Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

Апошні беларускі базыльянін XIX ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 30-09-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша Слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша Слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.



У канцы XIX ст. у Львове памерлі два апошнія манахі-базыльяніны гістарычнай Літвы. Вось пра аднаго з іх - апошняга базыльяніна - і будзе гэты артыкул.


Нашым апошнім базыльянінам быў а. Кірыл Летаўт (1801-1892). Пра яго ў свой час пісалі рэдактар газеты «Беларуская крыніца» Ян Пазняк і святар Уладзіслаў Талочка. Яны падалі тую інфармацыю, якую атрымалі ад нашчадкаў вільнян, бацькі якіх у XIX ст. асабіста ведалі і сябравалі з а. Кірылам. Пасля артыкула Яна Пазняка, у 1935 г. Уладзіслаў Талочка надрукаваў пра а. Кірыла Летаўта дастаткова грунтоўны артыкул у 6-м томе ўкраінскіх «Записак чина св. Василія Великого», у якім паведаміў, што гэта менавіта ён дазволіў Яну Пазняку надрукаваць у «Пшэглёндзе Віленскім» невялікую частку інфармацыі пра апошняга беларускага базыльяніна але, на жаль у артыкуле Пазняка меліся невялікія памылкі. Гэта прымусіла Талочку надрукаваць свой артыкул у грэка-каталіцкім выданні.

На пачатку свайго артыкула Пазняк пісаў: «Невядомы нават самыя галоўныя даты і факты яго жыцця, і таму сумнымі будуць гэтыя нататкі. Сэнс іх напісання бачым толькі ў тым, каб пачаць тую дарогу, якая вырве з цемры гісторыі імя і асобу "апошняга літоўскага базыльяніна"» [1]. Пойдзем па дарозе, указанай Янам Пазняком.

Кірыл Летаўт нарадзіўся ў 1801 г. [2] Род Летаўтаў быў дастаткова распаўсюджаны ў ВКЛ і таму цяжка сказаць, з якой часткі Беларусі ён паходзіць. Ян Пазняк заўважае, што «прозвішча Летаўт выразна кажа, што быў ён "gente Lituanus" ...» [3]

а. Кірыл Летаўт. фота Юзафа Чаховіча, 1860-я гг.

Валыняк паведаміў, што апошні базыльянін даўняй літоўскай правінцыі а. Кірыл Летаўт з 1826 па 1831 гг. служыў манастырскім прапаведнікам [4] у Лядах (зараз - вёска Малыя Ляды Смалявіцкага раёна). Ужо ў 1831 г., калі пасля паўстання пачаліся ганенні на базыльянаў, Летаўта як «упорнага» саслалі ў вязніцу [5], у Тадулінскі манастыр, які сярод іншых манастыраў таксама быў месцам ссылкі базыльянаў. Напрыклад, менавіта туды саслалі іншага манаха-вязня, настаяцеля базыльянскага Ануфрэйскага манастыра з-пад Віцебска Іллю Андрушкевіча [6].

Г. І. Шавельскі пісаў, што манахамі вестка пра «ўз'яднанне» была прынятая вельмі дрэнна, у Полацкай епархіі, «у Тадулінскім манастыры, тры іераманахі - Фядосій Скарына, Фядосій Капусцінскі, Канстанцін Сташэўскі - і нізведзеныя ў царкоўныя служкі, Меркурый Галаўня, Віктар Зброжка, Кірыл Летаўт, Фёдар Сакалоўскі, Мікалай Іваноўскі, а таксама нізведзены ў дзячкі святар Сцяпан Сосна рашуча адмовіліся ад уз'яднання. ... Іераманах Махіраўскага манастыра Баніфацый Казакевіч, нізведзены ў служкі, публічна асуджаў праваслаўе», а «настаяцель Тадулінскага манастыра Букоўскі яшчэ ў 1838 г. быў заключаны ў Якабштадскі манастыр» [7]. З гэтага тэксту бачна, што да 1839 г. Кірыл Летаўт знаходзіўся ў Тадулінскім манастыры і быў «нізведзены» ў царкоўныя служкі. Цікава, што сярод «упорных» быў і манах са знакавым для Беларусі прозвішчам Скарына якому тады было 65 гадоў.

Заўважу, што Шавельскі піша, што Летаўт разам з іншымі манахамі ў 1846 г. «воссоединился», чым уводзіць у зман. У сваёй кнізе ён аптымістычна рапартуе, што ўсе вышэйпералічаныя асобы ўсвядомілі сваю няправасць і хутка «далучыліся» да пануючай царквы [8], але гэта не так. Насамрэч крыжовы шлях апошняга базыльяніна толькі пачынаўся. Пасля Тадулінскага манастыра Кірыл Летаўт быў накіраваны епіскапам Лужынкім у «древлеправославный» Полацкі Багаяўленскі манастыр [9].

У некралогу па а. Кірылу, надрукаваным у «Кур'еры Пазнанскім», падаецца, што апошні базыльянін 30 гадоў пражыў на выгнанні, у тым ліку і ў Смаленску [10]. Пра гэта сведчыць і аповед рэдактара «Беларускай крыніцы». Прыяцель Летаўта, будучы першы рэктар Івана-Франкоўскай семінарыі а. Ерамія Ламніцкі, пасля смерці а. Кірыла прасіў, каб сябры ў Вільні паведамілі пра яго смерць у Смаленск ксяндзу-прэфекту Стэфану Дзянісевічу, пазнейшаму магілёўскаму біскупу-суфрагану і адміністратару гэтай жа дыяцэзіі, які асабіста ведаў Летаўта і дапамагаў яму [11].

З таго факта, што паперы «ўніята іераманаха Кірыла Летаўта» за 1855-1857 г. захоўваюцца сярод дакументаў Пафнуцьева Бароўскага манастыра ў Расіі (ля Калугі) можна з упэўненасцю сказаць, што гэты манастыр таксама стаў адной са стацый яго крыжовага шляху. Але і там, ля Калугі, ён заставаўся «ўніятам». Спадзяюся, будучыя даследчыкі змогуць вывучыць гэтыя архіўныя дакументы [12]. Ян Пазняк піша пра дасланы ў Вільню ліст да Летаўта, які ён трымаў у руках: «Ці з таго часу паходзіць пажоўклы, напісаны на чацвяртушцы паперы, без даты і подпісу, ліст да а. Летаўта на рускай мове, змест якога наводзіць на думку, што базыльянін знаходзіўся ў праваслаўным манастыры?» [13] Уладзіслаў Талочка падае фрагмент гэтага ліста: «Почтеннѣйшій Отецъ Кириллъ! Препровождаю къ Вамъ книжку "Странствованіе Инока Афонскаго". Не угодно ли будетъ прочитать оную? Она доставитъ Вамъ нѣкое развлеченіе и утѣшеніе въ Вашемъ настоящемъ положеніи. По прочтеніи возвратите ко (!) мнѣ. Если понравится, тогда можете и прочія части прочитать» [14]. Гэты ліст да манаха мог пісаць нейкі чэсны і гуманны камендант вязніцы ці праваслаўны манах, які спачуваў базыльяніну, калі той знаходзіўся ў манастырскай турме.

З манастырскай вязніцы перакананы базыльянін выйшаў толькі ў ліберальныя часы цара Аляксандра ІІ. Ян Пазняк піша: «Нейкая амністыя магла ... моцнага старца звольніць з вязніцы. Вядома, што потым ён бываў на Полаччыне і Віцебшчыне, на землях, па якіх гуляў варожы да уніі ўраган» [15].

Праз нейкі час пасля атрымання волі Кірыл Летаўт пасяліўся ў Вільні. Тут ён меў шчырых сяброў - спадарства Рэнігераў і Мілераў. Рэнігеры валодалі нерухомасцю на Антоклі (дом 12 па вуліцы Касцюшкі, адрас 1930-х г.). Некалькі драбінак інфармацыі пра базыльяніна Талочка атрымаў менавіта ад спадарства Рэнігераў і Мілераў, бо старэйшая генерацыя гэтых сямей была ў цесным кантакце з а. Кірылам. Крыніцай інфармацыі пра а. Летаўта з'яўлялася і ўнучка Казіміра Максевіча - з яе дзедам а. Кірыл пазнаёміўся на Антоклі ў Рэнігераў. Але ўся гэта інфармацыя датычыла толькі канца працяглага жыцця манаха [16].

З нашчадкамі гэтых вільнян ў 1930-я г. і мелі справу Уладзіслаў Талочка і Ян Пазняк. Яны чыталі лісты апошняга базыльяніна, праглядалі здымкі, на якіх Летаўт быў сфатаграфаваны з сябрамі і аднаасобна. Для сваіх сяброў ён рабіў фотаздымкі ў слыннай у той час віленскай фатаграфіі Чаховіча, каля Батанічнага саду. Рэдактар «Беларускай крыніцы» апісаў адзін са здымкаў а. Кірыла Летаўта, старца са шляхетнымі і поўнымі дабрыні рысамі твару. Пад авальнай выявай меўся надпіс «X. Letowtt, bazylian». На адваротным баку партрэта ён напісаў наступныя словы:

«1884 г. 5 чэрвеня. Аўторак.

Святар Каэтан (Кірыл Летаўт).

На памяць спадарству Казіміру і

Яго сыну Дамініку

Максевічам,

як доказ удзячнасці і сяброўства

пры развітанні ў Літве,

пакідаю ў іх доме, з удзячнасцю,

у іх доме пакідаю - з блаславеннем» [17].


На другой фатаграфіі вялікага фармату, так званым кабінетным здымку, базыльянін сфатаграфаваўся з Мамертам Рэнігерам. Менавіта Рэнігер хаваў а. Кірыла ў сябе на вёсцы, а потым у сваім доме на Антоклі. Верагодна ганенні на старога базыльяніна пачаліся пасля 1863 г., калі тагачасная палітычная «адліга» закончылася і зноў пачалася шалёная русіфікацыя краю. Хаваючыся, Летаўт жыў у адным з драўляных дамкоў Рэнігера (потым у гэтым дамку жыў вартаўнік) і штодзённа служыў святую імшу. Тут пад страхой доўгі час захоўвалася перапіска Мамерта Рэнігера, і сярод яе, падобна, былі і лісты ад старога базыльяніна. Аднак да часоў Пазняка ўсе гэтыя архівы ўжо зніклі.

Жыць у Вільні было небяспечна, да таго ж стары базыльянін моцна смуткаваў па манаскім жыцці ў сваім законе і таму праз нейкі час Казімір Максевіч адвёз яго ў манастыр базыльянаў у Дабрамылю (Усходняя Галіцыя). Пераход праз добра ахоўваную мяжу патрабаваў вялікай смеласці, Летаўта везлі на малым вазку апранутага ў сялянскую вопратку [18].

Некралог паведамляў, што а. Кірыл «на схіле гадоў пасяліўся ў Вільні, а адтуль прыбыў у Добрамылю у Галіцыі,… дзе вярнуўся ў закон св. Базыля Вялікага. Астатак жыцця правёў у Львове і тут памёр, як жыў, пабожна» [19].

Уладзіслаў Талочка асабіста размаўляў з львоўскімі базыльянамі пра беларускага манаха, але ў яго часы ўжо не было тых, хто мог нешта змястоўнае расказаць пра а. Кірыла. Толькі адзін з найвышэйшых іерархаў Украінскай Грэка-каталіцкай царквы (прозвішча Талочка не называе) даслаў яму свае невялікія ўспаміны пра апошняга беларускага базыльяніна: «А. Летаўта я знаў вельмі добра. Мы былі з ім разам, хоць і не ў адным манастыры, амаль што чатыры гады, часта сустракаліся і размаўлялі. У апошнія гады а. Летаўт здзяцінеў. Аднак ва ўсіх яго размовах была бачна яго шчырая прывязанасць да св. Уніі. Характэрна, што а. Летаўт, ведаючы ўсіх базыльянак 1830-1838 г. не ведаў Макрыны Мечыслаўскай [20], і цвердзіў, што такой чарніцы наогул не было. Доўгі час а. Летаўт быў інтэрнаваны ў Смаленску, калі а. Дзянісевіч быў там пробашчам. Гэтыя ўспаміны нас злучалі, бо перад паступленнем у манастыр у 1887 г. я быў у Смаленску, наведваў а. Дзянісевіча і потым з ім перапісваўся» [21].

Яшчэ жывучы ў Вільні, стары базыльянін у значнай ступені страціў зрок. Шматгадовы пераслед, разлука з горача любімым родным краем, хваляванні па дарозе з Літвы ва Усходнюю Галіцыю настолькі аслабілі зрок старца, што калі ён ужо жыў у Добрамылю і 06.08.1885 г. захацеў напісаць ліст у Вільню да сп. Казіміра Максевіча, дык паперу для яго трэба было разлінеіць, каб стары змог сам нешта напісаць дрыжачай рукой. Гэты ліст чытаў Ян Пазняк. Ён паведамляў, што ў лісце а. Кірыл Летаўт узгадваў і кланяўся «прафесарам, якія адведвалі яго ў Вільні». Рэдактар «Беларускай крыніцы» лічыў, што магчыма меўся на ўвазе лекар, які яго лячыў, бо раней у Вільні, па традыцыі і ў памяць пра прафесуру медыцынскага факультэта былога Віленскага ўніверсітэта, наогул усіх лекараў называлі прафесарамі. З ліста бачна, што добры настрой не пакінуў старога: «Хоць калека, але здаровы. Свята 3 мая адзначыў весела ... Шануюць мяне, як патрыярха». І дадае пры канцы: «Што ў нас чутно?» [22]

Бадай, гэта быў апошні ўласнаручна напісаны ліст а. Кірыла. Хутка ён цалкам страціў зрок, і старому законніку прыйшлося шукаць сакратара сярод маладых манахаў. Шэраг такіх лістоў, напісаных пад дыктоўку, чытаў Ян Пазняк, але ў гэтай асабістай перапісцы цікавымі для яго былі толькі некалькі заўваг пра здароўе і ўмовы жыцця ў галіцыйскім манастыры.

Уладзіслаў Талочка надрукаваў некалькі цікавых фрагментаў з лістоў Летаўта, якія не ўзгадваў Ян Пазняк. У лісце да Казіміра Максевіча з Дабрамылю ад 23 сакавіка 1887 г. а. Кірыл просіць трымаць пакінутае ім ў Вільні футра «ў сябе гэтак доўга, ажно пакуль не прыйдзе пакупнік і не пазбавіць вас ад гэтага цяжару». Пішучы пра футра, ён выказвае засцярогу, каб яно не апынулася «ў руках ворага». Засцярогу пра «ворага» выклікала прапанова Мамерта Рэнігера аддаць футра нейкаму сваяку, якому стары базыльянін не верыў. Пра свой стан здароўя а. Летаўт пісаў: «... На жаль, не пэўны». Тым не менш, у канцы ліста ў чаканні блізкага Вялікадня базыльянін узгадвае літоўскія «смачныя шынкі і бабкі».

У лісце Летаўта ад 26.05. 1887 г. з Дабрамылю згадваецца яго ўдзел у рэкалекцыях, а потым стары манах піша пра неспадзяваную на пачатку мая добрую «маёўку», якая адбылася за 1,5 мілі ад месца дзе ён жыў, у айцоў езуітаў у Хырыве. Праз некалькі радкоў манах паведамляе: «Падчас маёўкі ў Хырыве, даведаўся, што біскуп Грынявецкі вярнуўся (sic) у Вільню. Я жадаў бы падрабязна ведаць ці праўда гэта ці не. А дай Божа, каб гэта была праўда! Ці ў Вільні, ці дзе яшчэ, няхай біскуп будзе жывы, здаровы і вясёлы. З нецярпення чакаю адказу. Я здаровы, і да мяне добра ставяцца» [23]. Перапіска Летаўта паказвае вялікую прывязанасць базыльяніна да Вільні і пашану да біскупа Грынявецкага [24].

У чарговым лісце да Казіміра Максевіча ад 09.01.1888 г. базыльянін піша: «Сто разоў дзякую за продаж футра і за вашы клопаты». Потым горача запэўнівае, што не забывае сваіх дабрадзеяў і сяброў у Літве, жадае ім вясёлых святаў Новага года і дадае: «Тут я спакойна жыву і пачуваюся здаровым, хоць мае гады моцна пасунуліся наперад. Зіма ў нас таксама лютуе, але не так моцна, як у вас, бо мы заслонены гарамі. Божае Нараджэнне мы мелі вельмі вясёлае».

З наступнага ліста а. Летаўта ад 28.07.1888 г. даведваемся, што з 11 чэрвеня ён знаходзіўся ў базыльянскім манастыры ў Лаўрове (зараз вёска ў Старасамборскім раёне Львоўскай вобласці). Жыццё на новым месцы базыльянін апісвае наступным чынам: «З ласкі Найвышэйшага я здаровы, бо новае жыллё, свежае паветра і цудоўнае жыццё ... мне вельмі карысна, уласнымі нагамі ... хаджу па горах і лясах і з вялікай колькасцю базыльянаў адбыў маёўку, падчас вялікіх вакацый тут перабывалі ўсе схаласты». Летаўт заўсёды цікавіўся Вільняй і ў гэтым лісце ён таксама піша: «Я прашу навінаў з Вільні, а таксама пра Высокапраасвяшчэннага а. епіскапа віленскага, ці ўсё добра ў яго». Пра сябе паведамляе толькі, што «жывы і здаровы і буду жыць да смерці. Новае маё месца жыхарства аддалена ад Дабрамылю на 5 міль. Навакольныя мясціны вельмі прыемныя, здаровае паветра, і я паехаў сюды толькі з-за парады лекара, бо ў нас ёсць і свой манастыр». У тым жа лісце а. Кірыл піша, што мае сваяка-кузіна Ўрублеўскага, зяця свайго брата-нябожчыка, уладальніка хутара пад Тургелямі. Гэты другі яго сваяк, якога ён узгадвае. Раней ён пісаў пра сястру, але да яе манах чамусьці не меў даверу.

Дзякуючы за дасланую з Вільні аплатку, у лісце ад 14.01.1889 г. а. Летаўт дасылае Максевічу абразкі і навагоднія віншаванні. Ліст падпісаны толькі ініцыяламі «K. L.» і пасля гэтага ліста гэтак будуць падпісаны ўсе наступныя - стары страчваў зрок. Аднак здароўя яшчэ хапала каб пешшу, няспешна прагульвацца вакол манастыра. Да гэтага часу яго лісты пад дыктоўку пісаў а. Ерамія Ламніцкі, але з гэтага ліста ў яго з'явілася новая давераная асоба - а. Дыянісі Ткачук (у 1930-я г. ён быў архімандрытам і служыў у Рыме).

14 мая 1889 г. а. Кірыл дыктуе з Лаўрова ліст да сям'і Максевічаў, з якога даведваемся, што манах аплаквае смерць у Вільні свайго сябра Казіміра Максевіча. Гэты ліст мае каштоўны допіс брата-базыльяніна Дыянісія Ткачука: «Як на свае 90 гадоў, а. Летаўт цалкам здаровы. Праўда, слых і зрок кожны год пагаршаюцца, і часам страўнік падводзіць, але ён рэдка скардзіцца. У рэшце-рэшт, пачуваецца не дрэнна, бо кажа, што яго страўнік сёння значна здаравейшы, чым быў у мінулыя гады. Можна ўпэўнена сказаць, што да стану яго здароўя мае дачыненне свежае навакольнае горнае паветра. Твар яго ўсё яшчэ даволі румяны а ў руках кіпіць сіла, якую і мы, маладыя, часам не маем - ён любіць жартам сціснуць нам руку. Праўда, калі-нікалі адчувае слабасць у нагах, яны ў яго часам апухаюць, але што рабіць! Старасць не ў радасць ....

У нядзелю і на святы прыступае да Святога Прычасця і штодня слухае Божую службу ў (хатняй) капліцы ці ў царкве. Мяне вельмі ўражвае, што ён не хоча дазволіць, каб яго абслугоўвалі, падмяталі яго памяшканне, альбо палілі печ і выконвалі іншыя паслугі і ён сам усё гэта робіць. Зімой заўсёды сядзіць дома, а летам ходзіць і нават адзін, у лес, купаецца ў ставе і вудай ловіць рыбу. Гэтыя яго паводзіны мяне вельмі цешаць, бо ён мае занятак у нуднай і бяздзейнай старасці.

Няхай Бог дазволіць яму цярпліва пераносіць усе пакуты свайго веку і скончыць шчасліва сваё поўнае заслугаў жыццё!»

Пасля смерці Казіміра Максевіча Летаўт перапісваўся з сынам нябожчыка Дамінікам. Гэтак, у лісце ад 22.08.1889 г. з Львова стары базыльянін скардзіцца на «незвычайныя болі ў шыі і галаве», але хутка пра іх забывае і сардэчна суцяшае Дамініка, які быў моцна засмучаны смерцю бацькі: «Бацька павінен прысвяціць сынам сваё жыццё». Пры канцы ён успамінае «добрыя літоўскія яблыкі і грушы, хоць яны і растуць на поўначы ... а ў нас нічога няма ... Ты пісаў мне, што рэстаўруюць касцёл св. Яна, але я пахвалюся тым, што сяджу ў Львове, які ... велізарны горад! Праўду я пішу, што ваша Вільня - цень супраць гэтага льва».

У лісце ад 30.12.1889 г. да Дамініка Максевіча чытаем: «Што тычыцца мяне, Бог па-ранейшаму мяне трымае ў гэтай даліне слёз ... і з дапамогай добрых людзей я магу яшчэ сам пераступіць цераз парог».

З ліста ад 18.04.1890 г. бачна што здароўе манаха пахіснулася, але ён віншуе Дамініка Максевіча са святамі і просіць пабываць ў Вільні на Антоклі, дзе раней стары базыльянін кватараваў у Рэнігера, і даведацца, як называецца маёнтак яго брата. Таксама просіць даслаць яму адрас гадзіншчыка сп. Русецкага, які пільнуе гадзіннік на віленскім касцёле св. Яна, калі той яшчэ не памёр [25].

Заслугоўваюць увагі лісты старога базыльяніна, у якіх ішла размова пра дапамогу ад рускага ўрада. У першым лісце з гэтай серыі (без даты) Летаўт піша сябрам наступнае: «Адначасна з гэтым лістом падаў просьбу да Віленскага губернатара аб дасыланні мне ўтрымання за 1889 і 1890 гг. Ці атрымаю і калі - невядома. А можа мне ў гэтым адмовяць і ў мае старыя гады пакінуць без утрымання. Злітуйся, Пан, над цёмным, глухім і хворым старцам! Калі можна, даведайцеся пра гэту справу ў губернатара і, калі магчыма, пастарайцеся як хутчэй даслаць да мяне».

У адным з наступных лістоў ад 24.10.1890 г. а. Кірыл узгадвае пра «прызначанае мне міністрам утрыманне ў памеры 99 рублёў». Ці рэальна атрымаў базыльянін-эмігрант гэтую дапамогу, перапіска не давала адказу. Калі меркаваць па апошнім лісце да Дамініка Максевіча ад 13.05.1890 г., дык можна дапусціць, што атрымаў. «Ці жыве той губернскі сакратар, якога ведаў ваш с. п. бацька? Калі жывы, прашу яму пакланіцца ад мяне і павіншаваць са святам...», - магчыма, стары меў нагоду для ўдзячнасці чыноўніку, да якога ў папярэдніх лістах прапаноўваў сябрам звяртацца па справе сваёй пенсіі? [26] З іншых крыніц мы ведаем, што для ўтрымання ўніятаў-пакутнікаў у праваслаўных манастырах у свой час царскі ўрад прызначаў грошы, ад 50 да 100 рублёў у год, з якіх большую частку забіраў за харчаванне манастыр. Верагодна гэтыя грошы і жадаў атрымаць а. Кірыл.

Пасля гэтага ліста законнік пражыў зусім нядоўга. Апошнія хвіліны жыцця і пахаванне, па жаданню самога а. Кірыла, сябрам у Вільню ў лісце ад 27.02.1892 г. апісаў а. Ерамія Ламніцкі:

«С. п. Кірыл Летаўт хварэў нядоўга - толькі месяц. Хварэў на гангрэну (gangrena senilis) [27] якая пачалася ад нагі. На пачатку хваробы пацыент быў неспакойны, ірваўся ў Вільню, па якой заўсёды сумаваў, потым, аднак, супакоіўся. За два тыдні да смерці прыняў еўхарыстыю разам з іншымі св. Тайнамі і падрыхтаваўся да смерці. Спакойны і аддадзены Божай волі, ён не толькі не размаўляў пра смерць (што звычайна робяць такія старыя), але нават жартаваў з сябе. Не раз паўтараў словы нашай пахавальнай песні:

Плачуся і рыдаю,

Егда памышляю

На см ...


Прамовіўшы толькі гэтыя дзве літары апошняга слова, казаў мне: "Баішся, брацішка, памерці, бо ой! Цяжка паміраць!", альбо зноў: "Ой! Гэтая нага, гэтая нага, а каб не яна, дык бы яшчэ падскокваў, але, вось бяда, нага не дае!" ... За тыдзень перад смерцю ўжо нічога не еў і не піў, аднак прытомнасць захаваў да самага канца. За некалькі дзён да смерці паклікаў нас усіх і прасіў дараваць яму а потым блаславіў. Апошнюю ноч сядзелі каля яго. Ужо быў у агоніі, але прытомнасць не страчваў. Баючыся, што страціць мову, яшчэ раз прасіў пра бласлаўленне. Пасля бласлаўлення сам блаславіў мяне. "Дзядуля, - запытаў я, а. Дамініка (гэтак мы заўсёды шаноўнага пана называлі) і кс. Стэфана (Дзянісевіча ў Смаленску), ці блаславіш, дзядуля?" - "Бласлаўляю, бласлаўляю, напішы!" Больш не размаўляў да самай смерці. 1 студзеня 1892 г., а 9-й раніцы аддаў Богу душу» [28].

Нязвыклае і прыгожае пахаванне адбылося ў Львове ў першую нядзелю студзеня 1892 г. Службу вёў грэка-каталіцкі святар-інфулат [29] і ў пахаванні ўдзельнічала шмат белага і чорнага духавенства абодвух абрадаў. Сціплую труну добрую палову мілі неслі да могілак на руках, і за ёй ішоў вялікі натоўп свецкага народу. Усе, хто знаў нябожчыка ці чуў пра яго, задумліва паўтаралі: «Гэта апошні базыльянін Літвы!»

«Кур'ер Познанскі» паведаміў: «А. Кірыл Летаўт, апошні базыльянін былой літоўскай правінцыі, сумная ахвяра Сямашкі, які яго гнобіў да свайго канца, ... памёр 1 студзеня гэтага года ў Львоўскім манастыры айцоў базыльянаў [30]. .... Раней, 26 лістапада 1887 г., у тым жа манастыры памёр таварыш а. Кірыла, а. Самуэль Чарнаруцкі, перадапошні базыльянін Літвы, які здолеў раней уцячы з маскоўскіх рук» [31].

Трэба дадаць, што пра Кірыла Летаўта пісаў яшчэ і ўкраінскі базыльянін а. Ю. Дацій. У яго успамінах «Із моїх спогадів» [32] маецца раздзел «Дзядзька» («Дзядзьо»), прысвечаная апошняму беларускаму базыльяніну XIX ст. Але я пакуль не змог знайсці гэтага выдання.

Вось і ўсё, што вядома пра апошняга базыльяніна гістарычнай Літвы.


А зараз трэба расказаць пра віленскіх сяброў апошняга базыльяніна Кірыла Летаўта.

Пачнём з Казіміра Максевіча, пра якога вядома вельмі няшмат. Казімір Максевіч сын Станіслава (1813-1889), Ян Пазняк называе яго суддзёй, і гэта цалкам магчыма, але ён меў годнасць доктара медыцыны. У 1887 г. атрымаў чын надворнага дарадцы. Меў сына Дамініка (1865-1929), які таксама перапісваўся з манахам і пра якога Летаўту нагадалі перад смерцю. У 1913 г. Дамінік Максевіч з'яўляўся сябрам Віленскага музычнага таварыства «Лютня» [33].


У беларускай навуковай літаратуры браты Рэнігер таксама вядомы як Рэніер. Прафесар Хаўстовіч пісаў, што прозвішча Рэніер сустракаецца толькі ў некаторых дакументах, а на віленскіх могілках Росы, на помніку брата Мамерта - Аніцэта напісана: «Reniger Anicet Dr medycyny, członek Wileńskiego Towarzystwa Lekarskiego i innych (1805-1877)». Рэнігерамі браты запісаны і ў спісах выпускнікоў Першай віленскай гімназіі [34].

Казімір Максевіч і яго сын Дамінік.

Верагодна, з братамі Рэнігерамі Кірыл Летаўт пазнаёміўся праз аднаго з братоў, святара Юзафа Рэнігера. Юзаф Рэнігер атрымаў першапачатковую адукацыю ў Слуцкай і Віленскай гімназіях і ў 1842 г. паступіў у Віленскую семінарыю. Пасля рукапалажэння ў 1845 г. быў прызначаны вікарыем Слонімскага касцёла, а ў 1847 г. пераведзены на аналагічную пасаду ў мястэчка Жырмуны, у 1852 г. - у Магілёўскі архікатэдральны касцёл. Там Юзаф Рэнігер з 1858 г. выконваў абавязкі прэфекта, а ў 1860 г. узначаліў дэканат [35]. Верагодна, ён пасябраваў са старым базыльянінам і дапамагаў Летаўту, калі той быў на пакутах у Расіі.

Чатыры з шасці братоў Рэнігераў пакінулі свае запісы ў «Альбоме» беларускага паэта, драматурга, даследчыка фальклору і аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Сярод іх быў і вядомы рэвалюцыянер Аніцэт Рэнігер (Рэніер), які ішоў па адной справе з лідзянінам Бальтазарам Калясінскім [36] і быў сасланы ў Сібір. Мамерт Рэнігер зрабіў свой запіс у альбоме 24 кастрычніка 1858 г. а праз некалькі дзён перадаў Вярыгу-Дарэўскаму вялікі верш на беларускай мове. Ліст з беларускім вершам быў таксама падклеены ў альбом [37].

Той самы партрэт доктара Мамерта Рэнігера ў фесцы.

Яшчэ Генадзь Кісялёў пісаў: «Рэніер Мамерт - доктар, сябар беларускага рэвалюцыянера і паэта Ф. Савіча. У 40-я гады разам з братам Аніцэтам абвінавачваўся ў сувязях з эміграцыяй і рэвалюцыйнай прапагандзе. Пісаў па-беларуску» [38]. Як бачым, Мамерт Рэнігер сябраваў з беларускім рэвалюцыянерам і паэтам, сынам уніяцкага святара Францішкам Савічам.

Акрамя Вярыгі-Дарэўскага, Мамерт Рэнігер сябраваў і перапісваўся з Адамам Кіркорам. А Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісце да Яна Карловіча ад 16 верасня 1868 г. пісаў: «Пан будзе вельмі рады знаёмству з Вішнеўскім, і ён ... а асабліва наш супольны прыяцель Мамерт Рэніер. Яны могуць даць пану матэрыялы для народнай літаратуры. У Рэніера, пан, можа, і Купалу знойдзеш» [39]. Вядома, што Мамерт Рэнігер у свой час збіраў беларускамоўныя творы. Як мы ведаем, архіў Мамерта Рэнігера, які захоўваўся «пад страхой» яго дома, знік [40], таму, верагодна, зніклі і ўнікальныя тэксты беларускай літаратуры.

Сябар манаха Кірыла Летаўта - Мамерт Дэзідэрый нарадзіўся 13.03.1814 г.

Цікавы ўспамін пра Мамерта Рэнігера пакінуў віленскі доктар Людвік Чаркоўскі, ён пісаў: «Дарога з Зарэчча на Антокаль ішла ў адным месцы паміж двума пясчанымі пагоркамі. ... Антокаль пачынаўся за мостам на Вілейцы і ад парома на Віліі. ... Палац Слушкаў служыў вязніцай для крымінальных злачынцаў, прыгавораных для прымусовых работ. ... Толькі вулачка аддзяляла былы палац Слушкаў ад вялікай маёмасці Рэнігераў. Іх пляц спускаўся да самай Віліі і быў густа забудаваны дванаццаццю невялікімі аднапавярховымі (адзін з іх быў з паддашкам - як быццам двухпавярховы) драўлянымі дамкамі. Выглядалі яны досыць маляўніча і арыгінальна. У адным з іх жыў сам гаспадар, доктар Мамерт Рэнігер, надта характэрная постаць, чалавек вельмі шляхетны і вялікі патрыёт. Калі пазнаёміўся з ім у 1871 ці 1872 г., гэта быў яшчэ дзёрзка трымаўшы сябе стары з вялікай, спадаючай на грудзі барадой, сівымі спадаючымі бровамі, меў ён прыгожыя мужчынскія рысы. Ці меў ён валасы, а калі меў, дык якія - не ведаю, бо заўсёды бачыў яго ў фесцы. Бачыў яго на вялізным фотаздымку Маляшэўскага ў Варшаве ў 1875 г. Стэнд з некалькімі маленькімі фатаграфіямі і фатаграфіяй Маляшэўскага вісеў на глухой сцяне з боку Саскай плошчы насупраць Еўрапейскага гатэля, і многія людзі спыняліся, каб паглядзець на Ягамосця ў фесцы. Ён выглядаў незвычайна, як сын усходу» [41].

Менавіта ў гэтых дамах Рэнігера на Антоклі жыў а. Летаўт.

Нейкі час Мамерт Рэнігер хаваў а. Кірыла ў сябе на вёсцы. Вядома, што Рэнігеры мелі маёнтак Захарышкі каля Яшуноў. Там, удалечыні ад уладаў, і жыў манах,. Цікава, што магчыма, бацька Мамерата - Фелікс Рэнігер працаваў у Яшунах па дамове ў Міхала Балінскага.

Недарэмна нашчадкі Мамерта Рэнігера падтрымлівалі сяброўства з дзеячамі беларускай культуры, любоў і павага да беларушчыны ў гэтай сям'і з'яўлялася добрай традыцыяй. Сын Мамерта - Авіт Рэнігер (1853-1907), закончыў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу, у 1883 г. стаў доктарам медыцыны і працаваў лекарам у Вільні. Разам з жонкай Камілай з Бейняровічаў меў дзвюх дачок: Яніну (1892-1956) і Ірэну (1899-1987) [42]. З кімсьці з іх і мелі справу Ян Пазняк і Уладзіслаў Талочка.


Трэцяй асобай, з якой сябраваў і ўзгадваў перад смерцю стары манах, быў ксёндз Стэфан Дзянісевіч (Данісевіч). Лёс Стэфана Дзянісевіч (1836-1913) звязаны з Магілёўшчынай. Нарадзіўся ў Чарэйскай парафіі на Магілёўшчыне, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1859 г.) і доўгі час працаваў у парафіях Воршы і Магілёва. Аднак, як пісаў ксёндз Францішак Будзька, «ня доўга тутака пабыў, бо на другі год востра выступіў проціў навукі рэлігіі па-расійскі і сам адказаўся ад капеланства» [43]. Потым, да 1872 г. служыў у Смаленску. Падчас гэтай працы пазнаёміўся з Летаўтам і дапамагаў яму. З 1895 г. стаў членам Магілёўскай архідэяцэзіі, а ўжо адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, прэлат Дзянісевіч выдаў ў 1906 г. ў Пецярбургу «Элементар для добрых дзетак каталікоў», напісаны на беларускай мове [44]. У 1908 г. атрымаў годнасць біскупа.

Беларускі біскуп Дзянісевіч з'яўляўся прыхільнікам выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай працы і нават сам рэдагаваў беларускія рэлігійныя кнігі. Заахвочваў да гэтага духавенства і сам часта прамаўляў па-беларуску [45], быў ініцыятарам выдання беларускай каталіцкай літаратуры і гадаваў маладых беларускіх ксяндзоў. Па ініцыятыве Дзянісевіча і Б. Эпімаха-Шыпілы ў на пачатку ХХ ст. пашыраўся беларускі каталіцкі рух. Дзякуючы ім у Духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу быў створаны беларускі гурток, які аб'яднаў беларускіх святароў і клірыкаў. Гурток гэты даў цэлы шэраг выдатных дзеячаў беларускага адраджэння. Добрыя адносіны Дзянісевіча з ксяндзом Будзькам дапамаглі апошняму атрымаць святарскае пасведчанне - каталіцкае кіраўніцтва не жадала высвячаць клірыка з-за яго беларускасці [46].


Трэба таксама сказаць некалькі слоў пра малодшага сябра Кірыла Летаўта Ерамію Ламніцкага. А. Ерамія Ламніцкі, іераманах-базыльяін, з'яўляўся выдатным дзеячам ўкраінскай асветы і нацыянальнага адраджэння, місіянерам, прапаведнікам, хрысціянскім філосафам і пісьменнікам, ён прымаў вялікі ўдзел у рэлігійным і грамадска-палітычным жыцці сваёй радзімы. Ламніцкі быў адным з галоўных дзеячаў так званай Добрамыльскай рэформы 1882 г., якая зноў зрабіла ордэн базыльянаў важнай сілай у рэлігійным і грамадскім жыцці Заходняй Украіны. Гэты цікавы чалавек на мяжы XIX-XX ст. неаднаразова наведваў Расійскую імперыю, бываў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Смаленску, Сімбірску і Саратаве, Мінску. Ён быў членам Пецярбургскага філасофскага таварыства, падтрымліваў адносіны і вёў перапіску з многімі вядомымі рэлігійнымі і культурнымі дзеячамі, сябраваў з беларускім філосафам Уладзімірам Самойлам [47].

Эдвард Вайніловіч успамінаў, як да яго ў маёнтак Савічы ў цывільнай вопратцы прыязджаў базыльянін Ерамія Ламніцкі. Манах хацеў ведаць меркаванне ўплывовай асобы пра перспектыву уніі ў нашым краі і прапанаваць Вайніловічу заняцца яе распаўсюджваннем. Вайніловіч згадваў, што потым у Мінску, ён яшчэ раз сустракаўся з базыльянінам Ламніцкім, мітрапалітам Шаптыцкім і Луцкевічам [48]. Антон Луцкевіч пісаў: «Асабіста з Вайніловічам на грамадскім грунце я ніколі не сустракаўся. Адносіны з ім у перадваенныя часы падтрымліваў мой с. п. брат Ян Луцкевіч, і, відавочна, што яго меў на ўвазе мемуарыст (Вайніловіч - Л. Л.), апавядаючы пра візіт мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ў суправаджэнні Луцкевіча» [49]. Такім чынам, Ламніцкі супрацоўнічаў таксама і з Іванам Луцкевічам, які быў вялікім прыхільнікам адраджэння уніі ў нашым краі.


Не можа быць выпадковым тое, што ўсе сябры апошняга беларускага базыльяніна не толькі прыхільна адносіліся да беларушчыны, але і ў меру сваіх сіл спрыялі яе развіццю. Усе разам гэтыя людзі пранеслі паходню нашай культуры праз XIX ст. і перадалі яе наступнаму пакаленню беларусаў. Менавіта яны зрабілі не толькі магчымым, але і безальтэрнатыўным адраджэнне беларускай культуры і дзяржавы на пачатку XX ст.



[1] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski // Pregląd Wileński. 1932. № 21-22. S. 10.

[2] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[3] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[4] Прапаведнік - духоўная асоба, якая прамаўляе казанні. Гэту пасаду займалі высокаадукаваныя манахі.

[5] Wołyniak. Monaster bazyliański w Ladach na Białej Rusi. Kraków, 1891. S. 25.

[6] Марозава С. В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады). Гродна, 2014. С. 155.

[7] Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии. С.- Петербург, 1910. С. 353-354.

[8] Там жа. С. 354.

[9] Там жа. Зноска № 1.

[10] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[11] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

[12] Российский государственный архив древних актов. Путеводитель. В четырех томах. Том 3. Часть 2. 1997. С. 781.

[13] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[14] Толочко Вл. Останній василіянин з Литви // Записки чина св. Василія Великого. Том VI. Вып. 1-2. Львів, 1935. С. 319.

[15] Там жа.

[16] Там жа. С. 318-319.

[17] Там жа.

[18] Там жа.

[19] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[20] Макрына Мечыслаўская, базыльянская манашка. Не існуе адзінага меркавання наконт яе дзейнасці і нават невядома, ці існавала манашка з такім прозвішчам на самой справе. Таму гэта інфармацыя а. Летаўта вельмі цікавая бо яна пацвярджае, што Макрына была самазванкай.

[21] Толочко Вл. Останній василіянин з Литви. С. 318.

[22] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[23] Толочко Вл. Останній василіянин з Литви. С. 320.

[24] Вядома, што Караль Грынявецкі (1841-1929) у 1883 г. быў прызначаны папам Львом XIII віленскім біскупам, а ў 1885 г. сасланы ў Яраслаўль за супраціў русіфікацыі. Таксама біскуп Грынявецкі быў вядомы тым, што ён, як мог, дапамагаў упартым уніятам. Гэта, акрамя іншых яго «правінаў», паскорыла ссылку ў Яраслаўль.

[25] Там жа. С. 321.

[26] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[27] Гангрэна, якая ўзнікае ў старэчым узросце ў сувязі з мясцовымі і агульнымі атэрасклератычнымі парушэннямі кровазвароту і нервовай трофікі.

[28] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

[29] Інфула - мітра, інфулат атрымаў яе як узнагароду.

[30] Валыняк піша што гэта быў манастыр Св. Ануфрыя ў Львове. Гл: Wołyniak. Monaster bazyliański w Ladach na Białej Rusi. S. 26.

[31] Kurier Poznański. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

[32] о. Ю. Дацій. Із моїх спогадів // Альманах василіянських богословів. Річник І. Кристинопіль, 1933. Друкарня оо. Василіян у Жовкві. С. 48-70.

[33] Sprawozdanie Wileńskiego Towarzystwa «Lutnia» za rok 1913-1914. Wilno, 1915. S. 30.

[34] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст // Acta Albaruthenica. 2015. Т. 15. С. 246.

[35] Антановіч З. В. Змены ў асабістым складзе парафіяльнага духавенства Магілёўскай архідыяцэзіі пасля паўстання 1863-1864 гг. (паводле фармулярных спісаў рымска-каталіцкага духавенства) // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Вып. 10. Мінск, 2015. С. 171.

[36] Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, лідскі паўстанец і сябар Тараса Шаўчэнкі // Наша Слова. № 24 (1435), 12 чэрвеня 2019; № 25 (1436), 19 чэрвеня 2019.

[37] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 244.

[38] Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск, 2003. С. 236.

[39] Цыт. па: Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 244-245.

[40] Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

[41] Czarkowski Ludwik. Wilno w latach 1867-1875 (ze wspomnień osobistych) // Pamiętnik Wileńskiego Towarzystwa Lekarskiego. 1929, R. 5 z. 4. Wilno, 1929. S. 29-30.

[42] Хаўстовіч Мікола. Тэкст і кантэкст. С. 246-247.

[43] Бачышча Ю. А. Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча // Весці БДПУ. 2003. №1 (35). С. 219.

[44] Stankiewicz A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia. 1929. С. 74.

[45] Туронак Юры. Мадэрнай гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 451.

[46] Бачышча Ю. А. Жыццё і дзейнасць адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпана Данісевіча. С. 224.

[47] Там жа. С. 317.

[48] Войнилович Эдвард. Воспоминания. Минск, 2007. С. 256-257.

[49] Łuckiewicz Antoni. Niezbędne poprawki // Pregląd Wileński. 1935. № 9. S. 3.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX