаў ён архіпрасвітару Янкоўскаму 28 лістапада 1824 г.

Пры канцы 1825 г. Антон Сасноўскі прызначаны афіцыялам Віленскай мітрапалічай кансісторыі. Кватэра, у якой ён павінен пасяліцца, была здадзена на палову года ў арэнду, і таму Сасноўскі часова жыў у свайго сына Платона. "Я патрапіў сюды ў дурны час, і мяне чакаюць вялікія цяжкасці, паўсюдна бязладдзе і праблемы", - пісаў ён. У іншым пісьме ад 12 снежня 1825 г. ён адзначыў: "Як і ў Берапсцейскай епархіі гэтак і тут, мяне цікавіць бездапаможнае становішча нашага кліру. ... зараз спадзяванні на ордэн паменшыліся, аднак са мною ваююць віленскія базыльяне і давялі мяне да таго, што я павінен шукаць падтрымкі не толькі ў калегіі, але і ў самога міністра".

Яшчэ ў верасні 1824 г. А. Сасноўскі напісаў праект "Аб сродках паляпшэння асветы ўніяцкага духавенства". На пачатку праекта аўтар кажа пра недастатковую адукацыю белага і чорнага духавенства, да таго ж сярод белага духавенства, акрамя недахопу адукацыі, пануе галеча. Базыльянскі ордэн у дрэнным стане: у яго дрэнная сістэма адукацыі, дрэннае кіраванне і выкарыстанне фундушоў. Сярод святароў шмат людзей без адукацыі, бедных, не маючых, акрамя святарства, іншых крыніц для жыцця. Потым ён піша пра неабходнасць рэформы ордэна базыльянаў і пра захоп імі царкоўных фундушоў. Паказвае, што ў 1626 г. на Кобрынскім саборы было вырашана адчыніць семінарыю для белага духавенства - пастанова сабора зацверджана Рымскім папам і ў 1629 г. адчынілася семінарыя ў Менску, аднак яна доўга не праіснавала. Акрамя таго, яшчэ раней, з моладзі якую рыхтавалі ў святары, было вырашана адпраўляць выбраных юнакоў вучыцца ў алюмінат Гратса, а з 1607 г. у семінарыю пры Кангрэгацыі евангелізацыі ў Рыме. Да 1744 г. на вучобу ў Рым накіроўвалі разам студэнтаў з белага і чорнага духавенства. Меліся алюмінаты ў Львове, Перамышлі і Уладзіміры. Згодна з булай папы Бенядзікта XIV ад 5 красавіка 1753 г. быў створаны Віленскі алюмінат з назвай "Commendabissimum studium" для 16 уніяцкіх клірыкаў, 4 месцы пакідаліся для базыльянаў. Потым з'явіліся семінарыі ў Свержані, Лаўрышаве і Полацку.

У другой частцы тэксту аўтар пераходзіць да разгляду прычын беднасці духавенства. Ён лічыць, што паправіць сітуацыю можа толькі ўрад - націснуўшы на базыльянаў, забраць у іх фундушы і закрыць частку манастыроў, адчыніўшы пры гэтым новую семінарыю ў Жыровічах. Свой праект Сасноўскі накіраваў архіпрасвітару Янкоўскаму, і ў 1825 г. гэты праект патрапіў ва ўладныя сферы Пецярбурга (у 1840 г. святар перадаў свой праект на захаванне сыну архіпрасвітара Плацыду Янкоўскаму, які ў той час быў на пасадзе віца-старшыні Літоўскай кансісторыі, праз яго запіска была надрукавана).

Прызначаны ў 1824 г. міністр народнай асветы Шышкоў рашуча выступіў супраць базыльянаў, абвінаваціўшы ў іх падтрымцы нават Навасільцава.

Пасля смерці цара Аляксандра І Берасцейскі капітул меў вялікія надзеі на новага цара Мікалая І. Для вырашэння праблем паміж базыльянамі і Берасцейскім капітулам у 1826 г. у Жыровічах была склікана так званая "Вялікая кансульта", дамовіцца аднак не ўдалося.

9 кастрычніка 1827 г. выйшаў указ Мікалая І, цар загадаў: "... дапускаць да манаскіх зарокаў асоб, знаёмых з славянскай мовай і грэчаскім богаслужэннем і не інакш, як з асяродка грэка-ўніяцкага духавенства, ... заснаваць вучылішча для грэка-ўніяцкай моладзі духоўнага звання...".

Для выканання царскага загаду міністр Шышкоў падрыхтаваў план дзеянняў, які быў зацверджаны царом 28 красавіка 1828 г. План прадугледжваў аб'яднаць чатыры ўніяцкія епархіі ў дзве - Літоўскую і Беларускую. У склад першай увайшлі былыя Віленская і Берасцейская з 800 цэрквамі з епіскапам у Жыровічах, Віленская кансісторыя скасоўвалася. Прадугледжвалася адкрыццё ўніяцкай акадэміі ў Полацку пад кіраўніцтвам Міхала Баброўскага.

Трэба сказаць, што яшчэ ў 1827 г. па прапанове расійскага ўрада Іосіф Сямашка падрыхтаваў праект ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы, 17 студзеня 1828 г. ён прадставіў новы дакумент, у якім прапанаваў канкрэтны план мерапрыемстваў, і яго план быў прыняты ўрадам.

Пасля скасавання Віленскай кансісторыі Сасноўскі яшчэ нейкі час заставаўся ў Вільні ў якасці параха Свята-Мікалаеўскай царквы і члена савета Галоўнай духоўнай семінарыі. Але на пачатку снежня, атрымаўшы чын старшага саборнага протаіерэя і пажыццёвую пенсію ў 150 руб. (царскім указам ад 24 красавіка 1829 г.), ён вярнуўся ў свой Кляшчэльскі прыход. Зрабіў сваю справу і стаў непатрэбным.

На гістарычную арэну выходзілі асобы, гатовыя да ліквідацыі сваёй царквы, але большасць святароў гэтага яшчэ не разумела. У 1830 г. прафесар Баброўскі пісаў Антону Сасноўскаму: "Быў у Жыровічах падчас вакацый і жадаў даведацца, да чаго вядуць перамены ў нашай епархіі: але цяжка разгадаць чужыя думкі. Шмат таямнічага. Па словах епіскапа Сямашкі, усё робіцца для дабра кліру і ўзмацнення уніі і ўсё гэта ўзгоднена з урадам".

Смерць епіскапаў Андрыяна Галаўні і Якуба Мартусевіча, якія стрымлівалі дэструктыўную дзейнасць групы Сямашкі, развязала ім рукі, тым больш, што вакантныя месцы епіскапаў занялі Васіль Лужынскі і Антон Зубко. У 1833 г. Іосіф Сямашка стаў Літоўскім епархіяльным грэка-каталіцкім епіскапам, застаючыся пры гэтым членам грэка-ўніяцкай калегіі. У гэтай якасці ён зрабіў рашучыя крокі па ўвядзенні ў грэка-каталіцкай царкве праваслаўных традыцый - у цэрквах узводзіліся іканастасы, набажэнствы пачалі праводзіць па служэбніках маскоўскага друку, з храмаў прыбіраліся арганы. У 1835 г. Іосіф Сямашка быў прызначаны членам адмысловага сакрэтнага камітэта па ўніяцкіх справах. Да 1837 г. пад націскам епіскапа значная колькасць грэка-каталіцкіх святароў пісьмова пацвердзіла сваю гатоўнасць далучыцца да праваслаўя. У тым жа годзе грэка-каталіцкая царква была падпарадкавана обер-пракурору Свяцейшага Сінода. У 1838 г. памерлі яшчэ два ўніяцкія архірэі, якія выступалі супраць скасавання сваёй царквы - старшыня грэка-каталіцкай калегіі мітрапаліт Язафат Булгак і епіскап Іосіф Жарскі. 2 сакавіка 1838 г. старшынём калегіі стаў Іосіф Сямашка.

Смерць мітрапаліта Язафата Булгака канчаткова развязала рукі авантурнікам. Прафесар Міхал Баброўскі 21 сакавіка 1838 г. з Шарашова пісаў Антону Сасноўскаму: "Ужо апошні час прабіў для уніі. Апошні ў Літве ўніяцкі мітрапаліт Язафат Булгак з-за гарачкі адышоў у вечнасць 23 лютага ў 3 гадзіны дня. Пахаванне адбылося ў сталіцы, у прысутнасці генерал-губернатара князя Даўгарукава, курскага губернатара Мураўёва, сенатара графа Мардвінава, обер-пракурора свяцейшага сінода графа Пратасава і іншых заслужаных асоб. Па наказу Гасудара прах яго ... вікарным епіскапам Полацкім Лужынскім прывезены ў Сергіеўскі манастыр, які знаходзіцца за 20 вёрст на шляху з Пецярбурга ў Пецяргоф. Каля манастыра хаўтуры сустрэлі 2 мітрапаліты і 2 архіепіскапы са шматлікім праваслаўным святарствам. ... епіскап І. Сямашка прызначаны старшынём у грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі, а епіскап Лужынскі засядацелем, яму ж даручана кіраўніцтва Полацкай епархіяй і маёнткамі епархіі. Такім чынам у Полацку ўжо не будзе свайго архіепіскапа і адсюль зразумела, што новы грэка-ўніяцкі мітрапаліт больш не будзе прызначаны. Вікарнаму Літоўскаму епіскапу Зубко манархам абяцана выдаць поўнае епіскапскае аблачэнне. Хутка трэба чакаць царскага маніфеста аб далучэнні ўніятаў да пануючага ў Расіі веравызнання. Ужо дадзены тры ўказы а. Панькоўскаму, каб паспяшаў у Пецярбург заняць пасаду засядацеля ўніяцкай калегіі, якая будзе існаваць для выканання плана 1828 г. па рэфармаванні ўніятаў і пераўтварэнні іх ў праваслаўных. Аб згодзе на далучэнне далі падпіскі некаторыя з найбольш значных чыноўнікаў, напрыклад афіцыял Тупальскі два гады таму, а іншыя, напрыклад члены кансісторыі, год таму. Дэканы ў жніўні 1837 г. выклікаліся па-адным да епіскапа Сямашкі ці падчас рэвізіі Галубовічам Каменецкага і Берасцейскага дэканатаў: Будзіловіч - Берэсцейскі дэкан, Крукоўскі - Камянецкі дэкан, Пацоўскі - Царкоўніцкі парах і яго сын, Высоцкі парах. Тое самае зрабілі і віца-дэканы. Дэканам абяцана ўзнагарода - грошы, іншым протаіерэйства з ганаровым высвячэннем у Жыровіцкім саборы. Ім дадзена сакрэтная інструкцыя рыхтаваць сваіх падначаленых таксама даць падпіскі, і зараз яны гэта робяць. З базыльянскага ордэна прызначаны ігуменамі тыя, якія далі падпіскі ... : Марціноўскі ў Супраслі, Вішынскі ў Жыровічах, Дзюбінскі ў Загор'е, Ардановіч у Барунах (неразборліва). Інспектарам духоўных вучылішчаў Желязоўскаму ў Жыровічах і Якульскаму ў Мельцы дадзены граматы на ігуменаў. Вось і канец уніі. Гэтую сумную катастрофу прадказвалі восенню мінулага года землятрусы на Валыні і ў Падоле. Смерць ад халеры, суровая зімы, паўсюдны неўраджай - відавочныя бізуны, пасланыя Богам за адступніцтва ад веры нашых продкаў. Але барані нас Бог ад чаго-небудзь горшага!".

Сасноўскі разам з іншымі ўплывовымі святарамі не мог ухваліць гэтых сакрэтных мерапрыемстваў. Па яго перакананнях, справа рэлігіі - справа сумлення, яна не можа быць тэмай для абмеркавання. Вырваныя праз абяцанні ўзнагарод і падвышэння па службе сакрэтныя святарскія падпіскі аб пераходзе ў праваслаўе не ўсхваляліся аўтарытэтнымі духоўнымі асобамі ў царкве, а шараговыя святары якраз і чакалі, як будуць паводзіць сябе аўтарытэтныя, усім вядомыя святары, да якіх належаў і Антон Сасноўскі.

Пачаўшы прымушаць святароў даваць сакрэтныя распіскі, Сямашка адразу сутыкнуўся з супрацівам. Пры аб'ездзе ім сваёй Літоўскай епархіі на падпіску згадзіліся толькі некалькі святароў - членаў Жыровіцкага праправаслаўнага гуртка - Тупальскі, Іпаліт Гамаліцкі, Галубовіч, Малішэўскі і Гарбацэвіч. Усе яны займалі добрыя пасады ў кансісторыі і семінарыі, потым да іх далучыўся Васіль Маркевіч. У Беларускай епархіі падпіску далі толькі пяць чалавек. Аднак і тыя, хто даў падпіску, абяцалі далучыцца да праваслаўя з умовай і толькі тады, "калі вярхоўнае грэка-ўніяцкае кіраўніцтва, якому па словах св. пісання трэба падпарадкоўвацца, ... далучыцца да праваслаўнай царквы, ... але пры тым жадаю застацца без барады і ў адзенні, якое носіць грэка-ўніяцкае святарства" (падпіска засядацеля Літоўскай кансісторыі, магістра Гарбацэвіча).

Сямашка быў у Кляшчэлях 4 ліпеня 1837 г.: "Быў на службе ў Сасноўскага ...", слухаў пеўчых і аглядаў царкву. Протаіерэй А. Сасноўскі жыў у Беластоцкай акрузе, далучанай да Расіі ў 1807 г. на асобых умовах якія павінны былі гарантаваць вернікам, у тым ліку і недатыкальнасць грэка-каталіцкай царквы. Таму ён не лічыў сябе абавязаным падпарадкоўвацца загадам Сямашкі. У 1838 г. святар меў ужо 63 гады і жадаў памерці ўніятам. У сваёй акрузе ён карыстаўся вялікімі аўтарытэтам і меў моцны ўплыў на людзей. Сасноўскі з іншымі святарамі вырашылі дзейнічаць разам з холмскімі ўніятамі (знаходзілася ў царстве Польскім), яны адчувалі гістарычную повязь свайго краю з Холмшчынай і Галіцыяй.

Улетку 1838 г. Сямашка другі раз наведаў аўтарытэтнага святара ў Кляшчэлях. У царкве Сасноўскі зрабіў прамову на стараславянскай мове, епіскап жа адказваў некалькімі словамі, на мяшанцы з стараславянскіх і рускіх слоў. Сямашка прабыў тут тры дні, але Сасноўскі маўчаў, і епіскап даручыў дэкану ціснуць на яго, а сам выехаў у Гародню.

Пасля гэтага да Сасноўскага па параду прыходзіла каля 50 святароў. На пытанні "што рабіць?" яны атрымлівалі заўжды адзін і той жа адказ: "Кожны павінен дзейнічаць згодна са сваім сумленнем". Хутка а. Антон будзе абвінавачаны ў агітацыі. У вачах уладаў віна Сасноўскага была большай за віну іншых святароў, ён не толькі сам адмаўляўся даць падпіску аб далучэнні да праваслаўнай царквы, але лічыўся яшчэ і падбухторшчыкам.

25 жніўня 1838 г. Сямашка выклікае ў Жыровічы протаіерэя Кляшчэльскай царквы, каб афіцыйна даведацца пра яго добранадзейнасць: "Да мяне даходзяць весткі, што настаяцель Кляшчэльскай царквы протаіерэй Сасноўскі ўзбуджае некаторых неспрактыкаваных святароў да непадпарадкавання мясцоваму дабрачыннаму і епархіяльнаму кіраўніцтву. Таму прапаную кансісторыі выклікаць яго, Сасноўскага, у Жыровічы для належных тлумачэнняў па гэтай справе, ... прадставіць мне сваё меркаванне аб добранадзейнасці ці нядобранадзейнасці гэтага протаіерэя. Да майго наступнага распараджэння ... даручыць Кляшчэльскі прыход ў часовае кіраванне святару Пухлаўскай царквы Пятру Малашэўскаму".

Тады Сасноўскі разам з іншымі святарамі піша ліст да імператара, у якім тлумачыць сваю пазіцыю. Абяцанкі і пагрозы не дзейнічаюць, наадварот Сасноўскі пачынае заклікаць сваіх парафіян не хадзіць у царкву да святара, які далучыўся да праваслаўя. Сасноўскага пачынаюць абвінавачваць у палітычных злачынствах, што ва ўмовах мікалаеўскай Расіі было надзвычай небяспечна. 27 кастрычніка 1838 г. Сямашка піша обер-пракурору Свяцейшага Сінода графу Пратасаву "аб нядобранадзейных святарах Беластоцкай вобласці, якія адмаўляюцца па ўнушэнні ... протаіерэя Сасноўскага. ... 14 святароў Беластоцкай вобласці, якія пісьмова, на пачатку перад дабрачынным, а потым перад кансісторыяй выявілі варожыя пачуцці да ўласнай Грэка-усходняй царквы ... . Яны спасылаючыся на пададзенае Гасудару Імператару прашэнне, аспрэчваюць усялякія ўнушэнні і застаюцца непахіснымі ва ўпартасці. ... я адхіліў ад прыходаў тых, ... якія ўзбуджалі і кіравалі іншымі ..., а менавіта протаіерэя Сасноўскага, ... абодвух Казьмінскіх, святароў Карнінскай царквы, Імшэнніка, святара Грынявіцкай царквы, Высякерскага, святара Боцькаўскай царквы, а таксама падаўшых прашэнне ... Гаворскага і Панькоўскага.

. .. між тым ... падвергнуты забароне протаіерэй Сасноўскі да гэтага часу не прыбыў у Жыровіцы ... Ён у царкве перад Кляшчэльскімі прыхаджанамі аспрэчваў вучэнне Грэка-расійскай царквы (праваслаўнай - Л.Л.), ён жа, Сасноўскі, унушаў прыхаджанам не хадзіць у царкву да святара, прызначанага на яго месца. Адхілены ад Бярозаўскага прыхода святар Антоні Панькоўскі пры перадачы прыхода прызначанаму на яго месца святару ўнушаў прыхаджанам не дапусціць яго да службы ў царкве.

Прымаючы пад увагу, што гэтыя ўчынкі протаіерэя Сасноўскага і святара Панькоўскага могуць прывесці да інцыдэнтаў сярод Грэка-ўніяцкага народа і заахвочваюць да зацятасці іншых нядобранадзейных святароў, якія чакаюць ... спрыяльнага вырашэння па справе пададзенага імі прашэння да Гасудара Імператара, пакорна прашу ... каб Сасноўскі і Панькоўскі былі неадкладна высланы мясцовым цывільным начальствам ... у вялікарускія губерні. ... Сасноўскі вядомы сваёй палітычнай нядобранадзейнасцю ў 1812 г.".

Праз месяц пасля ліста да цара, не атрымаўшы адказу, святары пішуць аналагічны ліст да шэфа корпуса жандараў Бекендорфа і праз яго яшчэ раз звяртаюцца да цара, святары тлумачаць, што не могуць змяніць веру, бо прысягалі каталіцкай царкве. Прашэнне заканчвалася словамі Сасноўскага: " Заклікаю суд божы і манарха, ці справядліва я пакараны маім духоўным начальствам".

Цар адмоўна паставіўся на ліста святароў Беластоцкай вобласці і загадаў выслаць нязгодных. 6 лістапада Сямашка піша ў Кансісторыю: "Пасля таго як ... Яго Імператарскай вялікасці былі пададзены звесткі аб нядобранадзейных учынках былых святароў, Кляшчэльскай царквы протаіерэя Сасноўскага і Бярозаўскай царквы Панькоўскага, Гасудар Імператар 1-га лістапада гэтага года ... загадаў ... гэтых святароў выслаць у розныя гарады Кастрамской губерні пад нагляд мясцовага начальства ...". Такім чынам, адказам на ліст, у якім звярталася ўвага на неабходнасць уладаў выконваць свае ж, нават міжнародныя, абяцанні, быў загад цара, у якім ініцыятары ліста названы інтрыганамі, а святары, якія падпісалі ліст, былі пакараны.

15 лістапада 1838 г. Сямашка звяртаецца да Віленскага вайсковага губернатара князя Даўгарукага, каб той зрабіў "унушэнне начальству Беластоцкай вобласці ... дзеля высылкі нядобранадзейных святароў і ўціхамірвання прыхаджан". Пра арышт бацькі ўспамінаў малодшы сын Антон Сасноўскі: "Я тады быў у 5-тым класе гімназіі. Аднойчы нечакана да маёй кватэры пад'ехала павозка, на якой я пабачыў сваіх бацькоў і ... жаўнера з ружжом, да якога быў прымкнуты багнет. За імі прыскакаў прыстаў 1-га стану Бельскага павета Магнус. Бацька і маці ўвайшлі ў маю кватэру пад наглядам канвойнага, а прыстаў пайшоў да кіраўніка вобласці генерала Гунаропала. Праз 10 хвілін Гунаропала даслаў па майго бацьку экіпаж, і бацька разам з Магнусам паехаў да кіраўніка вобласці. Пасля вяртання, бацька сказаў маці і мне, што ён будзе жыць у Беластоку пад хатнім арыштам ...".

Пасля таго як протаіерэя Антона Сасноўскага ў лістападзе 1838 г. пад канвоем прывезлі ў Беласток, прайшло некалькі месяцаў, пакуль епархіяльнае начальства непасрэдна не распарадзілася выслаць яго паслушнікам у Кастрамскі манастыр. Стары Сасноўскі пакутаваў на астму, хвароба знясільвала яго, і таму ўпарты святар дабіўся медыцынскага агляду. Доктар падпісаў пастанову пра немагчымасць ехаць у далёкі шлях, пакуль ён не паздаравее, і генерал Ганарапула сваёй воляй пакінуў протаіерэя ў Беластоку. Святар звярнуўся і да обер-пракурора Сінода.

Тым не менш, Сасноўскі пачаў збірацца ў далёкі шлях. Ён напісаў ліст да генерала Ганарапула з падзякай і тастамантам - протаіерэй патлумачыў генералу, што з-за стану здароўя, старасці, "духоўнага ўціску", далёкасці шляху і змены клімату, ён не спадзяецца вярнуцца на радзіму. "Жонку і дзяцей я пакідаю ў беднасці. Мой бацька не меў ні братоў, ні сясцёр, і я ў свайго бацькі адзіны сын. Няма блізкіх родных не толькі ў мяне, але і ў жонкі, якая родам з Валыні, пакідаю ўсіх сіротамі. Мая і іх надзея на аднаго Бога ўсёмагутнага і на ваша чалавекалюбнае сэрца". Тым часам цар асабіста загадаў "пакінуць Сасноўскага па-ранейшаму на месцы".

10 сакавіка 1839 г. Сямашка паведаміў графу Пратасаву, што сярод іншых падпіску пра далучэнне да праваслаўнай царквы даў і "старшы саборны протаіерэй Антоній Сасноўскі". Зразумела, што стары святар менавіта таму і не быў сасланы ў Кастраму. Звяртае ўвагу, што першы раз за доўгі час Сямашка ў дакуменце назваў поўны святарскіх чын Сасноўскага.

Сын, Антон Антонавіч Сасноўскі успамінаў: "Мой бацька вярнуўся ў Кляшчэлі 28 чэрвеня 1839 г. і пасяліўся ва ўласным доміку ў садзе, але без усялякіх сродкаў, бо духоўнае кіраўніцтва палічыла загад цара "па-ранейшаму", як адхіленне ад парафіі з дазволам жыць у Кляшчэлях". У царкве замест Сасноўскага быў пастаўлены святар Лапушынскі. Ён меў поўную падтрымку праваслаўнай іерархіі - яму было дазволена кіраваць, не звяртаючы ўвагу нават на дабрачыннага Кастыцэвіча.

Бельскі віца-дабрачынны Лапушынскі служыў у багатым Кляшчэльскім прыходзе і хацеў саслаць старога святара ў свой былы бедны прыход горада Нарва. Маючы ўсе паўнамоцтвы ад духоўных уладаў, ён рабіў усе, каб адпомсціць хвораму старому і не даць яму жыць спакойна.

3 жніўня 1839 г. Лапушынскі даслаў данос у кансісторыю, у якім паведамляў, што Сасноўскі пасля прыезду з Беластока, будучы абсалютна здаровым, яшчэ ні разу не быў на царкоўнай службе, а яго сям'я наведвае касцёл. Кансісторыя запатрабавала ад старога святара тлумачэнняў. 27 жніўня а. Антон адказаў, што ён усё яшчэ хворы, а новы святар бачыў яго толькі здалёк і таму не мог ведаць стан яго здароўя. Пра царкву: "Прыходзіць у царкву, дзе я 38 гадоў быў парахам, мне цяжка: дастаткова, каб убачыўшы святара заплакала нейкая жанчына, і са мной здарыцца прыпадак. Але можа быць і яшчэ больш дрэнна - у маёй прысутнасці народ можа выказаць абурэнне супраць новага віца-дабрачыннага, і тады мяне абвінавацяць у падбухторванні да бунту. Таму я не лічу магчымым наведваць не толькі царкву, але і вернікаў у мястэчку і вёсках. Я толькі два разы выходзіў з дому: у першы раз 15 хвілін быў у станавога прыстава, каб напісаць скаргу на слугу віца-дабрачыннага, які пабіў маю служанку, а другі раз у паштовую кантору, але гэтак, каб унікнуць лёсу маёй служанкі. ... Па прыватных чутках мне вядома, што віца-дабрачынны кантактуе са спраўнікам з г. Бельска і рыхтуе новыя абвінавачванні. Я павінен выправіць яшчэ адну памылку віца-дабрачыннага: ў ліпені я спавядаўся у вікарнага святара Яна Дзем'яновіча і потым служыў літургію ў царкве св. Георгія. Дзем'яновіч пацвердзіць гэта.

Несправядлівы так сама паклёп віца-дабрачыннага на маю сям'ю, якая зараз складаецца з маёй жонкі і дачкі Веранікі. Яны бывалі ў царкве і на споведзі на Вялікдзень. Дачка Вераніка, праўда, калі-некалі бывае ў касцёле, бо лічыць, што маліцца можна і ў касцёле. Верагодна, так жа мяркуюць жонка і дачка віца-дабрачыннага, бо яны таксама наведваюць касцёл".

Кансісторыя запыталася ў Бельскага дабрачыннага Кастыцэвіча і Беластоцкага дабрачыннага Маркевіча, ці не будзе спакусы святарству ад таго, што Сасноўскі застанецца ў Кляшчэлях? Кастыцэвіч даў станоўчы для старога святара адказ, а Маркевіч ў сваім лісце паказаў, што Сасноўскі, карыстаецца вялікай пашанай і ўплывам сярод духавенства, і таму яго нельга пакідаць у Кляшчэлях. Справа ўсё ж закончылася тым, што стары святар адмовіўся пераязджаць, і яго пакінулі ў родным мястэчку.

9 красавіка 1840 г. Сямашка памілаваў зломленага старога, вярнуўшы яму яго ж Кляшчэльскі прыход: "Саборны протаіерэй Сасноўскі ўжо выказаў раскаянне ў непрыстойных яго сану дзеяннях, быў адпаведна пакараны і дастаткова засведчыў начальству сваю добранадзейнасць".


Справа была зроблена, і можна было пачынаць ствараць міф пра "добраахвотнае далучэнне" грэка-каталіцкай царквы. 29 траўня 1841 г. Сямашка хадайнічае перад обер-пракурорам Пратасавым аб узнагароджанні трыццаці "духоўных саноўнікаў" бронзавым медалём у "памяць уз'яднання уніятаў з праваслаўнай царквой". Сярод узнагароджаных - саборны протаіерэй Антон Сасноўскі і саборны протаіерэй Міхал Баброўскі. Праз год гэтыя святары былі ўзнагароджаны аксамітнымі фіялетавымі камілаўкамі.

У 1847 г. а. Антон адаслаў у Пецярбург свае этнаграфічныя зборы, якія ён збіраў усё жыццё.

Маючы 77 гадоў, святар вырашыў выкараніць п'янства, якое да таго часу ўзмацнілася сярод прыхаджан. У шынках гарэлку пачалі прадаваць ў крэдыт, і многія з прыхаджан трапілі ў сапраўдную кабалу да шынкароў. Галоўным утрымальнікам шынкоў у той мясцовасці быў былы гарадскі галава Фама Санкевіч. Судовыя цяжбы падарвалі здароўе Антона Сасноўскага, і 3 сакавіка 1852 года ён памёр на руках свайго малодшага сына Антона, які быў гарадскім галавой і сярэдняга сына Канстанціна, камісара Гарадзенскага вайсковага шпіталя. Антон Сасноўскі пахаваны на Кляшчэльскіх могілках каля памёршай на некалькі гадоў раней яго жонкі.

6 красавіка 1852 г. Сямашка загадаў Драгічынскаму дабрачыннаму Бараноўскаму разам са святаром Кляшчэльскай царквы Ануфрыем Гагалеўскім пільна перагледзець паперы і кнігі памёршага, апячатаць і захоўваць іх да яго распараджэння, а таксама зрабіць спіс усіх дакументаў Сасноўскага і пераслаць яму.


У 1860 г. улады зноў мелі праблемы з Кляшчэльскімі прыхаджанамі - былымі ўніятамі, якія карыстаючыся блізкай мяжой "наведвалі касцёлы" (а, верагодна, усё ж уніяцкія цэрквы) ў Царстве Польскім. Паведамлялася пра 8 вернікаў "спакушаных" у рыма-каталіцтва ў сакавіку 1860 г. Ужо ў красавіку 1860 г. Сямашка даведаўся пра 292 "спакушаных" прыхаджан Кляшчэльскай царквы. У верасні святара Ануфрыя Гагалеўскага з Кляшчэльскай парафіі пераводзяць у другую царкву, новаму святару прадпісана, каб ён "стараўся вярнуць на верны шлях памыліўшыхся ... Кляшчэльскіх прыхаджан". Тады ж у лісце да Віленскага вайсковага губернатара Назімава, Сямашка паведамляе, што галоўныя завадатары "спакушэння" адпраўлены ў манастыры: "Калі ўгаворванні не дадуць вынікаў, тады спадзяюся, што ваша высокаправасхадзіцельства загадае ... паступіць згодна з законам, а. 295 тома XV Зводу Законаў ...".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX